Папярэдняя старонка: 2023

Наша слова.pdf № 39 (91) 


Дадана: 26-09-2023,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 39 (91), 27 верасня 2023.

Восень у Завоссі

Літаратурна-музычны фестываль "Восень у Завоссі", прысвечаны 225-годдзю геніальнага паэта Адама Міцкевіча прайшоу на месцы радавой сядзібы паэта, дзе стараннямі нашай дзяржавы створаны музей-запаведнік знакамітага земляка. Чарговы раз тут сабраліся пісьменнікі і творчыя калектывы Берасцкйшчыны і іншых рэгіёнаў Беларусі. Гучалі цудоуныя творы, прысвечаныя А. Міцкевічу і роднай зямлі.

Галоўная сцэна свята запрашала грамадскіх дзеячаў Берасцейшчыны і кіраўніцтва Наваградскага музея, каб адзначыць добрую арганізацыйную і творчую працу спецыялістаў і ўзнагародзіць пераможцаў конкурсу.

Цудоўна выступілі: рэдактар "Мастацкай літаратуры", паэт Віктар Шніп, літаратурна - паэтычнае аб'яднанне "Кулальскія зоры" г. Баранавічы (кіраўнік - паэтэса Таццяна Яцук). Песні і вершы Таццяны Яцук, Рэгіны Скіпар і Т. Смаляк, цудоўныя эсэ Ірыны Фаміной, артыстызм і прыгожая дэкламацыя А. Стрыжова, выступленні пісьменнікаў Берасцейскага аддзялення пад кіраўніцтвам Таццяны Дземідовіч стварылі атмасферу прыгажосці роднага слова і шыкоўнасці настрою.

Алея майстроў, старадаўнія мелодыі, канцэрт мастацкіх калектываў Берасцейшчыны, выставачныя стэнды Баранавіцкай раённай библіятэкі (дырэктар Лайша Т.М.) напэўна задаволілі б душу самаго Адама, які напэўна ўдзячны зямлі сваіх продкаў і нашчадкаў за шанаванне і добрую памяць. А гістарычная памяць наша - жыццёвы падмурак грамадства, моладзі, правільнае выхаванне якой і ёсць мэта творчай і навуковай працы.

Вось такая "Восень у Завоссі." Мне пашчасціла нават пасядзець у музеі Адама Міцкевіча за Яго сталом у кабінеце. Дзень быу нейкі светлы і, нягледзячы на тое, што юбілей паэта хацелася б адзначыць больш шырока, фестываль удаўся. Цудоўнае свята ў такім сакральным для нас месцы кожны год кліча беларусаў годнасцю і гістарычнасцю.

Зоя Кулік, г. Нясвіж.

Самы шчыры патрыёт Слонімшчыны і астатняй Беларусі

А ці можа хто ў Слоніме так любіць яго, як любіць свой горад Сяргей Чыгрын? Нават, калі Чыгрына адправіць у якую-небудзь тундру, то і тады яго не адарвуць ад Слоніма, бо Слонім паедзе з ім у сэрцы, у памяці, у думках і творах. Ды не толькі Слонім, а ўся Беларусь, якую ён усё жыццё даследуе, шукае, піша, друкуе. Са школьных гадоў не развітваецца Сяргей Чыгрын з пяром, бо без гэтага і Беларусі ён не зможа жыць: "О, Беларусь - спагада і свабода, я без цябе і думаць не змагу!".

Сяргей Чыгрын і нарадзіўся 24 верасня 1958 года ў вёсцы Хадзявічы, ад якой дзесяць кіламетраў да старажытнага Слоніма. Хату, у якой ён гадаваўся, пабудаваў ягоны дзед ажно ў 1907 годзе. Хата стаіць і па сёння, Сяргей часта наведваецца на радзіму.

З гэтай дзедавай хаты Сяргей пайшоў у школу. Маці марыла, каб ён стаў настаўнікам. У беларускіх вёсках тады мала хто марыў пра большае, мала пра тое большае ведалі, але долі калгасніка з адвечнымі буракамі і гноем ніхто сваім дзецям не хацеў.

Ужо ў школьныя гады яго імя з'явілася на старонках дзіцячага піянерскага друку - у газетах "Піянер Беларусі", "Зорька", часопісе "Бярозка". Сяргей дасылаў у рэдакцыі зацемкі, допісы, смяшынкі, замалёўкі. Пачаў ён складаць і вершы. А натхніла яго на тое, каб сесці за стол і рыфмаваць, па яго словах, "радыё, якое заўсёды, пастаянна гаварыла на роднай беларускай мове". Сапраўды, у той час, калі Сяргей быў школьнікам, ледзь не ў кожнай вясковай хаце беларускае радыё працавала цэлы дзень, не сціхала аж да поўначы. Мы штодня чулі з эфіру мілагучную плынь родных слоў. Праўда, паэтычны дэбют Сяргея Чыгрына ў друку адбыўся толькі ў 1975 г. Сакавіцкі нумар часопіса "Бярозка" выйшаў з яго вершам "Свеціць сонейка".

У школьныя гады Сяргей стаў вялікім аматарам кінамастацтва, цікавіўся тагачаснымі часопісамі пра кіно. Потым яго завабіў і незвычайна захапіў тэатр. Гэта і прадвызначыла выбар, які зрабіў адораны юнак са Слонімшчыны. Пасля сканчэння Хадзявіцкай васьмігодкі (1974) ён паехаў паступаць на тэатральнае аддзяленне Магілёўскага культпрасветвучылішча. Тады яму не мінула і шаснаццаці гадоў. Перш чым здаваць асноўныя экзамены, перад прыёмнай камісіяй Сяргею неабходна было паказаць эцюд. Страшэнна хваляваўся, бо яму бракавала сцэнічнага досведу, аднак, нягледзячы на гэта, не разгубіўся і добра выканаў эцюд-імправізацыю. Рэжысёр Валянцін Іванавіч Ермаловіч, які ў складзе прыёмнай камісіі ацэньваў абітурыентаў, пахваліў юнака. Магілёўскі перыяд стаў надзвычай важным і, напэўна, вызначальным у лёсе Сяргея Чыгрына. Ад таго часу, калі ён выходзіў на сцэну ў спектаклях, да сённяшніх дзён ён спалучаны з тэатрам. Сяргей Чыгрын шчыра прызнаўся: "…Пра вялікую сцэну не марыў. Я марыў быць тэатральным крытыкам. І крыху мая мара збылася. Бо я па-ранейшаму люблю тэатр. Бо тэатр - гэта хвароба: калі яе падхапіў, то назаўсёды" ("У творах - мой жыццяпіс"). У суаўтарстве з Васілём Ткачовым напісаў п'есу "Зачараваная хатка" (2016). З-пад яго пяра на свет з'явіліся п'есы "Падарункі Дзеда Мароза", "Зайкаў скарб", "Верталёт бабы-ягі", "Прыгоды вакол баравічка", для дарослых - камедыя "Банкамат для пенсіянераў". Пераклаў для тэатральных пастановак больш як 20 п'ес іншамоўных драматургаў: А. Астроўскага, К. Манье, К. Гальдоні, А. Хайта, Э. Успенскага, С. Міхалкова, Н. Абрамцавай, Г. Лабакіна, К. Папова, М. Каляды і іншых. Спектаклі па п'есах гэтых аўтараў знайшлі ўвасабленне на падмостках Слонімскага драмтэатра і сцэнах іншых беларускіх тэатраў. У 2008 годзе Сяргей Чыгрын выдаў кнігу "Тэатр у Слоніме" (2008), а ў 2020 годзе - "Слонімскі драматычны тэатр".

Рэжысёр, заслужаны работнік культуры Беларусі Валянцін Ермаловіч - родны брат вядомага гісторыка Міколы Ермаловіча. Праўда, тады С. Чыгрын пра гэта не ведаў. Сваёй беларускасцю і адносінамі да тэатральнай справы Валянцін Іванавіч зрабіў вялікі ўплыў на юнака са Слонімшчыны. Удзячнасць да свайго выкладчыка і старэйшага сябра Сяргей Чыгрын захаваў на ўсё жыццё. Ён падрыхтаваў і выдаў зборнік успамінаў пра В. Ермаловіча "Ачышчэнне душы" (2014). Менавіта Валянцін Іванавіч паспрыяў знаёмству Сяргея з паэтам Аляксеем Пысіным.

Сустрэча з Аляксеем Пысіным стала ў яго творчым жыцці і біяграфіі вельмі важнай і значнай, па сутнасці знакавай. Пачаўся паваротны этап у станаўленні Сяргея Чыгрына як паэта, маладога літаратара. Людзі мастацтва, якія сустрэліся на шляху юнака, і атмасфера творчага жыцця паўплывалі на яго далейшы лёс. Сяргей Чыгрын гаворыць: "За тры гады вучобы ў Магілёве з Валянцінам Ермаловічам і Аляксеем Пысіным мне давялося не раз прымаць удзел у літаратурна-музычных вечарынах і сустрэчах з чытачамі… Дзе мы толькі на Магілёўшчыне не былі! Дзе мы толькі не выступалі! Гэта быў рамантычна-светлы і найцікавейшы час майго юнацтва" ("Адчуванне сэрцам").

У 1977 г. Сяргея прызвалі ў савецкае войска. Яму, як казалі ў той час, патрэбна было аддаць Радзіме доўг. Трапіў ажно на савецка-кітайскую мяжу, служыў у Забайкальскай вайсковай акрузе. Нягледзячы на цяжкасці, складанасці салдацкага жыцця і побыту, імкнуўся праявіць свой творчы патэнцыял, а таму наладзіў сувязь з ваеннымі перыядычнымі выданнямі, для якіх пісаў на армейскія тэмы.

На схіле восені 1979 г. пасля тэрміновай вайсковай службы Сяргей вярнуўся ў родныя Хадзявічы. Не захацеў сядзець склаўшы рукі, уладкаваўся на працу ў суседняй вёсцы загадчыкам Сынковіцкага сельскага клуба. Праз нейкі час даслаў у "Сельскую газету" свае вершы. З рэдакцыі адказала літкансультант паэтка Яўгенія Янішчыц. Менавіта яна спрычынілася да публікацыі вершаў Сяргея Чыгрына на старонках газеты, а таксама дзякуючы ёй паэтычныя творы маладога аўтара са Слонімшчыны прагучалі на радыё ў перадачы "Шчырага сэрца парывы".

Цалкам лагічным і заканамерным быў шлях Сяргея на філалагічны факультэт БДУ. Тут ён апынуўся ў асяродку творчай беларускамоўнай моладзі, вучыўся на адным курсе з Сяргеем Кавалёвым, Міхасём Карпечанкам, Леанідам Трубачом, Міколам Хаўстовічам, Вольгай Савасцюк і інш. На філфаку ён знайшоў сябе як малады творца-паэт і крытык, паспрабаваў свае сілы і ў мастацкім перакладзе. Сяргей Чыгрын стаў старастам літаратурнага аб'яднання "Узлёт", якое на той час лічылася лепшым у рэспубліцы. Кіраваў "Узлётам" прафесар і паэт Алег Антонавіч Лойка. На чале аб'яднання такім чынам аказаліся два слонімцы.

Пасля заканчэння ўніверсітэта Сяргей Чыгрын з маладой жонкай Ірынай паехаў працаваць на сваю радзіму. На Слонімшчыне настаўнічаў у Глоўсевіцкай сярэдняй школе (1985-1988). Потым маладога настаўніка ўзялі на працу ў газету "За перамогу камунізму" (цяпер "Слонімскі веснік"), чатыры гады ён адпрацаваў карэктарам. Шмат пісаў, друкаваўся. Аднойчы сакратар Слонімскага гаркама партыі Уладзімір Разінкевіч сказаў, што Сяргей Чыгрын хоць карэктар, але піша больш за ўсіх супрацоўнікаў раёнкі. У 1992 г. з рэдакцыі газеты перайшоў у Слонімскі драматычны тэатр, дзе працаваў загадчыкам літаратурнай часткі. Затым падаўся ў недзяржаўны перыядычны друк, пакаштаваў журналісцкага хлеба. У 2003-2011 гг. - на пасадзе намесніка галоўнага рэдактара "Газеты Слонімскай". Аднак абставіны склаліся так, што вярнуўся ў тэатральную стыхію. Ранейшы досвед працы ў тэатры і літаратурна-творчы патэнцыял зноў спатрэбіліся ва ўнікальнай установе культуры раёна і краіны. Сяргей Чыгрын у 2011 годзе стаў загадчык літаратурнай часткі Слонімскага драматычнага тэатра, дзе працаваў да гэтага года..

Жыць і працаваць на радзіме - лёсу наканаванне. Напэўна, так Бог пажадаў-захацеў, а не толькі так склаліся абставіны. Гэта і жыццёвы крыж, і светлая радасць з дамешкам суму, і шчасце - шчасце ўжо хаця б таму, што Сяргей Чыгрын напісаў столькі цудоўных кніг пра свой родны край! Хтосьці любіць радзіму на адлегласці, з настальгіяй згадвае яе, а ён жыве тут, "дзе сэрцу ўсё блізка…". Штодня ходзіць па слонімскіх вуліцах, ездзіць шляхамі-дарогамі сваёй бацькаўшчыны, сузірае хараство навакольных краявідаў.

Радзімазнаўства - галоўны кірунак даследча-пошукавай і творчай дзейнасці Сяргей Чыгрына. І на гэтай дзялянцы ён знайшоў сябе, за шмат гадоў многае паспеў. Вывучаючы гісторыю радзімы як краязнавец, неўзабаве пераканаўся, што, кажучы яго словамі, "тут - поле неаранае". У нястомным шчыраванні на ніве радзімазнаўства Сяргей Чыгрын займеў багаты плён уласнай працы. Слонімскі руплівец выдаў некалькі дзясяткаў гістарычна-краязнаўчых кніг і літаратурных артыкулаў: "Янка Купала і Слонімшчына" (1993), "Родам са Слонімшчыны" (2003), "Пакліканыя на родны парог" (2005), "Чамяры і чамяроўцы" (2006), "У пошуках слонімскіх скарбаў" (2007), "Мастак Антон Карніцкі" (2009), "Жыў роднай песняй" (2010), "Альбярцін" (2011), "Па слядах Купалы і Коласа", "Такі іх лёс", "Слонімскія падмуркі", "Сярод сваіх людзей" (усе - 2012), "Іншых шляхоў не было", "Слонімскі буквар" (абедзве - 2013), "Хочацца дахаты", "Слонім і ваколіца" (абедзве - 2014), "125 пытанняў і адказаў з гісторыі Слонімшчыны" (2015), "Час спагадлівым не бывае" (2016) і інш. У гэтую скарбонку радзімазнаўчых выданняў дадаліся таксама такія кнігі Сяргея Чыгрына, як "Легенды і паданні Слонімшчыны" (2013), "Гісторыя Слоніма на старых фотаздымках і паштоўках (1900-1950)" (2014), "Слонімскія настроі" (2016) "Слонімскія гісторыі" (2017) і некаторыя іншыя.

Галоўны клопат Сяргей Чыгрына палягае ў тым, каб землякі, усе, хто жыве на Слонімшчыне, мелі дакладнае ўяўленне пра тое, што адбывалася на іх зямлі, хто і чым вызначыўся ў мінулым, каб зрабіць свой край і яго жыццё лепшым, праславіў яго сваім талентам і здзяйсненнямі. У краязнаўчых кнігах С. Чыгрын аднаўляе "часоў былых і новых сувязь", стварае найперш персаніфікаваную гісторыю радзімы - г. зн. гісторыю ў асобах, імёнах, абліччах славутых і вядомых землякоў. Без гэтай дыялектыкі малога і вялікага, без канкрэтных радзімазнаўчых ведаў па вялікім рахунку не можа быць сапраўднага нацыянальна-патрыятычнага духу і гарту, духоўнай еднасці і адзінства людзей. У чалавека мусіць быць адчуванне таго, што ён жыве і стаіць на сваёй зямлі, што радзіма - яго і грунт-апірышча, і духоўнае заплечча. Вось таму слонімскаму краязнаўцу і хочацца, каб кожны зямляк жыў у сэрцы з Радзімай, ведаў, адкуль ён і хто ён, ганарыўся зямлёй продкаў і выдатных людзей свайго краю.

У цэнтры краязнаўчых і літаратурна-даследчых зацікаўленняў С. Чыгрына - асоба, яе жыццё і дзейнасць. Сваю духоўную пародненасць, повязь са Слонімшчынай ён адчувае праз далучанасць да лёсу выдатных і выбітных землякоў. Ён даследаваў жыццёвы і творчы шлях Язэпа Стаброўскага, Гальяша Леўчыка, Кандрата Лейкі, Якуба Міско, Сяргея Дарожнага, Валянціна Таўлая, Анатоля Іверса, Сяргея Новіка-Пеюна, Васіля Супруна, Міколы Арочкі, Алега Лойкі, Янкі Саламевіча, Самсона Пярловіча і інш. Аднак краязнавец распавядае не толькі пра пісьменнікаў-землякоў, але і вядомых людзей са слонімскай зямлі самых розных прафесій і заняткаў: дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, мастакоў, навукоўцаў, медыкаў, вайскоўцаў, музыкаў, асветнікаў, педагогаў, сапраўдных беларускіх інтэлігентаў і патрыётаў. Імёны некаторых землякоў, як ужо адзначалася, вернуты краязнаўцам па сутнасці з нябыту. Дзякуючы яму стала больш вядомай асоба кампазітара і харавога дырыжора Антона Валынчыка і адбылося адраджэнне памяці пра мастака Антона Карніцкага - кожнаму з гэтых творчых людзей прысвечаны гістарычна-біяграфічны нарыс.

Шмат часу і высілкаў С. Чыгрын аддаў збіранню і вяртанню спадчыны заходнебеларускіх пісьменнікаў і літаратараў-землякоў. Дзякуючы яго пошукавай, збіральніцкай і ўкладальніцай працы пабачылі свет кнігі "Вяртанне да сваіх" (1999) Станіслава Грынкевіча, Франука Грышкевіча, Уладыслава Казлоўшчыка, "Рабінавы хмель" (2009) Сяргея Хмары, "Аўсяныя росы" (2011), "З глыбінь жыцця", "Жыццё і творчасць Анатоля Іверса" (абедзве - 2012) Анатоля Іверса, "Захацелася шчасця" (2012) Алеся Сучка, "Маркотныя зоркі" (2014) Янука Дарашкевіча, "Пан Трудоўскі" (2015) Кандрата Лейкі, "Прыкрыты сэрца боль" (2015) Язэпа Вількоўшчыка і некаторыя іншыя.

Паэтычная творчасць - яскравая, адметная грань асобы С. Чыгрына. Уласна кажучы, з вершаў ён пачынаў, як малады паэт-пачатковец уваходзіў у нашу беларускую літаратуру. Сёння на ягоным творчым рахунку чатыры вершаваныя зборнікі: "Шчырая Шчара" (1993), "Горад без цябе" (1999), "Лірыка" (2007), "Камень Міндоўга" (2009), "Едуць гетманы ў Слонім" (2020). У гэтых кнігах добра выявіўся талент Сяргея Чыгрына як паэта-лірыка. Тэксты лепшых паэтычных твораў пераконваюць, што ён умее пісаць вершы вобразныя, сэнсава ёмістыя і ўзнёсла-пачуццёвыя. Імпануе нацыянальны пафас твораў пра мінулае і беларускую рэальнасць. У лірыцы кахання найбольш адметна ўвасобіўся рамантычны свет яго лірычнага героя. Аднак у паэзіі Сяргей Чыгрын не прытрымліваецца прынцыпу "ні дня без радка". У адной з гутарак ён прызнаўся: "Час паэзіі ў мяне ўжо прайшоў. Гэта час маладосці…". Як вынікае са зместу інтэрв'ю апошняга часу, вялікай унутранай патрэбы ў тым, каб пісаць вершы, ён цяпер не мае. Гэтым і тлумачыцца катэгарычнасць выказвання пісьменніка: "…Сёння паэтычны перыяд скончыўся. Графаманам я быць не хачу, бо іх і так хапае ў кожным раёне. Хаця ўвага да паэтычных творцаў у нас сёння не такая пільная і шаноўная". Між тым Сяргей адразу абмовіўся, можна сказаць, выдаў сябе: "Але вершы пішу рэдка". Значыць, вершы ўсё ж пішуцца, няхай сабе не так часта, як раней.

Няпоўнай была б характарыстыка пісьменніцкай індывідуальнасці Сяргея Чыгрына без вылучэння яшчэ адной важнай творчай грані - іпастасі перакладчыка. Заахвоціла яго да паэтычных перастварэнняў на філфаку БДУ выкладчыца французскай мовы Святлана Мікалаеўна Любіч. Сяргей у студэнцкія гады зрабіў спробы перакладаў твораў Луізы Мішэль, Поля Элюара, Поля Верлена, Сальвадора Далі і іншых франкамоўных паэтаў. Перакладчыцкая праца займела свой працяг. Пераўвасабляў творы пераважна з украінскай і рускай моў. Апрача беларускамоўных перастварэнняў французскіх і ўкраінскіх паэтаў, ён пераклаў творы іншамоўных драматургаў.

А характарыстыка чалавека і грамадзяніна Сяргея Чыгрына была б няпоўнай, калі б не згадалі яго актыўную працу ў ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны". Менавіта Сяргей Чыгрын быў рэдактарам літаратурных альманахаў "Паланэз" (Слонім) і "Ятранка" (Дзятлава), якія выходзілі пад патранажам ТБМ. Трэба згадаць і плённае супрацоўніцтва С. Чыгрына з газетай "Наша слова". А з 2022 года ён стаў адным з асноўных аўтараў газеты "Наша слова.pdf".

Сяргей Чыгрын не чакае ніякай і ні ад каго падзякі за сваю любоў да Слоніма, да іншых рэгіёнаў Беларусі, пра якія напісаў дзесяткі кніг. Хаця ён даўно заслугоўвае гэтага. Літаратар проста працуе і ўсё. Магчыма, што калі не сёння, дык праз 100 гадоў, нейкі беларускі краязнавец ці гісторык "адкрые" асобу Сяргея Чыгрына і здзівіцца той вялікай любові да радзімы, да нашай культуры і літаратуры, якая гучыць у кожным творы самага шчырага патрыёта Слонімшчыны і астатняй Беларусі.

(Канспект артыкула доктара філалагічных навук,прафесара Алеся Бельскага "Закаханы ў родны край").

Гарадзенскія пісьменнікі ў Лідзе

20 верасня ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбылася творчая сустрэча з прадстаўнікамі Гарадзенскага абласнога аддзялення ГА "Саюз пісьменнікаў Беларусі". На чарговае пасяджэнне літаратурнага аб'яднання "Суквецце" завітала старшыня абласнога аддзялення, паэтэса Людміла Кебіч, празаік Ліна Богданава (Галіна Богдан) і паэтэса Кацярына Каламійцава. Госці зачыталі свае вершы, падзяліліся гісторыяй іх узнікнення, расказалі пра сябе.

Разам з тым, цёпла павітала прысутных і гасцей член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, нам. дырэктара - галоўнага рэдактара дзяржаўнай установы "ЛідаМедыяКампанія" Серафіновіч Кацярына Адамаўна. Былі абмеркаваны пытанні і па далейшым супрацоўніцтве. А яно будзе, бо творчасць - яна для ўсіх, і яна павінна яднаць аднадумцаў.

Алесь Хітрун.

Ты ў сэрцы маім, Беларусь!

"Ты ў сэрцы маім, Беларусь!". Канцэртная праграма пад такой назвай адбылася ў Палацы культуры горада Ліды. Удзельнікі IV фестывалю мастацтваў беларусаў свету падаравалі лідскім гледачам часцінку сваёй творчасці і сваёй душы. Землякоў, якія жывуць ў Расіі, Рэспубліцы Карэлія, Рэспубліцы Крым, Злучаных Штатах Амерыкі і Латвіі прывітаў народны ансамбль песні і танца "Лідчанка". У сваю чаргу госці дзяліліся талентамі ў песенным, літаратурным і танцавальным напрамках мастацтва.

У рамках канцэртнай праграмы "Ты ў сэрцы маім, Беларусь!" творчых калектываў і выканаўцаў-удзельнікаў IV фестывалю мастацтваў беларусаў свету прагучалі выключна творы беларускіх аўтараў, народныя песні. Нашы землякі не забыліся і беларускія народныя танцавальныя кампазіцыі. Як адзначыў начальнік аддзела культурна-асветнай работы, мастацтваў і вучэбных устаноў упраўлення культуры Гарадзенскага аблвыканкама Сяргей Давыдзік, мастацтва аб'ядноўвае, робіць беларусаў, якія жывуць у розных краінах, бліжэй, нягледзячы на межы і адлегласці.

На памяць аб радзіме кожны ўдзельнік праграмы забярэ з сабой яскравыя ўспаміны, сувеніры, дыпломы і любоў лідскай аўдыторыі.

ТК "Культура Лідчыны".

Навіны Германіі

Футбалісты "Баварыі" перамаглі "Манчэстар Юнайтэд" на старце Лігі чэмпіёнаў

Мюнхенская "Баварыя" абыграла ангельскі "Манчэстар Юнайтэд" у першым туры групавога этапу футбольнай Лігі чэмпіёнаў, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Гуляючы на сваім полі, чэмпіёны Германіі на працягу ўсёй сустрэчы валодалі ініцыятывай і ў выніку дамагліся перамогі з вынікам 4:3. Адзін з мячоў забіў пачатковец баварскага клуба форвард ангельскай зборнай Хары Кейн, які рэалізаваў пенальці напачатку другога тайма. У іншым паядынку папярэдняй групы А турэцкі "Галатасарай" у Стамбуле згуляў унічыю з дацкім "Капенгагенам" - 2:2.

У квартэце D фіналіст мінулага сезону ЛЧ італьянскі "Інтэр" з Мілана ў іспанскім Сан-Себасцьяне разышоўся мірам з мясцовым клубам "Рэал Сас'едад" - 1:1. У Лісабоне партугальская "Бенфіка" нечакана саступіла аўстрыйскаму "Зальцбургу" з лікам 0:2.

Вынікі стартавых сустрэч у астатніх групах:

В - "Севілля" (Іспанія) - "Ланс" (Францыя) - 1:1, "Арсенал" (Лондан, Англія) - ПСВ (Эйндховен, Нідэрланды) - 4:0;

С - "Рэал" (Мадрыд, Іспанія) - "Уніён" (Берлін, Германія) - 1:0, "Брага" (Партугалія) - "Напалі" (Італія) - 1:2;

Е - "Лацыё" (Рым, Італія) - "Атлетыка" (Мадрыд, Іспанія) - 1:1, "Фейенаорд" (Ратэрдам, Нідэрланды) - "Селтык" (Глазга, Шатландыя) - 2:0;

F - "Мілан" (Італія) - "Ньюкасл" (Англія) - 0:0, "Пары Сен-Жермен" (Францыя) - "Барусія" (Дортмунд, Германія) - 2:0;

G - "Манчэстар Сіці" (Англія) - "Црвена Звезда" (Белград, Сербія) - 3:1, "Янг Бойз" (Берн, Швейцарыя) - "Лейпцыг" (Германія) - 1:3.

Н - "Барселона" (Іспанія) - "Антвэрпен" (Бельгія) - 5:0, "Шахцёр" (Данецк, Украіна) - "Порту" (Партугалія) - 1:3.

Сустрэчы групавога этапу завершацца 13 снежня, пасля чаго па дзве лепшыя каманды з кожнай групы выйдуць у 1/8 фіналу ЛЧ. Клубы, якія фінішуюць трэцімі, пяройдуць у 1/16 фіналу Лігі Еўропы. Матчы плэй-офф чэмпіёнскай Лігі пройдуць з 13 лютага па 8 траўня 2024 года, фінальны матч адбудзецца 1 чэрвеня на лонданскім стадыёне "Уэмблі". У вырашальным матчы мінулага сезону "Манчэстар Сіці" з лікам 1:0 адолеў "Інтэр".

БЕЛТА. Фота з архіва.

Супержанчына Актоберфэсту

У Мюнхене ў самым разгары штогадовы фестываль, куды з усяго свету з'язджаюцца аматары піва.

Гэтым разам у сацсетках завірусілася відэа, дзе адна з афіцыянтак па-майстэрску нясе 13 куфляў з півам: па шэсць у кожнай руцэ і адзін зверху.

Агульная вага куфляў, заўважаюць каментатары, можа складаць каля 30 кілаграмаў.

Дарэчы, мюнхенская паліцыя далучылася да свята і выкарыстала гукаўзмацняльнікі для стварэння дыскатэкі.

Удзельнікі фэсту дзеляцца забаўнымі відэа ў тыктоку.

Паводле СМІ.

Руплівы даследчык беларускай мовы

У гісторыю беларускай філалогіі і культуры навечна ўпісана імя руплівага даследніка роднага слова, знакамітага вучонага і пісьменніка Фёдара Янкоўскага (1918-1989). 21 верасня яму спаўнілася 105 гадоў з дня нараджэння.

Нарадзіўся Фёдар Янкоўскі ў вёсцы Клетнае на Магілёўшчыне. Скончыў Рагачоўскі педагагічны тэхнікум. Працаваў школьным настаўнікам і адначасова завочна вучыўся ў Менскім настаўніцкім інстытуце. Зведаў жахі дзвюх войнаў. З савецка-фінляндскай вайны вярнуўся інвалідам. Падчас Другой сусветнай вайны страціў жонку і маленькую дачку, якіх спалілі фашысты. Быў партызанам-разведчыкам, узначальваў разведку атрада "Грозны", які дзейнічаў паблізу Менска, і таксама быў цяжка паранены. У пасляваенныя гады Фёдар Янкоўскі скончыў Гарадзенскі педінстытут імя Янкі Купалы, потым аспірантуру пры Менскім педінстытуце імя М. Горкага. З гэтым інстытутам былі звязаны 36 год яго працоўнага жыцця. Тут у 1953 годзё ён пачаў сваю дзейнасць як выкладчык беларускай мовы, у 1956-1982 гадах узначальваў кафедру беларускага мовазнаўства, якая пры Фёдары Янкоўскім стала адным з вядучых навуковых цэнтраў філалогіі ў рэспубліцы. На пасадзе прафесара ён працягваў працаваць на кафедры да апошніх дзён жыцця. Кіраваў падрыхтоўкай маладых спецыялістаў, вучоных, быў членам некалькіх спецыялізаваных саветаў па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый. Шмат гадоў Фёдар Янкоўскі ўзначальваў Рэспубліканскае метадычнае аб'яднанне лінгвістаў-беларусаведаў, быў членам Рэспубліканскага камітэта славістаў, старшынём лінгвістычнай секцыі навукова-метадычнага савета Міністэрства асветы Беларусі. Кола навуковых зацікаўленняў Фёдара Янкоўскага было шырокім і шматгранным. У творчай спадчыне вучонага каля трохсот прац: манаграфіі, слоўнікі, дапаможнікі, падручнікі, артыкулы па беларускім і агульным мовазнаўстве, культуры мовы, але ў большасці публікацый сваю ўвагу ён аддаваў вывучэнню скарбаў народнай мовы. Родным глускім гаворкам была прысвечана кандыдацкая дысертацыя Фёдара Янкоўскага і тры выпускі "Дыялектнага слоўніка" (1959, 1960, 1970), матэрыял якіх быў зафіксаваны таксама ў Глускім раёне. Вучоны вельмі любіў і цаніў народную прыказку, трапнае народнае выслоўе. У 1957 годзе выйшаў складзены Фёдарам Янкоўскім зборнік "Беларускія народныя прыказкі, прымаўкі", які ўключаў пяць тысяч гэтых устойлівых моўных адзінак. Зборнік быў станоўча прыняты грамадскасцю і ў 1962 годзе выйшаў другім выданнем пад назвай "Беларускія прыказкі, прымаўкі і фразеалагізмы", прычым колькасць прыказак, прымавак, устойлівых народных параўнанняў і фразеалагізмаў у ім была даведзена да васьмі тысяч. Апошняе, чацвёртае, выданне гэтага зборніка выйшла ў свет у 2004 годзе. Цікавіла даследчыка і праблема афарыстычнасці слова. У 1960 годзе ён выдаў кнігу "Крылатыя словы і афарызмы: з беларускіх літаратурных крыніц". Гэта была першая ў беларускім мовазнаўстве спроба навуковага асэнсавання ролі крылатых слоў і выслоўяў у сучаснай беларускай літаратурнай мове. Шэраг артыкулаў вучоны прысвяціў афарызмам Якуба Коласа, Янкі Брыля, Ядвігіна Ш., Алаізы Пашкевіч (Цёткі). Важнай падзеяй у беларускім мовазнаўстве стаў выхад тлумачальнага слоўніка беларускай народнай фразеалогіі "Беларуская фразеалогія. Фразеалагізмы, іх значэнне і ўжыванне" (1968), пра які вучоны-славіст Карл Гутшміт сказаў, што гэтая праца адзіная ў сваім родзе ў славістыцы. Акрамя збірання і публікацыі фразеалагічных багаццяў роднай мовы, Фёдар Янкоўскі займаўся і тэарэтычнай распрацоўкай гэтых моўных адзінак. Ёй прысвечаны яго доктарская дысертацыя, а таксама навуковыя працы "Роднае слова" (1967, 1972), "Беларуская мова" (1978), "Беларуская фразеалогія" (1968, 1981), "Сучасная беларуская мова" (1984). Гэтыя працы вызначаюцца глыбінёй даследавання, багаццем і надзейнасцю ілюстрацыйнага матэрыялу. Яны атрымалі высокую ацэнку вучоных-філолагаў і пісьменнікаў. Значнае месца сярод даследаванняў Фёдара Янкоўскага займалі працы, прысвечаныя пытанням нармалізацыі і культуры беларускай літаратурнай мовы. Чатыры разы перавыдавалася (з некаторымі папраўкамі, удакладненнямі і дапаўненнямі) яго кніга "Беларускае літаратурнае вымаўленне" (1960, 1966, 1970, 1976). Клопатам пра правільнае ўжыванне слоў, іх літаратурнае вымаўленне прасякнуты працы "Пытанні культуры мовы" (1961) і "Вусная мова і выразнае чытанне" (1962). Вялікую ўвагу надаваў Фёдар Янкоўскі стварэнню вучэбных дапаможнікаў. Асабліва цікавым і каштоўным з'яўляецца падрыхтаваны ім дапаможнік для студэнтаў "Гістарычная граматыка беларускай мовы", які таксама вытрымаў некалькі выданняў (1974, 1983, 1989). Гэта быў глыбока навуковы і разам з тым даступны для студэнтаў падручнік. Высока ацэньваліся і дапаможнікі, у якіх Фёдар Янкоўскі выступаў як суаўтар і рэдактар. З імем вучонага звязаны і такі аспект лінгвістыкі, як аналіз мовы мастацкага твора. Створаная ім беларуская лінгвістычная школа праводзіла даследаванні па тэме "Слова, фразеалагізм, словазлучэнне ў кантэксце". Пад такой назвай ці па такой тэме, пачынаючы з 1975 г., выходзілі зборнікі навуковых артыкулаў, нязменным кіраўніком і рэдактарам якіх быў Фёдар Янкоўскі. Сведчаннем яшчэ адной грані таленту гэтага чалавека з'яўляюцца яго зборнікі мастацкай прозы, якія вучоны пачаў друкаваць ужо ў сталым узросце. Апавяданні-мініяцюры Фёдара Янкоўскага пачалі з'яўляцца на старонках перыядычных выданняў з 1973 года. Пазней гэтыя апавяданні-мініяцюры склалі зборнікі "Абразкі" (1975), "І за гарою пакланюся" (1982), "Радасць і боль" (1984), "З нялёгкіх дарог" (1988). У іх пісьменнік апавядае пра сваё дзяцінства, ваенныя гады, сучаснае жыццё, сустрэчы з цікавымі людзьмі. Проза Фёдара Янкоўскага з'явілася арганічным працягам яго філалагічнай дзейнасці і цудоўна адлюстроўвала, як тонка ведаў і адчуваў родную мову пісьменнік. Апавяданні-мініяцюры, у якіх ён расказвае пра пачутыя цікавыя словы і выразы, склалі кнігу "Само слова гаворыць" (1986), вельмі высока ацэненую спецыялістамі і пісьменнікамі.

Паводле СМІ.

Мудры настаўнік - Алесь Белакоз

У Гудзевіцкім літаратурна-краязнаўчым музеі Мастоўскага раёна адкрылася выстава, прысвечаная заснавальніку музея Алесю Белакозу (1928-2016) з нагоды яго 95-годдзя. Выстава называецца "Мудры настаўнік - Алесь Белакоз!".

Адкрыццё выставы прайшло ў прыемнай і па-сяброўску цёплай абстаноўцы. Мерапрыемства наведалі жонка Алеся Белакоза Вера Ігнатаўна Белакоз, былыя вучні і калегі, а таксама не абмінулі ўвагай выставу цяперашнія вучні Гудзевіцкай сярэдняй школы.

На выставе прадстаўлены фотаздымкі, дакументы, узнагароды, шматлікія інтэрв'ю і артыкулы ў газетах, кнігі ўспамінаў і аповедаў пра Алеся Мікалаевіча Белакоза. Выстава раскрывае настаўніцкую, краязнаўчую і музейную дзейнасць Алеся Мікалаевіча, а таксама распавядае пра цікавыя звесткі з яго асабістага жыцця.

Выстава будзе працаваць да 9 кастрычніка.

Паводле СМІ.

Вальс з Нінай Мацяш

20 верасня - 80 гадоў з дня народзінаў паэткі і перакладчыцы Ніны Мацяш. Гэта выглядала сапраўдным дзівам - чалавек у інвалідным вазку быў крыніцай жыццёвага аптымізму для маладзейшых і абсалютна здаровых людзей. Ніхто ніколі не чуў ад Ніны Язэпаўны ніякіх скаргаў, не бачыў яе слёз. І вершы ў яе не слязлівыя, хоць да вобразу слязы паэтка звярталася даволі часта. Але - менавіта да вобразу. Як гэта зрабіў, напрыклад, рэжысёр Мэл Гібсан у фінале свайго вядомага фільма "Пакуты Хрыстовы". Памятаеце, там Божая сляза падае з галавакружнай вышыні на Галгофу, дзе ўкрыжаваны Хрыстос. І ўся гісторыя чалавецтва мільгае ў той усеабдымнай слязе.

Не жадаю нікому ні болю, ні плачу, але згадайма, якім абноўленым, прасветленым і падабрэлым бачыцца нам навакольны свет пасля слёз! Вось і Ніну Мацяш цікавіў мікракосм слязы, яе сусвет, спалучаны з іншым падобным сусветам. Нездарма ў адным з яе вершаў чацвёрачы, рэфрэнам паўтараецца радок: "О, як твая сляза ў маю слязу глядзела!"

Перачытваю кнігу паэткі з невыпадковай назвай "Паміж усмешкай і слязой" і міжволі пазначаю радкі з гэтым знакавым для яе словам.

"І ў Даліне слёз - так, як у раі:

кушчы, травы ў квеце ды расе.

У Даліне слёз і неба грае -

але ціша перуны пасе";


"Смех паклоніцца нізка слязе

за спатканае шчасце";


"Тры дні і тры ночы

праляцелі, як тры пчолкі:

мёду слязіначка свеціцца";


"На раскрылле карычневай страказы

падае чыстае, быццам слязіна, "люблю";


"Але прамень святла на веі ўжо кладзецца ад слязы -

ад той слязы, пасля якой дыханне набывае песня";


"Так не вязаўся мірны краявід з пякельнай ношай слёз"…


У вершы ўсё ж прарывалася тое, на што ў штодзённых стасунках з сябрамі было накладзена табу.

Каб спатрэбілася ахарактарызаваць вершы Ніны Мацяш адным-адзіным словам, я назваў бы іх - далікатнымі. Гэта не азначае, што паэтка цуралася грамадзянскіх тэмаў, зусім не. Але прызванне яе - менавіта ў лірыцы, якая не можа быць не далікатнай.

Ноч. Ні зыку. Ад стала дападае

Ясначолых кацярынак дыханне.

Над зямлёю ледзве-ледзве світае,

А ўва мне і апоўначы - ранне.

Скуль узяўся ты ў мяне гэткі,

Што ва ўсенькай старане наскай

Кветкі толькі ад цябе - кветкі,

Ласка толькі ад цябе - ласка?..


Караценькі верш, але як у ім усё выверана і ўзважана - не раўнуючы як на фармацэўтычных вагах! Гэта якраз той выпадак, калі "ўсе словы дарэчы, усе ўчынкі да месца, усе стрэлы ляцяць у цэль" (Алесь Разанаў).

І яшчэ адзін "учынак да месца" хочацца прыгадаць. Помню, са здымачнай групай Беларускага тэлебачання прыехаў я ў Белаазёрск - тэлевізійнікі рабіць фільм пра Ніну Мацяш, я - браць інтэрв'ю. Пакуль аператар прыладкоўваў камеру, Ніна Язэпаўна пад'ехала на сваім вазку да нацыянальнага сцяга і сказала, што ён мусіць пры здымках быць абавязковым фонам.

Ішоў паслярэферэндумны 1996 год… Аператар разгублена патаптаўся за сваім трыножнікам, параіўся са сцэнарысткай і - пачаў здымаць. На дзіва, той тэлеўрок яшчэ паспеў прайсці ў эфір.

А аднойчы мы прыехалі ў Белаазёрск са светлай памяці дударом Зміцерам Сідаровічам. Проста на беразе Белага возера ён выцягнуў дуду і зайграў - сцішэлай вадзе, крыклівым чайкам і сонцу, што сляпуча адбівалася ў затоцы. І гукі дуды ляцелі далёка-далёка - да каміноў электрастанцыі, да гарадскіх шматпавярховікаў, да вёскі Нівы, дзе ў мнагадзетнай сям'і Язэпа і Алены Мацяшоў 20 верасня 1943 года, на мяжы смарагдавай і залатой восені, нарадзілася дачушка Ніна.

Там, на Бярозаўшчыне, яна вырастала і сталела як паэтка. Засвоіўшы ўрэшце і найвышэйшы паэтычны пілатаж - пускаць у свет словы ўласнай гадоўлі. Бо хоць у самым поўным беларускім слоўніку больш за 100.000 слоў, сапраўдным паэтам іх не хапае, і яны даствараюць мову - шэдэўральны твор, які давершыць, дакончыць, дапісаць проста немагчыма. Скажам, прыдумвалі новыя словы Уладзімір Дубоўка і Рыгор Барадулін, засяроджана вынаходзяць наватворы наш сучаснік Алесь Разанаў.

Стварыла свой мініслоўнічак і Ніна Мацяш. Вось пушчаныя ёю ў беларускі свет словы: прыластаўчыцца, угнездаваць (у сэрца), апірка, святліна, вільгота, дніна, чуйнар, сыплівы (пясок), вогніцца, сонечніцца…

Чытайма яе паэзію (арыгінальную і перакладную), і лягчэй перажывем час культурнага зацьмення, якое апусцілася на нашу грэшную зямлю. Чытайма, бо там - святло, там дэфіцытныя на сёння любоў і міласэрнасць, а яшчэ там - безліч афарызмаў-падказак на ўсе выпадкі жыцця. Накшталт гэтага:

"Гасподзь схіляецца да ўсіх,

ды ніцых духам Ён не чуе".

Неяк я не стрымаўся і наўпрост запытаўся ў Ніны Язэпаўны, як ёй, нягледзячы на стан здароўя, удаецца не толькі самой пазбягаць гэтага ніцадушша, але і пазбаўляць ад яго іншых людзей? І ў адказ пачуў: "Ой, я на такія тэмы і гаварыць баюся. Я пераканана ў адным: чалавек прыйшоў на зямлю не дзеля агрэсіі і разбурэння, ён прыйшоў дзеля любові, каб пашыраць вакол сябе святло, гармонію і красу. Калі ты знаходзішся ў цёмным пакоі, і на цябе цісне цемра, - чыркні хоць сярнічкай, запалі свечачку. І цемра адступіць".

Ніна Мацяш запальвала ўсе свае свечкі, усе свае лямпы - і цемра адступала. Яе прастора заўсёды была светлай, і светлыні хапала на ўсіх. І нават сёння хапае. Сапраўдныя паэты - як далёкія зоркі: нават даўно згаснуўшы, яны працягваюць дарыць нам сваё святло.

Прыгадваецца і наша апошняя сустрэча - 17 снежня 2008 года. Мы прыехалі на Берасцейшчыну з паэтам Васілём Жуковічам і бардам Алесем Камоцкім. Выступілі ў Бярозаўскай СШ №1, дзе дырэктарам выдатны педагог і сябра Ніны Мацяш Мікола Жуковіч, завіталі ў Белаазёрскую гімназію - па запрашэнні Галіны Скарыны, таксама яе сяброўкі. А перад трэцяй сустрэчай, у Белаазёрскім электрамеханічным каледжы, заехалі па Ніну Язэпаўну (раней дамовіліся, што яна да нас далучыцца).

Сустрэла нас паэтка проста з парога… падарункамі. Кожнага абдарыла сваёй пяшчотнай пёркаграфіяй - невялічкай карцінай, дзе замест фарбаў выкарыстоўвалася птушынае пер'е. А потым выказала сумнеў, ці змагу я яе данесці да машыны. На маё рашучае "не сумнявайцеся" прапанавала ўсё ж патрэніравацца ў кватэры. Я падняў яе з вазочка, лёгкую, як пушынка, і закружыўся па пакоі, як у вальсе. Зрабіў некалькі кругоў і падзякаваў за танец. Ніна Язэпаўна ўзрушана цмокнула мяне ў шчаку і неяк разгублена прызналася, што не танцавала ўжо гадоў трыццаць...

На сустрэчы ў каледжы яна была ў цэнтры ўвагі - чытала вершы і пераклады, разам з навучэнцамі натхнёна спявала "Зорку Венеру" і "Калыханку маме".

Вярнуўшыся дахаты, Ніна Язэпаўна папрасіла дастаць з верхняй паліцы томік Сэнт-Экзюперы ў яе перакладзе і надпісала на развітанне: "…Дык няхай не развейваецца сардэчнае святло заўсёднага нашага сумоўя!"

А ўсяго праз дзень, 19 снежня, паэткі не стала. Але святло сапраўды не развейваецца. Яго выпраменьваюць надзвычай светланосныя вершы Ніны Язэпаўны, ім праменіўся Мацяшоўскі паэтычны фестываль, які ладзіўся ў Белаазёрску стараннямі дырэктаркі гарадской бібліятэкі Тамары Кузняцовай, і на які з'язджаліся госці з усёй Беларусі . А мне на душы святлее яшчэ і ад згадкі пра той незвычайны, самы запамінальны ў маім жыцці вальс у прыціхлай кватэры. Вальс з Нінай Мацяш.

Міхась Скобла.

А вось сёлета прыкрай навіной стала адмена ўладамі літаратурна-песеннага фестывалю ў Белаазёрску "Бабіна лета з Нінай Мацяш", а тым болей, што сёлета 80-гадовы юбілей знакамітай паэткі.

На думку літаратара з Берасця, перадусім захаванне і папулярызацыя спадчыны паэткі залежыць ад яе прыхільнікаў і паплечнікаў:

- Тут праца вядома ж вялікая, і ў першую чаргу гэта будзе залежаць ад тых людзей, хто быў знаёмы блізка з ёю, хто захоўвае гэтую спадчыну. Усё яшчэ наперадзе. І я думаю, што вось аднаго імя Ніны Мацяш дастаткова, каб усведамлялі, што гэта наша асветніца. Не толькі Берасцейскай зямлі, а зямлі беларускай.

Паводле СМІ.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

У краіне індзейцаў: Грынкевіч, Карпенка, Пратасавіцкая, Шагал; Ніна Мацяш і іншыя перакладчыкі "індзейскага"

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-38 (53-90) за 2023 г.)

20.09.2023 г. споўнілася б 80 гадоў Ніне Мацяш (1943-2008). І гэта служыць нам нагодай успомніць не толькі яе і яе пераклады, але і некаторыя іншыя з найбольш важных перакладаў на беларускую мову мастацкіх твораў - 1) цалкам прысвечаных індзейцам; 2) іншых яскрава адметных па тых ці іншых прыкметах.

Імя Ніны Мацяш, безумоўна, знакавае: яе пераклад кнігі Жана Аліўе быў першай ластаўкай у катэгорыі асобных выданняў пазнавальнай літаратуры пра індзейцаў не толькі на беларускай мове, а і на любой у Беларусі за ўсе стагоддзі, і прыцягнуў увагу першых індзеяністаў - найбольш Берасцейшчыны, Гарадзеншчыны і Гомельшчыны.

Гэта было важнай падзеяй для беларускай індзеяністыцы - якая ў 1973 г. складалася толькі з першых фактаў выразнай цікавасці ў некаторых з дзяцей, уключаючы - не без гэтага - вырыванне старонак, выразанне фрагментаў старонак з бібліятэчных экзэмпляраў адпаведных кніг. Колькі з 17 тыс. экзэмпляраў беларускага перакладу кнігі Жана Аліўе "У краіне індзейцаў" пацярпела такім чынам - ніхто ўжо не дазнаецца. Але мы ведаем, што вядомая паэтэса Ніна Мацяш, у якой на пэўным этапе была і думка перакласці штосьці з А. Фідлера, у патрэбны час атрымала заказ на пераклад гэтага выдання, у выніку чаго беларускія дзеці ўзбагаціліся ведамі пра індзейскі свет: "Гэта не толькі мастацкі расказ пра жыццё паасобных плямёнаў, а і строга дакументальныя звесткі пра некаторыя з'явы, розныя бакі жыцця. Своеасаблівым "дапаможнікам для гульні ў індзейцаў" могуць быць знакі індзейскай пісьменнасці і табліца "бязмоўнай размовы", у якой розныя спалучэнні пальцаў азначаюць асобныя словы і паняцці".

Кніга Жана Аліўе (Jean Ollivier (1925-2005), "Au pays des Indiens", 1966) выйшла ў СССР толькі ў Менску па-беларуску (1973), але мела пэўны рэзананс і за межамі Беларусі (індзеяністка з Гародні А. Касценка перакладала яе на рускую мову для карыстання сябрамі ў іншых рэспубліках).

Мы пісалі Ніне Іосіфаўне 24.02.1988 г.:

"У краіне існуе даволі шырокі індзеянісцкі рух; індзеяністаў на Беларусі, вядомых нам, да 30 чалавек. У тым ліку адзін у Бярозе і яшчэ адзін - з Бярозы, які зараз жыве ў Мінску (найбольш актыўныя ў індзеяністыцы гады ён правеў на Брэстчыне, і Вы ведаеце яго асабіста: гэта Сяргей Кнырэвіч).

Пішам Вам, разлічваючы на Вашу падтрымку. Індзейцы ў Вашым жыцці, як нам здаецца, займаюць не апошняе месца: кніжку Аліўе Вы перакладалі, напэўна, тыдні, а то і месяцы.

Беларускія індзеяністы вырашылі стварыць свае рэспубліканскае таварыства. Зараз ініцыятыўная група рыхтуе ўсё да ўстаноўчага з'езда, які адбудзецца летам.

Мы звяртаем увагу на кожнага чалавека, хто што-небудзь сказаў або напісаў пра індзейцаў, хто зрабіў што-небудзь "індзейскае". Вы ж вядомы нам не толькі па выключнаму для Беларусі перакладу. Некаторым з нас трапляліся таксама артыкулы з подпісам "Н. Мацяш" і інтэрв'ю (па словах Кнырэвіча), у якіх згадваліся індзейцы.

Пераклады і публікацыі - гэта якраз і ёсць тыя дзве сферы, у якія б Вы маглі, пры адчуванні неабходнасці падтрымаць нас, унесці дадатковы індзеянісцкі ўклад. Існуе шэраг надзвычай цікавых і вартых для перакладу на беларускую мову рэчаў, напісаных на французскай і польская мовах. З'яўленне іх на паліцах магазінаў і бібліятэк - літаратура пра індзейцаў заўсёды карысталася папулярнасцю - магло б выклікаць сапраўдны "бум" цікаўнасці да індзеяністыкі і садзейнічала б адначасова папулярызацыі (што зробіш, прыходзіцца ўжываць гэткае слова) мовы".

Мы прапанавалі Ніне Іосіфаўне стаць ганаровым членам нашага таварыства, ганаровым яно магло быць і ў сувязі з яе жыццём у інвалідным крэсле. Прапанову яна не прыняла і якраз з аргументам, што ўклад павінен быць не адным імем і не з прычыны перакладу адной кнігі, а больш істотны. Яна шчыра адказала, як ацэньвае сябе ў індзеяністыцы. Але мы ведаем з іншых крыніц, што ў яе быў высокі ўзровень не толькі прынцыповасці, але і эмпатыі.

Выданне Аліўе было ў рэчышчы ўзмацнення цікавасці да індзейцаў як дзяржаўнай палітыкі СССР, але мы думаем, што працаваць над перакладам Ніне Мацяш было і проста прыемна.

Яна пераклала таксама "Індзейскую сентэнцыю" Роланда Бальцара, пераклала або мела нейкае іншае дачыненне да кніг "з індзейцамі" або "каля індзейцаў": А. дэ Сент-Экзюперы "Планета людзей" (1984) і "Маленькі прынц" (1989), навелы Гі дэ Мапасана (1987), зборнік Л. Кастэнка (1989). Яна напісала тэлесцэнарый пра творчасць Р. Кента "Гэта я, госпадзі" (пастаўлены ў 1980).

Другая па значнасці падзея ў галіне перакладу - збеларушванне Аркадзем Куляшовым знакамітай паэмы Генры Лангфела "Спеў аб Гаяваце". Яго пераклад выклікаў вялікі і станоўчы рэзананс і стаў адной з падстаў для прысуджэння паэту-перакладчыку Дзяржаўнай прэміі, а лаўрэата, на думку В. Бечыка, натхніў на новыя пошукі ("Куляшоў асабліва многа перакладаў, калі ў яго адбываліся нейкія творчыя перагрупоўкі, калі шукалася і паступова выспявала новая якасць"). Факт перакладу паэмы згадваецца ў многіх выданнях, уключаючы энцыклапедыі і падручнік па беларускай літаратуры для агульнаадукацыйных школ (на жаль, складваецца ўражанне, што аўтары або рэдактары і карэктары таго падручніка не ведалі, што аўтар паэмы не "Лангфел", а Лангфела або Лангфэла - з перадапошнім складам поўнай аднароднасці не было).

Ацэнкі Я. Семяжона ("І пах, і колер, і трываласць"), В. Небышынца ("Вам, хто любіць слухаць казкі, галасы легенд далёкіх"), А. Шаўні ("Шчодрыя скарбы"), В. Нікіфаровіча ("Радость, пережитая дважды"), М. Гамолкі "Тры кнігі перакладаў") былі "радасныя". Падрабязна прааналізаваў пераклад у дысертацыі "Аркадзь Куляшоў - перакладчык" М. Кенька (тэму атрымаў у 1973 г., навуковы кіраўнік - У. І. Гніламёдаў, абараніў у 1978 г.). Яна была перапрацаваная ў кнігу "Майстэрства Аркадзя Куляшова - перакладчыка" (1983).

Ва ўсім багацці водгукаў мы знайшлі тэзісы, што пераклад І. Буніна лепшы за арыгінал, а куляшоўскі - яшчэ лепш, бо ён - лепшы пераклад паэмы на мовы славянскага свету.

Прымаючы пад увагу такія меркаванні, нельга забываць пра надзвычай станоўчыя ацэнкі бунінскага перакладу, з беларусаў - Ю. Гаўруком, які сам быў перакладчыкам з англійскай: "Пераклад І. Буніна "Песні пра Гаявату" Г. Лангфела на рэдкасць блізкі да арыгінала і разам з тым настолькі лёгкі, пявучы, празрысты, пазбаўлены ўсялякіх нацяжак, што зусім не адчуваецца форма, тады як у арыгінале чатырохстопны харэй з ненаціскным канчаткам гучыць не заўсёды натуральна. Адчуваецца, што аўтару часамі прыходзілася заганяць словы ў гэты нязвычны для англійскай мовы памер".

Разам з "У краіне індзейцаў" і "Гаяватай" найбуйнейшым прарывам у галіне мастацкага перакладу стала выданне рамана "Апошняя мяжа" Говарда Фаста. Пераклад мастацкага пераказу гісторыі паходу чаенаў (шаенаў), выкананы У. Шахаўцом, выйшаў у 1957 г., калі аўтар, раней вялікі сябра савецкай краіны, ужо быў на "рэнегацкіх" пазіцыях. Артыкулы пра творчасць Г. Фаста і рэцэнзіі на раман з'яўляліся ў беларускім друку ўжо пасля першых публікацыі яго ў Маскве (на рускай ў 1948 і англійскай 1949 гг.) - калі яго можна было толькі хваліць. Дакладнай карціны, што адбывалася з экзэмплярамі "Апошняй мяжы" пасля пачатку рэзкай крытыкі аўтара ў савецкім друку, мы не маем, але беларускамоўная кніга цяпер - надзвычайная бібліяграфічная рэдкасць.

Як і главы са "Спеву аб Гаяваце", непасрэдна з мовы арыгінала было перакладзенае Н. Белякоўскай апавяданне Анры Барбюса "Крывавая крыніца", дзе "амерыканскія мільянеры пры дапамозе наёмных забойцаў знішчаюць індзейскае племя, на зямлі якога былі адкрыты багатыя залежы нафты. Бізнес, паказвае пісьменнік, непасрэдна змыкаецца з бандытызмам". Першыя рускія публікацыі гэтага твора з'явіліся ў тым жа годзе, што і французская (парыжская), - у "Огоньке" і кнігах Барбюса "Моровое поветрие" (Изд-во ЦК МОПР СССР) і "Правдивые истории", але першае і адзінае беларускае кніжнае выданне 1929 г. мела больш дакладную назву "Розныя факты".

"Апошні з магікан" Фенімора Купера з'явіўся з двух перакладах - у 1940 і 1996 гг. (Я. Маўр і Г. Далідовіч), "Зверабой" - у 1997 г. (Я. Саламевіч).

У 1990 г. "Піянер Беларусі" надрукаваў раздзелы з аповесці Эрнэста Сетана-Томпсана "Маленькія дзікуны", а таксама "індзейскую грамату", - гэта спадабалася юным беларусам.

Раман "Паляўнічы" Джэймса Олдрыджа, у якім значнае месца адведзенае жыццю аджыбвэ (аджыбуэяў), выдадзены па-беларуску ў зборніку выдавецтва "Юнацтва" ў 1996 г., пераклаў яго Максім Валошка (Анатоль Бутэвіч).

Алесь Асташонак, які пражыў усяго 50 гадоў, застаецца ў нашай памяці дзякуючы перакладу рэдкага спалучэння "індзейскіх" твораў: навел "Меланхалічны індзеец" Філіпа Фрэно і "Індзейскі пасёлак" Эрнэста Хэмінгуэя, а таксама прамовы правадыра Чырвонай Накідкі (Сагаеваты) (1993-1994).

Аляксей Зарыцкі пераклаў славуты верш аўстрыйскага паэта Нікалаўса Ленаў "Тры індзейцы" (1977) (знаёмства з творчасцю аўстрыйскага паэта адбылося ў перакладчыка да вайны: томік Ленаў падарыў яму Змітрок Астапенка) і верш ніжне / сербска-лужыцкага паэта Мата Косыка "Індыянка" (1969), пазнаёміўшы беларускага чытача і з акалічнасцямі іх стварэння ў нарысах пра аўтараў, якія жылі ў Злучаных Штатах і адлюстравалі ў першым выпадку пратэст супраць прыгнёту індзейцаў, больш жорсткага, чым "негерманскага" насельніцтва Аўстра-Венгрыі, у другім - настальгію па Лужыцы, калі індыянка нагадвае паэту лужычанку.

Калі пераклад Нінай Мацяш кнігі "У краіне індзейцаў" быў выпадковым з боку перакладчыка, то, хоць мы і не ведаем дакладна акалічнасцей у абодвух выпадках, Мікола Лупсякоў мог выбраць для перакладу твор Дж. Лондана вельмі мэтанакіравана. Лупсякоў - адзін з рамантычных герояў паўднёва-ўсходняй Беларусі, яго "дзівацкі", "гек-фінаўскі" валацужны лад жыцця пры здольнасці дакладна і выразна пісаць выклікаў адначасова і спачуванне, і захапленне ў многіх. Кніга Джэка Лондана "Смок Белью" выйшла ў Менску спачатку ў перакладзе на беларускую мову Лупсякова (1947), а потым таксама па-руску (1955, абедзве - Дзяржвыд БССР). Адно з паўночных апавяданняў у перакладзе У. Чаркаса надрукаванае ў 1984 г. у зборніку "Далягляды".

Кен Кізі - кумір заходняй публікі, аўтар твора, дзеянне якога адбываецца ў псіхіятрычнай клініцы з удзелам індзейца і які дачакаўся выдання на беларускай мове толькі ў 2017 г. Перакладзены ён супрацоўнікам "Радыё Свабода", што можа значыць, што прынятыя ўяўленні пра гэтую радыёстанцыю як пра "Залатую клетку", у якой людзям дазваляецца многа, але не ўсё, - не зусім дакладныя. Як і фільм "Золата Макены", кніга, якая стала шырока даступнай спачатку па-руску, - адзін з самых значных прыкладаў, калі жыхары СССР і ранніх незалежных рэспублік змаглі адчуць "свабоду".

У зборніку паэзіі "Партрэт у вігваме" (1979) украінскага пісьменніка Багдана Чалага змешчана аднайменная паэма пра канадскіх індзейцаў і іх павагу да "правадыра сусветнага пралетарыяту" (пераклад Артура Вольскага, малюнкі М. Рыжыкава).

Той жа матыў, толькі ў сувязі з забастовачным рухам, салідарнасцю паміж белымі рабочымі і індзейцамі, гучыць у апавяданні Мелькальма Кіркленда са зборніка "Сакрэт забастоўкі" (Мінск, 1937; пераклад А. Якімовіча з рускага выдання 1935 г.). Апавяданні, уключаныя ў зборнік, у тым ліку "Сіксіка" (гэта ў загалоўку - этнонім чарнаногіх без перакладу яго на англійскую або беларускую) - першая спроба пяра аўтара, гандлёвага служачага, - былі першапачаткова надрукаваныя ў часопісе амерыканскіх піянераў "Нью-Пайёнір" і газеце кампартыі "Дэйлі Уоркер" (малюнкі, таксама ўзятыя з рускага выдання, належалі амерыканскаму мастаку-рэвалюцыянеру, які пераехаў у СССР).

Эпізадычнае або разавае з'яўленне індзейцаў адзначанае ў вялікай колькасці беларускамоўных выданняў.

З дастаткова знакавых і запамінальных сярод такіх твораў - апавяданне амерыканскага пісьменніка Эмброўза Бірса "Чужынец", у якім адлюстравалася яго цікавасць, як піша перакладчык Алесь Кудраўцаў, да "тэмы містыцызму і жахаў": аскальпаваныя і знясіленыя пасля вымушанага самазабойства ахвяры апачаў расказваюць пра сваю смерць у пячоры, каля якой праз трыццаць гадоў спынілася яшчэ адна група "джэнтльменаў".

У перакладзеным з англійскай на беларускую мову Ю. Гаўруком "аўтабіяграфічным рамане" аўстралійскай пісьменніцы Катарыны Сусанны Прычард "Дачка Урагану" (1977) апісваецца спроба (у чымсьці падобная на "візіт" С. Яновіча на тэрыторыю рэзервацыі ў Антарыа) наведаць рэзервацыю ў Брытанскай Калумбіі (раён Ванкувера). (Мы думаем, што схільны да эпігонства і пераймання У. Караткевіч "узяў" выраз Прычард для назвы "Маці Урагану".)

У перакладзе В. Небышынца выйшаў раман Эрнэста Хэмінгуэя "Па кім звоніць звон" (1991), герой якога Роберт Джордан, амерыканец у інтэрбрыгадзе іспанскай рэспубліканскай арміі, у "асацыяцыях", размовах з баявымі таварышамі і ўспамінах неаднаразова прыгадвае індзейцаў (служба дзеда ў форце Кірні, сутычкі з індзейцамі, Кастэр па-над Літл-Біг-Хорнам у бітве з "індзейцамі племені сіу", іншыя "героі" "нерэгулярнай кавалерыі", а таксама Картэс, Пісара і Менэндэс дэ Авіла Педра, пра якіх перакладчык і аўтар каментарыяў дае кароткія звесткі).

З "выпадковых" можна адзначыць хіба тыя пераклады, што належаць мэтрам літаратуры вышэйшай катэгорыі.

У. Караткевіч пераклаў са славацкай мовы аповесць для дзяцей "Цяжка быць мустангам" (1981) Элеаноры Гашпаровай, дзе, нягледзячы на назву, няма ні мустангаў, ні індзейцаў, а толькі нейкая "КРЫВАЯ МОРДА", скапіраваная "з адной кніжкі пра жыццё індзейцаў".

Мы пакуль абмінаем лацінаамерыканскія літаратуры, якія далі пэўны індзейскі матэрыял у беларускай версіі. Са старонак зборніка выбранай паэзіі Пабла Няруды "Крыві бунтоўнай кроплі" (1976), напрыклад, паўстаў "класік зямлі ... араўканскай, кастылец мовай, сведка Эль Грэка... сын Апалінэра альбо Петраркі... птах Васіля Блажэннага". Перакладчык - Карлас Шэрман. Ён жа і Рыгор Барадулін паклапаціліся, каб беларусам сталі вядомымі метысы - нобелеўскія лаўрэаты М. А. Астурыяс і Г. Містраль. Беларусы перакладалі А. Паса, Х. Л. Борхеса, Г. Гарсія Маркеса. З нядаўніх перакладаў - "Зіма Гюнтэра" Хуана Мануэля Маркаса (з іспанскай Васіль Песенка, 2017).

Мы адносім кнігі Карласа Кастанеды ў катэгорыю мастацкіх твораў. Частку адной з іх пераклаў Алег Жлутка. Магчыма, хто-небудзь захоча выдаць Кастанеду і звернецца да Алега з просьбай перакласці рэшту.

Варта звярнуць увагу, што кніга "Ванкуверскія легенды" Полін Джонсан у перакладзе Ірыны Варабей з Таронта з'явілася таксама толькі ў выглядзе электроннага выдання, але пасля чакання яе запланаванага выхаду на паперы.

Беларускі пераклад Алеся Баркоўскага " The Ransom of Red Chief" О. Генры таксама застаўся квазівыданнем, але версія ў перакладзе М. Чарняўскага надрукаваная ("Правадыр Чырванаскурых").

"Заходнік"-індзеяніст Сяргей Кнырэвіч (Бяроза) таксама спрабаваў рабіць пераклады індзейскіх кніг - найперш з польскай і нямецкай. Ён асабліва цікавіўся бітвай на Літл-Біг-Хорн (пінскі "грыназнавец" Сяргей Талкачоў у 1987 г. падараваў нам кнігу П. Франка (Frank, Patty. Die Indianerschlacht am Little Big. 2. Aufl. Berlin: Verl. des Ministeriums fuer Nationale Verteidigung, 1957), мы перадалі яе Сяргею, а ён нам, у парадку адмену, разам з іншым, - кнігу Уільяма Камю (Camus) "Mes ancetres les peaux-rouges" (1973) з прадмовай Жана Аліўе).

Мы не згадваем газетныя публікацыі легенд і казак, а таксама пераклады, якія знайшлі ў інтэрнэце - як "Гісторыі, якія іракезы расказваюць сваім дзецям" Мэйбл Паўэрс (Паўэрз, Mabel Powers, з англійскай Юлія Цімафеева: "Stories the Iroquois tell their children"): "Той жа ноччу індзейцы зладзілі свята і танцы ў гонар паляўнічага. З таго часу індзейцы палюбілі птушак, якія прыносяць весткі, і ніколі не страляюць у галубоў".

У свой час нам прыйшла ідэя скласці зборнік вершаў пра індзейцаў у беларускіх перакладах. Наўрад ці гэта ўдасца ажыццявіць - мастацкая літаратура і тады не была нашым прыярытэтам, а прыярытэты на розных этапах пераходзілі на рэальна больш каштоўнае - сярод якога на першым месцы эксклюзіў, атрыманы праз перапіску.

Літ.:

969 Біяграфічная даведка // Мацяш Н. Паварот на лета: вершы, паэмы. Мн., 1983. С. 153-154.

4630 Рэут Г. I. Бібліяграфія / Мацяш Ніна // Беларускія пісьменнікі: біябібліяграфічны слоўнік: у 6 т. Т. 4 / пад рэд. А. В. Мальдзіса. Мн., 1994. С. 266-269.

59 Аліўе Ж. У краіне індзейцаў / пер. з фр. Н. Мацяш; макет і афармл. В. Аланцьева; мал. Р. Маро, Дж. Катліна. Мн., 1973.

3567 Бальцар Р. Старыя вершы; Усмешка; Рунічныя пісьмёны; Ружы ў лістападзе; Уран; Індзейская сентэнцыя; Тао; Сустрэча; Казка; 3 нягучнага; Слова; Мудрацы; Час: [вершы ] / прадм. і пер. Н. Мацяш // Полымя. 1997. № 1. С. 227-233.

1538 Ліпскі У. С. Мацяш Ніна Іоcіфаўна // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. Т. 3. Мн., 1986. С. 490.

64 2248 Кастэнка Л. Іма Сумак // Кастэнка Л. Лірыка / пер. В. Коўтун; Маруся Чурай: гістарычны раман у вершах: з укр. / пер. Н. Мацяш; прадм. Т. Каламіец. Мн., 1989. С. 32-33.

1 Купер Ф. Апошні з магікан / пер. з рус. [Я. Маўра]. Мн., 1940.

4641 Купер Дж. Ф. Апошні з магікан або Аповесць пра 1757 год: раман / [пер. на бел. мову Г. В. Далідовіча]. Мн., 1996.

5509 Купер Дж. Ф. Зверабой, або Першая сцяжына вайны / [пер. на бел. мову Я. Саламевіча]. Мн., 1997.

2789 Фрэно Ф. Меланхалічны індзеец: навела / пер. з англ. А. Асташонка // Крыніца. 1994. № 9. С. 99-100.

2788 Хэмінгуэй Э. Індзейскі пасёлак: навела / пер. з англ. А. Асташонка // Крыніца. 1994. № 9. С. 97-98.

2469 Сагаевата. Прамова правадыра Чырвоная Накідка / пер. з англ. А. Асташонка // Літаратура і мастацтва. 1993. 10 верас. С. 16.

537 Сіменон Ж. Раманіст: лекцыя // Сіменон Ж. Пад страхам смерці: раман, аповесці / пер. з фр. А. Асташонка; уклад. і прадм. Л. Казыры. Мн., 1992. С. 340-364.

231 Ленаў Н. Тры індзейцы // Літаратура і мастацтва. 1977. 7 кастр. С. 15.

230 Ленаў Н. Тры індзейцы // Зарыцкі А. У свет па песні: выбраныя пераклады паэзіі. Мн., 1978. С. 94-95.

5598 Ленаў Н. Тры індзейцы // Зарыцкі А. Выбраныя творы: у 2 т. Т. 2: Паэмы і пераклады, 1930-1980. Мн., 1981. С. 205-206

17 Лёндан Дж. Белы Iкол: [раман] / пер. з рус. Пфляўбаўм. Мн., 1932.

19 Лёндан Дж. Бук - паштовы сабака / пер. з рас. М. Стагановіч. Мн., 1930.

18 Лондан Дж. Белы клык: пер. з рус. мовы. Мн., 1939.

4642 Лондан Дж. Кліч продкаў; Любоў да жыцця; [Белы ікол]: аповесці, апавяданне / пер. з рус. Н. Саламевіч, А. Саламевіча; [мастак А. К. Шэвераў]. Мн., 1997.

21 Лондан Дж. Мечаны / пер. У. Чаркаса. // Далягляды, 1984. Мн., 1984. С. 135-142.

20 Лондан Дж. Смок Белью / пер. М. Лупсякова; рыс. К. Арцэулава. Мн., 1947.

8592 Удзячнасць дзікага: [апавяданне; пер. з пол.] // Заранка. 1929. № 2-3 (лют.). С. 29-31. (Пер. С. Крыўца, псеўданім Пастушок.)

10522 Кізі К. Палёт над гняздом зязюлі: раман / пер. з англ. А. Знаткевіча. Мн., 2017.

12382 Генры О. Правадыр Чырванаскурых: [апавяданне; пер. з рускай мовы М. Чарняўскага; мастак С. Рыжыкава]. Мн., 2022.

527 Бірс Э. Чужынец / пер. з англ. А. Кудраўцава // Далягляды, 1992 / уклад. А. Гардзіцкі; рэдкал.: А. Вярцінскі (гал. рэд.) і інш. Мн., 1992. С. 75-78.

12303 Матяш Н. Трагедия американских индейцев // Советская Белоруссия. 1982. 9 февр. (Мацяш Мікалай Уладзіміравіч, выпускнік МДУ па спецыяльнасці "журналіст-міжнароднік" (1987), працаваў у Федэральнай службе навін у Вашынгтоне, у 1996 г. скончыў там Школу міжнароднай службы Амерыканскага ўніверсітэта з атрыманнем дыплома магістра ў галіне міжнародных адносін і міжнароднай палітыкі і ступені MA.)

1602 Матяш Н. Отверженные / рис. С. Осипова // Знамя юности. 1982. 21 апр.

ГРЫНКЕВІЧ Мікалай (18) - Сан-Францыска не дае нам карцін бітваў з індзейцамі, але мастацкі фільм пра школу ў Сан-Францыска - чаму б і не?

Здымкі фільмаў "індзейскай серыі" кінастудыі ДЭФА рабіліся ў такіх аддаленых адно ад аднаго месцах Старога Свету, як Югаславія, Беларусь і Узбекістан. Многія беларусы бачыліся з Гойка Міцічам, у т.л. і індзеяніст Сяргей Ягорачкін, які сфатаграфаваўся разам з ім. Сяргей сабраў фенаменальна вялікую калекцыю фільмаў пра індзейцаў і Дзікі Захад (і ў яго вялікая бібліятэка кніг на гэтую тэматыку), пра якую можа меркаваць па секцыі з дыскамі ў шафе ў яго "індзейскім" пакоі.

Не сустракаўся з Гойка Міцічам, але больш за 50 гадоў малюе індзейцаў настаўнік на Гомельшчыне. Ён рабіў афішы для адмысловага фестывалю ў Харватыі, а ад Гойка Міціча мае прывітанне ў выглядзе аўтографа.

Наш перакладчык Багдан Віслаўскі - культурны дзеяч, панонска-русінскі лідар, кіраўнік Саюза русінаў-украінцаў Сербіі. Ён унёс уклад у сербска-індзейскія, русінска-індзейскія сувязі праз гэты свой пераклад.

"О ШКОЛИ

У школи 23 хлапци. Вони подзелєни на три класи. Учальнї служа вєдно и за забаву. Хижи за рекреацийни годзини нєт нїякей. Шицки учальнї (спальнї тиж) ше находза у пиньвици. Два з нїх так слабо ошвицени, же на їх штредку уж нє треба розберац друковани кнїжки. Вентилациї нїякей. Влага и смрод. Друга класа и єдальня змесцени у єдней такей хижи.

За осемрочних хлапцох ше одноша правила и водза таки способ живота , як и 15-рочни. Роспорядок заняцох їм таки: класни заняца з учителями 3 1/2 годзини (од 1 1/2 до 5 пополадню) пририхтованє задачох 3 годзини (8 - 11 рано) шпиванє 2 годзини (11 - 12 рано и 5 - 6 вечар) церковна служба 2 годзини (6 1/2 - 7 1/2 рано). По соботох и шветох предлуженє служби до 6 годзини на дзень. Зопераю дзецом ношиц длугоки власи, од чого ше уши розвили силно...

Епископ присвоєл себе пенєжи дзецох, допутуюцих з нїма тадзи. Їм шицким (12 людзох) були видани вигнаня, и од вигнаньох у каждого остало нє менєй як по 200 долари. Даскельо людзох зоз допутуюцих дзецох уж послати на Аляску, и анї єдному з нїх нє дали пенєж, гоч же би купели яке-таке облєчиво, непатраюци вецей цо очигладни нужди". [trans. into Pannonian Rusyn by Bogdan Vislavski]

(Гринкевич, Николай. О школи / пер. з рос. Богдана Виславского // Веснік БІТ. 2017. 30 студз. № 6.)

КАРПЕНКА Ігар - міністр адукацыі быў кіраўніком беларускай дэлегацыі на XIX Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў у Сочы ў 2017 г. У яе складзе было 300 чалавек. Сярод прадстаўленых арганізацый і Беларуская рэспубліканская скаўцкая асацыяцыя, Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА.

Прадстаўнікі БРСМ правялі адкрыты дыялог на тэму "Моладзь за мір і добрасуседства", на што звярнуў асаблівую ўвагу Карпенка, расказваючы пра падзеі фестывалю: "Усе маладыя людзі сышліся ў меркаванні, што перамоўная пляцоўка для новага Хельсінкскага працэсу сапраўды патрэбна для таго, каб абмеркаваць пытанні мірнага суіснавання паміж краінамі, іх перспектыўнага ўзаемадзеяння", - цытавала Карпенку "Звязда" (з карэспандэнцый "звяздоўца" І. Крыжэвіча, які прысутнічаў на фестывалі).

Такім чынам, можна сказаць, што Беларусь на фестывалі паказала сваю адметнасць і нацыянальным стылем афармлення прэзентацый, і практычна сусветным лідарствам у выказванні заклапочанасці наяўнасцю ў свеце ўзброеных канфліктаў.

У памяці беларускіх ўдзельнікаў застаўся і ўдзел у фестывалі тэлевядоўцы Алены Хангі - яе выступленне па пытаннях, якія тычацца тэлежурналістыкі.

Алена Ханга мае надзвычай складанае паходжанне, пра якое можна даведацца з інтэрнэту, - прысутнічаюць усе тры асноўныя расы зямлян, мангалоідную прадстаўляюць індзейцы, калі верыць звесткам, што маці дзеда Алены Олівера, спачатку раба, а потым багатага землеўладальніка ў Місісіпі, была напалову індыянкай (Кэтрын Голдэн). Жонка Олівера - польская яўрэйка Берта Бялек. Іх гісторыя пачыналася ў Ташкенце, Олівер Голдэн унёс уклад у станаўленне ўзбекскага бавоўнаводства як аднаго з перадавых у свеце.

Многія бачыліся з Аленай Хангай па яе журналісцкай рабоце і нефармальна, не ведаючы, што яна ў невялікай ступені індыянка або, як мінімум, мае сямейную гісторыю пра гэта.

Нашчадкі неграў і індзейцаў - самба - прадстаўленыя ў Беларуска-індзейскай бібліяграфіі імем аўтара Анджэла Херндана, хаця гэта таксама можа быць спрэчным - Вікіпедыя не падкрэслівае яго індзейскія карані так, як у выпадку з Хангай. Кніга афраамерыканскага рабочага арганізатара, зняволенага галоўным чынам на падставе знойдзенай у яго нумары ў гатэлі "камуністычнай літаратуры" (пра гульню маладога Леніна ў індзейцаў?), перакладзеная на беларускую мову: "Я буду жыць" (Энджэло Херндон. Мн.: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі. Мастацкая літаратура, 1939; экзэмпляр раней быў у нашай бібліятэцы і разам з іншымі даваеннымі выданнямі цяпер працягвае служыць страве папулярызацыі / дэцэнтралізацыі рэдкага беларускага друку па абласцях.)

Літ.:

10304 Харкевич А. Уважая прошлое, строим будущее! // Маяк (Гомель). 2017. 13 сент. ("Навстречу фестивалю": пэўную цікавасць фестываль у Сочы, які меў адбыцца, выклікаў і ў "старых" інтэрнацыяналістаў у Гомелі. Два індзеяністы з гэтай нагоды выказаліся на шэраг сугучных тэм у інтэрв'ю, узятым каля Свята-Нікольскага манастыра. Як і большасць іншага з добрых ідэй, намер нефармальных актывістаў Гомеля прыняць удзел у падзеі скончыўся толькі абмеркаваннем.)

ПРАТАСАВІЦКАЯ Крысціна - дэлегацыя Берасцейскага дзяржаўнага ўніверсітэта на XIX Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў у Сочы складалася з трох чалавек, акрамя яе - Іна Цярковіч і Мікалай Вабішчэвіч. Усяго фестываль сабраў дзясяткі тысяч "маладых прафесіяналаў" і проста гасцей з больш чым 180 краін.

Пэўны ажыятаж фестываль, які меў адбыцца, выклікаў і ў Гомелі ў "старых" інтэрнацыяналістаў - далёка не юнакоў. Два індзеяністы з нагоды яго выказаліся на шэраг сугучных тэм у інтэрв'ю для газеты "Маяк". Як і большасць іншага з добрых ідэй, намер нефармальных актывістаў Гомеля прыняць удзел у падзеі абмежаваліся абмеркаваннем.

Рэальная ж удзельніца Крысціна Пратасавіцкая, студэнтка 4 курса філалагічнага факультэта БрДУ, расказала, як гэта пададзенае Юліяй Воўк, рэдактарам студэнцкага клуба:

"Першае яркае ўражанне звязана з адкрыццём фестываля. Рэжысура канцэрта, калі на сцэне спікеры разам з артыстамі імкнуцца данесці да гледачоў важнасць той ці іншай праблемы, не пакінула раўнадушным нікога. Ва ўсіх удзельнікаў каля крэсла была спецыяльная атрыбутыка, з дапамогай якой можна было рэагаваць на тое, што адбываецца на сцэне. Напрыклад, падчас размовы пра рак мы прышпільвалі да вопраткі фіялетавыя стужачкі, што азначала наша спачуванне тым, каго закранула гэтае захворванне.

Сярод пляцовак адзначу "Глабальная палітыка" і "Новыя медыя". Уразіла выступленне тэлевядучай Алены Хангі, прадстаўнікоў першага канала, іншых медыйных асоб, якія расказвалі пра стварэнне відэа-кантэнту, інфармацыйныя войны, асаблівасці працы спецкораў.

Запомнілася сустрэча з дырэктарам Дэпартамента інфармацыі і друку МЗС РФ Марыяй Захаравай. Яе выступленне было прысвечана фейкавым навінам, яна на яркіх прыкладах паказала, як такая інфармацыя ўплывае на адносіны Усходу і Захаду, на жыццё асобных людзей.

Нездарма кажуць, што ў спрэчцы нараджаецца ісціна. Смелае выказванне свайго меркавання кожным удзельнікам дапамагала знайсці адказы на розныя пытанні. Напрыклад, дэлегаты вырашылі, што валанцёрства пачынаецца з кожнага чалавека - з дапамогі бабульцы-суседцы, сябрам, а потым і незнаёмым людзям. Менавіта так, крок за крокам, можна зрабіць свет і сябе лепшымі і дабрэйшымі".

Літ.:

10304 Харкевич А. Уважая прошлое, строим будущее! // Маяк. 2017. 13 сент. (Навстречу фестивалю.)

ШАГАЛ Марк (Chagall) - ліёзненскі ўраджэнец найбольш сутыкнуўся з індзейцамі ў Мексіцы, дзе знаходзіўся ў 1942-1943 г. у сувязі з работай над дэкарацыямі для балета "Алека", прэм'ера якога адбылася ў Мехіка ў верасні 1942 г.

Шагалы пасяліліся на ўскраіне Мехіка, таму, як пісала Н. Апчынская ("Марк Шагал у Амерыцы", 2010), яны штодзённа рабілі "доўгі шлях да тэатра, падчас якога мастак патанаў у трапічную флору і экзатычнае жыццё мексіканскай сталіцы".

"У Амерыцы Шагал ствараў нярэдка яшчэ больш фантасмагарычныя, чым раней, кампазіцыі. Гэтаму спрыяла, магчыма, ізаляцыя ад кола звыклых уражанняў, а таксама знаёмства з экзатычным светам Мексікі, з яе прыродай і фальклорам. Пеўні і коні, якія заўсёды насялялі палотны і графічныя лісты Шагала, зараз вырастаюць да гіганцкіх памераў і становяцца яшчэ больш цудоўнымі. Такое палатно 1944 г. "Слухаючы пеўня", у якім певень, як у фальклоры шматлікіх народаў свету, з'яўляецца ўвасабленнем часу, агню, сонца і актыўнага творчага і мужчынскага пачатку. Галоўнага персанажа дапаўняе карова з чалавечай галавой, народжанае ў ночы дрэва цягнецца да сонца, і ўсё ў цэлым стварае вобраз, поўны глыбіні і радасці".

Прыехаўшы ў Мексіку, ён хутка пачаў цаніць "прымітыўныя асаблівасці [ways] і маляўнічае мастацтва мексіканцаў", адзначае Р. Канья (Cogniat). Ён знайшоў "нешта вельмі цесна звязанае са сваёй уласнай прыродай".

Прэм'ера балета ў Палацы прыгожых мастацтваў (Palacio de Bellas Artes) была надзвычай паспяховай, і яе бачылі вядомыя мастакі, якія, як выглядае, прыйшлі найперш з мэтай паглядзець на работу Шагала, - сярод іх Д. Рывера і Х. К. Ароска. У час 19-кратнага падняцця заслонаў на сцэну шматразова выклікалі і самога Шагала. Праз чатыры тыдні пастаноўка была паказаная ў Метраполітэн-опера, дзе "Шагал быў героем вечара" зноў.

Цыганскі матывы свабодна вар'іравалі ў яго эскізах касцюмаў да чатырох актаў балета, створаныя былі і пано - "Каханне ў месячным святле", "Карнавал", "Два сонцы" (або "Пшанічнае поле пасля поўдня") і "Бачанне Пецярбурга". Шагал папрасіў мексіканскіх майстрых пашыць балетныя касцюмы.

У Мексіцы Шагал таксама пазнаёміўся з Фрыдай Кало.

У 1944 г., у час жыцця Шагала ў Нью-Ёрку, памерла яго муза і жонка Бэла, ураджэнка Віцебска. Калі ён рыхтаваў касцюмы і дэкарацыі для балета "Жар-птушка", на заслоне ён адлюстраваў жанчыну-птушку з тварам Бэлы. З гэтым балетам звязаныя імёны індзейскай балерыны М. Толчыф і кампазітара І. Стравінскага.

Такім чынам, у творчасці Шагала артыстычны певень суадносіўся з мужчынам, а жар-птушка - з жанчынай.

Літ.:

4418 Костюкович А. Огненная Фрида // Имя. 1998. 4 июня. С. 11.

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou, researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

Индейцы, Indianie, Indians, indigenas, indios de America y Belarus; Grinkevich On the School Project (Church school in San Francisco, 1888-1892).

Мінулае знайшлі ў Ганчарах

Аксана Вечар з тэлепраектам Белтэлерадыёкампаніі "Наперад у мінулае" наведала аграмястэчка Ганчары.

Творчы калектыў Ганчарскага Дома культуры прадставіў здымачнай групе тэлеканала абрад "Напаўненне сявенькі", які святкуецца на беларускае народнае свята "Багач".

ТК "Культура Лідчыны".

Пра чарніліцы і не толькі

21 верасня ў Лідскім замку адкрылася выстава "Пра чарніліцы і не толькі".

На выставе прадстаўлены прадметы з фондаў Лідскага гістарычна-мастацкага музея, частка якіх раней належала калекцыянеру Чаславу Серафіновічу. У інтэрактыўнай зоне можна з дапамогай пяра і чарніла напісаць літары і нават паставіць кляксы!

ТК "Культура Лідчыны".

Віленскі альбом

(Вільня, творчая інтэлігенцыя, краёўцы)

Станіслаў Лорэнц

(Заканчэнне. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Пазней, пасля Варшаўскага паўстання ў 1944 г., ён зрабіў для нас серыю партрэтаў. Пасля вайны ў Нацыянальным музеі Варшавы ён спецыялізаваўся на кансервацыі жывапісу. Жонка Казіміра Квяткоўскага кіравала балетнай школай. Яе юная вучаніца Міка (дзявочага прозвішча і поўнага імя не памятаю) вельмі спадабалася Казіміру. Урэшце Казімір развёўся і ажаніўся з Мікай. Калі мы прыехалі ў Вільню, яны ўжо былі разам. Міка была сімпатычнай, вельмі стройнай, жвавай, вясёлай і мела вялікі поспех, аб чым сведчыць выпадак з Дунікоўскім. Менавіта ў 1931 г. пяць скульптараў былі запрошаны прыняць удзел у конкурсе на помнік Міцкевічу. Аднойчы ў нядзелю мы сядзелі з вялікай кампаніяй сяброў у цукерні Рудніцкага на рагу вул. Міцкевіча і Кафедральнай плошчы. У цукерню са смехам ўварвалася Міка і сказала: "Уявіце, што са мной здарылася сёння раніцай. Пайшла у краму па булачкі і малако, а тут на вуліцы нейкі стары вырадак, маленькі, непрыгожы, назойлівы і з агіднай усмешкай, робіць мне бурныя прапановы. Я ледзь ад яго адчапілася". У гэты момант адчыняюцца дзверы, і ўваходзіць скульптар Дунікоўскі. Міка ўсклікае: "О, гэта той!".

У цукерні Рудніцкага мы амаль кожны дзень сустракаліся з Хопенам, Мікай і Казімірам Квяткоўскімі, Ямантам (старым халасцяком) і многімі іншымі сябрамі. Па вечарах часта хадзілі ў рэстаран гатэля "Брыстоль", дзе было значна танней, чым у Георга. Часам хадзілі і ў "Зацішша" па вуліцы Міцкевіча, "У Мацея" ці ў "Букет".

Адным з нашых блізкіх сяброў быў пейзажыст Браніслаў Ямант, які доўгі час маляваў Вільню, віленскія вуліцы і архітэктуру, пакуль не трапіў ва ўніверсітэт, а потым не стаў чыноўнікам Віленскага староства. Гэта не было непрыемным для мастака, бо тагачасны стараста Ішора быў вельмі культурным і добразычлівым чалавекам. У цукерні маўклівы і сардэчны Ямант заўсёды маляваў на папяроснай паперы, якую мы, вядома, бралі з сабой. Ён любіў маляваць і асабліва карыкатуры, Стэфана Нарэмбскага цікавіла не толькі гістарычная архітэктура і архітэктурная творчасць, але і віленскае мэблярства першай паловы ХІХ ст. Яго дачка, графік Бася Нарэмбска-Дэмбска-Казлоўская, пасля вайны была вельмі актыўнай у Торуні.

Такім чынам, гэта было асяроддзе віленскіх мастакоў, з якімі, як і з выкладчыкамі ўніверсітэта, я вельмі блізка пасябраваў падчас майго побыту ў Вільні. Афіцыйным актам гэтага сяброўства стала адкрыццё юбілейнай выставы Віленскага таварыства выяўленчых мастацтваў, пра што паведамляў віленскі друк: "Учора [1 чэрвеня 1930 г.] а 1-й гадзіне дня ў па-тышкевіцкім палацы (на рагу Арсенальскай і Зыгмунтоўскай над Віліяй) адбылося ўрачыстае адкрыццё юбілейнай выставы Віленскага таварыства выяўленчых мастацтваў, якому сёлета спаўняецца 10 гадоў. Выставу адкрыў прэзідэнт таварыства Людамір Сляндзінскі, які пасля кароткай прамовы падарыў спадару Рачкевічу цудоўную тэчку з арыгінальнымі эскізамі членаў Таварыства".


Ужо ў першыя месяцы майго побыту ў Вільні завязаліся ад пачатку добрыя і сяброўскія, вельмі блізкія і асабістыя стасункі з двума выдатнымі прадстаўнікамі "краёўцаў", выхадцамі з абшараў былога Вялікага Княства Літоўскага, цесна звязанымі з гэтай зямлёй, якія падкрэслівалі асобнасць літоўскіх зямель у складзе Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў.

Казімір Акуліч, дэпутат Сойму, рэдактар "Газеты Краёвай", а потым "Кур'ера Віленскага", юрыст, які вучыўся у Дэрпце і быў членам студэнцкай карпарацыі "Арконія", з'яўляўся вельмі ўраўнаважаным чалавекам. Ён дапамагаў мне ў маёй працы і заўсёды для мяне былі адкрыты старонкі яго газеты. На Акуліча ўвесь час люта нападала "Слова" Станіслава Мацкевіча. Падчас вайны рэдактар "Слова" апынуўся ў Лондане і пасля вайны быў міністрам аднаго з эміграцыйных урадаў. Я спаткаў яго каля 1970 г. у Лондане падчас майго побыту ў клубе "Белы Арол". Да мяне прыйшоў тады мой добры сябар дзяцінства Тытус Камарніцкі, і мы з ім размаўлялі да поўначы. У размове згадалася імя Мацкевіча, і Казімір сказаў мне: "Ведаеш, мы тут у эміграцыі памірыліся, ён мне нават спадабаўся, мы абодва з Вільні".

Другім "краёўцам", якога я сустрэў у той час, быў Людвік Хаміньскі. Ён таксама належаў да маладой генерацыі. Старэйшыя "краёўцы" - гэта найперш галоўны віленскі масон, адвакат Вітольд Абрамовіч, які потым стаў сенатарам, потым быў вывезены на ўсход, і пра яго больш нічога не вядома. Важную ролю сярод іх адыгрывалі адвакат Браніслаў Кжыжаноўскі і Ян Пілсудскі, сярод тых, хто спачуваў, былі Станіслаў Лапацінскі, Аляксандр Мяйштовіч, Аляксандр Лядніцкі, Аляксандр Хаміньскі (бацька Людвіка). З малодшых, акрамя Акулiча - прафесар Вiтольд Станевiч, Мар'ян Касцялкоўскi які потым стаў міністрам сельскагаспадарчых рэформаў. Доўгі час ідэйным апекуном гэтай групы быў Юзаф Пілсудскі і побач з ім - Аляксандр Прыстар.

Прафесар Зыгмунт Юндзіл, таксама "краёвец", у сваіх успамінах, апублікаваных у лонданскай "Alma Mater Vilnensis", піша пра маладзейшых: "Сярод іх я бачу Людвіка Хаміньскага, гарачага, амбітнага, тады яшчэ маладога чалавека тыпу "выбітнага палітычнага дзеяча", які па-сапраўднаму адчуваў шырокія народныя масы. Ён не шкадаваў сіл і працы, значную частку сваёй фартуны аддаваў выдавецкай працы, спрыяў развіццю польскай кнігі ў краі, друкаваў нелегальныя выданні, пракламацыі, бюлетэні і іншае. Шмат пісаў у дэмакратычных часопісах, урэшце, пасля Людвіка Абрамовіча, стаў рэдактарам "Газеты Краёвай". Калі ўвесну 1929 г. я пазнаёміўся з ім, Людвік Хаміньскі быў паслом у Сойм, членам партыі "Вызваленне", сябрам Станіслава Тугута. Меў двух сяброў, буйных абшарнікаў, прыхільнікаў зямельнай рэформы без кампенсацыі. Крыштаф Радзівіл, мой універсітэцкі сябар, калі я яму сказаў: "Дык пачні сам з падзелу маёнткаў паміж сялянамі", - адказаў: "Гэта было б глупствам. Усе маёнткі трэба падзяліць".

Так думаў і Люк (так мы звалі Людвіка Хаміньскага). Адразу пасля знаёмства ён грунтоўна пазнаёміў мяне з палітычнай канцэпцыяй "краёўцаў" і шмат размаўляў са мной на палітычныя і культурныя тэмы. Сваю друкарню ў Вільні ёг назваў "Люкс". Гэта была вельмі неабходная ў той час установа, тым больш, што шэраг выданняў, як, напрыклад, зборнікі вершаў віленскіх паэтаў, ён выдаваў за свой кошт.

Маю перад сабой "Горад пад аблокамі" (Вільня) Вітольда Гулевіча, на кнізе пазначана: "Выдаў і надрукаваў Людвік Хаміньскі, 1931". Вокладка Міхала Роўбы. Кніга аздоблена рэпрадукцыямі 14 графічных прац віленскіх мастакоў. Надрукавана было 700 стандартных асобнікаў і 25 асобнікаў на паперы ручной працы, кожны экзэмпляр з сваім нумарам, кшталту А-Е-II-ХХ, з подпісам аўтара, выдаўца і мастакоў-графікаў. Надрукавана шрыфтам друкарні "Люкс" у Вільні, якая знаходзілася па адрасе вул. Партовая, 7.

Не памятаю ўжо ў якім годзе, Люк расказваў мне, што купка "краёўцаў" і іх сяброў стварыла неафіцыйны і незарэгістраваны клуб "Шумераў" ("Sumeryjczykоw"), якія віталі адзін аднаго словамі "Sum, sum, sum" [1]. Збіраліся яны ў Бібліятэцы Урублеўскага, былым палацы Тышкевічаў. Ён паведаміў мне, што я таксама прыняты ў вільняне і магу лічыць сябе членам клуба "шумераў".

Друкарня "Люкс" імкнулася ўвесці ў Вільні сучасную эстэтыку друку і кнігі, сярод яе выданняў была і кніга Людвіка Абрамовіча "Чатыры стагоддзі віленскага кнігадрукавання 1525-1925 гг.", у "Люксе" друкаваліся творы Чэслава Янкоўскага, Гелены Ромер-Ачанкоўскай, Ванды Недзялкоўскай-Дабачэўскай, Людвіка Яноўскага, Вацлава Студніцкага, Тадэвуша Лапалеўскага, Яўгеніі Кабылінскай-Масееўскай і нават Станіслава Пшыбышэўскага, Эдварда Слоньскага і Бенедыкта Герца.

Працяглае мецэнацтва дорага каштавала Хаміньскаму (друкарня "Люкс", заснаваная ў 1918 г.). Таксама і яго маёнтак Ольшаў [2] не прыносіў прыбытку. Ён паставіў у Ольшаве вялікія сажалкі, але зрабіў гэта няўмела, і ўсіх малькоў з'елі шчупакі. А для гэтай справы Лук узяў у банку вялікі крэдыт.

Сам Ольшаў быў прыгожым палацавым цэнтрам, сядзібай вельмі культурных, са старымі традыцыямі абшарнікаў. З канца XVII ст. сядзіба знаходзілася ва ўласнасці роду Хаміньскіх. У пачатку XVIII ст. належала Людвіку Якубу Хаміньскаму герба Ліс, сыну Канстанціна Яна і Канстанцыі з Верашчакаў. Людвік быў старастам ашмянскім і пісарам вялікага літоўскага князя. Францішак Ксаверый Хаміньскі з'яўляўся апошнім ваяводам мсціслаўскім. Дзед Люка, Станіслаў, пасля заканчэння Віленскага ўніверсітэта ў 1824 г. паступіў у гвардзейскі Паўлаўскі полк. Даслужыўся да звання генерала. Быў губернатарам горада Коўна. Як уладальнік Ольшава, ён тройчы выбіраўся маршалкам шляхты Свянцянскага павета. Яго партрэт у капітанскай форме каля 1825 г. напісаў у Пецярбургу Валенты Ваньковіч. Гэты партрэт вісеў у Ольшаве ў сталовай сярод іншых фамільных партрэтаў. Пасля вайны быў перавезены ў Варшаву, і я купіў яго для Нацыянальнага музея. Цяпер ён знаходзіцца ў партрэтнай галерэі ў Вілянове.

Выдатным грамадскім дзеячам быў Аляксандр Хаміньскі, тата Люка, сын Станіслава і Эвеліны з Шчытаў. Быў дэпутатам Думы, дзе прадстаўляў кансерватыўны накірунак, затым членам Дзяржаўнай рады. У 1905 г. разам з сваёй жонкай Ядвігай з Горватаў заклаў у Ольшаве пачатковую школу для беларускіх дзяцей, у якой выкладанне рэлігіі вялося на польскай мове. Разам з прафесарам Пташыцкім выдаў так званы "Ольшаўскі кодэкс Хаміньскіх з XVI ст.", які захоўваўся ў фамільным архіве ў Ольшаве. Усебакова адукаваны чалавек, ён жыва цікавіўся культурнымі і грамадскімі справамі. Трэба дадаць, што ў Ольшаве мелася добрая бібліятэка ў некалькі тысяч тамоў.

Драўляны палац у Ольшаве датуецца другой паловай XVIII ст. Аднапавярховы, з ламаным дахам, з двухпавярховым калонным порцікам, пабудаваны цеслярамі ў выглядзе падковы ў "нямецкіх" традыцыя (ці не івянецкіх?). Мураваныя крылы да палаца ў 1893 г. дарабіў архітэктар Тадэвуш Раствароўскі. У гэтых прыбудовах размяшчаліся гасцявыя пакоі, якія пры адсутнасці грошай у гаспадароў, можна было здаваць на лета для адпачынку. Сядзібны дом стаяў на ўзгорку над маляўнічым берагам ракі Страча. Вялікі парк на схілах ператварыўся ў сажалкі і лясы, пераважна хвойныя, дзе сярод пагоркаў ляжала шэсць азёр. Самае буйное з іх, Глубель, мела плошчу 55 га.

Для тых, хто адпачывае, у Ольшаве стваралася прыемная, прыязная і сямейная атмасфера. Я змог трапіць у Ольшаў толькі аднойчы ў ліпені. Тады мне расказалі, што па ініцыятыве пана Аляксандра для адпачываючых быў арганізаваны паказ жаночай моды апошняй чвэрці ХІХ ст., а можа і больш ранняй. У Ольшаве да таго часу захоўвалася калекцыя прыгожых сукенак. Аляксандр сказаў мне, што гэты вечар быў для яго вельмі важным.


Мая першая сустрэча з віленскімі пісьменнікамі адбылася 21 сакавіка 1929 г. на вечарыне віленскай паэзіі, якая адбывалася ў зале гімназіі імя Адама Міцкевіча.

Неўзабаве мы з жонкай Ірэнай былі на Літаратурнай серадзе, дзе абмяркоўвалася пытанне здабыцця для Звязу пісьменнікаў у Вільні так званай "Келлі Конрада" ў па-базыльянскіх мурах. Шматлікія намаганні грамадства па вяртанню з рук праваслаўнага духавенства гэтай "нацыянальнай святыні" рабіліся на працягу шэрагу гадоў. Шмат гадоў ішла безвыніковая цяжба аб правах уласнасці паміж праваслаўнай кансісторыяй і дзяржавай, якая вырашылася на карысць дзяржавы толькі ў 1927 г. Карыстальнікамі былога манастырскага будынка дзяржаўныя ўлады пакінулі праваслаўную семінарыю, Беларускую гімназію, Беларускае навуковае таварыства і Беларускі музей імя Яна Луцкевіча. Арандатары былі выдалены толькі з паўднёвай часткі першага паверха, дзе размяшчалася турма філарэтаў. Але не было прынята рашэння, што там павінна знаходзіцца, і частка будынка стаяла не адрамантаваная і пустая. Старшыня Віленскага Звязу пісьменнікаў прафесар Пігонь на згаданай Літаратурнай серадзе звярнуўся да мяне з просьбай перадаць памяшканне з "Келляй Конрада" пад сядзібу Звязу. Я адразу вельмі энергічна ўзяўся за справу, дамогся рашэнне ваяводы і пазыку на рамонт памяшканняў. Абнаўленне павінна было быць грунтоўным, бо ў 1867 г. расейцы перабудавалі ўсе будынкі скасаванага манастыра, для стварэння вялікіх памяшканняў знялі папярочныя сцены келляў і зруйнавалі скляпенні камеры і калідоры, якія захаваліся толькі часткова. Справа "Келлі Конрада", месцазнаходжанне якой было пад пытаннем з-за рэканструкцыі, тлумачаць даследаванне прафесара Юліюша Клоса ў 1921-1923 гг. [3]

Віленскія пісьменнікі атрымалі месца, памятнае не толькі з-за суда над філарэтамі. Увайсці на гэтую тэрыторыю можна было праз прыгожую браму ў стылі ракако (па адрасе вул. Вострабрамская, 9). Далей, пасярод вялікага двара стаяла праваслаўная царква св. Тройцы, заснаваны князем Канстанцінам Астрожскім у 1514 г. у гонар перамогі пад Оршай. Пасля пажару 1748 г. царкву перабудавалі, дадалі да яе дзве лёгкія вежы і пабудавалі вышэйзгаданую шыкоўную манастырскую браму, а таксама пабудавалі абодва крылы кляштара, якія існуюць і сёння - архітэктар Ян Крыштаф Глаўбіц. Падчас майго знаходжання ў Вільні мне ўдалося ўстанавіць, што гэты амаль невядомы раней архітэктар быў сапраўдным стваральнікам найвялікшых твораў барока і ракако ў Вільні і ваколіцах. Спраектаваў касцёл св. Кацярыны ў Вільні, перабудаваў інтэр'еры і аформіў цудоўныя алтары ў касцёле св. Яна, пабудаваў касцёл і кляштар у Беразвеччы, перабудаваў касцёл св. Зоф'і ў Полацку і інш. Гэта было маё вялікае адкрыццё, заснаванае на знойдзеных архівах. Ужо ў Варшаве, у 1937 г., у выдавецтве Варшаўскага навуковага таварыства я апублікаваў дысертацыю, прысвечаную Глаўбіцу [4].

На першы паверх сядзібы Звязу пісьменнікаў трэба было ўваходзіць па шырокім калідоры, які цягнуўся па ўсёй даўжыні памяшкання. Адразу ад калідора направа была вялікая зала для пасяджэнняў з трыма вокнамі і невялікім подыюмам ля дальняй сцяны злева. Далей з калідора дзверы вялі ў вялікую двухаконную "Келлю Конрада", у якой працавала чытальня. У сцяне была ўмаравана таблічка з надпісам "Hic natus est..." Тут размяшчаўся сакратарыят Звязу, а пазней Віленскага аддзела Польскага турыстычнага таварыства.

Пасля ад'езду ў 1930 г. прафесара Пігоня з Вільні старшынём Звязу пісьменнікаў стаў Вітольд Гулевіч. Мы з Ірэнай па магчымасці хадзілі на ўсе літаратурныя серады. Але я ўжо мала што з іх памятаю.

У Гародні існавала вельмі актыўнае Таварыства сяброў літаратуры і мастацтва, у дзейнасці якога прымала ўдзел жонка прэзідэнта горада Маўрыцыя О'Браена дэ Ласі, уладальніка маёнтка Аўгустовак пад Гродна. На пасадзе прэзідэнта О'Браэн дэ Ласі быў ініцыятыўным, цікавіўся рэканструкцыяй Каралеўскага замка, будаўніцтвам бульвараў на Нёмане, імкнуўся падтрымліваць актыўнае культурнае жыццё. Яго жонка Надзея з рускіх князёў Друцкіх сама была пісьменніцай. У яе меліся блізкія адносіны з Зоф'яй Налкоўскай [5], якая жыла ў Гродна разам з сваім мужам Юрам-Гажэхоўскім. Друцкая ганарылася тым, што ў 1930 г. Налкоўская ўвяла яе ў ПЭН-клуб. Вітольд Гулевіч быў у блізкіх стасунках з мужам і жонкай О'Браен дэ Ласі і наведваў іх у Аўгустоўку. Я добра ведаў захавальніка Гродзенскага музея ў замку Юзафа Ядкоўскага. Гарадзенскае таварыства прывозіла з Варшавы вядомых лектараў і падтрымлівала сувязь з Вільняй.

У сваім выступе ў Літаратурнай серадзе я прадставіў праблему выратавання руін сярэднявечных замкаў і абмеркаваў распачатыя работы ў Троках, Крэве, стан руін у Каралеўскіх Медніках, работы на замку ў Навагрудку і рэканструкцыю замка ў Міры, а таксама праекты, звязаныя з руінамі на Замкавай гары ў Вільні. У дыскусіі пасля майго выступу прынялі ўдзел Людамір Сляндзінскі, Хэлена Ромер-Ачанкоўска, Ежы Хопен, Станіслаў Яроцкі і праф. Рыдзеўскі. Маю інфармацыю ўспрынялі з поўнай ухвалой.

Адразу пасля ўступлення на пасаду ў пачатку 1929 г. я атрымаў "ганаровую картку" аб прыёме ў сябры тэатра "Рэдута" [6] на Пагулянцы і ў Польскі Тэатр у будынку "Лютня" на вул. Міцкевіча. Мы вельмі часта хадзілі ў абодва тэатры, асабліва на Пагулянку. Францішак Рыхлоўскі, які кіраваў Польскім тэатрам з 1920 г., адзначыў у лютым 1928 г. дваццаць пяць гадоў тэатральнай працы. У камісію па святкаванні гэтага юбілею пад патранатам ваяводы Рачкевіча ўвайшлі, між іншым: Фердынанд Рушчыц, Юліюш Остэрва, Чэслаў Янкоўскі, мэр горада Юзэф Фалееўскі, Хелена Ромер-Ачанкоўская, Ежы Рэмер. Людвік Сольскі напісаў уступ да памятнай кнігі "Юбілейны вянок Францішка Рыхлоўскага". Тэатр Рыхлоўскага можна было назваць народным тэатрам бо яго праграмная дзейнасць мела камерцыйны характар.

У сярэдзіне 1929 г. на Пагулянцы адбыліся прынцыповыя змены ў сувязі з вяртаннем "Рэдуты" ў Варшаву. Дырэктарам тэатра стаў Аляксандр Зельвяровіч.

А. Зельвяровіч абапіраўся на маладых - пасля каманды маладых рэдутаўцаў, была каманда з лепшых маладых выпускнікоў Варшаўскай тэатральнай школы. Ён падабраў каманду вельмі добрых маладых акцёраў з такімі зоркамі, як Ірэна Эйхлераўна і Мар'ян Выжыкоўскі, Цяцерскі і Малынічаўна. А паколькі ён запрашаў на гасцявыя выступленні і вядомых артыстаў, узровень тэатральных пастановак быў вельмі высокі.

18 лістапада 1929 г., як паведамляў "Кур'ер Віленскі", "па ініцыятыве бурмістра горада пана Фалееўскага ў Ратушы адбылася нарада, на якой абмяркоўваўся рэпертуар і ранейшая дзейнасць дырэктара Зельвяровіча (віца-бурм. Чыж, праф. Рушчыц, Лорэнц, праф. Эрэнкройц, Г. Ромер-Ачанкоўска і некаторыя іншыя) выслухалі даклад дырэктара Зельвяровіча, які, да шчырага задавальнення аўдыторыі, запэўніў, што, насуперак песімістычным прагнозам, наведвальнасць абодвух тэатраў вельмі добрая [Зельвяровіч заняў і "Лютню"]".

У верасні 1930 г. з намі адбылася даволі дзіўная прыгода. Была ў нас вельмі добрая маладая служанка Польця, якая паходзіла з вельмі беднай вёскі Браслаўскага павета, амаль на мяжы з Латвіяй. Гэта была яе першая служба ў горадзе. Яна расказала нам пра цяжкае становішча сваёй сям'і, пра тое, як зусім маленькай дзяўчынай ёй давялося выехаць на сезонныя работы ў Латвію, на т. зв. "саксы". Расказвала, як дрэнна ставіліся багатыя латышскія сяляне да бедных рабочых з Польшчы.

Неяк у верасні мы збіраліся на вялікую вечарыну, вярнуцца павінны былі толькі позна ўвечары. У Ірэны было пры сабе больш за тысячу злотых і баючыся згубіць іх, яна вырашыла пакінуць грошы на захаванне ў Польці. Вярнуўшыся дадому, мы адразу леглі спаць. Калі ўсталі раніцай, Польці не было дома, і не было невядома, чаму яна не прыгатавала сняданак, нічога не купіла і чаму кудысьці сышла, нічога не сказаўшы нам. Я пайшоў у кабінет, а Ірэна чакала. Аднак прайшло некалькі гадзін, а Польці ўсё не было. Таму Ірэна, заклапочаная, пайшла ў паліцэйскі ўчастак, дзе праверыла, што Польця не стала ахвярай нейкага здарэння. Паколькі Ірэна настойвала на тым, каб паліцыя пачала шукаць Польцю, у яе спыталі, колькі ёй гадоў. На адказ Ірэны, што яна маладая дзяўчына, сказалі: "Не хвалюйся, абавязкова знойдзецца, з маладымі бывае". Але Ірэна не паддалася, таму ў яе пачалі пытаць пра акалічнасці знікнення. Пасля таго, як Ірэна расказала пра грошы, паліцыянты змянілі сваё меркаванне: "Так, гэта іншае, ёсць падазрэнні ў крадзяжы, і таму мы прымаем вашу заяву". Ірэна запратэставала, яна казала што не падазрае Полцю ў крадзяжы, але паліцыянты аформіла афіцыйны пратакол.

Нечакана за некалькі гадзін да абеду (мяне яшчэ не было дома) з'явілася Польця ў слязах і прызналася Ірэне, што яна ноччу ўцякла з дому, бо з ёй здарылася няшчасце. У той вечар, калі яна гатавала абед, у руцэ яна трымала грошы, і грошы намоклі. Хацела іх высушыць, паклала на бляху на кухні, і якраз Ірэна паклікала яе. Яна пабегла да гаспадыні, а калі вярнулася на кухню, то ўбачыла, што грошы згарэлі. Ноччу, пасля нашага вяртання, з роспачы, яна паляцела ў горад, і як толькі адчынілі сабор (мы жылі побач), яна ўвайшла ў касцёл і ўвесь час сядзела там, малілася і плакала, пакуль не вырашыла вярнуцца і расказаць усё. Мы паверылі, што такое няшчасце магло здарыцца з гэтай простай дзяўчынай, і змірыліся з такой сумнай стратай грошай. Да Польці мы па-ранейшаму ставіліся сардэчна.

Праз некаторы час, аднак, прыйшоў выклік з раённага суда: "…Апалоніі Гадзінаўна, якая жыве ў Вільні, вул. Маставая 3 м. 24 з'явіцца ў адпаведнасці з арт. 592 і 834 УПК 18 кастрычніка 1930 г. на 9.00 на пасяджэнне судовай калегіі па крымінальных справах Віленскага акруговага суда для дачы тлумачэнняў па справе абвінавачання яе па арт. 574 КК".

Я адразу пайшоў у суд, каб патлумачыць, што мы зусім не абвінавачваем Польцю і просім адмяніць справу. Але мне растлумачылі, што гэта не мы, а пракурор выстаўляе абвінавачанне на падставе паліцэйскага пратаколу і справу нельга спыніць.

Усхваляваныя мы звярнуліся да нашага сябра Станіслава Вяслаўскага, які быў не толькі музыкам, але і юрыстам, каб ён абараніў Польцю ў судзе. Зразумела, ён ахвотна і самааддана пагадзіўся.

Справа спалення грошай стала вядомай на ўсю Вільню і набыла адценне гумарыстычнай сенсацыі. Вітольд Гулевіч даслаў нам выразку з газеты пад назвай "Вогнетрывалыя банкноты: праф. Шурып з Цюрыху вынайшаў і ўдасканаліў спосаб вырабу непарушных і вогнеўстойлівых банкнот..." з з допісам ад сабе: "Для суцяшэння сужэнцам, якія пакутуюць".

Між тым, за некалькі дзён да суда справа набыла зусім іншы абарот. Польця з адчайным плачам кінулася да Ірэны ў ногі: "Спадарыня, вы так добра да мяне ставіцеся, і я не магу больш так жыць, таму што тыя грошы скрала я. Калі вы далі мне столькі грошай, я не вытрымала. Вось 950 злотых, бо на сяло бацькам я ўжо паслала 50 злотых".

Мы пагадзіліся з Вяслаўскім, што ў судзе трэба будзе раскрываць праўду і абарона павінна быць іншай.

Акруговы суд размяшчаўся ў вялікім будынку на Лукішскай плошчы. Справа праходзіла ў вялікай судовай зале. Я замовіў два таксі. У першай з вул. Маставой у суд ехала Ірэна з Польцяй, у другім - я і мама. Зала суда была поўная. Польцю пасадзілі на лаву падсудных, мы сядзелі ўтрох у першым радзе. Напэўна, не толькі публіка, але і сам суд крыху пацешыўся гэтым выпадкам, бо ў залу прыйшоў нават наш сябар, старшыня суда, а таксама разам з ім некалькі суддзяў, якія афіцыйна ў працэсе не ўдзельнічалі. Вяслаўскі выступіў з прыгожай прамовай. Суд вынес прысуд: некалькі месяцаў ці год з адтэрміноўкай на два гады. І ў гэты момант Польця не па-людску закрычала: "Пані, ратуйце мяне, мяне хочуць павесіць на два гады". А далей усё пайшло зусім нефармальна. Ірэна падбегла да лавы абвінавачаных і трымала Польцю за рукі, Вяслаўскі яе суцяшаў. … Вярталіся на дзвюх брычках. Я падумаў пра Ляльку Пруса. Польця, яшчэ нейкі час засталася з намі. Але потым яна сказала нам, што хоча вярнуцца ў вёску.

У Ірэны былі вялікія абавязкі па гаспадарцы, да таго ж мама часта прыязджала да нас надоўга, па чарзе прыязджалі яе сёстры з Варшавы. У нас заўсёды была адна ці дзве служанкі, якія дапамагалі жонцы, бо мы вялі вельмі ажыўленае грамадскае жыццё. Ірэна з самага пачатку ўзяла на сябе шматлікія грамадскія абавязкі. Спачатку яна ўвайшла ў склад Таварыства "Сем'і чыноўнікаў", потым узначаліла секцыю ўправы гуртка пры Ваяводскім упраўленні, затым стала членам управы "Камітэта летніх антысухотных лагераў для дзяцей", стала членам праўлення "Таварыства заахвочвання народнай творчасці ў Вільні", а таксама ўступіла ў "Працоўны звяз жанчын", дзе асабліва клапацілася пра арганізацыю дзіцячых ясляў на Кальварыйскай, 69. Калі ў 1931 г. быў створаны "Камітэт выратавання Віленскай базылікі", жонка ўвайшла ў склад жаночага гуртка і актыўна арганізавала мерапрыемствы. У жаночыя арганізацыі часам збіралася на кватэры біскупа Міхалкевіча ў вул. Замкавая, 4.

21 студзеня 1931 г. прафсаюз польскіх пісьменнікаў у Вільні і Сіндыкат віленскіх журналістаў арганізавалі 116-ю Літаратурную сераду, прысвечаную творчасці віца-прэзідэнта Звязу пісьменнікаў, вядомай грамадскай дзяячкі і пісьменніцы Гелене Ромер-Ачанкоўскай у гонар 25 гадоў яе літаратурнай і публіцыстычнай працы.

Увосень 1930 г. я пачаў разглядаць магчымасць стварэння ў Вільні Музея сучаснага мастацтва, які б прадстаўляў сучаснае віленскае мастацтва на фоне тагачаснага польскага мастацтва. Мая ініцыятыва сустрэла моцную падтрымку віленскіх мастакоў. Міністэрства веравызнанняў і народнай асветы вітала гэтую ініцыятыву, а дырэктар Дзяржаўных мастацкіх калекцый, др. Альфрэд Лаўтэрбах паабяцаў перадаць у дар нашаму музею частку карцін выдатных сучасных мастакоў, галоўным чынам з Варшавы і Кракава.

На пачатку сакавіка 1931 г. быў створаны арганізацыйны камітэт Музея, у які ўвайшлі выканавец абавязкаў ваяводы Стэфан Кіртыкліс, стараста горада Фалееўскі, Рушчыц, Сляндзінскі, Хопен і я. Было вырашана, што пакуль музей будзе месціцца ў занядбанай вялікай кардэгардыі палаца Рэчы Паспалітай, а пасля рэстаўрацыі пераедзе ў гістарычны будынак былой Віленскай ратушы. Арганізатары жадалі, каб музей: 1) меў пастаянную экспазіцыю з асаблівым акцэнтам на мастакоў з Вільні, 2) арганізоўваў часовыя выставы.

Урачыстае адкрыццё Музея сучаснага мастацтва ў былой кардэгардыі ў двары палаца РП адбылося 7 чэрвеня 1931 г. Аднак, нягледзячы на падтрымку канцэпцыі дырэктарам дэпартамента мастацтваў Міністэрства веравызнанняў і народнай асветы Уладзіславам Скочыласам і перадачы на захоўванне 20 карцін найвыдатнейшых мастакоў таго часу, справа не дайшла да перадачы для музея адноўленага будынка старой Ратушы. Музей існаваў, але фактычна яго праца замерла, і ён не разгарнуў сур'ёзнай дзейнасці.

Пераклад і каментары Леаніда Лаўрэша.




[1] Sum - лац. - Я; Sumeryjczyk - жыхар Шумера. - Л. Л.

[2] Маёнтак знаходзіўся каля дарогі з Свенцян да Ашмянаў і Вілейкі. - Л. Л.

[3] Пра "келлю Конрада" пісалі: Ant. Łuckiewicz. Prawda o "celi Konrada". W setną rocznicę procesu Filomatów. Wilno, 1923.; Antoni Łuckiewocz. Z powodu sporu o "Celę Konrada" // Pregląd Wileński. 1924, № 6. S. 5-7.: Erka [Ул. Талочка]. Prawda o celi Konrada // Pregląd Wileński. 1924, № 2. S. 4-5. (Пераклад гэтых артыкулаў Луцкевіча і Талочкі, гл: Спрэчкі пра "Келью Конрада" у па-базыльянскіх мурах Вільні // Наша слова.pdf. № 48 (1563), 2снежня 2021.) - Л. Л.

[4] Stanisław Lorentz. Jan Krzysztof Glaubitz architekt wileński XVIII w. : materiały do biografii i twórczości. Warszawa, 1937.

[5] Зоф'я Налкоўская (1884 - 1954) - польская пісьменніца. Скончыла Варшаўскую прыватную гімназію (1901). У 1922-1927 гг. жыла ў Гародні, была куратарам патранату (апекі) вязьняў гарадзенскай турмы, дапамагала зняволеным. Янка Брыль пераклаў на беларускую мову асобныя яе апавяданні. - Л. Л.

[6] Рэдута (Reduta) - эксперыментальны тэатр-лабараторыя, існаваў з 1919 па 1939 гг. У 1925 г. тэатр з Варшавы пераехаў у Вільню, размяшчаўся ў тэатры на Пагулянцы, у 1931 г. вярнуўся ў Варшаву. - Л. Л.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX