Наша слова.pdf № 18 (70), 3 траўня 2023 г.
1 траўня Беларусь адзначыла Дзень працы
1 траўня па ўсёй Беларусі прайшлі масавыя мерапрыемствы з нагоды Свята працы і вясны.
У Менску першамайскія мерапрыемствы прайшлі на сямі пляцоўках. Самая маштабная маёўка - у парку Перамогі ў Менску. Цэнтральная падзея ўрачыстай часткі - гэта цырымонія ўзнагароджвання лаўрэатаў прэмій Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў галіне працы і культуры
Мерапрыемствы з нагоды Першамая прайшлі ва ўсіх 22 раёнах Менскай вобласці і ў горадзе Жодзіна.
У прыватнасці, у Барысаве пррафсаюзы зладзілі свята ў гарадскім парку культуры і адпачынку, якое сабрала шматлікую аўдыторыю - школьнікаў, моладзь, дарослых. Старт мерапрыемству дало ўзнагароджанне ветэранаў працы, прафсаюзных актывістаў, працоўных дынастый, сацыяльных партнёраў. Затым для ўдзельнікаў свята і гасцей адбыўся канцэрт з удзелам самадзейных творчых калектываў раёна.
У Вілейцы свята адкрылася мітынгам з удзелам прадстаўнікоў прафсаюза. Шмат людзей сабрала адкрыццё гарадскога фантана.
Насычана цікавымі падзеямі і свята ў Дзяржынску. У дзіцячым парку адкрыўся сезон атракцыёнаў. Дарэчы, малых тут чакаў падарунакновая карусель.
Жыхары Валожына паглядзелі канцэрт ансамбля народнай песні "Сваякі". Паўдзельнічалі ў адкрытым моладзевым дыялогу "Беларусь у сучасным свеце".
А наогул, у раёнах святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Першамаю, пачаліся яшчэ 29 красавіка і ішлі да канца дня 1 траўня.
Святочная працоўная маёўка "Мір. Праца. Май" прайшла 1 траўня ў віцебскім парку 30-годдзя УЛКСМ.
У Лідзе святочная маёўка прайшла у Гарадскім парку культуры і адпачынку.
І так па ўсёй краіне.
1 траўня афіцыйна адзначаюць як нацыянальнае свята Аўстрыя, Албанія, Алжыр, Аргентына, Арменія, Аруба, Бангладэш, Беларусь, Бельгія, Балгарыя, Балівія, Боснія і Герцагавіна, Бразілія, Венгрыя, Венесуэла, В'етнам, Гватэмала, Германія, Грэцыя, Гандурас, Ганконг, Дамініканская рэспубліка, Егіпет, Замбія, Зімбабвэ, Індыя, Іярданія, Ірак, Ісландыя, Іспанія, Італія, Казахстан, Камерун, Кенія, Кіргізія, Кітай, КНДР, Калумбія, Коста-Рыка, Кот-д'Івуар, Куба, Латвія, Ліван, Літва, Люксембург, Маўрыкій, Малайзія, Малі, Мальта, Марока, Мексіка, Малдавія, М'янма, Непал, Нігерыя, Нарвегія, Пакістан, Панама, ПАР, Парагвай, Перу, Польшча, Партугалія, Рэспубліка Гаіці, Рэспубліка Кіпр, Рэспубліка Карэя, Расійская Федэрацыя, Румынія, Сальвадор, Паўночная Македонія, Сербія, Сінгапур, Сірыя, Славакія, Славенія, Тайланд, Турцыя, Украіна, Уругвай, Філіпіны, Фінляндыя, Францыя, Харватыя, Чарнагорыя, Чэхія, Чылі, Швейцарыя, Швецыя, Шры-Ланка, Эквадор, Эстонія.
Паводле СМІ.
На Лідчыне адбыўся раённы конкурс традыцыйных страў "Спазнай смак сваёй кухні"
Беларусаў заўсёды можна пазнаць па шчырай усмешцы і спрадвечнай гасціннасці. І ў журбе, і ў радасці нашы землякі змогуць гасцінна прыняць ды смачна накарміць. Вось і ў мінулую нядзелю ў аграмястэчку Беліца сталы ламаліся ад разнастайных пачастункаў. Тут у чарговы раз адбыўся раённы конкурс традыцыйных страў "Спазнай смак сваёй кухні" - не проста кулінарнае свята, а сапраўдны культурны брэнд Лідчыны.
Таркаваная бульба ў свіным кундзюку, дзеруны па-дакудаўску, дварышчанская кішка-наліванка, а яшчэ сок з гарбуза і ўзвар з шаўкоўніцы… Гледзячы, як руплівыя гаспадыні расстаўлялі талеркі з духмянымі прысмакамі, падумала: "Ох, і не зайздрошчу я журы гэтага конкурсу - як тут можна выбраць пераможцаў?!"
- Беларуская нацыянальная кухня - гэта спадчына, якую пакінулі нашы продкі. Да нашых дзён захаваліся ў Беларусі ўнікальныя вёскі, у якіх дзякуючы моцным традыцыям і абрадам, цікавыя рэцэпты нацыянальных страў бабулі і дзядулі захоўваюць і перадаюць будучым пакаленням. Сённяшняе мерапрыемства, на запрашэнне прыняць удзел у якім адгукнуліся амаль усе ўстановы культуры Лідскага раёна, добра адлюстроўвае каларыт і звычаі нашага рэгіёна, - расказвае загадчыца філіяла "Беліцкі дом культуры" Ала Малец.
Пры падрыхтоўцы да конкурсу "Спазнай смак сваёй кухні" работнікі мясцовых клубных устаноў правялі каласальную працу: сабралі багаты матэрыял пра кулінарныя традыцыі Лідчыны і запісалі шмат найцікавейшых рэцэптаў і спосабаў прыгатавання страў. Акрамя таго, яны грунтоўна падрыхтаваліся да прэзентацыі сваіх сталоў. Напрыклад, калектыў з Ваверкі ўразіў сваёй тэатральнай пастаноўкай пра Востраўскае мірнае пагадненне, якое было падпісана ў 1392 годзе пад Лідай. Работнікі Першамайскага Дома культуры павесялілі арыгінальнымі прыпеўкамі пра капусту, а гаспадыні з Тарнова частавалі нарыхтоўкай з расліны, якую прывезлі да нас аж з вострава Родас!
- Узвар з шаўкоўніцы і чырвонай парэчкі - безумоўна, іскрынка нашага стала. Галоўны інгрэдыент гэтай стравы - салодкая паўднёвая ягада шаўкоўніца, якую амаль два стагоддзі таму прывёз з Грэцыі тагачасны ўладар тарноўскай сядзібы Дзмітрый Маўрас. Ён пасадзіў некалькі кустоў гэтай расліны, але праз неспрыяльны клімат прыжыўся толькі адзін, які прыносіць свае плады і сёння. Тарноўскія гаспадыні збіраюць шаўкоўніцу і робяць з яе смачныя вітамінныя нарыхтоўкі, - дзеліцца загадчыца філіяла "Тарноўскі дом культуры" Святлана Антонік.
Бульба сёння, бульба ўчора, а без бульбы проста гора!
Сухапарыкі, прэжанкі, смажанкі, целяпанікі, парункі, салёнікі, топчанкі, пігаркі, крышэнікі, рэзанкі, камакі, таўкуны, глаўкуніцы, галганы, драчы, цыбульнікі, кнышы, сукольнікі, мыльцы… Не, гэта не лаянка на нейкай тарабарскай мове, а рэальныя стравы з бульбы, якія беларускія гаспадыні гатуюць па сённяшні дзень.
Незвычайныя назвы, а колькі ў іх дасціпнага народнага гумару! Напрыклад, бульбяныя хапуны. Адразу ўяўляеш карцінку: гаспадыня смажыць іх, а побач дзеці напагатове і не паспявае яна перакласці дранікі ў міску, як дзеці хапаюць іх кожны сабе. Вядома ж, самыя смачныя - адразу з патэльні. На конкурсе "Спазнай смак сваёй кухні" гаспадыні прапаноўвалі паспрабаваць бульбяныя стравы свайго рэгіёна, прыгатаваныя як па агульнапрынятых, так і па ўнікальных рэцэптах. Праўда, інградыенты сваіх шэдэўраў яны ў таямніцы не трымалі, а з задавальненнем дзяліліся з прысутнымі кулінарнымі сакрэтамі.
- А ці каштавалі вы нашы знакамітыя дранікі-запарнікі, якія гатуюцца з таркаванай бульбы? - пытаецца ў мяне Ала Іосіфаўна, працягваючы талерку з гарачымі блінамі. - На смак як дранікі, а выглядаюць як аладкі. Дарэчы, у мінулым годзе стравы з таркаванай бульбы былі ўнесены ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцей Беларусі.
***
Нарэшце настаў доўгачаканы момант - падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне пераможцаў. І калі для мяне ўсё было відавочна (усім - першыя месцы!), то ў ацэнцы страў меркаванні журы разышліся. Гарачыя спрэчкі спынілі галасаванне і колькасць набраных балаў. У выніку першае месца ў раённым конкурсе "Спазнай смак сваёй кухні" дасталося філіялу "Ваверскі дом культуры", другое - калектыву з Ганчароў, трэцяе - гаспадыням і гаспадарам з Тарнова.
Наталля Ваўканоўская.
Сатырычная гісторыя Беларусі ад Язэпа Палубяткі
Пабачыла свет кніга мастоўскага пісьменніка Язэпа Палубяткі "Прыгоды Мармулка". Аповесць падае замалёўкі з кругаверці падзей першай паловы 90-х гадоў ХХ стагоддзя. Яшчэ ходзяць "зайчыкі", і пад выспяткамі лёсу галоўны герой, выпускнік філфака слыннага ў свеце ўніверсітэта, сам, як той заяц, туляецца па сталіцы маладой дзяржавы і раз-пораз уваходзіць у стасункі з самымі рознымі, добрымі ў большасці, сваёй людзьмі. А дзе трапляюцца не зусім добрыя, то яны не вінаватыя - жыццё такое.
У прадмове аўтар пазначае:
"Паўстаў стэаратып, што гісторыю робяць палітыкі. Яно недзе так. Толькі мая мама пра тое мела сваю думку. На ўсе іх дзеі было ў простай кабеты слушнае меркаванне: каб іх аброба абрабіла. Як і спакон веку, так і зараз, палітыкі тую гісторыю робяць хцівасцю да грошай, славы, надутага гонару. Чыніцца тое подкупам, крывёю нявінных ахвяр, даступнай ласкай працавітых на тое дыктатарак і г. д.
Яшчэ больш недарэчным паўстае меркаванне, што гісторыю пішуць гісторыкі. Не варта прыводзіць бязмерную колькасць супярэчлівых таму фактаў. Аднак, засведчу адзін, яскравы прыклад. Ён гаворыць пра іх хлусню. Гісторыкі адзін у другога перапісваюць показкі, быццам болей за тысячу гадоў былі сведкамі тых падзей. Падзей, як прыклад, жахлівага і змрочнага часу старажытнага Егіпту, калі галодныя рабы цягалі тонныя камяні на вялікую вышыню для пабудовы пірамідаў. Пэўна, галадуха ім сілы надавала, што яны спраўляліся з тым лепш, чым сучасныя высотныя краны.
Усё гэта надуманае. Сапраўдную гісторыю пішуць сатырыкі. Толькі яны праўдзіва асвятляюць свой час і падзеі. Чытайце сатыру! Чытайце і будзеце як сведкамі гісторыі, так і яе стваральнікамі!
Смейцеся! Тым самым вы надасце сабе здароўя і пасееце ў тлумныя галовы недаверкаў зерне будучых усходаў дабрачыннасці, справядлівасці ды надзеі на лепшую будучыню".
Пра аўтара:
Язэп Палубятка (Іосіф Іосіфавіч Палубятка) нарадзіўся 14.10. 1955 г. на хутары Боркі ля вёскі Дашкаўцы Мастоўскага раёна Гарадзенскай вобл. У 1978 г. скончыў Белдзяржуніверсітэт па спецыяльнасці радыёфізіка і электроніка. Болей за дваццаць гадоў працаваў сувязістам у Мастах.
Першыя літаратурныя практыкаванні - раённая газета "Зара над Нёманам". У рэспубліканскім друку дэбютаваў у 1991 г. у "Маладосці" апавяданнем "Краб". У 1996 г. у гэтым жа часопісе выйшла аповесць "Вялікая жнівенская". У часопісе "Першацвет" (1993 - 1995 гг.) надрукаваны апавяданні "Белы конь", "Апошняя сповядзь", "Маё дзіўнае вяселле". Творы друкаваліся і ў іншых выданнях ("Алеся" і г. д.). У часопісе "Крыніцца" № 6 за 1997 г. была змешчана аповесць "Вайсковае евангелле. Горкае дабравесце радавога Міхася Лабуты", якая была прызнана лепшым друкам года і ўганаравана прэміяй. У гэтым жы часопісе ў 2001 годзе свет пабачыла сатырычная аповесць "Прыгоды Мармулка". Аповесць "Дуралесіца", напісаная ў 1989 г., была надрукавана напачатку 2000-га года ў газеце "Наша слова". Доўгі час супрацоўнічаў з часопісам "Вожык" (болей за два дзесяткі гумарэсак). У 1995 годзе на конкурсе "У гэтым свеце рознае бывае…" прызнаны пераможцам. Ініцыятар стварэння літаратурнага дадатку "Літаратурная Беларусь" пры газеце "Новы час". Там жа друкаваўся.
Па розных выданнях змешчана болей за сорак трыялетаў.
У выдавецтве ЛитВек у электронным варыянце выйшлі дзве кнігі: "Прыгоды Мармулка" і "Вайсковае евангелле".
Аповесць "Прыгоды Мармулка" па задуме аўтара распачынае сатырычную серыю на матывы беларускага жыцця. Наступнай кнігай ужо сёлета павінна стаць іранічна-праўдзівая аповесць "Вандроўка ў Чыкага".
"Адбылося яно болей як дваццаць гадоў назад, але ўспаміны пра той час і зараз цешаць старэчую душу.
"Неспадзяванка! Такое бывае толькі раз у жыцці", - фантастычныя мроі тлумілі розум чалавеку. Андрэй Міклашэвіч з маленькага мястэчка М. да самага апошняга моманту, нягледзячы на тое, што ўжо меў на руках пашпарт з візаю, не верыў, што яму пашанцавала паехаць у Амерыку, у горад быдлазабойцаў, ганстараў, мафіі - Чыкага. Толькі ў дзень ад'езду ўпэўніўся: "Абламалася Яе Вялікасць халява!"...
Наступнымі будуць "Дуралесіца" і "Вялікая жнівеньская".
Нехта засумняваецца, ці сённяшні час - час для сатыры. А, мабыць, самы час. Вакол усё так хістка і няпроста, так глабальна няпэўна, што просты чалавек нічога ні памяняць не можа, ні нават разабрацца ў падзеях, якія адбываюцца. Добра верніку - ён можа проста верыць. А калі веры той малавата, то застаецца толькі смяяцца.
У аповесцях Язэпа Палубяткі смех перамяжаецца з іроніяй, іронія - з сатырай, сатыра - з праўдай, праўда - з небыліцамі, а разам гэта арыгінальная літаратура.
Яраслаў Грынкевіч.
Часопісу "Маладосць" - 70 гадоў
Беларускаму штомесячнаму літаратурна-мастацкаму і грамадска-палітычнаму ілюстраванаму часопісу "Маладосць" спаўняецца 70 гадоў з дня выхаду першага нумара. Часопіс арыентаваны ў першую чаргу на беларускую моладзь. Спачатку часопіс выдаваўся як орган цэнтральнага камітэта Ленінскага камсамолу Беларусі. Цяпер ён уваходзіць у склад дзяржаўнага выдавецтва "Мастацкая літаратура".
З 1988-га да пачатку 2000-га гадоў выдавалася бібліятэчка часопіса "Маладосць". У ёй штогод друкавалася па 12 кніг маладых аўтараў.
Першым рэдактарам часопіса "Маладосць" быў пісьменнік Аляксей Кулакоўскі. Потым "Маладосць" рэдагавалі Пімен Панчанка, Алесь Асіпенка, Генадзь Бураўкін, Васіль Зуёнак, Анатоль Грачанікаў, Генрых Далідовіч, Раіса Баравікова, Таццяна Сівец, Святлана Воцінава. Цяпер часопіс узначальвае Вольга Рацэвіч.
Паводле СМІ.
Прайшлі ІІІ Кісялёўскія чытанні да юбілеяў Міцкевіча, Дуніна-Марцінкевіча і Сыракомлі
20 красавіка адбыліся ІІІ Кісялёўскія чытанні "На раздарожжы: рознаскіраваныя дыскурсы ў беларускай літаратуры ХІХ-ХХ стст.", прымеркаваныя да 225-годдзя Адама Міцкевіча, 215-годдзя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і 200-годдзя Уладзіслава Сыракомлі.
"…Кожны даследчык - усяго толькі звяно ў назапашванні ведаў… І з гэтага погляду таксама важна побач з шляхамі, якія прыводзяць да адкрыццяў, зафіксаваць непазбежнасць у кожным пошуку няўдачы. Пытаннямі гэтымі будуць займацца даследчыкі і пасля нас. Расставім для іх дарожныя знакі".
Генадзь Кісялёў.
Навуковы форум у гонар Генадзя Васільевіча Кісялёва - гісторыка літаратуры, пісьменніка, археографа, крыніцазнаўцы, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа - чарговы раз сабраў даследчыкаў. Арганізатарамі канферэнцыі выступілі Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі і Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі.
Генадзь Кісялёў - даследчык беларускай літаратуры, гісторыі грамадскай думкі на Беларусі ў ХІХ ст., дзякуючы якому шырока адкрыліся акалічнасці жыцця і творчасці Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Паўла Шпілеўскага, Арцёма Вярыгі-Дарэўскага, Ялегі Францішка Вуля, Яна Чачота, Францішка Багушэвіча і многіх іншых знакавых постацей. Асобнае важнае месца займаюць працы Г. Кісялёва, прысвечаныя атрыбуцыі паэм "Энеіда навыварат" і "Тарас на Парнасе". Плён росшукаў навукоўца мае сваё адлюстраванне ў грунтоўных працах "Сейбіты вечнага" (1963), "З думай пра Беларусь" (1966), "Загадка беларускай "Энеіды"" (1971), "Пачынальнікі" (1977, 2003), "Героі і музы" (1982), "Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча" (1988), "Ад Чачота да Багушэвіча" (1993), "Радаводнае дрэва" (1994), "Марцінкевіч герба Лебедзь: Дакументы і матэрыялы пра класіка беларускай літаратуры XIX ст. Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча", "Смак Беларушчыны" (2013) і інш.
Першыя "Кісялёўскія чытанні", прысвечаныя 90-годдзю Генадзя Васільевіча, праходзілі ў фармаце камернай канферэнцыі для адмыслоўцаў, вузкіх спецыялістаў па тэмах, якімі займаўся даследчык, у сценах літаратурнага музея імя Петруся Броўкі, аб'ядноўваліся тэмай "Таямніцы ХІХ стагоддзя" і налічвалі каля дзясятка выступленняў. Увесну 2022 года наступныя, якія прыняла Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі, былі прымеркаваны да 200-годдзя рамантызму ў літаратуры Беларусі, мелі падтытул "навуковыя чытанні", пашыраліся колькасцю выступоўцаў і экспазіцыяй, арганізаванай аддзелам рэдкіх кніг і рукапісаў (цяпер - Цэнтр даследаванняў старадрукаў і рукапісаў).
У гэтым годзе месца сустрэчы не змянілася, а ў праграме было заяўлена больш за 60 (!) выступленняў даследчыкаў з Беларусі, Расіі, Іспаніі і Польшчы. Удзельнікі і слухачы з замежжа і рэгіёнаў, а таксама ўсе, хто па нейкіх прычынах не прысутнічаў, змаглі далучыцца да канферэнцыі анлайн праз платформу Zoom у рэжыме рэальнага часу дзякуючы тэхнічнаму забеспячэнню бібліятэкі (варта адзначыць, што і незвычайнае адкрыццё, і выступленні ў секцыях мелі магчымасць паслухаць не толькі навукоўцы, але і настаўнікі і бібліятэкары).
Чытанні адкрыліся ўрачыста з прывітальных слоў гаспадароў канферэнцыі. Дырэктар Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа, кандыдат гістарычных навук Станіслаў Юрэцкі падкрэсліў важнасць "Кісялёўскіх чытанняў" для навуковай супольнасці і пажадаў плённай працы ўдзельнікам форуму.
З натхняльнай прамовай аб значнасці навуковага набытку Г. Кісялёва, неабходнасці працягу яго справы, а таксама важнасці творчай спадчыны А. Міцкевіча, У. Сыракомлі і В. Дуніна-Марцінкевіча ў беларускім культурным кантэксце выступіў дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, акадэмік, доктар гістарычных навук, доктар архітэктуры, прафесар Аляксандр Лакотка.
Новых адкрыццяў удзельнікам чытанняў пажадаў дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар Іван Саверчанка, які падкрэсліў ролю літаратуры ў фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці грамадства, неабходнасць пашырэння кнігі і асветы сярод моладзі. Даследчык прадставіў адно з апошніх выданняў, да якога спрычыніўся, - том выбраных твораў Ядвігіна Ш. Як адзначыў І. Саверчанка, на творчасць пісьменніка літаратура ХІХ ст. паўплывала самым непасрэдным чынам.
Куратар, мадэратар, ідэйны натхняльнік "Кісялёўскіх чытанняў", доктар філалагічных навук, загадчык аддзела тэорыі і гісторыі беларускай літаратуры Інстытута літаратуразнаўства НАН Беларусі Ганна Кісліцына падрабязна распавяла аб задуме правядзення канферэнцыі і яе гісторыі, аб выбары тэм і навуковых абсягаў, падзялілася ўспамінамі пра стасункі і супрацу з Генадзем Васільевічам Кісялёвым.
Ганна Кісліцына прыгадала, як у другіх чытаннях браў удзел Серж Мінскевіч і на іх ужо меў планы на наступныя, але ўлетку 2022 года аднаго з самых плённых перакладчыкаў і даследчыкаў творчасці Адама Міцкевіча не стала. Прысутныя ўшанавалі памяць Сержа Мінскевіча хвілінай маўчання.
Адзначым, што да чытанняў была прымеркавана вялікая, яскравая кніжная выстаўка з фондаў Цэнтра даследаванняў старадрукаў і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі, якая складалася з выданняў ХІХ стагоддзя твораў А. Міцкевіча, В. Дуніна-Марцінкевіча, У. Сыракомлі (у тым ліку прыжыццёвых, некаторых - з аўтографамі аўтараў), а таксама з навуковых выданняў, якія ім прысвечаны - пачэснае месца занялі кнігі Генадзя Кісялёва. Пра экспазіцыю падрабязна распавялі загадчык сектара абслугоўвання Надзея Слука і навуковы супрацоўнік аддзела кнігазнаўства Алена Дзенісенка.
Працягнулі мерапрыемства чатыры кніжныя прэзентацыі. "Нарысы па гісторыі беларускага літаратуразнаўства" прапанавалі ўвазе прысутных супрацоўнікі аддзела тэорыі і гісторыі беларускай літаратуры Яўген Гарадніцкі, Ганна Кісліцына і Алена Карп. Гісторык Сяргей Грунтоў прадставіў кнігу "Фатаграфія і культура памяці ў беларусаў у другой палове ХІХ - пачатку ХХІ ст.". Аб працы над выданнем "Epitaphium ІІ: пахавальная культура народаў Вялікага Княства Літоўскага" расказаў гісторык і архівіст Дзяніс Лісейчыкаў. Літаратуразнаўца Наталля Бахановіч распавяла аб сваёй манаграфіі "Абліччы Іншага ў шматмоўнай літаратуры Беларусі ХІХ стагоддзя".
Матэрыялы чытанняў шматбакова ахапілі ўвесь абсяг ХІХ стагоддзя - у гістарычна-літаратурным і тэарэтычным аспекце, а таксама дазволілі прасачыць рэцэпцыю спадчыны пазамінулага стагоддзя ў ХХ-ХХІ стст. Напрыклад, Ірына Багдановіч распавяла пра Адама Міцкевіча як адрасата вершаў Антонія Эдварда Адынца. Новым важным знаходкам, звязаным з радаводам паэта прысвяціў даклад Зміцер Юркевіч. Ганна Кісліцына актуалізавала тэму рамантычнасці Адама Міцкевіча і традыцый беларускага літаратурнага маніфеста. Інеса Баўтрэль паразважала аб уплыве Адама Міцкевіча на беларускую санетыстыку другой паловы ХХ стагоддзя. Вобраз Адама Міцкевіча ў сучаснай беларускай паэзіі разгледзела Таццяна Барысюк.
Зміцер Дрозд звярнуў увагу на этапы стварэння біяграфіі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, праблемы і перспектывы новых даследаванняў. Пераемнасць традыцый паэта ў творчасці Цёткі прасачыла Дарыя Карчашкіна. Юлія Масарэнка прааналізавала вершаванае апавяданне В. Дуніна-Марцінкевіча "Літаратарскія клопаты", паразважала над жанравым вызначэннем твора і яго аўтабіяграфічнай асновай. Асаблівасці трансфармацыі вобраза селяніна ў літаратуры Беларусі другой паловы ХІХ стагоддзя вызначыў Ігар Запрудскі, у тым ліку на матэрыяле твораў В. Дуніна-Марцінкевіча. Віктар Жыбуль разгледзеў літаратуразнаўчае асэнсаванне жыцця і творчасці В. Дуніна-Марцінкевіча ў працах Адама Бабарэкі. Адметнасці творчых і жыццёвых узаемадачыненняў Уладзіслава Сыракомлі і Зоф'і Тшашчкоўскай з Манькоўскіх (псеўд. Адам М-скі) на матэрыяле ліставання паэткі заўважыла Марына Варабей.
Даклады ўдзельнікаў канферэнцыі не абмежаваліся толькі постацямі юбіляраў. Вячаслаў Мартысюк разгледзеў літаратуразнаўчую спадчыну Івана Насовіча. Праблему атрыбуцыі зборніка "Успаміны старога ліцвіна" (1860) узняў студэнт філалагічнага факультэта БДУ Глеб Лявонцьеў. Дзмітрый Вінаходаў, дацэнт Санкт-Пецярбургскай асацыяцыі беларусістаў, рэканструяваў храналогію біяграфіі Яна Баршчэўскага. Даследчыца Ірына Бурдзялёва звярнулася да вызначэння жанравай гібрыднасці кнігі І. Яцкоўскага "Аповесць з майго часу, альбо Літоўскія прыгоды", а Алена Манкевіч разгледзела ўвасабленне палескіх рэалій пачатку ХІХ стагоддзя ў падарожным нарысе Юзафа Ігнацы Крашэўскага "Пінск і Піншчына". Дактарант Універсітэта Ла Лагуна (Іспанія) Наталля Астрэйка звярнулася да жаночага сентыменталізму ў беларускай і іспанскай літаратуры ХІХ ст.
Традыцыйна прагучалі выступленні, прысвечаныя навуковаму набытку Генадзя Кісялёва і ўспаміны пра яго. Напрыклад, прафесар Варшаўскага ўніверсітэта, доктар філалагічных навук Мікола Хаўстовіч прачытаў даклад "Загадкі Генадзя Кісялёва: Юльян Мрочак", а бібліятэкар Дзмітрый Давідоўскі распавёў пра Генадзя Кісялёва-чытача.
Секцыйныя выступленні суправаджаліся дыскусіямі. За падвядзеннем вынікаў удзельнікі абмеркавалі ход канферэнцыі, адзначылі цікавыя тэмы, якія былі ўзняты і агучаны. Ганна Кісліцына падзякавала ўсім, хто змог далучыцца да форуму. Словы пашаны прагучалі для супрацоўнікаў ЦНБ НАН Беларусі і за прапанаваную ўжо у другі раз пляцоўку, і за тэхнічнае суправаджэнне, у тым ліку, магчымасці візуалізацыі і анлайнтрансляцыі, і за грунтоўную выстаўку і неацэнную дапамогу ў арганізацыі (асабліва было падкрэслена адзінства афармлення матэрыялаў па канферэнцыі - банераў, праграм, запрашэнняў). Напрыканцы, ужо ў зусім нефармальнай размове, многія падтрымалі думку, што падобныя вузкаспецыялізаваныя мерапрыемствы - рэдкая з'ява і вельмі патрэбная, таму варта працягваць.
Кацярына ЦІМАНОВІЧ. Фота Марыны ВАРАБЕЙ.
Прайшоў творчы вечар Навума Гальпяровіча "Застаюцца песня і Радзіма"
Дзве новыя кнігі - годная падстава для сустрэчы з пісьменнікам. А ў Навума Гальпяровіча нядаўна выйшаў зборнік паэзіі "Ветразь лёсу" і кніга "Горад", напісаная прозай, але з пачуццямі ўзнёслымі і пранікнёнымі, што звычайна звязваюцца з паэзіяй. Так і бывае, калі проза напісаная паэтам. І калі гаворыцца ў ёй пра тое, што аўтар шчыра любіць. А любіць ён Полацк і пісаць.
"Горад" - гэта свайго роду кніга ўдзячнасці мясцінам і людзям, якія здольныя не проста зрабіць жыццё больш цікавым і насычаным, а могуць вызначыць далейшы шлях і наогул паўплываць на лёс. Як гэта адбываецца? Цуд ці магія, закладзеная ў словы? Гарачае жаданне і непахіснае імкненне, калі часам трэба ісці наперакор, выбіраючы будучыню? Альбо сапраўды пашчасціла? Пра гэта аўтар і яго госці разважалі падчас вечарыны. Новенькія кнігі ляжалі побач, а цэлыя карціны з іх ажывалі перад вачыма, дзякуючы аповеду. Пра тое, як у дзяцінстве хацелася прыдумаць новую канцоўку для кніг, каб любімыя героі не пацярпелі. Пра тое, як першыя дзіцячыя вершы адмовіліся друкаваць у газетах "Зорка" ды "Піянер Беларусі". Адказ з "Зоркі" прыйшоў за подпісам вядомага на той час пісьменніка Міхаіла Герчыка. Ну, калі такія асобы пішуць... Далей Навум Якаўлевіч пра пісьменніцтва не марыў. Пакуль мама не прапанавала сыну-падлетку запрашальныя білеты ў Дом афіцэраў, куды прыехалі пісьменнікі - удзельнікі дэкады савецкай літаратуры ў Беларусі. Тады ён убачыў Петруся Броўку, Пімена Панчанку, Міхаіла Свярдлова. І дагэтуль згадвае ўражанне ад той сустрэчы: быццам бы гэта не людзі былі, а богі. З таго часу ён лічыў пісьменнікаў людзьмі найвышэйшага статусу. А любое пісьменніцкае слова было важным для яго.
- ...Калі пазнаёміўся з тымі літаратарамі, то ўбачыў і тое, што мне падалося самым важным - Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч, - згадвае Навум Гальпяровіч. - А ў нашай маладосці быў яшчэ вядомы паэт Андрэй Вазнясенскі - прыклад таго, як можна знаходзіць яркія вобразы. У яго выйшла кніга "Ахілесава сэрца", якую немагчыма было купіць. Але выпадкова ў "Ваенкнізе" ў Полацку завалялася гэтая кніжачка... Купілі яе на трох сяброў і вывучылі напамяць. Бо гэта было настолькі далёка ад таго, што мы чыталі ў школе... Для мяне была вельмі памятнай маленькая кніжачка Міхася Стральцова "Адзін лапаць, адзін чунь". Ён выступаў у Полацку, я падышоў да Міхася Лявонавіча - яны з Рыгорам Барадуліным тады першы раз былі ў Полацку...
- Усе вашы апавяданні месцяць у сабе незвычайную інтрыгу, якая можа быць на першы погляд нябачная, але калі ўчытацца, то можна многа для сябе адкрыць, - адзначыў Алег Аляксандравіч Вінярскі, які чытаў словы пісьменніка для чытачоў. Зрэшты, нешта трэба і пакінуць для ўласнага чытання: кнігі ёсць у продажы. А чытаць варта, бо гэта як паразмаўляць з выдатнымі цудоўнымі асобамі, пра якіх успамінае аўтар, які і сам з'яўляецца ўшанаванай асобай. І таму, што беларуская мова, якую трэба ўдасканальваць (ці засвойваць), і таму, што ў кожнага ёсць свой горад, дзе калісьці ўсё пачыналася.
У жыцці чалавека бывае многа гарадоў, кожны з якіх варты захаплення. Але родны - адзін. Той самы, дзе нараджаўся і як чалавек, і як асоба. Дзе дрэвы шапочуць паданні, а людзі ўмеюць прыслухоўвацца і разумеюць. Дзе россып іскрынак творчасці дае штуршок для багатай культурнай нівы. Дзе заўсёды знойдуцца цікавыя гісторыі, якія хочацца распавесці людзям, каб адчулі цяпло роднага дома, нават калі ён застаўся на адлегласці ў часе і прасторы.
Ларыса ЦІМОШЫК. Фота са старонкі музея ў фэйсбуку.
700-годдзю Ліды ад Лявона Анацкі
Беларускі супермарафонец Лявон Анацка да 700- годдзя роднай Ліды вырашыў прабегчы 700 км на ўльтрамарафоне ў Нью-Ёрку.
На жаль перашкодзілі некаторыя абставіны. Атрымалася 612 км і 3-е месца ў абсалюце Ён шчыра ўдзячны за падтрымку і заўсёды адчувае яе. Просіць шанаваць родную беларускую мову і не пакідаць яе.
Наш кар.
Свет захапленняў
Аматарскае аб'яднанне "Вясёлы дворык" філіяла "Ганчаскага Дома культуры" прымае ўдзел у абласным аглядзе-конкурсе аматарскіх аб'яднанняў "Свет захапленняў".
ТК "Культура Лідчыны".
"Альтанка" ў дарозе...
Калектыў аддзела нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва дорыць жыхарам аддаленых і маланаселеных вёсак Лідскага раёна добры настрой і сваю творчасць. Канцэртныя праграмы пабачылі жыхары ў вёсках Прыдыбайлы, Перапечыца.
ТК "Культура Лідчыны".
"Скарбы Лідскага краю" для дзяцей з Баранавіч
У Лідскім аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры маленькія наведвальнікі з г. Баранавічы. У праграме: наведванне выстаўкі "Скарбы Лідскага краю", майстар-класы.
ТК "Культура Лідчыны".
Навіны Германіі
1 траўня ў Германіі
Як і ў многіх іншых краінах, у Германіі 1 траўня адзначаюць дзяржаўнае свята - Дзень міжнароднай салідарнасці працаўнікоў. У часы Сярэднявечча, адкуль і ўзяўся звычай радасна сустракаць вясну і "ўсей грамадою" шанаваць працу, ад таго, наколькі добра сяляне працавалі на сельскагаспадарчых добрах, залежала шчодрасць аплаты іх працы за цэлы год.
Зразумела, што найбольшая турбота ахоплівала працавітых нямецкіх парабкаў у апошнюю ноч перад разлікам: за ўкладанні велізарнай колькасці сіл і часу маглі не заплаціць. Па меркаванні гісторыкаў, менавіта гэта акалічнасць і спарадзіла легенду пра тое, што ў Вальпургіеву ноч па ўсёй краіне шалеюць і балююць ведзьмы. "Вырадкі д'ябла" ўсаджваліся на венікі і накіроўваліся да вяршыняў гор, дзе пілі без меры зелле, уладкоўвалі дзікія балі, вар'яцкія скокі і, вядома ж, сукупленні са зласлівымі сутнасцямі мужчынскага полу.
Сяляне, якія хвалююцца за гаспадарку і зарплату, не маглі пусціць усё на самацёк і пакінуць хітрым ведзьмам магчымасць прыляцець і што-небудзь сапсаваць. Таму яны палілі вогнішчы, не клаліся спаць і хорам спявалі, каб аднадзіць нячыстую сілу. Калі ахоўныя мерапрыемствы былі паспяховымі, раніцай людзі паказвалі выратаванае быдла і прыведзеныя ў парадак нівы, атрымлівалі грошы і адпраўляліся шпацыраваць пад "травеньскае дрэва".
Памаленьку дзень выдачы зарплаты сялянам ператварыўся ў дзень, калі працоўны чалавек можа сабой ганарыцца і дзяліцца маральным задавальненнем ад працы з іншымі. Пасля таго, як у Чыкага расстралялі мірных удзельнікаў дэманстрацыі - простых працоўных - 1 траўня ў капіталістычным свеце было зроблены пралетарскім святам, і ўлады пастанавілі адзначаць яго кожны год. Таму з 1886 года месца дэманаў і ведзьмаў пачалі заступаць "буржуі" і капіталісты. 1 траўня ў Германіі зараз сімвалізуе пунсовая гваздзіка: яе ўстаўлялі ў пятліцы працоўныя і пазнавалі адзін аднаго на вуліцах.
Пасля таго, як ва ўлады апынуўся Гітлер, немцы пачалі зваць "першамай" Днём нацыянальнай працы (1933 год). Калі скончылася Другая сусветная вайна (1946 год), свята з некаторымі абмежаваннямі пацвердзілі дзяржавы-саюзнікі. З тых часоў з нагоды 1 траўня ў Германіі праводзяцца масавыя дэманстрацыі, прафсаюзныя арганізацыі выходзяць на пікеты, да якіх далучаюцца чальцы палітычных звязаў. Калі разглядаць свята ў лакальным маштабе, то ў некаторых нямецкіх дварах людзі адзначаюць яго з суседзямі і завуць Hoffest.
За мяжой ведаюць, што ў Дойчлянд (а пэўна - у Кройцбергу, адным з раёнаў Берліна) 1 траўня рэгулярна адбываюцца сутычкі паміж левымі і левымі радыкаламі. У 2014 годзе на вуліцы Кройцберга выйшла парадку 25000 чалавек, якіх было цяжка кантраляваць паліцыі.
Ці адпачывае Германія 1 траўня?
У наш час 1 траўня з'яўляецца афіцыйным святочным і выходным днём ва ўсіх федэральных землях.
З нагоды Дня працоўнага чалавека нямецкія дзеці не вучацца, а дарослыя не працуюць ва ўсіх федэральных акругах. Але жыхары Германіі так і не прыйшлі да адзінай назвы свята, і ў кожнай федэральнай зямлі яго завуць так, як звыкла і зручна.
Напрыклад, у Паўночным Рэйне-Вестфаліі 1 траўня завецца "Днём прыхільнасці да волі і міру, сацыяльнай справядлівасці, міжнароднага паразумення і чалавечай добрай якасці". Існуюць такія варыянты, як der Erste Mai, Tag der Arbeit, Tag der Arbeiterbewegung, Internationaler Kampftag der Arbeiterklasse ці проста Maifeiertag.
Немцы ўспрымаюць гэта свята не толькі як шанец заявіць пра свае погляды на дэманстрацыях, але і як магчымасць проста адпачыць, падэбашырыць, выпіць, расслабіцца з сябрамі, наведаць забаўляльныя мерапрыемствы. У 2020 годзе, упершыню за ўвесь час існавання свята, мітынгі і дэманстрацыі былі адменены ў сувязі з пандэміяй. Замест гэтага DGB былі арганізаваны анлайн-мерапрыемствы і відэатрансляцыі. У 2023 годзе мітынгі і акцыі зноў выйшлі на вуліцы нямецкіх гарадоў.
Травеньскае дрэва
Яшчэ адной цікавай нямецкай традыцыяй, звязанай з 1 траўня, з'яўляецца ўсталёўка травеньскага дрэва (Maibaum) - старажытны знак вясновай урадлівасці - на галоўным пляцы горада.
Форма ўпрыгожванняў для травеньскага дрэва моцна адрозніваецца ў залежнасці ад рэгіёна. У некаторых месцах кожны год ставяць новае дрэва, у іншых ствол выкарыстоўваецца шмат гадоў, але кожны год змяняе сваю "крону".
У некаторых раёнах Германіі халастыя мужчыны ўсталёўваюць маленькія травеньскія дрэвы - бярозкі - каля хат незамужніх жанчын вёскі.
У іншых рэгіёнах, напрыклад, у Рэйнляндзе травеньскае дрэва ўсталёўваецца хлопцамі перад хатамі сваіх каханых. Такія травеньскія дрэвы ўпрыгожваюцца каляровымі стужкамі, пры гэтым кожны з колераў раней меў адпаведнае значэнне. Да яго таксама належыць травеньскае сэрца з імем каханай дзяўчыны, якое выразаецца з кардону ці дрэва.
Травеньскае дрэва стаіць да першага чэрвеня, а потым той, хто паставіў, яго забірае. Калі дзяўчыне падабаецца кавалер, тое яго запрашаюць на вячэру ці дораць яму скрыню піва. У іншых месцах існуе традыцыя, паводле якой маці дзяўчыны дорыць хлопцу пірожнае, бацька - скрыню піва, а дзяўчына ўзнагароджвае яго пацалункам.
Паводле СМІ. На фота: варыянты травеньскага дрэва - класічны атрыбут свята. (Фота: © Malleo / Фотабанк Фотаджэніка.)
Беларусы сустракаюцца з індзейцамі
На гістарычных і сучасных тэрыторыях: Жук-Грышкевіч, Шукелойць; сыны, "індзейскія бабулі" і маўраўская традыцыя (да 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Маўра, ч. 6)марскіх і рачных берагах: Мяцеліца, Райс; незвычайныя ракурсы і некаторыя "вясёлыя" памылкі ў сувязі з "Сынам вады" (да 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Маўра, ч. 5)
(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-17 (53-69) за 2023 г.)
Наша перапіска з бліжэйшымі сваякамі Янкі Маўра мела дакладную статыстыку - складалася з трох лістоў дачцэ, трох ад яе, па адным лісце сынам - і ясныя пастулаты, а таксама сумныя вынікі, "сугучныя" з пераломам эпох.
Два сыны не адказалі на лісты, але з акадэмікам Фёдарам Фёдаравым мы мелі тэлефонную размову, зрэшты, яе змест цяпер нават не прыгадваецца па памяці, за выключэннем аднаго тэхнічнага моманту, ад якога аўтар "Падарожжа ў пекла", магчыма, і крыху "ажывіўся" б, усміхнуўшыся ў сваёй умоўнай "труне" на Лысай гары, - гэта тычылася яго імя па бацьку. У сувязі з гэтым цікава было б даведацца, ці не з'явіўся сярод нашчадкаў Маўра Фёдар Фёдаравіч Фёдараў.
"Паважаны Фёдар Іванавіч!
Наша група лічыць неабходным звярнуцца да ўсіх асоб у Беларусі, хто выступаў у друку ў падтрымку індзейцаў. Ваш пратэст, апублікаваны ў "Правде" (23.6.1984), быў адзіным заўважаным намі голасам, які належаў чалавеку з заслугамі перад грамадствам, падобнымі Вашым.
Вызваленне Пелціера - тое, чаго патрабуюць тысячы, мільёны людзей у свеце. Падзеі апошніх тыдняў былі асабліва важнымі для магчымых змен да лепшага. Намаганні зрабіць што-небудзь у рамках сусветнай кампаніі ажыццяўляюць грамадскі камітэт ленінградскіх сяброў індзейцаў і Хакаскі камітэт у абарону Леанарда Пелціера. У апошнім удзельнічаюць вядомыя мясцовыя дзеячы навукі і культуры. Не застаюцца ў баку і прадстаўнікі так званага індзеянісцкага руху з розных мясцін нашай краіны.
Усе з надзеяй чакаюць сустрэчы генеральнага сакратара М. С. Гарбачова і прэзідэнта Р. Рэйгана, на адрас якіх Хакаскі камітэт паслаў звароты з просьбай садзейнічаць вырашэнню праблемы. (Тэксты зваротаў апублікаваны ў газеце "Известия" 13.4.1988).
На Беларусі праіндзейскай дзейнасцю найбольш актыўна займаюцца Гомельскі грамадска-палітычны клуб імя Эрнэста Чэ Гевары і Арганізацыйная група Беларуска-індзейскага таварыства, якая мае падгрупу салідарнасці.
БІТ бачыцца нам як самастойнае аб'яднанне ўніверсальнага характару (у яго кампетэнцыі ўсё, што ўваходзіць у дыяду "Беларусь-індзейцы").
Устаноўчы з'езд БІТ адбудзецца ў ліпені 1988 г.
Мы вельмі разлічваем на Вашу падтрымку ініцыятывы.
Усе беларускія сябры індзейцаў глыбока паважаюць Вашага бацьку Івана Міхайлавіча [выпраўлена], і таму, што ён напісаў індзеянісцкую аповесць "Сын вады" (у гэтым годзе мы адзначаем 60-ю гадавіну першай публікацыі), і таму, што ўвогуле адлюстраваў традыцыйную спагаду беларусаў да іншых народаў, асабліва прыгнечаных, садзейнічаў выхаванню інтэрнацыяналістаў.
Былі б Вам вельмі ўдзячны за ўспаміны пра адносіны Івана Міхайлавіча да індзейцаў і за Ваш асабісты погляд на карэнных жыхароў Заходняга Паўшар'я.
З найлепшымі пажаданнямі
кіраўнік Арганізацыйнай групы
Беларуска-індзейскага таварыства А. В. Сімакоў
22.4.1988".
Фёдараву А. І., Масква, 11.03.1991 № 43, (з рускай):
"Паважаны Арсеній Іванавіч!
Наша таварыства зацікаўлена ў вывучэнні і папулярызацыі жыцця і творчасці Янкі Маўра. Яго роля ў інтэрнацыянальным, "этнаграфічным" выхаванні моладзі настолькі важная, што мы нават меркавалі прысвоіць імя Янкі Маўра нашаму аб'яднанню. Гэта было б лагічна і таму, што ён з'яўляецца аўтарам аповесці пра індзейцаў Вогненнай Зямлі "Сын вады".
Мы рыхтуем вялікі артыкул (магчыма, нават манаграфію) аб "Сыне вады". Можа быць, Вы маглі б напісаць нам аб тым, як Іван Міхайлавіч працаваў над аповесцю, як паставіліся да яе Вы і іншыя з яго бліжэйшага акружэння? Нас цікавіць літаральна ўсё, што звязана з гэтым творам.
Мы таксама вельмі прасілі б Вас успомніць якія-небудзь падрабязнасці ўспрымання Іванам Міхайлавічам Амерыкі і савецка-амерыканскіх адносін. У хатніх размовах ён, напэўна, каментаваў тыя ці іншыя падзеі.
З падзякай і найлепшымі пажаданнямі
Алесь Сімакоў, часовы выканаўчы сакратар".
Мы пісалі дачцэ Маўра 26.06.1991 (№ 90), 22.09.1991 (№ 168), 14.03.1992 (№ 57). Апошні, трэці (калі не лічыць, той самы грунтоўны, які не дайшоў) яе ліст, ад 4.03.1992 г., меў зусім сумныя тоны: "…мінула цэлая вечнасць. Усё перавярнулася ўверх дном, знікае вера ў дабро, справядлівасць, а таксама ў магчымасць чаго-небудзь дамагчыся ў нашым з вамі пытанні (аб экранізацыі твораў Я. Маўра)" (гэтае "эпахальнае" сцвярджэнне даём таксама і ў арыгінале: "…прошла целая вечность. Все перевернулось вверх дном, пропадает вера в добро, справедливость, а также в возможность чего-нибудь добиться в нашем с вами вопросе (об экранизации произведений Я. Мавра)").
Перапіска можа пачынацца і заканчвацца ў пэўны момант пад уплывам "унутранага імператыву". Параўноўваючы невялікую перапіску з Аляксандрай Іванаўнай і вялікія пісьмовыя абмены з Нінай Іванаўнай з Віцебска, якая стала членам нашага аб'яднання, можна сказаць, што гэтыя выпадкі падобныя прыкладна аднолькавай працягласцю абмеркаванняў (менш за год), але адрозніваюцца інтэнсіўнасцю, ахопам тэм, а галоўнае - характарам "нямой сцэны" ў канцы. Дух аднадумства і першапачатковая рамантыка зносін з Нана-Божа (у картатэцы - літаральна - Ю. Стаднічэнкі для Ніны Іванаўны было і гэтае імя - "на мове шаванезаў дух або сябар жывёл", прычым хлопцы-індзеяністы не маглі падумаць, што гэта не маладая дзяўчына) зніклі амаль у адзін момант па прычыне, якая адносіцца не да этыкі, а да этыкету: знакі персанальнай увагі для людзей больш важныя, чым агульная справа.
Верагодна, Н. І. ўпершыню прачытала "Сына вады" па нашай рэкамендацыі, г.зн. ёй не пашчасціла "натрапіць" на кнігі Маўра ў дзяцінстве так, як гамяльчаніну А. Ісачанку. У яе былі лісты і ад згаданага ў ч. 5 нашай юбілейнай маўраўскай серыі Юрыя Стаднічэнкі, і ад Янкі Брыля; яе ўласныя лісты выглядалі вельмі шчырымі і ў павазе да "ідэальнага" савецкага ўкладу, нягледзячы на тое, што яна пацярпела ад яго ў сувязі з арыштам бацькі - як потым і ад немцаў, якія арыштоўвалі ўжо яе: герой АК - "індзеец" Сат-Ок (Станіслаў Суплатовіч) і наша "індзейская бабуля" з Віцебска сышліся ў тэме зняволення ў час акупацыі - гестапа.
Дзе жанчыны, пра якіх была гаворка, засталіся ў нашай памяці як не цалкам рэалізаваныя "маўраўская" і "індзейская" бабулі. Паколькі ў Польшчы была "індзейская бабуля" Стэфанія Антаневіч - вядома, нашмат больш "рафінаваная", чым Н. І., - мы радаваліся, што і ў нас ёсць чалавек, якога таксама можна было назваць тымі ж словамі. Мы закранулі цяпер настальгічную тэму "бабуль", што не спраўдзіліся, таму, што ў "нашы часы" ўжо не было Маўра; нават калі б яшчэ жыў, мог і не ператварыцца, нават пад уплывам індзейскага руху 1970-х у Амерыцы, у "вузкаспецыялізаванага" "індзейскага дзеда Маўра" ("Дзед Маўр" - вядомы выраз і вядомая "аповесць-успамін" яго вучня А. Міронава).
ЖУК-ГРЫШКЕВІЧ Вінцэнт - у кнізе Раісы Жук-Грышкевіч 1993 г. пра яе мужа змешчаны яго артыкулы-справаздачы пра дзве канферэнцыі, у якіх разам з гэтым ураджэнцам в. Будслаў Мядзельскага раёна прынялі і прадстаўнікі індзейцаў,
Першая з іх, "Правы і абавязкі чалавека", была ў 1966 г. у Порт-Элгін (Антарыа), і на ёй сярод дэлегатаў, што прадстаўлялі розныя арганізацыі і этнічныя групы правінцыі, была цэлая група індзейцаў. На канферэнцыі 1968 г. сярод удзельнікаў В. Жук-Грышкевіч называе толькі Омара Пітэрса - прэзідэнта Індзейска-эскімоскага згуртавання, які прачытаў рэферат "Правы індзейцаў і эскімосаў у справядлівым грамадстве".
На здымку, які адносіцца да Нацыянальнай індзейскай канферэнцыі ў Атаве, сярод членаў яе камітэта - "Chief Omar Peters, Moravian Band, Ont." Зайшоўшы гэтую групу або нацыю пад назвай "Moravian of the Thames First Nation" і рэзервацыю "Moravian No. 47" або "Mun-see-Delaware 1", пераконваемся, што правадыром "мараўцаў" і пазней быў носьбіт таго ж прозвішча - Грэг Пітэрс. Этнічная прыналежнасць групы - дэлавары (ленапэ), дакладней - іх галіна мунсі (мансі, Munsee).
Разабрацца з назвамі і лакалізацыяй "першых нацый" або груп у Канадзе часта не так проста - суб'ектыў-на ў цэлым нават больш складана, чым з этнасамі "карэнных амерыканцаў" (ЗША). Ёсць чыпева, аджыбвэ або анішынаабэ і "Першай нацыі Тэмс". І пра яе можна прачытаць такую фразу: "Chippewas of the Thames First Nation 42 reserve, which almost entirely surrounds the separate reserve of Munsee-Delaware 1" - юрыдычная тэрыторыя чыпева амаль цалкам акружае тэрыторыю дэлавараў. Яны знаходзяцца ў графстве Элгін (Elgin), якое паўднёвым сваім бокам выходзіць на возера Эры.
Такім чынам, артыкул "Шматкультуралізм заміж двукультуралізму" (з тарашкевіцы, з захаваннем некаторых адметных слоў, ужываных у замежжы):
"Ад часу, калі ў франкамоўным Квебеку пачаўся сепаратызм аж да аддзялення гэтай правінцыі ад Канады ў сваім скрайнім імкненні, урад Канады пачаў процідзеяць гэтым імкненням, але не сілай і тэрорам, як дзеіць у такіх выпадках бальшавіцкая Масква, а разумнымі дэмакратычнымі мерапрыемствамі. Уся ўвага была скіравана на тое, каб сам народ, усе правінцыі, усе пласты грамадства, усе этнічныя і рэлігійныя групы і арганізацыі Канады абмеркавалі адміністрацыйныя і нацыянальна-культурныя дачыненні ў Канадзе, выказаліся пра недахопы ў палітычных, сацыяльных і культурных дачыненнях і далі свае канкрэтныя праекты направы.
З гэтай мэтай была створаная ўрадавая Камісія Білінгвалізму і Бікультуралізму, якая пранікла ўва ўсе каморкі канадыйскага грамадства ўлучна з этнічнымі групамі, каб сабраць матэрыялы для сужыцця між найвялікшымі групамі Канады - англасаксонскай і французскай. У гэтым свайго роду рэферэндуме прымалі ўдзел і беларусы. Былі разгледжаныя і прадыскутаваныя Камісіяй два беларускія праекты - "брыфы", апрацаваныя др. Б. Рагулям і мгр. А. Грыцуком.
Вынік некалькігадовай працы Камісіі Білінгвалізму і Бікультуралізму хутка выйдзе з друку ў 2-ох тамах. Але высновы Камісіі ведамыя ўжо: Камісія прызнае мовы - англійскую і французскую за афіцыйныя мовы Канады на федэральным узроўні і абедзве культуры за раўназначныя. На правінцыянальным узроўні мае пераважаць мова бальшыні насельніцтва. У школах таксама пераважае мова бальшыні насельніцтва дадзенай правінцыі, але ў акругах, дзе лік насельніцтва з другой мовай даходзіць да 10% і больш - у школах можа быць уведзена і другая мова.
Высновы Камісіі ставяць у невыразнае становішча тых канадыйцаў, што не належаць ні да англасаксонскай групы, ні да французскай. Тым часам гэты трэці элемент, што складаецца з большых і меншых этнічных груп, як немцы, італьянцы, украінцы, галандцы, палякі, жыды, грэкі, беларусы і іншыя - на сённяшні дзень складаюць каля траціны ўсяго насельніцтва Канады. У працэнтных дачыненнях да першых элементаў - трэці элемент мае тэндэнцыю да сталага ўзросту. Вось параўнанне працэнтных дачыненняў з 1901 і 1961 гадоў:
1901 1961
Брытыйцы 57% 44%
Французы 31% 30%
Трэці элемент 12% 26%
Калі б трэці элемент, згодна з высновамі Камісіі Б. і Б., быў абойдзены ў новай канстытуцыі Канады, чацвёртая частка грамадзян Канады апынулася б у сэнсе культурным і моўным у становішчы няйнакш горшай, другой катэгорыі канадыйцаў, што супярэчыць дэмакратычным прынцыпам і парушае асновы чалавечых правоў. А ўсімі прызнаецца, што гэты трэці элемент зрабіў велізарны ўклад у разбудову Канады і развіццё канадыйскай культуры.
Свядомасць такой небяспекі для трэцяга элемента завастрылася, калі стала ведамым, што канстытуцыйная камісія хутка мае прыступіць да апрацоўкі новай канстытуцыі Канады. Вось чаму дзеячы этнічных груп на чале з сенатарам Паўлам Юзыкам - украінскага паходжання - пастанавілі склікаць канферэнцыю этнічных груп пад назовам: Канферэнцыя ў Справе Праўнага Стану Культур (Тсынкэрс Конфэрэнс он Кальчэрал Райтс - Thinker's Conference on Cultural Rights).
Канферэнцыя гэта была зарганізавана ў Таронта 13-15 снежня летась (1968 г.), пад старшынствам сенатара Юзыка, які ёсць старшынём і Камісіі Сената, што была патранатам Канферэнцыі.
У Канферэнцыі прыняло ўдзел 150 дэлегатаў ад 20-ці этнічных груп і 50 назіральнікаў. Дэлегатам ад беларусаў - ЗБК быў др. В. Жук-Грышкевіч.
Тэмай першага дня Канферэнцыі было: Правы і абавязкі груп з рознымі культурамі ў канадыйскім жыцці.
Рэфераты на гэту тэму мелі: сенатар Юзык - "Выяўленне новай сілы ў выяўленні новай Канады"; Р. Шульгін з СіБіСі - "Канадыйскія этнічныя мяншыні і іх пазіцыя ў дачыненні да дзвюх большых моўных груп"; Омар Пітэрс - прэзідэнт Індыянска-Эскімоскага Згуртавання - "Правы Індыянаў і Эскімосаў у справядлівым грамадстве"; Вольтэр С. Тарнапольскі - дэкан юрыдычнага факультэта ўніверсітэта ў Віндзары - "Групы з рознымі культурамі і новая канадыйская канстытуцыя".
Тэмай другога дня было: Утрыманне культурных традыцый у Канадзе. Рэфераты: "Матывацыя да самавыяўлення ў формах розных культур" - др. В. Сушынскі - прафесар псіхалогіі Атаўскага ўніверсітэта; "Роля асветы ў захаванні традыцый культуры" - В. Г. Дэйвіс, міністр асветы Антарыа; "Роля грамадзян і грамадскіх груп у захаванні традыцый шматлікіх культур" - сенатар Андру Томпсан (наш добры знаёмы і прыяцель); "Трэці элемент, як раўнаважнік культур у асабовасці [ў арыгінале - васабовасці] канадыйца" - др Кліў Н. Кардынал, з Рысэрч Цэнтра для Этнічных Студый на ўніверсітэце ў Калгары [ў арыгінале - Кальгары].
Тэмай трэцяга дня - 15 снежня - была: "Дзяржаўная палітыка і захаванне традыцый шматлікіх культур". Даклад на гэту тэму зрабіў Клод Раян - рэдактар Манрэальскай [у арыгінале - Мантрэальскай] газеты "Ле Дэвуар". Гэты даклад быў бадай што найцікавейшы не толькі сваім зместам, але і тым фактам, што гэта быў голас другога боку двухмоўнай Канады - французскага боку. I гэты голас выказаўся за шанаванне і захоўванне шматлікіх культур этнічных груп, а нават за ўвядзенне іх моў у школы ў тых мясцовасцях, дзе знаходзіцца дастатковая колькасць грамадзян дадзенай этнічнай групы.
Я наўмысля пералічыў усе тэмы дакладаў і рэфератаў, каб можна было пабачыць, як паважна, глыбока і шырока абмяркоўвалася на Канферэнцыі справа ўтрымання і перахоўвання моў і культур этнічных груп Канады - улучна з нашай беларускай.
Да якіх жа выснаваў прыйшла Канферэнцыя? Адказ на гэтае пытанне даюць нам рэзалюцыі Канферэнцыі, пададзеныя асобна. Але для паўнаты інфармацыі трэба сказаць, што Канферэнцыя была вельмі ўдачнай і дасягнула сваю мэту. З яе высновамі і пастановамі напэўна будзе лічыцца канстытуцыйная камісія. Канферэнцыя адназгодна пагадзілася з двухмоўнасцю [ў арыгінале - двумоўнасцяй] Канады, але таксама адназгодна адкінула двукультуралізм і выказалася за шматкультуралізм, г.зн. за пашану да моў і культур усіх этнічных груп і за перахоўванне іх дзеля агульнага дабра Канады і яе культурнага ўзбагачэння.
Канферэнцыя паказала таксама, што трэці элемент - гэта вялікая сіла, з якой трэба лічыцца. Яна сцвердзіла, што ў Канадзе ёсць усе магчымасці для развіцця кожнай этнічнай групы і яе культуры і што гэтыя магчымасці забяспечаныя правам. У новай канстытуцыі права гэтае мае быць не толькі прызнанае, але і пашыранае. Такім чынам, доля і будучыня кожнай этнічнай групы будзе залежыць ад яе самой, ад тых людзей, з якіх яна складаецца, ад іх адданасці сваёй нацыянальнасці і культуры і яе актыўнасці.
Шкада, што беларусы Канады выявілі мала зацікаўлення да гэтай Канферэнцыі і абмежаваліся да аднаго дэлегата. Тут можна было гэтулькі цікавага пачуць і шмат чаго навучыцца, спаткаць гэтулькі цікавых людзей і навязаць з імі шырэйшыя кантакты. Відаць, мы забываемся, што засклепліванне жыцця і думкі не дае карысці ні для сябе, ні для нашай справы, а нашая адсутнасць на міжнацыянальных зборышчах адсоўвае нас ад агульнага ходу канадыйскага жыцця. Трэба памятаць аб гэтым і не засклеплівацца ў сваім толькі хатнім штодзённым жыцці".
Літ.:
10484 Жук-Грышкевіч Р. Жыцьцё Вінцэнта Жук-Грышкевіча. Торонто [Таронта], 1993.
8545 Ж. Шматкультуралізм заміж двукультуралізму // Беларус. 1969. № 141. (Весткі з Канады).
ШУКЯЛОЙЦЬ Антон - пад "тэрыторыяй індзейцаў", на якой пабываў Аляксандр Баршчэўскі (1930-2022), які пісаў пад псеўданімам Алесь Барскі, у суправаджэнні нью-ёркца Антона Шукялойця, верагодна, маецца на ўвазе рэзервацыя - гаворка можа ісці пра адну з дзвюх найбліжэйшых ад уласна Нью-Ёрка - пра адну з дзвюх рэзервацый на востраве Лонг-Айленд, у графстве Суфалк: Пуспатак - якая мае часткова "прызнаны" статус - толькі штатам, а не федэральна, і "гаспадарамі" якой з'яўляцца "Unkechaugi band", у "community of Mastic", і Шынякок. Рэзервацыя Шынякок адпавядае "Індзейскай нацыі шынекок" (Shinnecock Indian Nation); размешчаная на ўсход ад рэзервацыі Пуспатак, на ўсходнім беразе заліва Шынякок на паўднёвым усходзе Лонг-Айленда, недалёка ад такіх арыенціраў, як Такаха, Шынякок-Хілс і Саўтгемптан. (Мы пісалі ў Музей народа шынекок, прывітанне ад прадстаўніка якога перадала нам у красавіку 1992 г. Бары Каваш - жыхарка не так далёкага ад Лонг-Айленда Брыджуотэра ў Канектыкуце.)
Усяго ж у штаце Нью-Ёрк знаходзяцца наступныя індзейскія рэзервацыі, грамады або народы: Allegany (Cattaraugus County), Cattaraugus (Erie County, Cattaraugus County, Chautauqua County), Cayuga Nation of New York (Seneca County), Oil Springs (Cattaraugus County, Allegany County), Oneida Indian Nation (Madison County), Onondaga (Onondaga County), Poospatuck (Suffolk County), St. Regis Mohawk (Franklin County), Shinnecock (Suffolk County), Tonawanda (Genesee County, Erie County, Niagara County), Tuscarora (Niagara County).
Алесь Барскі знаходзіўся ў ЗША з 11 па 31 кастрычніка 1987 г., што было "жыццёвай прыгодай", а цыкл "Амерыка, якая ты?" - "прыгодай журналісцкай" і, што важна, прадуктам, створанымі без "усякай прадузятасці". Барскі-Баршчэўскі ўжо бываў у ЗША ў 1981 г., але і ў час візіту 1987 г., прызнаецца ён, Амерыка заставалася для яго "таямнічай і загадкавай".
Было некалькі спроб даслаць яму правільныя запрашэнні, урэшце ўдалося, і выехаў з Варшавы разам з прафесарам русістыкі Альбертам Барташэвічам (ураджэнцам Стаўбцоўскага раёна). У нарысе ён піша "мы" - у гэтых выпадках, відавочна, трэба разумець: "я і Альберт", г.зн., тым, каго Шукялойць вадзіў, вазіў, у тым ліку на "тэрыторыю індзейцаў", быў, відавочна, і Барташэвіч.
Замест прозвішча Шукялойця Барскі ўжывае першую яго літару, прадстаўляючы шаноўнага экскурсавода як "пана Антося Ш.", якога далей называе "пан Антось" або "Антось". Тое ж ён робіць у адносінах і да іншых сустрэтых беларусаў, з некаторымі выключэннямі. Гэта звязанае з так званай "паранойяй" беларускіх амерыканцаў - "антысавецкія" перасцярогі, з падставамі або без падстаў, асабліва ў сувязі з лёсам у час Вялікай Айчыннай вайны. Хаця мы ведаем, што і 101-гадовым Антось Шукялойць уяўляў сабой "жывы прыклад беларуса-левака ў практыцы і тэорыі", гэта, як вядома, не абарона ад прэтэнзій з боку і левых. Але Шукялойць - занадта пазітыўны чалавек, каб яго было лёгка крытыкаваць.
Раздзел "Амерыканскія беларусы" ў поўнай версіі рэпартажу Барскага мае дзяленне на пранумараваныя падраздзелы; пра Антося - у апошнім, чацвёртым - IV. У канцы 1980-х гг. мы мелі на Гомельшчыне шчасце атрымліваць беластоцкую "Ніву" нават па падпісцы, у нас на картцы адзначаны нумар за 19.02.1989 - працяг нарыса, які тады друкаваўся ўпершыню. Мы шукалі тое ж месца з "тэрыторыяй індзейцаў" і ў "кнігазбораўскім" варыянце 2011 г., але больш за палову падраздзела III і ўвесь IV-ты аказаліся адрэзанымі: індзейскае месца апынулася ў скарочаных фрагментах. У публікацыі нарыса ў "Выбраных творах" бачым і менш значную рэдактарскую праўку - быў перапрацаваны, хаця ў каментарыях пра гэта не гаворыцца - а толькі пра тое, што тэкст друкуецца "паводле выд." "З пабачанага і перажытага" 1992 г. Мэта гэтага скарачэння больш-менш ясная; хаця пра амерыканскіх беларусаў прачытаць было б важней за іншае, найбольш верагодная прычына для гэтага скарачэння - скараціць адразу ўсё акурат пасля таго, як Барскі пачынае гаварыць пра "палітычную наіўнасць" амерыканскіх беларусаў. А яшчэ там было пра палітычную "лухту і ману" ў Польшчы - гэта вырашылі пакінуць у 1992 г. з павагі да плюралізму думак, "гаварлівасць" заакіянскіх землякоў і рэзкаватае, хаця і слоўнікавае слова, якім аўтар зачапіў адну амерыканскую меншасць падчас назірання за дэманстрацыяй разам з Антосем. Можна сказаць, індзейцы ў выпадку з "Кнігазборам" сталі міжвольнай ахвярай своеасаблівай "дыскрымінацыі наадварот", "пазітыўнай дыскрымінацыі", "паліткарэктнай" купюры, хаця мы не ведаем, ці зроблена было гэта па прапанове самога Барскага.
"Хацеў бы я яшчэ затрымацца над канкрэтнымі постацямі беларускіх эмігрантаў. Перш за ўсё хачу яшчэ некалькі слоў сказаць пра нашага галоўнага экскурсавода пана Антося Ш. Пачуў я ад яго не адну займальную гісторыю. Расказвае ён вельмі цікава. Пад яго вусамі блудзіць усмешка вечнага прабачэння для чалавечых глупстваў і памылак. [...] Антось - чалавек чыстых маральных прынцыпаў - неяк разгублена паўтараў: "Ну, вось бачыце, што яно тут чаўпецца". Нельга не адзначыць і спецыфічнай натуры пана Антося, які прысвяціў нам вельмі многа часу і энергіі.
Антось - вялікі знаток гарадской субстанцыі Нью-Йорка. Мае ён вельмі шырокія веды аб сакральным будаўніцтве. Бадай, усе касцёлы, цэрквы, бажніцы Нью-Йорка ведае ад фундаментаў да крыжоў. Пры гэтым бяскрайнім захапленні тым, што збудавалі людзі, Антось не ашчасліўлівае нікога сілаю. Захоўвае нейкую інтымную ціхую інтанацыю, якая слухача не стамляе і не абяссільвае і да нічога не прымушае. Ён вадзіў нас па Нью-Йорку. Знаёміў нас з Гарлемам. Завёз на амаль паўкіламетровы будынак, звазіў на тэрыторыю індзейцаў, звазіў у польскі рэстаранчык "Тэрэса". Ва ўсё гэта ўкладваў столькі сэрца і добрай волі, што толькі добрай воляй і сэрцам можам адплаціць гэтаму добраму чалавеку. Адзіная яго просьба да мяне заключалася ў тым, каб знайсці некалькі метраў беларускага сукна на накідку для беларускага строю. Сукно гэтае мая сястра выткала, і я ўжо яго адправіў у ЗША добразычліваму чалавеку, беларускаму католіку пану Антосю".
Шукялойць быў з в. Якелеўшчына Ашмянскага павета Віленскай губерні, цяпер Ашмянскі раён.
Літ.:
2701 Барскі А. Амерыка, якая ты? // Барскі А. З пабачанага і перажытага: абразкі, артыкулы, дарожныя нататкі / прадм. У. Казберука. Мн., 1992. С. 106-166.
Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.
Ales Simakou, researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian) connections.
Святло і цені беларускай інтэлігенцыі
Каб была зразумела думка артыкула, на пачатку трэба сказаць пра галоўную якасць інтэлігентнага чалавека. Цяжка не пагадзіцца з тэзай праф. Мар'яна Здзяхоўскага, які на першае месца для інтэлігента ставіць здольнасць думаць самастойна. Можна дадаць, што гэта ў большай ці меншай ступені прыроджаная здольнасць, мусіць развівацца праз набыццё ведаў, якія з'яўляюцца даробкам сучаснага і мінулых пакаленняў. Тады, параўноўваючы светапогляды і веды розных людзей, трэба ставіцца да іх здольнасці крытычна думаць, як да падставы да самастойнага мыслення. Відавочна, інтэлігент не павінен абавязкова мець нейкі дакумент аб адукацыі. Школа пашырае гарызонт думкі і з'яўляецца добрым этапам развіцця. але мае і пэўныя адмоўныя рысы - укладвае ў галаву шаблон, які спрыяе развіццю самастойнага мыслення. Здараецца, што нават асоба з вышэйшай адукацыяй не можа лічыцца інтэлігентам, і з другога боку сярод высока развітай інтэлігенцыі не бракуе самавукаў. Прыклады Савецкай Расіі, дзе пасля рэвалюцыі ўсплылі на паверхню асобы нават без школьнай адукацыі, кажа, як моцна мы пераацэньваем гэтую інстытуцыю.
Не трэба даказваць відавочную вялікую ролю інтэлігенцыі ў развіцці падзей. У сучаснай дзяржаве не магчымы сітуацыі, у якой інтэлігенцыя не грала б кіраўнічай ролі ў грамадскім жыцці. Аднак часта яна ўздымае лозунг пра вядучую ролю народных мас і адначасова пагардліва ставіцца да рысаў, якія пераўтвараюць люд у народ. Асаблівая кіраўнічая роля інтэлігенцыі выяўляецца ў паднявольных народаў, пазбаўленых элементарных варункаў для развіцца. І ў першую чаргу гэта датычыць увогуле невялікай беларускай інтэлігенцыі ў межах польскай дзяржавы і асабліва ў Вільні.
Беларускую інтэлігенцыю можна падзяліць на дзве асноўныя катэгорыі: на гарадскую, сцісла не злучанаю з беларускай вёскай, і інтэлігенцыю сялянскую, якая хаця ў асноўным і жыве ў горадзе, але часцей не схільная лічыць сябе гараджанамі і працягвае жыць справамі вёскі.
Першая група вельмі разнастайная. Яна больш культурная, і культура гэтая часта ідзе ўжо ад продкаў, гэтыя інтэлігенты нават знешне лепш выглядаюць. Значная частка гэтай групы ў сваіх паводзінах залежыць ад кан'юнктуры. У часы нямецкай акупацыі і ў першыя гады польскай дзяржавы на нашых землях палітычная кан'юнктура прымушала зрусіфікаваную частку касты чыноўнікаў беларускага паходжання вярнуцца да нацыянальнасці сваіх продкаў. З-за адсутнасці вясковай інтэлігенцыі ў кожнай беларускай арганізацыі знаходзілася шмат асоб, якім здавалася, што праз грамадскую працу на беларускай ніве можна будзе дайсці да высокага становішча. Але іх спаткала горкае расчараванне. Аказалася, што з-за палітыкі Варшавы, энергічнаму беларусу прасцей трапіць на Лукішкі, чым на нейкую сталую пасаду. Пачаўся ціхі паварот, усе выпадковыя асобы пачалі пакідаць беларускія шэрагі і пераходзіць у "палякі праваслаўнага веравызнання". Дэзерціры беларускага руху - беларусы гарадскога ці землеўладальніцкага паходжання, зараз, калі на вуліцы ім даводзіцца размаўляць са старымі знаёмымі па-беларуску, аглядваюцца, каб выпадковы мінак не пачуў гэтага і, чырванеючы, выбачаюцца перад ім за сваю беларускую гаворку. Гэткая эвалюцыя, ці лепш сказаць метамарфоза, ужо адбылася.
Інакш паводзіць сябе беларуская інтэлігенцыя сялянскага паходжання. Яна прыйшла ў беларускі рух пазней, чым асобы часоў "Нашай Нівы". Аднак з кожным годам яе становішча ўзмацнялася, і няма ніякага сумнення, што шэрагі гэтай інтэлігенцыі будуць толькі пашырацца з-за вялікага рэзерву ў выглядзе беларускіх народных мас, якія цягнуцца ў горад па адукацыю і працу. Натуральна, што гэтая група інтэлігенцыі мае сціслую сувязь з вёскай, прагне ўзняць яе культурна і эканамічна, злучана з яе звычаямі і мовай - гэта значыць мае ўсе падставы для сапраўднага патрыятызму. Рэнегаты сярод гэтай часткі інтэлігенцыі сустракаюцца рэдка.
Паміж гарадской і вясковай беларускай інтэлігенцыяй няма класавага ці рэлігійнага антаганізму. Наадварот ёсць супольная рыса, якая не адразу бачна, і таму яе трэба з націскам падкрэсліць. Амаль што ўсе культурныя асобы сярод беларусаў і асабліва палітычныя дзеячы, вызначаюцца велічэзным індывідуалізмам. Як двухбаковавостры меч, гэта з'ява таксама мае два бакі - станоўчы і адмоўны. Індывідуалізм стане зразумелым, калі зважаць на наступныя акалічнасці.
Мы жывём у часы, калі асоба, якая адносіць сябе да беларускай нацыянальнасці, асуджана на вялікія непрыемнасці. Перад усім, з-за памылковай і недарэчнай нацыянальнай палітыкі ў Польшы, гэта асоба падазраецца ў антыдзяржаўнай дзейнасці і для яе зачынены доступ да дзяржаўных пасад. І гэта яшчэ не ўсё - нават той, хто спакойна жыве на вёсцы, адчувае дрэннае стаўленне да сябе абшарніка, пробашча, настаўніка, паліцыянта і г. д. Паўстае пытанне - хто ў такіх умовах будзе мець жаданне і адвагу выказаць сваю, гэтак не мілую гаспадарам сучаснай сітуацыі, існасць? Адказ просты: толькі асоба, якая не паддаецца агульнай плыні, асоба, якая не падладжваецца пад агульнае меркаванне, а ідзе сваёй дарогай. Інакш кажучы, кіруецца сваёй думкай, што, як было вышэй заўважана, ёсць галоўнай адзнакай інтэлігентнага чалавека. Яе вызначае ідэйнасць, якая прыносіць асобе асабістую нявыгаду, паняверку і пераслед. Асімілююцца толькі самыя слабыя ці найгоршыя асобы, а застаюцца пры сваім больш моцныя, здольныя, адважныя і больш інтэлігентныя - г. зн. тыя, хто мысліць самастойна.
Але калі справа ідзе пра групавую і арганізацыйную дзейнасць, гэты індывідуалізм паказвае свой адмоўны бок. Агульна вядомай з'явай ёсць тое, што, нягледзячы на сваю малалікасць, з-за індывідуалізму лідараў, беларуская інтэлігенцыя падзелена на шэраг канкурыруючых паміж сабой палітычных груп. Індывідуалізм перавышае нацыянальную салідарнасць, стымулюе рознасць поглядаў, нараджае дыктарскія замахі і антаганізм - рэчы, патрэбныя толькі тым, хто жадае здрабнення і знішчэння беларускага руху. Усё гэта вядзе да дэзарганізацыі і немачы. Непаразуменне паміж беларускімі арганізацыямі вядзе да страты ўплыву на вясковыя масы. Не дзіва, што ў такой сітуацыі ў колах інтэлігенцыі з'яўляецца тып чалавека, якога бальшавікі праміж сабой ўжо даўно пагардліва назвалі "интеллигентский нытик" - гэткая асоба здольная толькі да негатыўнай крытыкі. Усё што паходзіць не ад яго - нічога не варта але сам ён абсалютна не здольны да творчай думкі і дзеяння. Яго стыхія - чорны песімізм і нігілізм расійскага тыпу. Сапраўды, нельга ўсе няўдачы ускладаць на індывідуалізм, бо існуе і іншы цэлы шэраг агульнавядомых прычын, але чамусьці ў нас мала пішацца менавіта пра неўтаймаваны антыдэмакратычны індывідуалізм кіруючых асоб.
Магчыма, у выніку гэтага няма дастатковага разумення простай праўды, што усялякае дыктатарства, ігнараванне праціўніка і бескампраміснасць, толькі тады могуць мець месца, калі ўсё гэта адчувае за сабой фізічную і вялікую маральную сілу. Калі для дыктатарства гэтага няма, ніякі дэмагагічны заклік да народных мас, а таксама ніякі культ лявоніхі і лапця не створаць народнага адзінства і не паднімуць культуру народа. Там, дзе "на версе" дэзарганізацыя - няма і размовы аб ўзорным парадку ў шэрагах. Гэты парадак беларусы мусяць стварыць "з верху". […]
Al. S. [Ул. Талочка] Blaski i cienie bialoruskiej inteligencji // Preglad Wilenski. 1933. № 10. S. 3-5.
Пераклад Леаніда Лаўрэша.
26 красавіка ўспаміналі трагедыю на Чарнобыльскай АЭС
26 красавіка споўнілася 37 гадоў з дня катастрофы на Чарнобыльскай АЭС - беспрэцэндэнтнай аварыі ў гісторыі атамнай энергетыкі. У гэты дзень усе ўспамінаюць не толькі пра Чарнобыль, але і пра тых, хто не шкадуючы жыцця і здароўя, спыніў радыяцыйную стыхію. З першых дзён пасля катастрофы ўрад Беларусі пачаў праводзіць мерапрыемствы, накіраваныя на абарону насельніцтва, прычым не толькі таго, якое жыве ў непасрэднай блізкасці да станцыі.
У Беларусі створаны дзяржаўны рэгістр асобаў, якія падвергліся ўздзеянню радыяцыі з прычыны аварыі ў Чарнобылі і іншых радыяцыйных аварый. Асноўным кірункам дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі ў стаўленні да грамадзян, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, з'яўляецца аказанне дапамогі сацыяльна ўразлівым катэгорыям насельніцтва, наданне палёгак і кампенсацый, прадугледжаных законам Рэспублікі Беларусь.
У філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 3" правялі гадзіну памяці "Чарнобыль: як гэта было?", прымеркаваную да Міжнароднага дня памяці ахвяр радыцыйных аварый і катастроф.
У ходзе мерапрыемства дзеці больш даведаліся пра, здавалася б, даўно вядомыя падзеі Чарнобыльскай трагедыі: аб прычынах аварыі, аб наступствах аварыі для насельніцтва і навакольнага асяроддзя. Таксама адбыўся відэа-паказ "Страшныя факты Чарнобыля".
ТК "Культура Лідчыны".
"Рэха Чарнобыля"
Тэматычная сустрэча "Рэха Чарнобыля" прайшла ў Палацы культуры горада Ліды. Падчас мерапрыемства неаднаразова падкрэслівалася, што Чарнобыльская трагедыя - відавочны паказчык мужнасці і сілы волі тых, хто ўдзельнічаў у ліквідацыі катастрофы. Хай падзея засталася ў мінулым назаўжды, наш абавязак - ісці ў будучыню, не робячы ранейшых памылак.
Нумары ў рамках тэматычнай сустрэчы "Рэха Чарнобыля" прагучалі ў выкананні творчых калектываў Палаца культуры.
ТК "Культура Лідчыны".
КРЫНІЦА НАРОДНАЙ ТВОРЧАСЦІ ПАНЯМОННЯ
Самая высокая адзнака творчасцi людзей, якiя адраджаюць традыцыйныя рамёствы - гэта статус народнага майстра Рэспублікі Беларусь.
Валянціна Сільвановіч, майстар па ткацтве аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці", з 2018 г. з'яўляецца носьбітам нематэрыяльна-культурнай спадчыны элемента "Традыцыйнае белаўзорыстае ткацтва Панямоння". Напрыканцы 2022 г. Валянціна атрымала статус народнага майстра Рэспублікі Беларусь.
Валянціна - аўтар метадычнага дапаможніка па ткацтве. Зборнік складаецца з чатырох раздзелаў, дзе чытач паглыбляецца ў самае старажытнае рамяство беларусаў і паступова ўключаецца ў працэс стварэння палатна.
Як майстар, які прафесійна валодае традыцыйнымі рамёствамі, Валянціна актыўна ўдзельнічае ў правядзенні навучальных курсаў. Яна пастаянны ўдзельнік раённых і абласных мерапрыемстваў і святаў, майстар-класаў па пляценні паясоў на ніце і ткацтве.
ТК "Культура Лідчыны".
Танцуем па-сучаснаму, танцуем па- даўнейшаму
39 калектываў харэаграфічнага мастацтва прадставілі 29 красавіка сваю творчасць у адкрытым рэгіянальным фестывалі конкурсе "Крышталiкi запрашаюць" у г. Бярозаўцы.
А літаральна праз месяц, 27 траўня 2023 г., на базе філіяла "Дзітвянскі Дом культуры" ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" адбудзецца абласны фестываль-свята побытавых танцаў "Танцуем па-даўнейшаму".
Аматары беларускага традыцыйнага харэаграфічнага мастацтва з усёй Гарадзенскай вобласці з'едуцца ў ам. Дзітва, каб прадэманстраваць лепшыя ўзоры беларускіх народных парных танцаў у чатырох узроставых катэгорыях ад 6 да 50 і больш гадоў з захаваннем мясцовага адметнага выканальніцкага стылю.
Традыцыйнымі ў рамках фестывалю-свята будуць:
- выступленні лепшых фальклорных калектываў Гарадзеншчыны,
- майстар-класы па побытавых танцах,
- флэшмоб "Танцуем разам",
- выстаўка вырабаў майстроў народнай творчасці, на якой можна будзе набыць сабе падарункі і сувеніры на любы густ.
ТК "Культура Лідчыны".