Папярэдняя старонка: 2023

Наша слова.pdf № 09 (61) 


Дадана: 28-02-2023,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 9 (61), 1 сакавіка 2023 г.

Тыдзень роднай мовы

Як праходзіла рэспубліканская дыктоўка

Міжнародны дзень роднай мовы - цудоўнае свята. Яно было заснавана ў 1999 годзе рашэннем Генеральнай сесіі ЮНЕСКА і штогод адзначаецца 21 лютага. Беларусь не стала выключэннем. У нашай краіне Дзень роднай мовы адзначаецца шэрагам мерапрыемстваў. Адно з іх - рэспубліканская дыктоўка, ініцыяваная старшынём Прэзідыума НАН Беларусі акадэмікам Уладзімірам Гусаковым.

Дырэктар Інстытута лінгвістыкі імя Якуба Коласа Ігар Капылоў з прыемнасцю адзначыў, што цікаўнасць да дыктоўкі з кожным годам толькі расце. Па яго словах, у гэтым годзе на яе запісалася больш за 9 тысяч людзей. Прадстаўлены ўсе 118 раёнаў Беларусі. Акрамя таго, ёсць удзельнікі з-за мяжы: з Канады, Італіі, Германіі, Чарнагорыі, Сербіі, Грузіі і нават з далёкай Аляскі.

Сёлета тэкст для дыктоўкі быў абраны невыпадкова. "Беларусь - краіна-мара" - менавіта такая назва ў тэкста, напісанага Уладзімірам Гусаковым спецыяльна для гэтага мерапрыемства. Там распавядаецца пра прыгажосць нашай прыроды, пра няпростую гісторыю краіны, пра тую веліч, якой дасягнула Беларусь у мірны час.

Самыя граматныя ўдзельнікі атрымалі пасля дыктоўкі падарункі: тлумачальныя слоўнікі і сертыфікаты пра ўдзел у рэспубліканскай дыктоўцы.

Лізавета ГОЛАД. Фота аўтара.

Дыктоўка з марамі Максіма Гарэцкага

Дзень роднай мовы ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце адзначылі агульнаўніверсітэцкай дыктоўкай. Для чытання быў абраны фрагмент з твораў Максіма Гарэцкага, чыё 130-годдзе мы адзначылі напярэдадні. Агучыць прачулыя, мудрыя і сакавітыя словы класіка была запрошана пісьменніца, загадчык аддзела культуры газеты "Звязда" Людміла Рублеўская.

Прыняць удзел у пачэснай акцыі, каб выказаць любоў і павагу да беларускай мовы, прыйшло больш за паўтары сотні студэнтаў, а таксама выкладчыкі ўніверсітэта.

-Усім добра вядома, што беларуская мова з'яўляецца адной з самых меладычных моў у свеце, - заўважыў у прывітальным слове прарэктар універсітэта па навуковай працы Ягор Гусакоў і пажадаў усім добра справіцца з дыктоўкай.

Напачатку ўдзельнікаў чакаў падарунак: беларуска-кітайскі квартэт выканаў песню "Купалінка", потым група кітайскіх студэнтаў агучыла верш Максіма Багдановіча "Я хацеў бы спаткацца з вамі на вуліцы..." Выкананая на цымбалах дзівосная мелодыя песні "Ты мне вясною прыснілася..." стала нагодай аддаць даніну памяці аўтару слоў, паэту Міхасю Шушкевічу, які нядаўна пайшоў з жыцця.

Тэкст дыктоўкі меў назву "Жыццё, жыццё... як тыя мары...". Тэкст, які складалі цытаты з некалькіх вядомых твораў, захапіў філасофскім зместам і мілагучнасцю. Як адзначыла Людміла Рублеўская, мова Максіма Гарэцкага надзвычай багатая, насычаная адметнымі, малавядомымі словамі і нават аўтарскімі новатворамі, некаторыя з якіх прыжыліся ў беларускай літаратурнай мове. Сустракаліся такія сакавітыя словы і ў тэксце дыктоўкі, так што нават добрыя знаўцы мовы змаглі ўзбагаціць свой лексічны запас.

Акцыя адбылася ў добрым настроі, усе шчыра стараліся, а сам тэкст па першым прачытанні выклікаў незапланаваныя апладысменты: "Жыццё, жыццё! Мы ўсе прыходзім на свет хто песняром, хто разьбяром, а хто тым і сім патроху. Бачу я бясконцы шлях у вялікім полі. І падарожнікаў... І вечнасць варушыцца ў маёй істоце: ідзі, ідзі!". Адразу пасля завяршэння працы ўдзельнікі змаглі з дапамогай загадчыка кафедры беларускай і рускай моў БДЭУ Вольгі Губскай праверыць, як справіліся з заданнем, зверыцца з тэкстам на экране і нават разабраць памылкі.

Пасля падвядзення вынікаў удзельнікі змаглі задаць пытанні Людміле Рублеўскай, тым больш у зале аказаліся добрыя знаўцы і прыхільнікі яе творчасці, потым адбылася аўтографсесія. Студэнты беражліва забіралі свае бланкі з дыктоўкай, каб дадаць да папярэдніх, з такіх жа дыктовак, і запэўнівалі, што наступныя гады абавязкова папоўняць гэтую калекцыю.

Людміла ІВАНОВА. Фота: БДЭУ.

Міжнародны дзень роднай мовы ў Гарадзенскім медыцынскім універсітэце

Міжнародны дзень роднай мовы ў Гарадзенскім медыцынскім універсітэце традыцыйна адзначылі напісаннем дыктоўкі, якая гэтым разам была прысвечана 65-годдзю стварэння ГрДМУ. У дыктоўцы прынялі ўдзел студэнты, выкладчыкі, супрацоўнікі ўніверсітэта.

Гэтаму мерапрыемству папярэднічалі Дні беларускай мовы, падчас якіх адбыліся сустрэчы студэнтаў з паэтамі літаратурнага клуба "Катарсіс" ГрДМУ, экскурсіі ў музей беларускай этнаграфіі дадзенага ўніверсітэта, а таксама паэтычны конкурс "Беларуская мова напеўная". Прыемна, што ў сценах ГрДМУ столькі адданых прыхільнікаў роднага слова!

Наш кар.

Леаніду Лаўрэшу - 60 гадоў

Пісьменнік, які прэзентуе прафесійную культуру гісторыка

На першыя краязнаўчыя артыкулы Леаніда Лаўрэша натхнілі адкрыцці, зробленыя разам з сябрамі падчас вандровак па роднай Лідчыне ў 2000 г. У вёсцы Ішчална яны знайшлі дзейны сонечны гадзіннік XVIII ст. - ці не адзіны ў Беларусі, у вёсцы Бабры - язычніцкі камень-следавік, навуцы да таго невядомы. Услед прыйшла цікавасць да помнікаў храмабудаўніцтва Лідчыны, а разам з імі - і да канфесійнай гісторыі Беларусі і краю. З-пад пяра выйшлі артыкулы пра асобныя прыходы, храмы, капліцы розных канфесій, пра замкі і палацы, маёнткі і сядзібы Лідчыны. Асобныя працы даследчык прысвяціў лідскай чыгунцы і пошце, навучальным установам і прамысловым прадпрыемствам, пахаванням і месцам гістарычных падзей. Ён піша пра войны паўстанні; звяртаецца да пытанняў эканамічнай гісторыі; рэканструіруе невядомыя факты гісторыі населеных пунктаў краю. Храналагічны дыяпазон навуковай зацікаўленасці Леаніда Лаўрэша гісторыяй Лідчыны - ад часоў першабытнасці і сярэднявечча да Заходняй Беларусі 1921-1939 гадоў.

Ці ведае яшчэ хто так грунтоўна гісторыю Ліды і Лідчыны, як Леанід Лаўрэш? Напэўна, гэта рытарычнае пытанне. Ён можа не проста распавесці пра кожную вуліцу, наяўны будынак, храм, але і даць уяўленне, як яны змяняліся ў часе. Усё гэта сам даследаваў па крыніцах. Слухаючы яго, нібы перамяшчаешся ў часе і крочыш па эпохах. Ён ведае кожную гістарычную вёску свайго краю.

У полі зроку дапытлівага вандроўніка і даследчыка таксама людзі - звычайныя лідзяне і знакамітыя ўраджэнцы краю. Ён піша пра педагогаў і студэнтаў, вучоных і мысліцеляў, пісьменнікаў і мастакоў, святароў і вернікаў, вайскоўцаў і паўстанцаў, пра манархаў і ўраднікаў, масонаў і камуністаў, яўрэяў, і гараджан, і сялян. Апублікаваў біяграмы і біяграфічныя даследаванні, прысвечаныя фундатару Маламажэйкаўскай царквы Шымку Мацкавічу, асветніку Францішку Нарвойшу, акадэміку Берлінскай акадэміі Аляксандры Нарбут, манаху-базыльяніну Цэзарыю Каменскаму, вучонаму-астраному Марціну Пачобуту-Адляніцкаму, міністру Беларускай Народнай Рэспублікі, генералу Кіпрыяну Кандратовічу, паэту Антонію Гарэцкаму, лідскаму гісторыку XX ст. Міхалу Шымялевічу і інш.

Асаблівую цікавасць лідскі даследчык мае да гісторыі навукі: філасофіі, гісторыі, астраноміі. Ён першым напісаў кнігу пра развіццё астраноміі ў Беларусі - "І зорнае неба над галавой…" (Мінск, 2013. 266 стр.).

Сукупнасцю сваіх прац - а гэта 13 кніг і больш за 330 артыкулаў - Леанід Лаўрэш адкрыў сваім землякам шматлікія невядомыя старонкі мінулага Лідчыны і стварыў грунтоўную і багатую гісторыю свайго краю, паказаўшы яе ўнікальнасць. У 2017 г. Саюз беларускіх пісьменнікаў прызнаў літаратурны, публіцыстычны і перакладчыцкі талент Лаўрэша і прыняў у склад сваіх сяброў.

Працы даследчыка Лідчыны - кнігі і артыкулы - заснаваны на багатым фактычным матэрыяле і грунтуюцца на саліднай крыніцавай базе. Гэта самыя разнастайныя крыніцы, архіўныя і апублікаваныя: помнікі права і актавыя матэрыялы, справаводства і статыстыка, летапісы і хронікі, літаратурныя і публіцыстычныя творы, мемуары і перапіска, перыёдыка. У сваіх краязнаўчых даследаваннях Леанід Лаўрэш зыходзіць з яго вялікасці факту. Шэраг публікацый ён прысвяціў самім крыніцам - рэчавым, вусным, пісьмовым і выяўленчым, у тым ліку каменным магілам, паданням, малюнкам, паштоўкам і фотаздымкам.

Звычайна краязнаўства асацыіруецца з аматарствам. Гэта не пра Лаўрэша. Яго кнігі - гэта навуковае даследаванне, хай сабе і выкладзенае ў папулярнай форме, але напісанае на грунтоўным крыніцазнаўчым і гістарыяграфічным падмурку, што прэзентуе прафесійную культуру гісторыка. І кнігі яго маюць пэўны рэзананс у гістарычнай супольнасці Беларусі.

Не выпадкова кафедра гісторыі Беларусі Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы не аднойчы запрашала лідскага даследчыка да супрацоўніцтва і ён удзельнічаў у творчым калектыве, які па заданні Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук працаваў на навуковымі праектамі. Ён - удзельнік шматлікіх навуковых гістарычных канферэнцый і круглых сталоў, дзе выступаў па лідскай тэматыцы. У 2020 г. Леанід Лаўрэш быў узнагароджаны граматай-падзякай ад Інстытута гісторыі "За арганізацыю навукова-пошукавай работы і плённую працу на ніве краязнаўства".

Лідскі асветнік

Калі па пошукавай сістэме мы знаходзім у рэсурсах інтэрнэта патрэбныя нам тэксты па гісторыі Беларусі і Гарадзеншчыны, наўрад ці думаем, што трэба быць удзячнымі людзям, якія іх змясцілі ў сусветным павуцінні. Адзін з іх - Леанід Лаўрэш. Інжынер, які адзін з першых зразумеў, што будучыня - за электроннымі бібліятэкамі (рэсурсамі), і паставіў лічбавыя тэхналогіі на службу гістарычнай навуцы і краязнаўству. У 1999 г. ён стварыў сайт pawet.net, прысвечаны беларускай гісторыі і культуры, і вось ужо 24-ты год мэтанакіравана і сістэматычна напаўняе яго новымі, а таксама і старымі, выяўленымі ім, кнігамі і артыкуламі, картамі і альбомамі, аўдыя- і відэаматэрыяламі. Робіць гэта штотыдзень, па суботах, у вольны ад асноўнай работы час, калі большасць з нас адпачывае.

З часам pawet.net стаў найбагацейшым гістарычным парталам. У ім - бібліятэка з раздзеламі "Гісторыя", "Мастацтва", "Філалогія, Гісторыя літаратуры", "Філасофія, роздумы" і іншае. Яны, у сваю чаргу, падзяляюцца на падраздзелы. У каталогу-раздзеле "Гісторыя" выдзяляюцца падраздзела "Гісторыя Беларусі", "Гісторыя навукі" і "Гісторыя Лідскага павета, краязнаўства". А яны, у сваю чаргу, утрымліваюць тэматычныя, храналагічныя і імянныя падраздзелы. І ўсё гэта - лёгкае для пошуку. Сістэма "Пошук" унутры сайта, між іншым, таксама настроена. Ужо яна сведчыць пра багацце тэматычнай электроннай бібліятэкі, якую стварыў Леанід Лаўрэш.

Асобна вылучаюцца багаты збор мемуараў людзей, якія жылі ў розныя эпохі; калекцыя альбомаў, фатаграфій, карцін. У раздзеле "Лідская генеалогія" вы можаце паспрабаваць і нават рэальна знайсці сваіх продкаў з Лідчыны. На сайце - таксама калекцыя карт XVIII-ХХІ ст.

На сайце pawet.net вы знойдзеце насычаныя ўнікальнымі матэрыялымі па гісторыі Лідчыны газеты "Zemia Lidska", "Zycie Lidskie", "Лідскае Слова", архіў газеты "Наша слова" за 2005-2023 гады. Тут жа - "падшыўка" краязнаўчага, гістарычна-літаратурнага часопіса "Лідскі летапісец" за 2003-2022 гады. Які яшчэ раён Гарадзеншчыны мае свой гістарычны часопіс? Стараннямі пісьменніка і журналіста Станіслава Судніка, які сваё жыццё прысвячае беларускай мове і гісторыі, Лідскі раён мае.

Галоўная старонка сайта pawet.net адлюстроўвае найноўшыя, размешчаныя ў папярэдні тыдзень, тэксты - манаграфіі і навукова-папулярныя працы, матэрыялы навуковых канферэнцый, артыкулы, перыядычныя выданні, візуальныя матэрыялы і інш.

Агульны аб'ём інфармацыі на сайце pawet.net вымяраецца гігабайтамі. Штодня гэтым унікальным рэсурсам карыстаецца сотні, а то і тысячы чалавек. Калі ў адрасе знойдзенага вамі тэкста будзе прысутнічаць слова "pawet", знайце - за поспехам вашай знаходкі стаіць ужо вядомы вам Леанід Лаўрэш. Створаны ім сайт служыць развіццю беларускай гістарычнай навукі і адукацыі.

Вядомы беларускі гісторык Яўген Анішчанка сваю кнігу па генеалогіі пад назвай "Шляхта Лидского павета" (Мінск, 2013) пачаў такімі словамі: "Шляхце Лідскага павета пашанцавала. Ужо досыць даўно ў Інтэрнэце існуе сайт "Павет", прысвечаны розным бакам гісторыі гэтага краю, у тым ліку і пытанням генеалогіі. На ім публікуюцца новыя рэтраспекцыі па гэтым рэгіёне як у агульным плане, так і па асобных родах".

У пачатку XVI ст. Францыск Скарына з Полацка даў беларусам друкаваную кнігу. На скульптуры ў Лідзе асветнік трымае ў руках разгорнутую кнігу і нібы гаворыць нам, сённяшнім: "Бярыце, чытайце!" Гэтак жа ў пачатку ХХІ ст., у век новых тэхналогій, Леанід Лаўрэш адкрывае перад намі багатую тэматычную кніжную скарбніцу, якую назапашваў дзесяцігоддзямі: "Бярыце, чытайце!" Асветнік - гэта чалавек, які бескарысна нясе людзям веды; прагрэсіўны грамадскі дзеяч, пашыральнік перадавых ідэй і ведаў.

Патрыёт свайго краю

Леанід Лаўрэш - таленавіты даследчык слаўнага гісторыяй горада Ліды і Лідскага краю. А таксама вялікі патрыёт сваёй малой радзімы, якую ўслаўляе, гістарычны прэстыж якой уздымае сваімі кнігамі і артыкуламі. Яны перадаюць дух і атмасферу мінулых эпох, дапамагаюць убачыць прыгажосць і веліч нацыянальнай гісторыі і адчуць яе боль, зразумець, як жылі пакаленні продкаў, якія праблемы турбавалі нашых бацькоў, дзядоў і прадзедаў. Пакаленні лідзян выхоўваюцца на даследаваных Леанідам Лаўрэшам эпізодах мінулага, на іх прыкладах фарміруецца гістарычная памяць землякоў. Для вывучэння ён абірае не толькі малыя эпізоды, але актуальныя гістарычныя сюжэты і вызначальныя моманты айчыннай гісторыі, якімі былі, напрыклад, нацыянальна-вызваленчыя паўстанні ХІХ ст. Сваімі аўтарскімі даследчымі працамі, а таксама ўсім зместам назапашаных, сабраных разам і даступных цікаўным лічбавых рэсурсаў Леанід Лаўрэш прышчэплівае суайчыннікам пачуццё гонару за сваю зямлю і народ. У супольнасці гарадзенскіх гісторыкаў высокі гістарычны рэйтынг Ліды сфармаваны не толькі старажытным замкам і помнікам Скарыну, але таксама працамі Лаўрэша і яго выступленнямі на навуковых канферэнцыях.

А да таго ж усю сваю даследчыцкую дзейнасць і пісьменніцкую творчасць таленавіты лідзянін ажыццяўляе на беларускай мове, якая з'яўляецца важным элементам нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў і фактарам нацыянальнай бяспекі Беларусі.

Чалавек, які больш за траціну жыцця прысвяціў таму, каб жыхары Лідчыны ведалі гісторыю свайго краю і ёй ганарыліся, які паставіў на службу краязнаўству і гістарычнай навукі каштоўны інфармацыйны рэсурс - электронную бібліятэку, варты нашага прызнання, падзякі і павагі.


1 сакавіка 2023 года беларускаму пісьменніку, краязнаўцу і даследчыку Леаніду Лаўрэшу спаўняецца 60 год. Жадаю яму новых даляглядаў у творчай, даследчай дзейнасці! Здароўя і шчасця!

Святлана Марозава, доктар гістарычных навук, прафесар.

Каб мова беларуская гучала…

Святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы стала традыцыйным мерапрыемствам для ўсіх філіялаў ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы". Мерапрыемства, якія прайшлі ў бібліятэках сістэмы, праводзіліся з мэтай папулярызацыі беларускай мовы і выхавання павагі да гісторыі і спадчыны свайго народа.

Родная мова - гэта характар народа, яго памяць, гісторыя, яго розум і вопыт. Кожны чалавек, які жыве ў Беларусі, павінен ведаць беларускую мову, бо гэта - наша галоўнае нацыянальнае багацце і адрозненне. Таму да 21 лютага, калі міжнародная супольнасць адзначае Сусветны дзень роднай мовы, супрацоўнікі бібліятэк Лідчыны разам са сваімі чытачамі і наведвальнікамі з асаблівым гонарам і пачуццём размаўлялі па-беларуску пра сваю родную мову.

У Міжнародны дзень роднай мовы ў філіяле "Лідская гарадская бібліятэка №2" прайшло мерапрыемства "Родная мова - ты матчына мова!" у выглядзе гульні "Поле цудаў". Галоўная мэта гульні - далучэнне дзяцей да багацця беларускай мовы, выхаванне з маленства думкі, што ў чалавека ёсць толькі адна мова і назва ёй - беларуская. Рознабаковыя заданні дапамаглі прайсціся па старонках мінулага, зазірнуць у беларускую хатку, дзе даведаліся пра адзенне і побыт беларусаў, адчулі смак беларускай мовы разам са знаёмствам са стравамі беларускай кухні.

У філіяле "Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка" прайшоў літаратурны дыялог "Я - беларус, і я шчаслівы, што мову маці мне дала". Дзеці ласкавымі словамі называлі нашу мову, паслухалі вершы пра Радзіму, беларусаў, мову, пазнаёміліся з беларускімі народнымі казкамі, паказалі сябе знаўцамі беларускіх загадак і паспрабавалі стаць перакладчыкамі.

Філіял "Інтэграваная бібліятэка агр. Бердаўка" запрасіў гасцей на гадзіну роднай мовы "Вы слухайце родную мову, як пявуча льецца і гучыць". На працягу мерапрыемства бібліятэкар імкнулася паказаць усю прыгажосць і непаўторнасць роднай мовы, распавяла аб тым, які шлях давялося прайсці беларускай мове, каб стаць адной з самых прыгажэйшых моў свету. Дзеці з цікавасцю прынялі ўдзел у гульні "Прачытай верш", у імпрэзе "Размаўляй са мной па-беларуску", успомнілі беларускія прыказкі і прымаўкі.

Паэтычная хваля "З родным словам круглы год" у аграгарадку Дворышча закранула шматлікіх жыхароў мястэчка. У дзень роднай мовы наведвальнікі філіяла "Інтэграваная бібліятэка агр. Дворышча" атрымалі кнігі беларускіх пісьменнікаў на роднай мове на сваіх працоўных месцах, каб затым, сваім прыкладам, заахвочваць сваіх дзяцей і родных да чытання на беларускай мове.

З мэтай папулярызацыі беларускай мовы і культуры ў філіяле "Інтэграваная бібліятэка агр. Крупава" быў арганізаваны адкрыты прагляд літаратуры пад назвай "Ад зерня - колас, ад слова - мова". Наведваючы бібліятэку, чытачы атрымалі магчымасць звярнуцца да беларускага слова, пачытаць уголас літаратурныя творы на роднай мове і атрымаць асалоду ад гучання сакавітага беларускага слова.

У філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 3" прайшла гадзіна роднай мовы "Русскай мове дай разгрузку - размаўляй па-беларуску", прысвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы. Удзельнікам мерапрыемства былі прапанаваны конкурсы: "Мова родная - народная", "Перакладзі", "Прыказкі і прымаўкі", загадкі "Загадкі-рыфмаванкі" і гульня "Размаўляем па-беларуску". Напрыканцы сустрэчы дзеці прынялі ўдзел у дыктоўцы.

Філіял "Інтэграваная бібліятэка в. Мінойты" запрасіў гасцей на гадзіну мовазнаўства "Каб мова беларуская гучала". У час мерапрыемства прысутныя звярнуліся да гісторыі і культуры роднай мовы, прыгадалі, што родная мова - генетычны код любой нацыі, які патрэбна любіць, шанаваць і берагчы. Адчуць прыгажосць і хараство роднай мовы прысутным дапамагло напісанне 16-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі, для якой быў абраны тэкст "І гэты дзень настаў", прысвечаны ваеннай тэме. Напрыканцы сустрэчы ўдзельнікам гадзіны мовазнаўства былі дадзены парады, як пачаць размаўляць па-беларуску ў паўсядзённым жыцці, бо трэба размаўляць на роднай мове, каб яна не адышла ў нябыт і ў забыццё.

21 лютага ў філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 4" адбыўся куфар ведаў "Роднай мовы гук чароўны". Удзельнікі сустрэчы прымалі актыўны ўдзел у шматлікіх конкурсах, віктарынах, гульнях: "Адкажы на бліцапытанне", "Перакладзі словы на рускую мову", "Адгадай загадкі-жарты". З мэтай папулярызацыі беларускай мовы прысутныя прынялі ўдзел у 16-й Агульнанацыянальнай дыктоўцы. Кожны з удзельнікаў быў уважлівы, імкнуўся як мага лепш напісаць, разам з тым адчуў, што "слова беларускае - жывое, гаваркое, музычнае, напеўнае, непаўторнае".

Да Міжнароднага дня роднай мовы ў філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 6 імя В.Таўлая" была праведзена літаратурная гасцёўня "Сэрцам роднага слова краніся". На свята роднай мовы завіталі людзі розных прафесій і ўзросту, шмат было людзей, якія скончылі школу сорак і больш гадоў таму. Для прысутных у гэтым годзе была прапанавана дыктоўка "Лідскі замак", з напісаннем якой усе справіліся выдатна.

Тым жа днём у чытальнай зале Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы сабраліся супрацоўнікі бібліятэкі і чытачы для напісання 16-й Агульнанацы-янальнай дыктоўкі да Міжнароднага дня роднай мовы. Тэкст дыктоўкі меў назву "Да 700-годдзя заснавання Ліды" і прысвячаўся знамянальнай даце (юбілею г. Ліды) і падрабязнаму знаёмству з біяграфіяй заснавальніка горада - князя Гедыміна.

З нагоды Міжнароднага дня роднай мовы ў філіяле "Лідская гарадская бібліятэка №1" прайшоў урок беларусазнаўства "Як даўні скарб, як спадчына, нам даравана мова матчына". На мерапрыемстве ў выкананні вядоўцаў прагучалі вершы пра родную мову. Падчас свята дзеці пашырылі свой слоўнікавы запас і праявілі творчыя здольнасці. Яны прынялі ўдзел у гульні, дзе паказалі добрыя веды ў перакладзе слоў на беларускую мову, разгадвалі загадкі і рэбусы. Дзеці паспаборнічалі ў конкурсе скорагаворак, падбіралі розным прадметам беларускія назвы. Свята запомнілася ўсім. Кожны ўдзельнік мерапрыемства зразумеў, што трэба любіць і шанаваць родную мову, бо менавіта ў ёй - гісторыя народа.

Вядома, што мова забяспечвае непарыўную сувязь паміж носьбітамі, паміж мінулым, сапраўдным і будучыняй. Таму мы будзем і далей імкнуцца папулярызаваць роднае слова, у гэтым з задавальненнем і ахвотай дапамогуць бібліятэкі Лідскага краю.

Кацярына Сандакова, бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы".

З родным словам круглы год

Паэтычная хваля "З родным словам круглы год" у аграгарадку Дворышча закранула шматлікіх жыхароў мястэчка. У Міжнародны дзень роднай мовы наведвальнікі філіяла "Інтэграваная бібліятэка агр. Дворышча" атрымалі кнігі беларускіх пісьменнікаў на роднай мове на сваіх працоўных месцах, каб затым, сваім прыкладам, заахвочваць сваіх дзяцей і родных да чытання на беларускай мове.

Асобная частка мерапрыемства закранула юных жыхароў аграгарадка. Вучні 3 класа мясцовай школы наведалі бібліятэку і з вялікім задавальненнем удзельнічалі ў конкурсах "Пазнаёмімся з назвамі старых рэчаў!", "Прыгадаем: так ці не?", "Перакладчык" і інш. Мерапрыемства завяршылася паэтычным конкурсам на лепшага чытальніка.

Кацярына Сандакова, Бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынга ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы".

ДЫКТОЎКА НА ШТОДНЯ або КАБ НЕ ХВАРЭЛІ

Штодня спатыкаю людзей

якія

мовы сваёй адракліся


гукаў чароўных

працяжных складоў

слоў-малітваў


штодзень бачу гэтых людзей

хачу прачытаць на іх тварах

стан адчаю

жах невылечнай хваробы

пакуту і немасць


наважваюся загаварыць

з імі


слоў не знаходжу

(В. Дранчук.)

Кожная Агульнанацыянальная дыктоўка - гэта супольная радасць беларускага маўлення і пісьма, імкненне далучыць да спасціжэння і адчування гэтай радасці новых людзей. Дзеля гэтага шчыруем-шукаем узорныя тэксты на старонках кніг вядомых пісьменнікаў, краязнаўцаў, гісторыкаў. Сёлета думкі былі скіраваны на родны Нясвіж, яго 800-гадовы юбілей, 200-годдзе Уладзіслава Сыракомлі і 170 гадоў ад першых публікацый яго знакамітых "Вандровак…". Сярод адабранага быў верш Сяргея Новіка-Пеюна "Песня аб Нясвіжы", урыўкі з прадмовы У. Сыракомлі "Да зычлівага чытача" і "Уезд у Нясвіж" з яго краязнаўчых вандровак. "Пачынае мацней стукаць сэрца: гэта мы ўязджаем у дарагое даўнімі ўспамінамі месца", - як жа не нагадаць нясвіжцам гэтыя словы прызнання ў любові да нашага горада.

Па арганізаванасці, колькаснай актыўнасці, шчырай святочнасці ўдзелу, як і ў папярэднія гады, так і сёлета, вылучыўся Нясвіжскі педагагічны каледж імя Якуба Коласа. Ва ўстанове ўжо стала традыцыяй, што АНД пішуць не толькі навучэнцы, але і выкладчыкі на чале з кіраўніком установы (сёлета - 38 педагогаў; выдатны прыклад, які , на жаль , яшчэ не падтрыманы паўсюдна ў школах). Выкладчыца роднай мовы і літаратуры Марыя Фабіянаўна Енчык сведчыць, што ўрачысты настрой у сценах педкаледжа панаваў з самага рання. А песні "Родная мова", "Бацькоўская хата" і інш. у выкананні гурта "Дразды" чуліся яшчэ на падыходзе, на парозе.

У настаўнікаў Карцэвіцкай СШ іншая практыка: у вольны час яны , так бы мовіць, падсядаюць , да тых класаў, тых вучняў якія пішуць.

- Такая супольная дыктоўка вымагае большай адказнасці і вучняў, і настаўнікаў, - кажа выкладчыца беларускай мовы і літаратуры Ірына Уладзіміраўна Гаціла.

Гэткім жа чынам, і дарослыя, і школьнікі, пісалі АНД-16 у Раённнай бібліятэцы імя П. Пранузы. У раённым сацыяльным цэнтры пісалі толькі пажылыя людзі, але арганізатар дыктоўкі, валанцёр установы Станіслава Георгіеўна Вальчык паклапацілася, каб ніхто не сумаваў, каб сустрэча была максімальна пазнавальнай, вясёлай, займальнай, з перспектывай далейшых краязнаўчых заняткаў, экскурсій, падарожжаў і, зразумела ж, беларускамоўнай практыкі.

Прыватную дыктоўку пра Нясвіж пісалі ў Свержані і Гарадзеі, Высокай Ліпе і Карцэвічах. А яшчэ нечакана з'явілася і рэалізавалася ініцыятыва: скарыстоўваючы даступныя сёння амаль кожнаму чалавеку электронныя сродкі, даслаць сябрам, знаёмым уранні святочнага дня невялічкі (на 1-2 абзацы) беларускамоўны тэкст, аздоблены васількамі ды рамонкамі (замест ціктокавых кубачкаў кавы з банальнымі пажаданнямі). Прапанавалі перапісаць тыя колькі слоў у свой нататнік, … каб не хварэць, быць у добрым пачуванні і душэўным ладзе з самім сабой. З самім сабой, як пачцівым беларусам, што жыве на беларускай зямлі, размаўляе і піша, ці толькі спрабуе размаўляць і пісаць, на мове свайго народа.

Вольга Гаціла. Нясвіж. Фота 1. Пішуць выкладчыкі Нясвіжскага педкаледжа імя Якуба Коласа. Фота 2- 3. Дзень роднай мовы ў Карцэвіцкай СШ. Фота 4. У сацыяльным цэнтры: дыктуе валанцёр С. Вальчык. Фота 5. Бланк дыктоўкі.

Яшчэ адна дыктоўка на 3-м філіяле

25 лютага на Лідчыне прайшла адна з апошніх дыктовак 2023 года. На 3-м бібліятэчным філіяле ў мікрараёне Маладзёжны сабраліся ветэраны нацыянальнага руху. Пяць чалавек, а ўсё ж. За спіной у кожнага звыш 30 гадоў дзейнасці.

Тэкст з аповесці Янкі Маўра "Чалавек ідзе" чытала загадчык філіяла Алена Янаўна Папковіч.

Пасля дыктоўкі адбыўся канцэрт лідскага барда Сержука Чарняка па заяўках удзельнікаў імпрэзы. Прагучалі ў тым ліку і песні з далёкіх 90-х гадоў.

Наш кар.

Каб з кнігай сябраваць і родную мову вывучаць

У 5-тай Менскай дзіцячай бібліятэцы 26 лютага ў рамках сямейных нядзельных чытанняў адбылася сустрэча юных чытачоў і іх бацькоў з беларускім пісьменнікам і паэтам, мовазнаўцам і перакладчыкам, лаўрэатам Літаратурнай прэміі імя П. Броўкі ў галіне дзіцячай літаратуры, лаўрэатам медаля Ф. Скарыны, дзіцячым пісьменнікам Міхасём Паўлавічам Пазняковым.

Міхаіл Пазнякоў з'яўляецца аўтарам больш за 100 кніг прозы і паэзіі. Пасля заканчэння філфака БДУ ён настаўнічаў у Бярэзінскім раёне, працаваў у Інстытуце мовазнаўства НАН Беларусі, быў дырэктарам Літаратурнага музея М. Багдановіча ў 1981-84 гадах, працаваў у рэдакцыях часопісаў "Юнацтва", "Вожык", у газеце "Літаратура і мастацтва". У 2016 годзе Міхась Пазнякоў атрымаў Нацыянальную літаратурную прэмію ў намінацыі "Найлепшы твор дзіцячай літаратуры" за кнігу "Возера-дзіва". Міхась Пазнякоў перакладаў на беларускую мову творы С. Лагерлёф, В. Скота, М. Сервантэса, творы В. Біянкі, Я. Пермяка, Г.Х. Андэрсена, братоў Грым і іншых аўтараў, казкі афганскіх і кітайскіх аўтараў. Міхась Пазнякоў удзельнічаў у распрацоўцы "Беларуска-рускага слоўніка", у стварэнні "Слоўніка эпітэтаў беларускай літаратурнай мовы" (1988).

Міхаіл Паўлавіч распавёў сваім юным чытачам, што ён нарадзіўся ў вёсцы Заброддзе Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці ў шматдетнай сям'і, дзе было 11 дзяцей. Яго мама была партызанскай сувязной, а бацька - удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны.

Тата прывіваў малому Міхасю любоў да прыроды, бо быў лесніком, працавітасці, руплівасці, вучыў дабрыні, справядлівасці і сумленнасці, наказваў слухаць душу дрэва і музыку лістоты. І сёння родная бацькоўская хата, знаёмыя з маленства мясціны, купанне ў рацэ даюць пісьменніку невычэрпную сілу і энергію.

Малы Міхась праходзіў заняткі ў вясковай школе, дзе адзін настаўнік пераходзіў з класа ў клас, навучаючы дзяцей рознага ўзросту. Хлопец старанна вучыўся і цікавіўся кнігамі з бібліятэкі.

Што неабходна чалавеку, каб дасягнуць добрых мэтаў у жыцці, падказаў пісьменнік сваім чытачам: старанна вучыцца, быць працавітым і цягавітым, сябраваць са спортам ( футбол, хакей, спартыўныя гульні вітаюцца!). Як добра жыць сярод людзей?

Калі за адзін дзень чалавек зробіць чатыры добрыя справы для сваіх мамы і таты, дзяцей і сяброў, то за год добрых спраў можа быць больш за 1000!- падказаў пісьменнік.

Міхась Паўлавіч пабываў у розных краінах і на розных кантынентах, на Ціхім акіяне, у Егіпце і Турцыі. Яго кнігі перакладаюць на 38 моваў свету.

Дзеці пазнаёміліся з кнігамі пісьменніка "Тры чарадзеі", "Ехаў поўны воз дзівос", " Шые вожык кажушок", "Дзівосны свет" і іншымі.

У Міхася Паўлавіча 13 унукаў, з якімі ён добра ладзіць і сябруе. Адна з яго ўнучак Паліна праілюстравала яго дзіцячую кнігу.

Пісьменнік правёў падчас імпрэзы інтэрактыўную гульню і прапанаваў паўтарыць яго хуткамоўкі і адгадаць загадкі.

"Грымнуў гром у гары, хлынуў лівень на двары".

"Верталётам страказе капялюш камар вязе" .

А ну-ка, хто паўторыць?

Дзеці ажывілся, рукі ўзняліся дагары! Тыя, хто паспяхова паўтарыў, - атрымалі прызы і кніжкі з аўтографамі аўтара, а таксама добры настрой ад сустрэчы з роднай мовай.

На сустрэчы прысутнічала Таццяна Аляксееўна Швед - кіраўніца Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк г. Менска, якая падзякавала найбольш папулярнаму дзіцячаму пісьменніку за супрацоўніцтва з бібліятэкамі і за сяброўства з чытачамі.

Эла Дзвінская, фота аўтара.

Аб доблесці, аб подзвігу, аб славе

Абарона свайго дома, сваёй Айчыны - найпершы абавязак, выкананне якога для кожнага чалавека - справа гонару. Менавіта таму, 23 лютага ўсё больш становіцца святам агульнанародным, днём усіх мужных, цвёрдых духам людзей. Любы беларус, які знаходзіцца на баявым пасту або займаецца мірнай справай, - перш-найперш абаронца сваёй Радзімы. І кожны сваёй працай уносіць уклад у павелічэнне багацця і славы нашай краіны.

Да Дня Абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь у філіяле "Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка" для ўдзельнікаў аматарскага аб'яднання "Крынічка" ДУА "Дзіцячы сад №18 г. Ліда" прайшла конкурсна-гульнявая гадзіна "Свята маленькіх абаронцаў". Дзецям распавялі аб тым, хто такія абаронцы - гэта людзі, якія абараняюць свой народ, сваю краіну, сваю Айчыну, таксама хлопчыкі і дзяўчынкі даведаліся аб ваенных прафесіях. Паўдзельнічалі ў конкурсах "Памочнікі", "Паранены баец", "Нашыя салдаты розумам багаты", праявілі свае фізічныя здольнасці, даказалі, што яны ўмеюць дапамагаць па хаце, праявілі сваю кемлівасць, цягавітасць і знаходлівасць.

У Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы прайшла ваенна-патрыятычная гульня "Будзем Радзіму любіць - будзем Радзіме служыць". Была аформлена выстава "На варце Айчыны - нашы калегі", на ёй былі прадстаўлены кнігі пра армію, дэмбельскія фотаальбомы, лісты, карта з месцамі службы. Прыгожае, дынамічнае слайд-шоў з вайсковымі фатаграфіямі ўдзельнікаў мерапрыемства дапамагло ўспомніць гады армейскай службы, усміхнуцца і нават праслязіцца. У праграме была вялікая колькасць конкурсаў, кожны ўдзельнік змог прадэманстраваць спрыт, знаходлівасць, падзяліцца ўспамінамі аб службе ў арміі або расказаць пра сваіх блізкіх, якія аддалі свой воінскі абавязак Радзіме. Не засталіся абдзеленымі ўвагай і афіцэрскія жонкі, якім давялося падзяліць са сваімі мужамі суровыя вайсковыя будні.

Супрацоўнікі філіяла "Лідская гарадская бібліятэка № 3" ладзілі гульнявую праграму "Любоў да Айчыны праз старонкі кніг". Сустрэча пачалася з аповеду пра гісторыю ўзнікнення свята і агляду кніжнай выставы дадзенай тэматыкі. Затым ўдзелінікі мерапрыемства спаборнічалі ў конкурсах: "Воінскія званні", "Сувязісты", "Вялікія палкаводцы", выяўляючы сваю кемлівасць, спрыт і эрудыцыю.

Разам з удзельнікамі аматарскага аб'яднання "Сябрына" супрацоўнікі філіяла "Лідская гарадская бібліятэка №1" правялі кніжны калейдаскоп "Аб доблесці, аб подвігу, аб славе". У самым пачатку мерапрыемства вядучая расказала, чаму менавіта 23 лютага мы віншуем усіх тых, хто абараняе спакой нашай краіны. Затым усе разам здзейснілі экскурс у гісторыю свята, успомнілі герояў нашай Айчыны. Дзеці прыпомнілі прыказкі і прымаўкі аб арміі, ахвотныя прачыталі вершы аб абаронцах Айчыны, праглядзелі відэахроніку аб сучаснай баявой тэхніцы, з задавальненнем удзельнічалі ў бліц-віктарыне "Ёсць такая прафесія - Радзіму абараняць".

У філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 4" прайшла гульня "Ганарыся, Айчына, слаўнымі сынамі", у ходзе якой дзеці пазнаёміліся з гісторыяй свята, успомнілі пра выдатных ваяводаў, вялікія бітвы нашага народа за сваю краіну. Бібліятэкар пазнаёміла з кніжнай выставай, на якой былі прадстаўлены кнігі аб патрыятызме нашага народа, сіле духу і вернасці воінскаму абавязку. Затым хлапчукі з задавальненнем і вялікім азартам прынялі ўдзел у розных конкурсах: чысцілі бульбу, адціскаліся, аказвалі першую медыцынскую дапамогу, успаміналі ваенныя прафесіі, назвы галаўных убораў вайскоўцаў. Хлопцы праявілі кемлівасць, спрыт, эрудыцыю і знаходлівасць. У канцы мерапрыемства дзеці зрабілі выснову, што быць абаронцам Айчыны - важна і ганарова.

23 лютага ў Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь у філіяле "Дзітвянская сельская бібліятэка" прайшоў урок мужнасці "Ганаровае званне - салдат Беларусі". Падчас мерапрыемства вучні ДУА "Дзітвянская сярэдняя школа" разам з бібліятэкарам успомнілі гісторыі подзвігаў ветэранаў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, якія ў мірныя гады жылі і працавалі на дзітвянскай зямлі. На прыкладзе лёсаў Калошка Л.Ф, Сяржантава А.І., Паўлюкевіча К.М. і іншых дзеці змаглі зразумець, што такое мужнасць, адвага, гонар і сапраўдная любоў да Радзімы.

Дзень 23 лютага ў Беларусі стаў сімвалам усенароднага прызнання ратнага подзвігу, абавязку, гонару і доблесці многіх пакаленняў абаронцаў Айчыны. Абарона Радзімы заўсёды была, ёсць і будзе свяшчэнным абавязкам сапраўднага грамадзяніна і патрыёта, сапраўдным гонарам народа.

Кацярына Сандакова, бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынга ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы".

ЁН ВЕДАЎ УСІХ ЛІДСКІХ ЛІТАРАТАРАЎ

Да 90-годдзя Алеся Жалкоўскага, 1933 - 2011

Міхась Мельнік, Алесь Хітрун

14 красавіка 2011 года ў Лідзе абарвалася нітка жыцця вядомага, руплівага і таленавітага краязнаўца, журналіста, шчырага змагара за беларускасць Алеся Жалкоўскага.

Жыццё - як тонкае лязо. Па ім трэба прайсці так, каб не збочыць ні ў які бок. Каб не пахіснуцца, каб не зачапіцца і не ўпасці. Прайсці такі складаны жыццёвы шлях можа не кожны, але ўсё ж ёсць такія асобы. Сярод іх - Жалкоўскі Алесь Васільевіч.

Нарадзіўся Алесь Васільевіч 1 сакавіка 1933 года ў вёсцы Сасновы Бор (да перайменавання Цёмнае Балота) Шчучынскага раёна. Яго беларускія перакананні нарадзіліся тут жа. Падчас вайны немцы перавезлі сям'ю яго бацькоў у Вострава, на прымусовыя работы ў маёнтак Чаляёршчына.

Аматарам мастацкага слова вядомы ўздзенскі Нізок, багаты на паэтаў. На гэтае паселішча падобныя дзятлаўскія Зачэпічы, якія слынны Ул. Калеснік назваў гняздом паэтаў. А вось Валянцін Блакіт у мемуарах "Уваскрасенне ўчарашняга дня" (часопіс "Дзеяслоў" № 6 за 2007 г.) параўноўвае з вёскай Нізок роднае Вострава, бо яно было багатае на рэдактараў, вось радкі з расповяду В. Блакіта: "Саша Жалкоўскі доўгія гады рэдагаваў адну з лепшых у рэспубліцы лідскую газету "Уперад", Саша Сыч - "Астравецкую праўду", ну і я больш за трыццаць гадоў - "Вожык".

Аўтар мемуараў прыгадвае, як юныя карэспандэнты з Вострава марылі стаць журналістамі і дасыламі свае нататкі ў розныя рэдакцыі: "Творчую пальму першынства трымаў старэйшы Саша Жалкоўскі, чые допісы друкавала не толькі раёнка, а часам абласная і нават рэспубліканскія газеты. Навыперадкі за ім гналіся мы, маладзейшыя... Пасля сямігодкі Жалкоўскага ўзялі на работу ў рэдакцыю ў суседнюю Астрыну".

Летам 1950 года ў тым невялікім мястэчку, якое было цэнтрам Васілішкаўскага раёна, 17-гадовы Саша Жалкоўскі пачаў працаваць адказным сакратаром рэдакцыі раённай газеты "Ленінскі шлях". Так пачалася яго журналісцкая біяграфія даўжынёй амаль шэсцьдзесят гадоў. А сасваталі яго на тую пасаду наборшчык мясцовай друкарні Міхаіл Яропкін, які партызаніў у Астрынскай старане ў гады нямецкай акупацыі, і рэдактар Платон Дубовік, таксама былы партызан, толькі з Бярэзіншчыны. Яны ацанілі здольнасці селькара і не памыліліся: пасля атрымання адпаведнай адукацыі іх вылучэнец у розныя гады узначальваў воранаўскую, мастоўскую, лідскую газеты, звыш 15 гадоў працаваў у "Гродзенскай праўдзе", супрацоўнічаў з такімі выданнямі, як "Звязда", "Беларуская ніва", "Літаратура і мастацтва", "Краязнаўчая газета", "Наша слова", "Настаўніцкая газета", "Прынёманскія весці", "Лідская газета", "Лідскі летапісец" і інш.

Артыкулы, нарысы, інтэрвію, допісы А. Жалкоўскага адрозніваюцца глыбокім зместам, каларытнасцю мовы, асабістым поглядам. Для пацвярджэння вышэй сказанага нагадаю словы Івана Лазуты, былога рэдактара Смаргонскай газеты "Светлы шлях": "Духам здаровага творчага саперніцтва былі прасякнуты нашы рэдакцыйныя будні, працавалася ахвотна, прыемна і лёгка. Такі дабратворны мікраклімат стварыў і падтрымліваў у калектыве наш паважаны шэф - рэдактар лідскай газеты "Уперад" Аляксандр Васільевіч Жалкоўскі. Мы стараліся раўняцца на яго і ў плане творчым: публікацыі рэдактара вызначаліся вастрынёй і дакладнасцю, цікавай формай падачы, былі выразна адметны жывым, вобразным словам. Амаль што сем гадоў пашчасціла мне працаваць пад прафесійнай і бацькоўскай апекай Аляксандра Васільевіча." (Іван Лазута "Пара ісці" з кнігі А. В. Богуша і В. П. Амелькі "Призвание быть журналистом", Гародня, 2008 г.).

Як грамадзянін і чалавек А. Жалкоўскі займаў актыўную жыццёвую пазіцыю. Яго дабрачынная дзейнасць мае свае заслужаныя вынікі. Так у бытнасць рэдактарам газеты "Уперад" яе кіраўнік і яго калегі прымалі ўдзел у донарскім руху і ў дзейнасці Савецкага фонду міру, за што Аляксандр Жалкоўскі ўганарованы званнем "Ганаровы донар СССР" і Ганаровай граматай Савецкага фонду міру за подпісам яго старшыні легендарнага героя мінулай вайны Аляксея Марэссева. За шматлікія публікацыі аб духоўнай прыгажосці чалавека ён узнагароджаны медалём "2000 год хрысціянству".

Трэба адзначыць, што тэматыка публіцыстычных матэрыялаў. А. Жалкоўскага даволі разнастойная. Гэта і падзеі культурнага жыцця рэгіёна, творчая дзейнасць мастацкіх калектываў і асобных паэтаў, скульптараў, мастакоў, музыкаў, гэта і грамадскія з'явы, праблемы эканомікі, дзейнасць уладных структур, грамадскіх арганізацый, міжнацыянальныя адносіны, жыццё ўстаноў адукацыі...

А. Жалкоўскі ведаў практычна ўсіх літаратараў Лідчыны, і быў асабіста добра знаёмы з многімі з іх. Ён адкрыў шматлікім чытачам імя земляка з Варшавы, вядомага публіцыста і збіральніка фальклору Лідчыны Земавіта Фядэцкага, сына землеўласніка з маёнтка Лебяда.

А. Жалкоўскі вылучаўся сваёй добразычлівасцю, увагай да ўсяго і кожнага.

Алесь Жалкоўскі на працягу ўсяго жыцця заставаўся змагаром за роднае слова, заступнікам за народ беларускі. У апошнія гады, калі раённыя і абласныя газеты сталі больш рускамоўнымі, Алесь Васільевіч не здаўся, не апусціў рук, не здрадзіў роднай мове. І яго беларускасць была настолькі натуральнай, што іншым ён і не ўяўляўся.

Правесці ў апошні шлях Алеся Жалкоўскага прыйшлі і работнікі ідэалагічнага аддзела Лідскага райвыканкаму ды старшыня райсавета і сябры ТБМ ды БНФ. І надпіс на крыжы быў па-беларуску, і большасць вянкоў падпісана па-беларуску. Але самае галоўнае, што калі прыйшла пара на жалобным мітынгу сказаць апошняе "Бывай", унучка Насця развіталася з дзедам на чысцюткай і натуральнай беларускай мове. Не толькі сам пражыў беларусам Алесь Жалкоўскі, але і пакінуў сваю беларускасць у спадчыну, перадаў з генамі і крывёю.

"Ад лідскіх муроў", № 7.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Баравік, Белая, Сіняк, Шадура; "Гаявата" ў Віцебску - і ў Гомелі?

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-8 (53-60) за 2023 г.)

Некалькі "індзейскіх" рыс да тэатральных сцэн Беларусі - якая мае багатыя традыцыі "езуіцкага школьнага тэатра" - дадаюць лісты ад вядомых актрысы і мастацтвазнаўца.

На гастрольнай афішы БДТ-2 сярод работ, "якія тэатр мае паказаць на працягу бягучага сезону" 1927-1928 гг., называлася пастаноўка "Гаяваты" М. Агнёва. Стэфанія Станюта ў 1990 г. ужо не памятала імёны выканаўцаў роляў, рэжысёра і "ці быў пераклад" (яго зрабіў Міхайла Грамыка), але паведаміла, што паэму акцёры прачыталі і ёй дасталася роля Накоміс.

У 8-м нумары часопіса "Полымя" за 1928 г. у "Хроніцы беларускай культуры" паведамлялася, што пасля "некаторых перашкод" БДТ-2 "асталяваўся" ў Гомелі, дзе збіраецца прабыць да пачатку сакавіка наступнага года. Пералічваўся рэпертуар і п'есы, над якімі ішла праца. "Мяркуецца ў гэтым годзе скончыць таксама "Гаявату"" "Агнёва" (Мікалай Агнёў, сапраўднае Розанаў, рускі пісьменнік і педагог). Факт работы над інсцэніроўкай паэмы Г. Лангфела "Спеў аб Гаяваце" адзначаецца ў акадэмічнай "Гісторыі беларускага тэатра", дзе часткова растлумачваецца прычына таго, чаму спектакль не адбыўся. Малады калектыў з цікавасцю працаваў над "Гаяватай", але з-за канфліктаў паміж дырэкцыяй і мастацкім кіраўніком С. Хачатуравым апошні пайшоў з тэатра і пастаноўка не была завершана. "Не ўсе яшчэ ў калектыве як след разумелі неабходнасць рашучых перамен у рэпертуарнай палітыцы і ў некаторых творчых прынцыпах. На дапамогу прыйшлі кіруючыя арганізацыі". Наркамасветы БССР прапаноўваў абнавіць рэпертуар сучаснымі п'есамі, "выкарыстаць" перакладны рэпертуар тэатраў РСФСР і УССР, замяніць мастацкага кіраўніка, каб той павёў калектыў "па шляху сапраўднага савецкага тэатра".

У спробе распрацоўкі гэтага эпізоду істотная дапамога была ад менскага мастацтвазнаўца Уладзіміра Мальцава. Гэта адзін з самых інфармацыйна-канкрэтных нашых рэспандэнтаў (не толькі ў пытанні пра "Гаявату"), хаця таварыства спачатку ўспрыняў або памылкова назваў у адказе на наш ліст як "індыйскае".

"Паважанае беларуска-індыйскае [так!] таварыства, у адказ на ваш ліст паведамляю:

"Гаявата" рэпетавалася ў БДТ-2 у 1927 годзе пад кіраўніцтвам мастацкага кіраўніка тэатра Сурэна Хачатурава. Спектакль не быў выпушчаны. У вядомых мне рэцэнзіях і інш. матэрыялах (у т.л. архіўных) падрабязных звестак аб рэпетыцыях гэтага спектакля, яго задуме, мастацкім рашэнні не змяшчаецца. З невялікага артыкула "Беларускі Другі дзяржаўны тэатр", апублікаваным у зб. Тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва ў CCCP.1917-1927. Выстава ў залах Акадэміі мастацтваў. Ленінград", выпушчаным у 1927 г. у Ленін-градзе камітэтам выставы, можна атрымаць наступную інфармацыю: "Гайавата"-вопыт спектакля для моладзі, паст. - С. І. Хачатурава. Па замове БДТ-2 да п'есы напісаная музыка маскоўскім кампазітарам Шэншыным (стр.332).

Былыя студыйцы, якія жывуць цяпер у Мінску, аб рэпетыцыях "Гаяваты" нічога не памятаюць. Іх хатнія тэлефоны: Бялінская Марыя Сяргееўна […]. Станюта Стэфанія Міхайлаўна […]. Шынко Лідзія Пятроўна […] п. Ждановічы, Мінскай вобл. Інтэрнат персанальных пенсіянераў, корп. 3, кв.13.

Многія, пералічаныя вамі, артысты праз 2-3 гады пасля заканчэння беларускай студыі ў Маскве пайшлі з тэатра і змянілі прафесію. Розны час на сцэне працавалі толькі: Сцяпан Скальскі (Віцебск, Мінск), жонка ягоная - Ірга Белая (актрыса БДТ-2), пераехала ў Амерыку, Сянько (жонка М. Міцкевіча) - Віцебск, Віктар Тышкевіч (Мінск), Люба Гіпнер (Віцебск), Рагавенка (нейкі час сядзеў у турме за нацыяналізм, затым вярнуўся ў Віцебскі тэатр), Бялінскі (з'ехаў у Ленінград, працаваў на эстрадзе).

Усе яны, са слоў М. С. Бялінскай, ужо памерлі. За атрыманнем больш падрабязнай інфармацыі рэкамендую вам звярнуцца ў Віцебскі тэатр, а таксама прагледзець дадаткі (анатаваны паказальнік па персаналіях) у 3-х томнай Гісторыі Беларускага тэатра, выпушчанай ІМЭФ АН БССР у апошні час" (б/д, штэмпель 21.02.1990).

Мы звярнуліся да актрыс Станюты і Бялінскай, але адказ атрымалі толькі ад Стэфаніі Міхайлаўны (а прыкладны магчымы адказ Марыі Сяргееўны можна ўявіць з ліста Мальцава).

"Стэфанія Міхайлаўна!

Адважваемся звярнуцца да Вас па вельмі важным для нас пытанни. Былі б надзвычай удзячны за адказ, нават самы лаканічны.

Сутнасць справы можна раскрыць коратка: спроба інсцэнізацыі С. Хачатуравым і трупай БДТ-2 паэмы Г. Лангфела "Спеў аб Гаяваце" ("Гаявата"). Што б Вы маглі прыгадаць? Кожнае слова ўспамінаў сучасніка і, магчыма, непасрэднага ўдзельніка вельмі цікавае і каштоўнае для нас. Хто з артыстаў прымаў асабліва актыўны ўдзел у тым пачынанні?

Няхай не бянтэжыць Вас наша шчырае перакананне: калі б стаў магчымы беларускі спектакль з жыцця індзейцаў (або фільм-вестэрн), то, безумоўна, Вы цудоўна выканалі б ролю індыянкі.

Жадаем Вам здароўя і поспехаў у творчасці" (БІТ № 15, 18.01.1990 на адрас Тэатра імя Я. Купалы: Мінск, Энгельса,7, у той жа дзень і туды ж быў і ліст да М. С. Бялінскай).

"Паважанае тавар[ыст]ва беларуска-індзейскай сувязі!

На жаль, нічога істотнага для вас я сказаць не магу адносна пастаноўкі ў тэатры Беларускім Дзяржаўным 2-гім спектакля "Песнь о Гайавате". Помню, што паэму мы прачыталі. Паэма цудоўная. А вось хто павінен быў быць рэжысёрам, хто павінен быў выконваць, не помню. І ці быў пераклад? Помню толькі, што я павінна была выконваць ролю Накоміс.

Шкадую, што не магу вам што-небудзь падказаць.

З павагай

С. Станюта [як роспіс]

8/II 1990 г." (заваротны адрас на канверце: "Мінск, Тэатр Янкі Купалы").

Як бачым, хаця Стэфанія Міхайлаўна, як і Лідзія Львоўна Арабей, не лічыла, што можа дапамагчы і даць звесткі па сутнасці пытанняў, яна дала звесткі пра сваю ролю і прачытанне паэмы - таксама і поўнага тэксту ў перакладзе І. Буніна, або толькі адаптацыі для сцэны Агнёва, пытанне наконт гэтага адкрытае. Яшчэ адно пытанне такога роду - музыка: вядома, што маскоўскі кампазітар ужо меў музыку для пастаноўкі "Гаявата, правадыр іракезаў" (каля 1923 г.), якая ажыццяўлялася ў Расіі, а ў публікацыі, якую цытуе Мальцаў, - пра заказ музыкі, які зроблены з Беларусі.

Малавядомы музычны дзеяч Аляксандр Шэншын (1890-1944) заслугоўвае да сябе ўвагі як удзельнік беларуска-індзейскіх сувязей. "У 1921-1925 гг. загадваў музычнай часткай Маскоўскага тэатра для дзяцей, а таксама з'яўляўся дырыжорам аркестра гэтага тэатра. Прыкладна ў той жа час працаваў у рэдакцыі часопіса "Современная музыка". З 1922 па 1929 год выкладаў музычна-тэарэтычныя прадметы спачатку ў Маскоўскай кансерваторыі (1922-1924), затым - у Музычным тэхнікуме імя А. М. Скрабіна (1924-1929)".

Аказалася, што народная артыстка БССР М. С. Бялінская (22.07.1906, Магілёў - 3.05.1990) памерла менш чым праз чатыры месяцы пасля ліста да яе: "Даруйце, калі ласка, што турбуем Вас, але мы не ведаем, да каго з ветэранаў БДТ-2, акрамя Вас, С. М. Станюты і Л. П. Шынко, можна яшчэ звярнуцца па нашым пытанні.

Напэўна, Ва памятаеце спробу інсцэнізацыі "Гаяваты" ў 1927-8 гг.? Ці не прымалі Вы ўдзел у гэтым пачынанні? Што Вы можаце прыгадаць пра яго?"

У цэлым, у гісторыі з "Гаяватай" на беларускай сцэне - больш пытанняў, чым адказаў.

БАРАВІК Павел - родам з Беластока - не такая медыйная асоба, як Яцак Палкевіч (які выступаў і ў Гародні), але спецыяльныя імпрэзы, прысвечаныя яго падарожжам, былі.

Каля 10 гадоў, з перапынкамі, падарожнічаў па свеце, чым нагадвае Аляксандра Гойшыка. Але ён куль-турны антраполаг па адукацыі, які дадаткова вывучаў філасофію, чым статус яго як назіральніка за жыццём індзейцаў уздымаецца.

Выступіў, у прыватнасці, 9.10.2021 на тэму "Спатканне з падарожжам: выпадкова вакол свету" (Spotkanie z podroza: przypadkiem dookola swiata) у Гайнаўскім доме культуры, абвестка якога абяцала, апроч уласна травялогу, "метафізічныя думкі пра жыццё і розныя культуры ў свеце". Уваход свабодны, але абавязкова выконваць кавід-санітарны рэжым. Лекцыя суправаджалася паказам здымкаў.

У сувязі з гэтым мерапрыемствам у № 45 (7.11.2021) матэрыял "Падарожжа Паўла Баравіка вакол Зямлі" - тэкст і фота Аляксея Мароза - дала "Ніва". "Павел Баравік за апошнія дзесяць гадоў падарожнічаў па 44 краінах свету, дзе таксама працаваў". "Павел Баравік - жыхар Беластока, але цягне яго на радзіму бацькі, які родам з Мора". Тое, што карані яго ў вёсцы з такой "акіянаграфічнай" назвай у далёкім ад мораў краі (затое блізкім да зуброў), магло паўплываць на памкненні Паўла. Але: "Падарожжы па свеце яму асабліва цікавыя ў сувязі з яго зацікаўленнямі. Добрае веданне англійскай мовы і раней здабытыя вопыт і веды дапамагаюць яму ў кантактах з людзьмі".

"Павел Баравік звярнуў увагу публікі на многія моманты, калі дапамагалі яму добразычлівыя людзі, якіх спатыкаў у розных краінах і калі мяняў планы падарожжа, залежна ад перашкод і абставін". "У час сваіх падарожжаў я навучыўся знаходзіць танныя авіярэйсы, нават на вялікія адлегласці, і танныя начлегі. Непрадбачаныя здарэнні маюць вялікае ўздзеянне на выбар накірунку і працягласці далейшага падарожжа".

У яго расказе ёсць пра наведванне рэзервацыі ў Арызоне.

"Калі я паставіў на фейсбуку свае здымкі з пляжа ў Маямі, скантактавалася са мной сяброўка з сярэдняй школы. Жыла яна ў Маямі і запрапанавала мне заступіць яе на працы, паколькі хацела на два месяцы паехаць на адпачынак у Польшчу. Працаваў я прыбіральшчыкам у Маямі і жыў у яе пакоі над барам. Праз гэты час зарабіў я адносна многа грошай і кожны дзень купаўся ў моры, - расказваў госць спаткання. - Калісьці каля вогнішча ў Венгрыі пазнаёміўся я з амерыканкай, якая прыгожа спявала. Яна дала мне свой э-мейл і запрапанавала яе наведаць. Калі я бы ў у Арызоне, скантактаваўся з ёй і мая знаёмая з Венгрыі запрасіла да сябе. Прасіла прабачэння, што мусіць выехаць на два тыдні працаваць у якасці псіхолага ў рэзервацыі індзейцаў. Хаця мяне дакладней не ведала, дала мне ключы да сваёй кватэры і да аўтамабіля. Запрапанавала, каб у час яе адсутнасці я жыў у яе кватэры і паехаў захапляцца Скалістымі горамі. Быў у яе вялікі давер да мяне, паколькі нават дала мне адрасы сваіх знаёмых, якім мог бы запрапанаваць супольны выезд у горы. Паехалі са мной у Скалістыя горы хлопец і дзяўчына, якія адзін аднаго не ведалі. Праз мяне пазнаёміліся і сталі парай. Пасля спаткаўся я з маёй знаёмай псіхолагам і рабіў здымкі ў індзейскай рэзервацыі".

Павел Баравік запрэзентаваў здымкі з краявідамі Скалістых гор. З захапленнем расказваў пра Сан-Францыска, якое наведаў пазней, а дрэнныя ўражанні засталіся ў яго ад Лос-Анжэлеса, хаця раней інакш уяўляў гэты горад".

Літ.:

9350 Wernic W. Slonce Arizony. Warszawa, 1967.

9366 Wernic W. Die Sonne von Arizona. Berlin, 1972.

3513 Евтушенко Е. Гранд Каньон // Огонёк. 1972. № 36. С. 12-15. ("Аризона. Апрель".)

8556 Тадароўскі А. Крывіч у Арызоне: верш // Беларус: літаратурны альманах беларускiх пісьменнікаў замежжа. Нью-Ёрк, 2008. С. 178.

БЕЛАЯ Рэната - у № 13 гарадзенскай каталіцкай газеты "Слова жыцця" за 2021 г. у матэрыяле Ангеліны Марцішэўскай - яе досвед: "З місіяй у Мексіку".

"Рэната Белая пакінула Гродна 12 гадоў таму. Скончыўшы школу, дзяўчына паехала ў Польшчу, дзе вучылася на факультэце польскай філалогіі, а нядаўна ў дадатак абараніла дыплом магістра тэалогіі. Жыве Рэната ў Кракаве, дзе піша для каталіцкага часопіса "Niedziela.pl" і вядзе "Ogrod Maryi" ("Сад Марыі") - каталіцкую супольнасць для жанчын, накіраваную на раскрыццё жаноцкасці і павышэнне чалавечай годнасці.

Акрамя гэтага, дзяўчына з'яўляецца місіянеркай. Два гады таму яна была на сваіх першых місіях у Мексіцы і, пранікнуўшыся пакутамі асобных груп людзей, неўзабаве ізноў збіраецца наведаць гэтую краіну".

Рэната Белая і іншыя, якіх можна аднесці да паняцця беларускага місіянерства ў краінах Амерыкі, згаданыя ў артыкуле ""Індзейская справа" ў пытаннях і адказах: адлюстраванне тэмы каталіцкіх місій сярод індзейцаў у даследчай перапісцы" ў часопісе "Наша вера" (2022, № 4, с. 26-31).

Літ.:

11674 Варта ведаць // Слова жыцця. 2016. 18 снеж. С. 4. ("Распачаўся беатыфікацыйны працэс а. Стэнлі Разэра (1935-1981). Святар стаў першым афіцыйна зацверджаным Касцёлам мучанікам, які нарадзіўся ў ЗША. Паходзіць з сям'і фермераў. Святарскія пасвячэнні прыняў 25 мая 1963 года. Пасля некалькіх гадоў пастырскай працы адправіўся на місію ў Гватэмалу (Цэнтральная Амерыка). Садзейнічаў там у будаўніцтве бальніцы. Быў адчувальны да несправядлівасці ў адносінах да індзейцаў. За гэта яму пагражалі. Страціў сваё жыццё ў ліку 10-ці святароў, якія загінулі ў тым годзе ў Гватэмале".)

1634 Місіянеры - шпіёны (Мехіка) // Гомельская праўда. 1979. 14 сак.

1633 "Місіянеры" - шпіёны (Каракас) // Звязда. 1987. 15 снеж.

1728 Осуществляют шпионаж (Каракас) // Советская Белоруссия. 1987. 15 дек.

4124 Listy rozne... z Azji, Afryki i Ameryki od misjonarzow S. J. w rozmaitych jezykach pisane... po polsku przelozone. Сz. 1-6. Warszawa, 1756-1767.

СІНЯК Мэдлін (Ziniak) (2) - ( Хмаранка - ад псеўданіма Хмара яе бацькі Сяргея Сіняка) "Беларускі голас" (Таронта) у № 346 за лістапад 1988 г. змясціў наступную нататку: "Індыянская нагарода Хмаранцы. Індыяны племя Аджубвы, пражываючыя ў рэзэрватах каля "Сэрпэнт Лэйку" ў Паўночным Антэрыю, узганаравалі прадусарку Тэлевізыі - Магдалену Хмаранку ганаровай плякетай за яе ўдзел у іхнім змаганьні дабіцца ад дзяржаўных уладаў захадаў і праграмы дзеяньняў, накіраваных на забязьпечанне возера і ваколіц ад забруджаньня адыходамі і сьметнікамі, атручваўшымі возера і рыбу ў ім - сяродкі жыцця Індыянаў тых ваколіц. М. Хмаранка прысвяціла гэтым справам спецыяльныя тэлерэпартажы і праграмы, дапамогшыя іхнім дамаганьням".

Наша крыніца тэксту нататкі - ліст А. Баркоўскага ад 22.06.1991 г., у якім яна перапісана. Мы надрукавалі яе ў "стужцы" ІС БІТ 27.06.1991 г. з каментарыямі: "Атрымана першае сведчанне пра прамую падтрымку беларускай эміграцыяй індзейцаў". "БІТ вітае такія дзеянні нашых суайчыннікаў".

Serpent River First Nation - Першая нацыя Сэрпент-Рывер, або Змяінай ракі (на аджыбвэ: Genabaajing Anishinaabek), якая займае "часовую тэрыторыю" (provisional territory), размешчаную напаўдарозе паміж Су-Сент-Мары і Садберы ўздоўж Паўночнага канала возера Гурон. Рэзервацыя "Сэрпент-Лэйк 7" мае 5250 кв. км.

Літ.:

4469 Кроссворд / сост. М. Мартынюк (г. Гомель) // Экологический вестник. 1994. № 39 (сент.). С.4. (По горизонтали: 29. Широко распространенное растение, которое коренные жители Америки - индейцы - называют "следом белого человека".)

4472 Рекорды устойчивости // Экологический вестник. 1994. Сент. № 37.

4412 Свириденок А. Прислушайтесь, депутаты, к Цицерону // Экологический вестник. 1995. Март. № 9.

8531 Рытхэу Ю. Внук шамана и экологический шпион / интервью А. Карлюкевича // Российская газета (Союз. Беларусь-Россия). 2004. 25 марта.

2341 У спрэчку з японскімі прадпрымальнікамі ўступаюць "індзейцы", але... беларускія / Фельдъегерь ВСР; фельдпочту принимал А. Карлюкевич // Во славу Родины. 1993. 14 янв. (Японская ТНК "Дайшова" і індзейцы любіконы.)

ШАДУРА Павел (Паўлавіч) - радзіма яго бацькі-святара Паўла Шадуры - і таксама сына клірыка - у Менскай губерні, і іх вёска Пагарэлае з найбольшай верагоднасцю знаходзіцца ў Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобласці (раней Ігуменскі павет). Будучы бацька Максіма Багдановіча быў "размеркаваны" туды настаўнікам вясковай школы. Таксама цікавай сувяззю з'яўляцца знаходжанне ў Холме Люблінскай губерні двух выдатных выхадцаў з Пагарэлага - а. Паўла і епіскапа Клімента. Апошні, народжаны як Канстанцін Вернікоўскі, у 1891-1892 гг. быў рэктарам Холмскай духоўнай семінарыі, а Павел пазней вучыўся ў Холмскай настаўніцкай семінарыі. Абодвух, такім чынам, звязваюць і "сан-францыскія" браты Мартышы, якія вучыліся ў Холме.

Яшчэ адна вёска Пагарэлае была ў Бабруйскім павеце Менскай губерні (Глускі раён Магілёўскай вобласці) - зусім блізка на поўнач ад Касарычаў, дзе стварае Музей індзейца А. Уфімцаў, і не вельмі далёка ад асіповіцкай.

У нашчадках а. Паўла і яго жонкі Кацярыны - сумець некалькіх еўрапейскіх і некалькіх аляскінскіх, уключаючы індзейцаў тлінкітаў і дэнаіна, народаў.

Самы багаты "міжкультурны" вопыт меў сын Шадураў Павел - ён вучыўся ў Індзейскай школе Чэмава ў Арэгоне (Chemawa Indian School, Salem, Oregon) - сярод вялікай разнастайнасці прадстаўнікоў плямёнаў Паўночнага Захаду і Аляскі.

Штаты, адкуль была большасць вучняў, - Вашынгтон, Арэгон і Айдаха; дзеці з Аляскі вучыліся ёй як рэгулярны кантынгент; траплялі ў яе і дзеці з Мантаны, а таксама "выпадкова" - з каранямі па-за "рэгіёнам адказнасці" гэтай школы-інтэрната. Пазней з'явілася праграма, якая ўцягнула індзейцаў Паўднёвага Захаду - наваха. У школе ў розныя перыяды яе існавання адначасова вучылася і 200, і больш за тысячу вучняў.

Павел не стаў нейкай асаблівай знакамітасцю, а вёў просты лад жыцця, які можна назваць "па-хемінгуэеўску" "Стары і мора", - рыбалоўствам займаўся і яго бацька, асабліва калі рэвалюцыя ў Расіі пазбавіла яго стабільнага жалавання ад Сінода. Дзеці айца Паўла не толькі жылі ў асяроддзі індзейцаў, але і мелі непасрэднае дачыненне да племені кенайцаў як юрыдычнай адзінкі - Павел Паўлавіч быў членам Kenaitze Indian Tribe афіцыйна.

Ён быў "найстарэйшым бесперапынным жыхаром Кеная", куды пераехаў у 5-гадовым узросце. Да Сэйлема ён вучыўся ў "тэрытарыяльнай" школе ў Кенаі. Перабраў розныя заняткі - ад рыбака да начнога вартаўніка. Найбольш ганаровыя запісы ў яго біяграфіі - добрае веданне "славянскай" кніжнасці, вернасць традыцыям і абрадам царквы, за што быў узнагароджаны архірэйскім медалём. Быў членам брацтва-сястрынства. Дзесяцігоддзямі служыў як псаломшчык. Адпявалі яго ў Свята-Успенскай царкве Кеная, паніхіду адслужыў протаіерэй Нікалас Харыс, Маладыка-Харыс (Molodyko-Harris).

Здаровае навакольнае асяроддзе Кенайскага паўвострава, загартоўка кліматам сярэдняй суровасці, простыя заняткі і "святы дух" далі добры плён. З шасці дзяцей айца Паўла Шадуры пяць мелі ўзрост паміж 93 і 104 і толькі адзін меў 76 гадоў.

1. "Пол Паўлавіч" Шадура (Paul Shadura II, першае імя у Шадураў звычайна даюць у англійскай форме, а другое, па бацьку, - або Paul, або Pavlovich) - 93 гады: 18.07.1902, Уналашка - 26.06.1996, Анкарыдж. Быў жанаты на Фёкле П. Бакаф (Fiocla P. Backoff, 1913-1937).

2. Таццяна "Таня" Парысава (Parisova) Шадура - 100 гадоў: 14.01.1905, Кадзьяк - 10.05.2005. Выйшла замуж за Джэймса А. Элісана і большую частку жыцця правяла ў Такоме (Вашынгтон). Адно дзіця: Лора Джой Элісан.

3. Мэдж Шадура - 94 гадоў: 3.08.1908, Кенай - 4.09.2002, Медфард (Арэгон). Ажаніўся з Марыён Эрнэст Нікалс на Алясцы ў 1934 г.

4. Пітэр Пол Шадура - 104 гады: 2.07.1911, Кенай - 1.11.2015, верагодна, Меса (Арызона), якая згадваецца ў яго некралогах як апошняе месца пражывання. Быў жанаты на Маргарэт Штэльцнер.

5. Аляксандр Пол Шадура - 76 гадоў: 16.08.1914, Кенай - 5.03.1990, Джуна. Жонка Лізавета.

6. Ісаак Пол Шадура - 98 гадоў: 27.12.1918, Кенай - 5.08.2015 Касілаф. Жонка Орфа, дачка Боні. 59 гадоў рыбачыў "сеткай". Ветэран Другой сусветнай вайны.

Пажадаем усім чытачам "Нашага слова.pdf" і іх блізкім прыкладна такога ж выніковага ўзросту!

Літ.: 7669 Степуро Н. Звон белорусских колоколов до Аляски долетел: белорусский колокол вскоре появится на Аляске // Рэспубліка. 2004. 26 лют.

8313 Lowry S. Natives of the Far North: Alaska's vanishing culture in the eye of Edward Sheriff Curtis / photos by E. S. Curtis. Mechanicsburg, PA, 1994.

4269 Native American directory: Alaska, Canada, United States / ed. by Fred Synder. San Carlos, AZ, 1996.

9846 Mishler C. Historical demography and genealogy: the decline of the Northern Kenai Peninsula Dena'ina // Alaska Journal of Anthropology. 2007. V. 5. № 1. P. 61-81.

8361 CIRI presents check to St. Tikhon Russian Orthodox Church // CIRI Newsletter. 2005. March. (Cook Inlet Region, Inc. (CIRI), адна 12 рэгіянальных карпарацый, створаных у адпаведнасці з актам 1971 г. аб задавальненні іскаў карэнных аляскінцаў; ёсць фота а. Данііла Андраюка, пра якога гл. у папярэднім выпуску БСІ.)

8178 McClanahan A. J. A look baсk in history: Orthodox Eyes tells the story of two cultures meeting in Alaska // Cook Inlet Region, Inc. Newsletter. 2002. Dec. № 11. P. 4. (Прозвішча Shadura згадваецца Аляксандрай Макланахан, гісторыкам CIRI, тут, у аглядзе кнігі А. Знаменскага ў рубрыцы "Погляд у гісторыю".)

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Пераклады артыкулаў Антона Луцкевіча

Няма чаму дзівіцца

"Кур'ер Віленскі" ў № 31 ад 1 лютага 1936 г. даў выхад свайму абурэнню з нагоды таго, што на тэрыторыі пражывання беларусаў і летувісаў, гмінныя рады неахвотна далучаюцца да справы фінансавання з бюджэту гміны польскай пачатковай адукацыі і польскага школьніцтва. У якасці яскравага прыкладу такіх адносін, газета падае бюджэт Мелегянскай гміны Свенцянскага павета, дзе выдаткі на пачатковую асвету з 150 зл. паніжаны да 60 зл., на святліцу (маецца на ўвазе, нешта накшталт вясковага клуба - Л. Л.) з 140 зл. да 51 зл., на школьныя патрэбы з 708 да 305 зл. На наступны дзень, тая самая газета з задавальненнем канстантуе, што "не паўсюдна так дрэнна" бо на пасяджэнні павятовай ленчыцкай рады, сяляне ўхвалілі на справы выхавання моладзі, сельскагаспадарчае школьніцтва і кааперацыю на 15 000 зл. больш, чым прадугледжваў праект бюджэту на бюджэтны 1936-37 г.!

З гэтых фактаў, "Кур'ер Віленскі" робіць выснову, што "ленчыцкія радныя добра здалі экзамен па самакіраванні". А з гэтага лагічна вынікае, што радныя-сяляне на Віленшчыне экзамен правалілі …

Такая выснова будзе цалкам няслушнай. Трэба сабе ўсвядоміць, што ў Ленчыцкім павеце польскія сяляне даюць паважную суму на мілую для сабе рэч - польскую, родную для сабе асвету. А беларускіх і летувіскіх сялян газета прызнае няздольнымі да самакіравання толькі з той нагоды, што яны не жадаюць фінансава падтрымліваць чужую і нямілую для іх польскую асвету.

Мы мусім цалкам адкінуць падобныя высновы, бо яны грунтуюцца толькі на той падставе, што беларусы і летувісы не жадаюць польскіх школ, бібліятэк і святліц. Вядома, што ў межах расійскай ці прускай дзяржавы польскі народ таксама не жадаў у сябе школ і асветнай працы на чужой для яго мове, і ўсялякі пратэст супраць дэнацыяналізацыі польскім грамадствам лічыўся нацыянальнай цнотай. Чаму ж беларускія і летувіскія сяляне заслугоўваюць да сабе адмоўнага стаўлення з-за нежадання чужога школьніцтва?

Трэба адзначыць, што стаўленне да адукацыі беларускіх і летувіскіх сялян цалкам адрозніваецца, калі справа ідзе пра асветную працу на роднай мове. Вось некалькі фактаў з беларускага жыцця.

У Будслаўлі - перад прыходам туды польскага войска, на выдзеленым гмінай пляцы, стараннем і чыннай працай беларусаў, быў пабудаваны гмах для беларускай гімназіі. Гэтая гімназія, як вядома з неаднаразовых паведамленняў беларускай прэсы, была зачынена польскай уладай падчас кіравання генеральнага камісара Усходніх зямель Асмалоўскага.

У Наваградку, ужо ў "постмайскія часы" (маецца на ўвазе пераварот у траўні 1926 г. - Л. Л.) пры чыннай дапамозе беларускіх сялян будаўнічымі матэрыяламі і сваёй працай, паўстаў трохпавярховы мураваны гмах для бурсы пры мясцовай беларускай гімназіі. Закладку кутняга каменя выканаў сам прэзідэнт Масціцкі. Сойм асігнаваў каля 200 000 зл. дапамогі, але скарб выдаў толькі малую частку з гэтай сумы … Дзякуючы ахвярнасці беларускага насельніцтва, гмах пабудавалі, пакрылі дахам, і будоўля амаль што была закончана. Аднак, улады зачынілі беларускую гімназію, і зараз гмахам, выключнае права на які маюць беларусы, карыстаецца … "Polska Macierz Szkolna".

Ведаем шмат фактаў выдзялення гмінамі пляцаў і будоўлі - на сялянскія грошы і праз працу сялян - будынкаў для святліц і народных дамоў Т-ва Беларускай школы (ТБШ). Такі дом быў пабудаваны, напрыклад, у Востраве Слонімскага павета, але і тут … "гурток" ліквідаваны (верагодна, аддзел ТБШ быў аб'яўлены ўладамі гуртком Грамады і зачынены. - Л. Л.). Управа ТБШ магла падаць доўгі пералік такіх, на жаль, знявечаных уладамі, высілкаў беларускага насельніцтва.

Тое самае можна расказаць і пра летувісаў, якія ўласным коштам, як прыватнае, утрымліваюць сваё школьніцтва і ахвяруюць грошы на свае нацыянальныя культурна-асветныя арганізацыі. Немагчыма падумаць, што рэдакцыя "Кур'ера Віленскага" пра гэта не ведае!

Уявім сабе, што "Кур'ер Віленскі" замест закідаў пра нежаданне беларускага і летувіскага насельніцтва прымаць польскую адукацыю, з дазволу улад, пачаў бы прапагандаваць шырокую асветную працу на беларускай і летувіскай мове? І пачаўшы такую працу, выдаваў бы пасведчанні аб грамадзянскай спеласці гмінным радным беларусам і летувісам? Гэта былі бы самыя слушныя і самыя чэсныя паводзіны ў гэтай справе.

H. B. [Антон Луцкевіч] Niema czem się dziwić // Pregląd Wileński. 1936. № 4. S. 1-2.

З гісторыі барацьбы за мову выкладання гісторыі і геаграфіі ў гімназіях нацыянальных меншасцяў

Апошнія месяцы прайшлі пад знакам скаргаў польскай прэсы на ціск польскай нацыянальнай меншасці ў незалежнай Летуве. І адначасова ў Польшчы можна было заўважыць масавую ліквідацыю летувіскіх культурна-асветных арганізацый і інстытуцый. Таму з-за неўнармаваных стасункаў паміж Польшчай і Летувой, па абодвух баках польска-летувіскай мяжы ў Летуве пакутуюць палякі, а ў Польшчы ў роўнай меры летувісы.

Польская прэса і польскае радыё падаюць шэраг фактаў, якія павінны сведчыць пра антыпольскую ўнутраную палітыку летувіскага ўрада. Да гэтых фактаў нядаўна дадалося рашэнне летувіскіх школьных уладаў, каб у прыватных польскіх сярэдніх школах агульная гісторыя і геаграфія выкладалася на летувіскай мове. Гэта выклікала ў Польшчы сапраўдную буру.

Аднак не лішнім будзе адзначыць, што першынства ў такога кшталту патрабаваннях належыць не Летуве, а Польшчы. Гэта справа мае сваю гісторыю, якую варта ўспомніць у сувязі з апошнімі падзеямі.

Як вядома, так званы "Закон аб мовах" 1 ад 31.07.1924 г., які быў падрыхтаваны пасламі Тугутам і Грабскім, нармуе справу мовы выкладання ў прыватных сярэдніх школах нацыянальных меншасцяў. Артыкул 7 закона патрабуе, каб "польская літаратура, гісторыя і геаграфія" выкладаліся на польскай мове. З агульнага стаўлення, занятага ў той час заканадаўцамі і з кантэксту іншых артыкулаў закона, было зразумела, што прыметнік "польскі" ў артыкуле 7 датычыць трох па-чарзе пералічаных прадметаў: літаратуры, гісторыі і геаграфіі і ад пачатку справа ішла пра выкладанне па-польску толькі польскай літаратуры, польскай гісторыі, польскай геаграфіі. Гэтак жа зразумелі артыкул 7 закона і школьныя ўлады ў 1924/25 навучальным годзе. Але перад пачаткам наступнага навучальнага года афіцыйная інтэрпрэтацыя гэтага артыкула змянілася ў тым сэнсе, што прыметнік "польская", стаў азначаць таксама і агульную гісторыю і геаграфію.

Грунтуючыся на такой інтэрпрэтацыі, 22 ліпеня 1925 г. Кураторыюм Віленскай школьнай акругі разаслаў ліст дырэкцыям прыватных сярэдніх беларускіх, летувіскіх і яўрэйскіх школ, у якім паведаміў, што "згодна з тлумачэннямі Міністэрства веравызнанняў і асветы ад 23 красавіка таго ж года пад нумарам 4022/D.25, школы з навучаннем на няпольскай мове, павінны - згодна з артыкулам 7 "Закона аб мовах" […] - праводзіць навучанне агульнай гісторыі і геаграфіі на польскай мове". Гэты загад выклікаў абурэнне грамадскасці нацыянальных меншасцяў. У Вільні тады сабралася канферэнцыя прадстаўнікоў беларускіх, летувіскіх і яўрэйскіх культурна-асветных арганізацый, на якой было вырашана не падпарадкоўвацца няслушнаму і неадпаведнаму закону загаду школьных улад. Адначасова быў складзены мемарыял у міністэрства з пратэстам супраць гэтага загаду і скарга ў Найвышэйшы адміністрацыйны трыбунал, выслана дэлегацыя да міністра веравызнанняў і асветы. Справай заняліся паслы беларусы і яўрэі ў Сойме. Да акцыі трох народаў далучыліся ўкраінцы і немцы, якія атрымалі ідэнтычныя загады. Пачаліся пратэстныя бацькоўскія сходы. Пасыпаліся інтэрпаляцыі паслоў нацыянальных меншасцяў у Сейме.

Варта згадаць галоўныя нацыянальна-культурныя і педагагічныя матывы ў мемарыяле да міністра веравызнанняў і асветы, дасланым 15.9.1925 г. віленскімі беларускімі, летувіскімі і яўрэйскімі арганізацыямі. Чытаем там наступнае:

"Распараджэнне пана міністра мела адмоўны эфект не толькі ў непасрэдна зацікаўленай настаўніцкай і бацькоўскай грамады, але таксама і ў больш шырокага кола няпольскага насельніцтва Віленшчыны. Загад аб вывучэнні згаданых прадметаў на польскай мове быў зразумелы шырокім беларускім, летувіскім і яўрэйскім колам як удар, накіраваны супраць самых важных падстаў нашага школьніцтва, як акцыя накіраваная на знішчэнне саміх падмуркаў навучання на роднай мове, гарантаваных канстытуцыяй РП. Няпольскае насельніцтва Віленшчыны бачыць у загадзе пана міністра небяспеку супраць усяго ладу школьніцтва, якое з такой цяжкасцю будавалася доўгія гады.

Што датычыць педагагічных падыходаў, дык загад пана міністра пазбаўляе настаўніцтва найважнейшага - сродку для развіцця дзіцячага мыслення і душы, рашуча аслабляе вартасць гуманітарнага чынніка ў нашых праграмах. Навучанне агульных гісторыі і геаграфіі на польскай мове, якая для нашых дзяцей не з'яўляецца роднай, моцна абцяжарыць поспехі дзяцей ў гэтых навуках, фатальна адаб'ецца на ўзроўні гэтых прадметаў, апусціць гэтыя жывыя і цікавыя навукі да мёртвага вербалізму, страты замілавання да навукі і расцярушвання энергіі нашай моладзі".

Падпісанты петыцыі потым склалі фармальную скаргу ў Навышэйшы адміністратыўны трыбунал і прасілі прыпыніць выкананне загаду міністэрства да выраку Трыбунала. У гэтай скарзе, дасланай 22.08.1925 г. Цэнтральнай радай ТБШ, звяртаецца ўвага на недакладную інтэрпрэтацыю школьнымі ўладамі 7 артыкула і цвердзіцца, што "ў інтэрпрэтацыі школьных уладаў 7 артыкул бярэцца ў адрыве ад духу ўсяго закона, а ў прыватнасці - ад 4 артыкула Закона аб мовах, у якім выразна адзначана, што ў 4, 5, 6 і 7 класах агульнаадукацыйнай школы на польскай мове павінна выкладацца толькі дзяржаўная мова, польская гісторыя і навукі пра сучасную Польшчу. З-за таго, што гэтыя класы агульнаадукацыйнай школы з юрыдычнага і арганізацыйнага боку з'яўляюцца ніжэйшымі класамі сярэдняй школы - гэтай званай ніжэйшай гімназіяй, таму загад міністра веравызнанняў і асветы, знаходзіцца ў яўнай супярэчнасці з 4 артыкулам закона, у якім 7 артыкул, як не выразны па сэнсу, павінен разумецца праз сэнс артыкула № 4 і дух усяго закона, які мае за мэту не памяншэнне, а пашырэнне беларускай мовы ў школе". У канцы ліста скаржнікі просяць скасаваць загад міністра.

Праз некалькі месяцаў, а менавіта 14.10.1925 г. Кураторыюм Віленскай школьнай акругі разаслаў у дырэкцыі сярэдніх няпольскіх школ ліст, у якім пацвярджаўся загад міністэрства і, відочна, у якасці кампенсацыі за крыўды няпольскаму школьніцтву, уводзілася наступная інавацыя: "Сярэднія прыватныя школы з беларускай, летувіскай і яўрэйскай мовамі навучання маюць права ў трох старэйшых класах прызначыць для вывучэння беларускай, летувіскай і яўрэйскай моваў, па 1 дадатковай гадзіне штотыднёва для навучання разам з літаратурай таксама і гісторыю культуры свайго народа (не палітычную гісторыыю, якая павінна вывучацца ў курсе агульнай гісторыі і, згодна з законам, па-польску). Праграма гэтай гісторыі культуры мусіць быць, як і ўся школьная праграма, зацверджана Кураторыюмам. У школьным 1925/26 годзе вывучэнне гісторыі, як і зараз, можа пачацца не з 1, а з 2 класа".

Відочна, гэтыя дробныя саступкі нікога не задаволілі, і выкладанне агульнай гісторыі і геаграфіі ў гімназіях нацыянальных меншасцяў адбывалася на мовах гэтых гімназій. Нарэшце, пасля года змагання, з-за няўступлівага адзінства ўсіх нацыянальных меншасцяў, пакрыўджаных распараджэннем міністра веравызнанняў і асветы, школьныя ўлады пайшлі на саступкі. Лістом ад 03.06.1936 г. міністэрства веравызнанняў і асветы паведаміла куратарам Львоўскай, Валынскай, Палескай, Віленскай і Беластоцкай вучэбных акругаў, наступнае:

"Міністэрства рэкамендуе панам куратарам патрабаваць ад усіх сярэдніх агульнаадукацыйных школах з няпольскай мовай выкладання, дзе праграма навучання складзеная так, што гісторыя Польшчы, вывучаецца як асобны прадмет і аддзеленая ад агульнай гісторыі, вывучаць на польскай мове польскую мову і літаратуру, гісторыю Польшчы і навукі аб сучаснай Польшчы.

Таксама на польскай мове павінна выкладацца геаграфія Польшчы ў старэйшых класах гімназіі.

Вывучэнне іншых раздзелаў гісторыі і геаграфіі можа адбывацца на мове навучання школы".

Гэтак было адменена няслушнае і крыўднае для нацыянальных меншасцяў распараджэнне школьных уладаў.

А сёння?

Здаецца, што міністэрства вярнулася да ранейшай пастановы.

H. B. [Антон Луцкевіч] Z historji walki o język wykładania historji i geografji w gimnazjach mniejszościowych // Pregląd Wileński. 1937. № 1. S. 1–3.

Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша.

1 31 ліпеня 1924 г. польскі Сойм зацвердзіў пакет законаў (Уставы) аб мовах. Гэтыя законы рэгламентавалі ўжыванне розных моў у школах, дзяржаўных установах, установах самакіравання, судах і г. д. і афіцыйна абмяжоўвалі выкарыстанне беларускай мовы на этнічных беларускіх тэрыторыях. Але пры гэтым дазвалялася беларускамоўная адукацыя на гэтых тэрыторыях і нават фармальна дазвалялася двухмоўе ва ўрадавых установах. - Л. Л.

"Провады зімы" адзначылі ў Лідзе

Жарты, забавы, песні, танцы.

Усё адбылося каля замка, а больш дакладна, каля Дома Валянціна Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея. Госці на свяце, госці і ў Доме паэта. Завіталі артысты з горада Баранавічы, - народны ансамбль народнай песні і музыкі "Прымакі".

А як вядома, што ў Баранавічах нарадзіўся Валянцін Таўлай!!!

З задавальненнем артысты завіталі ў мемарыяльны пакой паэта, свайго земляка і пакінулі аўтограф на памяць.

Наш кар.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX