Папярэдняя старонка: 2023

Наша слова.pdf № 13 (65) 


Дадана: 28-03-2023,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 13 (65), 29 сакавіка 2023 г.

Гуканне вясны

25 сакавіка ў Лідскім раёне гукалі вясну. У сельскіх філіялах адбыліся фальклорныя праграмы.

ТК "Культура Лідчыны".

2 красавіка - Вербніца

Звычай асвячэння пальмовых і вербных галінак з'явіўся ва ўсім Касцёле ў XI стагоддзі. Акрамя таго, з 1986 года ў Пальмовую нядзелю адзначаецца Сусветны дзень моладзі. З гэтай нагоды ў Рыме Папа Францішак сустракаецца з моладдзю і асвячае прынесеныя ёю галінкі вярбы. Пальмовая нядзеля вельмі ўрачыста адзначаецца ў Касцёле ў Беларусі. У Менску ўжо шмат гадоў ва ўрачыстасцях Пальмовай нядзелі ўдзельнічае вослік, на якім едзе мужчына, што прадстаўляе Езуса, і яго вітаюць удзельнікі Імшы ў архікатэдральнай парафіі.

У Гародні моладзь збіраецца з прынесенымі вялікімі пальмамі, вышыня якіх дасягае некалькіх метраў і кожная з якіх адметная і прыгожая. Гэтыя пальмы вырабляе сама моладзь, задоўга да Пальмовай нядзелі рыхтуючыся да яе. У катэдральных касцёлах у Пінску і Віцебску таксама цэлебруецца ўрачыстая святая Імша, найчасцей з удзелам біскупа.

Не варта чакаць раніцы нядзелі Уваскрасення Пана, бо святкаванні ўжо распачынаюцца зараз, з Пальмовай нядзелі мы ўваходзім у гэты святы час - час жаданы, час збаўлення! Будзем жа рыхтаваць да гэтага часу не толькі свае дамы і святочныя сталы, але перш за ўсё зробім парадак у сваім сэрцы! Адкрыемся на дзеянне Божай ласкі, дазволім, каб Хрыстус мог да нас дакрануцца. Адчуем на сабе дотык і позірк Езуса Хрыста, які ўрачыста ўязджае ў Ерусалім!

Кс. Юрый Марціновіч.

Шчырыя прысвячэнні класікам, роднаму краю і землякам

25 сакавіка на ХХХ Мінародным кніжным кірмашы ў Менску пісьменнікі з Гарадзеншчыны прэзентавалі літаратурны зборнік "Песнярам Айчыны", у які ўвайшлі паэтычныя прысвячэнні класікам беларускай літаратуры Янку Купалу, Якубу Коласу, Mаксіму Багдановічу, Уладзіміру Караткевічу і іншым песнярам беларускага краю. (Кніга выходзіла ў выдавецтве ЮрСаПрынт у 2022 годзе). У кнігу таксама былі ўключаны творы студэнтаў філалагічнага факультэта Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы. Зборнік прадстаўляла старшыня Гарадзенскага абласнога аддзялення СПБ Людміла Антонаўна Кебіч.

Кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускай філалогіі ГрДУ, літаратуразнаўца, літаратурны крытык Аліна Сабуць распавяла пра эсэ, якія яна прысвяціла слынным беларускім творцам, а таксама жанчынам-музам, якія натхнялі ў розныя перыяды Янку Купалу ствараць узнёслыя вершы пра каханне, маляваць свой дасканалы ідэал жанчыны.

Са сваімі творамі, набыткамі апошніх гадоў працы пазнаёмілі чытачоў Таццяна Мазур, Ліна Багданава,Ганна Скаржынская-Савіцкая, Таццяна Яцук, Аліна Сабуць, Мікалай Іваноўскі. Т. Мазур прадставіла публіцыстычныя нататкі, прысвечаныя скідзельцам. Ліна Багданава распавяла пра свае інтэрактыўныя апавяданні для падлеткаў, якія выходзілі ў выдавецтве "Народная асвета". Г. Скаржынская-Савіцкая - са зборнікам апавяданняў "Жамчужына роднага краю". Выразна, прыгожа, ўрачыста гучала родная мова ў гэты дзень з вуснаў гарадзенскіх пісьменнікаў.

На сустрэчы з чытачамі выступіў таксама кампазітар з Гарадзеншчыны Валерый Кручкоў, аўтар зборніка музычных твораў на вершы Людмілы Кебіч.

Эла Дзвінская, фота аўтара.

Людзі культуры Гарадзеншчыны

У Гародні ў выдавецтве ЮрСаПрынт выйшла кніга Святланы Марозавай " Людзі культуры Гродзешчыны: Леанід Лаўрэш" . - 2023. - 64 с. І8ВУ 978-985-7257-40-9.

Кніга прысвечана біяграфіі, радаводу, даследчай і творчай дзейнасці беларускага пісьменніка, даследчыка гісторыі Беларусі, буйнога лідскага краязнаўца Леаніда Лявонцьевіча Лаўрэша - інжынера па адукацыі і роду дзейнасці. Ен паказаны як пісьменнік, які прэзентуе прафесійную культуру гісторыка; як асветнік, што стварыў і паставіў на службу навуцы і краязнаўству гістарычны сайт pawet.net як патрыёт Лідскага краю.

Кніга ўтрымлівае 300-гадовы радавод і генеалагічнае дрэва роду Лаўрэшаў.

... Леанід Лявонцьевіч Лаўрэш нарадзіўся 1 сакавіка 1963 г. у горадзе Лідзе. У 1970-1980 вучыўся ў Лідскай сярэдняй школе № 11. Падчас вучобы праявіў цікаваць да астраноміі і гісторыі. Наведваў астранамічны гурток пры Лідскім планетарыі. У 1985 г. скончыў электратэхнічны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута (цяпер - Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт). Спецыяльнасць па дыпломе - інжынер-электрык.

У 1986 г. стварыў сям'ю. Жонка - Лаўрэш (Хруль) Галіна Іосіфаўна, інжынер-хімік і эканаміст-бухгалтар, паходзіць са старажытнай лідскай шляхты. Сын Вадзім, 1986 года нараджэння - магістр інфарматыкі, спецыяліст у сферы ІТ-тэхналогій, жанаты з Катажынай з роду Кавальчыкаў. Іх сын Альгерд (любімы ўнук Л.Л. Лаўрэша) нарадзіўся ў 2017 г. ...

У кнізе прыводзяцца выказванні вядомых гісторыкаў пра навуковую вартасць кніг Леаніда Лаўрэша. Спіс публікацый Л. Лаўрэша дае ўяўленне пра сферу яго даследчых зацікаўленняў: праблематыку, храналогію, геаграфію. У сукупнасці матэрыялы гэтага выдання адлюстроўваюць уклад пісьменніка-даследчыка ў пашырэнне ведаў аб гісторыі Лідчыны і асэнсаванне месца гэтага краю ў еўрапейскім гістарычным кантэксце.

Прызначана для даследчыкаў і аматараў гісторыі і культуры Беларусі, Гарадзеншчыны, Лідчыны; тых, хто любіць гэты край і цікавіцца персаналіямі яго вядомых ураджэнцаў.

Станіслаў Суднік.

Хатынь. 80 гадоў памяці і болю

Кожны народ ганарыцца перамогай у барацьбе за свабоду і незалежнасць Радзімы і свята шануе памяць страт, панесеных у імя гэтых перамог. Сімвалам бязмерных выпрабаванняў беларусаў стала Хатынь, якая прадстаўляе 186 беларускіх вёсак, знішчаных у гады Вялікай Айчыннай вайны разам з іх жыхарамі.

У сучасным свеце няма чалавека, які б не ведаў і не чуў слова "Хатынь". Хатынь - гэта сімвал вялікай трагедыі, той, што на стагоддзі захоўвае ў народнай памяці і ў сэрцах кожнага новага пакалення аддаецца не меншым болем, чым у сэрцах тых, хто перажыў усё гэта, быў сведкам страшных падзей. Гэтая чорная старонка ў гісторыі Беларусі была напісаная роўна 80 гадоў таму. Хатынь, гэтак жа, як і Берасцейскі мемарыял, Курган Славы і многія іншыя помнікі, з'яўляецца адначасова сімвалам мужнасці і гераізму народа, яго непакорлівасці чорным сілам фашызму. Жыхары Лідскага краю, як і ўсёй Беларусі, захоўваюць у сваіх сэрцах памяць, веды пра гэты страшны дзень.

Гэтаму журботнаму дню ў гісторыі беларускага народа бібліятэкары ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" прысвяцілі шэраг літаратурна-дакументальных выстаў і мерапрыемстваў, у ходзе якіх гучалі словы аб захаванні памяці і адказнасці беларусаў за мірную будучыню краіны.

Гэтай трагічнай падзеі 22 сакавіка быў прысвечаны ўрок смутку "Сердце, слушай колокола, помни всё и не забудь!", арганізаваны супрацоўнікамі філіяла "Лідская гарадская бібліятэка №1", які ладзіўся ў сацыяльным цэнтры для інвалідаў дзённага прабывання г. Ліды. Акрамя гістарычных звестак аб жудасным дні гісторыі вёскі, прысутныя моўчкі, затаіўшы дыханне, праглядзелі відэакліп "Колокола Хатыни". Безумоўна, усе прысутныя разумелі, што відэа сучаснае, аднак сціскалася сэрца ад таго, што паказаная трагедыя адбылася на самай справе. Безумоўна, урок смутку знайшоў водгук у сэрцах усіх прысутных, кожны з іх будзе памятаць пра жудасныя дні вайны, каб цаніць імгненні шчаслівага і мірнага жыцця.

Да дня Хатынскай трагедыі ў філіяле "Лідская гарадская бібліятэка №2" прайшоў урок "Сімвал вечнай памяці - Хатынь". Гаворка ішла пра ахвяры трагедыі, тысячы іншых зверстваў, якія ўчынілі акупанты. Даведаліся прысутныя пра спаленыя вёскі, пра тое, як дзейнічалі партызаны ў барацьбе з ворагам, як жылі людзі на акупаванай тэрыторыі.

Бібліятэкар філіяла "Інтэграваная бібліятэка агр. Дворышча" ладзіў урок памяці "У сэрцы звонам аддаецца". Спачатку дзецям прапанавалі падзяліцца сваімі марамі. Безумоўна, яны разумеюць, што выкананне іх мары залежыць ад розных абставін, але галоўнае - гэта мір. Бібліятэкар паведаміў пра ўспаміны вядомых беларускіх пісьменнікаў, якія ў час Вялікай Айчыннай вайны былі дзецьмі. Гэтыя ўспаміны ўключаны ў зборнік "Я помню ўсё…". Так прысутныя падышлі да журботнага дня - 22 сакавіка 1943 г., калі была знішчана вёска Хатынь. Пад час размовы дзве дзяўчынкі атрымалі заданне намаляваць свае адчуванні ад той падзеі. Яны карысталіся чорным і чырвоным колерамі, як знак журбы і страху. Урок закончыўся хвілінай маўчання, як данінай памяці па загінуўшых.

У філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 3" прайшла гадзіна памяці "Хатынь - наша памяць і боль". Падчас размовы дзеці даведаліся, што было спалена і знішчана разам з мірнымі жыхарамі шмат вёсак Беларусі, здейснілі віртуальную экскурсію ў мемарыяльны комплекс "Хатынь", а таксама пачулі аб ваенных падзеях, якія адбываліся на тэрыторыі Лідскага раёна ў вёсцы Леснікі.

Тым жа днём, у філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 4" адбылася гадзіна памяці "Гудуць званы Хатыні". Бібліятэкар распавёў навучэнцам гісторыю ўзнікнення вёскі Хатынь і пра тую жудасную трагедыю, якая напаткала жыхароў вёскі. Школьнікі падзяліліся сваімі ўражаннямі аб наведванні мемарыяльнага комплексу "Хатынь". Таксама была прадстаўлена выстава кніг беларускіх пісьменнікаў пра Хатынь.

Супрацоўнікі філіяла "Лідская гарадская бібліятэка № 6 імя В. Таўлая" арганізавалі для сваіх наведвальнікаў выставу-напамін "Хатынь. Наша гісторыя. Наша памяць". Чытачы дзяліліся ў гэты дзень сваімі ўспамінамі пра наведванне мемарыяльнага комплексу "Хатынь", які быў адкрыты ў 1969 годзе ў памяць аб усіх загінулых беларусах на месцы былой вёскі.

"Полымя Хатыні абпальвае сэрцы і сёння" - літаратурны рэквіем прайшоў у філіяле "Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка" для вучняў 5 "А" класа ДУА "Сярэдняя школа № 4 г. Ліды". Дзецям расказалі аб Хатыні - спаленай беларускай вёсцы, якая стала гісторыка-мемарыяльным комплексам, сімвалам памяці аб спаленых у гады вайны вёсках, аб людзях, чые сэрцы згарэлі ў агні.

У Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбыўся набат памяці "Хатынь. 80 год болю, смутку і памяці…". Хатынь - незагойная рана беларусаў. І колькі мы будзем памятаць аб трагедыі, якая ранняй вясной адбылася ў гэтай лагойскай вёсцы, аб усіх населеных пунктах, знішчаных у гады акупацыі фашыстамі, столькі можам быць упэўнены ў тым, што падобнае ніколі не паўторыцца на нашай і без таго шматпакутнай зямлі.

22 сакавіка ў філіялах "Бярозаўская гарадская бібліятэка" і "Інтэграваная бібліятэка в. Мінойты" прайшлі гадзіны памяці "Журботны звон Хатыні". Бібліятэкары асаблівую ўвагу надалі творам, прысвечаным трагедыі ў Хатыні. Падчас мерапрыемстваў гучалі ўрыўкі з такіх вядомых літаратурных твораў, як: "Карнікі", "Я з вогненнай вёскі", "Гучаць званы Хатыні", "Хатынская аповесць".

Беларусам ніколі не забудуцца страшныя старонкі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, а пакуль жывая памяць пра той страшны час - будзе жывы і беларускі народ. Колькі б гадоў ні прайшло з дня трагедыі Хатыні, для беларускага народа памяць пра яе заўсёды будзе святая. Полымя Вечнага агню абпальвае нашы сэрцы, нагадваючы пра тое, што трэба берагчы мір і спакой на роднай зямлі.

К.С. Сандакова, бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу.

Памёр пісьменнік Анатоль Казлоў

Нечакана памёр пісьменнік, рэдактар аддзела прозы часопіса "Полымя" Анатоль Казлоў, паведамілі ў сацыяльных сетках ягоныя калегі. Яму было 60 гадоў.

Анатоль Казлоў нарадзіўся 28 ліпеня 1962 года ў вёсцы Асінаўка Краснапольскага раёна на Магілёўшчыне. У 1985 годзе скончыў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт, у 1988-1990 гадах вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце літаратуры АН БССР, працаваў над дысертацыяй "Сатыра і гумар у беларускай літаратуры 1920-х - пачатку 1930-х гадоў".

Працаваў на адказных пасадах у часопісах "Полымя", "Маладосць" і "Нёман", у 2003-2009 гадах быў галоўным рэдактарам газеты "Літаратура і мастацтва".

З 1991 года быў членам Саюза беларускіх пісьменнікаў, з 2006-га - членам Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Аўтар празаічных зборнікаў "Міражы ценяў" (1990), "І тады я памёр…" (1993), "Незламаная свечка" (2000), "Юргон" (2006),"Горад у нябёсах" (2009), "Той, хто абганяе сны" (2014).

Светлая памяць.

"Мiж Лiдзейкай i Каменкай"

24 сакавіка ў сценах ДУА "Лідская дзіцячая школа мастацтваў" у рамках раённага агляду-конкурсу канцэртных праграм "Лiдскi падворак" адбылася канцэртная праграма "Мiж Лiдзейкай i Каменкай". Канцэрт прымеркаваны да 700-годдзя з дня заснавання горада.

Мерапрыемства дало гледачу магчымасць перагарнуць старонкі гісторыі Лідчыны і акунуцца ў атмасферу падзей сярэднявечча, складаных ваенных часоў, аднаўленне горада пасля вайны і сучаснай Ліды.

Настаўнікі і навучэнцы школы прадставілі маляўнічыя канцэртныя нумары і пазітыўныя эмоцыі.

Мерапрыемства атрымалася яркім, запальным і святочным!

ТК "Культура Лідчыны".

Навіны Германіі

Пальмавая нядзеля (Palmsonntag) у Германіі

Пальмавая нядзеля (Palmsonntag) паводле хрысціянскай веры - рэлігійнае свята, але дзяржаўным святам яно не з'яўляецца. У Беларусі гэты дзень завуць Вербніцай. І ў каталіцкай, і ў евангелічнай цэрквах Palmsonntag святкуюць у апошнюю нядзелю Вялікага паста і ў той жа час у адпаведнасці з каталіцкім абрадам яна з'яўляецца пачаткам Вялікага тыдня (Karwoche ці die Heilige Woche). Свята Пальмавай нядзелі згадвалася з чацвёртага стагоддзя. Але першыя асвячэнні пальмаў і шэсці датуюцца IX стагоддзем. Паколькі на поўначы пальмы не растуць, то ў Беларусі пальмавыя лісці замяняюцца галінкамі вярбы, а ў Германіі гэта галінкі самшыту.

Што святкуюць у Пальмавую нядзелю?

Пальмавая нядзеля цесна звязана з Вялікаднем. Рэлігійную аснову стварае ўваход Езуса ў Іерусалім. Паводле Евангелля, людзі віталі Езуса і раскідвалі пальмавыя галіны. Гэта адбывалася таму, што ў старажытнасці пальмавыя галіны шанаваліся як святыя расліны і сімвалізавалі жыццё і перамогу. Паводле падання, уваход Езуса суправаджаўся крыкамиі: "Асанна сыну Давыда".

Як святкуюць Пальмавую нядзелю ў цэрквах?

Як у каталіцкай, так і ў евангелічнай цэрквах існуюць выразныя літургічныя абрады для Пальмавай нядзелі. У католікаў асвячаюцца пальмавыя галіны, якія затым застаюцца ў кватэрах і хатах на працягу ўсяго года і спальваюцца толькі ў Папяльцовую сераду (Aschermittwoch) наступнага года. Акрамя таго, пасля чытання Евангелля праходзяць шэсці. У адпаведнасці з каталіцкай традыцыяй спяваюць песні "Спявайце псалмы радасці цару" (Singt dem Kоnig Freudenpsalmen) і "Паднімаецца каралеўскі сцяг" (Des Kоnigs Fahne schwebt empor).

Якія звычаі пераважаюць у Пальмавую нядзелю?

Адзін з самых вядомых звычаяў Пальмавай нядзелі - асвячэнне і раздача пальмавых галін. Гэты звычай таксама можа быць выкананы з аліўкавымі галінамі ці самшытам і існуе з ранняга сярэднявечча. У паўночнай Германіі дзеці прыносяць асвячоныя пальмавыя галіны сваім бабулям, дзядулям і хросным, за што атрымліваюць узнагароды ў выглядзе ласункаў.

У некаторых месцах таксама захоўваецца традыцыя пальмавага асла (Palmesel), якога вядуць у працэсіі Пальмавай нядзелі, што таксама нагадвае біблейскую гісторыю. Гэты звычай захаваўся першым чынам у Сярэдняй Франконіі і Верхняй Баварыі.

Пальмавая нядзеля ў горадзе Heilbad Heiligenstadt у Айхсфельде мае адмысловае значэнне. Шэсце ў Пальмавую нядзелю з постацямі Цярпенняў Хрыстовых у натуральную велічыню праходзіць тут з 1734 года і, па дадзеных ЮНЭСКА, з'яўляецца "нематэрыяльнай культурнай спадчынай". Першапачаткова гэта было шэсце ў Вялікую пятніцу, але яго перанеслі. Акрамя таго, трэба назваць Швабскі горад Мётлінген (Mоttlingen) у раёне Кальв, дзе праходзіць пальмавая язда верхам на аслах (Calwer Palmritt).

Чыста нямецкі звычай рэгіёнаў Адэнвальд, Рэйнгесен і Гесен-Рыд - гэта пальмавы заяц, які прыносіць адно зваранае яйка. Яго трэба з'есці.

Паводле СМІ.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Belorusoj renkontigas kun indianoj: Маккарвіл, Мулявін; "Сын вады" на эсперанта (да 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Маўра)

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-12 (53-64) за 2023 г.)

Сёлета спаўняецца 140 гадоў з дня нараджэння Янкі Маўра. Для нас, праўда, круглыя юбілеі найбольшых нашых герояў маюць малое значэнне - яны штодзённае свята.

На цікавую і незвычайную крыніцу звестак Маўра пры напісанні "Сына вады" ўказвае Л. Казыра; ён прама сцвярджае, што Янка Маўр, актыўны эсперантыст, атрымаў матэрыял для СВ і ад энтузіястаў мовы, "прызначанай для міжнароднага карыстання" (у т. л., як мяркуецца, і з Чылі): "Звесткі, атрыманыя з карэспандэнцыі, выкарыстоўваў пры напісанні сваіх твораў "У краіне райскай птушкі", "Амок", "Сын вады" і інш." (БелЭн).

Што міжнародныя штучныя мовы маюць пэўнае "дапаможнае" значэнне і ў індзеяністыцы, сведчаць некаторыя замежныя і беларускія эсперанта-персаналіі. Славуты Цібар Сэкель быў эсперантыстам і адначасова індзеяністам-лацінаамерыканістам.

(У беларускай Вікіпедыі пра яго чытаем: "У 1948-1949 гадах займаўся даследаваннем малавядомых раёнаў у лясах Бразіліі. У гэтым падарожжы ён сустрэў племя канібалаў тупары, у якім пражыў чатыры месяцы.

Адначасова з даследаваннямі, Сэкель займаўся археалогіяй і антрапалогіяй. У Гватэмале і Мексіцы ён займаўся вывучэннем цывілізацыі мая і цывілізацыі інкаў у Перу. Абапіраючыся на паданне, Сэкель знайшоў старажытны горад, пабудаваны індзейцамі. Падчас свайго падарожжа па Амазонцы, карыстаючыся папярэднім досведам, Сэкель здолеў прайсці за Раку Смерці праз тэрыторыю ваяўнічага племені шавана, сабраўшы шмат карысных геаграфічных звестак пра гэты рэгіён".

Непрацяглы час быў жанаты са сваёй спадарожніцай у паездках у джунглі да індзейцаў Мэры Рэзнік (Mary Reznik, 1914-1996), паходжанне якой называюць рускім (Argentinian of Russian descent), хаця нарадзілася, верагодна, у Буэнас-Айрасе).

Мы сапраўды назіраем феномен, што гэта людзі, якія звярнуліся больш да лаціна-, чым паўночнаамерыканскай тэматыкі. Магчыма таму, што мова эсперанта больш падобная на іспанскую мову, чым на англійскую.

Давід Выгодскі - знаўца і перакладчык літаратур краін Амерыкі, больш Лацінскай, быў эсперантыстам яшчэ ў гомельскай маладосці; Павел Кірушын - аўтар аднаго з першых у Беларусі сур'ёзных часопісных артыкулаў пра Лацінскую Амерыку; таксама і член БІТ, аўтар вершаў пра індзейцаў і цэлай самаробнай індзейскай кніжкі Людміла Сільнова - эсперантыст.

Любімым творам эсперантыста Маўра была яго аповесць "Сын вады". Яго калега Міхаіл Мандрык з'явіўся ў нашым спісе адрасатаў і карэспандэнтаў менавіта ў сувязі з гэтым фенаменальным творам. Такім чынам, два эсперантапытанні, якія нас зацікавілі: эсперанта-інфармацыя, якую Маўр нібыта атрымліваў ад эсперантыстаў, і канкрэтна Чылі, для напісання СВ, і пераклад СВ на эсперанта. У сувязі з імі мы пісалі шэрагу асоб, у т.л. эсперантыстам С. Івановай у Віцебску і А. Ковалю ў Гомелі, і арганізацый, у т.л. 21.06.1990 г. у Асацыяцыю пісьменнікаў на мове эсперанта (Esperantlingva Verkista Asocio) - не ведаючы, што пазначаны ў адрасе адказным за яе перапіску Ц. Сэкель менш чым за два гады перад тым памёр (20.09.1988).

Ліст М. П. Мандрыку (БІТ № 9 10.02.1994) гучаў:

"Паважаны Міхаіл Пятровіч!

Гомельскія эсперантысты, да якіх мы звярнуліся за дадатковай інфармацыяй пра заняткі эсперанта Янкам Маўрам, далі Ваш адрас, а пазней паведамілі, што Вы пераклалі і "Сына вады". Гэта вельмі радасная навіна, асабліва для нашага "Клуба Янкі Маўра", які імкнецца папулярызаваць спадчыну выдатнага пісьменніка.

Ці ёсць магчымасць апублікаваць пераклад "Сына вады"? Нам вядомы пераклады на рускую, нямецкую і чэшскую. Эсперанта-варыянт моцна пашырыў бы геаграфію чытачоў. Дарэчы, ёсць звесткі, што Маўр выкарыстоўваў сваіх чылійскіх карэспандэнтаў як крыніцы звестак. Маглі б Вы гэта пацвердзіць?

З радасцю згадзіліся б "дэпаніраваць" экземпляр перакладу "Сына вады" ў архіў БІТ. Для нас гэта найважнейшы дакумент.

Жадаем добрага здароўя і ўсялякіх поспехаў.

Шчыра Алесь Сімакоў, выканаўчы сакратар".

Міхаіл Пятровіч адказаў 15.02.1994 г. (у той момант яму было 92 гады). Ліст напісаны па-руску.

"Так, я даўно, яшчэ пры жыцці Івана Міхайлавіча задумаў заняцца перакладамі яго твораў. Пачаў я з некаторых маленькіх яго апавяданняў: "На крызе", "Бунд звяроў" і інш. Мы потым разам чыталі і абмяркоўвалі. Потым я пачаў і скончыў пераклад яго аповесці "Палескія рабінзоны". Цяпер гэтая праца, надрукаваная на пішучай машынцы, шмат гадоў ляжыць.

Летась я пераклаў дзве аповесці [:] "Фантамабіль прафесара Цылякоўскага" і "Сын вады". Зараз я пераклаў яшчэ адну аповесць: "У краіне райскай птушкі". Яе я перапісваю і карэкцірую начыста. Усе гэтыя рукапісы знаходзяцца, акрамя апошняга, у г. Гродна, у старшыні "Асацыяцыі Эсперантыстаў Беларусі", у чаканні магчымасці калі-небудзь выдаць іх. Я ўзяўся за гэтую працу, ведаючы, што пакуль у Беларусі няма іншага эсперантыста, які мог бы заняцца перакладамі.

А чаму я ўзяўся за творы Я. Маўра? Ды таму, што ён быў таксама эсперантыст, таму што ён мяне выручыў тым, што прыняў у сваёй кватэры эсперантыста-інданезійца".

"Я ведаю добра, што матэрыялы для напісання аповесці "Амок" Я. Маўр атрымліваў ад свайго эсперанта-карэспандэнта, галандца, які жыў тады ў Джакарце. Тады яшчэ Інданезія была калоніяй Галандыі. Верагодна, Іван Міхайлавіч атрымаў такія ж матэрыялы аб Вогненнай Зямлі ад чылійскіх эсперантыстаў, і ён напісаў "Сын вады". Можа ён і казаў мне ці пры мне б гэтым, але я нешта не памятаю такой размовы".

"На жаль, я ўсё больш аддаляюся ад Гомеля, перастаюць пісаць мне мае былыя вучні. Што я? Я ім больш не патрэбны".

Адным з удзельнікаў эсперанта-заняткаў з М. П. Мандрыкам у Гомелі была С. Калянковіч, звязаная пазней і з індзеяністыкай.

З эсперантысткай і музейным работнікам Юліяй Патлань (Кіеў) нас звёў незвычайны лёс сляпога эсперантыста-падарожніка В. Ярашэнкі - з архівам якога абышліся неміласэрна, але ён усяроўна стаў легендай - "забыты, але... не будзе забыты".

Газета "Пагоня", блізкая геаграфічна да кіраўніка беларускіх эсперантыстаў, якому Мандрык даручыў рукапіс, у тэксце на эсперанта ў 1993 г. згадвае блізкі нам матыў.

Чаму б не прадоўжыць гэтую добрую традыцыю? Эсперанта - мова, якая "ўраўноўвае" ўсе астатнія мовы. Тэкст нататкі Мікалая Грынкевіча, з "прадмовай" да яе, у перакладзе на эсперанта Ю. Патлань - ніжэй (у ім ідзе гаворка пра хлопчыкаў розных нацыянальнасцей з ЗША, у асноўным з Аляскі, і Расійскай імперыі, што вучыліся ў Сан-Францыска каля 1888-1889 гг.):

"Mi povis iom nekredeme rilati min al la plendoj de oficistoj kaj pastroj, pensante, ke "korvo al korvo okulon ne elbekos", povas esti, en tiuj plendoj estas ero de troigo, sed mi ne povis resti indiferenta al la plendoj de la infanoj, je kiuj nova episkopo manifestadas lian supermoshtan potencon. Min, interalie, ofte vizitadis iu Grinkevich, kiu finis Eklezian Akademion kaj kiun oni sendis al Ameriko kiel kantoron, pununte lin pro la nesobra konduto. Li rakontadis pri la lernejaj moroj indignajn faktojn, kaj lies vortoj tute konfirmigis la plendojn de jn de povraj knaboj. Mi petis lin rakonti skribe tion, kion li rakontis al mi pri la lernejaj malordajhoj. Grinkevich ne rifuzis plenumi mian peton kaj skribis suban artikoleton, kiun mi citas lauvorte, char ghi belege karakterizas, la ordojn, kiujn kiujn enkondukis Vladimiro.

PRI LA LERNEJO

En la lernejo estas 23 knaboj. Oni estas divigitaj je la 3 klasoj. Klasaj chambroj estas samtempe ejoj por ekzercadoj. Ne estas ajna chambro por la ripozaj horoj. Chiuj klaschambroj (kaj dorsejoj same) situas je kela etajho. Du el ili estas lumigitaj tiom malhele, ke en la centroj de ili oni ne povas tralegi presitan tekston en libroj. Ajna ventolado forestas. Estas malseko kaj fiodoro. La dua klaso kaj manghejo situas en la sama chambro.

Okjaraghaj knaboj havas la saman tagordon, kiel dekkvinjaraj knaboj. Oni ekzercadas dum tiaj horoj: en la klasoj kun instruistoj 3 1/2 de horo (de 1 1/2 ghis 5 posttagmeze); preparado de ekzercoj dum 3 horoj (de 8 ghis 11 matene); kantado dum 2 horoj (11-12 matene kaj 5-6 vespere), liturgio dum 2 horoj (5 1/2 - 7 1/2 matene). Dum sabatoj kaj festoj liturgio davras po 6 horoj tage. Oni postulas, ke infanoj havu longajn harojn, tiukaze estas multe da anopluroj...

Episkopo forprenis al si monon de la knaboj, kiuj alvenis kune kun li chi tien. Oni donis al ili chiuj (12 personoj) monojn por vojaghado, kaj de tiu vojagha mono chiuj havis reston ne malpli ol 200 dolaroj. Kelkaj el la alveturintaj knaboj jam estas forpelitaj en Alaskon, kaj oni ne donis monon al iu ajn el ili, ech por acheti iun vestachon, malgrau pli ol okulvida bezonado".

Doktoro Russel pri Nikolao Grinkevich / trad. el la rusa de Julia Patlanj // Веснік БІТ. 2014. 5 крас. № 19; Grinkevich, Nikolao. Pri la lernejo / trad. el la rusa de Julia Patlanj // Веснік БІТ. 2014. 30 сак. № 18.

(Тыя, хто яшчэ не валодае мовай эсперанта, могуць даведацца пра змест гэтых урыўкаў з брашуры Руселя 1895 г. па выявах старонак 15 і 16.)

Літ.:

5912 72 jaroj da esperantista vivo (Эспэранта) // Пагоня. 1993. 24 верас. - 7 кастр. С. 4.

2938 Іванова С. Клуб эсперантыстаў // Голас Радзімы. 1995. 7 верас. С. 8. (Кіраўнік клуба эсперантыстаў імя Янкі Маўра ў Віцебску; паўтарыла тэзіс пра выкарыстанне эсперанта-карэспандэнцый пры напісанні "Сына вады" і іншых твораў.)

1385 Казыра Л. А. Эсперанта // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. Т. 5. Мн., 1987. С. 641.

8295 Казыра Л. А. Эсперанта // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 18, кн. I. Мн., 2004. C. 161.

2889 Кірушын П. "Маладая Амерыка" // Полымя. 1930. № 4. С. 155-173.

2303 Из архива Давида Выгодского / пер., комментарии и публ. Б. Л. Лукина // Латинская Америка. 1983. № 2. С. 119-130; № 4. С. 74-93. (Ксеракопія атрыманая з Інстытута Лацінскай Амерыкі РАН як частка адказу дырэктара і земляка В. В. Вольскага ад 6.04.1993.)

274 Каленкович С. Даешь зуброводство! // Белорусская нива. 1991. 23 марта.

МАККАРВІЛ Эва (2) - у інтэрв'ю, частку якога мы змяшаем у гэтым артыкуле, яе называюць Пашкевіч. Яна Пашкевічанка, жыла ў Іслінгтане, раёне Таронта, - бацькоўскі дом, з жылым сутарэннем, большую частку якога займаюць кнігі; мела брата Паўла. У выніку шлюбу яна - Evva Pashkievich-McCarvill. Прозвішча ад мужа, якое найбольш натуральна перадаваць як Маккарвіл (McCar-vill), падаецца ў інтэрв'ю як "Мак'Корвал".

Хаця Эва малапублічны чалавек, дакладней - перастала ім быць пасля пэўнага перыяду актыўнага з'яўлення ў друку, уключаючы першае наведванне ёю ў 1993 г. Беларусі, у прыватнасці Пружан. Як ахвяравальнікі таго часу яны пазначаныя "Эва і Ян Мэк Карвіл (Э. Пашкевіч)".

Аўтарамі матэрыялу пазначаны "Сяржук Сокалаў-Воюш і Ганна Сурмач, Прага". Але мы бачым у ім толькі пытанні ад Сяргея. Дата інтэрв'ю на сайце - 4.03.2003, і мы можам сказаць, што за 20 гадоў інфармацыі пра жыццё Эвы дадалося мала, хаця ад яе ж мы даведаліся як пра Канаду, так і пра ЗША як месцы прыкладання іх з мужам індзеянісцкіх намаганняў. Нам цікава было даведацца пра канкрэтныя месцы, але гаворка цяпер не пра ўсю "этнагеаграфію", а пра тое, што ў цэлым хацела сказаць публіцы Эва па выніках дзесяцігоддзяў працы.

Назва галоўнага месца, якую мы спачатку атрымалі з электроннага паведамлення Вячкі Станкевіча (24.12. 2004, з 22-х абменаў з ім з лістапада 2004 па люты 2005 г.), мае арыгінальнае гучанне - лічба ў самім тапоніме - 100 Mile House, поўдзень плато Карыбу ў правінцыі Брытанская Калумбія - акруговы муніцыпалітэт у рэгіянальнай акрузе Карыбу, у рускай Вікіпедыі - Хандред-Майл-Хаус, ва ўкраінскай - 100-Майл-Гауз.

На сайце https://100milehouse.ca/ чытаем, што "This is the area of the Secwepemc (Shuswap) First Nation and is a part of the Lake Division of the Shuswap Tribe within the Interior Salish Nations in British Columbia". Найбліжэйшая група шусвап - Tsq'escen, рэзервацыя Канім-Лэйк (Canim Lake).

У 2014 г. пісалі, што Джон жыве ў рэгіёне Карыбу каля 25 гадоў. У 2011 г. Маккарвілы купілі рэстаран Yummers EnRoute. У дадатак да рэстарана, Джон працаваў самазанятым кансультантам у галіне эканамічнага развіцця і занятасці. Пералічваюцца арганізацыі, з якімі ён звязаны актыўным удзелам або спонсарствам: South Cariboo Agri-Culture Enterprise Centre Board, Agriplex Society Board, Chamber of Commerce, Cariboo Family Enrichment Centre, 100 Mile Wranglers.

Інтэрв'ю мае загаловак "Беларуска з Дзікага Захаду" і пачынаецца фразай: "Дзікі Захад, каўбоі, індэйцы - тое, пра што мы ведаем з фільмаў і кніжак - звыклыя, будзённыя з'явы для канадыйскай беларускі Эвы Пашкевіч, чый радавод вядзецца з Пружаншчыны". З меркаванняў рацыяналізму мы перавялі тэкст у "наркамаўку". Бяром частку, у якой размова ідзе ўласна пра "суседства" з індзейцамі. Сяржук спачатку кажа або Ганна рэдагуе: індэйцы (ва ўводнай фразе), індэйскай (у рэпліцы Сяргея), але потым у яго ж з'яўляецца і аснова "індыян", у той час як Эва у перадачы супрацоўнікаў радыё паслядоўна ўжывае "індыяне", "індыянская"…

Эва дала зразумець, што выбрала шматкультурную лінію сваёй прафесійнай дзейнасці: "каардынатаркай мультыкультуральнай арганізацыі " выступае ў Новай Шатландыі, а пасля некалькіх гадоў у Таронта перабралася ў Ванкувер, дзе пазнаёмілася з метысам Джонам Маккарвілам. У інтэрв'ю чамусьці не згадваецца, што ён не проста аматар індзейскай культуры, а мае, акрамя шатландскіх, і індзейскія (кры) карані. Адзін з нашых канадскіх карэспандэнтаў называе мужа Эвы проста "індзейцам".

(П:) "І тут усе мае прыгоды пачаліся. Я спаткала майго мужа, мы мелі свой бізнес. Мой муж дапамагаў людзям развіваць свае бізнесы. Праз некалькі гадоў нам надакучыла жыць у горадзе. Нам захацелася жыць на прыродзе. Мы спакавалі толькі, што трэба, і паехалі ў цэнтральную Брытанскую Калумбію. Тут велізарныя прасторы. Ад Ванкувера да месца, дзе мы апынуліся, язды, можа, сем гадзін".

(СВ:) "Прыкладна з гэтага часу здымкі Эвы Пашкевіч знікаюць з беларускага эміграцыйнага друку, а сама яна надоўга апынаецца там, дзе пра беларусаў нават не чулі. Разам з мужам - Джонам Мак'Корвалам - аматарам індэйскай культуры і філасофіі, чые вельмі далёкія продкі паходзяць з Шатландыі - Эва Пашкевіч пачала новае жыццё на новым месцы".

(П:) "Пачалі працаваць з коньмі - гэта любоў майго мужа. Мелі нагоду выехаць нават далей, дзе пераважна толькі каўбоі і індыяне. У Канадзе мусіць адно месца, што можна назваць Wild, Wild West - Дзікі, дзікі Захад. Мы выехалі ў месца, дзе жылі фактычна ў пустэльні. Найбліжэйшая вёска была індыянская, і гэта гадзіны язды ад нашага дому. Там мы не мелі тэлефона, не мелі нават вады добрай і як выходзілі на шпацыры, мусілі браць стрэльбу з сабой, бо там вельмі шмат медзвядзёў".

(СВ:) "А адкуль вы ваду бралі?"

(П:) "Ваду мы мусілі браць у вёсцы і транспартаваць да сваёй хаты".

(СВ:) "А як вы абыходзіліся без тэлефона?"

(П:) "Ве-е-ельмі добра! Было цудоўна не мець тэлефона! Але, калі была патрэба, мы маглі з вёскі тэлефанаваць".

(СВ:) "Колькі да вёскі? Далёка?"

(П:) "Гадзіну".

(СВ:) "Вы выходзілі на шпацыр са стрэльбай. Ці даводзілася хоць калі сустрэць таго мядзведзя?"

(П:) "Цікава, што іх рэдка бачыш, але мы чулі іх амаль кожны раз, як выходзілі. Мы ходзім і каля нас чуем: лісты робяць шум. Мы ў адным кірунку пойдзем - і чуем. Назад - таксама. Але яны даволі асцярожныя. Гэта мядзведзі не чорныя, а такія малыя, а grizzly bear называюцца. Як устануць - можа 10 футаў".

(СВ:) "А якіх-небудзь іншых жывёл сустракалі?"

(П:) "О, так. Козы ўсюды, і вечарам чулі як ваўкі раўлі. Гэта вельмі цудоўны гук, і пераважна як месяц поўны".

(СВ:) "І як доўга працягвалася такое жыццё?"

(П:) "Як прыйшла восень - мы выехалі на вёску і пачалі працаваць з індыянамі. Муж ізноў у галіне эканомікі. Яны якраз пачыналі новы бізнес, а я вучыла маленькіх дзяцей у школе. Школа англійская. І ў той час я заўважыла, што ёсць паралелі паміж індыянамі і беларусамі ў тым сэнсе, што ім забаранялі, каб на сваёй мове гаварылі. Іх вельмі мала, каторыя цяпер ведаюць сваю мову. Гавораць пераважна па-англійску і маюць такі дзіўны акцэнт, бо іх настаўнікамі былі ірландскія манашкі і ксяндзы. Іх акцэнт амаль ірландскі. Вельмі вельмі дзіўна. Іх гісторыя вельмі трагічная, але цяпер яны арганізуюцца і пачынаюць развіваць свае бізнесы і культуры, і цяпер нават у англійскіх школах вучаць індыянскія мовы".

(СВ:) "Як было вучыць індыянскіх дзяцей?"

(П:) "Фактычна, вучыць іх было вельмі балюча ў адным сэнсе. Некаторыя вельмі здольныя. Яны пераважна былі цудоўныя, вельмі прыемныя дзеці. Але 80% з іх маюць праблему, што бацькі пілі алкаголь, і яны маюць праблемы псіхалагічныя і не могуць вучыцца. Гэта было для мяне вельмі цяжка бачыць".

(СВ:) "Эва, а дзяржава як-небудзь дапамагае гэтым дзяцям?"

(П:) "Так. Дзяржава памагае, але менш і менш. Індыяне атрымоўвалі грашовую дапамогу. Ім жыццё было быць больш самастойнымі, бо дзяржава не дае столькі дапамогі, як калісьці давалі. Гэта звязана з эканомікай цэлай краіны, і ў правінцыі цяпер трошку ёсць крызіс эканамічны".

(СВ:) "Што ў часе гэтага крызісу могуць рабіць гэтыя індыяне? Што яны ўмеюць рабіць?"

(П:) "Яны зразаюць дрэвы, робяць дошкі і ўсякія прадукты з дрэваў. Гэта іх вялікі бізнес. Таксама, што цікава, індыяне цяпер дамагаюцца свае землі назад. Ураду гэта не падабаецца, і яны цяпер робяць, каб было цяжэй і цяжэй індыянам атрымоўваць дапамогу. Але яны пачынаюць арганізоўвацца. Пераважна жанчыны бяруць вялікі ўдзел у палітыцы сваёй. Яны дамагаюцца асветы. Шмат іх ва ўніверсітэце вывучаюць палітыку, эканоміку. Жанчыны, фактычна, кіруюць усім. Ну, пэўна, некаторыя мужчыны таксама, але пераважна жанчыны".

(СВ:) "А вы казалі ім пра Беларусь?"

(П:) "Я часта ім пра гэта гавару. Яны нічога не кажуць, але ў іх такое ўяўленне, што яны адзіныя людзі на свеце, што былі так пакрыўджаныя".

Літ.:

9141 Сокалаў-Воюш С. Кут: [паэма] // Беларус: Літаратурны альманах беларускіх пісьменнікаў замежжа. Нью-Ёрк, 2009. С. 178-197. (Празаічны эпіграф да часткі II: "Бюро ў справах індзейцаў меркавала, што найлепшы спосаб навучаньня для індзейцаў - гэта адвучыць іх быць індзейцамі. Нас каралі за тое, што мы размаўлялі на сваёй мове або сьпявалі свае песьні. Калі мы ня слухаліся, нас ставілі ў кут або наўвыспруж ля сьцяны, а нос і калені зьляплялі плястырам. Некаторыя настаўнікі білі нас лінаркамі па руках. А дзе-якія лінаркі былі абабітыя масяжовымі (латуннымі) цьвікамі. Яны, вядома, маглі апрануць мяне, як белага чалавека, але не маглі зьмяніць таго, што было пад апраткай. Fair John/Lame Deer & Erdoes Richard, Lame Deer: Seeker of Visions. New York, 1972").

МУЛЯВІН Уладзімір - "Песняры" ездзілі ў ЗША шмат разоў - у 1976, 1977, 1991, 1992, 2001 гг. гэта былі ўсходнія штаты, але найбольш нас цікавіць удзел у фестывалі Сусветнага адзінства (або яднання, еднасці: World Unity Festival) у Арызоне ў 1994 г. Месца правядзення лакалізуецца ў Нацыянальным лесе Кайбаб (і ёсць таксама аднайменная рэзервацыя - паўднёвых паютаў).

Вопыт з Арызонай быў "нестандартны" для "Песняроў". Для пачатку можам прапанаваць матэрыял з "Культуры", які падрыхтаваў нейкі Сымон Ацэола як даведку ("Наша даведка") да артыкула, што быў прысвечаны выезду "Песняроў", - "Білеты ў Амерыку" (31.08. 1994, с. 16), падпісаны "Л. К." - верагодна, намеснік галоўнага рэдактара Людміла Крушынская. Ён быў звязаны з "візітам адчаю" ў рэдакцыю Мулявіна і яго жонкі С. Пенкінай - з пошукам 11 тысяч долараў, каб выкупіць забраніраваныя білеты. У выніку грошы знайшліся - у дзяржавы. Удзел "Песняроў" у імпрэзе сусветнага маштабу выглядае сціплым, але, падобна на тое, - і сімвалічна важным.

"22-28 жніўня ў Нацыянальным парку "Вялікі Каньён" (Арызона, ЗША) адбыўся Фестываль Сусветнага Яднання, арганізаваны маладзёжнымі, жаночымі, рэлігійнымі суполкамі і рухамі ў абарону правоў чалавека і навакольнага асяроддзя з краін усяго свету. Гэтая падзея працягвае такія імпрэзы сусветнага гучання, як Парламент Сусветных Рэлігій у Чыкага, Канферэнцыя Першабытных Народаў у Нью-Ёрку і г.д.

На працягу тыдня адбываліся шматлікія канцэрты, лекцыі, рытуальныя дзействы першабытных плямёнаў, шырокі дыялог паміж прадстаўнікамі розных культур. Мноства сусветна вядомых артыстаў з розных кантынентаў прысвячалі сваё мастацтва міру і паразуменню між народамі. Кульмінацыяй фестывалю сталася цырымонія ўхвалення 28 жніўня лідэрамі розных веравызнанняў і правадырамі першабытных плямёнаў пагаднення аб шляхах вырашэння глабальных праблемаў. У гэты ж дзень адбылася акцыя "Біце ў бубны ва ўсім свеце!": ва ўсіх краінах людзі адначасна білі ў бубны ў імя міру.

Мяркуецца, што "Вялікі Каньён" на гэтым тыдні наведалі 4-5 мільёнаў чалавек. Спадарожнікавая тэлевізія перадавала рэпартажы з фестывалю".

У youtube выкладзенае "home"-відэа, знятае ў час знаходжання ў Арызоне: https://www.youtube.com/watch?v=KtPWt-f_nTY (уключае песню на беларускай мове), https://www.youtube.com/watch?v=Nd_dkgafCCc (песня на англійскай мове ў выкананні А. Казловіча). Як сцвярджаецца ў гэтым відэа, словамі Алега Аверына, у час іх палёту фестывалю ўжо не было і публікай аказаліся ў асноўным хіпі, каля 5 тысяч палатак у "лесе", але беларускія артысты выступілі і хто мог быў задаволены. (Аверын - вядомы спявак, кампазітар, паэт, пісьменнік-казачнік, у "Песнярах" з 1993 г.; як і Мулявін - родам з Расіі, але сын беларуса Казловіча - у пачатку стагоддзя Алег стаў выступаць пад прозвішчам Аверын.)

На відэа можна бачыць людзей самых розных колераў скуры і варыянтаў адзення і персанальнай дэкарацыі, чуць рытмічныя гукі: фестываль адзначаны такой "гістарычнай" рысай, як звязаная з індзейцамі барабанная традыцыя - рух, які ініцыяваўся якраз на ім: "The first recorded Drums Around the World was on August 28, 1994".

Пры прылёце "Песняроў" у Фінікс іх ніхто не сустракаў, былі прыгоды з надвор'ем, не было грошай, у т.л. на зваротныя білеты, але музыканты былі шчаслівыя.

Таксама "Песняры" гастралявалі ў шэрагу краін Лацінскай Амерыкі - тры разы ў 1981-1982 гг., у т.л. у Нікарагуа (праблемы з карэнным насельніцтвам тады ўжо атрымалі чарговае напружанне: з 1981 г. існавала першая індзейская антысандзінісцкая арганізацыя - MISURA, ад этнонімаў міскіта, сума і рама), Коста-Рыцы, Мексіцы (Мехіка), Вест-Індыі (Трынідад і Табага, Грэнада, Куба (Гавана, Міжнародны фестываль фальклорнай музыкі "Варадэра")).

Безумоўна, фальклорны стыль "Песняроў" можна параўноўваць з песенным мастацтвам плямёнаў свету. Паштоўку павялічанага фармату з "Песнярамі" мы дасылалі і ў рэзервацыю Форт-Апачы - такім чынам спрабуючы папулярызаваць сярод індзейцаў найбольш яскравыя праявы беларускай культуры.

Літ.:

3201 Ацэола С. Наша даведка // Культура. 1994. 31 жн. С. 16. (Нататка падпісаная: "Сымон Ацэола"; крыніца скана - паласа з нашай вялікай калекцыі выразак, "палос", "разваротаў" і цэлых экзэмпляраў, якія адносяцца да "Беларуска-індзейскай бібліяграфіі".)

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

СТУДЭНТЫ ВІЛЕНСКАГА ЎНІВЕРСІТЭТА Ў ПАЎСТАННІ 1831 ГОДА

Падзеі паўстання 1831 г. на Беларусі звязваюцца найперш з імем Эміліі Плятэр - кіраўнічкі інсургенцкага аддзела, апетай Адамам Міцкевічам у вершы "Смерць палкоўніка". Але, на жаль, амаль не згадваецца гераічны і самахвярны чын "акадэмікаў" - галоўным чынам студэнтаў Віленскага ўніверсітэта, сярод якіх было шмат ураджэнцаў нашага Краю. Менавіта пра іх гэты расповед.

29 лістапада 1830 г. у Варшаве выбухнула паўстанне, а ўжо 13 снежня расейскія ўлады абвесцілі ваеннае становішча ў Віленскай, Гарадзенскай, Менскай губернях і ў Беластоцкай акрузе. Тым не менш на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага пачалася непасрэдная падрыхтоўка да паўстання: вусная агітацыя, распаўсюджванне пісьмовых адозваў, збор сродкаў і зброі.

У гэты самы час у Вільні засноўваецца падпольны "Акадэмічны саюз", у склад якога ўвайшлі як студэнты, так і выкладчыкі ўніверсітэта. Галоўная мэта арганізацыі - падрыхтоўка паўстання ў горадзе. Колькасць сяброў арганізацыі імкліва ўзрастала і праз некалькі тыдняў ужо налічвала больш за 400 чалавек (варта адзначыць, што ў 1830 г. у Віленскім універсітэце навучалася больш за 1300 студэнтаў). Ачоліў "Акадэмічны саюз" выкладчык нямецкай мовы і літаратуры Вінцэнт Поль.

Аднак не спалі ў шапку і царскія ўлады. Так, на загад генерал-губернатара Рымскага-Корсакава ўначы з 17 на 18 снежня ў памяшканнях, дзе жылі студэнты, прайшлі ператрусы. Праўда, загадзя папярэджаныя "акадэмікі" паспелі падрыхтавацца, таму, нягледзячы на тое, што ўлады знайшлі некалькі дзесяткаў адзінак агняпальнай зброі, уся яна была прайржавелая і непрыдатная да выкарыстання.

20 снежня 1830 г. польскі Сейм выдаў маніфест, у якім звярнуўся да жыхароў цяперашніх Беларусі, Літвы і Украіны з заклікам падтрымаць узброеную барацьбу за аднаўленне Рэчы Паспалітай. А ў канцы студзеня 1831 г. паўстаў Віленскі Цэнтральны Камітэт, які прызнаў вяршэнства Варшаўскага ўрада і мусіў спрыяць разгортванню паўстання на землях былога Вялікага Княства Літоўскага. Аднак ,менавіта з ініцыятывы мясцовай шляхты 26 сакавіка інсургенты занялі Расіены, 28 сакавіка - Шаўлі, Цельшы і Панявеж.

4 красавіка паўстанцы вызвалілі Ашмяны, 11 красавіка - Свянцяны, а таксама Відзы, Трокі, Гальшаны. Полымя паўстання разгаралася і ў Гарадзенскай ды Менскай губернях.

Вядома, маладыя і гарачыя патрыёты не маглі заставацца ў баку ад гэтых падзей. І калі ад канца сакавіка Вільню пакінулі каля 40 "акадэмікаў", то, паводле даследванняў, зробленых на падставе ўніверсітэцкіх справаздачаў і мемуараў, 25 красавіка - блізу 100 маладзёнаў. А 10 і 11 траўня з горада выйшла каля 400 асобаў. Увогуле ж, паводле паліцэйскага рапарту, "усяго да 15 траўня Вільню пакінулі 1000 чалавек". Безумоўна, у гэтую колькасць уваходзяць не толькі студэнты, але і гімназісты, лекары, юрысты, рамеснікі і г.д.

Месцам збору для большай часткі "акадэмікаў" быў вызначаны Рудніцкі лес на мяжы з Лідскім паветам, дзе падзяліліся на 5 рот. Першы бой яны прынялі 26 траўня пад Барбарышкамі, калі мусілі выходзіць з расейскага атачэння. Нягледзячы на значныя страты, студэнты прарваліся і ў выніку злучыліся з паўстанскімі атрадам генерала Габрыеля Агінскага. Акурат разам з ім каля Кітавішак блізу 350 "акадэмікаў" 5 альбо 6 чэрвеня сустрэлі аддзел Войска Польскага генерала Дэзідэрыя Хлапоўскага, пасланы на дамапогу беларуска-літоўскім інсургентам. Першапачаткова са студэнтаў арганізавалі асобны батальён, але пазней іх прызвалі ў розныя палкі рэгулярнай арміі. У чэрвені "акадэмікі" бралі ўдзел у баях пад Панявежам і Шаўляем. Пасля няўдалага штурму Вільні, частка колішніх студэнтаў разам з парадзелым аддзелам Хлапоўскага 13 ліпеня 1831 г. перайшла мяжу з Прусіяй, а рэшта ў шыхтах брыгады яшчэ аднаго польскага генерала Генрыка Дэмбінскага здзейсніла марш праз Гарадзенскую губерню ў Польшчу, дзе ў верасні брала ўдзел у абароне Варшавы.

Далейшы лёс "акадэмікаў", вядома, склаўся зусім па-рознаму.

Паводле даследчыкаў, колькасць загінулых з іх вага-ецца ад 100 да 200 чалавек; са зброяй у руках былі схоплены 300 студэнтаў і вучняў гімназій з заходніх губерняў (але, вядома, не ўсе з іх былі студэнтамі з Вільні). Адразу пасля паўстання ў французскіх універсітэтах налічваўся 171 студэнт з Віленскага.

А тых, хто перайшоў мяжу разам з генералам Хлапоўскім, улады Прусіі адразу раззброілі, дазволіўшы толькі афіцэрам пакіць зброю, і, у прынцыпе, хацелі як мага хутчэй пазбавіцца ад студэнтаў. Даўжэй заставацца маглі толькі тыя, хто папрасіў у расейскіх уладаў дазвол на вяртанне.

Цікава пра тое згадаваў наш славуты зямляк Ігнацы Дамейка: "У кожнага з нас асобна ландрат запытаўся - мы вырашылі падпісаць петыцыю аб амністыі альбо застацца на эміграцыі? Тут многія апынуліся ў цяжкай сітуацыі: з аднаго боку - іх клікалі ў краіну бацькі, сваякі, давяраючы абяцанай амністыі; з іншага боку - іх стрымлівала таварыскасць, надзея на станоўчы вынік. Прускі кароль паабяцаў заступніцтва перад царом (гэта датычылася афіцэраў)...".

Перамовы доўжыліся год. У выніку ў ліпені 1832 г. са спіса з 32 афіцэраў і унтэр-афіцэраў, былых студэнтаў, якія хацелі вярнуцца ў Літву, універсітэт прызнаў сваімі толькі шасцёх, і толькі ім дазволілі вярнуцца.

Аднак варта памятаць, што калі хтосьці не быў злоўлены альбо не эміграваў, то ён спрабаваў старанна хаваць свой удзел у паўстанні, каб пазбегнуць пераследу. Здаецца, што такія выпадкі былі. Так, сведчыць пра тое найперш афіцыйная крыніца. У згаданай працы па сацыяльным складзе ўдзельнікаў паўстання былі прыведзены словы дзейнага таемнага дарадцы графа Гур'ева, які займаўся ўпарадкаваннем спісаў паўстанцаў. У 1835 г. ён заявіў, што "мясцовыя ўлады альбо ўвогуле не атрымалі шмат інфармацыі, альбо праз вялікі аб'ём ліставання наконт паўстання згубілі з поля зроку вялікую колькасць людзей, што бралі ў ім удзел".

1 траўня 1832 года Віленскі ўніверсітэт быў закрыты рэскрыптам Мікалая I праз непасрэдную ці ўскосную падтрымку шматлікімі студэнтамі і выкладчыкамі паўстання 1831 года.

На заканчэнне варта прывесці словы польскай даследчыцы С. Рабіновічаўны, якая ў сваёй кнізе "Вільня падчас паўстання 1830-31 гадоў" адзначае:

"Амаль ва ўсіх мемуарах мы знойдзем словы ўдзячнасці і захаплення "акадэмікамі". Яны, можна сказаць, былі гонарам і славай паўстання…"

Зміцер Захарэвіч.

ВІЛЕНСКІМ СТУДЭНТАМ 1831-га1

Па першым залпе завяршылася юнацтва,

Старонкі сшыткаў засціў дым парахавы -

Адсюль жаўнерскай справе мусім навучацца,

Бо б'юць па-над Вяллёю поклічна званы.


Няхай у класах не даслухалі мы курсаў -

Не ўседзець у мурах, як бой святы ідзе -

Вітай, Айчына, ваяроў сваіх бязвусых,

Пайшоўшых самахоць змагацца за Цябе!


На час забытыя кілішкі і сяброўкі -

Трымаюць зброю сёння рукі маладых,

А куля ў штуцары важней за залатоўку

Для ўсіх, што перад хіжай зграяй сталі ў шыхт.


Не будуць панаваць больш гвалт і беззаконне -

Чуваць скрозь на Літве звон скрышаных акоў,

Лунаюць угары і Orzel, і Пагоня,

На чын натхняючы нядаўніх дзецюкоў!

Зміцер Захарэвіч.

1 У паўстанні 1831-га года ўзялі ўдзел каля 1000 віленскіх студэнтаў ("акадэмікаў", як іх называлі інсургенты) і гімназістаў. Бальшыня з іх была з Беларусі. Пасля шэрагу баёў яны далучыліся да паўстанцаў на Ашмяншчыне і Валожыншчыне. Пазней бралі ўдзел у абароне Варшавы. Блізу 200 "акадэмікаў" загінулі, больш за паўтары сотні падалося на эміграцыю. Рэшта, якія з розных прычынаў засталіся, патрапіла пад рэпрэсіі. А Віленскі ўніверсітэт быў закрыты паводле рэскрыпту расейскага цара Мікалая І 1 траўня 1832 года.

Міжнародны дзень лялечніка ў Лідзе

Традыцыю свята лялечнікаў усяго свету адкрыў дзень 21 сакавіка 2003 года. Менавіта з гэтага часу ўсімі прафесіяналамі і прыхільнікамі тэатра лялек святкуецца Міжнародны дзень лялечніка.

21 сакавіка ў гонар свята народны лялечны тэатр "Батлейка" аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры г. Ліды прадставіў свой спектакль для юных навучэнцаў Лідскай дзіцячай мастацкай школы мастацтваў.

ТК "Культура Лідчыны".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX