Наша слова.pdf № 19 (71), 10 траўня 2023 г.
Гэта свята са слязамі на вачах
Беларусь памятае і 1941-шы, і 1945-ты
9 траўня Беларусь адзначыла 78-я ўгодкі Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Святочныя мерапрыемствы прайшлі ў сталіцы, абласных і раённых цэнтрах, у аграмястэчках і вёсках.
Беларусы адзначылі Перамогу ў вайне, якая забрала кожнага трэцяга. Беларусы адзначылі Перамогу з надзеяй, што тыя хмары, якія сабраліся вакол нашых межаў не выбухнуць новым няшчасцем. Беларусы адзначылі Перамогу з рашучасцю, калі спатрэбіцца, быць годнымі дзядоў і прадзедаў.
Лідчына памятае
З нагоды 9 траўня на Лідчыне прайшоў цэлы шэраг мерапрыемстваў
Адміністрацыя Лідскага раёна і творчыя працаўнікі Ганчарскага Дома культуры павіншавалі ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Смаляка М.М. з вялікім святам - з Днём Перамогі! Міхась Міхайлавіч 1924 года нараджэння, ён родам з Наваградскага раёна, пражывае ў в. Сялец Лідскага раёна. Танкіст, прайшоў усю вайну і вярнуўся пераможцам дахаты! Ганарымся! Памятаем подзвіг!
5 траўня супрацоўнікі бібліобуса Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы далучыліся да абласной акцыі "Франтавы лекторый". Адправіўшыся ў вёску Дакудава, бібліятэкары арганізавалі пляцоўку "Пераможны травень: жывём і памятаем". Чытачы бібліобуса мелі магчымасць пазнаёміцца з мастацкай і галіновай літаратурай ваеннай тэматыкі, а ўпадабаныя выданні ўзяць для хатняга чытання. Бібліятэкар прадставіла агляд тэматычнай выставы "Час і памяць". У канцы маршруту супрацоўнікі бібліятэкі ўсклалі кветкі да абеліска ў памяць пра загінулых землякоў у в. Дакудава.
4 траўня ў філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 1" ладзіліся гучныя чытанні "Палымяныя радкі вайны", прысвечаныя 78-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і накіраваныя на ўмацаванне маральна-патрыятычных пачуццяў дашкольнікаў ДУА "Яслі-сад № 7 г. Ліды".
Хлопчыкі і дзяўчынкі слухалі вершы аб ваенных падзеях, удзельнічалі ў гульні-віктарыне, праглядзелі прэзентацыю "Ніхто не забыты, і нішто не забыта", а таксама пазнаёміліся з творамі для дзяцей "Забытая проза аб вайне", якія ёсць у фондзе бібліятэкі.
Памяць аб загінуўшых воінах, працаўніках тылу і мірных жыхарах увекавечана ў шматлікіх мемарыялах на тэрыторыі нашай краіны. Пра многія з гэтых помнікаў вялася гаворка з чытачамі філіяла "Лідская гарадскя бібліятэка № 3", дзе ладзілася інфармацыйнае дасье "Памаўчым ля гісторыі, бронзаю стаўшай". Падчас сустрэчы дзеці даведаліся пра помнікі, подзвігі дарослых і дзяцей, пра доўгі шлях савецкага народа да Перамогі.
5 траўня ў філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 4" прайшоў вечар франтавой славы і памяці "Павек нам гэтай даты не забыцца", у якім прынялі ўдзел атрымальнікі паслуг аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў ГУ "ЛРТЦСАН" і навучэнцы 5 класа ДУА "Сярэдняя школа № 11 г. Ліды". Для іх выступалі людзі, якія нарадзіліся ў гады вайны: Удовік Н.А., Крэсла С.С., Баруцкая Л.Г. Яны падзяліліся сваімі ўспамінамі пра страшныя дні вайны, пра ўнёсак жанчын і дзяцей у справу Вялікай Перамогі. Гучалі песні ваенных гадоў, вершы, танцавальныя нумары, былі прапанаваны відэафрагменты пра бітвы ў Вялікай Айчыннай вайне.
Вось ужо 78 гадоў аддзяляюць нас ад канца Вялікай Айчыннай вайны. Аднак тыя падзеі і жахлівыя злачынствы нямецка-фашысцкіх захопнікаў не сыходзяць з памяці. У пярэдадзень Дня Перамогі філіял "Інтэграваная бібліятэка аграмястэчка Бердаўка" арганізаваў гадзіну памяці "Імя тваё невядома, подзвіг твой - несмяротны". У мерапрыемстве прынялі ўдзел дзеці 2-3 класаў. Дзеці пачулі аповяд пра тое, як у 4 гадзіны раніцы 22 чэрвеня 1941 года фашысцкая Германія вераломна напала на нашу краіну, як ваявалі нашы абаронцы. Дзеці даведаліся пра жахі ваеннага дзяцінства і пра гераізм сваіх аднагодкаў.
Эстафета памяці "Горкая памяць вайны" адбылася ў філіяле "Інтэграваная бібліятэка агр. Дворышча". Прысутным распавялі пра лёс насельніцтва Дварышчанскага краю ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Старшыня Рады ветэранаў Кудла В.І. выступіў з ініцыятывай увекавечыць памяць пра ветэранаў, загінулых у гады вайны, стварыўшы мемарыяльную дошку са спісам прозвішчаў. Ветэраны працы прапанавалі дапамогу ў зборы матэрыялаў успамінаў пра ўдзельнікаў ваенных падзей.
Урок-успамін "Дарогамі вайны, міру і дабра" прайшоў у філіяле "Дзітвянская сельская бібліятэка". Бібліятэкар прапанаваў школьнікам паразважаць пра значэнне "Дня Перамогі" ў жыцці кожнага з нас, у жыцці нашай краіны і ўсёй планеты. Увазе дзяцей была прадстаўлена выстава, на якой яны змаглі выбраць і ўзяць пачытаць упадабаную кнігу пра вайну, як даніну памяці герояў Вялікай Айчыннай вайны.
ТК "Культура Лідчыны".
Беларусь страціла патрыёта
Пайшоў у нябесную Беларусь актывіст беларускага нацыянальнага руху на Лідчыне Іосіф Бойса.
Бойса Іосіф Браніслававіч нарадзіўся 3 верасня 1955 года ў в. Лукашына Іўеўскага раёна. Пасля школы скончыў юрфак БДУ. Працаваў адвакатам, суддзёй, быў старшынёй суда Лідскага раёна. Яшчэ будучы на працы выказваў свае нацыянальныя погляды.
Пасля выхаду на пенсію актыўна ўключыўся ў дзейнасць беларускіх нацыянальных арганізацый і перш за ўсё ў дзейнасць Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Іосіф Бойса практычна штомесячна на працягу многіх гадоў пералічваў ахвяраванні на рахунак ТБМ.
На працягу многіх гадоў Іосіф Бойса распаўсюджваў па Лідскім і Іўеўскім раёнах 100-150 асобнікаў газеты "Наша слова", а ў 2020 і 2021 гг. да канца снежня 2021 года распаўсюджваў 200 асобнікаў.
Выступаў ініцыятарам і фундатарам многіх праектаў. Устанавіў памятны камень каля Іўеўскага касцёла. Выступіў ініцыятарам устанаўлення каменя да 100-годдзя БНР на Лідчыне. Быў кліч устанавіць камяні да 100-годдзя БНР у кожным раёне Беларусі. Атрымалася толькі на Лідчыне, і ў асноўным дзякуючы Іосіфу Бойсу.
Развітанне - 10 траўня па вул. Савецкая, 23А.
Светлая памяць патрыёту Беларусі.
Юбілей аднаго з укладальнікаў нормаў сучаснай беларускай мовы
8 траўня споўнилася 140 гадоў з дня нараджэння беларускага навукоўца і грамадскага дзеяча, ініцыятара стварэння і першага старшыні Інстытута беларускай культуры (цяпер - Нацыянальная Акадэмія Навук Рэспублікі Беларусь), акадэміка, ахвяры сталінскіх рэпрэсій Сцяпана Некрашэвіча (1883-1937). Разам з Яўхімам Карскім і Іосіфам Воўк-Левановічам Сцяпан Некрашэвіч уваходзіць у лік заснавальнікаў сучаснай беларускай мовы.
Мовазнавец нарадзіўся 8 траўня 1883 года ў вёсцы Данілаўка Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці. Пасля заканчэння Панявежскай настаўніцкай семінарыі (1908) настаўнічаў. Скончыў Віленскі настаўніцкі інстытут (1913). З 1918 года загадваў беларускай секцыяй пры губернскім аддзеле народнай асветы Адэсы, вёў арганізацыйную і культурна-масавую работу сярод дэмабілізаваных беларусаў-салдат і беларусаў-бежанцаў. Дзякуючы яго намаганню да пачатку 1918 навучальнага года ў Адэсе было адкрыта 30 пачатковых беларускіх школ і беларуская гімназія. З 1920 года Сцяпан Некрашэвіч працаваў ў Менску ў апараце Наркамасветы БССР, займаў розныя кіраўнічыя пасады. Ён прымаў актыўны ўдзел у арганізацыі Інбелкульта і ў 1922 - 1925 гадах узначальваў яго. Арганізацыйную і навуковую дзейнасць спалучаў з выкладчыцкай у Белдзяржуніверсітэце. Напачатку 1925 года быў камандзіраваны ў Навукова-даследчы інстытут мовы і літаратуры пры Ленінградскім універсітэце, дзе да ліпеня 1925 года займаўся беларускай мовай пад кіраўніцтвам акадэміка Яўхіма Карскага. У 1928 годзе Сцяпан Некрашэвіч быў зацверджаны акадэмікам і віцэ-прэзідэнтам АН БССР, адначасова з'яўляўся дырэктарам акадэмічнага Інстытута беларускай мовы, а потым стаў старшынёй Галоўнавукі пры Наркаме асветы БССР…
21 ліпеня 1930 года вучонага-беларуса арыштавалі і выслалі ў горад Сарапул Удмурцкай АССР. У канцы 1937 года ён быў арыштаваны паўторна. Яго прывезлі ў Менск і 20 снежня расстралялі.
Асноўны кірунак навуковай дзейнасці Сцяпана Некрашэвіча - гэта лексікаграфічны. Як старшыня навукова-тэрміналагічнай камісіі, ён непасрэдна ўдзельнічаў у апрацоўцы беларускай навуковай тэрміналогіі па розных галінах ведаў. У лютым 1925 года Інбелкульт прыняў рашэнне ўкласці слоўнік жывой беларускай мовы. Была створана спецыяльная камісія, якую ўзначаліў Сцяпан Некрашэвіч. У хуткім часе ён вызначыў і навукова абгрунтаваў тып слоўніка як тлумачальны, крыніцы лексічнага матэрыялу, метады збірання і структуру слоўнікавых артыкулаў. Слоўнік павінен быў абнародаваць з навуковымі каментарыямі лексічныя багацці беларускай мовы з усёй этнаграфічнай тэрыторыі Беларусі ад пачатку XIX стагоддзя да апошняга часу. 20 лістапада 1929 года быў зацверджаны канчатковы праект слоўніка, і камісія прыступіла да непасрэднай распрацоўкі слоўнікавых артыкулаў, аднак, у сувязі з арыштам Сцяпана Некрашэвіча і іншых выканаўцаў, работа над слоўнікам жывой беларускай мовы спынілася. Багатая картатэка і апрацаваныя слоўнікавыя артыкулы загінулі ў гады Другой сусветнай вайны.
Улічваючы вялікую патрэбу ў лексікаграфічных даведніках практычнага тыпу, Сцяпан Некрашэвіч і Мікола Байкоў па даручэнні Інбелкульта ўзяліся за падрыхтоўку перакладных слоўнікаў. У 1925 годзе яны выдалі "Беларуска-расейскі слоўнік", у 1928 - "Расейска-беларускі слоўнік". Працы адыгралі вялікую ролю ў фарміраванні беларускай літаратурнай мовы.
Сцяпан Некрашэвіч шмат займаўся і правапісам. У 1920 годзе ў друку з'явіўся яго артыкул "Справачнік спрэчных дзеяслоўных форм". На Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926) вучоны выступіў са спецыяльным дакладам. Паколькі прынятыя канферэнцыяй пастановы не былі прыведзены ў жыццё, 1 кастрычніка 1927 года была створана новая правапісная камісія начале са Сцяпанам Некрашэвічам. Праз два гады яна прыняла Праект беларускага правапісу, які быў разасланы для абмеркавання. У 1933 годзе перапрацаваны Праект быў перавыдадзены і на яго аснове СНК БССР прыняў вядомую пастанову "Аб зменах і спрашчэннях беларускага правапісу", якая ўпершыню афіцыйна ўзаконіла пэўныя правапісныя і граматычныя нормы беларускай літаратурнай мовы.
Аб'ектам навуковых зацікаўленняў Сцяпана Некрашэвіча была і беларуская дыялекталогія. Так, разам з Пятром Бузуком ён склаў "Праграму для збірання асаблівасцей беларускіх гаворак і гаворак, пераходных да суседніх моваў" (1927). У ёй налічвалася 157 пытанняў па фанетыцы, марфалогіі, сінтаксісе і націску, даваліся каштоўныя метадычныя парады. Праграмныя распрацоўкі Сцяпана Некрашэвіча ў галіне лексікаграфіі заклалі тэарэтычныя асновы і прынцыпы стварэння дыялектных слоўнікаў беларускай мовы. Сцяпан Некрашэвіч даследаваў і гісторыю беларускай мовы. У працы "Мова кнігі Касьяна Рымляніна Ераміты "О уставах манастырскіх" (1928) ён упершыню прааналізаваў гэты рукапісны помнік з графічнага, фанетычнага і граматычнага бакоў. Доўга працаваў Некрашэвіч і над другой сваёй працай па гісторыі беларускай мовы - "Васіль Цяпінскі. Яго прадмова, пераклад Евангелія на беларускую мову і мова перакладу", якая, аднак, не была надрукавана. Сцяпан Некрашэвіч уважліва сачыў за навуковымі працамі па беларускім мовазнаўстве, часта выступаў у друку з грунтоўнымі рэцэнзіямі на іх. Актуальныя пытанні развіцця беларускай мовы і культуры ён узнімаў у сваіх выступленнях на розных сесіях і з'ездах.
Паволе СМІ.
З любоўю да роднай літаратуры
9 траўня доктару філалагічных навук, прафесару, акадэміку, літаратуразнаўцу і паэту Васілю Івашыну (1913-2009) споўнілася 110 гадоў з дня нараджэння.
Васіль Івашын нарадзіўся 9 траўня 1913 года ў вёсцы Ляхавічы Дзяржынскага раёна ў сялянскай сям'і. У 1933 годзе скончыў Менскі транспартна-эканамічны тэхнікум, год працаваў тэхнікам эканамістам Белкааппрамсавета. Захапленне мастацкай літаратурай выявілася ў яго яшчэ ў дзяцінстве, і гэта паўплывала на выбар жыццёвага шляху. З 1934 да 1938 года Васіль Івашын вучыўся ў Менскім педагагічным інстытуце, пасля заканчэння якога працаваў выкладчыкам роднай мовы і літаратуры ў Віцебскім педагагічным вучылішчы. Пісаць вершы Васіль Івашын пачаў яшчэ ў школьныя гады і ўпершыню пазнаёміў з імі празаіка Лукаша Калюгу - свайго земляка і далёкага родзіча, з якім разам вучыўся ў Станькаўскай сямігодцы. Аднак непаэтычныя і суровыя гады сталінскага тэрору і страху, калі былі рэпрэсаваны сотні беларускіх пісьменнікаў, не спрыялі творчаму ўзлёту маладых талентаў. Балюча было паранена сэрца шчырага і адкрытага беларуса арыштам у 1937 годзе яго бацькі, які так і не вярнуўся на родны парог. I ўсё ж хлопец імкнуўся заставацца самім сабой - чалавекам вельмі натхнёным і эмацыйным. Калі пачалася Другая сусветная вайна, малады педагог быў прызваны ў войска, прайшоў з баямі шматлікія франтавыя дарогі і вярнуўся на Радзіму пасля Перамогі ў 1945 годзе. Пачаў працаваць выкладчыкам у Рэспубліканскай партыйнай школе, адначасова тры гады вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі Навук Беларусі. Пасля яе заканчэння Васіль Івашын працаваў у гэтым інстытуце спачатку старшым навуковым супрацоўнікам, а потым загадчыкам сектара. Падчас працы ў Акадэміі Навук Беларусі Васіль Івашын напісаў буйныя манаграфіі, якія зрабілі значны ўнёсак у развіццё беларускага літаратуразнаўства...
Аднак нарыс пра жыццёвы і творчы шлях Васіля Уладзіміравіча быў бы няпоўным, калі б засталася незаўважанай яго праца непасрэдна на ніве паэзіі. Дзве яго вершаваныя кнігі "Слова" (1995) і "Покліч памяці" (1998) засведчылі, што ён, як паэт, таксама меў выразнае індывідуальнае аблічча і сваю творчую манеру.
Паводле СМІ.
Таварыства Вольных Літаратараў: 30 гадоў андэграўнду
Таварыства Вольных Літаратараў (ТВЛ) было заснавана 8 траўня 1993 года на ўстаноўчым сходзе ў Наваполацку. Галоўным арганізатарам устаноўчага мерапрыемства выступіў Алесь Аркуш. Падзея рыхтавалася некалькі месяцаў. Побач з Аркушам асноўнымі ініцыятарамі стварэння літаратурнай суполкі з'яўляліся Юры Гумянюк, Ігар Сідарук і Вінцэсь Мудроў, якія і ўтварылі арганізацыйны камітэт.
8 траўня 1993 г. Устаноўчы сход ТВЛ
Зацятым прыхільнікам стварэння ТВЛ быў Юры Гумянюк, які ў сваіх лістах да Алеся Аркуша (надрукаваныя ў альманаху "Асоба і час" № 7, 2016) горача абмяркоўваў, як ствараць суполку, каго запрашаць, як планаваць сваю дзейнасць. Менавіта Юры Гумянюк запрасіў у сябры ТВЛ Юрася Пацюпу, Сержа Мінскевіча, Алеся Туровіча, Міколу Касцюкевіча. Устаноўчы сход ТВЛ праходзіў у памяшканні Наваполацкага цэнтра культуры. У ім удзельнічала 15 літаратараў з розных куткоў Беларусі - з Гародні, Менска, Віцебска, Паставаў, Кобрына. А таксама прысутнічаў шэраг журналістаў і культурных дзеячаў Полаччыны. Адбылася дыскусія, у выніку якой было вырашана стварыць літаратурную суполку, заснаваць свой часопіс і нават літаратурную прэмію. Галоўным каардынатарам ТВЛ быў абраны Алесь Аркуш. А таксама была прынята "Заява Таварыства Вольных Літаратараў", у якой сярод іншага адзначалася: "Камуністычная дэспатыя на Беларусі зліквідавана, а ў літаратурным жыцці Рэспублікі нічога не змянілася. Прыйшоў час на практыцы ажыццяўляць змены".
У адрозненне ад іншых літаратурных суполак, якія паўставалі ў той час, Таварыства Вольных Літаратараў было сапраўднай літаратурнай арганізацый - з афіцыйнай рэгістрацыяй, з уласным часопісам "Калосьсе", літаратурнай прэміяй "Гліняны Вялес", з пячаткай і нават рахункам у банку. Праўда, зарэгістраваным удалося праіснаваць зусім непрацяглы час. Ужо на наступны год Таварыства здолела правесці міжнародную літаратурную канферэнцыю, на якую былі запрошаны госці з Украіны і Расеі. Сярод украінскіх гасцей, напрыклад, быў малады паэт з Харкава Сяргей Жадан, які затым стане славутым празаікам. А першыя ўгодкі заснавання ТВЛ былі адзначаны мастацкай выставай "Тэвээлаўская рэтраспектыва" ў полацкай галерэі "Рысы", на адкрыцці якой была наладжана літаратурна-музычная імпрэза з удзелам Лявона Вольскага, Касі Камоцкай, Алеся Кузьміна і інш.
Усяго ТВЛ правяло чатыры міжнародныя літаратурныя канферэнцыі. Але найбольшага поспеху сябры ТВЛ дасягнулі ў выдавецкай справе. У 1989 годзе Алесь Аркуш і Вінцэсь Мудроў заснавалі андэграўдны літаратурны альманах "Ксэракс Беларускі" і пачалі яго выдаваць, стварыўшы выдавецкую ініцыятыву "Полацкае ляда". У 1991 годзе яны выдалі ў Полацкай друкарні першую кнігу - зборнік вершай Алеся Аркуша і Паўла Бурдыкі "Тайніца". І такім чынам распачалі кнігавыданне на Полаччыне. Іх вопыт і быў скарыстаны для выдавецкіх праектаў ТВЛ. Найбольш вядомымі сталі тэвээлаўскія кніжныя серыі "Паэзія новай генерацыі" і "Бібліятэчка часопіса "Калосьсе". Усяго было выдадзена больш 30 кніг, 11 нумароў часопіса "Калосьсе" і 6 нумароў альманаха "Ксэракс Беларускі".
Паэтычныя зборнікі серыі "Паэзія новай генерацыі"
З 1993 года прысуджаецца першая незалежная беларуская літаратурная прэмія "Гліняны Вялес". Сярод яе лаўрэатаў - Алесь Разанаў, Уладзімір Арлоў, Уладзімір Някляеў, Алег Мінкін, Міхась Скобла, Альгерд Бахарэвіч, Ігар Бабкоў, Андрэй Феларэнка, Міхал Андрасюк і інш. У другай палове 90-х, пасля абрання прэзідэнтам Аляксандра Лукашэнкі, у Беларусі пачаўся наступ на незалежны грамадскі сектар. ТВЛ пазбавілі рэгістрацыі, новыя правілы рэгістрацыі грамадскіх арганізацый Таварыства ўжо не здолела пераадолець, і дзейнасць суполкі перайшла цалкам у андэграўнд.
Полацак. 2003 г. На 10-годдзе ТВЛ
Да пачатку ХХІ стагоддзя яшчэ адбываліся імпрэзы, выходзілі кнігі. Але дзейнасць суполкі паслядоўна затухала. Дасёння ладзяцца толькі асобныя праекты, перадусім па-ранейшаму прысуджаецца літаратурная прэмія "Гліняны Вялес".
Алесь Аркуш.
Цяпер дзяўчаты будуць самымі прыгожымі на святах!
Рэплікі жаночай вопраткі стварыла творчая група аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці". Ірына Дыдышка, Марыя Шылкоўская і Марыя Андрушкевіч зрабілі немагчымае. У выніку карпатлівай працы гэтага трыа (а гэта навукова-даследчая праца, ткацтва палатна, пашыў адзення) цяпер у жыхароў горада ёсць магчымасць убачыць, якое адзенне насілі нашы продкі больш за сто гадоў назад.
- Беларускі нацыянальны строй - гэта комплекс адзення, абутку і аксесуараў, які склаўся на працягу стагоддзяў і выкарыстоўваўся беларусамі ў паўсядзённым і святочным ужытку. Адрозніваецца ён сваёй самабытнасцю. Пры вырабе строю выкарыстоўваліся такія віды дэкаратыўна-прыкладной творчасці, як ткацтва, вышыўка, пляценне, апрацоўка скуры і іншыя. Сёння мы прадстаўляем калекцыю святочнага верхняга адзення - народныя традыцыйныя жаночыя строі Панямоння канца ХІХ - пачатку ХХ стагоддзя, - адзначыла Ірына Дыдышка.
Па словах маёй суразмоўніцы, традыцыйнай вопраткай беларускіх сялянак са старажытнасці была суконная світа. Світы мелі назвы на мясцовым дыялекце, разнастайныя пакрой і спосабы аздаблення. Шылі верхняе адзенне з самаробнага сукна ці паўсукна. У якасці ўпрыгожання яно афармлялася вышытым чорным або сінім аксамітам.
- Наша калекцыя адзення прадстаўлена трыма строямі: Ваўкавыска-камянецкім, Наваградскім, Мастоўскім, - адзначае Ірына. - Гэта латуха з вёскі Кунакі Камянецкага раёна Берасцейскай вобласці. Адметнасць крою складаюць два бакавыя кліны, падразны бачок па спінцы са зборкай. Світа ўпрыгожана сінім шнурком на грудзях, нізе рукавоў, клінах-устаўках. Не менш цікавая сама па сабе сярмяга, якую некалі насілі ў вёсцы Міжэвічы Слонімскага раёна Гарадзенскай вобласці. Асаблівасць крою вызначана праз адразную спінку ў складкі, кліны-ўстаўкі. Сярмяга была як дэмісезонным, так і зімовым адзеннем сялянак. Вопратку шылі з грубага і тоўстага сярмяжнага палатна.
Ну, і самы распаўсюджаны строй на тэрыторыі Беларусі - жаночая вопратка прамога крою. Світа з вёскі Курылавічы Мастоўскага раёна Гарадзенскай вобласці аздоблена шнурком і аксамітам чорнага колеру. Неверогадна прыгожа! Адным словам, дзякуй майстрам за залатыя рукi!
НА ЗДЫМКАХ:
1) Ваўкавыска-камянецкі строй. Латуха.
2) Сярмяга была як дэмісезонным, так і зімовым адзеннем сялянак. Вопратку шылі з грубага і тоўстага сярмяжнага палатна (Наваградскі строй).
3) Світа - самая распаўсюджаная на тэрыторыі Беларусі жаночая вопратка прамога крою. Адзенне аздоблена шнурком і аксамітам чорнага колеру (Мастоўскі строй).
Вольга Капцевіч.
Навіны Германіі
Прэс-рэліз: "Пункт гледжання. Слова экспертам з Германіі"
Пасольства Германіі ў Менску транслюе ў Беларусі відэазапісы выступленняў нямецкіх экспертаў
Пасольства Германіі ў Менску дае слова нямецкім экспертам на сваім новым канале ў Youtube.
На канале https://www.youtube.com/@Posolstvo GermaniiMinsk/ пад загалоўкам "Пункт гледжання. Слова экспертам з Германіі" Пасольства прадстаўляе выступленні выдатных нямецкіх экспертаў з акадэмічным і практычным досведам. Відэазапісы выступленняў транслююцца на рускай мове з нямецкімі субцітрамі. Такім чынам Пасольства Германіі ў Менску знаёміць беларускае грамадства з прафесійнымі каментарыямі экспертаў, што датычацца значных для грамадства тэм і дыскусій, рэлевантных у тым ліку і для Беларусі, і забяспечвае пастаянны зручны доступ да іх для ўсіх зацікаўленых. Пасол Манфрэд Хутэрэр паясніў: "Мы хочам даць беларусам, як унутры краіны, так і за яе межамі магчымасць падтрымліваць кантакт з Германіяй, нямецкай культурай і нямецкімі экспертамі па тэмах, якія датычацца Беларусі. Пасля вымушанага спынення працы ў Беларусі Інстытута імя Гётэ і Германскай службы акадэмічных абменаў (DAAD) мы зараз адкрываем новыя лічбавыя магчымасці для гэтага на Youtube. У нас ужо ёсць станоўчы досвед у гэтай сферы з нашай паспяховая старонкай у Facebook https://www.facebook.com/posolstvogermaniiminsk/".
Ужо можна было ўбачыць на нашым Youtube-канале https://www.youtube.com/@PosolstvoGermanii Minsk/ першы даклад прафесара і доктара навук Ангелікі Нусбергер. Яна прафесар Кёльнскага ўніверсітэта і кіруе там Акадэміяй абароны правоў чалавека ў Еўропе на пасадзе дырэктара. Да гэтага прафесар Нусбергер дзевяць гадоў займала пасаду суддзі ў Еўрапейскім судзе па правах чалавека ў Страсбургу, тры з іх - у якасці віцэ-прэзідэнта. Як спецыяліст па канстытуцыйнаму і міжнароднаму праву, Ангеліка Нусбергер з'яўляецца выдатным нямецкім экспертам з міжнароднай рэпутацыяй. У запісаным для Пасольства Германіі ў Мінску дакладзе "Умацаванне правоў чалавека ў неспакойныя часы" яна кажа аб узнікненні і актуальнасці ўніверсальных правоў чалавека. Глядзіце відэазапіс выступлення прафесара Нусбергер на новым Youtube-канале Пасольства Германіі ў Менску: https://www.youtube.com/watch?v=0hrvwHxmfp4
Беларус выйграў Гутэнбергскі марафон
Беларус Уладзіслаў Прамаў стаў пераможцам Гутэнбергскага марафону 2023 года, які праводзіцца ў нямецкім горадзе Майнцы.
Наш суайчыннік пераадолеў дыстанцыю за 2 гадзіны 17 хвілін 14 секунд. Другое месца ў марафоне заняў Патрык Эрэнг з Кеніі, які паказаў час 02:19:13, а трэцяе - Іван Сюрыс з Малдовы, які прыбег да фінішу за 02:23:40.
Уладзіслаў Прамаў - удзельнік Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанейра ў 2016 годзе, удзельнік Кубка Еўропы ў бегу на 10000 м 2017 года (11 месца ў асабістым і 5 мес-ца ў камандным заліку), пераможца Кубка Беларусі 2017 года ў бегу на 5000 м, пераможца чэмпіянату Беларусі 2017 года ў бегу на 10000 метраў. Цяпер выкладае ў Менскім гарадскім цэнтры алімпійскага рэзерву па лёгкай атлетыцы.
Як паведамілі арганізатары Гутэнбергскага марафону, за бегуноў балелі каля 35000 гледачоў. Поўную марафонскую дыстанцыю працягласцю каля 42 кіламетраў завяршылі каля 900 спартсменаў.
Паволе СМІ.
Пра Людвіка Абрамовіча
Людвік Абрамовіч
(Замест хаўтурнае прамовы)
9 сакавіка с. г. памёр на 60-ым годзе жыцьця ведамы ў шырокіх колах беларускага грамадзянства рэдактар польскага часапісу "Przeglаd Wilenski", Людвік Абрамовіч.
Побач з нячысьленай групай польскіх дэмакратаў, побач з прадстаўнікамі Літвіноў, праводзілі нябожчыка на месца вечнага адпачынку на Росе прадстаўнікі ўсяго беларускага грамадзянства - бяз розьніцы груп i кірункаў. Бо-ж сьв. п. Людвік Абрамовіч пакінуў сярод Беларусаў добрую памяць аб сабе.
Абрамовіч - віленскі старажыл. Як публіцыст, ведамы ўжо ад 1906 года, калі пачаў супрацоўнічаць у польскай дэмакратычнай газэце "Gazeta Wilenska". Гарачы польскі патрыёт, ён лятуцеў аб ускрашэньні Польшчы i змагаўся, як мог, за правы польскага народу пад уладай Расеі. Але адначасна пачуваў сябе грамадзянінам i нашага краю, думаў аб ускрашэньні колішняга Вялікага Княства Літоўскага, аб'яднанага фэдэрацыйнымі сувязямі з Польшчай, i культурнай мінуўшчыне гэтага краю прысьвяціў дзьве навукова-дасьледчыя працы1. З поўнай пашанай адносіўся да адраджэнска-вызвольных імкненьняў Беларусаў i Літвіноў, хоць i з аднымі, i з другімі разыходзіўся ў палітычных ідэалах.
У тыя далёкія перадваенныя часы дэмакраты ўсіх нацыянальнасьцяў Расеі мелі шмат супольнага. Злучала ix перад усім супольная ідэолёгія i неабходнасьць змагацца з супольным ворагам - царскай уладай, каторая роўна няволіла i так званых "інародцаў" i народ расейскі. Усе імкнуліся да волі, усе бачылі ў другіх нацыянальнасьцях натуральных саюзьнікаў, усе мелі супольны язык. Лёгка тады было згаварыцца з усімі i польскім дэмакратам, a на землях беларуска-літоўскіх яны ў пэўныя мамэнты нават маглі супрацоўнічаць i з Беларусамі і Літвінамі.
Пасля ўваскрашэння Польшчы гэтае супрацоўніцтва спынілася, гэты супольны язык - счэз. Паміж "пануючай нацыяй", нават паміж яе дэмакратычнымі групамі з аднаго боку i нацыянальнымі "меншасьцямі" з другога стварылася непераступная прорва. I толькі рэдкія адзінкі спасярод даваеннае польскае краёвае дэмакратычнае інтэлігенцыі захавалі старыя сувязі з Беларусамі i Літвінамі, зьбераглі i колішні супольны язык з імі. Да гэткіх адзінак, лічба каторых з году ў год усьцяж безпаваротна зьмяншаецца, належыў i Людвік Абрамовіч.
У даваенныя часы на грунце разыходжаньня ў палітычных ідэалах паміж Абрамовічам i Беларусамі ўзьнімаліся i спрэчкі, i сваркі - нават даволі вострыя. Але было гэта тады, калі ўсе споркі аставаліся йшчэ ў сфэры тэорэтычных разважаньняў, калі словы йшчэ не ператвараліся ў дзела. Збліжэньне паміж Абрамовічам i Беларусамі адбылося шмат пазьней - ужо пасьля ўскрашэньня Польшчы, калі ўчарашнія лятуценьнікі пачалі рэалізаваць свае тэорыі ў жыцьці. I як-жа далёка адыйшліся яны ад вызнаваных перад вайной ідэалаў!..
Людвік Абрамовіч захаваў поўнасьцю старыя свае ідэалы. Ня мог маўчаць аб тым, што выклікала ў яго боль i патрэбу пратэсту. Узнавіўшы выдаваны йшчэ перад вайной часапіс свой "Przeglаd Wilenski", ён з вялікай грамадзкай адвагай выступіў на абарону інтарэсаў беларускае й літоўскае "меншасьцяў" у Польшчы, каторыя на сваей зямлі складаюць большасьць. Ён голасна трэбаваў пашаны для нашых нацыянальных правоў, трэбаваў здаваленьня эканамічна-гаспадарчых патрэбаў нашага краю i інтарэсаў працоўных масаў гэтага краю. Блізка супрацоўнічаў ідэйна з ведамым віленскім грамадзкім дзеячом адвакатам Тадэушам Врублеўскім, каторы шчыра бараніў правы Беларусаў i Літвіноў ды называў сябе "грамадзянінам Вялікага Княства Літоўскага"; пад уплывам апошняга верыў, як i Врублеўскі, што цэнная рэч - бацькаўшчына, але яшчэ больш цэнная - воля, воля для ўсіх грамадзян бяз розьніцы нацыі i веры. Часапіс "Przeglаd Wilenski" ў працягу цэлага раду апошніх гадоў быў адзінай трыбунай, з якое самі Беларусы маглі прамаўляць да польскага грамадзянства, інфармуючы яго аб сваіх патрэбах i балячках. Праўда, ня ўсё даходзіла да тых, для каго пісалася: за апошнія два гады часапіс Абрамовіча быў сыстэматычна канфіскаваны i паасобныя нумары траплялі да рук чытачоў часта праз некалькі месяцаў пасьля свайго выхаду, калі суд здымаў канфіскату.
У 1936 годзе Абрамовіч спраўляў 30-летні юбілей сваей публіцыстычнай працы. Пасьля публічнага абходу, на каторым гаварыліся шчырыя дый няшчырыя прамовы аб заслугах Абрамовіча для нашага краю, юбіляр папрасіў да сябе на вячэру некалькі бліжэйшых ідэйна асоб - пару Беларусаў, пару Літвіноў i некалькі Палякоў. I тут былі прамовы - толькі ўжо бязспрэчна зусім шчырыя. Прамовіў i сам юбіляр. Гаворачы аб працы ўсяго свайго жыцьця, ён адзначыў, што ў даваенныя часы - часы няволі для Палякоў - ён горача бараніў правы польскага народу i тады пападаў у канфлікты з другімі народамі нашага краю. Шмат хто меў тады падставу крытыкаваць ягонае становішча. Але пасьля ўскрашэньня Польшчы ён лічыць справядлівым, каб "меншасьці" ў Польшчы карысталіся такой самай воляй, якой трэбавалі Палякі для сябе ад Расеі. У Польшчы ён мусіў выступіць на змаганьне з польскім нацыяналізмам - у імя сваіх старых дэмакратычных i гуманітарных ідэалаў.
Гэтая "споведзь жыцьця" Абрамовіча канчаткова пагадзіла яго з тымі Беларусамі, каторыя з даваенных часоў маглі захаваць у сэрцы нейкі жаль да яго - за мінулае.
Незадоўга да сьмерці сваей Людвік Абрамовіч, зламаны цяжкой хваробай i маральна прыгнечаны бязупыннымі канфіскатамі "Przegl. Wil." зачыніў свой часапіс. A праз паўгоду - памёр i сам, як быццам сьцьвярджаючы, што ня бачыць карысьці ад сваей працы, што барацьба яго ў сучасных абставінах дарэмная.
Прадстаўнікі беларускага грамадзянства, каторыя аддавалі на Росе апошнюю паслугу нябожчыку, з глыбокім жалем i пашанай скланялі галовы над сьвежай магілай гэтага шляхотнага ідэаліста i барацьбіта за адну праўду i адну волю для ўсіх.
Хай-жа лёгкай будзе Яму наша зямелька, каторай ён - хоць на свой асаблівы спосаб - шчыра служыў!
Вільня. 11.03.39. А. Луцкевіч.
Калосьсе. 1939. № 1.
1 "Problem Litwy podczas wojny swiatowej, zbior dokumentow, uchwal, odezw i t. p." i "Cztery wieki drukarstwa w Wilnie (1525-1925)".
Людвік Абрамовіч
Станіслаў Мацкевіч
Учора ў Вільні памёр старэйшы віленскі журналіст Людвік Абрамовіч.
Шануем яго памяць.
Ён нарадзіўся 1879 г. у Маскве. Сын акруговага пракурора паходзіў з шляхецкай віленскай сям'і. У 1906 г. пачаў працаваць у рэдакцыі "Газеты Віленскай" Міхала Ромера - сучаснага рэктара ўніверсітэта ў Коўне. Тады гэта была крайне радыкальная і "чырвоная" газета якая потым згасла з-за браку чытачоў. Пасля гэтага ён працаваў у рэдакцыі "Кур'ера Літоўскага" калі рэдактарамі гэтай газеты былі Чэслаў Янкоўскі і Войцех Бараноўскі, пайшоў з газеты, калі яна злучылася з народна-дэмакратычным "Дзённікам Віленскім". У часы вайны супрацоўнічаў з Вінцэнтам Жымоўскім, яны выдавалі нелегальную газету ў Варшаве, прычым Абрамовіч, шукаючы кантакты з брыгадным генералам Пілсудскім, пераходзіў праз лінію фронту1. Быў сакратаром аўстрафільскай "Лігі польскай дзяржаўнасці". Пасля вайны вярнуўся ў Вільню дзе выдаваў "Газету Краёву" і потым "Пшэглёнд Віленскі".
Быў нашым ідэалагічным і маім асабістым праціўнікам. З'яўляўся бескампрамісна прынцыповым чалавекам. Быў журналістам які служыць сваёй ідэалогіі. Ствараў праблемы для нашай прафесіі.
Быў сімвалам і сустваральнікам краёвай ідэалогіі.
Я перакананы, што 90% нашых чытачоў не ведаюць у чым сэнс гэтай ідэалогіі, але натхняліся рознымі адозвамі, якія пачыналіся словамі: "Край твой …".
Гэта ідэалогія імкнулася да стварэння з зямель былога ВКЛ - з Літвы ад Балтыкі і з Беларусі па Смаленск, самастойнай дзяржавы, злучанай з Польшчай.
Гэта ідэалогія складалася з элементаў, якія маглі мяняцца ў залежнасці да асоб, якія яе прэзентавалі. У залежнасці ад іх, розныя элементы ці выходзілі на першы план ці адыходзілі ў дальнія шэрагі.
Першы элемент - польскі шляхецкі - жадаў аб'яднаць землі былой Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства. Гэты элемент можна назваць гістарычным сантыментам.
Другі элемент - масонскі - не меў прыхільнасці да нацыяналізму і толькі цярпеў нацыянальныя тэндэнцыі каля сябе. Думаю, вялікую ролю ў ім адыгрывалі ўплывы рускіх "кадэцкіх" масонаў, якія пульсавалі ў віленскай польскай і яўрэйскай адвакатуры, для якой галоўным было паменшыць адмоўнае стаўленне да яўрэяў.
Элемент трэці - дэмакратычны, з сімпатыяй ставіўся да летувіскага і беларускага нацыяналізмаў, якія пачалі адбудоўвацца.
З'яднаць гэтыя тры элемента ў краёвай ідэалогіі не атрымалася. Найбольшымі ворагамі яе сталі ўласна летувісы і беларусы. А яўрэі стаялі ў баку і нарэшце ў Вільні яўрэі-нацыяналісты перамаглі яўрэяў-масонаў. Др. Выгодскі перамог др. Шабада2. І польскія ўлады, безумоўна, не падтрымлівалі краёўцаў.
Не жадаю тут больш шырока казаць пра краёвасць, жадаю толькі заўважыць, што яе сталым і бескампрамісным ідэолагам быў с. п. Людвік Абрамовіч.
Быў краёўцам пад лозунгам contra spem spero (не гледзячы ні на што). Рыжская дамова, існаванне незалежнай Летувіскай рэспублікі і нарэшце ўнутраная польская палітыка, паступова перакрэслівалі ўсе магчымасці хаця б наблізіцца да выканання краёвай праграмы. Але Людвік Абрамовіч усё роўна выдаваў свой "Пшэглёнд Віленскі". Яго пакідалі прыхільнікі якіх ангажыравалі рознымі пасадамі і працоўнымі месцамі. На момант яго смерці групка апартуністаў "дэмакратаў-краёўцаў" стала зусім невялікай. Людвіка Абрамовіча цанілі ўласна за тое, што ён не толькі меў прынцыпы, але не прадаваў іх за пасаду дырэктара ці якія іншыя выгоды. Таму яшчэ раз скажам пра нашага ідэйнага ворага: "Шанаванне яго памяці!".
Mackiewicz Stanislaw. s.p. Ludwik Abramowicz // Slowo. 1939. 10 marca.
Незалежнік
Пасмяротныя ўспаміны пра Людвіка Абрамовіча
У 1910 ці 1912 годзе я ішоў па Варшаўскім Саскім пляцы. Памятаю масіўны сабор, які прыгнятаў сталіцу сваім чужынскім выглядам і сімвалізаваў эпоху праваслаўя ў "Прывісленскім краі". Неяк, падчас выпадковай размовы, Людвік Абрамовіч, паглядзеўшы на сабор, сказаў: "Невядома, што ў будучыні з ім рабіць … бурыць шкада, а пакінуць нельга".
Я са шчырай павагай паглядзеў на чалавека, для якога незалежнасць бацькаўшчыны з пэўнасцю бачылася зусім блізка і гэта ў той час, калі для самых лепшых патрыётаў яна яшчэ ўяўлялася гэтак далёкай, як збаўленне нябеснае. Яны лічылі, што трэба толькі ў яе верыць і марыць а больш нічога зрабіць немагчыма. А патрыятызм рэдактара Людвіка Абрамовіча не быў марай але рацыяй жыцця - просталінейнай, бескампраміснай, выразнай і паслядоўнай - як і ў яго старэйшых братоў, памерлага праз некалькі гадоў пасля размовы выгнанца і вязня Мар'яна і сенатара Вітольда.
Непраўдападобнасць і нерэальнасць гэтай ідэі ў перадваенныя часы (маецца на ўвазе - перад Першай сусветнай вайной - Л. Л.), патрабавала больш моцную да яе прывязанасць, непакорлівасць, супрацьстаўленне сябе агульным настроям - менавіта ўсё тое, што і вызначала памерлага рэдактара "Пшэглёнда…".
Прыроджаны палітык і публіцыст, ён ужо ў студэнцкія гады за свабодалюбівыя маніфестацыі быў выключаны з Харкаўскага ўніверсітэта. А калі рабіў першыя крокі ў "Газеце Віленскай" Міхала Ромера і потым у "Кур'еры Літоўскім", заўсёды меў адны і тыя ж перакананні, якім ніколі не схібіў. Праграма, якую ён сам сабе вызначыў яшчэ на пачатку публіцыстычнай працы ў Вільні, была для яго непарушным фундаментам ад якога ён ніколі не адступаў. Гэтай сваёй праўдзе, сваёй лініі жыцця, свайму ўнутранаму перакананню, ён быў гатовы прысвяціць літаральна ўсе: спакой, бяспеку, асабістыя пачуцці, кар'еру, дабрабыт. Нёс ў сябе рысы шматлікіх пакаленняў канспіратараў і рамантыкаў, для якіх барацьба за незалежнасць была сэнсам і маторам руху на кожным адцінку жыцця.
Здабываць у Вільні і гістарычнай Літве са старой цвілі, руін, магіл і расійскіх муроў народную культуру, узмацняць яе па меры магчымасці, якая з'явіліся з 1905 г., ствараць новыя пляцоўкі (прэса, Таварыства сяброў навук, выдавецтвы, зборы, агітацыя), думкай і дзеяй ісці наперад да агульнай свабоды - гэты былі маральныя падмуркі тутэйшага журналіста і краёўца, якім ён лічыў сябе ад пачатку сваёй дзейнасці. Цяжка апісаць, як у с. п. Людвіку Абрамовічу ўжывалася яго пачуццё прыналежнасці да польскай культуры з яго замілаваннем да летувіска-беларускага краю. Гэты дуалізм не прымусіў яго адступіць ад праграмы ці ад маральных падмуркаў - ад іх ён ніколі не адступіў і не збочыў, але гэта вяло да грамадскіх стратаў праз немагчымасць яго супольнай працы нават з блізкімі сябрамі ці з шматгадовымі супрацоўнікамі. Бо яны па-трошкі змяніліся і прыстасаваліся да падзей і змен а ён гэтага не мог і не жадаў. Каб ён меў хоць трошкі агітацыйнага таленту, гнуткасці ў стасунках з людзьмі, хітрасці ў правядзенні сваёй лініі, мог бы стаць лідарам "краёвай" партыі. І праз дзясяткі гадоў ён выкладаў у "Пшэглёндзе…" усё тую ж ідэалогію, страчваючы сяброў, якіх ці забірала смерць як "магістра" гэтай ідэі мецэната Тадэвуша Урублеўскага, альбо такіх, з якімі ў яго ўсе больш павялічвалася непаразуменне.
Калі галоўная, з часоў маладосці, ідэя незалежнасці дасягнула сваёй мэты, калі мінулі небяспечныя гады вайны, якія для незалежнікаў-канспіратараў былі грознымі як для цывільных гэтак і для членаў баявых груп, калі мэта, якой Людвік Абрамовіч аддаваў усе сілы, здольнасці, працу і свае пачуцці, была дасягнута, яму здавалася, што ён можа прысвяціць сябе спакойнай працы ў любімай Вільні, што канфліктаў больш не будзе.
Але ўсе стала інакш і значна горш. Для Людвіка Абрамовіча ўсё сталася не так, як ён марыў. Не злучыліся ў адну дзяржаву два раўнапраўныя краі: Польшча і Літва, не толькі для яго гэта стала трагедыяй. Абрамовіч, як чалавек адданы мастацтву, збіранню карцін, гравюр, кніг - усяго таго, у чым стаў вялікім знаўцам, імкнуўся застацца ў атмасферы навукі, бібліятэк і спраў мастацтва.
Аднак баявы тэмперамент журналіста і палітыка вёў яго да новага рэдагавання "Пшэглёнду Віленскага" і падтрымкі сваёй краёвай ідэі. Блізкі кантакт з нацыянальнымі меншасцямі, абарона іх інтарэсаў на старонках штотыднёвіка, крытыка палітыкі польскіх уладаў у дачыненні да іх, гэта былі матывы яго выдання.
Нягледзячы на гэта, ён не быў адсунуты да польскага грамадства і яно належным чынам ацаніла праўду і прынцыповасць Людвіка Абрамовіча, а таксама яго здольнасць і аўтарытэт у галіне журналістыкі, ведання антыкварыяту і бібліяфільства.
Смерць касіла сяброў, з якімі ён ішоў разам у адным шэрагу. Пасля цяжкай і доўгай хваробы прыйшла і яго чарга.
Але застанецца памяць пра гэтага рэдкага чалавека. Прынцыповага, са сталымі перакананнямі і, нягледзячы на кан'юнктуру, вернага сваёй ідэі. Такім людзям усё цяжэй жыць сярод сучаснікаў. Здаецца, яны паміраюць не толькі ад той ці іншай хваробы, але і таму, што не могуць больш існаваць па маральных прычынах. Для іх родная зямля стала лепшай за жыццё.
R. Niepodleglosciowiec. Wspomnienie posmiertne o Ludwiku Abramowiczu // Kurjer Wilenski, Nowogrodzki, Grodzienski, Suwalski, Poleski i Wolysski. 1939. 11 marca.
* * *
Учора (10 сакавіка 1939 г.), у 7-й гадзіне вечара адбыўся перанос труны старэйшага віленскага журналіста с.п. Людвіка Абрамовіча з яго дома (вул. Серакоўскага, 21) у касцёл св. Якуба. У гэтай смутнай урачыстасці, якая сабрала сяброў памерлага, былі прадстаўлены журналісты разам са старшынём Віленскага сіндыката журналістаў Харкевічам. Акрамя іх прысутнічалі прафесары ўніверсітэта Касцялкоўскі, Крэдль і Срэбны. У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел прадстаўнікі мясцовых нацыянальных меншасцяў: летувісаў і беларусаў.
Сёння, у суботу, 11 сакавіка, а 9-й гадзіне раніцы, у касцёле св. Якуба за спакой душы с. п. Людвіка Абрамовіча будзе адпраўлена святая імша, пасля чаго ён будзе пахаваны на могілках Росы.
Kurjer Wilenski, Nowogrodzki, Grodzienski, Suwalski, Poleski i Wolynski. 1939. 11 marca.
Пераклад трох апошніх тэкстаў публікаці і каментаванне Леаніда Лаўрэша.
1 Мацкевіч чамусьці забыўся, што Людвік Абрамовіч з 1911 па 1915 гг. у Вільні выдаваў свой "Пшэглёнл Віленскі". - Л.Л.
2 Выгодскі Якуб (1857-1941) - яўрэйскі грамадскі і палітычны дзеяч, лекар. Ардынатар і дырэктар шпіталяў у Вільні, старшыня віленскай яўрэйскай абшчыны. Да рэвалюцыі адзін з заснавальнікаў партыі кадэтаў на Віленшчыне. Быў міністрам яўрэйскіх спраў у літоўскім урадзе. У 1922-1930 гг. быў паслом польскага сойму, таксама выбіраўся радным г. Вільні. Падтрымліваў сіянісцкі рух. Забіты немцамі.
Цемах Шабад (1864-1935) - яўрэйскі грамадскі і палітычны дзеяч, публіцыст, лекар. У 1905 г. высланы царскім урадам, у 1907 г. вярнуўся ў Вільню. Адзін з актыўных удзельнікаў яўрэйскага грамадскага руху. Выбіраўся радным г. Вільні у паслом у сойм дзе ўваходзіў у Блок нацыянальнасцей (украінцы, беларусы, яўрэі і немцы). Заснавальнік яўрэйскіх школ, вядомы медык.
Беларусы сустракаюцца з індзейцамі
Білоруси зустрічаються з індіанцями: Жук-Грышкевіч, Ізеўлін; Манг вернецца - "Чалавек ідзе" (да 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Маўра, ч. 7)
(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-18 (53-70) за 2023 г.)
10 траўня спаўняецца 140 гадоў з дня нараджэння Янкі Маўра. Калі дазволіць Маніту, мы яшчэ вернемся на некаторых аспектаў жыцця і творчасці аднаго з сапраўды манументальных для нас творцаў.
Наша бібліяграфія. Звычайна аповесць "Сын вады" проста згадваецца ў пераліку найбольш важных твораў Маўра, часам з некаторымі дэталямі па фабуле і яе ідэалогіі. Але ёсць кнігі і артыкулы, дзе аповесці прысвечаны абзацы. Часам паўтараюцца, а часам гучаць новыя тэзісы пра жыццё і дзіўныя прыгоды Манга, яго землякоў і англічанкі міс Грэт. У пэўны момант хтосьці заўважыў, што маржы, якім прысвечана нямала месца ў аповесці, не сустракаюцца ў Паўднёвым паўшар'і (у гэтым Маўр нібыта памыляўся ўслед за Вернам). А некаторыя, напрыклад, Васіль Хомчанка, у сваіх фантазіях прыдумвалі іншы, больш пэўны і шчаслівы фінал аповесці - пасля звальнення галоўнага героя ў Лондане. Не будзе памылкай думаць, што не толькі індзеяністы, якія, як антраполаг Алеш Грдлічка, хутчэй супраць метысацыі, уяўлялі сабе раман і нават шлюб Манга і Белай Птушкі Грэт.
Мы пісалі В. Хомчанку: "М. Б. Яфімава ў сваёй кнізе пра Янку Маўра згадвае, што ў дзяцінстве Вы прыдумалі шчаслівы канец аповесці "Сын вады" і расказвалі яго таварышам.
Гэта вельмі цікавы факт.
Ці не маглі б Вы пераказаць Ваш варыянт "Сына вады"? Спадзяёмся выкарыстаць Вашы ўспаміны пра знаёмства з аповесцю ў вялікім даследаванні "Сына вады", над якім працуем" (БІТ № 11, 15.01.1990). В. Хомчанка памёр у 1992 г.
Алесь Масарэнка, які памёр у 2019 г., пісаў нам 16.01.2006 г. па электроннай пошце: "У ЛіМе быў мой матэрыял пра Янку Маўра. Я ў яго ажно дзень правёў, і ёсць у мяне яго жывы голас. Цэлая бабіна. Захоўваю. Выступаў аднойчы ў школе, дык дзеці заслухаліся! Янка Маўр - вялікі пісьменнік. Але яго ўвесь час знарок замоўчвалі й працягваюць замоўчваць. Гэта некаму трэба... Паміраюць яго сучаснікі, і - дзіва! - імя гэтага пісьменніка як бы само па сабе выступае наперад, усплывае вызваляецца ад гнёту "партыйных аксакалаў". Брынь літаратурнай вады супакойваецца, і гэта знак таму, што сапраўдны талент не зацягваецца раскай забыцця - заўсёды на паверхні, застаецца служыць людзям".
Пра гутарку, якая была запісаная на магнітафон, - у яго артыкуле пра візіт да Маўра з калегамі для падрыхтоўкі перадачы (перыяд недзе каля ці пасля 1967 г., калі ён працаваў рэдактарам на Беларускім радыё) - "Адна сустрэча" (ЛіМ, 1973, 12 траўня: "Педагог, рамантык, чараўнік. Да 90-годдзя з дня нараджэння Янкі Маўра"). У гэтым артыкуле "Сын вады" не згадваецца, але разавыя згадкі аповесці былі ў многіх юбілейных артыкулах, прагледжаных намі (гл. ніжэй).
Літ.:
1333 Зомерфельд Я. Янка Маўр: (Да 25-годдзя літаратурнай дзейнасці) // Полымя. 1948. № 7. С. 85-88.
6508 Бойка У. Чалавек ідзе: (Да 80-годзя з дня нараджэння Янкі Маўра) // Мінская праўда. 1963. 11 траўня.
6517 Вольскі А. Чараўнік юначых мар: слова пра Янку Маўра ў дзень яго 80-годдзя // Чырвоная змена. 1963. 11 траўня.
2887 Даніленка М. Лоцман далёкіх падарожжаў: (Да 80-годдзя з дня нараджэння. Я Маўра ) // Гомельская праўда. 1963. 11 траўня.
3815 Зубкоўскі Б. Янка Маўр: (Да 95-годдзя з дня нараджэння) // Народная асвета. 1978. № 5. С. 82-86.
1194 Гурэвіч Э. С. Класік беларускай літаратуры: (100-годдзе з дня нараджэння Я. Маўра) // Весці АН БССР. Сер. грам. нав. 1983. № 5. С. 90-95.
6550 Міхайлаў М. Высакародная дабрата душы: (Да 100-годдзя з дня нараджэння беларускага савецкага пісьменніка Янкі Маўра) // Магілёўская праўда. 1983. 7 траўня.
8415 Ефимова М. Б. С верой в детское сердце: (К 100-летию со дня рождения Я. Мавра). Мн., 1983.
5711 Памятныя даты (май 1983 г.): 10 мая - 100 год з дня нараджэння Я. Маўра (1883-1971) // Новыя кнігі БССР. 1983. № 2. С. 12-15.
2373 Чараўнік з краіны маленства: (Да 100-годдзя з дня нараджэння Янкі Маўра) // Літаратура і мастацтва. 1983. 20 траўня.
3671 Скапа У. З крылатай фантазіяй: (Да 115-годдзя з дня нараджэння Янкі Маўра) // Літаратура і мастацтва. 1998. 22 траўня. С. 15.
ЖУК-ГРЫШКЕВІЧ Вінцэнт (2) - старшыня Каардынацыйнага камітэта беларусаў Канады называе імя аднаго ўдзельніка ад індзейцаў - Джэймса Бюлера - на канферэнцыі 1966 г. на тэму "Правы і абавязкі" ("Rights and Responsibilities"). Акрамя Вінцэнта, на канферэнцыі прысутнічаў яшчэ адзін ураджэнец Беларусі - Джозеф Кейдж, "Dr. Joseph Cage" з "Jewish Immigrant Aid Services of Canada".
Джэймс Бюлер (Булер), кры, быў прамым нашчадкам правадыра Вялікага Мядзведзя, які вядомы як паплечнік Луі Рыля. Ён скончыў Універсітэт Саскачэвана і Акадэмію радыёмастацтваў, быў выканаўчым сакратаром Антарыйскага аддзела Індзейска-эскімоскай асацыяцыі (Ontario division of the Indian-Eskimo Association), пасля чаго быў дырэктарам "Eastview Y.M.C.A."
Пра "James H. Buller" можна прычытаць таксама, што ім у 1974 г. была заснаваная Карэнная тэатральная школа (Native Theatre School), пазней перайменаваная ў Цэнтр карэннага тэатра (Centre for Indigenous Theatre), і тады ж - Асацыяцыя для карэннага развіцця ў выканальніцкім і візуальным мастацтве (Association for Native Development in the Performing and Visual Arts).
"Гісторыя жыцця Бюлера сама па сабе магла стаць драматычнай пастаноўкай. Ён быў баксёрам, прафесійным спеваком оперы і музычнай камедыі", які потым стаў арганізатарам. Памёр у 1982 г., і карэнным канадцам прысуджаецца прэмія яго імя за выдатныя дасягненні ў галіне, якую ён развіваў: "James Buller Awards for Aboriginal Theatre Excellence".
Наколькі мы можам зразумець, менавіта ён згадваецца ў цікавай справаздачы з канферэнцыі, якую даў В. Жук-Грышкевіч у "Вестках з Канады" - частцы газеты "Беларус", якую тады ён рэдагаваў. Ніжэй - пераведзены з тарашкевіцы (з некаторымі выключэннямі) артыкул "Правы і абавязкі чалавека":
"Пад такім назовам адбылася канферэнцыя прадстаўнікоў розных Антарыйскіх арганізацый і этнічных груп у Порт Элгін [у арыгінале Эльгін] 21-26 жніўня 1966 года. Арганізавалі яе Антарыё Вэльфэр Каўнсіл у супрацоўніцтве з Аддзелам Грамадзянства Федэральнага Дэпартамента Іміграцыі і Грамадзянства, Аддзелам Грамадзянства Антарыйскага Дэпартамента Правінцыянальнага Сакратара, ды Антарыйскай Камісіі Правоў Чалавека. Нарады канферэнцыі адбываліся ў Адукацыйным Цэнтры Юнайтыд Аўтомобіль Уоркерс.
Запрошаныя былі ўсе Антарыйскія арганізацыі, у тым ліку і беларускія. На канферэнцыю прыехала 80 асоб, а сярод іх адзін беларус - старшыня ККБК др. В. Жук-Грышкевіч. Ад этнічных груп было 25 прадстаўнікоў. Найбольшая рэпрэзентацыя, пасля англа-саксонскай, была французская, далей ішлі індыяне, яўрэі [ў арыгінале інакш], японцы, італьянцы і славяне. З балтаў былі дзве эстонкі. Былі метысы з Ямайкі і нават адна егіпцянка з групы коптаў.
Мэтай Канферэнцыі было сабраць прадстаўнікоў розных груп і арганізацый, ды разгледзець і прадыскутаваць у сяброўскай атмасферы іх балячкі жыцця, вынікаючыя з дыскрымінацыі.
Трэба прызнаць, што мэта была асягнута. Расфуфыраныя дамы і, здавалася б, чэрствыя джэнтльмены бесцырымонна падыходзілі да тых, каго не зналі, знаёміліся і выпытвалі, хто ты і каго рэпрэзентуеш. На другі дзень ужо ўсе зналіся міжсобку, сталіся сябрамі і звалі адзін другога па імені.
Доўгае прозвішча беларускага прадстаўніка і назоў "белёрашын" інтрыгавалі шмат каго, і ён меў нямала клопату з тлумачэннямі і выясненнямі. Але былі і выняткі, калі не трэба было тлумачыць - і не толькі славянам. Яўрэйскія прадстаўнікі ведалі, хто такія беларусы, ды некаторыя англасаксы: прафесары ўніверсітэта і ўрадаўцы з Іміграцыйнага Дэпартамента. Некаторыя з іх нават пыталіся, з якой часткі Беларусі ён паходзіў. Арганізацыя канферэнцыі была дасканалай. Во, дзе трэба вучыцца арганізацыі нам, беларусам. Шкада, што ніхто больш з беларусаў не быў тут. Ужо пры рэгістрацыі кожны атрымаў папку з сваім прозвішчам на картцы, раскладам часу, праграмамі і інфармацыямі, чыстай паперай для нататак і алоўкам, ды ключ да свайго пакоя. Усё было падрыхтавана загадзя, усё прадбачана да найменшай драбніцы. Згары былі вызначаны даклады на кожны дзень з дакладчыкамі спецыялістамі, згары былі вызначаны кіраўнікі дыскусій на пленумах. Апрача таго з удзельнікаў былі створаны панэльныя і дыскусійныя групы па розных пытаннях з вызначанымі кіраўнікамі, якія давалі справаздачы на пленумах. Ад гадз. 9-ай да 5:30 па паўдні ўсе былі заняты, з перапынкамі толькі на ланч. Вечарамі ж, па 7-ай гадз. адбываліся розныя разрыўковыя імпрэзы: кіно, танцы, спевы, забавы. Увесь вечар быў адчынены буфет, але п'яных не было. Было цікава і весела, ніхто не нудзіўся, не было на гэта часу, ды і не далі б самотніку бянтэжыцца ці трымацца збоку.
Галоўныя тэмы дакладаў: Канадскае грамадства - чытаў а. С. Баўэрс (езуіт), праф. Антарыйскага ўніверсітэта; Правы чалавека і законнасць - праф. Крывэр з Тарантонскага ўніверсітэта; Правы чалавека і эканоміка - Г. Маркл, дырэктар аддз. Адукацыі ў Юнайтыд Аўтомобіль Уоркерс; Эканамічныя праблемы і цяжкасці этнічных мяншынь - Джэймс Бюлер (індыянін), выканаўчы дырэктар Індыянска-Эскімоскага Згуртавання; Правы чалавека кругом свету - заступнік дырэктара Аддзела Правоў Чалавека ў Задзіночаных Нацыях. Адказнасць асветных і рэлігійных інстытуцый адносна правоў чалавека - сімпозіум.
З першага дакладу а. Баўэрса вынікала, што канадскае грамадства не ёсць "мэлтінг пот", што прыпісваецца Задзіночаным Штатам, а мазайкавае грамадства, г.зн. такое, у якім на агульнай плошчы англасаксаў знаходзяцца большыя і меншыя асяродкі розных этнічных груп. Канадзе залежыць на дзяржаўным адзінстве, але не ў яе інтарэсах пазбаўляць культурна-этнічных рыс этнічныя групы. Наадварот, Канадзе залежыць на тым, каб гэтыя этнічныя асаблівасці захаваліся ды ўзбагачвалі агульнаканадскую культуру. Усё гэта адпавядала агульнаму настрою аўдыторыі. Але пры канцы а. Баўэрс выказаў сваё задавальненне, што і камуністычнае грамадства дбае аб правах чалавека ў сваіх краінах, што выявілася на канферэнцыі на Гаваях. Дакладчык, відаць, забыўся, што ў камуністычных краінах існуе дыктатура і таталітарны рэжым, а камуністычнай дактрыны ён мо' і не ведаў. У дыскусіі толькі прадстаўнік беларусаў забраў голас у гэтай справе, даводзячы, што толькі навонкі камуністы крычаць аб правах чалавека, а ў сваіх дзяржавах яны топчуць гэтыя правы самым безаглядным спосабам. У сваім адказе апанентам дакладчык апраўдваў камуністаў, "калі дабро народа вымагае ахвяр". Было дзіўна, што так гаворыць святар і што ніхто больш не зарэагаваў на такое цверджанне. Памыліўся б, аднак, той, хто думаў бы, што ўдзельнікі Канферэнцыі згодны з думкай а. Баўэрса што да камуністаў. На другі дзень - Ален Баравой (яўрэй) з Лейбар Коміты фор Гюмэн Райтс пачаў сваё выступленне наступна: "Калі ў ЮНЕСКА прадстаўнік камуністаў меў тэму дакладу "свабода чалавека", дык я тым больш магу гаварыць аб правах чалавека". Гэтае асведчанне выклікала ўсеагульныя воплескі слухачоў.
У далейшых дакладах і дыскусіях найбольш увагі звярталася на дыскрымінацыю. Найбольш пакрыўджанымі чуліся індыяне і выказвалі найбольш незадавалення. Выглядае, аднак, што справа іх на добрай дарозе. Яны маюць сваіх лідараў, арганізацыі і інтэлігенцыю - ды добрую волю Канадскага Урада.
Шмат голасу забіралі французы як з Квебеку, так і мяншыня іх з Антарыя. Калі ж ходзіць пра двухмоўнасць і двухкультурнасць, дык яны супраць накідання іншым гэтага прынцыпу. Ім толькі ходзіць аб здабыццё роўных правоў для сябе.
Італьянцы наракалі на дыскрымінацыю ў атрыманні работы, аб чым выказваліся і іншыя групы. Негры жаліліся, што не хочуць наймаць ім памяшканняў. У мяшаным расава грамадстве такія выпадкі не навіна, і трэба з імі змагацца. Аднак, калі параўнаеш усе гэтыя нараканні з тым, што робіцца ў Савецкім Саюзе, на Беларусі, як там топчуць асноўныя правы чалавека, дык дзіву даешся. Тут дзяржаўныя ўстановы склікаюць адмысловыя канферэнцыі з усіх пластоў грамадства, каб яны крытыкавалі існуючы лад і парадак. Там жа дыктатура, таталітарызм робіць тое, што Масква скажа, што "положено" і "не положено", ды дзякуй яшчэ, як за ласку якую. I ніхто аб гэтым не заікнецца. Вось што баліць! (Падкрэслена мною, Р. Ж.-Г.) Праўда, гэта канферэнцыя лакальная, Антарыйская. Вычуваецца, што яна свядома ўнікае супярэчлівых дачыненняў паміж вольным светам і камуністычным. Але ў атмасферы настрояў вычуваецца прысутнасць В'етнамскага пытання, вылазіць у прыватных дыскусіях. Беларускаму прадстаўніку прыйшлося схапіцца за гэтае пытанне ў вострай дыскусіі з японцам, які, хоць і не камуніст, паўтараў лозунгі камуністычнай прапаганды. Наагул жа на канферэнцыі прыхільнікаў камунізму спаткаць не прыйшлося.
Адзіная нагода, дзе можна было б зачапіць пытанне правоў чалавека пад камунізмам, гэта на дакладзе прадстаўніка Задзіночаных Нацый аб правах чалавека кругом свету. Але ён у сваім дакладзе разглядаў і Афрыку, і Азію, і Амерыку, але не зачапіў Савецкага Саюзу ні паўслоўцам. Трымаўся фармальнага шаблону, які вытварыўся ў Задзіночаных Нацыях у выніку супрацоўніцтва з камуністычнымі дзяржавамі. У дыскусіі таксама нельга было зачапіць правоў чалавека пад камуністычным рэжымам "з браку часу". Шмат хто, а асабліва славянскія прадстаўнікі, чуліся расчараванымі.
На канферэнцыі было шмат цікавых людзей, з якімі было аб чым пагаварыць і можна было пасябраваць з імі. Успомнім тут хоць некалькіх. Перадусім ведамы беларусам Глын П. Ален з Сітызэншып Бранч, які быў душой канферэнцыі; сімпатычны француз Ролян Фурнье - з Асветнай Арганізацыі французаў канадыйцаў у Антарыё, з якім беларусу прыйшлося жыць у адным пакоі. Успомнім і "земляка", "ляндсмана", як ён казаў, др. Кэйжа - яўрэя з Манрэаля [ў арыгінале - "Мант-рэалю"], які паходзіць з Менска. Гэта ідэйны яўрэйскі асветнік з Джуіш Імігрант Эйд Сэрвісыс оф Кэнада. Гэта адукаваны, разумны і глыбокі чалавек. Не раз захоплівалася яго мудрымі сказамі ўся аўдыторыя Канферэнцыі. Хоць малым выехаў з Менска, мае сентымент да Беларусі і да традыцый, захаваных бацькамі. З такімі людзьмі нам - беларусам трэба мець дачыненні.
Канферэнцыя аб правах і абавязках чалавека была цікавым з'явішчам. Сабралі людзей на шэсць дзён з разнастайных груп, далі ім ідэальныя варункі на ўсім гатовым у харастве прыроды над возерам Гурон [у арыгінале - Гюрон] ды акунулі іх у вір дыскусій над цікавымі праблемамі жыцця. Не дарма ж былі там і такія людзі, якія нікога не рэпрэзентавалі, а прыехалі асабіста, каб паслухаць цікавыя даклады і дыскусіі ды чагось навучыцца. Такія канферэнцыі адбываюцца штогод на розныя тэмы. Варта помніць аб гэтым і карыстаць з іх.
Варта помніць яшчэ аб чымсь. Афіцыйныя канадскія дзейнікі дамагаюцца, каб этнічныя групы не забываліся сваіх звычаяў і мовы. Цяпер гэта адзін з пастулатаў навучання ў Канадзе: "Трэба, каб канадыйцы былі прынамсі двухмоўнымі, каб ведалі англійскую мову, але і захавалі мову бацькоў. I то цяпер, пакуль малыя, маладыя. Пазней другую мову трэба будзе здабываць з вялікай натугай, калі цяпер яе можна захаваць лёгка і натуральна." Гаварыў гэтак урадавец з Антарыё Борд оф Эдукэйшын. Ён казаў нават, што Борд оф Эдукэйшын гатоў забяспечыць пакоямі для навучання этнічных моў, калі ў дыстрыкце збярэцца належная колькасць дзяцей. Дык памятайце аб гэтым бацькі-беларусы".
Літ.:
8544 Ж. Правы й абавязкі чалавека // Беларус. 1966. № 113. (Весткі з Канады; крыптанім В. Жук-Грышкевіча.)
ІЗЕЎЛІН Ілья (2) - пасля Коста-Рыкі ў пераліку краін, якія рэкамендаваў гэты прадстаўнік кампаніі AnyWay Travel, ішла Нікарагуа, бязвізавая для беларуса: "НІКАРАГУА - ЗАГЛЯНУЦЬ У КРАТЭР ДЗЕЮЧАГА ВУЛКАНА", але асцярожна, вядома. "Калі хочацца ўбачыць адразу тры аўтэнтычныя краіны Цэнтральнай Амерыкі, то рэкамендую аптымальны маршрут Панама - Коста-Рыка - Нікарагуа. Краіны невялікія, таму пераязджаць паміж імі можна аўтобусам. І ўсяго адзін унутраны пералёт".
"ВЕНЕСУЭЛА - СТАЦЬ АМАЛЬ РОДНЫМ ДЛЯ МЯСЦОВЫХ
Адзіная краіна ў Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыцы, дзе вас сустрэнуць, як сваяка! У Венесуэле Беларусь добра ведаюць і вельмі любяць. Віза беларусу ў Венесуэлу не патрэбная. Ды і ў цэлым па Венесуэле скажу, што мы можам арганізаваць любы від адпачынку - начоўкі ў будане або ў раскошным гатэлі, паходы ў горы або ў джунглі, трэкінг, рыбалка, наведванне самага высокага вадаспаду ў свеце Анхель, сустрэча з індзейцамі, адпачынак у стылі Баўнці на архіпелагу Лос Рокес. Дзякуючы цесным кантактам з венесуэльскім бокам мы можам прапанаваць эксклюзіўныя цэны на адпачынак у гэтай краіне".
"БРАЗІЛІЯ - ЗГУЛЯЦЬ У ФУТБОЛ НА ПЛЯЖЫ КАПАКАБАНА"
У час з'яўлення матэрыялу Ільі ішла падрыхтоўка да Алімпіяды ў Рыа-дэ-Жанейра (2016), на якой таксама адбываўся пэўны беларуска-індзейскі кантакт. "Калі ж гульні вас не цікавяць, усё роўна варта ўбачыць гэтую яркую краіну. У Бразіліі ёсць гатэлі ўсіх сусветных ланцужкоў, сваіх турыстаў у Рыа мы селім паблізу пляжа Капакабана - самага знакамітага пляжа ў Бразіліі. Абавязковым пунктам наведвання ў Бразіліі з'яўляюцца вадаспады Ігуасу і самыя вялікія джунглі ў свеце ў Манаўсе".
"ПЕРУ - ШПАЦЫРАВАЦЬ ПА КРЭПАСЦІ ІНКАЎ
Краіна, годная двух тыдняў вашага адпачынку, - рэкамендую не камбінаваць Перу з іншымі краінамі, а прысвяціць ёй увесь час. Гэтая краіна не пляжнага, а экскурсійнага адпачынку - культура інкаў, Мачу-Пікчу, возера Ціцікака, лініі Наска, экзатычная прырода і многае іншае, пералічваць можна вельмі доўга. Віза для беларусаў у Перу не патрэбная - мы адпраўляем рускамоўныя туры 4 разы на месяц. Аб чым варта ведаць: некаторыя рэгіёны краіны знаходзіцца высока над узроўнем мора, там відавочна адчуваецца разрэджанае паветра, недахоп кіслароду. Таму людзям з хваробамі сэрца я рэкамендую ўстрымацца ад паездкі ў Перу".
Ілья таксама параўноўвае Амерыку і Азію, "экзотыку амерыканскую і азіяцкую": "Галоўнае адрозненне ў тым, што Азія больш закрытая, у той час як Лацінская Амерыка - гэта хрысціянскі рэгіён, а значыць - вялікая свабода, адкрытасць людзей, магчымасць апранаць больш адкрытае адзенне, праводзіць карнавалы і проста жыць у сваё задавальненне. Але нам даступней і бліжэй Азія - не толькі тэрытарыяльна, але і псіхалагічна. За гады працы я заўважыў, што 99% турыстаў толькі пасля Азіі адпраўляюцца ў Цэнтральную Амерыку, але ніяк не наадварот. Можна сказаць, што Азія - першая прыступка экзотыкі, а Лацінская Амерыка - наступная прыступка".
Літ.:
2305 Кортес С. А. Музыка / Венесуэла // Латинская Америка: энц. справочник. Т. 1 / гл. ред. В. В. Вольский. М., 1980. С. 405. ("Наш Картэс".)
1809 Прагрэсіўная грамадскасць Венесуэлы занепакоена цяжкім становішчам індзейцаў, карэнных жыхароў краіны / на здымку: працоўны дзень індзейскай жанчыны (Фотахроніка ТАСС) // Гомельская праўда. 1979. 1 жн.
1458 Коренные жители Венесуэлы - индейцы находятся в трагическом положении // Знамя юности. 1981. 6 нояб.
1361 Индейская молодежь Венесуэлы - не только жертва эксплуатации, но и объект религиозно-идеологической обработки диверсионных центров США // Знамя юности. 1982. 3 янв.
1034 В объективе - Венесуэла / На снимках: (Фото ТАСС) // Знамя юности. 1988. 11 марта.
1033 В объективе - Венесуэла // Советская Белоруссия. 1988. 10 сент.
3436 Кондрашов В. Наш человек в Венесуэле // За передовую науку. 1990. 16 февр.
2934 В Венесуэле делать нечего // Народная газета. 1995. 18 сент.
4467 В аэропорту немецкого города Дюссельдорфа при попытке контрабандного провоза 370 ядовитых лягушек задержан студент из Венесуэлы // Экологический вестник. 1995. № 11 (март). С. 4.
8177 Ростиков Е. Уго Чавес - борец и победитель // Рэспубліка. 2006. 2 снеж.
9766 Волшебный бубенчик: сказки и легенды Венесуэлы / сост. и обраб. А. М. Петрикова. Мн., 2013.
9608 Челядинский А. А. Венесуэла: от Боливара до Чавеса: в 2 ч. Ч. 1: XV век - 1998 год. Мн., 2013.
9609 Челядинский А. А. Венесуэла: от Боливара до Чавеса: в 2 ч. Ч. 2: (1999-2013 гг.). Мн., 2014.
11489 Чараўко В. Альтэрнатыўныя гісторыі // Маладосць. 2017. № 5. С. 127-131. ("- А ты ведала, што Уга Чавес - індзеец? / - А я ў палітыцы не разбіраюся".)
9617 Юшкевіч Н. Ці выстаіць Венесуэла Чавеса? // Звязда. 2014. 4 сак. (Добрыя намеры Венесуэлы; сустрэча з журналістамі пасла Амерыка Дыяса Нуньеса : "У 1999 годзе ў краіне прайшоў першы ў яе гісторыі нацыянальны рэферэндум, у выніку была прынята новая канстытуцыя, якая дзейнічае і цяпер. Паводле асноўнага закону, у краіне ўважліва сочаць за выкананнем правоў карэннага насельніцтва, а таксама сацыяльных правоў. Так, згодна з канстытуцыяй, індзейскія мовы з'яўляюцца афіцыйнымі мовамі дзяржавы, акрамя таго, за прадстаўнікамі індзейскіх плямёнаў замацавана права на тэрыторыі спрадвечнага пражывання".)
ПАПРАЎКА: Стаднічэнка. У папярэднім выпуску БСІ мы паведамілі, што ад паэта, перакладчыка, публіцыста і рэдактара Юрыя Стаднічэнкі (Стадниченко, Stadnychenko) з Харкава мы атрымалі 3 лісты. Насамрэч 4. І гэта нагода даць выявы і двух астатніх лістоў - ад лютага і сакавіка 1990 г. (у тым годзе Стаднічэнка, намеснік галоўнага рэдактара часопіса "Прапор", стаў галоўным рэдактарам - назва змянілася на "Березіль"). Лісты адносіліся да канадскай тэмы - канадыяна Беларусі і ўклад у яе пасла СССР у Канадзе Івана Куліка. Ён увайшоў у гісторыю беларускай індзеяністыкі як аўтар адной з першых вялікіх індзеянісцкіх публікацый у беларускім друку. Паколькі крыніца тэксту пры яе публікацыі не ўказвалася, як і тое, што гэта пераклад, спачатку мы палічылі яго творам "новага", "невядомага" беларускага аўтара: "першы і адзіны чыста індзеянісцкі, напісаны і апублікаваны ў Беларусі".
"Праглядаючы "Маладняк", дзе друкаваліся часткі з "Гаяваты", мы знайшлі амаль неверагодную (хаця для 20-х, напэўна, усё ж такі натуральную) рэч - артыкул І. Ю. Куліка "Луі-Давід Рыэль" (1927, № 7/8) пра паўстанні 1869 і 1885 гг. індзейцаў і метысаў у Канадзе […]. Праўда, ніякіх звестак пра Куліка пакуль не маем (нават пацверджання, што ён беларус)". Пішучы гэта ў лісце да С. П. Шушкевіча (13.10.1988), мы спыталі: "А Вы не памятаеце такога?" Ці павінны былі "старажылы" беларускай культуры "памятаць" Куліка, улічваючы тое, што ён быў украінскім савецкім аўтарам?
Нягледзячы на ўкраінскае прозвішча, Іван Юліянавіч Кулік быў украінскім пісьменнікам і дзяржаўным дзеячам яўрэйскага паходжання (пры нараджэнні Ізраіль Юдэлевіч), рэпрэсаваным. Адразу ўспамінаецца ўжо вядомы нам па серыі БСІ Леанід Камінскі, беларускі дыпламат, які некаторы час, перад тым як стаць у 1945 г. прадстаўніком БССР у ЮНРРА (United Nations Relief and Rehabilitation Administration - UNRRA) у Нью-Ёрку, быў (з 1.11.1944 г.) кансультантам сакратарыята, стажорам Пасольства СССР у Канадзе. Лёс іх быў падобны, хоць і значна мякчэйшы ў беларуса па канчатковым выніку. Розніца была і ў тым, што Камінскі "стаў" агентам амерыканскай разведкі, а Куліка ў Канадзе нібыта завербавала англійская.
З дапамогай украінскіх калег (маем і адказ ад намесніка дырэктара Інстытута літаратуры АН УССР М.Р. Жулінскага ад 13.06.1990 г. - будучаму дырэктару, дарэчы, належаў артыкул са звесткамі пра І. Куліка: "Комсомолець із зеленим серцем" (Літературна Україна. 1987. 5 листоп.)) і самастойнымі намаганнямі ў бібліятэках мы высветлілі, што І. Ю. Кулік у 1914-1917 гг. быў у эміграцыі ў ЗША (Пенсільванія), а з 1924 па 1926 г. - у Канадзе савецкім консулам. Яго "Запіскі консула", у якіх ёсць нарыс пра Л. Рыля, выйшлі ў 1958 г. у Кіеве і ў 1964 г. у Маскве. Цікава, што публікацыя твора з такім жа загалоўкам як "рамана" адбылася яшчэ ў 1932-1934 гг. ("Записки консула", кн. 1 - Харків; Київ, 1932; кн. 2 - Харків, 1934).
У выніку высвятлення і новых знаходак для "Беларуска-індзейскай бібліяграфіі" з неацэнных 1920-х гг. Кулік застаўся ў спісе некалькіх самых значных першых публікацый на беларускай мове, якія закранаюць пытанні індзеяністыкі - з папулярных, палітычных і ўласна навуковых публікацый у часопісах у першую чаргу звярнулі нашу ўвагу артыкулы аўтараў з Беларусі, Расіі і Украіны: П. Кірушына, Л. Кагана, расійскага аўтара, які працаваў на Смаленшчыне, - І. Ф. Баршчэўскага, і ўкраінскага аўтара І. Ю. Куліка.
Героі розных эпох і народаў перапляталіся пры гэтым - напрыклад, пацвердзілася ў які ўжо раз, што ў параўнаўчым плане Касцюшка можа быць героем не толькі Беларусі і шэрагу іншых краін, але і героем індзейцаў, а таксама тых метысаў, "гібрыдаў", пра якіх І. Кулік пісаў у нарысе з "Маладняка": "Добра сказаў амерыканскі суддзя і гуманіст Вільбур Брайант, што "Касцюшка наўрад ці значыў больш для палякаў напалеонаўскага часу, чым Луі Рыэль для гібрыдаў"" (там жа ў Куліка ёсць і такое: "Асабліва ж вымагалі прысутнасці Рыэля індыйцы", г.зн. індзейцы). Касцюшку варта было прыцягнуць у гэтую паралель ужо таму, што ён нібыта сказаў, будучы героем амерыканскай рэва-люцыі, правадыру Little Turtle ў 1798 г. наступнае наконт рэвальвераў: "Цяпер я дарую іх вам з загадам, каб вы застрэлілі імі першага чалавека, які калі-небудзь прыйдзе падпарадкаваць вас або пазбавіць вас вашай краіны" (магчыма Касцюшка, як прынята ў палякаў, ды і ў амерыканцаў, казаў не "вам", а "табе": "I now present them to you with the injunction that with them you shoot dead the first man who ever comes to subjugate you or to despoil you of your country").
Наўрад ці гэта добры лозунг для 21 стагоддзя, калі адназначна можна і трэба вырашаць праблемы без "рэвальвераў" - нават калі "загад" не злачынны, а "патрыятычны"; "пацярпець", як сапраўдныя беларусы, а не хапацца адразу за рэвальвер, як "сапраўдныя амерыканцы", як каўбоі-дэсперада. …Тым не менш, гэта выклікае павагу да Амерыкі - шмат разоў перадрукоўваць гэтую фразу Касцюшкі - задавалася б, "антыамерыканскую" па сваёй глыбіннай сутнасці. Луі Рыль - вялікі герой Канады, хаця фактычна выступаў, як і Пугачоў, супраць сваёй жа "радзімы", і мужнасць Канады ў прызнанні памылак і яе часам высакароднасць уражваюць. Адзін з такіх прыкладаў - якраз з Саскачэвана, ад выхадца з Цімінса (Антарыа), дзе ўсходнеславянскімі піянерамі былі беларусы, Джэймса Дашчука (James Daschuk) - аўтара "Ачыстка раўнін: хваробы, палітыка голаду і страта абарыгеннага жыцця" (Clearing the Plains: Disease, Politics of Starvation, and the Loss of Aboriginal Life, 2012).
Гл. пра Джэймса Бюлера, нашчадка правадыра Вялікага Мядзведзя, аднаго з вядучых удзельнікаў руху Рыля, у арт. "Жук-Грышкевіч (2)".
Літ.:
1502 Кулік I. Ю. Луі-Давід Рыэль: (Гістарычна-літаратурная спраўка) // Маладняк. 1927. № 7-8. С. 75-82.
6492 Рыль (Riel) Луi // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 13. Мн., 2001. С. 498-499.
4044 Bryant W. F. The blood of Abel. Hastings, NE, 1887.
12428 Hope A. R. The men of the backwoods: true stories and sketches of the Indians and the Indian fighters / ill. by C. O. Murray. L., 1880. ("…battle in defence of the oppressed, the weak, and the wronged of my own race, and I now present them to you with this injunction…".)
12086 Trimble M. Virgil Earp, Tombstone and a shot of whiskey // True West. 2022. September (Real Women of the Old West). (Gomel, Belarus, and Slavic / East European Indian fighters)
12191 Zhuk S. I. Soviet Americana: the cultural history of Russian and Ukrainian Americanists. Lоndon, New York, Oxford, New Delhi, Sydney, 2020. (Indianists in Gomel, Belarus.)
Алесь Сімакоў, даследчык беларуска - індзейскіх сувязей.
Ales Simakou, researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian) connections.
Танцуем па-даўнейшаму
27 траўня 2023 г., на базе філіяла "Дзітвянскі Дом культуры" ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" адбудзецца абласны фестываль-свята побытавых танцаў "Танцуем па-даўнейшаму".
Аматары беларускага традыцыйнага харэаграфічнага мастацтва з усёй Гарадзенскай вобласці з'едуцца ў ам. Дзітва, каб прадэманстраваць лепшыя ўзоры беларускіх народных парных танцаў у чатырох узроставых катэгорыях ад 6 да 50 і больш гадоў з захаваннем мясцовага адметнага выканальніцкага стылю.
Традыцыйнымі ў рамках фестывалю-свята будуць:
- выступленні лепшых фальклорных калектываў Гарадзеншчыны,
- майстар-класы па побытавых танцах,
- флэшмоб "Танцуем разам",
- выстаўка вырабаў майстроў народнай творчасці, на якой можна будзе набыць сабе падарункі і сувеніры на любы густ.
ТК "Культура Лідчыны".
Юр'е ў Беліцы
У Лідскім раёне адбыўся прыгожы абрад "Юр'еў дзень". Свята аграмястэчка Беліца сабрала шмат вяскоўцаў.
Касцёл Святога Юрыя ў аграмястэчку Беліца Лідскага раёна. Тут знаходзіцца ўнікальны абраз "Маці Божай Крывіцкай", а таксама абраз Святога Губерта з арбалетам
ТК "Культура Лідчыны".