Наша слова.pdf № 16 (68), 19 красавіка 2023 г.
20 гадоў "Краязнаўчай газеце"
13 красавіка 2003 года выйшаў у свет першы нумар беларускай "Краязнаўчай газеты", заснаванай Беларускім фондам культуры.
І вось ужо на працягу 20 гадоў выдаецца гэтая цікавая і вельмі неабходная для чытачоў газета. На яе старонках змяшчаюцца артыкулы мясцовых краязнаўцаў, прысвечаныя гісторыі і традыцыям рэгіёнаў Беларусі, даследаванні навукоўцаў пра гісторыю, этнаграфію, фальклор і архітэктуру, пра гістарычныя падзеі і асобаў, а таксама расповеды пра землякоў, якія праславіліся не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Газета выдаецца штотыднёва на 8 старонках. Рэдагуе яе сёння Максім Гальпяровіч.
Наш кар.
Слуцк "пастарэў" на 111 гадоў
На стэлах пры ўездзе ў Слуцк з усіх чатырох бакоў дату 1116 памянялі на 1005. Афіцыйная дата заснавання Слуцка была зменена з 1116 на 1005 год рашэннем Слуцкага раённага савета дэпутатаў ад 29 верасня 2022 года.
Раённае кіраўніцтва пры прыняцці рашэння апелявала да гістарычных дакументаў, але дакументы тыя былі вядомыя даўно, тое ж, што да іх сведчанняў у прафесійных даследчыкаў было крытычнае стаўленне, мела сур'ёзныя прычыны. Але калі суседні Капыль, кіраўніцтва якога ў 2016 годзе дадало свайму гораду аж 268 гадоў і апярэдзіла Слуцк больш чым на стагоддзе (з 2016 года дата заснавання Капыля - 1006 год), слуцкія чыноўнікі не вытрымалі, бо прынамсі Капыль заўсёды быў удзелам Слуцкага княства і не можа, на іх думку, быць старэйшым за Слуцк.
Наш кар.
ВЕЛІКОДНЫЯ СУСТРЭЧЫ НА "ЭКВАТАРЫ"
13 красавіка 2023 года ў Менскай бібліятэцы № 1 імя Л.М. Талстога адбылася святочная імпрэза літаратурнага клуба "Экватар", прысвечаная Велікодным святам. Праводзіў мерапрыемства кіраўнік літклуба, пісьменнік і журналіст Вячаслаў Корбут. Гасцямі вечарыны сталі навучэнцы і педагогі сталічных каледжаў, а таксама аматары прафесійнай літаратуры і бардаўскай песні ў аўтарскім выкананні.
Распачынаючы святочную праграму, спадар Корбут зазначыў, што Вялікдзень пачаў святкавацца хрысціянамі яшчэ ў першым стагоддзі нашай эры ў гонар Уваскрасення Ісуса Хрыста, якое з'яўляецца цэнтрам усёй біблейскай гісторыі і асновай хрысціянскага вучэння. Вялікдзень - гэта старажытнае і, бадай, самае важнае хрысціянскае свята, што дае вернікам светлую надзею на будучыню, на вечнае жыццё, бо ў Бога мёртвых няма… Дата ж Вялікдня прызначаецца на першую нядзелю пасля поўні, што наступае не раней дня ўмоўнага раўнадзенства 21 сакавіка, і таму гэтае светлае свята заўсёды адзначаецца ўвесну.
Прысутныя пачулі ў выкананні Вячаслава Корбута ўрывак з ягонай Велікоднай навэлы "Начны госць", "Велікодны верш", творы "Вясновыя кроплі дажджу", "Як нярвуецца час", а таксама верш "Вясновы надвячорак":
У вясновы надвячорак
Сонца хораша садзіцца
За зямлі сваёй пагорак,
Дзе журчыць вясны вадзіца.
Дзе ў тых травах зелянее
Радасць, зорна-маладая.
Слова ціхае смялее -
Ад гусей у небе зграі.
Прыляцелі нашы гусі,
На буслянках чую клёкат.
Іх лічыць я не бяруся -
Ненадзейны гэта клопат.
Загучалі нашы песні
З жаўрукамі зноў у полі.
Сэрцу на завулках цесна,
Бо так прагнецца раздолля!
Паэтку і грамадскую дзяячку Тамару Смірнову звязвае даўняе супрацоўніцтва з Менскім габрэйскім культурным цэнтрам. Таму спадарыня пажадала паглыбіцца ў гісторыю ўзнікнення Вялікдня. Яна распавяла, што менавіта старажытнагабрэйскае слова "Пэсах" абазначае іудзейскую Пасху, што адзначаецца па месецавым календары. Яно звязана з коранем слова пасах - "абмінуў, прайшоў міма", якое нагадвае пра тое, што Усявышні зрабіў так, каб слугі Ірада абмінулі габрэйскія дамы, знішчаючы першынцаў Егіпта. Старазапаветную Пасху святкавалі ў гонар зыходу габрэйскага народа з егіпецкага палону. У хрысціян адзначэнне свята набыло іншае тлумачэнне - "пераход ад смерці да жыцця, ад зямлі да неба". Як Гасподзь Бог вызваліў габрэяў ад егіпецкага рабства, гэтаксама і хрысціянін вызваляецца ад рабства граху праз смерць і ўваскрасенне Ісуса Хрыста. Тым самым старазапаветная Пасха стала правобразам хрысціянскага Вялікдня.
Што тычыцца выступаўшага наступным паэта Глеба Ганчарова, то заўсёды цікава назіраць за рэакцыяй людзей на ягоную творчасць: адны слухаюць з захапленнем, другія з-за лёгкага шоку пакрываюцца чырвонымі плямамі, трэція пераглядваюцца і паціскаюць плячыма. А прафесіяналы заўсёды адзначаюць, што паэзія спадара Глеба найвышэйшага кшталту: дасканалая па форме і вельмі глыбокая па змесце. Што ж да пэўнай жорсткасці, то так, напэўна, і патрэбна быць у вершах, якія напісаў мужчына-паэт. Для вечарыны 13 красавіка Глеб Ганчароў падрыхтаваў Велікодную падборку сваіх твораў. Прагучалі вершы: "Маналог Іюды", "Адзін дзень з жыцця Пілата", "Маці", "Імша. Касцёл у Паставах", а таксама твор, прысвечаны Боскай прыродзе мастацтва:
Мастак намаляваў ступнi Хрыста,
Прапахлыя сухiм пяском i кроўю,
I рушыўся туды, дзе пустата,
Да ўяленага думкай узгалоўя.
Жароўня астывала. Шэры прах
Успыхваў ледзь, i ў водблiску, навекi
Мiгцеў агонь нягаснуты ў вачах
I расчыняў нябожчыку павекi.
Шашковы пэндзаль, што падоўжыў кiсць,
Плоць маляваў - бялявую, як перлы:
Халодную. I ўсё. I ўся карысць.
Вось лёд жывы i вось агонь памерлы.
Паэт Вячаслаў Данілаў апошнім часам рэдкі госць на вечарынах літаратунага клуба "Экватар": складаная сітуацыя ў сям'і - вельмі хварэе матуля, за якой патрэбны догляд. Аднак на Велікодную імпрэзу ён усё ж такі патрапіў. Вячаслаў зазначыў, што гэта вельмі сімвалічна - сабрацца паміж каталіцкім і праваслаўным Вялікднямі. Да таго ж, па праваслаўнай традыцыі, 13 красавіка 2023 года - Чысты чацвер. Спадар Данілаў распавёў, што ў цяперашні час піша шмат вершаў (у асноўным па начах) і што творчасць для яго зараз сапраўднае адратаванне і адхланне. Шэрагам сваіх новых "начных" твораў Вячаслаў Данілаў шчыра падзяліўся з прысутнымі.
Прадстаўляючы сабраўшымся наступную выступоўцу, вядовец імпрэзы Вячаслаў Корбут зазначыў:
- Зараз перад вамі выступіць жанчына, дзякуючы якой штогод выходзіць альманах "Літаратурны экватар". Сустракайце: наш шаноўны шэф-рэдактар, пісьменніца і журналістка Інга Вінарская!" Паслухаўшы апладысменты ў свой адрас, Інга зазначыла, што яшчэ іх не зарабіла. Спачатку паэтка чытала пяшчотныя і прыгожыя вясновыя вершы, а потым узгадала, што на дзявяты дзень пасля праваслаўнага Вялікдня ў Беларусі будуць адзначаць Радаўніцу - так званы Вялікдзень памерлых. Спадарыня распавяла, што даўно ўжо ў яе няма родных і заклікала ўсіх прысутных берагчы сваіх блізкіх людзей. Напрыканцы свайго выступлення Інга Вінарская прачытала некалькі вершаў, прысвечаных сваім памерлым блізкім, сярод якіх быў і пранізлівы твор пад назвай "Размова з матуляй":
- Мама, мне нешта скажы!
Калі ласка, штось…
- Танныя стаўкі, бо край у мане…
Сёння не скардзіся: выбрала "казку" - вось… -
Так бы скрозь час адказала ты мне.
- Пагавары са мной полымем, іскрамі,
З вогнішча што падымаюцца ўверх…
- Думкі твае застануцца хай чыстымі.
Як тое трэба, то біцца не грэх.
- Мама, мне больш так,
напэўна, не вытрымаць…
Ворагаў шмат, надта многа іх зноў…
- Гэта ўсё - плюсы да іміджу спрытныя.
Смеласць і праўда - аснова асноў!..
- Мама, прабач!.. Ужо потым знайдзі мяне…
Кепскай дачкой я была, насамрэч…
- Родная, што ты, - жыву ў тваім імені.
Скрушныя думкі ты выкіні прэч!..
Цікавай асаблівасцю паэта і пісьменніка Юрася Нератка з'яўляецца тое, што ён не толькі Юрась Нераток. Ён і Нік Аблом, і Юрый Юлаў, і шмат хто яшчэ. І кожны з гэтых аўтараў ужо самастойны персанаж, а кожны персанаж - самастойны аўтар. А яшчэ цікава, што для сваіх выступленняў Юрась Нераток спецыяльна падбірае музычнае суправаджэнне. Трэба зазначыць, што вершы зусім па-іншаму ўспрымаюцца, калі аўтар чытае іх на фоне нягучнай музыкі…
На імпрэзе "Экватара" 13 красавіка Юрась Нераток выступаў ад імя Ніка Аблома. Прачытаў творы рознай тэматыкі. Сярод выкананых быў дастаткова рэзкі, але ад гэтага не менш глыбокі па сэнсе верш, які называўся "Рэлігійнае":
Пакуль жывём - датуль грашым:
У кожным дзеянні і слове.
Ёсць план, парадак і рэжым -
Няма спагады і любові.
Ва ўвясле-хустцы пад крыжы
Ўсё цягнемся, самарыцяне!
І невычэрпны жанр ханжы -
Маралітэ без пакаяння.
Інстынкт галоўны - "Дай!" і "Хваць!",
А шчасце бачыцца ў падкове.
…Прасцей усё-ткі існаваць
Без веры ў праўду і любові.
Сябе - хвалі, суседа - лай,
Шукай маржу ў любым эксцэсе.
Нашто такі патрэбны рай,
Як вы там разам зберацеся?!
Чароўная светлавалосая прыгажуня Таццяна Барысюк, супрацоўніца Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі, у сваёй творчасці застаецца вернай сабе - на працягу, напэўна, усяго свайго літаратурнага жыцця. І асноўнай тэмай лірычнай паэзіі вытанчанай аўтаркі з'яўляецца па-ранейшаму тэма кахання, якое спадарыня Таццяна лічыць Боскім падарункам чалавеку. Нават калі каханне нешчаслівае. Таццяна Барысюк прачытала прысутным шэраг вершаў са сваёй нядаўна напісанай паэтычнай нiзкi "Кармiчнае каханне". Прагучала і наступнае хоку (спадарыня Таццяна часцяком эксперыментуе з формамі):
Нябёснасць вачэй.
Сабалiныя бровы.
Закаханая...
Кахаю яго.
Ён цягнецца да цёмнай.
Тая - да iншых...
Калiдор пусты.
Калiдор зацменняў -
Як памяць пра флiрт.
Клетка жаданняў.
Мой каханы далёка.
Думкi пра радасць...
Зiма i вясна
Без цябе. Як Вечнасцi
Сон у самоце...
Для паэта, філосафа, кандыдата філасофскіх навук Ігара Яўгенавіча Шыршова не праблема размаўляць з моладдзю (а менавіта маладыя людзі складалі большую частку аўдыторыі на красавіцкай вечарыне "Экватара"). Справа ў тым, што спадар Шыршоў, нягледзячы на свой вельмі шаноўны ўжо ўзрост, дагэтуль выкладае студэнтам розных універсітэцкіх курсаў філасофію, культуралогію, паліталогію і іншыя дысцыпліны. І лекцыі Ігара Яўгенавіча вельмі папулярныя ў маладога пакалення. Любіць моладзь слухаць і вершы шаноўнага філосафа. Са сваімі новымі і не вельмі творамі выступіў спадар Ігар перад прысутнымі на вечарыне.
За музычную частку мерапрыемства 13 красавіка адказваў паэт, выканаўца аўтарскіх песень пад гітару Зміцер Захарэвіч. Некалькі разоў ён выходзіў да публікі са сваімі шыкоўнымі песнямі. Моцны голас, прыгожая музыка, прафесійныя аўтарскія тэксты… Ах, пэўна, ніводнае сэрца не засталося не закранутым у той вечар. Палымяны, агністы Захарэвіч запаліў усіх!.. Прагучалі песні рознай тэматыкі: жартаўлівыя і сумныя, лёгкія рамантычныя і глыбокія пранікнёныя. Сярод выкананых быў і твор "Свечка Ефрасінні", прысвечаны славутай Беларускай Святой:
Яшчэ наўсцяж ноч непраглядная ляжыць
Зацемненых часоў Сярэднявечча,
Аднак скрозь змрок зацепленая свечка
Прадвесцем золку недалёкага гарыць.
Друкарскай фарбай шчэ не пахнуць псалтыры,
На Грунвальд не імчыць Пагоня горда,
Хрыстос начлег не ладзіць пад Гародняй,
А свечка бліскаўкай у будучынь гарыць.
Яшчэ ладдзёю толькі суджана адплыць
У неўміручасьць велічнай Сафіі,
А ў ёй стыгмат чарніцы Ефрасінні,
Нібыта свечка малітоўная, гарыць.
І праз нягоды, войны ды стагоддзі
Святло нязгаснае на нас зыходзіць.
Вось такая атрымалася літаратурна-музычная імпрэза. Трэба зазначыць, што ўсіх выступоўцаў прысутныя ў зале першай Менскай бібліятэкі віталі шчырымі воплескамі. Завяршылася мерапрыемства, па звыклай ужо традыцыі, - агульнай фотасесіяй, у якой прынялі ўдзел усе ахвочыя.
Інга Вінарская, Юрась Нераток.
Новае выданне
Кніжка вершаў для дзяцей "Загадка ад сінічак"
У Гомелі ў выдавецтве "Барк" выйшла з друку новая кніга вершаў паэта са Слоніма Сяргея Чыгрына. Яна прызначана дзецям. Гэта паэтычны зборнік "Загадка ад сінічак".
Прыгожа аформлены зборнік складаецца з трох раздзелаў: "Воўк і аўтамабіль", "Свеціць месячык знаёмы", "Люлі-люлечкі-люляйкі" і "Птушкі і літары". Вершы гэтых раздзелаў вельмі шчырыя, простыя, лёгкія для чытання і запамінання. Яны прысвечаны розным лясным звярам, дзецям, прыродзе, прыгодам і вясёлым жартам. Многія вершы юным чытачам можна вывучыць на памяць і чытаць са сцэны. Яны выхоўваюць любоў да роднай зямлі, павагу да людзей і нашай прыроды. А таксама быць шчырымі, працавітымі і добрымі.
Змешчаны ў кнізе і арыгінальны верш "Птушкі і літары". На кожную літару беларускага алфавіта Сяргей Чыгрын прыдумаў чатырох-радкоўі. Напрыклад:
А.
Ён бліжэй да неба, гор,
Дом ягоны - ўвесь прастор.
Бачыць сонца ён вакол -
АРОЛ.
Б.
Вышыня заўсёды сніцца,
І яе ён не баіцца.
Сімвал нашай Беларусі -
БУСЕЛ.
В.
Да зярняткаў ён крадзецца,
Хоча есці ды пагрэцца.
Асцярожны да людзей
ВЕРАБЕЙ.
І г.д.
Вельмі шмат у зборніку вясёлых, гумарыстычных вершаў пра звяроў і пра дзяцей. Такія паэтычныя радкі выклікаюць толькі ўсмешкі і настрой. Верыцца, што яны спадабаюцца не толькі юным чытачам, але і дасрослым. Прапануем чытачам некалькі вершаў са зборніка Сяргея Чыгрына "Загадка ад сінічак".
Метро
- Першы раз, - сказаў Пятро, -
Я праехаў у метро:
Пад зямлёй ляцеў стралою
Думаў, выскачу на волю,
Ў неба птушкай узлячу…
Зноў, сябры, ў метро хачу.
Васілёк і кісялёк
Любіць хлопчык Васілёк
Піць вішнёвы кісялёк,
А нап'ецца кісяльку -
Паляжыць крыху ў цяньку.
А пасля, як ёсць работа,
Робіць ён усё з ахвотай,
І заўсёды мама з татам
За свайго сыночка рады…
Але больш за ўсё сынок
Любіць смачны кісялёк.
Дзіўны кватарант
Кінуў дзед на плот пінжак,
Правісеў ён месяц так.
А калі вісеў пінжак -
Пасяліўся ў ім хамяк.
Бо ў кішэні пінжака -
Добры дом для хамяка.
"Хто такі?" - спачатку дзед
Зразумець не мог як след,
Ды па-свойму даў адказ:
"Не хамяк, а верхалаз!".
Санкі для Аксанкі
Для унучанькі Аксанкі
Дзед купіў у краме санкі,
Санкі лёгкія, з маторам,
І распісаныя ўзорам,
Самі едуць па двары,
І пад горку, і з гары
Возяць пестачку Аксанку,
Як багатую дваранку…
Ды пакуль каталі санкі -
Рукі змерзлі у Аксанкі.
Поні
У мяне падняўся ціск -
Не паеду ў Ваўкавыск,
Там ваўкоў магчыма многа -
Не туды мая дарога…
Не паеду я у Кобрын
Там вужакі ёсць і кобры.
Нават Жабінку аб'еду -
Жабы квакаюць там летам…
Разважала гэтак поні
І… паехала у Слонім.
Мышка
- Дзе была ты ўчора, мышка?
- Я чытала дзеткам кніжку.
- Пазаўчора дзе была?
- Ледзь ад коткі уцякла.
- Што рабіла сёння зранку?
- Ела ціхенька смятанку…
- А на заўтра маеш штосьці?
- Сем сясцёр чакаю ў госці.
Пеўнік і ліса
Пеўнік Пеця вельмі рана
Назбіраў грыбоў крамяных,
А калі дадому нёс -
Ўбачыў ліску ля бяроз.
Як убачыў яе Пеця -
Паляцеў хутчэй за вецер,
Не дагнала яго ліска,
Бо было да вёскі блізка.
Яраслаў Грынкевіч.
Паштовыя маркі, прысвечаныя беларускім народным гульням
Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі выпусціла ў абарачэнне дзве паштовыя маркі з серыі "Беларускія народныя гульні". На адной марцы адлюстравана гульня "Воранаўскі чыгун", на другой - гульня ў мяч, у выбівалу. Над маркамі працавалі мастак Віктар Чайчук, дызайн - Яўгеніі Бядонік. Кожная марка выйшла з друку накладам 48 тысяч штук. Яны надрукаваныя ў Бабруйскай друкарні імя Непагодзіна.
Наш кар.
Навіны Германіі
Як у Германіі ўспрынялі адмову ад АЭС
Апазіцыя кажа пра "чорны дзень для Германіі", экалагічныя актывісты і партыя "Зялёныя" - пра доўгачаканае збавенне ад "тэхналогій учарашняга дня". Адключэнне ад сеткі трох апошніх атамных электрастанцый закончыла шасцідзесяцігадовую эру "мірнага атама" ў Германіі, але не паставіла кропку ў палітычных і грамадскіх дэбатах. Пра рэакцыю на гістарычнае рашэнне ўрада ФРГ - у матэрыяле EADaily.
Чорным днём для Германіі назваў спыненне энергаблокаў старшыня Хрысціянска-дэмакратычнага саюза (ХДС) Фрыдрых Мерц. Лідар апазіцыі адзначыў, што ў наш час у свеце працуе больш за 400 АЭС, пры гэтым яшчэ 60 знаходзяцца на стадыі будаўніцтва.
"Увесь свет стварае АЭС. У сувязі з гэтым узнікае пытанне: Хто насамрэч едзе па няправільнай дарозе?" - падкрэсліў палітык.
Калега Мерца, старшыня Хрысціянска-сацыяльнага саюза і прэм'ер Баварыі Маркус Зедар таксама раскрытыкаваў "абсалютна няслушнае" рашэнне афіцыйнага Берліна. Па меркаванні Зедара, спыненне эксплуатацыі АЭС з'яўляецца "асабліва ідэалагічным грахом" кіроўнай кааліцыі ў вобласці энергетычнай палітыкі.
Характэрна, што менавіта кансерватыўны блок ХДС/ХСС на чале з канцлерам Ангелай Меркель ініцыявалі ў 2011 годзе паступовую адмову ад мірнага атама на фоне аварыі на японскай АЭС "Фукусіма-1". Зедар, які займаў тады пост міністра навакольнага асяроддзя Баварыі пагражаў сысці ў адстаўку, калі ўрад рэгіёна "не адмовіцца ад атамнай энергетыкі не пазней 2022 года". "Атамная энергія? Не, дзякуй", - заяўляў тады цяперашні прэм'ер-міністр і адзін з галоўных прыхільнікаў працягу працы рэактараў.
Міністр фінансаў ФРГ Крысціян Лінднер заявіў у пятніцу, што АЭС, хутчэй за ўсё, адключаны "назаўжды".
"Вяртанне да атамнай энергетыкі ў будучыні здаецца нерэалістычнай ідэяй", - прызнаў кіраўнік Мінфіна ў гутарцы з выданнем Die Welt. Аднак Германія павінна "трымаць адкрытымі магчымасці ядзернага сінтэзу, праводзіць даследаванні ў гэтай вобласці з мэтай далейшага ўжывання атрыманых вынікаў", рэзюмаваў Лінднер.
Аднак менавіта працягу навуковых распрацовак у наш час перашкаджае федэральны міністр па справах эканомікі і абароны клімату, прадстаўнік партыі "Зялёныя" Роберт Хабек.
Як высветліла газета Welt am Sonntag, віцэ-канцлер ужо выключыў "мірны атам" з праграмы навуковых даследаванняў у вобласці энергетыкі, якія праводзяцца пад кіраўніцтвам міністэрства эканомікі.
Калега Хабека па партыі, сустаршыня "зялёнай" фракцыі ў бундэстазе Брыта Хасельман і зусім заявіла, што атамная энергетыка з'яўляецца "дарагой і небяспечнай тэхналогіяй учорашняга дня". Будучыня энергетыкі, па яе словах, за ўзнаўляльнымі крыніцамі энергіі (УКЭ) і кліматычнай нейтральнасцю.
"Адзінае, што Хасельман выпусціла, гэта тое, што УКЭ не забяспечваюць стабільную электраэнергію, калі не свеціць сонца і не дзьме вецер", - пракаментаваў словы лідара "Зялёных" таблоід Bild.
Пра рызыкі, звязаныя са спыненнем працы АЭС і празмернай залежнасцю ад УКЭ, заявіў таксама Федэральны саюз Германскай прамысловасці (BDI). Па меркаванні галіновай асацыяцыі, увод новых магутнасцяў "усё яшчэ ідзе занадта павольна".
"З закрыццём апошніх атамных электрастанцый Германія скарачае набор тэхналогій для вытворчасці электраэнергіі ва ўмовах энергетычнага крызісу, які працягваецца", - пракаментавала рашэнне ўрада ФРГ кіраўнік саюза Таня Генер.
Як і многія палітыкі, значная частка нямецкіх СМІ таксама скептычна паставілася да спынення апошніх рэактараў. Так, часопіс Der Spiegel напісаў пра "рызыкоўную сцежку", на якую ступіла Германія, і падкрэсліў, што суседнія краіны не хаваюць "сваё здзіўленне" рашэннем афіцыйнага Берліна. "У суседніх краінах назіраецца адпаведнае неразуменне, асабліва ў сувязі з тым, што вывад АЭС з эксплуатацыі адбыўся ў разгар энергетычнага крызісу", - прызнала выданне.
Газета Frankfurter Allgemeine Zeitung (FAZ) назвала адключэнне АЭС "дарам старым зялёным чалавечкам", маючы на ўвазе ў тым ліку дбайнага суперніка атамных станцый, прадстаўніка партыі "Зялёныя" Юргена Трытына. "Зараз, калі чыстая атамная энергетыка замяняецца бруднай вугальнай, "Зялёныя" больш не змогуць нікому сказаць, што яны робяць усё магчымае для барацьбы са зменай клімату. Яны таксама больш не змогуць сказаць, што робяць усё магчымае для замены выкапнёвага паліва", - піша калумніст FAZ Джаспер фон Альтенбокум. Па яго словах, рашэнне ўладаў ФРГ мае "вельмі мала агульнага з энергетычнай палітыкай і ўжо сапраўды не мае нічога агульнага з кліматычнай палітыкай". "Тут адбываецца тое, што "зялёныя" палітыкі мімаволі пераводзяць у аўтарытарныя тэрміны, усклікаючы: Я не пацярплю, каб справа майго жыцця было сапсавана!" - рэзюмуе аўтар.
Раней EADaily паведамляла, што віцэ-канцлер, кіраўнік Мінэканомікі ФРГ Роберт Хабек заклікаў да ўвядзення санкцый ЕС супраць расійскай атамнай прамысловасці.
Ілюстрацыя: hna.de.
Беларусы сустракаюцца з індзейцамі
У апераным, акрыленым творчым асяроддзі: Ізеўлін, Паўлаў, Шаравараў; ідэя экранізацыі "Сына вады" (да 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Маўра, ч. 4)
(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-15 (53-67) за 2023 г.)
Ідэя, прапанова наконт экранізацыі аповесці "Сын вады" Янкі Маўра з абяцаннем шэдэўра нарадзілася і абмяркоўвалася ў першы перыяд нашага вывучэння беларуска-індзейскіх сувязей.
Так сталася, што ў школьныя гады, нават пасля ўзнікнення цікавасці да індзейцаў, Маўр не звярнуў на сябе ўвагу аўтара БСІ. Перапіску з індзеяністамі апошні пачаў толькі ў снежні 1984 г. (у выніку сустрэчы з маскоўскай індзеяністкай каля дзвярэй Аддзела народаў Амерыкі Інстытута этнаграфіі), а Маўр пачаў сістэматычна згадвацца ў ёй з 1987 г. - у лістах да двух індзеяністаў - украінцаў па нацыянальнасці (адзін атрымаў ад нас і кнігу з "Сынам вады"), а таксама да Г. Сагановіча (прычым адзін малады эсперантыст, калега Генадзя, нават згадзіўся заняцца перакладам "Сына вады") і А. Мальдзіса ("Але каб скараціць час руху да мэты, патрэбна падтрымка дзеячоў навукі і культуры. Янкі Маўра няма. Але ёсць яго сын (які выступаў у падтрымку Пелціера ў "Правде"), ёсць Ніл Гілевіч (верш "Выміраюць плямёны"), ёсць Валянцін Пятровіч Грыцкевіч, ёсць дзясяткі творчых работнікаў, якія працавалі з індзейскім матэрыялам, і такіх людзей, як, напрыклад, Карлас Шэрман" (25.10.1987)).
У 1988 г. мы актывізавалі тэму Маўра, аргументуючы гэтую актывізацыю і фактам, што спаўнялася 60 гадоў аповесці "Сын вады". Тады пачаў гучаць і матыў "Сына вады" амаль што ў Галівудзе,
З ліста да кінакрытыка В. Нячай ад 8.05.1988 г. (адказу не было):
"Вяртаючыся да беларускага кінематографа, хацелі б звярнуць увагу на магчымасць паспяховай экранізацыі аповесці Янкі Маўра "Сын вады" (сёлета - 60 гадоў 1-му выданню). Гэта "рабінзанада", дзеячых асоб мала, адзіную сур'ёзную праблему складае дакладная перадача этнаграфічных дэталей жыцця індзейцаў Вогненнай Зямлі, але іх быт настолькі просты, што можна толькі радавацца прыгатаванай і нескладанай аснове для пробы сіл у гэтым спецыфічным прыгодніцкім жанры. Сюжэт прагрэсіўны, выхаваўчы. Некаторыя асаблівасці яго, напэўна, могуць зрабіць фільм "дарослым", але гэта будзе залежыць ад жадання кінематаграфістаў захаваць этнаграфічную "праўду жыцця".
Беларуска-індзейскае таварыства імя Янкі Маўра, зразумела, за праўду і будзе садзейнічаць "індзейскай серыі" на Беларусі" (прысвоіць БІТ імя Янкі Маўра было толькі ідэяй, як і аналагічнае выкарыстанне імя доктара Руселя, але мы нават пачалі пытацца пра дазвол на гэта ў адпаведных людзей).
Ліст у рэдакцыю "Зорьки" праз тры гады публічна зафіксаваў ідэю гэтай экранізацыі, хаця і звярнуў увагу да яе пераважна крыху абмежаванай узроставай катэгорыі.
"БІТ - рэдакцыі газеты "Зорка", Мінск
23.6.1991 № 87 Гомель
"Паважаная рэдакцыя!
У аглядзе па выніках конкурсу ў "Клубе юнага кінагледача" (21.6) Вы згадваеце сярод заявак рабят [ребят] для "Беларусьфільма" прапанову звярнуцца да творчасці Я. Маўра. Просім удакладніць, якія менавіта творы мелі на ўвазе ўдзельнікі конкурсу.
У свой час мы спрабавалі папулярызаваць ідэю экранізацыі аповесці "Сын вады", звярнуўшыся, у прыватнасці, да кінакрытыка А. Нячай. Сюжэт, дзейныя асобы, матэрыяльная атрыбутыка - усё абяцае буйны поспех для беларускага кінематографа. Унікальная магчымасць стварыць маленькі шэдэўр, які да таго ж абыдзецца нядорага. Ваша газета магла б першай звярнуць увагу сцэнарыстаў і рэжысёраў на гэтую перспектыўную работу.
З павагай
Алесь Сімакоў, часовы выканаўчы сакратар Беларуска-індзейскага таварыства".
Зварот у газеце з'явіўся ў наступным выглядзе:
"У адным з выпускаў Клуба юнага кінагледача згадвалася, што юнакі і дзяўчаты прапануюць беларускім кінематаграфістам звярнуцца да творчасці Янкі Маўра.
Мне здаюцца вельмі цікавымі для экранізацыі сюжэт і героі аповесці Я. Маўра "Сын вады". Гэта ўнікальная магчымасць стварыць маленькі шэдэўр. Я ведаю, многім хлопцам падабаецца гэтая прыгодніцкая аповесць. Можа быць, давайце разам звернемся да рэжысёраў, якія ўмеюць рабіць дзіцячыя фільмы і якія яшчэ памятаюць пра дзяцей.
Алесь Сімакоў, часовы выканаўчы сакратар Беларуска-індзейскага таварыства".
Чаму праект танны? Нават з улікам лонданскай часткі, якую можна зняць у Траецкім прадмесці, каля Музея Максіма Багдановіча, - як месца працы Манга паказаць адну з кавярань, людзей занята няшмат, гістрычнага адзення шыць шмат не трэба. Чаму абяцае поспех? Моцны, запамінальны і надзвычай лірычны сюжэт - хаця ніякага "рамантычнага кахання", толькі абажанне, амаль абагаўленне "Белай Птушкі" з боку "дзікуна". "Рамантычнае каханне" можна ўставіць у фільм, пры жаданні, - калі нешта дадумваць і развіваць.
…Адзін з папярэдніх вялікіх поспехаў у серыі "Нашы людзі ў Галівудзе", ускосна звязаны з Беларуссю, - музыка да фільма "Дыліжанс" (1939) выхадца з-пад Брэста Л. Грунберга (ён адзін з пяці асоб, якія аднесеныя ў звестках пра карціну да "музычнай адаптацыі"). Самы кароткі сінопсіс гэтага славутага фільма: "Нью-Мексіка, 1884. Апачы на сцежцы вайны". Здымаўся ў супрацоўніцтве з "індзейскімі агенцтвамі для наваха і апачаў", у ролі Джэроніма - правадыр Уайт Хорс (Белы Конь).
Хто напіша музыку да фільма (або, для пачатку, да спектакля ў Тэатры юнага гледача, які стварыць лягчэй) "Сын вады"?
Літ.:
286 Симаков А. Кто отзовется? // Зорька. 20 сент. (Ау, кинематографисты; Клуб юного кинозри-теля.)
7928 Gruenberg, Louis // Encyclopedia Americana. International Edition. V. 13. Danbury, CT, 2002. P. 528. ("…American composer who incorporated jazz, African spirituals, Southern mountain music, and Native American tunes into his works to create a typically musical idiom".)
11775 Д. П. [Дзмітрый Падбярэзскі]. Смольскі Віктар // Энцыклапедыя беларускай папулярнай музыкі / уклад. Д. Падбярэзскі і інш. Мн., 2008. С. 277-278. (Песня В. Вольскага "Straight to Hell" выкарыстаная ў саўнд-трэку да фільма-пародыі "Макасіны Вінету" (Der Schuh des Manitu), які стаў адным з самых касавых у гісторыі нямецкага кіно.)
523 Федоров Ф. Свободу Леонарду Пелтиеру! // Правда. 1984. 23 июня.
5587 Гардзіцкі А. Янка Маўр - жартам і сур'ёзна // Гардзіцкі А. Сустрэчы. Мн., 1972. С. 55-64.
11908 Янка Маўр. Наш вечны рабінзон: штрыхі да партрэта / уклад. М. Міцкевіч. Мн., 2018.
3667 Лапцева Л. Маўр сваю справу - зрабіў... // Літаратура і мастацтва. 1998. 22 мая. С. 12.
9296 Зубкоўскі Б. Адкуль пайшлі рабінзоны Янкі Маўра? // Літаратура і мастацтва. 2013. 3 мая. С. 5.
6032 Зубкоўскі Б. Другое чаканне Маўра // Настаўніцкая газета. 2001. 19 ліп.
12259 Зубкоўскі Б. Чалавек як часцінка свету // Полымя. 2014. № 12. С. 157-168.
1631 Миронов А. Янка Мавр: романтика борьбы, свободы и счастья: Из предисл. к кн. Я. Мавра "Сын воды. В стране райской птицы. Амок" // Детская литература. 1970. № 2. С. 55.
1152 Гордицкий А. Первопроходец далеких и близких земель // Мавр Я. Путь из тьмы: (Воспоминания детства). Мн., 1972. С. 142-144.
ІЗЕЎЛІН Ілья - на 02.11.2015 прадстаўляў турыстычную фірму "AnyWay Travel" (дата матэрыялу на сайце, які вы выкарыстоўваем).
Ён расказвае пра краіны Лацінскай Амерыкі, якія ведае. Пры гэтым гучыць парада: "Ехаць у Лацінскую Амерыку - лепш без хвароб сэрца". Чаму - тлумачэнне можна знайсці ў рускамоўнай версіі інфармацыі Ільі - і мы збіраемся пазней працытаваць гэтае месца са сказанага Ільёй пра паўднёвую групу краін з яго кампетэнцыі. …Як, напэўна, не варта ехаць у (Лацінскую) Амерыку людзям са слабымі нервамі - і тым, каму новыя ўражанні не даражэй за не слабыя, але "нервы".
Асаблівасцю матэрыялу "Гватэмала, Беліз, Антарктыда: ці гатовы беларусы да сапраўднай экзотыкі?" з'яўляцца тое, што адна за адной пералічваюцца вылучаныя загалоўкамі краіны Лацінскай Амерыкі (і тры краіны на ўсходзе Старога Свету). У ім гаворка ідзе пра Мексіку, Беліз, Гватэмалу, Панаму, Гандурас, Коста-Рыку, Нікарагуа, Венесуэлу, Бразілію, Перу (Панаму прапусцім). Па матэрыяле цяжка зразумець, што Ізеўлін бачыў сам, а што проста рэкламуе.
"За 10 гадоў працы ў турызме Ілья Ізеўлін, менеджар турыстычнай кампаніі AnyWay Travel, пабываў у больш чым паўсотні краін свету, у многіх - не аднойчы. Напрыклад, краіны Цэнтральнай Амерыкі ён ведае як сваіх пяць пальцаў - проста падкажа, дзе самая смачная кава ў Коста-Рыцы, а ў Гватэмале і зусім арыентуецца як у родных мясцінах.
Калі вы вырашыце арганізаваць сваё экзатычнае падарожжа, успомніце пра Ілью. Якую б неверагодную кропку вы ні паказалі на глобусе, напэўна ён ужо пабываў там да вас. Дзякуючы гэтаму Ілья прафесійна зарыентуе ў тым, як зручней дабрацца, прапануе варыянты самых камфортных гатэляў, падкажа, што паглядзець на месцы адпачынку".
"У турызм я прыйшоў 10 гадоў таму, а 7 гадоў таму пачаў займацца экзатычнымі напрамкамі: спачатку наведаў Кубу, Дамінікану і Мексіку, потым - Чылі, Бразілію, Аргенціну, далей - больш, словам, аб'ехаў усе краіны Цэнтральнай Амерыкі. Год працаваў у Венесуэле ў прымаючай турыстычнай кампаніі Araguaney Latin Travel, самастойна наведваў краіны Паўднёва-Усходняй Азіі. За гэтыя гады з'явіліся асабістыя кантакты з консульствамі, буйнымі прымаючымі аператарамі, авіякампаніямі ў многіх краінах - дзякуючы гэтаму сёння ў AnyWay Travel мы можам арганізаваць маршрут любой працягласці, складанасці, насычанасці. Для мяне гэта не проста праца. Я сам вельмі люблю падарожнічаць і калі не заўсёды атрымліваюцца далёкія паездкі, то абавязкова раз на месяц выбіраюся хаця б на ўікэнд у Еўропу".
Ілья тлумачыць, адкуль і як трэба пачынаць па-турысцку асвойваць, вывучаць Лацінскую Амерыку, і памылковыя тэндэнцыі. Гэтую і іншую прафесійную інфармацыю мы прапускаем.
"МЕКСІКА - УБАЧЫЦЬ СУМЕСЬ КАТАЛІЦЫЗМУ І ПАГАНСТВА
"Я ўпершыню патрапіў у гэтую краіну ў іх нацыянальнае свята - Дзень Мёртвых, дарэчы ён праходзіць 2 лістапада, сёння. Мяне атачалі людзі ў касцюмах шкілетаў. Але больш за ўсё мяне ўразіла сцэна на могілках - мексіканцы прынеслі да адной з магіл тэлевізар, піва і глядзелі футбол. На маё здзіўленае пытанне гід спакойна растлумачыў - нябожчык любіў футбол, сябры вырашылі зрабіць яму прыемнае! І ў гэтым асаблівасць Мексікі - пры існуючым з 16 стагоддзя каталіцызме ў краіне моцныя паганскія вераванні.
Вельмі шкада, што нашы турысты пры вандраванні абмяжоўваюцца Канкунам. Так, там выдатныя гатэлі сусветных ланцужкоў - Iberostar, RIU, Oasis, Barcelo, вельмі добрыя пляжы, насычанае начное жыццё - танцы, тусоўкі, шумная моладзь. Але Мексіка - гэта яшчэ і плямёны майя, Юкатан, старажытны горад Чычэн-Іца, адзіная крэпасць майя прама на беразе мора - Тулум. Каб паўнавартасна пазнаёміцца з Мексікай, трэба прылятаць у Мехіка Сіці. Мы прапануем насычаныя экскурсійныя туры - з Мехіка да Канкуна каля 2 тысяч кіламетраў па зямлі, працягласцю ад 8 да 15 дзён. Калі ж вы шукаеце не проста пляжны адпачынак, а паўнавартасны рэлакс, то раю абраць курорт Рыўера-Майя. Дарэчы, гэта міф, што ўся мексіканская кухня - вострая. Так, гуакамоле там усюды - як у нас соль на сталах. У іх кухні шмат курыцы, соусы з авакада, у падрыхтоўцы страў часта выкарыстоўваецца кукурузная мука. Можна ў нас на кухні прыгатаваць усё тое ж, маючы звычайныя прадукты. Дарэчы, у рамках гастранамічнага тура можна ўбачыць, як вырабляюцца гуака-моле або тэкіла - мексіканская тэкіла, як вядома, лепшая ў свеце".
"Мексіку вельмі зручна камбінаваць з краінамі Цэнтральнай Амерыкі - Гватэмалай, Гандурасам, Белізам. Мы прапануем такія групавыя туры два разы на год".
"БЕЛІЗ - НАЧАВАЦЬ У ДЖУНГЛЯХ ПРЫ СВЕЧКАХ
Беліз - малюсенькая дзяржава з 250 тысячамі жыхароў, адзіная англамоўная краіна ў Лацінскай Амерыцы, куды вельмі складана патрапіць з-за нелаяльнага візавага рэжыму. Але з намі гэта магчыма! Я звязваюся з мясцовым консульствам і турысты атрымліваюць візу прама на мяжы - па спісе. Краіна знакамітая сваёй Блакітнай дзіркай (blue hall) з дзівосным дайвінгам, ёсць там і піраміды. Сябе можна пацешыць вандраваннем на лодцы ў джунглі, дзе можна сустрэць ягуара. У гатэлях у джунглях у 9 вечара выключаюць святло і раздаюць свечкі - каб не парушаць экасістэму. Можна патрапіць у Беліз на экскурсію на круізных караблях, якія заходзяць сюды з Канкуна і Маямі".
"ГВАТЭМАЛА - ПРАЕХАЦЬ ПА СТРАКАТЫХ ГАТЭЛЯХ АЎТЭНТЫЧНЫХ ВЁСАЧАК
Шалёна цікавая краіна, незаслужана абыдзеная ўвагай турыстаў! Гватэмала - гэта вулканы, азёры вулканічнага паходжання. Жамчужына краіны, Тыкаль - закінуты горад майя. Знаходзіцца Гватэмала побач з Мексікай. Калі параўнаць гэтыя дзве краіны, то яны нечым падобныя, але Гватэмала - як глыбінка, больш аўтэнтычная. Там усе ходзяць у нацыянальных строях, не вераць у традыцыйную медыцыну - гэта такі кавалачак, некрануты цывілізацыяй. Хаця ў іх ёсць крамы, добрыя гатэлі, інтэрнэт. У Гватэмала Сіці не так шмат цікавага, трэба ехаць у індзейскія вёсачкі, дзе кожны гатэль - унікальны і яркі, з плеценымі дыванамі, каларытны, як асобны твор мастацтва. Яшчэ ў Гватэмале знаходзіцца адзіная ў свеце каталіцкая царква ў Чычыкастэнанга, дзе Папа Рымскі дазволіў праводзіць паганскія абрады. Але я не рэкамендаваў бы ехаць у Гватэмалу самастойна, лепш праз надзейныя кампаніі - у нас ёсць прамыя кантакты ў Гватэмале".
"ГАНДУРАС - АСАБІСТА ЗАЗІРНУЦЬ У КАЛЯНДАР МАЙЯ
Краіна, у якой я пабываў некалькі разоў, пачынаючы з 2009 года. У тым ліку і ў Капане, дзе знаходзіцца знакаміты каляндар майя. Там дакладна апісваецца, што каляндар перасталі весці, бо быў забіты апошні чалавек, які мог гэта рабіць. Гандурас - найбяднейшая краіна ў рэгіёне, але пры гэтым яна багатая выдатнымі пляжамі, ёсць гатэлі ланцужкоў Iberostar, Barcelo. Для беларусаў віза не патрэбная".
Літ.:
12328 Дранкевич О. Г. История путешествий и туризма: пособие. Мн., 2008.
7034 Весь мир / Туристская компания. Здесь вам рады всегда! // Туризм и отдых. 2002. 17 окт. С. 15 (Варао, пемон (плямёны).)
5485 Чижовский М. Анекдоты со всего света / на литературный язык анекдоты переводил М. Чижовский // Туризм и отдых. 2000. 13 апр. С. 32.
ПАЎЛАЎ Савелій - ураджэнец Браслаўскага раёна, у 1973 г. разам з прадстаўніком БССР у ААН В. С. Смірновым наведаў у Чыкага афрыкана-амерыканскі музей (DuSable Museum of African American History), у якім ушанаваны і індзейцы. Кароткія звесткі пра гэты візіт мы ўжо давалі ў артыкуле пра Смірнова (БСІ - вып. [9] / НС.pdf - № 34, 24.08.2022), але ён настолькі "хрэстаматыйны", што хацелася б не толькі дапоўніць уласна тым, што яшчэ тычылася індзейцаў, асабліва словамі з выступлення Марыён Біч, як іх перадае Паўлаў, але даць цалкам урывак пра музей з нарыса "Амерыка як яна ёсць". Прыведзеныя ў Дзюсабль камуністам Тэдам Пірсанам, беларускія госці былі сустрэтыя старшынёй савета музея Аршы Лістанбэ, а пасля яе выступлення выказалася і Марыён, пры гэтым дакладна ўказваецца паходжанне: "Як індыянка, - сказала яна, - я з'яўляюся сапраўднай гаспадыняй гэтай краіны", што гучыць таксама і як маніфест феміністкі.
С. Паўлаў - папулярная фігура ў коле гомельскіх індзеяністаў, дзякуючы, акрамя яго дзюсабльскага апісання, і таму, што пасля перабудовы, на пенсіі, ён зарэкамендаваў сябе алармістам, заклапочаным глабалізмам і пагрозамі навакольнаму асяроддзю. Ды і ў свае "лепшыя часіны" як партыйны дзеяч, падобна да большасці беларускіх палітыкаў з прычыны іх у цэлым лагоднага нацыянальнага характару, ён быў "не звер", а проста мусіў, адпавядаючы сваёй пасадзе, быць строгім. Таму ёсць прапанова ставіцца да яго з пяшчотай, у лепшых традыцыях міжкласавай згоды.
(Што такое беларуская пяшчота, можна праілюстраваць эмоцыямі пры сустрэчы ў Аргенціне двух землякоў, калі адзін пазнаў другога па акцэнце (раман Я. Басняцкага "Іншаземец" ("Иностранец" (1961), у часопісе - як "Усё жыццё наперадзе" ("Вся жизнь впереди"), 1959) пра польскага беларуса (бацька беларус, маці руская) Андрэя Клімовіча, які ў Аргенціне стаў Андрэасам Клімашам (Андреас Климошш), на падставе сапраўдных успамінаў эмігрантаў).)
Прама хлусіць у часы Машэрава было даволі непрыстойным. Што для Паўлава было нешта святое, сведчыць і ўжыванне ім слова "святыня" ў адносінах да музея і да адраджэння неграў і індзейцаў.
Уявіце сабе, што б вы адчулі, калі б сустрэлі Паўлава ў гарах Сьера-Мадрэ, аплоце апачаў. І не ў складзе, як прапагандыста, "палітрука", амерыканскіх войск пад камандай генерала Крука, а як "нашага, савецкага чалавека"!
"З плошчы Хеймаркет-сквер Тэд Пірсан павёз нас у музей Дзюсабль афрыкана-амерыканскай гісторыі. Старшыня яго рады Аршы Лістанбэ сардэчна вітала гасцей, а супрацоўніца музея Марыён Біч павязала галаву Віталя Смірнова рознакаляровай стужкай. Такога гонару ў індзейцаў удастойваюцца самыя паважаныя людзі племені. У дадзеным выпадку стужка азначала пасвячэнне Віталя Смірнова ў ганаровыя індзейцы.
Мы і не заўважылі, як у галоўнай зале музея сабралася шмат людзей. Да стала падышла Аршы Лістанбэ і сказала яркую прамову пра роўнасць людзей працы, пра салідарнасць змагароў за свабоду, пра дзікасць і гнюснасць расісцкіх забабонаў, якімі паражана жыццё Чыкага.
- Тут сабраліся белыя і чорныя, старыя і маладыя, мужчыны і жанчыны, - казала Аршы Лістанбэ. - Нас падзяляе не колер скуры, а багацце і беднасць. Афрыканцаў прывезлі ў Амерыку, каб назаўжды зрабіць іх рабамі. Мы адновім сапраўдную гісторыю афрыкана-амерыканскіх сувязей. У флатыліі Хрыстафора Калумба былі тры караблі, і капітанамі двух з іх былі афрыканцы. Можна яшчэ паспрачацца, хто адкрыў Амерыку - еўрапейцы або афрыканцы?!
Аршы змяніла Марыён Біч.
- Як індыянка, - сказала яна, - я з'яўляюся сапраўднай гаспадыняй гэтай краіны. Багатыя адабралі ў мяне маю радзіму і мову маіх продкаў...
Поўныя роспачы і горычы словы жанчын данеслі да мяне сапраўдныя мэты і прызначэнне музея Дзюсабль. Гэта святыня "чорнага і чырвонага рэнесансу". Сабраныя ў музеі творы мастацтва індзейцаў і афрыканцаў, узоры іх старажытнай зброі, прадметы побыту, прылады працы закліканыя сказаць амерыканцам і ўсяму свету, што матэрыяльная і духоўная культура нацыянальных меншасцей Амерыкі гэтак жа багатая і чалавечная, як і прагрэсіўная культура ўсяго амерыканскага народа, і што яна можа і павінна без усялякіх абмежаванняў заняць сваё дастойнае месца ў яркім сузор'і нацыянальных культур чалавецтва.
Музей Дзюсабль аб'ядноўвае ў сваім актыве людзей, якія добра разумеюць, што для поспеху барацьбы за свае правы і нацыянальную годнасць трэба аб'яднаць працоўных - белых, чорных, чырвоных - і кіраваць іх дзеяннямі. Створаная летам 1971 года ўпершыню ў гісторыі індзейцаў адзіная арганізацыя "Рух амерыканскіх індзейцаў" (РАІ) заявіла: "Чырвоны гігант стаіць на адным калене, але ён гатовы ўстаць ва ўвесь рост". І музей Дзюсабль, які актыўна ўмацоўвае самасвядомасць неграў, індзейцаў і іншых абяздоленых нацыянальных меншасцей Амерыкі, ставіць сваёй мэтай, з аднаго боку, рэабілітаваць прыніжаную і абражаную іх культуру і, з іншага боку, змагаецца за стварэнне больш-менш ніштаватых умоў для яе адраджэння і развіцці.
У музеі Дзюсабль працуюць творчыя студыі для моладзі, арганізуюцца курсы, семінары і лекторыі па афра-амерыканскай гісторыі і культуры, ладзяцца выставы твораў жывапісу, графікі, скульптуры. Музей праводзіць і навукова-даследчую працу. Ім выдаюцца штогадовыя "Даведнікі па негрыцянскай і індзейскай гісторыі і культуры", якія змяшчаюць звесткі аб барацьбе супраць расавай дыскрымінацыі ў краіне.
Музей Дзюсабль туліцца ў трухлявым непрыстасаваным будынку ў парку імя Вашынгтона, ён не атрымлівае ніякай дапамогі ад гарадскіх уладаў і існуе толькі на ахвяраванні сваіх прыхільнікаў. У гэтых адносінах Дзюсабль не можа раўняцца, напрыклад, з музеем чыкагскага гістарычнага таварыства, размешчаным у цудоўным палацы і які карыстаецца ўвагай і клопатам уладаў.
Ніколькі не прымяншаючы ўзорнай арганізацыі экспазіцый гэтага музея, дзеля справядлівасці трэба сказаць, што сціплыя экспанаты Дзюсабля даюць больш розуму і сэрцу наведвальніка, чым, скажам, размешчаная ў музеі гістарычнага таварыства калекцыя сукенак жонак усіх прэзідэнтаў ЗША. У Дзюсаблі, напрыклад, уражвае дзіўная па мастацкай выразнасці і тонкаму лірызму калекцыя драўляных скульптур "Мацярынства". Яе стварэнне звязваецца з майстрамі таленавітага племені індзейцаў патаватытаў [поттаватитов, але правільна - патаватомі (патаватамі), якія пасяліліся на месцах, якія раней займалі маякі, сокі і фоксы], якія валодалі прыбярэжнымі землямі ў возера Мічыган. Дарэчы, яны першымі далі прыазёрнаму паселішчу бледнатварых прышэльцаў назву Чыкага. На іх гаворцы яно азначае "благія пахі". Трэба аддаць належнае мудрасці патаватытаў. Не ведаючы капіталізму, яны дакладна назвалі гэты горад. І справа не толькі ў тым, што ў Чыкага сканцэнтраваны гіганцкія бойні. Значна мацней пахнуць карупцыя, гвалт, расізм, якімі паражоны сучасны Чыкага".
Мы ўжо ведаем, што многае ў лепшы бок змянілася і ў жыцці неграў і індзейцаў, і з памяшканнем для музея-цэнтра, і ў яго агульным статусе. Але гісторыя мае сэнс, каб сачыць за тым, як адрозніваліся якасць і паўната жыцця сярод розных катэгорый зямлян.
Пераклад наш, хаця ёсць і версія на беларускай мове, апублікаваная ў часопісе "Полымя" ў 1974 г., а таксама яго пераклаў наш калега М. Шуканаў (найбольш тэксту па праграме нашых перакладаў для серыі "Індзейцы вачыма беларусаў" у выніку зрабілі члены БІТ М. Шуканаў і Д. Санюк, за што хацелася б яшчэ раз выказаць ім падзяку).
Усяго на гэты момант мы маем у адным месцы на паліцы не менш за 4 экз. кнігі Паўлава - акрамя першага, купленага ў кнігарні (калі даты набыцця яшчэ і не ставіліся на нашых кнігах), іншыя прыйшлі ўжо "натуральным чынам", "самі па сабе" (з лютага 1985 г. назіраецца правіла кожны раз фіксаваць на кнігах дату). Кнігалюбам ды і тым, хто ў жаху ад "кніжных завалаў" дома, будзе цікава даведацца, што экзэмпляр кнігі Паўлава "Рэпартаж з борта Зямлі", датаваны 14.04.1989, быў з вялізнага "кута" кніг у кватэры А. Снітко на вуліцы Дворнікава на "Сельмашы" ў Гомелі, які пазней вывезлі да сябе кіяўляне, каб прадаць і грошы пусціць на салідарнасць з Лацінскай Амерыкай. Снітко, таксама экалагічны аларміст, набыў і галоўныя кнігі "позняга" Паўлава. (У гомельскага актывіста была іншая сістэма ўладальніцкіх адзнак на кнігах, у т.л. па канкрэтных месцах набыцця - апошняе з часам паўплывала і на аўтара БСІ, з развіццём: дэталізаваць на саміх экзэмплярах акалічнасці набыцця - каб былі звесткі пра пакупку, дары, буккросінг не толькі па населеных пунктах, але і па памяшканнях - кнігарнях і г.д.)
Літ.:
11824 Снитко А. Остров Сельмаш // Сельмашевец. 2019. 5 сент. С. 3. ("Продолжение следует", але працягу чамусьці не было.)
3844 Запрашаюць: [...] кінатэатры // Гомельская праўда. 1988. 27 мая. (Відэасалон Сельмашаўскі - ..."Ацэола".)
7941 Чыкага // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17. Мн., 2003. С. 302.
811 Мештравіч (Mestrovіc) Iван // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. Т. 5. Мн., 1973. С. 168. (у БелСЭ згаданае адлюстраванне індзейскай тэмы ў творчасці харвацка-амерыканскага скульптара, але ў 2021 г. працуе камісія, якая супраць таго, каб "promote persons and events related to racism, slavery, genocide or the misre-presentation of American Indians", у т.л. Мештравічам, які хацеў "рамантызаваць" вобраз індзейцаў сваімі статуямі ў Гранд-Парку Чыкага - і больш нічога.)
10254 Pastusiak L. Chicago: portret miasta. Warszawa, 1986. (Буйны вучоны і палітык у кнізе пра Чыкага адносіць маямі Little Turtle да атава: "Plemiona te tworzyly konfederacje, ktorej przewodzili Maly Zolw z plemienia Ottawa oraz Niebieska Kurtka z plemienia Shawnee. Z Malym Zolwiem spotkal sie Tadeusz Kosciuszko w Filadelfii".)
ШАРАВАРАЎ Алег - музыкант, гукарэжысёр, мастак-пастаноўшчык, дэкаратар. У "Энцыклапедыі беларускай папулярнай музыкі" мы не знаходзім артыкулаў пра Алега, а таксама Уладзіміра Гнутава і Глеба Сівалобчыка ("Жалезны" Глеб), якія з'яўляюцца ў справаздачы пра канцэрт у фестывальным цэнтры "Акварыум" у кастрычніку 1996 г. з удзелам музыканта-наваха У. Язі. Але яны былі добра вядомыя сярод аматараў пэўных кірункаў музыкі. Акрамя сваёй асноўнай ролі як аўтара і выканаўцы музыкі, а таксама гукааператара на канцэртах, Алег стаў працаваць у кіно як мастак - сярод фільмаў: "Талаш", "Бумеранг", "Гульня са смерцю" - і сам хутка пасля свайго 50-годдзя памёр 8.11.2012 г. у Менску ў час здымкаў фільма, зняўшыся перад тым, у тым жа годзе, у серыяле "Албанец-4".
"Фестывальны цэнтр "Акварыум", больш вядомы як адна з лепшых менскіх "танцулек", выйшаў на шлях рок-н-ролу. У мінулую сераду тут гаспадарылі Алег Шаравараў і "Жалезны" Глеб - людзі вядомыя сярод беларускіх фанаў. Праграма, якую прапанавалі арганізатары новага менскага клуба ў гэты вечар, была не зусім звычайная.
Першы на сцэну выйшаў гурт "Гырб і Сын", які апошні раз выступаў у такім складзе. Пад музыку, разлічаную на падлеткаў, дружна скакалі салідныя дамы з сваімі малінавапінжачнымі кавалерамі.
Здзівіў публіку і Вільям Язі, сапраўдны індзеец з племені наваха, які выконваў на флейце традыцыйныя мелодыі. Праўда, госць быў прыняты без энтузіязму і хутка пакінуў сцэну.
А вось пад музыку наступнага гурта - "Partyzone" патанчыць ужо не давялося. "Цяжкі" саўнд, зграбныя кампазіцыі і вакал Уладзіміра Гнутава... Публіка брала аўтографы.
Пасля перапынку канцэрт завяршыла вядомая ў Менску бітавая каманда "Мэтэор".
Прысутныя засталіся задаволеныя, а Алег Шаравараў у канфідэнцыйнай размове паведаміў, што "Акварыум" хутка набудзе рэпутацыю рок-н-рольнага цэнтру, тут неўзабаве прытуліцца "гасцёўня" гурта "Крама", а гэта - цэлы шэраг канцэртаў цікавых гуртоў і жывы гук".
Літ.:
12215 С. Ю. Г. В. Будзе рок-н-рольны цэнтар з жывым гукам // Наша ніва. 1996. 21 кастр. С. 16.
2489 Сімакоў А. Новы альбом "Сёмага агню" // Чырвоная змена. 1993. 25 верас.
Алесь Сімакоў,даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.
Помнік па Алаізе Пашкевіч
Леанід Лаўрэш
Раз за разам вяртаючыся да заходнебеларускай прэсы, выпадкова знайшоў наступную зацемку ў газеце "Беларускі фронт":
"Яшчэ аб памятніку па Цётцы. У справе пямятніка ў сакавіку зьмясьціла вялікі рэпортаж " Słowo" (7.03) пяра Язэпа Мацкевіча, каторы быў на месцы і грунтоўна зазнаёміўся з справай. Аказваецца, што памятнік, які меў беларускі напіс, некаму не падабаўся. Каму - трудна згадаць - піша Я. М., можа старасьце, можа паліцыянту, каморніку, войту - і ў рэзультаце прышла ў гміну папера ад шчучынскага старасты: памятнік у працягу трох дзён павінен быць зьнесены. Гэтакую апінію выдаў кансэрватарскі ўрад, бо быццам памятнік не эстэтычны...
Гэтак піша "Słowo". Яд сябе адзначым, што цяпер, калі ў абарону выступіла "Słowo", магчыма памятнік ня будзе зьнесены. Калі б гэтак сталася, " Słowu" належыцца падзяка ад бел. грамадзянства. …"
Беларускі фронт. 1938. № 4 (26), 5 красавіка.
Потым пашукаў і знайшоў наступныя зацемкі:
"У справе помніка Цёткі. У прошлым годзе ў фальварку Стары двор Шчучынскага павета, быў пастаўлены помнік Цётцы, беларускай паэтцы, над яе магілай. Памятнік паставіла сястра Цёткі. Даведаўшыся, што лось гэтага памятніка цяпер няпэўны …"
Chryscijanskaja Dumka, № 5 (153), 20 лютага 1938.
"Сумныя весткі аб памятніку Цёткі. У мінулым годзе ў Старым Двары (Шчучынскі павет) беларускай вядомай паэтке Цётцы, сястра яе паставіла помнік з адпаведным беларускім надпісам … ходзяць чуткі, што кансерватарская ўправа дамагаецца, каб памятнік гэты быў зняты …"
Шлях Моладзі. № 6 (122), 26 лютага 1938.
Я адразу пачаў чытаць нумар "Słowo" з артыкулам Юзафа Мацкевіча і зразумеў, чаму не звярнуў на яго ўвагу раней - у артыкуле ні разу не згадваецца, чый гэта помнік. Ні разу.
Ніжэй падаю пераклад артыкула з невялікімі скаротамі. У артыкуле шмат цікавых фактаў пра сястру Алаізы Пашкевіч - Стэфанію Сапоцьку (1860 г.н.) 1.
Дадам, я даўно лічу, што нічога карыснага не можа вырасці на пустым месцы, і таму нам трэба ведаць, чаму менавіта гэты, спрадвечны беларускі куток Лідчыны даў нам Алаізу Пашкевіч, Вацлава Іваноўскага і яго сястру Алену Скіндар з Іваноўскіх, Фелікса Стацкевіча і вялікую колькасць іншых вялікіх і славутых беларусаў. Справа ў тым, і славуты польскі пісьменнік Юзаф Мацкевіч пацвярджае гэта, што гэтыя мясціны маюць вялікую гістарычную і культурную традыцыю, яны з'яўляюцца сапраўдным "сэрцам Вялікага княства Літоўскага".
Юзаф Мацкевіч: "На працягу трох дзён знесці гэты помнік"!
Цэнтр Віленшчыны
На поўдзень ад Вільні ляжыць край, багаты не толькі матэрыяльнымі рэчамі, але і маральнай традыцыяй гісторыі. Вельмі старой, перажытай гісторыі. Тут галоўны тэрытарыяльны шлях для паўстання Рэчы Паспалітай "абодвух народаў". І з таго моманту самы важны палітычны шлях з Вільні да Кракава ішоў праз Эйшышкі, Радунь і г. д., а потым з Вільні да Варшавы 2 […].
І ў матэрыяльным сэнсе гэты край ніколі нізка не западаў. Гэта, у цэлым, самадастатковы край з не самай горшай зямлёй. Рынкі, якія адбываюцца ў Эйшышках ці Радуні, фэсты і кірмашы маюць такую ж традыцыю, як і праезды каралёў і розныя гістарычныя падзеі. Тут заўсёды было сэрца Вялікага Княства Літоўскага - на поўдзень ад Трок і Вільні, а не крэсы ці безуладнае гуляй-душа поле. Блізкае да сталіцы месца, законапаслухмянае, прачэрчанае трактамі. І хоць на шляху гэтых трактаў ляжала і Рудніцкая пушча, а пад Гародняй - ад Новага Двара да Астрыны - непраходныя Бярштанскія лясы.
Зараз гэты край ляжыць у трохкутніку дзвюх чыгунак Вільня - Гародня, Вільня - Ліда, а зачыняе трохкутнік вялікая Варшаўская шаша. Па чыгунцы імчацца хуткія цягнікі, а па шашы едуць шматлікія лімузіны, а нават і аўтамабіль № 1 у Польшчы - прэзідэнта Масціцкага. І хаця край гэты зараз выглядае зусім па-іншаму… але для Варшавы можа ён і ёсць крэсамі, а для нас застаўся цэнтрам, якім быў, і такім застанецца!
Край тыповы
Трэба лічыць гэты край важным тэрытарыяльна і палітычна. Сабраў ён у сябе ўсё важнае на малым адцінку, усё характэрнае для ўсіх "усходніх ваяводстваў". Тут этнаграфічная мяжы адступаючага пад напорам беларускай мовы летувіскага элемента. І тут навокал свеціць тыповая віленская польскасць шляхецкіх засценкаў і двароў. Мястэчкі поўныя яўрэяў, ганарыстыя касцёлы і малыя цэрквы з цыбулінамі. […] Край тыповы.
Эйшышкі і новая Радунь
[…] на рынку ў Эйшышках пабудавалі цукерню, якая выглядае грандыёзна. Заезджыя дамы, бензінавая калонка, рух.
У Радуні памёр стары цадзік 3. "Ах, які быў чалавек! Такога больш не будзе! - кажуць яўрэі, пляскаючы языкамі і ківаючы галавой. - Ён не браў грошы, жыў як святы, слаўны быў на цэлы свет! - Гэта праўда". Ён памёр, і ўся Віленшчына памятае яго дасканалае пахаванне. Меліся нават на Радуньскіх ржышчах прымаць самалёты міжнародных капіталістаў. Самалёты ўсё ж не селі, але калі людзі ішлі за пахавальнай працэсіяй, цыліндраў на галовах было больш, чым бруку ў мястэчку.
- Ай, ай, вось гэта быў цадзік! Пакінуў 80-ці гадовага сына, шматлікую сям'ю і вялікую школу рабінаў. Але ўсё ўжо не тое.
Яўрэі наракаюць:
- Радунь - Мекка рабінаў, Тэль-Авіў - старых ашкеназінаў, прыйдзе ў заняпад. Не паплывуць гэтак, як раней, долары з Амерыкі. З 500 вучняў засталося 200, сын - не бацька!
Гэта праўда, але …
Але ў самой Радуні, у самым цэнтры, з пустацельнай цэглы будуецца цэнтр хрысціянскага кааператыва, і ў ім будуць крамы і вітрыны. Стаіць перад ім грузавое і фірмовае аўто з таварамі. А што мяне найбольш цешыць, дык тое, што туалет на тым самым рынку, пасярэдзіне мястэчка, у такім жаласным стане, у такім страшным занядбанні і брудзе, што бярэ страх, каб бургамістра не саслалі ў Бярозу 4. Але гэта добры знак таго, што людзі ў нас адварочваюцца ад туалетаў і звяртаюць больш увагі на дамы для гандлю і жыцця. А не так, як у іншым месцы - хата ўжо валіцца, і толькі туалет, як палац. Бо ў рэшце-рэшт разуменне іерархіі інвестыцый - гэта наша самая вялікая балячка.
[…]
Двор каля тракту
Каля тракту з Васілішак да Сабакінцаў стаіць двор. Драўляны і на падмурках. Бяда. За сцяной жыве арандатар, другая палова "халодная", не адчыняецца наогул. На ганку ляжаць дровы. Сені вялікія і пустыя. Святло толькі ў двух пакоях. Сабака не брэша, плот пахіліўся, дарожка да хаты заросла травой. Кусты здзічэлі. У гэтых двух пакоях жыве бабулька. Узростам, успамінамі, маладосцю ўрасла ў перадваенныя часы, калі яна тайна трымала школку і па лясах спявала з дзецьмі "Божа, чаму Польшча". Сёння зласліва і горка іранізуе з тых часоў. Чаму?
Пераступае парог, але ўздымае галаву ўверх: на паддашку гучны тупат і гармідар, несамавітыя бойкі і піск.
- Можа, шчуры?
- Пацы, - спакойна адказвае бабулька і, каб стала ясней, падкручвае газавую лямпу.
Сядаем. Адзінае крэсла. Адзіная выява на сцяне - група вучаніц перадваеннай віленскай гімназіі Прозаровай 5. Адзіная каштоўнасць, памяць і любоў бабулькі - гэта магіла яе сястры. Слухаю.
Засталася толькі магіла сястры
Памерла ў 1916 г. і пахаваная на адмыслова вылучанай, уласнай зямлі. Малыя могілкі асвяцілі два ксяндзы, на магіле паставілі драўляны крыж, які стаяў і нікому не замінаў 21 год.
У 1936 г. пашыралі дарогу да Васілішак і ўзялі частку маёнткавай зямлі (да гэтага часу не заплацілі за яе), такім чынам наблізіліся да могілак. Аднак, і сёння могілкі ляжаць на адлегласці 11 метраў ад дарожнага паса і не маюць з ім нічога агульнага.
У 1937 г. бабулька паставіла на магіле памерлай сястры ладны помнік у простым, тыповым для могілкам стылі. Замяніла ім ўжо гнілы крыж, пасадзіла кветкі, упарадкавала ўсё навокал, бо ўсё, што мае дачыненне да сястры, паўтараю, гэта апошні сэнс яе жыцця.
"Камусьці" помнік не спадабаўся
Але па тракту каля двара праязджаюць не толькі сяляне на гандаль … Помнік камусьці не спадабаўся. Як найменей. Не ведаю каму: старасту, паліцыянтам, каморніку ці войту. Шмат маем чыноўнікаў. У любым выпадку сярод гэтых чыноўнікаў не было дзяржаўнага кансерватара. Падкрэсліваю гэта, каб зразумець далейшае.
Але камусьці не спадабаўся. І ў студзені гэтага года (1938 г. - Л. Л.) бабульку выклікалі ў гміну. Там войт, не даўшы ёй у рукі, толькі прачытаў ліст шчучынскага старасты: гаспадыня павінна знесці каменны помнік. На працягу трох дзён, - сказаў войт - бо …
- Як гэта? Якім правам?! На сваёй зямлі, высвечанай ксяндзамі, праз 22 гады існавання магілы! Пан войт жартуе? Чыіх рук гэта справа? На літары якога закона грунтуецца пастанова?
- Здаецца … пана кансерватара 6.
"Не эстэтычны"
Па-праўдзе, кансерватар помніка ніколі не бачыў. Ці яму загадалі?
Пытаюся я ў віленскага кансерватара:
- Прашу паінфармаваць: ці трэба дазвол на ўладкаванне помніка на могілках?
- Не.
- Ну дык справа чыстая.
Даведваюся, што віленскі адначасова з'яўляецца і наваградскім кансерватарам. Тады пытаюся ў яго, як звычайная справа дайшла да такога грунтоўнага інцыдэнту?
Пачухаў твар, задумаўся …
- А, так. Той помнік не эстэтычны.
- Што?!!!
- Вы яго бачылі?!
- Маю здымак …
Не абмяркоўваю пытанне пра эстэтыку, якое, відочна, штучна прыцягнутае.
- Што наогул вы можаце сказаць? Загадаў стараста? На якой падставе?
- Гэта … ёсць распараджэнне, што на публічных пляцах нельга ставіць помнікаў.
- Але гэта ёсць звычайны нагробак! На прыватных могілках, на прыватнай зямлі - бясспрэчнай уласнасці гаспадыні маёнтка!
- Так … хм … у такім разе трэба ўдакладніць, ці гэтая зямля і сапраўды - прыватная маёмасць.
Кожны ведае, што не слушна
І зноў, адклаўшы ў бок пытанне, што гэта - злая воля ці толькі памылка з-за нейкіх асабістых ці палітычных мэтаў, ці проста непавага да права, але дзеля гэтага крыжа, гэтага помніка працаваў цэлы бюракратычны апарат. Яго фатаграфавалі. Прыязджала камісія, усё вывучала, апытвала суседзяў. Кожны з чыноўнікаў ведаў, што робіць гэта незаконна, кожны ведаў, чыя гэта зямля ўжо шмат гадоў, што могілкі высвечаны, агароджаны, недалёка ад двара. І пры гэтым усе рабілі гэтую справу.
А хто ім за гэта плаціць? Гэтым чыноўнікам, гэтым камісіям? Дзяржаўны скарб? Той самы скарб, куды бабулька плаціць падаткі.
З вялікай горыччу, з несумненным перабольшваннем яна іранізуе сама з сябе, пра свае даваенныя мары. Няма чаму дзівіцца, яна ўжо старая, і толькі магіла сястры засталася ў яе сэрцы.
Адчайна бароніцца. Піша скаргі міністрам, у Варшаву, да прэм'ера. Справа павінна ўсплыць у Варшаве, бо вельмі ўжо яна яскрава-абуральная.
"Слава Богу". Няма чаго саромецца. Бо існуюць інстанцыі, якія бароняць закон.
J. M. [Józef Mackiewicz] “W ciągu trzech dni znieść ten pomnik”! // Słowo. № 64(4988), 7 marca 1938.
1 Гл: Лаўрэш Леанід. Лёсы родных Алаізы Пашкевіч // Лідскі Летапісец. 2016. № 3 (75). С. 15-16.
2 Маецца на ўвазе галоўная дарога ВКЛ, так званы "Каралеўскі тракт". Гл: Шымялевіч Міхал. Збор твораў / укл. Л. Лаўрэш. Гродна, 2019. С. 136-138.
3 Ісраэль Меір Коэн (Акаэн) (Хафец-Хаім; сапраўднае прозвішча Пупко; 1839-1933) - рабін, галахіст і мараліст. Пра яго гл: Лаўрэш Л. Л. Шэпт пажоўклых старонак. Лідчына ў люстэрку прэсы. 1900-1939 гг. Гродна, 2017. С. 224-225.
4 Аўтар іранізуе над барацьбой тагачасных польскіх уладаў за наяўнасць і чысціню туалетаў. Гл: Лаўрэш Леанід. Славойкі на Лідчыне // Лідскі Летапісец. 2017. № 4(80). С. 39-40.
5 Віленская прыватная 8-мі класная жаночая гімназія В.М. Прозаравай з правамі дзяржаўнай гімназіі. У гэтай гімназіі вучылася Алаіза Пашкевіч. Хто ведае, можа гэты здымак недзе захоўваецца і сёння.
6 Асоба, якая адказвала за стан, захаванне і кансервацыю помнікаў культуры і гісторыі ў ваяводстве.
Памяці Валянціны Пражэевай
Не стала Валянціны Васільеўны Пражэевай, артысткі тэатра лялек, якая нарадзілася 28 сакавіка1943 года. Скончыла рэспубліканскія курсы пры міністэрстве культуры Беларусі па спецыяльнасці "рэжысура народных тэатраў" (1962 ) З 1963 года артыстка Беларускага тэатра лялек. На фарміраванне творчай асобы Пражэевай зрабіў моцны ўплыў Анатоль Ляляўскі...
Рознапланавая артыстка. Прафесійнае валодала лялькамі розных сістэм, праца ў драматычным плане, выразная моўная характарнасць дазвалялі актрысе ствараць яркія запамінальныя вобразы. Сярод роляў у дзіцячых спектаклях - Мачаха ("Папялушка" Т. Габэ), тыграня Петрык ("Тыграня Петрык" Х. Янушэўскай), Кібальчыш ("Ваенная тайна" паводле А. Гайдара), шчаня Мікі ("Блакітнае шчаня" Дз. Урбана), Баба-Яга ("Васіліса Прыгожая" К. Чарняк), Фімушка ("Званы-лебедзі" Л. Браўсевічаі І. Карнавухавай , Баба ("Дзед і Жораў" В. Вольскага. У спектаклях для дарослых - прынцэса Дысперанда ("Чортаў млын" І. Штока), Галатэя ("Цудоўная Галатэя" Б. Гадарі С. Дарваша), Ева ("Боская камедыя" Штока), дачка Бабы-Ягі ("Да трэціх пеўняў" В. Шукшына), дзяўчына Машка ("Ляўша" У. Канстанцінаваі Б. Рацэра паводле М. Ляскова), Эльвіра Рэнесанс ("Клоп" У. Маякоўскага), фрау Босенгейм ("Прыгоды бравага салдата Швейка" паводле Я. Гашака), Шарлота ("3 Парыжам скончана!.." паводле п'есы А. Чэхава "Вішнёвы сад") і інш. Валянціна Васільеўна двойчы лаўрэат фестываляў тэатраў лялек Прыбалтыкі і Беларусі (1971 г. , Каўнас і 1974г., Мінск )
Таксама Валянціна Пражэева працавала ў культавай тэлеперадачы "Калыханка" ў 1980-я, была адной з трох лялькаводаў слыннага персанажа Дзеда-Барадзеда, а таксама выканаўцай ролі Бусліка.
Валянціна Васільеўна атрымлівала дыпломы шматлікіх міжнародных фестываляў тэатраў лялек.
Выказваю спачуванні родным і блізкім, а таксама калегам Валянціны Васільеўны.
Аляксей Шалахоўскі, гісторык культуры.
Дзеці ў бібліятэцы
У Лідскую раённую бібліятэку імя Янкі Купалы завіталі вучні 3-га класа ДУА "Сярэдняя школа №12 г. Ліды".
Бібліятэкар правяла прысутных па залах бібліятэкі, расказала пра работу кожнай залы. Затым пазнаёміла з працай бібліятэкара. У чытальнай зале вучні паспрабавалі свае сілы на майстар-класе пры вырабе велікоднага вянка. Далей дзеці пагулялі ў розныя велікодныя гульні даўнейшых часоў. Закончылася экскурсія наведваннем выставы "Пасхальны перазвон", дзе бібліятэкар пазнаёміла дзяцей з гісторыяй узнікнення і святкавання надыходзячага свята, з яго традыцыямі і сімваламі, расказала легенду пра яйкі і пра прыёмы іх роспісу.
Наш кар.
Велікодныя гульні
У Лідскім аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры наведвальнікі з устаноў адукацыі. Дзеці знаёмяцца з традыцыйнымі рамёствамі Лідчыны, удзельнічаюць у гульнях і майстар-класах. У гэтыя дні яны звязаны з велікоднымі традыцыямі і абрадамі.
Наш кар.
Валачобнікі ў Ваверцы
У аграгарадку Ваверка адбылася фальклорная праграма "Валачобнікі".
Наш кар.