Папярэдняя старонка: 2025

Наша слова.pdf № 06 (162) 


Дадана: 04-02-2025,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 6 (162), 5 лютага 2025 г.

Час прывёў на Парнас

"Час прывёў на Парнас" - пад такой назвай пачала працу экспазі-цыя ў Доме Валянціна Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея. Лідчына - край таленавіты, які стаў калыскай шматлікіх пісьменнікаў. Менавіта да Дня беларускага пісьменства, якое адбудзецца ў горадзе Лідзе, Дом Валянціна Таўлая і разгарнуў экспазіцыю.

Яе асновай служаць гадзіннікі з калекцыі музея і перададзеныя на часовае захоўванне ад лідскіх пісьменнікаў. Любы гадзіннік - гэта сведка розных падзей, якія натхняюць на нараджэнне і напісанне твораў. Так ці інакш, падзеі застаюцца ў гісторыі, а Час ідзе. Застаецца і напісанае тым ці іншым пісьменнікам. Некаторых творцаў ужо не стала, а іх праца засталася пад кніжнай вокладкай. Яны як рака Часу, пракладаюць свой шлях і далучаюць да сябе прытокі, якія імкліва нясуць жыватворныя воды, напоўненыя мілагучным спеўным словам, і такім чынам літаратура не спыняе свой рух. Ці зойме месца ў гісторыі гэты пісьменнік? Пакажа Час. А Час прывядзе на Парнас!

На экспазіцыі прадстаўлены і кнігі, асабістыя рэчы, рукапісы, архіўныя матэрыялы пра лідскіх творцаў мастацкага слова.

Акрамя гэтага, можна даведацца як вызначалі Час нашы продкі, якія цікавосткі прымяняліся пры абуджэнні чалавека і г.д.

З экспазіцыяй ужо пазнаёміліся лідскія пісьменнікі. А Вы? Тады Вам да нас, у Дом Валянціна Таўлая, што па вуліцы Замкавая, 7, побач з Лідскім замкам!!!

Алесь Хітрун.

Вынікі адкрытага конкурсу: помнік Валянціну Таўлаю ў Лідзе створыць скульптар Сяргей Логвін

У Лідзе завяршыўся адкрыты конкурс эскізных праектаў помніка "Валянцін Таўлай". Конкурс прыцягнуў таленавітых аўтараў, кожны з якіх прадставіў унікальны падыход да вобраза Валянціна Таўлая. Удзельнікі конкурсу:

Максім Макарэвіч;

Сяргей Гумілеўскі;

Антаніна Кумпяк, Максім Рунец, Алеся Мяжэннікава;

Сяргей Логвін;

Іван Міско (два эскізы);

Уладзімір Качан;

Вадзім Вараб'ёў.

Журы, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі мастацкай экспертнай рады па манументальным і манументальна-дэкаратыўным мастацтве рэспубліканскага і абласнога ўзроўняў, з васьмі эскізных праектаў вызначыла лепшы, створаны скульптарам Сяргеем Логвінам. Сяргей Логвін вядомы як скульптар, які працуе над рознымі помнікамі ў Беларусі - ён аўтар/суаўтар такіх прац, як помнік Якубу Коласу ў Стоўбцах і Льву Сапегу ў Слоніме.

Па задумцы аўтара, выява адлюстроўвае трагічны жыццёвы шлях паэта. Пры гэтым Валянцін Таўлай, у руках якога мясцовая газета "Уперад", выглядае адухоўленым, з надзеяй на тое, што ўсё будзе складвацца да лепшага. Мяркуецца, што на мануменце будзе скарыстаны шрыфт, характэрны для газеты "Уперад" (у наш час выданне выходзіць пад назвай "Лідская газета").

Загадчык кафедры скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Кастусь Касцючэнка:

- Падчас працы конкурснай камісіі мы разгледзелі мноства прапаноў, і амаль усе яны былі выкананы ў класічнай падачы. Пры абмеркаванні былі адабраны некалькі варыянтаў, якія, па нашым меркаванні, як найлепш адпавядалі тэхнічнаму заданню і зададзенай тэме. Кожны аўтар паспрабаваў раскрыць вобраз вядомага паэта з пункту гледжання свайго ўнікальнага погляду на яго гісторыю і асобу. У выніку, з трох прадстаўленых праектаў мы абралі адзін, які, па нашым меркаванні, упрыгожыць горад Ліду. Гэты помнік дапаможа людзям яшчэ раз акунуцца ў паэзію Валянціна Таўлая і будзе служыць напамінкам пра тое, што на нашай зямлі ёсць выдатныя асобы, якія ўзбагачаюць нашу культуру і гісторыю.

Начальнік аддзела культурна-асветнай працы і мастацтваў навучальных устаноў кіравання культуры Гарадзенскага абласнога выканаўчага камітэта Сяргей Давыдзік:

- Вельмі прыемна, ганарова і хвалююча было браць удзел у працы камісіі па адборы эскізных праектаў помніка Валянціну Таўлаю - выдатнаму сыну нашай зямлі, паэту і ўдзельніку нацыянальна-вызваленчага руху. На конкурс было прадстаўлена восем прац. Я ўпэўнены, што камісія адабрала менавіта той вобраз, які найболей характэрны для гэтага выдатнага чалавека. Праект будзе разгледжаны на рэспубліканскай мастацкай экспертнай радзе па манументальным мастацтве - гэта абавязковая ўмова. Думаю, гэты помнік стане сапраўдным упрыгожваннем не толькі горада Ліды, але таксама вобласці і рэспублікі. Ён будзе ўплываць на патрыятычнае выхаванне нашага падрастаючага пакалення.

Даведкава:

Валянцін Таўлай - выдатны беларускі паэт і літаратуразнавец, нарадзіўся 8 лютага 1914 года ў Баранавічах. Яго дзяцінства прайшло ў вёсцы Рудаўка, а пачатковую адукацыю ён атрымаў у Лідзе. Першы верш ён напісаў у 7 гадоў. У 25 гадоў Таўлай пераехаў у Ліду, дзе працаваў у рэдакцыі газеты "Уперад". Творчая кар'ера паэта была насычанай, але няпростай. Падчас акупацыі Ліды яму давялося пакінуць горад, а пасля вайны ён стаў намеснікам дырэктара Літаратурнага музея Янкі Купалы ў Менску. Валянцін Таўлай трагічна пайшоў з жыцця 27 красавіка 1947 года ва ўзросце 33 гадоў.

Стварэнне манумента Валянціну Таўлаю ў Лідзе - гэта даніна павагі не толькі таленавітаму паэту, але і ўсёй беларускай культуры. Чакаецца, што скульптуру вырабяць у бронзе і яна стане ўпрыгожваннем паркавай зоны на скрыжаванні вуліц Таўлая і Качана. Адкрыццё новага помніка прымеркавана да правядзення ў Лідзе Дня беларускага пісьменства.

СМІ Лідчыны.

Кірмаш мэтавай падрыхтоўкі

У Лідзе прайшоў кірмаш мэтавай падрыхтоўкі, на якім старшакласнікі змаглі даведацца пра магчымасці навучання ў адным з лепшых універсітэтаў краіны - ГрДУ імя Я. Купалы, а таксама пагутарыць з патэнцыйнымі працадаўцамі.

Адным з ключавых момантаў мерапрыемства стала падпісанне дамовы аб супрацоўніцтве паміж Гарадзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы і Лідскім райвыканкамам. З боку ўніверсітэта дакумент падпісала рэктар Ірына Фёдараўна Кітурка. Дамова сімвалізуе агульную працу на карысць будучыні рэгіёна і яго моладзі.

На кірмашы мэтавай падрыхтоўкі, акрамя прадстаўнікоў факультэтаў, прысутнічалі студэнты ГрДУ імя Я. Купалы. Гэта асабліва важна, калі аб прафесіях распавядаюць не толькі педагогі, але і самі студэнты, якія ўжо праходзяць навучанне. Лідскія школьнікі - будучыя абітурыенты - змаглі даведацца з першых вуснаў, як праходзіць працэс навучання ў ВНУ, як жывецца студэнтам. Гэта з'яўляецца важкім аргументам на карысць правядзення падобных мерапрыемстваў.

ТК "Культура Лідчыны".

У госці да Джульеты

31 студзеня ў Лідскім замку адбылася пазнавальная праграма "У госці да Джульеты" народнай студыі гісторыі і мастацтвы эпохі Сярэднявечча і ранняга Рэнесансу "DOMINA CORDIS" ("Дама сэрца").

Наведвальнікі замка акунуліся ў атмасферу італьянскага Адраджэння: глядзелі пазнавальныя відэа пра мастацтва і архітэктуры гэтага перыяду, знаёміліся з непаўторным каларытам гарнітураў і галаўных убораў.

Выдатным дадаткам сустрэчы былі свецкія танцы ў выкананні ўдзельніц народнай студыі.

ТК "Культура Лідчыны".

Традыцыйную культуру - дзецям

У Лідскім аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры штодзень шматлюдна і гучна. На мінулым тыдні ў свет народнай традыцыйнай культуры завіталі дзеці - вучні сярэдніх школ № 11 і № 16 г. Ліды.

Цікаўнасць да традыцыйнай культуры і любоў да роднай мовы фарміруюцца з пачатковай школы, а навыкі ручной працы спатрэбяцца на працягу ўсяго жыцця.

Выстаўка мужчынскіх і жаночых рамёстваў, роля сям'і ў традыцыйнай культуры беларусаў, а таксама творчы занятак па стварэнні лялькі-веснавушкі прыйшліся дзецям даспадобы.

ТК "Культура Лідчыны".

"Луч" выпусціў новую калекцыю ў стылі слуцкіх паясоў

Выйшла новая калекцыя гадзіннікаў "Слуцкія паясы" ад брэнду "Луч", - паведамілі на ягонай афіцыйнай інстаграм-старонцы.

У калекцыі прадстаўлена 5 мадэляў. Кожная мадэль выходзіць са скуранымі папружкамі, якія ўпрыгожаныя арыгінальнымі ўзорамі. Да іх прыкладаюцца і зменныя шаўковыя шалікі, выкананыя ў падобным стылі.

Для зручнасці мадэль аздобленая здымнай шпількай для замены папружкі на шалік, што дазваляе змяняць іх у залежнасці ад настрою ці выпадку.

SS

БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

Станіслаў Суднік

(Працяг. Пачатак у мінулых нумарах.)

Каса

У пісьмовых крыніцах каса згадваецца даволі даўно, мо ў пачатку эры. У беларускіх пісьмовых крыніцах трапляюцца наступныя згадкі, зафіксаваныя ў Гістарычным слоўніку беларускай мовы.

"... на наше дело ни на которое тымъ людемъ не ходить ни зъ сохою, ни зъ косою, ни зъ серпомъ, (АЗР,1,103,1483);

...посполъ зъ волостью велить намь тяглую службу служити, дякла и подводы давати, на роботу къ двору господарскому съ топоромъ и зъ сохою и съ косою ходити (КСД, 224,1515);

... к сеножатемъ не мает ни с чимь ити толко з сокирою ... а с косою чим ее маеть косити (Ст.1529-Ф, 122);

...мы ихъ сена кошеного на сеножатехъ ихъ не брали, ни косъ и грабель есмо не отнимали (АВК, ХУП.14, 1539);

... къ сеножатем ити толко съ сокерою, чим заросли ростеребити, а с косою, чим ее косити (Ст. 1566 1,80);

... топор, косу отняли (АВК, ХХХУІ, 192,1582);

... ходил вес израйль до филистынов острити лемеши свои и мотыки и секьри косы и серпы (Біблія, 320);

...жаловал на ... особь помененых о гвалтовное погребленіе трох кос на сеножати (АВК, XXX,340, 1607);

... вжо самого жита и ячменю до жатья доспелого косами покосили и серпами некоторое пожали (ИЮМ, XXII, 273,1652)".

А зараз пасля лінгвістычных хаджэнняў вакол касы можна сказаць пра яе з этнаграфічнага пункту погляду.

КАСА - прылада для скошвання травы і збожжавых культур. Слова каса мае два значэнні. Гэта металічнае палатно. Гэта і ўся каса ў зборы. Каса ў зборы складаецца з уласна касы, касся (касільна, касавільна) - драўлянай палкі даўжынёй каля двух метраў, кулькі - своеасаблівай ручкі, за якую трымаецца касец, як правіла, правай рукой, сустрэць левую касу не выпала ні разу: рэхвы - як правіла, металічнага колца, якім мацуецца каса да касся і кліна, таксама элемента мацунку. Да 15 ст. бытавалі паўкоскі і косы-гарбушы, якімі касілі гарох і траву каля платоў і пнёў. З 15 ст.былі пашыраны косы з доўгім металічным палатном (лязо) і доўгім драўляным кассём (касільна, касавільна, касаўё). Рэхва на Палессі, Гарадзеншчыне, Нясвіжчыне і ёсць рэхва, на Гомельшчыне, Магілёўшчыне і Меншчыне яна называецца банькай, дзе-нідзе напарсткам, грывянкай.

У некаторых мясцінах паўдпёвага ўсходу палатно касы прывязвалі да касся дротам або лазой. Для скошвання збожавых да касы прымацоўвалі грабелькі (грабкі, грабцы). Грабелькі (тры, чатыры спіцы, выструганыя з ядлоўцу, сасны) мацавалі пад простым вуглом папярочнай планкай да касся, паралельна з палатном касы.

У паўднёва-заходніх і цэнтральных раёнах спіцы перапляталі аборачкай (вяровачкай), лазой, пазней дротам. У канцы 19 - пачатку 20 стагоддзя выкарыстоўваліся ў асноўным косы "вілейкі" ("літоўкі"), выраблялі іх на заводзе ў Вілейцы. Перад касьбою косы кляпалі на тупой бабцы вострым капцом малатка, або на вострай бабцы тупым капцом малатка, а ў час касьбы касу вастрылі бруском ці мянташкай. У наш час косы выкарыстоўваюць у індувідуальных гаспадарках і для касьбы на забалочаных мясцінах, зарослых хмызняком, у лесе; у калгасах і саўгасах былі пашыраны конныя і трактарныя касілкі, сіласаўборачныя камбайны і інш. тэхніка. У апошнія 30 гадоў ХХ стагоддзя фактычна ўсё коннае начынне сышло ў нябыт, каса прадаўжае служыць чалавеку, але з пачатку ХХІ стагоддзя масава, а то і пагалоўна, замяняецца ротарнымі трымерамі з бензінавым або электрычным рухавіком. Сёння ўжо знайсці на вёсцы чалавека, які б умеў накляпаць звычайную касу - праблема.

(Працяг у наступным нумары.)

Слаўная спявачка нашай Бацькаўшчыны

Так у 1930-х гадах называлі маладую беларускую спявачку Яўгенію Чарняўскую-Орса. Яна была родам з Наваградчыны. У сярэдзіне 1930-х гадоў вучылася ў Варшаўскай кансерваторыі. Сваю вучобу і жыццё ў Варшаве маладая студэнтка і спявачка актыўна сумяшчала з беларускім рухам у польскай сталіцы. Без яе ўдзелу не абыходзіліся ні адна беларуская вечарына, сустрэча, прэзентацыя. У Варшаве Яўгенію Чарняўскую ведалі не толькі беларусы, але і ўкраінцы, палякі, літоўцы. Усіх яна зачароўвала сваёй прыгажосцю і голасам.

11 снежня 1937 года ў Варшаве ўкраінская студэнцкая грамада ладзіла вечарыну ў гонар сваёй нацыянальнай паэткі Лесі Украінкі. На вечарыну ўкраінцы запрасілі і Яўгенію Чарняўскую-Орса. Спявачка выканала некалькі ўкраінскіх песень і сваім звонкім мілагучным голасам, як пісаў часопіс "Шлях моладзі" (1937, № 17. С.18), " здабыла сабе гучныя воплескі шматлікіх слухачоў".

Запрашалі нашу спявачку ўкраінцы Варшавы і на іншыя імпрэзы. Напрыклад, 6 снежня 1938 года яна спявала песні на вечары ўкраінскай паэзіі. А пасля выканання песні "Салавейка" спявачку некалькі разоў выклікалі "на біс". Заходнебеларуская прэса пісала, што "воплескам не было канца. І не дзіва: голас спявачкі прыгожы, тэхніка адпаведная, інтэрпрытацыя высокакультурная, глыбокая, шчыра адчута, сцісла гарманізуецца са створанай кампазіцыяй. Выклікае вялікую ўвагу дыкцыя пясняркі. Чарняўская агулам выканала сваё заданне вельмі добра. Можна спадзявацца, што Чарняўская будзе вялікай спявачкай нашай Бацькаўшчыны" (Шлях моладзі, 1938. С.20).

6 лютага 1937 года ў Варшаве ў зале імя М. Карловіча мясцовай філармоніі адбыўся беларускі канцэрт-вечарына. Невялікая зала, якая была разлічана толькі на 250 месцаў, змагла ўмясціць больш за 400 чалавек. Многія не змаглі ўжо купіць білетаў. Канцэрт пачаўся каля 22 гадзін. Першай выступіла беларуская спявачка Яўгенія Чарняўская-Орса. Яна праспявала песні "Адна, і зноў адна", "А за ліхімі ды марозамі" і "Маладую Беларусь". Музыку да гэтых песень напісаў кампазітар Канстанцін Галкоўскі. Спявала Яўгенія і дуэтам з А. Панько. Аб гэтым пісаў у часопісе "Шлях моладзі" (1937, № 3. С. 20) Пятро Ластаўка. Паведамляў усё той жа Пятро Ластаўка і пра іншыя выступленні Яўгеніі Чарняўскай-Орса.

4 сакавіка 1938 года Яўгенію Чарняўскую-Орса на канцэрт у Вільню запрасіў Рыгор Шырма і прапанаваў ёй выступіць разам з ягоным хорам. Канцэрт адбыўся ў гасціннай універсітэцкай зале Снядэцкіх. У праграме канцэрта так і было запісана, што адбудзецца канцэрт беларускага хору Рыгора Шырмы і маладой беларускай спявачкі Яўгеніі Чарняўскай-Орса. На гэтым канцэрце пабываў і Максім Танк. У сваіх "Лістках календара" (Максім Танк. Збор твораў у шасці тамах. Мн., 1981. Т. 6. С. 192) пісаў: "Быў на канцэрце студэнцкага хору Рыгора Шырмы. У другой частцы канцэрта выступала маладая і вельмі сімпатычная спявачка А.Орса-Чарняўская (маецца на ўвазе Аўгіння - С.Ч.). Адкуль яе выкапаў дзядзька Рыгор? І не толькі выкапаў, а і ўзбагаціў яе рэпертуар беларускімі народнымі песнямі. Яна выканала некалькі новых песняў, і асабліва ўдала - "Паднімайся з нізін, сакаліна сям'я…". І яе праводзілі бурнымі апладысментамі; студэнты падарылі ёй прыгожы букет жывых кветак і сэрца кірмашнага "Казюка".

Сапраўды, канцэрт быў цудоўны. Яўгенія Чарняўская-Орса віленскай моладзі была зусім невядомая. Таму паглядзець на яе і паслухаць прыйшлі не толькі беларусы, але і палякі, яўрэі, рускія. Спявачка паказала сябе вельмі здольнай артысткай. Свежы, моцны і мяккі голас прарочыў ёй слаўную будучыню і ўсіх захапіў.

У першай частцы свайго выступлення Яўгенія Чарняўская-Орса выканала арыі Гендэля, Вердзі, Манюшкі, а потым спявала беларускія народныя песні ў апрацоўцы прафесара Галкоўскага. А на заканчэнне пад шматлікія апладысменты выконвала "Маладую Беларусь" на словы Янкі Купалы.

Там Максім Танк упершыню і пазнаёміўся з прыгожай беларускай спявачкай. Іх разам нават Янка Шутовіч сфатаграфаваў. "Сёння (маецца на ўвазе 5 чэрвеня 1938 года - С.Ч.) Янка Шутовіч перадаў мне некалькі фатаграфій: адна - аматарская - зробленая на казюкоўскім фэсце, дзе мы зняліся са спявачкай А.Чарняўскай", - прыгадвае ў "Лістках календара" Максім Танк (Максім Танк. Збор твораў у шасці тамах. Мн., 1981. Т.6. С. 203).

Па гэтых запісах адчуваецца, што Максім Танк проста закахаўся ў беларускую прыгажуню.Часопіс "Калосьсе" ў першым нумары за 1938 год апублікаваў нават верш Максіма Танка, прысвечаны спявачцы:

Ёсць варажбітныя травы

З папараццю кучаравай, -

Быццам яны ўсё ліхое

Дзіўнымі чарамі гояць.

Ўецца зялёная сцежка.

Нейчая ў песнях усмешка

Бліснула ярка і сіня, -

Нават не ведаю імя.

Лепей каб звалася Рутай,

Шчасцем, Палярнаю зоркай,

А не Купальскай атрутай,

Сном ці Няволяю горкай.

Рутай украсіш, што хочаш;

Шчасцем нат песні напоіш;

Зорка у цёмныя ночы

Будзе гарэць над зямлёю.

Але з атрутай і снамі,

Але ў сэрцы з няволяй, -

Пойдзеш якімі трапамі

У каласістае поле?..

Нешта над рэчкай варожаць,

Месяц, аер і бярозы

І забабонныя травы

З папараццю кучаравай.

Калі Максім Танк пазнаёміўся з Яўгеніяй бліжэй, ён шмат распавядаў ёй пра нашу літаратуру, пра паэзію, казаў, што рыхтуе зборнік вершаў "Пад мачтай", але не хапае фінансаў. Тады, прыехаўшы ў Варшаву, Яўгенія Чарняўская-Орса разам з сябрамі мясцовага Асветнага таварыства беларусаў, пачала збіраць фінансавыя сродкі на кнігу "Пад мачтай" Максіма Танка. Беларуская спявачка сабрала і перадала Максіму Танку каля 200 злотых. А рэштку грошай, неабходных на выданне зборніка, даў яшчэ адзін сябра "Товажыства пшыяцюл наук". І 20 чэрвеня 1938 года зборнік вершаў "Пад мачтай" Максіма Танка выйшаў з друку.

Пасля заканчэння Варшаўскай кансерваторыі сляды беларускай спявачкі губляюцца. Альбо яна засталася ў Польшчы, альбо выехала далёка на Захад, ці, магчыма, вярнулася на Бацькаўшчыну. Пакуль адшукаць не ўдалося.

Сяргей ЧЫГРЫН.

Некалькі гадоў маёй маладосці ў Вільні 1 (1818-1825)

Станіслаў Мараўскі

Ад перакладчыка

Аўтар гэтых успамінаў др. медыцыны Станіслаў Мараўскі нарадзіўся 22 ліпеня 1802 г. у Міцкунах пад Вільняй, што ў Лаварышскай парафіі, у маёнтку сваёй маці і быў першым і адзіным сынам шамбеляна караля Станіслава Аўгуста Апалінарыя Мараўскага і Мар'яны з Сямашкаў (памерла ў 1813 г.). Бацька - Апалінар Мараўскі (памёр у 1838 г.), быў вельмі вядомым у той час чалавекам, ведаў і падтрымліваў сяброўства з многімі тагачаснымі інтэлектуаламі, прымаў удзел у паўстанні 1794 г., асабіста ведаў Тадэвуша Касцюшку і Якуба Ясінскага, быў масонам.

Бацькі аўтара, вельмі заможныя людзі, пабраліся шлюбам па вялікім каханні, але " ў выніку сямейных, драматычных і па-сапраўднаму, з-за сваёй надзвычайнасці, цікавых інтрыг, маці на сямнаццатым годзе свайго жыцця была вымушана законна расстацца са сваім мужам, якога кахала". Пара развялася ў 1810 г. па ініцыятыве бацькі. Каб паскорыць шлюбаразводны працэс, звярталіся нават да імператара Аляксандра I, прычыны разводу ў крыніцах не ўказваюцца. Маці пасялілася ў Вільні, дзе, з-за шлюбаразводнай драмы захварэла ў 1813 г. і памерла "гэтая няшчасная жанчына, прыгнечаная болем і рознымі паразамі, якія атручвалі сэрца, памерла ад сухотаў". Пахавана на Бернардынскіх могілках, магіла не захавалася. Адзіны сын Мараўскіх Станіслаў застаўся жыць з бацькам і яго другой жонкай Юзэфай з Храпавіцкіх (1770-1842).

Яго дзяцінства было сумным і не толькі з-за адсутнасці маці (шляхетная мачаха з дому Храпавіцкіх, як магла імкнулася рабіць дабро пасынку), але больш з-за адносін да сына яго бацькі.

Бацька, несумненна чалавек выбітны, здольны, інтэлігентны, вынаходлівы, бонвіван і лавелас, "высакародны і паважаны ў свеце", як ні дзіўна, рэзка, строга і сурова абыходзіўся са сваім адзіным сынам. Аднак для свайго сына ён зрабіў усё, што і належала зрабіць. Выхаваў яго здаровым і даў выдатную адукацыю. Першапачаткова Станіслава вучылі гувернёры, і не абы якія гувернёры - Міхал Канарскі, перакладчык з французскай мовы (потым ён вучыў Шчэнснага Патоцкага) і Захара Нямчэўскага, будучага прафесара матэматыкі Віленскага ўніверсітэта і дэкана факультэта фізікі. Калі Станіслаў падрос, яго аддалі ў Ковенскую павятовую школу, у якой праз год пасля таго, як яе ў 1818 г. скончыў Мараўскі, пачаў настаўнічаць Адам Міцкевіч.

Пад ціскам бацькі Станіслаў паступіў на медыцынскі факультэт Віленскага ўніверсітэта, які скончыў у 1823 г. і абараніў ступень доктара медыцыны. Вучоба Мараўскага ва ўніверсітэце прыпала на гады максімальнага развіцця Віленскага ўніверсітэта і на кульмінацыю руху філарэтаў сярод моладзі. Мараўскі прымаў удзел у гэтым руху, быў прыняты ў сакавіку 1819 г. з псеўданімам "Патрокл" і 15 сакавіка прачытаў даклад "Пра свабоду народа", а 7 чэрвеня "Жыццё і справы кардынала Рышэлье". Яшчэ падчас вучобы ва ўніверсітэце меў зносіны з А. Міцкевічам, Т. Занам. Яму ўдалося пазбегнуць суда над філарэтамі ў 1824 г і выгнання з краю. Па сямейнай традыцыі быў членам масонскай ложы "Руплівы ліцвін" ("Litwin Gorliwy").

Не вытрымаўшы тыраніі бацькі, ён паехаў у Пецярбург (жыў тут у 1827 і 1829-1838 гг.), дзе працаваў лекарам і атрымаў ордэн св. Ганны падчас знакамітай эпідэміі халеры. Меў стасункі з Адамам Міцкевічам, сябраваў з піяністкай М. Шыманоўскай, мастакамі Ю. Аляшкевічам і В. Смакоўскім.

Знаходзячыся ў Парыжы, вырашаў праблемы са спадчынай, якая дасталася яму ад пляменніцы. Падчас знаходжання ў Францыі зблізіўся з эміграцыяй і павінен быў быць сватам шлюбу Цэліны Шыманоўскай (1812-1855) з Адамам Міцкевічам, з якім зноў сустрэўся ў 1833 г.

Пасля смерці бацькі ў 1838 г. пасяліўся ў маёнтку Устроні Троцкага павета, дзе пісаў свае мемуары. У 1845-1846 гг. жыў у Варшаве. Сучаснікамі характарызаваўся як мізатроп, што бачна і з яго ўспамінаў.

Памёр у 1853 г. у сваіх Устронях і быў пахаваны ў капліцы ў Неманюнах Троцкага павета.

Розныя кнігі ўспамінаў Станіслава Мараўскага неаднаразова выдаваліся на польскай мове і даўно перакладзены на летувіскую мову. Значна больш "роўныя" і менш суб'ектыўныя ўспаміны Мараўскага пра жыццё ў Пецярбургу таксама перакладзены і на рускую мову 2. У сваіх росшуках я неаднаразова перакладаў і цытаваў фрагменты ўспамінаў Мараўскага і добра разумеў каштоўнасць, а ў чымсьці ўнікальнасць яго тэкстаў і таму некалькі разоў прапаноўваў асобе, якая магла б арганізаваць высокапрафесійны пераклад, навуковае каментаванне, рэдагаванне і выданне ўспамінаў Мараўскага, зрабіць гэтую працу. Усе разумелі каштоўнасць такога выдання, і таму віленскія ўспаміны Мараўскага рана ці позна павінны былі б з'явіцца ў тым ліку і на беларускай мове. Але сталася так, што верагоднасць гэтага сёння наблізілася да нуля. Таму я і ўзяўся за поўны пераклад віленскіх успамінаў Мараўскага, бо яны, у тым ліку, наўпрост датычаць і да маёй Лідчыны, а таксама Ашмяншчыны, Наваградчыны і г. д.

У маім перакладзе амаль што няма скаротаў, выкідваў я толькі не зусім дакладныя апісанні аўтарам біяграфій Бенігсена, Зубава і г. д., стамляўся перакладаць адмоўныя характарыстыкі яго непрыяцеля Новамейскага і іншыя, вельмі суб'ектыўныя і малакаштоўныя часткі пра цалкам невядомых сёння асоб, але гэтыя скароты агулам не перавышаюць некалькі старонак кнігі.

Улічваючы вельмі спецыфічны стыль Мараўскага, яго сказы на паўстаронкі з вялікай колькасцю косак, косак з кропкай, вялікую колькасць састарэлых слоў і г. д., на пачатку я думаў зрабіць пераклад як максімальна набліжаны выклад сэнсу яго ўспамінаў. Але стыль Мараўскага, калі яго думкі абганяюць яго пяро, да апісання кожнай асобы дадаецца па пяць ці болей эпітэтаў, а самая простая думка можа раскрывацца на некалькіх старонках, захапіў мяне, і таму я маю слабую надзею, што ў нейкай ступені ўдалося перадаць яго своеасаблівы стыль. Мараўскі ўвесь час працаваў як быццам для сябе ці максімум для сваіх сваякоў і сяброў, бо пісаў пра "вочы і вушы майго прыяцеля ці сваяка, які будзе гэта чытаць", але меў надзею і на нешта значна большае, "бо, хто ведае, можа і мае трызненні часам каму прыдадуцца".

Успаміны, відочна, пісаліся на адным дыханні і таму бачны няроўнасці і нестыкоўкі тэксту. Напрыклад, у адным месцы пра свайго бацьку ён піша, што "вялікія і малыя грошы сыпаліся на яго без аніякага старання, нават, калі ён сам гэтага не чакаў", у іншых месцах неаднаразова згадвае вялікую заможнасць сваёй сям'і, але потым мы даведваемся, што яго бацька ў канцы жыцця ўжо амаль што нічога не меў і нічога не змог пакінуць свайму сыну.

Мая праца - не акадэмічны пераклад, бо перакладаў я віленскія ўспаміны як цікавейшы раман з жыцця нашага краю ў першай трэці XIX ст. Таму, хоць гэта было б цікава зрабіць, пераклад не мае навуковага апарата і занадта вялікіх каментароў, выкананых па ўсіх правілах у канцы кнігі. І пераклад разлічаны на дастаткова абазнага ў нашай гісторыі чытача. Каб не абцяжарваць і так складаны тэкст, я часта не расшыфроўваў шматлікія французскія і лацінскія словы і прымаўкі, а адразу падаваў іх у перакладзе на беларускую мову.

Успаміны поўняцца анекдотамі, расказамі і аповедамі пра вядомых і невядомых сёння асоб, і, калі ўзяць папраўку на зразумелую суб'ектыўнасць аўтара, яго ўспаміны можна лічыць энцыклапедыяй жыцця сярэдняга і вышэйшага класа былога ВКЛ у XIX ст.

Закончу гэты ўступ думкай, якую былы філамат Францішак Малеўскі 3 паведаміў другому былому філамату Адаму Міцкевічу (яны абодва былі жанаты з сёстрамі Шыманоўскімі) - Малеўскі лічыў тэкст Мараўскага "шклом, праз якое можна бачыць", дадам, празрыстым шклом, праз якое можна бачыць гісторыю.

Вельмі цікавай для мяне ёсць апісанне аўтарам прыгожага абраду атрымання ступені доктара медыцыны (MD), я ўжываю пры гэтым тэрмін, які мне падабаецца - "дактарацыя". Заўважу, што паступіўшы ў 16 гадоў ва ўніверсітэт, Мараўскі ўжо ў 20 гадоў стаў доктарам медыцыны. Наколькі я ведаю, і сёння ў англамоўным свеце доктар медыцыны (MD) - гэта прафесійная (і апошняя) навуковая ступень лекараў. Па ўзроўні падрыхтоўкі яна прыблізна адпавядае магістратуры немедыцынскіх прафесій, даецца пасля заканчэння медыцынскага ўніверсітэта і дазваляе займаць медычныя і выкладчыцкія пасады ў медыцыне ажно да прафесарскіх. Тады, як і сёння ў большасці дзяржаў заходняга свету, юрысты атрымлівалі навуковую ступень доктара юрыспрудэнцыі (J.D, JD, D.Jur. ці DJur), а багасловы - доктара тэалогіі (Theology Doctor, ThD). Каб займацца медыцынай, як навукай, сёння трэба мець ступень PhD (гл. ніжэй), напрыклад у галіне біялогіі, такая ступень пішацца як "MD-PhD".

Акрамя медыкаў, юрыстаў і тэолагаў, усе іншыя выпускнікі ўніверсітэта, пры жаданні, маглі атрымаць ступень доктара філасофіі (PhD, Philosophiа Doctor) - навуковая ступень, якая і зараз атрымліваецца спецыялістамі ў галінах гуманітарных, прыродазнаўчых і тэхнічных навук на аснове ступені магістра пасля выканання на працягу 4-5 гадоў незалежнага даследчага праекта і абароны дысертацыі (PhD Thesis). У той час Віленскі ўніверсітэт не меў інжынерных накірункаў, і ступень магістра, а потым доктара філасофіі прысвойвалася гуманітарыям і прыродазнаўцам. Вядома, напрыклад, што Адам Міцкевіч у 1819 г. скончыў Віленскі ўніверсітэт і ў 1822 г. атрымаў вучоную ступень магістра філасофіі. Загадкай для мяне з'яўляецца згаданы ў гэтых мемуарах хімік Ляхніцкі, які стаў доктарам ва ўзросце 19 гадоў. Невядома, ці справа ішла пра вундэркінда, ці гэта проста памылка.

Мае каментары да тэксту ўспамінаў пазначаны літарамі "Л. Л.", а каментары, якія былі зроблены да выдання 1924 г., падаюцца без дадатковых пазнакаў.

У кнізе Мараўскага ўспаміны дадатковыя да асноўнага тэкста, падаюцца пры канцы кнігі. У газетным фармаце гэтыя дадаткі я падаю пасля кожнага раздзела, пазначаны яны будуць літарай "Д" з адпаведным нумарам.

Перакладчык і каментатар успамінаў Леанід Лаўрэш.


Казалі тады першасвятары Пілату: "Не пішы". Але Пілат адказваў: "Што напісана, тое напісана".

"Змяніліся пакаленні, і я застаўся блукаць сярод людзей у амаль што невядомай мне краіне, дзе нішто з таго, што мяне раней атачала, не было мне чужым".

Першая частка

Раздзел 1. Пралат Міхал Длускі. Яго характарыстыка. Яго сувязь з Лабаржэўскай. Яго масонства. Ссылка ў 1812 г. Вяртанне, смерць і пахаванне

Адным з блізкіх сяброў майго бацькі ў Вільні быў яго стрыечны брат, ксёндз Міхал Длускі 4, прэлат і архідыякан Віленскай катэдры.

У той час гэты ксёндз-прэлат быў свяцілам, зоркай, сонцам капітулы. Сёння ніхто не мае ўяўлення пра тое, якое значэнне, павагу і пашану мелі члены Віленскай капітулы ва ўсім забраным краі і ў самой Вільні, а было гэта яшчэ на маёй памяці.

Але ўжо нават і тады людзі скардзіліся, што ў капітулу ўціснуліся інтрыганы. У часы кс.-біскупа Масальскага і потым, не было іншых прэлатаў, як толькі арыстакраты. Гэту духоўную пасаду займалі Лапацінскія, Валовічы, Касакоўскія, Страйноўскія, Бжастоўскія, Зянковічы і ім падобныя, святасцю жыцця над іншымі ўзвышаўся біскуп Пільхоўскі 5. Спалучалі яны сапраўднае выхаванне з уласным, звычайна, вялікім багаццем, і, галоўнае, яны мелі агульную павагу да сябе. Узнагароджаныя зоркамі св. Станіслава і Белага Арла, засядалі ў парадных тогах за дзіўнай прыгажосці сталамі віленскай капітулы, выглядалі як рымскія сенатары, якія з-за нашэсця галаў чакаюць смерці.

Потым, палітычныя змены, заўчасная смерць многіх прэлатаў і ідэі, якія з'явіліся пад уплывам універсітэта і сучаснай навуцы, пачалі дэмакратызаваць свядомасць і прывялі да таго, што большасць прэлатур і пасад у капітуле атрымалі ўніверсітэцкія прафесары святой тэалогіі. Пасады атрымалі пераважна асобы з дробнай і беднай шляхты і, як кажуць, малой высакароднасці. І шапталіся, што былі сярод іх нават і сяляне, якія ўзняліся праз моц таленту ці праз інтрыгу.

Аднак заўсёды былі Бжастоўскі, Касакоўскі і Багуслаўскі, а сярод навукоўцаў-матэматыкаў Нарвойш 6, Міцкевіч 7, Клангевіч 8, Хадані 9 і Кундзіч 10. Цывінскі 11 - шляхціц старажытнага і чыстага паходжання, хаця і быў ужо афіцыялам, але ніколі не думаў, што дачакаецца той ролі, якую пазней яму давялося выконваць. Я часта бачыў Цывінскага навыцяжку каля дзвярэй Длускага і вельмі цяжка было яго ўгаварыць нават толькі сесці ў крэсла. Я бачыў гэта, але яно мне не шкодзіла, і з гэтым будучым біскупам у мяне ніколі не было стасункаў, хоць часам я меў стасункі з асобамі, якімі ён кіраваў. Зрэшты, лепш не заўважаць прыніжанай сціпласці людзей, якія потым узняліся, бо яны не любяць сведкаў сваёй пакорлівасці. А такія сведкі, часцей за ўсё міжвольна на пачатку глядзелі на іх, як бараны, але потым заўсёды былі вінаватымі: "Чаму глядзелі, чаму бачылі?". Гэта нешта накшталт лёсу Авідзія, які ўвесь час скардзіўся: "Cur aliquid vidi. Cur noxia lumina jeci!" ( лац. "Чаму я нешта бачыў. Чаму я падпаліў агонь!". - Л. Л.).

Ксёндз Міхал Длускі быў выхаваны ў школе кс.-біскупа Масальскага, чыя элегантнасць, дасканаласць, вучонасць і ветлівасць славіліся па ўсім краі (Д 1) і дапамагалі біскупу ва ўсіх яго падарожжах за мяжу - яго такт, яго абыходжанне з людзьмі, яго разважлівасць - усё тое, чаго сёння мы ўжо не бачым. Дасведчаны, энцыклапедычна адукаваны ва ўсіх галінах ведаў, з веданнем 6 моў і 7-й рускай, якую потым вывучыў у няшчасці, віртуозны мастак алоўкам і алеем, да гэта ўсяго яшчэ і архітэктар і аграном - нават у свой час вялікіх асветнікаў, калі было шмат па-сапраўднаму вучоных людзей, якія атрымалі веды не з газетаў і часопісаў, а з упартага і пастаяннага вывучэння грунтоўных кніг - асоб, якія дзівяць сучасных мудрацоў ведамі, якімі яны ўпрыгожылі свой розум і сэрца.


Длускі, кажу я, мог не зажмурыўшы вока, мець уладу і трымаць яе надзейна. Калі і быў на свеце хрысціянскі святар, пазначаны рукой Бога анёльскім абліччам, дык гэта, безумоўна, быў ксёндз Міхал. Прыгожага целаскладу, росту вышэй за сярэдні, з паважнымі і шляхетнымі рухамі, па-сапраўднаму панскімі рукамі, сціплы, ціхі хоць і не па-езуіцку - ён паланіў сэрцы кожнага, хто яго ведаў. Але галоўным яго ўпрыгожаннем быў твар і нават выраз твару, калі ён размаўляў з людзьмі. Блакітныя вочы, светлыя, доўгія валасы, якія спадалі на шыю прыгожымі, натуральнымі кудзеркамі, лагодны позірк рабілі яго па-сапраўднаму падобным на анёла ці, прынамсі, на таго Габрыэля, якога ў "Вечным жыдзе" сваёй фантазіяй намаляваў Эжэн Сю. З вялікай колькасці партрэтаў ксяндза Міхала толькі мініяцюра, якую я атрымаў ад бацькі, перадае яго воблік. Калі ён нават пры пустой гаворцы пачынаў размаўляць, ягоны губы ледзь-ледзь дакраналіся адна да другой, нібы ён збіраўся лёгка пацалаваць - гэтак жа робяць тыя, хто грае на флейце. І сапраўды, яго прыемны голас дакранаўся да вуха, як гук музычнага інструмента. Быў у яго малы цік, не ведаю, ці заўважаў гэта хто-небудзь з яго блізкіх ці знаёмых, але мяне, малога, ён звычайна дзівіў, і таму я зачаравана глядзеў на яго. Безумоўна, цік не толькі не псаваў, але рабіў яго яшчэ больш чароўным. Акрамя ўласнага фундушу, які трымаў як капітал, ксёндз Длускі быў яшчэ пробашчам у катэдры і меў дзве значныя бенефіцыі: Рукойні і Міхнішкі 12.

Рукойні 13 лічыліся хоць і блізкім да Вільні, аднак мёртвым, журботным і нудным мястэчкам, але гэтую сваю летнюю рэзідэнцыю ён перарабіў у маленькі рай. Купамі маляўніча пасаджаных дрэў стварыў прыгожыя краявіды. Пабудаваў жылы дом, мураваны касцёл і іншыя гмахі. Батанік і аматар кветак, ён стварыў цудоўны сад з каналамі, напоўненымі рыбай, домікамі для самых прыгожых птушак, швейцарскімі хаткамі, пусташ з высвечаным пустэльнікам-старцам - адным словам, узбагаціў усімі вясковымі аздобамі.

Пасля яго смерці ад усяго гэтага не засталося і следу! Пасля таго, як Длускага змяніў спарахнелы і здзяцінеўшы прэлат, граф Бжастоўскі, рэферэндарый ВКЛ, які з-за нейкага дзіўнага капрызу і фантазіі загадаў усё зраўняць і высекчы ў пень, Рукойні вярнуліся да ранейшага стану. А быў гэта той самы Бжастоўскі, які ў свае маладыя гады стварыў і арганізаваў Паўлава 14, мястэчка, слаўнае ў апошнія хвіліны Літвы і Польшчы.


Пры гэтым наш прэлат Длускі быў не без граху. Анёлы заняпадалі, а як жа часам не саграшыць чалавеку, нават калі ён і падобны на анёла? Прыгожы, вялікі, багаты, адукаваны, таленавіты, ён не мог не мець спакус. Як і звычайна, яго спакусіла жанчына. І хоць ён раней не раз казаў жанчынам: "Ідзі прэч, шатан!", але ўсё ж перад адной з гэтых шатанак ён нарэшце паў. Але магу меркаваць, што не было вялікім дзівам упасці з такога коніка, бо праз некалькі дзясяткаў гадоў і я ўбачыў гэтую жанчыну! Не буду пляткарыць, бо каханне Длускага не было распустай, якой аддаўся гарбаты і страхалюдны прэлат Зянковіч, у абдымкі якога кідаліся ледзь не ўсе модныя віленскія пані, таму што Зянковіч быў багаты і меў надзвычайна вялікую схільнасцю да марнатраўства.

Длускі, сціплы чалавек з чулым сэрцам, не вытрымаў і патрапіў у сеткі, якія на яго паставіла прыгожае нябеснае стварэнне, поўнае ўдзячнасці і абаяння - генара-лава Лабаржэўская з дому Нарбутаў 15. Яна потым прайшла праз рукі, сэрца і кішэню князя Кутузава-Смаленскага, у той час (1799-1801 і ў 1809-1812 гг. - Л. Л.) генерал-губернатара Вільні, і некалькіх яшчэ паноў у Пецярбургу, а пры канцы выйшла замуж за міністра асветы, адмірала Шышкова. Калі я з ёй пазнаёміўся, яна была ўжо старой, але яшчэ моцнай, дзіўна прыгожай і мілай жонкай міністра, адмірала Шышкова 16. Яна цалкам адпавядала свайму становішчу, узняла дом адмірала, з дзіўнай прыемнасцю і ветлівасцю захоўвала ўсеагульную павагу, асабліва цёплую ад землякоў, як быццам ніколі і не была нікім іншым, як толькі жонкай міністра.

Што ж, магчыма, Длускі не ведаў, што ў сваёй хроніцы пісаў легат і папскі нунцый у Польшчы Энеа Сільвіа Пікаламіні, які потым стаў папам Піям ІІ аб Нарбутоўнах 17, і небарака, закахаўся ў гэтую жанчыну па самыя вушы. Ці з-за глупства, ці каб добра яго абдзерці, замест таго каб хаваць адносіны, мілая спакусніца пачала знарок дэманстраваць гэтую сувязь. Выбухнуў скандал, які неабходна было хутка схаваць і патушыць. Мой бацька, як Ментар, які скінуў Тэлемака са скалы, гвалтоўна разарваў гэтую сувязь. Лабаржэўская залілася горкімі слязьмі і запатрабавала 2000 дукатаў, каб загаіць сваю каліпсаву рану (у інтэрпрэтацыі рымскім пісьменнікам Гаем Юліям Гігіным старажытнагрэцкага міфа, німфа Каліпса забіла сама сябе з-за кахання да Адысея - Л. Л.). Мой бацька меў каля сябе сястру Лабаржэўскай Далецкую (ці Далінскую - Л. Л.), якую ён раней збаламуціў і яна аддалася яму і целам, і душой. Пры дапамозе генерала Хацкевіча, які марыў неадкладна ўзяць Лабаржэўскую на свой рахунак, бацька закончыў справу кампрамісам у тысячу дукатаў. Аднак, калі Лабаржэўская развітвалася, дык паклялася помсціць вечна, але не з-за малой сумы грошай, а за сканчэнне такога салодкага кахання. Трэба сказаць, што клятву сваю яна не выканала, бо, відочна, была жанчынай з мяккім, добрым і незлапамятным сэрцам. У 1828 г., ужо будучы жонкай міністра, яна, як сына, прыняла мяне ў Пецярбургу, навучала мяне, дзе магла пратэжыравала, і я меў у сталіцы шмат прыемных момантаў у яе вялікім, знакамітым і бліскучым доме. (Д 2).

Ну, і каб хоць коратка закончыць біяграфію Длускага, дадам толькі, што яшчэ падчас вандроўкі па Еўропе разам з біскупам ён уступіў у таварыства масонаў. І калі пазней масоны пачалі множыцца ў Літве і Польшчы як грыбы на моху, аказалася, што ён і наш агульны сваяк генерал граф Караль Мараўскі 19 былі ветэранамі масонскага руху ў краі (гэты графскі тытул для яго быў куплены нясвіжскімі Радзівіламі ў рымскага імператара, ён меў падвойнае сваяцтва з Радзівіламі, бо аддаў сваю адзіную дачку за апошняга нясвіжскага Радзівіла. Ён вельмі хацеў мяне ўсынавіць, але бацька не пагадзіўся). Мараўскі доўгі час жыў у Завушшы, і яго галоўным сябрам стаў прэлат Длускі 20. Праз Длускага міласэрны і шчодры граф часта аказваў значную падтрымку і рабіў складкі для мастакоў, вучоных без сродкаў, для бедных і сіротаў і таму быў шырока вядомы.

Нарэшце, прыйшоў 1812 г. З'яўленне імператара Напалеона, які па-здрадніку падараваў нам бразготку, нам, якія яшчэ ўсё памяталі і ўсімі сіламі і шляхамі імкнуліся аднавіць сваю незалежнасць. Гэта дало новы стан, новыя постаці. Руплівы і высакародны Длускі ўсёй душой прыкіпеў да гэтай няспелай яшчэ надзеі. А ў дзень імянін французскага імператара ён сказаў з амбона катэдральнага касцёла слаўнае казанне, якое зрабіла на ўсіх вялікае ўражанне, і шпегі адразу даслалі звесткі ў расійскі лагер. На яго ўжо меўся кампрамат, але, паколькі меліся і больш дыскрэдытаваныя асобы, пасля вяртання маскоўскіх войскаў ён неяк выкруціўся. Ды няшчасны лёс абрынуў на яго галаву новую буру.

Калі ўжо рускія войскі падышлі да Вільні, французы адступалі і хаваліся, дзе маглі, бо мелі надзею, што перамога, якая выпала з іхніх рук, вернецца ў любы момант. Вышэйшыя афіцэры хаваліся ў цывільным ці ў салдацкіх мундзірах ад простага люду, раззлаванага нядаўнім рабаўніцтвам, і асабліва ад цікаўных і спрактыкаваных вачэй яўрэяў, якія пра ўсё даносілі рускаму войску. Адзін з французскіх генералаў, масон, які раней бываў у віленскай ложы і ведаў Длускага, пайшоў да яго з просьбай дапамагчы ўцячы. Прэлат са сваіх ці з масонскіх грошай даў яму 100 злотых і генерал рознымі шляхамі дабраўся да Дрэздана. Але ў Вільні застаўся яго сябар і, не думаючы, што ён робіць, генерал праз пошту напісаў сябру, што той мае рабіць і расказаў, як ён сам уцёк у Саксонію. "Калі ў цябе няма грошай, ідзі да высакароднага і свентаблівага каплана, прэлата Длускага, які дапамог мне, і цябе, дакладна, не пакіне. Гэты ліст патрапіў у рукі Кутузава, адтуль да імператара Аляксандра І, які загадаў саслаць Длускага ў Сібір! Нечакана для святара прыйшла кібітка і яго, ужо сталага чалавека, павезлі ў Табольск і, як вялікую ласку, дазволілі ўзяць з сабой для паслуг прывязанага да яго камердынера Тавянскага.

Даведаўшыся пра гэта, мой бацька, як кіпенем абліты, паляцеў у Вільню, націснуў на ўсе спружыны, два гады праціраў усе парогі і нарэшце, дачакаўся вяртання Длускага. Але гэта ўжо быў не той Длускі! І хоць ён карыстаўся яшчэ большай павагай сярод людзей, але цяжкая дарога, маральныя пакуты, клімат, пераслед, хамства, ганьба - усё тое, ахвярай чаго ён быў сярод раз'юшаных расейцаў падчас выгнання, сумна паўплывалі на яго розум, на стабільнасць яго характару і на яго здароўе. З таго часу ён вёў замкнёнае і сумнае жыццё, бачыўся толькі з намі, з блізкімі яго сэрцу людзьмі і выглядаў, як перад смерцю. Праз некалькі гадоў, у 1820 г., прыехаў у касцёл св. Стэфана 21, дзе звычайна па пэўных днях адпраўляў святую імшу для мар'явітак і, калі выходзіў з карэты, нешчасліва ступіў і так паламаў нагу ў галёнцы, што ажно косць выйшла вонкі.

Не далі выніку самыя прачулыя старанні, руплівы нагляд лепшых лекараў і хірургаў, бо ён не згаджаўся, каб яму адрэзалі нагу. І няшчасны выпадак звёў прэлата ў магілу.

Такі быў канец гэтай выключнай для краю і чалавецтва асобы, якая была вартая зусім іншага лёсу. Ні тады, ні сёння няма ў нашым краі каталіцкага ксяндза, які быў бы такім адукаваным і меў бы такое сэрца, такі характар і такую постаць.

Ягоная сястра Канстанцыя, вось ужо на працягу больш за 30 гадоў абатыса віленскіх візітак, жанчына святая, шырока вядомая ў краі і за яго межамі, поўная лагоднасці, веры і сапраўднага хрысціянскага святла, у пансіёне свайго кляштара выхавала тысячы маладых, багатых і бедных паненак - цяпер яны ўжо маці, а можа і бабулі і павінны з удзячнасцю ўспамінаць абатысу. А я ўдзячны ёй за смачныя пернікі і іншыя мілыя прысмакі, якімі яна мяне заўсёды адорвала. Акрамя гэтай сястры, Длускі меў яшчэ адну сястру, таксама візітку, але яна даўно ўжо памерла, і ксёндз Міхал акрамя майго бацькі не меў больш блізкіх сваякоў. Воля прэлата, пра што мне неаднаразова казалі ў розных абставінах, заключалася ў тым, каб усё, чым ён валодаў, пасля яго смерці перайшло да майго бацькі. Але мой бацька быў высакародны і па-сапраўднаму бескарысны чалавек і таму адкінуў не толькі думку пра маёмасць Длускага, але і пра ўсе наступствы, якія вынікалі з гэтай думкі. Памятаю, калі я меў каля 10 гадоў, мяне прывезлі ў Вільню, і я абедаў з бацькам у прэлата. Са сваёй вялікай і добра ўкамплектаванай бібліятэкі, прэлат дастаў пераплеценую французскую кнігу з каляровымі гравюрамі жывёл, як на той час - вельмі прыгожую, і падарыў яе мне на памяць. Бацька, шкадуючы, што я сапсую кнігу (а яна ў мяне, хоць і парваная, але захавалася дагэтуль), пачаў угаворваць яго не рабіць гэтага, каб не шкодзіць свайму кнігазбору. Тады ксёндз Длускі сказаў: "Браце мой, чаму хочаш ваяваць з самім сабой? Гэта твой сын, і неўзабаве і гэта (паказвае на бібліятэку), і тое (паказвае на вялікую калекцыю карцін), і ўсе, што я маю, не каму іншаму, а вам дастанецца. Чаму ты так шкадуеш аб гэтай кнізе?". Ні тады, ні пазней я не думаў аб гэтым, бо лічыў за ганьбу чакаць чужую смерць. Я згадаў гэтую акалічнасць, бо яна потым можа спатрэбіцца для тлумачэння некаторых пазнейшых падзей майго жыцця.

Пахаванне ксяндза Міхала было прыгожым, можа, самым прыгожым у Вільні. Не таму, што за труной ва усім сваім бляску ішла капітула, ішла і радавалася, бо дзве значныя бенефіцыі напэўна дастануцца камусьці з іх, але таму, што пахаванне суправаджалася шчырым і аднадушным смуткам усяго горада. Бо ўсе прыйшлі сюды, каб аказаць пашану памерламу. Ад натоўпаў немагчыма прайсці было ад Замкавай брамы да катакомбаў. Магістр масонаў жадаў сваіх паказаць лепш, чым капітула сваіх. І ўсе віленскія масоны, са згоды ўладаў ішлі ў чорных цывільных уборах са свечкамі ў руках услед за намі, сваякамі, і гэта добра прычынілася да бляску пахавання. Гледзячы на гэта, канвенты (манаскія законы - Л. Л.) сціскалі зубы і моўчкі скрыгаталі імі ад вечнага няшчаснага пераканання ксяндзоў, што масанэрыя ёсць справа і выдумка д'ябла (Д 3).


(Працяг у наступным нумары.)

1 Morawski Stanisław. Kilka lat młodości mojej w Wilnie (1818-1825) . Warszawa, 1924. Пераклад Леаніда Лаўрэша.

2 Моравский, Станислав. В Петербурге. 1827-1838. // Поляки в Петербурге в первой половине XIX века.- М.: НЛО, 2010. С. 479-618.

3 Пра яго гл: Федута Александр. Филомат в Империи: Документальная повесть о Франтишке Малевском. Минск: Лимариус, 2019.

4 Міхал Длускі (1760-10.04.1821), сакратар біскупа Масальскага, пісар Надзвычайнага суда. З 1795 г. аўдытар біскупскай канцылярыі віленскага біскупа Касакоўскага. З 1812 г. духоўны дэпутат у судзе 2-га віленскага дэпартамента, член масонскіх ложаў і выбітны масонскі дзеяч, магістр ложаў "Дасканалая Еднасць" і "Руплівы Ліцвін". Аўтар вядомага масонскага твора "Ліст Лісабонскага равіна да равіна Берасцейскага, у перакладзе са старажытнаяўрэйскай мовы" (Вільня, 1817). У тагачаснай літоўскай, варшаўскай і львоўскай перыёдыцы, друкаваліся яго творы па гісторыі, тэалогіі, філасофіі, тэхніцы.

5 Давід Пільхоўскі (1735-1803), езуіт, пасля скасавання закона - прафесар літаратуры ў Галоўнай літоўскай школе (Віленскім універсітэце), віленскі біскуп-суфраган, муж вялікага сэрца і сапраўдны грамадзянін краю.

6 Францішак Нарвойш (1742-1819), езуіт, выбітны прафесар матэматыкі ў Галоўнай літоўскай школе (універсітэце). Гл: Лаўрэш Леанід. Гараджанін эпохі Асветніцтва (Францішак Нарвойш) // Гістарыяграфія і крыніцы па гісторыі гарадоў і працэсаў урбанізацыі ў Беларусі. Зборнік навуковых артыкулаў. Гродна, 2009. C. 208-214.

7 Юзаф Міцкевіч (1741-1817), езуіт, дэкан фізіка-матэматычнага факультэта.

8 Андрэй Бенядыкт Клангевіч (1766-1841), прафесар дагматычнай тэалогіі і гісторыі касцёла, з 1828 па 1842 г. як біскуп кіраваў Віленскай дыяцэзіяй.

9 Ян Канты Хадані (1767-1823), прафесар маральнай тэалогіі, выбітны прапаведнік.

10 Тадэвуш Кундзіч (1747-1829), езуіт, прафесар матэматыкі.

11 Ян Цывінскі (1780-1846), з 1842 г. адміністратар Віленскай дыяцэзіі.

12 Рукойні - мястэчка ў Віленскім павеце, за 18 км на паўднёвы ўсход ад Вільні на ашмянска-менскм тракце. Міхнішкі - вёска ў Троцкім павеце.

13 Сёння - Рукайней (літ.: Rukainiai, традыцыйная беларуская назва - Рукойні) - вёска ў Вільнюскім раёне Вільнюскага павета Літвы. Каміла Юрэвіч з Нарбутаў пісала ў сярэдзіне XIX ст.: "Першае, што мяне зацікавіла пасля ад'езду з Вільні, была вёска Рукойні, якая належала рыма-каталіцкай Капітуле. Усе хаты мелі каменныя падмуркі, вялікія вокны і коміны над дахам. О, як блаславіла я высакародных капланаў, якія сваёй праўдзівай бацькоўскай апекай вызвалілі ад сырасці і дыму хоць гэтую малую частку літоўскага народу". - Гл: Jurewiczowa Kamilla. Kolęda Kamilli Narbut dla kuzynek i przyjaciółek na rok 1852. Wilno, 1852. - Л . Л .

14 Бжастоўскі Павел Ксаверы, канонік, реферэндарый ВКЛ, вядомы праз грамадскую дзейнасць ў сваёй маёмасці Паўлава. Быў пробашчам у Рукойнах (1823-1827), у апошнія гады - тургельскі пробашч. Пра яго і Паўлава, гл: Хопен Ежы. Рэспубліка ў Паўлаве (пераклад Лаўрэша Леаніда) // Наша слова.pdf № 4 (108), 24 студзеня 2024. - Л. Л.

15Яе першы муж Лабаржэўскі меў расійскі чын "стацкі дарадца", і таму яе можна было называць "генералава". - Л. Л.

16 Гл: Лаўрэш Леанід. Юлія Шышкова з лідскіх Нарбутаў // Маладосць. 2019. № 6. С. 114-122. - Л. Л.

17 Віленскі доктар Юзаф Франк пісаў пра гэтыя асобы: "Кутузаў пайшоў яшчэ далей, бо наведваў тэатр з каханкай і яе сваякамі. Грамадства публічна выказвала незадаволенасць сваякамі, але даравала Лабаржэўскай з дома Нарбутаў, якая маючы сувязь з генералам імкнулася ўсім спадабацца. Трэба прызнаць, што была яна прыгожай, адукаванай і цудоўна спявала. Радавітасць давала ёй права знаходзіцца ў свецкіх кампаніях, аднак потым яна мела праблемы са сваёй сястрой, паняй Зузаннай Далінскай - нават само імя Зузанна прамаўлялася са смехам. Гэтыя пані мелі двух кузынаў-канонікаў. Адзін з іх - прэлат Длускі быў незвычайна разумным чалавекам, а другі прэлат віленскай капітулы Гразмані быў чалавекам вельмі марным. Быў закончаным быдляком і дапамагаў Зузанне Далінскай у яе любоўных справах. Ён аддаваў ёй сваю кватэру для сустрэч, за што яна павінна была ахвяраваць яму парцэляваныя філіжанкі, бо ён быў гарачым калекцыянерам парцэляны і меў яе рэдкую калекцыю". - цыт. па: Pamiętniki dra Józefa Franka. T. 2. Wilno, 1913. S. 64.

18 Аўтар памыляецца, Энеа Сільвіа Пікаламіні ў сваім "Апісанні Польшчы, Літвы і Прусіі" не меў на ўвазе толькі род Нарбутаў, а наогул звычаі ў Літве, ён пісаў: "Шляхетныя матроны маюць мужчын, якіх яны называюць памагатымі ў шлюбе"

19 Генерал Караль граф Мараўскі герба Дамброва. Сын генерал-лейтэнанта войск ВКЛ, пісара ВКЛ, пасла на сойм і маршалка Трыбунала Літоўскага Ігната, і Тэафіліі з Радзівілаў, роднай сястры Караля Радзівіла Пане Казанку. Нарадзіўся ў 1767 г., з першай жонкай Ганнай з Юндзілаў, дачкой гарадзенскага маршалка Тадэвуша Юндзіла, меў дачку Тэафілу (1791-1828), якая ў першым шлюбе была жонкай Юзафа Станрэнскага, у другім жонкай Дамініка Радзівіла, а ў трэцім жонкай генерала Чарнышова, міністра і фаварыта Мікалая І. Быў дзедам Стэфаніі з Радзівілаў Вітгенштэйн (1809-1832), дачкі Дамініка Радзівіла. За ўдзел у паўстанні пад кіраўніцтва Касцюшкі быў сасланы, але вернуты з ссылкі Паўлам І. Быў палкоўнікам войска ВКЛ і генерал-маёрам расійскіх войскаў, шамбелянам Аляксандра І. У 1812 г. стаў генералам штаба Напалеона. Пасля разводу з Юндзілаўнай, якая пасля яго выйшла замуж за Пятра Бялінскага, пазнейшага сенатара Каралеўства Польскага, ажаніўся з Язерскай, а пасля яе з Тарэзай Рэмпел. Памёр 06.10.1841. Дажываў са сваёй адзінай дачкой Радзівіл і ўнучкай Вітгенштэйн. Пахаваны ў Душкаве на Меншчыне. Завушша - прадзедаўская маёмасць над Вушой, левы прыток Нёмана за 7 км ад Гарадзеі, уласнасць Тэафілы з Радзівілаў Мараўскай, зараз Тэафілы з Мараўскіх Радзівіл, як пасаг перайшло да Вітгенштэйнаў, а потым да Гагенлоэ. У 1785 г. тут бавіўся кароль Станіслаў Аўгуст, у 1818 г. - Аляксандр І.

20 С. Дабранскі пісаў: "Увесну 1816 г. масоны Норвід, Сабескі, Гофман ды Ходзька прыбылі да Вільні і, дзякуючы спрыянню аднаго са старых тутэйшых масонаў - прэлата Міхаіла Длускага - адкрылі работы ў ложах "Руплівы Ліцьвін" і "Добры Пастыр". Аднаўляючы дзве гэтыя ложы (яны разам адкрылі і дзве новыя: адну пад назваю "Школа Сакрата", у Вільні, другую - "Палямон", у Расіенах (Ковен. губ.)". - цыт. па: Дабранскі С. Нарысы з гісторыі масонства ў Літве // Спадчына. 1997. № 3. С. 42-72. - Л. Л.

21 Касцёл св. Стэфана ляжыць у канцы вуліцы з такой жа назвай, сёння каля чыгункі. Закладзены ў 1600 г. езуітам Высоцкім, У 1737 г. кс. Ян Турчыновіч пры гэтым касцёле заклаў звяз мар'явітак, якія апекаваліся неафіткамі-яўрэйкамі.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Жыватворны дух: Дзям'янка, Снітко, Снітко; антраполаг Тэафіл Худзінскі

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-52 (105-156) (2024); № 5 (157-161) за 2025 г.)

Мы не можам аднесці да прамых беларуска-індзейскіх кантактаў вывучэнне ўраджэнцам Берасця Тэафілам Худзінскім, які працаваў у Парыжы, чарапоў індзейцаў з Венесуэлы, але гэта штосьці блізкае.

Матэрыял быў ухвалены для публікацыі ў "Бярозцы", як і артыкул пра батаніка Сяргея Юзепчука, але абодва не выйшлі, далейшае супрацоўніцтва спынілася. Пачалося "няпоўнае адраджэнне", "ліхалецце" 90-х.

У большасці выпадкаў былі альтэрнатывы - шукалася іншае выданне. У выніку артыкул з'явіўся ў берасцейскай абласной газеце "Заря" ў 1994 г., і можна паспрачацца, які варыянт публікацыі канкрэтна гэтага тэксту - "Бярозка" ці "Заря" - больш ганаровы, "максімалістычны".

Артыкул быў у цэлым скончаны друкаваннем 17.05.1990 г., а адпраўлены ў "Бярозку" 31.05.1990 г.

ПАН ПРЭПАРАТАР

У адзін з чэрвеньскіх дзён 1897 года каля крэматорыя могілак Пер-Лашэз сабралася нешматлікая група людзей. Адбылася жалобная цырымонія: парыжскія антраполагі хавалі калегу. Прадстаўніка іх прафесіі, у залежнасці ад перадсмяротнага жадання, чакаў адзін з трох шляхоў: па-хрысціянску - у звычайную труну, "па-навуковаму" - на прэпаратарскі стол "Таварыства ўзаемнай аўтапсіі", нарэшце - той, які выбраў гэты нябожчык, - крэмацыя. Было відаць, што скончыў жыццё бязбожнік...

Прайшло некалькі гадоў, і месца ў калумбарыі спатрэбілася для іншага нябожчыка. Тады змесціва скрыні № 571 было рассеяна па могілках. Так навуковец, які ўсё жыццё вывучаў чалавечае цела, страціў не толькі плоць, але і месца пахавання праху.

Такім жа быў лёс яго навуковай спадчыны. Архіў вучонага, забыты, як і ён сам, гадамі пыліўся ў шафах антрапалагічнай лабараторыі, а пасля загінуў у час апошняй вайны...

Тэафіл, сын Тамаша і Дамінікі Худзінскіх, берасцейскіх мяшчан, з'явіўся на свет 16 лістапада 1840 года. Скончыў гімназію юнак ужо ў Беластоку - выявіўшы выдатнае веданне фізікі, "палітычнай і натуральнай" гісторыі, закона божага, лепшае рускай, чым польскай мовы. I не будучы заўважаным у нелегальнай дзейнасці і саюзах моладзі, як выхадзец з беднай сям'і, пры паступленні ў Пецярбургскі ўніверсітэт Тэафіл быў вызвалены ад платы за вучобу. Там яго "польскі патрыятызм" мусіў узрасці, бо набліжалася паўстанне. Худзінскі быў сярод тых людзей 1863 года, хто ўдзельнічаў у вызваленчай барацьбе, але не пакінуў імя ў яе аналах...

Далей - эміграцыя. У Парыжы ён пачынае вучыцца на лекара, яго падтрымліваюць філантрапічныя арганізацыі землякоў. Малады эмігрант працуе ў шпіталі, даглядаючы параненых у франка-прускай вайне. Нарэшце, зроблены канчатковы выбар - навука, параўнаўчая анатомія і антрапалогія. Тады Парыж быў сусветным цэнтрам гэтых дысцыплін. Поль Брака, бацька сучаснай антрапалогіі, узначальваў тут антрапалагічную школу, лабараторыю і таварыства. Худзінскі пайшоў у лабараторыю памочнікам прэпаратара. Брака даручыў яму весці "краніялагічны альбом" - выконваць малюнкі чарапоў людзей розных рас і народаў усіх кантынентаў. Пазней яго зацікаўленні змясціліся ў бок будовы мяккіх тканін, найперш - паверхні кары галаўнога мозгу. Ён стаў, па сутнасці, піянерам гэтай галіны антрапалогіі і прысвяціў ёй большасць з паўсотні сваіх навуковых прац. Лічыцца таксама, што Худзінскі першым анатаміраваў і апісаў унутраныя органы прадстаўнікоў асобных народаў - неграў, эскімосаў, карыбаў, іншых індзейскіх плямён, некаторых азіяцкіх груп.

Трэба быць энтузіястам сваёй справы, каб штодзённа праводзіць шмат гадзін у пакоях з пахам гніючых прэпаратаў, які разносіцца па суседніх кварталах, выклікаючы канфлікты з іх жыхарамі і паліцыяй. Такое яго навуковае жыццё: вось ён схіліўся над "чашкай" старажытнага індзейца з Венесуэлы, вось штосьці піша, часам зазіраючы ў картатэку, вось ідзе дамоў па вуліцы Сен-Жак, думаючы пра якую-небудзь астэалагічную дэталь. Адно за другім і адначасова: чытае даклад на з'ездзе французскай асацыяцыі садзейнічання навуцы ў Клер-мон-Феране, курыруе аддзел на сусветнай выстаўцы, старшынствуе ў Польскім антрапалагічным і этнаграфічным таварыстве ў Парыжы, выконвае абавязкі хавальніка збораў школы антрапалогіі...

Памірае Брака - жыватворны дух антрапалагічнай грамады. I неўзабаве навуковы калектыў пачынае разладжвацца. Ахвярай "калянавуковых" амбіцый і эгаізму супрацоўнікаў лабараторыі стаў і Худзінскі - з яго сціпласцю, але і годнасцю, упартасцю "палякаў крэсовых" - тых беларускіх выхадцаў, якія так часта здзіўлялі сваёй працавітасцю і мэтанакіраванасцю.

Узнагароды, званні, усе заслугі не забяспечылі яму дастойнай старасці. Адзінокі, раздражнены хваробамі і непрыемнасцямі, ён, аднак, спрабуе разбіраць старыя запісы, каб закончыць пачатыя раней працы.

Праз год пасля таго, як знакаміты Мануўрые выступіў на пахаванні свайго настаўніка і калегі, да яго з Чэхіі прыехаў вучыцца Алеш Хрдлічка - адзін з найвыдатнейшых антраполагаў будучага стагоддзя, вядомы сваім даследаваннем паходжання амерыканскіх індзейцаў. Так ад Брака і іншых патрыярхаў праз Худзінскага, яго калег і вучняў працягнулася эстафета развіцця навукі аб чалавеку.

У 50-я гады жыццё і дзейнасць Худзінскага вывучыў Міхал Цвірка-Гадыцкі, малодшы з сям'і польскіх антраполагаў беларускага паходжання. Цяпер надышоў час ацаніць Тэафіла Худзінскага як прадстаўніка не толькі польскай, да якой ён сябе часткова адносіў, але і беларускай навукі за мяжой. Каб нашы маладыя навукоўцы адчувалі сябе больш упэўнена, маючы натхняльны прыклад папярэднікаў.

Keywords: Physical anthropology, cranialogy, Belarusian diaspora, Polish scientific organizations abroad; Teofil Chudzinski, Tomasz Chudzinski, Dominika Chudzinska, Paul Pierre Broca, Leonce-Pierre Manouvrier, Ales Hrdlicka, Michal Cwirko-Godycki; Brest, Bialystok, St. Petersburg, Paris, Clermont-Ferrand, Czechia; Negroes, Eskimos, Caribes.

Літ .:

8658 Loth E. Chudzinski Teofil // Polski Slownik Biograficzny. T. 3. Krakow, 1937. S. 478-479.

3103 Сімакоў А. Пан прэпаратар // Заря (Брэст). 1994. 5 ліп.

8488 Graban M. Chudzinski Teofil // Encyklopedia polskiej emigracji i Polonii. T. 1: A-E. Torun, 2003. S. 334-335.

ДЗЯМ 'ЯНКА Антоній (Antoni Dziemianka, Dziemianko, Demianko) - епіскап (біскуп, 1998), які нарадзіўся ў вёсцы Заброддзе парафіі Дзераўная (Стаўпецкі раён).

У 2004 г. загадам Іаана Паўла II Антоній Дзям'янка быў вызвалены ад абавязкаў дапаможнага біскупа Гарадзенскай дыяцэзіі і прызначаны дапаможным біскупам Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У 2012 г. у Пінску было абвешчана рашэнне Бенедыкта XVI аб прызначэнні Антонія Дзям'янкі біскупам Пінскай дыяцэзіі.

Мы з радасцю выкарыстоўваем тэкст, у якім расказваецца пра паездку біскупа Дзям'янкі на VI Сусветную сустрэчу сем'яў (Sixth World Meeting of Families, Encuentro Mundial de las Familias, 14-18.01.2009, Мехіка; https://old.catholic.by/2/home/news/belarus/61-other/8037-----.html; нязначна папраўляем арфаграфію; скарачаем звесткі пра арганізацыйны бок папулярызацыі паняцця "святло і цень сям'і ў сучасным свеце", - тое, што тычыцца падрыхтоўкі да Сустрэчы ў Мексіцы, праведзенай у Беларусі, а таксама вопыту Афрыкі). Прывітальнае слова прагучала ў Санктуарыі Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся ў Пінскай дыяцэзіі 25.07.2009 г.

З "ПРЫВІТАЛЬНАГА СЛОВА БІСКУПА АНТОНІЯ ДЗЯМ 'ЯНКІ , СТАРШЫНІ РАДЫ ПА СПРАВАХ СЯМ ПРЫ ККББ , ДА ЎДЗЕЛЬНІКАЎ ІІІ МІЖДЫЯЦЭЗІЯЛЬНАЙ СУСТРЭЧЫ СЕМ 'ЯЎ"

Паважаныя ўдзельнікі ІІІ Міждыяцэзіяльнай сустрэчы сем'яў. Я вельмі рады, што ініцыятыва, якая нарадзілася ў Радзе па справах сям'і Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі была падтрымана ўсімі біскупамі нашай краіны і знаходзіць свой працяг ужо ў трэці раз. Як вядома, першая такая сустрэча адбылася ў Нацыянальным марыйным санктуарыі ў Будславе ў лістападзе 2007 г. Другая - у Тракелях у марыйным санктуарыі Гарадзенскай дыяцэзіі ў кастрычніку мінулага года. І вось, у чарговы раз сустрэча сужэнстваў і сем'яў адбываецца тут, на Піншчыне, у дыяцэзіяльным марыйным санктуарыі Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся. Ад усяго сэрца вітаю ўсіх тых, хто запланаваў і арганізаваў спатканне, усіх яго ўдзельнікаў і вядучых сустрэчы.

[…]

Згодна з рашэннем Рады па Справах Сям'і ККББ, абраная тэма сёлетняй сустрэчы гучыць: "Сям'я - школа чалавечых і хрысціянскіх каштоўнасцяў".

Гэта тэма была абрана не выпадкова, бо VI Сусветная сустрэча сем'яў, якая праходзіла ў сталіцы Мексікі ў Цэнтральнай Амерыцы [звычайна Мексіку аддзяляюць ад Цэнтральнай Амерыкі: "Мексіка і Цэнтральная Амерыка"] ў студзені гэтага года па ініцыятыве Папы Бенедыкта XVI, мела такую ж назву.

У Касцёле была праведзена адпаведная падрыхтоўка да сустрэчы.

[…]

Як удзельнік 6-асабовай дэлегацыі ад касцёла з Беларусі я прымаў удзел і ў кангрэсе, і ў сустрэчы. Сваімі ўражаннямі ў некалькіх словах хачу з вамі падзяліцца.

Перш за ўсё, месцам правядзення канферэнцыі быў абраны горад Мехіка з 22-мільённым насельніцтвам, пабудаваны на дне высахлага возера з велічнымі (больш за 100 касцёлаў толькі ў адным горадзе) святынямі, прыгожымі дамамі і старымі плошчамі. Хаця эпоха каланіялізму, якая доўжылася 300 гадоў, была адметная рабаваннем гаспадаркі і эксплуатацыяй мясцовага насельніцтва, пра Мексіку гэтага, аднак, сказаць нельга. Таму што іспанцы, якія адкрылі тэрыторыю сённяшняй Мексікі, не праводзілі рабункавай палітыкі, а будавалі на адкрытых землях новую Іспанію. Гэта значыць, што ўсе новыя тэхналогіі, распрацаваныя ў Іспаніі, былі інвесціраваны ў Мексіку. Мясцовае насельніцтва, дзякуючы аб'яўленням Маці Божай індыяніну [індзейцу] Хуану [на сайце далей са скажэннем, правільна Дыега, Juan Diego Cuauhtlatoatzin], у хуткім часе прыняло хрысціянскую веру. Людзі захавалі вернасць да Каталіцкага Касцёла, нягледзячы на многія неспрыяльныя ўмовы для веры ў наступных пакаленнях, а нават у час пераследу касцёла, які доўжыўся на працягу амаль усяго мінулага стагоддзя. Санктуарый Маці Божай з Гвадэлупэ [Гвадалупэ або Гуадалупэ, Guadalupe, далей выпраўляем "дэ" на "да"] з'яўляецца самай значнай святыняй Мексікі і абодвух амерыканскіх кантынентаў [абодва мацерыкі, але адзін амерыканскі кантынент], якую штодзённа наведваюць тысячы пілігрымаў. Па звестках душпастыраў, штодзённа тут хрост удзяляецца каля 400 немаўлятам. Мексіканцы асаблівую пашану маюць да Маці Божай з Гвадалупэ, а яе абраз можна сустрэць у многіх касцёлах, памяшканнях, таксама ў салонах грамадскага транспарту, офісах, адміністрацыйных будынках.

Гаворачы пра месца правядзення сустрэчы, арганізатары, у прыватнасці кардынал Эніа Антанэлі, старшыня Папскай рады па справах сям'і, падкрэслівалі, што секулярызацыйныя працэсы, якія пакідаюць балючыя наступствы ў краінах Еўропы і ў многіх іншых краінах у розных частках свету, пакуль яшчэ не настолькі моцна адчуваюцца ў Мексіцы. Таму менавіта гэтая краіна, адзначыў кардынал Антанэлі, "можа ў сённяшняй рэальнасці стаць узорам захавання сямейных каштоўнасцяў для іншых Касцёлаў у свеце".

У цэлым, сярэдняя мексіканская сям'я (здаровая ў маральным сэнсе) часцей за ўсё шматдзетная. Аднак асабліва ў апошні час і тут адчуваецца моцны подых "цывілізацыі смерці", што выяўляецца ў імкненні пэўных колаў да легалізацыі абортаў у краіне. Але Касцёл і здаровая грамадская супольнасць робяць многае, каб не дапусціць або мінімалізаваць наступствы гэтай разбуральнай для сям'і, нябачнай, але страшнай сілы.

Сёлетні форум сем'яў складаўся з дзвюх частак. Папярэднічаў сустрэчы сімпозіум на тэму каштоўнасцяў сям'і для Касцёла і грамадства. Сімпозіум сабраў каля 10 тысяч чалавек з усёй планеты. Яго адметнасць, на думку ўдзельнікаў папярэдніх сімпозіумаў, заключалася ў тым, што дакладчыкамі з'яўляліся прадстаўнікі розных кантынентаў. Большасць складалі людзі, якія прафесійна займаюцца праблемамі сям'і ў сваім асяроддзі, а менавіта навукоўцы, выкладчыкі, педагогі, палітыкі. Сярод дакладчыкаў былі таксама кардыналы ватыканскіх ведамстваў, біскупы з розных частак свету, кіраўнікі і актыўныя члены каталіцкіх арганізацый, якія займаюцца абаронай жыцця чалавека ад зачацця да натуральнай смерці. На сімпозіуме выступаў таксама прапаведнік Папскага дома айцец Ран'ера Каталамеса [Raniero Catalamesa], вядомы многім вернікам па цікавых і папулярных гаміліях на актуальныя тэмы. У якасці адметнасцяў сімпозіума можна назваць высокі прафесіяналізм дакладчыкаў, надзвычай актуальныя праблематы сужэнства і сям'і, якія былі ўзняты і асветлены падчас сімпозіума.

Адпаведны малітоўны настрой на пачатку кожнага дня сімпозіума стваралі вядоўцы-аніматары і група кантараў. У будынку, дзе праходзіў сімпозіум, была капліца з выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам. На працягу дня на адарацыю Езуса ў Эўхарыстыі прыходзіла шмат людзей, сярод якіх былі як духоўныя і кансэкраваныя асобы, так і свецкія людзі, у тым ліку і шматдзетныя сем'і.

На пачатку Сусветнай сустрэчы сем'яў усіх прысутных дэлегатаў з розных краінаў свету прывітаў старшыня Папскай Рады па справах сям'і кардынал Эніа Антанэлі, які перадаў шчырыя прывітанні і пажаданні ўдзельнікам ад Святога Айца Бенедыкта XVI. З увагай усе мы выслухалі прывітанні і даклад прэзідэнта 100-мільённай краіны Філіпэ Кальдэрона. Прэзідэнт краіны падкрэсліў, што "здаровая сям'я - гэта гарант дабрабыту і грамадскага міру ў краіне". Прапаведнік Папскага дому айцец Ран'ера Каталамеса ў адказ на пытанне, як дапамагчы сям'і ў крызіснай сітуацыі, прапанаваў менш засяроджваць увагу на негатыўных з'явах у сям'і, але даваць свету больш станоўчых прыкладаў, якіх шмат у сем'ях, моцных Богам. Кардынал Нарберта Рывера Карэра [Norberto Rivera Carrera], Мітрапаліт Мехіка, адзначыў, што "падтрымка і прызнанне інстытуту сям'і найлепш служыць грамадскаму дабрабыту і развіццю народаў і грамадстваў". Удзельнікі сустрэчы ў Мексіцы гаварылі таксама пра стварэнне такой выхаваўчай сістэмы, у якой бацькі павінны адыгрываць галоўную ролю. У выхаванні дзіцяці нельга забывацца пра аспект духоўнасці, паказваць сакрамент сужэнства як каштоўнасць, дапамагчы бачыць чалавека ва ўсёй яго псіхафізічнай цэласнасці. У абмеркаваннях не пакінулі без увагі ролю, якую ў справе ўмацавання сям'і павінна адыгрываць парафія. Адзін мексіканскі пробашч заўважыў, што менавіта ў парафіі перадаюцца каштоўнасці, якія фармуюць супольнасць. Святар падкрэсліў, што сем'ям неабходна дапамога ў выхаванні дзяцей, і менавіта ў парафіі яны могуць і павіны яе атрымліваць, а абавязак святароў - дапамагчы дзецям атрымаць хрысціянскую адукацыю.

Падчас VI Сусветнай сустрэчы сем'яў у рамках свята сем'яў у санктуарыі Маці Божай у Гвадалупэ адбылося ружанцовае набажэнства, на якім сем'і з усяго свету давалі свае сведчанні. Напрыканцы з прамоваю да прысутных звярнуўся Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Бенедыкта XVI кардынал Тарчызіа Бертонэ [Tarcisio Bertone], які падзякаваў сем'ям за ўдзел і арганізатарам за гасціннасць і добразычлівасць. Кардынал Бертонэ падкрэсліў, што Папа Бенедыкт XVI, склікаючы VI Сусветную сустрэчу сем'яў, хацеў нагадаць свету, што сям'я паклікана выхоўваць будучыя пакаленні ў адпаведнасці з хрысціянскімі каштоўнасцямі і вучыць іх весці жыццё па прыкладзе Езуса Хрыста. Бенедыкт XVI адзначыў таксама, што "сям'я з'яўляецца незаменным фундаментам грамадства і дабром для дзяцей, якія заслугоўваюць пазнаваць жыццё як плён любові і поўнай адданасці з боку бацькоў".

VI Сусветная сустрэча завяршылася ў нядзелю святою Імшой, падчас якой праз сродкі спадарожнікавай сувязі да прысутных звярнуўся Святы Айцец. Ён назваў год і месца правядзення наступнай сустрэчы, якая пройдзе на еўрапейскім кантыненце ў італьянскім горадзе Мілане ў 2012 г. Сярод прысутных, якіх, паводле падлікаў, на імшы было каля мільёна, гэтая навіна выклікала апладысменты і воклічы радасці. Святы Айцец падкрэсліў, што сёння больш чым калі-небудзь патрэбныя сведчанні і актыўны ўдзел усіх ахрышчаных, каб пацвердзіць годнасць і вартасць сям'і, непарыўнага сужэнства, гатовага да прыняцця новага жыцця.

З візіту ў Мексіку запомніліся не толькі сучасны вялікі аэрапорт, не толькі новая забудова мікрараёнаў горада і велічныя касцёлы. Найбольшае ўражанне найперш пакінулі людзі - звычайныя мексіканцы са сваёю моцнай верай у Бога, у Хрыста, з асабліваю пашанаю да Маці Божай з Гвадалупэ; людзі, якія жывуць гэтай верай кожны дзень, а не толькі ў святы. І я зразумеў, адкуль яны чэрпаюць сілы, падтрымку і моц, каб, як найбольшы скарб, зберагаць сямейныя каштоўнасці.

Літ.:

7321 Уіцілапочтлі // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 16. Мн., 2003. C. 189.

4105 Kneblewski W. Ks. O tej, co Jasnej broni Czestochowy i w Ostrej swieci Bramie // Tygodnik Ilustrowany. 1927. № 8. S. 148-149.

7433 Рэлігія і царква на Беларусі: энцыклапедычны даведнік. Мн., 2001.

СНІТКО Аляксандр (3) - 20-22.01.2025 г. у Гомелі знаходзіўся чылійскі сябар Аляксандра і калега-інтэрнацыяналіст, які працуе на лацінаамерыканскі канал "Telesur" (галоўны арганізатар - Венесуэла).

У кароткім сюжэце (3:33 - іспанская версія: https://www.youtube.com/watch?v=JWJphgJIp4g - Alexander Snitko un simbolo de Solidaridad Sovietica en America Latina; 3:44 - англійская версія: https://www.youtube.com/watch?v=O4Y1TGrTyzc - Alexander Snitko was a protagonist of the Soviet Solidary [Solidarity] Movement with Latin America) змясцілася шмат інфармацыі. У пачатку другой хвіліны можна ўбачыць некаторыя з адзінак захоўвання Гомельскага лацінаамерыканскага цэнтра (ГЛАЦ) і Беларуска-індзейскага таварыства. Снітко на фоне плакатаў з ГЛАЦ зняты ў Музеі гісторыі горада Гомеля, дзе ўжо выступаў перад моладдзю.

У рэпартажы можна ўбачыць свежыя здымкі перад абласной бібліятэкай, у парку, які ў часы актыўнасці Клуба Чэ насіў імя Луначарскага, на фоне палаца, які памятае часы Румянцава-Міранды.

Далей шлях чылійскага журналіста ляжаў у Бабруйск і Менск…

Абавязкі прадстаўніка АГ БІТ у Гомельскай вобласці Аляксандра Снітко // Веснік БІТ. 2008. 10 лістап. № 26: Друкуем дакумент з арганізацыйнага архіва Беларуска-індзейскага таварыства, які адлюстроўвае абавязкі Аляксандра Снітко, якія былі сфармуляваны неўзабаве пасля стварэння БІТ (1987). АГ БІТ - скарачэнне для Арганізацыйнай групы Беларуска-індзейскага таварыства.

Снітко А. Ф., БІТ. Абавязкі Прадстаўніка АГ БІТ у Гомельскай вобласці (у сувязі з занятасцю ў Клубе імя Чэ Гевары дапускае абмежаванае выкананне асобных абавязкаў): удзел у фарміраванні Бібліятэкі (АГ) БІТ і персанальных бібліятэк членаў АГ БІТ (адказны па рабоце з кніга-гандлёвай сеткай; падтрыманне сувязей з магазінам "Мысль" (Гомель)); інфармаванне аб індзеянісцкіх матэрыялах у перыядычным друку (па ТБ і радыё) - адказны за цэнтральны друк СССР; арганізацыя і курыраванне дзіцячых клубаў сяброў індзейцаў; літаратурная праца (артыкулы, нататкі і інш. для сродкаў масавай інфармацыі і выданняў (АГ) БІТ); удзел у падрыхтоўцы і правядзенні пасяджэнняў Гомельскага аддзялення АГ БІТ; перапіска па напрамках: Украіна, палітычныя індзеяністы, лацінаамерыканісты, беларускія індзеяністы; экспертныя даведкі па пытаннях кампетэнцыі: удзел у рабоце "Цэнтра па вывучэнні араўканаў" пры БІТ; абавязкі адказнага па беларуска-ўкраінскіх індзеянісцкіх сувязях.

СНІТКО Пётр (Piotr Snitko) - матэрыял пра яго ў нашым бюлетэні быў толькі ў сувязі са смерцю: Памяці Пятра Снітко // Веснік БІТ. 2014. 5 лістап. № 61. У 2012 г. у яго была выяўленая пухліна мозгу, па выніках лячэння яшчэ ў 2014 г. быў настроены аптымістычна. Але 29.10.2014 г. ён памёр.

Нарадзіўся Пётр у пачатку лета 1963 г. Ён быў афганцам. Працаваў на заводзе "Гомсельмаш" - уваход быў амаль бачны з вакна кватэры, якую атрымалі яго бацькі-сельмашаўцы. Ён адыграў пэўную ролю і ў зносінах свайго брата Аляксандра Снітко з пасольствам Венесуэлы, асабліва ў перыяд няпэўнасці з верасня 2008 па студзень 2009 г. Незвычайнасць таго, што адбывалася, можна было ўбачыць літаральна звонку - не проста перамяшчэнне бібліятэкі і архіва з кватэры, але і праз балкон. Гэта былі пераважна кнігі. Спачатку венесуэльцы выносілі іх па лесвіцы, затым камусьці прыйшла ідэя спускаць з балкона. Аднаго з тых, хто прыехаў тады з Менска (здаецца, гэта быў кіроўца), Пётр успрыняў як індзейца - або так успрынялі гэта мы паводле яго слоў.

Удзел Пятра ў лёсе калекцый брата - і ў перавозцы архіва і часткі бібліятэкі ў межах горада - нельга не ўключаць у хроніку, лічачы зусім дробна-тэхнічным.

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

Індзейцы , индейцы , Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Алесь Симаков . Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 135].

Бібліятэчныя вячоркі "Калі няма кветак сярод зімы, дык і сумаваць па іх не трэба"

29 студзеня ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы прайшло пасяджэнне клуба "Кветкавод" у форме бібліятэчных вячорак "Калі няма кветак сярод зімы, дык і сумаваць па іх не трэба". У пачатку мерапрыемства госці здзейснілі невялікі віртуальны экскурс у гісторыю, падчас якога ўспомнілі, чым займаліся нашы продкі зімой, як кветкавыя матывы ў вышыўках, разьбе, вязанні і пляценні дапамагалі перажыць доўгую халодную зіму, якія святыя расліны былі іх абярэгам на працягу ўсяго жыцця. Удзельнікі клуба адгадвалі мудрагелістыя загадкі, прымалі ўдзел у аўкцыёне кветак, адказвалі на пытанні музычнай віктарыны, тлумачылі сэнс народных прыказак і прымавак аб колерах. Прымаючы ўдзел у конкурсах і віктарынах, госці пераканаліся, што кожная пара года цудоўная і нясе шмат станоўчых эмоцый. На пасяджэнні абмеркавалі план працы на год, падзяліліся сваімі заўвагамі і прапановамі, а таксама пазнаёміліся з абноўленым складам клуба.

ТК "Культура Лідчыны".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX