Папярэдняя старонка: 2023

Наша слова.pdf № 04 (56) 


Дадана: 24-01-2023,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 4 (56), 25 студзеня 2023 г.

Прывід чарговай спробы беларусізацыі?

Сродкі масавай інфармацыі паведамілі, што апошнімі тыднямі на сайтах дзяржаўных кантор - ад МТЗ да аблгазаў і гарбудтрэстаў - з'явілася тое, чаго раней у незалежнай Беларусі не было. Беларускамоўныя версіі сайтаў. Працэс разгарнуўся пры канцы мінулага года і мае быць скончана да 20 студзеня 2023-га. Гэта нібыта патрабаванне Савета міністраў.

І трэба толькі вітвць і такія патрабаванні, і такія крокі, але, як падаецца, у ладкі пляскаць рана.

Сапраўды ёсць такія сайты. Асабліва прыемнае ўражанне робіць сайт ВУ "Лідагаз". Тут, калі ўваходзіш на сайт з беларускага артыкула ВУ "Лідагаз" - адразу адкрываецца беларускамоўная старонка. Увойдзеш з ПУ "Лида-газ" - адкрыецца рускамоўная старонка.

Паўнавартасныя беларускамоўныя старонкі ёсць перш за ўсё на сайтах Гарадзенскага аблвыканкамана і Лідскага райвыканкама. А вось у глыбінцы справы значна горшыя. Да прыкладу, у Лідзе беларускамоўныя старонкі мае "Лідскае піва" і Завод гарачай ацынкоўкі металаў "Конус", ёсць беларускамоўная старонка ў Лідскім лясгасе, а вось на іншых лідскіх "гігантах" ("Лідсельмаш", "Лакафарба", "Лідская мука", завод "Оптык", завод "Нёман", Завод харчканцэнтратаў, Хлебазавод, Малочна-кансервавы камбінат, Мінойтаўскі завод) справы дрэнныя. Ёсць англійскія версіі, якія цяпер невядома каму патрэбныя, на некаторых сайтах ёсць нават кітайскія кнопкі.

Такім чынам большасць лідскіх прадпрыемстваў прыгнулася і чакае, што новыя веянні прашумяць у чарговы раз над галавой і забудуцца.

Не хочацца абагульняць, але падаецца, што і ў іншых месцах не лепш. Да прыкладу гарадзенскі "Азот" у гэтым кірунку не варухнуўся, не варухнулася і Тытунёвая фабрыка...

Добра было б, каб Савет міністраў, калі ўжо сфармаваў нейкія патрабаванні, дык і пракантраляваў іх выкананне.

Я. Грынкевіч.

"Паэтычныя пацеркі" Дануты Бічэль

Афарызмы - гэта ўзор гранічнай дынамікі думкі і слова, крыніца ўзбагачэння мовы і маўлення, душы і розуму.

Неспакойны голас Дануты Бічэль не знікае і сёння ў шматгалоссі новых, сучасных паэтаў. Шмат якія думкі паэткі ў духоўных вершах XXI стагоддзя выкладзены сцісла, лаканічна і ўяўляюць сабой яскравыя афарыстычныя выслоўі.

Перагарнуўшы старонкі "Выбраных твораў", мы сабралі "Паэтычныя пацеркі", каб яшчэ раз пабыць з мудрай і светлай, пяшчотнай і чуйнай душою паэтэсы.

Адбор матэрыялу носіць суб'ектыўны характар, але нры падборы афарызмаў асаблівая ўвага надавалася зместу, улічвалася іх мастацкая вартасць.

Зборнік адрасаваны вучням, настаўнікам, усім, хто цікавіцца сучаснай паэзіяй, асветленай Божым словам.

Бог і Айчына

Няхай на крылцах галубок падыме

наш Край з дрыгвы аж да нябёсных брам

і прывядзе ў высокі Божы Храм.

("Маўчанне над крыжам", с. 161)


Памудрэем, разбудзім малых

і паднімем з каленяў слабых.

("Малітва да Апостала Андрэя", с. 165)


Калісьці прачнецца народ-пілігрым,

рассцеле свабоды прыгожы кілім!

("Да 100-годдзя з дня нараджэння Ларысы Геніюш

(9 жніўня 2010 г.)", с. 195)


Прагналі мы ворага з роднай зямлі,

а крыжык на сэрцы насіць пачалі.

("Крыжовы шлях збаўцы нашага

Езуса Хрыста", с. 206)


Загінуўшых за Айчыну да сябе прытуляе Бог.

("Пілігрымка ў Катынь", с. 224)


Шчэ ніхто не прыходзіў, каб знікнуць:

душам трэба да неба прывыкнуць...

("Стогнуць стагоддзі...", с. 154)


Дух Святы, Твой галубок,

добрых дзён збірае пёркі...

("Вячэрняя малітва", с. 157)


Да адзінай заступніцы усіх занядбаных

прыляціць вырай душаў па зорках заспаных, -

усіх паклічуць і выберуць нас...

("Вострая брама, Белагруда, Будслаў", с. 165)

Агонь душы ў паэзію ўдыхні,

ідзі на дожджык, слова барані...

("Святлане Варонік", с. 228)


Продкі нам пратапталі сцяжынкі

паміж зямлёй і блакітам ...

("Лісты да сястры ", с. 235)


Найвышэйшая асалода -

на Тваёй Рэзурэкцыі

запаўняць душу святым кіслародам

з Уваскрослага Сэрца.

("Ранняя малітва падзякі", с. 241)

Бог і чалавек

Можна выйсці з духовай галечы,

перад Богам высокім укленчыць

і згарэць перад Ім без агню.

("Не прызнаная песня бядача", с. 154)


Адна пры ўсім небакраі

каменне ў жменю збіраю.

Апроч неба - нічога не маю.

("Утварае дарога...", с. 150)


Каляды... пасярод начы ступае

Божанька па снезе...

("Каляды", с. 150)


Маю ў нябёсы квіток,

Там не дастане ніхто.

("Зімовае", с. 153)


Святое святло тваё, Ойча,

святла не тушы, не азмрочвай!

("Ружанец", с. 161)


Іду праз бяду на Твой голас.

("Ружанец", с. 161)


Добры Божа мне рукі прасцёр

і падняў мяне ўгору.

("Ішла", с. 162)


Гучыць ўва мне боская нота

і ласка.

("Анёлы Гародні", с. 162)


Парасон Божай Маці заўсёды над намі...

Мы ў спрадвечнай вандроўцы

да Вострае Брамы.

("Вастрабрамскае ўзнясенне", с. 171)


Няхай ніколі ўжо не будзе

ў Тваім штодзённіку жыцця

да Пана Бога забыцця.

("Стакроткі ў вяночак Маці Божай

Будслаўскай", с. 174)


Нарадзіўся, таму не згубіўся,

той згубіўся, хто не нарадзіўся.

("Стакроткі ў вяночак Маці Божай

Будслаўскай", с.178)


Хлеба нашага штодзённага дай,

Каласкамі перажагнай!

("Ойча наш. Малітва Панская", с. 190)


Як мне добраму Богу адбіць тэлеграму,

каб у ласцы святой прытуліў маю маму?

("Ойча наш. Малітва Панская", с. 190)

Божа высокі, будзь пахвалёны,

пакуль па зямлі мы, ціхія, ходзім.

("Памяці Валодзі Конана", с. 200)


Адчыні нам, Божа, за далёкім краем

на ўзыходзе сонца на канцы зямлі

брамы той Айчыны, якой мы шукаем,

каб з Табой застацца там змаглі.

("Крыжовы шлях збаўцы нашага Езуса Хрыста", с. 201)


Крыві Хрыстовай цурок

Сагрэў гарачы пясок -

Не на пажар, на любоў.

("Крыжовы шлях збаўцы нашага Езуса Хрыста", с. 209)


Бог назірае за ўсімі здалёк -

з хмаркі на небе, схаванай у змрок...

Бог людзей да людзей пасылае.

("Крыжовы шлях збаўцы нашага Езуса Хрыста", с. 213)


Як спыняецца сэрцабіццё,

Езус вяртае жыццё!

("Крыжовы шлях збаўцы нашага Езуса Хрыста", с. 217)


Езус усіх нас пакутна, цярпліва вырошчвае,

нібы перамолатае пшанічнае зерне...

Мы - каласкі Тваёй Таямнічай Гостыі

на Ахвярніку Усеспалення...

("Малітва на заканчэнне Крыжовага шляху", с. 219)


... Забойцы страляюць, ды Бог носіць кулі.

Шалёныя кулі людзей абмінулі...

("Маці Божая з вёскі Ражкоўка", с. 232)


Сніцца мне хатка -

нізкі парог,

Бог не застрэміць

стомленых ног.

("Сніцца мне хатка", с. 238)

Пакуты і выратаванне

Ціхі ветрык ледзь чутна зайграў на аргане -

і забралі нябёсы ўвесь боль памірання.

("Рукі каштана", с. 156)


Маленькае сэрца, не бойся балець,

не бойся свайго паражэння.

("Пан Езус дарогай Апостала вёў", с. 151)


Дротам скручваюць дужых

ля слупоў бічавання...

Толькі Боская Ружа

ад няволі не вяне.

("Вастрабрамскае ўзнясенне", с. 172)


Моўчкі пад крыжам стаім.

Кожны маўчыць аб сваім.

Крыж - таямніца заўсёды.

("Крыжовы шлях збаўцы нашага

Езуса Хрыста", с. 203)


Цярпенне - лек ад параз.

("Крыжовы шлях збаўцы нашага Езуса Хрыста", с. 209)


Таямніца жыцця - крыж на крыж.

("Крыжовы шлях збаўцы нашага

Езуса Хрыста", с. 204)


У сэрцах спакой і сакральная ціша.

Смерць адступае ад Божага крыжа.

("Крыжовы шлях збаўцы нашага Езуса Хрыста", с. 205)


Не трэба баяцца ўпасці

Ні ў горы, ні ў шчасці.

Езус упаў на калені

Перад крыжам збаўлення.

("Крыжовы шлях збаўцы нашага Езуса Хрыста", с. 209)


Воля ходзіць сама.

Няволя шукае ярма -

на душаў бяздушных упадак.

("Крыжовы шлях збаўцы нашага Езуса Хрыста", с. 212)


Роду крыжовае дрэва

Ўглыб прарастае і ў неба.

("Крыжовы шлях збаўцы нашага Езуса Хрыста", с. 214)


Крыжам усе паяднаны!

("Крыжовы шлях збаўцы нашага Езуса Хрыста", с. 214)


Я не буду вучыцца ў сяброў на памылках,

памінальнаю знічкай згару на магілках,

іх любоў незямная і ёсць мне заслонай...

Узнімуся ўздагон аблачынкай замглёнай.

("Эпітафія", с. 223)


Упрыгожвайце сцежкі сіротаў

у вязанкі вясновых руж!

("Пілігрымка ў Катынь", с. 225)


Божанька, я Твае знакі з адчаю

ў цярнёвы вяночак злучаю.

("Да Маці Божай з Каложы ", с. 245)

Вера і малітва

З малітваў будуем надзеі хаціну

Жыровіцкай Маці і Божаму Сыну.

("Да Маці Божай Жыровіцкай", с. 159)


Ружанец - канат у нябёсы.

("Ружанец", с. 161)


На каленях найлепшы спосаб

узляцець да светлых нябёсаў.

("Вастрабрамскае ўзнясенне", с. 167)


Малітвай сатканы масток...

Ніхто ад Маці не ўцёк...

("Стакроткі ў вяночак Маці Божай Будслаўскай", с. 177)


Заглыбілася ў светлую любоў,

як у прастору белых алтароў, -

каб сэрца распаліць, не трэба дроў...

("Белая навэнна", с. 180)


Згоршаны свет не збаўляецца бітвай,

але збаўляецца ціхай малітвай.

("Белая навэнна", с. 181)


Чыстае слова камень паднімае...

Маўчанне з Табою нямым не бывае...

("Ойча наш. Малітва Панская", с. 189)


Калі пташкі малыя пачынаюць маліцца,

адчыняецца неба, усміхаецца сонца...

("Ойча наш. Малітва Панская", с. 189)


Колькі на свеце свеціцца вочак,

столькі малітваў спляцем у вяночак...

("Ойча наш. Малітва Панская", с. 191)


Болем сэрца складаю малітву, слязьмі...

А як б'юць мяне, Ты засланяеш грудзьмі.

("Ойча наш. Малітва Панская", с. 192)


Праз краіны, межы, сусветы

між сабой размаўляюць паэты...

("Да 100-годдзя з дня нараджэння Ларысы Геніюш (9 жніўня 2010 г.)", с. 198)


Аднаві нас, Божа, у вясновыя ранкі,

не вырывай з карэннем, як лясныя паганкі...

Прышчапі чаранком вінаграду

з Твайго нябеснага саду...

("Крыжовы шлях збаўцы нашага Езуса Хрыста", с. 218)


Божая Маці, сагрэй немаўлятак -

тых, хто на свеце долі не мае...

("Малітва за Яначку, які пабыў тут некалькі гадзін, і за ўсіх ненароджаных", с. 220)


Спрадвечнай цемрай не карай нас, Божа!

У ясныя шляхі перамяні!

("Да бабуляў Францішкі і Канстанцыі, да дзядуляў Адама і Вінцука", с. 226)


Ад думак глыбеюць разоры -

а розум тупее - хворы.

("Ранняя малітва падзякі", с. 241)


Словы шукаю - знаходжу вечнасці знакі -

Бога дыханне, укрытае у табернакулюм.

("Думкі каля Каложы", с. 242)


Паэтычныя пацеркі: зборнік афарыстычных выслоўяў Дануты Бічэль / склад. Ксенія Астаніна; рэд. С.Л. Бяляўская. Камп'ютарнае афармленне Т.І. Зенюкевіч. Адказны за выпуск Г.А. Хвайніцкая - Ліда, 2022. - 24 с. Выданне грунтуецца на матэрыяле вершаваных твораў з кнігі: Бічэль, Д. Выбраныя творы / Данута Бічэль; прадм. Марыі Новік. - Мінск : Беларуская навука, 2016. - 604 с.: іл. - (Беларускі кнігазбор).

Прэзентацыя кніг Наталлі Анашкевіч

У рамках пасяджэння літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты" адбылася прэзэнтацыя дзвюх кніг сталага аўтара газеты "Наша слова", настаўніцы рускай мовы і літаратуры СШ №11 Наталлі Мікалаеўны Анашкевіч "Православные храмы Лидчины" і "В калейдоскопе школьных дней".

Яшчэ раз віншуем таленавітую настаўніцу, творчую асобу і будзем спадзявацца, што гэта не апошнія яе кнігі, а толькі чарговыя. Бо ведаем, што ў Наталлі Мікалаеўны яшчэ вельмі шмат задумаў, і верым, што яны абавязкова здзейсняцца!!!

Алесь Хітрун.

ЗНІКЛЫ Ў СНЕГАПАДЗЕ

Зміцер Захарэвіч

У ПЕРШЫ ДЗЕНЬ ЗІМЫ

За ноч завеі замялі

Струпы ад стратаў і здабыткаў,

І,

аркуш на стале нібыта,

Бялее прышласць прад вачмі.


Ступіўшы на яе цалік,

Ужо не маюся вярнуцца,

Туды, дзе за спіной кладуцца

Сляды радкамі ў чыставік.


Узважваю памер і крок,

Каб ззаду не гулі папрокі,

Калі мой цень растане ў змроку,

А снег збяжыць вадою ў лог.


Не здолею бо памяняць

Тады

змест,

сэнс,

верашабудову,

Як і пражытую

нанова

Не выйдзе сцежку пратаптаць.

СНЕЖАНЬ. ДОСВІТАК. ТУМАН

Яшчэ няпэўна на зямлі

Усталяваў уладу снежань,

Таму аблокі прыляглі

На бель у вугалі праплешын.


Што сняць вандроўныя яны

У свой кароткі адпачынак? -

Мо поўнагрудыя сады?

Ці квецень першую галінак?


Прысады цішай абнялі,

Як ні крычы - не дагукацца,

Бо самі ведаюць, калі

Дадому трэба выпраўляцца.


Бакі баляць, ім доўга спаць,

І ледзьве зоймецца світанак,

Адгэтуль плыўка паляцяць,

Курэючы ўгару … туманам.

СОНЦА СЫХОДЗІЦЬ…

Снежачы ў вочы прахам

Зможаных аблачын,

Сонца ідзе на захад -

Сонца ідзе на спачын.


Промняў расплёўшы косы,

Лёду пачуўшы звон,

Сонца ідзе з нябёсаў,

Сонца сыходзіць на скон.


Гасне на даляглядзе

Золку рудая кроў -

Сонца ідзе з бязладдзя,

Сонца ідзе ў заціш сноў.


Страціўшы рэшткі ймпэту,

Ледзьве трымае крок,

Сонца ідзе са свету,

Сонца сыходзіць у змрок.


Паннай у зрэб'і маўкліва,

Вырачанай - пад меч,

Сонца ідзе ў магілу,

Сонца ідзе ад нас прэч.


Жорсткае скерца будзе

Творца давеку граць -

Сонца памерці мусіць,

Каб на Каляды паўстаць.

ЗНІКЛЫ Ў СНЕГАПАДЗЕ

Я назіраю снегапад,

Як неба нетаропка піша

Увечары пастэллю цішу

І як не вернецца назад


Той, што маўкліва прэч сышоў -

Адно зяхнулі пашчай дзверы -

Хай снег не растае на веях,

Абы не ўдзельнічаць у шоў.


У беспаветраны прасцяг

З усмешкай прамільгнуў ён ценем

Між тымі, што яго хацелі

На прасцірадлах і пляцах.


Дарма высочвалі віжы -

На ўсім абшары чалавечым

У твары снег сцябаў карцеччу

Ды пераховываў сляды.


А следчым сівер расказаў

Пра зніклага нязменны выбар -

Ён прыйдзе блазнаваць і хібіць

Тады, калі захоча сам.


Яго ля крамы я сустрэў,

Глынуў нагбом, паціснуў руку,

І ён паскардзіўся са скрухай,

Што снег трапляе за каўнер…

ПЫТАННІ

(на свята Тры Каралі)

Чатыры вершнікі Апакаліпсіса,

Тры каралі каля неўмаляці -

Два міфічныя сюжэты,

Згадваныя ў адной кнізе.


Праз што зрэдчас турбуюць пытанні -

Хто з'явіцца ўрэшце па нас?

Праводзяць у Вечнасць

Альбо выправяць у небыццё?

ЧУЖЫНЕЦ

Уначы лес снегам запарушыла,

Хвоі, як павапнаваныя, стаяць,

Паміж іх вятры блукаюць душамі

Тых, каму ўжо непатрэбна паміраць.


Пазнаю беспамылкова кожнага,

Ад узрушанасці мову заняло,

Моўчкі пойдзем успамінаў пожняю,

За сабой не пакідаючы слядоў.


Каб мяне ніхто не здолеў высачыць,

Плечы ўхутаў у бяздонную смугу.

Сэрца вонкі пагражае выскачыць,

Бо ў засветнае прыстанішча іду.


Там спакой і небасхіл раззораны,

І таварышаў збярэцца грамада.

З імі гэтулькі недагаворана!

Ды бывае, што змястоўней немата.


Па чарзе мяняемся паглядамі.

А так хочацца пра многае спытаць!

Ззяюць вочы шчыраю спагадаю

Тых, каму ўжо непатрэбна паміраць.


У прасторы стыннай ледзь трымаюся,

Бо патрапіў зразумець без слоў адказ:

- Час надыдзе, сам пра ўсё дазнаешся,

Але зараз ты чужынец сярод нас…


На світанку брыў дадому змушана,

Пачыналі зоры нада мной згасаць.

Уначы лес снегам запарушыла,

Хвоі, як павапнаваныя, стаяць.

ПЕРШАПУТАК

(трыпціх трыялетаў)

1. Крок

Зрабіць у невядомасць крок,

Нібы ступіць на першапутак,

Па лаўры ці кіліх цыкуты

Зрабіць у невядомасць крок.

Пейзажы пройдзеных дарог

Сарваўшы з памяці, як путы,

Зрабіць у невядомасць крок,

Нібы ступіць на першапутак.

2. За парог

Пайсці ў свет ройны за парог -

Пакінуць зацішны закутак,

У ім сябе адчуўшы скутым,

Пайсці ў свет ройны за парог.

У промні, у смугу, у змрок,

Адзінай прагай ахінутым:

Пайсці ў свет ройны за парог -

Пакінуць зацішны закутак.

3. Зарок

У сэрцы несучы зарок

Не збочыць у нябыт з маршруту,

Увагі не звяртаць на скутак,

У сэрцы несучы зарок.

Зрабіць у невядомасць крок,

Нібы ступіць на першапутак,

У сэрцы несучы зарок

Не збочыць у нябыт з маршруту.

Год гістарычнай памяці

Гутарка Станіслава Судніка з гісторыкам Сымонам Барысам

Мінуў 2022 год, які ў нашай краіне адзнчаўся як год Гістарычнай памяці. Я рашыў пагаварыць з гэтай нагоды з нашым сталым аўтарам С.В. Барысам, які ў мінулым годзе адзначыў свае 85 гадоў.

- Гаспадар Сымон, раскажыце, чым для Вас быў асаблівы мінулы год - Год гістарычнай памяці?

- Самыя важныя даты мінулага года - гэта юбілеі нашых старажытных гарадоў: Полацку - 1160 гадоў і Менску - 955 гадоў. Смаленск нават на 20 гадоў маладзей за наш Палацак. У канцы года быў яшчэ адзін юбілей - 100 гадоў утварэння СССР. Праўда, усе гэтыя юбілеі былі адзначаны сціпла. І таму было некалькі прычын. Як мне ўспамінаецца, 100-годдзе БНР у Менску адзначылі ў 2018 годзе больш урачыста. Адрыўны каляндар "Родны край" 2022 года надрукаваў артыкул "Дасягненні СССР". Сярод гэтых дасягненняў: у 1961 годзе выраблены самы сучасны і магутны кар'ерны самазвал БелАЗ. Гэта пра наш беларускі самазвал. Я не адмаўляю і тое станоўчае, што было ў Савецкім Саюзе, асабліва пры кіраўніцтве дзяржавай Мікітам Хрушчовым, Леанідам Брэжневым і Міхаілам Гарабачовым. Гэтыя тры асобы заслугоўваюць у гісторыі вялікай павагі.

У мінулым годзе адбылася важная падзея ў беларускай культуры, якая пакуль што слаба адлюстравана ў друку. У падворку Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пабудаваны вельмі цікавы помнік-ратонда "Залатое кальцо беларускай навукі". Аўтары помніка: скульптары Алена Хараберуш і Аляксей Пакульніцкі, архітэктар Армен Сардараў. У склад гэтага помніка ўваходзяць 7 скульптур: Кірыла Тураўскі, Францішак Скарына, Сімяён Полацкі, Казімір Семяновіч, Яўстах Тышкевіч, Яўхім Карскі, Усевалад Ігнатоўскі. Каля кожнай скульптуры напісана цытата гэтага асветніка, якая мае выхаваўчае значэнне.

- А чым мінулы год быў асаблівы ў Вашым жыцці?

- Для мяне першы квартал быў не зусім прыемным. Мой сын Яраслаў захварэў на Кавід-19, а затым і я заразіўся ад яго. Трапіў у лютым месяцы ў бальніцу, дзе мне давялося прабыць аж 20 дзён. Добра, што паправіўся. А мая швагерка ад гэтай хваробы памерла. Памёр і мой добра знаёмы мастак Барыс Цітовіч, які стварыў Музей Першай сусветнай вайны на беразе Нарачанкі ў Вілейскім раёне.

Непадалёку ад таго музея знаходзіцца мая родная вёска Касічы, у якой я нарадзіўся ў 1937 годзе. Мой юбілей 85 гадоў прайшоў непрыкметна, але я радаваўся, што дажыў да гэтага часу і нешта зрабіў. Прыязджаў вясной да мяне і мой сын Уладзімір з Ноўгарада Вялікага з жонкай, дачкой, зяцем і сваімі ўнукамі (маімі праўнукамі). Зрабілі фотакартку "Сустрэча чатырох пакаленняў", якую я паспеў надрукаваць у сваёй кнізе " Касічы на Нарачанцы: падзеі і людзі". У кнізе 344 старонак. У ёй надрукавана "Вяселле ў вёсцы Касічы (1963 год)". Другая невялікая краязнаўчая кніга "Жодзішкі на Віліі" мае ўсяго 28 старонак.

Потым надрукаваў на рускай мове кнігу "Новгородские очерки новеллы", аб'ёмам 184 старонкі. Гэтую кнігу ўжо мае Наўгародская абласная бібліятэка.

А 22 снежня 2022 года ў свет выйшла мая кніга (у сааўтарстве з Паўлам Карузам) "Вясельныя песні".

- А ў чым жа асаблівасць гэтай апошняй кнігі?

- Гэту кнігу можна было надрукаць у 1970-1980-х гадах. У той час славуты музыка Павел Каруза напісаў 55 нот для вясельных песень, якія я запісаў. Але яна не была поўнасцю падрыхтвана, бо я не ведаў, хто яе зможа надрукаваць. Знаёмства і блату ў выдавецтве ў мяне не было, а тэма такой кнігі для будаўнікоў камунізму не вельмі патрэбная. Тады вялася барацьба з хрысціянскай ідэалогіяй. А таму я і не стараўся. Калі б тады надрукавалі, дык выплацілі б мне невялікі ганар і надрукавалі б не меней тысячы асобнікаў. Цяпер жа я за свае грошы надрукаваў толькі 30 кніг. Аднак гэта толькі на карысць беларускай культуры. Калі пакласці побач тры кнігі: "Беларускія народня песні. Т. 4. Вяселле" (запіс Рыгор Шырмы), "Лірыка беларускага вяселля" (укладальнік Ніл Гілевіч) і "Вясельныя песні" Барыса і Карузы, дык атрымоўваецца, што першыя дзве кнігі буднічныя, без ілюстрацый, а трэцяя - святочная з каляровымі ілюстрацыямі. У гэтай кнізе 228 старонак. Гэта мой уклад у Год гістарычнай памяці.

- А колькі ўсяго па назвах Вы напісалі кніг?

- Мне ўдалося выдаць у дзяржаўных і прыватных выдавецтвах 23 кнігі. Яшчэ па беларускім вяселлі планую выдаць дзве кнігі і кнігу прозы "Калі спяваюць салаўі". Цяпер працую над гэтымі кнігамі.

- Зычу Вам творчага поспеху. Будзем чакаць новых кніг.

Памёр навуковец-фалькларыст, шматдзетны бацька Анатоль Літвіновіч

Пра тое, што ў Анатоля Літвіновіча рак лёгкіх чацвёртай ступені, стала шырока вядома 12 студзеня.

Па словах жонкі Вольгі, муж марыў выдаць кнігу ўласных навуковых артыкулаў. Але так і не атрымалася. Без бацькі засталося шасцёра непаўнагадовых дзяцей.

Анатоль Літвіновіч нарадзіўся ў 1951 годзе ў Любані, на Вілейшчыне. Скончыў мясцовую школу, пасля - БДУ, а ў 1979 годзе - аспірантуру. Настаўнічаў, працаваў у музеі ў Заслаўі, у аддзеле старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Абараніў дысертацыю "Пытанні беларускай фалькларыстыкі ў польскім перыядычным друку другой паловы 19 - пачатку 20 ст." Ад 1988 года ён працаваў у лабараторыі беларускага фальклору БДУ. Фальклорныя запісы Літвіновіча ўвайшлі ў шматлікія зборнікі вуснай народнай творчасці. Працоўную дзейнасць Анатоль Літвіновіч завяршыў на кафедры рэжысуры абрадаў і свят Беларускага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Удзельнічаў у этнаграфічных экспедыцыях, праводзіў экскурсіі па экспазіцыі музея старажытнабеларускай культуры. Сабраў шмат беларускіх народных песень, у тым ліку з роднай Вілейшчыны.

Светлая памяць.

Высакародная справа - расказваць пра сваю зямлю

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі 17 студзеня адбылася творчая вечарына "Ветразь лёсу" да 75-годдзя пісьменніка, журналіста і паэта, вядоўцы праграмы "Сураўзмоўцы" Навума Гальпяровіча.

Навум Якаўлевіч узгадаў пра свае дзяцінства, сваіх бацькоў і першыя кніжкі.

Навум Гальпяровіч нарадзіўся 14 студзеня 1948 года ў Полацкай радзільні каля Сафійскага сабора. Дзявочае прозвішча яго маці было "Мальчык", і калі бацька запытаўся, хто ў яго нарадзіўся, лекар адказаў яму: "Мальчык нарадзіла хлопчыка!"

Нягледзячы на тое, што горад быў разбураны пасля вайны, юнак адчуваў сябе шчаслівым, бо побач былі родныя, а аднакласнікі заўсёды прыносілі ў падарунак на дзень народзінаў кніжкі. З маленства будучы журналіст і краязнавец заахвоціўся чытаннем, любіў С. Маршака, К. Чукоўскага, А. Барто, В. Вітку, чытаў А. Гайдара і В. Асееву, і наведваў дзве Полацкія бібліятэкі. Пазней ён захапіўся В. Гюго, Ж. Вернам, Г. Мапасанам і іншымі сусветна вядомымі аўтарамі. У 17 гадоў пад уплывам У. Караткевіча ён звярнуўся да беларускай мовы і літаратуры.

Першыя радкі Навума Гальпяровіча былі надрукаваны ў Наваполацкай газеце "Хімік".

Навум Гальпяровіч скончыў завочна Віцебскі педагагічны інстытут (1979). У 1977-1980 ён быў рэдактарам радыёвяшчання вытворчага аб'яднання "Палімір" у Наваполацку, у 1980-1981 - супрацоўнікам наваполацкай гарадской газеты "Хімік", з 1981 - уласным карэспандэнтам Дзяржтэлерадыё БССР па Віцебскай вобласці, ён - аўтар шматлікіх рэпартажаў, аналітычных матэрыялаў. З 1997 года жыве ў Мінску. Працаваў намеснікам галоўнага рэдактара ў часопісе "Вожык", намеснікам старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў, быў намеснікам дырэктара - загадчыкам аддзела музычных і літаратурна-мастацкіх праграм дырэкцыі канала "Культура" Беларускага радыё Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі.

На вечарыне прагучалі вершы аўтара пра родны горад і пра Еўфрасінню Полацкую, урыўкі з празаічных твораў.

Алесь Пісьмянкоў адзначаў, што Н. Гальпяровіч ведае за 200 песень. Навум Якаўлевіч на сустрэчы з чытачамі пацвердіў, што, сапраўды, любіць спяваць, а любоў да спеваў прыйшла да яго падчас дзейнасці ў літаб'яднанні "Крыніца".

Вядоўцы вечарыны прыцягнулі ўвагу да паэтычнай і празаічнай творчасці Навума Гальпяровіча. Навум Якаўлевіч прызнаўся, што для яго вельмі важна было напісаць пра свой родны горад і занатаваць гісторыі людзей, якіх ён сустрэў у жыцці. На аўтабіяграфічным і родным матэрыяле выходзілі з-пад пяра навэлы, абразкі, аповесці. Важнай была праца на радыёстанцыі " Беларусь" у рэдакцыі замежнага вяшчання, у памяці засталіся шматлікія падарожжы, сустрэчы з дзеячамі культуры, знакамітымі асобамі.

У выпуску серыі з 4-х кніг пра беларускія гарады разам з Навумам Гальпяровічам узяў удзел яго сын Максім, выпускнік гістарычнага факультэта Полацкага ўніверсітэта. Навум Гальпяровіч вельмі ўсцешаны, што за часы незалежнасці Беларусі было апублікавана шмат гістарычнай інфармацыі пра Полацк і пра выбітных постацяў беларускай зямлі, Полацк акрэслены як калыска беларускай дзяржаўнасці.

З чытаннем вершаў Навума Гальпяровіча выступіў Алесь Мойскі, мастацкі кіраўнік студэнцкага тэатра БДПУ імя Танка "Роднае слова", рэжысёр праграмы "Суразмоўцы", а таксама Алег Вінярскі.

Навум Гальпяровіч - аўтар звыш 10 кніг прозы і паэзіі, яго вершы пакладзены на музыку Э. Зарыцкім, У. Буднікам і іншымі кампазітарамі. Асобныя яго творы перакладзены на рускую, балгарскую, румынскую і польскую мовы. Госці юбілейнай вечарыны змаглі пазнаёміцца з новай кнігай Н.Я. Гальпяровіча "Сюжэт для вечнасці". Прысутныя пажадалі Навуму Якаўлевічу добрага здароўя і плёну ў творчай дзейнасці.

Эла Дзвінская, фота аўтара.

Асобы і падзеі Меншчыны

У менскі магазін "Акадэмкніга" паступіў у продаж краязнаўчы каляндарны даведнік "Міншчына-2023: асобы і падзеі", які выпусціла ў свет тыражом 60 экзэмпляраў выдавецтва "Ковчег". Даведнік заснаваны на матэрыялах Менскай вобласці і прызначаны ў першую чаргу для яе жыхароў, але можа быць запатрабаваны ўсімі, каго цікавіць мінуўшчына роднага краю.

На 124 старонках ілюстраванага выдання змешчаны больш за 800 юбілейных і памятных дат, фактаў (не толькі радасных і прыемных, але і трагічных) з мінулага Менскай вобласці, якія прыпадаюць на 2023 год.

Ёсць дзве акалічнасці для таго, каб звярнуць увагу на краязнаўчы даведнік "Міншчына-2023: асобы і падзеі". Па-першае, ён выдадзены напярэдадні 85-годдзя з дня ўтварэння Менскай вобласці як адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі Беларусі (адзначалася 15 студзеня 2023 года). Па-другое, у падобным фармаце даведнік пабачыў свет упершыню ў Менскай вобласці.

Падрыхтаваў даведнік да выдання жыхар горада Слуцка Анатоль Жук. Ён - аўтар кніг "Храналогія слуцкай мінуўшчыны" (1996), "Слуцк, 37-ы…" (2006), "Вы ведаеце Случчыну?" (2007), "Слуцкий именослов" (2008), "1920 год на Случчыне" (2016), "Якуб Колас. Случчына. Случакі" (2022).

У першым раздзеле даведніка "Міншчына-2023: асобы і падзеі" ("Сёлета спаўняецца") прыведзены падзеі і факты, па якіх не ўдалося ўстанавіць дакладныя даты. З гэтай нагоды аўтар у "Слове да чытачоў" выказаў спадзяванне, што з цягам часу хто-небудзь запоўніць такія прагалы, таму "застаецца шырокае поле для краязнаўчых пошукаў на месцах, у гарадах і раёнах Міншчыны".

Асноўны раздзел даведніка "Міншчына-2023: асобы і падзеі" складаецца з юбілейных і памятных дат з разбіўкай па месяцах і днях. Напрыклад, запісамі за 31 сакавіка 2023 года адзначаны 120-годдзе грамадскага і ўніяцкага рэлігійнага дзеяча беларускага замежжа Міхася Маскаліка (ураджэнец гарадскога пасёлка Гарадзея Нясвіжскага раёна), 115 гадоў з дня нараджэння ў Барысаве інжынера, расійскага прамысловага дзеяча, Героя Сацыялістычнай Працы Міхаіла Бермана, 75-годдзе вучонага ў галіне радыяцыйнай хіміі, доктара хімічных навук, прафесара Алега Шадыры з вёскі Даўгінава Вілейскага раёна.

У даведніку ў пачатку кожнага месяца ёсць яго назва з указаннем знаку задыяка на адпаведны перыяд, змешчаны фотаздымак аднаго з вядомых людзей, чый юбілей адзначаецца ў гэтым месяцы.

Для зручнасці карыстання і арыентацыі чытача А. Жук зрабіў у канцы даведніка паказнік імён, прывёў звесткі пра крыніцы змешчаных у ім фотаздымкаў, тут жа ёсць і старонка для запісаў. На чацвёртай старонцы вокладкі змешчаны каляндар на 2023 год. Знаёмства са зместам каляндарнага даведніка "Міншчына-2023: асобы і падзеі" дае падставы меркаваць, што ён можа пасадзейнічаць развіццю краязнаўства ў нашай вобласці.

Алесь Красавіцкі, жыхар г. Слуцка.

Як ажаніцца з немкай?

Кожны з нас за час маладосці вырашае свой лёс - жэніцца, вучыцца, набывае прафесію. Іншы раз гэта на ўсё жыццё і так складваецца ўсё, што паправіць зробленае ўжо нельга. У газеце "Народная воля" (№ 13) за 26 лютага 2013 года быў надрукаваны артыкул Людмілы Сяліцкай "Танго, которого не было". Савецкі марскі афіцэр-падводнік Анатолій Краснагорскі сядзеў за сталом у рэстаране у Масве з немкай Эдзіт Альшэўска. Эдзіт у Маскве вучылася, і яна павінна была ўжо вярнуцца ў Германскую Дэмакратычную Рэспубліку. Нечакана афіцэра запрасілі выйсці з-за стала на кароткую размову. Два спецработнікі папярэдзілі афіцэра, каб з немкай не звязваўся. Ён вярнуўся за стол, Эдзіт дала яму свой берлінскі адрас, але ён ёй так ні разу і не напісаў. Ён выбраў кар'еру, а не Эдзіт. А праз 55 гадоў (у 2012 годзе) Анатоль Краснагорскі вырашыў знайсці Эдзіт, але яна на яго старанні не адклікнулася.

Любая крайнасць заўсёды шкодзіць. І ў жыцці, і ў каханні, і ў палітыцы. Самае кепскае, калі не давяраюць нават сваім хаўруснікам. Прыкладаў таму шмат. За савецкім часам нават з немкай з ГДР ажаніцца была праблема. Праўда, калі савецкі салдат пакахаў немку, дык там у Нямеччыне было гэта зрабіць прасцей. Завяла немка савецкага салдата ў адпаведны орган, дзе афармляюць шлюб, паклалі дакументы на стол, і праблема вырашалася. Так Эльза выйшла замуж за савецкага салдата перад яго дэмабілізацыяй і прыехала з ім у Брэст. Я сустрэў гэтую немку ў Брэсце. Яна выдавала тэхнічныя сродкі навучання ў Брэсцкім педагагічным інстытуце. Я з ёй пазнаёміўся. Звярнуў увагу на яе імя.

- А я - немка.

- Вы з Паволжа пераехалі сюды?

- Не, я прыехала з ГДР. Выйшла замуж за савецкага салдата.

- І Вы добра жывіцё?

- Добра.

- Любіце і трымайцеся мужа. Вы тут зусім адзінокая. А мне не пашанцавала. Думаў, што Вы незамужняя.

Яна мне расказала, як яна ў ГДР выйшла замуж. Складанасцей не было. А ў СССР гэта было зрабіць цяжэй. Тут хаўруснікам не давяралі. Пасля нашага знаёмства я ніколі з Эльзай пра яе сямейнае жыццё больш не гаварыў.

А як жа ажаніцца савецкаму мужчыну з немкай? Спачатку трэба знайсці і закахацца ў немку. А калі такое здаралася з мужчынам з Савецкага Саюза, то гэта для яго была самая вялікая бяда. Бяда была нават тады, калі гэта немка з'яўлялася грамадзянкай ГДР. Вось таму некалькі прыкладаў.

У студэнцкім інтэрнаце на вуліцы Леніна ў Брэсце жыло некалькі выкладчыкаў, сярод іх два выкладчыкі рускай літаратуры і выкладчык нямецкай мовы Павел Будзько. З імі я быў знаёмы, бо і сам жыў у гэтым інтэрнаце. Нечакана Паўла Сафронавіча Будзько накіравалі ў Германскую Дэмакратычную Рэспубліку на курсы нямецкай мовы. І наколькі мне помніцца на 3 ці нават на 6 месяцаў, каб засвоіў гутарковую нямецкую мову. Паехаў у Берлін, а яго пасялілі ў прыгарадзе Берліна і пазнаёмілі яго з настаўніцай рускай мовы, якая працавала ў школе. У нямецкіх кіраўнікоў адукацыі быў свой разлік: атрымаць карысць ад таго, што будуць вучыць брэсцкага педагога нямецкай мове. Няхай настаўніца Ута вучыць Паўла Будзько нямецкай мове і ў той жа час хай сама лепш засвоіць рускую мову. Будзе і ёй, і яму карысць ад такога навучання. Карысць ад такога навучання сапраўды была. Настаўніца і выкладчык гаварылі на дзвюх мовах і нарэшце выявілася, што яна - дзеўка незамужняя, а ён - нежанаты мужчына. Па ўзросце таксама ў іх не было вялікай розніцы. Пакуль яны адзін аднаго навучалі чужой мове самі пачалі сябраваць, а пасля і кахаць адзін аднаго. Закончыліся тыя курсы і Паўлу Будзько трэба было вяртацца ў Брэст на работу ў педагагічны інстытут. Раставацца з прыгожай настаўніцай яму ўжо не хацелася. Ён прыехаў у Брэст.

Прыступіў да працы, але цяпер яму не хапала сімпатычнай новай сяброўкі. Ён пачаў пісаць ёй лісты і тэлефанаваць. Ім стала зусім сумна. Ён хоча запрасіць яе ў Брэст. А кім яна яму даводзіцца? А нікім. Але ён звяртаецца ў брэсцкую міліцыю і просіць дапамагчы выклікаць у госці сваю каханую немку. Там паспачувалі закаханаму Будзько і навучылі, як гэта зрабіць.

- Да цябе яе не пусцяць, бо ты ёй ніхто. А вось працуе ў педагагічным інстытуце сапраўдная немка, якая яе можа запрасіць да сябе ў госці, як сваю даўнюю сяброўку. І гэта на самай справе можа адбыцца. А калі яна прыедзе ў Брэст, дык вы зможаце тут і сустрэцца. Міліцыя не будзе цікавіцца, у каго яна будзе болей гасціць: ці ў немкі, ці ў беларуса.

Паўлу Будзько давялося пазнаёміць Эльзу з Утай. Яны пачалі перапісвацца, а затым Ута прыехала ў госці да Эльзы, а фактычна да свайго жаніха Паўла. Парткам педагагічнага інстытута пастараўся, каб Павел Сафронавіч меў асобны пакой у інтэрнаце і быў належным чынам упарадкаваны.

Я бачыў гэтую закаханую пару на кухні трэцяга паверха інтэрната, дзе яны ўдваіх пяклі бліны-бульбянікі вясной 1977 года. Размаўлялі на нямецка-рускай трасянцы. Я ім зайдросціў. Як кажуць, пара была, як на падбор. Удачная была паездка Паўла Будзько на курсы ў Германію. Там ён знайшоў сваю будучую жонку. Дзе яны аформілі свой шлюб - я не ведаю, але яна выйшла замуж у Брэст.

Аднойчы яшчэ за савецкім часам я сустрэў Паўла Сафронавіча ў бібліятэцы-ленінцы ў Менску і меў гутарку са сваім калегам з Брэста. Ён мне сказаў:

- У маёй жонкі каля Берліна вялікі дабротны дом, і там бы нам лепш было жыць, чым у Брэсце. Але мяне туды ніхто не адпусціць, бо я ваеннаабавязаны.

Праз некалькі гадоў знік з геаграфічнай карты Савецкі Саюз. Нядаўна я пацікавіўся лёсам сям'і Паўла Будзько. Знаёмыя настаўнікі з Брэста паведамілі мне, што сям'я Будзько - Павел Сафронавіч і Ута Вальтэраўна - цяпер ужо жыве ў Германіі.

Не толькі беларусы бралі сабе немак у жонкі, але і беларускі выходзяць замуж за немцаў. Мой аднакласнік Міхась Гарбач з Нарочы, што на беразе Нарачанкі, узяў у мяне кнігу "Нарачанка і яе берагі" для таго, каб пераслаць яе ў Германію. Туды гадоў 40 таму выйшла замуж за немца яго родная сястра.

Ад выбару жыццёвага шляху ў маладосці шмат чаго залежыць у лёсе чалавека. Добра, калі выбар таго шляху непамылковы.

Напісаў я пра жаніцьбу з дзеўкай іншай краіны, з краіны, з якой сябравалі. І сябрам не давяралі. І не толькі замежным сябрам, але нават сваім савецкім грамадзянам.

Вось гэта таксама адна з прычын распаду Савецкага Саюза. Людзі захацелі жыць вольна і не быць статкам з пастухом.

Сымон Струнеўскі.

Германія: "Кліматычным актывістам" пагражаюць сур'ёзныя штрафы

У час пратэстаў у Лютцараце кампаніі была нанесена значная матэрыяльная шкода, адзначае RWE. Энергетычны канцэрн хоча прыняць судовыя меры супраць дэманстрантаў.

Сітуацыя ў паселішчы Лютцарат абвастрылася напачатку студзеня напярэдадні зносу гэтага населенага пункта ў сувязі з планамі канцэрна RWE пашырыць адзін з найбуйнейшых буравугальных разрэзаў Германіі - Гарцвайлер. Жыхары мястэчка былі эвакуяваны - насуперак супраціву сотняў кліматычных актывістаў - падчас шырокамаштабнай паліцэйскай аперацыі, якая доўжылася некалькі дзён. Па дадзеных энергетычнай кампаніі, падчас пратэстаў была нанесена значная шкода маёмасці RWE, у тым ліку належным канцэрну аўтамабілям і абсталяванню. Акрамя таго - разбурана некалькі студняў і размеркавальных станцый.

Па выніках супрацьзаконнай актыўнасці дэманстрантаў - энергетычная кампанія абвясціла пра свой намер прыняць супраць іх меры. Прадстаўнік канцэрна RWE Гвіда Штэфен заявіў газеце "Neue Osnabrucker Zeitung": "Усе парушальнікі павінны настроіцца на атрыманне пазову для пакрыцця шкоды". Наколькі высокімі могуць быць прэтэнзіі, на сённяшні дзень яшчэ невядома. Канчатковай ацэнкі шкоды, нанесенай высяленнем, пакуль няма.

Час пытанняў па Лютцараце

Падчас актуальных дэбатаў, праведзеных у Бундэстазе, крытыка раздавалася, у прыватнасці, у адрас "Зялёных", абвінавачаных дэпутатам ад ХСС Фолькерам Ульрыхам у падвойных стандартах, - ім даводзіцца спальваць больш бурага вугалю і такім чынам, выкідваць больш CO2, таму што яны самі адкінулі пераходнае пашырэнне ядзернай энергетыкі.

Некалькі выступоўцаў падкрэслілі важнасць выканання права на дэманстрацыю, але пры гэтым папярэдзілі, што пратэсты павінны заставацца мірнымі. Эксперт па пытаннях унутранай бяспекі з партыі лібералаў Мануэль Хефярлін, напрыклад, перасцярог: "Уласнае меркаванне парой становіцца абсалютным. У такім разе кампрамісы будуць успрымацца, як асабістая параза".

Себасцян Фідлер з СДПГ заявіў, што левыя экстрэмісты спрабавалі пракрасціся ў шэрагі пратэстоўцаў, што дыскрэдытуе "добрыя высілкі кліматычных актывістаў".

У той жа час Лукас Бенер, чалец парламента ад "Зялёных" з Ахена, падкрэсліў, што большасць удзельнікаў дэманстрацыі ў Лютцараце паводзілі сябе "абсалютна мірна". Але пасля абвінавачванняў у празмерным гвалце, высунутых у адрас паліцыі, Камітэт унутраных спраў у Паўночным Рэйне-Вестфаліі палічыў неабходным перагледзець знятыя на відэа сцэны дэманстрацыі. Бенер таксама паведаміў пра ізаляваных радыкальных актывістаў, якія разбілі вокны яго офіса.

Дэбаты пад эгідай "Lutzerath - напад на вяршэнства закона" былі праведзены па просьбе AfD, прадстаўнікі якой заяўлялі пра "кліматычных тэрарыстаў". У сваім выступе дэпутат парламента ад AfD Карстен Хільзе наогул паставіў пад сумнеў само існаванне пагрозы змены клімату.

МК. FOTO: FREEPIK.COM.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Belarusians meet Indians: Грэцкі, Гуткін, Лынькоў, Набокаў

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-3(53-55) за 2023 г.)

Прыкладам геаграфічных зводак матэрыялу па беларуска-індзейскіх сувязях можа служыць наш бюлетэнь "Юмуры" (назву якога мы тлумачылі А. Карлюкевічу 7.03.1990 г. у лісце № 59: ""Юмуры" (не змяняецца), - гэта назва ракі на Кубе, паходзіць ад апошніх слоў індыянкі - "Я паміраю". Звычайны код, без аніякіх сэнсавых асацыяцый"). Усяго надрукаваны тры нумары. І яны былі адпраўленыя на Кубу ваеннаму журналісту - з прычыны перапіскі з ім гэтая серыя бюлетэня БІТ і ўзнікла. Падзагалоўкі ў нумарах былі: "(Інфармацыя для развіцця беларуска-кубінскіх індзеянісцкіх сувязей, № 1, лістапад 1989 г.)"; "Бюлетэнь па беларуска-кубінскіх індзеянісцкіх сувязях", № 2 студзень 1990 г.; "Бюлетэнь Беларуска-індзейскага таварыства па беларуска-кубінскіх індзеянісцкіх сувязях", № 3 люты 1990 г.

Хаця ў матэрыялах у асноўным адбываецца "набліжэнне" да тэмы кубінскіх індзейцаў (на жаль, толькі невялікія рэшткі іх можна знайсці на Кубе), ёсць нямала дапаможнай інфармацыі, якая праводзіць сувязі адначасова паміж жыццярадасным Востравам Свабоды, індзейцамі і Беларуссю.

У змешчаных у гэтым выпуску БСІ артыкулах сустракаем перакрыжаванне "нацыянальныя паркі - індзейцы", М. Лынькоў бачыў індзейцаў у Іасеміцкім, а П. Набокаў вывучаў сувязь з Елаўстонскім. Праз Набокава, Набокавых можна звязаць Ітаку, іракезаў каюга і вядомую амерыканска-беларускую паэтэсу Вальжыну Морт: "Тут, дзе жывём мы, некалі жыло племя каюга, таму наша возера тут называецца Каюга. Каюга - гэта таксама людзі, якія жывуць ля возера. Кожнае нашае мерапрыемства ў Карнельскім універсітэце пачынаецца са слоў памяці, з таго, на чыёй зямлі мы знаходзімся. Мы выказваем словы павагі да мясцовага насельніцтва".

Таксама праз выпуск праходзіць тэма азартных гульняў і казіно - цяжкая тэма, балючы, нават "зневажальны" і "абразлівы" для многіх маралістаў індзейскі матыў - апашленне, якое апраўдваецца неабходнасцю фінансавання індзейцаў. У матэрыяле пра Вальжыну, падрыхтаваным у 2020 г. Янам Максімюком, з якога мы цытавалі, згадана, што ў тым жа ўніверсітэце выкладаў расійска-амерыканскі пісьменнік Уладзімір Набокаў. Эпізадычнае з'яўленне індзейскай тэмы адзначанае, па беларускіх выданнях, не толькі ў "Лаліце": "Лолита" (1992), "Лаліта" (па-беларуску, 2010), але і ў апавяданні "Вясна ў Фіяльце". Рускамоўныя зборнікі - адпаведна: "Король, дама, валет. Подвиг. Лолита: романы" (1992, "сост. Г. Богдановой и др.") і "Истребление тиранов: избранная проза" (1989, "сост. Б. И. Саченко") - прасоўвала Набокава сям'я Сачанкаў. Набокаў не быў "каралём" пошласці, але ўсё ж эксплуатаваў "чужыя каштоўнасці", уключаючы і "гульню", а таксама неадэкватныя адносіны да дзяцінства. Гэтага мы не можам сказаць пра Міхася Лынькова і Міколку-паравоза.

ГРЭЦКІ Уэйн - беларус, верагодна, на чвэрць - яго дзед, ад якога прозвішча, быў з вёскі Агрэмер Драгічынскага раёна. Бацька і трэнер Уэйна Уолтэр, "канадскі філантроп", памёр у 2021 г. ва ўзросце 82 гадоў.

У паралель да тэмы індзейскага казіно ў арт. пра Э. Гуткіна можна прыгадаць выпадак 1984 г. з гульнёй у карты з яшчэ савецкага выдання кнігі Уолтэра ў суаўтарстве з Дж. Тэйларам: "Мы пагрузіліся ў аўтобус і панесліся ў Калгары. Для Уэйна гэта была вельмі павучальная паездка. Яго навучылі гуляць у індзейскі покер (трымаеш сваю карту кашуляй да сябе і бачыш толькі карты партнёраў)".

Пра тое, як магла адбыцца сустрэча Уэйна з юнакамі-індзейцамі, гаворыцца, у прыватнасці, у кнізе "Я, Уэйн Грэцкі" ("I, Wayne Gretzky: Short Stories by Rob Gordon", 2012).

Адзін з іх быў Тэд Нолан, пазней трэнер, але сам выступаў за "Су-Сент-Мары грэйхаўндс", гуляў разам з Уэйнам Грэцкі. У пераліку каманд пачатку кар'еры Уэйна адчуваецца "індзейскі дух'": 1975-1976 Toronto Nationals, 1976-1977 Seneca Nationals (той жа, але перайменаваны клуб), 1976-1977 Peterborough Petes, 1977-1978, Sault Ste. Marie Greyhounds, 1978-1979 Indianapolis Racers.

Роб расказвае пра Су-Сент-Мары: "Наша школа называлася East View Public School і знаходзілася прыкладна за пятнаццаць хвілін хады. Калі мы прыходзілі ў школу, то першае, што мы рабілі, гэта беглі на "снежку". Гэта была вялікая тэрыторыя ў задняй частцы школьнага двара каля сажалкі, куды ўсе хадзілі. Адзінае, чаго не хапала, гэта шыльды з надпісам "Уваход на ваш страх і рызыку". Тэрыторыя была дастаткова далёка ад школы, каб снежкі не заляталі ў вокны. Менавіта ў зоне снежкі штодня паўтаралася гісторыя Захаду.

У East View былі дзеці першых нацый, якія жылі недалёка ад горада ў рэзервацыі Гардэн-Рывер. Штодня прыбывала два-тры аўтобусы з дзікай кучкай хрыплых [raucous] хлопцаў і ціхім гуртам сарамлівых дзяўчат. Белыя хлопцы і першыя нацыі змагаліся за кантроль над вялікім пагоркам пасярод снежнай зоны. Тут заўсёды было больш белых, але індзейцы заўсёды здаваліся значна большымі. Тое, што цябе кінулі з гары, было толькі часткай усёй гульні. Мы заўсёды прыходзілі з перапынку мокрыя".

"Гіганты сярод нас. Двое дзяцей з першых нацый, якія раней удзельнічалі ў індзейскіх войнах у снежныя камякі, урэшце зрабілі даволі славутую кар'еру ў канадскім спорце. Абодва гэтыя хлопцы ператварыліся ў вельмі таленавітых прафесійных спартсменаў. Адным са штодзённых "каралёў замка" з вобласці снежных камоў быў высокі хлопчык з Першай нацыі па імені Тэд Нолан. Тэд вучыўся ў 6 класе, а я ў 2-ім. Я не пазнаў яго, акрамя таго, як адчуў боль, калі ён біў мяне з гары.

Тэд Нолан працягваў гуляць у хакей і ненадоўга гуляў з Уэйнам Грэцкі ў Greyhounds у 1978 годзе, перш чым стаць абаронцам у NFIL з Detroit Red Wings. Я крыху сачыў за яго кар'ерай і з гонарам даведаўся, што ён трэніраваў Greyhounds, і пасля таго, як ён вывеў іх у тры фіналы Кубка памяці запар, яму ўдалося нарэшце прывесці каманду да чэмпіёнства перад натоўпам роднага горада".

"Другога хлопчыка звалі Дарэн Зак. Ён быў у маім класе. Я думаю, што ён быў на год старэйшы, таму што ён быў вялізным хлопчыкам. Дарэн, як відаць з карціны, быў большы за настаўніка, і ён быў недатыкальны з пункту гледжання класавай сілы. Звычайна Дарэн кружыўся з групай сяброў, якія былі ў яго з рэзерву, але таксама быў даволі актыўны ў футболе і бейсболе. Ён вельмі добра ўмеў пагражаць і палохаць такіх меншых, як я".

Цікава адзначыць, што і тэма спорту, як і здароўя, уздымалася на старонках бюлетэня Цэнтра індзейскай дружбы Су-Сент-Мары (Sault Ste. Marie Indian Friendship Centre Newsletter). З 1989 да 1997 г. мы атрымлівалі гэты бюлетэнь.

Нолан нарадзіўся ў 1958 г. у рэзервацыі аджыбвэ Гардэн-Рывер каля Су-Сент-Мары. Яго роля ў лёсе хакеіста менскага "Дынама" кры Дж. Чычу - частка дзвюх галоўных ліній, якія звязваюць "індзейскі хакей" з Менскам. У падрыхтаваным А. Серабровым матэрыяле ў "СБ. Беларусь сегодня" (13.09.2014) Чычу кажа: "Трэнер Тэд Нолан, які цяпер узначальвае клуб НХЛ "Бафала", а ў маі прывозіў на чэмпіянат свету ў Мінск зборную Латвіі, належыць да племя аджыбвэ. Кожнае лета ён праводзіць у сябе на радзіме, у рэзервацыі, і ганарыцца гэтым". "Калі я пачаў паказваць добрыя вынікі ў хакеі, Тэд Нолан параіў мне пакінуць рэзервацыю і пачаць займацца прафесійна гэтым відам спорту".

Як трэнер зборнай Латвіі Нолан сустракаўся на матчах з беларускімі хакеістамі, прыязджаў і ў Беларусь. Пазней быў таксама трэнерам зборнай Польшчы. Нолан узначаліў зборную Латвіі ў 2011 г., а 12.04.2015 г. звольнены з паста трэнера - пасля многіх поспехаў. Чэмпіянат свету па хакеі з шайбай 2014 г. - 78-ы - праходзіў у Менску з 9 па 25 траўня на "Менск-Арэне" і "Чыжоўка-Арэне".

Уэйн Грэцкі з 2005 па 2009 г. быў трэнерам клуба "Каёты" ў адным з самых індзейскіх штатаў - Арызоне.

Літ.: 7493 Gretzky W., Taylor J. Gretzky: from the back yard rink to the Stanley Cup. Toronto, 1984.

7456 Гретцки У., Тейлор Дж. Уэйн Гретцки: пер. с англ. М., 1989.

ГУТКІН Эдуард (3) - мы не можам прысвяціць артыкул яго бацьку, таму што з яго паходжаннем няма пэўнасці. Эдуард Гуткін з сям'ёй выехаў з Гомеля 11.07.1993 г. (мы праводзілі яго ў аэрапорт Шарамеццева-2 11-12-га; запіс у нашым дзённіку: "У аўтобусе: расказ пра алкагалізм у індзейцаў", - звязаны з тым, што ў Гомелі доктар Гуткін шмат зрабіў для людзей, што пакутавалі ад алкагалізму) у парадку ўз'яднання са сваімі бацькамі - Зямай Якаўлевічам і Ганнай (Ханай) Захараўнай (з Фейгіных) у Сан-Францыска. У звестках з інтэрнэту і даце з анкеты асацыіраванага члена БІТ Э. Гуткіна (6.07.1993, членства з 5-га) ёсць разыходжанне што да нараджэння Зямы. Але ў любым выпадку ў чэрвені 1995 г., калі ён выправіўся з Сан-Францыска ў бок Сьера-Невады, гэта быў узрост каля 90 гадоў. Jackson Indian Casino або Jackson Rancheria Casino Resort у Джэксане належыць індзейцам мівак і кіруецца ранчэрыяй Джэксан (гэты ж народ насяляў і раён, які адносіцца цяпер да Іасеміцкага парку).

Эдуард падпісаў здымкі: "Мой бацька і інш. з дому для пажылых людзей каля індз. казіно"; "Мой бацька Зяма Гуткін каля індз. казіно са шчаслівым білетам"; "Мой бацька гуляе ў індз. казіно "Чэр [?] 30" ён выйграе найбольшую суму 25$".

Літ.: 9261 Левановіч Л. Казіно: апавяданне // Літаратура і мастацтва. 2009. 13 лют. С. 9.

9262 Леванович Л. Казино: рассказ / пер. с белорус. автора // Наш современник. 2009. № 12. С. 107-112.

4354 Казино в Интернете. Почему бы и нет? // Советская Белоруссия. 1998. 28 нояб.

4358 Старовойтова Г. Женский вопрос и российская политика // Имя. 1998. 26 нояб. С. 1, 3.

ЛЫНЬКОЎ Міхась - пісаў у дакументальным нарысе і ў апавяданні пра індзейцаў, якія "разам з дзікімі мядзведзямі і аленямі, вавёркамі і бурундукамі жылі ў запаведніку. Цэлая даліна ў ім так і называлася індзейскай. Яны жылі не ў хатах, як усе добрыя людзі, а ў сапраўдных вігвамах, такіх, як малююць іх у школьных кнігах".

Можна аспрэчыць: бурундукі і іншыя - ці найлепшыя суседзі, а ў вігвамах таксама жывуць добрыя людзі - залежыць ад падыходу, ад патрабаванняў.

Герою апавядання Лынькова, Ніку, негрыцянскаму хлопчыку, "не падабалася іх жыццё. Яно, вядома, добра пабыць тут дзень ці два, падзівіцца на ўсе цуды запаведніка. А жыць тут увесь час і мерзнуць па начах у дзіравых вігвамах - рэч не зусім прыемная. І горш за ўсё тое, што ніводзін індзеец не мае права пакінуць гэтую мясціну і свой нецікавы занятак. Ім гэта забаронена. А чаму - гэтага не ведае Нік. Адно, аб чым дачуўся ён, што мясціна гэтая, дзе загадана жыць індзейцам, называецца рэзервацыяй. Назва такая мудроная, таму, відаць, і такія мудроныя законы, ад якіх чалавеку не вельмі лёгка жыць на гэтым свеце".

Прысвяціўшы шмат месца становішчу неграў, якіх мог часта назіраць у Нью-Ёрку, а таксама іншым "каляровым народам", Лынькоў усё ж прыходзіць да высновы, што індзейцы, "якія зведзены да ролі экспанатаў для турыстаў і жывуць на спецыяльна адведзеных тэрыторыях", - самы абуральны прыклад бяспраўя і дыскрымінацыі.

Лынькоў падабраў для рэзервацыі эпітэт "цяжкае відовішча". "Месца рэзервацыі", якую ён у 1945 г. наведаў разам з К. В. Кісялёвым і іншымі, лакалізуе ў Іасеміцкім нацыянальным парку, гарах Сьера-Невада, дзе "ёсць і так званая індзейская даліна". "Тут у вігвамах жывуць індзейскія сем'і. Ім не дазваляецца пакідаць месца пасялення. Яны абавязаны займацца сваімі старажытнымі рамёствамі і весяліць, забаўляць ваяўнічымі скокамі прыезджых турыстаў. Індзейцы робяць розныя кошмы, плятуць цыноўкі, распісваюць арнаментам тканіны, выразаюць попельніцы, фігуркі мядзведзяў, вавёрак і іншыя сувеніры і з гэтага жывуць. Часам багаты турыст кіне ім манету і загадае скакаць. І вось некалькі індзейцаў, нацягнуўшы на сябе старыя ваяўнічыя адзенні з арлінымі пер'ямі, пачынаюць выконваць даўнейшыя ваяўнічыя скокі".

Пісьменнік прыходзіць да высновы: "Дайсці да такой знявагі над чалавекам могуць толькі ў Амерыцы".

Нарыс пра Амерыку Лынькоў напісаў і надрукаваў у скарочаным выглядзе ў часопісе "Бярозка" ў 1955 г. (№ 6-7). У 1960 г. ён прыгадаў убачанае ў рэзервацыі, калі пісаў "апавяданне з амерыканскага жыцця" "Чорная пляма".

Звесткі пра склад беларускай дэлегацыі мы бяром з падрыхтаванага А. Баркоўскім з адмысловым загалоўкам матэрыялу "Міхась Лынькоў. З падарожжа ў Амэрыку праз Якутыю" ("Койданава. "Кальвіна". 2015") (тарашкевіца, "якая не здаецца"): "Беларускую дэлегацыю на ўстаноўчай канфэрэнцыі ААН у Сан-Францыска ўзначальваў наркам замежных спраў БССР Кузьма Кісялёў. У яе лік увайшлі супрацоўнікі НКЗС Ф. Шмыгаў і Р. Байдакоў, а таксама прадстаўнікі навуковай і пэдагагічнай сфэры: гісторык У. Перцаў і біёлаг А. Жэбрак. Акрамя паўнамоцных членаў дэлегацыі, у яе склад уваходзілі і члены адміністрацыйна-тэхнічнага пэрсаналу: экспэрт, карэспандэнт, тэхнічны сакратар. У лік удзельнікаў дэлегацыі ўвайшоў і пісьменьнік Міхась Лынькоў, але не ў якасьці паўнамоцнага члена, а ў якасьці карэспандэнта".

Літ.: 1559 Лыньков М. Демократия наизнанку // Во славу Родины. 1950. 25-26 февр.

4532 Лыньков М. Черное пятно / пер. Е. Мозолькова // Белорусские рассказы. М., 1962.

1562 Лынькоў М. Амерыканскі лад жыцця // Лынькоў М. Збор твораў: У 8 т. Т. 7: Публіцыстычныя і крытычныя артыкулы. 1953-1975 гг. Мн., 1985. С. 265-269

1563 Лынькоў М. За акіянам // Лынькоў М. Публіцыстыка / склад. В. Бурносаў. Мн., 1980. С. 142-160.

187 Лынькоў М. Чорная пляма // Лынькоў М. За акіянам: нататкі, апавяданні, нарысы. Мн., 1962. С. 41-65.

8090 Ванина Ю. Американские индейцы в минском зоопарке // Минский курьер. 2005. 6 авг.

8101 Шестакова О. Завтра в минском зоопарке пройдет "Шоу американских индейцев" // Комсомольская правда в Беларуси. 2005. 6 авг.

8542 The show in the zoo // Belarus. 2005. № 5.

5033 Сіменон Ж. Сэнсы // Наша слова. 1996. 28 лют. С. 7-8.

НАБОКАЎ Пітэр - адзін з самых значных індзеяністаў ЗША "рускага паходжання". Маці яго, аднак, была ўжо з англійскім прозвішчам - Холадэй (Constance (Holladay) Nabokov), і ён меў таксама продкаў у Беларусі - па лініі бацькі - апошні па "самаадчуванні" нарадзіўся хутчэй на "окраинах", чым на "Kresach", - у Любчы (Наваградскі раён). "Ад канца XVII ст. пачынаецца заняпад Любчы, якую яшчэ ў 1535 годзе спрабаваў знішчыць Іван Грозны, a ў палавіне XVII ст. зусім спустошыў цар Аляксей Міхайлавіч. I нарэшце, у апошніх двух стагоддзях тут пануюць розныя Вітгенштэйны, Набокавы ды Фальцштэйны" (Ю. Віцьбіч, "Наша спадчына прамаўляе", "Спадчына", 2000, № 4, 5-6, з pawet.net). Віцьбіч не выказвае павагі да немцаў і, можна зразумець, татараў. Мы сустракалі сцвярджэнні пра "Набокаў", якія паходзілі ад "татарскага князька".

У 2013 г. tvr.by прама назвала бацьку Пітэра Набокава беларусам, хаця нават маці Мікалая, Лідзія Эдуардаўна, мела не зусім беларускае прозвішча - Фальц-Фейн (сястра заснавальніка парка Асканія-Нова). "К юбілею Мікалая Набокава ў Мірскім замку праходзіць музычны фестываль". "На музыку гэтага беларуса амерыканцы станцавалі свой першы балет. 110 гадоў з дня нараджэння кампазітара Мікалая Набокава святкуюць ва ўсім свеце".

Б. Рагуля пісаў: "Набокавы былі дваранамі, якія паходзілі ад рускіх і немцаў". І апісваў свае адносіны з "маладым Набокавым", які хацеў "збегчы" са свайго асяроддзя "да беларусаў": "Ён некалькі разоў казаў мне, што не хацеў бы вяртацца дадому, а лепш застаўся б у нас і жыў тым жыццём, якое было ў мяне". І нібыта гэта - пра маладога Уладзіміра Набокава.

У рэзюмэ Пітэра яго кар'ера індзеяніста пачынаецца з работы ў 1962 г. у рэзервацыях наваха, сіў і кроў. Затым ён быў мараком гандлёвага флоту. Вучыўся ў St. Johns College, атрымаў ступень бакалаўра ў Калумбійскім універсітэце. Працаваў як штатны рэпарцёр у газеце "Нью-Мексікан" (Санта-Фэ, 1967-1968).

Сярод яго кніг - а піша пераважна пра раўніны, Каліфорнію і Паўднёвы Захад - і "American Indians and Yellowstone National Park: A Documentary Overview", National Park Service (Yellowstone National Park, WY), 2002 (with Lawrence Loendorf).

Ён член Таварыства папярэджання жорсткасці з адносінах да дзяцей (Society for the Prevention of Cruelty to Children). Жыў пераважна ў Каліфорніі, але быў запрошаным лектарам у Center for the Study of Indian History, Haskell Indian Junior College і інш.

У 2010 г. Пітэр Набокаў наведаў Музей У. У. Набокава філалагічнага факультэта СПбДУ. Звестак пра яго наведванне Беларусі не маем, але надзея сустрэць яго, у т.л. і ў Музеі індзейца ў Касарычах (https://zviazda.by/be/news/20230118/1674051457-kasarychy-dzyakuy-lyudzyam-yakiya-nas-ne-pakinuli-biznesmen-adradzhae), ёсць.

Мы пісалі Пітэру 13.08.2004 г.: "Мы скапіравалі артыкул пра вас з "Сучасных аўтараў" [Contemporary Authors] у 1986 г. Пра месца нараджэння вашага бацькі стала вядома ў траўні 2004 г. Вы ў нейкай ступені беларус? [Are you any Belarusian?] У нас дагэтуль няма вашай генеалагічнай інфармацыі (уключаючы этнічнае паходжанне/месца нараджэння вашай рускай бабулі)".

21.09.2009 г. мы пісалі, што"было прыемна ў новай (2009) беларускай кнізе" пачытаць пра продкаў Пітэра. "Але мы вагаемся ўключыць вашы публікацыі" ў ""Belarusian-(American) Indian Bibliography" without your (or another reliable) confirmation that you are "partly Belarusian"".

Літ.: 11408 Bronitsky G. American Indians, world markets: the evolution of a career // Practicing Anthropology. 1999. Winter. Vol. 21. № 1. P. 32-34.

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Прайшлі Вадохрышчы

У Лідскім аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры для вучняў Ёдкаўскай сярэдняй школы адбылася фальклорна-абрадавая праграма "Трашчы не трашчы - ужо прайшлі Вадохрышчы".

Таксама дзеці праглядзелі спектакль "Зімовыя прыгоды Юрася і Ганкі" батлеечнага тэатра, прынялі ўдзел у майстар-класе па саломапляценні "Анёл".

ТК "Культура Лідчыны".

Стары замак у Гародні запрашае

"Капліца", "Каралеўская лазня" і "Пакоі чыноўніка". У Старым замку ў Гародні адкрыты тры новыя экспазіцыі, якія ўзнаўляюць інтэр'еры XVI стагоддзя.

ТК "Культура Лідчыны".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX