Папярэдняя старонка: 2022

Наша слова.pdf № 46 (46) 


Дадана: 16-11-2022,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 46, 16 лістапада 2022 г.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь у кантэксце эвалюцыі айчыннай музейнай справы

Дзень 11 лістапада ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адзначыўся важнай навуковай падзеяй: адбылася навукова-практычная канферэнцыя "Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь у кантэксце эвалюцыі айчыннай музейнай справы".

У мерапрыемстве прынялі ўдзел тэарэтыкі і практыкі айчыннай музейнай справы, даследчыкі. На пленарным паседжанні прагучалі даклады па гісторыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. Да ўсіх прысутных з прывітальным словам звярнуўся дырэктар музея Аляксандр Васільевіч Храмы.

Мэта канферэнцыі - вызначэнне месца і ролі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь і яго філіяла "Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці" ў развіцці музейнай справы краіны, вырашэнні актуальных пытанняў адлюстравання сучасных працэсаў фарміравання дзяржаўнасці ў практыцы музеяў Беларусі.

Генеральнымі тэмамі канферэнцыі сталі юбілейныя даты - 100 год заснавання Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, 10 год адкрыцця Музея сучаснай беларускай дзяржаўнасці.

У канферэнцыі прынялі ўдзел і супрацоўнікі Лідскага гістарычна-мастацкага музея: намеснік дырэктара па навукова-даследчай рабоце Хацяновіч Наталля Аляксандраўна з дакладам "Фарміраванне інклюзіўнага асяроддзя ў музеі (на прыкладзе дзейнасці ДУ "Лідскі гістарычна-мастацкі музей)" і навуковы супрацоўнік Хітрун Алесь Часлававіч з тэмай даклада "Фарміраванне літаратурна-мемарыяльнай прасторы Дома Валянціна Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея".

Секцыі праходзілі ў Нацыянальным гістарычным музеі і яго філіялах.

У Доме-музеі I з'езда РСДРП секцыя мела назву "Мемарыяльныя музеі ў культурнай прасторы XXI стагоддзя", у якой прыняў удзел Алесь Хітрун.

Наш кар

Памяці Тадэвуша Чарнавуса

У суботу, 5 лістапада 2022 года перастала біцца сэрца журналіста "Лідскай газеты", сябра літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты" Тадэвуша Чарнавуса.

Так, зменшыліся шэрагі ў журналісцкім і літаратурным асяроддзі... Не стала сярод нас Чалавека яркага, адкрытага, смелага. У прынцыпе, такія і павінны быць журналісты. Меў Тадэвуш Вацлававіч і густ у паэзіі. Яго творы друкаваліся ў шматлікіх выданнях. Ён быў на адной назе з тымі, хто ведаў сэнс выказвання "людзьмі звацца". Ён быў шчырым патрыётам сваёй Радзімы... Ужо на пенсіі, у сваёй роднай "Лідскай газеце" ў якасці пазаштатнага аўтара ён вёў рубрыку "Матчына мова: гаворым па-беларуску". Эпіграфам да яе былі, напісаныя ім, такія радкі:

"Кажуць, мова мая знікае...

Вось адзін яшчэ толькі міг.

А па-мойму тут справа такая:

Усё залежыць ад нас саміх... ".

Для аўтара гэтых радкоў ён таксама пакінуў важкі след у творчай дзейнасці і ў біяграфіі. Менавіта Тадэвуш Чарнавус быў першым, хто працягнуў мне руку з раённага перыядычнага выдання, даваў парады, вычытваў мае першыя нататкі. Было гэта ўжо ў далёкім 1998 годзе. З тых пор я не пакідаю сувязі з "Лідскай газетай". Тадэвуш Чарнавус пастаянна наведваўся ў Дом Валянціна Таўлая, прымаў удзел і ў пасяджэннях "Суквецця"... Але ж так і не выдаў свайго зборніка. У першую чаргу ён хацеў пабачыць мой зборнік, нават прапаноўваў свайго знаёмага выдаўца і выдавецтва... Пісаць можна доўга...

У літаратурна-мастацкім зборніку "Ад лідскіх муроў" за № 9 (2016-2019) былі змешчаны яго вершы. Для знаёмства з чытачом ён напісаў пра сябе наступнае:

"ЗНОЎКУ Я СПАЦЬ НЕ ЛЯГУ…

(Радкі з аўтабіяграфіі)

Ізноўку я спаць не лягу,

Пакуль не ўтаймую смагу.

А смага мая такая:

Прагну ўвесь час радка я,

Прагну, нібы жанчыны, -

Дык, можа, не без прычыны?..

Гэты невялічкі вершык нарадзіўся ў мяне яшчэ ў далёкім юнацтве, а пытанне: "Дык, можа, не без прычыны?.." - хвалюе па сённяшні дзень. Па сутнасці, ужо тады - у гэтым шасцірадкоўі - я пачаў шукаць сваё месца ў паэзіі, засумняваўшыся ў сваіх паэтычных здольнасцях. І шукаю і сумняваюся аж да гэтага часу.

Я ніколі не пісаў вершаў, седзячы за сталом, не вымучваў з сябе радок за радком. Лірычная ўзнёсласць і натхненне суправаджалі і суправаджаюць мяне заўсёды і ўсюды: дома, у дарозе, у час працы ў агародзе, на бацькоўскім падворку, калі кашу траву ці сяку дровы… І хаця заўсёды, як той крот, глыбока імкнуўся ўзорваць паэтычную глебу, засейваць яе толькі ўласным насеннем, усведамляю, што я не стаў класікам беларускай літаратуры і наўрад ці стану ім калі-небудзь. Але ўпэўнены, што і графаманам не быў ніколі. Зрэшты, аб гэтым меркаваць ужо не мне, а маім дарагім чытачам. На вялікі жаль, іх вельмі мала, бо паэзія да гэтага часу так і не стала масавай з'явай, як, скажам, эстрада ці шоў-бізнэс. Як мала і тых (што вельмі прыкра), хто выкарыстоўвае матчыну мову ў паўсядзённым жыцці. Гэтая аказія, як той чарвяк, даўно свідруе маё сэрца наскрозь і будзе свідраваць, напэўна, да самай смерці.

Калі больш падрабязна, то нарадзіўся я ў 1954 годзе на Лідчыне - у вёсцы Рылаўцы. Бацькоўскі лясны хутарок туліцца між дзвюх рэчак - Крупкі і яе матулькі Дзітвы. Апошняя, што вельмі важна, працякае амаль ля самага падворка, і менавіта яе срэбраводныя хвалі заўсёды спрыялі майму паэтычнаму натхненню. І спрыяюць па сённяшні дзень, хаця меліяратары ў свой час бязбожна зруйнавалі маю родную Дзітвульку, якая ўжо даўно ператварылася ў старое і зарастаючае русла.

Навучаўся я ў Яўсеевіцкай васьмігадовай школцы, скончыў таксама Лідскі індустрыяльны тэхнікум, падчас службы ў арміі - завочную школу ваенных карэспандэнтаў. Завяршыў адукацыю на факультэце журналістыкі БДУ імя Леніна. Працоўны творчы шлях пачынаў у наваградскай раённай газеце "Новае жыццё", але найбольш - амаль тры дзесяцігоддзі - шчыраваў у роднай мне назаўсёды "Лідскай газеце".

Журналістыка ніколі не была для мяне мачахай, але і з паэзіяй не развітваўся ніколі. Мо таму яны і перапляліся ў маёй творчасці, нібы родныя сёстры, а многія вершаваныя творы набылі рэпартажны характар. Добра гэта ці не надта, не ведаю, але як сталася, так сталася. Назад ужо, як кажуць, "ніц" не вернеш.

На жаль, асобнага свайго зборніка пакуль што не маю, але мару і часта ўяўляю, што трымаю яго ў руках. Праўда, гэта адбываецца пакуль хіба што ў сне. Але калі Бог паспрыяе, то абавязкова выдам яго пад назвай, як і ў гэтай нізкі вершаў: "Каб любіць Беларусь нашу мілую…". Тэма Радзімы, не толькі малой, але і ўсёй бясконца дарагой мне сінявокай, васільковай, ільняной Беларусі, заўсёды жыла і будзе жыць у маім сэрцы да скону дзён.

Зрэшты, грэх скардзіцца, што мой паэтычны шлях да чытача быў абмежаваны. Мае вершаваныя творы гучалі па рэспубліканскім радыё, друкаваліся ў газеце "Літаратура і Мастацтва", іншых рэспубліканскіх сродках масавай інфармацыі ды літаратурных часопісах. Але калі яны захаваліся хіба толькі ў архівах саміх рэдакцый, то агульныя паэтычныя зборнікі, у якіх я са сваімі вершамі разам з іншымі паэтамі стукаўся да чытацкіх сэрцаў, можна і сёння знайсці ў бібліятэках. А іх шэсць: "Вёсны" (1976 г.) і "Квадра" (1982 г.) - выдавецтва Белдзяржуніверсітэта, "Краю, мой Нёман" (1986 г., прадмова Васіля Быкава, укладальнік - Данута Бічэль-Загнетава, рэдактар - Юрка Голуб, дзяржаўнае выдавецтва "Мастацкая літаратура"), "Шануйце роднае слова" (2008 г.), "Мой любы горад Ліда" (таксама 2008 г.), "Мой горад - гонар мой" (2013 г.). Апошнія тры надрукаваны ў Лідскай друкарні.

Каб любіць Беларусь нашу мілую,

Трэба ў розных краях пабываць.

Разумееш тады, чаму з выраю

Жураўлі на Палессе ляцяць…

Словы вядомай песні на вершы Алеся Ставера, якая калісьці так прыгожа гучала ў выкананні вядомага беларускага спевака Віктара Вуячыча. Але, правёўшы некалькі гадоў за межамі Бацькаўшчыны, я перайначыў другі радок з гэтага куплета і напісаў свой верш. Тым самым я хацеў выказаць погляд на любоў да Радзімы з пункту гледжання сённяшняга дня. Асабліва пасля таго, як з сусветнай карты знік Савецкі Саюз і ўсе краіны СНД аказаліся на раздарожжы, а наша родная Беларусь нарэшце набыла самастойнасць.

Каб любіць Беларусь нашу мілую,

Можна ў розных краях не бываць,

Пра яе, як матулю чуллівую,

Можна песні і дома складаць.

Пра палеткі яе вераснёвыя,

Ля дарог дзе цвітуць васількі,

Дзе рамонкі - дзяўчаты вясковыя,

Што вядуць карагод ля ракі.

Дзе бярозы - красуні зайздросныя, -

Так і хочацца ў прымы пайсці,

Дзе пахучыя ранкі і росныя,

Хоць зімою атаву касі.

Дзе клякочуць натхнёна, бы моляцца,

Сімвал нашай Айчыны - буслы,

Дзе ў Белае Вежы ваколіцах

Здабылі сваё месца зубры.

Не ў сытай Еўропе, Амерыцы,

Дзе мераюць шчасце грашмі,

А ў нас - Беларусі - бо вераць нам,

Бо заўсёды былі мы людзьмі.

Выйду ў поле ляноў сінявокае,

Акрыяю душой на ляту,

З фарбаў родных, як неба шырокае,

Я вяночак каханай спляту.

Птушкай лёгкай ўзлячу ў паднябессе я,

Агляджу і прасторы, і край,

І ніякім вятрыскам-кудзеснікам

Не зманіць мяне ў казачны рай.

А як зб'юся з дарогі няроўнае,

З туманамі ў вырай зляту,

Я дарогу дадому нялёгкую,

Як і птушкі, па зорках знайду.

Наталюся я роднаю моваю -

Беларускай, якую люблю,

І, заместа гарэлкі вясковае,

Я з крынічкі гаючай пап'ю.

Ты даруй мне, матуля шаноўная,

За мае і чужыя грахі,

Што збіваўся з дарогі няроўнае

І рабіў мо не тыя кругі.

…Долар сёння ў вялікай пашане,

Толькі роднага ў ім не знайду,

А за Белую Русь - буду ў храме я -

Беларускі рубель пакладу!"

На жалобнай імшы ў Лідскім фарным касцёле 9 лістапада прысутнічалі родныя, сябры, супрацоўнікі рэдакцыі "Лідскай газеты", лідскія пісьменнікі.

Пахавалі Тадэвуша Чарнавуса на лідскіх могілках "Зосіна".

Бывай, мой зямляк і настаўнік...

Алесь Хітрун.

Галоўны прыз атрымала факсімільнае выданне "Жыровіцкага Евангелля"

Галоўны прыз конкурсу "Асвета праз кнігу" атрымала факсімільнае выданне "Жыровіцкага Евангелля". Гэты конкурс праводзіў Выдавецкі савет Рускай праваслаўнай царквы.

На конкурс былі пададзены 159 выданняў з 53 выдавецтваў з розных рэгіёнаў Расіі, Беларусі і Польшчы. Галоўны прыз журы прысудзіла факсімільнаму выданню "Жыровіцкага Евангелля" XVI стагоддзя, якое было выдадзена Выдавецкім саветам Беларускай праваслаўнай царквы пад кіраўніцтвам Алега Кунцэвіча. Вялікая заслуга ў выданні "Жыровіцкага Евангелля" належыць Алесю Сушу.

Паводле СМІ.

Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі

1-2 лістапада ў Нацыянальным Полацкім гістарычна-культурным музеі-запаведніку прайшла VIII Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі".

Сёлетняя канферэнцыя была прысвечана 1160 годдзю Полацка і адбывалася ў Год гістарычнай памяці.

Як усё пачыналася, расказаў кандыдат гістарычных навук Сяргей Тарасаў, адзін з ідэйных натхняльнікаў першай канферэнцыі, якая прайшла ў 1987 годзе і была прысвечана 1125-годдзю Полацка.

У рамках плянарнага паседжання была паднята абавязковая для Полацка праблема: калі і хто пабудаваў Полацкую Сафію.

На паседжаннях гістарычнай і архелагічнай секцый прагучалі даклады і прэзентацыі на вельмі шырокую тэму.

У канферэнцыі бралі ўдзел доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч, кандыдат гістарычных навук Алег Трусаў і іншыя.

Паводле газеты "Полацкі веснік".

Падатак на выкіды CO2 - колькі заплацяць жыхары, колькі арэндадаўцы

Навіны Германіі

- Пасля некалькіх тыдняў спрэчак кааліцыйны ўрад прыйшоў да дамовы, што жыхарам больш не давядзецца самастойна аплачваць рахункі за ацяпленне, якія ўключаюць падатак на выкіды CO2 для будынкаў, які ўжо даўнютка тузае нервы кватэраздымшчыкам. Плануецца стварыць градуяваную мадэль, якая будзе прынята ў Бундэстагу ў чацвер і набудзе моц з 1 студзеня 2023 года. Гэта прывядзе да "справядлівага размеркавання выдаткаў на выкіды CO2, - сказаў чалец парламента ад СВДП Даніэль Фест у інтэрв'ю Deutsche Presse-Agentur. - Зараз у абодвух бакоў ёсць стымулы эканоміць энергію ці інвеставаць у энергаэфектыўнасць.

Падатак на выкіды CO2 - гэта свайго роду кліматычны падатак на бензін, пячное паліва і прыродны газ, які павінен дапамагчы скараціць шкодныя для клімату выкіды вуглякіслага газу. Дагэтуль жыхарам даводзілася аплачваць яго самастойна. Насамрэч, СДПГ, "Зялёныя" і СВДП ужо даўно дамовіліся пра тое, што з наступнага года домаўладальнікі таксама павінны ўдзельнічаць у папаўненні казны за сапсаваны клімат. І чым меней па-кліматычнаму бяспечны іхні дом, тым большую суму ім давядзецца заплаціць.

Але нядаўна СВДП спыніла гэты план, спаслаўшыся на тое, што ва ўмовах энергетычнага крызісу ён кладзецца цяжкім цяжарам на арэндадаўцаў.

- Першым чынам, нам варта пераканацца ў тым, што бюракратычны ціск будзе мінімальным для абодвух бакоў і ніякія дадатковыя нагрузкі не будуць ускладзены на невялікіх і дробных домаўладальнікаў асабліва, - папярэдзіў Фест.

Градуяваная мадэль - добры стымул для санацыі

Для размеркавання выдаткаў паміж арандатарамі і арэндадаўцамі будзе выкарыстоўвацца градуяваная мадэль: уладальнікі дамоў з вельмі высокім узроўнем выкі-даў парніковых газаў на квадратны метр павінны будуць аплачваць 95% цаны CO2, у той час як у дамах з нізкім узроўнем выкідаў несці выдаткі давядзецца самім жыхарам. Мяркуецца, што гэтыя меры паслужаць для дома-ўладальнікаў добрым стымулам для правядзення энергазахавальных рамонтных работ, а арандатараў заклічуць да эканоміі энергіі.

Паводле СМІ. FOTO: FREEPIK.COM / @FREEPIK

Нацыянальная стратэгія па абароне тарфяных балот

Федэральны ўрад хоча значна палепшыць абарону тарфяных балот. Тады гэтыя рэгіёны змогуць сыграць ключавую ролю ў абароне клімату

Федэральны ўрад хоча ў будучыні лепш абараніць тарфянішчы, каб яны змаглі ўнесці ўклад у абарону клімату. Стратэгія, прынятая Федэральным кабінетам міністраў, заклікана спрыяць дасягненню мэт Германіі па абароне клімату і аднаўленні біяразнастайнасці на тарфянішчах.

У наш час больш за 90 адсоткаў тарфянішчаў Германіі настолькі асушаны, што штогод выкідваюць у атмасферу каля 53 мільёнаў тон парніковых газаў. Гэта адпавядае 7,5 адсоткам ад агульнага аб'ёму выкідаў парніковых газаў у Германіі. З іншага боку, калі пакінуць тарфянішчы некранутымі, то яны становяцца магутным сховішчам вуглякіслага газу, што разбурае клімат. Стратэгія прадугледжвае пераўвільгатненне тарфянішчаў.

- Асушаныя тарфянішчы выдзяляюць вялікую колькасць парніковых газаў і тым самым спрыяюць кліматычнаму крызісу, таму нам неабходна іх пераўвільгатніць, - растлумачыла міністр навакольнага асяроддзя Штэфі Лемке.

Па яе словах, тарфянішчы захоўваюць "гэтулькі ж вугляроду, колькі ўсе нямецкія лясы разам узятыя". Германія хоча стаць па-кліматычнаму нейтральнай да 2045 года, гэта значыць выкідваць у атмасферу толькі такую колькасць парніковых газаў, колькі можа быць паглынута. Натуральная абарона клімату, г.зн. уклад у абарону клімату такіх экасістэм як лясы і тарфянішчы, павінна дапамагчы ў дасягненні гэтай мэты.

Паводле СМІ. Фота: picture alliance/dpa.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Гомель, Кіеў, Масква, Нью-Ёрк

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-45)

РУДЭНКА Віктар - (16.05.1957, г. Вольск Саратаўскай вобласці - 23.07.2013, г. Гомель) - савецкі, беларускі і расійскі інтэрнацыяналіст. Быў членам БІТ і ўдзельнічаў у яго ўстаноўчым з'ездзе (16-17.07.1988 г.). Індзейскі псеўданім (дадзеныя для анкеты): Сляпы Кондар (відавочна, што выбраны ён не без долі гумару, як і іншыя падобныя псеўданімы членаў БІТ, у якіх можна сустрэць і слова "забойца" (Забойца Ворагаў) - у пацыфіста, і слова "шалёны" (Шалёная Рысь) - у больш чым нармальнага чалавека (у апошнім выпадку - індзеяніст з Бярозы, які спрабаваў быць народным выбраннікам у Менску, а пазней працаваў у Оламаўцы)). Мы лічылі Рудэнку гомельскім украінцам (якім ён сапраўды быў, хоць і часткова, па бацьку: паводле сямейнай традыцыі, вёску яго ўкраінскіх продкаў прайграў у карты адзін памешчык другому, і апошні перавёз яе жыхароў у саратаўскія стэпы), але ў яго таксама былі яшчэ больш усходнія карані.

У Гомелі ён працаваў на пошце, на хімзаводзе (апаратчык у цэху фторыстага алюмінію). Яго ідэя - клуб па перапісцы, завочны КІД, шырокі па геаграфіі, - потым перайшла і ў "Самадзейны грамадска-палітычны клуб імя камандантэ рэвалюцыі Эрнеста Чэ Гевары". Віктар быў членам Усесаюзнага каардынацыйна-інфармацыйнага савета інтэрруху. Ён не любіў хадзіць па інстанцыях і ладзіць сустрэчы, што ахвотна рабіў яго найбліжэйшы калега А. Снітко. Яго ролю "сакратара-рэферэнта" адлюстроўваў вялікі гомельскі архіў (верагодна, лічыць Снітко, па 20 выходных лістоў у тыдзень у перыяд з 1985 па 1989 г.) - частка дакументацыі руху з драматычным лёсам.

Асабліва значнай кампаніяй, звязанай з індзейцамі, безумоўна, была падтрымка Леанарда Пелціера (зборам подпісаў, лістамі ў розныя арганізацыі, уключаючы дзяржаўныя органы ЗША, спробай праводзіць пікеты), якая пакінула немалы след у перыядычным друку, у т.л. гомельскім. Сур'ёзнае злачынства з федэральнага пункту гледжання, але многія, якія нават сумняваліся ў невінаватасці Пелціера, лічылі важным "сімвалічнае" яго вызваленне - маўляў, гэта было своеасаблівай вайной, у якой пацярпелі і агенты ФБР, і індзейцы. Нягледзячы на наяўнасць і скептычнага погляду на праблему з Пелціерам нават з боку саміх індзейцаў (наш адрасат журналіст Пол ДэМэйн - адзін з самых гучных галасоў такога роду), яшчэ і цяпер і ў Польшчы, і ў іншых краінах Еўропы нямала індзеяністаў застаюцца на ранейшай пазіцыі падтрымкі Пелціера.

Наколькі мы ведаем, адзіным сталым карэспандэнтам Віктара Рудэнкі ў Заходнім паўшар'і быў мексіканец Гільерма (колькасць лістоў з аднаго боку магла быць больш за сто). "Асабістыя" лісты Віктара - своеасаблівыя дайджэсты-калажы, публіцыстыка і "дзённікі", ілюстраваныя выразкамі, з выкарыстаннем самых незвычайных бланкавых канвертаў, якія яму ўдалося здабыць у маскоўскай макулатуры, у нейкіх пісьменніцкіх архівах. "Дзелавыя" частка перапіскі, як характарызуе яе Снітко, была ў строгай форме лістоў-запытаў у арганізацыі, прэзентацый індывідуальных членаў і лістоў-інструкцый.

З нашага ліста Віктару ад 27.01.1998 г.: "З пункту гледжання "проста чалавека" ўсе твае думкі і кожнае дзеянне або бяздзейнасць апраўданыя. Вядома, мне здаецца, што мы разам маглі б лепш замацаваць усё зробленае табой хаця б у эпісталярнай і "лістаатрымальнай" сферы. "Што ўпала, тое прапала", а заўсёды трэба берагчы тое, што яшчэ ёсць і будзе. І сапраўдны сэнс усё гэта набывае, калі ёсць арганізацыя, якая паклапоціцца пра цябе і тваю спадчыну (якой бы сціплай яна не здавалася). Я шаную тваю ролю, твой уклад у "інтэрнацыяналізм у Гомелі". Масква ж здаецца мне не "тваім" горадам".

Мы звярнуліся да Снітко з пытаннем: дзе Віктар сустракаўся з індзейцамі? З адказу вынікае, што яны былі разам на двух гала-канцэртах - у Маскве і Кіеве, на якіх зусім дакладна прысутнічалі і выступалі і індзейцы з ліку лацінаамерыканскіх студэнтаў. Там жа былі і выставы розных "нацыянальных" вырабаў, матэрыялаў.

Таксама Снітко паведаміў падрабязнасці пра прыезд у Гомель сем'яў жыхарак Украіны і лацінаамерыканцаў, сказаўшы, што двое мужчын носяць у знешнім выглядзе рысы індзейцаў. Кастаньеды, савецка-нікарагуанская пара, прыязджалі ў Гомель два разы, Картахены, савецка-сальвадорская, - адзін раз (Кастаньеды і сям'я Качміных (муж Алены - нікарагуанец Даніла) - на фота ў Гомельскім парку (гл. № 27 "Нашага слова.pdf", c. 12)). Хасэ Антоніа Кастанеда (Тоні, Чэпе), муж Наталлі Сакаловай, - нікарагуанец з даволі цёмнай скурай (індзейскія і, відаць, негрыцянскія продкі); Уладаміра Картахена, сальвадорац, муж Святланы Сізовай, - больш светлы, але, як ацэньвае яго сябар-гамяльчанін, выразны метыс. У архіве Снітко ёсць фота, дзе ён з Рудэнкам і згаданымі дзяўчатамі і іх дзецьмі, бо Віктар тады рабіў фота.

Пэўны час ён жыў у Маскве, дзе адбыліся падзеі, якія паўплывалі на яго лад жыцця, светапогляд, акцэнты ў перапісцы, нарэшце - вяртанне ў Гомель і раннюю смерць. Перад ёю каля яго не было сяброў і калег. Пахаваны на Стукачоўскіх могілках.

Ён дапамог перавезці ў Гомель кнігі, якія спісвала бібліятэка Інстытута Лацінскай Амерыкі, сярод іх - і з уладальніцкімі адзнакамі славутага І. Грыгулевіча. 11.09.2011 г., у час адной з вельмі нямногіх сустрэч з Віктарам пасля яго вяртання з Масквы, ён падараваў нам кнігу "Перу: социально-экономическое и политическое развитие (1968-1980)" (М., 1982).

Літ.: 512 Раманава Н. Партрэт "дзяцей": разважанні аб маладзёжных грамадска-палітычных клубах // Гомельская праўда. 1987. 1 верас.

495 Гурыновіч Ж. Мы - інтэрнацыяналісты // Гомельская праўда. 1987. 12 верас.

429 Рудэнка В., Снітко А., Тарасава В. Фатаграфія, якая абышла ўвесь свет: вопыт сацыялагічнага даследавання ў г. Гомелі // Гомельская праўда. 1987. 9 кастр. (Выява Чэ Гевары ў офісе Руху амерыканскіх індзейцаў у Нью-Ёрку - Таквіль быў бы рады - дэмакратыя ў Амерыцы ў дзеянні!)

2920 Снитко А. Только тогда перестройка победит! // Информационный бюллетень Всесоюзного координационно-информационного совета интердвижения (ЦК ВЛКСМ). [б. г.]. № 44. С. 39-45.

524 Шлык В. Дружбой сильны // Знамя юности. 1987. 10 нояб.

* ВОЛЬГА (Нью-Ёрк) - "Вольга (назавём яе так), шмат гадоў працавала ў буйной будаўнічай арганізацыі. Яе паважалі, і калі яна зладзіла дома развітальны вечар з нагоды ад'езду за акіян, у ліку гасцей былі не толькі сваякі, блізкія сябры, але і калегі, якія шчыра жадалі Вользе ўдачы ў чужой краіне. Гаварылі адпаведныя выпадку тосты, прасілі пісаць.

Яна стрымала слова. Першы ліст з Нью-Ёрка, дасланы былой супрацоўніцай, вядома, пайшоў па руках. Ды і якія маглі быць сакрэты, калі ён быў напісаны, што бачна са зместу, не толькі канкрэтнай асобе, але і ўсім знаёмым, усім, хто цікавіцца лёсам аўтара. Вось чаму гэтае пасланне на радзіму, якая стала далёкай, мы, са згоды адрасата, вырашылі апублікаваць, не называючы, зрэшты, сапраўдных імёнаў дзейных асоб.

Нам здаецца, што ліст зусім шчыры, а праўду карысна ведаць. У тым ліку і тым, хто пакуе чамаданы перад выездам за мяжу. Мы нікога не адгаворваем, не перасцерагаем, лічачы эміграцыю законным правам людзей. Але заўважым: Вольга адпраўлялася ў ЗША не наўздагад і не без пэўных гарантый. Там даўно жывуць багатыя сваякі яе мужа, туды з'ехаў са сваёй сям'ёй яе сын, паспеў асвоіцца, знайсці працу і здабыць прызнанне. Муж Вольгі - кандыдат навук, дачка і зяць - адукаваныя і дастаткова вопытныя спецыялісты. Словам, не кожны, хто збіраецца змяніць грамадзянства, валодае такім "багажом".

Зрэшты, дадзім слова самой Вользе". Між іншым, яна расказвае пра нацыянальны склад жыхароў яе дома і вядомых ёй кварталаў:

"Уражвае разнастайнасць людзей. Едзеш у метро з прадстаўнікамі дзясятка нацыянальнасцей, усе гавораць на сваіх мовах і нядрэнна па-англійску. Я часам загаворваю з палякамі, югаславамі. Па суседстве з намі жыве шмат кітайцаў, італьянцаў, іспанцаў, неграў, індзейцаў, югаславаў, румынаў, яўрэяў, рускіх... Толькі ў нашым доме (з 12 кватэр) - 10 нацыянальнасцей, багацце асоб, вопратак і тэмпераментаў".

Як нярэдка бывае ў многіх, аўтар ліста замест індзейцаў пачынае апісваць індыйцаў (і толькі чалма і сандалі - не макасіны! - дапамагаюць выключыць памылку пры напісанні), не забываючыся і пра яўрэяў (было нямала выпадкаў, калі слова "іўдзейскае" выпадкова ператваралася ў "індзейскае", а адзін гарвыканкамаўскі работнік зусім без жарту палічыў, што гэта, відаць, памылка, што "індзейскае таварыства" прапануе ўшанаваць памяць літаратара Давіда Выгодскага ў Гомелі (і што правільна павінна быць "Беларуска-іўдзейскае"):

"Побач шмат магазінчыкаў, дзе гандлююць індыйцы. Уяві сабе індыйца ў раскошнай чалме і... красоўках. Індыйскія жанчыны круглы год у сары з голым жыватом і ў сандалях. Адэскія яўрэйкі - ёсць асобныя кварталы адэсітаў (іх тут чамусьці не любяць) - ходзяць у басаножках і норкавых футрах!

Горад настолькі кантрасны, што, не ўбачыўшы ўсяго гэтага, проста цяжка ўявіць. Ёсць найраскошнейшыя раёны, асабліва - нямецкія. Дагледжаныя газончыкі, кветкі, ніводнай парушынкі, з найбагацейшымі і найпрыгажэйшымі прыватнымі дамамі гатычнага стылю. І ёсць раёны, падобныя да Сталінграда 1944 года. Там пражываюць, як правіла, чарнаскурыя".

У канцы ліста Вольга прызнаецца: "Вельмі сумую па сваім горадзе. Мне эміграцыя даецца нялёгка. Жыццё вакол бурліць, але трэба вучыцца "хадзіць" нанова, хоць і сытыя, і апранутыя, і ў цяпле...

Шчасця вам і нашай агульнай краіне.

Вольга.

Нью-Ёрк, 21 снежня 1990 г."

(пераклад з рускай па: БІБ № 307: Ольга. Учимся ходить заново // Народная газета. 1991. 29 марта).

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Пра што маўчыць помнік

"... мы, беларусы, у адрозненне ад нашых суседзяў па паўднёвай, заходняй і паўночнай межах, не ваюем з мёртвымі", - сцвярджаецца на сайце "Лідскай газеты" (http://lidanews.by/news/life/27139news.html) у артыкуле, у якім ідзе гаворка і пра пашкоджанне помніка каля вёскі Феліксава Лідскага раёна.

Не ўдараючыся ў спрэчкі з аўтарам артыкула і ва ўсе перыпетыі вакол гэтага помніка, узнікшыя ў наш час, звярнуся толькі да пытання, што гэта за помнік і па кім ён там стаіць. У свой час гісторыяй гэтых мясцін займаўся былы рэдактар "Лідскай газеты" Аляксандр Жалкоўскі, але пра гэта пазней.

На помніку напісана па-польску "Жаўнерам 1920 года". Што ж было ў гэтых мясцінах у 1920 годзе. А была тут так званая "Нёманская бітва", дакладней, фрагмент гэтай вялікай бітвы. Бітва апісана ў многіх крыніцах, але найлепшае апісанне гэтага фрагмента ўдалося знайсці ў кнізе "Bitwa Niemenska", выдадзеная ў Беластоку ў 2000 годзе. Найбольш каштоўнай часткай кнігі з'яўляюцца рэляцыі (данясенні), а па факту - успаміны - удзельнікаў бітвы. У кнігу яны ўзяты з Цэнтральнага вайсковага архіва - Вайсковага гістарычнага бюро Польшчы. Для нас найбольш цікавы раздзел "Z dni chwaly 1 dywizji Litewsko-Bialoruskiej 14-27.IX.1920 r.". Рэляцыя не падпісана, але па тым, што найбольшая ўвага ўдзяляецца Менскаму палку і ў тэксце трапляюцца некаторыя беларусізмы (няшмат), можна зрабіць выснову, што пісаў яе афіцэр менавіта Менскага палка 1-й Літоўска - Беларускай дывізіі.

Таму спачатку прывядзём гэты тэкст, паправіўшы памылкі, якія зрабілі выдаўцы кнігі пры расчытванні рукапіснага тэксту рэляцыі.

З дзён славы 1-й Літоўска-Беларускай дывізіі 14-27.ІХ.1920 г.

У час, калі вораг канцэнтраваў свае сілы ў Берасці Літоўскім для паўторнага ўдару на Варшаву, наша дывізія займала адрэзак фронту пад Гародняй. 13 верасня мы атрымалі загад аб перакідванні дывізіі ў іншае месца. На працягу трох дзён ганібалаўскі марш у 130 км вымагаў велізарнага напружання ўсіх сілаў. Частка коней пала ад знямогі, слабейшая частка людзей адстала па дарогах, але дывізія стаяла ў прызначаны тэрмін ў сваім раёне, гатовая да бою.

Вайна з Літвой!

Цяжкая праблема. Большасць жаўнераў - сыны Літвы і Беларусі, ад вякоў звязаны кроўнымі вузламі з тымі, якіх заўтра падымем на штыкі…

- Як жа ваяваць з ліцвінамі, там у іх твой брат?

- Гэта сабачая хеўра, пане маёр, калі ваюе з палякамі, а тыя літвакі чаго да нас лезуць?

Пазбегнуць пралівання крыві было нельга. Літва падтрымлівала Саўдэпію, праводзячы вялікія вайсковыя транспарты праз сваю тэрыторыю для падтрымкі савецкага фронту, слала свае падмацаванні пад Гародню, а нашым заданнем было перарэзаць гэтую сувязь і выйсці ў тылы бальшавіцкай арміі, якая рыхтавала новае наступленне на Польшчу.

22 верасня распачаліся дзеянні польскіх войскаў: атака на Гародню, на Масты і наш марш праз Літву ў бальшавіцкія тылы.

Урачыста з павагай рушылі шэрагі для спаўнення ахвяры разам з 1-й дывізіяй легіёнаў для нанясення паспяховага ўдару па савецкай арміі.

Першы літоўскі супраціў пад Гібамі знесены: некалькі трупаў з абодвух бакоў. А ў руках нашых войскаў 1500 літоўцаў і 10 гармат. Уражаная гэтым ударам Літва сканцэнтравала ўсе свае сілы для абароны Коўні, тым часам наша войска з Гіб і Сейн павярнула на ўсход і амаль без значных баёў прайшло паўднёвую частку Літвы, кіруючыся на Нёман, на Друскенікі.

Высланая наперад кавалерыя выгнала некалькі дзясяткаў літоўцаў з горада і распачала пераправу.

Аддыхаліся - рух паспяховы, сітуацыя больш пэўная.

А за намі, займаючы пакінутыя тэрыторыі, пасоўвалася літоўскае войска. Мы акружаны з усіх бакоў. Перад намі бальшавікі і літоўцы, за намі ковенскае войска, прадуктаў і боепрыпасаў было толькі, што з сабой. Загады аэрапланамі, і ваюем.

З Друскенікаў накіроўваюць 1 дывізію легіёнаў на Ліду, марш нашай дывізіі на чыгуначную станцыю Парэчча і ў бок дарогі Гародня - Ліда ў раён чыгуначнай станцыі Скрыбаўцы.

Ахоўваючыся з усіх бакоў перад непрыяцельскай конніцай і пяхотай, якая нас кусала, адразаючы адстаўшых і людзей, высланых па фураж, мы падходзім пад станцыю Парэчча. Станцыя занятая літоўцамі, якім гвалтоўна падвозяць новыя падмацаванні з Вільні.

Адзін удар, і ў нашых руках палонныя, кулямёты і цягнік, які стаіць на станцыі.

Коратка гэта апавядаецца, і коратка трываў наш чын, але энергія камандзіра дывізіі і камандзіра 1-й брыгады мусілі падпарадкоўваць сабе час і волю тысяч жаўнераў.

Знешніх загадаў няма. Здаецца, што Гародня яшчэ не пала. Дывізія легіёнаў дае нам пра сябе знаць агнём артылерыі, але арыентавацца цяжка.

Тым часам наша радыё прыносіць загады: "Цяпер яе… Рэ… у паспешн… дл…дапамога 47 рк…". Д'ябал ведае, што такое.

Нарэшце перадалі нам чаканыя загады. Гародня трымаецца. Сканцэнт-раваныя там непрыяцельскія арміі не здаюцца, нягледзячы на тое, што правае крыло нашага фронту пасля фарсіравання Нёмана выходзіць ужо пад Ваўкавыск. Вярхоўнае камандаванне скіроўвае перапраўлены за намі дабраахвотны полк і нашую брыгаду кавалерыі на Гародню. З поўначы нашая 2-я брыгада скіравана на Старую Руду і м. Азёры для наступлення на Гародню і адрэзвання бальшавікоў, якія ў беспарадку адступалі з-пад Гародні.

1-я дывізія легіёнаў была накіравана на Новую Руду, далей на ўсход на Бершты - Новы Двор - Бакшты для больш глыбокага абходу і выхаду ў тыл непрыяцеля.

Ад пачатку нашага выхаду мы праходзілі штодзень 30-45 км маршу з доўгім абозам, бо ўсё мусілі былі ўзяць з сабой.

Задача грандыёзная, намаганні шалёныя. 2-я брыгада сустрэла пад Старой Рудой моцную непрыяцельскую калону з артылерыяй, якая спяшалася на дапамогу Гародні. У вырашальнай бітве, удараючы некалькі разоў у штыкі, разбіла непрыяцеля, адкідваючы яго на ўсход, на поўдзень, а сама з багатымі трафеямі пайшла на Азёры і Астрыну, каб потым злучыцца з намі ў раёне Скрыбаўцаў. Марш, абцяжараны ўзарванымі мастамі і пашкоджанымі дарогамі, не дазволіў ёй прыбыць у час на месца апошняга акту савецкай трагедыі - пад Скрыбаўцы.

1-я дывізія легіёнаў павярнула з Новай Руды на ўсход і з напружаннем усіх сіл маршыравала далей услед за адступаўшым непрыяцелем, які сагнаны з дарогі маршу на Гародню, уцякаў абы далей…

Высланы наперад эскадрон ехаў пастаянна перад намі на 5 км, чуцён быў перад намі ў ціхай ночы скрып бальшавіцкіх абозаў па лідскай шашы з-пад Гародні, але ў нас ужо не было ніякіх сіл для іхняга затрымання. Кавалерыйскія коні клаліся на землю, як матэрыял на кансервы.

Зрэшты суцяшала нас надзея: тое, што не возьмем мы, трапіць у рукі 1-й дывізіі легіёнаў у Лідзе.

А заўтра - вялікі дзень.

Бітва. Паперня - Скрыбаўцы.

На світанні 27 верасня рушыла наша брыгада на Васілішкі-Паперню, каб перарэзаць шашу, тракт і чыгунку з Гародні на Ліду, займаючы мясцовасць: Роўбы, Феліксава, Лябёдка, Ігнаткаўцы, Станкевічы.

Нашыя сілы: палкі Менскі, Літоўскі (Віленскі), батальён маёра Матчынскага, тры палявыя батарэі, дзве цяжкія батарэі і адзін эскадрон.

Задача: перарэзаць дарогі адступлення непрыяцеля, захапіць усё, што ўдасца.

Сітуацыя агульная: невядомая. Непрыяцель, ведаючы ўжо наш кірунак руху, збірае ўсё для дыспазіцыі сілы, каб стрымаць наш марш, атакуе нас спераду, з флангаў і з тылоў. Першае сутыкненне пад Васілішкамі прыносіць нам значныя страты. Прабіваемся далей, калі бальшавікі ўдараюць па нас з бакоў артылерыйскім агнём, псуюць нашыя абозы. Сапёрскую і тэлеграфічную роты, абозы пільнуем высунутымі наперад і ў бакі аддзеламі, разгортваем перад сабой дарогу маршу, якая за намі зноў замыкаецца.

У Васілішках пакінулі два батальёны з задачай утрымання мястэчка любой цаной аж да загаду, з рэштай аддзелаў і абозам рваліся, каб апанаваць шашу. Эскадрон, які меў гэтае заданне, увяз у баі з непрыяцелем на нашым правым фланзе і застаўся ў тыле.

Нарэшце а 12-й гадзіне перадавыя аддзелы Менскага палка дапалі да шашы з калонай абозаў і артылерыі непрыяцеля.

Залп. Ура! Крык, лямант і здабыча ў нашых руках. Але за артылерыяй падступаюць ужо галоўныя бальшавіцкія сілы, якія адходзяць з-пад Гародні. Разгортваюцца ў ланцуг і наперад - наш батальён раскіданы. Высланы другі батальён Менскага палка акружае фланг непрыяцеля. Выстралаў не чуваць, бой ідзе толькі штыкавы. На шашы грукат і адзін звярыны крык і выццё.

З нашага боку шашы - лес, гушчар. За шашой з бальшавіцкага боку - вёска Феліксава, тракт, далей шэраг дарожак і чыгунка.

Даляцела наша артылерыя, стала на пазіцыі і, не маючы дадзеных, страляе па карце, куды папала. Нашы пад напорам адступаюць у лес, непрыяцель, высунуўшыся трактам, абходзіць наш левы фланг, выстралы чутны ўжо добра ў тыле. Бітва пераносіцца ў гушчар. Нічога не відаць, нельга здаць сабе справу са становішча, арыентуемся толькі па выстралах, а яны злева, чуем, пасоўваюцца што раз далей і далей углыб к нам. Высланы ў тым кірунку апошні батальён Менскага палка стрымлівае абходзіўшых нас бальшавікоў, але сам, страціўшы ў гушчары большую частку людзей, не можа пераследаваць непрыяцеля.

Усе нашыя абозы ў Паперні, каля іх некалькі соцень бальшавіцкіх палонных, якіх павялічылася ўдвая ў выніку ішоўшай бітвы, сілы і колькасць непрыяцеля невядомыя. Апошнія два батальёны рэзерву мы мусім трымаць на крайні выпадак.

Пакінутыя пад Васілішкамі два батальёны, якія забяспечвалі праход брыгады, атрымліваюць загад прыбыць на поле бою. Стрэлы на адрэзку змоўклі, Менскі полк збіраецца каля Паперні і парадкуе свае батальёны - 17 гадзін. З двух, стаяўшых на месцы ў рэзерве батальёнаў Віленскага палка адзін паслалі на шашу для разведкі сітуацыі.

Шаша вольная. Непрыяцель прарваўся, пакінуўшы свой абоз і артылерыю.

У тую хвілю паслалі батальён Віленскага палка для заняцця ўказанага адрэзка. (Трэці батальён Віленскага палка і батальён маёра Мітчынскага да гэтага часу не прыбылі з Васілішак.) Жаўнеры, якія цэлы дзень нічога не елі, рушаць подбегам, але ўжо змрок, цёмна, нічога не відаць.

Адна батарэя пакінута на пазіцыі на ўсякі выпадак, іншыя выцягваюцца на вузкай лясной дарожцы для маршу і падходзяць ужо да шашы, за імі Менскі полк.

У той момант, калі першыя аддзелы Віленскага палка прайшлі н.п. Феліксава, кіруючыся на н.п. Лебяда, трапілі пад моцны ружэйны агонь з боку чыгункі. Адначасова шаша аказалася пад моцным кулямётным агнём.

Зменшылі фронт у бок непрыяцеля, але і не думалі пра заняцце выгадных пазіцый, і бітва з другой партыяй непрыяцеля распачалася.

На вузкай дарожцы артылерыя, вазкі з боепрыпасамі і кулямётамі, увесь Менскі полк - усё пад абстрэлам.

Але жаўнер, які тысячы вёрст прайшоў "у бою і зною", ужо сам апераджае загады. Адпрэгчы перадкі, развярнуць на месцы гарматы, вазкі - у тыл, полк - у месца, закрытае ад стрэлаў, задумана і выканана як па даткненні чароўнай палачкі.

А бітва набірае сваю працягласць і разлегласць. Непрыяцельскія дывізіі намагаюцца абавязкова прабіцца, а стрыманыя спераду варам нашых куль, падаўжаюць сваё правае крыло ў бясконцасць, каб абавязкова абхапіць нашы фланг і прарвацца ў тыл.

Доўгі час мы пазбягаем захопу нашых бакоў, нарэшце нашыя сілы аказваюцца слабыя, і непрыяцель ад Голдава пачынае ліквідоўваць наш фронт. Хутка з'явілася ўласная пазіцыя, пакідаем тракт і шашу і выбіраем лінію фронту ўздоўж шашы, трымаючы пастаянна пад абстрэлам дарогі маршу непрыяцеля.

Артылерыя наша б'е, і бальшавікі вывелі свае гарматы на ўзлесак, хочучы выгнаць нас і адкрыць сабе праход.

Мы мусім напружваць усе сілы для ўтрымання на ўзлеску, яны абходзілі што раз большым кругам, каб узяць нас з тылу і сапхнуць з лініі нашай абароны.

І зноў пачалася смяртэльная барацьба, беспаспяховая для ворага, пакуль ён не вызначыў краёў нашага ланцуга.

Бой ідзе ў лесе. Малыя, густыя хваінкі закрываюць на дзесяць крокаў усю прастору перад намі.

Чуцён толькі пякельны шум, свіст і выццё… выццё, якое дрыжыкамі ідзе па скуры.

З далёка… далёка прарывалася што раз бліжай і кожны раз новае. Савецкая армія сама перапужаная хоча напужаць нас і сабе дадае духу.

Дзікасць агарнула ўсіх, і звераняты хацелі крыві.

Два батальёны, якія прыкрывалі флангі брыгады ў поўнай гатоўнасці прытаіліся ў гушчары, напружыўшыся як тыгры да скачку, і выразна чуваць, як людская маса валіць праз гушчар.

Залп адзін! Другі! У нажы.

Змяшаліся ўсе, зблыталіся… свой ворага, свой свайго хапаў за карак, біў прыкладам у лоб… увесь свет закруціўся, завіраваў, і ў лужыне крыві згубілася свядомасць… Не пытайся іх, што ў той час зрабілі, куды гналі ворага; не пытайся.

Але новыя, усё наплываўшыя сілы непрыяцеля, спіхвалі нас пастаянна ў тыл, нервы не ва ўсіх вытрымлівалі, і слабейшыя рэфлексіўна трацілі памяць і шукалі ратунку ў тылах.

Камандзір брыгады і камандзіры палкоў сярод граду куль абходзячы шарэнгі, напаўнялі адвагай сэрцы жаўнераў, дадавалі ім моцы, але лінію ўжо агарнула паніка, знямога фізічная і маральная.

У гэтую хвілі разгарнуўся да бою апошні рэзервовы батальён, а камандзір брыгады палкоўнік Бейнар, камандзір Віленскага палка выбягаюць перад яго фронтам, затрымліваюцю бязладна адходзячыя групы, звяртаюцца да іх амбіцый і гонару, парадкуюць іх і самі вядуць у бой.

Непрыяцель быў выбіты з лесу, і нашы роты зноў занялі ўзлессе, адкрыўшы агонь па рухаўшыхся бальшавіках. Але неўзабаве, адкінутыя, зноў губляюцца ў лесе.

Камандзір брыгады і камандзіры палкоў паўторна збіраюць аддзелы, якія могуць, і становяцца з імі самі на пазіцыі.

Адразу дзве роты пад камандаваннем палкоўніка Бейнара трапілі пад неспадзяваны кругавы агонь і разбегліся.

Нельга і думаць тут пра нейкую сталую лінію, паасобныя грамадкі часта без кантакту паміж сабой, сабраныя вакол афіцэра, прыслухваюцца ва ўсе бакі, то высоўваюцца наперад, то знікаюць, як камфара.

І сапраўды сталёвыя трэба было мець нервы і не чалавечую ўпэўненасць у сабе, каб вытрымаць гэтую ноч і не сагнуцца.

Не вытрымлівае гэтага балагану наш брыгадны суддзя. Бачачы адступаўшыя грамады, думае: гэтыя напэўна ведаюць дакладную дарогу і падаецца разам з імі ў лес. Але паглядзеў сабе пад ногі і чуе збоку скрып вазоў, пакінуў сваіх камялотаў і з кіем у руках выбег на шашу. Бачыць шэраг вазоў і кучу людзей і, каб лепей зарыентавацца, пытаецца, які полк.

Ой, нарабіў, то нарабіў панікі ў бальшавіцкім абозе, але і сам, бачачы, што робіцца, чмыхнуў у лес. Добра запыхаўшыся, сеў і заснуў.

- І чаму ж ты не загінуў, - зрабіў яму сяброўскую вымову шэф суду, - апраменіў бы бляскам геройства ўвесь суд 1-й дывізіі.

А тут падцягнуўся ўжо прыбылы з Васілішак батальён Віленскага палка і з прымкнутымі штыкамі бягом ішоў падтрымаць сваіх.

Усё хвалюецца, наша лінія фармуецца і знікае. Усцяж ствараюцца новыя аддзельчыкі, рассыпаюцца і ствараюцца новыя. Такім чынам бітва трывала цэлую ноч. Дэталёва хто ж апіша яе ход. Хіба асобныя эпізоды, апавяданыя жаўнерамі, могуць даць пра яе паняцце: і як бальшавіцкі афіцэр у замяшанні вёў у атаку нашую роту, як два бальшавіцкія аддзелы ўзаемна мардаваліся, аж пакуль нашы наскочылі на тую грамаду і г.д.

Апошнія бальшавікі прапалі, а ранак застаў нас усіх спячымі без памяці. Каля нас спачывала незлічоная колькасць палонных, а па палях раскіданы некалькі дзясяткаў гармат і непрыяцельскія абозы.

Непрыяцель звёў з сабой некалькі дзясяткаў нашых палонных, якіх з помсты памардаваў лютым чынам, сам звярнуў з дарогі на Ліду і ўцякаў бязладна на ўсход. Паво-дле паказанняў палонных мы разбілі той ноччу чатыры савецкія дывізіі.

А падчас найгарачэйшага бою, каля 24 гадзін, па нашых тылах праз Васілішкі праходзіла 21-я савецкая дывізія. Чуючы з усіх бакоў бітву і мяркуючы, што акружаная, перабіла сваіх афіцэраў і камісараў і здалася цалкам 1-й дывізіі легіёнаў.

Аглядаючы раніцай поле бою мы стаялі ўражаныя. Усё поле пакрыта трупамі, раны пераважна колатыя і ад прыкладаў.

Не апісаць заснуўшых сном смерці і фантастычныя позы палеглых. Французскі палкоўнік, які быў пры нас, сцвярджаў, што падчас самых крывавых бітваў у Францыі не бачыў такога жніва смерці. Наша брыгада страціла ў той час каля 400 герояў.

Гэтая акцыя, якая адабрала ў непрыяцеля фактыч-ную магчымасць аказання далейшага супраціву і змусіла да ўцёкаў за Беразіну, атрымала поўнае прызнанне Вяр-хоўнага Галоўнакамандуючага.

А 1-я Літоўска-Беларуская дывізія да сваёй слаўнай гісторыі дадала новыя геройскія старонкі.

Крыніца : CAW, Wojskowe Biuro Historyczne. Relacje, sygn. I. 400.1798.


Такім чынам, калі 1-я брыгада, якая перамагла, страціла ў гэтай бітве 400 чалавек, то страты дывізій Чырвонай Арміі, якія былі разбітыя і адышлі, былі не меншыя, а, магчыма, і большыя. Усяго атрымліваецца - на полі бою засталося пад 1000 трупаў.

Хто і як іх хаваў?

А хавалі дакладна, бо на зямлі ж пакінуць не маглі. Ці то была якая пахавальная каманда, ці задзейнічалі палонных або сялян. Але давялося хаваць і жаўнераў 1-й брыгады, і чырвонаармейцаў.

І вось тут вернемся да даследванняў Аляксандра Жалкоўскага. Ён устанавіў, што пасля 20-га года засталося шмат магіл. Але недзе ў 1930-м, магчыма, да 10-годдзя бітвы польскія ўлады вырашылі сабраць парэшткі ўсіх загінулых у адну брацкую магілу. Таму ў гэтай магіле аказаліся і жаўнеры Войска Польскага, і чырвонаар-мейцы. Нарэшце памірыліся.

Пры ўстаноўцы ў 90-я гады, згаданага "Лідскай газетай" помніка, быў прабіты невялікі шурф. Сапраў- ды - пад помнікам косці, здзівіла, што на невялікай глыбіні. Ну, і няхай ляжаць спакойна. Беларусы не ваююць з мёртвымі...

Станіслаў Суднік.

Карта ўзята з кнігі Януша Адзямкоўскага "Ліда 1920" (сайт Pawet.net ). На карце паказаны толькі рух 1-й брыгады 1-й Літоўска-Беларускай дывізіі. Рух 2-й брыгады, якая пайшла на Азёры і Астрыну, не паказаны.

Сілы, якія меліся наступаць на Ліду. Табліца ўзята з кнігі Януша Адзямкоўскага "Ліда 1920" (сайт Pawet.net). У табліцы пададзены баявы склад 1-й Літоўска-Беларускай дывізіі ў 5283 чалавекі. Адпаведна, у 1-й брыгадзе была прыблізна палова, г.зн., 2600-2700 чалавек

Кніга пра гарадзенскія замкі

У Менску асобнай кнігай свет пабачыў гісторыка-архітэктурны нарыс "Гродзенскія замкі". Кніга выйшла на трох мовах - беларускай, ангельскай і расейскай. Прыгожае выданне з'явілася, дзякуючы выдавецтву "Рыфтур" і яе аўтарам Юрыю Кітурку і Валянціне Царук. Над кнігай таксама працавалі фатограф Сяргей Плыткевіч і перакладчык Сяргей Рагачэўскі.

"Гродзенскія замкі" выйшлі з друку пад рэдакцыяй Андрэя Вашкевіча і Наталлі Плыткевіч. Кніга апавядае пра гісторыю забудовы Замкавай гары ў Гародні, адкуль бярэ свой пачатак старажытны горад над Нёманам. Гэта месца, дзе ніколі не перарывалася жыццё і тварылася гісторыя: першае сялянскае паселішча, цэнтр удзельнага княства, рэзідэнцыя вялікага князя літоўскага, палац караля Рэчы Паспалітай.

Гарадзенскія замкі - гэта найбольш знакамітыя помнікі архітэктуры і гісторыі Гародні. Вось ужо восем стагоддзяў стаяць яны на высокіх пагорках над Нёманам як сведкі і ўдзельнікі розных падзей, што ўвайшлі ў гісторыю Беларусі. Па-рознаму складваўся іх лёс. Былі яны непрыступнымі цвердзямі, шыкоўнымі палацамі, прадстаўнічымі каралеўскімі рэзідэнцыямі, за валоданне імі змагаліся князі і каралі, часам іх ператваралі ў вязніцу, казарму, шпіталь… А сёння замкі служаць беларускаму народу як скарбніца яго гісторыі і культуры, як асяродак яго высокага духу і таленту… "Гродзенскія замкі" выйшлі з друку па замове Гарадзенскага гістарычна-археалагічнага музея.

Аксана Шпак.

Кніга пра настаўніка з Дзярэчына

Ці часта ў Беларусі выдаюцца кнігі пра настаўнікаў? Даволі рэдка, асабліва ў апошні час. А вось былога настаўніка Дзярэчынскай сярэдняй школы Зэльвенскага раёна Пятра Марціноўскага (1932-2006) пісьменнік са Слоніма Сяргей Чыгрын не забыўся. Ён падрыхтаваў да друку кнігу Пятра Марціноўскага "Каб не пагаслі зоры", якая на днях пабачыла свет у Менску.

Пётр Мікалаевіч Марціноўскі не толькі ўсё жыццё працаваў вясковым настаўнікам, але і 28 гадоў узначальваў зэльвенскае раённае літаратурнае аб'яднанне "Зоры над Зальвянкай". Сяргей Чыгрын у прадмове да кнігі напісаў: "Дом Пятра Мікалаевіча Марціноўскага ў Дзярэчыне прадстаўнікі беларускай творчай інтэлігенцыі жартоўна называлі домам літаратараў. Калі б не прыехаў у старажытны Дзярэчын - ноччу ці днём, у святы ці ў гарачы будзень - з усмешкаю і з бацькоўскай цеплынёй Пятро Мікалаевіч заўсёды запрашаў у сваю светлую і прасторную хату. І не проста запрашаў, а смачна частаваў кумпячком ці каўбаскай і абавязкова наліваў самаробнага вінаграднага віна, якому мы далі назву "Martini" (ад слова Марціноўскі). І за гэтым частаваннем гадзінамі, а то і суткамі, лілася гутарка пра лёс роднай мовы, пра літаратуру, гісторыю, і пра Беларусь наогул".

Кнігу "Каб не пагаслі зоры" склалі выбраныя артыкулы Пятра Марціноўскага, якія на працягу многіх гадоў друкаваліся на старонках розных беларускіх выданняў, найперш у Зэльвенскай раённай газеце. Сюды ўвайшлі таксама яго песні і ўспаміны тых людзей, якія ведалі Пятра Мікалаевіча, з якімі ён сябраваў ці дапамагаў ажыццяўляць першыя крокі ў літаратуру і педагогіку. А гэта ўспаміны вядомых людзей Беларусі Алеся Траяноўскага, Міхася Скоблы, Уладзіміра Ягоўдзіка, Валянціна Дубатоўкі, Уладзіміра Мазго, Сяргея Чыгрына і многіх іншых. Кніга багата ілюстраваная ўнікальнымі фотаздымкамі. Надрукавана ў кнізе таксама перапіска Пятра Марціноўскага з Ларысай Геніюш, Юркам Голубам, Аляксеем Пяткевічам, Паўлам Сцяцко, Алесем Траяноўскім і іншымі асобамі. У апошні раздзел кнігі ўвайшлі вершы паэтаў, прысвечаныя Пятру Марціноўскаму.

Кніга "Каб не пагаслі зоры" Пятра Марціноўскага - гэта памяць пра выдатнага педагога, чалавека, які любіў усё беларускае, роднае, які заўсёды падтрымліваў творчую моладзь і ганарыўся ёю ўсё сваё жыццё.

Аксана Шпак.

У Беластоку адбыўся гала-канцэрт "Беларуская песня 2022"

У Беластоку адбыўся гала-канцэрт 29-га агульна-польскага фестывалю "Беларуская песня 2022". У галоўным канцэрце выступілі каля двух дзясяткаў калектываў і выканаўцаў, пераможцаў раённых адбора-чных конкурсаў беларускай песні.

Кіраўнік Беларускага грамадска-кульутрнага тава-рыства ў Польшчы Васіль Сегень адзначыў:

- Гала-канцэрт - гэта вельмі ўрачысты момант, дзе выступаюць лаўрэаты нашага фестывалю. Тыя, хто перамог у сваіх катэгорыях. Задаволеныя, як арганізатары, што ўдалося ўсё ж такі, нягледзячы на ўсе складанасці і цяжкасці давесці нашае мерапрыемства да шчаслівага канца. У гала-канцэрце "Беларуская песня 2022" прынялі ўдзел артысты з Беластока, Бельска-Падляшскага, Гайнаўкі, Орлі, Маліннікаў, Дубровы-Беластоцкай, Супраслі, Міхалова, Козлікаў ды Гарадка. А завяршыў фестывальны канцэрт сваім выступам гурт "АС".

Паводле СМІ.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX