Папярэдняя старонка: 2023

Наша слова.pdf № 30 (82) 


Дадана: 25-07-2023,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 30 (82), 25 ліпеня 2023 г.

Этна-вечарына "Вішнёвага фэсту" ў Глыбокім сабрала беларусаў і гасцей з-за мяжы

Удзельнікі этна-вечарыны "Вішнёвага фэсту" ў Глыбокім у песнях, танцах і вершах прадэманстравалі сваю нацыянальную культуру і пазнаёміліся з беларускімі традыцыямі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Этна-вечарына "У вішнёвым садзе" сабрала ўдзельнікаў і гледачоў на цэнтральнай плошчы райцэнтра. Для пачатку прадстаўнікі розных дыяспар і краін завязалі танцавальнае знаёмства з творчымі калектывамі Глыбокскага раёна. Пабрацімства глыбачане ўсталявалі з гасцямі з Расіі, Кітая, іншых рэгіёнаў Беларусі.

Кожны з удзельнікаў этна-вечарыны прадставіў свае культурныя традыцыі. Кітайскія студэнты з Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава выканалі традыцыйныя песні, прадэкламавалі вершы. У перакладзе тонкая кітайская паэзія не мела патрэбу, бо кожны слухач разумеў яе сэрцам. Пра ягадны фэст маладыя людзі дазналіся ў сваёй альма-матар і ахвотна адгукнуліся на прапанову паўдзельнічаць у свяце. Глыбокае ім вельмі спадабалася. А яшчэ ў іх была адна важная місія - паспрабаваць селекцыйную мясцовую вішню, бо на іх радзіме гэтая ягада зусім іншага смаку.

Калектыў з Уварава Тамбоўскай вобласці зрабіў акцэнт на народных песнях, у першую чаргу пра вішню, бо гэтая ягада ім блізкая, як нікому. Горад з'яўляецца вішнёвай сталіцай Расіі, і там таксама праходзіць вішнёвы фэст, толькі больш гастранамічнага кірунку. Увараўскія "чарэшні", як ім далі мянушку ў Глыбокім, шмат гадоў цешаць сваіх калегаў і сяброў каларытнымі ўборамі і яркімі творчымі нумарамі.

Гульні, забавы пацешылі не толькі ўдзельнікаў этна-вечарыны, але і гледачоў, якія дзякавалі за вясёлае прадстаўленне дружнымі воплескамі. Гаспадары свята паказалі, якім бывае вішнёвая гасціннасць і што на глыбокскай зямлі рады новым сябрам.

Алеся Пушнякова, БЕЛТА. Фота Аляксандра Хітрова.

Бог надзяліў яго талентам

У Беларусі ёсць некалькі вёсак з назвай Александрыя. Больш вядома сёння шклоўская Александрыя, дзе штогод гучаць песні і скокі, куды прыязджае шмат турыстаў, гасцей, чыноўнікаў розных рангаў… А вось пра зэльвенскую Александрыю, якая знаходзіцца побач з мястэчкам Дзярэчын, ведаюць нямногія, найбольш пра яе чуў тутэйшы зэльвенскі люд.

Зэльвенская Александрыя - неперспектыўная і забытая вёсачка. Гэта ў XVIII стагоддзі фальварак Александрыя ўваходзіў у маёнтак Дзярэчын і быў уласнасцю князёў Сапегаў. Сапегі любілі Александрыю і Дзярэчын. Пра іх добра распавёў пісьменнік Міхась Скобла ў сваёй кнізе "Дзярэчынскі дыярыюш" (Мінск. 1999). Але лепш за ўсё пра Сапегаў напісаў Валянцін Дубатоўка ў кнізе "Архіпелаг Сапегаў" (Мінск, 2002).

Род Сапегаў упісаў не адну слаўную старонку ў гісторыю Беларусі. А Валянцін Дубатоўка мае асабістыя сімпатыя да Сапегаў, як сказаў у прадмове да кнігі "Архіпелаг Сапегаў" доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч. І гэта, сапраўды, так. Александрыю і Дзярэчын любілі не толькі Сапегі, але іх вельмі моцна сёння любіць і Валянцін Дубатоўка. Плюс да гэтага, ён нарадзіўся ў Александрыі 60 гадоў таму - 20 ліпеня 1963 года, а ў Дзярэчынскай сярэдняй школе - вучыўся. Потым скончыў электратэхнічнае вучылішча ў Гародні, служыў у Савецкай Арміі, працаваў у пажарнай ахове на гарадзенскім прадпрыемстве "Азот"…

Бліжэй з Валянцінам Дубатоўкам я пазнаёміўся ў 1995 годзе. А магчыма і раней, ужо не памятаю. У 1995 годзе пісьменнік-зямляк Міхась Скобла прапанаваў мне выдаць у Слоніме факсімільнае выданне зборніка вершаў Ларысы Геніюш "Ад родных ніў", які быў надрукаваны ў Празе ў 1942 годзе. Фундатарам выданне пагадзілася быць Гарадзенскае ТАА "Альгерд" у асобе Валянціна Дубатоўкі, Міхася Чапрасава і Віктара Каладскага. Я пайшоў да дырэктара Слонімскай узбуйненай друкарні Філіпава Уладзіслава Пятровіча са сваім заказам-прапановай. Уладзіслаў Пятровіч быў вопытным друкаром і кіраўніком адной з лепшых рэгіянальных друкарняў Беларусі. Ён паслухаў мяне, узяў у рукі арыгінал "Ад родных ніў" і сказаў: "Раней такога заказу наша друкарня не мела. Але гэта цікавы заказ і даволі фінансавы для друкарні". Ён пагадзіўся прыняць заказ і 10 кастрычніка 1995 года ён быў падпісаны да друку. Хутка зборнік надрукавалі 3000 накладам. Валянцін Дубатоўка і яго сябры прафінансавалі выданне своечасова, і зборнік "Ад родных ніў" Ларысы Геніюш пайшоў да чытачоў.

Пасля гэтай добрай справы мы пазнаёміліся бліжэй. Літаратурных сустрэч і мерапрыемстваў было шмат, многа што цікавага мы разам рэалізавалі, ажыццявілі, правялі. І безліч задумак і планаў засталася пакуль толькі на паперы з надзеяй на іх рэалізацыю.

У 1987 годзе Валянцін заснаваў першы ў Гарадзенскай вобласцi музычны кааператыў "Актава". А з 1992 года займаецца вытворча-камерцыйнай дзейнасцю. Арганізаваў некалі і кіраваў прадпрыемствамі "Вiтаўт", "Губерт", "Фрадо", "Тэх-Еўра-мэбля", "Рагнеда". Працягвае займацца гэтым і сёння. Цяпер праблем, праўда, у прадпрымальніцкай дзейнасці хапае, але неяк яшчэ выжывае, працуе. Дзякуючы гэтаму Валянцін Дубатоўка з'яўляўся шчырым фундатарам шматлікіх карысных спраў на Гарадзеншчыне. Асабліва ён не шкадаваў фінансаў на выданне кніг землякоў. З яго добрай ласкі свет пабачылі кнігі Пятра Марціноўскага "Наша Лорка", Юркі Голуба "Поруч з дажджом", "Багра", Міхася Скоблы "Розгі ў розніцу", "Дзярэчынскі дыярыюш" і выданні іншых аўтараў.

Валянцін Дубатоўка - веруючы чалавек. Ён сябруе са святарамі розных канфесій. Асабліва ў шчырых адносінах Валянцін заўсёды быў з архіепіскапам Арцеміям (Кішчанкам, 1952-2023), які сёлета пакінуў гэты свет. У Дзярэчынскім касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі намаганнямі Валянціна Дубатоўкі ўсталявана мемарыяльная дошка ў гонар ўдзельніка паўстання 1830 года Яўстаха Каятана Сапегі. А ў Зэльвенскай Свята-Троіцкай праваслаўнай царкве, дзякуючы Валянціну, з'явілася мемарыяльная дошка ў гонар памяці Ларысы Геніюш. Ён быў фундатарам і царквы Усіх Беларускіх Святых у Гародни.

Валянцін Дубатоўка вельмі дасціпны чалавек, уважлівы, шчыры. Але па характару ён розны, мне ў ім падабаецца тое, што яго душа і памяць багаты на гумар. З ім ніколі сумаваць не прыходзіцца. Ён, дарэчы, добра разбіраецца ў музыцы, іграе на розных інструментах, піша тэксты песень і хораша сам спявае. Яшчэ ў маладосці разам з сябрамі іграў на вяселлях, весяліў маладых і гасцей. Разам з тым Валянцін умее сябраваць, мае шмат сяброў не толькі ў Беларусі, але і па-за яе межамі. Сяброў Валянцін Дубатоўка ніколі не кіне ў бядзе, заўсёды дапаможа, падкажа, параіць, з ім прыемна гутарыць і разважаць пра нашае няпростае жыццё. У характары Валянціна таксама гняздзіцца і нейкі маленькі чыноўнік, нават начальнік. Падобная іскарка не патухла ў ім да сённяшніх дзён. І гэта добра. Не выпадкова літаратары Гарадзеншчыны абралі яго кіраўніком абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў, які Валянцін узначальваў некалькі гадоў. І, дзякуючы яму, актывізавался творчая дзейнасць гарадзенскіх літаратараў. Былі арганізавана дзесяткі розных сустрэч з чытачамі, конкурсаў, прэзентацый і выступленняў, з'явілася абласное свята паэзіі ў Зачэпічах на Дзятлаўшчыне, пачаў штогод рэгулярна выдавацца гадавік "Новы замак", кнігі пісьменнікаў і г.д. Усё гэта адбывалася не без вялікай дапамогі Валянціна Дубатоўкі і яго калег па пяру. На вялікі жаль, цяпер Саюз беларускіх пісьменнікаў ліквідаваны, таму сёння кожны літаратар выжывае па-свойму, і кожнаму свая болька баліць. Але, калі патрэбна дапамога, Валянцін Яўгенавіч тут як тут.

Валянцін Дубатоўка - творчы чалавек. Бог надзяліў яго талентам пісаць вершы, апавяданні, аповесці, займацца гістарычна-краязнаўчымі пошукамі. У адным са сваіх інтэрв'ю ён сказаў: "Мы, нарэшце, павiнны зразумець, што вяртання ў мiнулае не будзе. Таму, калi вы вырашылi ўсё ж такi займацца лiтаратурай, рыхтуйцеся змагацца за cвае погляды, за свайго чытача i свае кнiгi. I, самае галоўнае, трэба цiкава i таленавiта пiсаць, каб чытачы вашы кнігі самі пыталі ў крамах". З Валянцінам можна пагадзіцца.

Пісаць Валянцін Дубатоўка пачаў у школьныя гады, друкаваўся ў зэльвенскай раённай газеце "Праца", дзе штомесячна выдавалася літаратурная старонка "Зоры на Зальвянкай", якую рыхтаваў дзярэчынскі настаўнік Пётр Мікалаевіч Марціноўскі. "Колькі маладым талентам вымасціў Пётр Мікалаевіч сваімі рэкамендацыямі і павучальнымі размовамі дарогу ў літаратуру! Настаўнік рабіў усё магчымае, каб яго вучні, якія прайшлі праз літаратурную старонку зэльвенскай раённай газеты "Праца", упэўнена сталі на літаратурнае крыло…", - прыгадвае Валянцін Дубатоўка ў кнізе ўспамінаў пра Пятра Марціноўскага "Каб не пагаслі зоры". Вучань Пятра Марціноўскага пасля "Працы" друкаваў свае вершы і прозу ў "Гродзенскай праўдзе", "Родным слове", "Дзеяслове", "Дзелавой газеце", "Новым замку", калектыўных зборніках і іншых выданнях. А ў 2002 годзе ў Менску ў выдавецтве "Кнігазбор" выходзіць першая кніга Валянціна Дубатоўкі "Архіпелах Сапегаў", куды ўвайшлі гістарычныя нарысы пра Сапегаў і падборка вершаў "Знічкамі заплакаў небасхіл…". У вершах таксама скразной лініяй праходзіць гістарычная тэматыка, прысвечаная Адаму Міцкевічу, Шчорсам, Айчыне, Давыду Гарадзенскаму, Каложы, Бярозаўскаму кляштару…

Толькі праз 11 гадоў у Гародні з друку выходзіць другая кніга прозы Валянціна Дуботоўкі "Чорная воля". Падзеі ў гэтай кнізе адбываюцца пераважна напярэдадні і падчас Другой сусветнай вайны ў Заходняй Беларусі, а дакладней на Зэльвеншчыне. Амаль усе творы маюць трагічныя сюжэты. Героі Валянціна Дубатоўкі сяляне, якія ў гэты драматычны перыяд для Бацькаўшчыны трапляюць у складаныя сітуацыі - калі лёс не пакідае ім выбару, калі цёмныя сілы з двух бакоў - бальшавіцкага і фашыстоўскага - знішчаюць апошні шанец на ратунак. Зборнік пачынаецца невялікай аповесцю "Боты", у якой апавядаецца пра лёс хутараніна Міколы Шпака. У маладосці ён ездзіў у Амерыку на заробкі. Вярнуўся ў родныя мясціны, купіў зямлю, стварыў сям'ю, пабудаваў цагляную хату. Але не доўга цешыўся шчаслівым жыццём. Спачатку на Слонімшчыну прыйшла чырвоная армія, і хутаранін вымушаны, каб уратаваць сям'ю, запісацца ў калгаснікі. А затым пачынаецца вайна, і Шпак увогуле трапляе паміж молатам і кавадлам - паміж паліцаямі і немцамі з аднаго боку і партызанамі з другога. Усе рабуюць і прымушаюць працаваць на сябе. Яшчэ за Польшчай Шпак пашыў сабе шыкоўныя боты, якія хочуць здабыць для сабя і паліцай Альбін Клімашэўскі, і партызанскі камандзір Сцяпан Кулак. І гэтыя злашчасныя боты прынеслі Шпаку няшчасце. Каб спыніць зачараванае кола цкавання яго і сям'і, Мікола, ужо пасля заканчэння вайны, забівае і аднаго, і другога…

Наогул, тэма Другой сусветнай вайны, тэма савецкіх партызанаў, пасляваеннае жыццё беларусаў даўно хвалююць пісьменніка, каб праўдзіва паказаць тое, што адбывалася ў Заходзяй Беларусі падчас вайны і пасля яе.

У 2017 годзе ў Менску выдаецца новая кніга Валянціна Дубатоўкі "Чужы", куды ўвайшлі аповесць "Чужы" і два апавяданні "Брат" і "Іосіф".

У цэнтры вострасюжэтнай эпічнай аповесці Валянціна Дубатоўкі "Чужы" - жыццё заходнебеларускага хлопца Кастуся Саўчыка, на долю якога выпалі цяжкія выпрабаванні, але не зламалі яго - у фінале ён даруе жыццё свайму крэўнаму ворагу і тым самым застаецца чалавекам. Дэтэктыўнасць, псіхалагізм, трапнасць мастацкіх дэталяў уласцівыя апавяданням "Брат" і "Іосіф"…

Пабачыла свет кніга апавяданняў і аповесці Валянціна Дубатоўкі "Сімвал веры" (Менск, 2018) з прадмовай пратаіерэя Георгія Роя, які адзначыў, што "новая кніга Валянціна Дубатоўкі, без сумніву, глыбока псіхалагічная, і ў нечым нават правакацыйная. Сэнсавым стрыжнем усіх апавяданняў, сабраных у гэтай кнізе пад адной вокладкай, ёсць тэма веры і чалавечага сумлення".

Ёсць у Валянціна Дубатоўкі яшчэ адна цудоўная кніга "Пажарка - прытулак для самотнага музыкі". Яе склалі лірычна-хуліганскія нататкі ў прозе. Кніга вельмі арыгінальная, чытаецца з усмешкай, лёгка і проста. Гэта ўспаміны-імгненні пра тыя прыгоды, якія адбываліся ў Савецкім Саюзе падчас гарбачоўскай перабудовы, а, канкрэтней, у пажарнай часці, дзе некалі працаваў сам аўтар.

Пра кнігі, якія напісаў і выдаў Валянцін Дубатоўка, можна разважаць доўга. Аўтар, бясспрэчна, вельмі таленавіты, піша разнастайныя творы, натхнёна працуе над новымі. Магчыма не вельмі шмат зроблена за 60 гадоў, але тое, што выйшла з-пад пяра пісьменніка, заслугоўвае ўвагі, пашаны і падзякі. І, вядома ж, яго грамадска-культурная дзейнасць на карысць Бацькаўшчына, таксама заслугоўвае шчырай ўвагі. Дарэчы, Валянцін Дубатоўка быў узнагароджаны медалём "100 гадоў з дня народзінаў Ларысы Геніюш", а ў 2018 годзе ён стаў лаўрэатам міжнароднай літаратурнай прэміі памяці Міхася Жызнеўскага "Воін Святла".

У адным са сваіх вершаў Валянцін Дубатоўка напісаў:

У абуджаным памяццю парку,

Дзе юнацтва не ўваскрасіць,

Я ізноў уздымаю чарку,

Хоць і прыкра мне з паркам піць.

А мы давайце ўздымем чаркі за гэтага таленавітага чалавека і вып'ем за яго здароўе, дабрабыт і натхненне. Чакаем тваіх новых кніг і спраў на карысць нашай Бацькаўшчыны, паважаны Валянцін Яўгенавіч!

Сяргей ЧЫГРЫН.

Алесю Бельскаму - 60

23 ліпеня споўнілася 60 гадоў з дня нараджэння беларусага пісьменніка, краязнаўца, педагога, доктара філалагічных навук, прафесара Алеся Бельскага.

Алесь Бельскі родам з мястэчка Цімкавічы Капыльскага раёна. Скончыў Белдзяржуніверсітэт, дзе і працуе. Яго даследчыцкія працы запатрабаваны чытачамі розных узростаў. З цікавасцю сустракаюць іх сёння і выкладчыкі беларускай мовы і літаратуры, тым больш, што яны закранаюць важныя праблемы: "Жывая мова краявідаў. Пейзаж у беларускай паэзіі", "Пакуль баліць душа", "Сучасная беларуская літаратура. Станаўленне і развіццё творчых індывідуальнасцей (1980-1990-я гг.)", "Свет ад травы да зор. Беларуская паэзія. Сістэма вобразаў прыроды, паэтыка пейзажу", "Краса і смутак", "Сучасная літаратура Беларусі". А трохтомнік "Скрыжалі памяці", складзены Алесем Бельскім, - гэта ў нечым і грамадзянскі подзвіг. Ніхто не склаў такое вычарпальнае выданне, дзе настолькі грунтоўна прадстаўлена творчасць пісьменнікаў, якія загінулі ў Другую сусветную вайну. Шмат зроблена і Бельскім-краязнаўцам, радзімазнаўцам. Найвышэйшае яго дасягненне ў гэтай галіне - кнігі "Тут іх карані і выток", "Тут наша радзіма", "Тут жыцця пачатак". Атрымалася свайго роду гістарычна-краязнаўчая трылогія пра вядомых у Беларусі і свеце людзей з Капыльшчыны. Алесь Бельскі напісаў і выдаў некалькі зборнікаў прозы пад псеўданімам Алесь Ветах. Ён з'яўляецца лаўрэатам Літаратурнай прэміі імя Івана Мележа.

Шчыра віншуем Алеся Іванавіча з юбілеем. Жадаем яму здароўя, дабра, шчасця і новых творчых адкрыццяў і кніг.

"Хрысціянства ў Беларусі"

"Хрысціянства ў Беларусі" - так называецца чарговая кніга Сымона Барыса, якая выдадзена ў ліпені сёлета выдавецтвам "Энцыклапедыкс" .

Барыс, С. В., Матусевіч, Я. І. Хрысціянства ў Беларусі / Сымон Барыс, Ян Матусевіч. - Мінск : , 2023. - с. 200 : іл. ISBN 978-985-23-

Аўтар распавядае:.

- У 1997 годзе ў Беларускім гістарычным часопісе (№ 2) ксёндз Ян Матусевіч з маёй дапамогай надрукаваў артыкул для настаўнікаў і школьнікаў "Хрысціянская царква: структура, іерархія, унутранае жыццё". На жаль, Ян Матусевіч у памёр 2 верасня 1998 года, і мне давялося пісаць гэтую кнігу аднаму. Але каб не было таго нашага сумеснага артыкула, дык і ніколі не было б гэтай кнігі. Фактычна я прадоўжыў пачатую Янам Матусевічам справу. З таго артыкула і пачалася гэтая кніга.

У зборніку артыкулаў расказана аб гісторыі хрысціянства ў Беларусі, ад яго ўзнікнення да цяперашняга часу. Даецца характарыстыка асобных хрысціянскіх плыняў (праваслаўе, каталіцызм, уніяцтва, пратэнстантызм), паказваюцца іх падабенствы і адрозненні. Вялікая ўвага надаецца структуры, іерархіі і ўнутранаму жыццю Беларускай праваслаўнай і Беларускай каталіцкай царквы. Распавядаецца пра праваслаўных, каталіцкіх і ўніяцкіх дзеячаў. Кніга багата ілюстраванана каляровымі і чорна-белымі здымкамі, партрэтамі, схемамі. Адказы на некаторыя пытанні па рэлігіі даюцца ў Дадатку. Кніга адрасавана выкладчыкам, настаўнікам, студэнтам і ўсім, хто цікавацца гісторыяй беларускіх хрысціян.

Надрукавана 35 кніг у цвёрдай вокладцы. У кнізе змешчаны каляровыя і чорна-белыя ілюстрацыі. Аб'ём кнігі 200 старонак.

Наш кар.

Летні вечар з каларытам італьянскай музыкі

15 ліпеня ў межах акцыі "Сяброўства без межаў, Беларусь - Італія" у Менску на летняй пляцоўцы ля канцэртнай залы Верхні горад выступіў італьянскі артыст Рыкарда Фарэзі.

Яго выступленне ў Менску стала магчымым дзякуючы партнёрскім сувязям Беларускай акадэміі музыкі з італьянскімі артыстамі.

Дэпутат палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігар Завалей, звяртаючыся да гледачоў, адзначыў:

- Дэвіз нашага канцэрта - "Сяброўства без межаў". Дзякуючы такім візітам і мерапрыемствам мы спадзяёмся захаваць сувязі, якія дзесяцігоддзямі складваліся ў нас. Мы ўдзячныя італьянскаму народу за аздараўленне беларускіх дзяцей з пацярпелых ад Чарнобыльскай аварыі рэгіёнаў.

У канцэрце ўзяў удзел вядомы італьянскі кампазітар і дырыжор Паола Карломе.

Рыкарда Фарэзі пазнаёміў слухачоў з лепшымі ўзорамі сучаснай італьянскай эстрады, передаючы каларыт мовы і душэўны настрой, і аўдыторыя горача прымала яго выступ. Спявак выканаў папулярныя песні "Мамма Maria'', "Felicita" і іншыя, а таксама песню з рэпертуара "Песняроў" - "Белавежская пушча", якая вельмі ўсхвалявала слухачоў.

Эла Дзвінская, фота аўтара.

Вызначылі, як будуць здаваць моўны тэст ахвотныя атрымаць беларускае грамадзянства

У Беларусі зацвердзілі інструкцыю па ацэнцы ўзроўню ведання адной з дзяржаўных моў у межах, неабходных для зносін, для асобы, якая падае заяву аб набыцці беларускага грамадзянства. Зроблена гэта пастановай МУС і МЗС ад 22 чэрвеня 2023 года № 138/9, апублікаванай на Нацыянальным прававым партале.

Паводле зацверджаных правіл, заяўнік мае выконваць тэст у пісьмовай форме. Ягоныя пытанні зацвярджаюцца першым намеснікам міністра ўнутраных спраў і перыядычна абнаўляюцца не радзей за адзін раз на 5 гадоў.

Рыхтуе пытанні Дэпартамент па грамадзянстве і міграцыі МУС з удзелам супрацоўнікаў устаноў адукацыі. Праводзіць тэст службовая асоба органа ўнутраных спраў або органа дыпламатычнай службы, які прымае дакументы па набыцці грамадзянства.

Выбірае, якую дзяржаўную мову будзе здаваць, заяўнік, абедзве ведаць не патрабуецца.

На выкананне тэсту адводзіцца 45 хвілін. Адказы запаўняюцца ў прысутнасці службовай асобы разборлівым почыркам.

Выкарыстанне прылад для прыёму, захоўвання, перадачы звестак, а таксама даведачнай інфармацыі на любым носьбіце не дазваляецца. Калі заяўнік з-за фізічных недахопаў або хваробы не можа ўласнаручна выканаць і падпісаць тэст, дапускаецца запаўненне тэсту са слоў заяўніка службовай асобай.

Вынікі тэставання лічацца адмоўнымі пры колькасці правільных адказаў менш за 60 працэнтаў, пры парушэнні парадку тэставання, пры адмове ад тэставання.

Паводле СМІ.

"Гудскаму гармоніку" - 35

23 ліпеня ў Гудскім цэнтры творчасці і вольнага часу адбыўся святочны канцэрт, прысвечаны 35-годдзю Народнага ансамбля народнай музыкі "Гудскі гармонік" ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці".

Народны ансамбль народнай музыкi "Гудскi гармонiк" створаныў 1988 годзе на базе Гудскага сельскага дома культуры. Першапачаткова ў яго склад уваходзiлi тры гарманiсты i барабаншчык. Калектыў выконваў, у асноўным, iнструментальныя творы. Але з цягам часу склад ансамбля пачаў паступова пашырацца. Дадалiся кантрабас, дудка, крыху пазней скрыпка, затым цымбалы. У рэпертуары ансамбля з'явiлiся беларускiя народныя i польскiя народныя песнi. Пашыралася геаграфiя выступаў. У 1994 годзе ансамблю прысвоена ганаровае найменне "Народны".

Прайшло 35 год з дня стварэння "Гудскага гармоніка", новыя творчыя людзі прыходзілі ў калектыў, некаторыя яго пакідалі, але касцяк заўсёды заставаўся. І сёння, у юбілейны дзень нараджэння ансамбля, мы ўспамінаем імёны першых яго удзельнікаў. Гэта - Адам Бярнацкі, Уладзімір Клябан, Альфрэд Рагойша, Віктар Казлоўскі і сам кіраўнік - Андрэй Колышка. Андрэй Антонавіч Колышка - вельмі таленавіты кампазітар і музыкант, умела валодае тэхнікай выканання народнай музыкі. За гады творчай дзейнасці Андрэй Колышка неаднаразова ўзнагароджваўся граматамі Лідскага аддзела культуры, Лідскага райвыканкама, Лідскага раённага савета дэпутатаў, Гарадзенскага абласнога ўпраўлення культуры, Міністэрства культуры, Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Шмат гадоў выступалі ў калектыве Сяргей Шарапаў, Леакадзія Сахонь, Людміла Шавела, Ганна Баборык, Ірына Беразун, Адяксандр Сонгін, Уладзімір Нарон, Ганна Арлова, Алёна Мілеўская.

Свой след у творчым жыцці калектыва пакінулі Святлана Валынец, Іосіф Здановіч, Валерый Колышка, Віктар Кечко, Уладзімір Нямера, Станіслаў Валюкевіч, Галіна Міхайловіч, Інэса Гук, Уладзімір Клябан.

Сёння "Гудскі гармонік" дарыць свой непаўторны талент усім, хто доўга ці коратка прайшоў разам з ім творчы шлях, а таксама усім, хто закаханы ў народную музыку.

У цяперашнi час калектыў налiчвае 11 удзельнiкаў. У яго склад уваходзяць iнструментальная i вакальная групы. У іхнім складзе:

гарманісты: Андрэй Колышка і Іван Кароль;

цымбалы: Марыя Дукі;

бас-гітара: Аляксандр Пучыла;

духавыя: Алёна Кавальчук;

барабан і вакал: Дзмітрый Пухнарэвіч;

вакалісты: Наталля Вайцюкевіч, Лілея Хвайніцкая, Вольга Троцкая, Кацярына Каспорская, Алеся Ярунічава.

Гэтыя таленавітыя музыкі і спевакі сёння робяць неверагоднае - дараць праз сваю творчасць, любоў да роднага краю тысячам слухачоў, напаўняючы душы і розумы роднай народнай беларускай музыкай і песняй.

Кіраўніцтва горада з нагоды юбілейнай даты, а таксама да 700-годдзя горада Ліды падарыла сертыфікат на набыццё новых касцюмаў для ансамбля! Гэтая падзея вельмі значная для калектыва і ўнясе новыя фарбы ў яго творчую дзейнасць. "Гудскі гармонік" у хуткім часе, на свяце да 700-годдзя горада Ліды 1-га - 2-га верасня ў Лідзе будзе выступаць у новых касцюмах!

Павіншавалі юбіляраў Адміністрацыя дзяржаўнай установы культуры "Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці", Адміністрацыя дзяржаўнай установы "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" ды калегі па твочым цэху - народны сямейны ансамбль Парфенчыкаў "Мы з вёскі-калыскі" Бердаўскага культурна-дасугавага цэнтра. Кіраўнік ансамбля Аляксандр Парфенчык, а таксама народны ансамбль бытавых інструментаў "Каханачка" з Мажэйкаўскага Дома культуры. Кіраўнік Людміла Масевіч.

Ансамбль "Гудскі гармонік" - пастаянны ўдзельнік раённых, абласных, рэспубліканскіх фестываляў і конкурсаў. Калектыў ведаюць і любяць у аддаленых кутках нашага раёна і вобласці. "Гудскі гармонік" выступаў у Менску, Гомелі, Віцебску, Гародні, Скідзелі, Воранаве, Дзятлаве, Слоніме, Паставах, а таксама ў суседніх краінах - Польшчы і Літве.

"Гудскі Гармонік" - гэта адна сям'я. Тут аб'ядналіся людзі розных прафесій, рознага ўзросту, розных характараў. Але ўсіх іх вабіць народная музыка і песня. І хочацца сказаць усім удзельнікам словы ўдзячнасці за адданась народнай творчасці.

Дзякуй вам, шаноўныя, за вашу адданасць музычнаму мастацтву, любімай справе і калектыву.

Яраслаў Грынкевіч.

"Мілы край мой смаргонскі…"

23 ліпеня споўнілася б 80 гадоў Артуру Цяжкаму (1943-1984) - таленавітаму пісьменніку, нараджэнцу Смаргоншчыны.

Бываюць пісьменніцкія лёсы простыя, як быццам нецікавыя. Жыве чалавек, як усе. Друкуецца. Асабліва не здзіўляе знаёмых, чытачоў. Але шлях яго абрываецца. І тады мы спяшаемся вярнуцца ў яго свет і доўгадоўга на самоце прыглядаемся і прыслухоўваемся, каб пераканацца ў нечым вельмі важным. Такім быў паэт і празаік Артур Цяжкі, які нарадзіўся 23 ліпеня 1943 года на хутары каля вёскі Лылойці Смаргонскага раёна. Скончыў Свірскую сярэднюю школу. Нейкі час працаваў трактарыстам у калгасе, але літаратура клікала юнака. Неўзабаве ён становіцца карэспандэнтам раённай газеты "Светлы шлях". Пасля была служба ў войску, а ў 1966 годзе зноў вяртанне ў Смаргонь. Пазней Артур Цяжкі працаваў ў "Чырвонай змене", у берасцейскай газеце "Заря", паркетчыкам на будоўлі, у газетах "Астравецкая праўда", "Голас Радзімы", "Знамя юности". У 1974 годзе Артур Цяжкі скончыў завочнае аддзяленне журналістыкі БДУ. У красавіку 1981 года ён ажаніўся з цудоўнай дзяўчынай Ліляй і разам з жонкай пераехаў жыць у Гародню. Там ён працаваў метадыстам у Цэнтры народнай творчасці. Памёр Артур Цяжкі 7 красавіка 1984 года ад сардэчнага прыступу ноччу ў сваім пакоі ў Гародні, а пахаваны каля касцёла Маці Божай Добрай Рады ў вёсцы Нястанішкі на Смаргоншчыне, побач з бацькам Юзафам.

Свой першы верш у 1957 годзе Артур Цяжкі надрукаваў у раённай газеце. Потым пісаў пра родны край, пра любоў да бацькоўскай зямлі:

Смаргоншчына-маці,

Дзе высокія сосны бароў,

Дзе ляжаць дываны-сенажаці

І бясконцае мора палёў…

З 1966 года ён пачаў выступаць у друку са сваімі апавяданнямі і ў выніку пакінуў кнігі прозы "Сустрэча пасля вясны" (1980), "Пара блакітных дажджоў" (1982). Пасля смерці пісьменніка выйшаў зборнік "Дзе мой дом?.." (1986). У перакладзе на рускую мову выдадзена кніга "Смятение" (1990). Артур Цяжкі любіў сваю Радзіму. Менавіта мілым яго сэрцу вобразам Бацькаўшчыны прысвячаў ён свае творы. Пра што б ён ні пісаў - пра родную вёску ці пра маці, пра сяброў ці аднавяскоўцаў, пра прыроду ці гарадское жыццё, - заўсёды жыла і жыве ў творах вобраз яго Бацькаўшчыны.

Паводле СМІ.

Навіны Германіі

Дактарантура ў Германіі

Нямецкая навуковая школа па праве лічыцца адной з вядучых у свеце. За мінулае стагоддзе 94 нямецкія навукоўцы сталі лаўрэатамі Нобелеўскай прэміі. У 2018 годзе нямецкія ВНУ і навуковыя цэнтры апублікавалі больш за 82,5 тысяч навуковых даследаванняў, саступіўшы толькі ЗША, Кітаю і Вялікабрытаніі. Шмат у чым дамагчыся такой навуковай перавагі дазволіла развітая сістэма падрыхтоўкі навукова-даследчых кадраў.

Асаблівасці PhD у Германіі

Агульнасусветнай ступені PhD адпавядае нямецкая ступень Dr. Атрымаць яе ў Германіі можна адным з двух спосабаў:

1. У індывідуальным парадку. Для гэтага неабходна знайсці прафесара, які пагодзіцца стаць навуковым кіраўніком вашага дысертацыйнага праекта. Праца над дысертацыяй можа праходзіць ва ўніверсітэце (у якім вы ў перыяд навучання будзеце заняты ў якасці асістэнта вашага навуковага кіраўніка) ці на базе даследчага цэнтра (найболей вядомыя з іх у Германіі - Таварыства імя Макса Планка, Таварыства Фраўнгофера і інш.). Падобная дактарантура не прадугледжвае лекцый ці іспытаў, план работ і даследаванняў складаецца для кожнага дактаранта індывідуальна, першапачаткова - на 3 гады, з магчымасцю пралангацыі да 5 гадоў;

2. На структураванай праграме дактарантуры ва ўніверсітэце. Падобныя з PhD у англа-саксонскіх краінах, дадзеныя праграмы прадугледжваюць больш інтэнсіўны і сістэматычны характар навучання, які ўключае ў сябе наведванне лекцый, удзел у семінарах і г.д. Навучальны план структураваны досыць цвёрда, а заняткі праходзяць у групах. Большасць дадзеных праграм разлічаны на 3-4 гады.

Дзе атрымаць PhD

Атрымаць доктарскую ступень тым ці іншым спосабам можна практычна ў любым нямецкім ВНУ. Выключэнні складаюць толькі так званыя ўніверсітэты прыкладных навук (Fachhochschulen) і каледжы мастацтваў.

Як ужо было згадана вышэй, навучанне ў дактарантуры можна праходзіць і на базе даследчых цэнтраў. Праўда, варта памятаць, што ў іх няма права прысвойваць доктарскія ступені, таму тут яны таксама дзейнічаюць у партнёрстве з ВНУ. Дысертацыю пад патранажам навуковага кіраўніка можна рыхтаваць і ў рамках працы на прадпрыемстве (гэта найболей актуальна для шукальнікаў ступені па эканоміцы).

Як паступіць на праграму PhD

Якую б праграму PhD вы ні абралі, асноўным крытэрам допуску вас да яе стане наяўнасць ступені магістра ў той вобласці, у якой вы маеце намер весці даследчую дзейнасць. Прэстыжнасць вашай альма-матар у сусветнай акадэмічнай супольнасці будзе іграць тут далёка не апошнюю ролю, як і наяўнасць дыплома з адзнакай.

Для паступлення ў дактарантуру ў індывідуальным парадку вам будзе неабходна накіраваць патэнцыйнаму навуковаму кіраўніку натарыяльна запэўненыя копіі дакументаў пра адукацыю, матывацыйны ліст, абстракты магістарскай працы і прапанаванай доктарскай дысертацыі, а таксама рэкамендацыі ад сваіх ранейшых навуковых кіраўнікоў. Калі ваша заяўка зацікавіла навуковага кіраўніка, вам будзе прызначана гутарка па скайпе, пры станоўчым зыходзе якой з боку ўніверсітэта вам будзе накіравана запрашэнне на вучобу.

Памятайце, што практычна ўсе доктарскія дысертацыі ў Германіі пішуцца на ангельскай мове, на ёй жа вядуцца зносіны ў даследчых групах. Пры праходжанні дактарантуры ў індывідуальным парадку фармальнага пацверджання валодання мовай ад вас могуць і не запатрабаваць, у той час як на структураваных праграмах наяўнасць сертыфікатаў TOEFL/IELTS і Test DAF абавязковая. У цэлым структураваная дактарантура адрозніваецца больш цвёрдым адборам.

Колькі каштуе PhD

Навучанне ў дзяржаўных нямецкіх ВНУ бясплатнае не толькі для грамадзян Германіі, але і для замежнікаў. Пры адпраўцы дакументаў на разгляд у ВНУ вы таксама можаце прыкласці заяўку на атрыманне стыпендыі. Фінансавую дапамогу ад універсітэтаў і навуковых цэнтраў атрымлівае большасць дактарантаў - каля 1-1,5 тысяч еўра ў месяц.

Паводле СМІ.

Эліза і Пётр Ажэшкі

Пяць аргументаў за тое, што іх шлюб скасаваны не быў

Святлана Воцінава

Усе, хто больш або менш у тэме, ведаюць, што Ажэшка з Пятром развялася. Але адкуль гэты факт бярэцца? І ці гэта ўвогуле факт?

Шаснаццацігадовая паненка Эліза (у хрышчэнні Альжбета) з дому Паўлоўскіх і нашмат за яе старэйшы (узрост пакуль "плавае") сваяк айчыма, памешчык Пётр Ажэшка, уладальнік сядзібы Людвінава ў Кобрынскім павеце, былі абвянчаны 21 студзеня 1858 года ў бернардынскім касцёле ў Гродне ксяндзом Аляксандрам Гінтаўтам, пра што сведчыць запіс, які па сённяшні дзень захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве ў Гродне. Што да скасавання шлюбу, то такой "жалезабетоннай" аргументацыі не існуе. Тым не менш, як вы зараз пераканаецеся, назбіраецца паўдзясятка прычын, каб сказаць, што фармальна гэты няўдалы шлюб перарваўся толькі са смерцю Пятра ў 1874 годзе, то бок доўжыўся яшчэ пяць гадоў пасля спробы яго скасаваць.

Аргумент першы: прозвішча Ажэшка

Першае, за што чапляецца думка пасля прачытання адзінай крыніцы інфармацыі пра скасаванне шлюбу - ліста Элізы Ажэшкі да галоўнага рэдактара "Газеты Варшаўскай" Юзафа Сікорскага ад 1 верасня 1869 года, - словы, з якіх вынікае, што гэта не развод у звыклым разуменні, а нейкая хімера, складзеная са скасавання шлюбу і прызнання яго незаконным: "Канчатковая рэзалюцыя кансісторыі аказалася мне на карысць, на наступны дзень акт узаконілі ўсімі магчымымі спосабамі, а яшчэ праз дзень я атрымала пасведчанне <…> што я цалкам вольная ад заключанага з Ажэшкам шлюбу, які развязваецца і надалей мае быць уважаны за неіснуючы аж настолькі, што ўсе яго сляды, і касцёльныя запісы, і грамадзянскія акты, павінны быць знішчаны і з кніг пасціраны, для чаго кансісторыя разаслала патрэбныя распараджэнні ўладам грамадзянскім і духоўным". Экзатычная фармулёўка. Па-першае, неяк дзіўна, што ажно так. Па-другое, калі ўжо і праўда так - ажно да выдалення "ўсіх слядоў", - то прозвішча Ажэшка яшчэ які "след", і трэба было яго выдаліць тым жа парадкам. Але Эліза ў Паўлоўскія не вяртаецца - працягвае быць Ажэшкай. Нікога не здзіўляе, што яна не бярэ назад прозвішча бацькі, які памёр найпаважанейшым чалавекам і якога яна тужліва аплаквала ўсё жыццё? Нікога не бянтэжыць, што яна пакідае сабе прозвішча некаханага мужа, з якім не мае нічога агульнага, маральныя якасці якога вартыя асуджэння і на развод з якім яна патраціла два гады?! Ну, бо меркаванне, нібыта яна засталася Ажэшкай праз тое, што пашкадавала прозвішча, якое ўжо прагучала ў літаратуры, - смеху вартае, далібог. Нічога там яшчэ не гучала. Яна яшчэ недалёка адскочыла ад дэбюту - на нейкія тры гады, за якія паспела хіба напісаць трохі тэкстаў, па якіх дабравата прайшлася крытыка. А наперадзе - цэлая вечнасць, за якую яна паспее напісаць яшчэ сорак тамоў, і можна гэта рабіць пад любым новым прозвішчам. Але папросту не магла яна перастаць быць Ажэшкай, калі шлюб скасаваны не быў.

Аргумент другі: запіс аб смерці Пятра

Запіс пад нумарам 396 у метрычнай кнізе смерцяў парафіі Раства Прасвятой Багародзіцы паведамляе, што 26 жніўня 1874 года "в два часа пополудни явились <…> служители Евангелической больницы <…> и объявили, что однесь в Варшаве в Евангелической больнице сегодняшнего числа в двенадцать часов полночи умер Петр Ожешко, содержащийся на собственные средства, сорока пяти лет от роду <…> сын умерших Феликса и Флорентины супругов, оставив после себя овдовевшую жену Елисабету урожденную Павловской…". Выходзіць, што меў ён жонку, тую самую Альжбету Паўлоўскую, і стала яна ўдавой. Выходзіць, што не выканалі духоўныя і цывільныя ўлады прадпісанае ім кансісторыяй - нічога не знішчылі і з кніг не павыціралі. Але ці не па той прычыне, па логіцы відавочнай, што не было ніякага прадпісання? Проста, завёўшы ў ліставанні з Сікорскім катрынку пра свой развод, які патрэбен быў ёй для шлюбу з Зыгмундам Свянціцкім, Эліза павінна была яе неяк ужо згарнуць - і згарнула ў тым самым лісце, напісаўшы: "Быць вольнай - вельмі мілая рэч, нават калі няма ёй ніякага ўжытку".

Аргумент трэці: адмена шлюбу з Зыгмундам Свянціцкім

Мы ўсё гадаем: чаму? Ён жа, Свянціцкі, пісаў ёй, што нецярпенне спаралізавала ўсе яго жыццёвыя сілы і што не стане зноў чалавекам да той пары, пакуль не будзе мець права назваць яе сваёй жонкай. Яна ж пісала пра яго, Свянціцкага, што туга яе бярэ невымоўная, калі яго няма побач, і што яны ўдвох зломяць тое, што свет прывык бачыць нязломным, маючы на ўвазе "дагмат непарушнасці шлюбу"… Як жа такое каханне ды пры такіх намаганнях, прынамсі, з яе боку ("адных прасіла, другім плаціла, трэцім нават і пагражала" і "развод каштаваў каля шасці тысяч рублёў") да шлюбу не давяло? Мы хапаемся за працоўнае месца Свянціцкага - у Пецярбурзе - і нежаданне Ажэшкі жыць у сталіцы Расіі, мы чапляемся да напісанага ёю з гэтай нагоды зноў жа Сікорскаму "Хто не хоча ахвяраваць усім, каб быць са мной тут, з тым я не магу быць нідзе", мы спатыкаемся аб той факт, што ўжо ў наступным, 1870 годзе Свянціцкі становіцца жыхаром Мінска, - і зноў задаем пытанні: ну дык чаму ж, як жа так? Чаму і як руйнуюцца прыгожыя раманы - тэма невычарпальная, але калі мець на ўвазе, што шлюб Элізы з Пятром скасаваны не быў, то фінал яе рамана з Зыгмундам Свянціцкім робіцца і зразумелым, і апраўданым.

Аргумент чацвёрты: аповесць "Пан Граба"

Гэта ранняя, але вельмі знакавая ў жыцці і творчасці Элізы Ажэшкі рэч: у творчасці - таму што водгук, прытым вельмі добры, напісаў на яе не хто-небудзь, а Генрык Сянкевіч, назваўшы Ажэшку першай з творцаў-жанчын, якая "перастала пісаць ні пра што", а ў жыцці - таму што гэта нішто іншае як аўтарская рэфлексія.

Галоўную гераіню "Пана Грабы" завуць Каміла. Так звалі гераіню аповесці Юзафа Кажанёўскага"Падзел", якую Эліза чытала ў 14-гадовым уросце пад час вучобы ў пансіёне пры манастыры і якая дала ёй перажыць, як потым пісьменніца прызнавалася, першае эратычнае ўражанне. Мы, узброеныя навуковым ведамі, скажам больш: сцэны з "Падзелу" (трэба вам іх прачытаць) запусцілі ў юнай псіхіцы механізм імпрынтынгу - атрымання інфармацыі пра сябе і сваё акружэнне праз імгненнае "ўпячатване" ў доўгатэрміновую памяць найбольш характэрных прыкмет аб'ектаў і сітуацый, якія маюць для арганізма асаблівае значэнне. Такое адбываецца ў крытычны момант развіцця асобы (падлеткавасць - самае тое) і ўплывае пасля на ўсё. Асноўная функцыя гэтага псіхафізіялагічнага акта - усталяванне жыццёва важных біясацыяльных кантактаў. Выбар партнёра, спадарожніка на жыццё - з ліку такіх. Дык вось, галоўны герой "Падзелу", Юзаф Стажынскі, па апісанні выліты Пётр Ажэшка: з пышнымі пшанічнымі вусамі, белым шырокім ілбом, цёмнымі бровамі і блакітнымі вачыма, высокі ростам і статны фігурай. У яго закахаліся і Каміла, і Эліза. Таму зразумела, чаму прапанова шлюбу ад Пятра была Элізе прыемнай і чаму праз дзесяць гадоў гэтага шлюбу, пішучы "Пана Грабу", яна ўкладае ў героя рысы свайго мужа, а жонку пана Грабы называе Камілай і дае ёй найбольш характэрныя рысы ўласнай знешнасці. Сянкевіч не мог даўмецца, нашто ёй такая дэталізацыя. А гэта, пан Генрык, не столькі ўжо літаратура, колькі фізіялогія, эндакрыналогія і псіхалогія, разам узятыя. І той факт, што Каміла з аповесці не атрымала развод, трэба лічыць рэмінісцэнцыяй, якая яднае лёсы гераіні і аўтаркі.

Аргумент пяты: у дні смерці і пахавання Пятра Эліза была ў Варшаве

Лета 1874 года Эліза Ажэшка правяла ў Варшаве - лячылася ў знакамітага доктара па прозвішчы Глішчынскі. Пры гэтым лячэнне, як пісала яна стрыечнай сястры і сяброўцы, ёй не ішло. Тым не менш, яна працягвала бавіцца ў Варшаве, хаця акурат у той час у Гродне цяжка хварэў айчым, і маці заставалася з гэтай бядой адна. Навошта сядзець у Варшаве пры адсутнасці лячэбнага эфекту, калі ў Гродне ў табе ёсць патрэба? Павінна быць прычына, якая важней, чым дапамагаць маці даглядаць хворага айчыма. Яго, Канстанціна Відацкага, Эліза, дарэчы, любіла і паважала. Калі дапусціць, што лячэнне ў варшаўскага свяцілы яна сумяшчала з наведваннем Евангелічнай бальніцы, дзе паміраў Пётр, то ўсё становіцца на свае месцы: і затрымка ў Варшаве насуперак гродзенскім акалічнасцям цалкам сябе апраўдвае, і "выроўніваецца" вобраз пісьменніцы, якая нсамрэч не толькі не пераставала быць жонкай Пятра, але і правяла з ім яго апошнія дні, развіталася і пахавала.

Была актывісткай ТБШ у Заходняй Беларусі

У ліпені спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння Алены Лябецкай (1903-1982) - актыўнай дзяячкі вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, актывісткі Таварыства беларускай школы, вязня савецкіх лагераў.

Алена Лябецкая нарадзілася на хутары Лягуцева Слонімскага павета (цяпер Дзятлаўскі раён). У 1910 годзе сям'я яе пераехала ў Гародню, дзе дзяўчынка паступіла ў падрыхтоўчы клас жаночай гімназіі. Перад пачаткам Першай сусветнай вайны іх сям'ю выгналі ў Калугу. Там дзяўчына вучылася ў жаночай гімназіі. А калі вярнуліся ў 1920 годзе на Бацькаўшчыну - актыўна ўключылася ў грамадска-вызвольны і культурны рух у Заходняй Беларусі. Яна актыўна стварала гурткі ТБШ, была арганізатарам і ўдзельнікам беларускіх спектакляў, канцэртаў на Слонімшчыне, Дзятлаўшчыне і Зэльвеншчыне. З лістапада 1927 года Алена Лябецкая стала працаваць сакратаром Слонімскай акруговай управы ТБШ. Потым яе, як актыўную дзеячку ТБШ, забіраюць у Вільню, дзе Алена працуе ў Галоўнай управе ТБШ, загадвае беларускай бібліятэкай-чытальняй. Алена Лябецкая, калі польскія паліцыянты стукалі ў дзверы Слонімскай акруговай управы ТБШ у 1928 годзе, не разгубілася. Яна паспела праглынуць некалькі папер з тэкстам лістоўкі. Калі ў пакой ТБШ уварваліся паліцыянты і пачалі вобыск, яны ўжо нічога крымінальнага знайсці не змаглі. У лютым 1930 года Алену Лябецкую арыштоўваюць польскія ўлады і асуджаюць на 6 гадоў турмы. Але ў выніку абмену палітвязнямі яна разам з мужам трапляе ў Менск…

Спачатку ў БССР жыццё наладжвалася някепска. Муж Павел Крынчык працаваў, а Алена вучылася на геолага-геаграфічным факультэце БДУ, працавала інструктарам у ЦК Міжнароднай арганізацыі дапамогі барацьбітам рэвалюцыі Беларусі. Але аднойчы іх сям'ю наведалі супрацоўнікі НКУС. Спачатку 26 лістапада 1935 года арыштавалі мужа і прыгаварылі да 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў за "сувязь з разведкай буржуазнай Польшчы". А потым восеню 1937 года арыштавалі і Алену. Павел Крынчык быў этапаваны ў адзін з Калымскіх лагераў. А Алена Лябецкая была выслана ў адзін з лагераў Усходняй Сібіры. На Радзіму Алена Лябецкая вярнулася ў 1947 годзе, а Павел Крынчык - у 1956 годзе. Яны жылі ў Слоніме, дзе і памерлі. Пасля сябе Павел Крынчык і Алена Лябецкая пакінулі невялікія ўспаміны пра барацьбу і дзейнасць у 1920-1930-х гадах у Заходняй Беларусі. Гэтыя ўспаміны друкаваліся ў кнігах "У суровыя гады падполля" (Мн., 1958), "Годы испытаний и мужества" (Мн., 1973), "Вильнюсское подполье" (Вільнюс, 1966). Неяк, перад выступленнем у адной са школ, Алена Лябецкая сказала, што "мы ніколі не ішлі на гатовае, мы ўсё аддавалі справе роднай Беларусі, бо ў нас іншых шляхоў не было".

Паводле СМІ.

Яшчэ раз пра Ліду Тэадора Нарбута

Леанід Лаўрэш

У апошні час я зноў цалкам пагрузіўся ў аналіз знаходкі ў 1933 г. паселішча на Выгане, паселішча якое ў тым жа годзе вывучалі і кваліфікавалі археолагі Віленскага універсітэта Уладзімір Галубовіч (хутка атрымае Ph.D.) і Хелена Цэгак-Галубовіч (Ph.D.) - інфармацыю пра знаходку паселішча (старой Ліды) ў канцы 2015 г. я знайшоў у старых газетах


Справа ў тым, што пры канцы 1933 г. у Лідзе на Выгане падчас земляных работ на зямлі, якая належала настаўніку М. Міхальчыку, была знойдзена вялікая колькасць чарапкоў, раскіданых на значнай тэрыторыі. Таўшчыня чарапкоў была характэрнай для вырабаў з керамікі старадаўніх часоў. Інжынер, які кіраваў работамі, пераслаў чарапкі ва Управу па кансервацыі (управа, якая займалася аховай помнікаў) у Вільні і прыпыніў работы. Трэба сказаць, што галоўным кансерватарам Віленскага і Наваградскага ваяводстваў у той час і чалавекам, які таксама прычыніўся да знаходкі паселішча, быў Станіслаў Лоранц (Ph.D.).

Аналагічная кераміка была знойдзена таксама і ў іншай частцы Выгана. Абодва месцы знаходзіліся па краях ўчастка Міхальчыка. Была высунута ідэя, што на гэтым месцы знаходзілася гарадзішча ці паселішча. Пасля чаго лідскі стараста Багаткоўскі выклікаў у Ліду асістэнтку кафедры археалогіі Віленскага ўніверсітэта др. Хелену Цэгак (якая хутка стане вельмі вядомым і аўтарытэтным археолагам). З прыездам навукоўцаў плошча раскопак была пашырана і знойдзены новыя керамічныя чарапкі. Чарапкі мелі "славянскі стужкавы арнамент, які адносілі да племянных груп, што ішлі з усходу". Д-р Цэгак выказала здагадку, што з XI па XIII ст. тут магло існаваць славянскае паселішча. У Лідзе др. Хелена Цэгак знаходзілася разам са сваім будучым мужам і вядомым археолагам Уладзімірам Галубовічам, які і напісаў два газетныя артыкулы пра паселішча: "Знаходка старажытных слядоў чалавека ў Лідзе" і "Падарожжа ў невядомае"

У сваім другім артыкуле Галубовіч канстатаваў: "Можна ўжо рабіць высновы. Некалі ў акрэсе часу ад ХІ да ХІІІ ст. існавала на гэтым узвышшы славянскае паселішча. Сляды яго сёння цалкам знішчаны. Чаму славянскае? Чарапы посуду маюць славянскі палоскавы (пасьмавы) арнамент, характэрны для племянных груп, якія ішлі з усходу. Лідскі стараста Багаткоўскі зрабіў вялікую паслугу навуцы. На археалагічнай карце ... з'явіцца новы знак, які паказвае, што на тэрыторыі Выгана знойдзены сляды побыту славян у раннегістарычную эпоху ў нашым краі".

З гэтага можна зрабіць выснову, што знойдзенае на Выгане паселішча - гэта і ёсць Ліда, пра якую пісаў Нарбут, Ліда, заснаваная ў 1180 г.

Працяглы час лічылася што старая Ліда знаходзіцца пад нашым замкам, так жа лічыў і сам Уладзімір Галубовіч. І толькі, калі да меркаванага юбілею горада ў 1980 г. археолагі не знайшлі старой Ліды ні пад замкам ні каля яго, было прынята дзіўнае і нічым не абгрунтаванае рашэнне значна амаладзіць Ліду. Таму знаходка старой Ліды на тэрыторыі нашага горада, амаль што ў самым цэнтры, мае для нас, лідзян, першачарговае значэнне. Каб мы мелі карту горада 1930-х гг. з абазначэннем участкаў, дык не было б праблем з вызначэннем канкрэтнага месца знаходжання старой Ліды. Але за шмат гадоў такая карта нідзе не "засвяцілася" і, верагодна, калі яна і існавала, дык у свой час была знішчана ці недзе надзейна схавана ў архівах.

Чаму знаходка ў Лідзе, падобна, усё ж не надта зацікавіла сям'ю віленскіх даследчыкаў-археолагаў? Адказ можна знайсці ў артыкуле др. Хелены Цэгак, які яна надрукавала ў 1937 г. у віленскай газеце "Слова". У артыкуле др. Цэгак зазначыла, што археалагічнае вывучэнне нашага края яшчэ толькі пачынаецца, і акрамя іншага, паведаміла пра знаходку вельмі цікавай групы пасяленняў, як напрыклад: "Браслаўскае гарадзішча, якое ляжыць на вузкім перашыйку паміж азёрамі і з'яўлялася цэнтральным пунктам, які з усходу засланяўся абарончым бар'ерам з трох меншых гарадзішчаў а, з захаду адным адкрытым гарадзішчам. Такая група гарадзішчаў стварае пэўны абарончы комплекс. Аналагічныя абарончыя комплексы можа вывіць толькі працяглае, метадычнае і комплекснае вывучэнне". А ў 1938 г. др. Цэгак павінна была пачаць даследаваць неверагодную знаходку - старажытнабеларускае паселішча ў Давыд-Гарадку, якое яна назвала "Пампеямі Палесся". Таму зразумела, што на фоне такіх грандыёзных знаходак і вялікіх планаў знаходка невялікага паселішча ў Лідзе не магла выклікаць першачарговую цікавасць археолагаў, тым больш, што яны мелі ўпэўненасць знайсці сапраўдную старую Ліду пад замкам.


Пасля васьмігадовай паўзы я зноў пачаў росшукі ў сваіх базах дадзеных, якія назбіраліся за шмат гадоў даследчай працы.

І "Мар'ян Міхальчык" знайшоўся! Адразу заўважу, што у двух артыкулах "Кур'ера Віленскага" прозвішча гаспадара зямлі падаецца трошкі па-рознаму, як М. Міхальчык (Michalczyk) і М. Міхальчак (Michalczak), другі варыянт прозвішча "Міхальчак" сустракаецца ў Польшчы, але цалкам не пасуе прозвішчам нашага краю.

Неабходная і вельмі важная інфармацыя знайшлася ў тэлефонным даведніку 1939 г., у якім маецца наступны радок: "[тэлефон №] 171 - Міхальчык Мар'ян, 11-га Лістапада, 2." ("171 - Michalczyk Marian, 11 listapada, 2."). Тагачасная вуліца 11-га лістапада сёння мае назву 7-га лістапада.

Вядома, што суседні з домам № 2, вялікі дом павятовага доктара Вітольда Стасевіча значыўся пад № 4 па той жа самай вуліцы, пра што пісала дачка доктара, с. п. прафесар Ірэна Стасевіч. Участак у Лідзе Стасевічы набылі недзе ў 1933-34 гг.: "Бацькоўскі дом у Лідзе, на вуліцы 11 лістапада, 4. ... Дом стаяў на невялікім узгорку і складаўся з дзвюх частак ... Доўгі, высокі плот аддзяляў ад нашага саду-агароду вельмі вялікі ўчастак, які цягнуўся ўздоўж усёй вуліцы 11-га лістапада і заканчваўся ажно на вуліцы Школьнай (сучасная Кірава, зараз гэта тэрыторыя школы № 1 - Л. Л.). ... Каля нашага дома паўстала ў канцы трыццатых гадоў ХХ стагоддзя прыгожая сучасная пошта пры вуліцы Міцкевіча ... У часы маіх бацькоў на гэтым месцы быў так званы Выган. Частка тэрыторыі займалі кучы пяску, напэўна як матэрыял для будучых будынкаў, на нізейшым, гладкім участку зімой тут быў натуральны каток".

З гэтага тэксту, адразу заўважу, дзве рэчы:

- дом Стасевіча стаяў на ўзвышку, і таму не дарма дом Міхальчыка знаходзіцца на самай мяжы з участкам Стасевічаў - на адносна высокім месцы. Паселішча магло месціцца толькі на сухой пляцоўцы.

- доктар Стасевіч меў вельмі вялікі ўчастак гарадской зямлі, непараўнальны з сучасным участкам пад домам № 2 па вуліцы 7-га Лістапада.

Дом № 2 выходзіў проста на вуліцу Міцкевіча, якая ў сучасным выглядзе з'явілася толькі пасля адкрыцця пошты. Мар'ян Міхальчык прыкладна да 1939 г. пабудаваў свой невялікі дом (памерам, каля 10 х 6 м), бо вядома, што будынак гмаху пошты ўжо ў кастрычніку 1937 г. быў пабудаваны "пад дах" і маецца газетны здымак, дзе гмах пошты ўжо стаіць, вуліцы Міцкевіча на ўсход ад пошты яшчэ няма і двое рабочых, падобна, робяць на ёй ходнікі, яшчэ няма на здымку і дома Міхальчыка. Але ў 1939 г. у доме Міхальчыка ўжо меўся тэлефон і сам дом добра бачны на аэрафотаздымку красавіка 1944 г. Гэты дом стаіць і зараз і нават захаваў свой ранейшы № 2, толькі вуліца мае назву 7-га Лістапада.

Участак доктара Стасевіч быў значны большым, чым сучасны участак пад домам Міхальчыка і магчыма частка ўчастка Міхальчыка была адкуплена гарадскімі ўладамі пад вуліцу Міцкевіча, якая пасля пачатку працы пошты, лічылася самай прыгожай у горадзе. Вядома, што гарадскія ўлады да моманту адкрыцця новай пошты сур'ёзна рыхтавалі вуліцу Міцкевіча, напрыклад у жніўні 1938 г. прэса пісала: "Вуліца Адама Міцкевіча. Запраектаваная ў свой час на Выгане вул. Адама Міцкевіча дачакалася ўладкавання і цвёрдага дарожнага пакрыцця. Забрукоўка вуліцы ідзе ў паскораным тэмпе з-за хуткага заканчэння будоўлі і адкрыцця новай гарадской пошты". І ужо ў кастрычніку 1938 г. паведамляецца, што ў нашым горадзе гэта "самая прыгожая вуліца. ... Вуліца ўпарадкавана на ўзор цэнтральных вуліц горада, перад гмахам пошты нават заасфальтавана, што з'яўляецца абсалютнай навінкай для Ліды. Ходнікі вельмі шырокія і з прыгожымі газонамі. Вуліца Адама Міцкевіча ў Лідзе сваім выглядам можа канкурыраваць з лепшымі вуліцамі Вільні".

Улічваючы, што ўчастак дома № 2 Міхальчыка, магчыма зараз часткова знаходзіцца пад вуліцай Міцкевіча і на тэрыторыі сучаснага парка, а таксама тое, што археолагамі "была знойдзена вялікая колькасць чарапкоў, раскіданых на значнай тэрыторыі ... чарапкі таксама былі знойдзены ў іншай частцы Выгана", і "з прыездам археолага плошча раскопак была пашырана" ў бок Выгана, дык старая Ліда, верагодна, павінна займаць тэрыторыю сучаснага дома № 2 па вуліцы 7-га лістапада і паўдзённую частку парку насупраць гэтага дома.

Як па мне, дык гэта і сёння самая прыгожая частка нашага горада.


Цяжка ўявіць, каб у горадзе з насельніцтвам каля 15 000 жыхароў адначасова на Выгане купілі ўчасткі пад свае дамы два розных М. Міхальчыкі, тым больш, што прыватныя дамы на Выгане ў той час будаваліся толькі па вуліцы 11-га лістапада. Як чалавек, які ў курсе вышэйшай матэматыкі вывучаў і тэорыю верагоднасцяў, лічу, што гэта цалкам немагчыма, і таму верагоднасць знаходкі месцазнаходжання "Ліды Нарбута" можна ацаніць амаль што ў 100 %.

Мы не маем спісаў настаўнікаў нашага горада і Міхальчык, здаецца, не згадваецца ва ўспамінах тагачасных вучняў. Каб ён быў выкладчыкам суседняй дзяржаўнай гімназіі, дык, верагодна, Уладзімір Галубовіч назваў бы яго "прафесарам гімназіі" - менавіта так называліся выкладчыкі гімназіі ў той час. Таму можна выказаць гіпотэзу, што Мар'ян Міхальчык выкладаў у суседніх 1-й ці 2-й сямігадовых школах - зараз гэта школа № 1, якая стаіць каля яго дома.

Пра Міхальчыка ўдалося знайсці наступную інфармацыю. 29 ліпеня 1935 г. Мар'ян Міхальчык у Лідзе ажаніўся з Мартай Марыяй Гуз, якая паходзіла з этнічнай Польшчы. 18 кастрычніка 1939 г. у Лідзе ў сужэнства Міхальчыкаў нарадзіўся сын Уладзіслаў. Падчас Другой сусветнай вайны сям'я ўцякла ў Кракаў, дзе жыла да сваёй эміграцыі ў снежні 1957 г. у горад Луіс, штат Місуры, ЗША. Як бачым, Мар'ян Міхальчык менш чым за два гады да вяселля купіў участак зямлі, яшчэ праз 3 гады стаў домаўладальнікам, і яго сын нарадзіўся ўжо ў сваёй, бацькоўскай хаце. Па-сапраўднаму адказны быў мужчына.


Некалькі словаў, пра тое што такое Выган. Практычна любы беларускі горад у старыя часы меў так званую "Ферму" - месца дзе гараджане мелі свае гароды, і "Выган" - месца дзе гараджане пасвілі сваю жывёлу. Ферма ў нас знаходзілася прыкладна на месцы гарадскога рынка і сучаснай школы № 11 і пачала забудоўвацца жылымі дамамі недзе з канца XIX ст., а Выган, які на пачатку XX ст. пачынаўся амаль што ад вуліцы Віленскай (зараз - Савецкая), цягнуўся на захад да чыгункі і ўключаў у сябе сучасны стадыён, парк і тэрыторыю бальніцы, да сярэдзіны 1930-х гг. у выніку землеўпарадкавання пачаў выглядаць так, як ён выглядаў на маёй памяці ў 1970-я гады, калі ўся тэрыторыя былога Выгана была забудавана, у гарадскім парку высаджаны дрэвы, і ўсё яшчэ цякла рэчка Каменка.

Зямлю на Выгане павінны былі пачаць прадаваць яшчэ да Першай сусветнай вайны, і на карце горада 1914 г. тут ужо пазначаны будучыя вуліцы. Газета "Лідскае Слова" пісала ў 1913 г.: "Ужо некалькі гадоў кажуць пра тое, што Выган падзелены на ўчасткі, якія будуць прадаваць з гандляў. Але гэтага не робіцца". І яшчэ ў 1909 г. гарадскому старасце было даручана забрукаваць Школьную вуліцу (зараз - Кірава) да Выгана.

Участкі зямлі на Выгане ў той час не маглі быць вельмі дарагімі, бо лідзяне яшчэ ў 1928 г. пісалі пра "дрэнны балотны мікраклімат на Выгане" і нават лідскія чыноўнікі высокага рангу, якія кіравалі горадам і паветам і жылі ў калоніі дзяржаўных дамоў на Выгане (насупраць тагачаснай гімназіі імя Караля Хадкевіча), таксама лічылі гэтае месца дрэнным для здароўя.

Галубовіч у 1933 г. напісаў: "Выган - тэрыторыя, на якую Ліда вядзе экспансію ўжо некалькі гадоў, запаўняючы яе зграбнымі мураванымі дамкамі. ... Выган - узвышша, да нядаўняга часу аточанае гразкім балотам, а цяпер перарэзанае сухімі вуліцамі. Ужо амаль увесь перакапаны ...".

З прыкладзенага аэрафотаздымка 1944 г., на якім я прамаляваў водную сістэму нашага горада, добра бачна, што наш замак Гедыміна стаіць на зліцці рэк Лідзейкі і Каменкі, а старая Ліда месцілася сярод двух рукавоў рэчкі Каменкі - у абодвух выпадках паселішча і замак добра засланяліся ад нападнікаў рэкамі і дрыгвой. Пэўна, замак быў перанесены прыкладна на 1 км на поўдзень (у такое ж самае балоцістае месца зліцця Лідзейкі і Каменкі) з-за адсутнасці адпаведнага па памерах пляца, неабходнага для будаўніцтва вялікага мураванага замка ў старой Лідзе паміж рукавамі Каменкі.

Было б цудам, каб у глыбіні зямлі на вызначанай тэрыторыі "Ліды Нарбута" яшчэ заставаліся нейкія археалагічныя артэфакты, але пасля знаходкі дакладнага месца старога беларускага паселішча, тут трэба было б усталяваць памятны знак, ролю якога зараз выконвае вядомы ўсім лідзянам знак "Я люблю Ліду", які стаіць прыкладна на паўночнай мяжы былога гістарычнага паселішча.

І трэба думаць пра вяртанне законнай даты заснавання нашага горада ў 1180 г., даты, якая, дарэчы, так і засталася ў большасці сучасных сусветных энцыклапедый.

Праехалі дарогамі Ігната Дамейкі

Да 221 года з дня нараджэння Ігната Дамейкі 31 ліпеня 2023 года

Яшчэ адну займальную экскурсію падчас летніх канікул здзейснілі навучэнцы 10 класа 11 лідскай школы па сваёй малой радзіме. На гэты раз паездка прайшла па пазнавальным маршруце. Школьнікі наведалі два населеныя пункты Лідскага раёна, гісторыя якіх цесна звязана з жыццём і дзейнасцю чалавека, чыё імя вядома ва ўсім свеце - Ігнат Дамейка.

Першым аб'ектам наведвання стаў гістарычна-краязнаўчы музей "Час. Падзеі. Людзі" Крупаўскай сярэдняй школы. Школьны музей дзейнічае ўжо на працягу 40 гадоў, мае багатую гісторыю і напоўнены незвычайнымі экспанатамі, якім могуць пазайздросціць іншыя музеі. Дакладная дата адкрыцця музея - 7 мая 1983 года. Выставачныя залы музея ўключаюць экспазіцыі, прысвечаныя гісторыі краю, школы, падзеям Вялікай Айчыннай вайны, сялянскаму побыту. Але візітнай карткай музея з'яўляецца экспазіцыя "Ігнат Дамейка - вучоны, гуманіст, патрыёт".

Экскурсаводам юных краязнаўцаў стаў кіраўнік музея Іван Барысавіч Гівойна.

Школьнікі даведаліся пра гісторыю вёскі Крупава, пачулі імёны землякоў, якія пакінулі след у гісторыі не толькі нашага краю, але і за межамі краіны. І, вядома ж, пазнаёміліся з жыццём і лёсам знакамітага вучонага, мінеролага, геолага, даследчыка Ігната Дамейка.

Як распавёў Іван Барысавіч, нягледзячы на тое, што нарадзіўся Ігнат Іпалітавіч у вёсцы Мядзведка, цяпер гэта тэрыторыя Карэліцкага раёна, з 1824 па 1830 год ён пражываў у маёнтку свайго дзядзькі ў Лідскім павеце, дзе займаўся грамадскай дзейнасцю і гаспадарчымі справамі. Але воляю лёсу Дамейка пасля паўстання 1830-31 гг. адпраўляецца ў Еўропу вывучаць мінералогію і горную справу. Вярнуцца на радзіму ён змог, але перш амаль 50 гадоў пражыў далёка за акіянам. Пасля вучобы Дамейка адправіўся ў Чылі. Наш зямляк не проста вывучаў мінералогію і геалогію Паўднёвай Амерыкі, ён пакінуў свой след у розных навуках, з'яўляўся доўгі час рэктарам Чылійскага ўніверсітэта і многіх навуковых таварыстваў.

Імем Дамейкі сёння названа малая планета, мінерал дамейкіт, здабыты самім Дамейкам ў 1844 годзе ў Чылі, некалькі раслін, малюск, горад у Чылі, вуліцы ў Чылі, а таксама ў Вільні, Гародні, Лідзе, Наваградку, Карэлічах і ў самім Крупаве, горны хрыбет, бібліятэка ў Буэнас-Айрэсе, некалькі навучальных і навуковых устаноў і многае іншае.

2002 год у сувязі з 200-годдзем нараджэння Дамейкі быў абвешчаны ЮНЕСКА годам Ігната Дамейкі.

Нашчадкі нашага земляка наведвалі малую радзіму свайго знакамітага продка ў 2017 годзе, у тым ліку і вёскі Крупава ды Заполле Лідскага раёна.

У экспазіцыі музея Крупаўскай сярэдняй школы сёння прадстаўлены кнігі з аўтографамі вядомых навукоўцаў-даследчыкаў жыцця і дзейнасці Дамейкі, навуковыя працы навучэнцаў, кнігі навукоўца, копіі дакументаў з архіваў і незвычайная калекцыя мінералаў "Падарунак праз акіян", дасланы з Чылі. У ліку мінералаў ёсць лазурыт. Кожны, хто наведвае Крупаўскі музей, марыць патрымаць яго ў руках і загадаць жаданне. Юныя лідзяне не сталі выключэннем.

Другім аб'ектам падарожжа стаў памятны знак, усталяваны ў 1995 годзе, пры ўездзе ў былы двор Заполле, дзе жыў вядомы ўсяму свету навуковец, і месца, дзе 200 гадоў таму знаходзілася сядзіба. Ад яе практычна нічога не захавалася, толькі велічная кляновая алея ўздоўж дарогі, якая вядзе ў Заполле, і падмурак дома. Але, нягледзячы на гэта, навучэнцы з задавальненнем праехаліся дарогай Ігната Дамейка, дакрануліся да велізарных дрэў, узрост якіх, не выключана, налічвае больш за 150-200 гадоў. Магчыма, сам ганаровы грамадзянін Чылі Ігнат Дамейка, наведваючы сваю радзіму ў канцы 19 стагоддзя, дакранаўся да клёнаў, тады яшчэ зусім маладым саджанцаў.

Наталля Мікалаеўна АНАШКЕВІЧ, класны кіраўнік 10-га класа. г. Ліда, школа № 11.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Уяўнае і рэальнае немагчыма аддзяліць: Грынкевіч, Нікалаеў; "касмічны сэнс" Аляксандра Годкіна і яго індзейскіх герояў

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-29 (53-81) за 2023 г.)

Мы не ведаем, ці быў Аляксандр Годкін сярод індзейцаў, таму не ўключаем пакуль яго ў алфавітную частку нашай серыі БСІ. У анатацыі да, што істотна, папяровага выдання, чытаем: "У гэтай кнізе сабраны ўсе асноўныя легенды плямён Паўночнай Амерыкі. Гадамі этнографы запісвалі іх так, як яны з пакалення ў пакаленне расказваліся старэйшынамі супляменнікам. Гэтыя гісторыі ўнікальныя тым, што не былі схільныя да ўплыву грэчаскіх міфаў, як фальклор Еўропы і Азіі. Жывучы ў паселішчы індзейцаў, я ўбачыў звычаі, звычкі і рысы характару гэтых выдатных людзей. Мае творы - гэта даніна іх гасціннасці і майму з імі сяброўству".

Аповед Аляксандра Годкіна даволі блізкі па матывах, геаграфічных прывязках, усёй фабуле да гісторыі Дзмітрыя Пухлова, які таксама праходзіць як мінчанін. Публічныя дадзеныя з інтэрнэту пра Годкіна, жыхара Шчэціна, сведчаць, што ён удзельнічаў у забегах, у т.л. марафонах, у Беларусі, Літве і Польшчы (пад імем і прозвішчам Aliaksandr Hodkin).

Кніжка "Стары-апавядальнік. Легенды канадскіх індзейцаў" пачынаецца з прысвячэння і прадмовы: "Маім сябрам", "Маім сябрам і пабрацімам і сёстрам з племені Оджы-Кры на возеры Сачыга ў Канадзе":

"Вось мы і сустрэліся зноў - з апошняй сустрэчы прайшло два гады. Мой сябар Алвін цяпер не быў правадыром, як раней.

- Стаміўся, - растлумачыў ён. Столькі гадоў у офісе пакідаюць адбітак на здароўі. Пасёлак невялікі, усяго сто двароў, але стаіць на важным скрыжаванні маршрутаў пошукавых геалагічных партый і рачных шляхоў. - Дамовіліся вось з усімі імі, каб ваду нашу не атруцілі! - скардзіўся ён. Я радаваўся сустрэчы, хоць на гэты раз ён прыйшоў адзін. Гэта яго жонка, Эдна, адна з першых прыняла мяне ў паселішчы ў той зімовы вечар, ужо вельмі шмат гадоў таму...

***

...Наш дзевяцімясцовы лайнер унутраных авіяліній ляцеў даволі нізка, пад густымі аблокамі, і мне было добра выразна відаць, як возера ўперамешку з рэкамі, прытокамі і балотамі раздзіралі зямлю на бясформенныя кавалкі сушы. Улетку туды і не дабрацца, акрамя як на самалёце, а вось зімой можна і па зімніку даехаць. Некаторыя нават пешшу ходзяць, не баяцца: калі не холадна, то не страшна - за пару гадзін дойдзеш да суседзяў за возерам. Гэта калі мароз пад пяцьдзясят, тады небяспечна - ваўкі з лесу вылазяць ежу шукаць: у лесе ж жывёлы ў такі мароз няма - усе па норах сядзяць, чакаюць, пакуль скончацца халады.

Увогуле, яшчэ жывучы ў горадзе, я і падумаць не мог, што лёс закіне мяне на старонкі кніг Джэка Лондана і Фенімора Купера. Толькі падумайце: іракезы, магікане, плямёны Алганкін [надрукавана так, вялікай літары] - гэта ж казка нейкая. Але гэта ўсё потым, а пакуль - мяне чакала іншая рэальнасць, а Поўнач яшчэ не раскрыла мне абдымкаў.

Мы прызямліліся. Дзіўнае адчуванне ад пасадкі на такім самалёціку: нібы ляціш не на самалёце, а на самакаце. У пасёлку, куды я прыехаў, была свая мясцовая мытня - драўляная будка, збітая з фанерных лістоў у чалавечы рост, праз якую праходзілі ўсе, хто прыляцеў. Паколькі алкаголь і наркотыкі - гэта неад'емная частка самотных паўночных паселішчаў, мясцовае кіраўніцтва вырашыла ўвесці забарону на ўвоз такой "забаўляльнай" прадукцыі. Мяне даволі павярхоўна абшукалі і... адвезлі ў дом. Спальня, гасцёўня, кухня. На кухні - акно, і ў яго, як у ілюмінатар, урывалася цішыня закаванага льдом возера. У гасцінай на тумбачцы стаяў тэлевізар з убудаваным відэамагнітафонам, а ў скрыні самотна чакаў відэадыск з раннім фільмам Хічкока. Ванная з туалетам, гарачая вада, пыласос, пральная машына - паглядзеў дом і застаўся задаволены. А ў спальні, на падлозе, ляжалі два матрацы, пакладзеныя адзін на другі, - я паспрабаваў, і... мне падышло.

Вось так я і пачаў сваё жыццё ў пасёлку індзейцаў. Днём працаваў, а вечарамі мы ладзілі пасядзелкі з маімі новымі сябрамі: то пельмені гатуем з ласінай, то рулеты круцім з бабровага фаршу, то проста гарбату з духмяных траў п'ём. Жыццё цякло, напаўнялася падзеямі. Аднойчы зімой да мне прыйшоў сабака, лайка. Вы чыталі "Белый Клык"? Вось такі ён быў - нібы са старонак кнігі да мяне прыбег. Я пачаставаў яго лустачкай бекону, і пасля гэтага ён мяне на працу стаў праводзіць і з працы сустракаць - вёў да самага дому. Пазней, вясной, калі я пёк хлеб і булачкі, бляху з выпечкай выстаўляў астываць на лесвіцу перад домам. Сабакі з усяго сяла прыбягалі на пах, а Спайк (так звалі майго сябра-лайку) так рыкаў, абараняючы мой хлеб, што ні адной жывёліне не хацелася аспрэчыць яго перавагу. Сам ён, паклаўшы морду побач з хлебам, заплюшчваў вочы i проста пасапваў, ведаючы, мабыць, што я яго абавязкова пачастую, калі хлеб астыне. Спайк памёр пару гадоў таму. Ён быў вельмі стары. Ён назаўжды застанецца ў маім сэрцы.

Каляндарная зіма падыходзіла да канца. Прагноз надвор'я дома быў летні, а ў нас у пасёлку пра лета пакуль і не думалася - буран за буранам. У красавіку пры дваццаціградусным марозе я за ахвяраванні на апарат МРТ для мясцовай лякарні нырнуў галавой у палонку, якая стала замярзала. У дзень гэтай падзеі ўвесь пасёлак апусцеў, і толькі тлустай плямай удалечыні, на лёдзе возера, відаць было людзей. Мяне падвезлі да палонкі. Пара чалавек шуфлямі паднімала лёд з вады, і вада адразу ж замярзала. Разбег, штуршок, і вынырнуў я ўжо не самім сабой, а з мянушкай - Уабэ Маква. Уабэ - гэта белы, Маква - мядзведзь. Такой павагі дабіваюцца... ды я нават не магу прыкладу прывесці. Мяне празвалі Белым Мядзведзем і з таго часу так і завуць.

А за акном быў снег... Але нішто ў свеце не вечна - і нават паўночная зіма падышла да канца. А калі лёд растаў, мяне сталі запрашаць то на паляванне, то на рыбалку: пасадзяць у лодку - і забудуць. Мне, гарадской душы, паўночнага цярпення не хапала. Сядзі сабе, назірай, вучыся. А я давай пытанні задаваць. Але потым быццам вызначыў дакладную лінію паводзін, супакоіўся. Ды і куды спяшацца? Калі ў свеце і ёсць нешта, у чым можна быць упэўненым, дык гэта Час. Ён заўсёды і няўмольна праходзіць. І прыспешваць яго не трэба, ён не вяртаецца. І ў кожным моманце ёсць нейкі амаль касмічны сэнс і хараство быцця. Я навучыўся ўбіраць у сябе гэтыя моманты і смакаваць іх у памяці".

Літ.:

12500 Годкин А. Старик-рассказчик: легенды индейцев Канады. [Б. м.], 2022. ("Издательские решения"; редактор Елена Карелина, корректор Светлана Пахальчук.)

1123 Гаспадары лесу: казка індзейцаў Амерыкі / мал.: В. Ціхановіч // Вясёлка. 1963. № 4. С. 9-11.

1916 Самае лепшае і самае горшае: кубінская народная казка / пер. М. А. Казбярук; маст. М. Казлоў. Мн., 1984.

6863 Утраченная радость (индейская народная сказка) (Клод Штайнер, "Мир Граля") / пер. с нем. С. Коржицкого // Чистый мир. № 4.

11603 Востраў Жыцця: (легенда індзейцаў аджыбва) // Ніва. 2011. 27 лют. С. 7.

8666 Зорка. Як пасля чараў нарадзілася зямля (легенда індзейцаў кры) // Ніва. 2010. 5 снеж. С. 7.

11604 Як людзі прагнявілі духа кукурузы: (легенда індзейцаў аджыбва) // Ніва. 2012. 11 сак. С. 7. (Зорка: для дзяцей і моладзі)

ГРЫНКЕВІЧ Мікалай (9) - Падляшша не дало яўных прадстаўнікоў у царкоўнай школе, але доктар Русель мае значэнне і для яго - як і для ўсяго свету, а Грынкевіч - праваслаўны дзеяч, які папулярызаваўся ў выданнях Беластока. Перакладчыкам у праекце "Пра школу" была супрацоўніца рэдакцыі беластоцкай газеты "Ніва". На гаворку падляшскіх беларусаў нататку "Пра школу" пераклаў вядомы радыёжурналіст.

"ПРО ШКОЛУ

У школі 23 хлопчыкі. Воны подіeляны на 3 клясы. Клясовы покојі служат разом з тым і для занятіј. Покоя для рэкрэаціјных годін нэма ніякого. Усіe клясовы покојі (спальні тожэ) знаходятсе в сутэрэні. Два з јіх так слабо освіeтляны, што посэрэдіні јіх ужэ нэ можна розобраті друкованојі кнігі. Вэнтыляціјі жаднојі. Сырость і сморoд. Друга кляса і столoвка поміш-чаютсіe в тoм самум покојі.

Вусьміліeтні хлопчыкі пудлягают пуд тые самы правіла і вэдут тој самы лад жытя, як і 15-ліeтні. Кoлькость занятіј у јіх такая: клясовых занятіј з учытэлямі 3 1/2 годіны (од 1 1/2 до 5 пополудні; пудготoвка лекціј 3 годіны (8-11 раніці); спіeвы 2 годіны (10-11 раніці і 5-6 вэчора); цэрковна служба 2 годіны (6 1/2 - 7 1/2 раніці). У суботы і свята протяглость службы до 6 годін на дэнь. Заставляют діті носіті довгі волосы, од чого мoцно ровэлісе вошы...

Епіскоп прысвојів собіe грошы хлопчыкув, которы прыјіeхалі з јім сюды. Јім усіeм (12 чоловіeк) былі выданы грошы на дорогу, і од сіeтых дорoжных у кажного осталосе нэ мэнш чым по 200 долярув. Кілька хлопчыкув, которы прыјіeхалі, ужэ одправляны в Аляску, і ні одному з јіх нэ далі грошы, навэть коб купіті якую-лень одяжку, нэгледячы на бoльш чым відочны потрэбы. [trans. into Podlasian by Jan Maksymiuk]

"PRO SKOLU

U skoli 23 chlopcyki. Vony podielany na 3 klasy. Klasovy pokoji sluzat razom z tym i dla zaniatij. Pokoja dla rekreacijnych hodin nema nijakoho. Usie klasovy pokoji (spalni toze) znachodiatsie v sutereni. Dva z jich tak slabo osvietlany, sto poseredini jich uze ne mozna rozobrati drukovanoji knihi. Ventylaciji zadnoji. Syrost i smorod. Druha klasa i stolovka pomiscajutsie v tom samum pokoji.

Vusmilietni chlopcyki pudlahajut pud tyje samy pravila i vedut toj samy lad zytia, jak i 15-lietni. Kolkost zaniatij u jich takaja: klasovych zaniatij z ucytelami 3 1/2 hodiny (od 1 1/2 do 5 popoludni; pudhotovka lekcij 3 hodiny (8-11 ranici); spievy 2 hodiny (10-11 ranici i 5-6 vecora); cerkovna sluzba 2 hodiny (6 1/2 - 7 1/2 ranici). U suboty i sviata protiahlost sluzby do 6 hodin na den. Zastavlajut diti nositi dovhi volosy, od coho mocno rovelisie vosy...

Jepiskop prysvojiv sobie hrosy chlopcykuv, kotory pryjiechali z jim siudy. Jim usiem (12 coloviek) byli vydany hrosy na dorohu, i od sietych doroznych u kaznoho ostalosie ne mens cym po 200 dolaruv. Kilka chlopcykuv, kotory pryjiechali, uze odpravlany v Alasku, i ni odnomu z jich ne dali hrosy, navet kob kupiti jakuju-len odiazku, nehlediacy na bols cym vidocny potreby". [trans. into Podlasian by Jan Maksymiuk]

(Грынкевіч, Міколај. Про школу // пэр. з рос. Яна Максімјука // Веснік БІТ. 2014. 20 сак. № 16; транслітарацыя паводле сайта svoja.org, якая вышэй даецца без дыякрытычных знакаў) Hrynkievic, Mikolaj. Pro skolu / per. z ros. Jana Maksimjuka // Веснік БІТ. 2014. 15 сак. № 15.)

Літ.:

9664 Андрасюк М. Дэлегацыя або Адстаючым вучням рэпетытарства па гісторыі // Ніва. 1995. 23 крас.

584 Гілевіч Н. Хаваймася, тата! // Ніва. 1988. 27 сак. (Матыў індзейскай расфарбоўкі, з якой у вершы параўноўваецца жаночы макіяж.)

9606 Швед В. Мама рыхтуецца да вайны // Ніва. 2014. № 15. (Матыў, вельмі падобны да таго, што выкарыстаў Н. Гілевіч.)

10572 Зорка. Спявалі, танцавалі, дэкламавалі // Ніва. 2001. 24 чэрв. № 25. С. 6.

11526 Івар. Аздараўляльны спектакль // Ніва. 2013. 11 жн. № 32. С. 9.

8513 Карпюк І. Як свет цікавіцца татарамі // Ніва. 2008. 24 жн.

8243 Карпюк І. Жыццё як у рэзервацыі? / фота І. Карпюк // Ніва. 2007. 23 верас. С. 1, 11.

9571 Карпюк І. Новая Воля ў Беластоку // Ніва. 2010. 23 мая. С. 1.

10570 Мароз А. Лягчэй дыхаць // Ніва. 2000. 5 сак. С. 3.

7718 Вапа Я. Беласточчына - краіна шчаслівай старасці // Ніва. 2003. 23 лістап.

7771 Вапа Я. Веру ў беларускі голас: гутарка са старшынёю Беларускага саюза ў Рэчы Паспалітай; гутарыў А. Вярбіцкі // Ніва. 2002. 6 кастр.

7417 Вапа Я. У сябе - не на сваім // Ніва. 2003. 7 снеж.

9926 Выхаванне, свядомасць, хрысціянскія ўплывы. Шчэцін, 2002. (Рэд.: Пшэмыслав Фенрых, Уладзімір Хільмановіч.)

НІКАЛАЕЎ Юрый (Yury Nikolaev, Nikalaeu) - родам з Пінска, гітарыст, кампазітар, вакаліст. У Пінску скончыў музычную школу (акардэон), выкананню на гітары і фартэпіяна навучыўся сам. Пра яго "беларуска-амерыканскую групу" "Wicked Monkey", што перакладаюць і як "Гарэзлівыя малпачкі" ("Озорные обезьянки"), пісалі, што яна "працуе ва ўсіх музычных накірунках".

У свой час групу прадстаўлялі так: "Знаёмцеся, Сябры! Гурт "WICKED MONKEY", Нью-Джэрсі, ЗША! Новае і свежае ў Rock музыцы! Гэта стыль, драйв, самабытнасць, дзіўная гарманічнасць, цудоўны вакал, мора абаяння і высокі прафесіяналізм. Іх песні валодаюць дзіўным магнетызмам. І, хаця, самі хлопцы вызначаюць стыль сваёй музыкі як Funk, гэта зусім новае гучанне. Нейкі круты замес, у якім вытанчана падаюцца ўсе разнавіднасці року, злёгку запраўленыя тонкасцю джаза, пярчынкай кантры і даданнем высокага тону класічнай музыкі. У групе тры чалавекі. Гэта - Джымі Вілгус, Дарэл J Паўэл і Юры Нікалаеў. Усе вопытныя музыканты, адораныя з неба талентам і добрым густам. Існуюць яны адносна нядаўна, з 2009 года, але паспелі прыцягнуць да сябе ўвагу многіх".

"Wicked Monkey" выступала і ў Менску.

Нашу ўвагу група прыцягнула дзякуючы Дарэлу "DJ" Паўэлу (Darrel "DJ" Powell). Яго апісваюць як кампазітара, вакаліста, клавішніка, бас-гітарыста, які быў самавукам: навучыўся граць на бас-гітары і фартэпіяна самастойна і яшчэ ў школьныя гады ў складзе групы Black Jellybean гастраляваў па ЗША. Пры гэтым пра яго пісалі: "Па паходжанні індзеец Чырокі". Праўда, на фота і відэа мы не ўбачылі рыс, якія б грунтоўна пацвярджалі гэты тэзіс. Тым не менш, у анатацыі да аўдыёдыска групы "Business or Pleasure" (лэйбл CD Baby, 2010, у гэтым прадукце пазначаныя і іншыя удзельнікі) напісана: "A music producer from 'Joisey' got together with a Russian and a Cherokee Indian to write some songs.....and what happened next was totally WICKED". Адносна Jimmy Wilgus ёсць такое "чэрокскае супадзенне", што ў інтэрнэце даюцца звесткі пра інжынера Jim Wilgus, "SPLOST Roadway Project Manager - Cherokee County" ў Джорджыі.

Сярод многіх музыкантаў, якія заяўлялі пра сваё індзейскае паходжанне (або хтосьці заяўляў за іх, а яны не пярэчылі, незалежна ад таго, былі яны pretendians або не), - Джымі Хендрыкс, Тэрэнс д'Арбі, Ціна Цёрнер, Элвіс Прэслі, а Стыў Тайлер ("Аэрасміт") і Дэйв Брубек увогуле мелі нібыта як індзейскіх, так і беларускіх продкаў: Брубек казаў, што яго продкі з Беларусі, але адмаўляў, што мае яўрэйскае паходжанне; што да Стыва, то сапраўды яго продак - брат вядомага пісьменніка Фларыяна Чарнышэвіча, Стыў "дваюрадны ўнук" апошняга (які, хоць у гэта цяжка паверыць, 30 гадоў прапрацаваў на бойні ў правінцыі Буэнас-Айрэс).

Літ.:

1478 Крамушчанка У. Джымі Хендрыкс // Крыніца. 1989. № 6. С. 30-31.

1479 Крамущенко В. Джимми Хендрикс // Родник. 1989. № 6. С. 30-31.

5367 Капчык П. Чорны маркіз Тэрэнс д'Арбі // Чырвоная змена. 1989. 24 студз. ("індзіянская" кроў у Terence Trent D'Arby, які цяпер завецца Sananda Francesco Maitreya; аўтар з Ізяслава (Хмяльніцкая вобласць), маем адзін ліст ад яго, дат. 30.11.1988, - гэты дзеяч беларускай дыяспары можа прэтэндаваць на аднаго з самых актыўных аўтараў апублікаваных у перыёдыцы свету допісаў, прычым ён заўважаны ў змяненні месца свайго нараджэння - Ізяслаў знаходзіцца паміж Адэсай і Аўцюкамі.)

10122 Барабанов Б. Джазмен для всех и каждого: умер Дейв Брубек // Коммерсантъ. 2012. 7 дек. С. 15.

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou, researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

Индейцы , Indianie, indigenas, indios de America y Belarus; Grinkevich On the School Project.

"Domina cordis" у Дудутках

Лідская студыя аматараў гісторыі і мастацтва эпохі Сярэднявечча і ранняга Рэнесансу "Domina cordis" (Дама сэрца) і народны лялечны тэатр"Батлейка" прымаюць ўдзел у фестывалі славы беларускай зброі "Наш Грунвальд" у музейным комплексе "Дудуткі".

ТК "Культура Лидчыны".

На "Замкавым гасцінцы"- і песні, і танцы

Народны ансамбль бытавых інструментаў "Каханачка" Мажэйкаўскага Дома культуры і творчы калектыў Першамайскага Дома культуры выступілі на сцэнічнай пляцоўцы каля Лідскага замка ў рамках раённага культурна-турыстычнага праекта "Замкавы гасцінец".

ТК "Культура Лидчыны".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX