Папярэдняя старонка: 2023

Наша слова.pdf № 08 (60) 


Дадана: 27-02-2023,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 8 (60), 22 лютага 2023 г.

Тыдзень роднай мовы

Свята роднай мовы ў Лідскім палацы культуры

17 лютага на працягу ўсяго дня ў Палацы культуры г. Ліды праходзілі мерапрыемствы ў рамках святкавання Міжнароднага дня роднай мовы. Пачатак быў пакладзены актывацыяй "Вітаемся па-беларуску".

Наступныя імпрэзы, прайшлі пад знакам свята слова "Гаворыць сэрца роднай мовай".

Фіналам дня стала пастаноўка "Вось табе і гоцаца!" Слонімскага драматычнага тэатра. Пачатак а 18 гадзіне.

Частка мерапрыемстваў перанеслася на наступныя дні.

ТК "Культура Лідчыны".

Дыктоўка пачалася з Мінойтаў

18 лютага старт напісанню 16-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі на Лідчыне быў дадзены ў Мінойтаўскай бібліятэцы. Дыктоўкі тут пішуцца пачынальна з 4-й. Сёлета пісалі 11 чалавек. Тэкст "І гэты дзень настаў" чытала Ганна Чаславаўна Енка. Прыз за лепшы вынік ад газеты "Наша слова.pdf" атрымала Валянціна Сяргееўна Някрасава. Невялікія прызы былі ўручаны за 2-е і 3-е месцы. Завяршыў дыктоўку выступ вядомага лідскага барда Сержука Чарняка.

Наш кар.

ЛІТАРАТУРНА-МУЗЫЧНАЯ ІМПРЭЗА "ВІТАЕМ ЛЮТАЎСКІЯ СВЯТЫ!"

16 лютага 2023 года ў Менскай бібліятэцы № 1 імя Л.М. Талстога Літаратурны клуб "Экватар" прадставіў імпрэзу "Вітаем лютаўскія святы!", прысвечаную святочным датам, што адзначаюцца у апошнім зімовым месяцы. На мерапрыемстве прысутнічалі пісьменнікі, журналісты, навукоўцы, музыканты, бібліятэчныя супрацоўнікі, а таксама выкладчыкі і навучэнцы архітэктурна-будаўнічага і энергетычнага каледжаў сталіцы.

Вядоўцам імпрэзы стаў паэт, пісьменнік, журналіст, кіраўнік літаратурнага клуба "Экватар" Вячаслаў Корбут. Ён зазначыў, што выступоўцы літаратурна-музычнай сустрэчы будуць распавядаць на працягу вечарыны пра розныя лютаўскія святы і чытаць адпаведныя творы. Сам жа спадар Вячаслаў сваё выступленне прысвяціў Міжнароднаму дню роднай мовы, які адзначаецца паўсюдна 21 лютага. Прачытаў некалькі вершаў у тэму, сярод якіх быў твор пад назвай "Пра роднае":

Звярстаецца слова, згалосіцца з раду,

Дзе крэўная спеласць халодага складу,

Крывіцкая стома і летняя пожня.

У слове народным - малітва, а можа,

Былога не стане, былога не будзе,

І сонца высокае ранкам астудзіць

Хлапечую сілу высокага лесу,

Што нам аздабляе зямля, як прынцэса.

А там і муры, і высокія замкі,

І залы з бурштыну, і цуда-альтанкі,

Прамыя галіны - як Рэмбранта рукі,

І воблакі ў небе - з Агінскага гукі.

Чужыя, свае ці далёкія спевы,

Нам разам здаюцца яны так няўмела,

Наўкол працінаюць і вобраз сусвету

На зорных пакінуць расінках-каметах.

Згалосяцца гукі, зрыфмуюцца словы,

І родная ўголас абудзіцца мова,

І роднаю стане нам кожная сцежка,

Адзінства народу не ведае межаў.

У кожнага вобраз свой ладзіцца ў сэрцы,

І сіняе неба з'ядае нас, верце,

Як толькі звярстаюцца шчырыя словы -

У голасе кожным за светлай размовай.

Далей Вячаслаў Корбут распавёў прысутным, што зараз у Беларусі праходзіць Тыдзень роднай мовы, у рамках якога паўсюдна праводзіцца 16-я Агульнанацыянальная дыктоўка. У такой дыктоўцы вядовец імпрэзы заклікаў прыняць удзел усіх прысутных: і моладзь, і дарослых. Большасць пагадзілася. І вось ужо раздадзены загадзя падрыхтаваныя лісты паперы і асадкі. Дыктоўка пачалася. Дарэчы, Вячаслаў Корбут сам надыктоўваў прысутным у той вечар у першай сталічнай бібліятэцы тэкст Янкі Маўра "Чалавек ідзе", папярэдне абраны з варыянтаў, размешчаных на сайце газеты "Наша слова".

Па заканчэнні дыктоўкі спадар Корбут сабраў лісты з напісанымі тэкстамі і адправіўся іх правяраць, бо сам не адзін год выкладаў беларускую мову і літаратуру. Кампанію ў праверцы яму склаў пісьменнік Глеб Ганчароў, які з'яўляецца вялікім педантам у плане стаўлення да мастацкага тэксту.

Імпрэзу ж прадоўжыла весці паэтка, пісьменніца, журналістка, шэф-рэдактар альманаха "Літаратурны экватар" Інга Вінарская, якая надалей і прадстаўляла выступоўцаў. Але папярэдне спадарыня сама ўзяла слова, і канешне, пачала з таго, што распавяла пра новы нумар альманаха "Літаратурны экватар" (11 (13)), які нядаўна выйшаў у свет. Інга зазначыла, што па заканчэнні імпрэзы ў бібліятэкі кожнага з каледжаў, прадстаўнікі якіх прысутнічаюць на мерапрыемстве, будзе перададзена па экзэмпляры новага нумага альманаха з аўтографамі ўсіх прысутных выступоўцаў-пісьменнікаў.

Далей Інга Вінарская ўзгадала Дзень Святога Валянціна, што адзначаўся не так даўно - 14 лютага, і прачытала сабраўшайся аўдыторыі некалькі сваіх вершаў на тэму кахання са сваёй кнігі "Гучы, маё сэрца, гучы…" Прагучаў і гэты пяшчотны твор:

Калі так бэзавым цяплеюць ліхтары,

І вечар мякка ў цені сінія кладзецца,

Ты пра любоў мне нешта ціха гавары,

Пра тыя гарады, дзе ўсім лягчэй жывецца.


Мой мілы, што ж, хлусі. Маною стаць журбе.

Ўвайдзі, бы срэбра дождж, у лёсавы спляценні.

Мне - сёння зразумець, а можа, і табе,

Што на дваіх у нас адно ёсць прызначэнне:


Па глебе, па раллі прайсці жыццём сваім:

Не выпаўшы з гнязда, той праўды не пазнаеш…

Шаптала столькі раз сабе праз лёсу дым:

"Не бачна берагоў - не адыйсці ад краю…"

Адметнай рысай лютаўскай вечарыны "Экватара" стала актыўнасць маладзёвай аўдыторыі мерапрыемства, асабліва дзявочай яе часткі. Можна сказаць, што млоладзь не проста прысутнічала на імпрэзе: гучалі пытанні, на якія нашыя аўтары з задавальненнем адказвалі. А навучэнка сталічнага архітэктурна-будаўнічага каледжа Дар'я Чэкліна нават папрасілася выступіць перад аўдыторыяй, што ёй практычна адразу і было дазволена. Дзяўчына прачытала, прычым напамяць, свой любімы паэтычы твор Генрыха Гейнэ ў перакладзе з нямецкай мовы.

Паэт і бард Кірыл Бандзерс адказваў увечары 16 лютага за музычную частку мерапрыемства. Да выканання гэтай задачы спадар паставіўся з усёй магчымай адказнасцю. Да слова сказаць, высокі светлавалосы малады хлопец Кірыл Бандзерс адным сваім знешнім выглядам адразу здатны ўразіць аўдыторыю. А як на гітары зайграе! А гэты ягоны нізкі голас і брутальныя спевы!.. І ўсё - пачынаюць біцца хутчэй дзявочыя і жаночыя сэрцы. Так было і на вечарыне "Вітаем лютаўскія святы!" Вельмі ўразіў прысутных Кірыл Бандзерс аўтарскім выкананнем уласных песень пад гітару.

Паэтка Таццяна Пратасевіч адзначыла важнасць беларускага слова, асабліва паэтычнага, для нашага грамадства і краіны ў цэлым. Яна прадставіла сабраўшымся нізку сваіх вершаў на беларускай мове. Адзін з іх меў эпіграф з "Паэтаграфічнага рамана" Леаніда Дранько-Майсюка: "Сум генетычна разбаўлены ў нашай крыві". Верш гэты вельмі цікавы, бо ў ім распавядацца пра тое, што для паэткі галоўнае каханне - гэта напісаныя ёй радкі, яе творчасць. Вельмі актуальная выснова для большасці жанчын-творцаў…

Сум генетычна разбаўлены ў нашай крыві.

Мне прапаноўваюць лекі: віно і каханне.

А выбіраю я вершы - душой, што крывіць!

Гэта маё безназоўнае выратаванне.


Не называю, каму, для чаго і нашто.

Вершы запісаны з думак, пачуццяў і стрэсаў.

Як перасаджана кветка ў другое кашпо,

Гэтым змяніўшы жыццё, ды насуперак лёсу.


Сум падмацую самотай у дзённым жыцці.

Тут не атрута, а пэўнае суіснаванне.

Час застывае, ці крыху марудней ляціць…

Добры мой сум, яму дзякуй за ўсе вершаванні.

Навукоўца і грамадская дзяячка Раіса Марозава чытала прысутным вершы свайго нябожчыка-мужа Уладзіміра Марозава. Жанчына распавяла прысутным, што яе з мужам звязвала каханне даўжынёй у жыццё і што яна жыве ўспамінамі пра свайго блізкага чалавека і пра іх глыбокае пачуццё… Напрыканцы ж свайго выступлення Раіса Пятроўна зазначыла, што яе муж быў навукоўцам, фізікам-ядзершчыкам і добра ведаў, якую небяспеку можа несці атам, калі ён перастане быць мірным. Невялікую антываенную паэму Уладзіміра Марозава прачытала сабраўшымся спадарыня Раіса, што падалося ўсім вельмі актуальным.

Паэт і бард Зміцер Захарэвіч апошнім часам эксперыментуе з формамі вершаў. Вынікі сваіх эксперыментаў ён прадставіў публіцы, сабраўшайся 16 лютага ў першай сталічнай бібліятэцы. Далей спадаром Зміцерам быў прачытаны дастаткова жорсткі паэтычны твор "Калі завыюць ваўкі…", які ўжо паспеў напалохаць беларускую інтэрнэт-супольнасць. Цікава, што верш гэты быў напісаны аўтарам 14 лютага бягучага года…

Асобна ж спадар Захарэвіч вырашыў спыніцца на свяце, што адзначаецца штогод 15 лютага, і ў народзе мае назву "Грамніцы". Зміцер дастаткова падрабязна распавёў прысутным пра гісторыю гэтага свята, а потым прачытаў свой твор пад назвай "Святло Грамніцаў":

Поцемкі. Люты. Грамніцы.

Тонкая жычка святла

Мякка сплыла на масніцы

І да нябёс пралягла.


Гэтак скрозь крык парадзіхаў

Па гартаванні агнём

Душы курэюць аціхла,

Свой пакідаючы дом.


Каб прэч ад сіверу злога

Праз Сіта зор угары

Рушыць Птушынай дарогай

Ў край, дзе Зніч продкаў гарыць.


Нас - і жывых, і памерлых -

З ім ад няпомных вякоў

Лучыць насуперак цемры

Дрогкіх Грамніцаў святло.

Пісьменнік Глеб Ганчароў - гэта, без перабольшвання, сапраўдны майстар слова, прычым, як паэтычнага, так і празаічнага. Ён дасканалы аўтар, у творах якога рэдкі рэдактар знойдзе сабе працу. Палітра тэмаў у гэтага творцы шматгранная і разнастайная. Адметнай жа рысай таленту спадара Ганчарова з'яўляецца тое, што ён аднолькава лёгка стварае як вельмі сур'ёзныя творы, так і гумарыстычныя. Прычым гумар можа быць "чорны", на грані фолу. Вось і на лютаўскай "экватарыяльнай" вечарыне Глеб Ганчароў прачытаў вялікі гумарыстычны твор, можна нават сказаць, што гэта была амаль паэма. Тэмай твора стала чалавечае жыццё - ад нараджэння да скону, а вось напісаны ён быў аднымі(!) назоўнікамі. Нічога падобнага на імпрэзах літаратурнга клуба "Экватар" дакладна ніхто раней не выконваў!..

У выступленне паэта Валянціна Шведава былі ўключаны вершы, маючыя дачыненне да розных лютаўскіх святаў. Пачаў спадар Шведаў з твораў, прысвечаных Дню роднай мовы і любові да яе. Былі настраёвыя вершы на тэму кахання, ягонай прыгажосці, а таксама пакутаў, звязаных з ім. Завяршыў жа сваю прамову Валянцін Шведаў вершам, прысвечаным Дню абаронцаў:

Люты. Дзень абаронцаў.

Па ўсёй роднай старонцы

Мы праславім салдата,

Павіншуем са святам

Тых франтоў ветэранаў,

Змагароў-партызанаў,

Засланіў хто сабою

Той ваеннай парою.

Хто спачыў за Айчыну,

Нам забыць немагчыма.

Мы паклонімся нізка

Каля ўсіх абеліскаў.

Ад даўнейшага веку

Вораг рваўся аднекуль.

Баранілі зацята

Свае землі і хаты.

Агонь цепліцца вечны -

Жальбы знак чалавечай.

Як павагі даніну,

Памаўчым мы хвіліну.

Аддалі доўг адзіны

Ветэраны Радзімы.

Справу ўзялі мы ў рукі -

Дзеці іх, ды і ўнукі.

Быць удзячнымі трэба

Тым за мірнае неба,

Хто трымае "сухою"

Нашу моцную зброю.

Мы ж у Дзень абаронцаў

Ганарымся бясконца

Тым народам славутым…

Дваццаць трэцяга... Люты...

Паэтка, музыкант, выканаўца ўласных песень Святлана Ефіменка не так часта бывае на імпрэзах "Экватара", таму што жыве не ў самым Менску, а ў пасёлку Дружны, дзе некалі жыў верны і адданы сябр суполкі Валеры Скакун… Спадарыня Святлана - веруючы чалавек, для якога царкоўныя святы - гэта не пусты гук. Яна таксама ўзгадала лютаўскія Грамніцы і зазначыла, што гэта вялікае свята, таму што ачышчальны агонь ягоных свечак мае вялікую сілу. Святлана прачытала сабраўшымся некалькі сваіх вершаў на царкоўную тэматыку, а таксама твор, прысвечаны апошняму месяцу зімы, - "Лютаўскі настрой".

Пісьменніца і навукоўца, супрацоўніца Інстытута літаратуразнаўства НАН Беларусі Таццяна Барысюк практычна штогод друкуе свае новыя творы ў клубным "экватарыяльным" альманаху. Нізка вершаў аўтаркі "Платанічнае каханне" была надрукавана ў восьмым нумары выдання, а таксама ў польскім часопісе "Тэрмапілы" - пайшла, што называецца, за мяжу. І вось не так даўно спадарыня Таццяна стварыла новую нізку любоўных вершаў пад назвай "Кармічнае каханне". Узгадваючы свята 14 лютага, Таццяна Барысюк прачытала прысутным некалькі вершаў з новага цыклу. Верш "Эротыка" быў прадстаўлены таксама:

Абдымкi, пацалункi, еднасць -

энергiй танец разам зведаць.

Моц прыцягнення незямная.

Якi магнiт у сэрцы маеш?

Забуду правiлы й патрэбы.

Сваiм цяплом цябе сагрэць бы!

Напрыканцы ж свайго выступлення Таццяна прачытала трыялет, прысвечаны свайму першаму мужу і адначасова першаму каханню, заклікаўшы прысутных берагчы сваю любоў:

Не прыходзь да мяне, не прыходзь.

Сэрца поўнае смутку і болю.

Так яскрава мінулае помню!

Не прыходзь да мяне, не прыходзь.


Зазірнеш, быццам прывідны госць.

Цыгарэтны міраж у пакоі.

Не прыходзь да мяне, не прыходзь.

Сэрца поўнае смутку і болю.

Напрыканцы канцэрту весяліў публіку, як заўжды яркі і эпатажны, паэт, празаік, бард Юрась Нераток. Калі нават проста глядзіш на гэтага паважанага пана, то настрой звычайна ўздымаецца аўтаматычна. Вось і на імпрэзу 16 лютага спадар Юрась апрануўся, як і заўсёды, ярка: адно толькі спалучэнне чырвонага швэдэра і жоўтай кашулі чаго каштуе! І вершы шаноўны пісьменнік чытаў у той вечар такія ж яркія, радасныя і запамінальня. А яшчэ зазначыў, што працягвае перачытваць новы нумар альманаха "Літаратурны экватар" і робіць гэта з задавальненнем!

Калі была завершана канцэртная праграма святочнай вечарыны, кіраўнік літаратурнга клуба "Экватар" Вячаслаў Корбут абвясціў вынікі праверкі дыктоўкі, прведзенай напачатку мерапрыемства. Былі адабраныя пяць лепшых работ, і ўсе пяць самых граматных удзельнікаў акцыі былі ўзнагароджаны падарункамі. Між іншым, з пісьменнікаў, што ўдзельнічалі ў дыктоўцы, лепшы вынік паказаў паэт Зміцер Захарэвіч, за што таксама атрымаў прыз.

У бібліятэкі сталічных архітэктурна-будаўнічага і энергетычнага каледжаў, як і абяцалася папярэдне, былі перададзены экзэмпляры альманаха "Літаратурны экватар" № 11 (13) з аўтографамі ўсіх пісьменнікаў - выступоўцаў вечарыны 16 лютага 2023 года.

Завяршылася мерапрыемства агульнай фотасесіяй творцаў, узяўшых удзел у літаратурна-музычнай імпрзе "Вітаем лютаўскія святы!" Здаецца, святы гэтыя на "Экватары" прывіталі добра!

Інга Вінарская, Глеб Ганчароў.

Дыктоўкі ў Доміку Таўлая

Па традыцыі Дом Валянціна Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея прыняў удзел у падтрымцы роднай мовы, да якой заклікаў у свой час заходнебеларускі паэт Валянцін Таўлай, які жыў калісьці ў гэтым доме. Тут, у сценах Дома-музея, пастаянна гучыць родная беларуская мова. Само сабой напрошваецца, каб гэтую любоў да яе, яе гучанне перадалося ў сэрцы і іншым, хто сюды наведваецца.

Гэтым разам, напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы, 19 лютага адбылася 16-я Агульнанацыянальная беларуская дыктоўка. Як ніколі, у Доме паэта яна была арганізавана ў два этапы. Тэксты чытаў навуковы супрацоўнік музея Алесь Хітрун.

Спачатку на яе напісанне сабраліся дзеці вайны - прадстаўнікі ваенна-гістарычнай гасцёўні "Памяць за сабою пакліч". Для іх быў выбраны тэкст "І гэты дзень настаў" пад аўтарствам І. Бельскага. Тэкст быў адпаведны: нагадаў пра баявыя дзеянні па вызваленні Ліды ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 8 ліпеня 1944 года.

У выніку І месца заняла куратар праекта - супрацоўнік музея Анастасія Каладзяжная, ІІ месца было падзелена паміж Букоўскай Таццянай і Малахавай Зінаідай, а ІІІ-ае - паміж Драздовай Таццянай і Сямёнавай Людмілай.

Падтрымаць родную мову сышліся і майстры прыгожага мастацкага слова - лідскія паэты, у якіх багата празаічных і вершаваных твораў не толькі пра горад, але і пра Лідскі замак. Як вядома, 2023 год для горада Ліда юбілейны, яму спаўняецца 700 год з дня заснавання, калі быў закладзены першы камень у падмурак велічнага Лідскага замка. Тэкст так і называўся "Лідскі замак", кампіляваны Лідскай раённай бібліятэкай імя Янкі Купалы. Тэкст аказаўся даволі няпросты з вялікай колькасцю лічэбнікаў і словаў гістарычнай і геаграфічнай тэматыкі, але разам з тым і пазнавальны. Прысутныя не толькі пісалі фразу за фразай, але і задумваліся над самімі падзеямі, якія за тымі фразамі хаваліся, над веліччу нашай гісторыі.

Па выніках. І месца атрымалася ўзяць лідскаму краязнаўцу, галоўнаму рэдактару "Лідскага летапісца" Станіславу Судніку. ІІ месца раздзялілі паміж кіраўніком літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры "Лідскай газеце" Аляксандрам Мацулевічам і паэтэсай Вольгай Ашмяна-Бічэль. ІІІ месца атрымала прыхільнік мастацкага слова Бічэль Дар'я, а таксама лідскія паэты Уладзімір Васько, Белагаловая Станіслава, Якубчык Канстанцін.

А асноўны здабытак - далучанасць да вялікай справы падтрымкі роднай мовы.

Наш кар.

130 гадоў з дня нараджэння Максіма Гарэцкага

18 лютага споўнілася 130 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка, літаратуразнаўца і фалькларыста Максіма Гарэцкага (1893-1938).

Максім Гарэцкі нарадзіўся у 1893 годзе ў вёсцы Малая Багацькаўка, што на Мсціслаўшчыне, у сялянскай сям'і, дзе акрамя яго было яшчэ чацвёра дзяцей. Хлопчык меў добрую музычную памяць і граў на скрыпцы, балалайцы, з захапленнем слухаў і запамінаў народныя песні. У 1909 годзе паступіў у Горы-Горацкае каморніцка-агранамічнае вучылішча, якое скончыў у 1913 годзе.

У Максіма рана абудзілася любоў да мастацкага слова. У 1912 годзе ў газеце "Наша ніва", якая выдавалася ў Вільні, пачалі з'яўляцца карэспандэнцыі, допісы, нататкі Гарэцкага, а 25 студзеня 1913 года там жа пад псеўданімам Максім Беларус было апублікавана яго першае апавяданне "У лазні". У 1919 годзе пісьменнік пераехаў у Менск, потым у Вільню. Там выкладаў на беларускіх настаўніцкіх курсах і ў Віленскай беларускай гімназіі, дзе пазнаёміўся з настаўніцай Леанілай Чарняўскай, якая неўзабаве стала яго жонкай, паплечніцай і вернай спадарожніцай на нялёгкім жыццёвым шляху. Па заканчэнні вучобы Максім Гарэцкі жыў ў Вільні, дзе працаваў каморнікам землеўпарадкавальных камісій Віленскай губерні і дзе ён пазнаёміўся з Янкам Купалам, Змітраком Бядулем. Там жа ў 1914 годзе быў выдадзены і першы зборнік маладога пісьменніка пад назваю "Рунь". У 1914 годзе Максіма Гарэцкага прызвалі ў царскую армію. Падчас службы ён адчуў усе цяжкасці салдацкага жыцця ваеннага часу: адразу трапіў на фронт, быў цяжка паранены, лячыўся ў шпіталях. Пасля невялікага перапынку зноў апынуўся на фронце. У 1916 годзе вучыўся ў Паўлаўскім ваенным вучылішчы ў Петраградзе, атрымаў званне прапаршчыка, праходзіў службу ў Іркуцку, Гжацку, адтуль франтавыя дарогі прывялі яго на Палессе. Неўзабаве ізноў трапіў у шпіталь, доўга лячыўся. Антываенны настрой пісьменніка, антыгуманны, антынародны характар імперыялістычнай вайны знайшлі сваё яркае адлюстраванне ў такіх яго творах ваеннага часу, як "Літоўскі хутарок", "Генерал", "Палонны", "На этапе", "Рускі", "Прысяга", а запіскі Гарэцкага "На імперыялістычнай вайне" (1914-1919) дазваляюць даследчыкам лічыць яго адным з пачынальнікаў ваеннай дакументалістыкі ў беларускай прозе. Камісаваны ў 1917 годзе, Максім Гарэцкі пераехаў у Смаленск, уладкаваўся на працу ў рэдакцыю газеты "Известия Смоленского Совета Рабочих, Солдатских и Крестьянских депутатов", быў супрацоўнікам газеты "Звезда". Разам з братам Гаўрылам склаў і выдаў "Руска-беларускі слоўнік" (1918) - першы вынік працы пісьменніка ў галіне лексікаграфіі. Праз год у Вільні быў выдадзены "Невялічкі беларуска-маскоўскі слоўнічак", а ў 1924 годзе з'явіўся складзены разам з Міколам Байковым "Практычны расейска-беларускі слоўнік". Педагагічную працу Гарэцкі сумяшчаў з працай у "Нашай думцы", "Беларускіх ведамасцях", а таксама з літаратурнай творчасцю. У гэты час былі напісаны яго аповесць "Дзве душы", апавяданні "Апостал", "Кросны", "Панская сучка". У 1920 годзе ўбачыла свет "Гісторыя беларускай літаратуры", якая доўгі час была адзіным падручнікам для школ і ВНУ.

У студзені 1922 года Максім Гарэцкі разам з іншымі дзеячамі беларускай культуры быў арыштаваны польскімі ўладамі і зняволены ў вядомы астрог на Лукішках па абвінавачванні ў сувязях з камуністамі і дзейнасць супраць дзяржаўнага ладу. Пэўны час Максім Гарэцкі знаходзіўся ў Латвіі, чытаў лекцыі на беларускіх настаўніцкіх курсах у Дзвінску. У гэты перыяд ім былі створаны драматычныя абразкі "Салдат і яго жонка", "Свецкі чалавек", "Каменацёс", "Чырвоныя ружы". У ліпені таго ж года вярнуўся ў Вільню, а ў 1923 годзе разам з сям'ёй пераехаў у Менск. У Менску ён чытаў лекцыі на рабфаку БДУ, выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Камуністычным універсітэце БССР, выконваў абавязкі навуковага сакратара літаратурнай камісіі Інбелкульта, быў яго правадзейным членам. З 1926-га па 1928 год Гарэцкі ўзначальваў кафедру беларускай мовы і літаратуры ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Гэты перыяд жыцця быў вельмі плённым для пісьменніка. Выйшлі з друку яго аповесці "У чым яго крыўда?", "Ціхія песні" ("Ціхая плынь"), зборнік "Досвіткі", пасля паездкі ў Сібір і на Далёкі Усход з'явіўся цыкл невялікіх апавяданняў "Сібірскія абразкі", прысвечаны жыццю беларусаў-перасяленцаў. У 1928 годзе пісьменнік разам з сям'ёй вярнуўся ў Менск, працаваў вучоным спецыялістам Інстытута навуковай мовы Інбелкульта, застаўся на гэтай пасадзе і пасля рэарганізацыі інстытута ў Акадэмію навук.

18 ліпеня 1930 года па безпадстаўным абвінавачванні ў прыналежнасці да неіснуючага "Саюза вызвалення Беларусі" Гарэцкага арыштавалі і асудзілі на 5 гадоў з высылкай у Вятку, дзе яму давялося працаваць чарцёжнікам, тэхнікам-каштарыснікам, простым рабочым. Па заканчэнні тэрміну ссылкі ў 1935 годзе Максім Гарэцкі ўладкаваўся настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе ў пасёлку Пясочня Калужскай вобласці. Але і ў гэтых неспрыяльных і нават драматычных абставінах пісьменнік не спыняў творчай дзейнасці, пісаў раман-хроніку "Віленскія камунары", які лічыцца адным з найбольш значных твораў беларускай літаратуры 1930-х гадоў. Працаваў над задуманай яшчэ у 1920-х гадах "Камароўскай хронікай", своеасаблівай сялянскай, сямейнай хронікай, у якой імкнуўся адлюстраваць лёс беларускага народа ад часу прыгоннага права да сучаснасці. Для работы выкарыстоўваў назапашаныя матэрыялы з ўласнага архіва, што ў 1932 годзе прывезла жонка, якая прыехала ў Вятку разам з дзецьмі. У гэтыя ж гады Гарэцкі працуе над сваімі апошнімі творамі "Лявоніус Задумекус" і "Скарбы жыцця", у якіх адлюстроўваецца драматызм становічша рэпрэсаванага пісьменніка, яго роздумы аб сутнасці жыцця.

У ноч на 4 лістапада 1937 года Максіма Гарэцкага зноў арыштавалі, а 5 студзеня 1938 года прыгаварылі да расстрэлу. Па некаторых звестках, ён быў расстраляны ў тым жа годзе ў Вязьме. Рэабілітавалі ў 1957 годзе.

Паводле СМІ.

"Луч" выпусціў калекцыю да Дня роднай мовы

Серыя была натхнёная беларускімі пісьменнікамі - Янкам Брылём, Максімам Танкам і Петрусём Броўкам.

"Кожны з іх на сваім прыкладзе паказаў, наколькі велічна можа гучаць беларуская мова і як прыгожа яна можа выглядаць на паперы. Асабліва літара "ў" (нескладовае), індывідуальны стыль напісання якой вылучае гэтую тройцу сярод другіх дзеячаў беларускай культуры", - паведамляецца на сайце завода.

У рамках калекцыі тры мадэлі гадзіннікаў унісэкс, кожная з іх выпушчана колькасцю 70 экзэмпляраў. Гадзіннікі працуюць на механізме 1801.1, корпус выраблены з нержавеючай сталі, шкло - мінеральнае, раменьчык з натуральнай скуры з цісненнем подпісу кожнага пісьменніка.

Наш кар.

16-я Агульнанацыянальная дыктоўка для аматараў беларускай мовы, якія не змаглі ўдзельнічаць у яе напісанні ў іншых месцах, аргнізуецца на 3-м бібліятэчным філіяле ў мікрараёне Маладзёжны г. Ліды 25 лютага ў 12.00.

16-я Агульнацыянальная дыктоўка ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы

Дзень роднай мовы 21 лютага ў Лідзе пачаўся напісаннем 16-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы. Ахвотныя напісаць дыктоўку не змясціліся ў чытальнай зале і зянялі дадаткова частку камп'ютарнага пакоя.

Пярэдняя частка залы была аздоблена выставай твораў класікаў беларускай літаратуры.

Дыктоўка была прысвечана 700-годдзю горада Ліды. Пісалі тэкст "Вялікі князь Гедымін". Чытала дыктоўку намеснік дырэктара бібліятэкі Алена Адамаўна Быстрыцкая.

Прысутнічалі журналісты Лідскага тэлебачання, "Лідскай газеты", электроннай газеты "Наша слова.pdf".

Лідзяне шануюць імя Вялікага князя Гедыміна. У супольнасці з уладамі быў створаны бульвар Гедыміна, адрэстаўравана і адкрыта вежа Гедыміна ў Лідскім замку, пабудаваны рэстаран "Гедымін", усталяваны помнік Гедыміну, правялі хакейны турнір памяці Гедыміна.

Падчас дыктоўкі яе ўдзельнікі змаглі не толькі праверыць уласныя навыкі ў беларускім пісьменстве, але і папоўніць веды па біяграфіі заснавальніка горада.

У сценах Лідскай раённай бібліятэкі Агульнанацыянальная дыктоўка пісалася ў 15-ты раз. Тут не змаглі напісаць 1-ю (тады дыктоўку неабачліва прызначылі на каталіцкі Вялікдзень), а ўсе наступныя без збояў ішлі адна за адной. І калі 700 гадоў Ліды - значны кавалак гісторыі, то 15 гадоў дыктовак у лідскай бібліятэцы - таксама ўжо кавалачак гісторыі, сведчанне таго, што народ не адвярнуўся і не збіраецца адварочвацца ад роднай мовы. Наадварот людзі заўважна ахвотна яднаюцца вакол нацыянальных каштоўнасцяў асабліва на фоне сённяшняй няпростай рэчаіснасці.

Яраслаў Грынкевіч.

Навіны Германіі

Дапамога пацярпелым ад землятрусу

Франкфурт (d.de/dpa) - Германія аказвае падтрымку людзям у зоне бедства ў Турцыі і Сірыі, пасылаючы пошукава-выратавальныя каманды, медыцынскі персанал і тоны гуманітарных грузаў. Напрыклад, у чацвер супрацоўнікі нямецкай і брытанскай гуманітарных арганізацый @fire і Saraid змаглі выратаваць маці і яе шасцігадовую дачку пасля таго, як яны амаль 20 гадзін прабіраліся праз завалы дома ў Кахраманмарасе. @fire - гэта няўрадавая арганізацыя, якая з'яўляецца партнёрам федэральнага ўрада Германіі.

Дапамогу на месцах аказваюць таксама вялікія пошукава-выратавальныя каманды, накіраваныя арганізацыямі I.S.A.R.-Germany і THW. На месцы катастрофы ў выратавальных работах удзельнічаюць 25 супрацоўнікаў Федэральнай паліцыі, уключаючы лекараў і парамедыкаў, а таксама службовыя сабакі.

Намёты, спальныя мяшкі, коўдры, паходныя ложкі, абагравальнікі і генератары таксама неабходныя ў зоне землятрусу з-за зімовых халадоў. 82 тоны такіх гуманітарных грузаў дастаўляюцца ў Турцыю транспартнымі самалётамі Бундэсвера.

Дапамагаць пацярпелым у зоне сірыйскай вайны яшчэ больш складана. Існуе толькі адзін адкрыты памежны пераход. Германія выдзяляе няўрадавым арганізацыям, якія працуюць на месцах, дадаткова 26 мільёнаў еўра. Грошы накіроўваюцца ў арганізацыі Malteser International, Трансмежны гуманітарны фонд Сірыі і Гуманітарны фонд Сірыі, якія працуюць у рэгіёне ўжо шмат гадоў і якія Германія ўжо даўно падтрымлівае.

THW/Katharina Garrecht.

Выратавальнікі вяртаюцца - дапамога працягваецца

Франкфурт (d.de) - Праз тыдзень пасля катастрафічнага землятрусу, які забраў жыцці больш за 35000 чалавек у Турцыі і Сірыі, нямецкія выратавальнікі вяртаюцца. Надзея выратаваць яшчэ кагосьці з выжылых вельмі малая.

Розныя каманды выратавальнікаў з Германіі бесперапынна працавалі на працягу некалькіх дзён. У панядзелак вярнуліся 50 чалавек з групы хуткага рэагавання THW "Выратавальнікі за мяжой" (Seeba), а таксама сумесная група з арганізацыі I.S.A.R Германіі і арганізацыі па падрыхтоўцы сабак-выратавальнікаў BRH, у складзе якой 42 чалавекі і сем сабак. Ім атрымалася выратаваць жывымі чатырох чалавек з-пад завалаў у правінцыі Хатай. 38 выратавальнікаў з трыма сабакамі з арганізацыі @fire таксама вярнуліся з Кахраманмараша. Яны выратавалі з-пад завалаў дамоў пяць чалавек.

У наш час дапамога засяроджана на аказанні падтрымкі выжылым. Германія і іншыя адзінаццаць краін ЕС ужо паставілі 50 000 зімовых намётаў для сем'яў, 100000 коўдраў і 50 000 абагравальнікаў. Гэтую дапамогу плануецца працягнуць і пашырыць.

picture alliance/dpa.

Гаючыя зёлкі

Маё знаёмства з Хеленай Мацкевіч пачалося ў красавіку 2010 г. у Доме польскім у Магілёве. Тады адбылася вельмі цікавая выстава фатаграфій пад назвай "Аб чым шумяць бярозы?". Фатаграфіі адлюстроўвалі паўсядзённае жыццё двух шляхецкіх родаў на Магілёўшчыне (Фурс-Жыркевічаў і Мацкевічаў) у XX ст., у асобным пакоі былі фотаздымкі пані Хелены, і я разглядала іх найдаўжэй.

Вось, што пра яе піша ўнучка брата спадарыні Мацкевіч, Эва Шэрнер, арганізатарка выставы, і аўтарка кнігі "Біяграфічны слоўнік евангеліцка-рэфармаванага духавенства":

"Сястра братоў Мацкевічаў Хелена Мацкевіч, выпускніца Ягелонскага ўніверсітэта, была адным з першых польскіх фармацэўтаў. Пасля заканчэння навучання і здачы выпускнога экзамена ў Імператарскай ваенна-медыцынскай акадэміі ў Пецярбургу атрымала званне часовага правізара.

У 1910 г. яна вярнулася ў бацькоўскі маёнтак і прыступіла да ажыццяўлення створанага раней плана, для чаго ў 1905 г. пачала вывучаць батаніку, хімію, агародніцтва ў Ягелонскім універсітэце. Яна вырашыла распаўсюдзіць і ўвесці ў прамысловыя маштабы вырошчванне лекавых раслін і збор дзікарослых траў, вялікая колькасць якіх бескарысна вяла. Яна наладзіла сувязі з прадпрыемствамі Магілёва і Масквы, але далейшай працы перашкодзіла вайна. У гэты час яна энергічна ўключылася ў дапамогу выгнаннікам з тэрыторый Каралеўства, не толькі ў часовую, якая заключалася ў прадастаўленні часовага прытулку, але і ў больш доўгатэрміновую.

Яна арганізавала некалькі дзіцячых дамоў, забяспечвала харчаваннем, адзеннем, жыллём і адукацыяй, сама рыхтавала навучальную праграму, выкладала і старалася атрымаць польскія кнігі. Яна пакінула Чарнавусы толькі ў 1920 г. і пасля кароткага знаходжання ў Вільні назаўсёды пасялілася ў Кракаве, дзе і памерла ў 1972 г. ва ўзросце 98 гадоў. Пахавана на Ракавіцкіх могілках".

(https://www.dom-polski.org/pl/potomki-shlyaxty-v-mogileve)

Вельмі канкрэтныя, насычаныя сказы, якія прыводзяць шматгадовую чалавечую працу і памкненні да канкрэтных вынікаў 98 гадоў жыцця. Гэтак і павінна быць у кожнай біяграфічнай нататцы. Гэтая інфармацыя была адпраўной кропкай маіх пошукаў, я хацела высветліць усё магчымае, што паміж гэтымі сказамі, што фарміравала Хелену, захапляла, падштурхоўвала да дзеяння.

Я знайшла у Кракаве надмагільны помнік і даты жыцця пані Хелены (31.01.1874 - 20.03.1972), дзякуючы маёй маці мне ўдалося атрымаць вельмі каштоўную рэч - перадачу з 1964 года, у якой мая гераіня распавядала пра сваю вучобу. Ёй тады было 90 гадоў, і яна вельмі энергічна адказвала, адзіная - з запрошаных пажылых жанчын - не чытала з паперкі, а адказвала ўжывую.

Яна расказала пра пачаткі працы жанчын у фармацэўтычнай галіне. У 19 стагоддзі лічылася, што жанчына з-за сваёй пляткарскай натуры не падыходзіць да аптэкарскай прафесіі, якая патрабуе засяроджанасці, цішыні і спакою. Варта дадаць, што тады фармацэўты не прадавалі гатовыя лекі і касметыкі, але выраблялі іх па строга вызначаным рэцэпце. Дарэчы сёння так атрымалася, што мужчына-фармацэўт - вялікая рэдкасць.

Першым фармацэўткам давялося прабівацца да ведаў, пракладываць новыя сцежкі, сярод выдатных дзеячаў гэтага руху - Антаніна Ляснеўская, Ядвіга Сікорская-Кеменсевічова, Станіслава Даўгялоўна, Яніна Касмоўская і … Хелена Мацкевіч, якая родам з Магілёўскай вобласці.

Хелена паступіла ва ўніверсітэт у 1896 годзе з сямю іншымі жанчынамі. Гэта быў трэці год студэнтак у Ягелонскім універсітэце, як высветлілася, большасць прафесараў і калегаў прыхільна ставілася да жаночай эмансіпацыі, абыякавыя і апазіцыйныя мужчыны прыстасоўваліся пад уплывам большасці. Хелена Мацкевіч згадвала, што ёю рухала цяга да ведаў, а не думка пра грошы, і што яе здзіўляе сучасная моладзь, якая не імкнецца вучыцца, а калі і імкнецца, то звычайна думае пра сваё будучае сацыяльнае становішча і матэрыяльныя выгоды.

Шкада, што ніхто не здолеў зрабіць перадачу толькі пра спадарыню Хелену. Пра бацькоў-паўстанцаў студзеня 1863 года. Пра іх ссылку ў Сібір. Пра ад'езд у Варшаву, пра рашэнне вярнуцца на Магілёўшчыну, пра жыццё ў Чарнавусах, пра тутэйшых, польскую, беларускую і рускую мовы.

А ўсё гэта вельмі цікава. Аказваецца маці Хелены, Схаластыка Мацкевіч у дзявоцтве Ямантава, была адной з самых маладых удзельніц Студзеньскага паўстання, яна была кур'ерам, развозіла лісты і амуніцыю ў Вільні. Уся сям'я Ямантаў займалася канспірацыяй, яшчэ да паўстання частымі гасцямі ў іх хаце былі: Кастусь Каліноўскі, Зыгмунт Серакоўскі, Цітус Далеўскі, Ігнацы Здановіч. Адрасатам вядомага верша "Марыська чарнаброва, галубка мая..." Каліноўскага была сястра Схаластыкі, Марыя Ямантаўна, родная цётка маёй Хелены Мацкевіч!

Бацька, Гжэгаж Мацкевіч, таксама быў удзельнікам паўстання, толька ў іншым месцы, удзельнічаў у бітве пад Горы-Горкамі ў партыі Звяздоўскага "Тапор". Бацькі Хелены пазнаёміліся на ссылцы ў Табольску, у 1870 годзе атрымалі дазвол вярнуцца ў Варшаву, там пажаніліся і ў 1874 годзе нарадзілася мая гераіня, а потым яшчэ чацвёра дзяцей - Вацлаў, Вітольд, Юзаф і Зоф'я.

У Варшаве яны затрымаліся нядоўга і, як толькі з'явілася магчымасць, вярнуліся на Магілёўшчыну, дзе з другой паловы XVII стагоддзя продкі Гжэгажа Мацкевіча мелі маёнткі. Хелена заставалася ў асноўным у Чарнавусах, дзе пачала займацца развядзеннем лекавых раслін. Варта дадаць, што яна ўжо мела адпаведную адукацыю і досвед, 2 гады працавала ў Кракаве ў аптэцы ў сваёй сяброўкі Клемяневічавай, а потым 5 гадоў на кафедры вытворчасці сываратак і ахоўных прышчэпак ад гідрафобіі ў прафесара Буйвіда. Можна толькі здагадвацца, што было б, калі б вайна не перапыніла развіццё прадпрыемства, якое мы маглі мець на Мсціслаўшчыне!

Калі пачалася вайна Хелена, як успамінае Эва Шэрнер, дзейнічала у двух кірунках: адным неафіцыйным, як прадастаўленне часовага прытулку і харчавання бежанцам, і афіцыйным у Магілёўскім аддзеле Польскага таварыства дапамогі ахвярам вайны. Сама яна належала да філіяла ў Дрыбіне. На сродкі, дасланыя Таварыствам, яна арганізавала дзіцячы прытулак, а дакладней, інтэрнат для пакінутых сірот у Цімошкаве, а затым яшчэ адзін у Чарнавусах. Яна забяспечвала харчаваннем, адзеннем, жыллём і адукацыяй. Сама падрыхтавала план навучання і падала заяўку на польскія кнігі. Спачатку яна толькі кіравала работамі і вяла бухгалтарскі ўлік, але калі выхавацелька, скарыстаўшыся выпадкам, пакінула дзіцячы дом-інтэрнат, Хелена была таксама настаўніцай.

у 1920 г. выехала ў Вільню, працягвала прафесійную і дабрачынную дзейнасць, затым пераехала ў Кракаў, дзе працавала да 1933 г. Пазней удзельнічала ў шматлікіх арганізацыях: Федэрацыі жанчын з вышэйшай адукацыяй, Незалежным жаночым клубе, Жаночым грамадскім працоўным саюзе, падчас нямецкай акупацыі працавала ў Патранаце па догляду вязняў, у 1944 і 1945 гадах дапамагала перасяленцам з Варшавы.

Біяграфія Хелены Мацкевіч мяне ўражвае па некалькіх прычынах. Па-першае, ва ўсходняй Беларусі жыла адна з першых фармацэўтак, грамадская дзеячка, якая марыла развіваць вёскі пад Мсціславам, зрабіць нешта добрае для сваёй малой радзімы, развіваць яе прыродныя багацці і мела ўсе інструменты, каб пабудаваць тут добрую фармацэўтычную вытворчасць. Па-другое, Хелена Мацкевіч увесь час была ў руху, у нейкім аб'яднанні, увесь час змагалася за паляпшэнне лёсу чалавецтва, калі не атрымлівалося на сваёй малой радзіме, значыць, трэба было спрабаваць у іншым месцы, і яшчэ, і яшчэ, і гэтак да канца.

Думаю, што варта зберагчы яе нестомную працу ад забыцця і паспрабаваць выявіць іншыя схаваныя пярліны мінулага.

Вясной і летам хачу з'ездзіць у Чарнавусы і сфатаграфаваць яе малую радзіму. Выстава, з якой я пачала гэты артыкул "Аб чым гудуць бярозы?" паказала, што ад шляхецкага жыцця застаўся шолах бяроз, але ўсё адно хочацца прагуляцца сярод дзікіх лугоў, паглядзець на краявіды, дзеля якіх Хелена Мацкевіч стала фармацэўткай, і адчуць пах дзікарослых зёлак, якія могуць натхняць, і як аказваецца, вырашаць чыйсьці лёс ды канешне ж гаіць раны.

Бібліяграфія:

1. Ewa Cherner: Wystawa w Mohylewie, https://www.dom-polski.org/pl/potomki-shlyaxty-v-mogileve.

2. Jadwiga Sikorska-Klemensiewiczowa: Przebojem ku wiedzy, Ossolineum 1961.

3. "Wspomnienia sprzed 70 laty" - wypowiedzi pierwszych w historii Uniwersytetu Jagiellonskiego kobiet - studentek i absolewentek uczelni. Janina Jasicka - byly sekretarz Komisji Historycznej - na temat problemow kobiet chcecych studiowac na uniwersytetach krajowych na przelomie XIX i XX w.; Helena Mackiewicz - byla studentka Wydzialu Farmacji UJ (1896 r.); dr Zofia Mastalerzowa - byla studentka Wydzialu Prawa UJ (1918 r.).

4. Scholastyka Mackiewicz - wikipedia.

Магдалена Лаеўская.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Місія выканальная: Андраюк, Машэраў, Шышла; індзейскі крык - нематэрыяльная спадчына ЮНЕСКА

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-7 (53-59) за 2023 г.)

Індзейскі крык над Дзвіной, пра які наша гаворка сёння, - важная нематэрыяльная спадчына чалавецтва, спадчына ЮНЕСКА, як напісаў бы О. Генры, калі б жыў у наш час. Маўляў, ён дапамагае вывесці грамадства са стану апатыі. Таксама як паўночныя апавяданні Джэка Лондана, якія вучаць мужнасці жыць, выжываць.

У СССР і БССР з самага пачатку разумелі ўніверсальныя каштоўнасці. У 1926 г. у выдавецтве "Гомельский рабочий" было надрукаванае асобна па-руску апавяданне Джэка Лондана "Чарадзей" (ці не быў гэта, па храналогіі, яшчэ цалкам прадукт РСФСР, г.зн. выхад у свет да другога ўзбуйнення БССР, патрабуе ўдакладнення). Поліфанічную карціну першых "індзеянісцкіх поспехаў" у БССР і на ўсёй беларускай прасторы дапаўняе гумарыстычнае мікраапавяданне "Позна" са зборніка О. Генры "Чырвоныя ружы" (Масква, "Красная звезда", 1925, але друкарня - "Камінтэрн" у Віцебску, 10 тыс. экз., серыя "Дешевая юмористическая и сатирическая библиотека", вып. 2) - верагодна, першы твор з усіх літаратур свету, цалкам прысвечаны індзейскай тэме, які надрукаваны ў Беларусі (і гэта першы твор амерыканскай літаратуры, надрукаваны ў нас асобна). У аднайменным, першым у зборніку апавяданні - у адным абзацы - "індзейскія" "выкрыкі" або "ўскрыкі", а ў малавядомым "Позна" і больш таго - як нейкі варыянт "Выкупу правадыра чырванаскурых" (загаловак скарочаны ў нас да "Правадыр чырванаскурых") - пра зняцце скальпа з правадыра Арлінага Пяра генеральскай дачкой, якую ён выкраў.

Дадатковая інфанагода для гэтай рэфлексіі пра "самае першае і самае-самае": выдавецтва "Народная асвета" запланавала (http://mininform.gov.by/news/all/khoroshiy-illyustrator-dolzhen-chuvstvovat-epokhu, 20.03.2021) у серыі "Замежная класіка - дзецям" і ў 2022 г., пасля невялікіх адтэрміновак, выдала кнігу О. Генры "Правадыр чырванаскурых" у перакладзе на беларускую мову. Пераклад з рускай мовы зрабіў М. Чарняўскі, мастак - С. Рыжыкава. Гэта першае асобнае выданне О. Генры на беларускай мове, калі не лічыць самвыдату Алеся Баркоўскага "Выкуп за Правадыра Чырванаскурых: [Пер. з англ.] / О. Гэнры. - Койданава-Амма: Згода, 1998. - 36 с.", які менавіта так адлюстраваны ў каталозе НББ. Гл. таксама: Драздовіч П. Пра шкоду выхавання: "Выкраданне правадыра" паводле "Правадыра чырванаскурых" О. Генры ў Беларускім дзяржаўным тэатры юнага гледача // Мастацтва. 2021. № 9. С. 34-35.

Другой нашай важнай "літаратурнай" навіной 2022 г. было выяўленне (лістапад) паходжання Эдуарда Кандратава, аўтара аповесці "Па барвянай сцежцы ў Эльдарада" (1965, 1982, Куйбышаў, і двойчы за мяжой: на чэшскай мове як "Шлях у Эльдарада" (1967) і на славацкай - "Прыгоды сярод індзейцаў" (1990)). Яго брат Аляксандр яшчэ больш вядомы, нават славуты - аўтар-"атлантыдыст", які быў у кантакце і з расшыфроўшчыкам рукапісаў майя Ю. Кноразавым. Ён нарадзіўся не ў Магілёве, як яго брат, а ўжо ў Смаленску, але таксама занесены ў наш асноўны рэестр - як сын бацькі з вёскі ў Быхаўскім раёне (лётчык, камандзір знішчальнага палка, пахаваны на поўначы Гомельскай вобласці, 1943 г.).

У гэтым выпуску БСІ - віцебскія карані П. Машэрава і В. Шышлы.

Гл. пра яшчэ аднаго Шышлу - у "Кароткіх паведамленнях Інфармацыйнай службы Беларуска-індзейскага таварыства = Краткие сообщения Информационной службы Белорусска-индейского общества" за чэрвень 1991 г. Кароткі змест паведамленняў са сканаванай старонкі: 1) Вядомы савецкі часопіс "Северные просторы" рыхтаваў наш ліст, але… адбыўся распад СССР - гэта, верагодна, паслужыла прычынай таго, што гэтая "місія" аказалася невыканальнай. 2) Адзіным прыкладам, калі мы па пошце атрымалі "генетычны" матэрыял з Амерыкі, мы абавязаны ініцыятыўнасці этнабатаніка Бары Каваш - насенне было высаджанае ў беларускую зямлю і... быў сюрпрыз: вырасла мініяцюрная, "сімвалічная" кукуруза. 3) Пра аўтамабільны міжкантынентальны "Марш міру" з Берасця - і вакол свету, уключаючы Ванкувер. 4) Нататка ў "Знамени юности" пра планы ўдзелу ў экспедыцыі "Калумбы "Рускай Амерыкі"" менскага "Клуба падарожжаў" комплексу пазашкольнай работы "Золак" - планавалася паездка на Аляску. 5) Барыс Шышло - французскі этнолаг. 6) "Місія" а. Сяргея Шырокава на Алясцы - удалася.

АНДРАЮК Данііл - цікавы прыклад сучаснага святара, які працаваў у асяроддзі, што складалася ў значанай ступені з індзейцаў і іншых карэнных Аляскі і іх нашчадкаў ад міжрасавых шлюбаў, - айцец Андраюк, лацінскае напісанне прозвішча якога сведчыць пра сувязь з Польшчай. Сярод нашых адрасатаў - а. Алексій Андраюк, які мае адносіны да беларускамоўнай адукацыі і да праваслаўнага вайсковага ардынарыяту (намеснік ардынарыя) у Польшчы. Прынамсі два Андраюкі служылі ў розных структурах праваслаўнай царквы ў Амерыцы. Святара Васіля Андраюка, як беластоцкага беларуса, згадвае ў сваёй кнізе 1993 г. В. Кіпель. Раней ён служыў у царкве Жыровіцкай Маці Божай (БАПЦ), а пазней - у царкве Св. Кірылы Тураўскага (Канстанцінопальскі патрыярхат), якія знаходзяцца адпаведна ў Хайлэнд-Парку (Нью-Джэрсі) і Рычманд-Хіле (Нью-Ёрк). Айцец Даніла Андраюк - сын Васіля Андраюка - пасля вучобы ў Расіі апынуўся на Алясцы. З англамоўнага артыкула Вікіпедыі пра праваслаўныя парафіі на Алясцы, рэдагаванага 11.05.2008 г., вынікала, што ён прылічаны да нечага, што можна перакласці як "Свята-Ціханаўская парафія маскоўскай місіі - Праваслаўная царква Амерыкі ў Кенаі". Каля 2004 г. ён быў назначаны як дабрачынны ў Кенаі, але адначасова з Вікіпедыяй анкарыджскі праваслаўны сайт падаваў яго электронны адрас як кантакт аднаго з бягучых духоўных кіраўнікоў у Анкарыджы. Пазней ён пераехаў выконваць новую місію, больш адміністратыўнага характару, у Расіі.

У інфармацыі 2014 г. "Паломніцтва да прападобнага Германа Аляскінскага" расказвалася, як праходзіла паездка епіскапа Кашырскага Іова, кіраўніка Патрыяршых парафій у Канадзе, - тады прысвечаная памятнай даце Якава Няцветава (1804-1864), прылічанага да ліку святых з найменнем "Асветніка народаў Аляскі" (яго дзённікі пераклала Л. Блэк; Няцветава было дзявочае прозвішча жонкі аляскінскага місіянера А. Ярашэвіча). Дабраславенне на паездку ён атрымаў ад епіскапа Сіткінскага, Анкарыджскага і Аляскінскага Давіда (Mahaffey, 1952-2020).

"Панядзелак і аўторак наступнага тыдня былі прысвечаныя знаёмству з праваслаўнымі славутасцямі і музеем Анкарыджа. У суправаджэнні айца Данііла Андраюка [выпраўленая памылка ў напісанні прозвішча] (V. Rev. Daniel Andrejuk) - пробашча мясцовай парафіі ў гонар свяціцеля Ціхана, біскуп Іоў і дыякан Андрэй наведалі старажытны і новы Свята-Мікалаеўскі храмы Eklutna [Эклутна, Еклутна, Native Village of Eklutna - вёска атапаскаў дэнаіна (Dena'ina) у муніцыпалітэце Анкарыджа, за 39 км ад горада] з вельмі арыгінальнымі могілкамі, магілкі на якіх зроблены ў выглядзе дамкоў, падобных на пчаліныя вуллі. Уладыка і яго спадарожнік таксама наведалі новапабудаваны выдатны па ўнутраным убранні Ціханаўскі храм, прыхаджане якога, на чале з настаяцелем, вядуць актыўную місіянерскую дзейнасць, а таксама пабывалі ў антыяхійскім прыходзе і грэчаскім храме, прычым біскуп Іоў стаў першым архірэем, які ўвайшоў пад яго скляпенні".

Скарочаная версія гэтага матэрыялу з'явілася як: Андраюк Данііл - Беларускія святары Індзейскага кантынента // Веснік БІТ. 2008. 28 ліп. № 11.

Літ.: 8458 Андрей [Теппер]. Православная Аляска / интервью В. Долгополова и А. Карпука // Ступени. 2008. № 3. (Жонка клірыка Тэпера на Алясцы - беларуска Алеся.)

МАШЭРАЎ Пётр - быў беларускім лідарам, калі ў Беларусі некалькі дзён у снежні 1976 г. правёў чылійскі метыс-камуніст Луіс Карвалан, абменены ў аэрапорце Цюрыха на дысідэнта Уладзіміра Букоўскага; магчыма, гэта быў "першы палітычны абмен паміж СССР і ЗША". Адпаведныя службы "даставілі чылійцаў па прызначаным адрасе і цягніком вярнуліся ў сталіцу". Карвалан яшчэ ў самалёце пачаў хвалявацца наконт прызямлення ў Менску. Чаму Менск? Праз дзесяцігоддзі гэта растлумачыў чалавек, які курыраваў Карвалана ў перыяд, які ён правёў у СССР, - супрацоўнік Міжнароднага аддзела ЦК КПСС Ігар Рыбалкін.

"Абмен адбыўся 18 снежня, а 19-га адзначалі 70-годдзе Леаніда Ільіча Брэжнева. Думаю, што наша кіраўніцтва разважыла, што на свяце госці больш увагі надавалі б Карвалану, а не юбіляру. Леанід Ільіч мог пакрыўдзіцца. Таму мы вырашылі зрабіць прыпынак у Менску. На ваенным аэрадроме нас сустрэў Пётр Машэраў, тады першы сакратар ЦК кампартыі Беларусі. Нас адвезлі ў загарадную рэзідэнцыю. На наша шчасце, у гэты час там знаходзіліся Рауль Кастра з сям'ёй і Коля Лявонаў, генерал КДБ, які быў перакладчыкам у Фідэля. Увогуле, сабралася вельмі прыемная кампанія. Карвалан часам пытаўся, чаму яго прывезлі ў Менск, але я ўсяляк спрабаваў замяць гэтую тэму, казаў: "Ды чакаюць вас у Маскве". Але мы заставаліся ў Беларусі да 23 снежня, пакуль не прыйшла каманда везці Карвалана ў сталіцу".

І ў далейшым беларускія дзяржаўныя дзеячы і дзеячы беларускага паходжання ў іншых рэспубліках і краінах шмат у якіх месцах сутыкаліся з Карваланам.

Менск і Карвалан перакрыжоўваюцца ў самых розных кантэкстах, як, напрыклад: "камсамольска-маладзёжная брыгада менскага вытворчага аб'яднання "Інтэграл" пасля перавароту ў Чылі залічыла ў свае рады Генеральнага сакратара Кампартыі Чылі Луіса Карвалана", па нашай тэрміналогіі, як "ганаровага метыса", "а заробленыя грошы пералічвае ў фонд міру" (з кнігі У. І. Навіцкага "Комплексны падыход да выхавання працоўных: (На матэрыялах БССР)", 1981).

У кнізе Даніяра Сегізбаева "55 нявыдуманых гісторый: запіскі алмаацінца" (2020): "Узяўшыся за пруты кратаў, мы, два лекары з вышэйшай адукацыяй, трэсліся на выбоінах, з цяжкасцю ўтрымліваючыся на слізкай жалезнай падлозе падобна Луісу Карвалану або ўдзельнікам менскага падполля".

Абмяняць на каго-небудзь Леанарда Пелціера - ідэя больш для тых, хто працягне раманы Юліяна Сямёнава. …У Швейцарыі ж, вядома: "Місія выканальная, або The Point of Return in Zurich: Сын Шцірліца вяртае індзейцаў на гістарычную радзіму". Гэта пры тым, што і Шцірліц, і Пелціер - не кінакамедыя, не "Джэнтльмены ўдачы".

У Машэрава, ураджэнца Сенненскага раёна, было, як у кожнага беларуса, нямала прывязак да індзейскай тэмы.

Маючы вопыт збірання індзейскага "антуражу" вакол "дзясяткаў тысяч беларусаў" на "Індзейскай сцежцы праз Беларусь", мы не здзівіліся, калі і ў шафёра Машэрава і нейкіх іншых датычных да аўтамабільнага руху, які стаў прычынай трагедыі, знайшліся параўнанні з індзейцамі - знешнасці, "упрыгажэнняў", да якіх адносіцца нанясенне фарбы, малюнкаў на твар.

Твар шафёра Машэрава параўноўвалі з тварам індзейца. Мы не ведаем, ці думаў Пётр Міронавіч, які меў пачуццё гумару, пра сваіх людзей як пра індзейцаў, але вось таксама ў публікацыі пра яго фігуруюць асобы, якія валтузіліся з "суперМАЗам, які тырчаў тупой мордай", - у іх былі "чорныя палосы на тварах - як баявая расфарбоўка індзейцаў" (Белоруссия, 1997, 22-24 июля). Так адбываецца "індзеянізацыя" Старога Свету - на прыкладзе Беларусі - 24/7, уключаючы сны і міражы, у кожным раёне.

Подпіс Машэрава быў першым пад некралогам Янкі Маўра - маем 46 прозвішчаў падпісантаў са "Звязды", - у якім згадвалася аповесць "Сын вады", г.зн. ёсць пэўная сувязь паміж першым камуністам Беларусі таго часу і галоўным героем аповесці Мангам, які жыў на Вогненнай Зямлі, падзеленай паміж Аргенцінай і Чылі, які так цікавіўся тым, што за гарызонтам, і які пабываў, як і "дарвінаўскія" "фуіджынцы", у Лондане. Праўнучка Пятра Машэрава Настасся атрымала магчымасць убачыць індзейцаў у ЗША, у т.л. і на вуліцах Чыкага, дзе вучылася.

Літ.: 4301 Янка Маўр: [некралог] // Звязда. 1971. 6 жн.

4303 Янка Маўр: [некралог] // Літаратура і мастацтва. 1971. 6 жн. С. 3.

4302 Янка Мавр: [некролог] // Советская Белоруссия.1971. 6 авг.

2321 Софронов А. В. Добро пожаловать в Чили! // Софронов А. В. На ближнем и дальнем Западе: путевые очерки. М., 1968. С. 371-390.

4482 Алигер М. Вечный праздник // Пути в незнаемое: писатели рассказывают о науке. Сб. 6. М., 1966. С. 305-324. (Пра індзеяніста Алехандра Ліпшуца: "на старым пажаўцелым дагератыпе, - стары яўрэй у ярмолцы, аднекуль з Беларусі, дзед чылійскага вучонага" (с. 309); магчыма, першая кніга з тэкстам пра індзейцаў, якую аўтар БСІ бачыў у сваёй сям'і, - падарунак маці-бухгалтара бацьку-інжынеру на дзень нараджэння, 13.03.1968 г., Калінкавічы.)

3028 Галко Т. Е. Из истории борьбы союза Коммунистической молодежи Чили за единство прогрессивного молодежного движения страны (1964-1969 гг.) // Веснік Беларускага універсітэта. Сер. 3. 1975. № 1. С. 21-25.

1115 Галко Т. Е. Коммунистическая молодежь Чили: опыт и уроки борьбы. Мн., 1983.

2640 Мистраль Г. Руки рабочих / пер. О. Савича // Всеобщая песня: стихи зарубежных поэтов / сост. В. С. Семуха. Вступ. ст. Я. Семежона. Мн., 1985. С. 155-156.

2639 Мистраль Г. Попугай / пер. И. Лисянской // Всеобщая песня: стихи зарубежных поэтов / сост. В. С. Семуха. Вступ. ст. Я. Семежона. Мн., 1985. С. 150.

2642 Мистраль Г. Стыд / пер. И. Лисянской // Всеобщая песня: стихи зарубежных поэтов / сост. В. С. Семуха; вступ. ст. Я. Семежона. Мн., 1985. С. 148-149.

2808 В Гомеле - из Чили // Советская Белоруссия. 1995. 1 февр.

2827 Снитко А. Чили - это уже давно не Пиночет // Гомельская праўда. 1995. 11 февр.

11507 Ульянова О., Норамбуэна К. Русские в Чили. Santiago, 2009.

11506 Халип И. Конкистадор из Минска: приехать в СССР ему разрешил Ворошилов // Новая газета. 2008. 30 окт. (Пра чылійца па нараджэнні С. Картэса.)

11301 Паўстанне індэйцаў у Балівіі і Чылі // Беларускае слова. 1927. 20 жн. С. 3.

12136 Бураўкін Г. Чылійскае "калі" // Бураўкін Г. Выбраныя творы: У 2 т. Т. 2: Паэма, вершы, казкі, песні, пераклады. Мн., 1986.

ШЫШЛА Вітольд - (Шышло, Szyszllo; Вітальд) - магчыма, другі пасля Дамейкі па моцы ў практычнай "беларускай амерыканістыцы", калі ўлічваць экспедыцыйны вопыт. Нарадзіўся ў Варшаве, затое яго бацька - у Свянцянскім павеце Віленскай губерні, невялікая частка якога цяпер - у межах Пастаўскага раёна. Паглядзеўшы ў інтэрнэце, мы пераканаемся, як шмат беларусаў - у тым ліку і фармальна, па колішняй 5-ай графе, - насілі прозвішча Шышла або Шышло. Пры гэтым літоўцы таксама могуць больш дэталёва вывучыць яго рэальнае паходжанне.

Бацька Вітольда Вінцэнт пасля Маскоўскага ўніверсітэта меў лекарскую практыку ў родным павеце. Пазней быў членам "рэдакцыйнага камітэта" часопісаў "Biblioteka Warszawska" i "Ateneum".

Пытанні геаграфіі і этнаграфіі ў яго "блытаных" працах ("Працы Шышлы часта недакладныя і спрабуюць спалучыць пазітывісцкі пункт гледжання (з уласцівым яму матэрыялізмам і крытыкай метафізікі) з віталістычнымі і нават спірытуалістычнымі элементамі ("жыццёвая сіла", якая надае дынаміку развіццю арганізмаў)") закраналіся. У 1874 г. пісаў у адной рэцэнзіі: "Пераканаліся сёння, што пачаткі чалавечай культуры ў Амерыцы, Афрыцы, Азіі, Акіяніі, і Еўропе, зусім блізкія паміж сабой. Слушна мовіць нашае народнае прыслоўе, што патрэба ёсць маці вынаходстваў. Патрэбы ж жыцця з'яўляюцца агульнымі для ўсіх народаў, таксама ж агульнымі з'яўляюцца ўказанні, якія чалавек чэрпае з прыроды, каб справіцца…" - "dla zaradzenia sobie".

Яго сын стаў буйным амерыканістам - і моцна еўрацэнтрычным, у адрозненне ад больш "уражлівых" вучоных польскага замежжа. Які ён у рэйтынгу самых вялікіх польскіх падарожнікаў - сказаць не так проста, але вось як ён з'яўляецца ў кампаніі аднаго з яго калег - "канкурэнтаў" па вядомасці: "Эміль Дунікоўскі - прафесар Львоўскага ўніверсітэта, у канцы XIX ст. шмат падарожнічаў з навуковай мэтай па Злучаных Штатах і Мексіцы. Ён перасек Злучаныя Штаты з усходу на захад, даследаваў прэрыі, Скалістыя Горы, Новую Мексіку і Арызону. Перажыў мноства прыгод сярод індзейцаў і золаташукальнікаў; сустракаючыся з поль-скімі эмігрантамі, шмат расказваў ім пра далёкую радзіму. У таварыстве паляка Вітольда Шышлы прабраўся ў глыб балот Фларыды, дзе тады жылі семінолы. Уздоўж і ўпоперак аб'ездзіў Мексіку. Аб сваіх падарожжах напісаў шэраг цікавых кніг, у тым ліку "Мексіка і нарысы падарожжа па Амерыцы" і "Ад Атлантычнага акіяна да Скалістых Гор"" (цытата з вельмі вядомай, "класічнай" кнігі для юнацтва, якая з'явілася ў друку і ў Мінску па-руску, - пра паляка сярод апачаў, "Томэк на сцежцы вайны"; "мноства прыгод сярод індзейцаў" - гэта як расказы рыбакоў пра вялікіх рыб, вялікі ўлоў).

Вітольду належаць кнігі пра Лацінскую Амерыку, выдадзеныя ў пачатку 20 ст.: "Малыя Антылы і Ямайка" (1911), "Мексіка" (1912) - частка вынікаў падарожжа 1901-1912 гг. у Афрыку, Паўночную, "Сярэднюю" і Паўднёвую Амерыку і вакол свету (1908-1910). У 1915 г. пасяліўся ў Перу і стаў вядомым даследчыкам Амазоніі; прафесар універсітэта ў Ліме; яго галоўнай працай лічыцца "манаграфія Амазоніі" пад загалоўкам "Прырода ў Экватарыяльнай Амерыцы" (La Naturaleza en la America Ecuatorial, 1955).

У 1922-1932 гг. быў консулам Польшчы. Памёр у Ліме ў 1963 г. - без аніякай "славы" для Беларусі. Сын яго і Марыі Вальдэломар (Maria Valdelomar), Фернанда дэ Шышла (Szyszlo, 1925-2017), быў "ключавой фігурай у прасоўванні абстрактнага мастацтва ў Лацінскай Амерыцы" - жывапісцам, гравёрам, скульптарам і выкладчыкам. Што яго абстрактныя работы - лацінаамерыканскага аўтарства, сведчаць індзейскія, андскія элементы ў іх - купляйце на Сотбіс або Крысціс па цане ад 8 да 130 тысяч долараў.

Літ.: 4657 Шклярский А. Томек на тропе войны. Мн., 1997.

4658 Шклярский А. Томек у истоков Амазонки. Мн., 1997.

5920 Голденков М. Перуанская Годзилла // Аналитическая газета "Секретные исследования". 2001. № 2. Февр. С. 9.

6807 Перуанская миссия обнаружила три неизвестных племени // Слово. 2002. № 5. Май. С. 15.

1896 Рытуальнае свята індзейцаў племені "каражас", якія жывуць ва ўсходняй Амазоніі / фотахронiка ТАСС // Чырвоная змена. 1988. 1 кастр.

8846 Норвежский король прожил четыре дня с амазонскими индейцами // Народная воля. 2013. 7 мая.

1340 Иваненко В. "Операция Амазония" // Знамя юности. 1982. 20 июня.

1660 На каноэ по рекам Амазонки в Карибское море" - под таким девизом 2 марта начнется международная научная экспедиция, организованная под эгидой ЮНЕСКО // Знамя юности. 1987. 27 февр.

1948 Середа С. На веслах по Амазонке и Карибскому морю // Знамя юности. 1987. 25 марта.

1930 Свірыдзюк А. Ад Ціхага - да Атлантычнага // Чырвоная змена. 1987. 20 чэрв. ("Кіта-Мінск" - карэспандэнцыя пра экспедыцыю.)

890 Амазонія / на здымках: індзеец Амазоніі; насельнікі джунгляў; рыбацкая вёска // Чырвоная змена. 1987. 4 ліп.

1287 Заповедный край - Амазония // Советская Белоруссия. 1987. 2 авг.

891 Амазония - заповедный край / на снимке: индеец Амазонии // Зорька. 1989. 27 окт.

9662 Амазонскі БАМ // Новы час. 2015. 29 мая. С. 29.

2119 Чалавецтва павінна прыняць неадкладныя меры для таго, каб не дапусціць сусветнай экалагічнай катастрофы ў выніку змянення клімату на нашай планеце: месца пражывання індзейскіх плямёнаў Амазоніі знаходзіцца пад пагрозай // Чырвоная змена. 1989. 14 окт.

2126 Человечество должно принять безотлагательные меры к тому, чтобы не допустить всемирной экологической катастрофы / на снимках: индейцы племен Амазонии, среда обитания которых находится под угрозой уничтожения // Советская Белоруссия. 1989. 14 окт.

2125 Человечество должно принять безотлагательные меры к тому, чтобы не допустить всемирной экологической катастрофы вследствие изменения климата на нашей планете / на снимке: среда обитания индейских племен Амазонии находится под угрозой уничтожения / фотохроника ТАСС // Сельская газета. 1989. 17 окт.

11426 Мельникова О. Красная книга народов: ваорани // Планета. 2016. № 2. С. 58-65. (Індзейцы Амазоніі.)

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Пераклады артыкулаў Антона Луцкевіча

Часопіс "Калоссе" за тры кварталы

Пра новы часопіс нельга меркаваць на адным асобным нумары. Толькі праз пэўны час, калі праясніцца аблічча выдання, з'яўляецца магчымасць сфармаваць сваё ўяўленне. Тры выдадзеныя сшыткі беларускага штоквартальніка "Калоссе" даюць нам такую магчымасць.

Беларускае грамадства даўно адчувала неабходнасць такога часопіса. Размовы пра яго і рухі ў гэтым накірунку пачыналіся ад "Заходняй Беларусі" ў 1924 г. да "Родных гоняў" і "Нёмана" ў пазнейшыя гады. На жаль, выданне гэтых часопісаў хутка спынялася, але іх наяўнасць сведчыла пра дастатковасць творчых беларускіх сіл выдаваць такія выданні.

"Калоссе" - літаратурна-навуковае выданне (як напісана ў яго загалоўку), ва ўступе да першага нумара звярнулася да шырокага грамадства - як да больш старой яго часткі, гэтак і да больш малодшай - з заклікам да ўдзелу ў выданні сваімі тэкстамі ці грашовымі складкамі. І грамадства ахвотна паспяшалася ў дапамогай, бо слушна лічыла, што часопіс, разам з іншымі выданнямі, будзе важным чыннікам ў справе кансалідацыі беларускай інтэлігенцыі, якая шмат гадоў расцярушана рознымі - пераважна чужымі ўплывамі і рознай палітычнай арыентацыяй. Пагадзіліся нават з фактам, што выдаўцом новага часопіса будзе "Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры", ідэалагічна набліжаны да беларускай хадэцыі: грашовыя складкі ішлі і ад асоб, якія былі праціўнікамі гэтай партыі і яе прадстаўніцтваў. І "Калоссе" выходзіць менавіта на гэтыя ахвяраваныя грошы і на сродкі, атрыманыя ад продажу часопіса.

Якую ж карысць дало "Калоссе"?

У літаратурнай галіне, перад усім, мы бачым добра знаныя ў Заходняй Беларусі на працягу шэрагу гадоў імёны паэтаў: Арсенневай, Міхася Машары, Фёдара Ільяшэвіча. З маладых аўтараў: Бярозку і Вялецкага. Гэта пяцёрка паэтаў запоўніла літаратурныя аддзелы ўсіх трох сшыткаў, сведчачы пра высокую мастацкую вартасць сваіх вершаў, асабліва калі казаць пра Арсенневу і Машару. Іншыя аўтары, пераважна, яшчэ шукаюць свае дарогі, прыўносячы, як Ільяшэвіч, у паэзію новыя матывы - матывы вялікага горада і рабочых людзей. Характарыстычнай ёсць вялікая колькасць лірычных вершаў гэтых аўтараў.

Проза ў часопісе прэзентаваная ў мінімальнай колькасці.

Але калі "Калоссе" і не здолела знайсці на заходнебеларускай тэрыторыі новых талентаў, новых паэтычных сіл, дык яно ўсё ж ўвяло вельмі цікавыя і істотныя інавацыі - яно перасягнула пагранічную мяжу на ўсходзе і пачало сістэматычна друкаваць паэтычныя творы аўтараў Савецкай Беларусі - пераважна з часоў да распачатай Сталіным барацьбы Масквы з беларускімі "нацдэмамі". У "Калоссях" сустракаем творы такіх выбітных аўтараў, як раманіст Міхась Зарэцкі, як заўчасна памёршы лірык Паўлюк Трус, як Уладзімір Дубоўка, ранейшыя творы якога друкаваліся на Захадзе, празаік Міхась Лынькоў, лірык Язэп Пушча. Гэтыя творы цікавыя яшчэ і тым, што сведчаць пра духоўнае адзінства творчых беларускіх сіл Захаду і Усходу.

Раздзел літаратурных рэцэнзій дапаўняе змест часопіса.

Калі мы зараз пяройдзем да навуковага раздзела, дык і тут убачым тое самае, што і ў раздзеле літаратурным. Колькасць аўтараў тут не занадта вялікая - у кожным з трох сшыткаў сустракаем тыя ж самыя прозвішчы, вядомыя грамадству з ранейшых часоў. Перад усім: др. Ян Станкевіч, маг. Станіслаў Станкевіч, - далей, др. Ст. Грынкевіч, кс. У. Гадлеўскі, інж. А. Клімовіч, М. Шкялёнак і дэбютант Ян Шутовіч. У апошнім нумары знаходзім таксама прозвішча кс. Ул. Талочкі. Кінем погляд на змест і характар іх прац, надрукаваных у часопісах.

Падтытул "Калосся": "Беларускі літаратурна-навуковы часопіс" - прыводзіць рэцэнзента ў некаторае хваляванне, бо ад навуковага часопіса мы мае права чакаць шмат чаго. Але не да ўсіх прац, надрукаваных ў выданні, можна падыходзіць з навуковай мерай - у некаторых з іх мы бачым толькі публіцыстыку. Складаецца ўражанне, што рэдакцыя мае выразна свядомыя мэты - бо разам з працамі навукова-даследчымі, скіраванымі на невялікае кола т. з. "стоадсоткавай" інтэлігенцыі, бачым тэксты, скіраваныя на поў - ці нават чвэрць-інтэлігентаў яшчэ няздольных да крытычнага ўспрымання тэкстаў, да самастойнага мыслення і самастойнага даследавання ўзнятых тэм.

Да навукова-даследчых прац, у прамым значэнні гэтага паняцця, перад усім трэба аднесці працу др. Яна Станкевіча "Северане - беларускае племя". У гэтым артыкуле бачна глыбокае веданне прадмета і навуковага метада. Але калі цалкам паглядзець на асобу аўтара як даследчыка, дык можна было б жадаць лепшага ў яго падыходах да справы ужывання тых ці іншых моўных форм якія грунтуюцца на тым, што так размаўлялі ў старыя часы. Др. Станкевіч не прызнае новых форм, якія можа і паўсталі пад чужымі ўплывамі, але зараз шырока прынятыя народам.

Добра напісаны артыкул Ст. Станкевіча "Беларускія філаматскія вершы Яна Чачота". Аўтар слушна падкрэслівае арганічную сувязь Чачота ў душой беларускага народа і паказвае элементы беларускай народнай паэзіі ў паэзіі Чачота. Невялікі, але каштоўны ўклад у пытанне рэлігійнай прыналежнасці др. Францішка Скарыны - беларускага першадрукара і перакладчыка Бібліі на беларускую мову, зрабіў кс. Ул. Талочка, паказаўшы крыніцы, у якіх трэба было б шукаць адказу. Можа гэтае пытанне зацікавіць беларускіх даследчыкаў на ўсходзе, бо справа ідзе пра пошукі ў полацкіх архівах, недаступных у Заходняй Беларусі.

Цікавым з'яўляецца артыкул др. Ст. Грынкевіча які дэманструе пераход ад навуковасці да публіцыстыкі. Кранаючыся глыбокіх пластоў народнай культуры, на грунце гістарычных дадзеных, ён падыходзіць да праблемы вызначэння беларускага народнага характару.

Грунтоўны і сур'ёзны падыход бачны ў навуковых і літаратурных рэцэнзіях. Адзначым тут рэцэнзію М. Шкялёнка на кнігу "Księdze pamiątkowej ku uczczeniu czterechsetnej rocznicy wydania Pierwszego Statutu Litewskiego" (Wilno 1935), у якой рэцэнзент паказаў глыбокае разуменне праблем гісторыі. Шкялёнак, падобна, як і іншыя маладыя беларускія даследчыкі, імкнецца па новаму ўбачыць гісторыю беларуска-летувіскіх зямель, што з'яўляецца каштоўным дапаўненнем да прац гісторыкаў іншых народаў.

Калі мы зараз кінем позірк на рэшту іншых прац, надрукаваных у "Калоссях", якія прэтэндуюць на навуковасць, дык будзем мець пэўныя клопаты. Гэта рэшта - ці папулярызацыя праблем, больш-менш вядомых і ўжо распрацаваных (А. Клімовіч. "Апошнія гады паншчыны на Беларусі" і "Скасаванне паншчыны на Беларусі", дзе звяртаюць на сябе ўвагу матэрыялы віленскага архіва), альбо - публіцыстыка.

Такой публіцыстыкай, перад усім, ёсць артыкулы кс. Ад. Станкевіча. Адзін - "Мужыцкая праўда і Гоман", другі - "праф. Браніслаў Эпімах-Шыпіла". У першым артыкуле заўважна пэўная тэндэнцыйнасць аўтара, які прыстасоўвае змест "Мужыцкай праўды" да сваіх высноў і прапускае ўсё, у чым выяўляецца нацыянальны дуалізм Каліноўскага, характэрны для ўсіх сучасных яму дзеячаў, якія працавалі на грунце нацыянальнага адраджэння беларусаў і выраслі пад польскім культурным уплывам (не вызваліўся ад яго нават і Фр. Багушэвіч, які памёр у 1900 г.).

У другім артыкуле, прысвечаным памяці памерлага ў прошлым годзе беларускага прафесара Бр. Эпімах-Шыпілы, ёсць зразумелы пафас, аўтар карыстаецца высокімі словамі з мэтай выклікаць у чытача павагу да гэтай, і сапраўды, вельмі нестандартнай асобы. Але не трэба пераціскаць. Ніхто не мае права ігнараваць праўду, якая з'яўляецца мэтай даследчыка. Кожны, хто ў перадваенныя гады вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце, мусіў ведаць прафесара Эпісах-Шыпілу, як памочніка ўніверсітэцкага бібліятэкара, які выдаваў студэнтам кніжкі, а тым, хто выязджаў на канікулы, выдаваў сертыфікаты аб вяртанні ўзятых раней кніг. Кожны бачыў, што гэта была сціплая пасада - такіх памочнікаў у вялікай універсітэцкай бібліятэцы было каля 30. Таму прыкра ўражвае цверджанне, што Эпімах-Шыпіла быў фактычным дырэктарам бібліятэкі, "якім не мог быць афіцыйна, з-за свайго каталіцкага веравызнання". Нашто патрэбна такое, далікатна кажучы, перабольшванне?

Не стасуецца з праўдай і цверджанне, што творцам і галоўным кіраўніком выдавецкага таварыства "Загляне сонца і ў наша ваконца" ў Пецярбургу быў Эпімах-Шыпіла. Роля памерлага ў працы таварыства, якое месцілася ў яго прыватнай кватэры, без сумнення была вельмі важнай і, акрамя ўсяго іншага, на ім ляжаў абавязак адпаведнай моўнай карэктуры твораў, якія друкаваліся. Але для чаго крыўдзіць тут праф. Вацлава Іваноўскага, які, па-праўдзе, быў галоўным арганізатарам і фактычным кіраўніком таварыства - яго spiritus movens? І, аб працы нябожчыка сярод пецярбургскіх рабочых наогул нельга нават і казаць, бо такой працай, загружаны бібліятэчна-педагагічнай - сваёй прафесійнай дзейнасцю, ён ніколі не займаўся. І нарэшце, ён быў дзяржаўным чыноўнікам.… А "Загляне сонца…" паўстала ў 1906 г. - у тым самым, што і "Наша Ніва", і толькі запальчывасцю кс. Станкевіча можна растлумачыць яго тэзу, што час "Загляне сонца…" - ці "шыпілаўскі" час, папярэднічаў часу "Нашай Нівы".

Публіцыстычны, а не навуковы характар мае і нататка Гадлеўскага пра "100-годдзе новага беларускага друку" ці па-іншаму, 100-годдзе выдання беларускага катэхізіса ў 1835 г. Як цвердзіць сам аўтар, з-за адсутнасці архіўных матэрыялаў, ён не змог прывесці нейкіх новых фактаў пра выданне катэхізіса.

Нарэшце артыкул Я. Шутовіча пра Адама Гурыновіча. На пачатку аўтар піша, што будзе казаць пра літаратурную творчасць гэтага беларускага рэвалюцыянера і этнографа, але ў іншым месцы паведамляе, што будзе казаць толькі пра яго грамадскую і рэвалюцыйную дзейнасць. Чытаючы артыкул, адчуваеш расчараванне - малады аўтар толькі пералічвае творы Гурыновіча, дадаючы пра іх змест толькі па некалькі слоў. А шкода: творчасць Гурыновіча - сучасніка Багушэвіча, варта значна больш вялікага і ўдумлівага артыкула, бо ён характарыстычна прадстаўляе ўвогуле беларускіх дзеячаў канца мінулага стагоддзя.

Кожны сшытак "Калоссяў", на абодвух старонках кардону вокладкі, заканчваецца цікавай інфармацыяй з беларускага культурнага жыцця. Першая вокладка - без інфармацыі.

Часопісу трэба пажадаць больш выразнага вызначэння сваіх мэт і дарогі да іх. Хай ён вызначыцца, ці надалей будзе часопісам істотна навуковым (да чаго, як бачна з гэтай рэцэнзіі, ёсць падставы), ці выданнем, якое папулярызуе веды і друкуе публіцыстыку. Гэта б безумоўна станоўча адбілася б на выданні і ўзмацніла б падставы яго існавання праз удзел новых сіл - як аўтараў, гэтак і ахвярадаўцаў.

A. Ł.[Антон Луцкевіч] “Kałośsie” za trzy kwartały // Pregląd Wileński. 1935. № 22–23. S. 12–15.

"Калоссе", сшытак IV, 1935 г.

У самым канцы мінулага года выйшаў чацвёрты сшытак гэтага штоквартальніка.

Літаратурны раздзел у агульных рысах змяніўся мала, але ў ім размешчаны некалькі новых празаічных твораў, прозы як раз бракавала ў папярэдніх нумарах. Адзін з іх "Яшчэ адна" пяра Вік Рэно, чэрпае сюжэт з беларускага жыцця і нагадвае нам пра асобу пэўнага дзеяча, пакаранага Грамадзянскім судом за антыдзяржаўную дзейнасць. Вершы Арсеннявай, Машары і Бярозкі па-ранейшаму высокай якасці.

У сувязі з зыходам з рэдакцыі шэрагу супрацоўнікаў, зніклі навукова-даследчыя артыкулы пэўных аўтараў, імёны якіх мы бачылі ў папярэдніх нумарах. Гэта раздзел прадстаўляе: біяграфія беларускага этнографа М. Нікіфароўскага, напісаная М. Пецюкевічам і артыкул Ул. Талочкі аб нацыянальнасці прафесара М. Баброўскага. Першая з гэтых прац абапіраецца пераважна на рускія крыніцы. Аўтар паказвае, што Нікіфароўскі ў сваёй дзейнасці ўжо праяўляў значную нацыянальную свядомасць і высока ацэньвае яго навуковыя і нацыянальныя заслугі. Другая праца - кс. Талочкі - ломіць ранейшыя тэзы даследчыкаў: ці служыла унія нацыянальнай справе беларусаў, ці наадварот, была чыннікам паланізацыі? Кс. Талочка цвердзіць і мае ў гэтым рацыю, што было і першае і другое. Законнікі ўніяты-базыльяне ў сваёй дзейнасці прычыніліся да паланізацыі, а белае духавенства горача гэтаму супрацьдзейнічала. Кажучы пра нацыянальнасць Міхала Баброўскага, аўтар паказвае, што погляды Баброўскага на яго нацыянальнасць, некалькі разоў мяняліся: пэўны час ён называў сябе "ruthenus", а потым "polonus" а потым, разам з мітрапалітам Сямашкам перайшоў у рускае праваслаўе. Аднак кс. Талочка не растлумачыў, чаму замест нацыянальнасці Баброўскага "беларус", ён ў дужках падаў "украінец". Ці можа агрэсіўнасць аднаго з украінскіх даследчыкаў, які прысвоіў сабе Баброўскага, перашкодзіць удакладненню, што трэба разумець пад самаакрэсленнем "ruthenus"?

З публіцыстычных артыкулаў трэба звярнуць увагу на невялікі артыкул кс. Адама Станкевіча "Цені і блескі" пра беларускую культурную працу ў Савецкай Беларусі - нацыянальную па форме і пралетарскую па змесце. Аўтар цвердзіць, што няглядзячы на ўсе абмежаванні, накінутыя камуністычнай партыяй, яна мае і пэўныя станоўчыя вынікі для беларускай справы. Аднак кс. Станкевіч непатрэбна абцяжарыў свой артыкул філасофскімі разважаннямі на тэму культуры і цывілізацыі а таксама матэрыялізму і ідэалізму, якія могуць выклікаць шэраг сур'ёзных засцярог. З-за таго, што чытачы "Калосся" не заўсёды здольны да крытычнага стаўлення да пададзенай у часопісе інфармацыі і засвойваюць яе in verba magistri, належала б больш асцярожна падаваць не зусім навуковыя дэфініцыі.

Сшытак канчаецца бібліяграфічнымі нататкамі пяра W. G. пра два першыя тамы выдавецтва "Запіскі аддзела гуманітарных навук" (Менск, 1928 і 1930) ў якіх надрукаваныя вынікі археалагічных даследаванняў Інстытута беларускай культуры, пераўтворанага ў Беларускую акадэмію навук.

У сувязі з юбілеем двух беларускіх паэтаў - Янкі Купалы і Змітрака Бядулі, у нумары надрукаваны падборкі вершаў гэтых паэтаў з кароткай нататкай Я. Шутовіча.

A. Ł.[Антон Луцкевіч] “Kałośsie”, zeszyt IV, r. 1935. // Pregląd Wileński. 1936. № 1–2. S. 10–11.

Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша.

Бліны ды аладкі ў Дворышчы

У аграгарадку Дворышча адбылося брэндавае свята - свята бліноў "Бліны ды аладкі - усё вясны-красны нагадкі". Гледачы атрымалі асалоду ад святочных бліноў, цікавых гульняў і спаборніцтв, катання на конях коннаспартыўнай школы.

Уразіў жыхароў і выступ народнага сямейнага ансамбля Парфенчыкаў "Мы з вёсачкі-калыскі". Свята бліноў як сонца на далоні, прывяло нам ясны дзень. А галоўнае зіму праводзілі!

ТК "Культура Лідчыны"

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX