Папярэдняя старонка: 2023

Наша слова.pdf № 28 (80) 


Дадана: 11-07-2023,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 28 (80), 12 ліпеня 2023 г.

На Купалле ўсе дарогі вялі ў Александрыю

У суботу ўсе дарогі вялі ў Александрыю, дзе чарговы раз прайшло рэспубліканскае свята "Купалле". Маштабны фестываль у Шклоўскім раёне даўно стаў неад'емным элементам беларускага лета. Самабытныя рамёствы, спартыўныя пляўцоўкі, літаратурныя імпрэзы, выстаўкі тэхнікі - цікава ўсім і кожнаму. Сёлета "Купалле" выйшла за беларускія межы - на свята ў Александрыю прыехалі дэлегацыі 20 рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі, пяць з іх на чале з губернатарамі. Арганізатары прадставілі шэраг новых ідэй, якія ўдала аб'ядналіся з нязменнымі элементамі фестывалю. Традыцыйна ўдзел у свяце прыняў і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Сваё выступленне кіраўнік дзяржавы пачаў на беларускай мове.

- Ізноў Александрыя паклікала сяброў - і вось мы разам. Сабраліся, каб на імгненне спыніць шалёны бег часу і звярнуцца да сваіх вытокаў. Хаця б у думках. Сёння тут, на маляўнічым беразе Дняпра, надзвычай моцна б'ецца пульс тысячагадовай гісторыі беларускай зямлі. Мы бачым яе ў творчасці таленавітых майстроў, у мелодыі народных песень, у сюжэтах старажытных абрадаў і ў чараўніцтве купальскай ночы, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Гледзячы на размах гэтага свята, я кожны раз лаўлю сябе на думцы: наш фестываль увасабляе ўсё, што мы з гонарам называем сваімі спрадвечнымі каштоўнасцямі".

Па яго словах, гэта каштоўнасць чалавечых адносін, пабудаваных на сяброўстве, павазе, гасціннасці. Тут усё гэта ёсць. Гэта каштоўнасць свайго роду, які працягваецца дзякуючы моцным традыцыйным сем'ям, клопату пра бацькоў, любові да дзяцей. Прэзідэнт заўважыў, што кожны год у Александрыю едуць сем'ямі і беларусы, і госці.

"Наш фестываль таксама ўвасабляе каштоўнасць гістарычнай памяці. Памяці пра сваё слаўнае мінулае, пра тое, што Беларусь - наша зямля і карані нашы - старажытныя. Гэтую сувязь стагоддзяў мы адчуваем тут асабліва востра. І менавіта тут мы разумеем каштоўнасць нашага культурнага кода. У ім з самага пачатку закладзена імкненне беларусаў да справядлівасці, высокая маральнасць і патрыятызм. Менавіта на такіх прынцыпах стваралася і развіваецца сёння наша нацыянальная дзяржава", - сказаў Прэзідэнт. Ён заўважыў, што нам штодзённа навязваюць так званыя ўніверсальныя каштоўнасці. "Але яны не для нас. Глабальная дзяржава будучыні - гэта ўтопія. Свет ніколі не будзе монакультурным", - канстатаваў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка пажадаў усім дабра, міру і яскравых уражанняў ад музычнага спектакля.

Уся Беларусь дэманстравала на свяце сваё ўмельства і майстэрства.

А на цэнтральнай сцэне фестывалю разгарнуўся галоўны канцэрт - народнае шоў "Будзе вельмі цікава". У аснове канцэрта - творчае спаборніцтва двух аграмястэчак - Копысі і Александрыі. Сюжэт пастаноўкі разгарнуўся вакол камічных персанажаў Дзеда і Бабы (акцёр тэатра і кіно Уладзімір Варанкоў і заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Вольга Няфёдава), якія паспрачаліся, якое аграмястэчка больш музычнае. Дзед сцвярджае, што Копысь, а Баба - што Александрыя. Суддзямі сталі гледачы мерапрыемства, якія сваімі апладысментамі ацэньвалі кожны нумар. Перад імі выступілі народныя артысты Беларусі, прадстаўнікі таленавітай моладзі, пераможцы тэлевізійных праектаў. Завяршылася свята музычным шоў і запальваннем купальского вогнішча.

Валерыя СЦЯЦКО, "Звязда", ам. Александрыя. Фота БелТА.

Біскупы з усіх дыяцэзій Беларусі сабраліся на ўрачыстасці ў санктуарыі Маці Божай Тракельскай, Каралевы нашых сем'яў

З 7 па 9 ліпеня ў санктуарыі Гарадзенскай дыяцэзіі ў Тракелях (Радунскі дэканат) праходзілі штогадовыя ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Тракельскай, Каралевы нашых сем'яў.

На фэст, які сёлета адбываўся пад дэвізам: "Марыя, аб'яднай нашы сэрцы і сем'і", у першы дзень пешкі і на роварах прыбылі пілігрымы з розных мясцін Гарадзенскай дыяцэзіі.

Найбольш шматлікай была пешая пілігрымка з Гародні, у якой узялі ўдзел больш за 250 пілігрымаў. Сёлетняя пілігрымка Гародня-Тракелі была юбілейнай, бо прайшла ўжо ў 25-ы раз.

Пешкі прыйшлі ў санктуарый таксама пілігрымы з суседніх Івейскага і Лідскага дэканатаў, з Воранава і з іншых мясцін. Акрамя таго, вялікая колькасць людзей прыбыла на Тракельскі фэст на транспарце.

Цэнтральная Імша ўрачыстасцяў адбылася ўдзень у суботу. У яе цэлебрацыі, якую ўзначаліў Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, узялі ўдзел іерархі з усіх дыяцэзій нашай краіны.

Імшу таксама цэлебравалі біскуп Гарадзенскі Аляксандр Кашкевіч, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, Генеральны вікарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец, Генеральныя вікарыі Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупы Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, а таксама Апостальскі адміністратар для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. З іерархамі Эўхарыстую цэлебравалі каля паўсотні святароў: як дыяцэзіяльных, так і законнікаў.

На пачатку ўсіх удзельнікаў урачыстай цэлебрацыі прывітаў біскуп Кашкевіч.

Пастыр Касцёла Гарадзенскай дыяцэзіі адзначыў, што людзі прыходзяць да Маці Божай у цудадзейным тракельскім абразе, прыносячы да Яе свае радасці і смуткі, надзеі і расчараванні, гонар і сорам, перамогі і паражэнні…

Асаблівым чынам вернікі звяртаюцца да яе з просьбай аб міры, падкрэсліў іерарх, запрасіўшы арцыбіскупа Станеўскага ўзначаліць цэлебрацыю.

У прамоўленай гаміліі арцыпастыр засяродзіўся на тым, чаму вернікі пакліканы навучыцца ў Маці Божай, у гэтай "школе Марыі", якой з'яўляецца Яе Тракельскі санктуарый.

- Мае дарагія, на ўзор Марыі давайце будзем вучыцца маліцца ў цішыні.

Гэтак, як Марыя, будзем любіць праўду і сціпласць, а пачуўшы Яе наказ: "Зрабіце ўсё, што скажа вам Мой Сын Езус Хрыстус", - усвядомім, што нашая пілігрымка ніколі не заканчваецца: яна шукае новых шляхоў, натхняе на новыя добрыя справы.Памятайце, што хрысціянамі не нараджаюцца - хрысціянамі становяцца, а таму кожны дзень мы павінны зноў і зноў станавіцца хрысціянамі, поўнымі даверу і салідарнасці, каб нашая вера перадавалася іншым, - заахвоціў удзельнікаў урачыстасці арцыпастыр.

Ён заўважыў, што сёння "больш, чым калі-небудзь, Касцёл павінен быць жывым, дынамічным, а значыць сінадальным.

Заставацца на месцы азначае быць абыякавымі. Быць пілігрымам азначае ўзрастаць у веры, пастаянна яе паглыбляць, прапаноўваць іншым, паказваючы прыгажосць Евангелля. Няхай нас не палохае той факт, што не заўсёды ў нас добра атрымліваецца крочыць за Езусам: складанасці нашага крочання, пераадоленыя спакусы чыняць нас мацнейшымі, нібыта глыбокія карані, што лепш сілкуюць дрэва, чым тыя, што на павярхні. Будзем жа дзейснымі і актыўнымі асобамі, а не абыякавымі спажывальнікамі.

Касцёл - гэта не "крама"; касцёл - гэта наш дом, а гэта значыць, мы сям'я; мы - браты і сёстры, бо маем аднаго Айца ў Небе і духоўную Маці Марыю", - сцвердзіў арцыбіскуп.

Узгадваючы словы Папы Францішка, скіраваныя Святым Айцом да духавенства Рымскай дыяцэзіі, іерарх яшчэ раз падкрэсліў, што Касцёл - гэта дом усіх вернікаў.

- Касцёл - гэта ваш дом, а дадому, туды, дзе мы ўбачылі гэты Божы свет; туды, дзе зрабілі першыя крокі і прамовілі словы "вера" і "каханне"; туды, дзе адчулі лагодны дотык нашай матулі і ўпэўненасць у абароне таты, мы вяртаемся ахвотна. Больш за тое, мы шукаем нагоды, чакаем выходных і канікулаў, адпачынку ці проста магчымасці паехаць і пайсці, бо там мы адпачываем душою.

Мае дарагія, Касцёл - гэта супольнасць нашых шматвяковых і маладых, толькі што заснаваных парафій; гэта наш дом, наша сям'я. Пра гэта трэба памятаць, бо чалавек знаходзіцца там, дзе яго думкі і мары.

Аб чым ты марыш, католік Беларусі? Дзе знаходзіцца тваё сэрца? Ці выказаў ты ўжо свае просьбы перад Маці Тракельскай, ці прытуліўся да Яе сэрцам і ці ўкленчыў? Знайшоў сваё месца? Мае дарагія, яно тут. Богам дадзенае, і зададзенае як наказ ад Бога: чыніце гэтую зямлю падданай сабе: не зважаючы на супраціўны вецер, не забывайцеся пра свае палеткі…

Гэта не старая бацькоўская хата пахілілася: гэта нашая памяць выветрылася. Гэта не стары бацькоўскі абраз Тройцы Святой не пасуе на сцяне маёй кватэры: гэта мой вобраз Бога несапраўдны. А яблык з дзедавай яблыні зусім не кіслы: ён проста задоўга быў спажываю для дзікай жывёлы і птаства…, - нагадаў іерарх пра карані, ад якіх ніколі ніхто не мае права адмовіцца, каб не згубіць сваёй духоўнай тоеснасці.

- Няхай жа Каралева нашых сем'яў, якую мы ўшаноўваем у тракельскім абразе, нястомна атуляе нас плашчом мацярынскай апекі, як было спрадвеку, цяпер і заўсёды ў будучыні. Няхай жа так будзе. Амэн, - завяршыў гамілію малітоўным заклікам арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

На заканчэнне святой Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч уручыў дыплом падзякі старшыні Воранаўскага райвыканкама Дзмітрыю Захарчуку за падтрымку і дапамогу кусташу санктуарыя ў Тракелях ксяндзу каноніку Юрыю Бяганскаму ў тым, каб гэтае святое месца з кожным годам станавілася ўсё прыгажэйшым.

Прадстаўнік мясцовай улады, са свайго боку, павіншаваў усіх прысутных са святам у гонар Маці Божай Тракельскай, адзначыўшы, што яно з'яўляецца выразам вернасці жыхароў Воранаўшчыны хрысціянскім традыцыям продкаў.

Пасля Імшы святочны настрой удзельнікам урачыстасці яшчэ больш узняў яркі выступ узорнага духавога аркестра Парэцкай дзіцячай музычнай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Валерыя Сака.

Віртуознае выкананне папулярных мелодый з харэаграфічным суправаджэннем пакінула цудоўнае ўражанне ў многіх удзельнікаў урачыстасці ў санктуарыі Маці Божай Тракельскай, Каралевы нашых сем'яў.

Тэкст: Мікола Гракаў. Фота: Кс. Аляксандр Улас. Catholic.by.

Вячаслаў Корбут: ЯК НЯРВУЕЦЦА ЧАС…

***

Як нярвуецца час... І малітва

Не даходзіць да Госпада ўжо.

Чалавецтва на крок ад той бітвы,

Перад самай апошняй мяжой.


Мы - зубры таго кволага часу.

А надзейнасць чыіхсьці мазгоў -

Неахайнасць тых брудных прыкрасаў,

Неадкрытага шчасця ўсяго.


Гэй, а можа, мне гэта ўсё сніцца?

Гэй, няўжо я згубіў парасон

Ад дажджу, што ліецца, бруіцца

На стамлёную стужачку дзён?


Гэй, трываласці мала: у справах,

Рухах, поглядзе, - нават, нудзе.

Дым згубіўся - у леташніх травах,

Лёс нам паліць кастры на спадзеў!


Там, дзе час і бясчассе пануюць,

Клопат мар у купюрах паснуў.

Прыйдзе дзень, і нас Божа пачуе,

Як у сэрцах адродзім вясну!

***

Збіраю сябе па частках,

Упёрся, трымаю хамут,

А нехта прамовіў: капут!

І дыхае цяжка, нячаста.


Той злыдзень, злыбяда, злырок...

Халерыць Зямлю, бы стыхія...

Мы дробныя галькі з дарог

Пасля навальніц, нібы, змыем?


Не зможам усім адказаць,

Хто долю сваю асцярожна

Нясе... Бачу на абразах

Я лікі святых: ім трывожна.


Збіраю сябе і свой дух,

І нават - суседскія думкі,

Збіраю цяпло на хаду,

Для сэрца - яго пачастункі.


Стрываю... А можа быць, не?

Як людзі, народ і планета,

Збіраюся. Мы на вайне,

І мне не прыснілася гэта.

***

Трымцення не знайду ў радках, трымцення...

І дзе знайсці натхнення, і адкуль?

У голасе істотнае змякчэнне,

І стаў Сусвет памножаны на нуль.


Не трэба адчужэння нам, даволі -

З той кнігі, прачытанае табой.

Сусвет кранецца непазбежна столі:

Закон быцця згубіўшы, знойдзе боль.


Мы - іншыя, і ў гэтым наша сіла.

Спраўней пакрочым, свету не да нас.

Жыццё ўзнімае з дна бязмежжа ілу:

Хто быў падпанкам, рвецца на Парнас.


Куды ўсе пруцца? Хопіць несці крыўду,

Свайго цярпення скінем ланцугі.

Пра пошласці пісаць вам не абрыдла?

Працуюць так вось толькі пацукі.


У творцы кожнага, відаць, свая дарога:

Дзе пакручастая, дзе толькі напрасткі.

Радок таленавіты судзіць строга -

Ты, дух сумневу, лепей нас пакінь!..

***

В. Скакуну


Радкі, шматкроп'е, млоснасць і туга...

Хаваецца жывой вады крыніца

За той паводкай лёсу, дзе спаткаў

Цябе паэт, якому поле сніцца.


А там калоссе, гул чароўных струн,

І голасам басістым рвецца рэха.

- Ну, як жывеш? - спаткаў радком Скакун.

- Ды нейк жыву! Часамі не да смеху.


- Бывай, пакуль! Трымайся лепшых дзён, -

Паэт пайшоў у роздуме трывожным.

А вочы тыя ж, бы ён маладзён…

І разгадаць іх глыбіню няможна.


Калосіцца паўсюдна збажына,

Праносяцца гады, нібы хвіліны.

І рве прастору звонкая струна,

І знікне час, хоць згадкі нам пакіне.

***

Мала песняў, мала спеваў

Мала родных чую слоў.

Зведаць шмат чаго паспелі -

Небагаты наш улоў.


Што зрабілі для Радзімы,

Чым багацім Беларусь?

Чым мы радуем хаціны,

Што ўзрасцілі нас? Бяру

Зноў у прыгаршчы радочкі.

Нібы зерне, кіну ў дол:

Хай растуць бары-гаёчкі

І мацнее кожны дом.


Прэч, самоты і гаркоты,

Будзь дужэйшым, мой народ,

Не ганіся ты за модай

І заўсёды будзь здароў!


Трэба болей слоў і песень,

Беларускіх нашых больш.

Хай чарноцце з сэрцаў злезе,

Знікнуць сум, трывога, боль!

Ізноў наперад

Мне не смешна, пакорна прымоўк.

Не пацешна, акрэслена з сумам,

Я гляджу на маршчыны дарог,

Дзе ліхтарыкі свецяць, бы думы.


Халадзеюць трывогі начы,

Мышка часу капошыцца ў скрыні,

Ці далей мне мой лёс па плячы,

Ці мяне новы час не адрыне.


Не саспела хваіна вясны:

Прагуляла, магчыма, удачу.

Прытулілася збоч да сцяны

І ледзь-ледзь навальніцай не плача.


Я па кроплях збіраю сяброў, -

Ну, давайце натхнімся прасторай!

Хай бурліць наша смелая кроў,

Разам нас не адолее гора.


Нараджайся, жыццёвая стаць, -

За тугою прыходзіць надзея!

Будзем коней сваіх яшчэ гнаць,

Каб цвілі нашы ружы, лілеі!

Трываласць

Абдымі мяне ранкам, туман,

Зашугай мае думкі ты ў шэрань,

Дзе я знікну ў мінулым. Стрымаць

Не паспее мой лёс, слоў адмераць.


Разгублюся, стамлюся, згрызу

Непатрэбную сэрцу трывогу.

Беларусь у былое звязу -

Так у будучым знойдзе дарогу.

Ёй ажыць, каб сябе ацаліць,

Дзе вятры асушаюць каменне.

Родны край, хто цябе бараніў,

Адрадзіў, захаваўшы карэнне?


Цягне песні чужацкая раць,

Узнімаючы новыя сцягі,

Не, не згінеш навек, край, у гаць.

Мы ізноў - бы ліхія варагі.


Абдымі мяне ранкам, туман...

Хай па ўсёй Беларусі знікае

Боль ад тых, ёй нанесеных ран...

Сэрца шчасця няспынна шукае!..

***

Зноў абмяжоўваю межы свядомасці

І зачыняю духоўны Сусвет.

Хто мы? Не кібаргі той невядомасці,

Што зачынілі ўжо безліч планет?


Хто мы? Маўчанне - наш попел, па сутнасці.

Розум ваенны не хлусіць байцам.

Змешаны попел з цялеснай магутнасцю -

Той, што па духу бліжэй праайцам.


Звержаны ідалы, кроў непралітая

Мусіць застыць на лафетах ракет.

Мы не забітыя, мы апавітыя

Верай і праўдай - там моцы хрыбет.


Я зачыняюся ў межах прасторавых,

Дзе не спасцігне сусветны дакор,

Дзе будуць дзверы адчынены зорныя

І ліхалеццяў пагасне касцёр!

Ці будзе тое?..

Ці будзе тое, што аднойчы,

Сябе грамадства нарачэ,

Вялікім цэнзарам паўночча,

Язык "вядомым" адсячэ?


Разгульства розных графаманаў,

Нікчэмных ёлупняў-пісцоў,

Павыкіне, мо, позна-рана

З паліц быцця былых часоў?


Засілле гэткіх непісьменных,

Ледзь акрыяўшых тых пісак, -

На ўсіх пляцоўках, розных сцэнах…

Што ў іх ні выраз - то чарвяк.


Шмат барматухі ў іхніх творах,

Там бражкі слоўнае пітво.

Заплямілі на небе зоры,

І стаў пабляклым неба звод.


Калёнай качаргой паўсюдна

Брыдоцце гэта трэба гнаць,

Каб пачытаць было што люду,

Была каб твораў сенажаць.


Каб на паліцах іскравелі

Тамы сапраўдных, важкіх кніг.

Іх аўтары каб права мелі

Свяціць, бы спраўных зор агні!

***

Гэта неба над полем Капыльскім,

Дзе шляхоў паміж зорамі шмат,

Што раскіданы, быццам бы пырскі, -

Там у жніўні такі зарапад!


Край вялікі, прасветлы і хлебны,

Як вяльможа прыціх і прысніў:

Аб табе люд чытае малебны

Пра свой лёс сярод ролляў і ніў.


Вочы даўніх азёраў блакітных

Усміхаюцца небу штодня.

Край валошак і стромкай ракіты,

Песень край - дзе такому раўня?


Адраджаецца боль за Айчыну -

Гэта так пачынаецца рух

Да святла і да ўдачы, магчыма…

Стань вялікай для нас, Беларусь!

Матуля

Такое слова казачнае - "мама",

Бо адсякае нам усе грахі.

І мы імгненна тых, вялікіх самых,

Слоў спасцігаем новыя шляхі.


Сугучча "мама", "мамачка", "матуля" -

Не спіш начамі, бо трывожны сон.

Ліхія думкі розум твой атуляць,

А неба шле спакой і справаў плён.


Матулечка, ты шпаркая - у справах.

Твая малітва светла, без прыкрас

Праз сэрца льецца і даруе слаўна

Спакой такі, што адратуе нас.


Матуля, мама - словы твае свецяць

Праз цемру нам вялікім тым святлом.

Мы для святла такога - толькі дзеці,

Атульвае нас зноў бацькоўскі дом.


І не баімся словаў і папрокаў:

Матуль усмешкі промнямі мігцяць.

Яны - бы сімвал лёсу і зароку,

Бо дапамогуць шлях свой адшукаць.

***

Ты мяне не стамляйся кахаць ?

Я цяпер не стамлюся таксама.

Хай паедзе ад шчасця страха

І сарвецца характару брама.


Не стамляйся чакаць ты мяне,

Хай не спыніць гадзінік наш рухі.

Голос маніць, нібыта ўва сне,

Абдымаюць раптоўна зноў рукі.


За пагляд так мілую я твой,

За касмічную постаць Венеры,

І за твой амазонскі той строй

У якім не патрэбны манеры.


Не здзіўлюся: за тысячы год

У бязлюдных не стрэнеш сусветах.

Ты пяшчотна чакаеш таго,

Хто з табой застанецца паэтам.


Ты мяне не стамляйся чакаць -

У адбымках гарым апантана

Тым агнём, ад якога ў вяках

Зоры дораць святло палымяна!..

***

Суніцаў пах і водар ліпы,

Спусціўся на зямлю жаўрук,

Усе паснулі, дуб са скрыпам

Пачуе ад чыгункі грук.


Успыхне зорка там, на ўсходзе,

І знікне горыч дзён былых,

Залева ноччу луг адродзіць,

Маланкі не спужаюць слых.


Не спіцца... Кола часу ладзіць

Чарговую жыцця скрыжаль,

І лес прыціх, як на парадзе:

Хваінкі з жаху не дрыжаць.


І мне ўзгадаецца дзяцінства,

Як быццам там згубіўся свет

Між мараў, вобразаў адзінства,

Дзе мела ўсё заўжды сакрэт.

Мой жнівень

Ходзіць жнівень па пракосах,

Па той спелай збажыне.

Сам, бы бусел, гоніць восаў,

Вусны змочаны ў віне.


Як сусед, жыве што ў думках,

Коле дровы, піша верш.

За куплеты пачастункі

Не бярэ, мо тое лепш?


Ён узмахвае рукамі,

Як няпраўды чуе рык,

Можа крос прабегчы з намі,

Стаць нядобрым да пары.


Не майструе новых храмаў,

Гоніць розных прэч бажкоў,

Сам сабе залечыць раны,

Зробіць сам сабе ж укол.


І імчыцца ў жніўным полі -

Конніцы той гул пачуй -

Дух нязніклы, неадольны,

З ім спрачацца не хачу.


Жнівень, ён такі прыдатны,

Ваяром ляціць ускач.

Не шукае вінаватых,

Змешвае і смех, і плач.

***

Ты прагнеш быць зоркай,

Ты - дзіўная зорка,

Што ўспыхне так ярка, не згіне і стане

Святлом за лясамі, і там - за пагоркам,

Свяціць будзе доўга - з начы і да рання.


Ты прагнеш быць кветкай -

У стэпавым полі,

Якая зусім не прыцягвае ліха.

Ты ў рукі не рвешся патрапіць ніколі,

Не хочаш... Шчэ марыш пухнатай і ціхай


Стаць коткай забаўнай,

Такой не яршыстай,

Павольна блукаючай за агароджай,

Якая глядзіць зноў на зорку, што чыста

Лье промні лагодныя - смела і гожа...

Навіны Германіі

Пасол Германіі Манфрэд Хутэрэр развітваецца з Беларуссю пасля чатырох гадоў працы

Прэс-рэліз ад 4 ліпеня 2023 года

Пасля чатырох гадоў працы на пасадзе Пасла Германіі ў Менску Манфрэд Хутэрэр пакідае Беларусь і вяртаецца ў Германію. "Калі нягледзячы на сённяшнюю палітычную бездань нешта дае мне надзею на лепшую будучыню германа-беларускіх адносін і адносін Беларусі з астатняй Еўропай, то гэта людзі Беларусі. Беларусь не толькі знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, яе людзі думаюць і адчуваюць па-еўрапейску. Іншымі словамі, я ўспрымаю Беларусь як лепшую частку Еўропы", - сказаў Манфрэд Хутэрэр у развітальным інтэрв'ю, якое размешчана на канале Пасольства ў Youtube @PosolstvoGermanii Minsk (https://www.youtube.com/@PosolstvoGermanii Minsk) з рускімі субцітрамі. Пасол адзначыў, што немцы і беларусы "сёння блізкія адны адным як, магчыма, ніколі за ўсю гісторыю, нягледзячы на глыбокі палітычны разлом".

"Як дыпламат я перажыў у Беларусі ўсе ўзлёты і падзенні германа-беларускіх адносін", - падвёў вынік свайго чатырохгадовага знаходжання ў Менску Пасол Хутэрэр. Нягледзячы на паглыбленне кантактаў Германіі і Беларусі, асабліва паміж прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і дзелавых колаў, якое назіралася ў час прыбыцця Пасла ў Менск летам 2019 года, "гэтыя тэндэнцыі з 2020 года змяніліся на супрацьлеглыя...".

Для Пасла "вельмі балючы той факт, што былі вымушаныя спыніць сваю дзейнасць у Беларусі Інстытут Імя Гётэ і Германская служба акадэмічных абменаў, а таксама былі ліквідаваныя шматлікія беларускія арганізацыі", з якімі вялося плённае супрацоўніцтва на працягу многіх гадоў. У гэты вельмі цяжкі час для яго было важна "захаваць у германа-беларускіх адносінах тое, што яшчэ можна было захаваць". У тым ліку, дзякуючы дыпламатычнай прысутнасці Германіі ў Беларусі, ўсё яшчэ магчымыя кантакты ў розных формах. Як сваю асабістую задачу Пасол успрымаў таксама "захаванне і развіццё гістарычнага дару прымірэння паміж немцамі і беларусамі".

Пасол Хутэрэр расказаў, што яму балюча ад таго, што ён "не змог асабіста, твар у твар, развітацца з такой колькасцю партнёраў Пасольства Германіі ў Менску", якія ўваходзяць у колькасць тых 1500 чалавек, якія ў Беларусі несправядліва знаходзяцца ў заключэнні па палітычных матывах. Ён падкрэсліў, што Германія і ЕС патрабуюць вызвалення ўсіх палітзняволеных у Беларусі. "Толькі накіраваны на прымірэнне дыялог паміж уладамі і грамадзянскай супольнасцю, які вядзе да новых свабодных і сумленных выбараў, можа абазначыць новы шлях наперад. Такі крок умацаваў бы суверэнітэт Беларусі як ва ўнутранай, так і ў знешняй палітыцы", - заявіў Манфрэд Хутэрэр.

Пасля чатырох гадоў у Менску Пасол Хутэрэр вяртаецца ў Германію да сваёй сям'і. Сям'я доўгі час жыла разам з ім у Менску, а ў мінулым годзе вярнулася ў Берлін, каб яго сын мог лепш падрыхтавацца да заканчэння нямецкай школьнай адукацыі. З 4 ліпеня 2023 года Пасольствам Германіі ў Менску будзе кіраваць Міхаэль Новак на пасадзе Часовага паверанага ў справах Германіі ў Беларусі, раней ён займаў пост Пастаяннага Намесніка Пасла.

"Германію і яе еўрапейскіх і трансатлантычных партнёраў яднае з усімі беларусамі зацікаўленасць у свабоднай, суверэннай, дэмакратычнай, квітнеючай Беларусі, якую паважаюць у міжнароднай супольнасці. Зацікаўленасць у дзяржаве Беларусь, якая падтрымлівае мірныя, канструктыўныя адносіны са сваімі суседзямі. За гэтую зацікаўленасць Германія і будзе ў далейшым усімі сіламі выступаць праз сваё дыпламатычнае прадстаўніцтва", - адзначыў Пасол Манфрэд Хутэрэр.

З поўнай відэаверсіяй развітальнага інтэрв'ю Пасла Хутэрэра з рускімі субцітрамі Вы можаце пазнаёміцца тут: https://www.youtube.com/watch?v=WooKrvIS9ww. Інтэрв'ю ў тэкставай форме ў фармаце PDF дадаецца да гэтага прэс-рэліза.

Знаходка пахавання вялікага князя ВКЛ і караля Аляксандра і вялікіх княгінь і каралеў Лізаветы і Барбары ў 1931 г.

Леанід Лаўрэш

Зіма 1930-31 гг. была вельмі працяглай, і нават ужо 10 красавіка будучы славуты пісьменнік Юзаф Мацкевіч надрукаваў у віленскай газеце "Слова" артыкул "Набліжаецца ледніковы перыяд". Але ўжо з канца красавіка пацяплела, і ў Вільні адбыўся моцны патоп - апоўначы 22 красавіка на вуліцы ў цэнтры горада пачала выходзіць рака Вілія, значна вырасла і Віленка. 24 красавіка з'явілася небяспека затаплення гарадской электрастанцыі, тады б горад застаўся без электрычнасці. Увечары вада была ўжо за 15 метраў ад сцен катэдры, а на наступны дзень затапіла падземную частку храма. Аднак прэса запэўнівала, што мурам катэдры нічога не пагражае.

У нядзелю, 26 красавіка, вада пачала спадаць. У выніку падтаплення катэдры былі падмытыя яе падмуркі, што прывяло да парэпання сцен і таму ўзнікла пагроза абвальвання будынка. Дрэннай прыкметай стала апусканне падлогі ў катэдральнай капліцы св. Казіміра і ў левым нефе храма. У гэтай сітуацыі летам 1931 г. са спецыялістаў Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя быў створаны Камітэт выратавання Віленскай базылікі, кіраўніком якога стаў вядомы архітэктар, прафесар Юліюш Клос. Сітуацыя была небяспечная, бо сабор будаваўся на няўстойлівым грунце - навукоўцы ведалі, што ў 1769 г. вежа тагачаснай катэдры абрынулася і забіла некалькі духоўных асоб.

Першай задачай камітэта ратавання катэдры стала дбайнае абследаванне падполля сабора. Пасля таго, як былі адсунуты пліты падлогі, 26 жніўня 1931 г. у капліцы св. Казіміра пад алтаром знайшлі урны з сэрцам і вантробамі караля Уладзіслава IV (Уладзіслаў Ваза, 1595-1648), які памёр у Мерачы.

Аднак толькі 21 верасня ў 8-45 падчас працы на фундаменце ў галоўным нефе катэдры, непасрэдна перад прэсбітэрыем, было знойдзена замураванае памяшканне - сярэднявечная пахавальная крыпта, да якой раней не мелася доступу. Тут знайшліся парэшткі караля і вялікага князя Аляксандра і абедзвюх жонак Жыгімонта Аўгуста - Лізаветы з Габсбургаў (1526-1545) і Барбары з Радзівілаў (1520-1551). Асобамі, якія першымі ўвайшлі ў пахавальную крыпту, сталі памочнік прафесара Клоса архітэктар Ян Пекша і тэхнік Казімір Вількус. Вількус потым успамінаў: " Паразважаўшы, мы дамовіліся, што я зайду першым і асвятлю ўваход знутры. Я ўціснуўся першым і асвятліў уваход для Пекшы. Калідор сапраўды быў вельмі вузкі але я, ідучы паперадзе, асвятляў падлогу, і гэтак мы патрапілі ў невялікі склеп памерам 3х4 м. Перад вачыма паўстаў дзіўны від. Перад уваходам, у гразі і друзе, у святле ліхтарыка я нешта ўбачыў. Спачатку падумаў, што гэта шлем, але гэта быў чалавечы чэрап з каронай. Я скіраваў святло ўправа - у куце крыпты, на камені, які тырчаў са сцяны, красавалася карона".

Зразумеўшы каштоўнасць знаходкі, Пекша паведаміў пра яе прафесару Клосу і ваяводскаму кансерватару др. Станіславу Лоранцу, якія зрабілі ўсе неабходныя адміністрацыйныя крокі. З гэтага моманту і пачалося вывучэнне пахавальнай каралеўскай крыпты.

22 верасня газета "Слова" паведаміла пра знаходку парэшткаў караля і вялікага князя Аляксандра і жонак караля і вялікага князя Жыгімонта Аўгуста - Лізаветы і Барбары з Радзівілаў: "… у падзямеллі віленскай базылікі пры работах па ўмацаванні падмуркаў 21 верасня 1931 г. у галоўным нефе, непасрэдна перад прэсбітэрыем, знойдзена раней старанна замураваная сярэдневяковая крыпта са зводчатымі скляпеннямі ў якую няма ніякага ўваходу з базылікі. Намеснік кіраўніка работ, архітэктар Ян Пекша быў першым, хто знайшоў крыпту пасля таго, як былі адсунуты пліты падлогі і выдалены друз. А 13-й гадзіне ў крыпту ўвайшлі кс.-рэктар катэдры Савіцкі, кіраўнік работ праф. Клос, кансерватар др. Лоранц, праф. Фердынанд Рушчыц, др. Маралоўскі і архітэктар Пекша. Яны пацвердзілі, што без усялякага сумнення знойдзены каралеўскія парэшткі. Пра знаходку адразу паведамілі Віленскаму ваяводу Бэчкавічу і мітрапаліту кс.-арцыбіскупу Ялбжыкоўскаму … Высветлілася, што склеп з-за дбайнай маскіроўкі не адчыняўся ад пачатку XVII ст. … Труны караля Аляксандра і каралевы Лізаветы ў выніку збуцвення цалкам распаліся. Першасная драўляная падлога крыпты таксама збуцвела …".

"Учора ў нас быў незабыўны момант, - пісаў Фердынад Рушчыц. - Мы сталі першымі, бліжэйшымі сведкамі факту эпахальнага значэння. Каралеўская пахавальня знойдзена! Калі я, кіруючыся амаль толькі інстынктам, ішоў учора апоўдні да катэдры, я ўбачыў у падлозе перад прэсбітэрыем выкапаную яму. Памочнік Клоса, малады архітэктар Пекша, наш былы студэнт, выглянуў з ямы і сказаў мне на вуха, што магілы, якія так старанна расшукваліся, знойдзены, але, магчыма, яны разрабаваны і косці пераблытаны".

Катэдру зачынілі для наведвальнікаў. Дзеля правядзення навуковых даследаванняў у крыпту была праведзена электрычнасць, паліцыя пачала ўзмоцнена ахоўваць катэдру і, улічваючы наяўнасць пахавання каралёў, была выстаўлена ганаровая варта.

Праф. Юліюш Клос, каментуючы знаходку, заўважыў, што пасля кананізацыі св. Казіміра, кароль Жыгімонт Ваза вырашыў пабудаваць уласную капліцу, бо каралеўская капліца (потым капліца Валовічаў) стала занадта малой. Ён заключыў пагадненне з біскупам Валовічам (у 1623 г.), паводле якога тагачасную каралеўскую капліцу (потым - беззаганнага Зачацця) пакінуў кс.-біскупу ў абмен на месца, дзе зараз капліца св. Казіміра, каб пасля перабудовы падмуркаў, уладкаваць пад ёй крыпту. Труны каралеў Лізаветы, Барбары і караля Аляксандра былі часова перанесены ў сярэдневяковую гатычную крыпту пад галоўным нефам каля прэсбітэрыя. Парэшткі знаходзіліся ў звычайных драўляных трунах, бо лічылася, што гэта часовае сховішча. Потым, верагодна, пераканаўшыся, што падземныя воды перашкодзяць працам, работы былі спынены, а пра каралеўскія парэшткі забыліся, і яны засталіся тут назаўсёды. Пра месца іх спачыну ніхто не ведаў, можа, толькі невялікая група пасвечаных, і таму ні казакі, ні, пазней, архітэктар Ваўжынец Гуцэвіч, які ў апошняй чвэрці XVIII ст. перабудаваў катэдру ў стылі класіцызму, не знайшлі гэтага пахавання. Капліцу Валовічаў з 1623 па 1630 г. будаваў Данкерс дэ Рэры. Праз 6 гадоў было закончана будаўніцтва капліцы св. Казіміра.

Рэдактар віленскага "Слова" Станіслаў Мацкевіч напісаў цікавы нарыс пра сваё начное наведванне катэдры ў дзень яе адкрыцця, нарыс добра перадае пачуцці яго сучаснікаў:

"Была ўжо 11-я гадзіна ночы, калі я дабраўся да катэдры і папрасіў дазволу ў кс.-пралата Савіцкага. Не магу дапусціць, каб дзверы каралеўскай крыпты замуравалі, пакуль я ўсё не ўбачу сам. Усе тут прысутныя: кс.-пралат Савіцкі, Рушчыц, Маралоўскі, Клос, Пекша, як гэта і павінна быць у такія хвіліны, усе вельмі ўзрушаныя. Яны стаяць пасярод асветленага пустога сабора. Майстар Гудзейка, рабочыя. Адзін з рабочых, які яшчэ, як і я, нічога не бачыў, просіць, каб яго пусцілі паглядзець.

Трэба павярнуцца і ўваходзіць у яму задам. На ўваходзе ўстаноўлены жалезныя дзверы. Напаўсляпое трывожнае электрычнае святло. Першае, што кідаецца ў вочы - зелень чэрапа караля Аляксандра. Потым бачыш карону на чэрапе, потым зрок прызвычайваецца, і бачыш голень, бачыш рэшткі шкілета. Час ад часу, у блукаючым святле лямпы, будзе кідацца ў вочы парча на труне Барбары з Радзівілаў - такая выразная, такая прыгожая і такая шляхетная, ці дакладней фрагмент гэтай парчы з залатым узорам на белым фоне. Гэтак жа, як і карона на галаве Аляксандра Ягелона - усё такое простае і адначасова дасканалае, сапраўдны подых ранняга Рэнесансу, які цяпер, як у казцы, як у сне, расказвае нам свае таямніцы.

- Гэты мур яшчэ сярэднявечны?

- А гэты?

- Гэты таксама.

- А тут, збоку, над парэшткамі каралевы і вялікай княгіні літоўскай Лізаветы з дома эрцгерцагаў Габсбургаў, вось гэта прыгожая, цудоўная, невысокая карона з 20 сегментаў, залатая звонку і заплямленая знутры. Ляжыць тут жа залаты ланцужок і таблічка. Чытаю літары, словы.

Сёння тут сапраўдная містэрыя, гэты склеп з гэтымі залатымі рэнесанснымі каронамі, робіць уражанне не магілы, а нейкай калыскі, нейкага цэнтру, дзе хаваецца каралеўская думка, дзе сярод цаглін і камянёў, нібы б'юцца залатыя сэрцы заснулых каралеў. Якое прыемнае, якое тужлівае і якое вялікае ўзрушэнне! Бачу, што прысутныя тут адчуваюць тое самае. Незабыўныя начныя гадзіны ў катэдры, у гэтым склепе з халоднай цэглы, якая здаецца мне цёплай калыскай.

Вялікае, вялікае адкрыццё! Прабудзіліся ад сну тыя, хто сімвалізуе наш народ, нашу гісторыю. Мусім стаяць тут з самай глыбокай і самай урачыстай малітвай …".

А вось, што пісала іншая віленская газета:

"Адразу за атворам, сярод старога бруду, спачываў ўкаранаваны чэрап караля Аляксандра. Паціна афарбавала каралеўскія скроні ў зялёны колер, чало пакрылася іржой стагоддзяў. Каля чэрапа караля ў беспарадку ляжалі ягоныя косці, а далей, сярод жалезных клямароў, якія раней замыкалі труну, косці ног і гнілыя дошкі труны. Каралеўская карона, у якой быў пахаваны Аляксандр, зверху абсыпана вапнай якая падала са скляпення, але яе стылістыка выдае паходжанне з пачатку XVI ст., карона добра захавалася і не мае пашкоджанняў.

Сярод лужын грунтовай вады і сярод бэляк, паралельна парэшткам караля ляжала труна-саркафаг Барбары з Радзівілаў.

Труна, дзякуючы вельмі адпорнаму матэрыялу і пласцінам волава, якія яе пакрывалі, перажыла разліў ракі і адносна добра захавалася.

Паўзе прамень ліхтара і цалю за цаляй адкрывае рэнесансную парчу, у якую была захутана труна каханай жонкі караля. Сярод фларыстычнага арнаменту бачны добра захаваўшыся герб (інсыгнія) Літвы і радавы герб Радзівілаў. На куце саркафага бачна медная пласціна - метрыка труны. Вечка труны абараняе яе змесціва ад цікаўнага вока.

Тут, пад вечкам спачывае каралева, апошнім жаданнем якой было вярнуцца ў Вільню. Пры жыцці яна так любіла спевы тутэйшых салаўёў. Тут яна пражыла самыя шчаслівы хвіліны са сваім каралеўскім мужам-каханкам.

Побач з саркафагам Барбары, сярод друзу і абломкаў, бязладна спачываюць раскіданыя ў беспарадку і пашкоджаныя вадой, якая часта наведвала каралеўскую магілу, парэшткі каралевы Лізаветы. Ад яе труны і вопраткі нічога не засталося. На вышыні 1,4 м над каралеўскімі парэшткамі - гатычныя скляпенні, потым прасеўшы мур і зламаная арка.

Побач, на выступе сцяны ляжыць надмагільная дошка, рэнесансная карона і залаты ланцуг, які нябожчыца, верагодна, мела на шыі. Ёсць меркаванне, што пахаванне патрывожылі праз шмат гадоў пасля таго, як сюды былі пакладзены каралеўскія целы, і таму рэчы каралевы Елізаветы выняты з пашкоджанай труны і пакладзены побач.

Таксама ёсць гіпотэза, што першапачаткова гэты склеп не прызначаўся да каралеўскіх пахаванняў, і сюды, дзеля бяспекі, парэшткі былі схаваныя ў 1658 г."


Толькі 28 кастрычніка 1931 г. камісія адкрыла саркафаг каралевы Барбары з Радзівілаў, які захаваўся лепш за два іншыя. Працы з саркафагам Барбары цягнуліся да сярэдзіны лістапада.

Саркафаг каралевы Барбары зрабілі ў Кракаве з улікам таго, што цела каралевы будзе перавезена ў Вільню, бо такой была яе апошняя воля і Жыгімонт Аўгуст пакляўся выканаць яе. Перад тым, як зачыніць труну з целам каралевы, яе напоўнілі спецыяльнай сумессю вапны і попелу, якая мела захаваць цела і прадухіліць заўчаснае раскладанне падчас 4-х тыднёвага шляху ў Вільню. Закрыўшы вечка труны, яе абцягнулі скурай, на якую паклалі покрыўку з цудоўнай залацістай тканіны ў выглядзе рэнесанснага крыжа.

Вядома, што ў чэрвені 1551 г. з Кракава праз Ваўкавыск, Масты, Ражанку, Шчучын, Васілішкі і Радунь кароль і вялікі князь ВКЛ Жыгімонт праводзіў парэшткі сваёй жонкі - каралевы Барбары з Радзівілаў. Вось як гэта апісаў Міхал Балінскі: "Чорнай масці коні цягнулі воз з парэшткамі каралевы, а за ім у глыбокім смутку на кані ўсю дарогу ехаў кароль. Калі жалобная працэсія ўваходзіла ў вёску ці мястэчка, Жыгімонт Аўгуст злазіў з каня і пешкам ішоў за труной. Ніякае дрэннае надвор'е ці іншыя праблемы не маглі яго прымусіць змяніць хаду працэсіі. Труну з парэшткамі каралевы на ноч заносілі ў касцёл, і чарговы пробашч разам з іншымі мясцовымі духоўнымі асобамі служыў жалобную службу па памерлай".


Аднак вернемся ў 1931 г.

Перад адкрыццём труны каралевы Барбары крыж-покрыўку асцярожна знялі і паклалі на спецыяльна падрыхтаваны стол. У дзённым святле вочы прысутных ўбачылі, гэтую шыкоўную стужку з цвёрдай залацістай тканіны, вытканай з тоўстай залатой ніці.

Толькі 29 кастрычніка былі зняты апошнія два блокі вапнавай сумесі, якая пакрывала парэшткі каралевы, і гэтая праца заняла ўвесь дзень. 30 кастрычніка ачышчаны частка труны каля чэрапа і скіпетра Барбары, а таксама вакол таблічкі, якая ляжала ў тканіне, першапачаткова пакрываўшай цела каралевы. Надпіс на таблічцы адрозніваўся ад надпісу на вечку труны, з яго можна было даведацца, што ў тут ляжыць каралева Барбара, другая жонка караля і вялікага князя, якая памерла 8 траўня 1551 г. Карона, скіпетр і інсыгніі з-за старажытнасці пакрыліся пацінай.

На скрыжаванні крылаў крыжа покрыўкі труны каралевы Барбары меўся медальён з трыма гербамі: Польшчы, Літвы і Радзівілаў, а ў аснове крыжа на тканіне захаваліся цудоўныя і дасканалыя фларыстычныя ўзоры эпохі Рэнесансу.

Калі быў зняты слой сумесі для кансервацыі, стаў бачны цалкам счарнелы чэрап каралевы Барбары ў пахавальнай кароне, а таксама частка костак шыі, пляча і ключыцы, на якіх ляжаў доўгі, плецены ланцуг з чыстага золата. На жаль, акрамя шкілета і металічных упрыгожанняў, нічога не засталося ад шатаў каралевы.

Сярод іншага, даследчыкі мелі надзею знайсці рэшткі валасоў Барбары (як у выпадку з каралевай Лізаветай). Парэшткі каралевы Барбары былі грунтоўна даследаваны анатамічна з мэтай вызначэння прычыны смерці маладой жанчыны, бо трэба было вызначыцца, ці памерла яна з-за атручвання (як казала легенда), ці з-за хваробы раку, ці з-за нейкай жаночай хваробы.

Агляд парэшткаў каралевы Барбары ў 1931 г. не дазволіў выявіць хваробу, ад якой яна памерла. Падчас агляду стала вядома, што каралева мела "гарманічнае цела" - было б дзіўна адваротнае, бо Барбара была жанчынай незвычайнай прыгажосці. Каралева мела 160,2 см росту - як на той час, гэта не мала. Медыкі звярнулі ўвагу на бездакорны стан яе зубоў. Не выявіла хваробу і вывучэнне парэшткаў, якое яшчэ раз зрабілі сучаснымі метадамі ў 2001 г. але, сённяшнія навукоўцы схіляюцца да таго, што хвароба ад якой памерла Барбара - рак шыйкі маткі.


Прафесары Фердынад Рушчыц і Ежы Хопэн малявалі і малявалі каралеўскія парэшткі, а Ян Булгак рабіў фотаздымкі. Партрэтыст Казімір Квяткоўскі намаляваў карціну з дзесяткам асобаў у крыпце, але прапусціў у ёй прафесара Клоса, прафесар не падабаўся мастаку. Замест гэтага ён намаляваў постаць Пекшы, чым пакрыўдзіў др. Лоранца, які не дараваў Пекшу, што той увайшоў у крыпту першым без яго і Клоса.

Восенню 1931 г. даследаваннем покрыўкі на труне і вапнавай сумесі нястомна займаўся віленскі прафесар Маралоўскі, які выявіў на зацвярдзелай вапне сляды кароны і барозны з адбіткамі савана, які пакрываў твар Барбары.

На костачцы аднаго з пальцаў левай рукі Барбары, знайшлі прыгожы залаты пярсцёнак з дыяментам, бірузой і рубінам. Таксама каля костачак правай рукі ў вапне знойдзены залаты пярсцёнак з 2 дыяментамі і яшчэ адзін залаты пляцёны пярсцёнак.

Пасля завяршэння гістарычна-анатамічных даследаванняў, каля 9-й раніцы 7 лістапада 1931 г. парэшткі каралевы Барбары былі складзены ў дубовую труну і каля 18-й гадзіны яе труна пастаўлена каля трунаў з парэшткамі караля і вялікага князя Аляксандра і вялікай княгіні і каралевы Лізаветы.


Цікава, што адкрыццё каралеўскіх магіл у саборы таксама прывяло да канфлікту паміж дзяржавай і касцёлам. Арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі падзякаваў прэм'ер-міністру Аляксандру Прыстару за дапамогу, на што кіраўнік ураду адказаў, што гэта не дапамога, а абавязак дзяржаўных уладаў. Намеснік міністра рэлігійных веравызнанняў і народнай асветы ксёндз Браніслаў Жангаловіч адзначыў пасля гэтага: арцыбіскуп мяркуе, што каралеўскія парэшткі належаць касцёлу, а прэм'ер - што ўладам Рэспублікі Польшча. Нягледзячы на тое, што Жангаловіч быў святаром, ён стаў на бок ураду. Аднак Жангаловіча вельмі абурыла, калі ключы ад сабора запатрабавалі падваявода Янкоўскі і кансерватар др. Лоранц, які, па словах ксяндза, быў "сацыялістам", а таксама "ерэтыком і кальвіністам".


Трэба адзначыць, што знаходка каралеўскага някропаля значна падняла статус Вільні, якая да гэтага часу лічылася сталіцай самай занядбанай часткі Польшчы. Нобелеўскі лаўрэат Чэслаў Мілаш успамінаў: "… Вільня ў тыя часы была глухаманню (Мілаш ужыў больш моцнае польскае слова "zadupiem", але я не знайшоў яму адпаведніка - Л. Л.): тут мелася вельмі вузкая база культурных людзей, калі адкінуць яўрэяў, якія размаўлялі і чыталі на ідыш ці па-расейску і "тутэйшы" люд, які наогул нічога не чытаў, дык хто заставаўся? Трошкі інтэлігенцыі шляхецкага паходжання, наогул даволі тупой". Канешне, меркаванне Мілаша радыкальнае, але блізкае да ісціны. Каралеўскі някропаль прыдаў сапраўдны сталічны бляск гораду, спрыяў выдзяленню яму сродкаў на культурныя патрэбы і падштурхнуў цікавасць жыхароў усяго края да гісторыі і культуры. Пра знаходку каралеўскіх парэшткаў паведамляла і тагачасная заходнебеларуская прэса. Трэба дадаць, што на хвалі цікаўнасці да гісторыі ў 1936 г. у пракат выйшаў фільм "Барбара з Радзівілаў", ролю Барбары сыграла галоўная зорка польскага кіно таго часу Ядвіга Смасарская. Гэта была першая ў Польшчы гістарычная драма такога відовішчнага маштабу. Менавіта гэты фільм стаў першым фільмам, паказаным па тэлебачанні.

Вельмі важнай наяўнасць каралеўскіх пахаванняў, сталася потым для Вільнюса як сталіцы Летувіскай рэспублікі.

Крыніцы:

· aż. Zbliża się epoka lodowa // Słowo. №81 10 kwietnia 1931.

· Kurjer Wileński. № 216, 22 września 1931.

· P. Śledziewski, Kościół św. Anny - św. Barbary intra muros castri vilnensis //Ateneum Wileńskie. R. IX (1934), S. 30.

· Słowo. №217, 22 września 1931.

· M.J. Odnalezienie grobów królewskich w Bazylice Wileńskiej // Dziennik Wileński. № 218 września 1931.

· Ilustrowany Kuryer Codzienny. №302, 01 listopada 1931.

· M. Balinski. Pamietniki o krolowej Barbarze. 1840. T. 2. S. 305.

· Słowo. № 252(2760), 1 listopada 1931.

· G.-J. Česnys, R. Jankauskas, V. Urbanavičius, Queen Barbora Radvilaitė: review of remains and reconstruction

· of documentary portrait // Acta Medica Lituanica. Supplement. № 8, 2001. S. 18-24.

· Słowo. № 258(2766), 8 listopada 1931.

· Ilustrowany Kuryer Codzienny. №302, 01 listopada 1931.

· Miłosz C. Zaczynając od moich ulic, Paryż, 1985. S. 35.

· Chryścijanskaja Dumka. №15, 10 kastryčnika 1931.

· Koper Sławomir, Stańczyk Tomasz. Ostatnie lata polskiego Wilna. Warzawa, 2020.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Трэпанацыя чэрапа, гарэлка і добрыя намеры: Брагіна, Грынкевіч, Гыек, Паплаўскі, Скарына

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-27 (53-79) за 2023 г.)

БРАГІНА Святлана - жыхарка Лімы, якая сцвярджала, што ў Перу "самая першая праблема - здароўе, другая - гэта адукацыя. Яны жывуць вельмі бедна, вельмі прымітыўна, узровень жыцця вельмі нізкі. Дапамогі практычна не атрымліваюць, у тым ліку і ад дзяржавы Перу. Землі ў джунглях належаць толькі індзейскім плямёнам. Нават экстрэмальныя выпадкі здараліся. Калі ўчыненае злачынства, то пасадзіць індзейца ў турму практычна нельга, бо лічыцца, што ўзровень іх развіцця і прыняцця рашэнняў, як у дзяцей".

У якасці ілюстрацыі таго, як ставіліся, не робячы скідак, да ўчыненага індзейцамі далей на поўнач, можна прывесці нямала дадзеных - і пра павешаных канадскіх паўстанцаў, якіх нядаўна рэабілітавалі, і пра "легендарныя" чыста крымінальныя злачынствы, адну "серыю" з якіх, у Канадзе, як "загадку" папулярызаваў для польскага чытача М. Ваньковіч. Наш адрасат Фернанда Кара (1949-2017; "Fernando Eros Caro, Jr. […] the first of eight children of two migrant workers. He was of Mexican-Aztec and Yaqui descent") нарадзіўся ўжо ў Каліфорніі, часткова прыняў нормы ЗША перад тым, як учыніў цяжкія злачынствы ў адносінах да непаўнагадовых. Арыштаваны ў 1980 г., асуджаны да смяротнага пакарання, памёр у зняволенні. У прысланым нам выданні нашых калег з Іспаніі ён праходзіў як апач, хаця насамрэч быў з народа які ў Саноры. Магчыма, ведаючы, што гэта індзеец які, мы і не пісалі б, але галоўны прынцып - кожны, незалежна ад сумы грахоў, заслугоўвае той ці іншай увагі і падтрымкі. "Этнакрыміналістычна" Кара ўжо не быў "дзікуном". Сваё злачынства не прызнаваў. А смяротнае пакаранне ў любым выпадку выглядае як рудымент феадалізму. Што б не зрабіў Фернанда, ён мог зарабляць на свой хлеб у зняволенні і прыносіць нейкую карысць грамадству сваімі станоўчымі цікавасцямі, здольнасцямі і ўмельствамі.

З сюжэтаў у праграме СТБ "Карціна свету" (кіраўнік Юрый Казіятка) у 2016 г. былі - "Бульба і гандаль як збліжэнне Перу і Беларусі: інтэрв'ю пасла Перу ў Беларусі і Расіі праграме "Карціна свету"" (11.06.2016), а затым "Перу: беднасць і багацце, эканоміка і палітыка, культура і харчаванне загадкавай і вабнай зямлі інкаў" (17.12.2016). У другім выпадку таксама выкарыстаныя выказванні пасла ў РФ і па сумяшчальніцтве ў Беларусі Карласа Веласка Мендыёлы.

Выказванні С. Брагінай - частка таго другога вялікага сюжэту СТБ, у якім слова давалася некалькім жыхарам Перу, уключаючы славянскіх (у прыватнасці, Юлія Конычава з Лімы таксама не абмінула індзейскую тэму).

Здымачная група каментавала свае сустрэчы часам паэтычна: "У джунглях Амазоніі галоўным транспартным сродкам да гэтага часу застаецца лодка-каноэ, з ніадкуль з'яўляюцца цені з духавымі стрэльбамі. Але пры выпадку абарыген ахвотна бярэ ў рукі будаўнічую кельню".

Але Раймунда Фасабі, "індзеец племені Чыпіва", быў ужо не ценем, а прыслугай: "З гэтым індзейцам мы пазнаёміліся ў прыгарадзе Лімы. У пошуках лепшай долі ён перабраўся з джунгляў у горад".

Брагіна кажа: "У мяне пашпарт беларускі, я грамадзянка Беларусі. 20 гадоў пражыла ў Перу, а пашпарт не памяняла, не захацела, бо калі атрымліваю перуанскае грамадзянства, то мушу адмовіцца ад беларускага, на што я не пайшла. Колькі грамадзян Беларусі жыве ў Перу? Я думаю, чалавек 600 ёсць. Выхадцаў з Беларусі ў тым ліку. Як правіла, мы сустракаемся разам з рускімі, украінцамі. У нас застаўся погляд на жыццё, як у жыхароў былога Савецкага Саюза".

Потым Святлана расчароўвае нас словамі пра беларускі алкаголь для, патэнцыяльна, і індзейцаў: "На працягу 10 гадоў пастаўляем беларускую гарэлку ў Перу. Яна добра сябе зарэкамендавала, добрая якасць. І будзем працягваць з гэтым прадуктам працаваць".

А вось як хтосьці з аўтараў СТБ уплёў "перспектыўны рынак" і да фактаў поспехаў даеўрапейскіх цывілізацый аднёс трэпанацыю чэрапа: "Яшчэ адной краінай, дзе адкрыецца пасольства Беларусі, можа стаць Перу. Гэта, я мяркую, паколькі Перу - найважнейшая дзяржава Лацінскай Амерыкі і былая іспанская калонія, дарэчы. Многія дасягненні перуанцы звязваюць якраз-такі з укараненнем еўрапейскай культуры і еўрапейскіх тэхналогій. Але не будзем забывацца, што індзейцы, калі яшчэ Еўропа і не мылася, дасягнулі фантастычных поспехаў - тысячы гадоў таму трэпанацыю чэрапа здзяйснялі. Да гэтага часу не разгаданы многія таямніцы цывілізацый, якія засялялі Перу. І Беларусь пакуль яшчэ не асвоіла гэты вялізны перспектыўны рынак".

Літ.:

1923 Сапожнікаў К. ...А віскі льецца ракой // Звязда. 1986. 4 студз.

5756 Каратынскі В. Выпіў Куба да Якуба: нараджэнне, спакуса і сухоты гарэлкі / уступ пераклаў У. Мархель; верш. тэкст пераклаў Р. Барадулін // Каратынскі В. Творы / уклад., прадм. і камент. У. Мархеля; выд. 2-е, дап. Мн., 1994. С. 161-172 (Уступ, с. 161-163: "Пакуль людства не падрасло настолькі, каб магло рабіць найтанчэйшыя адкрыцці, пакуль не ўлоўлены былі простыя законы браджэння, датуль не ведалі [далей тры словы курсівам] ніякага моцнага пітва; а павінна гэта было цягнуцца доўга, бо дзікія людзі Амерыкі і Аўстраліі дагэтуль нічога падобнага рабіць не ўмеюць. Тым даўжэй яшчэ не зналі гарэлкі, нешчаслівае вынаходства якой патрабавала шмат папярэдніх звестак і штучна складзенага прыстасавання, і доўга яшчэ пасля гэтага адкрыцця гарэлка [далей тры словы курсівам] зусім не ўжывалася як пітво".)

6888 Korotynski W. Wypil Kuba do Jakuba: urodziny, powolanie i suchoty gorzalki. Wilno, 1859.

7505 Вильчинская К. Выпьем вместе с детьми? // Минский курьер. 2003. 19 сент.

7438 Фёдараў В. "Вогненная вада" ад Глыбокага цякла // Рэспубліка. 2004. 26 сак.

ГРЫНКЕВІЧ Мікалай (7) - быў калегам сербаў і чарнагорцаў у адукацыйным працэсе ў Сан-Францыска.

Адзін з паўднёвых славян, далмацінцаў, але, паводле нашай крыніцы, праваслаўны (яго магла ведаць сям'я жонкі Грынкевіча Аляксандры), напісаў кнігу пра свой удзел у кампаніі супраць апачаў Джэроніма ("Trailing Geronimo: Some hitherto unrecorded incidents bearing upon the outbreak of the White Mountain Apaches and Geronimo's band in Arizona and New Mexico"). Найперш кідаецца ў вочы, што ён часта выкарыстоўвае ў адносінах да індзейцаў не вельмі паважлівы выраз bucks - тое ж слова, якім называюць долар. У свой час, шукаючы звесткі пра паходжанне Антона Мазановіча (Mazzanovich, але сцвярджаюць, што мае "першааснову" Машанавіч, Masanovic), мы прагледзелі шмат крыніц "па слядах Мазановічаў" - патурбавалі нават мазырскага Мазановіча, музейшчыкаў у Літве (Цяльшайскі краязнаўчы музей, 13.05.1988, адказ 19.05.1988) і г.д. Веды, набытыя ў выніку пошукаў па югаславах у Амерыцы, асабліва ў Нью-Мексіка і Арызоне, Каліфорніі, як пазней аказалася, спатрэбіліся ў Руселеўскім і Грынкевічаўскім праектах. Хаця "мара" пра беларуса ў апачаўскіх войнах (пажадана на баку індзейцаў) пакуль не знайшла сваёй рэалізацыі, Грынкевіч і яго асяроддзе былі добрай кампенсацыяй - прыкладам штодзённай "вайны" за чалавечую годнасць у школе, інтэрнацыянал якой уключаў людзей аляскінскага паходжання, у т.л., індзейскага. Сербы і чарнагорцы ў Сан-Францыска таго часу былі ці не самыя ваяўнічыя са славян і праваслаўных: адзін з іх пажадаў удзельнічаць у дуэлі з доктарам Руселем замест консула Арцімовіча, якому страляцца не дазваляў дыпламатычны статус; у другім выпадку югаславянскага брата па веры нібыта хацеў забіць епіскап - быццам бы наняўшы нейкага "Білі Пісталета" (Pistol Billie) - і павесяліўшы "без папкорну" сан-францыскую публіку гэтай гісторыяй. Мы не можам сказаць пра Грынкевіча, што ён шмат падарожнічаў, акрамя пераездаў па рабоце, у той час як настаўнік школы Дабавіч (св. Севасціян) паездзіў шмат, у т.л. працуючы сярод сербаў у Арызоне. І яшчэ больш паездзіў па свеце клірык-украінец Я. Карчынскі - пры гэтым нават удачарыўшы мексіканку.

У часы Грынкевіча і Руселя Мазановіч ужо жыў не ў Сан-Францыска, а недзе ў раёне Галівуда, але мог даведвацца, што адбываецца, з газет.

Перакладчыца з Нові-Сада, якую параіў протадыякан Р. Ракіч з Бялграда, доўга жыла ў Расіі і, будучы вельмі здольнай, засвоіла мову амаль ідэальна.

Р. Палчанінаў і іншы наш перакладчык - І. Андрушкевіч - вучыліся ў Сербіі, таму сербская мова была для іх як родная. Праўда, Андрушкевіч не прыняў прапанову перакласці на сербскую. (Згаданы ў артыкуле пра М. Гыека перуанскі індзеец на наша пытанне пра магчымасць перакласці нататку Грынкевіча адказаў, што не ведае індзейскай мовы (здаецца, меў на ўвазе кечуа)).

"Могао сам се однети са неповерењем према тужбама намештеника и свештеника, мислећи да свој свога неће оптуживати ("гавран гаврану неће да ископа око") и да оптужбе могу бити унеколико претеране, али у исто време нисам могао да будем равнодушан тужбама незаштићене деце, према којима је нови епископ показао своју епископску власт. Међутим к мени је често долазио неки Гринкевић, који је завршио духовну академију и кога су послали у Америку као црквењака, за казну за пијанство. Он је причао о безобразлуку који влада у школи и то је било потврђено и тужбама несретних дечака. Замолио сам га да ми да писмено све оно што се тиче безобразлука у школи. Гринкевић је пристао да ми испуни ту молбу па ми је написао све оно шта вам ја шаљем дословно у прилогу јер све то даје одличну карактеристику оног поретка који је Владимир установио у школи. [trans. into Serbian by Serbian by Rostislav Polchaninov (Polchaninoff)]

О ШКОЛИ

У школи су 23 дечака. Они су подељени на 3 разреда. Учионице уједно служе и као читаонице. Просторија за часове рекреације не постоји. Све учионице (као и спаваонице) налазе се у нивоу сутерена. Две учионице су тако слабо осветљене, да се на средини собе не може разазнати штампани текст (књиге). Не постоји никаква вентилација. Влажно је и непријатно мирише. Други разред и трпезарија заузимају једну исту просторију.

Дечаци од осам година су подложни истим правилима и воде исти начин живота, као и 15-годишњаци. Број часова је следећи: школски часови са наставницима - 3 и по сата (од 13:30 до 17 часова); припрема за часове - 3 сата (8 - 11 сати ујутро); певање - 2 сата (11 - 12 сати ујутро и 17-18 часова); богослужење - 2 сата (6:30 ујутро - 7:30 ујутро). Суботом и о празницима трајање богослужења је - до 6 сати дневно. Децу приморавају да пуштају дугу косу, захваљујући чему су се ваши веома намножиле...

Епископ је присвојио новац дечака, који су с њим допутовали овамо. Свима њима су били плаћени путни трошкови (за 12 особа), и од тих трошкова свакоме је остало најмање по 200 долара. Неколицина тих пристиглих дечака већ је послата на Аљаску, и ни једном од њих нису дали новац, чак ни да купе себи неку одећу, упркос томе што је немаштина код њих више него очигледна". [trans. into Serbian by Tania Pavlovic]

(Доктор Русељ о Николају Гринкевичу / прев. са рус. Ростислав Полчанинов // Веснік БІТ. 2016. 20 ліп. № 40; Гринкевић, Николай. О школи / прев. са рус. Тања Павловић // Веснік БІТ. 2016. 5 чэрв. № 31.)

Патрыярх так пракаментаваў сказ № 1 з праекта (эл. павед. ад 16.07.2016): "Перавёў на сербскую сказанае ў "01", хоць у сказаным адно супярэчыць другому. Прымаўка "крумкач крумкачу вачэй не выдзяўбе" неперакладальная, я напісаў па-сербску яе сэнс, а ў дужках даў дакладны пераклад. Тое, што службоўцы скардзіліся на начальства выключае прымаўку, што "крумкач крумкачу вачэй не выдзяўбе", тым больш іх скаргі не маглі быць перабольшанымі. На мой погляд тут нешта не тое". Ён, праўда, не меў тэксту, які ішоў перад тым.

Каментавалі перакладчыкі няшмат, але некаторыя заўвагі, заўважаная алагічнасць і г.д. маглі б зацікавіць іх калег - хто не заўважыў тое.

Літ.:

3853 Хамваш Б. Галашэнне / пер. з серб. I. Чароты // Крыніца. 1995. № 10. С. 84-88.

227 Косык М. Абуджэнне / пер. А. Траяноўскага; Злоўлены салавейка; Індыянка / пер. А. Зарыцкага; Спі, дзіцятачка! / пер. А. Траяноўскага // Там, дзе Шпрэвя шуміць: паэзія лужыцкіх сербаў. Мн., 1969. С. 39-41.

228 Косык М. Індыянка / пер. А. Зарыцкага // Зарыцкі А. У свет па песні: выбраныя пераклады паэзіі. Мн., 1978. С. 210.

229 Косык М. Індыянка / пер. А. Зарыцкага // Літаратура і мастацтва. 1969. 28 сак.

2446 Косык М. Индианка / пер. с сорб. [серболуж.] А. Зарицкого // Неман. 1969. № 9. С. 74.

12466 Гулевич Е. В. Норма и девиация в рассказе Ш. Алекси "Не сдавайся" // Норма и отклонение в литературе, языке и культуре: коллективная монография / отв. ред. Т. Е. Автухович. Гродно, 2021. С. 276-283. ("Мэта артыкула - выявіць асаблівасці рэпрэзентацыі паняццяў "норма" і "дэвіяцыя" ў апавяданні амерыканскага пісьменніка [індзейскага паходжання] Ш. Алексі "Не здавайся". Аўтар пастуліруе адноснасць дадзеных паняццяў, заклікае чытача адмовіцца ад стэрэатыпаў свядомасці, звыкласці ўспрымання навакольнага свету і яго напаўнення, запраграмаванага агульнапрынятымі рамкамі. Ключавыя словы: норма, дэвіяцыя, стэрэатып".)

ГЫЕК Марэк - хаця яго продкі па маці і бацьку мелі і беларускія карані, а таксама абодва веравызнанні, самасвядомасць у яго, паводле ўласных слоў, зусім каталіцка-польская. Але ён індзеяніст, які напісаў кнігі пра наваха, шашонаў, хайда, шлюб і сям'ю ў індзейцаў, шматлікія артыкулы, - гэта сведчыць, што ён у лепшым сэнсе чалавек свету, які разумее важнасць усіх культур. Дасылаў друкаваныя выданні пра індзейцаў у Беларусь. Прапанаваў адзін тэкст пра індзейцаў прэрый у наш "Веснік БІТ". Ён быў адным з удзельнікаў фотапраекта "Мост над акіянам" - прыгожы жэст палякаў у бок беларусаў.

Пра індзейцаў хайда Марэк расказаў у час прэзентацыі яго кнігі 2015 г. перад вялікім колам слухачоў, якія стаялі кругам, на агульнапольскім злёце таго ж года каля Супрасля. На ім гандаль біжутэрыяй і іншымі падобнымі вырабамі, сувенірамі разгарнуў польска-перуанскі індзеец, а кнігамі - адзін спецыялізаваны гандляр выданнямі пра індзейцаў - аўтар БСІ бачыў у яго першы і другі тамы твора пра мастацтва Амерыкі індзейскага аўтара Ф. Дакстадэра, перакладзенага на польскую мову; трэці купіў падлеткам у кнігарні ў Пінску, дзе жыў з 1974 па 1978 г., але праз чатыры дзесяцігоддзі пашкадаваў грошай на "лакуны" (усё ж гэта былі не кнігі Я. Тазбіра або М. Парадоўскай - на якія можна было іх і не пашкадаваць).

Марэк падараваў кнігу пра хайда, выняўшы яе прама з грузавога адсека свайго аўто.

Цётка яго маці Імакулята Марыяна Алехна (Аляхно) была найбольш славутая з яго каталіцкіх і праваслаўных сваякоў. Ёй ён прысвяціў кнігу "Aby niesc milosierdzie. Biografia siostry Immaculaty Marianny Olechno 1884-1983" (Беласток, 2013). Стагадовае жыццё, поўнае высакародных спраў, такіх як дом для сірот у Васількаве. Яна жыла і ў ЗША.

Марэк, жыхар Беластока, у час інтэрв'ю з ім у "Zabludow i Okolice" і нашага знаёмства быў педагогам у гэтым знакамітым у гісторыі беларускай і польскай культуры мястэчку.

Літ.:

9228 Hyjek M. Czy ktos widzial mojego Siwka? // Tawacin. 2000. № 3. S. 3.

12474 Hyjek M. Haida: zeglarze z Polnocnego Zachodu. Wielichowo, 2015. (Wydawnictwo: Tipi; Biblioteka "Tawacinu" № 45.)

9217 Hyjek M. Mozliwosci rozwoju kultury Indian Nawaho w warunkach koegzystencji z dominujaca kultura euroamerykanska // Kultury tradycyjne a kultura globalna: konteksty edukacji miedzykulturowej. T. 2 / pod red. J. Nikitorowicza, M. Sobeckiego, D. Misiejuk. Bialystok, 2001.

9216 Hyjek M. Nawahowie: ludzie Sciezki Piekna. Wielichowo, 2010. (Дар аўтара.)

9223 Hyjek M. Nie tylko Carlisle: jeszcze o oswiacie dla Indian // Tawacin. 2008. № 3 [83]. (Пра індзейскія школы ў ЗША.)

8255 Hyjek M. Nowa Wola: zyc po prostu // Tawacin. 2007. № 3. S. 32.

9412 Hyjek M. Patriota, milosnik Indian, podroznik / z Markiem Hyjkiem rozmawia Piotr Woroniecki // Zabludow i Okolice. 2013. № 3. Marzec. S. 3-4.

9224 Hyjek M. Silna i dobrze wychowana - zawieranie malzenstw wsrod Indian Ameryki Polnocnej // Tawacin. 2000. № 4 [52]. S. 29-33.

9219 Hyjek M. System wartosci Indian Nawaho - od mitycznego prapoczatku do globalnej wspolczesnosci // Rdzenna ludnosc Stanow Zjednoczonych - tradycyjne zycie i rezerwatowa rzeczywistosc. I Ogolnopolska Konferencja Naukowa, Krakow 21 kwietnia 2006: materialy / red. M. Gorka. Krakow; Wielichowo, 2007.

9222 Hyjek M. Szoszoni: mistrzowie sztuki przetrwania. Wielichowo, 2007.

9227 Hyjek M. Troche sentymentalizmu nie za-szkodzi // Tawacin. 2005. №. 3 [71]. S. 8. (Being Sentimental Does No Harm.)

9221 Hyjek M. Za sciana wigwamu: zycie rodzinne Indian Ameryki Polnocnej. Wielichowo, 2002. (Дар аўтара.)

12475 Hlebowicz B., Fron A. and Hyjek M. The role of education in identity formation among American and Canadian indigenous communities: case studies of three Haudenosaunee / Iroquois groups. SYLFF Working Papers 21. Tokyo, 2004. (Ryoichi Sasakawa Young Leaders Fellowship Fund, "This report presents the results of research that we conducted among three aboriginal communities in the United States and Canada: the St. Regis / Akwesasne Mohawk Nation of New York, the Oneida Tribe of Wisconsin, and the Oneida Band of the Thames, Southwold, Ontario"; выданне дасланае нам з Японіі TKFD, The Tokyo Foundation 12.11.2004 па штэмп. (атрыманае 2.12.2004) па просьбе аднаго з аўтараў, Барташа Глябовіча, беластоцкага індзеяніста, прозвішча якога нагадвае пра беларускі магнацкі род.)

10253 Dockstader F. J. Great North American Indians: profiles in life and leadership. New York, 1977. (Пра сустрэчу Малой Чарапахі і Касцюшкі: "he met President Washington, General Kosciusko, and other American leaders" - і дата, і месца даюцца з памылкай: для Касцюшкі правільна не Вашынгтон у 1797 г., а Філадэльфія ў 1798 г.)

ПАПЛАЎСКІ Георгій - беларускі мастак, ураджэнец Украіны.

Аўтар БСІ сустрэў Паплаўскага ў кастрычніку 1996 г. выпадкова недалёка ад яго дома як удзельніка выгульвання хатніх гадаванцаў членамі мастакоўскай супольнасці. Ён паведаміў, што быў на нядаўнім выступленні наваха У. Язі ў Доме дружбы, а таксама дадаў, што наведаў мясціны адносна недалёка да радзімы навахскага музыканта - Вялікі Каньён. А таксама і іншую геаграфічную славутасць - Ніягарскі вадаспад, г.зн. не вельмі далёка ад сучасных іракезаў.

Паплаўскі сказаў: "Мы былі", - г.зн. тады ў Доме дружбы з ім магла быць жонка Наталля - таксама мастак і суаўтар у ілюстраванні "Зверабоя".

Мы звярталіся да іх у лісце, адрасаваным адразу (№ 146, 15.6.1992):

"Вельмі лаканічная просьба" ад нас была: "распавесці крыху аб вашым успрыманні індзейскага свету і ўспомніць аб тым, як вы працавалі над ілюстрацыяй кніг". Дадатковай рэплікай было: "Дарэчы, думаем, што было карысна развіваць прамыя сувязі беларускіх і індзейскіх мастакоў".

Аўтар кнігі пра Паплаўскага М. Ганчароў паведамляе пра падрыхтоўку да выканання ім ілюстрацый да беларускага перакладу "Спеву аб Гаяваце", здавалася б, натуральнае, але таксама і зусім фантастычнае - пра архіўныя пошукі (ці не ў БДАМЛМ шукаў ён іракезскі матэрыял?): "Іракезы валодалі багатай культурнай спадчынай, і гэта натхніла мастака выкарыстаць у афармленні кнігі элементы старажытнаіракезскага мастацтва і фальклору. А каб перадаць адпаведны дух веку, Г. Паплаўскаму давялося грунтоўна вывучаць архіўныя матэрыялы.

Ілюстрацыі выкананы ў чорна-белай манеры з дапамогай тонкай малюючай лініі і нязначных тонавых залівак. Умоўнасць і скразны лаканізм ілюстрацыі непасрэдна пераклікаюцца з манерай наогул старажытна-індзейскага мастацтва.

Вонкавае афармленне вырашана ў дзве фарбы. Яно ў добрай гармоніі з ілюстрацыйным цыклам. Другі, карычневы колер мае адпаведную сэнсавую нагрузку.

Не зусім удала атрымаліся прадметныя замалёўкі. Яны - рознастылевыя і па графічнай мове, і па кампазіцыі".

Ганчароў дадаў, гэтая праца была адзначаная дыпломам II ступені на ўсесаюзным конкурсе па афармленні кніг.

У нашай вялікай перапісцы з мастаком-магаўкам Джонам Фадэнам (John Fadden) знайшлося месца і для творчасці Паплаўскага: іракез як бы і ўхваляе адзін з двух малюнкаў з беларускай "Гаяваты", але таксама і скептычны ў адносінах да другога. Такім чынам, адбыўся дыялог культур праз творы кніжнай графікі, у якой сам Фадэн шмат працаваў. Індзейскі мастак ацэньвае выяву жанчыны з выдадзенага ў Беларусі ў 1969 г. класічнага твора пра іракезаў, як узор нібыта з "Плэйбоя".

Літ.:

1116 Ганчароў М. Паплаўскі Георгій Георгіевіч. Мн., 1974.

2251 Купер Дж. Ф. Зверобой, или Первая тропа войны: роман / пер. с англ. Т. Грица; автор предисл. Н. Эйшискина; худ. Г. Г. Поплавский и Н. Н. Поплавская. Мн., 1983.

СКАРЫНА Ежы - спачатку ў Мексіку ў камандзіроўку паехаў яго бацька Ян (ураджэнец Жытоміршчыны, у той час як сын - Кракава, абодва вайсковыя дзеячы). У сувязі з вайной Ян вымушаны быў застацца ў Краіне ацтэкскага арла, а пасля вайны туды праз Манрэаль прыехаў і Ежы. Ён шмат перапісваўся з А. Мальдзісам, - спадзяёмся, што ўся гэтая перапіска захавалася з двух бакоў акіяна.

"Застаючыся глыбока рэлігійным да канца жыцця, ён даверыў сваё жыццё Маці Божай Гвадэлупскай. Ён сустрэўся з найвышэйшымі асобамі Ватыкану, а таксама польска-га і мексіканскага касцёлаў". Ёсць апісанне ім усіх пяці паломніцтваў - з 1979 па 2002 г. - у Мексіку папы Яна Паўла II, сведкам якіх быў.

Пра першую пілігрымку: "Падчас сустрэчы з карэннымі жыхарамі Мексікі Ян Павел ІІ падзякаваў за іх прысутнасць і словы, скіраваныя да яго прадстаўнікамі індзейскіх і сялянскіх суполак, узгадаў працу шматлікіх місіянераў, якія, абвяшчаючы Евангелле, умелі паважаць культуру індзейцаў, падкрэсліў, што яго візіт з'яўляецца знакам павагі, але таксама клопату пра індзейцаў, сялян і самых бедных, што ён хацеў быць голасам для тых, хто не меў голасу, указаў на зямельныя праблемы і неабходнасць зямельных рэформ, заклікаў да салідарнасці і супрацоўніцтва паміж арганізацыямі дзеля годнасці працы і крытыкаваў уласніцкі клас за несправядлівасць і шкоду, прычыненую найбяднейшым".

Пра апошнюю: спачатку 31.07.2002 г. у базіліцы Маці Божай Гвадэлупскай у Мехіка - кананізацыя Хуана Дыега:

"Раніцай Святы Айцец пакінуў нунцыятуру і на панарамным аўтамабілі накіраваўся ў базіліку Маці Божай Гвадэлупскай, каб кананізаваць бл. Хуан Дыега Куаўтлатацын. На пачатку св. Імшы з прывітальным словам выступіў Мітрапаліт Мексікі кардынал Нарберта Рывера Карэра, а з просьбай аб кананізацыі выступіў прэфект Кангрэгацыі па справах Кананізацыі кардынал Хасэ Марцінс.

Адразу пасля абвяшчэння формулы кананізацыі група індзейцаў у рознакаляровых строях і пер'і на галовах праспявала песню падзякі пад акампанемент ігры на ракавінах і народнага інструмента санаяс [sonayas]. Іншыя індзейцы, рытмічна пагойдваючыся, рухаліся ў працэсіі да алтара. Чацвёра мужчын у белым сялянскім адзенні ўнеслі карціну з выявай новага святога, якая была змешчана пад выявай Маці Божай Гвадэлупскай. Усе апладзіравалі, а са скляпення базілікі, спасылаючыся на цудоўную падзею сустрэчы св. Дыега з Маці Божай у 1531 годзе, пасыпаліся пялёсткі руж. Хор з некалькіх сотняў чалавек праспяваў песню радасці.

У сваёй гаміліі Ян Павел ІІ падкрэсліў, што св. Хуан Дыега з'яўляецца першым кананізаваным карэнным індзейцам, і падзеі ў Гвадэлупэ мелі вялікае значэнне для пачатку евангелізацыі ў Лацінскай Амерыцы. Асабліва апладысментамі былі ўспрыняты словы Папы: "Мексіцы патрэбны індзейцы, а індзейцам патрэбна Мексіка".

Ян Павел ІІ таксама падкрэсліў, што Гвадэлупа і Хуан Дыега "маюць глыбокае касцельнае і місійнае значэнне і з'яўляюцца ўзорам дасканала інкультураванай евангелізацыі". Ён нагадаў нам, што ўсе мы вызнаем Бога, якога не хвалююць расавыя і культурныя адрозненні. "Прымаючы хрысціянскае пасланне, не адмаўляючыся ад сваёй індзейскай ідэнтычнасці, Хуан Дыега адкрыў глыбокую праўду новага чалавецтва, у якім усе пакліканы быць дзецьмі Божымі ў Хрысце", - сказаў Святы Айцец. "Такім чынам, ён садзейнічаў плённай сустрэчы двух светаў і стаў стваральнікам новай мексіканскай ідэнтычнасці, глыбока звязанай з Паннай Гвадэлупскай, чый метысны твар выражае Яе духоўнае мацярынства, ахопліваючы ўсіх мексіканцаў", - дадаў ён.

Напрыканцы літургіі Ян Павел ІІ дабраславіў новы звон для кафедры ў Мексіцы. Ён быў адліты з медзі, бронзы і волава; важыць тысячу кілаграмаў. Надпіс на ім абвяшчае: "Гэты звон з'яўляецца верным сведчаннем удзячнасці мексіканскага народа Найсвяцейшай Тройцы і Найсвяцейшай Панне Марыі за кананізацыю Хуана Дыега"".

Таксама 1.08.2002 г. у Мехіка адбылася беатыфікацыя дзвюх асоб.

"У санктуарыі Маці Божай Гвадэлупскай падчас урачыстай Літургіі Слова Святы Айцец беатыфікаваў двух індзейцаў сапатэкаў, бацькоў сем'яў, якія прынялі пакутніцкую смерць 16 верасня 1700 г., Іаана Хрысціцеля і Гіяцынта ад Анёлаў. У прыгожай літургіі, узбагачанай шматлікімі элементамі карэннай культуры, выкарыстоўваліся 7 родных моў 5 этнічных груп, ствараючы разнастайную карту першапачатковага насельніцтва Мексікі.

У гаміліі Святы Айцец падкрэсліў, што новыя благаславёныя заахвочваюць сваіх суайчыннікаў бараніць уласную культуру і мову, а перш за ўсё годнасць дзяцей Божых. "Новыя благаславёныя заахвочваюць сучасных індыйцаў цаніць сваю культуру і мовы, а ў той жа час быць вернымі веры ў Хрыста", - сказаў Святы Айцец у сваёй гаміліі.

Спасылаючыся на Нагорнае казанне з Евангелля св. Матвея ён падкрэсліў: "Евангелле заклікае нас не падаць духам перад абліччам ганенняў, у якіх ад самага пачатку ўдзельнічае Касцёл" і нагадаў абставіны пакутніцкай смерці абодвух благаславёных. "Калі пад катаваннямі ім прапанавалі адрачыся ад каталіцкай веры і тым самым выратаваць сваё жыццё, яны мужна адказалі: "Ахрысціўшыся, мы заўсёды застанёмся ў сапраўднай рэлігіі".

Ян Павел ІІ таксама падкрэсліў, што гэтая беатыфікацыя сведчыць аб місійным характары Каталіцкага Касцёла, і што "новыя благаславёныя, як плён святасці першай евангелізацыі сярод індзейцаў сапатэкаў, заахвочваюць сваіх наступнікаў цаніць іх культуру". Папа таксама звярнуў увагу на тое, што "абодва благаславёныя з'яўляюцца прыкладам таго, як без міфалагізацыі звычаяў сваіх продкаў можна дасягнуць Бога, не адракаючыся ад уласнай культуры, але дазваляючы, каб яна была асветленая святлом Хрыста, якое абнаўляе рэлігійнасць, дух лепшых традыцый народаў".

Пры падтрымцы прымасаў, кардыналаў Мексікі і Польшчы Мігеля Дарыё Міранды-і-Гомеса і Стэфана Вышынскага, а таксама польскага ўрада ў Лондане 3.05.1959 г. Польшча, "як адзіная краіна ў Еўропе, была прысвечана Маці Божай Гвадэлупскай, Каралеве Мексікі". Касцёл і парафія ў гонар Маці Божай Гвадэлупскай былі створаныя ў 1981 г. у Лясках каля Варшавы. Таксама імя Маці Божай Гвадэлупскай стала прысутнічае ў Беластоку.

Літ.:

8004 Ян Павел II. Пераступіць парог надзеі. Рым; Люблін; Мн., 1997.

6346 Я. З. Папа кананізуе ацтэка // Наша ніва. 2002. 25 студз. С. 5.

6970 Папа Римский произвел в святые первого индейца // Народная воля. 2002. 2 авг.

Алесь Сімакоў, даследчык беларускаіндзейскіх сувязей.

Ales Simakou, researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

Индейцы, Indianie, indigenas, indios de America y Belarus; Grinkevich On the School Project.

Купалле на Лідчыне. Купалле над Лідзейкай

Над Лідзейкай, каля сцен Лідскага замка адвіравала традыцыйнае раённае свята "Каля замка на Купалу".

Фінальным акордам святкавання Купалля ў Лідзе стала дыскатэка ў Лідскім замку "KUPALLE.BY"...

ТК "Культура Лідчыны".

Купалле ў Ганчарах

Творчы калектыў Ганчарскага Дома культуры падрыхтаваў цікавую праграму з традыцыйнай абрадавай дзеяй для ўсіх жыхароў аграмястэчка Ганчары.

ТК "Культура Лідчыны".

Купалле ў Бердаўцы

Чароўнае свята "Купалле-2023" запрасіла сяброў у маляўнічы парк сядзібы Дамбавецкіх ў ам. Бердаўка Лідскага раёна. Таямнічае і прыгожае прывабіла шматлікіх гледачоў.

ТК "Культура Лідчыны".

Купалле ў Гудах і Ваверцы

Купалле весела адгулялі ў ам. Гуды і Ваверка Лідскага раёна.

ТК "Культура Лідчыны".

Свята ў Даліне

І ў вёсцы Даліна Лідскага раёна пад Купалле надарылася свята, з канцэртам завітаў калектыў "Альтанка" Аддзела нестацыянарнага абслугоўвання.

ТК "Культура Лідчыны".

Мажэйкаўскі "Явар" пад Тулу трапіў

Фальклорная жаночая група "Явар", кіраўнік - Людміла Масевіч, акампаніятар - Юры Шмаро, філіяла "Мажэйкаўскі дом культуры" стала Дыпламантам I ступені XVI Міжнароднага фэсту фальклору і рамёстваў "Дванаццаць ключоў", г. Венеў, Тульская вобласць.

ТК "Культура Лідчыны".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX