Папярэдняя старонка: 2025

Наша слова.pdf № 07 (163) 


Дадана: 11-02-2025,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 7 (163), 12 лютага 2025 г.

Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы

Беларусь набліжаецца да Міжнароднага дня роднай мовы.

Кульмінацыя святкаванняў сёлета будзе

18-я Агульнанацыянальная дыктоўка.

Сёння мы друкуем тэкты дыктоўкі, падрыхтаваныя Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы для Гарадзенскай вобласці.

Гл. стст. 2-4.

Энцыкліка Dilexit nos на беларускай мове

Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры ККББ падрыхтавала пераклад на беларускую мову энцыклікі Папы Францішка "Dilexit nos" (з лацінскай мовы - "Палюбіў нас").

Гэта чацвёртая энцыкліка Папы Францішка, апублікаваная 24 кастрычніка 2024 года. Яна прысвечана чалавечай і боскай любові Сэрца Езуса Хрыста.

Энцыкліка Dilexit nos працягвае традыцыю папскіх энцыклік, прысвечаных Найсвяцейшаму Сэрцу, і з'яўляецца спадкаемцай энцыклік Haurietis aquas Папы Пія XII (1956), Miserentissimus Redemptor Папы Пія XI (1928) і Annum sacrum Папы Льва XIII (1899).

У гэтай энцыкліцы Папа Францішак крытыкуе сучасныя з'явы, такія як індывідуалізм, сацыяльная і эканамічная няроўнасць, а таксама выкарыстанне тэхналогій, якія пагражаюць нашай чалавечнасці. Ён заклікае да паўторнага адкрыцця "сэрца" як шляху да адзінства, міру і прымірэння ў сучасную эпоху.

Catholic.by.

Тэксты для 18-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі

ад Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы

Клышка А.

Францыск Скарына, альбо як да нас прыйшла кніга

Тэкст 1

А мы тым часам зойдзем у друкарню. Спынімся ля наборнай касы. На высокіх ножках з нахіленаю стальніцаю ляжыць скрыня, падзеленая на клеткі. Гэта як бы кішэнькі для літар. У кожнай - дзесяткі аднолькавых тоненькіх прадаўгаватых металічных палачак з адваротным адбіткам літары на канцы.

Колькі літар у алфавіце, гэтулькі і клетак-кішэнек. Наборшчык ведае на памяць гэтую скрыню-касу. І яму не трэба сляпіцца, каб беручы палачку, кожны раз углядацца ў яе значок.

Значкі гэтыя - дарагія. Вы ж ведаеце ўжо, як яны адліваліся. Спачатку з сталі вырэзвалі люстраны выпуклы адбітак літары. Пасля ім на медзі выбівалі літару-заглыбленне. А ўжо заліваючы ў гэтую форму легкаплаўкі метал, які пасля хутка цвярдзеў, атрымлівалі патрэбную колькасць кожнай літары. Бо, бачыце, у розных клетачках розная колькасць значкоў. Адны ж літары паўтараюцца ў тэксце часта - іх трэба шмат, другія - дужа рэдка, іх трэба мала.

Вось вы чытаеце гэтую старонку і яшчэ ні разу не сустрэлі на ёй, напрыклад, літрату "ф". Нават адгарніце перад гэтай старонкай яшчэ адну і яшчэ, і там сустрэнеце не часта, бо гэтая літара ў беларускай мове даволі рэдкая. Затое якая частая "а" - ледзь не ў кожным слове!

181 слова.

Клышка А.

Францыск Скарына, альбо як да нас прыйшла кніга

Тэкст 2

Вось наборшчык схіліўся над касаю. Гледзячы ў прынесены Францыскам рукапіс, ён, завіхаючыся, рупна - літара за літараю - набірае радок. Паднёсшы да вачэй, чытае гэтыя адваротныя літары-значкі.

Ці не закралася іншая літара замест патрэбнай або ці не памяняліся якія месцамі, а можа, каторая перавярнулася і тады аддрукуецца "дагары нагамі"?..

Вядома, спачатку, калі будзе зроблены першы адбітак на паперы, Францыск Скарына сам уважна яго прачытае, каб "вылавіць" усе памылкі, сам абазначыць, дзе і што трэба паправіць. І наборшчык, узяўшы такі папраўлены аркуш, выме з набору ў пэўным радку тую ці другую памылковую літару і заменіць яе патрэбнай. Але ж каму хочацца, каб яго правілі? Лепш, каб памылак зусім не было. Таму наборшчык не-не ды і сам сябе пераправерыць, перачытае, ці так набраў…

Вось - заўважылі? - ён бярэ палачку-слупок, на якой няма "літары", і ставіць у радок. Што гэта?

Ты на пісьме слова ад слова аддзяляеш тым, што проста пакідаеш між імі пустое месца. А наборшчык павінен набіраць і гэтае пустое месца - прамежкі між словамі. Дзеля гэтага ўжываюцца шпацыі - такія ж металічныя палачкі-слупкі, як і літары, але ніжэйшыя, а таму, калі друкар густою фарбаю праводзіць па наборы, шпацыі не намазваюцца і пры друкаванні не адаб'юцца.

Францыск Скарына першы сярод усходніх славян увёў гэтую навіну ў свае кнігі - прамежкі між словамі, водступы-абзацы. Але затое цяпер куды лягчэй і чытаць тэкст.

217 слоў.

Бярозкіна Н. Ю.

Гісторыя кнігадрукавання Беларусі (XVI-пачатак ХХ ст.)

Кніга - сапраўды геніальнае адкрыццё чалавецтва. Яна належыць да тых вынаходстваў, якія не маюць сабе роўных і ніколі не знікнуць з чалавечай цывілізацыі. Па-свойму сімвалічна, што Александрыйскі маяк - адзін з сямі цудаў свету - уяўляў сабой сховішча рукапісных скруткаў. Ён быў як бы двухадзінай крыніцай святла - фізічнага, якое ўказвала дарогу караблям, і духоўнага, якое пракладвала чалавеку шлях да ведаў.

Яшчэ ў старажытнасці людзі зразумелі вялікую ролю інфармацыі і яе галоўнай крыніцы - кнігі ў развіцці грамадства. Уся гісторыя чалавецтва адлюстроўвалася ў кнізе. Плямёны, дзяржавы знікалі, а кніга заставалася. Многія матэрыялы: камень, дрэва, метал, гліну, папірус, скуру, бавоўну выкарыстоўваў чалавек для вырабу кніг, пакуль не спыніўся на паперы. Прайшло шмат часу і замест гліняных плітак, пергаментных скруткаў, берасцяных грамат нарэшце з'явілася кніга ў сучасным выглядзе, так званы "кодэкс".

У спецыяльных скрыпторыях, не разгінаючы спіны, перапісвалі кнігі манахі. Створаныя ў выніку цяжкай працы кнігі займалі свае пачэсныя месцы на бібліятэчных паліцах, дзе захоўваліся як самая каштоўная рэліквія.

180 слоў.

Адметная літара беларускай мовы

Адной з характэрных прыкмет кожнага народа, нацыі з'яўляецца мова. У мове адлюстроўваецца светаўспрыманне народа. Нацыянальная мова беларусаў - беларуская.

Беларуская мова мае доўгую гісторыю развіцця. Беларускія словы можна сустрэць у пісьмовых крыніцах XIII - пачатку XIV стагоддзя.

У Вялікім Княстве Літоўскім (ВКЛ) старабела-руская мова была афіцыйнай мовай справаводства. З сярэдзіны XVII і да пачатку XIX стагоддзя ў сілу розных геапалітычных чыннікаў беларуская мова развівалася пераважна ў вусна-гутарковай форме, а не ў літаратурна-пісьмовай, што адбілася на развіцці беларускага правапісу.

Сучасны перыяд развіцця беларускай мовы звязаны з імёнамі класікаў беларускай літаратуры: Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Цёткі (Алаізы Пашкевіч) і іншых празаікаў і паэтаў, а таксама з развіццём цікавасці да нармавання гутарковай мовы сярод навукоўцаў-філолагаў.

Літара "ў" - дваццаць другая літара ў беларускім алфавіце. Падобнай літары няма ні ў адным алфавіце моў свету, у тым ліку і ў блізкіх нам рускай і ўкраінскай мовах.

У пісьмовай мове "ў" упершыню выкарыстаў этнограф Пётр Бяссонаў. Літара з'явілася ў 1870 годзе на старонках яго кнігі "Беларускія песні".

"Ў" надае мове непаўторную меладычнасць, характэрную менавіта беларускаму вымаўленню. Гук [у] прамаўляецца з трохі выцягнутымі ў трубачку вуснамі.

Унікальная літара беларускага алфавіта пішацца ў большасці выпадкаў пасля галосных і мае толькі малы варыянт напісання. Выключэннем з'яўляюцца вершаваныя творы, дзе для захавання рытму "ў" можа замяняцца на "Ў".

Замежныя навукоўцы лічаць беларускую мову адной з самых прыемных для ўспрымання на слых сярод моў свету пасля італьянскай.

Сёння "ў" з'яўляецца адным з прадметаў нацыянальнага гонару. У гонар гэтай літары ўсталяваны помнік у Полацку. У гарадах Беларусі можна сустрэць крамы, рэстараны і рознага роду ўстановы, у якіх "Ў" з'яўляецца назвай".

261 слова.

Сімвалы суверэннай Беларусі.

Якуб Колас

Сустрэча з ворагам

Алёша прагна прыслухваўся да ўсяго. Расказы аб зверствах фашыстаў, якія не маюць літасці ні да дзяцей, ні да старых і жанчын, запальвалі агонь нянавісці ў яго маладым сэрцы. Алёша не быў адзінокі. З ім разам заўсёды былі Лёня Навасад, Міколка Шупік, Мікіта Карнавух і іншыя хлопцы.

Пільна ахоўвалі яны родны калгас. Нішто не абмінала іх увагі. Гэта яны заўважылі, што мост цераз ручай паламаны, і, калі праходзіла цяжкая нагружаная ваенная машына, спынілі яе і паказалі, як аб'ехаць. Гэта яны - Лёня, Міколка, Мікітка, Сенька Жалабок ашукалі нямецкага дыверсанта і накіравалі яго ў рукі вайсковай заставы.

Раніцой хлопцы прыйшлі на ўзгорак. Яны неслі з сабой пустыя бутэлькі, шматкі пакулля, бляшанку з бензінам. Усё было прадугледжана і зроблена, як належыць: пастаўлен вартавы пост, выслана разведка. Алёша кіраваў вырабам супрацьтанкавых снарадаў. Разам абмяркоўвалі кожную дэталь, дзе і як прымацаваць пакулле, якое ў рашучы момант трэба змачыць бензінам і запаліць: колькі трэба прывязаць яго ды так прывязаць, каб дно бутэлькі было адкрытым, інакш яна можа не пабіцца, стукнуўшыся аб варожы танк. Адну бутэльку з-пад шампанскага забракавалі: налітая бензінам, яна была занадта цяжкая. Затое на ёй практыкаваліся, па чарзе кідаючы яе ў куст, які служыў хлопцам за нямецкі танк.

187 слоў.

Янка Маўр

Драўляная лыжка

"Дарагая мама. Паведамляю, што я жывы і здаровы, і жадаю вам усім здароўя. Кланяюся дзеду Сафрону і цётцы Арыне. Я атрымаў звесткі, што брат наш Антон таксама жывы і здаровы. У нас цяпер зацішша, сядзім, як мышы ў норах. Затое і немец не можа высунуць носу - не даём яму спуску. Але больш за ўсё мне даводзіцца цярпець ад лыжкі. Я сваю недзе згубіў, а дастаць тут нельга. Трэба чакаць, пакуль таварыш пад'есць і пазычыць сваю. А страва стыне. А то бывае, што і зусім не паспееш пад'есці..."

Калгасніца Кацярына Васільеўна, пачапіўшы акуляры, чытала гэты ліст, уздыхала і выцірала пад акулярамі слязінкі, якія ўпарта вылазілі з вачэй. Радасці ад ліста многа. І сын Васіль жывы і здаровы, і сын Антон жывы і здаровы. Толькі прыкра, што прыходзіцца цярпець ад такой дробязі, як лыжка. Нікчэмная рэч, а праз яе нават галадае хлапчына. Трэба неяк дапамагчы яму. Ці не паслаць лыжку з лістом? Прычапіць і паслаць. Хоць так і не робіцца, але ж цяпер вайна. Паштавікі зразумеюць, у чым справа. Пэўна, і ў кожнага з іх ёсць на вайне блізкі чалавек.

Яна ўзяла лісток паперы ад сшытка і сяк-так накрэмзала:

"Мой любы сынок Васіль. Пасылаю табе матчына дабраславенне. Хай міне цябе варожая куля. А жыву я добра і толькі чакаю, калі вернуцца мае сыночкі. А без лыжкі табе зусім кепска. Я табе з гэтым лістом пасылаю лыжку. Людзі ж свае, павінны прапусціць...".

190 слоў.

Алесь Асіпенка

Першае заданне

Шаша была мёртвай. Яе пакарабачанае пасля зімы палатно, здавалася, правісала між двух узгоркаў. Сям-там тырчалі слупы без правадоў, з пабітымі ізалятарамі. Наташа доўга стаяла на грудку ў засені густога ельніку. Было страшна выйсці на роўнае поле. Нарэшце адважылася. Вытыркнулася з-за елак і зноў паспешліва адступіла назад. Роўнядзь поля і шаша палохалі яе. Гэта было яе першае сур'ёзнае і самастойнае заданне. Дасюль яна хадзіла толькі ў нейтральныя вёскі, і не адна. Хто-небудзь заўсёды быў побач. Цяпер яна была адна ў гэтым далёкім краі. Таму ўсё выдавала чужым і варожым.

Недзе далёка прагучаў стрэл. Наташа ўздрыгнула. Потым рашуча пакрочыла ў бок шашы.

Не заўважыўшы як, яна выбралася на ўзгорак. Удалечыні паказалася вежа і стромкая піка семафора. Наташа намацала ў торбачцы нямецкі пропуск. "Скажаш, што ідзеш з горада мяняць", - успомніліся ёй словы Дагуры.

На станцыі было пуста. Блішчалі на сонцы рэйкі. Прысадзісты станцыйны будынак быў абнесены агароджай з калючага дроту. Але навокал - ні жывой душы. Наташа абышла агароджу, скіравала да вёсачкі, што відаць была за ровам. Адтуль, ведала Наташа, ідзе дарога на Красыні. Сем кіламетраў, як сказаў начальнік разведкі.

Сонца прыпякала ніштавата. Ногі гразлі ў пяску. Наташа зняла жакецік, павесіла цераз руку. Хацелася піць. Смаглі вусны, а ў галаве звінела ад стомы.

200 сл.

БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

Станіслаў Суднік

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Трымер, каса

У папярэднім фрагменце згадвалася слова "трымер". Слова гэтае падаецца новым, але як ні дзіўна, яно ёсць у "Слоўніку іншамоўных слоў" 1999 года выдання (Мінск, "Беларуская энцыклапедыя"). Там яно падаецца ў двух значэннях:

"ТРЫМЕР (англ. trimmer) - 1) перасоўная пагрузачная машына для сыпкіх грузаў, якая адкідвае іх убок на адлегласць да 30 м; 2) электрычны кандэнсатар пераменнай ёмістасці, які выкарыстоўваецца для настройкі контураў высокай частаты ў радыёапаратуры."

Адразу можна сказаць, што слова гэтае, калі і ведалі, то вельмі вузкія спецыялісты.

Прайшло 25 гадоў і слова "трымер" набыло шырокую вядомасць. На вёсцы яго ведае, калі не кожны другі, то кожны трэці, але ведае ў зусім іншым значэнні.

Цяпер трымер - тэхнічнае прыстасаванне для прысядзібнай гаспадаркі, прызначанае для стрыжкі траўнікаў, падрэзкі кустоў і маладых галін дрэў. Трымер простымі словамі - гэта ручная каса, толькі ў дзеянне яна прыводзіцца не сілай рук, а электрычным ці бензінавым рухавіком. Адпаведна, гэтая прылада больш прадукцыйная, чым ручная каса. А акрамя таго, рэжучыя элементы трымера косяць траву там, дзе нож звычайнай касы не дастане.

Садовыя трымеры незалежна ад тыпу прывада маюць прыкладна аднолькавую канструкцыю. Гэта штанга па тыпе пылесосной (дарэчы, у некаторых прылад яна нават будзе тэлескапічнай), да якой мацуюцца дзяржальня, рухавік, акумулятар ці паліўны бак, рэжучы блок з ахоўным кажухом.

Штанга можа быць прамой ці выгнутай. Прылады з першымі больш прадукцыйныя, з другімі - больш манеўраныя. Акрамя таго, штангі могуць быць суцэльнымі, разборнымі ці тэлескапічнымі. Трымеры з суцэльнымі штангамі праслужаць даўжэй. Садовыя прылады з раздымнымі ці тэлескапічнымі штангамі займаюць менш месцы пры перавозцы і захоўванні, а апошнія яшчэ і можна падганяць пад свой рост.

На штанзе знаходзіцца паліўны ці электрычны рухавік, які рухае рэжучую галоўку. У якасці рэжучага элемента ў трымера можа быць жылка ці нож, які можа быць трохпраменевым ці дыскавым. Для стрыжкі траўніка выкарыстоўваецца жылка. Трохпраменевы нож справіцца з цвёрдымі зараснікамі, а дыскавы нож ужо зможа зразаць галіны хмызнякоў. Ёсць універсальныя мадэлі, якія спалучаюць адразу некалькі рэжучых элементаў.

Дзяржальня таксама можа быць розных выглядаў. Роварная U-падобная ўсталёўваецца на цяжэйшых і магутных мадэлях. З такімі трымерамі можна выкасіць вялікі пляц. На лягчэйшыя мадэлі ставяцца P- і D-падобныя дзяржальні, якія дазваляюць кіраваць садовым трымерам з дапамогай адной рукі.

Каб палегчыць працу з прыладай, на штангу мацуюць папружку.

Трымер аказваецца лепшым за газонакасілку, калі ў вас невялікі ўчастак. Садовая прылада будзе займаць менш месцы ў адрыне ці гаражы, а справіцца з травой не горш. Апроч усяго іншага, трымер зможа пастрыгчы ўчастак у месцах, куды не дастане звычайная газона-касілка: у кутах каля будынкаў, каля платоў, пад дрэвамі і кустамі.

Трымер ужо стаў незаменным памагатым. Ён ёсць ці ні ў кожнай вясковай сядзібе. Але слова ўсё такі яшчэ новае, гнязда словаў не стварыла, і трымерам усяроўна косяць, як і касой.

2. Каса як зброя

Каса як зброя падаецца з наступным азначэннем: зброя, якая мае шырокую рэзальную частку, шырокае лязо....

У "Гістарычным слоўніку беларускай мовы" т.16, прыводзяцца наступныя пісьмовыя звесткі пра касу, як зброю:

ороужыя ... иныи, как косы наряжены (Чэцця, 566);

нарядилис во изброи и с соулицами и со стрелами и с косами (Увар., 69);

возъпиша сынове израилевы кх гсду богу, понеже девятьсот колесницъ с косами железными имеаше той (Скар. КС, 10);

уставуемъ ... абы зо всихъ земль панства ншог ... косъ поясов стрэл и всякого иншого наряду военъного не выпускали и послом не продавали (Ст. 1566,396);

але другие инак пишут поведаючи, же обоя сторона долго однакое щастье в битве мела, але на остаток Атыля будучи поражон, утекъ до обозу возми косами осажоными заточоного (Атыла, 197);

мели перси вх своем вохску осмъсот убраных на службу слонов великих зверех, мел р и к тисячех ездных, тисячу возов з косами, то все згубил и сам цар перски ледво утекль (Бельск., 246).

З іх відаць, што косы, як зброя прымяняліся ў глыбокай старажытнасці, яшчэ на калясніцах. Калясніцы вынайшлі нашы далёкія, найбольш далёкія з вядомых. але наўпроставыя прашчуры - хеты. Я ўжо недзе згадваў, што назва сталіцы хетаў Хатус (Хатусас) абазначала проста "Хаты", як назвы нашых гарадоў Гародня, Гарадок, Гарадзея, Наваградак абазначаюць проста горад (малы горад, новы горад). (На свеце недзе існуе слоўнік хетскай мовы, але па тэрыторыі Беларусі яго, здаецца, няма. А тое, што ёсць у Інтэрнэце, гэта для вельмі вузкага кола вельмі дасведчаных спецыялістаў.)

Вынайшаўшы калясніцы хеты прымянілі на іх гэтыя самыя косы, доўгія насаджаныя на аглоблі і прывязаныя да колаў палосы жалеза. Сваімі калясніцамі хеты разграмілі палову айкумены. Разбілі Егіпет, узялі Вавілон, дайшліда Індыі і заснавалі там арыйскую цывілізацыю.

Але траву хеты не касілі. У гэтым не было патрэбы. Такім чынам каса, як зброя існавала раней, чым каса, як прылада працы. Хеты ўзялі Вавілон за 1,5 тысячы гадоў да нашай эры. Арыі з'явіліся ў зоне глыбокіх снягоў у 8-6 стагоддзі да н.э. Разрыў гадоў у 700.

- Як называлася баявая каса ў хетаў я не ведаю, але наш вывад назвы касы ад санскрыцкага ksа дае падставу гаварыць, што і баявая каса магла мець нейкую сугучную назву.

( Працяг у наступным нумары.)

Да 75-годдзя з дня нараджэння Віктара Бачарова

8 лютага споўнілася 75 гадоў з дня нараджэння лідскаму паэту Віктару Бачарову (8.02.1950, Краснаярск, Расія - 3.10.2004, Менск). З гэтай нагоды ў Доме Валянціна Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея на экспазіцыі "Час прывёў на Парнас" была арганізавана выстава аднаго дня "У зале жыцця", прысвечаная юбіляру.

Яе наведалі ўдзельнікі музейна-асветніцкага праекта "Гістарычная гасцёўня "Память за собою позови", а таксама лідскія майстры мастацкага слова Таццяна Сямёнава, Канстанцін Якубчык, Наталля Анашкевіч і іншыя. Для іх былі прадстаўлены прыжыццёвыя кнігі паэта "Разговор" (1996), "Пора брать" (1998), "Калi адзвiнеў званок" (1998), "Дембель неизбежен" (1999), "Стихи из прошлого века" (Туапсэ, 2001) і тыя, якія пабачылі свет пасля: "Золотая тёлка или по следам золотого телёнка" (2006), "Птица из Персидского залива" (Ліда, 2010). Разам з тым, яны пазнаёміліся з фондам - рукапісамі, фотаздымкамі і іншымі дакументамі юбіляра. Пад час мерапрыемства некаторыя з прысутных падзяліліся цёплымі ўспамінамі пра Віктара Мітрафанавіча.

Памяць пра В. Бачарова засталася не толькі ў кнігах, але і ў душах і сэрцах неабыякавых да яго творчасці людзей.

Алесь Хітрун.

Памерла Таццяна Навасельская

Гэтая жанчына была актыўным сябрам ТБМ, але не была публічнай і шырока вядомай асобай, тым не меш яна шмат гадоў ціха і не для ўсіх прыкметна рабіла вельмі патрэбныя для захавання беларускасці справы. Пра яе смерць пасля цяжкай хваробы паведамілі ў сацсетках сябры і знаёмыя.

Таццяна Навасельская была ўнучкай беларускага паэта Сяргея Знаёмага (1909 - пасля 1944), які ў міжваеннай БССР падаваў вялікія надзеі, але ў 1930-я гады, як і пераважная большасць прадстаўнікоў яго пакалення з ліку беларускай творчай інтэлігенцыі, быў арыштаваны, а затым загінуў у ГУЛ-агу.

Таццяна прысвяціла значную частку жыцця збору інфармацыі пра свайго дзядулю. Яна збірала звесткі літаральна па макулінках, перакапала ўсе архівы, перачытала мноства ўспамінаў і дакументаў, звязаных з дзеячамі таго пакалення, завязвала і падтрымлівала кантакты з даследчыкамі гэтага перыяду. Даследчыкі дапамагалі ёй, а яна па магчымасці - ім.

Так, пісьменнік Алесь Аркуш, пачуўшы пра смерць Таццяны Навасельскай, успомніў, што жанчына яму вельмі дапамагла:

"Калі я пісаў артыкул пра паэта Браніслава Пяткевіча, які выратаваў у ГУЛ-агу паэта Сяргея Навіка-Пеюна. Дзесьці ў нулявых я паспеў узяць інтэрв'ю ў Пяткевіча, у якім ён мне сказаў, што, калі вучыўся ў Віцебскім ветэрынарным інстытуце, на яго напісалі данос у газету, пасля чаго хлопца арыштавалі і адправілі ў ГУЛ-аг. Дык вось, Таццяна той данос адшукала. І словы Пяткевіча пацвердзіліся".

І такіх выпадкаў было вельмі шмат.

Таксама Таццяна шмат гадоў даглядала магілы міжваенных беларускіх дзеячаў на Вайсковых могілках у Менску: спачатку сама, а затым і ў складзе добраахвотніцкіх груп, якія актывізаваліся пасля таго, як над усім гэтым някропалем навісла пагроза.

"Я ж не ведаю, дзе магіла майго дзеда. Можа, хтосьці таксама яе там дагледзіць, як я апякуюся тут", - так яна аргументавала сваю актыўнасць у гэтым кірунку.

Адно з фактычна выратаваных ёю пахаванняў - магіла акторкі і спявачкі Алесі Александровіч, якой Міхась Чарот прысвяціў знакамітую драму "На Купалле" з легендарнай песняй "Купалінка", і яе мужа Міхася Мароза, першага паўнамоцнага прадстаўніка БССР пры ўрадзе РСФСР. Таццяна Навасельская на ўласныя грошы ўсталявала помнік і зрабіла на ім надпіс, у якім згадала пра абодвух з усімі важнымі датамі і падзеямі ў іх жыцці. Пры гэтым для Міхася Мароза гэты помнік - кенатаф, бо ён таксама быў рэпрэсаваны і бясследна знік дзесьці на расійскіх абшарах. Пра жаданне яго жонкі, каб прозвішча загінулага мужа была на яе помніку, Таццяна дазналася з архіваў і праз шмат гадоў пасля смерці жанчыны яго рэалізавала.

Нямала сіл і ўласных сродкаў Таццяна Навасельская таксама ўклала ў аднаўленне для некаторых важных для гісторыі магіл знішчаных часам агародж, што дазваляла захаваць магілы ад непазбежнага знішчэння камунальнымі службамі.

Паводле СМІ.

Пайшоў з жыцця адзін з заснавальнікаў Таварыства беларускай мовы Іосіф Навумчык. Яму было 86 гадоў

У савецкі час Іосіф Навумчык быў кіраўніком Віцебскага абкама Кампартыі Беларусі. Спрыяў развіццю беларускай культуры. Падчас перабудовы стаў адным з заснавальнікам Таварыства беларускай мовы, віцебскую філію якога ўзначальваў два дзесяцігоддзі.

У гуманітарным сэнсе ягоная бясспрэчная заслуга - выратаванне тысячаў жыццяў, бо ў якасці дарадцы ЦК КПСС у Кабуле ён быў адным з тых, хто паўплываў на рашэнне вывесці войскі з Афганістана.

"Бацька пражыў 86 гадоў, і да апошніх дзён сачыў за падзеямі - і ў свеце, і ў Беларусі. Увогуле, быў грамадска актыўным, таму і пішу гэтыя радкі, крыху схаластычна. Ён паспеў надыктаваць мне ўспаміны і ацэнкі сітуацыі ўнутры кіраўніцтва БССР апошняга савецкага дзесяцігоддзя (больш гэтага ніхто не зрабіў, наколькі ведаю), я іх пачаў афармляць яшчэ пры ягоным жыцці і абавязкова надрукую, яны рэальна каштоўныя для будучых гісторыкаў", - напісаў ягоны сын, Сяргей Навумчык. Прыводзім гэты допіс цалкам.

"Тата належаў да вельмі вузкага кола кіраўнікоў [Іосіф Навумчык быў сакратаром абкама партыі ў Віцебску], якія мелі тое, што сёння мы называем нацыянальнай свядомасцю. Вузкага настолькі, што пералік іх імёнаў змесціцца ў два радкі, калі ўвогуле не ў адзін. У 20-х, 30-х гадах і пазней усё нацыянальнае ў сферы эліты было вынішчана; у суседняй Літве гэты працэс пачаўся на адно пакаленне пазней - магчыма, таму там Бразаўскасы і выйшлі на першыя афіцыйныя пазіцыі і зрабілі тое, што мусілі зрабіць.

У гуманітарным сэнсе ягоная бясспрэчная заслуга - выратаванне тысяч жыццяў, бо ў якасці дарадцы ЦК КПСС у Кабуле ён быў адным з тых, хто паўплываў на рашэнне Гарбачова і Палітбюро вывесці войскі з Афганістана. У нацыянальным - спрыянне беларускім пісьменнікам, у прыватнасці, пастаноўцы ў 70-я на сцэне Коласаўскага тэатра п'есаў Караткевіча "Званы Віцебска" і "Кастусь Каліноўскі", а таксама стварэнне цэлай сеткі арганізацый ТБМ на Віцебшчыне.

Таварыства беларускай мовы было сэнсам ягонага жыцця апошніх дзесяцігоддзяў. Ён быў сузаснавальнікам (у 1989) ТБМ імя Скарыны, уваходзіў у яго кіраўніцтва, а пасля выхаду на пенсію 25 гадоў - чвэрць стагоддзя - узначальваў Віцебскую абласную Раду ТБМ. Папрасіўся ў адстаўку толькі тады, калі ўжо ў літаральным сэнсе ногі не дазвалялі амаль штодзённа абыходзіць установы з просьбамі ды патрабаваннямі, ды ездзіць у раёны (але застаўся ганаровым старшынём аж да моманту ліквідацыі ТБМ).

На шчасце, я паспеў сказаць бацьку, што практычна ўсім абавязаны яму. Не ў тым сэнсе, што мне пашанцавала быць сынам чалавека, які займаў усё больш высокія пасады, а ў тым, што бацька вызнаваў каштоўнасці, якія, як я цяпер разумею, перадаў нам з сястрой.

Прывяду толькі адзін прыклад, ён патлумачыць, што я маю на ўвазе. Як сакратар абкама, ён, натуральна, меў усе адпаведныя статусу прывілеі - кватэру, службовыя аўтамабілі, службовую дачу і г.д. Але: пральная машына, якая была ў кожнай другой гарадской сям'і, у нас з'явілася толькі ў сярэдзіне 80-х, калі нарадзіўся ягоны ўнук, мой пляменнік Мікіта, і аб'ём прання, зразумела, павялічыўся. Да гэтага ўсе гады мама прала рукамі. На пральную машыну проста не было грошай. Так, у сакратара абкама.

А прычына простая: сярод прывілеяў была магчымасць набываць кнігі па спісе так званай кніжнай экспедыцыі ЦК КПСС - любыя, якія выдаваліся на тэрыторыі СССР. І вось практычна ўсе грошы ішлі на кнігі. Дома была сабраная вялізная бібліятэка. І мае ўспаміны пра тату з дзяцінства - з кнігай (ці газетай) у руках.

Вось гэта тое, што мне, на шчасце (думаю, што ўсё ж на шчасце), ад бацькоў перадалося: грошы ніколі не былі прыярытэтам. Ні тады, калі іх не было, ні тады, калі яны з'яўляліся. Так, кніга - лепшы падарунак.

А яшчэ - дома ў нас увесь час хтосьці гасцяваў. Практычна штодзённа. Ён быў вельмі добрым, шчырым, адкрытым чалавекам. Бацька сябраваў і быў знаёмы з людзьмі самымі рознымі - рознымі і паводле статусу, і адносна палітычных пазіцый.

Вось некаторыя асобы, якіх ужо няма сярод жывых і якія адыгралі ў той ці іншай ступені ролю ў ягоным (а значыць, і ў маім) жыцці, і пра якіх ён заўсёды прыгадваў з цеплынёй, і якія таксама ставіліся да яго, як я дакладна ведаю, добра: Пётр Машэраў (кіраўнік БССР), Сяргей Паўлаў (кіраўнік камсамолу, адзін з паплечнікаў Хрушчова, які развярнуў грамадства ад сталінскага тэрору), Юрый Гагарын (першы касманаўт), нашы пісьменнікі - Генадзь Бураўкін (адзін з бліжэйшых ягоных сяброў), Уладзімір Караткевіч, Ніл Гілевіч, Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, віцебскія ягоныя калегі Сяргей Шабашоў і Аляксей Палейка.

Гэта тыя, якія ці былі ў нас дома, ці мы з сястрой чулі пра іх з дзяцінства не як пра персанажаў газетных публікацый, а як пра рэальных людзей, да якіх, што называецца, можна дакрануцца.

Цяпер, тата, на тым свеце ты зможаш з імі пагаварыць пра ўсё тое, пра што вы не дагаварылі на свеце гэтым. Раней ці пазней, і мне, спадзяюся, пашанцуе далучыцца да вашых размоў", - напісаў Сяргей Навумчык.

А ўся супольнасць былых сяброў ТБМ, якія яшчэ на гэтым свеце, глыбока ўдзячная спадару Іосіфу за непахіснасць у служэнні Беларусі.

Светлая памяць.

Жыццёвыя гісторыі з пісьменнікам Аляксеем Карпюком

Пісьменнік Аляксей Карпюк (1920-1992) з Гародні быў унікальным і смелым чалавекам. Васіль Быкаў аднойчы сказаў, што "Карпюк - чалавек надзвычайны, сапраўдны гарадзенец". І некалькі цікавых гісторый, звязаных з Аляксеем Карпюком, прыгадаў у сваёй кнізе "Доўгая дарога дадому". А той, хто яго ведаў, да сённяшніх дзён распавядае шмат гісторый, звязаных з гэтым цудоўным пісьменнікам і смелым чалавекам. Сам Аляксей Нічыпаравіч пра сябе сказаў так: "Я - нецярплівы, самаўпэўнены, рэзкі, упарты, лёгкаранімы, нясціплы, самалюбівы, прамалінейны, некамунікабельны, скрыты, схільны перабольшваць ды кідацца ў крайнасці. Цярпець не магу розных канонаў, рэжымаў, рэгламентаў і агульнапрынятых норм".

Прыгадваецца мне 1987 год. Слонімскі паэт Анатоль Іверс адзначаў сваё 75-годдзе ў раённым доме культуры. У Слонім прыехалі пісьменнікі з Менска, Гародні, прысутнічалі мясцовыя чыноўнікі, культработнікі, літаратары. Быў сярод іх і Аляксей Карпюк. За паўгадзіны да пачатку мерапрыемства мне сказалі, што вядоўцам на ім буду я. Я захваляваўся, хуценька перапісаў, хто за кім будзе выступаць. Аляксей Нічыпаравіч убачыў, што я захваляваўся, падыйшоў да мяне і пытае: "Сяргей, ты, мусіць, хвалюешся?". "Трохі хвалююся, Аляксей Нічыпаравіч", - адказаў я. "Ды не хвалюйся, Сярожа, тут няма перад кім хвалявацца!.." - сказаў пісьменнік і сеў каля мяне побач.

Пісьменнік з Гародні Валянцін Дубатоўка распавёў мне, як аднойчы жонка Аляксея Карпюка Іна выязджала на экскурсію з Гародні ў Белавежскую пушчу. Аляксей Нічыпаравіч яе правёў на вакзал, пасадзіў у аўтобус (ехаў увесь калектыў на экскурсію), пацалаваў і пажадаў усім добрай дарогі. А сам хуценька ўзяў таксі і паехаў у Белавежскую пушчу - туды, куды павінен прыехаць іх аўтобус. Па дарозе купіў букет кветак. Прыехаў, стаў і чакае аўтобус. Праз некаторы час аўтобус пад'ехаў на прыпынак, спыніўся, і ўсе экскурсанты пачалі выходзіць, убачыўшы Аляксея з букетам кветак. Выйшла жонка Іна і ад нечаканасці была вельмі здзіўлена: Аляксей з букетам стаяў перад ёй. Ён уручыў жонцы кветкі, а потым сабраўся і паехаў назад у Гародню.

Падчас савецкай гарбачоўскай барацьбы з п'янствам, Аляксей Карпюк узначальваў у Гарадзенскай пісьменніцкай арганізацыі Таварыства цвярозасці (былі такія тады створаныя арганізацыі ў СССР). Усім ён чытаў лекцыі, заклікаў не піць спіртное, бо сам ніколі не піў і не курыў. Аднойчы Юрка Голуб хацеў непрыкметна пранесці ў памяшканне Саюза пісьменнікаў бутэльку гарэлкі. Але Аляксей Нічыпаравіч заўважыў, забраў у яго бутэльку і ніколі яму яе не вярнуў. А неяк едучы ў цягніку Масква-Менск, Карпюк прапанаваў Алесю Адамовічу ўступіць у Таварыства цвярозасці. Той выслухаў яго прапанову і сказаў: "Я гатовы ўступіць. Але толькі з умовай разваліць гэтае таварыства знутры".

Пісьменнік Міхась Скобла прыгадаў цікавы выпадак, калі ён, дзесяцікласнік Дзярэчынскай сярэдняй школы, трапіў у Зэльвенскі дом культуры на пісьменніцкую сустрэчу з Аляксеем Карпюком і Юркам Голубам: "Аляксей Нічыпаравіч, чытаючы свае празаічныя абразкі, спрактыкавана "падключаў" публіку, па-народнаму ўдала жартаваў, умела падколваў прысутнае раённае начальства. У пэўны момант ён зрабіў выгляд, што "ідзе ў народ", але спусціцца ў залу яму не даў караткаваты провад мікрафона. "Ну от, заўсягды так залыгаюць цябе вяроўкай і не рыпайся", - пад ажыўленне і смех слухачоў вярнуўся Карпюк у адгароджаную вазонамі зону каля прэзідыума".

Аляксей Карпюк вельмі хацеў мець уласны аўтамабіль і з часам набыў сабе новенькія "Жыгулі". Радасна сеўшы за руль пісьменнік пабіў яго на першым павароце.

Прыкладна такая самая бяда здарылася і з яго жонкай Інай, якая таксама спрабавала ехаць. З той пары іх машына стаяла без выкарыстання, а пасля яе Карпюкі прадалі.

Многія літаратары называюць аповесць Аляксея Карпюка "Данута" сваім самым любімым літаратурным творам. Сапраўды, "Данута" - гэта яркі ўзор лірычнай беларускай прозы. Аповесць прынесла аўтару вялікі поспех. Яна дапаўнялася аўтарам, выдавалася і перавыдавалася шмат разоў, перакладалася на іншыя мовы. А вобраз Дануты стаіць у адным шэрагу з Ядвісяй з трылогіі Якуба Коласа "На ростанях" і з Ганнай з "Палескай хронікі" Івана Мележа.

Паэтка Данута Бічэль часта распавядала, як аднойчы Аляксей Карпюк заехаў ажно ў Яраслаўль (Расія) па сваіх пісьменніцкіх справах. Ён памятаў і пра тое, што ў гэтым горадзе жыў Максім Багдановіч і там засталіся яго сваякі. У іх стаяў куфар з паперамі паэта і яго бацькі. Сваякі аддавалі ўвесь куфар, але Карпюк узяў столькі, колькі мог прывезці: метрыкі хросту і смерці, фотаздымкі са штампамі гарадзенскіх майстроў, шкатулку, якую Адам падараваў Марыльцы ў Гародні, папяровую жабку, якую брат Вадзім зрабіў для Максіма. Усё гэта захавалася і цяпер знаходзіцца ў музеі Максіма Багдановіча ў Гародні.

Пасля аднаго з фуршэтаў Аляксей Пяткевіч з Гародні прыгадаў мне такі выпадак з Аляксеем Карпюком. "Аднойчы мы з ім ехалі цягніком з Менска дадому, - пачаў успамінаць Аляксей Пяткевіч. - Вечарам зайшлі ў будынак (стары яшчэ) чыгуначнага вакзала ў Гародні перакусіць. Падняліся на другі паверх і адразу заўважылі, што людзей у рэстаране многа, асабліва мужчын. Неўзабаве высветлілася, што было гэта нейкае савецкае свята, здаецца, дзень чырвонай арміі. І немаладыя мужчыны, удзельнікі вайны, былі "пры парадзе". Я адразу прыкмеціў, што Карпюк неяк змяніўся з твару, як бы пацяплеў. Тады кажу яму: "Бачыце, якое суседства. І я закажу грамаў сто. Можа, і Вы што-небудзь... Такую ж вайну прайшлі!" Ён азірнуўся вакол і рашуча махнуў рукой … "Так і быць, вып'ю я бакал шампанскага". Толькі афіцыянтка прабачылася і заўважыла, што бакал ніяк нельга, трэба браць цэлую бутэльку. На тым і разышліся. Але не быў бы то Карпюк, каб так лёгка здацца. Ён устаў з-за стала і пайшоў некуды за дзверы. Даволі хутка вярнуўся з поўным бакалам шампанскага. Мы павячэралі, ён выпіў свой бакал і тады пытаецца: "Ты бачыў калі-небудзь п'янага Карпюка?" - Не, кажу, што Вы, Аляксей Нічыпаравіч, ніколі. - Тады во, глядзі, перад табою п'яны Карпюк".

Таленавітай і дзіўнай асобай быў пісьменнік Піліп Пястрак. Пра яго прыгоды мне заўсёды любіў распавядаць паэт Юрка Голуб. Пра адносіны Аляксея Карпюка і Піліпа Пестрака часта казаў гарадзенскім літаратарам Васіль Быкаў. Адзін выпадак сяброўства Пестрака і Карпюка запомніла Данута Бічэль і занатавала ў сваёй кнізе "Хадзі на мой голас" (Гародня-Уроцлаў, 2008): "Пястрак любіў прыязджаць у Гародню. Ён сам пра гэта казаў так: "У Гародню я ездзіць люблю, таму што я тут сядзеў у турме". Маўляў, прыемнае прыемна ўзгадваць... Калі Пястрак прыязджаў у Гародню, яны з Карпюком хадзілі ў рэстаран. Пястрак замаўляў пляшку гарэлкі. Карпюк замаўляў бутэльку мінералкі і шмат кубачкаў гарбаты. Да рэстараннай салаткі Карпюк вымаў з партфеля колца хатняй каўбаскі. Так яны сябравалі. Але аднойчы Піліп Пястрак зайшоў да Карпюка дадому і спытаў: "Алёша, а дзе ў цябе стаіць мая кніга?" Алёша пачаў выкручвацца, што даў пачытаць знаёмым. Але Пястрак не слухаў, ён пакрыўдзіўся і пайшоў...".

Аляксей Карпюк - чалавек, які быў выхаваны ў заходнебеларускім духу. Гэта быў культурны, таленавіты, аўтарытэтны і шчыры пісьменнік, якога мы ведалі, паважалі і любілі. Такім і застаўся ён у нашай памяці назаўсёды.

Сяргей ЧЫГРЫН.

Пісаў сатыру і гумар

5 лютага споўнілася 90 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка-сатырыка Апанаса Палітыкі (1935-2024)

Апанас Палітыка нарадзіўся 5 лютага 1935 года ў вёсцы Бродак Крычаўскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Жыццё пісьменніка было звязана з малой радзімай - Крычаўскай зямлёй. З 1969 года ён загадваў сельскагаспадарчым аддзелам Крычаўскай раённай газеты. З 1975 года працаваў карэспандэнтам-арганізатарам раённага радыёвяшчання, затым загадчыкам аддзела інфармацыі і радыёвяшчання раённай газеты.

Літаратурную працу Апанас Палітыка пачаў у 1960 годзе з вершаў. Свой першы верш апублікаваў у газеце "Магілёўская праўда". Яго празаічныя творы, апавяданні, аповесці адметныя грунтоўным веданнем жыцця, цёплым гумарам, вострай сацыяльнай накіраванасцю, непрымірымымі адносінамі да негатыўных з'яў, якія перашкаджаюць нам жыць.

Першы зборнік твораў Апанаса Палітыкі выйшаў у 1976 годзе пад назвай "І ў хвост, і ў грыву". Напісаў і выдаў таксама кнігі гумару і сатыры "Маўчанне навыперадкі", "Свой хлопец", "Праверка".

Памёр Апанас Палітыка летась, 20 кастрычніка. Пахаваны ў Крычаве.

Паводле СМІ.

Некалькі гадоў маёй маладосці ў Вільні (1818-1825)

Станіслаў Мараўскі

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

Калі на катафалк неабходна было павесіць партрэт нябожчыка пэндзля Рустэма22, а партрэт, верагодна, да гэтага часу знаходзіўся ў ложы і меў інсыгніі магістра масонаў, яго забралі з ложы, Рустэм неяк хуценька зафарбаваў інсыгніі і пакінуў толькі свецкія ўзнагароды і знакі. Як на ліха, калі ставілі гэты партрэт, адзін з бернардынаў рукавом сцёр частку яшчэ нявысахлай фарбы і ўсе ўбачылі цыркуль ці кельню. І пачаліся выдумкі і доказы, што касцёл апаганены блюзнерамі. Ад айцаў-бернардынаў чуткі разышліся па касцёлах, уздымаліся і грымелі, і чым далей, тым болей усе прыслухоўваліся да гэтага глупства, аж пакуль справа не дайшла да скандальных сцэн у сакрыстыі.

Калі мы ўжо збіраліся выходзіць за целам, я з запаленай свечкай у руцэ чакаў сігналу рухацца наперад і размаўляў з панам Канстантым Новамейскім, сваяком і вось ужо 4 гады адміністратарам маёнткаў і інтарэсаў ксяндза Длускага. Да мяне наблізіўся малады масон з надзвычай прыемным тварам і папрасіў дазволу запаліць свечку. Я ветліва дазволіў бы зрабіць гэта любому, але ў той момант адчуў такі інтарэс і цікавасць да гэтага чалавека, што цікавасць адбілася на маім твары на якім немагчыма было нешта схаваць. Новамейскі гэта заўважыў і сказаў: "Я бачу, панове, што вы не ведаеце адзін аднаго, пры тым, што вы аднафамільцы". Гэта быў Караль Мараўскі, шляхетны, чалавек пачцівага сэрца і непаспалітай галавы, ў той час ужо буйны праўнік, суддзя крымінальнага дэпартамента. Так я пазнаёміўся з Каралем Мараўскім, з якім, дзякуючы яго рэдкім якасцям, хутка склалася блізкае сяброўства.

Перад тым, як расказаць вам пра гэта і ўсё іншае, што аказала вялікі ўплыў на маё жыццё, трэба згадаць пана Новамейскага, пра якога я наўмысна дагэтуль нічога не сказаў, бо вырашыў прысвяціць яму асобны раздзел, а можа быць, і болей.

Дадаткі:

1. Віленскі ксёндз-біскуп23 выказваў вялікую прыязнасць і пашану да майго тады яшчэ зусім маладога бацькі. Адным з галоўных доказаў гэтага, які і прыцягнуў маю ўвагу, стаў падарунак сарака бутэлек венгерскага віна шасцідзесяцігадовай вытрымкі толькі за тое, што бацька аднойчы за сталом біскупа пахваліў гэтае віно. Шмат хто хваліў віно, але гэтакай увагі да сябе не меў. Гэтае віно ў нас на працягу многіх гадоў выстаўлялася толькі падчас вялікіх святаў і перажыло бацьку адной бутэлькай. Я стаў спадчыннікам гэтай бутэлькі, калі мой высакародны калега і сябар, сапраўдны стацкі дарадца Францішак Малеўскі24, вяртаўся з-за мяжы і знарок збочыў з дарогі, каб па глыбокім снезе наведаць мяне ў маёй вёсцы - мы разам выпілі гэтае віно за здароўе і за памяць пра лепшыя часы.

Можа будзе не залішнім і павучальным згадаць адзін не вельмі вядомы анекдот.

Задоўга да 1794 г., кс.-біскуп з-за мяжы вяртаўся з-за розных палітычных інтрыг, галоўнай апорай якіх у сваёй групоўцы быў ён сам, і заехаў у Дрэздан. Там жыла варажбітка, якая здзіўляла ўсіх дакладнасцю сваіх прадказанняў будучыні і веданнем былога. Кс.-біскуп , чалавек XVIII ст., верыў толькі ў правераную мірскую мудрасць тым не менш раптам арганізаваў для сваіх дамачадцаў візіт да варажбіткі. Біскуп, каб яго не пазналі, апрануў свецкае адзенне. Варажбітка паведаміла кожнаму нешта больш-менш вартае. І калі нарэшце да яе падышоў сам біскуп, сказала яму: "Ты ў думках здзекуешся і смяешся з усяго гэтага. Але памятай, і хай памятаюць усе, хто сёння з табой, што цябе чакае дрэнная будучыня. Ведай, ты загінеш на шыбеніцы!"

Біскуп з усмешкай даў ёй жменю золата і выйшаў на свежае паветра. Там, зусім не разгублены, сказаў сваім спадарожнікам: "Мосці панове, бачыце, ці можна верыць такім ведзьмам. З усіх смерцяў, якія мне магла прадказаць варажбітка, толькі гэтая цалкам немагчымая і несумяшчальная з маімі санам і таму ніколі не можа адбыцца са мной".

Небарака, ці мог ён падумаць тады, што ягоны сан не ўратуе яго ад ганебнага канца.

Рукі свярбяць накрэмзаць тут яшчэ адзін, весялейшы анекдот пра гэтага магната.

Віленскі кс.-біскуп, вельмі свецкі пан, не заўсёды насіў сутану і, нягледзячы на тое, што сан прымушаў яго ўстрымлівацца ад многіх зямных забаў, вельмі любіў паляванне. Падчас аднаго з паляванняў, ён пагнаўся за аленем ці зайцам і заблукаў у глухім лесе. Страціўшы набліжаных, біскуп не меў іншага выйсця, як ісці наўдачу па вузкай і вельмі ненадзейнай дарожцы, якую надыбаў выпадкова.

Ішоў, ішоў па гэтай сцяжынцы і нарэшце выйшаў да нейкага незнаёмага засценка, новыя і чыстыя пабудовы якога пакідалі добрае ўражанне аб гаспадарах. Жыў тут багаты гаспадар, які сваю сядзібу заклаў у лесе. Стомлены біскуп ужо ледзьве цягнуў ногі і яму патрэбны быў адпачынак і ежа. Гаспадар з паклонам прыняў падарожнага і не здагадваўся, хто гэта. Біскуп уціснуў яму ў руку талер і папрасіў каб яго жонка зарэзала курыцу, якая гуляла па двары і зварыла з яе крупнік. Гаспадары для такога шчодрага і ветлівага госця з радасцю ўзяліся за справу. А біскуп на хвіліну прыснуў на сене.

Будзяць яго: "Ягамосць, ягамосць! Курыца гатовая. Галодны біскуп ідзе ў хату. Пах булёну радуе і казыча кішкі. Стаіць стол, накрыты частым абрусам, з чыстай алавянай лыжкай, нажом і відэльцам. Брава! Шчаслівы біскуп хваліць парадак у хаце і сядае за стол. А гаспадар з трыумфам і мінай, якая здаецца, кажа: "Пачакай, куме, будзе яшчэ і не тое!", ставіць перад ім курыны булён … думаеце ў чым?

У глінянай місцы? Не!

У алавянай? Не!

А ў чым?

У белым фаянсавым начным гаршку!

Пачцівы гаспадар, каб мець у хаце нешта не з гліны а што-небудзь багатае, што пакажа гасцям дастатак у доме, у Вільні ўбачыў у вітрыне крамы розныя вырабы з фаянсу і вырашыў купіць сабе вазон. Прыгледзеўся - і не адзін фасон посуду не падабаўся яму так, як фасон начнога гаршка. І купіў яго, бо вырашыў, што гэта супоўніца.

Біскуп часта згадваў гэту сваю прыгоду. І рабіў гэта у супрацьвагу выхваленнем свайго супраціўніка князя Радзівіла Пане Казанку, які ўвесь час выдумляў пра сябе тысячы розных гісторый.


2. Не ведаю, ці хопіць мне часу, ахвоты і жыцця, каб напісаць успаміны пра мой побыт у Пецярбургу і асоб, якія я там сустрэў. Таму напішу тут, бо ў нядаўнім лісце са сталіцы мне паведамілі пра смерць 6 ліпеня 1849 г. адміралавай і міністравай Шышковай (некалі, Лабаржэўскай). Памерла за некалькі гадзін ад халеры, якая там ужо лютавала некалькі гадоў. Гэта была дзіўная жанчына, каля васьмідзесяці гадоў яе цела і душа ішлі рознымі шляхамі, яе вялікія памылкі, як звычайна, праз нейкі час забыліся на тле дабра, якое яна зрабіла ў глыбокай старасці, у той непрацяглы час, калі нарэшце яе ўжо адпусцілі грахі, бо яна доўга, доўга трымалася за іх абедзвюма рукамі і расстацца з імі ніяк не магла. Гэта наша Нінон дэ Ланкно25, гэта наша сучасная Аспазія, яна памерла з вялікая пакорай ды з нейкім богабаязным зычэннем і прагай смерці. Яе апошнія словы да тых, хто стаяў каля ложка, былі: "Comme le cholera est bon ... on en meurt" 27.

Я ўжо згадваў вышэй, што, нягледзячы на сталы ўзрост, пра які немагчыма было і падумаць, яна заўсёды была прыгожай.

Мне пішуць, што да самага канца яна захавала тую абаяльнасць твару, якая разбіла столькі сэрцаў. Але вось якое дзіва - смерць так амаладзіла яе рысы, што тыя, хто яе не ведаў, а бачыў толькі пасля смерці ў труне, давалі ёй дваццаць пяць ці найбольш трыццаць гадоў.

Так яна жыла, карысталася і злоўжывала ўсім, з чаго складаецца зямное задавальненне. І нават яе парэшткі сведчылі, што нейкая больш магутная, чым чалавечая рука, паслала яе на гэты свет менавіта з такой мэтай. Бо яна, як некалі Венера, была зроблена з белай і бязважкай марской пены.

(Запіс зроблены 28 ліпеня 1849 г.)


3. Ксёндз Алойзы Каржанеўскі27, дамініканін, адзін з нашых самых адукаваных святароў, аўтар і перакладчык шматлікіх карысных твораў, славуты прапаведнік, а таксама выкладчык фізікі і галоўны наглядчык знакамітага фізічнага кабінета, які знаходзіцца пры школе айцоў дамініканаў у Гародні, чалавек найлепшага сэрца і анёльскай душы, аднак як і кожны чалавек, меў свае недахопы. Пры ўсёй сваёй вучонасці - быў зацятым, гарачым католікам. Напрыклад ён лічыў, што масонства - справа сатаны. І як прапаведнік, самымі рознымі спосабамі пераконваў у гэтай думцы віленскіх вернікаў. Чалавек красамоўны, поўны энтузіязму і агульнай павагі, пакрыты мантыяй, ён і сапраўдны нарабіў шмат шкоды масонам, хоць і сам таго не ведаючы, шмат у каго ўзбудзіў цікаўнасць да вольных муляраў і зрабіў масонам. Увогуле, усё, што пахла нейкім махлярствам, хітрасцю ці здрадай, ніколі не магло чакаць ад яго паблажлівасці.

А зараз паглядзім на другі бок нашай карціны і на хвіліну прыглядзімся да чалавека іншага тыпу.

Мала хто ў нас зрабіў сваё імя такім папулярным, як вядомы і сёння, геніяльны італьянец Пінеці28. Ён быў фокуснікам і, як лічылася, у свеце чараўнікоў валодаў рэдкім талентам і бязмежнай сілай. Сябе і іншым адкручваў голавы, рукі, ногі без найменшай шкоды для здароўя. Уваскрашаў мёртвых і, наогул, мог зрабіць усё, што хацеў. Ён мог пераўвасобіцца ва ўсё, пра што мог падумаць! У нашым грамадстве пра яго хадзілі тысячы дзіўных гісторый, якія і сёння, спусціўшыся ніжэй, час ад часу пераказваюцца ваколічнай шляхтай. Той, хто здолеў так моцна замацавацца ў памяці, не мог быць чалавекам звычайным. Наступныя пасля яго - Боска, Мальдуана - не вартыя нават яго пальца і не змаглі нават наблізіцца да яго славы.

Прыезду Пінеці ў Вільню папярэднічаў моцны розгалас. А Вільня тады поўнілася чыстым золатам як Эльдарада. Яго жыццё больш ніколі не было такім багатым, як пасля ўзыходжання на пасад Аляксандра І. Усё жывое бегла дзівіцца і пляскаць у далоні цудоўным справам Пінеці. Зразумела, што простыя людзі тут жа пачалі прыпісваць яго справы звышнатуральным сілам, і канешне ж, Пінеці, не перашкаджаў гэтаму.

Ксёндз Каржанеўскі быў тады прапаведнікам айцоў дамініканаў у Вільні, і яго гэта абурала. На некаторы час ён пакінуў масонаў у спакоі і напаў на Пінеці. Не было пропаведзі, навучання, размовы, наведзін, каб ксёндз Алойзы не пёк ямы лыткі. Хутка Пінеці адчуў вынікі справы святара. Гледачоў у яго станавілася ўсё менш і менш. Усё радзей запрашалі ў панскія дамы і справы яго, відочна, пачалі пагаршацца.

Аднойчы раніцай ксёндз Алойзы сядзеў над брэвіярам (часасловам. - Л. Л.), калі ў яго келлю ўвайшоў прыстойна апрануты чалавек не першай маладосці з прывабным і прыемным тварам.

- Якую маеце справу і чым я павінен вам служыць? - сказаў ксёндз Каржанеўскі з паклонам.

- Я - няшчасная ахвяра незаслужанай нянавісці Васпана дабрадзея! Я чалавек, загублены і даведзены вамі да мяжы жабрацтва, - сказаў незнаёмец з уздыхам.

- Хрысце Езу! - усклікнуў ксёндз, заламваючы рукі, - Што вы кажыце! Пэўна, вы памыляецеся!

- Скажу толькі адно слова. І гэта слова адразу пераканае дабрадзея ў тым, што я кажу праўду. Я … Пінеці!

- А, калі так, - прамовіў святар пагрозліва, - Дык дазволь, Васпан, сказаць табе ў вочы, тое, што я казаў пра цябе раней. Ты, Васпан, выбраў злое і грэшнае рамяство. Апамятайся, чалавеча! Дурыш людзей. Цягнеш з іх грошы. Робіш выгляд, што маеш нейкія звышнатуральныя сілы. Гэта вялікі грэх! Гэта смяртэльны грэх! Гэта недапушчальна! Так нельга!

- Пры ўсёй павазе, якую маю да ксяндза, - сказаў Пінеці, - дазвольце мне заўважыць, што я нават не магу ўявіць сабе, як вы, чалавек вучоны, чалавек адданы фізіцы, маеце рабіць падобныя закіды? Калі і дзе я сказаў, што выкарыстоўваю звышнатуральныя здольнасці ў сваім рамястве? Усё, што я раблю з'яўляецца вынікам ведаў фізічных навук у спалучэнні з пэўным спрытам рук. Я пакажу пану дабрадзею, як вялікаму знаўцу фізікі, усе свае штукі і пераканаю, што тое, што здзіўляе людзей недасведчаных, насамрэч, вельмі проста. І калі кожны чалавек мае права зарабляць сваімі талентамі, дык чаму і мне не скарыстацца гэтым жа правам?

Ксёндз трошкі знудзіўся размовай і сказаў:

- Ну калі так, пан Пінеці, даю слова, што больш ніколі не згадаю пра вас.

- Але, пане, гэтага мала! - сказаў Пінеці са слязамі на вачах, - Што мне з таго, што будзеце пры мяне маўчаць? Загубіў мяне і ніхто больш не ходзіць на мае прадстаўленні. У мяне няма заробку. Я сірата ў чужым краі і нават не маю грошаў, каб вярнуцца дахаты.

- Шкадую Васпана, - сказаў ксёндз, - Але што я магу з гэтым зрабіць?

- Можаце! - адказаў Пінеці, - Калі толькі як добры чалавек, як хрысціянін, зразумееце, што не толькі мяне аднаго загубілі але і ўсю маю няшчасную сям'ю. Загубілі маю жонку і шасцёра нявінных дзетак! Загубілі столькі нявінных людзей, якія ані думкай, ані словамі, ані ўчынкамі, не зрабілі нічога злога! - і зноў зайшоўся ў плачы.

- Як я магу вам дапамагчы? - добры ксёндз заплакаў разам з ім. - Як я магу вам дапамагчы? Скажыце мне?

- Гэта нескладана! Мяне назаўтра запрасілі да графа Тышкевіча. Вы там часта бываеце, ведаю пра гэта. Прыйдзіце і вы. Я скажу, што маю чароўную скрыпку і кожны, на каго я пакажу, будзе танчыць пад яе. Я выберу вас. Калі жадаеце ўратаваць мяне, як толькі я зайграю, прыкіньцеся, што не можаце вытрымаць, устаньце з крэсла і хоць адзін раз тупніце нагой! Вам гэта не зашкодзіць, а я, бядак, вярну сваю славу і лад жыцця.

Сумленны святар пачмыхаў, пачухаў патыліцу, але ўсё ж, каб уратаваць бліжняга, згадзіўся на такія фіглі і даў слова гонару, што стрымае абяцанне.

На наступны дзень Пінеці, з прадчуваннем трыумфу, паказаў гасцям Тышкевіча сваю скрыпку, паведаміў пра яе ўласцівасці і сказаў прысутным: "У доказ гэтага я выбіраю таго чалавека, які больш за ўсіх зрабіў мне зла, які ніколі не верыў мне. Паны і дамы, пэўна ўжо здагадаліся, каго я маю на ўвазе і вы ўбачыце, што як толькі я зайграю, сам ксёндз Каржанеўскі пойдзе ў танцы!".

Усе з цікавасцю чакалі. Пінеці зайграў. Ксёндз, верны свайму слову, уздрыгнуў раз, другі, трэці, як быццам змагаўся сам з сабой. Весткі пра гэты цуд разнесліся па ўсёй Вільні. І справы фокусніка зноў пайшлі ўверх.

Раздзел 2. Канстанты Новамейскі. Яго характарыстыка. Яго стасункі з аўтарам. Стасункі з бацькам аўтара. Працэс аўтара са спадкаемцамі Станіслава Карвіцкага

Канстанты Новамейскі, кармазынавы29, але небагаты шляхціц, здаецца паходзіў з Ваўкавыскага павета, падобна, з нейкіх Длускіх. Прайшоў праз суседскія дамы і народныя школы, меў прыродны, чысты розум, і яму было не цяжка вучыцца і пераймаць чужыя здольнасці. Ён адправіўся ў Гародна каб паступіць на дзяржаўную службу ў якую-небудзь тутэйшую канцылярыю. Абаяльны і сціплы, не прыгожы, але з мілым тварам, ён меў станоўчую рэпутацыю. Неяк у нядзелю ў касцёле ён убачыў старога чалавека ў даволі пацёртай вопратцы, які стаяў каля яго лаўкі, бо больш не было дзе сесці. Новамейскі адразу ўскочыў і, не ведаючы з кім мае справу, прапанаваў старому сваё месца.

Гэта быў паважаны, мажны, разумны, але і горды чалавек, палкоўнік Ляхніцкі30. Учынак маладога чалавека і яго павага да ўзросту, што тады было ўжо не надта распаўсюджаным, зрабілі добрае ўражанне на палкоўніка: ён прытрымаў Новамейскага за руку, выйшаў разам з ім з касцёла, распытаў яго пра ўсё, прывёў у свой самы шыкоўны ў Гародні дом і заняўся яго лёсам.

Тады ўжо была створаная камісія па ацэнцы кампенсацыі для жыхароў Літвы за пастаўкі прадуктаў рускай арміі ў 1812 г.31 Планавалася заплаціць вялікія грошы, з якіх на працягу дзесяці гадоў была выплачана толькі малая частка. Ляхніцкі быў членам гэтага камітэта, які засядаў у Вільні, старшынём камітэта з'яўляўся швагер майго бацькі Антоні Храпавіцкі, праз яго пратэкцыю пасаду сакратара атрымаў Новамейскі (Д 4). Плацілі тут добра, і з гэтага моманту кар'ера Новамейскага пайшла ўгару. Не ведаю, як ён пазнаёміўся з сваім сваяком Длускім. Але неўзабаве, пасля закрыцця камітэта, ён стаў сакратаром Радзівілаўскай камісіі32, наладзіў з Длускім самыя сціслыя адносіны і не толькі заняўся ягонымі справамі, але пераехаў у яго дом і жыў тут з тымі самымі выгодамі і паслугамі, як і сам Длускі. Але мне здаецца, што мой бацька, які ўсёй душой любіў Длускага, сам зрабіў шмат намаганняў каб вызваліць добрага прэлата ад гаспадарчых клопатаў. З іншага боку, ён вельмі любіў Новамейскага, высока цаніў яго склад характару, розум, досціп, такт і, больш за ўсё, акуратнасць, лагоднасць і парадак. Ведаю, што мой бацька і сам па сябе, і па просьбе Новамейскага, рэкамендаваў яго ў спадчыннікі. Сяброўства і зычлівасць да Новамейскага захавалася ў яго да смерці. Адзін толькі Бог ведае ці належным чынам разумеў усё гэта Новамейскі, ці наадварот, ён меў нейкую патаемную думку пра нас, якая потым стала прычынай унутранага злому, што бывае ў людзей, якія лічаць іншых адказнымі за свае праблемы - пра я гэта ўжо ніколі не даведаюся.

Але як я ўжо казаў, мой бацька любіў Новамейскага. Маці, ці дакладней, мачаха, якую я прывык зваць маці, ці жаночым інстынктам, ці праз прыроджаную хітрасць, заўсёды казала пра яго дваяка, але часцей за ўсё добра. Усе гэта было прычынай, што калі на свята і на вакацыі я прыязджаў дахаты з Коўні, заўсёды і ва ўсіх справах яго ставілі мне ў прыклад. Яны мне вушы ім прабубнілі. Тым не менш, пазбаўлены ўсякай зайздрасці, я і сёння з захапленне прыклейваюся да людзей якія маюць прыгожыя таленты, нават калі іх раней ніколі не бачыў і не меў з імі асабістых стасункаў. І да Новамейскага я міжвольна неяк прывязаўся сэрцам. Прагнуў з ім пазнаёміцца і ў той жа час баяўся яго перавагі. Я бачыў яго лісты да маіх бацькоў, напісаныя добрым стылем, чыстым і прыгожым почыркам ад пачатку і да канца ліста. Ніколі з жыцці я не мог гэтак напісаць. Пачынаў я ліст добра але заканчваў і такім лятучым почыркам, што пачатак заўсёды адрозніваўся ад заканчэння. Лісты Новамейскага часцей за ўсё былі віншаваннямі з імянінамі і святамі. Новая перамога нада мной! Бо імяніны нікога, акрамя сваіх бацькоў, я не мог дапільнаваць. Нарэшце прыйшоў час майго з'яўлення ва ўніверсітэце. Мне тады заканчваўся 15-ты год. Галава поўная школьных навук, якія я вывучаў, але яшчэ больш поўная тым, што я ўзяў урыўкамі з чытання кніг па начах ці на ранку. Мы вярнуліся з Варшавы. З бацькам заходзім да Длускага. Прызнаюся, я крыху хваляваўся, чакаючы яго сястру. Заходзіць Новамейскі, вітаецца з бацькам і без усялякіх цырымоній, з самай прыемнай і вясёлай усмешкай цалуе мяне ў абедзве шчакі і ў вусны, нібы мы сто гадоў знаёмыя! Гэтак ён мяне заваяваў адразу, як нявольніка, як ілота.

(Працяг у наступным нумары.)

1 Morawski Stanislaw. Kilka lat mlodosci mojej w Wilnie (1818-1825). Warszawa, 1924. Пераклад Леаніда Лаўрэша.

22 Ян Рустэм, выбітны мастак, З 1787 г. ад'юнкт пры Смуглевічу. З 1807 г. і да закрыцця Віленскага ўніверсітэта - прафесара жывапісу. Заслужаны настаўнік маладых мастакоў, вельмі паважаны і высакародны чалавек.

23 Біскуп Масальскі (1729-1794), таргавічанін, павешаны 28 чэрвеня 1784 г.

24 Францішак Малеўскі (1800-1973), выбітны юрыст, сын рэктара Віленскага ўніверсітэта, філамат, сябар Адама Міцкевіча.

25 Нінон дэ Ланкло (фр. Ninon de Lenclos або Lanclos, сапраўднае імя Анна дэ л'Анкло - Anne de l'Enclos; 1615/1623 - 1705) - французская куртызанка, пісьменніца і гаспадыня літаратурнага салона. Праславілася сваёй прыгажосцю, незвычайным досціпам, а таксама тым, што захоўвала сваю выключную прывабнасць практычна да самай смерці на дзявятым дзясятку. Дэ Ланкло - сімвал адукаванай і незалежнай жанчыны, царыцы парыжскіх салонаў, у якой спалучаюцца розум і сэрца, прыклад нораваў XVII і XVIII стст. - Л. Л.

26 "Халера - гэта добра ... я паміраю" (фр.)

27 Алойзы Каржанеўскі (1766-1826), доктар вольных навук і філасофіі, перакладчык падручнікаў па фізіцы, прапаведнік і філантроп.

28 Пінеці ў Літве быў у 1796 г., на пачатку XIX ст. памёр у Бердычаве і там пахаваны.

29 Кармазынавы колер - ярка-чырвоны колер, кармазын - каштоўная чырвовая тканіна, адсюль: кармазын - заможны шляхціц. Так называлася прывілеяванае саслоўе шляхты - за кармазынавы (чырвоны з ухілам у малінавы альбо цёмна-вішнёвы) колер адзення. Цікава адзначыць, што, калі шляхецтва якой-небудзь асобы выклікала сумнеў, гаварылі - "няпэўны кармазын". - Л. Л.

30 Ігнацый Ляхніцкі - палкоўнік войск ВКЛ у 1789 г. Аўтар каштоўнай "Біяграфіі селяніна на беразе Нёмана вышэй Ласосны" (Варшава, 1815.), выбітны жыхар краю і ўзорны гаспадар. Перакладаў Вальтэра.

31 Улік страт жыхароў Літвы у 1812 г. вёў Галоўны камітэта па справах арміі, адноўлены ў 1813 г. Страты Віленскай губерні толькі ў рухомасці ацэньваліся ў 19 237 007 руб. срэбрам, Гарадзенскай губерні - 8 141 261 руб. срэбрам, Мінскай - 10 000 000 руб. срэбрам. Урад ніколі не выплаціў кампенсацыі. Літва вярнулася да нармальнага стану толькі дзякуючы фенаменальным ураджаям 1813 і 1814 гг.

32 Радзівілаўская камісія была створана на падставе ўказу ад 24 лютага 1814 г. каб ачысціць ад даўгоў спадчыну нясвіжскага ардыната Дамініка Радзівіла, які памёр у 1813 г. Працавала да 1839 г. Новамейскі быў галоўным сакратаром з акладам у 1200 руб. асігнацыямі.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Беларуска-індзейскі свет: Акулаў, Зайцаў, Кавалёва, Ракчэеў, Сіняк; цырымонія ў Тыўанаку

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-52 (105-156) (2024); № 1-6 (157-162) за 2025 г.)

Сайт "Свет індзейцаў" ("Мир индейцев") са спасылкай на russian.rt.com даў інфармацыю, у якой згадваецца прадстаўнік Беларусі, які прысутнічаў на інаўгурацыі балівійскага прэзідэнта ў Тыўанаку (з варыянтаў, якія сустракаліся або магчымыя: Тыяўанака - так было ў "Беларускай Савецкай Энцыклапедыі", Ціаўанака, Ціяўанака, Ціўанака, Тыуанака і тое ж з - у на канцы, Tiahuanaco; цяпер афіцыйна называецца Тыўанаку або Тыванаку, Tiwanaku) 21.01.2015 (22-га другая частка інаўгурацыі прайшла ў Ла-Пасе, La Paz).

https://www.indiansworld.org/News/prezident-bolivii-evo-morales-proshel-v-tiuanako-indeyskiy-obryad-blagosloveniya.html.

ПРЭЗІДЭНТ БАЛІВІІ ЭВА МАРАЛЕС ПРАЙШОЎ У ТЫЎАНАКА ІНДЗЕЙСКІ АБРАД ДАБРАСЛАВЕННЯ

22.01.2015. RT. Прэзідэнт Балівіі Эва Маралес [Evo Morales], пераабраны на новы прэзідэнцкі тэрмін, прайшоў індзейскі абрад блаславення перад цырымоніяй інаўгурацыі.

Абрад прайшоў у археалагічным комплексе Тыўанака - святым для андскіх культур месцы, размешчаным за 70 кіламетраў ад сталіцы краіны Ла-Паса, паведамляе РІА Новости.

Сярод прысутных на цырымоніі дабраславення былі прэзідэнт Коста-Рыкі Луіс Гільерма Соліс, кіраўнік Трынідада і Табага Энтані Кармона, віцэ-прэзідэнты Аргенціны, Беларусі, Перу, а таксама генеральны сакратар Саюза паўднёваамерыканскіх нацый [магчымая беларуская абрэвіятура СПАН; Союз южноамериканских наций; ісп. Union de Naciones Suramericanas (UNASUR); парт. Uniao de Nacoes Sul-Americanas (UNASUL); англ. Union of South American Nations (USAN)].


Рэсурс news.am у матэрыяле "Маралес перад інаўгурацыяй прайшоў індзейскі абрад "духоўнага ачышчэння"" часткова паўтарае гэтую інфармацыю, але і дадае дэталі:

"Падчас цырымоніі жрацы "звярнуліся да прыроды" з просьбай зацвердзіць прэзідэнта Маралеса як "кантынентальнага лідара".

Асноўная частка цырымоніі прайшла ў пірамідзе Акапана [Akapana] і храме Каласасая [Каласасайя, Kalasasaya] ў прысутнасці больш за 500 вайскоўцаў падраздзялення "Чырвоныя понча", якое лічыцца "індзейскай гвардыяй" прэзідэнта. Жрацы падчас цырымоніі правялі Маралесу абрад "духоўнага ачышчэння" з тым, каб засцерагчы яго і ўрад краіны ад "негатыўнай энергіі", паведамляе РІА Новости".

Прэзідэнт з'явіўся на цырымоніі ў "імператарскім" адзенні.

Літ.:

6199 "Вароты Сонца" // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 4. Мн., 1997. С. 12-13. (З'яўляюцца адным з аб'ектаў комплексу Тыўанаку, "помнік архітэктуры стараж.-індзейскай цывілізацыі".)

АКУЛАЎ Дзмітрый (Dzmitry Akulau) - праграміст у студзені 2025 г. каментаваў новую сітуацыю ў ЗША, пры гэтым з'явілася ілюстрацыя з нейкім варыянтам "уіндаў-рок" - скалы з дзіркай унутры, натуральнай аркай. Самыя вядомая - тая, што дала назву адміністрацыйнаму цэнтру рэзервацыі Наваха (Window Rock, Apache County, Arizona), але на фота (або калажы) - іншы варыянт падобнай скалы.

Дзмітрый вучыўся ў Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце ("Yanka Kupala State University of Grodno", "Bachelor's degree Modern Greek Language and Literature", 2006-2011), затым у Brooklyn College (Bachelor's degree Computer Science, 2018-2022), CUNY Hostos Community College (Associate's degree Game and Interactive Media Design, 2016-2020) і інш. Распрацоўваў гульні. З 2020 г. звязаны як Full Stack Engineer з Amotions AI у San Francisco Bay Area.

Літ.:

9352 Wernic W. Slonce Arizony. Warszawa, 1989. (Wyd. 3.)

317 Американский антрополог, преподаватель Аризонского университета Алес Хойсслер, посетившая недавно Томск, считает, что Сибирь - родина древних индейцев // Знамя юности. 1991. 23 мая.

ЗАЙЦАЎ Ігар (Igar Zaitsau, Igor Zaitsev) - беларускі супрацоўнік пасольства ЗША ў Менску, які быў адной з трох найважнейшых кантактных асоб, паводле англамоўнай праграмы знаходжання Уільяма Язі (кастрычнік 1996 г.).

Артыкул "Индеец навахо в Минске" Міхаіла Іванчанкі (Михаил Иванченко) - ці не самы лепшы, інфармацыйны з апублікаваных пра прыезд Уільяма Язі ў Беларусь.

Міхаіл Іванчанка

ІНДЗЕЕЦ НАВАХА Ў МІНСКУ (1)

Са Злучаных Штатаў Амерыкі ў Менск прыязджаў індзеец-наваха Вільям Язі. З такой нагоды тут сабраліся індзеяністы Расіі, Украіны і Беларусі. На працягу двух дзён Містэр [так] Язі выступіў у Менскім Доме Дружбы і Менскай кансерваторыі.

Індзейцы да нас прыязджаюць нячаста, таму такія сустрэчы - заўсёды вялікая падзея, бо з'яўляецца магчымасць даведацца штосьці пра індзейскую культуру непасрэдна ад яе прадстаўніка, а гэта зусім не тое, што прачытаць пра гэта ў кнізе ці паглядзець на відэа. Вядома, не ва ўсіх ёсць магчымасць ездзіць на такія сустрэчы, таму я прапаную вам прамову м-ра Язі, запісаную на аўдыя-касету падчас яго выступу.

У самым пачатку м-р Язі вымавіў некалькі сказаў на мове наваха...

- ... Я вам дзякаваў. "Я-тэ" па мове наваха значыць ''Добры дзень [Здравствуйте]". Гэтае слова таксама значыць "добра". Пад гэтым мы маем на ўвазе, што ўсё добра: уся прырода добрая, і паміж мною і вамі існуе дабро, вось адкуль усё пачынаецца. Яшчэ я сказаў, што мяне завуць Вільям Язі. Прозвішча Язі перакладаецца як "маленькі". Я падзякаваў вам за тое, што знаходжуся зараз у вашай краіне, Беларусі. Я тут ужо два дні, і за гэты час бачыў шмат прыгожых і моцных людзей. Мне аказалі добры прыём, і я адчуваю сябе як дома.

(Далей Уільям выказвае падзяку некалькім асобам, якія паспрыялі яго прыезду і выступленням у Беларусі. Сярод іх прагучала і імя Ігара Зайцава.)

КАВАЛЁВА Віялета - нарадзілася ў 1962 г. у г. Асташкаў Калінінскай вобласці (цяпер Цвярская). Спачатку Яфіменка або Ефіменка (другую форму можа ўтвараць "украінскі" націск), з двух да 39 гадоў яна жыла ў Менску, з 2001 г. - у Таронта. Журналіст па адукацыі, яна выдавала газету "Беларускае слова". Другі яе грамадскі занятак - кіраўніцтва фальклорным гуртом "Яваровы людзі" (назва якога асацыіруецца ў нас з "маісавымі людзьмі" Мексікі і Цэнтральнай Амерыкі). Была на XVIІ Сусветных днях моладзі (паводле Віялеты, "Сусветныя дні юнацтва"; у англійскай назве - адзіночны лік: World Youth Day (Сусветны дзень моладзі), WYD, Таронта, 23-28.07.2002) з удзелам Папы рымскага Іаана Паўла II і бачыла, слухала індзейцаў, якія выступалі са сваімі спевамі.

Спачатку ў яе вялікім артыкуле, апублікаваным у Менску праз месяц пасля адкрыцця Дзён, расказваецца пра жыццё - арганізацыю і самаарганізацыю, настрой - натоўпу (Віялета сама ўжывае гэтае слова), які сабраўся, перад прылётам і прыездам папы…

Віялета Кавалёва

СУСТРЭЧА З ПАПАМ

[…]

Літургія з удзелам Папы Рымскага ў Таронта мелася адбыцца на былым аэрадроме, ля паўночнай мяжы горада. Калі мы дабраліся туды, неба пачынала святлець. "Глядзі, - сказала Уля, - тут дажджу не было ад учора, пашанцавала ім…" Яна мела на ўвазе пілігрымаў, што начавалі на вялікім лётным полі. Учора да позняй ночы тут ішла вігілія, на якой таксама прысутнічаў Ян Павал ІІ. Цяпер стомленыя шматгадзінным неспаннём юнакі і дзяўчаты адпачывалі проста на зямлі ці на асфальце ў спальніках, на надзіманых матрацах, а хто і зусім па-бамжацку: у кардонных скрынях.

"Невядома яшчэ, куды пойдуць хмары", - зазначыла я, і ў гэты момант першая хваля дажджу накрыла лагер пілігрымаў. Хто з крыкам, хто са смехам, хто моўчкі, яны ўскоквалі пад гэты ранішні душ, і за хвілю соннае поле ператварылася ў вялізны мурашнік.

[…]

Два разы на пачатку шляху нас спынялі шэрагі паліцыянтаў і валанцёраў: у першы раз праверылі рэчы, у другі - нас саміх "прасвяцілі" дэтэктарам. Пасля ўжо была поўная свабода: ідзі куды хочаш, сам шукай месца, дзе стаць. Ніякія пасведчанні нікога не цікавілі. Кожнаму хацелася знайсці пляцоўку насупраць алтара ці паблізу аднаго з вялізных экранаў, што былі змантаваныя на апорах па ўсім полі. Нарэшце мы адшукалі вольны лапік, дзе маглі стаць цесна ўдзвюх, і думалі, што злавілі ўсе тры шчасці: побач быў шырокі праход паміж сектарамі, зусім магчымая дарога для папамабіля… На жаль, наш зручны сектар упадабала занадта шмат наведнікаў. Тыя, што не змяшчаліся за пластыкавымі плоцікамі, апыналіся на праходзе, і праз пару гадзін людзі перакрылі яго шчыльным "коркам". Спачатку арганізатары спрабавалі з гэтым змагацца: некалькі разоў яны пераразмяркоўвалі натоўп з праходу, але за хвіліну наплывалі новыя людзі, ізноў вырастала нерухомая сцяна. Гэта ледзь не скончылася трагічна. Пад сёмую раніцы ў нашым сектары пачаўся прыступ у хворага на эпілепсію хлопчыка. "Хуткая дапамога" здолела прабіцца праз натоўп толькі хвілін за восем, калі хлопчык апрытомнеў сам сабою…

[…]

Пачалі запальвацца экраны, праз дынамікі было чуваць, як правяраюцца мікрафоны. Прырода рыхтавалася да свайго шоў і таксама апрабоўвала тэхніку: шматкроць за гэты час сыпаўся і тут жа сціхаў спорны дожджык. Нарэшце, відаць, на небе вырашылі, што апаратура адладжаная дастаткова. Неба над аэрадромам не проста шырокае - бязмежнае, і з усяго гэтага прасцягу паліў моцны дождж. Адразу было відаць, што ён надоўга: далягляд завалакло чорнымі хмарамі ад краю да краю, без адзінай шчылінкі. Было штосьці нязвыклае ў тым, каб вось так нерухома стаяць пад залеваю - нікуды не бегчы, не хавацца. Паўгадзіны, гадзіна мінулі без змены дэкарацый - хіба што на небе раз-пораз бліскалі маланкі, а на зямлі ўтварыліся глыбокія калюгі, у якіх безнадзейна затанулі і красоўкі, і заплечнікі, і кардонныя дамы пілігрымаў. Стрэлкі гадзіннікаў падбіраліся да дзявятай. Напэўна, усе 800 тысяч людзей, што моклі пад дажджом на закінутым аэрадроме, падумалі ў гэты момант пра адно: ніхто не прыляціць у такую непагадзь…

Але тэлекамеры ўжо лавілі ў аб'ектыў дрыготкі сілуэт гелікаптэра. Ён аблятаў поле па коле - такі маленькі ў параўнанні з хмараю! - і галовы людзей паварочваліся за ім, як сланечнікі. Нарэшце на экранах паказалі, што машына прызямлілася. Уздых палёгкі, крыкі, воплескі… Пакуль папамабіль ехаў да алтара, дождж не сціхаў, хіба што вецер памацнеў і нарэшце прадраў чорнае покрыва з левага боку. Вельмі сугучна з рытмам стыхіі гучалі спевы карэнных жыхароў Канады, індзейцаў. Ім першым даручылі прывітаць Папу.

І вось на высокі памост алтара выкацілі вазок, на якім стаяў Ян Павал ІІ. Вазок штурхалі восем юнакоў і дзяўчат з розных дэлегацый, сярод іх я заўважыла ўкраінку ў вянку са стужкамі. Заспяваў хор, загучалі першыя словы літургіі… Вецер апантана расчышчаў неба. Праз якіх дзесяць хвілін ад пачатку літургіі, калі Ян Павал заканчваў адну з першых казаняў, ён глянуў на неба і весела сказаў: "Ну вось мы і маем сонца!" Людзі адгукнуліся радасным смехам і воклічам, які падчас Сусветных дзён юнацтва гучаў у Таронта ўсюды, дзе толькі з'яўляўся Папа: "John Paul Two! We love you!"

У жыцці сваім я не бачыла такой нязвыклай літургіі. Аналагічнае набажэнства ў Польшчы ў 1999 г. было звычайнай каталіцкай імшой, з папраўкай на памеры "царквы" пад адкрытым небам. Але тут! То на прыступках алтара пад спевы хору танчылі шасцёра дзяўчат у шырокіх белых кашулях і такіх жа шырокіх чорных портках; то да мікрафонаў выходзілі нейкія маладыя людзі без сутан, з выгляду тыповыя пратэстанцкія прапаведнікі, і кіраваны імі натоўп пачынаў спяваць і пляскаць у далоні ў рытме джазу: "Алелюя, алелюя"; то пад канец службы раздаваць прычасце выйшлі не толькі святары, але і свецкія асобы, палову з якіх складалі жанчыны…

Папа быў у гуморы, жартаваў, гаварыў па сваёй завядзёнцы на дзясятку моў, і голас ягоны гучаў зусім не нямогла, а чыста і выразна. Насуперак гадам і хваробам, што прыгнулі да зямлі ягоную постаць, вочы Яна Паўла ІІ свяціліся, у іх чыталася абсалютная дабрыня і мудрасць. Да гэтага чалавека адразу адчуваеш поўны давер і шчырую любоў. Не дзіва, што некаторыя маладыя пілігрымы, якім выпала шчасце ўбачыць Папу зблізку і атрымаць прычасце з ягоных рук, тут жа, забыўшыся на ўсё, пачыналі яму спавядацца, рызыкуючы канчаткова парушыць зацверджаны рэгламент…

Найбольш запамятаўся момант літургіі, калі вернікі ў малітве звяртаюцца да Бога са словамі "Цябе просім, выслухай нас, Пане". Кожны абзац гэтай малітвы гучаў на іншай мове: іх па чарзе чыталі юнакі і дзяўчаты ў нацыянальных строях. Сярод іншых выходзілі да мікрафонаў і літоўцы, украінцы, палякі… Кожная пара спынялася на "Цябе просім…", а далей падхопліваў магутны хор у некалькі сотняў галасоў: "Lord, hear our voice!" Гэты заклік распяваўся на матыў вельмі прыгожага, велічнага гімну. Вярнуўшыся дадому, я не здзівілася, што дачушкі [Каміла і Дамініка], якія глядзелі трансляцыю набажэнства па тэлевізары, да вечара напявалі тую самую мелодыю.

[…]

Літ.:

6911 Кавалёва В. Сустрэча з Папам // Наша ніва. 2002. 23 жн. С. 11.

8051 Папа и его наследники // Згода. 2005. 12-19 лют. (Падзагал.: Кто возглавит Ватикан и католиков; фота.)

РАКЧЭЕЎ Уладзімір (Vladimir Rakcheev, Uladzimir Rakcheeu) - у лютым 2020 г. у выданні Унутраных войск МУС Рэспублікі Беларусь быў змешчаны матэрыял, які звярнуў увагу даследчыкаў гісторыі беларуска-нікарагуанскіх сувязей і ў прыватнасці ўдзелу беларусаў ва ўзброеных канфліктах у Нікарагуа:

Наталля Бурлака

НАПЯРЭДАДНІ ДНЯ ПАМЯЦІ ВОІНАЎ-ІНТЭРНАЦЫЯНАЛІСТАЎ У ВОІНСКІХ ЧАСЦЯХ ПРАЙШОЎ ШЭРАГ СВЯТОЧНЫХ МЕРАПРЫЕМСТВАЎ

У вайсковай частцы 5525 воін-інтэрнацыяналіст гвардыі падпалкоўнік спецназу ГРУ СССР у адстаўцы Уладзімір Ракчэеў прадставіў уласную літаратурна-музычную кампазіцыю "Дарогамі мужнасці", у якой відэа-сюжэты пра баявыя дзеянні на тэрыторыі Анголы, Мазамбіка, Нікарагуа, Эфіопіі і Афганістана суправаджаліся яго асабістымі ўспамінамі. Важныя словы былі сказаны Уладзімірам Аляксандравічам аб вайсковай таварыскасці [товариществе], аб пачуцці абавязку і адказнасці камандзіраў за жыццё кожнага салдата. У той жа час мужнасць і стойкасць нашых салдат захаплялі, бо на вайну траплялі ўчарашнія школьнікі, становячыся героямі: закрывалі сабой камандзіраў, выносілі параненых пад агнём.

Камандзір часці палкоўнік Віктар Жадобін падзякаваў Уладзіміру Аляксандравічу за цікавую сустрэчу, пажадаў моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця і ўручыў юбілейны знак медальнага тыпу "Шосты спецыяльнай міліцэйскай брыгадзе ўнутраных войскаў МУС - 30 год", кветкі і памятны падарунак. […]

(Н. Бурлака - начальнік службы інфармацыйна-прапагандысцкай работы в\ч 5525)

Пра тое, што Ракчэеў расказваў і пра Нікарагуа, паведамлялася, між іншым, на сайтах Гомельскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа імя Л. С. Выгоцкага (Гомельский государственный педагогический колледж имени Л. С. Выготского) і Начальнай школы № 63 г. Гомеля.

СІНЯК Мэдлін (3) (Madeline Ziniak) - сустракалася з прадстаўнікамі многіх індзейскіх народаў, сярод якіх і абенакі.

Мы спрабавалі звязацца з абенакамі ЗША. Статус іх цікавы, калі не сказаць дзіўны: Missisquoi Abenaki Tribe, Maquam Bay of Missisquoi, Inc.", "mental health organization, substance abuse program, charity", мэта дзейнасці: "Alcohol, Drug, and Substance Abuse, Dependency Prevention and Treatment". Калі беларусаў Рэспублікі Беларусь і абенакаў штата Вермонта аднолькава лічыць народамі, то пра першых не скажаш, што яны спецыялізаваныя на барацьбе са шкоднымі звычкамі і псіхічнымі адхіленнямі.

Абенакі Вермонта - не прызнаная федэральна група, але прызнаная ў штаце. Некаторыя лічаць, што гэта французы або, як варыянт, які не выключае французскае паходжанне, продкі абенакаў у Канадзе.

Ёркскі ўніверсітэт у Таронта стаў пляцоўкай, якая ладзіла круглы стол, у якім сярод чатырох ключавых удзельнікаў былі індыянка і беларуска.

МАЮЧЫ АДБЫЦЦА ВІРТУАЛЬНЫ КРУГЛЫ СТОЛ БУДЗЕ ДАСЛЕДАВАЦЬ БУДУЧЫНЮ КАНАДСКАГА ВЯШЧАННЯ

(Апублікавана 28.02.2021)

На маючым адбыцца віртуальным круглым стале 2 сакавіка будуць разгледжаны наступствы прапанаваных паправак да канадскага Закона аб тэлерадыёвяшчанні (законапраект C-10) (Canadian Broadcasting Act (Bill C-10)). Удзел у круглым стале, які будзе весціся ў анлайн-рэжыме на платформе Zoom з 11.55 да 13.30, бясплатны. Рэгістрацыя патрабуецца і можа быць зроблена на https://www.eventbrite.ca[...].

Разнастайнасць і будучыня канадскай палітыкі вяшчання [Diversity and the Future of Canadian Broadcasting Policy]. Мадэратарам круглага стала з'яўляецца Марк Хэйуард [Mark Hayward], дацэнт кафедры камунікацыі факультэта гуманітарных навук і прафесійных даследаванняў і ўдзельнік Выпускной праграмы ў галіне камунікацыі і культуры Ёрка-Раерсана [York-Ryerson Graduate Program in Communication & Culture].

У круглым стале бяруць удзел: Альда Дзі Фелічэ [Aldo Di Felice] (Telelatino Network) [ураджэнец Аргенціны, які, аднак, практычна ўсе жыццё пражыў у Канадзе], Моніка Іле (Абенакі, першая нацыя Аданака), Рэндзі Рыд [Randy Reid] (VX3 Exchange) і Мэдлін Сіняк (Асацыяцыя этнічных СМІ) [Ethnic Media Association]).

У лістападзе федэральны ўрад прапанаваў унесці папраўкі ў канадскі закон аб тэлерадыёвяшчанні (законапраект C-10) з мэтай мадэрнізацыі рэгулявання распаўсюджвання медыя ў Інтэрнэце. Большая частка дыскусій аб гэтых зменах сканцэнтравана на тым, як гэтыя змены будуць аб'ядноўваць распаўсюджванне кантэнту праз стрымінгавыя сэрвісы з мэтай падтрымкі канадскіх стваральнікаў медыя, а таксама забеспячэння сістэмы вяшчання, якая, паводле заканадаўства, павінна абслугоўваць патрэбы і інтарэсы ўсіх канадцаў - у тым ліку канадцаў з расавых грамад і канадцаў з розным этнакультурным паходжаннем - і павінны прадастаўляць магчымасці для карэнных жыхароў, праграмы, якія адлюстроўваюць культуры карэнных народаў і на карэнных мовах, а таксама праграмы, даступныя без бар'ераў для людзей з абмежаванымі магчымасцямі

Тым не менш, нягледзячы на выразнае згадванне карэннага насельніцтва і разнастайнага этнакультурнага паходжання, было мала абмеркаванняў (і менш дэталяў) аб паўнамоцтвах і механізмах, з дапамогай якіх гэтыя галасы і погляды будуць абараняцца і падтрымлівацца ў адпаведнасці з новым заканадаўствам. На гэтым круглым стале гучаць галасы з розных галін індустрыі [voices from across industry], каб абмеркаваць, як яны ўспрымаюць уплыў прапанаванага законапраекта і якія патэнцыйныя рамкі могуць быць створаныя, каб пераканацца, што разнастайнасць і доступ з'яўляюцца асновай для канадскіх СМІ зараз і ў будучыні.

[…Больш падрабязна пра двух з удзельнікаў:]

Моніка Іле [Monika Ille] з'яўляецца членам першай нацыі Абенакі з Аданак [Abenaki First Nation of Odanak, рэзервацыя ў Цэнтральным Квебеку - Centre-du-Quebec]. Яна стварыла багатае і разнастайнае партфоліа на працягу амаль 30 гадоў у індустрыі вяшчання. Скончыўшы з адзнакай Універсітэт Квебека ў Манрэалі [Universite du Quebec a Montreal], яна ўключылася ў індустрыю, працуючы ў Societe Radio-Canada, а затым у Нацыянальным савеце па кіно [National Film Board] (NFB). Падчас працы ў NFB яна адыграла важную ролю ў распрацоўцы новай праграмы навучання для карэнных стваральнікаў фільмаў [filmmakers]. Гэты вопыт пазнаёміў яе са светам кінавытворчасці і ў канчатковым выніку натхніў яе зняць свой першы дакументальны фільм "Француз, родны сын" [French Man, Native Son]. Яна таксама працавала з "Карэннымі жанчынамі Квебека" [Quebec Native Women] ў Манрэалі і Асамблеяй першых нацый [Assembly of First Nations] у Атаве. Моніка прынесла сваё моцнае творчае бачанне ў APTN [Aboriginal Peoples Television Network, Тэлевізійная сетка абарыгенных народаў] у 2003 г. Яна далучылася да каманды ў якасці афіцэра па сувязях [liaison officer] з Квебекам, перш чым перайсці ў аддзел праграмавання. Апошнім часам яна з'яўлялася выканаўчым дырэктарам па праграмаванні і планаванні. Яе дасягненні ў сетцы прывялі да прызначэння на пасаду галоўнага выканаўчага дырэктара APTN 16 снежня 2019 г.

Моніка ўваходзіць у саветы Альянсу маладзёжных медыя [Youth Media Alliance], MediaSmarts, L'Inis і Theatre Espace Go, а таксама ўваходзіць у Кансультатыўную групу карэннага насельніцтва NFB (NFB Indigenous Advisory Group]. Яна таксама з'яўляецца галіновым суддзёй [adjudicator] Канадскага савета па стандартах вяшчання - рэгіянальная камісія Квебека [Canadian Broadcast Standards Council - Quebec Regional Panel]. У 2019 г. Моніка была прызнаная адной з выключных жанчын [Exceptional Women] Maison Saint-Gabriel. Нядаўна яна скончыла праграму McGill-HEC Montreal Executive MBA.

Мэдлін Cіняк - старэйшы кіраўнік вяшчання і абаронца разнастайнасці [senior broadcast executive and diversity champion]. Прызнаная за ўплыў як на дзяржаўны, так і на прыватны сектар як абаронца шматмоўных СМІ [Multilingual Media Advocate]. Вядомы і запатрабаваны эксперт у галіне разнастайнасці, інклюзіі і інтэграцыі, а таксама ў медыйнай прафесіі. Знакаміты вяшчальнік, міжнародна прызнаны піянер індустрыі. Мэдлін Cіняк больш за 30 гадоў працуе ў этнічных СМІ і зусім нядаўна была нацыянальным віцэ-прэзідэнтам Rogers OMNI Television. Мэдлін таксама з'яўляецца старшынёй Канадскай асацыяцыі этнічных СМІ [Chair of the Canadian Ethnic Media Association]. За сваю самаадданасць на працягу сваёй кар'еры Мэдлін атрымала ордэн Канады і ордэн Антарыа, залаты і брыльянтавы юбілейныя медалі каралевы Лізаветы II, а таксама мноства грамадскіх, дзяржаўных і галіновых узнагарод. Мэдлін - былая старшыня (рэгіён Антарыа) Канадскага савета па стандартах вяшчання [Canadian Broadcast Standards Council], былая віцэ-старшыня "Жанчын у кіно і на тэлебачанні - Таронта" [Vice Chair of Women in Film and Television - Toronto], член-заснавальнік Стратэгічнага альянсу вяшчальнікаў за абарыгенную рэфлексію (САВАР) [Strategic Alliance of Broadcasters for Aboriginal Reflection (SABAR)], сустаршыня Міжнародных узнагарод свабоднай прэсы (Канадскія журналісты за свабоду слова) [Co-Chair of the International Press Freedom Awards (Canadian Journalists for Free Expression)] і папярэдні член праўлення Канадскага журналісцкага фонду [Canadian Journalism Foundation]. Яна была былой сустаршынёй Аператыўнай групы па культурнай разнастайнасці на тэлебачанні [CoChair of the Task Force For Cultural Diversity on Television] і старшынёй журы ўзнагарод за выдатныя дасягненні Канадскага фонду расавых адносін [Chair of the Jury of the Awards of Excellence, Canadian Race Relations Foundation].

Ці не самая значная, выключная беларуска (Exceptional Belarusian Woman) на амерыканскім кантыненце?

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

Індзейцы, индейцы, Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 136].

Дзецям пра літаратуру

Дом Валянціна Таўлая наведалі дзеткі з дзіцячага садка № 7 горада Ліды. Праз экскурсію, якая была для іх арганізавана, яны з задавальненнем акунуліся ў гістарычнае мінулае. А найперш, у той час, калі тут жыў Валянцін Таўлай. Безумоўна, яны наведалі мемарыяльны пакой паэта. Разам з тым, пазнаёміліся з экспазіцыяй "Брукаванае слова", прысвечанай беларускаму паэту Петрусю Граніту. Запамінальным для іх застанецца і знаёмства з літаратурнай Лідчынай, якая прадстаўлена на экспазіцыі "Час прывёў на Парнас".

ТК "Культура Лідчыны".

Акцыя "Будзь у трэндзе - чытай беларускае"

Філіял "Інтэграваная бібліятэка агр. Дворышча" распачаў акцыю "Будзь у трэндзе - чытай беларускае", старт якой даў старшыня Дварышчанскага сельскага выканаўчага камітэта Руслан Уладзіміравіч Мельнік. Ён ўпэўнены, што чытаючы творы беларускіх пісьменнікаў мы не толькі дакранаемся да гісторыі нашага народа, мы адчуваем задавальненне ад таго, што маем магчымасць расці і развівацца з дапамогай беларускай літаратуры.

Гэта падтрымалі супрацоўнікі бухгалтэрыі РСУП "Саўгас "Лідскі"", навучэнцы мясцовай школы і наведвальнікі бібліятэкі.

Наш кар.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX