Папярэдняя старонка: 2023

Наша слова.pdf № 03 (55) 


Дадана: 17-01-2023,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 3 (55), 18 студзеня 2023 г.

Заўжды ЦІКАВА

Так афармляюцца цяпер кавярні на аўтазапраўках "Беларусьнафты" ў Лідзе. Як паведамілі ў рэдакцыю з Гародні, там таксама ёсць такія кавярні. Магчыма, калі і не на ўсёй астатняй Беларусі, то па ўсёй Гарадзенскай вобласці будзе так.

Канешне, не ўсё тут па-беларуску, але толькі два беларускія словы "Заўжды ЦІКАВА" ператвараюць былое цалкам расейскамоўнае асероддзе ў рэальна двухмоўнае.

Мова цяпер тут не толькі жыве, але і працуе.

Можна мець шмат пажаданняў, але перш трэба выказаць словы падзякі і кіраўнікам "Беларусьнафты" і дызайнерам за патрыятызм і майстэрства.

Яраслаў Грынкевіч.

80 гадоў Міколу Чарняўскаму

Мікола Чарняўскі нарадзіўся 16 студзеня 1963 года ў сялянскай сям'і ў в. Буда-Люшэўская Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці. Скончыў вячэрняе аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1966). Адначасова працаваў рэдактарам Беларускага радыё. У 1966-1988 гг. - літсупрацоўнік, старшы рэдактар аддзела, адказны сакратар часопіса "Бярозка". З 1989 г. - літаратурны рэдактар часопіса "Вясёлка".

Дэбютаваў вершам у 1958 г. у газеце "Піянер Беларусі". Аўтар кніжак паэзіі для дзяцей "Дзе лета канчаецца" (1963), "Апошні бой" (1967), "Сонца ў хованкі гуляе" (1970), "Кліча горн" (1974), "Адрас наш - дзіцячы сад" (1975), "Парад" (1976), "Залатая ніва" (1977), "Дзе пяцёркі прадаюцца?" (1978), "Я збіраюся на БАМ" (1979), "Хто сябруе з добрым днём?" (1981), "Звініць званок…" (1982), "Зоркі-зорачкі" (1984), "Навечна з сонцам" (1986), "Аб чым пяе крынічка" (1989), а таксама аповесці "Бегунок пачынае думаць" (1965) і "Акадэмія … на колах, альбо За вясёлкай наўздагон" (1990).

Выдаў зборнікі паэзіі "Чалавечнасць" (1971), "Трывога" (1988) і сатыры і гумару "Казёл-моднік" (1978), "І не косяць, і не жнуць…" (1982), "Камар на матацыкле" (1985), "Нашто бабе агарод?" (1989) і інш.

Вікіпедыя.

БУДЗЕМ ПАМЯТАЦЬ МЫ - НЕ ЗАБУДУЦЬ І НАС

У Календары-Чысленніку творчых асобаў на 2023 год унесены даты, якія заканчваюцца на лічбы 3 і 8 -- для напамінку пра юбіляраў і даты Памяці творцаў.

Даты звонкія мы ўносім

чым? Чароўнай лічбай - восем.

Юбілярам у сябры

просіцца і лічба - тры.

1 жніўня 2003 года паэт Уладзімір Скарынкін пакінуў такія пажаданні:

Тым, хто вандруе з грэкаў у варагі,

няўрымслівасці зычу і адвагі!

А мае зычэнні чытачам такія:

- Сто летаў, зімаў, вёснаў

і новых творчых вёслаў,

каб кожны зведаць востраў,

Планету павярнуць

і ў Космас зазірнуць:

мо й НАШЫ там жывуць?

Але - што трэба найперш?

Каб з новай патрэбай жыць

і шчыраму сэрцу парадзіць -

самога сябе адкрыць

Веку, Радзіме, Праўдзе.

…Варта нам не забыцца прытуліцца да класікаў:

ЯНКА КУПАЛА:

І няма на свеце так вялікай меры,

І няма на свеце так каваных дзвераў,

Каб хоць на часіну ў будні ці нядзелю

Беларусь са мною разлучць пасмелі.

Таму кожны раз пры сустрэчы пытаюся:

- Хто ахвочы, каб сустрэліся на Ўзвыссі?

Вочы ў вочы! Сэрца ў сэрца! Мыслі ў мыслі!

Сяргей Чыгрын, народжаны 24.09.1958 года, першым азваўся са Сноніма…

Глыток-радок паднёс Чыгрын:

матае не на вус - на дрын…

І кожны том яго - з іскрын,

каб мёрскі малец лез на тын.

Малец з Мёраў падтрымаў:

Вам зычэнні, каб шчырэць,

бегчы, несціся, гарэць,

радавацца, не паддавацца,

шчыра каб зычэць-гучаць,

Бацькаўшчыну велічаць.

30.Х1.2020.

Велічаць - пад ясну зарыцу! 2 кастрычніка 2013 года ў Празе адбылося прадстаўленне дыска маіх фальклорных запісаў "Пад ясну зарыцу" (запіс 1968-69 гадоў), дзякуючы спрыянню Сяргея Доўгушава, народжанага 17.04.1983 года.

Прага. Прабіліся з памяці і маркотныя даты: 21.08.1968-1981 - аперацыя "Дунай". Акупацыя Чэхаславакіі войскамі Варшаўскай дамовы.

А суседка Чэхіі - Сербія. Там нарадзілася 12.03.1993 года Даяна Лазарэвіч,

Памяць - Вір пастаяны,

непагаснасці Зьніч.

Дзе Гучанне Даяны,

там і Сербіі кліч!

15.Х.2017.

У 2019 г. Даяна выдала зборнік перакладзеных ёю маіх вершаў пад назвай "Вішні цвітуць". Я апублікаваў стос перакладаў вершаў Даяны разм з перакладамі вершаў Эвы Панізнік з Польшчы ў зборніку "На падкове Дзвіны" (2019).

На планеце ля дзяржаўных межаў

весніцца сваяцкая душа, -

І няма - у роўнасці - замежжа,

і знікае - ў роднасці - мяжа.

Паўлычка Дмытро Васільевіч нарадзіўся 28.09.1929 года - украінскі паэт, перакладчык, літаратурны крытык, дыпламат, Герой Украіны. На яго зборніку вершаў "Гранослов" я атрымаў аўтограф у г. Мікалаеве 8.VII.1968 г. А 6.02.2009 г.. - дарчы надпіс у Менску. Запомнілася, што Дмытро Васільевіч адрасаваў аўтограф мне, свайму беларускаму брату, "з вялікай надзеяй на заўтрашні дзень твайго жыцця і жыцця Беларусі".

Убарадулены!

Каму "камы-клёцкі",

а наш Алесь Камоцкі

Заслужыў - і не ўчора -

Дабраслаў ад Рыгора!

9.VI.2008 год.

Мірановіч Міхаіл Канстанцінавіч, народжаны 18 лютага 1948 года. Сатырык, мемуарыст, парадыст. У 2003 г. стаў лаўрэатам прэміі імя Кандрата Крапівы.

З віншаваннем Міхасю

шлю мяцеліцу - усю!

Каб круцілася фарсіста

ля паэта-парадыста.

І прысядзе тоўсты Слон

на яго зыбучы ўслон.

18.02.2016.

1.03.1943 г. нарадзіўся Уладзімір Пецюкевіч. На вершы паэта напісалі песні кампазітары М. Алешка, Дз. Даўгалёў, Я. Захлеўны, П. Ярмоленка…

Пад зоркай Мілавіцай

жыві з любоўю ты.

Хай песні з-пад званіцы

ткуць ветразь малады.

26.01.2010.

1.03.1948 г. нарадзіўся Анатоль Сідарэвіч. Прапанова на яго ганцавіцкі выгук:

Ёсць выхад адсуседзіцца,

узвысіцца адлупамі…

І ў Нацыю з Насельніцтва

з ахвотаю патупаем.

31.V.2012.

Эспіноза Руіс Анхэла нарадзілася ў 1993 годзе ў Іспаніі. Паэтэса, літаратуразнаўца, перакладчыца.

Эдуард Гашынец, славацкі славіст, нарадзіўся 29.ХІ.1923 года.

17.01.1953 г. нарадзілася Ірына Жарнасек, паэтэса, празаік пякучай тэмы.

Ад'язджае Каляда…

Для Ірыны не бяда:

І Вадохрышча спаткае.

Святы Юзаф прывітае.

Ну а я не Ледасек.

Вам дарунак маю - лек

- Будзь шчаслівым,

Творчы Век!

17.01.2018.

3.V.1953 г. нарадзіўся Франц Сіўко - празаік, публіцыст. Лаўрэат прэміі "Гліняны Вялес" (2015).

1998 г. Ордэнам Трох Зорак (Трыс Звайгзнэ) ад прэзідэнта Латвійскай Рэспублікі ўзнагароджаныя Васіль Сёмуха, Рыгор Барадулін, Сяргей Панізьнік.

25.1Х.1938 г. нарадзіўся Вячка Целеш - мастак, педагог, выдавец, фалькларыст, краязнавец, заснавальнік Аб'яднання мастакоў-беларусаў Балтыі "Маю гонар", Рыжскай нядзельнай школы…

Вячка! Дружа!

Жменю ружаў

пасылаю праз прасцяг.

Будзь жа дужы,

як наш Сцяг.

З верасьнёвых новых дзей

Маеш гонар! Маладзей!

27.Х!.1988 г. Вячка Целеш заснаваў Латвійскае таварыства беларускай культуры "Сьвітанак".

Скарына Рыгу не забудзе -

нам зорыстым дазорам будзе!

На дзвюх мовах выдаў Вячка Целеш анталогію "Беларускія мастакі ў Латвіі 1920-1990" - па-латышску і па-беларуску.

1158 год. Нямецкія купцы заснавалі гандлёвае паселішча ў вусці (рыгве) Дзвіны. Узнікла Рыга, сталіца Лівоніі. Узбагацеў гандлёвы Шлях з Грэкаў у Варагі.

1888 год. Андрэй Пумпур апублікаваў латышскі гераічны эпас "Лачплесіс".

Ачнуўся люд. Адчуў ён сэрца зрух:

- З адвагаю і вернасцю жывіце!

Уваскрасае гераічны дух,

калі гадуе нацыю Будзіцель.

17 - 30.У.1988 год. Экалалагічную экспедыцыю па Дзвіне-Даўгаве правёў Васіль Якавенка (5.05.1936-22.01.2018) - празаік, публіцыст, выдавец. Удзельнікі - вучоныя з Латвіі, Расіі, Беларусі.

19.01.1518 г. Убачыла свет "Премудрости Божией книга" Францішка Скарыны.

Per aspera ad astra

Праз церні да зорак.

27.02.1958 год. Рэабілітаваны Юрка Гаўрук (6.05.1905-18.02.1979) - аўтар першай на Беларусі анталогіі паэтычных перакладаў "Кветкі з чужых палёў" (1928).

30.06 - 7.07.1968. У Мікалаеве на Украіне праходзіў Другі фестываль паэтаў братніх рэспублік. Прысутныя Алесь Разанаў, Мікола Маляўка, Сяргей Панізьнік.

4.Х.1498 г. Полацку - сталіцы першай дзяржавы на беларускай этнічнай тэрыторыі нададзена Магдэбургскае права. Упершыню згадваеца Полацак у 962 годзе.

Веча гудзе. Сёння з продкамі сталі мы ў шэраг.

Дабраславеннем у сэрцайку кожным гарыш,

Полацак! Ты радаводны наш бераг,

Вечны як наш Еўфрасінеўскі Крыж!

25 сакавіка 1918 года абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка.

13.03.2018 г. у парку імя Янкі Купалы (Мінск) адкрыты памятны знак у гонар ідэёлагаў беларускай дзяржаўнасці Антона і Івана Луцкевічаў. Спрыянне Маргарыты Сяргееўнай Пяровай - стрыечнай пляменніцы Луцкевічаў.

Тут браты спазналі лёс:

Быць на новым старце…

І Купалу не да слёз…

Беларусь - на варце!

Эва Панізьнік-Бах жыве ў Польшчы; нарадзілася 5.01.1988 г. у Гданьску.

А Вераніка Панізьнік нарадзілася ў Менску 9.02.1978 г. Жыве ў Канадзе.

Будзе сёння і пасля,

нібы той Скарыны бохан,

Беларусь для ўсіх пад Богам -

Веры, Любасці зямля.

Крук Валянціна Іосіфаўна нарадзілася 9.ХІ.1958 г. 23 гады ў Верхнядзвінску працавала кніжніцай рухавай, мая музейная Хата бабкі Параскі была пад яе апекай. У Полацку часта запрашала мяне для выступленняў. На мой расповяд пра прысутнасць на чарнобыльскай зямлі мілая Валянціна Іосіфаўна напісала: "Сяргей Сцяпанавіч, жывіце доўга, даўга!" Адказаў ёй так:

Будзем жыць, як набяжыць?

Нам над марамі кружыць,

Бо струна яшчэ дрыжыць!

Сэрцу хочацца служыць,

Бацькаўшчынай даражыць.

2.IV.2018 г.

9.У.1953 года нарадзіўся Віктар Хурсік.

І не ў хроніцы-заслонцы,

а пры светленькім ваконцы

Павіншую я суседа,

каб тварыў для запавета

з Беларусі - на паўсвета.

І пры Поўні, і пры Сонцы -

сёння, заўтра і бясконца!

9.V.2019.

Мой зборнік для дзяцей "Літары ў расе" ў 2011 г. з'явіўся ў выдавецтве Віктара Хурсіка. У тым жа годзе і зборнік "На ўсе вякі…" - па-беларуску і ў перакладзе на англійскую мову Дагмар Волкат, на французскую - Ніны Дзябольскай.

6.IV.2013 г. Барыс Уладзіміравіч Кіт пакінуў такі запіс: "…Шкада толькі, што сярод беларусаў ніколі не было паяднання".

Ёсць наказ

любіць не на паказ…

А мо лепей, каб упыры

вывесілі цэтлікі

"Неяднанцы-растапыры,

выправім хрыбетнікі!"

30.VII.2013.

Еўфрасіння Полацкая (1104 - 23.V. /5.VI/ 1173).

У 1883 г. прылічана да ліку святых. У 1931 г. копія Крыжа заступніцы і асветніцы, народжаная Прадславай, была ўстаноўлена ў Яўнлатгальскай царкве (цяпер Абрэнэ на тэрыторыі Расіі).

У 1938 г. Сяргей Сахараў выдаў у Рызе кнігу "Преподобная Евфросиния, княжна Полоцкая".

Мне не суджана пакахаць.

Буду веру аберагаць

ад грахоў.

Цераз полымя гарадоў

Прыплыву да сваіх братоў

па любоў.

(Песню "Споведзь" на мае словы стварыў кампазітар Віктар Войцік).

15.02.1943 г. - пачатак Асвейскай трагедыі пад назвай "Зімовыя чары". Стварылі кнігі на гэтую тэму Ірына Жарнасек, Сяргей Панізьнік.

2003 год. Сяргею Панізьніку нададзена званне Ганаровага грамадзяніна Асвеі.

І не мружацца Асвеі

зацярушаныя веі,

і не вылюблена выя…

Шэрым воўкам Доля вые…

(З "Рэквіяма па ахвярах Асвейскай трагедыі").

22.03.1943 г. - трагедыя ў Хатыні. Загінула 149 чалавек, з іх 76 дзяцей. Даты жыцця Камінскага Іосіфа Іосіфавіча: 1887-1973.

А дзе той каваль жыве,

што каваў падковы?

Над Хатыню звон плыве

вечнасці суровай.

Валяніна Казлоўская - Лясная Кветка (19.08.1907 - 31.03.1938) - расстраляная як шпіёнка латвійскай разведкі.

Яснейшых дзён у Бога дачакаем,

і пройдзе час нялюбасці і зла.

О, знай тады, што для цябе, мой Краю -

Мой шматпакутны, для цябе жыла.

Каб стала Домам Дружбы - уся Зямля!

Эдуарду Зарыцкаму (9.02.1946 - 6.06.2018) - кампазітару, Народнаму артысту Рэспублікі Беларусь, Заслужанаму дзеячу мастацтваў, майму сутворцу:

Габой. Валторна. Пастараль.

Капрычыё і канцэрціна.

Там фартэп'яна, тут - раяль…

Зарыцкі - айсберга ільдзіна.

9.02.2010.

Багач. Уладзіміру Сакалоўскаму (10.ХII.1930-20.VI.2013) - навукоўцу, перакладчыку.

Я пры жыцці яго падзяку

насіў, бо знаў не дзіваком,

Калі ён Веду і Пазнаку

валок з Еўропы ў менскі дом.

Падносіў скарб не для бадзягі,

а на падоймы тыражу…

Я пры жыцці насіў падзякі, -

паклон і сёння паднашу.

20.VI.2013.

Ліс Арсень Сяргеевіч (4.02.1934 - 28.У.2018) - літаратуразнавец, доктар філалагічных навук, адзін з укладальнікаў акадэмічнага збору "Беларуская народная творчасць", аўтар кніг пра Я. Драздовіча, М. Гарэцкага… У 2008 г. выдаў кнігу "Gloria viktis". Імя Арсена Ліса - у кнізе гонару "Рупліўцы твае, Беларусь".

Янка Купала.

Мінск, Маладзечна, Вільня -

Як жа знаёмы шлях гэты!

Змерыў яго я калісьці,

Як шукаў шчасця па светах.

Вольга Грыцук, дачка Васіля Дуброўскага (29.Х.1923 - 22.IV.2019 ) - грамадзянка Канады, аўтар вершаў, успамінаў ...

Жыла ў Дзісне з Дуброўскімі, Ластоўскімі.

Там чула Жаўняровіча псалмы.

Дасюль Дзісна ні крыгамі, ні войскамі

не змецена: там Адзігітрыя і мы.

6. IХ.2013.

10.V.1968 года Уладзімір Караткевіч мне параіў правесці Дзень народзінаў у двары дома на вуліцы Веры Харужай, 26, дзе ён меў кватэру. Тады і пазнаёміў мяне з Вацлавам Жыдліцкім, Аляксандрам Баршчэўскім. З Алесем Барскім я сустракаўся часта. Запомніўся яго жарт у тэлефоннай размове з паненкай: "О, як вы сёння хораша выглядаеце!" Чуўся вясёлы смех задаволеай слухачкі. Алесь нарадзіўся на Беласточчыне 2.ХІ.1930 года. Беларускі паэт, літаратуразнавец, публіцыст, перакладчык, Ганаровы доктар БДУ (1993) развітаўся з польскімі прасторамі 28.03.2022 года.

Ніна Янсанэ - Панізьнік (21.ХІ.1933 - 11.ІХ.2019) - перакладчыца з латышскай мовы твораў Яніса Райніса, Саулцэрытэ Віесэ, Андрыса Веянса, Матыльды Езавітавай, Вілберта Краснайса, Айі Лацэ… Мая родная сястра падрыхтавала для мяне падрадкоўнікі вершаў многіх латышскіх паэтаў. Пакінула лірычныя ўспаміны і вершы пра айчынную зямлю, дзе і Сонца па зямлі хадзіла…

Сястра, зажурынка мая,

і мне ты кладачкі масціла.

Вясной пакормім салаўя,

каб Сонца па зямлі хадзіла.

Леанід Маракоў (15.IV.1958 - 17.ХII.2010) - пісьменнік, журналіст, энцыклапедыст, даследчык гісторыі рэпрэсій на Беларусі. Аднавіў біяграфіі больш як 20 тысяч грамадскіх і культурных дзеячаў.

Імёны катаў акаяных

на свет выводзіў Леанід.

Боль Беларусі - акіянны,

але пад намі ёсць граніт.

Нудзьга Грыгорый Антонавіч (21.01.1913 -14.03.1934) - украінскі пісьменнік, фалькларыст, крытык. Аўтар даследавання "Беларуская песня за мяжой". (Часопіс "Полымя", № 4, 1967 г.)

У 1823 годзе арыштаваны ў Расіі па справе філаматаў Адам Міцкевіч (24.ХII.1798 - 26.ХI.1855). Яго жыццёвы шлях ад Завосся каля Наваградка - да Кракава ў Польшчы. Польскамоўны беларускі паэт, публіцыст, асветнік.

У 1818 г. стварыў першы верш "Гарадская зіма". Яго вызначалі як аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, беларускім польскамоўным паэтам. Прафесар славянскай славеснасці на кафедры славянскіх літаратур у Каледж дэ Франс у Парыжы прамовіў: "На беларускай мове, якую называюць русінскай, гавораць каля дзесяці мільёнаў чалавек, гэта самая багатая і самая чыстая гаворка, якая ўзнікла даўно і цудоўна распрацавана".

Кастусь Каліноўскі /Вінцэнт Канстанцін / (2.02.1838 - 22.03.1864) - нацыянальны герой Беларусі, кіраўнік вызваленчага паўстання 1863-64 гадоў. Публіцыст, паэт, выдавец, аўтар "Лістоў з-пад шыбеніцы", "Мужыцкай праўды" (1862) - першай у гісторыі газеты на беларускай мове.

Хай жа будзе заўжды пры нас

З добрым імем, каляным, носкім,

Як вось гэты гранітны сказ:

"Кастусь Каліноўскі".

5.IV.1967.

Абала Мірдза Эдуардаўна (23.02.1923 - 24.02.2007) - доктар філалагічных навук, перакладчыца, даследчыца беларуска-латышскіх сувязяў, стваральніца "Беларуска-латышскага і латышска-беларускага слоўніка" (З дапамогай Ніны Янсанэ).

О, Мірдза Абала, пішы:

З рыгва Даўгавы латышы

Купалу звалі на прыём…

- Laj dzivo! Ў дружбе мы жывём!

28.VIII.2021.

Белакоз Алесь Мікалаевіч (11.ХІ.1928 - 1.ХІІ.2016) - стваральнік Літаратурна-этнаграфічнага музея ў Гудзевічах Мастоўскага раёна. Пасля сустрэчы там з вялікай сябрынай апантаных творцаў напісаўся ўзнёслы верш. Вось некалькі радкоў, народжаных у 1984 годзе:

Слова там на вусенках журкоча,

гоіць і зачарствелы шрам…

Дзе вы, Гуды? Крочу не на ўзбочча,

а на шлях у выратавальны Храм.

Талерка Мікалай Нікандравіч (4 /17/ ХII.1898 - 3.04.1984) - педагог, паэт, мастак, празаік, фалькларыст, беларускі культурна-грамадскі дзеяч у Латвіі.

Сартакоў Сяргей Венядзіктавіч (26.03.1908 -1.V.2005) - рускі пісьменнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1970). У Віцебску на літаратурнай сустрэчы прамовіў:

- А я, браткі, напалавіну беларус. У мяне мама беларуска…

(На літаратурнай вечарыне ў Верхнядзвінску прысутнічала дачка Сяргея Сартакова. Адбылося і наведанне вёскі каля старажытнай Дрысы.)

- На радзіме і дождж сушэйшы! - Прамовіў Васіль Быкаў у Пуцілкавічах 16.VI.1985 года, калі мы аглядалі Дом-музей Петруся Броўкі. Незабыўныя сустрэчы адбыліся з ім ў Горадні, на Кургане Дружбы каля Верхнядзвінска…

Васіль Уладзіміравіч Быкаў (19.VI.1924 - 22.VI.2003) - у сваю дывізію пайшоў, як і Аляксей Пысін. Таму і жыве абаронная раць удзельніка баёў у Румыніі, Венгрыі, Югаславіі, Аўстрыі… Падчас Кіраваградскай аперацыі яго паранілі (памылкова імя запісалі на абеліску загінуўшым 7.01.1944 года).

Але як пісьменніка, грамадскага дзеяча Васіля Быкава не забываюць на мацерыках планеты, памятаюць у нас народнага дэпутата, Ганаровага грамадзяніна Ушацкага раёна… А найперш Васіль Быкаў - Герой Сацыялістычнай працы, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, Народны пісьменнік Беларусі.

З 1966 года у Васіля Быкава часта былі непярэліўкі. З яго гарадзенскіх успамінаў вычытаў: "…многа мы перажылі ўдвух з Карпюком".

Першы верш, які я прысвяціў Васілю Быкаву пасля ўзрушанай сустрэчы ў чэрвені 1969 года, пачынаўся радком "Трубілі трубачы ў Гародні". Дазнаўся, чаму сцены гарадзенскія стаяць? А каб не ведаць нападу і згубы…

Для чысленніка з яскравымі лічбамі 3 і 8 далучаю і такія весткі:пра лаўрэата

Дзяржаўнай прэміі БССР (1978), лаўрэата Ленінскай прэміі (1988), у 1988 г. Васіль Быкаў стаў адным з заснавальнікаў Беларускага народнага Фронту (прыслухаўся да парады Рыгора Барадуліна). 1968 год быў асвечаны выхадам кнігі Быкава "Праклятая вышыня", а 1998 год - выхадам кнігі "Крыжовы шлях".

А я ў кнізе паэзіі "Чало і век" (1979) Васілю Быкаву прысвяціў верш "У Гродні". Там ёсць такія радкі:

Як ваяцкая булава

паднялася над горадам сонца.

І жыве абаронная раць,

звонка трубяць гарачыя трубы!

Каб не ведаць нападу і згубы -

сцены гродненскія стаяць.

І сцены ў літоўскім гарадку Ніда трапяталі пры размове Васіля Быкава з украінскім паэтам Д мытром Чараднічэнкам. Я пераклаў верш Дмытра "Куршская дуга", прысвечаны Быкаву. Там ёсць і такія радкі:

Так пахла ў паветры Свабодаю,

Калі мы сустрэліся ў Нідзе!

Прытуляю некаторыя цытаты з вершаў-прысвячэнняў Васілю Уладзіміравічу:

Перада мной учэпісты рубеж:

Яго і бураломам не праб'еш…

Чую-чую: у звыклай буднасці

трапяткое крыло… І верыцца:

не заснула ты, чуйнае сэрца,

да прылётнай абуднасці.

Пад завеяй не задыхнулася,

не знямела яшчэ - і можа

тою гулкаю быць Каложай,

што над Нёманам нахінулася.

"Васіль Быкаў: "І жыве абаронная раць…". Артыкул быў змешчаны ў кнізе нататак "Абліччы сустрэчаў" (2017). Друкавалі мае тэксты і ў іншых выданнях. Людміла Хейдарава пра мае высілкі адказала так: "Дзякую за ўсе Вашыя згадкі, па якіх можна выбірацца з лабірынтаў мінулага да нашай еднасці, гонару і славы, каб "стаць у шэрагі непахісных". І гэты неацэнны быкаўскі цуд: "На радзіме і дождж сушэйшы!" - да слёз" (19.06.2018).

Так, светлая Памяць пра атланта Быкава асмельвае нас на ўгаспадаранне яго айчыннага мацерыка.

Сяргей Панізьнік. Снежань 2022 года.

Прэзентацыі ў кнігарні "Светач"

У кнігарні "Светач" адбылася прэзентацыя кніг "Якуб Колас. Выбраныя творы ў 2-х тамах" і "Янка Маўр. Аповесці. Апавяданне", якія выйшлі да 140-годдзя пісьменнікаў і папоўнілі серыю "Народная бібліятэка", што ў 2020 годзе была заснавана ў выдавецтве "Мастацкая літаратура" і распачалася з выдання лепшых твораў Максіма Багдановіча. За тры гады ў "НБ" пабачылі свет кнігі Янкі Купалы, Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Міхася Стральцова і Аляксея Дударава. І сёння, у час прэзентацыі, на якой выступілі ўнучка і праўнучка Якуба Коласа і Янкі Маўра Марыя Міцкевіч і Васіліна Міцкевіч, прысутныя маглі не толькі пазнаёміцца з усімі выданнямі серыі "Народная бібліятэка", але і паслухаць расповеды нашчадкаў нашых класікаў пра свой род і азнаёміцца з творамі, што ўвайшлі ў ёмкія тамы. Прэзентацыю кніг хораша ўпрыгожыла чытаннем вершаў Максіма Багдановіча і Міхася Стральцова Аксана Спрынчан. А я даваў слова выступоўцам і хваляваўся, каб усё было добра. І ўсё было добра. Аднак, забыўся пра просьбу Аксаны, якая хацела, каб я даў ёй слова яшчэ і для агучвання цікавых гісторый з яе жыцця звязаных з Якубам Коласам. Кніжкі, якія выйшлі ў "Народнай бібліятэцы", можна набыць у кнігарнях нашай краіны і ў выдавецтве "Мастацкая літаратура".

Віктар Шніп.

"Навагрудчына. Літаратурнае гняздо Беларусі"

У кнізе Алеся Карлюкевіча "Навагрудчына. Літаратурнае гняздо Беларусі" чытача чакае пазнавальнае падарожжа па старажытным Наваградскім краі. Пад адной вокладкай - сустрэчы з класікамі і сучаснікамі, якія плённа працуюць у прыгожым пісьменстве. З Наваградкам і Наваградчынай паяднаны Адам Міцкевіч, Вінцэсь Каратынскі, Ядвігін Ш., Якуб Колас, Янка Брыль, Уладзімір Калеснік, Мікола Нікалаеў, Мікола Гайба, Таццяна Яцук, Святлана Кошур і шмат хто яшчэ. Кніга адрасуецца навучэнцам і настаўнікам агульнаадукацыйных школ, гімназій, студэнтам і выкладчыкам універсітэтаў, усім, хто неабыякава ставіцца да роднага слова, да гісторыі беларускай літаратуры.

Паводле СМІ.

Дзіцячы часопіс "Матуліна сонейка" вярнуўся да чытачоў

Пра тое, што "Матуліна сонейка" зноў выходзіць і на яго можна падпісацца, паведаміла ў фэйсбуку перакладчыца Аліна Агрэніч.

"У часопісе я больш не перакладчыца, паколькі над выданнем цяпер працуюць беларусы. Аднак супраца з "Матуліным сонейкам" працягваецца. Тры гады я перакладала з украінскай на беларускую дзіцячыя казкі і вершы, а цяпер спрабую ствараць іх сама. Пазычце мне ўдачы, што называецца", - напісала Аліна.

Падпісацца на часопіс можна на сайце "Белпошты".

"Матулiна сонейка" - штомесячнае выданне на беларускай мове з развiвальнымi гульнямі i заданнямі для дзяцей ад 3 да 7 гадоў. Дзякуючы цікавым заданням і гульням часопіс дае магчымасць дзецям даведвацца новыя словы на беларускай мове i адначасова развіваць свае здольнасці да матэматыкi, чытання i вобразнага мыслення.

Заснавальнік і выдавец - рэдакцыя газеты "Шапакляк".

Паводле СМІ.

"У краіне мараў"

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі пачала працаваць выстава да 130-годдзя Канстанцыі Буйло

У Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі 11 студзеня адбылося адкрыццё выстаўкі "У краіне мараў", прысвечанай 130-годдзю з дня нараджэння беларускай паэтэсы Канстанцыі Буйло.

Храналагічна экспазіцыя закранае жыццёвы шлях паэтэсы ад першых вершаў у перыядычным друку і дэбютнага зборніка "Курганная кветка" у 1914 г. да выданняў твораў 1950-х -1980-х гг.

Выстава была падрыхтавана Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі сумесна з Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы і Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры.

Дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Ганна Галінская адзначыла, што ўдзел у гэтай выставе музей прымае невыпадкова:

- Справа ў тым, што беларуская літаратура фарміравалася пад моцным уплывам творчасці Янкі Купалы, яго матываў, яго вобразаў. І многія паэты, якія сябравалі з Купалам, знаходзіліся якраз пад гэтым плённым уплывам. Не мінула гэта і Канстанцыю Буйло. Вельмі цікава тое, што першы зборнік Канстанцыі Буйло "Курганная кветка" склаў і рэдагаваў Янка Купала.

Таксама Ганна Галінская дадала, што ўслед за Янкам Купалам Канстанцыя Буйло распрацоўвала матывы любові да Радзімы, да яе людзей. Паэтэса з павагай і захапленнем ставілася да паэзіі Янкі Купалы, і таму прысвяціла яму шэраг вершаў.

Сярод экспанатаў можна пабачыць шмат цікавага: тут і першы зборнік паэтэсы "Курганная кветка" ў мастацкім афармленні Язэпа Драздовіча, розныя выданні з музейных і бібліятэчных фондаў з дароўнымі надпісамі, фотаздымкі, аўтарскія рукапісы, перапіска Канстанцыі Буйло з Уладзіславай Луцэвіч, жонкай Купалы, а таксама асабістыя рэчы.

Наведаць выставу можна да 31 сакавіка 2023 г. Уваход - па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Лізавета ГОЛАД. Фота аўтара. Звязда.

Навіны Германіі

Другі нямецкі ЗПГ-тэрмінал уведзены ў эксплуатацыю

Федэральны канцлер Олаф Шольц і міністр эканомікі Роберт Хабек урачыста адкрылі другі тэрмінал для звадкаванага прыроднага газу ў Любміне.

Любмін (dpa) - Спачатку Вільгельмсхафен у Ніжняй Саксоніі, цяпер Любмін у Мекленбургу-Пярэдняй Памераніі - Федэральны канцлер Олаф Шольц у суботу адкрыў другі ў Германіі тэрмінал для імпарту звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ). Федэральны міністр эканомікі Роберт Хабек і міністр-прэзідэнт Мекленбурга-Пярэдняй Памераніі Мануэла Швезіг таксама прынялі ўдзел у перадачы апошняга дазволу аператарам.

Як і тэрмінал у Ніжняй Саксоніі, завод у Любміне сімвалізуе высілкі Германіі па стварэнні альтэрнатыў ва ўмовах адсутнасці паставак расійскага газу. Тэрміналы таксама азначаюць высокую хуткасць, з якой адказныя асобы прыступілі да стварэння ўласнай інфраструктуры імпарту звадкаванага прыроднага газу ў Германію. Тэрміналы былі спланаваны, зацверджаны і пабудаваны на працягу некалькіх месяцаў.

picture alliance/dpa.

Берлін і Парыж прапануюць партнёрства Эфіёпіі

Міністры замежных спраў Бербок і Калонна наведваюць другую па колькасці насельніцтва дзяржаву Афрыкі.

Адзіс-Абеба (dpa) - Германія і Францыя прапанавалі Эфіёпіі пашырыць супрацоўніцтва і ўмацоўваць цеснае партнёрства пасля заключэння мірнай дамовы ў праблемным рэгіёне Тыграй.

- Важна, каб Еўропа цяпер хутка паказала свой твар, - сказала міністр замежных спраў Анналена Бербок, якая знаходзіцца ў краіне з двухдзённым візітам разам са сваім французскім калегам Катрын Калонна. Бербок і Калонна разам сустрэліся ў сталіцы Адзіс-Абебе з прэзідэнтам Сахле-Ворк Зяўдэ, першай жанчынай-кіраўніком дзяржавы з 2018 года.

У лістападзе ўрад Эфіёпіі дасягнуў мірнай дамовы з Народным фронтам вызвалення Тыграя (TPLF), пасля таго як раней было забіта некалькі сотняў тысяч чалавек. Пасля таго, як пяць разоў запар не было ападкаў у сезон дажджоў, Эфіёпія перажывае моцную засуху.

Германія выдзеліць для падтрымкі Пакістана 90 мільёнаў даляраў

Германія ўдзельнічае ў праграме дапамогі ААН пасля катастрафічных паводак і выдзяляе мільярды даляраў.

Жэнева (dpa) - Пакістану на аднаўленне пасля разбуральных паводак абяцаны мільярды даляраў. Як паведаміў пакістанскі ўрад, на канферэнцыі ААН у Жэневе ў панядзелак Пакістану было абяцана больш за 9 мільярдаў даляраў дапамогі.

- Гаворка ідзе пра новыя сродкі, - падкрэсліла дзяржсакратар у Міністэрстве замежных спраў.

Германія паабяцала яшчэ 90 мільёнаў даляраў (84 мільёны еўра), напрыклад, на будаўніцтва рэзервуараў для збору дажджавой вады і дрэнажных сістэм.

- На працягу года яна можа стаць яшчэ большай, - сказаў Ёхен Фласбарт, дзяржсакратар Федэральнага міністэрства эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця. Як і іншыя прадстаўнікі краін-донараў, ён заклікаў да правядзення ў Пакістане рэформаў для развіцця эканомікі.

picture alliance/dpa.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

У Польшчы і Бразіліі: Корбут, Пахадовіч; "літаратурныя індзейцы"

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-2 (53-54) за 2023 г.)

Афарызмаў пра індзейцаў у беларускіх, польска-беларускіх, расійска-беларускіх інтэлігентаў так шмат, што можна схапіцца за галаву: ці не пераблыталі яны нетутэйшыя прэрыі з празаічнымі "сярмяжнымі" лугамі, лясамі і балотамі? Вось які запіс у сваім "ЖЖ" зрабіў 21.12.2010 г. Адам Глобус - пад загалоўкам "Літаратурныя індзейцы": "Не падабаецца мне выраз - літаратурны негар [так]. Занадта далёкімі яны, гэтыя так званыя літаратурныя негры-рабы, былі і застаюцца ад літаратуры. Значна бліжэй да вялікай літаратуры стаяць літаратары-прывіды, а яшчэ бліжэй - літаратурныя індзейцы. Іх я люблю з самага дзяцінства. Ацэола правадыр семінолаў і Чынгачкук [так] Вялікі змей [так] заўжды натхнялі мяне на подзвігі. Дзяку[ю]чы ім, я навучыўся змагацца за сваю вялікую Радзіму, навучыўся змагацца і перамагаць".

У Глобуса, які ўзяў свой псеўданім ад маці ў прамым сэнсе, хоць многія думаюць пра маці-Зямлю, якую годна прадстаўляе Адам, ёсць і іншыя выдатныя выказванні пра індзейцаў. Але Глобус не напісаў цэльнай рэчы пра іх - нават апавядання.

Тым не менш, сярод беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі ёсць некалькі пісьменнікаў-"індзеяністаў" (творы цалкам пра індзейцаў або маюць у загалоўку ўказанне на індзейцаў). Гэта найперш (без уліку малых форм паэзіі, такіх як байка "Індзейскі певень у рускім куратніку" М. Бянецкага) Н. Шчапанская, Ежы Марліч (Галіна Баравік (Borowikowa), народжаная Гардзялкоўская, - пасля дзесяці гадоў перакладаў Дж. О. Кэрвуда і стварэння свайго яго працягу - "Паляўнічыя за прыгодамі" - у 1937 г. пераехала ў Бразілію), М. Карэва ("Атагельпа [Атаўальпа], першы правадыр індзейцаў"), В. Варашыльскі ("І ты станеш індзейцам"), С. Яновіч ("Даўганогая Лань") - у Польшчы; Г. Навагрудскі ("Індзейскае зерне"), Э. Выгодская ("Капітан Картэс"), А. Бялоў-Элінсон ("Падзенне Тэначтытлана"; пераехаў у Ізраіль) - у Расіі; у Беларусі ж у нашай бібліяграфіі - Я. Маўр ("Сын вады") і А. Якімовіч ("Эльдарада просіць дапамогі", "Залатая дзіда"), а таксама І. Касцян. І. Гаўрылаў ("Заснавальнікі цывілізацыі інкаў") - не ўраджэнец, але жыхар Беларусі, як і А. Тышынскі ("Амерыканка ў Польшчы") з К. Шэрманам ("Накірункі свету").

З Норай Шчапанскай, Аляксеем Якімовічам, Карласам Шэрманам і Ігнатам Касцянам мы мелі магчымасць абмяняцца лістамі або электроннымі паведамленнямі.

Н. Шчапанская, аўтар аповесцей і апавяданняў з жыцця індзейцаў, нарадзілася ў Віцебску ў 1914 г. у сям'і ўрача Уладзіслава Адляніцкага-Пачобута і настаўніцы Наталлі Ванды з Дубаргель-Сазонаў. Сям'я пераехала ў Вялікапольшчу ў 1920 г.; у сярэдзіне 30-х гг. (1932-1936) Элеанора вывучала сацыялогію і была асістэнтам на кафедры этнаграфіі і этналогіі ў Познанскім універсітэце. У 1937 г. яна выйшла замуж за Яна Шчапанскага, сацыёлага, будучага аўтара аповесці "Пакуль расце трава, пакуль рэкі цякуць. Гісторыя племені чаенаў 1835-1880" (1972). Яны доўгі час жылі ў Лодзі. Ян быў рэктарам Лодзінскага ўніверсітэта, а пазней віцэ-прэзідэнтам Польскай АН.

Тэматыка кніг мужа з геаграфічнымі і племяннымі прывязкамі паўплывала на Нору Шчапанскую, героямі якой сталі дакота і арыкара, понка і чаены, паўні і каманчы, атава і патаватомі, аджыбвеі і дэлавары. Сярод плямён, якія называюцца ў яе творах, - кроў, оседжы, пеорыя, чарнаногія.

Напісаныя на аснове вывучэння гістарычных і этнаграфічных крыніц, яе апавяданні і аповесці прэтэндуюць на псіхалагізм - у рэцэнзіі літаратурнага крытыка В. Градзенскай пытанне нават у самім загалоўку: "Ці для дзяцей кніга?", але разлічаныя ўсё ж галоўным чынам на моладзь: ідэі, якія хацела перадаць Элеанора, пададзены ў даступнай, мастацка-прыцягальнай форме.

Апавяданні першапачаткова друкаваліся ў цыкле "Карыбу, сын правадыра" ў часопісе "Пломык"" (1956-1957). Першы яе зборнік уключыў апавяданні "Легенды дакоты", "Карыбу", "Вялікія агністыя палкі", "Стрэльба", "Вампум", "Адвага", "Акуан", "Пераможца", "Новае права", "Золата понкі", "Саламон", "Анарасеква". Аповесць "Змова Чорнай Выдры" (1 выд., 1958) прысвечаная паўстанню Пантыяка 1763-1766 гг.

Пісьменніца перапрацавала два свае першыя апавяданні - "Адвага" і "Акуан", аб'яднаўшы іх у аповесць аб ініцыяцыі індзейскага падлетка, сына чаенкі і дакота Чэтанага. Аповесць выйшла ў 1971 г. у Варшаве і ў 1977 г. у Познані з ілюстрацыямі Анджэя Струмілы, мастака родам з Вільні. Аповесці "Дзікі Анда" і "Вуха правадыра" да 1988 г. вытрымалі 5 выданняў.

Віктар Корбут (гл. артыкул пра яго ніжэй) мог бы ўключыць Нору Шчапанскую ў спіс ураджэнцаў Беларусі, якіх варта згадаць у сувязі з Варшавай. Можна ўказаць і раён, дзе жыла пісьменніца, - гэта вуліца Макатоўская.

КОРБУТ Віктар - спачатку менсказнавец, а потым і варшавазнавец (у 2016 г. стаў дактарантам Варшаўскага ўніверсітэта), пры гэтым "даследуе фарміраванне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці па матэрыялах віленскага беларускамоўнага друку 1906-1918 гг.", а значыць яму маглі трапляцца першыя згадкі пра індзейцаў у беларускамоўным друку. Перад усім гэтым быў аглядальнікам у газеце "Туризм и отдых", рэдактарам аддзела культуры ў "Народнай газеце", спецкарам "Советской Белоруссии". Член Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў (пра якую даўно не чуваць).

Дэманстрацыі - тое, што, у прынцыпе, прыцягнула многіх савецкіх юнакоў у індзеяністыку - бо "ціхае выміранне ў рэзервацыях" "можна было і не заўважыць". Не проста акцыі пратэсту, якія ўсюды, дзе гэта магчыма і мэтазгодна, а штосьці значна большае. Гэта былі мітынгі і маршы "карэнных і натуральных людзей" - асабліва ўражвалі паходы ад Ціхага да Атлантычнага акіяна. І гэта былі акцыі "каранёў травы" - "змятых", відавочна пакрыўджаных людзей. У пытанні пра "дэманстратыўныя паводзіны" кожны вырашае сам; мы ж іх - за выключэннем выпадкаў з "дзяцьмі"-індзейцамі, вядома, - ухваляем не вельмі, аддаючы перавагу "законапаслухмянаму" аналізу падобных паводзін іншых - з мэтай выключэння ў светлым будучым усіх падстаў для незадаволенасці.

…У той дзень 2018 г., у выхадны, Віктар хадзіў паміж Замкавай плошчай і Старым Рынкам, назіраючы за Варшавай, што пратэставала або проста публічна выказвалася. Відовішча не для людзей са слабымі нервамі.

У яго матэрыяле "Разгул дэмакратыі. Як у цэнтры Варшавы ўжываюцца дэманстранты, прахожыя і турысты" (Народная Воля. 2018. 24 крас.) звяртае ўвагу, што ў адным месцы выказваліся і індзейцы, і іспанцы або "іспаністы". І першыя маглі б прама там прадставіць другім свае прэтэнзіі, звязаныя з рэпарацыямі.

"Водзячы гасцей з Беларусі па сталіцы Польшчы, мне не раз даводзілася "ратаваць" іх ад удзельнікаў разнастайных палітычных акцый, якія праходзяць у гістарычным цэнтры. Госці з Мінска баяліся ісці побач з натоўпам пад сцягамі і транспарантамі. Нягледзячы на тое, што парадак пільнавала паліцыя. Страх у душах беларусаў перад дэманстрацыяй - гэта нешта!"

"Калі я вярнуўся на Замкавую плошчу, след папярэдняй акцыі пратэсту прастыў. Тут грымела музыка: выступалі індзейцы з Паўднёвай Амерыкі. Побач я зноў пачуў гук з мегафонаў. Дзве купкі маладых людзей вялі ідэалагічны бой за і супраць незалежнасці Каталоніі. Паміж імі стаялі некалькі паліцэйскіх. І праплывалі чароды турыстаў. Большасць мясцовых жыхароў і гасцей горада была абыякавая да палітычных дыскусій. Іх цікавілі добрае надвор'е і прыгожы краявід.

Дамоў я ехаў на трамваі. Рух транспарту быў адноўлены. Разам са мной у вагоне знаходзіліся людзі са згорнутымі сцягамі і транспарантамі. Яны скарысталіся магчымасцямі дэмакратыі і, супакоіўшы душу, ехалі з добрым настроем дахаты".

Літ.: 7606 Корбут В. Царь-рукодел // Советская Белоруссия. 2003. 15 февр.

1990 Стрельцова Н. Марш за выживание // Знамя юности. 1980. 9 дек.

1991 Стрельцова Н. Пасынки Америки // Знамя юности. 1974. 15 мая.

ПАХАДОВІЧ (Пахадойч) Ян - па кантэксце артыкула Уршулі Шубзды ў "Ніве" "Каляда ў беларусаў-католікаў" (16.12.2012) можна аднесці яго да беларускіх католікаў. Аўтар чамусьці піша пра яго па-беларуску як пра Яна Пахадойча, а не Пахадовіча, як значыцца ў афіцыйным ужытку касцёла, у польскамоўных крыніцах. Магчыма, гэта мясцовая, высокаўская, арыгінальная форма гэтага прозвішча. Выпадак варты невялічкага антрапанімічнага даследавання. Па-руску ў інтэрнэце - толькі гумар кшталту псеўданімаў на "Походович": "Баул Походович", "Поход Походович", "Турист Походович". Па-беларуску - толькі вынікі, якія тычацца Яланты Пахадовіч-Май - вядомага складальніка беластоцкай рэгіянальнай і яцвяжскай бібліяграфіі. Сустракаем яе падвойнае прозвішча і ў "Лідскім летапісцы". Пра тое, што прозвішча "эндэмічнае" ў адносінах да Беласточчыны або Падляскага ваяводства, сведчаць звесткі пра колькасць носьбітаў пры пошуку на https://nazwiska-polskie.pl/pochodowicz, https://polskienazwiska.pl/n/pochodowic. На другім рэсурсе: "Сустракаецца вельмі рэдка. У снежні 2017 года яго з'яўленне было зафіксавана толькі ў Падляскім ваяводстве". "Падляшша - 33 мужчыны, 24 жанчыны". "Найбольш асоб з прозвішчам Пахадовіч жыве ў: Беласток 25, Чарна Беластоцкая 9, Высокае 7, Студзянкі 5, Шацілаўка 5, Монькі 4, Остра Гура 4, Рыбнікі 4" .

У. Шубзда - знаўца рэгіёна, энтузіяст мясцовай карэннай мовы (дыялекту беларускай мовы) - ёй можна давяраць. Айцец Пахадовіч - частка свету беларускіх католікаў Высокага і індзейцаў Бразіліі, і ён успамінае мілыя падрабязнасці пра мясцовыя святочныя звычаі Сакольшчыны і многае пра лад жыцця ў "Амазонскай пушчы".

Такім чынам, мы не высвятляем, наколькі вялікі працэнт беларускай крыві ў айца Яна, а проста на ўсякі выпадак - не забываемся, памятаем пра яго і ў любым выпадку братаемся з ім на аснове магутнага "беластоцка-індзейскага брацтва".

Беластоцкая архідыяцэзія паведамляе пра а. Яна такія актуальныя звесткі: нарадзіўся ў 1951 г., магістр тэалогіі, ганаровы канонік Крыпнянскай калегіяльнай капітулы (Kanonik honorowy Kolegiackiej Kapituly Krypnianskiej), пасвячоны ў сан 17.06.1979 г., пробашч дэканата Васількаў (Wasilkow), касцёл Праабражэння (Przemienienia Panskiego) з 29.06.2008 г.

Поўны тэкст яго інтэрв'ю, узятага Уршуляй у айца Яна:

"Гутарка з ксяндзом Янам Пахадойчам, ураджэнцам вёскі Высокае Карыцінскай гміны, місіянерам, які свае маладыя гады прысвяціў патрабуючым у Бразіліі.

- Дваццаць гадоў у зусім іншай краіне, у іншай рэчаіснасці, шмат кіламетраў ад хаты. Гэта падобнае на ссылку?

- Дакладна, ссылка за кару (смех). Шчыра кажучы, я сам, пасля завяршэння вучобы ў семінарыі вырашыў паехаць кудысьці на місію. Абы-куды - Афрыка, Амерыка ці іншы куточак Зямлі. Тады я сустрэўся з біскупам Кіселем і расказаў яму аб маіх меркаваннях. Так і пайшло. Неўзабаве выслалі мяне ў Варшаву на гадавыя курсы партугальскай мовы і тэарэтычнай падрыхтоўкі да працы ў Бразіліі.

- Не баяліся Вы пакідаць сям'ю, Польшчу, усё тое, што ўжо вядомае і блізкае?

- Вядома, што крыху я баяўся. Але тады чалавек зусім інакш думаў. Я быў маладым чалавекам, для якога перспектыва працы на місіях не была нічым страшным. Хаця асабліва першы год быў цяжкі. Я апынуўся ў зусім іншай краіне, якая жыла зусім іншымі праблемамі. Сустрэў я людзей з зусім іншым менталітэтам і іншымі патрабаваннямі з боку Касцёла. Ну, там нават надвор'е іншае! Памятаю, што я выязджаў 6 лютага, у такую строгую зіму. У Польшчы было мінус 30 градусаў, а ў Рыа-дэ-Жанейра - 38 градусаў цяпла. Хацелася вяртацца дахаты, але на чужой зямлі трымала думка аб сораме, які буду адчуваць пасля таго, калі вярнуся першым самалётам у Польшчу (смех). I так я застаўся, а пасля года ўжо не адчуваў тугі па тым, што тут пакінуў. Прывык.

- Дзе дакладна Вы служылі на місіях?

- На самым пачатку я трапіў у Нітэрой. Гэта горад на паўднёвым усходзе Бразіліі. Налічвае ён каля паўмільёна жыхароў. Сам горад спалучаецца з Рыа-дэ-Жанейра мостам, які цягнецца над марскім залівам Гуанабара амаль трынаццаць кіламетраў. Там я працаваў шэсць гадоў пробашчам кафедры. Пазней перавялі мяне ў турыстычны гарадок. Там людзі жылі галоўным чынам з рыбалкі і турызму. Краявіды нібыта з паштоўкі. У сезоне мястэчка перапаўнялася турыстамі.

- Так што мясцовасць, у якой Вы жылі, была даволі багатай?

- Гэта не так. Скажу, што Бразілія з'яўляецца краінай поўнай кантрастаў. З аднаго боку - шкляныя дамы, а з другога - галодныя людзі. Самое Рыа-дэ-Жанейра - гэта горад акружаны морам трушчобаў. Некаторыя з іх паліцыя, хвалюючыся за сябе, кантралюе толькі з верталётаў. Людзі, якія там жывуць, маюць галоўным чынам праблемы з наркотыкамі. Ксяндзы-місіянеры працуюць у розных умовах. Дапамагаюць наркаманам, бедным дзецям, прастытуткам.

- Мелі Вы выходныя ў час сваёй дваццацігадовай місійнай паслугі?

- Здаралася раз на некалькі гадоў. Хаця пазней было даволі цяжка па той прычыне, што перавялі мяне ў лясы Амазонкі. А каб з іх выбрацца, трэба было на пачатку плысці лодкай, пазней ехаць на машыне, на цягніку і ў Рыа-дэ-Жанейра сесці на самалёт.

- Як Вам жылося побач людзей, якія маюць зусім іншую культуру і так невялікія патрабаванні?

- Існуе такое паняцце як інкультурацыя. Мне трэба было жыць так, як і яны жывуць. Індзейцы вельмі адкрытыя, вясёлыя. Зусім іншая ў іх ментальнасць. Яны любяць размаўляць. Нярэдка прыходзілі да мяне і дзяліліся сваімі думкамі. Не толькі жанчыны, але нават і мужчыны не саромеліся проста плакаць, расказваючы аб нейкай праблеме.

- I як жывуць індзейцы?

- Нескладана. Спрыяльны клімат дазваляе ім абмяжоўваць свае патрабаванні да мінімуму. Ядуць яны амаль усё, што ўдасца ім злавіць. Малпы, вужы, кракадзілы. Яны не маюць звычкі рабіць нейкія запасы ежы. Калі ўпалююць звера, не сушаць, не вэндзяць мяса, толькі, што могуць, з'ядаюць, а чаго ўжо не з'ядуць, проста выкідаюць. А пазней часта галадаюць.

- Вы таксама гэтым харчаваліся?

- Так. Я еў усё, што і яны. Часта нейкія фрукты - карацей кажучы, корміць людзей пушча.

- Як смакуе кракадзілавае мяса?

- Кракадзілавае мяса вельмі напамінае ў смаку кураціну, асабліва мяса маладога кракадзіла. Яно з'яўляецца больш далікатным. Забыўся б дадаць, што індзейцы ніколі б не з'елі дэльфіна. Ён, паводле лакальных вераванняў, мае міфічныя асаблівасці. З ім звязаны таксама разнавідныя легенды.

- Якая легенда Вам запамяталася?

- Ну, шмат іх было. Напрыклад, індзейцы вераць, што дэльфін можа пераўтварыцца ў чалавека. Пры гэтым такі пераўтвораны дэльфін можа прыйсці да вёскі на забаву і "зрабіць дзіця" нейкай дзяўчыне.

- Дзяўчаты маюць добры аргумент, каб пазней апраўдацца перад бацькамі!

- (Смех) На самай справе гэта адна з галоўных праблем мясцовага насельніцтва. Там ужо чатырнаццацігадовыя дзяўчынкі нярэдка нараджаюць. Пры гэтым, вядома, распаўсюджваюцца розныя хваробы.

- Маючы на ўвазе становішча Касцёла, напэўна прэзерватывамі гэтыя людзі не карыстаюцца?

- Прэзерватывы індзейцам раздаюць секты, якія з'яўляюцца сур'ёзнай пагрозай для пушчанскіх людзей. Лепшым метадам з'яўляецца палавая ўстрыманасць.

- Вы штодзень адпраўлялі імшы? Многа людзей удзельнічала ў набажэнствах?

- Апрача паслугі ў вясковай капліцы, я таксама наведваў акалічныя касцёлы. Былі такія, куды трэба было плысці лодкай дваццаць восем гадзін. А яшчэ ў больш аддаленых капліцах людзі маглі прысутнічаць у імшы толькі раз у год. Штодзень імшы адпраўляліся толькі ў вёсцы, у якой я жыў. Вяртаючыся да пытання, сапраўды нямнога людзей прыходзіла на імшы. Яны не мелі так укаранелай веры. Адначасова не клапаціліся аб сваю будучыню. Паказвалі пальцам уверх, што ўсё залежнае ад Магутнага. Бывалі такія сітуацыі, што калі хтосьці памёр з сям'і, яны не маглі пагадзіцца з гэтым фактам настолькі, што нават год не прыходзілі ў касцёл. Яны абвінавачвалі Бога ў смерці блізкай асобы.

- Так што галоўнай Вашай задачай як місіянера з'яўлялася адпраўлянне імшы і такім чынам распаўсюджванне хрысціянства?

- Так, але не толькі. Як я ўжо раней згадаў, там-тых людзей трывожаць секты. Яны выкарыстоўваюць прастату тубыльцаў, прымушаюць іх аплачваць даніну. У вёсках, дзе існуе капліца, дзе жыве місіянер сектанты не паяўляюцца. Хаця не толькі гэта ўплывае на сацыяльна-бытавую сітуацыю жыхароў Амазонскай пушчы. Лакальныя ўлады, палітыкі цікавяцца імі толькі перад выбарчай кампаніяй. Пазней зусім забываюцца аб іх патрэбах. Тыя людзі настолькі не верылі ў бескарыслівасць людзей звонку, што калі ўдалося мне прывезці кілаграм лекаў, яны не ведалі, як дзякаваць. Памятаю, што я гады прывёз усяго дваццаць пяць кілаграмаў лякарстваў - па кілаграме для кожнай капліцы, скажам парафіі. Удзячнасць гэтых людзей была вялікая.

- Разумею, што Вы, як місіянер, карысталіся пашанай лакальнага насельніцтва?

- Так, магчыма большай, чым тут.

- Амазонская пушча была ўжо апошнім месцам Вашай паслугі?

- Не, яшчэ перавялі мяне ў такую гарыстую мясцовасць, таму што я ў пушчы захварэў на малярыю.

- Мінула сем гадоў, калі Вы вярнуліся з місіі. Можа гэта здаецца ўжо чымсьці далёкім, бо аб гэтым усім расказваеце так без ніякіх эмоцый.

- (Смех) Індзейцы таксама звярталі ўвагу на тое, што мне цяжка даецца абмен сваімі думкамі. Я з'яўляюся бадай скрытай асобай.

- Тым больш дзякую за гутарку".

Ёсць таксама і польскамоўныя інтэрв'ю з ім пра місіі; у адным з іх месца, куды ён трапіў пасля Рыа-дэ-Жанейра - востраў Маражо, называецца "Marajo - niewielke wyspe na Amazonce" (вядомы як вялізны, найбуйнейшы востраў Бразіліі).

Літ.: 8862 Пахадойч Я. З Высокага ў Амазонскую пушчу / гутарыла Уршуля Шубзда // Ніва. 2013. 2 сак. С. 5.

1675 Нотны аркуш. № 1(148): Стынг працягвае змагацца за лёс бразільскіх лясоў / музычны выпуск вядзе В. Мартыненка // Чырвоная змена. 1990. 13 студз.

6321 Андрэева Ю. Беларусы на Амазонцы // Наша ніва. 2002. 4 студз. С. 7.

1035 В отдаленных районах амазонской сельвы происходят вооруженные столкновения местных индейцев с вторгнувшимися на их землю тысячами золотоискателей и авантюристов // Знамя юности. 1988. 21 окт.

3474 W dalekiej Brazylii / rozmowa z J. Krawczynskim, dzennikarzem polonijnym z Kurytyby; rozmowial L. Watrobski // Glos znad Niemna. 1994. 10-16 pazdz.

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Немцы ў старой Вільні1

1.

Ю. Крашэўскі ў сваёй чатырохтомнай манаграфіі пра Вільню пісаў, што ў часы Ягайлы віленскія рамеснікі ўсе былі замежнага паходжання і амаль што ўсе без выключэння - немцы. Нягледзячы на працяглыя войны Літвы з Законам, задоўга да Ягайлы, у абодвух сталіцах ВКЛ - Вільні і Троках, існавалі пасяленні немцаў. Яны яшчэ больш колькасна выраслі дзякуючы ганзейскім купцам, якія з Гданьска, Торуні, Караляўца і Рыгі штогод прыязджалі ў Вільню і жылі тут па некалькі месяцаў. Нямецкі гараджанін з Вільні па прозвішчы Геніке належаў да найвыбітнейшых прадстаўнікоў і дыпламатаў Ягайлы - той пасылаў яго ў Польшчу і Венгрыю для перамоў ghf руre Ядвігі.

Для карысці культуры краю і павелічэння сваіх даходаў, Ягайла умеў перамагчы ў сябе сваю нелюбоў да немцаў і надаць сваім гарадам Магдэбургскае права. Першым у Літве гэта права 22.03.1387 г. атрымала Вільня, а за ёй і іншыя гарады. Гэта паўплывала на лёс і значэнне нямецкіх пасяленцаў, бо немцы ўмелі з карысцю выкарыстоўваць гэты прававы стан. Праз своё папярэдняе жыццё ў Германіі яны былі падрыхтаваны да гэтага тэарэтычна і практычна. А аўтахоны Літвы ў той час яшчэ не былі гатовы да стварэння войтаўскай улады, гарадской рады і гарадскога суда - гэтых трох галоўных падвалін Магдэбургскага права.

Абяцанае і нарэшце нададзенае Вільні Магдэбургскае права, на пачатку не было ўведзена ў нас цалкам - гарадское самакіраванне атрымала сваю частку ўлады, але судовую ўладу Ягайла пакінуў старасце. Пётр Дубінскі - адзін з апошніх віленскіх бургамістраў з часоў да падзелу Рэчы Паспалітай, у 1788 г. выдаў "Збор праў і прывілеяў горада Вільні", дзе сабраў дакументы па тэме. З дакументаў бачна, што Магдэбургскае права тады датычыла не толькі віленскіх немцаў, але і аўтахтонаў - беларусаў і летувісаў - палякі ў Вільні тых часоў былі яшчэ вельмі нешматлікімі. З-за негатоўнасці да хуткага прыняцця Магдэбургскага права цалкам і нежадання выпусціць ўладу над сталіцай са сваіх рук Ягайла ўвёў яшчэ адно абмежаванне. З-за частых войнаў ён увёў характэрную клаўзулу (раздзел - Л. Л.), якая прадпісваў гараджанам будаваць і сцерагчы вялікакняскія замкі, бо сам горад яшчэ не быў абкружаны сцяной.

Аднак па меры росту гарадоў і павелічэння ўплыву гараджан, гэтыя абмежаванні паступова зніклі. Сёння цяжка цалкам ацаніць умовы паміж вялікім князем і горадам у тыя часы і застаецца толькі рабіць высновы на грунце гістарычных фактаў. Архіў самых старых гарадскіх актаў у Вільні знаходзіўся пад нешчаслівай зоркай, бо імпэт знішчэння падчас вайны ў 1655 г. не пакінуў нам самыя каштоўныя дакументы старых часоў, якія маглі б сёння расказаць пра колькасць і ролю немцаў у жыцці старой Вільні. У любым разе, у 1432 г. мы бачым у горадзе войта, што паказвае на вызваленне горада ад судовай улады вялікакняскага старасты. Наяўнасць ў горадзе нямецкага права палегчыла існаванне нямецкай грамады і ролю немцаў у жыцці горада. XV і XVI стст. былі часамі, калі нямецкая віленская грамада мела вялікую моц і брала самы чынны ўдзел у гарадской палітыцы. За выключэннем некаторых запісаў, усе гарадскія акты і кнігі г. Вільні загінулі. Не менш шкада папер віленскіх бірж і цэхаў, якія б былі вельмі важнымі для гісторыі нямецкай грамады. Зусім мала старых цэхавых прывілеяў і іншых дакументаў, якія ацалелі пасля маскоўскага ўварвання, а калі і ацалелі, дык толькі ў выглядзе запісаў у пазнейшых магістрацкіх кнігах ці кнігах "магдэбургскага суда". Новы пажар Віленскага гарадскога архіва 18.05.1706 г. таксама паспрыяў справе знішчэння. Таму адсутнасць войтаўскіх актаў вельмі адмоўна ўплывае на разуменне нашай тэмы.

Не лепшы лёс мелі і іншыя віленскія архівы, у тым ліку архівы капітулы, якія гарэлі два разы, у 1590 і 1610 гг., а потым прыйшла небяспека з усходу. Віленскі катэдральны канонік Тызенгаўз, які паходзіў з Інфлянтаў, вывез архіў у Прусію, адкуль, пасля доўгага блукання і цяжкіх страт, архіў капітулы вярнуўся на сваё месца. У 1748 г. архіў пашкодзіла паводка, а потым адбыўся яшчэ адзін пажар.

У дзяржаўным архіве Караляўца шчасліва захаваліся спісы віленцаў 1656 г., якія дазваляюць зрабіць высновы, што ў XV, а тым больш XVI ст. членамі віленскіх цэхаў былі пераважна немцы, пра што, дарэчы, пісаў Крашэўскі. Усе, хто стаяў на чале купецтва, хто дамінаваў сярод рамеснікаў (злотнікаў, пушкароў, мастакоў, муляраў, слесараў, сталяроў, пекараў, шаўцоў і г. д.), былі немцамі.

Пра тое, колькі нямецкага раней было ў Вільні, сведчыць яго гатыцка-нямецкія цагляныя будынкі. Усе яны былі створаны нямецкай рукой. Буры гісторыі нанеслі Вільні непапраўныя шкоды, частыя пажары і пазнейшыя пераробкі працягвалі нішчэнне паціны старажытнасці, аднак сярэдневяковыя святыні, якія засталіся да нашага часу разам са старымі жылымі дамамі і сёння красамоўна сведчаць пра вялікую актыўнасць нямецкіх гараджан Вільні. Кажуць пра гэта нам і касцёлы: св. Мікалая, Францішсканскі, Бернардынскі, св. Ганны … Гатыцкімі таксама першапачатковы былі: Катэдра, касцёл св. Яна і нават царква Перанясення мошчаў св. Мікалая. Пэўна такімі ж былі старадаўняя ратуша, нямецкі шпіталь і гасцінны дом.

Нямецкае сярэднявечча пераважае ва ўсіх гэтых будынках. Тут працавалі майстры, тут нямецкае мастацтва і нямецкі артыстычны дух працягнулі руку для супольных і амбітных праектаў, тут у агульны этнічны грунт быў прышчэплены нямецкі сентыменталізм, які тым не менш менавіта тут пазбавіўся ад скаванасці і сухасці старых будынкаў Караляўца і Мальбарка.

Важным чыннікам памнажэння нямецкасці ў Вільні было тое, што ў XVI ст. стасункі паміж Літвой і Прускім княствам сталі больш сціслымі і прыязнымі. Рэфармацыя, якая пэўны час трыумфавала ў Літве, прычынілася да блізкіх сувязяў і кантактаў. Практычна ўсе літоўскія прапаведнікі, якія прапаведавалі пасля Лютара, вучыліся ва ўніверсітэце, які ў Караляўцы заснаваў князь Альбрэхт, ці ў іншых нямецкіх універсітэтах, напрыклад, у Вітэнбергу. Шмат якія з віленскіх мяшчан паслалі сваіх сыноў вучыцца ў Каралявец і наадварот, студэнты, якія вучыліся ў Караляўцы, прывозілі сваіх сяброў nationis germanae (родам з Прусіі ці з імперыі) у Літву, у якой яшчэ жыло няшмат народу і адчуваўся недахоп адукаваных людзей. Сярод гэтых прыбышаў былі і рамеснікі, якія аднак у сваёй бацькаўшчыне не жадалі ці не маглі належаць да цэха і таму прагнулі шукаць лепшай долі на чужыне, вандруючы nach Osten. Прускі князь Альбрэхт (1525-1568) часта са сваёй світай наведваў Вільню. Ён знаходзіўся ў леннай залежнасці ад нашага караля, кароль Жыгімонт Стары быў яго дзядзькам, а Жыгімонт Аўгуст не толькі стрыечным братам, але і блізкім сябрам. Падарожжы князя ў Вільню абмяркоўваў увесь край. І ўсё гэта не магло не заахвочваць немцаў з Прусіі ці імперыі ехаць у Вільню ў пошуках шчасця і потым заставацца жыць у Вільні.

Прозвішчы, якія прыводзім ніжэй, пераважна паходзяць з каралеўскіх лістоў да Прускага князя, якія атрымлівалі віленцы нямецкага паходжання для залатвення асабістых спраў. Хто не патрапіў у такія лісты - той не пакінуў сваё прозвішча для нашчадкаў. Пэўна, аналагічныя лісты маглі б стаць крыніцай для вывучэння стасункаў з іншымі гарадамі, напрыклад з Гданьскам. Бо прозвішчы, якія мы ведаем, не могуць яшчэ аб'ектыўна казаць пра колькасць немцаў у Вільні, зразумела, што іх было больш.

Адным з першых віленскіх немцаў, пра якога мы даведаліся такім чынам, ёсць Рыгор Грэбель, вядомы з 1527 г. У 1540 г. кароль Жыгімонт прасіў Прускага князя, каб той дазволіў свайму хірургу Руперту Гоклеру з Розбаха (які атрымліваў штогадовы заробак ад караля), хоць раз у год наведаць Вільню. У 1551 г. у Каралявец да блізкіх сваякоў ездзіў Мікалай Чэх з Вільні. Да найбольш вядомых асоб сярод віленскіх немцаў належаў Ваўжынец (Лорэнц) Фрэнзель - агент, ці як тады казалі - фактар вялікіх нямецкіх гандлёвых таварыстваў. Немец Леанард Фрэнк у той жа час меў тытул прыдворнага каралеўскага гадзіншчыка. У 1563 г. у Вільні з'яўляецца каралеўскі слуга, жыхар Вільні, нейкі Міхал Прэўш, жанаты з удавой Стэфана Кухеля, які таксама быў немцам.

Пры пабудове Старога віленскага замка на замкавай гары, як і пры будаўніцтве Ніжняга замка у часы Жыгімонта І і яго сыноў (якія ахвотна жылі ў Вільні), працавалі нямецкія майстры - муляры, цеслі, маляры і г. д. Немцы супрацоўнічалі з італьянскімі майстрамі і архітэктарамі падчас пераходу краёвай архітэктуры ад позняй готыкі да адраджэння з яго новымі накірункамі ў мастацтве і архітэктурнай форме. Князь Альбрэхт, які сам добра ведаў архітэктуру і будаўніцтва, ахвотна аказваў паслугі і пасярэднічаў для свайго дзядзькі і кузына. На жаль, да гэтага часу нам вядомы толькі нешматлікія прозвішчы нямецкіх майстроў. Сярод іх быў, напрыклад, Станіслаў Ратке з Познані, горада, які тады ўжо быў моцна анямечаны. Згадвае яго Крашэўскі, калі кажа пра будаўніцтва Старога каралеўскага замка ў Вільні. Згодна з Браўнам і Гогенбергам, а таксама мастаком Смуглевічам Ніжні замак у канцы свайго існавання меў рэнесансныя формы. Зруйнаваны падчас вайны ў 1655 г., замак цалкам знік у 1800 г., калі з-за пануючага ў Вільні гуцавічоўскага стылю псеўдакласіцызму, цалкам знік піетэт да архітэктуры, якая несла ў сябе дух вялікіх стыляў, такіх як готыка ці рэнесанс.

У 1615 г. займаў пасаду вялікакняскага архітэктара Пётр Каўнгарт, які для заканчэння гарадскога замка, прывёў у Вільню шмат нямецкіх майстроў і рамеснікаў. Малюнак горада Браўна і Гогенберга 1576 г. падае від з гарадскога замка ў Вільні, які названы Deutsche Haus. Сваім існаваннем і памерамі, замак кажа пра колькасць немцаў на службе ў вялікіх князёў ВКЛ. Таксама і распачатая ў 1505 г. будоўля гарадскіх фартыфікацый дала працу шматлікім нямецкім майстрам. Нязначныя захаваўшыяся да нашага часу парэшткі тых муроў і брам не могуць даць нам разумення пра мулярскае майстэрства і маштабы пабудовы. Ведаем мы гэтыя муры толькі з гравюр Смуглевіча. Пэўна, дэталі муроў кажуць пра італьянскія ўзоры але іншае: вежы на мурах, абаронныя вежы і некаторыя вароты, наадварот паказваюць нам уплывы абаронных муроў Нюрнберга і кракаўскага барбакана.

Нямецкія афіцэры, пэўна як інструктары, разам з кавалерыстамі і ландскнехтамі, ліцейшчыкамі, пушкарамі і музыкантамі - колькі яшчэ можна было б назваць тагачасных ваенных прафесій - рэгулярна пасылаліся князем Альбрэхтам сваякам у Вільню. Гэтак, бачым тут пушкара Юрыя Герліха са Шмалькальда, кацельшчыка і збройніка ручной вогнепальнай зброі Мікалая Готшалка, даглядчыка збраёўні і архітэктара Гёба Брэйтфуса і лютніста Ганса Тіммэ - усе яны ў пятым і шостым дзесяцігоддзі XVI ст. прыехалі ў Вільню. Гэтак было ўвесь час панавання апошняга з Ягелонаў. Яшчэ ў 1571 г. Жыгімонт Аўгуст выклікае з Дрэздана немца Тамаша Дурынга і прызначае кіраўніком збраёўні. Для ліцця куль і вырабу іншай артылерыйскай зброі металы і неабходныя матэрыялы ўвесь час прывозілі нямецкія купцы з Кракава.

В XVI ст. на кіраўнічае становішча ў горадзе Вільні выбіўся і стаў часткай кіраўнічай эліты, народжаны ў Бадэнскім княстве, в Пфорхейме, Ульрых Гозі (прозвішча ад герба Hosen = порткі) - з 1512 г. ён кіраўнік вялікакняскага манетнага двара ў Вільні, а яго старэйшы сын Ян - майстар віленскага замка. Трошкі пазней у Вільні годна прэзентавалі немцаў: радны і віленскі бурмістр Аўгуст Марштын (Morstein, 1513-1544), а таксама злотнік, а потым бурмістр Эразм Бутнер (Buttner. 1541-1547). Малодшым сынам Ульрыха Гозі быў вядомы кардынал Станіслаў Гозі († 1579) - польскі епіскапат нядаўна пачаў працэс яго беатыфікацыі.

Далей, з паловы XVI ст. мы ведаем прозвішчы віленскіх лютэранскіх пастараў: Хёба Сомера і Яна Ульрыха, родам з Саксоніі. Згодна з Крашэўскім, у той час віленскім войтам быў Сымон Глаўбіц, а яго брат стаяў на чале віленскага манетнага двара, на якім таксама працаваў Альберт Шчур - багаты і паважаны жыхар Вільні. Манетны двор цалкам знаходзілася пад нямецкім кіраўніцтвам - гэта цалкам відочна, бо адбітыя імі манеты выказваюць нямецкі падыход і маюць стыль нямецкага рэнесансу. Некаторыя наступныя прозвішчы мы ведаем дзякуючы згадкам у розных публікацыях па гісторыі Вільні. Гэта, напрыклад, знаныя гараджане Генрых Блунк, Марцін Кастэла, Вальтэр Сэбнер і купец Карнелій Венхольд.

Відочна, што названыя вышэй прозвішчы нават у малой ступені не вычэрпваюць тэму нямецкасці ў старой Вільні, бо без сумневу, немцы складалі значную большасць сяброй віленскай лютаранскай грамады, якая, дзякуючы апецы віленскага ваяводы Мікалая Радзівіла Чорнага і яго кузэна Мікалая Рудога, павольна ўзнялася настолькі, што ў сямідзясятых гадах XVI ст. планавала распачаць у Вільні будоўлю ўласнага збору. Да гэтага часу яны збіраліся ў тагачасных палацах віленскіх можнаўладцаў, якія спрыялі дзейнасці "навічкоў".

2.

Прапаведнікі і старэйшыны лютаранскага збору ў Вільні 31.05.1583 г. даслалі да князя Прусіі Альбрэхта Фрыдрыха ліст на нямецкай мове, у якім прасілі яго аб дапамозе ў справе заканчэння будоўлі вялікай кірхі ў Вільні. Бо да гэтага часу лютаране не мелі сталага месца для публічнай малітвы і мусілі маліцца ў двары Яўстаха Гарнастаевіча (на рагу вуліц Воляна і Літарацкай). Уласны збор яны слушна лічылі больш небяспечным.

Не толькі ў Вільні XVI ст. ,але і ў наступным стагоддзі ў сталіцы меўся вялікі адсотак нямецкага насельніцтва, пры тым, што горад не быў занадта населеным месцам. Уласна, каля 1606 г. адміністратарам і даглядчыкам мытні ВКЛ быў немец Кандрат Брэмер. У 1613 г. чынны ўдзел у жыцці горада браў Юры Шчортц (ці Шчур). У 1633 г. кіраўнік муляраў - Міхал Цімерман, сталяроў - Ганс Вейнер. Праз 20 гадоў у Вільні фігуруюць тры віленскія патрыцыі: Тамаш, Якуб і Ян Гібелі, з якіх Якуб быў віленскім бургамістрам. Яго дачка Альжбета была замужам за доктарам Паўлам Мюлерам, якога мы яшчэ ўбачым ў віленскіх дзеях, другая яго дачка Крысціна была замужам за купцом Флотэнам. Таксама ведаем радцу Юрыя Ланга, гараджанаў і купцоў Рэйнхольда Вітмастера, Пятра Клета, Банаветуру Энгельбрахта, пана Пастэрнака, пані Вейнхольд, пані Гібель. Усе яны ў той час валодалі ў Вільні дамамі, дварамі, а Гібелі і іх спадкаемцы, нават камяніцай пры вуліцы Замкавай, недалёка ад Замкавага (зараз - Катэдральнага) пляца. Такім чынам, значэнне і колькасць немцаў Вільні, на пераломе XVI - XVII ст., узнялася яшчэ вышэй.

Вайна з Масквой у XVII ст. і страшная параза пагнала з муроў нашага горада ў Прусію цэлыя тлумы нямецкіх гараджан. Не трэба бачыць у гэтым дзіўную падзею, бо ад дзікага казацтва ўцякалі і аўтахоны. Яшчэ і сёння ў архіве Караляўца захоўваюцца працяглыя лісты нямецкіх уцекачоў з Вільні 1655 г., якія з'яўляюцца важнымі дакументамі гісторыі горада (і наогул летувіска-беларускіх гарадоў).

Пасля ўзяцца царом Смаленска ў 1654 г., маскоўскае войска пайшло на Вільню […]. Летам 1655 г. рускі баярын, князь Чаркаскі, разбіў войска літоўскага гетмана Радзівіла, і заняўшы сталіцу Літвы, учыніў тут страшны пагром. Пасол брандэнбургскага курфюрста Фрыдрыха Вільгельма Лазар Кітэльман, які ў жніўні 1655 г. прыехаў у Вільню для перамоў з царом (ці не каб ратаваць землякоў?), быў уражаны пагромам і спусташэннем. Усе вёскі і гарады былі выпалены, дарогі, вуліцы і пляцы завалены мноствам непахаваных гараджан, у тым ліку безабаронных жанчын і дзяцей. Жывых было не бачна: збеглі ці пахаваліся. Пасол Кітэльман разам са світай быў бы прымушаны галадаць, каб не меў сваіх прыпасаў. Тыя хто жыў на поўначы ВКЛ, уцякалі ў Рыгу. Жыхары Вільні - летувісы, палякі, немцы і ўніяты-беларусы на чале з грэка-каталіцкім духавенствам, якое ненавідзелі захопнікі, шукалі паратунку за самай блізкай мяжой, на тэрыторыі сяброўскай Прусіі. Мэтай уцекачоў былі: Каралявец, Рагнета, Тыльжа і некаторыя мазурскія памежныя гарады. Шматлікія ўцекачы прыбылі ў гэтыя гарады, захаваўшы сваё жыццё, але не маёмасць.

Курфюрст і яго прускі ўрад не толькі ахвотна, але і прыязна прынялі ўцекачоў. Прускі князь Фрыдрых Вільгельм (1640-1688), яшчэ з'яўляўся леннікам польскага караля і захоўваў нейтралітэт у палітыцы, але быў прымушаны прызнаць сябе яшчэ і леннікам шведскага караля, які збройна заняў Сярэднюю Еўропу. […] Згодна з Пруска-шведкай умовай, свабоду і маёмасць захоўвалі толькі тыя бежанцы, якія падтрымліваюць караля Швецыі, а ўсе іншыя аб'яўлясіся ворагамі Швецыі і Прусіі з усімі відавочнымі для іх вынікамі.

Пра гэтую дамову ведаем дзякуючы лістам уцекачоў у Вільню з Прусіі. Відавочна, што не ўсе немцы ўцяклі з Вільні. Адны з іх, хіба не маглі, другія, пэўна, не хацелі. Дарэчы, палякі ўцяклі ў Прусіію цалкам, усе 100%, бо разам з беларусамі грэка-католікамі разумелі, што іх чакае. А віленскія немцы баяліся значна меней. […]

На падставе дамовы са шведамі, курфюрст 31.01.1656 г. выдаў друкаваную абвестку, моцай якой уцекачы за вызначаны тэрмін былі павінны прысягнуць на прускае падданства ці пакінуць край. Пяць прускіх чыноўнікаў разам са прадстаўнікамі Швецыі заняліся гэтай працэдурай. Хто меў пячатку - звычайна гэта была хаўсмарка, якая служыла адначасова і гербам, і пасведчаннем (хаўсмарка - звычайна выява герба на доме) - у пацвярджэнне прысягі ставіў яе разам з подпісам. За непісьменных, калі не ставіўся адвечны крыжык, распісваўся нехта са сваякоў, сяброў ці нават нямецкі чыноўнік. Прадстаўніком віленскіх немцаў, сабраных 11 лютага для прысягі ў каралеўскім замку, быў лекар і доктар медыцыны Павел Мюлер, швагер віленскага бурмістра Якуба Гібеля. Ён падзякаваў курфюрсту за прыняцце ўцекачоў і запэўніў, што яны збеглі з Вільні адзіна з-за маскоўскай навалы і гатовы прыняць прысягу. Потым радцы курфюрста пачалі зачытваць прысягу і збіраць подпісы ў прысягнуўшых. Першымі былі ўцекачы з Вільні.

Лісты складаліся асобна для кожнай нацыянальнасці і шкода, што уцекачы не падалі ў спісы ні свайго стану, ні свайго рамяства. Цікава, што калі паглядзець, на якіх мовах былі складзены спісы, дык нямецкая мова не ўступала па колькасці польскай. І толькі, калі да дакументаў на польскай мове дадаць рыма-каталіцкае духавенства разам са світай біскупа Тышкевіча, толькі тады колькасць дакументаў на польскай мове для віленцаў перавысіць колькасць нямецкай. У Коўне абедзве групы бежанцаў былі роўнымі. Колькасць летувісаў у абодвух гарадах была значна меншай за колькасць палякаў і немцаў, бо звычайна летувісы былі сялянамі. Сяляне ж хаваліся ад ваеннай навалы па лясах.

Зараз пяройдзем на саміх прозвішчаў. Калі сыходзіць з прозвішчаў, указаных у спісах, у 1655 г. у Вільні купцамі былі, як найменей, 30 немцаў, прычым сярод іх нейкім чынам патрапіла два не нямецкія прозвішчы, такія як Пальчэўскі і Пакой. На асобным лісце пададзена каля 10 прозвішчаў купецкіх чаляднікаў і гандлёвых памочнікаў, якія працавалі ў агульным і аптовым гандлі, бо на іншых лістах асобна пазначаны прозвішчы нямецкіх купцоў, якія працавалі ў Вільні ў рознічным гандлі, напрыклад, вінным ці гандлі вырабамі са скуры (Хрысціян Вош) і г.д.

Віленскія немцы мелі розныя прафесіі, такія як злотнікі, камнярэзы, гравёры, гадзіншчыкі (напрыклад Якуб Юркевіч !), выраб паперы, выраб бялізны, мелася арганістка-жанчына Гертруда Карнялсчын, кацельшчыкі, сталяры, маляры, цукершчыкі, валяльшчыкі, гузікары, рамізнікі, краўцы, цеслі, парыхмахеры, слесары, галантарэйшчыкі, збраёўнікі, рэстаратары, шынкары і інш.

Немцаў не бракавала таксама і сярод людзей вольных прафесій. Найчасцей гэта былі: дактары медыцыны - выпускнікі тагачаснай езуіцкай акадэміі ў Вільні. Але меўся ў Вільні адвакат Арнольф Залескі, жанаты з радавітай немкай, які вывучаў права ў сталіцы Прусіі. Віленскія пратэстанцкія святары, такія як confessionis augustanae Ян Маліна і magister Атон Мацесіус, ці рэфармат Якуб Хэлхоўскі, усе былі выпускнікамі ўніверсітэта ў Караляўцы.

Прысутнасць немцаў не закончвалася і каралеўскім дваром, дзе тады працаваў у Манетным двары Ганс Трыльнер. Яшчэ больш немцаў меў каля сябе князь Багуслаў Радзівіл. Яны ў яго працавалі хірургамі, аптэкарамі і выконвалі іншую службу.

У лістах уцекачоў знайшлося некалькі дзясяткаў немцаў, якія падалі свае прозвішча (ці толькі імёны, як удовы) не ў якасці бюргера (гараджаніна), а як жыхара Вільні (Einwoher aus der Wilde). Як бачым, у другой палове XVII ст. у Вільні было шмат немцаў, якія мелі правы гараджан.

3.

Нягледзячы на тое, што цэхі рамеснікаў у нас былі ліквідаваны ў 1866 г., на практыцы яны фактычна праіснавалі да 1903 г. - менавіта да гэтага часу Віленская ўправа мела ў сваім складзе так званую "Рамесную ўправу" на чале з выбарным галавой. З-за войнаў, відочна, бракуе цэхавых актаў, аднак маюцца рэшткі з XVII, XVIII і першай паловы XIX ст. з каштоўнымі матэрыяламі пра удзел немцаў у жыцці цэхаў Вільні.

Тое, што датычыла якасці жыцця, як напрыклад златарства, цукерніцтва, гандаль каланіяльнымі таварамі і інш., часцей за ўсё знаходзілася ў руках нямецкіх рамеснікаў і купцоў. Напрыклад, цэх віленскіх злотнікаў заснаваны ўжо у 1495 г. Самая старая яго кніга запісаў паходзіць з 1662 г. З кніг гэтага цэха бачым, што ў 1662 - 1796 гг. цэх мае 171 вучня і 109 сябраў-немцаў, майстроў залатога мастацтва. У 1798-1824 гг. гэты цэх яшчэ мае 22 вучні, у 1844 г. з 19 сяброў цэха - 7 палякаў (зразумела, што аўтар мае на ўвазе, што гэтыя людзі - не немцы і не яўрэі - Л.Л.). Колькасць майстроў-немцаў - 66 чалавек. Гэты добра анямечаны цэх меў старую капліцу св. Барбары каля св. Яна, захоўваў і ўпрыгожваў яе, не шкадаваў грошай на касцельныя і цэхавыя ўрачыстасці.

Цэх стэльмахаў яшчэ з 1840 г. меў 35 нямецкіх майстроў.

У 1795 г., па загаду расійскіх улад, быў складзены агульны спіс рукадзельнікаў горада Вільні, і аказалася, што асоб нямецкай нацыянальнасці ў Вільні было: 9 гадзіншчыкаў (гэта ўсе гадзіншчыкі горада), 5 ткачоў, 18 сталяроў (супраць 26 палякаў), 9 пекараў (супраць 1 паляка!), 5 хірургаў (супраць 11 палякаў), 5 пальчатнікаў (супраць 1 паляка), 16 шорнікаў (супраць 1 паляка), 19 краўцоў (супраць 23 палякаў) і г. д. і г. д. Разам - 158 нямецкіх майстроў.

*

Мы трошкі больш ведаем пра цэх гадзіншчыкаў, якія ў 1774 г. аддзяліліся ад цэха слесараў, на што атрымалі прывілей ад караля Станіслава Аўгуста. Да польскамоўнага арыгінала прывілея быў прыкладзены і нямецкі пераклад, што абумоўлена складам цэха. Падобныя лічбавыя прапорцыі немцаў існавалі таксама і сярод сяброў цэха сталяроў. Потым, у 1840-1851 гг. цэх кухараў і пекараў у Вільні налічваў 43 майстры-немцы (і 2 паляка!). У 1880 г. кніга паказвае 20 новых нямецкіх майстроў і толькі 8 палякаў. У кнігах бондараў да 1876 г. запісы стала рабіліся на нямецкай мове і майстроў-бондараў нямецкай нацыянальнасці мелася 80 чалавек (142 усіх разам). Нарэшце цэх шаўцоў. У 1798-1810 гг. маем тут 68 майстроў-немцаў. Кніга сяброў "шавецкага мастацтва" вялася да 1863 г. па-нямецку, а потым па-руску.

Калі пра немцаў старой Вільні столькі кажуць рэшткі архіваў, што б распавялі нам пра гэта віленскія архівы, спаленыя ў вайну 1655 г.?

Зараз колькі замалёвак з унутранага жыцця віленскіх цэхаў.

Вось вучань злотніка закончыў сваю навуку ў майстра і атрымаў пасведчанне, што "вышэй названы Годард Спрынгер сумленна закончыў свае гады навукі і быў прызнаны памочнікам злотніка". Вучні вучыліся 7 гадоў і зараблялі сабе ў гаспадара вопратку і 20 талераў. Хто жадаў стаць майстрам, мусіў выканаць так званы Miesterstuk, у нашым выпадку кубак, пячатку і пярсцёнак з каштоўным каменем. Урачыстасць заканчвалася вячэрай. Пасля цэхавай імшы віленскія злотнікі ладзілі добрую п'янку. Рахункі дазваляюць убачыць меню адной з іх: тушаная кілбаса, пірожныя, danziger goldwasser, гарэлка, піва, кава з вяршкамі, ochlana (так званая hochlander wien) з галандскім сырам і інш.

Але віленскія цэхі ўмелі і караць. Так, калі майстар цэха стэльмахаў Хрысціян Кішлінг пры выкананні майстарштукі забыўся, якім была даўжыня чатырохмеснай карэты, дык заплаціў штраф у 70 фларынаў.

Ранейшыя цэхі выдавалі адмысловыя пасведчанні […]. Сябры цэхаў мелі развітае пачуццё гонару.

*

Відочна, як гандлёвы цэнтр, Вільня не магла раўняцца з Коўняй, якая ляжала на месцы, дзе зліваліся Вілія і Нёман, аднак меншыя гандлёвыя канторы існавалі і тут, як і ў блізкіх Новых Троках і больш далёкім Крэве. З-за адчувальнага гандлёвага ўплыву Прусіі, віленскім і, наогул, літоўскім купцам было дазволена карыстацца Гданьскім портам і, маючы высокія абароты, вырашаць праз гэта справу збыту тавараў замежным купцам - пераважна англійскім і галандскім, сцягі якіх дамінавалі ў той час на Балтыцы. У гэтым замежным гандлі ў той час вылучаўся прыбыўшы з Рыгі выбітны віленскі купец Геніке, якога мы раней згадвалі як аднаго з першых дарадцаў Ягайлы. Свае веды, уплывы і значэнне ён выкарыстоўвай на карысць новай айчыны - Вільні.

Аднак Прусія праводзіла эгаістычную палітыку, якая ў выніку прывяла яе да хуткага канца. Насупраць, палітыка Рыгі была карыснай для Вільні і Літвы ў культурным і гаспадарчым сэнсах. У 1400 - 1420 гг. Літва ўжо адчувала сілу, каб выйсці з уплываў Прусіі, якая адказала на гэта падвышэннем мыта, што сталася прычынай арышту ў Вільні нямецкіх купцоў і секвестру іх маёмасці. Аднак гэты перыяд працягваўся не доўга. […]

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

1 Sonderling. Ludność niemiecka w dawnem Wilnie // Pregląd Wileński. 1934. № 16-17. S. 2-8.; 1934. № 18-19. S. 4-8.; 1934. № 20. S. 2-5.

Святое Васілле

У Лідскім аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры пануе цудоўная атмасфера, свята "Святое Васілле" працягваецца!

Гледачы ўдзельнічаюць у традыцыйных гульнях, варожбах і карагодах, знаёмяцца з традыцыямі беларусаў на Шчадрэц, на багатую куццю! У праграме традыцыйная п'еса народнага лялечнага тэатра "Батлейка" - "Цар Ірад".

ТК "Культура Лідчыны"

"Берагі, берагі..."

13 студзеня ў Лідскім гістарычна-мастацкім музеі адбылося адкрыццё персанальнай выставы Таццяны Лук'ян "Берагі, берагі...".

ТК "Культура Лідчыны".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX