Папярэдняя старонка: 2022

Наша слова.pdf № 51 (51) 


Дадана: 21-12-2022,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 51, 21 снежня 2022 г.

З Калядамі і Божым Нараджэннем!

Узышла на небе Зорка

Узышла на небе зорка,

Асвяціла нам дарогу,

і з Хрыстовым Нараджэннем

Мы ўсе пазналі Бога.

Усіх віншуем, усе мы рады,

Бо прыйшлі да нас Каляды!

Гасцей шмат назапрашалі,

Падарункі ім прыдбалі,

Санкі, снег, гулянкі, балі… .

Позна леглі - рана ўсталі.

Разам з намі людзей многа

Славяць Бога! Славяць Бога!

Віфлеемскі агонь ужо ў Менску

Беларускія каталіцкія скаўты даставілі ў Менск Віфлеемскі агонь. Яго сустрэлі ў Архікафедральным касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі, паведамляе БелТА.

Віфлеемскі агонь прыбывае спецыяльным рэйсам у Вену, адкуль перадаецца з рук у рукі па краінах Еўропы і Паўднёвай Амерыкі.

Першая акцыя Віфлеемскага святла міру праводзілася ў 1986 годзе. Тады прадстаўнікі аўстрыйскай тэлерадыёкампаніі ўпершыню даставілі запаленую на месцы нараджэння Хрыста лампаду, каб падтрымаць хворых і самотных людзей напярэдаднні свята Божага Нараджэння. Гэтую ініцыятыву падхапілі аўстрыйскія скаўты.

Упершыню ў Менск Віфлеемскі агонь быў дастаўлены на Каляды 1994 года. У 1998 годзе ён быў перадзены ў 22 краіны Еўропы, сярод якіх была і Беларусь. Гэта падзея адбылася дзякуючы сябрам польскага згуртавання скаўтаў ZHP. У 2008 годзе да акцыі ўпершыню далучыліся скаўты з каталіцкіх парафіяльных супольнасцяў Беларусі.

Родная мова ў прававых дакументах Каталіцкага Касцёла Беларусі

15 снежня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася прэзентацыя першага выдання Кодэкса кананічнага права са зменамі, унесенымі ў апошні час Святым Пасадам у галоўны збор юрыдычных норм Касцёла лацінскага абраду, з перакладам на беларускую мову.

У прэзентацыі ўнікальнага выдання ўзялі ўдзел іерархі Касцёла на Беларусі, прадстаўнікі дзяржаўнай улады, дыпламаты, святары, спецыялісты ў галіне канічнага і дзяржаўнага права з нашай краіны і з-за мяжы, прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы, іншых канфесій і рэлігій.

Мерапрыемства, арганізаванае апостальскай нунцыятурай у Рэспубліцы Беларусь, адбывалася пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

На падзеі прысутнічаў Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч, а таксама арцыбіскуп-эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, госці з Літвы і Расіі.

На пачатку ўсіх сабраных у канферэнц-зале галоўнага кнігасховішча краіны прывітаў Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч.

Біскуп Юрый Касабуцкі зачытаў прывітальны адрас Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскупа Віцебскага Алега Буткевіча. У ім кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату назваў пераклад Кодэкса кананічнага права на беларускую мову "неардынарнай і адметнай падзеяй для жыцця каталіцкага Касцёла ў Беларусі".

Прысутныя падзякавалі ксяндзу-каноніку Дзмітрыю Пухальскаму за пераклад на беларускую мову Кодэкса па кананічным праве. Ксёндз-канонік Дзмітрый Пухальскі распавёў пра працу над перакладам.

Ён адзначыў, што Кодэкс па кананічным праве быў абнародаваны 25 студзеня 1983 года Янам Паўлам II і паступова быў перакладзены на англійскую, французскую, польскую і іншыя мовы свету. Прававая традыцыя перадаецца на лаціне, а мясцовыя касцёлы розных краін імкнуцца перакласці яе на свае родныя мовы.

Аднаўленне рэлігійнага жыцця ў Беларусі запатрабавала стварэння богаслужбовай тэрміналогіі на сучаснай беларускай мове. Першым адноўленым касцёлам, дзе ішло набажэнства на беларускай мове, стала парафія св. Роха ў Менску. Паступова катэхізацыя дзяцей і дарослых у касцёлах Беларусі была пераведзена з традыцыйнай польскай на родную беларускую мову. У той перыяд Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч накіраваў кс. Дзмітрыя Пухальскага на вучобу ў Папскі Інстытут кананічнага права ў Венецыю. Тады ў яго ўзнікла думка пра ажыццяўленне перакладу на беларускую мову.

Кс. Дзмітрый выкладаў кананічнае права ў Вышэйшых духоўных семінарыях у Пінску і ў Гародні, і на курсах сямейнага жыцця.

Падтрымку ў ажыццяўленні перакладу Кодэкса кананічнага права яму аказалі ксёндз-канонік Андрэй Зноска і арцыбіскуп Антэ Ёзіч.

Эла Дзвінская, фота www.catholic.by і аўтара.

Творчы настрой мастакоў - на здзяйсненне мараў і чаканне святаў

14 снежня ў галерэі "Ракурс" Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адкрылася "Зімовая выстава". Зімовая тэма вельмі прывабная, яна перадае перадкалядны святочны настрой, поўны чаканняў цудаў, здзяйснення мараў, новых надзей.

На выставе прадстаўлены працы 40 аўтараў у галіне жывапісу і графікі: Васіля Касцючэнкі, Андрэя Карпянкова, Леаніда Вялічкі, Багдана Даўгялы, Вольгі Шкарубы і іншых.

На адкрыцці выставы выступіла намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч і Марына Эрынбург, старшыня мастацкай секцыі "Верасень".

15 снежня ў памяшканні Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі прайшоў справаздачна-выбарчы з'езд Беларускага саюза мастакоў, на які сабраліся каля 300 творцаў з розных гарадоў краіны.

Да прысутных звярнуўся міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатоль Маркевіч. На з'ездзе быў пераабраны на новы тэрмін старшыня Беларускага саюза мастакоў - Глеб Отчык.

- Мастакі годна прайшлі выпрабаванне кавіднага перыяду, ладзілі ў той час віртуальныя вернісажы праз Інтэрнэт і зноў перайшлі да маштабных ініцыятываў, - распавёў Андрэй Басалыга. - Так, у 2020 годзе праходзілі Трыенале: Жывапіс-Графіка-Скульптура, у 2021 - Трыенале сучаснага канцэптуальнага мастацтва, у 2022 - Трыенале дэкаратыўнага мастацтва, адбываўся Фестываль Скульптуры. Цягам апошніх гадоў беларускія мастакі ўдзельнічалі ў дзвюх міжнародных, 20-ці рэспубліканскіх, 40-ка групавых і 60-ці персанальных выставах.

На з'ездзе прысутнічаў настаяцель Усіхсвяцкага прыходу г. Менска протаіерэй Фёдар Поўны, які ў свой час скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, ягоны погляд на стваральнасць абумоўлены яшчэ і біблейскімі канонамі. З дабраславеннем і натхняльнымі царкоўнымі песнапеннямі з'езд прайшоў у вельмі актыўным рэжыме.

Маладыя мастакі выказалі жаданне працаваць у межах канкрэтных секцый саюза, удзельнічаць у творчым жыцці арганізацыі. Абмяркоўвалася адкрыццё новых вытворчых плошчаў для ўдасканалення працы ў ліцейнай вытворчасці, у апрацоўцы каменю і дрэваапрацоўцы, і іншыя пытанні.

Эла Дзвінская, фота аўтара.

Навагоднія казкі, дзённік гімназісткі, птушыны алфавіт…

Гэта і многае іншае дарослыя творцы падрыхтавалі для дзяцей у адыходзячым годзе

Гучалі вершы для дзяцей, уручаліся дыпломы і падзячныя лісты, прэзентаваліся кнігі, іграў акардэон… Днямі ў канферэнц-зале Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы адбыліся ўрачыстае падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне пераможцаў V адкрытага рэгіянальнага літаратурнага конкурсу імя Веры Навіцкай "Дарослыя - дзецям".

Конкурс носіць імя дзіцячай пісьменніцы Веры Навіцкай, якая ў пачатку мінулага стагоддзя ўзначальвала Лідскую прыватную жаночую гімназію і напісала шэраг кніг для дзяцей, у тым ліку тэтралогію пра гімназістку Мусю Старабельскую. Многія свае кнігі Вера Навіцкая напісала ў Лідзе.

Конкурс імя дзіцячай пісьменніцы праводзіцца з 2014 года, раз у два гады. У ім прымаюць удзел лідскія (і не толькі лідскія) паэты і празаікі. Конкурс заахвочвае іх да напісання твораў для дзяцей. Спачатку гэты літаратурны конкурс быў раённым, а з цягам часу набыў статус адкрытага рэгіянальнага.

У V адкрытым рэгіянальным літаратурным конкурсе імя Веры Навіцкай прынялі ўдзел 10 чалавек (некаторыя з іх удзельнічалі ўпершыню). Амаль усе канкурсанты - сябры літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты". На разгляд журы было прынята больш за 120 твораў для дзяцей. Акрамя вершаў, былі дасланы апавяданні, казкі, загадкі і (упершыню!) вершаваная азбука. Творы, дасланыя на конкурс, увайшлі ў выдадзены бібліятэкай зборнік "Дарослыя - дзецям".

Пераможцамі сёлетняга конкурсу імя Веры Навіцкай сталі пісьменнік і літаратуразнавец са Слоніма Сяргей Чыгрын (дыплом ІІІ ступені), лідская пісьменніца Тарэза Смольская (дыплом ІІ ступені) і лідскі дзіцячы паэт, работнік лакаматыўнага дэпо Кастусь Якубчык (дыплом І ступені). Менавіта Сяргей Чыгрын даслаў на конкурс вершаваную азбуку - "Птушыны алфавіт" - падабраўшы амаль да кожнай літары назву адпаведнай птушкі, якая з пэўнай літары пачынаецца. Нялёгкая задача, але вопытны пісьменнік з ёй справіўся! Тарэза Смольская, больш вядомая лідзянам як аўтар соцень і соцень вершаў для дарослых, прапанавала на разгляд журы навагоднія казкі ў прозе (вынікі конкурсу падводзіліся якраз незадоўга да Новага года), а таксама некалькі вершаў для дзяцей, некаторыя са сваіх загадак (а іх у яе ледзь не паўтары сотні!). Шэраг вершаў для дзяцей на самыя розныя тэмы даслаў адзін з самых маладых удзельнікаў конкурсу Кастусь Якубчык, які, можна сказаць, знайшоў сябе як творца менавіта ў дзіцячай паэзіі, у сваіх творах праявіў сябе выдатным знаўцам дзіцячай душы. Дарэчы, Канстанцін Іосіфавіч - тата цудоўнай дачкі-чацверакласніцы Жэні, якую ён узяў з сабой на цырымонію ўзнагароджання пераможцаў конкурсу. Жэня, канешне, рада за тату і ганарыцца ім і яго перамогай!

Падзячныя лісты за ўдзел у конкурсе атрымалі Таццяна Сямёнава, Людміла Русь, Людміла Шот, Ала Юшко, Станіслава Белагаловая, Валянціна Троцкая, Ларыса Лайкевіч. Трэба адзначыць, што дасланыя найстарэйшай удзельніцай конкурсу Таццянай Іванаўнай Сямёнавай вершы і апавяданні ў даступнай дзецям форме расказваюць пра Вялікую Айчынную вайну і Вялікую Перамогу, садзейнічаючы патрыятычнаму выхаванню. Жыхарка аграгарадка Дворышча Людміла Шот напісала вялікую вершаваную казку пра прыгоды мышаняці Пі, па якой, як адзначыла вядоўца імпрэзы, галоўны бібліёграф раённай бібліятэкі Галіна Курбыка, можна стварыць мультфільм. Цэлы зборнік вершаў для дзяцей прадставіла на конкурс Людміла Русь, больш вядомая лідзянам як аўтар вершаў для дарослых. Багата ілюстраваная кніга называецца "Удивительное - рядом" і, як і дарослая паэзія Людмілы Іванаўны, прасякнута святлом і дабрынёй, выказвае ўменне аўтара заўважаць незвычайнае ў кожным імгненні жыцця. Экзэмпляр сваёй кнігі (дарэчы, сваёй першай кнігі) паэтэса падарыла раённай бібліятэцы. Прэзентацыя кнігі з паказам буктрэйлера па ёй (яе відэа-агляду) адбылася ў канферэнц-зале бібліятэкі ў той жа дзень.

Літаратурны конкурс "Дарослыя - дзецям" - гэта і прапаганда творчай спадчыны Веры Навіцкай. Натхняльнік конкурсу, адзін з яго ініцыятараў і арганізатараў, пісьменнік, краязнавец, рэдактар часопіса "Лідскі летапісец" і літаратурна-мастацкага зборніка "Ад лідскіх муроў" Станіслаў Суднік у чарговы раз прэзентаваў перад прысутнымі рэдкую кнігу. У 2016 годзе гэта была першая кніга тэтралогіі Веры Навіцкай на беларускай мове "Добра жыць на свеце", у 2018 годзе - дзіцячая кніга Марыі Канапніцкай "Ад вясны да зімы", у 2020 годзе - "Я сумавала па вучобе. Дзіцячыя і школьныя гады Альжбеты Табенскай з-пад Васілішак. Успаміны". У гэтым годзе свет пабачыла перакладзеная ім жа на беларускую мову кніга Веры Навіцкай "Вясёлыя будні" (другая частка тэтралогіі пра Мусю Старабельскую). Гэтую кнігу, свайго роду дзённік гімназісткі пачатку мінулага стагоддзя, энцыклапедыю яе жыцця, можна пачытаць у раённай бібліятэцы, а таксама ў Доме Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея. Яшчэ адна прыступка поўнага адкрыццяў вучэбнага шляху дзяўчынкі-гімназісткі Мусі стане вядомай лідскім чытачам!

Дзяржаўная ўстанова культуры "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" выказала Станіславу Вацлававічу Судніку глыбокую падзяку за падтрымку ў арганізацыі і правядзенні адкрытага рэгіянальнага літаратурнага конкурсу імя Веры Навіцкай "Дарослыя - дзецям".

Застаецца дадаць, што на цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў конкурсу музычным падарункам для ўсіх прысутных сталі выступленні юных акардэаністаў Лідскай дзіцячай школы мастацтваў Ігната Ількевіча і Мацвея Вайцяхоўскага.

Аляксей КРУПОВІЧ. Фота Дар'і Марцінкевіч.

Яшчэ адна кніга для дзяцей і пра дзяцей

Падчас падвядзення вынікаў 5-га конкурсу імя Веры Навіцкай "Дарослыя дзецям" была прадстаўлена 2-я кніга з тэтралогіі Веры Навіцкай пра Марусю Старабельскую. Кніга называецца "Вясёлыя будні. З дзённіка гімназісткі". Выдадзена абмежаваным накладам у прыватным прадпрыемстве "Пружмень" у перакладзе і пад рэдакцыяй Станіслава Судніка. Карэктар: Алесь Хітрун. Вокладку распрацавала Дар'я Марцінкевіч.

Муся падрасла і вучыцца ў сёмым класе гімназіі. Сёмы клас у гімназіі - самы малодшы, а першы - выпускны.

У кнізе апісваецца нібы пецярбургская гімназія, але, безумоўна, тут паказана нейкая зборная навучальная ўстанова, дзе, напэўна, ёсць нешта і ад Лідскай прыватнай жаночай гімназіі імя Марыі Навіцкай, дырэктарам якой аўтарка была да 1915 года.

Па ходу апавядання, якое працягваецца ў выглядзе ўсё таго ж дзённіка, можа скласціся ўражанне, што гімназісткі толькі тое і рабілі, што сваволілі, але не пераказваць жа ўрок за ўрокам будзе малая дзяўчынка, яна запісвае падзеі, што выбіваюцца з гладкай канвы жыцця: свавольствы, святы, падарункі, хваробы, што зусім натуральна. І аўтарка, якая сама прайшла гімназію вучаніцай і не рассталася з ёй пасля заканчэння, добра ведае дзіцячы свет: што там важнае і цікавае, а што надзённае і не вартае ўвагі.

Пры перакладзе на беларускую мову давялося звярнуць увагу на мову арыгіналу. Мова то руская, але трошкі асаблівая: адразу не сказаць, адкуль гэтыя асаблівасці - з Пецярбурга, з Вільні, з Ліды ці, можа, з дзяцінства аўтаркі.

У кнізе практычна адсутнічае слова "очень", усюды ўжываюцца словы "больно" і "страшно". "Больно" усюды перакладалася словамі "вельмі" або "надта", а "страшно" сям-там магло і застацца як "страшна".

Тэкст перапоўнены словам "ведь". Калі гэтае слова перакладаць, як "таму што", беларускі тэкст становіцца грувасткім, у той час як рускі захоўвае лёгкасць. Таму слова "ведь" перакладалася часціцамі "то", "бо", "б" і "ж", "жа", а то і зусім апускалася.

У перакладзе пакінуты некаторыя асаблівасці лексікі. Пакінуты непаліткарэктныя на сёння назвы нацыянальнасцяў: чухонка, хахлушка і г.д. Неабходна ж захаваць каларыт. Дзеля каларыту захованы і некаторыя словы. У перакладзе, як падаецца, удалося захаваць і дзіцячае ўспрыманне свету, якое даволі ўмела падаецца аўтаркай.

Урэшце ж мы маем яшчэ адну кнігу для дзяцей і пра дзяцей на беларускай мове.

Сёння кніжку можна пачытаць у чытальнай зале Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы і ў Лідскім літаратурным музеі (Домік Таўлая).

Спадзяёмся, што праз некаторы час кніга стане даступная больш шырокаму колу чытачоў.

Яраслаў Грынкевіч.

ВОДБЛІСК ВЕЧНАГА СВЯТЛА

ПРАДСТАЎЛЯЦЬ ЧЫТАЧАМ, многія з якіх даволі актыўна і паспяхова, як вядома, самі займаюцца літаратурнай дзейнасцю, журналіста, паэта і пісьменніка Уладзіміра Барысенку асабліва не трэба. Яны, і не толькі яны, іх сябры і знаёмыя, добра ведаюць яго па надрукаваных матэрыялах не толькі ў "Нашым слове", але і ў шматлікіх іншых выданнях краіны. Пры гэтым ёсць, на вялікае шчасце аўтара, і добра знаёмыя з ягонымі паэтычнымі і празаічнымі кніжкамі, якія выходзілі ў розныя часы ў розных айчынных выдавецтвах.

ЗУСІМ НЯДАЎНА ў менскім выдавецтве пабачылі свет чарговыя эсэ і нарысы пісьменніка, якія склалі яго трынаццатую па ліку кніжку. Дарэчы, пяць з іх прысвечаны беларускай міліцыі, у тым ліку і службе аховы, дзе ён апошні час паспяхова працаваў. Новае выданне называецца "І колькі б часу ні прайшло...". Яго назву, як адразу адчуваеш душой, не трэба нікому і ніяк расшыфроўваць… Яна гаворыць сама за сябе. У добра аформленай і праілюстраванай кнізе - працяг пачатай у папярэдніх сардэчнай размовы пра жыццё і абставіны, час і памяць, якія вымушаюць кожнага з нас заглянуць не толькі ў свой унутраны свет і яшчэ раз задумацца пра мэту і сэнс не толькі свайго асабістага існавання. У творах ярка высвечваецца тое, што ў жыцці не толькі майстрам слова трэба змагчы і паспець зрабіць радасць і задавальненне, задуму і прызначэнне больш рэальнымі, адчувальнымі і поўнымі, прыцягнуць да непаўторнага жыццёвага імгнення водбліск вечнага, няцменнага святла.

На фоне гэтага свайго філасофскага одуму аўтар распавядае пра мала або зусім невядомыя факты з жыцця і творчасці класікаў беларускай і рускай літаратуры ды іншых выбітных творцаў, якія ўпрыгожылі сваім незвычайным талентам славянскую літаратуру і мастацтва. Гэта Янка Купала і Якуб Колас, Максім Багдановіч і Адам Міцкевіч, Кандрат Крапіва і Аркадзь Куляшоў, Іван Мележ і Васіль Быкаў, Янка Сіпакоў і Паўлюк Прануза, які рэкамендаваў аўтара ў Саюз пісьменнікаў, Язэп Драздовіч і Аркадзь Наркевіч, Мікола Федзюковіч (гэтаксама рэкамендаваў аўтара ў творчы саюз) і Барыс Прымераў, Мікалай Рубцоў і Яўген Еўтушэнка, Уладзімір Высоцкі і Валерый Залатухін. З іх імёнамі тым ці іншым чынам звязаны асабістае жыццё і асабістая творчасць Уладзіміра Барысенкі.

УЗЯЦЬ, ДА ПРЫКЛАДУ, Янку Купалу. У нарысе "Цукеркі Янкі Купалы" аўтар распавядае пра сяброўства з песняром ягонага дзеда па маці Іллі Ігнаценкі, вядомага копыскага майстра-хлебапёка, які лекаваў славутасць… парашковымі піўнымі дражджамі: мяняў на іх свае хлеба-пякарныя. Спачатку, піша аўтар. Іван Дамінікавіч прыехаў па іх разам з ляснічым Шыманскім, які і пазнаёміў Купалу з дзедам. Дзед расказваў, што паэт, якога ў акрузе ўжо добра ведалі і старыя, і малыя, быў сярэдняга росту, з кіёчкам і ў каляровай цюбяцеечцы. А ўжо тыдні праз два прыйшоў, як пасля гэта часта рабіў, адзін. пешаком. Дзеду прынёс пляшку асабістай "зуброўкі", а маме - цукеркі і сваю новую кніжку "Песня будаўніцтву", якая тады толькі што выйшла.

У чарговы раз дзед даваў лекі Купалу падчас наведвання ім Копыскай сярэдняй школы, дзе будучая маці Уладзіміра Барысенкі Настасся Іллінічна вучылася тады ў сёмым класе. Прыходзіў паэт у школу неаднаразова. У 1938-м ён удзельнічаў у выпускным вечары… Як вядома, у найжывапіснейшым куточку Беларусі Купала стварыў свой вядомы "Ляўкоўскі цыкл", у які ўвайшоў і вядомы з дзяцінства верш "Хлопчык і лётчык":

Мой мілы таварыш, мой лётчык,

Вазьмі ты з сабою мяне!

Я - ведай - вялікі ўжо хлопчык

I ўмею ўжо лётаць у сьне.


Мне мама сягоння казала,

Што стукнула мне ўжо сем год,

Табе гэта, можа, і мала,

А мне ляцець толькі ў палёт…

Паэзіяй Купалы аўтар радкоў пра яго захапіўся яшчэ ў маленстве, калі не хадзіў у школу, да вучобы ў якой маці навучыла яго добра чытаць і … разумець (!) вершы. Гэта і прывяло яго да імкнення і жадання пачаць сачыняць самому. Спачатку, праўда, як і многія беларусія творцы, на расейскай мове.

Глыбока сімвалічна, што ў кнігу "І колькі б часу ні прайшло...", назву якой нікому і ніколі ніяк не трэба расшыфроўваць, увайшоў і нарыс "Публіцыстыка Якуба Коласа" - сёлета мы адзначылі 140-годдзе з дня нараджэння абоіх класікаў. У гэтым творы Уладзімір Барысенка распавядае пра тое, як ён пісаў на журфаку сваю дыпломную працу "Публіцыстыка Я. Коласа ваеннага перыяду". У ёй ён падкрэсліваў, што ў вайну творчасць песняра набыла асабліва дзейснае значэнне. І сёння, назіраючы за тым, што робіцца ў свеце, аўтар успамінае, па яго словах, гнеўныя вершаваныя радкі пра тое, што "змяіны зброд спыніць можна толькі дубінай, што месца цемрашалаў - на эшафоце, што не трэба даваць перадышкі нечысці". Побач з гэтымі радкамі, адзначае аўтар, стаялі палымяныя заклікі Коласа да бязлітаснай барацьбы супраць ненавісных захопнікаў. Яны гучалі не толькі з трыбун народных мітынгаў. На акупаванай тэрыторыі, у партызанскіх лясах, на фронце, у тыле іх чыталі ў газетах і лістоўках, слухалі па радыё. А вось як, паказвае аўтар са спасылкай на здаўна вядомае ў краіне выданне, уславіў народны паэт Перамогу:

"Радасна бачыць,- пісаў ён у надрукаваным у "Савецкай Беларусі" за 8 жніўня 1944-га артыкуле "Цуд-волатам Чырвонай Арміі", - як пасля змрочных дзён, ахінутых густой смугой, раптам прагляне сонца і ў яго жыватворных прамянях рассоўваюцца далі зямлі, а над імі звешваецца яснае, глыбокае неба. Такую радасць адчувае сёння кожны з нас, калі мы аглядаемся на агністы шлях перамогі, пройдзены вамі, ваяры-героі, легендарныя волаты вялікай Чырвонай Арміі".

У кнізе шмат іншых герояў і падзеяў, эпахальных і жыццёвых.

ШТО ДАТЫЧЫЦЦА расповедаў пра расійскіх герояў кніжкі, то ў ёй, да прыкладу, друкуецца зусім невядомы ліст вядомага рускага паэта Мікалая Рубцова (памятаеце: "Я буду долго гнать велосипед...") да незвычайнага паэта-лірыка Барыса Прымерава на зваротным баку адной з яго фатаграфій, зробленых самім Рубцовым. Гэтай нечаканай (лічылася, усё ўжо вядома!), унікальнай для шматлікіх даследчыкаў неўміручай творчасці сапраўды апошняга паэта вёскі, з якім сышоў высокі, па-сапраўднаму адчувальны боль вясковай тэмы, падзеі прысвечаны нарыс-даследаванне "Падарунак Міколы Федзюковіча".

Па словах аўтара, папярэдне твор быў надрукаваны ў "Литературной России" за 20 траўня 2021 года пад назвай "Ни славы нет, ни денег нет". Адразу пасля выхаду нумара на сайце газеты сенсацыйны матэрыял абмеркавалі 13(!) паэтаў і пісьменнікаў Расіі. У іх ліку - і жонка Барыса Прымерава, вядомая савецкая і расійская паэтэса, літаратурны перакладчык са славянскіх моваў, драматург Надзея Васільеўна Кандакова, равесніца Уладзіміра Барысенкі, якая гэтаксама нарадзілася ў студзені 1949-га. Яе водгук на публікацыю беларускага пісьменніка проста нельга не прывесці. Вось ён у некаторым скарачэнні:

- Паважаны Уладзімір Барысенка! Прабачыце, не ведаю Вашага імя па бацьку, але жадаю выказаць Вам велізарную асабістую падзяку за гэтую публікацыю ў цэлым і за захаванне ўнікальнага матэрыялу - ліста Мікалая Рубцова да Барыса Прымерава, а гэтак жа самога фота. Мікалая Федзюковіча добра памятаю, ён вучыўся на адным курсе з Барысам. І ён быў на нашым з Б. П. вяселлі. Захаваны ліст каштоўны яшчэ і тым, што мне не раз даводзілася аспрэчваць пасквільныя плёткі пра тое, што аўтар і адрасат гэтага ліста нібы "не любілі адзін аднаго, не былі сябрамі", "зайздросцілі адзін аднаму" і таму падобную лухту. Проста, у Рубцова, з узыходжаннем заслужанай і сапраўднай славы рускага паэта, паўстала раптам гэтулькі "блізкіх сяброў", што мы з Б. П. маглі толькі дзівіцца. І ціха адысці ў бок… Дзе яны былі раней? У маім архіве захоўваецца яшчэ адзін неапублікаваны ліст Мікалая Міхайлавіча, з Волагды ў Літінстытут, у якім ён паведамляе, што "сяброў у Маскве амаль не засталося" і называе толькі імя Анатоля Перадрэева… Гісторыю лёгка перапісваць, асабліва ў такія часы, як нашы, калі ніхто нікога не памятае і не жадае памятаць. Неацэнныя звесткі захавалі Вы для гісторыі літаратуры! Нізкі Вам паклон!".

Напрыканцы свайго душэўнага водгуку Надзея Васільеўна паабяцала выслаць аўтару нарыса кніжку ўлюбёнага ім паэта Барыса Прымерава, выдадзеную пад яе апекаваннем. Ён чакае...

З ПОЎНАЙ упэўненасцю можна сказаць, што чытачы з вялікай цікавасцю прачытаюць у кнізе і "Рубель Яўгена Еўтушэнкі", і "Карані Уладзіміра Высоцкага" і іншыя творы, у якіх жыло, жыве і будзе жыць сапраўднае мастацтва слынных папярэднікаў, колькі б часу ні прайшло…

Яраслаў Грынкевіч.

Выйшаў каляндар "Знакамітыя людзі Слонімшчыны"

Краязнавец і пісьменнік са Слоніма Сяргей Чыгрын падрыхтаваў і выпусціў цудоўны каляндар на 2023 год "Знакамітыя людзі Слонімшчыны". На каляндары адлюстраваны 22 знакамітыя слонімцы. Гэта - Леў Сапега - былы канцлер Вялікага Княства Літоўскага, слонімскі стараста; Міхал Казімір Агінскі - заснавальнік у XVIII стагоддзі славутага тэатра ў Слоніме; Міхал Валовіч - адзін з кіраўнікоў паўстання 1830 года; Кандрат Лейка - пісьменнік, драматург; Гальяш Леўчык - паэт, перакладчык, мастак, калекцыянер; Язэп Стаброўскі - заснавальнік Слонімскага краязнаўчага музея; Яўген Хлябцэвіч - літаратуразнавец, бібліятэкар, перакладчык; Максім Бурсевіч - грамадска-палітычны дзеяч у былой Заходняй Беларусі, Андрэй Пракапчук - доктар медыцынскіх навук; Антон Валынчык - кампазітар, педагог, дырыжор; Сяргей Дарожны - паэт, перакладчык; Антон Карніцкі - мастак; Анатоль Іверс - паэт, публіцыст, журналіст; Васіль Супрун - паэт, археолаг, краязнавец; Уладзімір Сакалоўскі - літаратуразнавец, перакладчык; Мікола Арочка - паэт, літаратуразнавец, перакладчык, доктар філалагічных навук; Алег Лойка - доктар філалагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт НАН; Мікалай Варвашэвіч - тэатральны рэжысёр, заснавальнік Слонімскага драматычнага тэатра; Янка Саламевіч - энцыклапедыст, фалькларыст, літаратуразнавец, перакладчык; Іван Шэга - доктар, грамадскі актывіст, публіцыст; Леанід Богдан - скульптар, краязнавец; Уладзімір Раманоўскі - спартсмен і трэнер (веславанне на байдарках), заслужаны майстар спорту СССР.

Аксана Шпак, г. Слонім.

ГАРАДЗЕНСКІ КАЛЯНДАР

У выдавецтве "ЮрСаПрынт" выйшаў "Беларускі настольны перакідны краязнаўчы каляндар на 2023 год (на матэрыяле Гродзеншчыны)" Гэты каляндар - чатырнаццаты выпуск Гарадзенскага абласнога краязнаўчага календара. У календары пададзена каля паўтысячы важных і цікавых датаў з гісторыі Гарадзеншчыны, што яшчэ раз пацвярджае яе багацце і напоўненасць падзеямі і асобамі праз гады і стагоддзі.

Календары на 2010-2022 гады мелі значны поспех і выклікалі вялікую зацікаўленасць на Гарадзеншчыне, у Менску і ў іншых мясцінах, куды траплялі, што і з'явілася асноўным стымулам для выдання календара на 2023 год.

Каляндар на 2023 год складзены Аляксеем Міхайлавічам Пяткевічам яшчэ пры жыцці. Канчатковую рэдакцыю рукапісу календара ў канцы 2022 года зрабіла дачка А. Пяткевіча - Марына Аляксееўна Загідуліна.

Рэдактар, як і раней, - Станіслаў Суднік.

Магчыма, на тым серыя гарадзенскіх календароў будзе спынена, але пласт матэрыялу, які напрацаваны за 14 гадоў, велізарны і будзе доўга даступны наступным пакаленням.

Наш кар.

Навіны Германіі

Новы год і Каляды ў Германіі

Перад навагоднімі і каляднымі святамі ўся Германія становіцца падобнай на прыбраную пернікавую бюргерскую хатку. З усіх бакоў яна падсветлена яркімі агеньчыкамі і прасякнута водарамі глінтвейну, міндальнай і імбірнай выпечкі…

Германія ніколі не выглядае так феерычна, чароўна, як у гэтыя дні. Немцы самастойна майструюць упрыгожванні для сваіх хат, дэкаруюць іх з дапамогай яловых галін, гірлянд, а вокны распісваюць каляднымі сюжэтамі.

Ад 11 лістапада, з 11:11 роўна, у Боне, Дзюсельдорфе, Берліне, Майнцы, Кёльне і шэрагу іншых гарадоў адлічваецца сезон зімовых карнавалаў. Яны набіраюць сілу бліжэй да традыцыйных святочных уікэндаў.

Сапраўднай германскай забаўкай лічацца таксама калядныя кірмашы. Тут кружацца каруселі, даюцца канцэрты і прапануюцца самыя лепшыя тавары для навагодняга стала і падарункавых мяшэчкаў з усёй Германіі. Традыцыйная святочная страва бюргераў - гусак з яблыкамі і капустай.

Самы буйны святочны кірмаш размяшчаецца ў Франкфурце. Яго хараство заключаецца ў тым, што купіць на рознакаляровых латках можна ўсё што заўгодна: ад дарагіх залатых упрыгожванняў да мілых драўляных цацак ручной працы.

Навагоднія традыцыі і месцы адпачынку ў Германіі

Каўрыжка-пернік der Leberkuchen, велізарнае печыва з арэхамі, яблыкамі і разынкамі, запечаны карп, луска якога нагадвае груду бліскучых манетак, ствараюць неабходны антураж для запрашэння Новага года. Некаторыя бюргеры аддаюць перавагу сустракаць яго, седзячы перад святочным сталом, іншыя - саскокваючы з крэслаў, канап, такім чынам, пакідаючы за сабой усе праблемы і нягоды.

Ясна адно: як толькі святочныя куранты адаб'юць дванаццаць разоў, свята выплюхваецца на вуліцы нямецкіх мястэчкаў. Там гучаць звон куфляў і традыцыйныя віншаванні Prost Neujahr!

Новы год у мегаполісе

У Новы год найбуйнейшыя нямецкія гарады - Берлін, Дзюсельдорф, Кёльн, Мюнхен - ператвараюцца ва ўтульныя месцы для адпачынку і забавак. Да паслуг гасцей - адкрытыя кругласутачна коўзанкі, рэстараны і пабы з духмянай нямецкай і фьюжн-кухняй.

У любы момант можна прыняць удзел у вулічным шэсці з феерверкамі, паходнямі і каляровымі ляскаўкамі. Па адзнаках экспертаў, Новы год у Берліне збірае на вуліцах горада да 10 000 чалавек. Навагодняя вечарынка расцягваецца больш чым на 10 км, а святочнае шоў у гарадскім небе працягваецца каля дзвюх гадзін.

Ёсць на што паглядзець і дзе правесці час!

Германія - сапраўдная скарбніца прыродных рэкрэацыйных комплексаў і горналыжных курортаў сусветнага класу. Сярод найболей папулярных:

- для сем'яў з дзецьмі - Поўдзень Германіі, Альгейскія горы. Там размяшчаецца найбуйнейшая клініка Санта-Марыя па лячэнні захворванняў дыхальнай сістэмы. Інфраструктура ўключае снежны дзіцячы парк ля падножжа гары Ізелер, трасы для сноўборду і горных лыжаў;

- для экстрэмальных зімовых забавак - Берхтэсгадэнскі край. Там прапануецца асвоіць трэкінг па гарах, фрыстайл, катанне на каньках на замерзлых азёрах, начное лыжнае катанне, ацаніць веліч сучаснай бабслейнай трасы сусветнага ўзроўню і многае іншае. Да гэтага дадаецца сапраўднае германскае зачараванае мястэчка Берхтэсгаден з сярэднявечным пляцам і касцёлам. Самыя папулярныя турыстычныя кірункі рэгіёна - Гечан, Енер, Грунштайн;

- для аматараў сэрвісу класа люкс, для тых, хто хоча атрымаць горналыжнае задавальненне і бальнеялагічны курорт адначасова, - Гарміш-Партэнкірхен у Баварскіх Альпах. Раён славіцца велізарным выбарам трас рознага ўзроўню для прафесійнага і аматарскага катання;

- для гарналыжнікаў - Оберстдорф. Ён займае адно з вядучых месцаў у сегменце ўнутранага турызму дзякуючы аптымальным суадносінам кошту і якасці.

Германія поўная неспадзевак, таму навагоднія святы ў Берліне, Каляды ў розных рэгіёнах краіны ніколі не бываюць аднастайнымі!

Чым запомняцца навагоднія і калядныя святы ў Германіі, Берліне?

Калядныя і навагоднія святы ў Берліне - самыя чаканыя і любімыя святы ў годзе. Таму шаноўныя бюргеры не баяцца ўкладваць сумленна заробленыя грошы і ўласнае натхненне ў пышнае афармленне імпрэзы.

Каб ацаніць у поўнай меры размах навагодняга свята ў Германіі і захаваць цёплыя ўспаміны пра яго, рэкамендуецца:

- купіць традыцыйныя вязаныя і вышытыя сурвэткі, абрусы з тэматычнымі ўзорамі - рознакаляровымі яловымі вянкамі і званкамі;

- набыць для ўсёй сям'і вясёлыя салодкія календары Адвэнты, якія дапамагаюць прыхарашыць дні ў чаканні каляднага цуду. Яны вырабляюцца ў выглядзе палатна з кішэнькамі, дзе захоўваюцца салодкія неспадзеўкі для сталых і малянят. Для дзяцей яны робяцца з выявамі анёлачкаў, для сталых - з біблейскімі цытатамі, мінігалерэямі карцін вядомых мастакоў, для хатніх жывёл - з малюнкамі любімага корму;

- наведаць як мага больш кірмашоў. У Нюрнберг адпраўляйцеся па дарагія вырабы, гадзіннікі ручной работы, а таксама па незвычайныя кубкі для глінтвейну. У Дрэздан - па старадаўнія творы мастацтва і эксклюзіўныя ласункі. Тут рэгулярна ставяцца кулінарныя рэкорды: да Каляд пячэцца велізарны святочны кекс штолен, паспытаць які могуць усе ахвотнікі;

- адправіцца на навагодні шопінг, натхніўшыся каляднымі зніжкамі да 90%;

- станцаваць запальны танец каля сталічнай прыгажуні-ёлкі пад акорды вулічных музыкаў. Калядныя дрэўцы ў Германіі асабліва яркія, незвычайна аформленыя, бо менавіта з гэтай краіны пайшла традыцыя ўстаноўкі навагодняй ёлкі.

У кожным кутку, у кожным раёне Германіі выразна адчуваецца дух свята!

Паводле СМІ.

Нямецкія словы па тэме "Каляды"

До Каляд засталося ўсяго чуць-чуць - самы час падмацавацць свой слоўны запас па гэтай тэме, калі вы яшчэ гэтага не зрабілі!

das Weihnachten - Божае Нараджэнне, Каляды (часцей ужываецца без арцікля)

der Weihnachtsmann - нямецкі Дед Мароз

der Nikolaustag - дзень Святога Мікалaя (6 снежня)

das Geschenk - падарунак

das Spielzeug - цацка

der Tannenbaum - калядная ёлка

der Weihnachtskranz - калядны вянок

die Kerze - свечка

der Adventskalender - калядны каляндар

der Heilige Abend - куцця (24 снежня)

der Weihnachtsmarkt - калядны кірмаш

die Weihnachtslieder (Pl.) - калядныя песні

die Weihnachtsplаtzchen (Pl.) - каляднае пячэнне

der Lebkuchen - калядны пернік

die Weihnachtsgans - калядная гусь

der Gluhwein - глінтвейн

die Glocke - звон

der Engel - анёл

der Weihnachtsstiefel - калядны боцік

die Schneeflocke - сняжынка

der Schneemann - снежная баба

Frohe Weihnachten! - Вясёлых Каляд!

das Silvester - Новы год (часцей ужываецца без арцікля)

der Duft - водар, пах

die Mandeln (Pl.) - міндаль

das Weihnachtsgebаck - калядная выпечка

der Zimt - карыца

feiern - святкаваць, спраўляць, адзначаць

warme Socken anziehen - надзець цёплыя шкарпэткі

eine gemаtliche Atmosphаre schaffen - ствараць утульнасць

Lichterkette einschalten - уключыць гірлянду

eine Kerze anzunden - запаліць свечку

Kekse backen - спячы пячэнне

І проста "зімовыя" дзеясловы:

erfrieren - замярзаць

schneien - падаць (пра снег)

eine Loipe spuren - пракладваць лыжню

Schlitten fahren/ rodeln - катацца на санках

Schlittschuhe laufen - бегаць на каньках, катацца на каньках

eine Schneeballschlacht machen - гуляць у снежкі

ein heisses Getrank (Kaffee/ Tee) trinken - піць гарачы напітак (кава/гарбата)

einen Schneeball machen - скачаць, зляпіць снежку

sich +Akk. aufwаrmen - грэцца

Ski fahren/ laufen - катацца на лыжах

Адкрыты першы тэрмінал ЗПГ

Канцлер Германіі Олаф Шольц высока ацэньвае хуткасць, з якой у Германіі быў пабудаваны першы тэрмінал звадкаванага прыроднага газу.

Вільгельмсхафен (dpa), 18.12.2022. - Пасля чуць меней за дзесяць месяцаў планавання і будаўніцтва ў Вільгельмсхафене адкрыўся першы ў Германіі тэрмінал для імпарту звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ).

- Такі зараз тэмп развіцця інфраструктуры Германіі, - заявіў федэральны канцлер Олаф Шольц у суботу на цырымоніі адкрыцця, у якой таксама прынялі ўдзел міністр эканомікі Роберт Хабек, міністр фінансаў Крысціян Лінднер і прэм'ер-міністр Ніжняй Саксоніі Штэфан Вайль.

Плывучы тэрмінал закліканы дапамагчы заткнуць пралом у газазабеспячэнні Германіі, утвораны адсутнасцю паставак з Расіі. Цэнтральным элементам з'яўляецца адмысловы карабель "Hоegh Esperanza" даўжынёй амаль 300 метраў, які ў будучыні будзе пераводзіць звадкаваны прыродны газ, што дастаўляецца танкерамі, у газападобны стан і падаваць яго ў газавую сетку Германіі. У чацвер ён ужо прышвартаваўся да прычала, загружаны ЗПГ. Па дадзеных кампаніі-аператара імпарцёра газу Uniper, увод у эксплуатацыю запланаваны на 22 снежня.

Канцлер падзякаваў рабочым, інжынерам, кампаніі і дзяржаўным ўстановам за хуткую рэалізацыю прамысловага аб'екта. Ён сказаў, што тэрмінал стаў "вельмі важным унёскам у нашу бяспеку".

- Пасля пачатку расійскай ваеннай кампаніі супраць Украіны ўрад Германіі хутка прыняў рашэнне пра будаўніцтва інфраструктуры тэрміналаў ЗПГ, каб зрабіць энергазабеспячэнне незалежным ад паставак газу з Расіі,- нагадаў Шольц пра свой "лёсавызначальны выступ" пасля пачатку расійскай аперацыі, у якім заявіў пра карэнныя змены. Па словах канцлера, ствараючы інфраструктуру для тэрміналаў ЗПГ, Германія таксама берэ на сябе адказнасць за еўрапейскіх суседзяў, якія не маюць выхаду да мора: "Гэты тэрмінал СПГ таксама з'яўляецца знакам еўрапейскай салідарнасці". У агульнай суме ад імя ўрада Германіі былі зафрахтаваны пяць плывучых тэрміналаў.

Фота: picture alliance/dpa,

Цудадзейная Казанская ікона ў камені

9 снежня ў Гасцёўні Уладзіслава Галубка пачала працу выстава "Цудадзейная Казанская ікона ў камені"

Ікона Багародзіцы, якую шануюць праваслаўныя вернікі, спрадвеку была адной з галоўных святынь як у шматлікіх храмах, так і ў дамах простых людзей.

На выставе "Цудадзейная Казанская ікона ў камені" прадстаўлена каля 70 абразоў Казанскай Божай Маці з прыроднага італьянскага каменю (мармуру) у розных тэхніках выканання: разьбяныя рэльефныя іконы, плоскасныя гравіраваныя, іконы ў камбінацыі некалькіх камянёў.

Натуральны камень, італьянскі мармур у спалучэнні з паўкаштоўным аніксам, стаў сапраўднай знаходкай у вялікай разнастайнасці прыродных матэрыялаў.

Выставачны праект арганізаваны сумесна з ТАА "Рарытэтны камень Гліві".

Гасцёўня Уладзіслава Галубка

Адрас: г. Менск, вул. Старавіленская, 14

Без выхадных, з 11.00 да 19.00

Каса - з 11.00 да 18.30

Тэл. для даведак (017) 243-74-03

www.histmuseum.by

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Канадскі выпуск: 19, 20, 21 стагоддзі; "апошні з магікан" - Вітаўт Кіпель

Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50)

КІПЕЛЬ Вітаўт - смерць Вітаўта Кіпеля - пасля смерці Барыса Кіта і Яна Запрудніка - уяўляе сабой яшчэ адзін выпадак глыбокага "магіканізму" - ён быў універсальным дзеячам, можна сказаць - найперш у сферы ўніверсальнай эмігрантыкі, беларускага кнігалюбства і кнігазнаўства ў Амерыцы, і больш такіх пакуль не з'явілася на зямлі Ацэолы і Секвоі.

Ён быў выдатным бібліёграфам. На жаль, мы дагэтуль не давялі да "мінімальнага стандарту" ўсе запісы нашай "Беларуска-індзейскай бібліяграфіі" і ўжо не зможам паказаць яе доктару Кіпелю.

Вядома, што Кіпель паступова, у форме сямейнага падарожжа, аб'ехаў усю краіну. Праўда, у яго даступных нам нататках мы не знайшлі запісаў пра наведванне рэзервацый, а апісваючы ўбачанае на Алясцы ён не "звярнуў увагу" на індзейцаў.

Найбольш блізкімі да яго - і яго жонкі Зоры - былі індзейцы горада Нью-Ёрка, дзе абодва працавалі ў Нью-Ёркскай публічнай бібліятэцы, і штата Нью-Джэрсі, дзе яны жылі.

"За сваю дзейнасць у справе развіцця этнічных супольнасцей ЗША" ў 1975 г. Кіпель быў узнагароджаны спецыяльным "медалём Эйзенхаўэра".

Па пасадзе старшыні (1978-1982) Этнічнага савета Нью-Джэрсі (створаны ў 1978 г. New Jersey Ethnic Advisory Council) ён меў абавязак кантактаваць з асацыяцыямі індзейцаў штата, з імі мусіла звязвацца і Зора Кіпель - складальнік "Этнічнага даведніка Нью-Джэрсі" (1978), у якім указаны кіраўнікі або кантактныя асобы ўсіх трох уключаных у яго індзейскіх арганізацый - правадыр Чынк Сандэс, Джэймс Рэві (Адзінокі Мядзведзь), старшыня Хокінс.

Асноўныя звесткі па "American Indian" з раздзела, прысвечанага арганізацыям:

(39) Mohawk Indians - Colonia, N.J. 07067 - Chink Sandes, Chief.

(40) New Jersey Indian Office - Orange, N.J. 07050 - James Revey (Lone Bear). Офіс адкрыты ў 1975 г. як штаб-кватэра "нашчадкаў індзейцаў Нью-Джэрсі" і інфармацыйны цэнтр для іх, пра іх і іх гісторыю.

(41) Operation Thundercloud, Inc., New Jersey Chapter; called Thundercloud Indian Affairs - Branchville, N.J. 07826; Union, N.J. 07083 - Hawkins, Chairman. Зарэгістравана штатам Нью-Джэрсі ў 1975 г., а працуе з 1968 г. Для "аб'яднання ўсіх індзейскіх плямёнаў і груп", наладжвання сувязяў і дасягнення агульных мэт развіцця ў сацыяльнай і адукацыйнай сферах. Мае стыпендыяльны фонд, штомесячнае выданне "TIA Newsletter".

Адзінокі Мядзведзь, член групы (band) дэлавараў Сэнд-Хіл, быў лідарам і адукатарам шырокага дыяпазону, а ўрэшце прадстаўніком федэральна прызнанага племені, працаваў у New Jersey Indian Commission. Будучы чыстакроўным індзейцам (на тры чвэрці дэлавар (ленапэ), на адну - чэрокі), ён выступаў супраць самазванцаў-"ванабі" (т.зв. predendians, ад слоў pretend і Indians - г.зн., тыя, што прыкідваюцца індзейцамі).

Літ.: 11951 Кіпель В. Айцец Франьцішак Дзеражынскі // Беларус. 1975. № 216 (крас.). С. 2-3.

7114 Кіпель В. Беларуская спадчына ў Амэрыцы. 1. Пачаткі // Беларус. 1975. № 219. С. 4.

6535 Кіпель В. Беларуская спадчына ў Амэрыцы. 1. Пачаткі 2. Мэрылэнд // Крыніца. 1995. № 11-12. С. (97)98-101.

1436 Кіпель В. Беларускія выстаўкі 1978 году // Запісы / Беларускі інстытут навукі й мастацтва = Zapіsy / Byelorussіan Instіtute of Arts and Scіences. № 16. New York, 1978. С. 156-158.

3269 Ethnic directory of New Jersey / comp. by Z. Kipel. Union City, NJ, [1978].

ПУХЛОЎ Дзмітрый (3) - прыгоды Дзімы сярод індзейцаў працягваюцца эпізодам, які графічна вылучаецца ў публікацыі як "Антыгубернатарскія ўлёткі". З папярэдняй "серыі" "фільма пра барацьбу за незалежнасць" мы даведаліся, што Дзіму "выгналі з рэзервацыі". Пасля гэтага Дзіма з сабакам і сваім сціплым багажом пераехаў на каноэ ("якое на востраве акрамя яго было яшчэ толькі ў аднаго індзейца", а макасіны - толькі ў Дзімы) на другі востраў.

"А выгналі яго па дзвюх прычынах. Першая - фармальная: не зрабіў свайму сабаку прышчэпку ў ветэрынара. Намеснік правадыра разам з паліцыянтам зачыталі Дзіму вердыкт, паводле якога ён павінен быў пакінуць рэзервацыю на працягу сутак. Другая і галоўная прычына наспявала доўга - беларус увесь час заклікаў індзейцаў актывізаваць працэс барацьбы за суверэнітэт. Некаторыя нават ішлі да яго… па зброю. "Ты ж рускі, - напіраў адзін індзеец. - Я ведаю, у цябе ёсць аўтамат Калашнікава!". Але палова мясцовага насельніцтва пачала ненавідзець беларуса за тое, што сваёй агітацыяй ён падрывае лянівую плынь жыцця рэзервацыі".

"- Яны шмат кажуць аб незалежнасці, але нічога не робяць, - канстатуе Дзіма. - Замест гэтага - п'янства і жорсткія бойкі, з сякерамі... Я ім неаднаразова ўказваў на гэта, а яшчэ распаўсюджваў улёткі - не супраць урада, а супраць яго стаўлення да індзейцаў у рэзервацыях".

"Улёткі беларус друкаваў разам з канадцам, індзейцам па крыві Вудзі Бекерам. Яны былі прымеркаваныя да візіту губернатара правінцыі Антарыа ў рэзервацыю".

"- Урад правінцыі хоча забраць рэшткі зямель у індзейцаў, з якіх і так ужо выпампавалі каля 3-4 млрд. долараў, а ў дадзеным выпадку хацелі ўсунуць каля 20 млн. кампенсацыі - за 4 тысячы квадратных міль лесу! На поўначы Канады і так ужо ўшчэнт высечаныя старыя лясы - белай і чырвонай соснаў амаль не засталося. Невялікія астраўкі старога лесу захаваліся толькі ў Тэмагамі. Яшчэ адзін вялікі куш - металы: нікель, медзь, золата. А нядаўна знайшлі дыяменты, прамысловая распрацоўка якіх пачнецца з наступнага года. Экспрапрыяцыя дзяржавай у гэтых індзейцаў 4-х тысяч квадратных міль пачалася ў 1853 годзе: быў падпісаны дагавор з урадам, прычым падпісвалі яго зусім не ўпаўнаважаныя на гэта індзейцы, якія былі не алганкін, а аджыбва, што жылі на тэрыторыі алганкін. Калі алганкін пра гэта даведаліся, яны не надалі гэтаму вялікага значэння. І ў канцы XIX стагоддзя пачалася высечка каштоўных лясоў - да сярэдзіны 30-х гадоў XX стагоддзя там ужо стаялі толькі пні".

САБОЛЬСКІ Марцін - другое дзесяцігоддзе 19 ст. адзначана з'яўленнем у Канадзе групы асоб, у ліку якіх ёсць не толькі носьбіты распаўсюджаных у Беларусі прозвішчаў, але і ўраджэнцы Беларусі (апошнія - гарадзенцы Марцін Сабольскі (Martin Sabolsky) і Юзаф Лявоцкі-"Лявоскі" (Joseph Lewosky) - могуць утвараць асобныя артыкулы паводле нашых крытэрыяў уключэння ў БСІ). Яны былі звязаныя з узброенымі сіламі, якія ўдзельнічалі ў вайне паміж англійскімі і амерыканскімі каланізатарамі 1812-1814 гг. (тыя і другія знайшлі саюзнікаў сярод індзейцаў - Марцін і Юзаф, як раней і Касцюшка, не маглі не бачыць іх удзелу ў вайне), а потым выконвалі адпаведную функцыю ў раёне еўрапейскіх пасяленняў на Рэд-Рывер у Манітобе. На жаль, "рэд-рыверцы" не даюць ніводнага дакладна пацверджанага ўраджэнца Беларусі, а між тым яны ўступілі ў досыць цесныя адносіны з індзейцамі - некаторыя нават пабраліся шлюбам з індыянкамі (Васілоўскі або Васілёўскі, як лічыць больш правільным перадаць беларускі перакладчык, "married a daughter of French Swiss settlers and the other two [Бардовіч і Мірон] wed Indian girls". Гісторыкі палоніі, а потым і беларускай эміграцыі ў Канадзе паспрабавалі разабрацца з імі - "прыцягнуць" да сябе, "беспакарана" "прысабечыць".

Нагадаем, што ад хваробы ў час семінольскай вайны памёр Джэймс Сібольскі (James Sibolski), карані якога спрабуюць шукаць на тэрыторыі былога ВКЛ. Маем таксама і нейкага Антона Сабацкага - "Antoine Sabatzky" - сярод 10 "манітобцаў" (Papers Read Before the Historical and Scientific Society of Manitoba, 1944). Хаця кардынальна адрозніваюцца імёны, прозвішчы ляжаць у дыяпазоне магчымых змен пры перадачы англасаксонскімі "пісарамі".

Вось пералік "беларусаў на Рэд-Рывер", які спачатку мы атрымалі ад А. Баркоўскага: "Першыя Беларусы асяліліся на Чырвонай Рацэ, справаджаныя Сэлкіркам у 1817 г. з Брытанскіх наэмных жаўнераў (Я. Васількоўскі, Я. Мірон, М. Бардовіч, А. Янкоўскі)" (з выдання "Беларускага голасу" 1967 г. "Byelorussians in Canada [=] Беларусы ў Канадзе"). Алесь Баркоўскі быў нашым персанальным адкрывальнікам многіх важных рэчаў - дзякуючы яго ранняму доступу да эмігранцкіх і іншых рэдкіх у нас выданняў і крайняй ступені засяроджанасці на паглыбленні ў розную фактаграфію.

Янка Садоўскі, які звярнуў увагу на Сабольскага, Лявоцкага і "манітобцаў", адносіць да падобных на беларускія таксама прозвішчы Паўла Серады і Джозефа або Язэпа Шуста (гл. пра канадскага беларуса Міколу Шуста ў нашай серыі БСІ, "Наша слова.pdf", № 19): Paul Serada нарадзіўся ў нечым падобным па назве на Колаў, Joseph Schust - на Паўлавічы або Паўловічы.

Садоўскі выкарыстоўвае звесткі палякаў М. Хаймана і В. Турэка пра 10 палякаў, што ў 1817 г. прыбылі ў Манітобу, і палемізуе з імі. Гэта вельмі лёгка - мець прозвішча і імя, падобныя на славянскія і каталіцкія, - і аб'явіць дзеяча палякам… або беларусам.

"Among the names are two, "Michel Bardowicz (or Bardavitsch, or Bartavitche, or Borokovitz)" and "John Wasilofski (or Wasilowsky, or even Wasilovbokay)" which Khmara considers to be Byelorussian and which he spells as follows: Mikhail Baradovich (Bardovich) and Ian Vasil'kouski".

Садоўскі не згаджаецца з аргументамі Турэка наконт польскасці прозвішчаў Bardowicz і Wasilofski, бо " Абодва з імёнаў , асабліва другое , часта сустракаюцца на беларускай этнічнай тэрыторыі " . Садоўскі лічыць такія свае "доказы" "пераканаўчымі", хаця гэта надзвычай наіўны падыход, і асаблівае сумненне выклікае славянскае паходжанне "Мірона" (з тарашкевіцы):

" Нам падаецца , што гэтыя доказы досыць пераканаўчыя , і мы лічым , што Michel Bardowicz, John Wasilofski і Jean Meron мелі беларускае паходжанне . Яны прыбылі ў Калонію на Чырвонай Рэчцы ў 1817 г . і засталіся там жыць . Гэтыя беларусы , як і іх польскія калегі з палка дэ Ватвіля , былі " простымі " і " неадукаванымі " сялянамі , якія пачалі працаваць на фермах , што атрымалі ў сваю прыватную ўласнасць ад лорда Селкірка . Васілёўскі ажаніўся з дачкой французскіх швейцарскіх пасяленцаў , а іншыя два - з індзейскімі дзяўчатамі . Можна выказаць здагадку , што ўсе тры заставаліся ў Чырвонай Рэчцы , бо імя Jean Meron з ' яўляецца ў перапісе насельніцтва Калоніі , які праводзіўся ў 1849 г ."

Паглядзіце, ці ёсць небеларускія вынікі пры пошуку на "Бардович" у Вікіпедыі. Прозвішча Бардовіч насіў і вядомы мовазнавец - Анатоль Майсеевіч з Дзяржынскага раёна. Але для Бардовіча больш верагодна, чым для Васілоўскага, быць яўрэем - напрыклад, з Галіцыі.

Васілоўскія найбольш вядомыя бадай тым, што гэта было дзявочае прозвішча Марыі Канапніцкай з Сувалак. Васілоўскага, з Ліды, Беларусь, знаходзім у "ВКонтакте". С. Хмара, паводле Садоўскага. робіць яго яшчэ больш беларускім. Змена на Васількоўскі была, верагодна, прывабная для яго і таму, што Алег Васількоўскі, генерал расійскай імператарскай арміі, потым быў генералам БНР.

У згаданай публікацыі Гістарычнага і навуковага таварыства Манітобы звяртае ўвагу і прозвішча Лясота - "Woitchech Lasotta (or Lassota)", - якое Садоўскі мог бы з яшчэ большым поспехам аднеслі да беларускіх і вузка-літоўскіх.

Літ.: 12329 Садоўскі Я. Беларуская іміграцыя ў Канаду (разьдзел з кнігі) / пер. з анг. А. Б. // Запісы. № 41. 2019. С. 266-281.

ТАЎПЕКА Язэп - псеўданім Таўпа; нарадзіўся ў в. Таўпы на Навагрудчыне, памёр у ЗША, жыў "у ЗША або Канадзе" - няма пэўнасці з населенымі пунктамі, лясамі і тундрай, дзе ён мог жыць - вандраваць і спыняцца. Бурная і, з розных пунктаў гледжання, неадназначная яго актыўнасць да пераезду за акіян звязаная з заходняй Беларуссю.

У гісторыі беларуска-індзейскіх сувязей ён вядомы найперш як аўтар верша "Кры", які мог напісаць толькі чалавек, для якога няма аўтарытэтаў ні ў сваёй, ні ў чужой айчыне. Гэта адзін з самых моцных вершаваных твораў пра індзейцаў у беларускай літаратуры, хаця Р. Барадулін у вершы "Балада аб клянах" таксама выказаўся і прыгожа, і рэзка (І. Варабей, якая вельмі зблізілася з індзейскім светам і бачыла індзейцаў як у Канадзе, так і ў ЗША, так ацаніла барадулінскую паэтычную заяву: "Прыгожы верш! / Такая цудоўная гульня беларускіх словаў" (э. п. 1.12.2013)).

Здаецца, толькі пасля блізкага знаёмства з кры або іншымі плямёнамі Канады можна напісаць такі верш, як у Таўпы. Ускосна яго добрую "аўтапсію" "нетраў Канады" пацвярджае ў лісце, апублікаваным у таронцкай газеце "Беларускі голас" (1988. Сак. № 342), бразілец і таму, відаць, знаўца не толькі беларускага лесу, але і сельвы С. Гукалюк, калі піша пра "радака" Царука, які "памёр у Балівіі, падобна меў жонку індыянку, але больш валачыўся па дзікіх мяйсцох, страляючы зьвера, як ваш Таўпека, аб якім Вы ўспомнілі" . Да таго ж па адукацыі Таўпека быў геолагам. У Паўночную Амерыку ён перабраўся з Аргенціны.

Верш, перапісаны ад рукі, даслаў нам з лістом без даты, 22.03.1990 па менскім штэмпелі, наш калега А. Баркоўскі, капітан на Лене, даследчык беларуска-якуцкіх сувязей. (Член БІТ Баркоўскі быў піянерам актыўных кантактаў з эміграцыяй; гэта адбывалася "прама ў нас на вачах" - пра гэта сведчаць аператыўныя выпіскі з атрыманых ім выданняў, якія да таго часу або адсутнічалі ў публічных бібліятэках Беларусі, або маглі яшчэ знаходзіцца ў "спецсховах". Найбольш з атрыманых або асабіста прывезеных ім эмігранцкіх выданняў - цяпер у Прэзідэнцкай бібліятэцы.)

У аўтографе Баркоўскага аўтар называецца Янкам Таўпам, але як аўтар, звязаны з "Баявой Ўскалоссю", ён праходзіць у асноўным як "Я. Таўпа" або "Язэп Таўпа". Баркоўскі таксама перапісаў для нас верш "Юкан" (Баявая Ўскалось. 1973. № 13).

Калі кіравацца метадам семібелетрызацыі і больш Сат-Ока, чым Фідлера, то можна дапусціць, што ў Таўпы была нейкая шчымлівая гісторыя з індыянкай кры, пасля якой, каб забыцца, ён накіраваўся на далёкі Паўночны Захад, да Юкана.

Літ.: 2657 Таўпа Я. Кры // Баявая Ўскалось. 1971. № 11. С. 10.

9153 Барадулін Р. Балада аб клянах // Барадулін Р. Рунець, красаваць, налівацца!: лірыка. Мн., 1961.

12322 Барадулін Р. Балада аб клянах; Балада; Балада пра Мянеска; Арліная балада // Беларуская балада: анталогія / скл. Я. Саламевіч. Мн., 1978.

10603 Макей Н. А. Спецыфіка постмадэрнізму ў замежным і айчынным мастацтве (на прыкладзе канадскай і беларускай літаратур) // Русская и белорусская литературы на рубеже XX-XXI вв.: сборник научных статей. В 2 ч. Ч. 2 / редкол.: С. Я. Гончарова-Грабовская (отв. ред.) [и др.]. Мн., 2007. C. 228-232.

*ВАДЗІМ (Эдмантан) - Канстанцін Скуратовіч, які падрыхтаваў публікацыю Вадзіма "Время уходит! Время уходить?" (2000), суправадзіў яе такімі ўводнымі заўвагамі: "Вадзім, Алена і двое дзяцей у мінулым годзе пераехалі на сталае жыхарства ў Канаду, жывуць у Эдмантане". "Лісты, якія Вадзім прысылае электроннай поштай у Мінск, здаліся мне цікавымі для публікацыі і з яго згоды я выношу іх на старонкі нашага часопіса". Індзейцаў мы сустракаем у двух раздзелах гэтага матэрыялу:

"Першы паліцэйскі": "Першага п'янага [ўбачыў] - дзесьці на 25-ы дзень. Ні разу пакуль не бачыў хуліганаў. Спакойная краіна, спакойныя людзі. Часам на вуліцы (у цэнтры) падыходзіць індзеец, які прапіўся, і просіць дробязь. Нічога не атрымаўшы, звычайна ён ветліва просіць прабачэння і спакойна сыходзіць".

"Можна жыць, нават не працуючы": "Карэннае насельніцтва - індзейцы - атрымліваюць усе ільготы, а таксама - 2.000 долараў у месяц незалежна ад узросту. Проста за тое, што яны індзейцы. Яны ўсё таксама ў асноўным прапіваюць. Гэта нахлебнікі і малапаважаныя людзі".

Зразумела, хацелася б ведаць, як склаўся лёс самога Вадзіма - сярод працаўнікоў і дармаедаў, нашчадкаў каланізатараў і першых, "сапраўдных гаспадароў" Канады.

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Прыгожа па-беларуску!

У Лідскім аддзеле рамёстваў i традыцыйнай культуры адбылася анiмацыйная праграма "Калядная зорка". Для маленькіх наведвальнікаў з г.п. Воранава прадстаўлены выстаўкі, майстар-класы і прадстаўленне лялечнага тэатра "Батлейка".

ТК "Культура Лідчыны".

КАЛЯДЫ БЛІЗКА

Зміцер Захарэвіч

Як вера ў прышласць дагарыць,

Жарынка ў астывалым прыску

З самотнай зоркай угары

Падкажуць мне: "Каляды блізка".


Усё, што сіламоц стварыў

Пад ронда восені краплістай,

Падасца дробным папуры

Праз снегу рып: "Каляды блізка".


Злічыўшы дні ў календары,

Я прагну зноў, нібы калісьці,

Жыць і сваволіць на зыры,*

Упэўнены - Каляды блізка.


Няхай стаяць пакуль муры

Паўзмрочных вязніц, але блісне

Скрозь ноч, хто б што ні гаварыў,

Надзея, бо Каляды блізка.


Нягод сунімуцца вятры,

А боль, узрошчаны з калыскі,

Растане ценем да пары,

Засведчыўшы - Каляды блізка.

*На зыры - "на юру".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX