Наша слова.pdf № 1 (157), 3 студзеня 2025 г.
З Новым 2025 годам!
З Калядамі!
Дарагія сябры!
Газета "Наша слова.pdf" уступае ў чацвёрты год выдання.
Ужо ў чацвёрты.
Мы працягваем лепшыя традыцыі папяровага "Нашага слова", але працуем у новых умовах. Склаўся новы калектыў аўтараў, ідзе новая тэматыка. Адно застаецца нязменным - газета ад першай да апошняй літары застаецца беларускацэнтрычнай і беларускамоўнай.
Тэмы найвялікшых нашых каштоўнасцяў: Беларускай дзяржавы і беларускай мовы былі,ёсць і будуць у цэнтры ўвагі газеты.
Газета "Наша слова.pdf" з'яўляецца апорнай, стварае цэлы літаратурна-краязнаўчы абсяг. Пры падтрымцы газеты выходзяць "Лідскі летапісец", "Нясвіжскія каеты", "Ад лідскіх муроў", "Нясвіжскі ўток", "Стольны град" (Наваградак), "Родныя пагоркі" (Капыль), "Паланэз" (Слонім), "Ятранка" (Дзятлава).
Рэгулярна абнаўляецца сайт "Наша слова штодзень" (nslowa.by), тэлеграм канал "Наша Слова" чакае падпісчыкаў, іх чамусьці пакуль што вельмі мала. Тры старонкі ў Facebooc знаёмяць наведвальнікаў з самай рознай і аператыўнай інфармацыяй...
Мы трымаем свой кавалачак беларускага абшару і спадзяёмся ўтрымаць.
Станіслаў Суднік.
КАЛЯДНАЕ
Дажджы зімовыя, дажджы калядныя,
І лісце чорнае аж да вясны.
Ноч сарамлівая, ноч незгасаная,
Бярозка мокрая галлём дрыжыць...
А там на покуці ручнік і свечачка:
Агеньчык кволенькі ў цяпле мігціць.
Снягі да пояса, вятры без голасу,
І месяц жоўценькі ў вакно глядзіць.
Яечня, скварачкі, крыху вандэлінкі,
І кот ля печанькі п'е малако.
Зоры вузорныя, нібы ліхтарыкі,
Святочна-сонечна глядзяць ў вакно.
Снег мякка падае. Пад коўдрай белаю
Лес неабудны ўжо паснуў даўно...
А тут калядныя, дажджы зімовыя,
І вецер жудасны бярозку гне.
Мігцяць ліхтарыкі ўсюль каляровыя,
І ў наваколіцах няма людзей.
Надзея Кухарчык.
ПАЭТЫЧНЫЯ ПРАГНОЗЫ НАВАГОДНІЯ, ЯК І САМ ПАЭТ, СТАРАМОДНЫЯ
У нашы дні трывожныя
прагнозы асцярожныя
чуваць з усіх кутоў.
Сіноптыкі, астролагі
і знаўцы-палітолагі
з экранаў і гуртоў
сцвярджаюць: навагоднія
надзеі мала годныя -
нібы гульня ў лато.
А я свае, лірычныя,
прагнозы паэтычныя,
прапанаваць гатоў -
з гарантыяй нязменнаю,
зусім не летуценнаю, -
ажно на 100 гадоў!
Што бачу я, - адбудзецца,
на 100 адсоткаў збудзецца,
на ўсе, паверце, 100!
Няварта нам маркоціцца:
жыццё назад не скоціцца,
не выйдзе за кругі:
крутыя, высачэзныя,
але зусім не цесныя
стагоддзі-берагі.
І ўсё ж крыху палепшае,
таму і рытм для вершыка
я выберу другі...
* * *
Толькі Новы год сустрэнем -
пойдзе ўсё на новы лад.
Прагу жыць у сэрцы вернем,
будзе новых планаў шмат.
З першых дзён, без прамарудкі,
будзем шчыра працаваць
і краіне да мінуткі
час рабочы аддаваць.
Адзімуем, не замёрзнем -
хопіць дроў і газу нам,
дый мароз не будзе грозны,
не запозніцца вясна.
Сонца будзе крыху болей,
чым у леташнім жыцці.
А зямля нап'ецца ўволю -
дождж часцей будзе ісці.
Здзівяць буйным цветам вішні -
хоць да шлюбу іх вядзі.
Будзем з радасцю, увішна
агароды зноў садзіць.
Потым прыйдзе час праполкі, -
гэта нельга забываць, -
паасобку ці суполкай
будзем зелле з градак рваць.
Не заўважым, як на градах
стануць зыркаць агуркі, -
ох, як будуць вельмі рады
мець закуску мужыкі!
Зацвітуць на полі ўроссып
сярод жыта васількі.
Пабяжым мы лугам росным
на купанне да ракі.
Будзе сёлета раскоша
ўсім заядлым рыбакам:
кожны дзень лаві хоць кошык -
горш затое чарвякам.
Лес па ягады пакліча,
а за імі - па грыбы.
Хто багацце гэта злічыць?! -
тут багач ужо любы!
Будзем з пахкім, свежым хлебам,
з караваем для гасцей -
цалаваць вачыма неба
будзем з кожным днём часцей.
Зноў парадуе нас бульба,
і гатунак хоць які:
ураджай рэкордны будзе -
насыпай адно ў мяхі.
Малака рагулі ўдосталь
будуць круглы год даваць,
будзе нават больш, чым досыць, -
лішкі будзем прадаваць.
І з прыплодам ладным будзем -
без скаціны жыць нам як? -
будуць радавацца людзі:
падрастае маладняк.
Мацаваць здароўе будзем,
напаткаем менш хвароб,
пра таблеткі ўраз забудзем:
будзем біць хваробе ў лоб.
Пазіраць мы меней будзем
на марскія берагі.
Стане болей любы людзям
край наш родны, дарагі.
Будуць з ног валіць жанчыны
чарадзейнай пекнатой.
Ой, пазнаюць зух мужчыны! -
у каго і быў прастой.
Будзе больш у нас вяселляў -
шмат каму хто будзе люб.
Стане горкім пустазеллем
зарастаць бясшлюбны шлюб.
Нараджацца будуць дзеці -
з імі столькі хараства!
Весялейшая на свеце
беларуская дзятва!
Азірацца рэдка будзем
на мінулыя вякі:
што мы ў іх цяпер здабудзем? -
мы ж наперад хадакі.
Мы наперад будзем крочыць,
не прыпынімся нідзе.
Будзе шчасціць днём і ноччу
беларускай грамадзе!
Будзе добра добрым людзям -
вось галоўны мой прагноз.
Пацвярджае гэта Зюзя -
беларускі Дзед Мароз.
З надыходзячым Новым, 2025-м годам!
Іван Карэнда.
Юбілейныя і памятныя даты 2025 года
Студзень
1 студзеня - 95 гадоў з дня нараджэння Лявона Шырына (1930, Слуцкі р-н), паэта.
1 студзеня - 80 гадоў з дня нараджэння Вольгі Іпатавай (1945), беларускай пісьменніцы, перакладчыцы.
10 студзеня - 95 гадоў з дня нараджэння Фёдара Капуцкага (Маладзечанскі р-н), вучонага-хіміка, акадэміка НАН Беларусі, Заслужанага работніка вышэйшай школы Беларусі
10 студзеня - 85 гадоў з дня нараджэння Яраслава Клімуця, крытыка, літаратуразнаўца.
14 студзеня - 105 гадоў з дня нараджэння Міколы Аўрамчыка (1920-2017), паэта, празаіка, перакладчыка, заслужанага работніка культуры Беларусі.
14 студзеня - 75 гадоў з дня нараджэння Вадзіма Спрынчана (1950), беларускага паэта, перакладчыка.
16 студзеня - 120 гадоў з дня нараджэння А.В. Пальчэўскага (1905-1979), празаіка, паэта, драматурга, перакладчыка.
20 студзеня - 120 гадоў з дня нараджэння Яна Пятроўскага (1905-2002), беларускага перакладчыка, празаіка, мемуарыста, выдаўца.
20 студзеня - 110 гадоў з дня нараджэння Гайдучыка Сяргея Міронавіча (1915 - 1984), беларускага мовазнаўца-германіста.
20 студзеня - 80 гадоў з дня нараджэння Галіны Бальчэўскай (Мядзельскі р-н), актрысы, Заслужанай артысткі Беларусі.
21 студзеня - 80 гадоў з дня нараджэння) Юрыя Станкевiча (Барысаў), пісьменніка.
22 студзеня - 135 гадоў з дня нараджэння Пётры Простага (сапр. Бобіч Ільдэфонс, 1890-1944), беларускага празаіка, драматурга, публіцыста, перакладчыка.
24 студзеня - 140 гадоў з дня нараджэння Юрыя Віктаравіча Тарыча (сапр. Аляксееў, 1885, г. Полацк - 21.02. 1967), заснавальніка беларускай мастацкай кінематаграфіі, рэжысёра, сцэнарыста.
25 студзеня - 70 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Іванавіча Лакоткі (1955, в. Кузьмічы Дзятлаўскага р-на), доктара гістарычных навук, дырэктара Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі.
26 студзеня - 35 гадоў таму Вярхоўны Савет БССР прыняў Закон "Аб мовах Беларускай ССР".
28 студзеня - 85 гадоў з дня нараджэння Леаніда Дайнэкі (1940-2019), беларускага пісьменніка.
Люты
1 лютага - 105 гадоў з дня нараджэння Фелікса Марцінкевіча (1920-1992), эканаміста, акадэміка АН БССР.
3 лютага - 80 гадоў з дня нараджэння Арнольда Ранцанца, артыста аперэты, спявака, Заслужанага артыста Беларусi i Украiны, лаўрэата прэмii iмя Л. Александроўскай.
4 лютага - 510 гадоў з дня нараджэння Мікалая Радзівіла Чорнага, дзяржаўнага, ваеннага і культурнага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага. Памёр у 1565 г.
5 лютага - 95 гадоў з дня нараджэння Расцiслава Янкоўскага, акцёра, народнага артыста Беларусi i СССР, акадэмiка Мiжнароднай акадэмii тэатра.
8 лютага - 215 гадоў з дня нараджэння Івана Хруцкага (1810-1885), беларускага жывапісца, акадэміка жывапісу, прызнанага майстра нацюрморту, партрэтыста, аўтара пейзажаў, алтарных карцін, абразоў.
8 лютага - 75 гадоў з дня нараджэння Віктара Мітрафанавіча Бачарова (1950 г., г. Краснаярск - 2004 г.), дырэктара Лідскай сярэдняй школы № 13, паэта, празаіка, самадзейнага кампазітара, педагога.
9 лютага - 95 гадоў з дня нараджэння Валянцiна Тараса, беларускага пiсьменнiка.
13 лютага - 320 гадоў з дня нараджэння Францішкі Уршулі Радзівіл (1705 - 1753), асветніцы і драматурга.
14 лютага - 225 гадоў з дня нараджэння) Валенція Вільгельма Ваньковіча (Бярэзінскі р-н), жывапісца, аднаго з найбольш значных беларускіх мастакоў XIX ст.
15 лютага - 80 гадоў з дня нараджэння Яўгена Сахуты (Стаўбцоўскі р-н), мастацтвазнаўца, лаўрэата Дзяржаўнай прэмii Беларусi i прэмii Мiнiстэрства культуры Беларусi.
16 лютага - 260 гадоў з дня нараджэння Мусніцкага Нікадыма (1765 - 1805), паэта, драматурга, гісторыка, педагога.
16 лютага - 100 гадоў з дня нараджэння Івана Якаўлевіча Навуменкі (1925, г. Васілевічы Рэчыцкага р-на - 17.12.2006), народнага пісьменніка, акадэміка НАН Беларусі.
19 лютага - 135 гадоў з дня нараджэння Казіміра Сваяка (сапр. Стаповіч Канстанцін, 1890, в. Барані Астравецкага р-на - 06.05.1926), паэта, рэлігійнага і грамадскага дзеяча.
19 лютага - 100 гадоў з дня нараджэння Івана Міхайлавіча Саўко (1925 г., в. Падкасоўе Наваградскага раёна - 1998 г.) - самадзейнага паэта. Аўтар трох зборнікаў паэзіі.
19 лютага - 110 гадоў з дня нараджэння Анатоля Бярозкі (сапр. Смаршчок Мацвей, 1915 - 2008), беларускага паэта, заслужанага доктара медыцыны.
19 лютага - 90 гадоў з дня нараджэння Генадзя Сцяпанавіча Аўсяннікава (1935, г. Магілёў), акцёра, народнага артыста БССР і СССР.
19 лютага - 80 гадоў з дня нараджэння Юрыя Антонава, спявака, кампазiтара, творчая дзейнасць якога пачыналася на Беларусi, Заслужанага дзеяча мастацтваў Расii.
20 лютана - 100 гадоў з дня нараджэння Таісы Мікалаеўны Бондар (1945 - 2005), беларускай паэтэсы, празаіка, перакладчыцы
21 лютага - Міжнародны дзень роднай мовы.
24 лютага - 90 гадоў з дня нараджэння Рыгора Барадуліна 1935-2014), Народнага паэта Беларусі.
25 лютага - 90 гадоў з дня нараджэння Генадзя Лыча (Уздзенскі р-н), вучонага ў галіне эканомікі, акадэміка НАН Беларусі, Заслужанага дзеяча навукі Беларусі
25 лютага - 105 гадоў з дня нараджэння Пятра Прыходзькі, беларускага паэта.
26 лютага - 220 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Здановіча (1805-1868), гісторыка, пісьменніка, педагога, кандыдата філасофіі.
26 лютага - 85 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Пузыні (1940 - 2012), музыкі, майстра народных музычных інструметаў.
Сакавік
1 сакавіка - 80 гадоў з дня заснавання Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа.
3 сакавіка - 145 гадоў з дня нараджэння Льва Шчэрбы, мовазнаўца.
3 сакавіка - 85 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Фёдаравіча Ладысева (1940 г., в. Дзяцель Дубровенскага р-на), доктара гістарычных навук, прафесара.
4 сакавіка - 135 гадоў з дня нараджэння Вінцука Адважнага, паэта.
5 сакавіка - 130 гадоў з дня нараджэння Аляксандр Кавалені, вучонага-археолага Беларусi.
5 сакавіка - 95 гадоў з дня нараджэння Паўла Уладзіміравіча Сцяцко, доктара філалагічных наук, прафесара Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
6 сакавіка - 35 гадоў з часу стварэння (1990) згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына".
7 сакавіка - 75 гадоў з дня нараджэння Васіля Раінчыка (1950), кампазітара, піяніста, музычнага і грамадскага дзеяча, народнага артыста Беларусі.
8 сакавіка - 95 гадоў з дня нараджэння Яраслава Пархуты (1930-1996), беларускага пісьменніка.
10 сакавіка - 85 гадоў з дня нараджэння Аляксея Антонавіча Марачкіна (1940, в. Язёры Чэрыкаўскага р-на), жывапісца, грамадскага дзеяча.
11 сакавіка - 250 гадоў з дня нараджэння Васiля Анастасевiча, бiблiёграфа, перакладчыка, выдаўца, якi ажыццявiў навуковае выданне Статута ВКЛ 1588 г.
12 сакавіка - 85 гадоў з дня нараджэння Алены Генадзеўны Калечыц (1940, г. Нальчык Кабардзіна-Балкарскай АССР, Расія), доктара гістарычных навук, прафесара.
13 сакавіка - 130 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Савіча, беларускага гісторыка, доктара гістарычных навук, прафесара. З в. Лапеніца (Ваўкавыскі р-н). Памёр у 1957 г.
14 сакавіка - 130 гадоў з дня нараджэння Iвана Валадзько (Менскі р-н), архiтэктара.
15 сакавіка - 95 гадоў з дня нараджэння Жарэса Алфёрава, вучонага-фiзiка, акадэмiка АН Расii, замежнага члена НАН Беларусi, АН Германii, Польскай АН, Нацыянальнай iнжынернай АН ЗША, Нацыянальнай АН ЗША, лаўрэата Нобелеўскай прэмii.
15 сакавіка - 85 гадоў з дня нараджэння Ірыны Шыкуновай (Любанскі р-н), артысткі оперы, педагога, Народнай артысткі Беларусі, акадэміка Міжнароднай АН Еўразіі
16 сакавіка - 85 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Аляксандравіча Карпава (1940 - 2006), беларускага мовазнаўца.
17 сакавіка - 100 гадоў з дня нараджэння Валянціна Ермаловіча, заслужанага работніка культуры Беларусі
17 сакавіка - 95 гадоў з дня нараджэння Хведара Ільяшэвіча, паэта.
17 сакавіка - 35 гадоў ад пачатку выхаду газеты ТБМ "Наша слова".
18 сакавіка - 90 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Булыкі, мовазнаўцы, доктара філалагічных навук, прафесара.
19 сакавіка - 130 гадоў з дня нараджэння Тамаша Тамашавіча Грыба (1895, в. Паляны, цяпер Астравецкі р-н - 25.1.1938, Прага, Чэхія), палітычнага і грамадскага дзеяча.
19 сакавіка - 110 гадоў з дня нараджэння Васіля Іванавіча Матэвушава (1915 - 1974), беларускага паэта.
21 сакавіка - 185 гадоў з дня нараджэння Францішка Багушэвіча (1840-1900), пісьменніка, публіцыста, перакладчыка, аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры.
22 сакавіка - 105 гадоў з дня нараджэння Аляксея Пысіна, беларускага паэта.
22 сакавіка - 80 гадоў з дня нараджэння Пятра Кухарчыка (Клецкі р-н), вучонага ў галiне радыёфiзiкi, члена-карэспандэнта НАН Беларусi.
23 сакавіка - 160 гадоў з дня нараджэння Старога Уласа (сапр. Сiвы-Сiвiцкi Уладзiслаў Пятровiч, Валожын), паэта, фалькларыста.
23 сакавіка - 130 гадоў з дня нараджэння Васiля Сташэўскага (Капыльскі р-н), пiсьменнiка, грамад-скага дзеяча.
23 сакавіка - 95 гадоў з дня нараджэння Леаніда Бурака (Вілейскі р-н), мовазнаўца, Заслужанага работніка адукацыі Беларусі.
26 сакавіка - 85 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Паўлавіча Касцюка (1940 г., в. Масцішча Наваградскага р-на), доктара гістарычных навук, акадэміка НАН Беларусі.
26 сакавіка - 65 гадоў з дня нараджэння Віктара Шніпа (Валожынскі раён) - беларускага паэта, празаіка, перакладчыка.
28 сакавіка - 85 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Мархеля (1940 - 2013), літаратуразнаўца, перакладчыка.
29 сакавіка - 130 гадоў з дня нараджэння Майсея Якаўлевіча Грынблата (1905-1983) беларускага этнографа, фалькларыста, гісторыка.
Красавік
1 красавіка - 85 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Басалыгі, мастака.
2 красавіка - 95 гадоў з дня нараджэння Сяргея Гусака, крытыка, лiтаратуразнаўца.
4 красавіка - 80 гадоў з дня нараджэння Віктара Карзюка (Валожынскі р-н), вучонага-матэматыка, члена-карэспандэнта НАН Беларусі, Заслужанага работніка адукацыі Беларусі.
6 красавіка - 115 гадоў з дня нараджэння Барыса Уладзіміравіча Кіта (Кіты, 1910, г. Санкт-Пецярбург), педагога, вучонага.
6 красавіка - 70 гадоў з пачатку выдання "Голаса Радзiмы", штотыднёвай газеты для суайчыннiкаў за межамi Беларусi.
7 красавіка - 275 гадоў з дня нараджэння Рамуальда Тадэвуша Гедройца (1750-1824), генерал-маёра ВКЛ, аднаго з кіраўнікоў паўстання 1794 г.
10 красавіка - 125 гадоў з дня нараджэння Гаўрылы Іванавіча Гарэцкага (1900, в. Багацьеўка Мсціслаўскага р-на - 20.11.1988), геолага, географа, эканаміста, акадэміка АН БССР.
10 красавіка - 120 гадоў з дня нараджэння Сцяпана Андрэевіча Баркоўскага (1905 - 1966), беларускага этнографа, літаратурнага крытыка.
12 красавіка - 135 гадоў з дня нараджэння Янкі Нёмансакага (сапр. Пятровіч Іван Андрэевіч, 1890 - 1937), беларускага празаіка, публіцыста, грамадскага дзеяча.
14 красавіка - 145 гадоў з дня нараджэння Язэпа Дылы (Слуцк), пісьменніка, тэатразнаўца, грамадскага дзеяча.
14 красавіка - 140 гадоў з дня нараджэння Сымона Рак-Міхайлоўскага (Маладзечанскі р-н), грамадска-палітычнага дзеяча, публіцыста, педагога.
14 красавіка - 105 гадоў з дня нараджэння Аляксея Карпюка (1920-1992), пісьменніка, заслужанага работніка культуры Беларусі, удзельніка партызанскага руху ў Вялікую Айчынную вайну.
15 красавіка - 95 гадоў з дня нараджэння Расціслава Платонава (Слуцк), гісторыка, археографа, публіцыста.
15 красавіка - 85 гадоў з дня нараджэння Алены Таболіч, кандыдата філалагічных навук, беларускага мовазнаўца, педагога, паэта-перакладчыка.
18 красавіка - 85 гадоў з дня нараджэння Эдуарда Ханка, кампазітара.
21 красавіка - 85 гадоў з дня нараджэння Філарэта (свецкае Вахрамееў Кірыла Варфаламеевіч, 1935, г. Масква), праваслаўнага царкоўнага дзеяча Беларусі, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, Героя Беларусі.
23 красавіка - 85 гадоў з дня нараджэння Віктара Казько (1940), пісьменніка, кінасцэнарыста.
25 красавіка - 105 гадоў таму пачалася савецка-польская вайна, якая доўжылася да 12 кастрычніка 1920 г.
27 красавіка - 95 гадоў з дня нараджэння Мая Данцыга, жывапiсца, народнага мастака Беларусi, Заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі.
27 красавіка - 80 гадоў з часу ўступлення Беларусi ў склад Арганiзацыi Аб'яднаных Нацый
28 красавіка - 150 гадоў з дня нараджэння Эдварда Малiшэўскага, польскага гiсторыка, бiблiёграфа, аўтара краязнаўчых прац, у тым ліку даведнiкаў па Гарадзенскай, Менскай i Вiленскай губернях
Травень
1 траўня - 440 гадоў з дня нараджэння Сафіі Слуцкай (Слуцк), рэлігійнай дзяячкі, асветніцы, беларускай праваслаўнай святой.
1 траўня - 150 гадоў з дня нараджэння Г.А. Ціхава, астранома і астрафізіка.
1 траўня - 95 гадоў з дня нараджэння Алеся Петрашкевiча, драматурга, пiсьменнiка, публiцыста, заслужанага работнiка культуры Беларусi, лаўрэата Дзяржаўнай прэмii Беларусi.
2 траўня - 160 гадоў з дня нараджэння Зыгмунта Макрэцкага, беларускага і польскага батаніка, прафесара, акадэміка. З маёнт. Дзітрыкі (Лідскі р-н). Памёр у 1936 г.
4 траўня - 310 гадоў з дня нараджэння Г.Ф. Радзівіла (1715-1760), заснавальніка Слуцкага тэатра.
5 траўня - 95 гадоў з дня нараджэння Апанаса Пятровіча Цыхуна, Заслужанага настаўніка Беларусі.
6 траўня - 85 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Ліпскага (1940), беларускага пісьменніка, ініцыятара правядзення і старшыні журы Усебеларускага фестывалю народнага гумару ў Аўцюках, Заслужанага дзеяча культуры Беларусі.
6 траўня - 75 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Уладзіміра Мясніковіча, дзяржаўнага дзеяча Беларусі.
8 траўня - 80 гадоў з дня нараджэння Уладзiслава Мiсевiча, беларускага эстраднага музыканта, удзельніка ВІА "Песняры"; аднаго з заснавальнікаў і ўдзельнікаў ВІА "Беларускія песняры".
8 траўня - 40 гадоў з часу адкрыцця архітэктурна-скульптурнага комплексу "Мінск - горад-герой".
9 траўня - Дзень Перамогі, 80 гадоў з часу заканчэння Вялiкай Айчыннай вайны 1941-1945 гг.
9 траўня - 15 гадоў з дня адкрыцця экспазіцыі першага Музея гісторыі Першай сусветнай вайны ў в. Заброддзе Вілейскага раёна.
9 траўня - 95 гадоў з дня нараджэння Мiхаiла Цэдрыка (Бярэзiнскі р-н), вучонага-фiзiка i педагога, заслужанага работнiка вышэйшай школы Беларусi.
11 траўня - 170 гадоў таму назад гісторык Яўстах Піевіча Тышкевіч заснаваў у Вільні музей старажытнасцей, большасць экспанатаў якога былі з Беларусі.
13 траўня - 120 гадоў з дня нараджэння) Стэфанiі Станюты, актрысы, народнай артысткі Беларусi, акадэмiка Мiжнароднай акадэмii тэатра, лаўрэата Дзяржаўнай прэмii Беларусi.
17 траўня - 180 гадоў з дня нараджэння Мікалая Якаўлевіча Нікіфароўскага (1845 - 10.6.1910), этнографа, фалькларыста.
18 траўня - 85 гадоў з дня нараджэння Яна Арцёмавіча Чыквіна, паэта, філолага.
19 траўня - 485 гадоў таму назад каралева Бона пацвердзіла Магдэбурургскае права для Гародні.
20 траўня - 85 гадоў з дня нараджэння Міколы Вяршыніна (Мікалая Пятровіча, 1940 - 2010), беларускага паэта, сатырыка, гумарыста.
22 траўня - 555 гадоў з дня нараджэння Міколы Гусоўскага, аўтара паэмы "Песня пра зубра".
27 траўня - 190 гадоў з дня нараджэння Антона Данілавіча Трусава (1835, г. Барысаў - 1886?), рэвалюцыянера-дэмакрата, удзельніка паўстання 1863 - 1864 гг.
27 траўня - 125 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Жылкі (1900-1933), беларускага паэта.
28 траўня - 65 гадоў з дня нараджэння Алеся Аркуша, (г. Жодзіна) - беларускага паэта, эсэіста, выдаўца.
30 траўня - 115 гадоў з дня нараджэння Анатоля Труса (Уздзенскі р-н), акцёра, Народнага артыста Беларусі.
Чэрвень
2 чэрвеня - 215 гадоў з дня нараджэння Івана Пятровіча Барычэўскага, гісторыка.
3 чэрвеня - 160 гадоў з дня нараджэння Марыі Канстанцінаўны Навіцкай (у дзявоцтве Снітко, 1865 - (?)). Заснавальніца Лідскай жаночай гімназіі.
3 чэрвеня - 90 гадоў з дня нараджэння Васіля Зуёнака (Крупскі р-н), паэта, крытыка, лiтаратуразнаўца, лаўрэата Дзяржаўнай прэмii Беларусi iмя Янкі Купалы.
4 чэрвеня - 120 гадоў з дня нараджэння Мікалая Іванавіча Гурскага (1905 - 1972), беларускага мовазнаўца.
6 чэрвеня - 80 гадоў таму (1945 г.) у Бярэсці адкрыты настаўніцкі інстытут.
6 чэрвеня - 75 гадоў з дня нараджэння Аляксея Дударава (1950), беларускага драматурга, сцэнарыста, тэатральнага дзеяча, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі.
7 чэрвеня - 145 гадоў з дня нараджэння Вацлава Леанардавіча Іваноўскага, палітычнага і грамадскага дзеяча, доктара тэхнічных навук.
7 чэрвеня - 30 гадоў з часу зацвярджэння Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь, сімвала дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь.
8 чэрвеня - 130 гадоў з дня нараджэння Iгната Дварчанiна (1895-1937), лiтаратуразнаўца, паэта.
9 чэрвеня - 430 гадоў з дня нараджэння Уладзiслава IV Вазы, караля польскага і вялікага князя літоўскага.
9 чэрвеня - 65 гадоў з часу стварэння Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.
9 чэрвеня - 35 гадоў з часу адкрыцця (1990) Літаратурна-мемарыяльнага музея-сядзібы Ф. Багушэвіча ў Кушлянах (Смаргонскі р-н).
12 чэрвеня - 130 гадоў з дня нараджэння Леапольда Родзевіча (1895 - 1938, Лагойскі р-н), пісьменніка, драматурга, публіцыста, палітычнага і грамадскага дзеяча.
18 чэрвеня - 95 гадоў з дня нараджэння Яўгена Петрашэвіча, беларускага музычнага педагога, кампазітара.
21 чэрвеня - 95 гадоў з часу заснавання ў Гомелі Ляснога інстытута (цяпер Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт імя С. М. Кірава ў Менску).
24 чэрвеня - 125 гадоў з дня нараджэння Кузьмы Чорнага (сапр. Раманоўскі Мікалай, 1900-1944), беларускага пісьменніка, перакладчыка.
25 чэрвеня - 120 гадоў з дня нараджэння Пятруся Усцінавіча Броўкі (1905 - 25.03.1980), Народнага паэта Беларусі.
25 чэрвеня - 95 гадоў з часу заснаваня Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны.
30 чэрвеня - 135 гадоў з дня нараджэння Макара Краўцова (сапр. Касцевіч Макар Мацвеевіч, 1890-1939), беларускага паэта, перакладчыка, крытыка, публіцыста.
30 чэрвеня - 80 гадоў з дня нараджэння Васіля Уладзіміравіча Ракуця, выдатніка асветы СССР,
Ліпень
1ліпеня - 25 гадоў таму адкрыўся Палац Рэспублікі ў Менску.
3 ліпеня - 130 гадоў з дня нараджэння Сары Рувімаўны Каган (1895 - 1941), беларускай паэтэсы, празаіка. Пісала на яўрэйскай, беларускай і рускай мовах.
3 ліпеня - 75 гадоў з дня нараджэння Мікалая Арахоўскага, беларускага пісьменніка.
3 ліпеня - Дзень горада адзначаюць Барысаў, Беразіно, Валожын, Дзяржынск, Капыль, Маладзечна, Нясвіж.
6 ліпеня - 125 гадоў з дня нараджэння Івана Сцяпанавіча Лупіновіча, глебазнаўца, акадэміка АН БССР.
6 ліпеня - 120 гадоў з дня нараджэння Пятра Фёдаравіча Глебкі (1905 - 18.12.1969), Народнага паэта Беларусі.
8 ліпеня - 100 гадоў з дня нараджэння Міхася Канстанцінавіча Клышкі (1925 - 1984), беларускага мовазнаўца.
9 ліпеня - 45 гадоў з часу заснавання Літаратурнага музея Пятруся Броўкі.
10 ліпеня - 125 гадоў з дня нараджэння) Пётры Сергіевіча, беларускага жывапісца, графіка, мастака-манументаліста.
11 ліпеня - (95 гадоў з дня нараджэння) Івана Рэя, жывапiсца, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусi.
14 ліпеня - 105 гадоў з дня нараджэння Алеся Астапенкі (в. Сырская Буда, Рагачоўскі павет) - беларускага паэта, літаратуразнаўца.
15 ліпеня - 615 гадоў з часу пераможнай бітвы войскаў ВКЛ і Польшчы пад Грунвальдам.
15 ліпеня - 125 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Дубоўкі, беларускага паэта, празаіка, перакладчыка, крытыка.
20 ліпеня - 145 гадоў з дня нараджэння Гальяша Леўчыка, беларусазнаўца, паэта, публіцыста, перакладчыка, музыкі.
22 ліпеня - 130 гадоў з дня нараджэння Сухога Паўла Восіпавіча (1895 - 1975), авіяканстуктара.
24 ліпеня - 75 гадоў з дня нараджэння Генадзя Уладзіміравіча Грушавога, вучонага, грамадскага дзеяча.
25 ліпеня - 185 гадоў з дня нараджэння Юльяна Фаміча Крачкоўскага (1840, в. Азяты, цяпер Жабінкаўскі р-н - 25.7.1903), этнографа, фалькларыста, археографа, старшыні Віленскай археаграфічнай камісіі (1888 - 1902 гг.)
27 ліпеня - 35 гадоў з часу прыняцця Вярхоўным Савета БССР Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР.
29 ліпеня - 25 гадоў таму (2000 г.) у Менску адбыўся Усебеларускі з'езд, на якім прыняты "Акт незалежнасці Беларусі".
31 ліпеня - 105 гадоў таму прынята Дэкларацыя аб незалежнасці ССР Беларусі на сумесным пасяджэнні Менскага губернскага ВРК (Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта) з шэрагам палітычных партый і прафсаюзных арганізацый Менскай губерні. У ёй не былі зафіксаваны патрабаванні аб уключэнні ў склад Беларусі Віцебскай, Магілёўскай, Смаленскай губерняў, аб абвяшчэнні беларускай мовы дзяржаўнай, аб стварэнні самастойнага беларускага войска і інш.
Жнівень
4 жніўня - 80 гадоў з часу заснавання Літаратурнага музея ў Вязынцы, філіяла Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы (Маладзечанскі р-н)
4 жніўня - 80 гадоў з часу заснавання Літаратурнага музея ў Ляўках, фiлiяла Дзяржаўнага лiтаратурнага музея Янкi Купалы.
6 жніўня - 310 гадоў з дня нараджэня Мацея Догеля (1715 г., в. Гембулы Лідскага павета - 1760 г.), гісторыка, правазнаўца, педагога.
6 жніўня - 185 гадоў з дня нараджэння Альгерда Абуховіча, беларускага паэта, мемуарыста, перакладчыка.
7 жніўня - 115 гадоў з дня нараджэння Генадзя Цітовіча, беларускага этнамузыкаведа, дзеяча харавога мастацтва, дырыжора.
9 жніўня - 115 гадоў з дня нараджэння Ларысы Геніюш (1910-1983), паэткі, дзеяча беларускага адраджэння.
10 жніўня - 105 гадоў таму ў Менску пачала дзейнічаць тэатральная група Уладзіслава Галубка.
10 жніўня - 90 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Сямёнавіча Корзуна (1935, в. Мышкавічы Кіраўскага р-на), доктара гістарычных навук, прафесара.
10 жніўня - 80 гадоў з дня нараджэння Анатоля Вераб'я, беларускага крытыка, літаратуразнаўца, кандыдата філалагічных навук.
11 жніўня - 155 гадоў таму (1870 г.) быў выдадзены "Слоўнік беларускай мовы" Івана Насовіча.
12 жніўня - 75 гадоў з дня нараджэння Леаніда Галубовіча (Клецкі р-н), беларускага паэта.
13 жніўня - 75 гадоў з дня нараджэння Пятра Кузьміча Краўчанкі, грамадскага дзеяча, гісторыка, актывіста Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына".
14 жніўня - 100 гадоў з дня нараджэння Сяргея Міхальчука (Капыльскі р-н), беларускага празаіка, перакладчыка.
16 жніўня - 90 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Іосіфавіча Падлужнага (1935 - 2005), беларускага мовазнаўца.
17 жніўня - 100 гадоў з дня нараджэння Васіля Міхайлавіча Нікіцевіча (1925 - 1994), беларускага мовазнаўца.
19 жніўня - 115 гадоў з дня нараджэння Алеся Жаўрука (сапр. Сінічкін Аляксандр) (1910-1942), беларускага паэта.
20 жніўня - 100 гадоў з дня нараджэння Барыса Паўлавіча Міцкевіча (1925 - 1983), беларускага літаратуразнаўца.
21 жніўня - 85 гадоў з часу стварэння (1940) Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы Беларусі імя Р. Шырмы.
25 жніўня - 115 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Корбана, беларускага паэта, сатырыка, празаіка.
27 жніўня - 75 гадоў з дня нараджэння Галіны Каржанеўскай (Слуцкі р-н), беларускай паэтэсы, драматурга.
29 жніўня - Дзень горада ў Заслаўі.
27 жніўня - 225 гадоў з дня нараджэння Дамініка Ходзькі, літаратара, этнографа.
27 жніўня - 185 гадоў таму (1840 г.) у м. Горы-Горкі Магілёўскай губ. адкрыта земляробчая школа (цяпер Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія).
28 жніўня - 110 гадоў з дня нараджэння Часлава Найдзюка, дзеяча вызвольнага руху ў Заходняй Беларусі (20-30-я гг.). З в. Байдаты (Ваўкавыскі р-н). Памёр у 1995 г.
30 жніўня - Дзень горада ў Салігорску.
31 жніўня - 110 гадоў з дня нараджэння Янкі Казекі (Івана Дарафеевіча, 1915 - 2000), беларускага крытыка і літаратуразнаўца, заслужанага работніка культуры Рэспублікі Беларусь.
Верасень
1 верасня - 125 гадоў з дня нараджэння) Сымона Баранавых (Уздзенскі р-н), беларускага дзіцячага пісьменніка, празаіка.
2 верасня - 95 гадоў з дня нараджэння) Анатоля Шаўні, беларускага паэта, крытыка.
2 верасня - 80 гадоў з часу заканчэння Другой Сусветнай вайны.
6 верасня - 120 гадоў з дня нараджэння Віктара Іванавіча Казлоўскага (1905 - 1975), беларускага паэта.
7 верасня - 140 гадоў з дня нараджэння Івана Паўлавіча Сікоры (1885, в. Малыя Алашкі Шаркаўшчынскага р-на - 26.09.1966), славутага садоўніка, беларускага селекцыянера.
7 верасня - 110 гадоў таму (1915 г.) нямецкія войскі прарвалі абарону рускіх войск ( "Свянцянскі прарыў") у кірунку Свянцяны - Барысаў.
7 верасня - 35 гадоў з дня адкрыцця (1990) Полацкага музея беларускага кнігадрукавання.
11 верасня - 170 гадоў з дня нараджэння Еўдакіма Раманава, беларускага археолага, фалькларыста, этнографа, педагога.
11 верасня - 135 гадоў з дня нараджэння Мікалая Васільевіча Шатэрніка (1890 - 1934), беларускага мовазнаўца і педагога.
12 верасня - 255 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Міхала Сапегі (1730-1793), гетмана польнага, генерал-маёра ВКЛ.
12 верасня - 235 гадоў з часу нараджэння Івана Іванавіча Грыгаровіча (1790 - 13.11.1852), гісторыка, археографа, мовазнаўца.
12 верасня - 80 гадоў з дня нараджэння Рыгора Семашкевіча (Маладзечанскі р-н), беларускага пісьменніка і літаратуразнаўца.
12 верасня - Дзень горада ў Менску.
12 верасня - Дзень горада ў Смалявічах.
14 верасня - 110 гадоў з часу заснавання Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы
15 верасня - 240 гадоў з часу заснавання Менскай вышэйшай духоўнай семінарыі, вышэйшай навучальнай установы Беларускай праваслаўнай царквы (Слуцк, 1785 г., зараз в. Жыровічы Слонімскага р-на).
15 верасня - 170 гадоў з дня нараджэння Кастуся Аляксеевіча Аляксееўскага (1855, Віленская губ. - пасля 1918), ваеннага дзеяча БНР.
15 верасня - Дзень бібліятэк Беларусі.
15 верасня - 195 гадоў з часу заснавання Гарадзенскай абласной бiблiятэкі iмя Я.Ф. Карскага.
17 верасня - 435 гадоў з дня атрымання г. Лідай Магдэбургскага права. Дзень горада ў Лідзе. (Апорная дата, рэальныя вар'іруюцца па гадах.)
19 верасня - 135 гадоў з дня нараджэння Сяргея Палуяна (1890-1910), беларускага пісьменніка, публіцыста, літаратуразнаўца.
19 верасня - 120 гадоў з дня нараджэння Янкі Туміловіча (Івана Людвігавіча, 1905 - 1938), беларускага паэта.
20 верасня - 80 гадоў з дня адкрыцця (1945) Літаратурнага музея Янкі Купалы.
22 верасня - 15 гадоў таму назад у Лідзе па вул. Замкавая 7 быў адкрыты Дом Валянціна Таўлая, літаратурны філіял Лідскага гістарычна-мастацкага музея.
24 верасня - 105 гадоў таму адбыўся І з'езд КСМБ.
25 верасня - 260 гадоў з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага (1765-1833), беларускага дзяржаўнага дзеяча, кампазітара.
25 верасня - 150 гадоў з дня нараджэння Сяргея Канстанцінавіча Паўловіча (1875 - 1940), беларускага грамадска-культурнага дзеяча і педагога.
25 верасня - 130 гадоў з дня нараджэння Ванды Антонаўны Лявіцкай (па мужу Лёсік, 1895-1968), беларускай паэтэсы, празаіка.
26 верасня - Еўрапейскі дзень моваў.
28 верасня - 100 гадоў з дня нараджэння Барыса Сцяпанавіча Лапава (1925 - 1967), беларускага мовазнаўца.
28 верасня - 95 гадоў з дня нараджэння Віктара Дайліда (Слуцкі р-н), беларускага празаіка.
29 верасня - 145 гадоў з дня нараджэння Сяргея Пятровіча Сахарава, этногафа, фалькларыста.
Кастрычнік
1 кастрычніка - 90 гадоў з дня нараджэння Міхася Васільевіча Няхая (1935 - 1997), беларускага літаратуразнаўца.
2 кастрычніка - 35 гадоў таму назад выйшаў першы нумар газеты Вярхоўнага Савета БССР "Народная газета".
7 кастрычніка - 260 гадоў з дня нараджэння Міхала Клеафанса Агінскага, беларускага і польскага дзяржаўнага, ваеннага і культурнага дзеяча, кампазітара. Жыў у маёнтку Залессе (Смаргонскі р-н) у 1802-23 гг. Памёр у 1833 г.
10 кастрычніка - 85 гадоў з дня нараджэння Кастуся Тарасава, пісьменніка, гісторыка.
11 кастрычніка - 155 гадоў з дня нараджэння Пятра Гаўрылавіча Яцыны, скульптара.
12 кастрычніка - 85 гадоў таму ў Беларусі праведзены падзел раёнаў на сельсаветы.
13 кастрычніка - Дзень работнікаў культуры Беларусі
14 кастрычніка - Дзень маці ў Беларусі.
14 кастрычніка - 110 гадоў з дня нараджэння Усевалада Ігнатавіча Краўчанкі (1915 - 1961), беларускага празаіка, драматурга, перакладчыка.
15 кастрычніка - Міжнародны дзень сельскіх жанчын (International Day of Rural Women)
16 кастрычніка - 85 гадоў з дня нараджэння Алеся Сяргеевіча Шатэрніка, скульптара.
17 кастрычніка - 160 гадоў з дня нараджэння Люцыяна Жалігоўскага, польскага вайскоўца, генерала. З Ашмянаў. Памёр у 1947 г.
19 кастрычніка - 135 гадоў з дня нараджэння Сяргея Епіфанавіча Палуяна (1890, г. Брагін Гомельскай вобл. - 20.4.1910, Кіеў), празаіка, публіцыста, аднаго з пачынальнікаў прафесійнай літаратурнай крытыкі.
20 кастрычніка - 140 гадоў з дня нараджэння Алеся (Аляксандра) Лаўрэнцьевіча Бурбіса (псеўданім Стары Піліп, 1885, г. Вільня - 20.03. 1922), палітычнага і тэатральнага дзеяча.
21 кастрычніка - 105 гадоў з дня нараджэння Івана Фяцісава, жывапісца, Заслужанага работніка культуры Беларусі.
21 кастрычніка - 100 гадоў з дня нараджэння Льва Антонавіча Салаўя (1925 - 1988), беларускага перакладчыка, літаратуразнаўца, крытыка.
24 кастрычніка - 230 гадоў таму Расія, Прусія і Аўстрыя канчаткова падзялілі Рэч Паспалітую.
24 кастрычніка - Д зень Арганізацыі Аб'яднаных Нацый (United Nations Day).
25 кастрычніка - 100 гадоў з дня нараджэння Льва Паўлавіча Мірачыцкага (1925 - 2002), беларускага гісторыка-славіста, літаратара.
25 кастрычніка - 95 гадоў з дня нараджэння Леаніда Дударэнкі (Маладзечна), жывапісца, Заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі.
25 кастрычніка - 90 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Паўлава, беларускага пісьменніка.
26 кастрычніка - Міжнародны дзень школьных бібліятэк (International School Library Day).
27 кастрычніка - Дзень памяці вялікага князя ВКЛ Вітаўта Вялікага (1350 - 1430).
30 кастрычніка - 140 гадоў з дня нараджэння Альбрэхта Антонія Вільгельма Радзівіла, XVI, перадапошняга ардыната Нясвіжа.
30 кастрычніка - 120 гадоў з дня нараджэння Андрэя Ануфрыевіча Бембеля (1905, г. Веліж Смаленскай вобл. - 13.10.1986), народнага мастака.
31 кастрычніка - 95 гадоў з дня нараджэння Льва Гумілеўскага, скульптара, Заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, Народнага мастака Беларусі.
Лістапад
1 лістапада - 130 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Крыловіча (Дзяржынскі р-н), беларускага акцёра, аднаго з заснавальнікаў беларускага тэатра, Заслужанага артыста Беларусі.
1 лістапада - 110 гадоў з дня нараджэння Міхася Кавыля, паэта.
2 лістапада - 95 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Баршчэўскага (Алесь Барскі), беларускага паэта, літаратуразнаўца.
4 лістапада - 85 гадоў з дня нараджэння Яўгена Сяргеевіча Гучка (1940, г. Слуцк), паэта.
6 лістапада - 225 гадоў з дня нараджэння Леанарда Ходзькі (Маладзечанскі р-н), беларускага гісторыка, публіцыста, выдаўца.
7 лістапада - 235 гадоў з дня нараджэння Караля Падчашынскага, беларускага архітэктара, педагога, прафесара.
8 лістапада - 140 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Кірылавіча Баброўскага (1785, в. Вулька Бельскага пав. цяпер Польшча - 21.09.1 848), славіста, доктара тэалогіі.
8 лістапада - 135 гадоў з дня нараджэння Янкі Пачопкі , літаратара, фалькларыста.
9 лістапада - 85 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Нічыпаравіча Сідарцова (1935, в. Клімаўка Гомельскага р-на), доктара гістарычных навук, прафесара.
11 лістапада - 150 гадоў з дня нараджэння Альберта Паўловіча, беларускага паэта-гумарыста, драматурга.
11 лістапада - 100 гадоў з дня нараджэння Алены Іванаўны Чабярук (1925 - 2007), беларускага мовазнаўца.
12 лістапада - 140 гадоў з дня нараджэння Міхайлы Грамыкі (Міхаіла Аляксандравіча, 1885 - 1969), беларускага празаіка, драматурга, вучонага.
12 лістапада - 105 гадоў з дня нараджэння Андрэя Макаёнка, Народнага пісьменніка Беларусі, драматурга.
14 лістапада - 120 гадоў з дня нараджэння Міхася Васілька (сапр. Касцевіч Міхаіл Восіпавіч, 1905 - 1960),, беларускага паэта.
14 лістапада - 125 гадоў з дня нараджэння Нічыпара Чарнушэвіча (Капыль), беларускага паэта, перакладчыка, драматурга.
15 лістапада - 610 гадоў з часу пасвячэння Рыгора Цамблака ў мітрапаліты Кіеўскія на царкоўным саборы ў Наваградку
16 лістапада - 120 гадоў з дня нараджэння Яна Скрыгана (Капыльскі р-н), беларускага празаіка, паэта.
16 лістапада - 100 гадоў з дня нараджэння Кастуся Акулы, пісьменніка.
16 лістапада - 80 гадоў з дня нараджэння Алега Паўлавіча Белавусава (Слуцк), мастацтвазнаўца, кінасцэнарыста.
25 лістапада - 220 гадоў з дня нараджэння Яўстафія Янушкевіча (Салігорскі р-н), кнігавыдаўца, публіцыста, мемуарыста, аднаго з арганізатараў паўстання 1830-1831 гг. на тэрыторыі Беларусі.
25 лістапада - 25 гадоў таму (2000 г.) у Оршы адкрыты літаратурны музей пісьменніка Уладзіміра Караткевіча.
26 лістапада - 100 гадоў з дня нараджэння) Юрыя Семянякі, кампазітара, Народнага артыста Беларусі.
26 лістапада - 95 гадоў з дня нараджэння) Уладзіміра Караткевіча, беларускага паэта, празаіка, драматурга, публіцыста, перакладчыка, кінасцэнарыста.
27 лістапада - 125 гадоў з дня нараджэння Рыгора Пуксты, кампазітара.
27 лістапада - 105 гадоў ад пачатку Слуцкага збройнага чыну. Спынены ваенныя дзеянні 31 снежня.
28 лістапада - 75 гадоў з дня нараджэння Міколы Пятровіча Кузьміча, берасцейскага ювеліра.
29 лістапада - 195 гадоў ад пачатку паўстання ў Польшчы, Беларусі і Літве. (Лістападаўскае паўстанне 1830-31 гг.)
Снежань
6 снежня - 505 гадоў з дня нараджэння Барбары Радзівіл, каралевы Польшчы і Вялікай княгіні ВКЛ.
10 снежня - 95 гадоў з дня нараджэння Міколы Арочкі, беларускага паэта, празаіка, перакладчыка, літаратуразнаўца, крытыка.
10 снежня - 155 гадоў з дня нараджэння Фердынанда Рушчыца (1870 - 1936), жывапісца, графіка.
15 снежня - 290 гадоў з дня нараджэння Давыда Зыгмунтавіча Пільхоўскага (1735 - 1803), пісьменніка, перакладчыка, выдаўца, дзеяча эпохі Асветніцтва на Беларусі.
15 снежня - 85 гадоў з дня нараджэння Браніслава Аляксандравіча Плотнікава (1940 - 2004), беларускага мовазнаўца.
15 снежня - 25 гадоў таму (2000 г.) была закрыта Чарнобыльская АЭС.
17 снежня - 75 гадоў з дня адкрыцця Барысаўскага краязнаўчага музея.
19 снежня - 90 гадоў з дня нараджэння Валянціны Пятроўны Лямцюговай, мовазнаўцы, даследчыцы тапанімікі і анамастыкі.
20 снежня - 185 гадоў з дня нараджэння Казіміра Дамінікавіча Альхімовіча (в. Дэмбрава Лідскага пав. - 1916 г.), беларускага жывапісца, графіка, дэкаратара, аўтара жывапісных і пластычных работ для касцёлаў.
20 снежня - 80 гадоў з часу першага выхаду ў свет "Настаўніцкай газеты", выдання асветнікаў Рэспублікі Беларусь.
21 снежня - 135 гадоў з дня нараджэння Мікалая Аладава, беларускага кампазітара, педагога, Народнага артыста Беларусі
22 снежня - 80 гадоў таму (1945 г.) у Менску адкрыты Беларускі тэатральны інстытут (цяпер Беларуская акадэмія мастацтваў).
25 снежня - 125 гадоў з дня адкрыцця Менскай абласной бібліятэкі імя А.С. Пушкіна.
28 снежня - 100 гадоў з дня нараджэння Анатоля Іванавіча Кісялёўскага (1925 - 1986), беларускага мовазнаўца.
30 снежня - 25 гадоў з дня адкрыцця новага чыгуначнага вакзала ў Менску.
31снежня - 60 гадоў пасёлку Новалукомль Бешанковіцкага раёна.
Юбілейныя даты 2025 года
1045 гадоў з часу першага ўпамiнання ў "Аповесцi мiнулых гадоў" горада Турава.
1040 гадоў з часу першага ўпамінання (985) у гістарычных крыніцах пра Заслаўе.
895 гадоў з дня нараджэння Кірыла Тураўскага (каля 1130 - каля 1182 ці пасля 1190) , беларускага царкоўнага дзеяча, пісьменніка-прапаведніка, беларускага святога.
750 гадоў з дня нараджэння. Гедзіміна (Гедыміна), Вялікага князя літоўскага.
635 гадоў таму (1390 г.) гораду Берасцю дадзена самакіраванне па Магдэбургскім праве.
630 гадоў таму з часу першага ўпамінання ў пісьмовых крыніцах пра Карэлічы і Мір.
610 гадоў (ліпень 1415 г.) першай згадцы пра Мыто (Лідскі р-н).
540 гадоў з дня нараджэння Яна Вісліцкага, паэта-лацініста.
535 гадоў з дня нараджэння Францішка Скарыны (1490 - 1551).
530 гадоў (1495 г.) з часу першага вядомага пісьмовага ўпамінання вёскі Голдава. Згадваецца, як двор Оўдава (Олдава).
500 гадоў з дня выхаду (1525) першага выдання "Апостала" ў перакладзе Ф. Скарыны.
500 гадоў (1525 г.) з часу першага вядомага пісьмовага ўпамінання вёскі Сялец (Ганчарскі с\с). Згадваецца як маёнтак Ю.М. Радзівіла ў Лідскім павеце Наваградскага ваяводства.
495 гадоў з дня нараджэння Сымона Буднага (каля 1530 - 1593), дзеяча беларускай культуры, гуманіста, філосафа, асветніка, рэлігійнага рэфарматара, філолага, паэта.
485 гадоў з дня нараджэння Васіля Мікалаевіча Цяпінскага (каля 1540, маёнтак Цяпіна каля Лепеля - 1603?), асветніка-гуманіста, пісьменніка, кнігавыдаўца.
295 гадоў з дня нараджэння Агінскага Міхала Казіміра (1790 - 1800), дзяржаўнага дзеяча, кампазітара, паэта, мецэната.
290 гадоў таму (1745 г.) адкрыта школа піяраў у Лідзе.
285 гадоў з дня нараджэння Тадэвуша Рэйтана.
285 гадоў з часу стварэння (1740) Нясвіжскага тэатра Радзівілаў. Існаваў да 1792 г.
260 гадоў (1765) з часу першага вядомага пісьмовага ўпамінання вёскі Гарні. Згадваецца, як вёска, цэнтр "дзяржавы" ў Лідскай эканоміі.
235 гадоў назад (1790, Лідскі павет - 1878) нарадзілася графіня Сафія дэ Шаузёль-Гуф'е (у дзявоцтве Тызенгаўз) - фрэйліна дзвюх рускіх імператрыц, аўтарка шэрагу гістарычных раманаў, мемуарыстка. Пакінула каштоўныя ўспаміны пра часы праўлення Александра І, вайну 1812 года і інш.
235 гадоў з часу нараджэння Яна Баршчэўскага (каля 1790, в. Мурагі, цяпер Расонскі р-н - 12.03.1851), пісьменніка, аўтара кнігі "Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях".
235 гадоў таму (1790 г.) Ксаверы Карпіцкі здзейсніў Першае беларускае падарожжа ў Аўстралію.
200 гадоў таму (1825 г.) у Менску, на гары Раманаўскага прадмесця, пабудаваны Пішчалаўскі замак, помнік архітэктуры рэтраспектыўнага замкавага стылю. Ён быў ператвораны ў турму, дзе адбывалі пакаранне В. Дунін-Марцінкевіч, Я. Колас і іншыя літаратары. У ім былі напісаны многія творы беларускай літаратуры.
190 гадоў таму (1835 г.) у г. Полацку заснаваны кадэцкі корпус.
185 гадоў таму (1840 г.) кіраўнічыя органы Беларускай праваслаўнай царквы пераведзены са Слуцка ў Менск. Сюды перавезены беларускі цар-звон і пераведзена духоўная семінарыя.
185 гадоў таму (1840 г.) у Менску Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам адкрыты першы тэатр.
185 гадоў таму (1840 г.) у Санкт-Пецярбургу беларускім пісьменнікам Рамуальдам Падбярэзкім (Друцкім-Падбярэзкім) створаны беларускі гурток.
Жнівень - 170 гадоў з дня нараджэння Ігната Яўхімавіча Грынявіцкага (1855, маёнтак Басін, цяпер Клічаўскі р-н - 13.3.1881, Санкт-Пецярбург), рэвалюцыянера-нарадавольца.
170 гадоў з дня нараджэння Столе Юліюша (1855 - 1927 гг.), уладальніка аднаго з буйнейшых у Еўропе шклянога завода "Нёман" у г. Бярозаўцы. Пахаваны ў Бярозаўцы.
170 гадоў таму (1855 г.) створана Віленская археалагічная камісія.
150 гадоў таму назад (1875-1942?) нарадзіўся Марцін Кухта, беларускі і летувіскі кнігавыдавец і друкар.
140 гадоў з дня нараджэння Палуты Бадуновай (Пелагеі Аляксандраўны, 1885, Навабеліца, цяпер у межах Гомеля - 29.11.1938, г. Менск), палітычнай дзяячкі.
120 гадоў назад (1905 г.) выйшла першая кніга па гісторыі горада Ліды. (Шимелевич, М. Город Лида и Лидский замок: исторический очерк. Вильна: Типография "Русский Починъ", 1905).
120 гадоў назад пабудаваны Касцёл Святога Міхаіла Арханёла ў вёсцы Белагруда. Храм уключаны ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
100 гадоў з часу заснавання Бярэзiнскага бiясфернага запаведнiка.
100 гадоў з часу стварэння (1925) Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі.
95 гадоў з часу заснавання Беларускага тэхналагiчнага ўнiверсiтэта.
85 гадоў таму ў Менску пачала дзейнічаць кінафабрыка "Савецкая Беларусь".
80 гадоў з дня заснавання (1945) філіяла Літаратурнага музея Янкі Купалы ў Вязынцы.
80 гадоў таму (1945 г.) ў жніўні ў Менску надрукаваны першы сатырычны часопіс "Вожык".
50 гадоў з часу заснавання Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта культуры.
45 гадоў з часу стварэння вадасховішча "Крынiца".
25 гадоў таму (2000 г.) пачаў выдавацца літаратурна-мастацкі часопіс "Ад лідскіх муроў".
20 гадоў назад (17-18 верасня 2005 г.) у Лідзе прайшоў першы Міжнародны рыцарскі турнір "Замак Гедыміна"; з 2007 года "Меч Лідскага замка".
Першы юбіляр 2025 года
1 студзеня 1945 г. - дзень нараджэння беларускай пісьменніцы Вольгі ІПАТАВАЙ.
Нарадзілася ў г/п Мір Карэліцкага раёна. Пасля смерці маці выхоўвалася ў дзетдоме. У 1961 г. скончыла ў Гародні сярэдняю школу і паступіла на філалагічны факультэт БДУ. Працавала настаўніцай у вёсцы Руба на Віцебшчыне, таваразнаўцам у Віцебскім абласным кнігагандлі (1964), інструктарам, загадчыкам сектара ў Гарадзенскім гаркаме камсамола (1965-1968), рэдактарам на абласной студыі тэлебачання (1968-1970). У 1970-1973 гадах - літаратурны супрацоўнік газеты "Літаратура і мастацтва", затым літкансультант газеты "Чырвоная змена".
У 1975 - 78 гг. аспірантка Літаратурнага інстытута ў Маскве. Потым працавала галоўным рэдактарам на Беларускім тэлебачанні, у часопісе "Спадчына". У 1991 - 95 гг. галоўны рэдактар штотыднёвіка "Культура". У 1998-2001 гадах - намесніца старшыні, у 2001-2002 - старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Друкуецца з 1959 года. Аўтар зборнікаў вершаў "Раніца" (1969), "Ліпеньскія навальніцы" (1973), "Парасткі" (1976), "Крыло" (1976, на рускай мове), зборнікаў аповесцей і апавяданняў "Вецер над стромай" (1977, расійскае выданне, Масква, 1980, адзначана на Усесаюзным конкурсе імя М. Горкага, 1981), "Дваццаць хвілін з Немезідай" (1981), "Перакат" (1984), "Агонь у жылах крэменю" (1989), "Чорная княгіня" (1989), "За морам Хвалынскім" (1989), кніжак для дзяцей "Снягурка" (1974), "Казка пра Паўліна" (1983). Напісала тэлеп'есу "Давыд Гарадзенскі" (пастаўлена ў 1988). У 1996 годзе выдадзена кніга "Паміж Масквой і Варшавай", у 2002 годзе выйшла трылогія "Альгердава дзіда" ("Залатая жрыца Ашвінаў", "Вяшчун Гедыміна", "Альгердава дзіда") і інш.
Творы Вольгі Іпатавай перакладзены на рускую, англійскую, нямецкую, узбекскую, балгарскую, польскую, славацкую, чэшскую мовы, а таксама на мову хіндзі.
Узнагароджана ордэнам "Знак Пашаны", медалямі Францыска Скарыны і 100 гадоў БНР. Лаўрэатка прэмій імя Барыса Кіта, "Залаты апостраф".
100 гадоў, шаноўная Вольга Міхайлаўна!
БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Станіслаў Суднік
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Дзень. Ноч. Суткі.
Кароткае і звонкае слова дзень гучыць практычна аднолькава на ўсіх славянскіх і балцкіх мовах. Адзін з нашых вялікіх князёў насіў імя Трайдзень (трэці дзень), але меў не зусім высветленае паходжанне. Таму сёння беларусы і летувісы ніяк не могуць прыйсці да згоды наконт яго этнічнай прыналежнасці, бо што ў нас "дзень", што ў іх "den" розніца невялікая. Разам з тым гэтыя падабенства і прастата слова змусілі звярнуць на яго ўвагу, як на слова, што прэтэндуе на глыбокую старажытнасць. I сапраўды слова дзень у нас абазначае дзень і больш нічога. Яно ні з якога іншага слова не выводзіцца. Таму адразу звяртаемся да сівых тысячагоддзяў. У санскрыце знайходзім dina - дзень. I хоць да раскрыцця паходжання нашага слова мы не наблізіліся, але, прынамсі, засведчылі, што 3,5 тысячы гадоў назад яно было і гучала амаль так жа, як і сёння.
У газеце "Версія" № 3 1998 г. прыводзяцца звесткі, згодна з якімі ў многіх народаў слова дзень на гучанні супадае са словам сонца. Напрыклад, у шумерскай мове ud - значыць i сонца, і дзень. У турэцкай мове gun - дзень, gunes - сонца. Знешне блізкая сітуацыя і ў санскрыце, але тут пры больш пільным поглядзе акрэсліваюцца карэнныя адрозненні. Так, і ў санскрыце сонца мае назву блізкую да слова дзень: dina - kara, dina - natha, dina - pad, dina - bhartar, dina - mani i г.д., што абазначае dina - kara - тварэц дня, dina - bhartar - носьбіт дня, гаспадар дня, dina - mani - пярліна дня. Як бачна, гучанне падобнае, але з усіх гэтых назваў дакладна вынікае, што dina (дзень) тут першасны, а сонца другаснае. Старажытны чалавек першым усвядоміў дзень, а ўжо пасля пачаў унікаць, адкуль той дзень бярэцца. Зразумеўшы, што дзень прыносіць, сонца людзі і далі сонцу такія эпітэты, як тварэц дня, гаспадар дня і г.д.
Усвядоміўшы дзень чалавек павінен быў усвядоміць і ноч. Так і ёсць, у санскрыце мы бачым niс, nіса (ніч, ніш, ніча, ніша) - ноч, а таксама nаk, nakta - ноч. Згадаўшы бліжэйшыя мовы мы заўважым, што па-ўкраінску так і будзе ніч, па-летувіску і па-латышску нешта блізкае да nakta, па-нямецку die Nacht. Але разам з гэтымі словамі неабходна згадаць, што nа на санскрыце абазначае адмоўную часцінку не. Nicht па-нямецкаму таксама не. Ёсць у санскрыце словы niccinta - бяздушны, безклапотны, niccetana - бессвядомы, неразумны і г.д. Згадаем нашае слова нічога і польскае nic. I няма выйсця, як зрабіць выснову, што хоць паходжанне слова дзень нават і ў санскрыце мы не выявілі, то слова ноч узнікла з адмаўленняў. Не было святла, нічога не было відно. Нічога не было. Засталіся без усяго. Вось што такое ноч.
Аналагічна дню ў ночы павінен быў быць свой тварэц ці гаспадар. Згодна з логікай гэта павінен быць месяц. Так яно і ёсць: niса-kara - месяц (тварэц ночы), niceca - месяц (уладар ночы). Можна напісаць мноства эпітэтаў. I ўсе яны будуць абазначаць месяц.
Нават певень і той меў сваю назву з удзелам слова ноч: nica-vedin - вядун (знаўца) ночы. Што ж, певень дакладна дзеліць ноч на часткі, ведае ноч, таму мае права на эпітэт сугучны з эпітатам самога месяца.
Паміж ноччу і днём, днём і ноччу ёсць невялікія прамежкі часу, якія называюцца раніцай і вечарам.
Словы раніца і вечар з'явіліся ў нашай мове позна. Калі нашыя арыйскія прашчуры былі ў паўднёвых шыротах, то выдзяляць асобна раніцу і вечар не было ніякай патрэбы. Там яны кароткія. А вось калі перайшлі ў шыроты паўночныя, то тут гэтыя словы спатрэбіліся. Нават з'явіліся і такія словы як досвітак, дасвецце, падвячорак, надвячорак.
Усе гэтыя адрэзкі часу - ноч, досвітак, раніца, дзень, падвячорак, вечар - сабраныя разам, даюць суткі. Слова суткі ўтрымоўвае прыстаўку су-, якая абазначае збор чаго-небудзь, сумесь. Супесь, суразмоўцы, сумесны і г.д. Сумесь адрэзкаў часу ад такога да такога самага і дае нам суткі ( су + такі самы).
Памяць пра старыя часы, калі ў нас былі кароткія раніцы і вечары, данесла да нас традыцыю не вітацца словамі: "Добрай раніцы". Дасведчаныя ў этнаграфіі адмыслоўцы кажуць, што калі беларус падняўся, то ў яго адразу пачынаецца дзень, а формула "Добрай раніцы" штучная. Хаця прычына, напэўна, у іншым. Абмежаванае ўжыванне вітання "Добрай раніцы" звязана з тым, што вітацца асабліва не было з кім. Раніцай беларус уходжваўся па гаспадарцы, а на людзі выходзіў ужо днём.
Тыдзень. Нядзеля.
Пасля дня, ночы і сутак нас чакае наступны адрэзак часу: тыдзень. У санскрыце такое слова не праглядваецца, прынамсі пакуль, але складовыя часткі ёсць. Дзень - dina. Літары ы там няма. Яе месца займае літара а. Та - той, тая, тое. Та +dina - дало б той дзень. Але пакуль што ў санскрыце такой структуры я не выявіў. Затое ў польскай мове тыдзень гучыць у назоўным склоне, як у нас tydzen, але ўжо ў родным tyqodnia - таго дня. Значыць тыдзень - гэта перыяд паміж днямі з аднолькавай назвай. Скажам паміж панядзелкамі. Гістарычна ў нас устанавіўся сямідзённы тыдзень, закладзены ў Бібліі. У прынцыпе тыдзень мог мець колькі хочаш дзён. Шмат якія народы наогул тыдня не мелі. Але гэта ўжо пытанні этнаграфіі. Лінгвістычна тыдзень - той самы дзень, той дзень.
Зачапіўшы тыдзень мы не можам прайсці міма слова нядзеля. Тым больш, што на расейскай мове наш тыдзень і гучыць як "неделя". Народная трактоўка слова нядзеля ад "не дзелай" не вытрымлівае крытыкі, таму, што сама гэтая трактоўка з'явілася пасля таго, як беларусы пазнаёміліся і добра пазнаёміліся з расейскай мовай. Слова ж нядзеля існавала спрадвек. Спробы расейскіх лінгвістаў вывесці нашую нядзелю з албанскага en-del (дзень сонца) не вытрымліваюць крытыкі. Усё было наадварот. Албанцы трапіўшы на славянскія Балканы запазычылі гэтае слова нядзеля і трансфармавалі яго ў сваю мову. Дык, адкуль тады ўзялося гэтае слова, а заадно і панядзелак і іншыя назвы дзён.
Тут мы павінны разабрацца са структурай тыдня. А яна абсалютна не простая У нас прынята лічыць пачаткам тыдня панядзелак. Тады аўторак - другі дзень. чацвер - чацвёрты, пятніца - пяты. Усё як бы пагічна. Але што рабіць з серадой. Яна сярэдні дзень тыдня, а значыць павінна быць чацвёртым днём, а не трэцім. Аналагічна ў нямецкай мове Mitwoch - сярэдзіна тыдня, серада. Mitter - паміж, пасярэдзіне. У таджыкаў сталіца носіць назву Душанбэ, што значыць панядзелак, а даслоўна другі дзень. Згодна з Бібліяй Бог адпачываў сёмы дзень, але габрэі не працуюць у суботу ( шабат, шабас). I хоць назва гэтага дня запазычана габрэямі з арыйскай хетскай мовы, дзе шаш (шас, шаб) - гэта шэсць, але накладзена яна на біблейскі сёмы дзень. Атрымоўваецца несусветная, дакладней, сусветная блытаніна. Але гэта толькі пры павярхоўным падыходзе. А па самай справе ўсё не так ужо і складана. Проста сістэма ліку была іншая.
Першым днём тыдня была нядзеля. У санскрыце ёсць слова nedictha (нядзіштха) - спачатку. Магчыма яно легла ў назву нядзеля. І гэта быў першы дзень тыдня. Тады наступны дзень быў панядзелак. У таджыкаў гэта другі дзень. Тут усё правільна. У нас гэта першы дзень па нядзелі (пасля нядзелі). Аўторак у нас паўторны дзень, другі дзень пасля нядзелі, серада сярэдні, трэці дзень пасля нядзелі і чацвёрты дзень тыдня. Чацвер - чацвёрты дзень пасля нядзелі, пятніца - пяты, субота - шосты. I зноў наступала сама нядзеля. Я не магу сёння яшчэ дакладна распавесці пра тыдзень розных арыйскіх народаў, але габрэйская сядміца была навязана арыйскаму свету разам з хрысціянствам, хаця лічба сем і ў арыйскай міфалогіі і рэлігіях займала ганаровае месца, сёмае неба, напрыклад. Хрысціянская запаведзь сёмы дзень святкаваць узята з габрэйскай традыцыі, але гэты святочны дзень ссунуўся з суботы на нядзелю, дзень уваскрэшання Хрыста. На Русь традыцыя святкаваць нядзелю была занесена з хрысціянствам, і ў Расеі нядзелю перайменавалі ў "воскресение", мабыць, каб лепей даходзіла. На Беларусі такое перайменаванне было немагчымым. У нас засталася архаічнная нядзеля. Толькі яе зрабілі святочным днём. У меру, канешне.
З увядзеннем "воскресения" ў расейцаў слова нядзеля вызвалілася, і яны прымянілі яго да тэрміну тыдзень, і пачалі лічыць гэты тыдзень ад нядзелі да нядзелі, што зусім справядліва, улічваючы ўсе нашыя разважанні пра нядзелю, як першы дзень тыдня.
Ну і ніяк не абысці адной крамольнай акалічнасці. Усе сцвярджэнні прымітыўнай рэлігійнасці пра тое, што ў нядзелю нельга нічога рабіць, бо Бог у гэты дзень адпачываў, мякка кажучы, не маюць падстаў. Калі ўжо трымацца Бібліі, то адпачываў Бог у суботу, а ў нядзелю, першы дзень тварэння, як раз і заварваў усю гэтую кашу, якая называецца Сусветам.
Час. Год. Гадзіна.
А зараз прыйшоў час разгледзець больш буйныя адрэзкі часу: месяц, год і г.д. Але пачнём з самога слова час. У беларускай мове яно мае найбольш старажытную аднаскладовую форму, у адрозненне ад расейскага время Аднаскладовую форму die Zeit мае слова час i ў нямецкай мове, timp - у румынскай, czas - у польскай і ў шмат іншых, хаця само па сабе азначэнне час абстрактнае і павінна было ўзнікнуць пазней, чым словы: дзень, ноч, але калі глянем на ўсе адрэзкі, то словы: год, век таксама аднаскладовыя, а вось месяц і тыдзень шматскладовыя. Такім чынам трэба меркаваць, што старажытны чалавек першым уразумеў сутнасць дня, ночы, года, веку і часу цалкам, а пасля ўжо месяца, тыдня, сутак, гадзіны, хвіліны і г.д. Пры гэтым век не трэба разумець як сто гадоў, а менавіта, як век чалавека, нейкі сярэдні адрэзак паміж годам і вечнасцю. Год у нас пацвярждаецца і іншымі мовамі: нямецкай - das Jahr, польскай - rok i г.д.. Гэта цалкам зразумела, бо каб заўважыць змену пораў года, не трэба было глядзець на неба і лічыць квадры месяца.
Але вернемся да часу. Адкуль пайшло гэтае слова?. Традыцыйны зварот да санскрыту на першы погляд нічога не дае. Тэрміну час найбольш адпавядае санскрыцкае kala. Але старажытныя арыі пад гэтым термінам разумелі некалькі іншы час. Справа ў тымшто арыі падзялялі ўвесь час на перыяды, эпохі і вось гэты перыяд абазначаецца kala. Яны не гаварылі пра раку часу, а гаварылі пра кола часу kala-саkrа. Зразумела, што з такіх складаных азначэнняў і, зразумела, позніх мы мала што возьмем. Нам трэба шукаць больш раннее і прасцейшае.
У старажытнасці не было дакладных азначэнняў гэтым адрэзкам. Год мог лічыцца ад любой пары і мог проста называцца кругам vara, ад якога пайшоў нямецкі Jahr. Carad ( шарад, чарад) абазначала восень, а ў множным ліку гэта ўжо гады.
Слова час, як і зазначалася ў пачатку, не магло ўзнікнуць раней за іншыя, таму што яно мае абстрактнае значэнне. Яно ўзнікла тады, калі прыйшла яго пара. Людзі пачалі лічыць гады. І вось тады спатрэбілася абазначыць тую колькасць, якую палічыць было цяжка. Узнік тэрмін многа: сata (шата, чата). Гэты тэрмін даў беларускае шмат. У санскрыце ён пазней увасобіўся ў лічбу сто, але захаваў і першае значэнне шмат. У дачыненні да гадоў ён у другім гучанні даў і нямецкае Zeit (цайт) і нашае часта і час. Такім чынам час - гэта шмат гадоў.
Патрэбнасць лічэння гадоў з'яўлялася ў кожнай цывілізацыі ў свой час, а менавіта, калі цывілізацыя дасягала пэўнага росквіту і пачынала шукаць сваё месца ў бясконцым працэсе быцця. Цывілізацыі вырашалі пытанне пачатку адліку гадоў, прынцыпаў адліку, пачатку і канца самога года. Інда-арыі залезлі ў такія часавыя трушчобы, што цяжка зразумець і даць веры і самой сістэме, і тым сотням тысяч гадоў быцця чалавека на планеце. Грэкі вельмі дакладна вызначыліся з сутнасцю быцця - нарадзіўся бог часу Кронас, і на месцы хаосу пайшло паступальнае развіццё. Біблейскі адлік гадоў ад пачатку свету мае мноства пытанняў, а вось хрысціянскі і мусульманскі адлікі цалкам зразумелыя. А пра тое, калі адзначалі пачатак года ў Беларусі, мы ўжо пісалі.
Што датычыць месяца, то старажытныя арыі чамусьці звязалі гэты перыяд з зайцам. Саса (шаша, чача) заяц, сасі-kala - месяц, cacin - месяц. Але ёсць i слова masa, якое пазней i дало наш месяц. Sanmasya - шэсць месяцаў, паўгоддзе.
Тыдзень у арыяў не меў нейкага рэлігійнага адцення, і яны яго моцна не выдзялялі. Яны лічылі дні месяца напрыклад, sasthi - шосты дзень месяца, але маглі выдзеліць і меншыя перыяды дзён. Так звыклы нам тыдзень (перыяд у сем дзён) у санскрыце гучыць, як sapta-ratra, што гаворыць пра яго позняе і штучнае ўтварэнне.
Што датычыць малых перыядаў часу, то была такая адзінка як kala (на жаль ні беларускі, ні лацінскі алфавіт не дазваляе правільна выразіць гучанне гэтага слова), гэтая каlа раўнялася перыяду часу ад 8 секунд да 2,5 хвілін, што дакладна адпавядае беларускай хвілі або хвіліне, якую гвалтам прывязалі да 60 секунд. А ў народзе хвіля - гэта даволі абстрактны адрэзак часу, які ніколі дакладна не вымяраўся.
У якасці адзінкі вымярэння слова калі неяк прабралася ў далёкую ад часу вобласць. У нас расліны, скажам, расаду памідораў або ўзышоўшыя гуркі лічаць не штукамі, а калівамі. Пяць каліў, дзесяць каліў.
Беларускае слова год хутчэй за ўсё звязана таксама з адным з санскрыцкіх словаў. Гэта можа бачыць слова adi - пачатак або adima - першы, якія з прыстаўной г даюць гадзі, гадзіма. Год і гадзіна ў беларускай мове ў абстрактных значэннях - гэта адно і тое ж і абазначаюць толькі перыяд часу блізкі да года, гадзіна з 1/24 часткай сутак, была зязана значна пазней, праўда, раней за хвіліну. Сэнсава гэта пачатак новага перыяду.
Звыклая нам гадзіна на санскрыце гучыць як hora і абазначае ў дадатак да гадзіны яшчэ і гараскоп, hora - castra - астралогія.
Такім чынам, калі з паходжаннем слоў дзень і ноч усё было даволі проста, то з астатнімі адрэзкамі часу значна складаней, бо дзень і ноч з'ява вельмі канкрэтная, а ўсё астатняе мае вялікую долю абстрактнасці або штучнасці, як цалкам штучнае слова секунда, якое да абазначэння часу прыцягнута зусім нядаўна.
Калядным абрадам ужо трэба вучыць
Лідскі аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры на працягу года займаецца папулярызацыяй народных абрадаў і звычаяў.
У чарговы раз тут праводзілі калядкі разам з дзіцячай турыстычнай групай з горада Шчучына.
Жарты, песні і танцы - пераапранутыя наведвальнікі добра бавяць час і знаёмяцца з традыцыямі нашых продкаў.
ТК "Культура Лідчыны".
У Лідзе прыцягвае ўвагу ёлка-вітрына з кнігамі беларускіх класікаў
У Лідзе ўстаноўлены незвычайны арт-аб'ект - ёлка - вітрына, упрыгожаная кнігамі беларускіх класікаў. Гэта частка новай алеі кніг, створанай мясцовымі арганізацыямі і прадпрыемствамі напрыканцы снежня.
Сярод кніг у ёлцы-вітрыне творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Івана Мележа, Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Янкі Маўра і Кузьмы Чорнага.
Арт-аб'ект стаў яшчэ адным элементам падрыхтоўкі да Дня беларускага пісьменства, які адбудзецца ў Лідзе ў наступным годзе.
ТК "Культура Лідчыны".
Новае выданне
"Салаўіная радасць" Уладзіміра Васько
Напрыканцы 2024 года з друку выйшла новая кніга прозы, вершаў і баек лідскага пісьменніка Уладзіміра Васько. Кніга мае прыгожую назву - "Салаўіная радасць".
Яна пачынаецца фантастычнай аповесцю "Горад пад вадой". Яе суправаджаюць у кнізе апавяданні, якія вельмі люблю чытаць. Гэта не проста апавяданні, а жыццёвыя гісторыі, таленавіта аўтарам напісаныя і данесеныя да чытачоў. Некаторыя напісаны з гумарам, чытаюцца лёгка і з захапленнем. Напрыклад, у апавяданні "Здаравяка" аўтар апісвае шыракаплечага і дужага Міколу Аленчыка, які ў маладосці мог падняць зубамі мяшок бульбы. Але жыццё і гады з гэтага здаравякі зрабілі кволага чалавека, які ўсё жыццё любіў выпіць. У канцы апавядання адзін з герояў яго Віця Муха пытаецца: "Ну што, Мікола, перанясеш цяпер у зубах мяшок бульбы цераз хату?". І Мікола сумна адказвае: "Не. Засталіся толькі два зубы і тыя калываюцца…". І падобных апавяданняў у кнізе шмат, якія адразу запамінаюцца.
Трапіла ў кнігу і рэцэнзія Уладзіміра Васько на кнігу Алеся Карлюкевіча "Урокі сяброўства. Беларуская літаратура ў свеце" (Мінск, 2017). Хаця, гэта мог бы быць асобны апошні раздзел кнігі, калі б туды аўтар уключыў і яшчэ некалькі рэцэнзій на беларускія выданні. А вось у раздзеле "Проза" гэта рэцэнзія неяк выпадае з вязанкі добрай і цікавай аповесці і апавяданняў.
У кнізе "Салаўіная радасць" аўтар парадаваў чытачоў і сваімі новымі вершамі. Праўда, гэта даволі сур'ёзныя паэтычныя радкі, напісаныя пра сённяшні час і пра ўсё тое, што адбываюцца вакол нас. А вось чытаючы самапародыю аўтара чытач шчыра ўсміхнецца:
Няхай мяне цунамі абміне:
Іду праз акіян паэзіі ўброд.
Хоць прозвішча кашачае ў мяне,
Ды і мурлыкаю, як Васька-кот.
Іншыя вершы авеяны думкамі пра сваё ўласнае жыццё, пра тыя падзеі, якія адбываюцца ў свеце. Аўтара хвалюе вайна, якая трывожыць народы, ён крытыкуе ваенныя дзеянні ва ўсім свеце, з пагардай адносіцца да яе: "найгорш, калі ўзрывы снарадаў грымяць…", "лыпае Зямля трывожнымі вачыма, паратунку просіць у людзей".
У іншых паэтычных радках Уладзімір Васько крытыкуе паэтаў-графаманаў, яго хвалюе тое, што ў "мастацтве трывалы застой", што занядоліла штосьці жыццё…", што "абрыдла падлічваць капейкі, штодня эканоміць на ўсім…" і г.д.
Цяпер рэдка хто з беларускіх паэтаў піша байкі. А раней іх шмат друкавалася на старонках газет і часопісаў, ды і людзі іх любілі чытаць, дэкламаваць са сцэны. Баечныя творы пакінулі нам у спадчыну Францішак Багушэвіч, Альгерд Абуховіч, Янка Купала, Якуб Колас, Кандрат Крапіва, Уладзімір Корбан, Эдуард Валасевіч і іншыя беларускія паэты.
Уладзімір Васько любіць гэты жанр, ён баек піша шмат. Галоўныя героі іх - пчаляр, мядзведзь, ліса, дзед, пацук, варона, крот, воўк, каршун, львы, буйвалы, малпы, камары і г.д. Аўтар адкрывае шлях да новага ўздыму баечнага жанру, а гэтаму дапамагае яму жывая рэчаіснасць, якая падказвае новыя тэмы і вобразы. Для сваіх твораў паэт знаходзіць канкрэтныя характары ў жыцці, яскравыя сатырычныя тыпы. Адначасова праз іх у алегарычнай форме высмейваюцца розныя чалавечыя заганы:
Мо й між людзей дзе мухаморы ёсць,
Якія ў свядомасці, бы ў горле косць.
Разважаць над кожным творам Уладзіміра Васько з яго новай кнігі "Салаўіная радасць" можна доўга. Але, найперш, радуе тое, што яны пішуцца і прыносяць задавальненне тым, хто цікавіцца сёння літаратурай.
Сяргей ЧЫГРЫН.
Лепшы шахматыст усіх часоў Карлсен сенсацыйна прайграў 18-гадоваму беларусу
На чэмпіянаце свету па рапіду і бліцу ў Нью-Ёрку 18-гадовы беларус страсянуў увесь шахматны свет, перамогшы лепшага гульца ўсіх часоў. Пра гэта паведаміла Беларуская федэрацыя шахмат.
Адзін з прадстаўнікоў Беларусі, гросмайстар Дзяніс Лазавік, атрымаў сенсацыйную перамогу над нарвежцам Магнусам Карлсенам, які летась стаў чэмпіёнам свету па рапіду і бліцу.
Па інфармацыі федэрацыі, Лазавік выйграў у Карлсена ў пятым туры. Пасля першага гульнявога дня ў беларускіх удзельнікаў было па 3,5 ачка з пяці. Сам Карлсен прызнаўся, што знерваваўся пасля паразы, але адзначыў, што Лазавік сапраўды згуляў лепш і перамога была заслужанай.
Карлсен пракаментаваў сваю няўдачу: "Я сёе-тое выпусціў з віду, таму заўтра паспрабую выправіць памылку".
Адзначым, што ў верасні 2024 года Магнус Карлсен быў прызнаны Міжнароднай шахматнай федэрацыяй лепшым гросмайстрам усіх часоў. Ён быў чэмпіёнам свету з 2013 па 2023 год, паспяхова абараніўшы тытул чатыры разы. У 2023 годзе Карлсен адмовіўся ад пятай абароны тытула, і ён перайшоў да кітайскага шахматыста Дына Ліжэня.
У 2023 годзе беларус Лазавік увайшоў у топ-8 лепшых шахматыстаў свету, што дазволіла яму ўдзельнічаць у турніры Champions Chess Tour у Таронта, дзе ён таксама сустрэўся з Карлсенам, але тады не змог атрымаць перамогу.
Чэмпіянат свету па рапіду і бліцу праходзіў у Нью-Ёрку з 25 па 31 снежня. У адкрытым турніры ўдзельнічалі 184 шахматысты з 65 краін, а ў жаночых спаборніцтвах - 115 удзельніц. Беларусь на турніры прадстаўлялі Дзяніс Лазавік і Максім Царук. Прызавы фонд чэмпіянату складае адзін мільён даляраў.
Віктар Туманаў.
У Хельсінкі памёр беларускі перакладчык "Калевалы" Якуб Лапатка
30 снежня ў Хельсінкі памёр вядомы перакладчык з фінскай мовы, аўтар перакладу карэла - фінскага эпасу "Калевала" Якуб Лапатка.
Нарадзіўся ў 1944 годзе ў вёсцы Аўсюкова Расонскага раёна Віцебскай (тады Полацкай) вобласці. У 1961 годзе скончыў вясковую школу-дзесяцігодку. У школьныя гады, падчас паездак да сваякоў у Карэлію, вывучыў карэльскую мову.
У 1967 годзе паступіў у Менскі дзяржаўны інстытут замежных моў (цяпер Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт), дзе атрымаў спецыяльнасць перакладчыка з англійскай і іспанскай мовы. Дваццаць гадоў працаваў настаўнікам іспанскай мовы ў сярэдняй школе № 5 горада Наваполацка. Быў сябрам літаратурнага аб'яднання "Крыніцы", якое ўзначальваў Уладзімір Арлоў. Выступаў актыўным ініцыятарам стварэння ў сваёй школе беларускіх класаў. Са сваіх вучняў стварыў гурток перакладчыкаў на беларускую мову. Склаў першы іспанска-беларуска-рускі слоўнік для школьнікаў.
У 1993 годзе на запрашэнне Саюза перакладчыкаў Фінляндыі прыбыў на стажыроўку ў Хельсінкі. Прайшоў пяцісеместравы курс фінскай мовы і дыялекталогіі, куды пасля адпаведнага іспыту быў прыняты адразу на апошні, пяты курс. Некалькі гадоў працаваў у Хельсінкскім універсітэце, выкладаў беларускую мову на факультэце славістыкі, таксама быў рэферэнтам-перакладчыкам у Інстытуце сусветнай культуры пры Хельсінкскім універсітэце.
У 2015 годзе ажыццявіў пераклад на беларускую мову карэла-фінскага паэтычнага эпасу "Калевала". За гэтую працу стаў першым лаўрэатам прэміі імя Карласа Шэрмана. Усяго выдаў больш за трыццаць кніг перакладаў з фінскай, нямецкай, французскай, іспанскай, стараіспанскай, старапартугальскай, старашведскай, лацінскай на беларускую і расейскую мовы, а таксама шэраг уласных работ: слоўнікаў, размоўнікаў, граматычных нарысаў і дапаможнікаў для тых, хто вывучае фінскую мову.
Светлая памяць.
Успаміны пра семдзесят гадоў (1855-1925)*
Кніга другая. Грамадскае і палітычнае жыццё
Гіпаліт Корвін-Мілеўскі
(Скарочаны пераклад)
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Перад маім ад'ездам у праваслаўным саборы і віленскай катэдры адбыліся ўрачыстыя службы, на якіх прысутнічаў галоўнакамандуючы Паўночна-заходняй арміі генерал Рененкампф. Гэта пабудзіла мяне зрабіць візіт да генерала, пасля якога ў мяне з'явілася ўражанне, што я размаўляў з простым вахмістрам. Моцны, даволі нязграбны, амаль што 60-ці гадовы чалавек, з шырокім адкрытым тварам і вялікімі вусамі, як ў Тараса Бульбы, надзвычай самаўпэўнены, вельмі ветлівы з мясцовым абшарнікам, ён сказаў мне цывільнаму: "Што б не рабілі нямецкі і французскі галоўнакамандуючыя, я праз некалькі дзён перайду прускую мяжу". Потым перад адным з маіх знаёмых ён выцягнуў левую руку і сказаў: "Няхай мне адсякуць руку, калі я не буду ў Берліне праз тры тыдні". Можа ён не ведаў, што ад Вержбалова да Берліна больш за 700 км і нават пры трыумфальным бесперапынным маршы, яго арміі спатрэбіўся б удвая большы тэрмін.
11 жніўня я прыехаў у Лаздуны. Яшчэ не даехаўшы да двара, пераканаўся, што страхі і пагрозы майго спрытнюгі былі хітрым манеўрам, каб я не быў сведкам, як ён, упэўнены ў бязмежнай дурноце свайго хлебадаўца (гэтак яны заўсёды лічаць), ловіць рыбу ў мутнай вадзе. Усе, каго я сустрэў яшчэ на мяжы свайго маёнтка: сяляне, чэлядзь, дамашнія служкі, усе яны вельмі сардэчна віталі мяне - дзедзіча з вяртаннем з далёкага краю. Многія з цікавасцю пыталіся, што будзе далей. Працуючы, усе выказвалі добрую волю, нягледзячы на сыход мужчын ў войска. Вялізныя рэзервуары вінакурні, у якіх было больш за 1000 гекталітраў спірту, стаялі некранутымі, пры іх нават ніхто і не думаў. Адным словам, "спакой на зямлі для людзей добрай волі".
Даведаўся, што прызваныя рэзервісты добраахвотна і нават весела паехалі ў Ашмяны. Аднак яшчэ ўвесну каля касцёла чуў, як два вясковыя мудрацы размаўлялі пра магчымую вайну і адзін з іх сказаў: "Вайны не будзе, бо яна без мужыкоў не адбудзецца, а хто ж з нас у яе палезе?".
Праз некалькі дзён вярнуўся ў Вільню. Ужо на станцыі Юрацішкі, другой на ўсход ад Ліды, мне давялося паўночы чакаць цягніка, у якім я змог уціснуцца ў афіцэрскі вагон. Быў па-сапраўднаму здзіўлены хуткасцю і дакладнасцю чыгуначнай службы ў гэты крытычны час і стараннасцю ўсіх, пачынаючы ад самага малодшага чыноўніка. Але ўсё гэта трымалася толькі некалькі тыдняў, пасля чаго, як звычайна бывае ў славян, пачаўся ўпадак энергіі.
У Вільню я патрапіў як раз у той дзень, калі генерал Рененкампф перайшоў мяжу і абвясцілі вялікае блюзнерства - пракламацыю вялікага князя Мікалая Мікалаевіча, які ўрачыста абяцаў аб'яднанне ўсіх польскіх зямель і адраджэнне аўтаноміі пад скіпетрам рускага цара.
Гэта пракламацыя хутчэй здзівіла наша віленскае грамадства, чым выклікала радасць. Не было нічога падобнага да тых пачуццяў, якія 9 гадоў таму выклікаў маніфест 17/30 кастрычніка 1905 г. - краевугольны камень, як быццам расійскай канстытуцыі. Праглынуўшы ўжо адно такое мыла, грамадства нібыта адказвала Найяснейшаму гаспадару: "Не, татачку, нас больш не падманеш".
Сярод расейцаў маланкава пашырылася думка прыменшыць гэтую пракламацыю, падаўшы яе ці як неабавязковы асабісты акт вялікага князя, ці як неабавязковыя абяцанкі на будучыню - калі будзе заваявана ўся Вялікая і Малая Польшча, ці як дакумент, абмежаваны толькі польскімі землямі і не датычны "исконно русского Северо-западного края". З рэдкім у нас палітычным чуццём, усе адразу зразумелі, што пакуль гэта толькі пробны шар, якому не трэба верыць, але ўголас трэба казаць, што верым.
Па ініцыятыве майго наступніка на пасадзе старшыні сельскагаспадарчага таварыства Паўла Кончы быў скліканы сход усіх прысутных у горадзе польскіх землеўладальнікаў, які прайшоў у маёй кватэры і пад маім кіраўніцтвам. Мы падрыхтавалі і падпісалі ўдзячную тэлеграму аб мэтазгоднасці такога кроку. Мы ведалі, што менскія абшарнікі падалі тую ж самую, але можа занадта лірычную тэлеграму.
[…]
Множыліся ахвяры. Загінуў герой японскай вайны, малады і вельмі прыемны, хоць і змаскоўшчаны князь Мікалай Радзвіл, сын Вільгельма і слыннай Ржавускай, другі муж "Магдалены Іванаўны" з Завішаў, удавы Людвіка Красінскага 27, загінуў князь Ігар Раманаў, сын вялікага князя Канстанціна Канстанцінавіча, яго цела прывезлі ў Вільню, бацькі прыехалі з Пецярбурга, набажэнства адбылося ў новапабудаванай царкве на Пагулянцы, я асабіста ведаў вялікага князя і мусіў прысутнічаць.
У гэтыя дні меў два вельмі цікавыя візіты. Неяк прыгожым ранкам служка далажыў, што на кухні чакае нейкі унтэр-афіцэр: "Калі ласка, хай заходзіць". Увайшоў малады чалавек сярэдняга росту, гадоў дваццаці з нечым, вельмі зграбны, прыстойны, павітаўся па-вайсковаму і прадставіўся: "Я - Балаховіч, сын Юзі" 28. "О, сядайце, калі ласка". Юзя была дачкой адвечнага кухара маіх бацькоў Юзафа Шафрана, які ў 1860-1864 гг. служыў у маёй маці ў Парыжы.
Маленькая, вельмі прыстойная, сімпатычная, заўсёды паважная і чынная Юзя, у 1867 г. была пакаёўкай маёй сястры, дзякуй Богу, сёння яшчэ жывой, Марыі Мяйштовіч. Калі мая сястра ад'язджала да шлюбу, малая Юзя ўчапілася за яе спадніцу і ў слязах прабляяла: "Я ад паненкі не адступлюся, я за паненкай паеду на край свету". І паехала. Потым выйшла замуж за кухара майго швагра, на свае зберажэнні яны купілі ў Мяйштовічаў малы кавалак зямлі, потым купілі большы, дасканала выхавалі некалькіх дзяцей, і малады чалавек, які стаяў перада мной, перад выбухам вайны быў наглядчыкам лясоў у буйнога землеўладальніка графа Фелікса дэ Броель-Плятэра. З фронту яго накіравалі ў Вільню для набыцця розных інструментаў для палка, таксама ён хацеў нешта купіць і для сябе, але закончыліся грошы, і таму ён прасіў мяне авансаваць яму 25 рублёў, што я з радасцю і зрабіў (і хутка гэтыя грошы мне даслалі яго бацькі). Я скарыстаўся магчымасцю і спытаў яго пра справы на фронце. "Дрэнна з-за загадкавых намераў вышэйшага камандавання, яшчэ горш з-за недахопу зброі". Памятаю, ён тады казаў мне, што расіяне маюць 2 кулямёты на батальён, а немцы - 4 на роту. Жаўнеры пачалі бурчэць: "Немцаў мы не баімся, але хочам ваяваць з людзьмі, а яны ваююць "мясам" супраць кулямётаў".
Праз некалькі дзён з'явіўся ўрачысты, у двухбортным паліто, пан Караль Салмановіч, старшы дырэктар Віленскага гандлёвага банка. Ён папрасіў мяне, з-за важнасці фінансавых спраў, паведаміць яму мае меркаванне аб выніках вайны. Я адказаў, што бачу тут 2 вайны - заходнюю і ўсходнюю. На захадзе раней ці пазней немцаў перамогуць, бо сёння ўжо не 1870 г. […] Але мяне вельмі інтрыгуе вайна на ўсходзе. Супраць аўстрыйцаў ідзе сапраўдная, як на захадзе, жорсткая вайна. Але што да немцаў, дык мой стары чуйны нос кажа мне пра нешта няшчырае і штучнае. Падобна на двух байцоў у цырку, якія нібыта жорстка б'юцца, але не наносяць адзін аднаму сапраўдных удараў.
[…]
Раздзел II. Пецярбург у верасні 1914 г. Лаздуны. Варшава ў студзені 1915 г. Вільня. Лаздуны. Мемарыял да паноў Енгалычава і Любімава.
З-за Нёмана, у далечыні да фронту і ,маючы моцную ковенскую фартэцу, мы не адчувалі непасрэднай пагрозы для Вільні. Таму 15 верасня, ужо пасля "Цуда на Марне" 29, я выехаў у Пецярбург.
[…]
Большую частку часу [пасля Пецярбурга] я праседзеў у Лаздунах. На Новы год мяне апанавала думка наведаць Варшаву, "панюхаць" тамтэйшую атмасферу. Па чыгунцы Ліда - Ваўкавыск - Сядлец, 6/19 студзеня прыехаў у Варшаву і спыніўся ў "Гатэлі Еўрапейскім". Пасля абеду наведаў маю былую губернскую маршалкову Генавэфу, удаву слыннага пана Адама графа Броель-Плятэра, якая расказала мне, што ў Варшаве ўжо ёсць новы губернатар, князь Енгалычаў з яго намеснікам па цывільных справах, былым нашым віленскім губернатарам Дзмітрыям Мікалаевічам Любімавым - нашым добрым агульным сябрам. Ён пакінуў пра сябе добрыя ўспаміны на Віленшчыне.
Вечарам абедаў у "Паляўнічым клубе" з графам Дзмітрыем Адамавічам Алсуф'евым, які толькі што прыехаў і хутка вяртаўся ў Львоў. Граф адрозніваўся рэдкай для расіян абсалютнай шчырасцю. Расказаў мне, што свае падарожжа ў Львоў ён распачаў як пілігрымку ў рускі Іерусалім і гэта сталася яго самым вялікім расчараваннем. Ён пераканаўся, што Львоў - такі ж еўрапейскі горад, як і Варшава, і быў абураны дзейнасцю Ул. Бабрынскага 30, які вынішчаў польскасць на карысць не рускасці, а ўкраінства, куды больш небяспечнага для Расіі, чым польскасць.
На наступную раніцу, калі я яшчэ чакаў ранішняй кавы, пачуў моцны стук у дзверы і сказаў: "Заходзьце". Каля майго ложка ўсеўся Любімаў і адразу сказаў:
- Галуба, дарагі Гіпаліт Аскаравіч, Генавэфа Вандалінаўна паведаміла мне пра ваш прыезд, я вечарам пазваніў князю Енгалычаву, і вось я тут, бо сам Пан Бог паслаў вас сюды. Мы абодва прыехалі сюды з цвёрдай і ўжо прынятай наверсе праграмай і маем намер правесці шэраг неадкладных рэформаў, здольных прымусіць польскае грамадства паверыць, што абяцанні вялікага князя Мікалая не стануць пустымі словамі. Мы абодва тут чужыя і не ведаем краю, мы не ведаем, з чаго пачаць. Ніхто лепшы за вас не можа нам дапамагчы. Уважаю вас за шчырага манархіста, добрага паляка і спрактыкаванага дзяржаўнага дзеяча, вы павінны дапамагчы нам і падрыхтаваць праграму.
- Але, Дзмітрый Мікалевіч, я быў бы вам карысны ў Вільні, а не тут. Вам, як і мне, вядома, што нават саноўнікі якія найлепш ставяцца да палякаў, лічаць, што ўсё добрае павінна рабіцца толькі для Каралеўства Польскага, па-за межамі якога вы не маеце ўлады. Але ў Варшаве ўсе проста, тут ужо паўтара месяца дзейнічае Польскі нацыянальны камітэт, які ўзначальваюць не менш дасведчаны за мяне Зыгмунт Веляпольскі і ўжо некалькі гадоў сціслы ў сваіх памкненнях Раман Дмоўскі - заядлы вораг немцаў і прыхільнік Антанты. Звярніце прама ў Камітэт і я не сумняваюся, што дойдзеце з ім да паразумення.
- Але праблема ў тым, гэта канешне кітайшчына, але нам фармальна забаронена мець афіцыйную справу з гэтым Камітэтам і непасрэдна мець з ім стасункі. Нам патрэбны пасярэднік, і менавіта вы можаце ім стаць і чэрпаць свае ідэі адкуль пажадаеце.
Наша размова працягвалася да 3 гадзін дня, я мусіў у прысутнасці пана сенатара апрануцца, заказаць у нумар сняданак, і прама тут на месцы Любімаў выдаў мне свайго роду акрэдытыў - даволі доўгі ліст, у якім выклаў свае арыенціры рэформ, і прасіў мяне даслаць яму адказ у пісьмовай форме. […]
У той жа вечар і заўтра, за сняданкам у "Паляўнічым клубе", я даверліва абмеркаваў гэтую тэму з рознымі членамі Нацыянальнага камітэта і з ўплывовымі дзеячамі, з якіх магу яшчэ з пэўнасцю успомніць с. п. Яўстаха Дабецкага, князя Мацея Радзівіла, Леапольда барона Кроненберга, Юзафа Астроўскага, князя Севярына Чацвярцінскага - у той час вельмі чыннага старшыню Грамадзянскага камітэту, які меў у сваім распараджэнні вялікую канцылярыю і вельмі дапамог мне ў працы, бо даў здольнага стэнаграфіста. Натуральна, я распытаў ва ўсіх гэтых паноў, што яны, грамадзяне Каралеўства Польскага, лічаць магчымым і пажаданым для сябе. Прызнацца, я чакаў, што мяне запросяць на наступную сустрэчу ў сам Нацыянальны камітэт, але такой прапановы не атрымаў. Аднак, зважаючы на тое, што ў атрыманых мною адказах бракавала аднадушнасці і асабліва сістэмнасці, я палічыў, што па-сапраўднаму кампетэнтным будзе толькі пан Раман Дмоўскі, звязаўся з ім па тэлефоне і атрымаў прыём у яго кватэры ў 12 ночы.
У футры, з шапкай на галаве і цёплых ботах, бо ўжо не хапала паліва, я правёў у яго 2 гадзіны з алоўкам і аркушам паперы ў руках і падрыхтаваў усе прапановы для Любімава, не прапусціў ні адной прапановы Дмоўскага і не занатаваў ні адной сваёй, не прынятай ім, аднак пакінуў за сабой матывацыю і рэдагаванне, бо справа ішла пра асабісты ліст да Любімава. Апрача гэтага, паміж намі мелася яшчэ размова, з якой у памяці засталіся дзве дэталі, якія добра ілюструюць тагачасныя настроі. Тады нават у мяне, старога чалавека, кружылася галава, бо была надзея, што без усялякіх дзеянняў з боку палякаў, а тым больш дзеянняў з боку шчырых ці няшчырых нашых сяброў, магло стацца так, што ў выніку вайны, асабліва калі яна скончыцца кампрамісам, паўстане незалежная Польшча. І я спытаўся ў Дмоўскага, ці ёсць зараз у Каралеўстве партыя ці група, якая б мела такую праграму?
Вось што ён адказаў мне даслоўна:
- Можа знойдзецца некалькі старых гувернантак, якія мараць пра прыгожага князя Віда 31, які на белым кані ўязджае ў варшаўскае Кракаўскае прадмесце, але акрамя іх мала хто пра гэта думае. Лічу, што нягледзячы на жартаўлівую форму, ён, верагодна, выказаў думку, якая ў той час панавала ў краіне 32.
[…]
Пасля вяртання з нарады з Дмоўскім сеў за працу, і раніцай у пятніцу мой ліст-мемарыял да пана Любімава быў гатовы ў некалькіх экземплярах.
[…]
У той жа дзень зноў пайшоў да Дмоўскага і не знайшоў яго на месцы, таму пакінуў мемарыял на яго стале і папрасіў слугу перадаць яго свайму пану, калі той вернецца. У "Паляўнічым клубе" даў яго прачытаць усім вышэйзгаданым калегам, і яны выказаліся пра яго вельмі станоўча, ніхто не крытыкаваў ні змест ні форму. Заўтра ў суботу, на раніцы, даслаў гэты ліст Любімаву, і ў той жа дзень атрымаў ад сястры Мяйштовічавай ліст, у якім яна паведамляла, што адзін з яе блізнятаў небяспечна захварэў, і заклікала мяне вяртацца як мага хутчэй і прывезці з сабой нейкую лекарскую знакамітасць. Перад сняданкам да мяне зайшоў Любімаў і ад імя свайго шэфа князя Енгалычава, з якім я ўжо радзіўся два дні таму, запрасіў на абед да маркграфіні Веляпольскай, тым жа вечарам па тэлефоне Вяляпольская пацвердзіла запрашэнне.
Заўтра, нядзельным ранкам, мяне наведаў пан Дмоўскі. Даведаўся, што мой мемарыял ўжо перададзены ўладам, і выказаў сваё незадавальненне гэтым, хоць папярэдне меў шмат часу каб узгадніць нашы пазіцыі. Наступны раз я бачыў яго толькі праз год у Парыжы. У маркграфіні Енгалычаў працяглы час размаўляў са мной і пры гэтым зноў горача дзякаваў за дапамогу і казаў, што ён з Любімавым будзе ставіцца да маёй праграмы, як да сваёй ўласнай.
[…]
Начным цягніком вярнуўся ў Вільню […] 1 лютага і нікому тут не расказваў пра падзеі ў Варшаве. Стан здароўя пляменніка Эдварда Мяйштовіча, якога я любіў як роднага сына, моцна пагоршыўся, і хлопец хутка памёр.
[…]
Раздзел XIV. Вяртанне ў край. Варшава ў ліпені 1919 г. Вільня. Асмолаўшчына. Віленскі ўніверсітэт. Усходнія межы. Трагедыя лаздунскай конегадоўлі.
У Варшаве прабыў каля 3 тыдняў.
[…]
20 жніўня паехаў у Вільню, аднак на цэлы тыдзень затрымаўся ў свайго пляменніка на Ваўкавышчыне. Чакаў, калі туды прыедзе эканом майго маёнтка, бо хацеў даведацца, як ідуць справы ў мяне на вёсцы і ў якім стане мая кватэра ў Вільні. У Вільню патрапіў толькі 1 верасня. Адразу паехаў у сваю кватэру на "Праспекце", пераназваным у вуліцу Міцкевіча. Кватэру знайшоў у адносна добрым стане, што было нечаканым, бо падчас усёй нямецкай акупацыі яе займаў нейкі вайсковы обер-доктар, які жыў толькі ў спальні і сталовай, а свайго санітара пасяліў у пакоі майго камердынера. Мой кабінет і гасцёўня з бібліятэкай, добра ўпрыгожаныя творамі мастацтва, былі для яго музеем, які ён часам паказваў сваім гасцям. Ключы трымаў пры сябе і, калі з'язджаў у Германію, сказаў маёй пакаёўцы, якой добра плаціў і якую добра карміў, каб яна сказала мне, што калі чагосьці не хапае, дык толькі таго, што ў яго забралі вайсковыя нямецкія ўлады, а менавіта, кухонную медзь, сталовую і пасцельную бялізну, парыжскі сейф, які я потым знайшоў у нейкім былым нямецкім бюро. Сейф быў артыстычна, без ніякіх пашкоджанняў, адчынены немцамі, і яго вызвалілі ад некалькіх дзясяткаў памятных залатых манет, якія я ўспадкаваў ад бацькі ці сабраў сам, пры тым усе дакументы і паперы захаваліся. Бальшавікі за свае 4 месяцы ў кватэру не зайшлі.
Першае ўражанне ад маёй старой Вільні было хутчэй пазітыўным. Хоць брук на вуліцах і ходнікі былі ў жаласным стане, хоць прызначаны панам Юзафам Пілсудсім сатрап пан Ежы Асмалоўскі кіраваў краем ва ўсім, што магло прынесці нейкую матэрыяльную карысць, па прынцыпу "ваеннай здабычы", не было яшчэ і следу гэтай сістэматычнай "дэпаланізацыі", якая адбылася толькі з паўторным выгнаннем бальшавікоў у 1920 г. і бязлітасна працягваецца і сёння. Чыноўнікі, з якімі я меў справу, ўсе былі мясцовымі. Нягледзячы на тое, што немцы прабылі тут 3,5 года, яны нічога не змянілі ў нацыянальным абліччы горада. Акрамя вынайдзенай немцамі "Тарыбы", якая мела сядзібу ў Вільні, нічога новага летувіскага не з'явілася, але стала менш, чым у 1915 г. Што да маскоўшчыны, дык на маё здзіўленне, пасля роўна 50 гадоў намаганняў расійскіх улад па русіфікацыі насельніцтва і надання гораду рускага твару, дастаткова было сысці рускім чыноўнікам, як ўся русіфікацыя сплыла як фарба пад навальніцай.
Чыгуначныя камунікацыі ў той час былі нерэгулярнымі, а цягнікі настолькі перапоўненыя, што каб наведаць маёнтак, я загадаў прыслаць па мяне двухконную брычку і вазок для рэчаў. Заначаваў па дарозе ў знаёмага абшарніка і 20 верасня дапатопным спосабам даехаў да Лаздун. Відовішча там было зусім іншае, чым у Вільні. Праз маёнтак, за 10 км ад палаца, праходзіла лінія фронту. І хоць тут сутычак не было, але артылерыйская стральба доўжылася некалькі дзён, покуль рускія не адступілі за раку Беразіну і там таксама на маёй зямлі акапаліся. Двор 3 гады служыў штабам нямецкай дывізіі. У палацы жыло каля 40 афіцэраў на чале з нейкім генералам. Больш цяжкая мэбля: буфет, більярд, бібліятэчныя дубовыя шафы, засталіся на месцы, а ўсе больш лёгкае і вытанчанае паехала ў Фатэрланд. І паколькі 40 афіцэраў-бошаў не хацелі сядзець і спаць на зямлі, яны з навакольных сядзіб, плябаній і яўрэйскіх хат, прыцягнулі сюды больш мэблі, чым было раней у мяне. Найбольш балючым было сплюндраванне маёй бібліятэкі і архіва. З чатырох з нечым тысяч тамоў засталося толькі дзве тысячы, у асноўным некамплектных. Што да архіваў, дык, верагодна, прадбачыўшы канфіскацыю нашых маёнткаў на карысць нямецкіх "вялікіх дзеячаў", акупанты старанна ачысцілі дзве адмыслова ўмураваныя шафы, і тут не засталося нават абрыўка з майго старанна падшытага і каталагізаванага ліставання са с. п. маім бацькам з 1858 па 1906 г., якое, з-за яго глыбокага розуму і адукаванасці, напэўна, мела б значна большую гістарычную і літаратурную вартасць, чым гэтыя мае ўспаміны.
Маёнтак атрымаў вялікую шкоду. З вялізнай паравой вінакурні, якая з'яўлялася сапраўднай воссю ўсёй маёй гаспадаркі, рускімі была абдзёрта ўся медзь, а немцамі ўсе жалезныя часткі, і вінакурня была перароблена ў казарму. Вялікае мураванае збожжасховішча са скляпеністымі столямі, перароблена ў швейцарскую вілу для афіцэраў, якія не змясціліся ў палацы. Кароўнік на 110 штук быдла перароблены ў кінематограф для жаўнераў, а канюшня, дзе месціўся конезавод на 60 коней (у апошні час эвакуяваны ў Расію), цалкам згарэў ад абстрэлу. У вялікай вазоўні, дзе я трымаў сапраўдную калекцыю элегантных карэт усіх тыпаў, знайшоў толькі старое нямецкае ландо без колаў і брычку познаньскага тыпу, на якой прыехаў. Што тычыцца палёў, то немцы з першага года пачалі сеяць выключна жыта на жыта без штучных угнаенняў і гною, бо ўсіх коней, акрамя некалькіх афіцэрскіх, трымалі па вёсках, дзе мецілася шмат жаўнераў. Аднак, паколькі толькі ў канцы верасня 1918 г. немцы пераканалаіся ў тым, што ім давядзецца цалкам пакінуць край, яны пакінулі засеянымі больш за 160 гектараў жыта, што дазволіла думаць пра адраджэнне гаспадаркі.
У лясах, якіх у той час я меў 4000 га, немцы паставілі два тартакі і дзве машыны для ўтылізацыі пілавіння і галін у драўняны пыл, што дазволіла ім адправіць у Фатэрланд не менш за 100 000 м 3 драўніны. Гэта сістэма выкарыстоўвалася па ўсім краі ў мясцовасцях не надта аддаленых ад чыгункі. Як казаў граф Путкамер 33, які адразу пасля эвакуацыі немцаў выехаў у Швейцарыю, ад самай прускай мяжы некалькі дзясяткаў кіламетраў ён ехаў па сапраўдным тунэлі з нашага дрэва.
У той частцы маёнтка, якая заставалася на рускім баку лініі фронту, заставалася яшчэ каля 1000 га лесу, тут не было яго прамысловай эксплуатацыі, але было неміласэрнае знішчэнне як для акопаў, так і для выкладання бярвеннем усіх дарог і дарожак у балоцістых месцах. Я б мог пасяліцца ў сваім доме і заняцца адбудовай гаспадаркі, але польскі эскадрон зрабіў немагчымым для мяне жыццё ва ўласным доме і працу на гаспадарцы.
У той час я праз ўласны вопыт дапоўніў звесткі аб спосабе кіравання "паўночна-заходняга" краю вызваленага Польшчай. Так званая "Асмалоўшчына" была нечым фантастычным. Але сам пан Ежы Асмлоўскі, які ўшанаваў мяне сваім візітам пасля майго вяртання ў Вільню, і таму потым я таксама асабіста наведаў яго, зрабіў на мяне даволі станоўчае ўражанне. Прыстойны мужчына сярэдніх гадоў які добра размаўляў і не сказаў ніводнай фразы, якая магла бы пакрыўдзіць такога старога класіка, як я, з усім пагаджаўся, усё абяцаў, але выдаваў "загады". І пасля гэтага хапаўся за галаву! Яго загады мелі сілу абавязковага закону, адмянялі ўсё існае заканадаўства і распаўсюджваліся на ўсе магчымыя бакі прававога, эканамічнага, сельскагаспадарчага і фінансавага жыцця з фантазіяй, годнай якога-небудзь сярэдневяковага маскоўскага цара ці багдадскага халіфа. Не было нагоды, але я ўпэўнены, што пан Ежы Асмалоўскі змог бы на ўзор цара Мікалая І загадаць крыху "пашкоджанай" дзяўчыне "лічыцца, як і раней, нявінніцай".
Я да гэтага часу не ведаю юрыдычнага прынцыпу, на якім грунтавалася гэтае прававодства. Бо Юзаф Пілсудскі, у той час яшчэ не маршал, прызначыўшы Асмалоўскага і даверыўшы яму кіраваць краем, не мог перадаць свайму сатрапу заканадаўчую ўладу, якой і сам не меў.
(Працяг у наступным нумары.)
* Пераклад Леаніда Лаўрэша паводле: Korwin-Milewski Hipolit. Siedemdziesiat lat wspomnien (1855-1925). Poznan, 1930.
27 Аўтар непрыхільна ставіцца да славутай беларускай мецэнаткі Марыі Магдалены Радзівіл (1861-1945), якая пакінула выключны след у нашай культуры. Яна фінансавала выдавецтва "Загляне сонца і ў наша аконца", Беларускае выдавецкае таварыства, газету "Беларус", таварыствы цвярозасці, шпіталі, сельскія крамы і інш. Адкрыла беларускамоўныя школы ў сваіх уладаннях у Кухцічах, Уздзе, Каменцы. Яе маёнтак у Кухцічах (цяпер пас. Першамайск Уздзенскага раёна) наведвалі Вацлаў Іваноўскі, Iван Луцкевіч, Антон Луцкевіч, Раман Скірмунт, Аляксандр Уласаў і іншыя дзеячы беларускага нацыянальна-культурнага руху. Аказвала матэрыяльную падтрымку ў выданні першых кніг Максіма Багдановіча, Канстанцыі Буйло і іншых. У знак удзячнасці герб Завішаў "Лебедзь" знаходзіцца на тытульнай старонцы зборніка вершаў Максіма Багдановіча "Вянок".
Пры тым, што цікава, Корвін-Мілеўскі добра ставіцца да Мікалая Радзівіла. Параўнаць яго стаўленне са словамі якія Паўліна Мядзёлка (ці яе рэдактар) укладвае ў вусны Івана Луцкевіча: "Муж яе Мікола Радзівіл - авантурыст, прымаў удзел каланіяльнай вайне ў Афрыцы на баку англічан, пасля пайшоў добраахвотнікам на японскую вайну, цяпер у гэтую вайну загінуў […] Справа тым, што пасля таго, як у Варшаве, у адным польскім клубе спусцілі са сходаў яе мужа за нейкія брудныя справы, яна [Магдалена Радзівіл] зненавідзела палякаў і не лічыць сябе полькай. Яна сама яшчэ добра не ведае, да якой нацыянальнасці сябе залічыць - да літоўскай ці беларускай". - Л. Л.
28 Станіслаў Нікадзімавіч Булак-Балахавіч (1883-1940) - беларускі, польскі і расійскі вайсковы дзеяч. Афіцэр кавалерыі Рускай імператарскай арміі, генерал-маёр Белай арміі, генерал Асобнага атрада БНР, камандзір добраахвотніцкіх атрадаў польскай арміі ў 1920 г., удзельнік грамадзянскай вайны ў Іспаніі на баку генерала Франка. - Л. Л.
29 "Цуд на Марне" (цуд на Марне, 1-я бітва на Марне) - вялікая бітва між нямецкімі і англа-французскімі войскамі, якая адбылася 5 верасня - 12 верасня 1914 на рацэ Марна пад час Першай Сусветнай вайны, яна скончылася паражэннем немцаў. У выніку бітвы быў сарваны план наступу нямецкай арміі, які арыентаваўся на хуткую перамогу на Заходнім фронце і вываду Францыі з вайны. - Л. Л.
30 Маецца на ўвазе Аляксей Аляксандравіч Бобрынскі (1852-1927), археолаг, палітычны і дзяржаўны дзеяч, рускі нацыяналіст і лідар неаславянскага руху ў Расіі, прапраўнук імператрыцы Кацярыны ІІ і яе фаварыта Г. Арлова. - Л. Л.
31 Вільгельм Від (Wilhelm Friedrich Heinrich Prinz zu Wied; 1876-1945) - прадстаўнік княжацкага роду Відаў, пляменнік першай каралевы Румыніі Лізаветы, першы і адзіны князь Албаніі. 7 сакавіка 1914 г. князь Вільгельм Від прыняў прапанову заняць албанскі трон. Да гэтага яго падштурхоўвала вярхушка Аўстра-Венгрыі, якая здолела ў 1908 г. анэксаваць Боснію і Герцагавіну. Вільгельм кіраваў Албаніяй у перыяд з 21 лютага па 3 верасня 1914 г. Тым часам частка албанскіх міністраў за італьянскія грошы пачала актыўна рыхтавацца да перавароту, тады ж поўдзень Албаніі акупавала Грэцыя. Баючыся за сваё жыццё, Вільгельм пакінуў краіну і вярнуўся ў Германію, дзе працягваў называць сябе "албанскім князем". - Л. Л.
32 Дадам, што Шыман Ашкеназі ў сваіх "Заўвагах" цытуе наступныя словы Дмоўскага з пратаколаў камісіі Гарамыкіна ад 5 ліпеня 1915 г.: "У цяперашні час палякі перакананыя ў поўнай неаддзельнасці Польшчы ад Расіі". Магчыма, Дмоўскі ў размове са мной паводзіў сябе так жа асцярожна, як і з Гарамыкіным. Бо ў той час уся польская нацыя складалася з канспіратараў і … часткова з даносчыкаў.
33 Ваўжынец Путкамер з Бальцэнікаў. - Л. Л.
Беларусы сустракаюцца з індзейцамі
Жыццё ў лістах і віншавальных паштоўках - не скончыцца: Вярцінскі, Дамейка, Камінскі, Кантар, Каралёва, Дзмітрый; лісты нябожчыкам (ч. 1)
(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-52 (105-156) за 2024 г.)
"Лістамі нябожчыкам" мы называем тыя, якія пісаліся без ведання пра смерць адрасата. Пра тое, што ліст можа быць не атрыманы па гэтай прычыне, можна было думаць, калі адрас узяты са старой крыніцы, а ўзрост чалавека пры гэтым немалы. Для публічных асоб варта было паспрабаваць высветліць (напрыклад, са спецыялізаваных даведнікаў, якія былі ў менскіх бібліятэках; уключыўшы гэта ў план чарговай паездкі) - ці жывыя яны, але казус "памёр 10 гадоў таму" адбыўся нават не адзін раз.
З папяровых "лістоў нябожчыкам" мы ўжо змяшчалі ў серыі БСІ пасланні эсперантысту Ц. Сэкелю і антраполагу М. Цвірку-Гадыцкаму. У цэлым ёсць дзве катэгорыі "лістоў нябожчыкам" - да другой адносіцца сітуацыя, калі пасля паспяховага абмену (аднаго ці больш) мы зноў пісалі, але адказу ад чалавека, які звычайна адказвае, не было. Значная верагоднасць, што ён памёр. Такі быў выпадак Джэфа Кнэбеля (гэты прыклад - ужо з электроннай перапіскі).
Латвійскаму індзеяністу Уладзіміру Канатопцаву (Владимир Конотопцев) мы напісалі 20.07.1987 г. Мы мелі яго хатні тэлефон. У час паездкі ў Даўгаўпілс 24.03.1988 г. аўтар БСІ не сустрэўся з індзеяністам, які не адказаў на ліст, - даведаўся ад яго бацькі пра смерць хлопца.
"Вітаю цябе, дружа!
Не маю ўяўлення аб тваім узросце, родзе заняткаў і наогул маю толькі адрас, які атрымаў ад сяброў на паўваў-87. Сярод многіх іншых твой вылучаецца адной прыкметай - непасрэднай блізкасцю ад Беларусі. Гэта немалаважна, калі прыняць пад увагу задачу, якую ставяць перад сабой "аб'яднаныя беларускія індзеяністы" - стварэнне рэспубліканскага таварыства. Мы вельмі хацелі б спадзявацца, што ты і іншыя жыхары прыгранічных раёнаў адгукнецеся на нашу прапанову супрацоўнічаць. Зусім не выключана, што ў цябе ці тваіх знаёмых былі продкі-беларусы. Гэта было б удвая прыемна. Але, зрэшты, спачатку трэба проста наладзіць кантакт, а потым будаваць планы на будучыню.
Было б нядрэнна атрымаць ад цябе больш-менш падрабязнае апісанне твайго шляху ў індзеяністыцы, бягучых праблем".
Артур Ліелайс (Arturs Lielais) - беларускі "Янка Маўр". Ліст да яго 17.12.1991 г.; памёр 10.02.1981 г. у Рызе.
Ён быў географам і пісьменнікам, які працаваў у выдавецтве "Ліесма". Аўтар 10 кніг пра падарожжы і адкрыцці, прыгоды. Сярод іх "Карыбскі ізумруд" (Karibu juras smaragds, 1966, выйшла пасля яго паездкі на Кубу), "Каравелы выходзяць у акіян" (Karavelas iziet okeana, 1967), "Канкістадоры" (Konkistadori, 1969), "Золата інкаў" (Inku zelts, 1970), "Уніз па Амазонцы" (Lejup pa Amazonu upi, 1976). Ужо дыпломная праца Ліелайса - "Даследаванне Арктыкі" - была надрукаваная, у 1964 г. Ён быў таксама актыўным перакладчыкам (між іншым, "У пошуках раю" Т. Хеердала (1965, 1978), "Піраты Амерыкі" А. А. Эксквемеліна (1973), "На "Ра" праз Атлантыку" Ю. Сянкевіча (1976)).
Ліст да географа Спартака Польскага (на адрас Менскага педінстытута) датуецца 24.07.1995 г.; памёр 9.10.1994 г. Пасля яго эмацыянальнага крытычнага выступлення (рэзка адрознівалася па тоне ад усіх іншых) з месца на пленарным пасяджэнні 14.06.1994 г. беларуска-амерыканскай канферэнцыі аўтар БСІ павярнуўся (Польскі сядзеў у наступным радзе) і спытаў, ці не яго быў артыкул пра расізм у "ЛіМе" ("Джунглі расізму", 4.11.1960). Ён не змог успомніць і папрасіў паказаць яму той артыкул. Пра прычыну яго павышанай эмацыянальнасці мы задумаліся значна пазней - калі даведаліся, што ён памёр праз некалькі месяцаў пасля канферэнцыі.
Літ.:
1798 Польскі С. Джунглі расізму // Літаратура і мастацтва. 1960. 4 лістап.
2965 Максім Танк: [некралог] // Настаўніцкая газета. 1995. 12 жн. (Тыр. 40 тыс. экз.; пісьменніка ў некралогу адносяць да "магікан".)
ВЯРЦІНСКІ Анатоль (Anatol Viartsinski) - ураджэнец в. Дзямешкава Лепельскага раёна; памёр у 2022 г.; член дэлегацыі БССР на ГА ААН XXXII 1977 г. Усе беларускія ўдзельнікі Генеральных Асамблей ААН, якія прысутнічалі ў зале пасяджэнняў, з'яўляюцца ўдзельнікамі беларуска-індзейскіх кантактаў. Вярцінскі бачыў як мінімум метысаў з лацінаамерыканскіх краін.
Сярод індзейскіх матываў у яго кнізе "Нью-Йоркскія малюнкі" (цяпер мусім пісаць: "Нью-Ёркскія малюнкі") асабліва можна адзначыць месца, дзе ён згадвае ўбачаную магілу індзейскага лідара Клінтана Рыкарда (Clinton Rickard; надрукавана ў няправільнай форме - Рыхерд). Пісьменнік скардзіцца, што не сустрэў гэтага імя ў час падарожжа нідзе, акрамя надпісу на магіле. Прайшло шмат дзесяцігоддзяў. Цяпер на здымках з раёна Ніягара-Фолс, якія мы знайшлі ў інтэрнэце, можна ўбачыць нават помнік правадыру тускарора, як частку цэлага мемарыяла.
Дарэчы, ва ўрыўку, які ніжэй, прычым перад абзацам пра Рыкарда, Вярцінскі згадвае іракезаў (Пяць нацый) у мемарыяльным кантэксце - гэтае альтэрнатыўнае імя іракезаў акцэнтуецца, г.зн. не замоўчваецца. Таксама і "чайны бунт" - звязаны з індзейцамі, з (подлым "рэвалюцыйным") пераапрананнем у іх.
Не вельмі прыемнай старонкай у біяграфіі правадыра Рыкарда была яго служба ў войску ў час філіпінскай кампаніі: "карэнныя" супраць "карэнных"...
Анатоль Вярцінскі
ПАМЯЦЬ ПРА ЛІДАРАЎ: АМЕРЫКАНЕЦ ЛІНКАЛЬН, ТУСКАРОРА РЫКАРД, БЕЛАРУС КАСЦЮШКА
Значную частку сваіх уікэндаў мы выкарысталі для падарожжаў па краіне і, натуральна, знаёміліся з помнікамі, з гістарычнымі і культурнымі выдатнасцямі. Мы мелі магчымасць наведаць вядомы кожнаму амерыканцу Дом Незалежнасці ў Філадэльфіі, паглядзець вастраверхі, узвіты пад неба абеліск у памяць Вашынгтона і светла-мармуровы мемарыял Лінкольна [Лінкальн] у сталіцы краіны, убачыць той самы славуты бостанскі прычал, дзе адбыўся гістарычны "чайны бунт" (ён з'явіўся своеасаблівым сігналам да рэвалюцыйна-вызваленчай вайны за незалежнасць). Нават у час паездкі на Ніягару, да Вялікіх азёр (самай далёкай, бо гэтыя цуды прыроды знаходзяцца на мяжы з Канадай) мы знаёміліся з гістарычным сімвалам гэтага кутка ЗША - з фортамі [фартамі], якія засталіся з часу франка-англійскай вайны за каланізацыю кантынента. Галоўны форт, даведваліся мы, носіць цяпер назву "Дзверы пяці нацый" і, як сведчыць надпіс (на французскай мове), ператвораны ў помнік, каб быць "знакам добрай міжнароднай волі". Маўляў, забудзем мінулае...
Дарэчы, на высокім беразе Ніягары нам натрапілася магіла аднаго з правадыроў племя абарыгенаў, заснавальніка Нацыянальнай лігі абароны індзейцаў Клінтана Рыхерда [Рыкард] (яго амерыканскае імя) [Рыкард]. Пражыўшы дзевяноста з нечым год [насамрэч - 89], ён памёр і пахаваны тут па яго жаданню [жаданні] - першапачатковы гаспадар гэтай зямлі - у чэрвені 1971 года. Вартая, відаць, увагі дэталь: пра індзейскага правадыра і грамадскага дзеяча нам нічога не паведамлялі ні турысцкі даведнік, ні мясцовы музей, пра яго мы выпадкова даведаліся з надпісу на надмагільным камені.
Гаворачы пра адносіны амерыканцаў да сваёй гісторыі, мушу зазначыць і такі момант: побач са сваімі суайчыннікамі яны ўвекавечылі ў той ці іншай меры і памяць выдатных сыноў другіх народаў, якія прымалі ўдзел у амерыканскай рэвалюцыі, - Гарыбальдзі, Лафайета [Лафает], Касцюшкі і інш. З Тадэвушам Касцюшкам, звязаным, як вядома, сваім паходжаннем і з нашай беларускай зямлёй (вось як усё пераплецена ў невялікім усёткі нашым зямным свеце), мы сустрэліся нават двойчы - першы раз у Філадэльфіі (помнік у скверы Незалежнасці), другі раз у Вашынгтоне, у час агляду Капітолія (тут устаноўлены бюсты ўдзельнікаў вайны за незалежнасць).
Літ.:
1109 Вярцінскі А. Другая сустрэча з Дэманам // Літаратура і мастацтва. 1969. 24 чэрв.
1108 Вярцінскі А. Другая сустрэча з Дэманам // Вярцінскі А. Высокае неба ідэала: літаратурна-крытычныя артыкулы. Мн., 1979. С. 153-156. ("Спеў аб Гаяваце", Куляшоў А.)
11778 Вярцінскі А. Колькі лет, колькі зім!: паэма надвор'я // Вярцінскі A. Ветрана: кніга паэзіі. Мн., 1979.
7023 Вярцінскі А. Колькі лет, колькі зім!: паэма надвор'я // Вярцінскі А. Святло зямное: выбраныя вершы, паэмы. Мн, 1981. С. 339-392.
5171 Вярцінскі А. Нью-Йоркская сірэна // Літаратура і мастацтва. 1983. 2 снеж. С. 4, 14-15; 9 снеж. С. 14-15; 16 снеж.; 23 снеж. С. 14-15. (Радзелы з першай часткі аднайменнай кнігі; выразкі з "ЛіМа" не па падпісцы, а са спісаных бібліятэкай экзэмпляраў.)
2219 Вярцінскі А. Нью-Йоркская сірэна: публіцыстычныя нататкі. Мн., 1987.
155 Вярцінскі А. Усе чатыры вятры: паэма надвор'я з метэаралагічнымі звесткамі, гістарычнымі экскурсамі і лірыка-псіхалагічнымі эцюдамі // Полымя. 1979. № 5. С. 66-102.
446 Вярцінскі А. Я памяць збярог... // Полымя. 1970. № 2. С. 218-220.
445 Вярцінскі А. Я памяць збярог... // Вярцінскі А. Высокае неба ідэала: літаратурна-крытычныя артыкулы. Мн., 1979. С. 162-166. ("апошні магіканін", Зуёнак В.)
530 Далягляды, 1992: замежная літаратура / уклад. А. Гардзіцкі; рэдкал.: А. Вярцінскі (гал. рэд.) і інш. Мн., 1992.
741 Хаміс Ф. Новы дзень цябе асляпляе / пер. А. Вярцінскага // Тытунёвая кветка: анталогія сучаснай кубінскай паэзіі: пер. з ісп. / уклад. П. Грушко; прадм. і рэд. пер. К. Шэрмана. Мн., 1986. С. 135-136.
ДАМЕЙКА АЛАМАС Хуан (Juan Domeyko Alamos) - бацька Андрэса і свёкар Марысы Дамейкаў (Andres and Marisa Domeyko), якія пазначаныя як адпраўшчыкі канверта з лістом у Гомель (1992). З 1925 г. працаваў у дыпламатыі - у пасольствах і консульствах Чылі ў Аргенціне, Бразіліі, ЗША (консул у Лос-Анджэлесе (1947), Сан-Францыска (1948), Маямі), Дамініканскай Рэспубліцы, Канадзе (Ministro Consejero), а таксама і ў Галоўным аддзеле Міністэрства замежных спраў Чылі (Seccion Clave del Ministerio de Relaciones Exteriores de Chile).
Літ.:
12934 Вервес Г. Д. Ярослав Івашкевич: літературно-критичний нарис. К., 1978.
10806 Вервес Г. Д. Ярослав Ивашкевич: литературно-критический очерк / [пер. с укр. С. Жилютовой]. М., 1985. ("К этой теме Ивашкевич возвращается и в рецензии на трехтомное издание "Моих путешествий" И. Домейки [Домейко], в которой он учитывает, как нам кажется, восторженные отзывы П. Неруды о подвижнической работе этого польского патриота в Чили и на Кубе. Участник восстания 1831 года, "он выражал удивление и восторг этими "дикарями" (то есть индейцами. - Г. В.), этими благородными и мужественными арауканами, вот уже сотни лет защищающими свою свободу и расплачивающимися за нее тысячами жертв. Домейко восторженно воспевает, не хуже Неруды, арауканских героев - Лаутаро , Кауполикана и др. [...]".)
КАМІНСКІ Леанід (Leonid Kaminsky) - у 1942-1943 гг. быў памочнікам начальніка Цэнтральнага штаба партызанскага руху (ЦШПР, ЦШПД), у 1944 г. - загадчыкам асобага [особого] сектара ЦК КП(б)Б.
Істотна і нават гучна закрануўшы індзейскую тэму на форуме ААН у Нью-Ёрку, а перад тым фізічна наблізіўшыся да Індзейскай Амерыкі на канферэнцыі па яе стварэнні ў Сан-Францыска ў 1945 г. (яшчэ раней - працуючы ў пасольстве ў Канадзе), ён не мог уявіць, што ў 1993 г. географ і паслядоўнік Крапоткіна з ГДУ У. Пашук ("Дзякуючы яму быў адноўлены і паспяхова функцыянаваў Гомельскі аддзел Беларускага геаграфічнага таварыства. Уладзіміра Яўгенавіча вельмі паважалі і шанавалі яго шматлікія вучні і калегі. Нават на заслужаным адпачынку ён працягваў працу ў таварыстве, перажываў за справу, якой прысвяціў сваё жыццё" (vk.com)) напіша для газеты з назвай, якую не кожны захоча агучыць уголас, артыкул "Што Беларусі рабіць у ААН?". У ім згадвалася "непрадстаўленасць" і індзейцаў у галоўнай міжнароднай арганізацыі. "Атабаска" павінна быць удзячная гомельскаму географу, што ён памятаў і нагадваў пра яе. Таксама індзейцы і індзеяністы па дакументах ААН і публікацыях пра яе могуць пераканацца, што Леанід Камінскі выкарыстаў іх выпадак на карысць больш справядлівай арганізацыі аб'яднаных краін і народаў свету. Зрабіў гэта ў поўнай адпаведнасці са сталінскімі нормамі, бо часам яны супадалі з агульначалавечымі.
Літ.: (запісы на англ. мове тычацца згадкі індзейцаў у ААН Л. Камінскім; Leonid Kaminsky: "North American Indian had almost ceased to exist")
2594 Пашук В. Что Беларуси делать в ООН? // Анархия (Гомель). 1993. Осень. (Тыр. 999 экз., падпісана да друку 25.11.1993; газета выглядала прэзентабельна.)
12072 Bachman J. S. The United States and genocide: (re)defining the relationship. London, 2017. (Hardback.)
12936 Bachman J. S. The United States and genocide: (re)defining the relationship. London, 2019. (Paperback.)
12073 Cultural genocide: law, politics, and global manifestations / ed. J. S. Bachman. London, 2019.
12074 James S. A. Universal human rights: origins and development. New York, 2007. (LFB Scholarly Publishing.)
12075 Macklem P. The sovereignty of human rights. New York, 2015. (Oxford University Press.)
12076 Morsink J. Cultural genocide, the Universal Declaration, and minority rights // Human Rights Quarterly. 1999. Vol. 21. No. 4. P. 1009-1060.
12935 Morsink J. The Universal Declaration of Human Rights: origins, drafting, and intent. Philadelphia, 1999.
12077 Morsink J. The Universal Declaration of Human Rights: origins, drafting, and intent. Philadelphia, 2010.
12078 Novic E. The concept of cultural genocide: an international law perspective. New York, 2016. (Oxford University Press.)
12079 Stamatopoulou E. Cultural rights in international law: Article 27 of the Universal Declaration of Human Rights and beyond. Leiden; Boston, 2007.
12080 Thornberry P. Indigenous peoples and human rights. Manchester, 2002.
КАНТАР Морыс (Morris Kantor) - нарадзіўся ў 1896 г. у Менску, пераехаў у Нью-Ёрк у 1906 г. Спачатку - футурызм, кубізм, але ў 1916 г. вучыўся таксама і ландшафтнаму жывапісу, у 1928 г. развіў змешаны рэалістычна-фантазійны стыль, а к 1940 г. "сфакусіраваўся" на фігуралізме. Памёр у 1974 г. у Вест-Наяк (West Nyack, каля 29 км на поўнач ад Нью-Ёрка), дзе правёў большую частку жыцця.
У Вест-Наяк базіруецца выдавецтва, якое выпусціла тры дзясяткі выданняў "Даведачнай энцыклапедыі амерыканскіх індзейцаў" (па рэдакцыяй Бары Клейна - Клейнаў, відавочна, Морыс Кантар ведаў).
У самых кароткіх біяграфіях Морыса згадваецца, што адным з яго вучняў быў Роберт Раўшэнберг (Rauschenberg, чэрокскія карані). У 1940-я гг. Кантар выкладаў у Купераўскім саюзе (Cooper Union) і Мастацкай студэнцкай лізе Нью-Ёрка (Art Students League of New York).
Пра тое, што Морыс вучыўся разам з індзейскім мастаком Джорджам Морысанам, даведваемся з матэрыялу П. Рычарда "Даследчыкі новага: два мадэрністы, якія таксама з'яўляюцца індзейцамі" (пост на сайце Washington Post 19.09.2004 - у ім і пра апача Алана Хаўзера (Allan Houser, Chiricahua Apache)). Ён належаў да Grand Portage Band of the Chippewa (Grand Portage Band of Lake Superior, Гранд Портадж, рэзервацыя ў графстве (акрузе) Кук, на ўскрайку рэгіёна Араўхэд (Arrowhead Region), на крайнім паўночным усходзе Мінесоты).
Рычард піша, што Морысан, быў на "кожную цалю" індзейцам ["every inch" an Indian], але таксама і часткова шатландцам, "адкуль і яго імя. У кнізе ўспамінаў "Вяртанне пяра" (1998) ён распавядае, што яго татэм быў крумкач, а яго бацька паляваў на бабра". Ён нарадзіўся і памёр на лясістых берагах возера Верхняе.
Але яго карціны не нагадваюць пра крумкачоў і баброў. Гэта - у асноўным Нью-Ёрк, "і не дзіўна: Морысан, які вучыўся з Морысам Кантарам і Вацлавам Вытлачылам [Vaclav Vytlacil] у Мастацкай студэнцкай лізе, быў у самым гушчы гэтага. Ён жыў у Грынвіч-Вілідж за 30 долараў". На яго найбольш паўплываў Пікаса. Але крыху і Морыс Кантар, спадзяёмся.
Літ.:
12932 Reference Encyclopedia of the American Indian. 9 ed. / ed. B. T. Klein. West Nyack, NY, 2000.
КАРАЛЁВА Эльвіра (Elvira Koroleva, Karaliova) - менеджар-мастацтвазнаўца, арт-тэрапеўт, значная часта яе дзейнасці прысвечаная інклюзіўнасці, праблемам накшталт аўтызму, педагогіцы (часопіс "Расцём разам").
Закранула яе і тэма чэрокі - неабсяжная, з прысутнасцю ў кожнай кропцы Зямлі...
Мы пісалі ёй у э.п. ад 24.03.2006 г. з тэмай "Cherokee":
"Паважаная Эльвіра Каралёва!
Ці не падказалі б вы, як нам можна б было звязацца з Лоры Тагл? Яна - першая вядомая нам жанчына з тых, хто кажа пра сваіх індзейскіх продкаў і наведваў Беларусь. Мы спецыяльна вывучалі пытанне, колькі індзейцаў тым ці іншым шляхам траплялі на нашу тэрыторыю. Разам з Лоры тут дастаткова працяглы час жылі некалькі асоб, што мелі продкаў-чэрокі (адзін нават узяў жонку з тутэйшых; магчыма, ён і цяпер у Мінску).
Вялікі дзякуй (і за вашу фота-акцыю, вядома).
Алесь Сімакоў
Belaruska-indzeiskae tavarystva =
Belarusian - American Indian Society"
Эльвіра праз дзве гадзіны адказала:
"Добры дзень, Алесь!
Лоры бянтэжыцца ад сваёй славы, якая раптам з'явілася [Лори смущается своей внезапно нагрянувшей славы] ў сувязі з удзелам у журы фотаконкурсу :)
Я перасылаю ёй вашае пасланне і яна сама звяжацца з вамі па электроннай пошце.
А вы на вечары таксама прысутнічалі? Тады шкада, што мы не пазнаёміліся, таму што вельмі цікавую арганізацыю вы прадстаўляеце!
Эльвіра Каралёва
(PS. Магчыма, вам будзе цікава - у апошнім нумары "Белгазеты" надрукавана інтэрв'ю з Лоры)".
*ДЗМІТРЫЙ (Аклахома) - паводле паведамленняў у інтэрнэце ў 2024 г., да яго прэтэнзіі рознага роду - ад былой жонкі да афіцыйных інстанцый, але ва ўсіх, няшчасных і тых, хто зрабіў няшчаснымі іншых, павінна быць свята, таму мы вырашылі змясціць, як добрую навагоднюю байку, раздзел з яго аповеду пра Аклахому, уключаючы размову з нашчадкам чэрокі... - не называючы прозвішча аўтара і спадзеючыся, што ў калядным "перамір'і" сэнс і "этыка" ёсць. Гэта тэкст 2011 г., які Зміцер рыхтаваў у Талсе (Tulsa) і Менску.
Зміцер, Як Ён Ёсць
ЧЭРОКІ АХОЎВАЮЦЬ ЗЯМЛЮ
Яшчэ Аклахома адзін з найбольшых цэнтраў індзейскай культуры ў ЗША. Менавіта ў гэты штат індзейцы павінны былі накіравацца пасля скандальнага Закона аб перасяленні.
Закон быў прыняты ў 1830 годзе з ініцыятывы прэзідэнта Джэксана. І першапачаткова ён меў някепскую задумку. Індзейцы з усходняга ўзбярэжжа мусілі з'ехаць на захад ад ракі Місісіпі, там ім даваліся землі. Гэткім чынам тлумачылася тое, што карэнныя жыхары Амерыкі лепш захаваюць сваю аўтэнтычную культуру, калі не будуць перасякацца з белымі.
На справе ж перасяленне індзейцаў увайшло ў гісторыю пад назвай "сцяжына слёз".
Шмат хто так і не дабраўся да Аклахомы, паміраючы ад голаду і хваробаў у дарозе.
У грамадзянскую вайну большасць індзейцаў стала на бок канфедэрацкага поўдня. Больш-менш заможныя індзейцы таксама мелі сваіх чорных рабоў і развітвацца з імі не хацелі.
Параза канфедэратаў нанесла па індзейцах моцны ўдар. Яны пазбавіліся сваіх школаў і некаторых іншых ільготаў. Другі ўдар індзейцы Аклахомы адчулі ўжо падчас нафтавай ліхаманкі. Тады заможныя чужакі масава скуплялі іхнія землі.
У Аклахоме, апроч адной, няма класічных рэзервацый, тым не менш індзейцы пражываюць досыць кампактна. Талакуа [Талекуа, Tahlequah] - месца, дзе засядае рада племені чэрокі. Вігвамы, пер'і, тамагаўкі тут толькі як музейныя экспанаты.
Пра жыццё чэрокі нам расказвае Анэт. Яна нарадзілася ў Сан-Францыска, але, як прызнаецца, адчула поцяг роднай зямлі, таму вярнулася ў Аклахому. Ніколі б не адрозніў Анэт ад звычайных амерыканак. Зрэшты, яна і сама прызнаецца, што індзейскай крыві ў ёй толькі 25%. "На агульнаамерыканскіх сходах нас часта дапякае племя сіу [сіў], што мы не падобны да індзейцаў. Натуральна, мы маем кантакт з белымі ўжо 400 гадоў, а гэтыя выскачкі з Дакоты толькі якіх 150!" - з гонарам кажа Анэт.
Зрэшты, белымі людзьмі чэрокі нас не называюць. Для іх мы сінія.
Чаму так? Бо раней вены былі не такімі глыбокімі, і ад гэтага скура выглядала сіняй, тлумачаць яны.
Племя чэрокі дзеліцца на сем кланаў: Дзікая бульба (земляробы), Алень (паляўнічыя), Птушка (тыя, хто прыносіў навіны), Фарба (лекары, шаманы), Доўгія валасы (чужакі, прышлыя), Сінія (тыя, хто лячыў дзяцей і жывёл), Воўк (ваяры). Часам выбіралі не аднаго, а некалькі правадыроў племені аднаго ад клана Ваўка, каб думаў пра вайну, іншага - з Доўгіх валасоў, каб думаў пра мір. Перадапошнім правадыром чэрокі была жанчына, але яна летась памерла.
На мове чэрокі мала хто можа вольна размаўляць, хоць захады па адраджэнні робяцца. Нават на айфонах ёсць магчымасць набіраць тэкст чэрокскім сілабарыем.
У Аклахоме ёсць пяць казіно, што належаць чэрокі. Агулам жа індзейцы кантралююць траціну ўсяго гульнёвага бізнэсу [бізнесу] Штатаў. Індзейцы маюць істотныя падатковыя палёгкі на казіно, бо ў свой час у судзе даказалі старажытнасць сваіх азартных гульняў.
Чэрокі вераць у адзінага Бога, але не называюць сваю рэлігію хрысціянствам. "Мы жывём у пекле, каб трапіць у рай", - расказвае Анэт. Паводле паданняў чэрокі, свет пачынаўся не з Адама і Евы, а з чатырох падобных параў, якія сімвалізуюць чатыры чалавечыя расы. Дык вось белым (ці ўсё ж сінім) стваральнік даў мудрасць. А задача чэрокі ахоўваць зямлю.
Літ.:
12926 Reference Encyclopedia of the American Indian. 6 ed. / ed. B. T. Klein. West Nyack, NY, 1993.
Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.
Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.
Індзейцы, индейцы, Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 130].
Каляндар "Скарбы Лідчыны". Выпуск № 4
Лідскі гістарычна-мастацкі музей выдаў чарговы каляндар у серыі "Скарбы Лідчыны". Гэта ўжо чацвёрты выпуск. Каляндар на 2025 год прысвечаны 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
На тэрыторыю Лідчыны вайна прыйшла раніцай 22 чэрвеня 1941 года. Нямецкая авіяцыя бамбіла горад з 22 па 26 чэрвеня. У выніку ператварыўся ў руіны і выгараў цэнтр Ліды, загінулі тысячы людзей. Барацьба насельніцтва Лідчыны супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў пачалася з першых дзён акупацыі. Партызаны і падпольшчыкі наносілі адчувальныя страты ворагу.
У фондах Лідскага гістарычна-мастацкага музея захоўваюцца прадметы - сведкі падзей Вялікай Айчыннай вайны. Яны з'яўляюцца яскравымі крыніцамі гістарычнай памяці. На старонках календара змешчаны выявы музнйных прадметаў, якія размеркаваны па блоках па тры аркушы ў блоку.
1-шы блок - Аўдыёвізуальныя крыніцы;
2-гі блок - Пісьмовыя крыніцы;
3-ці блок - Рэчавыя крыніцы;
4-ты блок - Выяўленчыя крыніцы.
Каляндар адлюстроўвае нязначную частку музейных збораў. Усё астатняе больш дасканала і грунтоўна можна паглядзець і вывучыць у самім музеі.
Яраслаў Грынкевіч.