Папярэдняя старонка: 2023

Наша слова.pdf № 05 (57) 


Дадана: 31-01-2023,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 5 (57), 1 лютага 2023 г.

З дымам пажараў...

160 гадоў таму назад, 1 лютага 1863 года пачалося паўстанне на землях былога Вялікага Княства Літоўскага.

Ідэалагічна паўстанне было падрыхтавана няблага. Віленскае рэвалюцыйна-дэмакратычнае ядро працавала з грамадзянскай супольнасцю. У правінцыі велізарная роля належала каталіцкаму касцёлу. Сярод сялян былі папулярныя ідэі вяртання уніі.

Асноўня мэта паўстання - вяртанне незалежнасці Рэчы Паспалітай у межах 1772 года - была маральна, юрыдычна і цывілізацыйна правамерная. Быць гаспадарамі на сваёй зямлі і "людзьмі звацца" - і гэта ўсё, і больш нічога.

У ваенных адносінах паўстанне не было падрыхтавана ніяк. Беларусаў у чарговы раз падманулі. Абяцаная зброя не паступіла. Павятовыя паўстанцкія камітэты былі здольныя забяспечыць баявыя аддзелы харчаваннем. Што тычыцца абмундзіравання, боепрыпасаў, то тут яны маглі вельмі мала. Дальнасць бою паляўнічых стрэльбаў паўстанцаў была ў 2-3 разы меншая за дальнасць бою расейскіх вайсковых штуцараў, пораху і куляў не хапала. Артылерыі не было. Для паўстанцаў аказалася даступнай толькі партызанская тактыка вядзення баявых дзеянняў з усімі яе недахопамі.

І тым не менш, паўстанне 1863 года - гэта нашая гісторыя, нашыя страты і пачатак нашага нацыянальнага абуджэння. "Люблю Беларусь", - прагучала менавіта тады, і да гэтага часу ніхто гэтага не забараніў.

Станіслаў Суднік.

Наперадзе Дзень роднай мовы і 16-я Агульнацыянальная дыктоўка

Шаноўныя беларусы!

На фінішную прамую выходзіць падрыхтоўка да чарговага Дня роднай мовы і 16-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі.

Лідская бібліятэка імя Янкі Купалы ўжо падабрала тэксты, якія мы апублікуем у наступным нумары. Сёлета тэкстаў будзе больш, бо ў Лідзе прынята рашэнне прысвяціць дыктоўку 700-годдзю горада.

У Лідзе дыктоўку арганізуе райвыканкам, спадзяёмся, што і Гарадзенскі аблвыканкам у чарговы раз не застанецца ў баку.

Спадзяёмся на Акадэмію навук, Нацыянальную бібліятэку, універсітэты, каледжы. Спадзяёмся на Нясвіж, Капыль, Стоўбцы, на грамадзянскую супольнасць Гародні і іншых градаў і весяў. Спадзяёмся, што жаваранкі недалёкай вясны зазвіняць па-беларуску.

Станіслаў Суднік.

Да 700-годдзя Ліды

Вячаслаў Статкевіч - мастацкі кіраўнік Беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі, заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь "Свята" з нагоды 700-годдзя Ліды адрасуе роднаму гораду 36 слоганаў!


У міры, стварэнні і згодзе

Святкуй, Ліда, 700-годдзе!


700-гадовы юбілей,

Святкуй, Ліда, весялей!


Міру і стварэння, радасці, даброт.

Зычым Лідзе і лідчанам на 700 год!


Сем стагоддзяў горад Ліда адзначае!

Гасцей караваем ды песняй сустракае!


Сем вякоў - ты краса Беларусі!

Горадам Ліда заўжды ганаруся!!!


Веліч і гонар, і слава людзей,

Святкуй, Ліда, свой юбілей!


Оды і гімны, вершы і песні складаем

гораду Ліда, бо 700 год адзначаем!


Шмат на свеце краінаў і розных гарадоў,

Але сэрцу мілей Ліда і ў 700 гадоў!


У свеце краінаў, гарадоў багата,

Паклікала Ліда на сваё Свята!


Шмат краін у свеце і многа гарадоў,

Ліда - мая песня і вечная любоў!


На свята кліча горад Ліда слаўны,

Каб юбілей адзначыць спраўна.


Святкуй, гуляй, лідскі народ!

Гораду Ліда - 700 год!!!


Горад слаўны Ліда і Лідскі цудоўны край.

Песняй гучнаю, прыгожай свята пачынай!

Вялікае свята склікае людзей,

Каб Ліды адзначыць такі юбілей!


Сем вякоў, як сем нот, як сем колераў-фарбаў

Юбілей святкуй, Ліда, - горад казак і скарбаў!


Замка Лідскага муры, храмаў прыгажосць.

Ліда - лепшы ў свеце горад, скажа кожны госць!


Веліч замка, будынкаў, храмаў краса.

Наш Ліда горад - народа душа!


Гуляй, Ліда, гуляй, народ! (Вітай, Ліда)

Святкуй ярка 700 год!


Хлебам, квасам, півам, песняй

Страчай гасцей сям'ёю цеснай!


Хоць ўсю планету пройдзеш,

Лепей Ліды горада не знойдзеш!


Вясной, восенню, зімой, летам, у сэрцы песняй пяе!

Становіцца Ліда сусветам, калі ты палюбіш яе!

Феерычна, радасна, багата

Адзначае Ліда сваё Свята!


Краса і веліч, гонар эпохі, старажытнасць муроў.

Годна Ліда-прыгажуня святкуе 700 гадоў!


У Лідзе ў кожным камяні дыхае гісторыя:

Слаўных продкаў карані, тут жыве гармонія!


Над роднай Лідай сонца выплывае...

700 гадоў - дата дарагая!


Ад спелых ніў - беларускай зямлі

Зернем працы ў юбілей прараслі.


Святло зарніц і промні сонца

Асвецяць шлях Ліды бясконца!


Лідскіх імён славутых і працавітых рук

У юбілей чароўны я чую сэрцаў стук!


Нам яснаю зоркаю свеціць,

Ты, Ліда, найлепшая ў свеце!


Заводы, паркі, вуліцы і хаты

Лідскім святлом клічуць на свята!


У сэрцах умяшчаюцца твае абшары,

Няма лепш Ліды на зямным шары!


Мой Лідскі родны край, бацькоўская зямля,

На свята запрашай, і зблізку і здаля!


Радзіма васільковая - Лідчына мая,

Дата юбілейная ў спеве салаўя!


Дзе б я ні быў, у якіх краях.

Мне сніцца Лідская зямля!


Ліда! Тваё нам сонца ў сэрцы свеціць!

Ты самая найлепшая на свеце!


Ліда - лепшы горад на зямлі!

Тут будучае наша і продкаў карані!


Як мог, так складаў

Статкевіч Вячаслаў!


ІНСТЫТУТ ГІСТОРЫІ НАН БЕЛАРУСІ ЦЭНТРАЛЬНАЯ НАВУКОВАЯ БІБЛІЯТЭКА ІМЯ ЯКУБА КОЛАСА НАН БЕЛАРУСІ ЛІДСКІ ГІСТОРЫКА-МАСТАЦКІ МУЗЕЙ

праводзяць навукова-практычную канферэнцыю "ЛІДА І ЛІДСКІ КРАЙ У ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ (ДА 700-ГОДДЗЯ ГОРАДА)"

Запланаванае поле канферэнцыі:

> Лідчына ў святле археалагічных крыніц;

> Ліда і Лідскі павет у складзе Вялікага Княства Літоўскага

і Рэчы Паспалітай;

> Лідчына ў канцы XVIII - пачатку ХХ ст.;

> Лідчына ў міжваенны перыяд 1921-1939 гг.;

> Ліда і Лідскі раён у перыяд Другой сусветнай вайны і

пасляваеннага аднаўлення;

> Ліда ў другой палове ХХ - пачатку ХХІ ст.;

> Гістарыяграфія і крыніцазнаўства гісторыі Лідчыны;

> Матэрыяльная і духоўная культура рэгіёна;

> Выдатныя ўраджэнцы Лідчыны.

Час правядзення канферэнцыі: 8 верасня 2023 г.

Месца правядзення канферэнцыі: г. Ліда, Гродзенская вобласць.

Заяўкі на ўдзел у канферэнцыі прымаюцца па электроннай пошце dounar_zagor@mail.ru да 8 жніўня 2023 г.

У заяўцы паведамляецца імя, імя па бацьку і прозвішча дакладчыка, яго навуковая ступень і званне, назва даклада, назва ўстановы, якую прадстаўляе дакладчык, яго пасада, кантактны тэлефон, е-mail.

Аргкамітэт пакідае за сабой права адбору дакладаў для выступлення і публікацыі. Пацвярджэнне аб удзеле ў канферэнцыі будзе даслана да 18 жніўня 2023г.

Рабочыя мовы канферэнцыі: беларуская, руская, польская.

Матэрыялы канферэнцыі будуць апублікаваны.

Патрабаванні да тэкстаў: да 9 кастрычніка 2023 г. у аргкамітэт дасылаецца электронны варыянт не болей за 40 000 знакаў, спасылкі пастаронкавыя, нумарацыя спасылак на кожнай старонцы. Першая спасылка на публікацыю даецца цалкам (аўтар, назва, месца і год выдання, старонкі), у наступнай спасылцы месца і год выдання не падаюцца.

Кантакты: 220072, г. Мінск, вул. Акадэмічная, 1, Інстытут гісторыі НАН Беларусі. Тэл. (+375 17) 378-14-09, факс (+375 17) 379-18-34. Доўнар Аляксандр Барысавіч, е-mail: dounar_zagor@mail.ru.

Харчаванне аплочваецца арганізатарамі канферэнцыі, праезд па маршруту Мінск-Ліда-Мінск за кошт арганізатараў.

Аргкамітэт канферэнцыі.

ЗГУКІ РОДНАГА ПРЫДЗВІННЯ

Сяргей Панізьнік

Пра духоўную веліч землякоў, скарбы маўлення на міёрска-дзісненскім мацерыку, запісаныя ад насельнікаў Лявонпальскага сельсавета…


Узнятыя з Прыдзвіння фальклорныя аруды -

напетыя Ядзвінняй, навітыя Марутай…


Прыняў я запаветы ад Вольгі, ад Альжбеты…

Хто слых свой не губляе - Радзіму-Песню мае!


На слыху замова мамы Ганны Панізьнік з вёскі Бабышкі:

- Маладзік малады, твой ражок залаты!

Дай, Божа, табе на пастаянне, а мне - на дарогу.

Табе злота карона, а мне - шчасця і здароўя!


На слыху бабулькі Альжбеты Панізьнік з вёскі Бабышкі:

- Ды ўстаньце, буйныя ветры на дварэ,

Ды разнясіце траўку-мураўку зялёну,

Ды паламайце яловы дошкі на крошкі,

Ды падыміце маю мамульку на ножкі!

(Мамулька Сцепаніда пражыла сотню гадоў, заха-ваўшы ўніяцкую веру.)


Трапілася чарвяку на вяку.

Чалавек сабакі не баіцца, але звягі не любіць.

Праўды на ногаць, а маны па локаць.

Дзе была ніўка, там пожанька стала.

За дурной галавой і нагам неўпакой.


ПРОДКАЎ векавое адчуванне - наша далеч, наша вышыня:

Мудрасці і ў Слове многа: дабрынёй надзелена.

Наша творчая дарога - золатам засцелена.

Будзь зямлёй святою, Баць-каў-шчы-на!

Сем дарожак з дому, дадому - адна.

Парады з іскрынак маўлення:

- Не думай, як думаецца, а думай, як давядзецца.

- Без прыгляду толькі мурашы плодзяцца.

- Не кайся, рана ўстаўшы, маладым жаніўшыся.

- Проці ночы сам сабе не вер.

- Прычыну і канём не аб'едзеш.

- Вольнаму - воля, багатаму - рай.

- З мелодыямі Айчыны не скоцімся ў лагчыны.

- Узнесціся не ўпасці, вярнуцца не прапасці; і нельга мову скрасці: яна ў крыві гарыць.

- Хай нашу Айчыну Любоўю, вялікай Любоўю завуць.

- Хай жа не сівеюць нашыя галовы - залатую помняць сенажаць!

*

Тулюся да свячы,

каб на мяне глядзелі

і продкі па мячы,

і продкі па кудзелі.

*

Калі шанцуе,

то й Халімон танцуе.

*

Каб не клін, ды каб не мох,

то і плотнік бы здох.

*

Кій на кій мо й завадзіць, абед на абед - не!

*

Кожная зязюля пра сваё кукуе.

*

Шлях не зблудзім - не збэйдзіцца час.

*

Едзьце, сваты, дамоў, не гудзьце нашых двароў.

Нашы двары загудзіце - самі ў лесе заблудзіце.

*

- Ой, сват ты мой сват! Не бяры мяне за зад,

а бяры за перад: шчупака злаўлю я ў нерат…

*

Чорт па левай руцэ ідзець, анёл - па правай.

*

- Надаеў: стукну, то кумеллю пакоцішся ў магазін за хлебам…

(У літоўскай мове kumele - кабыла, жарабок.)

*

- А мой прайдзісвет даў лататы - і толькі яго відзелі…

(Даць лататы - збегчы, уцячы.У літоўскай мове latati - выклічнік азначэння хуткага бегу.)

*

- Ды вы хоць намітусь лажыцеся, абы ціха было ў хаце…

(Намітусь, умітусь - нагамі да ног, галовамі ў розныя канцы ложка.)

На слыху Ядзвінні і яе мужа Андрыяна Кісляка:

Чалавек прапаў - і сабакі не брахалі.

Нядотыкі святкаваць - радню не прызнаваць; гультаіцца.

Лезлі на лес - пярэчылі нам.

Не тачыце лЯсы - не рабіце абы што.

І на свой след не ўспусціла б…

З калена выламалі чутку - прыдумалі.

Як каню дзёрнуць - пра невялікі груз.

Як рукамі развесці - пра невялікі надзел.

І ад яйка адалье, умелец такі.

Жыць - не мяшок шыць.

Хвінду-хвінду, узяўшы пінду.


Чорт мазуту гоніць…

(Сексуальныя згадкі пра паходку і юрлівасць)


Старога вучыць - што мёртвага лягчыць.

Ранняя птушка цярэбіць зубкі, а позняя - вочкі.

З печы ў боты скокнуць - зрабіць удала.

Жаронцамі церці - віхляць клубамі.

ЧЫН-ЧЫНАРОМ !


Пад Крыжом - чын-чынаром!

Кожны стане Званаром!

Праз Дзвіну-Рубон і Волту ёсць паром!

Мы ўсе прымаўкі збяром!


А на пешага Арла і Сарока з колам!

- Ля цябе яна была? Цэлы!

Я - з прыколам: не люблю быць голым.


- На сум цябе што навяло?

Наўкруг - пагода!

- А каб вайны ў нас не было…

Народу шкода.


Гроб. Уквечанае вечка.

Ціха думае чарга:

"Хто цяпер ён: Богу свечка,

а ці чорту качарга?"


- Да паўдня я з ім балакаў…

- Ну а вынік?

- Чорт наплакаў…

Для службы Айчыне свой шлях выбірай:

"Вольнаму - воля! Багатаму - рай!"


Не за тое мы галелі, што пілі і многа елі,

Праўды, Веры мала мелі…

Але мы не акалелі:

узнялі нас каруселі-

мудрых прымавак займелі.


- У лагодзе мы жылі,

ў гумар наш не верыцца:

"Мужа толькі пахвалі,

то й дамоў ня вернецца".

Гута-гута- гута-та!

Выйшла кошка за ката:

- А за катом добра жыць -

не надабя штаны шыць!


Варажэя кажа ў верадзе:

" Шчасьце, мілачка, наперадзе, -

будзеш мець усладу!"

Муж цыганкі не зняверыўся,

паглядзеў, нібы прымерыўся:

- Тваё шчасьце - так, наперадзе,

а сагнешся - ззаду!


- Ад Слова роднага мы зноў пачнем

дужэць і выяўляць, хто глух і нем.


- Не вер ні чорту, ні Мамоне!

Ты знойдзеш сілу - у гармоне.

А злыдзень будзе - у палоне,

бо смела знішчыш беззаконне.

(Мамона - бог багацця, сімвал пажады, хцівасці.)


- Думалася: узлячу

і не плачам адплачу

валацугу-багачу…

А папала ў заглуш.

Эх, звёў мяне замуж:

сыраваткі хачу…

(Зацяжарыла.)


- Ішоў я, ішоў я апаўночы з карчмы.

Нашоў я, нашоў я салаўя ў карчы.

Салавей шчабеча, усю праўдачку кажа:

з кім мая мілая спатанькі ляжа..


- А хто гол, як той сакол?

Мой мужык нібыта кол -

без мяне пачаў паход:

скрыжніцай змяў ледаход…


- Лынды біць, гультаіцца

я не ўмею, чаіца…

А хто вечарам спаймае -

здольнасьці мае спазнае...


- Чужое ем - і глух, і нем…

А калі маё ядуць, -

у мяне слёзы цякуць…


Бацька ў Бабышках пра посную вячэру гаварыў так:

- Яглы - гэта калі няеўшы спаць ляглі…

(Слова яглы стала вядомым мне, калі ў пражскай краме прачытаў : Jahly /націск на першым складзе/. Проса - ежа нясытная.)


- З'ездзіў, як цар пад Рыгу! - пацвельваўся мой бацька Сцяпан, калі сусед сабраўся было ў дарогу, а вярнуўся без дабытку. Цару не пашэньціла, а гэта ці не Івану Грознаму ў гады Лівонскай вайны. Прымаўка ўзнікла на гістарычнй Дзісеншыне, па якой цар вяртаўся з няўдалага паходу.

* * *

Бадзяк палявы, чабарок паўзучы, сонцацвет заравы, дабраполь гаючы,

Сонцагляд-малачай, трава-ключ, сардэчнік, святаяннік, гарчай, зубнік, меч, урэчнік, мацярдушка, метлужок і браткі, і дзядкі…

- Чай-гарбата не вадзіца.

Толькі трэба, мае госці, кожнай зёлцы пакланіцца.

(Знаходкі ў зельніку цёткі Ядзвінні з роду Панізьнікаў.)


Мяне мой Мацярык натхняе.

Прырода тых укараняе,

з кім сцежка Нацыі здружыла.

МАЛОЙ РАДЗІМЫ НЕ БЫВАЕ !


Любоў не спажыва - Крэсіва!

Не насалода, не…

Гэта надзея ўваскрэсне -

Прапрарадзіма ўва мне.

Гэта ратунак: голаў

не схіліцца на Крыжы.

Любоў - невылечны голад

няўтомнай нашай душы.

Дадатак да прыдзвінскіх згадак ад мамак і татак. Гэта:

"Сват свацці сплёў лапці з тоўстых лык,

і сам стаіць надуўшыся, як індык".


А я напоўнены сотнямі песняў гадавога цыклу, якія захаваны на дысках. Гэта на ручніку-абярэгу Белавус Параскі з-пад Дзісны - знак з эпохі неаліту. Памяць продкаў высвечваецца і на вышыўцы Ядзвінні Кісляк: там узор з эпохі арыяў…

А намаўлялі мяне і рэчка Волта (далёкая родзічка пражскай Влтавы, румынскай ракі Олт, львоўскай Полт-вы, ручай Лебядзінец між вёскамі Дубавое, Ліпава, Ясёва… А таксама насельнікі вёскі Латышы, мястэчка Лявонпаль - былой рэзідэнцыі графа Лапацінскага. У маўленні - рэха крывіцка-балцкага мацерыка. Каля маёй сядзібы расла не вярба, а жульвіца, бацька насіў не куртку, а шварку

Перайшло, мінула,

Што калісь жыло.

Ў курганах заснула,

Зеллем зарасло.

(Янка Купала "З мінулых дзён". 1909 г.)

А чутно:

- Вам золатам дарога пасцелена!

- Не трубіць у кулак! (Не жыць у галечы.)

- Проці ночы сам сабе не вер…

- Каб і сцены не чулі… (Пра патаемныя размовы.)

- І ад яйка адалье! (Падманіць.)

- І зноў "алА-алА…" (Пра пустыя размовы.)

- Трон закончыўся… (Мінулася ўдача.)

- І зноў палез на лес… (Асмеліўся пярэчыць.)

- Лахі пад пахі - і вон з хаты!

- Даў не па конях, а па аглоблях…

- Папраў казе хвост! (Здзеклівая парада.)

- Толькі курыца ад сябе грабе…

- Пакідайце слова на дабрыдзень! (Парада маёй мамы.)

- Чын-чынаром! (Як найлепш. Так, як трэба.)

- Толькі тэртус ідзе! (Неўгамон.)

- Каціся ты кубарам! (З галавы на ногі.)

- Хто мяняіць, па тым хамут гуляіць.

- Дунай вады вылілі, а галоўку не вымылі.

- На ціхога вецер навеіць, а радзівый сам набяжыць.

- Яго і ў мяшку не зловіш!

- Была благая пуга, ды й тая абарвалася. (Пра страчанага мужа.)

- На Сонца пальцам не паказвай!

- Бог ведае - хто што робіць і хто як абедае.

- Хопіць лЯсы тачыць! (Хопіць балбатаць.)

- Памяняем баш на баш! (Баш - галава па-татарску.)

- Даць падабінкі. (Пераўзыйсці.)

- Адкінуць пархі. (Сканаць.)

- На цырлах ходзіць! (Важнічае, фанабэрыцца.)

- Гамэрня сабралася! (Натоўп.)

- Радзіўся ў роўную пару! (У спрыяльны час.)

- Дайце падабінкі! (Дайце магчымасць перамагчы.)

- Не тут гукана сто разоў… (Пра неспадзяванае няшча-сце.)

- Пра воўка памоўка, а мядзведзь з-пад налуску ды за гуску. (З-пад прыкрыцця.)

- Соль табе ў вочы, галавешка ў зубы, клубок нітак паміж лытак, пад хвост памяло, каб аж дух заняло.

Слова - для сустрэч кадзіла.

Будзем вольна дзеіць, ветла,

каб з Айчынаю прыветнай

Сонца па зямлі хадзіла.

Не замежная, а заможная,

прыналежная - не парожняя,

не сумежная - падарожная,

непарушная Мова, услужная!

Як нявестачка, яна пожнямі

з гаваркімі ідзе падарожнымі.

Насцярожаную, упрыгожаную

і харошанькую даў нам Божанька!


Сяргей Панізьнік.

Помнік "Залатое кольца беларускай навукі"

Вясной і ўлетку 2020 года ў цэнтры Менска, у скверы паміж Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і Цэнтральнай навуковай бібліятэкай навук імя Якуба Коласа пабудаваны помнік-ратонда, інакш архітэктурна-мастацкая кампазіцыя "Залатое кольца беларускай навукі". Гэта першая частка з запланаванага праекта "Алея славы беларускай навукі", якая ствараецца ў падворку Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Ідэя гэтага праекта належыць старшыні Прэзідыума НАНБ Уладзіміру Гусакову. Ён жа прапанаваў і назву.

- Так нарадзілася ідэя ратонды з помнікамі беларускім грамадскім дзеячам, якія заклалі падмурак беларускай навукі, - кажа вядомы славуты архітэктар Армен Сяргеевіч Сардараў.

Аўтары помніка: скульптары Алена Хараберуш і Аляксей Пакульніцкі, архітэктар Армен Сардараў. У кампазіцыю гэтага помніка ўваходзяць 7 скульптур: Кірыла Тураўскі, Францішак Скарына, Сімяён Полацкі, Казімір Семяновіч, Яўстах Тышкевіч, Яўхім Карскі, Усевалад Ігнатоўскі. Каля кожнага помніка ўжо зроблены картушы, на якіх знаходзяцца знакамітыя выказванні гэтых навуковых дзеячаў. Побач з Францішкам Скарынам на картушы напісана: "Слова вучыць, выкрывае, выпраўляе і паказвае шлях да праўды!" Кожная цытата асветніка або вучонага, падабраная скульптарамі, мае выхаваўчае значэнне.

"Кнігі - гэта мая невычарпальная крыніца, якая поіць вечнай маладосцю!" (Кірыла Тураўскі.)

"Хто мае мудрасць і трымае яе ў таямніцы, той закапвае чыстае золата ў зямлі". (Сімяён Полацкі.)

"Я вывучаў вельмі шмат навук, як вольных, так і механічных". (Казімір Семяновіч.)

"Здагадацца, шукаць, адкрываць, а адкрытае перадаваць людзям …" (Яўстах Тышкевіч.)

"Навука мае сродкі пранікнуць у сівую стара-жытнасць". (Яўхім Карскі.)

"Ніколі не знікне творчая сіла чалавечай працы". (Усевалад Ігнатоўскі)

У цэнтры ратонды стаіць вертыкальная стэла, на якой зроблена капсула часу ў выглядзе зямнога шара. У гэтую капсулу часу павінна быць закладзена пасланне нашчадкам ад беларускіх вучоных нашага часу.

Не раз ужо бачыў, як мінчане і госці беларускай сталіцы радасна любуюцца гэтым славутым помнікам.

Сымон Барыс. Фотаздымакі Яўгена Пясецкага.

"Песня даўжынёю ў жыццё"

"Песня даўжынёю ў жыццё". Так называецца экспазіцыя, якая 28 студзеня 2023 года была адкрыта ў Доме Валянціна Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея. Прысвечана яна беларускай паэтэсе Канстанцыі Буйло, якой нядаўна споўнілася б 130 год з дня нараджэння.

Чым значная гэтая асоба для Лідчыны? Якія вядомыя асобы зафіксаваны ў біяграфіі і творчай дзейнасці паэтэсы? Хто паспрыяў ёй у творчым сталенні? Якія загадкі і таямніцы затоены ў біяграфіі Канстанцыі Буйло? Які яе верш стаў песняй-гімнам? Гэта і шмат іншага можна даведацца з экспазіцыі.

Першымі наведвальнікамі сталі сябры з літаратурнага аб'яднання "Суквецце", а таксама прадстаўнікі з гістарычнай гасцёўні "Памяць за сабою пакліч". Менавіта яны разам з куратарам выстаўкі акунуліся ў біяграфічныя вехі, прайшліся дарогай паэтэсы, але больш закранулі тыя моманты, якія цікавыя для Лідчыны.

Былі арганізаваны прагляды дакументальнага фільма пра паэтэсу, а таксама відэакліпа песні "Люблю наш край" у выкананні Алесі з ансамбля "Сябры". Але ж найбольш уражліва і пазітыўна прайшла напрыканцы музычная частка, на якой на спробу была сыграна гэтая ж мелодыя песні, але ж пад баян куратарам экспазіцыі Алесем Хітруном і ў галасавым агучванні сабраўшыхся прыхільнікаў.

І ўсё па-беларуску! У Доме паэта!

Такім чынам можа і любы прыхільнік з музычным слыхам паспрабаваць сябе ў ролі баяніста, а таксама зрабіць фота ў адведзенай фотазоне.

Экспазіцыя будзе працаваць яшчэ доўгі час з той мэтай, каб ёй зацікавілася і школьная аўдыторыя, у якой на слыху ўжо творчасць беларускай паэтэсы Канстанцыі Буйло.

Гайда ў Дом Валянціна Таўлая!!! Канстанцыя Буйло чакае сваіх прыхільнікаў!!!

ТК "Культура Лідчыны".

Навіны Германіі

З 1 траўня ўводзіцца квіток за €49

Многія патрабавалі назваць дату, але зараз дасягнута дамова: 49-еўра-квіток будзе ўведзены з 1 траўня. Федэральны ўрад і ўрады земляў дамовіліся пра гэта на паседжанні працоўнай групы ў пятніцу. Але апошняе слова застаецца за ЕС.

Берлін/Дзюсельдорф (dpa) - У пятніцу федэральны ўрад і ўрады земляў дамовіліся пра ўвядзенне з 1 траўня месячнага квітка коштам 49 еўра.

- Тое, што многія жадаюць, стане рэальнасцю 1 траўня, - заявіў старшыня Канферэнцыі міністраў транспарту, міністр транспарту Паўночнага Рэйна-Вестфаліі Олівер Крышар (зялёныя) у пятніцу пасля паседжання працоўнай групы федэральных земляў. Адпаведна, продаж агульнанацыянальных квіткоў на аўтобусы і цягнікі ў рэгіянальным транспарце пачнецца 3 красавіка, сказаў ён. Быў дасягнуты прагрэс не толькі па гэтых пытаннях, "але і па сапраўды важных пунктах была дасягнута канчатковая дамова", - сказаў Крышар.

Аднак дамова ўсё яшчэ падлягае зацвярджэнню Камісіяй ЕС у адносінах да квітка коштам 49 еўра. Праект тычыцца пытанняў заканадаўства пра дзяржаўную дапамогу, якія Камісія ў наш час разглядае.

picture alliance/dpa.

У Германіі стала больш адзіночных хатніх гаспадарак

Даследаванні паказалі, што 41,8 адсотка кватэр заняты адным чалавекам.

Франкфурт (d.de) - У Германіі працягвае расці лік адзіночных хатніх гаспадарак. Сярэдні паказчык па краіне складае 41,8 адсотка. Доля хатніх гаспадарак, якія складаюцца з некалькіх чалавек, без дзяцей складае 29,9 адсотка, а хатніх гаспадарак з дзецьмі - 28,3 адсотка. Бягучае даследаванне сацыялагічнага інстытута GFK пра структуру насельніцтва Германіі таксама паказвае, што дысбаланс хатніх гаспадарак паміж гарадамі і сельскімі раёнамі працягвае павялічвацца.

У рэйтынгу адзіночных хатніх гаспадарак адназначна лідыруюць гарады. У сталіцы Берліне, напрыклад, у 52,7 адсотка хатніх гаспадарак зарэгістраваны толькі адзін чалавек. У тым, што тычыцца акруг, то ў рэйтынгу толькі на 70-м месцы зарэгістраваны першая акруга - Гослар. Зусім наадварот ідзе справа з хатнімі гаспадаркамі, у якіх ёсць дзеці - яны дасягаюць па краіне паказчыкаў вышэй сярэдняга - 28,3%, асабліва ў раёнах. Першы горад з'яўляецца тут толькі на 171-м месцы.

picture alliance/dpa.

Германія выдзяляе 100 мільёнаў еўра для рэгіёна возера Чад

3-я канферэнцыя па возеры Чад: падтрымка ўнутраных перамешчаных асоб і былых паўстанцаў

Франкфурт (d.de) - Урад Германіі выдзеліць у 2023 годзе яшчэ 100 мільёнаў еўра для жыхароў рэгіёна возера Чад. Пра гэта заявіла дзяржаўны міністр Каця Койль на 3-й канферэнцыі па возеры Чад у сталіцы Нігера Нійамее. Дадатковыя сродкі таксама будуць скарыстаны для падтрымкі ўнутраных перамешчаных асоб, якія вяртаюцца і рэінтэграцыі былых баевікоў групоўкі "Бако Харам". Урад Германіі праводзіць канферэнцыю разам з урадамі Нігера, Нарвегіі, а таксама з Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый.

Па дадзеных ААН, каля 24 мільёнаў чалавек у рэгі-ёне возера Чад пакутуюць ад звязанага з тэрорам гвалту, галоўным чынам з боку групоўкі "Бако Харам", а таксама ад голаду. Магчымасць выжывання 11 мільёнаў чалавек залежыць ад паставак гуманітарнай дапамогі.

picture alliance.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

З семіноламі, наваха, хопі, "карэннымі амерыканцамі" Нью-Джэрсі: Куліцкі, Русак, Стагановіч; узыход сонца над Апачэрыяй

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022);1-4 (53-56) за 2023 г.)

Ніжэй - разважанні, скончаныя 7-11.10.2021 г. перад філасофскім круглым сталом, - тэкст пад загалоўкам "Крытыка ментальнасці апачаў доктарам Мікалаем Руселем", які цяпер крыху дапоўнены. Падзагалоўкам можа быць: "Чаму апачы?"

Ёсць вальтэраўскі "філасофскі гурон" ("Прастадушны"), а ёсць беларускі "філасофскі апач"… Самыя смелыя галовы паспрабавалі па-мастацку апісаць беларусаў, як "еўрапейскіх апачаў", выдаючы, відавочна, жаданае за сапраўднае. Аўтар гэтага паведамлення, прысвяціўшы жыццё індзеяністыцы, прыкладна з 1979 па 1984 г. быў сканцэнтраваны на дзейнасці ў "Цэнтры па вывучэнні апачаў". Перайшоўшы амаль выключна да вывучэння беларуска-індзейскіх сувязей, лічыў факты, якія звязваюць Беларусь і апачаў, "прыярытэтнымі".

Філосаф Ігар Бабкоў, мадэратар круглага стала ""Адвечным шляхам"" Ігната Абдзіраловіча і сучасныя выклікі беларускаму светапогляду" ў Інстытуце філасофіі НАН Беларусі 13.10.2021 г., у свой час, будучы супрацоўнікам рэдакцыі часопіса "Бярозка", прапанаваў напісаць матэрыял не па беларуска-індзейскіх або - амерыканскіх сувязях, а ўласна пра індзейцаў. У выніку мы пачалі рыхтаваць матэрыял пра апачаў, як найбольш блізкіх нам (верагодна, гэта быў першы асобны друкаваны "нацыянальны дакумент" аўтара-рэзідэнта пра іх, у той час як другі за той жа (1992) год (і замежнага аўтара) - "Вінету" Карла Мая). З цалкам прысвечаных апачам апублікаваных артыкулаў, акрамя папулярнага ў "Бярозцы", мы маем у сваім даробку толькі яшчэ адзін, навуковы або хутчэй навукова-папулярны, бо робіць "адкрыцці", напрыклад, толькі ў кампаратывістыцы (кшталту "чачэнцы - апачы"), - пра не выкліканую неабходнасцю дэпартацыю ў супрацьлеглы бок краіны - помста ўрада ЗША апачам за іх супраціўленне (1997). Але мы стараліся згадваць апачаў пры любых зручных выпадках і ў іншых артыкулах.

Нам удалося дадаць ва ўласна нацыянальную бібліяграфію Беларусі і ў паказальнік "Беларусь у сусветным друку", які павінен адрадзіцца, не адну сотню ўпамінанняў пра народ, які ўспрымаецца асабліва братэрскім "прагрэсіўным" чалавецтвам.

Якія індзейскія народы аб'ектыўна: 1) найбольш цікавыя; 2) практычна найчасцей згадваюцца - менавіта ў Беларусі і свеце? Якія адрозненні ва ўспрыманні іх паміж рознымі краінамі і чаму? На найбольшую вядомасць у свеце можа прэтэндаваць "імперскі трыумвірат дакалумбавай Амерыкі" - ацтэкі, майя і інкі - разам з некалькімі паўночнаамерыканскімі народамі, найперш магіканамі, хоць "ільвіная доля" апошніх прыходзіцца на папулярны фразеалагізм з прыметнікам "апошні"- і сапраўды, у значнай ступені вядомасць прыходзіць дзякуючы славутым празаікам.

Некаторыя народы згадваліся ў друку Беларусі адносна больш часта, чым у іншых краінах, і гэтая беларуская спецыфіка была звязана з дзейнасцю пэўных асоб, у прыватнасці геолага і "араўканолага" І. Дамейкі, пісьменніка Я. Маўра і беларускіх індзеяністаў. Аналіз тэкстаў, створаных і надрукаваных у Беларусі, а таксама беларусамі і ўраджэнцамі Беларусі, і зарэгістраваных у Беларуска-індзейскай бібліяграфіі, выяўляе, што такія народы, як араўканы, вогнезямельцы (фуіджы(нцы)), апачы, іракезы, сіў, семінолы, тлінкіты - сярод тых, якія найбольш часта з'яўляюцца ў публікацыях.

Многія з'яўленні апачаў на беларускім гарызонце надзвычай эфектныя. Самае ж дзіўнае і нечаканае "беларускае" выказванне пра апачаў - у артыкуле "At the eleventh hour…" (можна перакласці як "У апошнюю хвіліну…") - у цяньцзінскім зборніку Руселя 1924 г. "The fog signal" ("Сігнал у тумане").

"Пасля дваццаці стагоддзяў хрысціянскай адукацыі самы хрысціянскі імператар, нейкі матападобны [mattoid] нямецкі юнкер, якога сляпы лёс памылкова змясціў на найбольш стратэгічную, адказную пасаду, выступіў з ініцыятывай аб узрыванні і рассейванні на чатыры вятры ўсёй тканіны крывадушнага этычнага кодэксу стагоддзяў. З грэблівым цынізмам ён абвясціў "urbi et orbi", што браніраваны кулак быў, ёсць і будзе заставацца вышэйшым законам; што ўсе самыя ўрачыстыя і святыя запаветы - гэта толькі шмат абрэзкаў паперы. Карацей кажучы, ён прапаведаваў узор маральнасці гатэнтотаў, якая ілюструе, што ні пост, ні становішча не ставяць чалавека над узроўнем ментальнасці апачаў і бушменаў". ("In short he preached a piece of Hottentot morality illustrating that neither post nor standing place a person above the level of Apaches' and Bushmen mentality".)

Мы ўжо згадвалі ў друку гэтую ацэнку апачаў Руселем, і нам па-ранейшаму было б цікава атрымаць каментарыі беларускіх навукоўцаў - што яны бачаць у гэтым выказванні.

Як адна з многіх магчымых заўваг: ставіць апачаў, бушменаў і гатэнтотаў у адзін шэраг - усё ж павярхоўны і "непаважлівы" падыход, нават з улікам таго, што падыходы саміх апачаў могуць быць далёкімі ад справядлівых і высакародных: у апачаў высокі ўзровень асабістага гонару і годнасці з разуменнем уласнай эфектыўнасці. У мінулым апач хутчэй мог "жорстка-сімвалічна" пакараць жонку - заставалася назаўжды візуальна "стыгматызаваная", - чым разважаць "па-гатэнтоцку", чый адзюльтэр лепш - яго, яго аднапляменніка або іншапляменнікаў (як вядома, і гатэнтотам, і бушменам, і іншым плямёнам не толькі ў Афрыцы прыпісваюцца выказванні кшталту "калі ў мяне ўкралі карову або жонку, то гэта кепска, а калі я - то добра"). Эфектыўнасць жа апачаў як воінаў выключаная: "гарачыя галовы" сцвярджаюць, што некалькі апачаў маглі б нейтралізаваць цэлае афрыканская племя за самы кароткі час. Вядома, гэта паэтычнае перабольшванне. Несумненным перлам пра эфектыўнасць апачаў з'яўляецца і фраза з "Балады пра чатырнаццаць гадоў" С. Верацілы: "Іракезы і спартанцы былі для мяне жывымі сучаснікамі, і я любіў уяўляць, што б сталася з індзейцамі, калі б Калумб ці хто іншы апынуліся б каля берагоў Амерыкі ў нашыя часы, калі б апачы змаглі б атрымаць ад нас "кацюшы" і "акаэмы"".

Як мы спрабавалі звязаць усё гэта з Абдзіраловічам? Зноў жа, як і дзесяцігоддзі таму, - праз нашы спробы арыгінальна трактаваць Беларусь часткай "Чацвёртага свету", з адмовай ад прыналежнасці да "Еўропы" і спробамі весці ўзмоцнены дыялог з "племяннымі народамі" - нягледзячы на пэўную ілюзорнасць і штучныя перашкоды да апошняга. Ілюстрацыямі з апачаўскіх рэалій мы, вядома, хочам паказаць і тое, што не трэба браць з іх прыклад у гвалце і крайніх формах нянавісці - нават пры адстойванні суверэнітэту. Беларусы - адзін з самых спакойных і мірных народаў, але важны пункт - прычыны, "філасофія" нянавісці, справакаванай здрадніцкімі дзеяннямі - як "белых", так і "іншых індзейцаў". Страшная помста - гэта класіка апачыяністыкі. А мэта беларусаў усё ж - быць "апачамі наадварот", гэта значыць не прымаць, не практыкаваць катаванні ні ў якім выглядзе. Зрэшты, " суцяшэннем" для тых, хто ў захапленні ад апачаў, з'яўляецца тое, што ёсць прыкметы іх большай высакароднасці ў параўнанні з іншымі - такімі плямёнамі прэрый, як каманчы, шаены, каёва, - у тым, што яны, напрыклад, не гвалтавалі захопленых жанчын. Суцяшала б, каб воіны не здзекаваліся, а жанчыны - і тым больш дзеці, "гледзячы на іх", - не білі цябе паказальна, калі ты трапіў у палон, бо гэта насуперак іх "этнічнаму" кодэксу паводзін.

Асобная апачаўская тэма - спагада і нават пяшчота ў суровай Апачэрыі, калі індзеец не толькі крайне спагадлівы да сваіх, але можа дапамагчы хвораму чужынцу, каб потым выправадзіць яго за межы краіны. Не заўсёды ад апача можна чакаць падобнага, бо ён застаецца часткова не зусім "высакародным дзікуном", але верыць у высакароднасць Вінету, створанага прадстаўніком "жорсткага" народа - і судзімым - Карлам Маем, хочацца. Так праз апачаў магчыма "прымірыцца" і з немцамі з іх жорсткім стылем і жорсткай мовай.

"Добры індзеец - мёртвы індзеец", але "люлька міру" (такая рубрыка, праўда, па-руску - "Трубка мира", што магло трактавацца і як тэлефонная сувязь, служба даверу, - была ў шырока вядомым у СССР менскім часопісе "Рабочая смена"), "закапаць сякеру вайны", але… потым "зноў адкапаць". І так шмат разоў. Гэта як кінуць курыць - па марктвэнаўску лёгка: ён рабіў гэта шмат разоў.

Беларуска-апачаўскія сувязі, кантакты, нягледзячы на высокі стыль апачаў, які спаборнічае з Парыжам - і "паліць Парыж", - камусьці могуць паказацца нуднымі і нецікавымі, але мы лічым зусім натуральным, што індзейцы ўпісаліся ў "Наша слова" асобнай сталай серыяй - разам з навінамі Германіі.

Прыкладны план, па якім мы падбіраем звесткі для артыкула "Апачы і Беларусь": Што могуць даць апачы Беларусі? З гісторыі цікаўнасці аўтара ("апачаўскі перыяд"); апачы ў публікацыях і неапублікаваных тэкстах аўтара і ў сувязі з аўтарам. Беларусь у апачаўскім друку. Апачы ў беларускім друку: асобныя кнігі і артыкулы пра іх. Агляд найбольш характэрных, а таксама незвычайных згадак (па падставе Беларускаіндзейскай бібліяграфіі). Аўтары беларускага паходжання за мяжой. Апачы ў беларускай літаратуры. Апачы ў беларускім мастацтве. Перапіска Гомеля з апачамі. Найбольш важнае пра апачаў у нашай перапісцы з неапачамі. Найранейшыя фізічныя набліжэнні беларусаў да апачаў. Беларусы і ўраджэнцы Беларусі за яе межамі ў асвятленні індзейскай тэмы: вядомыя мастакі, кампазітары, кінематаграфісты і іншыя, хто звяртаўся да тэмы апачаў. Псеўдаапачы і "апачы пад сумненнем" у беларускім асвятленні: прыклады з палітыкі і попкультуры. Апачы ў беларускай "філасофіі". Уплыў апачаў на беларускую свядомасць: высновы над неверагодным феноменам "арлоў Паўднёвага Захаду" ("Дэмакратычная Рэспубліка Апачэрыя", падсумаванне вобразу апачаў у беларускаіндзейскай кампаратывістыцы).

КУЛІЦКІ Уладзіслаў - мы даведаліся, што ён наш зямляк, толькі пасля яго смерці - і нам удалося даць матэрыял пра яго ў "Краязнаўчай газеце" менавіта як некралог - параўнальна хутка. Такім чынам, варта нагадаць, што 26.12. 2018 г. памёр і 3.01.2019 г. пахаваны ў Варшаве на Бруднаўскіх могілках гэты важны для "Усходу" публіцыст, аўтар кніг. Сярод іх, як адзначана ў некралогу на сайце арганізацыі варшаўскіх журналістаў dzien-nikarzerp.pl, і "краязнаўчыя", хаця, здаецца, больш краіназнаўчыя, бо ў адной - яго ўражанні пра Карэлію, дзве - пра CCCР да гадавін рэвалюцыі (1967; 1977 - ёсць і ў бібліятэцы Інстытута нацыянальнай памяці), яшчэ адна - пра ЗША. Сярод герояў біяграфічных кніг, напісаных або складзеных ім, - Ламаносаў, Цыялкоўскі, Гагарын; 21 апавяданне пра дзяцінства славутасцей свету з галіны дакладных навук складае яго зборнік "Калі вялікія былі малыя" (1965).

Нарадзіўся 25.03.1927 г. у Гарыдзенятах (цяпер Смаргонскі раён, тады - Вілейскі павет Віленскага ваяводства; адзін яго братоў, Зыгмунт, які пазней стаў "сібіраком", успамінаў, што вёска была немалая, хат каля 60). Як салдат АК Уладзіслаў быў узнагароджаны, а ў 1944-1946 гг. знаходзіўся ў калужскім лагеры. Атрымаў журналісцкую і гандлёвую адукацыю ў Варшаве.

У 1962-1963 гг. быў карэспандэнтам штотыднёвіка "Пшыязнь" у Вільні, у 1968-1969 гг. - Прэсава-інфармацыйнага агенцтва (API) у ЗША. Пасля падарожжа на аўтамабілі ў 1967 г. з Дэтройта ў Фларыду, як сам адзначаў у квартальніку "З-над Віліі" (2008), "апісаў свае прыгоды" ў кнізе "На "мустангу" да семінолаў" (1970), у якой, паводле бібліяграфічнага штогодніка "Мастацкай літаратура", што рэгіструе і такі "пагранічны" жанр, як "рэпартаж", акрамя экскурсаў у гісторыю адносін белых і індзейцаў, - звесткі пра "цяжкія варункі існавання нашчадкаў семінолаў у цяперашняй Амерыцы, між іншым іх спосабы заробку, стан асветы і асаблівасці звычаяў".

Доўга працаваў у выдавецтве "Прэса-Кніга-Рух". Супрацоўнічаў і з "Трыбунай люду". Быў намеснікам рэдактара польскага выдання часопіса "Новое время" і галоўным рэдактарам маскоўскага, як удакладняў сам у 2008 г., часопіса "Бізнес кантакт", адкуль выйшаў на пенсію ў 1987 г., у сувязі з "пераменамі", якія прывялі да закрыцця падобных выданняў, нягледзячы на назвы, "сугучныя часу", - "Nowe Czasy" і "Business Contact".

Літ.: 11759 Сімакоў А. З Гарыдзенятаў, на "Мустангу" да індзейцаў // Краязнаўчая газета. 2019. № 6 (лют.). С. 3.

12359 Klimaszewski B. Pod znakiem potu, lez i dolara: Polonia amerykanska w zwierciadle literatury polskiej. Krakow, 1990.

РУСАК Васіль - актыўны, разам са сваёй жонкай-мастачкай Галінай, дзеяч беларускай грамады ў ЗША. Памерлі з розніцай каля месяца - больш старэйшы Васіль (14.11.1923 - 20.10.2000) пазней Галіны (24.05.1928 - 14.09.2000). Ён быў родам з-пад Баранавічаў, яна - з-пад Наваградка.

На імпрэзе, якая апісваецца ў артыкуле З. Кіпель "Этнічны баль" (1981), прысутнічала шмат беларусаў, і ўсе яны па прычыне ўдзелу ў мерапрыемстве і індзейцаў становяцца задакументаванымі ўдзельнікамі непасрэдных, жывых беларуска-індзейскіх кантактаў. Самыя індзеянізаваныя з іх, бадай, Г. Русак і І. Рагалевіч-Дутко.

Артыкул цалкам (ён ілюструецца фота: "Беларускія ўдзельнікі на этнічным балі-канцэрце"):

"23-га лютага сёлета ў горадзе Юніён, што становіць амаль геаграфічны цэнтр штату Нью-Джэрсі [ў арыгінале: Нью Джэрзі], адбыўся шосты гадовы этнічны баль - "Баль Спадчыны". Балі гэтыя сталіся ўжо бадай традыцыяй. Прыемнай традыцыяй нацыянальнасцяў штата Нью-Джэрсі - а ўсяго ў штаце налічваюць панад 50 розных нацыянальнасцяў - ледзьве не Аб'яднаныя Нацыі!

Пачынальнікі традыцыі - кіраўнікі ды арганізатары этнічных фестываляў, пры дзейнай падтрымцы Цэнтру Мастацтваў штата Нью-Джэрсі - разлічвалі, што будзе пажаданым, прыемным і карысным у зімовым сезоне, пры адносна "распружанай" атмасферы, сабрацца на вечар, пазнаёміцца бліжэй, пагутарыць аб наступным фестывальным сезоне, абмяняцца думкамі й планамі.

Як выглядае, пагляд пачынальнікаў быў правільны і "балі спадчыны" замацаваліся. Штагоду яны прыцягваюць больш людзей, робяцца цікавейшымі, ды знаходзяць шмат адгалоскаў у друку. Апрача супольнае вячэры ды танцаў, праграмы баляў пачалі ўлучаць і парадпаказ нацыянальных касцюмаў (сёлета Беларусаў рэпрэзентавалі Галіна і Васіль Русакі), нацыянальныя ўпрыгожанні сталоў ды нядоўгую канцэртавую частку.

Як звычай, "баль спадчыны" адчыняецца малітвай індыянцаў - першых жыхароў штату і да сёння актыўнай групы. Афіцыйная частка зрэзаная да мінімуму, бо ж людзі прыйшлі баляваць!

Беларусы ў "балях спадчыны" адразу пачалі браць актыўны ўдзел, а сёлета ўсёй праграмай балю кіравала наша Ірэна Рагалевіч-Дутко з дапамогай Галіны Русак.

Удала ад пачатку рэпрэзентавалі Беларусы нашае этнічнае мастацтва: касцюмы, музыку (летась вельмі ўдала выступаў "Віхор"), і г. д. Сёлета, аднак, беларускі ўдзел вызначыўся асабліва выдатна. Перш-наперш колькасна мы былі вельмі значнай групай, усе амаль у беларускіх касцюмах, што адразу кідалася ў вочы. А калі выступаў наш "Васілёк" пад кіраўніцтвам Алы Рамана і акампанімент [так] Лёні Рудзінскага, дык мы сапраўды сталіся "цэнтрам увагі". Выканалі нашыя "Васількі" вельмі ўдала тры танцы: Лявоніху, Польку-Васілёк ды Карагод. Прыемна было бачыць так шмат нашае моладзі Настрою гасцей спрыяла й аркестра, якая падчас вечару выконвала шмат нацыянальных танцаў.

Безумоўна, этнічны баль пакідае прыемны ўспамін, а калі ўзяць пад увагу, што ўсё гэта мы робім не гэтак дзеля весялосці, як дзеля беларускага ўдзелу ды прапаганды, дык робіцца вельмі радасна на душы, што рэпрэзентацыя беларускага імя праводзіцца і ў весялейшыя часіны".

З нязначнымі зменамі (у прыватнасці, "індыянцы" замененыя "індыянамі") гэты артыкул змешчаны ў кнізе Я. Запрудніка пра беларускія імпрэзы ў Нью-Джэрсі.

Літ.: 12378 Кіпель З. Этнічны баль // Беларус. 1981. № 288. Сак. С. 4.

8984 Zaprudnik J. Belarusian festivals and exhibitions in New Jersey: political information through the language of art (1948-2011) = Запруднік Я. Беларускія фэстывалі й выстаўкі ў Нью Джэрзі: палітычная інфармацыя моваю мастацтва (1948-2011 гг.). New York: Belarusian Institute of Arts and Sciences, 2013 = Нью Ёрк: Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва, 2013.

СТАГАНОВІЧ Тамара - St. Tamara - выдатная мастачка і надзвычай шчыры мемуарыст.

У матэрыяле "Мастак, зямля зачаравання... Жывапісцы з Беларусі ў Нью-Мексіка і Арызоне" (Наша слова.pdf. 2022. 16 лют. № 7. С. 10-13. https://www. nslowa.by/wp-content/uploads/2018/08/zr7.pdf) апублікаваны 6 з 7 узораў індзейскай творчасці, якія мы атрымалі ад Ст. Тамары, цяпер змяшаем астатнюю з перададзеных нам мастачкай рэпрадукцый.

У кнізе Я. Запрудніка 2013 г. ёсць раздзел "Тамара Стагановіч-Кольба пра маму, кветкі, паясы й іншае (Успамін. 2010 г.)", у якім згадваецца наведванне рэзервацыі наваха - у кантэксце апісання спроб С. Тамары і іншых жанчын "апанаваць поўнасцю тэхніку ткання" беларускіх паясоў.

З іншых крыніц вядома, што Ст. Тамара бывала ў рэзервацыі хопі, але гэта аўтаматычна значыла, што яна была і на тэрыторыі рэзервацыі наваха, - першая цалкам акружаная другой.

"Гэта мне было шчасцем, калі малы гурток жанчын - такіх як Надзя Кудасава, Ліза Літаровіч, Галіна Русак - паехалі да спадарыні Ніны Згірскай у Саўт Рывэр, каб яна нас навучыла, як перабіраць ніткі, каб узор выходзіў, які захочаш. Калі пасля гэтага я ўзялася за тканне, працэс мой быў павольны і не зусім мне зразумелы, аж пакуль я на графічнай паперы не нарысавала каляровымі асадкамі мой узор, рахуючы й аснову, і ніткі ўзору. Тады стала ясна, каторыя ніткі аўтаматычна выскакваюць, каб тварыць узор, а каторыя трэба перабіраць, выцягваць, каб яны прадаўжалі ўзор.

Я захапілася думкаю, каб - калі б гэта было магчымым - аднавіць узоры старых беларускіх паясоў. Працуючы над касцюмамі кожны дзень у бібліятэцы, я звяртала ўвагу, калі напатыкалася на паясы ў тых жа этнаграфічных выданнях. У бальшыні гэта былі чорна-белыя фота, аднак у некаторых можна было распазнаць геаметрычную форму. Удома я зарысоўвала гэты ўзор на графічнай паперы, каб бачыць, ці падыходзіць ён да маёй тэхнікі. А калі не, дык перарысоўвала яго, каб дасягнуць мэты, не трацячы геаметрычнай формы. Колеры да пояса старалася знайсці ў розных вышыўках тых жа рэгіёнаў. За мае дасягненні ў народных касцюмах і ў паясах я ізноў жа дзякую Зоры Кіпель за ейнае зацікаўленне ды пастаянную дапамогу мне.

Ніткі для паясоў я купляла ў Нью Ёрку. Яны былі ваўняныя розных колераў. А на аснову брала баваўняныя. Але, калі я надумала выткаць пояс "Васілёк" ды яго нарысавала на графічнай паперы, дык мне захацелася, каб ён быў увесь ваўняны - аснова й тканая частка. Ваўняных тонкіх моцных нітак, на жаль, у Нью Ёрку я не знайшла. Але аднаго лета, будучы на вакацыях у штаце Арызона ў індзейскай рэзервацыі Навахо, мы спыніліся ў краме. І вось там я купіла вялікую шпульку тоненька напрадзеных з авечай воўны моцных нітак бела-крэмавага колеру. А ільняныя ніткі шведскага вырабу я купляла ў Нью Ёрку".

Пішучы "мы", яна, верагодна, мела на ўвазе свайго мужа-ўкраінца, Аляксандра Кольбу.

Літ.: 2273 Антонава Т. Іх працы ўпрыгожваюць храмы і цешаць настальгічную памяць / на здымках: Т. Стагановіч. "Індзейская рэзервацыя"; I. Рагалевіч-Дутко. "Пейзаж" // Звязда. 1993. 9 крас. С. 4.

383 Антонава Т. Натхняюць вобразы Радзімы: нататкі пра творчасць мастачак, нашых суайчынніц з ЗША // Голас Радзімы. 1991. 27 лістап. С. 6.

2700 Антонава Т. У землякоў за акіянам. Мн., 1992.

3004 Крыштаповіч С. Архетыпныя вытокі творчасці Тамары Стагановіч // Беларусіка =Albaruthenіca. Кн. 5 / рэд. У. Конан, А. Мальдзіс. Мн., 1995. С. 83-85.

7299 Крыштаповіч С. Я. Стагановіч Тамара Аляксандраўна // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15. Мн., 2002. С. 127.

3265 Стагановіч Т. "Беларускія матывы ў маёй творчасці - гэта мае трызненні аб Бацькаўшчыне..." / размову вёў Л. Пранчак // Рэспубліка. 1995. 22 жн. ("ЗША, г. Тынтон Фолс")

3630 Хадарэнка В. "Як вяртаюцца з выраю птушкі, так і я вяртаюся на родную зямлю": у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі адкрылася выстава амерыканскай мастачкі Тамары Стагановіч - "Амерыка - мая Амерыка" // Народная газета. 1994. 7 кастр.

2747 Гуринович И. За Америкой - Беларусь // Советская Белоруссия. 1994. 6 окт.

2736 Спасюк А. Звяно ў ланцужку дзвюх культур // Голас Радзімы. 1994. 20 кастр.

Алесь Сімакоў (Ales Simakou), даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Антон Луцкевіч

Памылковая тэрміналогія

На палях працы Ц. Асячкоўскай "Пра польскую школу візантыйскага мастацтва"

У навуковых працах вельмі важную ролю мае правільная навуковая тэрміналогія. Калі сістэма тэрмінаў дэфектная, а тэрміны, якія ўжывае даследчык недакладныя і дазваляюць празмерна шырокую трактоўку, дык і праца яго таксама з дэфектамі, а навуковыя здабыткі часта толькі ўводзяць у зман.

Гэтыя рэфлексіі ў мяне нарадзіла вельмі цікавая і каштоўная праца Цэліны Асячкоўскай (Celina Osieczkowska. O szkole polskiej malarstwa bizantyjskiego) у 1-м сшытку 4-га тома, выдадзенага Сябрамі навук у Вільні (Prace i materjaly sprawozdawcze Sekcji Historji Sztuki. Wilno, 1935.)

"Паміж канцом XIV-га і паловай XVI-га ст., дзяку-ючы падтрымцы Ягелонаў, агульна ў Польшчы расквіт-нела візантыйскае мастацтва. Улічваючы гэтую з'яву, трэба бачыць розніцу паміж абразамі візантыйскай праваслаўнай царквы і абразамі каталіцкіх касцёлаў".

Так кажа аўтарка на пачатку сваёй працы. І трошкі далей, адзначыўшы, што яе праца будзе датычыць толькі аднаго касцёла ў Польшчы - Люблінскага (але існуе і шэраг іншых, дзе маюцца фрэскі ў візантыйскім стылі, напрыклад, у Кракаве, Сандаміры, Плоцку …), цвердзіць, што "формы (Люблінскіх) абразоў грэцкія, але моцна прасякнутыя самымі рознымі ўплывамі, між іншым расійскімі, а таксама сербскімі і заходнееўрапейскімі". "Стыль гэтых абразоў эклектычны. Ён характарызуе польскае мастацтва сярэднявечча і адрознівае яго, напрыклад, ад расійскага мастацтва, якое мае свой стыль. Цяжка спаткаць у мастацтве такую ступень узаемапранікнення двух розных культур,Захаду і Усходу, якую мы бачым у прэзбітэрыюме касцёла Святой Тройцы ў Любліне". "Толькі ў Польшчы, якая ляжыць на мяжы двух розных сусветаў, магло атрымацца такое іх гарманічнае зліццё. Дзякуючы гэтаму, нашыя люблінскія абразы маюць выключнае значэнне".

Калі размова ідзе пра сярэднявечча, дык перад усім паўстае пытанне - пра якую Польшчу і пра якую Расію кажа аўтарка? Расія як дзяржава ў той час не існавала, існавала Маскоўская дзяржава, якая з зямель, якія зваліся рускімі, абдымала толькі вялікарускія землі. Беларускія землі, як і пераважная частка ўкраінскіх зямель, уваходзілі ў склад ВКЛ. І кожная з гэтых зямель мела свае культурныя асаблівасці, што не дае магчымасці аб'яднаць іх пад тэрмінам "расійскасць". Аб'яднанне Асячкоўскай пад тэрмінам "расійскі" усіх трох рускіх зямель ёсць капітальнай памылкай аўтаркі, якая помсціць ёй, хаваючы той агульнавядомы факт, што перад усім менавіта на беларускіх землях адбываўся сінтэз уплываў Усходу і Захаду ў царкоўным мастацтве, які Асячкоўская лічыць уласцівай з'явай выключна Любліна. А цверджанне аўтаркай пра ролю Ягелонаў, якія падтрымлівалі ў Польшчы візантыйскае мастацтва, без сумнення кажа, адкуль у Польшчу прыйшоў візантызм - дакладна не ў расійскім, а ў яго беларускім аспекце.

Гэта пацвярджае агульнавядомая гісторыкам мастацтва акалічнасць, што ў Сандаміры, дзе таксама ў XIV ст. паўсталі фрэскі ў візантыйскім стылі, іх маляваў "майстар Андрэйка", які паходзіў з Літвы, г. з., самае верагоднае, ён быў беларусам. Тут, на беларускія землі, да пануючага з X ст. візантыйскага стылю ў мастацтве, вельмі рана праніклі заходнія ўплывы - як крыжацкія, гэтак і польскія, чэскія і італьянскія. Пра гэта дасканала расказвае праца праф. Шчакаціхіна ("Нарысы беларускага мастацтва …"), пра якую аўтарка, пэўна, не ведае.

Таксама застаецца незразумелым, пра якую Польшчу кажа аўтарка. Ці размова ідзе пра дзяржаву Ягелонаў - разам з ВКЛ, ці толькі пра Польшчу ў сцілым значэнні гэтага слова - Карону. Можна дапусціць, што Асячкоўская мае на ўвазе этнаграфічную Польшчу, але ў такім разе яна не павінна казаць пра няісную ў XIV ст. Расію, а толькі пра беларускія, украінскія і велікарускія землі.

Гэта тое, што можна сказаць пра памылковую тэрміналогію, якая спрашчае падзел Усходняй Еўропы толькі да "Польшчы" і "Расіі".

Таксама не магу прамаўчаць пра змястоўныя старонкі працы Асячкоўскай. Для доказу яе галоўнай тэзы недастаткова паказаць заходнія ўплывы на творы люблінскіх мастакоў (яны, здаецца, паходзілі з паўднёвых славян), рысы якіх, як аўтарка шматкроць сумленна адзначае, маглі быць уласцівыя і ўсходняму мастацтву. Трэба было б вывучыць мастацтва праваслаўнай царквы, відочна не ў межах этнаграфічнай Польшчы, дзе яго не было, а ў найбліжэйшых суседзяў - найперш беларусаў і даказаць, што там не мелася заходніх уплываў. Але для аўтаркі гэта аказалася невыканальнай задачай па дзвюх прычынах - бо яна абсалютна нічога не ведае пра беларускае мастацтва і таму, што заходнія ўплывы на беларускі візантызм (не расейскі) без сумнення мелі месца. Але і існаванне адмысловай "польскай школы" візантыйскага мастацтва аўтарка таксама не змагла даказаць і нават і не імкнулася гэтага зрабіць. Па-просту кінула фразы, пазбаўленыя істотнага зместу.

У навуковых працах гэта недапушчальна.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

A. Ł.[ Антон Луцкевіч ] Błędna terminolpgja // Pregląd Wileński. 1936. № 3. S. 5-6.

Некалькі слоў аб "змарнаванай спадчыне"

У Познаньскім органе "Каталіцкай акцыі", выданні "Культура", у нумары ад 6 чэрвеня гэтага года (1937 г. - Л.Л.) быў змешчаны новы артыкул Ганны Загорскай (Савітры) "Змарнаванае спадчына", аўтаркі ранейшага, вядомага пасквіля на беларусаў пад назвай "Яды". Апошні яе артыкул перадрукаваў, горача прапанаваў да ўвагі сваіх чытачоў і цалкам з ім салідарызаваўся "Кур'ер Віленскі". Артыкул прысвечаны беларускай справе.

Мы ўжо прызвычаіліся да таго, што за друкаванне змястоўных артыкулаў пра беларускую культурную працу, нумары іншых выданняў часта падлягаюць канфіскацыі. Таму лёгкае з'яўленне ў "Культуры" і "Кур'еры Віленскім" публікацыі Загорскай адразу кажа нам, што падыход аўтаркі да беларускай справы цалкам супадае са стаўленнем да яе сучасных адміністратыўных улад. Таму мы лічым сваім абавязкам выступіць, тым болей, што артыкул Загорскай мае шмат недакладнасцяў і памылак, у выніку чаго ён будзе прычынай з'яўлення памылковага погляду польскага грамадства на беларускія праблемы і, як найменей, непрыхільнага стаўлення да беларусаў.

Перад усім, аўтарка памыліся ў пераказе і асвятленні гістарычных фактаў і паказала адсутнасць элементарнага разумення такіх паняццяў, як, напрыклад, культура. "Беларусь, - піша Загорская на пачатку - узяла культуру з Кіеўшчыны, насыціла царкоўна-славяншчыну мясцовым нарэччам і захапіла своеасаблівую, значна больш арыгінальную і цікавую летувіскую культуру". Дзіўна, як у аўтаркі аб'ядноўваюцца разам такія розныя ў сваёй істоце рэчы, як культура і мова. Гэта наогул характэрна для мыслення пэўнай часткі нашай інтэлігенцыі, якая лічыць, што засваенне чужой мовы ёсць духоўнай дэнацыяналізацыяй. Беларусы разам з хрысціянствам у Х ст. узялі ад Кіева пісьменную царкоўна-славянскую (старабалгарскую) мову, якая з бегам часу, увабрала ў сябе элементы беларускай мовы і нарэшце цалкам саступіла ёй сваё месца. Але гэта не значыць, што Беларусь "узяла культуру з Кіеўшчыны" як нейкую матэрыяльную рэч. Бо ўвесь узяты з Кіева разам з новай верай "культурны багаж" абмежаваўся некалькімі літургічнымі кнігамі на старабалгарскай мове. Такая "культура", відочна, ніколі б не была здольнай "захапіць летувіскую культуру".

Культура - гэта сума высілкаў і творчых дасягненняў народнага духу і беларусы яшчэ да хрысціянства жылі культурным жыццём, мелі свае гарады, сваё заканадаўства, пачаткі дзяржаўнай арганізацыі, займаліся гандлем з далёкімі іншаземцамі (з Усходам, адкуль паходзяць шматлікія рэчы, знойдзеныя ў беларускіх курганах) і, відочна, мелі нешта на продаж з вырабаў сваёй працы. Што праўда, мы няшмат ведаем пра гэтую дахрысціянскую культуру, але не больш мы ведаем і пра летувіскую культуру да часоў з'яўлення ВКЛ і не можам прыняць "на веру" ацэнкі абодвух культур, якія зрабіла Загорская. А ці шмат мы ведаем пра польскую культуру ў той жа перыяд?

Увогуле, аўтарка не вельмі лічыцца з гісторыяй, бо ў рэшце-рэшт нават школьнікам вядома, што не толькі першая рэдакцыя Літоўскага Статута, як цвердзіць Загорская, была складзеная на беларуская мове ў XVI ст. Такую ж дакладнасць мае і цверджанне, што "апошнія літоўскія дзяржаўныя акты, напісаныя па-беларуску, маюць больш паланізмаў ці слоў болей польскіх, чым беларускіх". Відочна, што аўтарка не бачыла і не чытала ніводнага такога акта, бо ў пісьме не было паступовага пераходу з беларускай на польскую мову. Гэтая яе думка з'явілася толькі для таго, каб давесці і абгрунтаваць далейшыя тэзы.

Падобным чынам апісвае Загорская і далейшае развіццё гісторыі беларускага народа: ніякай ўласнай культурнай творчасці, нічога свайго - усё пазычана ў іншых. У асноўным - у "усходняга варварства". Дзякуючы ўплывам польскай мовы на "праваславянскае надрэчча дрыгавічоў, крывічоў і радзімічаў", Беларусь "штораз хутчэй аддалялася ад усходняга варварства", "набліжалася да заходняга ладу, атрымлівала апошнія вынікі навукі" 1. Пра тое, што беларусы ў часы да пачатка ўплыву на сябе Польшчы, мелі непасрэдны і жывы кантакт з Захадам, што з Захаду да нас прыязджалі архітэктары, мастакі і іншыя дзеячы мастацтваў, што Беларусь сама выпраменьвала культуру на польскі захад (слынныя фрэскі ў касцёлах Любліна, Сандаміра і ў Вавельскай ягелонскай капліцы малявалі мастакі-беларусы!), пра гэта аўтарка дыпламатычна маўчыць. Цяжка сказаць, у чым прычына - ці ў яе злой волі, ці ў абязройваючым невуцтве ў галіне гісторыі беларускай культуры. Праўдападобна мы маем справу і з першым, і з другім.

Калі больш старую гісторыю Беларусі Загорская малюе так, як быццам яна адбілася ў крывым люстэрку, дык з больш блізкімі часамі справа яшчэ больш горшая. Вось некалькі "кветачак", неабходных, каб зразумець гэта. Аказваецца, што, напрыклад, сучаснік Міцкевіча Ян Чачот (†1847 г.), храналагічна стаіць у Загорскай ў шэрагу беларускіх пісьменнікаў польскай культуры, адразу пасля Каліноўскага, Дуніна-Марцінкевіча, Багушэвіча і Неслухоўскага, якія жылі і пісалі толькі ў другой палове ці ў канцы XIX ст.

Далей: беларуская паэтка Цётка, знакамітая нацыянальная і народныя аўтарка, пісала вершы "на рускі лад"(!), а Янка Купала і Фр. Аляхновіч, які сёння жыве ў Вільні ("ідэолаг мяшчанства"), абодва пісалі "пралетарскія" п'есы. Купала, як Купала: стала жыве ў Менску і "пралетарскасць" яго паэзіі не можа пашкодзіць, а наадварот можа яму дапамагчы … Але Аляхновіч, былы салавецкі вязень, абменены ў Саветаў польскім урадам на Тарашкевіча, можа мець праблемы з-за Загорскай, якая адважылася пісаць пра беларускую літаратуру, не маючы пра яе мінімальных ведаў.

Але хопіць "кветачак", якіх шмат ва ўсім артыкуле Загорскай. Пяройдзем да галоўнай тэзы аўтаркі. Як мы ўжо бачылі, Загорская цвердзіць, што толькі праз польскую мову Беларусь пачала далучацца да культуры Захаду і спальшчэнне ўсіх сфераў беларускага жыцця, якое, як вядома, наступіла ў XVII ст., называе каштоўнай "спадчынай". І гэтую "спадчыну" меў змарнаваць беларускі адраджэнцкі рух, які аб'ядноўвае народ і расце з яго глыбіні. А вінаватая ў гэтым новая, нацыянальна свядомая беларуская інтэлігенцыя.

Загорская даводзіць, што беларусы-адраджэнцы, якія прабудзілі беларускія масы да свядомага нацыянальнага жыцця, да стварэння ўласнай культуры на беларускай мове, да арганізацыі беларускага школьніцтва і беларускіх вучэльняў рознага кшталту, беларускай акадэміі навук і г. д., тыя, што развілі ўсе галіны мастацкай творчасці ў беларускім нацыянальным духу і нарэшце, аб'явілі пра разрыў з Расіяй незалежнай Беларусі, што гэта ўласна яны "змарнавалі спадчыну Захаду" і "прадалі свае адзінства з Захадам" Расіі … Галоўным доказам "адрывання ад Захаду" мае быць тая акалічнасць, што беларусы ў імкненні да развіцця сваёй культуры жадаюць ісці ўласнай дарогай і не згаджаюцца, каб польская мова была пасярэдніцай паміж імі і Захадам. Таксама не згаджаюцца яны вырачыся свайго адвечнага алфавіта, так званай "гражданкі" (кірыліцы - Л. Л.) на карысць лацінкі. Аўтарка выразна падмяняе паняцце заходняй культуры культурай выключна польскай. Яе лозунгам з'яўляецца: хай беларусы пяройдуць на лацінку і такім чынам выракуцца ад усяго надрукаванага да гэтага часу "гражданкай" на роднай мове і хай як найхутчэй прымуць "культуру Захаду" ў яе польскім варыянце.

Коратка кажучы: толькі польскасць можа вярнуць беларусам "змарнаваную спадчыну" заходняй культуры і толькі польскасць адчыніць ім шырокія дзверы ў … Царства нябеснае! Аўтарка выказалася і пра гэта.

Дзівіць тое, што падобны артыкул, у дадатак напісаны на нязвыкла нізкім публіцыстычна-навуковым узроўні, быў надрукаваны выданнем "Каталіцкай акцыі". Сумна, што ўплывовыя каталіцкія колы Польшчы не жадаюць, каб беларусы мелі духоўную еднасць з Захадам, бо яшчэ раней касцельныя ўлады не дазволілі запачаткаваць беларусам-каталікам сваю, беларускую "Каталіцкую акцыю".

Ні пра якую нелюбоў беларусаў да заходняй культуры ў ранейшыя часы (Скарына!) і сёння, зразумела, нават не можа ісці і гаворкі. Уся цалкам старадаўняя беларуская культура і мастацтва, уласна ўяўляе сабой дзіўны сінтэз істотных элементаў візантыйскай і лацінскай культур на нацыянальным беларускім падмурку. Гэта агульнавядомыя рэчы.

Для доказу сваёй непраўдзівай тэзы, Загарская не вагаючыся высоўвае такі "аргумент", як цалкам ілжывае цверджанне, што беларускія гімназіі ў Польшчы (сёння амаль што цалкам зліквідаваныя) ужывалі расійскія падручнікі бо, наогул, беларускіх падручнікаў вельмі мала. З гэтай жа мэтай яна кажа тое, што бракуе настаўнікаў-беларусаў, хаця, напрыклад, у часы Сярэдняй Літвы каля 200 нашых настаўнікаў, школьныя ўлады забралі з беларускіх школ, як быццам для перападрыхтоўкі на спецыяльных курсах у Кракаве, навучылі іх па-польску і ўладкавалі на працу ў карэннай Польшчы, не пусціўшы такім чынам іх у свае школы на Бацькаўшчыне …

Гэтая грубая тэндэнцыйнасць, гэтая непавага да самага істотнага напрамку працы беларусаў па стварэнні сваёй нацыянальнай культуры і іх палітычнай волі, нагадваюць мне пэўны факт з часоў, калі польскае войска займала Менск - сучасную сталіцу Савецкай Беларусі. У кастрычніку 1919 г. Начальнік дзяржавы маршал Юзаф Пілсудскі выдаў дэкрэт аб фармаванні беларускіх вайсковых аддзелаў, якія павінны былі разам з польскім войскам змагацца з Саветамі за ўсю Беларусь. У Менску, на падставе гэтага дэкрэта, была створаная Беларуская вайсковая камісія, якая складалася з вайскоўцаў-беларусаў і грамадскіх дзеячаў (Прушынскі, Аляксюк і г.д.), якія такім чынам падалі красамоўны доказ неабходнасці супрацоўніцтва з Захадам (і Захадам польскім) каб супрацьстаяць расійскаму Усходу. Як толькі камісія прыступіла да працы, ад імя камісара Менскай зямлі, быў разасланы канфідэнцыяльны цыркуляр павятовым уладам, падпісаны мужам пані Загорскай, у якім вельмі непрыхільна трактавалася распачатая акцыя … Гэта пацвярджае думку, што сучасны выступ Ганны Загорскай супраць беларусаў, падтрыманы рэдакцыямі "Культуры" і "Кур'ера Віленскага", бярэ свае натхненне з той жа самай крыніцы.

Не цяжка зразумець, менавіта з якой крыніцы сужэнцы чэрпаюць натхненне для сваіх варожых выступаў супраць нацыянальнага беларускага руху.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

H. B. [ Антон Луцкевіч] O “zmarnowanem dziedzictwie” słów kilka // Pregląd Wileński. 1937. № 6. S. 2–3.

1 Тагачасная навука карысталася выключна лацінай - як у Польшчы, гэтай і ва ўсёй Еўропе. Здаецца, аўтарка пра гэта забылася …

Варшаўскае адкрыццё віленскіх скарбаў

Некалькі гадоў таму адзін з вядомых у Вільні беларускіх дзеячаў са зласлівым гумарам расказваў, як ён з мэтай пазнаёміцца з адной асобай з навуковых колаў, якая жыла ў Вільні, мусіў паехаць да яе ў Варшаву! Гэта выглядала, як анекдот, але было сапраўднай гісторыяй. Бо ёсць вось такая слабая сувязь віленскага польскага грамадства з маладой беларускай інтэлігенцыяй. Так мала яно ведае пра тое, чым жыве, што стварае і што ўжо здабыла наша інтэлігенцыя.

Гэту гісторыю я ўспомніў падчас прагляду жнівеньскага сшытка мастацкага часопіса "Аркады" (№ 8 - 1937.), дакладней - вельмі цікавага і добра ілюстраванага артыкула віленскага кансерватара д-ра Півоцкага "Невядомая калекцыя народных дрэварытаў" 2. Артыкул расказвае пра віленскую калекцыю, пра якую да гэтага часу не было ніякіх публікацый у мясцовай прэсе.

"У Вільні, - піша д-р Півоцкі, - пры вуліцы Вострабрамскай, у па-бызыльянскіх мурах, у некалькіх пакоях месціцца Беларускі музей. Лепшымі сярод яго збораў з'яўляюцца сапраўдныя скарбы - вырабы народнага мастацтва. Разам з годнай для апублікавання разьбой, асаблівую ўвагу на сябе звярае дасканалая, хоць і невялікая калекцыя (12 экзэмпляраў) народных дрэварытаў. Акрамя скромнай публікацыі на беларускай мове самога музея, адзінае кароткае згадванне пра яе ў літаратуры, знаходзіцца ў маёй працы "Народны дрэварыт у Польшчы". Гэтыя дрэварыты маюць вялікую мастацкую вартасць і, акрамя гэтага, колькасна дапаўняюць творы такога кшталту, вырабленыя на Віленшчыне […] Іх аналіз нарэшце дазволіць даведацца пра тэхнічныя спосабы народных ксілографаў".

Далей аўтар па чарзе апісвае народныя дрэварыты са збораў Беларускага музея і друкуе 8 рэпрадукцый, ён наогул апісвае галоўныя характарыстыкі народных дрэварытаў, якія гэтак выразна выявіліся ў віленскай калекцыі. "Віленская калекцыя дрэварытаў у Беларускім музеі добра ілюструе стыль гэтых народных вырабаў, іх наіўная плоскасць і графічнае адлюстраванне рэчаіснасці, моц, выражаную праз адмыслова свядомыя скажэнні, і нарэшце іх дэкаратарскія і каларыстычныя вартасці".

Як бачым, артыкул і сапраўды сенсацыйны для Вільні. Здаецца не толькі сярэдні вільнянін, але і вельмі шмат хто з "спяцоў ад мастацтва" нічога не ведаюць пра тыя скарбы, якія захоўваюцца ў Вільні, не бачылі да сённяшняга часу і гэтыя дрэварыты. Каб расплюшчыць іх вочы на тое, што яны маюць пад бокам, але да гэтага часу "не заўважылі", трэба было пайсці шляхам праз Варшаву! …

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

A. Ł. [ Антон Луцкевіч] Warszawska rewelacja o skarbach wileńskich // Pregląd Wileński. 1937. № 9. S. 8.

2 Артыкул "Невядомая калекцыя народных дрэварытаў" напісаны Ксаверыем Півоцкім, вядомым польскім даследнікам народнага мастацтва ў 1937 г. у яго бытнасць у Вільні на пасадзе кансерватара помнікаў. Два дрэварыты з гэтага збору - "П'ета" i "Св. Юры" - у 1933 г, былі надрукаваныя ў Гадавіку Беларускага Навуковага Таварыства, Яны рэпрадукаваныя таксама ў рэпрынтавым выданні артыкула Антона Луцкевіча "Беларускі музей імя Івана Луцкевіча" (Менск, 1992), У 1989 г, часопіс "Спадчына" ў № 2 апублікаваў выявы 7 дрэварытаў згаданага збору i звесткі пра ix з інвентара Музея, прыведзеныя Яўгенам Куліком. Аднак астатнія дрэварыты заставаліся невядомымі. Да выдатнай віленскай калекцыі народных дрэварытаў Ксаверы Півоцкі звяртаўся двойчы, Ен спасылаўся на яе ў працы "Народны дрэварыт у Польшчы" (Варшава, 1934), Асобны артыкул, цалкам прысвечаны гэтым творам, быў надрукаваны ў часопісе "Arkady" за 1937 г, у № 8.

Гл: Півоцкі Ксавэры. Невядомая калекцыя народных дрэварытаў // Спадчына. 1995. №5. С. 3-10.

Аб беларускай душы Сыракомлі

Уражанні пасля адзначэння 75-годдзя смерці паэта

У 1923 г., падчас юбілейнага адзначэння смерці паэта, прафесар М. Здзяхоўскі прачытаў надзвычай цікавы даклад, які потым быў надрукаваны ў брашуры "Уладзіслаў Сыракомля. Летувіска-беларускі элемент у польскай творчасці" (Вільня, 1924.).

Шмат для каго гэта праца мела сенсацыйны характар, бо польскае грамадства прызвычаілася ўраўноўваць польскасць на беларуска-летувіскіх землях з польскасцю ў карэннай Польшчы і наяўнасць глыбокай псіхалагічнай розніцы паміж першай і другой польскасцю стала непрыемнай сенсацыяй! "Нацыянальна арыентаванае" грамадства без задавальнення выслухала глыбокія і слушныя высновы прафесара Здзяхоўскага, які, кажучы пра беларускі элемент у душы "Вясковага лірніка", высунуў вельмі характэрную тэзу: карэнныя палякі не могуць зразумець і адчуць Сыракомлю, і ўласна Польшча пачынаецца там, дзе творчасць паэта ўжо нічым не дакранаецца да чалавечага сэрца.

Польская прэса не палічыла неабходным коратка пераказаць слушныя высновы дакладчыка і яго тэзы знайшлі паразуменне толькі ў краёвай прэсе сярод беларускіх літаратурных крытыкаў. Суліма тады выступіў з вялікім дадатковым рэфератам на старонках беларускага выдання "Змаганне" (№ 21 - 1923.) і "Пшэглёнду Віленскага" (№ 4-6 - 1924.). Ён паглыбіў высновы прафесара і расставіў кропкі над "і" ў месцах, дзе польскі даследчык мусіў лічыцца з хворай нацыяналістычнай атмасферай віленскага грамадства і таму не зрабіў канчатковых высноў і не сказаў усёй праўды пра нацыянальнае аблічча Сыракомлі.

У гэтай справе і я меў свой голас на старонках гасціннага "Пшэглёнду Віленскага" (№ 18 - 1924.), гэты ж артыкул па-беларуску надрукаваны ў "Студэнцкай думцы" (№ 1 - 1925). Я падаў шэраг фактаў, якія, магчыма, прайшлі міма ўвагі прафесара Здзяхоўскага і цвердзіў, што беларускія ўплывы пранікалі не толькі ў падсвядомасць Сыракомлі, але і сур'ёзна ўздзейнічалі на яго свядомасць, вызначаючы стаўленне паэта да ідэі беларускага нацыянальнага адраджэння.

Сам Сыракомля не толькі горача вітаў братэрскую душу - В. Дуніна-Марцінкевіча, не толькі раіў яму не пакідаць сваёй беларускай творчасці дзеля творчасці польскай, але і бачыў працу Дуніна-Марцінкевіча па адраджэнні беларускай паэзіі як місію прызначаную яму Богам ("Газета Варшаўская, 17 снежня 1856. А таксама № 16 за 1856 і № 16 за 1857 г.). Сыракомля верыў у адраджэнне беларускай паэзіі і сам прагнуў прычыніцца да яе, бо пісаў вершы па-беларуску (да нашага часу, на жаль, застаўся толькі адзіны ягоны беларускі верш "Добрыя весці" з 1848 г., рэшта, падобна, яшчэ недзе чакае).

Ад часу напісання вышэйзгаданага артыкула мінула 13 гадоў. І 26 лістапада гэтага года (1937 - Л. Л.), у 75-цігоддзе смерці Сыракомлі, сівы ветэран польскай навукі прафесар Здзяхоўскі на публічным сходзе ў Таварыстве сяброў бібліятэкі імя Урублеўскага зноў выказаў важныя тэзы ў справе, якую гэтак горача ў свой час каментавалі беларускія крытыкі. І на гэты раз дакладчык сам расставіў усе кропкі над "і", сказаўшы тое, што не сказаў у папярэднім дакладзе, раскрыўшы ўсю праўду пра беларускую душу Сыракомлі.

У перапоўненай зале, у якой сабраліся прадстаўнікі краёвага грамадства, з шляхетнай адвагай і шчырасцю сапраўднага мужа навукі, прафесар казаў пра тое, што ў "гарманічным" грамадстве, у якім мацнее нацыяналізм, гучала дысанансам. Трэба сказаць пра ліст с. п. Эдварда Вайніловіча, кансерватыўнага дзеяча з Меншчыны блізкага яму асабіста і ідэйна. Вайніловіч, які меў глыбокія сантыменты да беларускасці і Беларусі, імя якой зараз гэтак старанна сціраецца, горача вітаў тэзы прафесара Здзяхоўскага, надрукаваныя ў свой час у брашуры пра Сыракомлю.

Прафесар Здзяхоўскі крывадушна не схаваў праўду пра паэта ў тэзе пра яго быццам бы "правінцыялізм", а выразна давёў, што "Вясковы лірнік" быў родным сынам Беларусі, з гісторыяй якой яго злучыла праца ў архівах, дзе яму шмат расказалі акты на беларускай мове, якія да канца XVII ст. пераважалі сярод дакументаў. Прафесар расказаў, як пранікала ў душу Сыракомлі беларуская песня, як паглыналі паэта ўсе гэтыя асаблівыя чары, якія ішлі з беларускай зямлі і нараджалі дзіўную рэчаіснасць у сэрцах яе сапраўдных сыноў. Прачытаў урывак з беларускага верша, у якім Сыракомля нясе тутэйшаму люду на яго бацькаўскай мове "добрыя весці" з Захаду пра вызваленне тамтэйшага селяніна са спрадвечнай няволі (1848 г.) і прызывае селяніна і пана разам да сумеснай працы па вызваленні края з палітычнай няволі.

Сцвярджаючы бясспрэчныя заслугі Сыракомлі перад польскай культурай, у якую ён прынёс усе вартасці беларускай душы, дакладчык заняў выразную пазіцыю ў справе супольнага жыцця народаў нашага края: не ціск і гвалт, а толькі шанаванне і любоў да братняга беларускага народа можа развязаць польска-беларускую праблему з найбольшай карысцю як для абодвух бакоў, гэтак і для края.

Слухаючы глыбокія і слушныя высновы дакладчыка, я міжволі ўспамінаў словы геніяльнага расійскага паэта, які верыў у сваю несмяротнасць, бо "в свой жестокий век" заклікаў да свабоды і міласэрнасці да зняволеных.

Але ў наступным пасля прафесара выступе п. Туркоўскага, ён, кажучы пра заслугі Сыракомлі перад польскасцю і грунтуючыся на нейкіх сумнеўных перадсмяротных марах паэта, пастараўся давесці, што "ўсе польскія землі былі яму аднолькава дарагімі". Гэта выглядала нечым чужынскім, штучным і казённым. Таму даклад не здолеў зрабіць уражання, роўнага дакладу прафесара Здзяхоўскага.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

Ant. Nowina. [Антон Луцкевіч] O duszy białoruskiej Syrokomli // Pregląd Wileński. 1937. № 9. S. 5–6.

Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша

Сучасныя беларускія даследчыкі гісторыі ВКЛ

У выдавецтве ЮрСаПрынт выйшла кніга Сяргея Марозава "Сучасныя беларускія даследчыкі гісторыі Вялікага Княства Літоўскага : біябібліяграфічны даведнік".

Даведнік сабраў пад адной вокладкай біяграфічную і бібліяграфічную інфармацыю пра тых прадстаўнікоў інтэлектуальнай працы Рэспублікі Беларусь, хто ў перыяд 1991-2022 г. сказаў сваё важкае слова ў вывучэнні і папулярызацыі гісторыі Вялікага Княства Літоўскага і гісторыі Беларусі той эпохі (сярэдзіна ХІІІ-XVIII ст.).

Даведнік утрымлівае 172 артыкулы-персаналіі пра гісторыкаў, архівістаў, археолагаў, этнолагаў, культуролагаў, філолагаў, філосафаў, геральдыстаў, картографаў, краязнаўцаў, пісьменнікаў, журналістаў, стваральнікаў гістарычных сайтаў, для якіх праблематыка Вялікага Княства Літоўскага стала галоўным даследчым полем або важным напрамкам іх навуковай, літаратурнай, публіцыстычнай ці іншай дзейнасці.

Разлічана на навукоўцаў, аспірантаў, студэнтаў, творцаў са сферы літаратуры і мастацтва, супрацоўнікаў архіваў і музеяў, усіх, хто цікавіцца гісторыяй і спадчынай

Вялікага Княства Літоўскага.

Наш кар.

"Зіхаціць баль агнямі Ліды"

Пышны і грацыёзны, яркі і бліскучы, шумны і раскошны першы зімовы баль "Зіхаціць баль агнямі Ліды" да 700-годдзя горада завяршыўся 29 студзеня ў Лідзе.

Прыдворныя дамы і кавалеры, камерны аркестр Лідскага музычнага каледжа, "жывыя" карціны-фотазоны, урокі прыдворнага этыкету і вядома ж танцы - гэта толькі малая кропелька таго, што было на мерапрыемстве, прыстаўкай да якога могуць быць толькі захапляльныя эпітэты.

ТК "Культура Лідчыны".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX