Папярэдняя старонка: 2022

Наша слова.pdf № 50 (50) 


Дадана: 13-12-2022,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 50, 14 снежня 2022 г.

Піліпаўскія вячоркi распачалі Калядныя святы

З гумарам, з гульнямi, з песням і танцамi! Па-беларуску і па-сапраўднаму! У Лідскім аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры пачаліся "Піліпаўскія вечары".

Ад "Піліпаўскіх вечароў" - шлях наўпрост да Каляд.

Наш кар.

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

У снежні літаратурна-мастацкаму і грамадска-палітычнаму часопісу "Полымя" спаўняецца 100 гадоў. Яго заснавальнікамі цяпер з'яўляюцца Міністэрства інфармацыі Беларусі, Саюз пісьменнікаў Беларусі і выдавецкае ўнітарнае прадпрыемства "Мастацкая літаратура". Наклад часопіса ўсяго 625 асобнікаў. Рэдагуе выданне паэт Віктар Шніп.

Часопіс "Полымя" з'яўляецца найстарэйшым літаратурна-мастацкім і грамадска-палітычным выданнем Беларусі, у стварэнні якога непасрэдны ўдзел прымалі народныя песняры Беларусі Янка Купала і Якуб Колас. Менавіта ў "Полымі" друкавалі свае знакамітыя творы Платон Галавач, Цішка Гартны, Кузьма Чорны, народныя пісьменнікі Беларусі Іван Мележ, Янка Брыль, Аркадзь Куляшоў, Максім Танк, Кандрат Крапіва, Пятрусь Броўка, Васіль Быкаў, Іван Шамякін, Іван Чыгрынаў, Іван Навуменка, а таксама Уладзімір Караткевіч, Вячаслаў Адамчык, Барыс Сачанка і іншыя літаратары. Сёння ў рэдакцыйную калегію "Полымя" ўваходзяць 20 чалавек. Часопіс "Полымя" выдаецца толькі на роднай мове і з'яўляецца "правадніком дзяржаўнай палітыкі ў галіне культуры".

Аксана Шпак.

ТАСТАМАНТ ГЕНІЯ

Міхась Скобла

5-га снежня 1947 года ў весцы Сялец Бярозаўскага раёна, Берасцейскай вобласці нарадзіўся Алесь Сцяпанавіч Разанаў - беларускі пісьменнік і перакладчык. Гэта яму належыць выслоўе: "Кожны народ мае хаця б адзін геніяльны твор, і гэты твор - мова".

Няўмольны прысуд лёсу - нас усіх у гэтым свеце чакае найвышэйшая мера пакарання. Каго раней, каго пазней - нікога не абміне. І няма найвышэйшай інстанцыі, каб той прысуд абскардзіць, няма да каго звяртацца з апеляцыяй. Закон жыцця і смерці ўсім зразумелы, але нейкая вялікая несправядлівасць ёсць у тым, калі сыходзяць ад нас людзі з творчым агменем у душы, не дапісаўшы чарговую кнігу, не выказаўшы сябе дарэшты. Без папярэджання, не падаўшы знаку на развітанне.

Так летась сышоў у іншасвет Алесь Разанаў. Паэт і мысляр, на якога Беларусі проста пашчасціла. Які неаспрэчна існаваў у беларускай прасторы, але як бы па-за часам, прамаўляючы свае паэтычна-філасофскія маналогі кудысьці ў будучыню, ведучы свае няспешныя размовы, абавязкова пра штосьці істотнае (адно з улюбёных паэтам словаў) з вечнасцю.

Апошнім часам яго можна было сустрэць у Нацыянальнай бібліятэцы, дзе ён збіраў матэрыялы для новай кнігі-даследавання "След самаеда" - пра фіна-вугорскія карані ў беларускай тапаніміцы. Кніга тая абавязкова сталася б яшчэ адным адкрыццём, як і ўсе папярэднія кнігі Алеся Разанава. Ён не любіў хадзіць пратаптанымі сцежкамі, ён па прыродзе сваёй быў наватарам: прадукаваў новыя ідэі, прыдумваў новыя словы, вынаходзіў новыя літаратурныя формы.

"Я маю права ўсё закрэсліць і потым нанава пачаць," - смела абвясціў сямнаццацігадовы паэт з вёскі Сялец Бярозаўскага раёна. І - пачаў. З кнігі "Назаўжды" з'явіліся на свет нечуваныя раней пункціры, з "Вастрыя стралы" ўпершыню ўзніклі вярсэты і квантэмы, з кнігі "Паляванне ў райскай даліне" - вершаказы і зномы, з кнігі "І потым нанава пачаць" - злёсы. Разанаўскія тайнапісы нярэдка ўспрымаліся ў штыкі крытыкамі-кансерватарамі. Зборніку "Шлях-360" (1981), каб прабіцца да чытача, спатрэбіліся два ахоўныя панцыры - прадмова Пімена Панчанкі і пасляслоўе Варлена Бечыка. Імпульсіўная паэзія Алеся Разанава ірвала ланцугі традыцыі, спараджала дыскусіі ў друку, па ёй наладжваліся публічныя дыспуты.

Адной з першых зорку Алеся Разанава ў беларускім захмараным небе разгледзела відушчая вачамі і сэрцам Ларыса Геніюш. Рыхтуючы да выдання кнігу яе перапіскі "Каб вы ведалі" (выйшла ў 2005-м), я ў адным з лістоў неспадзявана напаткаў гэткія словы Ларысы Антонаўны: "Разанаў многаабяцаючы, будзем думаць, што вырасце ў сілу, якая нам цяпер найболей патрэбная". Тут варта ўдакладніць, што на момант напісання ліста (2 студзеня 1966 года) будучы класік надрукаваў усяго чатыры вершы, калі не ўлічваць школьных публікацый у "Піянеры Беларусі".

Калі я па тэлефоне паведаміў Разанаву пра геніюшаўскі "прагноз", ён захацеў пабачыць кнігу. Мы сустрэліся ў светлай памяці кнігарні "Ў", паэт узважыў на далоні важкі том і тут жа прыдумаў новы жанр: "Гэта наш эпісталярны эпас". Трапна і дакладна. І расказаў, як яны з сябрамі ў памятным 1968 годзе начным цягніком ездзілі да Геніюш у Зэльву. Тая сустрэча запомнілася студэнту Алесю на ўсё жыццё - і гутаркай з Ларысай Антонаўнай, і яе дабраславеннем на змаганне за Беларусь, і непаўторным геніюшаўскім чытаннем вершаў, і надзвычай моцным энергетычным полем паэткі (пра поле тое ён згадаў некалькі разоў).

У той час Ларысе Геніюш дапамагаў ствараць эпісталярны эпас Юрка Голуб, яны па-зямляцку шчыра і цёпла перапісваліся і ў ацэнцы Разанава былі поўнымі аднадумцамі. Зрэшты, Голуб бачыў і чуў яго куды часцей за Геніюш, яны разам вучыліся на філфаку БДУ, супольна выступалі на паэтычных вечарынах. І ў красавіку 1967 года ў голубаўскім студэнцкім дзённіку з'явіўся гэткі запіс: "Вялікі і мудры Разанаў - так заву яго я, а за мной і іншыя. Неўтаймаваны Паганіні… Алесь, я цябе люблю! Лабаціна ты! Ты ўчора казаў, што падрабіўся пад Голуба. Дзівачок! Гэта Голуб пад цябе падрабіўся".

У тым жа 1968-м студэнтаў-паэтаў запрасілі выступіць у Смалявічах. Аднак факультэцкае начальства не пусціла. І Юрка Голуб эмацыйна занатаваў: "Анекдот! Маўляў, Голуб, Разанаў, Ярац і так сталі "притчей во языцех". Ім нельга давяраць аўдыторыю, каб "крамолу" не неслі. Будзе некалі што ўспомніць!".

Успомніць сапраўды ёсць што. У 1998 годзе ў складзе невялікай пісьменніцкай брыгады нам з Алесем Сцяпанавічам давялося разам выступаць у Берасці. Ва ўніверсітэце на сустрэчу з'явілася непрадбачаная колькасць слухачоў - каля пяцісот чалавек, якія не змаглі змясціцца ў самай вялікай аўдыторыі. Пакуль адміністрацыя шукала ключы ад актавай залы, згубіліся мікрафоны, пакуль шукала мікрафоны, прапала электрычнасць...

Але сустрэча ўрэшце адбылася, і я з цікавасцю назіраў, як паэт-класік сыходзіў з алімпійскіх вышыняў і хітраваў перад студэнтамі, чытаючы свой ранні верш "Арышт Кастуся Каліноўскага":

"Усе ніты ў сувой,

у заклік пагалоскі

з'яднаць - і стаць сабой!..

Як зваць вас?.."

Тут аўтар цягнуў ненатуральна доўгую паўзу, нібы забыўшыся, і аўдыторыя не вытрымлівала, выдыхала, як пароль:

"Каліноўскі!".

Падчас сустрэчаў у берасцейскіх школах нас суправаджаў чыноўнік з гарвыканкама. Ён раней працаваў дырэктарам школы, таму лічыў сваім абавязкам інструктаваць пісьменнікаў перад кожным выступам. Заклікаў не закранаць перад дзецьмі палітычных пытанняў, не прапагандаваць "отмененной на референдуме" нацыянальнай сімволікі. На пытанне, як быць з балотам Пагоня, якое існуе на Берасцейшчыне ў Івацэвіцкім раёне паблізу вёскі Бабровічы, чыноўнік не знайшоўся, што адказаць. Але пільнасці сваёй не страціў, у выніку вымушаны быў перажыць некалькі малапрыемных хвілінаў.

Справа ў тым, што з намі ўвесь час ездзіў сябра Згуртавання беларускай шляхты, мілы чалавек Аляксандр Усцінавіч Карызна, які загадваў перасоўнай кнігарняй. За дзень Усцінавіч звычайна прадаваў паўбагажніка нашых кніжак - на сорам занядбанаму айчыннаму кнігагандлю. Пільнае вока чыноўніка-наглядчыка высачыла, што ў перасоўнай кнігарні можна набыць не толькі кнігі, але і нацыянальныя сцяжкі ды значкі. І вось у сваёй былой роднай школе ён даволі агрэсіўна пачаў чапляцца да Усцінавіча: "Вы по какому праву незарегистрированными символами торгуете? А ну сворачивайте свой ларёк!"

Патомны шляхціц паслаў нахабнага незнаёмца падалей, ні на хвіліну не перапыняючы сваёй пачэснай справы. Раззлаваны чыноўнік паспяшаўся ў актавую залу, дзе падлеткі акурат выстраіліся ў чэргі па пісьменніцкія аўтографы, і запатрабаваў, каб вучні неадкладна ішлі на ўрокі. На што тыя дружна адказалі, што ў іх цяпер іншы дырэктар, таму пажадана не перашкаджаць.

Тады чыноўнік запатрабаваў, каб Васіль Сёмуха, Алесь Разанаў, Уладзімір Арлоў, Артур Вольскі і аўтар гэтых радкоў у аўтографах не пісалі пажаданняў, а толькі распісваліся. "Я даю вам тридцать секунд на автографы", - прагучала строгае папярэджанне. На шчасце, амапаўцаў паблізу не аказалася, і пісьменнікі змаглі дакончыць сваю справу, лішне не спяшаючыся.

Па дарозе ў Менск нас чакала чатырохгадзінная (!) сустрэча ў белаазёрскім Доме культуры, куды сышлося чалавек шэсцьсот. Людзі, падаслаўшы газеты, сядзелі на прыступках паміж запоўненымі радамі ў вялізнай, як аэрадромны ангар, зале. Белаазёрцы былі гатовыя слухаць беларускую паэзію і прозу бясконца, асабліва з вуснаў свайго земляка Разанава (у зале былі і аматары паэзіі з ягонага недалёкага Сяльца), але гаспадыня вечарыны Ніна Мацяш, перапрасіўшы арганізатараў, запрасіла стомленых калегаў да сябе на вячэру...

Алеся Разанава прыжыццёва называлі геніем. Не ў вочы, вядома, усхваленняў ён не любіў. Называлі ў друку. І, што дзіўна, ніхто не пратэставаў. Веліч Разанава разумелі ўсе. Шкада, што геніям, як і прарокам, часта няма месца ў сваёй айчыне - пачынаючы з 2001 года, паэт почасту і надоўга з'язджаў з Беларусі - у Германію, у Швейцарыю, у Літву. Але заўсёды вяртаўся. Жыццё на ласкавым хлебе (хай сабе і шчодрым) было не для яго.

У студзені 2006 года падчас чарговага прыезду Разанава з Германіі (і перад ад'ездам у Швейцарыю) мы сустрэліся ў менскай кавярні "Добрыя мыслі", і я спытаўся, ці істотна для паэта, як далёка ад радзімы стаіць яго рабочы стол? І вось што пачуў у адказ (ён запісваўся на дыктафон):

"Калі творчасць падступаецца, то вельмі істотна, каб той асяродак, у якім гэта адбываецца, быў сваім. Проста ў чужым асяродку такога не адбудзецца. Муза не будзе ведаць, куды прыйсці. А сталом можа быць і поле, і сцежка - дзе калі што адгукнецца і занатуецца. Прынамсі, свае "Гановерскія пункціры" я пісаў не за сталом, а ў дарозе - на сцежках, на вуліцах, пераходзячы масты, бываючы ў розных сітуацыях. А за сталом толькі перапісваў тое, што на сцежках склалася".

Помню, як затрывожыла мяне (думаю, не толькі мяне) навіна, што Алесь Разанаў, жывучы ў Германіі, пачаў пісаць і па-нямецку. І я пацікавіўся, ці не азначае гэта, што з цягам часу ён будзе ўсё больш прысутны ў нямецкай літаратуры і ўсё менш - у беларускай? Было відно, што маё пытанне (ці яго фармулёўка) паэту не спадабалася, але ён не адмаўчаўся.

"Ад беларускага слова я, нават пішучы альбо малюючы свае нямецкія "Wortdichte", ніколі не адступаўся. Наадварот, беларускае слова было мне заўсёды асноваю і дапамогаю. Тут дзейнічае такі парадокс: калі ў мову пераможцы ідуць словы з мовы пераможанага, то мова пераможцы ўзбагачаецца. Калі ж наадварот, дык аказваецца, што мова пераможанага бяднее. Я хацеў і, здаецца, гэта зрабіў, што беларуская мова - у стане пераможцы. І тое, што рабіў, пісаў, маляваў нямецкімі словамі, гэта дадатак да таго, што стваралася па-беларуску. Так што беларуская мая творчасць, і не толькі мая, яна пабагацее яшчэ і на нямецкі ўнёсак. Не пабяднее, а пабагацее".

Асобна варта сказаць пра пераклады і перастварэнні Алеся Разанава, які самастойна вывучыў некалькі замежных моваў. Дзякуючы яму, з'явамі беларускай культуры сталі камедыі Шэкспіра, "Гітанджалі" Рабіндраната Тагора, творы сербскіх, грузінскіх, літоўскіх паэтаў. А перакладаў Разанаў своеасабліва, выступаючы хутчэй сутворцам, чым рэтранслятарам. Скажам, працуючы над знакамітымі "Баладамі Кукуціса" Марцэліюса Марцінайціса, Разанаў так увайшоў у вобраз кульгавага, з драўлянаю нагою, героя жэмайцкага фальклору, што сам ад яго імя напісаў сем баладаў і змясціў іх сярод твораў Марцінайціса!

Помню, як мяне ўразілі старабеларускія тэксты, пераствораныя і асучасненыя Разанавым. Здавалася б, што цікавага сённяшні чытач можа знайсці ў велягурыстых прадмовах-трэнасах-паэмах Кірылы Тураўскага, Мялеція Сматрыцкага, Кірылы Транквіліёна-Стаўравецкага ды Сымона Буднага? Аказалася, і старасвецкае можа стаць зноў актуальным, калі да яго дакранецца рука майстра. Разанаў дакрануўся і - зацярушаныя пылам стагоддзяў творы ажылі.

"Узноўленыя тэксты доўга ляжалі ў шуфлядзе, - тлумачыў паэт. - Я проста чакаў - што будзе? Гаварылі творцы, гаварылі палітыкі, гаварылі культуролагі, усе гаварылі, а гэтыя творы маўчалі. Яны чакалі сваёй часіны. Як запасная дружына. А ведаеце, які цяпер час? Час своеасаблівай бітвы, і наша запасная дружына мусіць сёння ўваходзіць у дзеянне і таксама ўдзельнічаць у ёй. Гэтыя тэксты гавораць нешта тое, чаго нават мы не здольныя сказаць".

Як і кожны вялікі паэт, Разанаў - яшчэ і творца мовы. Чытаючы яго тэксты, часам бачыш, як дзесьці паэту не хапіла дакладнага слова, і яно тут жа ўзнікла-прыдумалася. Некалі чэхі захацелі ачысціць сваю мову ад празмернай замежнай лексікі і замест "тэатра" прыдумалі "дзівадла", а замест "журналіста" - "навінар". І я спытаўся, ці не пара і нам правесці падобную моўную рэвізію?

Алесь Сцяпанавіч трохі падумаў і адказаў: "Рабіць гэта трэба асцярожна. Часам сапраўды ўзнікае сітуацыя, калі слова не хоча класціся ў радок, і трэба вынаходзіць новае. Але цяпер не самы спрыяльны час займацца словатворчасцю. На гэтым варта будзе акцэнтаваць увагу тады, калі наш дом будзе стаяць трывала. Самае славутае слова, якое я вынайшаў, - заўзятар, яно ўвайшло ў мову, прышчапілася. Ну, ёсць і іншыя, менш знакамітыя, скажам так, тварасловы. І ёсць такія тварасловы, якія з'яўляюцца своеасаблівымі творамі, а не словамі для ўжытку шырокага. Але, паўтаруся, з гэтым не будзем спяшацца, хай яно натуральна адбываецца".

Не абмінулі мы і тэмы форматворчасці, дзе Разанаў, як ужо гаварылася, таксама ішоў па цаліку. Кароткія паэтычныя формы прыйшлі да нас з Усходу, са старажытнай Японіі, з Кітая. Тут можна згадаць хоку - трохрадкоўі, ці танку - пяцірадкоўі, на якіх базуецца сярэднявечная ўсходняя паэзія. І ў Беларусь прыйшла пэўная мода на пазычаныя формы, у нас з'явіліся свае хокуісты, танкісты і басёкі (прыхільнікі Басё). Я пацікавіўся, ці не паўплывалі ўсходнія паэты на Разанава? Тым больш ён у свой час перакладаў таго ж Басё.

"Перакладаў, але параўнальна нядаўна, - запярэчыў паэт. - Мае ж пункціры ўзнікалі не ад знаёмства з японскімі хоку, з персідскімі бейтамі ці з індыйскімі гатхамі. Так, я быў знаёмы з гэтымі формамі ўсходняй паэзіі. Але пункціры з імі не супадалі, яны ўваходзілі з імі ў дыялог, прасілі, каб я дапамог ім знайсці іхняе непаўторнае месца. Можна, вядома, знаходзіць нейкія перагукі пункціраў са згаданымі ўсходнімі формамі, але гэта толькі перагукі. Пункціры - асобная і адметная з'ява як у маёй творчасці, гэтак, магчыма, і трошкі шырэй".

Сын расійскага геолага з Тамбоўшчыны, які перад Другой сусветнай вайной апынуўся ў Беларусі з геадэзічнай экспедыцыяй, Алесь Разанаў стаў адным з самых пранізлівых і метафізічных беларускіх паэтаў. Беларуская мова сілкавала яго, стала для яго тым бяздонным акіянам, дзе яму вольна плавалася. Глыбока і шырока, як плаваюць у акіянскай прасторы сінія кіты.

Разанава многа перакладалі за мяжой. Пэўна, яго філасафічная паэзія была аднолькава зразумелай і для еўрапейца, і для азіята, і для афрыканца. Як, напрыклад, вось гэты зном, які гучыць проста і пераканальна, як тастамант:

"Кожны народ мае

хаця б адзін геніяльны твор,

і гэты твор -

мова".

Але найперш сваю творчасць - свой духоўны тастамант - паэт прызначаў для нас, сваіх суайчыннікаў. І ў наш смутны ірадаў час, калі ворагі беларушчыны робяць усё, каб знішчыць душу нацыі - нацыянальную культуру, мы не абрынемся ў духоўнае жабрацтва і нэндзу, а нават пабагацеем, калі будзем вартымі спадкаемцамі сваіх геніяў.

У тым ліку той спадчыны, якую пакінуў нам Алесь Разанаў.

https://www.facebook.com/

Паведамляе Вікіпедыя.

Пасля школы Алесь Разанаў паступіў на філалагічны факультэт БДУ. У 1968 студэнты-філолагі БДУ, сярод лідараў якіх былі Алесь Разанаў, Віктар Ярац і Леў Барташ, звярнуліся з лістом у ЦК КПБ (ліст падпісала некалькі соцень чалавек), дзе патрабавалі вяртання выкладання на беларускай мове.

У выніку арганізатары атрымалі ярлыкі "буржуазных нацыяналістаў". А пасля таго як Разанаў з'ездзіў ў Зэльву да Ларысы Геніюш - быў выключаны з БДУ за няздачу заліку па ваеннай падрыхтоўцы. Да гэтага ён быў выдатнікам вучобы...

Толькі дзякуючы падтрымцы Максіма Танка і загадчыку кафедры беларускай мовы і літаратуры Берасцейскага педінстытута Уладзіміру Калесніку, А. Разанаў працягнуў вучобу на філалагічным факультэце ў Берасці.

Пасля заканчэння БДПІ працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў школе вёскі Кругель Камянецкага раёна.

Пераехаў у Менск. Працаваў у "ЛіМе", часопісе "Родная прырода" ў выдавецтве "Мастацкая літаратура".

Аўтар зборнікаў паэзіі "Адраджэнне", "Назаўжды", "Пункціры", "Каардынаты быцця", "Шлях-360" і інш.

Зборнік вершаў і паэм "Шлях-360" выйшаў у свет з-за цэнзуры толькі пасля таго, як яго адрэдагаваў на грамадскіх пачатках Уладзімір Караткевіч, напісаў прадмову Народны паэт Беларусі Пімен Панчанка.

Шматлікія вершаваныя тэксты А. Разанава - гэта вершы аб прадметах і рэчах, прыродных з'явах і жывых істотах: "Камяні", "Зброя", "Сякера", "Стол", "Цвік", "Барана", "Птах", "Маланка", "Завея", "Змеі", "Лесвіца", "Студня", "Дрэвы", "Ланцуг" і інш.

У зборніках апошніх дзесяцігоддзяў - "Вастрыё стралы", "У горадзе валадарыць Рагвалод" (Разанаў захапляецца старажытным Полацкам, у вобразе і гісторыі якога бачыць увасабленне спрадвечнага беларускага шляху), "Паляванне ў райскай даліне", "Рэчаіснасць", "Гановерскія пункціры" і інш. паказана невычэрпнасць нацыянальнай мовы.

Перакладаў. Творы Алеся Разанава перакладзены больш чым на 20 моў. Разанаў лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Купалы за кнігу паэзіі "Вастрыё стралы", лаўрэат прэміі "Залаты апостраф", лаўрэат прэміі імя Наталлі Арсенневай.

Пайшоў з жыцця 26-га жніўня 2021 года (73 гады).

https://be.wikipedia.org/wiki

***

"Чалавек - гэта два чалавекi, як дзве

далонi, што лепяць суладна снежку цi

перакiдваюць, каб утрымаць, жарыну:

адзiн з iх - пачатак, другi - завяршэнне,

адзiн з iх - выток, i другi - суток,

адзiн з iх - прычына, другi з iх - вынiк,

адзiн з iх - пытанне, другi - адказ"…

Нявыказаная балада

Чаромхі горкі пах...

Зялёных дрэў красунак...

Пялёсткі на тваіх губах -

мой пацалунак.

Спяшаўся я і не паспеў:

заспела ранне...

Ляснога ветру спеў -

маё прызнанне.

Прайду дажджом, з'яўлюся сном,

мільгну трывожным ценем.

Шум вяза пад тваім акном -

маё трызненне...

Куды твой шлях ні павядзе -

і я там буду.

Не азірайся

анідзе -

з табою я ўсюды...

Марыя, чуй,

Марыя, стой!.. -

варожыць ноч глухая.

А ты бяжыш… І за табой

бязмоўнае: кахаю!..

У крузе

Свет бязмоўна дапытваецца ў мяне,

куды я іду.

Але хіба я ведаю сваю канчатковую мэту?

Я толькі спраўджваю тое, на што здатны,

што вымагае ад мяне жыццё:

засмяглы - п'ю ваду,

галодны - ем хлеб,

зняможаны - адпачываю,

адпачыўшы, імкнуся наперад - і апынаюся

на сваіх слядах.

Я ў крузе, дзе слова шукае Слова,

а чалавек - Чалавека.

***

Кінула недапалак

на брук дзяўчына

і затаптала абцасам:

так яму й трэба,

аматару пацалункаў!..

Алесь Разанаў.

"Карункавыя мары"

У выставачнай зале Лідскага замка ўрачыста адкрылася выстава аўтарскіх прац Дар'і Шафак (спецыяліста Лідскага аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры) "Карункавыя мары".

ТК "Культура Лідчыны".

Цацкі ручнога вырабу

Напярэдадні навагодніх святаў, запрашаем наведаць выстаўку "Навагоднія цацкі", якая будзе працаваць з 10 снежня па 20 студзеня ў аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці".

Цацкі ручнога вырабу - тэкстыльныя, папяровыя, з гліны, вязаныя кручком, калядныя вяночкі, упрыгожванні для ёлак - няма мяжы фантазіі майстроў.

Кожная цацка індывідуальная. Госці музея адчуюць атмасферу і цеплыню зімовых святаў, натхняцца на пошукі незвычайных падарункаў для сваіх блізкіх і асабістую творчасць.

Наш кар.

"Народ, які абуджаецца, не патрабуе нянек"

Так казаў этнограф, фалькларыст і краязнавец, сябар Віленскага таварыства сяброў навукі, член-карэспандэнт Кракаўскай Акадэміі Навук Вандалін Шукевіч (1852-1919) з Лідчыны, якому 10 снежня споўнілася 170 гадоў з дня нараджэння.

Знаны археолаг, этнограф і грамадскі дзеяч Вандалін Шукевіч нарадзіўся ў 1852 годзе ў маёнтку каля вёскі Нача на Лідчыне. У гэты час зусім недалёка ад Начы, у маёнтку Шаўры, яшчэ працаваў вялікі гісторык гістарычнай Літвы Тэадор Нарбут. Верагодна, само паветра гэтых мясцін - сэрца старадаўняй Літвы - нарадзіла ў абодвух даследчыках вялікае замілаванне да гісторыі роднага краю, якое вылілася ў шматгадовую апантаную даследчыцкую працу. Вандалін Шукевіч у польскай і беларускай літаратуры вядомы перш за ўсё як даследчык старажытнасці. Амаль чвэрць стагоддзя праводзіў раскопкі на любімым лапіку зямлі, вывучаў шматлікія месцы амаль усіх культур старажытнасці і сярэднявечча, якія развіваліся на тэрыторыі Літвы і Беларусі. Паміж 1884 і 1894 гадамі Вандалін Шукевіч знайшоў 27 пахаванняў у Вензаўшчыне, 14 у Апанаўцах, 39 каля Дварчан, 6 каля Сабакінцаў, 8 каля Забалаці, 7 у Некрушанцах, 19 у Пузелях - усяго 120 пахаванняў у 8 магільніках. Напрыклад, каля Начы, на палях ваколіцы Пузелі, былі раскапаны старадаўнія каменныя магілы, дзе пры мужчынскіх шкілетах знаходзіліся сякеры, нажы, наканечнікі дзіды, а пры жаночых - разнастайныя бронзавыя ўпрыгожванні: пярсцёнкі, завушніцы, бронзавыя дыядэмы з бронзавымі ці пазалочанымі сярэбранымі падвескамі, шкляныя пацеркі рознай велічыні і шмат іншага. Археалогія стала галоўным захапленнем Вандаліна Шукевіча. Завязаліся знаёмствы з шырокавядомымі вучонымі: Зыгмунтам Глогерам і Эразмам Маеўскім з Варшавы, а таксама перапіска з дацэнтам Уладзімірам Дземетрыкевічам з Кракава, з прафесарамі-археолагамі з Пецярбурга. Пасля ІX археалагічнага з'езда, які адбыўся ў 1893 годзе ў Вільні, Вандалін Шукевіч наладзіў перапіску і абменьваўся публікацыямі з Маскоўскім археалагічным таварыствам, быў выбраны членам-карэспандэнтам гэтага таварыства. Восенню 1903 года Шукевічам было зроблена вельмі цікавае, адразу заўважанае ў навуковым свеце, адкрыццё так званых грунтовых магіл. Вандалін Шукевіч даследаваў Трокскі, Лідскі і Радунскі замкі. Вучоны справядліва заўважаў, што "для нас мінулае павінна быць падвойна дарагім, бо ў ім адным мы можам чэрпаць натхненне для барацьбы за нацыянальнае існаванне". Яго археалагічная дзейнасць і па сённяшні дзень не страціла свайго значэння, таму што ён запоўніў тую пустату, якая ўтварылася пасля задушэння студзеньскага паўстання, закрыцця Археалагічнай камісіі і музея старажытнасці ў Вільні, якія заснаваў і якімі кіраваў Яўстахій Тышкевіч (1814-1878).

Разам з навуковай дзейнасцю старанна займаўся грамадскай працай сярод жыхароў навакольных вёсак. У Начы арганізаваў кааператыў і краму, а таксама стварыў земляробчы гурток з мэтай павышэння ўзроўню сельскай гаспадаркі. Часта за ўласныя грошы выпісваў новае, лепшае насенне збожжа, буракоў і бульбы, якое раздаваў сялянам на выпрабаванне. Калі ўраджай быў добры, сяляне прыходзілі да Шукевіча з просьбай, каб больш замовіў такога добрага насення і за яго плацілі. Па прапанове Віленскага земляробчага таварыства арганізаваў пяць даследчых палеткаў для выпрабавання штучных угнаенняў і новых гатункаў бульбы і аўсу. Эксперымент удаўся.

Пра жыццё і дзейнасць Вандаліна Шукевіча добрую кніжку напісаў лідскі гісторык і краязнавец Леанід Лаўрэш. Яна выйшла з друку ў Менску ў серыі "100 выдатных дзеячаў" у 2014 годзе.

Аксана Шпак.

Аршаншчына ў люстэрку фалерыстыкі

Калекцыянераў у Беларусі вельмі шмат, яны калекцыянуюць усё: ад манет да паштовак і каляндарыкаў. Сярод беларускіх калекцыянераў-фалерыстаў добра вядомыя імёны Алеся Сярожкіна з Оршы і Мікалая Міронава з Менска. Нядаўна яны выпусцілі ў Менску цудоўную кнігу "Аршаншчына ў люстэрку фалерыстыкі".

"Наша асноўная задача - падсумаваць усё тое, што ёсць на сённяшні дзень у беларускай фалерыстыцы пра Аршаншчыну", - сказаў Алесь Сярожкін - адзін з аўтараў выдання. У кнігу ўвайшлі сотні ілюстрацый пра Аршаншчыну і ўсё, што з ёй звязана і адносіцца да фалерыстыкі. Гэта значкі з гербам Оршы 1620, 1781, 1971 гадоў, значкі, прысвечаныя юбілеем Оршы, Аршанскай бітве 1514 года, Другой сусветнай вайне. Заводы і фабрыкі Оршы таксама выпускалі розныя юбілейныя значкі і медалі...

Аксана Шпак.

Навіны Германіі

Калядныя кірмашы ў Германіі

Галоўныя атрыбуты калядных кірмашоў Германіі - гэта цёплыя напоі, прыгожыя прылаўкі і яркае асвятленне. Але як пройдуць калядныя кірмашы сёлета, улічваючы энергетычны крызіс?

Мюнхенскі калядны кірмаш

Кірмаш у Мюнхене будзе асветлены ў гэты раз па-іншаму. З 21 лістапада па 24 снежня кірмашы на Марыенпляц будуць асвятляцца з дапамогай эканомных святлодыёдных лямпаў.

На 160 стэндах агульнай плошчай 20 000 квадратных метраў, наведвальнікі знойдуць мноства вырабаў ручной працы. Прылаўкі будуць упрыгожаны яловымі галінкамі і яркімі ўпрыгожаннямі. Разыначкай мерапрыемства стане 30-мятровая калядная ёлка перад ратушай, упрыгожаная 2500 агнямі, якую адключаць не збіраюцца.

Нюрнбергскі калядны кірмаш

Christkindlesmarkt у Нюрнберзе - не толькі адзін з самых прыгожых, але і адзін з найстарэйшых калядных рынкаў Германіі. Падрыхтоўка да кірмаша ў Нюрнбергу вядзецца аж з пачатку года. Пасля двухгадовага перапынку з-за Covid-19, з 25 лістапада па 24 снежня Christkindlesmarkt ізноў блішчыць у сваёй былой пышнасці практычна без абмежаванняў.

Калядны кірмаш у Любеку

Час правядзення кірмаша на вуліцах і пляцах старога горада будзе скарочаны. Таксама было прынята рашэнне, што асвятленне на трыбунах будзе зведзена да мінімуму, а апалу вулічнага агульнахарчу не будзе зусім.

Лейпцыгскі калядны кірмаш

Кіраўнік дэпартамента Вальтар Эберт заявіў: нягледзячы на цвёрдую эканомію электраэнергіі, глінтвейн ні ў якім разе не знікне з прылаўкаў. Таксама ў Лейпцыгу застанецца асвятленне адвэнт-календара, які лічыцца ледзь ці не самым вялікім у свеце!

Штутгартскі калядны кірмаш

З-за энергетычнага крызісу горад адмовіўся ад значнай часткі калядных агнёў. Асвятленне ратушы сёлета таксама змянілася. Не відаць адвэнт-календара на вокнах ратушы, а таксама статуяў на палацавым пляцы.

"Акрамя таго, калядныя ёлкі ў цэнтры горада не будуць гарэць так доўга, як гэта было раней", - заявіла прэс-сакратар Стэфані Хірле.

Калядныя кірмашы ў Гамбургу

Шматлікія калядныя кірмашы сёлета зноў прыцягнуць у гарады Германіі сотні тысяч наведвальнікаў. Некалькі месяцаў назад сенат паабяцаў, што калядныя кірмашы адбудуцца, нягледзячы ні на што. Прадаўцы, як і раней, будуць чакаць сваіх пакупнікоў. Далей пра пяць самых знакамітых кірмашоў Гамбурга.

1. Санта-Паўлі 2022: калядны кірмаш на вуліцы Рэпербан у Гамбургу

"Самы круты калядны кірмаш Гамбурга" - так звычайна завуць рынак на Шпільбудэнпляц у цэнтры квартала чырвоных ліхтароў у Сэнт-Паўлі.

Гарачыя стрып-шоў праходзяць у шатрах кожную гадзіну. Уваход бясплатны (ад 18 гадоў і старэй). У сэкс-караоке, як вы маглі здагадацца, гучыць не зусім спеў. Вечар вядзе знакамітая "транс XXL" Эла Мортадэла.

2. Гістарычны калядны кірмаш на Ратушным пляцы ў Гамбургу

На 80 стэндах і двух дадатковых складаных намётах наведвальнікі гістарычнага каляднага кірмаша на Ратхаўс-пляц змогуць знайсці шырокі асартымент гастранамічнай і рамеснай прадукцыі. Санта-Клаўс, карусель з коньмі 1927 года, а таксама атракцыён Kоthe Wohlfahrts Weihnachtswelt - ізноў з'явяцца ў 2022 годзе, як і раней.

3. Калядны кірмаш Weisser Zauber 2022

Тысячы зіготкіх і мігатлівых лямпачак прама на вадзе - вось дзе нараджаецца сапраўдны дух Каляд! Калядны кірмаш Weisser Zauber на Юнгфернштыг прапануе сваім наведвальнікам унікальную атмасферу з каляднымі ўпрыгожваннямі і найпрыгажэйшым відам на Унутраны Альстэр. Вас чакаюць казачныя караблі, гушканкі на беразе, а таксама знакамітая альстэрская ёлка, якая будзе асветлена на працягу ўсяго каляднага сезону 2022 года, нягледзячы на энергетычны крызіс.

4. Калядны кірмаш 2022 года ў Гамбургу на Герхарт-Гаўптман-Пляц

На пляцы Герхарт-Гаўптман-Пляц паміж Менкебергштрасэ і Юнгфернштыг (недалёка ад галоўнай царквы Св. Пятра), пройдзе калядны кірмаш дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва. Тут вы зможаце ўбачыць шматлікіх майстроў і мастакоў, якія дэманструюць сваё майстэрства: коўка металу, шліфоўка, размалёўка, разьба па дрэве, ганчарная справа і многае-многае іншае.

5. Калядны кірмаш Отэнсен

На калядным кірмашы ў Отэнсене сёлета будуць чакаць гасцей не меней за 50 стэндаў з упрыгожваннямі, вырабамі ручной працы, каляднымі аладкамі, сірыйскім фалафелем, свінінай з капустай і мноствам веганскіх страў.

Калядны кірмаш у Шарлотэнбургу стане апошнім у 2022 годзе

Адзін з самых любімых калядных рынкаў Берліна, калядны кірмаш у Шарлотэнбургу (Weihnachtsmarkt vor dem Schloss Charlottenburg), сёлета пройдзе ў апошні раз.

Знакаміты штогадовы калядны рынак, які ператварае тэрыторыю палаца Шарлотэнбург у Берліне ў чароўны аазіс з шапікамі, глінтвейнам і святочнымі цацкамі, сёлета ў апошні раз пагасіць свае казачныя агні пасля заканчэння калядных святаў.

Як паведамляе rbb24, дамова арэнды рынка з Фондам прускіх палацаў і садоў, які кіруе палацам, заканчваецца ў канцы гэтага года і не будзе прадоўжана. Замест гэтага фонд плануе пабудаваць цэнтр для наведвальнікаў на месцы, дзе цяпер праходзіць рынак.

Фота: Pani Garmyder / Shutterstock.

Калядны кірмаш у Эрфурце

Калядны кірмаш у зямлі Цюрынгія нязменна ўзначальвае спісы лепшых калядных кірмашоў Германіі і нават Еўропы.

Erfurter Weihnachtsmarkt складаецца з больш за 200 прылаўкаў, многія з якіх прадаюць мясцовыя кулінарныя дэлікатэсы. Напрыклад, цюрынгскія каўбаскі. Тут вялікі выбар тавараў дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва, ці гэта будзе ганчарная справа, ці народная творчасць з Рудных гор. Можна пракаціцца на коле агляду з панарамным відам на сярэднявечны Стары горад - Альтштадт.

Фота: Mikhail Markovskiy / Shutterstock.

Хаос на калядным кірмашы ў Дзюсельдорфе

Калядны кірмаш у Дзюсельдорфе быў падобны на здымачную пляцоўку баявіка: пабіты тры машыны, змяты скутары, знішчаны святлафор і агароджа. Пацярпела каля 20 чалавек.

84-гадовы кіроўца Mercedes учыніў хаос у аўторак увечар на краі абгароджанай тэрыторыі каляднага кірмаша. Ён параніў некалькіх мінакоў.

Па дадзеных пажарнай часткі двое з пацярпелых былі ў смяротнай небяспецы. Паліцыя не разглядае наўмыснага дзеяння і праводзіць расследаванне па факце прычынення пашкоджанняў па неасцярожнасці.

Паводле СМІ.

Артыкулы пра пошукі магілы Вітаўта

Ад перакладчыка:

Прапаную падборку перакладаў артыкулаў з віленскай прэсы 1930-х гг., прысвечаных тэме месца пахавання вялікага князя ВКЛ Вітаўта.

Першым ідзе пераклад рэдакцыйнага артыкула "Пшэглёнду Віленскага", напісанага ў 1930 г. яшчэ да археалагічных раскопак у Віленскай катэдры, якія адбыліся ў 1931 г. Аўтар артыкула (верагодна - рэдактар выдання) пераказвае вядомую да таго часу інфармацыю пра магілу Вітаўта і аптымістычна лічыць, што парэшткі вялікага князя захаваліся да нашага часу.

Другі пераклад - цікавы артыкул слыннага віленскага знаўцы старажытнасцяў доктара Станіслава Лорэнца, напісаны і надрукаваны ў 1933 г. У ім д-р Лорэнц падае больш рэалістычную інфармацыю пра лёс парэшткаў вялікага князя

Трэці пераклад - тэкст з "Пшэглёнду Віленскага" за 1935 г., у якім пераказваецца і аналізуецца артыкул гісторыка мастацтва кс. доктара Слядзеўскага, надрукаванага ў тым жа годзе ў выданні "Пакс".

Магіла вялікага Вітаўта

Пра месца вечнага спачыну вялікага літоўскага ўладара мы ведаем сёння не толькі тое, што раней ведаў Адам Кіркор, інфармацыя якога была ў свой час надрукавана ў малавядомай сёння кнізе "Базіліка Літоўская", выдадзенай у Кракаве ў 1886 г., але і з працы Ул. Загорскага пра Віленскую катэдру св. Станіслава, у якой ён падаў вынікі даследаванняў Кіркора ў кароткім пераказе.

Вялікі князь Вітаўт у сваім тастаманце ад 21 кастрычніка 1430 г. выказаў пажаданне быць пахаваным у катэдральным касцёле св. Станіслава пад алтаром св. Міхала Арханёла разам са сваёй жонкай Ганнай. Праз 6 дзён, 27 кастрычніка 1430 г. ён памёр. Кароль Ягайла, унук Вітаўта - вялікі маскоўскі князь Васіль, вялікі князь Свідрыгайла і шмат іншых паноў, якія прыехалі з-за мяжы на з'езд ў Трокі, з вялікай урачыстасцю перавезлі парэшткі Вітаўта з Трокскага замка ў Віленскую катэдру. Тут была выканана яго воля - вялікага князя пахавалі пад алтаром св. Міхала Арханёла каля жонкі Ганны.

Дзе знаходзіўся алтар св. Міхала Арханёла? Маем пра гэта дакладную інфармацыю ў апісанні пахавання Вітаўта, напісаную літоўскім храністам: "Паклалі ягонае цела ў Вільні, у замку, у касцёле святога Станіслава, з левага боку ад алтара, каля дзвярэй у закрыстыю". Таму відочна, што алтар св. Міхала стаяў недалёка ад дзвярэй сакрыстыі, парэшткі знаходзіліся не ў асобнай капліцы пры катэдры, а ў галоўным гмаху, у хоры з левага боку. З актаў капітулы ведаем, што перад пажарам 1530 г. сакрыстыя месцілася ў паўднёвай частцы даўняга касцёла.

Бельскі і Стрыйкоўскі пісалі, што для помніка Вітаўту была ўжыта вялікая ваенная харугва з выявай вялікага князя на кані. Пажар 1530 г. знішчыў гэты помнік.

Самы працавіты з віленскіх даследчыкаў, праф. Міхал Гамаліцкі, які старанна вывучыў акты капітулы і зрабіў неабходныя з іх выпісы, станоўча сцвярджаў, што магіла Вітаўта ў катэдры, адбудаванай Бернардам Занобі пасля пажару, знаходзіцца ў паўднёвай частцы прэзбітэруюма і хора капітулы, бліжэй да сярэдзіны вялікага алтара, паміж першай і другой парай калон касцёла. Без сумневу, у тым месцы, дзе спачывае Вітаўт, павінен знаходзіцца і супольны, сямейны склеп даўніх літоўскіх князёў, якіх хавалі тут ажно да пабудовы каралеўскай капліцы.

Калі месца першай магілы Вітаўта з-за перабудовы касцёла пасля пажару 1530 г., прыйшлося вылічваць, дык з самай вялікай пэўнасцю можна сказаць, што другая магіла, куды былі перанесены яго парэшткі, знаходзілася ў самай глыбіні паўночнага нефа. Бо менавіта тут быў пастаўлены слаўны алтар Вітаўта.

У касцёле, адбудаваным і ўпрыгожаным пасля страшнага пажару 1530 г., быў адноўлены фундаваны Вітаўтам алтар, які і атрымаў назву Вітаўтавы. У ім знаходзіўся абраз св. Міхала Арханёла ў памяць аб першапачатковым алтары над магілай вялікага князя. Ад Старавольскага нам вядомы наступны надпіс на помніку з 1573 г. Надпіс на лаціне, я прыводжу ў перакладзе: "Бона Сфорца, каралева польская і інш., знакамітаму ўладару Аляксандру Вітаўту, вялікаму літоўскаму князю, які мае вялікія векапомныя заслугі перад сваёй айчынай і слаўнаму на цэлы сусвет, яшчэ падчас свайго жыцця загадала збудаваць мармуровы помнік з яго выявай. Пазней, Валяр'ян, біскуп віленскі для дабрачынцы гэтага касцёла, да яго алтара гэтае надмагілле паставіў і косці яго, перад тым нягодна пахаваныя, у надмагіллі замкнуў. 1573 г.".

Новапабудаванае надмагілле з выявай князя знаходзілася ў глыбіні паўночнага нефа, па праваму баку вялікага алтара. Парэшткі Вітаўта ў драўлянай скрынцы ці ў алавянай труне, згодна з агульнапрынятым звычаем былі ўмураваны ў сцяну касцёла каля таго самага алтара. Гэты алтар пасля пажару 1610 г. ужо ніколі больш не аднаўляўся.

Калі ж пасля 18 гадоў пасля пажару касцёл быў адноўлены, капітула ўспомніла пра надмагілле Вітаўта. Ва ўхвале генеральнай капітулы ад 16 траўня 1628 г. напісана: "Аднаўленне надмагілля добрай памяці вялікага князя Аляксандра Вітаўта праз дабрачынцаў віленскай катэдры. Калі Бог даруе людзям вялікія дабрадзействы і па-бацькоўску вымагае ад нас ушанавання і ўдзячнасці да продкаў, дык тым болей заслугоўваюць удзячнасці князі і можнаўладцы нашай зямлі, шчодрасцю якіх квітнее касцёл Божы з усімі сваімі служкамі. З-за таго, што векапомны і непераможны вялікі князь літоўскі Вітаўт быў дасканалым дабрачынцам і апекуном маці і жыццёдайніцы нашай - віленскай катэдры, шчодра надаў большую частку яе добраў і маёмасці, таму віленская капітула, поўная ўдзячнасці, адновіць яго алтар і надмагілле з выявай".

Аб выкананні гэтага акта капітулы нічога невядома. Прасвятая капітула запісала сваю ўдзячнасць вялікаму князю ў генеральнай ухвале і на гэтым спынілася. А потым знікае без слядоў і памяць пра само існаванне алтара Вітаўта і абавязковае набажэнства па вялікім князі робіцца каля іншага алтара.

Падчас поўнага заняцца Вільні расіянамі (1655-1661), з-за абароны замкаў, якія стаяць каля катэдры, храм доўгі час стаяў спустошаны. І толькі праз шмат дзесяткаў гадоў пасля вышэйпрыведзенай ухвалы, капітула зноў успомніла пра Вітаўта і выдала новую генеральную ўхвалу ад 8 кастрычніка 1667 г. Вось што было напісана ў новым дакуменце: "Капітула генеральная. Аднаўленне надмагілля найяснейшаму, некалі літоўскаму князю Вітаўту. Знакамітыя дабрадзействы, якімі добрай памяці в. кн. Вітаўт узбагаціў гэтую галоўную святыню ВК Літоўскага, і будзе годна і праўдзіва, калі яе капітула засведчыць сваю ўдзячнасць помнікам … Таму генеральны сход пастанавіў, не ашчаджаючы коштаў, узнесці для свайго самаўладнага некалі дабрачынца, дасканалае надмагілле ў катэдральным касцёле".

З гэтага часу і ажно да 1769 г., калі разбурылася гадзіннікавая вежа, што прымусіла да поўнай рэстаўрацыі касцёла, не было ніякіх перашкод да выканання ўхвалы капітулы. Чатыры страшныя пажары 1706, 1737, 1748, 1749 гг. абышлі катэдру. Але ўхвала не была выканана. Ніколі ў наступныя часы нават не згадваўся ні сам Вітаўт, ні яго надмагілле.

Калі пасля падзення гадзіннікавай вежы прыйшоў час перабудовы катэдры, пэўна, ні віленскі біскуп Масальскі, які пачаў перабудову касцёла, ні знакаміты архітэктар Гуцэвіч, які па ўласным плане выканаў працы, нават не ведалі пра ранейшае існаванне надмагілля і алтара Вітаўта, і, магчыма, не шмат ведалі і пра самога Вітаўта.

Зараз месца, дзе стаяла надмагілле Вітаўта, было дакладна вылічана вучоным Міхалам Гамаліцкім, які зрабіў для гэтага вялікую працу. Гэтым месцам ёсць неф, у якім Тамаза Рыгі (Righie) паставіў каласальную статую "Міласць Бога".

Рыгі ламаў мур, каб зрабіць паўкруглае паглыбленне ў сцяне для сваёй статуі. Пры гэтым ён мог выграбці і міжвольна выкінуць парэшткі Вітаўта. Але гэта магло адбыцца толькі ў тым выпадку, калі б надмагілле і труна за ім месціліся пасярэдзіне алтара. Праф. Гамаліцкі лічыць, што ўсярэдзіне, дзе зараз стаіць велічэзны твор Рыгі, раней быў крыж і алтарны абраз, стаяла тут і дараносіца са Святымі дарамі. Таму немагчыма нават дапусціць, каб надмагілле і труна з парэшткамі знаходзіліся ў самай сярэдзіне алтара. Павінны яны былі быць размешчаны з боку эпісталы алтара (эпістала алтара - правы бок алтара, каля глядзець вачыма вернікаў - Л. Л.). Тады труна павінна была захавацца недатыкальнай, і косці самога вялікага героя Літвы і да гэтага часу знаходзяцца ў сцяне. А сёння іх сцеражэ помнік Вітаўту, які нядаўна з'явіўся і пра які мы зараз раскажам.

З 1610 г. у віленскай катэдры не было ніводнага помніка Вітаўту. Пакуль у нашы часы знакаміты археолаг і заснавальнік музея і Археалагічнага таварыства ў Вільні граф Яўстах Тышкевіч, пры падтрымцы жыхароў Вільні, вырашыў уваскрэсіць у катэдры памяць пра вялікага князя Вітаўта. Ён вырашыў паставіць сціплы помнік на тым самым месцы, дзе, згодна з меркаваннямі прафесара Міхала Гамаліцкага, знакамітага гісторыка Мікалая Маліноўскага і пралата Мамерта Гербурта, спачывалі парэшткі Вітаўта і дзе, падобна і сёння, яны знаходзяцца глыбока ў сцяне.

27 траўня 1853 г. гэты помнік быў адкрыты і высвечаны. Ён складаецца з мармуровай табліцы, устаўленай ў камень-пясчанік, які раней здабываўся каля палаца Пацаў у Езне. На табліцы адноўлены даўні надпіс часоў біскупа Валяр'яна Пратасевіча (гл. вышэй). Да ранейшага надпісу былі дададзены некалькі сказаў на латыні, якія ў перакладзе гучаць наступным чынам: "Такі помнік некалі быў пастаўлены недалёка ад гэтага месца, у тым самым паўночным нефе і знішчаны пры пажары 1610 г., у 1853 г. для вечнай памяці быў адноўлены з паўторам першаснага надпісу".

Вось і ўсё, што ў свой час ведаў Кіркор і што мы зараз ведаем пра магілу князя Вітаўта.

Grób Witolda Wielkiego // Pregląd Wileński. 1930. № 2. S. 2-6.

Лёс парэшткаў Вітаўта

Здавалася б, не трэба ўжо будзе вяртацца да тэмы, чаму не былі знойдзены парэшткі в. кн. Вітаўта ў падзямеллях Віленскай базылікі і чаму знайсці іх там было немагчыма. Цікавую інфармацыю пра парэшкі вялікага князя ў XIX ст. у свой час падалі віленскія гісторыкі Гамаліцкі і Кіркор, два гады таму грунтоўны тэкст на гэтую тэму напісаў праф. Маралоўскі ў "Атэніюме Віленскім" і, нарэшце, вывучэнне падзямелляў катэдры ў 1930-32 гг., пра якія пісала прэса, вырашыла шэраг важных пытанняў. Аднак інфармацыя, якая з'явілася ў прэсе ў апошнія дні аб прыгатаванні труны, у якую павінны быць складзены парэшткі в. кн. Вітаўта, можа заблытаць чытача і даць фальшывую надзею, што існуе магчымасць знайсці магілу вялікага князя. Таму ў гэтым артыкуле я перакажу вядомую навукоўцам інфармацыю.

Аб першасным месцы пахавання в. кн. Вітаўта мы ведаем не шмат. У прывілеі на Ігуменскую маёмасць, нададзеную віленскім біскупам за некалькі дзён да смерці ў 1430 г., Вітаўт загадвае пахаваць яго ў магіле, дзе ўжо спачывала яго Ганна - каля алтара св. Міхала Арханёла. Абапіраючыся на Хроніку Быхаўца, дзе напісана: "Паклалі ягонае цела ў Вільні, у замку, у касцёле святога Станіслава, з левага боку ад алтара, каля дзвярэй у сакрыстыю" і беручы пад увагу, што перад пажарам у 1530 г. гэтая сакрыстыя знаходзілася на паўднёвым баку катэдры, можна вылічыць месца першаснай магілы Вітаўта, якая павінна была знаходзіцца ў паўднёвай частцы сучаснага прэзбітэруюма і хору капітулы, бліжэй да сярэдзіны вялікага алтара, паміж першай і другой парай калон касцёла.

Аднак гэтую гіпотэзу трэба лічыць беспадстаўнай. Муры сучаснай катэдры паходзяць з часоў адбудовы, пачатай пад кіраўніцтвам Бернарда Занобі ў 1534 г. Аб катэдры часоў Вітаўта, акрамя адкрыццяў 1931 г., мы маем мала інфармацыі. Сапраўды знойдзены фрагменты бакавых калон і франтальнай сцяны каля фундамента першай ад увахода калоны, якая аддзяляе галоўны неф ад правага, бакавога нефа. Аднак не ўдалося вылічыць агульныя памеры гмаха і форму прэзбітэруюма. Таксама загадкавымі ёсць рэшткі крыпты XV ст. у галоўным нефе каля чацвёртай паўднёвай калоны і рэшткі муроў пад падлогай правага бакавога нефа насупраць біскупскай капліцы. У любым выпадку можна цвердзіць, што ўнутранае ўладкаванне храма значна адрознівалася ад сучаснай планіроўкі, і таму месца першаснай магілы в. кн. Вітаўта дакладна вылічыць немагчыма.

Аднак гэта для нас не настолькі важна, бо маем цалкам пэўную інфармацыю пра далейшы лёс парэшткаў в. кн. Вітаўта на працягу XVI і ў першай палове XVII ст. Ведаем, што надмагільную пліту з выявай Вітаўта загадала зрабіць каралева Бона, але гэта пліта не была ўсталявана ў катэдры. Пабудовай надмагілля, для якога ўжо была гатова пліта, займаўся біскуп Пратасевіч. Тэкст, напісаны на пліце, вядомы ад Старавольскага з "Monumenta Sarmatorum", дакладна паказвае, дзе знаходзяцца парэшткі вялікага князя і не дазваляе выдумляць галаслоўныя гіпотэзы (гл. гэты тэкст вышэй, у папярэднім артыкуле - Л. Л.)

Маем інфармацыю, што косткі Вітаўта ў XVI ст. былі перазахаваны неадпаведна яго годнасці. Вельмі проста можам зразумець, чаму так атрымалася. У часы грунтоўнай перабудовы і пашырэння катэдры ў 1534-1557 гг. як найменей на 1 м быў падняты узровень падлогі - рэшткі падлогі катэдры Вітаўта ў мінулым годзе знойдзены на глыбіні 1,67 м ад узроўню сучаснай падлогі, і што яшчэ важней - памеры і планіроўка будынка істотна змяніліся. Менавіта таму магіла з трунамі Вітаўта і яго жонкі Ганны была зруйнавана. Невядома, што сталася потым з труной в. кн. Ганны, але можна выказаць здагадку, што абедзве труны пасля заканчэння перабудовы катэдры былі размешчаны ў адной з новых катэдральных крыпт.

Відочна, што звычайная крыпта не была годным месцам для знакамітага дзяржаўнага дзеяча, вялікага князя і дабрадзея катэдры Вітаўта, і таму, выкарыстаўшы пліту, якая да таго часу ўжо існавала, біскуп Пратасевіч зрабіў новае надмагілле каля фундаванага Вітаўтам алтара св. Міхала Арханёла і тут склаў косці князя і княгіні. Менавіта надпіс на пліце надмагілля прымушае адкінуць ідэю аб магчымасці пахавання ў сцяне храма за надмагіллем. Гэта магло б быць цалкам магчымым, калі б надмагілле складалася з пліты, непасрэдна прымацаванай да сцяны. Аднак, бачым у надпісе выразную розніцу паміж плітой, выкананай па загадзе Боны, і надмагільным помнікам, выканананым праз біскупа Пратасевіча, да якога мацавалася пліта Боны. Надмагілле складалася з тумбы, дзе знаходзіліся косткі, і пліты з выявай на тумбе.

Алтар св. Міхала Арханёла знаходзіўся ў канцы левага бакавога нефа, у тым месцы, дзе была ўзнесена каласальная скульптура Тамаза Рыгі "Міласць Бога". Гэты быў не першапачатковы гатычны алтар, але новы, рэнесансны, на які пайшлі грошы з фундуша Вітаўта. А надмагілле мусіла знаходзіцца паміж сучасным вялікім алтаром і нішай скульптуры. Таму тут у 1853 г. на сцяне слушна была прымацавана памятная табліца і партрэт Вітаўта. Трэба адзначыць, што барочны партрэт, які паходзіў з Брэст-Літоўскага, відочна, не з'яўляецца партрэтам з XV ст., як дапускалі ў XIX ст., а размешчаны на табліцы абраз Найсвяцейшай Панны не мог быць падарункам Вітаўту ад Мануля Палеолага, бо ён больш позні і паходзіць, як найраней, з канца XV ст.

У першай палове XVII ст. надмагілле было ўжо ў нездавальняльным стане, і 16 траўня 1628 г., як вынікае з актаў капітулы, з-за ўдзячнасці да Вітаўта, капітула вырашыла адрамантаваць надмагілле з выгравіраваным на ім абразом, канонік Жагель прызначыў для гэтага 100 зл. Нагляд за працай быў даручаны каноніку Шульцу. Але гэтае рашэнне не было выканана, праўдападобна з-за таго, што яшчэ доўгі час пасля пажару 1610 г. катэдра рамантавалася. У дакументах капітулы пасля 1628 г. не бачым больш згадвання пра магілу Вітаўта. І толькі 9 кастрычніка 1697 г. з'яўляецца наступная ўхвала, у якой капітула пастанавіла для ўшанавання памяці вялікага князя, не шкадуючы грошай, зрабіць splendidum epitaphium (прыгожы помнік - Л. Л.). Ва ўхвале няма ані слова аб парэштках Вітаўта ці аб ранейшым надмагіллі, якое, як бачым, не існавала, і таму капітула вырашыла пабудаваць новы, дасканалы помнік.

А што сталася паміж 1628 і 1697 г. з касцямі і надмагіллем? На гэта пытанне можа быць толькі адзін адказ. Калі б надмагілле было знішчана да 1655 г., мы б мелі пра гэта адпаведны запіс у дакументах капітулы. Таксама ўсе важныя звесткі занатоўваліся пасля 1662 г., калі капітула вярнулася ў Вільню. Таму надмагілле мусіць быць знішчана, праўдападобна, у 1655 г., маскоўскае войска тады не толькі з-за сваволі разбіла ўсе катэдральныя надмагіллі, але і таму, што жаўнеры шукалі ў магілах упрыгожванні і каштоўнасці. Таму іх не магло не зацікавіць надмагілле, надпіс на якім выразна паказваў яго прыналежнасць да вялікага князя. Помнік быў разбіты і, калі ў ім меліся каштоўнасці, разрабаваны. Апекавацца косткамі Вітаўта не было каму - капітулы не было, а месцічы мелі ўласныя клопаты.

Калі ў 1661 г. пасля вызвалення горада ў Вільню першым прыбыў дэлегат капітулы канонік Гізкі, катэдра тады ўжо не мела вежаў і даху, скляпенні былі зруйнаваны, унутры знаходзілася шмат трупаў жаўнераў, забітых пры падзенні будаўнічых канструкцый, з-за няспраўных каналаў падлога была заліта вадой. Можна з пэўнасцю дапусціць, што косткі вялікага князя былі раскіданы ў 1655 г., бо было б цалкам непраўдападобна, каб яны захаваліся ў разбітай магіле на працягу 6 гадоў, калі ў катэдры драпежнічалі чужыя жаўнеры. Таму яшчэ меней праўдападобна было б лічыць, што косткі можна было б знайсці ў 1661 г. сярод друзу, у які часткова ператварылася катэдра. З дакументаў, якія маем, карыснай ёсць толькі адна інфармацыя: "Надмагілле в. кн. Вітаўта было разбіта і абрабавана ў часе маскоўскага наезду, а косткі яго былі раскіданы і расцярушаны". Магчыма, косткі вялікага князя і зараз знаходзяцца ў катэдры сярод тысяч іншых безыменных костак у друзе пад падлогай.

Таму зразумела, чаму да гэтага часу не знойдзены і не могуць быць знойдзены парэшткі в. кн. Вітаўта. Хацеў бы, аднак, сказаць пра яшчэ адно распаўсюджанае меркаванне, якое цалкам аспрэчвае 1,5 года вывучэння падзямелляў катэдры. Згодна з версіяй, якая не абапіраецца ні на якія дакументы, біскуп Пратасевіч гатаваў магілу для сябе і таму прыбраў парэшткі Вітаўта з ранейшай крыпты і памясціў іх у помніку ў Вітаўтавай крыпце. У 1909 г. пры рамонце касцельнай падлогі за некалькі крокаў у бок сакрыстыі ад алтара вікарыяў, быў знойдзены невялікі склеп. Гэтую крыпту вывучалі кс. пралат Курчэўскі, кс. пралат Савіцкі і др. Загорскі. Падаю яе апісанне з манаграфіі кс. Курчэўскага пра Віленскую катэдру: "Склеп быў засыпаны друзам і завалены камянямі. Пры уборцы друзу і камянёў, быў знойдзены абломак брунатнага мармуровага помніка з прыгожай разьбой і гербом Држэвіца, якім меў біскуп Пратасевіч, а таксама два чэрапы ў біскупскіх піўстках (шапачка біскупа, якая прыкрывае танзуру - Л. Л.) , адна асоба была больш маладая а другая больш старая. Потым былі знойдзены кавалкі труны і спарахнелы шкілет, апрануты ў пантыфікальны ўбор. На мёртвых пальцах досыць добра захаваліся ядвабныя пальчаткі, якія, што бачна па характары працы, былі выраблены ў XVI ст. Ад тонкіх ядвабных арнатаў і далматыкаў засталіся толькі кавалкі тканіны. Грунтуючыся на гэтым адкрыцці, а таксама на паданні аб тым, што біскуп Пратасевіч аднавіў для сябе магілу Вітаўта, доктар Загорскі (пад яго даглядам ішлі працы па вывучэнні крыпты) выказаў гіпотэзу, што знойдзеныя парэшткі належалі гэтаму біскупу, а пры перабудове касцёла разам з ім быў пахаваны яшчэ адзін біскуп […], але гэта цалкам памылковая гіпотэза. Адна са знойдзеных пальчатак знаходзіцца зараз (гэта ў 1933 г. - Л. Л.) у Музеі таварыства аматараў навук г. Вільні, і можна спраўдзіць, што вырабленая яна значна пазней за XVI ст.

Пасля адкрыцця гэтай крыпты, з'явіліся цалкам фантастычныя ідэі, што знойдзеныя ў ёй косткі, могуць быць косткамі Вітаўта. Гэта можна аспрэчыць, грунтуючыся на дакументах архіва і на тэксце надпісу на помніку. Аднак ёсць і іншыя доказы: па-першае, крыпта пабудавана не пазней за другую палову XVII ст. - гэта бачна па яе цэгле, і па-другое, легенда, што як быццам, біскуп Пратасевіч спачыў у крыпце недалёка ад алтара Вітаўта (св. Міхала Арханёла) грунтуецца на непаразуменні і не адпавядае рэчаіснасці […]".

Lorentz Stanisław. Losy szatków W.Ks. Witolda// Kurjer Wileński. № 186(2727), 16 lipca 1933.

Абуджаная надзея

У пошуках парэшткаў Вітаўта

У сувязі з адкрыццём у Віленскай базыліцы замураванай крыпты з каралеўскімі парэшткамі зноў паўстала пытанне, дзе ж знаходзіцца магіла в. кн. Вітаўта і ці ёсць хоць якая надзея знайсці яе. Кансерватар доктар Лорэнц у вялікім артыкуле "Лёс парэшткаў Вітаўта" у "Кур'еры Віленскім" (гл. вышэй - Л. Л.) дакладна выклаў хаду пошукаў, прааналізаваў увесь архіўны матэрыял і на гэтым грунце прыйшоў да высновы, што няма ніякіх дадзеных, на падставе якіх можна было б вылічыць месца вечнага спачынку парэшткаў вялікага князя, таксама ён выказаў перакананне, што косткі ўжо Вітаўта немагчыма ідэнтыфікаваць сярод тысячаў безыменных костак, якія спачываюць у друзе пад падлогай.

Здаецца, што пасля такіх высноў пытанне знята і трэба развітацца з марай знайсці косткі Вітаўта.

Калісьці з № 7 - 8 "Пакс" ("Pax") за 1934 г. кс. Валяр'ян Мяйштовіч выступіў з сенсацыйным артыкулам, у якім выказаў здагадку, што магілу Вітаўта трэба шукаць пад даўняй Кейзгайлаўскай (ці св. Міхала) капліцай, сёння - капліцай св. Антонія.

Ідэі кс. Мяйштовіча выклікала пярэчанне з боку Камітэта ратавання Віленскай базылікі, які гэтыя высновы назваў баламутствам і з націскам падкрэсліў, што паколькі гістарычныя дадзеныя кажуць, што парэшткі Вітаўта расцярушаныя падчас маскоўскага наезду ў 1655 г., ідэнтыфікаваць немагчыма, пры тым, што даследаванні ў падзямеллях касцёла, якія знаходзяцца паблізу ад апошняй вядомай нам з гісторыі магілы вялікага князя і паблізу ад фундаваных ім алтароў, вяліся з вялікай стараннасцю.

Аднак насуперак катэгарычнасці камісіі, вядомы ў нас гісторык мастацтва кс. доктар Слядзеўскі, паставіўся да ідэй кс. Мяйштовіча больш прыхільна, зацікавіўся пытаннем і грунтоўна яго праштудзіраваў, а потым выклаў свае меркаванні на старонках таго жа "Пакса" у № 2 за гэты год (1935 г. - Л. Л.).

Перад усім кс. Сядзеўскі цвердзіць, што мы "маем самыя пэўныя доказы таго, што косткі Вітаўта не знаходзіліся працяглы час у адной магіле. На пачатку, згодна з яго ўласнай воляй, вялікага князя пахавалі ў катэдры, якую ён сам фундаваў, каля алтара св. Міхала, дзе ўжо была пахавана яго жонка, смаленская княжна, Ганна. Потым ossa Vitoldi (лац. косткі Вітаўта - Л. Л.) былі пахаваны ў падзямеллях былой Каралеўскай капліцы св. Казіміра. Потым яны былі перанесены ў саркафаг пры новым алтары св. Міхала ў глыбіні паўночнага бакавога нефа, каля ўсходняй сцяны. Нарэшце, праўдападобна, яны былі сакрэтна схаваныя ў падзямеллях катэдры, у месцы "схаваным ад вока гісторыі".

Згадаем даследаванні кс. Слядзеўскага аб месцы пахавання Вітаўта да часу маскоўскай вайны ў сярэдзіне XVII ст. і спынімся на яго думцы, што парэшткі Вітаўта былі перанесены ў падзямеллі Каралеўскай капліцы пасля яе рэстаўрацыі (каля 1535 г.) разам з парэшткамі св. Казіміра і караля Аляксандра. З бегам часу там жа былі пахаваны і каралева Альжбета, і каралева Барбара.

Калі наступілі панурыя часы пад Масквой, біскуп і капітула пакінулі Вільню. Яны вывезлі з сабой рэліквіі св. Казіміра, акты дыяцэзій і капітулы, каштоўнасці. Першая сесія капітулы па-за Вільняй адбылася ў капітульным маёнтку Брашэвічы 3 лютага 1656 г. Хутка стала вядома, што ў Караляўцы памёр біскуп Тышкевіч. 15 траўня на пасаду віленскага біскупа кароль намінаваў віленскага пралата Завішу-Даўгялу. Але і той памёр у бежанстве. У траўні 1658 г. пралат Бялазор прыехаў у Берасце ў якасці намінанта на пасаду смаленскага біскупа. Там у яго спыталі, куды ён падзеў вывезеныя з Вільні кляйноты? Пралат адказаў, што частку перадаў для абароны дзяржавы, а частку схаваў. Пра месца гэтай схованкі ён мог сказаць толькі двум выбраным членам капітулы, бо інакш была небяспека страціць каштоўнасці. Капітула пагадзілася з гэтай думкай.

Кс. Слядзеўскі не шмат кажа пра "сакрэтны прывілей" капітулы, пра падмуркі таямнічасці тых часоў і тагачасных людзей. Але ёсць падставы думаць, што ўсё ж мог існаваць сакрэт з маўчаннем (адтуль і ціша ў актах капітулы) аб справе месца, дзе былі схованы каралеўскі парэшткі з каштоўнасцямі, і разам з імі - можа быць - і парэшткі Вітаўта.

Зараз цяжка даведацца, хто з асоб ведаў пра месца патаемнага ўкрыцця і рабіў схованку. Магчыма гэта быў сам біскуп Тышкевіч з дапамогай нанятых муляраў, але ён памёр у Караляўцы і знёс тайну ў магілу. Мог гэта зрабіць канонік Ключэўскі, які заставаўся ў Вільні замест біскупа падчас маравой заразы перад самым прыходам маскоўцаў, а потым таксама памёр у бежанстве. Апошнім мог быць кусташ катэдры, катэдральны пралат Белазор, які памёр пад Вільняй у 1665 г.

Так ці інакш, але для даследчыка справы аб месцы пахавання Вітаўта важным з'яўляецца пытанне маўчання капітулы. Бо пачынаючы з канца XVII ст., як нажом адцятая, перарываецца традыцыя памяці пра рэальную магілу Вітаўта. Яе лёс такі ж цёмны і таямнічы, як і лёс каралеўскіх магіл да верасня 1931 г. Памяць пра гістарычныя падзеі ў Вільні другой паловы XVII ст. разам з адсутнасцю каралеўскай крыпты пад сучаснай капліцай св. Казіміра, вяло да таго, што яшчэ за дзень да знаходкі каралеўскіх магіл ўсе лічылі, што ўсе каралеўскія парэшткі страчаны таксама, як і парэшткі Вітаўта. Аднак, аказалася, што парэшткі караля Аляксандра і іншых даўніх каралёў з кляйнотамі знайшліся ў падзямеллях у добра і прафесійна замаскаванай крыпце. […]

Таму кс. Сядзеўскі лічыць, што парэшкі Вітаўта трэба шукаць там, дзе іх да гэтага часу не спадзяваліся знайсці. Пэўна, яны схаваны ў такім кутку катэдры, да якога яшчэ ніхто не дабіраўся. […]

Karol Waga. Obudzona nadzieja // Pregląd Wileński. 1935. № 3-4. S. 6-8.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Вандроўнікі ў Сусвеце

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48)

У гэтым выпуску БСІ мы працягваем знаёміць з бачаннем мінчаніна Дзімы Пухлова жыцця ў рэзервацыі - у беларускім перакладзе. І далучаем да "клуба падарожнікаў сярод індзейцаў" Ксаверыя Карніцкага, які падарожнічаў у Паўднёвым паўшар'і практычна адначасова з капітанам Кукам, і легендарнага Юрыя Сянкевіча, падарожжы якога ствараюць камфорт у душы тых, хто дагэтуль жыве 20-ым стагоддзем. Катэгорыі тых, хто ў еўрапейскім абутку ступаў хаця б раз на "індзейскую сцяжыну", - самыя разнастайныя. Трэба памятаць, што акрамя неафіцыйных візітаў прадстаўнікоў Беларусі ў амерыканскія краіны былі і афіцыйныя. Але не заўсёды ў паведамленнях пра іх у прэсе апісваюцца дэталі пра сустрэчы з прадстаўнікамі ведамстваў, адказных за справы "першых нацый", і паездак у рэзервацыі.

З навін 1987 г.: "17 кастрычніка пачаўся афіцыйны візіт дэлегацыі Вярхоўнага Савета СССР на чале з членам яго Прэзідыума, першым сакратаром ЦК Кампартыі Беларусі Я. Я. Сакаловым. Дэлегацыя наведае Манрэаль, Таронта, Атаву, Калгары. Візіт працягнецца да 23 кастрычніка. Нагадваем, што ў траўні 1985 г. у час дружалюбнага візіту ў Канаду члена Палітбюро ЦК КПСС, Старшыні Савета міністраў РСФСР В. І. Варатнікова адбылася яго гутарка з міністрам па справах індзейцаў і развіцця паўночных тэрыторый Д. Кромбі" ("Бюлетэнь Арганізацыйнай групы Беларускага індзеянісцкага таварыства", 18.10.1987, № 16).

Артыкулы пра Карніцкага і Сянкевіча аб'ядноўвае імя выдатнага даследчыка і папулярызатара значных для гісторыі геаграфічных адкрыццяў і даследаванняў падарожжаў беларусаў па свеце - Валерыя Ярмоленкі (пару найвялікшых "сур'ёзных" аўтараў складае ён з В. Грыцкевічам, хаця трэба прызнаць, што першы паддаваўся спакусе "перабольшыць" і беларускасць, і дасягненні канкрэтных падарожнікаў і адкрывальнікаў).

КАРНІЦКІ Ксаверый - родам з Наваградскага ваяводства, дзеяч, страта дзённіка і іншых папер якога (верагодна, з-за вайны 1939-1945 гг.) прывяла да няпэўнасці з яго роллю як аднаго з першых у 18 ст. наведвальнікаў Лацінскай Амерыкі, што паходзілі з Польшчы, Беларусі і Літвы.

Мастацкая рэканструкцыя яго верагодных кантактаў з індзейцамі з'явілася нядаўна ў артыкуле Алеся Марціновіча ў "ЛіМе" (ён пісаў пра Карніцкага ў кнізе 1 ("Куды ні трапяць беларусы") тома 2-га збору твораў "Гісторыя праз лёсы" (2016; "Для чытачоў сярэдняга школьнага ўзросту"). Асобны і нібыта зусім дакументальны матэрыял пра яго напісаў В. Ярмоленка. Аднайменны з марціновічаўскім артыкул апошняга "Першы беларус у Аўстраліі" пачынаўся: "Першым беларусам, які аб'ехаў вакол свету, быў Kcaверый Карніцкі з Навагрудка". "Жывучы ў Чылі, ён быў найманым кітабоем, а потым, калі зарабіў пэўныя грошы, падарожнічаў па паўднёва-амерыканскім кантыненце. Заканчваліся грошы - стрэльбу падарожніка зноў замяняў гарпун кітабоя. Такое жыццё доўжылася 15 гадоў. Паўднёвую Амерыку Ксаверый Карніцкі пакінуў у 1789 годзе - ён скіраваўся ў Аўстралію" (Ярмоленка ў газеце "Універсітэт", 2000; дарэчы, "паўднёва-амерыканскага кантынента" не існуе).

Указаных гадоў жыцця ў Чылі - дастаткова, каб сустрэць хаця б аднаго індзейца.

У пачатку і сам Марціновіч заўважае: "Звестак пра яго, на жаль, захавалася вельмі мала". Але далей ён дэталізуе побыт яго ў Чылі так, як не ўдавалася да яго, магчыма, і польскім папулярызатарам. У канцы ён тлумачыць: "А як жа ў такім разе ўдалося ўзнавіць асобныя моманты з жыцця гэтага нашага выдатнага суайчынніка? Ведаючы тое, дзе ён бываў, з кім мог сустракацца, куды закінуў яго лёс, можа ўявіць магчымае развіццё некаторых падзей.

Гэтым я і кіраваўся, апавядаючы пра Ксаверыя Карніцкага".

"Трапіўшы ж у Паўднёвую Амерыку, стараўся пабываць шмат у якіх месцах. Для гэтага выкарыстоўваў розныя спосабы перамяшчэння. І на лодках плыў з туземцамі. І з атрадам гэтакіх жа, як і сам, рамантыкаў-авантурыстаў на конях прабіраўся праз джунглі. Неаднойчы быў сведкам, як тыя, хто дзень назад лічыліся сябрамі, штосьці не падзяліўшы, адразу хапаліся за зброю. Часам гэта заканчвалася кровапраліццем. Стараўся не ўмешвацца ў падобныя разборкі. Не таму, што баяўся. Не збіраўся недарэчна загінуць пасярод джунгляў. Хацелася яшчэ шмат дзе пабываць.

Нарэшце апынуўся на ўзбярэжжы Ціхага акіяна. У гэтым месцы знаходзілася яшчэ адна невядомая яму зямля - Чылі. Там затрымаўся надоўга. Зацікавіўся карэнным насельніцтвам - аўраканамі [араўканамі]. З задавальненнем наведваўся да іх нават у цяжкадаступныя раёны. Цікавіўся побытам абарыгенаў, іх традыцыямі. Так працягвалася, пакуль не знайшоў пастаянны занятак - кітабойны промысел. Месяцамі знаходзіўся ў моры. У Чылі даведаўся і пра ці не самы загадкавы ў свеце востраў Пасхі".

Усё гэта, аднак, не падмацоўваецца надзейнымі дакументамі, таму і В. Ярмоленка, і А. Марціновіч выдаюць "жаданае за сапраўднае". Другі з іх стварае цэлыя маляўнічыя сцэны з абарыгенамі Аўстраліі - што зусім прымальна, бо аўтар папярэдзіў пра адсутнасць канкрэтных звестак. Іншае справа, што прыдуманыя падарожжы і "этнаграфічныя падрабязнасці", звязаныя з "першым беларусам у Аўстраліі" і пададзеныя ў духу адноснага рэалізму Янкі Маўра і "фантамабіля" Аляксея Якімовіча, могуць не мець пад сабой рэальнай гістарычнай асновы, - такім чынам ствараецца "новая міфалогія" Аўстраліі, Чылі.

М. Парадоўская (1992), якая пералічвае першых палякаў у Лацінскай Амерыцы, а яшчэ больш - нявырашаныя праблемы з іх ідэнтычнасцю, дакументальнай базай, пра побыт, маршруты Карніцкага не змагла паведаміць "нічога асаблівага". Такім чынам, усё дастаткова цьмяна - просьба не здзіўляцца, калі і яго знаходжанне ў Чылі не пацвердзіцца.

Нягледзячы на вялікую колькасць згадак Карніцкага як "першага паляка ў Аўстраліі" - а пазней і "першага беларуса", у артыкуле Я. Тазбіра "Marzenia o "Nowej Polsce"" (2005) чытаем: "Насуперак звесткам, якія знаходзяцца ў біяграфіі Карніцкага, змешчанай у "Польскім біяграфічным слоўніку", Карніцкі ніколі не быў у Аўстраліі - por. W. Slabczynski, Polscy podroznicy i odkrywcy, Warszawa 1973, s. 355". Што не быў - магчыма, занадта катэгарычна, проста трэба спаслацца на адсутнасць надзейных пацвярджэнняў. А В. Слабчынскі, які сам некрытычна сабраў і "падтрымаў" шмат "легенд", лічыў выпадак Карніцкага "поўнай легендай".

Калі мы страцім частку ілюзій - або нават і ўсе - наконт Карніцкага, то найперш будзе прыемна пераканацца, што ён не быў кітабоем (забойцам кітоў). Але пошук уладальніка ганаровага тытула " першы падарожнік вакол свету з усіх усходніх славян", якім узнагародзіў яго Ярмоленка, будзе працягвацца.

Літ.: 12311 Марціновіч А. Першы беларус у Аўстраліі // Літаратура і мастацтва. 2022. 21 кастр. С. 15.

ПУХЛОЎ Дзмітрый (2) - Алена Барэль і Дзіма Пухлоў працягваюць размову пра побыт мінчаніна сярод індзейцаў (пачатак гл. у № 48 "Нашага слова.pdf"). " - Дзіма, у адказ на пытанне "адкуль ты?", называў Расію ці Беларусь?" Адказ быў: "- Вядома, даводзіцца ўдакладняць, што Беларусь - гэта паміж Расіяй і Польшчай. Наступнае пытанне: а дзе знаходзіцца Польшча?"

"Гістарычна там быў матрыярхат, і да гэтага часу захаваўся ўплыў жанчын у грамадстве. Апошняе слова застаецца за бабулямі сямействаў. Рашэнне жонкі вяршэнствуе над меркаваннем мужа. Калі адкінуць афіцыйную ўладу, то ўсю рэзервацыю трымае ў кулаку бабуля-атаман.

Шматдзетнасцю індзейцы не адрозніваюцца. Гістарычна жыхароў у раёне Тэмагамі было роўна столькі, колькі маглі пракарміць тамтэйшыя лясы".

"- У рэзервацыі ёсць пачатковая школа, а потым дзеці ездзяць у канадскую - да бліжэйшага мястэчка 30 км, - дзеліцца са мной Дзіма. - Да канца 70-х гадоў мінулага стагоддзя індзейскіх дзяцей сілком забіралі ў канадскія школы і не дазвалялі размаўляць на роднай мове, а індзейскія школы - зачынялі. Пасля шматмільярднага іску і гучнага працэсу, які, дарэчы, не завершаны дагэтуль, урад адкрыў індзейскія школы, а вучням, якія ўжо выраслі і сталі ахвярамі шавінізму, выплачваюць аднаразовыя кампенсацыі каля 20 тысяч долараў. Але ў абмен на падпіску, што яны больш ніколі не будуць судзіцца з урадам. Канадцы лічаць індзейцаў лайдакамі, якія сядзяць на шыі ў дзяржавы. Але з боку работадаўцаў дыскрымінацыі ў адносінах да індзейцаў няма, інакш зацягаюць па судах. Больш таго, шматлікія кампаніі аддаюць перавагу браць на працу каляровых, а не белых. А ў канадскіх дзяржустановах сядзяць запар чорныя і каляровыя… Канада - краіна эмігрантаў".

Канала - краіна эмігрантаў, і эмігрант (з 1999 г.) Вадзім у "Кур'еры" (2000), які мог назіраць на вуліцы Эдмантана індзейцаў п'янымі, што просяць грошай, выказаўся больш коратка і больш прамалінейна, чым Дзмітрый і, магчыма, усе астатнія беларусы, - што канадцы не паважаюць індзейцаў: "Гэта дармаеды i малапаважаныя людзі".

"Індзейцы ж рэзервацыі наогул далёкія ад палітыкі, са знешняга свету іх амаль нічога не цікавіць - у саміх маса праблем. Адна з іх - аўтаномія. Калісьці ў алганкінаў правадыр прадстаўляў інтарэсы племені, а выбіралі яго жанчыны, і зняць маглі ў любы момант. Сучаснага правадыра абірае на 4 гады ўсё насельніцтва, пра інтарэсы якога ён паспяхова забывае, атрымліваючы ад урада 80-100 тысяч долараў у год без падаткаў - за выкананне афіцыйнай волі. Зараз там вяршэнствуе Алекс Пол. Індзейскага імя, як і кароны з пёраў на галаве ў правадыра, там ужо не сустрэнеш…"

"Знаёмыя па кніжках Фенімора Купера "аксесуары" індзейцаў убачыш толькі ў сувенірных крамах. Дзіма быў адзіным, хто хадзіў там у макасінах. І нават пабудаваў сабе своеасаблівы вігвам, пасля таго, як яго выгналі з рэзервацыі".

Літ.: 4959 Время уходит! Время уходить? / подг. К. Скуратович // Кур'ер. 2000. Сак. № 1. С. 32-35.

236 Окулевич Г. Русские в Канаде. Торонто, 1952.

5630 Чыгрын С. Далёкая Канада // Раніца. 2000. 30 лістап. С. 8.

5896 В Канаде будут созданы парки аборигенов // Белорусская деловая газета. 2001. 27 апр.

7917 Козикис Д. Д. Канада в профиле и в развитии. Мн., 1999.

10884 Канада. Рэабілітацыя правадыроў // Новы час. 2018. 6 крас. С. 8.

СЯНКЕВІЧ Юрый - калі Тур Хеердал памёр (2002), Сянкевічу стала кепска і ў медыцынскім сэнсе - так можна зразумець і з загалоўка публікацыі ў "Советской Белоруссии". На жаль, ён не змог, нават будучы ўрачом, зберагчы (2003) сваё сэрца для мільёнаў членаў любімага тэлевізійнага "Клуба падарожнікаў". Беларускасць продкаў Сянкевіча адзначаная ў БелЭн (В. Ярмоленка), а з асаблівай гонарам - у навучальным дапаможніку для беларускіх школьнікаў. І сапраўды, продкі і сваякі Юрыя, Сянкевічы, Мачульскія, Дыбенкі, звязаныя з Кіевам, Ізмаілам, Адэсай, Пецярбургам і Віленскай губерняй, прафесійна прадстаўляючы медыцыну і праваслаўную царкву, а сам ён нарадзіўся ў Манголіі.

Тэкст Сянкевіча пра супрацоўніцтва з балівійскімі індзейцамі адносіцца да перыяду паміж дзвюма экспедыцыямі - "Ра" (1969) і "Ра-2" (1970) - і перакладаўся для нашай анталогіі "Індзейцы вачыма беларусаў" у 1988 г. - быў у ліку першых перакладаў у запланаванай серыі.

Ціцікака - не чужое для беларусаў месца, з улікам нават некаторага падабенства - аб'яднальнай асновы - паміж племенем уру і палешукамі, адзначанага яшчэ славутай падарожніцай Луізай Бойд: "Людзі, якія пражываюць на водных шляхах, маюць адметны характар, які розніць іх ад жыхароў іншых мясцін, дзе калі-небудзь ступала нага чалавека. У якой частцы свету яны б ні знаходзіліся - індзейцы урасы з возера Ціцікака, абарыгены папірусавых зарасляў возера К'ёга, кітайцы з дэльты ракі Яндзы, галандцы з затапляемых польдэраў - ва ўсіх іх асаблівы лад жыцця. Гэтая розніца патрабуе больш глыбокага даследавання. Па гэтай прычыне, калі ў 1934 годзе я брала ўдзел у Міжнародным кангрэсе географаў у Варшаве, то скарысталася магчымасцю наведвання краю Пінскіх балот. Адной з маіх мэтаў, таксама, як падчас іншых падарожжаў па Польшчы, было стварэнне максімальна вялікай колькасці фатаздымкаў краю і яго жыхароў".

У кнізе Юрыя Сянкевіча "На "Ра" праз Атлантыку" (1973) ёсць умоўны раздзельчык, пазначаны ў змесце главы чацвёртай як "Пяцёра мужычкоў з Ціцікакі" ("Пятеро мужичков с Титикаки"), - адносіцца да падрыхтоўкі другой экспедыцыі ў Марока.

"Перад самым адплыццём "Ра-2" у Сафі прыйшоў ліст. Нас запрашалі ў канцы падарожжа абавязкова заглянуць на возера Ціцікака. Не бяда, што возера гэта ніяк з акіянам не злучаецца і размешчанае на вышыні чатырох кіламетраў, - геаграфічныя падрабязнасці аўтараў ліста не хвалявалі, "Ра" чакалі ў госці і ўсё, - і мы не насміхаліся, чытаючы гэтыя радкі, мы ўсміхаліся далікатна і расчулена - гэта пісалі нам індзейцы, будаўнікі нашага карабля.

Іх было пяцёра мужычкоў, талковых і хітраватых, яны жылі на астраўку пасярод Ціцікакі і доўга не згаджаліся выехаць у вялікі свет. Сант'яга, наш вярбоўшчык, выкарыстаў усе рацыі, ніякія грошы не змаглі індзейцаў спакусіць, тады Сант'яга паабяцаў ім магчымасць пабудаваць самую вялікую лодку, якую яшчэ ніхто на свеце не будаваў, - і ў майстрах разгуляўся азарт: самая вялікая лодка, цікава, варта паспрабаваць, - але нават на аэрадроме яны працягвалі разважаць, ехаць ці не ехаць, ім было страшнавата і няўтульна, упершыню ў жыцці яны бачылі і аўтамабіль, і самалёт, але годнасці не гублялі, прыкідваліся, што іх і гэтым не здзівіш, - і калі адзін з іх адважваўся ўзяць у рукі нож і відэлец, спакойна адважваліся і астатнія, а пілюлі ад кашлю ўсе пяцёра - абыякава, хто кашляў, хто не кашляў - глыталі разам.

Карабель яны пабудавалі - любата. З цяжкасцю верылася, што ў іх наогул што-небудзь можа выйсці, матэрыял незнаёмы, не чарот татора, які расце на іх Ціцікацы, а папірус, - і памеры, памеры! Але індзейцы паціху, не спяшаючыся зрабілі спачатку пару мадэлей, пусцілі іх паплаваць, потым гэтак жа не спяшаючыся прыняліся віць з пучкоў папірусу дванаццацімятровыя верацёны і абвязваць іх адной-адзінай вяроўкай, потым дайшла чарга да хаціны, да лебядзіных завіткоў носа і кармы.

І вось ужо "Ра-2" цешыў вока, і загадзя было ясна, што мы можам яму даверыць свае жыцці, - у спешцы і ў мітусні мы нават не вельмі заўважылі, як сціпла і ціха з'ехалі дадому задаволеныя майстры".

Паняцце "хітрыя мужычкі", якое выкарыстаў у сваім апісанні індзейцаў Сянкевіч, вывучае крос-культурная або "карэнная псіхалогія", або этнапсіхалогія, - адносіцца і да беларусаў, хітрасць якіх, зрэшты, даволі прастадушная - і без яе добрым людзям прыходзілася б цяжкавата.

Мы хацелі абмеркаваць "крос-культурна" беларусаў і балівійцаў, звярнуўшыся да кіраўніка факультэта псіхалогіі ўніверсітэта ў горадзе Тарыха. Увогуле ж той ліст быў звязаны з праграмай па славутых гомельскіх Выгодскіх - адзін псіхолаг, другі літаратуразнаўца-лацінаамерыканіст.

Літ.: 6862 Тур Хейердал умер. У Юрия Сенкевича - инфаркт // Советская Белоруссия. 2002. 20 апр. С. 2.

6518 Высакароднае жыццё Тура Хейердала // Наша свабода. 2002. 23 крас. С. 6

6701 Кобзик Л. Последнее путешествие великого Тура Хейердала // Туризм и отдых. 2002. 25 апр. С. 3, 11.

6549 Мікулевіч С. 88-е падарожжа Тура Хеердала // Наша ніва. 2002. 26 крас. С. 12.

6765 Марочкина К. Об интересной жизни Тура Хейердала // Мужской клуб. 2002. 2 мая. С. 2.

2096 Хейердал Т. Падарожжа на "Кон-Цікі": на плыце ад Перу да Палінезіі. Мн., 1958.

2047 "Ты добры хлопец, Тур!" // Чырвоная змена. 1990. 19 снеж. С. 6.

1672 Нарвежскі падарожнік і пісьменнік Тур Хеердал збірае новую навуковую экспедыцыю // Чырвоная змена. 1991. 15-21 крас. С. 10.

2754 Овчаренко В. Человек, который соединил континенты [Тур Хейердал] // Советская Белоруссия. 1994. 7 окт.

2756 Тур Хейердал: путешествие длиною в 80 лет // Советская Белоруссия. 1994. 29 окт.

6072 Тур Хейердал начал поиск древних предков на Азовском море // Народная воля. 2001. 11 июля.

11698 Boyd L. A. The Marshes of Pinsk // Geographical Review. 1936. Jul. V. 26. № 3. P. 376-395.

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

"У жыцці маім - майстэрства і натхненне"

У рамках праекта "Перадай дабро па крузе" 3 снежня ў доме Валянціна Таўлая была адкрыта выстаўка Дзмітрыя Федчэнкі "У жыцці маім - майстэрства і натхненне". На ёй прадстаўлена 15 аўтарскіх работ дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, выкананых ў тэхніках вышыўка гладдзю, крыжыкам, бісерам, у аб'ёмнай вышыўцы, змешанай тэхніцы і створаныя французскім вузельчыкам.

7 снежня адбылася сустрэча з аўтарам. Вядоўцай імпрэзы была загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў горада Бярозаўкі Саўко Наталля Мікалаеўна. Галоўнай падтрымкай для Дзмітрыя Васільевіча сталі і яго бацькі - мама і тата, якія таксама падзяліліся цікавымі жыццёвымі момантамі і гісторыямі пра сына.

ТК "Культура Лідчыны".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX