Папярэдняя старонка: 2023

Наша слова.pdf № 32 (84) 


Дадана: 08-08-2023,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 32 (84), 9 жніўня 2023 г.

АБЛАСНЫ ФЕСТЫВАЛЬ РЭГІЯНАЛЬНАГА ФАЛЬКЛОРУ "ПАНЯМОННЯ ЖЫВАТВОРНЫЯ КРЫНІЦЫ"

5 жніўня ў Гародні прайшоў ІІІ тур Абласнога фестывалю рэгіянальнага фальклору "Панямоння жыватворныя крыніцы".

Фестываль праводзіцца з мэтай захавання, развіцця і прапаганды традыцыйнай народнай творчасці Гарадзеншчыны, далучэння дзяцей, падлеткаў, моладзі да гістарычна-культурнай спадчыны сваёй краіны, выяўлення самабытных носьбітаў беларускага фальклору, папулярызацыі іх творчасці, пашырэння межаў іх дзейнасці. І як вынік - павышэння ўвагі да вывучэння мясцовых нацыянальных традыцый песенна-танцавальнага жанру і гульнявой, абрадавай спадчыны Гарадзеншчыны.

Абласны фестываль рэгіянальнага фальклору "Панямоння жыватворныя крыніцы" ахоплівае ўсю Гарадзенскую вобласць. На ім прадстаўляюцца дасягненні рэгіянальнай культуры кожнай, нават самай маленькай вёсачкі Гарадзеншчыны. Ужо каторы год кожны ахвотнік можа не толькі нацешыцца прыгажосцю беларускай традыцыі, але і спасцігнуць глыбіню жыццёвай філасофіі, этыкі і маралі.

Фестываль праходзіць у тры туры: I тур - раённыя адборачныя агляды; II тур - занальныя агляды (па выніках I тура). У II туры ўдзельнікі фэсту прадстаўляюць конкурсныя праграмы, накіраваныя на змястоўнае раскрыццё мастацкіх традыцый сваёй мясцовасці: адноўленыя і існыя аўтэнтычныя песні, карагоды, побытавыя танцы, гульні, інструментальную музыку, творы празаічных жанраў, экспазіцыі традыцыйнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Далей, па выніках занальных тураў, праводзіцца III заключны тур фестывалю, дзе ўдзельнічаюць лепшыя фальклорныя нумары ў розных намінацыях:

- аўтэнтычная фальклорная група;

- дарослы фальклорны ансамбль;

- дзіцячы фальклорны ансамбль;

- індывідуальны выканавец (народная проза);

- індывідуальны выканавец (сольны спеў, дуэты);

- індывідуальны выканавец (інструментальная творчасць);

- фальклорны інструментальны ансамбль;

- фальклорны танцавальны калектыў (побытавыя танцы).

Усе калектывы заключных мерапрыемстваў узнагароджваюцца дыпломамі ўдзельніка. Лепшым калектывам прысвойваюцца званні лаўрэатаў і дыпламантаў абласнога фестывалю рэгіянальнага фальклору "Панямоння жыватворныя крыніцы" і ўручаюцца прызы і адпаведныя дыпломы.

Дзве ўзнагароды атрымалі на фестывалі работнікі культуры Воранаўшчыны. Воранаўскі раён на фэсце прадстаўлялі майстры і выканаўцы.

Аддзел рамёстваў і народнай творчасці стылізаваў падворак у выглядзе сялянскай хаты, якую аздобілі тканыя дываны, вышытыя сурвэткі, гліняны посуд... Майстар-клас па ткацтве ахвочым дала вучаніца народнага майстра Беларусі Анжаліка Ладыш. Звонкай песняй упрыгожылі мерапрыемства сёстры, удзельніцы аматарскага аб'яднання "Сустрэча" Нацкага культурна-краязнаўчага цэнтра Марыя Мікілевіч і Уладзіслава Міклюкевіч, фальклорна-абрадавы гурт "Спадчына" Пагародзенскага цэнтра культуры і народнай творчасці.

Удалым аказаўся для землякоў удзел у конкурснай праграме. Першае месца ў намінацыі "Індывідуальны выканаўца" заваявалі Марыя Мікілевіч і Уладзіслава Міклюкевіч.

Дыпломам 3-й ступені культработнікаў узнагародзілі ў намінацыі "Лепшы брэндавы сувенір". Майстар народных і мастацкіх рамёстваў Галіна Мялько сімвалічна змайстравала ляльку Вераніку, ці інакш Вярэну. Такое імя насіла жонка італьянца Яна Сцыпіёна, які валодаў маёнткам Блотна, які і перайменаваў у імя суджанай - Верэнова. Таму і адзенне ў лялькі не сялянскае. Яно ўвабрала ў сябе лепшыя традыцыі строяў, што бытавалі ў рэгіёне.

Калектывы Лідчыны таксама прынялі ўдзел у абласным фестывалі рэгіянальнага фальклору "Панямоння жыватворны крыніцы" ў Гародні. Лідскі раён прадставіў аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры, народны лялечны тэатр "Батлейка", народны ансамбль народнай музыкі "Гудскі гармонік" філіяла "Гудскі цэнтр творчасці і вольнага часу", у намінацыях - Алена Шчэліна, фальклорны гурт "Явар" філіяла "Мажэйкаўскі Дом культуры", Мікалай Сакалоўскі і Дзмітрый Сакалоў філіяла "Першамайскі Дом культуры".

Дзякуем арганізатарам за сапраўднае свята рэгіянальнага фальклору, якое падаравала самыя лепшыя ўражанні і шэраг яскравых эмоцый!

Паводле СМІ.

Ліда рыхтуецца да 700-годдзя: у горадзе з'явяцца дзясяткі новых аб'ектаў

Дзясяткі новых і абноўленых аб'ектаў з'явяцца ў Лідзе ў год 700-годдзя горада. Якія новабудоўлі ўжо завершаны, а дзе яшчэ будаўнікі наводзяць глянец, якія разыначкі з'явяцца да юбілею, карэспандэнтка БЕЛТА дазналася ў старшыні Лідскага райвыканкама Сяргея Ложачніка.

Свята рыхтуюцца маштабна адзначыць у верасні. А літаральна напярэдадні, да пачатку новага навучальнага года, адчыніць дзверы пасля рэканструкцыі сярэдняя школа №1 у мястэчку Першамайскім. Тут будуць спасцігаць веды 256 вучняў, а яшчэ 44 маленькія жыхары мястэчка і навакольных вёсак прыйдуць у дзіцячы сад. Паводле ўказу Прэзідэнта, рэканструкцыя ўстановы адукацыі вядзецца па Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграме. Значную частку выдаткаў узяў на сябе абласны бюджэт. Усяго ў абнаўленне школы ўкладзена каля Br13 млн.

Дзіцячы сад на 190 месцаў будзе ўведзены ў эксплуатацыю і ў раённым цэнтры. Яго будаўніцтва завяршаецца ў мікрараёне "Поўнач" за кошт сродкаў абласнога бюджэту. Прыгожую назву "Паўночнае ззянне" прыдумалі новабудоўлі самі лідзяне. З некалькіх варыянтаў гараджане абралі яго галасаваннем.

- Мікрараён "Поўнач" будзе самым вялікім у Лідзе, - адзначае старшыня райвыканкама. - І самым маладым. Таму дзіцячы сад тут - аб'ект першачарговай важнасці. Забудова разлічана больш чым на 33 тыс. жыхароў і прадумана так, каб усім тут было максімальна камфортна. Да прыкладу, шматпавярхоўкі будуюцца з закрытымі ад машын і шуму ўнутранымі дварамі, і нават пяціпавярховыя новабудоўлі абсталяваны ліфтамі. У кватэрах усталяваны толькі электрычныя пліты. На гульнявых пляцоўках для дзяцей выкарыстоўваецца гумовае пакрыццё. Усюды ўладкована безбар'ернае асяроддзе.

Што да магістральных дарог, то яны ў новым мікрараёне бетонныя. Практычна ўвесь раён злучаюць роварадарожкі, уладкаваны роварапаркоўкі, ёсць і павільёны для захоўвання ровараў. Што яшчэ адзначаюць госці горада, дык гэта зручнае размяшчэнне нумароў дамоў на тарцах будынкаў - заблудзіцца ў мікрараёне "Поўнач" складана нават таму, хто бывае тут упершыню.

Будуецца ў "Поўначы" і арэнднае жыллё. З трох шматкватэрных жылых дамоў, якія ўведзены ў эксплуатацыю сёлета, два - з арэнднымі кватэрамі. У планах да канца года завяршыць будаўніцтва яшчэ шасці шматпавярховак, і дзве з іх таксама будуць з арэнднымі кватэрамі.

Вельмі хутка ў маладым мікрараёне з'явяцца дзве новыя вуліцы, названыя ў гонар Герояў Беларусі лётчыкаў Андрэя Нічыпорчыка і Мікіты Куканенкі.

Усяго ж у горадзе сёлета плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 69,4 тыс. кв.м жылля. У тым ліку 30 тыс. кв.м з дзяржаўнай падтрымкай, 3,8 тыс. кв.м арэнднага. Новым жыллём будуць забяспечаны 93 шматдзетныя сям'і.

На вуліцы Чырвонаармейскай у юбілейны год пачнуць будаваць шляхаправод над чыгуначнымі каляямі.

- Гэта даўняя праблема лідзян, - тлумачыць старшыня райвыканкама. - У горадзе растуць новыя мікрараёны, а "бутэлечнае рыльца" ў іх кірунку заставалася і абцяжарвала праезд. Простае пашырэнне дарогі да чатырох палос і наяўнасць чыгуначнага святлафора не пазбавіла б гараджан ад аўтамабільных затораў. А з будаўніцтвам "Поўначы" прапускную здольнасць вуліцы вельмі неабходна павялічыць. Для гэтага і будуецца шляхаправод - каб забяспечыць зручны і хуткі праезд жыхароў мікрараёна "Поўнач" і некалькіх размешчаных у тым жа кірунку ў самы час пік. Толькі на пачатковы этап рэалізацыі праекта выдзелена Br1,5 млн з раённага бюджэту.

Дарогам сёлета на Лідчыне ў цэлым надаецца павышаная ўвага. Галоўны аб'ект тут - рэканструкцыя аб'язной дарогі М11. Праект распрацаваны ўнікальны. Прадугледжаны асвятленне ў раёне жылой забудовы, ровара- і пешаходныя дарожкі, ходнікі. Яго рэалізацыя дазволіць павялічыць бяспеку, палепшыць экалагічную сітуацыю, будзе спрыяць развіццю ровараруху.

- Ліда - буйны прамысловы цэнтр, мы ўваходзім у лік 11 гарадоў краіны з насельніцтвам звыш 80 тыс. чалавек, і аб'язная дарога нам неабходна, - перакананы Сяргей Ложачнік. - Яна разгрузіць горад ад транзітнага транспарту. Мае значэнне таксама і тое, што побач з дарогай засяроджаны шэраг буйных прадпрыемстваў.

Актыўна ідуць рамонты дарог і будаўніцтва вуліц у горадзе. Так, значна падоўжылі вуліцу Сасновую - гэта дазволіла пусціць новы аўтобусны маршрут да мікрараёнаў Індустрыяльны і Чэхаўцы. У мікрараёне прыватнай забудовы Чэхаўцы пачата будаўніцтва пяці пяшчана-жвіровых вуліц. На чэрзе - мікрараёны індывідуальнай жылой забудовы Астроўля і Ёдкі.

Новае палатно з'явілася ўжо на дзесяці вуліцах, яшчэ 13 у рабоце. Для выгоды плануецца ўстаноўка святлафораў з выклікнымі кнопкамі на некалькіх абноўленых вуліцах.

Разыначкай Ліды абяцае стаць вуліца Замкавая. Цяпер тут вядуцца работы па добраўпарадкаванні. А да верасня яна стане пешаходнай. На Замкавай размесцяцца кавярні, гандлёвыя аб'екты. Паступова яна будзе напаўняцца новымі лакацыямі. Ажыўляць атмасферу прапануем юным музыкам. Побач размяшчаецца музычны каледж, і адвострываць сваё майстэрства яго навучэнцы змогуць, граючы open air. Можна сказаць, што да 700-годдзя лідзяне атрымаюць свой уласны Арбат.

Ёсць яшчэ дзве значныя будоўлі: за сродкі рэспубліканскага бюджэту завяршаецца будаўніцтва комплексу будынкаў Лідскага РАУС, а з дапамогай абласнога бюджэту ідзе рэканструкцыя Лідскага філіяла Гарадзенскай вучэльні алімпійскага рэзерву.

- Рыхтуемся да юбілею нашага старадаўняга і па-ранейшаму маладога горада. І зробім усё для таго, каб 700-гадовая Ліда сустрэла свята прыгожай, абноўленай і з упэўненым поглядам у будучыню, - падкрэсліў Сяргей Ложачнік.

Нясвіж 12 жніўня запрашае на 800-гадовы юбілей

Нясвіж 12 жніўня адзначыць 800-гадовы юбілей. Святочная афіша ўключае некалькі лакацый і мноства цікавых мерапрыемстваў, паведамляе БЕЛТА.

У горадзе пройдзе фэст гістарычных рэканструкцый "Нясвіжская фартэцыя". Будуць разыграны эпізоды перыяду XIV-XIX стагоддзяў (конны турнір, пешыя двубоі, турніры лучнікаў, бітвы пяцёрак і інш.). Разгорнецца горад майстроў, для гасцей арганізуюць майстар-класы, выступяць прафесійныя і аматарскія калектывы мастацкай творчасці.

Гулянні пройдуць на 14 пляцоўках: на Ратушным пляцы, у скверах каля фантана і ў ратушы, на скрыжаванні ад вул. Слуцкай і вул. Сырокомлі да Слуцкай брамы, каля помніка Сымону Будному, каля Бернардынскай сажалкі, у раёне сцэны ў парку, ва ўнутраным панадворку замка, у Ангельскім парку, каля стадыёна "Ураджай", каля сажалкі "Замкавая", каля гарадскога пляжу і інш.

У праграме - спартовыя, культурныя, пазнавальныя мерапрыемствы, канцэрты. Так, у Дзень горада адбудзецца парад стылізаванай тэхнікі арганізацый і прадпрыемстваў горада і раёна "Нясвіж: 800 гадоў у дарозе" (вул. Савецкая), фэсты сыру, марозіва, беларускай дуды. Пройдуць кірмашы-продажы работ майстроў дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва, кніжныя выставы, спаборніцтвы па пляжным валейболе і інш.

Будуць працаваць гандлёвыя шэрагі, аніматары, інтэрактыўныя гульнявыя пляцоўкі, перасоўныя музейныя экспазіцыі. Акрамя таго, гасцям прапануюць аглядныя палёты на самалётах АН-2, Вільга-35А.

Завершыцца свята святочным феерверкам на Ратушным пляцы, дыскатэкай і лазерна-прамянёвым шоў.

https://lidanews.by/news/dosug/30346news.html.

Вечар містэрыі прайшоў каля сцен Гальшанскага замка

Вечар містэрыі ў чарговы раз сабраў каля сцен Гальшанскага замка - адной з найпрыгажэйшых славутасцяў Гарадзеншчыны - шматлікіх гасцей, паведамляе "Ашмянскі веснік". Рыцарскія турніры, майстар-класы па сярэднявечных танцах, сярэднявечны лагер сталі кропкамі прыцягнення мясцовых жыхароў і турыстаў. "Каменная кветка" зноў дыхала, спявала, дзівіла. А ўсё, дзякуючы праведзенай тут рэканструкцыі, якая ўдыхнула жыццё ў помнік архітэктуры.

Тыя, хто ў былую рэзідэнцыю Сапегаў прыбыў упершыню, з задавальненнем спяшаліся на тэматычную экскурсію. Легенды, звязаныя з гісторыяй замка, бударажылі ўяўленне, а здані Чорнага Манаха і Белай Панны, вабілі ўглыб унутранага двара.

Тэатралізацыі, тэматычныя інтэрактыўныя фотазоны і, вядома ж, яркія, маляўнічыя выступы артыстаў дарылі гледачам незабыўныя эмоцыі. Забавак і экстрыму хапала. Ахвотнікі маглі пастраляць з лука, папрактыкавацца ва ўжыванні моргенштэрна (халодная зброя), паграць на старажытнай музычнай прыладзе - сурдзе, пракаціцца на конях, падняцца на аглядную пляцоўку, з якой адкрываецца від на Гальшаны, і нават сфатаграфавацца са зданямі, блукаўшымі па замку. Зачароўвалі гукі старадаўняй музыкі - пад кампазіцыі, выкананыя на дудзе і барабане, удзельнікі фэсту вучыліся танчыць маразулю - беларускі танец сяброўства. Сярэднявечная батлейка, падрыхтаваная навучэнцамі сярэдняй школы №2, выклікала зацікаўленасць гасцей.

І хоць выдатная эпоха рыцарства даўно засталася ў мінулым, цікавасць да яе не згасла. Адвага і гонар рыцараў, іх лад жыцця, запал да подзвігаў і славы, дух вернасці ідэалам і справядлівасці па-ранейшаму інтрыгуюць і прыкоўваюць увагу шматлікіх людзей. Пацверджанне таму - рыцарскі стан, які прыцягваў да сябе і дзяцей, і дарослых на працягу ўсяго вечара.

Больш за ўсё гледачоў сабралася паглядзець выступленні прафесійных артыстаў. Калектыў "A'Storio PLUS" скарыў сэрцы слухачоў эксклюзіўнай праграмай "РОК скрозь класіку".

Віртуознае гучанне струннага трыа, кахона, фартэпіяна, неверагодная энергетыка прафесійных музыкаў, прагучаўшыя тут, каля сцен Гальшанскага замка, падарылі прысутным сустрэчу з Queen, Scorpions, Nirvana, Cold-play, Toto. Любімыя сусветныя хіты ў новым гучанні дазволілі нацешыцца добрай музыкай.

Сваю творчую праграму падарыў гасцям вечара містэрыі і Ігар Задорожны, якога часта завуць "чалавек-аркестр". Гэта і не дзіўна. Вакаліст, музыка, танцор, кампазітар - усе свае іпастасі ён прадэманстраваў у Гальшанах. Асабліва ўразіла яго шоў спяваўшых куфляў.

Хедлайнерам фэсту стала група "Дразды", якая прадставіла ўпадабаную і блізкую многім праграму "Хата бацькоў". Ва ўнісон гучалі галасы тысяч ашмянцаў і гасцей вечара, якіх аб'ядноўваюць агульныя каштоўнасці.

Яркім і маляўнічым фіналам стала агністае шоў сталічнага шоў-тэатра "Элементаль". Дынамічная музыка, пластычнасць і харэаграфія, маляўнічыя касцюмы, велізарная колькасць трукаў, спецэфектаў і агню нікога не пакінулі абыякавымі.

Праграма аказалася больш, чым насычаная, як той казаў, на любы ўзрост і густ. Дарэчы, пра густ. Брэндавы гальшанскі пернік стаў у гэты дзень, мабыць, галоўным сувенірам - пернікавы домік раённага філіяла Аблспажыў-таварыства паклапаціўся пра салодкі ласунак. Зрэшты, для тых, хто жадаў падмацавацца больш сур'ёзна, працавалі гандлёвыя намёты і фудкорты, работнікі культуры запрашалі наведаць фіта-бар з травянымі чаямі і гасцёўню ў Сапегі. Традыцыйна карысталася попытам і прадукцыя рамеснікаў - вырабы з гліны, дрэва, ратонгу, лёну і многія іншыя папоўнілі калекцыі аматараў хенд-мейда. Да позняга вечара можна было наведаць і намёты Аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры г. Ашмяны.

…І хоць апошнія акорды сыграны, маляўнічыя шоў завяршыліся, незабыўныя ўражанні і яркія эмоцыі засталіся, а гэта значыць, што наперадзе каля сцен Гальшанскага замка яшчэ будзе шмат вечароў і фэстаў.

"Ашмянскі веснік"

Навіны Германіі

Чаму ВНУ Германіі пачалі адмаўляцца ад аспірантаў з Кітая

Нямецкія ўніверсітэты больш не жадаюць прымаць у сябе аспірантаў з Кітая. Прынамсі тых з іх, хто атрымлівае стыпендыі ад дзяржаўнай Рады па стыпендыях КНР. У якасці падставы немцы кажуць пра пагрозу шпіянажу, сцвярджаючы, што кітайскія дзяржстыпендыі недастаткова "вольныя".

Першым дзверы перад кітайскімі аспірантамі ў чэрвені зачыніў Універсітэт Эрлангена-Нюрнбернга, які лічыцца адной з лепшых ВНУ Германіі і ўваходзіць у пяцёрку самых інавацыйных універсітэтаў Еўропы. Сваё рашэнне кіраўніцтва ВНУ абгрунтавала неабходнасцю адпавядаць патрабаванням у сферы экспарту адчувальных тэхналогій, а фактычна - асцярогамі, што праз кітайскіх аспірантаў можа адбыцца ўцечка гэтых самых тэхналогій.

Ініцыятыву тут жа падтрымала міністр адукацыі і навукі Германіі Бетына Штарк-Ватцынгер.

- Кітай усё больш становіцца для нас канкурэнтам і сістэмным супернікам у навуцы і даследаваннях, - заявіла яна на мінулых выходных у інтэрв'ю медыягрупе Bayern, заклікаючы і іншыя нямецкія ВНУ рушыць услед прыкладу Універсітэта Эрлангена-Нюрнбернга. Па словах Штарк-Ватцынгер, кітайскія дзяржаўныя стыпендыі не дазваляюць іх атрымальнікам "у поўнай меры рэалізаваць волю меркаванняў і акадэмічныя свабоды", а таксама звязаны "з падвышанай рызыкай навуковага шпіянажу". Пры гэтым, як паведамляе выданне Table.Media, яшчэ некалькі нямецкіх універсітэтаў ужо разглядаюць пытанне пра тое, каб адмовіць у прыёме кітайскім аспірантам, прынамсі па адпаведным спісе спецыяльнасцяў.

Заклікі да таго, каб абмежаваць акадэмічны абмен з Кітаем гучаць у Германіі ўжо некалькі гадоў, а з мінулага года яны прыкметна ўзмацніліся, і не без дапамогі ўсё той жа Штарк-Ватцынгер. У кастрычніку яна заклікала да "пільнасці" і "крытычнага падыходу" ў германа-кітайскіх навуковых стасунках, а ў сакавіку ўжо гэтага года міністр адправілася на Тайвань - першай з прадстаўнікоў нямецкага ўрада за апошнія больш, чым чвэрць стагоддзя. У Тайбэі Штарк-Ватцынгер падпісала дамову пра пашырэнне германа-тайваньскага супрацоўніцтва ў сферы навукі. Нямецкія СМІ расцанілі візіт як спробу замяніць Кітай у гэтай сферы новым, ідэалагічна бліжэйшым і зручным партнёрам.

Тады ж, у сакавіку, нямецкае выданне Correctiv апублікавала сваё расследаванне пра Раду па стыпендыях КНР. Журналісты высветлілі, што атрымліваючы ад Рады стыпендыі, кітайскія студэнты і аспіранты абавязваліся падтрымліваць кампартыю КНР і сацыялістычную сістэму, любіць радзіму, мець добрыя норавы і не здзяйсняць дзеянняў, накіраваных супраць Кітая. Такія абавязанні ў выданні палічылі парушэннем свабодаў, у тым ліку акадэмічных, і, мяркуючы па ўсім, менавіта гэтая публікацыя стала адным з абгрунтаванняў распачатых цяпер ганеннях на кітайскіх аспірантаў.

Трэба заўважыць, што аспірантам з Кітая, якія атрымліваюць стыпендыі ад нямецкіх фондаў і арганізацый, у навучанні ў Германіі ніхто не адмаўляе. Хоць з пункту гледжання абароны ад шпіянажу такі селектыўны падыход выглядае даволі сумніўным. Але магчыма, што прычына забароны на навучанне некалькі іншая, чым тая, якую агучваюць афіцыйна. Прынятая нядаўна новая стратэгія Германіі ў стаўленні да Кітая ставіць адной з мэт "утрымаць кітайскія таленты ў Германіі і Еўропе на працяглы тэрмін". А стыпендыяты Рады па стыпендыях КНР абавязваюцца пасля заканчэння навучання вярнуцца ў Кітай. Па ўсёй бачнасці, гэта абавязанне больш за ўсё і турбуе нямецкія ўлады. Навучаць кітайскіх студэнтаў і аспірантаў Германіі гатовая, але толькі калі яны потым будуць на яе працаваць.

Васіль Федарцоў.

Наталля Астрэйка:"Я пазнаёмлю іспанцаў з жанчынай, якая пісала праўдзіва і таленавіта пра нас, беларусаў"

Яна знайшла мяне праз фэйсбук год таму. "Вітаю, Святлана! Прашу прабачэння, але вы вельмі зацікавілі мяне як даследчык Элізы Ажэшкі. Я ўраджэнка Ліды, жыву на Канарскіх выспах і ў Мадрыдзе".

Яна пісала, што скончыла ўніверсітэт Ла-Лагуна на Тэнэрыфэ ды аспірантуру пры ім і вучыцца ў дактарантуры. Што тэма яе дысертацыі датычыцца творчасці Элізы Ажэшкі, у прыватнасці рамана "Над Нёманам", а да мяне яна звяртаецца з просьбай "дапамагчы парадамі, артыкуламі, вашымі працамі". Ведае пра мяне з гэтага боку праз лекцыі на YouTube і прадмову да новага беларускамоўнага выдання "Над Нёманам". Не адгукнуцца я не магла. І вось праз год мы сядзім за столікам МакДональдса на рагу Бабруйскай і Ленінградскай. Пакуль чакалі замовіць каву, я расказала ёй, што на мяжы 1980-х - 1990-х тут быў кафетэрый, у які мы з аднакурсніцай, перш чым ісці на заняткі, заходзілі кожны раз пасля ранішняй электрычкі на абавязковую каву з булачкай, і гэты сняданак коштам у 25 капеек сілкаваў нас, будучых медыкаў, бывала, што і да вечара.

Знаёмцеся: Наталля Астрэйка, 27 гадоў, з іх сем пражыла за межамі Беларусі. Адпачывае на радзіме ў Лідзе, у Мінск прыехала сустрэцца з сябрамі і даць мне гэтае інтэрв'ю.

Маё першае пытанне да яе натуральнае, як узыход сонца над Нёманам.

- Чаму менавіта Ажэшка? Але пачынайце з аповеду, як вы апынуліся на Канарах.

"Я зразумела, чаго не хачу"

- Я нарадзілася ў Лідзе. У школе вывучала іспанскую мову. Пасля 9 класаў як алімпіядніца была без экзаменаў залічана ў гімназію, якая на той час (не ведаю, як цяпер) з'яўлялася адной з лепшых школ. Пакуль там вучылася, узнікла пытанне: ісці мне далей у лінгвістычны ці медыцынскі? Але перамагла любоў да замежнай мовы і літаратуры: з даволі высокім балам я паступіла ў "ін'яз".

Вучылася паспяхова, стала адной з лепшых на факультэце. Але ўсё памяняў трэці курс. Я зразумела, што хачу навучаць, але не хачу быць школьнай настаўніцай на адпрацоўцы і атрымліваць за гэта 400 рублёў, губляючы не толькі два гады жыцця, але і мову, і тыя магчымасці, якія магу набыць за гэты час. На зімовых канікулах я паляцела адпачываць на Тэнэрыфэ. Мне паказалі ўсе Канарскія выспы і ўніверсітэт Ла-Лагуна. Я захапілася так, што магла сказаць толькі адно: "Мама, тата, хачу жыць на Тэнэрыфэ". Гэта было ў студзені. А ў траўні я ўжо здала экзамены за 3 курс і паляцела на Канары шукаць лепшае жыццё.

- І як вас бацькі адпусцілі?

- Са скандаламі. Былі і крыкі, і слёзы. Але мне было 20 гадоў, я была ўпэўненая, што ўсё ў мяне атрымаецца, што я ўсё змагу. Я з'ем увесь свет, як у нас там гавораць. Бацькі: "Ты ж ідзеш тут на чырвоны дыплом, а што ў цябе будзе там? На што ты там будзеш жыць?" Я: "У мяне ўсё атрымаецца".

Прыляцела ў нікуды, не маючы нічога, акрамя дакументаў. Патрэбны былі і жытло, і легальная праца. Усё давалася цяжка. Я абівала парогі. Але я хацела яшчэ і працягваць вучыцца, а гэта таксама патрабавала грошай. Працавала начамі, кім толькі ні была. Мне ўдалося атрымаць від на жыхарства, замяніць на яго маю студэнцкую візу, a потым ужо грамадзянства. Два апошнія гады ўжо не трэба было аплочваць вучобу, бо атрымала стыпендыю. А па заканчэнні ўніверсітэта я адчула і жаданне, і патрэбу вучыцца далей, бо з адным толькі філалагічным дыпломам асабліва нікуды не пойдзеш. Паступіла ў магістратуру на педагогіку - іншых варыянтаў не было. Мой дыплом звязаны з даследаваннем літаратуры і дазваляе выкладаць яе ў старэйшай школе. Вось я і пачала працаваць настаўніцай іспанскай мовы і літаратуры. Беларуска выкладала іспанскую мову іспанцам, што для іх было незвычайна: як так?..

І ўсё ж я разумела, што самае маё - гэта працягваць займацца вывучэннем літаратуры. Таму я цяпер дактарантка. Яшчэ, як кажуць, конь не валяўся ў напісанні маёй дысертацыі, але ж пакрысе вынік будзе. Калі мы з навуковым кіраўніком, які называецца ў нас навуковым дырэктарам, абмяркоўвалі тэму, шукалі, што цікавае можна яшчэ адкрыць, бо шмат ужо наадкрывана свету з іспанскай літаратуры, вырашылі спыніцца на параўнаўчым літаратуразнаўстве. Мая магістарская праца прысвечана творчасці іспанскай пісьменніцы ХІХ стагоддзя, якая лічыцца першай прадстаўніцай рэалізму ў Іспаніі. Пісала яна пад мужчынскім псеўданімам - як Фернан Кабальера, таму што ў яе часе жаночую творчасць, як вядома, не вельмі віталі. А сапраўднае яе імя - Сесілія Бёль дэ Фабер. Пісала яна па-французску, а потым яе творы перакладаліся на іспанскую. Калі я пачала шукаць аўтарку ёй у пару, для параўнання (а мне было вельмі важна выбраць аўтарку з Беларусі), я прыглядзелася да Элізы Ажэшкі. На прыкмеце яна як зямлячка была, зразумела, увесь час, але калі я пачытала яе творы ў большым, чым раней, аб'ёме, то зразумела, што гэта ўвогуле ідэальнейшы варыянт, каб зрабіць параўнанне на навуковым узроўні дзвюх літаратур, іспанскай і беларускай, якія на першы пагляд ніякіх кропак судакранання не маюць.

- Па вялікім рахунку, з ХІХ стагоддзя з беларускай зямлі вы нікога з жанчын, акрамя Элізы Ажэшкі, і не маглі ўзяць.

- Так, ніякіх іншых раманістак і не было, тым больш, такога ўзроўню. Але і тэмы, якія яна асвятляла ў творчасці, - каханне, здрада, стасункі мужчын і жанчын, побыт і праблемы вяскоўцаў - вельмі ўсё з Сесіліяй Бёль дэ Фабер супадае. Гэта захапіла мяне яшчэ больш. Мне хочацца пазнаёміць іспанскі свет з такой цікавай аўтаркай, як Эліза Ажэшка, і калі я скончу доктарскую дысертацыю, то абавязкова перакладу на іспанскую мову які-небудзь яе твор. Гэта цяпер мая асноўная мэта - каб свет наноў адкрыў для сябе такую пісьменніцу. Я пазнаёмлю іспанцаў з жанчынай, якая пісала праўдзіва і таленавіта пра нас, беларусаў. Пра беларусаў з вёскі, якімі мы ёсць.

"Вязу і вязу з Беларусі на Канарскія выспы кнігі нашых пісьменнікаў"

- Нягледзячы на тое, што ў мяне два грамадзянствы, я адчуваю сябе беларускай. Не хачу губляць ні свае крані, ні свае веды. Каб не страціць у беларускім маўленні, я кожны раз, калі прыязджаю сюды, купляю беларускія кнігі. Я так хвалявалася, едучы на інтэрв'ю, каб не атрымалася ў мяне замест мовы трасянка…

- О, трасянкай яшчэ трэба ўмець гаварыць.

- Я вязу і вязу з Беларусі на Канарскія выспы кнігі нашых пісьменнікаў. Караткевіч, Купала, Ажэшка… Вяртаючыся да апошняй: мяне вельмі ўражваае тое, што знаходзяцца аднолькавыя моманты ў яе і маім жыцці. Чытаю яе лісты, асабліва пра закаханасць у доктара, - і… Калі мы адна адну разумеем на гэтым, прыватным узроўні, то і свет яе літаратуры адкрываецца мне зусім іншым. Я прачытала яе "Дзікунку" ў вашым перакладзе. Мне вельмі каштавала знайсці гэтую кнігу, але цяпер я прывезла яе з сабой, каб вы падпісалі. Гераіня "Дзікункі" ў многіх момантах - я. І мне здаецца, што калі творчасць пісьменніка не чапляе даследчыка нечым асабіста, то і даследаванне гэтай творчасці атрымліваецца механічным, штучным, без сэрца. А мне Эліза Ажэшка яшчэ і зямлячка. Першы яе твор, які я прачытала, - гэта раман "Над Нёманам".

- Вы пачыналі адразу з твора, з якім яна намінавалася на нобелеўку.

- Так атрымалася.

- А як, на вашу думку, магла б гучаць фармулёўка "за што", калі б яна яе ўсё ж атрымала?

- Калі б я была ў нобелеўскім камітэце, то прысудзіла б прэмію Ажэшцы за тое, што яна праўдзіва, сапраўдна перадала ўсю сутнасць нашага простага люду, яго пачуцці, перажыванні і волю да змагання за лепшае. Гэта, канешне, не ўлічваючы мастацкіх прыёмаў, якія пісьменніца выкарыстала. Я, калі прачытала гэты раман, усё і адразу зразумела пра моц яе творчасці. Адзін з самых любімых маіх эпізодаў - калі Ян прывозіць Юстыну на магілу Яна і Цэцыліі. Таямніца кахання, якую перанесла на паперу Ажэшка, прымушае нас верыць у непазбежнасць яго на зямлі, і, як вы пішаце ў "Эфекце прысутнасці" (назва прадмовы да выдання "Над Нёманам", выдавецтва "Беларуская навука", 2020 год - заўв. аўтара), у заручынах Яна і Юстыны прачытваецца непазбежнасць не толькі новай барацьбы за незалежнасць, але і будучы поспех гэтай барацьбы. Сёння гэта чытаецца яшчэ больш актуальна. Ян Багатыровіч сімвалізуе ўвесь наш народ, яго неверагодную моц і неўміручую веру ў лепшае.

Пазней, калі я пачала больш чытаць пра жыццё пісьменніцы, я прыйшла да высновы, што хачу адолець усё, што яна напісала. Яго шмат, але яно таго вартае. Хаця я цяпер павінна чытаць не толькі яе творы, але і творы іспанскай аўтаркі, і тэарэтычную літаратуру. Чытаю ўсё па чарзе.

- З вышыні ўжо прачытанага з творчасці іх абедзвюх: якая паміж імі істотная розніца?

- Істотная розніца ў тым, што ў Заходняй Еўропе ў той час жанчыны былі пад большым прыгнётам, чым у нас. Іспанская пісьменніца Сесілія Бёль дэ Фабер адчувала менш свабоды, чым наша Эліза Ажэшка. Наша - не баялася падпісвацца сваім іменем, не мела патрэбы хавацца за мужчынскім псеўданімам. Яна пісала пра тое, пра што хацела і што лічыла патрэбным пісаць, і смела рассылала свае творы па рэдакцыях, а не баялася, што нехта даведаецца пра яе, як пісьменніцу. Гэта, я лічу, іх галоўнае адрозненне.

Я не ведаю, як іншыя еўрапейцы, але іспанцы любяць гаварыць і часта ў размовах са мной прамаўляюць, што мужчыны ў нас шавіністы, а жанчыны прыгнечаныя. Я ім адказваю: расплюшчыце вочы. Пра нашых жанчын я б сказала наадварот: яны больш бойкія, чым мужчыны, і здольныя вытрымаць нашмат больш жыццёвых цяжкасцей.

"Іспанцаў зацікавілі б "Над Нёманам" і "Хам"

- Мне хочацца мець навуковыя публікацыі тут і там - і ў Іспаніі, і ў Беларусі. Я ўжо напісала артыкул пра Святлану Алексіевіч. Ва ўніверсітэцкім філалагічным часопісе быў апублікаваны запыт на артыкулы пра жанчын на вайне, вось я падумала: чаму б не напісаць пра "У вайны не жаночы твар"? Напісала. Цяпер я чакаю выхаду сваёй першай публікацыі на іспанскай мове. Алексіевіч на іспанскую перакладзена. Наступны артыкул буду ўжо пісаць пра Ажэшку.

- Што будзе далей, пасля абароны дысертацыі?

- Мая спецыялізацыя будзе і далей палягаць у параўнальным літаратуразнаўстве. Ажэшка - толькі пачатак. Магчыма, на лекцыях па ўніверсальнай літаратуры я буду прэзентаваць беларускіх аўтараў. Бо наша літаратура вельмі багатая і вельмі цікавая. Найперш жа чакае мяне час перакладу. Гэта будзе няпроста. Але мой навуковы дырэктар ужо пагадзіўся дапамагаць і кансультаваць. Ёсць яшчэ такая асаблівасць: каб пераклад меў вагу, трэба, каб перакладчык меў навуковы статус.

- А што хочаце перакласці?

- Яшчэ перад тым начытаюся твораў. Але з таго, што я ўжо прачытала, іспанцаў, ведаю, зацікавіў бы раман "Над Нёманам". І яшчэ "Хам" - як гімн хрысціянскага стаўлення да жыцця. У іспанскай аўтаркі ёсць вельмі падобны твор. Можна надрукаваць абодва - Элізы Ажэшкі і Сесіліі Бёль дэ Фабер - у адным томе з адмысловай прадмовай…

"Я б вучылася ўсё жыццё"

- Мой стандартны працоўны дзень пачынаецца з пад'ёму а шостай. Цяпер маё жыццё знаходзіцца паміж Канарскімі выспамі і Мадрыдам. Вырашыла не сядзець на адным месцы, а працягваць працаваць яшчэ больш. Каб мець магчымасць жыць паміж двума месцамі, трэба вельмі шмат працаваць. На жаль, студэнты дактарантуры далёка не ўсе атрымліваюць стыпендыю, ды на яе і не пражывешь. А працую я цяпер у сферы лагістыкі і ў якасці перакладчыка.

- Ажэшка спрабавала ўладкавацца тэлеграфісткай, яе не ўзялі.

- Мяне сама праца знайшла, бо я дзеля заробку шмат перакладала дакументаў з рускай на іспанскую для адной фірмы. Я прыняла яе прапанову, бо з такой працай маю час на тое, каб па вечарах быць ва ўніверсітэце. Калі з'ехала ў Мадрыд, давялося шукаць іншую працу, але ж таксама не было асаблівых цяжкасцей. Канешне, гэта часова. Калі ўсё будзе добра і я стану доктарам навук, тады ўжо буду выкладаць ва ўніверсітэце. Не ведаю чаму, але вельмі хачу папрацаваць і ў беларускім універсітэце. Я паспрабую гэтага дасягнуць.

Літаратура і яе даследаванне - тое, што мяне захапляе і цікавіць больш, чым што іншае. Калі б не наша патрэба ўвесь час працаваць, калі б не неабходнасць зарабляць грошы няспынна, бо іначай не выжыць, я была б самым шчаслівым чалавекам, седзячы дома і чытаючы кнігі. Калі б за гэта плацілі грошы, я б вучылася ўсё жыццё. Я нават марыла атрымаць яшчэ адну адукацыю, вывучаць нешта іншае. Але цікавага ў свеце шмат, а вучыцца бясконца нельга, трэба з пэўнага моманту пачынаць вяртаць атрыманае: распаўсюджваць веды, а не толькі іх паглынаць.

З дзяцінства я разумею, што ў кнігах усе адказы. На ўсе жыццёвыя пытанні. Хоць літаратура - гэта не тая галіна дзейнасці, якая дае выхады ў будучыню. Каб ёю займацца, патрэбна ёй захапляцца.

Маці мной цяпер ганарыцца. Але калі мы размаўляем з ёй па тэлефоне, яна часам плача: як я там адна? У яе за мяне баліць сэрца. Канешне, я маю там шмат сяброў, хоць большасць з іх іспанцы. Мой дом ужо там. А калі я прыязджаю сюды, у Беларусь, мае беларускія сябры здзіўляюцца: як ты можаш хацець вяртацца? Што табе тут рабіць? А я, калі б магла, адсюль бы ўжо не паехала. Калі б я магла… Калі б былі сродкі, я жыла б на абедзве краіны… А яшчэ я займаюся музыкай. Скончыла ў Беларусі музычную школу. Два гады таму набыла сабе на Тэнэрыфэ "Ямаху". Белую. Калі-нікалі саджуся іграць, разгортваю ноты паланеза Агінскага - і тады ўсё… Цякуць слёзы. Творы Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Элізы Ажэшкі побач са мной, на паліцах. Я не ведаю, як людзі, якія павінны былі шмат гадоў жыць за кардонам, вытрымалі такое жыццё. Бо я, пражыўшы сем гадоў за мяжой, ведаю, што гэта значыць. Я не магу сказаць: "Усё там цудоўна, усе прыязджайце". Еўропа - прыгожы кут, але мае шмат сваіх мінусаў. І шмат такіх поглядаў на жыццё, з якімі я не пагаджаюся, і не пагаджуся ніколі. Не магу і пра Беларусь сказаць, што тут усё добра або ўсё кепска. Але гэта наша краіна…

Гутарыла Святлана Воцінава.

26 яго песень выконвалі легендарныя "Песняры"

6 жніўня споўнілася 85 гадоў з дня нараджэння Ігара Лучанка (1938-2018) - народнага артыста Беларусі, прафесара, акадэміка, доктара навук, уладальніка многіх прэстыжных званняў, прэмій і ўзнагарод, кампазітара-легенды, якога па праву лічаць гонарам беларускай нацыі, а яго творчасць - нацыянальнай спадчынай.

Ігар Лучанок нарадзіўся ў Менску. Скончыў тры кансерваторыі - менскую, ленінградскую і маскоўскую. Вучыўся ў вялікіх Анатоля Багатырова і Ціхана Хрэннікава. Паступаючы ў аспірантуру, на выдатна вытрымаў экзамен перад самім Дзмітрыем Шастаковічам, які славіўся сваёй строгасцю. Ігар Лучанок - аўтар шэрагу выдатных акадэмічных твораў, а разам з тым быў цудоўным меладыстам, песеннікам. Знакамітыя "Спадчына" і "Мой родны кут", напісаныя ім на словы Янкі Купалы і Якуба Коласа, сталі, па сутнасці, нацыянальнымі гімнамі. 26 яго песень упрыгожылі рэпертуар легендарных "Песняроў". Яго творы выконвалі Сафія Ратару, Валянціна Талкунова, Эдуард Хіль, Віктар Вуячыч і многія іншыя артысты эстрады. Фрагмент яго мелодыі "Песні пра Менск" на словы народнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі кожную гадзіну адбіваюць куранты на сталічнай Ратушы. "Жураўлі на Палессе ляцяць", "Алеся", "Вераніка", "Зачарованая мая", "Письмо из 45-го", "Я хаджу закаханы", "Весенней ночью думай обо мне", "Трэба дома бываць часцей"… У творчым багажы Ігара Лучанка былі і засталіся нам у спадчыну больш за 400 песень. Многія з іх сталі класікай жанру, яны вядомыя, папулярныя і любімыя сёння і застануцца на доўгія гады. Некаторыя настолькі, што лічацца народнымі, як "Полька беларуская" або "Майскі вальс".

Паводле СМІ.

На фота: Ігар Лучанок, Уладзімір Мулявін і Ігар Лучанок, Ігар Лучанок і Анатоль Кашапараў, песні кампазітара

Пахаванні кіеўскіх князёў XII ст.

Сенсацыйныя знаходкі ў Давыд-Гарадку


Ад перакладчыка: У аўторак, 3 лістапада 1936 г. віленская газета "Слова" паведаміла пра знаходку старажытных магіл пры закладанні падмуркаў новай царквы на Замкавай гары ў Давыд-Гарадку. У магілах знойдзены труны з вельмі тоўстага часанага дубу ў выглядзе прамавугольных скрынь. Труны стаялі пад столлю, якая таксама была зроблена з дубу. "Зараз труны вывезлі і пахавалі ў іншым месцы. Паколькі адпаведныя адміністрацыйныя ўлады маўчаць, ніхто з археолагаў сюды не едзе. Магчымыя пошукі і раскопкі, без сумневу, далі б шмат цікавага і захапляльнага. […]

Для вывучэння знаходак, ад імя нашай рэдакцыі ў Давыд-Гарадок выехалі вядомы віленскі археолаг Антон Луцкевіч і рэдактар Юзаф Мацкевіч". Slowo. 1936. № 302.


Юзаф Мацкевіч

Можна сказаць, што з-за гэтай, адной з самых значных археалагічных знаходак, мы пераступілі на больш высокую прыступку нашых гістарычных ведаў. Бо, здаецца, мы выявілі магілы кіеўскіх князёў XII ст.! Вядома, гэта толькі гіпотэза, але як мы да яе дайшлі?

Гісторыя Давыд-Гарадка бярэ пачатак у настолькі старажытныя часы, што цалкам знікае ў тумане стагоддзяў. На самай справе мы лепш ведаем пра часы ВКЛ, але і тут у нашых ведах зеўраюць прабелы.

Гэта князі

Некаторыя гісторыкі і ўслед за імі Кіркор у "Живописной Росии", выдадзенай у 1882 г., прыводзіць легенду аб тым, што Давыд-Гарадок быў заснаваны яцвягамі і назву атрымаў ад іхняга князя Давыда, які стаў хрысціянінам. Вядома, што перш за ўсё ён павінен быў пабудаваць замак, бо ўлада князя заўсёды трымалася на замках, вакол якіх і будаваліся паселішчы. Аднак, ці можам мы выказаць здагадку, што выяўленыя магілы адносяцца да гэтага перыяду?

- Не, - адказвае сп. Антон Луцкевіч, - і мы гэта самі бачылі на месцы. Адно можна сказаць, што магілы, без сумнення, адносяцца да хрысціянскага перыяду, а яцвягі ўсё ж былі паганцамі, хаця асобныя з іх князёў маглі быць ахрышчаны. Трэба шукаць у больш познюю эпоху, у часы, калі, на мой погляд, Давыд-Гарадок адыгрываў асабліва важную палітычную і ваенную ролю. Бо інакш княская сям'я ніколі б не сядзела тут пастаянна, а магла быць тут толькі праездам і тым больш не пакідала б тут сваіх могілак.

А каго ў тыя часы можна было хаваць у спецыяльных склепах, у такіх трунах, у такіх аднолькавых для ўсіх пантофлях, прызначаных, пэўна, толькі каб хадзіць у па пакоях княскага замка, а не па палескіх балотах? - Князёў!

Калі Кіеў супернічаў з Полацкам?

Пэўныя падказкі дае нам Каяловіч у кніжцы "Лекции по истории Западной Росии", выдадзенай у 1864 г. Ён падрабязна разглядае перыяд праўлення кіеўскіх князёў і канкурэнцыю паміж Кіевам і Полацкам. Тады кіеўскія князі сялілі сваіх родных уздоўж важнага воднага шляху Прыпяці - брамы ў полацкую маёмасць і эфектыўнага абарончага бар'еру, які стваралі балоты. Замкі гэтага кшталту былі ў Чарнобылі, Тураве, потым у Слоніме, Ваўкавыску і ажно ў Гародні, а адным з галоўных сярод іх быў Давыд-Гарадок - ключ у пазнейшыя Белую і Чырвоную Русь. Ён адыгрываў вялікую ролю ў тыя часы, а размова ідзе, з большага, пра XII ст.

Пра тое, хто ў той час кіраваў Палессем і, у прыватнасці, Давыд-Гарадком, падрабязна распавядае Доўнар-Запольскі ў сваіх "Очерках истории Кривичской и Дреговичской земель до конца XII столетия". У той час адбывалася значнае раздрабленне Турава-Пінскага княства шляхам пасялення ўсё новых і новых князёў у асобных замках - усе яны паходзілі з кіеўскай дынастыі. Можна меркаваць, што знойдзеныя ў Давыд-Гарадку магілы належалі ім і захоўваюць іх парэшткі.

Невядомы да гэтага часу кшталт трун

Але чаму б нам не разгледзець больш позні перыяд, перыяд ВКЛ?

- Маеце рацыю, кажа сп. Луцкевіч - гэта таксама перыяд вялікай актыўнасці вакол Давыд-Гарадка. У асноўным гэта была абарона ад татараў. Мы бачылі, якая жывая там памяць пра татар: "Татарская гара", "Татарская даліна" і г. д.

Бяром аловак і запісваем дэталі таго, што бачылі. Першае - вялікае напластаванне зямлі. Яе так шмат, што пахаванні павінны былі адбывацца даўным-даўно. Прымітывізм самога пахавання. Нідзе няма слядоў ад пілы. Дрэва, бярвенне, дошкі не былі распілаваны. Нідзе няма жалеза! Жалеза у той час каштавала вельмі дорага, і выкарыстоўвалася толькі дрэва і нават драўляныя цвікі. На той ранні перыяд указваюць яшчэ дзве рэчы: паўсюдна знаходзяцца вырабы з косці і гліняныя гаршкі, зробленыя ўжо на ганчарным коле, але гэта яшчэ не паліваная кераміка, без арнаменту.

І нарэшце, самі труны. Варта адзначыць, што такая форма трунаў нам невядомая.

Ці былі магілы разрабаваныя?

На жаль, гэта покуль усё, што мы можам сказаць. Натуральна, гэтыя труны трэба было б параўноўваць з трунамі, знойдзенымі ў Кіеве. Але мы покуль не маем матэрыялаў для параўнання. Няма сумневу, што далейшыя даследаванні прынясуць неацэнныя знаходкі. Перш за ўсё перад намі паўстае загадка: чаму ў трунах няма нічога металічнага, чаму там увогуле няма ніякіх рэчаў?

Звычайных месцічаў не маглі пахаваць у такіх пантофлях! Да таго ж, нават калі б гэта былі звычайныя месцічы, з імі абавязкова знайшліся б нейкія шпількі, спражкі, заколкі, што заўгодна! А тут нічога. Тым больш у князёў. Шкілеты распаліся. Не можам сказаць ці былі яны параскіданыя. А таму самае праўдападобнае - магілы разрабаваныя. Кім? На гэта пытанне можа даць адказ толькі далейшае даследаванне.

"Бракуе грошай!!"

Кіеўскія князі XII ст. Ёсць у гэтым гучанні нешта з гістарычнай паэзіі, а не толькі з гісторыі як навукі. Сёння, вось у гэты восеньскі дзень, яны знойдзены. І такія знаходкі здараюцца не кожны дзень. Мы сказалі мясцоваму шаноўнаму дабрачыннаму а. Аляксандру Беляеву:

- Дабрачынны павінен пабудаваць крыпту пад новай царквой і пакласці ў яе парэшткі князёў у дубовых трунах і няхай яны годна спачываюць. Няхай прыязджаюць турысты і паломнікі, хай яны на свае вочы ўбачаць наколькі старажытная культура і гісторыя Давыд-Гарадка, хай, нарэшце, пакінуць тут грошы. Які фенаменальны па прывабнасці помнік маецца тут для людзей, якія шукаюць убачыць нешта вартае!

Куды там! Кажа, на крыпту няма грошай …

А дзе ж фонды нацыянальнай культуры? Бо грошы знаходзяцца на швэнданне па Андах некалькіх валацугаў, якія, як кажуць па-руску, "с жиру бесятся"! Дзе кансерватар, які адказвае за захаванне помнікаў? Дзе даследчыкі, якія атрымліваюць дзяржаўныя заробкі, дзе кусташы дзяржаўных музеяў?

Людзі добрай волі і людзі, якія грэбуюць сваімі абавязкамі

Прабачце, што называю імёны, але ёсць, напрыклад, у Давыд-Гарадку такі сп. натарыус Альфонс Тускевіч. Цэлы дзень ён праводзіць у сваёй канторы, можна сказаць, ён - пабочная асоба, але ў свой вольны час ён займаецца даследчай працай, вывучае і, што можа, ратуе. Хто ведае, ці не яму ўсім нам трэба быць удзячнымі, за тое, што ён не стаў маўчаць і весткі пра цікавейшыя знаходкі дайшлі ў прэсу і яны зараз ужо не згінуць? Каб не ён, каб не дырэктар школы і яшчэ два, тры чалавекі …

Але аб чым тут казаць! Рашэнні па справе залежаць не ад іх, людзей добрай волі, а ад службовых асоб, якія атрымліваюць заробкі ад дзяржавы і займаюць адпаведныя пасады. "Падмуркі дзяржавы" - як пра іх кажуць на развітальных банкетах. Тут і сёння як раз месца і час, каб гэтыя "падмуркі" заняліся сваёй наўпростай справай. Бо ў Давыд-Гарадку ўжо зроблены важныя, знакавыя адкрыцці для культуры і гісторыі краіны і гістарычны помнік знікнуць не павінен.

J. M. [Мацкевіч Юзаф] Grobowce książą kijowskich z XII wieku // Słowo. 1936. № 306.


P.S. Дырэктар Цэнтральнага археалагічнага музея ў Варшаве др. Раман Якімовіч пісаў у артыкуле "Каго пахавалі на Замкавай гары ў Давыд-Гарадку":

"Можна не сумнявацца, што тут пахаваны князі. Невялікія могілкі ў межах княжага замка могуць мець толькі магілы князёў і іх сем'яў, ці можа яшчэ толькі вайсковых старэйшын і святароў князя.

Якіх Давыд-Гарадоцкіх князёў мы ведаем?

Давыд Ігаравіч памёр у 1112 г., у свой чарод, у яго сына Усевалада (памёр у 1141 г.) , князя "из Городка", былі тры сыны: Барыс і Глеб, якія памерлі пасля 1168 г., а таксама Мсціслаў, які яшчэ ў 1183 г. удзельнічаў у вайне супраць качэўнікаў. Крыніцы замоўчваюць, ці мелі гэтыя тры браты дзяцей.

Такім чынам, мы маем пяць князёў, вядомых па імёнах і з вядомымі датамі іх смерці, сярод іх ёсць і заснавальнік горада. Яны павінны былі знайсці вечны спачын у сваёй сталіцы. Ведаем далей, што ў Давыда была жонка, а Усевалад быў жанаты двойчы і яго другая жонка, невядомая па імені, была полькай. Калі цяпер дапусціць, што ўнукі Давыда: Барыс, Глеб і Мсціслаў мелі сем'і, дык маем 11 князёў, якія павінны былі быць пахаваны ў Давыд-Гарадку. У астатніх магілах могуць знаходзіцца парэшткі нашчадкаў - унукаў Давыда і дзвюх сясцёр Усевалада, якія былі замужам за чарнігаўскімі і турава-пінскімі князямі".

Roman Jakimowicz. Kto był pochowany na Górze Zamkowej w Dawidgródku // Słowo. 1936. № 351.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Праваслаўныя і католікі: Грынкевіч, Жлутка, Назарук, Саўчанка

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-31 (53-83) за 2023 г.)

ГРЫНКЕВІЧ Мікалай (11) - ёсць некаторыя італьянскія сляды ў нашай сан-францыскай гісторыі.

Экзэмпляр брашуры Руселя 1895 г., адкуль мы бяром тэксты, якія ніжэй у італьянскім перакладзе, фіксаваўся ў Мілане. Знакаміты Фельтрынелі, які быў збіральнікам кніг і дакументаў (Giangiacomo Feltrinelli Library - або з Institute або Foundation у назве - мае ў сваёй аснове яго калекцыю), набыў яе. Праўда, наш памочнік высветліў, што брашура на месцы не знаходзіцца, - такім чынам, маргіналіі, уладальніцкія адзнакі і іншыя асаблівасці з яе засталіся толькі ў нашых планах.

У Неапалі ў раннім дзяцінстве - прыкладна чатыры гады - жыў Павел Лігда, " памочнік па пытаннях дысцыпліны" наглядчыка царкоўнай школы (малады чалавек з рускімі і грэчаскімі каранямі), перад пераездам далей на захад Еўропы і потым у Сан-Францыска.

Моніка Кагналата, наша перакладчыца ў Падуі, - аўтар дысертацыі пра праваслаўную царкву за акіянам перыяду, калі доктар Русель і клірык Грынкевіч ужо з'ехалі з Сан-Францыска, але з экскурсамі ў папярэднія перыяды. Цешча Грынкевіча Аляксандра Кедраліванская, паводле Монікі, якая працавала з дакументамі царквы, была ў цесных зносінах з архірэем Ціханам.

Сандра Бусата - таксама з Падуі, індзеяністка, пераклала свой фрагмент з англійскай мовы. Вольга Раўчанка, выпускніца Менскага інстытута замежных моў, - перакладчыца як іспанскай, так і італьянскай моў.

"A me, come medico, vale a dire come a quella persona cui i sottoposti del vescovo potevano rivolgersi, con un motivo pretestuoso, senza suscitare il suo sospetto, fu possibile venire a conoscenza dei lati negativi del suo carattere, per cosi dire, di prima mano. E siccome ricevevano indiscriminatamente oppressioni, e riguardavano tutte le persone che in un modo o nell'altro venivano a contatto con il vescovo e sulle quali si riversava il suo malcontento, vale a dire impiegati, sottoposti, insegnanti della scuola ecc., non passava giorno che qualcuno fra loro non apparisse da me con grandi lamentele sui "nuovi ordini" e sulle offese gratuite inflitte dal nuovo vescovo, gli impiegati si lamentavano del fatto che non avevano di che vivere poiche Vladimir - senza alcun diritto ne motivo per questo, aveva diminuito a meta e a due terzi il loro stipendio. Si lamentavano di inutili cavilli, il cui unico scopo era tras-formare l'impiego in galera!.. I ragazzi si lamentavano del cibo marcio e insufficiente; dell'oscurita e scomodita dello scantinato umido; del fatto che li colpivano i pidocchi e che li chiudevano per notti intere in cella di rigore, dove li assillavano i ratti; del fatto che non davano loro tregua da mattina a sera impegnandoli in servizi ecclesiastici e lezioni. Della correttezza delle loro lagnanze davano conferma i loro visi esangui, pallidi, scrofolosi, i vestiti strappati e sporchi. [trans. into Italian by Monica Cognolato]

Potrei avere certa incredulita in quanto alle lamentele dei dipendenti e dei sacerdoti, pensando che "cane non mangia cane" e che, forse, in queste denunce c'e qualche esagerazione, ma non potevo restare indifferente alle lamentele dei bambini indifesi, su cui il nuovo vescovo ha mostrato il suo potere archipastoral. Veniva a trovarmi spesso, a proposito, un tale Grinkevitch, che si e laureato presso l'Accademia Teologica e fu inviato in America come un cantore, come punizione per ubriachezze. Mi parlava delle cose oltraggiose degli ordini scolastici, e le sue parole confermavano completamente le denunce di questi sfortunati ragazzi. Gli ho chiesto di scrivere quello che mi stava raccontando delle indignazioni dentro la scuola. Grinkevitch non si e' rifiuto d`ottemperare alla mia richiesta e scrissi i seguenti appunti, i quali cito testualmente, visto che questi caratterizzano perfettamente gli ordini, istituiti da Vladimir. [trans. into Italian by Volga Rauchanka (Olga Ravchenko)]

A PROPOSITO DELLA SCUOLA

Nella scuola studiano 13 ragazzi. Sono divisi in tre classi. Le aule servono anche come aule per preparare le lezioni. Non c'e nessuna aula specifica per la ricreazione. Tutte le aule (e i dormitori) si trovano nel piano interrato. Due aule sono illuminate cosi poco che e impossibile distinguere le lettere stampate anche stando in mezzo alla stanza. Non esiste centilazione. L'ambiente e umido e puzzolente. La classe seconda e la sala da pranzo si trovano nella stessa stanza.

I bambini di 8 anni sono sottoposti alle stesse regole e stile di vita dei ragazzi di 15 anni. La quantita di carico di lavoro scolastico e ripartito come segue: 3 1/2 ore lezione in aula con i professori (dall'1 1/2 alle 5 del pomeriggio) ; preparazione delle lezioni 3 ore (8-11 del mattino); canto 2 ore (11-12 al mattino e 5-6 del pomeriggio); servizio religioso 2 ore (6 1/2- 7 1/2 al mattino). Di sabato e durante le festivita i servizi religioso si allungano fino a 5 ore al giorno. Obbligano i ragazzi a portare i capelli lunghi, il che ha causato un incremento dei pidocchi…

Il vescovo si e impossessato del denaro dei ragazzi arrivati qui. A tutti (12 persone) erano stati dati soldi per il viaggio e a ciascuno erano rimasti non meno di 200 dollari. Parecchi dei ragazzi arrivati qui sono stati mandati in Alaska e a nessuno e stato dato denaro per acquistare neppure i generi di consumo indispensabili". [trans. into Italian by Sandra Busatta]

(Russel, Nikolai. Deontologia nell'eparchia delle Aleutine e d'Alaska / dal russo di Monica Cognolato // Веснік БІТ. 2016. 25 мая. № 29; Doctor Russel su Nikolai Grinkevitch / trad. dal russo di Olga Ravchenko // Веснік БІТ. 2014. 30 чэрв. № 36; Grinkevitch, Nikolai. A proposito della scuola / trad. dal russo di Sandra Busatta // Веснік БІТ. 2014. 10 сак. № 14.)

Літ.:

2196 Егораў З. Падуанскі універсітэт у ХV-ХVI сталеццях // 400-лецце беларускага друку. Мн., 1926. С. 23-38.

4636 Джыраўда Дж. Колеры Русі / пер. з італ. В. Калацкай, Х. Міхасенкі // Ад Полацка і Нясвіжа - да Падуі і Венецыі = Da Polazk e Niesvij - a Padova e Venezia: матэрыялы ўрачыстага адкрыцця мемарыяльнай дошкі Ф. Скарыну ў Падуанскім універсітэце і Першай беларуска-італьянскай навуковай канферэнцыі, якая адбылася ў Венецыі ў кастрычніку 1992 г. / пер. з італ. Х. Міхасенкі, В. Калацкай. Мн., 1994. С. 16-30.

ЖЛУТКА Алег - ён, яго бацька Алесь і маці Марыя прымалі ў сваёй кватэры ў Менску Святлану Грачухіну, з якой Алесь супрацоўнічаў - у прыватнасці рыхтаваў каталіцкі зборнік, і Амадэа Куба Эсківеля, кечуа, які прывёз жонку-беларуску Святлану ў Перу.

Алег пераклаў частку твора Карласа Кастанеды з англійскай на беларускую: "Падарожжа ў Ікстлан" (Journey to Ixtlan): https://svajksta.by/wp-content/uploads/2016/12/Karlas_Kastaneda_Padarozhzha_w_ Ixtlan.pdf.

Файл мае 93 старонкі і ўключае слоўнік своеасаблівай нестандартнай лексікі, які Алег згадвае ў сваім кароткім "Слове перакладчыка", датаваным лістападам 2016 г.

"За тры гады з перапынкамі я пераклаў "Падарожжа ў Ікстлан" акрамя раздзелаў 12 - 17. У часе перакладу для пошуку слоў і выразаў я карыстаўся многімі беларускімі слоўнікамі, сецівам, а таксама парадамі сяброў і знаёмых, якім шчыра дзякую за атрыманыя падказкі. Я склаў адмысловы слоўнічак рэдкіх слоў ды наватвораў і змясціў яго перад творам.

Не маючы намеру перакладаць засталыя часткі ці выдаваць пераклад кнігаю, я вырашыў змясціць яго ў сеціве. Вы можаце свабодна распаўсюджваць яго на беспрыбытковай аснове пры ўказанні імя выканаўцы". Перакладчык чакаў пытанняў і прапаноў на свой адрас.

Людзі з сайта "Свайкста" пераконваюць, што яны не "националистское подполье", і тлумачаць, што "свайкста" - не свастыка.

"1. "Свайкста" не значыць "свастыка". Ад самага пачатку існавання Svajksta.by на галоўнай старонцы сайта размешчана спасылка на тлумачэнне, у якім ясна і недвухсэнсоўна гаворыцца: назва - ад старажытна-прускага swaikstan, што значыць "святло". Гэта цалкам вытлумачальна ў сувязі з этнакультуралагічнай - асветніцкай скіраванасцю сайта. […]

2. "Свайкста" не з'яўляецца ні падпольнай, ні паўпадпольнай нацыяналістычнай сектай. "Свайкста" ёсць лабараторыя ідэй, якія тычацца аўтахтоннай ("тутэйшай") ідэнтычнасці, а таксама нефармальная супольнасць чытачоў, якія цікавяцца сваімі этнічнымі каранямі. […] Змест сайта на працягу 10 гадоў існавання перажываў змены, у выніку якіх ад адсочвання "злобы дня" было вырашана адмовіцца".

Асобныя індзеяністы могуць мець нейкія "паганскія" і "эзатэрычныя" ідэі, як і "рэвалюцыйныя", але асноўная мэта беларускай індзеяністыкі таксама даследчая і асветніцкая (і гэта іншая вагавая катэгорыя, чым у вараціл "Уол-Стрыта" і палітыкі ў хатнім і замежным выкананні). Можна пераканацца, што індзеянізм у асноўных сваіх плынях - гэта кірункі думак, пазбаўленых "рэлігійных" крайнасцей, тым больш "галюцынагенных", як у Кастанеды, які заслугоўвае прызнання толькі як "дзівак", які здолеў прыцягнуць да сябе ўвагу. Даўно заўважана, што індзеяністы адрозніваюцца ад "індыяністаў", ад крышнаітаў і падобных рухаў з "Усходняй Індыі" адсутнасцю ірацыяналізму і пошукаў у "паралельным свеце" (апошняе - у асноўным толькі іранічна і як частка індзеянісцкай "абраднасці").

Літ.:

7797 Дон Лявон. Кастанеда: миф или реальность // Першацвет. 2001. № 3. С 44-47.

8173 Дубянецкі Э. С. Кастанеда Карлас // Дубянецкі Э. С. Культуралогія: энцыклапедычны даведнік. Мн., 2003.

8418 Карлос Кастанеда за 90 минут. М.; Мн., 2006.

8526 Кастанеда К. Огонь изнутри: пер. с англ. М.; Мн., 1999.

8527 Кастанеда К. Сила безмолвия: пер. с англ. М.; Мн., 1999.

7375 Ушкін Л. Як стаць дон Хуанам // Наша ніва. 2003. № 37.

НАЗАРУК Веслаў (Nazaruk) - місіянер-аблат родам з мястэчка на самай граніцы паміж Польшчу і Беларуссю. Яго ўражанні пра працу сярод індзейцаў, пачынаючы з догрыб, узятыя з кнігі Яраслава Ружанскага (Jaroslaw Stanislaw Rozanski) "Польскія аблаты сярод індзейцаў і інуітаў" (Познань, 2012, Misyjne Drogi).

На жаль з-за атрыманых у аўтааварыі траўм ён вымушаны быў пераехаць у менш суровыя раёны Канады, а ўрэшце і вярнуцца на радзіму. Ён быў пастырам у Сент-Альберце (1993-1996), пасля чаго ў місіі Слэйв-Лейк сярод індзейцаў кры (1996-1998). У 1998-2001 гг. працаваў сярод індзейцаў стоўні (дакота) у раёне місіі Лак-Сент-Эн.

Гісторыя канадскага місіянерства а. Веслава пачынаецца ў пачатку 1991 г. Спачатку паўгода ён вучыў англійскую мову, у ліпені 1991 г. быў накіраваны ў місію Форт-Рэй (Fort Rae). Група індзейцаў у тым раёне мела назву "плоскіх сабачых бакоў", або па-польску вялікімі літарамі - "Plaskich Psich Bokow", догрыб (Dogrib, або Dog Rib), сучасная назва Tlicho. Там таксама можна сустрэцца з іншымі паўночнымі атапаскамі (дэнэ).

Геаграфічныя назвы ў гэтым раёне былі перайменаваныя з пашаны да пераважнага індзейскага насельніцтва. Форт-Рэй, Рэй-Эдза (Rae-Edzo), аб'яднаныя адміністрацыйна, з 2005 г. сталі Бехчока (Behchoko). Гэта грамада у "North Slave Region of the Northwest Territories" на Yellowknife Highway (Great Slave Highway), каля 110 км на паўночны захад ад Елаўнайфа. Кіраванне там у значнай ступені належыць Dog Rib Rae First Nation (Behchoko Community Government).

Сцвярджаюць, што ў Бехчока вострая праблема з жыллём - і аварыйны стан, і дарагоўля арэнды.

Ксёндз Веслаў Назарук занатаваў назіранні па асаблівасцях жыцця там.

"Я ніколі не забуду сваю першую сустрэчу з індзейцамі догрыб (плоскія бакі сабак) у місіі Форт-Рэй. У красавіку 1991 г. мой новы правінцыял айцец Дж. Джонсан адвёз мяне на машыне (1500 км) з Эдмантана ў правінцыі Альберта ў Форт-Рэй на Далёкай Поўначы і Вялікім Нявольніцкім Возеры. У гэтай місіі ў шасцідзясятыя гады працаваў айцец Леан Моква. Я павінен быў сустрэцца з людзьмі, сярод якіх неўзабаве буду працаваць разам з а. Я. Пашатам [J. Pochat], французам, і святаром Клерам [Klerem] з Польшчы. Падчас святой Імшы Айцец правінцыял прадставіў мяне і паведаміў, што пасля курсаў англійскай мовы я прыеду да іх на стала. Людзі ўспрынялі гэтую навіну з энтузіязмам і гучнымі брава. Пасля св. Імшы каля царквы сабраўся вялікі натоўп каля 300 чалавек, і ўсе падыходзілі вітаць мяне. У самым канцы да мяне, абапіраючыся на палку, падышла старая індыянка. Падаючы сваю далонь, яна пацалавала мяне ў руку, а потым, не адпускаючы мяне, пачала гаварыць на сваёй мове. Айцец Пачат пераклаў мне яе словы. Спачатку яна падзякавала мне за тое, што я пакінуў сваю сям'ю і краіну, каб прыехаць да іх. Потым яна папрасіла мяне не пакідаць іх ужо зараз, патлумачыўшы, што калі буду ў Эдмантане, то абавязкова застануся сярод багатых, бо, бачачы, як яны тут жывуць бедна, я не захачу да іх вяртацца. Я адказаў, што вярнуся, толькі спачатку лепш навучуся гаварыць па-англійску. Тады яна мне адказала: "Ойча, мы не чакаем ад вас англійскай мовы. Заставайся, і мы навучым цябе нашай уласнай роднай мове. Мудрасці мы ад вас не чакаем, бо маем сваю, Богам дадзеную. Мы чакаем, што вы будзеце заставацца з намі, палюбіце нас і будзеце знакам прысутнасці і любові Бога. Бо калі святар сярод нас і моліцца за нас, святую Імшу выконвае і спавядае грахі, то як бы Бог жыў сярод нас. Тады і жывём лепш, і ў сем'ях ладзіцца. Але калі сярод нас няма святара, мы адчуваем, што Бог забыўся пра нас і пакінуў нас. Тады няма каму за нас маліцца, няма святой Імшы, няма споведзі, а ў сем'ях здараецца дрэннае. Злы дух авалодвае нашымі сэрцамі, і людзі пачынаюць жыць як жывёлы. Ойча, заставайся з намі і будзь Божым знакам для ўсяго нашага народа".

Трэба прызнацца, што ніколі ніякія словы не рабілі на мяне такога моцнага ўражання, не краналі майго сэрца, як словы той старой, беднай, неадукаванай індыянкі. Яе словы сталі для мяне кароткім выкладам таго, чаго Бог чакае ад мяне як хрысціяніна і святара".

Форт Рэй, 17 ліпеня 1991 г. "Форт Рэй - невялікая мясцовасць з насельніцтвам у 2000 чалавек разам з вёскай Эдза на другім баку возера. Гэта найбуйнейшая індзейская мясцовасць на поўначы. Белых тут каля 40 чалавек, але не ўсе жывуць пастаянна. Вакол лясы, азёры і ручаі. Тут поўна балот, таму летам шмат маскітаў. Індзейцы зямлю не апрацоўваюць, бо зямлі тут амаль няма. Грунт камяністы. Гэта проста горы, паваленыя і раздушаныя ледавіком. Пад слоем зямлі ў некалькі дзясяткаў сантыметраў ляжыць цвёрдая скала, якая кавалкамі выступае. Індзейцы, калі яны наогул чымсьці займаюцца, дык ловяць рыбу і палююць на карыбу. Удзень яны ходзяць з кута ў кут, тырчаць перад крамамі, ездзяць на машынах, а ўвечары сустракаюцца дома і выпіваюць. Яны валодаюць слабым імунітэтам і п'янеюць нават ад невялікіх доз алкаголю. П'юць маладыя і старыя, мужчыны і жанчыны. Потым ноччу ходзяць па вуліцах і шумяць. Алкагалізм тут - сур'ёзная праблема. Няцяжка здагадацца, што з гэтага вынікае: многія дзеці нараджаюцца з фізічнымі і разумовымі недахопамі. Дзяўчынкі вельмі рана становяцца маці, і многія сувязі носяць кровазмяшальны характар. Шмат сексуальнага гвалту [naduzyc seksualnych].

Касцёл прыйшоў сюды з Евангеллем каля 100 гадоў таму. Аднак нялёгка евангелізаваць людзей, якія так прывязаныя да традыцыі, старых звычаяў, так падкрэсліваюць сваю свабоду. Ім нельга ні загадаць, ні забараніць. Яны робяць толькі тое, што хочуць. З іншага боку, яны вельмі вясёлыя, зычлівыя і шчырыя, але не заўсёды верныя дадзенаму слову [pogodni, zyczliwi i szczerzy, ale nie zawsze slowni]. Большасць з іх не ведае англійскай, крыху можа малодшыя і дзеці. Размаўляюць на сваёй мове догрыб. Калі святар хоча з імі працаваць, ён павінен вывучыць іх мову, інакш яны яго не прымуць. Калі я сказаў ім у красавіку, пасля тыднёвага знаходжання, што збіраюся вывучаць англійскую мову ў Эдмантане, адзін са старэйшых сказаў: "Навошта нам ваша англійская, заставайцеся і вывучайце нашу мову". Мы табе дапаможам. Цяпер яны вельмі рады, калі я прашу навучыць мяне догрыбскай мове. Кажуць: "Ойча, праз год ты будзеш гаварыць, як мы, бо хочаш навучыцца".

Форт Рэй, 25 студзеня 1992 г. "Снэйр-Лейк - невялікая індзейская вёска, аддаленая больш чым на 200 міль на поўнач ад нашай галоўнай місіі ў Форт-Рэй. Дабрацца туды можна толькі на самалёце. Там жывуць толькі 22 сям'і, усяго 109 чалавек. Індзейцы з племені догрыб (плоскія сабачыя бакі) пасяліліся тут, уцякаючы з вялікага Форт-Рэй і Елаўнайф. Тут, у бушу, дзе нельга ні прыносіць, ні піць алкаголь, яны адчуваюць сябе моцнымі, бяспечнымі. Сем'ям не пагражаюць разрывы, дзеці растуць у спакоі. Некалькі дамоў новыя, пабудаваныя дзяржавай, астатнія - невялікія драўляныя хаціны, якія самі пабудавалі са ствалоў дрэў. Мэбля таксама пераважна самаробная; з дошак і фанеры.

У Снэй-Лейк няма ні касцёла, ні капліцы. Калі прыязджае місіянер, св. Імша адзначаецца кожны дзень у іншым доме або ў грамадскай зале [community hal]. Я тыдзень жыў у адной з сем'яў. Старыя індзейцы дбалі пра мяне, як пра сына. Яны былі вельмі шчаслівыя, калі я сказаў ім, што рыба і мяса карыбу вельмі смачныя для мяне. Іх стыхія - гэта пастаяннае паляванне, а жыццё па-ранейшаму круціцца вакол здабычы ежы.

Кожны дзень у вызначаныя гадзіны я сядзеў у грамадскай зале, даючы кожнаму магчымасць паспавядацца. Прыйшлі амаль усе, хто мог. Вечарам амаль уся вёска сабралася ў адной з хат, дзе я цэлебраваў св. Імшу. Аднак спачатку мы адмалілі ўвесь ружанец [odmawia-lismy caly rozaniec]. Яны вельмі любяць гэтую малітву.

Бенджамін Лукас [Beniamin Lukasz] - першае дзіця, якога я ахрысціў на поўначы, у Снэйр-Лейк. Ён нават не ўздрыгнуў, калі я шчодра абліў яго галаву святой вадой, якая зусім не была цёплай. Таксама ў Снэйр-Лейк у мяне было першае пахаванне - 69-гадовага індзейца, які памёр ад сардэчнага прыступу. Я мусіў ляцець да яго з Форт-Рэй, папярэджаны па радыё" .

Слэйв-Лейк, 15 снежня 1996 г. "Невялікае мястэчка, маляўніча размешчанае на Малым Нявольнічым Возеры. У ім пражывае каля 6000 чалавек. Многія з іх - індзейцы з самага шматлікага ў Канадзе племені кры [Krysow]. Мястэчка добра развіваецца, бо ў нас ёсць прадпрыемства па здабычы нафты, а таксама другое па дрэваапрацоўцы. У дрэвах тут недахопу няма: Слэйв-Лейк знаходзіцца сярод лесу. У нас азёры, багатыя цудоўнай рыбай.

Католікі складаюць амаль палову насельніцтва мястэчка. Афіцыйна, у рэестры, іх 3000. З рэлігійнымі практыкамі, аднак, бывае па-рознаму. Тыя, хто прыязджае, вельмі ўцягнуты ў жыццё місіі. Сярод іх шмат моладзі. Я таксама стараюся праводзіць з імі як мага больш часу. На тэрыторыі ёсць каталіцкая школа. Так што ў мяне лёгкі кантакт. Вельмі добрае супрацоўніцтва з пастырамі іншых канфесій. Мы часта молімся разам, карыстаемся мясцовым радыё".

Эдмантан, 6 кастрычніка 1997 г. "Прайшло лета і пачалася сонечная восень, апранутая ў прыгожыя колеры. Тут яго называюць бабіным летам [Indianskim Latem]. З верасня я знаходжуся ў правінцыяльным доме ў Эдмантане, таму што маё здароўе не вельмі добрае. Паўтарылася старая траўма калена, чакаю аперацыі (…) Больш за 20 000 індзейцаў розных плямён з Канады і ЗША сабраліся сёлета на Возеры Св. Ганны, якое, на іх думку, мае гаючую сілу. Першая пілігрымка была арганізавана аблатамі 109 гадоў таму, калі яны зразумелі, што гэтае возера мае асаблівае значэнне для індзейцаў. Яны называлі яго Возерам Вялікага Духа і прыносілі тут у ахвяру мяса і тытунь, каб папрасіць Вялікага Духа аб абароне сваіх сем'яў і атрымаць сілу супраць злых духаў. З таго часу два шляхі, індзейскі і еўрапейскі (т.зв. белага чалавека), злучыліся, і сёння асоба Ісуса Хрыста з'яўляецца натхненнем і сілай як для адных, так і да другіх".

Лак-Сент-Эн, 16 снежня 1999 г. "З падзей у місіянерскай працы мушу адзначыць адзін запіс. У мінулую нядзелю ў адной з індзейскіх рэзервацый падчас св. Імшы ў мяне было 35 хрышчэнняў. 6 чалавек склалі вызнанне веры, бо раней былі ахрышчаныя ў пратэстанцкай царкве.

З гэтай групы 9 чалавек прынялі сакрамент канфірмацыі, а 12 - першую св. Камунію. За тыдзень да гэтага ў іншай рэзервацыі ў мяне было 20 хрышчэнняў. Усё гэта ў рамках падрыхтоўкі да Вялікага Юбілею 2000-годдзя Нараджэння Ісуса Хрыста.

Я згадваю гэты канкрэтны запіс, таму што ў індзейскіх рэзервацыях шмат неахрышчаных дзяцей і моладзі. Бацькам усяроўна. Я думаю, аднак, што самай глыбокай прычынай гэтага з'яўляецца непрыхільнае стаўленне да хрысціянства сярод індзейцаў, якое творыцца СМІ на працягу некалькіх гадоў. Многія нават масава вяртаюцца да паганскіх звычаяў, сцвярджаючы, што хрысціянства і ўся культура ім навязаныя. У судах ёсць шмат спраў, звязаных з гэтым, часцей за ўсё зусім беспадстаўных, але абарона каштуе дорага і Касцёл мае ў сувязі з гэтым шмат праблем. У гэтай атмасферы мы павінны жыць і працаваць, прапаведуючы Слова Божае. Дзякуй Богу, ёсць шмат тых, хто падтрымлівае нас і выказвае сваю шчырую волю - хоць часам і праз гады - прыняць сакрамент св. Хрышчэння".

Тым не менш, у "Місійных дарогах" (1992), пры змяшчэнні яго матэрыялаў, у загаловак вынесены матыў "Я танцаваў танец міру з індзейцамі", у другім допісу - "Індзейцы догрыб вучаць мяне сваёй мове" - гэта можа сведчыць, што акультурацыя ў Канадзе ідзе не ў адзін бок.

У 2001-2003 гг. ксёндз Веслаў Назарук быў пробашчам венгерскай парафіі св. Эмерыка і пастырам індзейскай парафіі Найсвяцейшага Сэрца (Sacred Heart) у Эдмантане. У верасні 2003 г. ён вярнуўся ў Польшчу.

Літ.:

431 Барацьбіты супраць "вогненнай вады", яднайцеся! // Звязда. 1992. 14 студз.

432 Беларускія "індзейцы" супраць "Звязды" і "Народнай газеты" // Звязда. 1992. 29 кастр.

3101 Сімакоў А. Вызваленне ад алкаголю // Наша ніва. 1996. 19 жн. С. 11.

4629 Мяльгуй А. Куды ты, "Дарожка", мяне прывядзеш? Палац. Дарожка. 1998, Пан Рэкардз // Наша ніва. 1999. 28 чэрв. С. 11. (Любікон кры і Беларусь, БІТ. "Палац" перастварыў "канадска-індзейскую" песню.)

1903 Савет правадыроў індзейскіх плямён канадскай правінцыі Альберта заклікаў да масавай кампаніі пратэсту супраць рашэння федэральнага ўрада ўрэзаць расходы на медыцынскую дапамогу ў індзейскіх рэзервацыях // Гомельская праўда. 1979. (Даты на выразцы няма, але ў навінавай калонцы прысутнічае ўказанне: карэспандэнцыя з Атавы, ТАСС, 18 студзеня.)

1623 Милейковский А. Г. Канада и англо-канадские противоречия. М., 1958. (Аўтар - ураджэнец Менска.)

САЎЧАНКА Дзям'ян (Demian Savchenko) - яго бацька быў краснінскім мешчанінам (Смаленская губерня), а маці - не зусім яснага паходжання, але, магчыма, і карэнна-аляскінскага, цалкам або часткова. Сям'я Саўчанкаў на Кадзьяку складалася з Дзям'яна, жонкі - індыянкі-тлінкіткі Марыі, яе пляменніцы - адначасова прыёмнай дачкі Дзям'яна, а таксама сына апошняй ад невядомага бацькі Мікалая, якога ўсынавіў або проста называў сынам Дзям'ян. Паўночная гісторыя з тых, якія ведаў і а. Веслаў па Форт-Рэй (гл. арт. "Назарук").

Да Грынкевічаўскага праекта пасля выяўлення выпадку з Саўчанкамі мы дадалі некалькі тэкстаў, якія адносяцца да яго і яго сына або пасынка Мікалая - прынамсі часткова тлінкіта. Нам удалося заахвоціць некалькіх асоб зрабіць пераклады - аналагічныя тым, што былі па нататцы "Пра школу" Грынкевіча і двух тэкстах з той жа брашуры доктара Руселя, якія тлумачылі і дапаўнялі яе. Гэтым разам прапануем пераклад на англійскую мову Алега Жлуткі (гл. артыкул пра яго) "другога ліста" Дзям'яна.

(Savchenko, Demian. Letter to the Ecclesiastical Consistory of Alaska, 26.11.1891 / trans. from the Rus. Aleg Zhlutka // Веснік БІТ. 2018. 10 снеж. № 68.)

"Kodiak, November 26, 1891,

Russian Ecclesiastical Consistory of Alaska, San Francisco

I, the undersigned, ask to remind my Spiritual Consistory to temporarily exempt my son Nikolai from the classes of His grateful study as soon as practicable for our meeting in Kodiak. If he'll wish to return, I can send him back at my own expense. Do a divine favour, Your Grace. It's a pleasure for me to see my son Nikolai. We are ill now, God knows what may happen. Dimean Savchenikov".

(Savchenko, Demian. Letter to the Ecclesiastical Consistory of Alaska, 26.11.1891 / trans. from the Rus. Aleg Zhlutka // Веснік БІТ. 2018. 10 снеж. № 68.)

Літ.:

1926 Саўчанка А. Па слядах маракоў Калумба // Чырвоная змена. 1988. 13 жн. С. 10. (Для беларусаў бацька Дзям'яна Саўчанкі Восіп быў своеасаблівым "аляскінскім калумбам". Прынамсі гэта тая ж тэма марскіх падарожжаў.)

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou, researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

Индейцы, Indianie, Indians, indigenas, indios de America y Belarus; Grinkevich On the School Project.

"Па суседстве мы жывём"

Філіял "Бердаўскі культурна-дасугавы цэнтр" арганізаваў добрае свята вёскі Кір'я-наўцы."Па суседстве мы жывём".

ТК "Культура Лідчыны".

Маёнтак Падварышкі і суседнія Гайцюнішкі

Леанід Лаўрэш

Самая старая згадка пра Падварышкі датуецца 1690 годам.

На пачатку XIX ст. Падварышкі разам Гайцюнішкамі і Беняконямі належаць Каралю Остэн Сакену (сыну Ульрыка) і яго сыну Станіславу1. У 1835 г. дачка Караля Вераніка Остэн Сакен (пра якую я раскажу трошкі ніжэй), як пасаг перадала Падварышкі, Падэгуці, Лоўцы, Варнакелі, Забалаць, Ленцішкі, Беняконцы - разам 3300 дзесяцінамі зямлі і 426 душ свайму мужу Адаму Рымшу (сыну Ануфрыя), у 1844 г. Рымша меў ужо толькі 885 дзесяцін зямлі2. У 1842 г. у Падварышках меўся двор з трохпакаёвым домам з часанага дрэва, крыты саломай. Пад адным дахам з домам месцілася людская і варыўня (памяшканне для захоўвання садавіны і гародніны). На гаспадарчым двары меліся адрыны для жывёлы, хлеба, сена і саломы, валоўнік, птушнік, свіран, ледавік і бровар. У вёсцы Падварышкі стаяла карчма з дзвюмя хатамі і стайнямі3.

На працягу ХІХ ст. Падварышкі належалі роду Рымшаў герба Газдава. Ганна Рымшанка, дачка Рамана († 1919 г,) і Антаніны (з сям'і Бярновічаў), выйшла замуж за Тадэвуша Кярсноўскага († 1971 г. у Лондане) і перадала маёмасць Рымшаў сям'і мужа. Апошнімі ўладальнікамі Падварышак да 1939 г. былі Ганна і Тадэвуш Кярсноўскія. У 1939 г. Падварышкі разам з прылеглымі хутарамі Рымшышкамі, Мядзінамі і лясной гаспадаркай Гэленава, займалі плошчу каля 800 га.

Стары сядзібны дом разбурыўся яшчэ ў ХІХ ст. і на яго месцы быў пабудавалі новы. Трэці сядзібны дом пастаўлены ў 1930-1931 гг. па праекце архітэктара прафесара Стэфана Нарэмбскага, але будаўніцтва было амаль што скончана толькі да 1939 г. Новы сядзібны дом не толькі добра ўпісваўся ў фон старога парку, але і меў характэрныя рысы абшарніцкіх маёнткаў. Аднапавярховы, ён быў пастаўлены на высокіх падмурках у форме прастакутніка і меў двухпавярховую сярэдняю частку. З пярэдняга боку размяшчаўся традыцыйны, адносна вузкі і неглыбокі порцік з чатырма стройнымі калонамі, увянчаны трохкутным франтонам. Увесь дом быў накрыты высокім гладкім чатырохсхільным дахам4.

Перад домам меўся вялікі газон, акружаны шырокай дарожкай, якая падымалася ад пад'езда да невялікага насыпу. Кярсноўскія лічылі, што пад'язная дарожка і ганак - гэта як быццам твар іхняга дома, які павінен мець свае асабістыя рысы і выраз твару. Сын апошніх уладальнікаў, гісторык, прафесар-медыевіст Рышард Кярсноўскі ў сваіх мемуарах пісаў: "Навокал меліся асабнякі з класічнымі рысамі, з ганарыстым і прахалодным выразам твару, іншыя былі з ганкамі на нізкіх слупах, агорнутых вінаградам, гэтыя мелі далікатныя, прыязныя і цёплыя рысы твару. Часам сядзібныя дамы былі пазбаўлены ўсялякага выразу, але тады яны ўжо не цалкам заслугоўвалі сваю назву "шляхецкі двор". Наш сядзібны дом меў выцягнутыя ў вышыню рысы твару, пазначаныя чатырма белымі калонамі, ён меў нейкі адасоблены выраз, які змякчаўся вялікім чырвоным дахам, што апускаўся да вокнаў, як лісіная шапка, насунутая на вочы" 5.

Рышард Кярсноўскі, успамінаючы бацькоўскі дом, пісаў далей: "Жылы дом быў новы, мураваны, пакрыты чырвонай дахоўкай. Бацькі пабудавалі яго ў 1930 г. на месцы былой сядзібы, якая згарэла падчас Першай сусветнай вайны з-за нядбайнасці немцаў, якія тут стаялі. Дабудаваць яго не ўдалося, бо надышлі гады крызісу, а потым, калі пачаўся росквіт, больш актуальным стала будаваць чвартакі (дом для работнікаў на 4 сям'і - Л. Л.), а таксама амбар, стайні і адрыну.... Паставілі хлеў, ... пабудавалі вялікую піўніцу на сыры, асушылі лугі. Дом застаўся неатынкаваным і не меў каналізацыі, але яго корпус з вялікім, ламаным дахам, ганкам, прарэзаным высокімі калонамі, якія падтрымлівалі порцік, здолеў урасці ў пейзаж, на фоне зялёных ліп, елак і каштанаў"6.

Інтэр'ер дома меў традыцыйную планіроўку, з калідорамі па абодва бакі залы. Пярэднія памяшканні рознай формы і памеру служылі жылымі пакоямі, кабінетамі і г. д. З падоўжанага вестыбюля са скляпеністай столлю, з дзвюмя калонамі і дубовымі лесвіцамі, якія вялі на другі паверх, можна было наўпрост увайсці ў вялікі квадратны салон, да якога з адваротнага баку дома, падыходзіла садовая дарожка. Два пакоі, якія з бакоў прымыкалі да салона, стваралі з ім адну анфіладу7. Дом меў чатыры ўваходы: "З фасада праз ганак, з саду праз дзверы на тэрасу, агароджаную аркадамі з чатырох слупоў і арак, якія падтрымлівалі балкон, а таксама выхад на дзіцячую пляцоўку, і ўваход на кухню і ў службовыя пакоі. Кожныя дзверы мелі сваё прызначэнне і жылі сваім жыццём, абслугоўваючы насельнікаў дома і іх гасцей, слуг і інтарасантаў. Толькі нядаўна, у канцы ліпеня (1939 - Л. Л.), на імяніны маёй маці перад гэтым ганкам збіраліся госці; пасля вячэры яны выходзiлi на тэрасу, а потым у сад, бо вечар быў ясны i цёплы, i я таксама са сваiмi аднагодкамi дапазна блукаў па алеях i сцежках, старанна ўпрыгожаных з гэтай нагоды. Якраз ад гэтага ганка мы ад'язджалі на свежанабытай машыне - цёмна-сінім Шэўрале - з візітамі да далёкіх і бліжэйшых суседзяў: у Яшуны Солтанаў, у Сядлішча Дэмбіцкага, у Яварава Вендзягольскага. Мы не прадбачылі лёсу, які ўжо навіс над будучыняй гэтых сядзіб і іх гаспадароў. Таксама мы ездзілі па справах бацькоў у Ліду, Наваградак, на бацькаву радзіму ў Гарадзілаўку, Чамяраўку і да Свіцязі, дзе мне казалі: "Хто б ты ні быў... не забывай сваю радзіму". Нават марылася нам далёкае падарожжа на захад, на Аўгустоўскія азёры" 8.

Заўважу, што тэрасы "агароджанай аркадамі з чатырох слупоў і арак, якія падтрымлівалі балкон" і самога балкона сёння няма, засталіся толькі падмуркі, па наяўнасці якіх можна здагадацца, што тут было раней.

Паколькі амаль усё ўбранне ранейшага сядзібнага дома ХІХ ст. было знішчана ў выніку пажару ў 1919 г., да 1939 г. толькі некаторыя пакоі новай сядзібы атрымалі стыльнае аздабленне. Зала была ўпрыгожана двума рагамі лася і іншымі паляўнічымі трафеямі, такімі, як рогі казла, пудзіла рабчыка і інш. У гасцінай стаяў гарнітур з чырвонага дрэва ў стылі бідэрмаер9 які складаўся са стала, канапы, двух фатэляў і чатырох крэслаў. На сценах красаваліся маляўнічыя літаграфіі з відамі Вільні і невялікім партрэтам вядомай сваёй прыгажосцю Веранікі Рымшынай, народжанай Остэн-Сакен (каля 1800-1843), партрэт гэты паходзіў з 1820-1830 гг. Вераніка была стрыечнай сястрой мужа Марылі Верашчакаўны Ваўжынца Путкамера з Бальценікаў. Пра красуню Вераніку Остэн-Сакен пісалі розныя мемуарысты, таму я не магу не расказаць пра гэтую незвычайную жанчыну10.

З віленскіх успамінаў Станіслава Мараўскага мы даведваемся пра рамантычную натуру Веранікі: "У баранесы Сакен была малодшая дачка цудоўнай, анёльскай прыгажосці - Вераніка. Забраўшы яе з вучылішча ў 1820 г., баранеса жыла з ёй за Вострай Брамай у доме Мінінавай. Другую палову хаты займалі мае бацькі, якія прыехалі на зіму ў Вільню. У маіх бацькоў было столькі знаёмых, што яны не мелі патрэбы сустракацца з суседзямі па гэтым доме, тым больш, што мая мачыха пастаянна хварэла.

… Паміж Вострай Брамай і домам Мініных ёсць даволі вялікі пляцык. Праз гэты пляцык, я, задуменны, з апушчанай галавой, .. не маючы ахвоты і звычкі глядзець у вокны, праходзіў два разы на дзень на працягу ўсяго часу знаходжання тут маіх бацькоў. […]

Раз ці два маці мне расказвала, што да нас прыязджалі яе суседзі, Сакены. Але гэта мяне не зацікавіла… пакуль аднойчы мой добры сябар Лахніцкі, сустрэў мяне на вуліцы і адразу накінуўся за тое, што я збаламуціў яго кузыну! Я глядзеў яму ў вочы і імкнуўся зразумець чаго ён хоча - ці не звар'яцеў ён? Толькі калі, пачаўшы смяяцца, Лахніцкі сказаў мне, што панна Вераніка самым рамантычным на свеце чынам, бачачы толькі праз акно, калі я ішоў па пляцыку, закахалася ў мяне, а яе бацькі, якія любяць дачку больш за ўсё на свеце, не могуць даць сабе рады. Таму яны, як сваяку і як сябру абодвух дамоў, даверылі гэта яму і папрасілі сасватаць мяне з Веранікай. Я тады быў дзевятнаццацігадовым блазнам і папрасіў яго некаторы час нічога не расказваць пра гэта маім бацькам, а потым, пачырванеўшы, прызнаўся яму, што ніколі ў жыцці не бачыў панну Сакен, што нават не ведаю, ці наогул яна існуе на свеце. Я абавязаў сябра хаця б здалёк паказаць мне яе, таму што, калі я пачну глядзець ў іх вокны і ўбачу яе, я зраблюся дурнем і пачырванею як вішня. Ён зрабіў гэта. Але як той дурань, Лахніцікі ўсё гэта "патаемна" разнёс па горадзе, так што праз некалькі дзён справа дайшла і да майго бацькі.

Убачыўшы панну, узрадавалася душа мая! Сапраўды, было тут у ва што закахацца! І я таксама імгненна закахаўся ў яе. Але мая любоў была ад удзячнасці, а можа і каб проста дагадзіць сапраўднай багіні. Я палюбіў яе, але на жаль без жарсці і гэтых пакут ад пачуццяў! Тады ж паспеў завесці з ёй самае жывое і палкае сяброўства. Я хутка даведаўся, што яна прызначаная для кагосьці іншага! Яе пачалі выводзіць у свет, і ўсе размовы ў ім былі толькі пра яе. Мой бацька таксама быў вельмі ўсцешаны яе прыгажосцю, да таго ж яна мела добры пасаг і чакала яшчэ большага пасагу пасля сваёй гарбатай старой сястры. Што таксама ў вачах маіх старых зусім не псавала ўсю справу. Дайшло да таго, што мой бацька нават пачаў віць нам гняздо. Але калі даведаўся, што яна пратэстантка, дык ашчацініўся, як певень і не хацеў больш нічога пра яе чуць. Не таму, што быў фанатык, а таму, што, на яго думку, у жыцці столькі прычын, якія ўвесь час працуюць на раскол шлюбу, што не трэба яшчэ цягнуць сюды рэлігію, якая па сваім уплыве, калі яе шчыра несці ў сэрцы, адзіная здольная злучыць новымі вузламі нават тое, што раз'яднана.

Вядома, Вэрця, як мы яе звалі, нічога пра гэта не ведала і з поўным даверам маладой дзяўчыны яшчэ доўга ў марах будавала ружовыя замкі на лёдзе. Ва ўсіх жанчын паўсюдна ёсць свае шпіёны … таму ўвосень, як толькі Сакены даведаліся, што я ўсё яшчэ бываю ў Мюлераў, яны знялі ў іх доме кватэру і адразу пачалі іх наведваць…" 11.

А сябар Міцкевіча Антоні Адынец заўважаў: "Вераніка Остэн­Сакен, дачка барона (з Гайцюнішак), па прыгажосці, гумары і манерах, як дзве кроплі вады была падобная да вобраза Дыяны Вернон з аповесці Вальтэра Скота пад назвай "Роб Рой", тым больш, што, як і тая, насіла свой зялёны капялюшык, як амазонка. Прыхільнікам яе быў пан Адам Рымша, сусед і вайсковы таварыш пана Ваўжынца (Путкамера), які па яго пратэкцыі праз пару гадоў ажаніўся з ёю" 12.

Шлюб абшарніка Наваградскага павета і ўдзельніка напалеонаўскіх войнаў Адама Рымшы з Веранікай Остэн­Сакен адбыўся ў суровых, але і рамантычных абставінах. Рымша ў 1833 г. быў арыштаваны і абвінавачаны ў тым, што ведаў пра экспедыцыю Юзафа Заліўскага, якая мусіла стаць пачаткам агульнага паўстання, ад яго эмісара Шыманскага 13. Паколькі даказаць дачыненне Рымшы да справы не атрымалася, рашэннем віленскага генерал­губернатара князя Далгарукава ён быў высланы на пасяленне ў Вяцкую губерню. Туды ў 1835 г. прыехала яго Вераніка Остэн­Сакен, дзе маладыя былі павянчаныя ссыльным ксяндзом Шыманам Гілеўскім без дазволу ўладаў14. У 1837 г. Рымша быў памілаваны і атрымаў дазвол вярнуцца на радзіму.

Партрэт красуні Веранікі Рымшы, які знаходзіўся ў Падварышках, загінуў падчас Другой сусветнай вайны, і, наколькі вядома, з гэтага партрэта ніколі не здымалі копій.


Аднак, вернемся да апісання дома ў Падварышках.

Сталовая сядзібнага дома была цалкам абстаўлена новай мэбляй, зробленай у Вільні па праекце мастака тэатра на Пагулянцы В. Макойніка. Гэта мэбля стылізавалася пад эпоху бідэрмаера, зроблена была з ясеню з ўстаўкамі чорнага дубу. Абедзенны гарнітур складаўся са стала на лірападобных ножках, 18 крэслаў, буфета, кутняй шафы, канапы і самаварнага стала. На сценах вісела серыя рэпрадукцый "Літвы" Артура Гротгера ў чорных рамках. Усе гэтыя прадметы былі страчаны ў 1939 г.

(Працяг у наступным нумары.)

1 Malewski Czeslaw. Rodziny szlacheckie na Litwie w XIX wieku Powiaty lidzki, oszmianski i wilenski. Warszawa, 2016. S. 178.

2 Там жа. S. 177.

3 Федорук. Старинные усадьбы Гродненщины. Берестовицкий-Ивьевский районы. Минск, 2014. С. 256.

4 Aftanazy Roman. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. Wroclaw - Krakow, 1993. T. 4. S. 288.

5 Kiersnowski Ryszard. Tam i wtedy w Podweryszkach, w Wilnie i w puszczy 1939-1945. Warszawa. 2007. S. 5.

6 Там жа. S. 5.

7 Aftanazy Roman. Dzieje rezydencji … T. 4. S. 289.

8 Kiersnowski Ryszard. Tam i wtedy w Podweryszkach… S. 6.

9 Бідэрмаер (ням., Biedermeier) - мастацкая плынь у нямецкім і аўстрыйскім мастацтве, якая атрымала развіццё ў 1815-1848 гг. Мэбля эпохі бідермайера вольная ад архітэктурных формаў і вялікай колькасці дэкору. Крытэрам якаснасці мэблі лічылася зручнасць формаў і бездакорная сталярная праца. Прастата формаў мэблі кампенсавалася яркай расфарбоўкай абіўкі і г. д.

10Aftanazy Roman. Dzieje rezydencji … T. 4. S. 289.

11 Morawski S. Kilka lat mlodosci mojej w Wilnie, Warszawa 1924, s. 262-264.

12 Адынец А. Э. Успаміны пра мінулае. Мінск, 2020. С. 212.

13 Юзаф Заліўскі - адзін з арганізатараў паўстання на землях былога ВКЛ. Пасля паразы паўстання 1830-31 гг., на эміграцыі, пад уплывам руху карбанарыяў, была створаная арганізацыя "Помста народа". Часткай планаванага паўстання была так званая "Экспедыцыя Юзафа Заліўскага". "Экспедыцыя Заліўскага" ўяўляла сабой спробу ўзнаўлення барацьбы за незалежнасць супольна з агульнаеўрапейскім рэвалюцыйным рухам. Для гэтага, на пачатку 1833 г., на тэрыторыю Беларусі, Літвы і Украіны былі накіраваны эмісары, якія павінны былі падрыхтаваць новае ўзброенае выступленне. У адпаведнасці з распрацаваным у эмігранцкіх колах планам у Гарадзенскі і Лідскі паветы быў накіраваны ўраджэнец г. Гародні Марцэлі Шыманскі - актыўны ўдзельнік паўстання 1831 г. Яму ўдалося завязаць кантакты з многімі жыхарамі Лідчыны. Аднак Шыманскі не паспеў распачаць рэалізацыю распрацаванага ў Парыжы плана. 25 траўня 1833 г. ён быў схоплены ўладамі. На следстве ён выдаў усіх асоб, з якімі сустракаўся на працягу некалькіх месяцаў. За дапамогу эмісару Шыманскаму у чэрвені 1833 г. былі арыштаваны Ваўжынец і Марыля (з Верашчакаў) Путкамеры з Бальценікаў. Толькі зімой 1833 г. Путкамеры змаглі вярнуцца у Бальценікі. Па гэтай справе быў высланы Рымша і некалькі дзесяткаў іншых асоб з Лідчыны.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX