Папярэдняя старонка: 2022

Наша слова.pdf № 52 (52) 


Дадана: 27-12-2022,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 52, 28 снежня 2022 г.

З Новым 2023 годам!

Шаноўныя беларусы ў краі і на планеце! Шаноўныя сябры нашай газеты, хто чытае і хто піша, хто зрэдку праглядвае, а хто толькі чуў, што ёсць такая!

Вось і дайшлі мы да 52-га нумара.

Распачатая "Выдавецкім домам ТБМ", падхопленая Прыватным унітарным прадпрыемствам "Пружмень" газета "Наша слова. pdf" на працягу 2022 года працягвала традыцыі "Нашага слова". Мы страцілі значную частку аўдыторыі, мы страцілі многіх журналістаў, але і даведаліся, што не згасла беларуская вера ў беларускую Беларусь, у беларускую мову, у беларускую будучыню.

Газета, распачатая на 16 старонках, завяршае год на 24.

У трэці раз пададзена заяўка на рэгістрацыю папяровай газеты "Наша слова", і з улікам кантэнту, які паступае ў "Наша слова. pdf", мы маем пэўнасць, што ў выпадку рэгістрцыі нам будзе што друкаваць і на паперы.

Мы захавалі ўсе спадарожныя выданні: "Лідскі летапісец", "Ад лідскіх муроў", "Нясвіжскія каеты" і ўсе літаратурныя альманахі. Канешне, сям-там не датрымалі графіка, але нічога не прапала, усё выходзіць.

Таму магу сказаць, што на маю думку выданне газеты "Наша слова. pdf" у 2022 годзе было цалкам апраўдана.

Рэдактар Станіслаў Суднік.

З Новым годам!

З Новым годам, з Новым годам!

З новай песняй, з новай казкай!

Зачаруем мімаходам

Долі ходы думкай-краскай!


Кінем покліч гулказвонны

Ад аконца да аконца,

Свет паклічам мёртва-сонны

Аж да сонца, аж да сонца!

Для унукаў, для праўнукаў

Расцярэбім сцежкі-шляхі;

Хай пануюць над прынукай -

Каб аж к небу лёту ўзмахі!..


Над зямлёй зардзіць вясёлка

После бураў, ліхалеццяў;

Бацьку, маці жыць нялёгка, -

Хай жа лёгка жывуць дзеці!


З Новым годам, што крыніцай

Новай пойдзе ў пераходзе,

Беларуская зямліца!

Беларускі наш народзе!

Янка Купала.

Лідскі краязнаўчы каляндар на 2023 год

Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы падрыхтавала "КРАЯЗНАЎЧЫ КАЛЯНДАР НА 2023 ГОД"

Каляндар змяшчае звесткі аб знамянальных падзеях Лідчыны, памятных датах вядомых людзей, біяграфіі якіх звязаны з краем, на наступны год.

Арыгінал выдання знаходзіцца ў чытальнай зале Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы.

Спасылка на электронны варыянт: https://ru.calameo.com/read/005411776d22b6ecc7d1b.

Складальнік:

Г.Р. Курбыка - галоўны бібліёграф Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы.

Рэд.акцыя: А.А. Быстрыцкая, Г.І. Жышко.

Камп'ютарны дызайн вокладкі: С.І. Міхаловіч - метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы.

Адказны за выпуск: А.М. Мартынаў.

Наша Лідская зямля мае сваю слаўную гісторыю. Стагоддзямі насялялі гэты край працавітыя, высакародныя, багатыя на мастацкія таленты людзі, якія ўнеслі свой уклад у развіццё гаспадаркі, навукі, культуры і мастацтва.

Гэты краязнаўчы каляндар змяшчае прымеркаваныя да 2023 года юбілейныя даты, звязаныя з людзьмі і падзеямі на працягу ўсёй вядомай гісторыі Лідчыны.

Каляндар складзены з мэтай інфармацыйнай падтрымкі ўстаноў культуры і адукацыі, садзейнічання прафесійнай дзейнасці спецыялістаў бібліятэк, музеяў.

У 2023 годзе спаўняецца:

700 год таму назад (1323 г.) па загаду вялікага князя Вялікага Княства Літоўскага Гедыміна пачалося будаўніцтва Лідскага замка і заснаванне горада Ліды.

610 год таму назад (1413 г.) стала пісьмова вядома паселішча Ваверка, калі Міхаіл Галігінавіч заснаваў касцёл Святога Францішка.

590 год таму назад (1433 г.) адбыўся напад войскаў Вялікага князя Свідрыгайлы на Ліду. Безпаспяховы штурм замка. Горад спалены да тла.

410 год таму назад (1613 г.) у Амстэрдаме выдадзена карта Т. Макоўскага, на якой абазначаны: Ліда - горад з замкам і земскім судом; Беліца - горад; Ваверка, Крупа, Лебяда - мястэчкі; Белагруда - сяло са шляхецкім дваром.

250 гадоў з дня нараджэння Нарбута Юстына (каля 1773-1845 гг.), гісторыка, аўтара даследванняў па гісторыі Гарадзеншчыны.

210 год таму назад (1813 г.) рускія войскі генерала А. Ажароўскага і партызана-паэта Дзяніса Давыдава вызвалілі Ліду ад французскіх захопнікаў.

180 год таму назад (1843 г.) Ліда была павятовым горадам Віленскай губерні Расійскай імперыі.

160 год з дня нараджэння Біруты (сапр. Даравінская Амелія, 1863-1891 гг.), беларускай і польскай фалькларысткі, этнографа, даследчыцы фальклору Лідскага павета ў 1889 г.

160 год таму назад (1863 г.) было адчынена Голдаўскае народнае вучылішча.

150 гадоў з дня нараджэння Веры Навіцкай, начальніцы Лідскай жаночай гімназіі, дзіцячай пісьменніцы.

150 год таму назад (1873 г.) Ліда стала адзіным горадам Віленскай губерні пасля самой Вільні, у якім дзейнічала тэлеграфная станцыя, прымаўшая і перадаваўшая дэпешы, як з тэрыторыі свайго краю, так і з замежжа.

140 год з часу заснавання шклозавода "Нёман" (1883 г.) каля г. Бярозаўка Лідскага раёна мясцовым памешчыкам Зянонам Ленскім.

140 год з часу першай згадкі г. Бярозаўка Лідскага раёна (1883 г.).

75 год таму назад (1948 г.) пачала працаваць школа № 5, спачатку як пачатковая. У 1961 г. была рэарганізавана ў васьмігадовую, а ў 1978 г. (45 год назад) адбыўся першы выпуск дзесяцікласнікаў.

75 год з часу стварэння (1948 г.) народнага тэатра Лідскага раённага Дома культуры.

75 год таму назад (1948 г.) быў арганізаваны саўгас "Тарнова", зараз у складзе ЛРСУП "Мажэйкава".

65 год таму назад (1958 г.) пасля завяршэння будаўніцтва Дома афіцэраў (Зараз дзіцячая школа мастацтваў) і ўстаноўкі помніка Леніну аформілася плошча, якую ў пачатку 60-х гадоў называлі плошчай Леніна.

65 год таму назад (1958 г.) на базе машынна-трактарнай станцыі быў створаны Лідскі аўтарамонтны завод. З 1992 г. пераўтвораны ў РУП "Лідаграпраммаш".

65 год таму назад (1958 г.) была створана Лідская рамонтна-трактарная станцыя ў в. Мінойты. З 2001 г. - Мінойтаўскі рамонтны завод.

65 год таму назад (1958 г.) у Лідзе пачала працаваць дзіцячая музычная школа.

60 год таму назад (1963 г.) вуліца Лідская была перайменавана ў вуліцу імя Валянціна Таўлая.

60 год таму назад (май 1963 г.) пачалося будаўніцтва лакафарбавага завода. 1 чэрвеня 1965 г. адбыўся пуск першай чаргі завода. У 1983 г. перайменаваны ў вытворчае аб'яднанне "Лакафарба".

50 год таму назад (1973 г.) прынята пастанова ўраду БССР аб адкрыцці ў горадзе Лідзе музычнага вучылішча. (Зараз Лідскі дзяржаўны музычны каледж).

50 год з часу адкрыцця (1973 г.) абласной псіханеўралагічнай бальніцы "Астроўля".

45 год з часу адкрыцця (1978 г.) Лідскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага вучылішча № 136 прыборабудавання, зараз Лідскі політэхнічны каледж.

30 год з часу стварэння (1988 г.) народнага ансамбля народнай музыкі "Гудскі гармонік" Гудскага дома культуры.

30 год таму назад (1993 г.) сярэдняя школа № 7 г. Ліды рэфармавана ў гімназію № 1.

Студзень

1 студзеня - 95 год з дня нараджэння Баяровіча Мар'яна Андрэевіча (1933 г., в. Альгецішкі Ашмянскага раёна - 2006), беларускага музыканта, музычнага педагога, фалькларыста. У 1958-1975 гг. працаваў у Гродзенскім музычным вучылішчы, у 1975-1996 гг. - у Лідскім музычным вучылішчы.

3 студзеня - 285 гадоў з дня нараджэння Нарбута Казіміра (свецк. Даніла; 1738 г., в. Крупава Лідскага раёна - 1807 г.), беларускага асветніка, філосафа, педагога, доктара права, прадстаўніка эклектычнага кірунку ў філасофіі эпохі Асветніцтва на Беларусі і ў Літве.

6 студзеня - 85 год з дня нараджэння Стралюка Мар'яна Іванавіча (1938 г., в. Мохавічы Лідскага раёна - 2000 г.), беларускага вучонага ў галіне энергетыкі, члена-карэспандэнта Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі, доктара тэхнічных навук, прафесара.

14 студзеня - 130 гадоў з дня нараджэння Буйло Канстанцыі (сапр. Калечыц; 1893-1986 гг.), беларускай паэткі. Заслужаны дзеяч культуры Беларусі. Настаўнічала на Лідчыне.

14 студзеня - 110 гадоў з дня нараджэння Салянкіна Васіля Паўлавіча (1913 г., ст. Далжанская Луганская вобл. - 1965 г.), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, Ганаровага грамадзяніна г. Ліды.

15 студзеня - 115 гадоў з дня нараджэння Вітажэнца Стэфана (1908 г., г. Ліда - 1994 г., г. Варшава), удзельніка Другой Сусветнай вайны, узнагароджаны ордэнам Віртуці Мілітары.

26 студзеня - 85 год з дня нараджэння Шарапы Аляксандра Віктаравіча (1938 г., в. Ходараўцы Лідскага раёна), беларускага гісторыка, доктара гістарычных навук (1988 г.), прафесара (1989 г.), першы заг. кафедры міжнародных адносін, першы дэкан факультэта міжнародных адносін БДУ (1995-2008 гг.).

Люты

10 лютага - 155 гадоў з дня нараджэння Каганца Каруся (сапр. Кастравіцкі Казімір, 1868-1918 гг.), пісьменніка, мастака. У пач. ХХ ст. працаваў у Лідзе на будаўніцтве чыгункі Маладзечна-Масты.

13 лютага - 115 гадоў з дня нараджэння Растоўцава Аляксандра Канстанцінавіча (1908 г., г. Чырвонаслабодск, Мардовія - 1980 г., г. Ліда), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, Ганаровага грамадзяніна г. Ліды.

13 лютага - 55 гадоў з дня нараджэння Саука Антона Уладзіміравіча (творчы псеўданім Антось Савук; 1968-2004 г., г. Ліда), краязнаўца. Асноўнай яго краязнаўча-даследчай працай стала "Гісторыя Лідскага аэрадрома".

Сакавік

1 сакавіка - 90 годоў з дня нараджэння Жалкоўскага Аляксандра Васільевіча (1933 г., в. Сасновы Бор Шчучынскага раёна - 2011 г., г. Ліда), журналіста, краязнаўца. У 1969-1986 гг. - рэдактар раённай газеты "Уперад"; 1986-2001 гг. - уласны карэспандэнт газеты "Гродзенская праўда".

1 сакавіка - 60 гадоў з дня нараджэння Леаніда Лаўрэша (1963 г. Ліда), краязнаўца, пісьменніка.

8 сакавіка - 110 год з дня нараджэння Гапеева Яфіма Данілавіча (1908-1990 гг.), аднаго з кіраўнікоў партызанскага руху на Лідчыне 1943-1944 гг.

25 сакавіка - 100 гадоў з дня нараджэння Кастраміной Марыі Іванаўны (Моці) (1923-1943 гг.), партызанкі-падпольшчыцы Лідскага партызанскага злучэння (1941-1943 гг.), пасмяротна ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені.

Красавік

15 красавіка - 70 год з дня нараджэння Фясенкі Івана Іванавіча (1953 г., ст. "Нёман" Лідскага раёна), беларускага педагога, краязнаўца, музеязнаўца.

15 красавіка - 85 год з дня нараджэння Макарэвіча Пятра Рыгоравіча (1938-2014 гг., г. Ліда), журналіста, беларускага пісьменніка. 25 гадоў працаваў у рэдакцыі "Лідскай газеты".

21 красавіка - 95 гадоў з дня нараджэння Новікава Алега Цімафеевіча (1928 г., в. Войлева Сенненскага раёна Віцебскай вобл. - 1998 г.), былога дырэктара саўгаса "Тарнова" (1960-1987 гг.), Заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Беларускай ССР.

24 красавіка - 85 гадоў з дня нараджэння (1938-2020 гг., г. Ліда) Алеся Стадуба, журналіста,беларускага пісьменніка. З 1972 г. жыў і працаваў у Лідзе.

Травень

1 траўня - 105 гадоў з дня нараджэння Пелясы Уладзіміра (1918 г., г. Ліда - 2004 г.), беларускага культурна-грамадскага дзеяча замежжа. Адзін з арганізатараў будаўніцтва царквы Святога Кірылы Тураўскага ў Рычманд-Гілі (ЗША).

2 траўня - 70 гадоў з дня нараджэння Бараноўскага Станіслава Іванавіча (1953 г., г. Ліда), беларускага вучонага-эканаміста, доктара эканамічных навук, прафесара. У 1983-1988 гг. працаваў на заводзе "Лідсельмаш".

15 траўня - 85 гадоў з дня нараджэння Цішук Святланы Аляксандраўны (1938 г., г. Гомель), трэнера баскетбольнай зборнай школьнікаў г. Ліды (1961-1982 гг.), лідскай паэткі.

Чэрвень

8 чэрвеня - 80 гадоў з дня нараджэння Грыневіча Юльяна Міхайлавіча (1945 г., в. Цішкі Лідскага раёна), дырэктара, выкладчыка ўстановы адукацыі "Лідскі каледж" Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

9 чэрвеня - 155 гадоў з дня нараджэння Вярыгі Уладзіслава (1868-1916 гг.), запісваў у Лідскім павеце беларускія песні і паданні. Этнограф і філосаф. Выдаў "Беларускія паданні" (1889 г.; Львоў), у якіх 32 казкі з Лідскага павета. 45 песень з Лідскага павету, запісаных ім, змешчаны ў часопісе "Zbior wiadomosci do antropologii krajowej" т. 13 (1889 г.).

10 чэрвеня - 100 гадоў з дня нараджэння Юхновіча Станіслава (1923 г., г. Ліда - 2020 г.), польскага архітэктара, даследчыка горадабудаўніцтва.

13 чэрвеня - 140 гадоў з дня нараджэння Кавалеўскага Пятра Іванавіча (1883 г., г. Ліда - 1966 г.), вучонага - філолага, выкладчыка Гарадзенскага педагагічнага інстытута.

Ліпень

27 ліпеня - 60 гадоў з дня нараджэння Грушы Рычарда Баляслававіча (1963 г., в. Сцеркава Лідскага раёна), мастака, скульптара, паэта. Ён - аўтар і выканавец памятных знакаў І. Дамейку, А. Міцкевіу, І. Гашкевічу, У. Сыракомлю і інш.

Жнівень

17 жніўня - 100 гадоў з дня нараджэння Наказных Матроны Канстанцінаўны (1923 г., с. Чарнігаўка Амурскай вобл. - 1943 г.), удзельніцы Лідскага падполля, пасмяротна ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені.

22 жніўня - 100 гадоў з дня нараджэння Земавіта Фядэцкага (1923 г., в. Лебяда, Лід. павета - 2009 г.) пісьменніка, беларускага фалькларыста. Укладальнік зборніка беларускіх народных песень "Цёплыя вечары… ды халодныя ранкі…", запісаных у в. Феліксава ў 1942-1943 гг.

Верасень

1 верасня - 165 гадоў з дня нараджэння Федароўскага Міхаіла Адольфавіча (1853-1923 гг.), фалькларыста, этнографа, археолага, даследчыка археалагічных помнікаў на Лідчыне і інш.

29 верасня - 110 гадоў з дня нараджэння (1913-1932 гг.) Якава Парэцкага, беларускага літаратуразнаўца, мовазнаўца, перакладчыка. Скончыў гімназію ў Лідзе.

Кастрычнік

2 кастрычніка - 195 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Каяловіча (1828 - 1821 гг.), рускага гісторыка, прафесара. У 60-я гады ХІХ ст. выкладаў у павятовым вучылішчы ў Лідзе.

9 кастрычніка - 85 гадоў з дня нараджэння Мельнікава Уладзіміра Сяргеевіча (1938 г., г. Полацк - 2022 г., г. Ліда), мастака, выкладчыка малявання СШ № 14.

16 кастрычніка - 75 гадоў з дня нараджэння Сямашкі Яўгена Іванавіча (1948 г., в. Ігнаткаўцы Лідскага раёна), беларускага журналіста, гісторыка.

20 кастрычніка - 65 гадоў з дня нараджэння Івана Серафіновіча (1958 г.; в. Паперня Лідскі раён), беларускага вучонага ў галіне тэрапіі, кандыдата медыцынскіх навук, дацэнта.

Лістапад

1 лістапада - 80 год з дня нараджэння Бартосіка Івана Станіслававіча (1933 г., г. Бярозаўка Лідскага раёна - 1998 г.), беларускага мастака, майстра шкловырабаў.

18 лістапада - 115 гадоў з дня нараджэння Брыкеля Паўла Парфір'евіча (1903 г., с. Вялікая Рублёўка Палтаўскай губ. - 1983 г.), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, Ганаровага грамадзяніна г. Ліды.

Снежань

10 снежня - 110 год з дня нараджэння Гебельта Вацлава Яўгенавіча (1913 г., Гарадзенскі раён - 1999 г.), беларускага шахматыста, пераможца 1-га чэмпіянату Міжнароднай шахматнай кампазіцыі. Працаваў у Лідзе.

Скарбы Лідчыны

"Гарадская паштоўка. Людзі. Вуліцы. Будынкі"

2-гі каляндар з серыі "Скарбы Лідчыны", прымеркаваны да юбілею горада Ліды - 700-годдзя, выдаў Лідскі гістарычна-мастацкі музей.

На старонках календара прадстаўлены выявы музейных прадметаў з калекцыі "Філакартыя", якія ўключаны ў фондавы збор ДУ "Лідскі гістарычна-мастацкі музей". Кожная пара года змяшчае раздзелы "Людзі", "Вуліцы", "Будынкі", дзе па месяцах размеркаваны тэматычныя паштовыя карткі. Найбольш каштоўнымі музейнымі прадметамі ў калекцыі з'яўляюцца паштоўкі першай трэці XX ст.

На паштовых картках змешчаны выявы горада Ліды, архітэктурнае аблічча якога змянілася ў выніку разбурэнняў падчас Вялікай Айчыннай вайны. Вялікая ўвага на паштоўках надавалася значным для горада архітэктурным аб'ектам, якія каларытна ўпісваліся ў агульную забудову.

Выявы сабора, касцёла, сінагогі сваёй манументальнасцю і ўзнёсласцю стваралі непаўторны сілуэт горада.

Паштоўкі з Лідскім замкам і чыгуначным вакзалам самыя распаўсюджаныя. Гэтыя аб'екты фатаграфаваліся з розных ракурсаў і ў розную пару года. Радзей сустракаюцца паштоўкі з ускраінам горада, якія нагадвалі вясковыя вуліцы, забудаваныя драўлянымі хатамі. Самыя інфарматыўныя сюжэты - тыя, дзе адлюстсавана штодзённае жыццё простых людзей. На прыкладзе лаштовак з відамі рынкавай плошчы, на якой знаходзіліся гандлёвыя рады, можна параўнаць паўсядзённасць ў розныя гістарычныя перыяды.

Навуковыя супрацоўнікі Лідскага гістарычна-мастаскага музея выкарыстоўваюць краявідныя паштоўкі ў культурна-асветніцкай, навукова-даследчай, экспазіцыйна-выставачнай рабоце.

Паштоўкі з'яўляюцца важнай крыніцай інфармацыі па розных напрамках. I праз стагоддзе сучасныя паштоўкі будуць запатрабаваныя даследчыкамі, як сёння запатрабаваны паштовыя карткі першай трэці XX ст.

Набыць каляндар можна ў Лідскім музеі і Лідскім замку.

Наш кар.

Снежаньская вечарына памяці пісьменніка і навукоўцы Сержа Мінскевіча

Калі раптоўна сыходзяць з жыцця блізкія сябры, гэта жахліва… Вось ён, сябар, учора быў, размаўляў з табой, а сёння яго няма. Няма такога знаёмага, амаль роднага, голасу, яскравых разумных вачэй, усмешкі… І ты ходзіш ніякі і не ведаеш, што рабіць з гэтай пустэчай, якая ўтварылася ў цябе ўнутры, і думаеш, як жа жыць далей… Напэўна, таму і праводзяцца мерапрыемствы, прысвечаныя памяці памерлых сяброў, - каб іх блізкія людзі, якія застаюцца пакуль што на гэтым свеце, маглі падзяліцца адзін з адным сваім болем, успамінамі - такімі светлымі і адначасова сумнымі…

Ідэя правесці мерапрыемства памяці Сержа Мінскевіча, які заўчасна пакінуў гэты свет 8 чэрвеня 2022 года ва ўзросце ўсяго пяцідзесяці трох гадоў, узнікла ў ягоных сяброў з літаратурнга клуба "Экватар" амаль адразу. Хацелі зрабіць імпрэзу да сарака дзён са дня смерці Сержа. Але ідэя гэтая падтрымкі ў Менскай бібліятэчнай супольнасці не атрымала. Таму кіраўнік "Экватара" пісьменнік і журналіст Вячаслаў Корбут ініцыяваў у сярэдзіне ліпеня правядзенне "Марафону выказванняў" у сацыяльнай сетцы Facebook, прысвечанага памяці Сержа Мінскевіча. І марафон той быў паспяхова праведзены: людзі размясцілі шмат памятных фота, напісалі многа цёплых словаў і ўспамінаў пра Сержа.

Аднак у памяць такога чалавека, як Серж Мінскевіч усё ж такі было патрэбна правядзенне больш маштабнага мерапрыемства. І Вячаслаў Корбут звярнуўся з адпаведнай прапановай да загадчыка аддзела ўзаемадзеяння літаратур Інстытута літаратуразнаўства НАН Беларусі Мікалая Мікуліча. У гэтым аддзеле доўгія гады працаваў Серж Мінскевіч, а Мікола Мікуліч быў ягоным непасрэдным начальнікам. Дык вось, спадары Мікуліч і Корбут дамовіліся правесці сумесна імпрэзу памяці Сержа, аб'яднаўшы пад адным "дахам" і навукоўцаў, і пісьменнікаў. Спадар Мікуліч атрымаў у свайго кіраўніцтва дазвол на мерапрыемства, а па ягонай даце раіліся ўжо з удавой пайшоўшага ў лепшы свет пісьменніка - перакладчыцай і літаратаркай Вольгай Разумавай. У выніку, было абрана 8 снежня 2022 года - менавіта туды прыпадала роўна паўгады з дня смерці Сержа. Назвай імпрэзы стала цытата з твора Сержа Мінскевіча: "Мой разбіўся анёл…"

Падрыхтоўка была доўгая і сур'ёзная. І, як гэта кажуць у такіх выпадках, усе зрабілі ўсё, што маглі. У выніку, увечары 8 снежня ў інфармацыйна-выставачным цэнтры Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа сабралася вельмі шмат людзей: пісьменнікаў, навукоўцаў, журналістаў, аматараў літаратуры і мастацтва, моладзі… Як зазначылі тады супрацоўнікі навуковай бібліятэкі, іхнія сцены даўно не бачылі столькі народу, калі ўвогуле столькі бачылі калі-небудзь…

Асобна хочацца сказаць пра файнае афармленне залы інфармацыйна-выставачнага цэнтра, дзе адбывалася імпрэза. Адразу пры ўваходзе прыйшоўшыя на мерапрыемства бачылі вялікі экран з партрэтам Сержа Мінскевіча - з гэтай ягонай добрай, шчырай усмешкай. З'яўлялася ўражанне, што Серж нібыта вітае ўсіх, хто завітаў яго ўспомніць… Увагу прыцягвала таксама выстава пад назвай: "Серж Мінскевіч - навуковец, паэт, перакладчык, пісьменнік для дарослых і дзяцей". Там можна было пабачыць шматлікія мастацкія кнігі Сержа, тамы ягоных перакладаў, а таксама перыядычныя выданні, дзе ён друкаваў свае творы: часопісы, калектыўныя зборнікі, альманахі…

І вось імпрэза пачалася. Распачаў яе кандыдат філалагічных навук, загадчык аддзела ўзаемадзеяння літаратур Мікола Мікуліч. Ён стаў адным з вядоўцаў памінальнай імпрэзы. Забягаючы наперад, зазаначым, што вядоўцаў было двое. Але ўсё па-парадку.

- Вось ужо паўгады, як няма на свеце нашага Сержа…, - ледзь стрымліваючы слёзы, прамовіў спадар Мікалай. А далей ён распавёў прысутным, якім цудоўным чалавекам быў Серж Мінскевіч: добрым, спагадлівым, чуллівым, гатовым заўсёды прыйсці на дапамогу калегам. І - вельмі таленавітым, прычым у розных галінах. Цяжка знайсці чалавека, так багата адоранага талентамі. Сяржук з'яўляўся выдатным навукоўцам, кандыдатам філалагічных навук. Рыхтаваў да абароны доктарскую дысертацыю. Нажаль, не абароніць яе ўжо ніколі. Серж пісаў творы для дзяцей і дарослых, быў выбітным перакладчыкам (адзін толькі пераклад паэмы "Дзяды" Адама Міцкевіча чаго каштуе (!)). Як бард, вельмі таленавіта выконваў свае аўтарскія песні пад гітару. А апошнім часам пісаў нерэальна прыгожую касмічную музыку… Канешне, спадар Мікола Мікуліч, як ніхто, добра ведаў Сержа, бо быў ягоным непасрэдным начальнікам. Так, менавіта ў аддзеле ўзаемадзеяння літаратур Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі доўгія гады працаваў Серж Мінскевіч…

Ад пісьменніцкага цэху першым выступаў Мэтр беларускай паэзіі Леанід Дранько-Майсюк. Спадар Леанід зазначыў, што такія яркія і таленавітыя людзі, як Серж Мінскевіч, робяць наш Сусвет прыгожым і ясным, даюць людзям спадзеў на лепшую будучыню. А Сяржук быў да людзей шчодрым: нікому не шкадаваў даць майстар-клас, ці выступіць у невялічкай правінцыйнай школцы без усялякага ганарару, ці знайсці час і паехаць дастаткова далёка ад сталіцы, каб памянуць памерлага сябра…

З асобым пачуццём Леанід Дранько-Майсюк распавядаў пра сваю рэакцыю на ўзнікненне і далейшую дзейнасць Бум-Бам-Літа, гэтага авангардысцкага літаратурнага руху, узнікшага ў сярэдзіне 90-х гадоў ХХ стагоддзя, у якім Серж Мінскевіч прымаў самы актыўны ўдзел - разам са Зміцерам Вішнёвым, Іллём Сінам, Юрасём Барысевічам, Алесем Туровічам і іншымі маладымі тады пісьменнікамі. Леанід Дранько-Майсюк зазначыў, што Бум-Бам-Літ - гэта было вельмі правакацыйна, але адначасова і вельмі таленавіта, смела. Спадар Леанід успамінаў перформансы, якія ладзіў ў тыя часы Бум-Бам-Літ, асабліва адзін з іх, які прайшоў аднойчы восенню, дзе падчас чытання вершаў з балкона шаноўнага Дома літаратара рассыпалі вялізную колькасць восеньскай лістоты. О, як жа потым лаяліся прыбіральшчыцы, што працавалі тады на Фрунзе, 5!..

І канешне, у выкананні шаноўнага Леаніда Дранько-Майсюка прысутныя пачулі нізку ягоных лірычных вершаў у прыгожым аўтарскім выкананні.

Кандыдат філалагічных навук, педагог Ігар Шаладонаў распавёў сабраўшымся пра тое, што пазнаёміўся з Сержам Мінскевічам яшчэ падчас сваёй працы ў школе. І - пачаў запрашаць Сержа выступіць перад вучнямі. Дарэчы, дзецям новы выступоўца спадабаўся настолькі, што яны зноў і зноў прасілі свайго настаўніка запрасіць да іх Сержа Мінскевіча.

Спадар Шаладонаў зазначыў, што Серж быў сонечным чалавекам, ад яго людзі літаральна зараджаліся станоўчай, пазітыўнай жыццёвай энэргіяй. Шаноўны спадар Мінскевіч быў вельмі таленавітым пісьменнікам, навукоўцам, бардам. А яшчэ - выключна цікавым суразмоўцам, з якім можна было гадзінамі з цікаўнасцю размаўляць на самыя розныя тэмы. Надта шкада такога выдатнага сябра і чалавека… Вельмі рана ён пакінуў гэты свет.

Далей мікрафон вядоўцы памінальнай вечарыны перайшоў да блізкага сябра Сержа Мінскевіча - пісьменніка і журналіста, кіраўніка літаратурнага клуба "Экватар" Вячаслава Корбута. Нічога дзіўнага ў тым няма, што Вячаслаў таксама стаў вядоўцам гэтай імпрэзы, бо сябраваў ён з Сержам звыш трыццаці гадоў…

Падчас свайго вядоўства спадар Корбут не толькі прадстаўляў выступоўцаў, якія дзяліліся ўспамінамі пра Сержа Мінскевіча, але і сам распавядаў пра яго розныя цікавыя рэчы. Так, прысутныя даведаліся, што і Вячаслаў, і Серж былі заўзятымі аматарамі футболу. Яны прысвячалі гэтаму віду спорта пэўны час і нават гулялі самі - на самых розных пляцоўках. Серж і Вячаслаў часцяком разам глядзелі матчы любімых сусветна знакамітых каманд і заўзелі за сваіх любімцаў. Серж Мінскевіч быў знатаком футболу. Ён нават напісаў (па заказе) таўсценную кнігу, прысвечаную сусветна знакамітаму футбалісту Раналду. На працягу імпрэзы Вячаслаў ставіў электронныя музычныя кампазіцыі, напісаныя Сержам. І канешне, спадар Корбут не мог не прачытаць свой верш пад назвай "Памяці Сержа Мінскевіча":

Ты на беразе тым, дзе маўчаць

Навальніц беларускіх грамы,

І не будзе парома, бо час

Вір бяды нечаканай той змыў.


Ты мне ўжо не паціснеш руку,

Не пахвалішся кніжкай, паэт,

Не прамоўлю свайму сябруку:

"Спраўна як пераклаў ты санет!"


Спіць гітара твая - у кутку,

Струн яе не кранецца рука,

Песні помніць яна па радку

Свайго барда, свайго Сержука!


Нёс шмат радасці, столькі святла,

Твае словы краналі заўжды,

Твая муза ж у мроях жыла,

З ёю ў сэрцы ты быў малады!


Недзе зорка ў нябёсах твая

Больш ярчэй запалала ўначы -

Для касмічных мелодый маяк,

І не прагне яна на спачын.


Ты на беразе тым, дзе вясна

У бясконцых сюжэтах часоў...

Ці мы зможам іх сэнсы спазнаць?

І жыццё - гэта праўда ці сон?

Пісьменніца, журналістка, шэф-рэдактар альманаха "Літаратурны экватар" Інга Вінарская распавяла прысутным, што блізка сябравала з Сержам Мінскевічам каля дваццаці гадоў. За некалькі дзён да сваёй раптоўнай смерці Серж даслаў ёй ліст па электороннай пошце, у якім паведаміў, што хоча напісаць артыкул пра Інгіну кнігу перакладаў "Гучы, маё сэрца, гучы…" Завязалася перапіска. Інга выканала ўсе патрабаванні Сержа па падрыхтоўцы матэрыялаў для будучага артыкула. Апошні ліст ад свайго сябра яна атрымала сёмага чэрвеня бягучага года, а восьмага ён раптоўна сышоў з жыцця…

У памяць Сержа Мінскевіча Інга Вінарская прачытала прысвечаны менавіта яму "Сяброўскі верш"… А потым спадарыня паведаміла, што практычна кожны год друкавала творы Сержа ў альманаху "Літаратурны экватар" і працягне гэта рабіць і пасля смерці сябра-пісьменніка. На адной з альманахаўскіх публікацый Сержа Мінскевіча Інга Вінарская спынілася асобна: на падборцы перакладаў раней невядомых санетаў Адама Міцкевіча (24.ХІІ.1798 - 26.ХІ.1855), якія Серж Мінскевіч пераклаў на беларускую мову да 220-годдзя з дня нараджэння славутага класіка (адзначалася ў 2018 годзе). Падборка гэтых санетаў была надрукавана ў альманаху "Літаратурны экватар" № 7 за 2018 год (арыгіналы і пераклады). Адзін з перакладаў тых санетаў пад назвай "Да Лауры" Інга Вінарская прачытала прысутным:

Ледзь на цябе зірнуў і - я адчуў - палаю,

Ці бачыў дзесь? - гадаў па дзіўных тых вачах;

Адказам быў румянец твой - так у садах

Бясхмарны ранак персі ружы асвятляе.


Спеў пачала - адчуў я, што сляза спадае,

Твой голас поўніў сэрца ў самых закутках;

Анёл душу, здалося, зваў з сабой у шлях,

І празваніў збавення міг гадзіннік раю.

Хай любыя мне вочы згубяць непакой

І ўспыхваюць, калі іх позіркам узрушу;

Хоць не даюць мне лёс і людзі быць з табой,


І я ўцякаць з каханнем безнадзейным мушу.

Хай іншага адорыш ты сваёй рукой,

Прызнай, што Бог злучыў у шлюбе нашы душы…

Паэтка, пісьменніца, навукоўца Таццяна Барысюк зазначыла, што працавала разам з Сержам Мінскевічам каля дваццаці год - у аддзеле ўзаемадзеяння літаратур Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі. Таня добра ведала Сержука, яна сябравала з ім. Спадарыня прадэманстравала сабраўшымся дзве пачатковыя самвыдатаўскія рукапісныя кнігі Сержа Мінскевіча, сказаўшы, што гэта ягоны ёй падарунак і што больш такіх кніжак ні ў кога няма. Што тут скажаш - сапраўдны рарытэт…

Спадарыня Таццяна падзялілася з прысутнымі некаторымі сваімі ўспамінамі пра Сержа Мінскевіча, і ўспаміны гэтыя часам былі часам сур'ёзныя, а часам і кур'ёзныя, што выклікала жывую рэакцыю залы. Між іншым, прозвішча "Мінскевіч" Сержу параіла ўзяць менавіта Таццяна Барысюк (прычым, ва ўсіх афіцыйных дакументах).

Працягваючы тэму альманаха "Літаратурны экватар", якую распачала Інга Вінарская, Таццяна Барысюк паведаміла, што ў новым нумары выдання за 2022 год будзе надрукавана яе даўняе інтэрв'ю з Сержам Мінскевічам пад назвай "Поўная прыгод эпоха". Інтэрв'ю гэтае было зроблена з нагоды выхаду ў свет у 2008 годзе Сержавай кнігі "Я з Бум-Бам-Літу". І вось невялічкая з яго цытата - на тэму таго, што сам Серж Мінскевіч гаворыць пра гэты накірунак беларускай літаратуры: "Бум-Бам-Літ - гэта рух… Гэта плынь, хваля, можна ўзяць аналогію з радыёхваляй, якая аднойчы згенераваная, бясконца вандруе па Сусвеце. Калі творчую дзейнасць чалавека можна дзяліць на яго асабістыя эпохі, то мой удзел у Бум-Бам-Ліце - гэта выдатная, поўная прыгод і творчай энергіі эпоха - скарб задумак, асацыяцый, назіранняў. У маёй кнізе "Я з Бум-Бам-Літа" гэта адлюстравана…"

Паэт Зміцер Захарэвіч быў не проста блізкім сябрам Сержа Мінскевіча, ён быў яго бліжэйшым суседам. О, гэтыя мужчыны, што жывуць на ўскрайку беларускай сталіцы, недалёка ад станцыі метро "Магілёўская"… Некалі ў 80-я гады мінулага стагоддзя гэты раён будавалі спецыялісты, што прыехалі аднекуль з Сібіры ці яшчэ далей. Таму і вуліцы там маюць адпаведныя назвы: Ангарская, Ілімская, Іркуцкая, Байкальская і інш. А яшчэ там недалёка лес. Ён нібыта абступае гэтыя вуліцы з паўночнымі назвамі. І тамашнія мужчыны ўсё ж такі маюць у сабе нешта ваўчынае ці мядзведжае: у позірках, у рухах… А можа, так толькі здаецца. Што ж тычыцца нашых паэтаў, то ўсе яны, канешне, інтылігентныя, ветлівыя і добра выхаваныя людзі…

У гонар свайго добрага сябра і суседа Сержа Мінскевіча Зміцер Захарэвіч прачытаў глыбока філасофскі верш на тэму смерці і жыцця ў прыродзе, прысвечаны кругазвароту рэчаў і бясконцасці быцця:

Чарговае замкнецца кола,

Як ляжа навагодні снег

На ўплодненае ўвосень поле

І плугам абмінуты ўзрэх.


А недасягнутыя мэты

З усімі, што пад крыж пайшлі,

Нібыта застануцца ў летась

Навек. Ды зернейкі з зямлі,


Цяпер сумётамі накрытай,

Насустрач збаўніцы вясне

Паўстануць рунню, як з нябыту,

Буяннем зваяваўшы смерць.


Злучыўшы будучынь з учора,

Расквецяць парасткі прасцяг

І кола часу ператвораць

У знак бясконцасці быцця,


Якое праўдаю азімых

Жывым сцвярджае, што таму

Бясследна ў цемрадзі не згінуць,

Хто шчодра засяваў раллю.

Паэт, пісьменнік, кнігавыдавец, грамадскі дзяяч Міхась Башура таксама быў даўнім сябрам Сержа Мінскевіча. Міхась паведаміў, што вельмі любіў сустракацца з Сержам за кубкам кавы ці гарбаты і размаўляць на самыя розныя тэмы, прычым сустрэчы гэтыя адбываліся як у Беларусі, так і па-за яе межамі. Перыядычна яны нават ладзілі разам з Сержуком пэўныя сумесныя культуралагічныя праекты. У памяць сябра Міхась Башура прачытаў свой верш без назвы, які насамрэч мае чатыры назвы: "Снег у сне, ці сонны снег, сон у снезе, ці снежны сон". Вельмі актуальным аказаўся той верш для 8 снежня 2022 года, бо ў беларускай сталіцы ў гэты дзень панавала сапраўдная зіма з вялікай колькасцю снегу і сапраўднымі маразамі.

Снег, снег, снег,

снег -

Ляжыць навокал брудны

снег.

Снег, снег, снег...

след -

На чорным снезе белы

след.

Снег, снег, снег...

смех -

На вушы цісне злосны

смех.

Снег, снег, снег...

стогн -

Душу шматкуе сіплы

стогн.

Снег, снег, снег...

слон -

На стол падобны руды

слон.

Снег, снег, снег...

сон -

Рыпучы снег засыпаў

сон.

Напрыканцы імпрэзы выступаў паэт, мастак, бард Кірыл Бандзерс. Па ўласных словах Кірыла, ён не быў доўга знаёмы з Сержам Мінскевічам - пэўную колькасць разоў сустракаўся з ім на канцэртах ды імпрэзах літаратурнга клуба "Экватар". Але Серж пакінуў у Кірыла вельмі прыемнае ўражанне, як чалавек адукаваны, талерантны і вельмі таленавіты. У гонар Сержа Мінскевіча Кірыл Бандзерс выканаў пад гітару некалькі сваіх песень. Адна з іх - алегарычная: пра мех… Так, пра той жыццёвы мех, які кожны з нас цягне перад сабой. І толькі сам чалавек вырашае, якім ён будзе, гэты ягоны мех…

я нясу вялікі мех

стомлены яго цягаць

неяк высыпаць на снег

вузел мне не развязаць


высыпаць і пойдзе пыл

мо атросшы рукі кінуць

толькі шэрагі магіл

хто на тым шляху загінуў


пыл вятрамі разнясе

іншым запарушыць вочы

і глядзі другі нясе

днём і ноччу днём і ноччу


прапаную памаўчаць

пакуль кропка многа косак

я не проста тут тырчаў

хоць не важыць мой унёсак


я нясу вялікі мех.

Да слова сказаць, гэта вельмі добра, што ў той вечар 8 снежня гучала жывая музыка і малады хлопец спяваў пад гітару свае песні. Некалі такім маладым хлопцам з гітарай быў і сам Серж…

Канешне, у адным артыкуле падрабязна расказаць пра ўсіх выступоўцаў вечарыны памяці Сержа Мінскевіча проста немагчыма. Тут мы ўзгадалі, добра, калі чацвёртую іх частку ці, увогуле, - пятую. Калі распавядаць пра Сержаву імпрэзу падрабязна, то патрэбна мо пяць такіх артыкулаў, калі не больш. Але мы лічым сваім абавязкам хаця б назваць імёны выступоўцаў памінальнай імпрэзы, а таксама дадаць да іх імёны тых, хто мог бы яшчэ выступіць, але часу папросту не хапіла, бо тры гадзіны - гэта, як высветлілася, вельмі мала для мерапрыемства такога ўзроўню.

Дык вось, яшчэ ўспамінамі і сваімі мастацкімі творамі ў той вечар дзяліліся: паэт, пісьменнік, навуковец, журналіст Ілля Сін; пісьменнік Юрась Барысевіч; пісьменнік, навуковец Анатоль Трафімчык; літаратар Павел Касцюкевіч; паэтка, пісьменніца, перакладчыца, журналістка Марыя Мартысевіч; пісьменніца, перакладчыца Вера Жыбуль; паэт, пісьменнік Алесь Гібок-Гібкоўскі; пісьменніца, рэдактарка выдавецтва "Мастацкая літаратура" Аксана Спрынчан. З боку навукоўцаў слова мелі таксама Жана Шаладонава, Вольга Панасіна і іншыя супрацоўнікі НАН Беларусі. Выступаў музыкант Андрэй Дудко (запісваў музыку разам з Сержам Мінскевічам).

На імпрэзе прысутнічалі пісьменнікі: Таццяна Пратасевіч, Алесь Емяльянаў-Шыловіч, Глеб Ганчароў, Міхаіл Баранчык, Ксенія Ермілава, Вячаслаў Данілаў, Клаўдзія Максімава, Алесь Адамовіч і іншыя.

Вечарына прайшла літаральна на адным дыханні. І безумоўна, яна запомніцца беларускай культурнай супольнасці, як адна з самых яркіх літаратурных падзей 2022 года.

Інга Вінарская, Зміцер Захарэвіч.

"Моўная хвіліна з Таўлаем Валянцінам"

Дом Валянціна Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея праводзіць музейна-педагагічныя і інтэрактыўныя заняткі як для вучняў школ горада і раёна, так і для дашкольнікаў - дзяцей з дзіцячых садкоў.

20 снежня Дом паэта наведалі дзеці з ДУА "Яслі-сад № 9 г. Ліда". Для іх быў арганізаваны музейна-інтэрактыўны занятак "Моўная хвіліна з Таўлаем Валянцінам".

Што цікава, дзеці ведаюць, што ў гэтым доме калісьці жыў беларускі паэт Валянцін Таўлай і ведаюць хто цяпер даследуе творчасць паэта ў гэтым Доме-музеі. Над гэтым пытаннем хіба ўдала папрацавалі з дзецьмі выхавальнікі. Ім за гэта таксама шчыры дзякуй! Добрую справу яны робяць!

Цяпер дзеці будуць ведаць, што ў Лідзе Валянцін Таўлай напісаў першы верш, якому ў пачатку гэтага года адзначылі 100 год з дня яго напісання. З задавальненнем дзеці прымералі і рэканструяваную доўгую кашулю навыпуск, у якой хадзіў у лідскую школку 7-гадовы Валя Таўлай. І паспрабавалі скласці гэты першы верш "Верабейкі". Што ж, з выхавальнікамі заданне было выканана. Разам з тым дашкольнікі пазнаёміліся з тактыльнай жывапіснай карцінай мастака Васіля Зянько "Верабейкі", распрацаванай па азбуцы Брайля.

Пабывалі дзеці і ў мемарыяльным пакоі паэта, дзе даведаліся пра жыццё і творчасць Валянціна Таўлая ў горадзе Ліда. Інтэрактыўным дзеяннем тут для іх стала сабраць па камандах пазлы Дома Валянціна Таўлая і сам партрэт паэта. З гэтым заданнем яны справіліся таксама! Не прывяла да цяжкасці і забава з лесвіцай, на якой былі раскладзены 32 канверты паводле беларускага алфавіта. З вялікім задавальненнем дзеці адгадалі закладзеныя ў канвертах загадкі на тую ці іншую літару.

Па традыцыі кожны ўдзельнік атрымаў на памяць сімвалічны медаль "За ўдзел".

Алесь Хітрун.

Дыпломы НАН - лідзянам

21 снежня 2022 года ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу творчых работ, прысвечанага Году гістарычнай памяці. Аўтары лепшых работ атрымалі ўзнагароды-дыпломы і памятныя прызы. Кампетэнтнае журы падвяло вынікі Рэспубліканскага конкурсу. Пераможцамі сталі 240 работ.

У конкурсе прынялі ўдзел канкурсанты з розных рэгіёнаў Беларусі, што сведчыць аб значнай увазе да гісторыі нашай краіны. Усяго ў конкурсе прыняло ўдзел каля тысячы чалавек. Гэта - неабыякавыя і творчыя людзі, аматары і прафесіяналы, настаўнікі, школьнікі і студэнты, а таксама ўсе ахвочыя, працы якіх спрыяюць папулярызацыі гістарычных ведаў і дасягненняў сучаснага грамадства, служаць умацаванню нацыянальнага адзінства і грамадскай згоды. Удзельнікі конкурсу прадставілі ўсе рэгіёны краіны: як буйныя абласныя гарады Менск, Берасце, Гомель, Віцебск, Гародня, Магілёў, так і раённыя цэнтры, аграгарадкі, невялікія населеныя пункты. Прадставілі на конкурс свае працы і жыхары Расіі. Творчы пошук аб'яднаў людзей самага рознага ўзросту, узроўню адукацыі, жыццёвага досведу. Удзельнікі конкурсу даслалі кнігі, брашуры, відэапрэзентацыі, аўдыёзапісы песень, даследчыя праекты, вершы, мініяцюры, апавяданні, нарысы, эсэ.

Сярод пераможцаў конкурсу аказаліся і супрацоўнікі Лідскага гістарычна-мастацкага музея, а менавіта яго аб'екта "Дом Валянціна Таўлая" Анастасія Аляксандраўна Каладзяжная і Алесь Часлававіч Хітрун.

Анастасія Каладзяжная ўзнагароджана дыпломам І ступені ў намінацыі "Вялікая Айчынная вайна ў памяці маёй сям'і". Алесь Хітрун - дыпломам ІІ ступені ў намінацыі "Мова маёй зямлі (мясцовыя народныя гаворкі, геаграфічныя назвы, асабовыя імёны)". Акрамя дыпломаў намінанты атрымалі памятныя падарункі.

Наш кар.

Школа актыўнага грамадзяніна

22 снежня ў ДУА "Сярэдняя школа №13 г. Ліды" быў арганізаваны круглы стол у рамках інфармацыйна-адукацыйнага праекта "Школа актыўнага грамадзяніна" (ШАГ). Госцем сустрэчы для навучэнцаў VIII-XI класаў быў навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Алесь Хітрун. Тэма сустрэчы мела назву "Гонар за Беларусь. Захоўваем мінулае, шануем сучаснае, будуем будучыню". З цудоўнымі дакладамі выступілі навучэнцы школы. А з вуснаў Алеся Хітруна, яны даведаліся пра навукова-даследчую дзейнасць, якая праводзіцца ў музеі, пра экспазіцыйна-выставачны рух, які раскрывае шматлікія тэмы. Больш увагі было нададзена Дому Валянціна Таўлая. Вучням стала вядома і пра выдавецкую дзейнасць, якая праводзіцца ў Доме паэта, а таксама пра выхад і гісторыю іх напісання яго калегай Анастасіяй Каладзяжнай кніг "Этапы жыццёвых дарог" і "Память - главный свидетель".

Настаўнікі і вучні з ахвотай вырашылі ў бліжэйшы час наведацца ў Дом-музей і акунуцца ў атмасферу беларускасці і яе вялікасці Паэзіі.

Наш кар.

Навіны Германіі

Навагоднія традыцыі ў Германіі

Сяткаванне Новага года ў Германіі - гэта класічныя традыцыі, якія мы прывыклі бачыць у фільмах. Мясцовыя калядныя і навагоднія звычаі распаўсюдзіліся далёка за межамі краіны ва ўсёй Еўропе. Вы не будзеце расчараваны, свята тут даставіць вам феерверк найлепшых уражанняў!

Пад адкрытым небам

У навагоднюю ноч можна адправіцца на пляц Берліна. Тут збіраюцца жыхары і госці горада і святкуюць з вялікім размахам. У Берліне прыыклі сустракаць свята не ў ціхім сямейным коле, а ў шумным натоўпе, сярод сяброў і знаёмых.

Распаўсюджаная навагодняя традыцыя Германіі - масавыя народныя гулі. На пляцах выступаюць артысты і музыкі, праводзяцца лазерныя шоў, паветра разрываецца выбухамі салютаў, якія грукочуць не менш гадзіны.

Гулянне пад адкрытым небам каля Брадэнбургскіх варот збірае прыкладна мільён удзельнікаў. Немцы п'юць шампанскае і віншуюць адзін аднаго.

У сямейным коле

Тыя, хто аддае перавагу традыцыі сустракаць святы дома, таксама праводзяць час не сумна. З першым ударам гадзінніка немцы залазяць на крэслы, а калі гадзіннік адбівае апошні ўдар, "саскокваюць" у настаупіўшы год з радаснымі крыкамі і віншаваннямі.

Новы год у Германіі - не Новы год без традыцыйных нямецкіх пачастункаў. На стале абавязкова красуецца фаршыраваны гусак з яблыкамі, у якасці закускі на "ўра" ідзе нямецкая агурочная салата, падаюцца таксама ласось у цесце і запечаны карп.

А на дэсерт абавязкова паспрабуйце калядную выпечку. У Германіі прынята пячы штолен - пірог з сухафруктамі, цукатамі, арэхамі і рэзкімі запраўкамі. Проста пальчыкі абліжаш!

Паводле СМІ.

Дэпутатам Бундэстага хочуць падоўжыць тэрмін паўнамоцтваў, а выбіраць дазволіць з 16 гадоў

Старшыня Бундэстага Бербель Бас выказалася за падаўжэнне тэрміну паўнамоцтваў заканадаўчага органа з цяперашніх чатырох да пяці гадоў.

- Я цалкам магу сабе гэта ўявіць, - сказала палітык СДПГ у інтэрв'ю Deutsche Presse-Agentur. Для ўсіх зямельных парламентаў, акрамя парламента Брэмена, гэты перыяд ужо складае пяць гадоў. Адначасова яна таксама выступіла за зніжэнне ўзроставага цэнзу галасавання на федэральных выбарах. - Пяцігадовы заканадаўчы перыяд быў бы карысны для германскага парламента, - сказала Бас у інтэрв'ю агенцтву DPA.

Зніжэнне ўзросту для галасавання

У той жа час старшыня парламента выступіла за зніжэнне ўзросту галасавання на федэральных выбарах - з 18 да 16 гадоў, як ужо прынята на многіх мясцовых выбарах, а таксама плануецца на будучых еўрапейскіх выбарах.

Абсалютна "незразумелы" той факт, што ў Бундэстазе па-ранейшаму дзейнічае 18-гадовы ўзрост для галасавання, сказала Бас.

- Асабіста я за тое, каб на федэральным узроўні ўвесці ўзроставы цэнз 16 гадоў.

У такім разе павялічваецца шанец і верагоднасць таго, што тыя, каму было дазволена галасаваць у больш раннім узросце - у школьныя гады - і пазней будуць акуратна прыходзіць на выбарчыя ўчасткі, адзначыла Бас.

Старшыня Бундэстага крытыкуе

Бербель Бас крытыкуе той факт, што ў апошні час даволі шмат законапраектаў былі паспешна праведзены праз парламент.

- Многія паскораныя працэдуры не ідуць на карысць ні парламенту, ні яго чальцам, - рэзюмавала старшыня Бундэстага.

Дэпутатам, па яе меркаванні, неабходна досыць часу, каб азнаёміцца з праблемамі, разгледзець іх і вывучыць альтэрнатыўныя варыянты, узважыць усё за і супраць.

- У той жа час грамадзяне павінны быць у курсе дэбатаў і разбірацца ў сутнасці прапаноў. У адваротным выпадку ўзнікае адчуванне адарванасці.

Нядаўна апазіцыя выступіла з рэзкай крытыкай таго, што парой канчатковы варыянт складаных законапраектаў становіцца даступны чальцам парламента ўсяго толькі за некалькі гадзін да галасавання.

Доля жанчын - 50%, плюс электроннае галасаванне

Бас лічыць цяперашнюю долю жанчын у Бундэстазе - а гэта 34,9%, нездавальняльнай.

- З майго пункта гледжання, гэтага зусім недастаткова. Мне б хацелася парытэтнасці ў парламенце - гэта значыць 50 на 50, - сказала палітык СДПГ. Па яе словах, занізкая доля жанчын збольшага тлумачыцца тым, як вылучаюцца кандыдаты, - але таксама не варта скідаць з рахункаў, як мы ставімся да тэмы палітыкі і сям'і, - працягнула Бас. - Гэта звязана з многімі фактарамі, якія не дазваляюць жанчынам аддаваць прыярытэт палітыцы.

Бас пацвердзіла, што, калі ў найблізкай будучыні Бундэстаг правядзе рэформу выбарчага заканадаўства, ёй хацелася б бачыць адначасова і канстытуцыйную працэдуру для павелічэння долі жанчын.

У рамках мадэрнізацыі парламенцкай працы Бас кажа пра неабходнасць увядзення электронных сродкаў галасавання для чальцоў парламента. У наш час вывучаюцца тэхнічныя патрабаванні і ўдакладняюцца юрыдычныя пытанні па правілах працэдуры.

FOTO: PEXELS.COM / @ MARVIN-MACHLER

З 2023 года забароняць энергазахавальныя лямпачкі - але чаму?

З 2021 года лямпы і іншыя крыніцы святла ў Германіі падпарадкоўваюцца больш строгім нормам. Прычына гэтага - новая забарона ЕС на энергазахавальныя лямпы, якая заклікана абараніць спажыўцоў ад некаторых небяспечных рэчываў. З 25 лютага 2023 года новы рэгламент закране многія люмінесцэнтныя лямпы.

Забарона на энергазахавальныя лямпы: што трэба ведаць

Прававая аснова для забароны першапачаткова з'явілася ў 2019 годзе ў выглядзе новай Пастановы пра экадызайн (ЕС) 2019/2020, якая прадугледжвае больш строгія мінімальныя значэнні энергаэфектыўнасці. Калі лямпы не адпавядаюць гэтым паказчыкам, яны будуць выняты са звароту без лішніх слоў - хоць і паэтапна.

Паступова забарона на энергазахавальныя лямпы пачнецца з круглых (Т5) і кампактных люмінесцэнтных лямпаў. З 25 жніўня 2023 года чарга дойдзе да лінейных люмінесцэнтных лямпаў па стандартах Т5 і Т8. Толькі напачатку верасня будуць забаронены таксама высакавольтныя і нізкавольтныя галагенавыя лямпы.

Святлодыёдныя свяцільніки больш бяспечныя

Для спажыўцоў на першым этапе нічога не змяняецца. Таму не абавязкова адразу замяняць усе лямпы ў вашай хаце на святлодыёдныя. Аднак гэта можа аказацца карысным. Апроч свайго экалагічнага балансу, гэтыя лямпы спажываюць велізарную колькасць электраэнергіі. Матэрыялы, з якіх выраблены шматлікія трубкі, таксама выклікаюць сумневы. Іх не толькі цяжка перапрацоўваць, але і некаторыя з іх надзвычай таксічныя.

Апошняе патрабаванне ЕС: папераджальныя этыкеткі павінны інфармаваць спажыўцоў пра "ўтрыманне ртуці ў мг, акругленым да першага дзесятковага знака".

FOTO: PIXABAY.COM / @TOM

100 гадоў з дня нараджэння Алены Васілевіч

Алена Васілевіч (22 снежня 1922, засценак Даманшчына, цяпер вёска Ліпнікі, Слуцкі раён, Менская вобласць - 8 жніўня 2021, Менск) - беларуская пісьменніца. Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1978).

Нарадзілася ў сям'і ляснога аб'ездчыка. Засталася без бацькоў на восьмым годзе жыцця. Выхоўвалася ў сваякоў. Скончыла літаратурны факультэт Рагачоўскага настаўніцкага інстытута ў 1941 годзе. У час Вялікай Айчыннай вайны працавала бібліятэкаркай у шпіталі, пісаркай шыхтовай часцкі, начальніцай бібліятэкі. У 1946 г. скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працавала літкансультанткай у Курскім абласным выдавецтве (1946-1950). З 1950 г. - загадчыца аддзела культуры часопіса "Работніца і сялянка", а ў 1972-1980 гг. - загадчыца рэдакцыі літаратуры для юнацтва выдавецтва "Мастацкая літаратура", у 1981-1983 гг. - загадчыца рэдакцыі літаратуры для юнацтва выдавецтва "Юнацтва".

Пражыла 98 гадоў.

Першы мастацкі твор (аповесць "У прасторах жыцця") надрукавала ў 1947 г. (часопіс "Беларусь").

У цэнтры ўвагі пісьменніцы жыццё і праца сучаснікаў, праблемы асабістых узаемаадносін, маралі, выхавання дзяцей. На аўтабіяграфічным матэрыяле напісана тэтралогія "Пачакай, затрымайся…", якую склалі аповесці "Расці, Ганька" (1966), "Доля знойдзе цябе" (1968), "Новы свет" (1968), "Пачакай, затрымайся…" (1970), дзе паказаны нялёгкі шлях у жыццё сялянскай дзяўчыны, духоўнае сталенне чалавека. Аўтар кніг "Люблю, хвалююся, жыву" (нататкі, эсэ, 1986), "Элегія" (апавяданні, эцюды, эсэ, 1988), многіх іншых твораў.

Вікіпедыя.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Са светлымі надзеямі і амаль казачнымі паваротамі: Манцэвіч, Пухлоў, Хальпукоў

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-51)

За гады звычайнай перапіскі мы атрымалі калядныя і навагоднія паштоўкі, у т. л. з музыкай, ад многіх з Амерыкі - і сярод іх самая, бадай, казачная і памятная - ад маладога апача, супрацоўніка рэдакцыі газеты "Форт-Апачы скаўт", цёзкі па прозвішчы англійскага лорд-пратэктара і правадыра індэпендэнтаў - ад Альберта Кромвеля.

Хрысціянства прыйшло да апачаў складана, "крывавым шляхам", але сучасныя апачы, хаця некаторыя з іх і не самыя законапаслухмяныя грамадзяне - пра што сведчыць і выпадак згаданага Альбертам у лісце Сайнана, здольныя цаніць прыгожыя і карысныя для стану душы еўрапейскія традыцыі. Паралель - пра цярпімасць паганцаў у адносінах да хрысціянства - гл. у "Бюлетэні ІС БІТ" (28.12.1992, № 52) (арт. БСІ "Пухлоў Дзмітрый (4)").

МАНЦЭВІЧ Яўгенія - даўншыфтара Дзмітрыя Пухлова з яго персідскім дываном можна параўнаць з беларускімі "табурэтачнікамі", якія за адзін раз аб'ехалі "13 краін Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі" - "395 дзён, 25 тысяч кіламетраў". З абавязковых аксесуараў - толькі пашпарт і зэдлік. Аднаго з іх - Верасня, музыканта і менеджара, - нават так і называюць: даўншыфтар (з'яўляецца заснавальнікам адпаведнага інтэрнэт-праекта - downshifter.by).

Збліжае іх і тое ўражанне, якое яны вынесці з ведання Беларусі людзьмі, якіх сустрэлі за акіянам: Беларусь знаходзіцца паміж Расіяй і Польшчай - і гэта недзе на Месяцы або іншай, яшчэ больш аддаленай планеце: "Шмат каму даводзілася доўга тлумачыць, што такое Беларусь. Некаторыя думалі, што Беларусь знаходзіцца ў Афрыцы. Але балівійскія школьнікі нават сваю краіну на мапе свету часам не маглі паказаць", - кажа Жэня.

Ж.: "Амаль нідзе, асабліва ў цэнтральнай Амерыцы, дзе жывуць індзейцы, не ведаюць што такое Беларусь. І нават калі тлумачылі, то яны не ўяўлялі - дзе гэта Еўропа, дзе гэта паміж Польшчай і Расіяй… Беларусь для іх - гэта штосьці ўвогуле з іншай планеты. Але мы тлумачылі не толькі, дзе яна знаходзіцца, але і расказвалі пра нашу мову, пра палітычную сітуацыю, пра клімат ды іншае. Для іх гэта ўсё было вельмі цікава".

У апавяданні пра "самыя вялікія ўражанні", якія засталіся ад падарожжа, і тое, што "застанецца ў памяці на ўсё жыццё", неаднаразова згадваюцца індзейцы: "Падчас падарожжа хлопцы і дзяўчаты спявалі беларускія народныя песні, распавядалі пра Беларусь, вучылі індзейцаў беларускай мове". "За год падарожжа яны вывучылі іспанскую, сталі хроснымі бацькамі індзейскаму хлопчыку, начавалі і ў шыкоўных кватэрах, і ў смярдзючых гаражах".

Беларусы, якія занеслі зэдлік на бераг Ціхага акіяна, вярнуліся на Радзіму. У кіеўскім аэрапорце падарожнікаў сустракалі іх родныя. Жэня Манцэвіч і Верасень ужо ў Менску. Яшчэ адзін чалавек з беларускай каманды - Кірыл Краўцоў - мусіць прыляцець неўзабаве. У адсутнасць Кірыла першае пасля падарожжа інтэрв'ю далі радыёжурналістам Жэня і Верасень.

Ж.: "Паставіць табурэт на беразе акіяна - гэта больш відавочная мэта. Але галоўная мэта была абмяняцца культурамі. Мы пелі беларускія народныя песні ўсюды, дзе былі. І цяпер шмат хто там, у Амерыцы, ведае, што такое Беларусь, што такое беларускія песні, а мы таксама ведаем, што такое перуанскія нацыянальныя песні".

Ж.: "Мы сталі хроснымі бацькамі аднаго хлопчыка-індзейца Хуана Карласа. Адсвяткавалі Раство разам з індзейцамі, пабывалі на традыцыйным індзейскім пахаванні, хавалі бабулю Дэльфіну, спявалі на ім песні. Мы бачылі вельмі шмат дзіўных жывёлаў, птушак, істотаў - браняносцаў, кракадзілаў, дэльфінаў, розных папугаяў, пінгвінаў, цюленяў. Бачылі матылькоў неверагоднай прыгажосці, павукоў і мурашоў неверагодных памераў. І ўсё гэта мы бачылі не ў заапарку, а ў дзікай прыродзе!"

В.: "Аднойчы мы начавалі на беразе акіяна. Гэта быў востраў Тапарыка ў Бразіліі. Там мы папрасіліся пераначаваць на ганку аднаго рэстарана… Акіян быў за метраў 100. Мы ляглі, ноччу прачынаемся - а каля галавы плёскаецца акіян. Аказваецца быў прыліў. Вельмі дзіўнае было адчуванне, калі за 10-15 сантыметраў ад галавы плёскаецца вада".

Ж.: "Мы начавалі ў цэрквах, на запраўках, у гаражах паміж матацыклаў, там дзе смярдзела бензінам, у рамонтных майстэрнях, у шыкоўных кватэрах з ложкамі і пакоямі для служанак, у гатэлях за бясплатна. Начавалі проста на вуліцы…"

Ж.: "Добрых людзей было больш, чым дрэнных. Мы асабліва ніколі не хваляваліся, калі, напрыклад, стаялі на трасе і "стопілі", то ведалі, што дзесьці павінен ехаць наш чалавек, які абавязкова спыніцца і дапаможа. Я ў гэтым падарожжы навучылася прымаць дапамогу. Калі раней магла адмовіцца ад печыва, напрыклад, нават калі хацела пагадзіцца… То цяпер, калі я хачу есці, і мне прапаноўваюць, я заўсёды кажу - так, хачу".

З прывезеных відэаматэрыялаў "табурэтачнікі" збіраліся зрабіць відэафільм.

ПУХЛОЎ Дзмітрый (4) - "Так прайшоў год"… Рабінзанаду на "сваім" востраве Дзіма спалучаў з візітамі на "вялікую зямлю", у рэзервацыю, дзе адбываліся не вельмі праўдападобныя сустрэчы з "першым намеснікам правадыра", або "замвождя": "С ним Дима раскуривал трубку мира и задушевно беседовал на политические темы". Калі верыць публікацыі, Дзіма пры гэтым закранаў і тэму Вялікай Айчыннай вайны. Таксама Дзіма расказвае, хутчэй за ўсё, небыліцы пра формы "барацьбы за незалежнасць" алганкіна Вудзі - паводле героя О. Генры, "пошта прапусціла б" гэта з-за фігуральнага характару заяў.

"Спачатку жыў пад адкрытым небам, хаваўся ад дажджу пад каноэ. Кожны дзень на лодцы да яго прыязджала пара індзейскіх сяброў і таемнымі сцежкамі вялі яго назад у рэзервацыю, у дом …першага намесніка правадыра. З ім Дзіма раскурваў люльку міру і шчыра гутарыў на палітычныя тэмы".

"- Калі я сплываў з рэзервацыі, бабуля-атаман уручыла мне сетку для лоўлі рыбы, каб я не памёр з голаду. Прычым, беламу чалавеку там забаронена лавіць рыбу - 10 тысяч штрафу… І, неяк заўважыўшы сеткі, што сохлі на сонцы, жыхары мясцовых катэджаў здалі мяне паліцыі. Канадская паліцыя на рэдкасць ветлівая і тактычная: пад'ехаўшы на бераг да майго каноэ, яны спыталі мяне, ці можна ім прыпаркавацца…"

"...І паплыў беларус далей - на другі бераг возера. Пабудаваў чум з 13 палак і персідскага дывана, які вазіў з сабой. Так прайшло лета. Увосень і зімой жыў у хаціне скаўцкага лагера, куды яго запрасіў адзін супрацоўнік; частаваў кіраўніцтва грыбамі, якія самі канадцы не збіраюць - асцерагаюцца атруціцца".

"Мясцовы партызан, алганкін Вудзі […] падарыў Дзіму сабаку - лайку па мянушцы Німуш, што з індзейскага так і перакладаецца - "сабака". З дапамогай пнеўматычнага пісталета Дзіма здабываў для яе вавёрак. Затое баброў, якіх у канадскіх вадаёмах водзіцца мноства, Німуш лавіў сам, прытрымліваючыся промыслу індзейцаў. Тыя палююць на баброў, у асноўным, для ежы, рэдка хто для продажу.

- Шкура аднаго бабра каштуе там усяго 20-30 долараў, - заўважае Дзіма".

У час размовы яны з Аленай Барэль трохі наблізіліся да "Твін-Пікс" і "X-Files" - да паранармальных і крымінальных з'яў.

"Вядома, што на Зямлі ёсць так званыя "месцы сілы" - асаблівыя раёны з незвычайнай энергіяй, якія аказваюць уздзеянне на псіхіку чалавека. Дзіма запэўнівае, што яму давялося жыць якраз у такім месцы".

"- Па начах у хаціне лагера мяне пераследавалі кашмары. Потым я даведаўся, што лагер стаіць на старажытным месцы сходак індзейцаў, дзе шаманы праводзілі свае абрады, і на могілках сабак - у культуры алганкін іх прыносілі ў ахвяру багам. Гэта было месцам сілы. Акрамя таго, 100 гадоў таму там жыў айцец Парадыз - каталіцкі святар, які купіў у аднаго індзейца зямлю, паставіў там дубовы крыж і арганізаваў камуну з індзейскіх дзяцей-беспрытульнікаў. Ён быў адзіным, хто склаў аджыбва-канадскі слоўнік. Лёс канадскага Макаранкі быў трагічны: выхаванцы спалілі яго жыўцом у гэтым доме".

"…Па вясне Дзіма сплыў з лагера і за паўтара кіламетра ад яго, каля заліва Ка-Вам-Інашын ("Месца, дзе ёсць вецер") пабудаваў азіяцкую юрту. Па прынцыпе вігвама, толькі са сваімі нюансамі. Звязаў маленькімі вяроўкамі палкі і накрыў усё плёнкай.

Непадалёк ад яго прыстанку стаяў Чыбайджын ("Куды адыходзяць душы") - высокая гара, куды індзейцы тысячы гадоў адносілі сваіх мерцвякоў. Барабаны, званочкі, галасы, якія даляталі з вяршыні, чуў не толькі Пухлоў, але і госці, якія прыязджалі да яго".

"- Чым ты карміўся, акрамя ягад і грыбоў? На што жыў увесь гэты час? - цікаўлюся ў вандроўцы.

- Дзевяць месяцаў у рэзервацыю прыходзіла картка дапамогі, потым яна скончылася, і я застаўся без капейкі. Пасля выгнання лавіў рыбу, дапамагалі сябры - грэчку і алей прывозілі, сядзеў на крупах і травяных гарбатах. Зімой даводзілася тугавата - ад холаду ўвесь час хацелася есці, і ў 35-градусныя маразы, якія для іх зімы норма, даводзілася пастаянна падтрымліваць вогнішча ў плёначным "вігваме"".

Літ.: 9654 Hlebowicz B. Shadow catching with the Oneidas: on a photo project in a First Nation community in Canada // Tension and Recognition. Wroclaw, 2014. P. 399-417.

9197 Fron A. Budowanie mostu - projekt niedokonczony: Most nad Oceanem: fotograficzny autoportret dwoch spolecznosci w Kanadzie i Polsce // W duchu Szalonego Konia? Materialy z konferencji naukowej Polskiego Ruchu Przyjaciol Indian. Wielichowo, 2009.

2696 Симаков А. Канадские индейцы протестуют // Белорусская нива. 1994. 14 мая.

5376 Индейцы в Канаде и США: "горячие точки" на индейской земле / [пер. с англ. А. Симакова из: Flashpoints in Indian country / SURVIVAL for tribal peoples] // Amnesty International на Беларусi (Гомель). 2000. № 5. Лiп. С. 10.

11161 Indjanie [Indianie] w kanadzie [Kanadzie] // Zycie Nowogrodzkie. 1931. 17 kwiet.

ХАЛЬПУКОЎ Віталь - у 2022 г. з'явілася яго новая кніга "Індзейцы Амерыкі" ("Москва: Интернациональный Союз писателей"; фрагменты - у Google Books). Цікавасць да індзейцаў у дзяцінстве амаль універсальная, але галоўным імпульсам для аўтара было тое, што ён больш за пятнаццаць гадоў пражыў (і заставаўся) у ЗША, а таксама правёў нямала часу ў Лацінскай Амерыцы. Як і І. Ждаркін (гл. "Наша слова. pdf" № 24; несумненна, і Ігар мог бы напісаць кнігу пра індзейцаў), ён звязаны сваёй перакладчыцкай працай з Афрыкай, з Анголай. Віталь скончыў у Менску педагагічны інстытут замежных моў, а таксама аспірантуру па спецыяльнасці "Сацыяльная філасофія" пры Інстытуце філасофіі.

Што да індзейцаў на ўласныя вочы, Хальпукоў "бачыў [лицезрел] іх не раз", і ў прадмове прыводзіць адзін з прыкладаў. Яна пачынаецца наступным чынам:

""Я буду Вострым Вокам". - "А я - Хітрай Лісой". У дзяцінстве мы з хлопцамі прысвойвалі сабе імёны герояў індзейскіх фільмаў і суткамі "ваявалі" з белымі еўрапейцамі за ўласную незалежнасць, пра якую з прычыны свайго ўзросту нічога не ведалі. Таксама, будучы дзецьмі, упрыгожвалі свае галовы разнастайнымі цацкамі і закідвалі на плечы самаробныя лукі, зробленыя з галін дрэў. Затым з дзікімі крыкамі, вельмі жахлівымі, як нам здавалася, бегалі па вясковых наваколлях.

Аб фільмах пра індзейцаў паведамлялася загадзя. Гэтыя стужкі карысталіся попытам на ўсёй тэрыторыі знішчанага СССР. У нашай вёсцы на кінапрагляды ў сельскі клуб збіралася амаль уся моладзь - пачынаючы з падлеткаў і заканчваючы юнымі людзьмі, не звязанымі вузамі шлюбу. Словам, усе тыя, хто яшчэ не страціў цікавасці да незвычайнага ў цьмянай штодзённасці вясковага жыцця, не адчуваў сябе занадта старым, каб з'яўляцца ў публічных месцах уначы.

У дні паказаў індзейскіх фільмаў у наша мернае сельскае жыццё ўносілася значнае ажыўленне. Людзі стараліся справіцца з хатнімі справамі задоўга да наступлення цемры. Прадчуванне свята - першае, што адчувалі мясцовыя жыхары перад праглядам галівудскіх фільмаў аб індзейцах.

Мясцовы кінамеханік за тыдзень да пачатку сеансу развешваў афішы ў месцах збору людзей (гэта былі крамы або канторы) - на трывалай нефарбавай паперы буйнымі чорнымі літарамі выводзілі назву фільма і час яго паказу. Таксама было абавязковае дабаўленне - "індзейскі". Людзі ўрываліся ў клуб і плацілі 20 капеек, яшчэ савецкіх і тых, што мелі каштоўнасць, за задавальненне стаць сведкамі неверагодных, займальных сцэн барацьбы карэннага насельніцтва Амерыкі з еўрапейскімі захопнікамі.

Усе мы, нягледзячы на прыналежнасць да белай расы, прымалі бок каляровага насельніцтва Амерыкі і ненавідзелі бледнатварых. Здольнасць індзейцаў станавіцца нябачнымі ў зялёным гушчары захапляла, а іх байцоўскае майстэрства заварожвала нашы дзіцячыя душы.

Пасля прагляду індзейскіх фільмаў мы доўга абмяркоўвалі ўбачанае, успаміналі сюжэтную лінію, разбіралі яе ў драбнюткіх дэталях і верылі, што індзейцы атрымалі перамогу над белымі прышэльцамі. У той час усе адрозніваліся наіўнасцю: і дзеці, і дарослыя. Да таго ж час быў няхітрым - аднастайным, без фінансавых узлётаў і падзенняў. Мы мелі стойкую веру ў тое, што заўтра будзе лепш, чым сёння.

Зразумела, мы, дзеці з беларускай вёскі, зусім не ўяўлялі, хто такія індзейцы, дзе яны жывуць і чаму заўсёды ваююць. Ды і Амерыка, пра якую мы напэўна нешта чулі ў школе, уяўлялася нам такой невядомай.

З таго часу прайшло шмат гадоў, і зараз амерыканскі кантынент мне не менш блізкі і знаёмы, чым родная Беларусь. Аб індзейцах я ведаю даволі шмат, бачыў іх не раз. Цяпер яны выглядаюць не так, як у фільмах мінулага. Час і акалічнасці змянілі іх жыццё.

Індзейцы амаль не ўспамінаюць аб сваіх продках, якія ваявалі з пасяленцамі, што прыбылі з Еўропы. Масіўная сцяна эпох аддзяляе цяперашніх прадстаўнікоў дадзенай нацыянальнасці ад сваіх папярэднікаў. Сучасныя індзейцы, як і іншыя жыхары дзвюх Амерык, Паўночнай і Паўднёвай, маюць мала агульнага з культурай і ладам жыцця ранейшых карэнных народаў гэтых зямель. Яны, як і астатнія грамадзяне дзяржаў амерыканскага кантынента, жывуць якраз па-еўрапейску, прыўносячы ў сваё жыццё ўсе даброты развітой цывілізацыі.

Пра індзейцаў у ЗША ўспамінаюць рэдка. За шмат гадоў жыцця тут прыгадваю толькі адзін выпадак - тады ў актавай зале школы выступаў прадстаўнік гэтых народаў. Ён быў апрануты ў касцюм, знаёмы мне па індзейскіх фільмах, і іграў на розных інструментах, якія нагадвалі флейту, да таго ж біў у барабаны. Мусіць, гэта было адно са звычайных школьных мерапрыемстваў, падчас якіх дзецям прадстаўляюць культуру карэнных народаў ЗША".

Хто першым з беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі напісаў кнігу, цалкам прысвечаную індзейцам? Калі не лічыць І. Дамейкі і "Араўканіі і яе жыхароў" (1860), гэта можа быць Феафіл Феафілавіч Пуцыковіч (1846, маёнтак Міромін Слонімскага павета, цяпер вёска Івацэвіцкага раёна -1899) - аўтар велізарнай колькасці кніжак для народнага чытання, у т.л. "з народазнаўства" (г.зн. па этнаграфіі). Мог бы напісаць і шмат яшчэ!

Літ.: 12340 Хальпуков В. Уехать в Америку, или Между вымыслом и ложью. М., 2000, 2016. (Так у электронным каталозе НББ - два гады выдання для адной кнігі?; але індзейцы ў кнізе згадваюцца ці не адзін толькі раз.)

12341 Хальпуков В. Индейцы Америки. М., 2022.

8707 Пуцыкович Ф. Ф. Индейцы. СПб., 1898.

8708 Пуцыкович Ф. Ф. Индейцы. СПб., 1899.

8709 Пуцыкович Ф. Ф. Индейцы. СПб., 1905.

8710 Пуцыкович Ф. Ф. Индейцы. СПб., 1912.

8715 Пуцыкович Ф. Ф. Расы: негры, малайцы, египтяне, абиссинцы, индейцы, северо-американцы, южно-американцы. СПб., 1898.

8714 Пуцыкович Ф. Ф. Северо-американцы. СПб., 1897.

8716 Пуцыкович Ф. Ф. Южно-американцы. СПб., 1898.

8713 Пуцыкович Ф. Ф. Негры. СПб., 1897.

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Дажынкі на Літве 1

У другой палове жніўня 1887 г., дзень заканчэння жніва быў адзначаны вясковым святам у Шаўрах 2, у сына знанага гісторыка Літвы, п. Баляслава Нарбута 3. Але і ў шматлікіх іншых маёнтках гэтай правінцыі, гэткія ж святы маюць такі самы характар, і таму дарэчы будзе пазнаёміць з ім больш шырокае кола грамадскасці, тым болей, што тыя хто бачыў гэтае свята сваімі вачыма, можа пацвердзіць праўдзівасць майго апісання.

У ахвоту ішло жніво ў чаканні абяцаных дажынак, і калі надышоў чаканы дзень, перад дваром 4 былі выстаўлены сталы з рознымі прысмакамі, такімі як: булкі, хлеб, сыр, агуркі, халоднае мяса - тут гасцінна чакалі жняярак і касцоў якія ішлі на свята з урачыстымі спевамі 5. Гукі песні, якую разам з запявалай паўтараюць дзясяткі галасоў, дзякуючы сваім нязмушаным і натуральным словам, узрушалі сэрца:

Дажалі жыта да аблогу

І падзякавалі Пану Богу.

Плён жыта, плён

Ды з усіх старон.


Адмыкай пане шырай вароты,

Нясём пану палёў пазалоту.

Плён жыта і г.д.


Засцілай пане сталы і лавы,

Ідзе да пана госць небывалы.

Плён жыта і г.д.


Дажалі жыта аж да граніцы,

Не шкадуй, пане, мёду шкляніцы.

Плён жыта і г.д.


Там, дзе авечкі блеюць заўзята,

Дажалі жыта нашы дзяўчаты.

Плён жыта і г.д.


Па полі скачуць рабыя жабы,

Дажалі жыта старыя бабы.

Плён жыта і г.д.


Каб мы здаровы плён плянавалі,

Другога году так дачакалі.

Плён жыта і г.д.


У панскім садочку цвёрдыя слівы,

Нашы паночкі да жнеяк зычлівы.

Плён жыта і г.д.


А як на неба ўсплылі аблокі,

Нашы панове ўзяліся ў бокі.

Плён жыта і г.д.


Як па дзяцінцы качачкі ходзяць

Нашы панове ў золаце ходзяць.

Плён жыта і г.д.


Панскі садок у цянёчак кліча,

Нашы панове тысячы лічаць.

Плён жыта і г.д.


Там на аблоках сінія пасы,

Нашы панове носяць атласы.

Плён жыта і г.д.


У садзе растуць розныя кветкі,

У нашых паноў прыгожыя дзеткі.

Плён жыта і г.д.


Не шкадуй, пане, белага сыра,

Дасць Пан Бог табе слаўнага сына.

Плён жыта і г.д.


Не шкадуй, пане, коней-дрыкгантаў,

А пасылай нам ужо музыкантаў.

Плён жыта і г.д.


Не шкадуй, пане, коней-агераў,

Пашлі нам пасла па кавалераў.

Плён жыта і г.д.


Дажалі жыта да каласочка,

Пазнай нас, пане, па галасочку.

Плён жыта і г.д.


Што там, што там за стук чуваць?

Ідзе пан для жнеяк гарэлкі шукаць.

Плён жыта і г.д.


Пан шукае, пані не чуе

І сваіх жнеечак мёдам частуе.

Плён жыта і г.д.


Просім паноў стаць на ганочак

І прыняць ад нас жыта вяночак,

Плён жыта і г.д.


Каб мы здаровы плён плянавалі,

Другога году так дачакалі.

Плён жыта, плён

Ды з усіх старон.

Гэты пранізлівы і прыгожы спеў, пачаты яшчэ ў полі, пры павольнай хадзе з сярпамі на плячах, заканчваецца пасля заходу сонца перад дваром. Тады запявала выходзіць наперад і зняўшы з галавы залацісты вянок са збожжа, нясмела, з відочным узрушэннем выказвае сваё зычэнне такімі словамі:

Віншую пана тым вянком, боскім дарам,

Вянок гэты па полі сабраны,

З каласоў складаны,

Маці Божай прысвячаны.

Хай Маці Божая дабраславіць

Пана нашага гэтым вянком:

Каб да гумна копамі,

Да спіжарні бочкамі,

Да шкатулкі тысячамі

Прыносіў.


Потым пявуння здымае з сябе вянок і кладзе яго перад сабой, а наўзамен прымае ад гаспадароў хлеб, соль і грошы. Пацалаваўшы рукі панам, весела вяртаецца да сваіх сябровак. Музыкант на скрыпцы зайграў польку, і пасля гарэлкі з закускай, усе ахвотна танчаць.

Праз некалькі гадзін запанавала цемра, і пачаў капаць дождж. Добрыя гаспадары насцеж адчыняюць дзверы свайго дома і ахвяруюць перадпакой і ядальню для забавы, да якой самі заахвочваюць сялян, маючы для кожнага ласкавае слова і кілішак. Для нашага селяніна алкаголь ёсць нектарам, які ўзнімае настрой і здымае жыццёвы смутак, без яго падняць селяніна вельмі цяжка. Ад гарэлкі адмаўляюцца толькі тыя, хто ад яе зарокся.

Усе бавяцца з вялікай бадзёрасцю. Ніхто з гаспадароў дома, нават ад п'яных сялян, не адчувае нават самай малой нягжэчнасці. Яна засцярагаюць самі сябе: "Адсунься, браце, бачыш, тут пані стаіць", - "Асцярожна, Марысю, глядзі, каб танцуючы, не ўразіла паненкі", - "Паненачка, прашу сесці на гэтае крэсла, бо вядома, што п'яны селянін можа часам і наступіць …". Гэтыя і падобныя словы чутны ад сялян, якія адпачываюць.

Бірута.

Пераклад і каментары Леаніда Лаўрэша.

1 Biruta (Amelia Derewińska). Dożynki na Litwie, Szawry, pow. Lidzki // Wisła. 1889. T. III. z. 1. S. 92-94.

2 Віленская губерня, Лідскі павет.

3Баляслаў Нарбут (1843 г.н.), паўстанец 1863 г., ад'ютант кіраўніка паўстання на Лідчыне - свайго брата Людвіка. Пасля паўстання быў прыгавораны да смяротнага пакаранне, якое было заменена на 15-ці гадовую ссылку ў Сібір. Пасля вяртання ў Шаўры, заняўся гаспадаркай. Тут ажаніўся са сваёй кузінай Габрыэляй Нарбут, дачкой Валерыя Нарбута, уладальніка Капыля. Памёр ад набытых у Сібіры сухотаў у 1889 г., пакінуўшы двух сыноў: Зыгмунта ды Тадэвуша і адну дачку. У 1871 г. у Шаўры вярнулася жонка Тэадора і маці Баляслава, Крысціна Нарбут (1813-1899), якую пасля паўстання, за "няправільнае выхаванне дзяцей" выслалі ў глыб Расіі. На момант напісання гэтага артыкула яна жыла з сынам ў Шаўрах. - Л. Л.

4 Маецца на ўвазе, перад маёнткавым домам Нарбутаў. - Л. Л.

5 Мужчыны толькі косяць сена, кабеты сярпамі жнуць збожжа. Спяваюць толькі кабеты.

Беларускія дызайнеры перадалі Лідскаму замку аўтарскую калекцыю навагодніх цацак

Беларускія дызайнеры перадалі Лідскаму замку аўтарскую калекцыю навагодніх цацак. Падарункі прывезлі і ўручылі асабіста.

Цацкі для ёлкі Лідскага замка рабілі Наталля Корж, Таццяна Раманоўская, Марына Давыдава, Тамара Гарыдавец, Таня Аржанава, Вольга Люціч, брэнд Uno mas uno, Ірына Юрчанка, Наталля Балашэўская, атэлье "Мадыста". Усяго дызайнеры стварылі каля двух дзясяткаў цацак. Упрыгожванні на лапках навагодняга дрэўца развесілі самі. Ад фотасесіі па гэтай нагодзе без перабольшання захоплівала дух. Ёлку прыбіралі ў вячэрніх сукенках (партнёрам дрэс-коду выступіла міжнародная фармацэўтычная кампанія Servier) на сяміградусным марозе. Рэдкая падзея для суровага замка, у сценах якога больш звыклыя рыцарскія турніры.

Зрэшты, як распавялі пазней на экскурсіі, Лідскі замак першапачаткова не быў распешчаны візітамі вытанчаных дам. Ён быў пабудаваны па рашэнні вялікага князя літоўскага Гедыміна ў XIV стагоддзі для абароны ад крыжакоў. І ў адрозненне ад, напрыклад Мірскага ці Нясвіжскага замкаў, ніколі не быў рэзідэнцыяй, а значыць, і сталым месцам для баляў.

Па словах намесніка старшыні Беларускай палаты моды, дызайнера брэнду Fashion Dolls Наталлі Балашэўскай, традыцыі ўручэння ўнікальных навагодніх цацак ужо два гады. Раней падобны падарунак атрымаў палацавы комплекс у Міры. Такім чынам дызайнеры як прадстаўнікі прыватнага бізнэсу развіваюць у краіне сацыяльнае партнёрства. Чаму для дабрачыннай акцыі выбіраюць менавіта замкі, а не дзіцячыя сады ці школы?

- Дызайнерскія рэчы - гэта эксклюзіў, і беларускія замкі - таксама, - праводзіць паралелі суразмоўніца.

- Стварэнне адзежы - гэта не толькі бізнэс-працэс, але, у першую чаргу, творчасць. І дадзены праект накіраваны на дэманстрацыю сумеснай дзейнасці дызайнераў у мэтах папулярызацыі гістарычных аб'ектаў Беларусі, - адзначыла ў сваю чаргу старшыня Палаты моды Яніна Ганчарова.

У дзень свайго прыезду ў Лідскі замак дызайнеры таксама адкрылі ў яго сценах выставу брэндавых сцэнічных гарнітураў. Яна застанецца ў замку на час навагодніх вакацый. Палюбавацца на гарнітуры, многія з якіх упрыгожаны ручным гафтам, размалёўкай, лідзяне і госці горада змогуць да 20 студзеня.

Наш кар.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX