Папярэдняя старонка: 2023

Наша слова.pdf № 06 (58) 


Дадана: 07-02-2023,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 6 (58), 8 лютага 2023 г.

Да Дня роднай мовы

Набірае абароты падрыхтоўка да Дня роднай мовы і 16-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Лідская раённая бібліятэка падрыхтавала тэксты, якія не ёсць нікому абавязковымі, але лёгка могуць прыдацца тым, каму шукаць лепшых няма часу. Сёння мы іх друкуем.

Падаюцца заяўкі, паступаюць пацверджанні ўдзелу з розных куткоў Беларусі. Рыхтуюцца канцэрты, розныя іншыя мерапрыемствы да Дня роднай мовы, з наступнага тыдня ўжо пачнуцца мерапрыемствы Тыдняў і Дэкадаў роднай мовы ў розных установах.

Беларусь не збіраецца правальваць гэтае свята. Мова - наш апошні бастыён, і здаваць яго ніхто не збіраецца.

Станіслаў Суднік.

100 гадоў з дня нараджэння мастака Леаніда Шчамялёва

Народнаму мастаку Беларусі Леаніду Шчамялёву (1923-2021) 5 лютага споўнілася б 100 гадоў з дня нараджэння.

Нарадзіўся мастак у Віцебску. У 1959 годзе скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, у 1967 годзе - Менскае мастацкае вучылішча. У 1959-1967 гадах выкладаў у Менскім мастацкім вучылішчы, потым - у Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве. З 1958 года і да самай смерці быў удзельнікам розных мастацкіх выставаў. Працаваў ва ўсіх жанрах станковага жывапісу. Значнае месца ў творчасці Леаніда Шчамялёва займала тэма гераізму народа ў гады Другой сусветнай вайны. Для твораў былі характэрны: свабодная манера выканання, выкарыстанне святлоценявых дынамічных эфектаў, экспрэсіўнасць, псіхалагічная глыбіня, ёмістасць характарыстык. Сярод вядомых твораў мастака - карціны "Вяселле", "Цяжкія гады" (1965), "Маё нараджэнне" (1967), "Генерал Даватар" (1975), "Першы дзень міру", "Вяселле ў Новым Полі", "Дыялог", "Ліставей", "Новы год", "Бярэзіна. 1812 год", "Развітанне з радзімай", "Як быццам у сне"; серыя "Новае Поле" (1979-1982); партрэты В. Цвіркі, А. Кішчанкі, М. Чэпіка, Б. Крэпака, У. Тоўсціка, Г. Вашчанкі, А. Анікейчыка; пейзажы "Віцебск, якім яго памятаў", "Зіма на Іслачы", "Асенні кліч", "Цяпло зямлі", "Вясна на Дзвіне"; серыя "Міншчына"; цыклы нацюрмортаў і шмат-шмат іншых. За плённую дзейнасць у 1982 годзе Леаніду Шчамялёву было прысвоена званне "Народны мастак Беларусі". Таксама ён быў узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I, II ступеняў, медалём Францыска Скарыны, "За заслугі ў выяўленчым мастацтве", нагрудным знакам "За ўклад у развіццё культуры Беларусі", медалямі ВДНГ СССР, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР і іншымі. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1982). Ганаровы грамадзянін г. Менска (2003). Творы Леаніда Шчамялёва захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Менску, фондах Беларускага саюза мастакоў, Міністэрстве культуры Расеі, Траццякоўскай галерэі і выставачным аб'яднанні "Цэнтральны Дом мастака" ў Маскве, мастацкім цэнтры "Жыльбел" у Менску, ва ўсіх абласных краязнаўчых музеях Беларусі.

Паводле СМІ. Леанід Шчамялёў, 2003 год. Фота Кастуся Дробава

Тэксты да 16-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі

Мікола Гусоўскі і яго паэма "Песня пра зубра"

Выдатны беларускі пісьменнік эпохі Адраджэння Мікола Гусоўскі вядомы перш за ўсё сваёю "Песняю пра зубра" - літаратурным шэдэўрам, напісаным на лацінскай мове.

Галоўным героем паэмы выступае зубр, які сімвалізуе сабою беларускую зямлю і яе жыхароў. Ён адначасова - і пераможаны, і пераможца, забойца і забіты. Ён - пушчы і долы, рэкі і балоты, ён - смерд, і ён - князь. Звер набывае чалавечыя рысы: ён здольны быць пяшчотным і лагодным, лютым і неўтаймавальным. Ён - князь пушчы і яе валадар, аднак, ён жа - і яе спараджэнне. Ніводная жывёліна не параўнаецца моцаю, трываласцю і веліччу з зубрам. Ён велікадушна адпускае з мірам таго, хто не бярэ на яго зброю, і люта помсціць таму, хто ідзе на яго з мечам.

Цудоўным і непасціжымым чынам у паэме пераплятаюцца зубр, князь і народ. Дзяржава, валадар, людзі, прырода ўпісваюцца ў магутную постаць зубра, робяцца часткамі ягонай істоты. Гэта надае паэме незвычайную суладнасць і завершанасць. Кожны радок, кожны дыстых надзіва мілагучны і дасканалы, адліты рукою вялікага майстра. Любое слова нясе ў сабе непаўторны водар аўтарскай душы, напоўнена вялікай любоўю і ласкаю да радзімы, да свайго люду.

"Песня" была надрукавана ў 1523 годзе ў Кракаве, дзе паэт правёў апошнія гады перад смерцю.

(Кампіляцыя Лідскай РБ, 189 слоў.)

Чалавек ідзе

Гэта было даўно-даўно... Можа, мільён гадоў назад. Дакладна сказаць нельга, але прыблізна навука ведае, калі і як гэта было. Ёсць сведкі з таго часу: розныя знакі, рэчы, расліны, косці, каменні, нават самыя пласты зямлі, якія досыць праўдзіва могуць расказаць цікавыя гісторыі з таго часу. Трэба толькі навучыцца іх разумець...

З такіх помнікаў і склалася гісторыя, аб якой тут гаворыцца.

У тыя часы наша Еўропа мела зусім не такі выгляд, як цяпер. Мора займала ўсю сучасную Паўднёвую Еўропу і даходзіла да Альпаў, а ў нас - да нізоўяў Дняпра і Волгі.

Каўказскія, Крымскія горы, Альпы, Апеніны тады толькі што пачыналі падымацца ад зямлі. Усюды дзейнічалі вулканы, нават у такіх месцах, дзе цяпер аб гэтым ніхто і не думае, напрыклад, у сучаснай Германіі, Англіі. Казбек, Эльбрус выкідалі агонь, попел, лаву.

Паступова, павольна, на працягу соцень тысяч гадоў Еўропа прымала той выгляд, які мае ў нашы дні.

І клімат быў іншы, значна цяплейшы, напрыклад, як цяпер у Паўночнай Афрыцы.

Адпаведна гэтаму і расліннасць была больш разнастайная і багатая. Фігавыя і лаўравыя дрэвы раслі разам з хваёвымі. Разам з дубам, клёнам і вязам падымаліся пальмы, а нашы бярозы і вербы стаялі побач з міртамі, магноліямі і алеандрамі.

Уся гэтая расліннасць складала велізарныя лясы, якія займалі большую частку Еўропы. Насельнікамі гэтых лясоў былі ўсялякія звяры, з якіх адны дайшлі да нашага часу бадай што такімі самымі, як былі, другія значна змяніліся, а трэція зусім зніклі, і іх цяпер называюць "дапатопнымі".

(Янка Маўр, 228 слоў.)

Зоня

Навагрудчына - зацішны куток майго маленства. Тут я гадаваўся i рос. Тут наша Бярозаўка, невялікая вёсачка за густым сасняком i рэдкім бярэзнікам. У гэтай вёсачцы я зведаў сябе, спазнаў пачатак людскога жыцця.

Сам я з польскай сям'і. Бацька мой, родам недзе з-пад Ломжы, зрушаны з месца яшчэ ў часы імперыялістычнай вайны, знайшоў сабе прытулак у Бярозаўцы, прыстаўшы ў прымы да бяздзетнай удавы. З ім разам у няродную хату сваім яшчэ няпэўным дзіцячым крокам прытупаў i я. Даглядаць мяне не было каму. Маці чужая, а бацька - чалавек пануры, скупы на літасць i ласку. I рос я сам па сабе, як гарох пры дарозе, - хто ні ідзе, той і ўшчыпне,

Мачыха, жанчына хваравітая, трывала нядоўга; аднаго году на прадвесні яе вынеслі за вёску пад дубовы крыж.

Бацька, страціўшы на суды немалыя сродкі, нічога не дасягнуў - невялікі, у тры гектары, клін поля ўсё ж такі адсудзілі крэўныя мачыхі. Па законах таго часу мы не мелі права на спадчыну. За гэтымі судамі бацька абнядужаў, да яго, ужо нездаровага, прыкінуліся сухоты, i ён памёр.

Я застаўся адзін. Мне ішоў дзевятнаццаты год. I вось у тыя маладыя гады мне палюбілася Зоня, палюбілася шчыра i моцна.

Я ўпадабаў яе з першай сустрэчы. Гэтая сустрэча мне запомнілася на ўсё жыццё…

(Вячаслаў Адамчык, 170 слоў.)

Вялікі князь Гедымін

Сёлета спаўняецца 700 гадоў, калі па загадзе князя Вялікага Княства Літоўскага Гедыміна пачалося будаўніцтва Лідскага замка і заснаванне горада Ліды. У 1323 годзе ён звярнуўся да жыхароў ганзейскіх гарадоў з запрашэннем на жыхарства ў Вялікае Княства Літоўскае, і ў гэты ж год ваеннапалонныя з Валыні і Кіева па яго дырэктыве прыступілі да будаўніцтва Лідскага замка.

Лідзяне загадзя рыхтаваліся да гэтага вялікага свята. У супольнасці з уладамі быў створаны бульвар Гедыміна, адрэстаўравана і адкрыта вежа Гедыміна ў Лідскім замку, пабудаваны рэстаран "Гедымін", усталяваны помнік Гедыміну, правялі хакейны турнір памяці Гедыміна.

Хто ж такі гэты выдатны чалавек? Нарадзіўся ён не пазней 1275 года. Вялікім князем быў абраны або прызначаны, калі яму было 40 гадоў.

У Гедыміна былі тры жонкі - Віда, Вольга і Ева, другая і трэцяя жонкі - рускія праваслаўныя князёўны. Ад сваіх жонак Гедымін меў 13 дзяцей. Сваім семярым сынам вылучыў багатую спадчыну. Менавіта Кейстуту дасталіся Трокі, Гародня, Коўня, Упіта, Ліда і княства Жамойцкае.

Гедымін быў язычнікам і пакланяўся ідалам, але цярпіма адносіўся да іншых рэлігій. Дачок выдаваў замуж як за праваслаўных, так і за католікаў. Пяцёра сыноў Гедыміна былі хрысціянамі. У Лідскім замку пры Гедыміне і два стагоддзі потым дзейнічала праваслаўная царква.

Гедымін шмат ваяваў. Хадзіў на Прусію, на Польшчу, на Валынь, на Кіеўшчыну. Ваяваў з Тэўтонскім і Лівонскім Ордэнам. Пад яго ўладу перайшлі старажытнарускія землі з гарадамі Віцебск, Мінск, Тураў і Пінск.

Гедымін здолеў арганізаваць неверагодныя па маштабе для таго часу будаўнічыя працы і стварыць сетку абарончых збудаванняў на галоўных дарогах. Былі пабудаваны замкі ў Вільні, Лідзе, Медніках, Крэве, закладзены Трокскі замак.

Пад канец 1341 года князь Гедымін быў забіты стрэлам з толькі ўзніклай тады агнявой зброі са сцен цвердзі Баербург. Яго цела было дастаўлена ў Вільню і спалена па язычніцкім звычаі на велізарным вогнішчы з хваёвых бярвенняў там, дзе зліваюцца рэкі Вілейка і Вілія.

Дык кім для нас, жыхароў горада Ліды, з'яўляецца славуты Гедымін? Па-першае - заснавальнік горада. Ліда - горад заснаваны Гедымінам. Па-другое - менавіта па загадзе Гедыміна быў пабудаваны Лідскі замак. Па-трэцяе - увёў назву Ліда ў гістарычныя хронікі. Горад Ліда згадваецца ў тастаманце Гедыміна сваім сынам.

(Кампіляцыя Лідскай РБ, 342 словы.)

Лідскі замак

Наваколле Ліды ў пачатку XIV стагоддзя нагадвала сабой цяжкадаступнае месца, акружанае забалочанымі далінамі рэк Крупка, Дзітва, Лідзейка, Жыжма, непраходнымі Дакудаўскімі балотамі, Нёманам і дрымучымі лясамі. Чамусьці менавіта тут, на зліцці Лідзейкі і Каменкі, па-за вялікім горадам, за 300-400 кіламетраў ад межаў дзяржавы, Вялікі князь літоўскі, рускі і жамойцкі Гедымін пабудаваў замак.

Будаваўся замак недзе ў прамежку з 1323 да 1328 года, не раней і не пазней, толькі ў гэтае пяцігоддзе. Атрымаўшы часовую мірную перадышку на заходніх межах Вялікага Княства, паабяцаўшы прыняць хрысціянства, Гедымін атрымаў магчымасць займацца стваральнай дзейнасцю.

Ставілі замак палонныя з Валыні і Кіеўшчыны. У 1320-1321 гадах Гедымін з войскам хадзіў у паход на Валынь, заваяваў дзесяткі гарадоў і прывёў адтуль тысячы палонных, якія будавалі замак. Майстры, магчыма, былі з Ганзы. Калі будаўніцтва было завершана, Лідскі замак паўстаў збудаваннем больш як са 100 байніцамі, чатырохпавярховай вежай, унутранымі замкавымі пабудовамі. Ён ахоўваўся вайсковым гарнізонам. Але ж гарнізон трэба было паіць, карміць: жыта сеяць-збіраць, малаціць, мёд круціць і варыць, жывёлу пасвіць, паляваць, паліва нарыхтоўваць. Так пры замку ўзнік горад з насельніцтвам з мясцовых жыхароў і палонных русічаў.

Бясспрэчным доказам існавання Ліды ў канцы трыццатых гадоў XIV стагоддзя з'яўляецца тастамант Вялікага князя Гедыміна сваім сямі сынам, вядомы з Хронікі Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага.

Гедымін загінуў у 1341 годзе. Тастамант, як вынікае з летапісу, быў складзены задоўга да яго смерці, г. зн. у 30-х гадах. Ліда ўпамінаецца там нароўні са старажытнымі гарадамі Слонімам, Пінскам, Наваградкам, Ваўкавыскам, Вільняй, Гародняй, Коўняй, як горад, а не замак.

У адносінах да іншых гарадоў Вялікага Княства Літоўскага Ліда мае дзве надзвычайныя асаблівасці - горад заснаваны Вялікім князем Гедымінам, і ў горадзе захаваўся замак, пабудаваны пры яго жыцці.

(Кампіляцыя Лідскай РБ, 276 слоў.)

І гэты дзень настаў

Мінулая вайна нанесла нашай Лідчыне вялізныя страты. Цалкам было знішчана адно з найпрыгажэйшых мястэчак Прынямоння, тысячы і тысячы жыхароў раёна былі закатаваны гітлераўскімі акупантамі або вывезены ў Нямеччыну.

Адчуваючы свой канец, гітлераўскія акупанты фанатычна чапляліся за кожны захоплены імі населены пункт. Летам 1944 года Ліда ўяўляла сабой моцны ваенны фарпост. Подступы да горада аперазалі акопы, траншэі, калючы дрот. Мясцовы нямецкі гарнізон узмацняўся адступаючымі з-пад Мінска і Маладзечна разбітымі часткамі.

Напярэдадні штурму Ліды ў камандуючага восьмага гвардзейскага кавалерыйскага корпуса генерала Аслікоўскага адбылася нарада камандзіраў палкоў. Разведка дакладвала, што нямецкая абарона горада даволі сур'ёзная і з ходу яе ўзяць будзе цяжка. Аслікоўскі загадвае камандзірам 5, 6 і 32 дывізій трапным манеўрам абысці варожую абарону і з поўначы ўдарыць па фашыстах. Асноўныя баявыя дзеянні па вызваленні Ліды распачаліся 8 ліпеня.

Фашысты заўважылі наступаўшых і адкрылі агонь з гарматаў і кулямётаў. Аднак 86 кавалерыйскі полк гэта не стрымала. За лічаныя гадзіны горад быў вызвалены ад немцаў, а на адным з уцалелых будынкаў Ліды воіны замацавалі чырвоны сцяг.

Вайна без ахвяр не бывае. На пераправе цераз Дзітву загінуў у баі камандзір 86 кавалерыйскага палка падпалкоўнік Труханаў. Смерць напаткала і некаторых іншых байцоў-вызваліцеляў, у памяць якіх у горадзе і раёне зараз устаноўлены абеліскі з прозвішчамі герояў.

(І. Бельскі, 198 слоў.)

Мастацкая спадчына Беларусі

Мастацкая спадчына Беларусі. / Марозава С.В., Марозаў С. П. - Гродна: "ЮрСаПрынт", 2022. - 576 с.

У гарадзенскім выдавецтве "ЮрСаПрынт" выйшла кніга Марозавай С. В. і Марозава С. П. "Мастацкая спадчына Беларусі".

Кніга прысвечана знакавым творам беларускага мастацтва апошняга тысячагоддзя, якія сталі гістарычным брэндам Беларусі, прадметам нацыянальнага гонару беларусаў і годна прадстаўляюць у свеце нашу краіну і народ. Разглядаюцца аб'екты мастацкай спадчыны са сферы архітэктуры, скульптуры, жывапісу, кніжнай культуры, музыкі, тэатра, кінематографа, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а таксама сімвалы сучаснай Беларусі як аб'екты спадчыны. Усе яны паказаны ў кантэксце развіцця нацыянальнай культуры, пануючых еўрапейскіх мастацкіх стыляў і густаў розных эпох. Прыведзена інфармацыя пра гісторыю стварэння, аўтара, змест, ідэю і мастацкія вартасці многіх помнікаў, пра іх лёс і прысутнасць у сучаснай беларускай культуры і памяці народа. Кнігу аздабляе 650 каляровых ілюстрацый. Большасць з іх - арыгінальныя аўтарскія фотаработы, якія адлюстроўваюць сённяшні стан спадчыны. Ілюстрацыі размешчаны блокамі пасля кожнага з раздзелаў. Спасылка ў тэксце адсылае да адпаведнай ілюстрацыі.

Кніга прызначана для тых, каго наша спадчына цікавіць у навуковых, пазнавальных, вучэбных, краязнаўчых, турысцкіх і іншых мэтах.

Наш кар.

Слуцк - культурная сталіца Беларусі

Зацверджаны лагатып культурнай сталіцы Беларусі 2023 года. Яго асновай стаў слуцкі пояс - адна з нацыянальных рэліквій беларусаў, выдатны ўзор дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, які стаў не толькі гістарычным сімвалам культурнай самабытнасці, але і сучасным брэндам Беларусі. Нездарма 30 лістапада 2012 года была зацверджана Дзяржаўная праграма адраджэння тэхналогій і традыцый вытворчасці слуцкіх паясоў і развіцця вытворчасці нацыянальнай сувенірнай прадукцыі "Слуцкія паясы" на 2012-2015 гады.

У адпаведнасці з гэтай праграмай дзесяць гадоў таму назад на рэспубліканскім унітарным прадпрыемстве мастацкіх вырабаў "Слуцкія паясы" наладзілі сучасную вытворчасць слуцкіх паясоў. 27 кастрычніка 2013 года з унікальнага станка германскай фірмы MAGEBA сышоў першы ўзор сучаснага слуцкага пояса.

Наогул, 2013 год быў багатым на падзеі, звязаныя са слуцкімі паясамі. Каля прадпрыемства, якое размяшчаецца паблізу ўзбярэжжа ракі Случ, у жніўні ўстаноўлены памятны знак "Адраджэнне слуцкага пояса", у верасні - скульптура "Ткач". У тым жа месяцы першых наведнікаў прыняў Музей слуцкіх паясоў. У лістападзе Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь увёў у абарачэнне памятныя манеты "Слуцкія паясы. Меткі" і "Слуцкія паясы. Калекцыянаванне" серыі "Слуцкія паясы". У канцы 2013 года выдавецтва "Беларусь" выпусціла ў свет кнігу кандыдата мастацтвазнаўства Барыса Лазукі "Слуцкiя паясы. Адраджэнне традыцый". 4 снежня 2013 года ў галерэі мастацтваў - філіяле Слуцкага краязнаўчага музея - адбылася ўрачыстая дэманстрацыя слуцкага пояса, набытага пры фінансавай падтрымцы жыхароў Случчыны шляхам дабрачынных ахвяраванняў.

Каб падкрэсліць непарыўную сувязь мінулага і сучаснасці, у лагатыпе культурнай сталіцы Беларусі 2023 года выкарыстаны адзін з арнаментаў слуцкага пояса, выкананы ў тэхніцы інкрустацыі саломкай. Залацісты колер саломкі гарманічна ўвязваецца з залатымі ніткамі слуцкага пояса. Інкрустацыю выканала майстар Квасыніцкага цэнтра рамёстваў дзяржаўнай установы культуры "Слуцкі раённы цэнтр народнай творчасці" Наталля Гарбацэвіч. Гэта не адзіная работа Наталлі, з-пад яе рук выйшла цэлая серыя работ з саломкі па матывах слуцкіх паясоў.

Інкрустацыю саломкай і выяву слуцкага пояса аб'яднаў у адзінае цэлае - лагатып культурнай сталіцы Беларусі 2023 года - Уладзімір Хвораў, адміністратар інтэрнэт-сайта Слуцкага раённага цэнтра народнай творчасці. Ён - не прафесійны мастак або дызайнер, камп'ютарная графіка - адно з яго шматлікіх захапленняў у вольны час.

Анатоль Жук, жыхар г. Слуцка.

Беларускія балоты: вядомае і невядомае

2 лютага бібліятэкар філіяла "Дзітвянская сельская бібліятэка" запрасіла дзяцей на віртуальнае падарожжа "Беларускія балоты: вядомае і невядомае", прымеркаванае да Сусветнага дня водна-балотных добраў.

ТК "Культура Лідчыны".

У чаканні вясны…

Інга Вінарская

***

Пахне ў паветры надзеяй, вясною.

Свет адкрывае павекі чаргою.

Майстра, круці круг ганчарны без крат!

Жыць ці памерці? Тут вораг ці брат?


Дзе вы, надзеі забытыя словы,

Ясныя, светлыя нашы галовы?

Дзе ж ты, забыты, натхнёны наш час,

Племя юначае, годнае нас?


Вось толькі сонца ізноў залівае

Промнем любві вокны з краю да краю,

Птушкі шчабечуць і славяць вясну…

Вы падаруйце мне трэль - хоць адну!..

***

Я люблю гэты горад, калі ён жывы, -

На світанку ў патоках святла залатога.

Халадок ад расы... І схавана так многа

Ў лісці птушак... Пяюць для нябеснай красы.


Я люблю гэты горад, калі ён маўчыць,

Калі ў цішы паўночнай міргае агнямі.

Ліхтары, іх святло. І нікога - між намі...

Ды чуваць толькі: сэрца надрыўна крычыць.


Я люблю гэты горад, напэўна, другім:

Многа так цеплыні ў ім, і ўсмешак, і ласкі.

Сэнс у гэтай высновы бліжэйшы да казкі -

Растаюць нашы мроі, бы ранак, як дым...


Я люблю гэты горад, бы раб кляты той,

Што - ужо - палюбіў свой ланцуг і галеру.

Усміхаецца сонцу ён, страціўшы веру,

Але рады ўсё ж промням, што дораць спакой...


Я люблю гэты горад...

***

Мандарынавым гаем - не хочацца снегу…

Цеплыні там і шчасця, любві не стае:

Сэрца каб задыхалася шпарка ад бегу,

Апякалі мяне пацалункі твае.

Шэпт паглядаў тых, подых, ізноў трапятанне...

Адлятае душа, стос губляючы спраў.

І здаюцца складанасці ўсе лепятаннем,

Проста попелам - ты ж гэтай стрэчы жадаў!..


Мандарынавым гаем - спадзевы і мары,

У тым воблаку кветак і сонца, пладоў.

Там - ні болю, ні помсты пакутлівых хмараў,

І ў жыццё не глядзішся, бы ў збан стары зноў.


Затрымайся даўжэй, о мой сон нечуваны:

Я запомніць хачу, хто мне сябра, дзе - дом...

Адчыняю ўсё ж вочы... Мой Божа! Зноў раны -

У рэальнасці... Звадкі, пакуты кругом...

***

Крыху ж усяго да вясны -

Мо тыдняў тых пару, умоўна...

Не хочацца зрэшты вайны,

А хочацца птушак, шпакоўняў,

І гнёздаў бусліных малым,

Каб клёкат адтуль - даспадобы,

Дзяцей - бестурботным усім,

Каб сталі мужчынамі з пробай.


Паветраных промняў намер...

Яшчэ халадок - так, міжволі...

Зіма, замаўчы ўжо цяпер -

Назад ты не вернешся болей.


Разлівамі рэк і любві,

Тапленнем тым снегу пад вішняй

Жыві, сакавік, зноў жыві, -

Ён, люты, цяпер ужо лішні.


А вецер імклівы, бы стрыж,

Парывісты, дзікі адвечна!..

А сэрца вагаецца між

Рашэнняў, такіх небяспечных.


А ў розуме - думак палёт:

Направа пайсці ці налева...

А можа быць, прама - там брод:

Як раз - паміж шчасцем і гневам...

***

Дзе тая лесвіца ў неба?

Дзе шанцаванне - каб новае?

Шчасця хоць трошачкі трэба -

Праз навальніцы вясновыя...


Эх вы, дарогі ды вёрсты,

Вехі ў жыцці непрыкаяным...

Многа магіл там - няпростых,

Слёз і пакутаў, раскаяння...


Што ж, значыць, праўду цыганка

Ў дробязях мне набалакала:

Будзе і дом, і альтанка,

І многа іншага ўсякага, -


Кепска з каханнем напеўным:

Шмат нарачоных, апранутых...

Небу лепш бачна, напэўна, -

Што ж выбіраць між падманутых?


Там, дзе паляны лясныя

Поўныя ўсе першацветамі,

Птушкі пяюць, завадныя,

Думкі плывуць запаветныя.


Уваскрасае прырода,

Сонца мігціць прамяністае!

Гора сыходзіць, нягоды,

Радасць на змену ім - чыстая!..

***

Застыла сонца ў бурштыне -

бліскучае,

На снезе кроплі быццам бы -

гаючыя...


Яшчэ так холадна. Вясна

спіць у гаях.

У лесе тым, што ажыве,

прайсці ёй шлях.


Цяпла нямнога, і капеж

свой ход пачне.

З табою ведалі мы ўсё

наперад... Не?..


Няма вяртання, хоць забыць -

ніяк пакуль...

Ды пройдзе боль, напэўна, так -

бы след ад куль...


Нямнога сонца ў бурштыне -

бліскучага...

Твае мне вусны, нібы сон, -

гаючыя...

***

Ты пазвані мне - так, з зімы ў вясну -

І растапі свой холад на імгненне.

Скажы: "Люблю... Люблю цябе адну".

І - толькі мне. Якія тут сумненні?..


Ты пазвані мне... Божа, як даўно

Не чула зрэшты голас голас твой знаёмы...

Хаця, табе магчыма ўсё адно -

Ужо... І іншая там правіць домам?..


Не, я не веру. Нават праз гады.

Ніколі не паверу - чуеш? - пану...

З табой заўсёды. Бы прамень - заўжды.

Як дыхаеш, я на світанні гляну...


Крануся вуснаў ціха, бы ў журбе...

Па валасах і па шчаках нябрытых

Шмыгну... Нікому не аддам цябе!..

Прачнешся ты няшчасным і разбітым...

***

Так даўно мы на гэтай вайне,

Што нат выбухі ўжо не жахаюць.

Ўсё да слёз зразумела, і не, -

Нам, да болю, да нерваў, да краю.


За свабоду змагацца, за лёс

Мы ідзем кожны міг, неўзабаве.

Спадарожнікам - гром нам з нябёс,

Гэты свет ад брыдоты пазбавім.


Мо галовы складзем ля крыніц?

Можа, выжывем, іншымі станем?

Пахі пораху ці навальніц?

Ты імя напішы прад расстаннем -


На лістку, і маё - разам з ім,

Ды бліжэй пакладзі, побач з сэрцам.

Неба плавіцца... Выбухі, дым.

Так далёка Парыжскае скерца...


На Радзіме ж - пякельны разлом,

І раскол, страта ісцін - без меры.

Тут арудуе ён, стары лом,

І "саўком" зачыняюцца дзверы.


Так даўно мы на гэтай вайне,

Што цяпер паміраць і не страшна:

Так, за годнасць - без розных там "не",

І за гонар - з нагодаю важкай!..

***

Ці шчаслівымі могуць быць людзі?

Ды, напэўна, кароткі мо міг:

У ружовым тым воблаку-цудзе,

Нібы ў сне, - без пакут і інтрыг.


Так, бывае ён сонечным, ранак,

Свежым, лёгкім і яркім - бы птах!..

Ўсе рашэнні прыходзяць старанна,

Забываюцца болі і жах.


І душа, бы праменьчык надзеі,

У блакітны імкне неба звод,

Каб вярнуцца імгненна - для дзеі,

Толькі ўжо без бяды і турбот.


Лес спявае - ён поўны вясною,

І крыніцай жыццё зноў бруіць,

Так іскрыцца той подых - якое

Можа гора быць? Шчасце ляціць,


Каб застыць у тым мігу так файна,

Затрымацца ўсяго на крыху,

Адчыніць мімалётную тайну,

І - у шлях: да кагось пад страху!..

***

Не бывае любві на штыках,

Цеплыні ў цішыні трывожнай...

Там пустэча, дзе правіць жах

І ўзрываецца пульсам кожны.


Думкі, думкі - грукат у скронь -

Ад адчаю і да прасвету.

Скруха цісне, бярэ ў палон...

Выйсце з пекла, і дзе ж ты, дзе ты?


Ад бяссілля, бы мех праз ток,

Асядае зноў цела няжвава...

Кадры, кадры.... Стагнанні ды шок...

Так, вайна - гэта дрэнная справа.


Ды, напэўна, іншых шляхоў

Не знайсці, бо мэта - свабода.

У слязах дзяцей - моц праз кроў...

Столькі веры ў вачах народа!..


Разлятайся ж ты, чорная дрэнь.

Ты сыходзь ды вяртайся ў пекла!..

Раз пачуцці хавае цень,

Сонца свету ўжо цемра ссекла.


Ужо досыць крыві, забойств...

Ўзрываў, стогнаў, агню і ранаў...

І хто вораг цяпер? Мо госць?..

Бессэнсоўнасць хлусні з экранаў...


Вы, анёлы, марудзіце што ж?

І калі ўжо адчыніцца Неба,

Каб паслаць ачышчальны нам дождж -

Для любві, для вясны і для хлеба?..

***

Мы іншымі вяртаемся з вандровак.

Праз шторм мы ўсе мяняемся наскрозь.

Ды шчанюку імя дадзім - нанова,

І паглядзім, як абгрызае косць.


Няма вяртання ў змрок. Ура - свабода!..

Нам подых зноў падорыць вецярок.

І вось жыццё - да шторму - год ад году,

Пакуль нам лёс яшчэ не дасць урок.


Якія ж мы, усё-такі, якія...

Перажываем хутка смерць сяброў.

Не добрыя мы, людзі, і не злыя -

Прыстасаванцы проста, без умоў.


Вось так. І скажаш што яшчэ тут?

Хапае ў нас звярынага - пад гмах, -

Мярзотнасці і боязі прышчэпкаў,

Гавэнды той - сляпой, дурной, бы жах.

Ды ёсць яно, геройства ў некаторых,

Сумленне, гонар, праўда - дзеля нас.

Вось толькі забываем мы так скора

Герояў... Топіць іх хлусні каркас...

***

Маёй найгоршай рэінкарнацыі прысвячаецца...


Неба, поўнае срэбраных зор, -

Твой Парыж, ён бясконцы і чорны...

Вось адказ на пытання той змор -

Да рання промень ззяючы зорны...


Дзесь блукае душа тут твая -

Нераскаянай грэшніцы ў Вежы.

І чакае штоноч салаўя,

І шкадуе аб жарсцяў адзежы...


Вось дваццаты ўжо век. Правады.

Ўпершыню ўсё калісьці бывае...

Журналісткаю з "Рэйтэр" - тады...

Тэлеграф... Ты ў Парыжы, Дубаі,


І ў Нью-Ёрку, канешне, - між куль...

Дэмакратыя ў духу гранітным.

Столькі жарсці ты возьмеш адсюль,

І любві, што застыгне, бы бітум...


Так няспынна трашчыць тэлеграф.

Інфармацыя, дым цыгарэтны.

Сэрца б'ецца тваё - цераз жах

Не пачуць яго смех запаветны...


Як жа звалі яго? Бары? Джон?

Ўсё схавана - у вечнасці дыме...

Закаханы, ты думала, - ён,

Толькі не: ён не твой, бо - з усімі.


Мроі, слёзы струменем, дакор...

Аддалася пачуццям свабодна...

З небам ты, поўным срэбраных зор,

Праляцеўшы, навек стала роднай...

***

Выдумляюць аб маёй блізарукасці

І пайшоўшай - не туды - дальназоркасці.

Гэта, можа быць, ад скончанай тупасці?..

Ці, здаецца ўжо, ад кропкавай "зорнасці"?..


О, правінцыя жыве перасудамі!..

І клапоціцца грамадства мяшчанскае,

Каб часцей былі тут людзі іюдамі,

Дапамогі не чакалі каб - Панскае...

І канешне, за сцяжкі каб не скочылі,

Свет паслаўшы, - вось з такімі "клапотамі"!..

Трэба ж грошы тут, каб не скасабочылі,

Што за продаж душ, альбо - чагосці там...


Прыдумляюць і каленкамі дрыгаюць...

Пазатоптваць мары ўсе, думкі гожыя

Брудам, плёткамі, скразнымі інтрыгамі -

Вось іх мэта. Не да промыслу Божага...


Толькі Неба ўсё ж не купіш "карцінкамі":

Лёс такі - нібыта калька бязродная.

А паэты ўсіх здзіўляюць учынкамі,

І жыццё ў іх, нібы вецер, - свабоднае!..

Узгадваючы Булгакава...

Трынаццатае. Май. Вядзьмаркі, чэрці,

Не ведаючы меж, "у свет" ляцяць.

Шкілеты абрастаюць плоццю, верце,

У чорных "птушак" фракі так трымцяць.


Я там была жывою каралевай -

Крыві "хапіла". Сорам быў - жабрак.

"Вялікасць" там мая пайшла "налева",

Каб толькі мне тваё пачуць зноў "так!",


Крануцца вуснаў, пажадаць палону...

Няма ў жыцці ж мне шчасця нат на чвэрць...

Навек твая: ад стрэчы і да скону, -

Не страшна ў пекле потым мне згарэць...


Калена цалаваць - чарцям, вядзьмаркам -

У Донны: так заведзена даўно.

Ў палоне я ці вырвалася шпарка?

А зрэшты, сёння мне - усё адно.


Карона цісне... Кроў са скронь сцякае...

У вочы глянуць мне б твае яшчэ...

Ці чорная ўжо скончыцца тут зграя?

Ад слоў ліслівых зноў сляза цячэ...


Камін чартоўскі сціхнуў вось, здаецца.

Ды не, не ўсё - яшчэ аблёты зал...

Балюча як... Шчыміць стамлёна сэрца...

Бясконцы баль якісьці, - ты б сказаў...


Шмат кветак, музыкі. Шампанскае - ракою.

О, вальсы Штрауса! Маэстра, стыне кроў...

А створана ўсё - чорнаю рукою...

Якая розніца? Баяцца - мне - злых слоў?


Гары агнём, маленькая кватэра!..

Магутны Воланд. Вершнікі - ваш ход...

З табою буду, нат не ў гэтай эры,

Мой Майстар... Гэта ў вечнасць наш палёт!..

Класіку беларускай літаратуры - 215 гадоў

Класіку беларускай літаратуры, аднаму з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры і драматургіі, паэту, тэатральнаму і грамадскаму дзеячу Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу 4 лютага споўнілася 215 гадоў з дня нараджэння.

Нарадзіўся пісьменнік 4 лютага 1808 года ў фальварку Панюшкавічы Бабруйскага павета Менскай губерні (цяпер Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці) у шляхецкай сям'і Яна (Івана) Дуніна-Марцінкевіча і Марцыяны з роду Нядзведзкіх. Хлопчыка назвалі Вінцэнтам Якубам. Пра юнацкія гады Вінцэнта дакументальна пацверджаных дадзеных мала. Ён рана застаўся без бацькі. Лічылася, што ў 1824 годзе скончыў Бабруйскае павятовае вучылішча, але ёсць звесткі, што ўжо ў 1819 годзе Вінцэнт быў адпраўлены ў Санкт-Пецярбург. Існуе версія, што малады Дунін-Марцінкевіч паступіў у Санкт-Пецярбургскую медыка-хірургічную акадэмію, але пакінуў вучобу, бо не мог знаходзіцца ў анатамічным пакоі.

З сярэдзіны 1820-х гадоў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч жыў у Менску, быў на дзяржаўнай службе: памочнікам каморніка і каморнікам межавога суда, службоўцам палаты крымінальнага суда, перакладчыкам у каталіцкай духоўнай кансісторыі, меў пасаду пры дваранскім сходзе. У 1831 годзе Вінцэнт узяў шлюб з дачкой адваката Юзэфай Бараноўскай, з якой яны мелі семярых дзяцей. У 1840 годзе будучы пісьменнік набыў невялікі маёнтак Люцынка ў Менскім павеце (цяпер вёска Малая Люцінка ў Валожынскім раёне Менскай вобласці) і пасяліўся там, пакінуўшы дзяржаўную службу.

Ёсць звесткі, што напачатку 1840-х гадах Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч некаторы час служыў эканомам у маёнтку Шчаўры ў Сенненскім павеце Магілёўскай губерні. Пазней, паколькі ён меў досвед працы з юрыдычнымі дакументамі, ездзіў па ўсёй тэрыторыі Беларусі ў якасці даверанай асобы сваіх кліентаў, займаючыся вырашэннем іх спраў. Шмат часу праводзіў у Менску, дзе актыўна ўдзельнічаў у грамадска-культурным і літаратурным жыцці. У гэты перыяд В. Дунін-Марцінкевіч пачаў займацца літаратурнай дзейнасцю. Першыя творы былі напісаны на польскай мове. Ім былі створаны тэксты да аперэт "Спаборніцтва музыкаў", "Чарадзейная вада", а таксама "Рэкруцкі яўрэйскі набор" (у 1841 годзе пастаўлена ў Менску аматарскім гуртком), дзе была ўзнята тэма рэкрутчыны, як перашкоды ў шчаслівым уладкаванні жыцця яўрэйскай сям'і. Тэксты і партытуры гэтых твораў да нашага часу не захаваліся (за выключэннем адной арыі з аперэты "Рэкруцкі яўрэйскі набор"). Музыку да іх напісаў кампазітар Станіслаў Манюшка. Удзел у стварэнні музыкі прымаў і сам пісьменнік, часам пры пастаноўцы п'ес выступаў як акцёр (напрыклад, выканаў ролю старога яўрэя ў аперэце "Рэкруцкі яўрэйскі набор"). З сярэдзіны 1840-х гадоў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч пачынае супрацоўніцтва з выдаўцамі. У 1846 годзе ў Вільні асобным выданнем выйшла лібрэта музычна-драматычнага твора - оперы "Сялянка" (пазней з'явілася іншая назва - "Ідылія"). У гэтым творы побач з драматычнымі дыялогамі і маналогамі шырока прадстаўлены арыі і дуэты, харавыя нумары, а таксама танцы. "Ідылія" лічыцца прынцыповай з'явай у станаўленні новай беларускай літаратуры. Калі паны тут гавораць па-польску, то персанажы-сяляне - упершыню ў літаратурным творы - па-беларуску. Польскі вершаваны тэкст пераклаў на беларускую мову Янка Купала, празаічны - Язэп Лёсік. У "Ідыліі" Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч выявіў сябе як прыхільнік класавага міру і маральнага самаўдасканалення. Ён высмейваў фанабэрыстасць шляхты, сляпое захапленне ўсім французскім і адначасова ствараў вобраз добрага пана, які праз каханне да сялянскай дзяўчыны (тая ў рэшце рэшт аказалася ўсё ж пераапранутай паненкай) палюбіў сялян і хоча, каб і яны яго любілі. Такая ідэалізацыя рэальнага жыцця тым не менш не перашкодзіла паказаць у п'есе характэрныя народныя тыпажы. Сапраўдным героем твора стаў не пан, а селянін Навум Прыгаворка, войт (наглядаў за працай прыгонных). Яго вобраз для Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча значыў вельмі многа, імя гэтага персанажа ён выкарыстоўваў у якасці свайго псеўданіма. "Ідылія" карысталася вялікай папулярнасцю ў Беларусі, яе тэкст перапісвалі і распаўсюджвалі ў рукапісных спісах, у друку з'явіліся рэцэнзіі на пастаноўку твора. Опера была пастаўлена напачатку 1852 годзе ў Менску тэатрам Дуніна-Марцінкевіча, ролю Навума ў спектаклі выканаў сам аўтар. Тэатр, або драматычны гурток, Дуніна-Марцінкевіча - створаны ім аматарскі тэатральны калектыў - існаваў у 1840-1850-я гады. Ён лічыцца першым беларускім нацыянальным тэатрам сучаснага тыпу. Трупа складалася больш чым з 20 чалавек, у іх ліку сам пісьменнік, ягоныя дзве дачкі і сын, прадстаўнікі менскай інтэлігенцыі. У спектаклях удзельнічаў хор сялян з Люцынкі, існаваў і аркестр. Ставіліся галоўным чынам п'есы Дуніна-Марцінкевіча. Публіка і тэатральныя крытыкі адзначалі выдатныя акцёрскія здольнасці самога драматурга. Тэатр прытрымліваўся традыцый народнага мастацтва, вызначаўся дэмакратызмам. Пасля першай жа пастаноўкі "Сялянкі" дзейнасць калектыва была забаронена ўладамі, але спектаклі праходзілі (фактычна нелегальна) у розных гарадах Беларусі да 1856 года. У 1850-я гады Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч жыў пераважна ў Менску. У 1854 годзе памерла жонка пісьменніка. Пазней ён узяў шлюб з Марыяй Грушэўскай. Літаратар часта бываў у Вільні, дзе сустракаўся з многімі дзеячамі культуры і навукі. У 1854 годзе ажыццявіў паездку на Палессе. Некалькі разоў наведваў Шчаўры. Меў ён шырокія кантакты і з менскай інтэлігенцыяй: паэтамі, музыкантамі, мастакамі, выдаўцамі. У гэты перыяд упершыню ў Менску выйшлі з друку яго паэтычныя зборнікі: "Гапон" (1855 г.), "Вечарніцы і Апантаны" (1855 г.), "Цікавішся? Прачытай!" (1856 г.), "Дудар беларускі, або Усяго патроху" (1857 г.). У выданні ўвайшлі прысвечаныя жыццю сялян вершаваныя аповесці і апавяданні, напісаныя не толькі па-польску, але і па-беларуску. Гэта паэма "Гапон" - першы твор В. Дуніна-Марцінкевіча, створаны цалкам на беларускай мове, дзе апісваецца ўмоўнасць сацыяльнага падзелу грамадства. Беларускамоўныя аповесці "Дурны Зміцер, хоць хітры", "Стаўроўскія дзяды", "Купала", "Шчароўскія дажынкі" маюць выразныя фальклорныя матывы. Сярод апублікаваных у зборніках польскамоўных твораў найбольш значныя - апавяданні "Славяне ў XIX стагоддзі", прысвечанае барацьбе паўднёвых славян супраць туркаў, і "Літаратарскія клопаты" - пра нялёгкі лёс пісьменніка, яго матэрыяльныя і душэўныя турботы, а таксама пра радасць ад людской падтрымкі. Апрача таго, у гэтых выданнях змешчаны і вершы на польскай і беларускай мовах. Гэтыя публікацыі мелі рэзананс. Беларускі паэт і краязнавец Уладзіслаў Сыракомля змясціў шэраг рэцэнзій у варшаўскім і віленскім друку, назваўшы творы Дуніна-Марцінкевіча "феноменам, вартым увагі з таго менавіта погляду, што Марцінкевіч, першы ўзяўшы ў свядомыя рукі беларускую дуду нашага народа, здабыў з яе песню, якую народ зразумеў". У 1857 годзе Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам напісаны беларуская балада "Травіца брат-сястрыца", дзе аўтар чарговы раз выкарыстаў фальклорны сюжэт, і "Быліцы, расказы Навума", што складаюцца з вершаваных аповесцяў "Злая жонка", у якой асуджаюцца амаральнасць і распуста, і "Халімон на каранацыі", прысвечанай апісанню святкавання з нагоды ўступлення на царскі пасад Аляксандра II, які абяцаў дараваць народу доўгачаканыя "свабоды". Гэтыя творы былі апублікаваныя толькі ў сярэдзіне XX стагоддзя ў часопісах "Беларусь" і "Полымя". У другой палове 1850-х гг. В. Дунін-Марцінкевіч пераклаў з польскай мовы на беларускую паэму Адама Міцкевіча "Пан Тадэвуш" - эпапею, у якой намалявана шырокая карціна жыцця Беларусі пачатку XIX стагоддзя. У 1861 годзе ў Вільні асоб ным выданнем на польскай мове выйшла вершаванае гістарычнае апавяданне "Люцынка, або Шведы на Літве", дзе паэтызаваліся мужнасць і гераізм продкаў сучасных беларусаў у барацьбе з захопнікамі. Гэта апошняя кніга В. Дуніна-Марцінкевіча, выдадзеная пры яго жыцці.

В. Дуніну-Марцінкевічу былі блізкія погляды шляхецкіх рэвалюцыянераў пачатку 1860-х гг. У 1861 годзе разам з Уладзіславам Сыракомлем ён ездзіў у Варшаву, па дарозе ў розных населеных пунктах выступаў з патрыятычнымі прамовамі. Дзейнасцю пісьменніка зацікавілася паліцыя, аднойчы паліцэйскія ўлады нават выслалі яго з Коўні. У патрыятычным і дэмакратычным духу В. Дунін-Марцінкевіч выхоўваў сваіх дзяцей. Пісьменнік і яго сям'я мелі дачыненне да нацыянальна-вызвольнага руху, падтрымлівалі ўдзельнікаў паўстання 1863-1864 гадоў. Як пазней адзначалася ў заключэнні Часовага палявога аўдытарыята - карнага органа, які здзяйсняў расправу над паўстанцамі: "…Марцинкевич виновен в том, что он воспитывал семейство свое не в духе преданности правительству, вследствие чего и сам не может считаться вполне благонадежным в политическом отношении". Улады падазравалі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў аўтарстве антыўрадавых выданняў, у прыватнасці, агітацыйнай брашуры "Гутарка старога дзеда", дзе выкрываліся царскія парадкі, гучалі заклікі да сялян падтрымаць вызвольны рух. У 1864 годзе пісьменнік быў арыштаваны, больш як год прабыў у менскім турэмным замку. Хоць галоўных абвінавачванняў даказаць не змаглі, на Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і яго сям'ю быў накладзены вялікі штраф, маёмасць часткова секвестравана (абмежавана права карыстання), яму самому прадпісвалася жыць, не выязджаючы з Люцынкі, пад наглядам паліцыі. Дачку пісьменніка Камілу на 10 гадоў выслалі на Урал, у горад Салікамск. Апошнія дзесяцігоддзі жыцця Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча (з сярэдзіны 1860-х да сярэдзіны 1880-х гг.) прайшлі ў Люцынцы. Жыў ён у той час адасоблена, толькі зрэдку прыязджаў у Менск. У гэты перыяд В. Дунін-Марцінкевіч шмат пісаў, але ўсе спробы пісьменніка надрукаваць свае творы заканчваліся няўдачай. У 1866 годзе ім была напісана на беларускай мове камедыя (ці, як вызначаў яе жанр сам пісьменнік, фарс-вадэвіль) "Пінская шляхта". Яна лічыцца лепшым з твораў В. Дуніна-Марцінкевіча. У гэтай п'есе высмейваюцца фанабэрыя і адначасова страх перад уладамі дробнай шляхты, несправядлівы суд. Сцэнічнае ўвасабленне "Пінская шляхта" атрымала толькі ў 1917 годзе, пастаноўку ажыццявіла Першае беларускае таварыства драмы і камедыі ў Менскім гарадскім тэатры. А ў 1918 годзе п'еса была ўпершыню апублікавана ў газеце "Вольная Беларусь". Па-беларуску і па-польску гаварылі персанажы сатырычнай камедыі "Залёты", якая выйшла з-пад пяра В. Дуніна-Марцінкевіча ў 1870 годзе. У гэтым творы далейшае развіццё атрымала тэма спажывецтва і беспрынцыпнасці, уласцівых надыходзячаму капіталізму. Польскі тэкст на беларускую мову ў пачатку XX стагоддзя пераклаў Янка Купала, у 1915 годзе "Залёты" былі пастаўлены ў Вільні Беларускім музычна-драматычным гуртком. А першая публікацыя гэтай п'есы адбылася ў газеце "Вольная Беларусь" у 1918 годзе. У 1876 годзе быў узноўлены (на гэты раз сакрэтна) нядаўна зняты нагляд паліцыі над пісьменнікам. Падставай паслужыў той факт, што ў сярэдзіне 1870-х гадоў у Люцынцы без афіцыйнага дазволу дзейнічала невялікая прыватная школа, дзе навучала навакольных дзяцей дачка пісьменніка Цэзарына. У гэты час, як успамінаў адзін з колішніх вучняў школы, вядомы беларускі пісьменнік Ядвігін Ш., гаспадар фальварка шмат пісаў і захоўваў свае рукапісы ў вялікім куфры. Але большая частка напісанага не захавалася.

Памёр Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч 29 снежня 1884 года. Пахаваны на могілках ва ўрочышчы Тупальшчына недалёка ад Люцынкі.

Аксана Шпак.

Да 215-годдзя класіка

1 лютага 2023 г. у Менскай абласной бібліятэцы імя А. С. Пушкіна прайшло мерапрыемства, прымеркаванае да 215-годдзя В. Дуніна-Марцінкевіча і адкрыцця выставы "Больш за ўсё я бацькоўскаму краю адданы..." ад Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. З музеем супрацоўніцтва пачалося ў рамках абласнога праекта "Пісьменнікі - ураджэнцы роднага краю", плануецца шэраг цікавых мерапрыемстваў і экспазіцыя выстаў ад музея да юбілеяў беларускіх пісьменнікаў.

Сёння прайшло мерапрыемства вельмі натхняльна і незвычайна. А такім яго зрабіў цудоўны чалавек, даследчык літаратуры Беларусі XIX стагоддзя Ігар Мікалаевіч Запрудскі.

Для мяне, як даследчыка, важна заўсёды яго парада, падказка і накірунак у даследчыцкай працы. Будучы рэцэнзентам маёй магістар-скай працы, для мяне ён стаў адным з навуковых кіраўнікоў, да якога я заўсёды магу звярнуцца па параду. Сёння Ігар Мікалаевіч так натхніў слухачоў, маладое пакаленне сваёй невялікай лекцыяй пра Дуніна-Марцінкевіча, што не хацелася, каб лекцыя закончылася. Цікавая была і прэзентацыя выставы, якую дапамог правесці, падтрымаць музейнага супрацоўніка Ігар Мікалаевіч.

Таня Лаўрык, г. Менск.

Навіны Германіі

Амерыканская кампанія будуе сучасны завод па вытворчасці мікрасхем у Саарляндзе

Высокатэхналагічная прадукцыя будзе вырабляцца на месцы былой вугальнай электрастанцыі

Энсдорф (dpa) - Амерыканская карпарацыя Wolfspeed хоча пабудаваць у Саарляндзе найбуйнейшы ў свеце завод па вытворчасці электронікі з карбіду крэмнію. Працы на месцы выведзенай з эксплуатацыі вугальнай электрастанцыі Энсдорф павінны пачацца ўжо ў першай палове 2023 года, пры ўмове ўхвалы з боку Камісіі ЕС. Федэральны канцлер Олаф Шольц (СДПГ) і федэральны міністр эканомікі Роберт Хабек ("зялёныя") прыехалі ў Энсдорф, каб прадставіць праект. "Без перабольшання можна сказаць, што з будаўніцтвам гэтага завода прамысловая рэвалюцыя вяртаецца ў Энсдорф", - сказаў Шольц.

Завод з'яўляецца часткай сумеснага еўрапейскага праекта па мікраэлектроніцы. ЕС прасоўвае праекты ў вобласці мікраэлектронікі з мэтай вярнуць яе ў Еўропу. У 2022 годзе амерыканская карпарацыя Intel абвясціла, што пабудуе ў Магдэбургу два паўправадніковыя заводы.

Больш за 12 000 вакансій для настаўнікаў - землі прымаюць адчайныя меры

Ад хедхантынгу за мяжой да двухтыднёвых курсаў для пачаткоўцаў - міністэрствы адукацыі і культуры прадпрымаюць незвычайныя крокі для барацьбы з недахопам настаўнікаў у Германіі. У адказ на запыт RND землі паведамілі пра 12 000 вакансій. Па меркаванні Асацыяцыі настаўнікаў Германіі, дадзеная лічба моцна заніжана.

У Германіі занадта мала настаўнікаў - пра гэта паўтараюць прафсаюзы, асацыяцыі настаўнікаў і палітыкі ў вобласці адукацыі. Як і ўсе галіны, дадзеная сфера таксама церпіць ад хвалі выхаду на пенсію пакалення бэбі-буму. Акрамя таго, усё менш і менш маладых людзей хочуць стаць настаўнікамі. Справіцца з недахопам педагогаў, некаторыя федэральныя землі выкарыстоўваюць незвычайныя падыходы.

Але колькі менавіта настаўнікаў бракуе ў ФРГ?

У адказ на запыт Redaktionsnetzwerk Deutschlands (RND) 16 міністэрстваў адукацыі краіны паведамілі пра 12 341 незапоўненую вакансію выкладчыкаў. Калі, паводле даследавання, у Саарляндзе, Рэйнлянд-Пфальцы, Брандэнбургу і Баварыі няма дэфіцыту, а ў Гесене нават кажуць пра лішак, то ў Паўночным Рэйне-Вестфаліі бракуе больш за 8 000 настаўнікаў, у Саксоніі-Анхальт і Берліне - больш за 800, у Саксоніі, Бадэн-Вюртэмбергу і Ніжняй Саксоніі - больш за 400, а ў Шлезвіг-Гальштэйне - трохі меней за 200.

Чаму сітуацыя так адрозніваецца?

У прэзідэнта Асацыяцыі настаўнікаў Хайнца-Петара Майдынгера ёсць просты адказ: лічбы не адпавядаюць рэчаіснасці. У многіх федэральных землях гадзіны скарачаюцца напачатку навучальнага года ў залежнасці ад недахопу настаўнікаў, так што попыт пакрываецца толькі на паперы. У некаторых федэральных землях бацькі ці іншыя асобы, якія не з'яўляюцца настаўнікамі, таксама працуюць у якасці так званых школьных памочнікаў і ўлічваюцца ў статыстыцы як настаўнікі. "Адбываецца шмат падтасовак", - адзначае Майдынгер. Па дадзеных Асацыяцыі настаўнікаў, рэальны лік незапоўненых вакансій у Германіі складае ад 32 000 да 40 000.

Кожная з земляў спрабуе змагацца з недахопам педагогаў на свой лад. Так, у Саксоніі-Анхальт было нанята рэкрутынгавае агенцтва для пошуку адпаведных кандыдатаў не толькі ў Германіі, але і ў іншых краінах ЕС. Насамрэч, па дадзеных міністэрства, з 800 патэнцыйных кандыдатаў 90 чалавек ужо заключылі кантракт такім чынам. Таму яно хоча працягнуць праект і ў будучыні - нават весці пошук па ўсім свеце.

У Бадэн-Вюртэмбергу хочуць забіць двух зайцаў адным стрэлам і выкарыстоўваць "добраахвотны педагагічны год", каб разгрузіць школы і набраць будучых настаўнікаў. А Баварыя нядаўна абвясціла пра новую кампанію па прыцягненні настаўнікаў з іншых краін, што выклікала крытыку з боку некалькіх зямель.

Пенсіянеры і што з імі?

Многія федэральныя землі, уключаючы Бадэн-Вюртэмберг, Саксонію, Паўночны Рэйн-Вестфалію, Саксонію-Анхальт, Ніжнюю Саксонію і Берлін, прынялі рашэнне пра добраахвотнае вяртанне ў школы настаўнікаў, якія выйшлі на пенсію, а таксама выплачваць прэміі, калі настаўнікі застаюцца ў школах замест таго, каб выйсці на пенсію.

У Бадэн-Вюртэмбергу, Рэйнлянд-Пфальцы, Паўночным Рэйне-Вестфаліі, Цюрынгіі, Саксоніі-Анхальт і Шлезвіг-Гальштэйне настаўнікаў гімназій у будучыні плануецца накіроўваць у пачатковыя школы.

У дванаццаці з 16 федэральных земляў асобам, якія змяняюць кар'еру, і прышлым з боку таксама павінна быць лягчэй знайсці працу. Зніжаны патрабаванні, скарочаны бюракратычныя працэдуры. У Брэмене зацікаўленыя асобы могуць прэтэндаваць на працу ў якасці настаўніка з дапамогай двухтыднёвага кампактнага курсу, за якім стаіць паўтарагадзічная кваліфікацыя без адрыву ад працы. Брандэнбург абяцае студэнтам дзяржаўную службу нават пры наяўнасці толькі ступені бакалаўра.

Прэзідэнт Асацыяцыі выкладчыкаў Майдынгер крытычна ставіцца да гэтых мер: "Нельга абыйсці павелічэнне набору ахвотнікаў змяніць прафесію абітурыентаў. Але вы павінны правільна іх кваліфікаваць, а не кідаць проста ў клас. Нішто не працуе без папярэдняй фазы ад трох да шасці месяцаў".

Паўночны Рэйн-Вестфалія, Цюрынгія, Мекленбург - Пярэдняя Памеранія, Ніжняя Саксонія і Берлін хочуць наняць дадатковых супрацоўнікаў, каб разгрузіць настаўнікаў - напрыклад, спецыялістаў IT і адміністрацыйны персанал ці так званых памочнікаў на кожны дзень. Гэта мера з'яўляецца часткай плану з 15 пунктаў, распрацаванага Саюзам адукацыі і навукі (GEW). Сярод іншага, у ім гаворыцца таксама пра неабходнасць паляпшэння ўмоў працы і вучобы.

FOTO: PEXELS.COM / @ YAN KRUKAU.

ЗВАНЫ ТРЫВОЖНЫЯ ХАТЫНІ

Уладзімір Барысенка. Да 70-годдзя выдатнага беларускага журналіста Васіля Рошчына

САМАРОДАК З ВЁСКІ ПРАВІДЗІНЕЦ

Васіль, да якога вабіла ўжо само ягонае прозвішча, быў для мяне не проста сябрам. Я лічыў яго сваім братам, без якога ў свой час не ўляўляў ні сваё жыццё, ні сваю творчасць. Заўсёды адчуваў і пераконваўся: менавіта па-брацку адносіцца да мяне і ён, крыху за мяне маладзейшы. Мы пазнаёміліся ў 1978-м, калі я ўжо трэці год шчыраваў у вядомай партыйнай "Сельской газете", а ён пачаў здзіўляць сваім майстэрствам калег і чытачоў тагачаснай "Звязды". З'яўляўся тады яшчэ, дарэчы... студэнтам нашага незабыўнага, легендарнага ў часы Рыгора Васільевіча Булацкага журфака. "Таленавіта, надзённа, дакладна, свежа, апантана", - дзяліліся ўражаннем пасля кожнай публікацыі Рошчына звяздоўскія "зубры", мае добрыя таварышы Анатоль Мяснікоў, Уладзімір Гойтан, Вячаслаў Вольскі і Леанід Сузін. З імі ахвотна пагаджаліся вядучыя журналісты яшчэ дзвюх нашых партыйных газет. А як жа было не пагадзіцца, калі і да сур'ёзных праблем, і да нявырашаных надзённых пытанняў сваіх герояў з рознымі лёсамі Васіль, які ўвогуле першым адгукаўся на чужое гора - дапамагаў, спачуваў, раіў і шукаў выйсце - ставіўся, як да сваіх асабістых. Пасля аднаго з крытычных, артыкулаў публіцыста майстра Менскага маторнага завода аднавілі на працы, а вінаватых за ягонае незаконнае звальненне законна пакаралі ў залежнасці ад "заслуг" кожнага. Вось якой была ў нашыя часы журналістыка, вось якімі былі тады да яе адносіны з боку ўладаў!

Свой высокі прафесіяналізм, сваё рэдкае, непараўнальнае майстэрства Рошчын даказваў сваім кожным чарговым матэрыялам, які з''яўляўся ў тым ці іншым выданні. Са слязамі на вачах чытаў я ў свой час у "Рэспубліцы", дзе працаваў намеснікам галоўнага рэдактара наш агульны сябар, цяпер галоўны ў "Сельской газете" серыю публіцыстычных нарысаў Рошчына "Сад антоновкой плачет". Колькі журбы і болю, скрухі і смутку, тугі і жалю ўвабралі ў сабе пранізлівыя, душэўныя радкі пра пакінутыя пасля чарнобыльскай трагедыі касцюковіцкія вёскі (усяго іх 38). Пра нялёгкі лёс адкрытых, простых, працавітых сялян, якія засталіся жыць і тварыць на сваёй шматпакутнай радзіме.

Агульную мову з добразычлівым усмешлівым аптымістам мы знайшлі адразу не толькі як былыя працаўнікі прадпрыемстваў. а пасля - вайскоўцы. З самародкам з маленькай касцюковіцкай вёскі Правідзінец, які набываў першапачатковыя веды ў той жа Саматэвіцкай СШ, дзе і два народныя пісьменнікі Беларусі - Аркадзь Куляшоў і Іван Чыгрынаў - было лёгка і проста, камфортна і ненадакучліва. У яго поўнасцю адсутнічала зайздрасць да іншага, яго дасягненняў і поспехаў, а да сябрука і ягоных творчых перамог тым болей. Ён быў шчаслівы і задаволены тым, што ніколі не перапыняў па дарозе шчасце, якое ішло-спяшалася да блізкага чалавека. А вось яму самому зайздросцілі, ды яшчэ як! І не толькі таму, што вельмі хутка атрымаў у Зялёным Лузе добрую двухпакаёўку… І на дапамогу ў патрэбную хвіліну іншыя так званыя "сябры", якія спаўна карысталіся яго дабрынёй, прыязнасцю і шчодрасцю, залішнім даверам і пэўным статусам, не спяшаліся нават на словах. Іншая справа, ці скарыстаўся б ён той дапамогай, але ж сумленне засталося б чыстым. Пачалося ўсё, як гэта робіцца заўжды ў нас, пасля смерці… Скажуць, а што ж ты, браце, сам не праявіў рашучасці ў адказны перыяд? Адказваю: я стараўся, і ніякай віны з сябе ніколі не здымаў і не здымаю!

АПОШНЯЯ ПРОСЬБА МАЦІ

Прыемна і светла ўзгадваю сёння, як шчыра радаваўся Рошчын выхаду ў свет чарговых ваенных раманаў свайго старэйшага сябра, з якім часта ездзіў разам на малую радзіму, Івана Гаўрылавіча Чыгрынава "Апраўданне крыві" і "Свае і чужынцы". Правобразам адной з гераінь згаданых твораў земляка з вёскі Вялікі Бор стала родная маці журналіста Вольга Васільеўна. Найперш, менавіта яна "надыктоўвала" пісьменніку радкі пра нялёгкія выпрабаванні сваіх аднавяскоўцаў у гады фашысцкай навалы. Некалькі гадоў гэтая разумная, жвавая, гаваркая, неверагодна ўважлівая і паважлівая да людзей, паблажлівая, памяркоўная. спагадлівая худзенькая жанчынка пражыла ў чатырохпакаёўцы сына на Пуліхава, 29, куды сям'я перасялілася ў 1988-м, праз тры гады пасля таго, як былы адказны сакратар "Звязды" пачаў працаваць асабістым карэспандэнтам "Социалистической индустрии", а пасля "Рабочей трибуны" па Беларусі. Перад смерцю Васільеўна сказала сыну; "Завязеш мяне ў вёску, хай сабе там і чарнобыльскае пекла, але ж усё там, сынок, маё, наша...". Рошчын быў самым маладым з усіх прадстаўнікоў саюзных газет, тым не менш, карыстаўся сярод іх і вялікай павагай, і заслужаным аўтарытэтам. Аксакалы абралі Дзмітрыевіча сваім партыйным кіраўніком і ніколі яго не падводзілі, гэтаксама не падводзіў і ён іх.

Як самых жаданых і дарагіх гасцей, сустракала Васільеўна нас з нашым агульным сябрам, выдатным спецыялістам па экіпіроўцы народнага ансамбля "Харошкі" Сашам Чабанавым прыгатаванымі сваімі залатымі спрацаванымі рукамі "прысмакамі". Яна мужна перамагла інсульт, сцвярджаючы, што лепшым лекарам стаў… сіямскі кот Барон. Яго, з адчувальнай вагой, калі ў чатырохпакаёвай кватэры было халаднавата, мы насілі на плячах па чарзе з гаспадаром, маці якога працягвала складаць нам кампанію, падрабязна распавядаючы пра вялікую нягоду, няшчасце і гора, якія давялося вытрымаць. "І Чыгрынава чытаць не трэба!" - жартавалі мы, калі яна рабіла перапынак для таго, каб зрабіць маленечкі глыточак вінца. Нельга было не заўважыць, як мама перажывала і хвалявалася за Васятку, якім па-праву дужа ганарылася. Як да роднага сына ставілася яна да Чабанава. І зусім не выпадкова камуніст Рошчын, не пабаяўшыся магчымых непрыемных наступстваў, стаў хросным бацькам цудоўных дачок Аляксандра і яго жонкі, таксама Вольгі Васільеўны (!) - Таццяны і Веранікі. Старэйшая, якая ўжо шмат гадоў жыве са сваёй сям'ёй у Амерыцы, нават напісала сардэчную, шчымлівую замалёўку ў "Вячорку" пад назвай "Мой хросны". Але падрыхтаваць яе да друку я, на вялікі жаль, за што сёння яшчэ раз прашу ва ўсіх прабачэння, так і не знайшоў часу… Таццяна і за акіянам помніць пра свайго хроснага. Падчас нядаўняй тэлефоннай размовы з бацькамі "нагадала" ім пра юбілей Васіля Дзмітрыевіча... Ніколі не забываў пра дзяцй сябра і Васіль. Аднойчы мы ішлі наведаць сямейства (да пераезду ў 2000-м у Лошыцу яно жыло ў Зялёным лузе побач з намі) і перад самым уваходам у пад'езд 47-га дома на Мірашнічэнкі Васіль глянуў у торбу, рэзка ўскінуў левую руку ў гару і гучна выпаліў: "Стой! Я ж не ўзяў з дому падрыхтаваны пачак цукерак, пайшлі назад у магазін!". Мы вярнуліся і набылі, адпаведны ласунак…

Разам заходзілі мясцовую краму даволі часта, і я ўсялякі раз міжволі заўважаў, як ляцелі ў бок прыгожага, падобнага на артыста, чарнявага хлопца з вялікімі шэра-зялёнымі вачыма цёплыя, зацікаўленыя позіркі дзяўчат-прадаўшчыц. І сёння не ўцямлю, каму не пашанцавала больш - жонкам з намі, ці нам з імі. Але адзіны ў нашым жыцці раз мы ўсё ж былі некалькі гадзін разам сапраўды шчаслівыя. Здарылася гэта сонечным ліпеньскім днём, калі Рошчыны прынеслі нам маленечкую сіямскую котку, якую мы назвалі Жулькай. Гэтак хацелася, каб узніклы тады надзвычай добры настрой і прыязныя адзін да аднога адносіны ў сем'ях заставаліся надоўга, ды, на вялікі жаль, не атрымалася. Свой унёсак у гэта зрабілі, акрамя ўсяго, і… сваякі, і тыя ж "сябры"…

ДАЗВОЛ ДАЛА МАСКВА

Сам Рошчын лічыў сяброўства святой справай і гатовы быў дзеля яго на многае. Я доўгі час ніяк не мог заняцца рукапісам ўраджэнца Гомеля Івана Ігнатавіча Сечкі, якога ў траўні 1939-га няправедна асудзілі за выпадковы пераход беларуска-польскай мяжы "у мэтах шпіянажу" і які адседзеў у лагерах у агульнай складанасці 16 катаржных гадоў. Не атрымлівалася не тое што ўглыбіцца ў тэкст, але разабраць усё дасланае на шматлікіх папяровых кавалачках. І папрасіў "глянуць" Васіля. Літаральна праз тры дні прада мною ляжаў надрукаваны на машынцы ўнушальны нарыс "Узник Норильлага" за… маім подпісам. Яшчэ тры дні я ўгаворваў сапраўднага аўтара, каб ён паставіў і свой подпіс, бо ўвогуле адмоўлюся і праца пойдзе дарэмна. Толькі тады ён пагадзіўся, і матэрыял заняў цэдую старонку вялікага фармата "Сельской газеты".

Пра ўменне сябраваць, пра бескарыслівасць Рошчына сведчылі і ягоныя адносіны да калег з іншых рэгіёнаў Саюза, у першую чаргу, з асабістым карэспандэнтам па Украіне Міколам Пасечнікам, з якім ён мяне пазнаёміў. У 1986 годзе Васіль рэгулярна паведамляў яму, як у Менску ў будынку акруговага ваеннага трыбунала праходзіў закрыты судовы працэс (ён пачаўся 12 снежня і працягваўся некалькі тыдняў) над здраднікам Рыгорам Васюрам - былым начштаба 118-га паліцэйскага батальёна, якім камандаваў былы белагвардзейскі афіцэр Канстанцін Смоўскі. Ягоным шэфам быў немец-афіцэр Р. Кернер. У лістападзе 1942-га гітлераўцы сфарміравалі гэтую зондэркаманду ў Кіеве спецыяльна для знішчэння партызананаў і мірнага насельніцтва. У яе ўвайшлі ў асноўным палонныя украінцы, кадравыя афіцэры і чырвонаармеёцы, якія добраахвотна пагадзіліся супрацоўнічаць з акупантамі.

Наконт акрэдытацыі на працэс журналістаў не было і гаворкі. І толькі Рошчын дамогся праз Маскву дазволу на наведванне судовых паседжанняў. Распавядаў, як тагачасны загадчык аддзела прапаганды і агітацыі ЦК КПБ Савелій Паўлаў папярэдзіў, каб ні пра батальён , ні пра Хатынь у матэрыяле не было ніводнага слова! Рошчын (а што было рабіць?!) пагадзіўся, але ў выніку завізіраваны старшынём суда Глазковым матэрыял усяроўна свет так і не ўбачыў. І толькі праз чатыры гады, 10 лістапада 1990-га, у вялізным дакументальным нарысе "Неизвестная Хатынь", надрукаваным у "Рабочей трибуне", настойлівы журналіст-патрыёт змог распавесці, як 22 сакавіка 1943 года разам з фашысцкай нелюддзю беларускую вёску ў Лагойскім раёне выпальвалі і нелюдзі-бандэраўцы. Падчас жорсткай расправы, якую Васюра арганізаваў і ўчыніў разам з маёрам Кернерам, белагвардзейцам Смоўскім, іх падначаленымі з паліцэйскага батальёна і карнікамі батальёна Дзірлевангера 140 жыхароў, у тым ліку 43 жанчыны і 79 дзяцей, былі сагнаны ў хлеў, расстраляны і спалены. Вёску звяры і вылюдкі знішчылі, а маёмасць разрабавалі. Толькі трое хатынскіх падлеткаў цудам засталіся ўжывых, каб працягнуць свой выпалены род. Васюра асабіста забіваў ні ў чым не павінных людзей. Праз два тыдні пасля гібелі Хатыні ён атрымаў водпуск, а потым, адным з першых у сваім варварскім падраздзяленні, фашысцкі медаль. Батальён Васюры, якога суд прыгаварыў да расстрэлу, прымаў самы актыўны ўдзел яшчэ ў дзвюх буйных карных аперацыях - "Котбус" і "Герман". Напрыканцы траўня 1943-га вылюдкі роду чалавечага спалілі 25 дамоў у Новай Вілейцы і 40 у Вілейцы, дзе сем жанчын і 17 дзяцей загналі ў хлеў і закідалі гранатамі. На наступны дзень гэтакі ж лёс чакаў і мясцовых мужчын. У той жа час 90 двароў перасталі існаваць у вёсцы Ніўкі, а ў Асовах згібелі ў агні больш за 50 іхніх жыхароў. І гэта, вядома ж не поўны пералік трагедый. Увогуле ж за гады навалы гітлераўцы спалілі разам з жыхарамі 186 нашых вёсак. Гэтая лічба, кажучы словамі Рошчына, "захоўваецца ў бетонных пісьмёнах Хатынскага мемарыялу".

Вядома, што Прэзідэнт даручыў пабудаваць у Хатыні да 80-годдзя трагедыі новы музей і правесці ўсе неабходныя рэстаўрацыйныя работы. Ужо ачышчана скульптура "Няскораны чалавек", адрамантаваны п'едэстал, манументы "Дах гумна" і "Вянок памяці", прыведзены ў належны стан гранітныя пліты дарогі "Апошні шлях". Праведзены гэтаксама рамонт мемарыялаў "Могілкі вёсак" і "Дрэвы жыцця" і урнаў з зямлёй. Сёння дабудоўваецца музей "Кожны трэці", экспазіцыя якога размесціцца ў шасці залах з кругавым рухам. За сваё кароткае жыццё (04. 02. 1953 - 28. 06. 1997) журналіст з Божай ласкі Васіль Рошчын паспеў заявіць пра сябе, як паэт, падтрымаць сваім высокім майстэрствам не толькі згаданыя вышэй выданні, але яшчэ і "Нацыянальную эканамічную газету", і "Беларускі час", і "Советскую Белоруссию", у якой 1 чэрвеня 1997-га быў надрукаваны его апошні, перадсмяротны, матэрыял пра грымасы рынку і грымасы жыцця…

Фота аўтара.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Bialorusini spotykaja sie z Indianami: спорт, навука, адукацыя: Антоненка, Арабей, Дамейка, Кандрацюк

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-5 (53-57) за 2023 г.)

Няздзейсненыя паездкі або няпэўнасць у наведванні Беларусі індзейцамі ілюструем прыкладамі аджыбвэ Алвіна Бабідаша каля 1993-1994 гг. і студэнтаў з Вісконсіна ж у 1988 г., а таксама студэнтаў-чэрокі ў 1989 г. Лісты Алвіна, які наведаў СССР у 1990 г., - найбольш вялікі масіў "эксклюзіўных" звестак пра жыццё ў рэзервацыі, якія мы маем. Ён таксама з захапленнем апісвае сваю работу з сучаснай камп'ютарнай і іншай тэхнікай перадачы і захоўвання інфармацыі. Ён - вельмі каларытная асоба, у т.л. таму, што працаваў у казіно. Некалькі аўтамашын, камп'ютар Apple ll-C, не кажучы пра ранні вопыт і з IBM задоўга да таго, як у нас з'явіўся ЕС (1996), магчымасць убачыць далёкі свет. На жаль, ён заўчасна памёр (5.10.1945 - 2.02.1999) - зусім іншая гісторыя, чым у яго вядомага ў краіне бацькі-правадыра Алекса (9.09.1890 - 11.09.1981), футбольная, акрамя ўсяго, кар'ера якога звязана і з камандай, якую трэніраваў Джым Торп.

Як узор ліста ад індзейскага сябра па перапісцы (хаця таксама і званіў у Гомель) Алвіна - той, што прыйшоў, як звычайна, з дадаткамі (на гэты раз - паштоўка з руска-моўным святочным віншаваннем і фота "Studio One Room Control"), 28.12.1993 (штэмпель Лак-дзю-Фламбо - 8-га). У ім ёсць план паездкі ў пост-СССР, у іншых жа лістах абмяркоўваліся розныя дэталі і нават намер прыехаць у Гомель (гэта быў другі выпадак, пасля падобнага з Бары Каваш, калі ў Гомель на адносна практычнай аснове запрашаліся асобы, што мелі індзейскіх продкаў).

У 1988 г. у прэсе з'явілася інфармацыя ад імя губернатара Вісконсіна Т. Г. Томпсана пра даступныя заяўкі для моладзі, якая жадае наведаць СССР (23 дні) у рамках "Ініцыятывы па разуменні: амерыкана-савецкі маладзёжны абмен". 32 "студэнты пакінуць Вісконсін 13 чэрвеня і вернуцца 5 ліпеня. Агульны кошт складае 2877 долараў, а тэрмін падачы заявак - 12 красавіка. Каб атрымаць пакет заявак, студэнты павінны звязацца з кіраўніком дэлегацыі Уэйдам Дала Грана". Яны наведаюць "Маскву, Мінск, Вільнюс, Рыгу, Талін і Ленінград у Савецкім Саюзе перад ад'ездам дадому з Хельсінкі, Фінляндыя. Маршрут уключае наведванне савецкіх школ, заводаў, піянерскіх лагераў, дзяржаўных устаноў, ферм і культурныя мерапрыемствы. Мэта праграмы - садзейнічанне камунікацыі і паразуменні паміж народамі ЗША і Савецкага Саюза". Ганаровым старшынём штата для паездкі з'яўляецца місіс Сью Эн Томпсан (Thompson T. G., Governor, State of Wisconsin. Applications available for Wisconsin high school students to visit the Soviet Union this summer // Ho-Chunk Wo-Lduk (Tomah, WI). 1988. Apr. 1. P. 4.).

10 маладых індзейцаў ад 4 плямёнаў Аклахомы па праграме абменаў "People to People" наведалі, паводле хронікі 2005 г., складзенай па інфармацыі з чэрокскіх газет і іншых крыніц, і Мінск, але склад і маршрут дэлегацыі мог змяніцца (Cherokee teens in Russia as part of friendship exchange // Cherokee Advocate. 1989. Aug. P. 7; Chuculate E. D. This month in history // Cherokee Phoenix. 2005. Jun. P. 32). Г.зн. наведванне Мінска чэрокскімі тынэйджарамі Дж. В. Кэркам і К. Р. Форкілер з аклахомскіх Марбл-Сіці і Стылуэла, якія вылецелі 30.06.1989 г. у Вашынгтон, каб потым накіравацца ў СССР, патрабуе пацвярджэння.

АНТОНЕНКА Алег - хакеіст, менеджар ("Дынама", Мінск - ураджэнцам якога з'яўляецца), быў сцяганосцам беларускай каманды на XXI зімовых Алімпійскіх гульнях 2010 г. у Ванкуверы, у той час як капітанам зборнай быў Д. Дашчынскі (фрыстайл), а кіраўніком дэлегацыі - намеснік міністра спорту і турызму Д. Шычко. "Беларусь накіравала на Алімпіяду-2010 101 чалавека, у тым ліку 50 спартсменаў, якія прынялі ўдзел у 6 відах спорту: 23 чалавекі - хакей, 12 - біятлон, 6 - фрыстайл, 6 - лыжныя гонкі, 2 - горныя лыжы, 1 - канькабежны спорт".

Цікава ўплятаюцца адзін у адзін беларускі і індзейскі кампаненты ў кантэксце спартыўнага свята з галоўным сімвалам статуі-інукшук Іланаак (з мовы інуктытут "сябар") у наступнай інфармацыі радыёжурналістаў:

"У Ванкуверы ўзнялі беларускі сцяг

Цырымонію адкрыла трыа індзейцаў, якія спявалі свае старажытныя песні і білі ў барабаны

Мэр алімпійскай вёскі павіншавала нашых атлетаў з надыходзячым святам - адкрыццём XXI зімовых Алімпійскіх гульняў у Ванкуверы.

Па камандзе ганаровая варта ўнесла сцяг Беларусі, які быў узняты на флагштоку побач з сцягам МАК.

Урачыста прагучаў дзяржаўны гімн, а затым зноў выступілі прадстаўнікі карэннага насельніцтва - індзейцы".

АРАБЕЙ Лідзія (2) - з в. Нізок Уздзенскага раёна; наведала як турыстка шэраг правінцый Канады, а таксама ЗША. Яе ліст нам ад 22.12.1989 г. дапаўняе напісанае ў нарысе "Сустрэчы за акіянам" (1984). (Цікава, што у час дыктоўкі "Hiягapcкi вaдacпaд" паводле гэтага нарыса (https://karotkizmest.by/пераказы/ніягарскі-вадаспад.html) вучні працягваюць памылкова чуць і пісаць: "Aднa пicьмeннiцa cкaзaлa, штo янa вocь нaпicaлa кнiгy пpa aднaгo дoктapa, яe cябpoўкa - кнiгy пpa дзяцeй, гicтopыю iндыйcкaгa xлoпчыкa", хаця хлопчык, зразумела, індзейскі: "The Shaman's Evil Eye: The Story of Kinusi, Boy Hunter of the Swampy Crees" (1979) Лін Харынгтан (Lyn Harrington,1911-1991)).

Пералёты ў час паездкі ўключалі рэйсы з Манрэаля ў Таронта (аўтограф на кнізе ад пісьменніцы Дж. Мерыл датуецца 18.06.1980 г.), а потым у Калгары. Пра яго, як і Ванкувер, яна напісала нямала. У ЗША госці наведалі Сан-Францыска, Нью-Ёрк, апошнім пунктам быў Вашынгтон.

Гл. расшыфроўку ліста Арабей у артыкуле пра яе ў матэрыяле, які служыць "нулявым" выпускам у серыі БСІ: "Сустрэчы беларусаў з індзейцамі па неапублікаваных матэрыялах перапіскі", у электронным часопісе "Культура. Нацыя" (Атава), 2021, № 28 (лістапад): https://chasopissakavik.files.wordpress.com/2021/12/numar-28-3.pdf?#page=264. Артыкулы з "нулявога выпуску" ўлічваюцца ў вакабулах БСІ "Нашага слова.pdf": пры з'яўленні артыкула (з новым наборам звестак) пра асобу з "нулявога выпуску" ставіцца адзнака "(2)"; адзнака "(1)" у вакабуле, такім чынам, можа ўказваць на тое, што артыкул - з другой крыніцы гэтай "міжвыдавецкай" серыі (з "Культура. Нацыя").

ДАМЕЙКА Ігнат - акрамя кананічнага падарожжа ў Араўканію, у час яго даследчых экспедыцый адбывалася знаёмства і з індзейскім насельніцтвам паўночнага Чылі. Усё яго жыццё было суцэльнай экспедыцыяй у прамым і пераносным сэнсе і апрацоўкай яе вынікаў, у т. л. у горадзе Какімба, куды ён прыбыў для стварэння хімічнай лабараторыі і выкладання хіміі студэнтам, і дзе першы раз страціў шмат сабранага - у час "разведкі-гасцявання" ў Араўканіі.

Гэта быў "наш Дарвін", але з большай увагай да геалогіі і "этнаграфіі". Нагадаем, што плаванне "Бігля", дзесяцігарматнага брыга-шлюпа тыпу "Чэрокі", працягвалася з 1831 па 1836 г., і на караблі вярталіся на радзіму тры вогнезямельцы, якіх Дарвін апісаў "кантрастна".

Дамейка сутыкнуўся з рэаліямі расавага прыгнёту 27.03.1839 г., калі каманда і пасажыры брыга, на якім ён плыў у Чылі, маглі назіраць сляды задушэння паўстання неграў-рабоў і кабокла (метысаў) пад кіраўніцтвам Сабіна і Рэга ў Баія (Сан-Сальвадор). Наступную інфармацыю пра вераломнасць і жорсткасць вайны з індзейцамі ва Уругваі Дамейка атрымаў на іншым караблі ад консула гэтай краіны ў Бразіліі. Ужо тады і на шляху праз аргенцінскую пампу, дзе ён даведаўся пра ўзаемныя напады белых і індзейцаў, у яго заўвагах назіраецца спагада да апошніх.

Але спагада пазней перамяжоўвалася з крытыкай, як і ў Дарвіна.

Дзякуючы яго легендарнай паездцы на пераломе 1844-1845 гг. па зямлі фактычна яшчэ незалежных мапучэ (араўканаў), дзякуючы выдадзенай па яе выніках кнізе - Дамейка на першым месцы сярод эмігрантаў як наш індзеяніст. Яго кантакты з індзейцамі таксама адлюстраваны дзённіках і лістах, многія з якіх яшчэ трэба ўбачыць апублікаванымі.

Бібліяграфія Дамейкі займае вялізны том (адзначана і вялікая колькасць энцыклапедычных артыкулаў пра Дамейку - Польшча, Літва, Беларусь, Расія, Чылі, Францыя і інш. краіны). Напісаць штосьці новае пра яго не так проста - калі толькі акцэнтаваць з большай сілай на недахопах героя і разыходжаннях у поглядах паміж тымі, што яго ацэньваў зусім пазітыўна. Наватарскім падыходам можа быць параўнанне поглядаў на нашу "ікону" ў розныя часы і ў розных краінах, бо, задаецца, дарэмна чакаць нейкага асуджэння такога пазітыўнага дзеяча - у любой з краін. Нават у Расіі, супраць якой Дамейка выступаў у паўстанні, - да яго няма прэтэнзій.

За рэдкімі выключэннямі ў розных аўтараў - партрэт грамадзяніна, патрыёта старой і новай радзімы, які служыў найперш навуцы. Але трэба памятаць, што ў Дамейкі былі "ідэалагічныя ворагі" нават у яго ж дэмакратычным або калядэмакратычным лагеры. Каб паказаць, што погляды Дамейкі характарызуюцца некаторай непаслядоўнасцю, можна прыгадаць, напрыклад, тое, як наш "абаронца араўканаў" спрачаўся з чылійскім святаром. Той, паводле Дамейкі, "набрэдзіў" тым, што хваліў Мантэсуму і Атаўальпу, асуджаючы канкістадораў, у той час як гэтыя "варвары", лічыў важным адзначыць дон Ігнаціа, "палілі людзей на ахвяры, елі нявольнікаў, і не было іншай веры, акрамя як у злога духа або ў сонца". Дэманструючы сваю пазіцыю, Дамейка даў імя Картэса свайму сыну - Эрнану.

Такім чынам, Дамейка хацеў быў больш святым, чым святар, і такім жа "доблесным", як канкістадор. Амбівалентнасць Дамейкі, яго непаслядоўнасць у поглядах вынікалі перш за ўсё з яго выразнага еўрацэнтрызму і каталіцызму. Ён не мог не ўхваляць пашырэнне апошняга на індзейскіх землях, але жорсткая палітыка захопу і пазбаўлення мапучэ незалежнасці ўсё ж выклікалі яго пратэст. Ён вымушаны быў згадзіцца са "справядлівасцю" канкісты і захапляўся гераізмам іспанскіх заваёўнікаў, але адпор, які далі ім араўканы, таксама выклікаў у ім сімпатыю. Калі Чылі напала на Перу і Балівію, ён найшоў у адстаўку з пасаду рэктара, а потым яму захацелася вярнуцца на сваю несвабодную Радзіму. Некаторыя лічаць, што выхадцу з Карэліччыны не стала крыху цяжэй дыхаць у Чылі, а ён проста засумаваў па Польшчы-Літве-Беларусі.

Крыху іншы погляд на індзейскую праблему быў у Аляксандра Галынскага, які ў час свайго візіту ў Сант'яга выклікаў раздражненне і абурэнне Дамейкі. Выхадзец з "крычаўскай сям'і" ("Wspolwlasciciel dobr Krzyczew", хоць, відаць, і не ўраджэнец), нягледзячы на выхаванне - або дзякуючы - буйным царскім чыноўнікам з "польскай шляхты" і рускай маці, падкрэслена адмаўляўся ад "польскасці" і пры гэтым не прымаў асноўных "рускіх" ідэй - іншага і нельга было чакаць ад таварыша А. Герцэна: ён прадстаўляў сабой яскравы прыклад грамадзяніна свету, які, безумоўна, шанаваў і гуманістычныя памкненні польскага і рускага народаў.

Растлумачваючы антаганізм паміж "Грандэ Эдукадорам" і "першым вялікім польскім рэпарцёрам", аўтары прадмовы да скарочанага польскага выдання кнігі А. Галынскага "Каліфорнія і міжакіянскія маршруты" Р. Пшыбылоўская-Браткоўская і С. Браткоўскі пішуць: "Дамейка бараніў індзейцаў, але Галынскі з імі братаўся".

Разумеючы, што Дамейка спачуваў індзейцам і стараўся апісаць іх быт аб'ектыўна, і беларускія аўтары, тым не менш, пісалі пра паказаных ім араўканаў як яшчэ дзікуноў або напаўдзікуноў. Для А. Мальдзіса "араўканцы", з якімі сустракаўся Дамейка, таксама "напалову" або "амаль дзікае індзейскае племя". Паўдзікімі лічыць плямёны араўканаў і Б. Клейн у сваіх першых публікацыях пра "славутага земляка". Такі быў "дух" 1960-х.

Спецыяльна індзеянісцкія погляды Дамейкі аналізавала польская даследчыца Марыя Парадоўская - у артыкулах "Даследаванні Ігната Дамейкі культуры араўканаў" (1974) і "Вобраз індзейцаў Паўднёвай Амерыкі ў Польшчы ХІХ стагоддзяў" (1981-1982), у кнізе "Палякі ў Паўднёвай Амерыцы" (1977) і інш. Выказванні такога кшталту, як раннія ў яе, - прэрагатыва толькі смелых аўтараў, бо паліткарэктнасць перашкаджала даследчыкам і публіцыстам да Парадоўскай і пасля яе выказвацца так прамалінейна.

"Ён вызначаў араўканаў як "жменьку паганцаў, непрыхільных да цывілізацыі і паглыбленых у цемры варварства", але нягледзячы на гэта крайне еўропацэнтрычнае выказванне, паводле якога можна яго ацэньваць як чалавека мала цярпімага да чужой культуры, згодна са сваімі рамантычнымі ідэаламі ўстаў на абарону народа, які змагаецца за захаванне палітычнай незалежнасці. Таму кніга "Араўканія і яе жыхары", што апялюе да ўшанавання вольнасці і правоў індзейцаў, з'яўляецца вельмі цэнным і каштоўным у польскай гісторыі голасам пратэсту супраць гвалту і каланіяльнага ўціску. Ушанаванне правоў індзейцаў Дамейка разумеў еўропацэнтрычна. Правы гэтыя меліся быць "ушанаваныя" пры дапушчэнні, што араўканы прымуць каталіцкую веру. Як дакумент эпохі, тагачаснага бачання этнаграфічных праблем, праца Дамейкі мае не толькі гістарычную каштоўнасць, але з'яўляецца пазіцыяй, што мае яшчэ да сённяшняга дня значэнне ў даследаваннях культуры араўканаў".

У выніку ацэнка "Араўканіі", якая "і далей выкарыстоўваецца даследчыкамі гэтай праблемы", утрымлівае нязвыклую ў цэлым у дамейкіяне агаворку: "Хоць адзначаная тэндэнцыйнымі меркаваннямі, што вынікаюць з жадання падпарадкавання каталіцызму ўсіх чалавечых дзеянняў, змяшчае фактаграфічны матэрыял вялікай пазнавальнай каштоўнасці і з'яўляецца адным з нешматлікіх прыкладаў - як на той час - навуковай літаратуры".

Матыў падтрымкі, абароны індзейцаў прасочваецца ў персаналіях Ю. Нямцэвіча, А. Галынскага, К. Ельскага, Ю. Гарайна, У. Бонч-Бруевіча, А. Сянкевіча (урача і анарха-сіндыкаліста, а потым дзяржаўнага дзеяча БССР), А. Платнера, Я. Таўпы, А. Змагара і многіх беларускіх пісьменнікаў "па лініі ААН", дыпламатаў і напаўзагадкавага перагаворшчыка з індзейскімі лідарамі Д. Пухлова, у якіх ён - матыў, рэалізаваны рознымі сродкамі, - узнік галоўным чынам у сувязі з іх знаходжаннем за акіянам.

Літ.: 3473 Skrobocki E. Saga o rodaku, czyli opowe?? o Ignacym Domeyce // G?os znad Niemna. 1996. 2-3 grud.; (odcinek II:) 9-15 grud.

261 Сімакоў А. Да юбілею Iгната Дамейкі // Літаратура і мастацтва. 1989. 14 ліп. С. 7.

3096 Сімакоў А. "Араўканія" ніяк не вернецца на радзіму аўтара // Наша ніва. 1996. 19 жн. С. 11.

3364 Шкурко Т. Прысвечаныя Iгнату Дамейку // Голас Радзімы. 1997. 31 ліп.

7072 Handbook of South American Indians. V. 2. Washington, 1946.

3805 Paradowska M. The role of external factors in the formation of the leadership institution among Araucanians // Ethnologia Polona. 1977. V. 3. S. 161-174.

9434 Ignacy Domeyko: referaty i materia?y Mi?dzynarodowej Konferencji Naukowej "Ignacy Domeyko - 1802-2002", Brze?? - Lida, 4-7 X 2002 / zebr. J. Adamski. Brze??; Lublin, 2002

9592 Михеева И. Б. "Гранде Эдукадор" Игнатий Домейко: белорусский вклад в латиноамериканскую культуру // Сотрудничество и интеграция в много-полярном мире: опыт Беларуси и государств Латинской Америки: мат. межд. науч.-практич. конф., Респ. Беларусь, г. Минск, 12 мая 2015 г. / Ин-т философии НАН Беларуси. Минск, 2015. С. 189-194.

КАНДРАЦЮК Ася Яніна - Asia Janina Kondratiuk і члены яе сям'і жылі, вучылі і вучыліся ў вёсцы інуітаў (эскімосаў) і індзейцаў кры. Інтэрв'ю 2013 г. "Я жыла сярод інуітаў і індзейцаў" ёсць і на "мікрамове" Падляшша - Ася родам адтуль, а на момант размовы жыла і працавала ў Манрэалі: "Ja zyla sered inuituv i indyjanuv" (https://svoja.org/1323.html).

Інтэрв'ю на тарашкевіцы. Там замест "класа" - кляса, рэзэрвацыя, асыміляцыя, ангельская і француская і г.д., а ўвогуле Ася зусім добра ўпісваецца і ў беларускае, і ў падляшскае, і ў рускае моўнае асяроддзе. Яна вучылася ў Менску.

Чаму Асю Кандрацюк пацягнула па поўнач?

"У гэтым было і крыху выпадковасці, і крыху ўласнага жадання. Мне поўнач вельмі падабаецца. Мне падабалася, калі я была ў Шатландыі, на Гебрыдскіх астравах, мне таксама падабалася, калі я была на поўначы Расіі, над Белым морам і на славутых Салаўках. На тых Салаўках мне нехта сказаў, што калі там пад канец восені замярзае мора, дык трэба чакаць ажно да вясны, каб адтуль выбрацца. Мяне гэта моцна ўразіла, я тады адчула смак вялікай прыгоды.

У Канадзе ў сваёй паездцы на поўнач я спалучыла працу з вучобай. Я там працавала настаўніцай у школе і адначасова праводзіла дослед і збірала матэрыялы для сваёй магістарскай працы з лінгвістыкі".

"Увесь гэты выезд я даволі доўга афармляла ў Манрэалі. Потым мне пазванілі з адной вёскі інуітаў - яны не любяць, калі іх называць эскімосамі - і запрапанавалі працу. Гэтая вёска - яна называецца Куюарапік (Kuujjuarapik) - аказалася на самым поўдні канадкай поўначы, і я была крыху расчараваная - ну, маўляў, там не будзе так файна, як на далёкай поўначы. Але потым я дазналася, што ў той вёсцы акрамя інуітаў жывуць і індзейцы з народу кры, і цікавасць у мяне зноў павысілася. Значыць, месца было на інуіцка-індзейскім памежжы. Ну дык я пагадзілася і паехала. І ні разу за пяць гадоў я не пашкадавала аб гэтым рашэнні".

"Я там вучыла англійскай і французскай мовам у інуіцкай школе, а мае дзяўчаткі хадзілі ў індзейскі садок, дзе яны навучыліся індзейскай мове. Іх там вельмі добра прымалі, і ім там моцна спадабалася. Мы вярнуліся ў Манрэаль усяго некалькі месяцаў таму. Наогул, мы туды ехалі толькі на год, але нам там настолькі падабалася, што мы заставаліся пяць гадоў. Я закончыла сваю магістарскую працу, а муж напісаў сваю доктарскую дысертацыю".

Максімюк пытаецца: "Гэтая вёска была ў нейкай рэзервацыі? Тыя інуіты мелі ўласную юрысдыкцыю?"

"Так. Але цікава тое, што інуіты і індзейцы ў той вёсцы не былі пад адной юрысдыкцыяй. Тэрыторыя, на якой жылі індзейцы кры, была ў рэзервацыі, а тэрыторыя, дзе жылі інуіты - не належала да рэзервацыі. Згодна з паляўнічай традыцыяй, зямля інуітаў цягнулася ўздоўж мора, а зямля індзейцаў ішла глыбей у сушу, уздоўж рэчкі. Інуіты не падпісвалі такіх дамоў з федэральным урадам, якія падпісалі індзейцы, а таму іх юрыдычны статус быў іншы. Інуіты жартавалі, што ім не трэба было падпісваць ніякіх дамоў, бо яны і так ведалі, што ніхто да іх не прыедзе, а калі і прыедзе, дык доўга там не вытрымае".

Максімюк спытаў: "Калі я быў у Канадзе, дык чуў, што вось індзейцы ў рэзервацыях вычвараюць чортведама што. Ну бо ў іх там свая юрысдыкцыя, туды не заглядваюць федэральныя ахоўнікі закону, а значыць, індзейцы там і самагонку гоняць, і кантрабандай займаюцца... Гэта праўда?"

"На гэта глядзяць па-рознаму. Я была знаёмая з людзьмі, якія займаліся маімі дочкамі ў дзіцячым садку, і яны мне казалі, што яны з-за гэтага моцна перажываюць. Людзі, якім сёння па 50-60 гадоў, пацярпелі ўжо ад алкагалізму, але тое, што яны бачаць у цяперашні час, нашмат страшнейшае - праблемы алкагалізму і наркаманіі нашмат большыя, і яны ўвесь час небяспечна нарастаюць. І гэтыя людзі яшчэ перажываюць, што індзейцы губляюць сваю мову.

Значыць, з аднаго боку існуе вельмі моцны адмоўны стэрэатып у поглядах на тое, што сёння адбываецца ў рэзервацыях. І ў гэтым стэрэатыпе яшчэ сцвярджаюць, што чым бліжэй да горада знаходзіцца рэзервацыя, тым мацней адбываецца там маральны расклад.

Але я мела іншы досвед жыцця сярод аўтахтонаў. Праўда, я там пабачыла шмат адмоўных рэчаў, але таксама і шмат станоўчага: я сустрэла вельмі файных і адкрытых вучняў, з якімі мне было вельмі цікава і карысна працаваць".

Адно з пытанняў Максімюка было: "Вы там былі ў ролі, так бы мовіць, цывілізатара - вучылі інуіцкіх дзяцей англійскай і французскай мовам. А як у іх са сваёй мовай - нехта вучыў іх па-свойму?"

"Гэта цікавае пытанне. Там, дзе я жыла, першыя школы заснавалі толькі ў 1950-х гадах (раней там людзі вялі жыццё качэўнікаў). Цягам пачатковых 30 гадоў інуіты і індзейцы хадзілі ў агульныя школы, у якіх іх наогул вучылі англійскай мове, ну і яны мелі некалькі ўрокаў аўтахтоннай мовы на тыдзень. Цяпер гэтыя школы акрэсліваюць як асіміляцыйныя. Недзе ў 1980-х інуітаў і індзейцаў раздзялілі па асобных школах - якраз з думкай, каб зрабіць націск на захаванне карэнных моў. У іх свае адмысловыя праграмы, скіраваныя на захаванне ўласнай мовы. У гэтых школах дзяцей да другога класа вучаць выключна на іх мове, а ў трэцім класе бацькі выбіраюць, на якой мове дзеці будуць вучыцца далей - французскай ці англійскай. Ад трэцяга класа карэннай мовы штораз менш, бо на яе месца ўваходзіць французская або англійская".

Тэкставы матэрыял размовы Яна з Асяй суправаджаецца фота, у выніку мы можам убачыць яе вучняў: "Ася Яніна Кандрацюк з вучнямі".

Літ.: 8384 Кандрацюк Г. Як варажыла старая цыганка // Ніва. 2008. 21 снеж. С. 12.

5801 Сімакоў А. Застацца на сваёй зямлі: любіконская інфармацыя // Amnesty Internatіonal у Беларусі (Гомель). 2001. Люты. № 1. С. 8.

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Выйшаў з друку гарадзенскі "Новы замак"

У Гародні свет пабачыў літаратурны альманах "Новы замак" за 2022 год. На 292 старонках выдання апублікавана шмат разнастайных і цікавых твораў пісьменнікаў з розных рэгіёнаў Гарадзеншчыны. "Новы замак" адкрываецца вершамі старэйшай паэткі Прынёманскага краю Дануты Бічэль:

Думкі птахаў не развейваюцца ў дыме…

Душам сняцца сны аб Радзіме.

Паэтычны раздзел парадуе чытачоў таксама вершамі Івана Будніка, Рычарда Бялячыца, Уладзіміра Васько, Міколы Канановіча, Альжбеты Кеда, Мечыслава Курыловіча, Алы Нікіфорскай, Аліны Паўлоўскай, Віктара Сазонава, Янкі Трацяка, Алеся Гомана.

У раздзеле прозы з добрымі творамі выступаюць у "Новым замку" празаікі Таццяна Валенцік, Віктар Варанец, Уладзімір Васько, Міхась Зізюк, Віктар Сазонаў, Галіна Самойла і Янка Трацяк.

Вельмі цікавым атрымаўся раздзел "Дакументальная проза". Валянцін Дубатоўка публікуе артыкул "Слядамі "камандзіра", у якім ён даследуе дзейнасць савецкіх партызанаў падчас Другой сусветнай вайны. Альжбета Кеда апісвае ў артыкуле род Кедаў, а Леанід Лаўрэш даследуе маёнтак Вялікае Мажэйкава.

У раздзеле "Даследзіны" Лявон Карповіч знаёміць чытачоў са Святым Губертам і аленем святога Губерта ў філатэліі, а Сяргей Чыгрын - з беларускай Беласточчынай ў жыцці і творчасці Алега Лойкі. Янка Трацяк напісаў пра Станкевічаў з Вурлянятаў. Шмат старонак у "Новым замку" адведзена памяці Аляксея Пяткевіча, Ігара Жука, Юркі Голуба і Анатоля Валюка.

Публікуе гарадзенскі штогоднік сатыру і гумар, навіны кнігарні, хроніку і іншыя матэрыялы.

Наш кар.

ДА 500-годдзя паэмы Міколы Гусоўскага "ПЕСНЯ ПРА ЗУБРА"

Нарэшце атрымаў свае экзэмпляры календара, што зрабіў мастак Мікола Купава. Прыняўшы каляндар, я быў узрушаны яго зместам. Захацелася адрэагаваць. З радасцю адгукаюся.

ДУХАНОСНЫ ШЭДЭЎР

Дзяржава абапіраецца больш на мужнасць духу,

чым на сілу цела.

"Песня пра зубра", Кракаў, 1523 г.

Мікола Гусоўскі, -1480-1533 гг.

У гэтым 2023 годзе спаўняецца 500 гадоў бессмяротнаму паэтычнаму слову Міколы Гусоўскага пра моц духу, прагі да жыцця "Песня пра аблічча, шаленства зубра і паляванне на яго".

Да гэтай падзеі мастак Мікола Купава падрыхтаваў насценны каляндар на 2023 год. У календары выкарыстаны творы Рафаэля, Ф. Гоі, Я. Матэйкі, Т. Макоўскага, Ю. Піскуна, А. Каменскага, А. Марачкіна, М. Басалыгі, Г. Асташонка, Л. і С. Гумілеўскіх, М. Самокіша, А. Кашкурэвіча, П. Татарнікава, У. Крукоўскага, А. Ксяндзова, А. Шатэрніка і Міколы Купавы.

Моцна зроблена. Адлюстравана ўкаранёнасць літоўска-беларускай натуры ў еўрапейскі цывілізацыйны арэал. Мастак Мікола Купава валодае талентам духоўнага мыслядзеяння. Ён удала спалучыў вобраз Еўропы, вобразы волатаў духу жыцця і духаносны тэкст М. Гусоўскага ў мастацкі твор новага фармату, зрабіўшы яго транслятарам духу нацыянальнай годнасці ў беларускі кантэкст. Гэтым жывіцца моц нацыі.

Калі будзем мацаваць сваю радзіму Беларусь, калі будзем шанаваць і пашыраць яе нацыянальны змест, дык будзем знанымі ў глабальным свеце як беларусы і будзем годна займаць "свой пачэсны пасад між народамі" вечна.

Слава Волатам духу!

Мечыслаў БУРАК.

P.S. Дзякуй, дарагі мастак, Мікола КУПАВА, што далучылі мяне да гэтай падзеі.

Мерапрыемствы, якія спланаваны ў рамках святкавання 700-годдзя Ліды

Асноўныя мерапрыемствы святкавання юбілею Ліды пройдуць 1-3 верасня, але аргкамітэт ужо актыўна фармуе павестку: пытанні забеспячэння бяспекі, арганізацыі размяшчэння гасцей, фармавання функцыянальных зон на вуліцах.

Што вядома на гэты момант?

1 верасня: Лідскі малочна-кансервавы камбінат і Лідахлебапрадукт арганізуюць гастра-фэст.

У Дзень ведаў - свята для ўсёй сям'і.

2 верасня: увага будзе прыкавана да асноўных канцэртных лакацый. Іх дзве: Дажыначная плошча і тэрыторыя каля Лідскага замка. Будуць і іншыя музычныя сцэны, але паменш, напрыклад, у двары замка.

2 верасня: частка вуліцы Ленінскай - ад Дома гандлю да лазні - зойме выстава-кірмаш прамысловых прадпрыемстваў. Працягам экспазіцыі стануць рамесныя рады, якія расцягнуцца да помніка Гедыміну.

Далей да замка - фуд-зоны.

2 верасня: па традыцыі ў замку і вакол яго адбудзецца шэраг культурна-забаўляльных і анімацыйных мерапрыемстваў, дыскатэка "Залатое рэтра: дыска-700".

Рыцарскі турнір "Меч Лідскага замка".

2 верасня: часткай імпрэзы 700-годдзя Ліды стане фэст "LIDBEER". Фармат "open air" з фуд-кортамі застанецца, але саму канцэпцыю фэсту "Лідскае піва" змяняе: замест аднаго гала-канцэрту - некалькі тэматычных лакацый, дзе ў якасці падарунку гораду выступы артыстаў, хутчэй за ўсё, будуць бясплатнымі. Задуманы неспадзеўкі, якія пакуль арганізатары не раскрываюць.

3 верасня плануецца забег здароўя.

8 верасня - міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Гістарычна-культурная спадчына Лідчыны".

І паколькі святкаванне 700-годдзя Ліды - мерапрыемства абласнога маштабу, мяркуецца ўдзел дыпламатычных прадстаўнікоў розных краін, гасцей з Менска і Гародні, гарадоў-пабрацімаў, шматлікіх сяброў.

Тэкст: Па матэрыялах Лідскага райвыканкама.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX