Папярэдняя старонка: 2023

Наша слова.pdf № 21 (73) 


Дадана: 23-05-2023,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 21 (73), 24 траўня 2023 г.

Чароўны свет батлейкі

Народны лялечны тэатр "Батлейка" аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры і народны тэатр "Бераг" філіяла "Мінойтаўскі культурна-дасугавы цэнтр" паспяхова прынялі ўдзел у VIII адкрытым фестывалі батлеечных тэатраў "Чароўны свет батлейкі" ў Смаргоні. Гран-пры фестывалю ўдастоены народны аматарскі лялечны тэатр "Батлейка", кіраўнік Ірына Вашкевіч.

ТК "Культура Лідчыны".

28 траўня - Сёмуха

Спасланне Святога Духа - Сёмуху - можна лічыць пачаткам, нараджэннем Касцёла. Яно дапаўняе аб'яўленне Бога людзям. У Старым Запавеце з'яўляецца Бог Айцец, пазней Ён пасылае ў свет Сына, які ў ахвяру за чалавецтва памірае на крыжы, але на 3-ці дзень паўстае з памерлых. Пасля чаго Святы Дух сыходзіць на сабраных у вячэрніку апосталаў, Марыю і жанчын, адорваючы іх шматлікімі дарамі. Іншымі словамі, Спасланне Святога Духа з'яўляецца ўслаўленнем 3-яй Асобы Божай, пасланай у свет, каб тое, што Айцец стварыў, а Сын збавіў, было зацверджана і асвечана.

Спасланне Святога Духа таксама лічыцца адным з найважнейшых касцёльных свят. Нягледзячы на тое, што ўрачыстасць рухомая (дата ў календары залежыць ад Вялікадня), яна заўсёды прыпадае на росквіт вясны - у самую прыгожую пару года. Напэўна, па гэтай прычыне свята Спаслання Святога Духа мае таксама другую, не менш папулярную назву - Зялёныя святкі.

Ангеліна Марцішэўская.

Рэспубліканскае мерапрыемства да Дня музеяў

17-18 траўня напярэдадні Дня музеяў у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі праходзіў Рэспубліканскі форум музеяў устаноў адукацыі, у якім узялі ўдзел гісторыкі, краязнаўцы і экскурсаводы з усёй Беларусі.

Мерапрыемства было арганізавана Рэспубліканскім Цэнтрам экалогіі і краязнаўства і Нацыянальным гістарычным музеем.

Усяго ў краіне дзейнічаюць каля 1500 музеяў ва ўстановах адукацыі, якія маюць гістарычны, прыродазнаўчы, этнаграфічны, мастацкі і іншыя профілі, з іх 120 носяць званне "Народнага". На Форуме абмяркоўваліся формы папулярызацыі музейнага руху, краязнаўчай працы, развіцця музейнай педагогікі. Адбылося абмеркаванне магчымасцей павышэння эфектыўнасці дзейнасці музеяў і ўкаранення эфектыўных педагагічных тэхналогій, інтэрактыўных форм і метадаў навучання ў практыку дзейнасці музеяў устаноў адукацыі.

Удзельнікамі пленарнага пасяджэння былі прадстаўлены актуальныя аспекты музейнай адукацыйнай дзейнасці, вопыт рэалізацыі музейных праектаў у сістэме дадатковай адукацыі і практыцы музеяў Беларусі, разгледжаны пытанні захавання гістарычна-культурнай спадчыны праз дзейнасць музеяў. 17 траўя была разгорнута выстава дзейнасці рэгіянальных школьных гістарычна-краязнаўчых музеяў. Кіраўнікі музеяў і актыўныя вучні распавялі пра самыя цікавыя моманты сваёй працы.

Выкладчык гісторыі Раман Іванавіч Арол распавёў пра дзейнасць краязнаўчага і літаратурнага музея Ветрынскай школы Полацкага раёна, пра жыццё і дзейнасць Браніслава Эпімах-Шыпілы, пра творчасць Алеся Савіцкага.

Школьныя краязнаўчыя музеі, у якіх працуюць, у асноўным энтузіясты, захоўваюць шмат інфармацыі пра выбітных асобаў і герояў. З 1967 года ў Барысаўскай сярэдняй школе № 9 працуе Народны музей авіяпалка "Нармандыя - Нёман". Тут прасочваецца шлях славутага авіяпалка, захоўваецца гісторыя жыцця і асабістыя рэчы французскага лётчыка Жака Гастона, які загінуў пры вызваленні Беларусі.

Настаўнікі і вучні ўсталявалі кантакты з маці лётчыка - Александрын Гастон. Яна прыязджала на Беларусь у 1970 годзе і перадала парадную форму сына, якую ён насіў пасля заканчэння лётнай вучэльні. Жак Гастон загінуў у час наступлення ў накірунку Орша - Віцебск, у раёне Барысава ў час паветранага бою.

Пра дзейнасць гістарычна-краязнаўчага музея "Скарбы продкаў" з Бярозаўскай СШ № 3 распавяла Тарэса Уладзіміраўна Матусевіч.

Здабыткі Дараганаўскага школьнага комплекснага краязнаўчага музея адзначыла дырэктар музея Валянціна Ігнацьеўна Аўдзейчык.

Наталля Езерская прадставіла незвычайны Баранавіцкі марскі музей сярэдняй школы № 6, які захоўвае памяць пра адмірала Г.Н. Халасцякова.

Па заканчэнні Рэспубліканскага форума адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў і прызёраў конкурса прафесійнага майстэрства. Лепшыя педагогі былі ўзнагароджаны дыпломамі Міністэрства адукацыі ў намінацыі "Лепшая арганізацыя музейнай дзейнасці" і "Навацыі ў музейнай дзейнасці".

Эла Дзвінская, фота аўтара.

Запрацаваў сэрвіс "Моўная даведка" ад Інстытута мовазнаўства

Пачаў працу сэрвіс "Моўная даведка" ад Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Ён будзе адказваць на пытанні, якія тычацца правапісу, вымаўлення, значэння і ўжывання слоў і выразаў, гісторыі беларускай мовы, народных гаворак, этымалогіі, лінгвістычных выданняў.

"Моўная даведка" ставіць за мэту павышэнне ўзроўню пісьменнасці і агульнае развіццё культуры маўлення ўсіх, хто цікавіцца беларускай мовай, папулярызацыю выданняў Інстытута мовазнаўства, аб'ектыўнае адлюстраванне фактаў пра беларускую мову.

Дасылаць пытанні можна на электронную пошту daviedka@belcentre.by. На сайце будуць размяшчацца толькі пытанні, адказы на якія могуць быць карысныя шырокаму колу чытачоў. Адказы даюцца бясплатна.

Падобны па функцыі сайт Грамота.ру для праверкі правапісу рускай мовы дзейнічае аж з 2000 года.

На сайце ж самога Беларускага N-корпуса маецца корпус тэкстаў сучаснай беларускай мовы, дзе можна адшукаць ужыванне таго ці іншага слова або выразу ў кантэксце.

Яшчэ адзін сэрвіс на сайце, "Беларускі Біблійны корпус", змяшчае 16 перакладаў Бібліі на беларускую мову, а таксама тэксты на іншых мовах (лаціна, яўрэйская, украінская, польская і іншыя) для параўнанняў і ўяўляе сабой зручны і эфектыўны інструмент для перакладчыкаў і даследчыкаў Бібліі.

А раздзел "Праверка правапісу +анлайн" дапаможа пазбавіцца памылак у тэксце, напісаным афіцыйным правапісам. Тут жа можна спампаваць карысны дадатак для браўзера LanguageTool для праверкі беларускага правапісу.

Паводле СМІ.

Даследчыкі казкі сабраліся ў навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа

У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа 18-20 траўня праходзіў III Міжнародны форум даследчыкаў казкі і фальклору, арганізаваны Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.

У ім удзельнічаюць даследчыкі з Беларусі, краін Балтыі, Расіі, Закаўказзя. На адкрыцці канферэнцыі выступілі доктар гістарычных навук, доктар архітэктуры, прафесар А.І. Лакотка і акадэмік А.А.Каваленя.

Казка - гэта ўнікальны фальклорны жанр, дзе дабро абавязкова перамагае зло. Гэты жанр захоўвае маральныя і эстэтычныя каштоўнасці народа, практычны досвед, каштоўныя назіранні, моўныя скарбы і перадае з пакалення ў пакаленне.Таму казкі цікавыя для літаратурных даследчыкаў розных краін.

Для ўдзельнікаў форума была арганізавана выстава ілюстрацый па матывах народных казак, мастацкіх праектаў - пераможцаў рэспубліканскіх конкурсаў Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Тут жа можна было таксама азнаёміцца з тэматычнай выставай выданняў з кніжных фондаў бібліятэк.

На адкрыцці форума выступіла Музычная капэла Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.

У праграме канферэнцыі былі запланаваны прэзентацыі, прагляд відэаролікаў, майстар-классы, выступленні носьбітаў казак з розных рэгіёнаў Беларусі.

Э. Дзвінская, фота аўтара.

Прэзентацыя кнігі "Інстынкт пазнання. Нарысы з гісторыі адукацыі ў горадзе Ліда"

20 траўня 2023 г. пісьменнік Леанід Лаўрэш прэзентаваў сваю апошнюю кнігу "Інстынкт пазнання. Нарысы з гісторыі адукацыі ў горадзе Ліда" (Лаўрэш, Л.Л. Інстынкт пазнання. Нарысы з гісторыі адукацыі ў горадзе Ліда / Л.Л. Лаўрэш - Гродна : ЮрСаПрынт, 2023. - 192 с.).

Гэта кніга пра адукацыю, прысвечана Лідскай школе № 11, якую аўтар закончыў у 1980 г. з граматай за асаблівыя поспехі ў гісторыі і геаграфіі. І таму, канешне ж, прэзентацыя кнігі у сваёй роднай школе, была самай галоўнай і прыемнай для лідскага пісьменніка. У сваёй кнізе, грунтуючыся на шматлікіх, ужо раней друкаваных і архіўных матэрыялах, а таксама на мемуарах свайго часу, даследчык расказаў пра гісторыю адукацыі ў горадзе Лідзе ад піяраў сярэдзіны XVIII ст. да лідскіх гімназій 1939 г.

Пісьменнік - выпускнік школы, распавёў вучням пра гісторыю вывучэння Лідчыны, пра тры пакалення даследчыкаў, якія за 200 гадоў напісалі гісторыю свайго краю і растлумачыў, чаму даследаванне гісторыі Лідчыны толькі пачынаецца і наперадзе, у будучых даследчыкаў, застаецца яшчэ вялічэзная дзялянка для працы. Ён выказаў надзею, што сярод школьнікаў, якія прысутнічалі на прэзентацыі, знаходзяцца будучыя руплівыя даследчыкі нашай гісторыі.

Леанід Лаўрэш выказваў падзяку прысутным вучням і асобам, якія падрыхтавалі і правялі гэтую прэзентацыю: загадчыцы бібліятэкі Тамары Зенюкевіч, настаўніцы гісторыі Людміле Ашмяна, настаўніцы рускай мовы Наталлі Анашкевіч і заўважыў, што яму заўсёды асабліва прыемна прыходзіць у сваю родную школу.

Яраслаў Грынкевіч.

Выкладанне беларускай мовы ў беларускіх ліцэях на Падляшшы могуць зрабіць факультатыўным. Беларусы пратэстуюць

Падляшская кураторыя асветы патрабуе ад кіраўніцтва ліцэяў з дадатковым навучаннем беларускай мове ў Гайнаўцы і Бельску-Падляшскім унесці змены ў свае статуты, якія зробяць вывучэнне беларускай мовы неабавязковым. Пра гэта піша карэспандэнт польскай газеты Wyborcza-й.

На сёння ў Польшчы толькі ў ліцэях (чатырохгадовая школа, другая ступень школьнай адукацыі) з дадатковым вывучэннем беларускай мовы ў Гайнаўцы і Бельску-Падляшскім усе вучні наведваюць заняткі па беларускай мове і культуры, а таксама здаюць выпускны экзамен па гэтай мове. Абедзве ўстановы маюць больш за семдзесят гадоў гісторыі. У Бельску-Падляшскім беларускамоўная школа працуе з 1944-га, у Гайнаўцы - з 1949-га.

Беларусы жывуць на Падляшшы і Сакольшчыне адвеку. У першай палове ХХ стагоддзя па-беларуску тут размаўлялі і праваслаўныя, і каталікі. Цяпер беларускую ці падвойную самасвядомасць захавалі пераважна праваслаўныя. Паводле дадзеных перапісу 2011 года, беларусамі назвалі сябе амаль 44 тысячы грамадзян Польшчы. Дадзеных перапісу 2021 года пакуль няма.

Аўтар нагадвае, што зыходзячы з артыкула 35 Канстытуцыі Рэспублікі Польшча, забеспячэнне членам меншасцей свабоды захоўваць і развіваць сваю ўласную мову, захоўваць звычаі і традыцыі і развіваць сваю ўласную культуру і, такім чынам, у шырокім разуменні этнічную і нацыянальную самасвядомасць, з'яўляецца абавязкам дзяржаўнай улады.

Рэалізацыя права людзей, якія належаць да меншасцей, "вывучаць мову меншасці або на мове меншасці" і іх права "вывучаць гісторыю і культуру меншасцяў" адбываецца на ўмовах і ў парадку, вызначаным у Законе аб сістэме адукацыі ад 7 верасня 1991 года.

Закон аб сістэме адукацыі прадугледжвае, што школы і дзяржаўныя ўстановы "даюць магчымасць вучням захоўваць сваю нацыянальную, этнічную, моўную і рэлігійную самабытнасць, у прыватнасці, вывучаць мову і ўласную гісторыю і культуру". Пытанні адукацыі меншасцей рэгулююцца падрабязна міністэрскімі пастановамі.

Як адзначаецца ў артыкуле, з лістапада мінулага года прадстаўнікі Падляшскай кураторыі асветы (пол. - Kuratorium Oswiaty) і Міністэрства адукацыі і навукі аказваюць ціск на дырэктараў гэтых школ, каб яны ўнеслі змены ў статуты. Гэтыя змены дазволяць зрабіць беларускую мову факультатыўным прадметам па жаданні.

Як сцвярджае аўтар, у лісце, які нядаўна атрымаў дырэктар ліцэя ў Гайнаўцы Ігар Лукашук ад кіраўніка Падляшскай кураторыі асветы, гэта абгрунтоўваецца тым, што два абзацы аднаго з артыкулаў статута нібыта супярэчаць Закону аб сістэме адукацыі 1991 года, у які ў 2022 годзе былі ўнесеныя змены, і пастанове Міністэрства адукацыі і навукі ад жніўня 2017 г. аб умовах і парадку выканання дзіцячымі садкамі, школамі і грамадскімі ўстановамі задач, якія дазваляюць падтрымліваць пачуццё нацыянальнай, этнічнай і моўнай самасвядомасці навучэнцаў, што належаць да нацыянальных і этнічных меншасцяў і супольнасцяў, якія карыстаюцца рэгіянальнай мовай.

Аўтар прыводзіць гэтыя два абзацы: "У школе ўсе вучні навучаюцца беларускай мове як роднай мове беларускай меншасці" і "Вывучэнне роднай мовы беларускай меншасці ўваходзіць у лік абавязковых адукацыйных мерапрыемстваў".

У артыкуле распавядаецца пра дыскусію, якая разгарнулася на адным з апошніх пасяджэнняў павятовай рады.

На ёй супрацоўнік беластоцкага аддзела Інстытута нацыянальнай памяці Багуслаў Лабэндскі (Boguslaw Labedzki) выказаў меркаванне, што "гэта павінна быць польская школа, з дадатковым вывучэннем беларускай мовы для ўсіх дзяцей нашага горада". Абапіраючыся на пастанову Міністэрства адукацыі і навукі ад жніўня 2017 года, ён заяўляе, што выкладанне мовы меншасці (у гэтым выпадку беларускай) павінна быць арганізавана ў гэтых ліцэях на аснове пісьмовай заявы бацькоў навучэнцаў або саміх паўнагадовых навучэнцаў "на добраахвотнай аснове, а не ў абавязковым парадку для ўсіх навучэнцаў", як гэта вынікае са статута школы. А выпускны экзамен не можа быць абавязковым.

У абарону школы на тым пасяджэнні выказаўся старшыня павятовай рады і былы дырэктар беларускага ліцэя Яўген Сачко (Eugeniusz Saczko). Ён заўважыў, што юрыдычныя трактоўкі пастановы 2017 года могуць быць розныя. Так, прафесары Анджэй Саковіч (Andrzej Sakowicz) і Матэвуш Піліч (Mateusz Pilich) з юрыдычнага факультэта Універсітэта ў Беластоку лічаць, што дзяржаўныя школы абавязаныя даць магчымасць вучням захоўваць пачуццё нацыянальнай, этнічнай, моўнай і рэлігійнай ідэнтычнасці. Што ліцэй у Гайнаўцы ў адпаведнасці са сваім статутам і робіць.

Сачко таксама нагадаў пра пазіцыю, якую ўжо выказвала на гэты конт педагагічная рада ліцэя: гэтая школа была створана з улікам беларускай меншасці ў Польшчы і на працягу дзесяцігоддзяў "пастаянна праводзіць дзейнасць па падтрыманні беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці", у тым ліку, "шляхам далучэння ўсіх вучняў да беларускай мовы, а таксама гісторыі і культуры беларускай меншасці".

Педагагічная рада ліцэя ў сваёй пастанове таксама адзначыла, што наступствам дзеянняў па змене статута школы "можа быць не толькі знішчэнне спадчыны многіх пакаленняў", звязанай з самім ліцэем, але і "ўсяго асяроддзя беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы".

Аўтар артыкула звяртае ўвагу на тое, што педагагічная рада ў сваім звароце просіць не прадпрымаць дзеянняў, якія б знішчылі характар ліцэя, абапіраюцца на пазіцыю бацькоўскай рады ліцэя, якая была агучаная ў лістападзе 2022 года.

У публікацыі адзначаецца, што ў падтрымку ліцэяў у Гайнаўцы і Бельску-Падляшскім, акрамя іх дырэктараў, выступае старшыня Аб'яднання для дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову, "АББА" Тамаш Герасімюк (Tomasz Gierasimiuk), старшыня Беларускага гістарычнага таварыства прафесар Алег Латышонак (Oleg Latyszonek) і старшыня Беларускага саюза ў Польшчы Яўген Вапа (Eugeniusz Wappa).

У іх сумеснай заяве, якая нядаўна была апублікавана, і якую цытуе выданне, адзначаецца: "Прадстаўнікі ўстановы і беларускай нацыянальнай меншасці неаднаразова спрабавалі паразмаўляць з прадстаўнікамі ўпраўлення адукацыі і Міністэрства адукацыі і навукі, каб пераканаць іх, што рашэнні, якія яны прасоўваюць, падарвуць асновы існавання і місіі школы і прывядуць да фактычнай ліквідацыі ліцэя ў яго цяперашнім выглядзе. На жаль, чыноўнікі застаюцца глухімі да нашых зваротаў і аргументаў".

Аўтары звароту згадваюць сітуацыю, якая ўтварылася ў падобным ліцэі ў Бельску-Падляшскім. Там у верасні 2022 года большасць вучняў чацвёртых класаў, скарыстаўшыся рашэннем Міністэрства адукацыі і навукі, адмовіліся ад вывучэння беларускай мовы. Гэта было на хвалі сітуацыі з вайной і мігранцкім крызісам.

Нягледзячы на заканадаўчае патрабаванне здаваць выпускны экзамен па беларускай мове ў такой школе, гэтыя вучні з дазволу школьнай рады не здавалі выпускны экзамен па гэтай мове без якіх-небудзь наступстваў для сябе. "Гэта перапыніла некалькі дзесяцігоддзяў традыцыі школы і прывяло да разбурэння яе ўнікальнага характару", - адзначаецца ў заяве.

Аўтары заявы падкрэсліваюць: "Мы не можам дапусціць, каб рашэнні зверху, якія прымаюцца насуперак просьбам і заклікам асяроддзя, пахавалі некалькі дзясяткаў гадоў працы, затармазілі развіццё і на практыцы прывялі да знішчэння адукацыі беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы. Таму мы заклікаем спыніць дзеянні, накіраваныя на змяненне характару выкладання беларускай мовы ў ліцэях Гайнаўкі і Бельска-Падляшскага".

На сайце petycjeonline.com ідзе збор подпісаў пад петыцыяй да Падляшскай кураторыі асветы і Міністэрства адукацыі і навукі з просьбай захаваць цяперашні характар адукацыі беларускай меншасці ў Польшчы. Яе ўжо падпісалі 15 беларускіх арганізацый.

Паводле СМІ.

Краязнаўчы конкурс "Вандроўкі па маіх ваколіцах"

Беларускі Нацыянальны гістарычна-культурны музей-запаведнік "Нясвіж" распачынае з 1 ліпеня па 20 жніўня конкурс гістарычна-краязнаўчых работ "Вандроўкі па маіх ваколіцах", прымеркаваны да 200-годдзя з дня нараджэння Уладзіслава Сыракомлі (1823-1862) - беларуска-польскага паэта, краязнаўца, гісторыка літаратуры і перакладчыка, аднаго з першых папулярызатараў беларускай мінуўшчыны.

У конкурсе могуць удзельнічаць навучэнцы сярэдніх і сярэдне-спецыяльных навучальных устаноў і іх настаўнікі; студэнты; бібліятэкары і работнікі культуры; краязнаўцы-аматары і ўсе, хто цікавіцца гісторыяй родных мясцін. Для разгляду на конкурсе прымаюцца работы па наступных тэмах:

Гісторыя вёсак, мястэчак, іншых населеных пунктаў. Агляд гісторыі або нейкага перыяду (перыядаў) мінуўшчыны з акцэнтаваннем увагі на мясцовых падзеях, іх інтэрпрэтацыі ў памяці сучаснікаў, адлюстраванні ў памятных знаках, назвах вуліц і г.д.

Турыстычныя маршруты па беларускай "глыбінцы". Распрацоўка маршруту па адносна невялікай тэрыторыі (сельсавет, раённы цэнтр, ваколіцы вёскі) з апісаннем адметнасцяў, ацэнкай турыстычнай прывабнасці і магчымасцю яго ўвасаблення ў жыццё.

Памятныя мясціны. Архітэктурна-гістарычныя і прыродныя помнікі, старыя будынкі, адметныя тапонімы і ўсё, што з імі звязана, пачынаючы ад паданняў і ўспамінаў і завяршаючы згадкамі ў манаграфіях і энцыклапедыях.

Некрапалістыка. Старыя могілкі, капліцы, пахаванні святароў каля цэркваў і касцёлаў, аповед пра лёсы людзей і магіл.

Больш падрабязна пра конкурс "Вандроўкі па маіх ваколіцах" можна прачытаць на сайце музея-запаведніка "Нясвіж".

Паводле СМІ.

У Заслаўі адкрыўся першы ў Беларусі Музей маляванкі

Рахманы леў, пяшчотныя лебедзі, задуменная дзяўчына ў чоўне пасярод возера, дзівосныя кветкі і птушкі, падобныя да кветак... Беларуская маляванка - унікальны від народнага мастацтва. Цяпер яна мае свой асобны дом - у Заслаўі, дзе знаходзіцца знакаміты гістарычна-культурны музей-запаведнік.

Беларускія маляваныя дываны, якіх багата ў зборы музея, адгэтуль пасяліліся ў флігелі-эрмітажы былога палаца Пшадзецкіх, што на заслаўскай вуліцы Дачнай, непадалёк ад чыгуначнага вакзала. У першым на Беларусі музеі маляванкі больш за дзве з паловай сотні экспанатаў і непаўторная атмасфера, якая змушае па-новаму зірнуць на навакольны свет, успомніць свой род і прыадкрыць душу... Не дарэмна інсітнае, "наіўнае" мастацтва мае яшчэ адну назву - "шчырае". "...І прарасціў Гасподзь Бог з зямлі ўсякае дрэва, прыемнае на выгляд, і прыдатнае да ежы, і дрэва жыцця пасярод рая, і дрэва пазнання дабра і зла..." - біблейскія словы на сцяне аднаго з музейных залаў вельмі дарэчы, бо народныя мастакі бачаць свет, як дзеці, і малююць рай. З яркімі кветкамі, лагоднымі львамі, шчырым каханнем...

Дзве залы прысвечаны сусветна вядомым майстрам беларускіх маляванак. Гэта экспазіцыі "Дзіўны свет Алены Кіш" і "Сцяжынкі Язэпа Драздовіча". Трапляючы ў свет Драздовіча, наведвальнік апынаецца ў космасе, па якім у сваіх відзежах падарожнічаў мастак. Столь свеціцца сузор'ямі, сцены, упрыгожаныя дыванамі, нагадваюць інтэр'ер касмічнага карабля. Дарэчы, менавіта з маляванага дывана Язэпа Драздовіча пачаліся зборы музея-запаведніка. Ёсць тут не толькі дываны - вось на шафе, размаляванай Драздовічам, зіркаюць жоўтымі вачыма яркія папугаі.

Экспазіцыя "Дываны ў інтэр'еры сялянскай хаты" паказвае, як у беларускай традыцыйнай хаце размяшчаліся маляваныя дываны, і не толькі. У куце пад упрыгожаным вышываным ручніком і абразом - распісны куфар для пасагу, знойдзены ў суседняй вёсцы Закаблукі, на яго накінута тканая ў 1928-м годзе яркая посцілка, таксама, відавочна, частка пасагу.

У яшчэ адной зале "Народныя дыванкі" - маляванкі народных майстроў, імёны якіх часам не ўстаноўлены. Гэтае багацце сабрана ў шматлікіх экспедыцыях. Тут не толькі радуешся яркім фарбам і ўсміхаешся наіўным выявам, але і задумваешся над лёсам кожнага мастака і кожнай карціны, намаляванай на саматканым сувоі альбо ўвогуле на прасціне ці наўлечцы. Людзі часам аддавалі апошняе вандроўнаму майстру, каб прыўнесці ў хату хоць трошкі прыгажосці. А майстры самі галадалі, цярпелі насмешкі за несамавіты занятак, але нішто не магло забіць іх прагу ствараць. А калі дзеці вырасталі, яны выкідалі з хаты "рыззё", замяняючы куплёным, крамным. Колькі выдатных твораў згарэла, згніло, а мо дасюль гібее на гарышчах ды ў каморах... Напэўна, наведванне музея камусьці расплюшчыць вочы на каштоўнасць такіх народных вырабаў. Мабыць, нехта ўспомніць пра дыванок з бабулінай хаты ці распісаны дзедаў куфар, які пыліцца на лецішчы... Экспазіцыя ў гэтай зале часовая, яна будзе мяняцца, папаўняцца.

У музеі можна патрапіць нават унутр дзівосных карцін з дапамогай акуляраў віртуальнай рэальнасці, прайсці квэсты, самому стварыць маляванку...

Музей маляванкі адкрыўся ў Ноч музеяў, 18 траўня інтэрнэт-стужкі, старонкі сацыяльных сетак тут жа расквецілі фотаздымкі захопленых наведнікаў. І ўжо на наступны дзень у Заслаўе пацягнуліся шматлікія госці з іншых гарадоў: беларуская маляванка сёння - трэнд, які задзейнічаны і ў музеях, і ў кніжнай прадукцыі, і на футболках, байках, сукенках, сумках. Гэта наша непаўторная культурная спадчына, частка беларускай традыцыйнай культуры, да якой абавязкова трэба далучыцца. Цяпер у яе ёсць канкрэтны адрас у старажытным Заслаўі - першы ў Беларусі Музей народнага роспісу маляваных дываноў, які працуе штодня, акрамя панядзелка, з 9.00 да 17.00.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ. Фота аўтара. "Звязда".

Пасля рэканструкцыі часткова адкрыўся палацава-паркавы комплекс у Свяцку пад Гародняй

У панядзелак, 15 траўня, адбылася цырымонія частковага адкрыцця палацава-паркавага комплексу "Свяцк", паведаміў тэлеграм-канал Гарадзенскага аблвыканкама "Пул 4 рэгіён".

У рамках першай чаргі рэканструкцыі палацава-паркавага комплексу "Свяцк", як паведамляецца, завяршылі добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі, абнавілі фасад палаца, уладкавалі гатэльныя нумары, стварылі SPA-цэнтр, пральні.

У старадаўняй частцы корпуса, дзе калісьці быў свіран, размясцілі піўны рэстаран і бровар. На тэрыторыі комплексу таксама з'явіўся гасцявы домік з басейнам, саўнай, більярдным сталом.

У цырымоніі адкрыцця ўзялі ўдзел старшыня Гарадзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік, памочнік Прэзідэнта па Гарадзенскай вобласці Юрый Караеў і кіраўнік праўлення Нацыянальнага банка Павел Калаўр.

Палацава-паркавы ансамбль у Свяцку - помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва XVIII стагоддзя. Ён быў пабудаваны ў 1779 годзе па замове гарадзенскага маршалка Юзафа Валовіча італьянскім архітэктарам Джузэпе Сака.

У канцы XIX стагоддзя адзін з нашчадкаў Валовіча прайграў радавы маёнтак у більярд. Пасля таго палац быў закінуты і моцна пацярпеў падчас Першай сусветнай вайны, а пасля ад марадзёраў. Пачынаючы з 1930-х гадоў пры розных уладах тут месціліся медыцынскія ўстановы.

У 2005 годзе палац апусцеў, а цяпер тут вядуцца рэстаўрацыйныя работы.

Паводле СМІ.

Навіны Германіі

Доўгая ноч музеяў у Берліне (Lange Nacht der Museen)

Штогод у Германіі, шэрагу іншых еўрапейскіх краін і Беларусі праводзіцца грандыёзнае, маштабнае мерапрыемства, вядомае як Доўгая ноч музеяў. У Берліне яно адбудзецца ў апошнія выходныя жніўня. У перыяд з 18:00 да 02:00 гадзін з суботы на нядзелю для наведвальнікаў будуць адкрыты дзверы больш за 75 выстаўных залаў, музеяў, галерэй, архіваў, мемарыялаў, культурных цэнтраў і гістарычных помнікаў.

Усе ахвотнікі змогуць азнаёміцца з культурай Германіі, наведаць разнастайныя мерапрыемствы. У рамках фэсту ў Берліне арганізоўваюць займальныя майстар-класы, лекцыі, спектаклі, розныя выступы, дэманстрацыю фільмаў, канцэрты. Кошт адзінага квітка на наведванне музеяў у гэтую ноч складае 18 еўра, а са зніжкай яго можна набыць за 12 еўра.

Уваход у музей ГДР, © albygan

Першапачаткова ідэя правядзення такога мерапрыемства з'явілася ў Германіі арыентыровачна ў 1970 г. Жыхары і госці горада маглі абсалютна бясплатна наведаць культурныя ўстановы 18 траўня - у Міжнародны дзень музея. Такая акцыя мела грандыёзны поспех, таму пачала праводзіцца кожны год і звалася "Вясна музеяў". У 1997 г. была арганізавана першая Доўгая ноч музеяў. У той год наведвальнікі змаглі наведаць адразу 20 культурных аб'ектаў. Крыху пазней да Берліна далучыліся іншыя гарады і з кожным годам маштаб мерапрыемства павялічваўся.

З мэтай прыцягнення гасцей і падвышэння цікавасці да культурнай спадчыны такая акцыя ў 2005 г. была прызнана міжнароднай і атрымала сваю цяперашнюю назву - Lange Nacht der Museen. У гэтым жа годзе, апроч Германіі, мерапрыемства праводзілася ў Францыі і Беларусі. У 2006 г. у праекце ўжо ўдзельнічалі 38 краін, а для наведвальнікаў былі адкрыты дзверы больш за 2000 музеяў. З 2009 г. Доўгая ноч музеяў праводзіцца ў Расіі. У наш час яна штогод арганізоўваецца пад эгідай Рады Еўропы.

Габрэйскі музей, © TatjanaPR

Праграма мерапрыемства

Штогод праграма абнаўляецца, і ўсе ахвотнікі могуць азнаёміцца з ёй загадзя на афіцыйным сайце. У прыватнасці паказаны назвы музеяў па катэгорыях - "Гісторыя", "Тэхналогіі і прырода", "Фота/фільмы/музыка", "Сучаснае мастацтва", "Культуры свету", "Дызайн і архітэктура".

Асобна прадстаўлена падборка экспазіцый для дзяцей і падлеткаў, а таксама людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, парушэннямі слыху і зроку.

Тут жа можна знайсці інфармацыю пра месцы размяшчэння музеяў у розных раёнах Берліна, а таксама пра маршруты для зручнага перамяшчэння гасцей.

Праграма Ночы музеяў у Берліне 2023 г.

На афіцыйным сайце ёсць справаздача пра раней праведзеныя мерапрыемствы. У іх бяруць удзел шматлікія вядомыя музеі горада, сярод іх, напрыклад:

- Цэнтр Ганны Франк (Anne Frank Zentrum). У асветніцкім цэнтры ёсць экспазіцыя, накіраваная супраць расізму, розных формаў дыскрымінацыі і антысемітызму;

- Антываенны музей. Тут прадстаўлены выставы, якія апавядаюць пра найбуйнейшыя катастрофы XX ст. Госці змогуць убачыць іржавыя шлемы вайскоўцаў, міны, макеты бамбасховішчаў, гістарычныя фатаграфіі і мн. інш.;

- Абсерваторыя Архенгольда. У публічнай астранамічнай абсерваторыі ўсталяваны самы вялікі ў свеце рэфрактар, даўжыня якога складае 21 м.;

- Архіў Баўхаўса. Вядомы таксама, як музей дызайну. У гэтым месцы прадстаўлена ўнікальная экспазіцыя руху Баўхаўса. У 20 стагоддзі ў яго ўваходзілі знакамітыя дызайнеры, мастакі, скульптары і архітэктары;

- Музей метрапалітэна. Экспазіцыя гэтага музея спадабаецца наведвальнікам, якія цікавяцца гісторыяй развіцця берлінскага метро;

Пергамскі музей, © RuslanDos

- Музей кампутарных гульняў. Займальныя інтэрактыўныя экспанаты распавядуць наведвальнікам пра першыя кампутары, гульнявыя аўтаматы і прыстаўкі;

- Музей ГДР. Гэты прыватны музей на сённяшні дзень уваходзіць у топ-10 самых наведвальных культурных устаноў Берліна. Госці змогуць азнаёміцца з жыццём людзей у Германскай Дэмакратычнай Рэспубліцы і пагрузіцца ў іх побыт. Экспазіцыя налічвае звыш 200000 сапраўдных экспанатаў;

- Нямецкая кінематэка - Музей кіно і тэлебачання. У гэтым месцы госці змогуць убачыць не толькі пастаянную, але і часовыя выставы, якія распавядаюць пра гісторыю развіцця нямецкага кінематографа, знакамітых рэжысёраў і г. д.;

- Нямецкі гістарычны музей. З'яўляецца адным з самых наведвальных музеяў сталіцы Германіі. Тут можна вывучыць гісторыю, пачынальна з пачатку нашай эры і да цяперашняга часу;

- Габрэйскі музей. Ён займае два будынкі - Калегіенхаўс і Лібескінд. Тут можна азнаёміцца не толькі з германска-габрэйскай гісторыяй, але і ўбачыць вежу Халакосту, "Сад выгнання", шкляны двор і пустэчы.

У музеях Берліна заўсёды шмат наведвальнікаў, © TatjanaPR

У праграму Доўгай ночы музеяў у Берліне ўваходзяць і іншыя цікавыя месцы - замак Бісдорф, музей геяў, палац Шарлотэнбург, Пергамскі музей і мн. інш. Таксама ўсе ахвотнікі змогуць адправіцца ў Музей канопляў, дзе распавядаюць пра тое, як вырошчвалі гэтую расліну, пра спосабы яе культывацыі і выкарыстання ў розных сферах жыцця. Аматарам усяго незвычайнага будзе цікава наведаць музей шпіянажу. Тут захоўваюцца экспанаты, якія дэманструюць развіццё выведкі з часоў існавання Старажытнага Егіпта. Турыстам прапануюць паглядзець на старадаўнія шыфравальныя машыны, фота- і відэакамеры, выкарыстоўваныя спецслужбамі і мн. інш. Дзеці разам з бацькамі могуць адправіцца ў інтэрактыўны музей "Лабірынт", дзе кожны прадмет экспазіцыі можна пакратаць рукамі, а па некаторых яшчэ і паскакаць.

Як дабрацца?

Даехаць да любога музея, які адкрыты ў Доўгую ноч, можна самастойна на грамадскім транспарце ці таксі. Дадаткова арганізатары акцыі прапануюць адмысловыя маршруты, якія дазваляюць хутка і зручна дабрацца ад адной культурнай установы да іншага. Праезд на аўтобусе ўключаны ў кошт квітка.

Турысты, якія аддаюць перавагу дабірацца да музеяў ці галерэй самастойна, могуць скарыстацца паслугамі таксі. У нямецкай сталіцы шмат розных службаў, напрыклад, Taxi Berlin, Radio Cab Berlin, Funk-Taxi Berlin. Тут таксама працуе сэрвіс Uber, што дазваляе пасродкам мабільнага дадатка выклікаць таксі ў любы пункт Берліна.

Паводле СМІ.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

"Сустракаючыся" ў галоўным, або

У сапраўдных, вядомых з чужых слоў і ўяўных рэзервацыях: Райзін, Сафронаў; "Я не бываў у рэзервацыях", або

Хтосьці заўсёды ў "рэзервацыі"

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-20 (53-72) за 2023 г.)

"Я не бываў у рэзервацыях", - пісаў "аанавец" К. Кірэенка. Дарэмна. Кожны з нас бываў у рэзервацыях, большасць з нас і цяпер знаходзіцца ў той ці іншай умоўнай рэзервацыі. Гэта проста ўніверсалія жыцця, звязаная з сацыяльнай дыферэнцыяцыяй.

Ніжэй - самая першая версія матэрыялу пра беларускія "рэзервацыі", якая давалася на канферэнцыю Міжнароднай акадэміі вывучэння нацыянальных меншасцей 1999 г. у Мазыры (гл. кароткі экскурс у гісторыю апошніх канферэнцый АНМ у выпуску БСІ / "Нашага слова.pdf" за 10.05.2023 г.).

"РЭЗЕРВАЦЫІ" БЕЛАРУСКАГА-РУСКАГА "СУМЕЖЖА"

З пачаткам "перабудовы" ў беларускай прэсе прадстаўнікамі грамадскасці, галоўным чынам "левай" арыентацыі, пачалі выказвацца папярэджанні, што ва ўмовах "абуджэння нацыянальнай свядомасці ні ў якім выпадку нельга дапускаць крайнасцей - расцягвання грамадства на дэмаграфічныя, духоўныя ці якія-небудзь іншыя рэзервацыі".

Зварот да тэрміна "рэзервацыя" набыў стойкі характар, што дае падставу для сацыяльна-псіхалагічнага, паліталагічнага і культуралагічнага аналізу названага феномена.

Намі зарэгістравана больш за 60 ужыванняў слоў "рэзервацыя" або "рэзерват" у беларускім друку за перыяд з 1984 па 1998 г. не ў значэнні "тэрыторыі прымусовага пасялення карэннага насельніцтва" пазаеўрапейскіх краін. "Перанос" ажыццяўляецца са "стэрэатыпных" уяўленняў у масавай свядомасці, якія, аднак, не з'яўляюцца аднароднымі і вар'іруюць у шырокіх межах паміж "канцэнтрацыйным лагерам (смерці)" і "запаведнікам" для людзей. У класіфікацыі "рэзервацый" вылучаны 12 асноўных груп: этнічныя, культурныя, "архітэктурна"-бытавыя, моўныя, "інтэлігенцкія", экалагічныя, сацыяльныя, сацыяльна-эканамічныя, чарнобыльскія, сацыяльна-палітычныя, адміністрацыйныя, "традыцыяналісцкія".

Уяўляючы сабой у класічным выглядзе дастаткова спрэчны метад вырашэння (між)нацыянальных праблем, "рэзервацыя" дазваляе ў першую чаргу поўна "прагледзець" асноўны беларускі-рускі "канфлікт", г.зн. падзел соцыюму на беларуска-арыентаваную меншасць і яго "астатнюю" частку, якая мае "рускае" моўнае і "культурнае" "афармленне".

"Апазіцыя" ("рускі") горад - (беларуская) вёска-"рэзервацыя" першай адлюстравала прыніжаны "інтэлектуальны і духоўны ўзровень" вяскоўцаў, якія захоўваць нацыянальныя традыцыі [1].

Другая па храналогіі ўзнікнення і найбольш частая аналогія звязана з руска-беларускай "канфрантацыяй" у школе як гарадской, так і вясковай. Калі "апошні з магікан", настаўнік у вёсцы, "нібы ў рэзервацыі", "цешыць сябе прывіднымі марамі пра эстэтычнае выхаванне дзяцей" [2], то ў горадзе ён становіцца "агентам" для адзінай беларускамоўнай школы на мільённы горад або жменькі навучэнцаў у беларускамоўных класах. Паводле А. Белакоза, які адрасуе пытанне дэпутату Вярхоўнага Савета генералу В. Сарокіну, "дзе ж нам, беларусам, якія жывуць на роднай зямлі, шукаць беларускіх ВНУ, школ, устаноў? Вы, рускія, маеце ўсё гэта і ў Беларусі, і ў Расіі. А куды ж нас збіраецеся падзець? Няўжо загнаць у рэзервацыі?" [3].

Ствараюць "рэзервацыі" ў Беларусі і для беларусаў не толькі "рускія", але і (у т.л. рукамі апошніх) "амерыкана-ізраільскія" "падрыўныя колы". Сам жа "эпітэт", як, напрыклад, у камбінацыі са словам "Чарнобыль", часта разлічаны на "знешні" эфект і атрыманне дапамогі, маючы на ўвазе мінскую, расійскую і еўрапейскую аўдыторыі ("амбівалентна" абвінавачваныя ў стварэнні і падтрыманні рэзервацыйнага рэжыму).

"Ствараюць" рэзервацыі гараджане для вяскоўцаў, інтэлігенты для "простага люду" і наадварот, прадстаўнікі розных узроставых і сацыяльных груп. Для сваіх мэт выкарыстоўваюць гэты яскрава-публіцыстычны вобраз прадстаўнікі ўсіх асноўных нацыянальнасцей, а гомельскі член ЦК Ліберальна-дэмакратычнай партыі В. Падвойскі выказвае заклапочанасць лёсам "усяго" "рускага народа": "А лёс карэннага насельніцтва Амерыкі - бязлітаснае знішчэнне і рэзервацыі? Надзвычайна-павучальныя прыклады. Няўжо і з намі можа здарыцца падобнае?" [4].

З беларускіх публікацый бачна, што тэрмін "рэзервацыя" ўжываецца і ў Расіі, і ў дачыненні да рускіх у дыяспары, і адносна рускамоўных інтэлігентаў у Беларусі. У прыватнасці, сапраўдная культура ("мастацтва" ў адрозненне ад "эстраднай тусоўкі") застаецца, паводле распаўсюджаных ацэнак, толькі на канале-"рэзервацыі" "Культура". Дапускаецца, што ў "рэзервацыі" на Беларусі могуць апынуцца і рускамоўныя, але пісьменнікі, а таксама баевікі з "гарачых кропак". У той жа час развенчваюцца "няправільныя" ўяўленні, "страшылкі" для недасведчаных людзей", што "постсавецкія краіны Балтыі для рускага чалавека - як рэзервацыі для індзейцаў у Амерыцы".

Рускіх і беларусаў аб'яднала ў "чарнобыльскіх рэзервацыях" як у Беларусі, так і ў Расіі і на Украіне, катастрофа на ЧАЭС. Моцна забруджаныя раёны, у прыватнасці Хойніцкі, паступова становяцца "рэзервацыяй пенсіянераў і немаёмных людзей", якія не могуць пакінуць зону. Аднак у гэтую "рэзервацыю" прыязджаюць сем'і з іншых, менш "стабільных" краін СНД, у т.л. этнічныя рускія. У часы сталінскіх рэпрэсій беларусы апынуліся ў "рэзервацыях" для спецперасяленцаў на тэрыторыі Расіі. Рускія і беларусы з украінцамі, грузінамі і іншымі "перамешчанымі" з СССР "адпачывалі" ў "рэзервацыі" на Корсіцы ў 1961 г., створанай па палітычных прычынах Ш. дэ Голем перад візітам М. Хрушчова.

Ужыванне слова "рэзервацыя" ў любым кантэксце як правіла нараджае асацыяцыі з індзейцамі. Тым не менш, па сутнасці, гаворка часцей ідзе пра розныя варыянты "гета", прынамсі ў тых выпадках, калі працэс "прымусовага захавання" (гл. "Слоўнік іншамоўных слоў" А. М. Булыкі (1993): "Рэзервацыя /.../ рус. резервация, ад лац. reservare=захоўваць, зберагаць"; БелСЭ (1973): "Рэзервацыі, рэзерваты (ад лац. reservo зберагаю)") адбываецца не ў сельскай мясцовасці. Рэдактар бюлетэня Міжнароднай асацыяцыі крос-культурнай псіхалогіі, амерыканец - прадстаўнік больш сацыяльна і нацыянальна неаднароднага грамадства, - адразу ж вызначае вывучаемы намі на беларускім матэрыяле прадмет менавіта як "cross-cultural sіmіlarіtіes іn "reservatіons" and ghettoіzatіon іn North Amerіca and Belarus" [5]. Гета, таксама з'яўляючыся месцам прымусовага пасялення людзей, але ў гарадах, мае іншыя "лінгвістычныя" і гістарычныя карані і адрозніваецца на практыцы ад рэзервацыі па шэрагу характарыстык. Тэрмін "гета" беларускімі публіцыстамі ўжываецца параўнальна рэдка. Прычыны гэтага пакуль дакладна не высветлены.

Паколькі ў грамадскай думцы рэзервацыя звязвалася з прымусовай канцэнтрацыяй карэннага насельніцтва, калючым дротам, цяжкімі ўмовамі існавання, адсталасцю, то не дзіўна, што гэты тэрмін пераносіўся на найбольш непрыглядныя з'явы жыцця ў СССР, а потым СНД. Кампанентам "захавання" і "сацыяльных гарантый" не надавалася належнай увагі. Адным з першых падобную кампаратывістычную генералізацыю на ўвесь Савецкі Саюз ("гіперапека" дзяржавы) зрабіў А. Адамовіч пасля наведвання рэзервацыі ў Канадзе [6]. У апошні час усё больш распаўсюджваецца ўяўленне пра рэзервацыі і як пра спосаб захавання культуры, "абароны" беларускай мовы і культуры ва ўмовах русіфікацыі.

Разгледжаныя выпадкі і выяўленыя тэндэнцыі адносяцца да ўсёй тэрыторыі Беларусі, але ёсць тры фактары, якія ў большай ступені актуалізуюць гэты феномен у раёне беларуска-ўкраінска-расійскага сумежжа: 1. Пражыванне ў Берасцейскай і Гомельскай абласцях насельніцтва з пэўнымі этналінгвістычнымі асаблівасцямі, "дастатковымі для адасаблення ад беларусаў"; 2. Чарно-быльская катастрофа, якая стварыла дылему "захавання" для жыхароў населеных пунктаў у раёне межаў паміж Беларуссю, Украінай і Расіяй; 3. Знаходжанне ў Гомелі найбольш актыўных членаў і каардынацыйнага цэнтра Беларуска-індзейскага таварыства, якое, крытыкуючы працэс стварэння рэзервацыйнай сістэмы ў Паўночнай Амерыцы, прапагандуе яе станоўчыя бакі, і найбольш адпаведнай інфармацыі атрымліваюць жыхары Гомельшчыны.

1. Літаратура і мастацтва, 8.9.1989.

2. Чырвоная змена, 2.12.1995.

3. Наша слова, 20.4.1994.

4. Гомельская праўда, 20.7.1993.

5. Cross-Cultural Psychology Bulletіn, 1998, V. 32, N 2. P. 2.

6. Аргументы и факты, 1992, № 46-47".

Са шматлікіх з'яўленняў тэмы рэзервацый у пераносным сэнсе, заўважаных намі ў СМІ, інтэрнэце або зафіксаваных пасля пэўных вусных выступленняў: Валерый Сяліцкі і "індзейскія рэзервацыі" // Веснік БІТ. 2008. 15 верас. № 18: "25.04.02 у жлобінскай раённай газеце "Новы дзень" апублікавана інфармацыя пра мерапрыемства ў Гомелі, прысвечанае праблемам пераадолення наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Супрацоўнік газеты, які прысутнічаў на мерапрыемстве, паведаміў, што з яго справаздачы пры публікацыі ў "НД" было выключана выказванне старшыні Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў В. С. Сяліцкага. Вядомы палітычны і грамадска-культурны дзеяч "сказаў прыкладна наступнае: (сутнасць не зменена, магчыма, толькі перастаўлены словы) - "Нашы чарнобыльскія раёны нагадваюць свайго роду індзейскія рэзервацыі (тут укладваецца негатыўнае адценне. - Заўвага журналіста.), з адным адрозненнем - амерыканскія ўлады плацяць індзейцам, здаецца, па 600 долараў"". Гл. скан арыгінальнага тэксту паведамлення пра гэтую купюру. Мы ўпэўненыя, што гэтае параўнанне з вуснаў аднаго кіраўнікоў вобласці - не выпадковае і не памылковае, яно проста не зусім упісалася ў вытрыманы стыль раёнкі - падобны да стылю іншых раённых газет. Тым не менш, гэта не значыць, што ў іх калі-нікалі не было магчымасці змяшчаць амаль усё, што хацелася (з заўсёднай лёгкай самацэнзурай, зразумела). Сведчаннем таму і наш матэрыял у жлобінскай "райгазеце", якая тады называлася "Камуніст", - інтэрв'ю для маладзёжнай старонкі "Кантакт".

Літ.:

268 Сімакоў А. Збліжэнне народаў і культур / інтэрв'ю для "Кантакта" ўзяў М. Шуканаў // Камуніст (Жлобін). 1990. 12 мая. С. 3. ("Кантакт" - старонка для моладзі і пра моладзь; фота - з фатаграфічнай калекцыі БІТ - "ілюстрацыйнае" - на ім савецкія індзеяністы, але не беларускія).

РАЙЗІН Аляксандр (2) - звесткі пра яго як "апекуна індзейцаў" у Арызоне прыйшлі да савецкага чытача праз пасрэдніцтва А. Сафронава (гл.) і іншых членаў дэлегацыі савецкіх пісьменнікаў і журналістаў (1955).

"Ён падаў нам сваю візітную картку - Аляксандр Сцяпанавіч Райзін.

- Я зараз на пенсіі. Раней служыў у адной тэлефоннай кампаніі. Па выслузе гадоў карыстаюся правам бясплатных перагавораў па тэлефоне. Маю акцыі кампаніі. У вас няма масонскіх ложаў? Вельмі шкада. Я належу да масонскай ложы нумар трыццаць два. - Райзін дастаў папернік і пакруціў перад нашымі вачыма стосам нейкіх пасведчанняў. - У мяне шмат працы. Вы ведаеце, я прымаў удзел у барацьбе з паводкай. Мяне ўзнагародзілі меднай дошчачкай. - Райзін прадэманстраваў сваю ўзнагароду. - А яшчэ скажу вам - я ганаровы індзеец, з'яўляюся апекуном аднаго племені. Мне нават індзейцы прысвоілі імя Вэнджаная Хмара".

"А нездарма нявесела празвалі "абаронцу правоў індзейцаў" дасціпныя апачы з Форта Меты", пракаментаваў гэта А. Аджубей.

Сустрэча Райзіна, Сафронава і іншых "рускіх" з СССР і самой Арызоны (адпаведна сямі, з Сафронавым, і шасці, з Райзіным) і індзейцаў, у прыватнасці адной "апачкі", адбылася ў лістападзе - гэта быў месяц "выстаўкі штата", а на ёй рабілася "індзейскае пасяленне" з сапраўднымі індзейцамі.

"Індыянка падышла да нас бліжэй.

- Я з племені апачаў. Мяне завуць Нэлі Куэйл - што азначае Фазан. Рэзервацыя апачаў - Форт Мета […] Там дзвесце чалавек нашых, але яны жывуць далёка адзін ад аднаго.

Старая вымавіла гэта хутка і замоўкла. Большага паведамляць на выставе іншаземцам, ды яшчэ з Савецкага Саюза, яўна не належала. Нам вельмі хацелася зняцца разам з Нэлі Куэйл.

- А вы не пабаіцеся быць на малюнку са мною побач? - здзівілася яна. - Бо пра індзейцаў кажуць, што яны страшныя. Не?! Я ведаю: на вашых землях людзей не пужаюць людзьмі.

Мы зрабілі некалькі здымкаў. Побач апынуўся адзін з шасці "прымацаваных" да нас рускіх" , г.зн. Райзін, які загаварыў з Нэлі.

Магчыма, Нэлі Куэйл казала, што яна апачка ці з племені апачаў таму, што гэта больш прэстыжна - быць апачам, не явапаі, а магчыма так савецкія госці ўспрынялі двайное імя "махавэ-апачы".

Аджубей таксама крытыкаваў Райзіна, але, як здаецца, быў больш стрыманы. У адным месцы цытуе зусім някепскія словы "апекуна індзейцаў": "- Цудоўны народ! - аб'явіўся Райзін поруч аўтобуса. - Пяшчотны, ціхі. А як любіць нас?! Індзейцы абралі мяне абараняць іх інтарэсы ва ўрадзе штата".

Прозвішча ж Райзіна гучыць як больш падобна на яўрэйскае, але гэта можа быць своеасаблівай "англізацыяй" прозвішча Разін (як у Сценькі Разіна) - і тады мы маем двух "беларускіх казакоў" - Райзіна і Сафронава. На карысць славянскага паходжання Райзіна гаворыць і імя па бацьку Сцяпанавіч. Звяртае, аднак, увагу, што ў англамоўных звестках пра яго ў інтэрнэце паміж "first name" і "last name" (surname) фігуруе не яно, а Alexis. Параўноўваючы яго і Сяргея Сіняка-Хмару, думаецца, ці не "хацеў крышачку быць" і Аляксеевічам?

Мы не заўважылі энтузіязму індзейцаў, у якіх мы пыталіся пра тых ці іншых нашых славянскіх або яўрэйскіх землякоў - або асоб, што інтрыгавалі з прычыны магчымай зямляцкай сувязі з намі.

Літ.:

944 Бегун В. Я. Рассказы о "детях вдовы" / под ред. Г. П. Давидюка; изд. 2, доп. Мн., 1986.

4269 Native American Directory: Alaska, Canada, United States / ed. by F. Synder. San Carlos, AZ, 1996. ("Gomel […] Byelorussia U.S.S.R" [in 1996!] as part of Indian County, Indian America matters.)

САФРОНАЎ Анатоль (2) - нарадзіўся ў 1911 г. у сям'і Уладзіміра Аляксандравіча, пра якога вядома, што быў і начальнікам Харкаўскага паліцэйскага ўпраўлення, служыў у ваеннай пракуратуры і ў белых, і ў Савецкай Расіі (арыштаваны ў 1926 г. і расстраляны).

Нараджэнне Анатоля ў Менску, такім чынам, такое ж больш ці менш тэхнічнае, без вядомых яўных генеалагічных сувязей з Беларуссю, як і ў Г. Баравіка. Праўда, мы не ведаем, адкуль былі яго продкі па маці: ураджэнку Рэвеля Адэлію Фёдараўну адносяць да "напалову" палякаў, палова ж яе з боку бацькі, Грыма, паводле яе самой у перадачы сына, - "з роду тых самых братоў Грым". Верагодна, ад іх пісьменнік і пераняў некаторую цягу да казак - у тым ліку ў ідэалагічнай сферы.

"Шматгадовы галоўны рэдактар "Огонька" Анатоль Уладзіміравіч Сафронаў выкарыстаў службовае становішча ў асабістых мэтах. Публікаваў у часопісе вялізныя артыкулы пра свае паездкі за мяжу, ды яшчэ і ў некалькіх нумарах, з працягам. Выпісваў сабе за гэта вялізныя ганарары і ўмудраўся не заплаціць з іх партыйныя ўзносы. Былі і іншыя адхіленні". Такім чынам, Сафронаў друкаваў абураныя матэрыялы пра прыгнечаных індзейцаў за "вялізныя ганарары". Я. Дабрэнка характарызаваў Сафронава як "аднаго з самых страшных літаратурных катаў сталінскай эпохі".

Можна знайсці шмат рэзкіх ацэнак яго асобы як аднаго з найбольш адыёзных савецкіх пісьменнікаў, але і ён ацэньваў іншых рэзка з нібыта маральных пазіцый, г.зн. маем "маральную" "нічыю". У адносінах да індзейцаў Анатоль не быў "катам", але шмат крытычных слоў ён напісаў, у прыватнасці, пра свайго земляка аднекуль з усходняй Беларусі Аляксандра Райзіна, звязанага з індзейцамі (гл. БСІ ў № 19 "Нашага слова. pdf" за 11.05.2022).

Ён падрыхтаваў серыю падарожных нататак для свайго часопіса "Огонек" - нарысы, аб'яднаныя пад агульнымі назвамі "Амерыка як такая" і "Яшчэ раз Амерыка". Асноўная частка яго індзейскіх уражанняў прыпала на Арызону.

Савецкі пісьменнік дакладна вызначыў свае адносіны да несавецкага земляка: "Пабачылі мы і сучасных апекуноў накшталт пана Райзіна - Вэнджанай Хмары, чыё высакародства роўнае нулю, а прагнасць, хцівасць і агідны цынізм можна спакойна аднесці да разраду сучаснага канібалізму".

У не менш рэзкіх выразах апісаў сустрэчы з гэтым "шэфам аднаго з мясцовых індзейскіх плямён" Б. Палявой, які прыпісаў Райзіну "развязныя разглагольстваванні": "Вам, панове, трэба ведаць, што індзейцы - гэта, як правіла, тупыя дзікуны, якія зусім не паддаюцца цывілізацыі. Гэта п'яніцы і гультаі, якія думаюць толькі пра тое, як бы дастаць выпіўку і адвільваць ад работы. Урад, праўда, не шкадуе на іх грошай, але гэтыя няўдзячныя жывёліны..." (і тут яго быццам бы абурана перапыніў хтосьці з савецкіх журналістаў).

На выставе штата яны сфатаграфаваліся з Нэлі Куэйл (Nellie Quail) з явапаі ("махавэ-апачаў"; Fort McDowell Yavapai Nation, Maricopa County, на паўночны ўсход ад Фінікса, Phoenix) і часткова апачкай з "сан-карласкай" сямейнай гісторыяй - у сельскагаспадарчай выстаўцы штата Арызона ўдзельнічала нямала індзейцаў. На мерапрыемстве ў "Бюро по индейским делам" выступаў індзеец Холмер (махавэ), а таксама яшчэ адзін з індзейцаў, якога Сафронаў называе Жузэ, - ён на сустрэчы выказаўся па праблеме савецка-амерыканскіх адносін. Акрамя "савета па кіраванні рэзервацыямі" - верагодна, гэта тое ж, што і мясцовы офіс Бюро па справах індзейцаў, - яны пабывалі ў індзейскай школе; Сафронаў называе імя дзяўчынкі Карнэліі Вапты (піма), з якой яны размаўлялі ў школе на ўскраіне Фінікса. Але просьба савецкіх журналістаў наведаць рэзервацыі не была задаволеная. Яны змаглі ўбачыць іх толькі з самалёта. "Чужынцаў туды не пускаюць": "Як жывецца індзейцам у рэзервацыях, не ведаем, аднак адзін з нашых амерыканскіх спадарожнікаў, журналістаў, кінуў фразу, што "яны там усе прапіваюць"".

Не ў рэзервацыі быў зафіксаваны такі момант: "Перад намі невялічкі загончык, у якім чацвёра індзейцаў у нацыянальных касцюмах сядзяць каля вігвама. Пытаемся:

- Што яны тут робяць?

- Мы іх паказваем.

- Як гэта "паказваем"? Гэта ж людзі!

- Ну, яны ў нас служаць. Але вы не сумнявайцеся, яны сапраўдныя індзейцы".

Выпрабоўваў свой востры журналісцкі "язык" Сафронаў і на лацінаамерыканскіх сюжэтах, хаця палітыка таго часу прымушала яго пісаць пра "палаючы кантынент" з неабходнай сімпатыяй. Як бачна з яго бібліяграфіі, ён наведаў Мексіку (Алімпіяда 1968 г.), Чылі, Аргенціну.

Літ.:

2313 Софронов А. Америка как таковая // Софронов А. Собрание сочинений: в 6 т. Т. 5: Путевые очерки. 1949-1970. М., 1986. С. 186-292.

2315 Софронов А. Вода из реки Сиви-Сиви // Софронов А. На трех континентах. М., 1986. С. 355-374.

2319 Софронов А. Добро пожаловать в Чили! // Москва. 1963. № 5. С. 196-204.

2322 Софронов А. Еще раз Америка // Софронов А. Собрание сочинений: в 6 т. Т. 5: Путевые очерки. 1949-1970. М., 1986. С. 432-464.

5656 Софронов А. Закон нашей жизни // Софронов А. Дороги. М., 1972. С. 7-18.

5742 Софронов А. Кордильеры // Софронов А. Собрание сочинений: в 6 т. Т. 1: Стихотворения (1930-1981); Песни (1936-1980) / вступ. ст. В. Горбачева. М., 1983. С. 316.

5741 Софронов А. Медь // Софронов А. Собрание сочинений: в 6 т. Т. 1: Стихотворения (1930-1981); Песни (1936-1980) / вступ. ст. В. Горбачева. М., 1983. С. 310-311.

5649 Софронов А. Николай Погодин в Америке // Софронов А. Ладони братьев. М., 1969. С. 268-303.

12436 Софронов А. Огненная земля. М., 1974.

12437 Софронов А. В. Путешествие, которое хочется повторить: по Южной Америке. М., 1964.

2328 Софронов А. Пурпурная страна // Софронов А. На трех континентах. М., 1986. С. 393-412.

7175 Софронов А. Семь линий // Очерки советских писателей об Америке / [сост. М. А. Сапаров]. Л., 1983.

2335 Софронов А. Столица у реки Серебряной // Софронов А. На ближнем и дальнем Западе. Путевые очерки. М., 1968. С. 273-288.

2339 Софронов А. Счастье человека // Софронов А. На ближнем и дальнем Западе: путевые очерки. М., 1968. С. 327-342.

5734 Софронов А. Тайна саркофага: современная история в двух частях // Софронов А. Ураган: пьесы последних лет. М., 1975. С. 223-272.

5648 Софронов А. Цепи Алабамы // Софронов А. Ладони братьев. М., 1969. С. 181-183.

5657 Софронов А., Викторов В. Мексиканская симфония // Софронов А. Дороги. М., 1972. С. 162-199. ("Написано с В. Викторовым". С. 162.)

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou, researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Natiпve American, Amerindian, First Nations) connections.

Маёнтак Дамбавецкага запрасіў на баль!

Больш за 40 пар прынялі ўдзел у балі ў Бердаўцы. Сустракала гасцей сям'я Парфенчыкаў.

Вальс, паланэз, падэграс, сіртакі... Якіх толькі танцаў не танцавалі на балі!

ТК "Культура Лідчыны".

Віленская газета "Слова" пра вяртанне Францішка Аляхновіча, верасень 1933 г.

Спадарожнік, які вярнуўся

Станіслаў Мацкевіч

Беларускі драматург сп. Францішак Аляхновіч пэўны час быў чынны ў беларускіх арганізацыях, варожых да бальшавізму. У 1927 г. выехаў у Менск з польскім пашпартам і савецкай візай. Аднак працаваў у Беларускай рэспубліцы на волі толькі шэсць тыдняў, пасля чаго яму прапанавалі прыняць грамадзянства БССР. Аляхновіч склаў паданне і да вялікага здзіўлення, з бліскавічнай хуткасцю, ужо на трэці дзень атрымаў грамадзянства, хоць звычайна гэта працэдура патрабуе некалькі месяцаў. Аднак ужо праз чатыры дні Аляхновіч быў арыштаваны, дапытаны следчым-"уполномоченным" і выракам калегіі ГПУ у Маскве, атрымаў 10 гадоў Салаўкоў. Савецкія журналісты, якія абураюцца з нагоды камедыі суда ў Лейпцыгу [1], забываюць, што ў іх у 99% выпадкаў адбываюцца такія самыя судовыя камедыі. Вырак завочны, вырак без адзінага слухання. Аляхновіч не зрабіў нічога антысавецкага на савецкай тэрыторыі, яго катарга была карай за тое, што дазваляў сабе ў папярэднія гады і на нашай тэрыторыі.

Польскі ўрад выдаў Саветам былога пасла Тарашкевіча, такога блізкага сэрцам некаторым з нашых дзеячаў. У нас Тарашкевіч пратэставаў, патрабаваў, дэманстраваў характар. У Саветах, пэўна, паедзе ў такія ж самыя ці іншыя Салаўкі і там ужо не будзе паказваць характар. Там такога няма. Да пратэстаў здольны людзі раздражнёныя, да пратэстаў не здольны людзі ў тым краі, у якім нават мозг закаваны ў каваныя абцугі. Але ж дасціпна гэта было - выдаць Тарашкевіча, а ўзяць іншага беларуса, калісьці такога ж спадарожніка бальшавікоў Аляхновіча. Зараз Аляхновіч мае толькі нянавісць да бальшавікоў. Але якую страшнаю нянавісць. Горла ў яго трасецца, калі кажа пра камуністычныя ідэалы.

Учора (29 верасня 1933 г.) сп. Аляхновіч выступаў у кватэры сп. Нагурскага у Клубе Валацугаў. Казаў тое самае, паўтараў тыя самыя факты і высновы, якія распавёў раней нашаму рэдакцыйнаму калегу ў артыкуле "Ад міража культурнай працы ў Менску …", надрукаванага ў нашай газеце ў сераду (гл. мінулы нумар газеты - Л. Л.) Аднак дадаў некалькі яскравых момантаў, і я хацеў бы расказаць, якім убачыў яго падчас выступу.

Сп. Аляхновіч - паэт. Гэткім людзям хірамантка глядзіць на далонь і кажа: "Спадар мае два жыцці". Таму апавядаючы пра сваё сямігадовае жыццё на Салаўках, Аляхновіч расказаў, што людзі пасля працы марылі, марылі пра розныя рэчы, марылі, што вызваляцца з вязніцы, з Саветаў і якім колерам шпалераў тады будуць абклейваць сваю кватэру. Аляхновіч трошкі стылізаваў сваё апавяданне пра катаргу. Быў гэта яго першы пасля шмат гадоў выступ як літаратара. Часамі гэта, магчыма, псавала непасрэднае ўражанне, бо ён ўжываў літаратурныя выразы "спачынак", "каменны сон", "пэўным цудоўным ранкам", але немагчыма гэта было забараніць паэту, бо Дастаеўскі таксама стылізаваў сабе свае "Запіскі з мёртвага дома". Пра паўночнае неба Аляхновіч казаў, што яно як быццам "бруднай анучай працёртае". Але не гледзячы на гэтыя літаратурную вобразнасць, выступаў чалавек страшна знявераны, чалавек выняты са смярдзючай магілы, дзе ляжаў, ведаючы, што хутка здохне. І таму нешта закрычала ў Аляхновічы, калі ён казаў: "Хвіля, калі даведаўся, што мяне абмяняюць, што паеду ў Польшчу, была такой шчаслівай, што для таго, каб яе адчуць, варта было вытрымаць сем гадоў катаргі".

Гэта казаў змучаны чалавек, які з цяжкасцю збіраў свае думкі. Чалавек са зняверанай душой, сапсутымі нервамі і здароўем.

Некалькі жудасных падрабязнасцей. Расстрэл на мове вязняў мае назву "атрымаць 3 залатнікі". Нашым чытачам з Галіцыі, спяшаюся растлумачыць, што "залатнік" - гэта мера вагі, столькі важыць куля з нагана - рэвальвера, які да гэтага часу ўжываецца ў Расіі. Падчас допытаў ужываецца сістэма, якая мае назву "канвеер", гэта значыць забараняецца спаць. Каля вязня лупяць у які-небудзь звонкі метал, піхаюць яго, каб ён не спаў некалькі дзён. "Як быццам жалезная шапка нацягваецца на мозг", - кажа Аляхновіч. Усміхаўся ад гэтых выразаў. Некалі сам быў у бессані і потым таксама расказваў пра "жалезную шапку".

- У 1927 г., - апавядае Аляхновіч, - Салавецкія лагеры запоўніліся масамі народу, узятага цэлымі тысячамі без усякай прычыны. Гэты быў вынік замаху Каверды [2]. Потым гэтыя людзі на катаргах і ў вязніцах гэтак і называліся "войкаўцы". Было вядома, што ў вязніцу яны патрапілі без усялякай віны, толькі за тое, што ў Варшаве быў забіты чалавек, які ў свой час браў удзел у забойстве непаўнагадовых дзяцей.

Нехта са слухачоў задаў пытанне, ці мелі вязні-крымінальнікі нейкі шацунак да палітычных вязняў. Аляхновіч растлумачыў, што крымінальнікі лічацца "социально-близким элементом" і адміністрацыя заўсёды ставіцца да іх добра. Яны лічацца турэмнымі арыстакратамі, а да палітычных не адчуваюць нічога, акрамя пагарды. Зрэшты, крымінальнікі - адзіныя людзі ў Расіі, якія маюць замілаванне да свабоды.

У 1927 г., распавядаў Аляхновіч, у паўночных канцэнтрацыйных лагерах паўстала масавая форма пратэсту. Палягала яна ў тым, што людзі, прызначаныя на працу ў заснежаных лясах, ударам сякеры адсякалі сабе чатыры пальцы левай рукі і такім чынам рабілі сябе інвалідамі. Гэта мела масавы характар.

Слухачы Аляхновіча, не знаёмыя з жыццём у Саветах, пачалі задаваць яму наіўныя пытанні: "Чаму сякерай сабе па пальцам, чаму такі бунт нявольнікаў, чаму сякерай ды не ў лоб ахоўніка?". Аляхновіч, які за часы сваіх тулянняў па вязніцах і катаргах не сустрэў ніводнага сапраўднага контррэвалюцыянера, ніводнаго рэальнага сябра падпольнай арганізацыі супраць савецкай улады, растлумачыў, што сярод усіх 12 000 вязняў на Салаўках, не спаткаў ніводнаго чалавека, які б выказваў нейкія палітычныя перакананні, не спаткаў нікога, хто быў бы здольны да якога-небудзь учынку, учынку, які б указваў, што ў ім яшчэ жыве адчуванне асабістай годнасці. Аляхновіч распавёў нам таксама, што калі яму сказалі, што паедзе дадому і яго сэрца загрукала ад радасці, дык тады адзін з чыноўнікаў ГПУ, які пазнаёміў яго з гэтай навіной, сказаў: "Я вельмі шкадую, што вы не зможаце ўзяць удзел у сацыялістычным будаўніцтве". А на станцыі Коласава, за метр да свабоды, ГПУ-шнік, даведаўшыся, у якіх лагерах быў Аляхновіч, сказаў, што ён у свой час быў вельмі задаволены з жыцця ў лагеры.

Грамадства, якое жыве на тэрыторыі сацыялістычных рэспублік, гэта грамадства з псіхалогіяй хворага, пабітага сабакі ў язвах.

Cat. [Stanisław Cat-Mackiewicz] Poputczik, który powrócił // Słowo Nr. 267.

Яшчэ адна размова з Аляхновічам

Станіслаў Мацкевіч

Прызнаюся, што з пэўнай разгубленасцю звярнуўся да сп. Аляхновіча з просьбай аб яшчэ адной размове. Ён ужо удзяліў шмат часу майму брату, потым выступаў у клубе Валацугаў і павінен выступіць на Літаратурнай серадзе. Баюся, што гэтыя размовы яго мучаць, спусташаюць і больш перашкаджаюць, чым дапамагаюць яму ўпарадкаваць свае думкі. Але не кожны дзень чалавек вяртаецца пасля сямігадовага побыту на Салаўках, і журналісцкі інстынкт перамагае далікатнасць.

Аляхновіч вельмі змучаны але вельмі ласкавы. Атрымаў зараз малую пасаду ў магістраце - будзе працаваць кантралёрам электрычных лічыльнікаў. Яму гэта падабаецца больш, чым праца ў канцылярыі, якая, пасля такога нервовага вычэрпвання, мучыла б яго. Думае пачаць пісаць успаміны і выдаць іх адразу на некалькіх мовах, потым заняцца беларускім тэатрам, жадае вярнуцца да свайго жыцця, жыцця, якое раней было яго жыццём - зноў стаць драматургам. Паказвае мне арыштанцкую куртку, смярдзіць яна нечым накшталт дзёгцю. У дзяржаве Саветаў адна з'ява не дае нам забыць, што мы ў сацыялістычным раі - гэта пахі.

Размаўляем пра літаратуру:

- Прызнаюся вам, - кажа Аляхновіч, - што не чытаў, што пазбягаў кніжак савецкай літаратуры. Чытаў толькі так званых класікаў, старых аўтараў, якія засталіся ў савецкіх бібліятэках. Дарэчы, усе так рабілі. Нават камуністы лепш чытаюць класікаў, магчыма, гэтак жадаюць аддаліцца ад савецкай рэальнасці.

Але я прыйшоў да Аляхновіча з цалкам адмысловымі мэтамі, хачу з ім размаўляць не пра ўсё, а толькі пра адно. Мае пытанні маюць быць трошкі з Дастаеўскага. Успамінаў ён сваіх папярэдніх выступах пра страшную дэмаралізацыю вязняў. Адмыслова ён казаў пра дэмаралізацыю інтэлігентаў. Гэта дэмаралізацыі ішла павольней ці хутчэй, чым у "народа богоносца", ці ў звычайным жыцці хутка можна адрозніць інтэлігента ад неінтэлігента?

- Калі казаць пра знешні выгляд, - адказвае Аляхновіч, дык усе аднолькава няголеныя і апранутыя ў лахманы. Але інтэлігенты адразу пазнаюцца па выразу твару, па гуках мовы. Гэтай розніцы савецкі ўрад знішчыць не змог. Калі казаць пра дэмаралізацыю, дык калі вязні, станавіліся на чале сваіх таварышаў і пачыналі самі іх прыгнятаць, яны атрымлівалі вялікую адказнасць перад адміністрацыяй. Адказвалі за матэрыялы, за прадукцыю, мусілі прымаць удзел у "сацыялістычным спаборніцтве". Гэтая адказнасць нараджала ў іх цвёрдасць і часам звярыны нораў у дачыненні да вязняў.

Слухаючы тое, што кажа Аляхновіч, думаю: як жыццё на катарзе падобна на жыццё ў Саветах наогул. У нас жыццё на волі і ў вязніцы - гэта два розныя полюсы. Там гэтая розніца значна меншая.

Спыняю яго і кажу:

- Аднак гэта стасуецца з усімі, не толькі з былой інтэлігенцыяй. Мне цікава менавіта інтэлігенцыя, толькі інтэлігенцыя, прытым я адрозніваю інтэлігенцыю: ёсць уласна такая, якая памятае яшчэ часы старога рэжыму, і ёсць інтэлігенцыя, якая ў часы кастрычніцкага перавароту не мела нават 10 гадоў - гэта першае пакаленне інтэлігенцыі, якая вырасла за Саветамі.

- Так, - кажа Аляхновіч, - найменей паддаюцца дэмаралізацыі старыя людзі. Былі там пракуроры, былі генералы, прафесары - гэтыя ніякага свінства не рабілі, у "ІСА" не хадзілі, не імкнуліся даносамі палепшыць сваё жыццё. Яны ў значнай ступені былі не схільныя да дэмаралізацыі. Горш з маладымі, а яшчэ горай з моладдзю.

- Ці пазбяганне дэмаралізацыі, - кажу, - залежыць ад жыццёвай сілы, ад вітальнасці асобы?

- Так, можна так сказаць.

Аляхновіч робіць уражанне цалкам вычарпанага чалавека які з цяжкасцю збірае думкі.

- Хто больш здольны да жыцця, больш думае пра сваю скуру. Інтэлігентная савецкая моладзь. Як іх арыштуюць і пасадзяць на катаргу, яны не маюць такога пачуцця пратэсту, злосці, як у нас. Думаю, гэта натуральная рэч. Стары рэжым … Сапраўднага контррэвалюцыянера, сапраўднага шпіёна, я ніводнага не бачыў і не чуў пра іх у Расіі. Але відочна, што ўсім, якія ведалі гэты стары рэжым, ён падаецца чымсьці дасканалым, усе з сантыментам памятаюць пра яго і кожную хвіліну гатовыя да яго вярнуцца. А маладыя лічаць гэта дурной байкай. Яны не вераць, што ў любую хвіліну можна пайсці ў краму і купіць сабе белую булку ці каўнерык (маецца на ўвазе тагачасны зменны каўнерык для кашулі - Л. Л.). Ведаюць, што гэтак ёсць у буржуазных краях, але адначасова "ведаюць", што там гэтым карыстаюцца толькі некалькі тысяч буржуяў, а мільёны рабочых шукаюць недаедкі па сметніках.

- Такім чынам, вы не верыце ў вяртанне старога рэжыму?

- Не, не, - гэта немажліва. Нават тая моладзь, якая ненавідзіць уладу, таксама ненавідзіць і стары рэжым, які ведае толькі з прапаганды.

- А ці сустракалі вы рэлігійную моладзь, каго-небудзь маладога, які б верыў?

- Я не сустракаў, а вы? - пытаецца ў мяне Аляхновіч.

- Я таксама не, - адказваю, - але ўвесь час чую пра яе. Мне расказвалі пра ўдзел моладзі ў набажэнствах на Вялікдзень, у Кіеве казалі мне нават пра містычную літаратуру, якая пашыраецца ў маладзёвым коле.

- Я таксама. Чуў, што ёсць маладыя людзі, якія моляцца, але іх ніколі не спаткаў. Камсамолец, які сядзеў у адной камеры са мной, расказваў, што па загадзе сваёй улады, ён стаяў на пасту і пільнаваў калегаў, якія прабіраліся ў царкву. Таму, каб забегчы ў царкву, яго калегі карысталіся момантам, калі насупраць царквы спыняўся трамай, які засланяў уваход у храм.

- Вы казалі пра венграў, якія былі на Салаўках і ў свой час прыехалі ў Расію пасля вянгерскай рэвалюцыі. Ці шмат замежнікаў, якія ў свой час добраахвотна прыехалі да бальшавікоў, сядзіць зараз у вязніцах?

- О, так, вельмі шмат. Найперш гэта тыя камуністы, якія без дазволу сваіх партыйных улад, ад страху збеглі з сваіх родных краёў, яны адразу патрапляюць у вязніцу. Потым, туды трапляюць звычайныя, рэвалюцыйна настроеныя людзі, калі ж ім удаецца давесці сваю рэвалюцыйнасць, іх усё роўна ссылаюць у глыб Расіі. І нарэшце, камуністы, якія прыехалі афіцыйна ці праз абмен вязняў, ці яшчэ як, - пры першым падазрэнні ў жаданні вярнуцца дахаты, расстрэльваюцца ці трапляюць у вязніцу.

- А таксама і Ваяводскі, - пытаю, - мог мець такі лёс?

- Пра Ваяводскага [3] я даведаўся толькі тут. Думаю, што Ваяводскі нават мог скласці паданне на замежны пашпарт, каб вярнуцца, і быў расстраляны. ГПУ моцна баіцца замежнікаў, якія расчараваліся.

- Зараз пра нацыянальнае пытанне. Не спаткаліся вы там з пераследам беларускай мовы?

- Ведаю толькі пра турэмныя тэрміны для асоб, якія пры складанні беларускага слоўніка праявілі "контррэвалюцыйныя схільнасці". - Але, відочна, гэта смешна. Чыноўнікі ў Менску неахвотна размаўляюць па-беларуску, бо гэтыя мова накінутая на іх зверху (словы Аляшкевіча). Усе надпісы зроблены, найперш па-беларуску, потым па-польску, потым па-яўрэйску і па-руску. Аднак зараз атрымаў канверт - на паштовым штэмпелі слова Мінск напісана па-руску і па-польску, беларускага Менска няма.

- Але гэта, відавочна, мае быць нейкая тэхнічная памылка, нейкі выпадак, - кажа ён, і я працягваю пытанні:

- Відавочна, "вредительства" насамрэч не існуе?

- Так, натуральна. Усе гэтыя працэсы "вредителей" - гэта толькі пошукі ахвярных казлоў, каб растлумачыць, чаму ў крамах нічога няма.

На гэтым заканчваем размову. […]

Cat. [Stanisław Cat-Mackiewicz] Jeszcze rozmowa z Olechnowiczem // Słowo Nr. 269.

Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша.



[1] Так званы "Лейпцыгскі працэс" па справе падпалу Рэйхстагу, пачаў працаваць за некалькі дзён да напісання гэтага артыкула. - Л. Л.

[2] Барыс Каверда, у 1927 г. у Польшчы забіў савецкага паўпрада Петра Войкава, які прымаў удзел у расстрэле царскай сям'і. - Л. Л.

[3] Сільвестр Ваяводскі (1892-1938), рэдактар газеты "Вызвалення Народу", сябар галоўнай партыйнай управы "Вызвалення", у 1922 г. абраны ў Сойм па Лідскай акрузе. З 1930 г. у Менску, у 1931 г. арыштаваны, атрымаў 10 гадоў, у 1938 г. расстраляны. - Л. Л.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX