Наша слова.pdf № 2 (158), 8 студзеня 2025 г.
У Строчыцкім музеі народнай архітэктуры і побыту адзначылі свята "Тры Каралі"
Звычайна Тры Каралі адзначаліся 6 студзеня ў гонар трох мудрацоў - Каспара, Мельхіёра і Бальтазара. Згодна з Евангеллем, мудрацы прынеслі нованароджанаму Езусу Хрыстусу дары - золата, ладан і міру.
Традыцыйна лічыцца, што Мельхіёр быў старцам і каралём Аравіі, Бальтазар - сярэдніх гадоў і царом Эфіопіі, Каспар - юнаком і каралём Тарса. У беларускіх вёсках у гэты дзень хадзілі па дварах і віншавалі гаспадароў.
Вось і ў Строчыцах свята праходзіла па такім жа старажытным сцэнарыі - яшчэ і з прадстаўленнем лялечнага тэатра "Батлейка" і майстар-класамі. Публіцы ўсё спадабалася. Супрацоўнікі музея-скансена - людзі творчыя і ўмеюць далучаць гледачоў да дзейства. Яны хутка навучылі прысутных разам спяваць, танчыць і вадзіць карагод. Гаспадарамі свята адчулі сябе не толькі Каспар, Мельхіёр і Бальтазар, але і ўсе госці.
Аляксандр Грыгор'еў, фота аўтара.
Беларускі народны каляндар на 2025 год
Народны каляндар - гэта фальклорны каляндар: ён складзены на аснове хранонімаў, якія зафіксаваны ў вуснай народнай творчасці беларусаў і ўключае традыцыйныя арыенціры на сельскагаспадарчыя работы і адпачынкі ў гадавым, сезонным, месячным і іншых цыклах-рытмах.
Сістэматызаваны беларускі народны каляндар у складзе з велікодна-валачобнымі песнямі, якія ў строгай храналагічнай паслядоўнасці апісваюць традыцыйныя прысвяткі і святы, у тым ліку тыя, што закансерваваліся ў непараўнальных паэтычных узорах як Навагоддзі/Навалецці, з'яўляецца нашым шэдэўрам і фенаменальнай з'явай сусветнай нематэрыяльнай культуры.
У народным календары на 2020 год прадстаўлены асноўныя святы і прысвяткі з кароткімі тлумачэннямі, прыкметамі, прымаўкамі, урыўкамі з валачобных песень і г. д. Дні (хранонімы), якія адзначаюць беларусы-католікі, выдзелены курсівам. Зорачкай /*/ пазначаны святы "рухомай" царкоўнай пасхаліі.
Умоўныя абазначэнні: п - панядзелак, а - аўторак, с - серада, ч - чацвер, пт - пятніца, сб - субота, н - нядзеля. Больш падрабязна пра значэнне хранонімаў календара можна прачытаць у кнігах "Беларускі народны каляндар" (Мінск, 1993, 2002) і інш.
Студзень
1. с. Новы год. ВКЛ перайшло на студзеньскі стыль у 1550 г., Расія - з 1700 г.
6. п. Першая, Посная куцця. Перадкалядная вячэра. Які дзень, такі і год. Богаз'яўленне, Тры Каралі. Католікі праводзілі маскаваны абрад "Тры каралі", або "Гэроды".
7. а. Раство Хрыстова. Пачатак Каляд. "Ой, Калядачкі, бліны-ладачкі…". Калядавалі. Насілі "звязду". Паказвалі батлейку. На Каляды праводзілі ігрышчы ("вадзілі казу", "жанілі Цярэшку", "пяклі ката", гулялі ў "Яшчура" і інш.).
9. ч. Сцяпан. Дзень найму слуг, батракоў у мінулым. "На святога Сцяпана вышэй слуга за пана".
13. п. Шчодрая куцця. Пачатак Шчодрага тыдня. "Мароз, хадзі куццю есці".
14. а. Васілле. Новы год па правасл. календары. "Сею, сею пасяваю, з Новым годам вас вітаю".
18. сб. Трэцяя, Галодная, Вадапосная куцця. Апошнія дні Каляд. "Каляда ад'язджае".
19. н. Вадохрышча (Кшчэнне). "Святое Кшчэнне ваду ксціла…, свет ачысціла і ваду наверх пусціла", "На Вадохрышча завіруха - на Вялікдзень таксама".
20. п. Прывадохрышча - заканчэнне Каляд. Пачатак Малой вясельніцы (да посту).
24. пт. Аксіння. "Аксіння дарогу перамяце, а корм падмяце". Фядос. "На Фядоса цёпла".
25. сб. Таццяна. Свята студэнтаў. Павел. "Вее вецер - будзе вайна".
31. пт. Апанас, Гусінае свята. Свята свойскай жывёлы. "Хавай нос у апанасаўскі мароз".
Люты
1. сб. Ігнат. "На Святога Ігната зіма багата".
2. н. Грамніцы, Стрэчанне. "Калі на Грамніцы нап'ецца певень вадзіцы, то на Юр'я наесца вол травіцы", "Грамніца - хлебу палавіца".
5. с. Агата. Каровіна свята. "Хлеб і соль святой Агаты не пусціць бяды да хаты".
6. ч. Дарота. "Па Дароце высахнуць хусты на плоце". Паўзіміца Аксіння. "На Аксіні мяце".
10. п. Пачатак Памінальнага, Дзедавага тыдня.
11. а. Ігнат. "Ігнат Грамніцам рад".
14. пт. * Дзедава пятніца. Валянцін. Свята закаханых. Трыфан. "На Трыфана зорна - вясна позняя".
15. сб. * Стрэчаньскія Дзяды. Грамніцы, Стрэчанне. "Зіма з летам сустракалася, пра здароўейка пыталася". "На Грамніцы палавіна зіміцы".
18. а. Агата. Каровіна свята.
15. сб. * Памінальніца . Канец Памінальнага тыдня. Калі "вея" ў нядзелю, то авёс трэба сеяць на 9-м тыдні, калі ў панядзелак - то на 8-м, калі ў сераду ці чацвер - то пакідалі "дзесяцінкі дзве".
24. п. * Рабы тыдзень, Вясельніца, Развітальны, Сырапусны, Масленічны тыдзень. Тыдзень перад Масленіцай. Які добры дзень на Масленым тыдні, у той дзень ад Іллі сеялі лён. Дзяўчаты вешалі "калодкі" нежанатым хлопцам. * Дзень сустрэчы на Масленым тыдні. Мацей. "На Мацея дарога пацее", "На Мацея адліга - будзе мароз". Улассе. Свята жывёлы. "Аўлас на сыры лас".
25. а. * Заляцанне на Масленым тыдні.
26. с.* Лысая серада. Праталіны-залысіны. Фаціння. Заступніца ад хвароб (ліхаманак, трасцы і інш.).
27. ч. * Блакітны чацвер. Тумановы дзень. * Крывы, Тлусты чацвер, Валосы, Валосся. Свята жывёлы. "На Валосага бліны пяклі ці аладкі, каб былі валы гладкі".
28. пт. * Цешчыны вечары.
Сакавік
1. сб. * Масленыя Дзяды (Бабы). "Дзяды не зналі бяды, а нашы ўнукі зазналі мукі". * Залувіцыны вячоркі.
2. н. * Масленіца. "Масленіца ў "вятху" (пасля поўні) - дзяржы пшаніцу ў мяху, сей пшаніцу на ўсю руку". * Развітальны, або Дараваны дзень. * Гуканне вясны. "Блаславі, божа, зіму замыкаці, вясну загукаці". На Палессі вадзілі карагоды, "спявалі чырачку", насілі ёлку з вянком.
3. п. * Паласказуб. Першы дзень Вялікага посту (да 18.04). Паласкалі зубы гарэлкаю.
4. а. Казімір. "Святы Казімір дровы сякець і ў клад кладзець".
5. с. * Уступная серада. Каб урадзіў лён, мылі верацёны ці калаўроты, хадзілі ў карчму і пераскаквалі цераз пень. * Серада Папяльцовая (пач. Вялікага посту ў католікаў, да 19.04).
8. сб. * Зборава субота. Абрад "споведзі дзежкі".
9. н. * Зборніца, Ізбор. Адзін з варыянтаў Новага года/лета ў час прыняцця юліянскага летазлічэння. "Святы Ізбор упярод ступіць". Пачатак збору ў поле. Янка, Паўраценне. Мядзведзь паварочваецца ў бярлозе на другі бок.
12. ч. Рыгор. "На святога Рыгора ідуць рэкі ў мора".
13. пт. Васіль Капальнік. Са стрэх капае.
14. сб. Аўдоцця Вясноўка. Гуканне вясны. "На Аўдокі голы бокі". (1.03 Новы год (Новае лета) у мінулым, сакавіцкі каляндарны стыль). "Святы Еўдакей … пераступ года".
15. сб. Хвядот. "На Хвядота занос - усё сена знясе".
17. п. Герасім Гракоўнік. "Герасім гракоў прыгнаў".
19. с. Язэп . "Святы Язэп сярод посту шлюб дае прахвосту" (забарона на шлюб). "На Язэпа пагода - год ураджайны".
20. ч. Веснавое раўнадзенства ў 03.50 г.
22. сб. Саракі. Было Новым годам/летам. Свята вясновага раўнадзенства. "Дзень з ноччу мераецца". "Святыя Саракі наперад пайшлі". Свята птушак. Прылятае 40 выраяў. "Святыя Саракі ў поле саху валаклі". Пліска. "На святога Пліска праб'ець лёд і пліска". Засеўкі. Абрад "жаніцьбы коміна".
24. п. *Пачатак Храстовага тыдня. Пяклі "храсты".
25. а. Дабравешчанне, Звеставанне. "І птушка гнязда не кладзе". Прылёт бусла. Гуканне вясны. Было Новым годам/летам. "Перша свята - нова летца, Дабравешчанне зямлю сушыць". Рыгор. "На Рыгора зіма ідзе ў мора".
26. с. * Серадапосце. Выпякалі "храстцы". Міждабравешчыны (да 7 красавіка). Забарона на "запасванне" кароў.
30. н. Аляксей Цёплы. Дзень рыбалова. "На Цёплага Аляксея рыба ідзе на нераст, карова на верас, а бортнік на хвою".
31. п. Пачатак * Пахвальнага тыдня. "Дзікая качка яйцом пахваліцца".
Красавік
1. а. Дар'я Вясенняя. Адбельвалі палотны. Прабуджэнне хатніка. У гэты дзень хлусілі, каб заблытаць хатніка. "Апрэль - нікому не вер".
4. пт. * Пахвальная пятніца. Мыццё дзежак.
5. сб. * Пахвальная субота. Не грымелі кроснамі, каб гром не грымеў.
6. н. Камаедзіца. Свята мядзведзя. Дабравеснік. Пяклі пірагі "буславы лапы".
7. п. Дабравешчанне. "Дабравешчанне без ластавак - халоднае лета". Абрад "Страла".
8. а. Благуста. "На Благусту сей капусту".
9. с. Матрона. "На Матрону шчупак хвастом лёд разбівае".
13. н. * Пальмовая нядзеля. Вербніца.
14. п. Пачатак * Белага, Вялікага, тыдня. * Чысты панядзелак. Бялілі і мылі ў хаце. Мар'я. Калі ў ясную ноч прыбывала вада, то суха будзе ў жніво на хлебнай ніве.
15. а. * Чысты аўторак. Каб на людзей і "гаўядо" не напала "парша", трэба ўсё мыць. Палікарп. "Пачатак бясхлебіцы".
16. с. * Дравяная страсць. Мыюць усё драўлянае. Мікіта. "Калі на Мікіту крыгаход, то няма ні клёву, ні лову рыбаловам".
17. ч. * Чысты чацвер. Ідуць у лазню. Абрад мыцця дзежкі.
18. пт. * Чырвоная, Велікодная, пятніца. Сеялі гарох.
19. сб. * Вялікая, Чырвоная, субота. Фарбавалі яйкі. Канец Вялікага посту.
20. н. * ВЯЛІКДЗЕНЬ. ВЯЛІКДЗЕНЬ. "Хрыстос уваскрос! - Сапраўды ўваскрос!". Быў Новым годам. "Першае свята - свята Вялікадня".
21. п. Працяг * Велікоднага тыдня. "Першы дзень пірагі маюць, а сярэдні пагуляюць, а апошні дзень выпраўляюць". Руф. Руф рушыць снягі.
23. с. * Градавая серада. Праводны, Мёртвы, тыдзень. "Пайшла зіма да Кіева, а лета нам пакінула". Юры. (Новы год па задыяку). "Першае святца - святы Юр'я", "Як зязюля закукуе за 12 дзён да Юр'я на "голы" лес, то не чакай ураджаю і будзе хварэць жывёла". Войцах. "Святы Вайцеху выпусціў жаўранка з меху".
24. ч. * Людавы дзень. Раней у Віленскай губерні білі і качалі яйкі з лубкоў, гушкаліся на арэлях. * Вялікадне мёртвых (Наўскі Вялікдзень, Мёртвы Вялікдзень, Наўскі чацвер). Дзень памінання на могілках. Хлопцы і дзяўчаты абліваліся вадою.
25. пт. Марк. "Дождж на Марка, дык зямля як шкварка". Прашчэнне. Абліваліся вадою. Анціп - ахоўнік зубоў.
27. н. * Праводная нядзеля.Праводная нядзеля. "Ідзі, зіма, да Кучава, як ты нам надакучыла".
28. п. * Радаўнічныя Дзяды. Пуд. "Пуд снег пугне".
29. а. * Радаўніца. "На Радаўніцу да абеду пашуць, па абедзе плачуць, а к вечару скачуць". Арына. "На Арыну сей капусту на расаду".
30. с. Зосім - ахоўнік пчол. Андрыянава ноч, Андрэй. Ноч дзявочай варажбы і чараўніцтва.
Травень
1. ч. Кузьма. "Май Кузьма з морквінай сустракае, а Пахом з гурком".
4. н. * Міраносцы. "На Міраносця п'яныі бабы цігаюць адна адну за валосця".
5. п. Пачатак * Пераплаўнага, Чарвівага, тыдня. Не трэба садзіць, бо заядуць чэрві. Ляльнік. Свята Лялі - дачкі Лады. "Благаславі, маці,/ Ой, Лада, маці!/Вясну заклікаці".
6. а. Юр'е. Свята жывёлы. "Як дождж на Юр'я - хлеб будзе і ў дурня". Абрад "Страла".
7. с. * Градавая, Пераплаўная, серада. Засцярогі ад граду і дажджу. Алісей. "Прыйшоў Алісей - авёс пасей". Бабскія розбрыкі. Скокі жанчын і качанне па зямлі дзеля ўрадлівасці.
8. ч. Станіслаў. "Сей гуркі на Станіслава - вырастуць на славу". Марк. "Дождж на святога Марка - дык зямля, як шкварка". Ярылавіца. Свята Ярылы.
13. а. Якуб. "На Якуба грэе люба".
14. с. Макарэй. Абрады ля вады.
15. ч. * Градабойцы, Ледавіты дзень (Віленская губ.). Барыс. Апякун поля і жывёлы.
18. н. Арына Расадніца. Дзень высаджвання расады ў Паазер'і.
20. а. Антоній. "На святы Антоній сей авёс для коней, а як удасца, дык і прадасца".
21. с. Іван Веснавы. Апякун земляроба. "На Івана каласок, а на Пятра піражок".
22. ч. Мікола Веснавы. Свята пастухоў. Алёна. "Сей лён на Алену, будзе кашуля па калена".
23. пт. Зілот. "Сей пшаніцу на Зілота, і яна будзе як злота".
24. с. Макей. "Мокра на Макея - і лета не прасушыць". Кірыла і Мяфод. Калі дзень мокры, і лета будзе мокра.
25. н. Епіфан. "На Епіфана раніца ў чырвоным каптане, неба з барваю - гарачае лета".
27. а. Сідары. "Прыйшлі Сідары - прыйшлі і сіверы".
28. с. Пахом. "Святы Пахом павее цяплом". "Сей агуркі на Пахом - будзеш насіць мяхом".
29. ч. * Ушэсце. Абрад "Страла".
29. ч. Магдалена. "Зязюльку прысылае".
31. сб. Шэсць дзеў. "Лён сей позні". Канапелька Матруна. "У зямлю махнула". Фядот. "Як на дубе апушка - у Фядота поўна аўсу кадушка".
Чэрвень
2. п. Тры пакутнікі. "Няма лета, але пасля іх не бывае зімы".
3. а. Алёна, Ульяна. Дзень ільну.
4. с. * Градавая серада. Васіліск. "Ад Васіліска і салавей блізка".
5. ч. Дзень Ефрасінні Полацкай. Хадзілі ў Полацк пакланіцца і абракацца.
6. пт. * Сёмушныя Дзяды.
7. сб. * Духавая субота, Зялёная субота. Ян. "Рой перад Янам - пчаляр будзе панам".
8. н. * Сёмуха, Тройца. Культ продкаў і расліннасці. "Павядзём Куста пад гай зялёненькі...". Іван ды Мар'я. Праводзіны вясны. "На Граннай нядзелі Русалкі сядзелі...".
9. п. * Русальніца.
10. а. * Конскі Вялікдзень. Свята коней.
11. с. * Градабой, Серада Русаль. Здабывалі з ясеня святы агонь.
12. ч. * Божае цела. * Наўская Тройца, Абліваха. Памінанне.
13. п. Ерамей. Антоні. "Антоні, аддай коні".
14. сб. Юстын і Харытон. "Юстын цягне ўверх каноплі, а Харытон - лён".
15. н. * Русальчыны розыгры. Засцерагаліся рос. * Пятроўскія запускі. Развівалі вянкі.
16. п. * Пятроўка (Петравіца) Пятроўскі пост да 11 ліп. "Пятроўка-галадоўка". Лук'ян. Паўднёвы вецер на Лук'яна - на добры ўраджай яравых.
19. ч. *Дз явятнік. Перавод уніятаў у праваслаўе. "Дзеўяць ягодзін на ветцы".
20. пт. * Дзевятуха. Дзень засцеражэння ад навальніцы. Летняе сонцастаянне ў 21.44 г.
21. сб. Тодар. "На Тодара раса - канапель паласа".
22. н. Кірыла. Пачыналі касавіцу ў Паазер'і.
23. п. Купала. У старажытн. - Новы год/лета.
24. а. Ян Купальны. "Сонца грае".
25. с. Анапрэй. "Хто на Нупрэя пасее грэч, той будзе бліны печ".
26. ч. * Дзясятнік. "Дзесятнік гнаі возіць". Акуліна Грачышніца. Сеялі грэчку. Задзярыхвост. Каровы "гізуюць".
27. пт. * Дзясятка. "Косы точыць". "Жыта паспявае".
28. сб. Амос. "Прыйшоў Амос - цягне ўгору авёс".
29. н. Ціхан. "Пеўчыя птушкі заціхаюць". Пятрок. "Да Пятра зязюльцы кукаваці". "Прыйшоў Пятрок - апаў лісток, прыйдзе Ілля - ападуць і два".
Ліпень
6. н. Купалле. Свята Сонца і кахання. "Дзень адбаўленне, ночы прыбаўленне".
7. п. Іван Купала. "Учора была Купала, а сёння Іван".
8. а. Данат. "Святы Данат коскі точыць".
10. ч. Самсон. "На Самсона дождж - сем тыдняў то ж". Сем братоў. "Сем братоў варожаць, колькі тыдняў пагоды".
12. сб. Пятро. Свята заканчэння Купалля.
13. н. Паўпятро. Дзень талакі. Сымон і Юда. "На Сымона й Юды конь баіцца груды".
14. п. Кузьма і Дзям'ян. Свята кавалёў. "Святы Пятро жыта спеліць, св. Кузьма сярпы робіць, а св. Дзям'ян сена грабе".
17. ч. Андрэй. "Авёс у світцы, а на грэчцы і кашулі няма". "Андрэй усіх мудрэй".
18. пт. Свята Месяца. " Месяц гуляе".
21. п. Казанская, Градавы дзень. Засцераганне ад нябесных стыхій, ад хвароб вачэй і галавы. Пракоп. "Пракоп бок прыпёк".
25. пт. Якуб . "На Якуба хлеба поўна губа". Прокл. Засцерагаліся вялікіх рос.
26. с. Ганна. Снапы кладзе. Гаўрылей. Засцеражэнне ад граду.
29. а. Афінаген. Заціхаюць птушкі.
31. ч. Серпавіца, Шыпілінка (пятніца перад Іллёю). Дзень "зазубрывання" сярпоў перад жнівом.
Жнівень
1. пт. Макрыны. "Глядзі восень па Макрыні".
2. сб. Ілля. Свята дажджоў і навальніц. "Ілля нарабіў гнілля". "Укінуў у ваду кусок ільду".
4. п. Мар'я. "Магдалена - вады па калена".
6. с. Барыс Палікоп. "Барыс і Глеб - паспеў хлеб".
7. ч. Ганны. "Святы Ганны бабкі стаўляюць".
9. сб. Палікоп. Паліць копы. Панцеляймон. Сцаляў ад хвароб галавы.
10. н. Лаўрын. "На Лаўрына спяшай да млына".
12. а. Сіла. Жыта сей.
14. ч. Макавей, Першы Спас. Свята маку і мёду. Спасаўка. Пост да 27 жніўня.
15. п. Прачыстая, Зельная. "Прыйшла Прачыста - стала поле чыста". Базыль. "Базыль авечкам воўну дае".
16. сб. Антоны Віхравеі. Рох. "Кірмаш на паненак" - дзень выглядання нявест.
17. н. Еўдакія. Агуркі збірае.
19. а. Яблычны Спас. Свята садавіны.
23. сб. Лаўрэн - свята млынара. "Баўтрамей і Лаўрын паказваюць, якая прыйдзе восень".
24. н. Баўтрамей. "Св. Баўтрамей высылае буслоў па дзяцей". "Прыйшоў Баўтрамей - жыта на зіму сей".
27. с. Міхей. Выспяваюць брусніцы.
28. ч. Прачыстая, Зельная. Свята ўраджаю.
29. пт. Трэці Спас. Свята хлеба. Ян. "Ян на лета прыйшоў, а ўжо восень знайшоў".
30. сб. Міроны Ветрагоны. "Пыл па дарозе гоняць, па прыгожым леце стогнуць".
31. н. Флор і Лаўр. Свята коней. Арабінавыя дзень і ноч. Сухая навальніца, або дождж.
Верасень
5. п. Лупа. "Сей на Лупа - будзе жыта купа".
7. сб. Баўтрамей. "Жыта на зіму сей".
8. п. Багач. Другая Прачыстая. "Меншая Прачыста - канчай сеяць начыста".
10. с. Мацей. Абаронца ад п'янства.
11. ч. Калінавік, Іван Крываўнік. "Да Яна прасіце, дзеткі, дажджу, а па Яне я й сам упрашу".
13. сб. Кіпрыян. Журавель збіраецца ў вырай.
14. н. Узвіжанне. Закрыванне зямлі. Сымон. Абрад "жаніцьбы коміна". (Асенняе Навалецце/Навагоддзе з 1493 г.). Бабіна лета.
19. пт. Цуды, Міхал. "Міхал з поля спіхаў".
21. н. Багач. Нараджэнне Божае Маці. Свята заканчэння ўборкі зерневых. Засідкі.
22. п. Асенняе раўнадзенства ў 13.31г.
24. с. Тадора. "На Тадору ўсякае лета заканчваецца".
26. пт. Стаўроўскія Дзяды.
27. сб. Звіжанне. Свята закрывання зямлі на зіму. Гадзюкі - у кучу.
29. п. Міхал. "Калі на Міхала з поўначы вецер вее, то не май на надвор'е надзеі". Сіцыян. "Святы Сацыян ды ляны пасцілаў".
Кастрычнік
2. ч. Зосім. Журавіны на Зосіма ўздымаюцца - мароз на Пакровы ўдарыць.
3. пт. Астап, Астаф'я. Прыкметы па ветру.
4. сб. Пранцішак, Францішак. "На Пранцішка зярнят шукае ў полі мышка".
8. с. Сяргей. "З Сяргея пачынаецца зіма". Жалезны тыдзень. Чысцілі жалезныя рэчы.
9. ч. Іван Шаптун, Іван Кураед, Багаслоў. Шапталіся свахі пра нявест. "Іван Багаслоў дружкі разаслаў, а на Пакрова дзеўка гатова".
14. а. Пакровы, Трэцяя Прачыстая. Вясельная пара. "Свята Пакрова, пакрый зямельку лісточкам, а галоўку - вяночкам". "Пакровы - зарыкалі каровы". Дзявоцкае лета (па 21.10). Прымалі "ў дзеўкі" сябровак.
21. а. Трыфан, Палагея. "Золкім ветрам вее". Зміцер. "Да Змітра баба хітра".
25. сб. Марцін - свята млынароў. Частаваліся гусяцінай на млынавым крузе. "Марцін святы - любіцель гагаты".
28. а. Сымон і Юда. "Сымон з Юдаю працу ў полі канчаюць, хаты аглядаюць". Параскева Пятніцкая. Забарона на прадзенне.
29. с. Лонгін. Збавіцель ад хвароб вачэй.
30. чт. Паклоны. Дзень адбівання паклонаў.
31. пт. Лука. "Хто сее да Лукі, не будзе мець ні хлеба, ні мукі". Дзень іканапісцаў. Юльян - ахоўнік дзяцей.
Лістапад
1. сб. Усе святыя.
2. н. Задушны дзень. Дзяды. Памінальны дзень.
4. а. Казанская. "Да Казанскай - не зіма, а пасля - не восень; зранку дождж, з вечара - снег. Выязджай на Казанскую на калёсах, а палазы з сабой прыхапі".
7. пт. Асяніны, Змітраўскія Дзяды. "Святыя дзяды, завём вас...".
8. сб. Зміцер. "Да Змітра дзеўка хітра". Канец надзеі выйсці замуж у гэтым годзе.
9. н. Тодар. "На Тадора поўна камора".
10. п. Параскі. Апякунка жанчын і рукадзелля.
11. а. Настуся. Настуся стрыжэ авечкі. Марцін. "Мядзведзь кладзецца ў бярлогу".
12. с. Артошка. Пачатак прадзення.
14. пт. Кузьма-Дзям'ян. Апякун земляробства, кавалёў і вяселля.
21. пт. Міхайлаў дзень. Абаронца ад грому. Мядзведзі ідуць у спячку.
22. сб. Матрона. "З Матроны становіцца зіма".
24. п. Хвёдар Студзянец. "Хвёдаравы вятры галоднымі ваўкамі скуголяць".
25. а. Кацярыны. "Кацярына забрала лета". Іван Міласцівы. Дзень падарункаў.
27. ч. Юстыніян. Апякун плоднасці і дзяцінства. Піліп. Пярэдадзень Піліпаўскага посту (да 7 студзеня).
28. пт. Піліпаўка - перадкалядны пост (да 06.01).
29. сб. Адвэнт. Перадкалядны пост. Мацей. "На Мацея зіма пацее".
30. н. Андрэйкі. Дзявочае свята.
Снежань
4. ч. Барбара. "Барбара ноч урвала, а дзень надтачыла". Увядзенне. Водзяцца ваўкі.
5. п. Пракоп. Савы. "Барбара мосціць, Сава цвікі войстрыць, а Мікола прыбівае".
6. сб. Мікола. " Хвалі зіму па Міколе". Матрыхваны. Не пралі.
7. н. Кацярыны. "Забрала край лета".
9. а. Юр'е Зімовы. Юра мосціць. Ганны. "Ад Ганны да Каляд два тыдні і два дні".
13. сб. Андросы, Андрэйкі. Варажылі.
14. н. Навум. "Наставіць на вум". Пачыналі вучыць дзяцей грамаце.
17. с. Варвары. "Мікола і Варвара ноч урвалі".
18. ч. Савы, Міколін бацька. "Сава мосце, а Мікола гвоздзе".
19. пт. Мікола Зімовы. "Без Міколы не бывае ні зіма, ні лета". "Мікола марозам гвоздзіць".
21. н. Зімовае сонцастаянне ў 10.02 г.
22. п. Ганны. " Ганны - прыбавіцца багата дня". "Ганкі - палічаны дзянькі".
24. с. Посная куцця. Пачатак Каляд (да 6 студз.).
25. ч. Божае Нараджэнне. Было Новым годам. "Свята Ражаство упярод пашло, новы гадок павёў радок". Спірыдон Сонцаварот.
26. пт. Сцяпан. Дзень найму парабкоў у мінулым. "Кожны сабе пан".
31. с. Багатая куцця. Шчадрэц. Сільвестр. Варажылі дзяўчаты. Марк. "Марка да Варка - няхай будзе парка".
Што такое душпастырскае наведванне сем'яў, або "каляда"? Тлумачыць святар
У снежні святары распачалі душпастырскае наведванне сваіх парафіянаў па месцах іх жыхарства.
Такое наведванне яшчэ называюць "калядою", паколькі яно нагадвае даўнейшае калядаванне, калі ў перыяд Божага Нараджэння дамы вернікаў наведвалі групы людзей з малітваю і спевамі.
Навошта душпастырскае наведванне?
У Кодэксе кананічнага права змешчана такая норма: "Для таго, каб старанна выконваць абавязак пастыра, пробашч павінен імкнуцца пазнаёміцца з вернікамі, даручанымі яго апецы; таму ён павінен наведваць сем'і, удзельнічаць у клопатах вернікаў, асабліва ў іх смутках і турботах, умацоўваць іх у Пану, а таксама, калі яны маюць недахопы, разважліва іх папраўляць" (ККП 529 § 1).
Хоць месцаў выканання душпастырскай паслугі святарамі шмат, напрыклад, касцёл, шпіталь, могілкі, асаблівым месцам сустрэчы з'яўляюцца дамы вернікаў.
Гэтая сустрэча, якая адбываецца раз на год, мае вельмі асабісты характар, паколькі святар выступае тут не толькі як служыцель сакрамэнтаў або службовая асоба, якая адказвае за касцёльнае кіраванне, але перш за ўсё ён сустракаецца з вернікамі як іх уласны пастыр.
У нефармальнай атмасферы дома можна, напрыклад, задаць далікатныя пытанні, якія хвалююць верніка. Для святара гэта добрая магчымасць глыбей пазнаёміцца з парафіянамі і даведацца, чым яны жывуць. "Каляда" спрыяе таму, каб вернікі не былі ананімным натоўпам, які ходзіць у касцёл. Пробашчы парафій наведваюць дамы вернікаў асабіста, часам карыстаючыся пры гэтым дапамогай іншых святароў.
Калі адбываецца "каляда"?
Практыка душпастырскіх візітаў вядомая з Сярэднявечча, хоць з цягам часу змяняліся яе формы і акцэнты. На нашых тэрыторыях звычайна душпастырскія наведванні распачынаюцца ў перыяд Божага Нараджэння. У розных парафіях могуць быць вызначаны розныя тэрміны і выкарыстоўвацца розныя метады арганізацыі візітаў духавенства. Таму важна ўважліва слухаць парафіяльныя аб'явы, якія прысвечаны такім наведванням.
У выпадку сумневу, асабліва калі людзі змянілі месца жыхарства і пераехалі жыць на тэрыторыю іншай парафіі, неабходна спытаць у святара, як у гэтай парафіі выглядаюць душпастырскія наведванні.
Што неабходна падрыхтаваць?
Перад прыходам святара ў адным з памяшканняў дома неабходна падрыхтаваць стол, накрыты белым абрусам, крыж і дзве або адну запаленую свечку, посуд з асвячонай вадой. Калі ёсць такая магчымасць, то можна падрыхтаваць крапіла, якім святар акропіць дом і яго жыхароў. Калі асвячонай вады няма, можна падрыхтаваць посуд са звычайнай вадой і папрасіць святара аб яе дабраслаўленні.
Тэлевізар і іншыя электронныя прылады павінны быць выключаны.
Вельмі пажадана, каб у момант прыходу святара дома былі ўсе члены сям'і.
Асобы, якія не хочуць маліцца або няверуючыя, могуць проста прысутнічаць падчас душпастырскага візіту.
Як праходзіць "каляда"?
У кватэры ці доме святар і ўсе дамачадцы разам моляцца, просячы Божага дабраслаўлення. Напрыканцы святар дабраслаўляе жыхароў дома ці кватэры і акрапляе асвячонай вадой іх саміх, а таксама іх жыллё.
Можна папрасіць аб дабраслаўленні рэлігійных рэчаў (абразоў, крыжоў, малітоўнікаў і інш.), калі яны не былі дабрасалаўлёныя раней. Пасля малітвы прадугледжаны час для душпастырскай размовы.
З нагоды душпастырскага візіту прынята перадаваць святару дабравольныя ахвяраванні ў адвольным памеры на патрэбы Касцёла.
Кс. Кірыл Бардонаў, Catholic.by. Ілюстрацыйнае фота: Bozena Sztajner, Віталія Палінеўскага, кс. Кірыла Бардонава,Beata Malec-Suwara.
БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Станіслаў Суднік
(Працяг. Пачатак у папярэдних нумарах.)
Беларусы заўсёды шчыльна займаліся сельскай гаспадаркай і заўсёды мелі прылады працы для сельскагаспадарчых работ. Мелі і свае назвы, старажытныя і агульныя для ўсяго славянства, а таксама і ўнікальныя.
Вілы. Сaxop. Кураножка.
На Гарадзеншчыне мала вядома слова "сахор". На Меншчыне амаль не ўжываецца слова "вілы". Па сутнасці сваёй сёння гэтымі словамі называюць адзін і той жа прадмет з трох ці чатырох злучаных паміж сабою жалезных зубоў 30-40 см, насаджаных на драўлянае дзяржанне. Але раней паміж гэтымі рэчамі была вялікая розніца. Вілы былі звычайна драўляныя і скарыстоўваліся для працы з сенам. Сахор - амаль тыя ж вілы, але канцы зубоў былі акутыя. Гэтае акуцце і дало назву. Спачатку ў гаспадарцы акоўвалі толькі саху.
Пазней, калі пачалі акоўваць вілы, то іх аналагічна ад сахі і назвалі "сахор".
З часам сахары сталі жалезнымі. Яны пачалі вырабляцца розных тыпаў і рознага прызначэння: для накідвання на воз сена ці гною, для капання глебы.
Праца з сахаром была не надта прэстыжнай, таму калі каго выганялі з больш прэстыжнай працы, то людзі казалі: "Пойдзе з сахаром". Яшчэ менш прэстыжнай была праца, пра якую казалі: "Пойдзе з пугай".
Тут малюнкі сахароў узяты з польскага рэкламнага праспекта 1933 года, які быў актуальны і для Заходняй Беларусі. У ім сахор называецца відлы, што азначае тыя ж вілы. Гэтыя відлы далі нам слова відэлец. У расейскай мове засталася вілка. Слова вілка прыймальнае і для беларускай мовы. А чаму не? Калі ў нас ёсць слова вілы, то чаму не можа быць вілкі? Проста ў нас трохі іншыя вобласці прымянення. Мы ў электраразетку ўстаўляем тую ж электравілку. Пярэдняе кола ровара мацуецца ў вілцы.
А што з развілкай? Ці па беларуску гэта? А чаму не? Што праўда, у старыну развілку дарог у нас называлі кураножкай, цяпер часта называюць раздарожжам.
Пушкін у свой час не разабраўся з беларускай кураножкай і запусціў у абіход хатку на курыных ножках, а гэта ўсяго - хатка на развілцы або на раздарожжы. А казала ж яму няня Арына Радзівонаўна: "Вучы, Саша, беларускую мову, менш ляпаў будзе".
(Працяг у наступным нумары.)
Конкурс "Голас стагоддзя"
У рамках святкавання 32-га Дня беларускага пісьменства ў г. Лідзе ў 2025 г. Лідскі замак праводзіць паэтычны конкурс "Голас стагоддзя". Конкурс праводзіцца з 1 студзеня па 1 жніўня 2025 г. Пазнаёміцца з Палажэннем аб правядзенні конкурсу вершаў уласнага сачынення пра Лідскі замак "Голас стагоддзя" можна на афіцыйным сайце ДУ "Лідскі гісторыка-мастацкі музей" www.lixmuseum.by
Па пытаннях арганізацыі і правядзення конкурсу звяртацца па тэлефоне: +375 154 54 22 60
або на электронную пошту: lz@lixmuseum.by.
ПАЛАЖЭННЕ АБ ПРАВЯДЗЕННІ КОНКУРСУ ВЕРШАЎ УЛАСНАГА САЧЫНЕННЯ ПРА ЛІДСКІ ЗАМАК "ГОЛАС СТАГОДДЗЯ"
1. Агульныя палажэнні
1.1. Паэтычны конкурс праводзіцца ў рамках святкавання 32-га Дня беларускага пісьменства ў г. Лідзе ў 2025 г.
1.2. Арганізатарам конкурсу з'яўляецца Лідскі замак, аддзел ДУ "Лідскі гісторыка-мастацкі музей".
1.3. Дадзенае Палажэнне вызначае мэты, задачы і парадак правядзення конкурсу вершаў уласнага сачынення пра Лідскі замак "Голас стагоддзя".
2. Мэты і задачы конкурсу
2.1. Прыцягненне ўвагі да гісторыі Лідскага замка праз літаратурную творчасць.
2.2. Актывізацыя творчага мыслення насельніцтва, стварэнне ўмоў для выяўлення і самарэалізацыі адораных паэтаў, раскрыцця творчага патэнцыялу.
2.3. Папаўненне паэтычнага матэрыялу пра Лідскі замак.
3. Удзельнікі конкурсу
3.1. Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца жыхары Рэспублікі Беларусь.
3.2. У мэтах стварэння роўных умоў для ўсіх удзельнікаў, конкурс праводзіцца ў некалькіх узроставых групах:
- малодшая ўзроставая група (ад 14 да 25 гадоў);
- сярэдняя ўзроставая група (ад 25 да 50 гадоў);
- старэйшая ўзроставая група (ад 50 гадоў).
3.3. У кожнай узроставай групе будзе вызначаны пераможца.
4. Тэрмін і парадак удзелу
4.1. Конкурс праводзіцца з 1 студзеня па 1 жніўня 2025 г.
4.2. Удзельнік можа прадставіць на конкурс адзін верш.
4.3. Для ўдзелу ў конкурсе неабходна да 1 жніўня 2025 г. даслаць на адрас lz@lixmuseum.by або: 231281, вул. Замкавая 1, г. Ліда, Гродзенская вобласць, Рэспубліка Беларусь наступныя дакументы:
- заяўка* на ўдзел у конкурсе (гл. дадатак 1);
* Заяўка на ўдзел у конкурсе разглядаецца як прыняцце аўтарам усіх умоў гэтага Палажэння і згода на далейшую магчымую публікацыю конкурсных твораў на афіцыйным сайце ДУ "Лідскі гісторыка-мастацкі музей" і сацсетках на безганарарнай аснове. Пры гэтым за канкурсантам захоўваюцца выключныя аўтарскія правы на апублікаваны твор.
5. Патрабаванні да прадстаўленых матэрыялаў
5.1. Да ўдзелу прымаюцца творы толькі ўласнага сачынення.
5.2. Верш павінен быць напісаны на беларускай мове.
5.3. Верш можа быць прадстаўлены ў розных варыянтах (напісаны ад рукі, у друкаваным ці электронным выглядзе).
5.4 Прадстаўленыя на конкурс матэрыялы не рэцэнзуюцца і не вяртаюцца.
5.5 Не прымаюцца на разгляд заяўкі:
- якія не адпавядаюць тэме конкурсу;
- якія паступілі пасля названага тэрміну;
- раней апублікаваныя вершы;
- не дапускаюцца творы, якія змяшчаюць ненарматыўную лексіку альбо маюць недапушчальна абразлівы характар і прыніжаюць чалавечую годнасць, творы, змест якіх забаронены дзеючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
6. Падвядзенне вынікаў конкурсу
6.1. Конкурсны адбор работ удзельнікаў ажыццяўляецца на аснове экспертных ацэнак, якія выстаўляюцца членамі журы;
6.2. Работы ўдзельнікаў конкурсу ацэньваюцца журы па наступных крытэрыях:
- адпаведнасць тэматыцы конкурсу;
- сэнсавая і кампазіцыйная цэласнасць верша;
- стылістычная і моўная пісьменнасць;
- рытмічная складнасць верша (памер, рытм, рыфма, мілагучнасць);
6.3. Пераможцы ацэньваюцца па максімальнай колькасці балаў;
6.4. Пераможцы ўзнагароджваюцца дыпломамі і прызамі.
ЧЛЕНЫ ЖУРЫ:
Старшыня журы: Ліпніцкая Т. Л., старшы навуковы супрацоўнік ДУ "Лідскі гісторыка-мастацкі музей".
Члены аргкамітэта:
Некрашэвіч Г. Т., загадчык аддзела Лідскі замак ДУ "Лідскі гісторыка-мастацкі музей";
Драздова С. С., навуковы супрацоўнік ДУ "Лідскі гісторыка-мастацкі музей";
Хітрун А. Ч., навуковы супрацоўнік ДУ "Лідскі гісторыка-мастацкі музей".
КАНТАКТНАЯ ІНФАРМАЦЫЯ
Па пытаннях арганізацыі і правядзення конкурсу звяртацца па тэлефоне:
54-22-60 або на электронную пошту: lz@lixmuseum.by
ДАДАТАК 1
Заяўка на ўдзел у конкурсе вершаў уласнага сачынення пра Лідскі замак "Голас стагоддзя".
Прозвішча, імя, імя па бацьку.
Узрост удзельніка конкурсу.
Адрас.
Назва работы (верша).
Верш.
Кантактны тэлефон, E-mail.
Выйшла папяровая версія кнігі Леаніда Лаўрэша "Лябёдка Іваноўскіх"
У выдавецтве Ridero выйшла папяровая версія кнігі Леаніда Лаўрэша "Лябёдка Іваноўскіх".
Гэта аповесць пра маёнтак Лябёдка Іваноўскіх, месца, дзе ў адной сям'і выраслі і сфармаваліся выдатныя дзеячы трох суседніх народаў: беларускага, польскага і летувіскага. Беларуса Вацлава Іваноўскага, які быў цэнтральнай фігурай у справе адраджэння нашай радзімы, выгадавала Лідская зямля і яго родная Лябёдка.
Аповесць грунтуецца на мемуарах Тадаса Іванаўскаса і яго сына Ежы Іваноўскага, Ганны Карнецкай з Іваноўскіх (дачкі Вацлава Іваноўскага) і Казіміра Іваноўскага (сына малодшага брата Станіслава Іваноўскага).
Кніга выдадзена абмежаваным накладам. Яна паступіць ва ўсе асноўныя бібліятэкі Беларусі ў адпаведнасці з афіцыйным лістом рассылкі. У Лідзе кнігу можна будзе знайсці ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы, у Лідскім гістарычна-мастацкім музеі, у Доме Таўлая. Па-за лістом рассылкі кніга будзе адпраўлена ў Шчучынскую раённую бібліятэку.
Электронная версія кнігі ўжо ёсць у Інтэрнэце.
Яраслаў Грынкевіч.
Першы пераклад "Слуцкіх ткачых" на польскую мову
З літаратурнай спадчыны
Падчас паездкі ў 1911 годзе ў Вільню Максім Багдановіч пазнаёміўся з рукапісамі старажытных беларускіх кніг. Яго зацікавіла гістарычнае мінулае беларускага народа, і пад уражаннем ад іх напісаў у 1912 годзе верш "Слуцкія ткачыхі" з цыклу "Старая Беларусь". Верш "Слуцкія ткачыхі" - адзін з лепшых твораў гэтага цыклу. У ім уваскрашаецца далёкае мінулае Беларусі, паказваецца паднявольная праца слуцкіх ткачых у час прыгону. А вобраз васілька набывае ў вершы абагульняльнае значэнне. Ён зліваецца з вобразам Радзімы, становіцца сімвалам народнага мастацтва. У вершы "Слуцкія ткачыхі" паэт раздумвае над лёсам беларускіх мастакоў і над сутнасцю мастацтва. Гэты верш вельмі прыгожы, у ім аўтар спрабуе расказаць пра тое, што сапраўднае мастацтва нельга стварыць пад прымусам. Паясы ператварыліся ў шэдэўры толькі тады, калі ткачыхі ўклалі ў іх сваю душу. Паэт хацеў перадаць наколькі цяжкі быў той час, калі людзі былі не вольныя рабіць тое, чаго хацелася ім. Час, калі людзі цалкам залежалі ад гаспадара, выконвалі толькі тое, што хацелася і падабалася яму:
Ад родных ніў, ад роднай хаты,
У панскі двор дзеля красы
Яны, бяздольныя, узяты
Ткаць залатыя паясы…
Так нам, школьнікам, распавядалі настаўнікі на ўроках роднай літаратуры пра цудоўны верш Максіма Багдановіча "Слуцкія паясы". І ўсе школьнікі вучылі яго на памяць. І сёння мы гэты хрэстаматыйны верш можам расказаць з любой вялікай ці маленькай сцэны.
Яшчэ пры жыцці Максіма Багдановіча яго верш "Слуцкія паясы" быў перакладзены на польскую мову і апублікаваны ў часопісе "Wies Ilustrowana" (1913, № 9. С. 31). Верш на польскую мову пераклаў літаратар, паэт, педагог і перакладчык Юзаф Вяжынскі (1871-1941). Часопіс "Wies Ilustrowana" апублікаваў "Слуцкія паясы" па-беларуску і па-польску. Цікава, а ці ведаў пра гэта сам Максім Багдановіч?
Пры жыцці беларускі літаратуразнавец і мой зямляк Янка Саламевіч (1938-2012) вельмі зацікавіўся асобай Юзафа Вяжынскага. Ён шукаў пра яго звесткі, але да канца сваю справу не давёў. Я дапамагаў яму ў пошуках матэрыялаў пра першага перакладчыка "Слуцкіх паясоў". За той час пошукаў нам удалося даведацца пра тое, што Юзаф Вяжынскі шчыра сябраваў з мастаком Фердынандам Рушчыцам (1870-1936).
Юзаф Вяжынскі і Фердынанд Рушчыц разам вучыліся ў 1883-1890 гадах у Менскай дзяржаўнай класічнай гімназіі. Вось як згадвае Юзаф Вяжынскі пра таго ж Рушчыца: "Фэрдзя быў першым вучнем на працягу ўсёй вучобы ў гімназіі, яго імя штогод змяшчалася на залатой табліцы. Для яго не было цяжэйшых і лягчэйшых прадметаў як па лаціне ці грэцкай, так і па рускай мовах і матэматыцы ён атрымліваў самыя высокія адзнакі. Быў не толькі здольны ў навуках, але і ўпарты ў працы". На працягу ўсёй вучобы Фэрдынанд наведваў урокі малюнка. У Вільні яны пэўны час жылі ў адным доме. А ў пачатку 1930-х гадоў ездзілі разам на Крэўскі замак. Вяжынскі нават напісаў артыкул пра свайго сябра і мастака Рушчыца "Dziecistwo i mlodosc Ferdynanda Ruszczyca" (Ferdynand Ruszcyc - zycie i dzielo Wilno, 1939. S. 23).
Да 1919 года Вяжынскі быў сябрам камітэта, які аднаўляў Віленскі ўніверсітэт, нават пэўны час быў там выкладчыкам, а таксама прысяжным перакладчыкам акруговага суда ў Вільні. Ён часта чытаў лекцыі пра творчасць свайго сябра-мастака.
Пражыў Юзаф Вяжынскі 66 гадоў. Памёр у Вільні, дзе і пахаваны на Бернардзінскіх могілках.
Прапаную верш класіка беларускай літаратуры на польскай мове ў перакладзе Юзафа Вяжынскага і па-беларуску.
Сяргей ЧЫГРЫН.
Слуцкія ткачыхі
Ад родных нiў, ад роднай хаты,
У панскi двор дзеля красы
Яны, бяздольныя, узяты
Ткаць залатыя паясы.
I цягам доўгiя часiны,
Дзявочыя забыўшы сны,
Свае шырокiя тканiны
На лад пярсiдскi ткуць яны.
А за сцяной смяецца поле,
Зiяе неба з-за акна,--
I думкi мкнуцца мiмаволi
Туды, дзе расцвiла вясна;
Дзе блiшча збожжа ў яснай далi,
Сiнеюць мiла васiлькi,
Халодным срэбрам ззяюць хвалi
Мiж гор лiючайся ракi;
Цямнее край зубчаты бора...
I тчэ, забыўшыся, рука
Замiж пярсiдскага узора
Цвяток радзiмы васiлька.
Перакладчык роздумаў рымскага імператара
Да 120-годдзя беларускага празаіка, перакладчыка, мемуарыста, рэлігійнага дзеяча і выдаўца Яна Пятроўскага (1905-2001)
Вядомаму беларускаму эміграцыйнаму празаіку, перакладчыку, мемуарысту і выдаўцу Яну Пятроўскаму 7 студзеня споўнілася 120 гадоў з дня нараджэння. Розныя крыніцы дзень нараджэнне Яна Пятроўскага падаюць па-рознаму. Але ў метрычнай кнізе Слуцкага сабора за 1905 год, копію якой усё жыццё захоўваў у асабістым архіве Ян Пятроўскі, у першай частцы адносна народжаных пад № 17 мужчынскага полу, ёсць наступны запіс: "Студзеня 7 дня 1905 года ў мешчаніна места Слуцка Дзям'яна - сына Адама Пятроўскага і ягонае праўнае жонкі Юстыны - дачкі Андрэя, абодвух праваслаўнага веравызнання, нарадзіўся і 7 студзеня 1905 года ахрышчаны сын Ян. Хрышчонымі бацькамі былі мяшчане места Слуцка: Ян - сын Сымон Гурскі і панна Галена - дачка Мікалая Андрусевіча".
Бацька рана памёр, таму гаспадыняй у доме была маці, дапамагаў ёй старэйшы брат Апанас. Акрамя яго ў сям'і Пятроўскіх было яшчэ сямёра дзяцей.
Вучобу Ян Пятроўскі пачаў у хатняй настаўніцы. Пасля вучыўся ў школе Свята-Троіцкага манастыра, а потым - у прыходскай школе. У 1919 годзе сям'я Пятроўскіх пераехала ў Вільню. Там Ян закончыў гімназію і адбыў службу ў польскім войску. Атрымліваў веды ён яшчэ на адукацыйных падрыхтоўчых курсах, пасля ў школе падхарунжых. Была ў яго яшчэ адна найважнейшая школа - гэта школа роднай мовы.
У 1931 годзе Ян Пятроўскі пераехаў з Вільні ў Варшаву і паступіў вучыцца ў пратэстанцкую Біблейскую школу ў Клярысаве. Пасля яе заканчэння працаваў год у Варшаве, а пасля пераехаў у Дзярэчын на Зэльвеншчыну.
Ян Пятроўскі шчыра сябраваў з беларускім паэтам, музыкантам, мастаком і калекцыянерам са Слоніма Гальяшом Леўчыкам (Ільёй Міхайлавічам Ляўковічам, 1980-1944). Даследуючы творчасць свайго земляка Гальяша Леўчыка, я аднойчы напісаў пісьмо Яну Пятроўскаму у ЗША, каб ён прыслаў успаміны пра вядомага слонімца. Спадар Пятроўскі вельмі ўзрадаваўся майму пісьму са Слоніма. Менавіта Гальяш Леўчык і стаў прычынаю нашага шматгадовага сяброўства.
Ян Дзям'янавіч прыслаў мне шмат цікавых, раней невядомых звестак пра майго земляка. У адным з іх ад 15 кастрычніка 1993 года ён піша:
" У часе мае першае сустрэчы з Гальяшом Леўчыкам, ён пяяў мне пад гітару жартаўлівую песеньку, з якое засталася ў памяці маёй адна страфа, у якой Язэпка расказвае пра сябе:
Як падрос я крышку,
Ў школу стаў хадзіць,
І настаўнік ў школе часта мне казаў:
У цябе, Язэпка, разумна галава,
Толькі ў Язэпкі розуму няма…".
Цікавыя ўспаміны пра Гальяша Леўчыка пакінуў Ян Пятроўскі ў першым томе сваіх трохтомных "Мэмуараў" (Гэйнсвіл, ЗША, 1988-1996 гг.). Ёсць там і каштоўныя ўспаміны пра "Дзярэчын - малы Вярсаль". Наогул, "Мэмуары" Яна Пятроўскага ахопліваюць усё ХХ стагоддзе, дзе аўтар апісвае і ўспамінае даваенныя Слуцк, Вільню, Варшаву, распавядае пра Антона Луцкевіча, пра беларускае жыццё на эміграцыі, пра гісторыю касцёла метадыстаў, а таксама пра Беларускі Харытатыўна-адукацыйны фонд, які стварылі Ян і Аліцыя Пятроўскія. Гэты фонд шмат зрабіў для развіцця беларускай культуры ў свеце.
Да пачатку Другой сусветнай вайны Ян Пятроўскі быў абраны сакратаром Гадавой канферэнцыі на XVI Місійнай канферэнцыі Паўднёвай епіскапальнай метадыстычнай царквы ў Польшчы. А ў 1939 годзе ў Капенгагене ён прымаў удзел у пасяджэнні з нагоды аб'яднання метадысцкай царквы…
У 1953 годзе Пятроўскія эмігрыруюць у ЗША, дзе і пачынаецца іх шырокая, плённая творчая і выдавецкая справа. Ян Пятроўскі ўпершыню ў сусветнай беларустыцы перакладае і выдае на беларускай мове дыялогі грэчаскага філосафа Платона. У шасці асобных кнігах выйшлі з друку дыялогі "Абарона Сакратаса", "Крытон", "Файтон", "Сімпазіён", "Іён", "Горгіяс", "Протагорас", "Гіппіяс вялікшы", "Парменідас" і "Політэя". Па-беларуску выходзяць і філасофскія роздумы рымскага імператара Марка Аўрэліюса.
У 1987 годзе асобным выданнем выйшла з друку даследчая праца Яна Пятроўскага "Старажытная грэцкая клясыка". А праз два гады - праца нямецкага філосафа Карла Вільгельма фон Гумбольдта "Унутраная форма мовы", якую пераклаў на беларускую мову Ян Пятроўскі.
Не кожная дзяржава можа пахваліцца выданнем, якое маюць сёння беларусы - двухтомны "Грэцка-беларускі слоўнік" Яна Пятроўскага.
Сабраў наш суайчыннік і выдаў у ЗША трохтомнік "Лепшых думак чалавека", а таксама іншыя літаратурна-перакладчыцкія працы.
А яшчэ Ян Пятроўскі з 1962 да 1966 года выдаваў рэлігійна-метадыстычны часопіс "Сьветач Хрыстовае навукі", выйшла ўсяго 24 нумары. А яго Харытатыўна-адукацыйны фонд меў яшчэ свой бюлетэнь "Анаграмы", дзе інфармавалася пра дзейнасць і сутнасць фонду, пра яго мэты, задачы і пра тое, што рабілася супрацоўнікамі фонду.
Вось такім быў і застаўся ў гісторыі беларускай культуры і літаратуры беларус Ян Пятроўскі з Флорыды. Ён добра ведаў старажытную грэчаскую, польскую, англійскую, нямецкую, рускую, украінскую, чэшскую, лацінскую і вядома ж сваю родную беларускую мовы. Перакладчык усё жыццё пісаў і выдаваў па-беларуску кнігі, ён моцна любіў антычную філасофію і сваю Бацькаўшчыну.
Сяргей ЧЫГРЫН.
Успаміны пра семдзесят гадоў (1855-1925)*
Кніга другая. Грамадскае і палітычнае жыццё
Гіпаліт Корвін-Мілеўскі
(Скарочаны пераклад)
(Заканчэнне. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
[…]
Недзе ў сярэдзіне кастрычніка адбылося ўрачыстае адкрыццё ўніверсітэта. Насамрэч гэта было даволі жаласнае мерапрыемства. Усё абмежавалася набажэнствам і сходам у малой зале старога ўніверсітэта, а ўвечары - банкетам у былым генерал-губернатарскім палацы. На абодвух мерапрыемствах выступіў "камендант", які тады яшчэ не насіў ані "дэмакратычнага" тытулу Маршала Польшчы, ані французскай стужкі Ганаровага легіёна і апрануты быў у свой звычайны, шэры, цесны і кароткі мундзір, чымсьці падобны на шэры сурдут Напалеона. Зала была ў захапленні ад яго выступу, і ў маёй памяці засталося толькі, што з гэтага часу мы павінны былі кіравацца зусім новымі правіламі і забыць правіла, якое нам да гэтага часу ўбівалі ў галаву: "Не выходзь пад сонца з матыкай".
Вячэрні раўт, на якім мяне ашчаслівілі прадстаўленнем самому, стаўся няўдалым, бо некалькі сотняў прысутных дам і немаладых мужчын, былі вымушаны з-за недахопу крэслаў некалькі гадзін стаяць. Справа ў тым, што ў 1914 г. рускія перарабілі губернатарскі палац у вайсковы шпіталь. Пасля эвакуацыі горада ў 1915 г. параненых пакінулі пад наглядам сясцёр міласэрнасці, якія не пакінулі параненых. Тады іхняя кіраўніца Яўдакімава атрымала права каменданта будынка. Таму цалкам законна, не маючы грошай, каб утрымліваць параненых, Яўдакімава пачала прадаваць спачатку шыкоўную антыкварную мэблю, у асноўным часоў Аляксандра І, а потым і ўсю іншую, ужываную. Лепшую мэблю купілі немцы і адправілі яе ў Фатэрланд ці купілі мясцовыя людзі з грашыма, у тым ліку і мой пляменнік Мяйштовіч з графам А. Тышкевічам. У гэтых апошніх, пан генеральны камісар усходніх зямель Асмалоўскі, проста як ваенную здабычу, праз паліцыю, адабраў купленую мэблю без аніякай кампенсацыі.
[…]
[Віленскія абшарнікі склалі мемарыял аб будучых межах Польшчы і дабіліся прыёму ў Пілсудскага. Яны лічылі, што ў межах Польшчы на ўсходзе, павінны быць наступныя беларускія паветы: Дрысненскі, Лепельскі, Полацкі, Віцебскі і Себежскі, уся Ковенская Летува і г.д.]
На сустрэчы з Пілсудскім мае калегі - паны Горват, Слабашэвіч і Сужынскі - прасілі мяне выступіць ад іх імя. Я палічыў за лепшае наўпрост папрасіць дазволу кіраўніка дзяржавы прачытаць яму наш мемарыял, але ён папрасіў выкласці вусна нашы погляды і пастулаты, што я і зрабіў. Ён мяне ўважліва, не перапыняючы, слухаў на працягу не менш за 30 хвілін, пры гэтым я заўважыў адну асаблівасць, якая на такога занадта адкрытага чалавека як я, пакінула не самае лепшае ўражанне, а менавіта тое, што ён сістэматычна пазбягаў позірку чалавека з якім размаўляў, як быццам не жадаў каб я прачытаў у яго вачах уражанне ад маёй прамовы.
[…]
Калі я закончыў, пачаў выступаць Пілсудскі, і паміж ім і маімі калегамі завязалася ажыўленая размова, у якой я, акрамя аднаго разу, удзелу не прымаў. Старанна пазбягаючы ўсяго, што магло б выглядаць як абяцанне або тлумачэнне сваіх рашэнняў, ён асабліва рэзка і выразна разважаў пра цяжкасці, якія ўзнікнуць пры выкананні нашай праграмы.
[…]
Цікавай была частка яго прамовы, якая, здаецца, адлюстроўвала думкі гэтага дзяржаўнага мужа. Пілсудскі цвёрда настойваў на тым, што простыя людзі на Крэсах насамрэч не з'яўляюцца палякамі, яны не могуць мець ніякага польскага патрыятызму і трэба было б растлумачыць, што Польшча прынясе гэтаму насельніцтву, каб яго схіліць на свой бок і здабыць яго добраахвотнае прызнанне. Паколькі ён націскаў на гэтую думку, я выступіў і сказаў прыкладна наступнае: што калі пан начальнік дзяржавы мае на ўвазе нейкія ідэалы, душэўныя парывы, гучныя патрыятычныя, рэлігійныя, палітычныя ці нават сацыяльныя лозунгі, якія Польшча прынясе гэтым супляменнікам, напрыклад беларусам, дык я ўпэўнены, што прыносіць ці даводзіць ім гэта няварта, бо я іх, прынамсі беларусаў, добра ведаю, усе гэтыя рэчы для іх абсалютна нецікавыя. Гэта вельмі практычныя людзі і дасканала ведаюць тое, што ім патрэбна і карысна. Яны яшчэ не культурныя, але ўжо глыбока адчуваюць патрэбу ў культуры і горача імкнуцца да яе. І тут Польшча можа даць ім бясцэннае дабро, якога яны не атрымалі ні ад царскай Расіі, ні ад нямецкіх акупантаў, ні тым больш ад бальшавікоў - гэта значыць добрую і практычную адміністрацыю.
[…]
Падчас гэтага выступу, зробленага не без красамоўства, я быў нарэшце ўсцешаны простым і зацікаўленым позіркам вялікага чалавека, скіраваным проста мне ў вочы і пры гэтым у яго ўласных вачах я ясна прачытаў: "Чаму гэты стары дзед дурыць мне галаву? Перш за ўсё я палітык. Палітыка грунтуецца на розных умелых манеўрах, адзін з якіх заключаецца ў тым, каб заваяваць адных, падмануць другіх, трэцім прадэманстраваць пазіцыю ўлады, і галоўнае - займець для сябе як мага большую і верную групу прыхільнікаў, падняцца ў славе і зрабіць "казачную кар'еру". А тут мне кажуць пра нейкія дарогі, школы, бальніцы, касы і іншыя рэчы ўзроўню гміны. Для гэтага ў мяне ёсць чыноўнікі, якія даюць сабе рады".
Калі мы вярталіся ад Пілсудскага, адзін з маіх спадарожнікаў - Сужыцкі - спытаў, пра маё ўражанне ад размовы і ад самога пана Пілсудскага. Я адказаў: што тычыцца размовы, дык я больш-менш здагадваюся, чаго баіцца начальнік дзяржавы ў пытанні нашых межаў, але не маю ніякага паняцця і не ведаю, ці ведае ён сам, што будзе рабіць. Што пра яго як чалавека, дык нічога я вам пра яго не скажу, бо такога непранікальнага рэдка сустракаў у сваім жыцці.
[…]
Пан Пілсудскі ў той час ужо давёў, што мае вельмі рэдкі сярод нас набор пераваг і недахопаў, якія ёсць у так званых народных правадыроў. Ён меў вялікае асабістае абаянне, гэты часты дар выбітных авантурыстаў, напрыклад Напалеона ІІІ, Цэзара Борджыа і іншых, нават і менш удалых. Дзякуючы гэтаму, яны прывязвалі да сябе ўсіх, хто меў з імі стасункі.
[…]
Раздзел XV. Вандроўка за мяжу і вяртанне ў Вільню. Праект аграрнай рэформы. Хмары з усходу. Лаздуны. Уцёкі коньмі ў Варшаву, з Варшаву ў Познань. Курнік. Артыкул "Вільня ці Вільнюс".
Хутка я выбраўся за мяжу звычайнай дарогай праз Чэхію, Вену і Швейцарыю. Вярнуўся праз Берлін.
[…]
У Варшаву прыехаў у самы канцы траўня 1919 г.
[…]
[З-за нестабільнасці фронту**] збіраўся ехаць на вёску толькі на якія 10 дзён. Адчуваючы небяспеку, забраў з сабой увесь гардэроб і нават два лепшыя футры. У Лаздуны выехаў у чацвер 8 ліпеня. На вакзале сустрэў ротмістра Аскерку, ад'ютанта генерала Шаптыцкага, кватэра штаба яго шэфа стаяла тады ў Ваўкавыску. Аскерка прыехаў сюды праз Ліду, ён запрасіў мяне у рэзервовую вайсковую частку да нейкага штабнога палкоўніка. З таго, што яны мне расказалі, даведаўся што фронт з бальшавікамі ў гэты дзень праходзіў праз станцыю Буслаў, сёмую ў паўночна-ўсходнім кірунку ад маёй. Гэта мяне трошкі супакоіла.
На вакзале ў Лідзе было яшчэ спакойна, тут я знайшоў сваіх коней і каля паўдня 9 ліпеня прыехаў у Лаздуны. Пляменніка (Аскара Мяйштовіча, акрамя свайго маёнтка ён павінен быў наглядаць і за Лаздунамі - Л. Л.) знайшоў тут. Даведаўся, што пасажырскія цягнікі паміж Лідай і Маладзечнам ужо не ходзяць. У Лаздунах мой эканом адразу паведаміў мне свае трывожныя назіранні. Хоць Лаздуны і ляжаць за 150 км ад згаданай вышэй станцыі Буслаў, але чыгунка увесь час ідзе між лясоў роўная як струна і стрэлы гарматаў раней былі выразна чутныя. А з панядзелка 5 ліпеня ўсё сціхла. Гэта пацвердзіла мае падазрэнні, што віленскія ўлады нас, прафанаў, сістэматычна ашуквалі. Я неадкладна даслаў на бліжэйшую станцыю Юрацішкі назіральніка, каб ён 2 разы ў дзень паведамляў мне навіны, якія начальнік станцыі атрымлівае па тэлефоне. Наступны дзень 10 ліпеня прайшоў у чаканні, а ў нядзелю раніцай стала вядома, што другая ад нашай на ўсход станцыя Лістапады ўжо ў руках бальшавікоў, а польскае войска ўцякае без адзінага стрэлу бязладна. Гасцінец, які праходзіў праз палац быў самым кароткім шляхам з Менска на Ліду, Гародню і Варшаву, і па гасцінцы ўжо пацягнуліся групы бежанцаў - дробнай шляхты і сялян з-пад Менска. Стала зразумела, што пара ўцякаць. Меў вельмі няпэўнага эканома і баяўся, што калі я трошкі затрымаюся, ён можа збунтаваць прыслугу з чэляддзю і перашкодзіць майму ад'езду, як гэта здарылася ў некалькіх іншых маёнтках. Загадаў сяк-так адрамантаваць малую рысорную брычку якая засталася ад немцаў і два вазы. Уласна, на гэтых вазах акрамя фуражу і майго віленскага гардэроба, мелася толькі некалькі сотняў каштоўных кніг, парэшткі маёй ужо моцна пашкоджанай немцамі бібліятэкі, гэтыя кнігі і зараз са мной у Познані.
У панядзелак 12 ліпеня а 7-й раніцы выехаў у бок Ліды з намерам пераначаваць за 20 км ад Ваўкавыска ў сядзібе майго пляменніка Мяйштовіча. Эканом праводзіў мяне некалькі міль. Вярнуўся ён каля 1-й пасля поўдня і знайшоў двор поўны польскіх уцекачоў-жаўнераў, а заўтра на раніцы з'явіліся бальшавікі. Да заходу сонца я даехаў да Ліды, дзе спыніўся ў аднаго з сябра-яўрэя, род якога жыў у маім другім маёнтку Лугамовічы яшчэ з польскіх часоў. Уначы з аўторка на сераду, з 13-га на 14-га ліпеня прыехаў у Рагажніцу, маёнтак майго пляменніка.
[…]
У чацвер 15 ліпеня даведаўся, што занята Вільня, у пятніцу занялі Ліду. Мае гаспадары Мяйштовічы пакавалі рэчы, я быў гатовы да ад'езду і разлічыўся з Лаздунскімі фурманамі, якія жадалі пешшу вярнуцца ў Лаздуны, каб, як яны без цырымоній прызналіся, прыняць удзел у рабаванні майго маёнтка. Я выехаў у Ваўкавыск, маючы з сабой толькі свайго слугу Сымона, які хоць і служыў у мяне 27 гадоў і ўсю вайну пражыў са мной у Парыжы, аднак пасля рускай рэвалюцыі 1917 г. цалкам ператварыўся ў бальшавіка. Добра, што па натуры ён быў баязліўцам і больш баяўся тэрору, чым спачуваў чырвоным. У Ваўкавыску, з якога ўжо з'язджала палова горада, я сустрэў варшаўскага чыноўніка, які меў маладую, хваравітую жонку і трох малых дзяцей, баяўся натоўпу на чыгунцы і таму аддаваў перавагу ехаць коньмі з магчымасцю па дарозе знайсці малако для дзяцей. Ён сам ахвяраваўся быць фурманам на маім трэцім возе, другім кіраваў мой служка, а на нямецкай брычцы ехаў я сам.
Я ясна разумеў, што на 72-гім годзе жыцця пачынаю кар'еру Рабінзона Круза, але ад нараджэння мне хапала халаднакроўя і цярплівасці, і ў нядзелю 18 ліпеня, перад заходам сонца, я пусціўся ў дарогу "па-руску": "авось - небось - как-нибудь".
[…]
У пятніцу каля 5-й гадзіны нарэшце ўехалі ў Варшаўскую Прагу.
[…]
У першыя дні, калі бальшавікі, занялі толькі Гародню, Ваўкавыск і Беласток, але яшчэ не перайшлі Буг, тут адчувалася поўная абыякавасць да лёсу так званых "забраных зямель", на якія з канца XVIII ст., у 1807 г., 1830 г. і 1863 г. шаноўныя суайчыннікі з Кангрэсавай Польшчы прызвычаіліся глядзець, як на шэкспіраўскага маўра: "Маўр зрабіў сваю справу, маўр можа сыходзіць". Але нават пасля пераправы цераз Буг не было прыкмет, каб цывільныя людзі рыхтаваліся ўцякаць, бо, відавочна, усе разумелі, што ў той дзень, калі яны захочуць ваяваць па-сапраўднаму, бальшавіцкая лавіна будзе спыненая.
[…]
Раздзел XVI. Вяртанне ў Вільню. Вайна за маю кватэру. Адпальшчэнне краю. Здабыча пераможцаў, доўгатэрміновая акупацыя і частковае спаленне лаздунскага двара 9-й дывізіяй польскай арміі. Пераезд у Познань. Ліквідацыя маёнтка.
У палове сакавіка, маючы надзею, што з-за мірнай дамовы ў Рызе я не буду ў Вільні навернуты ў вернікі ў Пяркунаса, а ў Лаздунах - у камуністы, бо мяжа павінна была прайсці за 80 км на ўсход ад маёнтка, я з усёй маёмасцю выбраўся ў маю сталіцу. Ведаючы, што кватэра можа быць занятая пераможцам панам палкоўнікам Дамброўскім, затрымаўся ў кватэры маёй сястры Мяйштовіч.
Кароткі шпацыр па вуліцах
[…].
Па-руску размаўлялі ў 10 разоў часцей, чым 8 месяцаў таму. У рэстаране "Жорж", куды зайшоў паснедаць, добрая частка афіцэраў у польскіх мундзірах а таксама і ў бліжэйшым кабінеце, падпявала па-руску. Па рэстаране разгульвалі расейскія "какоткі".
Даведаўся, што лепшыя кватэры ў горадзе "заваяваныя", напрыклад вялікая кватэра маёй кузынкі Кагнавіцкай была захоплена нейкім "збунтаваўшымся" генералам, які кіраваў цывільнымі справамі нараўне з урадавым дэлегатам (сёння - ваяводам) панам Рачкевічам. Элегантны палац, пабудаваны з вялікім густам і дорага абстаўлены ўнутры маім брата Ігнацыем, потым набыты княгіняй Марыяй Агінскай з Скарэўскіх, быў канторай таго самага дэлегата ажно да вясны 1925 г. Княгіня атрымала "справядлівую кампенсацыю" - адразу пасля дэвальвацыі і ўвядзення злотага замест маркі Агінская з усёй павагай з боку Найяснейшай Рэчы Паспалітай атрымала позву, з'явіцца ў віленскі скарб па кампенсацыю ў памеры … ЧАТЫРОХ ГРОШАЎ!
Наступнай раніцай я пайшоў да палкоўніка Дамброўскага. Спачатку ён прыняў мяне больш-менш у манеры маршала Фоша, калі 7 лістапада 1918 г. нямецкая дэлегацыя стаяла перад ім і прасіла аб перамір'і. Але калі я дастаў з кішэні паперу, якую ласкава даў мне падчас праезду праз Варшаву тагачасны начальнік генеральнага штаба генерал Развадоўскі, паперу якая давала мне права неадкладна вывезці ўсю рухомую маёмасць з маёй канфіскаванай кватэры, тады паміж мной і маім заваёўнікам, які не меў нават уласнага матраца, пачаўся канфлікт. Дамовіліся на тым, што паколькі палкоўнік быў адкліканы ў Варшаву, дзе павінен быў падвергнуцца дысцыплінарнаму разбіральніцтву, ён выедзе з кватэры ў аўторак пасля Вялікадня а 8-й раніцы, а я заеду а 9-й.
Тым часам я наведаў генерала Жалігоўскага як найвышэйшую уладу ў краі. Прыняў мяне назаўтра маючы пры сябе знакамітага капітана Прыстара, які не адступаў ад "збунтаваўшагася" генерала ні на крок.
Але калі ў абумоўлены дзень я выслаў майго слугу, той хутка вярнуўся і далажыў, што ў кватэры сядзіць нейкі малады афіцэр з ардынарцам і яны распакоўваюць свае рэчы. Пайшоў сам. Новы "заваёўнік" аказаўся падпаручнікам Сіла-Навіцкім, ён паведаміў мне, што мяне ведаць не жадае і знаць не хоча, што ён - абаронца Айчыны і яго права на кватэру большае за маё, да таго ж кватэру яму саступіў палкоўнік Дамброўскі. Не пачынаючы спрэчку, адразу пайшоў да каменданта горада палкоўніка С. (не памятаю ўжо яго прозвішча). Палкоўнік прыкінуўся вельмі абураным і сказаў, што загадае паручніку сысці, але прасіў пацярпець 24 гадзіны.
[…]
Камедыя трывала цэлы тыдзень і пры канцы камендант паведаміў, што паручнік выедзе да 12-й вечара, а калі не, дык будзе арыштаваны. За хвіліну да 12-й мой слуга даў мне знаць, што "збунтаваны" паручнік, закупіў ўсё неабходнае ў суседнім рэстаране і заклаў у маёй кватэры вялізную гулянку з некалькімі вясёлымі жанчынамі і што ўся вясёлая кампанія на ўвесь дом раве папулярныя рускія песні "Вниз по матушке по Волге", "Красный сарафан" і г. д., а самым вясёлым госцем і "запявалам" кампаніі ёсць сам пан камендант палкоўнік С.
Адразу пайшоў да генерала Жалігоўскага, шляхетны генерал сказаў мне наступнае: "Заўтра на раніцы дашліце туды свайго слугу, каб навёў парадак і забраў ключы, а самі прыязджайце да 9-й, кватэра будзе вольнай".
Так і сталася. А 9-й на куфрах паручніка сядзеў ардынарац, а сам паручнік (які таксама быў пад следствам за крадзеж коней) знік, і больш я яго ніколі не бачыў.
Для старога чалавека, якім я з'яўляюся, няма нічога больш пакутлівага, чым няўпэўненасць у заўтрашнім дні і пастаянныя змены. Фактычна я 6 гадоў правёў у вандроўцы і з іх 8 месяцаў быў бежанцам.
Трох тыдняў знаходжання ў горадзе было дастаткова, каб пераканацца, што за тры месяцы, якія прайшлі паміж добраахвотнай перадачай краю бальшавікам у ліпені і ўцёкі іх разам з летувісамі ў кастрычніку, у Варшаве сярод галоў, якія кіруюць дзяржавай, адбылася нейкая грунтоўная і значная эвалюцыя ў дачыненні да польскай палітыкі на Крэсах. Зразумець гэтую эвалюцыю і звязаныя з ёй планы я не змог ні тады, ні сёння.
[…]
Лаздуны не патрапілі ў Сярэднюю Літву, і Вільня больш не з'яўлялася маім адміністрацыйным цэнтрам.
Галоўнай, адзінай і бясспрэчнай кіруючай ідэяй Польскай дзяржавы, якую можна было ўбачыць, пачынаючы з восені 1920 г. у дачыненні да Крэсаў, была сістэматычная (сёння ўжо шасцігадовая і ўсё больш актыўная) палітыка дэпаланізацыі краю. Гэта праявілася з першага дня рэакупацыі праз замену зверху ўніз амаль што ўсяго адміністрацыйнага апарата, які працаваў яшчэ ў ліпені 1920 г. З чыноўнікаў - пераважна мясцовых палякаў, практычна на сваім месцы не ўтрымаўся ніхто. Сярод новаімпартаваных з розных частак Канграсоўкі, Галіцыі і нават Расіі, панаваў і пануе вядомы дух "каланіяльных чыноўнікаў".
[…]
Калі да гэтага дадаць дамоклаў меч экспрапрыяцыі ў сувязі з аграрнай рэформай, які вісеў над усёй землеўладальніцкай шляхтай, дык адзіная выснова магла быць толькі адна: стары знясілены Г. Корвін-Мілеўскі, яго асоба і яго маёмасць, апынуліся ў стане пасажыра на некіраваным дзіравым караблі або ў стане жыхара дома, які пацярпеў ад землятрусу і для якога няма іншага лозунгу, акрамя: "Ратуйся, хто можа".
У гэты момант стан маіх фінансаў быў жаласны: капітал укладзены ў Пецярбургу абнуліўся, капітал у Берліне з-за абвалу нямецкай маркі таксама набліжаўся да гэтай лічбы, у мяне заставаліся толькі грошы за прададзеных у Варшаве коней і футры у Познані, на якія я мог пражыць некалькі месяцаў. Адзіным паратункам мог стаць моцна зруйнаваны немцамі і ў гэты час акупаваны "пераможнай шабляй" мой маёнтак.
[…]
Наогул рэакупацыя краю і Вільні адбылася без баёў, бо бальшавікі (а ў Вільні летувісы) уцяклі самі.
[…]
У маім закутку каля сярэдзіны кастрычніка з'явіўся моцны аддзел 9-й польскай дывізіі пад камандаваннем палкоўніка Траяноўскага, і разам з імі быў і мой эканом.
Ні ў кога не пытаючыся і не тлумачачы, чаму гэтак трэба і колькі гэта працягнецца, штаб размясціўся ў палацы, а жаўнеры ў іншых будынках і суседніх з маёнткам вёсцы Такарчукі і ў Юрацішках братоў Радкевічаў. У першы ж дзень датла згарэла стадола даўжынёй у 75 і шырынёй 17 метраў з чэсаных брусоў паміж мураванымі слупамі, крытая гонтай - панам жаўнерам трэба было ў некалькіх крокаў ад дзіравых дзвярэй раскласці вялікі касцёр. Хутка пасля гэтага жаўнеры, якія пасяліліся ў ім, спалілі мураваны свіран на скляпеннях, крыты дахоўкай, які немцы перарабілі ў элегантную вілу для афіцэраў. Пасля свірана згарэла мураваная валоўня з цэментнай падлогай на 110 галоў і г. д. Таксама пасля прыходу туды польскага войска згарэлі поўныя стадолы братоў Радкевічаў. У больш далёкага суседа пана Валіцкага жаўнеры не кватаравалі, і таму пажара не было, але гаспадара выгналі з яго дома ў чвартак (дом для прыслугі на 4 сям'і - Л. Л.), каб размесціць у доме вайсковы шпіталь.
Зразумела, што да канца гэтай акупацыі "героі" бралі без дазволу і аплатных квітоў усё, што ім падабалася - зерне, фураж і г.д., што не дазволіла вясной 1921 г. засеяць хоць трошкі пусташы. Я даведаўся, што пасля перамір'я з бальшавікамі і пасля пажараў мая бедная лаздунская халупа ўдастоілася кароткага знаходжання не каго іншага, як самога галоўнага правадыра і першага маршала Польшчы Юзафа Пілсудскага … Думаю, ён быў задаволены паводзінамі сваіх войскаў, бо пасля яго ад'езду, на працягу многіх месяцаў у іх паводзінах нічога не памянялася.
[…]
А стан маёнтка як каштоўнасці і крыніцы даходаў, быў наступны: больш за палову гаспадарчых пабудоў і галоўныя будынкі ў Лаздунах былі цалкам знішчаны нямецкімі ці польскімі акупантамі. Засталося трошкі мёртвага інвентару (не больш за 10% ад даваеннага), каб пачаць працаваць. Ніводнага каня, аніводнай галавы быдла, ні цэнтнера збожжа. З 4000 га палёў, лугоў і пашаў - ніводнага засеянага ці ўзаранага гектара і больш за палову зямлі ўжо зарасло хмызняком. Затое некалькі дзясяткаў сямей, большасць з якіх я не ведаў да 1915 г., пасяліліся як на нічыёй зямлі ў маіх будынках, сеялі, што і дзе хацелі, і трымалі быдла. Закон не дазваляў мне пазбыцца іх інакш, як шчодра надзяліўшы зямлёй.
У гэтых умовах, у красавіку 1921 г. я, маючы больш за 70 гадоў, павінен быў вырашыць: 1) дзе жыць, дзе трымаць свае старыя косці; 2) што рабіць з маёмасцю, каб хутка не стаць жабраком ці скончыць жыццё самазабойствам?
Вярнуцца жыць ў Лаздны было немагчыма. Не меў я тут ні сваёй падушкі ні міскі. Каб хоць давесці палац да стану, у якім яго пакінулі немцы, трэба было шмат часу і грошай. Бараніць польскую ўласнасць і займацца паланізацыяй супраць Масквы, магло быць ідэяй утапічнай, але высакароднай, але рабіць тое самае супраць самой Польшчы, было б трызненнем. І прызнаюся, хоць гэта можа быў і капрыз, але для мяне было немагчымым пераступіць парог свайго дома, калі столькі часу па ім хадзілі рознакаліберныя башыбузукі, якія маральна і матэрыяльны яго сплюндравалі.
[…]
Таму я вырашыў не падвяргаць сябе і сваю маёмасць новым эксперыментам, рэквізіцыям, акупацыям і г. д. і вярнуцца ў Познань, дзе пасялілася высакародная і прывязаная да мяне сям'я былых падольскіх абшарнікаў Ліпкоўскіх (гаспадыня - мая родная пляменніца па сястры).
Я здаў кватэру, усю рухомасць пагрузіў у 2 вагоны і ў канцы траўня пераехаў у Познань. Тры месяца жыў у гатэлі, потым спадкаваў два мэбліраваныя пакоі па вуліцы Садовай і праз 2 гады, дзякуючы прэзідэнту горада, атрымаў дастатковую для асобы "з былых" кватэру, у якой расклаў свае віленскія рэчы і чакаю тут Божай волі.
Што датычыць планаў дзеянняў з маім маёнткам, дык, паколькі справа ўжо не ішла аб "пастарунку" (польскасці - Л. Л.), таму вышэйвыкладзеныя эканамічныя ўмовы прымушалі часткова ці можа цалкам ліквідаваць маю зямельную маёмасць з двух асобных, хоць памежных паміж сабой, маёнткаў. Я мог вольна распараджацца толькі маёнткам Лугамовічы, які быў меншай часткай бацькоўскай маёмасці. Большая частка дасталася майму брату Ігнацыю. Незадоўга да вайны брат прадаў сваю спадчыну рускаму сялянскаму банку за 2 350 000 рублёў. Агенты гэтага банка прапаноўвалі мне за маю частку 256 рублёў - г. з. 128 долараў за дзесяціну, але я тады адмовіўся ад перамоў, бо яшчэ думаў пра "пастарунак".
Каб задаволіць свае першыя неадкладныя патрэбы я прадаў вялікі фальварак Карашаняты разам з кавалкам лесу (каля 300 дзесяцін) аднаму шляхціцу. Праз 3 месяцы, пасля зыходу польскіх войскаў, я прадаў самі Лугамовічы з прылеглым фальваркам Ізабелін і 400 дзесяцін лесу парцаляцыйнаму таварыству "Тоспар", якім кіраваў той самы былы генеральны сакратар Ежы Асмалоўскі. Паколькі мая давераная асоба, насуперак майму жаданню, прадала маёмасць не за валюту, а за польскія маркі і пагадзілася на тэрмін плацяжу да 1 кастрычніка 1921 г., дык з-за інфляцыі, замест сумы эквівалентнай некалькім дзесяткам тысяч долараў я атрымаў каля шасці тысяч. Чацвёрты лугамовіцкі фальварак Мацясова забралі для ваенных асаднікаў, а пяты фальварак Юркавічы амаль што цалкам пайшоў розным валацугам, якія самавольна пасяліліся і пазбавіцца іх я ніяк ужо не мог. У выніку праз два гады сталася так, што за тыя 2000 дзесяцін зямлі і лясоў, за якія ў "праклятыя" маскоўскі часы мне прапаноўвалі 250 000 долараў, у мяне засталося 30 коней і 30 кароў купленых для Лаздунаў, каб улады не лічылі маёнтак пакінутым і не наклалі на яго сваю лапу, як зрабілі гэта з большай часткай маёмасці майго брата Геранёнамі.
[…]
Пасля страты 5 лугамовіцкіх фальваркаў, разбураная гаспадарка ў Лаздунах давала толькі вялікія страты, а дзяржава, згодна з сваім планам сістэматычнага знішчэння землеўдальнікаў, накладала ўсё большыя падаткі. Таму я быў прымушаны прадаць маёнтак Лаздуны з лясамі. Гэты продаж адбыўся чужымі рукамі, з рознымі ганарарамі, валютным крызісам і г. д., той, хто мае ўвогуле нейкае ўяўленне пра нашы адміністацыйная парадкі і асабліва пра гэта на Крэсах, можа зразумець мае праблемы. Сёння, калі я пішу гэтыя радкі, продаж ужо заканчваецца.
[…]
Беларусы сустракаюцца з індзейцамі
Ад Нью-Ёрка да Аляскі: Барташэвіч, Баршчэўскі, Берніковіч, Глушакоў, Клакоцкі, Смірноў, Тэпер
(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-52 (105-156) (2024); № 1 (157) за 2025 г.)
БАРТАШЭВІЧ Альберт (Albert Bartoszewicz) - "ur. 2 sierpnia 1942 w Rajewszczyznie kolo Nieswieza" (у слоўніку Я. Рапановіча (1981) знаходзім Раёўшчыну (Раеўшчыны няма) на Меншчыне толькі ў Стаўбцоўскім раёне (які мяжуе з Нясвіжскім) - Варацішчанскі сельсавет); маці - Альдона з Кандратовічаў.
Паездка ў ЗША (1987) Барташэвіча з Аляксандрам Баршчэўскім (Барскім), апісаная апошнім, уключала наведванне "тэрыторыі індзейцаў" (у суправаджэнні А. Шукелойця). На момант паездкі па працы ён быў звязаны як прафесар звычайны з Факультэтам русістыкі і прыкладной лінгвістыкі (Wydzial Rusycystyki i Lingwistyki Stosowanej, з 2009 называцца Wydzial Lingwistyki Stosowanej) Варшаўскага ўніверсітэта, а таксама Вышэйшай педагагічнай школай у Ольштыне (Wyzsza Szkola Pedagogiczna w Olsztynie).
Славіст (русіст і беларусіст) Барташэвіч меў справу найперш з індзейцамі "лексікаграфічнымі" і памёр у 2001 г., на два дзесяцігоддзі раней за свайго спадарожніка-філолага Барскага.
Літ.:
9647 Bartoszewicz A., Komendacka I. Slownik a tergo wspolczesnego jezyka bialoruskiego. T. 1-4. Warszawa, 1988-1989. (У т.л. "індзейцы".)
9642 Jasinska T., Bartoszewicz A. Slownik bialorusko-polski i polsko-bialoruski. Warszawa, 1996.
8848 Jasinska T., Bartoszewicz A. Kieszonkowy slownik bialorusko-polski, polsko-bialoruski. Wyd. 2, zmienione. Warszawa, 2007.
БАРШЧЭЎСКІ Аляксандр (Aleksander Barszszewski, пcеўданім Алесь Барскі, Ales Barski) - нарадзіўся ў вёсцы Бандары (Беластоцкае ваяводства).
Прафесар Варшаўскага ўніверсітэта, які кіраваў у ім беларускай філалогіяй. Ён таксама супрацоўнічаў з Люблінскім каталіцкім універсітэтам і Універсітэтам Марыі Складоўскай-Кюры.
Яго наведванне зямлі, якая лічыцца замацаванай за індзейцамі ("тэрыторыі індзейцаў"), мы ў серыі БСІ ўпершыню згадалі ў артыкуле пра Антона Шукелойця, які выступаў гідам для яго і яго спадарожніка Альберта Барташэвіча.
Аўтар БСІ бачыў выдатнага літаратара і гісторыка літаратуры Баршчэўскага на канферэнцыях у Менску ("Беларуска-амерыканскія гістарычна-культурныя ўзаемадачыненні" (1994) і "Адам Міцкевіч і нацыянальныя культуры" (1998)) і нават меў з ім гутарку, галоўнай нагодай для якой быў, натуральна, яго нарыс пра паездку ў ЗША ў 1987 г.
Літ.:
2702 Барскі А. З пабачанага і перажытага: абразкі, артыкулы, дарожныя нататкі / прадм. У. Казберука. Мн., 1992.
БЕРНІКОВІЧ Часлаў (Chaslau Bernikovich) - у матэрыяле "Жыццё на радыёхвалях" (2015) Галіна Сутула распавяла пра дзейнасць галоўнага рэдактара глыбоцкага раённага радыё, якая мае адносіны да індзеяністыкі, - прычым гэта не кур'ёзныя або папулярна-пазнавальныя "цікавосткі" пра індзейцаў, якія бяруцца невялікімі радыёстанцыямі з больш "вялікіх" крыніц.
"Творчая незаспакоенасць Часлава Берніковіча добра праглядаецца і адчуваецца ва ўсіх падрыхтаваных ім выпусках. У розныя часы яго суразмоўцамі былі індзейцы з Перу, півавары з Чэхіі, цыганы з Заходняй Украіны, прадпрымальнікі з Турцыі".
"Слухаць глыбоцкае радыё жыхары раёна цяпер могуць на ўльтракароткіх хвалях Першага Нацыянальнага радыёканала на частаце 72,65 мегагерц, а тыя, у каго ёсць камп'ютары і выхад у Інтэрнэт, - на сайце Глыбоцкага райвыканкама, у раздзеле "Мясцовае радыёвяшчанне". Там знаходзіцца архіў усіх радыёвыпускаў, і калі нашы слухачы прапусцілі які выхад у эфір, яго праз камп'ютар можна праслухаць у любы зручны час, знаходзячыся ў любым месцы. Праграмы глыбоцкага радыё выходзяць у эфір кожную сераду ў 6.25 раніцы, у чацвер і пятніцу - у 21.05.
Кожны радыёвыпуск - гэта кампактны, змястоўны цікавы блок навін і матэрыялаў інфармацыйна-аналітычнай і культурна-адукацыйнай накіраванасці. Хроніка падзей, афіцыйныя сустрэчы, семінары і нарады, юбілейныя мерапрыемствы, інтэрв'ю з цікавымі людзьмі, парады спецыялістаў, вершы і песні глыбоцкіх аўтараў і экзатычны эксклюзіў…"
15.11.2019 г. на сайце з'явілася інфармацыя пра тое, радыёпраграма "Глыбоцкае мясцовае радыёвяшчанне" атрымала дыплом II ступені на рэспубліканскім творчым конкурсе "Пад знакам Года малой радзімы" ў намінацыі "У Год малой радзімы - вялікія справы" - сярод рэгіянальных электронных СМІ.
У цырымоніі ўзнагароджання ў Наваполацку ўдзельнічаў міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч (https://glubokoe.vitebsk-region.gov.by/ru/news_region_ru/view/radioprogramma-glubokskoe-mestnoe-radioveschanie-diplomant-respublikanskogo-tvorcheskogo-konkursa-pod-znakom-16787).
Літ.:
10440 Сутула Г. Диковинное хозяйство: завидный жених из глубокской глубинки // Аргументы и факты в Белоруссии. 2014. 1 окт. С. 6. (Яшчэ адзін буйны факт "глыбоцка-індзейскіх" сувязей - мясцовая ініцыятыва.)
ГЛУШАКОЎ Юрый (Yury Glushakov, Yuryi Glushakou) - гісторык, журналіст і актывіст (апошняе ў асноўным ужо ў мінулым) у Гомелі - "наша ўсё" ва ўмовах, калі мала іншых прыкладаў падобнага імкнення да максімальнай самарэалізацыі. Глушакоў мае продкаў, якія працавалі на ўмацаванне савецкай дзяржавы - стваральнай працай і абаронай у розных формах. Але яму належаць артыкулы і кнігі не толькі пра савецкае будаўніцтва, але і па гісторыі анархізму (часткова таксама савецкага і таксама ў нечым стваральнага, а не разбуральнага?) у Беларусі. Ён і сам быў часткай гэтага руху.
Ён сутыкаўся з лацінаамерыканскімі гасцямі Гомеля (метысамі), што зафіксавана фотаздымкай, але найбольш "моцная навіна" (Юрый працаваў на гомельскім рэсурсе з такой назвай) - калі ў 1994 г. у Менску анархіст Глушакоў паціснуў руку прэзідэнту Клінтану, сказаўшы некалькі слоў і перадаўшы яму "чарнобыльскі" ліст. Мы згадалі гэтую падзею як незвычайную і "індзеянісцкую" ў лісце ад 21.02.1994 г. Гэры Файфу (крык, Muscogee (Creek) Nation), рэдактару аўтарытэтнай радыёстанцыі для карэнных жыхароў, якая размяшчалася на Алясцы, - "Нэшнл нэйтыў ньюс" (National Native News). Быў нерэалізаваны аспект гэтай, увогуле сказаць, сенсацыі: гомельскі калега Аляксандр Снітко прапанаваў перадаць прэзідэнту і ліст пра лёс Леанарда Пелціера. …У 2012 г. Глушакоў быў у тым "пуле", які асвятляў у СМІ новую падобную спробу - электронны ліст Снітко прэзідэнту Абаму.
Наколькі мы ведаем, Юрый Глушакоў і Аляксандр Снітко падрыхтавалі матэрыял пра Пелціера і з нагоды завяршэння тэрміну кіравання ЗША Байдэнам. На думку аўтара БСІ, не варта было нагрувашчваць у ім міжнародную палітыку і выказваць погляды, якія расчаруюць многіх, хто ведаў аўтараў раней. За яшчэ адну спробу дзякуй, але амаль усім зразумела, што нават з самай вялікай колькасцю хвароб і іншых аргументаў Пелціера не вызваляць па памілаванні. Для ЗША - пры любым кіраванні - занадта прынцыпова не вызваляць забойцу агентаў ФБР. Цуд з Пелціерам магчымы толькі ў навагодняй казцы.
Можна не сумнявацца, што Глушакоў ужо зусім не анархіст, і ён паўтарае шлях Аляксея Дзерманта, у мінулым неапаганца, з якім супрацоўнічае.
Глушакоў на шляху ад "безуладдзя" стаў дэпутатам гарсавета Гомеля, а таксама збіраў подпісы ў кампаніях за сваё магчымае больш высокае становішча (аж да самага высокага).
Такая сумесь падзей і фактаў можа здзівіць адсутнасцю паслядоўнасці і логікі, але не тых, хто ведае, як можа мяняцца светапогляд, а галоўнае - методыка прыстасавання да рэальнасці.
Наша праграма па "карэнным анархізме" была пачатая ў сувязі з дзейнасцю групы Глушакова, але аўтар БСІ быў схільны толькі вывучаць механізмы слабай цэнтральнай улады ў першабытным грамадстве і яе "рэвіталізацыі" ў наш час. І лічыў важнымі веды пра анархісцкія практыкі для забеспячэння бяспекі грамадства. Пры гэтым вулічныя акцыі і масавыя мерапрыемствы ў любым выпадку, незалежна ад арганізатараў - недзяржаўных і дзяржаўных, варта было б звесці да мінімуму пафаснасці, пампезнасці, колькасці ўдзельнікаў - і жыць спакойна.
Што пра гэта сказаў бы Гэры Файф, Indigenous Mentor, Role Model, з вышыні 2025 г. прама спытаць ужо не ўдасца - ён памёр 14.01.2024 г. у Талсе (Аклахома) ва ўзросце 73 гадоў.
Літ.:
7890 Глушаков Ю. Наше будущее коммунитаризм - или о бытовых формах общественного сознания // Левая альтернатива. Беларускі левы агляд. Belarusian Left Review. 2004. № 1. С. 10-12.
КЛАКОЦКІ Марат (Marat Klakotski) - з Фармінгдэйла на Лонг-Айлендзе ён даслаў у Гомель аўтарскія асобнікі газеты "Беларусь", якую рэдагаваў з 2002 да 2010 г. Вядомы таксама як рэдактар-складальнік аднайменнага альманаха пісьменнікаў замежжа.
29.12.2024 г. Марат напісаў нам:
"У рэзэрвацыі Shinnecock на Лёнг-Айлэндзе ніколі ня быў, хоць і жыву непадалёку і праяжджаў каля яе шмат разоў. Зьнешне яна нічым не адрозьніваецца ад суседніх вуліц.
Тут ёсьць яшчэ адна індзейская не рэзэрвацыя, а тэрыторыя Poospatuck, яна фэдэральна непрызнаная, а па памерах яшчэ меншая за першую, літаральна некалькі вуліц.
Ведаю пра гэтыя месцы менш, чым напісана ў Вікіпэдыі.
Зычу Вам шчасьлівага Новага году".
Магчыма, пра наведванне ў 1987 г. Пуспатак пісаў А. Барскі, паколькі ён загадваў тэрыторыю, а не рэзервацыю.
Што да Шынекок, то пашырыць уяўленне пра гэты лапік зямлі і яго людзей можа паведамленне ад Бары Каваш з Брыджуотэра (Канектыкут) ад 10.04.1992 г.:
"На мінулым тыдні гэтыя два шынекокі наведалі наш маленькі музей. Яны толькі адкрываюць свой новы музей і культурны цэнтр на Лонг-Айлендзе і пачынаюць са сцежкі па ахове балот [wetland conservaton trail]. Дэвід Марцін [або Марціне, David Martine] і Джын Кафці [Gene Cuffee] вернуцца праз месяц, каб пракансультавацца з намі далей наконт іх ідэй. Я распавяла ім пра вашу групу і інтарэсы. Яны шлюць вам прывітанне. У дружбе, Бары".
На сайце аднаго са згаданых, мастака, ёсць звесткі пра яго карані (https://davidmartine.com/?sid=170&idpage=ABOUT):
"David Bunn Martine, born David Bunn Siklos in 1960 in Southampton, Long Island, New York, is of Shinnecock/Montauk, Nde Daa'i Chiricahua Fort Sill Apache from his mother Marjorie, a classically trained opera and concert singer. His father, Thomas Siklos was a Hungarian music director, organist and voice teacher. He comes from an artistic family for several generations".
Літ.:
8316 Беларус: літаратурны альманах беларускіх пісьменнікаў замежжа. Нью-Ёрк, 2007.
9146 Джонсан Б. Г. Прароцтва / пер. з анг. І. Варабей // Беларус: літаратурны альманах беларускіх пісьменнікаў замежжа. Нью-Ёрк, 2010. С. 41-43.
СМІРНОЎ Віталь (2) (Vital Smirnou, Vitaly Smirnov) - ураджэнец вёскі Вялікія Сутокі Лёзненскага раёна, пабыўшы беларускім і саюзным дыпламатам высокага рангу, шкадаваў, як і многія іншыя па-антыцарску настроеныя савецкія і постсавецкія людзі, пра страту Аляскі: "Аляска. Шкада, не наша…" (загаловак часткі матэрыялу ў часопісе "Беларуская думка" ("Беларусь в Совбезе ООН: Воспоминания белорусского посла", 2011, № 1), якую мы даём пад іншым загалоўкам).
Рэдакцыя "БД" адзначыла, што першая атрымала доступ да дзённікавых запісаў Смірнова, "якія пакуль не аформіліся ў асобна выдадзеную кнігу". У расказе пра Аляску, акрамя адной спасылкі на карэнную мову, алеуты, эскімосы і індзейцы не згадваюцца. Крайняга лаканізму і скарочанасці ў дзённіках або мемуарах ад яго не патрабавалася, але ўнук, які перадаў тэкст рэдакцыі, або журналісты маглі што-небудзь скараціць і перарабіць. Мець поўны тэкст запісаў Смірнова пра Амерыку даследчыкам і публіцы было б цікава.
Віталь Смірноў
САПРАЎДНАЯ ПРЫГОДА НА АЛЯСЦЫ, АБО СМАЧНЫ КАВАЛАЧАК
Вельмі важным для мяне было знаёмства са Злучанымі Штатамі Амерыкі і іх народам. Самым цікавым, мабыць, было падарожжа па Алясцы ў маі - чэрвені 1973 года. Я перасек яе з Поўдня на Поўнач, пачынаючы ад Алеуцкіх астравоў і канчаючы Паўночным слупам [у публікацыі Северный столб, але наўрад ці так можна перакладаць слова slope, хутчэй гэта "схіл"] (North Slope) [Норт-Слоўп - назву раёна, акругі або бора тым больш не варта перакладаць], што за Палярным кругам, на беразе Паўночнага Ледавітага акіяна.
Не ведаю дакладна, але многія з тых, каго я сустрэў на Алясцы, казалі, што я аказаўся першым дыпламатам Савецкага Саюза, які пабыў у гэтым краі.
Падарожнічалі мы на гідраплане, пароме, на аленевых і сабачых запрэжках. Вакол - шырокія даліны, горы, лясы, азёры, рэкі і раўніны тундры. Нельга не любавацца гэтай сапраўды "Вялікай Зямлёй" - менавіта так перакладаецца "Аляска" з мовы алеутаў, абарыгенаў гэтага краю.
На адным з прыпынкаў гаспадар, які запрасіў мяне на начлег, прапанаваў раніцай парыбачыць, чаму я вельмі ўзрадаваўся. Рыбалка на Алясцы - гэта сапраўдная прыгода!
Далі мне спінінг і прынаду. Паспрабаваў закінуць далей, а сам так захапіўся назіраннем за навакольным прыродай, што на снасці не звяртаў ніякай увагі. Калі надышоў час вяртацца дадому, пакруціў катушку. Раптам нешта тузанула, вялікая рыбіна ўзнялася над вадой - і на беразе апынулася стронга, якая выгіналася пад промнямі ўзыходзячага сонца. Дома гаспадар яе акуратна вытрыбушыў, апрацаваў і... паклаў у халадзільнік. Дарэмна я спадзяваўся даследаваць смак стронгі падчас абеду!
Калі вярнуліся ў Нью-Ёрк, адзін з тэлеканалаў прапанаваў мне падзяліцца ўражаннямі аб паездцы па Алясцы. Прычым на інтэрв'ю ў прамым эфіры адводзілася ўсяго пяць хвілін. Што можна сказаць пра Аляску за гэты час? Нічога! Па шляху на тэлебачанне, абдумваючы выступленне, вырашыў выкарыстоўваць жартаўлівую форму, але ўкласці савецкі змест. І вось што я сказаў амаль даслоўна:
- Мне больш, чым каму-небудзь, спадабалася Аляска. Па-першае, таму што там роднай славянскай Руссю пахне. Аляска сапраўды цудоўны [прекрасный] і найбагацейшы [богатейший] прыродай і выкапнямі край. Па-другое, я ведаў і раней, але на Алясцы пераканаўся яшчэ раз, якія дурныя былі ў нас цары, якія прадалі Амерыцы такую выдатную зямлю за 7,6 мільёна долараў [какие глупые были у нас цари, продавшие Америке такую замечательную землю за 7,6 миллиона долларов; кананічная лічба ўсё ж 7,2]. І, па-трэцяе, я яшчэ больш пераканаўся, наколькі важная была Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя, якая скінула нашых цароў...
А ўвогуле шкада, што такі смачны кавалачак, як Аляска, дастаўся амерыканцам…
(Пасля гэтых заключных слоў пазначана, што публікацыю ў часопісе "Беларуская думка" падрыхтаваў унук Віталя Смірнова Дзмітрый Смірноў.)
Літ.:
8690 Руссель Н. Чья земля? // Воля. 1906. 11 окт. № 74. С. 1.
8691 Руссель Н. Чья земля? // Руссель Н. На политические темы. Нагасаки, 1907. С. 67-71.
ТЭПЕР Аляксандра (Алеся, Aleksandra Tepper) - матушка Аляксандра або Алеся, беларуска. Пра яе мужа Андрэя ведаем значна больш, чым пра яе. Напрыклад, да 2008 г. адносіцца запіс гутаркі студэнтаў Менскай духоўнай семінарыі Уладзіміра Даўгаполава (Даўгаполаў - паводле zviazda.by, Далгаполаў - паводле orthodox.by, orthodoxy.by і church.by) і Аляксандра Карпука (часопіс "Ступени", № 3).
Яны спыталі ў Андрэя пра тое, што павінна была назіраць і Алеся:
"- Алеуты і эскімосы былі калісьці паганцамі. Ці захавалася паганства зараз?
- Так, гэта сучасная праблема. На Алясцы шмат хто вяртаецца да паганства, і гэта звязана з нацыяналізмам. Яны ўзгадваюць, якім было іх грамадства да прыходу хрысціянства. Згодна з тым ладам жыцця мясцовыя абарыгены робяць паганскія маскі. Гэтыя людзі жадаюць вярнуцца да сваіх каранёў, паказаць іх сваім дзецям. Але Царква не можа благаславіць тое, што ідзе супраць Хрыста.
Такія праблемы вырашаюцца епіскапам і святаром. Напрыклад, тамтэйшыя індзейцы хавалі сваіх сваякоў, на магілах будавалі хаткі і фарбавалі іх яркімі фарбамі. Яны лічылі, што дух будзе жыць у гэтых доміках. Затым яны прынялі Праваслаўе і ўжо не ведалі, што рабіць з гэтымі домікамі на могілках. Вырашылі пакінуць і на іх ставіць праваслаўныя крыжы. Так вырашылася пытанне, каб не зракацца ўсіх традыцый. Моцнага супраціву з боку паганства Праваслаўе не сустракае. У асноўным гэта бывае ў размовах, калі здараюцца розныя нязгоды, спрэчкі… Але актыўнага супрацьдзеяння няма".
Літ.:
8454 Кураев А. Вопросы веры - это вопросы совести человека // Царкоўнае слова. 2009. 2 кастр. С. 10-11. (Продолж. в след. номере.)
Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.
Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.
Індзейцы, индейцы, Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 131].
Мінойтаўскія артысты весялілі лідзян
Каля галоўнай ёлкі горада Ліды кожны дзень запальная музыка і вясёлыя забаўкі.
У адзін з дзён для юных лідзян і іх бацькоў прадставіў яркую забаўляльную праграму з танцавальным флэшмобам, гульнямі і карагодамі Мінойтаўскі культурна-досугавы цэнтр.
Тры гарэзныя Каты, вясёлы Зайка, Блазны, Дзед Мароз і Снягурка "запальвалі" каля прыгажуні ёлкі і дарылі радасць усім, хто ў гэты вечар не застаўся дома.
Доўгачаканы сняжок, лёгкі марозік і забаўляльная праграма зрабілі настрой лідзян святочным і па-сучаснаму навагоднім!
ТК "Культура Лідчыны".
"Гудскі гармонік" склаў справаздачу
4 студзеня 2025 г. Народны ансамбль народнай музыкі "Гудскі гармонік" даў справаздачны канцэрт за 2024 год. Ансамбль павіншаваў жыхароў аграгарадка Гуды з Новым годам. Святочны канцэрт падараваў самы лепшы настрой і сапраўды прыемныя ўражанні. У гэты вечар гучалі знакамітыя хіты ансамбля і новыя музычныя кампазіцыі
Так весела і разам мы ўступілі ў Новы 2025 год!
ТК "Культура Лідчыны".