Папярэдняя старонка: 2023

Наша слова.pdf № 11 (63) 


Дадана: 15-03-2023,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 11 (63), 15 сакавіка 2023 г.

Дата, якая шануецца ўсімі беларусамі

15 сакавіка, у нашай краіне святкуецца Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь з'яўляецца Асноўным Законам дзяржавы, які мае вышэйшую юрыдычную сілу і прамое дзеянне на ўсёй тэрыторыі краіны. У Канстытуцыі закладзены асновы рэгулявання прававой, палітычнай і эканамічнай сістэмы дзяржавы. Асноўны Закон замацоўвае неад'емныя правы чалавека і гарантыі іх рэалізацыі, узаемныя абавязкі грамадзяніна і дзяржавы, парадак фарміравання і функцыянавання органаў улады. Палажэнні Канстытуцыі знаходзяць сваё развіццё ў бягучым заканадаўстве.

Канстытуцыя Беларусі была прынята 15 сакавіка 1994 года Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь і з'яўляецца першай у гісторыі суверэннай рэспублікі і пятай па ліку Канстытуцыяй Беларусі (пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года).

У 1996 годзе на рэспубліканскім рэферэндуме Канстытуцыя была выкладзена ў новай рэдакцыі.

Наступны рэспубліканскі рэферэндум, на які было вынесена пытанне змянення Асноўнага Закона, адбыўся 17 кастрычніка 2004 года.

Законам Рэспублікі Беларусь ад 12 кастрычніка 2021 года. № 124-3 у Канстытуцыю ўнесены змяненні, якія датычацца правядзення выбараў дэпутатаў у адзіны дзень галасавання.

27 лютага 2022 года адбыўся чарговы рэспубліканскі рэферэндум па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. У выніку адкарэктаваны прэамбула і 85 артыкулаў, з'явілася 11 новых артыкулаў, выключаны 2 артыкулы. Таксама Асноўны Закон дапоўнены новай главой (глава 31 "Усебеларускі народны сход").

Цяпер Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь змяшчае 9 раздзелаў, 9 глаў і 156 артыкулаў.

Найважнейшай канстытуцыйнай нормай з'яўляецца палажэнне артыкула 2, якое вызначае іерархію каштоўнасцей у краіне. Згодна з гэтым артыкулам чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з'яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы.

Да ліку асноўных прынцыпаў, што пранізваюць нормы Канстытуцыі, варта аднесці:

вяршэнства права;

гарантыю і захаванне правоў чалавека і грамадзяніна;

дэмакратычны парадак фарміравання органаў улады.

Канстытуцыя ўвасобіла ў сабе гістарычны досвед станаўлення беларускай дзяржаўнасці. Яна грунтуецца на неад'емным суверэнным праве беларускага народа самастойна вызначаць свой лёс і быць паўнапраўным суб'ектам сусветнай супольнасці.

https://president.gov.by/be/gosudarstvo/constitution

15 сакавіка ў Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у рымска-каталіцкіх парафіях у малітву вернікаў падчас святой імшы ўключана спецыяльная просьба - "аб міры, прымірэнні і яднанні жыхароў Беларусі". У прыватнасці па даручэнні біскупа Аляксандра Кашкевіча, "з улікам просьбы абласных уладаў", Гарадзенская курыя папрасіла памаліцца за гэта ва ўсіх касцёлах Гарадзенскай дыяцэзіі.

Паводле СМІ.

У суквецці вішняў

Сяргей Панізьнік

Прысвяаецца Даяне Лазарэвіч

Прывабы скарбаў умеліцы-стваральніцы

Сербская паэтэса, празаік, перакладчыца, бібліёграф Даяна Лазарэвіч нарадзілася 1 сакавіка 1993 года. Магістр філалагічнага факультэта Бялградскага ўніверсітэта, вучобу ў якім закончыла ў 2016 годзе. Піша вершы на сербскай, беларускай, рускай мовах, аўтар рамана. Даследуе беларуска-сербскія літаратурныя сувязі.

Вершы Даяны Лазарэвіч перакладзены на англійскую, французскую, рускую, беларускую мовы. Сама яна перакладала асобныя творы Уладзіміра Караткевіча, Алеся Бачылы, Віктара Кажуры… Выдала перакладзеныя ёю зборнікі Максіма Багдановіча "Вянок", Янкі Купалы "Спадчына", анталогію беларускай дзіцячай літаратуры, анталогію беларускай хрысіянскай паэзіі "Насустрач Духу", зборнік беларускіх народных казак "Залатая птушка". Укладальнік гэтых кніг прафесар Іван Васільевіч Чарота.

Даянай Лазарэвіч выдадзены зборнік Алеся Карлюкевіча "Прыгоды Шубуршуна" пад назвай "Шушкала" (2018).

Я ўдзячны Даяне за пераклады і выданне майго зборніка вершаў "Вішні цвітуць" (2019).

На аглядзе сутворчасці "Ласункі стасункаў"

З нагоды прадстаўлення ў Менску зборніка Максіма Багдановіча "Вянок" у перакладзе на сербскую мову Даяны Лазарэвіч.

1.

О. вольны уваход!

І выхаду няма:

прыняць, паабдымаць

так хочацца і сербаў.

Даяна праз музей

нясе "Вянок" сама -

Максіму падарыць

паміж сцягоў і гербаў.

2.

Адзінству ўсіх славян -

магістарскі ўток.

Быў Караткевіч, Танк,

за Броўкам і Бачыла…

Даяна ў наш абрус

прыўнесла свой віток…

Угледзеўся Максім:

Дыяна* прад вачыма!

3.

Стасункі ўспамяне

Іван Чарота зноў,

бо на ласункі сам

прафесар наш багаты.

Даяну павядзе

да полацкіх званоў

сказаць: - Дзе "наш Бялград", -

"ваш" Полацак - за брата!


*Дыяна - Багіня жаноцкасці, урадлівасці.

11.VII.2017 г.

Перад Пакровам Прасвятой Багародзіцы

На Пакровы да абеду восень,

а пасля абеду - зіма-зіміца


А Сербія - сястрыца не зіме, -

таму Чарота ў чарацінкі дзьме.

Ускліквае Даяна: - Не! Не! Не!

Я не зіме адданая, вясне!

І Менск з-пад Менкі ў Свіслач не нырне,

сяброўскаму Дунаю казырне,

як Лазару* - Дзям'ян той пры Кузьме…

* * *

…Дазвольце й мне пабыць у той гурме,

каб стаць не цымбалістам у карчме,

а стырнавым на ўзвесненай карме.

Не ветразямі вершы узмалодзяцца,

а покрывам Святое Багародзіцы.


* Лазар - Святы дабраслаўны князь Сербіі. Свя-тыя Кузьма і Дзям'ян славіліся як працавітыя майстры, апекуны дабрабыту.

13.Х.2017 г.

У пацалунку - агонь

Даяна Лазарэвіч:

- У Сербіі калі гавораць: "Пацалую рукі…", то гэтым самым выказваюць вялікую павагу да чалавека…


Мерыдыяны - маршруты Даяны,

а паралелі - Даяны арэлі.

Сербія - гэта натхнення планета!

Кліч Багдановіча,

Звон Запавета

дабраславіла Даяны бяседа.

І сэрца Паэта

щжо не баліць:

Даяне памог Беларусь палюбіць!

Нашу Даяну цяпер не стрымаць.

Я - у пагоні: мо ўдасца спыніць,

рукі арганныя па-ца-ла-ваць…

26.ХІ.2017 г.

І паэзія эстрада!

У "ЛіМе" № 9. 2.03.2018 г. - адзін з відаў Бялграда. Ілюстрацыя да перакладаў Даяны Лазарэвіч.


- Вунь прыступачкі Бялграда*.

Ох, я - Лебедзь, буду рада

па-над Саваю гайдацца,

зноў Дунаем любавацца!

Мне б там Іслач прыгадаць,

каб наноў перакладаць

вершы светлага Максіма!

Я ж - Даяна!

Я з кіліма

высылаю жарсці слоў.

Ох, не ведаю зусім я:

плыць у Менск, ці зноў дамоў?

Ах! Прыступачкі Бялграда…

Там Паэзія - эстрада!

Ну а Лебедзь гэта ж я:

Беларусь цяпер - мая!


* Гораду Бялграду 1160 гадоў, Бялграду - сталіцы Сербіі - 615 гадоў. Першая летапісная згадка пра Менск у 1067 годзе .

13.ІV.2018 г.

Для дабра і пажытку люду паспалітага

Даяна Лазарэвіч:

- Сёння я думала пра Скарыну*. Упершыню трэба растлумачыць сербам, кім быў Скарына і як ён жыў…

14.Х.2017 г.


- Поспехаў, прыдунайская Даяна!

- Дзякую Вам! Я пра Вас не забуду.

Усяго найлепшага - ад сэрца!

- Вас і я не забуду!

Да імя прытулюся,

бо славянскаму цуду,

як той Пан** - аддаюся

Дзе Францыск апазнаны,

там і зоўнасці Зьніч***…

…Дзе гучанне Даяны,--

там і Сербіі кліч!


*Пазней Даяна пераклала ўрывак з прадмовы Францішка Скарыны да кнігі "Юдзіф". Тэкст быў выкарыстаны А. М. Карлюкевічам пры ўкладанні збор-ніка "Францыск Скарына на мовах народаў свету".

** … Пан - абаронца прыроды.

*** Зьніч - святы непагаслы агонь, першавыток жыцця, святла, цеплыні.

2017 г.

Быць у суквецці

Даяна Лазарэвіч:

- Калі я Лебедзь, мой напамін:

Вы водарнай вясны Язмін!


- Згодны! Згодны! Я - Язмін!..

Вось мой даўні прыпамін:

гадавала мама кветкі,

побач падрасталі дзеткі…

Той Сяргей-хрысціянін

набіраў адрэналін:

выбягаў у Магілёў,

гадаваў яго і Львоў…

З Рыгі, Прагі піў няктар.

І пакуль глытаў навар, -

Сербія паднесла дар…

Вось Даяны вітамін:

- Вы - вясенні бел- Язмін!

І ў суквецці не адзін

кронай даставаць да неба,

суцяшаць, каго й не трэба,

толькі каб тварылі…

* * *

У мяне - крутыя рэбры,

а ў Даяны - крыллі!

13.V. 2018 г.

Перагукі мацерыкоў*

Даяна Лазарэвіч:

- Ага, значыць так: маё сакрэтнае імя - Лебедзь, а прафесара Чароты - Свет. А Ваша - Капітан, Папар.

І мы разам - таемная тройка: перакладчыкі, абаронцы беларускай мовы!


Я працую ад раніцы да ночы,

Пакуль пра Беларусь мае мары.

Зноў у кнігу глядзяць мае вочы,

А побач ідуць юныя пары.

Горад Менск і рака Свіслач…

Палюбіла я ўсё, дзе была.

Дзе неба шырокае, сіняе-сіняе, -

Будынкі нібы з чыстага шкла.

Дай, Бог мілы, каб і з вашых трас

Шчасліўцы замяталі пыл!

Хай ад болі захавае Вас

Анёл мой белы - Гаўрыіл!

13.V.2018 г.

* Верш напісаны ў суаўтарстве з Сяргеем Панізьнікам - як творчы перагук між мацерыкмі .

У вясенняй далечы

"Заставайся маёй дарагой!" -

тэлеграма Сусвету…

Запаветнаю рыфмай тугой

абдымаю я Вашу планету.

Дзе Даяны звіняць берагі -

з Беларуссю цалуюцца промні.

І ад іх я пачуў: - Дарагі,

Запаветы Дуная запомні!

Багацейшыя Свіслач, Дзвіна,

бо цяпер для іх зборнік, як ветразь.

Пралягла ад Скарыны струна

да Даяны - у мілую светласць.

"Ўсяго добрага!" - вестка з вагой

ад натхняльніцы - для запавету:

- Заставайся маёй дарагой

у абдымках вішнёвага квету!

28.ХІ.2018 г.

А вішні цвітуць!

Перакладчыцы-ластавачцы Даяне Лазарэвіч - стваральніцы зборніка маіх вершаў на сербскай мове "Вішні цвітуць" (2019).


Расквітнелі вішні!

Я цяпер не лішні

ў садзе маладым.

Бог - Стваральнік Весні -

Ластавачцы ў песні

Перадаў уздым.


А Даяна з высі

свае думкі-мыслі

мне перадала.

- Вось фінал супрацы!

- Буду й я старацца:

выдаўцам хвала!


Радуйся, Скарына,

Сербіяй бурштыннай!

Зборнік - гэта кліч.

З вішняй у Бялградзе,

ля Даяны ў садзе

беларус-крывіч.

14.03.2019 г.

Да вызнання новых дзей

Перакладчыцы Даяне Лазарэвіч і Анджэлку

Заблачанскаму - стваральнікам зборніка

"Вішні цвітуць".


Даяна і Анджэлка!

Гучыць пражылка-стрэлка:

- Вунь вішні расцвілі!

У сэрцайку жылі

пачуцці і надзеі быць з вамі ў прытуленні.

Я ў радасным здзіўленні,

бо мацярык шырокі

спазнаў і вершакрокі.

Вы -носьбіты падзеі!

Жыцця аздоба - кніжыца.

Яна натхнення жытніца,

вакол Зямлі кружэлка…

Даяна і Анджэлка!

мне гулка на Дзвіне:

ў чырвоным жупане

пратопаў смелы Бай,

бо зведаў і Дунай,

Набраў там не лапцей:

між кніжак для дзяцей

паднёс мне зборнік-ззянне!

Анджэлку і Даяне

удзячны, Грамацей.

Са мной і Чарадзей,

каб доўжыць паяднанне,

вітанне-абдыманне

з натхненнем новых дзей!

23.V.2019 г.

На гулкіх перакладзінах перакладаў

У падзяку лагоднай Даяне Лазарэвіч


У даярачкі Даяначкі

ёсць чароўненькі надой.

У даёначцы з каёмачкай

паэтычны сырадой.

У Бабышках піў адважна я,

у Альбове* аж нагбом!

Чаша - у Даяны - важкая:

стукнуўся ў яе ілбом…


І адчуў я, што пакладзены

ў Сербіі - на перакладзіны…

А мо лепш нырнуць мне ў Саву -

там шукаць паэтаў славу?

* * *

Не, Авелія** ў шчадроце:

пераклады смакую ў роце…

Кліч Тэўтону: - Не руш званы!

У Даяны зеніт вясны!

Мы агучым вышыні вежаў

пераспевамі нашых вершаў,

каб натхнённы сутвор належаў

для чароўных айчынных цвержаў!


* Альбоў - назва Львова ў фальклорных творах.

** Авелія - імя анёла: чароўная руплівая хітруня.

Avilija - партал пра культуру, кнігазнаўства і тэмы добрасуседства, дзе былі змешчаны Даянай пераклады маіх вершаў.

29.VI.2018 г.

Б Е С С А Н Ь

Глеб ГАНЧАРОЎ

* * *

Блiскавiца, роўна небыль,

Раскалола свет у прах -

Ясакар трымае неба

На малiтвеных руках.


Навальнiца па-над гаем

Змыла жнiвень у яры.

Перад ёй запабягае

Марна ясакар стары.


Штось бракуе мне паветра,

Штось паменшала святла…

Цi ў нябыт сыходзiць лета,

Цi то сталасць адышла?


Нешта мала мне прыпару -

Надвячоркам, спакваля,

Як рыззё, звiсае хмара

З распрастанага галля.


Што задзьмула, завiхрыла,

Размятаўшы дзён шмаццё?

Што свой бег iмкне да схiлу:

Непагода цi жыццё?..

НА СОЖЫ ВОСЕНЬ

На Сожы восень. Рэчышча ракі

Навостраным лязом булатнай шаблі

Прасечана праз скаты і пяскі.

Варушацца няспрытна і па-краб'і


Ля кладак нехлямяжыя чаўны.

Матляе вецер шалікі спадарынь,

I цешацца над трункамі паны

Ў нірване рэстаранаў і кавярань.


На Сожы восень. На душы - лягчэй.

I, з-пад нябёс аглядваючы цэрквы,

Кружляе, не знікаючы з вачэй,

Над плынню рудаватай кропкай беркут.


Ляціць, нібыта адзінотны ліст,

Як згаладалы ліс на паляванні,

I зверху альбо клёкат, альбо свіст

Губляе пакрысе ў адлюстраванне,


Туды, дзе абрамляюць берагі

Раку, як быццам створаную з плоці,

I безнадзейнасць роспачнай тугі

Праглядвае ў задумлівым палёце.


Паветраны разведвальнік мяжы

Ў няспешным і разважлівым гуморы,

Ён кожнай чмарай клетачкай - чужы

I часу, і тутэйшае прасторы.


Раскрыжаваны ў небе на крыле,

Ён зазімку чакае нетаропка,

Пакуль не пахаваецца ў імгле

Яго амаль утоеная кропка.


Хай будзе гэтак! Прысмакам тугі

Шамціць лісцё пад крокамі прыгожа.

Пажоўклыя ў туманах берагі

Сціскаюць цела ветранага Сожа,


Заблытанага ў хмызе і траве,

Пазбаўленага сонца і сузор'яў.

I восень перакулена плыве

Па водах Сожа да Міжземнамор'я.

РАГАЧОЎ

Памяцi майго дзеда М.А. Лашкевіча


Цягнiк спыніўся. Доўгія палі

Ўступілі месца дробнаму паўстанку.

Iмжой аблокі шэрыя скублі

Прадзьмутую з усіх бакоў альтанку.

Рачулка Друць нявесела цякла,

На трох віно цягнулі пустамелі.

Аскепкі ад бутэлечнага шкла

Хрусцелі, як агрызкі карамелі.


О, Рагачоў! Сюды прыехаў зноў

Я, быццам да фамільнай багадзельні.

Куродымам палохаў груганоў

Вялізны комін вугальнай кацельні.


I я падумаў: тая ж прастата,

I тыя ж дні ў штодзённае самоце.

Царква набожна славіла Хрыста,

Людзьмі раскрыжаванага ў ківоце.


Паўз вуліцу - начлежкі і карчмы,

I праз раўчук - раздзёўбаныя кладкі:

Прадзедавы даходныя дамы

Вярэдзілі гурмой мае здагадкі:


Нашто я тут? Чаго забыўся я?

Каму патрэбен з думкамі сваімі?

Бо горад - як далёкая сям'я

З такім упартым, непахісным імем!


Тут не збярог бы нават абярэг!

Мне быў чужым правінцыяльны горад.

Я натыкаўся на калючы смех,

Як беспрытульны пасынак на голад,


Як печкурок на донку рыбака…

Паўзла смуга з чыгункі, што з кадзіла.

Блакітная бляшанка малака

Ўспаміны аб мінулым саладзіла.

БЕССАНЬ

Б'е гадзiннiк на моцным камiне,

А камiна няма i ў памiне -

Ён прыснiўся. А я i не спаў.

I засну, вiдавочна, не скора:

Штосьцi б'ецца на даху сабора -

Ён ад дома ўсяго праз квартал.


А гадзiннiк на сценцы пакоя

Мне на вуха прабухаў такое:

- Тры гадзiны бяссонню твайму!

Час павольна i нудна бруiцца.

Калi ноччу чамусьцi не спiцца,

То нiхто не адкажа: чаму?


Са стварэння шаноўнага свету

Не знайшлася ў бяссонiцы мэта -

Ёсць бяссэнсiца i каламуць:

Гэта ўсё ў чалавечай прыродзе,

Бо пра вестку, што з неба прыходзiць,

Немагчыма наперад прачуць.

Толькi слухаць i мяцца цярплiва,

I зазнаць падабенства матыву

Ў рэдкiх гуках начных за акном,

I запомнiць а шостай гадзiне,

Што гадзiннiк грымiць на камiне, -

I заснуць непрадбачаным сном.

ПРАДЧУВАННЕ МОВЫ

Не вер, што час беспаваротны!

Глядзi, падобна гвяздару,

Як лiвень з лужыны вiльготна

Падняўся хмарай угару;


Як флейты спеўнае начынне

Ператвараецца ў сцябло;

Як выяўляецца ў мужчыне

Дзiцяцi мудрае чало;


Як перад адчуваннем слова

Свет нараджаецца спярша;

Як з думкi вынiкае мова,

I пазнае сябе душа.

* * *

Яна была зусім не парай

Ні мужу кемнаму, ні мне;

Не распявалася гітарай

I не гучала ўслед струне.


Яна маланкай выбухною

Iмкнулася супроць радкоў,

Бо і сама была струною,

Нацягнутай напагатоў!


Яе - напоперак парадам -

Праносіў вецер вараны

Бесперапынным вадаспадам

Рэтушаванай сівізны.


Я не жадаў вар'яцкай долі -

Стаць попелам яе агню.

Гукаў яе адно - не болей! -

I чуў насустрач цішыню.


Яна, з прэлюдыі на коду

Змяняючыся ўсім назло,

Не адчувала перашкоду

I прасякала цераз шкло.


Яна была. I дзякуй Богу!

I дзякуй Богу, што была -

Нібыта промiльг ветравога

Стрэлападобнага крыла.

Канцэрт-лекцыя, прысвечаная жанчынам- кампазітарам розных стагоддзяў

У рамках дзейнасці аматарскага музычнага салона "Свет класічнай музыкі" 11 сакавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася лекцыя Маргарыты Рукевіч, прысвечаная таленавітым жанчынам-кампазітарам розных эпох і жанчынам-музам, якія натхнялі вялікіх музыкантаў свету на напісанне цудоўнай музыкі.

У гісторыі было так, што не заўсёды жанчынам была даступнай музычная адукацыя, яны не маглі адкрыта выступаць, выконваць уласныя творы і друкаваць нотныя зборнікі.

Слухачы даведаліся на лекцыі, што адной з першых жанчын, якая стварала і распаўсюджвала музыку, была італьянская манахіня Ізабэла Леанарда, якая стварыла 17 канцэртаў, 12 санат і псалмаў.

Марыянна фон Мартінес заснавала ў сваім доме школу па навучанні спевакоў, а Нанета Штрэйхер сябравала з Л. Бетховенам.

Цікавая інфармацыя прагучала пра Марыю Шыманоўскую і піяністку-віртуоза Клару Шуман, жонку кампазітара Шумана, пра Фані Хэнзель, сястру Мендэльсона і пра Этэль Сміт, якая насуперак волі бацькоў скончыла Ляйпцыгскую кансерваторыю, дзе ў час навучання пазнаёмілася з Дворжакам, Грыгам, Чайкоўскім і іншымі кампазітарамі. Яна пісала сімфоніі, харавыя творы і оперы.

Толькі ў 20-тым стагоддзі жанчыны атрымалі магчымасць вывучаць такія прадметы, як тэорыя музыкі і кампазіцыя, граць на такіх інструментах, як кантрабас і трамбон, узрастаць да ўзроўню прафесароў у кансерваторыях і ўзначальваць аркестры як дырыжоры. Венскі і Берлінскі сімфанічныя аркестры знялі свае табу і сталі адкрытымі для жанчын-дырыжораў.

На канцэрце-лекцыі Маргарыта Рукевіч узгадала пра паспяховую дзейнасць вядомых беларускіх музычных дзеячаў-жанчын, такіх, як Ларыса Сімаковіч, Галіна Гарэлава, Аліна Безенсон, Алена Атрашкевіч, Вольга Падгайская і іншых.

На канцэрце-лекцыі прагучалі творы Фані Хензель (Мендэльсон), Ф. Ліста, Галіны Гарэлавай, Вольгі Падгайскай і Ж. Металідзі.

Эла Дзвінская, фота аўтара.

Строі Лідскага аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры на ВДНГ у Маскве

З 11 сакавіка ў гандлёва-выставачным цэнтры павільёна №18 "Рэспубліка Беларусь" ВДНГ (г. Масква) пачала працу гістарычна-этнаграфічная экспазіцыя, створаная Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь. Экспазіцыя знаёміць наведвальнікаў з традыцыямі народнай культуры Беларусі, духоўным багаццем беларускага народа.

Экспазіцыя раскрывае характэрныя асаблівасці традыцыйнай культуры ўсіх шасці беларускіх рэгіёнаў праз дэманстацыю традыцыйнага народнага строю і народных промыслаў, якія з'яўляюцца сапраўдным нацыянальным здабыткам для беларусаў.

Гістарычна-этнаграфічная экспазіцыя падрыхтавана навуковымі супрацоўнікамі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь сумесна з прадстаўнікамі абласных упраўленняў культуры.

Ад Гарадзенскай вобласці ўдзельнічаюць, у тым ліку, нацыянальныя строі Лідскага аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры.

ТК "Культура Лідчыны".

Зброя гонару і адвагі

"Зброя гонару і адвагі" - пад такой назвай у Лідскім замку працуе выстава ўзораў халоднай параднай зброі з прыватнай калекцыі Анатоля Грышука.

Шырока прадстаўлены еўрапейскія, амерыканскія парадныя шпагі, кавалерыйскія палашы, шаблі і шашкі XVIII-XX стст., парадныя шабельныя і штыкавыя цямлякі, багнеты, нямецкія паляўнічыя кінжалы-хіршфангеры.

ТК "Культура Лідчыны"

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Па слядах іспанскіх і партугальскіх канкістадораў: Адамчык, Арцімовіч, Быкаў, Сялява, Шэрман

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-10 (53-62) за 2023 г.)

АДАМЧЫК Вячаслаў - у яго "Берлінскім дзённіку" знаходзім адну з ранніх згадак, як відавочцы, такой масавай пазней з'явы, як "андская музыка" на вуліцах гарадоў - індзейцы або тыя, хто выдаваў сябе за індзейцаў ці як мінімум за лацінаамерыканцаў, з'яўляліся не толькі ў абласных цэнтрах, але і ў раёнах. А. Снітко (гл. таксама ў арт. "Быкаў") - найбліжэйшы да нас чалавек, які бачыў выступленне такой групы ў Гомелі - з'яўленне яе, як і многіх іншых у розных месцах Беларусі, адлюстравана ў інтэрнэце.

Адамчык-старэйшы ўдзельнічаў у Літаратурным калоквіюме Берліна "з ласкі" доктара Ульрыха Янэцкага ў пачатку "апошняга лета" ў савецка-германскіх адносінах. Такім чынам, "Нядзеля, 9 чэрвеня 1991 года", "15.30 - берлінскага часу":

"Вярнуўся з таго ж самага рынку пад палаткамі на вуліцы 17 чэрвеня - прагнаў дожджык, - дый нават не адтуль, а з Кайзерштрасэ, якою прыблукаў ажно да станцыі метро "Нямецкая опера".

Якая раскошная вуліца, нават са стаянкамі машын пасярод яе, а збоку - чырванаватыя, цаглянага колеру дарожкі для веласіпедыстаў. Як нямала машын, так і нямала ў Берліне веласіпедаў.

Сёння між двума базарамі - адным антыкварным, другім, за аркаю, - дойлідства і мастацтва, дзе напаткаеш не толькі скульптараў, мастакоў, разьбяроў, ганчароў, а нават друкароў са сваім маленькім станком, - лацінаамерыканскі рок-гурт - чатырох смуглявых падобных з твару да індзейцаў, доўгавалосых хлопцаў: адзін з гітараю, другі са струнным інструментам накшталт іспанскай вітуэлы - папярэдніцы гітары, двое астатніх з жоўтымі троснікавымі чатырох- ці болей ствольнымі флейтамі. Яны так суладна і весела ігралі і выспеўвалі нейкі мне знаёмы матыўчык, што я міжволі прыпыніўся і заслухаўся. I не толькі я, а нават абыякавыя да ўсяго веласіпедысты. Бесклапотныя хлопцы з дзяўчатамі дык проста садзіліся на тратуар і кідалі на футарал ад гітары, што нібы незнарок лёг у іх ля ног, жаўтавата-бліскучыя пфенінгі і серабрыстыя маркі.

Смуглявых доўгавалосых спевакоў і музыкаў слухаў з любасцю і зайздроснай крыўдаю і гаркатою - усё думалася, а чаму ж, напрыклад, нашым рок-гуртам не прынесці беларускую песню на вуліцы Берліна?

А рынак антыкварыяту здзіўляў і ўражваў мяне зноў: чаркі, статуэткі, келіхі, званкі, званочкі, крыжы з распяццямі, табакеркі, люлькі..." (ЛіМ).

Мы можам з пэўнасцю сказаць, што ў Германіі ў той час знаходзілася як мінімум прадстаўніцтва эміграцыйнай арганізацыі індзейцаў мапучэ, якому мы пісалі (яшчэ ў ГДР, 26.09.1989, Comite Exterior Mapuche, Frankfurt). Таксама мы шукалі дапамогі з боку журналіста-міжнародніка родам з Чашніцкага раёна І. Асінскага, які быў там карэспандэнтам ТАСС.

Літ.:

876 Адамчык В. Берлінскі дзённік // Літаратура і мастацтва. 1992. 3 студз. С. 14-15; 10 студз. С. 14-15; 17 студз. С. 14-15; 24 студз. С. 14-15.

12409 Адамчык В. Берлінскі дзённік // Адамчык В. Развітальная аповесць: аповесць, апавяданні, дзённікі. Мн., 1999.

1363 Индейцы в ГДР / на снимке: встречаются хобби-индейцы, фото из журнала "Свет социализму" (ЧССР) // Советская Белоруссия. 1981. 21 июля.

8506 Германія: Бывайце, індзейцы ГДР // Новы час. 2009. 25 лістап.

2485 Жуков В. П. Интернационализм в действии: (Участие БССР в братском сотрудничестве СССР с ГДР. 1956-1972). Мн., 1974.

2488 Сакалоўскі У. Л. Беларуская літаратура ў ГДР. Мн., 1988.

АРЦІМОВІЧ Уладзімір - паколькі расійскі генеральны консул у Сан-Францыска (1891-1898) быў - стаў, верагодна, каб быць больш паспяховым у кар'еры сталічнага чыноўніка, - праваслаўным, то яго сустрэчы з індзейцамі і крэоламі гэтай жа веры былі непазбежныя - як мінімум у царкве ў час службы. Школа была закрытая ў 1892 г., хлопцы мусілі вярнуцца на Аляску, але некаторыя з іх, як і іншыя аляскінцы, якія перасяляліся сюды пасля 1867 г., заставаліся.

Даволі мала звестак пра прыватнае жыццё Арцімовіча, яго паездкі па краіне. Ёсць шэраг яго тэкстаў, якія ўказваюць на ўвагу да ціхаакіянскай, аляскінскай праблематыкі, уключаючы залатыя поклады - залатая ліхаманка прыцягвала ўсеагульную ўвагу ў апошнія гады яго жыцця ў Сан-Францыска. Так, у "Зборніку консульскіх данясенняў" (год 1, вып. 4, 1898) - "Золатапра-мысловасць на Алясцы. Данясенні консула ў Сан-Францыска", а ў выданні за год 2-гі, вып. 1, у 1899 г. - "Нататка аб рыбных промыслах на рацэ Калумбіі. Да-нясенне консула ў Сан-Францыска".

Беларускае прозвішча Уладзіміра значыцца ў "The charities of San Francisco: a directory of the benevolent and correctional agencies: together with a digest of those laws most directly affecting their work" (by C K. Jenness, 1894), і ўвогуле ён быў "найперш" "чалавекам прыемным ва ўсіх адносінах", нават не прымаў запрашэнняў на дуэль, чым выратаваў нямала жыццяў.

Спіс вучняў царкоўнай школы з Аляскі, некаторыя з якіх вярнуліся на радзіму да або параўнальна хутка пасля прыезду Арцімовіча (1891): Агач Мацвей, Бялькоў Мікалай, Кавутк Андрэй, Казнакоў Уільям, Какаранін Пол, Качаргін Рыгор, Кашавараў Васіль, Кінг Мікалай, Кіштэк Мікалай, Коркаран Джэймс (яго з Какараніным можна блытаць у адным і тым жа кантэксце), Мяркульеў Мікалай, Наік або Налк Ілья, Паўлаў Мікалай, Саўчанка Мікалай, Сярэбранікаў Фёдар, Татаур Фёдар, Хэлстэд Пітэр, Шароцін (Сіроцін) Ціхан. Няпэўны статус маюць Чубараў Пётр (Павел) (пад сумненнем як вучань школы), Веніямінаў Аляксандр (не зусім зразумелыя карані, ці не пераехалі яго бацькі ў Сан-Францыска, ураджэнцам якога лічыцца, з Аляскі), а таксама Колінс (без імя і без звестак, адкуль быў).

У 2009 г. у серыі выдавецтва "Беларусь" "Землякі" ("Земляки") выйшла кніга В. Ярмоленкі (Ермоленко) "Белорусы и Русский Север" (2000 экз.) - надзвычай карысная ў многіх адносінах, у тым ліку і для алясказнаўцаў. У ёй ёсць звесткі пра продкаў і сваякоў (з двух бакоў) Уладзіміра Арцімовіча: Арцімовічы - "Шляхціц Віктар Арцімовіч (1820-1893) з Беластока" (с. 22-23); Рымскія-Корсакавы (Воін Корсак (1702-1757), ураджэнец Полацка, якому за заслугі пры Пятры I першаму дазволілі памяняць прозвішча на Рымскі-Корсакаў (с. 43). (Аляска ў кнізе (прагляд de visu): 5, 39, 46-52, 115, 120, 202, 206, 207, 209, 214, 22, 224, 265, 268, 269, 277, 286, 321, 338, 345, 346, 372. Індзейцы - як мінімум 2 разы: с. 50, 209. (Беларусы і Руская Поўнач у інтэрпрэтацыі Валерыя Ярмоленкі // Веснік БІТ. 2009. 3 жн. № 31.))

"Паляк" Уладзімір Арцімовіч, як і ўсе астатнія вядомыя расійскія дзеячы з гэтым прозвишчам, вёў свой род, верагодна, з паўночнай Беларусі. Банецкі дае дзісенскі арыенцір для вывучэння паходжання Арцімовічаў: "Arcimowicz h. Dolga odm. 1700; dzisienski. (Bon.)". Надзвычай карысны дапаможнік - Арцимовичи. Кн. 1 / сост. Ю. Ю. Синюгин. М.: Старая Басманная, 2014. 328 с.: ил. (Родство и свойство "Козьмы Пруткова"), які нам пашчасціла ўбачыць 27.08.2014 г. у кнігарні "Акадэмічная кніга" ў Менску (адтуль высветленая дата смерці, узятае яго фота з прыёмнай дачкой ужо часоў эміграцыі ў Еўропе).

Няпросты лёс развёў трох асноўных дзеячаў з беларускімі каранямі ў Сан-Францыска - доктара Руселя, клірыка Грынкевіча і консула Арцімовіча - у аддаленыя адзін ад аднаго куткі планеты. Доктар памёр у 1930 г. у Цяньцзіні, былы дыпламат - у 1940 г. у Парыжы (пра яго родных дзяцей ад жонкі-амерыканкі не паведамляецца, але ў яго была прыёмная дачка), Грынкевіч у 1927 г. быў падначаленым уладыкі Лукі (Войны-Ясянецкага) - настаяцелем Сергіеўскай царквы ў Ташкенце, які 1.03.1927 г. (самая позняя вядомая нам дата яго жыцця) пацвердзіў запісы пра службу протаіерэя Д. Цярпігорава перад пераводам апошняга ў аднайменную царкву ў Самаркандзе, а далейшы яго лёс пакуль невядомы.

Сан-Францыска 1891 г. - гэта адзін з кульмінацыйных пунктаў "сустрэчы народаў і культур Старога і Новага Светаў" у выкананні невялікай групы беларусаў і індзейцаў.

Літ.:

3200 Американским дипломатам разрешили любить русских // Знамя юности. 1995. 8 июля.

11907 Назаренко А. М. Беларусь и БГУ в судьбах семьи Арцимовичей: от повстанца до "отца" токамака // Традиции университета: от Франциска Скорины до современности: сб. материалов Междунар. науч. конф., Минск, 26-27 окт. 2017 г. / редкол.: С. Н. Ходин [и др.]. Мн., 2017. С. 198-207. (Гульня ў індзейцаў і цытаванне пры гэтым "даўгіх урыўкаў" са "Спеву аб Гаяваце" самым славутым з Арцімовічаў - тады з вул. Шырокай у Мінску 20-х гг.)

БЫКАЎ Васіль - у яго апісанні паездкі на Кубу, якое складае раздзел "91. Куба" ў яго ўспамінах "Доўгая дарога дадому", нашу ўвагу прыцягнула слова "абарыгены". Як вядома, "абарыгенамі" можна іранічна назваць мясцовых жыхароў. Але ці мог Быкаў так выказацца пра жыхароў кубінскай глыбінкі? І ці мог ён мець на ўвазе індзейцаў, родавыя карані якіх усё ж магчыма прасачыць, асабліва ў некалькіх зонах "кампактнага пражывання" іх нашчадкаў.

У нас ёсць карэспандэнт, які называе сябе таіна і з'яўляецца аўтарам публікацый пра кубінскіх індзейцаў. Гэта Хасэ Барэйра (Jose Barreiro) з Корнельскага ўніверсітэта (American Indian Program, Cornell University), у якім выкладае і Вальжына Морт. Мы адсылаем да яго матэрыялу, у якім гаворыцца пра людзей з мясцовасці Ятэрас (недалёка ад Баракоа ў правінцыі Гуантанама) і з некаторых іншых, дзе ў соцень, а магчыма і тысяч могуць знайсці індзейскія гены, на радасць усіх індзеяністаў свету: https://www.culturalsurvival.org/publications/cultural-survival-quarterly/indians-cuba.

Цяжка меркаваць, наколькі Барэйра - індзеец, пры ўсёй павазе да яго самаідэнтыфікацыі, як і да меркавання К. Шэрмана пра паходжанне яго маці.

"Таварыства дружбы з замежнымі краінамі збірала турыстычную групу на Кубу. Першым туды быў запісаны Мікола Матукоўскі, які, вядома ж, з такой нагоды ўспомніў пра сваіх сяброў і патэлефанаваў мне. Сказаў, што едзе Генадзь [Бураўкін], Ніл [Гілевіч], яшчэ нехта з пісьменнікаў. Я пагадзіўся. Хаця далёкі шлях за акіян трохі і палохаў, але чаго не зробіш за кампанію? Праўда, у апошні момант Генадзь з Нілам адмовіліся, а мне адмовіцца было нязручна - не хацелася падводзіць Матукоўскага. Група падабралася немалая - чалавек 20 менчукоў, амаль пароўну мужчын і жанчын, што да мяне, дык амаль усе незнаёмыя. Пералёт сапраўды быў даўгі і цяжкі".

"Пачаліся арганізаваныя паездкі па Гаване, наведванні гістарычных месцаў, звязаных з гераічнымі ўчынкамі камандантэ Фідэля і ягоных слаўных паплечнікаў Чэ Гевара і Рауля Кастра. У музеі паказалі заспіртаваныя пальцы Чэ, які, як вядома, гераічна загінуў у Калумбіі, дзе рабіў рэвалюцыю. Але камандантэ адпомсціць за пагібель свайго вялікага паплечніка, запэўнілі нас. З'ездзілі ў Затоку Свіней, дзе адважны камандантэ стрэліў у інтэрвентаў з савецкай самаходкі, якая там і засталася на вечным прыколе. Затым паглядзелі нейкае балота, што кішэла кракадзіламі, але не дужа напалохала нашых жанчын, якія, сказалі, на радзіме бачылі нямала іншых кракадзілаў - двухногіх. На камфартабельных іспанскіх аўтобусах з мяккімі крэсламі і кандышанамі выправіліся на другі канец вострава, у братні з Беларуссю Камагуэй. Прырода і нават дарога, збудаваная за часы дыктатуры ненавіснага Батысты, былі цудоўныя. Наўкола раскашавалі пальмы, пад якімі пасвіліся статкі буйвалаў з белымі птушкамі на хрыбцінах. Воддаль месціліся пальмавыя халупы абарыгенаў, мулатаў і чорных, якія трымаліся далей ад турыстаў - такі быў загад мясцовых уладаў. Невялічкія гарадкі, што трапляліся па нашым шляху, мелі выразны іспанскі выгляд - архітэктурай, цеснымі вулічкамі, мноствам касцёлаў. Як аўтобус спыняўся, нас адразу абляпляла дзятва - рус, дай! Давалі ўсё, што ў каго трапляла - ад значкоў да самапісак. Усё бралі з вялікай ахвотай. Матукоўскі з тае нагоды яшчэ з дому запасся алоўкамі, якія і раздаваў у дзясяткі прагна працягнутых рук. Але нашага запасу яўна не хапала для ўсіх, хто хацеў што ўзяць. Ля крамаў цярпліва застыглі звыклыя для нас чэргі жанчын - чакалі часу прадажы папшою. У другім месцы душыліся за яркабрунатнымі тазікамі з пластыку. Усё тое выдавалася па картках, таксама як і два метры чорнай і два метры белай тканіны на год. Для вызначэння стану жыцця беднасць тут было недакладнае слова, болей дакладным, мабыць, было - галеча. З тым і жылі ў чаканні канчатковае перамогі сацыялізму".

Магчыма, Быкаў называе абарыгенамі мулатаў і неграў, а магчыма, лічыць, што акрамя мулатаў і неграў у "халупах" жывуць і абарыгены-індзейцы. Дарэчы, слова "хібара", якога няма ў беларускай мове, здаецца славянскім, але яно індзейскае па паходжанні. А. Снітко з Гомеля ў час сваёй турыстычнай паездкі на Кубу ў 1984 г. наведаў і "Індзейскую вёску Гуама", і, магчыма, тых жа самых кракадзілаў на ферме недзе ў раёне ўсё той жа "Затокі Свіней".

Гэта тэрыторыя Нацыянальнага парку Сапата (Parque Nacional Ciеnaga de Zapata), на беразе возера Лагуна-дэль-Тэсора, самага вялікага на Кубе. "Вёска" Гуама ў рэкламе для турыстаў абазначаецца і так: "Зусім недалёка ад Варадэра знаходзіцца Бака-дэ-Гуама, дзе жывуць індзейцы", "невялікая індзейская вёсачка". Гэта турыстычны атракцыён, які трэба шукаць паміж горадам Хагуэй-Грандэ і залівам Качынас (Свіней), дзве гадзіны язды ад Варадэра, дзе група Снітко спынялася ў гатэлі з назвай, якая нагадвала пра карыбаў, у пары дзясяткаў метраў ад мора, дзе ён залазіў на пальму, як гэта адлюстравана на фота.

Чаму Быкаў піша "абарыгены" і гэта не выпраўляюць рэдактары, карэктары?

Дзе Быкаў мог рэальна сустракацца ў індзейцамі (за выключэннем Карласа Шэрмана ў Менску)? Гэты выхадзец з Ушацкага раёна, напрыклад, наведваў ЗША, Нью-Ёрк, прычым нават у кампаніі з высокапастаўленымі спадарожнікамі.

У той жа кнізе "Доўгая дарога дадому" ён пісаў пра сваё дзяцінства: "У тыя гады я ўжо захапіўся чытаннем. Але дзе браць кнігі? Канешне, у школьнай бібліятэцы, якая была не дужа багатая, ды ўсё ж класіка ў ёй знаходзілася, і беларуская і руская, і што-нішто з сусветнай. Найперш прыгодніцкая літаратура - ад Жуль Верна да нашага Янкі Маўра, кнігі якога я вельмі любіў".

Пэўны "беларускі інтэрнацыяналізм" мусілі ў ім фарміраваць і Маўр з яго Мангам, і Верн з Паганэлем (акрамя гэтага, ён любіў чытаць Майн Рыда, Дж. Лондана), і савецкая краіна, але акрамя італьянкі Джуліі нельга ўспомніць тое, што б ішло ў яго ў рэчышчы "вестэрна". У даўняй нашай размове ў Гомелі вядомы пісьменнік Б. С. назваў яго "ваўком" па характары, што, бадай, неяк збліжае Быкава са светам Джэка Лондана. Такі ж эпітэт у свой адрас - у С. Верацілы, і гэта, вядома, нашы ваўкі, гуманістычныя, мы з імі "танцуем" - калі ўспомніць вядомы фільм…

Гл. таксама ў арт. "Шэрман" пра тое, як позна калега-пісьменнік К. Шэрман параіў Быкаву "індзейскі" дапаможны сродак для лячэння раку.

Літ.:

7881 Быкаў В. Доўгая дарога дадому: кніга ўспамінаў. Мн., 2002.

4631 Шэрман К. У якую краіну вернецца Быкаў? / гутарыла Т. Сьнітко // Наша ніва. 1999. 22 лют. С. 1, 16.

3568 Быкаў В. "Важдзей" многа - iндзейцаў мала / інтэрв'ю А. Тамковiча // Свободные новости. 1998. 20-27 сак. С. 1, 2-3.

657 Лёндан Дж. Шэры ваўчок: апавяданне // Ваўкі: зборнік апавяданняў. Мн., 1929. С. 23-49.

11874 ЗША: Індзейцы і ваўкі // Новы час. 2021. 30 ліп. С. 20. (Байдэн: "Што тычыцца абароны ваўкоў, я ў курсе".)

929 Балет Картэса на Кубе // Голас Радзімы. 1991. 2 мая.

1496 Куба: В честь открытия // Советская Белоруссия. 1989. 7 марта.

1916 Самае лепшае і самае горшае: кубінская народная казка / пер. М. А. Казбярук; маст. М. Казлоў. Мн., 1984.

1970 Советскими и кубинскими археологами обнаружены следы поселения индейцев таино // Вечерний Минск. 1989. 26 янв.

2052 Тытунёвая кветка: анталогія сучаснай кубінскай паэзіі: пер. з ісп. / уклад. П. Грушко; прадм. і рэд. пер. К. Шэрмана. Мн., 1986.

5897 Ваницкий А. На орбите народной дипломатии / предисл. В. Быкова. Мн., 1992.

2097 Ходыко К. [Карлюкевич А.]. Урок дружбы и братства // Информационный бюллетень (Куба). 1989. 17 окт. С. 2. (выкарыстаны наш артыкул пра І. Дамейку ў "ЛіМе").

5459 Ходыко К. [Карлюкевич А.]. Клуб имени команданте // Информационный бюллетень (Куба). 1989. 23 дек. С. 1. (Клуб у Гомелі.)

СЯЛЯВА Мечыслаў - са спісу выпускнікоў Віцебскай гімназіі 1808-1883 гг. на сайце нашага добрага калегі (з беларускімі каранямі) А. А. Баўкалы http://petergen.com маем першую канкрэтную прывязку да мясцовасці ў межах Віцебскай губерні, якая "ўвесь час" назвалася яго радзімай, - калі гаворка ідзе пра яго, а не пра цёзку: у выпуску 1851 г. знаходзім Мечыслава Сялаву, а ў дадатак у выпуску 1846 г. - Уладзіслава Сяляву.

Пры гэтым выяўляем неадпаведнасць вядомаму нам узросту ў момант смерці Мечыслава ў 1876 г. у Нью-Ёрку. Але ведаем, што журналістыка - не "дакладная навука": узрост маглі ўказаць няправільна. 1838 год нараджэння - гэта каля 13 гадоў у 1851 г., што не можа быць узростам выпускніка гімназіі, нават самага адоранага (гімназію заканчвалі ў 19-20 гадоў, "адораныя" на 2-3 гады раней, "адстаючыя" - крыху пазней), але для 1863 г. гэта ўзрост, які можа адпавядаць удзелу ў паўстанні ўжо не ў якасці "гаўроша". Удзельнікамі паўстання 1863-1864 гг. былі браты Уладзіслаў, Павел і Яраслаў Сялявы.

Таксама мы ведаем, як усё часта мяняецца аўтарамі-белетрыстамі, часта пры саўдзеле саміх "прататыпаў", - месца нараджэння, паходжанне і ўзрост, самасвядомасць, ступень патрыятызму, адносіны да кніг, урэшце - стан псіхікі: неспакойнага, псіхапатычнага чалавека можна лёгка пераўтварыць ва ўраўнаважанага (хоць гэта з "этычнага" пункту гледжання нават "лепш", чым наадварот) - калі ты, напрыклад, Генрык Сянкевіч.

У апавяданні "Лятарнік" - два ўпамінанні пра сустрэчы з індзейцамі, прычым месцы - адны з самых прывабных менавіта для літаратара - Амазонія і Скалістыя горы (маглі быць і прэрыі): у першым выпадку герой гандлюе з індзейцамі, занятак жа яго ў Скалістых гарах не ўдакладняецца, затое ведаем яго часовы статус - палоннага ў індзейцаў.

Мала сумненняў у тым, што Сянкевіч выдумаў абодва эпізоды з індзейцамі ў абедзвюх Амерыках, але аспрэчыць факт, што Сялява бываў у розных краінах па абодва бакі ад Панамскага перашыйка, ад Аспінуола, сучаснага Калона ("Калумба"), ужо цяжэй, і гэта нямала.

Ці магла гэта быць сумесная містыфікацыя Сянкевіча і падарожніка, які бачыў Калон, - Ю. Гарайна, аматара пажартаваць, практычнага пісьменніка-гумарыста?

Найважнейшыя падзеі для нас, каб зразумець дынаміку "фабулы", такія:

23.11.1876 - пра смерць 38-гадовага польскага эмігранта паведаміла газета "Нью-Ёрк таймс" (A Drug Clerk's Death);

10.02.1877 - Гарайн, які пазнаёміўся з Сялявай у Нью-Ёрку, паведамляў чытачам "Газеты польскай": "Гнаны думкай, што за ім гоняцца і яго праследуюць, пасля ад'езду з Еўропы (здаецца, у 1848 г.) наведаў мыс Добрай Надзеі, Мадагаскар, Аўстралію, Паўднёвую Амерыку, Цэнтральную і нарэшце Злучаныя Штаты"; індзейцы ў паведамленні не прысутнічаюць;

18.12.1877 - Сянкевіч напісаў пра Сяляву ў "Лісце Літваса з Сан-Францыска": "Бадзяўся сярод індзейцаў" (апублікавана 12 і 14.01.1878 г. у "Кур'еры цодзенным").

Сянкевіч атрымаў некаторыя дадатковыя звесткі пра Сяляву ў Варшаве ад Караля Бені, змяніўшы імя прататыпа на "Скавінскі" (між іншым, аказваецца, што ў нашы дні ёсць і нейкі "канадскі беларус Андрэй Скавінскі"), пераказаў яго гісторыю ў славутым "Лятарніку". Загаловак апавядання перакладаўся па-рознаму: "Ліхтаршчык", "Ліхтаршчык на маяку", "На маяку", "Вартаўнік маяка", "Дазорца маяка", "Наглядчык маяка" (у Кіеве ў рускім перакладзе ў 1881 г. ("Заря") - у той жа год, калі Latarnik упершыню надрукаваны ў арыгінале у варшаўскім "двутыгодніку" "Ніва", было "Надсмотрщик над маяком"). Могуць быць і іншыя рэальныя і гіпатэтычныя варыянты перакладу загалоўка - трэба прааналізаваць, у прыватнасці, многія з запісаў па перакладах "Лятарніка" на шматлікія мовы свету з сумы ў каля 300 запісаў па ім у "Беларуска-індзейскай бібліяграфіі".

Тэкст з "Лятарніка" ў версіі "Грамадскага голасу" (з нумара за 29.01.1925):

"Вось ён мог на гэтай скале сьмяяцца з свае даўнішняе жыцьцёвае вандроўкі, даўнішніх няшчасьцяў і няўдачаў. Ён запраўды быў, як карабель, якому бура ламае мачты, рвець шнуры і парусы, які кідае ад хмараў на дно мора, 6'ець хваляй плюе пенай - які аднак апынуўся ў порце. Абразы гэтай 6уры цяпер хутка праляталі ў яго думках, як контраст з гэтай ціхай будучынай, якая мела пачацца. Частку сваіх дзіўных здарэньняў сам расказаў Фальконбрайджу, але не ўспамянуў аб тысячах іншых падзеяў. Ён меў гэткае няшчасьце, што, як толькі разьбіваў свой шацёр і распальваў вогнішча, каб заснавацца назаўсёды, нейкі віхор вырываў колачкі шатра, раскідаў вогнішча, а яго самога нёс на загубу. Гледзячы цяпер з маячнага балькону на асьветленыя хвалі, успамінаў усё перажытае. Вось ён ваяваў у чатырох частках сьвету - і на чужыне прабаваў амаль што ня ўсіх прафэсіяў. Ён быў працавіты і чэсны, яму няраз удавалася сабраць крыху грошай, і заўсёды траціў іх непрадбачана, ня гледзячы на асьцярожнасьць. Быў золатакопам у Аўстраліі, шукаў дыямэнтаў у Афрыцы, быў урадовым стральцом ува Усходняй Індыі. Калі адзін раз заснаваў у Каліфорніі фэрму, яго пагубіла засуха; прабаваў гандляваць з дзікімі плямёнамі, жыўшымі ў глыбі Бразыліі, яго плыты разьбіліся на Амазонцы, а ён сам безбаронны і амаль што ня голы туляўся на лясох праз колькі тыдняў, карміўшыся дзікімі фруктамі, могучы кожную часіну згінуць у капцюрох дзікіх зьвяроў. Заснаваў кавальскую майстроўню ў Гэлене, у Арканзасе - і яна згарэла ў вялікім пажары ўсяго гораду. Пасьля ў скалістых [так] горах папаў у рукі Індзейцаў і быў выратаваны Канадзкімі стральцамі. Служыў матросам па параходзе, курсаваўшым між Багіяй і Бордо, пасьля паляваў па кітоў: абодва параходы разьбіліся. Меў фабрыку цыгараў у Гаваньне і - абакраў яго ягоны кампаньён у той мамэнт, як ён ляжаў хворы на "vomito". Урэшце дабраўся да Аспайнвэль - і тут ужо меўся быць канец ягоных няўдачаў. Бо што-ж яшчэ магло з ім здарыцца на гэтым скалістым вастраўку? Не кране яго ні агонь, ні вада, ні людзі. Хаця ад людзей Скавінскі няшмат зла спазнаў. Часьцей ён спатыкаў людзей добрых, чымся ліхіх.

Але здавалася, што зьдзекуюцца над ім усе чатыры стыхіі. Тыя, хто яго знаў, казалі, што ён ня мае шчасьця, і гэтак усё тлумачылі. Ён сам навет зрабіўся крышку маніякам. Ён верыў, што нейкая магутная, памстуючая рука дасягае яго ўсюды, на ўсіх землях і водах. Ня любіў, аднак жа казаць аб гэтым; толькі часам, калі яго пыталіся. чыя гэта рука, загадачна паказваў на палярную зару і казаў, што яна йдзе адтуль... Узапраўды, ягоныя няўдачы былі гэтак заўсёдныя, што аж дзіўна было, і лёгка маглі ўсё перавярнуць у галаве, асабліва таму, хто іх перажываў. Але ён меў цярплівасьць Індзейца і вялізную моц спраціўленьня, якая плыве з чыстаты сэрца. Калісьці ў Вэнгрыі парнулі яго колькі разоў штыхом, бо не хацеў схапіцца за стрэмя, на якое яму паказвалі, як на спосаб ратунку і крычаць: "Рardon". Гэтак сама не здаваўся і ў няшчасьці. Лез на гару працавіта, як мурашка. Сьпіхнуты ўніз, пачынаў сваю падарожу ў соты раз. Гэта быў нейкі асабліва дзіўны чалавек. Гэты стары жаўнер, апечаны няма ведама ў якіх агнёх, узмацованы ў бядзе, біты і колаты, меў сэрца дзіцяці. У часы эпідэміі на Кубе, захварэў. дзеля таго, што аддаў хворым усю сваю хіну, якое меў шмат, не пакінуўшы сабе ані грама

I тое было ў ім дзіўнае, што пасьля гэтулькіх няўдачаў заўсёды быў поўны веры і ня траціў надзеі, што ўсё яшчэ будзе добра. Узімку заўсёды ажыўляўся і казаў аб нейкіх важных падзеях. Чакаў іх нецярпліва і з думкай аб іх жыў гады... Але зімкі праходзілі адна за аднэй, і Скавінскі дачакаўся толькі таго, што пабялела яго галава. У канцы канцоў пастарэў - і пачаў траціць энэргію. Ягоная цярплівасьць рабілася падобнай да рэзыгнацыі".

І г.д. , і г.д. - на нашу думку, занадта шмат патэтыкі рознага роду, а псіхалагічныя пераўтварэнні паказваюцца не зусім адэкватна. Звычайна чалавек усё ж дэградуе, яго дзівацтвы робяцца яшчэ больш "небяспечнымі" і для сябе, і для іншых, а Скавінскі становіцца "нацыянальным героем", "без стаха и упрека".

Падобныя карціны, як мы гэта называем, - "перабор", пры ўсёй павазе да вынаходніцтва славянскіх баронаў Мюнхгаўзенаў і Астапаў Бэндараў. Тым не менш, дзякуючы ўключэнню апавядання Сянкевіча ў школьную праграму, маладыя палякі далучаюцца да тэмы беларуска-індзейскіх сувязей значна больш, чым нават у выпадку з сустрэчамі Касцюшкі з індзейскімі правадырамі. Беларусам жа, асабліва ў дыяспары, было б прыемна ўбачыць уведзенымі ў дыдактычныя матэрыялы каментарыі пра беларускасць Сялявы - гэта выхоўвала б сапраўдных патрыётаў-інтэрнацыяналістаў. Са Скавінскім, перайначаным Сялявай, у "патрыятычным", "нацыянальным" "дыскурсе" ўсё было настолькі добра, што гэта спачатку задаволіла царскую цэнзуру, затым выдаўцоў у незалежнай Польшчы, у ПНР, у эміграцыі - як гэта было і з выданнямі Адама Міцкевіча. Дарэчы сказаць, калі б Сялява чытаў на маяку "Пана Тадэвуша", а не "Мурдэліё" З. Качкоўскага, то, магчыма, у яго і не развілася б бібліяфобія пасля прыкрага звальнення.

Усё гэта насамрэч цікава для "звальненнезнаўства" - дысцыпліны, якая вывучае найперш несправядлівыя звальненні, уключаючы палітычныя. Тут нашы найбольшыя знакамітасці - святар Грынкевіч і вартаўнік маяка Сялява. Абодва выпадкі не "палітычныя", але ўсё ж Грынкевіч выказаў сваю чалавечую і крыху грамадзянскую пазіцыю - "напісаўшы", а Сялява-Скавінскі проста не выканаў службовыя абавязкі - "зачытаўшыся".

Сялява памёр ад перадазіроўкі морфію, але няяснай засталася прычына - або памылка фармацэўта-наркамана, або самагубства. Не выключаецца і версія, што морфій Сялява выкарыстоўваў проста ў якасці "заспакаяльнага", лячэбнага сродку. У любым выпадку марфінізм быў распаўсюджанай у Амерыцы з'явай - гэта нікога не здзіўляла, у т.л. і як прычына смерці.

Дазнацца больш дакладна, як мысліў Сялява - наколькі блыталіся яго думкі, што менавіта складала сумны і "неадчэпны" "фон", які прывёў да такога фіналу ў жыцці, а не ў навеле, - задача для "гістарычнага дэтэктыва". Сялява - зорка першай велічыні той часткі беларускай дыяспары, якая не змагла знайсці сябе ні сярод вялікай амерыканскай прыроды, ні ў урбаністычным асяроддзі, не атрымаўшы разумення і рэальнай падтрымкі з боку іншых людзей "тутэйшай" нацыянальнасці… сумны лёс. Мы бачым шмат такіх dеsenchantеe.

Але "спакой, заўсёды толькі спакой", паважаныя чытачы серыі БСІ, расчараваны Вальтэр заклікаў верыць у лепшае…

Літ.:

7261 Сенкевіч Г. Лятарнік / пер. з пол. Ю. М. // Грамадзкі голас [Грамадскі голас]. 1925. 24 студз. С. 2-3; 29 студз. С. 2-3; 1 лют. С. 2-3; 4 лют. С. 2-3; 8 лют. С. 2. ("Індзейцы" - "29 студня".)

4178 Sienkiewicz H. The Lighthouse-keeper / trans. by M. M. Gardner // Sienkiewicz H. Tales from Henryk Sienkiewicz. L.; N. Y., 1931. P. 194-208. (Экз. з Бібліятэкі БІТ.)

10971 Sienkiewicz H. El torrero del faro de Colon // Nuestro Tiempo (Madrid). 1901. № 1. P. 53-62.

ШЭРМАН Карлас (2) - электронныя паведамленні ад 27.05.2003 г. вярталі нас у зносіны з пісьменнікам, калі было вядома, што ён цяжка хворы:

"Паважаны Карлас Рыгоравіч!

Нарэшце атрымалі магчымасць напісаць Вам, каб даведацца, як у Вас справы, здароўе. Кожны скажа, што, як бы не ссумавалася па Беларусі, лепш пабыць у Нарвегіі, калі гэта дае больш шанцаў, лепшы эфект ад лячэння. Жадаем, каб ён быў поўны, а Беларусь пра Вас памятае... Дарэчы, нядаўна ў Інтэрнэце знайшлі цікавае выказванне пра Вас (на першы погляд неверагоднае, але толькі на першы): што Вы сын беларускага эмігранта і "AmerIndian national". Адкуль такія звесткі? Адпавядаюць яны сапраўднасці ці не, але мы вітаем падобную інтэрпрэтацыю. Шэрая Сава і Сат-Ок не былі індзейцамі, але іх легенды выхавалі сотні тысяч прыхільнікаў "індзейскіх" прыродаахоўных ідэй і тысячы індзеяністаў. Спадзяемся, у Вас знойдзецца магчымасць адказаць. У кожным пасланні стараемся даць цікавую і карысную інфармацыю. Усяго найлепшага!"

"Добры дзень, дарагі Алесь!

Вы дужа ўзрадавалі мяне лістом, я мала з кім лістуюся, лекаваньне ідзе марудна, бо, вядома, мэдыцына адносіцца да недакладных, вельмі прыблізных навукаў. Мне дужа цяжка хадзіць, амаль не выходжу з хаты, і мой паратунак - кампутар, інтэрнет, мажлівасьць дазнацца пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Да таго, як Васіль Быкаў лёг у Бараўлянскую лякарню, мы перазвон[ь]валіся раз на тыдзень, я падказаў яму, як набыць зёлкі па рэцэптах індзейцаў джабуа з Канады, але дактары спахапіліся запозна, і я страціў старэйшага брата, мудрага праўдара. Гора дый годзе!

Спадзяюся, вы здолелі раскінуць маю кніжку як сьлед. Пішыце пра тое, чым займаецца цяперака вашае таварыства, ці добра наладжаныя міжнародныя сувязі.

Яшчэ раз вялікі дзякуй за ліст, тут - гэта бальзам на душу.

Абдымаю.

Карлас Шэрман".

"Дарагі Алесь!

Зёлкі гэтыя маюць такую назву: FLOR-Essence. Гэта збор антыракавы, які дапамог шмат каму, у тым ліку асабістаму лекару Kennedy, прафесару медыцыны. Я прымаю іх з верасня мінулага году, заказваю па інтэр-нэціне. Думаю, што індзейцы мяне не падвядуць. Да, маці родам з Уругваю, вочы і скулы - як у нашых шматпакутнікаў з племені чарруа [charrua].

Абдымаю.

Карлас [Carlas - ліст быў лацініцай]".

Гэта быў адказ. Мы пыталіся ў яго ў той жа дзень (27.06.2003): "І што гэта за індзейскія лекі?"

30.05.2003:

"Дарагі Алесь!

[...] што тычыцца вітамінаў і крэмня. У мяне рак правае ныркі, а ў левай кісты, аперацыя немажлівая таксама па астме (яна ў мяне з 5 гадоў).

Дзякуй за падтрымку. Абдымаю.

Carlos Sherman".

17.04.2004:

"Дарагі Карлас Рыгоравіч!

Спадзяюся, што ніхто з нас не пакрыўдзіўся на пытанні і, магчыма, не зусім удалыя выказванні... і заўчаснае развітанне. Мы хацелі быць карыснымі. Дарэчы, за гэты час знайшлі ў архіве друку і непасрэдна праз розныя "акавіты" шмат старонак "Карлас Шэрман - індзейцы". Лічым, што гэты матэрыял - першачарговы для апрацоўкі (у нашым бюлетэні).

Ёсць і такія матэрыялы, дзе вы прысутнічаеце ўскосна ("індзейскія зёлкі" з Канады ў дзённіку Барадуліна пра апошнія дні Васіля Быкава, КПвБ).

Разумею, які ў вас настрой. І, вядома, не буду стамляць вас пытаннямі. Але калі ёсць што абмеркаваць - вы для нас на адным з першых месцаў!

Добрага самаадчування вам!"

Літ.:

9510 Sherman C. Dikt fra "Himmelretningene" // De stemmelоses rоst: norske fribyforfattere gjennom ti аr. [Oslo], 2008.

8036 Quinteros W. La luna en el agua // Sherman C. Himmelretningene = Los puntos cardinales = Cardinal Points. Kristiansand, 2004. P. 5-13.

7370 Sherman C. Quetzalcoatl / trans. from Spanish V. Rich // Manifold. 2000. Summer. № 36. P. 38.

7554 Шерман К. ""Тросянкой" стала и наша жизнь" / интервью С. Шапрана // Белорусская деловая газета. 1999. 28 окт.

10349 Leshkevich A. Karlos Sherman: "If you have brains, do not leave your country, but change it!" // Belarusian Review. 1999. № 11-13. P. 11. ("A son of a Belarusian immigrant and a native Indian". )

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Беларусы ў Францыі

Антон Луцкевіч

Колькасць эмігрантаў з Польшчы ў Францыю дасягнула 500 000 чалавек. Відочна, што як і ў Польскай дзяржаве, сярод іх ёсць людзі розных нацыянальнасцяў. Не бракуе і беларусаў - у асноўным, рабочых1. Яшчэ нядаўна беларусы не фігуравалі сярод эмігрантаў як асобная нацыянальная група. Католікі не былі бачны сярод палякаў, а праваслаўныя не вылучаліся сярод рускіх. Зараз ў гэтай справе бачны глыбокія змены.

Беларусы-эмігранты на нацыянальным грунце стварылі сваю ўласную арганізацыю і маюць сваіх руплівых дзеячаў - але, што праўда, напоўінтэлігентнага тыпу, бо сапраўдных інтэлігентаў сярод эмігрантаў бракуе. Беларускія эмігранты друкуюць свае ўласныя выданні на беларускай мове ў якіх самі пішуць пра настроі і ідэйныя накірункі, якія пануюць сярод беларускай эміграцыі.

Аўтар гэтага артыкула меў магчымасць азнаёміцца з двума парыжскімі выданнямі эмігрантаў з Беларусі. Гэта перыёдыкі "Бюлетэнь" і "Рэха", абодва выдаюцца ў радыкальным, але адначасова ў дэмакратычным і нацыянальным духу.

Верагодна, шмат хто з чытачоў прачытае мае словы з пэўным скептыцызмам - вось, яны "камуністы" і канец! І памыліцца: беларускія эмігранцкія арганізацыі ў Францыі не толькі не "камуністычныя", але нават канфліктуюць з палітычнай лініяй камуністаў2. І калізія гэта ў асноўным паўстала на грунце барацьбы кампартыі з так званымі беларускімі "нацдэмамі".

Памятаем мы дзіўныя лёсы лідараў Беларускай сялянска-работніцкай грамады на чале з Тарашкевічам, якіх польскія суды за палітычную дзейнасць прагаварылі да 12 гадоў вязніцы. Пасля таго, як апеляцыйны суд зменшыў вырак да паловы ранейшага тэрміна і пасля некалькігадовага побыту ў вязніцы, у выніку высілкаў польскіх дэмакратычных колаў, яны былі звольненыя, але жыццё гэтых людзей у Польшчы, як асоб, пазбаўленых грамадзянскіх праў, было такое цяжкае, што яны былі прымушаны эміграваць у БССР.

Ідэнтычным быў і лёс паслядонікаў "Грамады" - паслоў з групы "Змаганне". Новая група беларускіх палітыкаў (Дварчанін, Гаўрылік і г. д.), за камуністычную дзейнасць патрапіла за краты а потым выехала ў Мінск - былі абмененыя савецкім урадам на вязняў-палякаў.

Мінула некалькі гадоў, падчас якіх ўсе гэтыя лаяльныя да Савецкай Беларусі людзі працавалі ў Мінску, як раптоўна выбухнула бомба - у сувязі з новым вялікадзяржаўным курсам Сталіна ўсе яны былі арыштаваны і дэпартаваны ў самыя адлеглыя раёны Сібіры ці паўночнай Расіі, асуджаныя пры гэтым за шпіянаж на карысць Польшчы і за супрацу з польскай дэфензівай падчас свайго знаходжання як у Заходняй гэтак і ў Савецкай Беларусі. Гэта былі абсалютна ілжывыя абвінавачванні і мелі яны за мэту пазбавіць гэтых асоб вялікай папулярнасці, якую яны мелі па абодва бакі мяжы і такім чынам знішчыць іх маральна.

Кідаючы такія паклёпніцкія абвінавачванні супраць сваіх нядаўніх ідэйных саюзнікаў, ці дасягнула Савецкая ўлада сваіх мэт? Не ведаем, калі справа ідзе пра Савецкую Беларусь. Але дакладна ведаем, што на Захадзе гэтыя паклёпы не мелі ніякай веры і ў значнай ступені прычыніліся да аслаблення камуністычных уплываў сярод беларускіх мас.

Як бачна з вышэй згаданых выданняў беларускай рабочай эміграцыі ў Парыжы, гэтым закідам не вераць і ў эміграцыі. Выданні, якія там друкуюцца, вельмі энергічна выступілі з пратэстам супраць паклёпніцтва савецкіх уладаў на беларускіх радыкальна-нацыянальных дзеячаў з "Грамады". І ў сувязі з выстаўленнем аналагічных абвінавачанняў супраць самога Ягоды (кіраўніка НКУС - Л. Л.), які кіраваў ўсёй акцыяй супраць "зліквідаваных" беларускіх лідараў, яны патрабуюць рэабілітацыі Тарашкевіча і яго таварышаў. Ужо толькі з аднаго гэтага факта становіцца зразумелым, што беларуская эміграцыя ў Францыі не ходзіць на паску камуністаў і паўстае на барацьбу з імі.

Барацьба гэта тым больш цяжкая, што беларуская эміграцыя ні ад каго не мае падтрымкі.

H. B. [Антон Луцкевіч] Białorusini we Francji // Pregląd Wileński. 1938. № 3. S. 1–2.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

1 Увосень 1930 г. у прэсе з'яўляецца інфармацыя аб росце беспрацоўя ў горадзе Ліда, і таму лідскае староства пачынае запісваць беспрацоўных у чаргу для працы ў Францыі. Але ўжо ў сакавіку таго ж года газета "Слова" паведамляла, што "жыхарка Ліды Марыя Стацкевіч атруцілася эсэнсіяй". Нагодай гэтага кроку было тое, што " яе муж выехаў на работу ў Францыю і не даваў аб сябе знаць". - Гл: Лаўрэш Л. Л. Шэпт пажоўклых старонак. Лідчына ў люстэрку прэсы. 1900-1939 гг. Гродна, 2017. С. 211.

2 У лістападзе 1937 г. за захоўванне камуністычнай літаратуры і прыналежнасць да КПЗБ судзілі жыхара Дакудаўскай гміны што на Лідчыне Сцяпана Бандарука. Прыналежнасць да кампартыі ў судзе не была даказана, а кнігі ён легальна прывёз з Францыі, дзе жыў да 1936 г., і таму суд яго апраўдаў. - Гл: Лаўрэш Л. Л. Шэпт пажоўклых старонак. С. 248.

З гісторыі стасункаў Чэхіі з Літвой і Беларуссю

Антон Луцкевіч

У сярэдзіне мінулага года (1936 г . - Л. Л.) у Празе на рускай мове выйшла кніга пр. А. Флароўскага "Чехи и восточные славяне. Очерки по истории чешско-русских отношений (X - XVIII ст.)".

Аўтар кнігі - рускі эмігрант, верны старым традыцыям рускіх даследчыкаў, якія беларусаў, украінцаў і рускіх лічыць "адзіным народам". Таму ў кнізе ідзе размова не толькі пра рускіх, але таксама і пра беларусаў з украінцамі.

Першая частка першага тома расказвае пра стасункі паміж Чэхіяй і Кіеўскай Руссю, у другой частцы, у асноўным, ідзе гаворка пра беларускія землі якія ўваходзілі ў склад ВКЛ. Гэтая другая частка, якая расказвае пра XV-XVII ст., і з'яўляецца для нас самай цікавай.

Праца пр. Флароўскага грунтуецца на вялікай колькасці як раней надрукаваных, гэтак і першы раз знойдзеных аўтарам крыніц. І ўжо толькі таму гэта кніга мае вялікую каштоўнасць, аднак, чытачу трэба разумець, пра якія народы ідзе гаворка - калі аўтар кажа пра "усходне-славянскае насельніцтва Польшчы і ВКЛ", дык зразумела, што справа ідзе пра беларусаў і ўкраінцаў. Нарэшце, і сам аўтар ва ўступе паказвае, што тэрмін "рускія" для яго абазначае таксама і ўкраінцаў з беларусамі, пра якіх, у асноўным, і расказвае першы том. […]

Затрымаемся на другой частцы першага тома.

Пр. Флароўскі малюе нам вельмі цікавы кантэкст гістарычных падзеяў XV-XVII ст. на землях ВКЛ і суседзяў. З вялікай сумленнасцю і аб'ектыўнасцю аналізуе ён чыннікі, ад якіх залежалі тыя ці іншыя стасункі Чэхіі з ВКЛ і Польшчай. Цікава, што нават пасля заключэння ў часы Ягайлы польска-літоўскай уніі, Польшча і ВКЛ у сваёй замежнай палітыцы крочаць рознымі дарогамі: калі Вітаўт мае прыязныя стасункі з Чэхіяй, дык Ягайла не вітае гэта, калі ж Польшча мяняе свае адносіны да Чэхіі, Вітаўт нагадвае пра гэта Ягайлу, а потым змяняе сваю прыхільную да Чэхіі палітыку.

Пра этнаграфічную Літву чэхі ведалі з XIII ст., з часоў, калі рыцары-крыжакі агнём і мячом пашыралі хрысціянства сярод паганцаў-летувісаў. Па закліку Рыма, разам з іншымі еўрапейцамі, чэшскае рыцарства і духавенства удзельнічала ў войнах з Літвой. Пасля аб'ядання беларускіх і летувіскіх земляў у адну дзяржаву, у якой ад самага пачатку пераважаў хрысціянскі элемент, а потым пасля хрышчэння Літвы, а тым больш пасля уніі з Польшчай, сітуацыя настолькі змянілася, што ўжо не рэлігія, а палітыка пачынае кіраваць адносінамі паміж Чэхіяй і ВКЛ. У ВКЛ чэхі бачаць сваіх братоў-славян - у асноўным беларусаў якія часцей за ўсё вызнавалі ўсходні абрад. Менавіта тады, на пачатку XV ст., у Чэхіі пачынаецца слынны рэлігійны рух, і гусіты схільныя бачыць у беларусах і галічанах, з-за іх веравызнання, натуральных саюзнікаў у сваёй барацьбе з рымскім веравызнаннем. І таму не толькі каралеўская ўлада, але і грамадскасць Чэхіі імкнецца да стасункаў з ВКЛ.

Пр. Флароўскі шмат месца прысвячае чэшскай палітыцы Вітаўта, якога чэхі запрашалі кіраваць іх краем, і місіі князя Жыгімонта Карыбутавіча, якога Вітаўт паслаў у Чэхію замест сябе. […]

Далей Флароўскі падае шмат цікавых фактаў пра стасункі Чэхіі з Свідрыгайлам і кажа пра адназначную беларускасць дзяржаўных дзеячаў Літвы, якія выяўлялі прыхільнасць да Чэхіі. У фатальнай для Свідрыгайлы бітве пад Вількамірам, на ягоным баку ў бітве бралі ўдзел чэшскія дружыны, магчыма, як дапускае Флароўскі, дзякуючы Жыгімонту Карыбутавічу. У гэтай бітве ён быў паранены ў шыю і галаву і патрапіў у няволю. Пераможцы надзвычай сурова расправіліся з палонным, пазбавіўшы яго жыцця. У справе Свідрыгайлы, чэхам дасталася і іншыя роля - роля пасярэднікаў, якая, аднак была безвыніковай.

Трошкі пазней, падтрымкі чэхаў шукаў праціўнік Свідрыгайлы вялікі князь ВКЛ Жыгімонт, які ў сваёй палітыцы імкнуўся да незалежнасці Літвы. Жыгімонт завязаў стасункі з чэшскім каралём Альбрэхтам і меў з ім палітычную перапіску. Але да фармальнага саюзу паміж імі справа не дайшла.

Шмат сваёй ўвагі аўтар прысвячае праблеме ўплыву гусізму на беларуска-летувіскія землі. Шукаючы шляхі, па якіх яшчэ падчас жыцця Яна Гуса ў ВКЛ дайшлі звесткі пра рэлігійна-нацыянальны чэшскі рух, пр. Флароўскі, надаючы вялікае значэнне апісаным вышэй палітычным стасункам, адзначае вядомы факт, што ў Прагу, па навуку ў тамтэйшым універсітэце, даязджала шмат беларускай і летувіскай моладзі. Аўтар падае некаторыя імёны (напрыклад: Mathias de Wylna, Ioan Spiczik - таксама з Вільні) і кажа пра цяжкасць устанаўлення іншых імёнаў, бо спісы студэнтаў медыцыны і тэалогіі з XIV і XV ст. не захаваліся цалкам, а ў спісах слухачоў філасофіі і права ёсць шмат недакладнасцяў. У дадатак - у спісе студэнтаў філасофіі прысутнічаюць толькі тыя асобы, якія атрымалі навуковую ступень, але не ўсе студэнты да яе дайшлі. Маецца таксама цікавая інфармацыя пра падарожжа Гераніма з Прагі ў Вільню, Гародню, Віцебск, Полацк і Пскоў.

Падчас сваёй працы над беларуска-чэшскімі стасункамі, пр. Флароўскі мусіў, відочна, сутыкнуцца з асобай перакладчыка Бібліі на беларускую мову і стваральніка першай Віленскай друкарні др. Францішка Скарыны з Полацка. Як вядома, Скарына зрабіў пераклад Бібліі ў Празе, дзе, верагодна, жыў пасля атрымання доктарскай ступені ў Падуі. Там жа, у Празе, ён заклаў сваю друкарню, якую ў 1525 г. прывёз у Вільню, каб працягнуць працу. Гісторыя жыцця Скарыны не вельмі вядомая. […]

Акт, датаваны 1552 г. і выдадзены ў канцылярыі чэшскага караля Фердынанда І Габсбурга (1527-1564) у Празе, кажа пра тое, што сын Францішка Скарыны "Руса" Сымон Рус, як замежнік, прасіў караля аб дапамозе ў пошуках вяртання рухомай маёмасці свайго нядаўна памёршага бацькі (у тым ліку - рукапісаў і кніг!). Францішак Скарына названы каралём "нашым садоўнікам". Відочна, што пасаду садоўніка трэба разумець больш шырока - як батаніка, што цалкам стасуецца са ступенню доктара лекарскіх навук, бо толькі на медыцыне ў той час вывучалі батаніку і траўніцтва. Наогул, з кантэксту акта вынікае, што Скарына, жывучы ў Празе, памёр там у 1551 г.

Такім чынам былі дапоўненыя скупыя звесткі пра слаўнага сына Беларусі. Вынікае з іх, што жыццё ў Вільні стала для Скарыны настолькі цяжкім, што ён паўторна эміграваў у чужы край і тут закончыў сваё працавітае жыццё.

H. B. [Антон Луцкевіч] Z dziejów stosunków Czechów z Litwą i Białorusią // Pregląd Wileński. 1938. № 2. S. 2–6.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

Японская агентура

Антон Луцкевіч

Рэдакцыя "Пшэглёнду…":

Гэты артыкул быў нам ужо даўно дасланы, аднак ён і сёння не страціў сваёй вартасці, бо сітуацыя грунтоўна не змянілася.

На пачатку мінулага года (1936 г. - Л. Л.) у Вільні была распаўсюджаная адозва на беларускай мове, падпісаная "Актывам усебеларускага антыкамуністычнага фронту", у якой беларускае грамадства заклікалася да чыннай барацьбы з камунізмам у чаканні савецка-японскай вайны на Далёкім Усходзе. Адозва мела настолькі яркі антысавецкі і праяпонскі характар, што газета "Беларуская Крыніца", падаючы інфармацыю, акрэсліла яе як "японскую".

Паколькі, нават самы павярхоўны аналіз мовы адозвы паказвае, што яе пісаў расіянін, не можна выключаць, што яна была інспіраваная ці выдадзеная праз японскіх агентаў. Калі гэта так, дык мы мае справу з новай чужынскай агентурай, якая дзейнічае на беларускай пляцоўцы.

Калі маршал Пілсудскі з такой глыбокай горыччу і клопатам пра сваю Айчыну падкрэсліваў згубную для Польшчы дзейнасць розных чужынскіх агентур, дык згубнасць іх дзейнасці для беларусаў шматкроць большая: беларусы не маюць сваёй дзяржавы, не маюць арміі, якая б іх бараніла ад варожых намераў, і адзіным сродкам нацыянальнай самаабароны для нас ёсць унутраная стойкасць народа, - а менавіта яе, перад усім імкнецца разбіць чужынская агентура. Характэрна, што кожная з гэтых агентур дэкларуе неабходнасць нацыянальнага адзінства беларусаў, разумеючы гэта такім чынам, што ўсе беларусы павінны ісці ў бок, у які ўказвае гэта агентура. Доказам гэтага ёсць тая незвычайная лютасць, з якой дзеячы, якія свядома ці несвядома падпарадкоўваюцца чужынскай агентуры, ваююць з усімі тымі, хто асмельваецца супрацьстаяць чужынскай агентуры. Справа зусім не ідзе пра творчыя звады паміж рознымі плынямі грамадства, што нармальна і пажадана, бо мае за мэту службу свайму народу і ўзбагачэнне яго ва ўсіх аспектах грамадскага жыцця. Наадварот, чужынская агентура імкнецца перашкодзіць, зрабіць немажлівай гэтую творчую працу для ўсіх, хто ёсць ад іх незалежны, яна імкнецца рэдукаваць, зменшыць творчы імпульс народа як разнастайнага адзінства. Барацьба тут даходзіць да выразнага жадання фізічнага знішчэння асобаў якія думаюць па-іншаму і ў такі спосаб, перад усім, аслабіць сілу і адпорнасць усяго народа. У гэтым ёсць найвялікшая трагедыя беларусаў - больш страшная ў сваіх выніках, чым нават падзел края суседнімі дзяржавамі.

Выдадзеная адозва паказвае на пачатак дзейнасці сярод беларусаў новай чужынскай агентуры - гэтым разам японскай. Пакінем покуль пытанне сімпатыі ці антыпатыі да Японіі і яе палітычных планаў. Не будзем таксама казаць пра сімпатыю ці антыпатыю да камунізму і барацьбы з ім - гэта ёсць праблема міжнароднага маштабу якая не атаясамліваецца з японскімі памкненнямі. Спынімся на высвятленні перспектываў, якія б з'явіліся ў беларускага народа ў сувязі з магчымым збройным канфліктам паміж Саветамі і іх суседзямі.

"Японская" адозва (як і газета "Крыніца", для кароткасці будзем называць яе так) цвердзіць (слушна ці не, гэта ўжо іншае пытанне), што перамога Японіі над Расіяй ў 1905 г., прынесла беларусам свабоду слова і частковую свабоду дзейнасці, і менавіта вынікам гэтага сталася стварэнне незалежнай беларускай дзяржавы. (акт 25 сакавіка 1818 г.), але чырвоны маскоўскі імперыялізм зняважыў дзяржаватворчыя высілкі беларусаў. "Бальшавіцка-японская вайна, якая набліжаецца, пабурыць крывавую камуністычную дыктатуру і прывядзе да поўнай свабоды падпарадкаваных народаў СССР, у тым ліку і беларускага народа".

Так кажа адозва. І дзеля гэтай свабоды, у імя адбудовы незалежнай Беларусі, прызывае ўсе беларускія групоўкі, партыі і арганізацыі з'яднацца разам для чыннай барацьбы з Саветамі.

Ці магла б японская перамога над Саветамі ў сучасных міжнародных варунках прынесці беларусам істотныя дабрадзействы, пра якія піша "японская" адозва? Гэтыя абяцанкі (да таго ж - цалкам ананімныя) падаюцца звыклым палітычным блефам. Пераканаемся ў гэтым, аналізуючы як сучасную міжнародную кан'юнктуру, гэтак і мэты магчымых партнёраў Японіі ў гульні з Саветамі.

Перад усім, Японія хіба не збіраецца нападаць на Саветы без пэўнасці, што на заходняй мяжы СССР выбухне вайна з заходнімі суседзямі. У гэтым выпадку, беларускія землі з абодвух бакоў мяжы сталі б арэнай узброенай барацьбы, і якія вынікі тады атрымаў бы беларускі народ, мы ведам з вопыту сусветнай вайны: лічба беларусаў зменшылася тады з 12 да 8 мільёнаў…

І вынікі вайны для Беларусі мусілі б быць аднолькава фатальнымі і ў выпадку перамогі Саветаў (бо ў такім выпадку на землях Заходняй Беларусі было б вынішчана ўсё тое, што сёння мае нацыянальны беларускі характар а нацыянальна-незалежніцкія памкненні, згодна з савецкай тэрміналогіяй, сталі б "нацдэмаўшчынай"), і ў выпадку калі б споўніліся б прароцтвы "японскай" адозвы. Што да першага варыянту, вынікі яго не патрабуюць адмысловых доказаў: савецкая палітыка ў дачыненні да нацыянальна-свядомых беларусаў ў БССР дастаткова кажа пра гэта. Аднак пра другі варыянт трэба паразмаўляць.

Каб беларусы маглі добра выкарыстаць пагром Саветаў, прадбачаны аўтарамі адозвы, каб маглі арганізавацца для чыннай барацьбы з СССР (ці гэта ідэя мае папулярнасць у масах - гэта іншае пытанне), неабходна было б мець нейкі трамплін па-за межамі Савецкай Беларусі. Як вядома, такім трамплінам для Польшчы на пачатку сусветнай вайны была Аўстрыя. Для беларускіх незалежнікаў гэта магла б быць толькі Польшча. Але ўся сукупнасць польскай палітыкі ў дачыненні да беларусаў перакрэслівае такую мажлівасць.

Пра з'яўленне якіх-небудзь кадраў беларускіх збройных сіл у межах польскай дзяржавы няма нават і размовы. У часы, калі ўкраінская праблема ў Польшчы, здавалася б набліжалася да пэўнага развязання, аналагічная беларуская праблема, кажучы словамі прадстаўнікоў ураду ва ўсіх соймавых і пазасоймавых прамовах і дэкларацыях, "не існавала".

Прапановы і "японскія" абяцанкі ў беларускіх справах нагадваюць агульнавядомы факт з часоў сусветнай вайны. "Маніфест" з абяцаннямі аўтаноміі Польшчы (пасля рускай перамогі!) падпісаны не царом Мікалаем ІІ, а толькі галоўнакамандуючым арміі вялікім князем Мікалаем Мікалаевічам. Тады крытычнадумаючыя людзі разумелі, што пасля "пераможнай" вайны аўтаматычна знікне ўлада галоўнакамандуючага арміі, а за яго абяцанкі цар адказваць не будзе. Тое самае ёсць і зараз з "японскімі" абяцанкамі беларусам, бо адзіным чыннікам, які ў выпадку разгрому Савета мог бы адыграць сваю ролю, ёсць Польшча, а ўласна Польшча захоўвае глыбокае маўчанне і нічым не выказвае сваёй гатоўнасці да супрацы з беларусамі ў іх незалежніцкіх памкненнях.

У Саветах зараз беларусам дрэнна - гэта праўда. Але нішто не кажа пра тое, што ў выпадку перамогі Японіі і яе заходніх саюзнікаў, сітуацыя ў Савецкай Беларусі ў галіне культуры і стану грамадства будзе палепшана. Пэўна, замест гэтага, увесь тамтэйшы беларускі культурны набытак, прымусова пафарбаваны ў чырвоны колер, як камуністычны будзе сцёрты з аблічча зямлі пераможнымі "антыбальшавікамі". І менавіта да ўдзелу ў такой ваеннай акцыі "японская" адозва прызывае беларускае грамадства ў Польшчы!

Ці японскія палітыкі (калі і насамрэч гаворка можа ісці пра іх) былі гэтак далёкія ад разумення сітуацыі, у якой апынуліся беларусы? Не ведаю. Ведаю, што за грошы заўсёды можна знайсці безыдэйных людзей, гатовых у адносінах да Савецкай Беларусі выконваць тыя самыя функцыі, якія ў адносінах да СССР выконваюць расійскія "белыя" эмігранты на Далёкім Усходзе і ў іншых месцах.

Незалежна ад сімпатый ці антыпатый беларускага грамадства да камунізму і чырвонай імперскай Расіі, "японскія" аўтары адозвы не могуць разлічваць на ідэйную падтрымку распачатай акцыі. Вельмі шмат балячак маюць беларусы ў Заходняй Беларусі, вельмі шмат абавязкаў перад сваім народам ляжыць на нешматлікай беларускай інтэлігенцыі, каб яна магла свае невялікія сілы класці на вагі, якія могуць вырашыць праблему сусветнага ўладкавання.


На заканчэнне, трэба падкрэсліць тую акалічнасць з адозвы "Актыву усебеларускага антыкамуністычнага фронту", што гэтая адозва з'яўляецца ананімнай і аточаная глыбокай таямніцай, бо яна ўступае ў канфлікт з польскім Карным кодэксам. Нешта тут не ў парадку і ў любым выпадку дае нам падставы зрабіць выснову, што гэтая, так званая японская агентура, хіба не мае падтрымкі сваёй акцыі з боку польскага ўраду. Такім чынам мы маем доказ, што "японскія" абяцанкі свабоды для беларускага народа пасля верагоднай перамогі Японіі над Саветамі, не пацверджаны польскай уладай, што цалкам пазбаўляе іх усялякай рэальнай вартасці.

A. Ł.[Антон Луцкевіч] «Japońska» agentura // Pregląd Wileński. 1937. № 2. S. 2-6.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

"Лідскі край, 700 сустракай!"

У Беліцкім Доме культуры адбылася канцэртная праграма "Лідскі край, 700 сустракай!" у рамках раённага агляду-конкурсу канцэртных праграм "Лідскі падворак".

ТК Культура Лідчыны".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX