Папярэдняя старонка: 2023

Наша слова.pdf № 47 (99) 


Дадана: 21-11-2023,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 47 (99), 22 лістапада 2023 г.

"Лістапад" - 2023

17 лістапада ў Доме кіно стартаваў XXIX Менскі міжнародны кінафестываль (ММКФ) "Лістапад", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кінафестываль стартуе адначасова ва ўсіх гарадах-удзельніках. Адкрые яго фільм "Кіношнікі".

- Мы выставілі ў конкурс наш дэбютны фільм "Кіношнікі". Усіх запрашаю. Сёння амаль 90 экранаў у Беларусі пакажуць гэтую прэм'еру. Мы гэтым вельмі ганарымся, - адзначыў генеральны дырэктар "Беларусьфільма" Юрый Аляксей.

Паводле яго слоў, самай відовішчнай намінацыяй абяцае быць "Ігравое кіно". "А цікавай намінацыяй для кожнага будзе свая. Мне вельмі падабаецца дакументалістыка, напрыклад", - дадаў Юрый Аляксей.

У склад журы XXIX Менскага міжнароднага кінафестывалю ўвайшлі вядомыя дзеячы і вядучыя эксперты ў галіне кіно міжнароднага класа. Старшынём журы стаў Ігар Угольнікаў - савецкі і расійскі акцёр, кінарэжысёр, сцэнарыст, прадзюсар, тэлевядовец.

Таксама ў дні форуму пройдуць майстар-класы і творчыя сустрэчы з вядомымі прадзюсарамі, рэжысёрамі і акцёрамі.

У рамках пазаконкурснай праграмы пройдуць дні казахстанскага, расійскага, пакістанскага і сірыйскага кіно. У Акадэміі мастацтваў адбудзецца дзень адчыненых дзвярэй, у час якога будзе арганізаваны паказ кароткаметражных студэнцкіх фільмаў.

У аматараў савецкага кіно будзе магчымасць убачыць любімыя фільмы на экранах кінатэатраў. У рамках кінафестывалю "Лістапад" будуць паказаны карціны: "Я крочу па Маскве", "Шчыра запрашаем, ці Пабочным асобам уваход забаронены", "Міміно", "Сцеражыся аўтамабіля", "Кін-дза-дза".

БЕЛТА.

Пераможцаў Нацыянальнай тэатральнай прэміі ўзнагародзілі ў Менску

Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў VII Рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва "Нацыянальная тэатральная прэмія" прайшла на сцэне Купалаўскага тэатра 18 лістапада, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

- Вельмі важна, што тэатральная грамадскасць мае магчымасць убачыць лепшыя працы нашых рэгіянальных тэатраў. Зараз на найбліжэйшыя два гады мы будзем мець новыя творчыя арыенціры, - сказаў першы намеснік міністра культуры Валерый Грамада.

Пераможцам у намінацыі "Спектакль для дзяцей і юнацтва" стала опера Вялікага тэатра Беларусі "Гісторыя Кая і Герды (Снежная каралева)", у намінацыі "Лепшы спектакль тэатра лялек" - "Запіскі юнага лекара" Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек. У намінацыі "Лепшы спектакль у жанры аперэты, музычная камедыя, мюзікл" перамогу атрымала рок-опера "Граф Монтэ-Крыста" Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага, у намінацыях "Лепшы оперны спектакль" і "Лепшы балетны спектакль" пераможцамі сталі пастаноўкі "Дзікае паляванне караля Стаха" і "Дон Кіхот" Вялікага тэатра Беларусі. У намінацыі "Лепшы спектакль тэатра драмы для вялікай сцэны" перамогу атрымаў спектакль "Ідыёт" Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага.

Мастак Беларускага тэатра "Лялька" Дзмітрый Гаралевіч уганараваны за стварэнне сцэнаграфіі, лялек і касцюмаў у спектаклі "Чарамара". Спектакль "Чарамара" паставіў у 2022 годзе Міхаіл Клімчук паводле казкі эстонскай пісьменніцы Айно Первік. Гэта "гісторыя шчасця" на дзве дзеі, якая вучыць гледачоў уменню жыць у гармоніі з прыродай і сумленнем.

Адмысловую прэмію за ўнёсак у развіццё тэатральнага мастацтва Беларусі атрымаў мастацкі кіраўнік Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Адам Мурзіч.

Падчас цырымоніі ўзнагароджання таксама былі паказаны ўрыўкі са спектакляў - удзельнікаў прэміі. VII Рэспубліканскі конкурс тэатральнага мастацтва "Нацыянальная тэатральная прэмія" прайшоў з 25 кастрычніка па 18 лістапада ў Менску. Падчас конкурсу ў сталіцы паказалі 32 пастаноўкі з 20 тэатраў Менска, Берасця, Гомеля, Гародні, Маладзечна, Слоніма, Віцебска і Магілёва.

БЕЛТА. Фота Таццяны Матусевіч.

Помнік Яну Скрыгану

6 лістапада 2023 адзначалася чарговая гадавіна, а менавіта 118-годдзе, з дня нараджэння беларускага пісьменніка Яна Скрыгана (1905-1992).18 лістапада 2023 года адбылося адкрыццё памятнага каменя Яна Скрыгана ў Слуцкім раёне, каля вёскі Гарадзішча і былога фальварка Хваявіца, дзе калісьці бацька пісьменніка купіў зямлю і куды перавёз сваю сям'ю на новае месца жыхарства. Янка Скрыган з цеплынёю ўзгадваў Хваявіцу, якая была яму таксама блізкая, як і Труханавічы, дзе ён нарадзіўся. На мерапрыемства прыехала вялікая сям' я Скрыганоў, Булгакаў, Шыманскіх, Сасноўскіх, Мірончыкаў - усе галіны Скрыгановага роду, якія жывуць пад Слуцкам, Маладзечнам, Берасцем, у Ніжнім Ноўгарадзе.

Ганаровай госцяй мерапрыемства была Галіна Скрыган, дачка пісьменніка. Таксама мерапрыемства наведалі пісьменнікі Хрысціна Лялько, Лаўрэн Юрага, кіраўнік гістарычна-краязнаўчага музея "Бацькаўшчына" Ірына Тагіль і іншыя.

На мерапрыемстве госці пазнаёміліся з даследаваннем "Гісторыя роду Скрыганоў", якое было падрыхтавана Генеалагічным агенцтвам Wenda, гэта кніга была падаравана Галіне Скрыган, музею "Бацькаўшчына" і асобным родам сям'і Скрыганоў.

Некаторыя моманты мерапрыемства ў фотаздымках.

Таццяна Лаўрык.

Месяц нацыянальнай літаратуры на Піншчыне

На Піншчыне аб'яўлены месяц папулярызацыі нацыянальнай літаратуры "Маіх радкоў няма без Беларусі". Ініцыятыва належыць мясцовым бібліятэкам.

На працягу акцыі ўстановы ладзяць літаратурныя канферэнцыі, вечарыны, конкурсы і сустрэчы, пад час якіх згадваюцца самыя лепшыя творы беларускіх пісьменнікаў. Адна з удзельніц мерапрыемстваў распавяла, якія ў яе ўлюблёныя айчынныя літаратары:

- Самыя ўлюбёныя - гэта "Шляхціц Завальня" Яна Баршчэўскага, амаль увесь Васіль Быкаў, "Людзі на Балоце". Больш тыя кнігі, у якіх можна пабачыць душу беларускага чалавека, яго станаўленне, яго быт, яго традыцыі. Той жа Колас пакідае след і матэрыял для думак. Дарэчы, асаблівая ўвага ў гэтыя дні на Піншчыне надаецца постаці Яўгеніі Янішчыц, бо сёлета яе 75-годдзе.

Яе называлі палескай ластаўкай

Сёлета магло споўніцца 75 гадоў паэтцы Яўгеніі Янішчыц, але амаль у гэтыя дні 35 гадоў таму яна трагічна загінула

"Палескай ластаўкай" Яўгенію Янішчыц назваў Генадзь Бураўкін. Яна сапраўды выклікала такое ўражанне - імклівая, уражлівая, узнёслая. Якраз такой я ўбачыла яе ўпершыню на філфаку БДУ, які месціўся тады на Чырвонаармейскай вуліцы, амаль насупраць тагачаснай Ленінскай бібліятэкі, - піша Алена Руцкая ў "Звяздзе".

Было гэта ў верасні 1966 года. Паступаць у той год было складана - адразу два выпускі: пасля адзінаццаці і дзесяці гадоў навучання, а яшчэ тыя, што не прайшлі ў папярэднія гады. Да таго ж прыйшла цэлая хваля тых, хто, кажучы па-сучаснаму, "засвяціўся" на старонках "Піянера Беларусі" і "Бярозкі". Сярод іх - і Жэня Янішчыц, і Алесь Разанаў, і Яўген Хвалей, і Віктар Ярац, і аўтар гэтых радкоў, і шмат хто яшчэ. Ведаючы адзін аднаго па публікацыях і прозвішчах, пачалі знаёміцца на першых занятках. Пазаймаліся ўсяго два дні (1 верасня ў той год прыпала на чацвер), а на суботу нас адпусцілі ехаць па цёплае адзенне, абвясцілі, што паедзем капаць бульбу ў калгас каля Кунцаўшчыны.

Помніцца, што дом, дзе пасялілі мяне і маю аднакурсніцу Аню Розум, меў вялікую зашклёную веранду, і мы бавілі там час пасля працы.

Жэня прыходзіла да нас. У яе быў прыгожы голас, і ёй тады падабалася песня, дзе былі словы: "Што ж ты мне сэрца параніў, мой найдарожшы на свеце?" Якраз на гэтыя радкі і "заляцеў", як мы пасля жартавалі, да нас Юрка Голуб. А з ім Мар'ян Дукса і яшчэ нехта са старшакурснікаў. Дасціпна і з гумарам Юрка цэлы вечар распавядаў нам пра вучобу, пра выкладчыкаў, пра літаб'яднанне "Узлёт". Праўда, прыём у літаб'яднанне абмалёўваў як страшылку. Казаў, што трэба будзе прачытаць дзесяць вершаў, што іх будуць строга абмяркоўваць, і калі большасць спадабаецца, то прымуць. Але пасля сам не вытрымаў свайго пагрозлівага аповеду і разрагатаўся. Жэня ж праз некалькі дзён прынесла нататнік з вершамі, бо мы для сябе вызначылі, што вершы чытаць, напэўна ж, будзем. А з таго яе сшытка смела можна было чытаць усё.

З тых нашых кунцаўшчынскіх вячорак і пазнейшых не вельмі частых сустрэч у інтэрнаце, на пасяджэннях літаб'яднання "Узлёт", на розных імпрэзах, на вечарынах у доме Саюза пісьменнікаў у мяне склалася ўражанне, што галоўнай у Жэніным жыцці была не яна, а яе паэзія. Паэзія кіравала яе думкамі, учынкамі, захапленнямі. Яна слугавала сваёй музе.

Некалькі разоў мне даводзілася назіраць, як натхненне апаноўвала яе, зацямняючы рэчаіснасць, і яна "выпадала" з размовы, а ў позірку адбівалася не рэальнасць, а тыя вобразы, што дыктавалі прынесеныя натхненнем паэтычныя радкі. Згадваецца, як аднаго разу мы рыхтавалі чарговую факультэцкую насценную газету "Філолаг". Так называліся склееныя вялікія лісты ватмана, дзе размяшчаліся студэнцкія нататкі, апавяданні, вершы, гумарэскі і інш., аздобленыя малюнкамі, фотаздымкамі, калажыкамі.

Калі гэты "палетак", як жартаваў прафесар Міхась Ларчанка, вывешвалі на сцяне, то каля яго некалькі дзён збіраўся ладны натоўп. Тым разам мы засталіся пасля заняткаў з Жэняй дапамагаць дааформіць газету. Я добра пісала плакатным шрыфтам, а таму афармляла загалоўкі. Пятро Пабока смяшыў нас нейкімі байкамі. Жэня наклейвала здымкі і раптам застыла, пасля ўзяла аловак, нешта запісала на лістку, перамясціла свой здымак і на вызваленым месцы ўжо аўтаручкай дапісала свой новы верш. Яна жыла творчасцю, паэзіяй, відаць, таму і хлопцы, якія ёй падабаліся, былі з паэтычнай кагорты.

Пішучы гэтыя радкі, прыгадала прачытанае ў кнізе Дануты Бічэль "Хадзі на мой голас": "Я толькі нядаўна для сябе знайшла тую простую ісціну, якую ведаў паэт Максім Багдановіч… Кожны творца працуе для сябе, для сваёй ціхай радасці, каб спраўдзіць сябе перад сабой, каб быць сабой. Калі я нарэшце гэта ўсвядоміла і засвоіла, мяне перасталі кранаць зняважлівыя ацэнкі людзей, якія рвуцца ў першы шэраг па спінах сваіх папярэднікаў".

Падумалася, што Жэня напоўніцу гэтай ісціны для сябе не адкрыла. Яна спраўджвала сябе перад сабой, але, асабліва ў студэнцкія гады, яе радаваў кожны напісаны верш, і ёй хацелася дзяліцца гэтай радасцю. Купляла газеты і часопісы, у якіх былі яе творы, і часам дарыла іх з аўтографамі, калі адчувала шчырую зацікаўленасць. А вось думкі іншых, адносіны, "незычлівыя ацэнкі" краналі яе, па маім меркаванні, заўсёды, нават калі вонкава гэтага не было відаць. У вершах жа, напоўненых спавядальнай задушэўнасцю, яна не баялася пісаць пра свой боль, шчыра і даверліва раскрываючы пачуцці, перажыванні, душэўны стан.

Пасля заканчэння ўніверсітэта мы бачыліся найперш на пісьменніцкіх імпрэзах. Толькі аднойчы сустрэліся каля былога нашага корпуса на Чырвонаармейскай вуліцы. Я ўбачыла Жэню, калі выйшла з бібліятэкі. Яна накульгвала, аказалася, што ў боціку зламаўся абцас, і павярэдзіла нагу. Дапамагла дайсці ёй да кватэры [Яўгенія Янішчыц тады жыла ў доме непадалёк ад вугла Чырвонаармейскай і Ульянаўскай ].

Да гэтага, хоць і мела запрашэнні, мне пабыць у яе не даводзілася. Адразу зразумела, чаму няўтульна было ёй тут. Пакоі нібы ўціскаліся ў зямлю. Дзень быў пахмурны, і ў кватэры было змрочна, непрыветна. Жэня заўважыла маё ўражанне і сумна сказала: "Вось так і жыву".

Уключыла святло, але ўтульней ад гэтага не стала. Мы папілі кавы, парасказвалі адна адной, што ведалі пра жыццё нашых аднакурснікаў. Я праз два тыдні павінна была прыехаць на нейкі метадычны семінар. Дамовіліся сустрэцца. Перспектыва хутка зноў убачыцца робіць развітанне лёгкім. Верылася, што вернецца яшчэ Жэніна пара любові і мінецца пара жалю. Але спадзяванні так і не спраўдзіліся".

Яўгенія Янішчыц нарадзілася 20 лістапада 1948 года ў в. Рудка Пінскага раёна. Скончыла філфак БДУ, пабралася шлюбам з Сяргеем Панізнікам і пару год жыла у Чэхаславакіі, але яны разышліся. Янішчыц вярнулася ў Менск, адна выхоўвала сына. Працавала літкансультанткай у газетах "ЛіМ" і "Сельская газета", загадчыцай аддзела паэзіі часопіса "Маладосць".

Аўтарка зборнікаў лірыкі "Снежныя грамніцы", "Дзень вечаровы", "Ясельда", "Пара любові і жалю", "Каліна зімы". Выйшаў зборнік выбраных твораў "У шуме жытняга святла" (1988).

Трагічна загінула 25 лістапада 1988 года, сарваўшыся з балкона восьмага паверха новай кватэры на Старажоўскай. Паводле афіцыйнай версіі, яна вешала адзенне і не ўтрымалася.

Паводле СМІ.

Арцыбіскуп Станеўскі здзейсніў урачыстае асвячэнне брамы-званіцы на гістарычным месцы ў Стоўбцах

У нядзелю 12 лістапада ў Стоўбцах (Менска-Магілёўская архідыяцэзія) побач з месцам, дзе некалі ўзвышаўся гістарычны касцёл святога Казіміра, Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі пасвяціў браму-званіцу.

Гэтая лістападаўская нядзеля стала асаблівым святочным днём для стаўбцоўскіх католікаў. Нягледзячы на дождж, які, усім на радасць, перастаў перад самай урачыстасцю, каля брамы-званіцы, размешчанай на вуліцы Ленінскай райцэнтра, сабраліся мясцовыя каталіцкія вернікі.

Арцыбіскуп Станеўскі пасвяціў званіцу і крыж з абразом Маці Божай.

У сваёй прамове арцыпастыр пажадаў, каб гэтае месца стала для вернікаў "стаўпецкім арэапагам", як месца прапаведавання апостала Паўла ў Афінах.

У 1838-1839 гадах побач са старадаўнім касцёлам святога Казіміра ў Стоўбцах была пастаўлена брама-званіца. На ёй размяшчаліся тры званы, якія важылі 15, 10 і 5 пудоў. У 20-х гадах мінулага стагоддзя званіца была разбурана.

Сёлета намаганнямі пробашча стаўпецкай парафіі ксяндза каноніка Ігара Лашука на ахвяраванні мясцовай каталіцкай супольнасці паводле старадаўніх планаў, архіўных дакументаў і фотаздымкаў на гістарычным месцы была збудавана новая брама-званіца.

Над яе ўваходам размешчана выява Маці Божай, якая ўшаноўваецца пад назвай Збаўленне рымскага народа, або Маці Божай Снежнай. Копія гэтага абраза ў часы Слугі Божага айца Фабіяна Малішоўскага, 400-годдзе з дня нараджэння якога ў адзначаецца лістападзе, ушаноўвалася і католікамі-стаўпячанамі. Новая копія цяпер упрыгожвае браму-званіцу як сімвал сувязі мінуўшчыны і сучаснасці.

Пасля дабраслаўлення званіцы вернікі, прамаўляючы святы Ружанец са Слугой Божым Фабіянам, у працэсіі рушылі ў новазбудаваны касцёл, які з'яўляецца самым высокім будынкам у іх горадзе.

У святыні адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Станеўскі. Звяртаючыся да стаўпецкіх парафіянаў, ён дзякаваў продкам "за іх кроў у нашых жылах і веру ў сэрцах". Арцыбіскуп зазначыў, што мы прыходзім у святыню і сваімі малітвамі "штурмуем неба" для таго, каб "з-пад хораў наш Слуга Божы айцец Фабіян мог быць бліжэй да Езуса Хрыста, каб мог дасягнуць хвалы неба, а таксама просім Айца Нябеснага, каб праз нашыя ўчынкі гэты свет стаў больш Божым.

Калі з намі будзе наш Збаўца, калі нашыя сэрцы будуць біцца для Бога, для іншага чалавека, калі ў іх будзе больш любові, то будуць супакой і згода ў нашай Бацькаўшчыне і для нас, і для нашых нашчадкаў", - дадаў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Стаўпецкія вернікі выказалі падзяку арцыбіскупу за супольную малітву. Яны спадзяюцца на пачатак працэсу беатыфікацыі Слугі Божага Фабіяна Малішоўскага, адшуканыя рэліквіі якога спачываюць у іх парафіяльным касцёле.

Тэкст і фота: Ганна Бычынская. Catholic.by.

У Бабруйскім раёне паставілі помнік бульбе

Урачыстае адкрыццё помніка бульбе адбылося каля бульбасховішча ў аграгарадку Вялікія Бортнікі

18 лістапада ў СВК "Гігант" адбылося свята, прысвечанае Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. А паколькі "Гігант" славіцца вырошчваннем бульбы, то і было прынята рашэнне "захаваць" яе ў бронзе, піша "Трыбуна працы".

У завяршэнне мерапрыемства прысутных частавалі нацыянальнай стравай з бульбы - дранікамі.

Паводле СМІ.

"Каханачка" на свяце млынароў

Творчы калектыў філіяла "Мажэйкаўскі Дом культуры" з задавальненнем прыняў удзел у абласным мерапрыемстве - "Свяце Млынароў" 18 лістапада ў Адэльску. Дзякуем арганізатарам і гаспадарам за гасціны прыём і насычаную, цікавую праграму.

ТК "Культура Лідчыны".

Навіны Германіі

Берлін прыцягвае замежных даследчыкаў

У рэйтынгу папулярнасці нямецкіх універсітэтаў Фонду Аляксандра фон Гумбальдта Берлін апярэджвае Мюнхен. Інстытуты Макса Планка таксама атрымалі высокую адзнаку.

Па ацэнках Фонду Аляксандра фон Гумбальдта, буйныя ўніверсітэцкія гарады Берлін і Мюнхен па-ранейшаму прыцягваюць найвялікую колькасць замежных навукоўцаў. У рамках складання бягучага "Рэйтынгу Гумбальдта" былі прааналізаваны 6500 выпадкаў знаходжання запрошаных стыпендыятаў у нямецкіх універсітэтах і неўніверсітэцкіх навукова-даследчых установах, фундаваных Фондам. У адпаведнасці з атрыманымі дадзенымі, за апошнія чатыры гады большасць замежных стыпендыятаў Фонду Гумбальдта займаліся даследаваннямі ў Вольным універсітэце Берліна (251 даследчык), Мюнхенскім універсітэце імя Людвіга і Максіміліяна (226), Берлінскім універсітэце Гумбальдта (236) і Мюнхенскім тэхнічным універсітэце (171). Далей ідуць Гейдэльберг, Гетынген, Кёльн, Мюнстар, Франкфурт-на-Майне і Цюбінген.

Калі прымаць да ўвагі памер універсітэта, то вялікая доля даследчыкаў з-за мяжы таксама працуе ў Тэхналагічным інстытуце Карлсруэ (KIT) і Канстанцскім універсітэце. Замежных навукоўцаў, якія займаюцца інжынернымі і прыродазнаўчымі навукамі, больш за ўсё прыцягвае Мюнхен, навукоўцаў-гуманітарыяў - Берлін, а даследчыкаў у вобласці біялогіі і хіміі - Гейдэльберг. Сярод неўніверсітэцкіх устаноў адмысловай папулярнасцю карыстаюцца інстытуты Таварыства Макса Планка, а таксама Юліхскі даследчы цэнтр і два цэнтры Гельмгольца.

Берлін(dpa / d.de), © picture alliance/dpa.

Планы па стварэнні апорнай вадароднай сеткі ў Германіі

Вадарод іграе цэнтральную ролю ў энергетычнай рэформе. Міністр эканомікі Хабек прадставіў найболей важныя злучэнні ў вадароднай сетцы. Міністр эканомікі Германіі Роберт Хабек© pictureAlliance/dpa

Германія плануе стварыць апорную сетку для выкарыстання вадароду ў рамках энергетычнай рэформы. Міністр эканомікі ФРГ Роберт Хабек прадставіў планы найболей важных злучэнняў у будучай вадароднай сетцы Германіі. У святле рэалізацыі энергетычнай рэформы на вадарод ускладаюцца вялікія надзеі - у будучыні ён закліканы спрыяць скарачэнню выкідаў парніковых газаў, напрыклад, у прамысловасці.

Па дадзеных міністэрства, так званая апорная сетка павінна злучыць цэнтральныя крыніцы вытворчасці вадароду з асноўнымі кропкамі яго спажывання, такімі як буйныя прамысловыя цэнтры, сховішчы, электрастанцыі і трубаправоды. У першую чаргу гаворка ідзе пра асноўныя аб'екты інфраструктуры, якія будуць уведзены ў эксплуатацыю да 2032 года.

Улетку 2023 года ўрад Германіі прыняў рашэнне пра ўдасканаленне Нацыянальнай вадароднай стратэгіі. Сярод іншага ўрад падвоіў вытворчыя магутнасці, вызначаныя раней: да 2030 года магчымасці для выпрацоўкі ў Германіі павінны павялічыцца не да 5 Гвт, а прынамсі да 10 Гвт. Павінна быць пабудавана і неабходная інфраструктура: чакаецца, што да 2028 года будзе гатовая стартавая сетка вадародных трубаправодаў працягласцю больш за 1800 км.

Берлін (dpa).

Паэт, які любіў Нёман

Да 120-годдзя паэта Міхася Явара

Віленскі беларускі часопіс "Шлях моладзі" (1933, № 7, 8) адзін з першых адгукнуўся на смерць маладога паэта Міхася Явара (1903-1933) з вёскі Мінявічы былога Гарадзенскага павета, а цяпер Мастоўскі раён. На 6-7 старонках часопіс апублікаваў спачувальны тэкст-некралог і верш Міхася Явара "Вечар". Некралог падпісаны крыптанімам Я-к. Вось пра што пісаў аўтар Я-к:

"Дваццаць чацвёртага чэрвеня гэтага года, седзячы над берагам Нёмана, каля роднае вёскі Мінявічы, Луненскай гміны Гарадзенскага павета, выстралам з рэвальвера перарваў сабе жыццё малады беларускі паэт Міхась Явар (Карась).

Родная сятра паэта, відаць, прадчуваючы, нешта кепскае, сачыла за братам і, калі пабачыла, што ён хоча сабе адабраць жыццё, хацела яму ў гэтым перашкодзіць, але было ўжо запозна, бо, скіраваны ў грудзі рэвальвер, выстраліў. І хоць куля ў сэрца не папала, то аднак прычынілася да таго, што 27-га чэрвеня Міхась Явар сканае ў Горадні, куды перавезены быў на лекі.

Міхась Явар з'яўляўся нашым сталым супрацоўнікам. Ягоныя творы былі друкаваны на бачынах "Шляху моладзі". Апроч таго, мы маем яшчэ некалькі вершаў не друкаваных, адзін з якіх змяшчаем ніжэй, - прадчасная смерць паэта з'яўляецца для нас вельмі балючай.

Паходзіў Міхась Явар з небагатае беларускае сялянскае сям'і. Ён глыбока перажываў сучасныя падзеі і цяжкае палажэнне беларускага народу. Здароўе меў слабое і доўга хварэў на сухоты. Апошнім жа часам папаў ён у цяжкія жыццёвыя абаставіны. Усё гэта так забойча дзеіла на ягоную маладую душу, што нервы больш не маглі вытрымаць.

Смерць Міхася Явара ставіць прад вачыма кожнага, а асабліва маладога беларуса (скі) абраз таго жудаснага жыцця нашага народа ў сучаснасці, што даводзіць да роспачы і так трагічных канцоў, як толькі што апісаны. Вынік гэтага - бязмежнае абядненне і ўтрата веры ў жыццё і свае собскія сілы. Над паправай быту нашага народу і над узмацненнем у ім веры ў жыццё мусімо дзеля таго яшчэ сільней працаваць, каб гэткія і ім падобныя здарэнні не паўтараліся. Вечнаму ж сыну народа хай лёгкай будзе родная зямелька!".

У гэтым самым нумары пад некралогам часопіс "Шлях моладзі" публікуе яго верш "Вечар". Верш сумны. Ён адлюстраваў прыгнечаны настрой паэта, хаця сама яго душа рвалася ў "нязведаны край". Міхась Явар марыў пра іншую Беларусь:

Дзе ні слёз, ні нуды,

Дзе пануе вясна, вечны май!

Да таемных тых зор!

Дзе няма той нуды,

Крыўды, гора-бяды,

Што пануюць на нашай зямлі!

Міхась Явар быў закаханы ў беларускую дзяўчыну Анісю Мікулу. А яго моцна пакахала польская настаўніца з вёскі Каўшы. Ён сябраваў з ёй, спачуваў ёй, але кахаў Анісю. Бацькі Анісі не дазволілі выходзіць замуж за Міхася, бо ў хлопца былі сухоты, якія тады не вылечваліся. Найбольш перажываў бацька, таму не жадаў, каб дачка засталася ўдавою.

У 1975 годзе, калі яшчэ жыла Аніся Мікула (па мужу Бобрык), яна прыгадала Міхася Явара і той час сваёй маладосці. Успаміны яе запісаў вядомы настаўнік і краязнавец, заслужаны работнік культуры Беларусі Алесь Белакоз (1928-2016). Аніся Мікула ўспамінала:

- Слухала Міхася Явара з цікавасцю, бо заўсёды гаварыў штосьці разумнае, новае. Мог гаварыць на любую тэму некалькі гадзін запар, нігды не паўтараўся. Замуж не пайшла, бо ён быў хворы на сухоты.

Многа чытаў кніжак, а беларускія кніжкі то ўсе ведаў. Чырвоных штандартаў не вывешваў, на сходы камсамольцаў не хадзіў, таму яго паліцыя ніколі не чапала. А ў апошні дзень жыцця было так.

Мама паслала мяне да Нёмана перамыць зелля. Я подбегам спусцілася да вады, хуценька перамыла зелля, сабрала яго ў кошык, але заўважыла, што Міша спускаецца з берага. На сцежцы Міхась сказаў: "Пастой крыху".

Я спынілася. Ён узяў мяне за руку, дастаў ліворвар і запытаў: "Аніся, ці баішься ты смерці?"

- А хто ж ні баіцца відавочнай смерці? - адказала я.

Тады Міхась моцна сціснуў мяне за руку і пайшоў да грушак, якія раслі на беразе Нёмана. Я ўзышла на бераг і назірала, што ён будзе рабіць. Ён скінуў каптан, шапку, паклаў усё гэта каля грушкі, а тады выстраліў сабе ў грудзі…

Нарадзіўся Міхась Явар (сапраўднае прозвішча Карась) 8 лістапада 1903 года на Мастоўшчыне ў вёсцы Мінявічы, якая знаходзіцца ў непаўторных па прыгажосці мясцінах на беразе Нёмана. Дзяцінства прайшло ў роднай вёсцы, дзве зімою хадзіў у школу, а летам працаваў. Але ў 1915 годзе сям'я прымусова пакінула родную вёску і падалася ў бежанства. Там і адчуў юнак вялікі сум па родным Нёмане, па багатых беларускіх лясах, па палях і лугах.

У Расіі Міхась Карась працягваў вучобу. Але ён і бацькі вельмі хацелі вярнуцца на Бацькаўшчыну. І ў 1921 годзе ўсе вярнуліся на родную Мастоўшчыну, дзе Заходняя Беларусь была ўжо пад Польшчай. А рускія казакі ўсё там спалілі, шмат нарабілі шкоды, каб, маўляў, не пакінуць нічога немцам. Ды па дарозе дамоў спачатку абрабавалі бальшавікі, а потым польскія памежнікі. Таму было вельмі цяжка пачынаць жыццё на радзіме па-новаму.

Зямлі было мала, а сям'я вялікая. Акрамя Міхася ў Карасёў нарадзіліся яшчэ сын Васіль і дзве дачкі - Люба і Вольга. Міхась пачаў займацца рыбалоўляй на Нёмане. Гэту справу ён вельмі любіў. Ведаў рыбныя месцы, вывучыў паводзіны рыб ва ўсе поры года і ў рознае надвор'е. Таму заўсёды рыбы лавіў шмат і прадаваў яе гандлярам і службоўцам з мястэчка Луна.

Міхась Карась меў добры голас, заўсёды спяваў песні. Спяваў, калі ішоў да Нёмана, спяваў на канцэртах і ў дарозе. Асабліва любіў песні "Нёман" на словы Янкі Купалы, "Люблю наш край старонку гэту" Канстанцыі Буйло, "Зорка Венера" Максіма Багдановіча.

У 1968 годзе Алесь Белакоз з Гудзевіч разам з вучнямі мясцовай школы запісаў успаміны пра Міхася Явара Хведара Макарчыка. Тады стары 70-гадовы Макарчык прыгадаў:

- З Мішам Карасём я сябраваў. Гэта быў сапраўдны патрыёт, часта нам чытаў беларускія і рускія кніжкі, а таксама свае вершы. У іх паэт заклікаў да барацьбы за зямлю, за беларускія школы. Часта да яго чапляліся паліцманы, арыштоўвалі, катавалі. Моладзь пад кіраўніцтвам свайго паэта наладжвала самадзейныя выступленні. Выручаныя грошы ішлі на падпольную работу.

Аднойчы я лавіў на Нёмане рыбу. У гэты час плыў на чоўне Міхась. Ён натхнёна спяваў. Калі праплываў побач, неяк спытаў: "Як, Федзя, атрымліваецца ў мяне крыху?". "Што ты, Міша, ты ж цудоўна спяваеш!" - адказаў я. Па беразе ішлі дзве багатыя дачніцы. Адна з іх папрасіла: "Заспявай яшчэ, дам залатоўку". Міша адразу ж адказаў: "Дам дзве, каб толькі не спяваць для вас. Песні нашы не прадаюцца".

Міхась быў горды, мужны, свабодалюбівы і праўдзівы чалавек. Ён часта казаў сялянам, як дабівацца сваіх правоў. А яшчэ Міхась быў заўсёды акуратна апрануты, любіў парадак і ахайнасць.

Неяк ён задумаў стаць сапраўдным рыбаком. Ды не меў чоўна. Знайшоў дзесьці ствол крывога дрэва, прывёз пад хату і пачаў яго абчэсваць.

- Міша, што ты робіш? - пытаю.

- Думаю човен выштукавіць.

- Дык матэрыял у цябе крывы…

- Павіна што-небудзь атрымацца…

І праўда, атрымаўся нават добры човен. Залатыя рукі і разумную галаву меў наш Міша. За што возьмецца, бывала, усё зробіць. Аднойчы за злоўленую рыбу купіў радыё з навушнікамі. Вечарамі мы збіраліся ў яго і слухалі Менск. З асалодай лавілі кожнае беларускае слова…

Міхась Явар моцна любіў Нёман. Але ён і загубіў хлопца: юнак захварэў на сухоты, на хваробу, якая тады не лячылася.

Тым не менш, скразным вобразам усёй сціплай творчасці Міхася Явара быў родны Нёман - своеасаблівы сімвал мінулай і будучай славы Беларусі:

Праменьні…

На кропельках расы жывой,

Ў траве шаўковай, маладой,

На дрэвах, красачках, кругом

Яны брыльянтавым агнём

Рознакалёрна зіхацяць,

Люстраны Нёман залацяць.

А ён спакойны, усё плыве,

І думку тайную сваю

Нясе кудысь ў далечыню.

Плыве між родных берагоў

Праз сотні, тысячы гадоў

Ён сведка прошласці нямой

Ў краіне роднай, дарагой…

А гэты верш быў напісаны ў апошнія дні яго жыцця. Ён таксама прысвечаны Нёману. У ім паэт размаўляе з вялікай ракой, называючы яе "самай вернай, роднай і мілай", якая ніколі не крыўдзіла паэта:

О, мой Нёман мілы,

О, мой Нёман родны!

Толькі ты застаўся верным

У маім жыцці, у маім каханні,

У маім штодзённым цяжкім страданні.

Ты не пакрыўдзіў мяне,

Ты мне ніколі не здрадзіў,

Як здрадзілі людзі.

І цяпер вось глядзіш ты

Сваім поглядам нямым, чароўным,

Як быццам знаеш,

Што я ўжо ўсіх і ўсё пакінуў.

Што без пары іду ў магілу.

А ты, мой дружа,

Плыві так доўга,

Плыві так вечна.

Бо паміж імі мноства ёсць здрайцаў,

Здрайцаў праклятых.

Яны, каб маглі,

То з неба зоры паздымалі б,

А твае крыштальныя воды

У зямлю пусцілі б.

Гэты верш некалі запісаў Алесь Белакоз ад вясковай жанчыны Марыі Мікула з Мастоўшчыны, якая ведала яго на памяць.

Пры жыцці Міхася Явара вельмі паважалі яго равеснікі і старэйшыя хлопцы і дзяўчаты. Ён са сваімі сябрамі наладжваў розныя канцэрты і спектаклі не толькі ў сваёй вёсцы, але і ў суседніх. На выступленні Міхася і яго самадзейных артыстаў прыходзілі дзесяткі гледачоў. Вясковыя артысты ставілі спектаклі па п'есах Янкі Купалы, Леапольда Родзевіча, Каруся Каганца. Перад пачаткам канцэртаў і спектакляў на сцэну выходзіў Міхась Явар і мяккім, задушэўным голасам чытаў паэтычныя радкі. Гэта былі вершы пра хараство родных краявідаў, пра мілы сэрцу Нёман, пра сялянскую нядолю. У іх чулася горкая, зразумелая людзям жальба і гарачая вера ў перамогу народнай справы .

Вельмі шчыра сябраваў Міхась Явар з паэтам Міхасём Васільком (Касцевічам, 1905-1960). Яны часта сустракалі, гутарылі пра паэзіію і Беларусь. Звычайна гэтыя сустрэчы адбываліся на беразе Нёмана. Магчыма, Міхась Васілёк найперш натхніў Явара на творчасць. Пад уплывам адной з сустрэч у лютым 1932 года Явар напісаў прысвечаны яму верш "Нёману".

Сябры жылі воддаль адзін ад аднаго, але сустракаліся ў вольны час. Міхась Васілёк звычайна наведваў Явара, слухаў яго вершы, паказваў, як што паправіць, падбадзёрваў хворага і расчараванага ў жыцці чалавека. Сябры садзіліся ў лодку і, як змоўшчыкі, плылі ўніз па рэчцы, аддаючыся задушэўным размовам. Васілёк успамінаў сваё юнацтва. А Явар слухаў. Ад цяпла дружбы тады весялеў Міхась Явар. Пра адну з гэтых сустрэч нават напісаў верш у лютым 1932 года. Там ёсць радкі:

І здавалася мне, што плывём мы туды,

Дзе пануе ўжо светлае ранне,

Дзе няма ўжо той мукі, ні слёз, ні нужды, -

Светазарным тым дням на спатканне…

Вестка пра самагубства Явара цяжка ўзрушыла Васілька. У пісьме да Рыгора Шырмы ён пісаў 6 лістапада 1933 года: "Явар - гэта быў чалавек з такою уражліваю, чулай душою, якіх я яшчэ не сустракаў. Прыходзілася дзівіцца, гледзячы на яго: няўжо гэты рыбак, які вось так проста сядзіць у сваім чоўне, без шапкі, чорны, загарэлы, з дзвюма ўпадзінамі замест вачэй - мае такую паэтычную душу? Ён глядзеў на свет вачыма дзіцяці, баючыся пакрыўдзіць каго нават думкай сваёю…"

Першыя спробы пяра паэта пачалі з'яўляцца на старонках часопіса "Шлях моладзі" у 1932 годзе. Гэта быў верш "Ружы і салавей". Сюжэтны твор пра пахучыя ружы, дзе салавейка звіў гняздо і спяваў песні кахання раніцай і вечарам. Але аднойчы нехта сарваў пахучыя ружы, а потым дождж і вецер разбурыў гняздо, і загінуў салавейка. Можа, трохі і наіўны верш, але шчыры, просты і з надзеяй на светлае і шчаслівае жыццё.

Свае вершы Міхась Явар паспеў яшчэ надрукаваць не толькі ў "Шляху моладзі", але і ў заходнебеларускіх выданнях "Беларуская газета" і "Летапіс ТБШ". У творчых пошуках ён стараўся арыентавацца на традыцыі Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Якуба Коласа, творы беларускай вуснапаэтычнай творчасці.

Лірычны герой паэзіі Міхася Явара - натура даволі рамантычная, глыбока ўражлівая, з абвостраным успрыняццем грамадскіх катаклізмаў, надзеленая пачуццём справядлівасці. У яго творах адчуваецца гарманічны прыродны свет, які выступае своеасаблівым антыподам недасканаламу чалавечаму жыццю. Пра ўсё гэта паэт чулліва піша ў сваіх вершах "Вечар", "Гукі далёкія", "Зіма", "Ці ты помніш?".

Лепшыя вершаваныя радкі паэта прасякнуты шчырым спачуваннем долі працаўніка-беларуса, верай у лепшую будучыню свайго народа. Асабліва гэта адчуваецца ў вершы "Паклон чалавечаму страданню", які быў напісаны ў 1932 годзе, а апублікаваны ў "Беларускай газеце" пасля смерці паэта 26 ліпеня 1939 года. Вось некалькі радкоў з гэтага верша:

Не прад бажніцамі, дзе светлыя праменні

Агнёў нязлічаных гараць і зіхацяць,

Не там, браты, о не! - я кленчу на калені,

Не там, дзе алтары ў золаце блішчаць.

Не там, дзе бляск багацця вабіць многіх вока,

Не там, дзе золата і срэбра чуцен звон, -

Я чалавечаму ўсяму страданню, мукам,

Крывавым слёзам іх сягоння шлю паклон…

У Міхася Явара напісалася шмат паэтычных радкоў. Сярод іх і паэмы "За сэрцам", "Думы ў адзіноце", "Шляхам цярністым". Але цалкам паэмы адшукаць не ўдалося, толькі ўрыўкі з паэм. Магчыма, гэтыя творы не былі завершаны. Бо з іх публікаваліся толькі асобныя вершаваныя строфы.

Прафесар Аляксей Пяткевіч адзначае, што ў паэтычных радках Міхася Явара нямала недахопаў, што заўважаецца перайманне іншых паэтаў. "Аднак ёсць душэўна тонкая, уражлівая асоба, якая востра пакутуе ад усякага зла, жыве прагаю свабоды, добрай долі для народа. У вершах цесна спалучаецца паэтычна светлае, нават рамантычна летуценнае ўспрыманне жыцця і адчуванне трагізму сацыяльнай і нацыянальнай несправядлівасці:

Гукі далёкія, мілыя, родныя!

Грайце ж, магутныя, грайце ж, чароўныя,

Дзіўнай мелодыяй ў сэрцы маім,

Пакуль яшчэ струны трымаюцца ў ім" .

Свае вершы Міхасю Явару прысвячалі паэты Міхась Васілёк, Міхась Машара і Станіслаў Суднік.

Міхась Явар быў не толькі добрым рыбаком і светлым паэтам, але яшчэ і грамадскім дзеячам. Асаблівую актыўнасць ён праяўляў у канцы 1920-х гадоў. Ён падтрымліваў сувязі з сябрамі з Беларускай сялянска-работніцкай Грамады, шмат працаваў як актывіст, агітаў за школу на роднай мове, распаўсюджваў лістоўкі.

Міхась Явар меў вялікую пашану ў людзей, таму, нягледзячы на самагубства, яго пахавалі на могілках у Навасёлках, непадалёку ад Нёмана. У 1991 годзе настаўнік Алесь Белакоз на сесіі Луненскага сельсавета распавёў дэпутатам пра лёс Явара, яго творчасць, прачытаў вершы паэта. Пасля гэтага дэпутаты выказаліся аднагалосна за перайменаванне ў Луна вуліцы Энгельса ў вуліцу Явара (па гэтай дарозе шмат разоў хадзіў паэт у мястэчка гандляваць рыбаю).

За асабістыя грошы Алесь Мікалаевіч Белакоз заказаў два бюсты Міхася Явара ў скульптара Станіслава Быка. Адзін бюст у 1968 годзе ён падараваў Луненскаму музею, а другі - Гудзевіцкаму літаратурна-краязнаўчаму музею. Гэта не спадабалася мясцоваму мастоўскаму начальству. Была наладжана грунтоўная праверка Гудзевіцкай сярэдняй школы. Чыноўнікі забаранілі пакідаць у Гудзевіцкім музеі бюст Міхася Явара. І толькі пры дапамозе беларускіх пісьменнікаў бюст у музеі ўдалося пакінуць і захаваць.

Стараннямі Алеся Белакоза і былога старшыні сельсавета Валянціны Карповіч на магіле паэта паўстаў мармуровы помнік.

А мясцовы настаўнік Уладзімір Брыцька разам са сваімі вучнямі шмат гадоў таму на вуліцы Явара пасадзілі явары. Дрэвы цяпер даволі вялікія і яны, здаецца, гамоняць пра тутэйшага паэта. А каля самага Нёмана ў Мінявічах мясцовыя грамадскія актывісты паклалі памятны валун з надпісам: "Марам Міхася Явара".

Сяргей ЧЫГРЫН.

НЕВЯДОМЫ ПАЭТА

Памяці Міхася Явара


Там, у вёсцы здавён невялічкай,

Па-над Нёмна струной гаманлівай,

Недалёка ад шэрай каплічкі -

Невысокім пагоркам магіла.

Там спачыў пад блакітам высокім

Невядомы нікому паэта,

Як яму, як яму адзінока,

Ды сягоння наш сказ не пра гэта.

I

Быў калісьці ён хлопцам удалым,

Песні пеў, як ніхто тут ніколі,

I прасторы яму не ставала,

Не ставала свабоды і волі.


Не хапала паэце кахання,

Не ставала сінечы нябёсаў,

Думкі рваліся ў далеч блукання,

Крокі стылі ў сярэбраных росах.


Невядомы ў далёкім Сусвеце,

Меў ён дар не падлеглы нікому,

Быў славуты і слынны паэце

Ўсё ж на многія вёрсты ад дому.


Тут любілі яго шанавалі,

Тут натрэбны ён быў для народа,

Тут яго ў грамадзе паважалі

За тых песень яго асалоду.


Ды не стала аднойчы паэты,

Сціхлі песні яго назаўсёды,

I магільным пяском разам з гэтым

Верш паэты засыпалі годы.


Шчэ засыпалі мару, і веру,

I да высяў нябесных імкненне,

Стаў паэта нязнаным жаўнерам

Векавечнае бітвы натхненняў.

ІІ

Ён пахованы быў і адпеты,

I, здаецца, што болей сказаць,

Ды ўся сутнасць у тым, што паэты

I па смерці не могуць маўчаць.


Іх магілы па ўсёй Беларусі,

А іх песні ў народа ў душы,

I, напэўна, таму толькі, мусіць,

Колькі нас хто ні біў, ні душыў,


Колькі нас не зжывалі са свету

Праз вякі, што ні дзень, што ні год,

Мы таму, што раджалі паэтаў,

Засталіся ў жывых, як народ.

Станіслаў Суднік.

Лучнікі - вёска выбранцоў

Вёска (цяпер аграгарадок) Лучнікі на Случчыне - мая радзіма. Тут я нарадзіўся ў 1932 годзе, тут правёў дзяцінства, адсюль пайшоў, як гаворыцца, у вялікае жыццё. І ўсё ж нейкая неадольная сіла не адпускала, прымушала раз за разам вяртацца ў родныя мясціны. Яны ж мяняліся з цягам часу, а яшчэ больш - у выніку дзейнасці чалавека.

Сёння можна толькі з сумам успомніць, якіх плотак і акунёў лавілі мы некалі ў Бычку - рэчцы, што пачынаецца каля суседняй вёскі Варкавічы і паўз Лучнікі цячэ да Слуцка, дзе папаўняе водную плынь Случы. Рэчышча Бычка каналізавалі - і забылі мы пра акунёў і плотак.

Непазнавальна змянілася былое Тапілава - багністае месца, праз якое даводзілася хадзіць або ездзіць на конях, бо іншай дарогі не было. А як пойдзеш, калі там, як расказвалі старыя людзі, чэрці мужыкоў цягалі ў багну? Мне нават паказвалі тое "чортава акно". Цяпер у былым Тапілаве - раўнюткае поле, дзе і пасля вялікага дажджу лужыны не знойдзеш.

Каля дарогі ў вёску Сярагі некалі былі Горкі - два невялікія ўзвышшы, па ўсім відаць - не прыроднага, а штучнага паходжання. Расказвалі, што ў гэтым месцы казакі, якія ваявалі з палякамі, пахавалі сваіх загінулых таварышаў і на іх магілы ў папахах насілі зямлю. Іншае меркаванне адносіць узнікненне Горак да 1812 года: быццам там пахаваны французы, якія адступалі з нашай зямлі пасля паражэння ў вайне з Расійскай імперыяй. Як было ў сапраўднасці - цяжка сказаць, ад Горак жа і следу не засталося пасля таго як у 1970-х гадах іх узаралі, а поле адвялі пад пасевы сельскагаспадарчых культур. Наўрад ці хто пазнае цяпер колішнія Маргі, Валок, Прыдаткі, Салатопку, Алешнікі… У кожнай назвы - свая гісторыя, якую ўжо мала хто з лучнікоўцаў можа ўспомніць.

З дзяцінства я чуў, што ў маёй вёскі - багатая і цікавая гісторыя, што з даўніх часоў у ёй жылі незвычайныя людзі, якіх называлі "выбранцы", што сярод яе ўраджэнцаў - знаныя вучоныя, пісьменнікі, воіны - абаронцы Радзімы, хлебаробы. Мінуўшчына роднай вёскі захапляла, ды так адбылося, што я ведаў пра яе ўрыўкамі, часта не звязанымі паміж сабою. Скласці з іх стройную гістарычную кампазіцыю не атрымлівалася па розных жыццёвых абставінах.

Іскра маёй цікавасці да мінулага Лучнікоў па-новаму ўспыхнула пасля знаёмства з Анатолем Пятровічам Грыцкевічам - доктарам гістарычных навук, прафесарам, аўтарам больш за тысячу публікацый (у тым ліку шасці манаграфій) па гісторыі Беларусі. Не пакінуў ён па-за ўвагай і слуцкую мінуўшчыну, прысвяціў ёй кнігі "Слуцк: историко-экономический очерк", "Древний город на Случи", "Вакол "Слуцкага паўстання"", "Слуцкае паўстанне 1920 года".

Бацька Анатоля Пятровіча паходзіў з вёскі Варкавічы, і на гэтай глебе зямляцтва заснавалася наша шматгадовае знаёмства. Неяк ён мяне вельмі здзівіў, паказаўшы генеалагічнае дрэва роду Грыцкевічаў, якое сягала ў сярэдзіну XVII стагоддзя. Яго продкі былі выбранцамі на Случчыне пасля таго, як перасяліліся сюды з-пад Капыля. Убачыўшы радавод земляка, я падумаў: "Вось бы мне зрабіць такое. У якіх глыбінях стагоддзяў знайшоў бы я сваіх прапрапрадзедаў?"

Аднаго разу я асмеліўся папрасіць прафесара, каб ён дапамог мне сабраць гістарычны матэрыял пра Лучнікі.

- Добра, памагу. Пойдзем у архіў і паглядзім, што там ёсць пра вашы Лучнікі, - адказаў Анатоль Пятровіч.

Праўда, з працай у архіве ў мяне тады не атрымалася, а Анатоль Пятровіч прадоўжыў пошукі звестак пра маю вёску. Вось што ён расказваў па выніках сваёй работы ў архіве.

Упершыню ў гістарычных дакументах Лучнікі згадваюцца ў "Інвентары горада і княства Слуцкага і Капыльскага, у годзе 1566 напісаным" як сяло Лучніковічы з дваццацю валокамі ворнай зямлі (валока - прыкладна 21,36 гектара).

Назва сяла хутчэй за ўсё паходзіць ад паселеных раней тут лучнікаў (людзей, узброеных лукамі), якія хадзілі ў паходы разам са слуцкімі князямі. Аднак, у сярэдзіне XVI стагоддзя, магчыма, тут ужо жылі звычайныя сяляне. Да гэтага часу з'явілася агнястрэльная зброя, больш эфектыўная за лук, і ён выйшаў з ужывання ў час бою.

У першай палове XVII стагоддзя назва паселішча скарачаецца, і ў інвентары 1651 года яно ўжо названа сялом Лучнікі, дзе мелася 35 валок зямлі. У 1650 годзе ў Лучніках быў 31 "дым" (двор).

Вайна 1654-1667 гадоў паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай прынесла разбурэнні і спусташэнні на беларускія землі. Асабліва пацярпелі вёскі каля Слуцка ў 1655 годзе, калі расійскія войскі на чале з князем Аляксеем Трубяцкім двойчы спрабавалі ўзяць Слуцк. Вось што князь паведамляў цару Аляксею Міхайлавічу: "… губернатор и градцкие люди отказали, что они тебе великому государю добить челом не хотят и города Слуцка не сдадут. И мы, холопы твои, велели слуцкие посады и слободы все выжечь…".

Спаленыя вёскі, голад, эпідэміі прывялі да змяншэння колькасці насельніцтва і заняпаду гаспадаркі ў нашым краі. Для выпраўлення сітуацыі ў 1670-х гадах па загаду княгіні Людавікі Караліны Радзівіл у блізкіх да Слуцка сёлах Агароднікі, Варкавічы, Лучнікі, Сярагі, а ў 1680-1690-х гадах - у Бранавічах і Падзеры пасялілі ваенна-служылых людзей, каб яны служылі ў слуцкім гарнізоне князёў Радзівілаў ("выбранцы").

Па закону Вялікага Княства Літоўскага 1595 года за сваю службу выбранцы і іх сем'і былі вызвалены ад усіх падаткаў і павіннасцяў на карысць дзяржавы і князёў Радзівілаў, за выключэннем ваеннай службы ў слуцкім гарнізоне (тыдзень - служба, тыдзень - праца на сваіх зямельных надзелах).

Падпарадкоўваліся выбранцы камандзіру "выбранецкай" роты, звычайна капітану. Зброю і вайсковую форму яны набывалі за свой кошт. Іх узбраенне - мушкеты і шаблі. У XVIIІ стагоддзі яны насілі шэры суконны камзол з зялёнымі абшлагамі, шэрыя порткі, шапку з мядзведжай шкуры з зялёным верхам, чорны гальштук, боты з раменьчыкамі. Акрамя таго мелі рэмень, патранташ.

Судзілі выбранцоў і іх сем'і, адрозна ад іншых жыхароў, у судзе ваеннага губернатара Слуцкага княства (каменданта Слуцкай цвердзі). У месцах жыхарства выбранцоў усімі службовымі, гаспадарчымі і адміністрацыйнымі справамі кіравалі капралы вёсак, прызначаныя камендантам, за вайсковую службу выбранцы атрымлівалі "ў вечнасць" зямлю.

Набіралі выбранцоў з дробнай шляхты (у якой раней было менш зямлі), з вольных людзей і нешматлікіх сялян, якія засталіся пасля вайны 1654-1667 гадоў у выбранецкіх вёсках. Падбіралі (выбіралі, адсюль - і выбранцы) на службу не абы-каго, а рослых і дужых хлопцаў. Жаніцца яны абавязаны былі толькі з дзяўчатамі, якія паходзілі з выбранецкіх сем'яў. Да таго ж нявеста выбранца не магла быць ростам ніжэй за 2,5 аршына (1 аршын = 0,71 метра), менш за 64 кілаграмы вагой і немалаважна - "лицом чтобы была не кривая".

У час сваёй ваеннай службы ў Слуцку (які належаў Радзівілам, але лічыўся фармальна дзяржаўнай цвердзю) выбранцы здолелі замацаваць сваё становішча ў граматах (прывілеях) караля польскага і вялікага князя літоўскага Аўгуста ІІ (1720 год) і князя Гераніма Фларыяна Радзівіла (1747 год), караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста Панятоўскага, які пацвердзіў каралеўскую грамату 1720 года.

Выбранецкая служба жыхароў вёскі Лучнікі, як і астатніх пяці выбранецкіх вёсак, працягвалася да канца XVIIІ стагоддзя, калі ў 1793 годзе цэнтральная частка Беларусі разам са Случчынай была далучана да Расійскай імперыі. Усе войскі ў Вялікім Княстве Літоўскім царскі ўрад скасаваў, у тым ліку і слуцкі гарнізон князёў Радзівілаў.

Тагачасны ўладальнік Слуцка і навакольных маёнткаў Дамінік Радзівіл у 1808 годзе намерыўся перавесці выбранцоў у сялянскае саслоўе. У сувязі з гэтым для іх ён ўвёў павіннасць па ахове Слуцка, грашовы чынш (аброк), працу па 14 дзён у год па адным чалавеку з "дыма" (двара) "са сваёй сякерай" на будаўніцтве і шэсць дзён у год з "дыма" - на цагельным прадпрыемстве. Патрабаванне князя выклікала хваляванні жыхароў шасці выбранецкіх вёсак (каля 300 сем'яў, прыблізна 1500 чалавек).

Губернская ўлада накіравала ў вёскі паліцыю для ўціхамірвання выбранцоў. У іх адрэзалі "жаўнерскія косы", якія яны насілі паводле прускага ўзору (маральнае пакаранне) і што сведчыла аб іх вольнасці. Самыя актыўныя ўдзельнікі хваляванняў былі жорстка збітыя, ад чаго пяцёра з іх памерлі. Аднак, і пасля такой расправы жыхары выбранецкіх вёсак адмаўляліся выходзіць на паншчыну, вызначаную Д. Радзівілам. Выбранцы заяўлялі: "Лепш памрэм, але дзеці нашы застануцца вольнымі".

Выбранцы спрабавалі адстаяць свае даўнія правы на волю і зямлю праз суд, але нічога ў іх не атрымалася. Справа яшчэ больш ускладнілася, калі ў 1846 годзе землі горада Слуцка і шасці выбранецкіх вёсак былі выкуплены дзяржавай у князя Льва Пятровіча Вітгенштэйна за 342921 рубель серабром. З гэтага часу выбранцам давялося мець справу з дзяржавай, якая лічыла іх дзяржаўнымі сялянамі тыпу аднадворцаў.

З цягам часу колькасць жыхароў у Лучніках мянялася. У 1670 годзе яны налічвалі 39 валок зямлі і 39 "дымоў" (двароў), з іх больш палавіны былі выбранецкія. У 1886 годзе ў Лучніках былі ўжо 101 двор і 670 жыхароў, у 1909 годзе - 149 двароў і 1069 жыхароў. Тут знаходзілася ўправа Слуцкай воласці.

Да пачатку ХХ стагоддзя жыхары выбранецкіх вёсак мелі спецыфічныя рысы побыту, ніколі не абувалі лапці, хадзілі выключна ў ботах. Яны стараліся не змешвацца з сялянскім насельніцтвам. У далейшым выбранцы падзялілі лёс беларускага сялянства, усяго народа.

На жаль, у 2015 годзе Анатоль Пятровіч Грыцкевіч пайшоў з жыцця. Я ж ганаруся тым, што меў шчаслівую магчымасць асабіста ведаць рупліўца на ніве беларускай мінуўшчыны, які дапамог нам, беларусам, адкрыць частку сваёй душы, вылечыцца (на жаль, не ўсім) ад беспамяцтва. А мне - па-іншаму паглядзець на родныя Лучнікі і сваіх продкаў.

Віктар Савановіч, жыхар г. Слуцка. Фота Анатоля Жука.

Б е л а р у с ы

Макар Касцевіч (Краўцоў)

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

VIII. Перыяд нямецкай акупацыі (працяг)

Перш, чым пачаць размову пра палітычную дзейнасць беларусаў у гэты перыяд, трэба сказаць некалькі слоў пра развіццё беларускай палітычнай ідэалогіі. Яе пачатак сягае ў часы, якія непасрэдна папярэднічалі рускай рэвалюцыі. У той час лідары беларусаў, як і іншых прыгнечаных "инородцев", у якасці нацыянальнай ідэі вылучалі вельмі сціплыя патрабаванні, а менавіта: юрыдычнае забеспячэнне нацыянальных правоў, і толькі найбольш радыкальныя палітыкі дамагаліся аўтаноміі з краёвымі парламентамі, якія б вырашалі свае лакальныя справы. Уласна такія патрабаванні ў 1903 г. высунула "Беларуская рэвалюцыйная грамада".

Аднак хутка, у сувязі з узрастаючай свядомасцю нашага народа, аўтанамісцкай праграмы стала недастаткова, і яе месца займае ідэя перабудовы расійскай дзяржавы на федэратыўных умовах. Як бачым, усе гэтыя канцэпцыі не выходзяць за межы расійскай дзяржаўнасці - настолькі вялікай была вера ў моц імперскага калоса!

Аднак паўставалі і больш шырокія праекты. А менавіта, "Беларуская сацыялістычная грамада" высунула лозунг дзяржаўнага будаўніцтва Беларусі ў федэрацыі з суседзямі, а неабавязкова з Расіяй. Прычым, з суседзяў у разлік браліся толькі летувісы, украінцы і латышы. Польшчы, як і Расіі, баяліся з-за яе культурнай перавагі. Сярод палітычных канцэпцый таго часу цікавыя наступныя праекты: адраджэнне ВКЛ як летувіска-беларускай федэрацыі, а пасля заняпаду рэвалюцыі 1905 г. - праект агульнага летувіска-беларуска-ўкраінскага злучэння.

Вялікая ўвага надавалася і культурнаму збліжэнню двух народаў: беларускага і ўкраінскага. Перыяд з 1905 па 1914 гг. прайшоў у паглыбленні ідэі федэрацыі вольнай Беларусі з вольнымі суседзямі, аднак рэзкага разрыву з Расіяй не адбылося, рабіліся спробы схіліць маскоўскае грамадства да ідэі федэрацыі.

Разгарнулася еўрапейская вайна. Неўзабаве сярод беларусаў з'явіліся два кірункі грамадскай думкі. Адны лічылі, што правільным з'яўляецца аб'яднанне ўсіх іншапляменнікаў для абароны Расіі, якая пасля перамогі адплаціць за лаяльнасць федэрацыяй. Іншыя, абапіраючыся на веданне гісторыі, сцвярджалі адваротнае, што ў выпадку перамогі Расіі, нацыянальны прыгнёт у ёй толькі ўзмоцніцца і таму трэба жадаць яе паразы, бо толькі параза можа прымусіць рускі ўрад пайсці на саступкі ці нават прымусіць народныя масы Расіі пачаць рэвалюцыю, якая стане выратаваннем для прыгнечаных народаў.

Аднак, на практыцы абодва бакі звычайна займалі нейтральную пазіцыю. Ва ўсялякім разе, ніхто не мог свабодна каментаваць гэтае пытанне ў прэсе з-за жорсткай ваеннай цэнзуры. Таму ад бяздзейнасці да актыўнага стану беларусы пераходзяць толькі пасля адыходу рускіх войскаў з Заходняй Беларусі (верасень 1915 г.).

Праўда, пасля адыходу расейцаў, з-за вывазу ў Расію чыноўнікаў, настаўнікаў, духавенства і г. д., на ўсім акупаваным абшары засталася толькі жменька беларускай інтэлігенцыі, а з іх толькі 3 - 4 беларускія дзеячы, якім аднак патрафіла прыцягнуць да працы на беларускай ніве шмат новых асоб і такім чынам пашырыць свае шэрагі.

Зважаючы на ўціск, што рабіла Расія ва Усходняй Беларусі, якая засталася пад яе кантролем, і на прыязныя адносіны немцаў да беларускага пытання, адбыўся карэнны паварот у адносінах да Масквы. Арыентацыя на Маскву канчаткова закончылася, і замест яе з'явілася ідэя поўнай незалежнасці сваёй краіны. Вера ў магчымасць рэалізацыі такога плана ўзмацнілася пасля заявы нямецкага канцлера Бэтмана-Гольвега аб тым, што "вызваленыя ад Расіі землі, больш не трапяць пад яе ярмо".

Ужо ў канцы 1915 г. (падобна, з ініцыятывы беларусаў), у Вільні створана "Канфедэрацыя Вялікага Княства Літоўскага", у якую ўвайшлі прадстаўнікі ўсіх чатырох народаў краю: палякі (відочна, прадстаўлены пэўнай, невялікай палітычнай групай), беларусы, летувісы і яўрэі.

У снежні 1915 г. Часовая рада Канфедэрацыі выдае "Універсал" на чатырох мовах, які заклікае далучыцца да Канфедэрацыі, а ў лютым 1916 г. - зварот, у якім падрабязна каментуюцца прынцыпы, на якіх гэтая Канфедэрацыя мае быць створаная.

Паколькі ў справе Канфедэрацыі наступіла частковае летувіска-беларускае паразуменне і ўзгадненне рознанакіраваных інтарэсаў абодвух народаў, дык стала нельга абмінуць вельмі цікавыя моманты, якія датычаць іх ўзаемаадносін у эпоху свядомага адраджэння.

У 1905 г. спрэчным пытаннем для шырокіх інтэлігентных колаў абодвух народаў і перш за ўсё дзеячаў гэтых народаў, было пытанне пабудовы сваёй дзяржаўнасці. А менавіта, галоўным было пытанне, ці можна па прыкладу мінулага зноў пабудаваць агульную летувіска-беларускую дзяржаву, ці трэба стварыць два дзяржаўныя арганізмы.

Летувісы абралі другі варыянт, бо баяліся, што ў выпадку адзінай дзяржавы, яны ва ўсіх адносінах будуць перасілены беларусамі, летувісы добра памяталі, як гэта насамрэч адбывалася ў ВКЛ. У гістарычнай Літве панаваў зрутэнізаваны ліцвін, культура беларуская панавала, і стыхійная рутэнізацыя пагражала летувіскаму элементу цалкавітым знішчэннем малой летувіскай нацыі, ад чаго яе ўратавала пазнейшая паланізацыя.

Аднак у 1911 г. узнікла новая прынцыповая цяжкасць, а менавіта, што ў выпадку размежавання дзвюх дзяржаў па этнічным прынцыпе, які з'яўляўся адзіна правільным, былая сталіца гістарычнай Літвы Вільня, заставалася за Беларуссю, бо летувісы жывуць, як найбліжэй, за 20 - 60 км на паўднёвы захад ад сталіцы, адкуль і пачынаецца летувіскі арэал. Таму не дзіва, што ўжо ў 1905 г. на "Летувіскім нацыянальным сейме", які праходзіў у Вільні, летувісы прадбачылі вялікія цяжкасці з атрыманнем Вільні, і таму ў склад этнаграфічнай Летувы, апрача Ковеншчыны і Сувалак, яны дзіўным чынам уключылі Віленшчыну і Гарадзеншчыну!

І тым не менш, летувісы выказаліся за канфедэрацыю і адраджэнне супольнага ВКЛ.

Да гэтага іх падштурхнула тая акалічнасць, што хоць адозва аб канфедэрацыі прадугледжвала аб'яднанне ўсіх беларускіх зямель ў будучай агульнай дзяржаве, але рэальна яна абмяжоўвалася толькі тым, што заваявалі немцы, і такім чынам будучая перавага беларусаў скасоўвалася.

А беларусаў да гэтай супольнай працы, перш за ўсё, прымушала немажлівасць весці самастойную палітыку сіламі невялікай групы свядомых беларусаў, якія засталіся на месцы, а не былі дэпартаваны ў Расію пры адступленні рускай арміі. Аднак, нягледзячы на гэта, беларусы і самі рабілі неабходныя палітычныя крокі. Перад усім, да такіх крокаў можна аднесці першы ўдзел беларусаў у міжнародным форуме праз дэкларацыю, дасланую 28 красавіка 1916 г. "Беларускім віленскім нацыянальным камітэтам" на "Кангрэс народаў Расіі", які праходзіў у Стакгольме. У сваёй дэкларацыі Беларускі камітэта пераказаў усе крыўды ад Расіі, якія адчулі беларусы за 120 гадоў, і ў канцы дакумента нарэшце абвясціў, што "беларускі народ чакае свайго вызвалення ад расійскай няволі".

Канец 1916 г. быў адзначаны ўсталяваннем прынцыпаў, на якіх павінна грунтавацца агульная летувіска-беларуская дзяржаўнасць.

Аднак, на пачатку 1917 г. летувіская палітыка адносна беларусаў перажывае рэзкі злом, які быў выкліканы канкрэтнымі прапановамі, якія летувісы атрымалі з Берліна. Немцы, з аднаго боку не жадалі занадта раздражняць усё яшчэ моцную Расію празмерным фарсаваннем беларускага элементу, большасць якога заставалася па другі бок фронту, з другога боку немцы лічылі нежаданым для сябе настойваць на стварэнні абвешчанай імі польскай дзяржавы шляхам далучэння да яе летувіскіх і беларускіх тэрыторый, і таму ў выніку, немцы вырашылі абаперціся на тэрыторыі нашага краю на летувіскі элемент і стварыць з іх Вялікую Летуву.

Летувісы, натуральна, пагадзіліся на такія спакуслівыя прапановы і разарвалі адносіны з беларусамі, таксама адмежаваліся яны ад палякаў і яўрэяў. Вынікам гэтага нямецка-летувсікага пагаднення сталася стварэнне ў Вільні Літоўскай дзяржаўнай рады, т. з. Тарыбы, як суверэннага органа створанай немцамі Летувіскай дзяржавы.

З-за таго, што ап'янелыя ад трыумфу летувісы абяцалі беларусам толькі 1 ці 2 месцы ў Тарыбе, беларусы адкінулі падобныя прапановы і занялі выразна апазіцыйную пазіцыю да "пануючай" нацыянальнасці.


Першыя весткі пра шырокую культурна-гістарычную працу, якую праводзілі беларусы па другі бок лініі фронту пасля лютаўскай рэвалюцыі, дайшлі ў Вільню толькі ў жніўні 1917 г. З-за дбайнага закрыцця немцамі лініі фронту, у мясцовым беларускім грамадстве наступіў ідэйны раскол: частка па-ранейшаму выступала за супольную з летувісамі дзяржаву, іншыя адмовіліся ад гэтай ідэі. Нарэшце, на пачатку 1918 г. (25-27 студзеня), нягледзячы на перашкоды з боку летувісаў і немцаў, беларусы змаглі перамагчы міжпартыйныя спрэчкі і на беларускай канферэнцыі ў Вільні аднагалосна прыняць кампрамісную ўхвалу аб палітычным становішчы.

Гэта ўхвала ў сваёй галоўнай частцы патрабавала, каб "беларуска-летувіскія тэрыторыі ўтварылі незалежную, суверэнную, дэмакратычную дзяржаву, якая б складалася з двух галоўных і аўтаномных нацыянальных тэрыторый: беларускай і летувіскай ў сціслым звязе з незалежнай Курляндыяй" пры ўмове выканання гэтых планаў праз заканадаўчы сойм у Вільні. Таксама ўхвала заклікала беларусаў па другі бок лініі фронту, падтрымаць гэтыя патрабаванні і адначасова зазначыла, што не прызнае ні пастаноў Тарыбы, ні яе паўнамоцтваў.

Гэтая незалежная канферэнцыя была апошнім палітычным актам беларусаў у межах першай нямецкай акупацыі, і перш, чым закончыць расказваць пра яе, вернемся ва Усходнюю Беларусь у перыяд ад выбуху расійскай рэвалюцыі 1917 г. і да прыходу туды немцаў у 1918 г. (так званая другая нямецкая акупацыя).

IX. "Нямецка -расійскі" перыяд, 1917 г.

З пачаткам у 1917 г. лютаўскай рэвалюцыі ў Расіі, неўзабаве беларускі рух дасягае значнай моцы і стыхійна распаўсюджваецца па ўсёй Усходняй Беларусі.

Дэпартаваная царскімі ўладамі ў глыб дзяржавы беларуская інтэлігенцыя імкнулася трымацца як мага бліжэй да пакінутых мясцін, і таму большая частка яе з выбухам рэвалюцыі аказалася сканцэнтравана ва Усходняй Беларусі. Гэтая акалічнасць была вельмі пазітыўнай для беларусаў, бо ў значнай ступені паспрыяла актывізацыі нацыянальнага руху.

Паўстаюць новыя беларускія інстытуцыі і выданні. Па ўсёй краіне і нават на чужыне, у Расіі, адбываюцца шматлікія і разнастайныя беларускія з'езды, канферэнцыі, мітынгі і г. д. Сярод гэтых мерапрыемстваў найперш трэба назваць 1-шы Агульнабеларускі нацыянальны з'езд, які адбыўся ў Менску хутка пасля рэвалюцыі (23 сакавіка), і на які з'ехаліся прадстаўнікі беларускіх арганізацый і грамадскія дзеячы. З'езд абраў з сябе Нацыянальны камітэт у складзе 18 чалавек. Старшынём камітэта абралі Р. Скірмунта, намеснікам старшыні Аляксюка (адвакат).

Пастановы з'езда, якія потым пастаянна паўтараліся іншымі беларускімі з'ездамі, былі даволі сціплымі (нацыянальна-тэрытарыяльная аўтаномія Беларусі ў федэратыўнай дэмакратычнай Расійскай рэспубліцы, беларуская асвета і інш.). Аднак, нягледзячы на гэта, расійскі Часовы ўрад непрыхільна паставіўся да дэлегацыі, накіраванай з'ездам, і намаганні дэлегацыі ў Пецярбургу засталіся безвыніковымі. Далейшыя стасункі з Часовым урадам, а потым з бальшавіцкім Саветам народных камісараў, канчаткова падарвалі веру беларускага грамадства ў расійскую дэмакратыю, якая ў той час кіравала дзяржавай - стала цалкам зразумела, што і палітычныя дзеячы, і ўсё расійскае грамадства прасякнута "единонеделимством", з-за якога справядлівае развязванне нацыянальнага пытання ў Расіі сустракае пераважна патаемны супраціў усіх пластоў расійскага грамадства (піша пра гэта выбітны беларускі публіцыст А. Цвікевіч ў сваёй працы "Беларусь").

Цалкам страціўшы веру ў справядлівае вырашэнне нацыянальнага пытання ў Расіі праз яе урад і грамадства, беларускія дзеячы прыйшлі да пераканання, што рэалізацыя беларускіх нацыянальных ідэалаў можа адбыцца і будзе мець поспех толькі тады, калі за беларускай нацыянальнай справай будзе стаяць увесь беларускі народ.

У гэтым накірунку адразу ж пачалася інтэнсіўная праца.

Сярод іншага, у траўні больш за 100 беларускіх ксяндзоў на сваім з'ездзе ў Менску стварылі саюз ксяндзоў-беларусаў.

Хутка пасля гэтага, у чэрвені, беларускае праваслаўнае духавенства на сваім з'ездзе ў Маскве, на якім прысутнічала каля 700 чалавек, прыняло пастановы ў беларускім нацыянальным духу і заклала свой звяз.

Не засталіся абыякавымі да беларускай справы і вайскоўцы, тым больш, што значная частка фронту праходзіла па беларускім землям. Такім чынам, паралельна з арганізацыяй цывільнай часткі грамадства і шматлікімі агульна-беларускімі і краёвымі (губернскімі) партыйнымі і сялянскімі з'ездамі, пачалося фармаванне беларускіх армейскіх рад. Гэтая праца не была спынена і пасля адмовы Керанскага ад ідэі стварэння беларускіх нацыянальных частак.

Ужо пасля бальшавіцкага перавароту ў прыфрантавых мястэчках адбыліся шматлікія беларускія вайсковыя з'езды, а ў Менску была створаная Беларуская вайсковая рада і нягледзячы на пярэчанні бальшавікоў, сфармаваны першы беларускі полк пяхоты. Падобныя спробы па стварэнні беларускіх вайсковых адзінак рабіліся і ў іншых мясцінах.

Нават абшарнікі, не выключаючы і ўладальнікаў вялікай зямельнай маёмасці, прынялі ўдзел у беларускай справе. Згадаем толькі сп.сп. Рамана Скірмунта, кн. Магдалену Радзівіл, А. Бонч-Асмалоўскага, Вайніловіча. Некаторыя з іх ахвяравалі на беларускую справу вялікія сумы грошаў.

З дзейных у той час беларускіх партый, апрача старой "Беларускай сацыялістычнай грамады", заслугоўвае ўвагі новапаўстаўлая "Беларуская народная грамада", якая мела значную колькасць чальцоў і аб'ядноўвала вакол сябе беларускія памяркоўныя элементы, пераважна інтэлігенцыю. У палітыцы гэтая партыя прытрымлівалася федэралісцкіх пазіцый, а ў сацыяльных адносінах была зусім не радыкальнай.

У галіне культурнай працы трэба адзначыць стварэнне першых беларускіх гімназій ў Слуцку і Будславе, а таксама стварэнне "Беларускага драматычнага таварыства" ў Менску пад кіраўніцтвам Фальскага, выступы таварыства ў розных беларускіх гарадах карысталіся вялікай папулярнасцю.

Вяртаючыся да палітыкі, згадаю яшчэ пра вельмі важны з'езд беларускіх арганізацый і партый, які праходзіў у Менску 8 - 10 ліпеня 1917 г. Гэты з'езд пацвердзіў пастановы ранейшага з'езда і вылучыў з сябе Цэнтральную беларускую раду, якая змяніла ранейшы камітэт, а таксама канстатаваў высокі ўзровень беларуска-яўрэйскіх адносін і стварыў беларуска-яўрэйскі блок.

Кульмінацыяй беларускага нацыянальнага жыцця ў 1917 г. стаў Усебеларускі з'езд у Менску, які працаваў з 18 па 30 снежня і быў разагнаны бальшавікамі ваеннай сілай. Трэнне паміж беларусамі і бальшавікамі, якія лічылі любы нацыянальны рух у межах Расіі "буржуазнай" акцыяй, з'явіліся з самага пачатку, і таму не дзіва, што гэты апошні гвалт стаў прычынай канчатковага разрыву з бальшавікамі і банкруцтвам канцэпцыі федэралізму.

Аднак разагнаны з'езд здолеў абраць свой выканаўчы орган - Раду усебеларускага з'езда, якой было наканавана адыграць вырашальную ролю ў беларускім палітычным жыцці.

Гэтымі падзеямі ў жыцці Усходняй Беларусі завяршаецца 1917 г., у якім здарылася вялікая колькасць хаатычных рэвалюцыйных падзей і які ўражвае вялікай колькасцю беларускіх імправізацый.

X. "Нямецка-расійскі" перыяд, 1918 г.

У параўнанні з 1917 г., наступны 1918 г. у беларускім жыцці вызначаецца большай ураўнаважанасцю і паглыбленнем беларускасці. Гэта яшчэ і пераломны год у якім беларускае палітычнае і нацыянальнае дзеянне дасягае сваіх вяршынь.

Узнікаюць новыя беларускія інстытуцыі і беларускія друкі розных кірункаў. Праўда, гэтыя інстытуцыі (як і тыя, што ўзніклі раней), звычайна доўга не існуюць. Выданні жывуць жыццём матылькоў, моцна залежных ад зменлівага палітычнага надвор'я. Сярод друкаў пераважаюць перыёдыкі, а штодзённыя выданні замяняюцца газетамі, якія ў асноўным выходзяць 2 - 3 разы на тыдзень (такое становішча працягваецца і па сёння), але гэта не мяняе справы, бо замест зачыненых (ці забароненых) газет і інстытуцый, паўстаюць новыя, і яны працягваюць справу сваіх папярэднікаў на ніве адраджэння.

Але пяройдзем да падзей.

Рада 1-га Усебеларускага з'езда ў Менску, якая дзейнічала, нягледзячы на перашкоды з боку бальшавікоў, на пачатку 1918 г. папоўніла свой склад за кошт кааптацыі чальцоў Беларускай вайсковай рады і іншых арганізацый, а таксама шляхам дапушчэння ў свой склад прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў і такім чынам ператварылася ў заканадаўчую ўстанову накшталт прадпарламента пад назвай Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Рада Беларускай Народнай Рэспублікі вылучыла з сябе выканаўчы орган - Народны Сакратарыят, які раней называўся Выканаўчым камітэтам. Гэты сакратарыят адпавядаў Радзе Міністраў і складаўся з Сакратарыятаў (Міністэрстваў) на чале якіх стаялі сакратары (міністры).

На чале Сакратарыяту ў яго першым складзе, на пасадзе адпаведнай прэм'ер-міністру, стаяў былы старшыня Рады З'езда, вядомы беларускі дзеяч Язэп Варонка.

У канцы года, калі на чале Сакратарыяту (ужо ў іншым складзе) стаў Антон Луцкевіч, Сакратарыят быў пераназваны ў Раду народных міністраў з міністрамі і міністэрствамі. Гэта беларускі ўрад А. Луцкевіча.

Але вернемся да падзей пачатку года.

9 лютага 1918 г. падпісана дамова паміж Германіяй і створанай ёй Украінай, па гэтай дамове немцы перадалі Украіне Палессе.

Тым часам германскія войскі, карыстаючыся рэвалюцыйным хаосам у Расіі, пачынаюць прасоўвацца на ўсход і хутка займаюць Меншчыну таксама часткі Віцебшчыны і Магілёўшчыны.

Арганізацыя беларускай улады і пачатак яе дзейнасці супадае з адыходам бальшавіцкіх войскаў перад набліжэннем немцаў. Да прыходу немцаў і стварэння акупацыйных уладаў Беларускі Народны Сакратарыят непадзельна выконвае свае функцыі.

28 лютага 1918 г. немцы займаюць Менск. Аднак ні Рада БНР, ні Сакратарыят не распускаюцца і працягваюць дзейнасць у межах сваіх магчымасцяў.

Наступае кульмінацыйная кропка беларускага адраджэнцкага руху.

Рада БНР, узмоцненая дэлегацыяй Беларускага камітэта з Вільні, на пасяджэнні 24 - 25 сакавіка 1918 г., пасля дванаццацігадзінных дэбатаў, з надзвычайным энтузіязмам радных-беларусаў, вырашыла, што: Рада БНР прадстаўляе ўсю Беларусь як Усходнюю, гэтак і Заходнюю і прыняла пастанову: "Рада Беларускай Народнай Рэспублікі абвяшчае Беларусь Незалежнай і Вольнай дзяржавай…".

Гэтая пастанова выклікала зыход з Рады русафільскіх элементаў, якія ўсё яшчэ жадалі федэрацыі з Расіяй.

Каб выканаць рэзалюцыю, на наступны дзень (25 сакавіка) быў выдадзены маніфест Рады БНР, так званая "Устаўная грамата", якая тлумачыла насельніцтву сэнс прынятай пастановы, падкрэслівала адмену ўсіх старых дзяржаўных саюзаў, рабіла крокі да аб'яднання з Заходняй Беларуссю, перададзенай Летуве, канчаткова пацвярджала ўсе правы і грамадзянскія вольнасці, абвешчаныя Устаўной граматай ад 9 сакавіка 1918 г.

З далейшых падзей варта згадаць:

- Першую сустрэчу прадстаўнікоў Украінскай і Беларускай Народных рэспублік па вызначэнні мяжы паміж дзвюма краінамі, якая адбылася 9 красавіка 1918 г.

- Пачатак намаганняў перад нямецкім урадам аб прызнанні незалежнай Беларускай Рэспублікі ў еднасці з Заходняй Беларуссю, шляхам падачы 25 красавіка адпаведнага мемарыяла ў рукі нямецкага пасла пры ўкраінскім урадзе.

- Прызнанне 28 красавіка герба Пагоня з надпісам вакол яго "Беларуская Народная Рэспубліка" за дзяржаўную пячатку БНР (у той жа дзень Народны Сакратарыят даручае праф. Доўнар-Запольскаму арганізаваць Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт у Менску).

- 14 траўня падае ў адстаўку першы склад Народнага Сакратарыята, і абіраецца новы (другога складу).

- 1 чэрвеня ў Менску адкрылася Беларуская дзяржаўная кансерваторыя.

Аднак беларускае нацыянальнае жыццё спыняецца ў канцы года з-за адступлення немцаў з Беларусі ў сувязі з капітуляцыяй на заходнім фронце і рэвалюцыяй у Германіі.

На пачатку снежня 1918 г. немцы пакідаюць Менск, а ў канцы таго ж года і Вільню. Рада народных міністраў на чале з А. Луцкевічам, з-за набліжэння бальшавікоў, пакідае Менск і праз Вільню - Гародню выязджае за мяжу. Сам Луцкевіч едзе ў Парыж для арганізацыі захадаў у беларускай справе на канферэнцыі ў Вярсалі. Так заканчваецца 1918 г., а з ім і "нямецка-расійскі" перыяд беларускай гісторыі, які абдымае часы Першай сусветнай вайны і расійскай рэвалюцыі, і які, нягледзячы на ягоную непрацягласць, з'яўляецца самым інтэнсіўным і цікавым у беларускай гісторыі.

XI. 6-ты перыяд, "польска-расійскі" (1919 - …)

Гэты хуткацечны перыяд можна падзяліць на наступныя закончаныя падперыяды:

1) Цывільны ўрад усходніх зямель (Z.C.Z.W. Zarzаd Cywilny Ziem Wschodnich). 1919 - 20 гг.,

2) Часы "Сярэдняй Літвы", 1920-22 гг. і

3) Часы выбараў у агульнадзяржаўны Сойм у канцы 1922 г.

Нельга тут абмінуць найважнейшыя падзеі апошніх гадоў беларускага жыцця ў Польшчы (1923-24), потым у Савецкай Беларусі і, нарэшце, беларускага жыцця па-за межамі, у Летуве, Латвіі, Чэхаславакіі, Расіі і Амерыцы.

Часы Цывільнага ўрада ўсходніх зямель

Гэты перыяд пачынаецца з кароткачасовага ўварвання бальшавікоў на беларускія тэрыторыі, пакінутыя немцамі ў канцы 1918 г.

Бальшавікі да таго часу ўжо навучыліся лічыцца з нацыянальнымі рухамі і ўжылі ў дачыненні да беларусаў зусім іншую, чым раней, тактыку. А менавіта, жадаючы схіліць іх на свой бок, яны 1 студзеня 1919 г. у Менску абвясцілі Савецкую рэспубліку, кіраваную з РСФСР і стварылі Беларускі Савецкі ўрад. Аднак Савецкая Беларусь праіснавала нядоўга - неўзабаве ўсходнія губерні (Віцебшчына, Магілёўшчына і інш.) былі адрэзаны ад яе і далучаны да Расіі, а з яе заходніх тэрыторый (Меншчына, Віленшчына і Гарадзеншчына), аб'яднаных з этнаграфічнай Летувай, была створаная Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная рэспубліка са сталіцай у Вільні, ці ў скароце "ЛітБел". Існаванне Літбел таксама было не доўгім і закончылася з прыходам польскага войска.

Гэтыя войскі, на чале з Ю. Пілсудскім на Вялікдзень ўзялі Вільню, а 8 ліпеня 1919 г. занялі Менск, пасля чаго працягнулі рухацца на ўсход і дайшлі да Полацка і Барысава. Каб кіраваць занятымі тэрыторыямі, неўзабаве была створаная Цывільная ўправа ўсходніх краёў на чале з генеральным камісарам ўсходніх тэрыторый сп. Асмалоўскім.

"Гэта быў час - пісала беларуская апазіцыйная газета (Наша Будучыня, № 3), - калі сярод свядомых слаёў беларускага грамадства існавала аднадушная думка: у барацьбе за ідэалы сваёй нацыі трэба абаперціся на Польшчу, на чале якой стаіць Юзаф Пілсудскі". (N. B. Дарэчы, гэтыя ідэалы былі зрэдукаваныя да федэрацыі Беларусі і Польшчы ці нават толькі да аўтаноміі). На жаль дзякуючы нашай нерашучай і няўстойлівай палітыцы ў дачыненні да беларусаў з яе незлічонымі памылкамі, гэтая аднадушнасць доўжылася нядоўга, і хутка ўсе, арыентаваныя на Польшчу і Пілсудскага беларусы, канчаткова ідэйна збанкрутавалі.

Пасля заняцца польскімі войскамі Вільні, Пілсудскі выдаў адозву "да жыхароў былога ВКЛ", надрукаваную на чатырох мовах, якая потым таксама распаўсюджвалася і ў Менску. На беларускай мове была выдадзена і першая пракламацыя да жыхароў горада Менска камандуючага польскага фронту генерала Шаптыцкага. Гэты дробны ўчынак зрабіў менскіх беларусаў яшчэ большымі прыхільнікамі Польшчы.

Неўзабаве ў Менск прыбыў і сам Пілсудскі, дзе пачаў рабіць перад рознымі беларускімі дэлегацыямі новыя шырокія аб'явы і абяцанні ў беларускай справе.

Рада БНР на чале са сп. Серадой зноў збіраецца ў Менску, куды з-за мяжы хутка прыязджае Беларуская Рада народных міністраў, прычым, прэм'ер Рады міністраў А. Луцкевіч пасля прыезду з Парыжа часова інтэрнаваны ў Варшаве.

Нагадаем, што ў выканаўчым органе Рады Рэспублікі - Народным Сакратарыяце, на працягу 1918 г. асабовы склад некалькі разоў мяняўся. На чале 1-га кабінета стаяў Я. Варонка, 2-га - Р. Скірумунт, 3-га - Я. Серада і нарэшце, у кастрычніку таго ж года, быў створаны ўрад сп. А. Луцкевіча, пры якім ён быў пераназваны з Сакратарыята ў Раду міністраў. Хутка пачынаюцца першыя польскія рэпрэсіі супраць беларусаў Вільні і Гародні (арышты і канфіскацыі газет, закрыццё школ і ўстаноў), і польска-беларуская стасункі пачынаюць пагаршацца. У Менску пачынае хадзіць пагалоска пра роспуск Рады БНР генеральным камісарам Цывільнага ўрада ўсходніх зямель. Але Рада распусцілася сама па сябе.

А менавіта, у канцы 1919 г., у снежні, з-за асабістых адносін і ідэалагічных праблем унутры Рады адбываліся спрэчкі, якія вялі да расколу. З аднаго боку, былы прыхільнік ідэі федэрацыі з Польшчай Вацлаў Ластоўскі прагне звольніць А. Луцкевіча і прапанаваць на пасаду прэм'ера сваю кандыдатуру, з другога боку, левае крыло Рады (да якога належаў і Ластоўскі), у якое ўваходзіла значная колькасць эсэраў і групы сацыялістаў-федэралістаў (разам каля 40 чалавек, уся Рада складалася са 100 сяброў), вырашае адмовіцца да польскай арыентацыі і шукаць іншыя шляхі ажыццяўлення нацыянальных ідэалаў.

У крытычная дні 18 снежня, адначасова, але ў розных памяшканнях, адбываліся пасяджэнні абедзвюх частак Рады (левай і правацэнтрысцкай). Перамовы, якія ішлі падчас пасяджэнняў не прынеслі плёну, і адбыўся фармальны раскол, вынікам якога сталі адразу два беларускія ўрады. Адбылося так, што пасля спынення перамоваў, левае крыло Рады выбірае свой прэзідыум Рады на чале з Крэчаўскім і прызначае прэм'ер-міністрам Ластоўскага, які зараз жа стварае свой беларускі антыпольскі ўрад, пасля чаго яго арыштоўваюць, але праз месяц вызваляюць, і ў студзені 1920 г. Ластоўскі з прыхільнікамі ўцякае ў Коўню.

У той жа дзень 13 снежня, на пасяджэнні правага крыла Рады, па ініцыятыве А. Луцкевіча, замест Рады БНР была створана дырэкторыя з 5 асоб на чале са сп. Серадой, якая атрымала назву Найвышэйшая Рада БНР, а сам Луцкевіч, як і раней, працягваў выконваць абавязкі прэм'ер-міністра. Ён вядзе перамовы з прэзідэнтам Скульскім.

22 кастрычніка 1919 г. з'яўляецца дэкрэт Пілсудскага, які дазваляе фармаваць беларускія вайсковыя адзінкі. У Менску створана Беларуская вайсковая камісія, пры якой пачынаюць працаваць вайсковыя курсы для падрыхтоўкі камандзіраў будучага беларускага войска. Курсы выпускаюць некалькі дзясяткаў унтар-афіцэраў і каля 200 кадравых афіцэраў. Таксама былі зроблены (што-праўда слабыя) пераклады вайсковых статутаў на беларускую мову.

Летам 1920 г. па беларускім землям пракаціўся, бальшавіцкі наступ на захад, а потым хаатычнае адступленне на ўсход. Толькі з наступленнем Чырвонай Арміі стала магчымай вярбоўка добраахвотнікаў у беларускія вайсковыя аддзелы. Аднак рэкруцкая агітацыя сярод вясковай моладзі амаль што не прынесла жаданых вынікаў. Беларуская вайсковая камісія, адступаючы ад бальшавікоў разам з польскім войскам, прыбыла ў Лодзь і стварыла там беларускі батальён, які пасля заканчэння польска-бальшавіцкай вайны і заключэння Рыжскага міру, быў расфармаваны вясной 1921 г.

У сувязі з Рыжскім мірам адбылося ідэалагічнае банкруцтва прапольскай Найвышэйшай Рады, якая самараспускаецца разам са сваім выканаўчым органам. Першым ад сваёй пасады адмаўляецца Луцкевіч. Так перастае існаваць беларускі ўрад Луцкевіча.


З культурнай працы ў гэты перыяд заслугоўвае ўвагі развіццё беларускага сярэдняга школьніцтва, што найбольш выразна выявілася ў заснаванні ў 1919 г. новых беларускіх гімназій ў Вільні і Менску.

Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша.

(Працяг у наступным нумары.)

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Прыгожыя… і моцныя: Грынкевіч, Грынкевіч-Суднік, Грынько, Статкевіч; "Як нас цяпер называць": індзейцы, індэйцы, індыяны, індыянцы?

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-46 (53-96) за 2023 г.)

Знаходзячыся паміж Захадам і Усходам і больш, чым суседзі з поўдня і поўначы - Украіны, Літвы і Латвіі, прэтэндуючы на культурную "нееўрапейскую" самастойнасць, Беларусь ў моўным плане зазнала ўплывы галоўным чынам з Расіі і Польшчы, таму на нашай глебе з'явіліся і "індзейцы", і "індыяны", хаця першыя, зразумела, "перамагаюць".

Але як ішла "барацьба" паміж імі?

Гаворка цяпер не пра назву "барацьбітоў"-"індзеяністаў" - індзеяністыка таксама часам называецца індыяністыкай (хоць гэта - вывучэнне Індыі), а індзеяністы - індыяністамі (напрыклад, у артыкуле пра Сат-Ока ў Вікіпедыі).

Нас цікавіла гісторыя і сучасны стан, тэндэнцыі ўжывання слоў "індзейцы", "іньдзейцы", "індэйцы", "індыяны", "індыянцы", "індыяне", а таксама "індыйцы", "індзійцы" (а яшчэ і "індзіяны") як абазначэнне - памылковае або "правільнае" - індзейцаў. Наступнымі пытаннямі былі выразы, якія замянялі гэтыя словы, што паходзілі ад Індыі, а таксама асобныя этнонімы асобных індзейскіх плямён, народаў. Апошняя тэма - неабсяжная і няпростая да распрацоўкі.

Пастаноўка пытання пра беларускую агульную назву для індзейцаў рабілася, напрыклад, у лістах мовазнаўцу-беларусісту Вінцуку Вячорку, у Інстытут мовазнаўства і ў гэты інстытут, але на імя В. Лемцюговай:

№ 228 / 1 Тэрміналагічная камісія 30.12.1992 г.:

"Паважаная Валянціна Пятроўна!

Вывучаем індзеянізмы ў беларускай мове - з асаблівай увагай да апелятываў (у нашай картатэцы зарэгістравана 192, уключаючы формы, у т.л. правапісныя; па кожнаму - "поўны" лексікаграфічны комплекс, можам забяспечваць Ваш інстытут экспертнымі даведкамі, але спадзяёмся і на дапаўненні з Вашых матэрыялаў). Фіксуем усе індзейскія этнонімы, якія сустракаюцца ў беларускіх тэкстах, а таксама тапонімы індзейскага паходжання (іх сотні). Звярнулі ўвагу на Вашу з Г.У. Арашонкавай "ініцыятыву" ў "Слоўніку цяжкасцей беларускай мовы" (1987): індзіянка (каб адрозніць ад індыянкі з Індыі?). Дарэчы, М. Р. Суднік і І. П. Лобан у "Арфаграфічным слоўніку" (1948) прапанавалі: індзеенка. Як бы Вы гэта пракаменціравалі?

Дадаём інфармацыю з пытаннем па А. Я. Багдановічу. Магчыма, паўночнаамерыканская тапанімія сабрана ў рукапісным "нескарочаным" варыянце?

Па праблеме этноніма "індзейцы" ў старажыт-набеларускай мове пісалі ў інстытут 19.5.92 № 122 (але адказу не атрымалі):

З павагай Алесь Сімакоў, выканаўчы сакратар БІТ".

Згаданы вышэй ліст у ІМ гучаў:

"Паважаныя таварышы!

Пры складанні "Гістарычнага слоўніка беларускай мовы" Вашымі супрацоўнікамі выкарыстаны пераклад "Хронікі ўсяго свету" М. Бельскага. Хто з іх працаваў менавіта з гэтым тэкстам? Ці маеце Вы копію? Шэраг прычын перашкодзіў нам прагледзець рукапіс у Ленінградзе і зрабіць копію "амерыканскіх" старонак.

Былі б Вам удзячны за тэксты з Вашай картатэкі па вакабулах "индиец", "индеец", "индийчик", "индыйчик", "индейчик", "индове", "индейских", "индийских" і іншых ад тапоніма "Індыя", які даў сучасны этнонім і для карэнных жыхароў Амерыкі. Гэтыя важныя звесткі выкарыстаем у нашым даследаванні беларуска-індзейскіх сувязей.

З павагай. Алесь Сімакоў, выканаўчы сакратар".

Адказу не было і на ранні ліст ад Вінцука Вячоркі (18.04.1988):

"Як бы ты асабіста пракаменціраваў ініцыятыву Арашонкавай і Лемцюговай (уласна кажучы апошняй) у "Слоўніку цяжкасцей беларускай мовы"? Маецца на ўвазе "індзіянка" замест раней прынятай (прынамсі ў слоўніках) "індыянкі" (у тым ліку як адрозненне ад індыйскай індыянкі). Наогул, этнанімічная праблема "індзейцаў" вартая падрабязнай распрацоўкі і ўжо, як нам здаецца, выклікае "шумную" дыскусію.

Будзем вельмі ўдзячны за адказ.

Ад імя беларускі братоў-індзеаністаў […]"

Індзеаніст, індзеаністыка - гэта нашы раннія, не зусім правільныя версіі слоў, якія запазычаныя з рускай мовы - индеанист (індзеяніст), индеанистика (індзеяністыка). Яны ўжываюцца ў 1987 г. у некаторых нашых дакументах, лістах і нават у назве бюлетэня.

З польскага боку тэрмін індзеяніст (іndіanіsta), які значыць "спецыяліст, які займаецца мовамі і культурай індзейцаў" (часам гэта слова бывае звязана не з індзейцамі, а з Індыяй, згодна са "Слоўнікам польскай мовы" (1961, т. 3, с. 190), упершыню быў лексікаграфічна зафіксаваны ў "Слоўніку польскай мовы" (1861), складзеным з удзелам ураджэнцаў Беларусі А. Здановіча, М. Богуша-Шышкі, В. Каратынскага).

У перыяд пасля рэформы 1861-га і паўстання 1863 г. і да рэвалюцыі 1917 г. у Расійскай імперыі адзначана з'яўленне вялікай колькасці амерыканісцкай літаратуры; у Еўропе і Амерыцы ў гэты час працягваецца станаўленне амерыканістыкі ( індзеяністыкі) як навуковай дысцыпліны. У еўрапейскіх мовах узмацнілася неабходнасць разабрацца з "индыйскай" спадчынай у найменнях карэнных жыхароў Амерыкі. Алеутаў і эскімосаў, хаця і не заўсёды, удавалася "аддзяляць" ад гэтай праблемы, пакуль "паліткарэктныя" амерыканцы не вынайшлі выраз, які стварае праблему і для карэнных аляскінцаў-неіндзейцаў, і яшчэ больш для значна больш шматлікіх у ЗША індзейцаў, бо пры ўжыванні "Native Americans" няма пэўнасці, пра каго гаворка - ці не алеуты, эскімосы і нават гавайцы маюцца на ўвазе ў тым ці іншым выпадку.

У сувязі з тым, што Індыя мае намер увесці замест традыцыйнай назвы іншую, традыцыйную ў іншым сэнсе - Бхарат, можа ўвайсці ў шырокі ўжытак палітонім бхаратцы замест індыйцы, і тады ў еўрапейскіх мовах, што не адрозніваюць індыйцаў і індзейцаў у словах тыпу Indian, можа стварыцца сітуацыя, якая спрашчае ўжыванне асновы "індыян", калі Indians могуць быць асноўнай назвай для карэннага насельніцтва "Амерык" з меншай пагрозай блытаніны.

Cтарабеларускамоўная літаратура як крыніца звестак пра абазначэнне індзейцаў нашымі далёкімі продкамі вывучана слаба - проста пакінем гэта ў баку на нявызначаны тэрмін.

Рускамоўныя і польскамоўныя выданні на тэрыторыі Беларусі таксама бедныя на амерыканістыку ў цэлым і тым больш індзеяністыку - напрыклад, цікавыя этнаграфічныя творы, дзе нямала пра індзейцаў, беларуса М. Доўнар-Запольскага, выйшлі ў Вільні і Кіеве, - падобныя кнігі не выходзілі на тэрыторыі Беларусі па прычыне не рацыянальнай, але зразумелай. "Индейцы" - вялікая рэдкасць у дарэвалюцыйным друку Беларусі.

Дарэчы, аўтары, якія выкарыстоўвалі ў сваіх працах літаратуру на англійскай, французскай, нямецкай і іншых мовах, нярэдка вымушаны былі ў цяжкіх выпадках даваць індзейскія этнонімы ў арыгінале. Так, М. Доўнар-Запольскі даваў беларуска-індзейскія паралелі з прыкладах па Miztecas (міштэкі) і Creek (крык). У "Нашай ніве" слова "індзейцы" з'явілася на кірыліцы і лацініцы. Артыкул В. Ластоўскага, дзе ёсць пра "індзейцоў", надрукаваны, ужо пасля рэвалюцыі, і лацінкай ( indziejcou - з дыякрытычным знакам на канцы).

Ластоўскі пад псеўданімам "Ю. Верашчака" ў 1913 г. у "Нашай ніве" змясціў рэзкі артыкул, за, вядома ж, беларускую самабытнасць і супраць здольнасці прыстасоўвацца, пад назвай "Літаратарам з кальцом у носе". У ім і такое: "Нашы рэнегаты забіраюцца ў недры [так] нашай паэзіі і мовы і як еўрапейцы ад чырвонаскурых індзейцоў [так], за тытунь, гарэлку і сіфіліс вырываюць нашы векавечныя скарбы" (цытуем з тэксту на лацініцы 1919 г., перавёўшы ў кірыліцу і ў сучасны правапіс, акрамя "індзейцоў").

Калі ў пачатку 20 ст. пачала з'яўляцца беларускамоўныя перыядычныя выданні, папулярная і нават навукова-папулярная літаратура і неабходна было даваць беларускія адпаведнікі ўласных імёнаў, для перадачы амерыканскіх тапонімаў, а потым і назваў народаў, уласна этнонімаў, на аўтараў і выдаўцоў уплывалі з аднаго боку польская, з другога - руская традыцыя.

Гарун ішоў іншым шляхам, чым Ластоўскі. … "індыянскае дзічы" - такі радок з'явіўся ў рукапісе, датаваным 13 студзеня 1905 г. (верш створаны ў вёсцы Капанікі, апублікаваны толькі ў 1920 г.) - гэта быў першы яго вядомы верш.

У міжваенны перыяд назіралася вялікая блытаніна з тэрмінам для абазначэння карэннага насельніцтва Амерыкі. У Савецкай Беларусі праблема вырашылася, хаця і без 100-працэнтнага эфекту, пасля рэформы 1933 г., у Заходняй Беларусі - пасля далучэння да БССР / СССР у 1939 г., у эміграцыі - існуе дагэтуль.

З пачатку 20-х гг. у адных і тых месцах, аднымі і тымі аўтарамі або перакладчыкамі ўжываюцца, часам у адным выданні і нават на адной старонцы індзейцы, індыйцы, індэйцы, індыяны (гл., напрыклад, пераклад А. Таўбэ кнігі С. Севіна "Паўднёвая Амерыка" (1932), дзе сустракаюцца тры формы). У першым беларуска-моўным аглядзе агульнага мовазнаўства ("Асноўныя пытанні мовазнаўства" (1926), пераклад з рускага выдання) П. Бузука ёсць згадка пра мову жэстаў "індыйцаў". Савецкія аўтары і перакладчыкі, якія працуюць галоўным чынам з рускай літаратурай, вымушаны выбіраць паміж двума варыянтамі перадачы рускага этноніма "индейцы" і пераадольваць блытаніну паміж "индейцами" і "индийцами".

Пасля рэформы 1933 г. індзейскія этнонімы пачалі перадавацца ў "набліжанай да рускай мовы" форме. Гэта ў першую чаргу датычыцца тэрміна "індзейцы", варыянты якога - індыяны, індэйцы і індыйцы - сустракаюцца далей час ад чаму толькі як адхіленне ад правілаў.

"Разнабою" ў значнай ступені спрыяла "нармалізацыя" формы "індыйцы" ў "Расійска-беларускім слоўніку" С. Некрашэвіча і М. Байкова (1928): "Индеец - індыец"; "Индейский - індыйскі". У 1933 г. фіксуюцца і індыйцы, і індэйцы, і індзейцы. Два першыя варыянты даволі часта сустракаюцца на працягу наступных гадоў, а потым робяцца выпадкова-памылковымі.

У ковенскіх перакладных выданнях 1922 г. у залежнасці ад мовы, з якой робіцца пераклад, ужываюцца назвы індзейцы (кнігі В. Лункевіч, пер Г. Казячага, 1922, с. 18) і індыяне (В. Остэрлёф і Я. Шустэра, пер. А. Смоліча, 1922).

З 1980-х гг. жаданне пэўнай часткі "адраджэнцаў" вярнуць мову да ўзораў, якія існавалі да 1933 г., прывяло да з'яўлення ў друку форм "індэйцы" і "індыяны" ( індыянскае). У першых перыядычных выданні на "адноўленай" "тарашкевіцы" рэдка, але фіксуецца як казус і форма "іньдзейцы" (С. Вераціла ("Эквадорскія паданьні" ў яго пераказе ў час. "Бярозка", 1993), яна ж сустракаецца і ў некаторых кнігах, якія выйшлі ў Менску: С. Яновіч "Сьцяна" (1993), Л. Сільнова "Крышталёвы сад" (2000).

Ведаючы, што Г. Арашонкава і В. Лемцюгова ў "Слоўніку цяжкасцей беларускай мовы" (1987) прапанавалі нетрадыцыйную форму жаночага роду: "індзіянка", ужо не здзіўляешся, калі даведваешся, што ў 1948 г. М. Суднік і М. Лобан прапанавалі называць індзейскую жанчыну "індзеенкай". Апошняе не замацавалася, самі складальнікі "Арфаграфічнага слоўніка" ў далейшым адмовіліся ад яе. Форму "індзіянка" як варыянт назвы для індзейскай жанчыны мы таксама фіксуем рэдка, як і варыянт "індыйка".

Галоўны беларускі мовазнавец замежжа ўсіх часоў, відаць, - Валянціна Пашкевіч (Канада). У яе дапаможніку "Беларускай мове" (у 2-х кн.) - "індыянскі" прыярытэт. Галоўны ж аўтарытэт на Бацькаўшчыне - "Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі". Словы "індзейскі" і "індзейцы" ўжыты як прыклады ў законе 2008 г., тэкстам "Правіл…"карыстаемся ў выданні 2011 г.

Тым не менш, у 80-я гады ў Беларусі ў сувязі з ажыўленнем адраджэнчага працэсу і спробамі вяртання да "тарашкевіцы" прапаноўваліся для замены слава "індзейцы" варыянты "індэйцы", "індыяны" нават "чырвоныя" (скарочана "чырвоны"). Этнонім "індэйцы" зарэгістраваны ў перакладным артыкуле "Гомельскай праўды", назоўнік "індыяны" і прыметнік "індыянскі" - у публікацыях В. Мартыненкі ("Чырвоная змена"), А. Мяльгуя ("Наша ніва", дзе ў выніку з'явіўся варыянт назвы "Беларуска-індыянскае таварыства").

ІНДЭЙЦЫ

Паглядзім, як называюцца індзейцы ў артыкуле аднаго з першых беларускіх лацінаамерыканістаў П. Кірушына "Маладая Амерыка" (1930) - ён напісаны ў Горы-Горках, у канцы публікацыі пазначана нават: "С.-г. акадэмія". Нарыс "абставін творчасці, тэматыкі і настрояў" маладых лацінаамерыканскіх паэтаў уключыў і кароткі агляд "паэзіі спрадвечных жыхароў Індо-Амерыкі". "Ці існуе яна наогул і хто зьяўляецца яе прадстаўнікамі?" - задае пытанне аўтар і прыходзіць да высновы, што: "чыста індэйская паэзія прадстаўлена толькі вельмі нязначнымі прыкладамі". Прыклад таго, што можна назваць "індэйскай прыгажосцю", далі Алехандра Пэральта і Гамаліэль Чурата, якія "з'яўляюцца амаль чыстымі індэйцамі, па меншай меры, на тры чверці" і ў сваіх творах, надрукаваных галоўным чынам у "Бюлетэні Ціцікака" і "Амауце". У якасці аднаго з лепшых вершаў Пэральты з яго кнігі "Анды" прыводзіцца верш "Індэец Антоніо".

"Літоўцы пачуваліся амаль як апошнія з магіканаў, і нездарма Оскар Мілаш называў іх "чырванаскурымі Еўропы"". Мова "ў выпадку Літвы, аточанай славянамі з аднаго боку, немцамі з другога, засталася адзіным знакам тоесамасці, як сёння для паўночнаамерыканскіх індэйцаў рэлігійныя абрады" (Ч. Мілаш, пераклад з польскай, 1992).

ІНДЫЯНЦЫ

Больш ранні прыклад, эміграцыйны, ужывання слова "індыянцы" - Міхась Кавыль, "Ніягара" (1954):

"Бы Індыянцы-грабары

выграблі роў глыбокі

хвалі каб

не ўцякалі далёка".

Больш позні прыклад - з "Авантур студыёзуса Вырвіча" Л. Рублеўскай (2014): "Вы, вашамосць, так жадаеце даведацца, як жывуць бедныя індыянцы... Ці не варта мець, з чым параўноўваць? Запэўніваю - экзотыкі і дзікунства ў глухіх беларускіх вёсачках ніяк не менш, чым у пасяленнях ацтэкаў і майя". Зразумела, што Рублеўская ўжывае гэтую назву "іранічна", не "сур'ёзна".

Індыянцы - гэта своеасаблівы "кампраміс" паміж польскімі "Indianami" і рускімі "индейцами", "унія", "уніяцкі" варыянт назвы, які мае аналаг ва ўкраінскай мове (дзе "індіанці" - галоўная форма).

ІНДЫЯНЫ

У 3-м нумары першага часопіса для моладзі "Лучынка" (1914), які выдаваўся ў Менску А. Уласавым, Цётка расказала, як індзейцамі ўжывалася неачышчаная газа (нафта): "У паўночнай Амэрыцы індыяны так сама зналі газу і ўважалі яе за найноўшае лекарства" ("ў" не ставіліся").

Хочацца адразу аднесці ўжыванне, якое ніжэй, на гэтай групы: "Думка скарыстаць у творчасці матывы роднага краю з'явіліся [ў Русак] пры вывучэнні сімвалічнай мастацкай культуры іншага асяроддзя - індыянаў Паўночнай Амерыкі" (Л. Маленка, 1993). Але ўсё ж індыяны ці індыяне былі б у назоўным склоне?

ІНДЫЯНЕ

Хаця і толькі называючы работу другой мастачкі, Т. Стагановіч, Л. Маленка ўказвае на асаблівасці мовы беларускіх амерыканцаў: "Таос: амерыканскія індыяне Пуэблё".

А. Сянкевіч, пішучы пра Каларада ("Вандраванне Васіля", 1924-1926, 1932), заўважае: "цяпер днём са свечкай ня знойдзеш тут індыяніна. Як тых зуброў у Белавежы, трымаюць у амерыканскіх запаведніках астаткі плямён былых гаспадароў паўночнай Амэрыкі".

"Нічога не мог зрабіць дзікар-індыянін з сваім прымітыўным аружжам. Ня утрымацца яму проці шалёнага агню.

Усё далей у глыб лясоў адыходзілі індыяне".

"Гісторыя кажа, што на месцы загінуўшага вольнага індыяніна асеў чалавек англясаксонскай расы".

З тых жа выпадкаў, калі не ясна, як было б аўтара ў назоўным склоне: "індыяне" або "індыяны": песні "індыян" - у артыкуле В. Шутовіча (старога "заходніка") пра "М. Забэйду-Суміцкага (2001).

ІНДЫЯНСКІ

У некаторых аўтараў мы можам знайсці толькі прыметнік - "індыянскі".

Слова " індыянскі" (у форме "індыянскае" - "індыянская" (дзіч), як упершыню ўжывае ў вядомым нам (канкрэтна - рукапісным) тэксце - у першым вядомым нам паэтычным творы на беларускай мове, у якім згадваюцца індзейцы, - паэме "Мае коляды" Алеся Гаруна ("Вёска Капанікі, 13 студзеня 1905 г.", як яна датуецца ў рукапісе; апублікаваная толькі ў 1920 г.). Адначасова гэта і першы ўзор беларускай любоўнай лірыкі з прыцягненнем індзейскага матэрыялу.

"За адно яе слова

Ўсё зрабіць я гатовы:

Купіць стрэльбаў, нажоў

Ды пайсці на звяроў

Індыянскае дзічы -

Стацца там паляўнічым...

Сярод стэпу пажараў

Увіхацца з Эмарам...

Дык за ўсю нагароду

Хацеў б мець яе згоду:

Што мяне не забудзе,

Што скакаці не будзе

Ўжо ніколі з баронам

(Нейкім там нарачоным!)

Ды аддасць мне з галовы

Сваю ўстужку ружову,

Як знак вечны ўспаміну...

Так кахаў я дзяўчыну!.."

У лістападзе 1988 г. у газеце "Беларускі голас" з'явілася нататка пад загалоўкам "Індыянская нагарода Хмаранцы" (Магдалене Сіняк).

Матэрыял А. Нароўскай у газеце "Культура" (1993), прысвечаны выставе беларуска-амерыканскіх мастакоў, уключыў рэпрадукцыю акварэлі Ірэны Рагалевіч-Дутко "Індыянская вёска".

Для асобнага разгляду - назвы індзейцаў, утвораныя ад слоў на розных мовах, якія па-беларуску гучаць як карэнны (абарыгенны, тубыльны, індыгенны, "спрадвечны"), першабытны (прымітыўны, "прымітыў"), дзікі ("дзікуны Амерыкі", "дзікія людзі" Амерыкі) і першы, чырванаскуры ("людзі з чырвонай скураю на целе") і проста чырвоны (чырвоныя, "чырвоны народ"), тамтэйшы або тутэйшы амерыканец, антыпод. Інакш кажучы, словы і фразы, якія замяняюць слова "індзейцы".

Літ.:

1727 Остэрлёф В., Шустэр Я. Сусветная гісторыя. Часць III-яя: Гісторыя новых часоў / пер. на бел. мову А. Смоліч. Вільня, 1922.

1554 Лункевіч В. Закон жыцця сярод жывёлаў і раслін / пералажыў (з расейскага) Г. Казячы. Коўна, 1922. (Індзейцы.)

1555 Лункевіч В. Падводны сьвет / з 56-цю малюнкамі ў тэксце; з 7-га рас. выд. пер. А. Лубнеўскі. Мн., 1928. (Індзейцы.)

11790 Гарун А. Мае коляды // Гарун А. Выбраныя творы / уклад., прадм., камент. У. Казберука. Мн., 2003. С. 179-189.

11788 Гарун А. Мае коляды // Гарун А. Сэрцам пачуты звон: паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / уклад., прадм. і камент. У. Казберука. Мн., 1991. С. 148-157.

11787 Сумны А. Мае коляды. Вільня, 1920. (Сапраўднае прозвішча аўтара - Прушынскі, г.зн. тут Алесь Гарун пад яшчэ адным псеўданімам.)

1226 Довнар-Запольский М. В. Белорусская свадьба в культурно-религиозных пережитках // Довнар-Запольский М. В. Исследования и статьи. Т. 1: Этнография, социология, обычное право, статистика, белорусская письменность / изд. А. П. Сапунова. Т. 1. Киев, 1909. С. 61-146.

1227 Довнар-Запольский М. В. Белорусская свадьба в культурно-религиозных пережитках // Этнографическое обозрение. 1893. С. 61-88; № 2. С. 47-63; № 4. С. 26-83.

12523 Довнар-Запольский М. В. Первобытные формы брака. М., 2011. (Артыкул "Першабытныя формы шлюбу" ўпершыню надрукаваны ў "Виленском вестнике" ў 1892 г.)

1230 Довнар-Запольский М. В. Первобытные формы брака // Довнар-Запольский М. В. Исследования и статьи. Т. 1. Киев, 1909. С. 384-404.

2522 Маленка Л. Амерыканскія беларусы і іх жыццё ў мастацтве (па старонках газеты "Беларус") // Культура беларускага замежжа. Кн. 2 / пад рэд. А. Сабалеўскага; склад. і прад. А. Сабалеўскага. Мн., 1993. С. 124-148.

1622 Мілаш Ч. Старыя спрэчкі пра анклаў // Наша ніва. 1992. № 6. С. 2-3, 6-7.

728 Сянкевіч А. Вандраванне Васіля. Мн., 1932.

3487 Slownik jezyka polskiego wypracowany przez A. Zdanowicza, M. Bohusha Szyszke, J. Filipowicza, W. Tomaszewicza, F. Czeplinskiego i W. Korotynskiego z udzialem B. Trentowskiego. T. 1-2. Wilno, 1861.

ГРЫНКЕВІЧ Мікалай (21) - маем новы пераклад нататкі "Пра школу", напісанай у Сан-Францыска псаломшчыкам Мікалаем Грынкевічам, - на 21-ую мову - нямецкую. Зроблены і атрыманы паведамленне пра гэта 19-20.10.2023 г., адпраўлены 13-га, атрыманы 14-га, змешчаны ў электронным бюлетэні "Веснік БІТ" 15.11.2023 (такая дэталізацыя пацвярджае сцвярджэнне аднаго знаёмага лацініста, што беларусы блізкія да нямецкай пунктуальнасці і акуратнасці).

Перакладчык - музыкант-педагог і канцэртмайстар, індзеяністка з юных гадоў Марыяна Фурых, маці якой - Ала Ісідараўна Маісеенка, актрыса і жонка галоўнага рэжысёра і кіраўніка Тэатра драматычных імправізацый у Ленінградзе-Пецярбургу, паходзіла з Рэчыцы, вучылася ў Рэчыцы і Гомелі. Мы напішам пра Марыяну больш у асобным артыкуле, з прычыны яе беларускіх каранёў і таго, што яна неаднаразова бачыла індзейцаў, якія прыязджалі ў Расію.

Нямецкія прозвішчы і / або адпаведных продкаў у "рускім Сан-Францыска" мелі: спадарожнік доктара Руселя ў сьераневадскім адпачынку і падпісант петыцыі Карл Сіверc; актыўны ўдзельнік грамадскага жыцця прынамсі па факце падпісання дакумента асабліва важнага публічнага значэння ад імя многіх іншых А. Зінгер; памочнік наглядчыка школы Павел Лігда; жонка выкладчыка школы клірыка Івана Собалева Вольга (Людке) - рускія немцы былі шматлікімі і актыўнымі і ў "двойчы" дыяспары. Зразумела, што нямецкая мова была тады і ў значнай ступені застаецца важнай дагэтуль.

"UEBER DIE SCHULE

In der Schule sind 23 Jungen. Sie sind in 3 Klassen unterteilt. Klassenzimmer dienen gleichzeitig auch als Hausaufgabenraeume. Aufenthaltsraum (Freizeitraum) gibt es nicht. Alle Klassenzimmer (auch die Schlafzimmer) befinden sich im Keller. Zwei davon sind so schlecht beleuchtet, dass man in der Mitte keine Druckschrift mehr lesen kann. Belueftung gibt es nicht. Feuchtigkeit und Mief. Zweite Klasse und Esszimmer befinden sich in ein und demselben Raum.

Achtjaehrige Jungen unterliegen den gleichen Regeln und fuehren die gleiche Lebensweise, wie die 15-jaerige. Ihr Stundenplan ist wie folgt: Klassenstunden mit dem Lehrer 3,5 Stunden (von 13:30 bis 17 Uhr); Hausaufgaben erledigen 3 Stunden (von 8 Uhr bis 11 Uhr); Singen 2 Stunden (von 11 Uhr bis 12 Uhr und von 17 Uhr bis 18 Uhr); Gottesdienst 2 Stunden (6:30 bis 7:30). Sonnabends und waehrend der Feiertage Gottesdienst dauert bis zu 6 Stunden pro Tag. Die Kinder werden gezwungen, lange Haare zu tragen, daher vermehrten sich die Laeuse sehr...

Der Bischof unterschlug das Geld der Jungen, die mit ihm zusammen hierher gekommen sind. Sie alle (12 Mann) bekamen Fahrtgeld, davon blieben mindestens 200 Dollar bei jedem uebrig. Einige von den angekommenen Jungen wurden bereits nach Alaska verfrachtet und keiner von ihnen hat das Geld mitbekommen, um irgendwelche Kleidung zu kaufen, trotz der mehr als offensichtlichen Not". [trans. into German by Marianna Furih]

(Grinkewitsch, Nikolai. Uber [Ueber] die Schule / ubers. [uebers.] [Russ.] [у бюлетэні, дзе тэкст з дыякрытычнымі знакамі, замест "Russ." - лігатура "эсцэт"] von Marianna Furih // Веснік БІТ. 2023. 15 лістап.)

ГРЫНКЕВІЧ-СУДНІК Аляксандр - маючы наш спіс індзейцаў, што прыязджалі ў Беларусь, кожны можна хто схадзіў на хакейны матч менскага "Дынама" ў 2014-2016 гг., той мог убачыць індзейца кры з Канады, "нашага індзейца", як яго натуральна ўспрымалі іншыя гульцы каманды, Джонатана Чычу. У гэты ж перыяд у Менску з'явілася і індыянка-кры, якая стала тут "Місіс Сусвет".

Калі вярнуцца ў спорт, то на чэмпіянаце свету па паўэрліфтынгу ў Менску ў 2017 г. можна было ўбачыць і члена племені чыпева Су-Сент-Мары ў Мічыгане Джэніфер Мілікан, якая стала адным з чэмпіёнаў!

Перад пачаткам турніру паведамлялася, што ў ім будуць удзельнічаць амаль 900 спартсменаў з 52 краін, у т.л. з наймацнейшых зборных - ЗША, Украіны, Расіі, Канады.

Дар'я Лабажэвіч са "Звязды" паведаміла імёны найбольш перспектыўных на атрыманне медалёў сярод 15 атлетаў, што былі ўключаныя ў зборную Беларусі: Уладзіслаў Папельскі (жым лежачы), Таццяна Дамашына (катэгорыя да 47 кг), Сняжана Зубко. Яна таксама адзначыла нешчаслівую акалічнасць з баранавіцкім спартсменам і трэнерам Грынкевічам-Суднікам: "На жаль, атрымаў траўму і не зможа прыняць удзел у гэтых спаборніцтвах заслужаны майстар спорту краіны па паўэрліфтынгу Аляксандр Грынкевіч-Суднік, у яго актыве ўжо ёсць чатыры перамогі на чэмпіянатах свету. У Менску Аляксандр выступіць у якасці трэнера".

Мілікан выступіла з катэгорыі да 57 кг.

Дома Джэніфер "сусветнага класу маці, жонка".

Назва племені Sault Ste. Marie Tribe of Chippewa Indians (Ojibwe: Baawiting Anishinaabeg), прасцей Sault Tribe of Chippewa Indians і зусім коратка Soo Tribe, зямля рэзервацыі якога размешчанае на Верхнім паўвостраве Мічыгана - як у самім горадзе Су-Сент-Мары, так і мястэчка Шугар-Айленд (Sugar Island Township), на востраве Шугар, на ўсход ад горада.

Племя су цяпер складаецца з 20 груп (bands). Ёсць блізкая сувязь з "Garden River First Nation", або Ketegaunseebee (Gitigaanziibi Anishinaabe на аджыбвэ), каля канадскага горада Су-Сент-Мары, з якой і мы з мелі працяглы кантакт дзякуючы атрыманню бюлетэня Індзейскага цэнтра дружбы, размешчанага ў горадзе.

Роднае ж племя Джэніфер выдае штомесячную газету "Він Авенен Нісітотунг" (Win Awenen Nisitotung (або проста WAN), што ў перакладзе з аджыбвэ значыць "ён / яна або хтосьці, хто добра або цалкам разумее"), у якой з'явілася і згадка Беларусі як месца, куды паедзе Джэніфер-сілачка.

Літ.:

11952 Austin B. Powerlifting champion, world-class mother, wife // Win Awenen Nisitotung (Sault Ste. Marie, MI). 2016. Nov. 18. P. 17. (Jennifer Millican.)

2641 Мистраль Г. Сильная женщина / пер. И. Лисянской // Всеобщая песня: стихи зарубежных поэтов / сост. В. С. Семуха; вступ. ст. Я. Семежона. Мн., 1985. С. 147.

ГРЫНЬКО Ягор - 2004 года нараджэння з горада Бяроза - цяжкаатлет, член каманды Беларусі на маладзёжным (спартсмены не старэйшых за 20 гадоў) чэмпіянаце свету па цяжкай атлетыцы ў Гвадалахары (15-23.11.2023). Чацвёра хлопцаў і адна дзяўчына: Ягор, як і другі Ягор - Папоў, у вагавой катэгорыі да 67 кг, Кацярына Якушава - у вазе да 64 кг. Ігнат Паўлюкавец (да 89 кг), а 22 лістапада - Уладзіслаў Саковіч (да 109 кг).

Яны, у ліку 229 штангістаў з 44 краін, не толькі разыграюць медалі ў дваццаці вагавых катэгорыях (па 10 у юнакоў і дзяўчат), але, што не менш важна для ўдзельнікаў любых міжнародных спаборніцтваў, пазнаёмяцца з новымі людзьмі і месцамі, у дадзеным выпадку гэта зямля "ацтэкаў і майя", а таксама іх нашчадкаў - у горадзе, у месцах спаборніцтваў і нават на памостах. Напэўна, будуць экскурсіі за горад.

СТАТКЕВІЧ Святлана (Svetlana Statkevich) - на працягу 7 дзён, 24-30.08.2015 г., упершыню ў Менску, праходзіў міжнародны конкурс "Місіс Сусвет 2015" (Mrs. Universe 2015), і Святлана Статкевіч са Смалявічаў атрымала званне "Місіс сацыяльная актыўнасць". Яна ўжо пераможна ўдзельнічала ў нацыянальных і міжнародных конкурсах прыгажосці для замужніх жанчын. Перад конкурсам 2015 г. Святлана апісвалася як прадпрымальніца, якая вядзе актыўную дабрачынную дзейнасць і выхоўвае двух дзяцей - дзяўчынку і хлопчыка.

Тытул "Місіс Сусвет-2015" на конкурсе ў Менску заваявала актрыса, мадэль, заўважаная і адзначаная тытулам і даручанай ганаровай роллю на "Міс Канада 2010", Эшлі Бурнхэм - індыянка кры родам з рэзервацыі народа інак кры (Enoch Cree Nation) каля Эдмантана ў Альберце, дзявочае прозвішча - Колінгбул (Callingbull). З лютага 2015 г. некаторы час яна была замужам за нейкім Раянам Бурнхэмам, але яны разышліся, і ў 2021 г. пабралася шлюбам з індзейцам-хакеістам У. Рэбітам (Wacey Rabbit), які рос у рэзервацыі кайнай (чарнаногіх). У розныя перыяды пасля замужжа яе называлі Ashley Burnham, часам Callingbull-Burnham або проста Ashley Callingbull (насіць яшчэ адно прозвішча, утворанае ад назвы жывёлы, тым больш не такой магутнай, як бык або бізон, яна, верагодна, не захацела) .

Яна была першая канадка і першая карэнная канадка, якая атрымала тытул "Місіс Сусвет". Апісваецца тое, як індзейскія матывы былі прадстаўленыя ў яе адзенні, як з-за падабенства з Пакахонтас яе ў кулуарах называлі гэтым імем, як яна гучна закранула праблемы індзейскіх жанчын у Канадзе.

Планаваўся "круглы стол на тэму супрацьстаяння хатняму гвалту".

"Конкурс закліканы прыцягнуць увагу да праблемы гвалту ў адносінах да жанчын". Але Эшлі пайшла далей і фактычна выказала прэтэнзіі да ўрада Канады за няздольнасць упарадкаваць справы, якія тычацца дабрабыту і нават самога жыцця карэнных канадак - як вядома, вялікая колькасць іх проста знікла без магчымасці дакладна растлумачыць прычыны гэтага.

"As a survivor of physical and sexual abuse, Burnham said the theme of the pageant, addressing domestic violence, resonated with her".

Конкурс "Місіс Сусвет" з-за выступлення Эшлі трапіў пад крытыку за парушэнне "trademark" - г.зн. прынцыпаў і правілаў яго правядзення, хаця большасць людзей у свеце, верагодна, паставілася да выказанага Эшлі з разуменнем.

Яна таксама звярнула ўвагу на нацыянальную атрыбутыку, якая павінна адэкватна прадстаўляць на конкурсах жанчыны, што ў іх удзельнічаюць. У Менску яна з'явілася не толькі як індыянка, але і ў вобразе індыянкі.

Згадвалася запланаванае дэфіле нацыянальных касцюмаў у Цэнтральным батанічным садзе - прыгожыя "кветкі" "ў плоці" і з усяго свету.

Згодна з папярэдняй праграмай, удзельніцам міжнароднага конкурсу мусілі зладзіць экскурсіі і воінскую часць спецыяльнага прызначэння.

Даюцца лічбы 56 удзельніц і краін або проста больш за 50 або нават 60 удзельніц; з амерыканскіх краін, акрамя Канады, называліся Мексіка, Венесуэла, Бразілія.

Ashley Callingbull MRS UNIVERSE 2015. First nations beauty pageant queen memories slideshow: https://www.youtube.com/watch?v=yhhCM2kB-ms.

Літ.:

3595 Сетунский Н. Тяжелая доля канадских узниц // Советская Белоруссия. 1998. 7 марта. С. 18.

5421 Каштанова И. "Новая группа" и роль женщины в современном обществе // Знамя юности. 1998. 8 дек.

9688 Савва, архимандрит (Мажуко). Гимн женщине // Правило веры (Гомель). 2016. 6 марта. № 10. С. 1-2.

4883 Вайнінгер О. Пол і характар. ХII разьдзел: Сутнасьць жанчыны й ейны сэнс у сусвеце / пер. зь ням. А. Пяткевіча // Arche. 1999. № 3 / 4. С. 69-85.

4706 Шамякін I. Непрыгожая?: [апавяданне, адно з трох аўтара ў нумары] // Маладосць. 1961. № 1. (Не "місіс", але цэлы сусвет у вёсцы: выхоўвае прыёмных дзяцей без мужа...: "Мы тут - "апошнія з магікан": усё яшчэ самі пячом хлеб. На лісці. Дубовым і кляновым".)

4707 Шамякін I. Непрыгожая? // Шамякін I. Матчыны рукі, апавяданні. Мн., 1961.

4708 Шамякін I. Непрыгожая // Шамякін I. Збор твораў у 5 т. Т. 3: Крыніцы: раман; Апавяданні. Мн., 1966. С. 594-610.

4709 Шамякін I. Непрыгожая // Шамякін I. Вячэрні сеанс: апавяданні і аповесць. Мн., 1968. С. 30-47.

4710 Шамякін I. Непрыгожая // Шамякін І. Бацькі і дзеці: выбранае. Мн., 1971.

4711 Шамякін I. Непрыгожая // Шамякін I. Збор твораў у 6 т. Т. 2: Крыніцы: раман; Ах, Міхаліна, Міхаліна...; аповесць; апавяданні. Мн., 1977.

4712 Шамякін I. Непрыгожая // Шамякін I. У роднай сям'і: аповесці і апавяданні / аўт. уступ. арт. У. В. Гніламёдаў. Мн., 1986. С. 476-490.

4717 Шамякин И. Некрасивая: рассказ / авториз. пер. с бел. А. Островского // Огонек. 1961. № 23. С. 10-13.

4718 Шамякин И. Некрасивая: рассказ / пер. А. Островского // Белорусские рассказы. М., 1962. (Дети учительницы; Некрасивая: рассказы.)

4719 Шамякин И. Некрасивая: рассказ / пер. А. Островского // Сельская жизнь. 1963. 26 окт.

4720 Шамякин И. Некрасивая: рассказ / пер. А. Островский // Ригас Балсс. 1964. 5, 6 июня.

4716 Шамякин И. Листопад / пер. А. Островского // Шамякин И. Листопад: повесть и рассказы / авториз. пер. с бел. пер. П. Кобзаревского и А. Островского. М., 1964. С. 5-22. (У арыгінале: "Непрыгожая".)

4721 Шамякин И. Некрасивая / пер. с бел. А. Островского. Мн., 1965/. (Выдавецтва "Беларусь" , 1965. 22 с . (Серыя "Белорусский рассказ"). 64500 экз.)

4722 Шамякин И. Некрасивая // Шамякин И. Комендор с "Олега": рассказы: пер. с бел. М., 1971.

4724 Шамякин И. Некрасивая / пер. А. Островского // Шамякин И. Собрание сочинений: В 6 т. Т. 1: Глубокое течение: роман; Рассказы 1950-1970 гг.: пер. с бел.; вступ. ст. В. А. Коваленко. Л., 1987. С. 400-412.

4723 Шамякин И. Некрасивая / пер. А. Островского // Шамякин И. Отблески: повесть и рассказы: пер. с бел. М., 1974. С. 466-479.

7826 Shamyakin I. A plain woman / trans. from the Byelorussian by M. Mintz // Colours of the Native Country. Minsk, 1972. ("It was the month of October. The day was dreary, but still rather warm. The Indian summer had come and gone, leaving the dried-up stalks along the wayside covered with gossamer cobweb". "As a punishment," she meanwhile continued about her son, "I've sent him to the forest to gather leaves. We are 'The Last of the Mohicans' here. We still bake our own bread. On leaves. Oak and maple leaves. Perhaps you remember how your mother used to do the bread-baking, or don't you?")

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou (baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

Индейцы, Indianie, Indians, Indianer, indigenas, indios de America y Belarus; вы можаце дасылаць свае гісторыі пра індзейцаў. Алесь Симаков, исследователь белорусско-индейских связей, координатор проекта "О школе: Grinkevich On the School Research and Translation Project (Church school in San Francisco, 1888-1892. Церковная школа в Сан-Франциско).

Лідскі аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры запраше на анімацыйную праграму "Піліпаўскія вечары"

Дата правядзення мерапрыемства - 25 лістапада ў 16:00

На Гарадзеншчыне час вячорак адкрываўся з пачаткам Піліпаўскага посту, і адной з назваў такіх вечароў была "Кудзелькі". Назва звязана з родам заняткаў падчас гэтых збораў. Дзяўчаты, збіраючыся кожны раз на новым месцы, у новай хаце, пралі ніткі. Сяброўкі па чарзе запрашалі да сябе на вячоркі, спявалі песні, частаваліся.

Сёлетняе мерапрыемства будзе мець характар рэканструкцыі і на свяце вас чакаюць песні, танцы, гульні, варожбы, жарты, байкі, ценявы тэатр, гумар і вясёлы настрой.

Уваход на свята вольны. Падрабязнасці і дадатковую інфармацыю аб мерапрыемстве можна атрымаць па тэлефоне 8(0154)-546248.

Мюзікл "Спявай, душа!"

Да Дня працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці калектыў Палаца культуры горада Ліды падрыхтаваў яркую тэатральна-музычную праграму "Спявай, душа!", якую глядач ужо ахрысціў мюзіклам.

Дзеянне пастаноўкі адбываецца ў этнасельгас-сядзібе "Свята", гаспадарамі якой з'яўляюцца харызматычны Сцяпан і актыўная Эмілія Студзяніцкія. Галоўныя героі сустракаюць гасцей, працуюць на роднай зямлі, разводзяць пчол, рыбачаць, а часам з цікавасцю падглядваюць за жыццём суседзяў… І вядома ж, не абыходзіцца мюзікл без рамантычных сюжэтных ліній. Гэтую займальную і яркую музычную гісторыю варта ўбачыць.

ТК "Культура Лідчыны"

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX