Наша слова.pdf № 49 (101), 6 лснежня 2023 г.
Адборачны тур ХІV Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур
"Мы - гэтай краіны багацце" - фінал абласнога тура і фінал усіх адбораў на XIV Фестываль нацыянальных культур!
У Палацы культуры горада Ліды завяршыўся адборачны тур ХІV Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур. 7 нацыянальнасцей і больш за 200 удзельнікаў Гарадзенскай вобласці "закрылі" абласныя этапы.
Свята пачалося з выставы майстроў народнай творчасці і выставы-дэгустацыі нацыянальных страў, у рамках якой чальцы журы і гледачы пазнаёміліся з вырабамі дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва і ацанілі кухні прадстаўнікоў татарскай, украінскай, польскай, літоўскай і рускай нацыянальнасцяў.
Удзельнікі мерапрыемства змагаліся за званні лепшых у вакальным мастацтве, у танцы і дэкламацыі паэтычных твораў.
За мінулыя гады фестываль сфармаваў сваю гісторыю і стаў значнай падзеяй у культурным жыцці нашай вобласці, ён з'яўляецца стымулам з'яўлення новых, самабытных нацыянальных творчых калектываў і індывідуальных выканаўцаў.
У чарговы раз абласны адборачны тур фестывалю нацыянальных культур пазнаёміў удзельнікаў і гледачоў з творчасцю багатага суквецця розных этнічных культур, якія жывуць у Гарадзенскай вобласці і падкрэсліў нацыянальную асаблівасць культуры беларускага народа.
Па рашэнні журы лепшыя творчыя калектывы і выканаўцы, будуць рэкамендаваны для ўдзелу ў ХІV Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур, які пройдзе ў Гародні ў 2024 годзе.
ТК "Культура Лідчыны".
У касцёле ў Наваградку падчас пасяджэння епіскапату дабраславілі мемарыяльную шыльду ў памяць пра Слугаў Божых: біскупа і законніцу
21-22 лістапада ў рэкалекцыйным доме пры парафіі святога Арханёла Міхала ў Наваградку (Гарадзенская дыяцэзія) праходзіла 88-е Пленарнае пасяджэнне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
Як афіцыйна паведамлялася раней, у восеньскім пасяджэнні беларускага каталіцкага епіскапату ўзялі ўдзел Старшыня ККББ біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, віца-старшыня ККББ біскуп Гарадзенскі Аляксандр Кашкевіч, генеральны сакратар ККББ дапаможны біскуп Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.
На пасяджэнні таксама прысутнічалі Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч, сакратар Апостальскай нунцыятуры ў Менску ксёндз Крыштаф Сэрока і Апостальскі адміністратар для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.
Як паведаміла Прэс-служба Гарадзенскай дыяцэзіі, завяршылася пасяджэнне святой Імшой у наваградскім касцёле святога Арханёла Міхала, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Станеўскі. У Эўхарыстыі ўдзельнічалі таксама мясцовыя вернікі.
Пробашч парафіі святога Арханёла Міхала ксёндз Юрый Жэгарын прывітаў усіх прысутных, асабліва іерархаў, і звярнуўся да біскупаў з просьбай дабраславіць мемарыяльную шыльду, прысвечаную двум славутым Божым Слугам з Наваградскай зямлі: біскупу Зыгмунту Лазінскаму i сястры Вандзе Банішэўскай.
Зыгмунт Лазінскі нарадзіўся ў 1870 годзе ў вёсцы Барацін каля Карэлічаў. Будучы першы біскуп Пінскай дыяцэзіі правёў у гэтай вёсцы толькі першыя дзесяць гадоў жыцця, бо ў 1880 годзе сям'я Лазінскіх пераехала ў маёнтак Чэрнік каля Міньска-Мазавецкага (Польшча), але малая радзіма назаўсёды засталася ў яго сэрцы.
Ванда Банішэўская нарадзілася ў 1907 годзе ў вёсцы Каменка каля Наваградка. Яна жыла там разам з бацькамі, братамі і сёстрамі, пакуль не ўступіла ў Кангрэгацыю Сясцёр ад Анёлаў у Вільні.
Напрыканцы святой Імшы арцыбіскуп Юзаф Станеўскі дабраславіў мемарыяльную шыльду і заахвоціў прысутных "не баяцца быць святымі ўжо на зямлі".
Паводле: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі.
Фота : Grodnensis.by / Catholic.by.
Не стала Алеся Мацулевіча
2 снежня па Лідзе разляцелася жалобная вестка. Не стала кіраўніка літаб'яднання "Суквецце", паэта і журналіста Алеся Мацулевіча. Тыдзень назад здарыўся абшырны інфаркт. Пасля двух дзён у рэанімацыі Алеся перавялі ў кардыялогію, ён адзваніўся ўсім знаёмым, што ідзе на папраўку. Але...
Алесь Мацулевіч нарадзіўся 19 студзеня 1981 года ў Лідзе. Скончыў Лідскае педагагічнае вучылішча (2000), Берасцейскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна (2005, філалагічны факультэт).
Журналісцку працу пачаў у незалежнай газеце "Тэлескоп" (рэдактар С. Суднік). Пасля закрыцця "Тэлескопа" перайшоў у дзяржаўную "Лідскую газету". Праз увесь час супрацоўнічаў з газетамі "Наша слова" і "Наша слова.pdf".
Вершы Алеся Мацулевіча друкаваліся на старонках "Лідскай газеты", у літаратурна-мастацкіх часопісах "Ад лідскіх муроў" і "Верасень", у калектыўных зборніках. Песня на верш "Роднаму гораду" (кампазітар - Аляксандр Якіменка, г. Астравец) прагучала ў час святкавання 690-годдзя Ліды (2013). Верш "Купалле" прагучаў у эфіры Беларускага тэлебачання, у праграме "Добрай раніцы, Беларусь!" (2017). Алесь Мацулевіч - пераможца III адкрытага рэгіянальнага конкурсу імя Веры Навіцкай "Дарослыя - дзецям" (2018). Аўтар кніг паэзіі "Леў і ключы" (2015) і "Горад-карабель" (2019). З 2019 года - кіраўнік літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты". З таго ж года з'яўляўся ўдзельнікам народнага аматарскага аб'яднання "МузАльянс" Палаца культуры горада Ліды.
У 2023 годзе Алесь Мацулевіч падрыхтаваў да друку сваю трэцюю кнігу "Бронзавы Гедымін". Кніга ўжо звёрстана і была адпраўлена аўтару для апошняй вычыткі. На жаль вычытаць кнігу Алесь ужо не паспеў. Тым не менш кніга Алеся Мацулевіча "Бронзавы Гедымін" выйдзе, няхай ужо як помнік шчыраму беларускаму хлопцу, журналісту і паэту, але абавязкова выйдзе.
Светлая памяць табе, Паэце.
Вершы з новай кнігі Алеся Мацулевіча
Бронзавы Гедымін
Аганаў ды Нячай* - "бацькі"
для бронзавага Гедыміна,
а шпоры ў конскія бакі -
аб інахадзі напамінак.
У доўгім бронзавым плашчы,
на бронзавым кані Вялікі.
На князя бронзавым плячы
гуляюць залатыя блікі.
Сярод заводаў і дамін,
пад сонцам у нябёс блакіце
стаіць ля замка Гедымін,
які паклаў пачатак Лідзе…
Пайшоў вайной крыжак-шакал
на княства гарады і весі -
каб засланіць шлях крыжакам,
князь замак загадаў узвесці…
Сябры з'язджаюцца да нас,
да бронзавага Гедыміна.
Прыезджым ды лідзянам князь -
як аб даўнейшым напамінак.
2019
*Сяргей Аганаў і Вольга Нячай - беларускія скульптары, аўтары помніка Вялікаму князю Гедыміну ў Лідзе.
Мая малая радзіма
Малая радзіма мая -
вялікая, слаўная Ліда,
з якою я сэрца спаяў,
з якою душа мая зліта.
Радзіма малая мая -
дзе замак часоў Гедыміна
глядзіцца, калісьці ваяр,
у люстра азёрнае мірна.
Малая радзіма мая -
дзе ціхая рэчка Лідзейка
віецца, нібыта змяя;
дзе "лакі", "малочка", "ліцейка"…
Радзіма малая мая -
дзе шмат прадпрыемстваў працуе.
Вядомая ў многіх краях
прадукцыяй Ліда-красуня.
Малая радзіма мая -
дзе высіцца з бронзы Скарына…
Я Ліду гатовы абняць,
бо сэрца яна пакарыла.
Радзіма малая мая,
прыгожая, мілая Ліда,
я сэрца з табою спаяў,
з табою душа мая зліта!
2018
"Лідская газета"
Да 80-годдзя выдання
Каб часу адчуваў павеў,
каб пра жыццё раёна ведаў,
каб тэму для размовы меў,
са мною - "Лідская газета".
Як печ рыхтуюць да зімы,
куды прадукцыя вязецца
і дзе будуюцца дамы,
раскажа "Лідская газета".
Як дружны экіпаж жыве,
і як камбайнер паабедаў,
і як шчыруюць на жніве,
раскажа "Лідская газета".
Пра сто бабуліных гадкоў,
аб франтавых дарогах дзеда
і пра працоўны шлях бацькоў
раскажа "Лідская газета".
Хто на баяне лашчыў слых,
і дзе адкрыты сад для дзетак,
і хто наведаў пажылых,
раскажа "Лідская газета".
Куды схадзіць усёй сям'ёй,
як школьнікі праводзяць лета
і дзе каткі зальём зімой,
раскажа "Лідская газета".
Як рыцарскі прайшоў турнір,
і дзе "Лідчанкай" песня спета,
і чым запомніўся "LIDBEER",
раскажа "Лідская газета".
Хто бегае за ўсіх хутчэй,
і пра рэкорд цяжкаатлета,
і пра футбол, і пра хакей
раскажа "Лідская газета".
Як п'яніца гразіў нажом,
як дом спаліла цыгарэта,
як пёр "бяспраўнік" на ражон,
раскажа "Лідская газета".
І аб ансамблі скрыпачоў,
і пра суквеццеўскіх паэтаў,
і пра заўзятых рыбакоў
раскажа "Лідская газета".
Як пабароць уласны страх,
аб доўгага жыцця сакрэтах
і аб рэцэптах смачных страў
раскажа "Лідская газета".
Каб часу адчуваў павеў,
каб пра жыццё раёна ведаў,
каб тэму для размовы меў,
з табою - "Лідская газета".
2019
Прыпеўкі пра бібліобус
Слухай, бабка, жонка, дзеўка!
Слухай, дзед, мужчына, хлопец!
Зараз вам спяём прыпеўкі
пра машыну - бібліобус!
* * *
Бібліобус нас распесціў:
мы па кніжачкі не ездзім -
і цяплом, і маразамі
ездзяць кнігі да нас самі.
* * *
Едзе ў вёску бібліобус.
Справу добрую ён робіць -
ён вязе вяскоўцам кнігі.
Людзі справу ацанілі.
* * *
Едзе з кнігамі па сёлах
бібліётыка на колах.
Ездзіць з кніжкамі па вёсках
бусік хуткі - не павозка.
* * *
Розных кніжак поўная,
ездзіць перасоўная.
З вуліцы на вуліцу
бусік перасунецца.
* * *
Рада вельмі той "Газелі"
сэрданька сялянскае…
Вам прыпеўкі мы прапелі,
а вы нам - папляскайце!
2017
"Нельга забыць. Цяжка помніць…"
Бібліобус Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы выязджаў да чытачоў з аддаленых вёсак па маршруце "Канюшаны-Дзітрыкі". Бібліятэкар арганізавала кніжную выставу "Нельга забыць. Цяжка помніць…".
Чытачы пазнаёміліся з літаратурай, у якой апісваюцца злачынствы гітлераўцаў над беларускім народам у гады Вялікай Айчыннай вайны. Асаблівая ўвага была сканцэнтравана на матэрыялах, дзе паказаны зверствы нацыстаў пры знішчэнні вёсак разам з людзьмі: як зганялі людзей у гумны, як стралялі па тых, хто імкнуўся ўцячы, як падпальвалі гэтыя гумны разам з людзьмі. Пажылыя чытачы расказвалі пра ўспаміны іх дзядоў і прадзедаў аб жыцці ў пастаянным страху ўсе ваенныя годы.
ТК "Культура Лідчыны".
Нарада ў Лідскім экацэнтры
У Лідскім раённым цэнтры экалогіі, турызму і краязнаўства прайшла Раённая інструктыўна-метадычная нарада з педагогамі-краязнаўцамі ўстаноў адукацыі.
Абмеркаваны актуальныя аспекты арганізацыі краязнаўчай дзейнасці са школьнікамі, прадстаўлены лепшы досвед працы СШ №11 г. Ліды, СШ № 1 г. Бярозаўкі, падведзены вынікі і пастаўлены задачы на новы навучальны год. Былі аналіз, тэорыя і шмат практыкі.
Значным элементам сустрэчы стала прэзентацыя кнігі педагога СШ №11 г. Ліды Анашкевіч Н.М. "Герб горада Ліды як гісторыка-геральдычны помнік Беларусі".
Вялі нараду педагогі-мадэратары: Ала Жылевіч і Таццяна Ярошка.
ТК "Культура Лідчыны".
Памерла праўнучка Францішка Багушэвіча
Пайшла ў лепшы свет пані Крыстына Шманьда - праўнучка класіка беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча. Сумную навіну з Варшавы паведаміў у фэйсбуку журналіст Віктар Шукяловіч.
Крыстына Шманьда нарадзілася ў 1932 годзе ў леснічоўцы Падзялёная пад Смаргонню. Тады гэта быў Ашмянскі павет Віленскага ваяводства ў складзе Польшчы. Яе маці - Станіслава Тамашэўская - была сярэдняй дачкой Тамаша Багушэвіча, сына слыннага паэта і абаронцы беларускай мовы Францішка Багушэвіча.
"Калі Крыстыне было 7 гадоў, яе разам з маці і братам бальшавікі выслалі ў Сібір. Большасць яе ўспамінаў з тых часоў была пра ежу: пра дзікую моркву на лузе, кіслую капусту, сланечнікавую макуху з фабрыкі алею, ляндрынку ад суседа, якая тады здалася ёй найвялікшым смакоццем у свеце…", - піша Віктар Шукяловіч.
З бальшавіцкага палону сям'я Тамашэўскіх здолела выбрацца ў 1942 годзе, калі ў СССР падчас Другой сусветнай вайны фармавалася польская Армія Андэрса. Спачатку Тамашэўскія перабраліся ў Персію, а пасля ў Індыю.
Толькі пасля Другой сусветнай вайны, у 1947 годзе, Станіслава Тамашэўская з дзецьмі змаглі пакінуць Індыю ды выехаць у Польшчу, дзе ўз'яднання з сям'ёй чакаў муж і бацька - Юзаф Тамашэўскі. Падчас вайны ён змагаўся ў Арміі Краёвай на Ашмяншчыне, а пасля заканчэння баявых дзеянняў здолеў выехаць у Польшчу на землі, атрыманыя ад Нямеччыны.
Сям'я Тамашэўскіх жыла ў горадзе Гіжыцке на Мазурах. Крыстына ж пасля заканчэння хімічнага факультэта ў Познані пераехала разам з мужам, хімікам і музыкам, у Варшаву. Тут яна працавала настаўніцай хіміі ў школе.
У 2017 годзе Крыстына Шманьда падзялілася ўспамінамі пра нялюдскія здзекі, голад, хваробы ды страх з журналістам тэлеканала "Белсат".
Ніхто з непасрэдных нашчадкаў Францішка Багушэвіча цяпер не жыве ў Беларусі - некаторыя з іх перабываюць у Польшчы, а частка выехала ў ЗША.
Паводле СМІ.
Выйшла кніга пра знакавую этнаэкспедыцыю стогадовай даўніны
У выдавецтве "Беларуская навука" выйшаў альбом-манаграфія "Забытая экспедыцыя 1923 года. Ля вытокаў акадэмічнай этнаграфіі ў Беларусі". Яе аўтары - Сяргей Грунтоў, Яніна Грыневіч і Надзея Саўчанка.
Кніга прысвечаная вывучэнню гісторыі падрыхтоўкі і правядзення этнаграфічнай экспедыцыі 1923 года, якая была арганізавана сумесна Інбелкультам і Галоўным архіўным упраўленнем. Сабраныя ёю экспанаты былі прадстаўленыя ў беларускім павільёне Першай Усесаюзнай сельскагаспадарчай і кустарна-прамысловай выставы ў Маскве, а пасля сталі асновай этнаграфічнай экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея.
Аснову выдання складаюць 59 фотаздымкаў экспедыцыі, якія захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. Цалкам яны публікуюцца ўпершыню, да кожнага складзены разгорнуты каментар.
У кнізе прадстаўлены гісторыя арганізацыі і правядзення экспедыцыі, працэс падрыхтоўкі да Усесаюзнай выставы і праца яе беларускага павільёна. Акрамя таго, прадстаўленыя біяграфічныя нарысы ўдзельнікаў экспедыцыі Міхася Мялешкі, Аляксандра Шлюбскага, Міколы Азбукіна і Льва Дашкевіча ды агляд развіцця беларускай савецкай этнаграфіі і фальклазнаўства ў 1920-я - пачатку 1930-х гадоў.
Выданне падрыхтавана пераважна на матэрыялах фондаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь і па публікацыях у тагачасным перыядычным друку. Кніга падрыхтаваная да 100-годдзя правядзення экспедыцыі.
Альбом-манаграфія будзе цікавы этнолагам, гісторыкам, мастацтвазнаўцам, краязнаўцам, а таксама шырокаму колу чытачоў, якія цікавяцца беларускай гісторыяй і культурай.
Паводле СМІ.
Навіны Германіі
Актыўная пазіцыя Германіі супраць досведаў на жывёлах
Прэмія за даследаванні ў вобласці абароны жывёл 2023 года прысуджана за "Інавацыйныя даследаванні, якія дазваляюць замяніць эксперыменты на жывёлах культурамі клетак".
Скарачэнне ліку доследаў на жывёлах з'яўляецца важнай мэтай Федэральнага ўрада. Кожны год узнагароды ўручаюцца даследчыкам, чые вынікі дазваляюць знайсці альтэрнатыву выпрабаванням на жывёлах. У 2023 годзе прэмія была ўручана даследніцы пухлін прафесару Дыяне Кляйн з Інстытута клеткавай біялогіі медыцынскага факультэта Універсітэта Дуйсбург-Эсэн. Эксперыменты на жывёлах не рэдкасць, асабліва ў даследаваннях раку. Кляйн распрацавала метад, з дапамогай якога лячэнне пухлін можна пратэставаць на клеткавых культурах, а не на жывёлах, як гэта было раней. Кляйн і яе каманда распрацавалі мадэлі клеткавых культур, якія імітуюць чалавечыя органы. Гэтыя мадэлі даюць магчымасць даследаваць розныя спосабы лячэння, такія як прамянёвая і/ці хіміятэрапія.
У кааліцыйнай дамове Федэральны ўрад паставіў перад сабой амбіцыйныя мэты ў вобласці абароны жывёл, уключаючы значнае скарачэнне выпрабаванняў на жывёлах. Арыяне Гнеда была прызначана ўпаўнаважанай Федэральнага ўрада па абароне жывёл. Федэральнае міністэрства сельскай гаспадаркі падтрымлівае, сярод іншага, даследчыя праекты, накіраваныя на скарачэнне колькасці выпрабаванняў на жывёлах, і фінансуе Нямецкі цэнтр абароны лабараторных жывёл.
Берлін (d.de) -© pictureAlliance/dpa.
Германія выдзеліць 100 млн даляраў для кліматычнага фонду
На адкрыцці Сусветнай канферэнцыі па клімаце ўрад Германіі і ААЭ нечакана паабяцалі выдзеліць фінансавую дапамогу для бедных краін у памеры 200 млн даляраў.
На адкрыцці Канферэнцыі ААН па змене клімату COP28 у Дубаі Германія і Аб'яднаныя Арабскія Эміраты паабяцалі выдзеліць па 100 млн даляраў (92 млн еўра) на патрэбы фонду па пакрыцці страт і шкоды (ангел. Loss and Damage Fund). Гэта першы грашовы ўнёсак у фонд, які быў створаны летась для кампенсавання страт, звязаных са зменай клімату, у асабліва ўразлівых краінах. Вялікабрытанія, ЗША і Японія таксама паабяцалі зрабіць ахвяраванні. Фонд прызначаны для аказання дапамогі, да прыкладу, пасля ўраганаў ці працяглых засух, выкліканых глабальным пацяпленнем. Унёскі ў фонд ажыццяўляюцца ўсімі дзяржавамі на добраахвотнай аснове. Міністр эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця Свення Шульцэ заклікала Кітай і іншыя новыя індустрыяльныя краіны таксама прыняць удзел у фінансаванні фонду. Яна гаварыла пра "рэвалюцыйнае рашэнне ў карысць самых уразлівых".
Германія спадзяецца, што яе нечаканае абяцанне паслужыць сігналам, які заахвоціць іншыя краіны таксама зрабіць ахвяраванні ў фонд.
Дубай (dpa) - © pictureAlliance/dpa.
"Дзеці цёмных сялян, якія ўчора хадзілі за плугам, не проста абвясцілі сябе літаратарамі, а ўзяліся за выкананне вялікай місіі"
Роўна сто гадоў таму, 28 лістапада 1923 года ў Менску быў створаны легендарны "Маладняк", які пакінуў па сабе значны след у беларускай літаратуры.
Маладнякоўцы. 1-ы рад: Я. Падабед, А. Якімовіч, М. Чарот, А. Дудар, Я. Пушча; 2-і рад: А. Бабарэка, Н. Чарнушэвіч, П. Трус, А. Вольны, А. Александровіч, К. Чорны (1925). Крыніца ілюстрацыі: Скарбніца нацыянальнай літаратуры і мастацтва: камплект рэпрадукцый / Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва
Што было "да"?
Яшчэ з часоў першых беларускіх адраджэнцаў у беларускай літаратуры панавалі ўмоўныя "песні жальбы". Пісалі іх многія, у тым ліку бясспрэчныя нашыя класікі - Якуб Колас, Янка Купала, Цішка Гартны. Старонкі "Нашай Долі", "Нашай Нівы" ды іншых выданняў першых дзесяцігоддзяў XX стагоддзя былі літаральна перапоўненыя плачам па нешчаслівай долі.
Прывяло ўсё гэта ў выніку да таго, што Вацлаў Ластоўскі ў 1913 годзе на старонках "першай беларускай газеты з рысункамі" распачаў дыскусію аб тым, як мела развівацца беларуская літаратура. Маўляў, не ўсё так кепска і ў родным краі трэба шукаць не адно негатыў, але і нешта пазітыўнае. Каб наступным пакаленням было чым ганарыцца.
З таго часу мінула дзесяць гадоў, якія істотным чынам змянілі гістарычны, палітычны і культурніцкі ландшафт Беларусі. Грымнула Першая сусветная вайна, якая стала самай сапраўднай катастрофай для Еўропы. Па выніку яе з мапы свету знікла некалькі імперый, а на іх рэштках утварыліся новыя, ужо нацыянальныя дзяржавы.
Рэвалюцыі, які адбыліся ў той час па ўсім свеце, да непазнавальнасці мянялі краіны. Расія, Германія, Турцыя паўставалі цяпер у абсалютна новым і нечаканым, раней не бачаным абліччы. Старая культура, што была цесна звязаная з ранейшымі парадкамі, таксама адыходзіла ў нябыт. Баль правілі авангард і мадэрнізм.
Як усё пачыналася?
Познім вечарам 28 лістапада 1923 года ў будынку "Камуністычнага інтэрнацыяналу моладзі", які месціўся ў самым сэрцы тагачаснага Менска, сабралася 6 чалавек. У выніку паседжання пастанавілі стварыць літаратурнае аб'яднанне, якое б прапагандавала новую рэвалюцыйную культуру.
З тых літаратараў, што прысутнічалі на ім, усе былі яшчэ "зялёнымі" ва ўсіх сэнсах гэтага слова. Самым маладым быў Андрэй Александровіч, які меў на той момант усяго 17 гадоў. Следам ішоў паэт Алесь Дудар, якому тады было 18 гадоў. Ягоны сябар Анатоль Вольны і яшчэ адзін паэт Язэп Пушча былі ва ўзросце 21 года. Крытык Адам Бабарэка быў трохі старэйшы за калегаў - яму было ўжо 24 гады. Ну а самым дарослым і дасведчаным у літаратурнай справе з іх быў Міхась Чарот, якому было 27 гадоў. Таму не дзіва, што менавіта ён і ачоліў наваствораную суполку.
Дзеці цёмных сялян, якія яшчэ ўчора хадзілі за плугам і пасвілі каровы, цяпер не проста абвясцілі сябе літаратарамі, а ўзяліся за выкананне вялікай місіі - зрабіць перамены ў тагачаснай беларускай культуры. Па сутнасці "Маладняк" ад першых дзён свайго існавання быў не проста літаратурным аб'яднаннем, але найперш тусоўкай пасіянарных маладзёнаў, што гуртавалі вакол сябе падобных - найперш авангардных аўтараў. А авангард, як вядома, тады панаваў у Еўропе.
"Бура і націск"
Ідучы следам за нямецкімі рамантыкамі канца XVIII стагоддзя, маладнякоўцы абвясцілі свой уласны, беларускі "Sturm und Drang". Гэта значыць, зацятае змаганне і перафарматаванне айчыннай культуры. Вось што пісаў у тым самым 1923 годзе Кандрат Крапіва ў адным са сваіх вершаў, які так і называецца "Аб "буры і націску"":
Адзін аж лезе, здэцца, з скуры,
Даводзячы патрэбнасць "буры"
І "націску" ў літаратуры;
Другі баіцца, мусіць, буры:
Даводзіць ён, што лепей крышку
Было б сядзець нам у зацішку;
А трэці проста пустазвоніць -
Ні нападае, ні бароніць.
Узнялі толькі завіруху, -
Тым часам справа ўсё без руху.
Браткі! ці весці гэту спрэчку,
Ці сыпаць вам муку у рэчку,
Як у няведамай старонцы
Калісь рабілі пашахонцы, -
Карысць, бадай-што, тут адна:
Не будзем мець мы талакна.
Чым весці спрэчку гэту дурна,
Было б, па-мойму, лепей крыху
За працу ўзяцца - хто паціху,
А хто няхай бы сабе й бурна.
Малады паэт, які не без іроніі разважаў над літаратурнымі спрэчкамі, што развялі маладнякоўцы, у выніку і сам далучыўся да аб'яднання. Але ў 1926 годзе пакінуў яго, перайшоўшы разам з Адамам Бабарэкам і Кузьмой Чорным у не менш легендарнае "Узвышша".
Чаму "Маладняк" распаўся?
У хуткім часе пасля з'яўлення "Маладняка" пачалася і актыўная праца - у друку з'яўляліся новыя творы маладнякоўцаў, выходзілі іхнія кнігі, з'яўлялася крытыка на іх. Філіі арганізацыі як грыбы пасля дажджу пачалі расці не толькі на Беларусі, але і за яе межамі.
Вядома як мінімум пра дзве такія - адна дзеяла ў Маскве, а другая ў Празе. Ды і заходнебеларуская моладзь, што цікавілася актуальнай культурай, бачыла ў маладнякоўцах пэўны арыенцір і ўзор для пераймання. Ужо ў 1925 годзе колькасць сяброў аб'яднання перавышала пяць сотняў - гэта быў проста неверагодны рост. Але колькасць далёка не заўжды азначае якасць. Часцяком у "Маладняк" прымаліся людзі без асаблівых талентаў, якія проста былі неабыякавыя да літаратуры і "пралетарскай" культуры ды маглі быць хаця б нечым карыснымі. Таму тыя, хто ўжо сцвердзіўся на ніве прыгожага пісьменства, і вырашылі адасобіцца ад іх у нешта больш элітарнае. Так і паўстала ўвесну 1926 года "Узвышша" - з адной назвы якога ўжо робіцца зразумела, хто мог стаць сябрам гэтага аб'яднання. Не проста неабыякавы, але таленавіты і здольны. Паміж былымі таварышамі ў прэсе распачалася сапраўдная варажнеча.
У 1928 годзе "Маладняк" фактычна спыніў сваё існаванне, ператварыўшыся ў Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў. Часопіс яшчэ выходзіў 5 гадоў, але гэта было ўжо не тое. Канец 1920-х - пачатак 1930-х стаў фатальным для большасці ўдзельнікаў тагачаснага літаратурнага працэсу - спачатку на карысць адзінага пісьменніцкага саюза былі ліквідаваныя ўсе літаратурныя аб'яднанні, а потым прыйшлі і па іх сябраў. І былыя маладнякоўцы, і былыя ўзвышэнцы зведалі рэпрэсіі цягам 1930-х гадоў.
Паводле СМІ.
Яўстах Тышкевіч, яго калекцыя і яго музей
Леанід Лаўрэш
Яўстах Тышкевіч - адзін з нашых першых археолагаў, адзін з тых, хто стварыў у нас археалогію як навуку.
Граф Яўстах Тышкевіч герба Ляліва нарадзіўся 6 красавіка 1814 г. у Лагойску Менскай губерні Барысаўскага павета, у спадчынным маёнтку Тышкевічаў. Бацькі Яўстаха: Пій Тышкевіч і Аўгуста з роду графаў Плятэраў. Лагойская галіна роду Тышкевічаў была менш вядомай, чым галіна Тышкевічаў з Біржаў, але не менш багатай і ўплывовай у краі.
Шмат часу сям'я праводзіла ў Вільні. Тут Яўстах пачаў сваю адукацыю, закончыў яе у 1831 г. у менскай гімназіі, дзе Тышкевічу прывіў захапленне археалогіяй прафесар Казімір Асмольскі.
У 1831-1835 гг. Яўстах Тышкевіч жыў у Маскве. Менавіта падчас знаходжання тут, ён упершыню пазнаёміўся з архіўнымі матэрыяламі і станам археалагічных даследаванняў. Пазней даследчык часта бываў у Расіі і пісаў гістарычныя артыкулы на рускай мове для "Тыгодніка Пецярбургскага".
Пасля вяртання на радзіму Тышкевіч зацікавіўся курганамі. Са слоў самога графа, гэта адбылося ў 1837 г., калі сябар яго бацькі Андрэй Качынскі звярнуў увагу на паганскія могілкі, размешчаныя на суседняй зямлі Дамініка Паўлікоўскага. Паўлікоўскі дазволіў Тышкевічу праводзіць раскопкі на сваёй землі, і гэтак Тышкевіч пачаў сваё першае самастойнае даследаванне. Ён сутыкнуўся з многімі забабонамі і неразуменнем. Сяляне былі ў жаху ад раскопвання магілаў, а мясцовая шляхта кпіла з яго дзівацтваў.
У 1840 г. граф стаў ганаровым куратарам школ Барысаўскага павета, а з 1844 г. - маршалкам таго ж павета і куратарам Менскай гімназіі, якую ён сам некалі скончыў. Яўстах Тышкевіч цікавіўся асветай, разумеў яе праблемы, і сам імкнуўся весці культурна-асветніцкую работу. Аб гэтым можа сведчыць той факт, што ў Барысаве Тышкевіч падарыў школьнай управе ўласны дом, дзе была створана пачатковая школа і тут ён на свае сродкі ўтрымліваў двух настаўнікаў.
Займаючыся пытаннямі асветы ў сваім павеце, Тышкевіч таксама праводзіў археалагічныя і гістарычныя даследаванні. У перыяд з 1840 па 1850 гг. было апублікавана дзевяць яго нарысаў і артыкулаў. У 1842 г. выйшла праца Тышкевіча "Погляд на крыніцы айчыннай археалогіі, гэта значыць апісанне некаторых помнікаў старажытнасці, выяўленых у заходніх губернях Расійскай імперыі". "Край, у якім мы жывем, амаль у кожным месцы захоўвае цікавыя помнікі, якія могуць служыць прадметам гэтай навукі (археалогіі)" 1, - піша аўтар ва ўступе да гэтай працы, жадаючы заахвоціць людзей да вывучэння гісторыі сваёй краіны. У 1843 г. пасля паездкі ў Швецыю і Данію Тышкевічам быў створаны план стварэння музея ў Вільні. На жаль, доўгі час рэалізаваць план было немагчыма, бо ўрад не дапускаў стварэння культурніцкіх арганізацый.
Грамадскія настроі ў нашым краі тады адпавядалі цяжкай маральна-псіхалагічнай сітуацыі, створанай паразай паўстання 1831 г. Ва ўсіх няшчасцях грамадства пачало вінаваціць Карону - паўстанне пачала Польшча, а найбольш пацярпела Літва. Грамадства ў Літве аддзялілася ад Кароны, і пачаў абвяшчацца лозунг самадастатковасці гістарычнай Літвы і арганічнай працы толькі ў межах яе тэрыторыі, ішоў пошук кампрамісу з Расіяй. Уся інтэлектуальная эліта паддалася гэтым павевам. І такім чынам выратоўвалася тое з культурнай спадчыны, што яшчэ можна было выратаваць. Такія ж настроі меў і Яўстах Тышкевіч, ягоная лаяльнасць уладам потым нават высмейвалася. Аднак для жыхароў тагачаснай Літвы такі падыход здаваўся адзіна разумным выйсцем для захавання рэшткаў сваёй культуры.
Таму, улічваючы абставіны, стварэнне музея было адкладзена на бліжэйшыя гады. Тым часам Тышкевіч рупліва збіраў старыя дакументы і іншыя памяткі мінулага. Сябраваў з Адамам Кіркорам, разам з якім вёў археалагічныя раскопкі. Кіркор быў аўтарам шматлікіх прац, у тым ліку і даведніка пра Вільню (1862 г.), у якім потым падрабязна апісаў Віленскі музей старажытнасцей. А на пачатку 1853 г. Кіркор адкрыў у Вільні рэшткі невядомага замка, потым ў жніўні 1853 г. разам з Тышкевічам пачаў пошукі руін палаца Хадкевічаў на левым беразе Віліі, насупраць Бяльмонта.
Думаю, у гэтым месцы пасуе расказаць пра калекцыю Яўстаха Тышкевіча якая склалася ў яго да адкрыцця музея. Калекцыю апісаў паэт Уладзіслаў Сыракомля ў чатырох нумарах "Газеты Варшаўскай" за 1854 г. На пачатку, я думаў зрабіць толькі пераклад артыкула Сыракомлі, але ўбачыўшы, што, як і належыць, Сыракомля больш паэт, чым даследчык і яго тэкст змяшчае шмат эмацыйнай і паэтычнай, але ў навуковым сэнсе састарэлай інфармацыі, я вырашыў абмежавацца толькі перакладам апісанняў калекцый графа Яўстаха Тышкевіча. З перакладу Сыракомлі і з'явіўся гэты артыкул.
Уладзіслаў Сыракомля лічыў, што сярод збораў і калекцый старажытнасцяў Вільні, у той час першае месца належыць калекцыі графа Яўстаха Тышкевіча, які тады стала жыў у гэтым горадзе. Тышкевіч - паважаны сваімі сучаснікамі аўтар навуковых прац2, чалец шэрагу еўрапейскіх навуковых таварыстваў, сабраў для навукі найкаштоўнейшы збор помнікаў гісторыі. " Важна тое, што кожнае папаўненне яго калекцыі ўзбагачае навуку, бо шаноўны граф паведамляе пра кожную знаходку, дае парады кожнаму даследчыку і нават неспецыялісту, уводзячы іх у свае любімыя археалагічныя таямніцы. Ён першым пачаў археалагічныя раскопкі ва ўлонні літоўскай зямлі, ён раскапаў некалькі сотняў таямнічых курганоў і знайшоў у іх іржавае жалеза, старую медзь і камяні без формы і назвы, ён загадаў ім прамаўляць для нас выразным голасам як прабацькі прамаўляюць да праўнукаў", - пісаў Уладзіслаў Сыракомля.
Паэт, які выступаў у газеце як журналіст, для артыкула карыстаўся апублікаванымі даследаваннямі і вусным тлумачэннем графа Тышкевіча і апісаў калекцыю графа, абапіраючыся на тэксты і аповяды даследчыка.
У першай частцы артыкула гаворка ішла пра артэфакты са шкла, каменю і гліны.
"Спачатку давайце з глыбокай пашанай паглядзім на гэтыя маленькія шкляныя шарыкі дыяметрам у 2 цалі, якія маюць у сябе нейкую празрыстую вадкасць. Па-балцку яна мае назву assaruwe, па нашаму слязніца3 . Гэта помнікі чуласці даўніх часоў - яскравыя доказы маральнай блізкасці жыхароў нашай халоднай поўначы з сынамі старажытнага Рыму. Нам, людзям, якіх пестуе цывілізацыя, выглядае варварскім звычаем захоўваць у магіле нябожчыка выплаканыя па ім слёзы, але гэты звычай выразна адлюстроўвае той час і ўяўленні людзей, якія гэтыя слёзы пралілі. Жорсткае ваеннае грамадства было далёкім ад сентыментальнай пяшчоты, яно цуралася слёз на тварах сыноў вайны і цяжкай працы, а іх зачарсцвелае сэрца саромелася любых добрых пачуццяў. Але ў іх жалезных сэрцах меўся запас сапраўднай, сямейнай чуласці, і калі на вачах усё ж з'яўляліся слёзы, дык нашы продкі адчувалі, кожную кроплю гэтай слязы як святую, лічылі, што яе трэба зберагчы і як нешта каштоўнае перадаць з сабой у вечны шлях таму, з кім назаўсёды развіталіся. Дзікія людзі! Хто ім сказаў, што падобны дар можа падсалодзіць вечнасць разлукі з памерлым? Ідалапаклонства! Хто мог прасвятліць іх і растлумачыць, што Айцец нябесны сам залічыць кожную слязу любові, сяброўства і спагады? Але суровае літоўскае сэрца і мяккая славянская душа наўпрост самі казалі ім пра гэта. [… ] Дзве слязніцы гр. Тышкевіча запячатаны невядомым сёння спосабам, адна з іх пустая а другая да паловы запоўнена вадкасцю. Ці сапраўды яна ўтрымлівае ў сябе слёзы?", - вось так, згадваючы старажытных рымлян, ад якіх па легендзе вяла свой род мясцовая шляхта, пачынае Сыракомля апісанне калекцыі Яўстаха Тышкевіча.
Па-сапраўднаму цікавымі артэфактамі мінуўшчыны Сыракомля лічыў белыя, сапфіравыя, жоўтыя і чырвоныя шкляныя і каралавыя пацеркі, у вялікай колькасці знойдзеныя ў курганах з жаночымі пахаваннямі ў ваколіцах Менска, Вільні і Бабруйска. Звычайна, пацеркі нанізваліся не на шаўковую або ільняную ніць, а на стужку з драўнянага валакна, якое пад назвай лыка ці рагожы можа выкарыстоўвацца і да сёння. Гэта дробязь наводзіла паэта на цікавыя думкі: "Па-першае, пацеркі трэба аднесці да вельмі даўніх часоў, калі вырошчванне ільну ў нас яшчэ не было распаўсюджана, калі нашы дзяўчаты не мелі кроснаў і не выраблялі тонкіх нітак, па-другое, гэта паказвае, што нават у варварскія часы тутэйшыя людзі мелі стасункі з замежнымі краінамі, бо сакрэтам вырабу такіх пацерак здаўна валодала Венецыя. Нарэшце, гэтая вартая ўвагі дробязь красамоўна сведчыць, што яшчэ стагоддзі таму, нашы красуні-прабабулі любілі ўпрыгожвацца" 4. Ад сябе яшчэ дадам, што і нашы прадзеды гэтак кахалі сваіх жанчын, што плацілі шалёныя грошы ці ўносілі нейкую натуральную плату за тое, каб іх жанчыны мелі ўпрыгожванні з далёкай часткі Еўропы.
У другой частцы артыкула Уладзіслаў Сыракомля расказвае пра помнікі з каменю ў калекцыі Тышкевіча: "Пачынаючы з самых старажытных, звернем увагу на молаты, наканечнікі коп'яў і стрэл, булавы і іншае. Граф Тышкевіч мае цэлую шафу са скандынаўскай зброяй і для параўнання, вялікую колькасць мясцовых артэфактаў, знойдзеных у Літве і Беларусі. Яны дзіўна падобныя, але скандынаўскія адрозніваюцца лепшым аздабленнем і элегантнасцю выканання. Пакінем вучоным рабіць выснову, ці можна лічыць роднаснымі старажытную Літву і зямлю Одына. […] Граф Тышкевіч мае вялікую калекцыю каменных сякер розных памераў, формаў і аздабленняў. Адны павінны былі асаджвацца ў дрэва, іншыя маюць па-майстэрку выразаныя адтуліны, у якія ўстаўляецца ручка. Калекцыя графа ўключае ў сябе таксама і незакончаную каменную зброю і прылады для яе вырабу. Гэта дало магчымасць зразумець сакрэты вырабу такой зброі".
У калекцыі меліся тры велізарныя каменныя шары ідэальна круглай формы, знойдзеныя ў равах старых літоўскіх замкаў. Да часу, калі пачаў ужывацца порах, такія шары кідалі са сцен на ворагаў. Паэт не мог не заўважыць: "Якімі моцнымі былі рукі, якія апрацавалі камень у дасканалы шар, і якімі цвёрдымі павінны былі быць чарапы захопнікаў, на якія падаў такі цяжар".
Шар з віленскага верхняга замка меў дыяметр у тры футы, такі ж самы, знойдзены ў Старых Троках - да чатырох футаў. Шар з руін Менскага замка меў каля палову чвэрці фута.
Наступны цікавы артэфакт, "помнік глыбокай старажытнасці з рысамі хрысціянства, магчыма, крывавага апостальства Тэўтонскага ордэна ў Літве. У Вількамірскім павеце, на беразе ракі Святой, пасля абвалу пясчанай гары знойдзены вычасаны кавалак пясчаніку са слюдой, даўжынёй у некалькі дзесяткаў цалей, на якім няўмела выразаны крыж з постаццю Збаўцы, каля крыжа маюцца лацінскія літары J.N.R.J. На адваротным баку - не ўздоўж а ўпоперак - нязграбна выразана арка а ў ёй капліца з дзвярыма і двума вокнамі. Над аркай, па вуглах, выразаны галавы крылатых анёлаў, а збоку - фігура падобная на сірэну. Лацінскія літары кажуць пра каталіцкае паходжанне гэтай рэчы, а прымітывізм выканання - пра яе старажытнасць. Месца знаходкі наводзіць на думку, што рэч належала да рыштунку крыжацкай капліцы, бо вядома, што крыжакі былі пад Вількамірам у 1391 і 1435 гг.", - паведамляў Сыракомля.
У літоўскіх курганах граф Тышкевіч знайшоў гаршчкі з попелам: "Старажытны помнік мастацтва - гаршчок вышынёй каля паўтара фута, які мае форму урны з падоўжанай шыйкай. Ён паходзіць з Гародні, са сцяны старой Каложскай царквы, якая абвалілася ў Нёман. Такія гаршчкі знаходзіліся ў сцяне і іх венчыкі выхадзілі ўнутр храма. Міхал Балінскі лічыў што такія гаршчкі ўстаўляліся ў сцяну для аблягчэння ўсёй канструкцыі храма".
Сыракомля піша, што граф Тышкевіч дэталёва вывучыў царкву пасля абвалу сцяны і вывучыў яе канструкцыю, ён даведаўся, што вонкавыя сцены царквы будаўнікі зрабілі тоўстымі, потым мелася вузкая шчыліна-калідорчык, якая аддзяляла вонкавую сцяну ад унутранай мураванай сцяны царквы. Тышкевіч меркаваў, што калі венчыкі гаршчкоў выходзяць унутр і не залітыя вапнай, дык гэта сведчаць пра чыста акустычную мэту з'яўлення другой, унутранай сцяны, "так было зроблена, каб словы пабожнай песні ці божага слова моцна і ўрачыста гучалі пад скляпеннямі храма".
"З новых часоў паходзіць і заслугоўвае згадвання чырвоная цэгла з вугла дома ў Коўні. Яна менш за фут у даўжыню і каля 2 футаў у шырыню. Зверху і знізу цэгла мае адбіткі дубовага лісця, а пасярэдзіне, у медальёне - бюст прыгожай жанчыны ў профіль. На галаве ў жанчыны маецца галаўны ўбор, які ў XV-м і на пачатку XVI-га ст. насілі як мужчыны, гэтак і жанчыны. Такі ж самы мы бачым на партрэце Эразма Ратэрдамскага і Яна Дантышка. На жанчыне апранута кашуля пад шыю з шырокім адваротам каля ліфа, на шыі пяць нітак камянёў або пацерак, на адной з якіх вісіць медальён. Падобны ж медальён на ланцужку вісіць і на шыі. Усё гэта дазваляе аднесці цэглу да XVI-га ст.", - паведамляе Сыракомля.
Таксама ў калекцыі графа меліся помнікі старажытнага рыбалоўства ў Літве - гліняныя шары, накшталт вялікіх пацерак, якімі абцяжарвалі рыбалоўныя сеткі5.
"Гістарычныя знаходкі, якія рыдлёўка вынесла са змроку магілы на гістарычнае святло, з'яўляюцца не менш каштоўнымі ці цікавымі чым рэчы з каменю ці гліны. Паглядзім на гэтыя іржавыя і вышчарбленыя артэфакты старога побыту і адразу звернем увагу на рэчы, звязаныя з вайной - даспехі, зброю і мужчынскае адзенне", - пачынаў Уладзіслаў Сыракомля наступную частку свайго артыкула пра калекцыю графа Тышкевіча: "Паглядзім на гэтыя два бляшаныя, напалову іржавыя і пацёртыя, як быццам капялюшы з завостраным канцом - гэта сярэднія жалезныя часткі шчытоў, якія прыбіваліся на вялікі драўляны шчыт ці на тоўстую скуру зубра або буйвала. Гэты шчыт не быў такім элегантным, як шчыт Ахіла, апісаны ў Іліядзе, але добра закрываў грудзі і рукі байцоў".
У зборы Тышкевіча не было панцыра, але меліся бронзавыя паясы, на якіх ваяры насілі малыя ці вялікая выгнутыя нажы. Меліся таксама і баявыя сякеры, "накшталт знойдзеных каля Вільні", яны былі двух тыпаў - ці вельмі доўгія, якія пачыналіся з вузкага як шпага ляза, ці іншыя, падвойныя, якія знаходзілі ў ваколіцах Менска і Барысава.
Меліся ўзоры доўгіх коп'яў, дзід і жалезных стрэл рознай формы, загартаванасці і спосабаў вырабу. Па меркаванні Сыракомлі, найбольш цікавым быў меч, знойдзены ў Наваградку на гары Міндоўга.
Таксама калекцыя ўключала ў сябе татарскія наканечнікі стрэл з курганоў, бронзавы пярсцёнак і жазло ў выглядзе скіпетра, упрыгожанае срэбрам з тых жа татарскіх магіл, а таксама жалезны бярдыш, металічны крыж і медны герб (леў) "з так званага шведскага кургана".
На ўзбраенні мясцовых ваяроў былі і вялікія бляшаныя трубы, паэт-журналіст аглядаў у калекцыі такі цікавы, напалову патрэсканы ад іржы, асобнік.
"Упрыгожванні, знойдзеныя ў жаночых курганах, вызначаюцца пэўнай раскошай і майстэрствам. Галовы літоўскіх жанчын нярэдка аздабляў тоўсты шнур сплецены са срэбнага дроту, такі быў выкапаны пад Слуцкам. Або іх косы перавязваліся простым бронзавым дротам. На шыях ў іх вісела шмат невялікіх ланцужкоў, часцей за ўсё, са шклянымі пацеркамі, якімі часам трымаліся валасы, пра што сведчаць прымацаваныя да іх шпількі. Даўжыня такіх ланцужкоў часам дасягала трох локцяў. Часам такія ланцужкі і металічныя пляцёнкі ўпрыгожваліся металічнымі квадратамі і рознымі колкамі, а спражка, якая іх замацоўвала, выгіналася з тонкага дроту. Маленькія рукі дачок Літвы былі ўпрыгожаны своеасаблівымі бранзалетамі, сплеценымі са срэбнага і бронзавага дроту. На пальцах яны насілі бліскучыя бронзавыя пярсцёнкі з фігурнымі вочкамі", - пісаў Сыракомля.
Нумізматычная калекцыя графа мела больш за 2000 розных манет, сярод якіх былі рэдкасці, раней невядомыя нумізматыцы6.
У калекцыі Тышкевіча меліся і сапраўдныя шэдэўры выяўленчага мастацтва: "Перш за ўсё варта згадаць барэльеф жонкі Яна Сабескага з белага мармуру. Далей ідзе бюст Станіслава Аўгуста з парцаляны, работы невядомага мастака і цэлая серыя бюстаў, выкананых прафесарам скульптуры Віленскага ўніверсітэта Ельскім. З цікавасцю разглядаю чатыры пасмяротныя маскі Пятра І, Карла XII, а таксама Аляксандра І і Напалеона. Таксама тут маецца маска з магілы Яна Караля Хадкевіча і пасмяротная маска Францішка Смуглевіча. Ёсць бюсты: канцлера Храптовіча, падканцлера Плятэра, гісторыка Адама Нарушэвіча, прафесараў Андрэя Снядэцкага і Яна Франка, прафесара жывапісу Рустэма, барэльеф Тарвальдсэна з абпаленай гліны, мадэль для помніка Вітаўту работы ўжо ўзгаданага Ельскага, якім летась ушанавалі парэшткі вялікага князя ў віленскай катэдры".
Цікавымі помнікамі ў калекцыі таксама былі надмагіллі жонкі канцлера ВКЛ Льва Сапегі Дароты з Фірлеяў. Надмагілле ўяўляла сабой фігуру жанчыны з чырвонага мармуру ў натуральную велічыню, з малітоўнікам ў руцэ і гадзіннікам на шыі - паэт-журналіст меланхалічна заўважыў, што "час і наша звыклае ігнараванне каштоўнасцяў культуры некалькі папсавалі гэты помнік". Таксама меўся адліты з жалеза барэльеф з выявай міністра князя Любецкага.
З партрэтаў вядомых гістарычных асоб, намаляваных на палатне, у калекцыі былі наступныя: партрэт Кацярыны Ягелонкі і шведскай прынцэсы Цэцыліі - нарачонай Яна Тэнчынскага (копіі, прывезеныя Тышкевічам са Швецыі), партрэт шведскага караля Яна ІІІ - бацькі Жыгімонта ІІІ і яшчэ адзін жаночы партрэт выкананы Далабелем па загаду караля Жыгімонта на медзі, партрэт Станіслава Ляшчынскага, ужо як князя Латарынгіі, і яго дачкі, каралевы Марыі Ляшчынскай - жонкі Людовіка XV, невялікі партрэт Стэфана Чарнецкага, копія з карціны вядомага мастака Яна Марачынскага, партрэт апошняга польскага пасла ў Лондане Францішка Букаты, партрэты гетмана Касакоўскага і кароннага падстолія Валіцкага (пэндзля Лямпі), партрэты канцлера Яўхіма Храптовіча і кс.- прымаса Міхала Панятоўскага, партрэт грэкаката-ліцкага мітрапаліта Булгака і некалькі выяваў Станіслава Панятоўскага ў розных позах. Меліся партрэты вядомага драматурга Уршулі Радзівіл з Вішнявецкіх - маці князя Караля і віленскага кашталяна князя Мацея Радзівіла, а таксама партрэт самога князя Караля "Пане Каханку" і неразлучных з ім надворнага нясвіжскага прамоўцы ксяндза Катэмбрыка, а таксама расстралянага ў Менску Міхала Валадковіча (з гэтага партрэта была зроблена літаграфія для выдання "Літоўскіх малюнкаў" Ходзькі). Таксама меліся 13 партрэтаў знакамітых сваякоў калекцыянера, у тым ліку і польнага гетмана ВКЛ Людвіка Тышкевіча.
Збор карцін дапаўнялі віды Лідскага і Мірскага замкаў мастака Русецкага і від замка ў Луцку.
У Тышкевіча меліся дзесяткі гравюрных дошак і калекцыя гравюр у колькасці 1500 адбіткаў7.
***
У 1853 г. граф Тышкевіч накіраваў цару статут будучай Археалагічнай камісіі. 20 красавіка 1855 г. Аляксандр II зацвердзіў яго і даў дазвол на стварэнне Музея старажытнасцей. Тышкевіч першым зрабіў ахвяраванні для музея, а таксама стаў старшынём новастворанай Археалагічнай камісіі. Першапачатковая калекцыя музея складалася з каля 6 000 прадметаў, перададзеных Тышкевічам з яго асабістай калекцыі - больш за палову з іх складалі кнігі, іншыя - манеты, медалі, партрэты, гравюры і гістарычныя артэфакты. Нягледзячы на тое, што Камісія называлася "археалагічнай", яна займалася не толькі археалогіяй, яе дзейнасць распаўсюджвалася і на іншыя галіны навукі, гэта было своеасаблівае таварыства сяброў навукі. Гэтая Камісія была адзіным навуковым таварыствам у тагачаснай краі.
Справа ў тым, што пасля 1855 г. адбылася змена палітыкі ўрада. Некаторым паўстанцам было дазволена вярнуцца ў краіну, у школах было ўведзена дазіраванае выкладанне польскай мовы. У Вільню прыбыў генерал-губернатар Уладзімір Назімаў які імкнуўся падтрымліваць добрыя адносіны з мясцовымі шляхецкімі родамі, у тым ліку і з Тышкевічамі. Наступіла часовая "адліга", выкліканая лаяльнымі да ўладаў настроямі ў Літве.
Музей старажытнасцей павінен быў утрымлівацца часткова за кошт дзяржаўных субсідый, часткова за кошт уласных сродкаў мясцовай шляхты. Нягледзячы на ўяўную самастойнасць музея і Археалагічнай камісіі, іх дзейнасць у асноўным залежала ад добрай волі генерал-губернатара, які пры неабходнасці мог накласці вета на некаторыя яе рашэнні ці нават цалкам паралізаваць яе працу.
Камісію падтрымлівала ўся інтэлектуальная эліта, якая паходзіла з гістарычнай Літвы, з ёй супрацоўнічалі такія вядомыя асобы, як: Юзаф Ігнацы Крашэўскі, Тэадор Нарбут, Віктар Каліноўскі, Адам Завадзкі, Ян Казімір Вільчынскі, біскуп Мацей Казімір Валанчэўскі, Уладзіслаў Сыракомля і іншыя.
Для размяшчэння музея прызначалася зала грамадскіх пасяджэнняў былога Віленскага ўніверсітэта. Больш за паўгода пайшло на рамонт памяшканняў і афармленне экспазіцый. Генерал-губернатар дазволіў камісіі забраць кнігі з манастырскіх бібліятэк, і такім чынам яны на некаторы час былі выратаваны ад знішчэння (гэтак было выратавана каля 7 000 кніг). Сам Тышкевіч ахвяраваў на бібліятэку каля 3 000 тамоў. Потым яму ўдалося вярнуць нават некаторыя кнігі, раней вывезеныя ў Пецярбург. Менавіта такім чынам у Вільню вярнулася частка бібліятэк Залускіх і Радзівілаў (пра што гл. ніжэй у дакладзе Тышкевіча).
(Заканчэнне ў наступным нумары.)
1 Tyszkiewicz E., Rzut oka na zrodla archeologii krajowej, czyli opisanie niektorych zabytkjw starozytnosci odkrytych w zachodnich guberniach Cesarstwa Rosyjskiego, Wilno 1842, S. 5.
2 Гл: Rzut oka na zrodla archeologii krajowej, czyli opisanie niektorych zabytkow starozytnosci odkrytych w zachodnich guberniach Cesarstwa Rosyjskiego (1842), Listy o Szwecji, t. 1-2 (1846), Opisanie powiatu borysowskiego" (1847), Badania archeologiczne nad zabytkami przedmiotow sztuk i rzemiosl w dawnej Litwie i Rusi Litewskiej (1850), Zrodla do dziejow Kurlandii i Semigalii… (1870).
3 Слязніца (слязнік) - посуд, які ставілі памерламу ў магілу і ў які быццам бы збіраліся слёзы родных, што плачуць па нябожчыку.
4 Wl. Syrokomla. Listy o zbiorach archeologicznych w Wilnie, Zbior Eustachego gr. Tyszkiewicza. Oddial zabytkow ze szkla, kamienia i gliny // Gazeta Warszawska. 1854. № 29. S. 4.
5 Wl. Syrokomla. Listy o zbiorach archeologicznych w Wilnie, Zbior Eustachego gr. Tyszkiewicza. Oddial zabytkow ze szkla, kamienia i gliny // Gazeta Warszawska. 1854. № 30. S. 4.
6 Wl. Syrokomla. Zbior Eustachego gr. Tyszkiewicza. Wykopaliska z metalu // Gazeta Warszawska. 1854. № 116. S. 3-4.
7 Wl. Syrokomla. Zbior Eustachego gr. Tyszkiewicza. Przedmioty rzezby i malarstwa // Gazeta Warszawska. 1854. № 152. S. 4.
Беларусы сустракаюцца з індзейцамі
Гуроны, кечуа і міскіта на "маршрутах" нашых землякоў: Галынскі, Кандрацюк, Карней, Юзепчук
(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-48 (53-100) за 2023 г.)
ГАЛЫНСКІ Аляксандр (2) - галоўныя амерыканскія творы Галынскага - "Каліфорнія і міжакіянскія маршруты" і "Эквадор". Ён назіраў індзейцаў і метысаў у Чылі, Перу, Эквадоры і Панаме, Мексіцы, ЗША і Канадзе, даўшы іх неадназначны партрэт, і ў Паўднёвай, і ў Паўночнай Амерыцы знайшоўшы прыкметы іх або "дэградацыі" ў параўнанні з папярэднімі паказчыкамі, пра якія ведаў з кніг, або не проста нізкай ступені развіцця, а нейкіх праблемных станаў псіхікі.
У кнізе "Эквадор" апісвае сучаснае індзейскае насельніцтва гэтай краіны і робіць гістарычныя экскурсы ў "эпоху інкаў". Інкі, як папулярныя героі, з'яўляюцца і ў другой кнізе.
У "Каліфорніі…" ёсць шэраг "некаліфарнійскіх" раздзелаў, дзе камбінуюцца ўласныя назіранні і звесткі з друкаваных крыніц. Таксама падабраныя спецыяльныя і эфектныя дадаткі. Паслядоўнасць у апісанні рэгіёнаў - Куба, Панама, Мексіка, Каліфорнія, далей раздзелы, прысвечаныя "перашыйкам" і ідэям "злучэння" акіянаў - тут, у Цэнтральнай Амерыцы, увагу Галынскага прыцягвала найперш Нікарагуа, адзін вялікі раздзел называецца "Нікарагуанскі перашыек". 2-я глава з яго мае загаловак "Адкрыццё Нікарагуа"; асабліва ж нас прывабіла глава 4-я - "Каралеўства Маскітаў" (Le Roi des Mosquitos), у якой расказваецца пра паходжанне індзейцаў міскіта (маскіта), "англійскую ўзурпацыю Цэнтральнай Амерыкі", уплыў на індзейцаў англічан, праўленне асобных "каралёў".
Таксама і сярод "каліфарнійскіх" глаў ёсць адна, якую можна называць грунтоўным індзеянісцкім нарысам. Назва яе на польскай мове ў выданні 1981 г. гучыць як "Kalifornia, zanim sie narodzila". У ёй уласныя назіранні аб'ядналіся са звесткамі, узятымі з апісанняў намаганняў францысканцаў. Галынскі пералічвае назвы 22 місій, кожная з якіх "уяўляе сабой нібыта малое незалежнае каралеўства", дае падрабязны агляд жыцця індзейцаў у ранчэрыях францысканцаў. Крыніцы інфармацыі Галынскага пра індзейцаў уключаюць вусныя паведамленні як досыць дасведчаных, так і зусім некампетэнтных у індзейскіх справах асоб. Сярод іх святары і нават сам "адкрывальнік Эльдарада", г.зн. золата Каліфорніі, Дж. Сатэр.
У "дадатках" да "Каліфорніі…" "нота" (заўвага) "A" сведчыць (цытата з кнігі В. Ірвінга пра падарожжы і адкрыцці спадарожнікаў Калумба) пра паляванне на індзейцаў сабакі Васка Нуньеса дэ Бальбоа, які "клаў канец пакутам індзейцаў, душачы іх", у той час як сабакі паўночнаамерыканскіх плантатараў трэніраваліся для вяртання рабоў жывымі; "заўвага" "D" прысвечана "антрапафагіі індзейцаў" (Нікарагуа, каманчы Тэхаса, ацтэкі).
На старонках кніг Галынскага можна сустрэць параўнанні паміж індзейцамі і азіяцкімі народамі (манголамі, кітайцамі, малайцамі, татарамі), афрыканскімі (неграмі-рабамі ў Амерыцы), еўрапейскімі (як найбольш актыўнымі ўдзельнікамі каланіяльнай экспансіі за акіянамі, так і тымі, што ў ёй удзельнічалі менш, напрыклад, усходнімі славянамі).
Вельмі занепакоены, як вынікае з яго твораў, становішчам неграў у Амерыцы, Галынскі выкарыстоўвае параўнаўчы метад у апісанні гістарычных лёсаў еўрапеоіднай і нягроіднай рас.
Галынскі закранае таксама пытанне навуковага вывучэння індзейцаў. Ён лічыць відавочным для сучаснай яму навукі агульнасць паходжання народаў Новага Свету і неаднойчы згадвае "старую гіпотэзу", згодна з якой продкі індзейцаў прыйшлі з Азіі. Пры гэтым Галынскі спасылаецца на "фізіёлагаў" - першых даследчыкаў антрапалогіі індзейцаў; фізічная будова, паводле Галынскага, выразна сведчыць аб індзейцах як "частцы ўніверсальнага адзінства чалавечага роду".
Іншая галіна, якая, на думку падарожніка, дае матэрыял для навукі - мовы індзейцаў. Пытанне пра тое, як народы адной сям'і змаглі стварыць такую колькасць моў, што не зводзяцца да адной крыніцы, ён прапануе вырашыць навукоўцам, калі гэта ўвогуле магчыма.
"Інкі не перадалі пераможцам з Еўропы сакрэту ўніфікацыі мовы пакораных народаў. Індзейцы, якія вядуць вандроўны ці аселы лад жыцця, як у Паўднёвай, так і ў Паўночнай Амерыцы, наогул адпіхваюць мову белага чалавека. Незалежна ад таго, ці ўцякаюць перад цывілізацыяй, ці таксама дазваляюць сабе закрыцца ў сталых дварах, пратэстуюць супраць яе наплыву і, як тыя, хто трапіў у караблекрушэнне, хапаюцца за часткі разбітага карабля, што плаваюць, чапляюцца за апошні сімвал сваёй незалежнасці".
Падсумоўваючы, у главе "Ёсць яшчэ месца для многіх, многіх гасцей…" (загаловак у польскай версіі) піша пра "непазбежнасць" прагрэсу і "гатовую ўніверсальную Рэспубліку", пра дарэмныя спробы некалькіх упартых народаў супраць "шчаслівай гармоніі" новай рэальнасці ў Амерыцы - як "намаганні іракезаў і гуронаў супраць пурытан Кромвеля".
Такім чынам, кнігі Галынскага пра Амерыку - цікавыя як патэнцыяльныя выданні ў Беларусі не толькі з краіназнаўчага пункту гледжання, але і як крыніца сацыяльных ідэй. Праграма-мінімум магла б уключаць пераклады глаў, у якіх расказваецца пра Маскітыю і каліфарнійскіх індзейцаў.
Раздзел "Каралеўства міскіта" мы хацелі перакласці з французскай на беларускую. З прычыны гэтага нават адбыліся візіты дадому да Сяргея Шупы ў Менску (16.11.1987 г. пакінулі ў яго фотакопіі з мікрафільма) і аднаго добрага знаўцы французскай мовы ў Гомелі - апошні нават гатовы быў перакласці, але за плату, і мы, паслядоўныя ў "некамерцыйным" падыходзе, не выкарысталі гэтую прапанову, нават не спыталі цану (відаць, дарэмна).
Галынскі быў адной з тэм, якая аб'ядноўвала нас з Валянцінам Грыцкевічам (Ленінград), і мікрафільмы з публікацыямі "беларусаў-падарожнікаў", уключаючы Галынскага, з'явіліся ў нас менавіта дзякуючы яму.
Літ.:
1148 Голынский В. Всеобщая география: изданная действительным статским советником и кавалером Голынским. Ч. 1. СПб., 1820.
849 Голынский В. Всеобщая география. Ч. 2. СПб., 1819.
2999 Грыцкевіч В. Злучаныя Штаты Амерыкі ў творах падарожнікаў з Беларусі // Беларусiка = Albaruthenica. Кн. 5: Культура беларускага замежжа; Беларуска-амерыканскiя гiстарычна-культурныя ўзаемадачыненнi / рэд. У. Конан, А. Мальдзiс. Мн., 1995. Мн., 1995. С. 206-208.
4092 Holinski A. Esquisses de la vie sud-americainе: Lima // Revue Moderne. 1865. T. 34. P. 44-67.
4090 Holinski A. La California et les routes interoceaniques. Bruxelles, 1853.
4093 Holynski A. Bylem przy narodzinach Kalifornii. Warszawa, 1981. (Частка глаў з брусельскага выдання 1853 г.)
4091 Holinski A. L'Equateaur: scenes de la vie sud-americaine. Paris, 1861.
8358 Holinski A. California's gold rush days: a contemporaneous account of a visit to Northern California in 1851 / trans. by M. T. Corea // Viva California!: seven accounts of life in early California / ed. by M. Burgess and M. W. Burgess. [N.p.], 2006. P. 122-207. (A Borgo Press Original (дызайн?); Wildside Press LLC, Cabin John, MD (?); West Coast Studies, № 1.) (Translator's preface, p. 117-118; Translator's introduction, p. 118-122.)
КАНДРАЦЮК Ганна (2) - лаўрэат не адной прэміі і аўтар шэрагу цікавых кніг працягвае расказ 2008 г. пра наведванне рэзервацыі гуронаў - гэта ўжо не Гуронія, але сапраўдная ўласная малая радзіма, якой можна ганарыцца, якой бы ганарыўся і іншы герой нашай серыі БСІ, вясковец па паходжанні Ігар Карней.
"- 2 -
Жак Мішэль, які па інтэрнэце афармляў начлег у індзейскай рэзервацыі, быў прыемна здзіўлены. Ён даведаўся, што за адно месца ў гасцініцы трэба заплаціць сто восемдзесят долараў. Хоць не для ўсіх было гэта па кішэні, наш дабрачынец адразу захацеў падтрымаць "бяднейшых і адчайных". Яму спадабалася, што за свае паслугі індзейцы патрабавалі грошай як у найбольш прэстыжным гатэлі ў цэнтры Квебека [калі так, як надрукавана далей у тэксце, то Квебэка].
- Чаму ім не зарабляць на сваёй бядзе? - падумаў уголас Жак Мішэль. Праўда, ён крыху хваляваўся за камфорт сябровак свайго падарожжа. Ці не прастудзімся ў вігваме пад бізонавай шкуркай?! Восень ужо, прымаразкі на двары...
- Тады запалім усярэдзіне вогнішча, - загарэлася Ада.
- А я ўсю ноч буду спяваць і танчыць, - паабяцалася я.
Праз момант я ўявіла сябе ў ролі Тоні Галіка, фільмавага куміра маіх дзіцячых гадоў. Дзядзька Тоні з ходу заваёўваў сэрцы індзейцаў ды дзень і ноч цягнуў з імі гутаркі ля вогнішча. Пры нагодзе смакаваў іх стравы, якія спярша маластаранна прыпякаў на агні і вэндзіў у горкім дыме...
- А што, калі ім не спадабаюцца твае песні і скокі? - спытала Ада.
Мая суразмоўца сама бачыла як за падляшскія рытуальныя песні ў Беластоку праганяюць з кавярні "Кастэль", якая належыць клану "Дзяцел"!
- То праклянем іх і пойдзем да канкурэнцыі, - пакарысталася я беластоцкім вопытам.
Я ведала, што ў рэзервацыі гуронаў чатыры кланы: Бабёр, Чарапаха, Алень і Мядзведзь. Звяры, а дакладней іх выявы ў выглядзе скульптур-кветнікаў, аздабляюць роварную сцежку ў рэзервацыі.
* * *
Гранд-шэф Макс Грос-Луіс не любіць, калі яго народ, гуронаў-вендаке, называюць індзейцамі.
- Мы ж не прыехалі з Індыі, - цярпліва тлумачыць усім "белым" прафанам. - Ці падумалі вы як выглядаем у вачах жыхароў Індыі? Не інакш як бы прысабечылі сабе іх імя!
У Канадзе як агню пазбягаюць слова "індзеец". Замест яго зараз ужываецца карэктная, хоць пакручастая, агульная фраза: прадстаўнікі першых нацый Амерыкі. Слова "гурон" таксама прыцягнутае з Еўропы і па-французску значыць "дзік". Да ўзнікнення новага імя нібыта натхнуў [так] мужчынскі "фрыз", канкрэтна чуб пастаўлены дыбам. Захаваліся аднак запіскі езуітаў і падарожнікаў ад першага спаткання французаў з вендаке, і яны кідаюць больш яркае, хоць некарэктнае, святло на генезіс імя. Ідэаліст і падарожнік Самуэль де Шамплейн, які хацеў усіх гуронаў зрабіць добрымі і шчаслівымі, пабачыў у іх толькі дзікасць, бруд і балаган. Пра іх доўгія хаты, у якіх жыло каля 30 асоб, пісаў: ["]Усярэдзіне паляць вогнішчы, ад якіх нясецца дым, які патрапляе ў кожную шчылінку і закавулак, кусае ў вочы, з-за яго на старасць слепнуць старыя. Няма ў іх ніякай прыватнасці, ніякай гігіены... ["]
Ідэаліст адначасова здзіўляецца роўнасці між жанчынамі і мужчынамі, іх супольным рашэнням важных для грамадства пытанняў. Здзіўляецца іх неахвотаю да рэжымаў і няволі. Не здагадаецца, што лясное племя гуронаў-вендаке, амаль поўнасцю памрэ ад грыпу, прыцягнутага з Еўропы. Гуроны, як першыя, спрагуцца з еўрапейцамі, стануць гандляваць з імі бабровымі шкурамі. Падмоўленыя французамі, разам з імі пачнуць выпраўляцца з вайной на варожае племя іракезаў. І рабіць сваю дыпламатыю. Карацей, будуць аддаваць замуж сваіх дачок за новых заваёўнікаў. Гэты раман будзе мець фатальныя наступствы. Эпідэміі грыпу і воспы амаль поўнасцю знішчаць папуляцыю аўтахтонаў. Пра катастрофу найлепш сведчаць лічбы. Калі ў пачатку XVII стагоддзя французы будуць сяліць гуронаў-вендаке на ўзбярэжжы пасялення Квебэк, племя налічвае ўжо толькі трыста чалавек. Да прыбыцця еўрапейцаў, іх лясная, напалову качэўніцкая нацыя, якая спачатку займала тэрыторыю ў наваколлі Вялікіх азёр, налічвала за трыццаць тысяч чалавек. Як скажа сучасны гранд-шэф племя Макс Грос-Луіс, сённяшні лік гуронаў-вендаке складае прыблізна 3 200 душ.
* * *
Як добра што да індзейцаў мы трапілі познім вечарам! Тое, што пабачылі мы на месцы, заняло мову. Замест пад вігвамам з бізонавай шкуркай мы апынуліся ў гасцініцы люкс, пабудаванай з нагоды 400-годдзя горада Квебэка, якое адзначаецца ў бягучым годзе. У элегантным калідоры дыскрэтна лунаў вытанчаны пах вогнішча. У адміністрацыі, замест аўтахтонаў, з якімі мы спадзяваліся пакурыць люльку міру, прывітала французскамоўная швейцарка са славутай канадскай усмешкай.
Мы абмінулі рэстаран з рэгіянальна-касмічна дарагімі стравамі і элегантную кавярню, у якой чарна-скурая прыгажуня гутарыла са сваім ноўтбукам. Яе шыкоўны касцюм і прычоска, стылізаваныя на віктары-янскую эпоху, падказвалі, што маем дачыненне з афрыканскай прынцэсай.
Хоць... найбольш уразілі белалюстраныя туалеты і процьма гуронскіх татэмаў на сценах. Здавалася, што гэты ўвесь этнічна-чарадзейны дэкор абваліцца на галаву! Пасля мне прыснілася, як лётаю па-над легендарнай Кабір Коўба - ракой Тысячы Меандраў... (працяг будзе)".
Літ.:
7908 Барановский Л. С., Козикис Д. Д. Канада. Австралия. Новая Зеландия = Canada. Australia. New Zealand: пособие по страноведению. Мн., 2003.
1865 С. Ш. Рец. на: Tijm J. Die Stellung der Frau bei den Indianern der Vereinigten Staaten und Canada's. 1933. XVIII, 150 S. // Советская этнография. 1936. № 6. С. 157 (Подп.: С. Ш. - крыптанім С. А. Ратнер-Штернберг.)
10240 Варабей І. Канадская беларуска задае беларускі трэнд у вышыўцы / інтэрв'ю А. Ціхановіч // Беларусы ў свеце. 2016. Люты. №2 (165). С. 6-7.
8543 Ж. Зь гісторыі Канады // Беларус. 1967. № 118. (Весткі з Канады; Ж. - крыптанім В. Жук-Грышкевіча.)
804 Канада // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. Т. 5. Мн., 1972. С. 365-369.
4794 Канада // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 7. Мн., 1998. С. 558-65.
2944 "Канада" - слова індзейскае // Звязда. 1995. 23 снеж.
9563 Канада: Індзейскі расізм у дзеянні // Новы час. 2010. 23 крас. С. 12.
10884 Канада: Рэабілітацыя правадыроў // Новы час. 2018. 6 крас. С. 8.
1406 Канада: Протест аборигенов // Советская Белоруссия. 1990. 12 нояб.
7759 Продавать в Канаде… // Новая эканамічная газета. 2003. 24 чэрв.
КАРНЕЙ Ігар - ураджэнец вёскі Наваспаск каля Крэва ў Смаргонскім раёне; яго матэрыял 2017 г. прыцягвае ўвагу ўжо сваім загалоўкам: "Чым беларусы падобныя да індзейцаў кечуа". У ім Ігар больш разважае ў цэлым - па ведах, якія меў з паездкі ў Эквадор і, вядома, з іншых даступных крыніц, - а не апісвае сустрэчы з канкрэтнымі людзьмі.
Яны з жонкай Інай у пачатку 2017 г. два тыдні правялі ў Эквадоры, з мэтай пабачыцца з дачкой, якая знаходзілася там у якасці валанцёра, і "паглядзець краіну".
Тэзісы з матэрыялу Карнея асобнымі сказамі або малымі абзацамі (з тарашкевіцы):
"Адрозна ад кніжных ды кінабестселераў, дзе "сапраўдны індзеец" асацыюецца з апераным волатам а-ля Гойка Міціч (югаслаўскі акцёр, які спецыялізаваўся на вобразах "чырванаскурых"), у масе сваёй кечуа - нізкарослыя, каржакаватыя і не з самымі вытанчанымі рысамі твару. Мабыць, да здрабнення прывёў выбраны лад жыцця - адмова ад змешвання з чужынцамі, разрэджанае паветра ў гарах, адасобленасць паселішчаў і г.д."
"Нарэшце, стракаты рынак у Атавала, горадзе, практычна цалкам заселеным карэннымі жыхарамі гэтай зямлі. Трапляеш як у іншае цывілізацыйнае вымярэнне: вакол кечуа, іх мова і культурныя традыцыі".
"Стоячы ў краме Сан-Антоніё [Сан-Антоніа], вуха вылоўлівае нязвыклыя гукі, часта з прыдыханнем, якое надае рознае значэнне аднаму і таму ж набору літар".
"Незалежна ад полу, усе сустрэтыя ў Эквадоры абарыгены - уладальнікі шыкоўных бліскуча-чорных кос і адрозніваюцца хіба строямі. Ад фетравых капелюшоў і спадніц-гофраў на паўднёвым захадзе і цэнтральнай частцы краіны - да плашчоў-накідак і падазрона знаёмых вышыванак на поўначы".
"Людзі жывуць у сціплых умовах, успрымаючы дом не як раскошу, а як магчымасць схавацца ад непагадзі. Іх жытло, як правіла, - гэта невялікія глінабітныя халупкі пад свой рост, памерамі не нашмат большыя за колішні вігвам. У печы паляць па-чорнаму, а груба збітыя драўляныя ляжанкі замяняюць ложкі. А як заныюць бакі, хутчэй ускочыш і сустрэнеш сонца, паслухаеш першых птушак. У гэтым індзейцы - паганцы, гэткія ж, як і старажытныя беларусы".
"Гісторыю цывілізацыйнага росквіту кечуа і супраціву захопнікам, моўнай экспансіі і адданасці традыцыям можна прасачыць у сценах адмысловага музея ў эквадорскай Куэнцы".
Звесткі, якія дае Ігар пра жыццё ў Эквадоры, пра яго культуру, мову, гісторыю цікавыя найперш кампаратывістыкай. Такога роду: "Адрозна ад індзейцаў, якія ўпарта трымаюцца месца свайго з'яўлення на свет, беларусы робяць выбар на карысць гарадской безаблічнасці. Амаль дзве траціны ўжо не бачаць для сябе прычыны, дзеля якой варта застацца на малой зямлі, якая гарантуе моўную свабоду ды ўнутраную незалежнасць".
Подпісы пад некаторымі фота з рэпартажу Карнея: Сельская гаспадарка - асноўны занятак кечуа; Воўна альпакі ідзе на індзейскія строі; Індзейскія вышыванкі; Старая-кечуа на "лавачцы"; Продак кагосьці з сённяшніх кечуа; Такія "індзейцы" ёсць і ў беларускіх вёсках; Тыпажы Атавала.
Мы пісалі групе атавала ў Еўропе, якая падтрымлівала свой сайт:
To: info@OtavalosOnLine.com <info@Otavalos OnLine.com>, Date: 15.06.2004, 6:25:11, Subject: Otavalos in Belarus:
"Dear Friends:
We wonder if there are your representatives in East European countries at present. Tens of Native Bolivians were students at the Agricultural Academy in Gorki, Mogilev region, Belarus in the 1980s when we developed the idea of our Society. We were too shy to seek their friendship, support or membership...
Please don't forget us. You are welcome in Belarus.
Ales Simakou
Belaruska-indzeiskae tavarystva =
Belarusian - American Indian Society"
Адказаў Сача Расэра (Sacha Rosero Lema), атавала (Otavalan), актывіст у Іспаніі, які поўнасцю авалодаў мовай кечуа ўжо ў сталым узросце: From: info@ otavalosonline.com <info@otavalosonline.com>, Date: 16.06.2004, 0:19:21, Subject: Otavalos in Belarus:
"Hi, thanks for writing us, even though we are not from Bolivia, (we are from Ecuador), we are native americans too. I am guessing but I am sure there some Otavalos around East Europe, my self I am in Barcelona, Spain. What would you like from us?
Regards,
Sacha Rosero
OtavalosOnLine.com"
(Пасля гэтага перапіска не спынілася.)
Пры вяртанні з Эквадора ў Карнеяў узніклі праблемы па частцы наркотыкаў - зразумела, што часта такія інцыдэнты ўзнікаюць проста з-за культурнай розніцы паміж краінамі і няведання правілаў правозу рэчаў, рэчываў, таму гэта, вядома, было непаразуменнем (у звычайнай краме "набылі мясцовую гарбату") - і гэта не з самых вялікіх праблем, якія напаткалі Ігара як журналіста і чалавека, які перасоўваецца, але ён - член нашай "беларуска-індзейскай сям'і", у якой - поўны плюралізм выказванняў і лёсаў. Іншая справа, што многія думкі мы лічым за лепшае проста не паўтараць.
Літ.:
4805 Кечуа // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 8. Мн., 1999. С. 242.
9097 Глушаков Ю. Фабрики - рабочим // Гомельскія ведамасці. 1991. 18 мая. С. 5. (Тое ж, што і ў "Голосе народника" ("социально-революционное издание Товарищества социалистов-народников", Масква): Мексика, Перу - традиции общинности, коллективизма; аўтар - рабочы фабрыкі "Палесдрук")
4373 Карней I. Арнольд Шварцэнегер, ён жа - пародыя на Тарзана // Звязда. 1994. 22 снеж. С. 5. (О. Генры, "Правадыр чырванаскурых", "Адзін дома II: згублены ў Нью-Ёрку".)
ЮЗЕПЧУК Сяргей (2 - 2-ая інфармацыя пра яго ў серыі БСІ пры ўмове, што артыкул у нулявым выпуску - "Культура. Нацыя" (№ 28, 2021) - перайменаваць з "…Тамара" ў "…Сяргей") - дакладна беларускія карані пацвердзіць усё яшчэ не можам, але для меркавання пра іх ёсць важкія падставы. У літаратуры 1920-50-х гадоў не было сведчанняў пра беларускае паходжанне вучонага з кідкім беларуска-ўкраінскім прозвішчам, але на яго ўказала ўдава Юзепчука (яе ліст аўтару БСІ ад 23.10.1989 г.; пазней высветлілася, што бацька яго атрымліваў раннюю адукацыю на Валыні - гэта можа сведчыць пра ўкраінскае паходжанне бацькі, але ў такім выпадку трэба разглядаць паходжанне маці: сям'я Сяргея звязаная з гісторыяй беларускай чыгункі). Магчыма, яго неяк цягнула на Палессе як радзіму продкаў, калі, загадваючы гербарыем флоры еўрапейскай часткі СССР у Батанічным інстытуце і актыўна працуючы "ў полі" на тэрыторыі краіны, прыняў непасрэдны ўдзел і ў геабатанічным вывучэнні БССР, апублікаваў яго вынікі ў тым ліку і ў Менску ("К флоре Полесья", 1925)? Паміж смерцю Юзепчука і некралогам (1959), падпісаным ураджэнцам Гомеля і яго вучнем М. І. (Э. ) Кірпічнікавым, і публікацыяй у "Информационном бюллетене" савецкіх вайскоўцаў на Кубе (1990), падрыхтаванай А. Карлюкевічам, мы не знаходзілі асобных артыкулаў пра яго дзейнасць, але звесткі пра яе былі раскіданыя па выданнях, што выходзілі ў самых розных краінах.
Экспедыцыя Юзепчука ў Лацінскай Амерыцы мела выключнае значэнне як для савецкай біялагічнай навукі, так і для беларуска-індзейскіх сувязей, лічылі мы. Пра ролю Юзепчука і кіруючую ролю акадэміка Вавілава пісаў і І. Фрэйдберг, студэнт-раварыст, які падарожнічаў разам з Сяргеем Васільевічам:
"Калекцыі насення і раслін, сабраных С. В. Юзепчуком у Перу, Балівіі і Чылі, разам са зборамі С. М. Букасава ў Мексіцы, Гватэмале і Калумбіі ўвайшлі ў асноўны фонд калекцыі насення і раслін Інстытута раслінаводства, а іх работы з бульбай зрабілі сапраўдную рэвалюцыю ў селекцыі гэтай расліны.
- Часам я і сам, - расказваў Юзепчук, - уносіў прапановы ў парадак работы і маршруты экспедыцыі. Калі гэтыя прапановы не разыходзіліся з меркаваннем Мікалая Іванавіча, то ён ухваляў іх і ўсяляк падтрымліваў. Калі ж лічыў памылковымі, адхіляў самым рашучым чынам. Рабіў ён. гэта, аднак, вельмі тактоўна, ніколькі не кранаючы майго самалюбства, таму што заўсёды аргументаваў сваю нязгоду".
Юзепчук меў складаныя адносіны з акадэмікам Вавілавым (з настойлівых лістоў апошняга з просьбамі паскорыць апрацоўку матэрыялаў экспедыцыі ў Лацінскую Амерыку можа скласціся ўражанне пра надзвычай цяжкі характар Юзепчука - закранутае самалюбства кіравала ім у нейкай ступені нават у навуцы, якой служыў?): паводле сведчання Т. Л. Юзепчук, ён хваравіта ўспрыняў вылічэнне з зарплаты не забяспечаных дакументамі лацінаамерыканскіх выдаткаў, але і не прымаў удзелу ў цкаванні генетыкаў, антывавілаўскай кампаніі - у адрозненне ад Букасава.
Характарызуючы эпоху, удава пісала нам 28.11.1989 г. пра лёс бульбяных работ Юзепчука: "адмовіўшыся ад далейшага працягу гэтай работы ён міжвольна выратаваў сябе". (Але ў 1937 г. з'яўляецца, у прыватнасці: Юзепчук С. В. Новые виды рода Solanum из группы Tuberarium Dun. // Изв. АН СССР, сер. биол. 1937. № 2. С. 295-331.)
…У 1925 г. - у складзе групы вучоных пад кіраўніц-твам Ю. Воранава, якая накіравалася спачатку на Кубу, потым у Мексіку, адтуль у Гватэмалу і Калумбію. Усе астатнія ўдзельнікі вярнуліся на радзіму, а Юзепчук рушыў далей адзін, наведаўшы Перу, Балівію, Чылі, Аргенціну.
Маршрут першага этапу экспедыцыі падае С. Букасаў у "Раслінах, што вырошчваюцца ў Мексіцы, Гватэмале і Калумбіі" (1930). Пра самую паўночную частку яго Букасаў пісаў:
"Мясцовасці Паўночнай Мексікі, па якіх праходзіў наш маршрут, як было сказана, ляжаць па-за раёнам распаўсюджання аселых земляробчых плямён у старажытнай Мексіцы. Гэта вобласць качавых плямён атамі. Яшчэ да нядаўняга часу, каля сотні гадоў назад, гэты шлях быў пад пастаяннай пагрозай так добра вядомых нам з дзяцінства каманчаў, апашаў (у іспанскім вымаўленні апачаў) і шматлікіх плямён чычымекаў. Тутэйшыя гацыенды ўяўлялі сабой умацаваныя для абароны ад набегаў індзейцаў пункты. Асобныя індзейскія плямёны, у прыватнасці некаторыя плямёны апашаў, вялі аселы лад жыцця, мелі пасяленні і займаліся земляробствам, вырошчваючы кукурузу і іншыя туземныя расліны. Па культурным узроўні ўсе гэтыя плямёны стаялі значна ніжэй ацтэкаў". (Калі "гацыенды" - гэта адзін з рускіх "традыцыйных" варыянтаў для іспанскага слова "асьенда", то ўжыванне формы "апашы", якая "паходзіць" з французскай мовы, будучы ў Мексіцы або ўспамінаючы Мексіку, - зусім недарэчна, хаця, вядома, у Расійскай імперыі і як мінімум у раннім СССР французская мова вывучалася, асвойвалася значна больш, чым іспанская.)
Фрэйдберг пра поўнач: "Удзельнікамі экспедыцыі была вывучана поўнач Мексікі з плантацыямі пулькавых агаў, пакрытыя зараснікамі кактусаў пласкагор'я мексіканскай высакагорнай даліны, сабраны багатыя калекцыі насення і раслін на захадзе і ўсходзе краіны ад узбярэжжа Ціхага акіяна і да Мексіканскага заліва. поўдні Мексікі, у гарах, дзе перамяшчэнне магчыма толькі вярхом на конях па караванных сцежках.
Маршрут аказаўся цяжкім, але мы былі ўзнагароджаныя багаццем сабраных узораў насення і раслін ва ўсёй іх разнастайнасці - ад прадстаўнікоў субтропікаў на берагах Ціхага акіяна і Мексіканскага заліва да насельнікаў высакагорных раёнаў, блізкіх да нашых умоў".
Фрэйдберг: "З Сяргеем Васільевічам Юзепчуком я сустрэўся зноў праз тры гады ў Маскве, калі ён запрасіў мяне прыняць удзел у экспедыцыі ў сярэднеазіяцкія рэспублікі для вывучэння раёнаў распаўсюджвання каўчуканосаў. Натуральна, што М. І. Вавілаў і яго ідэі былі частым прадметам нашых гутарак. Расказваючы аб экспедыцыі ў Чылі, Перу і Балівію, здзейсненую ім па заданні Інстытута раслінаводства, Юзепчук не пераставаў дзівіцца празорлівасці Мікалая Іванавіча. "Яго рэкамендацыі, - казаў Юзепчук, - былі настолькі адпаведныя, што калі ў пачатку сваёй працы я часам сумняваўся ў мэтазгоднасці абіраных ім маршрутаў, то неўзабаве ўсе мае сумневы адпалі, бо заўсёды аказвалася, што ён меў рацыю. А гэтыя ўказанні Вавілаў даў да сваёй паездкі ў Паўднёвую Амерыку"".
Юзепчук меў кантакты з індзейскім насельніцтвам на гарадскіх рынках, дзе гандляры даволі неахвотна прадавалі насенне, і ў іх вёсках. Канкрэтныя этнасы і падрабязнасці кантактаў з-за адсутнасці доступу да адпаведнай інфармацыі дзённікавага характару высветліць складана, але з апублікаваных крыніц, пры ўмове іх спецыяльнага вывучэння на прадмет кантактаў з асобнымі этнасамі, можна меркаваць, што на поўначы Мексікі даследчыкі з вялікай верагоднасцю мелі іх, хаця і не маглі ўжо стаць ахвярамі набегаў апачаў і каманчаў, але ведалі, памяталі пра іх колішнюю прысутнасць там. У паўднёвым Чылі Юзепчук сутыкаўся з мапучэ - мы, зразумела, ніколі не прапускаем магчымасці акцэнтаваць, што ў адным з мясцін Паўднёвай Амерыкі, якое не ўдакладняецца, Юзепчук, прыняты за каморніка, ледзь не быў забіты камянямі.
…Юзепчук у лісце А. П. Ільінскаму з Уакапістана (перуанскі дэпартамент Хунін) пісаў (13.1.1927) пра "высокаандыйцаў": "Бачыў статкі лам, што суправаджаліся маляўнічымі нашчадкамі старажытных "інка": відовішча велічнае".
На жаль, апісанне ходу савецкіх экспедыцый і сабраных калекцый рабіў Букасаў, а сам Юзепчук у асноўным абмежаваўся такімі тэкстамі, як кароткая справаздача "Аб паўднёваамерыканскай экспедыцыі Усесаюзнага інстытута прыкладной батанікі і новых культур" і сумеснае з Букасавым паведамленне "Да пытання аб паходжанні бульбы" ў "Працах Усесаюзнага з`езда па генетыцы, селекцыі, насенняводстве і племянной жывёлагадоўлі" (1929). У тым жа годзе М. І. Вавілаў пісаў у папулярным часопісе "Прырода" пра "надзвычайныя факты", выяўленыя экспедыцыямі Букасава і Юзепчука, пералічваючы культурныя расліны, характэрныя пэўным "агменям формаўтварэння", якія адпавядалі краінам, народам і культурам Новага Свету: бавоўна, фасоля (Мексіка), кукуруза, какава, дыннае дрэва (Гватэмала), аракача (Калумбія), амарант, гарбуз (Перу), бульба, кіноа, ульюка (Балівія). У Паўднёвым Чылі знаходзілі другі агмень бульбы, суніц і іншых раслін. Бразілія разглядалася як верагодная радзіма некаторых відаў бавоўны, фасолі і іншых "важных раслін". Менавіта з гэтымі раслінамі мелі справу Юзепчук і яго калегі на іх радзіме.
Экспедыцыя С. Юзепчука, яго збіральніцкая праца і агульнымі намаганнямі яго калег па вывучэнні цэнтраў паходжання культурных раслін і вывядзенні новых сартоў - сапраўды значны эпізод, да якога варта вяртацца. Роля С. В. Юзепчука адзначаная, акрамя М. Вавілава і І. Фрэйдберга, многімі іншымі вучонымі і папулярызатарамі, у прыватнасці М. Ільіным у кнізе "Горы і людзі: Апавяданні аб перабудове прыроды", якая выйшла і ў амерыканскім (Філадэльфія, 1935), і ў беларускім (1937) выданнях. Пры гэтым недарэчнае прыпісванне С. Букасаву знаходак і ў гарах Перу, Балівіі і Чылі можна лічыць яшчэ адным тонкім сведчаннем пра атмасферу "культу асобы", якая панавала ў СССР.
Літ.:
2190 Юзепчук С. В., Букасов С. М. К вопросу о происхождении картофеля // Труды Всесоюзного съезда по генетике, селекции, семеноводству и племенному животноводству. Т. 3. Л., 1929. С. 593-611.
8214 Культурные виды картофеля // Бульба: энциклопедический справочник по выращиванию, хранению, переработке и использованию картофеля / редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др.; худ. В. Г. Загородний. Мн., 1988. С. 213-215.
2032 Тернистый путь картофеля // Советская Белоруссия. 1987. 17 дек.
4900 З. С. Бульба // Наша слова. 1995. 10 кастр. С. 5.
4561 Все любят "папу"... потому что папа - это картофель / [подг. под рук. И. И. Бусько и М. И. Юхневич] // Хозяин 1998. № 12. С. 10-11. (Материалы подготовлены под руководством зам. дир. БелНИИ картофелеводства И. И. Бусько и заведующей отделом технологии производства картофеля БелНИИ картофелеводства М. И. Юхневич.)
11512 Пучынскі У. Дзень бульбы на "Белагро" і ў сядзібе "Заречаны" // Краязнаўчая газета. 2018 (?). ("Источник: "Краязнаўчая газета" - 2018-06-21": https://csl.bas-net.by/press-nan/2018/06/21_dzen_bulby.pdf.)
Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.
Ales Simakou (baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.
Индейцы, Indianie, Indians, indigenas, indios de America y Belarus, Bielorrusia. Алесь Симаков, белорусско-индейские связи.
"Ліда: учора, сёння, заўтра"
У рамках краязнаўчага праекта "Мой горад у сэрцы маім" супрацоўнікі дзіцячай бібліятэкі арганізавалі краязнаўчую гадзіну "Ліда: учора, сёння, заўтра" для выхаванцаў ДУА "Адмысловы дзіцячы сад № 16 г. Ліды".
Дзеці здзейснілі пазнавальную вандроўку па нашым горадзе, убачылі, якімі былі раней вуліцы і дамы, што цяпер выглядаюць зусім па-іншаму, пазнаёміліся з гарадской архітэктурай, распавядалі, у якіх месцах яны любяць бываць і паспрабавалі праявіць сваю фантазію ў гульні "Горад будучыні".
ТК "Культура Лідчыны".
Народны драматычны тэатр "Ракурс" Палаца культуры горада Ліды адзначыў 75-гадоў з дня заснавання
У свой юбілейны вечар адзін з найстарэйшых тэатраў Гарадзенскай вобласці прыгатаваў для гледачоў яркі тэматычны вадэвіль "Тэатр - цуд на ўсе часы" з удзелам харэаграфічнай групы народнага ансамбля песні і танцу "Лідчанка" і народнай эстраднай студыі "Ліда-мюзікл".
Са словамі віншаванняў на святочным мерапрыемстве выступілі галоўны спецыяліст аддзела культуры Лідскага райвыканкама Наталля Вайцюкевіч і дырэктар Палаца культуры горада Ліды Ірына Тур. Было адзначана, што 75 гадоў - гэта выдатная і годная дата, якая гаворыць пра многае: пра насычаную гісторыю тэатра, пра душэўныя спектаклі, пра шыкарных акцёраў, і, безумоўна, пра несканчоную цікавасць гледачоў.
Скарбонка ўзнагарод тэатра "Ракурс" папоўнілася ў гэты дзень ганаровай граматай кіравання культуры Гарадзенскага аблвыканкама і падзячным лістом Гарадзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці. Удзельнікам аматарскага аб'яднання, якія ўнеслі значны ўнёсак у развіццё калектыва, былі ўручаны падзячныя лісты дырэктара Палаца культуры горада Ліды.
У гэта свята асабліва цёпла гучалі пажаданні ўсім службоўцам тэатра "Ракурс": гучных прэм'ер, новых вяршыняў, запамінальных роляў, захапляльных апладысментаў і самых удзячных гледачоў!
ТК "Культура Лідчыны".