Наша слова.pdf № 4 (160), 22 студзеня 2025 г.
Вадохрышча на Беларусі
У свята Хросту Пана іерархі Менска-Магілёўскай архідяцэзіі як пілігрымы надзеі наведалі Магілёў
12 студзеня, у свята Хросту Пана, вернікі парафіі старадаўняй катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Магілёве, якая прызначана адной з Юбілейных святыняў Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі, мелі гонар вітаць нештодзённых пілігрымаў. У гэты дзень сваю духоўную вандроўку сюды здзейснілі Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Генеральныя вікарыі архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, Часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Рэспубліцы Беларусь монсіньёр Кшыштаф Сэрока і прэс-сакратар Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ксёндз канонік Юрый Ясевіч.
Біскуп Касабуцкі, які прамовіў гамілію, заўважыў, што свята Хросту Пана - гэта свята ўсіх, хто быў ахрышчаны і заахвоціў, па магчымасці, успомніць дзень і месца, у якім кожны з нас стаў дзіцем Божым праз сакрамэнт хросту.
Catholic.by.
Лідзе адсвяткавалі Вадохрышча. Самыя адважныя акунуліся ў вадохрышчанскую хрысцільню
19 студзеня праваслаўныя хрысціяне адзначылі Хрышчэнне Гасподняе. Свята, якое лічыцца адным з найболей значных для праваслаўных хрысціян, усталявана ў гонар падзеі евангельскай гісторыі - вадохрышча Ісуса Хрыста Іяанам Хрысціцелем у рацэ Ярдан. Па біблейскім павер'і, сёння асвячаецца ўся водная існасць. Такі цуд адбываецца толькі ў вялікае свята Хрышчэння Гасподняга, яко яшчэ завуць Богаяўленнем.
У гэты адмысловы дзень ва ўсіх лідскіх храмах прайшлі святочныя набажэнствы і, па старажытнай традыцыі, - чын вялікага асвячэння вады. Пасля літургіі вернікі разам з духавенствам прайшлі Хросным ходам да Лідскага возера. Шэсце ўзначаліў епіскап Лідскі і Смаргоньскі Парфірый. На беразе было праведзена набажэнства, пасля чаго Архірэй тройчы пагрузіў крыж у ваду са словамі: "Асвячаецца вада гэта…".
Lidanews.by.
БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Станіслаў Суднік
(Працяг. Пачатак у папярэдних нумарах.)
Грэбень. Грэбля. Грабары
Ад слова грэбці вельмі блізка да слова грэбень. Грэбень і сам вельмі моцна падобны на маленькія граблі. Такая ж вялікая колькасць зубоў, хоць ён і мае іншае прызначэнне. Грэбень у адным з відаў прымянення - пласцінка (пераважна з косці) з зубамі для расчэсвання валасоў або для заколвання і ўпрыгожвання жаночай прычоскі. Вось толькі грэбенем не грабуць, а чэшуць, расчэсваюць. І ўжо на некаторыя віды грэбеняў распаўсюдзілася назва расчоска. Канешне, у цяперашні час прымяняецца больш не косць, а сучасныя сінтэтычныя матэрыялы.
У другой іпастасі грэбень - прылада для часання льнянога валакна. Вядомы драўляныя (найбольш старажытныя) і металічныя грэбені. На Беларусі бытавалі два тыпы драўляных грэбеняў: лапатападобныя (характэрныя для поўдня) і прамавугольныя (характэрныя для поўначы). Першы тып выраблялі з аднаго кавалка дрэва (асіны, бярозы). На лопасці (шырынёй 35 см) прарэзвалі зуб'е (20 - 25), лопасць пераходзіла ў ручку (80 - 90 см, звычайна ручку клалі на ўслон і садзіліся на яе).
Другі тып - прамавугольная дошка (даўжынёй 1 м, шырынёй 30 - 40 см), у цэнтры якой прыбівалі дошчачку з набітым на ёй драўляным зуб'ем. У 2-й палове 19 ст. пашыраны былі грэбені з металічным зуб'ем, набітым пасярэдзіне або на абодвух канцах дошкі (рэдкае і частае). У самаробных грэбенях набівалі звычайныя цвікі.
Часаць лён было не так цяжка, там валокны пасля церніцы праходзілі яшчэ этап трапання. Траплом валокны ўжо больш менш выраўніваліся, і часаць трэба было ў першую чаргу палойкі першага гатунку, якія ішлі на кужаль. На зрэбе можна было і не часаць.
Іншая справа з воўнай. Прасці нячэсаную воўну вельмі цяжка. Расчасаць воўну ўручную з высокай якасцю нават на жалезных грэбенях не проста. Таму існавалі ваўначосні, дзе воўну часалі з высокай якасцю ўжо з прымяненнем механізмаў.
Пры міжваеннай Польшчы ў Нясвіжскім павеце ваўначосня была ў Гавязне, як тады казалі - у мястэчку. Ваўначосня ў Гавязне перажыла вайну і працавала яшчэ ў 60-я гады ХХ стагоддзя. Ну, а пасля ў людзей не стала авечак і воўны, то і ваўначосня стала непатрэбнай.
Грэбень для расчэсвання выкарыстоўваецца і ў якасці музычнага інструмента меладычнага ці рытмічнага. Яшчэ ў 60-я гады ХХ стагоддзя старэйшыя вучылі моладзь граць на расчосках. А пазней тэхніка ўзяла верх.
Ад слова грэбці блізка і да слова грэбля. Грэбля - вельмі распаўсюджанае ў старыя часы дарожнае збудаванне. Разам з мастамі грэблі забяспечвалі функцыяванне дарожнай сістэмы. Грэбля - гэта насып у балоцістай мясцовасці, які ствараўся з дрэва, галля, фашынаў, укладзеных на грунт і перасыпаных зямлёй, пяском. Грэблі былі, як правіла, недаўгавечныя, іх рамантавалі ледзь не кожны год. Займаліся гэтым ці мясцовыя людзі, ці ўлады, і вядома ж ніхто тыя грэблі граблямі не награбаў. Калі грэбляй займалася дзяржава ці абшарнік, то для работ наймаліся грабары, людзі, якія займаліся землянымі работамі.
Адкуль узялося слова грабар, калі ён нічога не гроб. А тут і ўзнікае слова гроб у значэнні магіла або яма. Слова гроб у гэтым і блізкім значэннях існуе ў многіх славянскіх мовах. Слова гроб аднаскладовае і вельмі старое. І хаця ў санскрыце гучанне адрознае, у нямецкай мове слова магіла - Grab, магілы - Graber, магільшчык - Totengraber. Так што слова грабар трапіла да нас, па ўсім відаць, з нямецкай мовы ўжо як назва прафесіі або назва цэха грабароў-магільшчыкаў, а ў больш шырокім сэнсе - землякопаў.
Вось такая кругаверць словаў у мове.
Ірына Дыдышка - клубны работнік года
Ірына Маркаўна Дыдышка, малодшы навуковы супрацоўнік аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці", стала пераможцай штогадовага абласнога конкурсу імя А.І. Дубко за "Творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва" ў намінацыі "Клубны работнік года"!
Віншуем Ірыну Маркаўну з высокім дасягненнем і перамогай! Шчыра жадаем новых поспехаў і творчых адкрыццяў!
ТК "Культура Лідчыны".
Творы Язэпа Драздовіча і Алены Кіш на паштовых марках
11 студзеня Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпусціла ў абарачэнне чатыры паштовыя маркі з серыі "Маляванка".
Маляванкі атрымалі вялікае распаўсюджванне ў перыяд з 1920-х па 1960-я гады. Іх вешалі на сцены ў дамах для ўпрыгажэння або як абярэг. Паступова гэты від мастацтва пайшоў на спад з-за развіцця фабрычнай вытворчасці дываноў.
Дызайн марак ажыццявіла Яўгенія Бядонік, фота Сяргея Плыткевіча. Праект падрыхтаваны Белпоштай у супрацоўніцтве з гістарычна-культурным музеем-запаведнікам "Заслаўе". Наш кар.
Святое Васілле - шчодрая куцця
Аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры запрасіў усіх ахвочых на анімацыйную праграму "Святое Васілле - шчодрая куцця".
Наведвальнікаў чакаў расповяд пра традыцыйную калядную шчодрую куццю і абрад "Шчадрэц ".
Народны фальклорны гурт "Талер" разам з гасцямі ладзіў традыцыйныя беларускія калядныя абрады, гульні, варожбы, абрадавыя карагоды. А таксама ў неверагодную калядную вандроўку ўсіх наведвальнікаў запрасіў Народны лялечны тэатар "Батлейка".
ТК "Культура Лідчыны".
Скульптары наведалі Дом Таўлая
Дом Валянціна Таўлая наведалі вядомыя скульптары Беларусі Іван Якімавіч Міско і Сяргей Анатольевіч Логвін. Шаноўныя майстры манументальнага мастацтва пазнаёміліся з мемарыяльным пакоем беларускага паэта.
Іван Міско - народны мастак Беларусі. Яго дзядзя - беларускі паэт Якуб Міско, які сябраваў і працаваў з Валянцінам Таўлаем у рэдакцыі газеты "Уперад" у перадваенны час. Іван Якімавіч з'яўляецца аўтарам шматлікіх манументаў у Беларусі, прысвечаных вядомым пісьменнікам, дзеячам культуры, мастацтва і г. д.
Сяргей Логвін - таксама стваральнік значных манументальных аб'ектаў, якія ўстанаўліваюцца ў гарадах Беларусі.
Шаноўныя госці будуць прымаць удзел у адкрытым конкурсе эскізных праектаў помніка "Валянцін Таўлай", які будзе ўстаноўлены ў Лідзе і ўрачыста адкрыты ў Дзень беларускага пісьменства.
ТК "Культура Лідчыны".
ГЕНЕЗІС ВЕРША
Сталіца Перу, Ліма, горад Трох Каралёў, адзначыў 18 студзеня 490-годдзе з дня заснавання.
Перуанцы, адораныя бліскучымі паэтычнымі і музычнымі талентамі, дзеляцца з намі сваім глыбокім і мудрым поглядам на свет і творчасць.
Гэта літаратуразнаўчае эсэ раскрывае сутнасць і паходжанне верша, жывога мікракосмасу, які, па-за сваёй метрычнай структурай, выходзіць з падсвядомасці паэзіяй і шліфуецца паэтам. Будуючы з кожным страфой унікальны верш, напоўнены эмоцыямі, успамінамі і перажываннямі, якія ляжаць у глыбіні істоты!
Эла Оліна.
ЛІТАРАТУРНАЕ ЭСЭ: ГЕНЕЗІС ВЕРША.
(Saggio letterario)
I. УВОДЗIНЫ
У гэтым эсэ генезіс верша даследуецца як глыбокая і пераўтваральная з'ява, якая злучае свядомае з несвядомым, няспынная плынь, якая зыходзіць з глыбіні душы паэта. Верш па сваёй сутнасці значна большы, чым простая моўная адзінка. Гэта праява ўнутранага дыялогу, які фарміруе самыя патаемныя думкі і пачуцці творцы.
На працягу аналізу мы даследуем, як верш узнікае з несвядомага, дзейнічаючы як мост паміж прыдушанымі ўспамінамі, схаванымі жаданнямі і свядомасцю, якая перакладае іх у словы.
Верш Леанарда Сармі "Мае каханне прыйшло" бярэцца ў якасці прыкладу, каб праілюстраваць, як паэтычны твор становіцца не толькі сродкам эмацыйнага выказвання, але і каналам, які злучае паэта з чытачом у агульным доследзе.
Сапраўды, гэтак жа аналізуюцца псіхалагічныя і літаратурныя падыходы, якія ляжаць у аснове погляду на верш, на аснове тэорый Фрэйда, Юнга і Хайдэгера. Акрамя таго, неўралагічныя прынцыпы, якія падтрымліваюць мастацкую творчасць, уключаны, прапаноўваючы поўнае бачанне ўзаемасувязі паміж псіхікай, творчасцю і паэтычным выказваннем.
II. КАРОТКАЕ РЭЗЮМЭ
З аналітычнага пункту гледжання, генезіс верша паходзіць з несвядомага, велізарнага рэзервуара ўспамінаў, жаданняў і эмоцый. Затым паэтычная творчасць прадстаўляецца як сродак, які ператварае гэтую эмацыянальную плынь у адчувальнае выражэнне, даючы жыццё думкам і пачуццям, якія ў іншым выпадку засталіся б схаванымі ў глыбіні псіхікі.
Магія верша - у яго здольнасці быць індывідуальным, і калектыўным. Сам па сабе ён мае ўласную ідэнтычнасць і энергію; але разам ён злучае іншыя cтрофы, каб пабудаваць цэлае, якое з'яўляецца вершам. Гэтае перапляценне слоў і эмоцый надае форму паэтычнаму сусвету, дзе кожны радок з'яўляецца ніткай, якая злучае чытача з адчувальнасцю паэта, пераадольваючы бар'еры часу і прасторы.
Такім чынам, верш раскрываецца не толькі як істотны кампанент паэмы, але і як яе стрыжань. Гэта вынік пастаяннага дыялогу паміж свядомым і несвядомым, паміж тым, што вядома, і тым, што даследуецца. У гэтым узаемадзеянні заключаецца яго веліч: верш, як адлюстраванне душы паэта, становіцца тым мастом, які вядзе чытача да глыбіні яго ўласнай чалавечнасці, робячы паэзію ўніверсальным і глыбока чалавечым актам.
ІІІ. КАНЦЭПТУАЛІЗАЦЫЯ ПА ТЭОРЫІ ЛЕАНАРДА САРМІ
Верш не абмяжоўваецца наборам слоў, арганізаваных па правілах метра і кадэнцыі. Верш становіцца паэтычным мікракосмам, жывым аўтаномным сусветам, што выплывае з глыбіні несвядомага. Гэты мікракосм сілкуецца перажытым досведам як прыемным, так і балючым, тым, што ў многіх выпадках было выцеснена ці нават забыта. Паэзія, у гэтым сэнсе, прадстаўлена як сродак, праз які гэтыя схаваныя ўспаміны, эмоцыі і жаданні выплываюць на паверхню, надаючы ім форму і бачнасць.
Такім чынам, верш - гэта не толькі тэхнічная канструкцыя або структурная адзінка; гэта становіцца прамой праявай тых схаваных фрагментаў нашай істоты. Гэта адчувальнае адлюстраванне нашай псіхікі, таго, што звычайна знаходзіцца ў цені нашай свядомасці. Праз паэзію становіцца бачным нематэрыяльнае, адкрываецца схаванае.
У гэтым працэсе верш сілкуецца перажываннямі ад самых прыемных да самых балючых. Гаворка ідзе пра тое, каб накіраваць эмацыянальны струмень, які выцякае з глыбінь нашай істоты. Перакладаючы гэтыя эмоцыі ў словы, вы надаеце ім форму, даючы ім прастор у знешнім свеце, каб іншыя маглі іх распазнаць і, магчыма, звязаць з іх уласным досведам.
Мэта верша - пераканацца, што чытач можа не толькі адчуць тое, што перажывае паэт, але і распазнаць тое, што знаходзіцца ў ім самім. Такім чынам, верш - гэта не проста тэхніка, але сродак, які дазваляе нам лепш зразумець нашу агульную чалавечнасць. Гэта маленькая іскра з несвядомага, якая, знайшоўшы сваё рэчышча, трансфармуецца ў голас, здольны адгукнуцца ва ўсіх тых, хто, як і паэт, плавае ў складаных водах чалавечай псіхікі.
ІІІ. 1. Верш і паэма
Верш трэба разглядаць не толькі як структурны элемент паэзіі, але як сутнасную частку, якая істотна ўмешваецца ў арганічнае стварэнне верша. Акрамя простай сумы строфаў, верш прадстаўлены як канструкцыя, у якой кожны верш дзейнічае як цаглінка, якая будуе гарманічнае цэлае. Аднак кожная з гэтых "цаглін" мае ўласную жыццёвую сілу, эмацыянальны і сімвалічны зарад, які пераўзыходзіць яе функцыю ўнутры структуры. Такім чынам, верш ажывае як дынамічны арганізм, у якім кожны страфа ўносіць унікальны ўклад у агульны сэнс, надаючы яму душэўнасць і глыбіню.
У гэтым кантэксце верш - гэта значна больш, чым простая метрычная або рытмічная адзінка. Ён выступае як сродак, праз які знаходзіць выражэнне несвядомае паэта, і, адначасова, як мост, які дазваляе чытачу пагрузіцца ў інтэнсіўнае эмацыянальнае перажыванне. Узаемадзеянне паміж вершамі не толькі стварае фармальную структуру, але і пляце заблытаную сетку значэнняў, якая рэзаніруе як на эмацыйным, так і на сімвалічным узроўнях. Гэты рэзананс дазваляе больш глыбокае і тонкае разуменне складанасці чалавечага досведу.
Такім чынам, паэма, насычаная сутнасцю кожнага верша, не абмяжоўваецца адлюстраваннем унутранага свету паэта. Гэта таксама становіцца запрашэннем для чытача даследаваць уласны эмацыйны і сімвалічны сусвет, адпраўляючыся ў сумеснае падарожжа да глыбінь псіхікі. У гэтым абмене верш становіцца калектыўным люстэркам, якое адкрывае праз вершы шматграннасць чалавечага стану.
Ш. 2. Верш як эмацыянальна-часавая сувязь
Верш валодае унікальнай якасцю: здольнасцю звязваць сучаснасць з мінулым, ствараючы часовую сувязь, якая пераўзыходзіць бар'еры часу. Забытыя або выцесненыя перажыванні ўсплываюць праз яго, дазваляючы паэту перажыць вырашальныя моманты свайго жыцця і прапаноўваючы чытачу магчымасць адчуць тое самае эмацыянальнае ўзрушэнне. У гэтым сэнсе верш дзейнічае як мост, які злучае тое, што было, з тым, што ёсць, дадаючы шматслойны сэнс паэтычнаму досведу.
У дадатак да свайго часовага вымярэння, верш выступае як сродак доступу да ўзвышанага, таго пачуцця здзіўлення і трансцэндэнтнасці, якое мы адчуваем перад абліччам велізарнага, таямнічага і невядомага. Па меры таго, як у вершы праяўляецца несвядомае паэта, у вершы знаходзіць сваё месца ўзвышанае, ператвараючы штодзённае ў нешта незвычайнае. Гэтая якасць дазваляе чытачу праз словы перанесціся за межы звычайнага, у прастору, дзе зліваюцца эмацыянальнае і трансцэндэнтальнае.
Верш таксама захоўвае ўнутраную сувязь з душэўнай памяццю паэта. Гаворка ідзе не толькі пра ўспамін мінулых падзей, але і пра перажыванне эмоцый, звязаных з імі, ператварэнне іх у мастацтва. Гэты працэс ператварае верш у магутны сродак для вывучэння і выражэння складанасці чалавечага стану, надаючы яму глыбіню, якая рэзаніруе як са стваральнікам, так і з атрымальнікам.
З іншага боку, выходзячы з несвядомага, верш уяўляецца прасторай сапраўднай творчай свабоды, вольнай ад абмежаванняў, накладзеных сацыяльнымі ўмоўнасцямі або абмежаваннямі свядомай логікі. Менавіта ў гэтай прасторы паэт знаходзіць разняволенне свайго творчага духу, сцвярджаючы сваю аўтэнтычнасць і трансфармуючы асабістае ў твор, які адначасова з'яўляецца ўніверсальным. Такім чынам, верш становіцца непаўторным і значным выразам, адлюстраваннем унікальнасці паэта і запрашэннем да чытача адкрыць для сябе глыбіні ўласнай чалавечнасці.
IV. НАВУКОВЫЯ АСНОВЫ: НЕЙРАНАВУКІ, ПСІХАЛОГІЯ, ЛІТАРАТУРА І ФІЛАСОФІЯ
Тэорыя генезісу верша знаходзіць свае асновы ў сетцы навуковых, літаратурных і філасофскіх дысцыплін, якія разам ствараюць трывалую аснову гэтай паэтычнай канцэпцыі. Ад неўралогіі і псіхалогіі да літаратуры і філасофіі, кожная перспектыва ўносіць ключавую частку ў разуменне глыбіні і складанасці творчага працэсу.
IV. 1. Несвядомае як творчы генезіс
У галіне псіхалогіі і Карл Юнг, і Зігмунд Фрэйд згодныя ў вылучэнні цэнтральнай ролі несвядомага ў мастацкай творчасці. Паводле Юнга, калектыўнае несвядомае змяшчае ўніверсальныя архетыпы: шаблоны мыслення, эмоцыі і сімвалы, агульныя для ўсяго чалавецтва. Гэтыя архетыпы паўстаюць у мастацтве, асабліва ў паэзіі, як вобразы і метафары, якія звязваюць паэта з яго асабістым досведам і з чалавечым калектывам. Са свайго боку Фрэйд сцвярджаў, што сны і свабодныя асацыяцыі функцыянуюць як шляхі доступу да выцесненага зместу, які падчас творчага працэсу выяўляецца ў паэтычных формах. З гэтага пункту гледжання вершы - гэта не проста моўныя структуры, але сродкі, якія выводзяць на паверхню схаваныя ўспаміны і эмоцыі паэта, ператвараючы іх у мастацтва.
IV. 2. Неўралогія і творчы працэс
Неўралогія, са свайго боку, прапануе больш адчувальнае разуменне творчага працэсу. Даследаванні чалавечага мозгу выявілі ключавыя вобласці, такія як лімбічная сістэма, якая адказвае за эмацыйныя рэакцыі, і прэфрантальная кара галаўнога мозгу, звязаная з рацыяналізацыяй і прыняццем рашэнняў. Такое ўзаемадзеянне паміж эмоцыямі і пазнаннем дазваляе ўнутраным раздражняльнікам, такім як прыдушаныя ўспаміны або інтэнсіўныя перажыванні, інтэгравацца і з'яўляцца ў форме вершаў. Даследаванні ў галіне кагнітыўнай неўралогіі, напрыклад, праведзеныя Антоніа Дамасіо, падкрэсліваюць, што эмоцыі дзейнічаюць як важны рухавік для творчасці, асабліва ў мастацтве. У гэтых рамках паэзія становіцца праявай інтэграцыі паміж эмацыянальнымі і кагнітыўнымі механізмамі мозгу, надаючы вершу ўнікальную здольнасць перадаваць невыказнае і ўзвышанае.
IV. 3. Літаратура як выяўленне быцця
З пункту гледжання літаратуры і філасофіі, Марцін Хайдэгер выказаў здагадку, што паэтычная мова мае здольнасць "выкрываць" істоту, адкрываючы самыя глыбокія ісціны чалавечага існавання. Для Гайдэгера верш - гэта не толькі моўная структура, але прастора, дзе быццё выяўляецца ў самым чыстым выглядзе. У гэтым кантэксце верш дзейнічае як мост паміж суб'ектыўнасцю паэта і чытача, прапаноўваючы агульны досед самааналізу і сувязі з істотным. Такім чынам, паэзія становіцца формай прывілеяванага доступу да самых глыбокіх вымярэнняў жыцця і быцця.
IV. 4. Мастацтва як жыццёвае сцвярджэнне
Ствараючы вершы, паэт кідае выклік грамадскім умоўнасцям і абмежаванням, накладзеным свядомай логікай, дасягаючы ўзроўню аўтэнтычнасці, які пераўзыходзіць абмежаванні звычайнай мовы.
IV. 5. Верш як сінтэз чалавечага быцця
Генезіс верша нельга разумець як павярхоўны або ізаляваны акт. Гэта вынік глыбокага і складанага ўзаемадзеяння паміж несвядомым, мозгам і мовай. Неўралогія, тлумачачы, як эмоцыі фармуюць творчыя праявы, далучаецца да псіхалогіі, каб выявіць, як несвядомае паэта з'яўляецца рухальнай сілай яго мастацтва. Літаратура і філасофія, са свайго боку, пашыраюць гэтае бачанне, разглядаючы верш як трансцэндэнтальнае выражэнне стану чалавека.
Такім чынам, верш выходзіць з глыбіні істоты, напоўнены эмоцыямі, успамінамі і ўніверсальнымі сэнсамі, становячыся магутным інструментам для вывучэння, перадачы і трансфармацыі найбольш інтымнага і ўніверсальнага досведу чалавецтва. Гэты міждысцыплінарны падыход не толькі пацвярджае сілу верша, але і ўзмацняе яго здольнасць рэзаніраваць з чытачом, злучаючы ўнутраны і знешні светы ва ўнікальным і трансфармацыйным паэтычным доследзе.
V. ГЛЫБОКІ АНАЛІЗ: ГЕНЕЗІС ВЕРША
Генезіс верша - гэта складаны і глыбокі працэс, які пераўзыходзіць яго простую структуру ў вершы. Леанарда Сармі сцвярджае, што верш узнікае з узаемадзеяння свядомасці і несвядомага паэта, становячыся каналам, дзе зліваюцца эмоцыі, успаміны і сімвалізм, якія, сфармуляваны ў словах, раскрываюць самыя інтымныя пласты быцця. З міждысцыплінарнага падыходу, які ахоплівае неўралогію, псіхалогію і літаратуру, верш прадстаўлены не толькі як структурная адзінка, але як жывая істота, якая мае зносіны і трансфармуецца.
Паходжанне верша ляжыць у несвядомым паэта, вялізным сховішчы прыдушаных або схаваных перажыванняў і эмоцый, якія імкнуцца выказаць сябе. Паводле Карла Юнга, калектыўнае бессвядомае захоўвае ўніверсальныя архетыпы, сімвалічныя ўзоры, якія, праяўляючыся ў паэзіі, звязваюць асобу з агульным чалавечым досведам. Акрамя таго, Зігмунд Фрэйд сцвярджае, што сны і свабодныя асацыяцыі дзейнічаюць як вокны ў несвядомае, дазваляючы стрыманым зместам выяўляцца падчас творчага акту. Такім чынам, кожны верш становіцца рэхам тых унутраных галасоў, якія знаходзяць сваё аблічча праз паэтычную мову.
У гэтым кантэксце верш - гэта больш, чым радок тэксту. Гэта мікракосм з уласным жыццём, здольным перадаваць інтэнсіўныя эмоцыі і глыбока рэзаніраваць з чытачом. З пункту гледжання нейранавукі, гэты рэзананс тлумачыцца ўзаемадзеяннем паміж лімбічнай сістэмай, адказнай за апрацоўку эмоцый, і прэфрантальнай карой, адказнай за рацыяналізацыю і творчае самавыяўленне. Антоніа Дамасіо, вядомы неўролаг, падкрэслівае, што эмоцыі з'яўляюцца найважнейшым рухавіком для творчасці, асабліва ў такіх мастацкіх працэсах, як пісьмо. Пры стварэнні вершаў гэтае ўзаемадзеянне ператварае ўспаміны і эмоцыі ў вобразы, метафары і рытмы, якія ўзбагачаюць паэтычны досвед.
Красамоўны прыклад такога ўзаемадзеяння можна знайсці ў вершы "Мае каханне прыйшло" Леанарда Сармі:
"Маё каханне прыйшло! У поплаве лілей,
спускаючыся, пранікла праз уздых кветкі",-
гэтыя радкі не толькі апісваюць прыход кахання, але праз вобразы, насычаныя сімвалізмам. Лілеі і кветкі ўвасабляюць надзею і чысціню, элементы, якія ўзнікаюць з несвядомага паэта і якія, калі трансфармуюцца ў словы, злучаюцца з самымі інтымнымі пачуццямі чытача.
"Мае дрыготкія рукі абдымаюць адна адну,
Я адчыню для яе атрыум маёй адзіноты",-
гэтыя словы паказваюць дваістасць паміж уразлівасцю і надзеяй. Дрыжанне рук пераўзыходзіць сваё фізічнае вымярэнне і становіцца адлюстраваннем унутранага пачуцця паэта, сувяззю яго несвядомай і свядомай мовай.
З літаратурнага поля кожны верш паўстае як аўтаномная адзінка, прастора, у якой зліваюцца эмоцыі і сэнсы. Радок: "Душа мая трапеча", - парадыгматычны прыклад гэтага ўзаемадзеяння.
Гэты радок не толькі перадае эмацыйны стан, але намякае на ўнутранае трымценне, вібрацыю самай глыбокай істоты. Уключэнне тэрміну "душа" павышае сэнс верша, ператвараючы яго ў метафару, якая ахоплівае ўнутраны канфлікт, досвед, які не абмяжоўваецца фізічным, але ахоплівае абстрактнае і нематэрыяльнае.
Радок, убудаваны ў кантэкст страфы або цэлага верша, набывае арганічнасць, як клетка ў літаратурным арганізме. Кожны радок уносіць свой уклад у цэлае, але захоўвае сваю эмацыйную аўтаномію, ствараючы сінэргію, якая ўзвышае паэтычны досвед як для творцы, так і для чытача. Гэты эмацыйны і сімвалічны мікрасвет робіць верш унікальным сродкам для вывучэння, перадачы і трансфармацыі самых глыбокіх чалавечых эмоцый.
Такім чынам, генезіс верша, паводле Сармі, разумеецца як шматмерны працэс, дзе сыходзяцца навука, мастацтва і філасофія. Верш - гэта не проста літаратурная канструкцыя. Гэта жывы выраз узаемадзеяння паміж несвядомым і мовай, інструмент, які выяўляе і трансфармуе самую глыбокую частку чалавечай істоты.
VI. ЗАКЛЮЧЭННЕ
У заключэнне тэорыя Сармі аб генезісе верша сцвярджае, што гэта не проста метрычная адзінка або паслядоўнасць слоў, але жывая праява чалавечай псіхікі, праекцыя эмоцый, успамінаў і жаданняў, якія выходзяць з глыбіні. Верш матэрыялізуецца як мастацкае выказванне, якое трансфармуе выцесненыя або забытыя перажыванні, надае ім форму, сэнс і трансцэндэнтнасць.
У гэтай тэорыі падкрэсліваецца, што верш з'яўляецца вынікам дынамічнага працэсу, у якім пераплятаюцца свядомае і несвядомае. Для паэта пісьмо - гэта не толькі тэхнічны акт, але і канал выхаду на волю самых інтымных эмоцый і перажыванняў, тых, што застаюцца схаванымі, пакуль не знаходзяць свайго голасу ў словах.
З літаратурнага пункту гледжання кожны верш можна разглядаць як мікракосм, аўтаномную адзінку, якая кандэнсуе непаўторны эмацыйны і сімвалічны зарад. Больш, чым проста частка верша, радок з'яўляецца жывым арганізмам, які, аб'яднаны ў страфу ці поўны верш, спрыяе стварэнню сімвалічнай прасторы. Гэтая прастора выступае мостам паміж мінулым і сучасным, паміж свядомым і несвядомым, паміж паэтам і чытачом. У гэтай сувязі заключаецца сапраўдная сіла верша: яго здольнасць выказваць самыя глыбокія чалавечыя пачуцці і наладжваць універсальны і пазачасавы дыялог.
Канцэпцыя генезісу верша не толькі падкрэслівае яго тэхнічны або эстэтычны характар, але і афармляе яго як акт выяўлення. Гэта працэс, у якім паэт ператварае свой унутраны свет у мастацтва, запрашаючы чытача паўдзельнічаць у падарожжы самапазнання. Кожны верш, калі ён напісаны, з'яўляецца праявай душы, прасторай, дзе пераплятаюцца грані чалавечай істоты, каб прапанаваць сапраўдны і глыбока чалавечы літаратурны вопыт.
У канчатковым рахунку, генезіс верша - гэта не толькі творчы працэс, але і акт эмацыянальнай і сімвалічнай сувязі, які пацвярджае здольнасць паэтычнай мовы пераадольваць бар'еры, раскрываць ісціну і знаходзіць водгук у душы тых, хто яе чытае.
...
Леанарда Сарм'ента, Ліма.(Пераклад Элы Олінай.)
120 гадоў з дня нараджэння Алеся Пальчэўскага
16 студзеня споўнілася 120 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка Алеся Пальчэўскага (1905-1979).
Ёсць на Уздзеншчыне маляўнічая вёска Прусінава. Размясцілася яна каля вытоку Нёмана, сярод густых хваёвых лясоў. Тут у сям'і селяніна нарадзіўся Алесь Пальчэўскі - вядомы беларускі пісьменнік. Ён быў адзінаццатым дзіцем у бацькі, якому належала ўсяго 3,5 гектара ворнай зямлі. Каб жыць на гэтым надзеле, трэба было працаваць ад цямна да цямна. Да працы з самых малых гадоў прызвычаіўся і Алесь. Яму было наканавана застацца на вёсцы, але хлопец прагна цягнуўся да ведаў: шмат чытаў, ладзіў у вёсцы спектаклі, падпісваў аднавяскоўцаў на газеты.
Пасля заканчэння пачатковай школы ў Прусінаве ён вучыўся ў вышэйшым пачатковым вучылішчы ў вёсцы Новы Свержань, на Стаўбцоўшчыне, потым паступіў на рабфак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, пасля стаў студэнтам філфака. Вучыўся Пальчэўскі ў адной групе з Пятрусём Броўкам, Янам Скрыганам, Сымонам Баранавых, Васілём Кавалём, спрабаваў пісаць сам. З дабраславення Кузьмы Чорнага яго першыя творы пачалі з'яўляцца ў сталічных выданнях з 1925 года, але пачаткам літаратурнай дзейнасці Алесь Восіпавіч лічыў 1926 год, калі ў часопісе "Малады араты" было надрукавана яго апавяданне "Ахвяра".
У 1931 годзе Алесь Пальчэўскі скончыў універсітэт, а праз год у выдавецтве "Чырвоная змена" выйшла асобнай кніжкай яго п'еса для школьнай самадзейнасці "З чырвоным сцягам", у 1934 годзе ў Дзяржаўным выдавецтве Беларусі - п'еса "Зломаная іголка". Захапленне драматургіяй жыло з таго часу, як у роднай вёсцы паэт пачаў прымаць актыўны ўдзел у самадзейнасці. Патрэбных твораў не хапала, таму і даводзілася самому брацца за пяро. Пасля заканчэння ўніверсітэта, Алесь Пальчэўскі займаўся выдавецка-газетнай працай. Працаваў адказным сакратаром рэдакцыі часопіса "Кааперацыя БССР", затым - у часопісе "Шляхі калектывізацыі", у дзіцячым часопісе "Іскры Ільіча". У гэты перыяд ён рыхтаваў да друку зборнік апавяданняў для дзяцей "Акурак". Аднак 26 лістапада 1936 года жыццё літаратара набыло новы паварот: яго аб'явілі "ворагам народа", а 1 кастрычніка 1937 года прыгаварылі да васьмі гадоў пазбаўлення волі.
Пасля рэабілітацыі ў 1954 годзе Алесь Пальчэўскі вярнуўся ў Менск. Ён працаваў у газеце "Зорька", рэдактарам у Дзяржвыдавецтве БССР, а з 1961 па 1971 год - адказным сакратаром часопіса "Вясёлка".
Пісьменніку давялося нанава ўваходзіць у літаратуру. Ён выдаў некалькі кніг для дарослых чытачоў, аднак больш пісаў дзецям. Напісанае і выдадзенае да вайны стала бібліяграфічнай рэдкасцю, а сапраўднае знаёмства з пісьменнікам адбылося ў канцы 1950-х гадоў, калі выйшлі яго кнігі "Родныя берагі" і "Беражанкі". З апошняй кніжкі і пачаліся для Алеся Пальчэўскага сапраўдныя ўваходзіны ў дзіцячую літаратуру. "Ты не адзін" (1960), "Аля і Галя" (1961), "Дым над лесам" (1964), "Данеўцы - нашы знаёмыя" (1965), "Таемная крушня" (1969), "Тайна аднаго звяна" (1971), "Аднавокі сом" (1974) - усе гэтыя кнігі прызначаліся юнаму чытачу. Самы значны з твораў Алеся Пальчэўскага для дзяцей - аўтабіяграфічная аповесць "Сцежкі" (1977). Яна стала для пісьменніка лебядзінай песняй.
Смерць застала Алеся Пальчэўскага на парозе яго 75-годдзя (памёр 26.04.1979 г.). Застала нечакана, за рабочым сталом, калі ён рыхтаваў два тамы выбраных твораў. Тастамант пра пахаванне быў пакінуты свайму вернаму сябру і жонцы, таксама пісьменніцы, якая прайшла сталінскія лагеры, - Тамары Цулукідзе. Спачываць вечна ён пажадаў побач з магіламі сваіх бацькоў. Там, у родным Прусінаве, на высокай наднёманскай кручы, пад шатамі хвой, ён і пахаваны.
NN
Князь Мірскі1
Фрагмент успамінаў
Аляксандр Мяйштовіч
Ад перакладчыка: Фрагмент успамінаў Аляксандра Мяйштовіча (1864-1943) пра князя Мірскага і помнік царыцы Кацярыне ў Вільні, друкуецца як каментар да вялікіх, раней надрукаваных успамінаў Гіпаліта Корвін-Мілеўскага. Аляксандр Мяйштовіч быў віца-старшынём Ковенскага таварыства сельскай гаспадаркі (1900-1904) і шматгадовым старшынём Віленскага зямельнага банка, дэпутатам ад Ковенскай губерні ў Дзяржаўным Савеце Расійскай імперыі (1909-1917), дзе ўваходзіў у склад дэпутацкай групоўкі "Кола Літвы і Русі". Старшыня Часовай урадавай камісіі Сярэдняй Літвы (1921-1922). У міжваеннай Польшчы меў пасаду міністрам юстыцыі (1926-1928).
У 1905-1911 гг. быў прыхільнікам ідэй "краёвасці" і фінансаваў выданне газеты "Кур'ер Літоўскі", у 1911-1918 гг. стаў прыхільнікам ідэй нацыянальна-дэмакратычнай партыі, у 1918-1939 гг. быў адным з лідараў "віленскіх кансерватараў".
15 верасня 1902 г князь Мірскі быў прызначаны віленскім генерал-губернатарам.
Князь Пётр Мірскі належаў да вядомага і старадаўняга роду нашага краю: Мірскія - Рурыкавічы. Рыгор Мірскі, падкаморы брацлаўскі, жыў у сярэдзіне XVI ст., меў сыноў: Лукаша і Абрагама, якія сталі родапачынальнікамі дзвюх галін Мірскіх.
Ад Лукаша паходзіў князь Пётр. Дзед князя Пятра Тамаш Багуміл Ян Мірскі, дзедзіч Старой Ганчы ў Аўгустове, дэпутат сойма 1823 г., радца адміністрацыйнай дэлегацыі пры Дзяржаўным савеце каралеўства, эміграваў у 1831 г. Тамаш Мірскі, вярнуўшыся з эміграцыі, пасяліўся ў Расіі, прыняў праваслаўе і парваў з уласным грамадствам. Не ведаю, што паўплывала на гэтае рэнегацтва: ці знеахвочанасць ад нашага грамадства з-за нейкіх эміграцыйных спрэчак, ці нейкія матэрыяльныя меркаванні? Але рэнегаты заўсёды адыёзныя, асабліва калі пераходзяць у лагер праціўніка. Аднак матывы гэтага рэнегацтва былі б цікавыя, бо яны маглі б праліць святло на псіхалогію кн. Мірскага, які быў унукам Тамаша. У 1861 г. Тамаш Мірскі атрымаў у Расіі пацвярджэнне княжацкага тытула, які яшчэ раней, у 1821 г., быў прызнаны сенатам Польскага каралеўства, і стаў заснавальнікам расійскай лініі Мірскіх. Ад жонкі Марыяны Носціц-Яцкоўскай меў двух сыноў: Дзмітра і Мікалая. З іх Мікалай - генерал ад кавалерыі, атаман войска Данскога і, нарэшце, член Расійскага дзяржаўнага савета, набыў у князя Гогенлоэ Мір з прыгожым старым замкам, дзе цяпер і жывуць дзеці князя Мікалая. Ці быў калісьці Мір калыскай роду Мірскіх? Гістарычных сведчанняў пра гэта няма. [....]
Князь Дзмітры, старэйшы сын Тамаша, генерал ад інфантэрыі, камандуючы Харкаўскай ваеннай акругай, жанаты з княжной Зоф'яй Арбеляні, - быў бацькам кн. Пятра.
Князь Пётр 1857 г. н., генерал-ад'ютант і да 1894 г. прадвадзіцель дваранства Харкаўскага павета, у 1898 г. генерал-губернатар Пензенскі, Екацярынаслаўскі, затым намеснік міністра ўнутраных спраў і шэф жандараў пры міністры Сіпягіне, пакінуў гэтую пасаду з-за неадпаведнасці сваіх поглядаў з поглядамі міністра Плеве, з 1 верасня 1902 г. па 27 жніўня 1904 г. - віленскі генерал-губернатар, нарэшце міністр унутраных спраў. Быў жанаты з графіняй Кацярынай Бабрынскай, дачкой Аляксея, маршалка дваранства Маскоўскай губерні. Да прыезду ў Вільню ён, мусіць, аўдавеў, бо жонкі яго мы тут не бачылі.
Князь Пётр Мірскі ведаў сваё паходжанне, клапаціўся пра адносіны з палякамі і быў кузэнам пані Марыі Ленскай, у дзявоцтве княжны Любецкай, народжанай Мірскай, хоць гэтае кроўнае сваяцтва павінна было адносіцца да XVI ст., бо княгіня Любецкая, у дзявоцтве Мірская, паходзіла не ад Лукаша, а ад Абрагама Мірскага. Сямейныя традыцыі мелі значэнне для князя Мірскага. Ён разумеў увесь жах пераследу, які абрынуўся на наш край, і хацеў зрабіць нешта карыснае. Ён разумеў цяжкае становішча шляхты, з якой сам паходзіў і, каб палепшыць яго, хацеў наблізіць шляхту да трона і імператарскай сям'і.
Князь Мірскі наведаў Коўню ў лютым 1903 г., у ліпені таго ж года адправіўся на экскурсію па Нёмане ў кампаніі барона дэ Бажа, француза, які цікавіўся гісторыяй і этнаграфіяй краіны, а 8 траўня 1904 г. адкрыў і з вялікай цікавасцю наведаў Панявежскую выставу.
Калі вялікі князь Уладзімір, брат Аляксандра ІІІ і дзядзька Мікалая ІІ, 29 чэрвеня 1903 г. прыехаў у Коўню з нагоды 100-годдзя Наварасійскага драгунскага палка, шэфам якога быў, князь Мірскі спрабаваў паўплываць на нас, каб мы сказалі вялікаму князю, што рыхтуем для яго вечарыну. Гэтага мы не маглі аспрэчыць і даволі лёгка пагадзіліся, ведаючы намеры кн. Мірскага. Вялікі князь наведаў Ковенскі сіндыкат, дзе быў ушанаваны Аскарам Мяйштовічам, і зацікавіўся некалькімі сельскагаспадарчымі машынамі. Затым ён абедаў у павільёне, спехам пабудаваным для яго прыёму на Пятроўскай гары, дзе меўся цудоўны від на Коўню. Памятаю, што граф Адам Плятэр весела размаўляў з ім з элегантнасцю старога свецкага чалавека, што князь Уладзіслаў Любецкі, які меў маёнткі ў Шаўлях і часам прыязджаў на нашыя сустрэчы, забаўляў вялікага князя расповедамі пра Ніцу, пра якую ў вялікага князя, мусіць, засталіся добрыя ўспаміны, і што вялікі князь нагадаў нам, як яго разам з жонкай, княгіняй Марыяй Паўлаўнай, народжанай княгіняй Альдэнбургскай, аднойчы прымалі ў прыгожым Чырвоным Двары. Вялікі князь быў вельмі ветлівы з намі і значна больш стрыманы ў адносінах з нашымі расійскімі саноўнікамі, перад якімі ён паводзіў сябе крыху як дзедзіч у фальварку. "Дзе губернатар? Няхай прыязджае", - сказаў ён, як сказаў бы, - "дзе аканом, дзе ляснік?" Вяроўкін, які быў у той час маршалкам Гарадзенскай губерні, хацеў за абедам сесці злева ад вялікага князя, на месца, прызначанае Мірскім для віцэ-прэзідэнта Таварыства сельскай гаспадаркі. Я не ствараў ніякіх праблем. Аднак мне было прыемна, што вялікі князь ні разу не загаварыў з Вяроўкіным і ўвесь час звяртаўся да графа Адама Плятэра, якога меў справа ад сябе. Вялікі князь застаўся задаволены нашым прыёмам.
Потым, перад цырымоніяй асвячэння помніка імператрыцы Кацярыне ІІ у Вільні, мы аказаліся ў значна больш цяжкім становішчы. Князь Мірскі быў яшчэ генерал-губернатарам, калі Аляксандр Мілер, як маршалак Ковенскай губерні, склікаў нараду, з мэтай высветліць, ці магчымая наша прысутнасць на гэтай цырымоніі, і распавёў нам пра вялікую карысць, якую гэта прысутнасць можа прынесці краю. Яму адмовілі і наўпрост нагадалі, што імя імператрыцы Кацярыны звязана для нас з самымі цяжкімі ўспамінамі, і пагадзіліся, што наша лаяльнасць часта суправаджалася толькі ўзмацненнем пераследу. Панове ў Вільні стаялі на нашым баку, але кн. Мірскі настойваў, бо лічыў нашу прысутнасць на адкрыцці помніка неабходнай падставай для ажыццяўлення сваіх карысных для нас намераў, а неўзабаве мы сутыкнуліся з дзвюма новымі акалічнасцямі, якімі былі прыезд на віленскія ўрачыстасці цара ці вялікага князя Міхаіла.
27 жніўня 1904 г. кн. Мірскі быў вылучаны на пасаду Міністра ўнутраных спраў. 1 верасня ён быў у Вільні, запрасіў 9 вядомых прадстаўнікоў нашага грамадства і сказаў ім прамову, якую старанна запісаў пан Міхал Вяслаўскі, пазнейшы шматгадовы бурмістр Вільні. Князь Мірскі напачатку адзначыў, што ён разумее нашу сітуацыю і што яму вядомыя прычыны, якія прымушаюць нас неахвотна ставіцца да маючых адбыцца ў Вільні святкаванняў.
"Але з пункту гледжання расейскай дзяржаўнасці, помнік імператрыцы Кацярыне мае быць доказам заспакаення краіны, пасля якога павінна наступіць новая эра раўнапраўя", - сказаў кн. Мірскі словы, якія абагульнялі нашы тагачасныя жаданні.
"Але мая дзейнасць у Вільні павінна была пераканаць вас у маіх намерах, калі я дапамагаў вам як генерал-губернатар, то мне як міністру ўнутраных спраў рабіць гэта будзе яшчэ лягчэй. Паны, аднак, павінны падтрымаць мяне. Вы павінны прысутнічаць на адкрыцці помніка, каб брат імператара мог сказаць пра гэта імператару, а ваша адсутнасць прыцягне ўвагу і будзе ўспрынята як доказ вашай нелаяльнасці".
Падчас сваёй прамовы кн. Мірскі адзначыў розніцу паміж Каралеўствам Польскім і нашым краем, і прызнаў, што калі б у Каралеўстве паставілі помнік Кацярыне, гэта было б нетактычна і недарэчна, дадаў таксама, што калі ён гаварыў з імператарам аб неабходнасці верацярпімасці, імператар сказаў яму: "Так, гэта тое, што я хачу, гэта важна".
Пасля гэтай прамовы кн. Мірскі выклаў сваю праграму ў больш сціслым коле. У гэтай праграме меліся пункты, якіх мы дамагаліся ад расейскіх ўлад, у тым ліку пра польскія школы, што здавалася нам тады недасяжным жаданнем. Памятаю, што ў гэтай размове ўдзельнічалі паны Гіпаліт Гячэвіч і Павел Конча. Абяцанні кн. Мірскага не былі для мяне нечым новым, бо разам з графам Аляксандрам Тышкевічам я неяк наведаў князя ў Маркуцях пад Вільняй, дзе ён адпачываў летам у графіні Мусінай-Пушкінай і з тагачаснай размовы ведаў пра яго намеры.
Праз некалькі дзён пасля прамовы князя Мірскага, пэўна, 3 верасня, я быў у Вільні на сходзе, складзеным з прадстаўнікоў трох нашых губерняў, дзе была зачытана прамова Мірскага. Гэтая сустрэча праходзіла ў атмасферы прыгнечанасці. Усе не жадалі ўдзельнічаць у віленскіх урачыстасцях. Аднак усе верылі ў добрыя намеры Мірскага і разумелі, што адмова разбурыць іх. Ніхто не хацеў браць на сябе адказнасць. Былі і тыя, хто сам прымаць удзел не хацеў, але хацеў, каб іншыя удзельнічалі. Урэшце была прынятая пастанова, што прысутнасць на адкрыцці помніка не будзе лічыцца грахом. Я памятаю, што нехта не з ліку нашых абывацеляў хацеў прыйсці на сход і "выступіць ад імя Кангрэсоўкі", але яго не пусцілі ў памяшканне, бо ён не меў права выступаць. Супраць нашага ўдзелу ў віленскіх урачыстасцях выказваўся Леан Контрым, які пазней у прымаў у іх удзел, і Казімір Янчэўскі, які ўдзелу не прымаў, што пан Гіпаліт Гячэвіч, які заўсёды быў гатовы вельмі выразна прынесці максімальныя ахвяры для краю, вельмі цвёрда абвясціў, што будзе прысутнічаць на адкрыцці помніка, і што прафесар Мар'ян Здзяхоўскі сядзеў на сходзе моўчкі.
Што да мяне, то я выступаў толькі, каб нешта ўдакладніць ці задаваў пабочныя пытанні - мне было цяжка прыняць рашэнне. Перад ад'ездам з Вільні я размаўляў з тагачасным віленскім кс.-біскупам баронам Ропам, які лічыў, што нельга адмаўляцца ад князя Мірскага як з рэлігійных, так і з нацыянальных меркаванняў, а таксама з графам Адамам Плятэрам, які падзяляў думку біскупа Ропа, хоць выдатна разумеў, наколькі сітуацыя складаная. Я даведаўся, што прысутнічаю ў спісах на дзень адкрыцця і шчыра прасіў графа Адама Плятэра выключыць мяне з гэтага спісу, але разумеў, што на гэта засталося мала часу. Я ведаў, што князь Мірскі ўвёў нас у гэтыя спісы выключна таму, што хацеў "наблізіць нашу шляхту да трона", але думка аб гэтым мяне вельмі раздражняла.
З Вільні я з'ехаў у вельмі цяжкім настроі.
Гарачы патрыятызм і шчырая прывязанасць да краю былі галоўнымі рысамі дома, які я пакінуў. У 1863 годзе мой бацька хацеў не дапусціць выбуху паўстання, але пасля паўстання ледзь не страціў Паёсць2. Папярэджаны аб магчымасці канфіскацыі, ён ужо заключыў дамову куплі-продажу маёнтка, каб нешта атрымаць да патопу. Гэтаму продажу коштам вяртання пакупніку падвойнага закладу перашкодзіла мая маці, якая ў той час была яшчэ вельмі маладой, калі небяспека канфіскацыі, здавалася, была прадухілена. Так пасля паўстання мы засталіся ў Паёсці, але ў надзвычай цяжкіх умовах, якія напаўнялі маіх бацькоў абурэннем і жахам.
Мае раннія гады прайшлі пад уплывам пісьменнікаў, якія ідэалізавалі нашу мінуўшчыну, і я памятаю, як у дзяцінстве з глыбокай пашанай глядзеў на выявы польскіх каралёў і нашы сямейныя партрэты. У дзяцінстве я быў хранічна і цяжка хворы, і ў мяне склалася ўражанне, што доўгія пакуты і вымушаная адзінота развіваюць не толькі ўяўленне дзіцяці, але і яго пачуцці і думкі. Мае патрыятычныя пачуцці і пашана да нашай мінуўшчыны пазней выклікалі пераслед, сведкам якога я быў у школьныя гады. Гэты пераслед выклікаў супраціў, а віленскія камяні ўскалыхнулі ўспаміны пра наша вялікае мінулае. У той час я напісаў некалькі няўдалых, але добра сустрэтых строфаў, у якіх нагадваў, што вучні віленскіх школ ёсць спадкаемцы філарэтаў і заснаваў патрыятычны гурток. У пустой тады могілкавай капліцы на рацэ Віліі, якую я бачу сёння са сваіх вокнаў на вуліцы Зыгмунтоўскай, я і мае маладыя калегі далі прысягу верна служыць айчыне. [...]
Справы нашы былі, безумоўна, кепскія, і трэба было ўмацоўваць і ратаваць наш ... элемент, а дабіцца гэтага можна было праз пагадненне з расейскім урадам аб раўнапраўі. Стварэнне сельскагаспадарчых таварыстваў стала першым прарывам сістэмы, і падчас майго віцэ-прэзідэнцтва я на свае вочы бачыў, наколькі гэтыя таварыствы могуць нас умацаваць. Рускія нацыяналісты рабілі ўсё магчымае, каб не дапусціць роўных правоў і паціралі б рукі, калі б мы вырашылі адмовіць кн. Мірскаму. Каб дамагчыся роўнасці правоў, трэба было пагадзіцца з прызнаннем расійскай дзяржаўнасці і пры тым не баяцца заяў галіцыйскага кшталту: "На гэтым стаялі і стаць будзем". Аднак нам было агідна, што ўрачыстасці ў Вільні звязаны з адкрыцьцём помніка імператрыцы, і балела нацыянальнае пачуццё з-за ўдзелу ў гэтых урачыстасцях. Але ці можна было перашкодзіць ажыццяўленню намаганняў кн. Мірскага, ад якога залежала наша далейшае існаванне ў Літве? Здаровы сэнс падказваў не адмаўляць Мірскаму.
У Паёсці я меў некалькі дзён адпачынку, якія прысвяціў успамінам свайго мінулага і дасканаламу аналізу нашай сітуацыі.
[...] у 1904 годзе мы не думалі пра немінучы выбух сусветнай вайны і яе цудоўныя наступствы для нашага народа. Вельмі магчыма, што калі б мы гэта ведалі, наша рашэнне было б іншым. І ў 1904 г. не прадбачылі, што адроджаная Польшча не пацягнецца да Ковенскай Летувы і што, заключыўшы Рыжскую дамову, забудзе пра свае абавязацельствы перад нашым краем і так лёгка адрачэцца ад нас. Але каб мы і прадчувалі ўсё гэта, хутчэй за ўсё выказаліся б за ўдзел у віленскіх урачыстасцях. Калі, аднак, казаць ex post з пункту гледжання цяперашніх межаў Польшчы, то трэба прызнаць, што тая частка нашага краю, якая засталася ў межах Польшчы, з 1905 г. атрымала вельмі значныя палёгкі, і гэтыя палёгкі, несумненна, паспрыялі захаванню нашага статусу.
9 верасня я прыехаў у Вільню, і майму прыезду вельмі ўзрадаваліся п.п. Адам Плятэр, Гіпаліт Гячэвіч і Канстанцін Скірмунт, якія не былі ўпэўнены, ці прыеду я ў Вільню, каб падзяліць з імі гэты горкі келіх. Таксама мяне з вялікім задавальненнем прыняў кс.-біскуп барон Роп і князь Мірскі, якія сказалі мяне некалькі добрых слоў.
Вялікі князь Міхаіл прыбыў у Вільню 10 верасня ў 10-10 г. На вакзале яго сустрэлі вайсковыя і цывільныя ўлады з князем Мірскім на чале. Прэзідэнт горада сустрэў яго хлебам-соллю. А палове на адзінаццатую вялікі князь стаяў на катэдральнай плошчы, дзе яго чакала праваслаўнае і каталіцкае духавенства, група нашых грамадзян, шматлікія вайсковыя адзінкі і пані Антакольская, удава вядомага скульптара Антакольскага, які паходзіў з Вільні і выканаў помнік імператрыцы. Пасля прадстаўлення, каталіцкае духавенства накіравалася ў катэдру, дзе адбылося ўрачыстае набажэнства. Праваслаўнае набажэнства адбылося перад помнікам, які, трэба прызнаць, быў мастацкім творам, у адрозненні ад помнікаў, якія пастаўлены сёння і якія запаскуджваюць нашы гарады. А 1-й гадзіне снеданне адбылося ў вялікай зале палаца Масальскіх, які сёння з'яўляецца рэзідэнцыяй ваяводы, а тады быў рэзідэнцыяй віленскага генерал-губернатара. На гэтым сняданку прысутнічала каля сарака палякаў. Яе арганізаваў кн. Мірскі - кіраўнік будаўніцтва помніка. Яно было вельмі кароткім, толькі з трох страў, і князь Мірскі слушна зазначыў, што пры такой колькасці гасцей меню павінна быць кароткім, што сёння не разумеюць. Пасля снедання, Вялікі князь накіраваўся ў праваслаўны манастыр св. Духа і да Вострай брамы, дзе яго сустрэў біскуп барон Роп, згодна з касцельным цырыманіялам, якога наша духавенства вельмі строга прытрымлівалася ў расейскія часы. А 5-й гадзіне ў Бернардынскім садзе як маршалак віленскай шляхты некалькі сотняў чалавек на гарбату прымаў гр. Адам Плятэр. Перад гарбатай прадставілі князю ўсіх нашых абшарнікаў, якія не былі прадстаўлены яму на Саборнай плошчы. Памятаю, што п. Адам Плятэр, падчас сняданку ў кн. Мірскага, а таксама падчас гарбаты ў Бернардынскім садзе расказваў маскалям розныя анекдоты з жыцця імператрыцы і вельмі ўмела іранізаваў з няўдалай думкі звязаць віленскія ўрачыстасці з імем гэтай блудніцы. Адразу пасля гарбаты вялікі князь выехаў на вакзал і вярнуўся ў Пецярбург. На той момант яму было ўсяго 26 гадоў, і ён здаўся нам вельмі разумным і спакойным маладым чалавекам. Мясцовая расейская прэса надрукавала разгорнутую інфармацыю пра віленскія святкаванні без каментароў і абразаў. Яна разумела, што наш удзел у гэтых святкаваннях быў не больш, чым прызнаннем расейскай дзяржаўнасці. "Виленский вестник" назваў гэтыя ўрачыстасці мірным святкаваннем адкрыцця помніка імператрыцы Кацярыне ў Вільні (артыкул ад 1 студзеня 1905 г.). Мясцовая прэса пераважна праігнаравала ўрачыстасці маўчаннем, бо разумела нашу складаную сітуацыю. Менш дасведчаныя віленскія кухаркі абмяркоўвалі помнік святой Кацярыне.
У Бернардынскім садзе на гарбату сабралася вельмі вялікая група нашых памешчыкаў. Калі праз колькі месяцаў супраць нас пачаліся нагаворы, была зроблена вялікая розніца паміж 40 абшарнікамі, якія прысутнічалі на адкрыцці помніка і на снеданні ў кн. Мірскага і тымі, хто быў толькі на гарбаце ў графа Платэра. Гэта ўсё казкі, бо гарбата ў Бернардынскім садзе, відавочна, была эпізодам, цесна звязаным з адкрыццём помніка.
У дні адкрыцця помніка афіцыяльныя газеты паведамілі пра намінацыю кн. Станіслава Чацвярцінскага са Скідзеля на гафмайстра двара, раней ён быў шамбелянам, і пра пяць новых намінацый пры двары. Іх атрымалі п.п. Гіпаліт Гячэвіч, Канстанты Скірмунт, граф Аляксандр Тышкевіч, яго брат граф Антоні Тышкевіч і я. Князь Мірскі паведаміў мне пра ўжо зробленую намінацыю лістом у Паёсці. Пазней пачуліся галасы, што хоць наша прысутнасць ля помніка была неабходнай, але пасля гэтага не варта было прымаць прыдворныя пасады. Гэта былі неразумныя галасы. Да намінацыі можна было імкнуцца іх затрымаць, што я са свайго боку і рабіў, але калі мая намінацыя ўжо была гатова, дык дэманстрацыі былі ўжо немагчымыя. Гэта было немагчыма і было б прынята дваром як абраза, гэта была б контрдэманстрацыя, якая абурыла б усю нерэвалюцыйную Расію і спыніла б спробы кн. Мірскага, знішчыла б увесь палітычны эфект віленскіх урачыстасцей і захавала б ранейшыя рэпрэсіі над усім краем. Дваровыя пасады для тых, хто іх атрымаў, сталі горкай пігулкай, і падсаладзіць іх магла толькі думка, што гэта справа паспрыяе раўнапраўю.
Пан Гіпаліт Корвін-Мілеўскі ў сваіх успамінах блытае прыём у вялікага князя Уладзіміра і Марыі Паўлаўны ў Чырвоным Двары ў 1888 г. і прыём у таго ж князя на Пятроўскай гары ў 1904 г. і кажа, што апошні з гэтых прыёмаў арганізаваў Сталыпін, якога там не было, бо ён ужо быў гарадзенскім губернатарам. Пан Мілеўскі ў сваіх успамінах паведамляе, што быў на адкрыцці помніка. Таму ён палічыў, што наша прысутнасць на гэтым адкрыцці была неабходнай. Пан Корвін-Мілеўскі не памятае, што кн. Мірскі пасля свайго афіцыйнага выступу распавёў яшчэ і вузкаму колу пра сваю праграму для краю. П. Мілеўскі не размаўляў з кн. Мірскім. Аднак паразумеўся з ім праз графа Тацішчава, які быў тады ашмянскім маршалкам і надта перабольшвае гэтае паразуменне. Пра перамовы п. Мілеўскага з князем я ніколі не чуў, даведваўся пра іх толькі з тэксту пана Мілеўскага.
[...]
П. Мілеўскі меў стаяць пад помнікам з умовай, што яму не дадуць прыдворнай пасады. Гэтую ўмову было лёгка выканаць, бо п. Мілеўскі ніколі не фігураваў у спісах кандыдатаў на такія пасады. Гэтыя пасады атрымалі тры віцэ-прэзідэнты сельскагаспадарчых таварыстваў, два Тышкевічы і кн. Чацвярцінскі як прадстаўнікі вядомых у Пецярбургу родаў, звязаных з прыдворнымі коламі, а пра пана Мілеўскага не было і размовы.
[...]
Словы кн. Мірскага не былі пустымі, бо 12 снежня быў выдадзены імператарскі ўказ, які стаў першым веснікам рэформаў. Гэтым указам Камітэту міністраў даручалася распрацаваць цэлы шэраг пунктаў, з якіх пункт 6-ты абвяшчаў рэлігійную талеранцыю, а пункт 7-мы - перагляд абмежаванняў у дачыненні да іншаплемяннога насельніцтва. Указ прыцягнуў увагу ўсёй замежнай прэсы, якая адгукалася пра яго як пра вырашальную падзею ў гісторыі Расійскай дзяржавы. Указ датычыўся таксама і работы камісій па сельскай гаспадарцы. Нягледзячы на гэта, 30 сакавіка 1903 г., гэта значыць пасля звальнення кн. Мірскага, была адменена нарада па патрэбах сельскай гаспадаркі. Аднак, выглядае, што праца камітэтаў старанна аналізавалася і яны стымулявалі шмат рашэнняў і рэформаў.
[...]
У першых днях студзеня 1905 года я зноў быў у Пецярбургу, каб прадстаўляцца імператару. Я не ўпэўнены, на які дзень выпала мая аўдыенцыя. Я думаю, што гэта было 5 студзеня. Перад аўдыенцыяй мне было сказана, што імператар не любіць задаваць дробязныя пытанні людзям, якія яму прадстаўляюцца, і што трэба не чакаць гэтых пытанняў, а праяўляць ініцыятыву падчас размовы. Таму я падрыхтаваў некалькі момантаў, каб сказаць падчас аўдыенцыі тое, што будзе магчыма.
Усе, хто ехаў прадстаўляцца, селі ў Санкт-Пецярбургу ў поезд, які даставіў іх у Царскае Сяло, усе ў мундзірах і толькі двое ў мундзірах двара. Я ехаў у адным купэ з генералам Фрэзе, які зусім нядаўна, 12 кастрычніка 1904 г., пасля князя Мірскага быў прызначаны камандуючым ваеннай акругай і віленскім генерал-губернатарам. Мой швагер Уладзімір Храпавіцкі добра ведаў Фрэзе па Генштабу і вельмі станоўча адгукаўся пра яго. Ён аказаўся сапраўды годным пераемнікам кн. Мірскага і пакінуў у Вільні пасля сябе добрыя ўспаміны. Фрэзе пазнаёміўся са мной і задаў некалькі пытанняў аб стасунках у Вільні, чым я скарыстаўся, каб коратка паведаміць яму пра нашае становішча і нашы пажаданні.
(Заканчэнне ў наступным нумары.)
Беларусы сустракаюцца з індзейцамі
"Шчанячыя гады": Башлакоў, Ляўковіч, Снітко, Шушкевіч; індзейская "нявіннасць" Макса Шчура
(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-52 (105-156) (2024); № 3 (157-159) за 2025 г.)
Макс Шчур
ІНДЗЕЙСКАЕ Ў КНІЗЕ "СПРОБА ЭКСПЭРЫМЭНТАЛЬНАГА КАНСТРУЯВАНЬНЯ СЯБЕ"
(1) Голыя дзікуны і канцэпцыя свабоды
Уласную сэксуальнасьць я адкрыў, вядома ж, выпадкова. І, вядома ж, - пасрэдніцтвам кнігі.
У дзіцячай бібліятэцы я пазычыў пачытаць кніжку пра вялікія геаграфічныя адкрыцьці: "Как люди открывали свою Землю". У гэтай кніжцы на ўнутраных уклейках вокладкі былі намаляваныя мапы - на пярэдняй уклейцы была мапа Старога Сьвету, на задняй - Новага. На пярэдняй былі выявы дзікуноў з Афрыкі і Аўстраліі, на другой - з Паўднёвай Амэрыкі.
Дзікуны, узброеныя дзідамі і шчытамі, хадзілі голымі. Гледзячы на іх, я адчуў нейкае цьмянае, невытлумачальнае жаданьне хадзіць, як яны. (...)
Цікава, што ў астатнім, калі не лічыць дзікуноў, мяне нашмат больш вабіла мапа Старога Сьвету (яго "партугальская" палова), чымся Новага ("гішпанская"). Індыя, Кітай, Японія...
Дэйвід Грэйбэр у "Досьвітку ўсяго" піша, што мысьленьне паўночнаамэрыканскіх індыянаў паўплывала на канцэпцыю свабоды ў Русо, а празь яго - і на ідэі Вялікай францускай рэвалюцыі.
Падобным чынам голыя дзікуны паўплывалі на мой лёс: яны адкрылі мне маю пачуцьцёвасьць.
(М. Шчур. Спроба экспэрымэнтальнага канструяваньня сябе, кн. І "Нявіннасьць", разьдзел ІІІ "Лібіда", атр. 16.01.2025.)
(2) Індзейска-аргенцінскае паходжанне
Неяк, прачытаўшы чарговую кніжку ці паглядзеўшы чарговы фільм пра "індзейцаў", я пачаў казаць аднаклясьнікам, па сакрэце, што ўва мне цячэ кроў аргентынскіх індыянаў, бо мой дзед і бабуля жылі ў Аргентыне, таму я такі смуглявы. Гэта была першая публічная праява маёй асабістай міталёгіі, якую я сам сабе прыдумаў. Відавочна, што я ня меў яшчэ паняцьця, што азначае "ўва мне цячэ кроў". Я нават ня ведаў тады, што дзед Іван - ня мой дзед па крыві. Нехта з, мабыць, больш ужо дасьведчаных хлопцаў удакладніў са зьдзіўленьнем: "Значыць, твой дзед ці бабуля - індзейцы?" Я сумеўся. А трэба было адказаць: так! Яны ж ніколі майго дзеда ці бабулю ня бачылі. Да таго ж акурат дзед Іван меў з індыянамі ў Аргентыне добрыя стасункі. Гэта яны ўратавалі яго ад голаду ў 17 гадоў, каб ён сам пазьней уратаваў жыцьцё маёй маці. Але да гэтага мы яшчэ вернемся.
(М. Шчур. Спроба экспэрымэнтальнага канструяваньня сябе, кн. І "Нявіннасьць", разьдзел ІІІ "Лібіда", атр. 15.01.2025.)
(3) Хлусня, Сат-Ок і дзед Іван
І ўсё ж, напэўна, маёй першай любоўю сярод бібліятэчных кніг былі кнігі аўтара па імі Сат-Ок - "польскага індзейца", які сьцьвярджаў, што нібыта вырас у Канадзе сярод шэванэзаў. Першай я прачытаў "Зямлю салёных скалаў", ягоны опус магнум. Вы будзеце сьмяяцца, але гэтая кніга - успаміны пра дзяцінства. З той розьніцай, што Сат-Окава дзяцінства, калі верыць аўтару, было непараўнальна цікавейшае за маё. Таму калі вы яшчэ яго не чыталі - зараз жа кіньце гэтую кніжку й бяжыце чытаць "Зямлю салёных скалаў", іначай ёсьць рызыка, што вы пражылі гэтае жыцьцё дарма.
Прыгодніцкія кніжкі, як і фільмы, важныя ў дзяцінстве, бо яны стымулююць самую радасьць ад жыцьця і змушаюць вас штосьці ад яго чакаць. То бок, натуральна, хлусяць. Як хлусіў, хутчэй за ўсё, паляк Сат-Ок, быццам жыў сярод індыянаў.
А вось мой дзед Іван Дайнэка не хлусіў ніколі.
(М. Шчур. Спроба экспэрымэнтальнага канструяваньня сябе, кн. І "Нявіннасьць", разьдзел ІІІ "Лібіда", атр. 16.01.2025.)
(4) Індзейскі дэбют у эсэістыцы
Большасьць свайго жыцьця я, мабыць, прачытаў. Чытаць для мяне азначае быць чалавекам. Размаўляць зь людзьмі, якіх тут няма - або, дакладней, ужо нідзе няма, апроч іхных кніг. У гэтай здольнасьці выклікаць духаў і палягае чалавецкасьць. Чалавек - чарадзей. Шаман.
Кніга - гіпэрфэтыш, у якім утрыманыя ўсе астатнія фэтышы.
Толькі калі я падрос, я са зьдзіўленьнем заўважыў, што многія людзі не ўспрымаюць кнігі сур'ёзна. Прынамсі, ня так сур'ёзна, як я.
Калі праз гады ў школе нам далі хатняе заданьне апісаць свой улюбёны прадмет, я апісаў кнігу - гэта быў Майн Рыд, "Ацэола, правадыр сэмінолаў". Апісваючы яе, я меў на ўвазе, натуральна, не прадмет, а свой стан - свой кайф - падчас чытаньня гэтай кнігі. Памятаю, як сядзеў і пісаў на кухні на Дуброўцы. Гэта было, напэўна, маё першае літаратуразнаўчае эсэ.
(М. Шчур. Спроба экспэрымэнтальнага канструяваньня сябе, кн. І "Нявіннасьць", разьдзел ІІ "Фэтышызм", атр. 16.01.2025.)
(5) Мае новыя індзейцы
У 1983-м, пасьля прайгранай вайны з Брытаніяй, Аргентына жыла адносна бедна - але ў агульных рысах усё яшчэ лепей за савок. Прынамсі, так можна было меркаваць паводле прывезеных цёткаю фотаздымкаў і падарункаў. Плястмасавыя "індзейцы" ў "памятым" (вельмі незвычайным, гэткім цупкім і шапаткім) цэляфанавым пакеціку і падораная маёй маме цьвёрдая скураная торбачка пахлі аднолькава - нейкім дзівосным хімічным рэчывам, я чамусьці думаў, што нафтай: гэта быў для мяне пах Аргентыны.
Прыехаўшы ў Баранавічы ў 1983-м улетку, перад самай школай, я цэлымі днямі гуляўся са сваімі новымі індзейцамі на зялёнай цётчынай дывановай дарожцы. Такіх індзейцаў, як у мяне, не было ні ў кога! Былі ўсякія, якія і мне падабаліся (асабліва той са стрэльбай і адным пяром у доўгіх валасах, - чыста з кніг Сат-Ока! - у жоўтых нагавіцах, што сядзеў з выцягнутай нагой, як у ёгінскай позе "голуба", і падсякаў гэтай нагой усіх супернікаў, як каратыст у відэа гульні ў кінатэатры - здаецца, яго мне падарыў Саша Ляўшук), але ж ні ў якое параўнаньне з аргентынскімі індзейцамі яны ня йшлі. Тыя былі раскладныя, з плястмасы - можна было як заўгодна мяняць месцамі іхныя тулавы й галовы. На галовах у іх былі агромністыя каляровыя ўборы зь пёраў - сініх, чырвоных, зялёных - што зьвісалі па баках, чыста як у Седзячага Быка. У руках індзейцы трымалі дзіды, шчыты, лукі, нажы... У некалькіх на сьпіне былі калчаны... Іх было ўсяго шасьцёра: трое на конях, трое пешых. А якія ў іх былі коні! Як жывыя! Двое чорных і адзін белы (на ім ехаў правадыр). У баках у коней былі дзірачкі, куды ўстаўляліся "шпоры" на нагах індзейцаў, каб вершнікі ня ўпалі.
Але гэта яшчэ ня ўсё: у індзейцаў былі сапраўдныя вігвамы! Таксама тры: белы, сіні і зялёны, з прыгожымі срэбнымі карункамі-ромбікамі. На версе кожнага вігвама тырчала плястыкавая "затычка", што імітавала складзеныя ўверсе драўляныя шасты. Ну і вяршыняй усяго быў сьпярша не зразумелы мне татэмны слуп з крыламі: некалькі нагрувашчаных адна на адну жывёлаў, птушак і чалавечых твараў. Цётка Оля патлумачыла мне, што гэта індзейскі "бог". Такім было маё першае знаёмства з найвышэйшай істотай. Агулам слуп з крыламі нагадваў шасьціканцовы крыж Эўфрасіньні Полацкай на круглай падстаўцы, толькі даўжэйшая папярэчына (крылы арла) была ў ім наверсе, а карацейшая (крылы савы) унізе.
У маіх гульнях індзейцы супрацьстаялі драўляным цётчыным шахматам.
(М. Шчур. Спроба экспэрымэнтальнага канструяваньня сябе, кн. І "Нявіннасьць", разьдзел ІV "Аўтаэратызм", атр. 16.01.2025.)
(6) Бацька смяшыў
Касэту ў плэеры я тут жа даў паслухаць бацьку. У навушніках бацька выглядаў даволі сьмешна, як індзеец у цыліндры: ён сядзеў сьпіной да мяне на дуброўскай кухні, слухаў Цоя і гартаў пры гэтым газэты.
(М. Шчур. Спроба экспэрымэнтальнага канструяваньня сябе, кн. І "Нявіннасьць", разьдзел V "Эратаманія", атр. 16.01.2025.)
(7) Сур'ёзнае абвінавачванне
У чым мяне зьвінавацілі - і цалкам справядліва - гэта ў тым, што я згубіў свайго брата ў лесе. Як у той казцы. Але згубіў я яго, натуральна, не наўмысна. Неяк мы з хлапцамі - даволі вялікім "індзейскім" племем, індыяне былі тады ў модзе, - рушылі ў далёкі паход, за лес у суседнюю вёску. Я не ўяўляў сабе, наколькі далёка мы йдзем і як хутка вернемся, - але палічыў, што малы брат будзе надта валачыся, марудзіць, адставаць, таму, паводле ўзору адной дэбільнай савецкай дзіцячай кніжкі пра хлопчыка "часавога", загадаў яму вартаваць наш "лягер", маўляў, мы вернемся хутка, праз паўгадзіны. Я чамусьці думаў, што брат застанецца мужна і трывала стаяць на сваім "баявым пасту", як той савецкі хлопчык з кніжкі (вось яна, індактрынацыйная моц мастацкага слова), да самага нашага вяртаньня, - на крайні выпадак, вернецца дамоў сам, бо да хаты было рукой падаць цераз поле.
Факт той, што мы ў лесе самі крыху заблукалі, таму вярнуліся дамоў не праз гадзіну і ня дзьве, а праз чатыры, і зусім ня той дарогай, якой сыходзілі.
Тут жа на дварэ мяне сустрэла разьюшанае сямейства з пытаньнем: "А дзе Кірыл?"
Я зьніякавеў. "Ён ня дома?"
Аказваецца, майму дзядзьку ўжо званілі калегі зь міліцыі: хтосьці знайшоў у лесе хлопчыка, які ня ведаў, куды ішоў, - такога сабе Каспара Гаўзэра. Праз паўгадзіны Кірыла прывезьлі. Увесь гэты час ён блукаў па лесе, шукаючы нас, але дагнаць нас або знайсьці шансаў ня меў, і таму несуцешна плакаў.
Дзякуй богу, што на лясной дарозе ён сустрэў селяніна на возе. А не, скажам, ваўка - балазе ваўкоў тады ўжо ў ваколіцах Карэлічаў не было.
А што чатыры гадзіны рабілі ў лесе мы?
Што звычайна: стралялі з лукаў, зьбіралі арэхі, скакалі ў пясок з абрыву. А таксама наведалі сваячку майго сябра Вані - старэнькую бабулю, што жыла адна на хутары, у вялікай хаце пасярод лесу.
(М. Шчур. Спроба экспэрымэнтальнага канструяваньня сябе, кн. І "Нявіннасьць", разьдзел ІV "Аўтаэратызм", атр. 16.01.2025.)
(Загалоўкі абразкам далі мы.)
У электронным лісце ад 16.01.2025 г. Макс падсумаваў:
"У мяне сапраўды зь дзяцінства такое трапяткое стаўленьне да індыянаў... І цывілізацыямі Амэрыкі я захапляўся ў свой час (адсюль аповед "Ліст, знойдзены на папялішчы"). Плюс факт таго, што вывучаў у школе і ўнівэры гішпанскую (у дадатак да сувязяў з Аргентынай)".
…Мы працытавалі не ўсё індзейскае, што ёсць у яго ўспамінах, якія рыхтуюцца да выдання.
Літ.:
2476 Барковский А. Жена индейского вождя в Якутии // Советы Якутии. 1993. 1 июля. С. 6.
2866 Кассиль Л. О Земле Соленых Скал и Дороге Горьких Слез // Сат-Ок. Земля Солёных Скал; Таинственные следы: повести / пер. с пол. Ю. И. Стадниченко. Мн., 1994. С. 5-11.
2870 Стадниченко Ю. Сат-Ок - Длинное Перо: (необычайная быль наших дней) // Сат-Ок. Земля Солёных Скал; Таинственные следы: повести / пер. с пол. Ю. И. Стадниченко. Мн., 1994. С. 299-315.
БАШЛАКОЎ Сяргей (Siargei Bashlakou, Sergei Bashlakov) - быў вызваленым кіраўніком камсамольскай арганізацыі буйнога прамысловага прадпрыемства, пазней працаваў, у прыватнасці, у сферы тэхнічнага забеспячэння бытавога і культурнага боку ў дзейнасці арганізацый і прадпрыемстваў - "Гомель-Белпромкультура" (выраб мэблі для сядзення і іншага, нават картатэчных шаф (!); музычная апаратура і падобнае, як нам тады, у сярэдзіне 1990-х, уяўлялася, для карпаратываў). Прысутнічаў на ўстаноўчым з'ездзе БІТ 16.07.1987 г. як запрошаны госць (Наталля Смяглікава прадстаўляла на сціплым мерапрыемстве яго калег з рэгіянальнага кіраўніцтва камсамолу). Яго прозвішча фігуруе і ў арганізацыйных матэрыялах выступленняў у 1988 г. у Гомелі лацінаамерыканска-савецкай творчай групы з Кіева.
Літ.:
2661 Шкут А. Ни дня без клуба // Знамя юности. 1988. 18 марта. (Рассказываем о молодежном самодеятельном объединении; Мы - интернационалисты; тыр. 780 тыс. экз.; об А. Снитко и В. Руденко, но упомянуты и другие из "костяка" Клуба Че - Сергей и Ирина Башлаковы, Виктория Тарасова, Петр Барков, Алла Потапова.)
5044 Дело Че Гевары живет, но проигрывает / Отдел международной информации "БДГ" // Белорусская деловая газета. 1997. 28 апр. С. 6.
ЛЯЎКОВІЧ Віктар (Viktar Liaukovich, Viktor Levkovich) - матэрыял з "Гомельскай праўды" "Будуе інтэрнацыянальны. Студэнцкі працоўны семестр" адлічбаваны намі па выразцы з архіва Гомельскага лацінаамерыканскага цэнтра.
А. Батурын
СТУДЭНТЫ З НІКАРАГУА, БАЛІВІІ І КОСТА-РЫКІ ПРАЦУЮЦЬ І СПЯВАЮЦЬ У МАЗЫРЫ
Сем студэнцкіх будаўнічых атрадаў працуюць на аб'ектах трэста № 6 "Мазырнафтахімбуд". Атрад "Сож-83" Гомельскага політэхнічнага тэхнікума (камандзір атрада Віктар Ляўковіч, камісар Ганна Рэбко [Рабко]) па праву называюць інтэрнацыянальным. У яго саставе [складзе] рускія, беларусы, прадстаўнікі Нікарагуа, Лаоса, Балівіі, Костарыка [Коста-Рыкі], Манголіі.
Адзінай дружнай сям'ёй працуе атрад на будоўлях Мазыра. Частка байцоў занята на аддзелачных [апрацоўчых] работах у СУ-183 на 60-кватэрным доме, частка - у БУ-152 на бетонных работах завода кармавых дражджэй.
Нялёгкая праца бетоншчыка, але байцы паспяхова асвоілі гэтую прафесію і выконваюць нормы на 130-150 працэнтаў. Будатрад "Сож-83" па выніках спаборніцтва за трэцюю дэкаду заняў другое месца сярод студэнцкіх атрадаў, якія працуюць у Мазыры.
У вольны час "Сож-83" выступае з канцэртамі мастацкай самадзейнасці перад жыхарамі горада. Так, ім былі дадзены канцэрты на пляцоўках трэцяга і чацвёртага мікрараёнаў, на святкаванні Дня будаўніка ў раёне прафілакторыя-санаторыя "Палессе".
А. БАТУРЫН, няштатны карэспандэнт.
НА ЗДЫМКАХ: інтэрнацыянальны студэнцкі атрад "Сож-83"; (злева направа) Уго Сікуахара (Балівія) [Hugo Sicuajara?], Фернандэз Санцьяга [Фернандэс Сант'яга, Fernandez Santiago, Santiago Fernandez?], Хенаро [Хенара] Рохас [Genaro або Jenaro Rojas] і Даніло [Даніла] Варэла [Danilo Varela] (Нікарагуа) выконваюць кубінскую народную песню "Хіам Танамера [?; Гуантанамера? Guantanamera]" для будаўнікоў трэста № 6 "Мазырнафтахімбуд".
Фота аўтара.
Літ.:
1271 Забяспечыць правы індзейцаў // Гомельская праўда. 1983. 5 студз.
12199 Архипова А. В гости к индейцам и римским гладиаторам // Гомельская праўда. 2016. 19 крас. С. 5.
9199 Костян И. Позади садящегося солнца // Костян И. Перекресток миров. Мозырь, 2010. С. 3-104. (Книга об апачах.)
10128 Костян И. Неизвестный фронтир. Мозырь, 2017.
11944 Шостак О. Г. Проблемы интерпретации произведений американских писателей-нативистов // Текст. Язык. Человек: материалы ІV Международной научной конференции, 15-16 мая 2007 г., Мозырь: в 2 ч. Ч. 1. / отв. ред. С. Б. Кураш, В. Ф. Русецкий. Мозырь, 2007. С. 215-217.
СНІТКО Аляксандр (2) - адзін з арганізатараў з беларускага боку творчага савецка-лацінаамерыканскага дэсанта з Кіева ў 1988 г. Дакументаў гэтага мерапрыемства маем алічбаванымі, у прыватнасці",
"Список участников агиттворческой групы киевского Центра Солидарности с народами стран Латинской Америки для выступлений в г. Гомеле. [Указано] место учебы [:] 1. Тарас Бебешко (руководитель) [Taras Bebeshko] КИНХ 2. Олег Ясинский [Oleg Yasinsky] КГПИ 3. Светлана Картахена [Svetlana Cartagena] - [не учится] 4. Хосе Кастаньеда (Никарагуа) [Jose Castaneda] КИНХ 5. Альваро Торрес (Никарагуа) [Alvaro Torres] КИНХ 6. Альваро Моралес (Чили) [Alvaro Morales] КИНХ 7. Луис Мартинес (Никарагуа) [Luis Martinez] КТИ 8. Татьяна Миранда (Никарагуа) [Tatiana Miranda] КТИ 9. Алехандро Эспиноса (Чили) [Alejandro Espinosa] КТИ 10. Хосе Колиндрес (Сальвадор) [Jose Colindres] КТИ 11. Рамон Галеас (Сальвадор) [Ramon Galeas?] КТИ 12. Владимир Картахена (Сальвадор) [Vladimir Cartagena] КИИГА
КИНХ - Киевский Институт Народного Хозяйства. КТИ - Киевский Технологический Институт. КГПИ - Киевский Государственный Педагогический Институт. Светлана Картахена работает в детском саду. [КИИГА - Киевский институт инженеров гражданской авиации]".
Тарас Бябешка ў перыяд блізкасці са Снітко пабываў разам з ім нават на паўваў савецкіх індзеяністаў 1988 г. пад Ленінградам. Адна з найбольш артыстычных з усіх членаў дэсанта - Святлана Картахена (Сізова - Sizova, Sizoff ) - пазней шмат спявала ў Цэнтральнай Амерыцы, пакуль не пераехала ў Чылі.
Літ.:
512 Раманава Н. Партрэт "дзяцей": разважанні аб маладзёжных грамадска-палітычных клубах // Гомельская праўда. 1987. 1 верас.
ШУШКЕВІЧ Станіслаў - (Stanislau Shushkevich) - яшчэ адзін беларускі аўтамабіліст у Аклахоме. Нарадзіўся ў Мінску, памёр у 2022 г. пасля хваробы, звязанай з кавіднай інфекцыяй.
У кнізе "Маё жыццё, крах і ўваскрошанне СССР" (2013) ён падрабязна апісвае свой першы візіт ў ЗША ў 1993 г., але з ёй ёсць і кароткія звесткі пра паездку 2008 г.
Уінфілд у Канзасе (Winfield, Kansas) - месца размяшчэння Паўднёва-Заходняга каледжа, які вядомы і спалучэннем "The Southwestern College Center for Belarusian Studies", - знаходзіцца на паўднёвы ўсход ад горада Уічыта, на дарозе, якая вядзе з апошняга праз Аклахома-Сіці ў Далас.
У подпісах пад здымкамі Уінфілд або Вінфілд памылкова напісаны як Вінсфілд (што ў цытатах мы паправілі), але ва ўласна тэксце Шушкевіча - Вінфілд.
"Вялікім гонарам для мяне было запрашэнне прачытаць інаўгурацыйную лекцыю ў сувязі з адкрыццём у штаце Канзас Беларускага акадэмічнага цэнтра, створанага намаганнямі былых амбасадараў ЗША ў Беларусі Дэвіда Суорца і Кенета Ялавіца сумесна з Радай Беларускай Народнай Рэспублікі, дзеячамі беларускай дыяспары і энтузіястамі коледжа [каледжа] ў Вінфілдзе. Урачыстае адкрыццё цэнтра адбылося на сходзе ў самым вялікім горадзе штата Канзас Вічыта [Уічыта, Wichita] ў канферэнц-зале гасцініцы "Hyatt" 19 красавіка 2008 г."
"У Беларускім акадэмічным цэнтры ў Вінфілдзе (ЗША, штат Канзас) перыядычна збіраюцца навукоўцы, выкладчыкі, палітыкі і грамадскія дзеячы, якія займаюцца беларускай праблематыкай. На здымку можна знайсці Івонку і Паўлінку Сурвілаў [Ivonka Survilla, Maria Paula Survilla (1964-2020)], экс-амбасадараў ЗША ў Беларусі Дэвіда Суорца і Кенета Ялавіца, экс-рэктара БДУ прафесара Аляксандра Казуліна, прарэктара ЕГУ Аляксандра Калбаску і многіх іншых".
Пра паездку на аўтамабілі з жонкай Ірынай праз Аклахому ў Далас Шушкевіч згадаў у сувязі з закранутай ім тэмай "яго вучня" Лі Харві Освальда.
"Так сталася, што ў мяне знайшліся два вольныя дні падчас побыту ў Канзасе ў Беларускім адукацыйным цэнтры ў Вінфілдзе, і мы з жонкай вырашылі здзейсніць аўтапрабег Вінфілд-Аклахома-Далас. За рулём змянялі адзін аднаго, таму дарога не заняла шмат часу.
Месца злачынства і музеі Даласа, у тым ліку музей "Шосты паверх", дзе растлумачана, як быў здзейснены смяротны стрэл, наведвае шмат турыстаў. Мы не сустрэлі сярод іх тых, хто б верыў у праўдзівасць версіі Эрла Уорэна". Шушкевіч быў упэўнены, што Освальд зрабіць гэтага не мог.
Шушкевіча пацягнула ў Далас - па яго ўспамінах не выклікае сумненняў, што з адзінай мэтай паглядзець, як выглядае горад, дзе адбылася драма Освальда-Кенэдзі. Освальда ён іранічна называе "маім вучнем" таму, што, маўляў, вучыў яго рускай мове ў Менску.
Шушкевіча "пацягнула" не да, напрыклад, індзейцаў у Аклахоме або Нью-Мексіка, а ў Далас.
Але матываў з індзейскім кампанентам у сувязі з першым афіцыйным "правадыром" незалежнай Беларусі шмат, публічна пытанне пра індзейцаў задаў яму на адной імпрэзе нават прадстаўнік Беларуска-індзейскага таварыства.
У 1992 г. газета "7 дней" прысвяціла яго моўным поглядам (палітыцы) "перадавую" нататку "Шушкевіч ступае на сцежку вайны?". Публіцыстычны выраз "на сцежцы вайны" нейтральны - "на сцежцы вайны" можна быць як за адну дзяржаўную мову, так і за дзве замест адной. Гэта стандартная цяга чалавецтва да эфектных фраз. Тым не менш, індзеяністам хацелася б, каб "апошнімі магіканамі" не былі нягоднікі, а "на сцежку вайны" выходзілі толькі з высакароднай мэтай - але абавязкова "ў пераносным сэнсе", без зброі.
У 2007 г. матэрыял з цытатамі з выказванняў старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай "Грамады" Шушкевіча меў загаловак "У нас заўсёды індзейцаў менш, чым правадыроў":
"У нас зараз у партыі колькасць "інтэлектуалаў" паменшылася, а колькасць "маргіналаў" узрасла. І, вы ведаеце, гэта я лічу вялікім дасягненнем. Тыя, каго я адношу да маргіналаў, яны больш за ўсё зараз патрэбныя. У нас заўсёды індзейцаў менш, чым правадыроў. Ёсць каму казаць, заклікаць - няма каму рабіць. У нашай партыі зараз, мне здаецца, разумныя суадносіны гэтых прапорцый".
Як вядома, самакрытычная фраза "шмат правадыроў, мала індзейцаў" увайшла ў актыўны слоўнік беларускай апазіцыі.
Хаця алкаголь, тытунь, азартныя гульні - ледзь не самыя галоўныя палітычныя тэмы з пункту гледжання індзеяністаў - выглядаюць у тэкстах палітыка не так, як нам хацелася б, мы, безумоўна, паважаем Станіслава Шушкевіча як інтэлігента, прыстойнага чалавека, годнага сына пісьменніка з тым жа іменем, ад якога мелі карысныя ў нашай працы і проста прыемныя пасланні.
Літ.:
11899 Mohrenschildt G. De. Lee Harvey Oswald as I knew him / ed. and annot. by M. A. Rinella. Lawrence, KS, 2014. (University Press of Kansas; аўтар - ураджэнец Беларусі.)
2828 Стэйнбек Дж. Гронкі гневу: раман / пер. з англ. С. Дорскага; прадм. Г. Шупенькі. Мн., 1993. (Аклахома.)
4795 Канзас // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 7. Мн., 1998. С. 584.
7319 Тэхас // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 16. Мн., 2003. C. 147.
Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.
Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.
Індзейцы, индейцы, Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 133].
Дамова са "Смаленскай фартэцай"
17 студзеня 2025 г. у Лідскім замку адбылося падпісанне пагаднення пра супрацоўніцтва паміж Дзяржаўнай установай "Лідскі гістарычна-мастацкі музей" (г. Ліда, Рэспубліка Беларусь) і дзяржаўным музеем "Смаленская фартэца" (г. Смаленск, Расія).
ТК "Культура Лідчыны".
Экскурсія "Аб чым раскажуць кніжныя паліцы"
Філіял "Лідская гарадская бібліятэка №1" гасцінна сустрэў дзяцей на экскурсію "Аб чым раскажуць кніжныя паліцы". Падчас правядзення мерапрыемства хлопчыкі і дзяўчынкі пазнаёміліся з гісторыяй бібліятэкі, даведаліся пра магчымасці бібліятэкі, наведалі яе аддзелы (абанемент, чытальную залу), пазнаёміліся з кніжнымі выставамі, успомнілі аб правілах паводзін у бібліятэцы і правілах карыстання кнігамі. На абанеменце школьнікі ўбачылі як на полках размеркаваны кніжны фонд бібліятэкі, пазнаёміліся з дзіцячымі кнігамі.
Хлопчыкам асабліва спадабаліся дзіцячыя дэтэктывы і прыгоды, дзяўчынак захапілі казкі. У чытальнай зале дзеці даведаліся аб даведачна-бібліяграфічным апараце бібліятэкі і для чаго ён патрэбны. Мелі магчымасць пазнаёміцца з энцыклапедычным фондам. Здзейсніўшы экскурсію па бібліятэцы, дзеці пажадалі не толькі запісацца ў бібліятэку і быць харошымі чытачамі, але і часцей наведваць царства кніжных сяброў.
Наш кар.