Папярэдняя старонка: 2023

Наша слова.pdf № 15 (67) 


Дадана: 12-04-2023,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 15 (67), 12 красавіка 2023 г.

Вербніца

Эдуард Акулін

Вербніца! Вербніца!

Крочу на імшу...

Верыцца - вернецца

Вера у душу!


Вербніца! Вербніца!

Вербная нядзеля!

Верыцца - вернецца

У душу Надзея!


Вербніца! Вербніца!

Свята родных слоў!

Верыцца - вернецца

У душу Любоў!


Вербніца! Вербніца!

Плачу і малю...

Верыцца - вернецца

Госпад на Зямлю!

9 красавіка 2023 г.

16 красавіка - Вялікдзень

Калі і дзе сыходзіць Дабрадатны агонь у 2023 годзе

Цуд спаслання Дабрадатнага агню адбываецца ў самым вядомым храме Ерусаліма, Храме Уваскрашэння Хрыстова, ці Труны Гасподняй. Лічыцца, што ён пабудаваны менавіта на месцы пахавання і наступнага ўваскрашэння Збаўцы. Галоўны алтар храма ўяўляе сабою мармуровую капліцу - Кувуклію. Яна збудавана над пячорай, дзе якраз і ляжала цела Езуса.

Сыходжанне Дабрадатнага агню ў Ерусаліме адбываецца ў Вялікую суботу, напярэдадні праваслаўнага Вялікадня. Колькі менавіта давядзецца чакаць спаслання Дабрадатнага агню, не ў сілах сказаць ніхто - гэта можа быць і пяць хвілін, і некалькі гадзін.

Сёлета праваслаўны Вялікдзень выпадае на 16 красавіка. Значыць, Вялікая субота прыпадзе на 15-е красавіка, менавіта ў гэты дзень у Ерусаліме і адбудзецца сыходжанне Дабрадатнага агню.

Паводле СМІ.

Пісанкі па-сапоцкінскім "рэцэпце", або як лідскія школьнікі спасцігалі сакрэты велікоднага роспісу яек

Упрыгожваць яйкі лічыцца ў вернікаў адным з важных элементаў падрыхтоўкі да Вялікадня. У Беларусі гэтай традыцыі прытрымліваюцца ўсе хрысціянскія канфесіі. Напярэдадні святаў у Лідскім цэнтры дзяцей і моладзі прайшоў майстар-клас па вырабе знакамітых сапоцкінскіх васкаванак, якія прызнаны нематэрыяльнай культурнай спадчынай краіны. Растоплены пчаліны воск, самаробныя стрыжанькі, слоік з фарбай і, канешне, крута звараныя яйкі - усё гэта спатрэбілася лідскім школьнікам для таго, как сваімі рукамі стварыць неверагодныя святочныя сувеніры.

- Дзеці, як звычайна ў вашых сем'ях упрыгожваюць яйкі на свята Уваскрашэння Хрыстова? - пытаецца настаўніца сярэдняй школы № 14 Алена Гаўрык, якую адмыслова запрасілі ў Лідскі цэнтр дзяцей і моладзі для правядзення майстар-класа па вырабе васкаванак. Алена Іванаўна нядаўна вярнулася з Менска, дзе праходзіла навучанне па роспісе яек, і цяпер з задавальненнем дзеліцца сваімі ведамі з вучнямі і калегамі.

- Мая бабуля акунае яйкі ў адвар з цыбулевага шалупіння!

- А мы набываем фарбу ў магазіне!

- А я ўпрыгожваю яйкі з дапамогай велікодных наклеек! - адказваюць дзеці.

- Сёння я пакажу вам, як робяцца васкаванкі. Гэта старажытная тэхніка прыйшла да нас з пасёлка Сапоцкін з-пад Гародні, дзе сакрэты аздаблення яек перадаюцца з пакалення ў пакаленне.

Перад тым, як прыступіць да справы, Алена Гаўрык зрабіла невялікі экскурс у гісторыю. Яна расказала, што раней роспісам яек займаліся выключна жанчыны. Да гэтай працы яны рыхтавалася доўга і карпатліва. Перад пачаткам працэсу пасцілі і малілася. Нашы продкі для гэтага выкарыстоўвалі натуральныя фарбавальнікі з пялёсткаў кветак, каранёў, лісця дрэў, кары дуба, шалупіння цыбулі. Яйкі, на думку нашых продкаў, неслі вельмі сур'ёзную інфармацыю, убіралі ў сябе адмоўную энергію. Таму дарыліся яны толькі сваякам і блізкім людзям. Кожны ўзор нёс у сабе пэўны сэнс і пажаданні. Пісанка з выявай рака прыцягвала дастатак і багацце, кветкі малявалі для жанчыны, якая хацела мець дзяцей. Ластаўкі азначалі прыход вясны, зярняты - урадлівасць, спіраль - доўгае жыццё. Але, бадай, самыя распаўсюджаныя арнаменты - гэта сонечныя знакі. Нашы продкі пры вырабе пісанак звычайна выкарыстоўвалі чатыры асноўныя колеры: чырвоны, жоўты, чорны, карычневы - адпаведна сімвалы агню (радасці), сонца, зямлі, урадлівасці. Дарэчы, сапраўдная пісанка не псавалася вельмі доўга. Жаўток і бялок проста высыхалі ўнутры. Ужо пазней з яйка пачалі шляхам праколу шалупіння выдаляць змесціва.

Але школьнікам так нецярпелася ўзяцца за работу, што настаўніца неўзабаве прапанавала прыступіць да яе. Васкаванне - працэс нанясення тонкім металічным прадметам кропкавага малюнка з гарачага воску на яйка да яго фарбавання. Таму для вырабу па такой тэхналогіі спатрэбяцца латок з яйкамі, бляшанка з фарбай, прылада для роспісу і расплаўлены воск. Важна, каб воск быў менавіта натуральны: таму купляюць яго ў пчаляроў альбо можна расплавіць васкавую свечку.

Асобна трэба сказаць пра інструмент для роспісу. Прылада не мудрагелістая, але на дарозе не валяецца. Трэба зрабіць яе самому. На канец драўлянай палачкі (можна алоўка) убіць цвік або шпільку. Тонкія лініі робяцца маленькай плешкай, а таўсцейшыя - большай. І не трэба марудзіць, каб воск не застыў. Цяпер застаецца ўключыць фантазію...

- Думайце пра нешта добрае, светлае, і рука сама пачне выводзіць узор, - падбадзёрвае сваіх вучняў Алена Іванаўна.

Нанесці ўзор воскам - гэта паўсправы. Наступны важны этап - афарбоўка. Юныя майстры па чарзе акунаюць свае васкаванкі ў посуд з фарбамі, а потым сушаць. Затым нанесены воск плавіцца пры дапамозе свечкі і сціраецца. На месцы васкавання застаецца незафарбаваны арнамент. Дарэчы, майстры раяць выкарыстоўваць белыя яйкі, бо ўзор на іх выглядае больш выразным.

Вучань сёмага класа Алесь Гурчын прызнаецца: справа не такая простая, як падалося спачатку, але вельмі займальная.

- Хочацца, каб было і сіметрычна, і прыгожа. Але замест узору з-пад стрыжня выходзяць крывыя лініі ці проста кропелькі воску. Тут, мабыць, шмат практыкавацца трэба. Зараз скончу ўпрыгожваць адно яйка і вазьмуся за другое. Абавязкова паспрабую паўтарыць гэта ў хатніх умовах, - засяроджана гаворыць Алесь.

Калі майстар-клас скончыўся, дзеці ўзяліся параўноўваць свае работы. Ніводнага паўтору! У адных атрымаліся каласкі, у другіх - сонейкі, а ў некага прасочвалася нават касмічная тэматыка. Усе пісанкі ўнікальныя, зробленыя з душой і фантазіяй. Свае рознакаляровыя шэдэўры школьнікі забралі з сабой, каб пакласці да святочнага стала.

Наталля Валканоўская. https://lidanews.by/news/molodezh/28759news.html

Птушкі - сімвалы Дабравешчання

7 красавіка адзначаецца Дабравешчанне па Юліянскім календары.

У народным календары свята лічыцца днём надыходу сапраўднай вясны. У гэты дзень чакалі прылёту з выраю буслоў. Паводле народных уяўленняў, каб Вырай не заставаўся пустым, Бог аддаў яго пералётным птушкам. А далятаюць да Выраю і вяртаюцца назад нібы толькі тыя птушкі, што не робяць ліха іншым.

Не выпадкова птушкі з'яўляюцца галоўнымі героямі каляндарна-абрадавых свят, асабліва вяснова-летняга цыклу. Іх паводзіны, першае з'яўленне вясной, пачатак і заканчэнне спеваў, будаўніцтва гнёздаў стваралі вялікую колькасць прыкмет, вераванняў.

Вобразы птушак - распаўсюджаная з'ява ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Іх выявы сустракаюцца на ручніках, хустках, посцілках, у народных строях, на аконных ліштваах, у разьбяных і гліняных вырабах. І, канешне ж, гэта вусная народная творчасць (казкі, легенды, загадкі, абрадавыя і пазаабрадавыя народныя песні і інш.), мастацкая літаратура.

ТК "Культура Лідчыны". На фотаздымках: вырабы народнай творчасці жыхароў Лідскага раёна розных гадоў.

"Час. Традыцыі. Вобразы"

Калі сонейка з горкі ў лецейка коціцца, цёплы дожджык палівае, гром пакрысе "пужае", ручай зямлю будзіць, поле кліча аратага, а вакол усё "красуецца для тых, хто не лянуецца" - дык гэта пра месяц красавік!!!

А які багаты народны каляндар у красавіку на святы! Гуканне вясны, Саракі, Камаедзіца, Дабравешчанне, Вербніца і Вялікдзень, Радаўніца (Радуніцкія Дзяды). Іх унутраны змест скіраваны на дабрабыт, моцнае здароўе, умацаванне адносін у сям'і, ушанаванне памяці сваіх продкаў, любоў да зямлі-матухны. Надзялялі гэтыя святы і глыбокім сакральным сэнсам праз пэўныя прадметы (вярба, яйка, "жаўрукі", лялька, ручнік), дзеянні (карагоды, заклікі, гушканні на арэлях), праз "стол", звароты да птушак, жывёл, нябеснага свяціла і інш.

Да сутнасці народных традыцый дакрануліся падчас канікул наведвальнікі з г. Ліды і Лідскага раёна ў атмасферна-этнаграфічнай гасцёўні музея "Час. Традыцыі. Вобразы".

Адкрывалі новае! Захапляліся! Здзіўляліся! Весяліліся!

ТК "Культура Лідчыны".

У Ружанах аднаўляюць капліцу святога Казіміра

Неўзабаве, як абяцаюць берасцейскія чыноўнікі, да турыстычных атракцый рэгіёна далучыцца яшчэ адзін адноўлены сакральны будынак - капліца святога Казіміра ў Ружанах Пружанскага раёна.

Мураванае збудаванне з чатырохкалонным порцікам на галоўным фасадзе і невысокім дахам эпохі класіцызму з'явілася ў Ружанах у канцы ХVІІІ стагоддзя. Храм аздаблялі ляпныя архітэктурныя дэталі фасадаў і інтэр'еру, але яны выглядалі стрымана. Капліца ўваходзіла ў комплекс базыльянскага кляштара і знешнім выглядам адпавядала свайму прызначэнню.

- І хоць помнік гісторыі і культуры адносна добра захаваўся для пабудовы яго ўзросту, асабліва хутка стаў разбурацца ў канцы мінулага - пачатку гэтага стагоддзя. Што і не дзіва: пабудова ніяк не выкарыстоўвалася, не значылася на балансе, - гаворыць старшыня Ружанскага сельсавета Аксана Юркоўская.

- У абарону помніка выказваліся прадстаўнікі грамадскасці, спецыялісты. Было некалькі спроб сабраць сродкі на рэстаўрацыю, і вось нарэшце фундатары знайшліся. З 2019 года мы займаліся гэтым пытаннем, зрабілі ўсе дакументы. А пазалетась рашэннем сесіі сельвыканкама капліцу перадалі на баланс рэлігійнай грамады прыхода Святой Тройцы, якая цяпер і выступае заказчыкам будаўнічых і рэстаўрацыйных работ.

Спецыялісты філіяла "Брэстрэстаўрацыя" ААТ "Белрэстаўрацыя" працуюць на аб'екце з сакавіка мінулага года.

Архітэктары адзначаюць добрую захаванасць асобных частак пабудовы. Напрыклад, алтар фактычна аказаўся непашкоджаны, засталіся элементы дэкору і карнізы. На франтоне будынка цалкам аднавілі крыж.

Сцвярджаецца, што рэстаўратары пастараліся захаваць як мага больш аўтэнтычных элементаў, і арыгінальныя бэлькі ўдалося часткова захаваць. Цяпер пачынаюць унутраную і знешнюю аздобу сцен.

Навуковы кіраўнік і галоўны архітэктар праекта філіяла "Брэстрэстаўрацыя" Святлана Корсунава гаворыць, што капліца стала адным з найцікавейшых аб'ектаў апошніх гадоў:

- Усё-такі будынак у параўнанні з тым жа Ружанскім палацам пацярпеў менш, хоць і быў у аварыйным стане.

Цагляную падлогу мы фактычна аднаўляем з сучасных матэрыялаў, захаваўшы толькі яе ідэю. А вось тынкоўка месцамі добра захавалася.

Яе аднаўляем на падставе фізіка-хімічных даследаванняў фарбы, якія праводзяць спецыялісты нашай лабараторыі і лабараторыі Берасцейскага тэхнічнага ўніверсітэта.

Завяршыць усе работы плануецца гэтым летам.

Паводле СМІ.

Урачыстасці падчас кананізацыі Св. Казіміра ў Вільні

Валяр'ян Харкевіч

Калі пры свеце дня 4 сакавіка 1484 г. свае вочы заплюшчыў каралевіч Казімір, паўсюдная жалоба, боль і смутак ахінулі ўсю Польшчу і Літву. І адначасова нарадзілася вера, што каралевіч, якому не было дадзена ўзяць скіпетр на зямлі, возьме скіпетр уладара душ, стане патронам і заступнікам Літвы.

Ужо пры жыцці каралевіча яго называлі святым і ніхто не сумняваўся, што пасля развітання з гэтым светам ён яшчэ мацней злучыцца з народам, які адчуваў у Казіміры святасць, шчыра і глыбока шанаваў яго. Шчырыя малітвы, якія ішлі з глыбіні сэрцаў, атачалі труну святога. Каб падаць прыклад падпарадкавання Божай волі і ўказаць як належыць паводзіць самаму вернаму слузе Найсвяцейшай Панны, яго бацька, Казімір Ягелончык разам з жонкай Альжбетай і сынамі Янам Альбрэхтам, Жыгімонтам і Фрыдрыхам, запісаліся ў шэрагі брацтва Найсвяцейшай Панны пры Кракаўскім касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Пасля пахавання ў каралеўскай капліцы віленскай катэдры, магіла каралевіча стала месцам пілігрымак. На ёй здзяйсняліся цуды.

Таму нічога дзіўнага, што распачаліся намаганні аб кананізацыі каралевіча. Браты святога Казіміра, каралі Аляксандр і потым, Жыгімонт І, - у 1501 і 1520 гг. дасылалі ў Рым слыннага пралата (потым біскупа) і знакамітага дыпламата Эразма Цёлка.

Папа Леў X цалкам зычліва паставіўся да справы кананізацыі каралевіча і вызначыў адмысловую камісію, каб даследаваць справу і падрыхтаваць матэрыялы да кананізацыі. На працягу года гэтая камісія закончыла сваю працу і ў 1521 г. на тайнай кансісторыі папа далучыў Казіміра да ліку святых.

Акт кананізацыі быў зацверджаны адпаведнымі дакументамі, якія атрымаў біскуп Эразм Цёлак. Здавалася, справа атрымала добры вынік, але здарылася няшчасце, якое адклала кананізацыю Казіміра амаль што на 80 гадоў. Біскуп Цёлак раптоўна памёр у Рыме - ён стаў ахвярай эпідэміі, лютаваўшай у той час у Еўропе. Дакументы, якія ён меў (а гэта былі арыгіналы) зніклі, і таму трэба было зноў аднаўляць высілкі ў тым жа напрамку, тым больш, што розныя перашкоды не дазволілі хутка апекавацца гэтай важнай справай. Надышлі бурлівыя часы Рэфармацыі, якая гэтак адзначылася ў Літве. Час быў змарнаваны.

Толькі Жыгімонт ІІІ аднавіў высілкі ў Рыме праз дасланага туды энергічнага віленскага каноніка кс. Рыгора Свянціцкага. У 1602 г. папа Клімент XIII, які ў свой час быў легатам у Рэчы Паспалітай і добра арыентаваўся ў нашых справах, загадаў Святой Калегіі знайсці акт кананізацыі, каб нарэшце агалосіць гораду і міру далучэнне дабраславёнага Казіміра да ліку святых і ахвяраваў дасканалую харонгву (абраз) з выявай святога.

З гэтай харонгваю, з булай аб кананізацыі і рознымі дарамі кс. Свянціцкі шчасліва вярнуўся ў Вільню 10 траўня 1603 г. Запанавала агульная радасць, усе прагнулі ўрачыстага святкавання ў гонар новага Патрона, але на гэтых урачыстасцях меў жаданне прысутнічаць сам кароль Жыгімонт ІІІ, і таму арганізацыя свята вымагала вялікай падрыхтоўкі. Прайшоў цэлы год, перш чым віленскі біскуп Бенедыкт Война прызначыў свята на 10 траўня 1604 г.

Аднак кароль не змог прыехаць у Вільню і даручыў канцлеру Льву Сапегу рэпрэзентаваць сваю асобу.

Каб уся Вільня магла ўзяць удзел ва ўрачыстасцях і стаць сведкам дасканалага святкавання, пачаткам свята быў выбраны выхад з касцёла св. Стэфана, які да таго часу толькі што пабудавалі (у 1600 г.) на складкі, сабраныя кс. Шымонам Высоцкім. У касцёле была пастаўлена харонгва, падараваная папам і сюды пацягнуўся натоўп, сфармаваны перад катэдрай. Першымі ішлі рамеснікі, купцы і віленскія месцічы з харонгвамі і абразамі. Рамеснікі, па колькасці цэхаў, стварылі 32 аддзелы, а купцоў было вельмі шмат. За імі ішла прыгожа ўбраная начная варта, узброеная сякерамі і алебардамі. Потым, замыкаючы першую паходную калону, ішлі вучні пачатковай школы касцёла св. Яна.

Наступнымі ішлі брацтвы, ордэны і белае духавенства, якое ўзначальваў віленскі пробашч з вялікай колькасцю асістэнтаў. Пяць брацтваў ішлі незвычайна прыгожа: гэта былі брацтвы Прасвятога сакраманту, патронам якога быў Св. Дыянізі, брацтва краўцоў пад апекай Ваўжынца і Кшыштафа, брацтва рымараў Св. Яна Евангеліста, брацтва слесараў Св. Барталамея і таксама брацтва шаўцоў, якое знаходзілася пад апекай Св. Ганны.

Потым ішла супольнасць віленскіх выкладчыкаў, за імі ішлі ордэны: бернардыны, францішканы, абутыя кармеліты, дамініканы з брацтвамі індывідуальных манахаў, а таксама моладзь катэдральнай школы з пяццю харонгвамі.

Нарэшце, за імі ішоў белы клір - першымі ішлі ўніяты на чале з двума архімандрытамі, за імі лаціннікі з усёй дыяцэзіі. Потым - аркестр, "жаўнеры св. Казіміра" - маладыя людзі, прыбраныя рыцарамі ці анёламі з лілеямі ў руцэ. За імі віленская капітула з біскупамі Пацам і Войнам.

За духавенствам ішлі літоўскія магнаты ў атачэнні вялікай колькасці рыцарства і шляхты. Агульную ўвагу на сябе звярталі самыя знакамітыя дамы, якія падкрэсліваючы сваю сціпласасць і пабожнасць, ішлі закрыўшы твары і пераважна босыя.

Гэтыя калоны перайшлі мост, які злучаў катэдральны плац з Замкавай вуліцай (бо ў той час Віленка цякла каля сучаснай Каралеўскай вуліцы праз пляц і далей - сучаснай вуліцай Арсенальскай), - і прамой дарогай скіраваліся да касцёла св. Стэфана, дзе з прыгожымі прамовамі выступіў кс. Рыгор Свянціцкі, які ўручыў Льву Сапегу харонгву, ахвяраваную папам - Леў Сапега прэзентаваў караля.

Пасля кароткага перапынку і адпачынку людзі зноў пашыхтаваліся ў калоны і выступілі ў бок катэдры. Асабіста канцлер Леў Сапега нёс харонгву св. Казіміра.

Рудніцкая брама, праз якую трэба было прайсці, з фронту была дэкаравана і ўпрыгожана накшталт птушкі, якая ляціць. Насустрач калонам з гэтай брамы выйшла жанчына ў жалобе, яна сімвалізавала сумную Вільню ў роспачы, бо да гэтага часу харонгва яшчэ не аздобіла магілы св. Казіміра і горад не можа яшчэ цешыцца і радавацца свайму святому Патрону. Пра гэта абвяшчалі анёлы з ружамі ці лілеямі ў руках, але праз нейкі час яны пачалі абвяшчаць радасную вестку пра надыход доўгачаканай хвіліны - набліжэнне харонгвы з выявай святога да яго магілы. Жанчына-Вільня ўбачыла натоўпы, пазнала харонгву з выявай святога і, шчаслівая, скінула з сябе жалобныя шаты. У каралеўскіх строях яна вітала радасныя калоны вільнян.

Уласна ў гэты час, калі пад гукі аркестра Леў Сапега пранёс харонгву праз браму, раптоўна ў небе з'явіўся бусел. Зрабіўшы круг, ён знізіўся і апусціўся на харонгву. Здзіўлены народ бачыў, як потым ён узляцеў і знік у далечыні.

Другая, адмыслова пабудаваная брама, знаходзілася на рынку па левы бок ад ратушы. Яна была аздобленая гербамі і эмблемамі, на ёй меліся надпісы, якія навучалі, як праз цнатлівае жыццё наблізіцца да святога патрона. Каля гэтай брамы чакалі 4 постаці і вялі паміж сабой дыялог - яны сімвалізавалі мужнасць, стрыманасць, разважлівасць і справядлівасць.

На Замкавай, каля муроў Акадэміі, за кошт Акадэміі была пабудавана трыумфальная арка. Спаткаць працэсію выйшла постаць Акадэміі ў атачэнні навук: Тэалогіі, Філасофіі, Філалогіі, Красамоўства, Паэтыкі, Гісторыі і Граматыкі . Тут адбыўся дыялог на латыні.

Апошняя трыумфальная арка была пабудавана капітулай каля катэдры. Каля гэтай брамы постаці ў выглядзе анёлаў-вартаўнікоў сямі віленскіх храмаў (катэдры, св. Тройцы, св. Духа, св. Крыжа, Найсвяцейшай Панны (на Пясках), св. Яна і св. Францішка) агаласілі гімны ў гонар св. Казіміра.

Свята закончылася ўрачыстым набажэнствам у катэдры і спевам Te Deum.

Charkiewicz W. Uroczystosci kanonizacyjne Sw. Kazimierza w Wilnie // Kurier Nowogrodzki. № 62, 3 marca 1933.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

1 Навукі так званага трывіюма - Л. Л.

Творчасць без бар'ераў

Тварэнні добрай душы і ўмелых рук

Вось ужо трэці год Дом Валянціна Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея збірае ў сваіх сценах людзей з абмежаванымі магчымасцямі, якія валодаюць тым ці іншым відам мастацтва. Тут пабывалі паэты, спевакі, мастакі, майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Такія сустрэчы праходзяць у рамках інклюзіўнага праекта "Перадай дабро па крузе", куратарам якога з'яўляецца навуковы супрацоўнік музея Алесь Хітрун. Дзякуючы гэтаму праекту людзі з абмежаванымі магчымасцямі раскрываюць наведвальнікам дома-музея свой багаты і неабмежаваны ўнутраны свет, радуюць іх сваімі творамі і работамі.

Мінулы 2022 год у дзейнасці праекта быў багаты на выставы. Ладзяцца выставы ў сценах Дома Валянціна Таўлая і сёлета. На днях эстафету дабра перанялі два творчыя наведвальнікі аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў горада Бярозаўкі - Дзяніс Бубноўскі і Надзея Санкевіч. У доме паэта адкрылася сумесная выстава іх работ, якая называецца "Тварэнне душы і рук". Дзяніс Іванавіч выставіў творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва - мяккія цацкі і шкатулкі, Надзея Іванаўна - жывапіс і каляровую графіку. На адкрыццё выставы прыйшлі наведвальнікі аддзялення, а таксама спецыяліст па сацыяльнай рабоце аддзялення Галіна Чаброўская, кіраўнік гуртка Дзіна Ціхановіч.

Вырабам мяккіх цацак Дзяніс Бубноўскі пачаў займацца сем гадоў назад. Гэта карпатлівая ручная праца, якая патрабуе цярпення і ўседлівасці. Элементы цацкі Дзяніс Іванавіч шые і сшывае сам, над вобразам жа цацкі працуе разам з кіраўніком гуртка Дзінай Мікалаеўнай. Напрыклад, галаву мядзведзя сшыў, не ўстаючы з месца, за чатыры гадзіны - атрымалася як фабрычная.

- Мяккія цацкі добра раскупляюцца на розных святах, - адзначае майстар. - Успамінаю, як на свяце дзяцінства ў Бярозаўцы нават чатырнаццацігадовая дзяўчынка ўгаворвала бацькоў купіць ёй зробленага маімі рукамі зайца.

Наведвае Дзяніс Бубноўскі і іншыя гурткі пры аддзяленні: кулінарны, тэатральны, інтэлектуальны, з'яўляецца салістам мужчынскага вакальнага гурта "Братаны".

Надзея Санкевіч малюе са школьных гадоў. Доўгі час у гэтым яе захапленні быў перапынак, але ў аддзяленні сацыяльнай рэабілітацыі і абілітацыі яна зноў вярнулася да выяўленчага мастацтва. Асабліва любіць яна маляваць пейзажы, кветкі. А яшчэ Надзея Іванаўна прыгожа спявае, любіць рыбачыць разам з мужам, вырошчваць кветкі і агародніну на дачы. З вясны і да самай восені яна ўся ў дачных клопатах, нават гурткі ў гэты перыяд не наведвае.

У творчых планах Дзяніса Бубноўскага - асвоіць вырабы з саломы, а Надзея Санкевіч плануе заняцца і дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам. А значыць, наперадзе ў гэтых людзей з неабмежаваным імкненнем тварыць - новыя выставы. Магчыма, і ў сценах Дома Валянціна Таўлая.

Аляксей КРУПОВІЧ.

Навіны Германіі

Колькі належыць адпачываць у Германіі

У Германіі дзевяць дзяржаўных свят. Аднак федэральныя землі адрозніваюцца адна ад адной. Калі ў большасці населеных пунктаў Баварыі - 13 святочных дзён, то, напрыклад, у Гамбургу - на тры святочныя дні менш.

У Еўропе дзевяць святочных дзён у годзе - гэта мінімум. Датчане кампенсуюць невялікую іх колькасць адпачынкам у сярэднім 30 дзён і скарочаным працоўным днём.

У Германіі ўстаноўлены законам адпачынак складае 20 дзён, калектыўна ўзгоднены - у сярэднім 30 дзён. Як і ў многіх краінах, фактычная колькасць дзён аплачванага адпачынку залежыць ад кампаніі, стажу працы, кантракту і ўзросту.

Артыкул 140 Асноўнага закона ў спалучэнні з артыкулам 139 Веймарскай імперскай канстытуцыі абараняе нядзельныя і святочныя дні - як "дні духоўнага ўздыму і адпачынку ад працы". Гэты "жалезабетонны" аргумент выкарыстоўваецца як зброя супраць адмены некаторых святочных дзён, а таксама ў дэбатах пра тое, ці варта пераносіць святочныя дні, якія выпалі на нядзелю.

Такія дзяржаўныя святы, як Вялікдзень і Сёмуха, заўсёды выпадаюць на нядзелю, у той час як "плывучыя" святы могуць выпадкова выпасці на выходныя. 2022 год быў для працаўнікоў бедным на святы, паколькі Каляды і Новы год выпалі на выходныя, ды і Дзень працы таксама выпаў на нядзелю. Што ж, тое, што цалкам можа раздражняць працаўніка, дастаўляе радасць эканоміцы, якая ўмацоўваецца.

Выходныя дні і працоўны час

Пры агульнай працягласці працоўнага часу 34,8 гадзіны ў тыдзень, Германія знаходзілася трохі ніжэй сярэднееўрапейскага паказчыка ў 37 гадзін. На гэтае значэнне ўплываюць 30% працаўнікоў, занятых няпоўны працоўны дзень. У 2021 годзе працягласць поўнага працоўнага тыдня складала 40 гадзін. Грэкі працавалі даўжэй за ўсіх у ЕС - 41,3 гадзіны ў тыдзень.

У Германіі і Даніі больш за ўсё выходных дзён і самы кароткі гадавы працоўны час у ЕС. Па дадзеных Eurofound, у ФРГ, за якой ідуць Францыя і Данія, у 2020 годзе было менш за ўсё працоўных гадзін сярод усіх еўрапейскіх краін - 1574 гадзіны.

У дадатак да сярэдняга гадавога паказчыка ў 39 выходных дзён - толькі ў Даніі гэтулькі ж - працоўны тыдзень таксама параўнальна нядоўгачасовы - 34,8 гадзіны. Па прадукцыйнасці працы Германія знаходзіцца ў сярэдзіне групы ў еўрапейскім параўнанні.

У Нідэрландах прадукцыйнасць працы пры меншай колькасці гадзін у тыдзень вышэй, чым у Германіі. У Іспаніі прадукцыйнасць працы ніжэй пры большай колькасці гадзін у тыдзень. Такім чынам, вялікая колькасць працоўных гадзін не азначае аўтаматычна высокую прадукцыйнасць працы.

Святы і ВУП

Колькасць святочных і выходных дзён уплывае на валавы ўнутраны прадукт. З аднаго боку, у святочныя дні вырабляецца ці прадаецца менш прадукцыі, а выдаткі, напрыклад, у выглядзе надбавак за працу ў гэтыя дні, узрастаюць. З іншага боку, святочныя дні часта выкарыстоўваюцца для кароткага адпачынку, наведвання кіно ці рэстаранаў.

Дзяржаўныя святы і адпускныя дні дапамагаюць зменшыць нагрузку на супрацоўнікаў, што, у сваю чаргу, можа прывесці да падвышэння прадукцыйнасці працы і эфектыўнасці працы. Існуюць даследаванні, якія паказваюць, што добры баланс паміж працай і асабістым жыццём прыводзіць да падвышэння матывацыі і задаволенасці супрацоўнікаў і, такім чынам, можа наўпрост уплываць на прадукцыйнасць.

Апроч эканамічных аспектаў дзяржаўныя святы маюць і іншыя плюсы:

- яны ўмацоўваюць грамадства;

- нагадваюць нам пра культурныя традыцыі і рытуалы;

- дораць адпачынак;

- паляпшаюць баланс паміж працай і асабістым жыццём;

- надаюць году структуру.

Паводле СМІ. Фота: FREEPIK.COM / @ FREEPIK.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

У Нова-Архангельску (Сітка), Менску і Лодзі: Ваяводскі, Жываловіч, Салаш; уплыў, пераклады "Сына вады" і іншых твораў з "індзейскай" маўрыянай (да 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Маўра, ч. 3)

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-14 (53-66) за 2023 г.)

Уплыў Янкі Маўра на свядомасць людзей у Беларусі і па-за яе межамі - вялікая тэма, заснаваная на велізарнай "маўрыяне". Скажам, падлетак Васіль Быкаў, які жыў у прыгранічнай зоне і меў прыгоды ў духу "палескіх рабінзонаў", таксама, па перакананні Э. Ялугіна, атрымаў "маўраўскі" зарад.

Гэта толькі адна з вялікага мноства асабістых гісторый беларусаў "з Маўрам" - ён заняў увагу многіх у Беларусі і па-за яе межамі, паўплываў на дзяцінства, на фарміраванне карціны свету, уключаючы вобраз племянных народаў. У цэлым, было прызнана, што Маўр прынёс у беларускую літаратуру новыя тэмы і вобразы. Пры гэтым "Сын вады" называецца сярод тых твораў, за якія ў 1972 г. пісьменнік пасмяротна атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР.

У класічных работах маўразнаўцаў М. Яфімавай і Э. Гурэвіч ёсць падрабязныя агляды "Сына вады", але поўна дапамагаюць ўбачыць стэрэатыпаваныя і часам незвычайныя ўспрыманні і аспекты "СВ", нашы зборкі згадак аповесці ў газетных, часопісных і кніжных публікацыях шматлікіх беларускіх аўтараў, найбольш - дзеячаў культуры, літаратараў, якія разам з іншымі - легіён. "Дзяжурна" аповесць пра вогнезямельцаў згадвалася ў сотнях публікацый, прысвечаных Маўру.

Некралог Янкі Маўра, змешчаны ў газетах, падпісалі: П. М. Машэраў, Ц. Я. Кісялёў, Ф. А. Сурганаў, А. Н. Аксёнаў, А. Т. Кузьмін, У. Е. Лабанок, У. Ф. Міцкевіч, М.Н. Полазаў, І. Я. Палякоў, А. А. Смірноў, А. Г. Кляцкоў, І. М. Траццяк, У. І. Падрэз, М. І. Лагір, Я. П. Нікулкін, І. Ф. Клімаў, Н. Л. Сняжкова, А. Х. Асіпенка, А. С. Агняцвет, П. У. Броўка, Я. А. Брыль, В. Вітка, В. А. Грамыка, А. С. Грачанікаў, П. Н. Кавалёў, М. І. Калачынскі, Р. В. Канавалаў, К.Ц. Кірэенка, У. У. Корш-Саблін, К. К. Крапіва, А. М. Кулакоўскі, М. Ц. Лынькоў, А. Я. Макаёнак, С. В. Марцэлеў, І. П. Мележ, М. Г. Мінкевіч, М. А. Мінковіч, Д. К. Міцкевіч, П. С. Пестрак, Л. Я. Прокша, М. Танк, М. Г. Ткачоў, В. Ф. Хомчанка, І. П. Шамякін, Р. Р. Шырма, А. І. Якімовіч. І можна спадзявацца, што ніхто з іх не даведаўся пра аповесць "Сын вады" толькі з гэтага некралога.

На ўрачыстым вечары, прысвечаным 100-годдзю з дня нараджэння Янкі Маўра (1983) прысутнічалі М. М. Слюнькоў, А. Н. Аксёнаў, У. І. Бровікаў, А. Т. Кузьмін, І. Я. Палякоў, М. Н. Полазаў, Н. Л. Сняжкова, У. П. Шаплыка і шмат іншых людзей з дзяржаўнай і культурнай эліты рэспублікі.

…Але ёсць цікавае пытанне: што яшчэ напісаў Маўр пра індзейцаў, колькі і якія нагоды былі для гэтага? Гэтае пытанне распрацавана недастаткова (наш прагляд маўраўскіх публікацый не поўны). Тым не менш, мы ведаем некалькі мастацкіх твораў і некалькі папулярных, публіцыстычных артыкулаў, дзе індзейцы ў нейкі момант з'яўляліся.

Да і пасля "Сына вады" зварот Янкі Маўра да індзейскай тэмы меў эпізадычны характар. Падобныя згадкі ёсць у аповесці "Палескія рабінзоны", аповесці-"казцы" "Падарожжа ў пекла" і белетрызаванай аўтабіяграфіі "Шлях з цемры". Цалкам "немастацкія" творы прадстаўлены артыкуламі "Мёртвыя і жывыя. Гарады мерцвякоў" (1927) і "БССР і… Уругвай" (1947). У гісторыю пра першабытных людзей "Чалавек ідзе", у аповесць "У краіне райскай птушкі" пра папуасаў і раман "Амок" пра вызваленчую барацьбу ў Інданезіі індзейцы не трапілі нават як "разавая паралель". Амерыка прадстаўленая ў шэрагу яго твораў. Напрыклад, маладыя героі фантастычнай аповесці "Фантамабіль прафесара Цылякоўскага", якая друкавалася ў часопісе "Маладосць" у 1954-1955 гг., падарожнічаюць над Амерыкай, але яны не бачаць там індзейскіх паселішчаў ці індзейскіх атрадаў, якія хаваюцца ў гарах, - згадаць гэта не прыйшло Маўру ў галаву. Апавяданне ("заморская казка") "Сярод дзікуноў" ("Іскры Ільіча", 1932) - пра Амерыку, але гэта не "тое, што вы падумалі". Дзікунамі ў ім прадстаўленыя амерыканцы, якія павесілі негра (малюнак павешанага (мастак Ц. Кіпніс) здзіўляе сваёй натуралістычнасцю, як для дзіцячага часопіса, нават з улікам агульнага савецкага жорсткага стылю таго часу).

"ПАЛЕСКІЯ РАБІНЗОНЫ"

1929 годам пазначаная як скончаная, а ў 1930 г. выдаецца аповесць "Палескія рабінзоны" з характэрным "старарэжымным" "прыгодніцкім" падзагалоўкам "Прыгоды двух хлопцаў у Палескіх балотах".

Месца, дзе "дзікуны, індзейцы", - даволі папулярнае пры цытаванні ў маўразнаўчых публікацыях: "Вучыліся абодва добра, чыталі шмат кніжак, асабліва прыгодніцкіх - Жуля Верна, Майн Рыда, Купера і г.д. Цікавілі іх розныя далёкія краіны, дзікуны, індзейцы, якіх цяпер бадай ужо зусім няма. Захапляліся рознымі прыгодамі з іх жыцця, што адбываліся гадоў 60-80 назад. Марылі пра пальмы, джунглі, а не бачылі добрай пушчы, якая была за некалькі дзесяткаў кіламетраў ад іх. Уяўлялі сабе розныя паляванні на тыграў, сланоў, ільвоў, а вавёркі на волі не бачылі" . Прыняты ў "царскія часы" выраз "дзікуны" яшчэ ўжываўся ў той час "па інерцыі" ў адносінах да племянных народаў.

"ПАДАРОЖЖА У ПЕКЛА"

У антырэлігійнай "байцы", "казцы" ("Пекла" 1928 г. перапрацаванае для выдання ў 1960 г. як "Падарожжа ў пекла") ён высмейвае недарэчнасць легенд аб замагільным жыцці, прыгадаўшы і тое, "як, напрыклад, негры, папуасы і індзейцы, якім казалі, што пекла - нейкая яма з жабамі і змеямі, і тое, што яны цяпер убачылі, ім нават спадабалася. Так цікава, весела, столькі рознага народу са ўсяго свету - і аніводнай жабы".

Беларускія піянеры едуць у цягніку на той свет разам з іншымі прадстаўнікамі чалавецтва, якія выходзяць на станцыях "Азія", "Амерыка", "Афрыка", "Аўстралія" і "Еўропа". Прама скажам, рэвалюцыйны эксперымент у літаратуры спачатку ўдаўся. Трэба было так і працягваць, а не тэрарызаваць пісьменнікаў, адбіваючы ў іх ахвоту эксперыментаваць.

"ШЛЯХ З ЦЕМРЫ"

Нарэшце, "індзейскія" ўспаміны дзяцінства ўвайшлі ў аўтабіяграфічную аповесць, канечнай датай стварэння якой звычайна называюць 1958 г. Мы працытавалі з яе ў папярэднім выпуску БСІ. Маўр нібыта ад свайго "Я ў дзяцінстве" "інсітна" становіцца на бок белых ва ўзброеным супрацьстаянні з індзейцамі - думкі пра тое, наколькі эфектыўны штуцар у забойстве індзейцаў, у тым ліку ў парадку помсты за зняцце скальпа, і неграў, "камічныя", але наўрад ці так мыслілі ўсе дзеці.

"МЁРТВЫЯ І ЖЫВАЯ"

"Сярод дзікуноў Аўстраліі і Паўночнае Амерыкі існаваў звычай змяшчаць нябожчыкаў на дрэвах, ці на асобных памостах, якія будаваліся на ўкопаных у зямлю слупах".

"Разнастайнасць пахавальных звычаяў залежыць ад шмат якіх умоў, вялікае значэнне маюць рэлігійныя вераванні".

"БССР і… УРУГВАЙ"

Маўр пісаў фельетоны на міжнародныя тэмы, шмат крытыкуючы Амерыку, прычым не толькі Паўночную. Лацінскай у асобе Уругвая таксама дасталася ад Маўра-фельетаніста-міжнародніка моцна. Магчыма, гэтая краіна і не з'явілася б асобна ў яго публіцыстыцы, "каб не выступленне уругвайскага дэлегата на палітычным камітэце Генеральнай Асамблеі. Гэты паважаны дэлегат усумніўся, ці з'яўляецца БССР самастойнай дзяржавай, яму здаецца, што Беларусь толькі "правінцыя". Ён не ведае нават, што ў яе ёсць свае граніцы. І не ведае, што яна мае свой урад. Ён ведае толькі, што БССР уваходзіць у склад Савецкага Саюза, значыць, БССР - правінцыя". Паводле Маўра, членаў "Брытанскай Садружнасці Нацый" уругваец не лічыць правінцыямі: "Такая ўжо уругвайская логіка". У сваю чаргу, па логіцы Маўра, Уругвай "у параўнанні з БССР, - самая захудалая правінцыя". У якасці аргумента ён спасылаецца на 1828 г., калі "Уругвай нарадзіўся".

"Аргентына і Бразілія, змагаючыся за гэтую правінцыю, не маглі здужыць адзін аднаго і вымушаны былі зрабіць яе самастойнай, хоць не толькі уругвайскай тэрыторыі, але і ніякага уругвайскага народа не існавала". Далей ён указвае ў працэнтах колькасць 8 народаў, агульным лікам 74 тыс. чалавек, на ўругвайскай "нетэрыторыі", прычым аказваецца, што іспанцы, італьянцы і партугальцы кожны паасобку ўжо перавышаюць па колькасці індзейскае насельніцтва.

У свой пафас Маўр уключае прыніжэнне значэння ўругвайскай незалежнасці, але зусім не акцэнтуе ўвагу, што індзейцы аказаліся нязначнай меншасцю, якая ўжо не адыгрывала нейкай ролі. У той жа час ён не вылучае на беларускай тэрыторыі асобныя народы, гаворачы пра краіну (першай паловы 19 ст.?!) з пахвалой:

"А Беларусь у гэты час мела ўжо многавекавую гісторыю, нацыянальную тэрыторыю (у два разы большую за уругвайскую), адзіны беларускі народ (у трыццаць разоў большы за "ўругвайскі") са сваёй мовай, культурай, сваімі нацыянальнымі традыцыямі.

Такім чынам, гісторыя не дае ніякіх падстаў паважанаму ўругвайцу ганарыцца перад БССР сваёй "дзяржаўнасцю"".

Такім чынам, Маўр, у якога індзейцы праходзяць фактычна як народ без гісторыі, калі толькі пад гісторыяй ён мае на ўвазе гісторыю дзяржаўнасці, а не этнагісторыю, і сам уругвайскі народ бярэ ў двукоссе. Далей Маўр робіць агаворку, што "гэта было даўно. Можа цяпер Уругвай "перагнаў" Беларусь?". Ён прапанаваў паглядзець, што было далей, але мы ставім тут шматкроп'е, бо ва Уругваі параўнальна хутка пачало крытычна не хапаць карэннага насельніцтва - параўноўваць па нашай лініі амаль няма з чым. Тым не менш, аж да 1991 г. Беларусь і Уругвай сапраўды адрозніваліся поўнай фармальнай незалежнасцю апошняга, пра што Маўр проста не мог прама напісаць з ідэалагічных меркаванняў сярэдне-савецкай эпохі.

Калі ўспомніць тут маці Карласа Шэрмана, уругвайку з верагоднымі індзейскімі каранямі, і яго радзіму Мантэвідэа: "У пачатку XIX стагоддзя Уругвай быў адным з самых маланаселеных рэгіёнаў Паўднёвай Амерыкі - тут пражывала толькі 50 тысяч чалавек змешанага іспана-індзейскага паходжання. Масавая еўрапейская іміграцыя з Іспаніі і Італіі прыйшлася на канец XIX - пач. XX стагоддзя. Цяпер нешматлікія індзейцы і негры паступова і даволі хутка растварыліся ў асяроддзі белых імігрантаў з Паўднёвай Еўропы, хаця іх культурныя і генетычныя ўплывы адчувальныя і сёння. Так, гены сучасных уругвайцаў у сярэднім на 84,1% еўрапейскія, на 10,4% індзейскія і на 5,6% афрыканскія. У сталіцы краіны г. Мантэвідэа, 92% генаў насельніцтва - еўрапейскія, 7% - афрыканскія і 1% - індзейскія".

*

Пераклады твораў Маўра, у т. л. "Сына вады", на мовы народаў СССР і замежных краін зафіксаваны ў "Паказальніку перакладаў" (Іndex translatіonum), у бібліяграфічных даведніках "Творы савецкіх пісьменнікаў у перакладах на замежныя мовы", "Кніжны летапіс" (Масква), "Штогоднік кнігі СССР".

Я. Зомерфельд і М. Мазінг, аўтары прадмовы да зборніка твораў Я. Маўра "Вакол свету" (1947), адзначаюць, што "Сын вады" надрукаваны ў Чэхаславакіі ("Слёзы Тубі" - у Эдынбургу (Англія), "Амок" - у Нью-Ёрку). Сам Маўр у лісце Алесю Якімовічу ад 13.03.1945 г. дакарае, што тым, хто павінен адзначыць яго творчы 20-гадовы юбілей, "сорамна адзначыць", што гэтая аповесць друкавалася ў Чэхаславакіі; як паведаміў нам дырэктар Славянскай бібліятэкі ў Празе Іржы Вацэк у адказе 7.09.1989 г., асобнага выдання не было, гэта пацвердзіў ім і В. Жыдліцкі, а знайсці гэтую публікацыю тады было немагчыма з-за таго, што ўлік часопісных выданняў да 1952 г. не быў наладжаны. У 1959 г. аповесць "Сын вады" выйшла асобным выданнем у ГДР (Берлін), у "Малой юнацкай серыі". На рускай мове яна выходзіла шмат разоў, і вялікія тыражы выданняў з ёй разыходзіліся па ўсім Савецкім Саюзе.

"Палескія рабінзоны" - самы вядомы твор Маўра - выдаваўся асобна і ў зборніках дзясяткі разоў на беларускай і рускай мовах і быў перакладзены на пяць іншых моў: кітайскую (Liang ge xiao Lubinsun (Два маленькія Рабінзоны), пер. Ван-Вэнь (Wang Wen), выд-ва "Shao nian er tong chu ban she" (Шанхай), 1956 (і 2010, па fantlab.ru)); румынскую (а значыць - яго маглі чытаць на роднай мове і малдаване: Robinsonii Polesiei, пер. А. Мірэа (A. Mirea) і Е. Бандрабур (E. Bandrabur), выд-ва "Tineretului" (Бухарэст), 1961); літоўскую (Poleses robinzonai, пер. І. Бабілютэ (I. Babiliute), выд-ва "Vaga" (Вільнюс), 1973); казахскую (Полесье робинзондары, пер. Ц. Мізамбекава, выд-ва "Жалын" (Алматы), 1981; таксама ўрывак з гэтага перакладу быў змешчаны ў "Октябрь туы": Ормандагы робинзондар (24.01.1981)); іспанскую (пер. А. Гарсія Валіда, выд-ва "Gente Nueva" (Сант'яга), 1985).

Літ.:

4132 Mawr J. Sohn des Wassers / ubers. v. E. Wieprecht. Berlin, 1959.

8590 Mauras J. Poleses robinzonai / vert. J. Babiliute. Vilnius, 1973.

4130 Mavr I. Los robinsones de Polesia / trad. de A. Garcia Valido. La Habana, 1985.

4131 Mavr J. Robinsonii Polesiei. Bucuresti, 1961.

8029 Mavr, Ianka (pseudonym of Ivan Mikhailovich Fedorov) // Great Soviet Encyclopedia. 1976. V. 15. P. 608.

4332 Мавр Я. Путь из тьмы // Мавр Я. Избранное: повести и рассказы. М., 1958.

4333 Мавр Я. Путь из тьмы: воспоминания детства / авториз. пер. с бел. А. Тонкеля; послесл. А. Гордицкого. Мн., 1972.

8809 Маўр Я. Падарожжа ў пекла // Маўр Я. Збор твораў у 4 т. Т. 4. Мн., 1976. С. 258-314.

4309 Маўр Я. Падарожжа ў пекла: казка // Маўр Я. Збор твораў у 2 т. Т. 2. Мн., 1960. С. 572-626.

8201 Мавр Я. Путешествие в преисподнюю: (Сказка) // Мавр Я. Избранное: повести и рассказы / авториз. пер. с бел. Б. Яковлева. М., 1958.

293 Я. М. Мёртвыя і жывая: гарады мерцьвякоў // Беларускі піянэр. 1927. № 18. С. 12-14. (Крыптанім І. М. Фёдарава, Я. Маўра.)

4311 Маўр Я. Палескія рабінзоны: прыгоды двух хлапцоў у Палескіх балотах (Аповесць). Мн., 1930.

3695 Маўр Я. Палескія рабінзоны // Ніва. 1970. 10, 17, 24 кастр., 1, 8, 15, 22, 29 лістап., 6, 13, 20, 27 снеж., 1, 3, 10, 17, 24, 31 студз., 14, 21, 28 лют., 07, 14, 21, 28 сак., 4, 11 крас.

4305 Маўр Я. БССР і... Уругвай // Літаратура і мастацтва. 1947. 22 лістап.

1 Купер Ф. Апошні з магікан / пер. з рус. [Я. Маўра]. Мн., 1940. (ганаровы першы запіс у нашай БІБ.)

ВАЯВОДСКІ Аркадзь - з шырокадаступнай крыніцы - Вікіпедыі - можна даведацца, што: "У 1840-1841 гадах А. В. Ваяводскі знаходзіўся прыкамандзіраваным на службе ў Расійска-Амерыканскай кампаніі ў Санкт-Пецярбургу", а В. Грынёў у сваім слоўніку (Гринев 2009) піша і пра тое, што ў тыя гады ён у чыне лейтэнанта хадзіў у Рускую Амерыку на караблі РАК "Наследнік Аляксандр" капітан-лейтэнанта Д. Зарэмбы (журналіст А. Асмалоўскі першым без агаворак даў зусім шырокай публіцы - праз "Комсомолку" ў інтэрнэт - "мастацкую" версію В. Чудава пра паходжанне з Магілёўскай губерні гэтага сапраўды выключнага, "галівудскага" героя Ціхаакіянскага ўзбярэжжа - міф замацаваўся, хаця ёсць надзея на "цуд над Нявой", што Зарэмба "не паляк" - у гэтым упэўнены другі, пецярбургскі аўтар, які пісаў пра яго.

У свой час мы ўключылі прозвішча Ваяводскага, маючы на ўвазе Сцяпана - як аднаго з тых, каго лічаць у РА сваімі палякі, - у запыт да найбольш аўтарытэтнага спецыяліста па РА ў той час - Рычарда Пірса. Па адказе Пірса можна зразумець, што ён не ведаў ніводнага дзеяча Рускай Амерыкі беларускага паходжання, але збіраўся паведаміць, калі такіх выявіць. Ён залічвае ў браты, акрамя Сцяпана, Аркадзя і Платона, і Сяргея, і піша, што не ведае town, адкуль былі гэтыя Ваяводскія.

Высвятленне дэталяў суадносін польскай, рускай і беларускай "крыві" ў прадстаўнікоў роду Ваяводскіх, паходжанне якога звязваецца са Смаленшчынай, - другарадная тэма для нас. Тым не менш, можна абапірацца на выказванні такога кшталту: "Старажытныя карані шляхецкага роду Ваяводскіх вядуць пачатак ад Яна Ваяводскага - суддзі Смаленскага ў другой палове XVI ст. і яго ўнука Ільі Назаравіча Ваяводскага, якому нададзеная годнасць стольніка ў 1661 г.".

Аркадзь нарадзіўся ў тым жа сяле Юр'ева ў Бельскім павеце Смаленскай губерні, што і на каля 10 гадоў маладзейшы Сцяпан - галоўны правіцель Рускай Амерыкі, на перыяд знаходжання якога на гэтай пасадзе прыходзіцца "эскалацыя" ваеннага супрацьстаяння з тлінкітамі ("у адрозненне ад Розенберга [аднаго з папярэднікаў, "вельмі некампетэнтнага", з прыбалтыйскіх немцаў], Ваяводскі не збіраўся патураць тлінкітам").

Іх бацькам быў памешчык, адстаўны армейскі падпаручнік Васіль Гаўрылавіч Ваяводскі, а маці Ганна Сцяпанаўна - старэйшыя сястра адмірала П. Нахімава (яны таксама смаленскія). У сям'і было яшчэ тры дачкі, а ўсе сыны сталі адміраламі. Аркадзь - у 1879 г., ён быў дырэктарам карабле-будаўнічага дэпартамента, галоўным камандзірам Санкт-Пецярбургскага порта. У слоўніку Грынёва - два браты Ваяводскія і Васіль Мікалаевіч Ваяводскі - камчацкі гараднічы ў 1791-1974 гг.

Інфармацыя для тых, хто задумаў паломніцтва ў калыску выдатнай дынастыі маракоў Ваяводскіх: вёска Юр'ева не захавалася, а месца, дзе яна знаходзілася, цяпер адносіцца да Дземяхоўскага сельскага паселішча Бельскага раёна, які шматразова мяняў прыналежнасць і нават знікаў, а цяпер з'яўляецца часткай Цвярской вобласці. Гэта мы называем Атлантыда.

Літ.:

4849 Жучкевіч В. А. Аляска // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. Т. 1. Мн., 1969. С. 286-287.

4810 Аляска // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1. Мн., 1996. С. 299-300.

11971 Зимина Г. Аляска: страна полуночного солнца // Планета. 2019. № 7. С. 22-30.

11970 Зимина Г. Аляска: земля полуночного солнца // Планета. 2021. № 5. С. 20-27.

8586 Аляскі сабака: апавяданне з жыцця сабак. Мн., 1929.

ЖЫВАЛОВІЧ Кірыл - першая асоба "Белорусской газеты", "БелГазеты". У 2006 г. паразмаўляў з Лоры Тагл - адной з некалькіх амерыканцаў, звязаных адначасова з Менскам і з чэрокі.

Адзін амерыканец, які знаходзіўся некаторы час у Менску і, здаецца, нават спаў пры гэтым на шкуры, заяўляў пра сваё паходжанне з чэрокі і, як мінімум, быў у "індзейскай тэме". Пры абменах з рэдакцыяй "Зорьки" мы атрымалі звесткі і пра амерыканца - выкладчыка ВНУ ў Менску з чэрокскімі каранямі, у якога была жонка-беларуска з іх дзецьмі. Інтэрв'ю з трэцім амерыканцам мае тое ж прывабнае сцвярджэнне: "Грамадзянка ЗША Лоры Тагл з'яўляецца нашчадкам індзейскага племя чэрокі", але ў адказе нам яна не змагла прывесці канкрэтных доказаў гэтага паходжання: "Я не ведаю ні імёнаў, ні гісторыі маіх сваякоў чэрокі. Бабуля маёй бабулі была чэрокі, але гэта ўсё, што я ведаю" (10.04.2006). Яна хацела, каб яе побыт у Менску разглядалі проста як жаданне ўбачыць краіну і людзей, трохі пераключыцца на іх лад жыцця, даць ім крыху ведаў пра краіну, адкуль сама, і ўзаемна вучыць мовам.

Тэмы, па якіх згрупаваныя яе адказы: "Аб Мінску і Беларусі"; "Аб рэвалюцыі і прапагандзе"; "Аб маралі і патрыятызме"; "Аб машынах і ўсмешках"; "Топ-тэст"; "Прагнозы Лоры Тагл".

"Грамадзянка ЗША Лоры Тагл з'яўляецца нашчадкам індзейскага племені чэрокі, але вось ужо два гады жыве ў нашай краіне: "За час майго знаходжання ў Беларусі пацвердзілася тое, чаго я чакала: людзі на ўсёй планеце абсалютна аднолькавыя". Яна кажа, што "тут з'явілася вельмі шмат сяброў", і прызнаецца, што "некалькі сапсаваная амерыканскім ладам жыцця ў добрым сэнсе". Яна лічыць, што "ўжо выйшла з таго ўзросту, калі захапляюцца знешняй прыгажосцю", вывучае рускую мову ў БДУ і вельмі не хоча, "каб мэта майго знаходжання ў Беларусі была няправільна зразуметая".

…Большасць нашых суграмадзян, пачуўшы замежную гаворку, ужо не сумняваецца: побач альбо шпіён, альбо правакатар, альбо тэрарыст. Але, аказваецца, сустракаюцца і бяскрыўдныя іншаземцы. І нават амерыканцы прыязджаюць не толькі перад выбарамі з каварнымі намерамі, але яшчэ і мірна вучацца, працуюць, усміхаюцца, жывуць у нашай краіне і разам з усімі часам п'юць гарбату ў сталічных кавярнях.

ПРА МЕНСК І БЕЛАРУСЬ

Амерыканская жанчына са здзіўленнем адзначае, што "Беларусь аказалася значна больш займальнай і цікавай краінай, чым можна было падумаць". Смеючыся, яна прыгадвае: "Я амаль нічога не ведала раней пра Беларусь. У мяне было вялізнае жаданне пазнаёміцца з людзьмі, якія тут жывуць. Прыехала я сюды два гады таму па гуманітарнай лініі, каб дапамагаць беларускім дзецям. Калі час маёй місіі ў Беларусі скончыўся, я вырашыла, што не з'еду адсюль, пакуль добра не вывучу рускую мову. Таму зараз вучуся ў БДУ і працягваю мець зносіны з дзецьмі, якім дапамагаю вывучаць англійскую".

Лоры няспешна п'е гарбату: "Мне казалі, што тут вельмі холадна, але зараз мне вельмі горача ў Беларусі. Маё паліто занадта цяжкае і залішне цёплае для гэтага надвор'я. А батарэі ў мяне дома грэюць так добра, што даводзіцца ўвесь час адчыняць усе вокны. Так што мая сям'я зараз знаходзіцца ў халаднейшых умовах, чым я".

Яна нават стала крыху беларускай: "За два гады ў Беларусі я стала нашмат спакайней, у мяне з'явілася шмат цярпення. У Амерыцы ўсё ад цябе чакаюць таго, што ты павінна жыць вельмі хутка. А тут я магу ставіцца да ўсяго прасцей: о'кей, калі атрымаецца - добра, калі не атрымаецца - значыць, не атрымаецца. Жыццё ў Беларусі мне падабаецца больш, чым у Амерыцы: жыць тут прасцей, спакайней і больш зразумела. Я б з задавальненнем засталася тут назаўжды"".

Наша невялікая перапіска з Лоры можа дадаць мілыя дэталі пра яе, якіх не маюць беларускія чытачы з іншых даступных крыніц.

"Добры дзень, п. Сімакоў.

Эльвіра пераклала, потым пераслала ваш электронны ліст. Я не ведаю, што добрае можа быць ад мяне вашаму таварыству; я не ведаю ні імёнаў, ні гісторыі маіх чэрокскіх сваякоў. Бабуля маёй бабулі была чэрокі, але гэта ўсё, што я ведаю. Што менавіта ваша таварыства робіць?

Лоры Тагл" (10.04. 2006)

"Дарагі Алесь,

Так, я знаёмая з Ціхаакіянскім узбярэжжам і Аляскай. Аднак я больш знаёмая з месцамі, дзе я сапраўды жыла: Вірджынія, Джорджыя, Фларыда, Нью-Мексіка, Тэхас, Аклахома, Луізіяна, Арызона і Вашынгтон. Я жыла ў штаце Вашынгтон, на ўзбярэжжы Ціхага акіяна, на працягу сямі гадоў, і я таксама лічу, што гэта казачны край. Я буду рады адказаць на любыя вашы пытанні наконт маёй краіны. Дзякуй за вашу цікаўнасць.

Лоры Тагл" (7.06.2006).

"Добры дзень, Алесь.

Я жыла ў Рэйнір [Rainier], штат Вашынгтон, ля падножжа гары Рэйнір. Самая блізкая індзейская рэзервацыя належала індзейцам ніскуалі [Nisqually]. Я прыклала спасылку на вэб-сайт, які прынясе вам задавальненне [give you worlds of fun] ад вывучэння іх і іншых карэнных амерыканцаў.

На жаль, Джэроніма памёр у 1909 годзе, пакінуўшы мяне без свайго знаёмства [leaving me without his acquaintance]. Тым не менш, я мела магчымасць правесці час з многімі карэннымі амерыканцамі. Маім лепшым сябрам у сярэдняй школе быў чыстакроўны індзеец сіў. Гэта гучыць дзіўна экзатычна [wonderfully exotic], ці не так? Яе завуць Марша Томас, і яна такая ж, як усе мы. Я не думаю, што яна скальпуе каго-небудзь, і яна не пражыве і тыдня адна ў пустыні. Па сутнасці, яна была больш падобная на каўбоя, чым на індзейца. На ёй кожны дзень былі джынсы з рамянём з вялікай спражкай і каўбойскія боты і клала ў сваю кока-колу салёны арахіс.

Калі вы едзеце праз Нью-Мексіка і Арызону, вы чакаеце ўбачыць ваенную групу [war party], што падымаецца на вяршыню гары. Нягледзячы на тое, што гэта 2006 год, вы ўсё яшчэ чакаеце ўбачыць іх усіх, афарбаваных для вайны. Я праехала праз Паўднёвы Захад сотні разоў, і ўсё тое ж самае, заўсёды чакаючы гэтага, але ніколі не перажываючы гэта. Я мяркую, што гэта добра для майго скальпа, што я ніколі не ўдзельнічала ў ваеннай групе! Я жыла ў Хобсе, Нью-Мексіка, і ў Фініксе, Арызона. Я пазнаёмілася з Хобсам - гэта дзе я пазнаёмілася з Маршай.

Асалоды! [Enjoy yourself!]

Лоры" (10.06.2006) .

"Добрай раніцы, Алесь.

Так. Усе Tuggles - мае сваякі. Вы пазнаеце маё племя [tribe] па напісанні імя. Першапачаткова гэта было Tugwell, але калі мы прыехалі ў Амерыку, мы змянілі напісанне ў адпаведнасці з вымаўленнем.

Лоры" (27.04.2007).

Літ.:

8095 Таггл Л. Лори Таггл: "Мы скачем, как на лошади" / Тет-а-тет с К. Живоловичем // БелГазета. 2006. 20 марта. С. 29.

6220 Мостик дружбы // Зорька. 2001. 19 окт. С. 3. (БІТ.)

САЛАШ Сяргей - адзін з двух беларусаў, згаданых як удзельнікі ў матэрыяле "Нівы" 2001 г. "Фестываль "Талерантнасць" у Лодзі".

"4 мая г.г. у Лодзі адкрыўся Фестываль "Талерантнасць". Сярод яго ўдзельнікаў былі беларускія апазіцыйныя дзеячы, індзеец з племені Сіу - абаронца правоў карэнных жыхароў Амерыкі і аўтар публікацыі аб парушэннях правоў чалавека ў Кітаі.

На працягу шасці дзён арганізатары мерапрыемства - лодзінская група Міжнароднай амністыі (Amnesty International) і мясцовая прыватная ВНУ - сарганізавалі ўдзельнікам лекцыі, дэманстрацыі фільмаў і дыскусіі на тэму выконвання правоў чалавека ў розных частках свету. На фестывалі асноўная ўвага адводзілася Беларусі, Чачні і Кітаю, у тым ліку Тыбету.

Мерапрыемства пачалося з сустрэчы з Кшыштафам Лазінскім - аўтарам кніжкі "Пекла сярэдзіны" аб сітуацыі з правамі чалавека ў Кітаі. Затым госці паглядзелі кінакарціну Косты Гаўраса "Прапаўшы" аб чылійцах, якія загінулі бясследна па палітычных прычынах і дакументальны фільм аб Далай-ламе. У чарговыя дні фестывалю паказваліся фільмы незалежных творцаў аб кар'еры прэзідэнта Беларусі і вайне ў Чачні. Адбылася сустрэча з беларускімі дзеячамі Цэнтра няўрадавых ініцыятыў "Скрыжаванне", якія займаюцца абаронай грамадзянскіх правоў, у тым ліку свабоды слова і сходаў. Джэймс Рабіду [так], лідар Руху індзейцаў Амерыкі расказваў пра палітвязняў і прылады для катаванняў, якія прымяняюцца яшчэ ў розных краінах свету. У праграме мерапрыемства была таксама сустрэча на тэму правоў дзіцяці і школьніка з удзелам вучняў сярэдніх школ. А для самых малых была наладжана акцыя "Намалюй мне правы чалавека", у ходзе якой дзеці рысавалі крэйдай па асфальце свае ўяўленні аб правах чалавека.

Падчас фестывалю члены Міжнароднай амністыі збіралі подпісы пад зваротамі да ўрадаў розных краін свету з заклікам прытрымоўвацца правоў чалавека". ("Паводле ПАП".)

Афіцыйныя спатканні з Рабіда пачаліся 7-га; акрамя Лодзі, у плане яго выступленняў былі Варшава, Каліш i Галухаў, Познань, Судэты, Гдыня-Гданьск, а 16 траўня - Шчэцін, апошні горад падчас яго візіту ў Польшчу.

Праграма знаходжання Рабіда ў Польшчы ўключала мерапрыемствы ў самых розных арганізацыях і ўстановах, уключаючы Этнаграфічны музей у Варшаве і нават адно "на тэму альтэрнатыўных праграм для вязьняў" у адпаведным цэнтры: "wyklad Jamesa Robideau i dyskusja na temat alternatywnych programow dla wieyniow w Centralnym Osrodku Szkolenia Sluyb Wieziennych" (10.05.2001).

План побыту быў распрацаваны людзьмі з Amnesty International i Polskiego Ruchu Przyjaciol Indian (Д. Кахляк, У. Кулігоўскі, М. Лясоцкая, Я. Канечны, М. Крысінская-Калужная).

У індзейскім руху ЗША ёсць некалькі значных актывістаў з прозвішчам Рабіда. Джэймс вядомы сваім членствам у РАІ, удзелам у падзеях у Вундэд-Ні, якія адбываліся 50 гадоў таму, актыўна падтрымліваў свайго кузена Л. Пелціера.

Інстытут талерантнасці, як у Лодзі, патрэбны ў кожнай краіне - значна больш, чым інстытут гісторыі. Лепш быць Іванам, які не памятае свайго роду, чым неталерантным "самасвядомым" Іванам, Янам (Янкам) або Джонам. Гэта тычыцца і індзейцаў.

"Цэнтр "Скрыжаванне" быў утвораны ў лістападзе 1998 года з ініцыятывы барысаўскіх грамадскіх і палітычных дзеячоў дзеля аб'яднання магчымасцей і каардынаванне дзеянняў у абароне дэмакратычных правоў жыхароў Барысава й Барысаўскага рэгіёну". Місія яго была абвешчаная амаль універсальная, мэты і задачы ўключалі ў т.л. і "пашырэнне сферы ўжытку беларускае мовы і ўмацаванне ейных прыярытэтаў у грамадскім жыцці; садзеянне захаванню і адраджэнню культурнай і гістарычнай спадчыны рэгіёну; міжнароднае супрацоўніцтва дзеля культурніцкага, адукацыйнага і інш. абмену". Сяргей Салаш (1974 г.н.) быў старшынём рады, Алег Скатарэнка (1976 г.н.) - каардынатарам праекта, некаторую вядомасць атрымаў яго футбольны "перыёдык" "Offside" або "Off-sidе" (які выступаў супраць расізму і падобных з'яў "на нашых стадыёнах і ў нашым жыцці наагул").

Літ.:

10490 Фестываль "Талерантнасць" у Лодзі / паводле ПАП // Ніва. 2001. 20 мая. С. 2.

510 Пісьмо Пелціера аб прадастаўленні палітпрыстанішча // Чырвоная змена. 1987. 25 жн. (Стыў Рабіда.)

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Дзеці ідуць у бібліятэкі

6 красавіка Лідскую раённую бібліятэку імя Янкі Купалы наведалі дзеці дашкольнага ўзросту.

На экскурсіі бібліятэкар пазнаёміла дзяцей з працай супрацоўнікаў установы, расказала, як знайсці тую ці іншую кнігу, на якую паліцу іх ставіць. Дзяцей уразіла колькасць кніг на абанеменце. Далей прысутныя падняліся на другі паверх. Там ім бібліятэкар расказала пра літаратуру чытальнай залы: кнігі, газеты,часопісы, пазнаёміла з рознымі паслугамі - ксеракопіяй, наборам тэксту, інтэрнэт-класам. Закончылася экскурсія фотасесіяй.

ТК "Культура Лідчыны".

Вербны кірмаш у Ганчарах

У Ганчарскім Доме культуры Лідскага раёна адбыўся вербны кірмаш "Свята набліжаецца - вярба прыбіраецца"

ТК "Культура Лідчыны".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX