Папярэдняя старонка: 2022

Наша слова.pdf № 49 (49) 


Дадана: 06-12-2022,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 49, 7 снежня 2022 г.

Беларускае саломапляценне ўнеслі ў спіс Сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА

Рашэнне аб унясенні майстэрства беларускага саломапляцення ў спіс Сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА прынята на 17-й сесіі Міжурадавага камітэта ў сталіцы Марока Рабаце.

"Саломапляценне Беларусі: традыцыі, рамяство, уменне" стала пятым беларускім аб'ектам у спісе.

Раней у яго былі ўнесены калядны абрад "Калядныя цары" вёскі Семежава, урачыстасць у гонар шанавання абраза Маці Божай Будслаўскай у Будславе, вясновы абрад "Юр'еўскі карагод" у вёсцы Пагост і культура ляснога бортніцтва Беларусі.

Паводле СМІ.

З днём нараджэння Данута Янаўна

Данута Бічэль (нар. 3 снежня 1937, в. Біскупцы Лідскага павета Наваградскага ваяводства Польшчы) - беларуская паэтэса. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Купалы (1984) за зборнік вершаў "Дзе ходзяць басанож". Узнагароджана медалём. Займаецца грамадскай, літаратурнай, асветніцкай дзейнасцю.

Нарадзілася ў сялянскай сям'і. Скончыла Наваградскае педагагічнае вучылішча (1957), аддзяленне беларускай мовы, літаратуры і гісторыі Гарадзенскага педагагічнага інстытута імя Я. Купалы (1962). З 1962 года выкладала беларускую мову і літаратуру ў школах Гародні. Сябар СП СССР (1964). З 1982 загадчыца Дома-музея Максіма Багдановіча ў Гародні. Вядомая грамадская дзеячка, адна з арганізатараў і актыўных удзельнікаў суполкі Максіма Багдановіча. Была адным з ініцыятараў выпуску самвыдавецкай газеты "Рэанімова".

Пісаць вершы пачала ў школе. У друку выступае з 1958 (газета "Літаратура і мастацтва"). У вершах, арганічна звязаных з народна-паэтычнай традыцыяй, апявае Радзіму, жыццё вёскі, прыгажосць роднай зямлі.

Інтуітыўна, цераз жаночую эмацыянальную псіхалогію выходзіць да філасофскіх пачаткаў. Рэаліі свету для яе набываюць нейкую сімвалічную ўзаемазвязаную прадметнасць. Аднак, пры ўсім пры гэтым, Данута Бічэль - глыбока нацыянальная паэтэса.

Беларускае золата

Пляценне з саломкі: традыцыі і сучаснасць

Даследчыкі лічаць, што продкі беларусаў пачалі выкарыстоўваць салому як матэрыял для пляцення на мяжы II-I тысячагоддзяў да н.э. Тады саломапляценне ўваходзіла ў абрады, звязаныя з культам хлеба і ўрадлівасці. Адзін з найстаражытнейшых відаў саломапляцення - спіральнае пляценне. Яго тэхналогія досыць простая: пучкі саломы ўкладваюцца па спіралі і злучаюцца стужкамі з лазы, каранямі іглічных дрэў, ільнянымі ці канаплянымі ніткамі. Такі прыём дазваляе звужаць ці пашыраць аб'ём выраба, рабіць сферычныя ёмкасці. Цікава, што пластычнасць і залацісты колер саломкі даволі рана пачалі выклікаць асацыяцыі з золатам, а таму пляценне выкарыстоўвалася для стварэння царкоўнага ўбору. Напрыклад, у канцы XVIII - першай траціне XIX стагоддзя ў Беларускім Палессі (Драгічынскі і Кобрынскі раёны Берасцейскай вобласці) склалася лакальная мастацкая школа па стварэнні саламяных іканастасаў для праваслаўных цэркваў. Сёння два асобнікі іканастасных саламяных варот пачатку XIX стагоддзя захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь і адзін - у Гарадзенскім дзяржаўным гістарычна-археалагічным музеі-запаведніку. Царская брама іканастасаў палескіх цэркваў - гэта ўзоры саломапляцення высокай складанасці, вяршыня майстэрства саломапляцельшчыкаў Беларусі.

Да XIX стагоддзя ў Беларусі былі папулярныя саламяныя капялюшы. Лічыцца, што пляценне капялюшоў - спрадвечнае беларускае рамяство, якое развівалася самастойна і не падвяргалася ўплыву еўрапейскіх традыцый. Сёння саламяныя аксэсуары і галаўныя ўборы па-ранейшаму выкарыстоўваюцца як элемент нацыянальнага беларускага гарнітура на розных святах.

Новае жыццё старой традыцыі

Нягледзячы на складаныя гістарычныя падзеі ХХ стагоддзя, саломапляценне ў Беларусі квітнела: саламяныя рэчы прадаваліся на рынках, яны карысталіся попытам і ў сялян, і ў гараджан як арыгінальнае ўпрыгожванне традыцыйнага інтэр'еру.

У 1960-1980-я гады саломапляценне ў Беларусі выйшла на новы ўзровень, а яго папулярнасць ступіла за межы рэспублікі. Гэта было звязана з тым, што саламяныя сувеніры і дэкаратыўна-ўтылітарныя вырабы з саломы цяпер выпускаліся маштабна на фабрыках мастацкіх промыслаў у Берасці, Магілёве, Чачэрску. Да таго ж у гэты перыяд працавалі такія яркія майстры, як Вера Гаўрылюк, Таісія Агафоненка, Ларыса Лось, Лідзія Главацкая, Тамара Паўлоўская, якія пашырылі прыёмы выразнасці саломапляцення і стварылі асобны жанр анімалістычнай скульптуры. Народныя майстры працавалі пры падтрымцы мастацкіх фондаў Беларускай ССР і мелі магчымасць удзельнічаць у выставах на абласным, рэспубліканскім і ўсесаюзным узроўнях.

Нацыянальны здабытак

Сучасныя майстры-пляцельшчыкі ўмеюць ператвараць саломку ў непаўторныя шэдэўры. З іх рук выхо-дзяць вытанчаныя галаўныя ўборы: шапкі, капелюшы-брылі, какошнікі. Яны робяць рознае начынне: корабы, бочкі, кошыкі, скрыначкі. З саломкі плятуць цацкі і ўпрыгожванні. Некаторыя вырабы маюць сакральны сэнс, напрыклад, "жніўныя вянкі" ці "павукі" - калядныя падвескі з саломы.

У XXI стагоддзі патэнцыял саломапляцення як аб'екта гістарычна-культурнай спадчыны стаў відавочны. У 2017 годзе статус гістарычна-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь атрымала традыцыя вырабу саламяных "павукоў" у Быхаўскім раёне Магілёўскай вобласці, у 2019 годзе такім жа чынам была адзначана традыцыйная тэхналогія спіральнага пляцення ў Віцебскай вобласці.

Усяго адрозніваюць чатыры асноўныя віды мастацкай апрацоўкі саломкі: спіральнае пляценне, пляценне прамых і аб'ёмных пляцёнак, саламяная пластыка (аплікацыя), канструяванне з саломін ("павукі"). У мастацкім саломапляценні выкарыстоўваецца шырокі дыяпазон тэхналагічных прыёмаў. Гэта ўжыванне вітых і плоскіх пляцёнак, рамбічных уставак, жгуцікаў, касых зрэзаў, розныя перапляценні плоскіх саломінак, фармаванне аб'ёмных фігуратыўных вырабаў на адмысловым каркасе, спіральнае пляценне з саламяных джгутоў, сцягнутых вярбовай аплёткай ці шпагатам, і іншыя прыёмы апрацоўкі саломы і фармавання вырабаў, якія даюць магчымасць дамагацца багацці формаў і надзвычайнай дэкаратыўнасці твораў.

У XXI стагоддзі беларускае саломапляценне выходзіць на сусветны ўзровень. У 2020 годзе Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь сумесна з Беларускім універсітэтам культуры і мастацтваў падрыхтавалі намінацыю "Саломапляценне Беларусі: мастацтва, рамяство, уменні" для ўключэння ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА. У сакавіку 2021 года яна была прадстаўлена Сакратарыяту Канвенцыі па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА. Дассе Беларусі было разгледжана на 17-й сесіі Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якая праходзіла ў Марока з 28 лістапада па 3 снежня 2022 года.

"Саломапляценне Беларусі: мастацтва, рамяство, уменні" стала пятым беларускім аб'ектам у Спісе сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА. У ім ужо прадстаўлены калядны абрад "Калядныя цары" вёскі Семяжава, імпрэза ў гонар шанавання абраза Маці Божай Будслаўскай у Будславе, вясновы абрад "Юр'еўскі карагод" у вёсцы Пагост і культура ляснога бортніцтва Беларусі.

Захаванне і развіццё саломапляцення - адзін з прыярытэтных кірункаў дзейнасці дзяржавы па ахове культурнай спадчыны. У Беларусі на заканадаўчым узроўні рэгламентавана праца рамеснікаў і рамесных аб'яднанняў, забяспечана абарона іх правоў, і гарантавана атрыманне вадпаведных прэферэнцый, уключаючы падатковыя палёгкі і магчымасці розных заахвочванняў (прысуджэнні звання "Народны майстар" ці аўтарскія ўзнагароды).

Мастацкія практыкі саломапляцення з'яўляюцца жывой традыцыяй, якая бесперапынна ўзбагачаецца. У краіне наладжана сістэма навучання рамяству, перадача ведаў аб тэхналогіі апрацоўкі матэрыялу, пераемнасць мастацкіх традыцый.

Па ўсёй краіне дзейнічае сетка адукацыйных і культурных устаноў для дзяцей і дарослых, дзе можна навучыцца саломапляценню. Праводзяцца выставы і фэсты рамёстваў і народнай творчасці, у тым ліку конкурсы па саломапляценні ў рамках фэсту мастацтваў "Славянскі кірмаш" у Віцебску. Саломапляценне вывучаецца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтва, Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка, іншых навучальных установах краіны.

Дзяржаўныя музеі набываюць творы майстроў саломапляцення і фармуюць музейныя калекцыі. Найболей значныя калекцыі вырабаў з саломкі экспануюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі старажытнабеларускай культуры, буйных рэгіянальных музеях.

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, кафедры этналогіі і фальклору вядучых ВНУ краіны, а таксама рэгіянальныя цэнтры фальклору займаюцца ідэнтыфікацыяй, вывучэннем і прасоўваннем саломапляцення.

Беларускія творы з саломкі не маюць аналагаў у свеце. Яны з'яўляюцца нацыянальным здабыткам Рэспублікі Беларусь і адной з самых зыркіх формаў мастацкай традыцыі беларусаў.

Г. Н. Ходар, кансультант кіравання па ахове гістарычна-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

V Нацыянальны музейны форум

На мінулым тыдні прайшоў V Нацыянальны форум "Музеі Беларусі". Сёлета ў мерапрыемстве ўдзельнічалі 84 музеі краіны, а таксама госці з 12 музеяў Расіі. Адкрыў форум міністр культуры Беларусі.

Экспазіцыя "Мастацтва бачыць артэфакт", прадстаўлена на Форуме Лідскім гістарычна - мастацкім музеем.

Цэнтральнай часткай экспазіцыі стала праца В. Мурахвера, заслужанага дзеяча БССР, якая раскрывае тэму генацыду і халакосту ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

У рамках дэманстрацыйнай праграмы (прэзентацыі музеяў, экспазіцыйных і культурна-адукацыйных праектаў) на галоўнай сцэне форума супрацоўнікі Дзяржаўнай установы "Лідскі гістарычна-мастацкі музей" прэзентавалі ўрывак з цыклу музейных заняткаў "Згадкі з беларускай хаткі".

Па выніках V Нацыянальнага форуму "Музеі Беларусі":

- Музей Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы - 2-е месца ў намінацыі "За лепшае прадстаўленне музея на экспазіцыі форуму";

- Лідскі гістарычна-мастацкі музей - 3-е месца ў намінацыі "За навацыі ў музейнай дзейнасці" (за тэатр ценяў);

- Гарадзенскі гістарычна-археалагічны музей - 2-е месца ў намінацыі "За лепшпе музейнае выданне";

- дыпломамі ўдзельнікаў Форуму ўзнагароджаны: Гарадзенскі гістарычна-археалагічны музей, Гарадзенскі музей гісторыі рэлігіі, Музей-сядзіба М.К. Агінскага, Ашмянскі, Лідскі, Мастоўскі, Бераставіцкі, Смаргонскі, Дзятлаўскі, Слонімскі музеі!

ТК "Культура Лідчыны".

Памёр Вітаўт Кіпель

Беларускі інстытут навукі і мастацтва (БІНіМ) паведаміў, што 3 снежня адышоў на вечны спачын яго шматгадовы старшыня доктар Вітаўт Кіпель. Спадар Кіпель быў адной з ключавых фігур беларускай эміграцыі, якая захоўвала беларускасць у вольным свеце ў часы існавання "жалезнай заслоны", ён адзін з тых, хто арганізоўваў і накіроўваў інтэлектуальнае жыццё беларускай дыяспары. Яму было 95 гадоў.

Доктар Вітаўт Кіпель кіраваў БІНіМам на працягу 40 гадоў. Ён быў вядомым грамадскім дзеячам, даследчыкам гісторыі эміграцыі, геолагам, бібліёграфам, аўтарам, сярод іншага, знакамітых "Беларусаў у ЗША", а разам з жонкай Зорай Кіпель адзінай на сёння "Бібліяграфіі беларускага друку на Захадзе". Таксама ён - ганаровы сябра Беларускага ПЭН-Цэнтра і Саюза беларускіх пісьменнікаў, сябра Вялікай рады "Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына" і інш.

Нарадзіўся Вітаўт Кіпель 30 траўня 1927 года ў сям'і Яўхіма і Марыі Кіпеляў. Пасля арышту бацькі маці з малым сынам выехала следам за ім у Расію ў высылку (Налінск, Кіраў, Арол).

Кіпелі змаглі вярнуцца ў Менск толькі ў 1942 годзе. А ў 1944 годзе зноў сям'я была вымушана ехаць у выгнанне, гэтым разам на Захад. Такім чынам, у Беларусі Вітаўт Кіпель пражыў толькі восем гадоў свайго жыцця.

У пасляваеннай Германіі Вітаўт Кіпель скончыў Беларускую гімназію імя Я. Купалы ў Рэгенсбургу, вучыўся ва ўніверсітэце ў Цюбінгене. У Лёвенскім каталіцкім універсітэце ў Бельгіі здабыў ступень доктара мінералогіі. У сярэдзіне 1950-х перабраўся ў ЗША. У Нью-Ёрку ён ажаніўся з Зорай Савёнак, якая стала вернай спадарожніцай жыцця і аднадумцай.

У 1962-1963 гадах вучыўся ў Ратгерскім універсітэце (Нью-Джэрсі) па спецыяльнасці "бібліятэказнаўства".

Разам Кіпелі сабралі і сістэматызавалі найбагацейшую калекцыю эміграцыйнай беларускай перыёдыкі і друку, выдадзеных на Захадзе.

171 скрыня каштоўных матэрыялаў была перададзена на захаванне ў Нью-Ёркскую публічную бібліятэку. Гэты збор стаў асновай фундаментальнай працы "Беларускі і беларусаведны друк на Захадзе" - настольнай кнігі гісторыкаў эміграцыі і ўсіх зацікаўленых беларусістыкай.

Сам Вітаўт Кіпель доўгі час быў выканаўчым дырэктарам Даследчага цэнтра навукі і тэхналогіі Нью-Ёркскай публічнай бібліятэкі.

У 1972-1982 гг. ён займаў пасаду старшыні Федэрацыі беларускіх рэспубліканскіх клубаў, а ў 1974 годзе быў абраны старшынём Рэспубліканскай федэрацыі этнічных клубаў штата Нью-Джэрсі. У 1978-1982 гадах доктар Кіпель быў старшынём Этнічнай рады штата Нью-Джэрсі. Працаваў рэдактарам газеты нью-джэрсійскіх рэспубліканцаў "Heritage Review".

З 1982 года дзеяч займаў пасаду старшыні адной з найбольш уплывовых беларускіх навуковых устаноў замежжа - Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку.

Вітаўт Кіпель быў заснавальнікам і дырэктарам беларускіх фестываляў у Нью-Джэрсі (1976-1979).

Адным з найважнейшых акадэмічных унёскаў Вітаўта Кіпеля з'яўляецца праца "Беларусы ў ЗША", надрукаваная па-беларуску ў 1993 годзе і па-англійску ў 1999 годзе. Аўтар скрупулёзна збіраў інфармацыю пра беларусаў па кожным амерыканскім штаце. У 2018 і 2020 гг. кніга была сур'ёзна дапрацавана і перавыдадзена ў Менску.

Вітаўт Кіпель - аўтар кнігі ўспамінаў "Жыць і дзеіць", якая пабачыла свет у Менску ў 2015 годзе і дзе адлюстраваны перыпетыі жыцця беларусаў у ХХ ст., шляхі захавання нацыянальнай самасвядомасці і пашырэння беларушчыны.

Вечная памяць.

Навіны Германіі

Федэральны ўрад хоча палегчыць іміграцыю для кваліфікаваных кадраў

Кваліфікаваным спецыялістам з-за мяжы будзе прасцей прыязджаць у Германію. Федэральны ўрад прыняў асноўныя палажэнні новага закона

Берлін - Федэральны ўрад хоча істотна палегчыць іміграцыю кваліфікаваных спецыялістаў з-за мяжы з дапамогай новага закона. Планы, зацверджаныя федэральным кабінетам міністраў, прадугледжваюць спрашчэнне правіл уезду ў краіну і прызнання прафесійнай кваліфікацыі. Сярод іншага, мяркуецца, што для ахвотнікаў прыехаць у Германію ў пошуках працы з краін, якія не ўваходзяць у ЕС, будзе ўведзена адмысловая сістэма балаў.

Паводле планаў, замежныя спецыялісты, якія будуць ацэнены як кваліфікаваныя, у будучыні атрымаюць магчымасць працаваць таксама па спецыяльнасцях, якія практычна не маюць адносін да іх навучання. Напрыклад, механік можа быць прыняты на працу ў якасці складскога работніка, а жанчына-паліцыянт - у якасці афіцыянткі. Пры выдачы працоўнай візы ў большай ступені ўлічваецца прафесійны досвед. Прызнанне кваліфікацыі, атрыманай у краіне паходжання, не абавязкова павінна адбывацца да ўезду.

Урад уступае ў зусім новую вобласць з ідэяй падаць замежнікам з краін, якія не ўваходзяць у ЕС, магчымасць пераехаць у Германію для пошуку працы з дапамогай сістэмы балаў. Ва ўзгодненым дакуменце пра ключавыя моманты гаворыцца: "Крытэры адбору могуць уключаць кваліфікацыю, веды мовы, досвед працы, сувязь з Германіяй і ўзрост".

"Наша мэта - мець самае сучаснае іміграцыйнае заканадаўства ў Еўропе, таму што мы канкуруем з многімі краінамі за светлыя розумы і ўмелыя рукі, - сказаў у інтэрв'ю федэральны міністр працы Хубертус Хайль. - Тое, што мы атрымаем патрэбныя кадры, забяспечыць росквіт Германіі". Па яго словах, закон будзе прыняты ў наступным годзе.

Dpa Фота: picture alliance / Rupert Oberhаuser.

Федэральны ўрад хоча спрасціць натуралізацыю ў Германіі

Урад Германіі плануе рэформу закона пра грамадзянства. Апроч іншага, спрашчаецца працэдура натуралізацыі. Канцлер Шольц заклікае падтрымаць гэтыя змены

Берлін - Урад Германіі хоча зменшыць юрыдычныя бар'еры для натуралізацыі, а таксама актыўна прасоўваць нямецкае грамадзянства сярод замежнікаў, якія жывуць у Германіі працяглы час. Пра гэта абвясцілі канцлер Олаф Шольц і ўпаўнаважаны федэральнага ўрада па пытаннях інтэграцыі Лунаем Алабалі-Радаван на мерапрыемстве пад назвай "Германія. Краіна іміграцыі. Дыялог у карысць удзелу ў жыцці грамадства і ўзаемнай павагі".

"Дэмакратыя квітнее дзякуючы магчымасці людзей удзельнічаць у прыняцці рашэнняў", - сказаў Шольц. Таму, па яго словах, важна, каб пазіцыі насельніцтва і электарату не разыходзіліся занадта моцна. Канцлер сказаў, што ў бытнасць сваю першым бургамістрам Гамбурга ён заўсёды перажываў вельмі кранальныя пачуцці, калі браў удзел у цырымоніях натуралізацыі. Адносна адмовы ад грамадзянства краіны паходжання, якая дагэтуль як правіла была неабходнай умовай, Шольц сказаў: "Я ніколі не разумеў, чаму мы настойвалі на гэтым".

Федэральны міністр унутраных спраў Нэнсі Фезер (СДПГ) заявіла, што асабіста для яе важна спрасціць працэдуру натуралізацыі людзей з так званага "пакалення гастарбайтараў". Па словах міністра, для яе гэта было таксама пытанне справядлівасці. Паводле законапраекта Міністэрства ўнутраных спраў, грамадзянства павінна надавацца пасля ўсяго толькі пяці гадоў пражывання ў Германіі, замест цяперашніх васьмі гадоў. У выпадку "адмысловых дасягненняў падчас інтэграцыі", тэрмін прапануецца скараціць да трох гадоў - напрыклад, калі імігранты прадэманстравалі адмысловыя акадэмічныя або прафесійныя дасягненні ці высокую грамадзянскую ініцыятыву, ці калі ў іх маюцца асабліва добрыя моўныя навыкі. Дэталёвыя планы ўсё яшчэ абмяркоўваюцца ва ўрадзе.

dpa

Чатыры калядныя кірмашы ў Германіі з тых, якія адкрыліся сёлета

Кірмашы ў Дрэздане, Эрфурце, Любеку, Аўгсбургу, Майнцы і іншых гарадах, які адкрыліся ў панядзелак. Чаму іх варта наведаць і што паспрабаваць

Дзве зімы калядныя кірмашы ў Германіі былі часткова ці цалкам закрыты. Але ў лістападзе 2022 года знакамітыя нямецкія Weihnachtsmаrkte ізноў адкрылі свае дзверы.

Некаторыя калядныя кірмашы ў апошнія гады сталі больш камерцыйнымі, напрыклад, кірмаш на Патсдамскім пляцы ў Берліне. Але многія з іх па-ранейшаму захоўваюць традыцыйны характар, прапануючы мясцовыя далікатэсы ва ўтульнай атмасферы.

Вось чатыры галоўныя рэкамендацыі па асноўных кірмашах, пачынальна з 21 лістапада.

23 ЛІСТАПАДА - 24 СНЕЖНЯ

Streizelmarkt, Дрэздан

Streizelmarkt - гэта найстарэйшы калядны кірмаш Германіі ў "Фларэнцыі на Эльбе".

Рынак размешчаны ў цэнтры Дрэздэна і ўпершыню адкрыўся ў 1434 годзе. Streizelmarkt - гэта таксама дом для самай высокай каляднай піраміды ў свеце.

На кірмашы шмат традыцыйных прылаўкаў, але з іх можна вылучыць Dresdner Christstollen. Наведвальнікі могуць паспрабаваць знакаміты фруктовы каравай, які выпякаецца па традыцыйным рэцэпце з сухафруктамі, цукатамі, арэхамі, спецыямі і пасыпаецца цукровай пудрай. На Streizelmarkt таксама можна пракаціцца на гістарычным коле агляду і палюбавацца ўпрыгожанымі домікамі кірмаша.

Фота: Ugis Riba / Shutterstock.

24 ЛІСТАПАДА - 24 СНЕЖНЯ

Mainzer Weihnachtsmarkt, Майнц

Майнц нядаўна прызналі "самым дынамічным горадам Германіі". Але ён таксама можа пахваліцца займальнай гісторыяй і званнем аднаго з самых чароўных старых гарадоў Германіі.

На калядным кірмашы ў Майнцы наведвальнікі могуць убачыць упрыгожаную адзінаццацімятровую калядную піраміду, якая асвятляе ўваход. Усяго за некалькі крокаў ад яе, перад Готардскай капліцай сабора Святога Марціна, ззяюць выразаныя ўручную калядныя постаці ў натуральную велічыню.

22 ЛІСТАПАДА - 22 СНЕЖНЯ

Сярэднявечны і Калядны рынак, Эслінген

Сярэднявечны рынак і Калядны рынак у Эслінгене прапануюць гасцям вандроўку ў мінулае, дзе гандляры і рамеснікі дэманструюць тавары мінулых часоў.

На стэндах прадстаўлены вырабы алавяншчыкаў, муляроў, кавалёў, майстроў па вырабе мяцёлак і шкловыдзімальнікаў. На кірмашы ёсць і пацешныя тэматычныя тавары, такія як рагі для піцця і "зеллі" ў бутэльках.

21 ЛІСТАПАДА - 24 СНЕЖНЯ

Christkindlesmarkt, Аўгсбург

Christkindlesmarkt у Аўгсбургу была заснавана ў 15 стагоддзі і з'яўляецца адной з найстарэйшых кірмашоў у Германіі. Ратуша эпохі Адраджэння дапаўняе яркі калядны рынак. Апроч вялікай разнастайнасці прылаўкаў, якія прадаюць вырабы ручной працы і смачнасці, кірмаш Аўгсбурга таксама мае чароўныя асаблівасці. У тым ліку "Нябесную пошту" і "Казачную алею" - анімаваную казку ў дзесяці сцэнах усярэдзіне ўпрыгожаных вітрын крам вакол кірмаша.

Паводле СМІ.

СУБЯСЕДНІКІ

Сяргей Панізьнік

Сяргей Сцяпанавіч Панізьнік - беларускі паэт, журналіст, перакладчык.

Нарадзіўся 10 траўня 1942 года ў сялянскай сям'і ў вёсцы Бабышкі ў Мёрскім раёне Віцебскай вобласьці БССР. Скончыў Магілёўскую медыцынскую вучэльню (1962), факультэт журналістыкі Львоўскай вышэйшай ваенна-палітычнай вучэльні (1967).

З 1967 года - ваенны журналіст. Сябра Саюзу пісьменьнікаў Беларусі(1967). Знаходзячыся на службе ў Савецкім Войску ў верасьні 1969 года быў накіраваны ў Чэхаславаччыну.

З 1977 года працаваў у газеце "Вячэрні Мінск", з 1980 гада - рэдактар на Дзяржтэлерадыё БССР, у 1982-1996 гадах - у выдавецтве "Юнацтва", адначасова ў 1992-1994 гадах - у Нацыянальным навукова-асветніцкім цэнтры імя Ф. Скарыны, у 1996-1999 гадах - навуковы сакратар Літаратурнага музея Я. Купалы.


Радзіма ў слове ёсць,

Пакуль вы з намі,

Купалы неба,

Коласа зямля.

Рыгор Барадулін.

У творчых бяседак удзельнічаюць аўтар пад пазнакай / - /, і яго субяседнік пад пазнакай / + /.


х х х

- Скажыце, а хто жыве ў жыце?

+ А гэта - Жыцень!

- З ім падружыце і не тужыце,

ласкаю абкружыце і старажыце…

З ім Памяць асвяжыце,

чужым не давайце,

з ім выспявайце!

+ З памоста на аванпост:

адразу пойдзем у рост!

х х х

- Шлюб - шляя, ці почап?

+ І не матавіла!

- Дзеўка замуж хоча.

Кажа ля кадзіла:

"Толькі ў Бога сіла!"

х х х

- Усёй гамэрняй на мяне?

+ Цябе і кій мой не міне…

- Запалі хутчэй лучынку

для адчайнага ўчынку!

х х х

- Не макаў у пюрэ я пяром…

+ Ты стылом верш паслаў на паром?

- Сплыў бы ў Дрысу, а там Антон-гром…

+ Рвецца ў вершы твае напралом?

х х х

- Чаму Тунгус круціў мне вус?

+ Каб стаў шляхетным беларус!

- І каб змяніў на стол абрус?

+ А генералісімус - свой курс!

х х х

- Ля відэльцаў косці

пакінулі госці…

+ А сыйшлі ягамосці--

і сядзіба ў млосці.

- Ох, сабака ў злосці…

х х х

- Да каўбас ёсць толькі квас…

+ Ох, пакрыўдзіш ты ўсіх нас….

- У суседа чуцен бас…

+ Падламаў яго абцас?

- Закусон дае не ў час…

х х х

- Адкінуць пархі - і сканаць?

+ Аддаць канцы - яшчэ не знаць,

хто будзе свечачку трымаць…

+…І хто ўсіх нас прыпамінаць.

х х х

- Адна душа - на два каўшы.

Усё былое - ў поўненькім

+А над пустым вятры-стрыжы,

дзе сам ты стаў ахоўнікам,

ды не слаістага лаўжа,

а будучыні-пространі…

- Хай стане поўніцай душа,

калі запоўню ростані.

х х х

- У скамечанага вечара

ёсь і такое лечыва -

уздых: - Вады!

+ Няма хады

далей грады?

Дай лататы…

Такой бяды…

- Дзе свечачка сустрэчная -?

Я ж - малады!

(Даць лататы - даць драпака.)

х х х

- Нельга часта частавацца

і гасцінцу пакланяцца…

+ І на кліч не азывацца?

- Нельга часта адлучацца,

каб гуляць у падшыванца…

+ Хто чакае - не блукае,

адхіляе свалату.

- О, то хай на гібкай кладцы

разгайдае ён бяду,

напрамкі на свет пайду!

х х х

- Крэкча гультаёк нядзельны:

"Вам прывет мой абнадзейны!"

+ Надакучлівы свой тост

перадай казе пад хвост!

х х х

- Прастылай новай раніцай

дзень свежы не параніцца.

+ Ты ведаеш, што браць,

каб грэлася каленца

і гаспадынькі сэрца.

- Ёй радасць мне вяртаць,

сугрэвам думак стаць.

х х х

- Зноў пратопалі сустрэчныя…

Помню гнуткія парэнчыны.

Калыхала рэчка быстрая,

зараджала Волта пырскамі…

+ Годы мчацца, абдымаюцца,

за парэнчыны трымаюцца.

х х х

- Мая суседачка Выява

так пахваліла: - І Вы - ява!

+ Лагодных позіркаў праява:

ажно становіцца мне млява…

- Учынак той - натхнення з'ява.

Таму і складзена заява:

"Той, хто працуе "на халяву",

не будзь падобны на казяву!"

+ Цалуй суседку, не раззяву!

х х х

- Радзіўся "ў роўную пару"!

+ І ты - узняўся на гару?

- Няўдачы скочылі ў нару…

+ З"явілася на галінцы краска?

- У "роўную пару" каханне - ласка!

х х х

- Пад падушкай "ні шаша"…

Шэпча шарая душа:

"Ты падобны на глыжа…"

+ Цыркну з поўнага Каўша:

"Будзь ты мне за Талаша!"

(Коўш - сузор"е ў паўночнай частцы зорнага неба..

Дзед Талаш /25.Х!!.1844-23.У111.1946/)

х х х

- Рунь - схавалася варона.

Юр'е - зелянее крона.

Час *пайсці пад жыта* і гукаць вясну.

+ Я з Дзядамі і Ярылам -

чарадзеем белакрылым

крыламі ўзмахну…

- Я да саменькага ранку лягу ў баразну…

х х х

- Сусед з суседам ладзіць

і да стальніцы гне…

+ Мо кій на кій - завадзіць,

абед з абедам - не!

х х х

- Закінь назад , і знойдзецца - наперадзе…

+ А ваша шчасце дзе ?

- Шукаю і не ў пустынным нераце.

Убачыце мяне - находцы вы паверыце!

х х х

- Ёсць сястрыца - не сварыцца…

+ Ёсць капліца - памаліцца.

- Ёсць у домніцы карытца,

дзе выварваецца крыца

+ І каваль, каб маладзіцца,

хоча крыцай пагаліцца…

- Нам каваць -каб не скарыцца!

(Крыца - жалезная нарыхтоўка, якую выварвалі з чугуну ў плавільнай домніцы).

х х х

- Там Шлях відзён,

дзе Сцягі дзён

і сам душою маладзён!

+ І мы - няўлоўны легіён,

каб Сцягі ўзняць на бастыён.

- Паверыў я, што Мова - Плён.

Без Мовы трапім у палон.

х х х

- Кубел мудрасці адкрыўся

для сівога Гуся:

*З галавой не дагаварыўся, -

і да ног ня сунься!*

+ Стукне Гусь у звонкі кубел,

слоў набраўшы ў глотку:

*Я з Гусыняй сяду ў лодку:

паміж ног і галавою буду пасяродку"

х х х

- Спіць стоячы, на адной назе…

+ Такое не ўдаецца і Казе.

- Прашу: няхай не кружыца Зямля,

а то саскоча Поўня з Жураўля.

(Журавель - падымач над студняй).

х х х

- Не хмялею, а мялею.

Болей вып'ю - акалею.

У глытку чарговым - ноч:

веташок плыве наўзбоч.

+ Анямеўшы, агалеўшы, -

і не ўспомніш: хто ты, дзе…

Ночка ўбачыць, Ветах з'еўшы:

воддаль водмель… КОРЧ плыве.

х х х

- Страха страху не вісіць!

+ Нарэшце…

+ Ком на рэшаце…

Насіць?

- Нарэжце…

х х х

- Ні туды, ні сюды…

А куды?

+ Па дарозе ідзі без нуды!

- Добра бегчы, пакуль малады.

+ Вёскі зніклі. Паўсюль гарады.

- А фальклор без гулянак - худы…

х х х

- Ён крычаў бясконца:

"Выпівай да донца!"

+ Не схаваецца скарынка:

ў нагавіцах ёсць шырынка.

- Як завецца яна ў турка?

+ Мой сусед назваў: кятурка.

( У літоўскай мове keturka )

х х х

- Косьці ў бэйбуса зайграюць,

то худзягу чым караюць?

+ Пасля лазні на душку

яго не зловіш і ў мяшку!

х х х

- На мяне панёс прахвост:

"Не паправіў казе хвост…"

+ Ну а хто там у лазе

выкрутасамі трасе?

- Мо Квактуха скарб нясе…

х х х

- Бедны гаруе,

што "кіем" не ўкіруе…

+ А багаты тужыць,

што "кій" яму не служыць.

х х х

- Былі дзянькі ашчадныя,

былі часіны чадныя.

+ Чуў, як Мудры

ад лахудры

адбіваўся, з"еўшы путры:

"Не вучы вучонага -

з'еш аўсу таўчонага!"

- Ох, не знала шлюха наша,

што такое путра-каша…

(Лахудра - шлюха; путра - забеленая каша з аржаной мукі.)

х х х

- Так-так-так! Напружвай грудзі:

разам пойдзем на палюддзе

+ Ператакаваць не буду,

а то раніцу забуду

- Не паснедаўшы - заблудзім,

не ўзгадуем ласку людзям.

+ Так-так-так! Любоў дабудзем!

На палюддзі скарб увудзім!

(Палюддзе - збор даніны.)

х х х

- З"елі яешню -

пайшлі на палешню.

+ А ваўчаняты-парнісцікі

пахаваліся пад лісцікі.

(Палешня - паляванне, парнісцікі - блізняты.)

х х х

- Няма чаго рабіць.

Куды сябе падзець?

Жыццё перасядзець,

гузы каб не набіць?

+ А клопат загубіць -

любоў не прытуліць

і люстрадзён разбіць,

сябе не разглядзець…

- Тады Сусвету ніць

пачне ў цябе слабець.

х х х

- Ліліпуты-шалапуты

раскруцілі свае путы.

+ Тыя путы для пакуты

- Ліліпуты,

з намі - гуды!

+ І таму мы ладзім цуды!

(Гуды - беларускамоўнае насельніцтва на памежных зонах. Гуды - майстры-умельцы, слаўныя ў бітвах.)

х х х

- Эх, жылі дуронікі

і складалі "Хронікі".

+ І куды падзелі

беларусаў дзеі?…

х х х

- Не журы

мяне "Журы":

у сваёй я кажуры.

+ Знаем, як аблупленага,

для надзей не згубленага.

х х х

- Дукрыць - гэта не дурэць:

паднябенне словам грэць.

+ Вяпла, бэшла і раскол

страпянуцца: шась пад стол…

- Кіну я іх на пабойню.

Ну а жлукту і лахудру

не ў лядоўню -

жлукціць путру…

+ Каб і звяга, шкарадзь, шляйка

ведалі: баслуй, як лялька.

х х х

- Шавыр-шавыр па панадворку…

А пачуў ты мой ускрык?

+ Ты дагары нагамі - брык,

але ўчапіўся мне за шворку…

х х х

- Гора

не ад кагора -

ад нецвярозага Рыгора.

+ Ён пярэчыць: "Не магу…",

а нап'ецца "у дугу"…

- Як зноў вып'е - вохне,

і апошні певень здохне.

х х х

- Гром грыміць - зямля трасецца,

на мяне Пярун нясецца.

+ Твой Пярун

ды не пярдун:

у яго сямнаццаць струн!

- З ім змагу я скарб урваць,

не збаюся станцаваць,

да спадніцы

прышчаміцца…

+ Людзі скажуць: "Гром грыміць!

Ля цябе Пярун пасецца.

- Вось чаму Зямля трасецца.

х х х

- Цікава:

тут кісель, ці кава?

+ А ты вочы не казель, раззява…

- Бачу: па цябе паўзе казява…

х х х

- Недавярак, ахламон,

слепіньдзя, аборвыш…

+ Гультая не выгнаць вон,

пакуль не накорміш…

(Ахламон - непрыемна апрануты, лянотны, дурненькі…)

х х х

- Стукні ў карак ахламону,

гіцалю і неўгамону,

бо прайдохі, лотры, лярвы

мне напялі капіляры.

+ Будуць лысіны і пяты

зноў прызыўкамі напяты.

- Абзыванкі - не вянкі,

эпітэтаў камякі.

х х х

- Выпіў грамадзянін

раніцою грам адзін.

Думаў: гэта ж лечыва -

і сто грамаў выпіў вечарам.

+ Поўзала істота гнуткая…

Выратавала "Хуткая".

х х х

- Наеўся хлеба -

і што старэнькаму трэба?

+ Тры дошкі -

і зверху трошкі,

каб свіцілася неба.

х х х

- Пахваліўся Піжон:

"Я не лезу на ражон!

Душу я ўзяў пад пяткі,

душу яе без аглядкі…

+ Ведаю яго, аблупленага:

і прададзенага і купленага.

х х х

- У кулак трубіць не будзем.

Дайце хлеба мне і студзень

Каб уволечку пад'есці,

можна і панцак паднесці…

+ Едакі не лайдакі!

Ім не зубы на паліцу,

а уёдаваць курыцу.

На затычынку -

індычынку,

а субіну каўбасы - на спіцу…

+ О, сусед! У стол не ўткніся,

бо так, бывала, наясіся,

што хоць на пупіку круціся!

(Трубіць у кулак - галадаць. Субіна каўбасы - адрэзак.)

х х х

- Там, дзе справы куцыя -

ходзіць Экзекуцыя,

стогне Канстытуцыя;

сонная Юстыцыя -

мерзне Інвестыцыя.

+ Думае Петыцыя:

"Трэба Рэпетыцыя.

Ажыве Кандыццыя -

будзе Інгаляцыя.

Там, дзе Варыяцыя,

ажыве і Нацыя".

- Каму ў шчасце верыцца -

на Радзіму вернецца!

х х х

- Не замежная,

а заможная.

Не сумежная -

падарожная

+ Прыналежная -

не парожняя.

Непарушная

і не скрушная.

- З кожнай вестачкай

асцярожненька,

як нявестачка

ідзе пожанькай…

+ Мову зоўную

даў нам Божанька.

ПАСЛЯСЛОЎЕ

Спадзеву надае надзвычай багатая дыялектыка нашай мовы, якая далёка не вычарпана. Асабліва на поўначы Беларусі, у рэгіёне старой крывіцкай цывілізацыі, дзе наш этнас найменш размыты.

Арсень Ліс.

Радзіма - гэта Рух народа па сваёй зямлі з глыбінь стагоддзяў да жаданай будучыні.

Аляксей Талстой.

Скарбы каралевы Алены

Ад перакладчыка: гэты рэдакцыйны артыкул, верагодна, напісаў Людвік Абрамовіч.

Вялікі князь маскоўскі Іван ІІІ быў ініцыятарам частых наездаў і пагранічных інцыдэнтаў з Літвой. У змове з татарамі ён арганізоўваў збройныя выправы, рабаваў і паліў вёскі і гарады і нават забраў некалькі пагранічных паветаў. Таму вялікакняскі літоўскі двор вырашыў праз шлюб зрабіць з ворага спакойнага суседа. Вялікі князь Аляксандр пачаў дабівацца рукі дачкі Івана Алены. Перамовы ішлі цяжка, бо абодва бакі бачылі гэтую справу выключна палітычнай.

Маскоўскія ўмовы былі не толькі вельмі цяжкімі, але і наўпрост былі накіраваны супраць самой княжны. Яна мела быць бязвольнай прыладай палітыкі свайго бацькі. У выпадку, калі яна выходзіла замуж за Аляксандра, Алена не толькі павінна была захаваць сваё веравызнанне, але ёй забаранялася стаць каталічкай, нават калі яна сама гэтага пажадае. Таму нікога не магла здзівіць умова, што дзе б яна не жыла, яна павінна мець у сваім двары ці замку праваслаўную царкву (не капліцу!) для адпраўлення набажэнства. Гэтак маладой жанчыне была наканавана цяжкая і няўдзячная роля апосталкі праваслаўя на захадзе.

А палітычная роля? З гэтага часу пад яе выключнай апекай будуць знаходзіцца ўсе праваслаўныя на землях ВКЛ, прычым яна павінна была пільнаваць - не маючы ніякай выканаўчай улады - каб іх колькасць не памяншалася, а наадварот расла. Уся жаночая частка двара Алены павінна была складацца з праваслаўных баярынь і нават уся прыслуга павінна была быць грэцкай веры. Кожнае парушэнне гэтай шлюбнай дамовы ў вачах Івана Васільевіча будзе дастатковай нагодай да пачатку ваенных дзеянняў супраць новай айчыны Алены. Трэба толькі ўдумацца ў гэтыя небывалыя ў сваім родзе ўмовы, каб зразумець ўвесь трагізм маладой княжны, якая пакінула крамлёўскія церамы і прыехала ў такую чужую для яе Літву, дзе сутыкнулася з жахамі жыцця, поўнага фальшы і здрады, якія бацька прыгатаваў сваёй "любімай" дачцэ ў новай айчыне.

Знаходзячыся ў цяжкай сітуацыі, вялікі князь Аляксандр быў прымушаны згадзіцца на такія цяжкія і нават недарэчныя для ўнука Ягайлы ўмовы. Можа, ён меў надзею, што такім чынам атрымае спакой у стасунках з Масквой, з якой яму было цяжка змагацца ўласнымі сіламі.

Аляксандр адразу адчуў моцнае расчараванне. Шлюб з Аленай адбыўся ў 1495 г., аднак ён не прынёс такога патрэбнага для Літвы спакою з Масквой. Перад усім Іван Васільевіч не заплаціў запісанага ў дамове пасагу, і Алена прыбыла ў Вільню, не маючы нават патрэбнага адзення, якое ёй быў вымушаны купіць малады муж, каб яна не кампраметавала вялікага князя, бо сама стала ўжо вялікай літоўскай княгіняй. Ведаем, што тагачасны віленскі двор не быў яшчэ надта багатым і пыхлівым, якім стаў потым. Іван, не зважаючы на ўсё гэта, адразу пасля шлюбу пачаў засыпаць Аляксандра скаргамі на тое, што яго дачцэ ў Вільні робіцца вялікая крыўда. Увесь час у Вільню з Масквы прыязджалі розныя паслы, нястомна імчаліся ганцы са скаргамі на тое, што да гэтага часу ў віленскім замку не пабудавана праваслаўная царква, і таму княжна мусіць хадзіць у гарадскую царкву, на тое што яе шлюб адбыўся не ў царкве, а ў катэдральным касцёле, што літоўскія дваране не маюць належнага шанавання да праваслаўя, што прымацаваныя да Алены фрэйліны - каталічкі, і інш. Уступчывы Аляксандр на ўсе гэтыя крыўды і скаргі адказваў з вялікай ветлівасцю, якая межавала нават з пакорай. Як з рогу багацця на Івана сыпаліся каштоўныя і вялікія дары, а шчодрасць да Алены не мела межаў. Таксама вялікія падарункі атрымлівалі амбасадары і пасланцы Масквы, якія былі прыстаўлены Іванам сачыць за дачкой і даносіць у Маскву. Аднак усё гэта было дарэмна. Іван ІІІ не меў сентыментаў і толькі шукаў нагоды для прычэпак. Узурпаваўшы сабе тытул цара ўсёй Русі, уладар Масквы толькі чакаў часу, каб па яго разуменні атрымаць праўныя падставы дамагацца беларускіх тэрыторый, што і прывяло ў 1500 г. да вайны Івана разам з татарамі супраць Літвы. Але мы адышлі ад нашай тэмы трагедыі жонкі караля Алены.

Шлюб Аляксандра з Аленай маскоўскай пахаваў усе надзеі і не прынёс шчасця Літве. І хто ведае, дакуль завялі б Івана яго хітрасць і каварства, калі б не важныя палітычныя падзеі, якія нечакана спынілі далейшыя інтрыгі Масквы. Адной з такіх падзей было стварэнне Польшчай шырокай антытурэцкай лігі, другой - нечаканая смерць ад апаплексіі караля Альбрыхта, якая зрабіла вялікага князя ВКЛ Аляксандра яшчэ і польскім каралём. Тое, што не зрабіла шчодрасць і дыпламатычнасць Аляксандра, хутка зрабіла калектыўная моц. Аднак калі ў Мельніцкім акце польская шляхта адмовілася падтрымаць караля ў яго барацьбе з Масквой, Іван Васільевіч не марудзіў з выкарыстаннем выгаднай кан'юнктуры і высунуў новыя прэтэнзіі да зяця: Аляксандр сам каранаваўся на польскі трон, але не каранаваў сваю жонку. Відочна, Іван не жадаў зразумець таго, што польскае права не дапушчала каранацыі асоб, якія не належалі да рымскага касцёла. Наогул, праваслаўная Алена ў доўгім спісе польскіх жонак польскіх каралёў была асобай незвычайнай і адзінай такой з'явай.

Вядома, што Аляксандр зрабіў у Вавелі для жонкі грэцкую капліцу, дзе адбываліся набажэнтвы і ўсходнія спевы праваслаўнага духавенства разыходзіліся па ўсіх каралеўскіх мурах, якія стылёва належалі да эпохі сярэднявечнай готыкі. Гэта моцна раздражняла польскіх магнатаў і настройвала іх супраць Аляксандра і Алены. Кароль загадаў дваранам тытулаваць яго жонку каралевай і тое ж прасіў у вышэйшых дзяржаўных дастойнікаў, таму, з бегам часу, да такога тытулавання прызвычаіліся, і яно ўвайшло ў звычку. Аднак уся сям'я караля ў душы была супраць гэтага. Незадаволены ўсім гэтым маскоўскі ўладар няспынна настройваў сваю дачку супраць яе новай радзімы, намаўляў яе ўвесь час патрабаваць ад мужа пасадаў, бенефіцый і кляйнотаў. Казаў, што пасля смерці мужа, Алена нічога не атрымае ад дзяржавы, бо некаранавана як каралева. Каб яго навука і парады не прайшлі марна для дачушкі, клапатлівы Іван штогод прысылаў да яе новых духоўных асоб, якія з аднаго боку павінны былі трымаць Алену пад уплывам бацькі, а з іншага, як шпіёны павінны былі цікаваць за ўсім і даносіць у Маскву. Як бачым, на долю Алены не выпаў лёс са звычайнымі для яе становішча дварцовымі інтрыгамі, а выпаў выключны лёс, які вымагаў ад яе нязвыклага маральнага гарту.

Алена знаходзілася паміж молатам і кавадлам, яе душыла крывадушнасць і фальш. Яна баялася прама выступіць супраць волі свайго бацькі, перад якім дрыжала з дзяцінства. Але розум, а можа і сэрца, схілялі маладую жанчыну ў бок мужа, караля Аляксандра, які быў добры да яе і, вагаючыся, тым не менш выконваў нават яе празмерныя жаданні. Бясспрэчна, у Алене ішла цяжкая ўнутраная барацьба, калі па загадзе бацькі яна была прымушана рабіць нешта такое, што не прымала сэрца, сумленне і доўг, і неаднаразова яна атрымлівала загад выступіць супраць мужа і новай айчыны. З бацькоўскага дома яна не атрымала нават пасагу, а ад мужа мела шмат багатага, вышытага золатам адзення, каштоўныя футры, цудоўныя шпалеры з тканіны, цэлыя штукі парчы і турэцкай тканіны, мноства высакаякасных кляйнотаў і шмат рознай маёмасці. Маскоўскі церам не выхаваў Алену да самастойнага жыцця, не прыгатаваў да ролі жонкі манарха вялікай заходняй дзяржавы. Што ж яна магла зрабіць у той страшэннай сітуацыі, якая стварылася вакол яе? Не раз яна па-жаночы, нясмела, жалілася ў лістах да бацькі, пра тое, што ён занадта верыць шпіёнам, што ніхто яе не прымушае змяніць веру і ніхто тут не прыгнятае праваслаўны народ. На такі сардэчны ліст дачкі Іван звычайна адказваў рэзка, абвінавачваючы яе ў няпраўдзе: "Ты, дачка, у сваім лісце шмат і недарэчна да нас пісала - не павінна ты была пісаць такія рэчы. Пісала нам, што быццам табе ў грэцкай рэлігіі не было ніякага прымусу ад мужа. Гэта няпраўда, нам добра вядома, што твой муж нядаўна да цябе пасылаў "адшчапенца" ад грэцкага закона - смаленскага ўладыку, а таксама епіскапа смаленскага і манахаў-бернардынаў, каб ты прыступіла да рымскага закона - не да цябе адной пасылаў, да цэлай Русі, якая трымаецца грэцкага закона, каб навярнуць ў рымскі закон". І што павінна была рабіць Алена з такім шалёна ўпартым чалавекам? Ён бачыў толькі тое, што адпавядала яго планам.

Такі цяжкі і напружаны, напаўваенны стан яе жыцця цягнуўся гадамі, ажно да смерці Івана ІІІ у 1503 г.

Калі трон перайшоў да сына і роднага брата Алены Васіля, адбылося невялікае паляпшэнне, якое, аднак, хутка закончылася. Васіль Іванавіч слепа прытрымліваўся палітыкі свайго бацькі і няспынна ціснуў на сястру, каралеву Алену, каб яна ні на крок не адступала ад праваслаўя, павыганяла з свайго двара каталічак і атачыла сябе праваслаўнымі, бо і сапраўды, у Літве хапала моцных радоў грэцкай веры. І Васіль дабіўся таго, што не змог зрабіць яго бацька - дайшло да таго, што ўвесь двор Алены пачаў складацца з маскавітаў і маскавітак, хаця жонкі літоўскіх баяраў не ўхіляліся ад Алены. Жывучы сярод так ненавіснага ў Літве і Польшчы атачэння, Алена страціла сваю першапачатковую прыхільнасць да абодвух народаў, звыклася з новым атачэннем і ўсё больш падпадала пад уплыў свайго брата Васіля.

Гэта выявілася падчас цяжкай хваробы Аляксандра ў Вільні, калі Алена ўспомніла бацькоўскі запавет збіраць маёмасць і скарб на выпадак свайго ўдоўства. Пачала тады складваць каштоўныя рэчы, якія атрымала ад мужа, у некалькі вялікіх скрыняў і схавала свае скрыні ў віленскіх бернардынаў. Законнікі, кіруючыся сваімі прынцыпамі, напачатку не жадалі прыняць яе дэпазіт, і трэба было прыкласці шмат намаганняў, каб, спасылаючыся на волю Аляксандра, які быў асаблівым дабрадзеем ордэна, яны прынялі скарб пад сваю пільную апеку.

У 1506 г. у Вільні памёр кароль і вялікі князь Аляксандр, ён быў пахаваны ў склепе мясцовай катэдры. Вялікім князем абралі брата памёршага - Жыгімонта, які хутка быў абраны і каралём Польшчы. Адной з яго першых спраў стала шчодрае і багатае забеспячэнне ўдавы караля. Па жаданні Алены, яе сталай сядзібай стала месца далёкае ад Кракава і нават Вільні, але блізкае да такой мілай для яе маскоўскай мяжы. Гэта жаданне магло выклікаць падазрэнне, бо дазваляла лёгка падтрымліваць сувязь з царом Васілём і Масквой, але каралеўская сям'я згадзілася і на гэта. Кароль Жыгімонт І прывілеям ад 04.01.1507 г. забяспечыў будучыню сваёй братавой пажыццёвым наданнем ёй замка Бельск разам з гарадамі Суражам і Бранскам з валасцямі вакол гарадоў, з усімі даходамі, якія давала гэта маёмасць: "І са ўсімі баярамі і службамі путнымі, і людзьмі цяглымі, і даннікамі Бельскага павета, і з іх усімі землямі, і з данню грашовай, мядовай, баровай, кунічнай, і з копшчынамі, і з мытнымі грашамі, і з чыншам". З гэтага надання кароль выключыў толькі не вельмі значны даход з вайсковай каморы ў Бельску, неабходны для патрэб ВКЛ. Жыгімонт такім чынам жадаў забяспечыць спакой на межах ВКЛ і прыхільнасць цара Васіля.

Паменшыўшы па парадзе цара свой двор, Алена пачала збіраць капіталы. Для каго? Ніхто гэтага не ведаў бо аўдавела яна бяздзетнай, і гэта толькі падвышала самотнасць жанчыны.

Гэтак прайшло некалькі гадоў. Удава караля цалкам самотна жыла ў сваім Бельскім замку. Вяльможаў з Літвы, Русі ці Польшчы, якія яе наведвалі, прымала вельмі рэдка і выразна без ахвоты, таму ад яе хутка ўсе адсунуліся. Толькі праваслаўная ліцвінка княжна Заслаўская, таксама з роду Рурыкавічаў і нават далёкая сваячка Алены, засталася разам з удавой. Увесь астатні двор Алены, па традыцыі, складаўся з радавітых маскавітаў.

Дзякуючы такому свайму атачэнню, Алена заўсёды мела аднабаковую інфармацыю і таму радыкальна памяняла свае першапачатковыя ўяўленні і нават свой характар. У першыя гады замуства яна была, з-за добрага сэрца, агульнапаважанай жанчынай, была прыязнай да свайго мужа і новай айчыны і заўсёды бараніла Аляксандра ў лістах да бацькі. Зараз усё змянілася. Іван, пагражаючы дачцэ божым неблагаславеннем і бацькоўскім пракляццем, змог разбудзіць у ёй крайні эгаізм. А пасля смерці мужа яна адчула сябе ў Літве цалкам чужой а з бегам часу стала хцівай на грошы. Колькасць скрынь з каштоўнасцямі, якія яна дэпанавала ў віленскіх бернардынаў, паступова павялічвалася да чатырнаццаці.

Маючы дзіўны давер да бернардынаў-лаціннікаў, а не праваслаўных чарняцоў з цэркваў Св. Тройцы ці Св. Духа ў Вільні, Алена часам рабіла інспекцыю каштоўнасцям і сачыла за тым, каб усе скрыні з некранутымі пячаткамі былі на месцы. Калі падскарбі Алены прыязджаў для кантролю, ён для гэтага напачатку мусіў атрымаць дазвол ад гвардыяна, а зрабіўшы кантроль, пакінуць гвардыяну распіску.

Пасля пэўнага зацішша справа Алены зноў стала актуальнай. Для Жыгімонта, які знаходзіўся ў Вільні, новае маскоўскае пасольства стала цалкам нечаканым. Пасольства пажалілася каралю на тое, што каралеву Алену, нягледзячы на яе ўдоўства і спакойнае жыццё ў Бельску, усе роўна намаўляюць да пераходу ў лацінскі абрад і пераследуюць за грэцкае веравызнанне.

Перад усім Васіль шукаў casus belli, повад да вайны, да якой Масква вельмі рыхтавалася. Кароль Жыгімонт на маскоўскія закіды адказаў, што ўжо даўно не думае пра навяртанне Алены і з яго акружэння гэта таксама нікому не трэба. У канцы аўдыенцыі маскоўскі пасол папрасіў дазвол наведаць Алену на адваротным шляху, і кароль з задавальненнем гэта дазволіў. Хутка пасольства выехала з Вільні.

У Бельску Алена з вялікай радасцю і задавальненнем прыняла маскоўскае пасольства. Відочна, што, акрамя выказвання павагі дачцэ Івана, маскоўскі пасол меў яшчэ і іншыя намеры і прасіў Алену дазволіць размаўляць з ёй адзін на адзін. Удава караля прызначыла яму дзень, гадзіну і месца ў адной з праваслаўных цэркваў Бельска. Каб ніхто не падслухаў, узяла з сабой толькі княжну Заслаўскую. Пакінуўшы яе ў царкве, сама выйшла на прылеглае поле (могілкі?) і там, на адлегласці ад людзей, мела з паслом вельмі важную размову, якая датычыла жыццёвых інтарэсаў як Літвы і Польшчы, гэтак і Масквы. Яна паведаміла паслу, што вырашыла пакінуць Літву і назаўсёды вярнуцца ў Маскву. Што датычыць яе скарбаў, схаваных у кляштары віленскіх бернардынаў і ў розных замках, дык яна жадала патроху перавезці іх у Браслаў і перадаць свайму брату цару Васілю, каб той меў дастаткова сродкаў для вайны з Літвой і Польшчай, якія яна зараз ненавідзіць усёй душой, бо памятае, як яе не дапусцілі да каранацыі, памятае, як яе не ўспрымалі і стараніліся. Мала таго, Алена жадала, каб брат Васіль, на чале шматтысячнага войска нечакана напаў на Браслаў і перавёз яе скарб у Маскву. Пры гэтым захапіў пажыццёва аддадзеныя ёй воласці і замкі і адлучыў гэту вялікую тэрыторыю да Масквы. Перадаўшы ўсё гэта паслу, адпусціла яго дадому.

Зараз цяжка зразумець, ці нарадзіўся гэты праект у галаве Алены, ці быў ёй падсунуты кімсьці з маскоўскіх дваран ці духавенства, якія яе атачалі. Аднак ён моцна абурыў яе сяброўку княжну Залескую. Хоць яна і была праваслаўнай з Рурыкавічаў, але адчувала сабе ліцвінкай у сэнсе прыналежнасці да дзяржавы і не толькі не была здольнай удзельнічаць у планаванай здрадзе, але і жадала каб на яе не ўпала нават цень міжвольнага ўдзелу ў гэтай акцыі.

Што было ёй рабіць? Пра ўсё княжна паведаміла Аляксандру (Альбрэхту - Л. Л.) Гаштольду, які знаходзіўся ў гарадзенскім замку. Вельмі амбітны і казачна багаты, гэты магнат марыў [...] калі не пра каптур вялікага князя, дык, як найменей, хацеў вылучыць з Літвы для сябе нейкае ўдзельнае княства са сталіцай ў Гародні. Любіў, каб яго называлі "князям гарадзенскім", але афіцыйна гэтага тытулу не ўжываў. Ён вёў уласную тайную палітыку і любіў па жыцці хадзіць сваімі дарогамі. Не дбаючы на каралеўскія ласкі і добрыя стасункі, гэты літоўскі вяльможа не напісаў пра намеры Алены каралю а, карыстаючыся з побыту ў Гародні некалькіх бернардынаў, якія вярталіся пасля місіі ў Вільню, паслаў праз іх ліст да знакамітага віленскага гвардыяна а. Яна з Камарова (Камароўскага), паведаміўшы гвардыяну пра небяспечныя планы Алены і парадзіў яму не выдаваць дэпазіту, які захоўваўся ў віленскіх бернардынаў "нават самой каралеве Алене". Адначасова радзіў, каб віленскія бернардыны самі пра ўсе паведамілі каралю і чакалі яго выраку.

Віленскі гвардыян Камароўскі моцна занепакоіўся. Разумеў, што праблемы з дэпазітам Алены могуць пахіснуць добрае імя кляштара і ордэна. Інфармацыя пра скарб Алены, якая павінна быць тайнай, стала шырока вядомай. Тады Камароўскі вырашыў як найхутчэй пазбыцца гэтага дэпазіту і звярнуцца з просьбай да віленскага ваяводы Радзівіла, каб гэты першы ў Літве дзяржаўны дастойнік забраў сабе скарб Алены. У якасці аргумента сказаў Радзівілу, што паколькі Алена не была каранавана, а засталася толькі вялікай княгіняй, дык менавіта ваяводзе павінна належыць апека да скарбам. На такую прапанову віленскі ваявода Радзівіл адказаў:

"Пажартавалі з вас, ойча гвардыне і ашукалі! У гэтых скрынях, дакладна, няма ніякіх кляйнотаў і каштоўнасцяў, а ёсць толькі простыя камяні, якія беглая маскавітка, толькі для людскіх вачэй у вас пакінула як быццам багаты дэпазіт, а сапраўдныя скарбы ў іншым месцы схавала".

"Не, міласцівы пане ваявода, - адказаў на гэта гвардыян, - гэта ёсць сапраўдныя каштоўнасці і кляйноты, якія я на ўласныя вочы бачыў, калі ў Вільню прыязджаў падскарбій Алены з яе лістом і пячаткай. Тады адчынілі адну са скрынь і вынялі з яе сорак залатых і срэбных кубкаў, якія яна загадала прывезці да яе ў Бельск. Тады ж бачыў мноства бясцэнных кляйнотаў у пудэлках рознай велічыні, якія знаходзіліся ў той скрыні, і я перакананы, што ў іншых скрынях маюцца такія ж каштоўнасці".

Ваявода паверыў гэтым словам Камароўскага і пачаў выпытваць яго пра тое, адкуль гвардыян ведае пра планы Алены і пра збройны замах Масквы на землі Літвы. Гвардыян адказаў, што яму гэта ў лісце напісаў Гаштольд, на што ваявода адказаў яму гэтак:

"Я сам … ва ўласныя рукі гэту справу не вазьму, але буду радзіцца з панамі літоўскімі. На ўсялякі выпадак, абавязваю вас, ойча гвардыян, пільна сцерагчы гэты дэпазіт, і не выдаваць нікому, нават каралеве Алене, а калі нехта захоча забраць скарб гвалтам, дык паведаміць мне, і я адразу паспяшаюся з дапамогай".

Патрэба ў такой дапамозе з'явілася хутка. Неўзабаве, пасля апісанага выпадку, у віленскіх бернардынаў з'явіліся пасланцы Алены з яе лістом, у якім быў загад выдаць усе яе скарбы. Гвардыян а. Камароўскі адказаў, што дэпазіт зараз знаходзіцца пад апекай ваяводы і без яго дазволу, выдадзены быць не можа. Не дапамог ні гнеў, ні просьбы ні пагрозы пасланцаў - яны паехалі з нічым. І ваявода і гвардыян добра разумелі, што разгневаная каралеўская ўдава ужыве іншыя спосабы, каб дабіцца сваёй мэты. Баяліся, каб падбухтораны сястрой цар Васіль, жадаючы здабыць горад разам з дэпазітам, зараз жа пойдзе на Браслаў і Вільню.

Асцярожнасць прымушала думаць пра небяспеку сталіцы і ўсяго краю. З гэтай мэтай ваявода Радзівіл склікаў нараду чатырох паважаных літоўскіх дыгнітарыяў. Разам яны вырашылі, што асабіста паедуць да Алены і ад імя караля Жыгімонта будуць імкнуцца дамовіцца з ёй. Так і зрабілі. Каб Алена не магла адмовіцца, сказалі, што ведаюць усе яе намеры, а менавіта: назаўсёды пакінуць Літву, план вывазу сабраных скарбаў і нават намер адарваць ад Літвы памежныя тэрыторыі. Пры сустрэчы паведамілі Алене, што ёсць каралеўскае пажаданне, каб яна не пакідала Бельскі замак і не збіралася ехаць у Браслаў. Гэта быў фактычна хатні арышт удавы караля, і не дзіўна, што выслухаўшы такія пажаданні літоўскіх паноў, Алена ўпала ў гнеў і ўсяляк іх абазвала. Тады адзін з літоўскіх паноў звярнуў яе ўвагу, што не трэбы так клясці паслоў, бо справу дэпазіту ўзнялі не яны, а віленскія бернардыны, якія і ёсць пачынальнікі ўсёй гэтай буры. Але гэта не супакоіла Алену і яна як найгорш развіталася ў літоўскімі панамі. У яе з'явілася думка адпомсціць бернардынам праз забарону плаціць ім са сваіх валасцей міластыню, прызначаную яшчэ віленскаму кляштару каралём Аляксандрам.

Хутка стала вядома, што літоўскія паны занадта злоўжывалі магчымасцю казаць ад імя караля. Яны даведаліся, што няма добрай рацыі перашкаджаць удаве былога караля і братавой Жыгімонта І пакідаць Бельскі замак ці ехаць у Браслаў. Тады ваявода Радзівіл даслаў да Алены ліст пра тое, што ёй нішто не перашкаджае рабіць гэтыя справы і адразу, атрымаўшы навіну, Алена з 5 асобамі выехала з Бельска. Ці заехала ў Браслаў, ці адразу паехала ў Маскву, зараз ужо невядома. Аднак яна не мела прадчування, што гэта будзе яе апошняя дарога … Праз некалькі тыдняў па Літве разышлася пагалоска, што яна "хутка памерла … атручана". Бернардынскі хранікёр Ян з Камарова гэтак падае прычыну атручэння: паны баяліся яе здрады, бо некалькі тысяч маскоўскага войска з'явілася ў ваколіцах Браслава, і толькі інфармацыя пра смерць Алены прымусіла іх адступіць у межы сваёй дзяржавы.

Трагічная і загадкавая смерць дачкі Івана ІІІ і Зоф'і Палеолаг, жонкі караля - Алены, здарылася 29 студзеня 1513 г., на 18-м годзе яе жыцця ў Літве і 7-м годзе ўдаўства. Расійскія гісторыкі няслушна пішуць пра яе намер уцячы ў Маскву са скарбамі і даводзяць, што Радзівіл захапіў яе ў царкве і ўвязніў у Троцкім замку.

Па яе жаданні, Алену пахавалі ў падзямеллях Прачысценскага сабора ў Вільні, прычым, над яе магілай першапачаткова быў размешчаны абраз Маці Божай Адзігітрыі, які яна атрымала ў дар ад бацькі і прывезла з Масквы ў Вільню. Срэбная магільная табліца была аздоблена трыма гербамі: маскоўскім, літоўскім і польскім. Гэта пахаванне існавала да 1800 г., калі з яго была знятая табліца, якая ўжо больш ніколі не была вернута на сваё месца. Цяжка зараз сказаць, які лёс мелі парэшткі Алены.

Эпілогам трагедыі Алены была галосная справа яе дэпазіту. Як толькі сціхлі жалобныя пахавальныя спевы ў Прачыстай царкве, скарб Алены пачаў лічыцца безгаспадарчым, што ўзбудзіла розныя апетыты. На яго меў вялікія прэтэнзіі брат нябожчыцы, маскоўскі цар Васіль, які нядаўна быў разбіты пад Смаленскам і ледзь уратаваўся уцёкамі. Таму ён не меў ніякага шанцу збройна ўзяць Вільню і забраць сабе скарб. Меў жаданне стаць гаспадаром скарбу і Гаштольд, які свае амбітныя сепаратысцкія планы добра падпарадкоўваў клопатам аб узрастанні асабістага багацця. Таксама на скарб прэтэндавалі літоўскія паны, якія даводзілі, што спадкі беспатомна памёршай вялікай княгіні належаць толькі дзяржаве Літва.

Аднак перамаглі спрытныя віленскія бернардыны, большасць з якіх была палякамі. Яны так накіравалі справу, каб уся велічэзная маёмасць Алены (400 000 дукатаў, на такую суму ў той час можна было правесці не адну, а некалькі войнаў), дасталася выключна Польшчы. Зрабілі яны гэтую справу нягледзячы на тое, што ваявода Радзівіл быў верны традыцыям самастойнай Літвы і не падтрымліваў бернардынаў у гэтай справе. Таму манахі абмінулі ваяводу і падчас побыту караля ў Познані знайшлі да яго іншую дарогу. Кароль, які нічога не ведаў пра дэпазіт, усцешыўся навіной і адразу загадаў Радзівілу і яшчэ чатыром літоўскім дастойнікам, правесці інвентарызацыю скарбу з усіх 14-ці куфраў, потым перавезці скарб у Віленскі замак і трымаць яго пад апекай ваяводы да прыезду караля. Ваявода Радзівіл з прыкрасцю сустрэў гэты загад, але падпарадкаваўся волі караля. Скарб складаўся з грошай, каштоўнасцяў, вопраткі, шпалераў, габеленаў, футраў і г. д. і чатыры натарыюсы - тры лаціннікі і адзін грэцкай веры, ад ранку да вечара перапісвалі рэчы нябожчыцы.

24 чэрвеня таго жа года (1522 г.? - Л. Л.) ў Вільню прыехаў кароль Жыгімонт. Ваяводам ужо стаў Гаштольд, а пасаду падскарбія заняў Абрам (Абрам Езафовіч? Але ён памёр у 1519 г. - Л. Л.). Гэтым асобам было загадана прывезці дэпазіт у Віленскі замак, для перавозкі спатрэбілася 16 коней. Пасля агляду скарбаў нават прызвычаены да багаццяў кароль быў моцна ўражаны колькасцю і якасцю рэчаў. Ён добра ўзнагародзіў паноў, якія праводзілі інвентарызацыю, а айцу-гвардыяну віленскіх бернардынаў абяцаў спрыяць свецкім кар'ерам яго родных братоў. Каралева Бона загадала для віленскага касцёла бернардынаў зрабіць арнаты з залатой парчы і прыгожых персідскіх тканін з куфраў Алены, але пасля ад'езду з Вільні кароль і каралева, верагодна, забыліся пра свае абяцанкі.

Кажучы пра гэта, нават кс. Часлаў Багдальскі, які дрэнна ставіўся на ліцвінскага сепаратызму, аўтар кнігі "Бернардыны ў Польшчы", на падставе якой мы напісалі гэты нарыс, заўважыў: "Засталася толькі … абяцанка-цацанка". Звычайна менавіта такую ўзнагароду атрымліваюць людзі духоўнага стану, якія кіруюцца ўтылітарнымі поглядамі.

Skarby królowej Heleny // Pregląd Wileński . 1934. № 11. S. 2-5.; 1934. № 12. S. 2-5.; 1934. № 13. S. 2-4.; 1934. № 14. S. 2-4.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

1 Bogdalski Czesław. Bernardyni w Polsce. 1453-1530. T. 1-2. Kraków, 1933.

Палац Радзівілаў у Дзятлаве прадалі за 40 даляраў

Прададзены былы палац Радзівілаў, які размяшчаецца щ Дзятлаве Гарадзенскай вобласці. Помніку архітэктуры больш за 270 гадоў. Пабудаваны ў 1751 годзе па фундацыі Мікалая Фаўстына Радзівіла на стромкім левым беразе ракі Дзятлаўкі.

Яго новым уладальнікам стаў расійскі бізнэсмэн, які ніяк не звязаны з Беларуссю - ён быў адзіным прэтэндэнтам на гістарычны будынак.

Аб'ект неаднаразова спрабавалі прадаць з аўкцыёну, паведамляе "Вячэрні Гродна". У апошні раз цана палаца ў стылі барока склала ўсяго тры базавыя велічыні - 96 рублёў. Агульная плошча будынка складае 1527 квадратных метраў. Новы гаспадар таксама атрымаў зямельны ўчастак плошчай у 41 сотку - ён здаецца ў арэнду на 50 гадоў. Прадпрымальнік на працягу двух гадоў павінен падаць праектную дакументацыю на рэканструкцыю ці капрамонт. Таксама яму даецца тры гады на правядзенне будаўнічых работ. Будынак былога палаца нежылы, у ім два паверхі. Пры гэтым маецца каналізацыя, электрычнасць, ацяпленне і водазабеспячэнне. Палац прададзены разам са склепам і чатырма халоднымі пабудовамі.

Алена Дарашэнка. Фота Holiday.by.

Настасся Вашчыла стала Міс Прынёмання - 2022

У мінулую суботу ў Бярозаўцы Лідскага раёна прайшла штогадовая конкурсная шоў-праграма "Міс Прынёмання-2022".

Конкурсная шоў-праграма талентаў прайшла вокамгненна і на адным дыханні. Восем дзяўчын пазмагаліся за карону і тытул.

Тытул "Другая віцэ-міс" заваявала Ульяна Войдак, "Першай віцэ-міс" стала Наталля Духоўнік, ну а карона дасталася Настассі Вашчыла.

ТК "Культура Лідчыны".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX