Папярэдняя старонка: 2022

Наша слова.pdf № 47 (47) 


Дадана: 22-11-2022,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 47, 23 лістапада 2022 г.

Бібліятэчная сетка Беларусі налічвае 7 тыс. устаноў з агульным фондам 180 млн экзэмпляраў

Сукупная бібліятэчная сетка Беларусі налічвае каля 7 тыс. публічных і спецыяльных бібліятэк з агульным аб'ёмам фонду амаль 180 млн экзэмпляраў. Аб гэтым на міжнародным круглым стале "Бібліятэкі і бібліятэчныя грамадскія аб'яднанні ў кантэксце сучаснасці" ў анлайн-фармаце паведаміў намеснік генеральнага дырэктара - дырэктар па інфармацыйных рэсурсах і абслугоўванні карыстальнікаў Нацыянальнай бібліятэкі Віктар Пшыбытка, перадае карэспандэнт БЕЛТА 16 лістапада..

- Каля 34 працэнтаў бібліятэк (2348) знаходзяцца ў ведамстве Міністэрства культуры, пры гэтым 78 працэнтаў публічных бібліятэк размешчаны ў сельскай мясцовасці. Адным са спосабаў аптымізацыі бібліятэчнай сеткі з'яўляецца аб'яднанне сельскіх публічных і школьных бібліятэк. Агульнарэспубліканскі эксперымент па стварэнні аб'яднаных бібліятэк быў пачаты яшчэ ў 2011 годзе, і на сённяшні дзень у рэспубліцы функцыянуе 475 такіх устаноў, - сказаў дырэктар па інфармацыйных рэсурсах і абслугоўванні карыстальнікаў НББ.

- Павелічэнне тэмпаў інфарматызацыі - адна з важнейшых задач, якая на працягу апошніх дзесяцігоддзяў стаіць перад бібліятэкамі нашай краіны. Трэба сказаць, што за апошнія 5 гадоў публічныя бібліятэкі дасягнулі значных поспехаў у галіне камп'ютарызацыі. На сённяшні дзень камп'ютарызаваны практычна ўсе (96 працэнтаў) бібліятэкі нашай краіны. Да сеткі інтэрнэт падключаны 88 працэнтаў бібліятэк, электронная пошта ёсць у 87 працэнтаў, - адзначыў Віктар Пшыбытка.

Паводле яго слоў, адным з прыярытэтных напрамкаў развіцця інфармацыйных рэсурсаў бібліятэк з'яўляецца павелічэнне ў іх структуры долі электронных інфармацыйных рэсурсаў.

- Паспяховым праектам па карпаратыўным набыцці рэсурсаў з'яўляецца віртуальная чытальная зала Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Яго мэта - забеспячэнне аднолькавых магчымасцей доступу да рэсурсаў для карыстальнікаў усіх рэгіёнаў рэспублікі. Сёння мы прадастаўляем доступ да больш як 100 баз даных сусветных і айчынных вытворцаў для 93 арганізацый-партнёраў. У мэтах максімальна поўнага задавальнення інфармацыйных патрэб сваіх карыстальнікаў публічныя бібліятэкі нараўне з набыццём ствараюць уласныя інфармацыйныя рэсурсы, - расказаў намеснік гендырэктара НББ.

Таксама ў Беларусі развіваюць форму нестацыянарнага бібліятэчнага абслугоўвання, каб забяспечыць доступ да рэсурсаў публічных бібліятэк у населеных пунктах, дзе няма такіх устаноў.

- Для абслугоўвання сельскага насельніцтва публічнымі бібліятэкамі выкарыстоўваюцца перасовачныя бібліёбусы, на сёння іх колькасць налічвае 106 адзінак. У цэлым важнымі задачамі застаюцца далейшае павышэнне ўзроўню інфарматызацыі бібліятэк, фарміраванне адзінага нацыянальнага кантэнту ў сферы культуры Беларусі і прадстаўленне яго ў сусветнай інфармацыйнай прасторы, - рэзюмаваў Віктар Пшыбытка.

Міжнародны круглы стол прысвечаны 100-годдзю Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, 30-годдзю Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі і 5-годдзю Бібліятэчнай асацыяцыі Югры (Расія). Беларускія і расійскія спецыялісты ў галіне бібліятэчнай справы абмеркавалі тэндэнцыі развіцця бібліятэк і прафесійных аб'яднанняў, умацаванне ўзаемадзеяння бібліятэк Беларусі і Расійскай Федэрацыі, культурную дыпламатыю і бібліятэчную прафесію ў XXI стагоддзі.

Кар. БЕЛТА, фота з архіва.

Творчую спадчыну Янкі Купалы і Якуба Коласа ў эпоху інфармацыйных тэхналогій абмеркавалі ў НАН

16-17 лістапада ў сувязі са 140-годдзем з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа ў Інстытуце літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прайшла Міжнародная навуковая канферэнцыя "Творчая спадчына Янкі Купалы і Якуба Коласа ў эпоху інфармацыйных тэхналогій".

Праграма канферэнцыі прадугледжвала правядзенне пленарнага пасяджэння, работу чатырох секцый, дзе з дакладамі і паведамленнямі выступілі вядучыя беларускія навукоўцы, а таксама навукоўцы з Расіі. Прайшло абмеркаванне наступных праблемна-тэматычных кірункаў: творчасць Янкі Купалы і Якуба Коласа ў эпоху інфармацыйнага грамадства; Янка Купала, Якуб Колас і беларускае нацыянальнае Адраджэнне; творчая спадчына Янкі Купалы і Якуба Коласа ў сусветным кантэксце; навуковая і грамадская дзейнасць Янкі Купалы і Якуба Коласа; пытанні захавання спадчыны класікаў нацыянальнай літаратуры; купалазнаўства і коласазнаўства ХХІ стагоддзя і іншыя

Напрамкі работы канферэнцыі ахапілі шырокае кола праблем даследавання навуковай і мастацкай спадчыны Янкі Купалы і Якуба Коласа, адкрылі новыя факты жыцця класікаў нашай літаратуры, а таксама іх шматграннай творчай дзейнасці.

Пра канферэнцыю распавядае Віктар Шніп:

- Арганізатары канферэнцыі запрасілі мяне паўдзельнічаць у іх мерапрыемстве, і я не адмовіўся. Чытаў вершы, прысвечаныя Купалу і Коласу. Аляксей Чарота, як намеснік старшыні СПБ, выступіў з прывітальным словам.

У рамках канферэнцыі адбылася прэзентацыя кнігі "Янка Купала", што пабачыла свет у "Мастацкай літаратуры" і папоўніла абноўленую серыю "ЖЗЛБ". Выступіла ўкладальнік кнігі "Янка Купала", доктар філалігічных навук Наталля Якавенка. І я да яе выступу дададаў пару сваіх слоў.

Цікава было паслухаць даклады Івана Саверчанкі, Наталлі Курэннай, Жанны Шаладонавай. Асабліва запомнілася выступленне Міколы Труса "Якуб Колас і Парыжскі кангрэс 1935 года: сучасны погляд". Тады Якуб Колас быў у замежжы першы раз і… апошні. Да паездкі ў Парыж усім дэлегатам шылі касцюмы. Аднолькавыя, але з розных тканін. Перад паездкай усіх праверылі на стойкасць да замежных спакус. Усе напісалі выступленні, якія былі перакладзены на французскую мову і завераны там, дзе трэба. У Парыжы французы, даведаўшыся, што да іх на кангрэс прыехалі пісьменнікі толькі з саюзных рэспублік, запатрабавалі, каб на ім былі і рускія пісьменнікі. Рускую літаратуру кампартыя выправіла прадстаўляць Ісака Бабеля і Барыса Пастэрнака. Яны прыехалі ў Парыж без дакладаў і без касцюмаў, якія за дзень былі пашыты і адпраўлены ў Парыж следам за пісьменнікамі. Пра што выступаць на кангрэсе, які мае назву "Міжнародны кангрэс у абарону культуры"? І Барыс Пастэрнак прыдумаў тэму: "Паэзію трэба шукаць у траве…"

На нашым Міжнародным кангрэсе, прысвечаным юбілеям класікаў, прысутнічала чалавек дваццаць навукоўцаў, сярод якіх Ірына Багдановіч, Ігар Шаладонаў, Таццяна Барысюк, Людміла Іконнікава, Алесь Лапата-Загорскі, Алена Васілевіч, Анатоль Трафімчык (сядзелі побач, і Анатоль час ад часу выказваў свае думкі, слухаючы выступоўцаў), Кацярына Крыцук-Тарасава і Ігар Запрудскі, які нагадаў мне пра сваю просьбу напісаць верш пра 19 стагоддзе беларускай літаратуры. У мяне на пытанне, калі будзе твор, ужо даўно быў адказ: "Няма натхнення, і я не ведаю, як 19 стагоддзе загнаць у 20 радкоў…" Ігар тут жа прапанаваў тры прыкметы таго часу ў літаратуры- "Зламаны крыж", "Крыніца" і "Хмаркі"…

Вярнуўшыся з Акадэміі навук, а чацвёртай я з Вольгай Рацэвіч, Юляй Алейчанкай і Наталляй Казапалянскай быў у бібліятэцы імя Багушэвіча, дзе мы прэзентавалі "Полымя" і "Маладосць" перад навучэнцамі лінгвагуманітарнага каледжа, які з'яўляецца філіялам лінгвістычнага ўніверсітэта. Навучэнцам па пятнаццаць гадоў, але нягледзячы на гэта, некалькі чалавек да сустрэчы з намі ўжо ведалі, дзе нарадзіліся Янка Купала і Якуб Колас і ўжо чыталі сёе-тое з сучаснай беларускай літаратуры.

Паводле СМІ.

На беларускую мову перакладзены адзін з найлепшых падручнікаў па карпаратыўным кіраванні

Праект па развіцці беларускай нацыянальнай экспертызы ў галіне карпаратыўнага кіравання зрабіў пераклад падручніка, па якім навучаюцца лепшыя сусветныя спецыялісты, паведамляюць СМІ

Падручнік Элісан Дылан Кібірыдж і Эндру Хамера "Карпаратыўнае кіраванне" (Alison Dillon Kibirige, Andrew Hamer. Corporate Governance. Published by ICSA Publishing, 2019) з'яўляецца элементам сістэмы падрыхтоўкі Брытанскага каралеўскага інстытута карпаратыўнага кіравання, аднаго з сусветных цэнтраў экспертызы і падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне карпаратыўнага кіравання. Цяпер з'явілася яго версія і на беларускай мове.

У падручніку разглядаюцца базавыя элементы сістэмы карпаратыўнага кіравання ў Вялікабрытаніі і іншых краінах, прадстаўлена роля старшыні рады дырэктараў, карпаратыўнага сакратара, абавязкі і паўнамоцтвы дырэктараў, эфектыўнасць рады дырэктараў, пытанні сацыяльнай адказнасці і іншыя базавыя праблемы карпаратыўнага кіравання.

Уласны праект па навучанні ў галіне карпаратыўнага кіравання запусціў Сяргей Мазоль, кіраўнік Цэнтра карпаратыўнага кіравання і справаздачнасці (Менск), вядомы беларускі эканаміст.

З'яўленне праекта пракаментаваў беларускі фінансавы аналітык Максім Адаскевіч:

- Мяне вельмі цешыць, што існуе пераклад аднаго з найбольш вядомых падручнікаў па карпаратыўным кіраванні на беларускую мову. Рэкамендую ўсім, каму цікавая тэма і хто хоча палепшыць веды па прафесійнай лексіцы на беларускай мове. Гэта выдатны праект, і я спадзяюся, што з цягам часу будзе з'яўляцца ўсё больш такіх якасных матэрыялаў па эканоміцы і фінансах на беларускай мове".

Паводле СМІ.

Расце цікавасць да беларускай мовы

Усё больш славістаў з усяго свету пачынаюць цікавіцца беларускай мовай і беларускай культурай і такім чынам адкрываюць для сябе і іншых Беларусь. Такія адмыслоўцы ўжо ёсць бадай у кожнай еўрапейскай краіне. Таксама і ў Італіі. Доктар Кальярскага ўніверсітэта Алясандра Ахілі спачатку вывучыў рускую і ўкраінскую мовы, а цяпер вывучае беларускую.

- Я цікаўлюся многімі славянскімі мовамі. І з мінулага году я пачаў вывучаць беларускую мову і таксама беларускую літаратуру. Я цікаўлюся сучаснай паэзіяй, паэзіяй увогуле, не толькі сучаснай, але найлепш ведаю сучасную беларускую паэзію, чым класічную. Я напісаў, напрыклад, артыкул пра цялеснасць у сучаснай беларускай паэзіі, і хачу далей вывучаць беларускую літаратуру. Алясандра Ахілі цікавіцца перадусім сучаснай беларускай паэзія. Як ён сам кажа, з ёю знаёміцца яму дапамагае Фэйсбук. Бо беларускія паэты апошнім часам актыўна публікуюць свае вершы ў сацыяльных сетках.

Паводле СМІ.

Ён пісаў, як змагаюцца крэсы

Да 120-годдзя пісьменніка і грамадскага дзеяча Міхася Машары

18 лістапада споўнілася 120 гадоў з дня нараджэння пісьменніка і ўдзельніка нацыянальна-вызвольнага руху ў Заходняй Беларусі Міхася Машары (1902-1976).

Міхась Машара быў родам з Шаркоўшчыны. Скончыўшы Шкунцікаўскую народную школу, працаваў пісарчуком. Потым вучыўся ў вышэйшай пачатковай, а пасля 1915 года - у адзінай працоўнай школе 2-й ступені ў Глыбокім. У час акупацыі Беларусі польскімі войскамі быў арыштаваны, але адпушчаны як малалетак. Вясной 1920 года Міхаіл Машара добраахвотна ўступіў у Чырвоную Армію, удзельнічаў у баях. 11 месяцаў адбыў у лагеры ў Саксоніі. Затым 8 месяцаў правёў у прафілактычным лагеры ў Польшчы, а потым вярнуўся на радзіму і паспеў у 1923-1925 гадах паслужыць у польскай арміі. Пасля дэмабілізацыі прыняў актыўны ўдзел у нацыянальна-вызвольным руху. У Вільні рэдагаваў прагрэсіўную газету "Наша воля". У 1928 годзе быў арыштаваны і зняволены ў віленскай турме Лукішкі, дзе прасядзеў больш за чатыры гады. Пасля астрогу зноў вярнуўся на радзіму і жыў выпадковымі заробкамі. Быў лесарубам, плытагонам, капаў канавы, рамантаваў дарогі, батрачыў… Пасля верасня 1939 года Міхась Машара кіраваў аддзелам народнай адукацыі ў Шаркоўшчынскім раёне. У час вайны працаваў у газетах "Звязда", "Савецкая Беларусь", "Партызанскае слова" і на радыё, пасля вайны - у беларускіх часопісах і газетах. Першыя вершы паэт напісаў яшчэ ў час вучобы ў Глыбоцкай школе, але стала заняўся паэтычнай творчасцю толькі ў канцы 1920-х гадоў. Першы паэтычны зборнік "Малюнкі" пабачыў свет у 1928 годзе. Потым былі выдадзены зборнікі "На сонечны бераг!", "Напрадвесні", паэмы "Вяселле", "Смерць Кастуся Каліноўскага", "Мамчына горка", п'есы "Вось тут і зразумей", "Лёгкі хлеб", "Чорт з падпечча". А зборнік "Беларусь" адносіцца да ліку лепшых творчых дасягненняў паэта. Пасля Другой сусветнай вайны з друку выйшлі кнігі Міхася Машары "Урачыстасць", "Ад родных аселіц", кніга выбранай лірыкі "Мая азёрная краіна". Пісаў творы для дзяцей, выдаў казкі ў вершах "Зязюльчыны слёзы" і "Зелянушка і Кракатушка". Дзіцячыя вершы Міхася Машары даўно пара выдаць асобнай кніжкай. Міхась Машара шмат прысвяціў сваіх твораў Заходняй Беларусі. Да сённяшніх дзён цікава чытаюцца яго выданні "Крэсы змагаюцца", "Сонца за кратамі" і "Лукішкі", а таксама "Ішоў дваццаты год", "І прыйдзе час…", кніга ўспамінаў "Старонкі летапісу". У празаічных тварах пісьменнік выкарыстоўваў многія факты са свайго жыцця, апісваў падзеі, якія адбываліся ў яго родных ваколіцах, ствараючы шырокую панараму падзей 1920-1930-х гадоў. Памёр і пахаваны Міхась Машара на Паўночных могілках у Менску.

Сяргей Чыгрын.

Памёр прафесар Ян Чыквін

Памёр Ян Чыквін, беларускі навуковец, паэт, выкладчык. Нарадзіўся ён 18 траўня 1940 года ў Дубічах Царкоўных, што на Гайнаўшчыне. Навуковую кар'еру пачаў з 1969 года на філіяле Варшаўскага ўніверсітэта ў Беластоку. З 1985 да 1997 г. - выкладчык Варшаўскага ўніверсітэта, з 1998 года працаваў ва ўніверсітэце ў Беластоку. З 1970 года Ян Чыквін быў сябрам Саюза польскіх пісьменнікаў, старшынём Беларускага літаратурнага аб'яднання "Белавежа", галоўным рэдактарам часопіса "Тэрмапілы". Дэбютаваў на старонках "Нівы" яшчэ ў 1957 годзе. Аўтар зборнікаў паэзіі "Іду" (Беласток, 1969), "Святая студня" (Беласток, 1970), "Неспакой" (Беласток, 1977), "Светлы міг" (Менск, 1989), "Кругавая чара" (Беласток, 1992), "Свет першы і апошні" (Беласток, 1997); у перакладзе на польскую мову выйшлі кнігі "На парозе свету" (Варшава, 1983), "Сонечная вязь" (Ольштын, 1988), "Адпачынак ля перасохлай крыніцы" (Беласток, 1996).

Апублікаваў некалькі вершаў па-польску. Паэзія Яна Чыквіна філасофская, сімвалічная, часам ускладнёна-метафарычная. Як літаратуразнавец вывучаў рускую паэзію "Сярэбранага веку". Аўтар зборніка "Далёкія і блізкія. Беларускія пісьменнікі замежжа" (Беласток, 1997). Светлая памяць…

Баскская пісьмовая мова "пастарэла" на тысячагоддзе

Навукоўцы знайшлі новы самы ранні надпіс на баскскай мове. Аж да нядаўняга часу самым раннім пісьмовым помнікам гэтай мовы былі запісы ў Эміліянскіх глосах ІХ-Х стагоддзяў н. э., але нядаўна археолагам пашанцавала.

18 чэрвеня 2021 года паблізу горада Ірулегі на самым поўдні Францыі падчас раскопак была знойдзена бронзавая пласціна канца бронзавага веку (І стагоддзе да н. э.) у форме рукі з надпісам на баскскай мове.

Выгравіраваны надпіс убачылі толькі ў студзені гэтага года пасля рэстаўрацыі пласціны. На ёй ідэнтыфікавалі выраз, які супадае з сучасным баскскім zorioneko - "на шчасце".

Паводле СМІ.

Гэта мы ці не мы?

Змітрок Кузменка

* * *

Мы чакаем вясны, а яна

На азонавых крылах

Не спяшае да нас:

Тут няма з кім сустрэцца вясне.

Бо адгэтуль зіма

Ў немым жаху даўно адступіла,

Калі тут расстралялі

На гронках калінавых снег.


Ні зімы, ні вясны -

Па-за часам і сэнсам пустэча.

Спакваля асыпаецца

Ў чорныя яміны жвір.

У нявіннай крыві

Патанулі шраціны карцечы

Між агіднай турмой

І вар'ятняй у стылі ампір.


Разліваецца стома

Па роспачы гразкіх калюжын.

Задзімае нявер'е

Нязгасныя нават агні...

Думка прагне ўцячы,

А на выстылым дне шэрых лужын

Наша памяць ляжыць

Пра натхнёныя летнія дні.


Уначы камяні

Ад святла адракаюцца тройчы,

Ды з абодвух бакоў

Ненавіснай астрожнай сцяны

Ціха вера жыве,

Што наўкол пасвятлее аднойчы.

І заводзіць гадзіннік.

І ўпарта чакае вясны.

* * *

Нашы знакі і тут, і там

Пад каростаю брудных плям

Будзяць памяць.

Спрэс зачышчаныя амаль,

Закатаныя пад асфальт

Разам з намі.


Замест белі - бетонны блок,

Замест чырвані - чорны змрок,

Іх не сцерці.

Толькі бачаць ліхой парой

Праз казённае фарбы слой

Нашы сэрцы.


Мы ўсе помнім, што тут было,

Колькі нас насамрэч ішло -

Час за намі.

Бо мацнейшы за посвіст куль

Вольных сэрцаў з'яднаны пульс

Перад храмам.


Клічуць плямы з глухіх платоў,

З прыдарожных старых слупоў

Не здавацца.

Несмяротна глядзіць у свет

Забаронены запавет

Людзьмі звацца.

Давыд і Галіяф

Ашалелы ад сілы дурной,

Начапіўшы сумленне на дзіду,

Непарушнай каменнай сцяной

Наступаў Галіяф на Давыда.

Паланянкай дрыжэла зямля

Пад цяжкою пятою асілка,

І хаваліся людзі ў палях,

І трымцелі ў старожы паджылкі.

Дужы, люты, такога не смей

Сустракаць нават позіркам колкім.

Бо пры левым сцягне - востры меч,

А за спінаю - сотні пахолкаў.

І зласлівага смеху гурма

Скаланула прыціхлыя межы:

- Гэй, Давыдзе, цябе тут няма,

Нават дом твой табе не належыць!

Вашу памяць пакрые трава,

І жанкі над калыскаю знову

Калыханку не стануць спяваць

На тваёй недаробленай мове!

Ты дагэтуль не ўцёк? Будзь здароў!

Спіну гнуць на нас будзеш да скону.

Мы тваіх перайначым сыноў,

А дачок - сілай возьмем за жонак!..

Адступаў крок за крокам Давыд,

Гергеталі сцярвятнікі здрадна.

А наўзбоч цьма сякер нежывых

Высякала жывы вінаграднік.

- Што ты шэпчаш? Цябе не чутно! -

І пад здзеклівы рогат заўзяты

Паляцела паходня ў акно

Працавітай Давыдавай хаты.

З вокнаў дым. Плач ягоных дзяцей.

Што ён можа, нягеглы, пахілы?..

Толькі прашча ў танклявай руцэ

Незямной налівалася сілай.

* * *

Гэта мы ці не мы

Між замерзлых фантанаў?

Сярод плошчаў нямых -

Мы ці нашыя здані?


У няўтульным куце

Дэкарацый убогіх

Абдымаем дзяцей

Пад абстрэлам трывогі.


А чытаючы ўслых

Вечаровую казку,

Затуляем малых

І змаўкаем знянацку.

І не спім давідна,

Зразумеўшы раптоўна:

Тая казка - пра нас,

Ды фінал - не чароўны.


Мы праводзім сяброў

Заінелым дасвеццем

Да чужых берагоў

Без надзеі сустрэцца.


Крочым скрозь туманы

Разам з ціхім каханнем

Паўз пачвараў вайны,

Між казённых спатканняў.


Не смяёмся амаль.

Усміхаемся рэдка.

У вірах чорных хваль

Шчасце трапіла ў сетку.


Прыхаваліся дзесь

Мары ды летуценні...

Хто там далей ідзе -

Мы ці нашыя цені?

* * *

Іх не паклічаш звыкла, як гасцей, -

Ніхто не бачыў, як яны прыходзяць.

Лятуць на вераснёвай павуце?

Ідуць па плыткім месяцовым бродзе?


Яны адчуюць зімную тугу

Ва ўтульным ложку і на мулкіх нарах.

Накрыюць ціха коўдрай з мурагу

І прэч прагоняць даўкія кашмары.


Пакажуць дыяфільмаў чараду,

Нашэпчуць спеў замовы абярожнай

І родных на сустрэчу прывядуць

Тых, з кім даўно пабачыцца няможна.


Накрыюць стол бяседны над ракой,

Дадуць нагаварыцца там дасхочу.

І вылекуюць боль і неспакой

Знаёмыя спагадлівыя вочы...


Растане ўсё са звонам у вушах.

Няспешна пройдзе берагам паломнік.

І схамянецца радасна душа,

Хоць гэтага нічога не запомніш.


Іх не паклічаш са свайго акна -

Яны прыходзяць самі да абраных.

Хай над табой кужэльна давідна

Гаючыя кружляюць сны.

Дабранач.

Слова

- Не падманвай, паэт!

Не хлусі мне пра светлае неба!

Не кажы пра багоў,

Не спявай пра адвечны блакіт.

І не кліч на падмогу сабе

Яснавокага Феба -

Непапраўна фальшывяць тваіх

Вершатвораў радкі.


Майстар ты неблагі,

Валадарыш і рыфмай, і рытмам.

Ды да музы сваёй

Заляцаешся часта дарма:

Вучаць іх з малалецтва

Ўдаваць бескарыслівасць спрытна,

І нічога з таго,

Што яна табе шэпча, няма.


Годзе слухаць яе,

Каралеўскай павагай адорваць.

Там, наверсе, няма

Ні багоў, ні прасветленых нот.

Там зусім не блакіт,

А халодная чорная прорва,

Хай жа вочы адкрые табе

Справядлівая ноч.


Хто шукае святла -

Той знаходзіць бяздонную цемень

І канчае, няшчасны,

Вар'ятняй, турмой ці труной.

Не ўяўляй маякі

Ў абыякавым зорным мігценні,

Бо палова тых зор легкадумных

Пагасла даўно.


Ты ўсё ведаеш сам

Ды чамусьці не хочаш прызнацца.

Толькі цемра адна будзе вечнай,

Як вечнай была...

Усміхнуўся паэт і сказаў:

- Я хачу запытацца,

Як вы знойдзеце змрок

Без ніводнага промня святла?


Першым слова было,

Калі не існавала нічога.

У пустэчы без меж,

Дзе згубіла апору крыло,

Нарадзілася раптам

На вуснах самотнага Бога.

І сарвалася з іх.

І было тое слова -

Святло.

* * *

Колераў не было.

Колеры ноч пажэрла.

Тысячаў лямп святло

Хліпнула і памерла.


Філін на сэрца ўссеў.

Сцішыліся бразготкі.

Мала сказаць, што ўсе

Шэрыя ноччу коткі.


Шэрае ўсё ўначы.

Лапамі ў цяжкіх берцах

Дома твайго ключы

Спляжыў пугач на сэрцы.


Сцяўся сівы курган.

І бессаромнай кодлай -

Цемры начной слуга -

Шэрасць лютуе подла.


Апанавала свет,

Лезе нахабна ў вочы...

Не палічыць прыкмет

Доўгай палярнай ночы.


Разрабаваны храм.

Ды ўзбоч званіцы немай

Дорыць надзею нам

Зорка над Бэтлеемам.

* * *

Мне снілася, што Беларусь памерла,

І ўжо нічым яе не ўваскрасіць.

Што свінні нашы раскідалі перлы.

І збэсцілі святыні нашы - псы.


Паўсюль аціхлі спевы векавыя.

Гаспадароў змярцвелі галасы.

І толькі пахавальны вецер вые

На выпаленых могілках красы.


Пад змрочным ценем

невідушчых скалаў,

У лабірынце зруйнаваных сцен

Беспакарана шастаюць шакалы,

Ды чуецца гігіканне гіен.


І нават калі вочы ў цуд павераць,

Ты ведаеш, што гэта - міражы...

Мне снілася, што Беларусь памерла.

А значыць, яна вечна будзе жыць.


Змітрок Кузменка - гісторык, літаратар. Нарадзіўся ў 1980 г. у Менску, дзе і жыве. Цягам доўгага часу займаецца вывучэннем і папулярызацыяй гісторыі нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863-1864 гг. Стваральнік навукова-асветніцкага інтэрнет-сайта "Сьвіслацкія аркушы - Кастусь Каліноўскі" (www.kalinouski.arkushy.by). Дру-каваўся ў газетах "Вячэрні Мінск", "Літаратура і мастацтва", "Новы час" ("Літаратурная Беларусь"), часопісах "Першацвет", "Маладосць", "Дзеяслоў". Аўтар паэтычнага зборніка "Пакуль жыву, спадзяюся" (2012).

Германія выдзяляе дадатковы мільярд на абарону лясоў

Навіны Германіі

На Сусветнай кліматычнай канферэнцыі Шольц заявіў пра вылучэнне дадатковых сродкаў для процідзеяння кліматычным рызыкам

Урад Германіі хоча падвоіць сродкі на глабальную абарону лясоў да двух мільярдаў еўра і аказаць вялікую падтрымку краінам, пацярпелым ад кліматычных катастроф. Канцлер Олаф Шольц (СДПГ) на Сусветнай кліматычнай канферэнцыі ў Егіпце ў панядзелак абвясціў пра вылучэнне 170 мільёнаў еўра на новы комплекс мер абароны ад кліматычных рызык. Міністэрства эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця абвясціла, што сродкі на абарону трапічных лясоў, у прыватнасці, у цэнтральнаафрыканскім басейне Конга ці ў паўднёваамерыканскім рэгіёне Амазонкі, будуць павялічаны на адзін мільярд еўра да 2025 года.

Шольц падкрэсліў, што Германія адмовіцца ад выкапнёвых відаў энергіі "без усякіх "але"". Па яго словах, не павінна быць "адраджэння" газу, нафты і вугалю.

- Што да Германіі, то тут я заяўляю: тут такога адраджэння таксама не будзе, - сказаў канцлер. Ён адзначыў, што падчас пераходу на ўзнаўляльныя крыніцы энергіі неабходна павялічыць тэмпы, выяўляць больш амбіцый і больш цесна супрацоўнічаць адзін з адным.

Паводле СМІ. На здымку: Шварцвальд.

Дапамагаць лесу ў вольны час

Валанцёрства падчас адпачынку дзеля аховы навакольнага асяроддзя? Праект "Валантурызм" паказвае, як гэта магчыма, на прыкладзе прыроднага парку "Паўднёвы Шварцвальд".

На пытанні Сары Канінг адказвае Крысціна Петар.

- Спадарыня Петар, Вы адказваеце за ўстойлівы турызм у прыродным парку "Паўднёвы Шварцвальд". Праект "Валантурызм" дае магчымасць валанцёрам зрабіць штосьці добрае для навакольнага асяроддзя падчас адпачынку. Не маглі б Вы распавесці падрабязней?

- Страта біяразнастайнасці з'яўляецца глабальнай праблемай. Усё складваецца як картачная хатка. Напрыклад, калі мясцовыя расліны выцясняюцца інвазіўнымі відамі, то некаторыя казуркі знікаюць. А потым іншыя жывёлы больш не могуць знайсці сабе ежу. Наша прапанова павінна прыцягнуць увагу ўдзельнікаў да каштоўнасці прыроды і важнасці некранутай экасістэмы, якая ёсць аснова нашага жыцця. Акрамя таго, валанцёры проста добра праводзяць час разам, бяруцца за працу разам з мясцовымі экспертамі з нашых партнёраў па праекце, пазнаюць шмат новага і ўжо ўвечар бачаць вынікі сваёй працы. Гэта вялікае задавальненне для іх саміх і вялікая падтрымка для рэгіёна.

- На каго арыентавана гэтая прапанова?

- На ўсіх, хто любіць прыроду і спорт. Падчас нашых штодзённых аперацый валанцёры выкарыстоўваюць пілы, сякатары і сякеры, каб расчышчаць шляхі палёту для глушца, якому пагражае знікненне, ці дапамагаюць выдаляць інтрадукаваныя віды раслін. Наш актыўны паход - гэта поўны пакет добраахвотніцкай працы і турыстычнай праграмы. Удзельнікі жывуць на працягу тыдня на 300-гадовай устойліва кіраванай ферме ў Шварцвальдзе і атрымліваюць сапраўднае ўяўленне пра культуру і лад жыцця нашага рэгіёна.

- Што валанцёрам трэба браць з сабой?

- Мы даём матэрыял і прадукты для перакусу, удзельнікі павінны быць самі экалагічна выгадаванымі і ў цэлым спартовымі. Мы наогул рады ўсім ахвотнікам. У наш час мы разгледзім магчымасць падлучаць іншыя мовы ці, напрыклад, залучаць людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Тэрмін "валантурызм" складаецца са слоў "валанцёрства" і "турызм". Прыродны парк "Паўднёвы Шварцвальд" з'яўляецца адным з чатырох узорных рэгіёнаў Германіі: праекты, якія спалучаюць адпачынак і актыўную дзейнасць, таксама праходзяць выпрабаванні ў біясферным запаведніку "Сярэдняя Эльба", у нацыянальным парку Мюрыц і ў нацыянальным парку Шлезвіг-Гальштэйн "Ватавае мора". Праект фінансуецца Федэральным агенцтвам па ахове прыроды за кошт сродкаў Федэральнага міністэрства экалогіі, аховы прыроды, ядзернай бяспекі і абароны правоў спажыўцоў.

На фота: Валанцёры ў Паўднёвым Шварцвальдзе, Sebastian Schrаder-Esch.

Шольц заявіў, што энергабяспека Германіі забяспечана

Ён нагадаў, што кіраўніцтва краіны вырашыла падоўжыць тэрмін эксплуатацыі вугальных і атамных электрастанцый, запоўніла газасховішчы і будуе тэрміналы па прыёме ЗПГ

БЕРЛІН, 19 лістапада. /ТАСС/. Германія падрыхтавалася да складанасцяў, выкліканых адсутнасцю паставак расійскага газу, і гатовая перажыць зіму без перабояў з энергазабеспячэннем. Пра гэта заявіў у суботу канцлер ФРГ Олаф Шольц, выступаючы на мерапрыемстве Сацыял-дэмакратычнай партыі ў горадзе Фрыдрыхсхафен.

Ён нагадаў, што кіраўніцтва краіны ва ўмовах, якія склаліся, вырашыла падоўжыць тэрмін эксплуатацыі вугальных і атамных электрастанцый, запоўніла газасховішчы і будуе тэрміналы па прыёме звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ). "Пры дапамозе гэтых рашэнняў мы забяспечылі бяспеку энергазабеспячэння Германіі і, верагодна, перажывём гэту зіму", - сказаў Шольц.

Па "Паўночным струмені" ў Германію ў 2021 годзе паступіла каля 60 млрд кубаметраў ПГ. Гэты трубаправод быў пашкоджаны ў выніку дыверсіі. Зараз Берлін робіць стаўку на імпарт ЗПГ, але павінен спачатку пабудаваць дастатковую колькасць прыёмных тэрміналаў. Пакуль завершаны толькі адзін, ён запрацуе ў студзені. Улады плануюць пабудаваць да канца 2023 года сем мабільных тэрміналаў па прыёме ЗПГ на ўзбярэжжах Паўночнага і Балтыйскага мораў сумарнай магутнасцю больш за 30 млрд кубаметраў.

Паводле апошніх дадзеных Федэральнага сеткавага агенцтва, газазабеспячэнне Германіі стабільнае, сітуацыя застаецца напружанай, нягледзячы на запаўненне сховішчаў амаль на 100%. Рэгулятар рэкамендуе спажыўцам эканоміць газ. Мэта - скараціць норму спажывання ПГ узімку на 20%.

Архіўнае фота.

У ФРГ назвалі маштабныя адключэнні электраэнергіі ўзімку малаверагоднымі. Ведамства па НС назвала маштабныя адключэнні электраэнергіі ў Германіі малаверагоднымі

БЕРЛІН, 20 лістапада - РІА Навіны. Германскае Федэральнае кіраванне грамадзянскай абароны і дапамогі пры стыхійных бедствах (BBK) лічыць маштабныя адключэнні электраэнергіі ў Германіі малаверагоднымі.

Раней кіраўнік BBK Ральф Тыслер у інтэрв'ю газеце Welt am Sonntag заявіў, што ўзімку ў Германіі могуць быць кароткатэрміновыя адключэнні электраэнергіі. Па яго словах, гаворка будзе ісці пра "рэгіянальныя і абмежаваныя па часе парушэнні электразабеспячэння".

У гэтай сувязі ведамства выпусціла тлумачэнні. "Маштабнае адключэнне электраэнергіі ў Германіі вельмі малаверагоднае. Сістэма электразабеспячэння спраектавана са шматлікімі рэзерваваннямі і мае шматлікія механізмы бяспекі для стабілізацыі энергасістэмы ў выпадку збояў", - пракаментавала ВВК у афіцыйным акаўнце ў Twitter.

Адзначаецца, што аналагічным чынам, "верагоднасць рэгіянальных і часавых змушаных адключэнняў для далейшага забеспячэння надзейнасці агульнага забеспячэння лічыцца нізкай".

"Прэзідэнт BBK Ральф Тыслер згадаў пра такі сцэнар у інтэрв'ю газеце Welt am Sonntag, каб падкрэсліць фундаментальную важнасць мер засцярогі. BBK шкадуе пра няслушную фармулёўку і гэтым растлумачвае яе", - растлумачыла кіраванне.

© AP Photo / Kay Nietfeld.

Будынак Рэйхстага ў Берліне, Германія. Архіўнае фота.

Калядная ёлка канцлера Германіі будзе гарэць па чатыры гадзіны ў дзень

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-46)

Месца, дзе таксама адбываліся сустрэчы паміж беларусамі і індзейцамі, - Сусветныя фестывалі моладзі і студэнтаў (гл. арт. "Церашкова").

"Індзейска-беларускі агляд. Дайджэст-бюлетэнь. №4, ліпень 1985", які сканаваны ў рамках праграмы захавання "беларуска-індзейскай спадчыны", - адна з многіх спроб стварыць форму вываду "беларусізаванай" інфармацыі па індзеяністыцы.

Другая тэма ў гэтым выпуску ІБА - індзейскі след у вядомай антыалкагольнай кампаніі пачатку перабудовы. Спасылка там на выказванне Энгельса не выклікае сумнення, а вось да "звышсакрэтнай нарады" ў ЗША давер ужо меншы. Зрэшты, у дадзеным выпадку нас больш цікавіць факт, што такія звесткі распаўсюджваліся сярод насельніцтва СССР, прычым нейкім напаўсаматужным спосабам.

ЛУГАВЫ Віктар - намеснік загадчыка аддзела арганізацыйна-партыйнай работы Гомельскага абкама КПБ са сваімі спадарожнікамі правёў спачатку 7 дзён у Мексіцы, дзе наведаў, між іншым, Сан-Марцін, Чалулу, Пуэблу, Акапулька і Тэатыўакан (Цеацеуакан - так у гомельскім друку) з пірамідамі. Потым былі яшчэ 7 дзён у Перу, уключаючы Куска і Мачу-Пікчу, якія злучаў турыстычны чыгуначны маршрут. Дадатковым атракцыёнам стала паломка цягніка, дзякуючы чаму Лугавы прабыў побач з інкскім "цудам свету" значна больш часу, чым планавалася. Захаплення гэтай акалічнасцю гамяльчанін не выказаў (за сцэнай стаяння на рэйках мы нават не бачым самога наведвання Мачу-Пікчу).

Лугавы быў рэдактарам газеты "Рабочае слова", яшчэ пазней - кіраўніком прэс-групы пры Гомельскім гаркаме КПБ. У газеце, заснаванай Саветам аб'яднання прафсаюзаў Гомельскай вобласці (выходзіла з 1990 па 1996 г.), ён апублікаваў і шэраг нашых інфармацыйна-палемічных матэрыялаў, накіраваных супраць экспансіі "няправільна зразуметай" "цывілізацыі", алкагалізацыі, "канкістадорскіх" сімвалаў, а таксама і супраць самой ідэі ўдзелу беларусаў у войнах супраць індзейцаў (надзея, якая, на жаль, не апраўдалася - у выніку нашых знаходак ужо ў пачатку 21 ст.).

Вяртанне еўрапейцаў (некаторыя яшчэ больш драматызуюць: разам з метысамі) на стары кантынент пасля даследчых экспедыцый, далікатных місіянерскіх спроб і перадачы тэхналогій дало б магчымасць "дзікім людзям Амерыкі" паспрабаваць стварыць свае ўласныя прыгожыя і па-добраму зайздросныя мадэлі развіцця, якімі б можна было сапраўды ганарыцца ўсяму чалавецтву. Такія былі высокія і наіўныя "тэзісы", супраць якіх, верагодна, не быў В. А. Лугавы.

Ніжэй - фрагменты з раздзела "У Перу", што надрукаваны ў верасні 1980 г. у "Гомельскай праўдзе", - № 176 быў адным з чатырох нумароў, дзе былі змешчаны нататкі Лугавога "Па Лацінскай Амерыцы" (рубрыка "Памятныя паездкі"). У самым канцы рэпартажу чытач убачыў і здымак, на якім чацвёра пазіруюць ля помніка Франсіска Пісара.

Мы прапусцілі месца, дзе Лугавы "вярнуўся" ў Ліму, параўнаў яе з Мехіка, згадаў сустрэтага хлопца, які "вучыўся ў Маскве. Наогул у Ліме савецкіх людзей ведаюць добра, вітаюць добрай усмешкай. Ды і землякі сустракаліся нам тут не аднойчы".

"Мінулае гэтай краіны такое ж загадкавае, як і піраміды Мексікі. Да гэтага часу не высветлена, як перуанскія інкі будавалі свае крэпасці. Сцены іх складзены з гладка адпаліраваных, прамавугольных гранітных глыб, якія дасягаюць часам 20-30 тон вагі. Прычым кладка вялася без усякага раствору, а паверхні падганяліся так, што паміж імі не праштурхнеш лязо нажа.

Як маглі плямёны, якія не ведалі жалеза, не пакінулі пасля сябе ніякіх рэштак прыстасаванняў для пад'ёму цяжараў, стварыць такое? Загадка. I гэта датычыць не толькі крэпасці Мачу-Пікчу. Выяўлена нямала руін іншых крэпасцей. Разбурыўшы іх, іспанскія канкістадоры нярэдка ўзводзілі на застаўшыхся фундаментах свае саборы. Мы бачылі гэта ў горадзе Куска..."

" Перуанцы ў першы дзень вазілі нас не толькі па сталіцы, але і наладзілі загарадную прагулку на аўтобусе. Адразу за Лімай убачылі мы Ціхі акіян з бушуючай пенай прыбою, зусім безжыццёвыя шэрыя ўзгоркі паміж берагам і гарамі і крайне рэдкія тут зялёныя аазісы.

Некалькі кіламетраў ехалі па Пан-амерыканскаму шасэ. Яно цягнецца ўздоўж ціхаакіянскага ўзбярэжжа ад Аляскі да крайняга поўдня Аргенціны. Дарога першакласная, але аўтамашыны на ёй сустракаліся рэдка. Дзесьці там, на поўдзень, яна перасякае граніцу з Чылі...

На наступны дзень пасля экскурсіі нас запрасілі паабедаць у рэстаране з нацыянальнай кухняй і завезлі на ўскраіну горада. Абед аказаўся багатым. Спачатку падалі лісце салаты і памідоры, нейкую мутнаватую брагу, да яе шашлык з курынай пячонкі. Потым былі цэлыя горы смажаных куранят. Па традыцыі іх можна з'есці тут адразу сем. Хтосьці з нашых адолеў толькі чатыры...

Гаворачы аб Ліме, нельга не ўпамянуць аб выдатным музеі керамікі старажытных індзейцаў і музеі золата, які належаць прыватнай асобе. Не вельмі яркае, не бліскучай выдзелкі, цягнула сюды гэтае золата іспанскіх заваёўнікаў. Агнём і мячом яны знішчылі імперыю інкаў, якія да таго не ведалі цаны сваім скарбам.

Урэшце, на лацінаамерыканскай зямлі ў розных краінах адносіны да гэтых фактаў розныя. Мексіканцы, напрыклад, у большай ступені іспанцы, чым гаворачыя на той жа мове перуанцы. У Мексіцы помнікі Кортэсу [так!], як і змагарам за незалежнасць, стаяць у цэнтры плошчаў. А вось у Ліме грандыёзны помнік другому славутаму канкістадору Франсіска Пісара адсунуты ў куток галоўнай плошчы ля прэзідэнцкага палаца. Тут гавораць, што Пісара - не нацыянальны герой Перу, ён частка яе гісторыі.

У абліччы Лімы, зразумела, многа іспанскага, а жылыя кварталы яе не адрозніваюцца ад мексіканскіх. Затое ў высакагорным Куска і тым больш у пасёлку Мачу-Пікчу пераважаюць многія рысы ладу жыцця індзейцаў кечуа. Праўда, паломніцтва турыстаў з усёй Амерыкі, з Еўропы і Азіі моцна адбіваецца тут. Але паспрабуй адмоўся ад усяго індзейскага - і хто паедзе сюды.

Відавочна, дзеля экзотыкі ад Куска да Мачу-Пікчу па вузкакалейцы ўсё яшчэ ходзяць дапатопныя цеплавозікі і паравозікі з трымапяццю вагонамі. 3-за паломкі такога "старычка" нам давялося стаяць на рэйках пад Мачу-Пікчу да глыбокай ночы.

Затое ў хуткім часе мы былі ўзнагароджаны двойчы. З вышыні горнага перавалу, пад'язджаючы да Куска, мы ўбачылі начное неба. Ніколі і нідзе ніхто з нас не бачыў столькі зорак. Здавалася, да іх рукой падаць.

Другі сюрпрыз чакаў нас у гасцініцы: нягледзячы на позні час ночы ў рэстаране нас сустрэлі ўсміхаючыеся афіцыянты і накармілі гарачай вячэрай. Такія яны - перуанцы".

Літ.: 901 Апошняе прыстанішча інкаў // Звязда. 1987. 15 студз.

1328 Золата інкаў у Маскве // Звязда. 1988. 27 снеж.

2417 Яшчэ адна таямніца інкаў // Чырвоная змена. 1993. 8 ліп.

6574 У Перу знойдзены горад інкаў // Наша свабода. 2002. 14 чэрв. С. 13.

11401 Новікаў А. Імператар інкаў // Новы час. 2011. 1 ліп. С. 13. (Пра другога ў Перу пасля А. Таледа прэзідэнта-індзейца - Альянта Умала.)

283 Сімакоў А. Пра "дзікунства" і "цывілізацыю". Або як іх разумее Беларуска-індзейскае таварыства // Рабочае слова (Гомель). 1991. 31 жн. С. 4.

433 Симаков А. Переименование по-американски // Рабочае слова. 1992. 8 лют. С. 4.

441 Справы Беларуска-індзейскага таварыства; Палітычная памылка (Аб'яднальны камітэт БIТ) // Рабочае слова. 1992. 9 мая. С. 4.

ПАТАПОВІЧ Антон - загадчык кафедры марксісцка-ленінскай філасофіі Беларускага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі (цяпер гэта БДАТУ / БГАТУ) пачынаў свой рэпартаж пра паездку: "Амаль за суткі Іл-62 Аэрафлоту даставіў нас з марознай Масквы ў гарачы і бязветраны Мехіка. Калі падляталі да сталіцы Мексікі, адкрылася ўнушальная панарама горада-гіганта з насельніцтвам больш чым 18 мільёнаў чалавек. Так пачалося знаёмства з гэтай старажытнай краінай". Недахопам матэрыялу, значна большым па долі, чым у В. Лугавога, з'яўляецца тое, што Патаповіч дае шмат "агульнавядомых" або "энцыклапедычных" (можна лёгка ўзяць з энцыклапедыі) звестак, - каштоўную плошчу газеты можна было б заняць большай колькасцю эксклюзіўнай інфармацыі з убачанага і пачутага асабіста. Тым не менш, "рыторыка" і агульнавядомыя факты ў кампаноўцы аўтара - тое, што таксама цікавіць нас.

"Барацьба мексіканскага народа за сваю долю была суровая і бескампрамісная. У пачатку шаснаццатага стагоддзя Мексіку заваявалі іспанскія канкістадоры, яна была ўключана ў каланіяльную імперыю. Больш як тры стагоддзі Мексіка знаходзілася пад іспанскім прыгнётам. Заваёўнікі разарылі старажытныя цывілізацыі, створаныя ацтэкамі і майя, узровень культуры якіх быў вельмі высокі. У гэтым мы маглі самі пераканацца ў час паездак да пірамід Тэатыукана, што знаходзяцца за 120 кіламетраў ад Мехіка, а таксама ў горад Чачэн-Іцу правінцыі Юкатан. Асабліва ўнушальныя мнагаярусныя піраміды Сонца і Месяца. Проста дзіўна, як людзі ўручную ўзвялі такія гіганты, Яшчэ большае захапленне выклікае знаёмства з горадам Чачэн-Іцу. Тут шмат збудаванняў, якія належаць да XI-XII стагоддзяў нашай эры і сведчаць аб тым, што народу майя былі вядомы матэматыка, астраномія. Добра захаваўся спартыўны комплекс для гульні ў мяч. Майя мелі сваю пісьменнасць, тэатр, музыку, паэзію і жывапіс. Таму мексіканцы па праву называюць майя старажытнымі грэкамі Амерыкі.

Толькі цяпер пачынаюць раскрывацца ўзровень тэхнікі, ведаў, сапраўдныя дасягненні народаў гэтай краіны. Упершыню пісьменнасць старажытнага народа майя ў пачатку 80-х гадоў разгадана савецкімі вучонымі. Аб гэтым стала шырока вядома ў Мексіцы. Савецкія вучоныя сваім адкрыццём унеслі важкі ўклад ва ўмацаванне дружбы нашых народаў".

"На другі дзень знаходжання ў Мехіка мы былі запрошаны ў савецкае пасольства. Пасол Савецкага Саюза ў Мексіцы Р. А. Сяргееў [гл. арт. "Грамыка" ў № 39 "Нашага слова.pdf"] прыняў нас адразу ж пасля святочнага шэсця на прэзідэнцкай плошчы", - бо Патаповіч прыехаў напярэдадні "святкавання мексіканцамі Дня рэвалюцыі" - "яркай дэманстрацыі перад прэзідэнцкім палацам у гонар 76-й гадавіны пачатку буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі 1910-1917 гадоў".

"У Мехіка больш як два мільёны беспрацоўных. Жабрацтва на вуліцах сталіцы - звычайная з'ява. Працягнутую руку можна бачыць паўсюдна: на цэнтральнай вуліцы, ля магазіна і музея, нават ля прэзідэнцкага палаца. Вымольваюць міласціну старыя, жанчыны і нават мужчыны. Асабліва шмат сярод жабракоў дзяцей. Нярэдкія такія сцэны. Малады мужчына ў лахманах, схіліўшыся ў адной позе, расцягвае гармонік, а дзяўчынка 8-12 гадоў трымае перад прахожымі працягнутую руку, ні на мінуту не апускаючы яе. Непадалёк іграе духавы аркестр з 3-5 вулічных музыкантаў. Побач капялюш. Музыканты такім чынам здабываюць сродкі на жыццё".

Мы не можам прапускаць апісанне рынкаў як квінтэсенцыі жыцця краіны і месца канцэнтрацыі ўсіх яе нацыянальнасцей, гэта тым больш разумее марксіст з Менска: "Мой расказ быў бы няпоўны, каб я не сказаў пра мексіканскія базары. Бываючы ў магазінах Мехіка, іншых гарадоў, мы адзначылі для сябе такую асаблівасць: ад тавараў трашчаць паліцы, а пакупнікоў няма. Потым стала ўсё зразумела. У магазінах цэны на тавары вельмі высокія, таму яны проста недаступныя для насельніцтва.

Затое базары для мексіканцаў маюць значэнне асаблівае. Пры наведванні базара ў Гвадалахары склалася ўражанне, што палавіна насельніцтва горада тым і займаецца, што гандлюе, спрабуючы нешта прадаць. Прадаецца ўсё: збожжа, кукуруза, сёдлы, магнітафоны, касеты, адзенне, відэльцы, лыжкі, самавары... Вакол горы бананаў, ананасаў, дынь, кавуноў. Пахне прагорклым алеем, у якім нешта смажыцца. Стаіць водар кропу, кінзы. Да яго іншаземцам цяжка прывыкнуць.

За час падарожжа па Мексіцы мы многае для сябе адкрылі аб гэтай краіне, яе народзе. Да савецкіх людзей мексіканцы ставяцца добразычліва, пры сустрэчах лёгка ўстанаўліваецца цесны кантакт. Асабліва запомніліся сустрэчы з рабочымі завода па перапрацоўцы хенекену, студэнтамі ўніверсітэта. Слова "савецік" добра знаёма простым мексіканцам, а нам яно служыла своеасаблівым паролем усталявання сардэчнай атмасферы".

Літ.: 1764 Патаповіч А. Сустрэча з Мексікай // Звязда. 1987. 22 крас.

1618 Мехіка - сталіца Мексіканскіх Злучаных Штатаў / на зд.: помнік нацыянальнаму герою Мексікі Гуаутэмоку [так!] (Фота ТАСС) // Звязда. 1987. 13 лют.

1619 Мехіка - сталіца Мексіканскіх Злучаных Штатаў / фота В. Фясенкі // Гомельская праўда. 1987. 13 сак.

5092 Куаўтэмак // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8. Мн., 1999. С. 545.

1984 Створана ацтэкамі // Звязда. 1988. 3 лістап.

2578 Дрэнныя весткі з Мексікі // Народная газета. 1994. 5 студз.

2670 Мексіка: есць нагода зняць новы серыял // Чырвоная змена. 1994. 24 лют.

РАДЗІВІЛ Альберт Станіслаў (Альбрэхт, Альберта) - (1868-1927), буйны банкір і ўласнік - латыфундыст у штатах Нуэва-Леон і Кааўіла, з 1909 г. - расійскі консул у Мантэрэі, а пазней і дарадца польскай дыпмісіі. У гэтым жа горадзе нарадзілася (1872) і памерла (1958) яго жонка Марыя Прудэнсіяна Мільма Відауры (Maria Prudenciana Milmo Vidaurri). Заключылі шлюб 1.06.1896 г. у Нью-Ёрку.

Яе бацькам было 45 і 38 гадоў у момант яе нараджэння: Патрысіа Мільма (Patricio Milmo O'Dowd, першапачаткова Patrick), выхадзец з Ірландыі, буйны акцыянер "Milmo National Bank of Laredo", і Marіa Prudenciana Vidaurri Vidaurri, нашчадак Хасэ Васкеса Барэгаса (Vаsquez Borregos) з Кааўілы, які ўдзельнічаў у заснаванні горада Ларэда (Тэхас) тым, што ў 1750 г. стварыў на невялікай адлегласці ад будучага Ларэда населенае месца Нуэстра-Сеньёраде-лос-Далорэс.

Поўнач Мексікі - рэгіён, у якім немагчыма не сустрэць індзейцаў і зусім магчыма - беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі. Альберт Радзівіл, безумоўна, - супер-зорка сярод іх, хаця яе святло яшчэ павінна дайсці да яго радзімы.

У кнізе Ф. Гарса Гансалеса "Гісторыя Нуэва-Ларэда" ёсць такія радкі: "Першымі каралеўскімі дарогамі, пракладзенымі па сцежках тубыльцаў, былі тыя, што ішлі з Сьюдад-Герэра і Каломбіі, Нуэва-Леон. Ад Лампасаса была праведзеная "сцежка князя Радзівіла" ["sendero del Prіncipe Radziwill"], якая праходзіла праз ранча Сан-Францыска, а затым да Нуэва-Ларэда. Па гэтым шляху быў пракладзены самы кароткі шлях да Бехара і Баія-дэ-Эспірыту-Санта (Голіяд)". Nuevo Laredo - гэта вялікі горад (значна большы за Баранавічы), які знаходзіцца на раце Рыа-Грандэ, на граніцы паміж штатамі Тэхас і Тамаўліпас, насупраць тэхаскага Ларэда. Гэтыя мясціны добра ведалі апачаў і каманчаў. Напрыклад, Lampazos de Naranjo, радзіма (1833) цешчы Радзівіла, і ў 1870 г. зведаў набег каманчаў, ад якога пацярпелі дзясяткі людзей.

Мястэчка, ураджэнцам якога быў князь Альберт, Паланечку (да і пасля Рыжскага дагавора адпаведна ў Навагрудскім і Баранавіцкім паветах, цяпер Баранавіцкі раён), назваў у сваёй кнізе з клічнікам наведвальнік Мексікі (1926 - прыкладна праз паўгода князь памёр у Мантэрэі) М. Ваньковіч, калі даведаўся, што той жыве ў гэтай краіне. (Б. Навацкая паспрабавала высветліць, ці мог Ваньковіч, як вынікае з брашуры "Czciciele s-go kaktusa" (1927), якая прыпісваецца яму (і тады ён - "беларускі Кастанеда"), быць у "чатырохкутніку", які ўтвараюць Корпус-Крысці (Тэхас), Пуэбла, Дуранга і Эль-Паса; у 1961 г. ён правёў два месяцы ў Энсенадзе, Ніжняя Каліфорнія, і патрабуе таксама пацвярджэння яго магчымае наведванне гэтага ж штата ў 1957 г.)

Варта ўвагі і тое, што маці А. С. Радзівіла была Адэля з Карніцкіх - а гэта і прозвішча Ксаверыя, аднаго з "беларускіх першаадкрывальнікаў" Паўднёвай Амерыкі.

Літ.: 12292 Garza Gonzаlez F. Historia de Nuevo Laredo: reflexiones y recuerdos, 1849-1998, 150 aniversario. Nuevo Laredo and San Antonio, TX, 1998. (Выдавецтва: Borderlands Bookstore.)

12293 Nowacka B. "Mexicanidad" a la Walkowicz // Pamietnik Literacki. 2015. № 2. S. 223-239.

ЦЕРАШКОВА Валянціна - (бацька з Бялыніцкага, маці з Дубровенскага раёна) была адным з ганаровых гасцей на X Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў (Берлін, 28.07-5.08.1973). "З амерыканскай дэлегацыяй, якая налічвае 300 чалавек, на фестываль прыбыла 17 індзейцаў" ("Індзейска-беларускі агляд" (1985. Ліп. № 4) паводле "Ровесника"). Гэта адбылося, калі ва ўсім свеце яшчэ не адышлі ад здзіўлення ад асады пасёлка Вундэд-Ні ў Паўднёвай Дакоце (Wounded Knee Occupation, 27.02-8.05.1973).

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Выйшла кніга пра міжваенны турызм на Наваградчыне

Выйшла кніга, прысвечаная турызму на Наваградчыне ў міжваенны час. Гэта пераклад і каментарыі матэрыялаў турыстычнага бюлетэня, які ў той час выдаваўся.

Пад вокладкай сабраны:

- краязнаўчыя нататкі пра гарады і мясціны Наваградчыны;

- карысная турыстычная інфармацыя ўзору 1930-х;

- распрацаваныя ў той час турыстычныя маршруты;

- артыкулы пра Адама Міцкевіча, бо ён - галоўны турыстычны брэнд;

- розныя навіны і безліч цікавостак пра Наваградчыну.

Набыць кнігу можна ў кіёску Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры ці непасрэдна ў перакладчыка і ўкладальніка.

Укладальнік і перакладчык: Булаты Павел Юр'евіч, дацэнт, кандыдат гістарычных навук.

Адукацыя:

Інстытут турызму УА "Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры" (2014), спецыяліст у сферы турызму і гасціннасці.

Магістратура УА "Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры" (2015), кіраванне інавацыйнымі праектамі.

Аспірантура ДУА "Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы" (2018), даследчык айчыннай гісторыі.

Атэставаны гід-перакладчык з польскай мовы.

Паводле СМІ.

У Лідзе выбралі лепшы сноп і каравай

Падчас святочнай праграмы "Шчыра вітаем зямелькі рупліўцаў!", прысвечанай Дню працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, прайшла традыцыйная выстава-конкурс на лепшы сноп і каравай. Удзел у ёй прынялі сельгаспрадпрыемствы Лідскага раёна.

Праводзячы цырымонію ўзнагароджання пераможцаў конкурсу, старшыня раённага выканаўчага камітэта Сяргей Ложачнік прызнаўся, што вызначыць лепшых сёлета было складана, як ніколі. Усе ўдзельнікі выявілі незвычайныя талент і майстэрства і што караваі, што снапы атрымаліся адзін у адзін!

У выніку журы прыйшло да такіх вынікаў. Трэцяе месца ў намінацыі "Лепшы каравай" падзялілі КСУП "Беліца-Агра" і філіял "Дзітва" ААТ "Лідахлебапрадукт", другое - КСУП "Ваверка-Агра", першае - КСУП "Пес-каўцы". Сярод снапоў бронза прысуджана РСУП "саўгас "Лідскі", срэбра дасталася ЛРСУП "Мажэйкава", а золата - КСУП "Ёдкі-Агра".

Лілея Лапшына.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX