Папярэдняя старонка: 2023

Наша слова.pdf № 12 (64) 


Дадана: 21-03-2023,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 12 (64), 22 сакавіка 2023 г.

105-я ўгодкі Вялікага Звеставання для беларусаў

Урачыстасць Звеставання Пана

25 сакавіка Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Звеставання Пана.

Таямніцу Уцелаўлення Божага Сына Касцёл святкуе як асобную ўрачыстасць за дзевяць месяцаў да Божага Нараджэння. Гэта, канешне ж, умоўная дата, таксама як і дата Божага Нараджэння. Ва Усходніх Цэрквах Дабравешчанне адзначалі ўжо ў V стагоддзі. На Захадзе дзень Уцелаўлення Божага Сына пачалі святкаваць падчас пантыфікату папы Грыгорыя Вялікага ў VІІ стагоддзі.

У падзеі, звязанай з прыходам Хрыста на зямлю, Касцёл бачыць здзяйсненне надзеі Ізраэля. Марыя - гэта ўвасабленне Ерусаліма і спадкаемца дадзеных яму абяцанняў, якія спаўняюцца, калі Яна, напоўненая верай, прамаўляе у момант Звеставання словы: "Вось я - слуга Пана, няхай мне станецца паводле Яго слова". Дзякуючы Марыі Бог становіцца "Богам з намі" - прадказаным прарокамі Эмануэлем.

Хіба што ніводзін эпізод са Святога Пісання не набыў такой папулярнасці ў мастацтве, як сцэна Звеставання. Шматлікія творцы спрабавалі розным чынам выявіць тое, што святы Лука перадае на пачатку свайго Евангелля: Божы Пасланец Арханёл Габрыэль прыносіць Марыі нечаканую і радасную вестку і атрымлівае Яе згоду на незвычайную місію. Марыя павінна нарадзіць Сына, якому дасць імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад грахоў.

Евангельскі аповед пра Звеставанне прадстаўляе нам момант спаткання Божай волі са свабодай чалавека. У ім паказаны свабодны адказ Марыі на Божае запрашэнне. Чалавек заўсёды патрэбны Богу як свабодная асоба, а не як нявольнік.

Католікі просяць у гэты дзень падчас святочных набажэнстваў, каб "вызнаючы, што Сын Марыі Панны - гэта сапраўдны Бог і сапраўдны чалавек, моцай Яго Уваскрасення маглі дайсці да вечнай радасці", а прамаўляючы Сімвал веры, кленчаць на словы "І ўцелавіўся ад Духа Святога з Дзевы Марыі", каб такім чынам ушанаваць гэтую вялікую Таямніцу.

У апошні час у Беларусі свята Звеставання носіць і значнае грамадзянскае адценне.

Паводле СМІ.

Установы культуры Лідчыны ўрачыста адзначылі Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь

"Закон, які нас абараняе"

Да Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 6 імя В. Таўлая" быў праведзены інфарм-дайджэст "Дзяржаўнасць і веліч у сімвалах краіны", які звяртаў увагу наведвальнікаў на асноўны закон нашай краіны, як ім правільна карыстацца.

Супрацоўнікі філіяла "Лідская гарадская бібліятэка № 1" ладзілі для сваіх наведвальнікаў інформ-кур'ер "Закон, які нас абараняе", падчас якога можна было больш падрабязна азнаёміцца з літаратурай па тэме права і прававых адносін грамадзян.

ТК "Культура Лідчыны.

"Мы - грамадзяне Беларусі"

15 сакавіка ў Бярозаўскім гарадскім Доме культуры адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Са святам сабраных у зале людзей павіншаваў намеснік старшыні Бярозаўскага гарадскога выканаўчага камітэта Аляксандр Сцянько.

У рамках Усебеларускай акцыі "Мы - грамадзяне Беларусі", юнакам і дзяўчатам, якім споўнілася 14 гадоў, ва ўрачыстай абстаноўцы былі ўручаны пашпарты, а таксама падарункавыя выданні "Я - грамадзянін Рэспублікі Беларусь".

Затым з рук галоўнага спецыяліста Лідскай раённай арганізацыі ГА "БРСМ" Наталлі Стрыбуць навучэнцы атрымалі членскія білеты Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.

Урачыстае мерапрыемства завяршылася музычнай праграмай.

ТК "Культура Лідчыны.

Прысвечаны культурнай сталіцы Беларусі

Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпусціла ў абарачэнне тыражом 45 тысяч экзэмпляраў канверт "Слуцк - культурная сталіца Беларусі 2023 года". Праект падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з Міністэрствам культуры Беларусі.

Канверт праілюстраваны выявамі гістарычных, знакавых для Случчыны аб'ектаў. На першым плане бачым помнік Настассі Слуцкай, якая праславілася як арганізатар абароны Слуцка і Слуцкага краю ад набегаў крымскіх татар у пачатку XVI стагоддзя. Помнік, аўтар якога - скульптар Сяргей Аганаў, устаноўлены перад Домам шлюбаў у 2016 годзе. Дарэчы, у самай старажытнай частцы Слуцка, якая ў розныя гістарычныя перыяды называлася Дзядзінец, Град, Капец, Верхні замак, Саборная горка, Бязбожная горка, Вялікая горка. Як бачна, назвы красамоўна адлюстроўваюць гісторыю аднаго са старажытных гарадоў Беларусі, змены (часта кардынальныя) у жыцці яго жыхароў.

Яшчэ адна ілюстрацыя на канверце - Кафедральны сабор святога Арханёла Міхаіла, помнік беларускага драўлянага дойлідства другой паловы XVIII стагоддзя. Крыху далей - выява будынка гімназіі № 1 горада Слуцка, найстарэйшай школы Беларусі, якая вядзе сваю гісторыю з 1617 года. Аб'яднаўчым сімвалам гэтых ілюстрацый выступае сучасны герб горада Слуцка.

Намінал маркі канверта адпавядае тарыфу на перасылку простага пісьма масай да 20 грамаў у межах Рэспублікі Беларусь. На марцы адлюстраваны выявы слуцкага пояса і будынка краязнаўчага музея, пабудаванага ў канцы XVIII - пачатку XIX стагоддзя. Да пачатку XX стагоддзя ён выкарыстоўваўся як дом дваранскага сходу, а потым стаў гарадскім клубам. З 1952 года тут размяшчаецца краязнаўчы музей.

Будынкі сабора і краязнаўчага музея занесены ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь як аб'ект гістарычна-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэння.

Канверт і спецыяльны штэмпель для памятнага гашэння, прысвечаныя Слуцку - культурнай сталіцы Беларусі 2023 года, сталі вынікам творчага супрацоўніцтва мастака Таццяны Дольскай і дызайнера Марыны Віткоўскай.

Анатоль Жук, жыхар г. Слуцка.

Каб казка стала явай

Як часам нам дарослым хочацца, каб казка стала явай! А вось для выхаванцаў старэйшых груп ГУА "Дзіцячы сад 4 г. Ліды" так і сталася. Дзеці разам з дарослымі завіталі ў дом беларускага паэта Валянціна Таўлая, філію Лідскага гістарычна мастацкага музея.

На парозе "Доміка Таўлая", як лідзяне і госці горада часта называюць гэты памятны будынак, гасцей сустрэў навуковы супрацоўнік літаратурнага аддзела Алесь Хітрун. Перш-наперш ён запрасіў маленькіх гасцей у мемарыяльны пакой, у якім некаторы час жыў і працаваў паэт. Дзеці з цікавасцю разглядалі мэблю і прылады працы паэта. Асаблівую цікавасць выклікала ў іх друкарская машынка і чарніліца. І, канешне, калі напрыканцы экскурсіі загучала кружэлка з паланэзам Міхала Клеафаса Агінскага, усіх - не толькі дзяцей але і дарослых уразіў патэфон.

У выставачнай зале выхаванцы наведалі выстаўку "А пачнем мы казку так...", арганізаваную сумесна з ДУА "Лідская дзіцячая мастацкая школа". Як жа здзівіліся выхаванцы дзіцячага садочку, калі іх там сустрэла казачная бабуля Нюся, супрацоўніца дома Валянціна Таўлая, Драб Ганна Мікалаеўна, якая распавяла дзівосныя гісторыі і сапраўдныя беларускія казкі. Нагадала бабуся дзецям і казку пра Лісу і Ваўка, які рыбу на хвост лавіў, і пра Пеўніка, які ратаваў Зайку ад хітрай Лісы. Давялося дзецям і ўдыхнуць водар казачнага хлеба, і паспрабаваць збіць казачнае масла на старажытнай маслабойцы. Беларускія народныя казкі быццам ажылі! Было неверагодна цікава і пазнавальна!

Чытайце дзецям свае, насычаныя беларускай асаблівасцю, цеплынёй, дабрынёй беларускія казкі на роднай мове. І прыводзьце іх у "Домік Таўлая" - не пашкадуеце!

Паводле Вольгі Антонавай "Лідская газета".

Як паведаміў супрацоўнік музея Алесь Хітрун, здараецца, што за тыдзень праз беларускую казку і беларускую мову ў Доме Таўлая праходзіць да 80-100 дзетак, а тыдняў у годзе - 52.

Пакуль пякуцца 40 жаваранкаў

- Давайце з нашымі дзеткамі карагоды вадзіць, песні спяваць, у розныя гульні разам гуляць, дражнілкі вучыць, лічылкі лічыць, бо трэба ім ведаць свае карані, каб прашчураў скарб праз гады і вякі яны сваім дзецям пакінуць маглі! - заклікае Наталля Шчалканогава, спецыяліст лідскага Дома рамёстваў. І не толькі заклікае.

Напрыклад, у пятніцу дзеці вучыліся гуляць у старажытную беларускую гульню "Верабей", або "Пячы хлеб", у якую гулялі іх прашчуры, якія былі такія ,як яны, пакуль іх бабулі і матулі пяклі з цеста птушак - 40 жаваранкаў.

Наш кар.

Да беларускіх памежнікаў з беларускім словам

Лідскія літаратары пабывалі ў Лідскім памежным атрадзе. Салдаты-памежнікі атрымалі ад выступоўцаў зарад бадзёрасці, пазітыву. Алесь Хітрун увёў прысутных у кароткі зрэз гісторыі літаратурнай Лідчыны, запрасіў памежнікаў у Дом Валянціна Таўлая, прачытаў вершы, гумар. Ганна Гайдукевіч прачытала вясёлыя, патрыятычныя вершы з нядаўна выдадзенага зборніка "З душой і жартам". Вольга Ашмяна-Бічэль таксама падзялілася порцыяй гумарыстычных і лірычных вершаў. Антон Піліпчык нагадаў пра сваю службу ў войску, зачытаў апавяданне на гэтую тэму.

Кіраўніцтва лідскага памежнага атрада падзякавала за цёплы літаратурны вечар і паабяцалі зноў запрасіць лідскіх творцаў на чарговую сустрэчу, але магчыма, ужо ў новым складзе.

Майстры мастацкага слова наведалі і бібліятэку, дзе акрамя сусветных, беларускіх кніг знаходзяць месца на паліцах і кнігі лідскіх аўтараў.

Алесь Хітрун.

Суквецце жыцця і любові Мікалая Іваноўскага

16 сакавіка 2023 года ў Менскай бібліятэцы № 1 імя Л.М. Талстога Літаратурны клуб "Экватар" правёў творчую вечарыну паэта з Гарадзеншчыны Мікалая Іваноўскага - лаўрэата прэміі імя А.І. Дубко за 2022 год у галіне літаратуры за кнігу "Суквецце любові". Вядоўцамі мерапрыемства сталі паэты, пісьменнікі, журналісты, кіраўнікі літаратурнага клуба "Экватар" Вячаслаў Корбут і Інга Вінарская. У рамках вечарыны выступілі: паэт, пісьменнік, музыкант Зміцер Захарэвіч; паэт і бард Кірыл Бандзерс; оперны спявак, пісьменнік Дзмітрый Марозаў; паэт, празаік, драматург Глеб Ганчароў; паэтка, кіраўнічка Мінскага аддзялення Беллітсаюза "Полацкая галіна" Ксенія Ярмілава; паэт, пісьменнік Валянцін Шведаў; паэт, празаік, бард Юрась Нераток; паэт і грамадскі дзеяч Валянцін Бронаў; паэтка, пісьменніца, навукоўца, супрацоўніца Інстытута літаратуразнаўства НАН Беларусі Таццяна Барысюк. Прысутнічалі выкладчыкі і навучэнцы некалькіх сталічных каледжаў. Вечарына Мікалая Іваноўскага была праведзена з нагоды блізкага Сусветнга дня паэзіі. Асноўнай тэмай творчай сустрэчы стала, канешне, вядомая цяпер ужо на ўсю краіну кніга "Суквецце любові". У выкананні аўтара прагучала шэраг вершаў з усіх пяці яе раздзелаў.

Цікавы ён чалавек, Мікалай Пятровіч Іваноўскі. Трыццаць пяць гадоў свайго працоўнага жыцця аддаў аднаму буйному прадпрыемству - ААТ ,,Гродна Азот". Пагадзіцеся, ад сферы мастацтва і насамрэч літаратуры гэта дастаткова далёка, калі не сказаць, - вельмі... Дык адкуль узяўся пісьменнік, тым больш, - паэт?.. Загадка. Хаця, у шматдзетнай сям'і Іваноўскіх, дзе Мікалай Пятровіч - старэйшы сын, гэта не першы прыклад творчых дасягненняў. Малодшы брат спадара Мікалая - Дзмітрый Іваноўскі быў славутым беларускім мастаком. Ягоныя палотны дагэтуль упрыгожваюць буйныя замежныя галерэі і музеі. Нажаль, ён рана пайшоў з жыцця... І вось у 2015 годзе Мікалай Іваноўскі вырашае выдаць кнігу ў памяць свайго памерлага брата Дзмітрыя,"Нашчадкі роду Іваноўскіх" і паспяхова ажыццяўляе гэты праект. У той кнізе змешчаны 209 палотнаў Дзмітрыя Іваноўскага з 3000 ягоных карцін, надрукаваны вершы Мікалая Пятровіча - у адпаведнасці з тэмамі жывапісных палотнаў...

Дастаткова хутка творчая скарбонка паэта Мікалая Іваноўскага папоўнілася яшчэ чатырма кнігамі: "Пяром і сэрцам" (2017 год, лірыка), "Загадкі на ўсе выпадкі" (2018 год, загадкі для дзяцей), "Сцяжынка дзяцінства" (2018 год, лірычная паэзія), "Вострым зрокам" (2020 год, гумарыстычныя творы), "Кроплі расы" (2020 год, лірыка).

Па меркаванні Мікалая Пятровіча Іваноўскага, вельмі спрыяе творчасці жыццё ў роднай вёсцы Пачуйкі, куды ён пераехаў пасля выхаду на пенсію і дзе жыве дагэтуль. Бо цішыня і спакой - гэта галоўнае, што трэба творцы. Канешне, вясковыя справы і клопаты з агародам, садам і пасекай займаюць многа часу і адбіраюць шмат сіл, аднак ёсць жа ж доўгія і ўтульныя вечары, а таксама зімовы перыяд, у які, дарэчы, як сцвярджае наш аўтар, ён і напісаў большасць сваіх твораў.

І вось новая кніга паэта з Гарадзеншчыны Мікалая Іваноўскага "Суквецце любові". Смелая назва, асабліва калі ўзгадаць, што выдаецца яна з нагоды 70-гадовага юбілею аўтара. Але ж, любові пакорлівыя ўсе ўзросты, як некалі пісаў класік рускай літаратуры Аляксандр Сяргеевіч Пушкін. І спрачацца з ім мы, канешне, не будзем.

Менавіта тэме кахання прысвечаны першы раздзел гэтай кнігі пад назвай "Вясной вяртаецца любоў...", і ён самы, бадай, буйны раздзел зборніка. Тут можна прачытаць пра каханне ва ўсіх яго праявах, шчаслівае і няшчаснае, што дорыць акрыленасць альбо пакуты, але без якога жыццё немагчымае...

Няхай прыпомніць кожная з жанок -

Адам ахвяраваў сваю рабрыну.

Яе аддаў ён Богу назнарок,

Каб Бог стварыў прыгожую жанчыну.


З тае пары мужчынская далонь

Прытуліць цеплынёю днём і ўночы.

Мужчыны ўсе трапляюць у палон -

Чаруюць іх заўжды каханых вочы…

(Чарговы сакавік.)

Другі раздзел зборніка "Памяць не парвецца..." змяшчае вершы патрыятычнай тэматыкі. Тут ёсць творы, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне і яе героям, вершы пра Чарнобыльскую трагедыю, а таксама патрыятычныя опусы, у якіх аўтар лічыць сваім прамым абавязкам сказаць сваё "не" вайне і сучасным варожым палітычным заклікам...

Назва раздзела "А вёсачка вабіць...", які ідзе ў кнізе трэцім, гаворыць сама за сябе. І дакладна, тут змешчаны вершы, прысвечаныя малой радзіме Мікалая Іваноўскага - вёсачцы Пачуйкі, што на Ваўкавышчыне, якую аўтар бязмежна любіць. Таксама тут ёсць творы пра родную беларускую мову, у якіх аўтар заклікае любіць яе і размаўляць на ёй. Асобна ж можна выдзяліць верш памяці Алеся Мікалаевіча Белакоза, выбітнага чалавека і патрыёта Беларусі:

... На мовы роднае пакос

Ён вывеў сотні нас з-за парты.

Вучыў Алесь нас Белакоз,

Што беларусам звацца варта.


Ён нам прывіў, і ў нас жыве

Ягоная любоў да мовы,

І кросны ткуць, чаўнок плыве,

Музей Дзяржаўны тут аснова...

(Мне беларусам звацца варта.)

У пэўнай ступені тэматыку трэцяга раздзела кнігі падтрымлівае раздзел чацвёрты "Пах палёў, збажыны...", дзе знаходзіцца лірычныя вершы пра прыроду і поры года. І канешне, усе гэтыя прыродныя з'явы і змены аўтар назіраў на сваёй малой радзіме, у любімай вёсцы.

Не адчуваецца больш спёкі.

Кароткім стаў асенні дзень.

Злятаюць птушкі ў край далёкі,

І не хавае кронаў цень...


Даўно грамы не б'юць у бубен.

Чарговы клін плыве гусей,

І бульбяны схаваны клубень,

І плачуць хмаркі ўсё часцей...

(Спяшае восень папярэдзіць.)

Завяршае кнігу пяты раздзел "Байкі і жарты". У ім змешчана гумарыстычная паэзія. І гэта першы выпадак, калі Мікалай Іваноўскі змешвае розныя жанры ў адной кнізе - лірыку і гумар. Але ад гэтага новы ягоны вершаваны зборнік, насамрэч, горшым не стаў. Атрымалася нават больш цікава і эмацыянальна насычана.

Вось такое паэтычнае суквецце свайго жыцця і любові прапаноўвае паэт Мікалай Іваноўскі сваім чытачам. Кніга атрымалася, на маю думку, разнапланавая, цікавая і каларытная.

Паэтка, пісьменніца, журналістка Інга Вінарская.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

У імкненні да гармоніі: Варывода, Смірноў, Шафран; індзеяністы і скаўты "паўтараюць гісторыю (Дзікага) Захаду"

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-11 (53-63) за 2023 г.)

У 1992 г. нямала матэрыялаў Інфармацыйнай службы БІТ (гл., напрыклад, №№ 10 і 50 "Бюлетэня ІС БІТ") было прысвечана пытанням скаўтызму - руху, які таксама набліжае дзяцей да індзейскага свету, але - відавочна - праз прызму некаторага каланіялізму, у т.л. "унутранага" (унутраная каланізацыя, самакаланізацыя).

Такім чынам, наша "беларуска-індзейская эпапея" працягваецца дыскусійнай тэмай "індзейцаў і скаўтаў", прычым адразу заўважым, што, з пазіцый крайняга міралюбства, а не індзейскай упартасці і ваяўнічасці, мы абедзвюма рукамі за суіснаванне індзеянізму і скаўтызму, тым больш, што ў многіх выпадках першае пераходзіць у другое і наадварот, - і няхай практыка пакажа, што больш падабаецца моладзі і больш арыентуе іх на светлыя ідэалы, "арыентуе" ў ЗЛЖ і АБЖ - бяспечных і эфектыўных практыках хады па жыцці. Інакш кажучы, каму больш удаецца прыцягнуць у свае шэрагі прыхільнікаў і пахваліцца іх якасным не толькі матэрыяльным, але і духоўным жыццём.

Скаўтызм у рафінаваным для дзяцей і моладзі выглядзе - гэта досыць доўгая гісторыя, якая працягваецца больш за стагоддзе. Індзеянізм як плынь хабізму ўзнік значна пазней. Як у скаўтаў, так і індзеяністаў ёсць пэўны негатыў, "дрэнная ідэалізацыя". Так, сапраўды, пазітыўную карціну скаўтызму, або скаўтынгу, моцна псуе брытанская каланіяльная традыцыя. Але для многіх гэта мала што значыць і пасля ўсіх дыскусій. У т.л. і таму, што ёсць контраргумент: у гісторыі да канцы 19 ст. індзейцы "заўжды ваююць", таму не трэба здзіўляцца, што на амерыканскім кантыненце можа налічвацца вялікая колькасць "хатыняў", знішчаных не немцамі і англічанамі, а "братамі-славянамі" ў расфарбоўцы. Але гэтыя індзейцы былі "натуральнымі людзьмі", а еўрапейцы - і прадстаўнікі азіяцкіх цывілізацый - былі развітымі ці больш развітымі народамі, якія разумелі або лепш разумелі, што робяць. У гэтым велізарная розніца. Калі ты ведаеш, што значыць кепска, то паспрабуй растлумачыць гэта тым, хто гэтага не разумее або разумее як "дзікі чалавек", замест гэтага - "Па сэрцы тваім / Канкістадоры ідуць!", прычым не з мэтай паляпшэння маралі.

"Мроя", "Уліс", "Палац" - гэта разумелі, а значная частка іх слухачоў - усё ж не?

Таму: ці вялі б мы ўсю тую палеміку - тады і тым больш пазней (а ўжо ў 1993 г. актыўнасць па тэме скаўтаў рэзка і "назаўсёды" зніжаецца), калі высветлілася, што абедзве плыні неяк зніклі з "першых палос", а гаворка ў мэйнстрыме паступова пайшла ўжо толькі пра самыя простыя і самыя традыцыйныя формы фармальнай арганізацыі моладзі. Хутчэй за ўсё не, таму што гэта амаль бессэнсоўна. Усё роўна ўвесь час будзе існаваць ідэя "еўрапейскіх каштоўнасцей", якая будзе апраўдваць экспансію на іншыя кантыненты тым, што еўрапейцы аказаліся дужэйшымі, разумнейшымі і г.д.

У 1991 г. у "Настаўніцкай газеце" былі змешчаны тры матэрыялы, у першым з якіх даюцца версіі паходжання скаўтызму - ад рот скаўтаў арміі ЗША часоў барацьбы з індзейцамі і ад спроб Бадэн-Паўэла выкарыстаць дзяцей у вайне ў Паўднёвай Афрыцы (з цытатай з кнігі амерыканскага піянера Г. Айзмана, дзе замест Афрыкі як месца задушэння паўстання плямён пададзена Амерыка). У палеміцы з аўтарам ліста, якому далі загаловак "Бадэн-Паўэл страляў індзейцаў..." (можа сысці не за памылку, калі "Пяро піша Троя", г.зн. трактаваць загаловак расшырана, не літаральна), адзін з тагачасных ідэолагаў маладзёжнай палітыкі паспрабаваў "апраўдаць", "апраўдацца": (БІБ № 1674) Насенка А. Генерал не Ісус Хрыстос // Настаўніцкая газета. 1991. 21 снеж.

Ідэю індзейскіх жа скаўтаў у арміі ЗША нібыта часткова вывелі з казакоў у Расіі. Калабарацыянізм і саюзы плямён адзін супраць аднаго ў саміх індзейцаў - гэта нешта крыху іншае. Такім чынам, скаўтызм вяртаўся на "радзіму"?

Яшчэ адзін востры момант для прыхільнікаў скаўтызму - "прычыны, якія спрыялі стварэнню і развіццю беларускіх скаўцкіх арганізацый у Заходняй Германіі". Але не варта адразу думаць пра ўплыў "нямецкіх традыцый", уключаючы гітлерюгенд, г.зн. у дні сумнай гадавіны Хатыні абвінавачваць толькі Захад у кепскім уплыве на дзяцей. Былі эксцэсы, калі выхаванцы ваенізаваных груп з усходу інсцэніравалі напады на "мясцовае насельніцтва", як гэта адбылося ў адным з раёнаў Гомельшчыны ў 1999 г. Можна было проста "пасмяяцца"…

Скаўты перайначваюць мясцовыя тапонімы, дадаючы да іх "рамантычныя" элементы часоў Дзікага Захаду. Гэта яшчэ раз сведчыць, што яны выступаюць як "піянеры" і "заваёўнікі" на сваёй уласнай зямлі. Адным з ініцыятараў альтэрнатыўна беларускай скаўцкай арганізацыі стаў Менскі гарадскі бацькоўскі камітэт (ГБК) беларускамоўных класаў, які хутка пасля свайго афармлення ў 1988 г. "звярнуўся да вопыту скаўцкага руху" (пры гэтым заўважана, што Гурток прыяцеляў беларускіх скаўтаў (ГПБС) стварылі ў Вільні ў 1936 г. ксёндз Глякоўскі з Казлоўскім, Найдзюком і інш.) і арганізаваў "першы беларускамоўны летнік" "Грунвальд" каля пас. Энергетык у Дзяржынскім раёне (жнівень 1990 г.).

Сувязь скаўтызму з "жыццём індзейцаў" усведамляецца многімі. У цэлым, на выхаваўчае значэнне "прэцэдэнтаў" звярнуў увагу ўжо ў самым пачатку лідар "Союза скаутов Белоруссии". Шэраг аўтараў згадваў заснавальніка скаўцкага руху Р. Бадэн-Паўэла, але ніхто, здаецца, не акцэнтаваў увагу на яго ролю ў задушэнні паўстання негрыцянскіх плямёнаў у Паўднёвай Афрыцы.

У кнізе А. Лозкі "Беларускі скаўтынг" (1997) супярэчнасць паміж сістэмамі Бі-Пі і Э. Сэтана-Томпсана адлюстравана ў дачыненні да паслярэвалюцыйнай сітуацыі ў дзіцячым руху. Хаця аўтар адзначае "важнае значэнне" канадскага пісьменніка-анімаліста ў развіцці руху, тым сказам-канстатацыяй інфармацыя пра яго ўклад у главе "З гісторыі скаўтынгу" абмяжоўваецца - пры тым, што многія абзацы прысвечаны Бадэн-Паўэлу і яго сістэме.

Выпусташаная індзейская сутнасць добра бачная па публікацыях Галоўнай кватэры Беларускіх скаўтаў, дзе сустракаюцца такія індзейскія атрыбуты, як татэм, але яны "ўведзены" больш для дэкаратыўных мэт. У "Скаўцкім спадарожніку" (The Scout's how-to-do- it book. Flensburg, выданне Галоўнай Кватэры Беларускіх Скаўтаў, 1948, 79 с.), у якім трактуюцца "Лягеры", "Кухарства", "Першая дапамога", "Вузлы", "Сыгналізацыя", "Сьледаходства" і г.д., і г.д., у раздзеле "Вогнішча" (с. 40-48) гаворыцца пра тое, як "індыяне" "выкрасаюць агонь, тручы кавалкі дрэва адзін аб другі", і тое, што "вязаныя паясы" скаўтаў "прыпамінаюць стройныя паясы індыянаў". Аўтары "Асноваў" скаўцкага метаду цытуюць Бі-Пі (Бадэн-Паўэла): "Пад словам "Скаўтынг" разумеем дзейнасць і прыметы ляснога чалавека, адкрыўцы-дасьледніка і абаронцы граніцаў", і адзначаюць, што Бадэн-Паўэл распрацаваў гэтую сістэму "ў часе досьледу шкаленьня маладых жаўнераў, вайсковых выведнікаў у Індыі і Афрыцы". У выданні Саюза скаўтаў Беларусі "Знак белай лілеі" такім жа чынам пераймаецца стыль і "фразеалогія" стваральнікаў скаўтынгу: "Брытанскія сцягі ў чарговы раз звалі выканаць свой доўг у калоніях па навядзенні парадку сярод негрыцянскіх плямёнаў", "дзікуноў", "зулусаў, бечуанаў, матабелаў і інш.".

Але ў індзеянісцкай - і не толькі - літаратуры адзначаецца, што скаўцкі рух быў "інспіраваны" (заахвочаны) апавяданнямі з індзейскага жыцця. Бойскаўтам папярэднічалі, у прыватнасці, рух "Знаўцы лесу" Сэтана-Томпсана, пра які ён напісаў серыю артыкулаў. У 1906 г. у час лекцыйнага турнэ ў Англію пісьменнік перадаў генералу Р. Бадэн-Паўэлу, які ўзяўся рэалізаваць ідэю на англійскай глебе, сваю кнігу "Берасцяны скрутак", "дапаможнік для індзейскіх плямёнаў" (The birch-bark roll of the Woodcraft Indians, containing their constitution, laws, games, and deeds) і іншыя матэрыялы. Бадэн-Паўэл, як піша Л. Біндэман, "апрацаваў падараваную яму кнігу ў ваенным духу, выпусташыў уласцівы аўтару гуманізм, апору на індзейскі фальклор, увёў ваенную тэрміналогію, ваенізаваў гульні і выпусціў у 1908 годзе кнігу "Бай-скаўты"".

Сэтан-Томпсан быў супраць такога скажэння яго ідэі, але не пратэставаў, а ў 1910 г. узначаліў "Камітэт байскаўтаў Амерыкі", у склад якога ўвайшлі "Знаўцы лесу". Скончылася ўсё тым, што праціўніка мілітарызацыі руху пазбавілі звання "галоўны скаўт" шляхам ліквідацыі самога звання, а Сэтан-Томпсан, не адстойваючы сваіх правоў, ганарыўся сваім месцам у агульнай гісторыі ўзнікнення і развіцця скаўтызму.

У 1990 г. "Піянер Беларусі" надрукаваў раздзелы з аповесці Сэтана-Томпсана "Маленькія дзікуны" і "індзейскую грамату", якія "паспрыялі відавочнаму ажыўленню рэдакцыйнай пошты".

Скаўтызм сапраўды мае шмат прывязак да індзеянізму. Скаўцка-харцэрскаму руху спрыяла і кніга "Лета лясных людзей" - "Lato lesnych ludzi" М. Радзевіч, у якой ёсць індзейскія матывы яўна, не кажучы пра няяўную прысутнасць індзейскага духу. І нікога не здзівіць, што дзеянне адбывацца на крэсах. Не далёкі ад Беларусі па паходжанні і назве яго кнігі і Тытус Карповіч ("Лета па-індзейску", Lato po indiansku).

Сярод нашых карэспандэнтаў - і такая славутасць скаўтызму, як Г. Новік (у яго скаўтызм плаўна перайшоў у вывучэнне, у прыватнасці, перадачы кодаў на вайне, у гісторыі якой былі і бліскучыя індзейскія старонкі; пра яго карані - спачатку было ў адным з электронных паведамленняў да нас з Польшчы: "Продкі (прадзеды) Гжэгажа Новіка паходзілі з-пад Пружанаў. Здаецца, што нават былі праваслаўныя паводле веравызнання. Адзін з іх служыў у царскім флоце, дзе зрабіў неблагую кар'еру. Ён мне асабіста пра гэта распавядаў").

На чале скаўтаў Расіі да і адразу пасля рэвалюцыі быў Эраст Цытовіч, сын ураджэнца Магілёўскай губерні, генерала, і прадстаўніцы беларускага роду Вакараў, аўтар многіх прац па скаўтызму, уключаючы апублікаваны ў 1915 г. даклад "Этычныя асновы скаўтызму" ("Этические основы скаутизма"). Ён "катэгарычна адмовіўся эміграваць з Расіі" і быў "адпраўлены ў канцлагер на прымусовыя работы" (у адпаведнасці з тагачаснай "этыкай").

Гл. таксама арт. "Смірноў".

ВАРЫВОДА Сяргей - кіраўнік групы беларускіх альпіністаў праекта "Сем вяршынь" (ад Паўночнай Амерыкі ў спісе сямі - Дэналі на Алясцы, ад Паўднёвай - Аканкагуа, ад Аўстраліі - гара Касцюшкі). Прыйшоўшы ў альпінізм у 2002 г., дзякуючы гарам праславіўся, даваў шмат інтэрв'ю. Урыўкі з аднаго мы пераклалі на беларускую: тут ён не стаў пералічваць усе вяршыні, якія пакарыў, але назваў Аканкагуа, Катапаксі, пік Маргарыта ў "Месяцовых гарах", а ёсць "шэраг іншых цікавых вяршынь". Гутарыла з Сяргеем Алена Новік.

"- Па якім прынцыпе вы падбіраеце маршруты?

- Мы ідзём на раней не заваяваныя беларусамі вяршыні (а такіх большасць), або на вяршыні, якія добра вядомыя, але сваім шляхам, або выбіраем асаблівы шлях у асаблівы сезон. Бо гара ў сухі сезон і гара ў сезон дажджоў - гэта дзве вялікія розніцы. Прычым заўсёды выкарыстоўваем магчымасць пазнаёміцца з гісторыяй гэтага рэгіёна, з людзьмі і заадно расказаць пра сябе. Напрыклад, у Паўднёвай Амерыцы нават не ведаюць, што такое Беларусь і дзе яна размешчаная. Мы тлумачылі. Не абышлося без казусаў".

"- Ваш шлях на Карапуна ляжаў праз старажытны горад інкаў…

- Мы прайшлі сцежкай інкаў (Inca Trail), на добрых вышынях каля 4000 метраў, ад горада Куска (які ў перакладзе з мовы інкаў гучыць як "Пуп Зямлі"), да мястэчка Мачу-Пікчу. Гэта закінуты горад інкаў, які, магчыма, стане новым сёмым Цудам Свету. Мачу-Пікчу - гэта месца, куды інкі адыходзілі пад напорам іспанскіх заваёўнікаў, і гэты горад іспанцы так і не знайшлі. Усе спробы іспанцаў знайсці месца, куды інкі панеслі золата, - краіну Эльдарада - не ўвянчаліся поспехам. Мы таксама не знайшлі".

"- У адным з інтэрв'ю вы сказалі, што спрабавалі ў Перу жаваць лісце кокі…

- Прыляцеўшы ў Перу, мы паехалі ў Куска. А там у кожным гатэлі нам прапаноўвалі coca-tea - гарбату з кокі. У Перу п'юць толькі такую. Па смаку яна нагадвае травяны чай. Я ж прывык да чорнага чаю, таму гарбата з кокі мне не вельмі спадабалася. Спрабавалі піць гэтую гарбату на гары... А перуанцы ўвесь час жуюць лісце кокі, як жавальную гумку. Кажуць, што лісце вельмі багатае на вітаміны і дапамагае чалавеку лягчэй адаптавацца да вышыні. Параілі нам паспрабаваць.

- І як?

- Мне складана сказаць, ці быў увогуле нейкі эфект… Калі пачынаецца горная хвароба і становіцца нядобра, то пасля жавання лісця кокі наўрад ці можна зразумець, палягчэла вам ці не. Мясцовыя індзейцы жуюць іх гадзіны тры-чатыры. Я таксама пажаваў... Гэта не для нас. Так што можаце напісаць: "Сяргей Варывода, узыходнік на вяршыню Карапуна, рэгулярна ўжываў лісце кокі, дзякуючы чаму ўдалося дасягнуць такіх вынікаў"".

"- Што да бяспекі ў гарах…

- Ёсць выраз: "Маральнасць знікае на вялікіх вышынях". Горы - гэта заўсёды рызыка. У гарах ты можаш разлічваць толькі на ўласныя сілы. І ўсё. Ёсць людзі, якія дзеля таго, каб падняцца на вяршыню, гатовыя ахвяраваць чым заўгодна, кінуць таварыша з каманды, якому, скажам, спатрэбілася дапамога… Колькі трагедый у гарах здарылася толькі таму, што альпініст па-за сваёй камандай застаецца сам-насам з праблемай"!

*Вераніка "Ніка" Ніканава загінула ў 2019 г. на Алясцы, на вачах мужа Пятра Маркелава ў час вясельнага падарожжа. 24-гадовая дзяўчына, рэжысёр, у цязе да аднаго "галівудскага" месца не змагла перайсці раку Тэкланіка…

Член нашага таварыства Сяргей Макарэўскі (рэкамендаваны Г. Сагановічам) загінуў у экспедыцыі на хрыбце Чэрскага 31.03.1990 г. (нарадзіўся 5.08.1966 г. у Смаргоні, там жа і пахаваны). Ён толькі ўступаў у жыццё, нядаўна адслужыў у арміі. Усяго мы атрымалі ад яго 5 лістоў (6 старонак сканаў) - разважлівых і талерантных (1988-03-22, 1989-02-24, 1989-03-29-31, 1989-07-29 (с. 1-2), 1989-09-05; 1-ы - з Менска (з 1984 па 1988 г. вучыўся ў БДПІ на настаўніка пачатковых класаў), 2-4-ы - са "ст. Буялык", 5-ы - з "пгт Камінтэрнава" (Коминтерновское) - Сяргей пісаў на канвертах зваротны адрас гэтых месцаў у Адэскай вобласці па-беларуску). У якасці ўзору - ліст, які мае незвычайную дату - пісаўся два або тры дні: 29-31.03.1989, - і ў ім ёсць фраза да тэмы індзейцаў у Беларусі; "захапляюся вандраваньнем" - пісаў у анкеце, датаванай 31.03.1989 г.

Пра іншых беларускіх "андыністаў", у т.л. ліку тых, што лічацца польскімі (Канстанцін Наркевіч-Ёдка ("W walce o szczyty Andоw", Warszawa, 1935) сапраўды нарадзіўся ў цэнтральнай Польшчы, але прозвішча "тутэйшае"), мы спадзяёмся расказаць пазней.

Літ.:

6076 Вялянкова I. У гарах выразьней адчуваеш сябе жанчынай / гутарыў Д. Носаў // Наша ніва. 2001. 9 ліп. С. 8.

851 Кульбаченко В. Умный в горы не пойдет?.. // Физкультурник Белоруссии. 1990. 26 дек.

325 "Кому свежие листья коки?" // Советская Белоруссия. 1991. 1 июня.

СМІРНОЎ Андрэй - быў у Доме дружбы ў час выступлення наваха У. Язі (1996) і тады ўручыў нам адрас яшчэ аднаго творчага індзейца, дакладней індыянкі, - з якой звёў яго лёс "іспаніста". Тое, што Андрэй прывязаны да Іспаніі і шырэй - іспанамоўнага свету, уключаючы Венесуэлу, якой можна прысвяціць найбольш месца ў "зборніку" па "беларускім адкрыцці свету" Смірновымі, сведчаць розныя матэрыялы з друку і інтэрнэту. Яго артыкул у "Піянеры Беларусі" паказвае, як гульня ў індзейцаў аб'ядноўвае беларускіх і іспанскіх дзяцей, скаўтаў і не скаўтаў.

"ПА ЗАПРАШЭННЮ Агульнасусветнай скаўцкай арганізацыі ў 16 краінах Еўропы адпачывалі ўлетку дзеці з "чарнобыльскіх раёнаў".

Прапануем вам, сябры, фотазамалёўку з Іспаніі, дзе пабывалі сёлета вучні з-пад Смаргоні, Навагрудка, Лунінца".

"...Абед яшчэ не скончыўся, а самыя нецярплівыя ўжо ў вадзе. Бо дзе яшчэ схавацца ад гарачых праменняў амаль афрыканскага сонца?..

Дзень пайшоў на скон. Вячэрняя лінейка заканчваецца атраднай песняй. Аднак скаўтаў яшчэ чакаюць начныя прыгоды, гульні ў індзейцаў, танцы і святкаванні дзён нараджэння.

Фотаўспышку, на жаль, я з сабою не захапіў. Тым не менш, мяркую, вам і ўбачанага дастаткова, каб пераканацца: іспанскія скаўты жывуць весела і плённа" (пасля подпісу аўтара: "Гранада - Мінск").

Кансуэла Хіменес Андэрвуд www.consuelojunder-wood.com - даволі заслужаная мастачка (найперш, "мастачка па валакне і ткачыха", пры гэтым дадаткова падкрэсліваецца, што "фемінісцкая") паходжання з уічоль (Huichol) па бацьку і з чыканас па маці; нарадзілася і жыве ў Каліфорніі.

Літ.:

372 Смірноў А. Гэта мы, іспанскія скаўты! // Піянер Беларусі. 1991. 28 лістап.

2663 Грушэцкі А. Злёт скаўтаў // Настаўніцкая газета. 1994. 26 лют.

294 "Палюбіце майго сябра!" // Піянер Беларусі. 1991. 17 студз.

1473 Костенко Е. Друзья индейцев // Гродненская правда. 1981. 31 янв.

11707 Zahorska A. Wilczeta-Harcerze // Gazetka dla Dzieci: Pismo poswiеcone rowniez dorastajocej mlodziezy. Bezplatny dodatek do "Gazety Polskiej". 1925. № 40.

11708 Zahorska A. Wilczeta-Harcerze // Bibliotekarz Podlaski. 2016. № 2. S. 80.

ШАФРАН Паўліна - адначасова вучылася на беларускай філалогіі і юрыспрудэнцыі ў Беластоцкім універсітэце і працавала журналісткай у газеце "Ніва". Яе рэпартаж 2002 г. настолькі важны для нас фактам, што ў Польшчы ўзаемадзейнічалі Беларускае грамадска-культурнае таварыства і музычны гурт "патомных індзейцаў", што мы даём яго цалкам; ён да таго ж паказвае, што на імпрэзе ў Бельску-Падляшскім з індзейцамі з групы "Магвей" сустрэліся артысты з ансамбля "Траецкія музыкі" з Барысава. Словам maguey звычайна называецца агава - Аgave americana, або амерыканскае алоэ, расліна, першапачаткова прывязаная пераважна да Мексікі, але пазней высаджвалася па ўсім свеце - "натуралізавалася" або проста змяшчалася ў кватэрах - з дэкаратыўнымі, медыцынскімі, алкагольнымі (пульке) мэтамі.

"Ужо сёмы раз у Бельску-Падляшскім прайшлі Спасаўскія запусты. Арганізатарамі імпрэзы былі Бельскі дом культуры і Беларускае грамадска-культурнае таварыства. Мерапрыемства пачалося 11 жніўня пасля абеду адкрыццём у Бельскім доме культуры выстаўкі прац мясцовых беларускіх мастакоў.

Імпрэза пад адкрытым небам, хаця спрыяла ёй добрае надвор'е, не прыцягнула натоўпу гледачоў. У амфітэатр прыйшло толькі каля тысячы жыхароў, зацікаўленых беларускай культурай, танным півам і спатканнямі са знаёмымі. Прычынай гэтаму былі "Музычныя дыялогі над Бугам", на якія паехала шмат бяльшчан.

У імпрэзе прымалі ўдзел мясцовыя "Дзявочыя ноткі", дзіцячы гурт "Журавінка" і "Маланка". Зацікаўленне публікі выклікала выступленне "Аркестра Святога Мікалая" з Любліна. Гурт выступіў з архаічнымі мелодыямі і тэкстамі з усяе Польшчы. Натуральнасць, з якой выступалі яны на сцэне, прыгожыя галасы маладых жанчын выклікалі гучныя апладысменты. Падобную рэакцыю выклікала выступленне гурту "Магвей" з Перу з лацінакараібскімі песнямі. Назва гурту, які складаюць трое мужчын, патомных індзейцаў, значыць лісток экзатычнага дрэва.

Найбольшае ўражанне на бельскай публіцы зрабіла выступленне ансамбля "Траецкія музыкі" з Барысава. Апрача прыгожых песень шэсць маладых жанчын выканалі народныя танцы, якія адлюстроўвалі словы песень. Выступленні закончылі доўгія апладысменты і супольны танец з публікай, якая не паспявала за танцоркамі.

На канец выступіў Артур Ляшчынскі з Цеханоўца, пераможца тэлепраграмы "Szansа na sukces", які разам з сябрамі з гурту запрашаў да танцаў "Цыганачкай" і іншымі жвавымі беларускімі песнямі.

Мерапрыемства не адбылося без выбарчых акцэнтаў, але бяльшчане былі больш зацікаўлены гуртамі, музыкай і добрай забавай, чым надыходзячымі выбарамі".

Літ.:

3552 Кравченко А. Магей - колючий покровитель Мексики // Советская Белоруссия. 1998. 21 февр. С. 5.

7723 Шафран П. Спасаўскія запусты // Ніва. 2002. 25 жн.

10571 Шафран П. Бельскі Першамай // Ніва. 2001. 13 мая. № 19. С. 11.

7805 Janowicz S. Z bytu w niebyt?: Podlasie w kontekscie europejskim. Cz. 1-2 // Pracownia. 2001. № 3. S. 55-64; № 4. S. 44-59.

9225 Hyjek M. W Krainie Wiecznych Lowow - koncepcje eschatologiczne w tubylczej Ameryce Polnocnej // Odrobna rzeczywistosc: referaty z sesji "Indianie i indianisci" poswieconej pamieci Indianskiej Babci, Stefanii Antoniewicz / pod red. A. J. Kilanowskiego. Wielichowo, 2004. S. 109-122. (Biblioteka "Tawacinu". № 30, TIPI; аўтар - індзеяніст Марэк Гыек з Беластока, продкі якога - і праваслаўныя з Гарадзеншчыны, і католікі з паўднёва-ўсходняй Польшчы.)

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Беларускі мемарыял да мітрапаліта Дзіянісія

Антон Луцкевіч

30 траўня 1933 г. Беларускі Юбілейны камітэт, створаны з мэтай арганізацыі святкавання 15-й гадавіны незалежнасці Беларусі разам з Беларускім нацыянальным камітэтам, накіраваў кіраўніку праваслаўнай царквы Польшчы мітрапаліту Дзіянісію мемарыял, які пралівае цікавы свет на канфлікт паміж праваслаўным духавенствам ў Вільні і беларускім грамадствам.

Як вынікае з мемарыялу, згодна са звычаем мінулых гадоў, вышэйзгаданы камітэт у сакавіку 1933 г. у сувязі з будучым святкаваннем, звярнуўся да адпаведных духоўных улад з просьбай аб правядзенні набажэнства ў Прачысценскім віленскім саборы. Духоўныя ўлады выказалі сваю цалкавітую згоду з просьбай. Але калі ў вызначаны дзень грамадскасць сабралася ў царкве, аказалася, што святар, які павінен быў праводзіць службу, раптам "занямог", і замяніць было немагчыма. Духавенства прапанавала Беларускаму Юбілейнаму камітэту перайсці ў малую Пятніцкаю царкву, дзе штогод адбываецца такое самае набажэнства для беларускай вучнёўскай моладзі.

Беларуская грамадскасць, якая згодна з папярэдняй дамовай сабралася ў царкве, дарэмна чакала ў Прачысценскім саборы і, зачакаўшыся службы, самастойна і дэманстратыўна праспявала беларускі рэлігійны гімн, пасля чаго спакойна разышлася. Сярод тых, хто прыйшоў у царкву, бачылі некалькі ўкраінскіх паслоў у Сойм і прадстаўніка львоўскага "Діла" 1.

Асаблівай увагі ў гэтым інцыдэнце заслугоўвае роля віленскага архіепіскапа Фядосія. За тры дні да святкавання ён ахвотна падтрымаў Камітэт у справе набажэнства і выдаў адпаведны загад. Калі нават у апошнія хвілі дэлегацыя камітэта звярнулася да іерарха з просьбай каб ён умяшаўся, архіепіскап адказаў, што бачыць палітыку ў дзейнасці камітэта і, наогул, не можа загадаць нікому з падуладных яму святароў адправіць службу. Няма сумневу, што гэта не магло нікога задаволіць, і беларусы далі справе належную ацэнку.

Карыстаючыся магчымасцю, у мемарыяле да царкоўнага духавенства, быў выказаны цэлы шэраг закідаў, якія сцвярджалі непрыхільнае стаўленне да беларускага руху. Мемарыял канстантуе, што выпадак, пра які ішла размова, ёсць толькі лагічны вынік з сістэмы сталага і поўнага ігнаравання самым галоўных і самых справядлівых намаганняў беларусаў у царкоўным жыцці і падае наступныя факты (пераказваю са скарачэннямі):

а) З'езд духавенства Віленскай епархіі 1 - 3 сакавіка 1932 г. адмовіў беларускаму народу ў праве ўжываць родную мову ў царкоўным жыцці і тым самым і права на самастойнае і нацыянальнае культурнае развіццё беларусаў праваслаўнага веравызнання.

б) На ўроках рэлігіі для беларускіх дзяцей у школах праваслаўнага веравызнання непадзельна пануе польская ці руская мовы.

в) Сінадальная друкарня, якая ўтрымліваецца таксама і на грошы праваслаўных беларусаў, не надрукавала ніводнага падручніка па рэлігіі на беларускай мове, ніводнага малітоўніка ці якой-небудзь брашуры рэлігійнага зместу, у той час, як на польскай мове было надрукавана 5 падручнікаў рэлігіі, на рускай - 7 і на украінскай - 8 падручнікаў.

г) Праваслаўнае духавенства байкатуе беларускую мову, нягледзячы на адозву мітрапаліта Дзіянісія ад 1 жніўня 1928 г. аб незанядбанні навучання рэлігіі на роднай мове.

д) Вышэйшыя царкоўныя ўлады нічога не зрабілі, каб епархіяльнае кіраўніцтва і святары мелі нацыянальную і духоўную лучнасць з беларусамі. Праваслаўная духоўная семінарыя ў Вільні не толькі не рухаецца ў кірунку беларусізацыі вучэльні, але з году ў год усё больш непрыхільна ставіцца да гэтай справы.

е) Найвышэйшыя царкоўныя ўлады нічога не зрабілі для таго, каб на Усяпольскім праваслаўным саборы прынялі ўдзел таксама і беларусы.

ж) Праваслаўнае духавенства, раўнуючыся на ўрадавую нацыянальную палітыку, актыўна ваюе з беларускім рухам і не маючы разумення, умешваецца ў міжпартыйную барацьбу беларускіх груп.

На падставе вышэйвыкладзенага, аўтары мемарыяла бачаць у штодзённым жыцці наступныя вынікі: паміж святарамі і вернікамі вырастае вялікая прорва на грунце непрыняцця беларускіх патрэб. Беларусы кідаюць царкву апанаваную святарамі-чыноўнікамі і становяцца сектантамі, прымаюць унію ці цалкам ірвуць з рэлігіяй.

У канцы мемарыяла яго аўтары, вяртаючыся да адмовы ад набажэнтва 25 сакавіка 1933 г., пішуць: "Юбілейны камітэт і Беларускі нацыянальны камітэт, не падалі б яго ад імя ўсяго беларускага грамадства і народа, каб не бачылі відочнай несамастойнасці і залежнасці духавенства ад знешніх уплываў".

Хто не надта ведае адносіны праваслаўнага духавенства да беларускай справы ў нашым краі, той з мемарыяла, пераказанага вышэй, можа ўявіць сабе характэрныя рысы гэтых адносін. Пасля вывучэння мемарыяла, можна зразумець, чаму польскія рэакцыянеры, напрыклад Ст. Мацкевіч са "Слова" лічыць ідэальным сучасны стан праваслаўнай царквы ў Польшчы, бо для правядзення сваёй палітыкі, улады маюць армію паслухмяных святароў, якія будучы ў душы рускімі нацыяналістамі, гатовыя выслугоўвацца перад нацыяналістамі польскімі, прыкідваючыся пры гэтым руплівымі палякамі. Памыляецца ваяводскі спецыяліст ў веравызнаннях В. Пятровіч, які ў сваёй кніжцы ("Z zagadnien wyznaniowych w Polsce") цвердзіць, што "расійскае ці зрусіфікаванае тутэйша-краёвае духавенства баіцца, што можа аказацца ў становішчы пастыраў без авечак, без статку і, адчуваючы гэту пагрозу, пачне ўдаваць сябе за беларусаў".

Ніхто сёння не будзе "ўдаваць сябе за беларусаў" бо з гэтага няма прыбытку - гэтай з'явы не існуе. Трагедыяй праваслаўя ёсць бясспрэчны факт згоды расійскага духавенства з думкай, што яно застанецца пастырам без авечак. Не апраўдвае духавенства той факт, што яно знаходзіцца пад ціскам урадавых чыннікаў. Бо ў часы панавання імперыі меўся значна мацнейшы ціск на каталіцкае духавенства нашага краю, аднак яно эфектыўна баранілася супраць падпарадкавання ўраду. А сучасны апартунізм праваслаўнага духавенства ёсць бязмежным.

Беларускі мемарыял - цікавы дакумент нашага часу але ён мае толькі дэманстратыўнае і інфарматыўнае значэнне. Бо цяжка спадзявацца, што мемарыял будзе мець хоць нейкі пазітыўны вынік і хоць трошкі пасуне найвышэйшую царкоўную ўладу ў Варшаве. Усё, аб чым напісана ў мемарыяле, рабілася пад кіраўніцтвам мітрапаліта Дзіянісія. У віленскіх праваслаўных колах, пануе ўстойлівае перакананне, што глава царквы ў сваім блізкім атачэнні выказвае думкі, сэнс якіх, можа коратка перадаць словамі: "Никаких белорусов нет".

Беларускае грамадства не памыляецца ў ацэнцы поглядаў мітрапаліта. Таму дакладным ёсць меркаванне В. Пятровіча, які ў згаданай вышэй кнізе, так выказаўся пра мітрапаліта Дзіянісія і яго папярэдніка Юрыя: "Абодва яны арганізавалі незалежную царкву ў Польшчы на падставе адзінства рускага народа, абодва былі прыхільнікамі абсалютысцкага ладу які адрозніваецца ад "соборных начал" і ўдзелу свецкага чынніка ў кіраванні царквой". І ў іншым месцы: "Царкоўная іерархія … стаіць на грунце моцнай улады епіскапаў, якая дае магчымасць утрымліваць расійскі характар царквы".

Хто б калі мог толькі падумаць, што русіфікацыя, якая калісьці ваявала з ўсялякай польскасцю, будзе выкарыстана для стрымлівання беларушчыны.

S-wicz. [Антон Луцкевіч] Memorjał Białoruski do Metropolity Dionizego // Pregląd Wileński. 1933. № 11-12. S. 10-11.

1 "А гадзіне 10 раніцы (25 сакавіка 1933 г. - Л. Л.) у касцёле святога Мікалая кс. Ад. Станкевіч адправіў урачыстую імшу … У касцёл на ўрачыстае набажэнства зышлося нямала народу, у тым ліку паважаныя госьці-прадстаўнікі Украінскай парламентарнай рэпрэзентацыі ў Польшчы, прадстаўнікі беларускіх арганізацый а так-жа студэнткай карпарацыі "Скарынія" з сваім штандарам. На заканчэнне набажэнства народ з пад'ёмам духу праспяваў беларускі рэлігійны гімн "Божа, што калісь народы …", а пасля набажэнства кс. д-р Рэшаль сказаў адпаведнае да ўрачыстасьці казанне, якое сваім глыбокім зместам і стройнай формай сапраўды захапіла слухачоў.

Пасля набажэнства ў касцёле, а гадзіне дванаццатай мела адбыцца набажэнства і ў Прачысценскім саборы. Аднак аказалася, што ў Вільні спасярод праваслаўнага духавенства не знайшоўся беларус. Тады сабраўшыся ў царкве народ праспяваў бел. рэлігійны гімн "Божа, што калісь народы …" і разышоўся …". - цыт. па: Беларуская Крыніца №14 (513), 2 красавіка 1933 г.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

"У міры, стварэнні і згодзе святкуй, Ліда, 700-годдзе"

Канцэртная праграма у рамках раённага агляду - конкурсу "Лiдскi падворак" Бярозаўскай дзіцячай школы мастацтваў.

ТК "Культура Лідчыны".

Паштовая марка, прысвечаная Лідскаму аэрадрому

РУП "Белпошта" ў сераду, 15 сакавіка, выпусціла ў абарачэнне паштовую марку, прысвечаную Лідскаму аэрадрому з эмблемай Рэгіянальнага супрацоўніцтва ў галіне сувязі. Тыраж маркі 45 тысяч. Дызайнер маркі Алена Мядзведзь.

Гашэнне адбылося ў Менску на галоўнай пошце сталіцы Беларусі 15 сакавіка. Праект падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй авіяцыі. Лідскі аэрадром - найстарэйшы аэрадром Беларусі. З'явіўся ён перад Першай сусветнай вайной і паспяхова дзейнічае да сённяшніх дзён.

Наш кар.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX