Папярэдняя старонка: 2023

Наша слова.pdf № 02 (54) 


Дадана: 11-01-2023,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 2 (54), 11 студзеня 2023 г.

Калядныя святы працягваюцца

Эдуард Акулін

Калядны цуд

І валоў паслухмяны статак,

і заспаныя пастушкі,

і сняжынкавы рой аплатак,

і анёльскія кажушкі,

і святло Віфліемскай зоркі,

і святыя дары Валхвоў,

і Галгофы пусты пагорак,

і бязгрэшнай Марыі кроў,

і прысутная сутнасць Шчасця,

і адсутны субстат пакут, -

а ўсё разам - душы Прычасце,

а ўсё разам - Калядны цуд!

9 студзеня 2023 г. 15:15.

500 гадоў таму назад першы раз апублікавана "Песня пра зубра..."

"Песня пра зубра" - "Carmen de statura feritate ac venatione bisontis" ("Песня пра выгляд, лютасць зубра і паляванне на яго") - паэма беларускага паэта-лацініста эпохі Адраджэння Міколы Гусоўскага. Першы вялікі вершаваны твор, напісаны на лацінскай мове для заходнеславянскага чытача.

Мікола Гусоўскі напісаў гэтую паэму ў 1522 годзе, калі знаходзіўся ў Рыме ў складзе дыпламатычнай місіі Вялікага княства Літоўскага. Твор быў напісаны на лацінскай мове па замове папы Льва X Медычы, які захацеў больш даведацца пра ВКЛ і незвычайнага звера - зубра, які вадзіўся там у лясах. Паэма стала песняй аб нашым краі і народзе, роздумам пра лёс Радзімы, аб яе месцы на шляхах гісторыі.

Паэма лічыцца непераўзыйдзенай у эпічным паказе Беларусі і беларускага народа да з'яўлення паэмы "Пан Тадэвуш" Адама Міцкевіча.

Упершыню паэма была выдадзена ў Кракаве ў 1523 г. у зборніку, які складаўся з аднайменнай паэмы, 11 вершаў і празаічнага прысвячэння каралеве Боне Сфорца.

Паводле Вікіпедыі.

Беларускі народны каляндар на 2023 год

Народны каляндар - гэта сістэма сталых ці рухомых свят, прысвяткаў, абрадаў, гульняў, звычаяў, што замацаваны ў быце і фальклоры. Уяўляе пераважна спалучэнне язычніцкай і хрысціянскай культуры. Гэта - фальклорны каляндар: ён складзены на аснове хранонімаў, якія зафіксаваны ў вуснай народнай творчасці беларусаў і ўключае традыцыйныя арыенціры на сельскагаспадарчыя работы і адпачынкі ў гадавым, сезонным, месячным і іншых цыклах-рытмах.

Сістэматызаваны беларускі народны каляндар у складзе з велікодна-валачобнымі песнямі, якія ў строгай храналагічнай паслядоўнасці апісваюць традыцыйныя прысвяткі і святы ў тым ліку тыя, што закансерваваліся ў непараўнальных паэтычных узорах як Навагоддзі/Навалецці, з'яўляецца нашым шэдэўрам і фенаменальнай з'явай сусветнай нематэрыяльнай культуры.

У народным календары на 2023 год прадстаўлены асноўныя святы і прысвяткі з кароткімі тлумачэннямі, прыкметамі, урыўкамі з валачобных песень і г. д. Дні (хранонімы), якія адзначаюць беларусы-католікі, выдзелены курсівам. У праваслаўных яны замацаваны за старым, юліянскім, календаром, што мае 13 лішніх дзён. Зорачкай /*/ пазначаны святы "рухомай" царкоўнай пасхаліі.

Умоўныя абазначэнні: п - панядзелак, а - аўторак, с - серада, ч - чацвер, пт - пятніца, сб - субота, н - нядзеля. Даўжыня дня і моманты ўсходу і захаду ў дні сонцастаянняў і раўнадзенстваў падаюцца для Менска. Больш падрабязна пра значэнне хранонімаў календара можна прачытаць у нашых кнігах "Беларускі народны каляндар" (Мінск, 1993, 2002).

Студзень

1. н. Новы год. ВКЛ перайшло на студзеньскі стыль у 1550 г., Расія - з 1700 г. "А хто ўпярод? Новы ж год" . Святой Багародзіцы Марыі.

6. пт. Першая, Посная куцця. Перадкалядная вячэра. Які дзень, такі і год . Тры Каралі. Католікі праводзілі маскаваны абрад "Тры каралі", або "Гэроды".

7. сб. Раство Хрыстова. Пачатак Каляд. "Ой, Калядачкі, бліны-ладачкі…" . Калядавалі. Насілі "звязду". Паказвалі батлейку. На Каляды праводзілі ігрышчы ("вадзілі казу", "жанілі Цярэшку", "пяклі ката", гулялі ў "Яшчура" і інш.).

8. н. Хрост Пана.

9. п. Сцяпан. "На святога Сцяпана вышэй слуга за пана" .

13. пт. Шчодрая куцця. Пачатак Шчодрага тыдня. "Мароз, хадзі куццю есці ".

14. сб. Васілле. Новы год па правасл. календары. "Сею, сею пасяваю, з Новым годам вас вітаю".

18. с. Трэцяя, Галодная, Вадапосная куцця. Апошнія дні Каляд. "Каляда ад'язджае" .

19. ч. Вадохрышча (Кшчэнне). "Святое Кшчэнне ваду ксціла…, свет ачысціла і ваду наверх пусціла", "На Вадохрышча завіруха - на Вялікдзень таксама" .

20. пт. Прывадохрышча - заканчэнне Каляд. Пачатак Малой вясельніцы (да посту).

24. а. Аксіння. "Аксіння дарогу перамяце, а корм падмяце" . Фядос. "На Фядоса цёпла" .

25. с. Таццяна. Свята студэнтаў. Павел. "Вее вецер - будзе вайна".

31. а. Апанас, Гусінае свята. Свята свойскай жывёлы. "Хавай нос у апанасаўскі мароз" .

Люты

1. с. Ігнат. "На святога Ігната зіма багата".

2. ч. Грамніцы, Стрэчанне. "Калі на Грамніцы нап'ецца певень вадзіцы, то на Юр'я наесца вол травіцы", "Грамніца - хлебу палавіца...". Ахвяраванне Пана.

5. н. Агата. Каровіна свята. "Хлеб і соль святой Агаты не пусціць бяды да хаты" .

6. п. Паўзіміца Аксіння. "На Аксіні мяце". Дарота. "Па Дароце высахнуць хусты на плоце".

11. сб. Ігнат. "Ігнат Грамніцам рад".

12. н. *Памінальніца. Памінальны тыдзень. Калі "вея" ў нядзелю, то авёс трэба сеяць на 9-м тыдні, калі ў панядзелак - то на 8-м, калі ў сераду ці чацвер - то пакідалі "дзесяцінкі дзве".

14. а. Трыфан. "На Трыфана зорна - вясна позняя". Валянцін. Свята закаханых.

15. с. Грамніцы, Стрэчанне. "Зіма з летам сустракалася...", "На Грамніцы палавіна зіміцы".

18. сб. Агата. Каровіна свята.

19. н. *Рабы тыдзень, Малая вясельніца, Развітальны, Сырапусны тыдзень. Тыдзень перад Масленіцай. Які добры дзень на Масленным тыдні, у той дзень ад Іллі сеялі лён. Дзяўчаты вешалі "калодкі" не жанатым хлопцам.

22. с. *Серада Папяльцовая (пач. Вялікага посту ў католікаў). *Лысая серада. Праталіны-залысіны.

23. ч. *Блакітны чацвер. Тумановы дзень. *Крывы, Тлусты чацвер, Валосы, Валосся. Свята жывёлы. "На Валосага бліны пяклі ці аладкі, каб былі валы гладкі".

24. пт. *Дзедава пятніца. Улассе. Свята жывёлы. "Аўлас на сыры лас". Мацей. "На Мацея дарога пацее", "На Мацея адліга - будзе мароз" .

25. сб. *Масленыя Дзяды (Бабы). "Дзяды не зналі бяды, а нашы ўнукі зазналі мукі".

26. н. *Масленіца. "Масленіца ў "вятху" (пасля поўні) - дзяржы пшаніцу ў мяху, сей пшаніцу на ўсю руку". *Гуканне вясны. "Блаславі, божа, зіму замыкаці, вясну загукаці" . На Палессі вадзілі карагоды, " спявалі чырачку" , насілі ёлку з вянком. Фаціння. Заступніца ад хвароб.

27. п. *Паласказуб. Першы дзень Вялікага посту. Паласкалі зубы гарэлкаю.

Сакавік

1. с. *Уступная серада. Каб урадзіў лён, мылі верацёны ці калаўроты, хадзілі ў карчму і пераскоквалі цераз пень.

4. сб. *Зборава субота. Абрад "споведзі дзежкі". Казімір. "Святы Казімір дровы сякець".

5. н. *Зборніца, Ізбор. Адзін з варыянтаў Новага года/лета ў час прыняцця Юліянскага летазлічэння. "Святы Ізбор упярод ступіць" . Пачатак збору ў поле.

9. ч. Янка, Паўраценне. Мядзведзь паварочваецца ў бярлозе на другі бок.

12. н. Рыгор. "На святога Рыгора ідуць рэкі ў мора".

13. п. Васіль Капальнік. Са стрэх капае.

14. а. Аўдоцця Вясноўка. Гуканне вясны. "На Аўдокі голы бокі" . (1.03 - Новы год у мінулым, сакавіцкі каляндарны стыль). "Святы Еўдакей … пераступ года" .

15. с. Хвядот. "На Хвядота занос - усё сена знясе" .

17. пт. Герасім Гракоўнік. "Герасім гракоў прыгнаў" .

19. н. Язэп. "Святы Язэп сярод посту шлюб дае прахвосту". "На Язэпа пагода - год ураджайны".

20. п. *Пачатак Храстовага тыдня. Пяклі "храсты". Засеўкі. Абрад "жаніцьбы коміна". Вясновае раўнадзенства. Усход 7.17, захад 19.17. Святога Юзафа.

22. с. *Серадапосце. Выпякалі "храстцы". Саракі. Было Новым годам/летам. "Святыя Саракі наперад пайшлі" . Свята птушак. Прылятае 40 выраяў. "Святыя Саракі ў поле саху валаклі" . Прыска. "На святога Прыску праб'е лёд і пліска" .

25. сб. Рыгор. "На Рыгора зіма ідзе ў мора" . Дабравешчанне, Звеставанне. "І птушка гнязда не кладзе" . Прылёт бусла. Гуканне вясны. Было Новым годам. "Перша свята - нова летца, Дабравешчанне зямлю сушыць" .

26. н. Міждабравешчыны (да 7 красавіка). Забарона на "запасванне" кароў.

27. п. Пачатак *Пахвальнага тыдня. "Дзікая качка яйцом пахваліцца" . Арына. "На Арыну сей капусту ў расадніках".

30. ч. Аляксей Цёплы. Дзень рыбалова. "На Цёплага Аляксея рыба ідзе на нераст, карова на верас, а бортнік на хвою".

31. пт. *Пахвальная пятніца. Мыццё дзежак. Палікарп. Пачатак бясхлебіцы.

Красавік

1. сб. *Пахвальная (Мезіна) субота. Не грымелі кроснамі, каб гром не грымеў. Дар'я Вясенняя. Адбельвалі палотны.

2. н. *Вербніца, Пальмовая нядзеля. "Вярба б'е, не я б'ю".

3. п. Пачатак *Вербнага тыдня.

6. ч. Камаедзіца. Свята мядзведзя. Дабравеснік. Пяклі пірагі "буславы лапы". * Чысты чацвер.

7. пт. Дабравешчанне. "Дабравешчанне без ластавак - халоднае лета" . Абрад "Страла".

8. сб. Благуста. "На Благусту сей капусту".

9. н. * ВЯЛІКДЗЕНЬ (у католікаў ) . "Хрыстос з мёртвых паўстаў! - Сапраўды паўстаў!" *Вербніца. Матрона. "На Матрону шчупак хвастом лёд разбівае".

10. п. Пачатак *Белага, Вялікага, тыдня. *Чысты панядзелак. Бялілі і мылі ў хаце.

11. а. *Чысты аўторак. Каб на людзей і "гаўядо" не напала "парша", трэба ўсё мыць.

12. с. *Дравяная страсць. Мыюць усё дравяное.

13. ч. *Чысты чацвер. Лазня. Абрад мыцця дзежкі.

14. пт. *Чырвоная, Велікодная, пятніца. Сеялі гарох. Прабуджэнне хатніка. У гэты дзень хлусілі, каб заблытаць хатніка. "Апрэль - нікому не вер" . Мар'я. Калі ў ясную ноч прыбывала вада, то суха будзе ў жніво на хлебнай ніве.

15. сб. *Вялікая, Чырвоная, субота. Фарбавалі яйкі. Канец Вялікага посту.

16. н. *ВЯЛІКДЗЕНЬ (у праваслаўных). "Хрыстос уваскрос! - Сапраўды ўваскрос!" . Быў Новым годам. "Першае свята - свята Вялікадня" . Мікіта. "Калі на Мікіту крыгаход, то няма ні клёву, ні лову рыбаловам". Свята Божай Міласэрнасці. Праводная нядзеля.

17. п. Працяг *Велікоднага тыдня. "Першы дзень пірагі маюць, а сярэдні пагуляюць, а паследні дзень выпраўляюць".

19. с. *Градавая серада. Праводны, Мёртвы, тыдзень. "Пайшла зіма да Кіева, а лета нам пакінула".

20. ч. *Людавы дзень. Раней у Віленскай губерні білі і качалі яйкі з лубкоў, гушкаліся на арэлях. *Вялікадне мёртвых (Наўскі Вялікдзень, Мёртвы Вялікдзень, Наўскі чацвер). Дзень памінання на могілках. Хлопцы і дзяўчаты абліваліся вадою.

21. пт. *Прашчэнне. Абліваліся вадою. Руф. Руф рушыць снягі.

23. н. *Праводная нядзеля. "Ідзі, зіма, да Кучава, як ты нам надакучыла" . Юры. (Новы год па задыяку). "Першае святца - святы Юр'я" , "Як зязюля закукуе за 12 дзён да Юр'я на "голы" лес, то не чакай ураджаю, і будзе хварэць жывёла" . Войцах. "Святы Вайцеху выпусціў жаўранка з меху".

24. пн. *Радаўнічныя Дзяды. Анціп - ахоўнік зубоў.

25. а. *Радаўніца. "На Радаўніцу да абеду пашуць, па абедзе плачуць, а к вечару скачуць" . Марк. "Дождж на Марка, дык зямля як шкварка" .

28. пт. Пуд. "Пуд снег пужне" .

29. сб. Арына. "На Арыну сей капусту".

30. н. Зосім - ахоўнік пчол. Андрыянава ноч, Андрэй. Ноч дзявочай варажбы і чараўніцтва.

Травень (Май)

1. п. Кузьма. "Май Кузьма з морквінай сустракае, а Пахом з гурком".

5. пт. Ляльнік. Свята Лялі - дачкі Лады.

6. сб. Юр'е. Свята жывёлы. "Як дождж на Юр'я - хлеб будзе і ў дурня" . Абрад "Страла".

7. н. *Міраносцы. "На Міраносця п'яныі бабы цігаюць адна адну за валосця". Алісей. "Прыйшоў Алісей - авёс пасей" . Бабскія розбрыкі. Скокі жанчын і качанне па зямлі дзеля ўрадлівасці.

8. п. Пачатак *Пераплаўнага, Чарвівага, тыдня. Не трэба садзіць, бо заядуць чэрві. Марк. "Дождж на святога Марка - дык зямля, як скварка". Станіслаў. "Сей гуркі на Станіслава - вырастуць на славу".

10. с. *Градавая, Пераплаўная, серада. Засцярогі ад граду і дажджу. Ярылавіца. Свята Ярылы.

13. сб. Якуб. "На Якуба грэе люба".

14. н. Макарэй. Абрады ля вады.

15. п. Барыс. Апякун поля і жывёлы.

18. ч. * Ушэсце. Унебаўшэсце Пана. Свята агляду жыта. Арына Расадніца. Дзень высаджвання расады ў Паазер'і.

19. пт. *Градабойцы, Ледавіты дзень (Віленская губ.).

20. сб. Антоній. "На святы Антоній сей авёс для коней, а як удасца, дык і прадасца".

21. н. Іван Веснавы. Апякун земляроба. "На Івана каласок, а на Пятра піражок".

22. п. Мікола Веснавы. Свята пастухоў. Алёна. "Сей лён на Алену, будзе кашуля па калена".

23. а. Зілот. "Сей пшаніцу на Зілота, і яна будзе як злота".

24. с. Макей. "Мокра на Макея - і лета не прасушыць". Кірыла і Мяфод. Калі дзень мокры - і лета будзе мокра.

25. ч. *Ушэсце. Абрад "Страла". Епіфан. "На Епіфана раніца ў чырвоным каптане, неба з барваю - гарачае лета".

27. сб. Сідары. "Прыйшлі Сідары - прыйшлі і сіверы".

28. н. *Сёмуха, Спасланне Святога Духа. Свята зелені. "На Духа будзе цёпла і суха" . Пахом. "Святы Пахом павее цяплом". "Сей агуркі на Пахом - будзеш насіць мяхом".

29. п. Магдалена. Зязюльку прысылае.

31. с. *Градавая серада. Шэсць дзеў. "Лён сей позні". Канапелька Матруна. "У зямлю махнула" . Фядот. "Як на дубе апушка - у Фядота поўна аўсу кадушка".

Чэрвень

2. пт. *Сёмушныя Дзяды. Тры пакутнікі. "Няма лета, але пасля іх не бывае зімы".

3. сб. *Духавая субота, Зялёная субота. Алёна, Ульяна. Дзень ільну.

4. н. * Тройца. *Сёмуха, Тройца. Культ продкаў і расліннасці. "Павядзём Куста пад гай зялёненькі...". Васіліск. "Ад Васіліска і салавей блізка".

5. п. *Русальніца, Іван ды Мар'я. Праводзіны вясны. "На Граннай нядзелі Русалкі сядзелі..." . Дзень Ефрасінні Полацкай. Хадзілі ў Полацк пакланіцца і абракацца.

6. а. *Конскі Вялікдзень. Свята коней.

7. с. *Градабой, Серада Русаль. Здабывалі з ясеня святы агонь. Ян. "Рой перад Янам - пчаляр будзе панам".

8. ч. * Цела і Крыві Хрыста, Зелянок. *Наўская Тройца, Абліваха. Памінанне.

13. а. Ерамей. Антоній. "Антоні, аддай коні".

14. с. Юстын і Харытон. "Юстын цягне ўверх каноплі, а Харытон - лён".

15. ч. *Дзявятнік. Перавод уніятаў у праваслаўе. "Дзевяць ягодзін на ветцы".

16. пт. *Дзевятуха. Дзень ад навальніцы. Лук'ян. Паўднёвы вецер на Лук'яна - на добры ўраджай яравых.

18. н. *Русальчыны розыгры. Засцерагаліся рос. *Пятроўскія запускі. Развівалі вянкі.

19. п. *Пятроўка (Петравіца) Пятроўскі пост да 11 ліп. Пятроўка-галадоўка.

21. с. Летняе сонцастаянне (з 20.06 да 22). Даўжыня дня - 16.50. Усход - 4.46, захад - 21.36 Тодар. "На Тодара раса - канапель паласа".

22. ч. *Дзясятнік. " Дзесятнік гнаі возіць" . Кірыла. Пачыналі касавіцу ў Паазер'і.

23. пт. *Дзясятка. "Косы точыць", "Жыта паспявае". Купала. У старажытн. - Новы год/лета.

24. сб. Ян Купальны. "Сонца грае".

25. н. Анапрэй. "Хто на Нупрэя пасее грэч, той будзе бліны печ".

26. п. Акуліна Грачышніца. Сеялі грэчку. Задзярыхвост.

28. с. Амос. "Прыйшоў Амос - цягне ўгору авёс".

29. ч. Ціхан. "Пеўчыя птушкі заціхаюць". Святых апосталаў Пятра і Паўла, Пятрок. "Да Пятра зязюльцы кукаваці", "Прыйшоў Пятрок - апаў лісток, прыйдзе Ілья - ападуць і два".

Ліпень

6. ч. Купалле. Свята Сонца і кахання. "Дзень адбаўленне, ночы прыбаўленне".

7. пт. Іван Купала. "Учора была Купала, а сёння Іван".

10. п. Самсон. "На Самсона дождж - сем тыдняў то ж" . Сем братоў. "Сем братоў варожаць, колькі тыдняў пагоды".

12. с. Пятро. Свята заканчэння Купалля.

13. ч. Паўпятро. Дзень талакі. Сымон і Юда. "На Сымана й Юды конь баіцца груды".

14. пт. Кузьма і Дзям'ян. Свята кавалёў. "Святы Пятро жыта спеліць, св. Кузьма сярпы робіць, а св. Дзям'ян сена грабе".

17. п. Андрэй. "Авёс у світцы, а на грэчцы і кашулі няма". "Андрэй усіх мудрэй".

18. а. Свята Месяца. "Месяц гуляе".

21. пт. Казанская. Пракоп. "Пракоп бок прыпёк" . Данат. "Святы Данат коскі вострыць".

25. а. Прокл. Засцерагаліся вялікіх рос. Якуб. "На Якуба хлеба поўна губа".

26. с. Гаўрылей. Засцеражэнне ад граду. Ганна. Снапы кладзе.

29. сб. Афінаген. Заціхаюць птушкі.

31. п. Серпавіца, Шыпілінка (пятніца перад Іллёю). Дзень "зазубрывання" сярпоў.

Жнівень

1. а. Макрыны. "Глядзі восень па Макрыні".

2. с. Ілля. Свята дажджоў і навальніц. "Ілля нарабіў гнілля", "Укінуў у ваду кусок ільду".

4. пт. Мар'я. "Магдалена - вады па калена".

6. н. * Перамянення Пана. Барыс Палікоп. "Барыс і Глеб - паспеў хлеб".

7. п. Ганны. "Святы Ганны бабкі стаўляюць".

9. с. Палікоп. Паліць копы. Панцеляймон. Сцаляў ад хвароб галавы.

11. пт. Лаўрын. "На Лаўрына спяшай да млына" .

12. сб. Сіла. Жыта сей.

14. п. Макавей, Першы Спас. Свята маку і мёду. Спасаўка. Пост да 28 жніўня.

15. а. Базыль. "Базыль авечкам воўну дае". Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі. Прачыстая, Зельная. "Прыйшла Прачыста - стала поле чыста".

16. с. Антоны Віхравеі. Рох. "Кірмаш на паненак" .

17. ч. Еўдакія. Агуркі збірае.

19. сб. Яблычны Спас. Свята садавіны.

23. с. Лаўрэн - свята млынара.

24. ч. Баўтрамей. "Св. Баўтрамей высылае буслоў па дзяцей". "Прыйшоў Баўтрамей - жыта на зіму сей".

27. н. Міхей. Выспяваюць брусніцы.

28. п. Прачыстая. Свята ўраджаю.

29. а. Трэці Спас. Свята хлеба. Ян. "Ян на лета прыйшоў, а ўжо восень знайшоў".

30. с. Міроны Ветрагоны. "Пыл па дарозе гоняць, па прыгожым леце стогнуць".

31. ч. Флор і Лаўр. Свята коней. Арабінавыя дзень і ноч. "Сухая" навальніца, дождж.

Верасень

5. а. Лупа. "Сей на Лупа - будзе жыта купа".

7. ч. Баўтрамей. "Жыта на зіму сей".

8. пт. Нараджэнне Божай Маці. Багач. Другая Прачыстая. "Меншая Прачыста - канчай сеяць начыста".

10. н. Мацей. Абаронца ад п'янства.

11. п. Калінавік, Іван Крываўнік.

13. с. Кіпрыян. Журавель збіраецца ў вырай.

14. ч. Сымон. Абрад "жаніцьбы коміна". (Асенняе Навалецце/Навагоддзе з 1493 г.). Закрыванне зямлі. Бабіна лета. Узвышэнне Святога Крыжа. Узвіжанне.

19. а. Цуды, Міхал. "Міхал з поля спіхаў".

21. ч. Багач, Нараджэнне Божае Маці. Свята заканчэння ўборкі зерневых. Засідкі. 22. пт. Асенняе раўнадзенства. Усход - 7.01, захад - 19.02.

24. н. Тадора. "На Тадору ўсякае лета заканчваецца".

26. а. Стаўроўскія Дзяды.

27. с. Звіжанне. Свята закрывання зямлі на зіму.

29. пт. Міхал. "Калі на Міхала з поўначы вецер вее, то не май на надвор'е надзеі" . Сіцыян. "Святы Сацыян ды ляны пасцілаў"

Кастрычнік

2. п. Зосім. Журавіны на Зосіма ўздымаюцца - мароз на Пакровы вытне.

3. а. Астап, Астаф'я. Прыкметы па ветры.

4. с. Пранцішак, Францішак. "На Пранцішка зярнят шукае ў полі мышка".

8. н. Сяргей. Жалезны тыдзень.

9. п. Іван Шаптун, Іван Кураед, Багаслоў. Шапталіся свахі пра нявест.

14. сб. Пакровы, Трэцяя Прачыстая. Вясельная пара. "Свята Пакрова, пакрый зямельку лісточкам, а галоўку - вяночкам". "Пакровы - зарыкалі каровы" . Дзявоцкае лета (па 21.10). Прымалі "ў дзеўкі" сябровак.

21. сб. Трыфан, Палагея. "Золкім ветрам вее" . Зміцер. "Да Змітра дзеўка хітра" .

25. с. Марцін - свята млынароў.

28. сб. Сымон і Юда. "Сымон з Юдаю працу ў полі канчаюць, хаты аглядаюць". Параскева Пятніцкая. Забарона на прадзенне.

29. н. Лонгін. Збавіцель ад хвароб вачэй.

30. п. Паклоны. Дзень адбівання паклонаў.

31. а. Лука. "Хто сее да Лукі, не будзе мець ні хлеба, ні мукі". Дзень іканапісцаў. Юльян - ахоўнік дзяцей.

Лістапад

1. с. Усе святыя. Памінальны дзень.

2. ч. Дзяды, Задушны дзень. Памінальны дзень.

4. сб. Казанская. Дождж ці снег. Асяніны, Змітраўскія Дзяды. "Святыя дзяды, завём вас...".

8. а. Зміцер. "Да Змітра дзеўка хітра" . Канец надзеі выйсці замуж у гэтым годзе.

9. с. Тодар. "На Тадора поўна камора".

10. ч. Параскі. Апякунка жанчын і рукадзелля.

11. пт. Настуся. Настуся стрыжэ авечкі. Марцін. "Мядзведзь кладзецца ў бярлогу".

12. сб. Артошка. Пачатак прадзення.

14. п. Кузьма-Дзям'ян. Апякун земляробства, кавалёў і вяселля.

21. а. Міхайлаў дзень. Абаронца ад грому. Мядзведзі ідуць у спячку.

22. с. Матрона. "З Матроны становіцца зіма" .

24. пт. Хвёдар Студзянец. "Хвёдаравы вятры галоднымі ваўкамі скуголяць".

25. сб. Іван Міласцівы. Дзень падарункаў. Кацярыны. "Кацярына забрала лета".

26. н. Хрыста Валадара.

27. п. Юстыніян. Апякун плоднасці і дзяцінства. Піліп. Пярэдадзень Піліпаўскага посту (да 7 студзеня).

28. а. Піліпаўка - перадкалядны пост.

29. с. Мацей. "На Мацея зіма пацее".

30. ч. Андрэй. Дзявочае свята.

Снежань

3. н. Адвэнт. Перадкалядны пост.

4. п. Увядзенне. Водзяцца ваўкі. Барбара. "Барбара ноч урвала, а дзень надтачыла" .

5. а. Пракоп. Савы. "Барбара мосціць, Сава цвікі войстрыць, а Мікола прыбівае".

6. с. Матрыхваны. Не пралі. Мікола. "Хвалі зіму па Міколе".

7. ч. Кацярыны. "Забрала край лета".

8. п. Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.

9. сб. Юр'е Зімовы. Юра мосціць. Ганны. "Ад Ганны да Каляд - два тыдні і два дні".

13. с. Андросы, Андрэйкі. Варажылі.

14. ч. Навум. Наставіць на вум.

17. н. Варвары. "Мікола і Варвара ноч урвалі".

18. п. Савы, Міколін бацька. "Сава мосце, а Мікола гвоздзе" .

19. а. Мікола Зімовы. "Без Міколы не бывае ні зіма, ні лета". "Мікола марозам гвоздзіць".

22. пт. Зімовае сонцастаянне. Усход 9.33, захад 16.43. Даўжыня дня 7.10 . Ганны. "Ганны - прыбавіцца багата дня", "Ганкі - палічаны дзянькі".

24. н. Посная куцця. Пачатак Каляд (да 6 студз.).

25. п. Спірыдон Сонцаварот. Божае Нараджэнне. Было Новым годам. "Свята Ражаство упярод пашло, новы гадок павёў радок".

26. а. Сцяпан. "Кожны сабе пан".

31. н. Марк. "Марка да Варка - няхай будзе парка" . Святой Сям'і. Багатая куцця, Шчадрэц. Сільвестр. Варажылі дзяўчаты.

Паводле Алеся ЛОЗКІ.

"ЛІТАРАТУРНЫ ЭКВАТАР" № 11 (13)

Нумар адзінаццаць (трынаццаць) - з восеньскай Парыжскай танальнасцю…

Як тэатр пачынаецца з вешалкі, так кожнае друкаванае выданне пачынаецца з вокладкі - і гэта, пэўна, аксіёма для кожнага кнігавыдаўца, дызайнера ці рэдактара. І што можна пабачыць на вокладцы новага нумара альманаха "Літаратурны экватар" - 2022? Як звонку, так і знутры - жывапісныя палотны імпрэсіяніста Антуана Бланшара, французскага мастака ХХ стагоддзя. Прычым, маляваў ён выключна Парыж: ягоныя вуліцы, дамы, помнікі, і канешне, людзей - у розныя сезоны каляндарнага года.

На вокладцы новага альманаха № 11 (13) можна пабачыць восеньскі Парыж першай трэці ХХ стагоддзя, лёгкі і празрысты, - гэтую сталіцу сусветнай культуры, літаратуры і мастацтва. І якая тут сувязь з "Літаратурным экватарам"? З восенню - самая прамая: большасць работ, звязаных з новым нумарам альманаха, штогод робіцца менавіта ў гэтую пару года. У верасні звычайна пачынаецца актыўная праца над арыгінал-макетам выдання, а напрыканцы лістапада - завяршаецца. А што да Парыжа, то менавіта там альманах "Літаратурны экватар" адзінаццаць год таму атрымаў міжнародны код ISSN, што дагэтуль красуецца на ягонай вокладцы. У дужках, як звычайна, пазначаны яшчэ адзін нумар, згодна з агульнай колькасцю выдадзеных нумароў альманаха, - такое было да нас патрабаванне Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. І мы гэтае патрабаванне кожны год выконваем.

Засталося разабрацца, чаму па часе быў абраны менавіта пачатак ХХ стагоддзя… Ну, гэта ўжо асабістае пажаданне дызайнера новага нумара альманаха (г. зн. маё). Калі нехта памятае фільм вядомага амерыканскага рэжысёра Вудзі Алена "Поўнач у Парыжы", то гэтае пажаданне, можна сказаць, адтуль. А змест карціны, калі коратка, наступны: роўна ў поўнач там можна было сесці ў містычнае аўто і патрапіць у ім, згодна са сваім жаданнем, у Парыж любой часавай эпохі, і нават застацца там. Дык вось, мне дакладна туды - у Парыж першай трэці ХХ стагоддзя…

Завяршаючы тэму вокладкі новага нумара альманаха, зазначу, што на яе адвароце змешчана некалькі фота знакавых мерапрыемстваў літаратурнага клуба "Экватар", праведзеных у 2022 годзе. Знутры знаходзяцца партрэты дваццаці чатырох аўтараў, чые падборкі склалі літаратурную частку выдання. Хаця, з колькасцю аўтараў у альманаху за 2022 год ёсць нюанс: насамрэч усіх літаратараў дваццаць шэсць. Як такое можа быць? Можа. Проста ў падборцы пісьменніцы Таццяны Барысюк прысутнічаюць не толькі яе асабістыя творы - там змешчаны матэрыялы яшчэ двух аўтараў. Але рэдакцыя выдання ніколі не супраць новых людзей: галоўнае, каб іх творы былі таленавітымі.

Што тычыцца дызайну блока альманаха "Літаратурны экватар" № 11 (13), то тут абраны графічны мінімалізм, хаця нават у такім стылі ў нашым выданні ёсць схаваны дадатковы сэнс і падтэкст. Здавалася б, звычайная рамка: чатыры лініі, якія перакрыжоўваюцца па вуглах. Але тут усё ж такі меўся на ўвазе стылізаваны мальберт. Зноў вяртанне да тэмы мастакоў і мастацтва. А хіба кожны аўтар не мастак? І бялюткі аркуш паперы, ці не нагадвае ён чыстае палатно, на якім павінны з'явіцца мастацкі твор?..

Дык вось, дваццаць чатыры аўтары альманаха "Літаратурны экватар" № 11 (13), а дакладней, - дваццаць шэсць… Імі створаны празаічныя, паэтычныя, перакладчыцкія, журналісцкія палотны. Ёсць аповесці і апавяданні, вершы, паэтычныя і празаічныя пераклады, інтэрв'ю, публіцыстыка… Слабых аўтараў у новым альманаху практычна няма. У асноўным тут змешчаны творы аўтараў дастаткова высокага прафесійнага ўзроўню, што прыемна. Як і ў мінулым годзе, аўтараў-мужчын трохі болей, чым аўтарак-жанчын… Вельмі хацелася, каб у гэтым пытанні быў парытэт, але ў 2022 годзе зноў не атрымалася. З іншага боку, "Экватар", ён жа мужчынскага роду, да таго ж яшчэ клуб. Так што, аўтараў-мужчын, напэўна, павінна быць трохі болей…

Акрамя аўтарскіх падборак, у новым альманаху ёсць пяць інфармацыйных блокаў. Прысвечаны яны рознага роду мерапрыемствам ды канцэртам, праведзеным літаратурным клубам "Экватар" у 2022 годзе. А падзей было шмат. Нажаль, не заўсёды радасных. У 2022 годзе пайшлі ад нас у лепшы свет вельмі блізкія сябры: пісьменніца Людміла Аляксееўна Сівалобава і паэт, празаік, перакладчык, бард, навуковец Серж Мінскевіч... І вось ужо да планавых літаратурна-музычных мерапрыемстваў нашай суполкі дадаліся прысвечаныя памяці памерлых сяброў жалобныя імпрэзы, правесці якія было псіхалагічна вельмі складана, але ўсё ж такі давялося…

Асобна хочацца адзначыць супрацоўніцтва аўтараў літаратурнага клуба "Экватар" з шаноўнай газетай "Наша слова", ад якой мы атрымалі ў 2022 годзе дзевяць вялікіх публікацый, прысвечаных дзейнасці нашай суполкі. Усе гэтыя артыкулы можна пабачыць у інфармацыйных блоках новага нумара альманаха. Сяброўства аўтараў "Экватара" з газетай "Наша слова" доўжыцца ўжо тры гады, і няхай яно працягваецца далей. Мы вельмі ўдзячныя гэтаму паважанаму перыядычнаму выданню.

Напрыканцы свайго артыкула хачу зноў вярнуцца да восеньскай тэмы. Пасля жахлівых з-за смерці блізкіх сяброў сёлетніх вясны ды лета, восень 2022 года, як ні дзіўна, для мяне атрымалася ўдалай. Адбыліся ў маім жыцці лёсавырашальныя станоўчыя падзеі, нечаканыя і пазітыўныя. Можа, яшчэ і па-гэтаму я пажадала бачыць восень на вокладцы новага нумара альманаха "Літаратурны экватар". Але, колькі б я ні распавядала пра сваю ментальную сувязь з Парыжам пачатку ХХ стагоддзя, жыву ж зараз у сучаснай беларускай рэчаіснасці. А ў рэальным часе я назаўсёды запомню гэтую прыгожую восень 2022 года - з такой непаўторнай танальнасцю, ужо беларускай…

Шэф-рэдактар альманаха "Літаратурны экватар", паэтка, пісьменніца, журналістка Інга Вінарская.

Мы прагнем надзеі і веры

Гэты творчы сезон для літаратурнага клуба "Экватар" не быў лёгкім і бестурботным. Падсумоўваць вынікі заўсёды прыемна, калі шмат пазітыву, перамог, здабыткаў. Але літаратурнае жыццё не стаіць на месцы. 2022 год - гэта год не толькі творчых сустрэч, выступаў, новых кніг і знаёмстваў, але і год трывог, сумных навін, успамінаў. Ён застанецца ў памяці як чарговы перыяд сталення нашага клуба "Экватар", ягонага глыбокага адчування сябе як часткі літаратурнага працэсу нашай Бацькаўшчыны, што перажывае складаныя часы.

Штогод у новым альманаху, у сваім артыкуле я падсумоўваю вынікі працы клуба, яго здабыткі, аналізую працу сяброў падчас сустрэч, агульных мерапрымстваў, творчых здзяйсненняў. У нашым альманаху "Літаратурны экватар", нібы ў даследчым дакументальным летапісе, адлюстраваны знакавыя і важкія падзеі, якімі быў насычаны гэты год. А ён выдаўся па-сапраўднаму няпростым, шматэмацыйным, часам вельмі складаным.

Вялікую працу па зборы матэрыялаў правяла, займаючыся іх апрацоўкай і падрыхтоўкай да выдання альманаха, наш шэф-рэдактар Інга Вінарская - разам з калегамі па рэдакцыі. З кожным годам рады нашых аўтараў пашыраюцца, і мы разам імкнемся рухацца да большай прафесійнасці, сталасці, творчай дасканаласці.

З сумам узгадваем тых, хто пакінуў наш свет. Увесну пайшла ад нас старэйшы аўтар і адданы сябра клуба "Экватар" пісьменніца Людміла Аляксееўна Сівалобава. Летам не стала яшчэ аднаго нашага блізкага сябра, паэта, пісьменніка, перакладчыка, навукоўцы, барда Сержа Мінскевіча. Страта людзей такога ўзроўню для нашага клуба, для іх родных, сяброў, калег - гэта невымоўна цяжка.

Людміла Аляксееўна Сівалобава стала сябрам нашага "Экватара" з першых дзён яго заснавання ў 2009 годзе. З яе імем звязана ўся гісторыя клуба, яе творчы рост як пісьменніцы адбыўся менавіта пад уплывам працы сяброў суполкі, бо прыйшла спадарыня Людміла да нас з нізкай рускамоўных вершаў, а ў выніку стала аўтарам трох зборнікаў таленавітай прозы. Чалавек з вялікім сэрцам, чулым і пранікнёным, Людміла Аляксееўна заўсёды падтрымлівала нас, знаходзіла добрыя словы, выказвала каштоўныя парады. І наш клуб практычна быў для яе другой сям'ёй.

З Сержам Мінскевічам мы сябравалі са студэнцкай пары, ведалі добра адзін аднаго, шмат разам ездзілі на выступленні, сустракаліся часцяком за кубкам гарбаты, абмяркоўвалі розныя тэмы, гулялі ў футбол. Заўчасная смерць Сержа стала не толькі для мяне, але для ўсіх, хто ведаў яго, шокам. Серж Мінскевіч шмат выступаў на мерапрыемствах клуба "Экватар": далучаўся не аднойчы да нашых канцэртаў, вечарын, літаратурна-музычных імпрэзаў. Ён практычна штогод размяшчаў свае матэрыялы рознай тэматычнай і жанравай накіраванасці ў альманаху "Літаратурны экватар", вельмі паважаў гэтае выданне. Серж часцяком друкаваў нашых аўтараў на старонках газеты "Пераходны ўзрост", дзе веў літаратурную старонку...

Хачу зазначыць, што мы працягнем друкаваць у альманаху "Літаратурны экватар" творы Людмілы Сівалобавай і Сержа Мінскевіча нават пасля іх зыходу з жыцця. Памяць аб гэтых людзях заўсёды будзе захоўвацца ў нашай суполцы...

Гаворачы пра надзённае, варта адзначыць, што альманах "Літаратурны экватар" набраў новы ход і сілу, стаў больш разнастайным і інфармацыйна насычаным. У новым нумары размешчана пяць інфармацыйных блокаў, прысвечаных мерапрыемствам, праведзеным нашай суполкай у бягучым годзе. Зазначу, што ў нашым выданні з'явіліся новыя аўтары, якіх мы рады бачыць і жадаем ім поспехаў. Па традыцыі ў альманаху друкуецца больш паэтычных твораў, але і празаікі маюць даволі добрыя здабыткі. Так, паэтычнымі нізкамі адзначыліся Валянціна Акуленак, Кірыл Бандзерас, Міхаіл Баранчык, Інга Вінарская, Зміцер Захарэвіч, Вячаслаў Данілаў, Ксенія Ермілава, Святлана Ефіменка, Мікалай Іваноўскі, Серж Мінскевіч (пераклады з Адама Міцкевіча), Клаўдзія Максімава, Юрась Нераток, Таццяна Пратасевіч, Валянцін Шведаў, Ігар Шыршоў, Людміла Шчэрба. З празаічнымі творамі ў альманаху выступілі Таццяна Барысюк, Венера Барысюк, Глеб Ганчароў, Валянціна Каваленка, Тэрэза Кавальчук, Дзмітрый Марозаў, Людміла Сівалобава, Валеры Скакун.

Напрыканцы хочацца адзначыць сяброўскі і добразычлівы дух нашага выдання, ягоную натхнёнасць, шчырасць. Альманах, дзякуючы сваім сталым аўтарам, займеў грунтоўныя традыцыі, настрой. Але мы ўпэўненыя, што і новыя аўтары дастаткова шчыльна ўвойдуць у нашую творчую сябрыну. Хочацца пажадаць нашым аўтарам працягваць і надалей ствараць добрыя творы, мець трывалае здароўе і светлае натхненне. Усім зычу міру, шчасця і дабрабыту! Дай Бог нам усім яшчэ большай надзеі і веры!

Мы прагнем надзеі і веры,

Мы верым, што згіне нуда.

За шчасце, за радасць без меры

Нам прыйдзецца біцца… Бяда


Хай знікне і зробіцца скрухай:

І летась, і заўтра, і звек.

Нам час свой патрэбна паслухаць,

Што мкне туманом па траве.


Так, трэба шукаць нам удачы -

Яна рызыкуе, ды ўсім.

Не хопіць нам дробязнай здачы

На гэтым шляху, на сваім.


І рушыў папутны нам вецер.

А ворагі нашы - здалёк.

Свабода імчыць па планеце,

Мацнее яе кожны крок!

Кіраўнік літаратурнага клуба"Экватар", паэт, пісьменнік, журналіст

Вячаслаў Корбут.

Навіны Германіі

Штайнмайер і Шольц прысутнічалі на паніхідзе, прысвечанай Бенедыкту XVI

Свет развітаўся з памерлым Папам Рымскім Бенедыктам XVI. Сярод іншых у Рым на пахаванне прыехалі таксама федэральны прэзідэнт і канцлер Германіі

Рым (dpa) - Федэральны прэзідэнт Германіі Франк-Вальтар Штайнмайер і канцлер Олаф Шольц таксама развіталіся з памерлым Папам Бенедыктам XVI на паніхідзе ў Рыме.

На пахаванне ў Рым прыехалі вышэйшыя прадстаўнікі ўсіх канстытуцыйных органаў Германіі. Апроч Штайнмайера і Шольца, прысутнічалі прэзідэнт Бундэстага Бербель Бас, старшыні Бундэсрата і Федэральнага канстытуцыйнага суда, бургамістры Гамбурга Петер Чэнчар (СДПГ) і Штэфан Харбарт. У жалобнай цырымоніі прыняў удзел таксама прэм'ер-міністр Баварыі Маркус Зедар.

У чацвер на пляцы Святога Пятра сабраліся дзясяткі тысяч вернікаў, у тым ліку шмат людзей з Германіі і роднай Баварыі Бенедыкта. Пасля трох дзён публічнага развітання памерлы Папа Бенедыкт XVI быў пахаваны ў базіліцы Святога Пятра.

Папа Рымскі на пенсіі, сапраўднае імя якога Ёзаф Ратцынгер, праляжаў у базіліцы Святога Пятра з панядзелка па сераду. За гэты час туды прыйшлі, каб развітацца з ім, амаль 200 000 чалавек. Бенедыкт памёр раніцай напярэдадні Новага года ў сваёй ватыканскай рэзідэнцыі Mater Ecclesiae ва ўзросце 95 гадоў. Манастыр у садах Ватыкана быў яго апошняй рэзідэнцыяй у гады пасля яго адстаўкі ў 2013 г. Бенедыкт, які нарадзіўся ў Баварыі, быў абраны пераемнікам Папы Іяана Паўла II у красавіку 2005 года.

picture alliance/dpa.

"Кайзер" аплаквае "караля"

Франц Бекенбаўэр правёў "унікальнага сябра" Пеле

Мюнхен (dpa) - Смерць бразільскага куміра Пеле была ўспрынята ў Германіі з вялікай скрухай. Вялікі футбаліст і чалавек быў незвычайна папулярны таксама і ў Германіі, збольшага таму, што лепшы нямецкі футбаліст, Франц Бекенбаўэр, якога звалі "Kaiser" падтрымліваў цеснае сяброўства з Пеле, якога звалі "каралём футболу" (el rei de futbol). 77-гадовы Бекенбаўэр, які гуляў разам з Пеле ў амерыканскім клубе "Космас Нью-Ёрк" у 1977 годзе сказаў: "Сёння футбол страціў найвялікшага чалавека ў сваёй гісторыі, а я страціў унікальнага сябра". picture alliance/dpa.

Германія і Нарвегія ўмацоўваюць энергетычнае супрацоўніцтва

Дэкарбанізацыя і па-кліматычнаму нейтральнае забеспячэнне - у цэнтры ўвагі паездкі міністра эканомікі Хабека

Падчас палітычных перамоў у нарвежскай сталіцы Осла Германія актывізавала сваё энергетычнае партнёрства са скандынаўскай краінай. Нарвегія і Германія дамовіліся пра стратэгічнае партнёрства ў вобласці клімату, узнаўляльных крыніц энергіі і "зялёнай" прамысловасці. Агульная мэта - паскорыць працэс дэкарбанізацыі эканомікі. Партнёры таксама пацвердзілі свой сумесны намер наладзіць буйнамаштабныя пастаўкі вадароду і неабходную інфраструктуру з Нарвегіі ў Германію да 2030 года. Каментуючы сваю двухдзённую паездку, федэральны міністр эканомікі Хабек сказаў:

- Нарвегія - важны, аднадумны і вельмі надзейны партнёр для Германіі. Гэта было яшчэ раз пераканаўча прадэманстравана летась пасля пачатку вайны і выкліканага ёю энергетычнага крызісу. Мы хочам і далей паглыбляць наша цеснае супрацоўніцтва па энергетыцы і шматбаковых пытаннях клімату.

picture alliance/dpa.

Культурная сталіца са сваёй дынамікай

У скарбонку важных спраў посткаронавіруснай эпохі: Фларэнцыя на Эльбе, самая прыгожая тэраса Еўропы - і гэта ўсё праўда. Дрэздан - той горад, які абавязкова трэба ўбачыць.

Дрэздан - гэта культура што ні крок.Getty Images - i Stockphoto

Вялікі горад, які амаль не выдае шуму. Знаўцы Дрэздана сцвярджаюць: Дрэздан - гэта вялікая вёска. Насамрэч гэта гучыць як камплімент. Нягледзячы на вялікія памеры і паўмільённае насельніцтва, час у Дрэздане цячэ павольней. Спешка - гэта не пра Дрэздан. Гэта разумее кожны госць горада, калі пазірае на яго ў "перспектыве Каналета" - на барочны ансамбль вытанчаных будынкаў, які расцягнуўся ўздоўж Эльбы і апраўлены знакамітай тэрасай Бруля. Горад, літаральна насычаны гісторыяй.

Цвінгер, опера Земпера, Фраўэнкірхэ

Тут, на тэрасе Бруля, увекавечыў сябе галоўны упрыгожвальнік горада Аўгуст Моцны (саксонскі курфюрст Фрыдрых Аўгуст I, 1670 - 1733). Паводле адной легенды, кароль у адным месцы так моцна націснуў пальцам на балюстраду, што на ёй засталося паглыбленне! У непасрэднай блізкасці знаходзяцца самыя знакамітыя славутасці Дрэздана - Цвінгер з мастацкай галерэяй, палац з малюнкам княжай працэсіі на доўгай сцяне (самая маштабная мазаіка ў Еўропе), опера Земпера і Фраўэнкірхэ.

А прама насупраць Брулеўскай тэрасы, на Нойштадтскім баку, кожнае лета праводзіцца фэст "Кінаночы на беразе Эльбы". Кінапаказы і канцэрты ідуць на адкрытай сцэне прама на фоне раскошных фасадаў старога горада. Зрэшты, кіно, музеі, тэатры, галерэі - усё гэта можна ўбачыць у Дрэздане круглы год. Сярод "высокай культуры" асобна вылучаецца ЦЭЦ "Міттэ". Некалькі гадоў назад былая цеплаэлектрастанцыя ператварылася ў адзін з найпрэстыжнейшых клубаў Саксоніі, стаўшы цэнтрам прыцягнення для крэатыўнай моладзі.

Падчас адвэнту варта зазірнуць на Штрыцельмаркт, знакаміты Калядны кірмаш Дрэздана. Усе, хто спрабаваў дрэзданскі калядны кекс "крыстштолен", ведаюць, што прапусціць Штрыцельмаркт нельга!

Даследуйце Дрэздэн у лічбавым фармаце

Опера Земпера, Фраўэнкірхэ, Резідэнцшлёс - сталіца Саксоніі славіцца архітэктурай у стылі барока. Вы можаце адкрыць для сябе ўсю пышнасць барока тут падчас экскурсіі па горадзе на 360 °. Калі віду на славутасці знадворку здасца мала, вы можаце вывучыць сусветна вядомую мастацкую галаерю Цвінгер знутры з дапамогай гэтага віртуальнага тура. Тут вы можаце пазнаёміцца з Матэматычна-музычным салонам, Турэцкай палатай замка-рэзідэнцыі ці калекцыяй скульптур Альбертынума і з многімі іншымі славутасцямі.

Рыка Штэфэст.

www.deutschland.de .

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

У Каліфорніі і Нью-Мексіка, у Кіеве: Гуткін, Тушынскі, Януковіч

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); № 1(53) за 2023 г.)

ГУТКІН Эдуард (2) - уяўляе сабой важную фігуру калекцыянера. Большасць эмігрантаў усё ж, калі мела, кінула звычку збіраць выразкі з газет (калі газеты сталі несавецкімі - іх па розных прычынах пачалі выпісваць менш і, адпаведна, менш захоўваць, таму пра масівы гуткінскіх газет і выразак 1960-х - пачатку 1990-х гг. можна сказаць, што несавецкіх амаль няма). У Сан-Францыска Эдуард таксама сабраў значныя матэрыялы, у т. л. і пра Гомель у амерыканскім друку. У новай краіне ён таксама рабіў шмат выразак і нататак з каментарыямі, і яны маюць краіназнаўчую і этнаграфічную каштоўнасць. Сам доктар Гуткін называе падобныя падрабязнасці не "рахункам", а "ілюстрацыяй ментальнасці".

Дасланая Гуткіным інструкцыя Індзейскага савета Санта-Круса (Santa Cruz Indian Council) для наведвальнікаў, якую ён каментуе (28.05.1994): "Дакумент з фестывалю ANI-мастацтва" (ANI - індывідуальнае скарачэнне Гуткіна: American Native Indian), важная тым, што можа загадзя адукоўваць наконт правіл паводзін на індзейскіх атракцыёнах, імпрэзах тых, хто яшчэ не бываў на іх.

Эдуард напісаў: "Забараняецца фатаграфаванне без наяўнасці аплачанага білета - $ 5" , але: "Такі білет мы купілі напалову з жанчынай, якая мяне афіцыйна запрасіла на фестываль" ( "Яна чытала лекцыю на семінары па ўладкаванні на працу" ) і з якой яны прыехалі ў Холістэр ( "на мікрааўтобусе з "Арміі абароны"" ): "Праезд $ 6" - 1,5 гадзіны на поўдзень ад іх Сан-Францыска. Ад Гуткіна мы атрымалі 34 фота, прысвечаныя паездцы ў 1994 г. - праз год пасля пераезду з Гомеля ў Сан-Францыска (ліпень 1993 г.) - на індзейскі фестываль (а таксама яшчэ тры, якія адносяцца да наведвання індзейскага пункта прыцягнення ў Джэксане (графства Amador, чэрвень 1995 г.), - на іх бачым бацьку Эдуарда З. Гуткіна).

На здымках паказаны індзейскія аксесуары, сувеніры, кнігі і г.д. з крамы "Rising Arrow", пляцоўка з выканаўцамі і гледачамі на імпрэзе.

ТУШЫНСКІ Дзяніс - мінчанін, быў намеснікам старшыні ТБМ. У артыкуле "Мовы Зачараванай краіны" распавёў пра паездку ў Нью-Мексіка.

"Якія асацыяцыі можа выклікаць назва амерыканскага штата Нью-Мексіка? Магчыма, старажытныя палеаіндзейскія культуры; сучасныя плямёны карэнных амерыканцаў: апачы, наваха і пуэбла; іспанскія каланіяльныя паселішчы; Дзікі Захад і яго стралкі (напрыклад, Білі Кід і Пэт Гарэт). А магчыма, Лос Аламас ці гарадок Разуэл, дзе (па чутках) разбілася лятаючая талерка (прыхадзень увекавечаны на гарадской пячатцы)? Не дзіўна, што мянушка штата - Краіна зачаравання.

Менавіта ў сталіцы гэтага штата, горадзе Санта-Фэ (у перакладзе з іспанскай - Святая Вера) я выступіў гэтым летам з невялікай прамовай пра дзейнасць Таварыства беларускай мовы. У межах Праграмы міжнародных візітаў Дзярждэпартамента ЗША я праходзіў стажыроўку па тэме "Захаванне культурнай і гістарычнай спадчыны". Дэлегацыя адмыслоўцаў з Беларусі наведала шэраг з найбольш выбітных месцаў краіны з пункту погляду захавання гістарычна-культурных каштоўнасцяў. Вопыт, назапашаны ў гэтай паездцы, варты цэлага цыклу нарысаў, якія, я спадзяюся, неўзабаве будуць апублікаваныя.

Падчас шматлікіх сустрэчаў мне не раз даводзілася распавядаць пра наша Таварыства і пра моўную сітуацыю ў Беларусі спецыялістам. А вось у Санта-Фэ арганізатары візіту загадзя запрасілі на сустрэчу з беларусамі ўсіх ахвотных. У нашай краіне часам выказваюцца, маўляў, някепска было б заснаваць у нас нешта кшталту беларускамоўнай рэзервацыі. На гэтым фоне можа падацца сімвалічным, што сустрэча праходзіла ў Музеі індзейскіх мастацтваў і культуры. Нью-Мексіка другі пасля Аляскі штат па працэнце карэнных амерыканцаў у агульным складзе насельніцтва. Дарэчы, быў я і ў сапраўднай рэзервацыі, пра што будзе асобны расповед. Дык вось, баюся, што такога ўзроўню палітычнай і эканамічнай самастойнасці тут дасягнуць будзе цяжкавата".

У час выступлення Дзяніс паказаў ролік пра курсы беларускай мовы. У артыкуле Тушынскі расказвае пра моўную сітуацыю ў штаце, пра нью-мексіканскі (нова-мексіканскі) дыялект іспанскай мовы.

"Увогуле, Нью-Мексіка і горад Санта-Фэ - чароўныя і экзатычныя мясціны са своеасаблівай атмасферай, прыродай і архітэктурай. Тым прыемней было знайсці ў Музеі народнага мастацтва, што насупраць Музея індзейскіх мастацтваў і культуры, некалькі беларускіх лялек".

Галоўнае для нас: ці здзейсніў Дзяніс свой намер расказаць у пісьмовым выглядзе пра наведванне рэзервацыі ў Нью-Мексіка?

Лос-Аламас, які аднёс да галоўных сімвалаў штата беларускі наведвальнік, - атамная "сталіца" ЗША. Што да згаданага Дзянісам Білі Кіда - указваюць, што ён быў частым госцем, як і яго візаві - законнік Пэт Гарэт, у Пуэрта-дэ-Луна, дзе жыў знакаміты Аляксандр Гжаляхоўскі (Grzelachowski), спачатку амерыканскі ксёндз і капелан (Fort Union), а потым гандляр і фермер. Білі і Пэт часта бывалі ў яго краме - паасобку, а 25.12.1880 г., за паўгода да іх фатальнай для Білі сутычкі ў Форт-Самнер, абодва наведалі яе разам - "падзялілі гасціннасць Гжаляхоўскага" .

Крыніцы сцвярджаюць, што "Аляксандр Гжаляхоўскі, верагодна, нарадзіўся ў нейкай частцы ўсходняй Польшчы, якая была ў Савецкім Саюзе з часоў Другой сусветнай вайны" (г.зн. на крэсах; у выніку: з крэсаў - на крэсы). Яго родная "Gracina", лічыць даследчык Ф. К. Каенцкі (Kajencki), магла пісацца у польскім "арыгінале" як Kracina, Крацына або Красіна. Апошняя назва ёсць, напрыклад, у Круглянскім раёне (гэта калісьці была Магілёўская губерня), на Украіне. Хтосьці павінен высветліць, ці не з Украіны, Беларусі або Літвы ён паходзіў. Аляксандр быў сынам капітана польскіх войск у час напалеонаўскіх войн Францішка і Марыяны Шапскай, меў братоў Томаша і Юзафа.

Літ.: 11881 Тушынскі Д. Мовы Зачараванай краіны // Наша слова. 2018. 10 студз. С. 2.

9989 Тушынскі Д. З'ехаць, каб застацца: валійская эміграцыя ў Патагонію дзеля захавання ўласнай нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці // Наша слова. 2015. 24 чэрв. С. 2; 30 чэрв. С. 2; 8 ліп. С. 2.

9271 Тушынскі Д. Беларускую мову - у музей! // Наша слова. 2014. 21 мая. С. 2-3. ("Артыкул прапануе агляд музеяў мовы па ўсім свеце. Асаблівая ўвага нададзена Музею партугальскай мовы ў Бразіліі. Разглядаецца ідэя стварэння такога музею ў Беларусі". "Напрыклад, Нацыянальны музей мовы ў ЗША, які месціцца ўсяго ў трох пакоях, дае наведвальнікам магчымасць папрактыкавацца ў кітайскай каліграфіі, разгадцы значэнняў індзейскіх словаў і г.д. [...] http://languagemuseum.org. [...] Канадскі моўны музей - http://www.languagemuseum.ca".)

ЯНУКОВІЧ Віктар - шматразова гучала, што ў палітыка - карані ў Беларусі, але толькі па бацьку. Маці руская, бацька беларус - з вёскі Янукі Докшыцкага раёна, адкуль паехаў працаваць на Данбас: Фёдар Уладзіміравіч быў машыністам паравоза, металургам.

Цытуем матэрыял з газеты "Русская Америка", які інфармаваў: "Амерыканскія індзейцы на Украіне", "Правадыр індзейцаў падарыў прэзідэнту святое арлінае пяро" (падобны матэрыял на сайце "Московского Комсомольца" меў загаловак "Януковіч прыняў амерыканскіх індзейцаў. "Гэта не экзотыка, а рэальнасць!""):

"Па запрашэнні кіеўскай газеты "The Kiev Times" і амерыканскага Фонду "Духоўная Дыпламатыя" ў Кіеў прыбыла невялікая дэлегацыя амерыканскіх індзейцаў племя Сіў, яны ж, лакота, і індзейцаў [так! - аналагічна пра гавайцаў як індзейцаў Гаваяў - і ў матэрыялах ліпеньскага выпуску газеты "Кіеў таймс"] з племені, якія жывуць на Гавайскіх астравах. Племя Сіў прадстаўляў правадыр Джозеф Брынгс Плэнці, яго сын Коўл Брынгс Плэнці, і Эвеліна Серус, францужанка, якая жыве ў Амерыцы і прысвяціла жыццё служэнню індзейскаму народу. З Гавайскіх астравоў у Кіеў прыляцела прынцэса і духоўны лідар плямёнаў Каўілані Кахалекай. Прынцэса таксама ўдзельнічае ў музычных фестывалях Гаваяў, дзе грае, і звяртаецца са словамі прывітання да новага пакалення гавайскіх індзейцаў. Разам з прадстаўнікамі індзейцаў у Кіеў прыляцелі лідары фонду "Духоўная Дыпламатыя" з ЗША, Міхаіл Маргуліс, Фрэнк Абернаці і Марк Базалеў. [...]

На заканчэнне паездкі дэлегацыю прыняў прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч. У рэзідэнцыі прэзідэнта адбылася двухгадзінная гутарка. Кіраўніка дзяржавы цікавілі асаблівасці жыцця карэнных жыхароў Амерыкі, іх узаемаадносіны з вашынгтонскім урадам, эканамічныя і палітычныя дасягненні індзейцаў, у кантэксце агульнай амерыканскай палітыкі і эканомікі.

Можа быць, таму што індзейцы былі апранутыя ў іх нацыянальнае адзенне, у якім яны звычайна прысутнічаюць на абрадах і святах, на сустрэчы прысутнічаў нейкі дух рамантыкі. Прэзідэнт заўважыў, што жыццё індзейцаў знаёмае нашаму пакаленню, у асноўным, па раманах Фенімора Купера, а вось аб іх рэальным жыцці ведаюць адзінкі. Ён адзначыў, што амерыканскі дзяржаўны закон аб вызваленні ад падаткаў карэнных жыхароў - цудоўны і справядлівы закон. У канцы сустрэчы правадыр індзейцаў падарыў прэзідэнту святое арлінае пяро, якое, паводле яго слоў, даецца людзям, якія валодаюць сілай і зоркасцю.

Раптам высветлілася, што такая слаўная і добрая падзея, не ўсім даспадобы. Ну, і дзякуй Богу, што гэты дробны кавалак дзёгцю не забрудніў вялікую бочку мёду індзейскага захаплення Украінай.

Аўтар артыкула: "Пол Петровец, Вашингтон - Флорида".

Апошні абзац з гэтай карэспандэнцыі больш тлумачыць Аляксандра Пагарэлая (галоўны рэдактар Alexandra Pogorila , якая асвятляла візіт: "На жаль, я выявіла, што пэўная частка ўкраінскай прэсы здзекавалася з візіту індзейцаў... Капірайтары выдумлялі нейкія дэталі, якія здаваліся ім смешнымі. Часцей за ўсё гэта выглядае сумна, але не смешна. Я ўжо не кажу пра прафесійную этыку. Магчыма, у іх іншыя матывы. Магчыма, гэтыя капірайтары дрэнна ведаюць англійскую мову або не ўмеюць карыстацца інтэрнэтам? А можа, не могуць прачытаць у інтэрнэце праўду пра індзейцаў, якія прыехалі ва Украіну?"

Праз год, у ліпені 2014 г., тыя ж Магуліс, Базалеў і Абернаці прыязжалі і ў Беларусь, але ўжо без індзейцаў. Дэлегацыю "Духоўнай дыпламатыі" прыняў міністр замежных спраў У. Макей.

Літ.: 12271 Pogorelaya A. Kerry must correct Clinton's mistakes // Kiev Times. 2013. July. P. 4-5.

12272 Kauilani Kahalekai, Princess: I discovered Ukraine for myself! / interviewed by A. Pogorelaya // Kiev Times. 2013. July. P. 6.

12273 Brings Plenty J. The chief who brings plenty / interviewed by A. Pogorelaya // Kiev Times. 2013. July. P. 7.

12274 Yanukovych met with delegations of American Indian chiefs // Kyiv Post. 2013. (Jun. 27: https://www.kyivpost.com/article/content/ukraine-politics/yanukovych-met-with-delegations-of-american-indian-chiefs-326239.html)

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Памёр Віктар Хурсік

Журналіст, пісьменнік і выдавец Віктар Хурсік памёр у Менску на 70-м годзе жыцця, паведамляе ягоная сям'я. Перад смерцю ён доўга хварэў.

Віктар Хурсік нарадзіўся 9 траўня 1953 года на чыгуначнай станцыі Уборак Асіповіцкага раёна. Скончыў Менскі політэхнічны тэхнікум, завочна Беларускі політэхнічны інстытут, да пачатку 1990-х працаваў па спецыяльнасці на розных беларускіх прадпрыемствах.

З 1980 года рэгулярна друкаваўся у беларускай прэсе, а ў 1991-2009 гадах стаў супрацоўнікам газеты "Звязда". Акрамя таго, яшчэ з пачатку 1990-х пачаў спрабаваць сябе ў ролі выдаўца, а ў 2003-м заснаваў прыватнае выдавецтва, у якім выйшлі сотні кніг, многія з якіх - на беларускай мове. Былі часы, калі ягонае выдавецтва было адным з найбольш актыўных і прадуктыўных у сферы незалежнага беларускага кнігавыдання.

Пра свой прыход у выдавецкую справу Віктар Хурсік гаварыў:

- Раней за выхад адной кнігі, якая друкавалася велізарным тыражом, можна было адразу набыць кватэру. Аднак я прыйшоў у справу пазней. У наш час тыраж у 200 асобнікаў лічыцца звычайным. А ў 1000 асобнікаў - гэта наогул штосьці экстраардынарнае Я займаюся гістарычнымі даследаваннямі, друкую важныя для нацыянальнай спадчыны кнігі, якія застануцца і пасля мяне, таму пачуваюся шчаслівым

Пісаў кнігі Віктар Хурсік і сам. У асноўным яго цікавіла гістарычная тэматыка. У 2001 годзе ён выдаў кнігу "Белы лебедзь у промнях славы. Магдаліна Радзівіл", у 2002-м - "Трагедыя белай гвардыі. Беларускія дваране ў паўстанні 1863-1864 гг.", у 2006-м - "Кроў і попел Дражна. Гісторыя партызанскага злачынства", у 2018-м - "Vale!" Кніга пра род і лёс Магдалены Радзівіл".

Светлая памяць.

У Гародні вырашылі, якім аб'ектам гістарычнага цэнтра нададуць увагу ў 2023 годзе

Дэталёвы план гістарычнага цэнтра Гародні з праектам рэгенерацыі гістарычнай забудовы прадугледжвае два асноўныя кірункі: рэканструкцыя помнікаў архітэктуры і ўзнаўленне згубленай забудовы, зыходзячы з існай горадабудаўнічай сітуацыі горада.

Ужо сёння можна казаць пра найболей яркі прыклад аднаўлення згубленага комплексу будынкаў - будаўніцтва "Дома рыбака", распавядае тэлеканал "Гародня Плюс".

Наступным этапам плануецца аднаўленне "габрэйскага квартала": ужо рэалізаваны з аўкцыёну два зямельныя ўчасткі пад будаўніцтва будынкаў грамадскага і турыстычнага прызначэння; вядуцца навукова-даследчыя і праектныя работы.

Чакае ператварэнне такіх знакавых для горада помнікаў архітэктуры, як комплекс былога піўзавода па вул. Заводская, 2 і будынак палаца Чацвярцінскіх (былая камендатура па вул. Ажэшкі, 20): ужо праводзяцца рамонтна-аднаўленчыя і будаўніча-мантажныя работы. На комплексе будынкаў па вул. Васілька, 10 (былы скур.-вен. дыспансер) ажыццяўляецца праектаванне. Зусім нядаўна атрымаў свайго гаспадара "Дом з ільвамі" па вул. Студэнцкая, 6.

Перагледжаны падыходы да забудовы квартала "Новы свет". Адменены аўкцыёны са зносам будынкаў па вул. Міцкевіча, 7 і 9. Праведзены гандаль з умовай захавання. На аб'ектах праводзяцца работы па капітальным рамонце. Стадыю праектавання праходзіць і аб'ект, размешчаны па вул. Міцкевіча, 1.

Паводле СМІ.

Каза, мядзведзь і калядная зорка

Як калядуюць на Шчучыншчыне

Абрад "Калядкі" ў Шчучынскім раёне - даўняя традыцыя ў гонар заканчэння каляднага паста. Тутэйшыя людзі чакаюць калядоўшчыкаў, якія выконваюць калядныя песні і віншаванні. У кожнага з іх свой вобраз з адпаведным сэнсам. Да прыкладу, Каза сімвалізуе ўрадлівасць і багацце, а Мядзведзь - здароўе і сілу.

Усіх калядоўшчыкаў суправаджае Зорка, асвятляючы шлях да дабра і святла.

"Мы людзі няпростыя.

Нячаста ходзім, няшмат просім.

Усяго разок у гадок.

Просім гаспадароў добрымі быці, нас адарыці.

А мы вам за гэта паспяваем"

У кожнай хаце калядоўшчыкі распавядаюць гісторыю пра тое, што па дарозе да гаспадароў знайшлі козачку. Спрытная ж Каза круціцца, кланяецца і без ляноты, бадзёра і актыўна заводзіць польку, у якую залучае гаспадароў. Адмовіцца ад танцу проста немагчыма.

У нейкі момант знясіленая танцамі Каза звыкла плюхаецца на зямлю. І тут настае момант, калі гаспадароў просяць падбадзёрыць і заматывавать "бедную" жывёлу.

А каб козачка ўстала, трэба ёй кусочак сала!

На кожны ражок - піражок!

А калі дасцё паляндвічкі,

то наша каза нап'ецца з крынічкі вадзічкі!

Каб год быў харошы, дайце казе грошай!

Кожны гаспадар імкнецца паважліва паставіцца да калядоўшчыкаў. І патроху частуе гасцей ласункамі са святочнага каляднага стала. І нават запрашае за стол. Але калядоўшчыкі ні на секунду не затрымоўваюцца і адпраўляюцца далей. "Ой, шмат нам яшчэ хат абыйсці", - кажуць яны, хутка сыходзяць з двара і накіроўваюцца да іншых.

Так, віншаванні з Калядамі атрымалі жыхары вёскі Гірдзеўка. І калядоўшчыкі перабіраюцца ў аграмястэчка Ракавічы. Адна, другая, трэцяя хата - усюды артысты ствараюць яшчэ больш святочны настрой.

На новае лета хай родзіцца жыта.

Шчодры вечар, багаты вечар!

Жыта, пшаніца, усякая пашніца.

Шчодры вечар, багаты вечар!

Дай табе Божа, ой, гаспадару,

Шчодры вечар, багаты вечар!

Запрасіўшы гасцей у хату, гаспадары Ірына і Віктар з задавальненнем слухаюць песні і частуюць калядоўшчыкаў. "Хоць і не чакалі, нечаканыя госці, але мы радыя, што вы прыйшлі", - усміхаючыся, кажа Віктар. Яго жонка дадае: "Мы заўсёды радыя гасцям! Тым больш я - клубны працаўнік, больш за 10 гадоў у сферы, таму як не запрасіць. Настрой нам стварылі".

- Усе аграмястэчкі мы наведваем кожны год, у аддаленыя населеныя пункты зазіраем трохі радзей: раз у два гады. Бываем не толькі на праваслаўныя Каляды, але і на каталіцкія. Дзяцей таксама бяром з сабой, у іх свае ролі. Ідзём заўсёды з песнямі. Усе яны ад нашага народнага калектыва, ад старэйшага пакалення. Яны ўжо людзі залатога ўзросту, з намі ім цяжка хадзіць, але ўсе традыцыі, як яны калісьці калядавалі, мы перанялі, - падзялілася загадчыца аддзела культуры і вольнага часу Ракавіцкага дома культуры Жана Рыбак.

БЕЛТА.

Пра пытанні Беларушчыны піша Антон Луцкевіч

Маладая беларуская паэзія

Стараннямі "Кола аматараў беларусазнаўства" пры УСБ (універсітэце імя Стэфана Баторыя - Л. Л. ), 7 траўня гэтага года (1933 г. - Л. Л. ) у Вільні, адбыўся літаратурны вечар сучасных паэтаў Заходняй Беларусі. Пасля ўступнага слова Ст. Станкевіча "Аб беларускай літаратуры" былі прачытаны галоўныя творы наступных паэтаў: Наталлі Арсенневай, Янкі Быліны, Хвёдара Ільяшэвіча, Міхала Машары, Міхася Васілька, Язэпа Вількоўшчыка. Мэтай вечара было знаёмства шырокіх колаў грамадства з сучаснай беларускай літаратурай Заходняй Беларусі. З гэтай жа мэтай, і мы дазволім сабе сказаць некалькі слоў на гэту тэму.

Сучасная беларуская літаратура ў Заходняй Беларусі з-за бязмерна цяжкіх умоў культурнага жыцця беларусаў, ёсць вельмі невялікай і знаходзіцца на пачатку свайго развіцця. Па колькасці прадстаўнікоў і іх паэтычнай прадукцыі, а таксама і па сваіх мастацкіх вартасцях, яна не можа параўноўвацца з развіццём літаратуры ў Савецкай Беларусі. Аднак літаратурны рух, які развіваецца ў Заходняй Беларусі, мае сваё значэнне для паўнаты літаратурнага беларускага жыцця і таму заслугоўвае ўвагі.

Найвялікшай паэткай Заходняй Беларусі паўсюдна лічыцца Наталля Арсеннева. Пісаць вершы яна пачала ў 1920 г. і ў 1927 г. выдала зборнік сваёй паэзіі "Пад сінім небам", акрамя гэтага цэлы шэраг сваіх твораў яна надрукавала ў беларускіх часопісах. Крыніцай творчасці Арсенневай ёсць прыгажосць прыроды, сусвет народнай творчасці і фантазіі. Найбольшую мастацкую вартасць маюць яе вершы, заснаваныя на народных матывах - яны надрукаваны асобным цыклам ва вышэйзгаданым зборніку - "Зачараваны кут". Гэтыя кароценькія паэмы са зместам, узятым з народных паданняў і вераванняў, маюць шмат лірычных адступаў. Мала хто з беларускіх паэтаў так, як Арсеннева, з такой вялікай вытанчанасцю і пачуццём, змог адчуць глыбіні народнай душы, народнага першародства. Арсеннева амаль што не парушае народныя матывы любімай роднай зямлі. Яна вытанчана адчувае прыгажосць і перадае яе ў сваіх творах. Таму вернай з'яўляецца выснова, што паэзія Арсенневай - гэта мастацтва для мастацтва. Асноўнай рысай яе паэзіі ёсць ноты меланхоліі. Па ўзроўні мастацкай дасканаласці творы Арсенневай стаяць вельмі высока, вызначаюцца яны вытанчанасцю формы і музыкальнасцю паэтычных радкоў.

Цалкам іншы талент мае Міхал Машара, самы здольны, пасля Арсенневай, малады беларускі паэт. Машара, як і Арсеннева, - лірык. Яго творчасць адрозніваюць вялікі размах і шырокае поле зацікаўленнасцяў, у ёй дамінуюць сацыяльныя і нацыянальныя матывы. Ідэйная лірыка Машары вызначаецца палкім замілаваннем да роднага краю і бескарысным служэннем свайму народу. Нягледзячы на цяжкія жыццёвыя ўмовы, у якіх знаходзіцца зараз Машара (з 1928 г. знаходзіўся ў турме на Лукішках - Л. Л. ), яго творы вызначаюцца вялікім аптымізмам і яснай верай у будучыню. Вельмі моцна Машара адчувае прыгажосць беларускай прыроды. Прырода выклікае ў душы паэта цэлую гаму разнародных пачуццяў, абвастрае ўразлівасць і нараджае ў ім шмат маладзецкіх парываў. Натхняе яго і народная творчасць, матывы народных абрадаў, якія, звычайна, маюць радасныя і светлыя таны. Машара пачаў пісаць вершы ў турме, у якой знаходзіўся з-за прыналежнасці да Грамады. У 1928 г. выйшаў зборнік яго лірыкі "Малюнкі", шмат твораў аўтар друкаваў і ў розных часопісах. Значная частка яго вершаў знаходзіцца ў рукапісах. Машара - сялянскі сын з Дзісненшчыны.

Свае асаблівасці маюць творы Хвёдара Ільяшэвіча. Ён, магчыма, адзіны заходнебеларускі паэт, які ў значанай ступені парваў са старымі формамі і знаходзіцца ў стадыі пошукаў новых дарог. Яго вершы найбольш сучасныя як ў форме, гэтак і ў змесце, яны нясуць новыя матывы. Адмысловую ўвагу ў творах Ільяшэвіча заслугоўваюць рэдкія ў беларускай паэзіі гарадскія матывы. Сустракаем ў яго творах таксама і ідэалагічныя ці жыццёвыя матывы. Да гэтага часу выйшлі два яго зборніка: "Веснапесні" (1929 г.) і "Зорным шляхам" (1932 г.).

Больш-менш на тым жа паэтычным ўзроўні, што і Ільяшэвіч, знаходзіцца Міхась Васілёк (Касцевіч). У яго творах знаходзім шмат старых, яшчэ "нашаніўскіх" матываў, але сучасныя матывы, здаецца, у яго не сустракаюцца. Першаснай асаблівасцю вершаў Васілька з'яўляецца іх сумны і меланхалічны характар. Цяжкі народны і асабісты стан не дазваляюць яму пісаць вясёлыя і радасныя вершы. Аднак смутак Васілька ніколі не даходзіць да мяжы роспачы, паэт мае моцную веру ў лепшую будучыню беларускага народа. У яго творах ёсць прысутнічае любоў да роднай зямлі і сумныя жыццёвыя рэфлексіі. У 1929 г. Васілёк выдаў зборнік сваіх вершаў "Шум баравы", шмат вершаў надрукавана ў часопісах.

Самым малодшым паэтам, якому на адбыўшымся паэтычным вечары таксама была прысвечана ўвага, ёсць Язэп Вількоўшчык. Да нашага часу ён не выдаў зборніка а толькі друкаваў свае вершы ў часопісах "Нёман" і "Шлях моладзі". Нягледзячы на тэхнічныя памылкі, бачна, што творы Вількоўшчыка вызначаюцца глыбокімі рэфлексіямі на розныя жыццёвыя тэмы. Галоўным матывам яго творчасці ёсць глыбокі смутак з-за цяжкага стану беларускага народа.

Янка Быліна мае вялікі поспех у галіне гумарыстычнай паэзіі. Па-праўдзе, паэт шмат увагі надае і сур'ёзнай паэзіі, але толькі гумарыстычныя творы Быліны здабылі яму папулярнасць. Сярод гумарыстычных твораў найбольшую літаратурную вартасць маюць яго байкі, якія нясуць у сябе здаровыя маральныя пачуцці. Быліна выдаў зборнік твораў "На прызбе" і шмат вершаў надрукаваў у часопісах.

Сярод важнейшых беларускіх аўтараў, якія не ўзялі удзел у літаратурным вечары, трэба назваць Станіслава Грынкевіча і Аўгена Бартуля. Першы піша прозу - цікавыя навелы з жыцця народа ў Заходняй Беларусі, а другі піша вершы.

Можна было б больш расказаць пра беларускую літаратуру ў Заходняй Беларусі. […] Маладыя беларускія паэты часта жывуць у скрайняй беднасці і не толькі не знаходзяць падтрымкі ў грамадстве, але нават і не маюць магчымасці данесці да яго сваю творчасць. Таму гэты цудоўны літаратурны вечар, мэтай якога было больш шырокае знаёмства з маладой беларускай паэзіяй, трэба лічыць вельмі неабходнай справай.

St. [верагодна – Антон Луцкевіч] Młoda poezja białoruska // Pregląd Wileński. 1933. № 11–12. S. 7-8.

Зваротная хваля

Час ад часу ў мясцовай польскай прэсе пачынаецца алярм аб несувымерна малым (адносна высілкаў) выніку культурна-асветнай працы сярод беларускага насельніцтва. Як у свой час пісаў "Кур'ер Віленскі", сярод выхаванцаў польскіх агульнаадукацыйных школ ужо праз некалькі гадоў пасля заканчэння школы, сустракаецца з'ява паўторнай непісьменнасці… Настаўнікі гэтых школ шчыра выконваюць адведзеную ім ролю "пашыральнікаў польскасці". Кожны польскі дзяржаўны функцыянер, кожны супрацоўнік самакіравання, кожны інтэлігент у вёсцы, сваім першым абавязкам лічыць працу па спальшчэнню краю. А вынікаў не бачна … Патрабаванні ад школьнай дзятвы, каб яны дома стараліся размаўляць па-польску, ні да чаго не прыводзяць - прышчэпленая польскасць без следу гіне сярод беларускага жыцця, а разам з ёй сыходзіць у няпамяць цэлы пласт культуры, які з такой цяжкасцю прышчапляўся настаўнікамі ў школах.

Разуменне, што польскі "Kulturkampf" (Kulturkampf (ням.) - барацьба за культуру - Л. Л. ) на беларускіх землях працуе дрэнна, прымушае кіраўнікоў гэтай справы шукаць эфектыўныя спосабы спальшчэння беларускага люду. Гэтаму падпарадкавана ўся праца. Адбываюцца "соймікі" польскіх "культтрэгераў", паўстаюць праекты "дамоў культуры" (відочна, нацыянальна-польскіх) і г. д. Але ніколі і нідзе ў аналізе прычын малой эфектыўнасці паланізацыйных высілкаў мы не чулі пра галоўную прычыну няўдачы: нацыянальнай стойкасці мясцовага люду. На гэта неаднаразова звяртала ўвагу беларуская прэса - нават самая лаяльная да польскай дзяржавы. Аднак гэтыя галасы не знайшлі ніякіх водгукаў у польскім грамадстве, якое ўпарта глухое да таго, што кажуць беларусы. Таму няма нічога дзіўнага, што для кіраўнікоў польскага "Kulturkampfu" праблема зводзіцца да таго, каб настаўнікі школ на беларускай вёсцы аддавалі яшчэ больш сваіх сіл сізіфавай працы па дэнацыяналізацыі беларускай дзятвы.

Хто пра стан беларускага руху ў Польшчы хоча меркаваць па таму, што робіцца сярод беларускай інтэлігенцыі - падзеленай і пасваранай праз дзікую партыйнасць - той атрымае адмоўнае ўражанне. А ці можна верыць у нацыянальнае развіццё люду, пазбаўленага кіраўніцтва з боку нацыянальнага інтэлекту - уласнай інтэлігенцыі? Польскае грамадская думка канстантуе факт адарвання беларускай інтэлігенцыі ад народных мас і грунтуючыся на гэтым, лічыць беларускае пытанне вырашаным. Аднак справа выглядае інакш, калі глядзець на яе не з гары, а з долу, з беларускай вёскі. Карціна, якую мы ўбачым, дазволіць адкінуць усе ілюзіі вызнаўцаў і прыхільнікаў праграмы былога прэм'ера Скульскага.

У мінулым годзе знаны ў Вільні "Клуб валацуг" зрабіў спробу паглядзець на беларускую вёску, уласна, з долу. На адным з пасяджэнняў беларускім дзеячам В. Грышкевічам быў прачытаны рэферат пра тое, чым і як духоўна жыве беларускае сялянства. Дакладчык абапіраўся выключна на дадзеныя, якія немагчыма аспрэчыць: на акты і дакументы, якія сцвярджалі нацыянальную актыўнасць беларускай вёскі - нягледзячы на падзел, які маецца паміж ёй і гарадской інтэлігенцыяй, і нягледзячы на палітычную няспеласць беларускага грамадства. І вось якія факты ён паведаміў.

Беларуская вёска ўжо жыве ўласным нацыянальным жыццём, хоць і не мае інтэлектуальнага кіраўніцтва. Гэта праяўляецца ў цязе да самаадукацыі, да школы на роднай мове, да арганізацыі сваіх чынных сіл на чыста культурніцкім і гаспадарчым грунце, да арганізацыі беларускіх сходаў з чытаннем рэфератаў, тэатральных пастаноў, канцэртаў і г. д. Нягледзячы на тое, што беларускі селянін прыгнечаны вострым гаспадарчым крызісам, вялікімі падаткамі, штодзённымі праблемамі і цяжкай працай, ён сам, з уласнай ініцыятывы, выяўляе сваю ахвярнасць для нацыянальнай справы, ахвотна дае грошы на беларускую школу, дае будаўнічыя матэрыялы, ахвяруе сваю працу і г. д. Аббіванне сялянамі парогаў усялякіх дзяржаўных устаноў, каб дамагчыся сваёй школы на матчынай мове, ёсць звычайнай справай. Беларускі селянін не лічыць сябе прайграўшым, пакуль не пераспрабуе ўсе легальныя магчымасці. Калі мясцовыя ўлады адмаўляюцца даць яму дазвол на беларускае прадстаўленне, канцэрт, пасведчанне і г. д., ён ідзе са скаргай да старасты, да ваяводы, да міністра - хоць і рэдка дасягае сваёй мэты. Паўсюдна бачна імкненне беларускага люду да арганізацыі ўсялякага роду культурна-асветных таварыстваў, без розніцы на іх палітычную афарбоўку: ці гэта будзе "Таварыства беларускай школы", ці "Інстытут гаспадаркі і культуры", ці "Таварыства беларускай асветы". Таксама робяцца справы адкрыцця кааператыўных суполак, але і тут мясцовыя ўлады робяць шматлікія перашкоды, адмаўляючы ў дазволе на арганізацыйны сход.

Вось, з большага, карціна жыцця беларускай вёскі і яе жаданняў, усё гэта дакументальна пацверджана дакладчыкам, які засыпаў слухачоў незлічонымі фактамі, з інфармацыяй пра дату і месца падзеі, з копіямі паданняў і скарг да ўладаў, з копіямі адказаў ўладаў і дакументамі пра далейшыя крокі сялян. Вёска жыве, мае свае ўяўленні аб сваім культурна-нацыянальным абліччы і сама клапоціцца аб рэалізацыі сваіх планаў.

У жыцці беларускага люду трэба зазначыць адну характэрную рысу, пра якую неаднаразова пісала розная беларуская прэса. Люд гэты, на першы погляд ціхі і пакорны, такім можа ўяўляцца толькі тым, хто не ведае яго добра. Не маючы сталых арганізацый, разцярушаны, мае ён моц пасіўнага адпору, аб які разбіваюцца высілкі варожых яму сіл, і які ў пэўныя хвіліны становіцца чынным і ператвараецца ў масавыя акцыі. У былыя гады, калі збіраўся Віленскі сойм, беларуская вёска байкатавала выбары і ніхто са згодніцкай групы Алексюка не атрымаў мандата. Гэта і быў пасіўны адпор. А ў 1922 г. тая самая беларуская маса з пасіўнай стала чыннай і выбрала 12 паслоў у Сойм і 3 паслы ў Сенат! […] А праз некалькі гадоў пачалося масавае складанне дэкларацый за беларускую школу - у 1925-28 гг. было складзена каля 20 000 дэкларацый за навучанне па-беларуску. А далей - "Грамада" з яе 100 000 членаў. Гэтыя з'явы ўставання шматтысячных мас сялян у хвіліны, якія маюць гістарычнае значэнне для беларусаў, можна назваць "зваротная хваля". Бо, калі гэтак было ў гады, калі беларуская вёска была менш свядомай, а толькі ішла за сваімі лідарамі і не выяўляла самастойнай актыўнасці, дык зараз, калі і без лідараў унутранае жыццё вёскі стала развіваецца і паглыбляецца, гэтая "хваля" мусіць набраць моцы і праявіць сябе ў адпаведны момант. У якім кірунку - гэта ўжо іншае пытанне, адказ на яго можа даць толькі будучыня.

Аднак залежаць гэта будзе ад таго, ці здолее новае пакаленне беларускай інтэлігенцыі ўзяць у свае рукі ўладу над беларускімі душамі ці кіраваць і надалей будуць агульнабеларускія чыннікі.

H. B. [Антон Луцкевіч]. Powracająca fala // Pregląd Wileński. 1935. № 3–4. S. 5-6.

Беларускія перадачы на Віленскім радыё

Як вядома, беларускія радыёперадачы ў нашым краі, дзе беларуская мова вельмі пашырана, з'яўляюцца рэдкасцю і таму заслугоўваюць, каб пра іх пісаць.

12 траўня (1934 г. - Л. Л. ) першы раз з моманту існавання віленскай радыёстанцыі, слухачы мелі магчымасць пачуць інфармацыю пра Беларусь і беларусаў з беларускай крыніцы, без тэндэнцыйнага польскага асвятлення. Можа і лепей, што даклад быў прачытаны сп. Францішкам Аляхновічам на польскай мове, бо рабіўся для польскага слухача, які, хоць і жыве пасярод беларусаў, але найчасцей нічога не ведае пра іх гісторыю і культуру.

Улічваючы непрацяглы час лекцыі, не было магчымасці вычарпальна раскрыць заяўленую тэму і тое, што можна было пачуць, з'яўлялася па-майстэрску складзеным зборам самых важных фактаў з гісторыі і сучаснасці. Толькі адно можа выказаць супраць рэферата, які, здаецца напісаў А. Луцкевіч, гэта тое, што прадстаўляючы развіццё беларускага школьніцтва ў БССР і падаючы лічбу ў 8 тысяч існых там агульнаадукацыйных беларускіх школ, для параўнання ён не давёў колькасць беларускіх школ у межах полькай дзяржавы. Цяжка нават дапусціць, што аўтар забыўся пра гэтую найвялікшую балячку беларусаў. Застаецца толькі здагадвацца пра аловак цэнзара ў руцэ дырэктара радыё сп. Гулевіча.

Пасля даклада, наступіў час дэкламавання на беларускай мове твораў Максіма Багдановіча ў артыстычным выкананні сп. Аляхновіча. Потым выступіў беларускі хор пад кіраўніцтвам сп. Шырмы. Было выканана 8 беларускіх народных песень у апрацоўцы Галкоўскага, Грачанінава, Рагоўскага і іншых. Гэтыя творы, у выкананні таленавітых харыстаў пад кіраўніцтвам дасведчанага дырыжора, былі выкананы бездакорна, калі не лічыць адносна слабога гучання мужчынскіх галасоў, дакладней басоў, з-за, верагодна, аддаленасці іх ад мікрафона. Тым не менш, выступ хору сп. Шырмы, як і ўсю беларускую перадачу, якая цягнулася 45 хвілін, трэба лічыць вельмі ўдалымі.

Застаецца толькі пажадаць, каб такія выступы адбываліся як мага часцей.

S-cz. [Антон Луцкевіч] Audycja białoruska w radio wileńkiem // Pregląd Wileński. 1934. № 11. S. 8.

Са старых анекдотаў

У апошні час, паны публіцысты з віленскай газеты "Слова" пачалі неаднаразова прысвячаць сваю ўвагу маёй сціплай асобе з незвычайнай зласлівасцю рэагуючы на мае публічныя выступы. На змястоўную крытыку я адказаў бы змястоўна. Адказваючы на зласлівасць - дазволю сабе таксама трошкі зласлівасці, але без вульгарнасці "Слова" [1].

Адзін з публіцыстаў газеты пайшоў так далёка, што пачаў вучыць мяне, як належыць … размаўляць па-беларуску! Маўляў - я ўжываю чужаземныя тэрміны! І гэта напомніла мне пэўны анекдот, які я сваімі вушамі чуў некалі ў Пецярбургу, калі, як малады студэнт, вучыўся ў тамтэйшым універсітэце.

Было гэта на пачатку XX стагоддзя.

На юрыдычным факультэце энцыклапедыю права (агульнае права? - Л. Л.) выкладаў вельмі вядомы ва ўсім навуковым свеце прафесар Л. Петражыцкі. У сваіх лекцыях, на якія прыходзілі і шчыльна запаўнялі залу не толькі студэнты права, але і студэнты іншых факультэтаў, па зразумелых прычынах прафесар Петражыцкі карыстаўся агульнаеўрапейскай тэрміналогіяй. Гэта абурыла аднаго маладога слухача з малалікай тады яшчэ групы "истинно русских". Пасля заканчэння лекцыі, ён устаў і рэзка задаў лектару пытанне: чаму ён замест рускіх ўжывае гэтак многа замежных слоў?

Петражыцкі хвіліну маўчаў і ўважліва глядзеў на студэнта, пасля чаго з поўнай павагай задаў яму пытанне: "А вы, калега, кім будзеце ў нашай вучэльні?" - "Студэнт першага курса другога семестра Імператарскага Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта", - хутка адказаў малады чалавек. І Петражыцкі з поўным спакоем пачаў па-чарзе аналізаваць кожнае са сказаных студэнтам слоў. Аказалася, што студэнт ужыў толькі 2 рускія словы на 7 замежных!

Аўдыторыя выбухнула гамерычным смехам, а потым вітала прафесара гарачымі авацыямі. Нефартунны "патрыёт" з-за сораму хутка пакінуў залу …

Петражыцкі, які пісаў па-нямецку, а выкладаў па-руску, ужываў шмат замежных слоў. І той студэнт, пэўна лепш ведаў рускую мову, чым яе ведаў прафесар, таму пытанне, у пэўнай ступені было аб'ектыўным.

Але мой крытык, на жаль, знаходзіцца трошкі ў іншым стане. Бо ён ані піша, ані размаўляе па-беларуску. Я ж і размаўляю, і пішу на гэтай мове не адзін дзясятак гадоў.

Antoni Łuckiewicz Z dawnych anekgdot (List do redakcji) // Pregląd Wileński. 1935. № 13–14. S. 9.

Пераклад і каментар Леаніда Лаўрэша.



[1] Верагодна, апошнім штуршком, які прымусіў Луцкевіча напісаць гэты ліст у рэдакцыю, стаў рэпартаж з адкрыцця віленскай бібліятэкі імя Урублеўскіх. Падчас цырымоніі адкрыцця сярод іншых вельмі вядомых і паважаных асоб, ад імя Беларускага навуковага таварыства выступіў Антон Луцкевіч. Вось як паведаміла газета пра яго выступ:

"Наступныя два выступы былі ад летувіскага і беларускага навуковых таварыстваў. Кс.-пралат Віскант прамаўляў па-летувіску. Як кажа статыстыка, у Вільні жыве 0,75 % летувісаў і таму сярод 150 прысутных у зале, цалкам верагодна, што мог быць і 1 летувіс. Пасля прамовы па-летувіску, кс. Віскант прамовіў па-польску. Ці быў гэта пераклад з летувіскага, ці была гэта цалкам іншая прамова, засталося таямніцай.

Пан Луцкевіч выступаў па-беларуску. Статыстыка паказвае ў Вільні 0,8 % беларусаў (зразумела, што беларусамі, у лепшым выпадку, статыстыка лічыла толькі праваслаўных - Л. Л.), але хто б успомніў пра тую статыстыку, слухаючы аповед пра тое, як с. п. Урубулеўскі "кантактаваў з беларусамі", якое вялікае значэнне мае "культурны факт" адкрыцця бібліятэкі і г. д. Цёпла станавілася на сэрцы: хто трошкі ведае лаціну, лепей - польскую мову і гаворку галіцыйскіх чыноўнікаў, без цяжкасці можа размаўляць як радавіты беларус!

Натуральна, абедзве гэтыя прамовы былі ўзнагароджаны шчырымі апладысментамі." - цыт. па: Słowo. № 169 (4018), 23 czerwca 1935. S. 5.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX