Наша слова.pdf № 42 (94), 18 кастрычніка 2023.
Свята маці
14 кастрычніка на праваслаўныя Пакровы Беларусь адзначала Дзень маці. Па ўсёй краіне прайшоў цэлы шэраг мерапрыемстваў. Пра адно з іх распавядае Віктар Шніп:
- Удзельнічаў у святочным мерапрыемстве "Мама, маці, матуля…", якое да Дня маці правяла Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Распавядаў пра творы, прысвечаныя маці, якія можна прачытаць у выданнях, што апошнім часам пабачылі свет у "Мастацкай літаратуры", а таксама пра кніжку "Мама, маці, матуля…" 2006 года. Мне пашчасціла з паэткай Алай Канапелькай быць яе ўкладальнікам. У ёй больш за дзвесце вершаў. Сярод аўтараў не толькі нашы класікі Янка Купала, Якуб Колас, Максім Танк, Аркадзь Куляшоў, Пімен Панчанка, але і нашы сучаснікі. Выданне аздоблена амаль двумастамі здымкамі вядомых фотамастакоў Юрыя Іванова, Яўгена Казюлі, Анатоля Клешчука, Уладзіміра Базана, Мікалая Амельчанкі… За мастацкае афармленне на конкурсе "Мастацтва кнігі" ў 2007 годзе яна атрымала Гран-пры (Дыплом імя Ф. Скарыны).
З нагоды Дня маці супрацоўнікамі бібліятэкі была падрыхтавана выстава "Пакланюся матулі роднай", на якой госці мерапрыемства пабачылі выданні, у якіх ёсць успаміны і творы беларускіх пісьменнікаў пра самых дарагіх жанчын у жыцці, пра маці. Большасць кніг выставы выйшлі ў "Мастацкай літаратуры".
У кнізе "Мама, маці, матуля…" ёсць і мой верш...
Свята бульбы "Бульбачка-беларусачка"
15 кастрычніка ў аграмястэчку Гуды Лідскага раёна прайшло Свята бульбы "Бульбачка-беларусачка".
Гледачоў і ўдзельнікаў свята чакала насычаная праграма на свежым паветры: займальны канцэрт-расказ пра галоўную агародніну беларускага стала - бульбу, а таксама песні, прыпеўкі, конкурсы і спаборніцтвы на бульбяную тэму.
Гасцей свята частавалі гарачымі дранікамі. Усе прысутныя маглі пачаставаць стравы з бульбы смажанай, варанай, тушанай, печанай.
Мужчыны спаборнічалі ў падняцці мяшкоў з бульбай і абіранні бульбы.
Была аформлена выстава сартоў бульбы, дзе былі прадстаўлены такія гатункі бульбы, як "Скарб", "Маніфест", "Каралева Ганна", "Нара" і іншыя.
Выступілі артысты з Першамайскага і Ганчарскага Дамоў культуры. Яркі музычны выступ даў народны калектыў з аграгарадка Дзітва - вакальны ансамбль "Святліца".
Наш кар.
"МАТЧЫНА КАЛЫХАНКА"
Сёння сам час патрабуе звярнуцца да сваіх вытокаў, далучаць дзяцей да беларускай нацыянальнай культуры, паглыбляць знаёмства з родным краем, беларускімі традыцыямі, фальклорам, прывіваць любоў да Радзімы.
У філіяле "Інтэграваная бібліятэка аграгарадка Дворышча" працуе дзіцячы краязнаўчы клуб "Калаўрот". На пасяджэннях шмат часу ўдзяляецца знаёмству дзяцей з родным краем, гісторыяй і традыцыямі беларускага народа. Так, 12 кастрычніка ў рамках работы клуба ладзілася этнаграфічная гасцёўня "Матчына калыханка".
Яе ўдзельнікі даведаліся, што перш чым палажыць дзіця ў калыску, нашы продкі клалі туды розныя падарункі, хлеб, грошы, разумныя парады, напісаныя на паперках. Дзякуючы калыханкам маці магла растлумачыць дзецям, дзе праўда, а дзе хлусня. А ці так проста паспець зрабіць усё матулям, калі раней не было сучасных пральных машын, хуткаваркі і крамы з ежай і прысмакамі? А яшчэ былі цяжкая праца на полі і догляд за хатняй жывёлай. Вось усё гэта дзеці і спрабавалі зрабіць пад час мерапрыемства. Гучалі калыханкі з пажаданнямі, праводзіліся гульні: "Апрані ляльку", "Гаспадар", дзе трэба было напячы аладак, зварыць кашу, сабраць кукурузу і папрасаваць бялізну старадаўнім прасам. Усё гэта дало добрую магчымасць дзецям лепей спазнаць жыццё сваіх продкаў, далучыць іх да народнай мудрасці.
Дар'я Марцінкевіч, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу.
"Самае светлае імя"
Напярэдадні самага цёплага і душэўнага свята - Дня маці - у рамках працы клуба "Буслік" (працуе пры філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 2") прайшоў конкурс "Самае светлае імя".
Ушаноўванне жанчыны-маці мае шматвяковую гісторыю. Дзеці дазналіся гісторыю свята Дня маці і паспрабавалі выказаць сваю ўдзячнасць і падзяка мамам праз вершы і песні. А таксама прынялі ўдзел у конкурсах разам са сваімі мамамі і бабулямі. З ахвотай складалі калаж з самых любых сэрцу імёнаў, бо сэрца - гэта знак кахання, а каханне і мацярынства - дзве неразрыўныя з'явы. У заключнай частцы дзеці былі ўзнагароджаны граматамі за ўдзел у конкурсе малюнкаў.
ТК "Культура Лідчыны".
"Мая мама - супермама!"
13 кастрычніка да Дня маці ў філіяле "Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка" прайшла святочная феерыя "Мая мама - супермама!"
Віншаваць сваіх мам, казаць пра іх прыгожыя і цёплыя словы прыйшлі выхаванцы ДУА "Дзіцячы сад № 22 г. Ліды" і вучні 1-ых класаў ДУА "СШ № 8 г. Ліды". Дзеці ласкавымі словамі звалі сваіх мам, распавядалі, што іх мамы любяць, чым займаюцца, паўдзельнічалі ў конкурсе "Мамчына прафесія". У гульні "Маленькія памагатыя" дзеці даказалі, што яны ўмеюць дапамагаць і спраўляцца са справамі па гаспадарцы. Мамы нашых гасцей у свята не застануцца без кветак, хай папяровых, але з любоўю і пяшчотай размаляваных іх дзецьмі.
ТК "Культура Лідчыны".
"Усе фарбы жыцця - для цябе!"
У сельскіх Дамах культуры Лідскага раёна прайшлі святочныя мерапрыемствы да Дня маці.
У Ганчарскім Доме культуры да Дня маці адбылася святочная канцэртная праграма "Усе фарбы жыцця - для цябе!"
З 14 па 21 кастрычніка ў Лідскім замку праходзіць "Бацькоўскі тыдзень"
У БДАМЛМ прайшлі XХІ Архіўныя чытанні
12 кастрычніка 2023 г. у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва адбыліся XХІ Архіўныя чытанні. Асноўная тэма канферэнцыі - "Юбіляры 2023 года: лёсы і спадчына праз прызму архіўных і музейных матэрыялаў".
Для ўдзелу ў чытаннях было пададзена 13 заявак. Усяго прынялі ўдзел 35 чалавек, сярод якіх былі работнікі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, БНТУ, БДАМЛМ, НАРБ, БДАКФФД, Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, Лідскага гістарычна-мастацкага музея, Гістарычна-культурнага музея-запаведніка "Заслаўе", студэнты 2 і 4 курсаў па спецыяльнасці "Гісторыка-архівазнаўства" гістарычнага факультэта БДУ.
Прывітальнае слова ўзялі намеснік дырэктара Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Алена Макаранка, ганаровы архівіст Рэспублікі Беларусь Ганна Запартыка, на пленарным пасяджэнні выступіў кандыдат гістарычных навук, прафесар кафедры крыніцазнаўства гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Міхаіл Шумейка.
Праца секцый канферэнцыі была плённай і цікавай, закранала самыя розныя пытанні айчыннай гісторыі, літаратуры і культуры. Кіраўнікамі секцый былі прызначаны Алена Макаранка і Вольга Шаталава.
Падчас канферэнцыі адбылася прэзентацыя выставы "Закаханая ў творчасць", прысвечаная З. Астаповіч-Бачаровай.
Галіна Скрыган, музыказнаўца, перадала БДАМЛМ на пастаяннае дзяржаўнае захоўванне дакументы свайго бацькі - беларускага пісьменніка, паэта, навеліста, нарысіста, публіцыста і крытыка Янкі Скрыгана і павіншавала ўсіх прысутных з Днём архівіста, які быў тыдзень назад.
Больш фота з мерапрыемства хутка будзе размешчана на афіцыйным сайце БДАМЛМ.
Алесь Хітрун.
Праваслаўныя краязнаўцы 11-й лідскай школы аб храмах роднага краю
12-13 кастрычніка ў Менску прайшлі Рэспубліканскія праваслаўныя краязнаўчыя чытанні навучэнцаў, прысвечаныя Герою Беларусі Мітрапаліту Філарэту.
Навучэнцы 11 класа 11-й лідскай школы прынялі ўдзел у чытаннях, прэзентаваўшы ўвазе юных праваслаўных краязнаўцаў тры даклады аб гісторыі і сучасным жыцці праваслаўных храмаў Лідчыны. Усяго ў рамках чытанняў прайшла работа ў дзвюх секцыях. Так, на секцыі "Праваслаўнае краязнаўства як крыніца духоўна-маральнага багацця" Ганна Юнда пазнаёміла прысутных з жыццём храма Усіх Святых горада Ліды. На секцыі "Сакральная культура: матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці праваслаўнага краязнаўства" былі прэзентаваны матэрыялы даследаванняў Мікалая Бухцеева аб гісторыі лідскага кафедральнага Свята-Міхайлаўскага сабора, а таксама Ксеніі Краснадубскай і Дар'і Белавус - на тэму "Праваслаўныя храмы Лідчыны: гісторыя і сучаснасць".
Для ўдзельнікаў чытанняў прайшлі пазнавальныя экскурсіі ў Царкоўна-гістарычным музеі Беларускай праваслаўнай царквы і Свята-Духавым саборы г. Менска. Школьнікі змаглі наведаць асабісты кабінет Патрыяршага Экзарха Усяе Беларусі мітрапаліта Філарэта і дакрануцца да святыняў нашай Радзімы.
Цёплая атмасфера, новыя знаёмствы, дакрананне да сакральных аб'ектаў праваслаўнай культуры, абмен вопытам - усё гэта і многае іншае надоўга застануцца ў памяці школьнікаў і, безумоўна, дапамогуць адкрыць новыя гарызонты ў вывучэнні гісторыі праваслаўя нашай роднай Лідчыны.
Наталля Мікалаеўна Анашкевіч, класны кіраўнік 11 класса Сярэдняй школы № 11 г. Ліды.
На Лідчыне 21 кастрычніка ў межах абласнога праекта стартуе "Тыдзень традыцыйнай культуры "Ад даўніны да нашых дзён"
Галоўнымі мэтамі праекта, прымеркаванага да Года міру і стварэння, з'яўляюцца папулярызацыя такіх элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны як "Традыцыйнае белаўзорыстае ткацтва Панямоння", "Беларускае мастацтва выцінанкі", "Беларускія мастацкія практыкі саломапляцення", "Стравы з таркаванай бульбы-дранікі, бульбяныя бліны, бабка і іншыя - традыцыі прыгатавання і ўжывання".
Падчас тыдня будуць прадстаўлены і іншыя праявы мясцовай традыцыйнай культуры - свята ручніка і ткацтва, абрады "Уваходзіны", "Жаніцьба коміна", "Багач", узоры музычнага фальклорнага мастацтва, традыцыйных рамёстваў, этнаграфічных аб'ектаў.
ТК "Культура Лідчыны".
Нам - 20 год!
Юбілейная святочная праграма "Паміж мінулым і сучасным - як песней льецца рамяство", прысвечаная 20-годдзю заснавання аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, адбудзецца 28 кастрычніка
Запрашаем усіх нашых сяброў!
Лідскі аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры адзначыць свой 20-гадовы юбілей.
Аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры ўсе гэтыя гады з'яўляецца цэнтрам культурнага жыцця, які аб'яднаў мноства найталенавіцейшых майстроў Лідчыны, якія захоўваюць і памнажаюць лепшую спадчыну творчасці нашай краіны і рэгіёна.
ТК "Культура Лідчыны".
Навіны Германіі
Deutsche Bahn можа прадаць падраздзяленне Arriva за 1,6 млрд еўра
Германская чыгуначная кампанія Deutsche Bahn блізкая да продажу падраздзялення Arriva, аператара пасажырскіх перавозак у 10 краінах Еўропы, інвесткампаніі I Squared Capital, піша Financial Times са спасылкай на інфармаваныя крыніцы.
Па іх звестках, бакі абмяркоўваюць угоду, у рамках якой Arriva будзе ацэнена ў 1,6 млрд еўра з улікам абавязку, і могуць узгадніць яе ў найбліжэйшыя дні.
Штаб-кватэра Arriva знаходзіцца ў Вялікабрытаніі. Кампанія адказвае за аперацыі Deutsche Bahn у сферы рэгіянальных транспартных паслуг за межамі Германіі, у прыватнасці, з'яўляецца аператарам сеткі прыгарадных цягнікоў і аўтобусаў у Брытаніі. Штогод транспартныя сэрвісы Arriva перавозяць у агульнай складанасці парадку 1,5 млрд чалавек.
Штат кампаніі складае каля 35 тысяч супрацоўнікаў. Яе выручка ў 2022 годзе павялічылася на 3,6%, склаўшы 4,2 млрд еўра. На долю гэтага падраздзялення прыйшлося 7,5% усёй выручкі Deutsche Bahn летась.
Скарэктаваны аперацыйны прыбытак Arriva у 2022 годзе склаў 12 млн еўра супраць страты ў 73 млн еўра ў 2021 годзе. Deutsche Bahn адмовілася каментаваць FT паведамленні крыніц пра перамовы з I Squared Capital, але заявіла, што хацела б аддзяліць Arriva да канца 2024 гады.
- Гэты працэс ідзе, і мы дасягнулі істотнага прагрэсу ў ім за апошнія два гады, - адзначылі ў кампаніі.
Deutsche Bahn набыла Arriva ў 2010 годзе за 1,6 млрд фунтаў . У сакавіку 2019 года германская кампанія паведамляла, што яе наглядальная рада рэкамендавала менеджмэнту разгледзець варыянты продажу да 100% акцый Arriva аднаму ці больш фундатарам, а таксама магчымасць правядзення IPO гэтага падраздзялення.
Кампанія сышла з шэрагу краін, уключаючы Данію, Сербію і Швецыю, пасля стратэгічнай рэарганізацыі бізнэсу ў 2020 і 2021 гадах.
INTERFAX.RU. Фота: EPA/Vostock-photo.
Больш 9 млрд даляраў ЗША для кліматычнага фонду
На канферэнцыі ў Боне прамысловыя краіны далі шчодрыя абяцанні краінам, які знаходзяцца ў стадыі развіцця. Міністр эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця Свення Шульцэ
У найбліжэйшыя гады бедныя краіны павінны атрымаць ад прамыслова развітых краін не меней 9,322 млрд даляраў ЗША (8,9 млрд еўра) на барацьбу са зменай клімату і яго наступствамі. Краіны-донары паабяцалі выдзеліць гэтыя грошы Зялёнаму кліматычнаму фонду для фінансавання праектаў у краінах, якія развіваюцца і ў новых індустрыяльных краінах у перыяд з 2024 па 2027 год. Пра гэта паведаміла федэральнае міністэрства эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця ФРГ пасля канферэнцыі ў Боне, якая была арганізавана Германіяй.
Такім чынам, 25 краін узялі на сябе абавязкі, а яшчэ пяць заявілі пра свой намер зрабіць гэта хуткім часам, таму, па меркаванні міністэрства, агульная сума ў канчатковым выніку можа аказацца "нашмат вышэй". Міністр эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця Свення Шульцэ чакае, што гэта здарыцца да пачатку Канферэнцыі ААН па змене клімату, якая адбудзецца ў канцы года ў Дубаі, але рабіць канчатковую ацэнку, па яе меркаванні, пакуль рана. Канцлер Олаф Шольц ад імя федэральнага ўрада пацвердзіў сваё абяцанне выдзеліць два мільярды еўра на бягучы раўнд фінансавання фонду.
Гэты фонд выдае краінам, якія знаходзяцца ў стадыі развіцця, гранты, крэдыты, гарантыі і ўласны капітал для барацьбы з наступствамі змены клімату, а таксама прыкладае высілкі па прыцягненні прыватнага капіталу. Па дадзеных федэральнага міністэрства эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця Германіі, дагэтуль было прафінансавана 228 праектаў.
dpa.
Віктар Сазонаў адзначае юбілей
18 кастрычніка гарадзенскаму пісьменніку Віктару Сазонаву спаўняецца 60 гадоў з дня нараджэння.
Працоўны шлях Віктара Сазонава пачаўся з токара на Ашмянскім заводзе, а потым ён працягваўся ў Гарадзенскім музеі гісторыі рэлігіі. Пасля Віктар паспрабаваў быць прадпрымальнікам, грамадска-культурным актывістам: прайшоў "Паходню", ТБМ, фонд імя Льва Сапегі, таварыства братоў Каліноўскіх, настаўніцкае згуртаванне "Вулей", БСДГ, рэдагаваў інфармацыйна-аналітычнага бюлетэнь "Свой лад" і г.д. І, вядома ж, скончыў Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы.
А яшчэ Віктар Сазонаў вельмі добры празаік і паэт. З-пад яго пяра выйшлі з друку кнігі прозы "Занатоўкі кантрабандыста або Аповеды Сымона Нальшанскага" (2005), "Сандалі мітрапаліта або Маленькія гісторыі з вялікай палітыкі" (2012), "Паэзія прозы" (2013), "Суседскія былі" (2015), "Генетычны алфавіт" (2021) і іншыя. Вядома ж, на рабочым стале за камп'ютарам ствараюцца новыя кнігі на самыя розныя тэмы. І ў іх абавязкова будзе гумар, сарказм, "свята душы".
Віктар Сазонаў піша таксама вершы. І даўно яму пара выдаць ладны паэтычны зборнік. Дзіўна атрымліваецца, бо ў вершах ён зусім не такі, як у сваёй прозе. Паэтычныя радкі Віктара Сазонава вельмі шчырыя, пяшчотныя, светлыя, лірычныя. Шмат напісана патрыятычных строфаў, радкоў-прызнанняў у любові да Бацькаўшчыны:
Беларусь - гэта гонар за даўні народ,
За Айчыну сваю, наш праслаўлены род,
Беларусь ёсць малітвай, дзе крыж і псалмы,
Беларусь - гэта ты, гэта я, гэта МЫ!
Шчыра віншуем Віктара Сазонава з юбілеем. Жадаем яму творчых сіл, цярпення, натхнення, сямейнага дабрабыту і здароўя. А чытачоў "Нашага слова" запрашаем пазнаёміцца з новымі вершамі юбіляра.
Новыя вершы Віктара Сазонава
Толькі што з таго мне?..
Прысвячэнне самаму сабе
напярэдні 60-годдзя.
Шэсць дзесяткаў міне…
Не так многа, але ж і не мала.
Шмат чаго там было,
Бо ўсяго нават не расказаць.
Толькі што з таго мне,
Бо не я тут загадваю балем,
Ды цмянее святло,
А так хочацца ўсё дапазнаць.
Мне салгуць як у сне,
Што цяпер я намнога мудрэйшы,
Шмат зрабіў і спазнаў,
Ды магу зараз іншых вучыць.
Толькі што з таго мне,
Я раней быў напэўна прасцейшы,
Тую мудрасць не знаў,
Але мог без прычыны любіць.
Як салдат на вайне,
Самых лепшых сяброў я заводзіў,
У такой грамадзе,
Нават горы варочаць маглі.
Толькі што з таго мне,
Калі зараз іх лёс паразводзіў,
Хто ў выгнанні, хто дзе,
Хто ў астрозе, а хто і ў зямлі.
Хтось пра творчасць пачне,
Ды раскажа, што добра ён знае,
Пра раманы, што я
У натхненні пісаў па начах.
Толькі што з таго мне,
Калі іх мой народ не чытае,
Ну а мова мая,
Памірае ў мяне на вачах.
Сэрца болем скране,
Сумаваць на чужынскім парадзе,
Бо заўсёды ж хадзіў,
Па пясках беларускіх дарог.
Толькі што з таго мне,
Як зямелька мая ў заняпадзе,
Хоць і шчыра рабіў,
Ды зрабіць я нічога не змог.
Можа хто распачне,
Пра любоў маіх блізкіх і шчасце,
Пра сям'ю намякне,
Бо такую яшчэ пашукаць.
Толькі што з таго мне,
Як і іх не мінулі няшчасці,
Ды яшчэ й за мяне,
Давялося ім пагараваць.
Я хлапчук, што ў акне,
Разгадаў ад марозу малюнкі.
Я юнак, што дзяўчыну,
Нясмела калісь абдымаў…
Толькі што з таго мне,
Яны дзесь у нябачным кірунку,
Я калісь іх пакінуў,
Ды зусім да канца не спазнаў.
Вось кавалак быцця,
І чаго толькі тут не ставала,
Не падняць, не спіхнуць,
Не магу зразумець аднаго,
У сакрэтах жыцця,
Толькі гэтага мне не хапала,
Шэсцьдзесят працягнуць,
Каб пытацца:
І што мне з таго?!
Гэта было калісьці…
Гэта было калісьці,
гэтак яшчэ раз будзе,
ціха зашэпча лісце,
ты мяне зноў пабудзіш.
Дзесь у жыцці чарговым,
можа другім, ці трэцім,
у вымярэнні новым,
альбо ў другім сусвеце.
Нават праз сотні лёсаў,
я цябе адшукаю,
між гарадоў і вёсак,
з тысяч другіх пазнаю.
Мусіць усё вярнуцца,
так жа, як першым разам,
сэрцы ізноў прачнуцца,
каб зіхацець алмазам.
Зноў у абдымках поўні,
душамі заначуем,
нават як што не ўспомнім,
сэрцам усё адчуем:
што мы знайшлі калісьці,
што мы не дарабілі,
што збераглі, як выйсце,
і што той раз згубілі.
Першы праменьчык сонца,
прагу кахаць аблашчыць,
хвалі святла бясконца,
будуць абдорваць шчасцем.
Птушачка на світанні,
нас прывітае з неба,
лес затаіць дыханне,
поле запахне хлебам.
Першай хвіліне скажам,
што мы ў жыцці палюбім,
і што вось гэтым разам,
шанца свайго не згубім…
Гэта ж было калісьці,
гэтак напэўна будзе,
ціха зашэпча лісце,
і ты мяне разбудзіш…
Дробны дожджык
Дробны дожджык у акно
стукае нясмела,
разварочаў, што даўно,
мне і так балела.
Як жаночы манікюр
кроплі барабаняць,
а кастрычніцкі гіпюр
аж у сэрца раніць.
Восень, воўчая душа,
слёзы на дарозе,
нешта вырашы спярша,
бо цярпець не ў змозе.
Ці зусім не галасі,
не імжы імглою,
з дрэваў лісце не трасі,
дай жа ім спакою.
Ну няхай сабе вісяць,
ці ж таго нам шкода,
прыгажосцю зіхацяць,
калі ёсць нагода.
Ці хутчэй пакліч вятры,
яшчэ лепей буру,
ды душу мне падзяры,
не шкадуй і скуру.
Дрэвы гні аж да травы,
зверам завывай,
злыя думкі з галавы,
скразняком здувай.
Хмары ў небе скалыхні,
не суцішвай вецер,
спадзяванні разгані,
аж па ўсім сусвеце.
Толькі кроплі не драбні
на душу пагана,
таго болю не крані,
не залазь у раны.
Пяшчота
Гальшаны спаць ужо хацелі,
папілі людзі, ды паелі,
ды пачалі ўжо пазяхаць,
да ночы ложкі рассцілаць.
Але маркоціліся трошкі,
не разасланыя два ложкі,
там зноў ніхто не будзе спаць -
гаспадары пайшлі гуляць.
Маё мяне чакала ў хаце,
тваё ж у школьным інтэрнаце,
так і заснулі ў адзіноце,
у мроях і салодкай цноце.
І ад рачулкі і да пашы,
цяпер Гальшаны сталі нашы,
і аж да ранішняй пары,
мы тут з табой гаспадары.
Тут нашы дрэвы і пагоркі,
і толькі нашы ў небе зоркі,
і вуліца, і ўсе дамы,
і я, і ты, і разам мы…
Ужо і пеўні праспявалі,
ды толькі мы не засыналі,
які прыйсці там можа сон,
як сэрцы б'юцца ва ўнісон?!
Ужо і людцаў на работу,
цягнулі дзённыя турботы,
а мы хутчэй чакалі вечар,
які нам абяцаў сустрэчу.
І зноў адны з табою будзем,
і зноў пра іншае забудзем,
о, як жа гэта пачуццё,
нам захаваць на ўсё жыццё!
Калі нічога больш не трэба,
крыху зямлі, кавалак неба,
абдымкі нашы да рання,
і цішыня… і цішыня…
Салжы мне праўду…
Салжы мне праўду пра сябе,
салжы праўдзіва,
салжы ў мальбе, салжы ў журбе,
салгаць не дзіва.
Праўдзіва раскажы падман,
і не спыняйся,
так пачынаецца раман,
не сумнявайся.
Раман распаліцца мацней,
ад брудэршафта,
яго, нядоўгага, пазней,
разбурыць праўда.
Школьніца
Там ты і я… І больш няма…
Блукала ў поцемках зіма,
дзе толькі нашыя сляды…
Якая ноч была тады!!!
Жыццё заўжды ідзе па колу,
і зноў вяртаецца да школы,
дзе школьніца ў цяні нябёс,
нясмела свой чакае лёс.
* * *
Спіць зачарованая пляшка
Такія, сябра мой, часіны,
што і сабрацца выпіць цяжка…
Гады праходзяць як хвіліны,
спіць зачарованая пляшка,
кілішкі туляцца ў маркоце,
і нас з табой даўно чакаюць,
а мы, пустэльнікі ў самоце,
якія больш не наракаюць.
Што наракаць?! Такая доля!
І сэнсу плакацца не знойдзем!
Няволі патрабуе Воля,
і гэты шлях напэўна пройдзем.
Маліцца можна і не ў Рыме,
ды я не быў ніколі франтам,
лепш адпакутваць на радзіме,
чым румзаць слёзна імігрантам.
Даўно мы не маглі сустрэцца,
ні адпачыць, ні па рабоце,
кілішкам віскара сагрэцца,
я навучыўся ў адзіноце.
А з сябрам хочацца напіцца,
ды хляць пакуль не надакучыць,
калісьці ж трэба весяліцца,
а гараваць жыццё навучыць.
Ды ўжо даўненька навучыла,
не берагло, не шкадавала,
лупіла, штурхалася, біла,
здавалася яму ўсё мала.
А мы ўсядно кудысь імкнёмся,
і пром не прадыхнуўшы зранку,
і заўтра аж дасюль дапромся,
а сёння перакулім шклянку.
* * *
А я ляцеў пасярод ночы,
і парашыў мне снег у вочы,
пачуцці шчасцем абяляў,
надзеяй сэрца асвятляў.
А ты чакала як святая,
яшчэ такая маладая,
пяшчоты не спазнаўшы смак,
а я - зусім яшчэ юнак.
Завея ўсё змяла наўкола,
а мы стаялі каля школы,
нібы ў паслявурочны час,
настаўнік злы пакінуў нас.
Нас нават школа ратавала,
сабой ад ветру засланяла,
і плакалі у снах сады,
пад снегам тоячы сляды.
Бязгрэшным засталося места,
дзе я назваў цябе нявестай,
там дзе нявіннасць у снягах,
слядах, садах, слязах і снах…
На свеце ёсць адна прычына,
яна - каханая дзяўчына,
а гэты хлопец, што з табой,
тады і стаў самім сабой.
Белы Рысь
Адлятаюць і шпакі, і гусі,
пруцца людзі некуды ў журбе,
белы ж рысь заўсёды ў Беларусі,
і ў другой краіне не жыве.
Не жадае нікуды ён болей,
не шукае лепшае жыццё,
толькі тут сваю шануе волю,
за сваё змагаецца быццё.
Хай лісцём сцяжынкі замятае,
і трывожна ветрыць, і дажджыць,
нават бусел некуды злятае,
белы рысь нікуды не бяжыць.
Ночкі тут зімовыя марозяць,
вые шэры воўк кудысь у высь,
нават зубра сілаю вывозяць,
ды заўжды на месцы белы рысь.
Ён нястомна ў радасці, і ў скрусе,
пільна паглядае ў даль і ўвысь…
Белы рысь - ёсць сімвал Беларусі,
Беларусь вартуе Белы Рысь.
Права на годны ўчынак
Не варта прыдумваць
якойсьці прычыны,
ваўком быць у шкурах авечых,
ёсць простае права
на годнасці ўчынак,
галоўнае з праў чалавечых.
На вартасць жыцця
не патрэбна заява,
хто з гонарам, той не напіша,
а годны ж учынак - галоўнае права,
бо гэта і выбар, і ніша.
Якой бы не стала жыцця пераправа,
(дзе радасці, там і нягоды),
на годны, на ўчынак, галоўнае права,
сабе пакідайма заўсёды.
Нікога на годнасць
з сабой не паклічаш,
і будучыні не ўгадаеш,
а вось калі нешта наперад пралічыш,
ніколі сябе не спазнаеш.
І каб чалавек заставаўся свабодны,
за кратамі, або на волі,
галоўнае права, на ўчынак, на годны,
згубіць ён не можа ніколі.
Там
У той прасторы дзе агонь
З сабой нясе крылаты конь,
І замак дзе стаіць стары,
У ім патухлі ліхтары,
І толькі зніч гарыць…
І звыклых там дарог няма,
Там не свабода, не турма,
Там нават самы доўгі дзень,
Ператвараецца на цень,
І час там не ідзе…
Там паўсюль сумневаў след,
І пакутуе паэт,
І мастак сваіх згрызот малюе раны,
Там блукае пілігрым,
Карабель ідзе скрозь дым,
І каханне праплывае акіяны.
Туды нам хочацца ісці
Каб хоць крыху сябе знайсці,
Убачыць зорны край нябёс,
І запытаць таемны лёс,
Куды ён нас занёс?
Каб зазірнуць за далягляд,
І назіраць планет парад,
Пакаштаваць таго віна,
Якое зведаў толькі ў снах,
І выпіць усё да дна.
Там паўсюль сумневаў след,
І пакутуе паэт,
І мастак сваіх згрызот малюе раны,
Там блукае пілігрым,
Карабель ідзе скрозь дым,
І каханне праплывае акіяны.
Парода
Тым, хто хоча быць народам,
трэба, каб: ці так, ці сяк,
у людзей пайшла парода,
ну, хаця б, як у сабак.
Годны звер не хоча згубы,
і сябе ён адстаіць,
калі што, пакажа зубы,
можа нават укусіць.
Тут гісторыя, карэнні,
свая праўда, свой падман,
і мінуўшчыны здарэнні,
і на будучыню план.
Як не біся, не круціся,
не змяніць гісторый ход,
хоць пайдзі і задушыся,
а народ ад слова "род".
І не трэба без патрэбы,
агароджваць агарод,
без карэння нават дрэвы
не цвітуць… А тут народ!
І нічога там не будзе,
дзе карэнні не ўраслі,
толькі з імі хочуць людзі,
быць сабою на зямлі.
Ды пакуль на людскасць мода
не прыйшла, то хоць бы так:
Людзям трэба хоць парода,
ну, хаця б, як у сабак.
Вось яшчэ каб з той пародай,
лепш было б, як ні вазьмі,
каб народу стаць народам,
людзям трэба быць людзьмі.
Рэанімова *
Якія не былі б умовы,
а выйдзе ўсё наадварот,
і нацыя без роднай мовы
не расквітнее як народ.
Заві дачкою, або сынам,
адказам будзе немата,
таму што кожная краіна
без роднай мовы - сірата.
Тады глядзіцца як у коме,
з сумневамі, ці будзе жыць,
хто на сваёй не можа мове
сябе на людзях прад'явіць.
Сіроцкія сагнуцца спіны,
у родных хатах, і ў гасцях,
бо мова - маці для краіны,
а яе бацька - герб і сцяг.
У тым вялікае значэнне,
каб ганарыўся даўні род,
бо толькі ў гэтым вымярэнні
квітнее іх дзіця - народ.
Адкіньце нудныя прамовы,
што нам рабіць, каго вучыць,
а паспрабуйце роднай мовай
хоць са сваімі гаварыць.
Злучаць сваё павінна слова,
што ёсць, што будзе і было,
бо маці для народа - мова,
што праз вякі нясе святло.
Падрыхтаваў Сяргей Чыгрын.
* Гэтым прыгожым словам "Рэанімова" ў 1980-х гадах называлася Гарадзенскае самвыдатаўскае выданне.
Ліда раскрывае таямніцы неахвотна: дзе і што шукаць у Лідзе
Леанід Лаўрэш
Мы дакладна ведаем, што Тэадор Нарбут вывучаў і бараніў Лідскі замак ад варварскага руйнавання, верагодна, ён і быў першым у гэтай справе. Пасля Нарбута наш замак усебакова вывучалі Вандалін Шукевіч, кс. Казіцкі, Вацлаў Студніцкі, Пётр Пакрышкін, др. Лорэнц і інш. Граф Яўстах Тышкевіч першым вызначыў, што замкі ў Лідзе, Крэве, Гальшанах, Міры па сваім тыпажу блізкія да заходнееўрапейскіх.
У непасрэднай блізкасці ад замка жыў і кожны дзень яго бачыў, лепшы лідскі гісторык XX ст. Міхал Шымялевіч. У маёй калекцыі ёсць скан здымка Лідскага замка з асабістага архіва Міхалам Шымялевічам, здымак зроблены каля дома гісторыка і, магчыма, менавіта ён і з'яўляецца аўтарам здымка. Вядома, што Шымялевіч цікавіўся замкам і таму першы з яго грунтоўных артыкулаў меў назву "Горад Ліда і Лідскі замак" 1. Вядома, што ўвесь яго неверагоднай каштоўнасці архіў і рукапісы загінулі і мы не можам нават прыблізна ацаніць каштоўнасць, якую страцілі і якія веды пра замак і Лідчыну прапалі назаўсёды.
Шурфоўка Міхасём Ткачовым у 1970 г. тэрыторыі Лідскага замка паказала, што ён збудаваны на штучнай падсыпцы з пяску, жвіру і камянёў і напачатку меў толькі адну вежу. У 1974 г. Яраслаў Звяруга па перыметру двара Лідскага замка зрабіў 12 шурфоў 2.
У 1977-1978, а таксама ў 1980 i 1985 гг. раскопкі ў замку праводзіў Алег Трусаў. У 1977 г. былi цалкам ускрыты рэшткі абедзвюх вежаў, знойдзены астаткі некаторых драўляных пабудоў на замкавым двары, вызначана месца, адкуль пачынаўся роў перад паўночнай замкавай сцяной. Усе археалагічныя i рэстаўрацыйныя работы выконвалі студэнты будаўнічага атрада імя У. І. Пічэты (першага рэктара БДУ), сфармаванага на гістарычным факультэце ўніверсітэта 3.
У 1982 г. на базе архітэктурна-археалагічнай экспедыцыі аб'яднання "Белрэстаўрацыя" пад кіраўніцтвам Алеся Краўцэвіча быў створаны атрад, які акрамя іншых месцаў, правёў раскопкі і ў Лідзе (1983, 1986-1987 гг.)
Фундаментальнай і таму настольнай кнігай для ўсіх аматараў археалогіі і гісторыі нашага края, з'яўляецца манаграфія Алеся Краўцэвіча "Гарады і замкі Беларускага Панямоння XIV-XVIII стст.: Планіроўка, культурны слой", выдадзеная ў 1991 г. З гэтай манаграфіі даведваемся, што ў Лідзе археолагамі ў розны час было зроблена 97 свідравін і вялікая колькасць шурфоў, дзякуючы чаму зараз мы маем інфармацыю пра таўшчыню культурнага слоя ў розных частках гістарычнага цэнтра нашага горада 4. Было даследавана 3260 м 2 у замку і 34 м 2 у горадзе - у тым ліку ў раёне цэнтральнай плошчы горада - тут археолагі знайшлі два культурныя пласты: светла-шэры, таўшчынёй 0,4 - 0,5 м з керамікай XVIII - XX ст. і цёмна шэры, таўшчынёй 1 - 1,2 м з бітай цэглы і вапны. У гэтым пласце выяўлена каменная брукоўка і адразу пад ёй знойдзены фрагменты керамікі і кафлі XVII ст. Ніжняя частка гэтага цёмна-шэрага слою датуецца керамікай XVI ст. 5 Цікава, што сярод вялікай колькасці пляцовак у нашым горадзе, дзе праводзіліся раскопкі і бурэнні, беларускія археолагі праводзілі раскопкі на дзвюх пляцоўках, якія знаходзяцца прыкладна за 100 м ад "Ліды Нарбута" 6.
Такім чынам гісторыя археалагічнага вывучэння Лідскага замка і горада Ліды мае ўжо працяглую, паважную і ў нечым павучальную гісторыю, можна з упэўненасцю сказаць, што археалагічнае вывучэнне нашага горада абавязкова прадоўжыцца.
Мэта гэтага артыкула - зрабіць для будучых даследчыкаў спіс найбольш цікавых гістарычных аб'ектаў з указаннем іх дакладных геаграфічных каардынатаў, каб у будучыні ўжо немагчыма было страціць іх месцазнаходжанне. Гэтыя геаграфічныя каардынаты могуць выкарыстоўвацца любым чынам, нават на звычайнай папяровай карце, але, каб карыстальнікам было зручна, яны падаюцца ў фармаце гугль-карт - калі каардынаты ўвесці ў пошукавае вакенца гэтай сістэмы, месцазнаходжанне неабходнага аб'екта адразу будзе паказана на карце гэтай сістэмы.
Метадам вызначэння месцазнаходжання гістарычных аб'ектаў у нашым горадзе, якім я карыстаюся ўжо шмат гадоў, з'яўляецца метад накладання старых аэрафотаздымкаў на сучасную спадарожнікавую гугль-карту. Магчымую памылку вызначэння каардынат пры такім метадзе можна ацаніць як плюс-мінус 10 м, што дастаткова, каб знайсці гістарычны аб'ект памерам ў вялікі будынак.
На пачатку, некалькі слоў пра археалагічныя раскопкі ў нашым горадзе, якія прайшлі ў ліпені 2023 г.
Зняўшы на месцы каардынаты месца раскопак лета 2023 г., мне засталося толькі вызначыць гэтую кропку на гугль-карце і падрэгуляваць празрыстасць слаёў у фоташопе на двухслойнай карце. Так было высветлена, што раскоп патрапіў на невялікую пабудову ад якой ў ліпені 1941 г. засталіся толькі падмуркі - якраз яны і былі знойдзены. Драўляныя сцены гэтага будынка згарэлі, у той час, як усе суседнія з гэтай пабудовай мураваныя сцены без выгараўшых перакрыццяў яшчэ стаяць. Нагадаю, што згарэўшы цэнтр Ліды потым быў разабраны на цэглу яўрэямі Лідскага гета недзе да мая 1942 г.
Можа выказаць гіпотэзу, што гэтым летам былі адкапаныя падмуркі кухні, якая стаяла за 4-м домам (калі лічыць ад поўначы) на заходнім баку Рынкавай плошчы. Цікавым на гэтых раскопках была знаходка вялікай колькасці костак, сярод якіх былі і свіныя. Гэта можа казаць пра хрысціянскае веравызнанне гаспадара дома. Найверагодней, што драўляны будынак, падмуркі якога былі ўскрыты, з'яўляўся летняй кухняй. Дадам, што ў той час з-за павышанай пажарнай небяспекі, усе больш-менш заможныя гаспадары заўсёды мелі вось такія кухні, вынесеныя на небяспечную адлегласць ад жылога дома.
Капаючы тут, каля былой Рыначнай плошчы ці ў любым месцы старога горада, можна знайсці безліч падмуркаў, будаўнічага друзу і парэшткаў бытавых рэчаў.
Па расказах старых лідзян, якія я ўважліва слухаў і занатоўваў больш за 30 гадоў таму, ведаю, што падчас будаўніцтва гмаху, раней вядомага ў Лідзе пад назвай "Дом афіцэраў", былі ўскрыты падвалы некаторых дамоў першай лініі заходняй часткі старога гарадскога рынка. Па сутнасці, кожны такі дом, які стаяў на самым удалым для бізнесу, месцы горада, з'яўляўся магутным гандлёвым прадпрыемствам. З моманту, калі яны паўсталі пасля пажару ў канцы XIX ст., гэтыя дамы ўвесь час будаваліся, перабудоўваліся і ўдасканальваліся. Таму, калі недзе да мая 1942 г. сцены гэтых дамоў былі разабраны і месца, дзе яны стаялі, з большага было засыпаны друзам, дык магутныя падвалы засталіся некранутымі. Прыкладна праз 20 гадоў, пасля ўскрыцця падвалаў, усім на дзіва і на радасць гараджан, змучаных адсутнасцю ў крамах усяго неабходнага, у падвалах у адносна добрым стане ляжалі тавары, і не толькі нешта накшталт посуду, але нават і рулоны з тканінай! Вызначыць, дзе раней стаялі гэтыя дамы, не складана, і, магчыма, падмуркі хоць аднаго з іх засталіся некранутыя да нашага часу. Але знайсці ў іх можна прыкладна тое самае, што было знойдзена летам 2023 г., тое ж, што ёсць, практычна, на кожным метры старога горада - будаўнічы друз, аскепкі посуду, відэльцы, нажы і г. д. Як карэнны жыхар нашага горада, я ведаю гэта з асабістага вопыту.
Далей я апішу магчымыя ў будучыні месцы раскопак, музеефікацыя якіх магла б прынесці карысць гораду з-за павялічэння патоку турыстаў.
"Ліда Нарбута" 1180 г. Неверагодна цікавай і карыснай справай магла б стаць знаходка старой Ліды, якую ўмоўна можна назваць "Лідай Нарбута" 1180 г. Мне ўдалося дакладна вылічыць месцазнаходжанне гэтага старажытнага паселішча, якое, на жаль знаходзіцца ў цалкам урбанізаванай зоне нашага горада 7. Таму на першы час тут можна было б абысціся толькі памятным знакам, які дазволіў бы ў перспектыве вярнуцца да больш рэальнай даты заснавання горада Ліды - 1180 г. А покуль ролю такога памятнага знака выконвае вядомы ўсім лідзянам знак "Люблю Ліду", які стаіць прыкладна каля паўночнай мяжы старога гарадзішча.
Каардынаты меркаванага цэнтра гэтага старажытнага паселішча: 53.89506085696649, 25.293034591800847.
Вялікая лідская сінагога і іешыва Рэйнеса. Зусім блізка ад месца раскопак 2023 г. - недзе за 50 метраў на поўнач, стаялі іешыва Рэйнеса і галоўная Лідская сінагога - вельмі важныя і цікавыя аб'екты, месцазнаходжанне якіх вядома і іх пляцоўкі на шчасце сёння не забудаваныя. Патрэбна было б праз шурфоўку даведацца ці засталіся ў зямлі фундаменты гэтых гмахаў, і калі яны засталіся, дык трэба было б планаваць цікавыя і карысныя для горада раскопкі.
У Беларусі комплекс сінагога-іешыва, заўсёды меў назву Школьны двор. Лідскі Школьны двор з поўдня выходзіў на Рыначную плошчу, з дакументаў вядома, што прыбіраў рынак і Школьны двор адзін і той жа дворнік. З дакументаў таксама бачна, што Школьны двор існаваў у Лідзе як мінімум з XVII ст., ёсць ён і на карце горада канца XVIII ст. У 1843 г. пажар, які распачаўся з яўрэйскай лазні, знішчыў увесь Школьны двор, частку дамоў Рынкавай плошчы і ўсю вуліцу Віленскую. Пажар 1891 г. зноў знішчыў Школьны двор і амаль што ўвесь горад.
Згарэла тады і старая сінагога, якая існавала і выкарыстоўвалася па прызначэнні каля 300 гадоў. Таму, магчыма, у больш глыбокіх культурных слаях, чакаюць археолагаў і яе падмуркі.
Новая мураваная лідская сінагога была пабудавана тут у 1896 г. у неамаўрытанскім стылі. Адным радком трэба заўважыць, што неамаўрытанскі стыль знаходзіўся ў рэчышчы эклектыкі ХІХ - пачатку ХХ ст., ён з'явіўся на хвалі пошукаў ідэнтычнасці і, канешне ж, не быў аўтэнтычнай маўрытанікай, якая будавалася ў сярэднявеччы.
Новая лідская сінагога ўяўляла сабой двухпавярховы прамавугольнік памерамі 23 х 28 м і вышынёй у 30 метраў са сценамі мятровай таўшчыні. Будавалі Вялікую лідскую сінагогу 4 гады, будаўніцтва было завершана ў жніўні 1896 г., а набажэнства дазволена распачаць у снежні 1896 г. Зімой 1941-42 гг. па распараджэнні гебітскамісара Ханвега згарэўшая ў 1941 г. сінагога была цалкам разабрана. Будаўнічае смецце пайшло на адсыпку дарогі па забалочаным участку будучай вуліцы Міцкевіча ад сучаснага праспекта Перамогі да вуліцы Савецкай (гэтага ўчастка вуліцы Міцкевіч тады яшчэ не было) 8.
Вялікую павагу і вядомасць меў лідскі равін Рэйнес і яго іешыва. Не забыты Рэйнес і сёння.
Калі б удалося раскапаць падмуркі іешывы Рэйнеса і галоўнай Лідскай сінагогі, а потым належным чынам правесці музеефікацыю гэтых аб'ектаў, дык без сумневу гэта выклікала бы вялікую цікаўнасць турыстаў і дала б дадатковыя грошы ў бюджэт горада.
Каардынаты сінагогі: 53.8928919606208, 25.301384562036507
Каардынаты іешывы: 53.892712249057396, 25.301293124323667
Кляштар піяраў. На тэрыторыю, дзе сёння стаіць Лідскі каледж пры Гарадзенскім універсітэце, раней з поўначы заходзіла крыло кляштара піяраў, у якім месцілася вучэльня. Пасля 1863 г. касцёл і кляштар быў перададзены пад праваслаўную царкву і, у выніку перабудовы, было знесена гэтае ўсходняе крыло будынка. Але, магчыма, на тэрыторыі каледжа падмуркі захаваліся і да нашага часу 9.
Піяры ў свой час зрабілі велічэзны ўнёсак у справу адукацыі на Лідчыне.
Каардынаты кляштара: 53.89353051340163, 25.303833938287244
Царква Арханёла Міхала. Тут жа, каля сучаснай царквы Арханёла Міхала (былога касцёла піяраў), як найменей з першай паловы XVII ст. стаяла ўніяцкая (грэка-каталіцкая) царква Св. Мікалая. У дакументах канца XVIII ст. на месцы былой царквы Св. Мікалая мы бачым ужо новую царкву пад тытулам Міхала Арханёла. Абедзве гэтыя цэрквы былі драўляныя. Вядома, што царква Міхала Арханёла была пабудаваная ў форме крыжа, каля яе меўся шпіталь і пабудовы плябаніі: хата святара з каморай, пякарня, клець (амбар), гумно, хлеў. Пры капітальным рамонце вуліцы Сувальскай (зараз - Савецкай) і пракладцы тэлефонных кабеляў новай у той час пошты па вуліцы Міцкевіча (якая тады яшчэ толькі будавалася), у 1937 г. тут знайшлі парэшткі XVIII ст. "лідскіх месцічаў, якія былі пахаваны на могілках пры ўніяцкай царкве, якая згарэла ў першай палове XVIII ст", - тут маецца на ўвазе царква св. Мікалая. А калі знікла царква Міхала Арханёла, невядома, але на карце горада 1842 г. яе ўжо няма. Зараз там, дзе стаялі ўніяцкія цэрквы са шпіталем, плябаніяй, знаходзіцца паўночнае крыло будынка лідскага каледжа 10. Могілкі ж, верагодна, займалі пляц бліжэйшы да галоўнай вуліцы горада.
Каардынаты царквы: 53.89332136298254, 25.303711884679984
Іншая грэка-каталіцкая Прачысценская царква ў Лідзе знаходзілася ў раёне горада, які маў гістарычную назву Зарэчча (зараз - раён вул. Калініна). Тут яна месцілася, прыкладна з першай паловы XVII ст. і, зразумела, што на гэтым месцы па-чарзе стаялі некалькі драўляных цэркваў. Як і належыць, каля царквы меліся могілкі і чалавечыя косткі тут знаходзіліся яшчэ ў XX ст.
Міхал Шымялевіч паведамляў пра гэтую царкву, што ў купчай, якой быў аформлены продаж 7 красавіка 1630 г. лідскім мешчанінам Лаўрынам Паўлавічам Казюковічам сваёй зямлі і хаты Мацею Вайцеховічу і яго жонцы Парасе Фёдараўне, згадваецца Фёдар Грынявецкі, святар храмаў Божых у горадзе Лідзе - у імя Прачыстай і Святога Мікалая: "Chwiedor Hryniewiecki swieszczennik domu Bozego Przyczystey y swietego Mikolaya w Lidzkiem miescie stojacych", - заўважу, што гэта тэкст напісаны беларускай мовай на лацінцы. Пры апісанні межаў пляца ў купчай ясна ўказана месцазнаходжанне Прачысценскай царквы: "Іншым жа канцом да самой вуліцы, якая ідзе з горада Ліда на Дуброўну і Ліпнішкі, ідучы гэтаю вуліцай па дарозе з г. Ліды ад рынка і ад замка да Прачысценскай царквы па правай руцэ". З гэтага бачна, што Прачысценская царква размяшчалася на тым месцы, дзе, як пісаў Шымялевіч, на пачатку ХХ ст. знаходзілася "хатка Каліноўскага на Зарэччы" 11.
Вызначаныя сучасным метадам каардынаты Прачысценскай царквы: 53.886184832612535, 25.30730971739487
Месцазнаходжанне цэркваў Св. Яна і Св. Спаса, якія таксама меліся ў Лідзе, не высветлена. Вядома толькі, што царква Св. Спаса знаходзілася недзе бліжэй да цэнтра горада. Улічваючы, што тая Ліда займала зусім маленькую тэрыторыю, ёсць шанец, можа, нават і выпадкова, знайсці падмуркі цэркваў ці, што больш верагодна, чалавечыя парэшткі на каляцаркоўных могілках.
Апошняя лідская ратуша. Таксама зусім блізка ад месца раскопак 2023 г. стаяла апошняя лідская ратуша. Накладанне карты горада канца XVIII ст. на сучасную спадарожнікавую гугль-карту, паказвае, што контур ратушы, у асноўным, знаходзіцца пад сучасным домам № 13 і на прамежку паміж домам № 13 і № 11 вул. Савецкай (там дзе зараз працуе гульнявы цэнтр). Улічваючы, што месца вакол ратушы інтэнсіўна забудоўвалася пасля пажару 1891 г. (тады згарэла і сама ратуша), і другі раз тое самае рабілася з канца 1950-х гг., верагоднасць захавання падмуркаў ратушы, на жаль, вельмі малая.
Апошняя лідская ратуша, згарэўшая ў 1891 г., абазначана на карце, якая складзена ў канцы XVIII ст. пры ўдзеле вучняў піярскага калегіюма.
Накладанне гэтай карты на сучасны здымак гугль-карты я рабіў з пэўным скепсісам, бо ведаў, што ў гэтай справе даецца ў знакі нават аптычная хібнасць аб'ектываў, а тут карта, намаляваная ад рукі! Аднак атрыманыя вынікі перасягнулі ўсе мае чаканні. Карта была зроблена бездакорна - вымярэнне адлегласцяў і кутоў зроблена абсалютна дакладна - выбраныя мной апорныя кропкі - тры касцёлы (фарны, кармелітаў і піяраў) і перакрыжаванне вуліц Віленскай з Каменскай (Савецкай з Ленінскай) дакладна ляглі на свае месцы. Таму, хачу яшчэ раз сказаць некалькі слоў пра гэту цудоўную карту, з дапамогай якой я вызначыў каардынаты ратушы і дзвюх нашых цэркваў.
У малодшых класах піярскага калегіюма па некаторых прадметах меліся практычныя заняткі. Пад час візітацыі 6 чэрвеня 1785 г. прафесару геаметрыі ўказана, "каб вучыў геаметрыі на практыцы, на полі, разам з рысаваннем карт". Школьная рада 2 мая 1791 г. вызначыла час землямернай практыкі. У рукапісе "Дзеі лідскіх піяраў" 25 лістапада 1797 г. запісана: "Каморнік, прызначаны Літоўскім урадам вымяраць горад Ліду і зрабіць план, прасіў аб дапамозе студэнтаў. Сход настаўнікаў, зыходзячы з вялікай практычнай карысці для вучняў, якія вывучаюць геаметрыю, каб удасканаліцца ў гэтай навуцы, дазволіў. А таксама каб і настаўнікі хадзілі на тую практыку, аднак без занядбання школьных і кляштарных абавязкаў". Гэтак з дапамогай піяраў і з'явілася першая ў гісторыі, цудоўная карта нашага горада 12. Дадам, што "геаметрыя" - у прамым перакладзе як раз і азначае "землямер'е".
Па шматлікіх прычынах, пералік якіх склаў бы вялікі артыкул, гарадскую ратушу абавязкова трэба аднавіць. Але з-за таго, што пляц, дзе стаяла лідская ратуша, забудаваны, нам трэба браць на ўзбраенне вопыт нашай сталіцы Менска, дзе з-за той жа прычыны, адноўленая ратуша зрабіла крок цераз вуліцу на вольнае ад забудовы месца. Адноўленай Лідскай ратушы так самам давядзецца перакрочыць вуліцу Савецкую і стаяць на зараз свабодным пляцы за домам Савецкая, 16. Тут маецца вялікая пляцоўка, вольная ад забудовы, але трэба памятаць, што на гэтым месцы гарадская забудова існавала, недзе з XVI ст. (калі не раней), і перад аднаўленнем ратушы, гэта месца патрабуе дэталёвага археалагічнага вывучэння! А знойдзеныя, па-сапраўднаму старажытныя рэчы (а не рэчы сярэдзіны XX ст.) маглі б упрыгожыць калекцыю нашай будучай ратушы.
Каардынаты апошняй ратушы нашага горада: 53.89222962259373, 25.3027088101095.
Кляштар і касцёл кармелітаў. Яшчэ адным цікавым месцам, дзе трэба весці раскопкі, з'яўляецца касцёл і кляштар кармелітаў.
Зараз прыкладна там, дзе стаяў кармеліцкі кляштар, знаходзіцца будынак музычнага каледжа, а на тым месцы, дзе быў касцёл кармелітаў, праходзіць паўдзённая праезджая частка вуліцы Ленінскай, таму для пошукаў тут трэба перакрываць дарожны рух. У гэтым месцы, пры пракладцы камунікацый, неаднаразова знаходзіліся парэшткі пахаванняў людзей, што не дзіва - мы добра ведаем, што вакол касцёла кармелітаў, як і належала ў той час, меліся могілкі.
Пры дабудове да сучаснага музычнага каледжа памяшкання спартыўнай залы былі ўскрыты магутныя лёхі былога кляштара са скляпеністай столлю - старая Ліда чарговы раз нагадала пра сябе 13 і можна спадзявацца, што падмуркі цікавейшага лідскага гмаху XVIII ст. захаваліс,я і тады пасля раскопак і ўскрыцця падмуркаў кляштара, патрэбна была б па-сапраўднаму крэатыўная ідэя як уладкаваць гэты найважнейшы археалагічнага аб'ект, які бясспрэчна выклікаў бы вялікую цікаўнасць у турыстаў.
Каардынаты касцёла кармелітаў - 53.8902029730584, 25.302287950056257.
Каардынаты кляштара кармелітаў - 53.88971617458282, 25.301914047661725.
1 Гл: Шимелевич М. Город Лида и Лидский замок // Виленский календарь. Вильно, 1906. С. 37-57.
2 Краўцэвіч Алесь, Трусаў Алег. Знаходкі ў Лідскім замку // Спадчына. 1991. № 5 С. 57-61.
3 Трусаў Алег Мінулае і сучаснасць Лідскага замка // Лідскі летапісец. 2007. №2(38). С. 26.
4 Краўцэвіч А.К. Гарады і замкі Беларускага Панямоння XIV-XVIII стст.: Планіроўка, культурны слой. Мінск, 1991. С. 35.
5 Там жа. С. 47-48.
6 Гл. карту: Краўцэвіч А.К. Гарады і замкі Беларускага Панямоння XIV-XVIII стст.: Планіроўка, культурны слой. Мінск, 1991. С. 36.
7 Гл: Лаўрэш Леанід. Яшчэ раз пра "Ліду Тэадора Нарбута" // Наша слова.pdf. 25 ліпеня 2023.
8 Падрабязней гл: Лаўрэш Л. Л. Шпацыры па старой Лідзе. Гродна, 2020. С. 123-124.
9 Падрабязней гл: Лаўрэш Л. Л. Шпацыры па старой Лідзе. Гродна, 2020. С. 139-145
10 Там жа. С. 126-128.
11 Гл: Лаўрэш Леанід. Лідскія цэрквы да 1939 г. // Лідскі Летапісец. 2014. № 4 (68). С. 63-79.
12 Гл: Лаўрэш Л.Л. Інстынкт пазнання. Нарысы з гісторыі адукацыі ў горадзе Ліда. Гродна, 2023. С. 21.
13 Падрабязней гл: Лаўрэш Л. Л. Шпацыры па старой Лідзе. Гродна, 2020. С. 92-97.
Беларусы сустракаюцца з індзейцамі
Перад адыходам у "вечнасць" і жывучы яшчэ доўга і шчасліва: Кіпель, Сапега, Сарока; калекцыі, музеі і выставы
(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-41 (53-93) за 2023 г.)
Тэму музейнай перапіскі з пералікам тэм і большасці музеяў, з якімі мы мелі справу, мы ўзнялі ў 2023 г. у спецыяльным артыкуле. Але аб'ём яго не дазваляў раскрыць многія пытанні з гэтай сферы.
Мы пісалі ў Нацыянальны музей (Muzeum Narodowe) у Варшаве: "Станіславу Лорэнцу або яго калегам" (№ 7 12.01.1990):
"Шаноўныя панове.
Мы адважваемся звярнуцца да Вас з просьбай даць кароткія даведкі па двух пытаннях:
1. Ці вядома Вам штосьці пра лёс этнаграфічных калекцый Радзівілаў з Нясвіжа - магчымае цяперашняе месцазнаходжанне індзейскіх прадметаў, а таксама іканаграфіі з амерыканскімі сюжэтамі?
2. Ці былі прадстаўлены артэфакты з Амерыкі ў калекцыях Вашага музея ў перыяд кіраўніцтва ім Ю. Карніцкім і Ц. Ляхніцкім?
Будзем Вам надзвычай удзячныя за адказ.
Нашы сардэчныя пажаданні поспехаў у вашай дзейнасці".
На тэму магчымага індзейскага ў калекцыях Радзівілаў і ў канкрэтных музеях мы пісалі таксама ў Варшаву Т. Сулежыcкай і ў Вільню ў Музей гісторыі і этнаграфіі.
Цікавасць Радзівілаў да "індыйскіх" рэчаў стымулявалася аналагічнай у іншых магнатаў. Польскі кароль Жыгімонт ІІІ Ваза меў у сваіх калекцыях "карцінкі, выкананыя ў Заходніх Індыях са страусавых пёраў".
Калекцыі Радзівілаў, якім прысвяціла спецыяльны артыкул Т. Сулежыcкая, уключалі, акрамя "індыйскіх бажкоў", і "індыйскія" ж карціны, якія, па ўсёй верагоднасці, адлюстроўвалі прыроду Амерыкі, а таксама карты частак свету і асобную карту Бразіліі. Я. Тазбір дадае да пераліку "экзатычны посуд, часткі вопраткі, карцінкі".
Каб уявіць, у якім суседстве знаходзіліся індзейскія рэчы, прывядзём урывак з твора Ю. Крашэўскага "Кароль у Нясвіжы" ў выглядзе, як яго дае А. Мальдзіс: "Абапіраючыся на дакументы, Крашэўскі сцвярджаў, што нясвіжская скарбніца займала тры вялікія залы, напакаваныя ўсякай усячынай - "пачынаючы ад значнай колькасці карцін, габеленаў - аж да дванаццаці драўляных коней, аздобленых сёдламі і збруяй нябачанай прыгажосці. Панскае багацце рэпрэзентавалі каштоўныя каменні, галаўныя ўборы, запінкі, пярсцёнкі, гадзіннікі, нашыйнікі, кольчыкі. Апрача гэтага - маршалкаўскія жэзлы, булавы гетманаў, буздыганы (жалезныя дубіны - аўт. [А. Мальдзіс] ), каштоўныя сагайдакі і шчыты, шаблі ў залатых ножнах, залатая і пазалочаная зброя, акропленыя святой вадой мячы, шыццё, карункі, урэшце, егіпецкія муміі, зброя дзікіх індзейцаў - усяго гэтага хапала, каб прыемна і з карысцю заняць некалькі гадзін часу". Кароль Рэчы Паспалітай у параўнанні з Каролем Радзівілам выглядаў "бедненькім"".
Далейшы лёс індзейскіх рэчаў, а таксама іканаграфіі з уключэннем індзейскай тэматыкі, якія знаходзіліся ў калекцыях Радзівілаў, прасачыць цяжка.
Звернемся да імпрэз, звязаных з паказам жывапісу, фота.
У 1976 г., юбілейным для Злучаных Штатаў, у Дзяржаўным мастацкім музеі БССР прайшла выстава "Заходнееўрапейскі і амерыканскі жывапіс з музеяў ЗША". Былі выстаўлены жывапісныя палотны Луіса Маўрэра (1832-1932) "Вялікае каралеўскае паляванне на бізонаў" (1895), Альфрэда Джэйкаба Мілера (1810-1874) "Паляўнічыя, што вітаюць Скалістыя горы" і "Апошні бізон" (1888), Альберта Бірштата (1830-1902) "Індзейскае паселішча ў гарах", Фрэдэрыка Рэмінгтана (1861-1909) "Паляванне на бізона" (1890), Чарльза Шрэйфогеля (1861-1912) "Хаў Кола" (1901), Генры Фарні (1847-1916) "Даўно мінулыя дні" (1903), Чарльза М. Расела (1864-1926) "У адзіночку" (1912).
Адносна паходжання карцін у выдадзеным (на рускай мове) каталозе адзначана, што карціны Мілера і Бірштата паступілі з фонду У. Р. Коў, карціна Рэмінгтана была ва ўласнасці некалькіх прыватных калекцыянераў, а работы трох апошніх мастакоў - з прыватных збораў, якія часова знаходзіліся ў экспазіцыі Галерэі мастацтва амерыканскага Захаду Уітні.
Толькі тры "індзейскія" карціны былі выстаўлены ў 1988 г. у Менску ў тым жа Дзяржаўным мастацкім музеі: у арганізаванай Міністэрствам культуры СССР і Аддзелам перасоўных выстаў пры дапамозе Культурнага фонду Арманда Хамера і Фонду фірмы "Пепсіка" экспазіцыі былі палотны Альберта Бірштата "Рака Вулф (штат Канзас)" (1859, з Дэтройцкага інстытута мастацтва), Джорджа Кэтліна "Маленькі Воўк, знакаміты воін" (1844, з Нацыянальнага музея амерыканскага мастацтва Смітсаніянскага інстытута) і Томаса Морана "Акома, 1902" (з Інстытута амерыканскай гісторыі і мастацтва імя Томаса Гілкрыза) (фрагмент гэтай карціны быў адлюстраваны на вокладцы каталога выставы, дзве першыя трапілі на здымкі фотакарэспандэнтаў БЕЛТА, апублікаваныя ў друку).
У Мінску адбылося некалькі выстаў беларуска-амерыканскіх мастакоў. Некаторыя выстаўленыя творы Г. Русак, Т. Стагановіч потым засталіся ў фондах музеяў у сталіцы, у Наваградку, Гомелі.
У час першай выстаўкі Г. Русак на Бацькаўшчыне, якая адбылася ў 1992 г. у Дзяржаўным мастацкім музеі, аўтары водгукаў на яе ў друку звярнулі ўвагу на "індзейскія" вытокі ў творчасці Галіны Русак.
Мастак і мастацтвазнаўца С. Крыштаповіч выступіў як "арганізатар і рэпрэзентант" выставы-прэзентацыі творчасці амерыканскіх мастакоў-беларусаў, адкрытай 13.10.1993 г. у Дзяржаўным мастацкім музеі Беларусі. У выставе былі прадстаўленыя работы Тамары Стагановіч, Ірэны Рагалевіч-Дутко, Галіны Русак, Надзеі Кудасавай, Янкі Салавянюка, якія пакінулі свае творы як дар Рэспубліцы Беларусь. Была выказаная ідэя стварыць у музеі асобную залу для мастакоў беларускага замежжа. Матэрыял А. Нароўскай у газеце "Культура" (26.10.1993), прысвечаны гэтай падзеі, уключыў рэпрадукцыю акварэлі Ірэны Рагалевіч-Дутко "Індыянская вёска".
Фотавыставы з Чылі і Мексікі прайшлі ў Гомелі.
Усе асноўныя цэнтральныя і мясцовыя газеты пісалі пра выставу "Расфарбаваныя целы", якая дэманстравалася ў выставачнай зале Гомеля з 20 студзеня па 20 сакавіка 1995 г. Яна была арганізаваная дзякуючы ініцыятыве гамяльчан мужа і жонкі А. Снітко і М. Кімель, членаў БІТ, якія прывезлі яе з Кіева. Да ўкраінскай сталіцы яна экспанавалася ў Маскве, прымеркаваная да 500-годдзя адкрыцця Амерыкі. Дзякуючы растлумачэнню добраахвотнікаў-экскурсаводаў як карэспандэнты, так і наведвальнікі звязвалі ідэю "нацельнага" мас-тацтва з індзейскім звычаем расфарбоўкі цел.
У 2002 г. была выстава мексіканскай фатаграфіі "Святло і колер Мексікі".
У Менску ў 2018 г. прайшла выстава індзейскіх фота Э. Кэрціса. У 2004 г. выстава ў Віцебску "Жылі-былі ў Каліфорніі" Мілы Гаўрылавай уключыла фота з серыі "Індзейцы".
Літ.:
12519 Высоцкая Н. [автор предисловия, публикация]. Инвентарь XVII в. коллекции радзивилловских портретов, опубликованный Т. Сулежиской в 1962 г. // Нясвіжскія зборы Радзівілаў: іх фарміраванне, гістарычны лёс, цяперашняе месцазнаходжанне і шляхі выкарыстання / рэдкал.: А. Мальдзіс (гал. рэд.) і інш. Мн., 2002. С. 101-124. (У 1962 г. прозвішча памылкова надукаванае як Sulerzycka.]
9663 Американские художники из Российской империи: живопись, скульптура из музеев, галерей США и частных коллекций: к выставке в Художественном музее Фреда Джонса-младшего (Оклахома), Художественном музее Сан-Диего (Калифорния), Третьяковской галерее (Москва) и Русском музее (Санкт-Петербург): [альбом / авторы статей: Евгения Петрова и др.]. Санкт-Петербург, 2008. ([Изоматериал.]
8234 Белорусский Второй государственный театр // Театрально-декоративное искусство в СССР. 1917-1927. Выставка в залах Академии Художеств. Л., 1927.
4938 Закржевский Г. Перекур: "Курительные трубки ХVI-ХIХ веков" - так называется выставка, открывшаяся недавно в музее частных колекций в Витебске // Советская Белоруссия. 2000. 24 февр. С. 3.
10585 Караевская Т. В Горках начала работу выставка бабочек и тропических насекомых // УзГорак. 2014. 16 студз. C. 3
7066 Филиппова М. Берестье 7 веков назад // Знамя юности. 2002. 19-25 окт. С. 9. (Пра адзіны ў сваім родзе музей ў Еўропе - інтэрв'ю з археолагам П. Ф. Лысенкам.)
1436 Кіпель В. Беларускія выстаўкі 1978 году // Запісы / Беларускі інстытут навукі й мастацтва = Zapіsy / Byelorussіan Instіtute of Arts and Scіences. 16. New York, 1978. С. 156-158.
1651 Музей ацтекской цивилизации // Сельская газета. 1987. 16 окт.
9922 Бярэйшык Л. У., Гужалоўскі А. А. Музеі замежных краін: вучэбны дапаможнік: у 2 ч. Мн., 2004. Ч. 1; 2008. Ч. 2.
7013 Кошур С. Матэрыялы пра Ігната Дамейку ў экспазіцыі і фондах Карэліцкага краязнаўчага музея "Зямля і людзі" // Ігнат Дамейка - светач сусветнай цывілізацыі: матэрыялы VI Карэліцкіх чытанняў (г.п. Мір, 12 верас. 2002 г.) / рэдкал.: Л. Уладыкоўская-Канаплянік (гал. рэд.) і інш. Мн., 2002. С. 15-21.
6843 Станкевич К. В Чили его называют апостолом науки и считают поляком, а в Беларуси поляки открывают ему музеи // Туризм и отдых. 2002. 28 февр. С. 6.
8126 Рублевская Л. Полководцы и поэты, джунгли и музеи: (рэц на кн: Леанід Несцярчук. Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка. Вяртанне героя на радзіму. ААТ "Брэсцкая друкарня", 2006.) // Советская Белоруссия. 2006. 25 июля. С. 21.
7754 В Таиланде открывается Музей опиума / а в Боливии процветает Музей кокаина // Белорусская деловая газета. 2000. 19 окт.
5273 Хотите побывать в "картофельном" музее? Отправляйтесь в Бельгию... // Народная воля. 1997. 28 окт.
3255 Шпадарук I. Ад макароніны - да майкі Пеле / музеі наведваў I. Шпадарук // Культура. 1997. 22-28 сак. С. 12.
3325 Зеньковский О. Музей интима // Знамя юности. 1996. 1 авг.
1064 Величко В. Всплеск высокой волны: канадские впечатления // Коммунист Белоруссии. 1990. № 2. С. 86-91.
1158 Грабят достояние нации // Знамя юности. 1982. 23 марта.
1612 Мексіканская паліцыя выявіла ў адным з непрыметных дамоў у прыгарадаў Мехіка 111 унікальных вырабаў дакалумбаўскай эпохі, выкрадзеных з нацыянальнага музея антрапалогіі // Звязда. 1989. 16 ліп. (На здымку: адна з выяўленых рытуальных масак. Тэлефота АП-ТАСС; Museo Nacional de Antropologia - у "Звяздзе" назва з малой літары.)
1651 Музей ацтекской цивилизации // Сельская газета. 1987. 16 окт.
1849 Раманаў П. Сустрэча са старажытнымі цывілізацыямі // Звязда. 1982. 15 жн.
4261 Vaschenko A. Some Russian responses to North American Indian cultures // Indians and Europe: an inter-disciplinary collection of essays / ed. C. F. Feest. Aachen, 1987. P. 307-320.
4074 Dzeniskevitch G. I. La collection tlingite dans le Musee d'Anthropologie et d'Ethnographie de L'Academie des Sciences de l'URSS // Pre-Columbian Collections in European Museums / ed. A.-M. Hocquenghem, P. Tamasi and Ch. Villaine-Gandossi. Budapest, 1987. P. 181-190. (У расійскіх крыніцах - да с. 189.)
6469 Музей антрапалогіі і этнаграфіі імя Пятра Вялікага (МАЭ) Інстытута этнаграфіі імя М. М. Міклухі-Маклая АН СССР, адзін з самых вялікіх этнаграфічных музеяў свету// Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. Т. 7. Мн., 1973. С. 304-305.
6482 Шунейка Я. Ф. Метраполітэн-музей // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 10. Мн., 2000. С. 314.
6678 Гурвич И. С., Ляпунова Р. Г. Коллекции музеев США по народам Северо-Западной Америки и Сибири // Советская этнография. 1980. № 5. С. 121-128. (І. Гурвіч, які наведваў ЗША і пазнаёміўся з музеямі, быў ураджэнцам Мінска.)
1010 Буйвал В. СССР-ЗША: новыя далягляды супрацоўніцтва // Чырвоная змена. 1988. 14 крас.
1706 "Новые горизонты" / фото В. Межевича // Советская Белоруссия. 1988. 3 апр. (На снимках: в зале выставки (3).)
2058 У Дзяржаўным мастацкім музеі БССР адкрыта выстаўка амерыканскага жывапісу 1840-1910 гадоў "Новыя гарызонты" / фота В. Мяжэвіча (БЕЛТА) // Мінская праўда. 1988. 30 крас.
1328 Золата інкаў у Маскве // Звязда. 1988. 27 снеж.
1329 "Золата Калумбіі" // Звязда. 1988. 26 крас.
1330 "Золата Калумбіі" // Чырвоная змена. 1988. 11 мая.
1118 Гаранская Т. Радзіма - рай: (выстаўка карцін амерыканскай беларускі Г. Русак) // Голас Радзімы. 1992. 27 лют.
4370 Нароўская А. Малітва, лёс, уваскрашэнне // Культура. 1993. 26 кастр. С. 7.
2370 Радзькін В. Мэта - дарыць радасць / фота аўтара // Гомельская праўда. 1991. 11 крас.
2808 В Гомеле - из Чили // Советская Белоруссия. 1995. 1 февр.
2813 Журбин И. Впервые в Гомеле - выставка нательной живописи // Гомельская праўда. 1995. 27 янв.
2820 Павчинский В. Гомельчане открывают Америку // Гомельскі веснік. 1995. 24 февр.
2822 Пернікаў У. Экзотыка расфарбаваных целаў // Звязда. 1995. 1 лют.
2836 Шыманоўская М. З Чылі да нас прыехала выстава поп-фатаграфіі // Гомельскія ведамасці. 1995. 27 студз.
2844 Липский А. Гомельчане открывают Америку // Народная газета. 1995. 10 февр.
2832 Халадзiлiн С. "Расфарбаваныя целы" / фота аўтара (2) // Народная газета. 1995. 9 лют.
2874 Халадзілін С. Экзатычная фотавыстаўка з такой назвай праходзіць у выставачнай зале Гомельскага аддзялення Саюза мастакоў Беларусі // Чырвоная змена. 1995. 11 лют. (фота (2) С. Халадзіліна, Белінфарм.)
5165 Воробей Н. С. Участие Белорусской ССР в отношениях Советского Союза с капиталистическими странами (50-70-е годы) / науч. ред. П. Т. Петриков. Мн., 1981.
КІПЕЛЬ Алеся (Аляксандра, Kipel) - ураджэнка Балтымара, яна доўгі час жыла ў Нью-Джэрсі, каля Нью-Ёрка. Скончыла Прынстанскі ўніверсітэт, а таксама юрыдычны факультэт у Вашынгтоне, дзе пражыла больш каля чатырох дзесяцігоддзяў, маючы па працы дачыненне і да важнага сталічнага міністэрства. Яна шмат рабіла як кіраўнік Вашынгтонскага гуртка Беларуска-амерыканскага задзіночання (БАЗА).
Наталля Гардзіенка, якая размаўляла з Алесяй у снежні 2017 г. у Вашынгтоне ("высветлілася, што ў маёй суразмоўцы хутка 60-гадовы юбілей, і з'явілася думка апублікаваць запісанае інтэрв'ю менавіта пад гэтую нагоду"), спытала ў яе: "Вы казалі, што любіце падарожнічаць. А якія краіны найбольш падабаюцца?"
Германія, Францыя, Іспанія… Яна была ў краінах Еўропы і Азіі. "У Афрыцы ніколі не была. А ў Амерыцы толькі да Мексікі даехала. Па Мексіцы вандравала, там індзейскія помнікі вельмі цікавыя. А больш на поўдзень яшчэ не даехала, а хацела б. Еўрапейцы прыехалі ў Паўночную і Паўдзённую Амерыку амаль у той самы час, але развіццё на поўдні зусім інакшае. Я хацела б там пабыць, каб пабачыць, як людзі жывуць, і зразумець, чаму гэтая розніца паўстала. У кнігах чытаць - гэта адно, а на ўласныя вочы ўбачыць - зусім іншае".
"Вольнага часу ў супрацоўніцы дзяржаўнага апарату ЗША мала, але яна гасцінна запрасіла пажыць колькі дзён у яе хаце, займаючы сябе самастойна адведваннем цікавых месцаў перадкаляднай амерыканскай сталіцы. Удзень я выбіралася на праходкі па знакамітых мемарыялах і музеях Вашынгтону, а потым вярталася ў густоўна дэкараваную Алесіну хату, каб адпачыць у чаканні гаспадыні".
Літ.:
6051 Кисель В. П. Памятники всемирного наследия: популярный энциклопедическй справочник. Мн., 1998.
САПЕГА Нікалас (Nicolas Sapieha, Prince Frederick Nicolas Peter Paul Sapieha) - фатограф, нарадзіўся ў Варшаве ў 1937 г. Бацька - Павел Марыя, вайсковец, польскі потым амерыканскі (удзельнічаў у Карэйскай вайне, падпалкоўнікам у 1960-х гг. быў рэзідэнтам контрразведкі США ў Афінах), маці - Вірджылія Петэрсан (Virgilia Peterson-Sapieha), пісьменніца і тэлежурналіст, дачка вядомага амерыканскага неўролага і псіхіятра.
Нікалас праілюстраваў больш за 50 кніг, суаўтар кніг пра Мексіку, Бразілію і Кубу: Antonio Haas, Nicolas Sapieha. The Gardens of Mexico (1993); Fernando Tasso Fragoso Pires, Gregory Rabassa, Nicolas Sapieha. Fazendas: The Great Houses and Plantations of Brazil (1995); Nicolas Sapieha, Francesco Venturi. Old Havana, Cuba, (1990).
У 1998 г. выйшла кніга "Няхай жыве Мексіка!" (Antonio Haas, Nicolas Sapieha): ""Viva Mexico!" гэта не проста гісторыя Мексікі; яна адлюстроўвае не толькі адзін народ, а мноства народаў, якія складаюць тое, што мы сёння называем Мексікай. У руках аўтара гісторыя краіны насычаная палітычнымі і рэлігійнымі інтрыгамі, геаграфічнымі і культурнымі канфліктамі, моўнымі і геалагічнымі ўзрушэннямі. На яго старонках ажываюць выдатныя персанажы: Картэс, Вілья, Мантэсума, Сапата і іншыя. Тэкст суправаджаюць бліскучыя фотаздымкі, адлюстроўваючы цудоўны ландшафт, архітэктуру і археалагічныя помнікі".
Нікалас памёр у канцы 1995 г. (Мехіка). Перад гэтым ён выканаў тры заданні для выдання "Археалогія" ("Archaeology" - публікацыя Archaeological Institute of America) - у Мексіцы, Турцыі і Амане.
Яго творчасць насіла сапраўды сусветны характар. Ён стаў вядомы як фатограф у газеце "St. Louis Post-Dispatch" (1969-1971). Але потым ад газетнай фотажурналістыкі ён перайшоў да "праектаў з больш спакойнымі тэмамі" - сады ў Партугаліі, архітэктура, музей сабак…
Спакой спакоем, але: "На працы Нік быў зусім не мірным [peaceful]. Ён быў перфекцыяністам, і яго добразычлівы характар і ўраўнаважаны нораў супярэчылі яго жаданні зрабіць ідэальны фотаздымак. Усё, што пагражала паставіць пад пагрозу якасць яго працы, няхай гэта будзе адмова камеры або занадта рэзкае сонечнае святло, пагражала сур'ёзнай вербальнай крытыкай. Але яны ніколі не выказвалася навакольным. Насамрэч ён быў камунікабельным і таварыскім, часта вітаўся і размаўляў з іншымі наведвальнікамі мясцін на іх роднай мове, няхай гэта была англійская, нямецкая, італьянская, французская, польская ці іспанская. Нашчадак княжацкага дому ў Польшчы, Нік быў ветлівы, але нязмушаны [gracious but unaffected]; ён быў добрым сябрам".
САРОКА Мікалай - доктар медыцынскіх навук, прафесар, пабываў у Эквадоры дзякуючы свайму вучню-эквадорцу Клаўдыа Галарсу і яго жонцы-беларусцы Марыі Курыловіч, таксама выпускніцы БДМУ. У 1997 г., праз два гады пасля вяртання на радзіму, эквадорскі урач запрасіў трох прафесараў. А праз 15 гадоў, будучы аспірантам кафедры Сарокі, ён абараніў кандыдацкую дысертацыю, пасля чаго "палічыў сваім маральным абавязкам зноў запрасіць" у госці свайго навуковага кіраўніка.
А. Малочка спытала ў яго ў час інтэрв'ю ў рубрыцы "З дальніх вандраванняў" у верасні 2012 г.: "Як у Эквадоры жывуць абарыгены, індзейцы?":
"Жывуць у перадгор'ях і гарах - у асноўным у халупах. Але індзейскія катэджы таксама сустракаюцца. Тыя, хто скончыў школу, паехаў на заробкі ў ЗША, праз 7-10 гадоў зарабляюць сабе на дом. Яны вяртаюцца і будуюць. У індзейскім катэджы можа вісець плоскі тэлевізар, а побач, як мне расказвалі, ходзяць куры і жывуць марскія свінкі. Але сварак на нацыянальнай глебе няма. У бацькоў Марыі я нават спецыяльна пытаўся пра гэта: ці бывалі ў вас на нацыянальнай глебе канфлікты ў краме, на вуліцы? Не, наадварот - павага, раз з Еўропы".
Клаўдыа, які быў з сям'і службоўцаў, далучыў і Марыю да свайго сярэдняга эквадорскага класа - яны пабудавалі прыгожы дом у добрым прыгарадным раёне. На момант інтэрв'ю ў іх было двое дзяцей. Клаўдыа на сумесным з Мікалаем здымку выглядае як метыс.
Беларускі прафесар быў у Эквадоры праз месяц пасля візіту туды прэзідэнта Беларусі, і ён выконваў даручэнне ад рэктара БДМУ і кіраўніцтва Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі "ўстанавіць у Эквадоры кантакты для магчымага супрацоўніцтва". Меркавалася, што ў дадатак да тых эквадорцаў, якія атрымлівалі адукацыю ў Беларусі ў часы Галарсы, хутка з Эквадора прыедуць і яшчэ для атрымання адукацыі ў БДМУ.
Літ.:
4091 Holinski A. L'Equateaur: scenes de la vie Sud-Americaine. Paris, 1861. (Падарожнічаў па Эквадоры ў ліпені і жніўні 1851 г.; "памешчык, урач, удзельнік паўстання 1830-1831 гг." і часткова беларус па паходжанні.)
1887 Руіны старажытнейшых каменных пабудоў выяўлены ў Эквадоры на схілах дзеючага вулкана Сангай (правінцыя Марона-Сант'яга) // Чырвоная змена. 1987. 12 верас.
6232 Черкашина В. Правда о морских свинках // Мир животных (Гомель). 2001. № 6. С. 6.
Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.
Ales Simakou, researcher of Belarusian -Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.
Индейцы, Indianie, Indians, indigenas, indios de America y Belarus. Вы можаце расказаць свае гісторыі пра сустрэчы з індзейцамі. E-mail: baicri@tut.by.