Папярэдняя старонка: 2023

Наша слова.pdf № 14 (66) 


Дадана: 04-04-2023,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 14 (66), 5 красавіка 2023 г.

Гарадзенскія традыцыі да свята Вялікадня

Майстры Лідскага аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры паспяхова прынялі ўдзел у свяце-кірмашы вырабаў рамеснікаў "Гарадзенскія традыцыі да свята Вялікадня"! Удзел лідзян адзначаны дыпломамі. Дыплом І ступені атрымала Алена Астраух, дыплом ІІ ступені - Алена Свідэрская. Дыплом за ўдзел атрымаў Аддзел рамёстваў і традыцыйнвй культуры ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" і лялечны тэатр "Батлейка" ДУ "ЛРЦКіНТ". А Валянціна Сільвановіч ва ўрачыстай атмасферы атрымала Пасведчанне "Народны майстар Беларусі". Віншуем!

ТК "Культура Лідчыны".

9 красавіка - Вялікдзень

Хрыстос уваскрос

Сёння дзень незвычайны.

Сонечны, прыгожы і файны.

Анёл прынёс вестку з нябёс,

Сёння Хрыстос уваскрос.


Птушкі на ўсе лады заспявалі,

О, як таго мы чакалі.

Сёння, змяніўся наш лёс,

Бо сёння Хрыстос уваскрос.


Хай светла і чыста будзе ў душы,

Хай меней мы будзем грашыць,

Хай жыццю не будзе пагроз,

У душах нашых ты з намі, Хрыстос.


Віншую вас з уваскрасеннем,

Са святам зямным і збавеннем.

Радуйся настаўнік, паэт і матрос,

Бо сёння Хрыстос уваскрос

Фёдар Галавач.

АРГАН УНАЧЫ

Зміцер Захарэвіч

АРГАН УНАЧЫ

Супынілася поўня над фараю,

Схамянулася вышы імгла,

Калі раптам прадонне захмарнае

Працяў зыкам спічастым арган.


Над пляцамі заснулага горада

І блішчастым дражэ ліхтароў

Залунала мелодыя гордая,

Перарваўшы зняменне муроў.


Па малітве адклаўшы ўбок пацеры,

Каб узрушыць змарнелых жывых,

У клавір вузлаватымі пальцамі,

Як карэннем, музыка сівы


Утрапёна ўрастаў глыбей, граючы,

І акорды ўладарна плылі,

Стынь нябёсаў начных насычаючы

Спевам з нетраў праматкі-зямлі.


Стурбаваныя гукамі месцічы

За фіранкамі вокнаў сваіх

Чуйна ўслухваліся ў голас велічны,

Затаіўшы спалохана дых.


Але фуга гула з новай сілаю,

Да званіцы ж, на дзіва вятрам,

Поўня дзеўчынаю прытулілася,

Закахаўшыся ў дзёрзкі арган.

З СІБІРЫ

Дзе Айчыны

Вольнасць залатая?

На чужыне -

Тут тайга сівая,

Тут віхуры

Снежныя над намі

На хаўтуры

Звоняць кайданамі.


Тут сканчэнне

Катаржных этапаў

У здранцвенні

Выстылых баракаў,

Тутка плачу

Пра дзяцей, пра матак

Не прабачыць

Унтэр прыганяты.


Паланёны

Браце, сцісні зубы -

Па-над Нёмнам

Рэй вядзе загуба:

За маскалем,

За разборам шляхты

Скрозь паўсталі

Шыбеніцаў машты.


Бо зраклася

Нашай справы ўдача -

Прадалася

У баі гарачым,

Літву катам

На спажыў пазбыла,

Арлянятам

Абпаліўшы крылы.


Зваяваны

Край, калісь свабодны,

Мо, выгнаннік

З попелішчаў родных

У Парыжы

Выдасць успаміны,

Як без крыжа

У зямлю сышлі мы.

* * *

Спелы яблык у далонь -

Ці спакусы?

Ці разладу?

Ані слова пра яго,

Апякла адно

паглядам...


І не важна,

што цяпер.

Бачыць Бог:

не мне да раю.

Веру

ў існую Цябе,

Ды сябе

ў Цябе скрадаю.


Ты

не выбачыш злачын.

Зноў я

праз няўвагу хворы.

Восень плаціць

Лісцем чынш

Часу

ў мёртвую разору.


Восень плача.

Скрозь звіняць

Драбязой прыватнай капкі.

Быць?

Не быць?

І не баляць

Ні пытанні,

ні адгадка.

СУКВЕЦЦЕ

Адразу я і не прыкмеціў -

І даравання мне няма -

Тваіх вачэй спакусны май

Адразу я і не прыкмеціў.

Свет забяліла ўсцяж зіма,

Але агністае суквецце

Адразу я і не прыкмеціў -

І даравання мне няма.

ПРА "ЛюбоFF"

Ці даўно яно было? Дай, Божа, памяці...

Разам хуталіся ў лістападу замяці.


Вечар, вецер, заблукалы між прысадамі,

Ціша й прыцемкі нас да сябе завабілі.

За аблокі адышлася далікатная

Поўня, каб на рукі легла мне падатліва


Цела гнуткае тваё, каб я пакорліва

Піў усмак з вачэй-крыніц нябёсы зорныя.


Без патрэбы былі ў жарсці словы марныя -

Вусны мелі тое, пра што моўчкі марылі.


Пальцы тонкія няўзнак мяне кудлацілі,

І туліўся да цябе, як да Прамаці, я.


І здавалася, ніколі не спатолімся -

У грудзях дваіх адно гарэла полымя.


Ах, якая ты была тады сапраўдная!..

Ці пра ўчора тая ўзгадка ці пра даўняе?

ЗІМОВЫЯ ХАЙКУ

1.

Ручай гаманкі

За ноч знямеў пад ільдом.

С'est l'hiver. C'est la vie.

2.

Ані ягады

На сівой арабіне -

Галодны гіль здзёўб.

3.

На снезе канчар,

Пунсавее памада.

Смяюся - не мой.

4.

Дзякаваць Богу,

Спрахла палярная ноч.

Хоць ззяння шкада.

5.

Зімняя казка.

Крылцамі чмель наслядзіў

У снегападзе.

6.

Кроплі на вейках -

Замець выела вочы.

Што я не ўбачыў?

7.

Наўпрост у Калёсы

Парай сэрца курэе.

Назаўтра мароз.

У АПОШНІ ДЗЕНЬ ЛЮТАГА

На снезе люты вывеў цені

Сцяжынамі сакавіку,

Нібы радкі ў чарнавіку,

На снезе люты вывеў цені.

У свой апошні дзень, праменнем

З нябёсаў змёўшы прэч смугу,

На снезе люты вывеў цені

Сцяжынамі сакавіку.

ШУКАЮЧЫ ВЯСНУ

(рандэль)

Шукаючы ў сабе вясну

Сярод замглёных крэпам датаў,

Клады надзеяў, як адплату

Заслужаную, не міну.


Дарма рваць жылы - не вярну

Калісь, здалося, дробных стратаў,

Шукаючы ў сабе вясну

Сярод замглёных крэпам датаў.


Але дачасна не спачну -

Не для мяне зацішак спрату

Магільнага. Пакуль не сцяты

На грудзі поўныя ўдыхну,

Шукаючы ў сабе вясну.

ІЗНОЎ ВЯСНА

(тэрцыны)

Хоць снег сышоў, а стаў святлейшым вечар,

Гараць дарма а шостай ліхтары -

Прыродзе людзтва звыкла супярэчыць.


Палю нахабна ў акадэмдвары -

Яе чакаю на супольны шпацыр,

І ўзрушана гудзе прашпэкт стары.


Ізноў вясна - далоў з пачуццяў панцыр!

Заходзяцца, вярнуўшыся, шпакі

Пакуль рахую на ўзаемнасць шансы.


Наштось ранейшых стрэчаў чарапкі

Збудзіліся і непакояць памяць,

Нібы з юнацтва ўскрэслыя радкі.


Руды прамень, растаючы, не раніць -

Самоты час згасае пакрысе,

А цыферблат часцей мой позірк вабіць.


Вось постаць тонкая ў дзвярах… Ідзе!

ГУЛЕЦ

Паставіў не на тых ізноў,

Не змогшы рады даць сваволі,

Сярод дасведчаных гульцоў,

Як выкляты блазенствам долі.


Калі яна сляпым круп'е

Шпурнула шарык на рулетку,

Замерлі бурбалкі ў віне

І куля ў рулі пісталетнай.


Усчаўся лічбаў колабег

Мільганнем дзён чырвоных, чорных,

А ў іх знікае чалавек

Зярняткам у пудовых жорнах.


Ды, каб не кісла ў жылах кроў

Ці каб зрабіць іспыт удачы,

Пасунуў фішкі на zero

Усе, што меў, я - без астачы.


Не збляк ад хвалявання твар,

Хаця джаз-банд бяду прарочыў

І цераз стол руды махляр

Нахабна шчэрыўся мне ў вочы.


Такім з даверлівых сыцець

Пакуль нячысцік пакрывае,

Ніколі ім не зразумець,

Навошта на жыццё гуляю,


Калі - альбо ракой шампан,

Альбо адзін стрэл да магілы,

Бо як гідуе хамаў пан,

То - аut Caesar, aut nihil!

НАДЫХОД НОЧЫ

Прэч сплыве, у цемрадзі патоне

Без астачы кволае сутонне.


Паўабрыс навязлівае здані

У чарноцці пакрысе растане.


Спрэс гадзінніка заціхнуць крокі

У густым запанавалым змроку.


Знікне час, заваблены свабодай,

У разліве беспрасветных водаў.


Сумятня трывог, надзеяў, мараў

Утаймуецца пад хмар цяжарам.


Згасне прага піць альбо прарочыць

Па прышэсці безаблічнай ночы.

ІСКРЫНКІ

Адно сагрэцца - не згарэць

Цяпельца распаліў на ўзлессі,

Але іскрынкі ў паднябесся

Разлог наўмеліся ўзляцець.


І прэч з прамерзлае зямлі

Зіхоткім шуганулі роем,

Калі ж сягнулі лапак хвояў -

Агнём ігліцу занялі.


Праз момант лес усцяж палаў,

Яшчэ някемячы спрасоння,

Што вышы чорнаму прадонню

Бакі балюча абпякаў.


Абшар змяняўся на вачах:

Пужліва адступала цемра

З выццём нязмоўчным хіжай хеўры,

Пад крык адчайны крумкача.


Ад шалу зыркіх языкоў

Паблякла зораў мігаценне,

А месяц кволыя праменні

Прыбраў у пазахмарны схоў.


Праз зглумлены паўночы крэп

Бязлітасным лязом пажару

Глядзелі, сцяўшыся, амшары,

Як танчыць Саламандра стэп.


Агонь да золку шчыраваў,

І я, дымамі апавіты,

Абноўленага краявіду

Па ўсходзе сонца не пазнаў.


Дазвання згінуў свет стары,

Аднак іначай не сагрэцца

Пакуль з гарна жывога сэрца

Іскрынкі рвуцца дагары.

ПАЧОСТКА

Цела маё і кроў -

Шчодры на стравы дом,

Нібы на хлеб з віном, -

Кожнаму, хто прыйшоў.

Цела маё і кроў -

Кожнаму, хто прыйшоў!


Сэрца палкае - вам,

Поўна ў кубках пітва,

Смажанка з кумпяка,

Косткі - на двор крукам.

Сэрца палкае - вам,

Косткі - на двор крукам!


Думак ліхіх гайня

Вас абміне заўжды -

Рэшта парваных жыл

Знікла ў пашчы агня.

Думак ліхіх гайня

Знікла ў пашчы агня.


Дзякую за "Сто год!" -

Ешце, госці, - даў Бог!

Мне ж, бо сыты сабой,

Луста не лезе ў рот.

Дзякую за "Сто год!" -

Луста не лезе ў рот.


Лішняга не хачу,

Хай больш іншы займеў.

Пры накрытым стале

Чым магу, тым плачу.

Лішняга не хачу,

Чым магу, тым плачу.


Толькі вельмі прашу

На зычэнні ў адказ -

Балю пасля і ў час

Не чапайце душу.

Толькі вельмі прашу -

Не чапайце душу!


Цела маё і кроў -

Шчодры на стравы дом,

Нібы на хлеб з віном, -

Кожнаму, хто прыйшоў.

Цела маё і кроў -

Кожнаму, хто прыйшоў…

НЯМА КУДЫ ВЯРТАЦЦА

Напэўна ведаю, калісьці ўсё мінецца:

Смуга растане, адліюцца слёз дажджы,

І нам будзённы абавязак застаецца, -

Сабе не здрадзіўшы, нягоды перажыць.


Не сцяцца ў норах ад прагнозаў у пакоры -

Пашчэнкі сціснуць, як грымоты забасяць,

Пакуль шпакі - вясны спавеснікі - у горад

Сшарэлы з добрай навіной не прыляцяць.


Тады, каб радасна вітаць былых выгнанцаў,

На плошчы ўзрушаная выйдзе грамада.

А мне няма куды з надзеяю вяртацца,

Таму што я край злыбяды не пакідаў.

Люстэрка душы і скарбніца гумару

На літаратурнай хвалі

У рамках чарговага пасяджэння літаб'яднання "Суквецце" ў Лідскай раённай бібліятэцы адбылася прэзентацыя дэбютнай кнігі лідскай паэткі Ганны Гайдукевіч "З душой і жартам". Гэтая кніга - люстэрка багатай і чулай душы паэткі, а таксама скарбніца гумару і жыццёвай мудрасці. Выхад яе стаў прыемнай нечаканасцю для літаратараў Лідчыны, улічваючы, што Ганна Іванаўна прыйшла ў паэзію параўнальна нядаўна. Але прыйшла як чалавек з багатым жыццёвым вопытам, якому ёсць што сказаць свайму чытачу.

Ганна Іванаўна Гайдукевіч выкладала музыку, беларускую мову і літаратуру ў Лідскім педагагічным вучылішчы, каля трыццаці гадоў была актыўнай удзельніцай народнага ансамбля песні і танцу "Лідчанка". З'яўлялася арганізатарам і кіраўніком фальклорнага калектыву навучэнцаў і выкладчыкаў педвучылішча "Пралеска". Актыўна пісаць вершы пачала тры гады назад. Друкавалася ў "Лідскай газеце", літаратурна-мастацкім зборніку "Ад лідскіх муроў", газеце "Літаратура і Мастацтва".

Кніга вершаў Ганны Гайдукевіч "З душой і жартам" складаецца з двух раздзелаў - лірычнага і гумарыстычнага. Шмат вершаў з першага раздзела прысвечана малой радзіме паэткі - Дакудаўскай зямлі, яе прыгожым краявідам у розныя поры года. З цеплынёй піша аўтар пра сваё дзяцінства, якое прайшло ў Дакудаве, пра сваіх бацькоў. Ёсць у кнізе і настальгічныя вершы, прысвечаныя юнацтву, маладосці, а таксама вершы, у якіх раскрываюцца ўнутраны свет, думкі і мары чалавека пенсійнага ўзросту. У другі раздзел увайшлі байкі, гумарыстычныя вершы, якія сама Ганна Іванаўна назвала "смехГанкі" (ад словазлучэння "смех Ганны"). У гэтых вершах у жартоўнай і іранічнай формах закранаюцца асобныя жыццёвыя з'явы і пытанні, якія хвалююць аўтара.

Павіншаваць Ганну Гайдукевіч з выхадам дэбютнай кнігі прыйшла на пасяджэнне "Суквецця" член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, намеснік дырэктара - галоўнага рэдактара па друкаваных СМІ ДУ "Рэдакцыя "ЛідаМедыяКампанія" Кацярына Серафіновіч. Віншавалі паэтку таксама калегі па літаратурнай творчасці і былыя калегі па працы ў педвучылішчы. Апошнія разбавілі пасяджэнне яркімі і гучнымі музычнымі нумарамі. Увазе прысутных быў прадстаўлены падрыхтаваны работнікамі бібліятэкі буктрэйлер (відэаагляд) па кнізе "З душой і жартам".

Былыя калегі па педагагічнай працы шмат расказалі пра Ганну Іванаўну як таленавітую, творчую выкладчыцу, якая на сваіх уроках цесна спалучала літаратуру з музыкай, пра фальклорны калектыў "Пралеска", які шмат дзе выступаў і неаднаразова станавіўся лаўрэатам. Цяпер Ганна Гайдукевіч актыўна займаецца літаратурнай творчасцю. У яе вершах бачна асоба аўтара - педагога, музыканта, аматара фальклору, проста неабыякавага чалавека. Пажадаем ёй творчага даўгалецця, натхнення і выдання яшчэ не адной паэтычнай кнігі!

Аляксей КРУПОВІЧ.

Ганна ГАЙДУКЕВІЧ

Маё Дакудава

Маё Дакудава над Нёмнам…

Куточак любай Белай Русі,

У былым з паслугаю паромнай…

Табою, вёска, ганаруся!


К табе лячу ў душы з уздымам,

Як госця ў дом маіх бацькоў,

Дзе бульба ў печы пахне дымам,

Падворак - поўны парсюкоў.


У вайну была ты партызанкай,

Фашыст караў цябе агнём…

А сёння - вольная сялянка,

З бусліным клёкатным гняздом.

Віруе ў Нёмане вадзіца

У промнях сонца крышталём.

І радасць у прасцяг бруіцца -

Я… з журавінавым кастром.


Куды тут толькі не блукала,

Галышкай па рацэ плыла,

А з ганка мамачка гукала:

- Даіць Красуню ўжо пара!.. -


Наш сад і зараз - быццам райскі,

Крамяны яблык у руцэ…

Адам - не побач… "Укусіць не дайся!" -

Блісне слязінка на шчацэ…


А Банева!.. Грыбны куточак.

Лісічкі, маслякі…

Заскочаць самі - настаў кошык,

Што ў суп, што ў сушку на шнуркі…


…Маё Дакудава!.. Тут сэрцу мілы

І луг - прыбрэжжа да ракі,

І пчолкі, што звіняць гулліва,

Мелісу нюхаюць з рукі…


Куточак любай Белай Русі,

Старонцы - Спадчына імя.

З усіх дарог к табе імкнуся,

Мая радзімая зямля!..

Маё натхненне

Заспяваў мабільнік.

"Хто ж тэлефануе?.."

На дысплеі стыльным

Тое, што хвалюе.


У лічбавым вар'янце

Мне адказ адзін.

Аж душа у танцы:

У эфіры… сын!..


У трубцы - сэрцу мілы

Голас-барытон.

У целе - мора сілы:

Не трывожны тон!..


За акном кватэры

Дожджык не сячэ…

Сын, я чую, верыць:

Не стара яшчэ…


Парасон не маніць:

Ён не па пары…

Голас родны раіць:

- Йдзі, любі, твары!.. -


Распрамляю спіну -

Плашч ёсць ад дажджу…

Па падказцы сына

Я бягу, жыву…

Прыткі кот

Жыве ў двары калматы кот,

Штодзень здзіўляе ён народ:

Ці точыць кіпці на вярбе,

Ці здабывае харч сабе.


Такі спрытняга гэты кот,

А больш за ўсё ён любіць спорт,

На корт вядзе шчэ і сяброўку,

Распачынае трэніроўку.


Вось крос узяў старт на траве,

Далей паўзком і на спіне.

Гулялі доўга, так стаміліся,

Ля клёна-волата спыніліся.


Тут наш смяльчак усё скок ды скок,

Залез на саменькі вяршок,

Яна ж за сябрам назірае,

Сядзіць пад дрэвам, пазяхае.


Прысеў каток і косіць вока,

Відаць, плануе. Белабока

Пырхнула ўверх, а ты, зладзей,

Не задавайся, будзь цішэй,

Спускайся ўніз - лаві мышэй!


Кот з дрэва скок - і хвост трубою,

Сяброўку мяўкнуў за сабою,

Не змог здабыткам падзяліцца…

Бягом на сметнік пажывіцца.

***

Сярод людзей бывае так:

Хоць справу робіць абы як,

А думае, што ён мастак.

Дзеці ў галоўнай кніжніцы Ліды

29 сакавіка Лідскую раённую бібліятэку імя Янкі Купалы наведалі вучні 4-х класаў аздараўленчага прышкольнага лагеру ДУА "Першамайская сярэдняя школа".

Дзеці даведаліся шмат новага і цікавага пра галоўную кніжніцу горада: у якім годзе яна ўпершыню расчыніла свае дзверы чытачам, якая кніга ў фондзе самая старая, з якіх структурных аддзелаў складаецца бібліятэка, як адбываецца расстаноўка кніг на абанеменце, якія кнігі і часопісы найбольш папулярныя сярод чытачоў школьнага ўзросту і дарослага насельніцтва ў цяперашні час. Вельмі ўразіла школьнікаў інсталяцыя да 700-годдзя з часу заснавання г. Ліды. Сёння гэта галоўная фотазона бібліятэкі - дзеці з задавальненнем зрабілі здымак на памяць.

ТК "Культура Лідчыны".

У кожнага чалавека ёсць толькі адна мова

"У кожнага чалавека ёсць толькі адна мова" - пад такой назвай прайшоў конкурс знаўцаў роднай мовы з наведвальнікамі прышкольнага лагера ДУА "СШ № 8 г. Ліды".

Бібліятэкары філіяла "Лідская гарадская бібліятэка № 2" гаварылі з дзяўчынкамі і хлопчыкамі аб прыгажосці і значнасці роднай мовы для беларускага народа. А затым прапанавалі паказаць ім сваё веданне вершаў, песень, загадак, прыказак, казак. Заданні "Перакладчыкі", "Знайдзі і выпраў памылку", "Слова, што яно абазначае" часам патрабавалі дапамогі.

ТК "Культура Лідчыны".

Казка гучыць без перапынку

Вучні на канікулах... Самы час наведацца ў музеі... І, безумоўна, у Дом паэта Валянціна Таўлая! Усё больш і больш дзеці даведваюцца пра Дом-музей. Асабліва цікавай для іх з'яўляецца экспазіцыя "А пачнём мы казку так...". І ў 21-м стагоддзі казка застаецйца для дзяцей адной з найважнейшых крыніц пазнання свету, а беларуская казка дае магчымасць пазнаваць беларускі свет.

За люты-сакавік паслухаць казку ад бабы Нюсі (Драб Ганны Мікалаеўны) у Дом Таўлая наведалася больш за 400 чалавек (21 група - 17 груп з дзіцячых садкоў і 4 групы малодшых школьнікаў). І ўсе імпрэзы з дзецьмі ідуць на беларускай мове.

ТК "Культура Лідчыны". На здымках: Вучні 1 класа СШ № 12, дзеткі з садка № 17 засталіся задаволенымі.

Падарожжа ў сямейны дабрабыт

У Бердаўскім культурна-дасугавым цэнтры маленькія турысты з ДУА "Сярэдняя школа 1 г. Ліды". Адбылася анімацыйная праграма "Падарожжа у сямейны дабрабыт".

Менавіта ў Бердаўцы знаходзіцца адзіны ў наваколлі музей сям'і. Тут, у палацы пана Дамбавецкага, можна пазнаёміцца з сямейнымі традыцыямі беларусаў далёкага і не не такога далёкага мінулага.

ТК "Культура Лідчыны".

Помнік мітрапаліту Філарэту адкрылі ў Слуцку

Помнік мітрапаліту Філарэту, першаму Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі адкрылі 2 красавіка ў Слуцку, піша "Мінская праўда". Помнік размешчаны каля храма прападобнага Паісія Святагорца.

Асвячэнне і адкрыццё помніка прайшло пры ўдзеле мітрапаліта Менскага і Заслаўскага Веніяміна.

Фота: Аляксандра Манукоўская / "Мінская праўда".

Да 90-годдзя Віктара Шымука

2 красавіка беларускаму паэту Віктару Шымуку (1933-1998) споўнілася б 90 гадоў з дня нараджэння. Сын Ганны і Мікалая Шымукоў - Віктар Шымук, пасля заканчэння васьмігодкі ў роднай вёсцы Змяёўцы Дзятлаўскага раёна, працаваў у дзятлаўскай раённай газеце "За новую вёску", вучыўся ў вячэрняй школе, а потым скончыў аддзяленне журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. Працаваў у газеце "Звязда", "Літаратура і мастацтва", а з 1977 года быў намеснікам галоўнага рэдактара Галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычнага вяшчання на Беларускім радыё. Сваю літаратурную дзейнасць Віктар Шымук пачаў дванаццацігадовым хлопчыкам вершам у дзіцячай газеце "Піянер Беларусі". А ў 1960 годзе выйшла з друку яго першая кніга пра піянера-героя Колю Гойшыка. А потым выходзілі новыя кнігі, прысвечаныя і дзецям, і дарослым, сярод якіх былі зборнікі "Мы вясне дапамагалі", "Дочкі сіняга Нёмана", "Свіцязянскія хвалі", "Святло красавіцкіх бяроз", "Спелы жнівень" і многія іншыя. Усіх было выдадзена 18 кніжак. У 2020 годзе, дзякуючы дачцэ паэта, свет пабачыў аднатомнік паэта "Чалавечая душа - праменьчык сонца".

Як і бацька, Віктар Шымук меў добры музычны слых, выдатна адчуваў музыку і меў прыгожы моцны голас. Лірызм вершаў паэта прыцягваў увагу многіх беларускіх кампазітараў, якія на яго вершы напісалі шмат песень. Ды і сам паэт, яшчэ будучы хлапчуком, спяваў у школьным хоры, а ў сталым узросце браў у рукі гармонік і іграў. Іграць навучыў бацька. Нават акампаніраваў на вяселлях, як бацька. Любіў паэт казаць, што на гармоніку ён іграў ажно на 33 вяселлях на Дзятлаўшчыне. Творам Віктарам Шымука ўласцівы тонкі лірызм, шчырасць і дасціпнасць. Ён пісаў пра свой родны край, пра яго людзей, пра іх турботы і перажыванні. Паэт таксама займаўся перакладамі, друкаваў і крытычныя артыкулы пра творчасць беларускіх літаратараў. Шмат увагі пры жыцці аўтар надаваў пытанню адраджэння беларускай нацыянальнай культуры і мовы:

Той-сёй гаворыць: аджывае

Ўжо мова родная мая.

А я скажу: яна жывая,

Пакуль жывеш і ты, і я!

Пакуль цячэ павольна Прыпяць,

I Свіцязь плешча ў берагі,

I васількі цвітуць у жыце,

I пахнуць росныя лугі…

Віктара Шымука не стала 18 жніўня 1998 года. Ён пахаваны на гарадскіх могілках у Дзятлаве.

Сяргей Чыгрын.

Навіны Германіі

Велікодныя дні ў Германіі - як, калі і чаму святкуюць

Вялікдзень - гэта першае буйнае свята ў годзе, якое адзначаецца непасрэдна на працягу некалькіх дзён, замацаваных заканадаўча, нягледзячы на рэлігійную падаплёку падзеі. Таму варта мець на ўвазе некалькі момантаў: змяняюцца гадзіны працы крам, у большасці федэральных земляў ёсць велікодныя вакацыі, і ў сілу традыцый неабходна выконваць адпаведныя правілы.

Сёлета велікодныя святы выпадаюць на наступныя дні:

- Чысты чацвер - 6 красавіка 2023 года;

- Вялікая пятніца - 7 красавіка 2023 года;

- Велікодная нядзеля - 9 красавіка 2023 года;

- Велікодны панядзелак - 10 красавіка 2023 года.

Існуе спосаб, дзякуючы якому можна самастойна вылічыць дату свята. Для гэтага спатрэбіцца месяцовы каляндар. Трэба паглядзець, у які дзень будзе першы поўны месяц, наступны за днём вясновага раўнадзенства (21 сакавіка). Першая нядзеля, якая настае пасля поўні, і стане днём Вялікдня. Такі спосаб вылічэння велікоднай нядзелі быў усталяваны Першым Сусветным Саборам у 325 г. н.э. Сёлета вясновая поўня - 6 красавіка 2023 года.

Дарэчы, Вялікдзень з'яўляецца кропкай адліку і для іншых свят. Christi Himmelfahrt - 18 траўня 2023 года - будзе праз 39 дзён пасля Велікоднай нядзелі, Pfingstsonntag - 29 траўня 2023 года - праз 49 дзён, а Fronleichnam - 8 чэрвеня 2023 года - праз 60 дзён.

Святы ў федэральных землях

Красавік 2023 года - сапраўдны святочны месяц, таму што з 1 па 23 красавіка ў кожнай федэральнай зямлі ёсць вакацыі. Усе землі адпачываюць не меней аднаго тыдня, выключэнне складае Гамбург: тут школьнікі могуць адпачываць толькі ў Вялікую пятніцу і Велікодны панядзелак, у астатні час у іх няма выходных.

Бадэн-Вюртэмберг: 6 - 16 красавіка 2023 г.

Баварыя: 1 - 16 красавіка 2023 г.

Берлін: 1 - 16 красавіка 2023 г.

Брандэнбург: 1 - 16 красавіка 2023 г.

Брэмен: 25 сакавіка - 11 красавіка 2023 г.

Гамбург: толькі Вялікая пятніца і Велікодны панядзелак.

Гесен: 1 - 23 красавіка 2023 г.

Мекленбург-Пярэдняя Памеранія: 1 - 12 красавіка 2023 г.

Ніжняя Саксонія: 25 сакавіка - 11 красавіка 2023 г.

Паўночны Рэйн-Вестфалія: 1 - 16 красавіка 2023 г.

Рэйнланд-Пфальц: 1 - 10 красавіка 2023 г.

Саар: 1 - 12 красавіка 2023 г.

Саксонія: 7 - 16 красавіка 2023 г.

Саксонія-Анхальт: 1 - 10 красавіка 2023 г.

Шлезвіг-Гальштэйн: 6 - 23 красавіка 2023 г.

Цюрынгія: 1 - 16 красавіка 2023 г.

Што святкуецца на Вялікдзень?

Хрыстос уваскрэс, і людзі цешацца гэтаму. Жыццё атрымала перамогу над смерцю. Па традыцыі, царква святкуе Вялікдзень 40 дзён - гэтулькі ж, колькі Хрыстос правёў часу разам з вучнямі пасля Свайго Уваскрэсення.

Апошні тыдзень Вялікага паста для вернікаў - самы складаны і хвалюючы перыяд. Яго завуць Вялікім. Кожны дзень гэтага тыдня нагадвае пра тое, як завяршалася зямное жыццё Ісуса Хрыста. Папярэднічае ёй Вербніца, якая нагадвае пра ўваход Сына Божага ў горад Іерусалім.

Вялікі чацвер Вялікага тыдня яшчэ завуць "Чыстым". Шмат стагоддзяў назад нашы продкі вельмі чакалі гэты дзень і пачыналі яго з купання яшчэ да ўзыходу сонца. Таксама ў гэты дзень падстрыгалі валасы і мыліся "са срэбра" - кідалі любое срэбра ў ваду і пасля гэтага мылі ёю твар, верачы ў тое, што такія абрады захоўваюць прыгажосць і здароўе.

Вялікая пятніца - самы строгі дзень Вялікага тыдня. Вернікам у гэты дзень прынята цалкам адмовіцца ад ежы. Увечар можна з'есці хлеб і выпіць вады. Таксама ў пятніцу перад Вялікднем варта пазбягаць весялосці і розных забавак. Працаваць фізічна ў гэты дзень не рэкамендуецца, але дазволена займацца выпечкай. Кажуць, што прыгатаваная ў Вялікую пятніцу, яна не псуецца і не пакрываецца цвіллю, а таксама мае гаючую сілу.

Вялікдзень таксама суправаджаюць розныя звычаі і традыцыі. Фарбуюць яйкі і запальваюць велікодныя вогнішчы. Хрысціяне заканчваюць Вялікі пост, які пачаўся ў Папяльцовую сераду, і звычайна цешацца першаму вялікаму святу ў коле сям'і.

Якое надвор'е будзе на Вялікдзень?

Паводле фермерскага правіла, "красавік робіць тое, што хоча", - магчымая любое надвор'е паміж сонцам і снегам. Таму лепш за ўсё зазірнуць у метэазводку, каб у найкароткія тэрміны быць у курсе сітуацыі.

FOTO: FREEPIK.COM / @ PVPRODUCTIONS.

Чароўная моц мастацтва…

(Аповесць)

Інга Вінарская

1

Кап… Кап… Кап…

Марыйка, дзяўчынка шасці год, сядзіць на парозе старой павеці. Яна назірае, як кроплі дажджу сцякаюць са страхі, якая добра выступае над парогам, і таму кроплі тыя на дзяўчынку не трапляюць. Цёмна-шэрая страха ў павеці… Марыйка нават запомніла назву будаўнічых матэрыялаў, якімі яе ўлетку перакрывалі дзядзька Барыс разам з сябрам: рубяроід ды шыфер. "Дзіўныя словы…" - думае дзяўчынка.

Кап… Кап… Кап…

Вясна ўжо пачалася. На дрэвах дзе-нідзе пачалі растрэсквацца першыя покаўкі. На гародзе больш няма снегу, і сталі добра бачныя чорныя раскіслыя градкі. Хутка Марыйчына бабуля Юдыта ізноў будзе на іх нешта саджаць - без фанатызму, канешне, але - каб свежая гародніна на стале ў сезон была… Марыйка назірае, як тоненькія ручаі бягуць вакол градак. Ствалы дрэваў: яблыняў, грушаў, сліваў, вішняў - пацямнелыя і мокрыя ад дажджу.

Дзяўчынка глядзіць на дом і думае: "Які ён усё ж такі прыгожы!" На даху - барвовая чарапіца лускавінкамі, сам белы, акантаваны чорным дрэвам, вокны - з аканіцамі. "Фінскі дом," - так часта кажа пра яго бабуля Юдыта.

Дык адкуль жа ўзяўся такі ў невялічкім абласным цэнтры? А справа ў тым, што сюды некалі сапраўды прывезлі з Фінляндыі партыю дамоў у разабраным выглядзе - па нейкім абмене ці яшчэ неяк - Марыйка не ведае дакладна. Потым, на месцы прызначэння ўжо, дамы тыя сабралі і ў самым цэнтры горада з іх атрымалася прыгожая вулачка. І пасяліліся там мясцовыя начальнікі з сем'ямі. Іхні цяперашні дом атрымаў Марыйчын дзед Базыль - таму, што займаў ў горадзе немалую пасаду. Дзяўчынка дзеда свайго не памятае, бо памёр ён за год да яе нараджэння…

Зараз Марыйка ўдваіх з бабуляй Юдытай жывуць у гэтым доме. Дзядзька Барыс пераехаў да сваёй другой жонкі, а бацькі дзяўчынкі працуюць у замежжы, каб грошай зарабіць. І дакладна, дзе ж яшчэ можна было іх зарабіць савецкім людзям у сямідзясятыя гады мінулага стагоддзя, калі яны не чыноўнікі і не партыйныя дзеячы? Толькі за мяжой, і то, калі праз пэўны блат ды сувязі туды пашчасціць выехаць.

Марыйка вельмі сумуе па сваёй маці. Вельмі. Дзяўчынка часта прыходзіць да павеці, каб пасядзець на парозе, падумаць, паназіраць, памарыць… Унутры ж там паўцёмна. Некалькі невялічкіх акенцаў, што знаходзяцца з розных бакоў амаль пад страхой, даюць мала святла. Бабуля, калі ўвечары ідзе сюды па дровы, бярэ з сабой газавую лямпу.

Калі сядзець побач з дровамі, можна адчуць іх прыемны пах… У дальнім куце ляжыць вугаль - такі чорны, што, калі возьмеш хаця б адзін вугалёк у рукі, то так цяжка потым іх адмыць…

А яшчэ… Там, у самай глыбіні павеці, ля задняй сценкі на складзеных дровах стаяць… карціны. Марыйка маленькая і, канешне, у мастацтве не разбіраецца, але ёй тыя палотны здаюцца такімі прыгожымі, нават чароўнымі. Вось яшчэ адна прычына, чаму дзяўчынка часта бегае ў павець: не толькі каб пасядзець на яе парозе, паназіраць і памарыць, але і каб паглядзець на карціны. І тут трэба час падгадаць, каб хоць нейкае святло было, бо акенцы там вельмі маленькія. Добра, калі дзень сонечны, тады можна разгледзець, што намалявана на тых палотнах. А сёння вось дождж, неба пахмурнае, бачна ўнутры кепска, а лямпу газавую бабуля Марыйцы браць у рукі забараняе, як і карыстацца запалкамі…

Прайшоў яшчэ нейкі час, і дзяўчынка ўжо сабралася было зачыніць дзверы павеці на драўляную засоўку, каб потым пайсці ў дом. Але раптам дождж скончыўся, і праз хмары пачало прабівацца сонейка. Марыйка тут жа пайшла глядзець на карціны. Шкада ёй было, што дакрануцца да іх нельга, бо высока стаялі, амаль пад самай страхой. Усяго жывапісных палотнаў месцілася там пяць. Намаляваная на іх была прырода: лясы, лугі, кветкі… Але дзяўчынцы асабліва падабалася тое жывапіснае палатно, на якім была сажалка, чарот, белыя лілеі ды жоўтыя гарлачыкі… А яшчэ ў гэтай сажалцы плавалі качкі…

Ах, якія файныя карціны!.. Калі на іх падала хаця б некалькі праменьчыкаў сонца, яны тады пачыналі так іграць фарбамі! "І чаму гэта бабуля вынесла гэтыя чароўныя палотны з дому і паставіла іх у павеці на дровы? - думала дзяўчынка. - Так шкада…"

Але, канешне, прычына такога стаўлення да гэтых карцін з боку пані Юдыты мелася… Ды - усё па парадку.

Паколькі Марыйчына бабуля жыла ў доме толькі ўдваіх са сваёй унучкай, то другі паверх яна здавала ў арэнду кватарантам. І вось апошнім часам у іх доме жыў адзін вельмі цікавы малады чалавек - мастак. Марыйка любіла глядзець, як ён падымаецца па вінтавой лесвіцы, што вяла на другі паверх, - такі прыгожы хлопец, высокі, хударлявы, светлавалосы (прычым, валасы ў яго віліся). А вочы! Якія ў яго былі жывыя, яскравыя шэра-блакітныя вочы…

Дарэчы, мастак, якога звалі Мікалаем, заўжды Марыйцы ўсміхаўся і пытаў яе пра нешта нязначнае: маўляў, як справы, і гэтак далей… Марыйка таксама ўсміхалася мастаку і нешта лепятала сваім тоненькім галаском у адказ. А вось бабулі Юдыце кватарант не надта падабаўся, бо грошай у яго было няшмат, і ён увесь час затрымліваў выплаты па арэндзе другога паверха іх дома. А апошнія пару месяцаў ён і ўвогуле перастаў плаціць грошы. Бабуля сварылася з Мікалаем, казала, каб той з'ехаў ужо ад іх, калі грошай няма плаціць за жытло. Мастак абяцаў усё аддаць, калі мясцовая галерэя выкупіць у яго карціны. Затым ён і прыехаў сюды - каб напісаць мясцовыя пейзажы: заказ быў такі. Але ж з галерэяй нешта пайшло не так: купляць карціны мастака там не спяшаліся.

А справа была вось у чым: закахаўся Мікалай у тым гарадку ў Алену. Марыйка не аднойчы бачыла яе - прыгожую дзяўчыну з цёмнымі доўгімі валасамі да таліі і вялікімі светла-карымі вачыма, тоненькую такую, мініяцюрную. Часцяком прыходзіла яна да Мікалая на другі паверх, ды вось больш не з'яўляецца. Калі была тут апошні раз, то выходзіла з другога паверха ўся ў слязах.

Бацька той дзяўчыны быў буйным мясцовым чыноўнікам, і нейкі там бедны невядомы мастак яму зяцем не патрэбны быў. Разлучыў ён Мікалая і Алену, ды яшчэ зрабіў так, каб мясцовая галерэя ў маладога мастака карціны не купіла…

Карацей, з'ехаў Мікалай і з дому бабулі Юдыты, і з горада. А паколькі грошай, каб пагасіць пазыкі па арэндзе, у яго зусім не было, то пакінуў ён у якасці аплаты пяць сваіх карцін.

Пані Юдыта доўга чартыхалася, а потым знесла тыя маляўнічыя палотны, што былі нацягнуты на драўляныя каркасы, у павець. Мастацтва яна і так не вельмі любіла, а калі ўспомніць, што большую частку грошай за арэнду другога паверха дома не пабачыла, то такі яе ўчынак пэўную падставу пад сабой меў.

А вось Марыйка - іншая справа. Ёй вельмі падабаўся і Мікалай, і ягоныя карціны, і нават яго каханая Алена. Калі мастак сыходзіў ад іх, то дзяўчынка доўга глядзела яму ўслед: як ён ішоў па двары да брамкі ў плоце, а потым па дарозе…

"Ах, бабуля, бабуля!.. Ну, навошта ты такую прыгажосць знесла ў павець?" - зноў падумала Марыйка, стоячы каля дравяніка і гледзячы на карціны, што месціліся на ім.

- Унучанька! Дзе ты? Ідзі хутчэй дахаты! Я аладак напякла! Марыйка! - пачуўся з двара голас бабулі, і дзяўчынка хуценька выйшла з павеці, зачыніла дзверы на драўляную засоўку і пабегла дадому.

2

Увечары да бабулі Юдыты ў госці завітала яе сяброўка Акуліна, што жыла недалёка ў новым, не так даўно пабудаваным шматпавярховым доме.

- Ай, Юдыта, вітаю цябе, дарагая!

- Прывітанне, Акуліна!

Сяброўкі расцалаваліся, задаволеныя. Яны былі ўжо на пенсіі і не займалі больш ніякіх пасад, але гэта не перашкаджала ім хадзіць з прычоскамі і лёгкім макіяжам - нават проста па доме ці кватэры. І Акуліна, і Юдыта былі мажнымі жанчынамі. Прычым, Акуліна - нават трохі болей аб'ёмістая за Юдыту. У абедзвюх валасы пафарбаваныя, і канешне ж, французскімі фарбамі, якія гэтыя жанчыны даставалі па вялікім блаце, выкарыстоўваючы немалыя сувязі. А як жа інакш у савецкія часы? У Акуліны валасы былі доўгія, цёмна-бардовага колеру, звычайна зачэсаныя назад і сабраныя ў шыкоўную высокую ракавінку. Колер валасоў жанчыны добра падыходзіў да яе карых невялічкіх вочак. У Юдыты ж вочы былі шэрыя, можна сказаць стальнога колеру, а валасы - каштанавыя, не вельмі доўгія: яна накручвала іх на бігудзі, а потым хадзіла з дастаткова пышнай прычоскай. Да слова сказаць, гэтыя жанчыны, хоць і мелі немалады ўжо ўзрост, былі заўсёды вельмі добра апранутыя…

І вось сяброўкі пасля пацалункаў і вітанак рушылі ў залу, што знаходзілася на першым паверсе дома пані Юдыты.

- Сядай, я зараз, - сказала гаспадыня дома.

Акуліна прысела на прыгожае з разьбой крэсла каля вялікага круглага стала, зробленага са светлага дрэва. Праз нейкі час Юдыта з'явілася з падносам, дзе было ўсё, каб папіць гарбаты: і печыва, і два прыгожыя кубкі на сподках, і срэбраныя лыжачкі, і заварнік, і шыкоўны чайнік з кіпенем.

Тым часам Марыйка прыладзілася на дыване ля вялізнай печы, што таксама знаходзілася ў зале, каб пагуляць у рознакаляровыя пластмасавыя кубікі, якія нядаўна прывёз дзяўчынцы з чарговай камандзіроўкі родны брат яе матулі, дзядзька Барыс.

Ах, што гэта была за печ у зале на першым паверсе дома пані Юдыты! Вялізная, прыгожая, ад падлогі да столі абкладзеная белай кафляй і кафляй з сінімі ўзорамі - нібыта з Гжэлі. Ды, увогуле, у тым доме ўсё было файным: мэбля, шпалеры, гардзіны, посуд у шафах. Марыйчын дзед Базыль у горадзе некалі займаў пост начальніка рачнога порта, меў пагоны капітана першага рангу. Шкада, што памёр рана… Бабуля Юдыта, пакуль працавала, таксама мела пасаду - кіраўнічкі транспартнай канторы. Таму Марыйчыны дзед і бабуля маглі сабе дазволіць купіць ці "дастаць" добрыя рэчы.

- Ведаеш, Юдыта, - сказала Акуліна, адпіваючы чаю, - у мяне нарэшце рамонт у кватэры скончыўся. Усё расставіла ўжо, развесіла. Адна сцяна толькі пустая засталася. Не ведаю, што і рабіць - нічога на яе няма: ні дывана, ні мэблі якой прыставіць, ні яшчэ нечага… Ну, неяк потым ужо. Не ведаю… А гасцей я ўжо на гэтую суботу запрасіла, каб заканчэнне рамонту адзначыць ды маё наваселле. Цябе таксама запрашаю: у дзве гадзіны прыходзь.

- Акуліна, я б прыйшла, але ж з кім я пакіну Марыйку? - неяк разгублена прамовіла Юдыта. - У суботу дзіцячы садок не працуе, з суседзямі па вуліцы я не ў тых адносінах, каб пакінуць у іх дзіцё. Барыс зноў з'ехаў у камандзіроўку - недзе праз тыдзень толькі вернецца, а ягоная другая жонка, цытра гэтая, мяне цярпець не можа, і - як вынік, Марыйку таксама. Хатняй работніцы ў мяне цяпер няма, каб за дзяўчынкай прыгледзела: ты ж ведаеш, апошняя з іх, Ханна, памерла два гады таму. Нават і не ведаю, што можна зрабіць…

Тут абедзве яны, Юдыта і Акуліна, не згаворваючыся, павярнуліся ў бок Марыйкі, што гуляла каля печы ў кубікі.

- Якая мілая дзяўчынка!.. А падрасце, дык сапраўднай прыгажуняй зробіцца! І зараз ужо вачэй не адарваць - нібыта лялечка... - прамовіла Акуліна, падсумоўваючы ўслых свае думкі.

- Чаго ж ёй не быць прывабнай? Паглядзець хаця б на яе бацьку-гуляку - той яшчэ прыгажун… - з нейкай патаемнай злосцю сказала Юдыта.

- Ну, што ты, сяброўка! Дачка ж твая, ягоная жонка, тамсама сімпатычная вельмі.

Так, Марыйка была прыгожым дзіцём: маленькая блакітнавокая бландзіначка. А апранута! Нібыта з вокладкі моднага часопіса. Так, бацькі дзяўчынкі, што працавалі ў замежжы, нічога для яе не шкадавалі: рэгулярна прысылалі файныя дарагуткія рэчы. Але ж Марыйцы больш за ўсё хацелася не модных абновак, а каб яе матуля была побач…

- Я гляджу, у тваёй унучкі прычоска новая, - зазначыла Акуліна, - напэўна, у Бэлы з Салона прыгажосці стрыгліся? (Бэла была самай вядомай у горадзе цырульніцай, і патрапіць да яе можна было толькі па пратэкцыі).

- Так, былі. Мне, вось бачыш, валасы падфарбавалі, а Марыйку Бэла захацела падстыгчы пад Мірэй Мацьё. Кажа, што гэта вельмі модна зараз. Ёй увогуле ўнучка мая вельмі даспадобы.

- А каму такая дзяўчынка можа не падабацца?.. Добра, Юдыта. У суботу бяры яе з сабой. Сумна ёй будзе сярод дарослых, канешне. Ну, нічога, пацерпіць.

- Добра, прыйдзем… - і тут Юдыта на хвіліну задумалася. - Ведаеш, Акуліна, у мяне ідэя! Хадзем!

- Ды, куды?!

- Паглядзіш.

Юдыта ўзяла газавую лямпу, абедзве жанчыны апрануліся і выйшлі з дому. Марыйка таксама апранулася і пабегла следам за імі, хаця і наказала ёй бабуля застацца ў хаце. А павяла гаспадыня дома сваю сяброўку ў павець. І вось чаму - карціны паказаць.

- Жыў тут у нас адзін… Мастак… Вось, пакінуў у якасці аплаты за арэнду, - сказала Юдыта, і тут заўважыла Марыйку, што таксама стаяла каля іх у павеці.

- А ты што тут робіш? Я ж сказала табе ў доме сядзець!

- Ну, бабуля…

- Ах, ты!.. Цікаўная ты наша.

- Дык вось, што я думаю, Акуліна, - прамовіла Юдыта, паварочваючыся да сяброўкі. - Выбірай любую з гэтых карцін і забірай сабе - павесіш на сцяну, на якую ў цябе нічога няма.

- Як гэта? - спытала ашаломленая Акуліна.

- Як-як? Купіш добрую раму ды павесіш. А гасцям скажаш, што ў сталіцы купіла ў галерэі, што мастак вядомы, - ой, ды сама прыдумаеш, што сказаць.

- Ну, я не ведаю…

- А што тут ведаць? Выбірай - мой табе падарунак будзе, - безапеляцыйна зазначыла Юдыта.

Марыйка вылецела з павеці і пабегла дадому, ледзь не плачучы: так ёй было шкада, што гэтая тоўстая Акуліна забярэ адно з тых палотнаў, да якіх дзяўчынка так прывыкла і так іх палюбіла.

"Ах, бабуля, бабуля… І навошта ты гэтай калодзе Акуліне нашу карціну аддаеш?.." - думала з сумам дзяўчынка.

3

У суботу, як і было дамоўлена, у дзве гадзіны дня, у кватэры Акуліны сабраліся госці: жанчыны з прычоскамі, у прыгожых сукенках, надушаныя парфумамі; мужчыны - у касцюмах, пры гальштуках. Бабуля Юдыта таксама "прычапурылася", як яна гэта называла, і, прыхапіўшы ўнучку Марыйку, прыбыла да сяброўкі ў прызначаны час.

Канешне, спачатку ўсе пайшлі пасядзець за святочным сталом, каб добра выпіць ды прыкусіць. А стол быў багаты. Акуліна, хоць і пенсіянерка ўжо, але ж пайшла яна на заслужаны адпачынак з пасады загадчыцы сабеса, таму дагэтуль мела шырокія сувязі і магла "дастаць" што заўгодна - асабліва, калі ўспомніць, што гаворка ідзе пра канец сямідзясятых гадоў мінулага стагоддзя, а гэта быў час татальнага дэфіцыту і блату.

Шампанскага, а таксама больш моцных напояў - на выбар - на стале было шмат. Асартымент закусак і страў не саступаў напоям. Сыпаліся тосты, звінелі кубкі ды чаркі… За сустрэчу, за шчасце, за здароўе… Знікалі з вялікіх крыштальных талерак нарэзкі і салаты… Ах, як даўно не бачыліся… Які шыкоўны стол… Калі ж госці добра пад'елі ды падпілі, нехта з іх усё ж такі ўспомніў нагоду, з-за якой усе насамрэч сабраліся: адзначалі ж заканчэнне рамонту ў шыкоўнай трохпакаёвай кватэры Акуліны і - ейнае наваселле!..

Тут госці натоўпам пайшлі разглядаць рамонт ды інтэр'еры. Хвалілі шпалеры, гардзіны, новую мэблю, фарфор, крыштальныя жырандолі і іншыя рэчы. І раптам нехта заўважыў… карціну на сцяне. Яна вісела, такая шыкоўная ў пазалочанай вітой раме.

- Акуліна! Дзе ты ўзяла такі цуд? - спытаў нехта з гасцей.

Расчырванеўшаяся ад дыфірамбаў ды алкаголю гаспадыня адказала:

- Купіла ў сталіцы, у галерэі, процьму грошай за яе аддала. Мастак вядомы… Ой, забыла прозвішча… Ці то Маслоўскі, ці то Маслякоўскі… У мяне недзе паперы на гэтую карціну ёсць - там усё падрабязна напісана.

- О, то бачна, што вялікі прафесіянал пісаў!.. - зазначыў яшчэ нехта.

- Так, так! - пагадзіліся іншыя. А потым ледзь не кожны з іх стаў выказваць пахвалы карціне.

Марыйка, стоячы сярод натоўпу дарослых, незнаёмых ёй людзей, таксама глядзела на мастацкае палатно і не магла стрымаць слёз, бо гэтая карціна была яе любімая: тая самая, дзе сажалка, чарот, белыя лілеі, жоўтыя гарлачыкі і, канешне, качкі…

Дзяўчынцы было прыкра. Яна ўспомніла маладога мастака Мікалая, гісторыю гэтай карціны і чатырох іншых… І тут яна рашылася. Праціснулася паміж усіх гэтых дзядзек ды цётак, выйшла наперад да карціны і павярнулася да натоўпу падпіўшых гасцей:

- Няпраўда! Гэта наша карціна! Яе Мікалай напісаў - мастак, што жыў у нашым доме на другім паверсе!..

Акуліна рыпнулася да дзяўчынкі, каб закрыць ёй рот:

- Ну, што ты такое кажаш, дурніца малая? Глупства якое! Замаўчы!

- Не глупства! - закрычала Марыйка. - А калі не верыце, то хадземце да нас у павець - там яшчэ карціны Мікалая ёсць! - і дзяўчынка стала намагацца пацягнуць за вопратку то аднаго, то другога госця - каб насамрэч павесці іх следам за сабой і даказаць, што сказала праўду…

У якісьці момант стала ціха. На тварах гасцей з'явілася незадаволенасць, нейкая прыкрасць, некаторыя фізіяноміі нават пачалі крывіцца… А потым усе гэтыя мужчыны ў шыкоўных касцюмах ды жанчыны ў прыгожых сукенках пачалі адзін за адным хутка развітвацца з гаспадыняй і сыходзіць з кватэры.

Свята было сапсавана… Акуліна з Юдытай моцна з-за гэтага інцыдэнту тады пасварыліся і доўгі час увогуле потым не размаўлялі.

Марыйка пасля сваёй выхадкі ў той жа вечар атрымала наймацнейшы наганяй ад сваёй бабулі. Але на наступны дзень старая неяк адышла пасля адбыўшагася скандалу, паклікала любімую ўнучку, пасадзіла да сябе на калені, абняла і, пацалаваўшы ў шчаку, прамовіла:

- Якая ж ты ў мяне яшчэ маленькая ды дурненькая… Зусім пакуль не разумееш, як трэба сябе паводзіць, што і дзе можна казаць, а што не… Але нічога, хутка ты падрасцеш і станеш больш разумнай…

4

Спадзевам бабулі Юдыты здзейсніцца не давялося. Яе любімая ўнучка Марыйка вырасла і вырашыла стаць… мастачкай. Дарэчы, здольнасці яна пэўныя мела яшчэ з дзяцінства - у мастацкай школе займалася паралельна з асноўнай вучобай. Матуля сказала Марыйцы, даведаўшыся пра яе выбар: "Ну, што гэта за прафесія - мастачка? Твая бабуля б гэтага не перанесла, калі б яшчэ жывая была…" (А памерла пані Юдыта, калі Марыйцы было пятнаццаць год). Але ўсё ж такі маці не стала перашкаджаць дачушцы ў яе выбары.

У рэшце рэшт, Марыйка паехала ў сталіцу і паступіла ў Акадэмію мастацтваў. А аднойчы… яна сустрэла там таго самага Мікалая: ён аказаўся адным з яе выкладчыкаў. Пасталеў Мікалай, пасівеў. Стаў ён вядомым мастаком, шмат дзе выстаўляў свае палотны па свеце - у розных галерэях. А не так даўно яго запрасілі выкладаць у Акадэмію мастацтваў.

Неяк пасля заняткаў Мікалай Уладзіміравіч падыйшоў да Марыйкі і спытаў, ці не сустракаліся яны раней? І дзяўчына нагадала яму пра іх абласны гарадок, пра карціны, што ён пакінуў і пра гісторыю, што некалі адбылася ў кватэры сяброўкі бабулі Юдыты - Акуліны.

- І як у цябе духу хапіла абараніць маё імя і маю карціну перад усімі гэтымі людзьмі? Ты ж тады яшчэ зусім малая была… - разгублена прамовіў Мікалай.

- Не ведаю, - адказала Марыйка. - Ох, і ўляцела ж мне потым ад бабулі - моцна!.. Дарэчы, куды потым падзеліся астатнія чатыры карціны, я так і не высветліла. Бабуля мне сказала, што гэта не мая справа.

- А ведаеш, - ажывіўся Мікалай, і вочы яго заблішчэлі, - так заўсёды: пакуль ты бедны, практычна не вядомы, нікому не патрэбныя твае творы, якімі б таленавітымі яны насамрэч ні з'яўляліся… Але трэба змагацца і заўсёды ісці да канца, не здраджваючы сабе, як бы цяжка ні было. Ніколі. А там - як ужо Гасподзь дасць… Так што, змагайся за сябе, дзяўчо!..

- Я змагаюся, - сказала Марыйка, цяпер ужо захопленая сваёй уласнай творчасцю маладая мастачка…

23 сакавіка, 10-12 траўня 2018 года;

27-29 сакавіка 2023 года.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

У Амерыцы, якую Чавес хацеў перайменаваць у Індзейскую: Варшэвіч, Жалязоўскі, Кузняцоў, Палуян; крыніцы "Сына вады" (да 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Маўра, ч. 2)

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-13 (53-65) за 2023 г.)

Аповесць Янкі Маўра "Сын вады" выйшла першым асобным выданнем у 1928 г. Гэта быў адзін з першых мастацкіх твораў пра індзейцаў, напісаны яшчэ, верагодна, не зусім "сацыялістычным рэалістам", але ў краіне, што будавала сацыялізм.

Варта адзначыць, што ў тым жа 1928 г., што і "Сын вады", былі апублікаваныя даследаванне С. К. Лотрапа "Індзейцы Вогненнай Зямлі" (Нью-Ёрк) і "Сем нарысаў інтэрпрэтацыі перуанскай рэчаіснасці" Х. К. Марыятэгі (Ліма). Першая кніга абагульняла звесткі пра вогнезямельцаў пасля таго, як іх грунтоўна апісалі патары В. Коперс і М. Гузіндэ. Другая ўяўляла сабой зборнік работ аднаго з заснавальнікаў Камуністычнай партыі Перу, які лічыцца першым сацыялістычным індзеяністам. Як гэта ні дзіўна, але Маўр і Марыятэгі ў адзін і той жа час зрабілі першыя крокі кожны ў сваёй галіне індзеянісцкай літаратуры. Але калі першынства Марыятэгі як класіка індзеянізму ў сацыялогіі не выклікае сумненняў, то выказанае меркаванне аб тым, што беларускі пісьменнік першым выкарыстаў метад сацыялістычнага рэалізму пры мастацкім апісанні індзейцаў, сапраўды здаецца занадта смелым. Хутчэй ён у асноўным працягваў добрым прыкладам стары стыль у спачувальных адносінах да экзатычных народаў, які быў у многіх літаратараў. Піянерскай была, бадай, беларуская мова. Піянерскім быў чын Маўра ў раскрыцці індзейскай тэмы для краіны, якая адыходзіла ад жахаў грамадзянскай вайны і пераходзіла ў новае абвастрэнне "палітычнай", "класавай" неталерантнасці. У дарэвалюцыйнай мастацкай літаратуры Расіі асобныя празаічныя творы пра індзейцаў з'яўляліся, але ў новы час Маўр выступіў ледзь не першым у падобным пачынанні.

Але калі Маўр пачынаў свой "Майнрыдаўскі блок" (як ён сам вызначаў аповесці "У краіне райскай птушкі" і "Сын вады"), працягвалі панаваць сфарміраваныя да рэвалюцыі неадназначныя стэрэатыпы "нябелых" народаў - карэнных жыхароў пазаўрапеўскіх краін. Цытаты з месца дзеяння "ўсялякіх" прыгод, якія бяром з аўтабіяграфічнай аповесці Маўра "Шлях з цемры", могуць нават збянтэжыць сваёй "антыіндзейскасцю".

Пачаўшы з "Конніка без галавы" і "Палявання за скальпамі" Майн Рыда і раманаў Купера, Янка "падарожнічае" з іншымі класікамі прыгодніцкай літаратуры. І, вядома, нарадзілася "цікавейшая ідэя" і самому "абследаваць Амазонку, потым Конга, затым Місісіпі" і г.д. Тое, што маленькі Янка лепш за іншыя кантыненты і краіны ведаў Амерыку, пацвярджаецца Маўрам праз успаміны яго героя ў 1920 г., у першай частцы "Шляху з цемры": "Апрача Расіі я добра ведаў Амерыку ды яшчэ Сібір", у цэлым "пабудова свету была: у цэнтры стаяла вёска Гнілушкі, навокал яе - палеткі, за палеткамі - лясы, а за лясамі - Адэса, Пецярбург, Амерыка і яшчэ сёе-тое".

Дадатковай прычынай думак пра Амерыку было тое, што родны дзядзька паехаў у Амерыку, і хоць у гэта цяжка было верыць, "ён там у лясах і балотах, зусім такіх самых, як у нас, пілуе дрэвы, працуе ад цямна да цямна без адпачынку" і "многа людзей там памірае ад такога жыцця"…

Пра чытанне Маўр пісаў: "Затым мы натрапілі на новыя імёны аўтараў. Фенімор Купер, Жуль Верн, Густаў Эмар, Луі Жаколіо, Бусенар, Хагард і яшчэ некалькі такіх "самых лепшых" пісьменнікаў паказалі нам усе куткі зямлі. Нават Вялічка часта мяняў сваіх герцагінь на нашых паляўнічых".

Версіі 1960 і 1975 гг. цікавых для нас фрагментаў не адрозніваюцца, акрамя аднаго месца: "Цяпер мы ўжо жылі разам з паляўнічымі, сква[т]эрамі, шукальнікамі золата і ўсялякіх прыгодаў. Мы радаваліся кожнаму стрэлу, якім наш герой забіваў беднага індзейца, і плакалі, калі індзеец помсціў свайму ворагу, здзіраючы з яго галавы скальп". (Мы дадалі літару "т" у адно са слоў таму, што "скваэры", нават калі так пісаць слова сквайры (а так зроблена ў версіі 1975 г. - т. 3 "Збору твораў"), кепска ўпісваюцца паміж паляўнічымі і шукальнікамі золата, затое лагічнае знаходжанне паміж імі "скватэраў", па-сучаснаму (пасля 2008 г.) скватараў.)

Праз некалькі старонак, у раздзеле "Нашы камерцыйныя сувязі", ужо "бліжэй да жыцця": "Асабліва важнымі для мяне былі вінчэстэры і штуцэры, і я не адзін год ламаў сабе галаву, якую з гэтых стрэльбаў выбраць для свайго падарожжа. У Купера белыя паляўнічыя вельмі добра забівалі індзейцаў з вінчэстэра, а ў Майна Рыда з няменшым поспехам забівалі неграў з штуцэра".

Калі Маўр пачынаў пісаць "Сына вады", "Чалавек ідзе" і "У краіне райскай птушкі" ўжо былі яго здабыткам. Творчы метад, ужыты пры стварэнні гэтых твораў, дазваляў Маўру пераносіцца ў іншыя часы і месцы Зямлі; Маўр не быў падарожнікам, але прафесія настаўніка геаграфіі і гісторыі, яго фантазія і пісьменніцкі талент дазвалялі яму ўвасабляць набытыя з кніг веды ў мастацкія сюжэты. Як і іншыя творы "экзатычнага цыклу", "Сын вады" абавязаны сваім з'яўленнем школе: Маўр павінен быў расказаць вучням пра Вогненную Зямлю і раптоўна адчуў, што "дакладная" інфармацыя ператвараецца ў яго розуме ў мастацкі расповед пра прыроду і людзей самага паўднёвага населенага кавалка планеты.

Апублікаванай у 1926-1927 гг. аповесцю "Чалавек ідзе" зацікавіўся Цішка Гартны, дырэктар дзяржаўнага выдавецтва. У час " быццам бы выпадковай іх гутаркі пра беларускую літаратуру ўвогуле і аб прыгодніцкім жанры ў ёй у прыватнасці", Гартны заўважыў, што не можа "ўгаварыць" ніводнага пісьменніка напісаць прыгодніцкую кнігу ў супрацьвагу таму, "старому", што даводзіцца чытаць у школах, асабліва вясковых. І прапанаваў у наступных словах, як іх перадае А. Міронаў: "Паглядзі на карту, падумай, аб чым бы табе самому захацелася школьнікам расказаць. Не аб амерыканскіх індзейцах і траперах: пра іх у Рыда і Купера дастаткова... І не аб прыгодах дзеля прыгод, а з дабаўленнем істотнай дозы сацыяльнага сэнсу. Каб чытачы адразу адчулі: кніга напісаная савецкім аўтарам, яшчэ лепш - нашым, беларускім. Як гэта зрабіць - падказваць табе, знаўцу гісторыі геаграфіі, не бяруся". (Ва ўспамінах А. Міронава ёсць недакладнасці і неадпаведнасці рэальнаму стану рэчаў, напрыклад, ён называе 1927-ы як год выдання "Сына вады", а Цішку Гартнаму прыпісвае ўказанне на чытанне дзецьмі "зусім не бліскучых перакладаў" Майн Рыда, Верна і Купера не толькі на рускую, але і на беларускую мову - на апошняй яны тады яшчэ не выходзілі.)

Важна высветліць крыніцы інфармацыі для напісання аповесці - як вогнезямельцы былі прадстаўленыя ў даступнай літаратуры. З прычыны знішчэння ў час вайны бібліятэкі пісьменніка і адсутнасці сведчанняў знаёмых і сяброў Маўра, узнавіць усе крыніцы, якімі мог карыстацца стваральнік "Сына вады", не ўяўляецца магчымым. Вядома, што дома ў яго былі кнігі Міклухі-Маклая, Іоніна, Белінсгаўзена, Галаўніна, Кука і працы іншых падобных непасрэдных назіральнікаў вогнезямельцаў або тых, хто знаходзіўся ў раёне паўднёвага краю амерыканскага кантынента. Да сярэдзіны 20-х гадоў у свеце існавала вялікая колькасць крыніц, з якіх можна было чэрпаць інфармацыю пра вогнезямельцаў. Але крыніц на замежных мовах, даступныя Маўру, мы не ведаем (не ведаем і канкрэтных прыкладаў меркаванага атрымання Маўрам тэкстаў пра Вогненную Зямлю на эсперанта). Калі выказваць меркаванні пра выкарыстаныя творы, то найбольш верагоднай, акрамя ўжо названых кніг з асабістай бібліятэкі, уяўляецца адаптацыя звестак з кнігі М. А. Рубакіна "Самыя дзікія людзі на зямлі. Апавяданне аб халодным поўдні" (набытая А. Снітко, трапіла ў Гомель і натхняла нас у гады нашай індзеянісцкай маладосці). Гэты твор вядомага папулярызатара, сам напісаны як наследаванне, выклікае думку пра перайманне. Ён быў даступны ў як у да-, так і паслярэвалюцыйных выданнях (напрыклад, СПб., 1905, Пг., 1919, М., 1919). У дыпламата А. Іоніна, як і ў Дарвіна, можна знайсці матыў падарожжаў вогнезямельцаў на еўрапейскіх караблях, аж да берагоў Старога Свету.

Янка Маўр, верагодна, не звязваў з вогнезямельцамі імёны Г. Форстэра, К. Г. Насаў-Зігенскага, І. Дамейкі, якія бывалі як у Амерыцы, так і ў Літве-Беларусі, і такія факты, як пераклад У. Кавалеўскім Дарвіна, з "беларуска-індзейскай" спадчынай, тым больш імя С. Рысінскага (мова "магеланаў", якую, паводле яго або Я. Парэцкага, які выявіў цікавасць Рысінскага да індзейскіх моў, таксама трэба вывучаць). Маўр мог не быць у курсе і найноўшых даследаванняў.

Нічога не вядома наконт таго, ці бываў Янка Маўр у Музеі антрапалогіі і этнаграфіі ў Пецярбурзе, Петраградзе або Ленінградзе да або пасля напісання аповесці. Верагодны зварот Маўра па тэме Вогненнай Зямлі да энцыклапедычных даведнікаў, напрыклад, "Энцыклапедычнага слоўніка" Бракгаўза і Эфрона, які быў у яго хатняй бібліятэцы. Існавалі і вузкаспецыялізаваныя рускамоўныя і польскамоўныя публікацыі ў часопісах за апошнія дзесяцігоддзі. Не выключана, але малаверагодна выкарыстанне ім спецыяльных рускіх і польскіх "вогнезямелезнаўчых" прац, такіх як "Прырода Вогненнай Зямлі" (1899), "Нататкі аб флоры Вогненнай Зямлі" (1899) і (пасмяротна - пражыў толькі 31 год) "Вопыт параўнаўчага вывучэння флоры Вогненнай Зямлі", М., 1904 (з франц. "Essai de flore raisonnаe de la Terre de Feu",1902) М. Альбава ў "Землеведении", "Індзейцы Вогненнай Зямлі" (Wszechswiat, т. 12, 1893) Ю. Семірадcкага.

Вогнезямельцы ў беларускім друку прысутнічаць як мінімум з першай паловы 20-х гг. Адна з першых згадак "жыхароў Вогненнай зямлі" ў выданнях на тэрыторыі Беларусі была ў рускім перакладзе кнігі Г. Гарпудэра "Узнікненне і развіццё гаспадаркі" (М. - Гомель, 1924), дзе пра іх пішацца са спасылкай на Р. Фіцроя. Беларускамоўныя крыніцы ўключалі кароткую даведку пра "Агняземцаў" у падручніку Смоліча і Азбукіна "Геаграфія па-заеўрапейскіх краёў (Азія, Афрыка, Амерыка, Аўстралія, Акіянія, Антарктыда)" (1925).

ВАРШЭВІЧ Юзаф - батанік, ураджэнец "Літвы", які з усіх "польскіх" падарожнікаў беларускага і літоўскага паходжання аб'ехаў, верагодна, адзін з найбольш вялікіх "набораў" лацінаамерыканскіх краін. Пачаў свае зборы для берлінскага батанічнага саду ў 1844 г. з Гватэмалы. Другой яго мэтай было вывучэнне магчымасці вырошчвання ў пэўных раёнах ядомых раслін. Перайшоўшы ў Мексіку, на Юкатан, ён зноў вярнуўся ў Гватэмалу і потым праз Сальвадор, Гандурас, Нікарагуа, Коста-Рыку, Панаму, Эквадор і Перу дасягнуў Балівіі. Экспедыцыю вучонага-адзіночкі, якая мела заалагічныя, батанічныя і агульнапрыродазнаўчыя вынікі, высока ацаніў А. Гумбальт, а Садовае таварыства Англіі ў год яго вяртання з яе (1850), прапанавала яму новую праграму даследаванняў. Да 1853 г. Варшэвіч вывучаў флору і фаўну Калумбіі, Венесуэлы, Брытанскай Гвіяны, Бразіліі, Перу, Балівіі, Чылі, закончыўшы падарожжа ў Патагоніі.

Персаналія дагэтуль праблематычная па паходжанні продкаў Варшэвіча. Але кожнае з'яўленне падобных артыкулаў разглядаем як імпульс для іншых паглыбіцца ў генеалогію важных, але малавядомых герояў.

Літ.:

4187 Slabczynski W. Polscy podroznicy i odkrywcy. Warszawa, 1973.

3834 Slabczynski W. Polscy podroznicy i odkrywcy / wyd. 2, zmienione (Z poprawkami T. Slabczynskiego). Warszawa, 1988.

ЖАЛЯЗОЎСКІ Анатоль - яго рэпартаж пра двухтыднёвае наведванне Нікарагуа мае элементы, якія суадносяцца з яго мінулым: нарадзіўся ў сям'і рабочага - і з сімпатыяй піша пра рабочы люд Нікарагуа, у яго шмат цёплых слоў пра народнага лідара Сандзіну; працаваў трэнерам у аршанскай дзіцячай спартыўнай школе, а пазней быў начальнікам аддзела прапаганды і выхаваўчай работы Спорткамітэта БССР, - у тэксце рэпартажу сустракаецца прозвішча трэнера М. Кужукіна, звязанага з Днепрапятроўшчынай, які трэніраваў зборную Нікарагуа па лёгкай атлетыцы; быў загадчыкам аддзела Віцебскага абкама ЛКСМБ, інструктарам у апараце яго ЦК - гэта, як і тое, што працаваў у Беларускім савеце па турызме, у Менскім турбюро падарожжаў часткова тлумачыць даручэнне яму ролі госця і яго кантакты ў Нікарагуа. З 1987 г. быў дырэктарам Дома літаратара, з 1990 г. - намеснікам старшыні СПБ.

"Асноўныя інтарэсы аўтара засяроджаны на раскрыцці маральна-этычных праблем жыцця сучасніка", што адлюстроўваюць і назвы яго твораў: "Пералом" (1981), "Горкі хлеб" (1985), "Іду на канфлікт" (1990).

Слова "індзейцы" гучыць у яго ў дачыненні да гісторыі, але ён пару разоў указвае на расавую прыналежнасць сустрэтых асоб выразамі "смуглатварыя" і "смуглацелыя" - так ён піша найперш пра дзяцей, колер скуры якіх найлепш характарызуе расавы тып нікарагуанскай нацыі: "У захламленым дворыку гулялі ў пяску два смуглатварыя хлапчукі". "У пяску, каля дзвярэй, поркаліся і гулялі напаўголыя, прыгожыя і смуглацелыя дзеці з вішнёвага колеру вачыма" (тут - пра наведванне ветэрана Андрэса разам вадзіцелем Рыкарда Коса Медранай) . "Смуглатварыя, басаногія, з пакорлівымі чыстымі вачыма", - ужо адносіцца да белетрызаванага Анатолем партрэта (хатняй атмасферы) Вісэнтэ Мендыёлы ("Мендьола"), яго перакладчыка. З апошнім і Хамілем Суньігай ("Ямиль Сунига") ён сустракаўся з пісьменнікам і палітычным дзеячам Эрнэста Кардэналем. (Жалязоўскі таксама піша пра адну гістарычную "смуглатварую прыгажуню", якая "засталася ў памяці людзей і гісторыі "вечнай удавой і нявестай генерала Сандзіны"".)

Калі дадаць сюды Марысаль Марын з Саюза сандзінісцкай моладзі і загадчыка аддзела Інстытута спорту Хасэ Маліна, то мы пералічылі ўсіх з названых па імені Анатолем Жалязоўскім, каго ён сустракаў асабіста.

Літ.:

1262 Железовский А. Сандино вчера, сегодня, всегда! // Знамя юности. 1988. 26 янв., 27 янв., 29 янв., 2 февр. (Никарагуанский репортаж. Ч. 1-4.)

5200 Жалязоўскі А. На зямлі генерала Сандзіны // Полымя. 1988. Чэрв. № 6. С. 140-156.

1692 Нікарагуа: Вораг не пройдзе! // Гомельская праўда. 1985. 19 верас.

1106 Вяртанне нікарагуанскіх індзейцаў // Гомельская праўда. 1986. 23 верас.

2140 Чыгір М. Новая канстытуцыя Нікарагуа // Звязда на меліярацыі Палесся. 1987. 15 студз.

1973 Сотні індзейцаў міскіта, арганізаваных у атрады народнай міліцыі […] // Звязда. 1987. 10 крас. ("…гатовы даць рашучы адпор любым спробам унутранай і знешняй контррэвалюцыі сарваць узброеным шляхам працэс прадастаўлення аўтаноміі атлантычнаму ўзбярэжжу Нікарагуа" (Пульс планеты / Радкi з тэлеграм. Манагуа).)

863 Автономия индейцам (Манагуа) // Сельская газета. 1987. 4 сент.

859 Аб дэмакратызацыі ў Нікарагуа // Звязда. 1987. 4 студз.

1690 Никарагуа: Автономия индейцам // Советская Белоруссия. 1987. 21 апр.

1691 Никарагуа: Возвращаются беженцы (Манагуа) // Советская Белоруссия. 1988. 27 апр.

1818 Препятствуют возвращению беженцев // Сельская газета. 1988. 6 мая.

1817 Препятствуют возвращению (Манагуа) // Советская Белоруссия. 1988. 6 мая.

813 Нікарагуа // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. Т. 7. Мн., 1973. С. 513-514.

5824 Нікарагуа // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11. Мн., 2000. С. 337.

5527 Манагуа // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10. Мн., 2000. С. 56.

КУЗНЯЦОЎ Павел - рускамоўны матэрыял "Панама вачыма беларуса" мае падзагаловак "Касмапалітычны горад хмарачосаў і трушчоб, дзе "квадрат" самага таннага жылля абыходзіцца ў $ 1,2-1,5 тыс." - і ён не абмяжоўваецца толькі сталіцай.

Павел Кузняцоў, генеральны дырэктар Цэнтра гандлю нерухомасцю "ПАКАДАН", член Беларускай асацыяцыі "Нерухомасць" і Міжнароднай федэрацыі прафесіяналаў рынку нерухомасці FIABCI, - дзякуючы яго ўдзелу ў кангрэсе апошняй у Панаме з'явілася гэтае апісанне не толькі з прафесійнымі дэталямі, але крыху і этнаграфічнымі. Датуецца 13.06.2016, падрыхтавала Алена Маслоўская.

Апісанне культурнай праграмы ўключала ўражанні з вакна: "- Многіх удзельнікаў кангрэса, у тым ліку і мяне, пасялілі ў гатэлі RIU Plaza. Гэта дастаткова новы, сучасны сеткавы гатэль 5*. Але затым, пасля заканчэння афіцыйнай часткі кангрэса, мы пераехалі ў гатэль класа "люкс" амерыканскага мільярдэра Дональда Трампа Trump Ocean Club".

"З тэрас і вокнаў гатэля адкрываецца цудоўны панарамны від на Панамскі заліў. Я жыў на 41-м паверсе. Стоячы каля вакна, складалася ўражанне, што да аблокаў можна дацягнуцца рукой. А з некаторых паверхаў, у тым ліку і з бара на 66-м паверсе, здавалася, што аблокі на небе плывуць ніжэй за сам гатэль".

У канцы інтэрв'ю - маленькі раздзел "Індзейцы ў джунглях вядуць натуральную гаспадарку", які пачынаецца словамі: "- Для ўдзельнікаў кангрэса быў арганізаваны тур у індзейскую [у арыгінале - индийскую] вёску. Індзейцы частавалі нас вельмі смачнай рыбай і аладкамі з бананаў".

Тут Павел практычна проста каментуе здымкі індзейцаў і іх жытла - кароткі расказ служыць подпісамі пад фота з яго асабістага архіва, якія адлюстроўваюць паездку да індзейцаў, а некаторыя з іх маюць проста кароткія подпісы: "Месца высадкі турыстаў"; "Пачатак вандроўкі"; "Сцежка"; "Вадаспад"; "Правадыр племя"; "Сын правадыра").

"Сем'і жывуць у буданах і зарабляюць грошы толькі ад продажу рознага роду вырабаў. Іх вырабляюць у асноўным мужчыны. Жанчыны рыхтуюць ежу і нароўні з мужчынамі выконваюць усе астатнія работы ў вёсцы.

У сем'ях шмат дзяцей, і ўсе яны выглядаюць вельмі здаровымі. Для індзейцаў увялі абавязковую пачатковую адукацыю. Але ў нас склалася такое адчуванне, што дзеці больш любяць плёскацца ў вадзе, чым хадзіць у школу.

У большасці выпадкаў галоўную ролю ў сем'ях належыць мужчынам. Толькі бліжэй да Калумбіі ёсць некалькі плямён, дзе пануе матрыярхат.

Індзейцы размаўляюць на сваёй мове плямён. Часцяком, жывучы на розных берагах ракі, не разумеюць адзін аднаго".

Літ.:

8694 Сенкевич Г. Фонарщик на маяке: рассказ из жизни маячного сторожа в Панамском канале // Светочи моря: необычайные рассказы из жизни маячных сторожей разных стран и народов. М.; Л., 1923. С. 19-40.

1752 Панамские врачеватели // Советская Белоруссия. 1987. 10 июня.

1753 Панамскія лекары // Чырвоная змена. 1987. 28 ліп.

5197 Задко В. Панамские врачеватели // Знамя юности. 1987. 19 авг. С. 3. (Усё лета беларускі друк поўны інфармацыі пра панамскіх індзейскіх знахароў - пра "рэгулярнае кваліфікаванае лячэнне ўвогуле гаворкі няма".)

1751 Панама: Акулы-убийцы // Советская Белоруссия. 1989. 5 июля.

ПАЛУЯН Ігар - быў на дыпламатычнай службе з 1994 г., кіраваў прэс-службай, аддзелам Лацінскай Амерыкі МЗС Рэспублікі Беларусь. З лістапада 1999 г. да лістапада 2002 г. быў дарадцам Пасольства ў Аргенціне (1999-2002), паслом на Кубе (2002-2008), намеснікам начальніка ўпраўлення Амерыкі МЗС і, нарэшце, паслом у Эквадоры і па сумяшчальніцтве ў Калумбіі, Панаме і Нікарагуа (1914-2019).

Дастаткова паглядзець на фота Luis Alberto Molina Cuadra, дастаткова смуглага Orlando Solorzano, падобнага на самба Ivan Acosta Montalvan, проста Івана, каб зняць пытанне, ці сустракаўся беларускі пасол Палуян з індзейцамі. Тым больш што Лаўрэана Артэга - гэта сын Даніэля Артэгі, метысны статус якога не патрабуе доказаў. Немагчыма пабываць у Нікарагуа, не сустрэўшыся з індзейцамі, метысамі або самба. На жаль, за Нікарагуа замацаваўся імідж працягла нестабільнай, праблематычнай краіны - і да, і пасля часоў апошняга Самосы, але метыс Даніэль Артэга, які кіраваў ёй у "самыя розныя часы", выклікае ў многіх стойкую сімпатыю проста як настойлівы чалавек. Тым не менш, абмежаванасць не мае меж і колеру скуры. У мінулым мы спрабавалі выслухаць і апанентаў, хіба толькі не афіцэраў-самосаўцаў, што звычайна выклікала незадаволенасць і халоднасць у далейшых адносінах з "другога боку". Менавіта таму дыпламатыя і ўдзельнікі розных форм палітычнага супрацьстаяння так часта выклікаюць іранічны недавер "па прынцыпе ўзаемнасці". Але былі і прыклады сур'ёзнага, аб'ектыўнага, высакароднага падыходу.

Такім чынам, паведамленне МЗС "Аб паездцы Пасла Беларусі І. Палуяна ў Нікарагуа" 6.12.2016 г. (крыніца: https://mfa.gov.by/be/press/news_mfa/b292c8c8afa8a7d5.html):

"1-3 снежня 2016 г. адбылася рабочая паездка Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Эквадор Ігара Палуяна ў Нікарагуа.

У рамках паездкі ў г. Манагуа адбылася сустрэча Пасла Беларусі з намеснікам Міністра замежных спраў Нікарагуа Луіс Маліна Куадра, Дарадцам Прэзідэнта Нікарагуа па інвестыцыях Лаўрэана Артэга, Міністрам фінансаў Іванам Акоста і Міністрам развіцця, прамысловасці і гандлю Арланда Саларсана.

Абмеркаваны пытанні паглыблення міждзяржаўнага дыялогу на вышэйшым і высокім узроўнях, актывізацыя гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва, нарошчванне аб'ёму паставак беларускіх трактароў і іншай сельскагаспадарчай тэхнікі ў Нікарагуа, удзел беларускіх спецыялістаў у механізацыі сельскай гаспадаркі краіны. Асаблівую ўвагу бакі надалі пытанням правядзення ў 2017 годзе трэцяга пасяджэння Беларуска-Нікарагуанскай сумеснай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, наладжвання ўзаемадзеяння ў галіне папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, развіцці дагаворна прававой базы двухбаковых адносін".

Літ.:

3290 У Гомелі знайшлі што адказаць Жаку Шыраку // Гомельскія ведамасці. 1995. 29 верас. С. 2. (Народная дыпламатыя. БІТ, іншыя гомельскія арганізацыі, а таксама "вялікая група мнагадзетных сем'яў" выказалі заклапочанасць паводзінамі Францыі ў Ціхім акіяне.)

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Крэскі да біяграфіі акадэміка Аркадзя Мігдала

Леанід Лаўрэш

Самыя розныя крыніцы кажуць нам, што вядомы фізік, акадэмік Аркадзь Мігдал нарадзіўся 11 сакавіка 1911 г. у горадзе Лідзе. Мяне заўсёды трошкі здзіўляла немагчымасць знайсці нейкую інфармацыю пра лідскі перыяд жыцця навукоўца ці яго сям'і, ніхто з лідзян ніколі не згадваў пра яго сваякоў і, здаецца, ён сам ніколі і нікому не расказваў пра гэты перыяд свайго дзяцінства. За некалькі дзясяткаў гадоў сваіх пошукаў я знайшоў толькі некалькі аскепкаў інфармацыі, з якіх, аднак становіцца зразумелым, што лідскі перыяд жыцця для сям'і акадэміка быў цалкам выпадковым і не надта прыемным.


У 1908 ці 1910 гг. слуцкі чыноўнік з універсітэцкай адукацыяй Рыгор Скурат напісаў гумарыстычную паэму пад назвай "Файнбергада", якая, не маючы ніякіх мастацкіх вартасцяў, спадабалася сучаснікам сваімі досціпамі і хадзіла сярод гараджан у спісках, а некаторыя з случакоў нават ведалі яе на памяць 1. Героямі паэмы былі рэальныя гараджане Слуцка таго часу - у ёй распавядалася пра "вышэйшае грамадства" горада, якое бавіла свой час у будынку дваранскага сходу. Сярод герояў паэмы быў і ўладальнік гарадскога паравога млына Файнберг Савеліч (па яго прозвішчы паэма і атрымала сваю назву), героямі гэтай сатырычнай паэмы быў Крупскі - памешчык, дзед Надзеі Крупскай (жонкі Леніна), Бярозка - бацька рускага пісьменніка Георгія Бярозкі - аўтара шырока вядомага ў свой час рамана "Ночь полководца" і Бейнус Мігдал - слуцкі "габсэк"-ліхвяр.

Дзеянне паэмы пачынаецца на парозе дома Файнберга, які вечарам спяшаецца ў дваранскі клуб, дзе яго чакаюць сябры па гульні ў карты і заканчваецца позна ноччу на прыступках таго ж клуба. Файнберг садзіцца за картачны стол і пачынае гуляць, прычым адным з яго кампаньёнаў з'яўляецца ліхвяр "масціты Мігдал", якому большасць з прысутных ўжо пазакладала сваю маёмасць - у паэме маюцца наступныя радкі:

…Туда, куда едут с уезда паны,

Но больше играют уже на штаны…

Имения все уж давно у Мигдала,

А с ними и панская слава пропала.

У 1910 г. Мігдал праз ліхвярства даводзіць "вяршкі" слуцкага грамадства да таго, што яно вырашае забіць яго, і толькі своечасовыя ўцёкі ў Карэлічы ратуюць бацьку будучага акадэміка 2.

Пагроза была рэальнай, бо Бейнус Мігдал не вярнуўся ў Слуцк і, пакінуўшы гэты горад, пасяліўся ў Лідзе, дзе ў 1911 г. і нарадзіўся яго сын Аркадзь Мігдал. Аднак несуцішная энергія і прага да грошай Мігдала-бацькі ўжо у 1913 г. прыводзіць яго на лаву падсудных. З газеты "Віленскія губернскія ведамасці" даведваемся, што 5 лютага 1913 г. выязная сесія Віленскага акруговага суда "у яго часовым памяшканні ў горадзе Ліда [будзе слухаць справу] гараджаніна Бейнуса Хаімавіча Мігдала, абвінавачанага па 572 артыкуле Статута аб пакараннях" 3. З артыкула аб пакараннях бачна, што Мігдал-бацька "пагарэў" на нейкіх афёрах з лесам.

Аркадзь Мігдал практычна нічога не паведамляў пра сваю сям'ю. З яго слоў вядома, што ў 1920-я гг. Мігдалы пераехалі ў Пецярбург, таму, верагодна, у 1915 г. падчас бежанства Першай Сусветнай вайны Мігдалы пакінулі Ліду. Пра свайго бацьку ў анкетах акадэмік паведамляў, што той быў землеўпарадчыкам у Лідзе. Аднак, у даведачных кнігах такога землеўпарадчыка няма, і, улічваючы нацыянальнасць Бейнуса Мігдала, у Расійскай імперыі для яго гэта было, верагодна, немагчыма.

Першую сваю навуковую работу Аркадзь Мігдал выканаў, працуючы лабарантам у школе ва ўзросце 17 гадоў. Потым ён паступіў на фізічны факультэт Ленінградскага ўніверсітэта, але правучыўся нядоўга - быў арыштаваны і звыш двух месяцаў знаходзіўся пад следствам, пасля чаго адпушчаны на волю (тады яшчэ часам адпускалі). З 1931 па 1936 г., працаваў інжынерам-разлікоўцам на заводзе "Электрапрыбор", дзе выканаў некалькі навуковых работ. У гэты час яму ўдалося аднавіцца на вячэрняе аддзяленне ЛГУ і пасля заканчэння ўніверсітэта ў 1936 г., будучы акадэмік паступіў у аспірантуру ЛФТІ - гэтак пачаўся яго шлях у вялікую навуку.

Калега-фізік Мігдала Мірон Амус'я, які дастаткова блізка ведаў акадэміка, пісаў: "Баюся, Мігдал не ведаў, што яго прозвішча ў перакладзе з іўрыту азначае "вежа". … Ён казаў мне, што прозвішча яго дзеда была Мігдалаў, г.зн. даўно была русіфікавана, але потым вярнулася да першапачатковага" 4. Але, здаецца, калега акадэміка нешта пераблытаў і прозвішча сваякоў Мігдала русіфіцыравалася ўжо ў Ленінградзе. Сярод спісу загінуўшых яўрэяў-блакаднікаў ёсць верагодны родны дзядзька фізіка - Мігдал Ізраіль-Давід Хаймавіч (1872-1942) і яго верагодны брат - Мігдалаў Яфім Бяйнусавіч (1902-1942) 5. Таму можна выказаць здагадку, што ў свой час у Ленінград пераехала ўся вялікая сям'я будучага акадэміка.

Нягледзячы на змену прозвішча сваякоў і на тое, што сам Аркадзь Бяйнусавіч афіцыйна пісаўся Бенядыктавічам, па словах Мірона Амус'і, ён лічыў сабе яўрэем і заўсёды цікавіўся яўрэйскай культурай 6, што не можа не выклікаць павагу.

1 Паэма была надрукаваная толькі ў 1988 г. у газеце "Шлях Ільіча" ад 26 сакавіка.

2 Ціткоўскі Ігар. Слуцкая "Файнбергада" і яе героі: памяці слуцкага краязнаўцы Рыгора Родчанкі// Полымя. 2009. № 10. С. 198-200.

3 Виленские губернские ведомости. № 6, 19 января 1913. С. 4.

4 Мирон Я. Амусья, Атомные ядра, пионная конденсация и кое-что ещё. К столетию со дня рождения Аркадия Бейнусовича Мигдала // Семь Искусств. 2011, март. С. 35.

5 Галёркин Наум. Список погибших в годы блокады Ленинграда во время Второй мировой войны евреев и лиц, носящих еврейские имена и фамилии. Препринт: Иерусалим. 2013. // https://infoportal.co.il/iportal/Our_Projects/JBLWS/List/Blokadniki_list_00015609-025548.3.htm

6 Мирон Я. Амусья, Атомные ядра, пионная конденсация и кое-что ещё. С, 34-37.

160 гадоў з дня нараджэння фалькларысткі і этнографа БІРУТЫ (Амеліі Даравінскай, 1863 - 1891)

Нарадзілася ў Ройсталях, за мілю ад Вільні. Адукацыю атрымала ў Варшаве. Настаўнічала, запісвала беларускі фальклор і вяла этнаграфічныя даследаванні Лідскага павета. Адной з першых публікацый за подпісам "Бірута" стаў этнаграфічны нарыс "Дажынкі на Літве". Прадстаўлены ў ім матэрыял быў запісаны ў вёсцы Шаўры Лідскага павета. Бірута намалявала падзеі апошняга дня жніва, калі жнеі і касцы, скончыўшы справы, вярталіся ў панскі двор, дзе на расстаўленых сталах іх чакалі пачастункі. Неўзабаве ёю было апублікавана некалькі паданняў: "Сосны ў Лідзе" і "Пра касцёл святой Ганны ў Вільні". На матэрыяле з Ваўкавыскага павета было складзена "Паданне пра Пілакальскую гару". Найбольш значная публікацыя - "Беларускія песні з Лідскага павета" ў часопісе "Збор вестак да айчыннай антрапалогіі" (1892 г.), куды ўвайшло 25 тэкстаў.

Усяго 28 гадоў пражыла яна, старанная і сціплая працаўніца. Памерла ад хваробы сэрца 27 ліпеня 1891 г. у Варшаве і пахавана на Павонзках. Пасля яе засталося багата рукапісаў і сярод іх "Апісанне Лідскага павета".

СОСНЫ ЛЯ ЛІДСКАГА ЗАМКА

На схіле ўзгорка, нібы падпіраючы замак, растуць дзве шматгадовыя сасны. Яны захаваліся дзякуючы пашыранаму сярод гараджан і навакольных жыхароў перакананню, што выраслі не на раслінным соку, а на крыві.

Здарылася гэта быццам яшчэ ў часы, калі ў Літве панавала язычніцтва. Прыйшлі сюды дзевяць манахаў-францысканцаў прапаведаваць хрысціянскую рэлігію. Аднак ліцвіны, не жадаючы прымаць хрысціянства, забілі гэтых місіянераў, а іх трупы ўкінулі ў яму на схіле Лідскага замка. На гэтым месцы, не сеяныя і не саджаныя, выраслі дзве сасны, якіх ліцвіны, ужо стаўшы католікамі, не чапалі. Але вось аднойчы хтосьці адсек галінку і з яе выступіла кроў. З той пары ніхто ўжо не адважваўся ўзняць сякеру на гэтыя дрэвы..

Аднак сёння тых соснаў няма.

Алесь Хітрун. Малюнак Язэпа Драздовіча.

Засеўкі на Лідчыне далі старт вясновым работам

У палі выйшлі і людзі, і тэхніка. Іспыт на трываласць, у якім важны кожны пагодлівы дзень, пачаўся. Аграрнікам давядзецца прыкласці ўсе высілкі, каб выканаць работы ў сціслыя агратэхнічныя тэрміны.

Сёлета абрад правялі на адным з палёў у ЛРСУП "Мажэйкава" - каля вёскі Більтаўцы. Тут сабраліся кіраўнік сельгаспрадпрыемства Тадэвуш Рахатка, старшыня прафсаюзнага камітэта працаўнікоў АПК Аляксандр Марсаў, механізатары, прадстаўнікі духавенства і артысты.

Тэкст Вольгі Капцевіч.

На палях КСУП "Ёдкі-Агра" таксама адбыўся абрад "Засеўкі". У абрадзе прыняў удзел старшыня мясцовага сельсавета Аляксандр Хвайніцкі.

Творчы калектыў Першамайскага Дома культуры таксама павіншаваў хлебаробаў.

ТК "Культура Лідчыны".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX