Папярэдняя старонка: 2023

Наша слова.pdf № 07 (59) 


Дадана: 14-02-2023,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 7 (59), 15 лютага 2023 г.

Дзень роднай мовы і 16-я Агульнацыянальная дыктоўка

Беларусь уступае ў Дэкаду роднай мовы.

На сёння першае напісанне 16-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі запланавана ў Менску на 16 лютага.

На 18 лютага плануецца дыктоўка ў бібліятэцы вёскі Мінойты Лідскага раёна. Час будзе ўдакладнены.

На 19 лютага плануецца дыктоўка ў літаратурнай філіі Лідскага гістарычна-мастацкага музея (Домік Таўлая).

21 лютага піша дыктоўку Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы. Філіялы пішуць дыктоўку па сваіх планах.

25 лютага на 3-м бібліятэчным філіяле г. Ліды пішуць заключную дыктоўку грамадскія актывісты, аматары беларускай мовы і ўсе, хто не змог трапіць на дыктоўку ў іншых месцах.

Пішуць дыктоўку ў Нясвіжскім і Капыльскім раёнах. Прынамсі, раённыя бібліятэкі: Нясвіжская імя Паўлюка Пранузы і Капыльская імя Анатоля Астрэйкі напісанне дыктовак пацвердзілі.

Комплекс культурніцкіх мерапрыемстваў запланавалі Палацы і Дамы культуры Лідскага раёна.

Неўзабаве чакаем інфармацыю з іншых раёнаў Гарадзенскай вобласці і з сістэмы адукацыі (універсітэты, каледжы, гімназіі, ліцэі, школы).

Станіслаў Суднік.

Тыдзень роднай мовы ў Лідзе пачынаецца

Да Дня роднай мовы Палац культуры горада Ліды і Слонімскі драматычны тэатр запрашаюць маленькіх гледачоў на спектакль "Вася Лайдачкін у краіне шкодных звычак". Мерапрыемства адбудзецца 17 лютага а 12.00 і 13.30 гадзіне.

17 лютага ў 18.00 Слонімскі драматычны тэатр на сцэне Палаца культуры горада Ліды прадставіць пастаноўку "Вось табе і гоцаца!"

18 лютага ў 11.00 у малую залу Палаца культуры запрашае Лідскі ўзорны тэатр "Какос".

ТК "Культура Лідчыны". Юлія Алейчанка

Невымоўна шэпчуць нешта сцены…

Нарадзілася 21 снежня 1991 года ў Оршы. Скончыла філалагічны факультэт, магістратуру, аспірантуру Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Піша вершы, апавяданні, крытычныя артыкулы, перакладае. Друкавалася ў анталогіях "Дняпроўскія галасы - 60", "Першацвет", "Terra poetica", "Мінск назаўжды: гарадскія апавяданні", беларускай і замежнай літаратурнай перыёдыцы. Аўтар паэтычнага зборніка "Пад чароўным шкельцам" і зборніка перакладаў "Вецер у валасах".

Першы снег

Я ізноў не веру вачам.

Кожны раз, больш за трыццаць зім.

Гэтай цішай - укрыцца нам,

Невідушчым, але жывым.


У знямозе прыльнуць да шкла,

І паверыць, што цуд ідзе,

Узгадаць, як зорка плыла

У расталай чужой вадзе.


Першы снег - новых думак бег,

Хочаш плач, а хочаш пішы,

…І вызвоньвае новы смех

На краі збалелай душы.

* * *

Кранаць валасы Каралевы

Не можа самотны Жабрак!

І ноччу, у кроплях залевы,

Адчуць вуснаў зваблівы смак.


…Праходзяць гадзіны і вёсны,

Ялею змываючы след…

Ды чэзнуць мядовыя косы

У сполахах зыркіх камет.


І пышнасць святочных парадаў,

І келіхаў велічны звон

Заменіць маўчанне прысадаў,

Што душы лякуюць спакон.


Ды толькі ў спальні прасветлай

Дрыжыць над паперай рука.

Дачка Каралевы прыветлай

Вачыма глядзіць Жабрака.

* * *

Сухі лісток у ліпеньскай траве -

Сівою пасмай у тваёй жанчыны,

Калі яна заплача без прычыны,

Календарам іх крылы абарве.


Ты ціха выйдзеш, будзеш каву піць

І прыгадаеш страчанае лета,

Калі яе вясёлкаю сагрэты,

Паабяцаў ніколі не зманіць.

* * *

Я баюся сценаў цёмнае кватэры,

Сцены помняць кадры, што хачу схаваць.

Калі рвецца сэрца, калі рвецца вера -

Немагчыма думаць, немагчыма спаць.


Я баюся цішы, што крадзецца зверам,

Што фіранкі рэжа кіпцюрамі мрой,

Калі ходзіць золак апраметна шэры,

Кожны дотык вуснаў назаўжды са мной.


Кожны дотык часу да маіх расстанняў,

Кожны дотык праўды да маёй ілжы.

Я хачу забыцца! Не спяшайся, ранне!

Я хачу застацца лёсу на мяжы.

* * *

Ты па срэбнай ідзеш траве,

Быццам рыцар забытай казкі,

А вакол цябе ноч плыве,

Пасмяротныя зняўшы маскі.


Чуеш ты нашых продкаў сны,

Чуеш бразгат варожай зброі,

І чакаеш сваёй вясны,

Каб зрабіцца былінным воем.


Каб адчуць ветру свіст тугі

І напіцца крывёй гарачай,

Акрапіўшы ёй берагі

На свабоду і на ўдачу.


І каб скрасці ўначы мяне,

Заблукаць у бары духмяным.

Не забудуся і ў труне

Тваіх вуснаў, каханнем п'яных.


Ты па срэбнай ідзеш траве

І нясеш у калчане стрэлы,

А вакол цябе свет жыве,

Неспазнаны, адвечна белы.

* * *

Мне страшна падумаць, што ён без мяне патоне

У свеце, дзе ёсць цемрашальства, вайна, мана.

І там на апошнім, на самым цяжкім перагоне,

Маімі вачыма сустрэне яго вясна…


І зеўрае пашчаю сіняя бездань адчаю,

А я не падам над абрывам яму рукі.

Самотную раніцу ў белым краі страчаю,

На сэрцы ізноў выразаю віны радкі.


…Няхай будзем плысці цяпер, як празрыстыя цені,

Забудземся подыхі, тахканне цёплай крыві.

Аголенай сутнасцю (душам - няма адзення).

Я выжыла, мілы. І ты без мяне - жыві.

* * *

Разбурай сябе, разбурай

Да слязы, маршчын, сівізны.

Дзе канчаецца небакрай,

Дзе трывожныя будзяць сны.


Забывай мяне, забывай,

Як далёкі ліхтар ўначы.

І цяпло чужым раздавай,

І чужым раздавай ключы.


Разлюбі мяне, разлюбі,

Як не зможа ні звер, ні час.

На руцэ маёй - галубы.

Не стае толькі светлых нас.

* * *

"Жыццё - бы сон", - сказаў даўно мысляр.

І я жыву, як у падводных снах Няптуна.

Праз хвалі бачу восені пажар,

Праз хвалі чую, як глыбока стогнуць дзюны...


Хапае часам солі на вачах,

І невымоўна шэпчуць нешта сцены…

Мой сум павук у прадзіве качаў

І напаўняў атрутным болем вены.


А я жыву у бездані начэй,

Трывожны сон, дзяжурны смех, сяброў са сто.

І не хачу далей быць і хутчэй.

Каб толькі-толькі мне не ўпэцкацца ў нішто.

* * *

Груганы, груганы, груганы -

Той зімы небяспечныя сны...


Першы подых, і зоры ў вачах,

Вір крыві... і запознены страх.


...Не ляці ў бязлітасным сне

Да мяне на сівым гругане.

* * *

Напіся, Фрыда, так, каб зноў забыць,

Што ты была прыгожай і гарачай.

Напіся, Фрыда! Мёртвыя не плачуць,

Але душа стамлёная баліць.


Разбі свой келіх аб сыры граніт,

Парэж партрэты мастакоў вядомых.

Цяпер ты тут, у вечнасці, як дома,

А дзесьці баль раз'ятрана гучыць…


Напіся, Фрыда, райскага віна.

Але ж у пекле не нальюць, напэўна…

Цяпер у змрочнай прышласці адна,

А там была для соцень каралеўнай.

* * *

Шчаслівыя - умеюць добра спаць,

Не піць пігулак, не глядзець у столі,

Не думаць і хаўтурна не маўчаць,

Калі пражыты дзень у сэрца коле.


Шчаслівыя - умеюць сны зрываць

З пухнатых лапак шчодрага Прадрэва

І ў сне каханых цёпла цалаваць,

Калі рытмічна грукае залева


У вокны шчасця, поўныя святла,

Калі святло ўнутры даўно пагасла,

У слоіку - гуркі, у дзежцы - масла,

І Ганначка алей не разліла.

* * *

Тут кожны - чалавек да мозгу і касцей

І хоча проста піць, крычаць, прымаць гасцей,

Не думаць пра вайну і лагерны туман,

А проста гаварыць, глядзець, круціць раман.


Мясіць нагамі снег і пернікі дарыць,

І проста паміраць і нават проста жыць.

... Ды зноў гучыць метал, няма бядотам дна,

І чалавек ідзе праз бездань давідна...

* * *

Кахала аднойчы ў жыцці, а пасля гэтак выйшла:

Разбэрсаў вясновы парыў твайго лёсу вузлы.

І зноў аблятае журботна бялюткая вішня,

І зноў на чужыя вяселлі збіраюць сталы.


А хочацца верыць

прастору прасветленым сэрцам,

І зноў быць вясёлай, усмешлівай і гаваркой,

Калі кожны ўздых у сусвеце жывым адзавецца,

Калі можна грэцца ля чуйнай спагады людской.


Ідзеш скрозь дажджы, лістапады, шалёную замець

І ў сэрцы хаваеш спамін пра той сонечны час.

І грэе спамін, і лагодзіць, і горка крывавіць,

І белым крылом ахінае няскораных нас…

* * *

Абнуляюся да самых простых рэчаў:

Хлеба, масла, мёду, цішыні.

Укрываю цёплым шалем плечы,

І праходзяць у спакоі дні.


Толькі раптам нешта разбаліцца

Там, глыбока, дзе і я - не я.

І халодным болем б'е крыніца,

І палохае сляпая цішыня.

* * *

У адсутнасці надзеі і цяпла

Проста сціснуць ногі ў позе эмбрыёна,

І куды б далей дарога ні вяла -

Захінаюць ад няшчасцяў толькі клёны.


Па плячы далонькай пляснуць - і бывай,

І ідзі з вачыма слёз у свет шырокі,

І чужым спаміны шчасця аддавай,

І ўдыхай туман гаркавы, адзінокі.


Не чакай, не вер, не бойся, не прасі,

Бо сцяна халоднай восені упарта

Не пускае да цябе званкі, таксі

І такія колісь смешныя нам жарты...

* * *

Несці камусьці сваю прыгажосць,

Стомленую, някідкую,

І спадзявацца на неба мілосць -

Лёс я сабе не выткала.


Раз - і парвалася нітка так,

Што ўжо ніяк не звяжаш.

Болю багаж і пакут багаж…

Дзень новы, што мне скажаш?

* * *

Кожны можа быць мёртвым,

Нават калі жывы.

Надпіс на плітах сцёрты,

Подых сухой травы


Мне нагадаюць дзеда

Строгі пагляд з вышынь,

З продкамі паабедай,

Праўнук, унук і сын.


Я прынясу ў далонях

Пырскі таго святла,

Што на апошніх гонях

Поўня для іх ліла…

* * *

Ты па зорах ідзеш,

Апякаеш сляды,

Ты у марах жывеш,

А навокал - гады.

Серабраць табе скронь,

Ціха дыхаюць ў твар,

Бы шаманскі агонь,

Ведзьмін выкляты вар.


Ты не бачыш гады,

На плячах тваіх - снег,

Ты не чуеш бяды,

І струменіцца смех,


Бы крыштальны званок,

Бы халодны ручай.

Ты па зорах ідзеш,

Толькі ў сэрцы - адчай…

* * *

Мая зямля не вырасціць зярнят,

Мае сады не выспеляць пладоў,

Мая рака не прыме зарапад,

А будзе дыхаць у палоне льдоў.


І толькі рыбы мараць пра цябе,

Хапаюць ротам вострую блясну,

Каб ты цягнуў у восеньскай журбе

Мяне, як рыбу, у сваю вясну...

* * *

Вазьмі мяне, як сонца, у далонь,

Пакінь мяне, як здымак на буфеце.

Я - цёплы май і ледзяны агонь.

Я - толькі вецер,


Які бяжыць па восеньскай расе,

Кранае дах за доўгі дзень нагрэты...

І у маёй абрэзанай касе

Заснула лета.

КАЛЫХАНКА

Проста слухаць, як вецер ідзе па зямлі,

Проста доўга маўчаць, проста помніць пра маму...

І няхай твае ногі сплятуць кавылі,

Не даходзяць званкі, тлум і шум, тэлеграмы.


І няхай сніцца сон, запаветны, адзін,

Што пад сэрцам хаваеш ад позіркаў хіжых,

Хай убачыць яго і твой будучы сын,

І разлівы вясны, і пук сонейкаў рыжых.


Хай залечацца раны ад злых чараўніц,

Хай душу не кранаюць кіпчастыя ружы,

Хай той збудзецца сон ў промнях першых зарніц,

Хай надыдзе цяпло сярод вечнае сцюжы.

У ПРОМНЯХ ЗОРНАЙ СЛУЖБЫ

Прысвячецца Зарыцкаму Эдуарду Барысавічу (9.02.1946-6.06.2018) - кампазітару, Народнаму артысту Рэспублікі Беларусь, Заслужанаму дзеячу мастацтваў Беларусі, кавалеру ордэна Францыска Скарыны.

1.

Габой. Валторна. Пастараль.

Капрычыо і Канцэрціна...

Там фартэп'яна, тут- раяль…

Зарыцкі - талентаў залева!

9.02.2010 г.

2.

Прыпадношу Эдуарду

я паўнюсенькую кварту

літар у расе,

не выносячы за рыскі

Вам падзяку, Эд. Зарыцкі,

за часіны ўсе.

Хай Вам ноты, як лілеі,

карагодзяць юбілеі,--

каб Народныя Алеі

чулі новы старт.

- Узнясення, Эдуард!

29.ХІ.2011 г.

Маё творчае супрацоўніцтва з Эдуардам Зарыцкім: песні "Дом дружбы", "Горад-пабрацім", "Паднябесная песня".

Кожная сустрэча ў Беларускім таварыстве дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі пачыналася своеасаблівым гмінам таварыства:

Мы промні зорнай службы.

Нам верыцца здаля,

Што стане Домам дружба

Ўся Зямля.

З гэтай нагоды Эдуард Зарыцкі сказаў: "Служыць узаемаразуменню, спарадненню народаў, спрыяць узбагачэнню-дыфузіі нацыянальных культур, - пачэсная справа кожнага творцы"

Сяргей Панізьнік, старшыня таварыства "Беларусь - Латвія" пры БТД (1994), кавалер Ордэна Трох Зорак, Латвійскай Рэспублікі (1988).

Куток казак у літаратурным музеі

Дом Таўлая запрашае

8 лютага, у чарговую гадавіну з дня нараджэння заходнебеларускага паэта Валянціна Таўлая, у Доме паэта па вуліцы Замкавай адкрылася новая экспазіцыя - "А пачнём мы казку так…" На два з паловай месяцы яна стала месцам прыцягнення для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў, кутком казак у Доме-музеі паэта.

Дзень нараджэння Валянціна Таўлая традыцыйна адзначае калектыў Дома Валянціна Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея. У мінулым годзе да гэтай даты была прымеркавана выстава "Вераб'іная праСТОра" (яна ж была прымеркавана і да 100-годдзя з дня напісання першага верша Валянціна Таўлая "Верабейкі", які паэт напісаў у васьмігадовым узросце ў Лідзе). На гэты раз музейшчыкі зноў звярнуліся да дзяцінства паэта.

- Вядома, што Валянцін рана асірацеў (яго мамы не стала, калі хлопчыку было шэсць годзікаў), - расказвае куратар Дома Валянціна Таўлая, навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея Алесь Хітрун. - Гадавала яго і брата Сашу бабуля Аўдоцця - маці бацькі Паўла Дзям'янавіча. Унук-паэт пісаў пра яе так: "Гэта - звычайная вясковая жанчына. Даволі доўгае прабыванне ў гарадах не адбілася ні на яе мове, ні на вопратцы, ні на звычаях і абыходжанні. Зусім непісьменная. Бясконца працавітая і цярплівая. Невычарпальная крыніца народных казак". Па вечарах яна расказвала Валю і яго малодшаму брату Сашу казкі. Вось ад каго Валянцін Таўлай пераняў народную мудрасць! І гэтую павагу да фальклору, любоў да роднай зямлі, роднай мовы ён пранёс праз усё жыццё. У паэтычным багажы Валянціна Таўлая ёсць і вершы для дзяцей (напрыклад, "Бабуля і ўнучка"). Адзін з вершаў ён прысвяціў сваёй сястрычцы Ніне. Называецца гэты верш "Дзяўчынка-свінка" (чарнавая назва - "Я Ніночку-малышу гэткі вершык напішу").

У падрыхтоўцы экспазіцыі "А пачнём мы казку так…", як і ў падрыхтоўцы леташняй выставы "Вераб'іная праСТОра", работнікам Дома Валянціна Таўлая дапамаглі вучні Лідскай дзіцячай мастацкай школы мастацтваў. Малюнкі, створаныя па матывах беларускіх народных казак, сталі асновай экспазіцыі. У выставачнай зале таксама прадстаўлены кнігі беларускіх народных казак, асобныя прадметы, якія згадваюцца ў іх і якія амаль выйшлі з ужытку. Экспазіцыя "А пачнём мы казку так…" будзе дзейнічаць да канца красавіка і стане цікавай і пазнавальнай для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту.

А першымі наведвальнікамі экспазіцыі сталі ў мінулую сераду выхаванцы ясляў-садка № 9 і іх выхавальніцы. Наведаўшы выставачную залу Дома Валянціна Таўлая, яны быццам пабывалі ў свеце беларускіх народных казак і даведаліся шмат новага з аповедаў работніцы Дома-музея Ганны Драб (яна выступіла ў ролі казачніцы) і яго куратара Алеся Хітруна.

Дзеці паслухалі казкі пра тое, як з'явіліся буслы, чаму барсук і ліса жывуць у норах, пра Алёнку-Крапіўніцу, пеўня і некаторыя іншыя, убачылі сярод экспанатаў атрыбуты Бабы-Ягі: мятлу, ступу і кошык з зёлкамі. Але галоўным героем экспазіцыі стаў хлеб, пра які складзена многа казак. Ёсць тут і прадметы сялянскага побыту, і нават меч, скрыпка, дудка - усё гэта згадваецца ў казках. Дзякуючы экспанатам казкі быццам ажылі, дзеці маглі дакрануцца да іх.

На заканчэнне дашкаляты паглядзелі і паслухалі відэааповеды казак "Як курачка пеўніка ратавала", "Курка Рабушка", а на памяць аб наведванні экспазіцыі атрымалі карцінкі-размалёўкі на тэму беларускіх народных казак.

Аляксей КРУПОВІЧ.

СВЕЧКА ЖЫЦЦЯ ПАЛКОЎНІКА АРЛОЎСКАГА

СЯРОД ДОБРЫХ ЛЮДЗЕЙ

15 лютага - Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў

Коля застаўся без бацькоў, калі яму споўніўся… адзін месяц. Менавіта праз гэты час памерла ад двухбаковага запалення лёгкіх яго мама-аптэкарка з бешанковіцкай вёскі Клешчыно Ганна, якая паехала нараджаць будучага палкоўніка ў Віцебск. Малы з'явіўся на свет 19 ліпеня 1956 года. Адзінае, што жанчына паспела зрабіць для нашчадка - даць яму імя ў гонар свяціцеля Мікалая Цудатворца. Пра гэта, а таксама пра бацьку Нічыпара Гапеенку, які ад роднага сына адразу ж адмовіўся і хутка ажаніўся з другой, бабуля Домна Сцяпанаўна і дзядуля Міна Пятровіч распавялі ўнуку, калі ён не хадзіў яшчэ ў Бачэйкаўскую сярэднюю школу, дзе набываў потым першапачатковыя веды. Усынавіць малога, якога забралі з абласнога Дома дзіцяці, старыя ўжо не мелі па свайму ўзросту права, і гэта зрабіла іх дачка Еўдакія. Так Мікалай стаў Арлоўскім, дванаццатым дзіцём у сям'і, якая ўсё жыццё даглядала спецыфічна хворую, нядужаю, слабую сястру гаспадыні Ганну. Сваю непаўторную бабулю Мікалай літаральна абагаўляў, лічыў і называў роднай мамай да самых апошніх яе дзён. Яна ж у сваю чаргу звярталася да яго - "сыночак". Цярпліва і "правільна" выхоўвала, не шкадуючы ні часу, ні намаганняў, ні здароўя.

Цягам многіх няпростых для сям'і гадоў) гэтая працавітая, добрасардэчная і паблажлівая жанчына рабіла ўсё магчымае, каб сын-унук стаў добрым чалавекам. Бо добраму, заўважала яна, добра і ў запечку, а благому блага і на куце. Разам з мужам, якому ўнук у свае 13-14 (!) гадоў (да яго смерці ў 1971-м) сам рабіў уколы кардыяміну, яна вучыла Міколку не саромецца і не баяцца ніякай працы, імкнуцца рабіць любую справу як мага лепей, дасканалей і прасіла пастаянна вучыцца. Калі з вучобай узнікалі складанасці і цяжкасці, на дапамогу адразу ж кідаліся цётка Еўдакія, якая пражыла ўсяго 47 гадоў, і дзядзька Валодзя. Апошні, пасля смерці Міны Пятровіча забраў юнака да сябе ў абласны цэнтр, дзе яго чакала ПТУ-37 машына-будавання імя М. П. Шмырова.

Пасля ўстановы малады аўтаслесар-матарыст здзіўляў сваім майстэрствам (памятаў наказ маці-бабулі!) не толькі тых, з кім шчыраваў побач, але ўсю аўтакалону 2432. Кіраўніцтва і калектыў ганарова, з пашанай. цёплымі словамі праводзілі яго на службу ў небезвядомую вучэбку ў Печах, адкуль ён трапіў сяржантам у мотастралковую дывізію ў Берасце. Дзявятага траўня 1975-га даваў у крэпасці-героі салют у гонар юбілею Вялікай Перамогі над фашысцкімі захопнікамі.

Яшчэ ў Печах Мікалай падаў рапарт на паступленне ў Адэскае вышэйшае артылерыйскае каманднае ордэна Леніна вучылішча імя Фрунзе. У 922-і полк 20-й дывізіі Маскоўскай ваеннай акругі ён прыехаў камандзірам артылерыйскага ўзвода. Стаў сапраўдным афіцэрам, з якога бралі прыклад не толькі падначаленыя, але і калегі па службе. У першыя чвсы ніяк не мог забыць пра сустрэчу з бацькам, якая адбылася падчас прыезду з Адэсы ў Віцебск на канікулы. Дзядзька Валодзя ледзь угаварыў юнака пазнаёміцца з чалавекам (калі яго можна так назваць), які кінуў малога, як непатрэбную рэч. "Ні - чы - пар! - гучна паклікаў ля брамкі гаспадара ўласнага дома дзядзька. Хадзі сюды! Буду знаёміць з табой твайго родненькага сына!". Той павольна наблізіўся, павярнуў галаву назад, потым абыякава глянуў на абоіх і бяздушна прамовіў: "У мяне няма на вас ніякага часу, ідзецека вы сваёй дарогай!". І Мікола пайшоў...

НЕЗАГОЙНАЯ РАНА АФГАНА

У красавіку 1981-га, калі ў Афганістане ўжо другі год ішла кровапралітная вайна, Масква сустракала каля 250 новых афіцэраў вайскоай акругі. У іх ліку - трох прадстаўнікоў дывізіі, у якой служыў Мікалай. Са свайго артылерыйскага палка ёе быў адзін. Падчас размяшчэння ў інтэрнаце акруговага штаба пазнаёміўся з афіцэрам-танкістам Аляксандрам Маславым, побач з якім праз дзень сядзеў і слухаў на пасяджэнні камандуючага акругай героя Вялікай Айчыннай генерал-палкоўніка Пятра Георгіевіча Лушава. Акрамя напаміну пра службовы, грамадзянскі, інтэрнацыянальны доўг і абавязак той пажадаў шчаслівай дарогі ў ДРА паспяховага выканання пастаўленых задач і вяртання жывымі дадому.

На зваротным шляху ў інтэрнат Мікалай прапанаваў новаму сябру зайсці ў мясцовую царкву, паставіць свечкі за апошнія словы камандуючага і памаліцца за сваё выжыванне ў чужой, далёкай і зусім невядомай краіне.,. Узгадаў, як у куце роднай сялянскай хаты падчас нечаканай хваробы за яго малілася Мікалаю Угодніку маці-бабуля. Але невялікі будынак аказаўся на замку. Хацелі ўжо пайсці далей, як побач з'явілася вельмі падобная на маці-бабулю (здзіўленню не было межаў!) жанчына і насцярожана, дапытліва і… прадбачна паглядзела Мікалаю ў вочы. Ён крыху сумеўся, але хуценька назваўся і сказаў, як завуць таварыша. Дастаў 25 рублёў (вялікія на той час грошы!) і далікатна папрасіў жанчынку зрабіць замест саміх афіцэраў, бо ў іх нямашака часу чакаць адкрыцця храма, здейсніць праваслаўнае набажэнства. "Беражы вас абаіх Божа!" - адказала бабулька і паабяцала зрабіць усё, што трэба. А праз хвілінку дадала: а ты, Мікалай, калі дзе далёка захварэеш, дык там не лячыся, адразу ж спяшайся да роднага дому, толькі там выратаванне!.." "Які там родны дом, не да яго будзе" - мільганула думка.

У другой палове траўня 1981-га разам з іншымі "нацмэнамі" Саюза беларус прыляцеў на Іл-76 з Ташкента ў Джалалабад у якасці камандзіра агнявога ўзвода артылерыйскай батарэі 66-й асобнай мотастралковай брыгады, якая вяла ў Афгане самыя кровапралітныя баі. Яна кантралявала правінцыі Нангархар, Кунар і Лагман. Падраздзяленне Мікалая, які пасля адной з баявых аперацый цудам застаўся жывым, мужна і эфектыўна прымала ўдары банд.сфарміраваных у Пакістане, да якога было ўсяго 15 кэмэ.

Пасля трынаццатай крывавай сутычкі камандзір… захварэў у цяжкой форме жаўтухай. "Бабулька просьбу выканала, - думаў ён па дарозе ў роднае Клешчына, куды кіраваўся, замест санаторыя, пасля ваеннага шпіталя. ў туркменскім Нэбіт-Дагу. - Усё-ткі нейкая вышэйшая сіла ў Сусвеце ёсць". На ралзіме пляменніца мамы-бабулі Аляксандра Доўгая далечвала героя вёскі сваімі травянымі адварамі, А ён, шчаслівы, не мог і ўявіць. што бачыць сваю ўлюбёную мамульку ў апошні раз. Яна памерла з яго імем на вуснах 9 красавіка 1982-га, роўна за месяц да ўручэння сыну за мужнасць і адвагу ордэна Чырвонай Зоркі. Пасля атрыманай з радзімы горкай звесткі Мікалая адпусцілі на пахаванне, але дабрацца дадому своечасова ён, як ні стараўся, на вялікі жаль, так не паспеў.. "Добра, што своечасова захварэў", - мільганула тады думка. Пазней, у снежні 1988-га, крамя згаданага высокага ордэна, камандзір самаходна-артылерыйскага дывізіёна вучэбнага цэнтра Маскоўскай ваеннай акругі маёр Арлоўскі атрымае мядаль "Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа" і Грамату Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР.

А ў 1982-м сваё хуткае вяртанне да саслужыўцаў старшы лейтэнант Арлоўскі адзначыў тым, што ўжо праз тры дні прыняў самы актыўны ўдзел у знішчэнні чарговага каравана са зброяй. Ён добра разумеў: чым больш варожых груп з непажаданым узбраеннем брыгада раздзяўбе - тым менш шкоды наробяць духі ў цэнтральных раёнах краіны. Пры гэтым ніколі не думаў пра тое, што адзін месяц службы ідзе за два, як і пра рознага кшталту ўзнагароды.

- Дый некалі пра гэта было ні думаць, ні разважаць, - узгадвае сёння Мікалай Нічыпаравіч. - Трэба было не толькі знішчаць караваны, але і ратаваць нашых, як у выпадку з трапіўшым у душманскае акружэнне дэсантна-штурмавым батальёнам. З гор, што ўзвышаліся, духі заціснулі хлопцаў з двух бакоў, і мы павінны былі любым чынам іх вызваліць. Я тады застаўся замест параненага Жэні Ярафеева старшым камандзірам на батарэі, менавіта так называлася пасада Разам з камандзірам артдывізіёна маёрам Шаўчэнка мы абхітрылі духаў. Ноччу зрабілі марш-кідок тэхнікі на 15 кіламетраў і ўранні выскачылі на плато, адкуль абрынулі на агнявыя кропкі і галовы непрыяцеля з шасці гарматаў Д-30 невыносны для яго смяротны агонь. У выніку сустрэліся з радаснымі дэсантнікамі ў нізіне! Яны шчыра дзякавалі, а мы глядзелі на іх і на сябе і ганарыліся зробленым.

ПОСПЕХ ГАРАНТУЕ ДЫСЦЫПЛІНА

Дзень 23 красавіка 1983 года стаў для камандзіра супрацьтанкавй батарэі Мікалая Арлоўскага апошнім днём афганскай вайны. Са штаба МВА ён паехаў у ваенны гарадок Муліна Горкаўскай вобласці, дзе прыныяў вучэбную супрацьтанкавую батарэю. Здавалася, ніякай табе смяротнай пагрозы, дапамагай моладзі набываць ваенныя навыкі, ды і ўсё. Але ж так толькі здавалася. Колькі ні патрабавай ад вучняў належных дысцыплінарных паводзін заўжды і ва ўсім - спачатку абыйсціся без трагічных інцыдэнтаў не атрымалася. На чарговых занятках па агнявой падрыхтоўцы адзін з курсантаў вырашыў прадэманстраваць сваё майстэрства валодання гранатай перад яе кідком у дальні акоп. Фокус скончыўся тым, што яна ўжо без чакі выпала з рук і пакацілася хлопцу пад ногі. Камандзір імгненна гэта заўажыў, адпіхнуў недарэку ўбок і закрыў яго сваім целам . У выніку на курсанце не знайшлі нават ніводнай драпіны. Сам жа камандзір атрымаў шматлікія раненні ног і спіны і больш двух месяцаў правёў у шпіталі.

Увогуле ж яго падраздзяленне рэгулярна займала ў спаборніцтве прызавыя месцы сярод калектываў палка і дывізіі. Праз два с паловай гады капітан стаў каіандзірам вучэбнага артдывізіёна ў Каўрове Уладзімірскай вобласці. А яшчэ праз два гады маёр Арлоўскі узначаліў артдывізіён у горадзе Кяхта на мяжы з Манголіяй. У хуткім часе стаў тут ваенным камендантам. Пасля пераехаў у Чыту, дзе ўзначаліў дысцыплінарны батальён, які заняў па выніках спаборніцтва першае месца ва Узброеных Сілах Расіі! У 1995-м вядомага спецыяліста-выхавацеля, які пераканана лічыў і даказваў , што поспех у любой справе ў першую чаргу гарантуе належная дысцыпліна, прызначылі, для ўзмацнення, ваенным камендантам Цвярскога гарнізона. Пачаў палкоўнік з таго, што наладзіў работу з тымі, каго накіроўвалі ў Чачню. Вайскоўцаў правяралі на прадмет правозу зброі, боепрыпасаў, узрыўчатых рэчываў і наркотыкаў. Нездавальняльна дзейнічалі варты, начальнікі якіх "прыходзілі на месца нібы на катаргу.". Свае абавязкі і яны, і шарагоўцы ведалі зусім дрэнна... Арлоўскі сам распрацаваў новы штат супрацоўнікаў, які ў кароткія тэрміны заўважна палепшыў агульную справу. На гэта адразу ж звярнулі ўвагу і губернатар вобласці Уладзімір Платаў, і начальнік штаба МВА генерал-палкоўнік Мікалай Макараў. Але не паспеў новы кіраўнік нарадавацца зробленаму, як атрымаў ад свайго суровага, неміласэрнага, бязлітаснага лёсу чарговы накаўт, што пацягваўся не хвіліну-другую... У жудаснай аўтакатастрофе загінулі жонка Вольга, якой было 44, і дачка, студэнтка юрфака, Наталля, якой было 23. Жудасная трагедыя здарылася ў Каўрове, дзе яны заставаліся жыць. Да 2003 года, пакуль за стырном стаяў сапраўдны палкоўнік, Цвярская камендатура працавала практычна без выхадных і паправу лічылася адной з лепшых у акрузе. За разумную ініцыятыву і стараннасць, правільную і пільную службу вайсковай узброенай вахты і патрулёў Арлоўскі атрымаў за подпісам часова выконваючага ў траўні 2001-га справы камандуючага Маскоўскай ваеннай акругі Мікалая Макарава Грамату. А годам раней, за выдатную падрыхтоўку і ўзорнае правядзенне святочных мерапрыемстваў у гонар 55-й галавіны Перамгі ў Вялікай Айчыннай вайне Граматай яго ўзнагародзіў міністр абароны Расійскай Федэрацыі маршал Ігар Сяргееў.

Пасля заканчэння службы Мікалай Нічыпаравіч шчыраваў у Расіі на розных цывільных пасадах, не забываючы пра малую радзіму. У 2009-м ён канчаткова пераехаў у Віцебск, дзе жыве з жонкай Валянцінай. Пры гэтым дзіўна, што беларус, герой Афгана не мае беларускага грамадзянства. Ён атрымаў толькі від на жыхарства?!

Адстаўны палкоўнік рэгулярна наведвае сваё роднае Клешчыно, дзе дом сяброўкі дзяцінства Жаны стаў для яго другім пасля дома мамы-бабулі....

Уладзімір Барысенка. Фота аўтара і з асабістага архіва М. Н. Арлоўскага.

Успамінаючы Афганістан…

Лідскі музей захоўвае памяць пра загінуўшых і жывых удзельнікаў баявых дзеяннняў у "гарачых кропках" нашай планеты. Мы збіраем і захоўваем матэрыял пра людзей і выпрабаванні, якія выпалі на іх долю. Сабраным матэрыялам дзелімся са школьнымі музеямі, навучэнцамі. Напрыклад, прадметы Лідскага музея папоўнілі выстаўку школьнага музея "На скрыжаванні дарог" ДУА "СШ № 11 г. Ліды".

Супрацоўнікі музея кожны год праводзяць мерапрыемствы, арганізоўваюць выстаўкі, прысвечаныя гэтай Памятнай даце.

Рады бачыць вас у ДУ "Лідскі гісторыка-мастацкі музей".

Даследчыку беларускай міфалогіі - 65

12 лютага споўнілася 65 гадоў з дня нараджэння беларускага філолага, фалькларыста, літаратуразнаўца, краязнаўца, педагога, доктара філалагічных навук, прафесара Аляксея Ненадаўца. Аляксей Ненадавец нарадзіўся 12 лютага 1958 года ў вёсцы Чухава Пінскага раёна. У 1975 годзе скончыў Чухаўскую сярэднюю школу, паступіў на гістарычна-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны, поўны курс якога па спецыяльнасці "Філолаг-выкладчык" завяршыў у 1980 годзе. Пасля размеркавання Аляксей Ненадавец застаўся асістэнтам на кафедры рускай літаратуры. У тым жа годзе паступіў у аспірантуру Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, адкуль яго прызвалі на службу ў армію.

Служыў у Туркестанскай ваеннай акрузе, бываў у камандзіроўках у Афганістане. Вясною 1982 года Аляксей Ненадавец дэмабілізаваўся і аднавіўся ў аспірантуры, якую паспяхова закончыў у 1985 годзе. Кандыдацкую дысертацыю Аляксей Ненадавец абараніў у 1985 годзе па тэме "Дакастрычніцкая творчасць Якуба Коласа і фальклор". З 1985 па 1989 гады працаваў асістэнтам, а затым і дацэнтам кафедры рускай літаратуры ўніверсітэта імя Ф. Скарыны. З лютага 1989 года - дактарант Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы АН БССР. З 1992 года Аляксей Міхайлавіч працаваў на пасадзе старшага навуковага, а потым вядучага навуковага супрацоўніка Інстытута імя К. Крапівы. У 1995 годзе Аляксей Ненадавец абараніў доктарскую дысертацыю "Праблема этнічнага архетыпу ў беларускім фальклоры". У 2000 годзе атрымаў пасаду загадчыка кафедры "Дзяржаўныя і замежныя мовы" Бабруйскага філіяла Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. На працягу сваёй дзейнасці бесперапынна займаецца даследаваннем беларускай міфалогіі і фальклору беларусаў, узаемасувяззю літаратуры з народнай творчасцю, міфалогіяй і фальклорам, краязнаўствам. Аўтар больш за 720 навуковых і навукова-папулярных публікацый у айчынным і замежным друку. Сваю фантастычную працаздольнасць сам Аляксей Міхайлавіч тлумачыць проста: "Вандроўкі па родным краі, фальклорна-этнаграфічныя экспедыцыі для мяне не толькі творчая праца, але і цудоўны адпачынак". Найбольш значныя навуковыя працы даследчыка: "Пакланіцеся дубу" (1993); "Святло таямнічага вогнішча" (1993); "Каму пакланяліся продкі" (1996); "За смугою міфа" (1999); "Чорт у легендах і паданнях беларусаў" (1999); "Сілаю слова: Чорная і белая магія" (2002). Аляксей Ненадавец запісаў, апрацаваў і ўклаў зборнікі назваў населеных пунктаў розных рэгіёнаў Беларусі паводле легенд і паданняў. Аўтар артыкулаў пра фальклор Калінкавіцкага і Брагінскага раёнаў, апублікаваных у кнігах серыі "Памяць" (2002, 2003). Акрамя таго, Аляксей Ненадавец напісаў гістарычныя працы: "Крэпасць на Бярэзіне" (1993), "Тэадор Нарбут" (1996), "Летапіс горада на Бярэзіне (1387-1917)" (1998).

Асабліва плённа працуе этнограф і фалькларыст у апошні час. Кола яго інтарэсаў самае разнастайнае: ад крапатлівага збірання такога цікавага жанру, як праклён, да гістарычна-дакументальных даследаванняў. Найбольш значныя манаграфіі аўтара з'явіліся з друку нядаўна. А гэта - "Уладзімір Караткевіч: прырода, фальклор і творца" (2015), "Бацькоўская хата" (2015), "Цячэ рэчанька" (2016), "Нашы спеўныя землякі" (2017), "Сіла праклённага слова" (2017), "Легенды старых млыноў" (2018) і іншыя.

Паводле СМІ.

Як казкі пераблыталіся

11 лютага маленькія тэатралы атрымлівалі асалоду ад бездакорнай ігры акцёраў спектакля "Як казкі пераблыталіся". Юныя гледачы і іх бацькі ўбачылі захапляльную гісторыю Калабка і Рэпкі, іх падарожжы і сустрэчы з жыхарамі лесу.

Тым, хто не патрапіў на прадстаўленне, паведамляем:

18 лютага ў 11.00 да Тыдня роднай мовы ў малой зале Палаца культуры горада Ліды узорны тэатр "Какос" зноў прапануе вашай увазе спектакль "Як казкі пераблыталіся".

Кошт квітка: 2,00 бел. руб.

Кантактныя тэлефоны: 8 (0154) 54-22-97, 54-86-91.

Запрашаем!

ТК "Культура Лідчыны".

Навіны Германіі

Супермаркеты і дыскаўнтары змяншаюць да 20% цэны на любімы прадукт

Да радасці спажыўцоў - падзенне цэнаў, якое даткнулася сметанковага масла, распаўсюдзілася, у тым ліку, і на каву. У некаторых выпадках яе кошт будзе зніжаны на 20%. Так, у крамах Aldi цэны на цэлую ў зернях, і молатая кава ад уласных гандлёвых марак упадуць "неадкладна і ў доўгатэрміновай перспектыве" на 7- 20%. Новаўвядзенне распаўсюджваецца на Aldi Sud і Aldi Nord.

Norma таксама прапануе зніжэнне цэнаў да 20% на смажаную каву і эспрэса ў зернях. Аналагічная палітыка закранула і ўласныя брэнды дыскаўнтара. Сеткі супермаркетаў Edeka і Rewe, дыскаўнтар Penny таксама не прамарудзілі абвясціць пра тое, што яны рушаць услед за прыкладам сваіх канкурэнтаў. Падобная акцыя падмацавана зніжэннем з восені цэнаў на каву на сусветным рынку.

Магчыма, гэта толькі пытанне часу, калі астатні гандаль рушыць услед за прыкладам першапраходцаў. Урэшце, кава лічыцца адным з асноўных маркераў, які пакупнікі выкарыстоўваюць у якасці арыенціру для ўспрымання цэнавай палітыкі таго ці іншага рознічнага прадаўца.

Зніжэнне цэнаў на малочныя прадукты

Напачатку лютага буйныя дыскаўнтары і сеткі супермаркетаў у Германіі ўпершыню абвясцілі пра рэзкае зніжэнне цэнаў на сметанковае масла ўласнай маркі - яно патаннела да 40 цэнтаў за пачак. І гэта было не кароткатэрміновае зніжэнне, а новы адэкватны кошт папулярнага малочнага прадукта.

У наш час многія рытэйлеры хочуць перагледзець свае кантракты з пастаўшчыкамі малака. Асноўная прычына - ніжэйшая цана на сырое малако, якога ў апошні час вырабляецца ўсё больш і больш, што прыводзіць да перапаўнення складоў.

У дыскаўнтарах таксама зменшыліся цэны многіх сродкаў гігіены.

Паводле СМІ. Фота: FREEPIK.COM / @ CHEVANON.

Хто з пенсіянераў атрымае 2500 еўра ад федэральнага ўрада

Працавалі дзесяцігоддзямі, а пенсіі бракуе? У такім становішчы знаходзяцца сотні тысяч пенсіянераў у Германіі. Калі вы адносіцеся да іх ліку, дзяржава ўсеагульнага дабрабыту прапануе розныя формы дапамогі, такія як Grundsicherung ці Wohngeld. У 2023 годзе будзе дададзена яшчэ адна: Фонд дапамогі пенсіянерам ГДР, якія маюць патрэбу.

T-online тлумачыць, хто можа выкарыстоўваць новы Фонд дапамогі для папаўнення сваёй пенсіі, на якую суму можна разлічваць, і як менавіта працуе заяўка.

Фонд дапамогі прызначаны для трох розных груп бедных людзей: пенсіянеры, якія правялі значную частку свайго працоўнага жыцця ў былой ГДР, і чый прыбытак блізкі да Grundsicherung, паколькі выплаты не былі пераведзены ў федэральную нямецкую сістэму; габрэйскі кантынгент уцекачоў з былога Савецкага Саюза; рэпатрыянты з ліку этнічных немцаў, якія значную частку свайго працоўнага жыцця правялі за мяжой (у рэгіёне паходжання) і знаходзяцца на грані беднасці.

У спецыяльных выпадках - пры пенсійным пераходзе з усходу на захад вам належыць адначасовая выплата, толькі калі вы нарадзіліся да 2 студзеня 1952 года. Абавязковай умовай для рэпатрыянтаў з ліку этнічных немцаў з'яўляецца тое, што вы былі прыняты ў Германію да 1 красавіка 2012 года, і на той момант вам было не меней 50 гадоў.

Для ўцекачоў габрэйскага кантынгенту ўзроставы цэнз ніжэйшы: вам павінна было быць не меней 40 гадоў, калі вы перабраліся ў Германію да 1 красавіка 2012 года.

Федэральны ўрад пералічвае, хто менавіта павінен праверыць сваё права на палёгкі. Да такіх адносяцца: працаўнікі Нямецкага рейхсбана, Нямецкай пошты ці медыцынскіх і сацыяльных службаў, якія даглядаюць чальцоў сям'і і змушаны адмовіцца ад працы; працаўнікі, занятыя на горных працах у сферы карбахіміі/узбагачэнні бурага вугалю, што пражываюць па службовай неабходнасці за мяжой з мужам/жонкай, які пакінуў ранейшае месца працы, разведзеныя па заканадаўстве ГДР, якія маюць хоць бы адно дзіця пасля не меней, чым дзесяць гадоў шлюбу; артысты балета (у якасці кампенсацыі за "балетную пенсію", абяцаную ГДР); познія рэпатрыянты; габрэйскія імігранты з былога Савецкага Саюза і іх сваякі.

Колькі грошай?

Вы можаце разлічваць прынамсі на адначасовую выплату ў памеры 2 500 еўра з "Hardship Fund". Федэральны ўрад надзяліў фонд актывамі ў памеры 500 млн еўра. Адказным органам з'яўляецца Федэральнае міністэрства працы і сацыяльных спраў.

У федэральных земляў ёсць час да 31 сакавіка 2023 года, каб прыняць удзел у праекце. Калі яны далучацца, то адначасовая выплата павялічыцца да 5 000 еўра. У новых федэральных землях права на павялічаную адначасовую суму маюць усе групы асобаў, у старых федэральных землях - толькі ўцекачы габрэйскага кантынгенту і познія рэпатрыянты.

Выплаты пачнуцца не раней красавіка 2023 г. Аднак грошы не паступаюць аўтаматычна - неабходна падаць заяву.

Як падаць заяву?

Бланкі заяў можна спампаваць з сайта Федэральнага міністэрства працы і сацыяльнага забеспячэння. Таксама вы можаце запытаць іх у офісе "Фонду дапамогі бедным", 44781 Бохум. Або па электроннай пошце: gst@stiftung-haertefallfonds.de. Крайні тэрмін падачы заявак - 30 верасня 2023 года.

Апроч асабістай інфармацыі, такой, як імя, дата нараджэння і адрас, вы таксама павінны ўвесці дадзеныя пра сваё пенсійнае права. У прынцыпе, адначасовая сума можа быць выплачана толькі ў тым выпадку, калі ваш прыбытак пасля выліку ўнёскаў на страхаванне здароўя і доўгатэрміновага сыходу складае меней 830 еўра нета ў месяц на 1 студзеня 2021 года.

Для гэтага да заявы неабходна прыкласці доказы - напрыклад, выпіску з банкаўскага рахунку са студзеня 2021 г. ці першую старонку апавяшчэння пра ўстанаўленне пенсіі і апавяшчэння пра карэкціроўку пенсіі з ліпеня 2021 г.

Калі вы маеце права на базавую надбаўку да пенсіі, гэта апавяшчэнне таксама з'яўляецца часткай заявы ў Фонд дапамогі бедным.

Паводле СМІ. FOTO: FREEPIK.COM / @ GPOINTSTUDIO.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Los bielorrusos se encuentran con los indios: Па ўсёй Амерыцы: Гойшык, Лукашук; індзейская кулінарыя

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-6 (53-58) за 2023 г.)

У апошнім папяровым лісце ад нас (13.12.2001) да "літаратурнага індзейца" Аляксея Якімовіча (Слонім) дэталізавалася падтрыманая ім ідэя стварэння ў Беларусі этнаграфічнага часопіса для дзяцей (часткова натхнёная прыкладам амерыканскага дзіцячага часопіса пра народы свету, у якім з'явілася публікацыя з кулінарнымі рэцэптамі ад старшыні БІТ Святланы Калянковіч і каментарыем Бары Каваш: Kavasch E. B. Byelorussian treats // Faces: The Magazine About People (Peterborough, NH). 1991. № 3 (Nov.). P. 17-19).

"Шаноўны Аляксей!

Вось заканчваю ліст, які пачаў ужо вельмі даўно.

Дзякуй вялікі за дасланую кнігу ["Залатая дзіда" пра індзейцаў мапучэ]. Гэта сапраўды вялікі падарунак усім нам. Цудоўнае выданне, выдатная падзея. Мы спадзяёмся, што секцыя па дзіцячай літаратары Саюза паставіцца да гэтага Вашага твора, як ён таго заслугоўвае.

Па Вашай просьбе дэталізуем ідэю этнаграфічнага часопіса для дзяцей, якую Вы мяркуеце забяспечыць грантам.

ДА ПРАЕКТА БЕЛАРУСКАГА ДЗIЦЯЧАГА ЭТНАГРАФIЧНАГА ЧАСОПIСА

НАЗВА раскрывае сусветны ахоп народаў, краін, універсальнасць тэматыкі, накіраванасць на дыялог культур, гуманізацыю мыслення і жыццёвых дзеянняў дзяцей і моладзі: "Вялікі свет", "Чалавецтва", "Маці-Зямля", "Дзеці Зямлі", "Разнастайнасць і адзінства" і да т.п.

РЭДАКЦЫЯ (рэдакцыйная калегія) павінна ўключыць беларускіх пісьменнікаў, якія пісалі пра жыццё розных народаў свету; журналістаў, якія ездзілі ў розныя краіны свету. Аўтарытэтныя і, што вельмі важна, талерантныя людзі. Этнаграфія не церпіць вульгарных, ваяўнічых, пазбаўленых стабільных прынцыпаў і сумлення вучоных і пісьменнікаў.

ШТАТ, КАНСУЛЬТАНТЫ, ТЭХНIЧНЫЯ РАБОТНIКI Шматаспектная праблема.

АЎТАРЫ айчынныя і замежныя (арыгіналы, перадрукоўкі, новыя пераклады).

РУБРЫКI этнаграфія Беларусі; партрэт народа (народы свету); растлумачваем паняцці;

лісты дзяцей розных народаў; адрасы для перапіскі; агляд бел. дзіц. этнагр. літ.

ЗАМЕЖНЫЯ АНАЛАГI (у т.л. як крыніцы перадрукаў) Інфармацыя пра іх у нас даволі абмежаваная, але ў сваёй бібліятэцы маем шэраг узораў. Безумоўна, важна спаслацца на прэцэдэнты і аналагі, адзначыць адсутнасць прэцэдэнтаў у Беларусі і параўнальную рэдкасць падобных выданняў у свеце.

ДАПАМОГА з боку арганізацый, груп і асоб, сярод якіх вядомае Таварыства дружбы і яго Дом у Мінску, таварыстваў "Беларусь - (краіна)", пасольстваў, сусветных арганізацый накшталт "Міжнароднага выжывання", народаў, пра які будзе пісаць часопіс, і многіх людзей, уключаных у "Хто ёсць хто ў свеце". Надзвычай шырокае кола сапраўдных сяброў падобнай ініцыятывы.

ФIНАНСАВЫЯ I ТЭХНIЧНЫЯ (маёмасць) ПЫТАННI - асобная вялікая тэма.

Пакуль што я спыняюся, Аляксей, але калі Вы не расчаруецеся ў сваёй ідэі, дэталізацыя прадоўжыцца. Я даволі вытрывалы ў такіх справах і, як Вы здагадваецеся, амаль усё раблю бясплатна.

Прабачце за затрымку з адказам. На жаль, гэта стала агульным месцам з канца 1997 г.

Паведамляйце, што збіраецеся зрабіць па праекце і якая інфармацыя Вам найбольш патрэбна.

З павагай Алесь Сімакоў".

Заўвага 2023 г.: такі часопіс сапраўды вучыў бы дзяцей талерантнасці, прычым у талерантнай манеры, як і належыць у выхаванні дзяцей. У ім маглі б прыняць удзел людзі самых розных поглядаў, якія б згадзіліся з гуманітарнай самацэнзурай тлумачыць маладому пакаленню важныя рэчы пра культурныя адрозненні, якія павінны аб'ядноўваць, а не наносіць "гістарычныя траўмы", - ідэя, якая можа "аб'яднаць усіх" "дзеля будучыні дзяцей" і магчымая для рэалізацыі нават без адкладвання "да лепшых часоў".

Ва ўзорах з часопіса "Фэйсэс" прадстаўлены кулінарныя рэцэпты - з Беларусі і ў цэлым з усходне-славянскага свету - але як "пачастункі" з Беларусі.

Пазней, атрымаўшы матэрыялы з адзнакамі вісконсінскага аджыбвэ Алвіна Бабідаша, які быў актыўны ва ўсім, уключаючы кулінарыю, мы адправілі ў спецыялізаваны "куток" "Звязды" наступную просьбу:

"Паважаны Мікалай Чахоўскі,

Дасылаем Вам рэцэпт нашага індзейскага сябра, які захоўвае без змяненняў эмацыянальны стыль яго ліста.

Калі магчыма, надрукуйце ў Вашай рубрыцы. Загадзя ўдзячны.

З пажаданнямі поспехаў у вашай вельмі патрэбнай працы" (26.4.1996).

ГОЙШЫК Аляксандр - найважнейшае для нас сцвярджэнне з усяго, расказанага ім: "Што заўважыў - індзейцы ў Перу не дураць нават у самых турыстычных месцах". Сумленнасць індзейцаў увайшла ў прымаўку. "Honest Injun" - якасць, якой мы ганарымся (форма Injun, якую папулярызаваў Марк Твэн, лічыцца непаважлівай, але непаважлівай лічыцца і назва "бульбаш", - як кажуць, "дзякуй, што не забілі", а толькі назвалі; гэтую фразу мы ўспрымаем у прамым сэнсе, без іранічнага падтэксту, укладзенага амерыканцамі, - маўляў, індзейцы сталі сумленнымі, калі сталі, напрыклад, дапамагаць арміі ў якасці разведчыкаў).

Такім чынам, "Калі не сядзіцца дома і ў кішэні (ці на банкаўскім рахунку) ёсць некалькі тысяч долараў. Гісторыя беларуса, які паехаў у "кругасветку"" - "За год наведаў 16 краінаў, усяго - больш за 70".

Тыя, хто ўзяў інтэрв'ю, "вылавілі" Аляксандра Гойшыка ў Перу - пасля таго, як ён пабываў у краінах Цэнтральнай Амерыкі…

Ён з Салігорска, у момант інтэрв'ю меў 36 гадоў, "журналіст-фрылансер, блогер, вулічны артыст", які "з дзяцінства марыў пра вандроўку вакол свету. За 16 гадоў хлопец аб'ездзіў больш за 50 краін, і ўвесь гэты час рыхтаваўся да галоўнага падарожжа жыцця - кругасветнага, у якое Аляксандр выправіўся ўвосень 2021 года. Год беларус правёў у Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыцы".

"- Ад падарожжа можна стаміцца?

- Вядома, таму трэба рабіць перапынкі, адпачынкі. Я пасля 10 месяцаў падарожжа зразумеў, што стаміўся, і зрабіў сабе вакацыі - на месяц вярнуўся ў Гватэмалу. Там адпачыў, набраўся сілаў, месяц таму вярнуўся ў Перу, і цяпер з новымі сіламі еду далей.

Я здзяйсняю мару дзяцінства. Я заўсёды хацеў убачыць свет і распавесці людзям пра сваю краіну. У "кругасветку" я выправіўся, маючы ў "багажы" каля 57 краінаў. Я вандрую цягам 16 гадоў - фактычна палову свайго жыцця. Калі я вучыўся ў Польшчы, у мяне было шмат вольнага часу, і я выкарыстоўваў яго на тое, каб вандраваць. Паступова я аб'ездзіў Еўропу, пасля паехаў у Азію".

Гойшык наведаў шмат індзейскіх месцаў, сярод яго фота - падпісаныя як: "Гарадзішча Тыкаль (Tikal), піраміды мая", "Абед у кавярні ў Гватэмале", "Возера Атытлян (Atitlаn) у Гватэмале", "Жанчына мая з дзецьмі", "Вясковая перуанка", "Жанчына з індзейцаў інка" (не першы раз беларусы канстатуюць, што інкі і іх мова не зніклі, пакінуўшы толькі кіпу - вузельчыкі на памяць!), "Аляксандр Гойшык перад палётам над пустэльняй Наска (Nazca) у Перу", "Аляксандр Гойшык у Амазоніі", "Заход сонца над Амазонкай".

"- Аляксандр, распавядзі, калі ласка, дзе ты цяпер - у гэты вось момант, калі мы з табой размаўляем.

- На поўдні Перу, у горадзе Арэкіпа (Arequipa) - другім з велічыні ў гэтай краіне. Нядаўна хадзіў у каньён Колька (Valle del Colca) - самы глыбокі ў свеце. Неўзабаве выязджаю ў бок гораду Куска (Cuzco), потым у Мачу-Пікчу (Machu Piсchu) - старажытны горад інкаў, да гары Сямі колераў. А далей паеду да высакагорнага возера Тытыкака (Titicaca) і далей у бок Буэнас-Айрэсу".

"- Чаму ты прыляцеў у Лацінскую Амерыку?

- Год таму, у сярэдзіне кастрычніка 2021 года, я прыляцеў у Мексіку, адкуль распачаў сваё кругасветнае падарожжа. Раней я ўжо бываў у Мексіцы - у лютым 2021 года, яшчэ падчас пандэміі, месяц правёў у сваіх сяброў-беларусаў. А ў іншых краінах Лацінскай Амерыкі я раней не бываў, таму падумаў, што гэты кантынент можа стаць добрым стартам для "кругасветкі".

"На самым пачатку я пару тыдняў правёў у Мексіцы, пасля пераехаў у Гватэмалу - там тры тыдні вучыў іспанскую мову на возеры Атытлян (Atitl?n). Гэтыя курсы далі мне неабходную моўную базу, бо зусім без ведання іспанскай мовы ў гэтым рэгіёны асабліва не навандруешся. Таксама ў Гватэмале я набыў скутар, і пакуль чакаў афармлення ўсіх дакументаў, месяц вандраваў па краіне. Гватэмала - вельмі цікавая. Гэта краіна індзейцаў мая. Там усе традыцыі дагэтуль жывыя, жанчыны ходзяць у нацыянальных строях, можна пачуць мову мая - у краіне афіцыйна прызнаныя 22 мовы мая.

Потым я наведаў Беліз і пасля паехаў на поўдзень па Цэнтральнай Амерыцы - у Сальвадор, Гандурас, Нікарагуа, Коста-Рыку, Панаму".

"Напрыканцы красавіка я перабраўся ў Калумбію, а адтуль паляцеў у горад Летысья (Leticia) у Калумбійскай Амазоніі. Там па зямлі перайшоў мяжу з Бразіліяй і паромам тры дні плыў да гораду Манаўс (Manaus) - сталіцы штату Амазонас. Пасля былі яшчэ два паромы да Сантарэму (Santar?m), Макапы (Macap?), а адтуль я перайшоў па зямлі ў Французскую Гвіяну, Сурынам, Гаяну, потым вярнуўся ў Бразілію ў горад Боа-Віста (Boa Vista), каб перайсці ў Венесуэлу.

У Венесуэле я правёў два тыдні, пабыў у Каракасе, Мэрыдзе (M?rida). Пасля праз Калумбію паехаў на скутары ўніз - у Эквадор, Перу. Далей будзе Балівія, Парагвай, Аргентына, Чылі. Уругвай і паўднёвая частка Бразіліі - мае апошнія пункты на гэтым кантыненце".

"У Гандурасе я сустракаў вельмі цікавых, прыемных людзей. Яшчэ там прыгожая прырода - выспы ў Мексіканскай затоцы, цалкам турыстычныя месцы. Ці нацыянальны парк Капан (Cop?n) - руіны пірамідаў мая".

Пра пажаданасць абмінання найбольш праблемных краін - з кашмарнай злачыннасцю і значнай беднасцю, якія ўзаемазвязаныя, - падарожнік з прозвішчам юнага героя быў папярэджаны, але рызыкаваў дзеля паўнаты карціны: "Такая ж рэпутацыя, як і ў Гандураса, у Сальвадора. Аднак у той жа час гэта не самыя бедныя краіны, страшнай галечы я там не бачыў".

У расказе Аляксандра вялікі кулінарны блок, у якім ганаровае месца займае адзін з галоўных сімвалаў беларуска-індзейскай дружбы - бульба.

"Дарэчы, калі казаць пра бульбу, то тут вельмі блізкая да нас краіна - Перу. У іх бульба - таксама нацыянальная страва, і нават нацыянальная ідэя. У іх нават выраз ёсць: "Я большы перуанец, чым бульба". У Перу чатыры тысячы афіцыйна выведзеных гатункаў бульбы. Іхны нацыянальны стрытфуд - фаршыраваная бульба".

Усюды "ўсім вельмі падабаецца, калі я гатую нашыя дранікі. Спачатку здзіўляюцца: як гэта можна рабіць бліны з бульбы? А потым рэцэпт запісваюць, фатаграфуюць, нават тык-токі здымаюць з дранікамі".

"- А што ты там ясі і п'еш з мясцовай кухні? Што найбольш падабаецца?

- Мясцовая ежа вельмі разнастайная. Агульнае на ўвесь рэгіён - рыс, курыца, салат, фасоля.

Асобна стаіць мексіканская кухня - вельмі багатая. У іншых краінах ежа прасцейшая.

Шмат перуанцаў, у якіх я спыняюся, удома нават не гатуюць, у іх нават няма пліты ці пліткі або лядоўні, бо тут нявыгадна нешта сабе гатаваць. Выгадней паесці ў горадзе - на кожным кроку ёсць нешта смачнае і таннае.

У Панаме і Калумбіі мне вельмі спадабаўся суп са страўніка каровы - мандонга (mondongo), вельмі падобны да польскіх флякаў.

Тыпова венесуэльскі фастфуд - арэпас - аладкі з кукурузнай мукі. Калі ты бачыш у Эквадоры ці Перу арэпас, значыць, гэтае месца трымаюць венесуэльцы.

З напояў па ўсім рэгіёне распаўсюджаныя свежавыціснутыя сокі - з памаранчаў, цукровага трыснягу. З алкагольных напояў у Мексіцы галоўны - тэкіла, а ў Паўднёвай Амерыцы вельмі папулярны ром - у кожнай краіны ёсць свой гатунак. Найлепшы, на мой густ - у Гватэмале - закапа (zacapa).

У Перу ёсць напой піска (pisco) - вінаградная гарэлка, як грузінская чача. Назва - ад гораду Піска, дзе гэты напой з'явіўся. І, вядома, паўсюль піва - лёгкае, светлае, з мінімальным градусам. Тут лічыцца нармальным выпіць пару келіхаў піва і сесці за стырно".

Піўны алкагалізм - гэта няшчасце і Беларусі, якое закранула нават і некаторых членаў і партнёраў нашага таварыства, калісьці аднаго з самых антыалкагольных у краіне.

Літ.: 1510 Кухня разных стран / сост. Н. А. Кураш, Л. М. Вапельник. Мн., 1986.

7470 Кухни народов мира / [авт.-сост. А. В. Березнев]. Мн., 2001.

1716 Обратитесь к индейской кухне // Сельская газета. 1992. 13 дек.

394 Кудян А. Н. Хозяйке о продуктах питания (от А до Я). - Изд. 3-е, перараб. и доп. Мн., 1989.

1351 Из истории простых вещей / раздел ведет И. Шпадарук // Сельская газета. 1988. 14 февр.

4977 О самых первых и самых-самых / сост. А. Ф. Космач. - Изд. 2-е, доп. Мн., 1999.

2826 Сладкие экспонаты // Сельская газета. 1986. 14 дек.

4391 Мексика [Кухня] // Белорусская торговая газета Weekly. 1998. 19 янв. - 4 февр. С. 16.

2978 Калумбія - вельмі прыгожая краіна Паўднёвай Амерыкі (фота) // Чырвоная змена. 1989. 8 ліп. С. 10-11.

2985 Колумбия - красивейшая страна Южной Америки / на фото: колумбийский индеец торгует традиционной пищей, которую охотно покупают иностранные туристы (Фото Пренса Латина-ТАСС) // Сельская газета. 1989. 2 авг.

4694 Пищевые табу // Сям'я. 1999. 11 мая. С. 8.

5898 Все, что шевелится, - в котел! // 7 дней. 2001. 16 апр. С. 4.

6059 Морозова Н. Dolce Vita // Белорусская деловая газета. 2001. 6 июля. С. 13.

6316 Konarzewski M. A moze mieso jest zdrowe? Czy rzeczywiscie powstrzymanie sie od diety naszysh przodkow? // Glos znad Niemna. 2001. № 39, 40.

4526 Емельянов И. Черная икра в пампасах: в Уругвае зреет настоящая русская рыбно-кулинарная сенсация // Советская Белоруссия. 1999. 22 июня.

9826 Сільнова Л. Запісы на кулінарнай фальзе // Сільнова Л. Крышталёвы сад: кніга крытыкі. Мн., 2007. С. 137-143.

ЛУКАШУК Аляксандр - у лютым 2023 г. стала вядома, што пасля 25 гадоў кіраўніцтва беларускай інфармацыйнай місіяй на радыё "Свабода" ён сышоў з пасады. За гэты час былі запісаныя і інтэрв'ю пра беларусаў / беларусак, якія жылі і працавалі сярод індзейцаў. "Беларуска-амерыканскі" (радыёстанцыя амерыканская), а перад тым беларускі савецкі і проста беларускі журналіст і выдавецкі работнік; удзельнік неспакойнага абмеркавання індзейскай тэмы (кампаратывістыка, перапіска з індзейцамі і інш.) на нарадзе журналістаў з С. Паўлавым у 1988 г. - абодва не павінны былі мець нічога супраць індзейцаў - як такіх; калі параўноўваць радыё "Свабода" і ідэалагічныя структуры ў Беларусі розных часоў, то і пры згадванні "індзейскай праблемы", не самай прыярытэтнай у сусветных справах, ва ўнутранай і знешняй палітыцы, яны мусілі быць паліткарэктнымі - кожны па-свойму, але адназначна спачуваць. Такім чынам, няма прычын, чаму А. Лукашук і С. Паўлаў, пакуль ён быў жывы, не маглі ўрэшце "раскурыць люльку міру" прынамсі ў гэтым пытанні. Вырашаць праблемы меншасцей розных тыпаў лепш было б разам - праблемы аднолькавыя, універсальныя.

Не так істотна, фантазійны ніжэй эпізод ці напаўфантазійны, ці зусім рэальны: "Праз сто гадоў апынуўся ў Бостане, дык паехаў у музей Кенэдзі, які набыў архіў Хэмінгуэя, але якраз тая частка была закрытая для наведнікаў". Нам цяжка вылучыць рацыянальны кантэкст, але цытуем з "кнігі люстрацыяў" "Зкімбы-зымбы", у якой Аляксандр працягваў апісваць усю разнастайнасць чалавечага роду, якую ён сустракаў, на гэты раз на "спецмерапрыемстве": "Я ўсё ж пайшоў, тоўстая негрыцянка, якая стаяла пры ўваходзе, паглядзела са здзіўленнем і спытала, чаго мне туды трэба, я сказаў: "І love Hemіngway", яна глянула ў спіс, потым махнула рукой, дала нейкую брашуру і прапусціла, а там якраз перапынак на абед: посуд, сурвэткі, сэндвічы расклалі і загарадзілі ўсе стэнды, не падысці, я ўсё ж прабіўся, пацясніў афіцыянтаў, пачаў перапісваць, што хацеў, прычым увесь час удзельнікі канферэнцыі неяк падазрона на мяне паглядалі, публіка была стракатая - мулаты, чорныя, індзейцы, жаўтаскурыя азіяткі, апроч Хэмінгуэя, мой быў там адзіны белы твар, і калі адыходзіў, негрыцянка кажа: што, ужо ідзеце, не знайшлі свайго сябра, нічога, не сумуйце, не губляйце надзею, і потым, у гатэлі, я адкрыў брашуру - гэта была канферэнцыя каляровых геяў і лесбіянак, і з таго часу я не губляю надзею".

Хемінгуэй быў аўтарам выдатнага апавядання, перакладзенага і на беларускую мову, - "Індзейскі пасёлак"; цікавыя для нас і вобразы ў творы "Вясновыя воды: рамантычная аповесць памяці вялікай нацыі"; ён быў бясспрэчным не толькі дэмакратам, але і гуманістам - які ў канцы жыцця, аднак, не вытрымаў нагрузкі, што, як сімвал, паспрыяла скептыцызму ў адносінах да гуманістычнай гіперактыўнасці лепшых прадстаўнікоў чалавечага роду.

Ёсць і чыста дакументальны эпізод у публіцыстыцы і мемуарыстыцы Лукашука - звязаны са знаходжаннем у Стэнфардскім універсітэце (ён стыпендыят Гувераўскага інстытута, 2000) - пра які расказаў, і пры гэтым яго нарысы называюцца так жа, як у іншага беларуса, але з 19 ст., - Юльяна Гарайна, - "Лісты з Каліфорніі". Ён апісвае і ўрачыстую царкоўную службу з нагоды збору выпускнікоў Стэнфарда, на якой прысутнічаў (прыехала больш за 6 тысяч чалавек - зразумела, што сярод іх былі і індзейцы), пры гэтым абагульняе: "Увогуле, у Стэнфардзе практыкуюцца самыя розныя культурныя і рэлігійныя традыцыі. Будысты збіраюцца для медытацыі ў актавай залі, паслядоўнікі забароненай у Кітаі секты Фалун Гонг штонядзелі атрымліваюць касмічную энергію на цэнтральным пляцы, індзейцы адпраўляюць свае племянныя рытуалы ля старажытнага камяня з новай бронзавай дошкай, і ўсе разам адведваюць універсітэцкую царкву, дзе святары розных канфесій правяць службы, а пад час дыскусій прафесары тлумачаць студэнтам, чаму яны не вераць у Бога".

Літ.: 10235 Аляксандар Л. [Лукашук А.]. Зкімбы-зымбы: кніга люстрацыяў. Мн., 2013.

8946 Лукашук А. Сьлед матылька: Освальд у Менску / (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе.) Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2011.

8603 Лукашук А. Прыгоды АРА ў Беларусі / (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе.) Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2005.

9363 Лукашук А. Вяртанне нацыяналіста: дакументальныя творы. Мн., 2014.

5950 Лукашук А. 1982: раман-цытата // Arche. 1999. № 1. С. 77-92.

11218 Павлов С. Осторожно: глобализм!: очерки. Мн., 2006.

143 Павлов С. Репортаж с борта Земли. Мн., 1975.

8426 Павлов С. Е. Грозит ли нам конец света? Мн., 2008.

10757 Павлов C. Идет война: Третья мировая - террористическая // Нёман. 2006. № 4. С. 103-128.

10301 Павлов С. Е. Вендетта по-американски: об углублении противоречий между США и странами Западной Европы. Мн., 1985.

5889 Олдрыдж Дж. Паляўнічы: раман; Хемінгуэй Э. Стары чалавек і мора: аповесць; Сент-Экзюперы А. Планета людзей: раман. Мн., 1996.

2788 Хэмінгуэй Э. Індзейскі пасёлак: навела / пер. з англ. А. Асташонка // Крыніца. 1994. № 9. С. 97-98.

36 Хемингуэй Э. Старик и море: повесть / пер. с англ. Е. Голышевой и Б. Изакова. Мн., 1976.

6992 Хемингуэй Э. Старик и море (в сокращении) // Литература: учеб.-хрестоматия для 9 кл. В 2 ч. Ч. 2. Мн., 1999. С. 443-470.

37 Хемінгуэй Э. I ўзыходзіць сонца. (Фэст.): раман / пер. з англ. мовы Ю. Гаўрука. Мн., 1976.

95 Хемінгуэй Э. Па кім звоніць звон: раман: з англ. / пер., прадм. і камент. В. Небышынца. Мн., 1991.

411 Хемингуэй Э. По ком звонит колокол: роман. Мн., 1984.

747 Хемингуэй Э. Фиеста (И восходит солнце): роман / пер. В. Топер // Хемингуэй Э. Избранное: пер. с англ. / сост. и авт. вступ. ст. И. В. Шабловская. Мн., 1980. С. 136-337.

3199 Хемингуэй Э. Праздник, который всегда с тобой / пер. М. Брука, Л. Петрова и Ф. Розенталя // Хемингуэй Э. Избранное: пер. с англ. / сост. и авт. всту-пит. статьи И. В. Шабловская. Мн., 1980. С. 338-461.

746 Хемингуэй Э. Острова в океане: роман / пер. с англ. Н. Волжиной и Е. Калашниковой; авт. предисл. Б. Изаков Мн., 1982.

743 Хемингуэй Э. Вешние воды: романтическая повесть памяти великой нации / пер. В. Постникова и И. Золотарева // Неман. 1975. № 4. С. 98-127. (От переводчиков: С. 126-127.)

6867 Хемингуэй Э. "Старый газетчик пишет..." // Всемирная литература. 2001. № 12. С. 180-189.

7342 Гумянюк Ю. "Сустрэнемся на барыкадах" // Czasopis. 2003. № 1. S. 23-26. ("Эўрапейскія апачы")

7529 Гумянюк Ю. Да нас прыйшлі "крутыя перцы"! // Czasopis. 2003. № 3.

8065 Гумянюк Ю. Інэрцыя правінцыі як гарадзенскі фэномэн // Правінцыя. 2000. № 1-2.

12381 Гумянюк Ю. Інэрцыя правінцыі як гарадзенскі фэномэн // Гумянюк Ю. Краіна нязьдзейсьненых мараў. Мн., 2014.

12380 Гумянюк Ю. На даўнім здымку // Ніва. 2003. 3 жн. С. 5.

9208 Гумянюк Ю. На даўнім здымку // Дзеяслоў. 2004. № 2. С. (№ 9). С. 127. (З падборкі "У рэжыме ультрафіялету": "На даўнiм здымку я, нiбы апачы, - / ў вяночку з пёраў, ножык у руцэ. / Цяпер такога не пабачыш - / барозны зморшчын на шчацэ".)

430 Абвестка [агенцтва "Iнфармацыйная служба Беларуска-індзейскага таварыства"] / ПАС: паласа падрыхтавана А. Агібалавай // Чырвоная змена. 1992. 13-19 студз. С. 3.

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Гісторыя двух, амаль што аднатыпных будынкаў у Лідзе

Леанід Лаўрэш

У 1894 г. па ініцыятыве міністра фінансаў Сяргея Вітэ была ўведзеная дзяржаўная вінная манаполія, якая ў поўнай меры дзейнічала толькі з 1906 да 1913 г. Для ажыццяўлення віннай манаполіі трэба было пабудаваць казённыя вінныя ачышчальныя склады, куды ўладальнікі прыватных бровараў маглі б здаваць сваю прадукцыю (прыватныя вінакурні на Лідчыне ў той час, напрыклад, існавалі ў маёнтках Ішчална і Вялікае Мажэйкава). Гэтыя казённыя гарэлачныя заводы зваліся "вінныя склады". Пад назвай "склад" меўся на ўвазе комплекс памяшканняў для захоўвання, перапрацоўкі і разліву спірту і гарэлкі. Сюды з прыватных ці казённых вінакурняў прывозіўся спірт-сырэц і ачышчаўся ад шкодных прымешак - рэктыфікаваўся. Потым спірт мацаваўся да 90-95° і з яго рабілі гарэлку моцаю не ніжэй за 40°. Прадаваўся гатовы прадукт тут жа на складзе або ў казённых вінных ці давераных прыватных крамах. У 1913 г. агульная выручка ад віннай манаполіі складала 26 працэнтаў даходу бюджэту імперыі1.

Трэба адзначыць, што ў рускай мове таго часу пад словам "віно" мелася на ўвазе не тое, што гэтым словам завецца зараз, а менавіта гарэлка, якая таксама мела назву "хлебнае віно".


У Віленскай губерні рэформа Вітэ набыла моц з 1897 г.2

Будаўніцтва казённых вінных складоў было дастаткова вялікім праектам. Са статыстычнага зборніка "Агляд Віленскай губерні за 1996 г." даведваемся, што "Для захоўвання, ачысткі і разліву віна ў посуд і забеспячэнне ім вінных лавак у губерні, паводле распараджэння міністра фінансаў, пабудавана 10 складоў: у Вільні - за 178 972 р. 30 кап, у Ашмянах - 96 586 р. 42 кап, у Лідзе - 109 531 р. 38 кап, у Глыбокім - 92 244 р. 67 кап, у Троках - 92 736 р. 55 кап, у Аранах - 98 737 р. 89 кап, у Свянцянах - 81 008 р. 84 кап, у Дзісне - 79 447 р. 52 кап, у Вілейцы - 87 619 р. 25 кап і ў Маладзечне - 91 043 р. 98 кап. Усяго - 10 007 928 р. 90 кап. Для пабудовы гэтых складоў дзяржавай набыты пляцы: ... у Лідзе 3 500 кв. саж. за 4500 р. ..." 3.

Паступова вінныя склады ліквідаваліся, і ў 1909 г. у Віленская губерні мелася толькі 4 вінныя склады4.

Лідскі "Трэці казённы вінны склад", як і іншыя падобныя установы - месца захоўвання і разліву моцных спіртовых напояў. Лідскі № 3 казённы вінны склад пачаў працаваць у сакавіку 1897 г. Загадчык Аляксей Іванавіч Даўгоў, на пасадзе з 6 сакавіка 1897 г., праваслаўны; яго памочнік Віктар Георгіевіч Пакроўскі, на пасадзе з 13 сакавіка 1897 г., праваслаўны. Лекар Мікалай Міхайлавіч Падвальнікаў, на пасадзе з 1 ліпеня 1898 г. Машыніст Мар'ян Адольфавіч Федаровіч, на пасадзе з 1897 г. Канторшчык Іван Мечыслававіч Балюкевіч, на пасадзе з 17 сакавіка 1897 г., католік; памочнік канторшчыка Сцяпан Восіпавіч Валасевіч, на пасадзе з 1897 г. Зборшчыкі: Клаўдзій Вікенцевіч Каліноўскі, на пасадзе з 16 ліпеня 1897 г., католік; Людвік Пятровіч Пятрусевіч, на пасадзе з 27 лістапада 1897 г., католік; Сцяпан Восіпавіч Палтаракевіч, на пасадзе з 16 чэрвеня 1897 г., мусульманін. Гмахі гарэлачнай манаполіі былі пабудаваныя каля 1897 г. і захаваліся да нашага часу на тэрыторыі сучаснай дрэваапрацоўчай фабрыкі5.

У 1938 г. вырашана пачаць прыстасаванне па-манапольных вінных гмахаў па адрасе вуліца Сыракомлі, 2 пад патрэбы акруговага суда ў Лідзе. Гэтак у горадзе з'яўляецца следча-карная турма. Гэтая турма ў лідзян атрымала назву "Турма на Сыракомлі", бо стаяла па вуліцы Сыракомлі (сучасная Мопраўская). Сёння ў карпусах былой гарэлачнай манаполіі, а потым турмы знаходзіцца мэблевая фабрыка6.

Усе офісныя будынкі вінных складоў Віленскай губерні былі пабудаваны па амаль што аднолькавых праектах і, верагодна, трошкі адрозніваліся толькі памерамі. Праекты Віленскай губерні не супадалі з праектамі вінных складоў іншых губерняў, на жаль знайсці будаўнічыя праекты нашых складоў покуль не атрымалася. Аднак можна заўважыць адноснае падабенства Лідскага віннага склада на тыпавы праект склада на 150 000 вёдзер гарэлкі (у год) зроблены ў 1898 г., але будынкі гэтага праекта не маюць архітэктурных упрыгожванняў з элементамі неаготыкі, якія маюць склады Віленскай губерні7 .

Аналіз аэрафотаздымкаў 1915 і 1944 гг. паказвае, што Лідскі вінны склад складаўся з трох будынкаў, якія захаваліся да нашага часу. Офісны будынак (сучасны адрас - Мопраўская, 4) да красавіка 1944 г. ужо згарэў пасля неаднаразовых бамбаванняў чыгуначнага вузла і стаяў без даху. Пасля 1944 г. ён быў адноўлены. Два будынкі, якія месціліся на поўдзень ад яго, не былі пашкоджаны і таксама захаваліся да нашага часу (каардынаты большага з іх: 53.880514045169114, 25.299876146124255).

Нас будзе цікавіць офісны будынак віннага склада. Ад яго цэнтральнага рызаліту8 з уваходам у будынак, у левы і правы бок па першым паверсе фасада мелася па 6 вокнаў. Па фасаду другога паверха, ад цэнтральнага рызаліту з прыгожым вакном, акаймаваным цэглай, якая надавала акну модны ў той час, неагатычны стыль, у два бакі было столькі ж вокнаў, але з адным адрозненнем - два крайнія акны другога паверха мелі такі самы неагатычны выгляд, як і акно цэнтральнага рызаліту. Звяртае на сябе ўвагу прыгожы ганак з чыгуннага ліцця. Офісны будынак Лідскага казённага віннага склада захаваўся дастаткова добра, але быў атынкаваны і страціў аўтэнтычны выгляд. З-за таго, што зараз перад яго фасадам густа растуць ёлкі, а частка гмаха знаходзіцца за плотам фабрыкі, зрабіць агульнае фота фасаднай часткі немагчыма.


Вельмі цікава, што архітэктуру офісных будынкаў вінных складоў (у тым ліку і Лідскага) цалкам паўтараў двухпавярховы гмах, які раней стаяў каля замка. Адрозненне яго ад офіснага будынку віннага склада толькі ў адным - ад цэнтральнага рызаліта ў левы і правы бок адыходзіла толькі 5 вокнаў - ён быў карацейшы па фасаду на 2 акны (разам па фасадзе двух паверхаў меў 11 вокнаў, а офісны будынак віннага склада - 13). Вядома, што гэты будынак належаў Мардуху Пупко і будаваўся як школьны, прыкладна ў той жа час, што і вінны склад. Відочна, што Пупко скарыстаўся ўжо гатовым праектам.

Гэты будынак згарэў у 1941 г. і зараз не існуе. Аналіз аэрафотаздымкаў 1944 г. паказвае, што, як і іншыя яўрэйскія будынкі ў цэнтры горада, гэты гмах да 1944 г. быў разабраны на цэглу і да таго часу ад яго не засталося нават руінаў.

Прэса паведамляла, што Лідская "існая павятовая вучэльня ў 1900/1901 навучальным годзе, згодна з пастановай гарадскіх упаўнаважаных ад 30 верасня 1899 г., пераўтворыцца ў гарадскую вучэльню, ... за наём памяшкання выдаткоўваецца 1000 руб. у год". Новы будынак для вучэльні быў арандаваны на 6 гадоў у Мардуха Пупко. Але падобна, што гарадская вучэльня пачала працаваць толькі з 1 ліпеня 1902 г.9

Сям'я Пупко мела вялікі ўплыў у горадзе, і таму двухпавярховы гмах адразу будаваўся як школа, бо, відочна, Пупко ведаў, што праз гарадскія ўлады яму будзе забяспечана арэнда будынка. Зразумела, што гатэль ці "даходны дом" з кватэрамі ў наём меў бы іншую ўнутраную планіроўку.

Мы ведаем, што тры будынкі віннага склада разам каштавалі дзяржаве 109 531 р. 38 кап, з чаго можна зрабіць выснову, што офісны будынак каштаваў каля 30 000 р. Ён меншы за будынак цэха (гэта самы паўночны гмах на тэрыторыі склада) але большы за тэхнічны будынак які знаходзіцца паміж цэхам і офісам. Пры тым зразумела, што офісны будынак не меў тэхналагічнага абсталявання. Школьны будынак Мардуха Пупко меншы за офісны будынак склада толькі, прыкладна, на 15 працэнтаў, і яго кошт можна было б прыблізна ацаніць у 25 000 р. Але калі ён здаваўся ў арэнду за 1 000 р. у год, дык улічваючы, што тэрмін акупляльнасці не можа быць роўны 25 гадам, не думаю, што ён каштаваў для Пупко больш за 12 000 - максімум 15 000 рублёў. Розніца ў коштах кідаецца ў вочы, што лёгка можна растлумачыць "зразумелымі выдаткамі на патрэбных людзей" і "распілоўваннем бюджэту".

Для параўнання коштаў і разумення цаны тагачасных грошай - адны з самых багатых лідскіх гараджан, валодалі наступнай нерухомасцю: ва ўласнасці нашчадкаў Янкеля Папірмайстра ў г. Лідзе знаходзіўся мураваны двухпавярховы дом, два аднапавярховыя драўляныя дамы, тры драўляныя хлявы, бровар, мураваны склад машын, лесапільны завод, мураваная крама і пляц зямлі агульным коштам у 35 000 р. Ва ўласнасці Мейлаха Пупко знаходзіўся мураваны дом з крамай, тры драўляныя дамы, бровар, гаспадарчыя пабудовы, плац зямлі агульным коштам 31 000 р.10 Гэтыя асобы - уладальнікі двух лідскіх піўных бровараў з усім абсталяваннем валодалі нерухомасцю трошкі большай за 30 000 р. Вялікі цагляны корпус бровара Папірмайстра можна ўбачыць і сёння, ён з'яўляецца часткай завода харчовых канцэнтратаў, і яго памеры абсалютна параўнальныя з корпусам былога віннага склада, і гэта толькі частка яго нерухомасці.

Высуну гіпотэзу, што Мардух Пупко мог быць падрадчыкам будаўніцтва лідскага віннага склада - гэта магло б тлумачыць аднатыпнасць будынкаў. Тады будучы школьны будынак, мог быць пабудаваны на "чэсна з'эканомленыя" грошы ад будаўніцтва віннага склада. Але гэта толькі мая рызыкоўная гіпотэза.


Двухпавярховы цагляны дом Мардуха Пупко, дзе месцілася гарадская вучэльня, стаяў на поўнач ад Лiдскага замка, за некалькі дзясяткаў метраў ад яго. Фасадам будынак быў павернуты да дзвюх соснаў на паўночным схіле замка, тут жа быў і галоўны ўваход у вучэльню. Яшчэ калі павятовая вучэльня знаходзілася на вуліцы Каменскай, вучні часта прыходзілі менавіта сюды, да замка, як быццам акружанага аўрай легенд і паданняў. Лепшы лідскі гісторык Міхал Шымялевіч успамінаў пра часы вучобы: "... на месцы ... сучаснага мураванага дома (па Гедзімінаўскім завулку ў Лідзе), у каторым знаходзіцца агульнаадукацыйнай школа № 5, стаяла старое драўлянае гумно - склад усялякай вайсковай старызны, а завулак Гедзімінаўскі - вузкі, балоцісты і цёмны - усімі месцічамі абмінаўся. Тут не раз здаралася, што жаўнер, які ўначы стаяў на варце, стрэлам з карабіна ўздымаў трывогу, тлумачачы, што сярод старых таямнічых соснаў яму нешта здалося і настрашыла. У той час на вуліцах не толькі электрычнасці не было, а нават і звычайнай алеевай лямпы на слупе. Старыя бабы, лежачы на цёплых ляжанках, умелі апавядаць і вельмі цікава апавядалі пра розныя страшныя рэчы, якія рабіліся ў замку і пад замкам: пра замкнутага у замкавай вежы невінаватага чалавека, пра скрыні на ланцугу са скарбам, пра страшнага сабаку, які пільнуе ўваходы ў замкавыя падзямеллі, пра замкавыя лёхі і ходы, якімі можна ехаць чацвёркай коней да Вільні і Наваградка, пра каралеву, якая раз у год выходзіць з замкавых падзямелляў і просіць ў першага сустрэтага ёю лідзяніна, каб замовіў набажэнства за ўратаванне яе пакутнай душы - набажэнства павінна адбыцца толькі ў замку, і ксёндз павінен не забыць прынесці ўсё патрэбнае з касцёла, але ксёндз заўсёды нешта забываў, ці яму перашкаджала паліцыя, пра зачараваных у тых соснах дзвюх каралеў і г.д. У тыя часы лідзяне свята верылі, што ў пэўны дзень, у 12 гадзін апоўдні, а можа, уначы, калі зрабіць насечкі на кары соснаў, з іх будзе пырскаць кроў. Хто з нас не спрабаваў гэта на практыцы? Колькі на кары нічым невінаватых сосен засталося знакаў ад нашых сцізорыкаў?" 11.

У будынку, дзе да 1915 г, месцілася гарадская вучэльня, у наступныя часы, ці, як кажуць у нас "за польскім часам", знаходзілася агульнаадукацыйная школа № 5 імя Людвіка Нарбута

Вучаніца гэтай школы Яўгенія Ярмант пісала: "На першым паверсе размяшчаліся малодшыя класы з першага па чацвёрты. У глыбіні будынка знаходзілася агульная распранальня - рад кручкоў і драўляных калочкаў, убітых па ўсёй даўжыні сцяны. Справа ад распранальні была вялікая прахадная зала, дзе праходзілі ўрокі гімнастыкі і праводзіліся сходы харцараў. У двары з задняга боку будынка вузкая і крутая драўляная лесвіца вяла на другі паверх. На галоўным фасадзе справа размяшчалася шырокая, але вельмі крутая лесвіца, якая вяла ў настаўніцкую на другім паверсе. Ёю карысталіся толькі настаўнікі".

Другі вучань школы № 5, Ян Станіслаўскі, успамінаў: "Мела адрас вул. Гедзімінаўская, 10. Стары двухпавярховы будынак з чырвонай цэглы. Падлогі з дошак, цесныя калідоры, малы пляц для адпачынку дзяцей, у куту якога былі прымітыўныя туалеты. Школа не мела гімнастычнага зала, майстэрні, з кабінетаў мела толькі фізіка-геаграфічны. Вуліца Гедзімінаўская з аднаго боку ўлівалася ў вуліцу Замкавую, з другога - у Мацкевіча (Крывую)" 12.

У гэтай школе вучыўся беларускі паэт і грамадскі дзеяч Валянцін Таўлай. "Хаджу ў польскую школу, якая змяшчалася пры самых тады велічных мурах-руінах старадаўняга замка ў Лідзе. Пры гэтых мурах сядзелі дзве згорбленыя векам, заімшэлыя хвоі, нават быццам бы заклятыя. Казалі: калі зламаць галінку - пацячэ кроў", - пісаў паэт у аповесці "Аб сабе" 13. Цікава, што Валянцін Таўлай у 1943 г. сядзеў ў турме "На Сыракомлі" 14 .


Вельмі важна, што ў нашым горадзе захаваліся будынкі віннага склада - архітэктуры канца XIX ст. І можа быць, калі-небудзь, з офіснага будынка лідскага віннага склада будзе знятая тынкоўка, цэгла будынка будзе ачышчаная да свайго першапачатковага выгляду, і гэты стары гмах і надалей будзе радаваць нас, лідзян, якія любяць і ганарацца сваім старажытным горадам.


Аўтар выказвае шчырую падзяку краязнаўцу Паўлу Кураловічу.

1 Губанов А. В., Борознов С. А. К вопросу изучения типов объемно-пространственных решений казенных винных складов в конце XIX - начале ХХ в // Вестник ПНИПУ. Строительство и архитектура. 2014. №1. С. 16-32.

2 Кураловіч Павел. Ашмянскі вінны склад // https://ashmyany.blogspot.com/2018/01/blog-post.html

3 Обзор Виленской губернии за 1896 год. Вильна, 1897. С. 27.

4 Кураловіч Павел. Ашмянскі вінны склад.

5 Лаўрэш Леанід. Ліда да 1914 г. // Лідскі летапісец. 2017. № 1 (77). С. 46-70.

6 Лаўрэш Леанід. Шпацыры па старой Лідзе. Гродна, 2020. С. 321.

7 Типовые проекты винных казенных складов от 100 тыс. вед. до 600 тыс. вед. Б/д // РГИА. Ф. 1293. Оп. 167 (354). - Д. 30. // https://www.prlib.ru/item/361673.

8 Рызаліт - частка будынка, якая выступае за асноўную рысу фасада і ідзе па ўсёй вышыні будынка.

9 Лаўрэш Леанід. Лідская павятовая вучэльня // Маладосць 2017. № 07. С. 130-131.

10 Церашкова К. С. Мяшчанскае домаўладанне і землекарыстанне на тэрыторыі Беларусі (1860-я гг. - пачатак ХХ ст.) // Часоп. Беларус. дзярж. ун-та. Гісторыя. 2018. № 1. С. 62.

11 Лаўрэш Леанід. Лідская павятовая вучэльня. С. 130-131.

12 Лаўрэш Леанід. Адукацыя ў Лідзе, 1920-1930-я гады // Маладосць. 2021. № 2. С. 109.

13 Цыт па: Каладзяжная Анастасія. Этапы жыццёвых дарог змагара. Ліда, 2014. С. 8.

14 Суднік Станіслаў. Ніна Таўлай пра брата і пра ўсіх // Лідскі летапісец. 2004. № 1-2(25-26). С.18-19.

Звіняць лідскія падворкі

Раённыы агляд канцэртных праграм "Лідскі падворак", прысвечаны 700-годдзю г. Ліды, працягваецца. Сваю творчую справаздачу прадставілі філіялы "Бердаўскі культурна-досугавы цэнтр", "Ваверскі Дом культуры" і "Мажэйкаўскі Дом культуры".

ТК "Культура Лідчыны".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX