Наша слова.pdf № 45 (97), 8 лістапада 2023 г.
ХХХVII-я "Каласавіны"
Літаратурная спадчына беларускага класіка аб'ядноўвае даследчыкаў і чытачоў
3 лістапада ў дзень народзінаў Я. Коласа адбылося ўрачыстае ўскладанне кветак да помніка Народнаму песняру ў Менску, у якім прынялі ўдзел член Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхаіл Пазнякевіч, дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Я. Коласа - Ірына Уладзіміраўна Мацяс, родныя Якуба Коласа.
ХХХVII Міжнародная навуковая канферэнцыя "Каласавіны" была прысвечана 100-годдзю паэмы "Новая зямля". У ёй прынялі ўдзел даследчыкі творчасці, педагагічнай і навуковай дзейнасці Я. Коласа з Беларусі і Расіі.
Дырэктар музея Ірына Уладзіміраўна Мацяс узгадала пра мерапрыемствы, якія былі прысвечаны 140-годдю з дня нараджэння Я. Коласа, факсімільнае выданне "Новай зямлі", шматлікія выставы і прэзентацыі.
Лідзія Слюсарэнка, вучоны сакратар Дзяржаўнага музея-запаведніка імя М. Шолахава, прасачыла агульныя рысы і пралелі ў творчасці Міхаіла Шолахава і Якуба Коласа, якія ўздымалі тэму адносінаў чалавека да зямлі.
Жанна Верыч з Пінкавічаў прадставіла ўспаміны першых вучняў Міхася Канстанцінавіча Міцкевіча. У Пінкавічах захоўваецца адно з брэндавых святаў -"Жывыя старонкі "Новай зямлі".
Дацэнт Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта, паэтэса Алена Аляксандраўна Ігнацюк аналізавала педагагічную дзейнасць Якуба Коласа.
Загадчык Віцебскага абласнога філіяла "Мастацкі музей" Аляксандр Базылёнак расказаў пра адзін з першых партрэтаў Якуба Коласа пэндзля віцебскага мастака Адама Бразэра, і перадаў копію партрэта ў дар музею ў Менску.
Пра ілюстратараў 20-ці розных выданняў паэмы "Новая зямля", мастакоў і кніжных графікаў - Ул. Сулкоўскага, Р. Клікушына і іншых расказала загадчык навукова-асветніцкага аддзела музея Вольга Наважылава.
Марыя Міхайлаўна Міцкевіч падзялілася ўспамінамі пра польскага перакладчыка паэмы "Новая зямля" Чэслава Сенюха.
Рэлігійныя і духоўныя аспекты творчасці і рысы асобы Якуба Коласа абмяркоўвалі магістр педагагічных навук Валерыя Віктараўна Філіпенка і катэхізатар храма св. Сафіі Слуцкай Юлія Аляксандраўна Чырва.
Даследчык гісторыі літаратуры Сяргей Шапран закрануў гумарыстычныя старонкі з жыцця любімага беларускага класіка.
Васіліна Валер'еўна Міцкевіч падвяла вынікі канферэнцыі, адзначаючы вялікую цікавасць да літаратурнай спадчыны Народнага песняра і глыбіню яго таленту.
Для гасцей і ўдзельнікаў канферэнцыі выступіў народны літаратурны тэатр "Жывое слова" БДПУ імя Танка.
Эла Дзвінская, фота аўтара.
Дзяды - 2023 у Сейлавічах
4 лістапада адзначылі Дзяды ў Сейлавічах Нясвіжскага раёна. Тут набажэнствы праходзяць на трох могілках: каталіцкіх ("Бажантарня"), праваслаўных і ліпнічанскіх. Бываюць адхіленні, але набажэнства на "Бажантарні" абавязковае і праходзіць кожны год.
"Бажантарня" - асаблівыя могілкі. У цэнтры тут 26 дрыговіцкіх курганоў ХІ - ХІІІ стагоддзяў, а вакол іх хрысціянскія магілы ў асноўным сейлавіцкай шляхты. Тут ляжыць шляхта прыблізна 50 гербаў.
Але жывой шляхты ўсё менш. Сёлета было трохі больш за 20 чалавек. Аднак большасць магіл дагледжана, відно, што прыязджалі на працягу некалькіх дзён да таго.
Сёлета ксёндз, мо, першы раз маліўся за тых, хто ў курганах. "Памолімся за тых, чыю веру ведае толькі сам Пан Бог. Змілуйся над імі!"
А з нагоды Каласавінаў і да ведама літаратуразнаўцаў. На сейлавіцкай "Бажантарні" пахавана сваячка Якуба Коласа (дваюрадная ці траюрадная сястра, прыблізна так, мо, дачка дваюраднага брата) Юзэфа Міхайлаўна Некраш (з дому Сянкевіч).
Віктусь Некраш прывёз панну Юзэфу Сянкевіч з Мікалаеўшчыны, а па мясцовай традыцыі яе называлі Віктушча. Мелі трох сыноў. Лічылі за радню не толькі Якуба Коласа, а і Генрыка Сянкевіча і старэйшага сына назвалі Генрыкам.
"Бажантарня - не "Росы", але...
Яраслаў Грынкевіч.
Адляцела ў Нябесную Беларусь былая актывістка ТБМ з Ліды Тамара Чарняк
Менавіта адляцела, бо ад моманту, як дактары паставілі дыягназ, прайшло ўсяго два месяцы. Адляцела ўсяго ў 63 гады (28 верасня1960 - 2 лістапада 2023).
Тамара Анатольеўна Каранюк (потым ужо Чарняк) прыйшла ў беларускі рух у канцы 80-х. Была разам са с.п. Алегам Усціновічам і Марысяй Саўкевіч заснавальніцай лідскай суполкі "Рунь", калі не было яшчэ ні БНФ, ні ТБМ. Удзельнічала ў Вальным сойме беларускіх суполак 1988 года.
32 гады выкладала беларускую мову і літаратуру ў Лідскім каледжы. Актыўна працавала ў арганізацыі ТБМ Лідскага каледжа, якую ўзначальваў Міхась Мельнік. У нулявыя і 10-я гады ХХІ стагоддзя арганізацыя ТБМ Лідскага каледжа налічвала звыш 700 чалавек і часта бывала больш шматлікай, чым арганізацыя БРСМ. У тым ёсць заслуга і Тамары Чарняк.
Асірацелі муж, былы намеснік старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ, бард Сяргей Чарняк і двое сыноў.
Светлай дарогі яе душы ў Царства Нябеснае.
Прэзентацыя кнігі "Мінулае і сучаснае Дворышча"
22 кастрычніка ў аграмястэчку Дворышча адбылася прэзентацыя кнігі "Мінулае і сучаснае Дворышча" пад аўтарствам пробашча Тракелькага касцёла ксендза Юрыя Бяганскага. Падчас прэзентацыі, якую падрыхтавалі супрацоўнікі філіялаў "Інтэграваная бібліятэка агрм. Дворышча" і "Дварышчанскі Дом культуры", успаміналіся гістарычныя вехі жыцця і развіцця Дворышча.
Прысутныя з цікавасцю слухалі, чым жыло аграмястэчка шмат гадоў назад і чым жыве цяпер, успаміналі ветэранаў працы, якія ўнеслі неацэнны ўнёсак у развіццё аграмястэчка. Увазе гасцей была прадстаўлена выставачная экспазіцыя творчых работ мясцовых жыхароў: Ірыны Хадкевіч, Людмілы Козел, Валянціны Кукраш і Марыі Шамрэй. Былі прадстаўлены саматканыя капы, вышытыя ручнікі, карціны. Усе ахвотнікі змаглі атрымаць кнігі з аўтографам аўтара. Музычныя нумары стваралі святочную атмасферу на працягу ўсяго мерапрыемства.
Наш кар.
"Удзячны вам, Ліда!" - Ваш І. Д. Луцэвіч.
З такімі словамі звярнуўся да лідзян Народны паэт Беларусі Янка Купала пасля абрання яго дэпутатам Вярхоўнага савета БССР ад Лідскай Слабадской выбарчай акругі. Такія словы змешчаны на банеры на сцяне Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы.
Пра тое, за што Я. Купала ўдзячны гораду Лідзе, ведаюць супрацоўнікі бібліятэкі. Часцяком імпрэзы для студэнтаў ці вучняў у бібліятэцы пачынаюцца менавіта ад банера з гэтымі словамі.
На здымках: імпрэзу вядзе бібліёграф Галіна Курбыка.
Наш кар.
Навіны Германіі
Новыя правілы для іміграцыі кваліфікаваных спецыялістаў
Чакаецца, што рэформа дазволіць кваліфікаваным спецыялістам атрымліваць працу ў Германіі хутчэй і без лішняга бюракратызму. Першыя змены ўступаюць у сілу з лістапада.
У лістападзе пачнуць дзейнічаць першыя новаўвядзенні, закліканыя палегчыць іміграцыю кваліфікаваных спецыялістаў у Германію. Для гэтага федэральны ўрад вырашыў правесці рэформу Закона пра іміграцыю кваліфікаваных спецыялістаў, якая паступова ўступае ў сілу. Далейшыя змены рушаць услед у 2024 годзе. Дзякуючы рэформе з'явіліся шматлікія прававыя паслабленні для выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў і спецыялістаў, якія валодаюць прафесійнай кваліфікацыяй, атрыманай за межамі Еўрасаюза.
З лістапада, сярод іншага, змяншаюцца лімітавыя памеры заработнай платы для атрымання "Блакітнай карты ЕС", якая з'яўляецца свайго роду пропускам для высокакваліфікаваных спецыялістаў з краін, якія не ўваходзяць у ЕС. У сакавіку 2024 года, да прыкладу, будуць зніжаны бар'еры для спецыялістаў з досведам працы па прафесіі. З чэрвеня 2024 года ў спецыялістаў з трэціх краін з'явіцца шанец знайсці працу ў Германіі, дзякуючы "Карце магчымасцяў".
Падчас прыняцця рэформы ў Бундэстазе міністр унутраных спраў Германіі Нэнсі Фезер заявіла, што Германія атрымае "самае сучаснае заканадаўства ў вобласці іміграцыі ў свеце". Змены ў заканадаўства былі ўнесены на фоне таго, што нямецкі рынак працы мае патрэбу ў кваліфікаваных спецыялістах з-за мяжы. Канцлер Германіі Олаф Шольц таксама падкрэсліў, што Германіі патрэбен такі закон пра іміграцыю кваліфікаваных спецыялістаў, "які вытрымлівае параўнанне з сусветнымі аналагамі і не адстае ад іх".
Берлін (d.de). © Adobe Stock.
КРЫНІЦА З БОСАЙ ВАДЗІЦАЙ
Зборнік вершаў для дзяцей
Сяргей Панізьнік
Малюнкі Меланні - дачкі Веранікі Панізьнік
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Кальчуга Слова
Я не мечнік ваяўнічы,
не крыжак напору злога.
Мне пасуе да аблічча
светлая кальчуга Слова.
Хто прамоўца - абаронца
ад самоты-непагоды.
Слова - промнічак лагоды,
Мова - месячык і сонца.
Гукамі вясны лячуся -
і глядзіць Айчына горда.
Я ў кальчузе, ты ў кальчузе:
мы - сумоўная кагорта.
З трапным словам
Рэчка была з мосцікам.
Вуда была з Косцікам.
Рыбка была з хвосцікам…
Быў і я там госцейкам-
частаваўся досціпам:
- Валуноў тут, хоць забіся,
а вады, ну хоць заліся…
З пачастункам - можна жыць,
рэчаньку прываражыць,
з вучнямі кружыць, дружыць…
Памяць бегам асвяжыць…
І не ўловам - трапным словам
галаву ўсім ускружыць!
Стрэчанне
Стрэчанне. Кранае ранак
ледзяшовы метраном.
…Хто падвесіў абаранак
на галінцы за акном?
Певень! Бо няма вадзіцы:
не адліжныя Грамніцы.
Абараначак іскрыцца.
На Грамніцы - паўзіміцы.
Пойдзе стынь-мароз на злом.
***
Абаранак верціцца.
Лета хутка вернецца
у наш творчы дом.
(Стрэчанне, або Грамніцы - хрысціянскае свята, якое адзначаюць 15 лютага. Зіма з летам сустрака-юцца.)
Гатовы мост
Дзень не вырас у поўны рост.
Яшчэ тлее ў кастры вуголле.
Бачыць Зайка: гатовы мост -
новы, зыбкі: злучае поле.
Успацеў Дзед Мароз, кажух
на спіну як на корч ускінуў.
І без шапкі ў сумёты - шух!
…Завірухі таўчэ мякіну.
На Парнасе наш Тарас
Ставіць кропку трэба ў час:
Ратаваць і сказ, і вас.
Кропка - гэта сіла!
Грамацея папрасіла
ёй знайсці папар.
Рыфмаў там - навар,
зможа Валадар
і вадзіцы даць -
кропак сто набраць.
…
Вучняў поўны клас.
Заўтра - на Парнас.
Зноў чакае нас
Вераніцына Тарас
(Аўтар паэмы "Тарас на Парнасе" - Канстанцін Вераніцын. Парнас - гара ў Грэцыі.)
Прызнанне
Сцежкі пратораны
Краем прасторным.
Змалку з Прыдзвіннем знаюся.
Хваля пяшчотная, бераг чаборны,
да вас прытуляюся
Вунь і крыніца з "босай" вадзіцай:
мудрасцю там наталяюся.
Працаваць!
"Святкаваць нядотыкі"?
Стану гультаём…
Без прыгожай готыкі
пасівее дом.
Працу таты, мамы я
буду паўтараць, -
каб нам стаць багатымі,
ляноту пакараць!
***
"У кулак трубіць" - гультаіцца", -
так сказаў мой дзед.
- Трэба працай бавіцца,
каб дзівіўся свет!
***
О, мой дзед, ты не гультай!
Шчыра ўнука прывітай!
Школе спадабаеца,
будзе рады і сусед.
Парада
"Хто не гневаецца -
стане Волатам,
і дарога яму будзе
пасцелена золатам!
***
Прачытаў і рады
ад такой парады.
І будзе хор!
Там, дзе сцежкі пратаптаў нядзікі Дзік,
нашу Жабку будзе слухаць Маладзік.
Нам захочацца заквакаць у паўтор,
прыбярэмся мы ў жабо - і будзе хор!
(Жабо - элемент для упрыгожання вопраткі.)
Дзея Грамацея
Ад падзеі да падзеі
Грамацеі - у надзеі!
- Зноў мы будзем выступаць,
Дзень выдатніка вітаць,
юбілеі слаўных продкаў
і шчаслівых аднагодкаў
у сябрыне адзначаць.
Што такоеі Грамацей -
нам раскажа Карыфей;
- Гэта ў парку - салавей,
гэта ў садзе - чарадзей,
гэта ў школе - дабрадзей…
Хто на веды багацей, -
той найлепшы Грамацей.
А ўсе грамы Грамацея
зможа ўзважыць толькі ДЗЕЯ!
( Карыфей - правадыр, кіраўнік, асоба з выдатнымі поспехамі ў мастацтве, навуцы.)
На абрусе тыдня
Тварык з памідорак
паказаў Аўторак.
І з чарговай Серадой
багацее наш надой.
З хлеба крошкі зберагу
на прычасце Чацвяргу.
Пятніцу - на паляндвіцу!
Толькі дзверы на пятліцу, -
каб Суботу рыбакі
не спусцілі ў глыб ракі, -
бо Нядзеля галаву
панясе ажно ў царкву.
Будзе верай апавіты
Панядзелак працавіты!
Будзе заўтра і пасля
аглядаць Скарыны бохан:
Беларусь для ўсіх пад Богам
Веры, Любасці зямля.
(Паляндвіца - мясная ежа. + Францішак Скарына 19.01.1518 г. выдаў у Празе частку Бібліі: "Премуд-рости Божией книга".)
Дарогі
Ты едзеш у госці ў пасёлак далёкі,
нясеш пісямко незнаёмай дзяўчыне…
Калі вызначаеш напрамак нялёгкі,
або па якой яшчэ іншай прычыне, -
усюды сустрэнеш перш-наперш дарогі:
дарогі сцяжыны, дарогі-шляхі…
Бывае, што месячык свеціць двурогі,
або - ураган напярэймы круты.
Дарогі, дарогі… Хто думкай багаты -
імкне ў далячынь, патаемнасці поўны…
Бывае, што ў роспачы я каля хаты,
ды вабіць прастор патаемна-чароўны.
***
Ох, кожнай дарозе вянок на парозе:
на ім пажаданкі ад мамы і таты.
Навыперадкі
Сніцца ў лесе свята:
там - алімпіяда.
Пні - баксёры-таўкачы,
з імі дужацца карчы.
Крушацца бар'еры!
А пад кронай крумкачы:
ў іх секундамеры.
Ох, такое лепш не сніць.
Папрашу ў сястрычкі піць:
вып'ю соку кубак.
Ранкам выбегу на крос.
Трэнер у мяне - Мароз.
Смелы мой чырвоны нос
уваткнецца ў гурбу.
Ура=чысты!
Наш Сашуля - урачысты.
Тварык мые і вішчць:
- Ура! Чысты! Я вячысты
і бліскучы, як скульптура!
Адгукнуўся тата хмура:
- Маска рымскага Амура
непамытаю ляжыць, -
і чаму, сыночак Саша,
там з ілба не знікла сажа?
Ты памый яго і Рым,
з ім пабачыш, п і л і г р ы м.
- Лепш я, тата, траплю ў Крым:
Багдановіч там, Максім.
У ягонай Ялце
пастаю на варце:
- Шчыра ўдзячны! - я скажу.
Верш паэту напішу.
(Максім Адамавіч Багдановіч: /9.Х!!.1891-25.У.1917; Амур - анёл; Пілігрым - паломнік, падарожнік.)
Па цальніку
Стаяць гаі ў зіме - нібыта людзі,
спакойныя ад мудрасці зямлі:
завеі прыгажосць не замялі,
марозы не застудзілі грудзі.
О, белая - у іскрах - далячынь,
дзядзінцаў самавітая зубчастасць…
Ля нас тысячагодная сучаснасць
і будучыні стоены зачын.
На пошукі натхнення, адкрыцця
Зіма, вядзі па светлым цальніку, -
каб увабраць нам на сваім вяку
прасторы запаветнага жыцця.
Зёлкі на папары
Ля Мятлушкі жыў Скрыпень:
з ёй дружыў ён кожны дзень…
Ад Калужніцы Рамуль
не Падбел нёс - лісцяў куль.
Быў з Чаротніцай - Мятлюк,
шнітку-сныць жаваў вяпрук…
Шчамяліца ж не баіцца
з Абдуванчыкам круціцца.
У пахошчах зёлак - Зябер:
зубру даў пучок травы.
Ярнік для Вяргіні - швагер:
і Зуброўка з ім "на вы".
Дзятлу Дзяцелеўнік - свой.
Ла Мачэўніка з мячом
служка крочыць на пастой:
сорамна быць таўкачом.
Вунь Вятроўнік і Урэчнік.
Носіць зелле - Жаўтазель:
ім Чарнобыльнік - падсвечнік,
каб з Груднічнікам Шчавельнік
змайстраваў на пожні млын.
Райскі сад мы без прычын
не пакінем на спачын:
Васілёк - наш успамін!
(Швагер - брат жонкі.)
У садзе - на пасадзе
Супакоіў яблык вішні:
- Гэта з вамі і я спею!
З вамі ў садзе я - увішны:
- Лета даганю! Паспею!
Узбяруся на страмніну,
на прасторы смела гляну -
параўнаць сваю раўніну
і суседнюю паляну.
Хто ласуецца спякотай,
хто красуецца работай, -
той і спее-выспявае,
Гімны годнасці спявае.
Узрасла!
Запалены кадзільні
над спадчынай жытла.
Была малой радзіма,
а з намі - узрасла.
І стане абнадзейнай,
зямлёй не на пастой, -
Айчынай непадзельнай,
Вялікаю, Святой.
Рамонкавы сырадой
Рамонак - рамон,, рамуль…Расце ўздоўж дарог,
на лугах, папарах, палях. Лекавая расліна, зёлка.
Да зары прыцішаны каровы:
у загоне быць ім - не на сквары.
Праплывуць каля азёрнай стромы
па спатнелым ранішнім папары.
І за дзень, высокі і шырокі,
шар зямны абойдуць крутабокі, -
каб, нарэшце, вечарам спыніцца,
з возера духмянага напіцца.
Ох, як пахне вечар сырадоем,
прыазер'ем, борам недалёкім!
Б'ецца ён у звонкія даёнкі,
дыхае рамонкавым настоем…
Поўніцца, бо лекавая, шклянка.
- Пі, Раман, пі, Рымачка-румянка!
Хай нектар, які мы будзем піць,
змог прыроднай сілай наталіць!
На дождж - макінтош
У двары ў нас сёння дождж.
Апранаю макінтош…
Смела пройдземся - усе! -
па папары, па аўсе,
каля жыта, ля пшаніцы -
каласкамі пажывіцца…
І папросім: "Мілы Бай!
Словы ласкі нам прыдбай!"
***
Пойдзе Бай наш па сцяне
у чырвоным каптане…
А каб высах макінтош,
пакладзем яго - у кош!
Ёсць і лебедзі!
Бабуля смела спяваць умела.
Ды і ў дзядулі быў спеў саспелы.
І мы, нашчадкі, усе іх спадкі
пе-ра- гле-
дзе-лі…
І вынік пошукаў быў гладкі:
"Дзе ўсе гусі, дзе ўсе гусі, - ёсць і лебедзі!"
(Спадкі - спадчына.)
Камарыная калыханка
За камарынае сяло
мяне пад вечар павяло.
А Поўня выплыла ў дазор,
святлом запаланіла бор.
І на арэлях у бары
мяне калышуць камары.
Гляджу - і мне ўжо не да сну -
на серабрыстую сасну.
Лунацікі ці кажаны
вісяць на макаўцы сасны?
Іх на арэлях, як сябры,
са мной калышуць камары.
Заварушылася святло -
і праплыло савы крыло.
Сава мяне аж да сяла
чароўным поклічам вяла.
Хай на арэлях да пары
саву калышуць камары.
Хачу я ў хаце начаваць,
ды на ляжанцы мне не спаць.
Камар лунацікам звініць;
з ім прыдзецца прастор лавіць,
Дзе на арэлях да зары
калышуць Поўню камары.
Злучыць!
На аблачыну нельга мне ўзабрацца.
Шкада і з лугавінай развітацца.
Мо іх злучыць
і пасяродку быць,
каб лекаваю зёлкаю назвацца?
(Працяг у наступным нумары.)
За два гады вывучыў беларускую мову і даследаваў літаратуру
Да 150-годдзя прафесара літаратуры і крытыка, акадэміка, педагога Івана Замоціна (1873-1942)
Іван Замоцін адносіўся да тых вучоных Расеі, якія напачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя па запрашэнні Народнага камісарыята асветы БССР прыехалі працаваць у толькі што створаны Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і хутка вывучылі беларускую мову.
Нарадзіўся Іван Замоцін 1 лістапада 1873 года ў вёсцы Крывуліна Бежацкага раёна Цвярской губерні ў сялянскай сям'і. Яго бацька рана памёр, і маці з малым хлопчыкам пераехала ў Пецярбург, дзе ўладкавалася служанкай у сям'ю настаўніцы. Гаспадыня паважала працавітую жанчыну, а яе здольнага сына дапамагла аформіць спачатку ў сіроцкую школу-прыют, а пазней на вучобу ў гімназію за казённы кошт. Вучыўся ён выдатна і закончыў Пскоўскую гімназію з залатым медалём. Вышэйшую адукацыю Замоцін атрымаў у Пецярбургскім гістарычна-філалагічным інстытуце і каля сямі гадоў працаваў выкладчыкам старажытных моў, рускай філалогіі, гісторыі і геаграфіі ў адной з гімназій Варшавы. Тут і пачалася яго педагагічная і навуковая дзейнасць. За гады жыцця ў Варшаве вучоны напісаў шмат навуковых прац, у тым ліку першы том манаграфіі "Рамантызм 20-х гадоў ХІХ стагоддзя ў рускай літаратуры", якая стала яго магістарскай дысертацыяй. Іван Замоцін абараніў яе ў Казанскім універсітэце ў 1904 г. Яго далейшая праца ў Варшаўскім і Пецярбургскім універсітэтах садзейнічала паглыбленню даследавання абранай тэмы. Пра гэта сведчыць і другі том манаграфіі. У 1908 годзе Івану Замоціну было прысвоена вучонае званне прафесара за распрацоўку арыгінальнага курса лекцый і даследаванняў па гісторыі беларускай літаратуры. На прафесарскай пасадзе ў Варшаве ён працаваў каля шаснаццаці гадоў. Пасля акупацыі горада кайзераўскай Германіяй універсітэт эвакуявалі ў Растоў-на-Доне і перайменавалі ў Данскі. У 1922 годзе Іван Замоцін пераехаў у Беларусь. Ён працаваў у Беларускім дзяржаўным універсітэце, Інбелкульце, у Менскім педагагічным інстытуце (з 1931 года). У 1928 годзе Івану Замоціну было прысвоена званне акадэміка АН БССР, а ў 1929-м - званне члена-карэспандэнта АН СССР. У беларускае літаратуразнаўства Іван Замоцін прыйшоў вядомым у навуковых колах гісторыкам рускай літаратуры, аўтарам буйных літаратуразнаўчых прац, маючы багаты вопыт навукова-педагагічнай працы. Яму, вучонаму-русісту, спатрэбілася ўсяго два гады, каб дасканала вывучыць беларускую мову і пераключыць свае навуковыя інтарэсы на фундаментальнае даследаванне літаратуры. Ужо з 1923 года ў друку пачалі з'яўляцца артыкулы Івана Замоціна, прысвечаныя гісторыі і тэорыі беларускай літаратуры, а таксама методыцы выкладання літаратуры ў школе. Сярод прац Замоціна найбольш значнымі з'яўляюцца: манаграфія "Максім Багдановіч", артыкулы "Паэма Якуба Коласа "Сымон-музыка" як аўтахарактарыстыка", "Літаратурная спадчына А.Б. Петрашкевіча", "Чарговыя задачы вывучэння гісторыі беларускай літаратуры", "Пуціны беларускай літаратуры", а таксама публікацыі пра творы Янкі Купалы, Цішкі Гартнага, Кандрата Крапівы, Пятара Глебкі. У гэтых працах вучоны спрабаваў звязаць разнастайныя жывыя біяграфічныя факты і творчасць пісьменнікаў. Добры след пакінуў Іван Замоцін у галіне тэксталогіі, у навуковай падрыхтоўцы выданняў твораў беларускіх пісьменнікаў. Ён разам з Міхаілам Піятуховічам і Яўгенам Барычэўскім стаяў ля вытокаў беларускай тэксталогіі. Пад кіраўніцтвам Замоціна і пры яго непасрэдным удзеле ў 1927-1928 гадах былі падрыхтаваны і выдадзены творы Максіма Багдановіча ў двух тамах, а ў 1934-м - збор твораў Паўлюка Труса ў адным томе і творы Цёткі. Як і ў навукова-даследчых працах, тут таксама вельмі яскрава выявіліся лепшыя якасці і рысы Замоціна-вучонага, яго энцыклапедызм, эрудыцыя, высокая агульная культура. Значнае месца ў навуковай спадчыне Івана Замоціна беларускага перыяду належыць методыцы выкладання літаратуры ў школе. Вучоны чытаў курс па гэтай дысцыпліне ў БДУ, актыўна выступаў з публічнымі лекцыямі перад настаўнікамі. Яго выступленні былі пакладзены ў аснову нарысаў, якія выйшлі асобным выданнем пад назвай "Мастацкая літаратура ў школьным выкладанні". Па сутнасці гэта быў першы падручнік для вышэйшых навучальных устаноў, па якому рыхтавалі настаўнікаў-славеснікаў. Да сваёй дзейнасці педагога і выкладчыка Замоцін ставіўся з той жа высокай патрабавальнасцю, што і да навуковых даследаванняў. На жаль, у 1938 годзе плённая праца вучонага абарвалася: ён быў беспадстаўна рэпрэсаваны і высланы ў Комі АССР, дзе і памёр у турэмнай бальніцы. У 1956 годзе Івана Замоціна рэабілітавалі.
Вікіпедыя.
Вячаслаў Адамчык - пісьменнік з Варакомшчыны
Вёска Варакомшчына сёння знаходзіцца ў Дзятлаўскім раёне. А тады, калі нарадзіўся Вячаслаў Адамчык 1 лістапада 1933 года, яна была пад Польшчай і ўваходзіла ў Наваградскае ваяводства. Як прыгадваў у сваіх "Крэсках з аўтабіяграфіі" (Мн., 1973. С. 9) пісьменнік: "Варакомшчына… дзікаватае, незвычайнае слова. Але яно для мяне хрумсціць, як парэзаная скрылікамі і падсмажаная з алеем бульба. Варакомшчына…".
Тры гады ён хадзіў у "нямецкую" школу, якая знаходзілася ў пустой яўрэйскай хаце з аблупленымі шпалерамі. Потым, пасля вайны, пайшоў у вячэрнюю. Адначасова пачаў падпрацоўваць, разгружаючы на чыгуначнай станцыі Наваельня цэмент, соль, гарэлку, кавуны. З таго часу вельмі любіў пах мазуты, свісток сцэпшчыка, раптоўны лязгат вагонаў і белы салодкі дым ад чорных паравозаў.
Да беларускага Вячаслава Адамчыка прывучылі кнігі віленскіх выданняў, што ляжалі на гарышчы ў дзядзькі. А беларускія песні пачуў ад маці, а таксама ад вясковых жанчын, якія заўсёды іх любілі спяваць, асабліва на вяселлях і хрэсьбінах. Землякі ўсе разам і натхнілі юнака на вучобу - у 1952 годзе ён паступіў на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта.
У 1957 годзе Вячаслаў Адамчык апублікаваў першае апавяданне. А праз год выйшаў першы зборнік прозы "Свой чалавек". А потым былі дзесяткі іншых кніг. Але найбольшую папулярнасць пісьменніку прынеслі яго раманы "Чужая бацькаўшчына", "Год нулявы", "І скажа той, хто народзіцца", "Голас крыві брата твайго". Яго раманы, прысвечаны жыццю Заходняй Беларусі. У цэнтры твораў - вобраз маладой жанчыны, якая, застаўшыся ўдавою, хоча знайсці сваё каханне, сваю страчаную маладосць, але па сутнасці губіць сваё жыццё. За іх пісьменнік атрымаў літаратурную прэмію імя Івана Мележа і Дзяржаўную прэмію Беларусі імя Якуба Коласа.
Упершыню я пазнаёміўся з Вячаславам Адамчыкам у кастрычніку 1988 года, калі быў запрошаны ў Наваградак на абласное свята паэзіі. У літаратурным свяце тады прымалі ўдзел Алег Лойка, Данута Бічэль, Анатоль Клышка, Алена Руцкая, Анатоль Іверс, Самсон Пярловіч, Валянціна Аколава, Юрась Пацюпа, дацэнт Ягелонскага ўніверсітэта з Польшчы Анджэй Раманоўскі. Быў з намі і Вячаслаў Адамчык. У зале гарадскога Дома культуры, памятаю, сабралася вельмі шмат людзей. Нас шчыра віталі і прыпаднеслі нам хлеб-соль. Вечар адкрыў і вёў Вячаслаў Адамчык. А потым мы сустракаліся з сябрамі мясцовага літаратурнага аб'яднання пры раённай газеце "Новае жыццё", з навучэнцамі гандлёва-эканамічнага тэхнікума, сябрамі аб'яднання "Сваякі", працаўнікамі калгаса "Свіцязь", пабывалі ў пансіянаце "Свіцязь". У тых сустрэчах Вячаслаў Адамчык быў намі ўмоўна абраны за кіраўніка нашай пісьменніцкай суполкі. Усюды ён ішоў першы, знаёміў нас, прымаў падарункі, калі яны былі, і ад імя пісьменнікаў казаў усім, хто нас сустракаў, шчырыя словы.
З 1982 года Вячаслаў Адамчык быў галоўным рэдактарам часопіса "Бярозка". Напачатку 1993 года я даслаў у часопіс вершы паэта Сяргея Хмары (1905-1992), які быў земляком рэдактара, бо нарадзіўся ён на Дзятлаўшчыне ў вёсцы Казлоўшчына. Ішоў час, а творы Сяргея Хмары так і не з'яўляліся ў "Бярозцы". Я напісаў ліст асабіста Вячаславу Уладзіміравічу і запытаўся, чаму ён не публікуе свайго земляка? І хутка ў вераснёўскім нумары "Бярозкі" за 1993 год з'яўляецца мой артыкул пра Сяргея Хмару "Бясконцы шлях дадому" і верш паэта "Калыхала зыбку маці", які ён напісаў ажно ў 1935 годзе.
З Вячаславам Адамчыкам добра сябраваў і яго зямляк з Дзятлава, заснавальнік мясцовага краязнаўчага музея Міхась Петрыкевіч (1913-1999). Сын Міхася Петрыкевіча Валерый Петрыкевіч з Дзятлава перадаў мне адно пісьмо са свайго хатняга архіва. Гэта ліст Вячаслава Адамчыка да Міхася Петрыкевіча, які, як дырэктар музея, шмат у яго пытаўся пра гісторыю Дзятлава. Ці пішуць сёння падобныя грунтоўныя лісты пісьменнікі? Здаецца - не. Пісьмо Вячаслава Адамчыка да Міхася Петрыкевіча - гэта прыклад пісьменніцкай дапамогі тым, хто займаецца карыснай справай, гэта прыклад, як трэба адгукацца на просьбы людзей, дапамагаць карыснай інфармацыяй, знаходзіць час адпісаць пісьмо, параіць, дапамагчы. Ліст быў напісаны Вячаславам Адамчыкам 26 чэрвеня 1971 года:
"Дарагі Міхаіл Тодаравіч!
Выконваю Вашу просьбу - высылаю тыя невялікія звесткі, якія маю пра Зецелу. Ці чулі Вы, што там-тэйшыя людзі на Дзятлава ці Здзецела кажуць Зецела. Гэта даўнейшая беларуская назва і яна пацвярджаецца дакументамі. У XIV томе "Літоўскіх выданняхў Віленскай археаграфічнай камісіі" (1888 г.), ёсць інвентар маёнтка Здзецела, які належаў князю Канстанціну Астрожскаму. Гэты дакумент зроблены 24 красавіка 1560 года. Канстанцін Астрожскі (ці, як тут называецца яго поўны тытул - ваявода Кіеўскі, маршалак зямлі Валынскай) быў адным з прагрэсіўных палітычных дзеячаў XVI стагоддзя. Ён змагаўся супраць паланізацыі, выступаў на польскіх сеймах, патрабуючы незалежнасці для беларускіх, літоўскіх і ўкраінскіх земляў. Гэта трэба ўлічваць, характарызуючы К. Астрожскага.
А цяпер наконт мястэчка Здзецела. Я выпісаў з інвентара толькі назвы вуліцаў: Гальшанская, Памарайка, Дворная, Дубатоўкаў. Я не адзначыў для сябе колькі ж у Зецелі было двароў і колькі ім належала валок. У гэтым дакуменце мяне зацікавіла другое, а менавіта, як утварыліся беларускія прозвішчы. Сянюта, напрыклад. У гэтым дакуменце падаецца як імя: Сянюта Галюновіч з Ятвезі, або Шымко Андрэйновіч з Погір. Або такія імёны, як Станюк, Петраш, Матук, Яцук, Клімец, Санец, Кунец, Пацук - сталі цяпер прозвішчамі.
У вёсцы Клішавічы былі, напрыклад, такія імёны і прозвішчы: Грын Рудзік, Гасціла Чэшэйко, Пацук Федзевіч, Цішук Клішэвіч, Талюш Клішэвіч. Няўжо Гасціла, ці як мы цяпер пішам, перайначыўшы яго на рускі лад Гастэла - гэта імя?..
Але я адхіліўся. Пазнейшыя звесткі пра Зецелу можна знайсці ў "Памятных кніжках Гродзенскай губерні". Я ведаю, што яны ёсць за 1866 год, за 1897, 1903 гады. Там можна даведацца, колькі і ў якім мястэчку было жыхароў, двароў, касцёлаў, цэркваў, сінагогаў, калі былі кірмашы, хто быў начальнікам паштовага аддзялення і як прозвішча настаяцеля касцёла. Вось некалькі выпісаў са зборніка "Волости и важнейшие селения Европейской России" (Выпуск 5, 1886):
Слонімскі павет, воласць Дзятлаўская:
Вензавец - 90 двароў, 850 жыхароў, царква праваслаўная, кірмаш.
Засецце - 91 двор, 581 жыхар.
Ахонаў - 93 двары, 470 жыхароў, царква праваслаўная, школа.
Дзятлаў (Здзецел) - 118 двароў, 602 жыхары, царква праваслаўная, дзве сінагогі, школа, пошта і г.д.
А як паведамляе "Адрес-календарь к памятной книжке Гродненской губерни на 1897 год" у Дзятлаве праз 10 гадоў ужо было 3315 жыхароў. Значыць: 602 - лічба памылковая, можа 902. Словам, калі ў мяне будзе вольная хвіліна, то я зайду ў Ленінскую бібліятэку і выпішу з інвентара маёнтка Дзятлава шырэйшыя звесткі. А пакуль - усяго Вам найлепшага.
Вяч. Адамчык. 26. 06.71 г.".
Сяргей ЧЫГРЫН.
Паэтычная творчасць віленскіх беларусаў
Ад перакладчыка: пад псеўданімам "K. Smreczyński" у польскай віленскай прэсе 1920-30 гг. пісаў беларускі дзеяч Макар Касцевіч (Краўцоў)1. Цікава, што ў друкаваным ніжэй артыкуле Касцевіч два разы згадвае і сам сябе.
Апошнім часам я выявіў некалькі цікавых і малавядомых публікацый гэтага аўтара, якія буду патроху перакладаць.
"Народ паэтаў" - так назваў беларусаў Янка Купала ў адным са сваіх вершаў.
І гэта не толькі паэтычная гіпербала паэта, а тэза, заснаваная на рэчаіснасці. Дастаткова бегла зірнуць на сучасную творчасць беларусаў (артыкул напісаны ў 1931 г. - Л. Л.), каб пераканацца ў яе слушнасці. Беларускі раман знаходзіцца яшчэ ў зачаткавым стане, драматычная творчасць робіць першыя крокі, і толькі паэзія квітнее ўсё прыгажэй!
На змену старой гвардыі "нашаніўцаў" (названых гэтак з-за газеты "Наша Ніва"), частка якіх ужо зышла з гэтага свету (М. Багдановіч, Алесь Гарун), а іншыя задыхаюцца ў атручанай атмасферы чырвонага Менска (Купала, Колас, Бядуля), мы бачым, як на нашых вачах расце мноства новых імён і новых талентаў. Гэты працэс можна назіраць як у Польшчы, гэтак і за яе межамі.
Пакінем покуль што знаёмства з песнярамі Савецкай Беларусі і зірнём на паэтычную творчасць віленскіх беларусаў апошняга дзесяцігоддзя. Для польскай публікі яна амаль што такая ж экзатычная, як скажам, японская ці кітайская, аднак вартая таго, каб з ёй пазнаёміцца бліжэй.
Пачнём са старэйшых сярод маладых, гэта Гальяш Леўчык, Л. Радзевіч, К. Сваяк.
Гальяш Леўчык
Першым будзе Леўчык, які яшчэ перад вайной (Першай сусветнай - Л. Л.) выдаў кнігу сваіх вершаў пад сціплай назвай "Чыжык беларускі". Прачытаўшы кнігу, чытач прыходзіць да пераканання, што сціпласць аўтара, якая схавалася за арніталагічныя формы, цалкам апраўданая, бо ў вершах і сапраўды не так шмат вобразнасці ці арыгінальнасці.
Апошнім часам, сп. Леўчык зацікавіўся метадызмам і ў 1930 г., з дапамогай амерыканскіх метадыстаў выдаў самавіты зборнік рэлігійных песень гэтай канфесіі ў беларускім перакладзе. Гэта зборнік мае назву "Божая ліра" і надрукаваны ў двух варыянтах: большым, з нотамі (204 стар.) і меншым, у якім маюцца толькі тэксты (186 стар.).
Л. Радзевіч
Куды цікавейшай асобай з'яўляецца другі са згаданых паэтаў - Л. Радзевіч, які некалькі гадоў таму з'ехаў у Менск. Яго першы паэтычны дэбют - маленечкі, але вельмі каштоўны зборнік паэзіі пад назвай "Беларусь", выдадзены ў 1922 г. у Вільні. Вяртанне да традыцыі і высакароднасці пераплятаюцца тут з рэвалюцыйнымі ноткамі і яркім сацыяльным радыкалізмам. Таксама гэтаму зборніку вершаў характэрны гарачы беларускі патрыятызм.
У вершах гэтага зборніка лёгка заўважыць уплыў паэтычнай творчасці рускіх мадэрністаў, а таксама рускіх паэтаў рэвалюцыйнай эпохі. Кожны з вершаў і кожная рэфлексія ў прозе, надрукаваныя ў зборніку "Беларусь", напісаныя як быццам крывёю сэрца, перапоўнены пачуццямі і шчырым пафасам. Дык, не дзіва, што пачуцці аўтара пераканаўча даносяцца да чытача, робячы так, што гэтыя кароткія, часам мудрагелістыя вершы не магчыма чытаць без глыбокага ўзрушэння.
Вось, для узору, некалькі строф з верша Радзевіча, змешчаных у згаданым вышэй зборніку (тут і далей, у польскай газеце беларускія вершы падаюцца лацінкай без перакладу - Л. Л.).
О, безпатольная, белачыстая,
З ворагамі нерашучая,
Да цябе, зямелька камяністая,
Прыпаду ад болі пякучае!
- кажа ў роспачы аўтар, думаючы пра сваю няшчасную Беларусь.
Якой непасрэднасцю і шчырасцю пачуццяў б'е з амаль што кожнага слова гэтых строф! Які пераканаўчы патрыятычны боль аўтара з-за нядолі сваёй Айчыны! Якая напоўненасць высакароднымі пачуццямі!
Акрамя паэзіі, Радзевіч таксама спрабуе свае сілы ў драматычнай творчасці, ён напісаў некалькі, зусім нядрэнных, а часам выбітных і арыгінальных п'ес і сцэнічных мініяцюр. У гэтых творах Радзевіча больш пераважаюць уплывы заходняй драматургіі.
К. Сваяк
Даволі незвычайным з'яўляецца і вобраз трэцяга з пералічаных вышэй беларускіх песняроў - К. Сваяка.
Сваяк - псеўданім памерлага некалькі гадоў таму ад сухотаў Стаповіча, брата былога беларускага пасла ў Сойм А. Стаповіча. Беларускі ксёндз памёр у маладым узросце, і чароўныя сады паэзіі і прыгажосці былі тым месцам, куды ён уцякаў ад смерці, якая ўсё больш настойліва зазірала яму ў вочы, у сваіх паэтычных творах ён шукаў суцяшэння і забыцця.
Вынікам гэтых пошукаў паратунку і адначасова люстэркам яго пачуццяў, настрояў і інтарэсаў, з'яўляецца зборнік паэзіі Сваяка "Мая Ліра", выдадзены ў Вільні ў 1925 г. Ён змяшчае рэлігійную паэзію, патрыятычныя і любоўныя вершы, паэтычныя рэфлексіі і вершы рознага зместу. "Мая Ліра" надрукаваная лацінкай, што з'яўляецца рэдкасцю ў наш час.
Узровень асобных твораў у зборніку нераўнамерная, ёсць тут і сапраўдныя пэрлы (асабліва лірыка), але ёсць і няўдалыя вершы, якія дзівяць сваім брутальным рэалізмам, ці неўласцівай для паэзіі тэрміналогіяй. Не ўдалося аўтару пазбегнуць і некаторых тэматычных паўтораў (напрыклад, у патрыятычных вершах).
Каштоўнасцю творчасці Сваяка, з'яўляецца яго рэлігійная паэзія, якая дастаткова шырока прадстаўленая ў зборніку (перайманні псалмоў і інш.). Такі від творчасці - рэдкасць у беларускай літаратуры.
Акрамя нечаканага эратычнага элемента ў творчасці святара, таксама ў пэўнай ступені нечаканасцю, з'яўляюцца такія з'явы, як перапляценне хрысціянскага светапогляду аўтара з паганскімі вераваннямі славян і летувісаў а таксама калі-некалі адчувальныя ноткі сацыяльнага радыкалізму! Нарэшце, заслугоўваюць увагі маніфеставаныя Сваяком у сваёй творчасці ўплывы польскай літаратуры, якія бачны, нават у слоўніку аўтара.
С. Станкевіч
Акрамя трох аўтараў, з якімі мы толькі што пазнаёміліся, да старэйшых прадстаўнікоў малодшага пакалення трэба аднесці і Станіслава Станкевіча, аўтара двух зборнікаў паэзіі: "Смех не грэх!" (1926 г.), "З майго ваконца" (1928 г.).
Хаця аўтар прафесійны знаўца кніг, пры гэтым шмат гадоў пражыў у горадзе і толькі зрэдку выязджаў на вёску, аднак ён захаваў у непарушнасці сваю сялянскую псіхалогію і з гэтай пазіцыі рэагуе на ўсе праявы знешняга свету. Вершы Станкевіча прамалінейныя і немудрагелістыя. Ён ужывае самыя паспалітыя формы верша, самыя простыя выразы і тэмы, словам, ён вось такі, вясковы "пачцівы чалавек". Хаця яго вершы не маюць вялікіх літаратурных вартасцей, аднак яны не пазбаўлены пэўнай рацыі жыцця і неабходны простым людзям як духоўная ежа, якая кранае цікавыя для іх тэмы і падаецца ў зразумелых і даступных для іх формах.
Ці можа нешта больш адпавядаць псіхіцы беларускага селяніна, чым такія радкі:
Калі пройдзе зіма?
Усё чакае наш брат,
Бо ў нас хлеба няма,
Ужо ад самых Каляд!
Ні адной пыліны!
Сталі пусткі кругом,
І Бог знае, як мы,
Ужо зіму пражывём! ..
Паэзію аналагічную па якасці, рэпрэзентуюць таксама і гумарыстычныя творы Станкевіча, якім цалкам прысвечаны яго зборнік "Смех і грэх".
Н. Арсеннева
Шэраг маладых паэтаў для нас, пачынае Наталля Арсеннева - дачка расійскага губернатара - жонка польскага афіцэра - таленавітая беларуская паэтка. Сапраўды, нязвыклае супадзенне дэталей біяграфіі.
Тонкі лірык і здольны перакладчык, Арсеннева займае на беларускім віленскім Парнасе адно з галоўных месцаў. Зборнік яе сучаснай паэзіі выйшаў у 1927 г. пад назвай "Пад сінім небам", ён налічае 141 старонку.
Ільвіная доля гэтых вершаў - лірыка, але ёсць там і больш маштабныя творы. Асаблівасцю кнігі з'яўляецца тэматыка, заснаваная на сусвеце народнай міфалогіі і пераймання славянскіх былін (паэма "Лебядзінае возера").
Да адмоўных рысаў аўтаркі можна аднесці празмерныя памеры твораў і лёгкасць вершавання, дзякуючы чаму ў яе зборнік патрапіў шэраг адносна нядрэнных але ўсё ж сярэдніх твораў. Безумоўна, лепшая селекцыя вершаў і сцісканне зместу некаторых з іх, палепшыла б гэтую кнігу.
Яшчэ адной заганай паэзіі Арсенневай, якая па-троху будзе знікаць - не надта правільная беларуская мова яе твораў з вялікай колькасцю русізмаў. […]
Папярэдніцамі Арсенневай-паэткі ў беларускай літаратуры, былі рэвалюцыйная паэтка "Цётка" (Пашкевіч-Кайрыс) і песнярка кахання Канстанцыя Буйло.
Дадам, што Арсеннева, падобна, ужо пераклала на беларускую мову міцкевічавы "Дзяды" (акрамя 3-й часткі), аднак, акрамя невялікага фрагменту (сцэна ў капліцы), гэта яе праца яшчэ не была надрукавана ў "Студэнцкай Думцы".
Пяройдзем да іншых маладых беларускіх паэтаў: Жылкі, Грышкевіча, Васілька, Бартуля, Ільяшэвіча і Машары. Большасць з іх - студэнты-беларусы, а некаторыя (Грышкевіч, Бартуль, Ільяшэвіч) пачалі пісаць яшчэ на гімназічнай лаве.
У. Жылка
Вядучае месца сярод маладых паэтаў і, наогул, на беларускім Парнасе, займае Уладзімір Жылка - тонкі лірык, духоўны спадкаемца пачынальніка беларускай лірыкі, аўтара "Вянка" Максіма Багдановіча.
Беларускі студэнт Жылка даўно жыве па-за межамі Вільні, шмат гадоў у Празе, а апошні час у Менску. Ён - аўтар дзвюх кніг паэзіі.
У першай кнізе "Уяўленне" (1923 г.), прысвечанай Л. Радзевічу, пад уплывам творчасці якога ў той час знаходзіўся Жылка, выразна бачна аўтарская нерашучасць і пошукі найбольш прыдатнай паэтычнай формы. Ён па-нявольніцку пераймае стыль і форму рэвалюцыйных рускіх паэтаў і пры гэтым карыстаецца ўласцівымі для іх трывіальнымі і ардынарнымі тэрмінамі.
Аднак цалкам па-іншаму выглядае наступны, большы за папярэдні, зборнік паэзіі Жылкі "На ростані", выдадзены ў Вільні ў 1924 г. У ім Жылка ўжо выразна абраў шлях, па якім ён пойдзе, шлях вялікіх сімвалістаў-мадэрністаў на чале з Блокам.
Зборнік "На ростані" налічвае толькі 46 старонак, але ў ім амаль што няма слабых, пасрэдных вершаў! У гэтай кніжцы мы сустракаем шэраг цудоўных дробязяў, настрой кнігі вызначаюцца выключнай мастацкасцю ў якой пераважае тонкая меланхолія змешаная з містыцызмам. […]
Адмыслова трэба вылучыць выключна прыгожы і моцны перш Жылкі, прысвечаны Вільні, які быў надрукаваны ў "Студэнцкай Думцы" і ў "Досвітках".
О, Вільня, крывіцкая Мэкка!
О, места - ўсё цуд, хараство!
Дзяржаўная думнасць павекаў,
Узнята рашуча брыво!
Абліччам пад ветры і буры
Туды - у разлогі палёў.
Дзе гоняў рунелыя суры,
Ўзіраешся поўная сноў.
......
Ф. Грышкевіч, А. Бартуль, Х. Ільяшэвіч, Машара
Пяройдзем да астатніх паэтаў, якіх мы ўжо ўзгадалі вышэй.
Гэтая моладзь яшчэ шукае свой голас. Узровень іх паэзіі вельмі няроўны - разам з вартаснымі вершамі бачым няўмелых першынцаў, якія патрапілі ў зборнікі "каб больш было" ці з сантыменту да "грашкоў" сваёй паэтычнай маладосці. Аднак спатыкаем у гэтых зборніках і вялікае багацце паэтычных, у тым ліку і самых новых, форм, што сведчыць пра значную начытанасць маладых паэтаў.
Таксама звяртае ўвагу іх інтэлігентны, "гарадскі" падыход да паэтычных тэм, пры тым, што раней у беларускай паэзіі пераважна дамінаваў вясковы светапогляд з ўласцівымі яму прымітывізмам і трывіяльнасцю, грубасцю і плыткай сентыментальнасцю.
Найбольш багата ў творчасці ўсіх гэтых паэтаў прадстаўлены наступныя тэмы: патрыятызм, каханне, прырода, лірыка. Таксама ў некаторых з іх дадаюцца гістарычныя, рэлігійныя, вясковыя ці пралетарскія матывы (апафеоз фізічнай працы), а таксама народнай міфалогіі, паэтычная проза і дробныя пераклады.
Гэта:
1) Францішак Грышкевіч (між іншым, католік), выпускнік Віленскай беларускай гімназіі, зараз ужо некалькі гадоў студыюе ў Празе, аўтар кнігі "Веснавыя мелодыі", у якой рэлігійныя і нацыянальныя матывы прысутнічаюць побач з яскрава-пралетарскімі. Першыя - уплыў бацькаўскай хаты і памяць дзіцячых гадоў, другія - вынік адукацыі і атачэння ў больш познім узросце.
2) Васілёк (Касцевіч, брат аднаго з беларускіх дзеячаў у Вільні), аўтар зборніка "Шум баравы" (1929 г., 124 старонкі).
3) Аўген Бартуль, студэнт Віленскага ўніверсітэта. Прыехаў да нас з Латвіі і яшчэ там, сярод гімназічнай моладзі адрозніваўся сваімі паэтычнымі талентамі. Першая кніга яго паэзіі, якая складаецца з раней надрукаваных у віленскіх беларускіх газетах і часопісах вершаў, ужо гатовая да друку. Сярод яго твораў бачым больш доўгія рэчы, як напрыклад сімвалічная драматычная байка "Князёўна", легенда пра слыннага разбойніка Машэку, ці пераклад "Свіцязі" Адама Міцкевіча (гл. месячнік "Беларуская культура" № 1, 2, 3 за 1927 г.)
4) Хвёдар Ільяшэвіч - вучань беларускай гімназіі ў Вільні, у быў уцягнуты ў антыдзяржаўную працу і таму пэўны час сядзеў у Лукішках. Выдаў кнігу паэзіі "Весна-песні" (1929 г., Вільня). Ён - выбітнейшы паэт і ў пэўнай ступені яго творчасць падобная на творчасць Жылкі.
5) Машара, аўтар паэтычнай кнігі "Малюнкі" (1928 г. Вільня).
Цікавай адметнасцю творчасці гэтых людзей з'яўляецца спроба ўнесці ў панурую і да гэтага часу песімістычна-журботную беларускую паэзію тон радасці, аптымізму, веры ва ўласныя сілы і лепшую будучыню свайго народа. Аднак, паспалітаму чалавеку невядомы гэты мажорны тон. Ёсць у ім нейкая фальшывая нота, нейкая штучнасць!
У. Дубоўка
Нарэшце, згадаем яшчэ аднаго паэта, даволі слаба звязанага з творчасцю віленскіх беларусаў. Гэта студэнт У. Дубоўка, які жыве ў Савецкай Беларусі. Калі бальшавікі не пажадалі надрукаваць у Менску яго лірычны зборнік "Строма", бо творы не мелі "класавага зместу", ён даслаў рукапіс у Вільню, дзе кніга і была выдадзена ў 1923 г.
Другая кніга паэзіі Дубоўкі "Трысцё" выйшла праз некалькі гадоў у Менску.
Гэтаму маладому чалавеку ўласцівы, у тым ліку, і своеасаблівы паэтычны стыль, і вельмі арыгінальны аўтарскі слоўнік. Гэта моўная арыгінальнасць прасоўвае яго так далёка, што некаторыя яго вершы ўспрымаюцца амаль што як галаваломкі, над якімі трэба добра падумаць, каб зразумець, што ён хоча сказаць. […]
Большасць твораў, пра якія мы гаворым, не дачакалі выдання кнігамі і друкаваліся ў віленскіх беларускіх газетах і часопісах, а часткова ў Латвіі і Празе.
Як мы заўважылі, паэзія віленскіх беларусаў пераважана развіваецца ў лірычнай плашчыні. Творы эпічнага характару сустракаюцца рэдка, у гэтым напрамку больш зроблена ў Менску (вялікая сялянская эпапея Я. Коласа "Новая Зямля").
Тут варта яшчэ падкрэсліць, што за выняткам чатырох першых старэйшых паэтаў, астатнія - праваслаўнага веравызнання і большасць з іх піша кірыліцай.
Некаторыя кнігі, выдадзеныя ў апошні час, звяртаюць на сябе ўвагу сваім аздабленнем і мастацкім афармленнем вокладкі.
Пераклады
Пры канцы некалькі слоў пра паэтычныя пераклады на беларускую мову з замежных моў, пра што немагчыма не сказаць, бо ў Вільні ўжо маюцца каштоўныя даробкі. Напрыклад:
1) Краўцоў Макар (псеўданім) пераклаў дзве паэмы Лермантава: "Дэман" (выдадзены ў 1926 г.) і "Мцыры" (у 1924 г.).
2) Б. Друцкі: Байкі Крылова (першая кніга ў 1926, другая ў 1928 г.).
3) І. Гудок: паэма "Дванаццаць" А. Блока (1926 г.).
4) С. Пяюн нарэшце пераклаў з рускай "Цудоўную ноч" - сцэнічную байку ў 3-х актах Салаўёвай-Allegro (Паліксена Салаўёва (Allegro) - дачка гісторыка Сяргея Салаўёва і сястра філосафа Уладзіміра Салаўёва, паэтка, перакладчыца, выдавец. - Л. Л.).
Заканчваючы наш кароткі нарыс пра беларускую паэзію ў Вільні, хацелася б яшчэ адзначыць, што апрача пералічаных намі аўтараў, на алтар беларускай паэзіі ў Вільні складае гетакомбы, легіён іншых, таксама нядрэнных ці яшчэ толькі пачынаючых паэтаў, якія засыпаюць сваімі, калі-некалі і вартымі творамі, рэдакцыі беларускіх часопісаў і газет.
K. Smreczyński [ Макар Касцевіч (Краўцоў) ].Twórczość poetycka Białorusinów // Słowo. 1931. № 220.
Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша.
1 Гл. біяграфію Макара Касцевіча (Краўцова), напісаную вядомым беларускім гісторыкам Алесем Горным і надрукаваную ў зборніку твораў гэтага аўтара: Макар Краўцоў (Касцевіч) / уклад. Л. Юрэвіч. Мінск, 2021. С. 203.
75-годдзе Віктара Яраца
23 кастрычніка адзначыў дзень нараджэння паэт Віктар Ярац. Нарадзіўся ў сялянскай сям'і 23 кастрычніка 1948, пасёлак Красны Мост, Рэчыцкі р-н. Паступіў на філалагічны факультэт БДУ. У1968 г. разам з Алесем Разанавым і Львом Барташам выступіў ініцыятарам калектыўнага ліста студэнтаў філфака ў ЦК КПБ на імя Пятра Машэрава з патрабаваннем выкладання па-беларуску. Пасля таго як Алесь Разанаў, Віктар Ярац і Валянціна Тоўкун з'ездзілі ў Зэльву да Ларысы Геніюш, два першыя ўзімку 1969 былі выключаны з БДУ праз няздачу заліку па ваеннай падрыхтоўцы (да гэтага яны былі выдатнікамі вучобы). Ярац узгадваў, як яму казалi тады: "Як можа быць, вы ж - не заходнiк, i пайшлi на такое". З дапамогай Максіма Танка працягнуў навучанне ў Гомельскім педагагічным інстытуце, на базе якога ў 1969 г. быў адкрыты ўніверсітэт (скончыў у 1970). Быў некалькі месяцаў загадчыкам сельгасаддзела рагачоўскай раённай газеты "Камунар". У 1970-1971 гг. служыў у Савецкай Арміі. Працаваў на Гомельскай студыі тэлебачання. У 1975 г. скончыў аспірантуру пры кафедры беларускай літаратуры Гомельскага ўніверсітэта, у 1976 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю "Рытмічны лад сучаснай беларускай лірыкі". Працаваў выкладчыкам. Актыўна пачаў выступаць у друку з 1966 г. Аўтар зборнікаў вершаў "Уваходзіны" (1976), "Добрыца" (бібліятэка часопіса "Маладосць", 1989), "Дняпроўскі бакен" (1992) і інш. Жыве ў Гомелі.
Вікіпедыя.
Беларусы сустракаюцца з індзейцамі
Спіс жанчын: Змагар, Іваноў, Ягорачкін; кніжныя зборы індзеяністаў
(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-44 (53-96) за 2023 г.)
Найбольшыя калекцыі кніг, якія можна аднесці да катэгорыі "цалкам пра індзейцаў", сабраныя ў Беларусі С. Ягорачкіным, А. Сімаковым, А. Снітко і У. Алейнікавым. Магчыма, мы не ведаем чагосьці, таму што некаторыя людзі трымаюць свае скарбы патаемна - каб радавацца ім выключна аднаасобна.
Ніжэй - выбарачны спіс кніг, падараваных асабіста, праз трэціх асоб або праз пошту аўтару БСІ. Кнігі размешчаныя па алфавіце, нумар перад запісам - рэгістрацыя ў Беларуска-індзейскай бібліяграфіі, г.зн. у тэксце або выхадных дадзеных (часам кніга выдаецца ў іншай краіне, як Макдональд 1995 (гл.), але пры ўдзеле беларускіх выдавецтваў або друкарняў) ёсць адпаведная сувязь.
Пасля слова gift (дар) указваецца асоба (часам з прыналежнасцю да арганізацыі), якая падаравала кнігу. Калі не ўказана, у якім населеным пункце перададзеная асабіста, то гэта значыць, што атрыманая па пошце.
12519 Боли А. Северная Америка / пер. и науч. ред. Н. Н. Баранского; [послесл. Н. Баранского, В. Гохмана]. М., 1948. (Gift: Фралоў В., у Гомелі; Валерый - буйны калекцыянер літаратуры па этнаграфіі і блізкіх да яе навуках у Гомелі; некалькі кніг куплена ў яго, некалькі ён падараваў; пра паходжанне Баранскага і Гохмана гл. у запісе "Джемс…")
Бродский Б. Ненайденные сокровища. М., 1965. (Серыя "Прочти, товарищ!" выдавецтва "Знание".) (Gift: Снітко А., у Гомелі.)
858 Грицкевич В. П. Путешествия наших земляков: из истории страноведения Белоруссии. Мн., 1968. (Gift: Сыс А., паэт, у Мінску; падарунак зроблены ім 27.08.1987 г. у жыллі, якое ён атрымаў як супрацоўнік БТ.)
200 лет российско-американских отношений: наука и образование: сб. статей. М., 2007 (Gift: Грынёў А., перадаў праз Чырвонае Пяро.)
8414 Джемс П. Латинская Америка / cокр. пер. с англ. В. М. Гохмана под ред. Н. Н. Баранского. М., 1949. (Gift: Фралоў В., у Гомелі.) (Бацька М. Баранскага пасля Пецярбургскага ўніверсітэта паехаў працаваць настаўнікам у Магілёў, там ажаніўся і затым з сям'ёй пераехаў у Томск - гэта радзіма славутага географа; В. Гохман - буйны географ-амерыканіст, ураджэнец Бабруйска.)
Дмитриев Ю. Необыкновенный охотник. Брем: страницы жизни ученого. М., 1974. (Gift: дар Аўсяевіч Н., у Віцебску.)
8027 История Русской Америки (1732-1867): в 3 т. М., 1997-1999. (Gift: Грынёў А., перадаў праз Чырвонае Пяро.)
9156 Костян И. Вождь апачи. Мозырь, 2014. (Gift: Касцян І. (аўтар), перадаў праз Мачэтэ.)
9129 Костян И. Перекресток миров. Мозырь, 2010. ("Позади садящегося солнца" (апачы) и "Демоны Южных равнин" (каманчы).) (Gift: Касцян І. (аўтар), перадаў праз А. Снітко.)
Лауринчюкас А. Третья сторона доллара. Вильнюс, 1965. (Gift: Бялоў Ю., у Пінску.)
5399 Лица: биографический альманах. 1. / [ред.-сост. А. В. Лавров] М.; СПб., 1992. (Gift: Фатхуліна Р., даравальны аўтограф на першай старонцы яе артыкула пра Д. Выгодскага ў гэтым зборніку.)
4410 Макдональд Ф. Как бы ты жил среди ацтеков? / текст Ф. Макдональд; илл. М. Бергина; замысел и оформ. Д. Саларии. М., 1995. (При участии фирмы "Валев" (Минск). Отв. за вып. Ю. Г. Хацкевич. Минский полиграфкомбинат МППО.) (Gift: Снітко А., у Гомелі.)
Марков С. Обманутые скитальцы М., 1991. (Gift: Грынёў А.), праз Чырвонае Пяро.)
10176 Мілаш Ч. Скуты розум / пер. з пол. Ю. Лаўрыка, дапрац. З. Дзядзенкі; пад рэд. В. Булгакава. Мн.; Вільня, 2000. (Gift: Д. Ісаёнак, у Мінску.)
Мироглов В. Голоса тишины: историко-географическая повесть. М., 1975. (Gift: Снітко А., у Гомелі.)
Первая конференция молодых латиноамериканистов. М., 1972. (Институт Латинской Америки АН СССР) (Gift: Снітко А., у Гомелі.)
Полевой В. М. Искусство стран Латинской Америки. М., 1967. (Gift: Глябовіч Б. (Hlebowicz B.), у Беластоку.)
4965 Стінгл М. Сіу борються: Повісті / пер. з чеськоі О. Микитенка; малюнки П. Пачеса; художнэ оформлення В. Оліфіренка. Киів, 1986. (Gift: Яхвак Б.) (Згадваецца І. Дамейка.)
10002 Этнопсихологические проблемы вчера и сегодня: хрестоматия / сост. К. В. Сельчонок. Мн., 2004. (Gift: Снітко А., у Гомелі.)
6192 Якімовіч А. Залатая дзіда: аповесці, апавяданні / маст. С. А. Волкаў. Мн., 2001. (Gift: Якімовіч А. (аўтар); А. Якімовіч пазней папрасіў прабачэння, што забыў надпісаць сваю кнігу перад адпраўкай па пошце.)
4063 Domeyko I. Araucania y sus habitantes / edicion, seleccion, notas y prologos de M. Paradowska y A. Krzanowski. Warszawa; Krakow, 1992. ( Gift: Кшаноўскі А., дар Польскага таварыства лацінаамерыканістычных даследаванняў.)
4067 Domeyko I. Araukania i jej mieszkancy / pod redakcja naukowa M. Paradowskiej i A. Krzanowskiego. Warszawa; Krakow, 1992. ( Gift: Кшаноўскі А., Polskie Towarzystwo Studiow Latynoamerykanistycznych.)
8031 Around California in 1891. Stanford, 1991. (Gift: Эманс Т. (Emmons T.), складальнік і аўтар вялікага артыкула ў кнізе; уключае тэкст "Па Каліфорніі" М. Руселя ў перакладзе на англійскую мову; таксама ад Т. Эманса атрымалі яго кнігу 1997 г., з якой узялі шмат пазнавальнага пра чалавецтва пры нашым апісанні яго прадстаўнікоў з Магілёўскай губерні.)
8175 Govor E. Australia in the Russian mirror: сhanging perceptions. 1770-1919. Melbourne, 1997. (Gift: Говар А. (аўтар).)
Grinde, Jr., D. A., Johansen B. E. Exemplar of liberty: Native America and the evolution of democracy. Los Angeles, 1991. (Gift: Шампан Д. (Champagne D.), American Indian Studies Center, UCLA; 1992-05-17 мы пісалі гэтаму індзейцу-індзеяністу пра атрыманне кнігі Грындэ і Джохансена.)
Guarch Delmonte J. M. El taino de Cuba: ensayo de reconstruccion etnohistorica. La Habana, 1978. (Gift: Снітко А., у Гомелі) (Прывезена з Кубы ў 1987 г.)
Guzman Bockler C. Donde enmudecen las conciencias: сrepusculo y aurora en Guatemala. Castellon, 1991. 1 ed. (Gift: Марадас Х. (Moradas G.), Grup de suport als pobles indis.)
Guzman Bockler C. Para recuperar la iniciativa historica: (Guatemala antes y despues de 1992). Castellon, 1995 (Gift: Марадас Х., (Moradas G.), Suport Mutu.)
Hill R. B. Hanta Yo: an American saga. N. Y., 1980. (Ruth Beebe Hill.) (Gift: Гуткін Э. (Gutkin E.)
Indian Adolescent Mental Health. OTA-H-446 (Washington, DC: U.S. Government Printing Office, January 1990) (U.S. Congress, Office of Technology Assessment) (Gift: Мэнсан С. М. (Manson S. M., Pembina Chippewa - індзеец-псіхіятр), National Center for American Indian and Alaska Native Mental Health, Department of Psychiatry, University of Colorado Health Sciences Center, currently is a distinguished professor of public health and psychiatry, directs the Centers for American Indian and Alaska Native Health.)
Jesuits: yearbook-atlas of the Society of Jesus. 1991 / ed. by the Jesuit General Curia. Rome (English edition) (Gift: Фарэл Дж., айцец (Farrell J., SJ, Martyr's Shrine, Midland, Ontario); пра намер адправіць (адначасова з кнігай а. А. Экарта, але ў іншым пакеце) штогоднік-атлас езуітаў 1991 г. паведамляў і правінцыял (J. P. Cornado, SJ) з Салвадора (Бразілія) (1992-01-21), але мы не атрымалі.)
London J. Stories of the North. N.Y., etc., [1972]. TITLE: Jack London's Stories of the North; PUBLISHERS: Scholastic Book Services (Gift: Макіні М. (McKinney M.) (З Анкорыджа, Аляска.)
Mayo Clinic guide to women's cancers. Rochester, MN, 2005 (Gift: Бэтке Л. (Baethke L.), Native CIRCLE, American Indian / Alaska Native Cancer Information Resource Center and Learning Exchange (Mayo Clinic, Rochester, Minnesota).)
Nichols R. L. Geschichte der Indianer in den Vereinigten Staaten und Kanada. Essen, 2002. (Пераклад яго кнігі "Indians in the US & Canada", 1998.) (Gift: Сагановіч Г., у Мінску.)
8630 Nowa Wola po prostu. Oczami dzieci = Simply Nowa Wola. By its children = Новая Воля па-просту. Вачамі дзяцей. Michalowo; Wielichowo, 2008. (Gift: Глябовіч Б., у Беластоку; Gift: Зялінскі П., Зялінская Э., у Беластоку; Gift: Гыек М. (па пошце).)
Nowicka E., Rusinowa I. Wigwamy, rezerwaty, slumsy: z dziejow Indian Stanow Zjednoczonych. Warszawa, 1988. (Gift: Кіляноўскі А. (Kilanowski A.).)
Russian - American Bibliography: the English guide to literature about the history of Russian-America (1741-1867), and related subjects; with special emphasis on Russian and other, non-English publications / comp. P. Littke. Littlestone, UK, 2003. (Gift: Літке П. (аўтар-складальнік).)
Sajkowski A. Opowiesci misjonarzy, konkwistadorow, pielgrzymow i innych swiata ciekawych. Poznan, 1991. (Gift: Тазбір Я. (Tazbir J.).)
The Indian Child Welfare Act, the next ten years: Indian homes for Indian children: conference held at UCLA Faculty Center, August 22-24, 1990 / ed. T. R. Johnson. Los Angeles, 1991. (Gift: Шампан Д. (Champagne D.), American Indian Studies Center, UCLA.)
10087 Ziolkowska-Boehm A. Na tropach Wankowicza po latach. Warszawa, 2009. (Gift: Зюлкоўская-Боэм А. (аўтар).)
9314 Ziolkowska-Boehm A. Open wounds: a Native American heritage. Pierpont, SD, 2009. (Gift: Зюлкоўская-Боэм А. (аўтар).)
9313 Ziolkowska-Boehm A. Otwarta rana Ameryki. Bielsko-Biala, 2007. (Gift: Зюлкоўская-Боэм А. (аўтар).)
Мы пісалі хлопчыку Паўлу, які адгукнуўся на публікацыю нашага адраса ў "Піянеры Беларусі" ("Па слядах "індзейскай граматы"", 1990, 16 жн., с. 4). 18.08.1990 г., калі ён першы раз напісаў, ён быў вучнем 5-га класа.
У адказ на просьбу аб літаратуры пра індзейцаў мы даслалі яму кнігу пра атапаскаў Г. Дзеніскевіч. 1.04.1991 г. Павел паведаміў пра паездку ў Белавежскую пушчу.
1.07.1991 № 95 (так, нават хлопчыкам мы пісалі, хоць і не заўсёды, нумараваныя лісты): "Атрымалі альбом М. Шарая "Белавежская пушча" - адно з самых цудоўных выданняў, якія прыводзілася бачыць. Вялікі дзякуй. Ты, дарэчы, зрабіў нам вялікую паслугу. Даводзіцца пасылаць у Амерыку немалую колькасць розных публікацый, але купляць дарагія ілюстраваныя выданні дазволіць сабе можам не заўсёды. Таму хацелі б зрабіць табе прапанову: ці не паслаць "Белавежскую пушчу" каму-небудзь у ЗША ці Канаду? Можна ад твайго імя, як твой падарунак.
Напрыклад, у таварыства, якое называецца прыкладна так (дакладна перавесці на рускую цяжка, але гэта крыху адпавядае нашаму таварыству паляўнічых і рыбаловаў): Індзейскае таварыства рыбалоўства і дзікай прыроды (Native American Fish and Wildlife Society). Яго штаб-кватэра ў штаце Каларада, і мы наладзілі кантакт з некаторымі яго членамі.
Можна паслаць і па іншым адрасе. Спадзяюся, калі ты ў цэлым ухваляеш такое выкарыстанне твайго альбома, ты дазволіш нам абраць адрасат самім.
Ты пытаешся, ці шмат лістоў атрымліваем ад індзейцаў. Пішуць у Амерыку пакуль толькі чатыры члены нашага грамадства, я атрымліваю тут, у Гомелі, дзесьці ад 3 да 10 лістоў і бандэроляў у месяц. Вядома, адказы прыходзяць не на ўсе нашы лісты, асабліва ў апошнія месяцы (да мінулага лета было амаль 100% адказаў).
Ну, словам, чакаем твайго ліста. Найлепшыя пажаданні табе і тваім блізкім".
І мы сапраўды даслалі альбом індзейцам - Племені хікарылья ў Нью-Мексіка, як падарунак і Паўла з Бярозаўскага раёна. У суправаджальным лісце ад 7.07.1991 г. было напісана:
"For The Jicarilla Apache Tribe from the Byelorussian - American Indian Society
Dear brothers and sisters!
We are interested in correspondence and cooperation with you. We are looking forward to hearing from you.
With best wishes,
Svetlana Kalenkovich, Ales Simakou, BAIS, and Pavel [the schoolboy's surname and the name of his village in Brest region; the photo album entitled The Belovezh Forest by Mikalai Sharai was originally from him; sent from Gomel to Dulce, New Mexico on 12.07.1991).
Хаця быў такі момант: на вокладцы - фота савы, а апачы ў мінулым баяліся гэтай птушкі. Але мы палічылі, што калі кніга пра Белавежскую пушчу з'явіцца на паліцы бібліятэкі ў Дульсе, апачы звернуць на яе ўвагу яшчэ і з-за савы і нават крыху пасмяюцца з яе - ірацыянальныя страхі засталіся ў мінулым. Гэтая сава мела яшчэ і тое сімвалічнае, "злавеснае" значэнне, што ў канцы таго года "развалілі" Саюз - у якім і пасля якога з'явілася і "паглыбілася" "свабода", але і пачаліся адкрытыя, "гарачыя" міжнацыянальныя канфлікты, войны. Вопыт індзейцаў паказвае, што лепш жыць у рэзервацыі, чым у акопе. Тым больш, што мноства плямён індзейцаў у выніку змагання за свабоду і зямлю магло быць літаральна цалкам знішчанае.
ЗМАГАР Алесь (сапр. Аляксандр Яцэвіч) - звязаны са слуцкімі падзеямі і калабарацыяй часоў ДСВ, жыў у Кліўлендзе і Фларыдзе, дзе працягваў "вызвольны рух", але здаецца таксама левым, як і многія эмігранты - ад сацыялістычных "ілюзій" іх не "вылечыў" ні Сталін, ні Захад: Змагар называў сябе "антыкамуністам", але пры гэтым "нацыянал-дэмакратычным анархістам". Літаратар шырокага дыяпазону - і адзін з найвялікшых беларускіх арыгіналаў.
Нас, вядома, вельмі ўразіла тое, што ён напісаў пра індзейцаў і белых у аўтабіяграфіі - усё ж эмігранты пабойваліся падобных выказванняў: "Ты хочаш, каб мяне выгналі з Амерыкі?" - хоць і з некаторым гумарам, гэта рэальна гучала. Рукапісны варыянт аўтабіяграфіі захоўваецца ў архіве БІНіМа (Нью-Ёрк). Такім чынам, на мяжы стагоддзяў можна было цытаваць з трох крыніц - адзін друкаваўся ў "Летапісе жыцця беларускай эміграцыі" (чэрвень і ліпень 1985 г.), другі - у кнізе А. Змагара "Мае ўспаміны" (1985). Затым яе падрыхтавалі да публікацыі ў версіях, што адрозніваліся, Л. Юрэвіч (1999) у ЗША і Н. Анофранка i А. Гардзiенка (2001) у Беларусі: месца, дзе пра правадыра індзейцаў, публікавалася па-рознаму, у версіі Юрэвіча - карацей і ў выніку залагоджана, і застаецца пытанне - воля гэта і "самацэнзура" Змагара або "цэнзура" пры рэдагаванні яго тэкстаў іншымі.
У цэлым, калі не лічыць купюры, розніца паміж версіямі ў фрагменце, які нас цікавіць, нязначная, але месца, якое адсутнічае ў версіі 1999 г., а менавіта параўнальная характарыстыка індзейца і белых, - робіць адсутнасць "бандытызму" больш чым прынцыповым.
Зрабіць рэчаіснасць і акалічнасці больш прыгожымі, прыстойнымі і зручнымі - такая мэта рэдагавання? Без асаблівай неабходнасці з нашага артыкула "Францыск Скарына і Амерыка" ў А. Мальдзіса ("Кантакты і дыялогі", 1999, № 9-10) было выдаленае важнае як факт месца пра сіфіліс: Скарына быў медыкам, і ў яго час у Еўропе распаўсюджвалася гэтая хвароба - нібыта прывезеная з Амерыкі. А яшчэ раней версію гэтага тэксту ("Францыск Скарына і Амерыка: другая спроба "адкрыцця"") не прыняў на канферэнцыю 1999 г. "Францыск Скарына і наш час" праф. У. Анічэнка - тады быў перапрацаваны тэкст 1990 г. "Францыск Скарына і Амерыка: другая спроба "адкрыцця"", які чытаўся на II Заслаўскіх чытаннях (зборнік іх не выходзіў, калі не лічыць публікацыю асобных дакладаў у зборніку "Vieda" "Беларускага інстытута Эўропы").У Заслаўі, калі прагучала слова "пранцы", у зале пачуўся смех.
Версія ў зборніку Л. Юрэвіча (з тарашкевіцы):
"Нарадзіўся я ў 1903 г. у вёсцы Цараўцы [Цароўцы] Слуцкага ўезда ў сям'і вясковага фельчара. У 4 гады быў аддадзены да бабкі ў засценак Збудзішчы Грэскай воласці. Там дзед Хведар апавядаў цікавыя байкі, а дзед Тарас вучыў верхавой яздзе, што мне вельмі падабалася, і ў 10 гадоў я з лёгкасцю скакаў цераз канавы, кусты і нават цераз невысокія жэрдачныя платы, што мне потым, як быў у казачым войску, вельмі прыдалося. Маючы 8 гадоў, паступіў у народную трохкласавую пачатковую школу, якую не скончыў, бо ў 10 гадоў бацька аддаў мяне ў падрыхтоўчы клас Слуцкай класічнай гімназіі. Вучыўся я вельмі добра, любіў чытаць розныя прыгодніцкія апавяданні, асабліва забароненыя для гімназістаў, пра Ната Пінкертона, Ніка Картэра, Шэрлака Холмса, Тэхаскага Жака і іншых. Асабліва мне падабаўся герой Дзікага Захаду, галава племені сіўксаў Віці Бэр. У міжчассе бацька навучыў мяне плаваць, і я лёгка пераплываў Случ".
Версія ў "Arche" (з тарашкевіцы):
"Калі я меў 6 гадоў, бацька аддаў мяне ў 3-класавую народную школу, а ў 10 гадоў бацька ўладзіў мяне ў падрыхтоўчы клас Слуцкай класічнай гімназіі. Вучыўся я вельмі добра і адначасна любіў чытаць розныя прыгодніцкія апавяданні, асабліва забароненыя для гімназістаў, як "Нат Пікертон" [Пінкертон], "Нік Картэр", "Шэрлак Холмз", "Тэхаскія Жакі" і пад., асабліва мне падабаўся "Віты Вэр" - важак сіўксаў, герой Дзікага Захаду, які сваёю адвагаю і шляхетнасцю вельмі адрозніваўся ад дзікасці і бандытызму белых прыблудаў з Еўропы. У міжчассе, летнімі канікуламі, бацька навучыў мяне плаваць, і я лёгка пераплываў у Цароўцах Случ".
Удзел Алеся Змагара ў слуцкіх падзеях і затым такая цытата могуць разглядацца як не зусім тыповы ланцужок у адным жыцці беларускага эмігранта. Хочацца верыць, што і пералік жанчын-лацінасак, які ніжэй, - не "астап-бэндараўскі" спіс.
У "Маім жыццяпісе" ён каментуе сваё асабістае жыццё так:
"Што да майго сямейнага жыцьця, то на Бацькаўшчыне я меў блізкіх прыяцелек, але афіцыйна жаніцца ня мог, каб не нараджаць іх на небясьпечныя спатканьні з НКВД. Жаніўся я падчас нямецкай акупацыі. Быў шчасьлівы. Жонка Валя дапамагала мне ў нацыянальнай працы як на бацькаўшчыне, так і ў Аўстрыі, Францыі і ў ЗША, аж пакуль у 1957 г. не адышла ад мяне. Празь які час я зноў пачаў выступаць з рэфэратамі, а для дапамогі, асабліва ў сьпевах па-беларуску, пачаў запрашаць студэнтак (японак, кітаянак, в'етнамак, мэксіканак, пэруанак, калумбіек, гватэмалак ды іншых з Паўдзённай Амэрыкі, якіх я навучаў пець па-беларуску за два тыдні. Выступы нашы карысталіся надзвычайным посьпехам. Асаблівым посьпехам адзначыўся выступ прыгожае маладое японкі, апранутай у народнае беларускае адзеньне, у ролі багіні Шчодры.
Цяпер маю клопат, каб выдаць мае падрыхтаваныя да друку творы".
Таксама ў лісце да Янкі Золака (26.04.1984), свайго брата па маці, ён пералічыў жанчын. Гэта даўгі спіс, даём ніжэй толькі другую частку яго, калі ў яго жыцці ў якасці "прыяцелек" з'яўляюцца іншаземкі.
"Як толькі я атрымаў твой ліст з просьбаю надаслаць мой жыцьцяпіс, я зараз-жа пачаў расшукваць сярод тысячы розных папераў дакумэнты, атрыманыя падчас савецкага панаваньня, потым - нямецкай акупацыі, перабываньня ў Аўстрыі, Францыі й нарэшце - у ЗША. Гэта заняло шмат часу, але 22 чэрвеня я закончыў пісаць свой жыцьцяпіс і выслаў табе. [...]
Некалькі слоў і пра маё інтымнае жыцьцё, пра мае сымпатыі […]. 1963 г. - Кармэн, гішпанка. 1964 г. - Адэлаіда, кубінка. 1965 г. - Зулема, гандураска. 1966 г. - Эр іл Маз, турчанка; Гелена Сабляк, здольная маладая артыстка, харватка; Блянка Герэра, сальвадорка. 1967 г. - Ван Джу Парк, карэянка. 1968 г. - Надзея, лебанонка; Дзіна Альбарноз, пэруанка; Жозэфіна, гватэмалка; Той Сатайятгам, тайланка. 1969 г. - Марыя Мэнэндэя, гватэмалка. 1970 г. - Маргарыта Марквіна Рохо, мэксыканка. 1971 г. - Рай Сэрда, нікарагуанка. 1972 г. - Набока Кунімац, японка; Ганасана Ясуко, японка. 1973 г. - Адэлаіда дэ ля Пуэрто, кубінка. 1974 г. - Мірыам Рывэра, пуэртарыканка; Шын, карэянка. 1975 г. - Шарон Ковэр, амэрыканка; Янг Пун, карэянка. 1976 г. - Амэлія Мэлэндэз, гандураска, другая жонка. 1982 - Юстына, філіпінка. Вось тыя, якія падчас мае апатыі да жыцьця ўздымалі мой настрой і ўлівалі натхненьне да далейшай творчай працы".
Літ.:
7379 Змагар А. Мой жыцьцяпіс // Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі / уклад. Л. Юрэвіч. Нью-Ёрк, 1999. С. 281-298.
5993. Змагар А. Сьцежкi-дарожкi: успамiны Алеся Змагара / прадм., публ. й пак. падрыхт. Н. Анофранкай i А. Гардзiенкам // Arche. 2001. № 2. С. 66-88.
3138 Змагары за свае правы // Звязда. 1973. 27 крас. (Карэспандэнцыя ТАСС з Нью-Ёрка, 20.04.1973; другая "бітва" пры Вундэд-Ні на тэрыторыі сіў.)
ІВАНОЎ Аляксандр - інжынер-механік з Менска, які дапамагаў асвойваць "савецкія трактары на зямлі інкаў" - так называецца і сам матэрыял уласнага карэспандэнта АДН, прысвечаны абслугоўванню трактароў "Беларусь" (так у тэксце, хаця, здаецца, энцыклапедычная назва гэтага сямейства трактароў - "Беларус") у Перу.
Артыкул з Лімы (1981) цалкам, з усёй ідыліяй:
"У адзін з пагодлівых зімовых дзён маленькі перуанскі гарадок Чупака, які размясціўся на правым беразе ракі Мантара, быў па-святочнаму ажыўлены. З чыстага, яркай сіні неба свяціла горнае сонца, хутка праганяючы ранішні халадок. На адной з цэнтральных вуліц каля праўлення сельскагаспадарчага кааператыва "Мархен дэрэча дэль Мантара" [Margen derecha del Mantaro] сабраліся гараджане.
Гучаць мелодыі старажытных індзейскіх танцаў - іх іграюць прыгожа апранутыя музыканты. Але вось, паступова заглушаючы гэты невялікі аркестр, здалёку даносіцца рокат матораў, што ўсё ўзмацняецца. Калона трактароў - чырвоныя, жоўтыя, белыя і аранжавыя машыны - хутка набліжаецца да будынка праўлення. Ужо можна прачытаць на карпусах знаёмае слова "Беларусь".
- Першыя дзесяць трактароў гэтай маркі, - распавядае старшыня праўлення кааператыва Серхіа Варгас Карэа, - мы набылі каля года таму. Кажучы шчыра, спачатку ў некаторых земляробаў былі сумневы наконт гэтых машын, якія ў Перу ніхто не ведаў. Аднак неўзабаве члены кааператыва самі праверылі на практыцы іх якасць, пераканаліся ў іх высокай манеўранасці і надзейнасці. І вось сёння мы прымаем другую партыю.
Пасля кароткага прыпынку трактары накіроўваюцца ў поле. Калона машын, аркестр, сяляне павольна рухаюцца да ўскраіны мястэчка. Хутчэй ісці проста цяжка - адразу перахапляе дыханне і пачынае стукаць у скронях. Шырокая даліна ракі Мантара - адна з галоўных жытніц [житниц] цэнтральнага раёна краіны, якая забяспечвае перуанскую сталіцу малочнымі прадуктамі і збожжам, - знаходзіцца за перавалам Цэнтральных Андаў на вышыні больш за тры тысячы метраў над узроўнем мора.
Побач са мной мерна крочаць двое пажылых сялян. Іх загарэлыя твары, прыкрытыя ад сонца шырокімі палямі фетравых капелюшоў, ззяюць задаволенай усмешкай. Па размове здагадваюся, што яны прыехалі здалёк. Знаёмімся. Адзін з іх, Хуан дэ Дыяс Кінта дэ ла Крус, аказаўся прадстаўніком сялянскай грамады з Ісібамбы, мясцовасці, размешчанай у 50 кіламетрах адсюль, яшчэ вышэй у гарах. Грамада ўжо купіла адзін трактар "Беларусь" і збіраецца набыць другі. Сялянам падабаецца трывалая і магутная савецкая машына. Некаторыя землі грамады размешчаны амаль на чатырохкіламетровай вышыні, на схілах гор, але і там "Беларусь" працуе гэтак жа добра, як і на раўніне.
Пасля дэманстрацыі ў полі магчымасцей савецкіх машын свята ў горадзе працягваецца. Выконваюцца народныя танцы - гэта мастацтва як жыхароў Анд, так і некаторых індыйскіх [індзейскіх, надрукавана - индийских] плямён з трапічнай сельвы. Апранутыя ў жывапісныя касцюмы, у масках, танцоры лёгка выпісваюць мудрагелістыя піруэты, іх рухі перадаюць спецыфіку сельскіх работ у розных зонах краіны.
Позна ўвечары мы вярталіся ва Уанкайа [Huancayo, кечуа Wankayu], цэнтр дэпартамента Хунін, які хутка развіваецца і куды адміністрацыйна ўваходзіць даліна Мантара. Ад дзённага цяпла не засталося і следу, пад чорным бяздонным небам з незвычайна яркімі буйнымі зоркамі стаяла халодная горная ноч...
На цэнтральнай вуліцы Уанкайа, недалёка ад уезду ў горад знаходзіцца майстэрня кааператыва, якая адначасова служыць дэманстрацыйнай залай для савецкіх трактароў. На кідкіх жоўтых шчытах можна прачытаць: "Сельскагаспадарчыя трактары "Беларусь" МТЗ-52, МТЗ-82. Пастаўшчык - кааператыў "Мархен дэрэча дэль Мантара"["]. Яго генеральны кіраўнік Рафаэль Рохас кажа, што кааператыў забяспечвае тэхнікай, мінеральнымі ўгнаеннямі і інвентаром усю зону даліны. Яму таксама належаць вялікія сельскагаспадарчыя ўгоддзі.
Каля двух гадоў таму кааператыў пачаў клопаты наконт паставак савецкіх трактароў у Перу, што, паводле слоў Рохаса, аказалася справай нялёгкай. Нарэшце ўдалося атрымаць неабходныя дакументы, якія дазваляюць імпарт трактароў. Цяжэй было знайсці крэдыты для аплаты паставак савецкай тэхнікі. Аграрны банк і іншыя ўстановы не спяшаліся даць кааператыву неабходныя ў такіх выпадках сродкі. Перашкоды ствараліся штучна з-за боязі канкурэнцыі.
- Цяпер усё гэта ў мінулым, - кажа кіраўнік. - На палях даліны паспяхова працуюць 20 трактароў "Беларусь", і мы вядзём перамовы аб пастаўках яшчэ 55 машын. Наш кааператыў - адзіны ў Перу імпарцёр савецкай сельскагаспадарчай тэхнікі.
- Які попыт на нашы трактары?
- Цяпер паступіла 200 заявак на "Беларусь" ад шматлікіх кааператываў даліны. Зацікаўлены ў набыцці гэтых трактароў і іншыя раёны, у прыватнасці з зоны сельвы.
У размову ўступае інжынер-механік з Мінска Аляксандр Рыгоравіч Іваноў. Ён дапамагае тут перуанцам асвойваць савецкую тэхніку. У сумеснай працы нарадзілася сяброўства гэтых людзей, якое дапамагае ім пераадольваць цяжкасці, што робіць працу больш плённай. Рохас ужо разумее і крыху гаворыць па-руску. Іваноў - па-іспанску. Добрым памочнікам ім служыць інжынер Мануэль Санчэс Перэс, які некалькі гадоў таму скончыў Маскоўскі ўніверсітэт дружбы народаў імя Патрыса Лумумбы.
- Перу - гэта 85-я па ліку краіна, дзе паспяхова працуе "Беларусь", - кажа А. Іваноў. - Але, мабыць, упершыню савецкія трактары гэтай маркі працуюць на такой вышыні. Некаторыя ўгоддзі кааператыва размешчаны на адзнацы 4200 метраў над узроўнем мора. Але і ў гэтых умовах трактар дзейнічае выдатна, і мы не атрымліваем рэкламацый. Разам з першай партыяй машын у Перу прыбыў гарантыйны камплект запасных частак, які да гэтага часу застаецца некранутым.
На наступную раніцу трэба было вяртацца ў Ліму. Даліна праводзіла нас яркім золатам квітнеючага жаўтазелю, свежай раллёй палёў і чорна-белымі плямамі, кароў, што пасвіліся. На беразе ракі жанчыны старанна мылі моркву, каляровай мазаікай стракацела на траве і камянях бялізна, што сохла. Шаша плаўна збочвала ўбок ад ракі. Пачынаўся ўздым на перавал Цікліа [Ticlio] (4843 метры), а за ім - зацяжны спуск на ўзбярэжжа, у зімовую Ліму".
Літ.:
1244 Дунаев В. Советские тракторы на земле инков // Знамя юности. 1981. 14 авг.
1243 Дунаев В. Волшебство перуанских "матерос" // Знамя юности. (Даты на выразцы няма.)
5319 "В сельве нет звезд" // На экранах Беларусі. 1969. № 7. ("En la selva no hay estrellas" - мастацкі фільм пра Перу ў беларускім пракаце: перуанская прыгодніцкая драма 1967 г. А. Роблеса Гадоя: спроба вывезці золата, якое належыць "каралеве індзейскага племені"; у 1967 г. фільм атрымаў залаты прыз на 5-м Маскоўскім міжнародным кінафестывалі).)
ЯГОРАЧКІН Сяргей - ураджэнец Казахстана, беларускі індзеяніст, уладальнік буйной калекцыі кніг пра індзейцаў абедзвюх Амерык і Дзікі Захад. Па прычынах, якія немагчыма было пераадолець, не прысутнічаў пры выступленнях і сустрэчах наваха У. Язі ў Менску (1996) - і зразумела, вельмі шкадаваў, але ён быў сведкам індзейкай прысутнасці на паўваў у Расіі.
Усе свае кнігі запісваў у сшытак. У сваім лісце да нас ад 27.04.1988 г. Сяргей прапанаваў спіс дублетаў. На жаль, кніжныя абмены з ім не адбываліся, хаця ў 2020 г. мы перадалі яму як энтузіясту, які гэта шануе, шэраг кніг, якіх ён не меў.
Сяргей сабраў вялікую колькасць розных сувеніраў і някніжнай інфармацыйнай прадукцыі - буклеты, значкі, фігуркі і многае іншае, што падпадае пад паняцце "прадметы музейнага значэння". Яго калекцыя фільмаў на аптычных дысках - проста ўражвае. У познесавецкі час ён працаваў у відэасалоне і сабраў шмат відэакасет, але, як ён паведаміў, касеты не захаваў. Ён мае і ўласныя вырабы - прадметы, якія імітуюць матэрыяльную культуру індзейцаў - разам з калегам-індзеяністам, які жыве недалёка, робяць іх па ілюстрацыях у кнігах.
Літ.:
1154 Горчаков В. В гости к Пау-Вау / фото В. Некрасова // Комсомольская правда. 1988. 22 июля.
2713 Ишта Шича (Злой Глаз). Краткая история Пау-Вау в России: (из жизни индеанистов) // Иктоми. 1994. № 1. С. 81-91. (У 2020 г. альманах пераехаў з Гомеля ў Мінск, да С. Ягорачкіна.)
3281 Юркевич М. Колдырь и бард - близнецы-братья // Знамя юности. 1996. 1 июня.
3262 Козлова А. Белые люди с индейской душой / фото В. Стрелковского // Рэспубліка. 1996. 7 дек.
3259 Боровая И. Настоящему индейцу // Понедельник. Еженедельное приложение к "СБ". 1997. 3 марта. С. 1, 8-9.
3188 Жилинский О. Индейцы тротуара / [ интервью взял] С. Малиновский // Свободные новости плюс. 1997. 21-28 марта. С. 14.
7498 Влодавский Ю., Хамицевич Т. (фото). Индеанист Игорь Беденко // Вечерний Минск. 1998. 16 марта.
3974 Смирнов С. Сергей Злобов мечтает выкурить трубку мира с потомками Черного Котла // Советская Белоруссия. 1998. 10 нояб. С. 11.
4896 Наступил Татьянин день - и учиться снова лень // Комсомольская правда в Белоруссии. 2000. 28 янв. С. 20.
4897 Малиновский И. Настоящему индейцу завсегда везде ништяк // Комсомольская правда в Белоруссии. 2000. 28 янв. С. 20.
5377 Соколов-Митрич Д., Кропоткин Н. (фото) Чудо в перьяx: племя русских индейцев отметило свой двадцатый пау-вау // Известия. 2000. 12 июля.
6446 Тиванова К. "Индейцы" в Минске // День. 2002. 28 февр.
7369 Dziebel G. V. How American Indians and Russian Indians Did Not Smoke the Peace Pipe // European Review of Native American Studies. 2003. V. 17. № 1. P. 1-6.
8683 Абрамов В. Настоящему индейцу и под Харьковом - прерии: (движение индеанистов) // Сегодня (Киевский выпуск). 2010. 17 февр. С. 20. (Згадваецца і беларускі "Курьер апачей".)
8684 Абрамов В. Прерии под Харьковом // Я (Киев). 2010. 2 марта. С. 28. ("Курьер апачей" (Гомель).)
11836 Голоса: книга первая / сост. А. Ветер. [Б. м.]: Издательские решения, 2019. (У т.л. пра мінскіх індзеяністаў, уключаючы С. Ягорачкіна.)
Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.
Ales Simakou (baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.
Индейцы, Indianie, Indians, indigenas, indios de America y Belarus; вы можаце дасылаць свае думкі пра індзейцаў на ўказаны вышэй адрас. Алесь Симаков, автор "Индейской тропы через Беларусь".
Лідскія дзеці навяртаюцца да культуры продкаў
Адна за адной дзіцячыя турыстычныя групы прыязджаюць у Лідскі аддзел рамёстваў і традыцйнай культуры, каб пазнаёміцца з культурай нашых не такіх далёкіх яшчэ продкаў. Але жыццё такое імклівае, што першая палова ХХ стагоддзя падаецца для цяперашніх дзяцей глыбокім сярэднявеччам.
ТК "Культура Лідчыны".
Свет захапленняў нашых продкаў
У Беліцкім Доме культуры дзеці з прышкольнага лагера "Сонейка" прынялі ўдзел у фальклорнай праграме "Свет захапленняў нашых продкаў".
ТК "Культура Лідчыны".
Маёнтак Дамбавецкага вітае маладых лідзян
Усімі колерамі восені вітаў вучняў сярэдняй школы № 6 г. Ліды Музей сям'і ў Бердаўскім цэнтры культуры і вольнага часу.
ТК "Культура Лідчыны".