Папярэдняя старонка: 2023

Наша слова.pdf № 10 (62) 


Дадана: 07-03-2023,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 10 (62), 7 сакавіка 2023 г.

Вясна ідзе, працу вядзе, а пакуль святкуем

"Казюкі - 2023" у Гародні

Народны ансамбль народнай музыкі "Гудскі гармонік" і майстры аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Лідскага раёна прынялі ўдзел у традыцыйным свяце рамеснікаў "Казюкі - 2023", якое прайшло на плошчы Савецкай ў г. Гародні.

І хай паспрабуюць нам сказаць, што мы нешта занядбалі. Каб якую работу, то маглі б, а свята то не - ніколі. Тым больш, што Казюкі - гэта той момант, калі просты беларускі рамеснік можа пахваліцца зробленым за зіму ды прадаць, што ўдасца, а ўсе астатнія ці купіць, ці паглядзець хоць.

Наш кар.

Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка

З днём 8 сакавіка

Непараўнальныя вясны сястрыцы!

О, Лады, Берагіні, Каралеўны!

Хай радасць светлая ў вачах іскрыцца,

А ў сэрцы лашчыцца вясны напеўнасць.


Няхай жыцця будзённую клапотнасць

Лагодзіць, грэючы, агонь кахання.

Віншую вас, каханых, мілых, родных

З вясны пачаткам - года ясным раннем.


Адметным гэтым днём сакавіковым

Складаюць усе рыцары-мужчыны

Свае пачуцці, вершы, кветкі, словы

Да ног Яе Вялікасці Жанчыны.


Няхай жа будзе гэткіх дзён паболей

У жаночым (ён такі няпросты!) лёсе.

Патканай шчасцем, мілыя, вам долі,

І што ў задумах-марах - каб збылося.


Каб цешылі матуль заўсёды дзеці

І любыя адорвалі каханнем.

Усё лепшае, што толькі ёсць на свеце,

Жадаю вам з вясновым віншаваннем!

Валянціна Гіруць-Русакевіч.

16-я Агульнанацыянальная дыктоўка ў Лідскім каледжы

У Лідскім каледжы праходзіла адразу некалькі дыктовак:

1. Купалаўская дыктоўка. З прывітальным словам да ўсіх удзельнікаў дыктоўкі выступіла рэктар ГРДУ імя Янкі Купалы Ірына Фёдараўна Кітурка. Прымалі ўдзел замежнікі з Кітая, В'етнама, Расіі і інш. краін. Ад каледжа дыктоўку пісала выпускная група 84 да (3 курс) і выкладчыкі.

2. У каледжы выкладчыкі беларускай мовы падрыхтавалі дыктоўку пад агульнай назвай "Ліда - мой горад". Пісалі групы 89 да, 88 да, 102 па, 334 т, 60 впа і астатнія групы 1-га курса.

З самай раніцы 21 лютага ў каледжы праходзілі розныя мерапрыемствы, прысвечаныя роднай мове:

- інтэрактыўная гульня "Воблака слоў" - самая распаўсюджанае слова на беларускай мове атрымалася "бульба";

- чэлендж "Маё любімае слова на беларускай мове". Актыўны ўдзел прымалі навучэнцы, выкладчыкі, работнікі каледжа.

Сярод слоў былі: "матуля, пяшчота, зорка, сонейка". Аднак самым папулярным словам аказалася слова "каханне". Чэлендж арганізавала група 88 да 1 курса;

- конкурс буклукаў. Актыўны ўдзел прыняла група 1-га курса 89 да. Буклукі на кнігі Ул. Караткевіча "Быў. Ёсць. Буду" і "Каласы пад сярпом тваім" навучэнак А. Кавальчук і Д. Лаўскай былі адзначаны як лепшыя;

- традыцыйна ў Дзень роднай мовы выкладчыкамі каледжа сумесна з выпускнікамі праводзіцца гульня "Размаўляем па-беларуску". У гэтым годзе гульцамі сталі навучэнцы 1-га курса - груп 44 с, 333 т, 334 т.

Дзень роднай мовы прайшоў з актыўным удзелам навучэнцаў, выкладчыкаў, работнікаў каледжа і стаў запамінальным і яскравым.

Наш кар.

Дзень роднай мовы ў Лідскім політэхнічным каледжы

Давайце будзем размаўляць на роднай мове, па-беларуску, з прыветнай усмешкай. Не саромейцеся недасканалай гаворкі. Беларускую мову пранеслі праз стагоддзі, захавалі для нас нашы продкі. Яна жывой крынічкай цурчыць і сёння. Мова заўсёды будзе жывой. Для гэтага трэба ўсяго толькі людское жаданне.

Мерапрыемствы, прысвечаныя Дню роднай мовы, традыцыйна прайшлі ў Лідскім політэхнічным каледжы:

1. Конкурс плакатаў "Мова наша вечна жывая, яна як раса, як сляза, як зара";

2. Напісанне дыктоўкі з мэтай папулярызацыi i падтрымкi беларускай мовы ў рамках святкавання 700-годдзя горада;

3. Дэкламацыя вершаў.

4. Літаратурная віктарына "Крочым разам па літаратурнай сцежцы".

5. Гульня "Жывое слова".

Наш кар.

Дзень роднай мовы ў клубах Лідчыны

У 2023 годзе спаўняецца 24 гады з моманту заснавання Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый Міжнароднага дня роднай мовы. Сярод мноства моў у нас ёсць адна асаблівая - родная, беларуская мова.

З гэтай нагоды ў мэтах папулярызацыі і падтрымкі беларускай мовы ў перыяд з 20 па 26 лютага 2023 года ва ўсіх філіялах (12 устаноў культуры) ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" прайшлі Агульна-нацыянальныя дыктоўкі, прымеркаваныя да гэтага дня ў рамках святкавання 700-годдзя горада Ліды па тэксце "Вялікі князь Гедымін!"

Наш кар.

Дзень роднай мовы ў школах, гімназіях і ліцэях Лідчыны

Сёлета ў рамках 16-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі на Лідчыне пісалі чатыры віды дыктовак: Рэспубліканскую, Абласную, Купалаўскую і Лідскую.

Рэспубліканскую дыктоўку пісалі вучні старэйшых класаў 10-й школы і два чалавекі з СШ № 2 г. Бярозаўкі.

Абласную дыктоўку пісалі ўсе навучальныя ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі Лідскага раёна.

У Абласной дыктоўцы ўзялі ўдзел 3524 чалавекі: вучні, бацькі і настаўнікі, з іх настаўнікаў -347 чалавек і бацькоў - 128 чалавек.

У рамках святкавання 700-годдзя г. Ліды, вучні школ Лідскага раёна прынялі ўдзел у напісанні традыцыйнай Лідскай дыктоўкі на беларускай мове. Дыктоўку пісалі 4343 чалавекі.

Купалаўскую дыктоўку пісаў Лідскі каледж.

У цэлым актыўнасць школ самая розная. Сёлета найбольшую актыўнасць і адказнаснасць прадэманстравала СШ № 12. Там дыктоўку пісаў 931 чалавек. СШ № 17 дала 747 удзельнікаў, СШ № 8 - 605 удзельнікаў.

Такім чынам агульная колькасць удзельнікаў 16-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі ў школах Лідчыны склала каля 8600 чалавек (летась было 9145 чалавек).

Акрамя дыктовак, у школах ішлі Тыдні роднай мовы, самыя розныя мерапрыемствы.

У прыватнасці ў СШ № 14 праходзілі віктарыны, спаборніцтвы, падарожжы. Вучні пачатковых класаў прынялі ўдзел у турніры "Знаўцы роднай мовы". Яны разгадвалі загадкі, метаграмы, крыжаванкі, рэбусы. Успаміналі прыказкі і прымаўкі, працавалі "Перакладчыкамі".

У рамках Тыдня роднай мовы вучні СШ № 10 наведалі Лідскі гістарычна - мастацкі музей. З задавальненнем сямікласнікі ўдзельнічалі ў іншых мерапрыемстве, прысвечаным Дню роднай мовы.

Такім чынам 16-я Агульнанацыянальная дыктоўка прайшла сёлета ў лідскіх школах на годным узроўні. Лідчына яшчэ раз выказала глыбокую пашану і павагу да роднай мовы.

Яраслаў Грынкевіч

Дзень роднай мовы ў Лідскім музкаледжы

У Лідскім дзяржаўным музычным каледжы штогод прайходзяць мерапрыемствы да Міжнароднага дня роднай мовы.

Сёлета ў рамках тыдня беларускай мовы i літаратуры тут адбыліся мерапрыемствы, прысвечаныя Алесю Бачылу і Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу. Было цікава і пазнавальна.

Наш кар.

Лявону Баршчэўскаму - 65

65 гадоў Лявону Баршчэўскаму. Унікальнаму беларусу, які ведае ці не ўсе мовы свету - і ці не з усіх моваў свету перакладае творы паэзіі і прозы. Гэта найперш ягонымі высілкамі (і высілкамі выдаўца Змітра Коласа) створана кніжная серыя "Паэты планеты", у якой выйшла ўжо 100 (!) кніг перакладзенай на беларускую мову сусветнай паэзіі...

Гэта ён, як дэпутат, змагаўся за незалежнасць Беларусі ў Вярхоўным Савеце, гэта ён, як палітык, ачольваў Беларускі Народны Фронт і, як літаратар, Беларускі ПЭН-цэнтр, гэта ён, як кандыдат філалагічных навук, выкладаў у Беларускім ліцэі, гэта ён уздымае сёння ўзровень беларускай перакладніцкай школы... і ўрэшце гэта ён спявае ў застоллі па заяўках сяброў хоць ангельскія, хоць нямецкія, хоць кітайскія, хоць іспанскія, хоць грузінскія, хоць маўрытанскія, хоць няведама якія песні...

Лявон Баршчэўскі нарадзіўся 4 сакавіка 1958 года ў Полацку. У 1975 годзе паступіў у Менскі педагагічны інстытут замежных моваў на спецыяльнасць "Нямецкая і ангельская мовы". Працаваў выкладчыкам нямецкай і ангельскай моваў у роднай школе № 10 Полацка, потым у Наваполацкім політэхнічным інстытуце (цяпер - Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт). У 1987 годзе скончыў аспірантуру пры Менскім педінстытуце замежных моваў, атрымаў ступень кандыдата філалагічных навук. У 1985 годзе Лявон Баршчэўскі разам з Сяргеем Шупам стварыў у Менску клуб маладых перакладчыкаў "Бабілён".

Перакладчык і ўкладальнік зборнікаў лірыкі Бертольда Брэхта, Нікалаўса Ленаў, Сапфо, Ф. Петраркі, Ф. Гёльдэрліна, Я. Вырхліцкага, К. Кавафіса, Анакрэёна, Ду Фу, Г. Экелёфа, Э. Кітэльсэна, Архілёха, Бабура, С. Стэйнара, Назіма Хікмета, аль-Бухтуры, М. Цвятаевай, Нэлі Закс, Р. Кэмпбала, Сальваторэ Квазімада, М. К. Сарбеўскага, Г. Лоўсана; зборнікаў выбранай прозы Г. Бёля (дзе змешчаны м. інш. яго пераклад рамана "Більярд а палове дзясятай"), Ф. Кафкі (улучна з яго раманамі "Працэс", "Замак", "Зніклы", выбранымі апавяданнямі). Пераклаў трагедыі Эсхіла "Прыкуты Праметэй", "Персы", Сафокла "Эдыпцар", Эўрыпіда "Мядэя", камедыі Арыстафана "Жабы", "Люсістрата", Менандра "Адлюднік", драму Фрыдрыха Шылера "Дон-Карлас", раманы Ёгана Вольфганга фон Гётэ "Пакуты маладога Вяртэра", Кнута Гамсуна "Голад", аповесці Г. Мастоўскай-Радзівіл "Здань у Малым Замку", Астрыд Ліндгрэн "Усе нашы дзеці з Булербю", Яраслава Івашкевіча "Панны з Вілька", паэмы Эдгара Алана По ("Тамерлан"), Хаіма Нахмана Бяліка ("У горадзе разні"), К. І. Галчынскага ("Баль у Саламона"), Ч. Мілаша ("Маральны трактат", "Паэтычны трактат"), трактат Імануіла Канта "Пралегамены да любой будучай мэтафізікі", п'есы Станіслава Выспянскага ("Вяселле" і "Варшавянка"), Сэм'юэла Бэкета ("Ня-я"), Фрыдрыха Дуранмата ("Партрэт планеты"), Вацлава Гаўла ("Свята ў садзе"), С. Мрожака ("Танга"), кнігі нямецкіх гісторыкаў Р. Лінднера ("Гісторыкі і ўлада") і Б. К'яры ("Штодзённасць за лініяй фронту"), паасобныя паэтычныя творы і прозу Г. Апалінэра, апавяданні К. Гамсуна, Ю. Боргана, Б. Шульца, эсэ А. Міхніка, вершы, урыўкі з паэмаў Анакрэонта, Катула, Вяргілія, Авідыя, Б. дэ Борна, П. Відаля, Дантэ Аліг'еры, П. дэ Рансара, Л. ды Камойнша, Я. Каханоўскага, Нікаля Буалё, Дж. Мілтана, Ю. Бакі, Гётэ, Адама Нарушэвіча, Ф. Князьніна, Ю. У. Нямцэвіча, Г. Гайнэ, Дж. Леапардзі, Дж. Кітса, М. Эмінеску, В. фон Хайдэнстама, С. Обстфельдара, Х. Н. Бяліка, Х. Р. Хіменаса, Г. Ахтэрберга, Я. Э. Волда, Ю. Чаховіча, Фернанду Пясоа, Нэлі Закс, Я. Бжэхвы, Г. Граса, Т. Транстрэмера, Б. Акуджавы, Т. Вянцлавы, Р. Кемпбала і інш., лібрэта оперы "Чужое каханне наступстваў не бачыць" Ф. У. Радзівіл.

Баршчэўскі - аўтар кніг папулярных нарысаў "Літаратура ад старажытнасці да пачатку эпохі рамантызму" (2003) і "Беларуская літаратура і свет" (2006; разам з П. Васючэнкам і М. Тычынам). Аўтар больш за 30 артыкулаў і навуковы кансультант 18-томнай "Беларускай энцыклапедыі" (1996-2004), а таксама шматлікіх артыкулаў па методыцы выкладаньня літаратуры ў сярэдняй школе і ва ўстановах новага тыпу. Вядомы таксама як публіцыст: яго шматлікія артыкулы, інтэрвію публікаваліся ў незалежнай пэрыёдыцы ў Беларусі і па-за яе межамі. Суаўтар публікацыі "Справаздача аб стане незалежнай культуры ў Беларусі", прэзентаванай на сустрэчы кіраўнікоў ведамстваў культуры краінаў Еўразвязу ў Любліне (2011). У 2014 годзе ў кракаўскім архіве (аддзел рукапісаў Бібліятэкі князёў Чартарыскіх) знайшоў рукапісы невядомых твораў беларускамоўнай літаратуры першай трэці ХІХ стагодзьдзя "Wiersz Ruski o Religii i Obyczaynosci" і "Jasno czerwony raczek po obloku skacze…".

Баршчэўскі быў рэдактарам серыі "Biblioteka bialoruska", якая пачала выходзіць у 2006 годзе ва Уроцлаве ў выдавецтве Калегіюма Усходняй Еўропы. Рэдактар серыі "ЕўраГраматыкі" (з 2008). Ён уклаў 27-моўны "Еўраслоўнік" (2008), "Літоўска-беларускі, беларуска-літоўскі слоўнік" (2021), "Кароткі падручны беларуска-ангельскі слоўнік" (2023), з'яўляецца адным з укладальнікаў і рэдактараў "Нямецка-беларускага слоўніка" (2006) і "Беларуска-нямецкага слоўніка" (2010). Аўтар "Кароткай граматыкі польскай мовы" (2008), "Беларуска-польскага размоўніка-даведніка" (2011); адзін з аўтараў "Кароткай граматыкі латышскай мовы" (2008), "Кароткай граматыкі нідэрландскай мовы" (2009), "Карот-кай граматыкі нямецкай мовы" (2012). Укладальнік хрэстаматыяў для сярэдняй школы "Літаратура народаў свету" (т. 1 і 2, 1995) і "Літаратура народаў свету: ХХ стагоддзе" (1999; разам зь Е.Лявонавай).

Лявон Баршчэўскі працаваў намеснікам дырэктара Беларускага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа, які быў афіцыйна зачынены ўладамі ў 2003 годзе. Уганараваны Дыпломам Таварыства беларускай школы "Беларускі настаўнік 2009 года" і медалём да 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі (2019). Лаўрэат прэміі імя Францішка Багушэвіча Беларускага ПЭН-Цэнтра (1997).

У 1990-1995 гадах Баршчэўскі быў дэпутатам Вярхоўнага Савета XII склікання, уваходзіў у склад парламенцкай апазіцыі БНФ. Быў сябрам камісіі ў пытаннях адукацыі, культуры і захавання гістарычнай спадчыны, а таксама сябрам камісіі ў міжнародных справах і замежнаэканамічнай дзейнасці. Быў суаўтарам канцэпцыяў прынятых у 1990-1992 гадах законаў "Аб грамадзянстве", "Аб адукацыі", "Аб рэферэндуме" і інш. У красавіку 1992 года на 9-й сесіі ад імя Апазіцыі БНФ прадстаўляў распрацаваны адмыслоўцамі праект закона "Аб барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасьцю", які не быў прыняты бальшынёй Савета.

З 1995 года - намеснік старшыні Беларускага народнага фронту "Адраджэньне", у 1996-1999 гг. - выконваў абавязкі старшыні партыі пасля эміграцыі Зянона Пазьняка. Пасля расколу партыі ў 1999-2001 гг. быў дарадцам старшыні Партыі БНФ Вінцука Вячоркі.

На 10 з'ездзе Партыі БНФ у снежні 2007 года Лявон Баршчэўскі абраны старшынём партыі. У верасні 2009 году зышоў з пасады старшыні, на якой яго, па выніках з'езду партыі, замяніў Аляксей Янукевіч. У 2011 годзе разам з групай паплечнікаў выйшаў з Партыі БНФ.

Вікіпедыя.

Лявон Баршчэўскі быў сталым і актыўным сябрам ТБМ, пастаянным сябрам Рады ТБМ. Ад імя былых сяброў ТБМ шчыра віншуем спадара Лявона з днём нараджэння і зычым плёну ў працы на карысць Беларусі.

Беларускі дырыжор Іван Касцяхін аднавіў страчаную оперу Горскага "Маргер"

Беларускі дырыжор Іван Касцяхін і дырэктар Biuro Polonijne Гжэгаж Сарачыньскі прадставілі ў Варшаве адноўленую партытуру страчанай оперы кампазітара Канстанціна Горскага "Маргер". Гэта крыху дэтэктыўная гісторыя, у якой шмат шчаслівага збегу абставінаў, адданасці сваёй працы.

Спачатку - пра асобаў гэтай гісторыі. Іван Касцяхін - былы дырыжор беларускага Нацыянальнага тэатру оперы і балета. Апошні час жыве ў Варшаве.

Гжэгаж Сарачыньскі, дырэктар Biuro Polonijne, раней доўгі час працаваў консулам у Харкаве ва Украіне. Ён шмат высілкаў прыклаў да таго, каб раскрыць асобу кампазітара Канстанціна Горскага, знайсці матэрыялы яго музычнай спадчыны.

Уласна сам Канстанцін Горскі. Чалавек, які нарадзіўся ў 1859 годзе пад Лідаю, жыў на тэрыторыі сучасных Украіны, Расіі, Польшчы, Літвы. У 1905 годзе Канстанцін Горскі напісаў оперу паводле паэмы "Маргер" Уладзіслава Сыракомлі. Прэм'ера твора адбылася ў 1927 годзе, ужо пасля смерці кампазітара, і гэта быў першы і апошні яе паказ.

У оперы прадстаўлены напаўгістарычныя падзеі, якія адбываліся ў XIV стагоддзі. Паданне сведчыць, што на Замкавай гары ў мястэчку Пулен над Нёмнам (гэта ваколіцы сучаснага горада Коўні) быў замак пад камандай гедымінавага кашталяна Маргера. У 1336 г. кашталян разам з дружынай і мясцовым насельніцтвам аказаў гераічны супраціў тэўтонскаму наступу. У оперы ёсць любоўная лінія, моманты асабістага выбару і кропкі незваротнасці гэтага выбару, якая прыводзіць да таго, што абаронцы замка падчас чарговага наступу церпяць паразу, гінуць іх сем'і і ўласна кашталян Маргер. Адным словам драматычны і маштабны твор.

У другую сусветную вайну партытура для аркестра оперы "Маргер" згарэла. Цудам захаваўся толькі клавір - ноты для спеваў з фартэпіяна.

Улады і грамадскасць Ліды ўжо многія годы стукаюцца ва ўсе "творчыя" дзверы, каб убачыць пастаноўку "Маргера" ў Лідскім замку.

Паводле СМІ.

Памёр драматург Аляксей Дудараў

27 лютага ў Менску пайшоў з жыцця беларускі сцэнарыст і драматург, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, старшыня Беларускага саюза тэатральных дзеячаў, аўтар "Белых рос" і "Радавых" Аляксей Дудараў, паведамляе Беларускі саюз тэатральных дзеячаў.

Творцу было 72 гады. Ён нарадзіўся ў вёсцы Кляны, што пад Дуброўнам, на самым усходзе Беларусі. Паходзіў ён з адной тых рэдкіх усходнебеларускіх сем'яў, у якіх у вайну выжылі і бацька, і маці. Праз бацьку-франтавіка і аднавяскоўцаў, ён увабраў у сябе ваенную тэматыку, і вайна стала моцнай тэмай Дударава-драматурга. Аўтар п'ес "Выбар" (пастаўлена ў 1979), "Парог" (пастаўлена ў 1981), "Апошні ўзлёт" (пастаўлена ў 1982), "Вечар" (пастаўлена ў 1983), "Радавыя" (пастаўлена ў 1984), "Злом" (пастаўлена ў 1988), "Вежа" (з У. Някляевым, пастаўлена ў 1990), "Князь Вітаўт" (1994), "Чорная панна Нясвіжа" (2000) і іншых. Па яго сцэнарыях пастаўлены кароткаметражныя фільмы "Кола" (1977), "Дэбют" (1978), "Буслянё" (1980) і мастацкія - "Суседзі" (1979), "Купальская ноч" (1982), "Белыя росы" (1984), "Восеньскія сны" (1986) і іншыя.

У 1991-2002 г. займаў пасаду галоўнага рэдактара часопіса "Мастацтва". З 2003 па 2013 г. з'яўляўся мастац-кім кіраўніком Драматычнага тэатра Беларускай арміі.

Паводле СМІ.

Пра лідскія ветраныя млыны

Леанід Лаўрэш

У маёй калекцыі ёсць дзве нямецкія паштоўкі часоў Першай сусветнай вайны з выявамі лідскага ветранога млына. На гэтых паштоўках млын добра бачны з двух бакоў, бачна, што ён пабудаваны з дошак і разам з ім стаіць комплекс гаспадарчых пабудоў.

Па здымках, зробленых прыкладна ў 1916 г., зразумела, што млын ужо не працаваў бо з яго лопасцяў амаль што цалкам была абадрана тканіна. Было вядома, што ў горадзе меўся ветраны млын, але дзе ён стаяў? Па паштоўках бачна, што недзе на ўскрайку тагачаснага горада, але гэтае месца заставалася таямніцай.

І вось, нядаўна, перакладаючы другую частку ўспамінаў лідскага самавука-вынаходніка XIX - пачатку XX ст. Яўстаха Шалевіча, я звярнуў увагу на наступны фрагмент яго тэксту, напісанага ў 1909 г.: "У 1863 г. пробашчам у Ішчалне быў кс. Фалькоўскі. Ён прачытаў заклік да сялян далучацца да паўстання, за што быў расстраляны ў Лідзе. Месца пакарання выбралі недалёка ад горада, на Выгане, дзе зараз стаіць ветраны млын. Не раз, ідучы гэтым месцам, я думаў пра гэтую магілу нашага шаноўнага кс. Фалькоўскага" .

Адразу заўважу наступныя моманты: магілы расстралянага ксяндза ў той час не існавала, месца яго пахавання дакладна было знойдзена, і на ім ўстаноўлены крыж толькі праз 10 гадоў, а ўспаміны Шалевіча яшчэ раз пацвярджаюць той факт, што месца пахавання кс. Фалькоўскага стала захоўвалася ў народнай памяці. Нагадаю таксама, што да 1914 г. недзе тут, каля пахавання ксяндза, планавалася пабудаваць так званы "Касцёл на крыві".

Раён горада з назвай Выган у той час быў значана большым за сучасны гарадскі парк: на поўдні ён уключаў у сябе тэрыторыю сучаснага стадыёна, на ўсход цягнуўся да сучаснага праспекта Перамогі, а на захадзе - да чыгункі. У XX ст. тут пачалася меліярацыя, і якраз падчас асушэння дрыгвы, у 1933 г. на зямлі, якая належала настаўніку М. Міхальчыку, каля рэчкі Каменка, была знойдзена старая Ліда, верагодна менавіта пра гэтую Ліду і яе заснаванне ў 1180 г. у свой час пісаў Тэадор Нарбут .

Пасля інфармацыі, пададзенай Шалевічам, заставалася толькі ўдакладніць месцазнаходжанне ветрака. Ён знайшоўся на расійскай карце-аднавёрстцы 1915 г. Аб'ект, які я расшукваў, стаяў за 100 сажняў (210 м) прыкладна на захад (каля 220О па азімуту) ад царквы Св. Георгія.

Як і належыць, вятрак быў пабудаваны на самай высокай у межах горада адзнацы - 69, 2 сажняў (145 м) над узроўнем мора. Гаспадар ветрака Янкель Віленскі знайшоў найбольш выгаднае месца ў самай высокай кропцы горада.

Дадам, што каля 1914 г., акрамя ветранога млына Янкеля Віленскага, у горадзе працавалі: вадзяныя млыны Давіда Мардуховіча і Арона Фрыдмана (у Вісмантах ) і паравы млын Абрама Мельніка, а бліжэйшы ветраны млын стаяў у Тарноўскім маёнтку Маўрасаў, дзе ён захаваўся да нашага часу.


Вось такія маленькія адкрыцці з мінулага нашага горада прыносяць мне не меншае задавальненне, чым нейкія значна больш сур'ёзныя рэчы.


1. ДГАЛ. Ф. 1135. Воп. 4. Спр. 482. Szalewicz Eustachy. Historja koscila zoludzkiego oraz wspomnienia o Zoludzkiej parafji. Slow pare o obok lezacej Iszczonskiej parafji. Slow kilka o Szczuczynie. Lida. Parafja Kolesnicka. Арк. 28 адв.

2. Гл: Лаўрэш Леанід. Касцёл на крыві // Лідскі летапісец. 2019. №3. С. 8.

3. Гл: Лаўрэш Леанід. Шэпт пажоўклых старонак. Лідчына ў люстэрку прэсы. 1900-1939 гг. Гродна, 2017. С. 219-220.; Суднік Станіслаў. Як два разы старажытную Ліду адкрывалі // Лідскі летапісец. 2016. 2. С. 30-32.; Лаўрэш Леанід. Лідчына да XIV стагоддзя // Лідскі летапісец. 2019. №3. С. 16-34.

4. Пра Вісманты гл: Лаўрэш Леанід. Ваколіца Ліды Вісманты // Наша слова. 2019. 4 ліпеня.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Не проста ў "лісце" з Пентагона: Дудараў, Кіслы, Сіняк, Твардоўскі; Уладзімір Міхно сярод іншых магікан

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-9 (53-61) за 2023 г.)

Не толькі ў вашым, але і ў кожным раёне ёсць апошнія з магікан...

"…Ён, апошні з Магікан, акуратна і цярпліва, як апантаны археолаг…" - пісаў "вясковы лірнік" з Лепельшчыны Уладзімір Міхно ў апавяданні "Тэлефон і паэт" (2013).

"А душы Паэтаў як не зьнікаюць, так і не вяртаюцца...

Ніхто не званіў болей і ніхто не пераступаў парогу. Людзі, якія і раней як бы грэбавалі ведацца з Паэтам, цяпер стараліся найхутчэй забыць пра яго. На зямлю тым часам яркай каметаю зваліўся электронны век і ўзарваў яе. Засьвяціліся экраны, дысплеі, электронныя кніжкі адна перад адной фарсілі ў сеціве, пыталіся ў чытача: "Я ль на свете всех милее?" А чытач - маўчаў. Ён быў заняты. Ён, апошні з Магікан, акуратна і цярпліва, як апантаны археолаг, корпаўся ў пакінутай, забытай Богам вясковай бібліятэчцы, высільваючыся зьмесьці "культурныя наслаеньні" з Багдановіча ды Купалы...

Калі гукае мана - маўчыць праўда..."

МІХНО Уладзімір (1964-2019) - журналіст і пісьменнік, які жыў у вёсцы Чэрцы Лепельскага раёна, пракаментаваў сваё апавяданне "Тамагаўка", а таксама згадаў яшчэ адно, дзе ў яго эпізадычна з'явіліся "індзейцы" (ніжэй даюцца абодва лісты ад яго - датаваны 26.02.1992 і без даты, па штэмпелі 21.04.1992 (Лепель)).

"Паважаны Алесь Сімакоў!

Атрымаў Ваш ліст, які мяне, прызнацца, крыху здзівіў. Разумею Ваша высакароднае памкненне, але не магу зразумець, якое ж дачыненне мае да Беларуска-Індзейскага таварыства маё апавяданне "Тамагаўка"? Ці то Вас увяла ў зман сама назва? То яна, скажу Вам шчыра, утворана не без дапамогі хваравітай аўтарскай фантазіі ад слова "Тамагаўк" ("Томагавк") - памятаеце, былі ў ЗША некалі такія ракеты? Так што, калі б мне прыйшоў ліст з Пентагону, я быў бы меней здзіўлены. Калі ж Вас зацікавіў выраз: "Індзейцы племені Сіліванозус" (быў такі ў маім апавяданні, якое, дарэчы, друкавалася ў "Чырвонай змене" яшчэ ў 1989 годзе), то і ён не заслугоўвае абсалютна ніякай увагі - звычайная гульня слоў. Уявіце малюнак: вясковая малеча ладзіць гульні. Сёння яны "чырвоныя", заўтра "белякі", паслязаўтра "індзейцы", а там, глядзіш, "іншапланецяне". Не ўносіць жа іх за гэта ў летапіс гісторыі грамадзянскай вайны?

Такім чынам, вельмі шкадую, што не змагу ўнесці свой уклад у пераадоленне "лепельскай нецывілізаванасці" ў галіне "Беларуска-Індзейскага духу", паколькі ў гэтым пытанні я абсалютна некампетэнтны. Між тым, як мне здаецца, Вам не зашкодзіць больш прадметна паставіцца да адбору матэрыялу для слоўніка (не можа быць, каб наша літаратура зусім не падымала дадзенай тэмы, нешта абавязкова знойдзецца). Збіраць жа біяграфічны матэрыял пра ўсіх, "хто сказаў ці напісаў хоць слова пра Індзейцаў", па-мойму, не зусім апраўдана. У нас на Лепельшчыне кажуць: ''Пальцам у неба".

Што да маіх біяграфічных даных, дык не ведаю нават, што Вы маеце на ўвазе. Творчай біяграфіі пакуль не маю.

Жадаю поспеху.

Уладзімір Міхно.

26.02.1992 г."

"Паважаны спадар Сімакоў!

Прачытаў Ваш новы ліст, які мне перадалі ў Мінску. Па-ранейшаму не згодны з методай Вашага выяўлення пісьменнікаў-"індзеяністаў" у беларускай літаратуры. Тым не менш, ахвотна гатоў падзяліцца сваімі біяграфічнымі дадзенымі, калі яны Вам патрэбны.

Нарадзіўся я, Міхно Уладзімір Фёдаравіч, у 1964 годзе, у вёсцы Чэрцы, на Лепельшчыне. Па нацыянальнасці беларус. Школа. Белдзяржуніверсітэт (факультэт журналістыкі). Праца ў "раёнцы". Войска. Нарэшце, газета "Чырвоная змена", зараз працую тут аглядальнікам па пытаннях нацыянальнай мовы і літаратуры. З апавяданнямі выступаў у рэспубліканскім друку, на радыё.

Дарэчы, нядаўна пералапачваў яшчэ адно сваё апавяданне: "Развітальная гастроль", сутыкнуўся са словам "індзейцы", весела ўсміхнуўся і згадаў Вашы лісты. Глядзіш, станаўлюся "класікам" лацінаамерыканскай літаратуры.

Усяго найлепшага.

Уладзімір Міхно.

Р. S. А чаму ў такім ганаровым шэрагу я не пад нумарам "трынаццаць"?" (ліст не датаваны).

Апавяданне "Тамагаўка" (Чырвоная змена. 1989. 27 верас. С. 4-5) пад новай назвай "Дарослае маленства" з'явілася ў калектыўным зборніку "Карані: аповесці, апавяданні" (1994, с. 272-279).

У публікацыях Уладзіміра слова магікане сустракаем неаднаразова. У дадатак да цытаванага "аповеду" з падборкі "Вясна з усмешкаю мамы" ў "Дзеяслове", пра "рэгулярнасць" беларускага не толькі літаратурнага, але і публіцыстычнага "магіканізму" сведчаць яго артыкулы ў "Чырвонай змене": "Чаму Чырванее "Чырвонка"" (1991, 410 лістап.), "Паўзе па Лепелю... падпіска" (1992, 5 кастр.), "Дарагое Полымя" (1995, 2 снеж.). Гл. таксама яго артыкул ""Апошнія з магікан" у лепельскай Камін-шчыне" (2015) у раённай газеце "Лепельскі край".

Нашу ўвагу звярнула і аповесць "Азартныя гульні" (Мн., 1998).

Трэба памятаць, што Уладзіміра больш няма з намі, - а Краіна Вечнага Палявання ўсе ж недасяжная для дыялогу адсюль, таму трэба цаніць лісты, якія маем ад такіх сардэчных і таленавітых людзей, ад вясковых інтэлігентаў. Сам ён ужо не паклапоціцца пра захаванне сваёй эпісталярнай спадчыны - незалежна ад таго, наколькі сам цаніў яе.

У падборцы персаналій у гэтым выпуску БСІ - асобы, якія былі па-розныя бакі ад "Пентагону", але ўсіх іх яднаюць "нязлосныя" адносіны да "дзікасці" або "дзікунства" "натуральных людзей" (у адрозненне ад "дзікунства" ў значэнні еўрапейскага хамства і неадукаванасці).

ДУДАРАЎ Трафім - у сувязі са смерцю драматурга, якога таксама можна назваць магіканінам, - Аляксея Дударава (1950-2023), хочам звярнуць увагу, што за сто гадоў перад яго з'яўленнем на свет сваю працоўную вахту працягласцю каля дзесяці гадоў на Алясцы адбываў гэты яго магчымы сваяк: Трафім быў віцебскім мешчанінам, а Аляксей, па нараджэнні, дубровенскім селянінам.

"ДУДАРАЎ Трафім - віцебскі мешчанін, знаходзіўся на службе РАК у Рускай Амерыцы валавым рабочым у 1843-1853, пасля чаго выехаў у снежні 1853 у Кранштат на караблі РАК "Цэсарэвіч" (шкіпер Б. Ёр'ян)". (Грынёў А. В. Дудараў Трафім // Веснік БІТ. 2009. 27 крас. № 17.)

КІСЛЫ Канстанцін - нарадзіўся, верагодна, у Ленчыцы (Лодзінскае ваяводства), але ў беларускай праваслаўнай сям'і (1898; бацька з-пад Слоніма), быў часткай нацыянальна свядомай дыяспары і ў выніку заслужана лічыцца "беларускім музыкантам, кампазітарам, дырыжорам царкоўных і свецкіх хораў".

Вучыўся ў Калішы, у сувязі вайной эвакуяваўся ў Марыупаль.

Маці зарэгістравала сям'ю ў Беларускім камітэце Марыупаля. Яго музычныя здольнасці выявіў прафесар музыкі кампазітар Салаўёў. Замест аднаго мабілізаванага ў армію педагога Кастусь выкладаў спевы і кіраваў хорам у настаўніцкай семінарыі, якую скончыў у 1918 г. Далей - Турцыя, Заходняя Беларусь, у канцы наступнай вайны - Германія, пазней Бельгія, з 1956 г. - ЗША і з 1976 г. Да смерці ў 1980 г. - зноў Беласток.

У Кліўлендзе быў кіраўніком музычных калектываў і драматычнага гуртка. Яго заслугі: рэарганізацыя кліўлендскага хору беларускай моладзі ў жаночы ансамбль "Васількі", стварэнне царкоўнай музыкі, у т.л. музычнага зборніка "Вялікдзень", адкрыццё ў Кліўлендзе інструментальна-музычнай студыі, выкладанне ў беларускай суботняй школе. Уваходзіў у кіраўніцтва Кліўлендскага аддзела БАЗА.

У справаздачы 1958 г. пра ўдзел беларускіх выканаўцаў песень і танцаў у міжнацыянальным фестывалі звяртае ўвагу, што беларусы не проста станцавалі, а "праскакалі" свой танец, і не зусім ясна, наколькі ўпэўнена аўтар матэрыялу адносіў беларускую харэаграфію да танцаў, якія адрозніваліся ад танцаў індзейцаў, - якое месца беларусаў паміж індзейцамі і іншымі еўрапейцамі. Як вядома, у сувязі з вясковай вечарынкай у графстве Эль-Дарада (Каліфорнія) у 1891 г. доктар Русель параўнаў "нашы" песні і танцы з амерыканскімі і індзейскімі: з аднаго боку, адзін еўраамерыканскі танец нагадваў яму "нашу" мяцеліцу, з другога, выкананне індзейцаў і амерыканцаў здалося яму больш блізкім адзін да аднаго па стылі і духу, больш суровым і "ваенізаваным", чым "наша". Ужо пасля сусветных войн М. Ваньковіч назіраў у Санта-Моніцы (Каліфорнія) індзейскія танцы ў выкананні школьнікаў: "Поўны экспрэсіі танец арла і паляўнічага з тамагаўкам" змяняўся нумарам, калі маленькія дзеці, "апранутыя па-індзейску, са званочкамі на нагах, танцуюць танец з абручамі, які нагадвае мне знойдзены пад Стоўбцамі беларускі рэлікт - танец паміж пакладзенымі накрыж палкамі". Публіцыст, верагодна, меў на ўвазе адзін з варыянтаў традыцыйнага танцу "Мікіта".

Такім чынам, прыкладна ў тую ж эпоху, што і назіранні Ваньковіча ў Каліфорніі, адбываўся "дыялог" беларускага і індзейскага танцавальна-спеўнага мастацтва ў Агая (з тарашкевіцы):

"23-га лютага стараннямі Інтэрнацыянальнага інстытута і прэсы адбыўся чарговы фестываль, у якім брала ўдзел 24 нацыянальнасці. У гэтым фестывалі ўзяў удзел і наш Аддзел БАЗА. Паколькі быў абмежаваны час кожнага выступу да пяці хвілін, то хор моладзі пад кіраўніцтвам сп. К. Кіслага змог праспяваць адну песню "Халімон", а танцавальная група моладзі праскакала беларускі народны танец "Лявоніху". Хор быў у поўным складзе й пад добрым кіраўніцтвам, таму папісаўся вельмі добра. Таксама "Лявоніха" заняла першае месца ў цэлым фестывалі; аб гэтым сведчылі бурныя воплескі й шумлівае ўзварушэнне гледачоў, чаго не было пасля іншых выступаў, ды прызнанне арганізатараў фестывалю й іншых нацыянальнасцей. Беларусам паспрыяла тое, што тут выступалі пераважна аматарскія гурткі з павольнымі танцамі, дзе паўтараліся тыя самыя фігуры па некалькі разоў, а таму лёгка было спаборнічаць. Выступы некаторых груп зусім розніліся ад еўрапейскіх танцаў, прыкладам: амерыканскіх Індыянаў, Гавайцаў, Японцаў і інш.

Кіраўнік фестывалю доўга гаварыў пра Бела-русь, інфармуючы прысутных. Цэлая праграма была сфільмаваная каляровым фільмам, таму ўдзел Беларусаў зрабіў вялікую прапаганду для нашае справы. Беларускае народнае мастацтва заняло пачэснае месца між усіх народаў".

Літ.:

12384 Ул. Д. У беларускай калёніі ў Кліўлэндзе (ЗША) // Бацькаўшчына. 1958. 9 сак. С. 4.

7713 Abbott J. S. C. The history of the state of Ohio: from the discovery of the Great Valley, to the present time. Detroit, MI, 1875. (Згадваецца сустрэча Касцюшкі з Малой Чарапахай, правадыром маямі, звязаным больш за ўсё з гісторыяй штатаў Індыяна і Агая, - адна з вялікай колькасці згадак ў англамоўным друку гэтай значнай падзеі з Вялікай храналогіі беларуска-індзейскіх сувязей).

8467 Havighurst W. The Heartland: Ohio, Indiana, Illinois. New York, 1962.

8468 Howe H. Historical collections of Ohio: containing a collection of the most interesting facts, traditions, biographical sketches, anecdotes, etc., relating to its general and local history; with descriptions of its counties, principal towns and villages. Cincinnati, OH, 1851. (Касцюшка і Малая Чарапаха.)

10282 Hill L. U. John Johnston and the Indians: in the land of the three Miamis. Piqua, OH, 1957.

9998 Чурко Ю. М. Белорусский народный танец: историко-теоретический очерк. Мн., 1972.

3992 Чурко Ю. М. Народны танец // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі.: У 5 т. Т. 4. Мн., 1986. С. 28-30.

6256 Чурко Ю. М. Народны танец // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11. Мн., 2000. С. 180-181.

СІНЯК (Хмара) Сяргей - меў дзве дачкі; у той час як даўно вядомая нам Магдалена Хмаранка пад сваім сапраўдным прозвішчам Сіняк - прадзюсар і амаль што легенда шматнацыянальнага тэлебачання Канады, якая і знешне нібы з Галівуда, Іна - чалавек больш сціплага лёсу, але яна з'яўляецца на фатаграфіях з індзейцамі ў артыкуле 1965 г. у "Беларускім голасе" - ці не найлепшым - і самым маляўнічым, хоць і без колеру, - матэрыяле, зробленым беларусамі ў Амерыцы пра індзейцаў.

Подпіс "М. З." у артыкуле Сяргея Хмары - гэта "Магдалена Зіняк" ад Ziniak. Артыкул мае просты і выразны загаловак - "Індыяны" - і структурна складаецца з эпізоду ў пачатку, які апісвае ўражанні аўтара пра ветэранскі дзень на ўсеканадскай выставе каля пяці гадоў перад тым, а далей ідуць звесткі і ацэнкі, якія адносяцца да сучаснага становішча індзейцаў: раз'яднанасць індзейцаў дзякуючы раскіданасці шматлікіх рэзервацый, праблемы адукацыя - школы, мовы, крытыка неадэкватнага адлюстравання індзейскай тэмы ў падручніках, адсутнасць інстытутаў вывучэння і папулярызацыі індзейцаў - аж да таго, што не хапае карт рассялення. Для атрымання інфармацыі па мовах, такім чынам, хутчэй можна скарыстацца "Расейскімі, Савецкімі" даведнікамі, такімі як "Вызначальнік моў свету па пісьмовасцях" ("Определитель языков мира по письменностям") Р. Гілярэўскага і У. Грыўніна. Так пішуць беларусы ў "вольным свеце", хаця, вядома, і не ўсе. Зараз пра індзейцаў пісаць лягчэй, таму што багацце і дабрабыт, адсутнасць вайны ў саміх ЗША і Канадзе адбіваюцца і на паляпшэнні паказчыкаў індзейскай статыстыкі, за выключэннем, відаць, статыстыкі злоўжывання алкаголем і наркотыкамі. Існуе і разгалінаваная сетка прафесійнай індзеяністыкі, галоўная мэта якой - далікатна змякчаць непрыемнасці, якія могуць зыходзіць ад індзейцаў. А тады, у першай палове 60-х, "дэманстрацыі-пікетаванні" індзейцаў перад парламентам у Атаве, пратэсты, падобныя да згаданага Сіняком, былі ўсё ж нязвыклымі - у параўнанні з 70-90 гг. Сіняк назваў найважнейшыя прыкметы тагачаснай арганізаванасці індзейцаў - адну агульнанацыянальную арганізацыю ("Індыянская Нацыянальная рада") і галоўныя іх часопісы.

У артыкуле пяць фота, тры з якіх паказваюць побач беларусаў і індзейцаў. Такім чынам, звесткі пра наведванне Сяргеем і яго дочкамі індзейцаў - ёсць толькі ў ілюстрацыйнай частцы артыкула - і каментуюцца подпісамі - гэта фота з наведвання імі анішынаабэ і кры.

Фатаграфіі ў арыгінальных подпісах у парадку іх з'яўлення ў публікацыі:

Індыяны Манітуліну.

На абтоку Вялікага Маніту. Рад. [рэдактар] С. Хмара з Індыянскай дзеячкай Ваваскеш (Аленя [надрукавана Аlеня]) і яе дачкой Оджыг (Рыбка).

Галавар плямя народу Кры і I. Хмаранка.

У гасьцёх у пляменьня Кры. Маладое пакаленьне Новаканадыйцаў-Беларусоў з прадстаўніцай нашчадкаў даўнейшых валадароў Канады.

Індыянка з Манітуліну ў нац. вопратцы.

Усяго з артыкула можна выняць чатыры яўныя або меркаваныя эпізоды сустрэч: 1) на парадзе ветэранаў аўтар бачыў індзейца - ветэрана Другой сусветнай вайны, які далучыўся да працэсіі (і ўсё ж няма пэўнасці, што гэта не пераказ бачанага па тэлебачанні, чутага або прачытанага ў іншых СМІ, атрыманага з вусных або эпісталярных крыніц); 2) востраў Вялікі Маніту (на возеры Ніпісінг у Антарыа - анішынаабэ, алганкіны - Nipissing First Nation); 3) кры - месца не ўказанае; 4) уключэнне чацвёртага эпізоду - залежыць ад аўтарства, крыніцы фота, а адзін з сяброў сям'і Сінякоў запэўніў нас, што ўсе фота (за выключэннем таго, на якім сам Сіняк) і ўвесь тэкст у артыкуле - Сяргея Сіняка. Гэты ж чалавек якраз і раскрыў крыптанім М. З. як пэўную "містыфікацыю". Сіняк быў творчым чалавекам і "выдумляў" рознае, уключаючы прыгожыя псеўданімы для сваіх дачок. Зразумела, што Магдалена Хмаранка была яшчэ замалая, каб напісаць такі артыкул (хаця зрабіць здымак - магла б, напэўна). У нашай "Беларуска-індзейскай бібліяграфіі" ёсць прыклад, калі артыкул падпісаны імем дачкі, але пісаўся адным з яе бацькоў, - растлумачэнне больш празаічнае, хаця таксама як у "Астапа Бэндара".

У пачатку і ў канцы артыкула - фота мужчыны-індзейца і чатырох жанчын, а потым адной жанчыны, - усе ў нацыянальнай вопратцы і без беларусаў каля іх. Дарэчы, як і на возеры Ніпісінг, на Манітуліне таксама ёсць востраў Маніту, але не "Вялікі". Манітулін (Manitoulin Island) - востраў на возеры Гурон, "самы вялікі востраў свету, размешчаны ў прэсным возеры", а на ім - мноства азёр, адно з якіх Маніту - плошчай 106 кв. км, якое з'яўляецца "найбуйнейшым у свеце "возерам у возеры"". На Манітуліне шэсць рэзервацый анішынаабэ (Anishi-naabe): M'Chigeeng, Sheguiandah, Sheshegwaning, Aundeck Omni Kaning, Wiikwemkoong і Zhiibaahaasing.

Індзейцаў на востраве Манітулін (фота 1 і 5) мог бачыць і фатаграфаваць сам Сяргей Сіняк, але вось апісанне, якое мы рэальна маем, - парад на Central Canadian Exhibition Grandstand у Атаве (захаваныя арфаграфія і пунктуацыя, у якой - і некалькі "ў" пасля зычных):

"Было гэтае якіх пяць гадоў назад. У Вэтэранскі Дзень на Усеканадыйскай Выстаўцы. У гэты дзень шматтысячная парада аддзелаў Канадыйскага Лягіёну (вэтэранаў і аддзелаў гасьцей з Амэрыканскага Вэтэранскага Лягіёну), ды Вэтэранаў Паняволеных Нацыяў, праходзіць ў сваім маршы праз Трыюмфальную Браму Выставы, дзе на прасторы Калізэюму прымае параду адзін з галоўных вайсковых кіраўнікоў, ці Ваенны Міністар. Як звычайна ў падгатоўцы да маршу сярод іншых вэтэранскіх групаў, стаяў і аддзел зложаны з дэлегацыяў Вэтэранскіх арганізацыяў Паняволеных Нацыяў, з сваімі 20-цю нацыянальнымі сьцягамі паасобных народаў. Раптам да аддзелу адходзіць стары Індыянін у сваім нацыянальным ўборы, з ваенным медалём на грудзёх і папытаўшыся, што гэта за вэтэраны, ды атрымаўшы адказ, пачынае прасіць, ці ня можа ён машыраваць [так] у парадзе разам з нашым аддзелам, бо Англійскія аддзелы Канадыйскага лягіёну ня хочуць яго прыняць у свае шэрагі хоць ён быў на вайне і мае за яе мядалі. Каб ўганараваць прадстаўніка, тых, на зямлі якіх мы знаходзімся - Індыяніна пастаўлена ўперадзі цэлага аддзелу, сустраканага бурнымі воплескамі дзясяткаў тысяч глядзельнікаў парады. Уваходзячы на Гранд Станд (Калізэй) мастэр цырамоніі запавядае праз галасьнікі перад трыбунамі назоў надыходзячага аддзелу. I вось якое сумеўства паўстала на галоўнай трыбуне, дзе гэнэралы выцягнуліся з рукой аддаючай чэсьць праходзячым парадным маршам аддзелам, калі па анонсе, што ідуць Вэтэраны Паняволеных Нацыяў на чале калюмны сьцягоў паказалася раптам крочачая фігура Індыяніна. Ненарокам але крыху праўды! Але тое што здарылася з гэтым Індыянінам-Вэтэранам, здараецца соткі разоў у розных кутох Канады з іншымі прадстаўнікамі Індыянскага насельніцтва, бо хоць ахвіцыяльна дыскрымінацыя не існуе, але яна вылазіць рознымі хвормамі".

Аўтара БСІ аб'ядноўвае з Сіняком тое, што індзеяністыка першага пачалася каля 1976 г. у Пінску, а там жа ў 1930 г. Сяргей быў сакратаром Беларускага рабоча-сялянскага пасольскага клуба "Змаганне". Не наша задача аналізаваць яго пазнейшую палітычную групу "Двупагоня" і ўсё астатняе, калі гэта не закранае індзейскіх пытанняў, - мы "гераізуем" станоўчыя рысы індзейцаў і "базава беларускія" паводзіны беларусаў у рамках беларуска-індзейскіх сувязей, а не іх подзвігі або "подзвігі" ў цэлым. Але "беларускі Астап Бэндар" - па адной ацэнцы, "з любоўю", Сіняка-Хмары, - даслаў нам незадоўга да сваёй смерці нумар "Беларускага голасу" з публікацыяй, у якой індзейскі кампаратывістычны элемент ("Беліндзейская Грамада") якраз уключаецца ў "спецыялізаваную" дыскусію. І менавіта як адгалосак 1940-х. У нашымі разуменні, роля індзейцаў - быць пасярэднікамі паміж неразумнымі еўрапейцамі, а не ўдзельнічаць у іх сутычках паміж сабой па прынцыпе "двупагонь", якія абавязкова ёсць у кожнага з праціўнікаў - звычайна народам "не пашчасціла" з суседзямі…

Адзначым, што "дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі і беларускай эміграцыі, журналіст, паэт і празаік" Сяргей Сіняк, паводле аўтабіяграфіі, нарадзіўся ў Адэсе, а паводле архіўных дадзеных - у в. Казлоўшчына Дзятлаўскага раёна. Як піша нам яго сябар, "ён хацеў крышачку быць адэсітам. Там яго бацькі былі ў бежанстве падчас Першай сусветнай вайны". "Нарадзіўся ў Адэсе ў 1905 г.", там, дзе ў 1917 г. і аўтар нарыса пра паездку ў Канаду Янка Брыль - які згадваў Астапа Бэндара ў сувязі з фіктыўнымі жыхарамі адной з "індзейскіх вёсак" - з тых, якія ў 1960-я маглі назіраць наведвальнікі "Краіны кляновага ліста" (а гэты ж феномен у ЗША паказаў М. Ваньковіч, сфатаграфаваўшы "Труса", сваю жонку, з велізарным "індзейцам" як часткай "звыклага балаганіку" каля ўваходу ў нацыянальны парк у Каларада).

Мы атрымалі газету (1991. № 365. Кастр.), з нашым адрасам на ўпакоўцы, напісаным рукой Сіняка, 8.02.1992 г. і пісалі Хмаранцы на адрас "Беларускага голасу" роўна праз год пасля гэтага (8.02.1993) - ужо пасля смерці яе бацькі 4.09.1992 г. (што не 5-га, як часта пазначаецца, - указвае С. Чыгрын).

У адным томе ўяўленне пра творчасць Хмары-Сіняка дае кніга, падрыхтаваная С. Чыгрынам: "Рабінавы хмель: выбраныя творы" (Мн.: Кнігазбор, 2009). Але галоўным яго "творам", несумненна, з'яўляецца дачка Магдалена.

Літ.:

12400 М. З. Індыяны // Беларускі голас. 1965. № 130. Верас. С. 1, 2. ("Vol. 16/14".)

ТВАРДОЎСКІ Аляксандр - Мігель Анхель Астурыяс, як піша "вялікі сябар" і перакладчыца твораў лацінаамерыканскага класіка Маргарыта Былінкіна, бываў у СССР не адзін раз, і, напрыклад, на момант прыезду Астурыяса ў 1957 г. Твардоўскі быў адхілены ад рэдактарства "Новым миром", але ў 1966 г. зноў быў яго галоўным рэдактарам. 1966 і 1967 гг. адзначаны для Астурыяса важнымі ўзнагародамі - Міжнароднай Ленінскай прэміяй "За ўмацаванне міру паміж народамі" і Нобелеўскай.

Астурыяс - адзін самых вядомых у свеце творцаў індзейскага паходжання (маці - індыянка, а бацька - юрыст, метыс), але яго твар дакладна ўказвае, на чыім баку генетычная перавага. Дзявочае прозвішча маці выхадцы са Смаленшчыны Твардоўскага - Плескачэўская - даволі знаёмае беларускаму вуху.

Анатацыя да кнігі Рэгіны Раманавай "Аляксандр Твардоўскі. Працы і дні" (2006) уключае такія драматычныя, але ў выніку шчаслівыя звесткі:

"Работа над "Працамі і днямі" працягвалася амаль 20 гадоў, і кніга і павінна была выйсці яшчэ ў 1991 г. Аднак з-за калатнечы [передряг], што пачалася, і выдавецкай чахарды, якая наступіла следам, рукапіс ледзь не знік, частка фотаархіва была страчана, і толькі зусім нядаўна атрымалася вярнуць цудам аца-лелы апошні асобнік.

Кніга ўяўляе сабой не проста грунтоўную навуковую біяграфію А. Твардоўскага; у ёй на прыкладзе сям'і паэта раскрываецца больш чым векавая гісторыя краіны, пачынаючы з 1856 года. У кнігу ўвайшлі ўнікальныя архіўныя дакументы, перапіска блізкіх паэта (у тым ліку асабістыя лісты да аўтара), дзённікавыя запісы, фатаграфіі".

Гэта "Храналагічнае (па днях) апісанне жыцця паэта, сабранае з фактаў, успамінаў, лістоў, дакументаў". Адзін з запісаў за 1967 г.: "Астурыяс сказаў, што ён пасол і таму не можа прыехаць…" ("Астуриас сказал, что он посол и поэтому не может приехать…", с. 689). Мы не маем цяпер тэхнічнай магчымасці высветліць, да чаго адносіцца гэтае выказванне, што менавіта маецца на ўвазе ў гэтай фразе, - спадзяёмся зрабіць гэта да наступнага з'яўлення Твардоўскага ў нашай серыі БСІ. Загадкі, што інтрыгуюць, стымулююць пошук: куды не мог або не хацеў паехаць вялікі Астурыяс і ці быў ён дома ў гасцях у Твардоўскага паміж уручэннем Міжнароднай Ленінскай прэміі і Нобелеўскай прэміі па літаратуры?

Літ.:

5146 Твардовский А. О Бунине // Твардовский А. Проза. Статьи. Письма. М., 1974. С. 557-601. (Приложение к журналу "Дружба народов".)

921 Астуриас М. А. Русская литература в странах Латинской Америки // Культура и жизнь. 1958. № 3. С. 46-49.

52 Астуриас М. А. Сеньор Президент // Зарубежная литература XX века: хрестоматия [для филол. фак. вузов] / сост. В. М. Тимофеева, И. В. Шабловская, Б. П. Мицкевич. Мн., 1985. С. 559-566.

2604 Астуриас М. А. Сеньор Президент: роман / пер. с исп. М. Былинкиной, Н. Трауберг; предисл. Ю. Дашкевича. Мн., 1986.

3933 Астурыяс М. А. Пан Прэзыдэнт: урывак з раману / пер. з ісп. А. Дынько; мал. С. Харэўскага // Наша ніва. 1996. 2 снеж. С. 14-15.

51 Астурыяс М. А. Усе яны былі амерыканцы!: апавяданне / пер. з ісп. У. Шахаўца // Полымя. 1970. № 6. С. 115-132.

2605 Астуриас М. А. Сонет влюбленной любви / пер. Р. Казаковой // Всеобщая песня: стихи зарубежных поэтов / сост. В. С. Семуха; вступ. ст. Я. Семежона. Мн., 1985. С. 36. (Р. Казакова мела беларускія карані.)

2606 Астуриас М. А. Сонет опечаленной любви / пер. Р. Казаковой // Всеобщая песня: стихи зарубежных поэтов / сост. В. С. Семуха; вступ. ст. Я. Семежона. Мн., 1985. С. 36.

2607 Астуриас М.А. Сын твой, индеец... / Пер. Р.Казаковой // Всеобщая песня: стихи зарубежных поэтов / сост. В. С. Семуха; вступ. ст. Я. Семежона. Мн., 1985. С. 35.

789 Астурыяс (Asturіas) Мігель Анхель // Бела-руская Савецкая Энцыклапедыя. Т. 1. Мн., 1969. С. 544.

4854 Астурыяс (Asturіas) Мігель Анхель // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2. Мн., 1996. С. 59.

8427 Плескачевская И. Дикий, дикий Запад: письмо из Цинхая // СБ. Беларусь сегодня. 2007. 5 окт.

9966 Плескачевская И. Без "железного занавеса" // СБ. Беларусь сегодня. 2014. 18 дек. (Пра Г. Міціча.)

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

"Ад усёй душы"

У Ваверскім Доме культуры адбылася канцэртная праграма "Ад усёй душы" народнага ансамбля народнай музыкі "Гудскі гармонік".

Артысты Гудскага цэнтра творчасці і вольнага часу павіншавалі працаўнікоў КСУП "Ваверка-агра" пры падвядзенні вынікаў вытворчай і эканамічнайй дзейнасці і падарылі лепшы настрой у гэты святочны дзень.

ТК "Культура Лідчыны".

Раённае свята "Провады зімы"

Вясёлыя, гучныя масленічныя гулянні ладзіліся 26 лютага ля сцен Лідскага замка. Шмат прыхільнікаў знайшла інтэрактыўная пляцоўка ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы". Крэатыўныя бібліятэкары прапанавалі гасцям і жыхарам горада займальныя конкурсы, масленічныя забавы і сапраўдныя спартыўныя спаборніцтвы. З вялікай увагай гледачы і ўдзельнікі свята сачылі за спартыўнамі спаборніцтвамі, гэта адно з самых цікавейшых момантаў свята. Вядома ж, усе пераможцы атрымалі смачны падарунак. Бібліятэка пастаралася стварыць настрой весялосці, даставіць усім жыхарам і гасцям горада радасць. А па выніках раённага конкурсу тэматычных пляцовак-фотазон "Блінны рай!" заняла другое месца.

Кацярына Сандакова, Бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынга ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX