Папярэдняя старонка: 2022

Наша слова.pdf № 48 (48) 


Дадана: 29-11-2022,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 48, 30 лістапада 2022 г.

Любанскай раённай цэнтральнай бібліятэцы прысвоена імя пісьменніка Івана Муравейкі

21 кастрычніка ва ўрачыстай абстаноўцы на ўваходзе ў Любанскую раённую цэнтральную бібліятэку адкрыта шыльда. Яна сведчыць аб тым, што гэтая дзяржаўная ўстанова культуры цяпер носіць імя ўраджэнца Любаншчыны і былога жыхара райцэнтра пісьменніка Івана Андрэевіча Муравейкі.

Увесь яго жыццёвы і творчы лёс быў звязаны са сваёй малой радзімай. А пражыў Іван Андрэевіч без малога сто гадоў. Толькі аднойчы ён пакінуў родныя мясціны, калі пайшоў абараняць Айчыну ад ворага. Прайшоўшы па дарогах Вялікай Айчыннай вайны ўсе чатыры гады, Іван Муравейка пакінуў на рэйхстагу надпіс: "Я - Іван з Беларусі". А потым вярнуўся ў Любань і прысвяціў усяго сябе журналісцкай і пісьменніцкай справе. Пісьменнік - ганаровы грамадзянін горада Любань. У знак падзякі за заслугі перад беларускай літаратурай, Любаншчынай землякі прынялі рашэнне прысвоіць яго імя раённай бібліятэцы, дзе сёння знаходзіцца шмат твораў майстра мастацкага слова, а таксама захоўваецца літаратурны архіў.

Прыемнай навіной стала паведамленне начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяны Аляксеевай, што імя Івана Муравейкі таксама прысвоена і сярэдняй школе вёскі Таль, дзе нарадзіўся і хадзіў у школу будучы пісьменнік.

Прэс-служба МАА СПБ.

Аршанскай школе № 3 прысвоілі імя Уладзіміра Караткевіча

У пятніцу, 25 лістапада, на будынку Аршанскай сярэдняй школы № 3 адкрылі мемарыяльную шыльду ў гонар прысваення ўстанове адукацыі імя класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча (1930-1984). І што дзіўна, шыльду класіку беларускай літаратуры адкрылі на расейскай мове.

Шыльду адкрывалі старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцеў, старшыня Аршанскага райвыканкама Ігар Ісачанка, пляменніца пісьменніка Алена Сінькевіч.

Паводле СМІ.

Памёр міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей

26 лістапада памёр міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей. Памёр чалавек, які ўсё жыццё, колькі мог, падтрымліваў беларускую мову.

Уладзімір Уладзіміравіч Макей нарадзіўся ў 1958 годзе ў Гарадзенскай вобласці.

У 1980 годзе скончыў Менскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў, у 1993 годзе - дыпламатычную акадэмію МЗС Аўстрыі.

У 1980-1993 гадах служыў ва Узброеных Сілах СССР, Беларусі. Быў палкоўнікам запасу. У 1993-1995 гадах - трэці сакратар упраўлення інфармацыі і гуманітарнага супрацоўніцтва, другі сакратар аддзела аналізу і прагназавання, другі сакратар Сакратарыята міністра МЗС Беларусі. У 1995-1996 гадах - намеснік начальніка службы дзяржаўнага пратаколу МЗС. У 1996-1999 гадах - прадстаўнік Рэспублікі Беларусь пры Савеце Еўропы, дарадца пасольства Беларусі ў Францыі. У 1999-2000 гадах - начальнік упраўлення агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва МЗС Беларусі. У 2000-2008 гадах - памочнік Прэзідэнта Беларусі. У 2008-2012 гадах - кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі.

З 22 жніўня 2012 года Уладзімір Макей займаў пасаду міністра замежных спраў Беларусі. Меў дыпламатычны ранг Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла.

Менавіта Уладзімір Макей быў архітэктарам "мяккай лібералізацыі" (яе яшчэ называюць "мяккай беларусізацыяй") 2015-2019 гадоў. Прысвечаная Васілю Быкаву выстава ў МЗС (з сумесным з пісьменнікам фотаздымкам старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы, між іншым), чытанне вершаў Купалы там жа, крамы з нацыянальнай сімволікай у Менску і ў іншых гарадах, канцэрты і многае іншае, што сёння ўспрымаецца як сон. Пры ім пачынаўся трэнд на прасоўванне беларушчыны. Улады таксама пачалі гаварыць пра беларускую мову, традыцыі. Уладзімір Макей выходзіў у свет у вышыванцы.

"Вышыванка для нас - гэта нацыянальны сімвал. Арнамент гэтай кашулі ніколі не прапаведаваў гвалт і зло, а, наадварот, прапаведаваў мір, дабро і спакой. Ён адпавядае менталітэту беларускага народа, яго душы", - казаў ён у 2017 годзе.З якімі высілкамі гэта рабілася - можна толькі здагадвацца, сёння гэта не робіцца, і за такое адпраўляюць пад суд. Мы былі б неаб'ектыўнымі і несумленнымі, калі б выкраслілі гэта.

Не выкрасліць і тое, што менавіта Уладзімір Макей выратаваў ад закрыцця ТБМ недзе ў 2010 ці 2011 годзе, калі чарговы фінансавы крызіс дастаў ТБМ так, што ўтварылася вялікая запазычанасць за сядзібу і стала рэальнай пагроза высялення. Кіраўніцтва ТБМ расстаралася на грант ад пасольства ЗША, але "рогам упёрся" Дэпартамент па гуманітарнай дапамозе. Не - і ўсё. Кіраўнікі ТБМ звярнуліся да Макея, і ён, будучы кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта, сумеў падпісаць патрэбную паперу ў кіраўніка краіны.

- Ну і ворагі ў вас, - сказаў тады Уладзімір Уладзіміравіч. - Я і то ледзьве сумеў справіцца.

Грант быў атрыманы. ТБМ прадоўжыла працу.

Наступны раз Уладзімір Макей аказаў чынную дапамогу ТБМ пры рэгістрацыі Універсітэта імя Ніла Гілевіча. Садзейнічаў у атрыманні ўніверсітэтам ліцэнзіі, але тут справа пайшла цяжэй. Сказаў, што трэба пачакаць, пакуль зменіцца міністр адукацыі.

Да палітычнага крызісу 2020 года Макей падкрэсліваў, што Беларусь настроена на шматвектарнасць знешняй палітыкі. У 2014 годзе, гаворачы пра сітуацыю ва Украіне, ён настойваў на тым, што "калі гінуць людзі, трэба садзіцца разам за стол і дамаўляцца".

Уладзімір Макей быў патрыётам Беларусі. Ён служыў гэтай краіне, з якой быў звязаны не толькім вайсковай прысягай, але і шчырай любоўю.

У 2020 годзе Уладзімір Макей застаўся верным прысязе, застаўся на баку дзяржавы. Ён выдатна разумеў, якое ліха на нас насоўваецца, і, што мог, рабіў, каб гэтае ліха стрымаць, зменшыць. У тым была яго праўда.

З гэтай праўдай - праўдай патрыёта і дзяржаўніка - ён і пайшоў ад нас.

Мяккай зямлі і светлага неба!.

З любоўю да беларускай мовы і паэзіі па жыцці

16 лістапада ў Дзяржаўным літаратурным музеі М. Багдановіча адбылася творчая вечарына паэтэсы, перакладчыцы і літаратурнага рэдактара Таццяны Сівец. Слова даў ёй Міхаіл Бараноўскі.

Госці імпрэзы пазнаёміліся з дзвюма новымі кнігамі спадарыні Таццяны - "Заўтра будзе сонца" і "Разняволенасць". Паэтка падзялілася сонечным настроем і душэўным цяплом са сваімі чытачамі і распавяла пра жыццё і творчасць. Яна пачала пісаць вершы з 11 гадоў і ўдзельнічала ў працы літаратурнага аб'яднання "Імкненне", адным з кіраўнікоў якога быў паэт і пісьменнік Артур Вольскі.

Пасля заканчэння факультэта беларускай філалогіі і культуры Дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка сп. Таццяна вучылася ў аспірантуры пры Інстытуце літаратуры імя Я. Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Яна працавала рэдактарам часопіса "Маладосць", а таксама - на радыё "Беларусь" рыхтавала аўтарскія праекты, прысвечаныя вывучэнню беларускай мовы і літаратуры па-англійску, а таксама праекты, якія распавядаюць пра культуру і традыцыі Беларусі.

Таццяна Сівец была галоўным рэдактарам "ЛіМа", а з 2016 года ўзначальвае "Медыцынскі веснік".

Слухачам прышліся па сэрцы яе вершы "Лета, закатанае на зіму", "Свабода мае сваю цану" і іншыя.

З цікавасцю госці паслухалі аповеды пра падарожжы ў Парыж, Батумі, Баку і іншыя месцы, куды прыводзілі паэтку творчыя вандроўкі.

Таццяна Сівец працуе ў рэчышчы паэзіі, прозы, крытыкі, драматургіі, паэтычнага перакладу. Яна перакладае на беларускую мову творы паэтаў Рэспублікі Комі, Таджыкістана, Кітая, Расіі, Вялікабрытаніі, Польшчы, Украіны, Азербайджана. Яе вершы былі перакладзены на азербайджанскую, англійскую, балгарскую, калмыцкую, рускую, украінскую, чачэнскую мовы.

На сустрэчы студэнты філфака задалі аўтарцы шмат пытанняў. Яна прызналася, што па жыцці яе вядзе беларуская мова і любоў да паэзіі!

Эла Дзвінская, фота аўтара.

У Лідзе выйшаў з друку зборнік Міколы Арочкі

У Лідзе ў прыватным прадпрыемстве "Пружмень" выйшаў з друку паэтычны зборнік таленавітага беларускага паэта, перакладчыка, літаратуразнаўца, доктара філалагічных навук Міколы Арочкі (1930-2013). Ён прысвечаны памяці яго сыноў Леаніда (1957-1981) і Віталя (1964-1992), у якіх быў трагічны лёс і кароткае жыццё. Зборнік называецца "Укрыжаванне". Яго падрыхтаваў і напісаў прадмову пісьменнік Сяргей Чыгрын. Пасля смерці сыноў, Мікола і Марыя Арочкі пераехалі ў вёску на Слонімшчыну, дзе і пражылі больш за 20 гадоў. Там, у вёсцы, як піша Сяргей Чыгрын, рэдка можна было застаць Міколу Арочку за пісьмовым сталом. Яго пісьмовым сталом былі зялёныя палеткі, выпас, пянёк на ўзлеску, услончык і ўласныя калені. У такіх умовах пісаліся вершы і паэмы. Тады былі напісаны і паэма "Страта", прысвечаная сыну Леаніду, вершы, адрасаваныя і Леаніду, і Віталю. Усе яны ўвайшлі ў зборнік "Укрыжаванне", як памяць пра сыноў, а таксама боль паэта і ягоны роздум.

Аксана Шпак.

ЛІСТАПАДАЎСКІ МОСТ - ПЕРАДЗІМ'Е, НАКЦЮРН…

20 лістапада 2022 года ў сталічнай бібліятэцы № 1 імя Л.М. Талстога Менскі літаратурны клуб "Экватар" праводзіў літаратурна-музычную сустрэчу сяброў суполкі пад назвай "Лістападаўскі мост, перадзім'е, накцюрн...". Вядоўцай імпрэзы стала паэтка, пісьменніца, журналістка, шэф-рэдактар альманаха "Літаратурны эква-тар" Інга Вінарская. Спадарыня Вінарская зазначыла, што неяк раптоўна ў лістападзе гэтага года ў Беларусі пачалася зіма са снегам і маразамі. Усё вакол скавала літаральна за пару дзён, і цяпер гэта ўжо не зусім перадзім'е, мяркуючы па надвор'і… А прыйшлі ў бібліятэку Талстога на імпрэзу "Экватара" 20 лістапада толькі самыя стойкія сябры і прыхільнікі суполкі, бо далёка не ўсе добра перанеслі такую рэзкую змену тэмператур.

Інга распавяла пра падрыхтоўку да друку новага нумара альманаха "Літаратурны экватар" № 11 (13), які павінны ўбачыць свет напрыканцы 2022 года, а потым прачытала перад прысутнымі некалькі вершаў са сваёй новай альманахаўскай падборкі - у аўтарскім перакладзе на беларускую мову. Сярод іх быў і гэты твор на тэму кахання:

Прымі мяне цяпер, як немінучасць.

Не - лепш як безвыходнасць ты прымі.

Хаця, якая ж тут любві гаючасць -

Паміж інтрыг і дробнай валтузні?..


Ды з думак не сыйду бездапаможна -

Тваіх, са слоў, з хлусні той нават я.

Шалееш ты, мой ранні спадарожнік?..

Ў падмогу клічаш зграю гругання...


А што варонам трэба? Плёткі, сваркі -

Брыдота корміць птушак чорных тых.

Для іх будуеш планы ў тэрмін шпарка,

Каб веяк не пабачыць больш маіх,


Вачэй і рук, і скуры белай тонкай...

Наіўны, ты прапаў зусім ужо.

Не зразумеў, мажліва, гэта звонку, -

Бо тэмы без навукі мкнуць мяжой?..


Што ж, намагайся. Выйграе мастацтва,

Бо столькі вершаў, песень, і ўсяго...

Крычыш, каб стала пуста мне знянацку,

Ды позірку тут хопіць аднаго,


Каб полымю ўзгарэцца ярка гэтак,

Каб свет палаў - ля ўсіх сваіх асноў!..

Ты любіш, мілы, дзеўчыну-паэта.

Знай: гэта ёсць бясконцая любоў!..

Сапраўдным падарункам стала для прысутных выступленне опернага спявака, паэта, пісьменніка Дзмітрыя Марозава, які ў кастрычніку бягучага года адзначыў, між іншым, 85-гадовы (!) юбілей. Але, нягледзячы на такі шаноўны ўзрост, Дзмітрый Максімавіч заўсёды ў шыхце. Ён мае аграменны досвед выступленняў, назапашаны за жыццё. Іх была ў спадара Марозава, пэўна, не адна сотня. Прычым, перад самымі рознымі аўдыторыямі, у вялікіх і не вельмі залах. Але да кожнага са сваіх выступленняў Дзмітрый Максімавіч рыхтуецца загадзя, вельмі сур'ёзна і ўдумліва. Не стала выключэннем і імпрэза "Экватара" 20 лістапада. Прысутныя пачулі ў выкананні спадара Марозава тры музычныя творы, выкананыя майстрам сцэны ягоным глыбокім густым басам: беларускую народную песню "Зімушка", раманс "Лес" (словы Якуба Коласа, музыка Юрыя Семянякі) і песню ў тэму бягучай пары года "Осенние листья" (словы Марка Лісянскага, музыка Барыса Макравусава). Сабраныя ў зале жанчыны з задавальненнем падпявалі спеваку падчас выканання ім трэцяга музычнага твора.

Сярод актыўна падпяваўшых была і Ксенія Ярмілава, прыгожая мініяцюрная жанчына і таленавітая паэтка. Яна сваім мілагучным голасам прачытала перад сабранымі нізку сваіх лірычных вершаў. Ксенія вельмі рамантычна і ўзнёсла чытала свае творы, яе павольны голас заварожваў слухачоў, а выразнасць выканання спрыяла ўсталяванню ў зале адчування пазітыву і надзеі. Дарэчы, мужчынская частка залы слухала выступленне Ксеніі Ярмілавай асабліва ўважліва.

Добра пастаўлены афіцэрскі голас наступнага выступоўцы, маёра памежнай службы па званні, напэўна, нельга пераблытаць ні з якім іншым голасам. Зычны, раскацісты барытон чутны ўжо здаля, і вы загадзя разумееце, што хутка пабачыце Зміцера Захарэвіча, беларускага паэта і барда. На лістападаўскай імпрэзе "Экватара" спадар Зміцер чытаў свае вершы, прысвечаныя позняй восені, - што называецца, у тэму сустрэчы. Сярод іх быў і твор пад назвай "Лістападаўскі":

Зноў цябе чакаю на сустрэчу,

Стан твой выглядаючы здаля,

Дзе ліхтарні прыцемак нявечаць,

Што спавіў прысады спакваля.


І да гэтай вечаровай стыні,

Быццам у смугу маіх відзеж,

Прыйдзеш ты нарэшце і абдымеш,

З посмешкай у лета павядзеш.


Рушым у яго садоў альковы

Пад напеў жалейны жаўрукоў,

Ні пра што занятыя размовай

Паўз ушчэнт азызлых мінакоў.

А за тым, як нам запаліць восень

Мальваў прыдарожныя агні,

Месяц будзе цікаваць зайздросна

Са сваёй апрыкрай вышыні…

Паэта і пісьменніка Валянціна Шведава вы не ўба-чыце на імпрэзах ды сустрэчах "Экватара" з ранняй вясны да позняй восені. Чаму? Ды таму што ў спадара Валянціна вялікая гаспадарка: дзве дачы, а яшчэ бацькоўскі дом у вёсцы. І пра ўсё гэта трэба клапаціцца, і пра вялікую сям'ю таксама: пра дзяцей ды ўнукаў. І вось, калі нарэшце пачынаюцца халады, Валянцін Шведаў можа сабе дазволіць і на "Экватар" прыйсці, і літаратурнай творчасцю заняцца. На лістападаўскай літаратурна-музычнай сустрэчы сяброў клуба Валянцін чытаў вершы, прысвечаныя, канеше, ягонай любімай пары года - восені, са свайго вершаванага зборніка "Міг на часавай стужцы", які выйшаў некалькі год таму пры падтрымцы "экватарыяльных" спецыялістаў па кнігавыданні.

Паэт, пісьменнік Вячаслаў Данілаў заўсёды меў складаную жыццёвую сітуацыю - гэта звязана з ягоным здароўем. Але ён усім сябрам і знаёмым забараніў сябе хоць у нечым шкадаваць і настойвае, каб да яго ставіліся як да звычайнага члена грамадства, нягледзячы ні на што. Мужны чалавек. А зараз у Вячаслава моцна хварэе ягоная састарэлая маці, і ён робіць для яе ўсё мажлівае і нікому ні на што не жаліцца. Пры гэтым працягвае пісаць вершы, якія становяцца для яго ў дадзенай жыццёвай сітуацыі пэўным адхланнем… Падборку новых вершаў Вячаслава Данілава пачулі прысутныя ў выкананні гэтага аўтара на сустрэчы сяброў клуба 20 лістапада.

Што тычыцца паэта, празаіка і драматурга Глеба Ганчарова, які выступаў наступным, па ўласнай ягонай заяве, ён перш за ўсё пачуў у назве імпрэзы слова "перадзім'е". А яшчэ і надвор'е холаду ды снегу нагнала. Вось спадар Глеб і напусціў "завеі" сваімі зімовымі халоднымі вершамі. Але напрыканцы свайго выступлення ўсё ж такі зазначыў, што яшчэ не скончыўся лістапад, і аддаў пэўную даніну павагі гэтаму восеньскаму месяцу вершам з не вельмі прыгожай назвай "Хлюпотны лістапад, прыліплы, што смала…", тэкст якога прыводзіцца ніжэй - у трохі скарочаным выглядзе:

Хлюпотны лiстапад, прылiплы, што смала.

Ён кокашы задзёр закончаным трываннем.

Апошняе лiсцё з'ядае паўiмгла.

Пара сябе пацешыць "Дзiкiм паляваннем".


На даху - лёгкi снег, на шыбах - першы лёд.

Зарыйся ў пухкi плед, замры, як жонка Лота.

Трымацца на баку ад тарфяных балот

Не выйдзе, бо паўсюль бясконцыя балоты…


Чым вусцiшней жыццё, тым любата радзей.

Струхлела парахнёй зняможаная вера.

Спакою больш няма, бо жыць сярод людзей -

Смяротней, чым у скронь патрапiць з рэвальвера.


Штоноч сачыць з акна выродлiвы гарбун.

Чакай, калi табе сустрэнецца Вергiлiй!

Над багнаю нясецца прывiдны табун

I цягне за сабой сабаку Баскервiлей…


Ты ўвесь скурыў тытун, i думаеш няўцям,

Што тэлефон маўчыць. Прабiў гадзiннiк восем.

Маркотны дэтэктыў. Метафары - к чарцям!

Для нас няма святла, а ёсць туга i восень…

Далей ажыўляла трохі застыўшую, а потым захлюпаўшую пасля выступлення Глеба Ганчарова аўдыторыю паэтка, спявачка, музыка, госця з Дружнага і даўняя сяброўка "Экватара" Святлана Ефіменка. Перш за ўсё, Святлана заўважыла, што ёй вельмі падабаецца ў назве імпрэзы слова "накцюрн", якое ў музыцы абазначае назву п'ес лірычнага, мройнага характару. У адпаведнасці з гэтым накірункам у назве лістападаўскай сустрэчы сяброў "Экватара", Святлана і падрыхтавала нізку сваіх вершаў - лірычных і мілагучных. Іх і пачулі прысутныя ў выкананні аўтаркі. Напрыканцы ж свайго выступлення Святлана Ефіменка выканала сваім чароўным голасам уласную песню пад назвай "Ой, зямля, ты зямля…", прысвечаную роднаму беларускаму краю.

Усталяваўшыся лірычны настрой падтрымаў выступаўшы наступным паэт, філосаф, навуковец, кандыдат філасофскіх навук Ігар Шыршоў. І нядзіўна, таму што галоўная тэма ў вершах Ігара Яўгенавіча - гэта тэма кахання, якой ён застаецца верным праз усё сваё творчае жыццё. Аўдыторыя натхнёна слухала любоўныя опусы паэта. Асабліва, канешне, спадабаліся ягоныя творы жанчынам, якія прысутнічалі на імпрэзе.

Заўжды эпатажны, няўрымслівы паэт, празаік, бард Юрась Нераток апошнім часам практыкуе чытанне сваіх вершаваных твораў пад нягучную музыку. Падбірае мелодыі, уключае пад час свайго выступлення, чытае пад іх свае творы. Так было і на гэты раз. Атрымалася прыгожа: недзе рамантычна, недзе лірычна. Ну, а недзе сумна і скрушна, - як у момант выканання верша пад назвай "Цемра", які, па словах Юрася Нератка, цалкам адпавядае лістападу месяцу, - пры стандартным для яго надвор'і, канешне:

Водбліск неба разбіў,

і наслала ўздагон

вераб'іная ноч сваю хеўру.

…Адляцеў, як не быў,

растрывожаны сон.

І наткнуліся вочы на цемру.


Дождж не хлышча ракой,

не скуголіць гайня,

не шабашыць нячыстая сіла ?

толькі змрок і спакой,

цемра і цішыня…

Што ж за трасца мяне разбудзіла?


І не помню, што сніў.

Ці жывы, ці памёр?

Без дыхання і пульсу ляжу я…

Хто ўвесь свет зачарніў,

хто той злосны грымёр,

што маю недалужнасць віжуе?


Ад жахлівай жарствы

нечакана хрыплю…

І кляну сваю псіхіку-сцерву!

А па тым, што жывы,

вызначаю, што сплю, -

і глыбей акунаюся ў цемру…

Прыгожая бландзінка Таццяна Пратасевіч - паэтка, пісьменніца, нядаўняя юбілярка (55 год споўнілася 17.11.2022 - прычым, гэтая жанчына свой узрост не хавае, а нават ганарыцца ім) у гэтым годзе з задавальненнем прымае ўдзел у імпрэзах літаратурнага клуба "Экватар", калі ў яе па часе атрымліваецца, канешне. Бо спадарыня шмат працуе, у яе сям'я, а пра блізкіх, вядома, трэба клапаціцца. Але, нягледзячы ні на што, Таццяна Пратасевіч знаходзіць час і на ўласную літаратурную творчасць, і на сустрэчы з сябрамі-аднадумцамі. На лістападаўскай імпрэзе ў першай Менскай бібліятэцы Таццяна, канешне, чытала шмат вершаў, і канешне, большасць з іх была пра каханне, як і твор пад назвай "Усё, што патрэбна табе":

Усё, што патрэбна табе - гэта толькі любоў.

А ты сваё паліш жыццё ў жарсці ды без кахання.

Падменай паняццяў займаецца публіка зноў,

І з горкім адчаем падымешся ты на світанні.


Ўзаема-замена: каханне, любоў, жарсць і сэкс…

Да ісціны не дакапацца зусім на пачатку.

А потым знаходзіцца вера, надзея і сэнс,

Але пралятае жыццё, ледзь знайшоўшы разгадку.


Усё, што патрэбна табе - гэта толькі любоў.

Патрэбна і мне гэта вельмі, ты ведаеш пэўна.

Залежу цяпер ад цябе, тваіх дзеяў і слоў,

Бо сэрца з душою кахаюць натхнёна і спеўна…

Зачыняў канцэртную праграму кіраўнік літаратурнага клуба "Экватар", паэт, пісьменнік, журналіст Вячаслаў Корбут. Ён падрыхтаваў для лістападаўскай імпрэзы вершы на восеньскую тэматыку, у якіх роздум пра сілу паэтычнага настрою у гэтую пару года, што можа падараваць творцам глыбокі духоўны стан . Таксама Вячаслаў прачытаў верш "Мост", у якім сімвалічна звязваюцца эпохі мінулага і будучага, гаворыцца пра пераходны перамежак часу, які мы ўсе пражываем, напружаны і важны. Спадар Корбут павіншаваў ўсіх аўтарак клуба "Экватар", якія нарадзіліся ўвосені, і прачытаў для іх адно з прысвячэнняў з пажаданнямі шчасця, новых поспехаў, творчага росквіту:

Восеньская пані, дзень такі настаў:

Прыгажосць з табою - промень з неба граў.


Бы малітва, сонца. Неба - як капрыз,

Будзе шчасце сшыта да сваёй пары.

Роўныя пракосы вершаў і радкоў...

Будзе лёс твой светлым, з вераю ў любоў.


Прыгажэе вольнасць - ёй перамагчы.

Як ты зараз блізка, болей не маўчыш!..


Будзе многа кветак, пазалоты кніг,

Будзе прага шчасця - вораг твой панік!


Так, твая мне ўсмешка акрыляе свет.

Я кахаю шчыра - гэта не сакрэт!

На імпрэзе прысутнічалі пісьменнікі і музыкі, аматары літаратуры, запрошаныя госці, супрацоўніцы бібліятэкі № 1. Усіх выступпоўцаў зала вітала шчырымі апладысментамі. Завяршылася сустрэча, як заўжды, агульнай фотасесіяй выступоўцаў - на добрую доўгую памяць…

Спадзяёмся, што лістападаўская вершавана-музычная п'еса "Экватара" ўдалася. Ва ўсялякім разе, яе ўдзельнікі разыходзіліся пасля па сваіх уласных накірунках з яснымі тварамі, радасныя і натхнёныя.

Інга Вінарская, Вячаслаў Корбут.

Навіны Германіі

Мінэканомікі Германіі: "Плывучыя тэрміналы для ЗПГ абыйдуцца даражэй у 2,5 разы, чым планавалася

20 лістапада, Менск /Корр. БЕЛТА/. Купля і абслугоўванне плывучых тэрміналаў для звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ) абыйдуцца Германіі даражэй у больш за 2,5 разы, чым было запланавана. Пра гэта піша агенцтва РІА Навіны, высылаючыся на выданне Spiegel.

Па інфармацыі выдання, якая атрымана ў Міністэрстве эканомікі Германіі, купля і эксплуатацыя плывучых тэрміналаў будзе каштаваць 6,56 млрд еўра. Гэта на 3,5 млрд больш, чым меркавалася першапачаткова. Сродкі будуць выдзелены з дзяржбюджэту.

Аднак на дадзеным этапе не ўстаноўлена, адкуль будуць узяты дадатковыя неабходныя рэсурсы на куплю плаўтэрміналаў. Яны неабходны Германіі для забеспячэння краіны прыродным газам для замены паставак з Расійскай Федэрацыі.

Фота abc.news.

Зборная Германіі застаецца ў гульні

Зборныя Германіі і Іспаніі згулялі ўнічыю ў рамках матчу другога тура на ЧМ-2022 у Катары. Гульня прайшла 27 лістапада на стадыёне Эль-Байт у Эль-Хаўры і завяршылася з лікам 1:1.

Пры такім раскладзе сітуацыя ў барацьбе за выхад Германіі ў плэй-офф застаецца складанай. Адно можна сказаць напэўна - каб думаць пра гэта, немцам трэба выйграць у трэцім туры ў Коста-Рыка.

Станіславаў Сакалоў.

Урад Германіі хоча завяршыць місію ў Малі ў 2024 годзе

1200 салдатаў будуць выведзены пасля выбараў у гэтай заходнеафрыканскай краіне

Берлін (dpa) - Урад Германіі хоча працягнуць місію нямецкіх салдатаў "блакітных касак" у заходне-афрыканскай краіне Малі толькі да траўня 2024 года. Пры наяўнасці адпаведнага мандата ўмовы для вываду войскаў павінны быць створаны ў наступным годзе. Па словах прэс-сакратара ўрада Штэфена Хебестрайта, Бундэстагу будзе прапанавана ў траўні 2023 года "падоўжыць мандат у апошні раз яшчэ на адзін год, каб арганізавана завяршыць разгортванне кантынгенту праз дзесяць гадоў". "Гэта, па яго словах, неабходна для таго, каб у адмысловай ступені ўлічыць выбары ў Малі, якія запланаваны на люты 2024 года".

Каля 1200 нямецкіх салдатаў знаходзяцца з місіяй у Малі. У апошні час неаднаразова ўзнікалі спрэчкі паміж ваенным кіраўніцтвам і місіяй ААН. З моманту ваеннага перавароту ў траўні 2021 года краінай кіруюць афіцэры.

picture alliance/dpa.

Якой будзе сёлета зіма ў Германіі. Ці варта чакаць снежную зіму?

Восень падышла да канца, і сіноптыкі спрабуюць скласці прагноз на тое, якой будзе хуткая зіма ў Германіі.

З прычыны росту кошту энергіі многія людзі спадзяюцца, што зіма будзе мяккай, што дапаможа значна зэканоміць на апале. Ёсць вялікая асцярога, што ў зімовыя марозныя месяцы многім давядзецца мерзнуць у халоднай ці амаль халоднай кватэры. Зрэшты, першыя прагнозы надвор'я даюць на гэты конт поўную выразнасць.

Тэндэнцыя апошніх гадоў

У выпадку доўгатэрміновых прагнозаў надвор'я ўсе чаканні грунтуюцца на тэмпературы ў папярэднія гады. Гэта ж адносіцца і да амерыканскай мадэлі надвор'я Нацыянальнага кіравання акіянічных і атмасферных даследаванняў (NOAA), якая відавочна не прымае ледзяную зіму.

Тэндэнцыя надвор'я апошніх гадоў паказвае, што з кожным годам становіцца ўсё цяплей. Па апошніх разліках NOAA, зіма сёлета будзе на два градусы цяплей, чым у сярэднім з 1990 па 2020 год.

Еўрапейская мадэль надвор'я ад Еўрапейскага цэнтра сярэднетэрміновых прагнозаў надвор'я (ECMWF) не згодна з амерыканскім прагнозам і прадказвае "звычайную" зіму. Адпаведна, у снежні і студзені адхіленняў тэмпературы не чакаецца, а ў кастрычніку і лістападзе назіраюцца толькі мінімальныя пацяпленні ад 0,5 да 1 градуса.

Прагноз надвор'я на зіму 2022/2023: наколькі багатыя ападкі?

Асабліва пасля засушлівага лета, якое сёлета заняло другое месца сярод самых засушлівых гадоў з часоў метэаралагічных рэкордаў 1961 года, прыродзе патрабуюцца моцныя дажджы для аднаўлення. Аднак у бліжнія два месяца гэтага не варта чакаць, па дадзеных NOAA. Так званае вялікае пацяпленне аказвае сур'ёзны ўплыў на надвор'е.

"Вялікае пацяпленне" - гэта раптоўнае стратасфернае пацяпленне, якое можа аказаць велізарны ўплыў на звыклую зіму. Гэта часта прыводзіць да рэзкай змены надвор'я. "Моцнае пацяпленне" звычайна адбываецца раз у адзін-тры гады, і таму сёлета яно не так ужо малаверагодна, паколькі летась стратасфернага пацяплення не было. Калі адбудзецца моцнае пацяпленне, аматарам снегу давядзецца задавольвацца парай сняжынак з неба.

Зіма сёлета будзе мяккай

Досвед паказаў, што заўсёды цяжка прадказаць надвор'е ў доўгатэрміновай перспектыве. Улічваючы глабальнае пацяпленне і дынаміку тэмпературы за апошнія некалькі гадоў, даводзіцца лічыцца з тым, што гэта зіма зноў будзе мяккай, як прадказвае большасць прагнозаў. Увогуле, халодныя, белыя і марозныя зімы паволі сыходзяць у мінулае - на радасць усім, хто эканоміць на апале.

Паводле СМІ. Фота: Drepicter / shutterstock. Com

МІР У ДУШЫ - МІР У КРАІНЕ

24 лістапада ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў раённага этапу рэспубліканскага конкурсу "Мір у душы - мір у краіне", арганізаваны грамадскім аб'яднаннем "Беларускі фонд міру" ў супрацоўніцтве з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой.

Конкурс праводзіўся ў трох намінацыях ("верш", "проза", "жывапіс") з мэтай распаўсюджвання ідэі каштоўнасці міру, а таксама духоўна-маральных, нацыянальных і культурных каштоўнасцяў, патрыятызму сярод навучэнцаў нашай краіны, умацавання дружбы і згоды ў грамадстве.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел: старшыня Лідскай раённай арганізацыі ГА "Беларускі фонд міру" Міранцоў Віктар Канстанцінавіч, сакратар Лідскай епархіі протаіерэй Максім Цыгель, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Лідскага райвыканкама Кенць Ганна Станіславаўна, галоўны спецыяліст аддзела культуры райвыканкама Вайцюкевіч Наталля Міхайлаўна.

У рамках урачыстай цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў старшыня Лідскай раённай арганізацыі ГА "Беларускі фонд міру" Міранцоў Віктар Канстанцінавіч перадаў у фонды Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы трылогію кніг "Краіна міру. Вершы", "Краіна міру. Проза", "Храмы краіны. Малюнкі". Выданні з лепшымі работамі пераможцаў рэспубліканскага конкурсу "Мір у душы - мір у краіне" стануць каштоўным папаўненнем калекцыі раённай бібліятэкі. З музычным віншаваннем выступіла Ганна Ліпская, настаўнік музыкі (клас скрыпкі) Лідскага музычнага каледжа.

Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" Дар'я Марцінкевіч.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Ад вяршынь палітыкі і спорту да даўншыфтынгу: Перэс, Пухлоў, Румель; Карлас Шэрман

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-47)

ПЕРЭС Шымон (Shimon Peres) - нарадзіўся ў Вішневе Валожынскага раёна як Szymon Perski.

У сваім артыкуле Стась Чаропка спачатку піша пра тое, за што Перу раней можна было крытыкаваць. Але цяпер, сцвярджае аўтар, гэтую краіну можна хваліць і параўноўваць з Беларуссю не на карысць апошняй, у т.л. і ў галіне "стаўлення да нацыянальнай культуры, найперш да мовы карэннага насельніцтва": "Можна меркаваць, што ў гэтых адносінах нам неўзабаве прыйдзецца вучыцца павазе да культуры ў сённяшніх інкаў і кечуа". Але нас усё ж цікавіць найперш працэдурны бок, г.зн. сустрэчы лідараў.

"Гэтымі днямі пасля цырымоніі ўступлення на пасаду першы прэзідэнт Перу індзейскага паходжання 55-гадовы Алехандра Таледа Манрыке прыняў удзел у сімвалічным рытуале, які мусіў нагадаць насельніцтву краіны пра яе мінуўшчыну.

Экзатычны па сённяшніх паняццях рытуал адбыўся ў цытадэлі інкаў Мачу-Пікчу, куды А. Таледа прыбыў на верталёце разам са сваімі гасцямі - прэзідэнтамі Чылі Рыкарда да Лагосам, Коста-Рыкі Мігелем Анхелем Радрыгесам, прынцам Астурыйскім Феліпа дэ Бурбонам, а таксама ізраільскім міністрам замежных справаў Шыманам Перасам.

Вешчуны кечуа ў Мачу-Пікчу падрыхтавалі лісце кокі ды іншыя традыцыйныя прысмакі, якія былі прапанаваныя новым прэзідэнтам у якасці ахвяры старадаўнім боствам, каб яны ахоўвалі яго ад нячыстай сілы.

Прыбыцця прэзідэнта чакаў натоўп мясцовых жыхароў у святочным нацыянальным адзенні, якія пелі традыцыйныя абрадавыя песні і выконвалі традыцыйныя танцы. Яны называюць новага прэзідэнта "Пачакутэк" - імем аднаго з правадыроў інкаў у XV стагоддзі. Прэзідэнт заявіў, што мае намер уключыць у школьную праграму мовы індзейцаў кечуа і аймара, каб выправіць шматвяковую несправядлівасць.

Алехандра Таледа адрозніваецца ад тыповых прадстаўнікоў мясцовай палітычнай эліты. Ён нарадзіўся ў шматдзетнай беднай сям'і індзейцаў кечуа ў мястэчку Кабаньня-дэ-Анкаш у Андах. Таледа быў пастухом, вулічным гандляром, афіцыянтам. Дзякуючы ўпартасці скончыў сярэднюю школу і дамогся стыпендыі для вучобы ў Стэнфардскім універсітэце ў ЗША. Набыўшы спецыяльнасць эканаміста, займаўся навуковымі даследаваннямі ў Гарвардскім універсітэце, працаваў у структурах міжнародных арганізацыяў, у тым ліку ААН і Сусветнага банка.

Са сваёй жонкай пазнаёміўся ў студэнцкія гады. Эліан Карм [Карп, Karp] - амерыканка франка-бельгійскага паходжання. Па спецыяльнасці яна антраполаг. Валодае сямю мовамі, у тым ліку і мовай кечуа, шмат гадоў займалася рэалізацыяй у Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыцы праграмай развіцця ААН.

На выбарах Алехандра Таледа абышоў свайго суперніка і стаў легітымным ачольнікам дзяржавы на перыяд з 2001 па 2006 год. Дзесяткі тысяч прыхільнікаў Таледа святкавалі трыумф, скандуючы "Пачакутэк вяртаецца". Прэзідэнт, звяртаючыся да іх, адзначыў: "Разам мы ўвасобім мару пра Перу як краіну без карупцыі, дзе пануюць справядлівасць, роўнасць і дэмакра-тыя. Цяпер мы пабудуем сучасную нацыю, але такую, якая шануе сваю старажытную спадчыну і сваю самабытнасць".

Гэтакая палітыка прэзідэнта Перу, відаць, станоўча паўплывае на рух індзейцаў Лацінскай Амерыкі за пашырэнне свайго ўдзелу ў грамадскім і палітычным жыцці і культурнае адраджэнне".

Зразумела, аптымізм Стася Чаропкі ўзяты з выкарыстанай ім крыніцы, беларускія аўтары грунтоўна Перу і прэтэнзіямі, што ўзнікаюць нават і да прэзідэнтаў-індзейцаў (тое, што індзейца маглі абвінаваціць у карупцыі, не ўкладалася ў нашай галаве), не займаліся, - уключаючы падрабязнасці ўзняцця статусу карэнных моў, якія адрозніваліся б ад ужо вядомых "дэмагагічных жэстаў". Са свайго боку, Перэс стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру (1994), а таксама атрымаў і найвышэйшую ўзнагароду "Краіны інкаў" - "Ордэн Сонца Перу", і яму таксама прыйшлося выслухоўваць - прычым ён гэта ўмеў - пэўную крытыку.

Кіраўнікі краін постсавецкай прасторы часткова беларускага паходжання сустракаліся з індзейцамі - сярод іх былі як прэзідэнты-індзейцы з Лацінскай Амерыкі, так і племянныя або палітычныя лідары з Паўночнай.

Літ.: 6086 Чаропка С. "Пачакутэк" прынёс ахвяры боствам // Наша свабода. 2001. 1 жн. С. 4.

7555 Bridges T. Peru's Toledo travels to sacred Inca landmarks // Miami Herald. 2001. Jul. 30.

ПУХЛОЎ (Пухлаў) Дзмітрый - "Дима Пухлов", "Dmitry Poukhlov" - яго выказванні ў свабоднай манеры пра канадскіх індзейцаў і працяглае жыццё сярод іх здаюцца шчырымі і рэалістычнымі, але не павінны ўспры-мацца з поўным даверам - пакуль не будзе любой іншай, акрамя паведамленай у інтэрв'ю, інфармацыі пра апавядальніка.

Тэкст інтэрв'ю Алены Барэль з Дзмітрыем Пухловым дастаткова доўгі, каб нават стаміць неспецыялізаванага чытача. Частку аўдыторыі адразу адштурхне і тое, што герой адрозніваецца "разняволеным" не ў лепшым сэнсе стылем, а вянчае ўсё фота, якое выглядае як карціна сумеснай выпіўкі з індзейцамі. Матэрыял суправаджаецца здымкамі, на якіх Дзмітрый і нібыта мясцовыя індзейцы-алганкіны. Арыгінал з газеты мы маем ад гомельскага географа У. Я. Пашука (1948-2020), які таксама быў непрыемна здзіўлены гэтай публікацыяй. Шчыра кажучы, гэтае інтэрв'ю, разам узятае, проста шакіруе. Так не павінен апісваць рэзервацыю сапраўдны беларус, нягледзячы на ўсе ўбачаныя недахопы.

Адказы Дзмітрыя мы можам даць порцыямі, робячы з яго расказу "супер-міні-серыял" у жанры эскапізму-антыўтопіі і "рэвалюцыйнай" авантуры.

Спіс імёнаў, якія называюцца ў матэрыяле Барэль, невялікі - гэта рэальна існыя сучасны рэжысёр Муратаў і гістарычны айцец Парадыз (каларытны святар - "бунтар" і шукальнік прыгод Father Charles Alfred Paradis), сапраўды прывязаны да апісанай мясцовасці, з індзейцаў - Алекс, без прозвішча, правадыр Алекс Пол і актывіст-"апазіцыянер" Вудзі Бекер, астатнія не нясуць абавязковага характару - узятыя для большай паэтычнасці і "сувязі слоў" Калашнікаў і Макаранка, Калумб і Фенімор Купер, а таксама "краіназнаўча" - адзін з прэзідэнтаў. Па імені таксама называецца індзейскі сабака - лайка Німуш, якая была ў беларуса Дзімы ад алганкіна Вудзі.

"Як мінчанін змагаўся за незалежнасць чырванаскурых"? "Ён жыў з індзейцамі на канадскай поўначы: спачатку ў рэзервацыі, потым - выгнаннікам, у вігваме ўласнай пабудовы. Піцерскі рэжысёр Андрэй Муратаў ужо другі год здымае аб ім дакументальны фільм "Па-за часам". Здымкі скончацца гэтай восенню, і стужку пакажуць па расійскіх тэлеканалах".

"Дзіма Пухлоў з'ехаў у Канаду ў 1996 годзе, пасля заканчэння фізфака БДУ. Разам з сябрамі-праграмістамі праз інтэрнэт знайшоў працу ў Таронта - у фірме, якую заснавалі менскія яўрэі, якія эмігравалі яшчэ пры "саўку". Дзіма пісаў праграмы для іх гульнявых аўтаматаў, атрымаў канадскае грамадзянства. Неяк захацелася яму на дзікія азёры - паглядзець на сапраўдных індзейцаў. Зноў жа, па інтэрнэце ўстанавіў кантакт з індзейцам па імені Алекс, які жыве за 500 км ад Таронта - у раёне Тэмагамі, або, як гавораць мясцовыя, Тэме-Ай Гамі, што азначае "глыбокая вада ля берагоў"". "Беларус патэлефанаваў індзейцу Алексу і адправіўся да яго ў госці. Каб пражыць у рэзервацыі цэлую зіму". У матэрыяле сцвярджаецца, што сярод індзейцаў ён правеў тры гады і збіраўся зноў ехаць да іх, у т.л., для беларуска-алганкінскага моўнага дыялогу.

"- Там жывуць індзейскія плямёны аджыбва і алганкін, ці анішнабэ - "чалавек, спушчаны з неба на зямлю", - расказвае мне Дзіма".

"- Многія працуюць пры адміністрацыі вострава, у цэнтры здароўя, або шабашаць - катэджы будуюць, цясляраць, - тлумачыць Дзіма. - Жадаючыя працаваць без справы не сядзяць. У такіх рабацяг ёсць прыстойны дом, спадарожнікавая талерка, аўта - калі не новы "Лексус", то "БМВ", маторная лодка, снегаход, а ў краму, што за 10 хвілін хады ад хаты, яны ездзяць на квадрацыклах. Акрамя таго, па канадскіх законах індзеец мае права на бясплатную вучобу ва ўніверсітэце. Калі ў цябе ёсць бізнес, звязаны з рэзервацыяй, ты вызваляешся ад падаткаў. Некаторыя з'язджаюць у гарады, жывуць там звычайным жыццём і добра зарабляюць. Але кожны трэці індзеец рэзервацыі сядзіць на дапамозе, носіць дрэнны абутак і адзенне - амаль такое ж, як у беларускіх вёсках. Бо дапамога вельмі маленькая - 400 долараў, 600 - столь, хапае толькі на ежу і аплату электрычнасці, калі такая ў хаце ёсць. Прычыны іх беднасці - алкаголь, наркотыкі і элементарная лянота". "Індзеец Алекс атрымлівае 700-даляравую пенсію па інваліднасці, але гэтых грошай яму відавочна не хапае".

Далей Дзмітрый непаважліва выказваецца пра індзейскіх жанчын, адмоўна ацэньвае іх прыгажосць (пры тым, што ў яго Менску ў 2015 г. Місіс Сусвет стала індыянка з канадскага народа кры - Эшлі Бурнхэм, Burnham). Падобнае прапусцім - пры ўсёй павазе да права на натуралізм, - калі вернемся да яго інтэрв'ю.

Літ.: 8428 Пухлов Д. В вигваме среди индейцев: как минчанин боролся за независимость индейцев / интервью Е. Борель // Снпюс. Свободные новости плюс. 2008. 25 июня - 2 июля. С. 16.

2820 Павчинский [Пашук] В. Гомельчане открывают Америку // Гомельскі веснік. 1995. 24 февр.

РУМЕЛЬ Караль - з Джымам Торпам - кожны па-свойму - сталі трыумфатарамі алімпіяды ў Стакгольме (1912), але перажылі - кожны сваю - траўму. Нарадзіўся ў Гродне, лічыцца першым алімпійцам родам з Беларусі. Выступаючы ў "індзейскім" відзе спорту, з канём Зяблікам, у выніку падзення моцна траўміраўся, але скончыў дыстанцыю - і быў узнагароджаны: кароль Густаў V загадаў адліць для яго аналаг алімпійскага медаля. Караль удзельнічаў і ў алімпіядах 1924 і 1928 гг.

Сёлета з'явілася паведамленне, што - лепш позна, чым ніколі, - Міжнародны алімпійскі камітэт вярнуў Джыму Торпу (James Francis Thorpe) званне алімпійскага чэмпіёна (да гэтага ён быў фармальна прызнаны "сучэмпіёнам"; залатыя медалі (пяцібор'е і дзесяцібор'е) у свой час былі перададзеныя прадстаўнікам Швецыі і Нарвегіі з-за дыскваліфікацыі).

Торп быў метысам з двух бакоў (сокі і фоксы, патаватомі, французы, ірландцы), але выхоўваўся ў асяроддзі сокаў і фоксаў і ў Карлайлскай індзейскай школе. З Румелем яго збліжаў і факт, што ён, як і яго бацькі, быў католікам.

Літ.: 7957 Борисенко А. Сколько стоят мускулы // Во славу Родины. 2004. 24 марта.

7486 Тасман Б. (1954-2022). Королевские игры перед войной // Белорусская деловая газета. 2000. 29 июля.

ШЭРМАН Карлас - Carlos Sherman - надзвычай важны чалавек, і яго смерць - тым больш за межамі Беларусі (хоць нарвежцы і іншыя дапамаглі яму пратрымацца больш, скончыць штосьці важнае) - была адной з самых значных страт для нашай індзеяністыкі за некалькі дзесяцігоддзяў. Іншыя беларускія рэпатрыянты, "амерыканцы", або іх дзеці, а такім быў Карлас, проста не бачныя за яго постаццю.

На жаль, у дадатак да кранальных апісанняў яго "індзейскіх" эпізодаў у дзяцінстве і юнацтве мы пакуль не можам прадставіць звесткі пра яго сустрэчы з індзейцамі ў статусе жыхара Беларусі, - магчыма, ён не толькі пісаў, але і расказваў пра гэта каму-небудзь - такія ўспаміны мы віталі б.

Можна іранізаваць над спробай прадставіць яго нашчадкам індзейцаў на маці, але лепш зусім гэтага не рабіць. Асобы, якія сустракаліся з ім, могуць быць уключаныя ў рэестр серыі БСІ на падставе яго (сама-) аб'яўленага часткова індзейскага (уругвайскія чаруа, якія "зачаруюць" або "расчаруюць") паходжання, і яму самому можа быць прысвечаны артыкул - як не ўраджэнцу, але жыхару Беларусі.

У сувязі з ідэяй пра тое, што ў маці Шэрмана маглі быць індзейскія продкі, мы паспрабавалі развіць гэтую тэму ў перапісцы з самім пісьменнікам - "містыфікатарам":

"Дарагі Карлас Рыгоравіч!

Спадзяёмся, што ў вас добрае самаадчуванне і вы плённа працуеце.

Вось якая думка. Ці пісалі вы ўспаміны пра сваю маці? Што змогуць прачытаць нашчадкі пра яе? Справа гэта зусім асабістая, але кожны выбірае, пісаць ці не пісаць, што пісаць і з якой мэтай. Мы ўжо многім паслалі ўрыўкі з рэцэнзіі ў Manifold*; важна было б мець больш звестак, сведчанняў: якія былі імёны і прозвішчы яе і яе блізкіх, што вядома пра яе род?

Шчыра ваш,

Алесь

*Дарэчы, хто гэта - Alison Cameron?" (23.06.2004) (Manifold - паэтычны часопіс Веры Рыч, перададзены апошняй нам у Гомель: рэцэнзія Кэмеран на кнігу: Manifold. 2000. Summer. № 36. P. 39-40).

Апошні (электронны) ліст ад Карласа быў з некаторай гарчынкай, недарэчнай, але не варта засяроджваць увагу, тым больш што запыты рабіліся для збору інфармацыі не нейкага "прыніжальнага" характару і матывавалася ў тым ліку імкненнем зберагчы энергію яго самога (у яго перад тым была чарговая цяжкая аперацыя, можна ўявіць, як ён мог адчуваць сябе, калі яго электроннае паведамленне было ад 3.02.2005, а праз месяц, 4.03.2005 г., ён памёр. Гэта было нечакана, таму што надзея на нарвежскую медыцыну ў нас была вялікая.

"Дарагі Алесь,

Цалкам разумею, што пошук інфармацыі - карпатлівая і ўпартая праца, але ўсё ж не пагаджуся з тым, ці абавязкова трэба непакоіць аднаго перакладчыка з Осла, другога з Крысьціансанду, а потым і ўругвайскага пісьменніка, каб скласьці даведку, а потым паўтарыць просьбу мне. Трэба быць і тактоўным. Натуральна, пішу я пра гэта, бо лічу вас сваім сябрам, інакш і гаворкі не было б.

Калі ласка, не падказвайце мне патрэбных альбо непатрэбных тэмаў, Лань [апавяданне "Даўганогая Лань" С. Яновіча, рэкамендаваны яму для перакладу на іспанскую] - гэта дужа добра, але я ў рэдкія моманты, калі хвароба ледзь адступае, я пішу тое, што мне трэба паспець напісаць. Толькі гэта я і раблю. Пра маці таксама падказваць ня трэба, скуль жа вам ведаць, мо здаўна напісана ды я не спяшаюся друкаваць! Гэта інтымная, вельмі партыкулярная праца, таму цярпіце, калі ласка, пабачыць сьвет твор - добра, не зьявіцца - значыць, ня лёс яму зьявіцца.

Што тычыцца майго сябра Уільяма Кінтэраса, скажу так: гэта заняты чалавек, пісьменнік, які вельмі ўзрушана зьбіраецца ў тэрміновую вандроўку на Радзіму ў сувязі з тамашнімі падзеямі, таму не чапайце яго бяз дай прычыны. Колісь ён даваў мне сьціслую даведачку пра сябе, ды ня помню, для чаго. Крыху пазьней я яе знайду і прышлю вам.

Ваш

Карлас".

Мы ж нават пачалі лічыць, што Уільям Кінтэрас - гэта Карлас жа Шэрман, які ў такой форме піша і пра сябе, на што магло ўказваць і спалучэнне іспанскай і англійскай антрапаніміі ў імені і прозвішчы). Калі б ад яго калег (Kjell Olaf Jensen (перакладчык паэмы Шэрмана), Kevin M. J. Quirk (перакладчык артыкула Кінтэраса), William Quinteras), прыйшлі здавальняючыя адказы, то, магчыма, просьба да самога Карласа не прагучала б.

Мы наведалі Карласа Шэрмана з членамі БІТ А. Снітко (Мачэтэ) і Г. Сагановічам (Аленевае Вока) (з ліста да Сагановіча, які перадае атмасферу "кантактаў і дыялогаў" знакавага 1987 г.): "Мы адклалі паездку ў Мінск, якая планавалася ў сярэдзіне месяца, па прычыне камандзіроўкі Снітко на Кубу. Заўтра ён вяртаецца, і мы будзем збірацца ў нашу сталіцу. Думаем правесці ў Мінску невялічкае пасяджэнне, па сутнасці ўстаноўчае (да гэтага дзейнічалі толькі раз'яднаныя члены АГ БІТ). Збіраемся наведаць Карласа Шэрмана. На абодва мерапрыемствы хацелі б запрасіць цябе" (25.10.1987). Тады мы атрымалі выданні ў яго перакладах на іспанскую ("Vivir hasta el alba" В. Быкава, "Noche de bodas" І. Шамякіна, дзіцячыя) у падарунак, але - не здагадаліся папрасіць - без аўтографаў. Пазней мы атрымалі новыя яго кнігі - два выданні індзейскіх "Накірункаў свету" з аўтографамі. У нас засталося яшчэ нямала экзэмпляраў выдання 2000 г., перададзеных нам аўтарам (візіт у Мінск Мачэтэ) для раздачы "ў добрыя рукі" (паводле выразу Карласа - каб "раскідалі").

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Лідскія тэатральныя сустрэчы

Адкрыццё абласнога фэсту народных тэатральных калектываў "Лідскія тэатральныя сустрэчы" адбылося 26 лістапада ў Лідскім палацы культуры.

Прэм'ерны паказ спектакля "Віражы лёсу" народнага драматычнага тэатра "Ракурс" Палаца культуры горада Ліды прайшоў пры поўным аншлагу.

На вялікай сцэне Палаца культуры ў рамках фэсту "Лідскія тэатральныя сустрэчы" прайшоў спектакль "Вандраванне доктара Айбаліта" ў выкананні артыстаў народнага тэатра "Памфлет" ДУК "Свіслацкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці".

Тэатр лялек "Батлейка" філіяла "Залескі Дом культуры" Дзяржаўнай установы культуры "Смаргоньскі раённы цэнтр культуры" прадставіў спектакль па п'есе Я. Шугавеі "Салдат і анёл".

Яшчэ адной фэставай працай стала сучасная побытавая камедыя "Жаночы вулей" народнага драматычнага калектыва "Скрыжаванне" г.п. Рось Ваўкавыскага раёна.

Спектакль "Формула шчасця" па п'есе А. Короўкіна "Палата бізнэс-класа" - камедыя становішчаў, бурлівая эмоцыямі і поўная блытаніны. Нечаканыя павароты сюжэту і вельмі рэалістычных персанажаў сыграў калектыў народнага тэатра ДУ "Мастоўскі раённы цэнтр культуры"

У лепшых традыцыях батлеечнага тэатра выступіў лялечны тэатр з Ліды: спалучэнне розных лялек: пальчатачныя, плоскасцевыя роставыя, класічныя батлеечны; акцёрская праца "жывым планам" у спалучэнні з лялечным дзеяннем; жывое музычнае суправаджэнне; праца з залай і...гэта вельмі высока ацаніў удзячны глядач.

Другі дзень абласнога фэсту "Лідскія тэатральныя сустрэчы" адкрыла прэм'ера спектакля па п'есе А. Гельман "Лаўка" драматычнага тэатра Іўеўскага цэнтра культуры і вольнага часу.

Спектакль "Да спаткання, Яр" народнага моладзевага музычна-драматычнага тэатр "Гарадзенская надзея" быў сыграны так, што глядач паверыў, глядач заплакаў...

Спектакль "Маленькая ведзьмачка" Заслужанага аматарскага калектыва Рэспублікі Беларусь узорнага музычна-драматычнага тэатра "Гарадзенскі званочак" ДУ "Гарадзенскі гарадскі цэнтр культуры" стаў сапраўдным падарункам для гледачоў фэсту.

Абласны фэст народных тэатральных калектываў "Лідскія тэатральныя сустрэчы" завяршыўся 27 лістапада.

ТК "Культура Лідчыны".

"Каб любіць свой край, трэба перш за ўсё яго любіць"

22 лістапада 2022 г. звычайна ў ам. Цімкавічы Капыльскага раёна звязана з імем Кузьмы Чорнага. У гэтым годзе адзначалася 78 гадоў, як перастала біцца сэрца гэтага пісьменніка.

Мерапрыемства было арганізавана Літаратурным музеем Кузьмы Чорнага і Цімкавіцкай сельскай бібліятэкай, доўгі час ужо працуе іх сумесны выхаваўчы праект "Каб любіць свой край, трэба перш за ўсё яго любіць". У гэтым годзе гэта супольная праца далучылася да абласнога праекта "Пісьменнікі - ураджэнцы роднага краю", які толькі пачаў сваю працу з верасня 2022 г. У рамках праекта ДУ "Капыльская цэнтральная раённая бібліятэка імя А. Астрэйкі" выбрала для ўшанавання памяці і папулярызацыі творчасці Кузьму Чорнага - знакамітага земляка, выдатнага пісьменніка.

Ужо чацвёрты год працуе праект "На хвалі часу, у плыні жыцця", які рэалізуе НББ, сумесна з партнёрамі. У рамках яго з 2020 г. падтрымліваецца сувязь з Літаратурным музеем Кузьмы Чорнага і Капыльскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя А. Астрэйкі, таму ў мерапрыемстве прынялі ўдзел і рэалізатары праекта.

Таццяна Лаўрык.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX