Папярэдняя старонка: 2023

Наша слова.pdf № 22 (74) 


Дадана: 30-05-2023,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 22 (74), 31 траўня 2023 г.

Рэспубліканскае свята "Апошні званок" у Лідзе

23 траўня для найлепшых выпускнікоў краіны быў асаблівы дзень. Бо ў Лідзе адбылося рэспубліканскае свята "Апошні званок". Урачыстае шэсце па горадзе, лінейка ў Лідскім замку, канцэрт і дыскатэка да позняга вечара, феерверк... Але пра ўсё па парадку.

Падчас мерапрыемства міністр адукацыі Андрэй Іванец адзначыў, што ў жыцці кожнага маладога чалавека апошні званок з'яўляецца адной з самых запамінальных падзей, таму Міністэрства адукацыі традыцыйна праводзіць рэспубліканскі "Апошні званок", калі з усёй краіны збіраюцца найлепшыя 11-класнікі.

Таксама ён дадаў, што на дадзены момант у цэлым па краіне больш за 53 тысячы выпускнікоў. На сёлетнім рэспубліканскім званку ў Лідзе сабраліся больш за 1,5 тысячы выпускнікоў з усёй Беларусі.

- Гэта тыя дзяўчаты і хлопцы, якія прымаюць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, у пазавучэбнай працы, выдатнікі адукацыі, разумныя, актыўныя і самае галоўнае - па-сапраўднаму адданыя сваёй краіне, - сказаў міністр.

Мерапрыемства пачалося з ускладання кветак да Кургана неўміручасці. Усё суправаджалася тэматычнымі нумарамі і музычным суправаджэннем аркестра.

Пасля гэтага пачалося нешта неверагоднае. Вялікая калона выпускнікоў рушыла па вуліцах Ліды на ўрачыстую лінейку. Іх віталі малодшыя школьнікі і ўдзельнікі розных творчых калектываў Ліды. Уявіце сабе: толькі набліжаецца калона да харэаграфічнага калектыва, і артысты пачынаюць выконваць свой яркі танец.

У хуткім часе працэсія наблізілася да Лідскага замка. Там была падрыхтавана свая тэатралізаваная гістарычная праграма. А потым пачалася лінейка з захаваннем усіх найлепшых традыцый: тут быў і апошні званок, і вальс, і запуск шарыкаў у неба (спадзяемся, усе выпускнікі паспелі загадаць запаветнае жаданне).

На гэтым афіцыйная частка свята скончылася. Прыйшоў час весялосці. Выпускнікоў чакала забаўляльная праграма ў Лядовым палацы: канцэрт і дыскатэка. Завяршылася ўсё святочным феерверкам.

Лізавета ГОЛАД. Фота аўтара і Лілеі Лапшыной.

4 чэрвеня - Сёмуха

Апошнім познавеснавым святам была Сёмуха, або Тройца. Народная назва "Сёмуха" паходзіла ад таго, што гэтае свята адбываецца праз сем тыдняў пасля Вялікадня. Сёмуху называлі яшчэ Зялёным святам па той прычыне, што ў сёмушныя дні асабліва вялікая ўвага надавалася зеляніне.

На Сёмуху хату і падворкі ўбіраюць "маем": сцены і вокны аздабляюць у хаце галінкамі бярозы і клёну. Дарожкі на падворку, якія папярэдне чыста вымяталі, пасыпалі жоўтым пяском, падлогу ў хаце - "яварам" (аерам). Дзяўчаты адпраўляліся ў лес "завіваць бярозкі", бралі з сабой розную ежу і пітво. Пяклі яечню, частаваліся і спявалі траецкія песні. Скончыўшы спяваць, дзяўчаты махалі фартухамі і раскачвалі бярозу так, каб потым звязаць яе вершаліну з другой, і папарна праходзілі пад імі. Гэты абрад называўся абрадам "кумлення".

Яшчэ Сёмуха лічылася святам у гонар ушанавання продкаў. Сёмушныя дзяды адлюстравалі сабой пашыраны ў старажытнасці культ продкаў. Верылі, што ў гэты дзень душы памерлых наведваюць родныя мясціны.

На Сёмуху ладзілі кірмашы, фэсты. Сёмушны (Траецкі) тыдзень - невялічкая перадышка ад клапатлівых веснавых сельскагаспадарчых работ. Да гэтага дня імкнуліся папалоць усе грады. Гаспадары аглядалі свае лугі, сачылі, прадугадвалі па прыкметах надвор'е і рыхтавалі косы да касьбы. А ў гэты час ужо гучалі касецкія песні.

А. СУХАВЕРСКАЯ, метадыст РМЦ па фальклоры.

С ё м у х а

Юзаф Роўба

У нашай вёсцы "Зялёныя святы" называюць "Сёмухай", бо гэтае свята прыпадае на сёмы тыдзень пасля Вялікадня.

На "Зялёныя святы" - у суботу, хлопцы і дзяўчаты стараюцца, каб як найпрыгажэй аздобіць хаты як знутры, гэтак і звонку.

З гэтай мэтай штогод высякаецца вялікая колькасць маладых бярозак, якія забруджваюць раллю. Гэтыя бярозкі ставяць у кутах хат, ля ганкаў або ўваходных дзвярэй, абстаўляюць сцежкі, якія вядуць ад ганка да вуліцы. Бярозавымі галінкамі ўпрыгожваюць столь і абразы ў хатах. Падлогі, драўляныя, глінабітныя ці з цэглы, высцілаюць аерам, коратка пасечаным сякерай.

Вёска на "Зялёныя святы" і сапраўды выглядае зялёнай і адначасова прыгожай. Вуліца чыста падмецена і пасыпана жоўтым пяском. Хаты патанаюць у зеляніне маладых бярозак, сярод якіх мільгаюць яркія ўборы дзяўчат і кучаравыя чупрыны хлопцаў.

Надвячоркам разносіцца прыемны водар квітнеючых бяроз, лёгкі ветрык прыносіць з блізкага лугу пах маладога збожжа альбо траў з кветкамі.

Свята "Зялёныя святы" на вёсцы вызваляе людзей ад працы на тэрмін да чатырох дзён, як на Каляды ці Вялікдзень. Таму старэйшыя гаспадары і гаспадыні першы дзень праводзяць на ўласных сядзібах, у размовах пра гаспадарчыя праблемы, а на другі дзень свята ідуць да сваякоў ці самі прымаюць гасцей. Пры поўным стале і чарцы, твары праясняюцца, абуджаецца ваяўнічы настрой (асабліва ў апошнія гады) і пачынаюцца размовы не толькі пра коней і кароў, але і пра "абісінцаў", "кітайцаў", "італьянцаў" 1, а ў гэтым годзе (1939 г. - Л. Л.) найчасцей гаварылася пра "германцаў". Моладзь у нашы дні таксама стараецца быць вытанчанай і таму арганізуе спектаклі і вечарыны.

Зараз перойдзем на пашу. Хлопцы, якія пасвілі кароў у першы дзень свят, плятуць вянкі з бярозавых галінак і надзяваюць каровам на рогі. Такі статак з зялёнымі вянкамі выглядае дастаткова арыгінальна. Пастух, які пасе кароў у некалькіх гаспадароў, стараецца лепш упрыгожыць каровы багацейшых з іх, бо ведае, што за гэта будзе больш шчодра ўзнагароджаны.

Нельга абмінуць і яшчэ адзін звычай, дакладней, забабон, які звязаны з "зялёнымі святамі". Цяжка знайсці ў сельскай мясцовасці смельчака, які адважыўся б да гэтага свята выкупацца ў рэчцы ці сажалцы. Усім вядома, што як раз да гэтага свята д'ябал сядзіць у вадзе і стараецца ўтапіць кожнага, хто адважыцца ўвайсці ў ваду. А пасля "Зялёных свят" д'ябал ідзе на траву, і тады купацца можна смела. Вышэйзгаданыя і падобныя ім забабоны з кожным годам губляюць сваю вагу ў вёсцы. На гэта ўплываюць школы і моладзевыя арганізацыі.

Але пройдзе яшчэ шмат гадоў, перш чым цалкам знікнуць "забабоны якія нам тушаць святло".

1 Людзі абмяркоўвалі канфлікты, якія адбываліся ў той час: італа-абісінскую і япона-кітайскую вайну.

Józef Raubo. “Siomucha” // Ziemia Lidzka. 1939. № 6. S. 171-172.

Пераклад Лаўрэша Леаніда.

Тракелі запрашаюць на Дзень таты!

Паважаныя вернікі і пілігрымы да маці Божай Тракельскай! У першую нядзелю чэрвеня ў нашай дыяцэзіі адзначаецца Дзень таты.

З гэтай нагоды 4 чэрвеня шчыра запрашаем усіх у Тракелі, каб перад абліччам Маці Божай, Каралевы нашых сем'яў, памаліцца аб Божым дабраслаўленні і святасці для свайго таты і ўсіх татуль дыяцэзіі, а для памерлых - аб вечным жыцці ў небе. Запрашаем падзякаваць Богу за дар бацькоўства, а таксама памаліцца за адзінства і еднасць нашых сем'яў.

У праграме: 12.00 - Адарацыя Найсвяцэйшага Сакрамэнту; 13.00 - Святая Імша ў інтэнцыі ўсіх татуль Гродзенскай дыяцэзіі, за жывых і памерлых; 14.30 - спатканне за кавай; 15.00 - Крыжовы шлях "Тата, які апякуецца аб сваёй сям'і". Пасля заканчэння - дабраслаў-ленне і ад'езд дадому.

Тэлефон для даведак - +375-29-2893638.

Юрый БЯГАНСКІ, ксёндз канонік, кусташ санктуарыя Каралевы нашых сем'яў у Тракелях.

Прадстаўнік Папы Рымскага асвяціў у Менску новы касцёл

20 траўня ў Новай Баравой - адным з самых маладых і сучасных мікрараёнаў Менска - Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч здзейсніў асвячэнне касцёла святога Францішка, перадае сайт беларускіх католікаў.

Будаўніцтва святыні ў парафіі, дзе нясуць служэнне Меншыя Браты Капуцыны, працягвалася восем гадоў і вялося намаганнямі мясцовых вернікаў і іх душпастыраў.

Асноўныя працы ўжо завершаны, застаецца ўнутранае мастацкае аздабленне касцёла, пабудаванага ў неараманскім стылі.

Пад бой званоў на вежы, яшчэ неатынкаванай і апранутай рыштаваннямі, удзельнікі ўрачыстасці сабраліся на добраўпарадкаваным пляцы перад святыняй на чале з Апостальскім нунцыем Антэ Ёзічам, Мітрапалітам Менска-Магілёўскім арцыбіскупам Юзафам Станеўскім, біскупам Віцебскім Алегам Буткевічам - Старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, арцыбіскупам эмерытам Тадэвушам Кандрусевічам, Апостальскім адміністратарам для вернікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрытам Сяргеем Гаекам, вікарыем Варшаўскай правінцыі Меншых Братоў Капуцынаў братам Томашам Вроньскім разам са шматлікімі святарамі. Нунцый Ёзіч прачытаў уступную малітву, пасля чаго духавенства і вернікі ў працэсіі ўвайшлі ў новазбудаваны касцёл. У гэты гістарычны момант парафіяльны хор пад кіраўніцтвам Веранікі Раманенкавай упершыню спяваў гімн парафіі святога Францішка на тэкст Таццяны Цвіркі, пакладзены на музыку Канстанцінам Яськовым.

"Там, дзе вецер пад купалам неба лунаў

На лясістай бяскарайняй раўніне,

З цэглы і валуноў дом сакральны паўстаў,

Для парафіі нашай святыня", - пад гэты ўзнёслы спеў касцёл запоўніўся вернікамі, сярод якіх былі і мясцовыя парафіяне, і шматлікія госці з іншых парафій Менска, а таксама з парафіяльных супольнасцяў з розных мясцін Беларусі, дзе нясуць служэнне браты капуцыны.

Паводле Сatcholic.dy.

Навіны Германіі

Зборная Канады - чэмпіён свету па хакеі, зборная Германіі - срэбны прызёр

Зборная Канады абыграла Германію і заваявала залатыя медалі чэмпіянату свету Зборная Канады двойчы саступала ў ліку цягам сустрэчы, але перамагла немцаў з лікам 5:2 і стала чэмпіёнам свету. Першыя два перыяды завяршыліся пры роўнасці на табло, але ў трэцім "кляновыя лісці" закінулі тры шайбы. У канадцаў дублем адзначыўся Самуэль Блэз з "Сэнт-Луіса" (11-я і 45-я), па адной шайбе закінулі Лоўсан Краўз з "Арызоны" (38-я ў большасці), Тайлер Тафалі з "Калгары" (52-я) і Скот Лоўтан з "Філадэльфіі" (59-я ў пустыя вароты). У нямецкай камандзе закінутымі шайбамі адзначыліся Джон-Джэйсан Петарка з "Бафала" (8-я) і Даніэль Фішбух з "Дзюсельдорфа" (34-я).

Канада застаецца самай тытулаванай зборнай па хакеі ў свеце. Апроч таго, што гэтае чэмпіёнства стала для іх ужо 28-м у гісторыі, канадцы таксама маюць у сваім актыве 16 срэбных і 9 бронзавых медалёў чэмпіянатаў свету.

Зборная Германіі стала срэбным прызёрам ЧМ-2023, паўтарыўшы тым самым свой лепшы вынік на сусветных першынствах. Раней немцы двойчы заваёўвалі срэбра (1930 і 1953) і гэтулькі ж раз бронзу (1932 і 1934). Лепшым вынікам немцаў у XXI стагоддзі было срэбра Алімпіяды ў Пхенчхане.

Пачаўшы з пройгрышаў ад Швецыі (0:1), Фінляндыі (3:4) і ЗША (2:3), каманда Германіі паслядоўна перамагла Данію (6:4), Аўстрыю (4:2), Венгрыю (7:2), Францыю (5:0), Швейцарыю (3:1), паквіталася з ЗША (4:3), ну і нарэшце саступіла Канадзе (2:5).

Выступленне каманды Германіі можна без усякіх агаворак лічыць вельмі паспяховым і нават сенсацыйным. Але гэта і сведчанне высокага ўзроўню нямецкага хакею на сённяшнім этапе.

Паводле СМІ.

Ён быў маленькі…

Інга Вінарская

(Аповесць)


Усім нашым чатырохлапым

гадаванцам прысвячаецца...

1

Ён глядзіць на мяне, я гляджу на яго. Вочы - у вочы. Ягоныя - маленькія чорныя звярыныя, мае - вялікія шэра-жоўтыя чалавечыя. Ён хутка адварочваецца ад мяне, потым зноў глядзіць, ужо з-за спіны, коса.

- Ну што, - кажу, - пайшлі лячыцца. Бачыш, я пальчаткі медыцынскія надзела?..

І я дастаю яго з клеткі - маленькага сірыйскага хамячка з пухнатай поўсцю персікавага колеру. Зараз буду заліваць яму ў зяпу праз шпрыц без іголкі чарговую порцыю настою рамонку, змяшанага з восьмай часткай таблеткі тэрмопсісу. Ён, канешне, будзе ўпірацца, намагацца выплюнуць лекі, нават паспрабуе кусацца - не, не балюча, зусім трошкі прыкусваючы мае пальцы. У яго - пнеўманія. Так, у хамяка.

Чаму я ў медыцынскіх пальчатках? Ды таму, што ён для мяне - мыш, хоць і хамяк, а мышэй я цярпець не магу. Таму мне складана нават дакрануцца да яго без пальчатак, а лекі трэба даваць. Вось і заліваю па два-тры разы на дзень - як там у мяне атрымоўваецца.

Пайшоў ужо трэці месяц лячэння, і хамяку значна лепей. Больш ён не заходзіцца гадзінамі ад віскатлівага кашлю і не ўздрыгвае часта-часта сваім маленькім пухнатым цельцам. Амаль вылечыла. Ну, можа яшчэ зрэдку трохі пакхэкаць, але гэта цяпер не ідзе ні ў якое параўнанне з тым, што было.

Дарэчы, з пункту гледжання большасці ветэрынараў, пнеўманія ў хамякоў лечыцца толькі ўколамі антыбіётыкаў. І куды ж там калоць? У футра? Але ж некалькі месяцаў таму я амаль пагадзілася вазіць гэтага малога кашлюна на тыя ўколы… Але, прачэсваючы інтэрнэт у пошуках нейкага іншага выйсця, у апошні момант знайшла артыкул вядомага прафесара-ветэрынара на тэму пнеўманіі ў хамякоў. Там было сказана, што антыбіётыкамі гэтую хваробу ў іх вылечыць можна, але ж "падсядуць" усе астатнія ўнутраныя органы - практычна перастануць працаваць. Можна паспрабаваць лячыць народнымі сродкамі. І прыводзіўся іх спіс. Вось трэці месяц я зёлкамі хомку і лячу. Здаецца, паспяхова.

Але, калі я так не выношу мышэй і, падспудна, - хамякоў, то як увогуле гэты пухнаты малы аказаўся ў нашай хаце? Ды, як-як… Перад Калядамі…

2

Неяк шостага студзеня мы з сынам Кірылам сабраліся ўвечары ў царкву. Але ж мароз бліжэй да нашага выхаду з дому надта ўзмацніўся, і ў апошні момант я вырашыла застацца ў хаце.

- Не, не пайду. Як для мяне, то гэта вельмі холадна, - сказала я сыну, - іншым разам.

- Добра, сам схаджу. На вечаровай службе пастаю, свечак набуду, - адказаў Кірыл.

І вось адчыняе ён дзверы нашай кватэры, выходзіць, я праводжу, а на пляцоўцы каля дзвярэй боўтаецца сусед з кватэры насупраць - скажам так, не зусім цвярозы.

- Можна, я да цябе зайду? Справа ёсць, - кажа ён мне.

- Ну добра, заходзь, калі ненадоўга, - і ён праціскваецца ў нашую вітальню.

Робіць наш сусед на будоўлі прарабам. Рост у яго пад два метры, да таго ж ён тоўсты - пуза наперад. Зараз куртка ў яго расшпіленая, кругленькія акуляры на носе пацеюць - ад перагару, напэўна… Валасы зліпліся… Фу…

- Дык што ў цябе? - пытаю. - Давай хутчэй, бо ў мяне спраў хатніх нязробленых многа (трэба ж было нешта яму такое сказаць, каб хутчэй адчапіўся).

Тут сусед падыходзіць да халадзільніка, які стаіць у вітальні, бо кухня ў нас маленькая, і дастае з-пад курткі літровы шкляны слоік. Ставіць яго перада мной - на той самы халадзільнік. А ў слоіку сядзіць маленькая пухнатая істота - хамячок.

- Ты ведаеш, суседка, у аднаго нашага рабочага хамячыха нарадзіла дзетак - яшчэ ў снежні. Хамячкі трохі падраслі, і сёння той рабочы прынёс іх на працу, каб калегам раздаць. Я выбраў самага прыгожага хомку, да таго ж - хлопца, хацеў сваёй маленькай дачцэ на Каляды сюрпрыз зрабіць.

- І што? - пытаю.

- Што-што? Жонка мая як завішчыць: "Пайшоў з хаты з гэтым мышанём! Каб я яго больш не бачыла! Выкінь яго на вуліцу! Можаш і сам з ім на марозе застацца. Не хачу яго больш ніколі бачыць!" А я, ты разумееш, ну не магу я яго на мароз... Ён жа - жывая істота. Вазьмі! Ты ж жывёлаў любіш!

- Ты здурнеў? У мяне котка дарослая ў хаце жыве!..

Для нагляднасці прыношу з залы сваю васьмікі-лаграмовую рознакаляровую кашэчую жывёліну. Пабачыўшы хамяка, котка імгненна ўскоквае на халадзільнік і пачынае круціцца вакол слоіка.

- Мася, псік! - крычу я і адцягваю яе. - Ну што, пабачыў? - кажу суседу. - Яна ж яго з'есць!

- Значыцца, такі яго хамячыны лёс.

- Так, забірай яго і ідзі дамаўляйся з жонкай ці яшчэ з некім!..

- Не, не пайду. Вазьмі ты. Ты ж добрая.

Алкаголь робіць сваё: суседа ўсё больш "развозіць". У нейкі момант гэты афэлак садзіцца на падлогу, потым кладзецца на яе, галава - акурат на дыванок каля дзвярэй уваходу ў нашую кватэру.

- Ты што робіш? - крычу.

А ён:

- Буду тут ляжаць, пакуль не пагодзішся ўзяць хамячка.

"Вось жа, п'яная жывёліна! І нашто я яго ў хату пусціла?" - праносяцца думкі ў маёй галаве.

Сітуацыя тупіковая: п'яны сусед працягвае ляжаць на падлозе ў маёй вітальні і сыходзіць не збіраецца… Праз нейкі час я здаюся:

- Так, добра. Хай застанецца ненадоўга. Я пастараюся яго куды-небудзь прыладзіць - можа, нейкаму дзіцёнку сваякоў ці знаёмых… А цяпер - вымятайся з маёй хаты! - крычу я падпіўшаму суседу, і ён пакорліва выпаўзае з маіх дзвярэй…

"Ну, і што мне цяпер рабіць? Хутка ж сын з царквы прыйдзе… І што я яму скажу? Ды ўсё, як ёсць…", - падсумоўваю я пра сябе.

Падышоўшы да вакна на кухні, не запальваючы святло і не зашморгваючы шторы, застываю ў задуменні і гляджу праз шкло на прыгожы сіні марозны вечар, на галіны дрэваў, замеценыя снегам, на рыжыя ліхтары… "Кірыл, ён зусім ужо дарослы… - пачынаю чамусьці разважаць пра сябе. - Прыгожы малады хлопец. Між іншым, амаль на дзве галавы вышэй за маці - гэта значыць, за мяне… Вельмі падобны на свайго нябожчыка-бацьку - тварам, фігурай, і валасы светлыя і доўгія, якія ён гэтак жа адмаўляецца стрыгчы. Толькі вочы мае… А характарам, я нават не ведаю… Гэта складана сказаць: нейкі мікс атрымаўся, напэўна. Не, ён добры хлопец. Шкада толькі, што дзяўчын мяняе, бы пальчаткі. Ну, напэўна, не сустрэў яшчэ тую самую, адзіную. Нічога, сустрэне, і тады спыніцца, і ўсё будзе добра. А што тычыцца ягонага бацькі… Ну, такое часцяком здараецца, калі прыгажуні-выдатніцы выходзяць замуж за хуліганаў ды бандытаў: супрацьлегласці ж прыцягваюцца… Вось толькі ў маім выпадку хуліган-рокер аказаўся яшчэ і наркаманам. Ад перадозу і памёр у трыццаць год. Нічога, выжыла неяк тады. А яшчэ ў мяне застаўся Кірыл. Так што, жаліцца не буду…"

У рэшце рэшт адарваўшыся ад сваіх думак, я запальваю святло на кухні, занавешваю шторы і прасоўваюся бліжэй да газавай пліты - да каструль ды патэлень. Нібыта, нагатавала дастаткова страваў перад Калядамі… Але ж можна і яшчэ трошкі дадаць!..

3

Праз нейкі час з вітальні пачуўся гук адчыненых дзвярэй. Я хуценька выйшла з кухні, каб сустрэць сына.

- Кірыл, ты толькі не хвалюйся… Памятаеш, тут сусед да мяне папрасіўся зайсці, калі ты выходзіў з хаты?

- Ну?

- Дык вось, ён тут пакінуў… - і я дастала схаваны ад коткі літровы слоік з хамяком.

- Гэта што яшчэ такое? Вось сволач! Ды я зараз "наваляю" пайду гэтаму суседу! Мала гэтай нашай коткі-заразы, ад якой боты даводзіцца хаваць, каб не пашкодзіла!..

- Сыночак, супакойся! Ты ж ведаеш, як я не люблю мышэй, а гэта ж - таксама мыш - ва ўсялякім выпадку, для мяне. Ён тут ненадоўга: заўтра я ўсіх абзваню: сваякоў, сяброў, калег, суседзяў, - каму-небудзь прыладжу. У многіх дзеці ёсць - нехта ж пагодзіцца забраць гэтага малога. Ну, не выкідаць жа яго на мароз! Шкада: усё ж такі ён - жывая істота!

- Добра, мама. Спадзяюся, што гэта толькі на адзін дзень - не болей.

- Канешне…

Потым я доўга капалася ў інтэрнэце, каб даведацца, чым увогуле кормяць хамякоў. Спецыяльнага корму для грызуноў у нас, вядома ж, не было, таму я падкінула малому ў слоік крыху сухой аўсянкі ды некалькі кавалачкаў яблычка.

Назаўтра было Нараджэнне Хрыстова. Віншуючы блізкіх, сяброў, сваякоў, я ўсім намагалася "ўцюхаць" хамячка, але ніхто не праявіў ініцыятывы, каб яго ўзяць.

Бліжэй да вечара мы з сынам пайшлі ў госці. Я і там рабіла рэкламу маленькаму звярку: паказвала фоткі на смартфоне, распісвала - безвынікова.

- Што ты, - казалі мне, - яны ж так мала жывуць: два-тры гады. Дзеці толькі прывыкнуць, а потым ляп - і першая дзіцячая трагедыя.

- Сірыйскі, кажаш? - спытаў нехта. - Дык ты яго ў заалагічную краму здай - ён жа ж пародзісты. Яшчэ і грошы атрымаеш.

- Ды не трэба мне грошай. Прыладзіць хаця б куды-небудзь.

А на наступны дзень хамячок пачаў кашляць. Напэўна, наш сусед, пакуль п'яны нёс яго ў слоіку з працы, - хоць і пад курткай, але ўсё-такі прастудзіў гэтую малую істоту: было ж вельмі холадна.

Яшчэ праз два дні я, нягледзячы на пратэсты Кірыла, купіла малому кашлюну клетку, апілкі на посцілку, хамячыны корм… І сказала тады сыну: "Ніхто яго не возьме. Ён хворы. А забіць яго ці выкінуць на мароз я не магу. Так што, буду лячыць, а там - як пашанцуе…"

4

Яшчэ з самага пачатку хамячыную клетку давялося павесіць як мага вышэй - каб котка не дастала. Забілі цвік на бакавым тарцы шафы, што стаіць у зале, - туды і павесілі хамячыны дом. Так і жыў хомка - амаль пад столлю. Калі ж мне трэба было заліць яму ў зяпу лекі, то я станавілася на крэсла і акуратна вымала яго з клеткі.

Недзе праз тры месяцы хамячынае лячэнне скончылася - прычым, паспяхова. Хомка, ачуняўшы, пачаў расці, набраў вагу, нават поўсць у яго стала больш пухнатая і доўгая.

Ён быў вялікім акуратыстам - часта мыў сваю скурку, старанна яе вылізваючы. А яшчэ наш хомыч, як, напэўна, і ўсе хамякі, любіў набіваць за свае шчокі ежу і сядзеў потым такі смешны - з раздутай мордачкай.

Паступова мой сын Кірыл пачаў прывыкаць да хамяка, нават прывязаўся - усё ж такі хлопец, асоба мужчынскага полу, хоць і хомка. А то - што мы з коткай? Жаночае царства…

Дык вось, паміж маім сынам і хамяком утварылася нейкая мужчынская салідарнасць, у іх было нават, можна сказаць, сяброўства. Прыходзіць, значыцца, звычайна Кірыл з працы, клетку з цвіка здымае, хомка тут жа прачынаецца (днём ён звычайна спіць) і пачынае радасна па клетцы бегаць, скакаць, нават ўсміхаючыся пры гэтым. Так, бывае і такое - хамячыныя ўсмешкі. Сын пачынае яго рознымі смачнасцямі частаваць - часцяком бывае, што і са сваёй талеркі. А хамячок і рады.

Яшчэ гэты звярок вельмі любіў па начах забрацца на самы верх клеткі, упіцца ў пруты зубамі і пачаць яе трэсці. І паколькі клетка была жалезная, то грукат стаяў на ўсю хату. Котка Мася звычайна бегла да клеткі і пачынала скакаць пад ёй, намагаючыся дастаць хомку, але - куды там: высока ж.

- Чарговы раз "дыскатэку" начную наладзіў, - стагнала я, выпаўзаючы, сонная, са спальні. - Ізноў забылі занесці клетку з хамяком на антрэсоль на кухні - паспаць жа ж не дасць, - казала я сыну.

Кірыл ад гэтага грукату прачынаўся першым, бо ў зале, дзе мой сын спаў на канапе, і вісела хомкіна клетка. Але ж і мне жыцця не было, бо ў нас былі прахадныя пакоі, і мне таксама былі добра чутны гукі той хамячынай "дыскатэкі". У рэшце рэшт Кірыл здымаў клетку са звярком і нёс яе на кухню, а з раніцы даставаў хамячыны дом з антрэсолі і зноў вешаў на цвік у зале.

Да вечара хомка спаў, а потым усё паўтаралася: і бегатня па клетцы, і ўсмешкі, і сумесная з сынам маім вячэра, і начная "дыскатэка" - апошняя ў тым выпадку, калі Кірыл забываў занесці клетку на антрэсоль. Весела, карацей кажучы…

5

Увогуле, хомка падабаўся ўсім, хто да нас прыходзіў. Хаця, ён сапраўды быў прыгожым: шорстка светла-персікавага колеру, доўгая і пухнатая, чорныя разумныя вочкі, цёмна-шэрыя вушкі, ружовыя лапкі, на якіх па пяць пальчыкаў, як і ў чалавека, і канешне, ягоныя гэтыя ўсмешкі…

Неяк аднойчы на дзень народзінаў Кірыла ў нас дома сабралася кампанія гасцей: сваякі, калегі сына па працы, сябры, суседзі - у асноўным, мужчыны, канешне: і зусім маладыя, і больш старэйшага ўзросту.

У разгар застолля нехта з гасцей прапанаваў:

- Трэба ж і хамяка пачаставаць!

Сказана - зроблена. Кірыл зняў клетку з цвіка на шафе і паставіў у цэнтр святочнага стала. Усе пачалі разглядаць пухнатага звярка. А ён і не разгубіўся: усім паўсміхаўся, некалькі разоў прабег па клетцы - паказаўся, шоўмэн такі малы. Потым ён з задавальненнем прымаў пачастункі, што прасоўвалі яму госці праз пруты клеткі, а асабліва яму спадабалася морква па-карэйску.

І трэба ж было некаму з гэтых вычварэнцаў прапанаваць выпусціць хомку з клеткі, каб па стале пабегаў!.. Выпусцілі, ідыёты. Спачатку ўсё было добра, нават весела: хомыч бегаў паміж талеркамі, чаркамі ды кубкамі, да ўсяго прынюхваўся, выклікаючы смех і жарты гасцей. Ён нават дазваляў узяць сябе ў рукі і пагладзіць, а потым зноў бег па стале. І вось у нейкі момант ён дабег да таго самага нашага суседа-прараба, які нам гэтага звярка і падкінуў неяк перад Калядамі.

- Які ж ты стаў вялікі ды пухнаты! - усклікнуў сусед і ўзяў хомку ў рукі, каб пагладзіць і бліжэй разгледзець яго праз свае круглыя акуляры.

Лепш бы ён гэтага не рабіў. Хамяк сур'ёзна паглядзеў на таго прараба, потым ва ўсю шырыню раззявіў сваю зяпу, нібы маленькі такі кракадзільчык, і ўпіўся суседу ў руку - у мяккае месца паміж вялікім і ўказальным пальцамі кісці. Хлынула кроў. Сусед закрычаў дзікім голасам ад болю і нечаканасці. Усе госці за сталом нібы застылі. А хомыч па-хуткаму дабег да сваёй клеткі і там затаіўся. Першая апрытомнела я і пабегла на кухню па аптэчку, каб аказаць пацярпеламу дапамогу.

- Я яго заб'ю, гэтага садыста малога! - залемантаў сусед, у якога з рукі працягвала моцна ісці кроў.

Мой сын Кірыл схапіў клетку з хомычам са стала і закрычаў:

- Не дазволю! Гэта ён табе адпомсціў за тое, што ты яго ўзяў, а потым выкінуў! Ён усё запомніў! І ўвогуле, ты яго прастудзіў, пакуль дахаты нёс! Вунь, маці мая тры месяцы беднага звярка лячыла. Ён меў права цябе ўкусіць!..

- Ды супакойцеся вы абодва! - сказала я і ўстала паміж імі, бо ўжо да таго моманту прыбегла з аптэчкай. - Зараз усё будзе добра! - і пачала апрацоўваць пакусаную хамяком суседскую руку.

Дастаткова хутка сусед-прараб з забінтаванай рукой, амаль цвярозы ад перажытага шоку, рэтыраваўся да сваёй хаты. А астатняя кампанія яшчэ доўга запівала гэты выпадак рознымі напоямі, і вяліся доўгія размовы на тэму высокага ўзроўню інтэлекту ды памяці ўва ўсіх гэтых хамякоў ды мышэй… Але - ніхто больш не прапаноўваў выпусціць хомку з клеткі - ва ўсялякім разе, у той вечар…

6

Яшчэ наш хамяк быў вандроўнікам - дакладней, ён увесь час намагаўся ім стаць, стварыўшы ўцёк, нейкім чынам адчыніўшы засоўку дзвярэй сваёй клеткі. І перыядычна яму гэта ўдавалася - пераважна па яго жаданні, але быў выпадак, калі збег хомыч з клеткі не па сваёй волі.

Аднойчы нам з Кірылам давялося патрапіць на некалькі дзён да сваякоў у іншы горад - на двары стаяла лета, і хацелася некуды паехаць. А тут якраз нас у госці запрасілі. Клетку з хомычам пакінулі на старым месцы - на цвіку, што на шафе, - амаль пад столлю.

- Туды котка не далезе, - упэўніў мяне сын.

- Так, - адказала я. - Надта высока.

Пагладзіўшы котку Масю перад дарогай, я наказала ёй:

- Каб вяла сябе добра, хомку не крыўдзіла!..

Яна аддана паглядзела ў вочы спачатку мне, потым Кірылу. І мы з'ехалі ў вандроўку, пакінуўшы жывёлам у дастатку ежы і пітва.

Вярнуўшыся праз тры дні, убачылі сумную карціну. Хамячыная клетка вісела, перакошаная на адзін бок, засоўка адчыненая, а звярка ў клетцы не было. Котка Мася лісліва муркала, сустракаючы нас, і цёрлася аб ногі.

- Ах ты, зараза! З'ела? З'ела хомку? Сволач! Паказвай, дзе з'ела! - закрычаў на ўсё горла мой сын і, схапіўшы кухонны ручнік, пагнаўся за Масяй па хаце, а яна, канешне, ад яго ўцякала.

Вельмі хутка котка заскочыла (кіпцюрамі па вінілавых шпалерах, паразаітка!..) на высокую шафу ў спальні і забілася ў самы дальні кут.

- Кірыл, супакойся, калі ласка… - паспрабавала я адцягнуць увагу сына ад Масі. - Можа, яшчэ дзе знойдзецца хомка… Можа, забег куды?..

- Як жа, знойдзецца! - крыкнуў сын. - З'ела, гадзіна! - тут ён павярнуўся зноў да коткі. - Злазь адтуль і пакажы, дзе забіла хомыча!

Я не ведаю, чым бы ўсё гэта скончылася, але раптоўна я нешта пачула - нібыта нейкі ціхуткі піск…

- Кірыл, цішэй, калі ласка! Мне здаецца, я нешта пачула…

- Што?

- Нібыта, піск…

І тут зноў:

- Пі-і-і, - нягучна так, - пі-і-і…

Мы з сынам пабеглі па хаце, і - каля халадзільніка заўважылі хомку. Ён стаяў на задніх лапках, у яго шчацэ нешта тырчэла:

- Пі-і-і-і!..

- Хомыч, жывы!.. - усклікнуў Кірыл і схапіў звярка ў рукі. - А што гэта ў цябе за шчакой?

Хомка ўсміхнуўся сваёй фірменнай усмешкай і даў выняць са сваёй зяпы кавалак сухой морквы.

Радасці канца-краю не было, асабліва ў майго сына. (Гэта той, які так хацеў ад хомкі пазбавіцца… Ага!.. Зараз любіць яго ледзь не больш за мяне.) Трохі супакоіўшыся, мы пачалі разважаць. Канешне, котка наша Мася правакавала хомку. Кідалася на клетку, напэўна, шыпела, мяўкала. Хамяк у пэўны момант злаўчыўся, адчыніў засоўку дзвярэй клеткі, саскочыў на падлогу (як толькі не разбіўся!..) і схаваўся пад халадзільнік, дзе і чакаў нашага вяртання. Морква, напэўна, некалі туды завалілася - вось звярок і грыз яе патроху некалькі дзён. Ну, а котка, канешне, намагалася яго з-пад халадзільніка дастаць, але, на шчасце, ёй гэта не ўдалося.

Крыху пазней мы заўважылі, што ў хамяка адгрызены хвосцік, а замест яго - крывавая плямка. Напэўна, Мася, калі старалася яго злавіць, хвост яму і адкусіла. Некалькі дзён я змазвала гэтае месца ёдам. Хомычу тое "змазванне" вельмі не падабалася - канешне, балюча ж. Але самае цікавае, што дастаткова хутка у нашага гадаванца адрос новы хвосцік - маленькі такі, ружовенькі, які і патрэбны хамяку.

Адзін мой знаёмы ветэрынар, па сумяшчальніцтве ўладальнік заакрамы, калі пачуў гэтую гісторыю пра хамячыны хвост, падкаціў вочы, потым прысвіснуў у сваю шыкоўную бараду і сказаў мне так:

- Ведаеш, я трыццаць год практыкую, але ніколі нічога падобнага не чуў. Ну, яшчарка, а не хамяк.

Дарэчы, наш малы звярок збягаў з клеткі яшчэ некалькі разоў. Мы шукалі яго і кожны раз знаходзілі жывога, што было вельмі радасна. І ні разу котка наша Мася хомку так і не злавіла, а намагалася гэта зрабіць не аднойчы…

7

І вось зноў наступілі Каляды - ужо трэція ў жыцці нашага хомыча. І было яму ўжо два з некалькімі месяцамі гады…

Мне не хацелася пра гэта думаць, але ж я ведала, ужо даўно ведала: хамякі жывуць два-тры гады - не болей. Як жа мала… Няхай бы наш весялун пражыў долей, як мага долей…

У сакавіку таго ж года я моцна захварэла, патрапіла нават у бальніцу. У падрабязнасці свайго тагачаснага дыягназу ўдавацца зараз не вельмі хочацца, але вельмі кепска мне тады было.

У адзін з дзён дактары выказалі свой вердыкт:

- Трэба аперыраваць. І, хоць у Вашым выпадку гэта надта небяспечна, але іншага выйсця няма.

Я, канешне, была ў шоку. Мой сын Кірыл, калі пра гэта даведаўся, - таксама…

За дзень да прызначанай даты аперацыі мяне зноў абследавалі: зрабілі рэнтген, узялі кантрольныя аналізы - каб дакладна ведаць мой стан.

Назаўтра прыходзяць з раніцы - такім доктарскім натоўпам… "Ну, - думаю, - усё. Зараз на каталку і - у аперацыйную". Ледзянею ад жаху. І тут мой лечачы ўрач і кажа:

- Ніякай аперацыі не будзе. Пашчасціла Вам вельмі. Гэта - нібыта цуд нейкі. Вам кардынальна лепей. Ніколі такога не бачыў. Пару дзён яшчэ ў нас паляжыце, і, калі ўсё будзе без змен, то мы Вас у канцы тыдня выпішам.

І пайшлі дактары адзін за адным з палаты. Сяброўкі з суседніх ложкаў пачалі мяне віншаваць, нават у далоні запляскалі… Радаваліся ўсе без выключэння, а больш за ўсіх - я, канешне!.. Крыху пазней, прыйшоўшы ў сябе ад усяго гэтага, я вырашыла патэлефанаваць сыну.

- Кірыл, ты ўяўляеш, - кажу, - мне аперацыю адмянілі! Дактары вердыкт сёння вынеслі, што не трэба яе болей і што гэта цуд нейкі. Абяцаюць праз пару дзён выпісаць!..

- Ого! Мама, я цябе віншую! - усклікнуў сын. - Хоць адна добрая навіна…

- А што, ёсць кепскія?..

- Ведаеш, думаў увогуле табе не казаць.

- Ну, я ж цяпер на выпіску іду, так што кажы ўжо.

- Добра, толькі моцна не хвалюйся. Мінулай ноччу наш хомыч памёр. Учора яшчэ ўвечары нармальна еў, гуляў… А сёння раніцай… я знайшоў яго ўжо халодным і нерухомым. Дзіўна тое, што ён нават не піскнуў, нічым не патурбаваў. Сыйшоў - і ўсё. Зараз пахаваў яго ў закутку на дачы - з працы мяне адпусцілі на пару гадзін…

Я дыхала ў трубку і маўчала…

- Не, напэўна, не трэба было табе казаць… - захваляваўся Кірыл. - Дарма я гэта зрабіў. Прабач…

Праз нейкі час пасля выпіскі з бальніцы я расказала пра ўсё гэта знаёмаму старому знахару, які, нібыта, мог бачыць і мінулае, і будучае. Дастаткова доўга ён захоўваў глыбокае маўчанне…

- Ведаеш, хамяк за цябе памёр, - нечакана сказаў мне той дзед, - спецыяльна пайшоў раней у іншы свет, каб цябе адратаваць. Усё роўна бы праз пару месяцаў памёр, але ж… Ты яму калісьці жыццё падаравала: узяла ў хату, лячыла, з лап смерці выцягнула. Ён табе аддзячыў…

У мяне, па шчырасці, мова аднялася. Я ўвогуле не ведала, што на гэта сказаць… Калі ж праз нейкі час, глыбока ўздыхнуўшы, усё ж такі рашылася нешта прамовіць, стары мяне апярэдзіў:

- Не кажы нічога… Ідзі і жыві далей, не хварэй, радуйся жыццю. Так хацеў твой маленькі сябар, які цябе вельмі любіў…

Я моўчкі выйшла, а потым плакала ўсю дарогу да дому і ўспамінала таго маленькага пухнатага ўсмешлівага звярка…

13-18 траўня 2018 года,

15-18 траўня 2023 года.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

У Нікарагуа, Сальвадоры, Чылі, Аргенціне: Галагуцкі, Вільякорта, Танк, ананім у Патагоніі; курс этнаграфіі (антрапалогіі) для беларусаў у Амерыцы

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-21 (53-73) за 2023 г.)

Нягледзячы на прыток беларусаў у ЗША, некаторыя з якіх трапляюць туды праз мяжу з Мексікай, наўрад ці можна гаварыць пра значны ўздым узроўню адукацыі ўласна дыяспары і істотнае павелічэнне долі практычнага карыстання мовай. Уладкаванне і звычайная "руіна" адаптацыі не спрыяе "культурнаму развіццю". Цяперашні стан "беларускай культуры ў ЗША" можа нязначна адрознівацца ад таго, што было ў 1998 г. І пра беларусаў ЗША ў свеце даведваюцца значна менш, чым пра беларусаў на Бацькаўшчыне.

"Проста беларусы", нават калі яны і беларускамоўныя, не робяць сенсацыі там, дзе ёсць дыяспары літаральна з усіх краін, якія ўключаюць і няшчасныя да крайнасці. Развітая цікавасць дыяспар да індзейцаў - паказчык і развітасці краін-"метраполій" (сярод нашых адрасатаў - Andrew (Andrzej) Wala, заснавальнік Polish American Ethnological Society (PAES), які быў індзеяністам), але няшчасце таго ці іншага "слабога" народа можа мець вынікам і асаблівы сантымент да "карэнных амерыканцаў". Мы лічым, што калі б эмігранты трымаліся пэўнага "індзейскага курсу", калі б падтрымлівалі "ўласна індзейцаў" у іх адметным сацыяльным, цырыманіяльным жыцці (можна зусім без "палітыкі"), яны станавіліся б і больш свядомымі самі па сабе, і траплялі б у друк і інтэрнэт як "двайная экзотыка".

Тэкст ніжэй уяўляе сабой поўную версію даклада, які апублікаваны пад загалоўкам "Неэтнацэнтрычны курс гісторыі і этнаграфіі карэнных амерыканцаў для беларускай дыяспары ў ЗША" ў зборніку "Нацыянальная адукацыя. Кн. IХ. Адукацыя дыяспар" пад навуковай рэдакцыяй С. А. Яцкевіча (Брэст, 1998, с. 102-104). Месцы, якія не ўвайшлі тады ў публікацыю, выдзеленыя тлустым шрыфтам.

НЕЭТНАЦЭНТРЫЧНЫ КУРС ГІСТОРЫІ І ЭТНАГРАФІІ КАРЭННЫХ АМЕРЫКАНЦАЎ ДЛЯ БЕЛАРУСКІХ АМЕРЫКАНЦАЎ

"Старэйшае і сярэдняе пакаленне цяперашніх беларускіх амерыканцаў "прапусціла" важны момант у сваёй (сама)адукацыі: іх увага да карэнных жыхароў Амерыкі не адпавядае кампаратывістычнай мадэлі "карэнныя-карэнныя", якая добра прасочваецца на беларуска-індзейскім матэрыяле за некалькі стагоддзяў.

Значэнне і ўплыў карэннай грамады ў Амерыцы рэзка непрапарцыянальныя яе колькасці; прысутнасць беларусаў, нягледзячы на статыстыку, якую прыводзіць В. Кіпель, больш чым нязначная. Сакрэт набыцця большай вагі ў амерыканскай культуры і палітыцы можа знаходзіцца ў сферы збліжэння і салідарнасці з Карэннай Амерыкай. Гэта забяспечыць і большае "паблісіці" для беларусаў у свеце.

Беларусы ў амерыканскіх навучальных установах (школах, каледжах, універсітэтах) атрымлівалі той жа сярэдні аб'ём ведаў пра індзейцаў, што і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей. Дадатковыя магчымасці давалі факультатывы. Як вядома, у многіх амерыканскіх універсітэтах ёсць праграмы або аддзяленні індзейскіх даследаванняў. Але няма звестак ні пра аднаго этнічнага беларуса, які б прайшоў праз гэтыя структуры.

Пасля 1945 г. у эміграцыі апынулася шмат выкладчыкаў, у т.л. гісторыі і геаграфіі. Перад імі стаяла задача "сінтэзаваць" мясцовы (краіназнаўчы, краязнаўчы, уключаючы інфармацыю пра карэннае насельніцтва), "сусветны" і беларускі матэрыял для надзённых патрэб "педагогікі ў выгнанні". Тым не менш, сапраўды жывых адукацыйных цэнтраў, якімі былі т.зв. беларускія дапаўняльныя (суботнія або нядзельныя) школы, амаль не стала ўжо ў 60-я гады. Падтрымліваць уласную сістэму навучальных дапаможнікаў культурная інтэлігенцыя не здолела. В. Кіпель падкрэслівае, што карыстацца падручнікамі, выдадзенымі ў СССР, было непрыстойна, і яны траплялі ў ЗША ў адзінкавых экзэмплярах. Амерыканскія ілюстрацыі з выдадзенага пад нямецкай акупацыяй курса гісторыі Беларусі Я. Найдзюка ўтрымлівалі адыёзна расісцкі кампанент. Перспектыўным быў "скаўцкі" кірунак, але ўкладальнікі беларускай скаўцкай літаратуры не пазбавіліся ўласцівай піянерам скаўтынгу канцэпцыі цывілізатарскай ролі белага чалавека на еўрапейскай перыферыі.

"Негістарычным" народам засталіся індзейцы для беларускіх дзяцей і моладзі і ў 80-я гады. Такая выснова па навукова-даследчай і выдавецкай дзейнасці, у прыватнасці, Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку. Вельмі паказальна тое, што В. Кіпель у сваёй грунтоўнай кнізе "Беларусы ў ЗША" (1993) нават не згадвае пра іх [1].

У час "перабудовы" ў Беларусі зроблены некаторыя спробы перапрацаваць падручнікі гісторыі і геаграфіі ў больш беларускім духу, што не магло не зацікавіць эміграцыю. Аднак гісторыкі, у т.л. адзін з піянераў вывучэння ролі беларусаў у адкрыцці і вывучэнні амерыканскага кантынента В. Грыцкевіч (Санкт-Пецярбург), выказалі недастаткова радыкальныя ідэі па пераглядзе "цэнтрызму" гісторыі, а этнаграфічныя звесткі пра індзейцаў, уведзеныя ў падручнікі, часам здзіўляюць сваёй наіўнасцю.

Пэўную дыдактычную каштоўнасць маюць, акрамя дастаткова шырока распаўсюджаных рускамоўных падручнікаў і папулярных аглядаў, беларускія выданні ЮСІА, уключаючы пераклад "кананічнага" нарыса гісторыі ЗША, якія даюць "збалансаваны" (г.зн. ігнаруючы прыярытэты, правы і памкненні "першых амерыканцаў") ход падзей.

Асобныя дзеячы беларускай дыяспары, безумоўна, аспрэчаць "актуальнасць" антрапалагічнага курса па індзеяністыцы для фактычна "выміраючай" беларускамоўнай грамады ЗША. "Радзімазнаўчы" прыярытэт у падобнай драматычнай сітуацыі зусім апраўданы. Аднак нельга не прызнаць ролі індзейскай культуры ў фарміраванні творчых асоб шэрагу мастакоў, напрыклад, Галіны Русак.

Дзяржаўныя ўстановы ЗША не забяспечаць беларускую грамаду "неэтнацэнтрычным" або праіндзейскім курсам. Гэту задачу можа выканаць толькі Беларуска-індзейскае таварыства ў супрацоўніцтве з аўтарытэтнымі лідарамі Індзейскай Амерыкі.

Адукацыйныя рэсурсы БІТ разнастайныя. Беларускамоўныя матэрыялы ўключаюць галоўным чынам канвалюты артыкулаў з перыядычнага друку і апрацаваныя членамі таварыства масівы па гісторыі беларуска-індзейскіх кантактаў, якія складаюць тэкст манаграфіі з інфармацыйнымі дадаткамі. Яны асвятляюць індзейскае жыццё з пункту гледжання прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей Старога і Новага Свету і адпавядаюць патрабаванням ідэалагічнага плюралізму.

Курс гісторыі і этнаграфіі індзейцаў павінен быць полікультурным, шматмоўным і "рознаідэалагічным". Наяўнасць "карэнных" рыс, якія збліжаюць еўрапейскія і індзейскія народы, мэтазгодна падкрэсліваць так часта, як магчыма.

Індэксіраванне тэксту дазволіць беларускім жыхарам штатаў, графстваў, гарадоў і мястэчак даведацца пра асноўныя факты сувязяў паміж мясцовымі індзейцамі і Беларуссю.

Асноўныя раздзелы курса могуць суадносіцца з распрацаваным беларускімі індзеяністамі рубрыкатарам, які ўлічвае розныя "расстаноўкі" груп культурных элементаў, і раздзелы па этнагісторыі. Увядзенне ключавых слоў з англійскай этнаграфічнай тэрміналогіі выклікаецца не толькі існуючым беларуска-англійскім білінгвізмам, але і неабходнасцю параўнання з традыцыйна "савецкім" паняційным апаратам этнаграфічнай навукі.

Пераадольванне расісцкіх стэрэатыпаў - адна з праблем для беларускіх амерыканцаў, якія зазналі не самыя лепшыя ўплывы праз СМІ. Вельмі важнымі ўяўляюцца трактоўкі гісторыі самімі індзейцамі або набліжаныя да іх "апавяданні пра амерыканскі Захад, расказаныя індзейцамі", але рэдагаваныя "белымі" аўтарамі (Дзі Браўн).

Асабліва сур'ёзна паўстае пытанне "дзяржаўнасці і этнагісторыі". Неэтнацэнтрычны - не значыць літаральна анархісцкі, аднак хаця курс разлічаны на беларусаў адной краіны (ЗША), ён арыентаваны не на дзяржаву, а на рэгіён: нельга дзяліць мяжой гісторыю этнасаў (чарнаногія, іракезы ў ЗША і Канадзе, апачы, кікапу ў ЗША і Мексіцы).

Разнабой паміж афіцыйнай мовай, якая ўжываецца ў навучальным працэсе ў Рэспубліцы Беларусь, і мовай эмігранцкага друку можа быць пераадолены ў першую чаргу ў анамастычнай сферы. Беларуская этнанімічная сістэма ў абодвух варыянтах мае хібы: у першым выпадку многія этнонімы ўспрымаюцца з "традыцыйна" рускіх скажоных форм (сіу [ў апошні час мы звычайна пішам "сіў"- 25.05.2023], а не су), з невялікай колькасці зафіксаваных "экзыльных" назваў плямён часта сустракаюцца беспадстаўна "лацінізаваныя" (пуэблё). Перадача іх павінна быць максімальна набліжана да англійскіх, іспанскіх або французскіх арыгіналаў; ва ўсіх выпадках, дзе магчыма, неабходна ўжываць варыянты, якім аддаюць перавагу самі індзейцы, або прыводзіць разам агульнапрынятую форму і саманазву.

Творчы падыход уключае як магчымасці сучасных камп'ютарных сетак, так і прамы кантакт з носьбітамі культур, захавальнікамі гісторыі, навукоўцамі-гуманітарыямі індзейскага паходжання. Адзначаны выпадкі працы беларускіх амерыканцаў на тэрыторыі рэзервацый (І. Рамук з Чыкага, якая працавала настаўніцай у адной з індзейскіх школ Мантаны).

Такім чынам, само выданне індзеянісцкага курса для "альбарутэніі" [ў публікацыі: беларускай дыяспары ў Амерыцы], перайначваючы выказванне А. Мальдзіса [2] пра віленскае выданне "Араўканіі", магло б "рэвалюцыянізаваць" беларускую грамаду, надаўшы ёй і большы імпэт у сваім культурным самазахаванні. Любы добры падручнік антрапалогіі або этнагісторыі - гэта сапраўдны стымул у імкненні да свабоды і барацьбе за культурнае выжыванне.

Літ:

1. Кіпель В. Беларусы ў ЗША. Мінск, 1993.

2. Шкурко Т. Прысвечаныя Iгнату Дамейку // Голас Радзімы. 1997. 31 ліп."

ГАЛАГУЦКІ Іван - прозвішча Галагуцкі мы лічым "аддаленай" версіяй прозвішчаў Індзюкоў, Індык і Індзейцаў, якія сустракаюцца сярод усходніх славян, - галагуцкімі пеўнямі або курамі назвалі індыкоў, інакш - індзейскіх пеўняў. Прыклад яшчэ аднаго прозвішча, у якім схаванае яго "індзейскае" паходжанне, - Белагур або Белагураў ("гур" - назва на Доне, сінанімічная кану, індыку, індзейскаму пеўню). Іван Галагуцкі - мінчанін-ударнік у Нікарагуа.

Каб наблізіць да чытача атмасферу таго часу, калі беларускія спецыялісты ў пэўным сэнсе супрацьстаялі ў Нікарагуа індзейцам, якія далучыліся да "контрас", варта прывесці і пачатак нарыса А. Жалязоўскага "На зямлі генерала Сандзіны" (1988), - перад тым як ён пералічвае вядомых яму беларусаў, што працавалі ў Нікарагуа.

"- Праз некалькі хвілін наш самалёт прызямліцца ў аэрапорце Сандзіна, - пачуўся мілагучны голас савецкай сцюардэсы за пятнаццаць тысяч кіламетраў ад Масквы. Гэта было 19 мая 1986 года.

Аэрапорт Сандзіна дыхнуў нясцерпнай спякотай, быццам мы падышлі да вогненнага кратэра [кратара] вулкана. I нават пальмы, какосавыя і бананавыя, стаялі ў маўклівай журботнай задуменнасці, не радавалі сваім хараством. Гэта была трагічная, непакорная зямля генерала Сандзіны, дзе нам пятнаццаць дзён хадзіць, ездзіць, сустракацца з яе мужнымі, зычлівымі людзьмі.

- Для нас Сандзіна, як і Ленін, - скажа мне крыху пазней наш перакладчык Вісента Манд'ёла [Мандыёла]. - Сандзіна - гэта душа, сэрца і мозг нашай рэвалюцыі.

Смуглявы твар яго стане гордым і сур'ёзным, карыя вочы задуменна прыжмурацца. Пазней я пераканаўся ў палымянай, спавядальнай шчырасці Вісенты, бо само імя Сандзіна лунала ў нікарагуанскім паветры, жыло ў кожным горадзе і паселішчы, было крывёю, пачуццямі, думкамі кожнага простага нікарагуанца.

А цяпер ля трапа, каля ўвахода ў будынак таможні, на тэрыторыі аэрапорта патрулявалі ўзброеныя байцы Сандзінісцкага фронту. Маўклівыя, з сур'ёзнымі тварамі, пільна-халоднымі позіркамі, старанна правяралі ўсіх, хто прыляцеў у Манагуа.

- Вісента, чым выклікана такая абстаноўка? - спытаў я ў перакладчыка, калі мы пазнаёміліся і ехалі размяшчацца ў раён Планетарыя.

- Пажывяце-убачыце, - сказаў ціха ён. - Рэвалюцыя перамагла, але жыць спакойна нам да гэтагу [гэтага] часу не даюць Злучаныя Штаты Амерыкі. Яны распачалі на граніцы вайну пры дапамозе наёмных банд. I цяпер мы вымушаны выдзяляць вялікія сродкі на ўзбраенне, мужчыны адрываюцца ад сваіх сем'яў, ад вытворчасці. Да гэтага часу працягваюцца забойствы, дыверсіі, выкраданні. Разбураюцца бальніцы і школы... За кожны новы поспех мы расплачваемся крывёю.

Ля будынка таможні да нас падышоў сімпатычны хлопец з чорнымі вусікамі, знешне падобны на нікарагуанца, і, ветліва ўсміхаючыся, мякка сказаў па-беларуску:

- Прывітанне, хлопцы! Вельмі рады бачыць землякоў з роднай Беларусі.

Мы здзівіліся. Цяжка было перадаць тую радасць, якую мы адчулі раптам тут, на чужой зямлі, пры сустрэчы з мінчанінам Іванам Галагуцкім. Аказалася, што ён вадзіцель-выпрабавальнік дарожных машын мінскага завода "Ударнік", камуніст, перадавік вытворчасці. У свой час партком [парткам] завода рэкамендаваў яго, як высокакваліфікаванага спецыяліста, на работу ў Нікарагуа для дапамогі нікарагуанскім спецыялістам у эксплуатацыі, тэхнічным абслугоўванні і рамонце дарожных машын. I вось ён ужо другі год працуе ў гэтай далёкай краіне. Паціскаючы нашы далоні сваёй моцнай, загарэлай рукой, расказвае:

- Тут нашых хлопцаў вельмі паважаюць за сціпласць, добразычлівасць, шчырасць.

Потым мы даведаліся, што ў гандлёвым прадстаўніцтве СССР працуе наш зямляк Юрый Самбурскі - спецыяліст па эксплуатацыі "МАЗаў", Уладзімір Арэшчанка з маторнага завода навучае маладых нікарагуанцаў тэхнічнаму абслугоўванню трактароў. Вялікім аўтарытэтам у Манагуа карыстаецца Мікалай Сафронаў. Ён дасканала валодае іспанскай мовай і практычна не звяртаецца да паслуг перакладчыкаў, самастойна вучыць на двухтыднёвых курсах нікарагуанскіх юнакоў і дзяўчат вадзіць трактар. Пазней нам стане вядома, што больш як дзве тысячы беларускіх трактароў працуюць на палях кааператываў Нікарагуа, а на экране тэлевізара штодзень у праграме навін будзем бачыць Мікалая Сафронава на трактары "Беларусь" і чуць сакавіты дыктарскі голас, адрасаваны нікарагуанскім тэлегледачам:

- Эксплуатуйце трактар "Беларусь"!

...Напаўразбіты "рафік" вёз нас па вузкай брукаванай дарозе. На раздарожжы, ля адміністрацыйных будынкаў і ўстаноў па адным і групамі - усё тыя ж байцы фронту з аўтаматамі. Часам яны ідуць строем, з поўнай экіпіроўкай і з цяжкімі рэчавымі мяшкамі.

- Гэтыя паедуць на мяжу ваяваць з "контрас", - як бы між іншым тлумачыць Вісента".

Беларускамоўная часопісная версія рэпартажу Жалязоўскага дапрацаваная ў частцы партрэтаў або пераліку некаторых асоб - пададзены якраз і імёны беларусаў у Нікарагуа, а ў канцы расказваецца пра сустрэчу з былым студэнтам факультэта журналісткі БДУ - гэта зноў "смуглявы мужчына" Раберта Гарсія, загадчык аддзела культуры газеты "Барыкада" (у БДУ вывучаў не толькі рускую, але і беларускую мову, калі не памыляецца Жалязоўскі). У нікарагуанскім Саюзе пісьменнікаў ён прадставіў Жалязоўскаму загадчыка яго міжнароднага аддзела (магчыма, з напісаннем уласных імёнаў аўтара або рэдактара кансультаваў К. Шэрман, але ўказаны ў публікацыі націск на "э" не даў чамусьці карэктарам падставы напісаць імя як Наэль, у выніку атрымалася "Ноэль Карыя"). Назвы раздзелаў у версіі ў "Полымі" дадзены як імёны асоб, з якімі меў сустрэчы Жалязоўскі (у выпадку з Эрнеста Кадэналем дададзена "…і яго паэзія", а першы раздзел з загалоўкам гучыць як "Ленін і героі нікарагуанскай рэвалюцыі"). Спачатку мы выкарысталі газетную версію рэпартажу Жалязоўскага (гл. "Жалязоўскі" ў "Нашым слове.pdf"№ 14 (66)).

У Гомелі сабраная невялікая калекцыя лаціна-амерыканскай перыёдыкі, сярод іх і нікарагуанская газета "Барыкада". У Гомелі яна была ў некалькіх калекцыянераў. У нас на картцы рэгістрацыі перыёдыкі - 10 нумароў за 1988 і 1989 гг.

Літ.:

7866 Over E. Team work: draft horses still the chice on this ranch // Wind River News (Lander, WY). 2001. Apr. 19. P. 8 (Vol. 24. Issue 16. Трактар "Беларус" (Belarus tractor) у індзейскай рэзервацыі і ў індзейскім друку - пра публікацыю паведаміў нам бібліятэкар індзейскага паходжання Джон Беры (Native American Studies (NAS) Librarian at University of California, Berkley) - узятая з сервісу ProQuest 21.07. 2004; John D. Berry (Сhoctaw and Cherokee originally from Stillwater, OK) вядомы, між іншым, і як адзін з вядучых членаў (былы прэзідэнт) American Indian Library Assocation).

ВІЛЬЯКОРТА Маргарыта (Villacorte) - студэнты БДУ Маргарыта і Хаймэ Вільякорта і Раберта Гарсія (пра сустрэчу яго з А. Жалязоўскім гл. у арт. "Галагуцкі") - на фота з матэрыялу Элы Дзвінскай 2013 г., прысвечанага сальвадорска-беларускай сям'і Вільякорта.

Спачатку яна коратка расказвае пра гісторыю сям'і да яе пераезду ў Цэнтральную Амерыку. Ліст Маргарыты цытуецца ў сярэдняй частцы артыкула, і з яго нас найбольш радуе тое, што яна паведаміла пра малодшую з сваіх дачок: "Ларыса вывучае антрапалогію ва ўніверсітэце". Можна сказаць, што якраз з гэтай нагоды мы змяшчаем у гэтым выпуску БСІ поўную версію нашага даклада 1998 г. "Неэтнацэнтрычны курс гісторыі і этнаграфіі карэнных амерыканцаў для беларускіх амерыканцаў".

"Зямляцтва сальвадорцаў у Мінску на той час было нешматлікім, усяго 10 чалавек. Яны былі студэнтамі БДУ, БПІ, Інстытута народнай гаспадаркі і іншых. Трое з іх вучыліся на журфаку БДУ.

Аднойчы вясёлая дзяўчына з чарнявымі кудрамі сустрэла такога ж вясёлага і чарнявага хлопца. І не бяда, што хлопец быў з Сальвадора - краіны, дзе ішла грамадзянская вайна. Яны закахаліся і хутка ажаніліся.

Марго і Хаймэ жылі ў маленькім пакойчыку студэнцкага інтэрната архітэктурнага факультэта БПІ. Маргарыта вучылася на архітэктара, Хаймэ Вільякорта - на журналіста. Іх маленькая дачушка Ліхія Марыя хадзіла ў звычайны садок у мікрараёне "Усход", а калі хварэла, да яе прыходзіла тая самая старэнькая доктарка Бурава, што даглядала ўсіх дзетак на шматнаселеным участку.

Сальвадорцы, як і іншыя лацінаамерыканцы, ладзілі вечарыны, адзначалі нацыянальныя святы, праводзілі фестывалі з канцэртамі і гатаваннем традыцыйных страў. Танчылі румбу і сальсу. На вечарынах беларускія хлопцы і дзяўчаты даведваліся пра жыццё ў краінах Лацінскай Амерыкі.

Калі вучоба скончылася, прыйшоў час нешта вырашаць. Для Маргарыты не стаяла пытанне, ці ехаць з мужам. Яна ад самага пачатку ведала, што ніколі з ім не разлучыцца. Але адразу ў Сальвадор сям'я ехаць не магла. У 1987 годзе яны паехалі спачатку ў Нікарагуа. І толькі праз 5 гадоў - у Сальвадор".

"У Сальвадоры сітуацыя была цяжкой, але мы справіліся з ёй і прысвяцілі сябе выкладанню ва ўніверсітэтах. Сёння мы - універсітэцкія прафесары. Хаймэ Вільякорта выкладае ў прыватным універсітэце горада Сан-Тэкла, а я - у дзяржаўным. Наша старэйшая дачка Ліхія Марыя - акуліст, малодшая Ларыса вывучае антрапалогію ва ўніверсітэце".

"Нягледзячы на цяжкасці, у Сан-Сальвадоры заўсёды можна ўбачыць што-небудзь цікавае, тут адбываецца мноства культурных падзей: фестываляў, канцэртаў, парадаў, карнавалаў, гісторыя апошніх сыходзіць каранямі ў іспанскія каталіцкія традыцыі.

Адно з самых яркіх свят у насычаным падзеямі сальвадорскім календары - Эль-Сальвадор-дэль-Мунда - прысвечана заступніку краіны, Збаўцу Свету, Ісусу Хрысту. Афіцыйныя святочныя шэсці праводзяцца 5-6 жніўня, гэтыя дні афіцыйна абвяшчаюцца выходнымі. Нават Вялікдзень у Сальвадоры набывае адмысловы вобраз. У перыяд Сэмана-Санта (Перадвелікоднага тыдня) на вуліцы горада выходзяць маляўнічыя карнавальныя працэсіі, палюбавацца на якія кожны год прыязджаюць тысячы людзей з суседніх краін.

У сальвадорскай правінцыі ўплыў іспанскіх традыцый яшчэ мацнейшы: там адзначаюць такое асабліва іспанскае свята, як Дзень маўраў і хрысціян (прысвечаны перамозе іспанцаў у вайне з маўрамі). Але і Дзень індзейцаў таксама святкуюць".

Далей у артыкуле ёсць звесткі па гісторыі і розных характэрных рысах краіны. Мы спадзяёмся, што Ларыса ўнесла ўклад у развіццё Сальвадора не толькі як прэзідэнт арганізацыі Las Dignas ((La Asociacion de) Mujeres por la Dignidad y la Vida, Women for Dignity and Life, Жанчыны за годнасць і жыццё: "Аўтаномная, трансгрэсіўная, творчая і разнастайная фемінісцкая арганізацыя; што спрыяе сацыяльным, палітычным, культурным, экалагічным і эканамічным пераўтварэнням" ("Organizacion feminista autonoma, transgresora, creativa y diversa; que promueve transformaciones sociales, polіticas, culturales, ambientales y economicas", https://www.lasdignas.org.sv), але ў той ці іншай форме і як антраполаг сваёй краіны.

Гамяльчанін А. Снітко спецыяльна паехаў у Віцебск, каб пазнаёміцца з тамтэйшымі сальвадорцамі. Яны паскардзіліся, што імі мала цікавяцца і не вельмі імкнуцца падтрымліваць тое, што яны могуць прапанаваць. Сальвадорскі ўдзел у пастаноўках на сцэнах Гомеля і Кіева з "этнічнымі" нумарамі мы ілюструем фатаграфіямі з калекцыі ўмоўнага Лацінаамерыканскага цэнтра (ЛАЦ) у Гомелі. Гл. ілюстрацыі да артыкула "Галагуцкі", на ўсіх з якіх прысутнічае сальвадорац Картахена. Прадстаўлены там і іншыя лацінаамерыканцы, а нікарагуанцаў было ў нас, бадай, найбольш з іх усіх.

Літ.:

12437 Дзвінская Э. Беларуска ў Сальвадоры // Новы час. 2013. 22 сак. С. 15.

ТАНК Максім (2) - пісаў пра індзейцаў у дзённіках, лістах і вершаваных творах. З дзесяці мастацкіх - усе вершаваныя - твораў Танка, у якіх мы знаходзім нешта "індзейскае", - "Над вадой" (1937), "Сілаш Істома" (1939), "Сон над Нёманам" (1945), "Каралева палёў" (1961), "Пакуль пазычу ў альбатроса" (1962), "З берагоў Амазонкі" (1968), "У маіх песнях..." (1971), "Чылійская бярозка" (1973), "Я - твой" (1984), "У палёце" (1994) - вершы "Пакуль пазычу ў альбатроса" і "Чылійская бярозка" яўна звязаныя з паездкамі Танка ў ЗША (1962) і Чылі (1971). На жаль, нам чамусьці не прыйшло ў галаву спытаць у Танка выразна і не толькі пра чылійскую паездку, але і пра амерыканскую - у тым жа аспекце кантакту з індзейцамі і індзейскім матэрыялам у час знаходжання за акіянам.

"БІТ - Максіму Танку, Мінск

21.2.1992 № 46 Гомель

Паважаны Яўген Іванавіч!

Дзякуй Вам за адказ... Гэта вельмі важна для нас.

Пішу Вам цяпер яшчэ раз, каб, па-першае, падтрымаць у цяжкі час, калі Ваша здароўе пагоршылася. Не ведаю, ад чаго ці ад каго залежыць каб людзі не пакутвалі [пакутавалі], нават калі хварэюць, але вельмі спадзяюся, што Вы яшчэ доўгія гады будзеце адчуваць сябе добра і зможаце падзяліцца з маладымі Вашым жыццёвым вопытам.

На той выпадак, калі праз пэўны час нішто не будзе перашкаджаць Вам і ў свабодную хвіліну Вы прыгадаеце гэты ліст, хацеў бы ўдакладніць лаканічна, "паспешліва" і не зусім дакладна сфармуляванае мной пытанне пра І. Р. Грыгулевіча і Вашага бацьку. Іосіф Рамуальдавіч - асоба, якая даўно прыцягвае нашу ўвагу; ён зрабіў у лацінаамерыканістыцы так шмат, як мала хто; на жаль, не ведаем, які ён быў чалавек - ці добры характарам... у такім сэнсе. Я няверуючы, нават больш таго - атэіст; салідарнасць з напісаным І. Р. Грыгулевічам не перашкаджае, тым не менш, перапісвацца з езуітамі, якія павінны яго вельмі не любіць... Ці памятаеце Вы пра "заходнебеларускіх" езуітаў?

А вось наконт бацькі... Нейкім чынам у мяне склалася ўражанне, што менавіта Ваш бацька быў у Аргенціне. Відаць, там быў толькі дзядзька Фадзей (калі меркаваць па "Лістках з календара")? Увогуле ж я меў на ўвазе тое, якімі ўспрымаюцца індзейцы ў беларускай вёсцы праз "пасрэдніцтва" эмігрантаў і рээмігрантаў,

Калі ласка, будзьце здаровы: усё наша таварыства жадае Вам гэтага.

Шчыра Ваш

Алесь Сімакоў, БІТ.

А індзейцы, з якімі Вы сустракаліся ў Чылі, былі, напэўна, мапучэ (араўканы)? Моцны духам народ. 3 вялікім патэнцыялам. Нас, канешне, вельмі цікавяць падрабязнасці тых Вашых сустрэч.

Мапучэ былі першымі індзейцамі, з якімі мы наладзілі пісьмовы кантакт".


Заўвага. Некаторыя тэзісы з нашых лістоў не вытрымлівалі крытыкі і "самакрытыкі" ў працэсе атрымання большага досведу. Напрыклад, адносіны езуітаў да Танка ў сувязі з яго адносінамі на іх. Для таго, каб сцвярджаць з упэўненасцю, патрэбная фактаграфічная база. Таксама неабходна ўлічваць супярэчлівасць Таварыства Ісуса, членства ў ім дастаткова станоўчых дзеячаў. Пашукаем рэальныя водгукі езуітаў на жыццёвы подзвіг Максіма Танка - станоўчага героя. Таксама пастаноўка пытання "Максім Танк і езуіты" можа з гэтага моманту стымуляваць членаў ордэна на новыя водгукі, "пераацэнку" з вышыні сённяшняга дня.

* АНАНІМ у Патагоніі - матэрыял, у якім змешчаны і гэты эпізод, датуецца ў нашай крыніцы 2023 г., а адносіцца да 2022 г. Сям'я менчукоў-айцішнікаў, якая перабралася ў Еўропу, у сувязі з магчымасцю аддаленай працы правяла тры месяцы ў трох месцах Аргенціны - у Буэнас-Айрэсе, у мястэчку на акіянскім узбярэжжы і ў вёсцы ў перадгор'і Анд, у Патагоніі. Іх "зімоўка" ў Аргенціне супала з чэмпіянатам свету па футболе. Гэта было іх "вяртанне" ў гэтую краіну. Першы раз яны пабывалі ў Аргенціне яшчэ да нараджэння дзіцяці, дзесяць гадоў таму, а ў 2016 г. наведалі розныя іншыя краіны Паўднёвай Амерыкі.

Назва матэрыялу - "Іншы свет. У чымсьці больш прагрэсіўны за наш", а назва раздзела, які нас цікавіць, - "Як зазямляліся ў Патагоніі".

"Тры тыдні мы правялі ў нашага знаёмага ў Патагоніі, карэннага жыхара з народа мапучэ. Мы пазнаёміліся з ім яшчэ ў мінулую паездку і ўвесь час падтрымлівалі сувязь.

Чаліла - глухая патагонская вёсачка. Сама па сабе нічым не адметная, але побач знаходзіцца нацпарк, дзікі і цяжкадаступны. Гадоў з 15 таму наш прыяцель вырашыў будаваць там хостэл. З яго ўсе смяяліся, ніхто не верыў, што нехта прыедзе ў такую глухмень. Але ён вельмі актыўна займаўся сваёй справай, ездзіў на розныя саміты, выступаў, даказваў, рабіў рэкламу.

У выніку вёска стала турыстычнай. Палова дамоў у ёй - гэта хостэлы, у самым нацпарку адкрылі кемпінгі, туды прыязджае транспарт з буйных гарадоў. А яшчэ ў Чаліле праводзяць нацыянальны фестываль асада - смажанага на вуголлі мяса.

І вось мы тры тыдні жылі ў доме нашага прыяцеля на ўскраіне Чалілы, каля ціхага возера. Займаліся сабакамі, лавілі рыбу, трохі дапамагалі па доме і… зазямляліся. Там неверагодны прастор. Ужо пачынаюцца Анды і шмат азёр, і тым дзіўней, што іх флора вельмі падобная на нашу. Там тыя ж кветкі і дрэвы, нават бярозкі ёсць. Гэта абсалютна наш пейзаж, але да таго ж ёсць горы і ўсё вельмі велізарнае. І без людзей.

Там амаль не было ўмоў, затое ты сам-насам з дзікай прыродай. Выходзіш да возера і слухаеш абсалютную цішыню. Спачатку заліпаеш у гэтую цішыню, доўга глядзіш удалячынь, потым раптам пралятае арол - о, падзея!

Спачатку я ўвесь час пыталася нашага сябра, якія ў нас планы на заўтра. Думаю, гэтае пытанне яго моцна злавала. Аргенцінцы расслабленыя, яны не будуюць планаў, яны хочуць прачнуцца раніцай, адкрыць вочы, удыхнуць. А мяне бясіла такое стаўленне, таму што хацелася зразумець, што мы робім, куды едзем ці ідзём.

Потым мясцовая жанчына мне сказала: "Ты ўвесь час такая напружаная, кудысьці спяшаешся, табе трэба расслабіцца". І я паспрабавала. Я пачала праводзіць шмат часу ў гэтай цішыні, і вось калі праляцеў чарговы арол, я раптам зразумела, што вынырваю з неўратычнасці апошніх гадоў.

Я раптам зразумела, наколькі нездаровы той стан, у якім мы цяпер жывем. Здаецца, я была ўжо на мяжы знясілення - не толькі з-за таго, што адбываецца, але і з-за таго, як моцна я мусолю гэта ў галаве. Яно ж адбываецца як адбываецца, але можна прачытаць навіну адзін раз, каб даведацца пра падзею, а можаш прачытаць 10 розных каналаў і 10 разоў знервавацца. Так, мы жывем у нявызначанасці, гэта дрэнна, але з-за моцных перажыванняў робім сабе толькі горш.

Зразумела, што эканамічны крызіс, які мучыць аргентынцаў [аргенцінцаў] шмат гадоў - гэта праблемы іншага роду, іх нельга параўноўваць з нашымі. Але відавочна, што аргенцінцы таксама знаходзяцца ў стане нявызначанасці, і пры гэтым пераносяць яго інакш.

Наогул пакуты для аргенцінцаў - культ, частка іх культуры. Яны вельмі эмацыйныя, падчас вырашальнага матчу ЧС многія па-сапраўднаму плакалі. Пасля фіналу рэпарцёры пачалі апытваць заўзятараў. І тыя сказалі: "Мы так пакутавалі, мы пакутавалі ўвесь матч!" Потым футбалісты сказалі: "Мы так пакутавалі, мы пакутавалі ўвесь чэмпіянат, мы, аргенцінцы, былі народжаныя, каб пакутаваць". А я падумала: раз вы так пакутуеце, чаму вы такія шчаслівыя?

Аргенцінцы як быццам вынялі з пакут негатыўны складнік і кудысьці яго дзелі. Яны перажываюць моцныя эмоцыі, але гэта не прыносіць ім неўрозу, як нам.

Дарэчы, я заўважыла, што мігранты з нашых краёў, якія жывуць у Аргенціне доўга, таксама знаходзяцца ў рэлаксе. Там ты адкідаеш дадатковыя перажыванні і зазямляешся ў прынцыпе. Але для гэтага спачатку трэба перастаць псіхаваць з-за бытавых нягод. У мяне таксама пачало атрымлівацца. І праз тры тыдні пытанне бацькоў пра планы на заўтра выклікала ўжо здзіўленне".

Літ.:

1837 51,3 мільёна дзяцей Лацінскай Амерыкі жывуць ва ўмовах галечы / на здымку дзеці індзейцаў Аргенцінскай Патагонii жывуць у беспрасветнай галечы (Фота Прэнса-Лаціна-ТАСС) // Гомельская праўда. 1987. 14 жн.

961 Беспросветная нищета / на снимке: дети индейцев Аргентинской Патагонии живут в беспросветной нищете // Советская Белоруссия. 1987. 11 июня.

5196 51,3 миллиона детей Латинской Америки прозябают в условиях нищеты, а к 2000 году, по данным ООН, их число превысит 56 миллионов человек / на снимке: дети индейцев Аргентинской Патагонии живут в беспросветной нищете // Политический собеседник. 1987. № 1 (июль). С. 45. (Першы нумар часопіса над гэтай назвай.)

4968 Карпенко М. В сторону дома // Политический собеседник. 1987. № 5 (нояб.). С. 44-45. (Марыя Карпенка, "член президиума Белорусского комитета защиты мира": "Паэтычны Лары Лонг, які па вечарах граў на індзейскай "флейце кахання" і спяваў сваю песню "Па сінім шляху". Лонг напісаў гэтую песню падчас круізу па Місісіпі, але яна была вельмі дарэчы тут, на Дняпры, і спеваку падпяваў увесь параход: "Мы плывём разам па сінім шляху і над намі высокае неба. І ніхто не спыніць плынь ракі, якую поўняць тысячы прытокаў...")

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou, researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

А Лідчына танчыць

27 траўня ў аграмястэчку Дзітва прайшоў Абласны фестываль-свята побытавых танцаў "Танцуем па-даўнейшаму". Сярод пераможцаў і лідская пара: Наталля Шчалканогава і Аляксей Дзямко - дыплом 2-й ступені.

- Мне вельмі пашанцавала!!! - кажа Наталля Шчалканогава. - Сёння мы зноў сярод першых, сярод пераможцаў! У пары нельга быць асобным, толькі адным цэлым. Хачу падзякаваць майму партнёру-Аляксею Дзямко, з якім вельмі лёгка і цудоўна танцаваць!

ТК "Культура Лідчыны".


24 траўня ў вялікай зале ДУА "Лідская дзіцячая школа мастацтваў" прайшоў справаздачны канцэрт харэаграфічнага аддзялення. Юныя артысты зачароўвалі гледачоў яркімі танцавальнымі кампазіцыямі, непаўторнымі вобразамі і маляўнічымі касцюмамі. Справаздачны канцэрт атрымаўся вельмі цікавым і насычаным.

Ліда - сапраўды танцуючы горад! Доказам таму стала свята танцу, якое прайшло ў вялікай зале Палаца культуры. Яркія вобразы, незвычайныя сцэнічныя гарнітуры, атмасферныя нумары, бясконцыя глядацкія апладысменты і рух, рух, рух...

І так, тыдзень танцавальных мерапрыемстваў Палаца культуры лічым адкрытым. Чаму? А таму: 1-га чэрвеня адбудзецца "Дэнс-парад", прысвечаны 15-годдзю з дня заснавання ўзорнай студыі бальнага спартовага танцу "Феерыя-Дэнс", а 3-га чэрвеня пройдзе "Танцавальны марафон".

Не забывайце сачыць за афішамі Палаца культуры і... танчыце з намі.

ТК "Культура Лідчыны".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX