Папярэдняя старонка: 2022

№ 45 (45) 


Дадана: 09-11-2022,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 45, 9 лістапада 2022 г.

140-годдзе з дня нараджэння Якуба Коласа

На працягу мінулага тыдня прыхільнікі айчыннай літаратуры адзначалі адно са сваіх галоўных святаў - Каласавіны. У год 140-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа свята набывае асаблівы сэнс. Мерапрыемстваў было запланавана шмат: адкрыццё помніка пісьменніку ў Стоўбцах, літаратурна-музычныя святы на мемарыяльных сядзібах і навуковая канферэнцыя.

Святочныя дні распачаліся з урачыстай цырымоніі ўскладання кветак ля помніка народнаму песняру. Удзельнікамі мерапрыемства сталі сваякі класіка, пісьменнікі, паэты, супрацоўнікі музеяў, а таксама навучэнцы менскіх школ. З віншавальнымі словамі да гасцей звярнуўся міністр культуры Анатоль Маркевіч.

Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар-галоўны рэдактар Выдавецкага дома "Звязда" Алесь Карлюкевіч адзначыў, што творы класіка, яго вершы і публіцыстыка - гэта грунт жыцця, радасці і трываласці:

- Прыхінуўшыся да яго літаратурных скарбаў, мы становімся багацейшымі шматкроць. Сёння час, калі сацыяльныя сеткі выводзяць нас у іншыя прасторы, магчыма, касмічныя, безумоўна недасягальныя яшчэ дзесяцігоддзі назад. І мне бачыцца, што велічыня такіх мастакоў слова і найперш народнага песняра Якуба Коласа, гэта трывалая нітачка нашай сувязі ў стагоддзях, у часе, у прасторы. Чытайце, шануйце Коласа, вывучайце яго жыццёвы шлях - і вы станеце шматкроць багацейшымі, зможаце быць сапраўднымі абаронцамі жыцця, лёсу беларусаў і нашай краіны.

Адным з галоўных месцаў, дзе захавалася не толькі спадчына паэта, але і ягоны дух, з'яўляецца Дзяржнаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа. Падчас цырымоніі дырэктар музея Ірына Мацяс выказала падзяку ўсім, хто дапамагаў ствараць юбілейны год у гонар песняра:

- Класікі жывуць вечна ў сваіх творах, і калі мы будзем іх перачытваць, яны будуць жыць у нашых сэрцах, дапамогуць развіць беларускую культуру і нашу родную Беларусь.

У год 140-годдзя з дня нараджэння песняра жыхары Стоўбцаў атрымалі вялікі падарунак - помнік Якубу Коласу. Скульптура ўвасабляе паэта ў народным, вясковым адзенні. Ён быццам прысеў адпачыць на хвілінку, а на яго твары можна заўважыць усмешку.

Пасля правядзення рэспубліканскага конкурсу эскізных праектаў, на які прадставілі каля 20 работ, былі вызначаны аўтары помніка. Над рэалізацыяй творчага праекта працаваў творчы калектыў у складзе скульптараў: заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, народнага мастака Івана Міско, Сяргея Логвіна, Уладзіміра Піпіна, а таксама архітэктараў Уладзіміра Архангельскага і Аляксандра Кобрусева.

Удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця ўзялі першы намеснік міністра культуры Валерый Грамада, старшыня Менскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Турчын, а таксама вучні ўстаноў адукацыі раёна.

Паводле Арыны КАРПОВІЧ. Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА. "Звязда".

І УСЁ Ж ЗОРКІ НЕ ГАСНУЦЬ - ЯКУБ КОЛАС

Якуб Колас - народны паэт Беларусі, класік нацыянальнай літаратуры, пясняр - гэтыя словы даўно і заслужана сталі неаддзельнымі ад яго асобы. Імя народнага паэта Беларусі Якуба Коласа сімвалізуе цэлую эпоху ў культурным жыцці краіны. 3 лістапада 2022 года споўнілася 140 гадоў з дня нараджэння вялікага паэта і празаіка, драматурга і перакладчыка, крытыка і публіцыста, настаўніка літаратурнай моладзі, буйнога вучонага, выдатнага лінгвіста і фалькларыста.

Краіна ганарыцца спадчынай, якая засталася нам ад вядомага ва ўсім свеце песняра беларускай літаратуры. Кожны год да дня нараджэння Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча ладзяць святы, мерапрыемствы і літаратурныя вечарыны, каб ушанаваць памяць таленавітага пісьменніка. Гэты год не стаў выключэннем. З нагоды 140-гадовага юбілею з дня нараджэння Якуба Коласа ў бібліятэках Лідскага краю былі арганізаваны шэраг цікавых мерапрыемстваў.

У канферэнц-зале Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы прайшлі літаратурна-музычныя зазімкі "Радкі, пазнаныя з маленства...". Мерапрыемства было напоўнена чытаннем твораў народнага паэта Беларусі. Па-за ўвагай не засталася творчая і жыццёвая біяграфія пісьменніка. Разам з вядоўцамі госці прайшліся па нялёгкіх шляхах паэта, пазнаёміліся з маляўнічымі куткамі, дзе прайшлі яго дзіцячыя і юнацкія гады, вучыліся разам з ім слухаць, "што гаворыць жытні колас і аб чым шуміць ячмень".

У філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 2" адбыўся літаратурны рынг "З родным словам ды з паэтычнай душой". Удзельнікам мерапрыемства давялося ўспомніць і біяграфію паэта, і яго неўміручыя творы, дзякуючы якім беларусаў ведаюць ва ўсім свеце. Для таго, каб удзельнікі засвоілі своеасаблівы летапіс жыцця народа, падрабязна пазнаёмілі з творамі аўтара, якія ёсць у бібліятэцы, а таксама з помнікамі ў Беларусі, якія прысвечаны Якубу Коласу.

У філіяле "Інтэграваная бібліятэка агр. Дворышча" ладзіліся літаратурныя сустрэчы "Мой родны край, мой вырай і прытулак". Дзеці не толькі прымалі ўдзел у выразным чытанні вершаў паэта "Савось-распуснік", "Дзед і мядзведзь", "Юрка і кот", але і паўдзельнічалі ў тэатралізацыі народных казак "Зайкава хатка" і "Два зайцы" (у рэдакцыі Якуба Коласа).

"Няма ў чалавека нічога прыгажэй і даражэй за радзіму. Чалавек без радзімы - бедны чалавек". Гэтыя словы Якуба Коласа сталі эпіграфам літаратурнай замалёўкі "Паэт зямлі беларускай Якуб Колас", якая адбылася ў філіяле "Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка". Дзяцяй пазнаёмілі з біяграфіяй пісьменніка, расказалі аб тым, як з'явіўся псеўданім Якуб Колас. Паслухаўшы верш "Мой родны кут, як ты мне мілы", госці адправіліся ў віртуальнае падарожжа "Па родных мясцiнах Якуба Коласа", пабывалі на відэаэкскурсіі ў музеі Якуба Коласа. Дзеці слухалі вершы з кнігі "Другое чытанне для дзяцей беларусаў" і даведаліся, што гэта кніга стала першай коласаўскай кнігай для дзяцей.

Прайсці па шляху і завітаць у госці да Якуба Коласа запрашалі і супрацоўнікі філіяла "Лідская гарадская бібліятэка № 4", у якім адбылася вандроўка па творах "Творчая спадчына Якуба Коласа". Дзеці пазнаёміліся з жыццём і творчасцю выдатнага беларускага класіка, праглядзелі прэзентацыю, выразна чыталі ўрыўкі з паэмы "Новая зямля". Увазе прысутных была прадстаўлена кніжная выстава "І сёння з намі Колас".

Шэдэўры літаратурнага свету "Давайце чытаць Якуба Коласа" - такое мерапрыемства прайшло ў сценах філіяла "Лідская гарадская бібліятэка № 5". Літаратурная спадчына Коласа велізарна: дзеці знаёміліся з творчасцю паэта, чыталі вершы і ўрыўкі з апавяданняў і казак, якія пісьменнік пісаў на працягу ўсяго жыцця.

У філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 6 імя В.Таўлая" была праведзена літаратурная старонка "Спяшайцеся з паэтам стрэцца…". Прыхільнікі творчасці народнага паэта Беларусі чыталі вершы і ўрыўкі з яго знакамітых твораў.

У філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 3" ладзілася літараратурная гадзіна "Дум уладар - мудры, зямны, незабыўны". На мерапрыемстве гучалі ўрыўкі з твораў аўтара, арганізоўваліся конкурсы "Казачны ланцужок" і "Мілагучны верш", выконваліся разнастайныя заданні і гульні, дзе дзеці паказалі сваю зацікаўленнасць да творчасці пісьменніка.

У філіялах "Бярозаўская гарадская бібліятэка", "Інтэграваная бібліятэка агр. Гуды" і "Дзітвянская сельская бібліятэка" адбыліся літаратурныя чытанні і паэтычныя гадзіны з нагоды юбілея народнага паэта Беларусі Якуба Коласа.

Для ўдзельнікаў клуба "Сябрына", якое дзейнічае пры філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 1", ладзілася пасяджэнне пад назвай "І засталося слова ў сэрцы". Падчас правядзення мерапрыемства прысутныя змаглі здзейсніць віртуальнае падарожжа па Коласавых мясцінах, наведаць Акіньчыцы і Ласток, Альбуць і Смольню, таксама дакрануцца да творчай спадчыны. Прыемным для прысутных было пачуць вершы пра Радзіму, беларускую мову, а таксама ўрывак з паэмы "Новая зямля" у выкананні Таццяны Макарэвіч.

Чытачы і наведвальнікі бібліятэк Лідчыны актыўна ўдзельнічалі ў "Коласаўскім тыдні на Гродзеншчыне", яны прынялі ўдзел у абласным чэленджы "Класічна... патрыятычна", прымеркаваным да юбілею Якуба Коласа. Пазнаёміцца з цікавымі тэматычнымі фотаздымкамі можа кожны, яны прадстаўлены на старонках ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" ў сацыяльных сетках і месенджарах.

Супрацоўнікі аддзела бібліятэчнага маркетынгу Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы актыўна даносілі слова Коласа і па-за межамі сцен бібліятэкі - у віртуальнай прасторы. Гледачам прапанавана ўспомніць "Крылатыя словы, выказванні, афарызмы Якуба Коласа" на бібліятэчным YouTube-канале, бо ўсё сваё жыццё пісьменнік-патрыёт змагаўся за высокі ранг роднай мовы ў Беларусі.

Бібліятэкары ўпэўнены, што ўсе праведзеныя мерапрыемствы дазволілі кожнаму адчуць глыбіню і багацце літаратурнай спадчыны народнага паэта Беларусі Якуба Коласа.

Бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Кацярына Сандакова.

Неўміручы голас нам пакінуў Колас

Да святкавання 140-годдзя з дня нараджэння На-роднага паэта Беларусі Якуба Коласа далучыўся і Дом Валянціна Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея. Гэтая падзея прыйшлася на восеньскія школьныя канікулы. У час канікул у Доме Таўлая для школьнікаў праводзіўся відэалекторый "Неўміручы голас нам пакінуў Колас", які наведалі вучні гімназіі №1, сярэдняй школы №13 горада Ліды і Беняконскай школы Воранаўскага раёна.

Падчас відэалекторыя, які праводзіў навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея, куратар Дома Таўлая Алесь Хітрун, дзеці даведаліся аб тым, ці сустракаўся Якуб Колас з Валянцінам Таўлаем, які след пакінуў класік беларускай літаратуры ў суседніх з Лідай Наваградку, Бярозаўцы, Дзятлаве, які выраб шклозавода "Нёман" захоўваецца ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа ў Менску, і інш., пачулі занатаваныя ўспаміны лідчанак Алесі Бурак і Веры Ляцецкай пра сустрэчу з вядомым творцам. Вучні таксама пабачылі прыжыццёвыя выданні твораў класіка ("Сымон-музыка" за 1928 год, "У глыбі Палесся" за 1931 год), якія захоўваюцца ў фондах Лідскага гістарычна-мастацкага музея, паглядзелі дакументальныя фільмы пра Якуба Коласа, пачулі голас класіка ў архіўных аўдыя-запісах.

- У Наваградку Якуб Колас некалькі разоў - у 1946, 1950 і 1954 гадах - абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, - расказвае Алесь Хітрун пра сувязь класіка з бліжэйшымі да Лідчыны раёнамі. - Сустракаўся ён у тыя гады і з жыхарамі Бярозаўкі, якая ўваходзіла ў Наваград-скую выбарчую акругу. У музеі Якуба Коласа ў Менску захоўваецца посуд, выраблены ў 1950 годзе на шклозаводзе "Нёман" (гэтым посудам карыстаўся сын паэта Міхась Міцкевіч пасля смерці класіка). Удзельнічалі ў выбарах Якуба Коласа ў Вярхоўны Савет і жыхары Дзятлава. На аснове фотаздымка, на якім адлюстравана сустрэча кандыдата ў дэпутаты з дзятлаўскімі выбаршчыкамі ў 1954 годзе, праз шмат гадоў, у 2013 годзе, створана карціна "Якуб Колас у Дзятлаве". У нас ёсць копія гэтага фотаздымка і іншых, на якіх можна ўбачыць Якуба Коласа ў якасці кандыдата ў дэпутаты на сустрэчы з выбаршчыкамі.

- Валянцін Таўлай быў знаёмы з Якубам Коласам, - працягвае Алесь Часлававіч. - Пасля вайны яны жылі ў Менску па адным адрасе: вуліца Пушкіна, 56 (на ўскраіне парка Чалюскінцаў, недалёка ад акадэміі навук). Дом Коласа знаходзіўся праз дарогу ад дома, у якім жыў Таўлай. Пра гэта згадвае ў сваіх успамінах сястра Таўлая Ніна Паўлаўна. У 1952 годзе, да 70-годдзя Якуба Коласа, дом у Менску, у якім жыў пісьменнік, быў рэканструяваны - так кіраўніцтва горада праявіла сваю пашану да народнага паэта, дэпутата, віцэ-прэзідэнта акадэміі навук. У гэтым доме класік беларускай літаратуры пражыў да самай сваёй смерці - 13 жніўня 1956 года. Цяпер у гэтым будынку - Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа.

Алесю Хітруну не раз даводзілася бываць у гэтым музеі і нават сустракацца з малодшым сынам Якуба Коласа - Міхасём Міцкевічам. Першы раз ён сустрэўся з ім у 2007 годзе ў Вязынцы ў час святкавання 125-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы, куды Алесь Хітрун ездзіў у складзе дэлегацыі лідскіх паэтаў. Міхасю Канстанцінавічу Алесь Часлававіч перадаў ксеракопію графічнага партрэта Якуба Коласа ўласнай работы. У 2017 годзе навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея сустракаўся з Міхасём Міцкевічам у Менску, дзе ён жыў недалёка ад музея свайго знакамітага бацькі. Падчас сустрэчы Міхась Канстанцінавіч, доктар тэхнічных навук, паведаміў, што для Лідскай мэблевай фабрыкі вырабляў пэўныя дэталі для механізмаў. У 2020 годзе яго не стала. Пахаваны на вайсковых могілках побач з бацькам - там, дзе спачываюць яшчэ адзін юбіляр гэтага года Янка Купала і іх таварыш па пяры Валянцін Таўлай.

Аляксей КРУПОВІЧ.

На Юравай гары ў Крэве адкрылі вежу-дазорцу

Па мястэчку ў суботу шпацыравалі рыцары часоў Вялікага Княства Літоўскага, наваколле напаўняла музыка Сярэднявечча і гукі дуды, рамеснікі ў замку прапаноўвалі свой тавар, а дзятва забаўлялася са старадаўнімі гульнямі.

- Ад імя свайго гаспадара, вялікага князя Альгерда, я, стараста Крэўскі, хачу сказаць з вышыні не толькі Юравай гары, а з вышыні гісторыі і часу: гэтая вежа пабудавана апантанымі людзьмі, якія любяць сваю гісторыю. І гэтая гісторыя на нашых вачах сёння паўстае з попелу, - неслася прамова над старажытным Крэвам.

У суботу тут, у старажытным Крэве, адчынілі турыстычны аб'ект - вежу-дазорцу на Юравай гары. Нягледзячы на ветранае лістападаўскае надвор'е, да імпрэзы далучыліся мясцовыя жыхары, а таксама госці з Менска, Вілейкі, Маладзечна, Смаргоні.

Капішча? Капліца? Вежа?

- Юрава гара - гэта ўнікальны аб'ект, - расказаў архітэктар Андрэй Шулаеў. - Тут ёсць рэдкія расліны, занесеныя ў Чырвоную кнігу, - сукуленты. Ёсць шмат паданняў, звязаных з гэтай гарой. Тут спалучаюцца нематэрыяльная спадчына і прыродная. А ў той жа час афіцыйнага ахоўнага статусу ў гары няма. У Міністэрстве культуры нам некалі сказалі: "Калі няма культурнага слою, значыць, няма ахоўнага статусу".

Таму ў 2011 годзе мы - фонд "Крэўскі замак" - разам з Акадэміяй навук правялі тут шурфаванне. Хацелі знайсці які-небудзь культурны слой, а знайшлі падмурак. Атрымалася, што тут была пабудова. Артэфакты, знойдзеныя побач з падмуркам, - такія ж, якія знаходзілі на Крэўскім замку. Значыць, мы можам датаваць гэтыя падмуркі 14-15 стагоддзямі. Падмурак быў памерам прыкладна 4,2 на 4,2. Пачалі думаць, што ж гэта магло быць: паганскае капішча, хрысціянская капліца, аглядальная вежа пры замку? Спыніліся на вежы. Вежавая сігнальная сістэма была распаўсюджаная, верагодна, яшчэ да Вялікага Княства Літоўскага. Хутчэй за ўсё, у Крэве мы маем пацверджанне адной такой вежы. Яна была патрэбная замку, што стаяў у нізіне. Вось мясцовыя майстры і зрабілі такі муляж вежы. Наверсе плануем павесіць тое, што ў грэкаў называецца "семантрон" - жалезны дыск, па якім білі малатком, каб падаць сігнал.

Вежа, што бачыла ворагаў здалёк

Вядоўцы адзначылі, што наўрад ці ў Беларусі знойдзецца чалавек, які не ведае пра Крэва - месца былой крывіцкай славы. Звярнулі ўвагу і на тое, што турысты не забываюць Крэва. А ў доказ слоў вядоўцаў, загукаў з вышыні Крэўскі стараста:

- Гэтыя мясціны, гэтая слаўная зямля будзе жыць яшчэ доўга. Яна жыла доўга і будзе жыць вечна. Слава гэтай зямлі! Слава людзям, якія памятаюць і ведаюць сваю гісторыю. Спрэчкі мы пакінем навукоўцам. Няхай хтосьці думае, што тут было капішча. Няхай хтосьці думае, што тут была хрысціянская святыня ці вежа. Але сёння тут, на гэтай зямлі, стаіць дазорная вежа, якая адрадзілася і стагоддзі дапамагала Крэўскаму замку, бачыла ворагаў здалёк. Дапамагала замку ажываць, а нашай зямлі ўставаць з попелу кожны раз.

Каардынатар праекта, дырэктар Смаргонскага гістарычна-краязнаўчага музея, арганізатар імпрэзы Алена Бобіна падзялілася з прысутнымі, што працаваць з камандай прафесіяналаў, якая стварала вежу, было пачэсна і прыемна. Акрамя архітэктара Андрэя Шулаева, Алена адзначыла навукоўца Алега Дзярновіча, кіраўніка брыгады будаўнікоў Дзмітрыя Пахомава, каваля Яўгена Сліжа, сябра музея і замка Андрэя Кацько і, вядома, спонсара праекта кіраўніка кампаніі "Фомар" Вячаслава Бруйка. А той у сваім выступленні коратка адзначыў:

- Ідэя была мая. Фінансаванне таксама - нашай кампаніі. Але ідэя і фінансаванне - гэта толькі палова справы. Вялікі дзякуй камандзе. Мы зрабілі гэта!

Дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме Дзмітры Марозаў падзяліўся, што зацікавіўся знойдзеным на гары падмуркам, але не думаў, што так хутка тут паўстане новы турыстычны аб'ект. А яшчэ ён назваў Крэва, Баруны і Гальшаны адным з найбольш цікавых у гістарычным сэнсе рэгіёнаў Беларусі.

Пасля афіцыйнай часткі ўсё той жа Крэўскі стараста запрасіў ахвотных падняцца на вежу, а пасля - прайсці ў Крэўскі замак. Тут можна было падзівіцца на рыцарскія баі і пабачыць… князя Альгерда.

Паводле СМІ.

Прайсці квэст, вярнуць з невараці…

Пошукі сябе ў гэтым свеце, сваёй песні і шчасця, нястрымныя жарсці кахання і глыбінны вір роспачы, зацятасць барацьбы і ўсёабдымнае пачуццё лучнасці з блізкімі па духу людзьмі - усё гэта ёсць у зборніку гістарычна-біяграфічных твораў пад назвай "Слаўная кампанія: рэANIMAЦЫЯ" (Мінск, БудМедыяПраект, 2022), які дапаможа чытачу перанесціся ў ХІХ стагоддзе, адчуць атмасферу часу.

Пад вокладкай выдання - дзясятак дакументальна-мастацкіх біяграфій і біяграфічных твораў, якія былі напісаны для аднайменнага конкурсу, што праводзіўся ў 2018 і 2019 гадах, арганізаваны рэдакцыяй часопіса "Маладосць" і філфакам БДУ пры інфармацыйнай падтрымцы Нацыянальнага інстытута адукацыі. Прысвечаны творы ў зборніку постацям айчынных літаратараў пазамінулага стагоддзя. Перад канкурсантамі стаяла мэта папулярызаваць гісторыю айчыннага пісьменства, змяніць успрыманне сучаснікамі асоб тых пісьменнікаў: напоўніць жыццём іх схематычныя забранзавелыя партрэты, наблізіць да нашага часу праз разуменне як людзей са сваім, у многім падобным да нашага, светам пачуццяў, радасцю і смуткам.

Што да герояў расповедаў, то імёны некаторых з іх упрыгожваюць назвы нашых вуліц, іх творчасць вывучаецца ў межах школьнай праграмы. Імёны іншых, выцягнутыя з невараці, выхапленыя ўчэпістымі рукамі даследчыкаў з забыцця, стануць адкрыццём для многіх чытачоў. Аўтары выдання таксама вельмі розныя: некаторыя з іх маюць адну альбо некалькі ўласных мастацкіх кніг, абароненую ступень кандыдата навук. Іншыя, занятыя ў разнастайных галінах дзейнасці, зрэдку друкуюцца ў айчыннай перыёдыцы. Але не падлягае сумненню тое, што ўсе яны без выключэння надзвычай крэатыўныя і таленавітыя, бо змаглі праз сілу мастацкага ўяўлення і неабмежаванасць творчай фантазіі настолькі моцна прасякнуцца духам часу, пра які напісалі, што ў чытача, хоць і не паўсюль аднолькава, узнікае эфект прысутнасці "там і тады", дзе разгортваюцца падзеі…

І назва, і змест твора Маргарыты Латышкевіч, што стаў пераможцам І тура спаборніцтва - "Цень крыжа на каляінах", - сімвалічныя. Аўтарка паказала станаўленне асобы Яна Баршчэўскага, гістарычныя варункі, у якіх выспяваў яго талент. Ранняе дзяцінства ў бацькоўскай сядзібе, няўцямны покліч таямнічай неўсвядомленай сілы, гады вучобы ў Полацкім калегіюме і каханне, што пакінула шнары на чулай уражлівай душы, пецярбургская рэдактарска-выдавецкая дзейнасць, уцёкі ад паліцэйскага пераследу - неўтаймоўныя падарожжы па жыццёвых "каляінах", а часам і па бездарожжы - душэўныя пакуты героя апісаны з майстэрствам, якое не пакідае сумненняў у іх натуральнасці: "…Ля прыдарожнага каменя з выціснутым следам сеў адпачыць і з'есці лусту хлеба з соллю. Побач з каменем стаяў дагледжаны драўляны крыж, перавязаны свежым ручніком. Цень ад крыжа павольна поўз па пыльных каляінах дарогі, узвальваўся на цень ад каменя і цень ад чалавека.

Яго перасмыкнула. <…> Цень крыжа караскаўся па каляінах".

Ці не найбольш яскрава ў творы паказана асэнсаванне галоўным героем сябе як прыналежнага да роднага краю, народа з яго пранізлівай песняй; палёў, пагоркаў, азёр з павалокай легенд і паданняў… Разуменне гістарычнага шляху Айчыны неаддзельна ад разумення свайго паклікання: "Цень крыжа павольна караскаўся па каляінах бясконцай дарогі, што ішла на ўсход і на захад. А ён сядзеў пасярэдзіне, не жадаючы ісці ні туды, ні туды, ні на Захад, ні на Усход. Жадаючы, нарэшце, свайго шляху. Трэцяга. Уласнага"…

Зусім іншы па настраёвасці і стылёва твор пераможцы ІІ тура спаборніцтва, "Шалгуноў" Змітра Кузменкі. Героя яго расповеду - Кастуся Каліноўскага - чытач бачыць пераважна на допытах у вязніцы Базыльянскага кляштара незадоўга перад пакараннем смерцю. Яшчэ ў першай публікацыі "Шалгунова" ("Маладосць", № 2, 2020) арганізатары конкурсу адзначалі надзвычай удалы выбар назвы твора: маўляў, калі б у пераліку крытэрыяў ацэнкі конкурснага апавядання быў пункт, датычны яго назвы, то гэтае набрала б яшчэ большую колькасць балаў. Разыначка ў тым, што асоба кіраўніка паўстання 1863 - 1864 гг. пададзена праз успаміны царскага афіцэра, адстаўнога генерал-маёра Паўла Шалгунова, які кіраваў допытамі "мяцежнікаў". Нягледзячы на тое, што прачытанне твора асацыіруецца з праглядам дакументальнай стужкі, нельга не адзначыць дакладнасць створанага псіха-эмацыянальнага партрэта К. Каліноўскага. У пэўныя моманты з'яўляецца адчуванне, быццам глядзіш на свет вачыма галоўнага героя, думаеш яго думкамі і разам з ім перамагаеш адчай і безнадзейнасць сітуацыі намаганнямі па стварэнні іншай будучыні для народа… Хаця нічога дзіўнага ў гэтай эмпатыі аўтара да свайго героя няма: на працягу другога дзесяцігоддзя Зміцер Кузменка - стваральнік і адміністратар сайта "Свіслацкія аркушы - Кастусь Каліноўскі", дзе аб паўстанні 1863 - 1864 гг. і яго ўдзельніках сабрана вялікая колькасць дакументаў, якія і былі ўзятыя за аснову пры напісанні "Шалгунова".

Нельга не адзначыць апавяданне Надзеі Скрыпнік, якое мае ці не самую інтрыгоўную назву - "Калі ў пекле сумна". У цэнтры твора - постаць Уладзіслава Сыракомлі. Што ўражвае, акрамя лірычнасці і драматызму лёсу галоўнага героя, дык гэта незвычайны ракурс, у якім паказаны насельнікі пекла: Чатыры Вершнікі Апакаліпсісу - Мор, Голад, Вайна і Смерць. Асабліва рамантык - Смерць выклікае сімпатыю любоўю да кветак і схільнасцю да пэўнай паэтычнасці ў сваіх дзеяннях і звычках, што з'яўляецца адсылкай да булкагаўскага "Майстра і Маргарыты". Прычым аўтарка быццам пакеплівае са здагадлівага чыта-ча, прыводзячы назву гэтага твора ў адным з дыялогаў…

У форме камп'ютарнай гульні ці квэсту напісана "Памылка?!" Андрэя Луміны, што распавядае пра Вінцэся Каратынскага. У назве твора - адлюстраванне факта наяўнасці ў коле даследчыкаў пэўных літаратуразнаўчых спрэчак, датычных спадчыны паэта.

Адным з самых яскравых апавяданняў, з найбольшым эмацыянальна-драматычным напалам выступае твор Уладзіміра Мажылоўскага, героем якога з'яўляецца Франц Савіч, змагар за нацыянальнае адраджэнне забранага краю. Лёс доктара, багаты на падзеі і выпрабаванні, з тых, аб якіх ствараюцца героіка-эпічныя летапісы…

Адназначна заслугоўваюць увагі, вывучэння, абмеркавання і астатнія расповеды пад вокладкай выдання. Біяграфіі Вікенція Равінскага, Яна Чачота, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Францішка Карафы-Корбута Войслава Савіча-Заблоцкага пададзены з веданнем матэрыялу. Псіхалагічнае напружанне не адпускае да апошняй старонкі. Асабліва часта ловіш сябе на думцы аб тым, што хоць цябе і аддзяляе ад апісаных падзей каля двух стагоддзяў, многія моманты, асабліва датычныя пошуку свайго месца ў свеце, застаюцца актуальнымі і цяпер. Зборнік адрасуецца шырокаму колу чытачоў, якія цікавяцца гісторыяй і культурай Айчыны.

Яна БУДОВІЧ.

Памёр літаратуразнавец Міхась Тычына

Тычыну было 79 гадоў

Міхась Тычына нарадзіўся 10 лютага 1943 года ў сям'і ссыльнага селяніна ў Якуціі. Бацька Аляксандр Мітрафанавіч Тычына, ураджэнец в. Завалочыцы ў 1930 г. быў высланы як кулак у Алданскі раён ЯАССР; маці, Алашкіна Кацярына Сцяпанаўна (руская) як кулачка была выслана тады ж. Брат архітэктара Уладзіміра Тычыны, стрыечны брат беларускага пісьменніка Алеся Адамовіча. У 1947 годзе разам з бацькамі пераехаў на іх радзіму, у вёску Завалочыцы Глускага раёна. Закончыў філалагічны факультэт Берасцейскага педагагічнага інстытута (1964). Кароткі час працаваў настаўнікам на Піншчыне. Служыў у Савецкай Арміі (1964-1965). Закончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР (1970).

Доктар філалагічных навук. Працаваў вядучым навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры і мовы НАН Беларусі, выкладаў літаратуру ў Беларускім гуманітарным ліцэі. Быў членам Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага Пэн-Цэнтра

Друкавацца пачаў у 1963 годзе з вершаў (берасцейская абласная газета "Заря"), як крытык і літаратуразнавец - з 1969 (часопіс "Маладосць"). Быў спецыялістам у галіне літаратуразнаўчай экспертызы.

Тычына - аўтар шматлікіх асабістых і калектыўных манаграфій, эсэ, нарысаў, аповесцяў, апавяданняў. Пераклаў на беларускую мову шэраг прац і твораў свайго стрыечнага брата Алеся Адамовіча. Адзін з аўтараў падручнікаў і навучальных дапаможнікаў па беларускай літаратуры для базавай і сярэдняй школы.

У Акадэміі навук Міхася Тычыну называлі "эталонам сумлення".

Памёр 7 лістапада 2022 года.

Фота Кастуся Дробава.

Памяці Станіслава Ушакевіча

1 лістапада памёр Станіслаў Ушакевіч, шматгадовы дзеячТаварыства польскай культуры на Лідчыне, ініцыятар многіх прадпрыемстваў, найстарэйшы лідскі краязнавец, пэўны час рэдактар "Ziemi Lidzkiej".

Неардынарны Станіслаў

Мне пашчасціла, што нарадзіўся ў адзін 1931 год разам з Ушакевічам Стасем, родам з гаротнай і шматпакутнай, як і мае родныя Крычнікі, вёскі Такарышкі, даволі вялікай (больш за 100 гаспадарак), што прытулілася паміж рэчкай Прудзец і паўночна-заходнім краем услаўленай старажытнай Налібоцкай пушчы. З ранніх юнацкіх гадоў мне давялося разам са Стасем закончыць Эйгердаўскую сямігодку (1950 год) і вялікімі пераросткамі (прычынай сталася вайна і пасляваенныя цяжкасці) у 1953 годзе ў Юрацішскай СШ атрымаць сярэднюю адукацыю. Мы былі выпускам школы ў колькасці 19 чаавек. Веды ж па тым часе, складаным і паўгалодным, атрымалі грунтоўныя, бо была вялікая цяга да навукі і працаваў кваліфікаваны педагагічны калекгыў, на чале якога стаяў патрабавальны і адзіны ў раёне педагог з універсітэцкай адукацыяй 30-гадовы ўдзельнік ВАВ, шчыры беларус-патрыёт Бародзіч Зміцер Захаравіч (пазней-навуковец Акадэміі навук), якога змяніў вялікі знаўца дзіцячых душ (і дарослых таксама) Касяк Міхаіл Іванавіч, працавіты і паважаны аўтарытэт.

Стааніслаў Ушакевіч сярод сваіх аднакласнікаў выдзяляўся дысцыплінаванасцю, акуратнасцю, зацікаўленасцю да навукі, асабліва прыродазнаўчай і матэматыкі, набожнасцю, павагай да працы і да акаляючых людзей. Так вучылі яго і ўсіх сваіх дзяцей яго бацька Алёйзы і маці Яніна са шляхецкага роду Пляямовічаў. Бацька, патомны селянін, меў 9,5 га зямлі і шмат жывёлы да прыходу бальшавікоў у 1939 годзе. Парабкoў не меў, а таму новая ўлада яго не кранула, калі не лічыць вялікіх і многіх падаткаў. Ён кожную нядзелю хадзіў на набажэнства ў касцёл мястэчка Лаздуны. Выдзяляўся дабрынёй і сціпласцю.

За любоў да кветак, садоўніцтва Стася ў школе называлі Мічурынам. I не памыліліся. Зінаіда Іосіфаўна Ярашэвіч, класная настаўніца падаравала яму рэкамендацыю аб паступленні ў Горацкую сельгасакадэмію, у якую і паступіў, толькі на гідрамелія-рыяцыйны факультэт, які ў адрозненне ад агранамічнага, быў больш цяжкім і пашыраным. Беларусь рыхтавалася да наступу на многія балоты. Акадэмію закончыў у 1958 годзе са спецыяльнасцю інжынер-гідратэхнік міліярацыйнага будаўніцтва.

На розных пасадах па сваёй спецыяльнасці адпрацаваў 13 гадоў, пачынаючы з Лаздунскага СМУ (с/г меліярацыйнага ўпраўлення), але расчараваўся ў працы, бо падначаленыя яму брыгадзіры, тэхнікі з маўклівай згоды вышэйшага бюракратычна-адміністрацыйнага кіраўніцтва, парушалі навуковасць міліярацыі, фарсіруючы перавыкананне планавых заданняў. Патрэбны былі павышаныя прэміі і ўзнагароды.

У 1972 годзе перайшоў на пасаду кіраўніка будаўнічай брыгады калгаса побач з горадам Ліда. Тут Станіслаў Алёйзавіч у вёсцы Малейкаўшчына дамогся пабудаваць уласны дом за горадам. А калі ў 1991 годзе пасля 19-гадовай працы ў калгасе выйшаў на пенсію, поўнасцю аднавіў мічурынскія замілаванні набыў многа розных гатункаў кветак, ягаднікаў, агародных культур, дэкаратыўных кустарнікаў. Усяго каля сотні розных відаў!

"Пасля пастаўлення гарбачоўскай перабудовы і сцвярджэння незалежнай Беларусі я актыўна ўключыўся ў грамадскую дзейнасць па адраджэнні польскай мовы, кулыуры, па аднаўленні гістарычнай памяці на Лідчыне і Іўеўшчыне. У 1990 годзе ўвайшоў у склад камітэта па аднаўленні выдання краязнаўча-гістарычнага незалежнага часопіса на польскай мове ("Лідская Зямля"), які выдаваўся яшчэ ў 1936-1939 гадах. Адноўленыў 1990 годзе. У складзе яго рэдакцыі знаходжуся да цяперашняга часу. На старонках гэтага выдання час ад часу друкуюцца мае артыкулы. Таксама мае артыкулы друкаваліся ў польскіх рэспубліканскіх выданнях і ў мясцовай "Лідскай газеце".

Станіслаў Ушакевіч дасканала валодаў польскай мовай. Даследаваў і пісаў выбітныя нарысы пра забытыя цікавыя мясціны, гістарычныя падзеі, людзей. Меў багатую бібліятэку з навуковых кніг на рускай, польскай і беларускай мовах. Многа ездзіў, ладзіў экскурсіі-пілігрьмкі па Беларусі, Літве, Польшчы і Расіі для дарослых і дзяцей.

Вельмі неардынарная і багатая асоба. Меў вялікія планы на будучыню.

Валянцін Врублеўскі.

Galeria Karstadt Kaufhof зачыніць траціну філіялаў

Навіны Германіі

Апошняя буйная група ўнівермагаў Германіі, Galeria Karstadt Kaufhof (GKK), была змушана зноў звярнуцца да федэральнага ўрада па субсідыі, каб прадухіліць сваё банкруцтва, гіганту рознічнага гандлю пагражае далейшае закрыццё філіялаў. Пра гэта паведаміў у панядзелак прадстаўнік кампаніі ў Эсэне. Гэта ўжо другі, за два гады, выпадак, калі гэтай буйной сетцы, створанай у выніку зліцця Karstadt і Kaufhof, даводзіцца звяртацца ў суд па справах пра сваю фінансавую негрунтоўнасць.

Як паведаміў "Frankfurter Allgemeine Zeitung" кіраўнік GKK Мігель Мюленбах, сетку філіялаў гіганта рознічнага гандлю давядзецца "скараціць прынамсі на траціну" падчас працэдуры фармавання фінансавага "ахоўнага парасоніка". Звальненні на вытворчасці непазбежныя. У наш час група па-ранейшаму кіруе 131 універмагам у 97 гарадах Германіі, у якіх працуюць 17000 супрацоўнікаў.

Гэта ўжо другі выпадак, за два гады, калі група ўнівермагаў, створаная ў выніку зліцця Karstadt і Kaufhof, вымушана звярнуцца ў суд па справах пра сваю фінансавую негрунтоўнасць. Дадзеная сітуацыя звязана з тым, што GKK ужо даводзілася шукаць выратавання ў працэдуры стварэння "фінансавай падушкі" падчас першага лакдаўну, абумоўленага пандэміяй каронавіруса ў красавіку 2020 года. Працэдура банкруцтва доўжылася да канца верасня. У выніку, агульная сітуацыя прывяла да моцных скарачэнняў - зачыніліся каля 40 філіялаў, і парадку 4 000 супрацоўнікаў пазбавіліся сваіх працоўных месцаў. Было спісана больш за два мільярды еўра доўгу, якія павінны былі даць кампаніі новы старт.

680 млн еўра дапамогі

Аднак надзеі на тое, што пасля гэтага кампанія зможа паспяхова стартаваць, вызваліўшыся ад грузу шматлікіх старых праблем, не апраўдаліся: напачатку 2021 года GKK атрымала 460 млн еўра ад дзяржаўнага фонду эканамічнай стабілізацыі, а праз усяго некалькі месяцаў - яшчэ адзін крэдыт. У агульнай суме - у рамках дзвюх кампаній па аказанні дапамогі - Фонд эканамічнай стабілізацыі (WSF) выдзеліў гіганту рознічнага гандлю 680 млн еўра. Аднак кампанія не толькі не стабілізавала фінансавую сітуацыю, але таксама не здолела пагасіць папярэднія даўгі і не вярнула дзяржаве грошы падаткаплатнікаў.

У апошнія некалькі дзён стала зразумела, што прадпрынятых раней мер недастаткова для забеспячэння стабільнасці, неабходнай кампаніі для выжывання ва ўмовах спаду спажывання, выкліканага вайной ва Украіне і высокім узроўнем інфляцыі.

Пару тыдняў назад у лісце, адрасаваным супрацоўнікам GKK, Мюленбах папярэдзіў, што прадпрыемства знаходзіцца "ў пагрозлівай сітуацыі" з-за рэзкага росту коштаў на энерганосьбіты і падзення пакупной здольнасці жыхароў Германіі. Для працягу працы Galeria Karstadt Kaufhof патрабуюцца "свежыя грошы". Па інфармацыі агенцтва dpa, гэтая сума складае больш за 200 млн еўра.

Спрэчкі з нагоды дзяржаўнай дапамогі

Падобная падтрымка дзяржавы справакавала пачатак шматлікіх дыскусій. Яе крытыкі завуць бізнэс-мадэль кампаніі састарэлай, указваюць на непрыняцце да ўвагі такога факту, як рынкавая канкурэнцыя і кажуць пра адказнасць за сітуацыю ўладальніка Galeria Karstadt Kaufhof, аўстрыйскага мільярдэра ў сферы нерухомасці Рэне Бенка. Каб новы траншаў дзяржаўнай дапамогі быў ухвалены Еўракамісіяй, яму трэба ўнесці 50% ад сумы крэдыту. Але пакуль ніякіх намераў з яго боку зроблена не было. Эканамічныя эксперты настроены скептычна: яны мяркуюць, што субсідаваць GKK у чарговы раз недальнабачная, бо гэтыя грошы проста згараць. У той час як прыхільнікі дзяржаўнай дапамогі, насупраць, паказваюць на велізарнае значэнне сеткі ўнівермагаў Galeria Karstadt Kaufhof для надання адмысловай прывабнасці многім гарадскім цэнтрам.

Паводле СМІ. FOTO: FREEPIK.COM/ @ WIRESTOCK

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

"У Эквадоры і Расіі - "Отрадное": Вераціла, Курбатаў

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-44)

Вітаем чытача ў Месяцы карэнна-амерыканскай спадчыны (Native American (Indian) Heritage Month) - лістапад зроблены такім у 1990 г. прэзідэнтам Бушам. Пра гэта нагадаў нам рассылкай Музей алуціік з эскімоскага вострава Каддзяк - дзе жыла "беларуска-тлінкіцкая" сям'я Сачанкаў. Яна ўяўляе сабой гісторыю № 1 у беларуска-індзейскіх сувязях, і яна разам з некалькімі іншымі "неверагоднымі", як аказалася, яшчэ ў 1870-я гг. рэалізавала нашы самыя смелыя мары пра героіку або проста "дзіўныя прыгоды" беларусаў на Далёкім Захадзе, без "пападансу".

Але фантазіі і белетрыстыка пра сустрэчы - гэта цэлы пласт літаратуры. Ён досыць развіты ў нашых суседзяў - больш у палякаў, але і ў рускіх, дзякуючы "рускай Алясцы". Мы самі яшчэ з 1970-я гг. спрабавалі пісаць уласныя вестэрны - апавяданні пра беларусаў (сярод апачаў у 19 ст.!) з беларускай жа самасвядомасцю - амаль такой, як у Юльяна Ляскоўскага, а прозвішча нашага персанажа - Свірыд - чамусьці аказалася блізкім да прозвішча героя з "Do Ameryki po zloto. Z opowiadania wadrowca Macieja Swidra" (1888).

Нам, асабліва палешукам, пісаць пра індзейцаў нават лягчэй, чым іншым еўрапейцам, бо - гэта амаль пра сваіх, хоць, як пісаў у В. К. Суліма-Савіч-Заблоцкі ў аповесці "Арлалёты і Падканвойны" ("Полацкая шляхта") (з'явілася па-польску ў 1885 і 1886 г.) "мы ж не гэткія невымерныя дзікуны, як тыя чырвонаскурыя індзейцы, пра якіх чытаем, што жывуць яны ў палатках, званых "вігвамамі", а некаторыя з іх - нават на дрэвах, быццам вывёрткі. Усе яны шпацыруюць сабе ў адамавых шатах, для аздобы робячы на сваёй меднай скуры наколкі, прапітаныя разнастайнымі охрамі, і займаюцца аднымі толькі ловамі. Наадварот! Хіба толькі адзін пінчук з Палесся ўзводзіць сабе збудаванні на вадзе, як бабёр, а потым (так жартавалі з легкаверных французаў) ускараскваецца ў іх па вяровачнай драбіне, прычым паўсядзённа для зносін са сваякамі карыстаецца бабрынай гаворкай" (гэта, не лічачы "W Ameryce: powiesc na tle zycia spolecznego w Stanach Zjednoczonych" (1875) Крысціны Нарбут, першы вядомы нам прыклад увядзення, прычым з гумарам, індзейскіх матываў у мастацкі твор дастаткова "тутэйшым" творцам у перыяд нараджэння новай беларускай літаратуры).

Наша гумарэска-"містыфікацыя", змешчаная нібыта ў раённай газеце "Авангард" (Буда-Кашалёва) 18.09.1980 г., мае подпіс "Б. Лунькоў" (што, відаць, неяк "суадносілася" з Міхасём Лыньковам, хаця ў 1980 г. мы не ведалі пра яго сустрэчы з індзейцамі ў Іасеміцкім парку ці каля яго). Перадрукаваная ў арыгінальным выглядзе (з арфаграфічнымі памылкамі, якія ніколі не дазволіла б сабе раёнка): Лунькоў Б. Апачы з Нью-Мексіка ў Буда-Кашалёва // Веснік БІТ. 2008. 3 лістап. № 25. Цяпер - у выпраўленым выглядзе:

"Учора ў Буда-Кашалёва прыбыла дэлегацыя амерыканскіх індзейцаў - членаў Таварыства апачска-савецкай дружбы штата Нью-Мексіка. На цэнтральнай плошчы горада многія мясцовыя жыхары мелі магчымасць наглядаць незвычайную працэсію, складзеную з чыстакроўных воінаў-апачаў у маляўнічым адзенні вярхом на цудоўных конях. 25 індзейцаў-апачаў былі запрошаны райкамам КПБ Буда-Кашалёўскага раёна. Сярод іх правадыр племені мескалера Вялікі Мядзведзь, член савета старэйшын Клык Грызлі, сакратар праўлення Таварыства апачска-савецкай дружбы Джым Многа Пораху, рэдактар газеты "Форт-Апачы" Фрэд Буфала і іншыя. Дэлегацыю суправаджае ганаровы член племені хікарылля Аляксандр Сімакоў, жыхар горада Гомеля.

Гасцей з Нью-Мексіка сустракалі сакратар райкама КПБ В. С. Старавойтаў, адказны сакратар Беларускага таварыства дружбы і культурных сувязей з зарубежнымі краінамі М. П. Аніпка, кіраўнік калгаса імя Кастрычніка С. Л. Дубейка, камсамольскія работнікі, прадстаўнікі працоўных калектываў, моладзі, навучальных устаноў горада. Пад гукі музыкі дзяўчаты ў беларускіх нацыянальных касцюмах уручаюць суровым воінам хлеб-соль, кветкі.

Дэлегацыя была прынята сакратаром райкама. Пасля заканчэння сустрэчы адзін з апачаў па прозвішчы Звар'яцелы Бык уручыў сакратару В. С. Старавойтаву скальп і курыльную люльку.

Апачскія сябры прабудуць у нашым горадзе тры дні. Яны пазнаёмяцца з работай прадпрыемстваў прамысловасці, новабудоўлямі, сацыяльна-культурнымі ўстановамі, а таксама раскажуць мясцовым жыхарам аб іх барацьбе супраць амерыканскай агрэсіі".

Сярод няправільных словаўжыванняў: дэлегацыя, племені, саправаджае, курыцельную трубку. Арыгінальнае імя Звар'яшаны Бык сапраўды лепш было пісаць як Звар'яцелы або - бліжэй да канонаў - Шалёны Бык.

І хто скажа, што ў "застойным сацыялізме" не было свежых думак, самаіроніі - і не пісаў дасціпна "Вожык", які цяпер зусім не той?!

Насамрэч - з улікам усім цяпер вядомых фактаў - сітуацыя з гумарэскі аказалася не вельмі адарванай ад беларускай рэчаіснасці - з улікам прыезду ў Беларусь, асабліва з 1990-х гг., многіх гасцей, якія мелі індзейскіх і нават толькі індзейскіх продкаў (г. зн. чыстакроўных, што важна было і для "Б. Лунькова"). Некаторыя з якіх былі высока ўшанаваныя тут у галіне спорту, прыгажосці.

ВЕРАЦІЛА Сяргей - ураджэнец Ваўкавышчыны, пісьменнік, перакладчык. Мы пісалі ў чарнавіку ліста да яго, які цяпер можна лічыць адкрытым, бо так дагэтуль і не пазнаёміліся:

"Дарагі сябар!

Не выкарыстаўшы з-за недахопу часу [цяпер той "недахоп часу" здаецца смешным!] некалькі апошніх прыездаў у Мінск для спроб сустрэцца з вамі, пішу гэты ліст.

Адразу прашу прабачэння за "ўмяшанне" ў сферу вашага асабістага жыцця. Спадзяюся, што вы даруеце мене, калі даведаецеся, што рухае мной і маімі таварышамі не простая цікаўнасць, а шчырае жаданне знайсці ў нашым беларускім асяроддзі людзей, чые сувязі з Амерыкай, эмацыянальныя і кроўныя, умацоўвалі б наш намер зблізіць народы: наш з карэннымі ў Амерыцы".

На той момант мы не былі ўпэўненыя, што Сяргей - публічны чалавек, але пазней высветлілася, што ён нямала выказаўся пра свой досвед з Эквадорам на друкаваных старонках. У прыватнасці і тут: https://ray.ng-press.by/subotni-gosts/pismennik-syargej-veratsila-ya-vouk-a:

"- Сяргей, хацелася б закрануць і блізкую табе лацінаамерыканскую тэму, тым больш ты сам ужо згадваў пра Мігеля дэ Унамуна. (Сяргей Вераціла быў жанаты на басконцы, грамадзянцы Эквадора, якая вучылася разам з ім у БДУ. Пэўны час жыў і працаваў у Эквадоры. На беларускую мову пераклаў некаторыя творы Хорхе Луіса Борхеса, Хасэ Артэга-і-Гасэта ды іншых іспанамоўных аўтараў. - М. Ч. [Мікола Чэмер]) Даруй за такое вельмі асабістае пытанне, але захапленне гэтай тэмай - заслуга найперш тваёй былой жонкі?

- Ды не. Гэтай тэмай я быў захоплены, ці, лепей сказаць, захвораны, атручаны, падсаджаны на яе яшчэ з дзяцінства. Мяне купіў вось гэты іх магічны рэалізм. (Пра тэрмін, вядома ж, я даведаўся пазней.) Справа ў тым, што я заўсёды любіў казкі, нешта незвычайнае, чароўнае. А ў лацінаамерыканскай літаратуры якраз усё гэта ёсць, дакладней, там скрозь ідзе гэтакае перапляценне рэалізму, у тым ліку нават тупога побытавага рэалізму, з такой, я сказаў бы, немагчымай фантастыкай. Той жа Борхес з Касарэсам - яны ж такія рэчы вытваралі! Яны ж пісалі нават энцыклапедыі неіснуючых краін Тлён і Укбар! Як у Льва Касіля, памятаеш, яго выдуманую краіну Швамбранію з рамана "Кандуіт і Швамбранія"? Але ў Касіля гэта быў усё-такі прыгодніцкі, дзіцячы раман. А гэтыя напісалі мнагатомныя энцыклапедыі сваіх краін - па сутнасці, навукова-абгрунтаваныя даследаванні! Дык вось, калі вярнуцца да дзяцінства, то самым першым лацінаамерыканскім творам, які я прачытаў, была паэма аргенцінскага паэта Хасэ Эрнандэса "Марцін Ф'ера". Там бліскуча паказаны вобраз так званага гаўча, іншымі словамі, лацінаамерыканскага каўбоя ці казака. Да гэтага я, безумоўна, трызніў Вальтэрам Скотам, Томасам Майн Рыдам, Фенімарам Куперам… Але ў паэме "Марцін Ф'ера" я ўбачыў нешта зусім іншае - як бы і пра індзейцаў і не пра індзейцаў, як бы чужое і як бы сваё, блізкае. Дарэчы, чаму яшчэ мне блізкія лацінаамерыканцы? Яны здаюцца мне вельмі падобнымі да нас, беларусаў, тым, што іх нацыі, асабліва андыйскія (Перу, Балівія, Эквадор, Гватэмала), як і наша, яшчэ не да канца выкрыш-талізаваны. І мы хочам людзьмі звацца, і яны хочуць людзьмі звацца - такая вось тэалогія вызвалення… Карацей, на тваё пытанне я магу адказаць так: гэта, хутчэй, маё захапленне Лацінскай Амерыкай стварыла глебу для знаёмства з маёй былой жонкай, а не наадварот".

Літ.: 9765 Вераціла С. Пісьменнік Сяргей Вераціла: "Я воўк-адзіночка...": [гутарка / запісаў Мікола Чэмер] // Настаўніцкая газета. 2014. № 13. С. 11.

3358 Навуковы метад Несцеркі, або Разважаюць маргіналы...: Ю. Гумянюк, С. Вераціла, В. Чаропка, У. Конан, Л. Рублеўская // Літаратура і мастацтва. 1997. 4 ліп. С. 6-7.

7580 Веретило С. Повторение пройденного // Белорусская газета. 1998. 9 марта.

2564 Эквадорскія паданьні. (Іньдзеец і чорт; Іньдзейская "Дзева Марыя"; Сын Ягуара; Прывід з Рыа-бамбы, альбо Вершнік без галавы) / пераказаў С. Вераціла // Бярозка. 1993. № 9. С. 4-7. (Рэдкая форма напісання слова індзейцы - з мяккім знакам, сустракаецца яшчэ, напрыклад, у паэта М. Кавыля, у вершы "Іньдзейскае лета": "Бы іньдзеец, клён чырвоны / Асядлаў каня - пагорак", "бярозкі, / Бы іньдзейкі маладыя".)

7418 Вераціла С. Карцінкі з выстаўкі // Зямля N. 2002. № 1. С. 8-15. (У т.л.: "Белы індзеец", "Індзейскія сьвіньні".)

12249 Вераціла С. Карцінкі з выстаўкі. Мініяцюры // Вераціла С. Разбітае сэрца Вітаўта: Аповесць-мінімум, апавяданні, казкі, мініяцюры. Мінск, 2013.

559 Борхес Х. Л. "Cвятое казанне паводле Маркі": [Апавяданне]; пер. [з ісп.] I. Бэррэсуэта, С. Верацілы // Наша слова. 1992. 5 жн. С. 7.

2494 Борхес Х. Л. "Кніга прыдуманых істотаў" Кентаўр; Бегемот / пер. С. Верацілы // Наша слова. 1993. 1 верас. С. 7.

2495 Борхес Х. Л. "Кніга прыдуманых істотаў": Месяцовы заяц; Тэрмічныя істоты; Ураборас; Ламя-дойнікі; Амтысбена / пер. С. Верацілы // Наша слова. 1993. 22 верас. С. 7.

5987 Борхес Х. Л. Хорхе Луіс Борхес у перакладзе Сяргея Верацілы: Форма шаблі; Тэма здрадніка і героя; Ад алегорыяў да раманаў; Сцяна і кнігі; Секта Фенікс / пер. з ісп., прадм. і камент. С. Верацілы; малюнкі I. дэ Вераціла-Бэрэсуэта // Першацвет. 1999. № 9. Верас. С. 38-46.

668 Наварич А. Бабкино золото: Рассказ. / пер. с бел. С. Веретило // Родник. 1988. № 9. С. 36-37.

КУРБАТАЎ Яўген (Чырвоны Воўк) - расійскі індзеяніст, адзін з самых вядомых і аўтарытэтных з іх, аратар і паэт, лютаранскі пастар (Вялікія Лукі; лютэранскі, магчыма, таму, што адзін з індзейскіх "ідэолагаў", Вайн Дэлорыямал., вучыўся ў лютаранскай семінарыі, а яго бацька і дзед былі епіскапальнымі клірыкамі).

Рэгулярна прыязджаў на паўваў у Ленінградскую вобласць (фактычна гэта злёты, але выкарыстоўваецца не зусім дакладная назва паўваў; у Польшчы, з яе больш масавым індзеянісцкім рухам, праводзяцца і злёты, і паўваў - як больш спецыфічная імпрэза), г.зн. сустракаўся і з іх індзейскімі ўдзельнікамі. Прыкладам таго, як там бачылі адзін аднаго асобы з беларускай і індзейскай крывёй, можа служыць юбілейны для руху паўваў Адраджэння 2000 г. (палатачны лагер на беразе р. Луга за 3 км ад в. Турава Лужскага раёна, 92 чал., 20 ціпі).

Ён быў адным з двух, хто адкрываў яго ўступнымі словамі, а канкрэтна - малітвай, і другім у доўгім цытаванні з прамоў удзельнікаў, даступным у інтэрнэце.

"Я хачу сказаць словы падзякі табе, Вялікі Дух-Стваральнік. Я дзякую Табе за тое, што сёння магу бачыць твары тых, каго бачыў дваццаць гадоў таму. Я дзякую Цябе за тое, што Ты злітаваўся над намі і даў нам яшчэ адзін дзень жыцця, каб яшчэ раз падумаць аб саміх сабе, аб сваіх учынках і аб тым, як мы ставімся да сябе і да навакольных. Я дзякую Табе за тое, што магу чуць спевы птушак, трэлі конікаў, бачыць Сонца і Зямлю. Я дзякую Табе за тое, што магу казаць Табе гэтыя словы. Ды каб блаславі ўсіх прысутных тут і тых нашых братоў і сясцёр, якія не змаглі сюды прыехаць. Прыбяры дух ганарыстасці і дай нам дух міласэрнасці і спагады, дай нам дух кахання і цярплівасці. Асвяці нас духам сваім і прабывай з намі тут, у гэтым лагеры ад пачатку і да канца гэтай сустрэчы. Ды блаславі нас усіх Гасподзь - Вялікі Стваральнік, Вялікі Дух! Ды прабывай з намі ў кожнай палатцы і няхай малітва хвалы Табе ўзносіцца перад тым, як мы будзем ужываць ежу і класціся спаць, уставаць досвіткам, падносіць адзін аднаму падарункі. І няхай у гэты момант нашы сэрцы ўзносяць хвалу Вялікаму Стваральніку, які дае нам гэтую Прыгажосць, і дае нам Сілу для таго, каб праз гэтую Любоў, якой нас акружыў, падмацоўвацца і жыць далей…"

З яго прадстаўлення сябе: "Сёння я хачу ўспомніць яшчэ адну традыцыю, добрую традыцыю, якая існуе на Паў-Ваў і, дай Бог, будзе працягвацца, пакуль мы існуём і прыязджаем сюды. Арлінае Пяро - гэта сімвал Святога Духа, які ўсё ведае, усё бачыць і адчувае біццё нашага сэрца. Трымаючы арлінае пяро ў руцэ, мы прадстаўляемся перад усімі, каб лепш ведаць адзін пра аднаго. Пяро ідзе па крузе, і кожны кажа пра сябе.

Маё індзейскае імя - Чырвоны Воўк. Я нясу яго з дванаццаці гадоў. Мая нага спазнала макасін у 1970-м годзе. Чырвоная Дарога адкрыла для мяне спазнанне маёй веры, умацавала мяне, знайшла і вызначыла для мяне маю царкву, сфармавала маё служэнне. Я быў удзельнікам першай сустрэчы на возеры Атрадным, якая дзякуючы волі Вялікага Духа і сіламі майго брата Вапіці сабрала тады нас - невялікую групу індзеяністаў. Гэтым быў зроблены першы крок. І хоць было дрэннае, халоднае надвор'е, нам было вельмі цёпла, таму што тады мы адчувалі Любоў адно да аднаго. Мы бачылі шчырыя ўсмешкі, і пачуццё прысутнасці Вялікага Духа было з намі. Я дзякую лёсу за тое, што я мог быць тады там. Не ўсе нашы браты змаглі сабрацца тут зараз, але мы будзем за іх маліцца, каб Бог даў ім сілы яшчэ раз быць тут разам з усімі. Хаў!"

Дэніэл з Каліфорніі сказаў: "У маіх жылах цячэ індзейская кроў. Але так атрымалася, што з усвядомленага ўзросту я займаюся вывучэннем культуры кельтаў. Я хачу сказаць дзякуй усім тым людзям, якія вывучаюць народ маёй краіны".

Пра сябе Чырвоны Воўк пісаў нам: "Мне 29 гадоў, індзеяніст з 1970 года. Працую мастаком-афарміцелем у нафтаправодным упраўленні. Жанаты, маю дваіх дзяцей - сына і дачку. Прадстаўнік групы каўчы. З 1986 года ў горадзе намі арганізаваны клуб аматараў этнаграфіі, ён размешчаны ў сутарэнным памяшканні адной з сяр. школ горада. У групу каўчы ўваходзяць людзі з рознымі інтарэсамі, але адно аб'ядноўвае іх гэта індзеяністыка" (б/д, па шт. 13.03.1987 - яго першы ліст нам).

"Шырокай інфармацыі пра Беларусь мы не маем, але асабіста ў мяне ёсць з ёй сякія-такія сувязі, а менавіта - мой дзед, бацька па маці Яфрэм Лысенка родам з-пад Віцебска, па расказах маці ведаю, што ўвесь род Яфрэма быў беларускім, а вось род па бацьку ў мяне з Эстоніі, ад яго я і займеў сваё прозвішча - Курбатаў" (л.д. 25.03.1987).

З пастскрыптума ліста б/д (па шт. 24.03.1988): "удакладніў месца, адкуль пайшоў увесь мой беларускі род, а менавіта в. Нажніцы і в. Сіньшае Расонаўскага (так у арыгінале: "Синьшее Росоновского". - А. С.) раёна Віцебскай вобласці, там да гэтага часу жывуць мае цёткі, бабкі, сёстры Лысенка". Ёсць возера і заказнік "Сіньша", возера ж Ножніцы - гэта 1,1 км ад мяжы з РФ, яны і ўказваюць, адкуль продкі Яўгена.

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

260 гадоў беларускай бульбе

Леанід Лаўрэш

Знайшоў такую інфармацыю ў Тэадора Нарбута: "Бульба ў Літве стала вядомай толькі ў другой палове XVIII ст., паводле інвентара маёнтка, у маёй вёсачцы садзіць гэтую расліну ў агародзе першы раз пачалі ў 1763 г., і, падобна, што так было ва ўсім Лідскім павеце"1 . А гэта значыць, што ў наступным, 2023 г., будзе 260 гадоў нашай беларускай бульбе. Здаецца бульба вартая таго, каб трошкі расказаць пра яе гісторыю.


Вядома, што радзіма бульбы - Паўднёвая Амерыка, дзе і дагэтуль можна сустрэць гэтую дзікарослую расліну, бульбу там пачалі есці прыкладна 14 тысяч гадоў назад.

Агульнавядомым з'яўляецца тое, што ў Еўропу гэтую карысную расліну прывезлі іспанскія канкістадоры ў сярэдзіне XVI ст., адтуль яна трапіла ў Італію, а потым распаўсюдзілася ў Бельгіі, Германіі, Нідэрландах, Францыі, Вялікабрытаніі і іншых еўрапейскіх краінах. Аднак спачатку бульба была прынята ў Еўропе як дэкаратыўная расліна. У Францыі яшчэ ў канцы XVIII ст. кветкамі бульбы ўпрыгожвалі валасы ці рабілі з іх букеты і на бульбяныя кветкі ўстанавілася такая мода, што прыйшлося рабіць штучныя, бо жывых стала не хапаць. У Германіі гэтую расліну садзілі на клумбах перад палацамі. Аднак, з-за недахопу прадуктаў падчас войнаў, нямецкія сяляне пачалі выкарыстоўваць бульбу як ежу, і гэтак яна распаўсюдзілася па ўсёй Еўропе як ядомая палявая культура. Як ежа, бульба пачала масава спажывацца па ўсёй Еўропе ў другой палове XVIII ст., і, як бачым, у гэтым сэнсе Лідчына зусім не адставала ад Еўропы.

У Рэчы Паспалітай гэтая расліна стала вядомая ў XVII ст. Раней лічылася, што ўпершыню бульбу да нас завёз кароль Ян III Сабескі пасля перамогі над туркамі ў бітве пад Венай у 1683 г. Але гісторык Анастасія Скеп'ян знайшла, магчыма першы ўспамін пра бульбу - "bulbos americanos" - сярод апісання 1623 г. агарода пры віленскім палацы полацкага ваяводы Януша Кішкі, дзе некалькі яе кустоў раслі на адной градцы2. Заўважу, што беларускае слова "бульба" як і польскае "bulba, bulwa", чэшскае "bulva" і нямецкае "bolle" паходзіць ад лацінскага "bulbus" (усе маюць значэнне: "клубень, цыбуліна")3. Такім чынам аказваецца, што беларускае слова "бульба" ніякае не народнае, тым больш не простанароднае, а самае што ні на ёсць навуковае, паходзіць з высакароднай латыні.

Анастасія Скеп'ян адзначыла, што ад стагоддзя да стагоддзя меню, якое падавалася на панскі стол, ускладнялася. Падчас банкетаў на стале побач з традыцыйнымі мяснымі і рыбнымі стравамі пачалі з'яўляцца не ўласцівыя для мясцовай кухні прадукты. Калі на пачатку XVI ст. гэта былі цытрусавыя (апельсіны і лімоны), разнастайныя гатункі салатаў, то паступова да іх дадаліся бульба, спаржа, арцішокі і нават слімакі4. Як бачым, бульба лічылася вялікім далікатэсам.

Заўважу, што ў той час, Януш Кішка з жонкай Крысцінай валодалі часткай маёнтка Ольжава, што знаходзіцца недалёка Ліды5, але пра бульбу на Лідчыне на пачатку XVII ст. нам нічога не вядома. А віленскі палац Кішкі, каля якога і быў агарод з бульбай, ляжаў за ракой Віліяй, каля гасцінца, які праз Зарэчча ішоў на Полацк6.

У кнізе, напісанай кухмістрам кракаўскага ваяводы Станіславам Чарнецкім "Compendіum ferculorum, albo Zebranіe potraw" ("Усё пра стравы, альбо Збор страў"), згадваецца першы бульбяны прысмак для эліты Рэчы Паспалітай. Пад назваю "tertofelle" у гэтай кнізе, хаваецца бульба, якую пяклі ў попеле і, пакроеную на скрылікі, смажылі. Кніжка пабачыла свет у 1682 г. і на працягу XVІІІ ст. неаднаразова перавыдавалася. Згаданая ў ёй страва - яшчэ не масавы прадукт, а ўсё яшчэ гастранамічнае вынаходніцтва да панскага стала.

Упершыню бульбу пачалі вырошчваць у Беларусі падчас панавання караля і вялікага князя літоўскага Аўгуста III (1736-1763 гг.) на тэрыторыі сучаснай Гарадзеншчыны. Тады яна вырошчвалася нямецкімі каланістамі ў каралеўскіх эканоміях. У другой трэці XVIII ст. бульба распаўсюдзілася па ўсёй Беларусі, і ў Шаўрах Нарбута бульбу вырошчвалі не нямецкія каланісты, а звычайныя беларускія сяляне.

Беларускія сяляне напачатку недаверліва ставіліся да гэтай расліны. Сяляне з уласцівай нашаму народу ціхмянай упартасцю здзяйснялі акты сабатажу і ўсяляк ухіляліся ад навацый. Аднак, дзякуючы ціску тутэйшай шляхты, бульба ў добраахвотна-прымусовым парадку ўсё ж з'явілася на сялянскіх палетках. Адам Мальдзіс пісаў: "Бульба распаўсюджвалася з такой хуткасцю, як аніводная іншая культура, бо давала добры даход і не раз ратавала беларускага селяніна ад голаду. У канцы 18 ст. яе садзілі амаль па ўсёй Беларусі [...]

Як і ўсё новае, бульба мела і сваіх праціўнікаў. Да бульбяных бунтаў, праўда, у нас не дайшло. Але ўсё ж канфлікты былі. У 1817 г. гаспадар маёнтка Целятнікі, што на Віцебшчыне, генерал Р. Гернгрос пачаў прымушаць сваіх сялян, каб яны садзілі на палях бульбу. За работай назіраў або сам пан, або яго памагатыя. Аднак бульба не расла: толькі зрэдку на загоне віднеўся адзін-другі кусцік. "Чаму ў вас бульба не родзіць?" - здзіўленна пытаўся генерал у прыгонных. Тыя скрэблі патыліцу і з усмешкай адказвалі: "Не, паночак! Ужо як сабе пан хочаш, а бульбе не радзіць на нашай зямлі".

Сакрэт аказаўся просты. Пасля пасадкі клубняў, калі пан адыходзіў, сяляне адкопвалі іх і ў бліжэйшай карчме аддавалі "праклятыя яблыкі" за якую кварту гарэлкі. Даведаўшыся пра гэта, Гернгрос загадаў рэзаць кожную бульбіну на чатыры часткі, каб такім чынам, тлумачыў ён сялянам, пазбавіцца, зрабіўшы крыжавідны разрэз, ад "д'ябальскага ўплыву", што нібы быў прычынай неўродзіцы. І тады сяляне перасталі выбіраць парэзаную бульбу з зямлі, і з трывогай у сэрцы пабачылі на сваіх палях буйна квітнеючую бульбу, а потым і самі пачалі яе разводзіць.

Хутка бульба стала для беларусаў "другім хлебам". Яе ўраджаі па сваёй масе былі ў некалькі разоў большыя, чым ураджаі збожжа. Бульбу пачалі даваць на корм жывёле, а памешчыкі пераганялі яе на гарэлку"7.

Антоні Адынец паведамляў у сваіх ўспамінах, што сам Адам Міцкевіч, калі вучыўся на першых курсах Віленскага ўніверсітэта, напісаў гераічна-камічны эпас пад назвай "Бульба", гераічная частка твора знаёміла нас з адкрыццём Амерыкі, а наступная частка - з бульбяной гаспадаркай Літвы. Героіка-камічная паэма А. Міцкевіча "Kartofla" не была надрукаваная пры жыцці паэта, першая публікацыя гэтай паэмы ў захаваных фрагментах адбылася толькі ў 1949 г.8

У XІX ст. бульба цалкам і безумоўна перамагла на беларускіх палетках. Калі ў Гарадзенскай губерні ў 1822 г. сабралі 7,1 тысячы чвэрцяў бульбы, дык у 1827 г. ужо ў сто разоў болей (чвэрць - ¼ бочкі, мера аб'ёму сыпкіх рэчываў і вадкасцей, раўнялася 101,62 л.).

У справаздачах Менскай ды Віцебскай губерняў за 1828 г. адзначалася, што "бульба з'яўляецца памочнікам да харчавання, родзіць выдатна, з поспехам паўсюль тут разводзіцца". У справаздачы Гарадзенскай губерні за 1840 г. было напісана: "Бульба займае першае месца ў ліку абраблянай гародніны, спрыяе харчаванню народа, гадаванню жывёлы і ўгнаенню палеткаў". Бульба ў той час становіцца галоўнай культурай, "другім хлебам". А для бедных сялян яна была адзіным хлебам, як пісаў адзін з тагачасных аўтараў "гарох, частку ячменю, авёс сяляне прадаюць, а бульбай харчуюцца амаль цэлы год".

Ужывалі бульбу і мае прамыя продкі. У 1861 г. гаспадар маёнтка Галоўчыцы (што каля Лыскава сучаснага Пружанскага р-на) абшарнік Твардоўскі падмануў майго прапрадзеда, адстаўнога салдата Яна Лаўрэша на 5 чвэрцяў бульбы. Праз некалькі гадоў Ян Лаўрэш праз суд, хадайнічаў аб вяртанні 5 чвэрцяў бульбы, якую ў яго забраў эканом. Суд высветліў, што бульбу ў адстаўнога салдата і сапраўды забралі неабгрунтавана. Вось такая сямейная гісторыя, як учарашні прыгонны селянін судзіўся з панам з-за бульбы і выйграў суд.

Ужо ў 1860-я гады ўзнікаюць мясцовыя, беларускія гатункі бульбы. А на пачатку XX ст. беларускае бульба-водства стала найлепшым і адным з мацнейшых у Расейскай імперыі. На 1913 г. прыпадае пік дарэвалюцыйнай беларускай бульбяной вытворчасці - пасяўная плошча склала 583,3 тысячы гектараў, ураджайнасць - 6,4 тоны з гектара, валавы збор 4 мільёны тон, ці 12,6% валавога збору ў Расеі. Бульба вырошчвалася паўсюдна. Напрыклад, у вялікім артыкуле "Уражанні ад выставы ў Лябёдцы" віленская газета "Кур'ер Літоўскі" ўвосень 1910 г. пісала пра маёнтак Лябёдка Іваноўскіх, што на Лідчыне: "На ўсе бакі ад прыгожага, вельмі рацыянальна і пасучаснаму пабудаванага двара ў Лябёдцы цягнуцца ўзорныя сады, гароды, купкі пладовых і дэкаратыўных дрэваў. Далей пачынаюцца добра апрацаваныя палі бульбы і збожжа ..." 9.

Батанік, фенолаг і спецыяліст у галіне сельскагаспадарчых навук, Вацлаў Ластоўскі (1880-1954) у 1911 г. адкрыў у Беняконях, што на Лідчыне, навуковую даследчую станцыю, адной з мэтаў якой, было і вывядзенне новых гатункаў бульбы. Газета "Наша Ніва" пісала ў 1911 г.:

"У Беняконях ... аткрылася пробнае поле (станцыя) Віленскага таварыства сельскай гаспадаркі на 15 дзесяцінах. Пабудавалі гожае мураванае гумно, хату для чэлядзі, кожнаму па пакою і пякарню. Пакуль што жывець там і дырэктар пробнай станцыі аграном Ластоўскі, а на вясну будуць будаваць мураваны дом. Памешчыкі далі на станцыю 20 тысяч, і казна 20 тысяч рублёў дасць, калі зацвердзіць Дума, і штогод будзе казна 20 тысяч рублёў даваць па 3 тысячы руб.

У гэтым гаду пасадзілі на пробу 26 гатункаў бульбы, поле ўсё дрэнавалі. Увосень жыта сеялі і садзілі розных гатункаў.

Адну дзесяціну бульбы, касілі бульбяннік, як толькі кончыў красаваць, а другую пакінулі. Някошаная бульба дала на 320 пудоў больш бульбы, як кошаная. На вясну станцыя будзе шырока рабіць розныя пробы, каб ведалі гаспадары, як гаспадарыць. Каля пробнага поля дырэктар Ластоўскі засеяў сам ... жыта двом гаспадаром Войшніцы і Развадоўскаму. Паглядзім, што будзе!" 10.

У 1915 г. Ластоўскі стаў бежанцам і пасяліўся ў Менску. Лідскі абшарнік Андрэй Раствароўскі ў сваіх успамінах пісаў, што Ластоўскі ў Менску, у "1917-18 гг. лічыў сябе беларусам".

Прафесар Вацлаў Ластоўскі кіраваў станцыяй на працягу 35 гадоў. Сярод іншых прац, ён вывеў адаптаваную да прыродных умоў Віленшчыны бульбу Альмарыя, а таксама беняконскае жыта, тыбецкі авёс, авёс Лонгінус і раннія гатункі лубіну.

І сёння бульба застаецца для нас адной з галоўных сельскагаспадарчых культур і, што вельмі істотна - часткай беларускай культуры.

1 "Kartofla w Litwie w drugiej dopiero polowie wieku XVIII powszechnie znajoma bydz zaczela; podlug regestrow ekonomicznych, mojej wiosczyny w ogrodzie uprawiac pierwszy raz poczeto te roslina roku 1763, i podobno w calym powiecie Lidzkim". - Гл: Narbutt Teodor. Dzieje narodu litewskiego. T. 9. Wilno, 1841. S. 73.

2 Скеп'ян Анастасія. Арганізацыя кухоннай службы пры магнацкіх дварах Вялікага Княства Літоўскага ў XVI-XVII стст. // Магнацкі двор і сацыяльнае ўзаемадзеянне (XV-XVIII стст.): зборнік навуковых прац. Мінск, 2014. С. 6.

3 Этымалагічны слоўнік беларускай мовы. Т. 1. Мінск:, 1978. С. 410.

4 Скеп'ян Анастасія. Арганізацыя кухоннай службы пры магнацкіх дварах Вялікага княства Літоўскага ў XVI-XVII стст. С. 6.

5 Лаўрэш Леанід. Ольжава // Лідскі Летапісец. 2020. № 3(91). С. 33-43

6 АВАК. Т. XX. 364-376.

7 Мальдзіс А. Шляхі вялі праз Беларусь. Мінск, 1980. С. 196.

8 Адынец А. Э. Успаміны пра мінулае. Мінск, 2020. С. 91.

9 Kuryer Litewski № 221, 30 wrzesnia (13 pazdziernika) 1910.

10 Наша Ніва №50, 15(28) лістапада 1911.

Цікавая кніжная навінка

У тэлеперадачы "Суразмоўцы", якую вядзе паэт Навум Гальпяровіч адразу некалькі ўдзельнікаў з павагай узгадвалі творчасць спадара Янкі Сіпакова. Зацікаўлены гэтай акалічнасцю, набыў кнігу "Двое на вуліцы" слыннага пісьменніка, заслужанага дзеяча культуры Янкі Сіпакова. У Новае выданне ўвайшлі апавяданні, напісаныя аўтарам. З 1980-х да пачатку 2000-х гадоў, а таксама аповесць "Жыві як хочаш". Літаратурна-мастацкае выданне пабачыла свет у выдавецтве "Чатыры чвэрці" з накладам 250 асобнікаў.

Янка Сіпакоў (1936-2011) нарадзіўся ў в. Зубрэвічы Аршаскага раёна Віцебскай вобласці у сялянскай сям'і. Падчас вайны бацькоў за сувязь з партызанамі закатавалі фашысты. Пасля дзесяцігодкі ў 1954-1955 г. быў супрацоўнікам шклоўскай раённай газеты "Чырвоны барацьбіт". У 1960 г. скончыў журфак БДУ. Працаваў у часопісе "Вожык" (1960-1973). З 1973 г. - загадчык аддзела мастацтва, крытыкі і бібліяграфіі. З 1989 г.- адказны сакратар часопіса "Маладосць". З 1993 г. загадваў рэдакцыяй літаратуры, мовы, фальклору і этнаграфіі ў выдавецтве "Беларуская энцыклапедыя". З 1997 г. працаваў у часопісе "Беларусь". З 1961 года ў Саюзе пісьменнікаў СССР. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1976) за кнігу паэзіі "Веча славянскіх балад".

У мастацкім афармленні кнігі выкарыстаны фрагменты карцін члена Беларускага Саюза мастакоў Анатолія Концуба "Лодка для дваіх", "Паэт" (2015), "Палёты і падзенні"(2002), "Канікулы" (2004).

Асабіста мне спадабаліся апавяданні "Суседка", "На выставе", "Экскурсія", "Адам і Марыля"... Вельмі арыгінальна напісана аповесць "Жыві, як хочацца". Раю набыць і пачытаць кнігу чытачам нашай газеты!

Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры.


Дом паэта Валянціна Таўлая наведалі салдаты тэрміновай службы 116-й гвардзейскай штурмавой авіяцыйнай Радамскай Чырвонасцяжнай базы. Знаёміцца з экспазіцыямі Дома паэта для салдат-авіятараў стала ўжо традыцыяй. Цікава і пазнавальна правяла экскурсію супрацоўнік Дома Валянціна Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея Анастасія Аляксандраўна Каладзяжная.

Наш кар.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX