Папярэдняя старонка: 2023

Наша слова.pdf № 23 (75) 


Дадана: 06-06-2023,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 23 (75), 7 чэрвеня 2023 г.

Католікі і праваслаўныя адсвяткавалі Троіцу

У 2023 годзе католікі і праваслаўныя зноў адзначылі свята Найсвяцейшай Троіцы ў адзін дзень - 4 чэрвеня.

У гэтага свята няма сталай даты, яна залежыць ад даты Вялікдня. Сёлета Уваскрэсенне Хрыстова католікі і праваслаўныя святкавалі з розніцай у тыдзень, аднак даты свята Святой Троіцы супалі - чаму так?

Справа ў тым, што першапачаткова хрысціяне і ў заходняй, і ва ўсходняй традыцыі гэтае свята адзначалі адначасова з Сёмухай: святам Спаслання Святога Духу ў 50-ты дзень пасля Вялікадня. І калі ў праваслаўі абодва святы так і засталіся сумешчанымі, то ў Каталіцкім касцёле іх падзялілі ў XIV стагоддзі.

На 50-ты дзень пасля Вялікдня католікі адзначаюць выключна Спасланне Святога Духу на апосталаў - гэтай падзеі прысвечана Сёмуха. А ў наступную нядзелю, на 57-мы дзень пасля Вялікдня, у Каталіцкім касцёле асобна святкуюць свята Найсвяцейшай Троіцы - раскрываючы ў гэты дзень хрысціянскую праўду пра Адзінага Бога ў трох Асобах - гэта Бог Бацька, Сын (Езус Хрыстус) і Святы Дух.

Паводле СМІ.

У Наваградку асвяцілі калону арханёла Міхала

Урачыстасць асвячэння калоны Святога Міхала Арханёла прайшла ў Наваградку. Імшу цэлебраваў апостальскі нунцый ў Беларусі, арцыбіскуп Антэ Ёзіч.

Архітэктар: Аляксей Яроменка,

Скульптар: Вадзім Мацкевіч.

Паводле СМІ.

Вечарына да 200-годдзя Уладзіслава Сыракомлі

1 чэрвеня ў Менску ў культурна-асветніцкім цэнтры імя Еўфрасінні Полацкай адбылася літаратурна-музычная вечарына, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння Уладзіслава Сыракомлі, якое будзе адзначацца ў верасні.

У вечарыне ўзялі ўдзел лаўрэаты Міжнародных конкурсаў артыстка Белдзяржфілармоніі Галіна Сакольнік і скрыпач Аляксей Загорскі. Вядоўцай імпрэзы выступіла кандыдат мастацтвазнаўства Святлана Немагай.

Людвік Уладзіслаў Францішак Кандратовіч, беларускі і польскі паэт, драматург, перакладчык, літаратурны крытык, гісторык і краязнавец нарадзіўся 29 верасня 1823 года ў фальварку Смольгаў Бабруйскага павету.

Прадстаўнік шляхецкага роду Кандратовічаў гербу "Сыракомля" узяў гэта прозвішча за псеўданім. Асноўную частку свайго жыцця У. Сыракомля правёў на Палессі, а потым - на Нясвіжчыне і Стаўбцоўшчыне.

У сярэдзіне ХIХ стагоддзя імя Уладзіслава Сыракомлі было добра вядома ва ўсіх кутках Беларусі. Эліза Ажэшка ўспамінала, што ёй запомніўся "вялікі дэмакратычны і разам, узвышаны дух" яго вершаў. Гэты "дэмакратычны" дух паэзіі У. Сыракомлі быў галоўнай прычынай таго, што "вясковы лірнік", як сцвярджаюць даследчыкі польска-рускіх літаратурных сувязяў, "побач з Бёрнсам і Шаўчэнкам быў адным з найбольш любімых паэтаў рускай інтэлігенцыі".

А. М. Горкі ставіў яго ў адзін шэраг з Пушкіным, Шэлі, Гейне, Міцкевічам. Уладзіслаў Сыракомля быў усё жыццё ўлюбёны ў Беларусь. Матывамі патрыятызму прасякнута яго паэзія, драматургія, проза і публіцыстыка. Літаратурная праца была асноўным сродкам існавання У. Сыракомлі. Паэт лічыў, што без поўнага сацыяльнага разняволенння беларускага народа не можа быць сапраўднага развіцця беларускай культуры і літаратуры. Ён пісаў большасць сваіх твораў па-польску, бо звяртаўся да шляхты, ад якой залежала вызваленне сялянаў з-пад прыгнёту, але значную частку твораў напісаў і па-беларуску.

У. Сыракомля адмовіўся ад прапаноў перабрацца ў Варшаву, дзе яму, як папулярнаму публіцысту, давалі пасаду рэдактара спачатку "Biblioteki Warszawskiej", а потым -" Gazety Codziennej".

Творчае супрацоўніцтва звязвала Уладзіслава Сыракомлю і Станіслава Манюшку. Вершы Уладзіслава Сыракомлі паклалі на музыку многія кампазітары - Віктар Кажынскі, Станіслаў Манюшка, Канстанцін Горскі, Пётр Ілліч Чайкоўскі і іншыя.

Творы " Каласок", "Песні сялянкі-літвінкі", "Вечаровая песня", " Наша зямліца" і " Salve Reginum" ( словы лацінскага анціфона да Маці Божай") прагучалі падчас вечарыны ў выкананні выдатнай спявачкі з яркім меца-сапрана - лаўрэаткі міжнародных конкурсаў Галіны Сакольнік.

Эла Дзвінская, фота аўтара.

"Замкавы гасцінец".

Новы сезон

28 траўня ў Лідзе стартаваў сёмы сезон культурна-турыстычнага праекта "Замкавы гасцінец"! Ён будзе здзіўляць праграмамі, святамі і фэстамі на працягу ўсяго турыстычнага сезону.

ТК "Культура Лідчыны".

Калі гісторыя ажывае

У госці да Таўлая, у грозны сорак першы год…

Кожны год у рамках акцыі "Ноч музеяў" наведвальнікі аднаго з аб'ектаў Лідскага гістарычна-мастацкага музея - Дома Валянціна Таўлая - маюць магчымасць паглядзець і паслухаць у мемарыяльным пакоі паэта інсцэніраваны аповед "У Таўлая пабываем" - як бы пабываць у гасцях у самаго Валянціна Таўлая, які жыў у гэтым будынку з першай жонкай Кірай Брандт у 1939-1941 гадах, у перыяд сваёй працы ў рэдакцыі газеты "Уперад" (папярэдніцы "Лідскай газеты"). І кожны год інсцэніроўка паказваецца ў новай версіі. Сёлета яна была прымеркавана да Года міру і стварэння, называлася "У Таўлая пабываем… перад пачаткам вайны" і адлюстроўвала апошнія дні знаходжання Валянціна Таўлая з жонкай у Лідзе, у гэтым доме - трывожныя дні чэрвеня 1941 года.

У ролі паэта нязменна выступіў навуковы супрацоўнік, адказны за Дом-музей, Алесь Хітрун, ролю Кіры Брандт на гэты раз выканала новы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Людміла Квач, у вобраз ахмістрыні Ганны ўвайшла, як і ў мінулыя гады, работніца Дома Валянціна Таўлая Ганна Драб.

Валянцін Таўлай быў паказаны ў сваім пакойчыку за працай над вершамі, якія ён задумаў яшчэ ў турме "пры польскім часе" і якія зараз "вытрасаў з памяці", запісваў на паперу, плануючы выдаць зборнік вершаў паводле свайго поўнага барацьбы і выпрабаванняў жыцця "Шляхі і краты". І паэт, і яго жонка адчуваюць нейкую трывогу, прадчуваюць, што хутка здарыцца нешта страшнае.

Таўлай аддаецца ўспамінам, расказвае Кіры пра розныя перыяды свайго жыцця. Гледачы даведваюцца, дзе паэт напісаў свой першы верш, дзе ён вучыўся і за што быў выключаны з навучальных устаноў. Расказвае галоўны герой інсцэніроўкі і пра сваю падпольную дзейнасць на тэрыторыі Заходняй Беларусі, пра цяжкія гады зняволення. Перад гледачамі паўстае вобраз паэта-змагара, паэта-патрыёта, які не цураецца роднай мовы, які цікавіцца беларускім фальклорам, да якога цягнецца моладзь, у тым ліку маладыя, пачынаючыя паэты. З цеплынёй расказвае Таўлай пра сваіх родных: бабулю Аўдоццю, бацьку Паўла Дзям'янавіча, мачыху Сцепаніду Паўлаўну, брата Шуру, сястру Ніну. Дарэчы, бацька, мачыха і сястрычка Валянціна Таўлая ў той час таксама жылі ў Лідзе.

Паводле інсцэніраванага аповеду, страшную вестку пра пачатак вайны Валянцін Таўлай пачуў на абутковай фабрыцы "Ардаль", куды, яшчэ не ведаючы аб гэтым, адправіўся на мітынг пасля размовы з Кірай. Паэт кінуўся ў свой дом, пачаў спешна збіраць рукапісы сваіх вершаў. Паміж ім і жонкай успыхнула сварка - многія рукапісы мужа Кіра выкінула на сметнік.

Але на гэтым аповед не заканчваецца. Далей расказвае ахмістрыня, і слухачы даведваюцца, што пасля пачатку вайны шлях Валянціна Таўлая пралёг на Наваградчыну, а Кіры Брандт - у Вільню. Доўга лічылася, што Кіру, як яўрэйку, расстралялі немцы. Але гэта не так. З запісаў у дзённіку паэта Максіма Танка вынікае, што ў час вайны яна жыла ў Вільні, у цешчы Максіма Танка Ганны Асаевіч, па падробленых дакументах. Таксама вядома, што ў 1945 годзе Кіра Брандт выйшла замуж за яўрэя-адваката. Памерла ў 1984 годзе. У ранейшых інсцэніроўках "У Таўлая пабываем" гэтай інфармацыі пра першую жонку Таўлая не было.

- У 2014 годзе, да 100-годдзя з дня нараджэння Валянціна Таўлая, выйшла мая дакументальная кніга "Этапы жыццёвых дарог", - расказвае пасля інсцэніроўкі супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Анастасія Каладзяжная. - Канешне, у параўнанні з тым, што даведаліся пра Валянціна Таўлая я і Алесь Хітрун у наступныя дзевяць гадоў, матэрыялу ў той кнізе няшмат. Сёння такая кніга выйшла б у значна большым аб'ёме. Мы знаходзімся ў пастаянным пошуку, даведваемся пра новыя факты з біяграфіі паэта, і многія з гэтых фактаў выкарыстоўваюцца ў інсцэніраваным аповедзе "У Таўлая пабываем".

- Мы не артысты - мы музейшчыкі, - гаворыць Ганна Драб. - Аднак пры падрыхтоўцы і ў час інсцэніроўкі стараемся ўжыцца ў вобразы сваіх герояў, і з кожным годам у нас гэта атрымліваецца ўсё лепш. Асабліва шмат тэксту трэба запомніць, прапусціць праз сябе Алесю - нашаму нязменнаму Валянціну Таўлаю. Яму гэта кожны раз удаецца, бо пра Таўлая, як навуковы супрацоўнік, старшы па Доме-музеі паэта, ён ведае вельмі шмат. З кавалкаў успамінаў мы складваем нашу інсцэніроўку. Ёсць тут, канешне, і выдумка, але пабудавана дзея пераважна на дакументальных фактах. І такая форма знаёмства наведвальнікаў з біяграфіяй паэта нашмат цікавейшая, чым звычайная экскурсія па мемарыяльным пакоі. Будзем выкарыстоўваць яе ў нашай дзейнасці і надалей, але па папярэдніх заяўках.

Аляксей КРУПОВІЧ.

Навіны Германі

У Ляйпцыгу паставілі балет пры дапамозе штучнага інтэлекту. Упершыню ў свеце

Прэм'ера прайшла 28 траўня, першыя водгукі крытыкаў сведчаць, што відовішча выйшла больш чым уражвальнае.

Пакуль ідуць спрэчкі, ці пагражае штучны інтэлект знішчыць працоўныя месцы або нават захапіць уладу над чалавецтвам, кіраўнік Ляйпцыгскай оперы Марыа Шродэр вырашыў перайсці ад тэорыі да практыкі. Для працы над новым спектаклем ён запрасіў брытанскага музыканта і эксперыментатара ў галіне штучнага інтэлекту Гары Ефа, вядомага пад сцэнічным псеўданімам Reeps100.

Гэта майстар жанру бітбокс, калі ўся музыка пішацца пры дапамозе голасу. Але Еф не проста імітуе гукі ўдарных музычных інструментаў, баса і іншых інструментаў, але і шырока прымяняе нейрасетку для апрацоўкі атрыманых трэкаў.

Падчас балета пад назвай Fusion (у перакладзе - сінтэз, або зліццё), музыкант са сваёй тэхнікай і двума мікрафонамі ўдзельнічае ў працы аркестра.

Сам балет падзелены на пяць раздзелаў: "Генезіс", "Штучны інтэлект", "Перазагрузка", "Дэканструкцыя" і, нарэшце, тытульная "Зліццё".

Як вынікае з анатацыі на сайце тэатра, спектакль прысвечаны магчымасцям чалавечага голасу, яго межам і здольнасці выказаць гэта праз танец. Штучны інтэлект ужываўся таксама пры распрацоўцы сцэнаграфіі.

Прэм'ера ў Ляйпцыгу прайшла 28 траўня, першыя водгукі крытыкаў сведчаць, што відовішча выйшла больш чым уражальнае.

- Мы даём штучнаму інтэлекту шанец стаць мастацкім, - цытуе аднаго са стваральнікаў балета, драматурга Ціла Райнхарда нямецкая медыяпраграма Tagesschau.

Паводле СМІ.

Гарадзенскаму біёлагу і краязнаўцу

Андрэю Майсяёнку - 80

1 чэрвеня спонілася 80 гадоў з дня нараджэння доктара біялагічных навук, прафесара, аднаго з вядучых вучоных у галіне нутрыцыялогіі Беларусі, краязнаўца з Гародні Андрэя Майсяёнка.

Андрэй Майсяёнак нарадзіўся 1 чэрвеня 1943 года ў Глыбокім. Яго бацька Георгій Нікіфаравіч працаваў хірургам у Пліскім і Глыбоцкім раёнах, а пасля вайны ў Шаркаўшчыне і Варапаеве. Маці Антаніна Фёдараўна была настаўніцай біялогіі ў Лужках і на Пастаўшчыне. Пражывалі спачатку Майсяёнкі ў Шаркаўшчыне на кватэры ў Дубашынскіх, бацькоў народнага артыста Беларусі Паўла Дубашынскага. У 1948 годзе Георгія Нікіфаравіча перавялі на працу ў Дунілавіцкую бальніцу, што месцілася ў Варапаеве. Паколькі бацька быў урачом-хірургам, а маці настаўніцай біялогіі, гэта ў многім абумовіла далейшы жыццёвы шлях іх сына Андрэя. Пасля атрымання сярэдняй адукацыі ў Варапаеўскай СШ у 1959 годзе юнак паступіў у Гарадзенскі медінстытут, які заканчвае з "адзнакай", а пасля і аспірантуру пры гэтай навучальнай установе. У 1970 годзе пачаўся шлях Андрэя Майсяёнка ў акадэмічную навуку. Праз год ён абараніў кандыдацкую дысертацыю. Працаваў на розных пасадах ад кіраўніка лабараторыі Гарадзенскага медінстытута да галоўнага навуковага супрацоўніка Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі. Займаўся выкладчыцкай дзейнасцю. У 1997 годзе Андрэй Майсяёнак абараніў доктарскую дысертацыю ў Маскоўскім інстытуце біяхіміі. Ён вядомы як вядучы спецыяліст у вобласці вывучэння абмену біяхімічных функцый пантатэнавай кіслаты. З'яўляецца аўтарам шырока вядомых манаграфій па гэтым пытанні, ініцыятар правядзення міжнародных сімпозіюмаў. Супрацоўнікамі і вучнямі Андрэя Майсяёнка абаронены 4 доктарскія і 19 кандыдацкіх дысертацый. З-пад яго пяра выйшла больш за 450 навуковых работ, атрымана 20 аўтарскіх пасведчанняў на вынаходніцтвы… З даўняга хобі заняткаў па гісторыі медыцыны вырасла захапленне краязнаўствам. Андрэй Георгіевіч прымаў удзел у канферэнцыях памяці Язэпа Драздовіча, займаўся даследаваннем жыцця і дзейнасці вандроўнага мастака, устанавіў абставіны яго смерці. Прафесар Майсяёнак быў старшынём аргкамітэта Міжнародных гістарычна-краязнаўчых чытанняў у Лідзе (1993 г.). З'яўляецца адным з заснавальнікаў Беларускага фонду імя Адама Міцкевіча. Ён напісаў шэраг артыкулаў па гісторыі медыцыны на Беларусі, а ў 1990 годзе быў абраны намеснікам старшыні камісіі Гарадзенскага аблвыканкама па навуцы, культуры і адукацыі, узначальваў Гарадзенскую краязнаўчую асацыяцыю. З 1991 года займаўся стварэннем нацыянальнага фонду рукапісаў, старадрукаў, рэдкай кнігі і перыёдыкі імя Храптовіча. Заўсёды выступаў за вывучэнне і захаванне беларускай культурна-гістарычнай спадчыны.

Шчыра віншуем Андрэя Георгіевіча з юбілеем. Жадаем яму здароўя, дабра, шчасця і ўсяго самага добрага.

У цэнтры Прагі паставілі памятны знак у гонар Скарыны

Знак атрымаўся незвычайны: усе яго элементы маюць люстраны выгляд. Гэта нездарма, як тлумачаць яго стваральнікі.

Ідэя ўстаноўкі знака, як і яго канцэпцыя, належаць славісту і скарыназнаўцу Іллі Лямешкіну, дацэнту Карлавага ўніверсітэта. Ён з 2017 года займаецца асобай Скарыны і зрабіў шэраг важных адкрыццяў. Як мы ўжо пісалі, Лямешкін з Пятром Войтам выявілі, што на адзіным вядомым партрэце друкара няма ніякіх вусоў, толькі цень ад носа.

Таксама Лямешкін ідэнтыфікаваў месца, на якім, імаверна, стаяў дом, друкарню ў якім Скарына арандаваў у 1517-1519 гадах.

Друкарня была заснавана Скарынам пры падтрымцы віленскіх мецэнатаў Якуба Бабіча і Багдана Онькава. У Празе Скарына надрукаваў у 1517-1519 гадах 23 кнігі Старога Запавету. На думку Лямешкіна, гэта было зроблена ў доме купца Севярына на сённяшняй Мікулашскай вуліцы, якая адыходзіла ад касцёла Святога Мікулаша. Будынак, дзе месцілася друкарня, быў знесены, і ў 1838-1848 гадах на яго месцы пабудавалі неагатычнае крыло Старамесцкай ратушы.

У час Пражскага паўстання ў 1945 годзе ратуша згарэла, пасля таго як 8 траўня, за некалькі гадзін да падпісання капітуляцыі, нямецкія войскі абстралялі яе. Руіны знеслі пасля вайны. Яшчэ пры нацыстах з'яўляліся праекты перабудовы гэтага квартала па тагачаснай модзе, мноства мадэрнісцкіх праектаў прапанавалі ў пасляваеннай камуністычнай Чэхаславакіі, але ніводны з іх не быў рэалізаваны - тут узнік сквер, рэдкі зялёны куточак у шчыльнай старой пражскай забудове, раскрыты ў бок Старамесцкай плошчы.

Ідэя ўсталяваць тут знак з'явілася ў 2020 годзе, але да рэалізацыі справа дайшла толькі цяпер.

Мастацкае рашэнне знака выканаў чэшскі мастак і ілюстратар Іржы Алтман (Jiri Altmann). Знак, усталяваны ў бруку тратуара, спалучае ў сабе сігнет Скарыны - прамяністае Сонца з прытуленым маладзіком - з лацінскім надпісам "Domvs Severini. Institoris" (Дом купца Севярына). Але ўсе элементы на знаку маюць незвычайны люстраны выгляд.

Аўтары тлумачаць, што гэта было зроблена адмыслова, як перайманне друкарскай літары (littera), адмысловага проставугольнага бруска з рэльефнай люстраной выявай, якая пасля адбівалася на паперы. Такі ж адбітак можна атрымаць і ад новага знака, калі нанесці на яго фарбу і прыкласці аркуш.

Дарэчы, знак, як можна зразумець з надпісу, прысвечаны не толькі Скарыну, бо, магчыма, у тым жа доме Севярына ў 1488 годзе была выдадзена першая друкаваная Біблія на славянскай мове - Пражская Біблія.

А вось з месцазнаходжаннем пражскай друкарні Скарыны не ўсё так адназначна. Паводле некаторых звестак, яна магла знаходзіцца недалёка ад гэтага месца, у доме па Старамесцкай плошчы, 22. Паводле іншых версій, Скарына мог арандаваць друкарню Мікулаша Конача, які ў сваёй выдавецкай дзейнасці таксама арыентаваўся на народную мову.

Гэта далёка не адзіны напамін, які маецца пра беларускага першадрукара ў Празе.

На суседняй вуліцы, на сцяне ў дворыку Клемянцінума, у 1996 годзе ўсталявалі мемарыяльную дошку ў ягоны гонар, хоць гэтае месца ніяк не звязана з дзейнасцю друкара.

У тым жа годзе ў скверы на Градчанах паставілі поўнафігурны помнік Францыску Скарыну: некалькі гадоў пасля вяртання ў Прагу былы друкар па запрашэнні караля Фердынанда I працаваў батанікам у садзе, разбітым непадалёк.

Паводле СМІ.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

У Каліфорніі і Аклахоме: Грынкевіч, Сямашка; "Індзейцы і Беларусь" - першы артыкул пра сувязі

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-22 (53-74) за 2023 г.)

Дасылаючы бандэроль з рознымі матэрыяламі члену БІТ у Венгрыі, аўтар у лісце, датаваным 12.10.1987 г., так пракаментаваў і датаваў першы агляд беларуска-індзейскіх сувязей, які быў у бандэролі: "артыкул "Індзейцы і Беларусь" датуецца пачаткам 1986 г., калі фактаў па гэтай тэме было ў "5 разоў меней", а беларускамоўны стаж складаў крыху болей за год - адсюль недасканаласць, якую пакуль часу выправіць не было. Мы думаем выдаваць спецыяльны даведачны "Штогоднік БІТ" (накшталт "Ежегодника БСЭ"), у якім будзе пастаянна прысутнічаць рубрыка "Індзейцы і Беларусь: новы погляд (г.зн. кожны раз новая рэдакцыя, як гаворыцца, "выданне [...]-ае, перапрацаванае і дапоўненае")". Такім чынам, "(6) група матэрыялаў, якія складаюць 1-ы нумар органа АГ БІТ часопіса "Індзейская сцежка праз Беларусь"" (за верасень 1987 г.) і ўключаюць згаданы артыкул, трапіла ў Венгрыю, а тая наша калега, у сваю чаргу, прывезла адтуль самы першы нумар "Еўрапейскага агляду карэнна-амерыканскіх даследаванняў", які стартаваў там якраз у 1987 г.

Артыкул пісаўся для гомельскага журналіста з мэтай прадэманстраваць, што знойдзена па тэме, - паказаць сваю саліднасць як даследчыка. OCR артыкула рэдагуецца да чытабельнасці цяпер, у канцы траўня - пачатку чэрвеня 2023 г. Мы не перарабляем тэкст устаўкай каментарыяў (а толькі выпраўляем адну яўную фактычную памылку і моўна-тэхнічны бок), хаця ён скрозь патрабуе дадатковых больш тонкіх "інтэрвенцый".

Праблема не ў "татальнай" адсутнасці спасылак на крыніцы і не ў адсутнасці многіх "неабходных" прыкладаў, на якія ўказваў журналіст у заўвагах, а ў тым, што некаторыя прынцыпова важныя выказванні сапраўды гучалі крыху дэкларатыўна і не былі падмацаваны "праверанымі" фактамі. Сёлетняму "юбіляру" па меркаванай даце смерці "пасля 1533" г. М. Гусоўскаму маглі проста прыпісаць увагу да лёсу ацтэкаў: "разграбленне […] культуры" - арыгінальны выраз, які можа належаць даследчыку Гусоўскага В. Дарашкевічу, але мы не знайшлі пацвярджэння ні ў яго, ні ў іншых аўтараў. Некаторыя заявы былі занадта "нацягнутымі". Назваць "першым у савецкі час беларускім абаронцам індзейцаў" Янку Маўра - у цэлым "публіцыстычна" апраўдана, але, як вядома, ён "плакаў" хутчэй з-за замардаваных індзейцамі белых, а ў 20-я гады з'ява "абароны індзейцаў" з самой Беларусі яшчэ ўвогуле не развілася - як у 1980-я, калі фармальна "абаронцаў індзейцаў" у Беларусі стала нават нямала. Нацыянальнае пытанне ў СССР сапраўды спачатку спрабавалі вырашаць беспрэцэдэнтна радыкальна і пазітыўна, але, на жаль, гэты пазітыў паступова разбураўся - з разбурэннем, напрыклад, сістэмы нацыянальных сельсаветаў, з дэпартацыямі (а польская дэпартацыя ўкраінцаў магла ажыццяўляцца толькі са згоды савецкага кіраўніцтва…). Тым не менш, у 70-я гг. дружба народаў успрымалася намі без іроніі і нават з гонарам.

ІНДЗЕЙЦЫ I БЕЛАРУСЬ

Кожны, хто зараз пачуе пра беларуска-індзейскія сувязі, вельмі здзівіцца. Але ўсе беды на гэтым свеце ад неінфармаванасці... Дастаткова падсумаваць толькі галоўныя факты, як "беларуска-індзейскія" сувязі ператварацца ў рэальнасць і многія пажадаюць персанальна прыняць у іх удзел.

Калі ўпершыню на Беларусі даведаліся аб існаванні індзейцаў? Хутчэй за ўсё амаль што адразу пасля "адкрыцця" Калумба. Першыя звесткі аб Амерыцы і яе жыхарах распаўсюджваліся па Еўропе з такой хуткасцю, якую дазвалялі існуючыя ў той час сродкі камунікацыі. Безумоўна, пры адсутнасці ўласнага друку ў Вялікім Княстве Літоўскім да 1522 года, неабавязкова, каб першая інфармацыя не была дакументальнай, хаця больш верагодна, што яна была менавіта вуснай - перададзенай пасламі або гандлярамі. Калі не разглядаць найранейшыя асобныя ўпамінанні, ва Усходняй Еўропе амаль усе мясцовыя крыніцы на розных мовах маюць адну першакрыніцу падрабязных звестак - польскую "Хроніку ўсяго свету" (1551 г.) Марціна Бельскага. Беларускі пераклад гэтай вядомай хронікі быў зроблены ў 1554 годзе, на 30 гадоў раней за рускі, але ён не можа разглядацца як першая пісьмовая беларуская інфармацыя аб індзейцах. Дзеячы Беларусі, асабліва тыя, хто выязджаў на Захад, цікавіліся падзеямі, звязанымі з адкрыццём, а потым і заваяваннем Амерыкі. Славуты паэт-лацініст Мікола Гусоўскі выказваў сваё абурэнне жорсткасцю іспанцаў, якія пакаралі ацтэкаў. Згадкі пра індзейцаў маглі быць і раней, напрыклад, у дзённіках і пісьмах Францыска Скарыны, тым больш, што ён вучыўся ў Італіі, на радзіме Калумба, а пазней, верагодна, знаёміўся з публікацыямі чэшскага першадрукара Мікулаша Бакаларжа, які выдаў асобную кніжку, прысвечаную Амерыцы і яе жыхарам - адну з першых у Еўропе.

Так ці інакш, пры поўным азнаямленні з помнікамі старажытнабеларускай пісьменнасці, мы не аднойчы сустрэнемся з падобнымі ўпамінаннямі. Але не толькі яны расказвалі аб Новым Свеце. У Беларусі з'яўляюцца рэчы з таямнічага, цікавага сваёй неадкрытасцю кантынента. Ужо ў 1546 годзе на вяселлі падчашага літоўскага Станіслава Кежгайлы дэманстраваўся строй "дзікага чалавека". Гэтакае ж адзенне было прадстаўленае і ў Вільні ў 1624 і 1627 гадах, калі на шэсці, арганізаваным езуітамі, адна з фігур, персаніфікуючых бакі свету, была Амерыкай. З'яўляецца мода на рэдкія экзатычныя рэчы, і мясцовыя магнаты, у першую чаргу Радзівілы, набываюць "індыйскіх" бажкоў і г.д,, з тым каб не адстаць ад заходнееўрапейцаў і бліжэйшых суседзяў у Кароне. У княжацкіх замках з гэтага часу можна сустрэць таксама карціны, якія адлюстроўваюць прыроду і жыхароў другога паўшар'я (сярод іх, верагодна, работы Маўрыцыя Аранскага, які наведаў Бразілію, якая, між іншым, упершыню на Усходзе Еўропы згадваецца Пятром Скаргам у час яго знаходжання ў Вялікім Княстве). Натхняльнік і арганізатар абарочвання беларусаў і іншых народаў княства ў каталіцтва называў гэтую зямлю "сапраўднай Паўночнай Індыяй", маючы на ўвазе перспектывы як у каталіцызацыі, так і ў эксплуатацыі гэтага краю польскімі "канкістадорамі". Гэты матыў вельмі часты ў гісторыі адносін паміж Польшчай і Беларуссю, а таксама Расіяй, прычым з польскага боку былі і прыхільнікі каланіяльнай экспансіі на ўсход, і яе праціўнікі, якія спасылаліся на "індзейскі аргумент".

Пакуль жа ішла рэлігійная барацьба, жыццё працягвалася і нашы продкі - беларускія "індзейцы" - знаёміліся з новымі "скарбамі" сваіх "братоў" з Індзейскай Амерыкі - якія і сапраўды былі скарбамі, хоць і не былі зробленыя з золата і срэбра: культурныя расліны, выведзеныя індзейцамі, хутка пачалі даваць ураджаі і на беларускай зямлі. Не проста высветліць дакладна тыя гады, калі бульба, кукуруза, гарбузы, тытунь і іншыя культуры апынуліся ў Беларусі, прайшоўшы доўгі шлях ад тых месцаў у Амерыцы, дзе яны былі ўпершыню ўзятыя еўрапейцамі. Але вынікі ўвядзення іх былі досыць хуткімі, амаль рэвалюцыйнымі. "Бульбянізацыя" Беларусі была такой шырокай і кардынальнай, што беларусы могуць з поўным правам называцца "бульбяным народам" (што знайшло свой выраз між іншым і ў жартоўнай назве "бульбашы"), як індзейцы Гватэмалы - "маісавым", а прэрыйныя і патагонскія індзейцы - "конным народам". I хаця бульба, па словах У. Сыракомлі, не толькі карміла, але і "залівала гарэлачным морам" беларускія землі, яна адыграла значную ролю ў гаспадарчым развіцці. Тыя ж, хто жыў ёй, вельмі мала ведалі пра паходжанне сродку свайго існавання. Праўда, беларуская шляхта і магнаты мелі некаторыя звесткі аб Амерыцы, але ўражвала іх у першую чаргу багацце індзейскіх дзяржаў (імперый) і тое, як іспанцы іх пакаралі і наогул усё сенсацыйнае адтуль, дзе, па словах, прысвечаных Льву Сапегу, "індзеец з неграм залаты брант збіраюць, Дзе сваім суднам іспанец, італьянец рэжа акіян". 17 стагоддзе асабліва багатае на падобныя апісанні; яны распаўсюджваліся на Беларусі пераважна на польскай мове.

Адной з форм азнаямлення з далёкім кантынентам і яго першапачатковым насельніцтвам была тэатральная сцэна. Найбольш значным цэнтрам у гэтым сэнсе быў Нясвіж, дзе на працягу 17 ст. у школьным тэатры дэманстравалася некалькі спектакляў, спецыяльна прысвечаных Амерыцы. Так, у 1723 г. у п'есе апавядалася пра Калумба як вялікага падарожніка і адкрывальніка, у 1758 г. ішла камедыя "Амерыканін дзікі альбо прастата прыродным розуму", а крыху пазней - "Арлекін ці дзікі амерыканін" (апошняя была паказаная таксама ў Вільні ў 1765 г.). Усе яны ставіліся пад кіраўніцтвам айцоў-езуітаў, якія (і сапраўды) вельмі ўдала ўладкаваліся і на Беларусі, знайшоўшы месца, дзе можна было з такім жа поспехам, і нават большым, кантраляваць мясцовае насельніцтва, як і ў Парагваі або на Поўначы Мексікі. Беларусы былі не такія "ваяўнічыя" і свабодалюбівыя... У гэтым маглі спраўдзіцца і езуіты, што прыбылі ў Полацкую правінцыю ордэна пасля забароны яго ў Амерыцы.

З часам інфармацыя накоплівалася. З'явіліся першыя агульныя агляды, разлічаныя на шырокага чытача, у тым ліку і на дзяцей. У 1766, 1776 і 1812 гадах у Вільні выходзяць падручнікі па геаграфіі (напісаныя адпаведна Карпінскім , Мікуцкім і Завадскім ), у якіх змяшчалася шмат звестак пра краіны Заходняга паўшар'я; акрамя ўжо вядомых народаў Іспанскай Амерыкі, характарызаваліся і індзейцы Паўночнай Амерыкі, сярод іх іракезы і алганкіны. З кніг і іншых крыніц мовы, на якіх гаварылі ў Беларусі, прымаюць індзейскія запазычванні: табака, канібал, ураган, шакалад, какава, вігонь, каноэ, панама, хіна, татэм, эскімос і г.д. Новыя словы абазначалі рэаліі індзейскага жыцця, перанесеныя на беларускую глебу.

Канец 18 і ўсё 19 стагоддзе падзеленыя як вехамі трыма паўстаннямі, няўдалы канец кожнага з якіх вымушаў многіх удзельнікаў барацьбы за незалежнасць пакідаць радзіму і - вельмі часта - накіроўваюцца за акіян. Кожны з гэтых людзей на пэўны час ці назаўсёды станавіўся суграмадзянінам індзейцаў (у той самы час, калі апошнія ў сябе на радзіме не лічыліся грамадзянамі). Усе вядомыя беларускія эмігранты рашуча выказваліся супраць варварскага абыходжання з жыхарамі і ў Паўночнай, і ў Лацінскай Амерыцы, прычым гэтая іх пазіцыя рабілася вядомай і ў Беларусі. Юльян Нямцэвіч, ураджэнец Скокаў пад Брэстам, разам з другім нашым суайчыннікам Тадэвушам Касцюшкам сустракаецца з правадыром племені маямі Маленькім Чарапахам і ў знак узаемаразумення і дружбы абменьваюцца падарункамі. Ігнат Дамейка доўгі час падарожнічае па краіне араўканаў, яшчэ свабоднай Араўканіі, і затым піша "з палітычным намерам, як абаронца індзейцаў" кнігу, у якой першы ў 19 ст. праўдзіва характарызуе вольналюбівы народ. Антон Расадоўскі ў другой палове 50-х гадоў жыве ў польскім пасяленні Панна Марыя ў Тэхасе, якое ўвесь час знаходзіцца пад пагрозай нападзенняў каманчаў і апачаў, выконваючы абавязкі пробашча, настаўніка і прадстаўніка ўлады. Удзельнік паўстання 1863 г. Канстанцін Ельскі даследуе трапічныя лясы Гвіяны і Перу, увесь час падтрымліваючы адносіны з мясцовымі індзейцамі. І нарэшце - Юльян Гарайн, публіцыст, які палымяна выступаў у польскім і рускім друку ў падтрымку індзейцаў, якія процістаялі амерыканскай арміі і пасяленцам. Праўда, былі і такія эмігранты, якія працягвалі рэалізоўваць сваю сутнасць і ў Амерыцы, эксплуатуючы ці фізічна падаўляючы індзейцаў, калі знаходзілі гэта выгадным або неабходнай для дасягнення выгады. Але такіх не было сярод сялян, якіх у канцы 19 - пачатку 20 стагоддзяў ахапіла "эміграцыйная гарачка". Гэтыя людзі трапілі ў становішча, якое адрознівалася ў лепшы бок ад таго, што было на радзіме, але яно не было намнога лепш, чым у індзейцаў. Як пісаў Пімен Панчанка:

Цяжка ім было, дзядзькам і маладзіцам,

Па чужыне, па зямлі індыйцаў

Сосны траляваць, палі араць,

Нараджаць дзяцей і паміраць.


Пасля рэвалюцыі беларусы атрымалі магчымасць знаёміцца з жыццём іншых народаў на сваёй роднай мове. Рэвалюцыя пазбавіла беларусаў ад тых прымет, якія набліжалі іх да індзейцаў. У 20-я гады з'яўляецца шэраг цікавых перакладаў, у тым ліку выдатнага твора Генры Лангфела "Спеў аб Гаяваце", зроблены А. Мардвілкам, і апавядання Ч. Робертса "Апошні бізон"; беларускі чытач знаёміцца і з першым нацыянальным творам з жыцця індзейцаў - аповесцю "Сын вады" Янкі Маўра, у якой паказваюцца жыхары Вогненнай Зямлі і іх адносіны з еўрапейцамі. Пачынаецца навуковае вывучэнне індзейцаў і, хаця яно вядзецца галоўным чынам у Маскве і Ленінградзе, некаторыя з беларусаў і выхадцаў з Беларусі прымаюць у ім удзел. Напрыклад, работа, аднаго з галоўных цэнтраў індзеяністыкі ў СССР - ленінградскага Музея антрапалогіі і этнаграфіі - некаторы час вядзецца пад агульным кіраўніцтвам Я. Ф. Карскага - заснавальніка беларускай філалогіі. Першым этнографам, які паралельна вывучаў і беларусаў і індзейцаў, была Я. Э. Бломквіст. Першым савецкім даследчыкам у Лацінскай Амерыцы быў С. В. Юзепчук; у 1926 годзе ён займаўся пошукамі прарадзімы амерыканскіх раслін, уведзенай у культуру індзейцамі; але апошнія не ведалі пра яго добрыя намеры: у адзін момант, прыняты за землямера, ён быў ледзь не забіты каменем.

З пачаткам другой сусветнай вайны вялікія і малыя народы свету ўключыліся ў фронт супраціўлення фашысцкім варварам. Дзясяткі тысяч індзейцаў і сотні тысяч беларусаў прымаюць удзел у баявых дзеяннях, яшчэ больш удзельнічае ў працоўных намаганнях. Як і прадстаўнікі іншых народаў індзейцы і беларусы здзяйснялі подзвігі і ў баі, і ў працы. Свет помніць і партызан Беларусі і індзейцаў-парашутыстаў, радыстаў на ціхаакіянскім тэатры. Барацьба з агульнымі ворагам аб'ядноўвала ўсе народы. Патомак славутага Тэкумсе, правадыра шаўні, Сат-Ок ( Станіслаў Суплатовіч), ваяваў у партызанскім атрадзе на радзіме сваёй маці, у Польшчы, і яго баявымі паплечнікамі былі савецкія людзі. Пасляваенныя гады адзначаны з'яўленнем у Беларусі новай. літаратуры аб індзейцах і новымі непасрэднымі кантактамі. Можна прывесці толькі некаторыя з шматлікіх прыкладаў. Адразу пасля заканчэння вайны БССР разам з іншымі краінамі стала ініцыятараў стварэння ААН. З гэтага часу супрацоўнікі прадстаўніцтваў БССР і члены беларускіх дэлегацый на Генеральных Асамблеях атрымалі магчымасць пастаянна сутыкацца як з індзейскімі пытаннямі (у тым ліку па лініі Аб'яднаных Нацый), так і з самімі індзейцамі. Першае, што зрабілі карэнныя жыхары краіны месцазнаходжання - паднеслі прадстаўнікам краін-ініцыятараў люльку міру. Піянерам у галіне асабістых кантактаў быў Міхась Лынькоў, які ў 1945 годзе наведаў індзейскую рэзервацыю ў Каліфорніі. Роля Беларусі ў барацьбе ААН супраць каланіялізму, расавай дыскрымінацыі і парушэнняў правоў чалавека была ацэнена індзейцамі, у тым ліку і сімвалічным прысвячэннем беларускага прадстаўніка В. С. Смірнова ў ганаровыя індзейцы ў час наведвання ім музея Дзюсабль у Чыкага.

Сярод найбольш значных перакладаў літаратуры індзейцаў, зробленых у пасляваенны перыяд, трэба адзначыць кнігу Г. Фаста "Апошняя мяжа", Ж. Аліўе "У краіне індзейцаў" і аповесць М. Стынгла "Украдзены татэм" (перакладчыкі У. Шахавец, Н. Мацяш, П. Марціновіч), а таксама навукова-папулярную работу Т. Хеердала "Падарожжа на Коні-Цікі". Выдатнай падзеяй у культурным жыцці рэспублікі стаў выхад у свет асобным выданнем беларускага варыянта "Спеву аб Гаяваце" Лангфела. За гэты пераклад (разам з некаторымі іншымі) народны пісьменнік Аркадзь Куляшоў атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР. У Беларусі перакладаліся і сучасныя пісьменнікі - індзейцы па паходжанні Мігель Анхель Астурыяс і Габрыела Містраль.

Прыкладамі папулярызацыі індзейскай гісторыі і культур могуць служыць такія падзеі ў культурным жыцці рэспублікі, як гастролі ў Мінску перуанскай спявачкі Імы Сумак, якая выконвала індзейскія песні, выстаўка "Заходнееўрапейскі і амерыканскі жывапіс з музеяў ЗША", якая ў 1976 годзе была разгорнутая ў залах Дзяржаўнага мастацкага музея БССР. Арганізаваная ў абмен на экспазіцыю шэдэўраў з збораў Эрмітажа, яна выклікала "незвычайную", як падкрэсліў супрацоўнік выстаўкі, цікавасць публікі, і ў першую чаргу да работ амерыканскіх мастакоў, прысвечаных жыццю індзейцаў і заваяванню амерыканскага Захаду. Падобны абмен, хаця ён і адбываецца паміж дзвюма асобнымі краінамі, уносіць уклад і ў больш вузкую галіну непасрэдна беларуска-індзейскіх сувязей. У той час як пасланцы амерыканскіх і іншых краін прыносяць сваімі творамі інфармацыю аб індзейцах, беларускія дзеячы літаратуры і мастацтва перадаюць беларускія і савецкія каштоўнасці ў якасці інфармацыі, якая абагачае і служыць справе пашырэння ўзаемаразумення, супрацоўніцтва і дружбы. Толькі ці атрымліваюць яе індзейцы?

Азіраючыся назад і ацэньваючы вынікі амаль 500-гадовых своеасаблівых, часцей ускосных, беларуска-індзейскіх сувязей, трэба сказаць, што яны былі зусім неадназначнымі. Беларусь атрымала ад індзейцаў як матэрыяльныя, так і духоўныя каштоўнасці, у той час як індзейцы ад Беларусі і ўсяго Старога Свету - толькі маральную падтрымку і спачуванне. Але ж, безумоўна, нават пры існаванні амерыканскага імперыялістычнага інфармацыйнага фільтра, індзейцы ведаюць аб Савецкім Саюзе і яго шматлікіх народах галоўнае - што нацыянальныя пытанні тут вырашаюцца на карысць усіх народаў, што ў СССР адсутнічае нацыянальная і расавая дыскрымінацыя і што кожная нацыянальная рэспубліка мае ўсе магчымасці для развіцці ў нацыянальным рэчышчы. Індзейцы ў далейшым павінны атрымліваць больш інфармацыі, прычым інфармацыі аб'ектыўнай, аб Савецкім Саюзе і сацыялістычнай сістэме з тым, каб яны маглі лепш разумець прычыны тых абвінавачванняў у "бальшавізме", "чырвонасці" і г.д., якімі адорваюць радыкальных індзейскіх дзеячаў буржуазныя сродкі масавай інфармацыі, і добра ведаць, што "чырвоных" у Савецкім Саюзе - адны з самых шчырых прыхільнікаў "чырвоных" (у значэнні: індзейцаў - Аўт.) у Амерыцы.

Нягледзячы на абмежаваныя прамыя кантакты паміж беларусамі і грамадзянамі Беларусі і індзейцамі (накшталт удзелу індзейцаў у савецка-амерыканскіх маладзёжных сустрэчах у 1972, 1974 і наступных гадах, першая з якіх адбылася ў Мінску), культурны дыялог працягваецца і нават просты сувенір, але зроблены з любоўю і шчыра падораны (маецца на ўвазе драўляная скульптура-сімвал, перададзеная мінчанам правадыром аднаго з плямён у Канадзе разам са словамі: "Няхай савецкія людзі ведаць, што індзейцы зайздросцяць ім і мараць жыць гэтак жа свабодна і шчасліва, як яны..."), вельмі дарагі Беларусі.

Індыянка - удзельніца 12 міжнароднага фестывалю моладзі і студэнтаў у Маскве гаварыла пра развіццё сувязей паміж савецкай моладдзю і маладымі людзьмі яе маленькага канадскага племені. Беларуская моладзь і ўсе астатнія жыхары Беларусі разам з іншымі народамі СССР салідарныя з індзейцамі і кажуць "так" у адказ на прапанову дружбы з боку індзейцаў. Усе ў нас ведаюць пра лёс Л. Пелціера. Аб актыўнасці пазіцыі моладзі Беларусі сведчыць колькасць накіраваных у Вашынгтон па закліку "Комсомольской правды" паштовак. Ад імя Беларусі выказаўся і акадэмік Ф. І. Фёдараў - сын першага ў савецкі час беларускага абаронцы індзейцаў Янкі Маўра, калі сказаў: "Далучаю свой голас да тых, хто не спыняе справядлівай барацьбы супраць апартэіду і расавай дыскрымінацыі. Свабоду Леанарду Пелціеру!" Свабоду яму і ўсім амерыканскім індзейцам!

Літ.: (некаторыя крыніцы, на якія належала спаслацца)

4176 Sapieha J. Epithalamium na wesele Jasnie Wielmoznego Pana, Pana Leona Sapiehi Kanclerza naywyzszego W(ielkiego) X(estwa) Lith(ewskiego), Slonimskiego, Parnawskiego, Mohilowskiego, et. et. Starosty і Oswieconey Ksiezny na Birzach z Dubinek Panny Elzbiety Radziwilowny Woiewodzanki Wilenskiey. Przez mie Jana Sapiehe Staroste Markowskiego, Miadzielskiego, Jaswonskiego, et. et. Syna y sluge Ich M(o)sci uprzeymie napisanie. Honorabile connubium in omnibus, & thorus immaculatus. Ho(norabile) & Cap(itale). W Wilnie, 1599.

4104 Karpinski H. Lexykon geograficzny. Wilno, 1766.

2287 Мальдзіс А. Беларускі сябар Сянкевіча // Літаратура і мастацтва. 1966. 27 верас. С. 4. (Ю. Гарайн.)

4222 Tazbir J. Szlachta a konkwistadorzy: opinia staropolska wobec podboju Ameryki pzez Hispanie. Warszawa, 1969.

2449 Малчанава Л. А. Бломквіст Яўгенія Эдуардаўна // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. Т. 2. Мн., 1970. С. 359-360.

1197 Гусоўскі Мікола // Беларуская ССР: кароткая энцыклапедыя: у 5 т. Т. 5: Біяграфічны даведнік. Мн., 1981. С. 186-188. ("Паэта-гуманіста хвалявалі [...] разграбленне канкістадорамі культуры ацтэкаў у Амерыцы і інш.")

426 Бандарчык В. К. Бломквіст Яўгенія Эдуардаўна // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: у 5 т. Т. 1. Мн., 1984. С. 456.

5165 Воробей Н. С. Участие Белорусской ССР в отношениях Советского Союза с капиталистическими странами (50-70-е годы) / науч. ред. П. Т. Петриков. Мн., 1981. (Выстава 1976 г.)

2440 Гусовский Микола // Белорусская ССР: краткая энциклопедия: в 5 т. Т. 5: Биографический справочник. Мн., 1982. С. 182-184.

2169 Шчупак С. Мара індзейскага правадыра / фота В. Аляшкевіча // Гомельская праўда. 1984. 4 кастр. (Драўляная скульптура.)

502 Менкес Е. "Свабоду Леанарду Пелціеру!" // Гомельская праўда. 1984. 2 кастр.

521 У Нью-Йорку адбылася прэс-канферэнцыя, арганізаваная "Камітэтам у абарону Леанарда Пелціера", прафсаюзнымі і рэлігійнымі арганізацыямі / на здымку: выступае правадыр племені піскатауай Білі Тайак (Тэлефота I. Макурына) // Чырвоная змена. 1985. 3 кастр.

496 Зняць ілжывыя абвінавачанні з індзейскага правадыра! // Звязда. 1985. 16 кастр.

518 Стэльмах У. Матч дружбы // Гомельская праўда. 1985. 25 снеж. ("Дружба! На розных мовах свету гучала гэтае слова ў мінулую суботу ў актавай зале Гомельскага кааператыўнага тэхнікума. Цёпла і радушна прымалі гамяльчане сваіх равеснікаў з Кампучыі, Лаоса, Манголіі, Афганістана, якія вучацца ў політэхнікуме [палітэхнікуме]. / Юнакі і дзяўчаты сабраліся разам на вечар-мітынг "Мір - блакітнай планеце!". Тут жа быў арганізаваны і збор подпісаў пад лозунгам "Свабоду Леанарду Пелціеру, - барацьбіту за правы індзейцаў у Злучаных Штатах Амерыкі!" / - Глыбокае ўражанне пакінуў гэты вечар, - расказвае Тамара Шубіна, навучэнка Чарнігаўскага тэхнікума дзяржгандлю, якая прыехала са сваімі сяброўкамі, каб прыняць удзел у спаборніцтвах па валейболу на прыз Героя Савецкага Саюза Фёдара Пятровіча Котчанкі. […] На спартыўныя спаборніцтвы прыслалі свае каманды таксама Чарнігаўскі і Бранскі кааператыўныя тэхнікумы, якіх з гомельскімі навучэнцамі звязвае даўняе сяброўства".)

490 Аўчарэнка А. Вязень турмы Лівенуорт // Чырвоная змена. 1986. 25 студз.

505 На здымку вы бачыце барацьбіта за правы амерыканскіх індзейцаў Леанарда Пелціера, які ўсе яшчэ пакутуе ў турме. - Яго лёс - рэальнае сведчанне аб правах чалавека ў ЗША // Чырвоная змена. 1986. 11 сак. (Тэлефота ТАСС.)

ГРЫНКЕВІЧ Мікалай (2) - пра хлопчыка "індзейца з Сіткі" Андрэя Кавутку, які быў яго вучнем у Сан-Францыска з 1888 да 1891 або 1892 г., газета "San Francisco Chronicle" пісала: "Яго твар шырокі, як поўня, і круглы, як пончык. Яго вусны поўныя і маленькія раскосыя вочы чорныя, як гагат" (12.06.1891). Пасля вяртання на Аляску працаваў перакладчыкам у прыходзе Джуна, але яго мусілі звольніць за, як гэта перадае даследчык С. Кан, "leading a bad life". Чаму ён стаў "дрэнным хлопчыкам", можна толькі здагадвацца, але вядома, што і епіскап стукнуў яму адзін раз у жывот, каб "перавыхаваць".

Пераклад на заходнепалескую гаворку грынкевічыяны з брашуры доктара Руселя 1895 г. гучыць вельмі стыльна. Яго зрабіў для нас выдатны мовазнавец Фёдар Клімчук, ураджэнец Драгічынскага раёна. Варыянт палескіх гаворак ведалі на прыкладзе вёскі Мульчыцы на Ровеншчыне святар з Аляскі, а перад тым настаўнік школы ў Сан-Францыска Аляксандр Мартыш і члены яго сям'і, якія жылі на Валыні і / або маглі наведваць яго там (сын Сяргей быў ураджэнцам вострава і н. п. Kodiak):

"Я міг з дэякыю ныдовірыю односытыс до жялобэй служашчых і святарів, лычачы, шо "ворон вороновы гока ны выбырэ" і шо, можэ, в гэтых жялобах е доля пырыбильшаного, алэ я ны міг буты байдужым до жялоб дытэй, за якых ныхто ны заступывся, над якымы новый епіскоп справыв свою архіепіскопську власть. До мынэ, шэ можу сказаты, чясто заходыв някый Грынкевыч, якый кончыв духовну академію і був посланый в Гамэрыку за псаломшчыка, гэто за тое, шо бував нытвырозым. Вин росказував про нылюдськы порядкы в школах, і ёго слова твырдылы, шо жялобы нышчясных хлопчыкув правдывы. Я попросыв ёго напысаты на бумазы тое, шо вин мыні росказував про школьны гадості. Грынкевыч ны отказався од мэйі прысьбы і напысав от такую заметку, яную я подаю слово в слово, як вона правдывынько тлумачыть порядкы, завэдяны Владімыром.

ПРО ШКОЛУ

В школы дваццэть тры хлопці. Воны поділяны на тры класы. В класных комнятах выдуцьця й занятія. Комняты ля рыкрыацыонных часыв ныма ныякыйі. Всі класны комняты (спальні гэтак само) в пудвальному этажі. Дьві з йіх так слабо освічуюцьця, шо насырэдыны йіх ніяк розобраты надруковану кніжку. Вынтіляцыйі ныякыйі. Сырость і сморид. Другый класс і столова в однуй комняты.

Восьмылітні хлопчыкы жывуть по тых жэ правылах, шо й пятнаццятылітні, і йіх будьте такое самэ. Чысло занятій йіх такое: класных занятій з учытілямы тры с половыныю часа (од чясу с половыныю до п'яты пополудні); роблять урокы тры часа (висім - одынаццэть ранку); співы два часа (одынаццэть - дванаццэть ранку і п'ять - шисть вэчора); цырковна служба два часа (шисть с половыныю і сім с половыныю ранку). По суботах і святах службы до шысті часов в дэнь. Заставляють дытэй носыты довгы косы, з-за чого вэльмы вошы розвылысь…

Йіпіскоп прысвойів собі грошы хлопчыкув, шо прыйіхалы з йім сюды Йім всім (дванаццэть чоловік) булы выданы прогоны, і од прогонув у кажного осталось ны мэнч чым по двісты долярув. Дэкылько чоловік с тых хлопцюв, шо прыйіхалы, вжэ отпроваджаны на Аляску, і ныгодному з йіх ны далы грошэй, навэть шоб купыты дэякую одэжыну, хоч добрэ выдно, в якуй воны ныстачы".

"Годына" ў перакладзе Клімчука - альтэрнатыўны варыянт для слова "час", які даваўся ў дужках.

СЯМАШКА Сяргей - ён і жонка Таццяна жылі ў цэнтры Манхэтана і "гарадах праз рэчку ад Манхэтана" - мы думаем, што гэта гісторыя той самай пары, што і ў "Аднапавярховай Амерыцы" ў версіі 2018 г. Яны паехалі ў Нью-Ёрк з Менска, дзе Сяргей працаваў праграмістам аўтсортынгавай кампаніі. У такіх кампаніях часам распрацоўшчыка адпраўляюць папрацаваць у офісе кліента. Гэта адзін з варыянтаў, як трапіць з Менска ў Нью-Ёрк. Таццяна падрабязна апісала ў інтэрнэце, як яны арганізоўвалі свой побыт у ЗША. Яе адукацыя ў лінгвістычным універсітэце была "выкладчык англійскай мовы", але яна спрабавала і іншае ў якасці занятку.

"Мы сталі крыху амерыканцамі. Даведаліся, як можна думаць і жыць не "па-ўкраінску" і не "па-беларуску"".

"Мы да гэтага часу не вырашылі, ці хочам заставацца ў Штатах назаўжды. Трымаем у розуме думку аб вяртанні або частковым вяртанні. Пакуль нам складана ўявіць, што нашы дзеці вырастуць амерыканцамі, з іх каштоўнасцямі і падыходам да жыцця. Нам усё ж бліжэй погляды нашых народаў. Я з Украіны, а муж з Беларусі".

Мы не ведаем дакладна, ураджэнцамі якіх канкрэтна месцаў былі Сяргей і Таццяна, але яны ўпісваюцца ў нашу хроніку так жа, як С. Цімчанка, якая таксама рабіла падарожжа праз сярэдзіну краіны.

Назва цыкла рэпартажаў паўтарае загаловак кнігі І. Ільфа і Я. Пятрова, якой "вандроўнікі натхніліся" (з герояў БСІ ў ёй згадваецца А. Фешына з Таоса ў Нью-Мексіка), і Таццяна спрабуе (а магчыма - яны спрабуюць разам з Сяргеем), апісаць Амерыку па вядомай схеме - "з прачытанага, пачутага і ўбачанага".

Такія нарысы маглі напісаць, з больш або менш багатым "мастацкім афармленнем", мільёны зямлян і, відаць, тысячы беларусаў, якія падарожнічалі па ЗША ад Атлантычнага да Ціхага акіяна і / або наадварот. Каштоўнасць нашай падборкі тэкстаў у тым, што індзейцаў і іх нашчадкаў на больш шырокім фоне апісваюць людзі з пэўнай прывязкай да Беларусі - гэта "беларускі погляд".

У Аклахоме Сямашкі сустрэлі ўладальніцу крамы сувеніраў, якая паведаміла пра сваіх індзейскіх продкаў.

Частка пятая "Як "Мінск" у Аклахоме шукалі" на сайце газеты "Транспортная безопасность" датуецца 12.05.2018 г. (на ім можна пазнаёміцца з усімі часткамі матэрыялу Т. Сямашкі, ілюстрацыямі) і пачынаецца пераходам / пераездам з Місуры ў Аклахому:

"Адбылося наша знаёмства i са штатам Місуры. На погляд падарожніка, ён не мае выбітных ландшафтаў і выдатных помнікаў архітэктуры. Тут простыя людзі будуюць сваю мару ў дэкарацыях аднапавярховай Амерыкі. А вось суседняя Аклахома, наадварот, мае і шчодрыя прыродныя рэсурсы нетраў, і гісторыю, што шчыльна пераплецена з лёсамі карэннага насельніцтва кантынента.

Эканоміка штата заснавана на здабычы нафты і вытворчасці збожжавых культур: кукурузы і пшаніцы. Прыкметна, што Аклахома знаходзіцца ў зоне Алеі тарнада. Самыя моцныя і разбуральныя ўраганы праходзяць па тэрыторыі штата. Яго назва паходзіць з мовы індзейцаў чокта: "оклан хумма", што азначае "чырвоныя людзі".

Да еўрапейцаў Аклахому засяляла некалькі індзейскіх плямёнаў, але ў XIX стагоддзі ўрад ЗША арганізаваў рэзервацыі для карэннага насельніцтва. Сюды звозілі чэрокі, семінолам, чокта, крыкаў. Сёння ў ЗША пражываюць прыблізна 5 мільёнаў індзейцаў - каля 5550 плямёнаў. Дзве трэці з іх - у 275 рэзервацыях.

Фармальна амерыканскае заканадаўства прызнае за рэзервацыямі правы штатаў, а для некаторых дзейнічаюць пэўныя льготы і паслабленні. Напрыклад, дазволены ігральны бізнэс [бізнес], які і з'яўляецца асноўнай крыніцай нароўні з турызмам. Акрамя таго, індзейцы маюць права безакцызнага гандлю алкагольнай і тытунёвай прадукцыяй на тэрыторыі рэзервацый. Але гэтыя меры прыносяць і шмат зла. Добра вядома пра каласальную праблему алкагалізму сярод індзейскага насельніцтва ЗША.

Згодна з даследаваннямі 2017 года, чвэрць індзейскіх сем'яў жыве за мяжой беднасці. Да таго ж сярод іх - высокі ўзровень непісьменнасці. Вышэйшую адукацыю маюць 16% індзейцаў, нягледзячы на магчымасць бясплатнага паступлення ў ВНУ.

Нацыянальная культура ператварылася больш у тавар на продаж у тых рэзервацыях, якія наведваюць турысты. З карэннымі амерыканцамі мы выпадкова пазнаёміліся, наведаўшы Giftshop. Сувенірная крама прапаноўвае індзейскія посцілкі-понча ад 90 даляраў за штучныя да 700 даляраў за ваўняныя, скураныя тапачкі хэнд-мэйд - ад 80 даляраў. Бранзалеты і каралі з пацерак былі самым танным сувенірам ад індзейцаў - 30 даляраў. Кошт быццам бы і аргументаваны лэйблам handmade, але трэба быць уважлівымі. Статуэтка арла ці сумка з махрамі на этыкетцы была адзначана трыма знаёмымі словамі: "Зроблена ў Кітаі". Гаспадыня крамы расказала, што індзейцы не вельмі ахвотна займаюцца рамёствамі, таму сувеніры прывозяць з Азіі, а тое, што зроблена ў рэзервацыях, каштуе шмат. Даведаліся мы, што маці гаспадыні была карэннай жыхаркай Аклахомы, а бацька - французскім афіцэрам. Пра Беларусь нашчадкі індзейцаў не ведалі, мы пакінулі паштоўкі з выявамі беларускіх мясцінаў і пажадалі гаспадынi як мага даўжэй захоўваць традыцыі продкаў".

Літ.:

6127 Аклахома // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 1. Мн., 1996. С. 197.

8533 Силич А. Средний Запад поддердживает республиканцев, или Почему в Оклахоме индейцы чероки живут в туристических прицепах // Народная воля. 2000. 28 сак. ("Путевые заметки о штате Оклахома".)

70 Ільф І., Пятроў Я. Аднапавярховая Амерыка / пер. Ф. Канстанцінава. Мн., 1938.

556 Барбюс А. Крывавая крыніца // Барбюс А. Розныя факты / пер. з фр. Н. Белякоўскай. Мн., 1929. С. 170-187. ("Кровавая нефть", "аб расправе манапалістаў з індзейцамі, на зямлі якіх была знойдзена нафта", раён Талсы (Аклахома).)

11694 Williams T. B. The soul of the Red Man. Oklahoma City, OK, 1937.

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou, researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

"Веснавы букет"

3 чэрвеня народны ансамбль народнай музыкі "Гудскі гармонік" філіяла "Гудскі Цэнтр творчасці і вольнага часу" ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" прыняў удзел у свяце "Веснавы букет" у Менску, парадаваўшы гледачоў душэўнымі песнямі.

Паводле СМІ.

Конкурс ручной касьбы "Звініць каса - жыве вёска!"

Дата: 17 чэрвеня 2023г.

Месца правядзення: агрм.Ганчары (Лідскі р-н)

Для гасцей і жыхароў аграмястэчка Ганчары 17 чэрвеня пройдзе конкурс на лепшае валоданне майстэрствам касьбы.

Конкурс арганізаваны з мэтай захавання ручной касьбы як найстаражытнейшага беларускага рамяства.

На працягу свята касцы паспаборнічаюць і падзеляцца досведам, удзельнікі і госці змогуць паўдзельнічаць у розных майстар-класах па кляпанні касы, зборцы і раз-борцы касы, пляценні травяных лялек-абярэгаў "па-косніц".

Усіх ахвотнікаў пачастуюць гарбатай з духмянай травы! Вакол пляцоўкі спаборніцтваў разгорнецца сапраўдны фэст. Пройдуць выставы-кірмашы рамесных вырабаў і сувеніраў, гандлёвыя намёты прапануюць розныя пачастункі, самадзейныя артысты створаць добры настрой.

А галоўнае, на свята можна прыйсці ўсёй сям'ёй!

У Дворышчы адкрылі сезон спаборніцтваў па канкуру

Канкур - гэта партнёрскі від спорту, дзе вершнік і конь выступаюць як адзінае цэлае. У мінулыя выходныя аматары коней атрымлівалі асалоду ад узрушальнага відовішча: у агм. Дворышча прайшоў чэмпіянат Гарадзенскай вобласці па конным спорце (пераадоленне перашкод).

Дзякуючы падтрымцы старшыні Лідскага райвы-канкама Сяргея Ложачніка і неабыякавых бацькоў дзяцей (дакладней сказаць, дзяўчат, бо нашы хлопцы чамусьці гэтым прыгожым відам спорту не цікавяцца), якія трэніруюцца на аддзяленні коннага спорту СДЮШАР № 2 г. Ліды, канкур на Лідчыне жыве і развіваецца: амаль завершаны працы па падрыхтоўцы перадманежніка, дзе можна будзе трэніравацца ў галалёд і непагоднае надвор'е; з раённага бюджэту выдзелены сродкі на закупку чатырох сёдлаў і пяці аброцяў. Дзякуючы калектыву РСУП "Саўгас "Лідскі" абнаўляецца пагалоўе коней для трэніровак, якія забяспечваюцца кармамі і падсцілкай; на Лідчыну вярнуліся спаборніцтвы, якія дазваляюць удзельнічаць у іх максімальнай колькасці нашых спартоўцаў.

У гэты раз чэмпіянат Гарадзенскай вобласці па конным спорце сабраў значна большую, чым у мінулым годзе, колькасць удзельнікаў. У гэты раз у Дворышча прыехала 35 пар (7 каманд) з Гарадзенскай, Гомельскай абласцей, гарадоў Менска і Берасця. За прызавыя месцы спаборнічалі не толькі прадстаўнікі спартовых школ, конных клубаў, але і ўладальнікі коней, якія бралі ўдзел у канкуры ў прыватным парадку. Дарэчы, колькасць хлопцаў-удзельнікаў зусім не пацешыла: усяго адзін спартовец (відаць, тэрмін пра "моцную" палову чалавецтва хутка зусім будзе неактуальны).

Абодва спаборніцкія дні сталі досыць паспяховымі для нашых землякоў. У першы дзень на маршруце вышынёй 70 см першае месца заняла Аляксандра Палякова на кані па мянушцы Сапсан, другое - Яўгенія Аляксеева на кані па мянушцы Капітан; на гэтай жа вышыні для катэгорыі "аматары" першае месца заняла Надзея Высоцкая на кані па мянушцы Трубадур, другое - Алена Савельева і Карыфей, трэцяе - Наталля Гаршан і Хакер; на маршруце вышынёй 80 см другое месца заняла Валерыя Сазановіч на кані па мянушцы Пірха, трэцяе - Аляксандра Палякова на кані па мянушцы Капітан; на маршруце гэтай жа вышыні для маладых коней Надзея Высоцкая на кані па мянушцы Здаравяка стала другой; на маршрутах вышынёй 90 і 100 см "золата" заваявалі Валерыя Сазановіч і Галатэя; на маршруце вышынёй 120 см Анастасія Сазановіч і Хаска сталі другімі. У другі дзень на маршруце вышынёй 80 см першае месца занялі Александа Палякова і Сапсан, другія месцы - у Кацярыны Зуевіч і Сінуса, а таксама ў Валерыі Сазановіч і Галатэі, трэцяе месца - у Юліі Васілючак і Сінуса; на маршруце вышынёй 100 см Валерыя Сазановіч на кані па мянушцы Галатэя заняла другое месца, а на маршруце 110 см гэтая ж пара заваявала "золата".

Віленскі альбом (фрагмент)

Станіслаў Лорэнц

Ад перакладчыка: Станіслаў Лорэнц (Stanisław Lorentz) нарадзіўся 28 красавіка 1899 г. у Радаме (Польшча), памёр 15 сакавіка 1991 г. у Варшаве. Польскі мастацтвазнавец, прафесар Варшаўскага ўніверсітэта (1947 г.), ганаровы член многіх еўрапейскіх акадэмій, эксперт ЮНЕСКА.

Станіслаў Лорэнц нарадзіўся ў сям'і выкладчыкаў са шведскімі каранямі. Бацька быў германістам, маці - географам. У сям'і панаваў культ навукі, што і вызначыла лёс будучага навукоўца.

Пасля заканчэння аспірантуры восенню 1924 г. Лорэнц застаўся працаваць у Варшаўскім універсітэце. У 1927 г. стаў чыноўнікам Міністэрства веравызнанняў і народнай асветы. У 1929-1935 гг. узначальваў аддзелы аховы помнікаў у Віленскім і Наваградскім ваяводствах, адначасова выкладаў у Віленскім універсітэце імя Стэфана Баторыя, з'яўляўся загадчыкам аддзела мастацтваў у віленскім ваяводскім кіраванні.

У работах 1930-х гг. даследаваў асобныя пытанні развіцця беларускай архітэктуры. Аўтар манаграфіі пра I. К. Глаўбіца "Ян Кшыштаф Глаўбіц, віленскі архітэктар XVIII ст." (1937). З 1935 г. віца-дырэктар, з 1936 дырэктар Народнага музея, у 1945-1951 гг. узначальваў Дырэкцыю нацыянальных музеяў і аховы помнікаў у Варшаве.

У 1947 г. атрымаў званне прафесара Варшаўскага ўніверсітэта, з 1949 г. член Польскай акадэміі ведаў, з 1952 г. член-карэспандэнт, а з 1964 г. сапраўдны член Польскай акадэміі навук. З'яўляўся экспертам ЮНЕСКА па пытаннях аховы помнікаў. У 1965-1969 гг. уваходзіў у сойм ПНР ад дэмакратычнай партыі. Меў шэраг дзяржаўных узнагарод.


У Наваградак я паехаў толькі ў ліпені 1929 года. У газеце "Наваградскае Жыццё" ("Życie Nowogródzkie") за 18 ліпеня было апублікавана наступнае паведамленне: "17 ліпеня ваявода прыняў кансерватара Віленскага і Наваградскага ваяводстваў доктара Лорэнца, з якім правёў канферэнцыю аб захаванні помнікаў у Наваградкім ваяводстве і патрэбы ў грашах для гэтай мэты".

Ваявода - Зыгмунт Бэчкавіч [1], народжаны ў 1887 г. у маёнтку Лукавіцы Любартоўскага павета, скончыў юрыдычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта, з якога быў выключаны за ўдзел у палітычным гуртку, а потым "з ласкі" зноў прыняты. Да 1-й сусветнай вайны - суддзя ў Седльцах, пасля аднаўлення незалежнасці намеснік урадавага камісара горада Варшавы, затым намеснік варшаўскага ваяводы, з сярэдзіны 1926 г. - ваявода наваградскі. У той час у Польшчы былі тры ваяводы, і ўсе ва ўсходніх тэрыторыях, якія знаходзіліся ў апазіцыі да нацыяналістычнай палітыкі ў дачыненні да нацыянальных меншасцей і выступалі за сапраўднае паразуменне з імі: Бэчкавіч у Наваградку, Ян Крагельскі на Палессі і Генрык Юзэўскі на Валыні.

Бэчкавіч жадаў падтрымліваць зносіны з беларусамі. Яны гэта ацанілі і, калі ён сыходзіў з пасады наваградскага ваяводы, па жаданні беларусаў вуліцу, на якой стаяў будынак ваяводскай управы, назвалі - вуліца Зыгмунта Бэчкавіча. Жонка Бэчкавіча займалася беларускай народнай творчасцю, а потым у Вільні наладзіла сувязь з Таварыствам народнай творчасці. Абодва Бэчкавічы цікавіліся культурным жыццём, сябравалі з мастачкай Міхалінай Кшыжаноўскай [2], удавой Конрада, апекаваліся яго мастацкай спадчынай.

Бэчкавіч меркаваў, што беларусаў трэба не дэнацыяналізаваць, а як грамадзян, уцягнуць у дзяржаўнае жыццё. Ён лічыў неабходным арганізаваць беларускую адукацыю, забяспечыць права карыстання беларускай мовай у справаводстве ў раёнах канцэнтрацыі беларускага насельніцтва, а таксама ўзгадніць з прадстаўнікамі беларусаў спосаб правядзення рэформы сельскай гаспадаркі ў гэтых раёнах. Я вельмі зблізіўся з мужам і жонкай Бэчкавічамі, аднойчы нават гасцяваў у іх і памятаю, як Бэчкавіч, падышоўшы да мяне ў халаце, разбудзілі мяне а сёмай раніцы, каб працягнуць нейкую перапыненую напярэдадні ўвечары размову. А рэзідэнцыя ў іх была невялікая - аднапавярховы драўляны дом у скверыку на вуліцы 3-га Мая, мабыць, на пяць-шэсць пакояў, дзе раней жыў Рачкевіч, калі быў наваградскім ваяводам. У 1931 г., пасля ад'езду Рачкевіча ў Варшаву, дзе ён стаў маршалкам Сенату, Бэчкавіч заняў яго пасаду ў Вільні, але прабыў тут толькі два гады, бо маршалак Пілсудскі накіраваў яго амбасадарам Польшчы ў Рыгу. Апошнія чатыры перадваенныя гады ён быў сенатарам. Маё сяброўства з Бэчкавічам яшчэ з наваградскіх часоў захавалася і да сёння. Дзесятак-другі гадоў таму, абодва ўжо ва ўзросце, мы вырашылі называць адзін аднаго па імёнах. Ён жыў у Гдыні са сваёй вельмі добрай жонкай Марыяй, мастачкай. Мы часта перапісваемся адзін з адным.

Францішак Гадлеўскі, наваградскі віца-ваявода, быў вельмі сімпатычным, культурным, высокім і прыгожым чалавекам, а яго жонка, з якой я пазнаёміўся некалькі гадоў таму ў Варшаве ў Таварыстве сяброў Варшавы, была надзвычай актыўнай у культурным і грамадскім жыцці. Потым мы ўспаміналі часы Наваградка і іх сына - гэта быў славуты "Антак Распыляч" з Арміі Краёвай, які загінуў падчас Варшаўскага паўстання. Прыгожы хлопчык, вельмі падобны на бацьку. Я сядзеў побач са спадарыняй Гадлеўскай на паседжанні аднаго з аддзяленняў Таварыства сяброў Варшавы, прысвечаным памяці яе сына.

Хацелася б таксама адзначыць вельмі актыўную ў грамадска-культурным жыцці Наваградка Тэклю Грынеўскую, жонку наваградскага старасты, якая цікавілася помнікамі гісторыі і пісала ў "Наваградскае Жыццё".

Асноўнай крыніцай звестак пра Наваградчыну стала для мяне калектыўная праца, выдадзеная ў 1925 г. дзякуючы намаганням Польскага агляднага таварыства, - "Навагрудак". Натхненнем для гэтай працы стала паездка ў 1924 годзе кансерватара Ежы Рэмера, доктара Вацлава Баравога, прафесара Уладзіміра Антаневіча, верагодна таксама, прафесара Клоса і настаўніцы, пісьменніцы, экскурсавода Марты Губіцкай (раней яна працавала ў Кельцах і Свянцянах, дзе пазнаёмілася з Рэмерам і Баравым). У гэтай публікацыі былі два вельмі важныя для мяне артыкулы: "Манументальная архітэктура ў Наваградскім ваяводстве" Ежы Рэмера і "Наваградак Міцкевіча" Вацлава Баравога, апрача артыкулаў пра Нясвіж, Наваградак і Слонім і артыкула Марты Губіцкай "Кім бы ты ні быў у Наваградку", які цудоўна прадстаўляў атмасфера Наваградскай зямлі.

(…) У сваю праграму кансервацыі помнікаў гісторыі ў першую чаргу я ўключыў руіны наваградскага замка. З тых невялікіх сродкаў, якія атрымаў ад міністэрства, я не мог дазволіць сабе большага і лічыў, што найперш дзяржава павінна паклапаціцца пра тыя помнікі, якія не служаць сучасным мэтам і не маюць гаспадароў. На ўсю краіну Міністэрства рэлігійных веравызнанняў і народнай асветы мела толькі сто тысяч злотых на кансервацыю помнікаў. Таму роля рэстаўратара заключалася ў тым, каб карыстальнікі клапаціліся пра помнікі, а таксама ў кантролі метадаў і праграм іх захавання.

Работы над замкам у Наваградку пачаліся пры маім папярэдніку Ежы Рэмеры ў 1924 годзе. Менавіта тады быў створаны праект увекавечання памяці Адама Міцкевіча шляхам стварэння кургана на гэтак званым малым замку, гэта значыць на ўзгорку, які прымыкае да замка. Камень падмурка гэтага кургана быў асвечаны біскупам Лазінскім у прысутнасці прэзідэнта Станіслава Вайцяхоўскага і тагачаснага наваградскага ваяводы Уладзіслава Рачкевіча. А курган склалі з насыпаў, якія атрымаліся з руін і, часткова, з друзу, прывезенага з горада. Таму, адначасова з працай на кургане, у замку пачаліся навукова-даследчыя і кансервацыйныя работы. Аднак выдзеленых Акруговай дырэкцыяй грамадскіх работ сродкаў не хапіла, і ў наступныя гады работы былі спынены.

Таму я дамовіўся з архітэктарам Рамуальдам Гюртлерам, які раней праводзіў работы на замку ў Наваградку, і ў 1929 годзе мы аднавілі гэтыя работы і працягнулі іх у 1930-1931 гадах. Па праекту для замкавай гары неабходна было зрабіць:

1. Вывезці завалы і раскрыць абарончыя сцены, як гэта ўжо зроблена паміж цяперашнім уваходам і ўязной вежай, а таксама - злева ад цэнтральнай вежы.

2. Пасля зняцця насыпу, стварэнне праходу на вяршыню і разметка адпаведнай сцежкі, якая вяла бы ў замак праз уязную вежу пасля замуроўкі пралому ў абарончай сцяне, зробленага расейцамі.

3. Упарадкаванне ўнутранага дворыка, г. зн. адпаведнае афармленне газонаў і лавак.

4. Поўная кансервацыя існых муроў.

5. Стварэнне "гістарычнага парку" праз злучэнне курганнага ўзгорка з замкавай гарой.

На жаль, недахоп сродкаў у наступныя гады прывёў да таго, што праца была зноў спынена.

Вялікай падзеяй у канцы лета 1929 г. стаў абвешчаны прыезд у Наваградскае ваяводства прэзідэнта Польшчы Ігнацыя Масціцкага. 1 верасня ў ваяводскай управе адбылося арганізацыйнае паседжанне ваяводскай камісіі па прыёме прэзідэнта, у якім прынялі ўдзел каля ста чалавек. Старшынём Грамадзянскага камітэта быў запрошаны ваявода Бэчкавіч, старшынём Выканкама стаў віца-ваявода Гадлеўскі, яго намеснікамі - уладальнік маёнтка Горны Чэрніхаў і старшыня Дажынкавай камісіі, дэпутат Канстанты Рдултоўскі і наваградскі бурмістр Вольнік. Я стаў старшынём Камітэта па ўзнагародах, у гэты камітэт увайшлі пані ваяводзіна Бэчкавіч і старасціна Грынеўская. Прыезд прэзідэнта, раней абвешчаны ваяводам на 19 верасня, пачаўся ў Слонімскім павеце, дзе прэзідэнта сустракалі вучні школы імя Зоф'і Грыбоўскай і насельніцтва навакольных вёсак. Затым прэзідэнт наведаў школу ў Жыровічах, папяровую фабрыку ў Альбярціне, ваенна-спартыўны стадыён, беларускія вёскі з іх грамадскімі арганізацыямі, прыняў удзел у адкрыцці пачатковай школы і краязнаўчага музея ў Слоніме. У Баранавіцкім павеце прэзідэнт наведаў фермерскія гаспадаркі ў пасёлку Новае Поле і Грудапольскую прамыслова-лясную гаспадарку Антонія Юндзіла. У Баранавічах ён удзельнічаў у святкаванні дня 9-га Дывізіёна коннай артылерыі [3] і наведаў іншыя вайсковыя часткі, якія там дыслакаваліся. Па дарозе ў Наваградак праз Сталовічы, Гарадзішча і Калдычава ён праехаў радзімай Міцкевіча - праз Туганавічы і Плужыны над Свіцязю, дзе яго прыняло Краязнаўчае таварыства, мясцовае насельніцтва і школьнікі. Затым праз Чомбраў ён урачыста ўехаў у Наваградак. У нядзелю цывільныя і ваенныя ўлады і прадстаўнікі грамадства аддалі даніну павагі, а на двары замкавай гары адбыліся Дажынскі, куды сабраліся земляробы з усяго ваяводства. Нарэшце пан прэзідэнт быў уганараваны банкетам які арганізаваў Ваяводскі камітэт.

Вось тэкст друкаванага меню, на якім пад Каронай знаходзіліся дзве тарчы: Анёл Русі і Пагоня - на сіне-чырвонай стужцы:


Наваградскі

Ваяводскі грамадзянскі камітэт

Прыём Прэзідэнта Рэспублікі Польшча

22 верасня 1929 г.

МЕНЮ

Партугальскі суп у філіжанках

Паштэцікі

Рыба ў маянэзе

Белае віно

Індыкі, качкі і рабчыкі

салаты і кампоты

Чырвонае віно

Спаржа, каляровая капуста і гарох

Краёвае белае віно

Марозіва "Імперыял" з печывам

Чорная кава

Лікёры

Садавіна.


У панядзелак была сельскагаспадарчая выстава ў Міры, паседжанне павятовай сельскагаспадарчай камісіі ў Нясвіжы, потым сняданак для ўсіх слаёў грамадства, а затым экскурсія па замку. Пасля - сямігадовая школа ў Снове, Клецку і начлег у батальёне КАП. У аўторак - Стоўбцы, затым Івянец і Налібокі, дзе прэзідэнт наведаў прадстаўнікоў паўднёвай часткі Валожынскага павета. Затым агледзеў узорную гаспадарку, сустрэўся з насельніцтвам і вайсковымі асаднікамі ў Шчорсах. У чацвер быў Лідскі павет, шклозавод у Нёмне, сямігадовая школа і сход кааператараў у Лідзе, пасяджэнне ваяводскай земляробчай управы ў Беняконях [4]. Увечары прэзідэнт быў госцем абшарнікаў - у Жалудку яго прымаў прэзідэнт Таварыства землеўладальнікаў Чацвярцінскі [5]. 26 верасня прэзідэнт Масціцкі ўдзельнічаў у 13-м нацыянальным з'ездзе лекараў і прыродазнаўцаў у Вільні. З гэтай прычыны мэр горада Вільні запрасіў "на раўт а 21.00 у ратушу на вул. Вострабрамская, 5, які ўшануе сваёй прысутнасцю Прэзідэнт Рэспублікі Польшча".

(...) Пра сустрэчу прэзідэнта "Наваградскае Жыццё" ад 4 верасня паведаміла наступную інфармацыю:

"Учора адбылася канферэнцыя па справах сустрэчы прэзідэнта. На канферэнцыі прысутнічалі спадарыня ваяводзіна Бэчкавіч, бурмістр Вольнік і інжынер Тамкевіч. Абмяркоўвалася пытанне ўнутранага аздаблення ваяводскай управы і гарадскога тэатра. У матывах упрыгожвання было вырашана захаваць высакародную прастату - і тым больш падкрэсліць прыгожыя архітэктурныя лініі будынка Ваяводскай управы. Агульнае кіраўніцтва працамі дэкаратыўнай часткі, згодна з пастановай Камітэта, узяў на сябе кансерватар доктар Лорэнц. Таксама былі вызначаны планы па ўпрыгожванні горада".

Я атрымаў пасведчанне з подпісам віцэ-ваяводы Гадлеўскага: " Пан Станіслаў Лорэнц, доктар філасофіі, ўпаўнаважаны знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад прэзідэнта Рэспублікі Польшча". У запрашэнні на Дажынкі за подпісам Канстанціна Рдултоўскага паведамлялася, што "ў нядзелю 22 верасня 1929 г. у 12 гадзін на Замкавай гары ў Наваградку, дзякуючы намаганням арганізацый і сельскагаспадарчых школ Наваградскага ваяводства, адбудзецца Свята ўраджаю ў гонар Прэзідэнта Рэспублікі Польшча".


У наступным годзе я хацеў пашырыць аб'ём работ па кансервацыі руін сярэднявечных замкаў. Таму я запрасіў кіраўніка дэпартамента выяўленчага мастацтва і старажытнасцей Міністэрства рэлігійных веравызнанняў і народнай асветы архітэктара Яраслава Вайцяхоўскага і Ежы Рэмера, каб разам са мной даследаваць найбольш важныя гістарычныя руіны і вызначыць, чым яны могуць мне дапамагчы. Мы былі ў Троках, Вільні, Медніках і Крэве, а потым 9 траўня 1930 г., прыбылі ў Наваградак. Камісія з удзелам архітэктара Гюртлера вызначыла, што ў 1930 годзе кансервацыйныя і даследчыя работы на замкавым узгорку павінны быць прадоўжаны, а фрагменты сцен, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення, павінны быць захаваны. Але на большыя грошы, на жаль, надзеі не было. У сувязі з нашым знаходжаннем у Наваградку ваявода Бэчкавіч арганізаваў паседжанне Выканаўчага аддзела Камітэта памяці Адама Міцкевіча на Наваградчыне, які сабраўся пасля доўгай бяздзейнасці. Было вырашана звязацца з гаспадаром дома Міцкевічаў панам Дамброўскім і спадарыняй Вяржбоўскай, каб абмеркаваць магчымасць набыцця гэтага дома для музея Міцкевіча. Як паведамляе "Навагрудскае Жыццё": "У 11-ты дзень гэтага месяца, кансерватар Лорэнц выязджаў у Шчорсы, Любчу і Нянькаў, каб агледзець стан захавання помнікаў, якія знаходзяцца ў гэтых месцах, і выдаць неабходныя распараджэнні."

У ліпені 1930 г. я зноў апынуўся ў Наваградку, а адтуль паехаў у Грушаўку, дзе мясцовы камітэт шукаў парэшткі Тадэвуша Рэйтана. Высветлілася, аднак, як заявіў прафесар Міхал Райхер, парэшткі, знойдзеныя ў меркаванай магіле Рэйтана, - не ягоныя парэшткі.

(…) Летам 1930 г. з пані Тэкляй Грынеўскай на аўтамабілі старасты я здзейсніў двухдзённую вандроўку па Наваградскім павеце: Воўкавічы - з прыгожай драўлянай царквой XVIII ст., Сэрвеч, Туганавічы і па суседстве ў вёсцы Новы Свет - сустрэча з паннай Туганоўскай, старой дамай. Год таму я бачыў, як яна сядзела на канапе з прэзідэнтам Масціцкім. Прыгожая сядзіба і дубы ў Варончы. Райца - на верхняй частцы фасада касцёла, пабудаванага ў 1817 г., надпіс: "Пабудаваны Канстанцінам, палкоўнікам кавалерыі Ордэна Ганаровага Легіёна ..." - "...Statua Haec. Matris Dei e summa fronte Varsoviensis Templi in quo cineres condebantur Magni Ducis Moschorum Basilij Szujski et Demetri fratris eius quos poloni exercitus Imperator Stanislaus Zolkiewskius Moscua post K?uszynense proelium obsesse Captivos suscepit. Huc disiecto Templo translata. R.S. Anno MDCCCXVIII" [6]. Для мяне гэта быў шок. Знайсці тут, у глухой наваградскай вёсачцы, статую Маці Божай з верхняй часткі фасада касцёла дамініканаў у Варшаве, зруйнаванага ў 1817 г., пра які я пісаў у адным з раздзелаў сваёй доктарскай дысертацыі пра архітэктара Эфраіма Шрэгера! А далей была Вялікая Сваротва, Сянежыцы, Стараельня.

Увосень 1930 года ваявода Бэчкавіч вырашыў скончыць будаўніцтва кургана Міцкевіча ў наступным годзе і арганізаваць тады свята "Дні Міцкевіча" ў Наваградку. Мерапрыемствы павінны працягвацца ўвесь чэрвень. Яны будуць урачыста завершаны адкрыццём кургана, будуць арганізаваны вандроўкі па Наваградчыне для груп з усёй краіны, асабліва з ваколіц Міцкевіча - Свіцязь, Туганавічы, Варонча..., будуць праводзіцца лекцыі, тэатральныя імпрэзы, інсцэніроўкі. Тады ж быў створаны камітэт па святкаванні "Дзён Міцкевіча". Маёй задачай было афармленне выставы Міцкевіча.

Я са свайго боку прыкладаў намаганні па выкупе дзяржавай возера Свіцязь. Гэта справа безвынікова была пачата ў 1923 годзе. Цяпер, у 1930 годзе, уладальнікі Свіцязі, сям'я Пушкарскіх, пагадзіліся прадаць дзяржаве возера і прылеглы да яго хутар Пяшчанка - усяго 360 га, у тым ліку плошча возера - 172 га. Але справа пачала зацягвацца. У "Віленскім кур'еры" за 24 траўня 1931 г. паведамлялася, што: "Сабрана спецыяльная камісія ў асобах пана інжынера ляснічага Пузыноўскага, кансерватара Лорэнца, пана земскага камісара Бірулі-Бялыніцкага і іншых, якія ацанілі Свіцязь разам з Пяшчанкай у суму 300 000 злотых - на што гаспадар пагадзіўся. Пасля падачы ўсіх дакументаў уладальнікам Свіцязі, справа раптам па незразумелых прычынах затрымалася і засталася ў такім стане дагэтуль. Нядаўна, у сакавіку гэтага года, пан Пушкарскі атрымаў ліст ад пана кансерватара Лорэнца, які прызнаваў Свіцязь... помнікам паводле артыкул 3 ардынацыі Прэзідэнта РП ад 6 сакавіка 1928 г. ... Тым часам справа ўскладняецца, цягнецца, і дай Бог, каб нарэшце была вырашана яшчэ праз сем гадоў". Вырашыць справу мне не ўдалося - напэўна таму, што цяжка было атрымаць рашэнне ўрада, каб выплаціць 300 000 злотых.


Stanisław Lorentz. Album wileńskie. Warszawa, 1986.(фрагмент)

Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша.



[1] Зыгмунт Казімір Бэчкавіч (польск. Beczkowіcz; 1887-1985), польскі палітык і дзяржаўны дзеяч, у 1926-1931 гг. наваградскі, у 1931-1933 гг. віленскі ваявода. Выступаў за правядзенне больш гнуткай дзяржаўнай палітыкі ў дачыненні да беларусаў. Мемуарыст Андрэй Раствароўскі пісаў: "Ваяводамі ў Наваградку ў той час былі Уладзіслаў Рачкевіч, генерал Янушайціс і Зыгмунт Бэчкавіч, які атрымаў папулярную мянушку "Кадушкін". Ваявода Бэчкавіч не выносіў піцця гарэлкі, таму нават на банкетах дазваляў толькі мінеральную ваду. Ведаючы гэта, на такога кшталту мерапрыемствах наш дальні канец стала заўсёды рыхтаваў адмысловыя бутэлькі ад мінеральнай вады ці ліманаду, у якія налівалі гарэлку. Неяк, падчас банкету, ужо не памятаю з якой нагоды, можа з-за Сельскагаспадарчай выставы, калі мы добра "запраўляліся" з нашых пляшак (стаяла добрая гарачыня), ваявода, які сядзеў пасярэдзіне стала, устаў і пайшоў на наш канец стала, дзе забраў "падрыхтаваную" бутэльку. Сакратар ваяводы, які сядзеў на нашым краі стала не разгубіўся і выхапіў у ваяводы з рук бутэльку са словамі: "Пан Ваявода, дазволіць?", потым зграбна схаваў нашу і адкаркаваў сапраўдную бутэльку з мінеральнай вадой" - Гл: Rostworowski Andrzej. Moje zycie na Nowogrodczyznie lata 1924-1928 // Goniec Kresowy 2003. № 41. S.15.

[2] Міхаліна Кшыжаноўская нарадзілася (03.09.1883 - 16.07.1962) - польская мастачка. Яе муж Конрад Кшыжаноўскі (15.02.1872 - 25.05.1922) - польскі жывапісец, прадстаўнік ранняга экспрэсіянізму, партрэтыст, рысавальшчык, ілюстратар і педагог.

[3] 9-ы дывізіён коннай артылерыі - падраздзяленне коннай артылерыі Войска Польскага ў ІІ Рэчы Паспалітай. На мяжы ліпеня і жніўня 1920 г. быў сфарміраваны 8-ы дывізіён коннай артылерыі. Дывізіён удзельнічаў у польска-бальшавіцкай вайне. У чэрвені 1921 г. перайменаваны ў 9-ы дывізіён коннай артылерыі. У мірны час эскадрон дыслакаваўся ў Баранавіцкім гарнізоне.

[4] Пра наведванне пр. Масціцікім Лідчыны, гл: Лаўрэш Л. Л. Шэпт пажоўклых старонак. Лідчына ў люстэрку прэсы. 1900-1939 гг. Гродна, 2017. С. 137-138.

[5] Пра наведванне пр. Масціцкім жалудоцкага палаца: "Вяртаюся ў жалудоцкі палац. Іншая памятная падзея, якую я помню і якая мела месца ў мурах жалудоцкага палаца, быў раўт у гонар прэзідэнта Рэчы Паспалітай Ігнацыя Масціцкага, які адбыўся, здаецца, у верасні 1929 г. Прэзідэнт наведваў Наваградскае ваяводства і прыехаў з Ліды ў Жалудок каля 17-й гадзіны. Як потым стала вядома, ў яго памяці застаўся прыгожы тракт XVIII ст., якім ён ехаў, каб у прафесійнай школе ўзнагародзіць маю цётку Марыю Лясковіч. У лесе каля Вялікага Мажэйкава загадаў пакінуць шашу і ехаць трактам, якім міма Ішчалны паехаў ажно ў Шчучын.

Узгоднены з ўладамі ліст запрошаных гасцей уключаў у сябе паслоў і сенатараў, а таксама кіраўнікоў дзяржаўнай адміністрацыі і самакіравання. Балю не было, а была толькі ўрачыстая вячэра, падчас якой у гонар дастойнага госця выступіў гаспадар дома князь Людвік Чацвярцінскі. Прысутнічала каля 60 чалавек. Пасля вячэры адбыўся раўт з удзелам гасцей як з кола землеўладальнікаў, гэтак і з чыноўнікаў. Спадары ў фраках з ордэнамі, спадарыні ў вячэрніх туалетах.

Халодны, афіцыйны настрой перапыніў мой кузэн Юльян Лясковіч, энтузіяст, які, як і ўсе мы, з дзяцінства марыў пра незалежную Польшчу. Юльян, высокі, прадстаўнічы бландзін з тыповай славянскай знешнасцю хутка наблізіўся да прэзідэнта і ўкленчыў:

- Шаноўны наш спадар прэзідэнт! - сказаў ён глыбока ўзрушаным голасам - Першы раз у жыцці маю шчасце бачыць у нашых крэсавых землях кіраўніка Польскай дзяржавы, першага саноўніка Рэчы Паспалітай. Прашу дазволіць мне, як сыну, прывітаць цябе!

Прэзідэнт выцягнуў далонь, якую шчаслівы Юльян пацалаваў, пасля чаго абняў Юльяна за галаву, прыціснуў да сябе і выказаў яму сардэчную ўдзячнасць. Гэта сцэна была, як быццам з ранейшых вякоў, гэтак мы калісьці віталі сваіх каралёў". - Цыт па: Лясковіч Караль. Красовы двор і яго суседзі. (Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша) // Лідскі Летапісец. 2022. № 1-2(97-99). С. 50.

[6] "Гэта статуя Маці Божай з самога франтона варшаўскага храма дамініканцаў, дзе пахаваны прах вялікага князя маскоўскага Васіля Шуйскага і яго брата Дзмітрыя, якіх польскае войска ... Станіслава Жалкеўскага ўзяло пры асадзе Масквы пасля бітвы пры Клушыне. Перанесены з гэтага разбуранага храма ў 1818 годзе" - лац.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX