Наша слова.pdf № 7 (163), 12 лютага 2025.
21 лютага Міжнародны дзень роднай мовы
18-я Агульнанацыянальная дыктоўка
Аддзел культуры Лідскага райвыканкама лепшы ў вобласці
11 лютага падведзены вынікі працы ўстаноў культуры Гарадзенскай вобласці за 2024 год. Першае месца прысуджана аддзелу культуры Лідскага райвыканкама.
Граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь узнагароджана Некрашэвіч Ганна Тадэвушаўна, загадчык аддзелам "Лідскі замак" Лідскага гістарычна-мастацкага музея.
Ганаровай Граматай упраўлення культуры Гарадзенскага аблвыканкама ўзнагароджана Марушэўская Вікторыя Мікалаеўна, рэжысёр узорнага тэатра "Какос" Палаца культуры горада Ліды.
Старшыня Лідскага райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі з гэтай нагоды адзначыў:
- Культура Лідчыны застаецца самым вялікім і шматгранным дыяментам у кароне культуры Гарадзеншчыны! І гэта вельмі прыемна.
Адзначаў такое дасягненне, калі быў начальнікам упраўлення культуры вобласці, і зараз, калі ўзяў на сябе кіраўніцтва Лідскім раёнам, мне таксама прыемна гаварыць пра гэта. Час ідзе, а майстэрства работнікаў культуры Лідчыны толькі павышаецца.
Начальніку аддзела Наталлі Фёдараўне Леўшуновай даручыў перадаць словы падзякі ўсім работнікам сферы культуры Лідскага рэгіёна з нагоды перамогі ў абласным конкурсе. У выніку штогадовага конкурсу горада Гародні і раёнаў Гарадзенскай вобласці за дасягненне высокіх паказчыкаў у сферы культуры ў 2024 годзе аддзел культуры Лідскага райвыканкама быў названы пераможцам. Мае віншаванні!
І, канешне ж, заплануем матэрыяльную падтрымку сферы культуры раёна, каб адпавядала сучасным тэхналагічным патрабаванням.
ТК "Культура Лідчыны".
Дарыце кнігі з любоўю!
Міжнародны Дзень дарэння кніг адзначаецца 14 лютага - гэта адно з самых маладых свят у календары. Яно адзначаецца з 2012 года. Гэтае свята аб'ядноўвае ўсіх, хто не толькі сам любіць чытаць кнігі, але і дорыць магчымасць чытання іншым людзям. Галоўная ідэя Міжнароднага дня кнігадарэння - паказаць, што папяровая кніга застаецца актуальным падарункам і не губляе сваёй каштоўнасці нават у стагоддзе тэхналогій. Таму ў бібліятэках у гэты дзень праходзяць акцыі па дарэнні кніг, а таксама ўшаноўваюць чытачоў, якія дзеляцца сваімі любімымі творамі, перадаючы іх у фонды бібліятэк.
Імпрэза Дня кнігадарэння становіцца добрай традыцыяй і на Лідчыне. Дзень, калі людзі дораць кнігі, не толькі незвычайны, але і важны. Ён акцэнтуе ўвагу грамадства на каштоўнасці кніг і чытанні, а таксама з'яўляецца выдатнай нагодай падарыць кнігу не толькі сябру, але і бібліятэцы.
"Дарыце кнігі з любоўю!" - такі быў дэвіз сённяшняга дня ў многіх філіялах ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы", у тым ліку і ў Лідскай гарадской дзіцячай бібліятэцы
Больш за дзясятака новых мастацкіх кніг былі падораны ўдзячнымі чытачамі філіялу "Бярозаўская гарадская бібліятэка", ужо вельмі хутка яны зоймуць свае месцы на паліцах і будуць цешыць чытачоў доўгія гады. Тэматыка падораных кніг разнастайная: "жаночыя" раманы, дэтэктывы, мастацкая літаратура, хацелася б адзначыць сталую чытачку бібліятэкі В.А. Барушэўскую, якая падарыла бібліятэцы 8 кніг.
Гэтую акцыю падтрымаў і філіял "Лідская гарадская бібліятэка № 3".
У філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 4" прайшла творчая майстэрская "Добрая кніга - ад добрага сэрца" сумесна з аддзяленнем сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў ДУ "ЛРТСОН", прысвечаная Міжнароднаму дню кнігадарэння. Прысутныя пазнаёміліся з гісторыяй гэтага свята і з дапамогай бібліятэкараў сваімі рукамі вырабілі кніжныя закладкі. З захапленнем заняліся таксама рамонтам падраных кніг. Для ўдзельнікаў сустрэчы былі арганізаваны гульні і віктарыны, дзякуючы якім дзеці папоўнілі свае веды пра кнігі і пісьменнікаў. Аддзяленне сацыяльнай рэабілітацыі падарыла бібліятэцы 30 экз. самых разнастайных і патрэбных кніг.
У сваю чаргу супрацоўнік Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы з кніжнымі падарункамі ў рамках акцыі "Дорыце кнігі з любоўю" наведала вучняў пачатковых класаў ДУА "Сярэдняя школа № 4 г. Ліды", дзе многія з дзяцей ужо з'яўляюцца чытачамі гарадскіх філіялаў. Асноўнай мэтай было натхніць юных чытачоў дарыць добрыя кнігі і таксама нагадаць ім пра тое, што кніга не губляе сваёй каштоўнасці і застаецца актуальным падарункам. Чытанне новай, цікавай ілюстраванай кнігі - сапраўднае шчасце для любога дзіцяці.
Выказваем глыбокую падзяку ўсім чытачам, якія прынялі ўдзел у акцыі "Дарыце кнігі з любоўю!" Ад шчырае душы гаворым вам самае шчырае сардэчнае "Дзякуй!".
Бібліятэкар АБМ, СКД і МРЛідскай раённай бібліятэкі імя Я. Купалы Е.С. Сандакова.
Літаратурны вернісаж "Крочым родным краем, фарбы ўсе збіраем"
Філіял "Інтэграваная бібліятэка агр. Дворышча" правяла літаратурны вернісаж " Крочым родным краем, фарбы ўсе збіраем" у рамках акцыі "Будзь у трэндзе - чытай беларускае". Удзельнікамі мерапрыемства сталі вучні 4 класа УА "Дварышчанская сельская школа", якія актыўна ўдзельнічалі ў гульне "Даскажы слова", паўтарыў нязломныя правілы народнай мудрасці.
Таксама згадзіліся з тым, што кніга - крыніца ведаў і мудрасці, якая вучыць нас дабрыні, адважнасці, кемлівасці, назапашвае і перадае жыццёвую мудрасць, якую спасціглі нашы продкі, а мы можам падтвердзіць гэта адгадваючы загадкі, адказваючы на пытанні віктарыны і абмяркоўваючы змест твораў беларускіх пісьменнікаў. Дзеці адлюстравалі свае ўражанні ад мерапрыемства праз малюнкі.
ТК "Культура Лідчыны".
Частковы расклад 18-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі ў Лідзе
Для ўсіх ахвотных напісаць 18-ю Агульнанацыянальную дыктоўку паведамляем, што дыктоўкі з вольным доступам адбудуцца на Лідчыне ў наступных месцах:
20.02.2025 г. у 11.00 у Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы;
22.02.2025 г. у 11.30 у Мінойтаўскай бібліятэцы;
23.02.2025 г. у Доме Таўлая (час будзе названы пазней).
Спецыяльная дыктоўка для грамадскіх актывістаў на 3-м бібліятэчным філіяле праводзіцца не будзе. На 3-м філіяле пройдзе дыктоўка па ўласным плане.
20.02.2025 г. у 14.00 у Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы пройдзе дыктоўка для групы навучэнцаў Лідскага каледжа. Сам каледж масава піша дыктоўкі па ўласным плане.
Па ўласных планах пішуць дыктоўкі практычна ўсе ўстановы культуры і адукацыі.
Сёлета да дыктоўкі ізноў абяцаюць далучыцца лідскія арганізацыі БРСМ.
Ёсць яшчэ адна кніга ад Леаніда Лаўрэша
Ёсць кніга скарочаных успамінаў: Корвін-Мілеўскі Гіпаліт. Успаміны пра семдзесят гадоў (1855-1925). Ridero, 2025. - 276 с.
Папяровую кнігу можна заказаць вось тут: https://www.wildberries.by/catalog/333691728/detail.aspx
Электронныя вось тут:
https://digital.wildberries.ru/offer/434821
і на іншых рэсурсах.
"Доўга я пражыў на гэтым свеце, нашмат даўжэй, чым абяцаў аўтар псалмоў простым смяротным. І, дзякуючы абставінам, пра якія чытач далей даведаецца, маё жыццё з ранняга дзяцінства і да нядаўняга часу развівалася ў розных краінах, я меў розныя заняткі і вёў справы з самымі рознымі сацыяльнымі класамі - ад ніжэйшых да вышэйшых, гэта рабіла мяне сведкам ці нават дадатковым чыннікам розных цікавых падзей і гістарычных дэталяў, не заўсёды вядомых даследчыкам. Бо, паўтаруся, перыяд маіх цалкам ясных успамінаў ахоплівае цэлых семдзесят гадоў, і пачаліся яны на маёй радзіме, яшчэ ў па-сапраўднаму феадальныя часы і дайшлі да часоў, калі на трэцяй частцы нашага кантынента ўсё жыццё еўрапейскіх народаў развіваецца пад уладай камунізму, яго пагрозай і пастаянным страхам перад ім. Таму матэрыял для назіранняў і ўспамінаў я маю даволі багаты.
Ужо перад сусветнай вайной многія мае сябры пачалі падахвочваць мяне пачаць пісаць дзённік. Я іх не слухаў, бо я чалавек дзейны і працавіты нават і ў глыбокай старасці. Таму я не меў схільнасці паглыбляцца ў сваё мінулае, бо пакуль, каб запоўніць сваё жыццё, свой час і свае думкі, мне дастаткова сучаснасці. І калі, амаль раптоўна, у 1920 годзе надышоў перыяд поўнай бяздзейнасці і жыццёвага вакууму, узнік сімптом, якога я не пажадаў бы ніводнаму разумова гнуткаму чытачу, - старэчая лянота і абыякавасць. Іх магла пераадолець толькі нейкая "іскра".
Затрашчала гэтая "іскра" восенню 1925 года ў таварыстве паляўнічых. Паміж двума калегамі адбылася размова пра 1918 год. Адзін з гэтых паноў перажыў той час па гэты, а другі - па той бок "кітайскай сцяны", створанай фронтам. [...] Калі я атрымаў параду пісаць ад адукаванага, начытанага пана і выключна кампетэнтнага дарадцы, дык падумаў, а што яшчэ я магу зрабіць карыснага, і ўзяўся за працу. На самым пачатку ўзнікла некалькі пытанняў. Па-першае, на якой мове мне пісаць? Я шмат пісаў і публічна гаварыў па-польску, па-руску і па-французску. Але галоўнай скрыпкай для мяне заўсёды была французская, віяланчэллю - польская, кантрабасам - руская мова. Для мяне было б забавай пісаць па-французску, але па-польску гэта стала сапраўднай працай. Тым не менш, я спыніўся на польскай мове, бо кожнага пісьменніка найперш цікавяць чытачы. Сярод замежнікаў іх не знойдзеш, і ў нас змяншаецца колькасць асоб, якія ахвотна і свабодна чытаюць па-французску.
Таму многія прыдзірлівыя чытачы напэўна сустрэнуць словы ці фразы, якія пахнуць галізмамі. Прашу яго прыслухацца да парады сапраўднага "музыканта" польскай мовы, пана Часлава Янкоўскага, які ў некалькіх артыкулах, прысвечаных мне, заўсёды раіў чытачам ці слухачам звяртаць увагу не на тое, як гаворыць ці піша пан Мілеўскі, а на тое, што ён кажа ці піша.
Другое пытанне: якога тыпу гэты дзённік? Згодна з нямецкай тэрміналогіяй: "суб'ектыўны" ці "аб'ектыўны"? Я, безумоўна, аддаю перавагу другому, а не першаму тыпу. На розных мовах я чытаў шмат успамінаў і практычна ўсе яны цікавілі мяне больш, чым раманы, бо самая яркая чалавечая фантазія пра падзеі ці характары не дасягае рэчаіснасці. Які Вальтэр Скот, Гофман, Эжэн Сью, Крашэўскі маглі б прыдумаць ... Распуціна? Нават самыя таленавітыя і вядомыя пісьменнікі, як Ж. Ж. Русо ў сваёй "Споведзі" [...] пагружаюцца ў нястомнае назіранне за ўласным пупком і знаёмяць чытача са сваімі сардэчнымі рэфлексамі або драбнюткімі дэталямі хатняга жыцця, што ў мяне часам выклікае агіду. Нас людзей, асоб на двух нагах і нібы разумных стварэнняў, на свеце не менш за паўтара мільярды. Кожны з нас у свой час марыў пра манну нябесную, быў закаханы, меў сяброў, кожны ў жыцці меў ад іх разнастайныя сюрпрызы, падманы, прыгоды і г. д. Доўга расказваць пра ўсё гэта чытачам, як гэта робіць Мараўскі пра свае стасункі з чыноўнікамі кансісторыі ці віленскімі месцічамі, або як нядаўна зрабіў знакаміты заходні арыстакрат пра свае шлюбныя спрэчкі, мае такі ж сэнс, як і ваша кухонная кніга..."
Гіпаліт Корвін-Мілеўскі.
Наш незабыўны Валерый Міхайлавіч
У панядзелак, 17 лютага, у Дзятлаве ў апошні шлях правялі грамадска-культурнага дзеяча, педагога і краязнаўца, апошняга кіраўніка Дзятлаўскай раённай арганізацыі ТБМ імя Францішка Скарыны Валерыя Петрыкевіча (1946-2025). Развітацца са знакамітым жыхаром Дзятлаўшчыны прыйшлі яго землякі, блізкія і родныя людзі, прыехалі сябры, пісьменнікі, краязнаўцы з Гародні, Лідчыны, Слоніма, Менска, Наваградчыны. Валерыя Міхайлавіча пахавалі побач з жонкай Наталляй на Дзятлаўскіх гарадскіх могілках.
Смерць Валерыя Петрыкевіча - вялікая страта не толькі для Дзятлава, але і для ўсёй Беларусі. Сваёй апантанасцю, шчырасцю, пунктуальнасцю, мудрасцю, талентам Валерый Міхайлавіч быў прыкладам для ўсіх, хто яго ведаў і хто з ім сябраваў. Ён вельмі моцна любіў Беларусь, сваю Наваградчыну і Дзятлаўшчыну, пісаў пра іх у вольны час, наладжваў дзесяткі розных мерапрыемстваў, сустрэч, прэзентацый. А таксама ўмеў сябраваць, дапамагаць і проста цікава жыць.
Застаць дома яго было амаль немагчыма. Ён заўсёды быў у творчых і грамадскіх справах, а спраў гэтых у яго заўсёды хапала. У апошнія 10-15 гадоў Валерый Петрыкевіч шмат зрабіў дзеля захавання памяці сваіх знакамітых землякоў. Дзякуючы Валерыю Міхайлавічу і калектыву Дзятлаўскага гістарычна-краязнаўчага музея, на будынку музея з'явілася мемарыяльная шыльда, прысвечаная яго бацьку Міхасю Петрыкевічу (1913-1999), які заснаваў гэты музей у Дзятлаве.
У вёсцы Зачэпічы быў адкрыты мемарыяльны камень з шыльдай, прысвечанай тром заходнебеларускім паэтам - Васілю Струменю, Гарасіму Праменю і Петрусю Граніту, якія былі родам з гэтай вёскі. Яны актыўна друкаваліся ў заходнебеларускіх газетах і часопісах. Пры жыцці толькі Петрусю Граніту ўдалося выдаць дзіцячую кніжку вершаў "Сцяжынка". Іншым паэтам з Зачэпічаў сваіх кніг пабачыць не ўдалося. Некалькі гадоў запар, дзякуючы Валерыю Міхайлавічу, у Зачэпічах адбывалася Гарадзенскае абласное свята беларускай паэзіі і песні. У вёсцы Труханавічы, дзе жыў паэт Нікіфар Жальба, з'явілася яму прысвечана мемарыяльная шыльда. І гэта ўсё з добрай рукі Валерыя Петрыкевіча.
Валерый Міхайлавіч з'яўляўся арганізатарам ушанавання памяці вядомага грамадскага дзеяча, паэта, публіцыста, доктара філасофіі Ігната Дварчаніна (1895-1937), які быў родам з вёскі Погіры і якога знішчылі ў сталінскіх лагерах. У вёсцы Погіры Валерый Міхайлавіч разам з супрацоўнікамі мясцовага музея і ТБМ, дзякуючы кампаніі "Зробім лепш-2020", устанавілі камень з мемарыяльнай шыльдай, аднавілі шыльду на адной з хат у гэтай вёсцы, дзе знаходзілася хата Ігната Дварчаніна і г.д. На адным з дзятлаўскіх хутароў быў пастаўлены крыж, прысвечаны паўстанцам 1863 года. Валерый Міхайлавіч планаваў яшчэ ў Казлоўшчыне ўстанавіць шыльду, прысвечаную заходнебеларускаму паэту і выдаўцу Сяргею Хмары (1905-1992), які нарадзіўся ў вёсцы Казлоўшчына. А таксама хацеў убачыць і помнік Канстанціну Астрожскаму - заснавальніку Дзятлава…
Валерый Петрыкевіч нарадзіўся 6 верасня 1946 года ў вёсцы Любча Наваградскага раёна ў сям'і настаўніка. У 1963 годзе ён скончыў 10 класаў Валеўскай сярэдняй школы. Як член зборнай каманды вобласці па лёгкай атлетыцы, быў запрошаны на пасаду настаўніка фізкультуры ў Райцаўскую СШ Карэліцкага раёна, а праз пару гадоў - у Валейскую СШ, а затым і ў СШ № 2 г. Наваградка. Праца настаўніка прыйшлася па душы. Таму завочна ў 1969 годзе ён скончыў Беларускі інстытут фізічнай культуры ў Менску.
Са жніўня 1967 года Валерый Петрыкевіч жыў і працаваў у Дзятлаве, спачатку дырэктарам мясцовай спортшколы, а затым настаўнікам фізічнай культуры ў сярэдніх школах № 1 і № 3. З 2006 года знаходзіўся на пенсіі.
На працягу ўсяго жыцця Валерый Міхайлавіч вельмі любіў падарожнічаць. З вучнямі СШ № 1 не адзін раз здзяйсняў шматдзённыя водныя паходы па рэках Беларусі, Карэліі, Карпатаў, а ў складзе гарадзенскіх турыстаў-воднікаў зведаў усю прыгажосць, асалоду і экстрым падарожжаў па горных рэках Каўказа, Алтая, Цянь-Шаня, Саянаў, Далёкага Усходу, Кольскага паўвострава і Паміра.
Уражаннямі ад сваіх першых школьных паходаў дзяліўся з чытачамі газет "Піянер Беларусі", "Зорька". Пазней дасылаў шмат артыкулаў у дзятлаўскую раённую газету "Перамога". Падчас вайсковай службы на Балтыйскім флоце цесна супрацоўнічаў з газетай "Страж Балтыкі". На старонках "Настаўніцкай газеты" распавядаў пра вопыт арганізацыі турысцка-краязнаўчай працы ў СШ № 1 г. Дзятлава і г.д.
У 2022 годзе Валерый Петрыкевіч напісаў і выдаў кнігу краязнаўчых сустрэч і вандровак "Там, дзе цячэ Маўчадка". Яе склалі артыкулы пра Канстанціна Астрожскага, пра дзятлаўскую тапаніміку, успамін пра бацьку Міхаіла Фёдаравіча Петрыкевіча, пра радзіму Адама Міцкевіча, і пра шмат-шмат яшчэ што. Ён быў лаўрэатам літаратурнай прэміі імя Анатоля Іверса.
Да 75-годдзя Валерыя Міхайлавіча Петрыкевіча я напісаў тэкст песні, а паклаў яго на музыку і выканаў Сяргей Чарняк. Вось тэкст той песні:
Краяведы ў жыцці не старэюць,
А як дрэвы стаяць да канца.
Лепш за іншых жыццё разумеюць,
Як баец разумее байца.
Прыпеў:
Клічуць радасць, надзея і веліч -
Ты да іх, мой сябрук, завітай:
Тут жыве наш Валер Петрыкевіч,
Які любіць бацькоўскі свой край.
Хай хвалюецца ў пошуках сэрца,
Нам ад спраў Вашых радасна жыць.
Наш Міхалыч нідзе не здаецца,
Ён умее ствараць і тварыць.
Прыпеў:
Клічуць радасць, надзея і веліч -
Ты да іх, мой сябрук, завітай:
Тут жыве наш Валер Петрыкевіч,
Які любіць бацькоўскі свой край.
На вялікі жаль, цяпер ужо ў мінулым часе: тут жыў наш Валерый Міхайлавіч Петрыкевіч, які любіў жыццё, даследаваў сваю Бацькаўшчыну, пракладаў турыстычныя маршруты па рэках і дарогах Беларусі і шчыра сябраваў. Дзякуй Вам за ўсё, Міхалыч!
Сяргей ЧЫГРЫН. Фота з архіва аўтара.
БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Станіслаў Суднік
( Працяг у наступным нумары.)
З калясніц каса перайшла ў разрад ручной зброі.
У мастацкіх творах часта сустракаецца фрагмент, як украінскі селянін прымяняе турэцкі ятаган (хто не ведае, меч, завостраны з увагнутага боку) у якасці касы. Дык ці не маглі калісьці і баявую касу скарыстаць для касьбы. Калі гэта так, то назва, безумоўна, перайшла з баявой на працоўную. Тады ў аснове слова каса ляжыць дзеяслоў рэзаць. I нашыя развагі правільныя.
Пазней, ужо ў амаль наш час, наадварот рабочыя косы прымянялі ў якасці зброі. Аддзелы касінераў Касцюшкі, Ясінскага, Грабоўскага, Каліноўскага, Урублеўскага ўвайшлі ў гісторыю.
Няма ўжо пораху ў парахаўніцах,
І парахаўніц саміх няма,
І можна на балотах затаіцца
І пераседзець ціха да цямна.
- У косы, хлапакі, чакаем атакі,
Падпусцім блізенька мы іх, -
Студэнт маладзенькі, адзіны сын маткі,
Шапнуў да субраццяў сваіх.
- Гэй! Гэй!
Рванулі з чароту, каса з развароту
Валіць драгуна на мох,
Секлі да поту, крывавага поту,
З сілаў апошніх, хто колькі мог.
Прыдзірлівы лінгвіст можа задаць пытанне, чаму словы цесна пераплецены між беларускай мовай і санскрытам і чаму не відно такога перапляцення для тых жа словаў у нямецкай, ці летувіскай мовах. Справа ў тым, што:
1) мы разглядаем словы выбарачна, бяром тыя, якія сапраўды маюць даўнюю арыйскую традыцыю. Такіх слоў, але іншых, дастаткова і ў германскіх і ў балцкіх мовах.
2) беларуская мова - гэта найбольш старажытная форма славянскіх моваў.
Таму тое, што ёсць у нас, не абавязкова павінна быць у іншых славянскіх мовах, але, што ёсць у іх, у нас, як правіла, або ёсць, або было.
3. Каса - доўгія, заплеценыя валасы
"... заплела косы власъ своих (Скар. КЮ, 25); Андрей Кимбарь... купилъ... коня гнедого невеликого, въ которого дей коса грива ажъ до самой земъли (АПК, ХУII, 200,1540); продал есми коня шерстью серого, у него у гривы косы две (АВК, XXXIX, 311, 1579); Кіесарь, лат : Цесарь, Выпороток от выпоротя матки з живота названъ ест, аб от кудеров, ибо влосов или кос, с которыми ся оуродилъ (Бяр., 286). "(Гістарычны слоўнік беларускай мовы, т 16).
КАСА, адзнака дзявоцкасці, красы і цнатлівасці маладой, якую яна насіла да заручын. На заручынах касу распляталі. З pacnyшчанымі валасамі маладая хадзіла да суборнай суботы. У суборную суботу сяброўкі апошні раз запляталі ёй валасы ў адну касу на пасадзе (дзяжы або лаўцы, засланай вывернутым кажухом), уплятаючы пры гэтым шмат шпілек і іголак, каб брат маладой, расплятаючы, пакалоў сабе рукі. Позна ўве чары ў суботу або ў нядзелю раніцай, калі збіралася ўся радня маладой і садзіліся ўздоўж сцен хаты, маладая разам з дружкамі хадзіла па кругу з уплецеиым ў касу яркім касніком, красавалася. Дзявочай касой любаваўся і ганарыўся ўвесь род. Брат маладой расплятаў на пасадзе ёй касу і падсмальваў валасы. Прыехаўшы па маладую, малады павінен быў выкупіць за сімвалічную цану яе касу ў брата, які сядзеў побач з ёю або стаяў за плячыма з нажом і пагражаў адрэзаць касу. Малады фактычна выкупляў маладую, бо яе каса атаясамлівалася з ёй. Да шлюбу молодая ехала з распушчанымі валасамі. Пасля шлюбу валасы ёй запляталі ў дзве касы або закручвалі ў куксу і надзявалі жаночы ўбор (намітку). Рабілася гэта ў хаце маладога пасля першай шлюбнай ночы, часам адразу пасля вянчання або ў доме маладой перад ад 'ездам да маладога. Доўгія валасы даўней служылі адзнакай свабоды. Замужняя жанчына обо дзяўчына, у якой было няшлюбнае дзіця, не мела права насіць доўгія валасы. Калі дзяўчына не выходзіла замуж, яна да смерці павінна была заплятаць адну касу (гаварылі, што яна пляце сівую касу). Страта маладой касы азначала страту дзявоцтва, цнатлівасці, а плач маладой па касе меў глыбокі псіхалагічны і паэтычны сэнс. Каравай нявесты акружаўся касой, зробленай з цеста, якая, як і сам каравай, сімвалізавала маладую. На ПдЗ Беларусі, дзе каравай пяклі і дзялілі толькі ў доме маладога, у доме маладой пяклі npaдаўгаватыя пірагі (вярчы) у выглядзе плеценай дзявоцкай касы. Пакідаючы родны дом, маладая брала верч з сабой, а прыехаўшы ў дом маладога, клала яго, на печ, што азначала: з гэтага моманту яна гаспадыня хатняга агменю.
Л.М. Малаш. (Этнаграфія Беларусі)
Усім вядома гэтая гульня словаў каса, якая косіць і каса, што на галаве. Шмат хто спрабаваў устанавіць сувязь і адказаць на пытание, як яны звязаны. Заўсёды нешта атрымоўвалася і заўсёды нешта недакладнае, невыразнае. А дакладнага і выразнага і атрымацца не магло, бо ніякай сувязі паміж імі няма, а мае месца простае супадзенне гучання ў славянскіх мовах, калі словы рознага паходжання і з рознымі першапачатковымі каранямі выкрышталізаваліся ў амонімы.
У адрозненне ад касы жалезнай каса валасяная мае значна больш старажытныя карэнні. У санскрыце мы знайходзім keca (кэша) - валасы на галаве, грыва, хвост; keca - paca (кэша-паша) - пучок валасоў, чуб.
Згадаем нашыя словы: космы, касмык, каслаўка - тыя самыя пучкі валасоў. "Космы паз. Пасмы валасоў, звычайна пераблытаныя, скудлачаныя, инши же космы из брады торгаху (Чзцця, 96)..." (Гістарычны слоўнік беларускай мовы, т. 16). Як космы сталі заплеценай касой справа іншая. Але зараз касой называюць і проста пучок валасоў схоплены гумкай, асабліва калі гэта ў хлопца. Сюды найбольш падходзіць менавіта слова касмык, але кажуць: каса.
Космы далі слова касматы. I хоць у беларускай мове ў асноўным ужываецца слова калматы, у старабеларускай слова касматы шырока бытавала і мела нават шмат значэнняў: з доўгай густой поўсцю, калматы, зроблены са шкуры з доўгай і густой поўсцю (пра вопратку), аброслы доўгімі валасамі, валасаты.
Слова каса дало слова каснік - стужкі, тасёмкі, якія ўпляталіся ў касу.
Такім чынам словы каса, космы маюць разгалінаванае, зусім самастойнае гняздо словаў з апорай на санскрыт, або дакладней на інда-арыйскую лінгвістычную аснову.
Па-грэцку каса - ploke. Гэтае слова нічога блізкага з санскрытам не мае, але і не мае нічога блізкага з касой жалезнай.
Па-летувіску каса і будзе kasa ў беларускім напісанні і вымаўленні. Supinti kasa, - заплесці касу. I таксама ў гучанні нічога агульнага з касой жалезнай.
У нямецкай мове слова каса ўтворана па-іншаму. Калі галава па-нямецку die Kopf, то каса - der Zopf. Слова ўтворана з нямецкай логікай, проста і арыгінальна і зноў жа нічога агульнага з касой жалезнай.
Такім чынам мы ўбачылі, што ні ў адной з разгледжаных намі моваў дзве касы: жалезная і валасяная ніяк фактычна не звязаны. Такая сувязь мае месца толькі ў славянскіх мовах, але яна ніякіх перадумоў не мае. Гэта звычайныя амонімы. Летувіскі амонім kasa толькі дадаткова пацвярджае індаарыйскае паходжанне гэтага слова. А яно і сапраўды павінна быць настолькі старажытным наколькі старажытная сама мова чалавека, асабліва ў форме космы, якія равеснікі чалавеку.
4. A вось каса ў значэнні селязёнка атрымала сваю назву з-за падабенства да касы жалезнай. Такая ж доўгая і вузкая. Гэтая назва не надта пашыраная, у слоўніках, нават трохтомавым акдэмічным не падаецца. Яе можна было б назваць дыялектнай, калі б гэтае слова не бытавала на Нясвіжчыне, дзе захаваўся магутны пласт старажытнай лексікі і, калі б яно адначасова не бытавала ў летувіскай мове: kasa III (4) anat. - падстраўнікавая залоза. А мо мы запазычылі гэтае слова ў летувісаў. Але нашая назва селязёнкі касой мае пад сабой аснову знешняга падабенства, чаго ніяк не скажаш пра падстраўнікавую залозу. Запазычанне хутчэй ішло ў адваротным парадку, пры гэтым адбылося пераблытванне назвы і органа, якому яна адпавядала. А гэта значыць, што недзе на этапе славяна-балцкіх кантактаў гэтая назва селязёнкі была пашыранай на Беларусі
5. Што датычыць касы-паўвыспы, то гэта тварэнне марскога жаргону. Узрост назвы малады. Узнікла яна на расейскім флоце пасля з'яўлення там геграфічных картаў, калі на карце стала магчымым убачыць форму паўвыспы і зноў жа параўнаць з касой жалезнай.
Лідскія падворкі
Падворак Ваверскі
У Ваверскім Доме культуры адбылася першая канцэртная праграма раённага агляду "Лідскі падворак" "Шануем подзвігі і славу дзён мінулых" да 80-годдзя вялікай Перамогі.
ТК "Культура Лідчыны".
Падворак Мінойтаўскі
Канцэртная праграма "Казачны баль" адбылася ў Мінойтаўскім культурна-досугавым цэнтры ў рамках раённага агляду канцэртных праграм "Лідскі падворак".
ТК "Культура Лідчыны".
Падворак Ганчарскі
Ганчарскі Дом культуры запрасіў жыхароў аграмястэчка на канцэртную праграму "Сёння ў аб'ектыве - Мы" ў рамках раённага агляду-конкурсу канцэртных праграм "Лідскі падворак".
Глядзельная зала была поўная гледачоў, якія гучнымі апладысментамі сустракалі і праводзілі кожнага артыста.
ТК "Культура Лідчыны".
У Польшчы на гарышчы прыватнага дома знайшлі два арыгіналы Берасцейскай Бібліі 1563 года
Рэдкія экзэмпляры Бібліі, надрукаванай у друкарні ў Берасці на сродкі Мікалая Радзівіла Чорнага, знайшлі недалёка ад Аполе.
На гарышчы дома ў мясцовасці Покуй непадалёку ад Аполя ў канцы 2024 года знайшлі два арыгінальныя экзэмпляры Берасцейскай Бібліі. Кнігі былі выдадзены ў 1563 годзе для пратэстантаў у друкарні ў Берасці на грошы канцлера Вялікага Княства Літоўскага Мікалая Радзівіла Чорнага.
Дырэктар Дзяржаўнага архіва ў Аполе доктар Славамір Мархель пацвердзіў, што гэта арыгіналы Бібліі, датаваныя 1563 годам. З прыблізна тысячы выдадзеных экзэмпляраў да нашых дзён захавалася менш за 140.
Берасцейская, або як яе яшчэ называюць Радзівілаўская, Біблія - гэта першы сучасны пераклад Святога Пісання на польскую мову і адзін з першых поўных перакладаў Бібліі ў Еўропе новага часу. Гэта шматстаронкавы фаліянт з прадмовамі, каментарыямі і прадметным паказальнікам. Некалькі захаваных экзэмпляраў Радзівілаўскай Бібліі знаходзяцца ў Беларусі: у бібліятэцы Акадэміі навук у Менску, а таксама ў Берасцейскай абласной бібліятэцы і Музеі гісторыі Берасця.
На думку спецыяліста па старапольскай літаратуры, прафесара Дарыюша Хемперэка з Універсітэта Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне, прысутнасць кніг, выдадзеных на тэрыторыі сучаснай Беларусі, у Верхняй Сілезіі мае гістарычнае тлумачэнне, інфармуе Radio ZET.
"Берасцейская Біблія" стала першым перакладам Святога Пісання на польскую мову, прызначаным для пратэстантаў, якія выкарыстоўваюць гэтую мову. Трэба памятаць, што асабістае чытанне Бібліі з'яўляецца адным з краевугольных камянёў веры для евангелікаў, таму непісьменнасць лічылася грахом.
Для палякаў, якія жылі ў Верхняй Сілезіі (гэта значыць за межамі Рэчы Паспалітай) і вызнавалі пратэстантызм, "Берасцейская Біблія" была адзінай магчымасцю адпавядаць гэтаму патрабаванню. Да таго ж яна была перакладзена на цудоўную польскую мову, а над яе стварэннем працавала група біблеістаў, якія ведалі тры святы мовы. Сярод іх былі не толькі тэолагі, якія сачылі за дакладнасцю перадачы сэнсу, але і паэты, якія ўмелі перадаць як "літару", так і "дух" арыгінала", - распавёў прафесар.
Берасцейская Біблія была вельмі дарагой кнігай. Яе кошт ацэньваўся ў гадавую зарплату слугі таго часу. Хутчэй за ўсё, знойдзеныя два экзэмпляры Бібліі належалі польскім евангелічным пастарам і перадаваліся з пакалення ў пакаленне.
Вядома, што ў XIX стагоддзі недалёка ад месца, дзе былі знойдзены кнігі, працавала пратэстанцкая школа, дзе дзеці вучыліся на польскай мове. Верагодна, знойдзеныя экзэмпляры Берасцейскай Бібліі неяк звязаны з гэтай школай. Таксама існуе верагоднасць, што гэтыя старадрукаваныя кнігі былі часткай княжацкай бібліятэкі Вітэнбергаў, чый палац знаходзіўся ў Покуі. Але пакуль гэта толькі гіпотэзы, якія яшчэ трэба вывучыць.
Абодва знойдзеныя экзэмпляры былі накіраваны ў Катавіцы, дзе іх падверглі дэзінфекцыі і ўзялі ўзоры паперы для мікрабіялагічных даследаванняў. Кнігі чакаюць шматмесячныя рэстаўрацыйныя работы.
Паводле СМІ.
Некалькі гадоў маёй маладосці ў Вільні1 (1818-1825)
Станіслаў Мараўскі
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Гэта быў чалавек гадоў на 10-15 старэйшы за мяне. Вышэй сярэдняга росту, стройны, з даволі поўным і смуглявым тварам са знакамі воспы, якія яго не знявечвалі. Губы тоўстыя і мясістыя, але з прыемнай усмешкай. Зубы рэдкія і непрывабныя, пазногці на некаторых пальцах паламаныя, рукі надзвычай доўгія, і калі б ён іх выпрастаў, пальцы дасталі б да каленяў. Але ці з-за інстынкту, ці з-за ведання гэтага недахопу, ён заўсёды ўмеў так нахіляцца і прымаць такія позы, што вельмі рэдкае вока магло заўважыць гэты недахоп. Валасы меў цёмна-каштанавыя, а цела, як я потым убачыў, было зарослае валасамі, як у мядзведзя, у сваім жыцці я бачыў гэта толькі ў трох мужчын. Да таго ж, усё гэта спалучалася з незвычайным і рэдкім талентам пераймаць іншых у рухах, гаворцы, голасе - гэтыя невялікія досціпы не адрозніваліся арыгінальнасцю і вынаходлівасцю, але былі часткай яго таленту. У той жа час уменне не смяяцца нават са смешных рэчаў, якія ён расказваў, услужлівасць кожнаму без найменшай прыкметы неахвоты ці нуды, увага да дробязей, якую любяць кабеты, і веданне моды, рабілі яго фаварытам у жанчын. Жанчыны, якія, як я потым пераканаўся, бяруць такіх асоб пад сваю апеку і робяць выгляд, што іх вельмі цэняць, але насамрэч, выкарыстоўваюць як шырму, якой прыкрываюць іншых, больш смелых, зухаватых, якія лепш кладуцца на іх сэрцы і падабаюцца вачам. Гэтага ён, падобна, не адчуваў ці нават не здагадваўся! Пасля першай жа размовы з ім я адразу зразумеў, што значна пераўзыходжу майго прыяцеля па адукаванасці. Аднак у душы я заўсёды лічыў сябе сціплым чалавекам і казаў сам сябе: "Што ж дзіўнага? Я вучуся, і ў мяне ў памяці яшчэ ўсё свежае, а ён ужо ўсё забыў". Што ж тычыцца маралі, дык ён не толькі прыгожа казаў тое, што я ведаў і без яго, але і рабіў тое, што казаў - гэта рэдкая з'ява паміж людзей. Я ніколі не заўважаў, каб ён адступаў ад сваіх галоўных прынцыпаў, і ніхто ніколі ні ў чым яго не змог абвінаваціць. У той час я яшчэ не ведаў думкі адной вядомай кабеты: "Таго, хто сумленны толькі ў межах закона, паважае толькі кат".
Тады я быў лёгкім чалавекам з сэрцам, якое любіла, і таму ўсёй сваёй душой, усёй істотай прывязаўся да яго. Мой бацька не перашкаджаў і быў рады гэтаму. Такім чынам, гэты чалавек з рэдкім сярод людзей талентам, стаў, ці прынамсі, лічыўся кожным з нашай сям'і, кожным з нас траіх, даверанай асобай, сябрам бацькі, маці і сына, хоць інтарэсы, памкненні, мэты, ідэі і густы ў нас траіх былі вельмі рознымі. Нікому з нас траіх, якія не мелі цяжару на сэрцы, не прыходзіла ў галаву, што ён, які так шчыра любіць усіх нас, ні да каго з нас не можа мець сапраўднага сяброўства, сяброўства цёплага, адданага і гатовага зняць з сабе скуру для дабра асобы, з якой сябруеш. Менавіта так да самой смерці разумеў сяброўства мой бацька і даказаў гэта ўсім сваім жыццём. Гэтак думаў і я, і, здаецца, не раз гэта даказаў. Сказаць: "Сябрую, сябрую", - і нічым гэтага не даказаць - сапраўднае духоўнае махлярства, у сто разоў горшае за тое, якое мае месца на Шкляной вуліцы34.
Праз некалькі гадоў, яшчэ да майго выхаду ў свет, я меў магчымасць пераканацца ў яго сэрцы, г. з. яго сяброўскіх пачуццях да мяне. Але гэта былі толькі справы студэнта. Мелі месца наступныя абставіны. На гадавое ўтрыманне мой бацька даваў ад 450 да 500 срэбных рублёў. З гэтага я павінен быў наняць кватэру, стол, апранацца, купіць кнігі, аплачваць урокі фартэпіяна, нямецкай і італьянскай моў, танцаў і фехтавання. На працягу вакацый у Езне35 я браў урокі верхавой язды ў бярэйтара Пянчкоўскіх Габленса, якому тата плаціў сам. Бялізну мне куплялі, бо цана на тканіну ў Варшаве была ніжэй, чым у Вільні, а мае бацькі кожную зіму ездзілі ў Варшаву і заўсёды прывозілі адтуль ўсё неабходнае (Д 5).
Хаця кожны з вышэйзгаданых урокаў каштаваў ад аднаго да двух дукатаў у месяц, хоць падручнікі на факультэце, дзе я вучыўся, былі дарагімі, пры разумным жыцці і не ўцягваючыся ў карты, у якія я і сёння не гуляю, грошай для мяне было больш, чым дастаткова, калі б гэтая сума замацоўвалася за мной назаўсёды і я мог атрымліваць грошы ці адразу, ці ў вызначаныя даты. Але мой бацька на самай справе хацеў, каб я разглядаў яго грошы не як гарантаваны заробак, а як ласку і яго асаблівую літасць да мяне. Каб я заўсёды ведаў, што грошы могуць прайсці міма і адно яго слова можа пакінуць мяне на бруку без грошай. Я меў намер упарадкаваць сваё жыццё, бо мае грошы маглі залежаць ад любога выпадку, што было вельмі нязручна, і я жадаў, каб грошы ператварыліся ў мой фіксаваны заробак. Мае добрыя паводзіны ў такім маладым веку, без ніякага дадатковага нагляду за мной, былі дастатковай гарантыяй, што я не выкарыстаю грошы на зло і не пушчу іх неабдумана на вецер. Мае довады здаваліся мне важкімі. Аднойчы аб гэтым сказала маці і тады бацька, ці па-сапраўднаму ці граў ролю, як леў разышоўся перад ёй, як зубр! І таму мне трэба было маўчаць.
У кожнай справе ў маім жыцці, у кожнай дамове, першай маёй думкай заўсёды было не зарабіць ці страціць грошы, але мець душэўны спакой. Ведаючы стасункі майго бацькі з Новамейскім, калі аднойчы мой бацька прыехаў у Вільню на некалькі дзён, я зайшоў да свайго дарагога сябра і са слязьмі ў вачах расказаў яму пра цяжкасці, якія я меў у сваім звычайным і беззаганным жыцці. Першы раз пасля нашага знаёмства я прасіў яго паўплываць - хай бацька дае мне толькі 400 рублёў у год - на 100 рублёў менш, але каб ці ўсё разам, ці вызначанымі часткамі. Я папярэдзіў, што тата прабудзе ў Вільні толькі суткі ці максімум двое, і мы павінны скарыстаць час. Новамейскі з дробнай хмурынкай на ілбе, якую я прыняў як праяву спагады, палічыў слушным усё, што я казаў і паабяцаў дапамагчы. Аднак ён разумеў, як цяжка будзе пераадолець упартасць старога, і нічога не абяцаў. Гэта было разумна. Я сышоў супакоены, і калі наступнай раніцай прыйшоў да яго, мне сказалі, што ўчора, адразу як я пайшоў, ён загадаў закласці коней і на тры дні паехаў на паляванне да Гарноўскіх!
Бацька на другі дзень пакінуў Вільню. Новамейскага ён, натуральна, не бачыў. З болем у сэрцы ад нячуласці свайго сябра я вырашыў сам напісаць тату. Пераказаў яму свае цяжкасці. Патрапіў на добры настрой, і ён пагадзіўся. Я сам зрабіў тое, што хацеў атрымаць праз сяброўства.
Але другі выпадак быў значна больш важны і ўшчэнт садраў шоры з маіх вачэй. Людзі шукаюць моцныя эмоцыі як прычыны вялікіх злачынстваў, каб лагічна наракаць на той тып істот, да якога і самі яны належаць. Яны памыляюцца. Менавіта сукупнасць невялікіх але працяглых падзей, якія як кропля вады точыць камень, стварае нашы перакананні. Вялікае зло, як метэор, б'е па нас, здзіўляе, хвалюе, абурае. Але мы цешымся, што гэты метэор - толькі метэор. Што ў памяці ён застанецца толькі як падзея. Але малыя і брудныя недахопы нашай натуры, як восеньскі дождж, крыўдзяць і труцяць нас, як лыжка гразі псуе цэлае вядро вады.
Памёр Нямчэўскі36, дэкан фізічнага факультэта ўніверсітэта, некалі мой гувернёр, давераная асоба майго дзядзькі, у той час ужо эмігранта ў Парыжы. Нямчэўскі, які таптаўся па габеленах, узятых у маёй роднай маці разам з іншымі рэчамі - не ведаю, з якім сумленнем ён памёр. Дэкан юрыдычнага факультэта быў яго душапрыказчыкам (ці хопіць мне часу і жадання, апісаць усе маё жыццё, таму для яснасці я павінен дадаць, што ў выніку фамільных драматычных і па-сапраўднаму цікавых інтрыг, мая маці ў маім сямнаццацігадовым узросце была вымушана юрыдычна расстацца з мужам, якога кахала. Праз некалькі гадоў, гэтая няшчасная жанчына, прыгнечаная болем і рознымі паразамі, якія труцілі сэрца, памерла ад сухотаў. Давераная асоба яе брата Нямчэўскі, як быццам забыўся пра тое, што я ёсць на свеце і ўсё, што засталося пасля маці як спадкі, адправіў яе брату ў Парыж, а нешта ўзяў сябе каб пакінуць памяць пра яго добры ўчынак. Мой бацька не любіў спрэчак і судоў і таму не хацеў у гэта ўвязвацца. І толькі праз шмат гадоў справядлівы Божы суд вярнуў мне частку забранай маёмасці, тады, калі я гэтага менш за ўсё чакаў і думаў. Калі Нямчэўскі хварэў, мой бацька, падчас побыту ў Вільні, часта казаў мне: "Пайдзі, пакажыся яму, можа гэта ўзрушыць яго сумленне". Але я не хадзіў. Не жадаў стаць жывым сімвалам пакаяння перад яго смерцю.
Праз нейкі час пасля смерці Нямчэўскага, да мяне прыйшоў сакратар універсітэта з позвай да Зноскі па нейкай важнай справе. Я пайшоў на наступны дзень. Зноска дастаў з бюро запячатаны канверт і сказаў: "Вось вашы паперы, якія па жаданні с. п. Нямчэўскага я павінен вам перадаць". Я паглядзеў на пакет. На ім рукой Нямчэўскага было напісана: "Паперы Станіслава Мараўскага, якія належыць аддаць яму пасля маёй смерці". Здзівіўся, бо Нямчэўскі кожныя вакацыі бачыў мяне на вёсцы і вось ужо два гады як штомесяц падпісваў маё акадэмічнае пасведчанне, але ніколі мне ні пра што такое не казаў. Узяў пакунак і пайшоў да сябе. Быў ужо позні вечар. Цікава было даведацца пра змесціва пакета, але я пераадолеў сябе, лёг спаць і заснуў як мёртвы. Раніцай знайшоў у пакеце некалькі дакументаў датычных маёй маці, тастамант майго дзядзькі, які запісаў на мяне ўсю сваю вялізную маёмасць (тастамант быў нячынны, бо меўся ўжо пазнейшы), але я знайшоў там і дакумент майго бацькі, які не мог нават уявіць сабе: пры разводзе з маці ён запавядаў мне, незалежна ад іншых сродкаў, якія я буду мець, 60 000 злотых. Гэта, як гарантыя майго лёсу, з'яўлялася абавязковай умовай разводу. Мяне вельмі здзівіла, што я, тады васемнаццацігадовы юнак, ні ад бацькі, ні ад Бабацянскага37, які потым памёр сенатарам у Маскве, ні ад іншых сведкаў, якія падпісалі дакумент, ні ад Нямчэўскага, з якім кожны год жыў па суседстве ўсё лета, калі ён гасцяваў у нейкага Прускага, карацей, ад усіх гэтых асоб я ніколі і нічога пра гэта не чуў. Што мне рабіць? Паклаў пакет у кішэню і пайшоў па параду да свайго лепшага сябра Новамейскага.
Ён сказаў мне наступнае: "Нядаўні ўказ манарха абвяшчае, што для ўсіх дакументаў і абавязацельстваў, не аформленых у разумны тэрмін па ўстаноўленай форме, дадзены тэрмін у адзін год, пасля чаго яны страцяць сваю актуальнасць. Тэрмін гэты сыходзіць. Калі не ўнясеш свае дакументы ў акты, згубіш іх. Я не адмаўляю таго, што твой бацька заўсёды быў і застанецца бацькам. Але паколькі ён так часта кажа, што пры найменшым капрызе пазбавіць цябе спадчыны, дык хто зможа гарантаваць, што тое, што ён кажа, каб толькі напалохаць і трымаць у лейцах, калісьці не прыйдзе яму ў галаву і ён гэтага не зробіць? Між тым яго жонка цяжка хворая і можа памерці ў любы момант. Твой бацька яшчэ прыгожы стары і горача любіць жанчын. Калі так здарыцца, ён адразу ажэніцца зноў і будзе мець дзяцей. І тады тое, чым ён толькі пужае, можа стаць рэальнасцю, прынамсі, пры некаторых умовах. Таму ідзі і неадкладна зарэгіструй гэты дакумент у актавых кнігах".
Усе што ён сказаў, цалкам адпавядала маім адчуванням і адкрыла мне вочы. Аднак я звярнуў увагу, што хаця ўсе гэтыя довады з'яўляюцца рацыянальнымі, меўся і іншы бок, іншая думка, якая прымусіла мяне спыніцца: у той час у Літве ўнясенне грашовых дакументаў у акты па-ранейшаму лічылася недалікатнай справай і знакам недаверу - што падумае мой дзіўна чуйны ў такіх справах бацька, ці не атрымае ён першы раз у жыцці сапраўднай прычыны абурыцца на мяне? На гэта Новамейскі адказаў, што я - яшчэ дзіцё, што людзі, якія доўга жывуць на свеце, ведаюць - актывізацыя дакументаў не можа нікога абразіць, што мой бацька, калі ён выдаў такі дакумент, ёсць высакародным чалавекам і не можа адмовіцца ад сваёй волі. І што, нарэшце, калі ён ніколі не казаў мне пра гэта, дык толькі таму, што не хацеў, каб я ў такім узросце ведаў, што маю нешта сваё, а можа нават і думаў, што яго папера загінула ў дзядзькі ў Парыжы.
Супакоіўшы мяне такім чынам, ён зараз жа паслаў свайго пісара, які заўсёды сядзеў за сталом, да нейкага пана Окалава, як сёння памятаю, земскага рэгента, з папярэджаннем, што сёння прыйдзе яго сябар з дакументамі і трэба пасадзейнічаць яму з афармленнем, бо ён увесь яго час заняты заняткамі ва ўніверсітэце.
Удзень я пайшоў да Окалава, і той зрабіў усё, як найлепей: імгненна вырабіў паперы, прыняў аплату ў памеры 12 рублёў срэбрам і вярнуў мне легалізаваны дакумент. Усё зрабілася хутка і гладка, і больш я не звяртаў увагі на гэтую справу.
У тую зіму мае бацькі жылі ў Варшаве. Пісаць да таты па яго загадзе я павінен быў раз у месяц (Д 6). Нявінны, як авечка, не ў стане нешта схаваць ад блізкага мне чалавека і, нарэшце, упэўнены маім вопытным сябрам у тым, што зрабіў добрую справу, я апісаў бацьку нечаканае вяртанне гэтага дакумента праз Зноску і тое, што афармленне дакументаў выцягнула ў мяне больш за 4 дукаты, якія я хацеў бы скарыстаць на нешта лепшае. Напісаў гэта без ніякай думкі і забыўся пра ўсё, як быццам нічога і не было. Дадам, што жывучы сярод людзей, не трэба хітра хаваць свае дзеянні ад тых, з кім маеш больш-менш блізкія адносіны. Каб я быў больш разумны і хітры і ўтаіў усю справу ад бацькі, дык максімум праз год яна выявілася б сама па сабе, але ў больш шкодным для мяне святле. Калі праз год для нейкай справы майму бацьку стала патрэбна даведка, якая пацвярджала поўную закладную чысціню яго нерухомасці, дык віленская Грамадзянская палата ў якасці пярэчання якраз і выставіла мой дакумент і не выдала яму неабходнай даведкі, пакуль я не адмовіўся ад свайго першынства. Таму, калі не ад мяне, дык потым, мой бацька ўсяроўна даведаўся б пра гэту справу, але выглядала б яна ўжо па-іншаму.
Тыдні праз тры, калі я, задумаўшыся, сядзеў над пудовай працай Парацэльса, у якой не разумеў ні слова з таго, што чытаў ужо цэлую гадзіну і спытаў сябе, ці не здзекуецца гэты чалавек з нас усіх, ці яго кніга сталася ўжо для нас незразумелай як егіпецкія іерогліфы, пошта прынесла мне з Варшавы адказ бацькі. Прызнаюся, што сам выгляд яго лістоў, заўсёды ўводзіў мяне ў хваравіты і нярвовы стан.
За прыгожым, узорным і непаўторным стылем ліста, мелася столькі грубых, жоўцевых і незаслужаных абразаў і заўваг, што маё захапленне да такога ўмелага і гладкага аўтара і павага да яго, толькі павялічвала боль, які прычыняў грубы змест ліста. Змяніць майго бацьку не магла ніякая чалавечая сіла. Старадаўнія шляхецкія правілы, якія былі часткай яго натуры, вучылі: "Сын ёсць поўная ўласнасць бацькі. Ганьбі і карай сына, калі ён дрэнны, каб стаў лепшым. А калі ён добры, ганьбі яго і карай, каб не сапсаваўся". Ад гэтага правіла ён да самай смерці не адступіўся ні на валасок і гэтак жа паводзіў сябе на семдзесят трэцім годзе жыцця, калі я меў ужо трыццаць шэсць гадоў.
Кожны ліст бацькі быў горкім для мяне, пра што сведчыць сшытак лістоў, якія ён пісаў з самага майго дзяцінства. Што ж я павінен быў адчуць, калі атрымаў гэты, не толькі напоўнены ўсімі навальніцамі бацькоўскага гневу і бацькаўскай улады ліст, але і ліст, які біў мяне па ўсім часткам сэрца і розуму. Я быў у жаху. Яго вымовы і папрокі былі мацнейшыя за начынне, у якім ён іх кідаў. Магчыма, гэта адбывалася з-за маёй залішняй раздражняльнасці? Але што зробіш, калі прырода цябе ўжо такім стварыла? Напэўна, было б лепш, каб я стаў каменем ці сцяной, ад якой адскоквае кожная кінутая ў яе гарошына.
Праляжаўшы амаль гадзіну ў сваёй кватэры без прытомнасці, маёй першай здаровай думкай было бегчы да Новамейскага, майго любімага сябра і дарадцы, каб паказаць яму ўсё гэта і шукаць суцяшэнне на яго грудзях. Так і зрабіў. Хто можа ўявіць сябе гэтую новую пакуту майго і без таго збалелага, маладога сэрца, гэта расплюшчванне вачэй і выраз майго твару, калі ён, прычытаў ліст і холадна сказаў мне: "Ці не баяліся вы Бога, калі такое рабілі? Як вы маглі? Ведаючы вашага бацьку, яго суровасць, яго слынны на ўсю Літву дэспатызм у адносінах да вас, вы актывавалі выдадзены ім дакумент? Няўжо вы адважыліся выказаць яму недавер?". Ах! У гэты момант маё сэрца ўмацавалася, мой дух загартаваўся сілай і цвёрдасцю, якую ў сумленных душах выклікаюць неаднаразовыя паразы. За адно імгненне я пражыў некалькі гадоў! Не сказаў ні слова. Паклаў ліст за пазуху і як звычайна развітаўся. Пане Канстанты, ты яшчэ жывы, хоць без ног і ўлады, але, пане Канстанты, твая рука нанесла такую рану майму сэрцу, якая з таго часу не можа як след загаіцца.
Вясной на Святаянскія кантракты з Варшавы прыехаў мой бацька. Хаця злосць і крыўда на людзей не заставалася доўга ў яго сэрцы, але ўбачыўшы мяне, ён закіпеў ад абурэння і жоўці. Усё, што толькі можна ўявіць сябе ў вуснах імпульсіўнага, злога, красамоўнага і дакладнага ў падборы слоў чалавека, як лава вылілася на мяне! Вытрымаў напад. Думаў, што гэтым усё, як звычайна, і скончыцца. Як жыць! Бо праз дзень тое самае! І на наступны дзень тое самае! Я зразумеў, што ўся гэта гісторыя і сапраўды трымае яго сэрца. І да гэтага спрычыніўся я, той, які павінен быў падсаладзіць яму жыццё, які, хоць і ў справядлівай і святой справе, сваёй уласнай рукой распаліў пажар!
Ні раячыся больш ні з кім акрамя свайго сэрца, на чацвёрты дзень, калі ўбачыўшы мяне, тата зноў выбухнуў яркім полымем, я, не кажучы ні слова, паклаў дакумент у яго ўласныя рукі. Мая душа, якая, нягледзячы на мой гарачы тэмперамент, заўсёды жадала толькі міру і згоды, і маё сэрца, якое прагнула толькі ласкавага позірку - адзінай магчымай узнагароды за шматлікія згрызоты ўнутры самога сябе, падказвалі мне, што я нарэшце дасягнуў мэты. Ён узяў дакумент, кінуў яго на стол і каля паўгадзіны працягваў яшчэ лаяць мяне, але, здаецца, толькі для формы. Ён не сказаў ні слова пра тое, што мой учынак ўразіў яго. Дадам, ён не знішчыў дакумент, а пакінуў яго мне пасля смерці і ўзгадаў яго ў сваім тастаманце.
Так шчасліва завяршыў я далікатную сямейную справу і праз такую ахвяру набыў душэўны спакой. Я меў вялікі боль і не мог не радавацца, бо як сапраўдны спартанец вытрымаў гэтыя чатыры дні, пры тым, што мог адным словам перакінуць віну на Новамейскага, калі б засведчыў, што толькі выконваў яго параду. Але такая моц і годнасць маецца ў сумленным сэрцы шляхетнага сяброўства, што разумеючы ўжо ўсё пра яго, ужо здраджаны і пакінуты гэтым чалавекам, у тую хвіліну я палічыў за лепшае маўчаць і ўсю адказнасць узяць на сябе, адмовіцца ад 60 000 злотых і больш за тое, прыняць усе наступствы, але не выкрыць свайго сябра, што непазбежна прывяло б да разрыву стасункаў, якія працяглы час лучылі Новамейскага з маім бацькам.
Немагчыма было ўявіць сабе, каб бацька, задыхаючыся ад майго праступку, не паскардзіўся Новамейскаму на мяне. Цікава было б даведацца, што ён сказаў і з якой мінай той адказваў. Сумняваюся, што ён мяне бараніў, бо на гэта ў яго не хапіла б, бадай, ні волі, ні сілы духу. І для зла, і для дабра заўсёды патрэбна пэўная доля стойкасці. Першае і другое мала ўласціва духоўным кастратам.
Новамейскі ніколі не згадваў мне гэту гісторыю.
Каб не збочваць ад маёй тэмы, сцісла скажу толькі, што маладыя людзі спрадвеку абвінавачваюць старэйшых у фальшывым поглядзе на сучасны стан рэчаў. Старыя сапраўды ганяць сучаснасць, бо не бачаць у ёй добрага, але часцей за ўсё яны самі сапсаваліся, і таму старажытныя філосафы і нават наш любімы Гарацый, здзекуецца з тых, каго называе laudatores temporis acti ( лац., "тых хто хваліць старызну". - Л. Л.), аднак у часы, у якія жыву, я магу прызнаць не саромеючыся, што і сам належу як раз да гэтых людзей, якіх меў на ўвазе Гарацый. Сачу за прагрэсам нашага веку, наколькі мне дазваляе розум і прызнаюся шчыра, што не з'яўляюся яго прыхільнікам. Бог сваёй уладай усталяваў пэўны баланс паміж рэчамі, пачуццямі і думкамі. Магчыма, дабро і зло на працягу стагоддзяў не мелі перавагі паміж сабой. Але кожнае, асобна ўзятае стагоддзе, мае свае моцныя і слабыя бакі. Што выбраць? Калі вы шануеце матэрыяльнае, трэба быць сляпым, каб параўноўваць мінулае і наша XIX стагоддзе. Але калі вы вышэй за ўсё ставіце дух, вы павінны пачырванець і прызнаць, што людзі сёння горшыя, чым былі раней, і што калі яны носяць больш чыстае адзенне, яны ўсё роўна ўнутры больш брудныя, чым раней.
Але разважанняў мала, патрэбны факты. І гісторыя з маімі дакументамі, а дакладней з адным дакументам, чалавечы гонар і добрасумленнасць пры гэтым, дазваляе зрабіць бясспрэчныя высновы. Пра таемныя даносы і абвінавачванні, якіх раней не ведалі, пра поўнае знікненне гасціннасці і шмат чаго іншага, пэўна, я яшчэ раскажу. Нашы бацькі не ўмелі ці не здагадваліся, што можна адмовіцца ад дакумента ці ад абавязацельстваў, адмовіцца ад паперы, калі яна не ўнесены ў акты. Стары кунтуш (маецца на ўвазе, ранейшы шляхціц - Л. Л.) павесіўся б, калі б яго абвінавацілі ў такой подласці! Хапала толькі слова, а паперы людзям даваліся для памяці, маленькія паперкі, часцей за ўсё без подпісаў сведкаў. І на гэтым усё, святая справа! Перагледзьце, калі ласка, абавязацельствы Радзівілаў, Пацаў, Пацеяў і г. д. Не было прыкладаў, каб нехта адмовіўся ад іх. Каб дзеці, нават у галечы, не плацілі за свайго бацьку згодна з самай малой паперкай. Мой бацька ўжо пры расійскім урадзе стаў гарантам аблігацый сваіх сяброў Пянчкоўскіх на суму каля 600 000 злотых, і натуральна, атрымаў ад іх паперу-распіску, у тым, што гэтыя грошы ўзяты не для яго, а для іх і іхняга ўжытку. Меў ён такую паперу. Я трымаў яе ў руках. І што? … Гэта чацвёртая частка чвэрці сіняй паперы (маецца на ўвазе - ад in-quarto. - Л. Л.) падпісаная абодвума братамі Пячкоўскімі без сведкаў. І тыя, хто даваў распіску, і той, хто яе браў, добра ведалі, што робяць, і ўсё рабілі правільна. Гэтай паперкі было дастаткова, каб вызваліць майго бацьку ад далейшай адказнасці (Д 7).
Першым у Літве, хто адмовіўся ад распіскі толькі таму, што яна не была зарэгістравана і не на гербавай паперы, быў граф Юзаф Забела38, былы ковенскі маршалак. І зрабіў ён гэта ў дачыненні да Юзафа Горскага39, здаецца, у 1822 г. Адказам грамадства стала ўсеагульнае абурэнне і пагарда да нягодніка, яму давялося цішком пакінуць кантракты і з'ехаць з горада.
(Працяг у наступным нумары.)
1 Morawski Stanislaw. Kilka lat mlodosci mojej w Wilnie (1818-1825). Warszawa, 1924. Пераклад Леаніда Лаўрэша
34 Шкляная вуліца ляжыць у яўрэйскай частцы Вільні, якая мае назву "Чорны горад".
35 Езна - мястэчка на возерам з такой жа назвай, у 103, вярсты на захад аж Вільні, у 59 вярстах ад Трок.
36 Захар Нямчэўскі (1766-1820), прафесар матэматыкі, з 1817 г. дэкана фізіка-матэматычнага факультэта.
37 Міхал Бабацянскі, сенатар, у 1813-1816 і 1823-24 гг. - віленскі віца-губернатар.
38 Юзаф Забела, у 1814-1817 гг. ковенскі маршалак.
39 Юзаф Горскі, у 1830-1834 гг. віленскі губернскі маршалак шляхты, уладальнік маёнтка Гінтэлішкі Тэльшаўскага і Казлішкі Віленскага паветаў.
Беларусы сустракаюцца з індзейцамі
Слова міру і праўды: Андрэйчанка, Бураўкін, Галко, Гарахавік; іншаземцы вакол свету і "вакол Беларусі"
(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-52 (105-156) (2024); № 1-7 (157-163) за 2025 г.)
КРУГАСВЕТНЫЯ ПАДАРОЖНІКІ-НЕМЦЫ Ў ВЯЛІКІМ КНЯСТВЕ ЛІТОЎСКІМ
Карл Насаў-Зіген
У экспедыцыі Л. А. дэ Бугенвіля (Bougainville) 1766-1769 гг. удзельнічаў вядомы авантурыст Карл Генрых Нікалаўс Насаў (Насаў-Зіген, у славянскіх тэкстах Дэнасаў, Дэ Насаў; Принц Карл Генрих (Николай Отто) Нассау-Зигенский, ням. Karl Heinrich Nikolaus Otto von Nassau-Siegen, або Шарль Анри (Николя Отон) де Нассау-Зиген, фр. Charles Henri Nicolas Othon, prince de Nassau-Siegen). Малады і адважны князь Насаў спадарожнічаў Бугенвілю, вучонаму Ф. Камерсону (Philibert Commerson) і іншым, хто рабіў высадкі на кантынент і Вогненную Зямлю ў час знаходжання экспедыцыі ў Магеланавым праліве (адной з мэт было вывучэнне праблемы вялікага росту патагонцаў); Бугенвіль назваў у гонар Насаў адзін з астравоў у праліве.
У 1774 г. Насаў з'яўляецца ў Рэчы Паспалітай, дзе і застаецца, жэніцца з "Каралінай з Ходзькаў І вота Сангушкавай", натуралізуецца (на гарадзенскім сойме 1784 г.) і паланізуецца; праводзіць гідралагічныя даследаванні на Чорным моры.
Пазней перабіраецца да князя Пацёмкіна, гаспадарнічае ў яго магілёўскіх уладаннях. Паказаў сябе ў ваенных дзеяннях на моры Расіі супраць Турцыі, адыгрываў пэўную ролю ў польска-руска-прускіх адносінах, за што быў узнагароджаны Кацярынай ІІ, у т. л. уладаннямі з прыгоннымі на Беларусі (каля Магілёва), якія, аднак, хутка былі прададзеныя. Гэтая спрэчная постаць адлюстраваная ў паэме А. Міцкевіча "Пан Тадэвуш, або Апошні наезд у Літве", дзе ў кнізе ХІІ расказваецца "гісторыя пра дзіка Налібоцкіх лясоў і аб спрэчцы Рэйтана з князем Дэнасаў".
Насаў, безумоўна, дапоўніў звесткі пра Амерыку і індзейцаў, якія сталі вядомымі Станіславу Аўгусту, польскай, беларускай і рускай знаці ў Беларусі з кнігі Бугенвіля і расказаў Г. Форстэра.
Георг Форстэр
Johann Georg Adam Forster быў "нямецкім географам, натуралістам, этнолагам, пісьменнікам-падарожнікам, журналістам і рэвалюцыянерам". У 1777 г. у Лондане выйшла яго кніга "Падарожжа вакол свету" (A Voyage Round the World in His Britannic Majesty's Sloop Resolution, Commanded by Capt. James Cook, during the Years 1772, 3, 4, and 5). Напісанае ("фармальна Янам [Ёганам] Райнгольдам Форстэрам, а фактычна яго сынам") за 8 месяцаў напружанай працы, апісанне падарожжа з'явілася на 6 тыдняў раней за афіцыйную справаздачу самога Кука. Для жыхароў Беларусі былі даступныя рускія пераклады "Падарожжаў" Дж. Кука А. Галянішчава-Кутузава і Ц. Мажайскага (1796-1800, 1790; таксама пад рознымі назвамі ў перыядычных выданнях або асобна ў 1788, 1792, 1795; 1780, 1787 гг.).
Кніга выклікала вялікі рэзананс у свеце і звярнула ўвагу дзяржаўных і навуковых колаў Рэчы Паспалітай; ужо ў 1778 г. польскі пасол у Лондане ўраджэнец Беларусі Францішак Букаты перадаў яму прапанову ўзначаліць кафедру ў Ягелонскім універсітэце; яна не была прынятая з-за сямейных праблем, але ў 1784 г. Форстэр прыязджае ў Вільню, дзе займае месца Ж. Э. Жылібера на кафедры натуральнай гісторыі ўніверсітэта.
У навучальным працэсе ў Вільні пералічваў і нават паказваў убачанае і прывезенае з марскога падарожжа, чым стымуляваў цікавасць да нееўрапейскай тэматыкі.
Пра тое, што Форстэр мог расказваць пра індзейцаў у Вільні, можна прасачыць па яго апісаннях падарожжа. Форстэр даволі шмат напісаў пра вогнезямельцаў - адзіных індзейцаў, якія, верагодна, сустрэліся на шляху экспедыцыі, а жыхароў Акіяніі называў індзейцамі (Іndіaner).
Форстэр паехаў з Вільні ў канцы жніўня 1787 г.; галоўнай прычынай было тое, што рускі ўрад прапанаваў яму ўдзельнічаць у кругасветнай экспедыцыі пад кіраўніцтвам Рыгора Мулоўскага, што планавалася; у вучонага, які меў у Вільні дом, жонку і дзіця, не склаліся адносіны з некаторымі калегамі, ён быў расчараваны недастатковай увагай "паноў палякаў" да натуральнай гісторыі. Экспедыцыя Мулоўскага не адбылася з-за руска-турэцкай вайны, і Форстэр застаўся працаваць галоўным бібліятэкарам універсітэта ў Майнцы.
…Спачатку ўдзельнікі экспедыцыі Кука ўбачылі хаціны вогнезямельцаў на мысе аднаго з астравоў. Форстэр прыйшоў да высновы, што "калі меркаваць па гэтых хацінах, род чалавечы здольны вытрымаць любыя пагодныя ўмовы і жыць як у гарачых афрыканскіх пустынях, так і на абодвух ледзяных канцах Зямлі". Потым у адсутнасць Форстэра індзейцы з'явіліся каля карабля. Яму расказалі, што "нікчэмныя [жалкие]", "бедныя", але "бяскрыўдныя стварэнні" аддавалі свае рэчы "не толькі добраахвотна, але і бясплатна". У час наступнага іх візіту Форстэр звярнуў увагу на іх лодкі-каноэ, фізічныя дадзеныя і адзенне як мужчын, так і жанчын ("Жанчыны выглядаюць амаль так жа, як мужчыны, толькі яны менш ростам, твары ж у іх не менш брыдкія і агідныя [безобразны и отвратительны]. Адзеннем яны таксама не адрозніваюцца"), мову ("Цяжка было пачуць ад іх якое-небудзь іншае слова, акрамя "песерэ") і адносіны да гасцей ("Паколькі нішто на караблі не ўзбуджала іх цікаўнасці або жадання [любопытства или желания], ім было ўсё роўна, разумеем мы іх ці не") і характар ("Увогуле характар іх уяўляў дзіўную сумесь дурасці, абыякавасці і млявасці!" [глупости, безразличия и вялости!]. Заўважаючы, што сярод жыхароў былі і больш талковыя, "значна больш цывілізаваныя", з абуткам і здольнасцю зразумець "каштоўнасць еўрапейскіх тавараў" і нават паводзіць сябе так, што здавалася, быццам "ім не далёкія нават уяўленні аб цырымоніях і ветлівасці".
АНДРЭЙЧАНКА Наталля (Natalia Andreychenko, Andreichenko) - хто б думаў, што "савецкая Мэры Попінс" будзе незаконна здымаць мексіканскія піраміды? Яе жыццё спачатку ў ЗША, а потым Мексіцы лепш напалову закрыць заслонай літасці, але вось што ў 2024 г. яна расказала ў гутарцы з "Газетай.Ru":
"Сваё месца жыхарства яна назвала ўнікальным - яна жыве паміж Карыбскім морам і джунглямі ў селішчы на некалькі дамоў недалёка ад аэрапорта".
"Але знайсці мяне і мой аазіс не так проста. Вось так здарылася, Гасподзь паказаў мне гэтае месца. Мяне вялі ў месца сілы - і прывялі ў момант, калі мне гэта было вельмі трэба. Я перажыла вар'яцкія трагедыі, і гэтае месца закрыла мяне сваімі чароўнымі пальмавымі дрэвамі, захавала мне жыццё", сказала яна.
Яна яшчэ марыць вярнуцца на радзіму, а пакуль толькі разважае, фільм пра што можа быць у Расіі:
"Можна было б зрабіць серыял пра жанчыну, якая працуе ў мастацтве, але яна "тая, што бачыць", "тая, што чуе" і абсалютна дакладна разумее, што адбываецца за кожнай сцяной. І таму цішком становіцца таемным шпіком - Шэрлакам Холмсам або Пуаро. Таму што вялізную колькасць энергіі аддае, каб дапамагчы людзям разабрацца ў нейкіх крымінальных гісторыях".
А тым часам яна сама здымае ў Мексіцы, "падарожнічаць" з ёй можна на youtube.
МЭРЫ ПОПІНС. МЕКСІКА. НАПАЎБЕЛАРУСКУ, ЯКАЯ ЗАЧАРАВАЛА МІЛЬЁНЫ, ЗАТРЫМЛІВАЮЦЬ У РАЁНАХ СТАРАЖЫТНЫХ ІНДЗЕЙСКІХ АБ'ЕКТАЎ
20.01.2021 (news.rambler.ru)
На працягу некалькіх гадоў Наталля Андрэйчанка жыве ў Мексіцы. У гарачай краіне яна ўжо неаднаразова трапляла ў непрыемнасці. На гэты раз Наталлю затрымала мясцовая паліцыя, з якой у артысткі ўжо былі сутычкі [або сутыкненні (столкновения), як каму больш падабаецца назваць]. Пасля завяршэння кінакар'еры Наталля Андрэйчанка пераехала ў Мексіку, дзе занялася ёгай і эзатэрычнымі практыкамі. Яна цалкам змяніла свой лад жыцця і зараз прызнаецца, што не ўяўляе свайго шчасця без акіяна. Аднак і непрыемнасцей у далёкай краіне артыстцы не ўдаецца пазбегнуць. Так, летась ёй давялося пакінуць дом з-за ўрагану, які набліжаецца. А нядаўна Наталлю затрымалі супрацоўнікі мясцовай паліцыі. Справа ў тым, што, насуперак забароне, актрыса з камандай здымала відэа на развалінах старажытнага храма ва Ушмалі [Uxmal]. Артыстка паспрабавала схаваць доказы, змясціўшы мікрафон-пятлічку ў чаравік, а калі абсталяванне для здымак пачалі адбіраць, заявіла, што адмаўляецца выдаляць відэа, пакуль не прыедзе яе адвакат. Наталля расказала, што здымала ролік для свайго навучальнага курса па астралогіі і шаманізму. Цяпер яна знаходзіцца ў офісе паліцыі. Падобны эпізод ужо адбываўся з артысткай у мінулым годзе: тады зорка таксама адправілася на здымку на тэрыторыі старажытных храмаў, але абышлася вусным папярэджаннем, якое, па ўсёй бачнасці, не моцна напалохала зорку фільма "Мэры Попінс".
Хто будзе высвятляць, шукаючы ў інтэрнэце, чым скончыўся другі "незаконны" эпізод?
З'яўляліся расказы, як Наталлі даводзілася перабірацца непасрэдна ў джунглі, як яна эвакуіравалася са сваёй вілы з-за ўрагану, што набліжаўся.
Яна ў 1991 г. эмігравала ў США, каб быць разам з мужам, Максіміліянам Шэлам. Пасля разводу ў 2005 г. вярталася ў Расію, але з 2012 г. жыве "пераважна ў Мексіцы".
Наталля нарадзілася ў Маскве, але яе бацька Эдуард Андрэйчанка быў родам з Беларусі - як школьнік з бацькамі і старэйшым братам ён пераехаў у Даўгапрудны пад Масквой. Працаваў галоўным інжынерам на закрытым авіяцыйным прадпрыемстве. Маці Наталлі была карэннай масквічкай, інспектарам у Міністэрстве асветы.
Літ.:
12988 Проскуряков С. Б. Строители пирамид из созвездия Большого пса. Орел, 1992.
БУРАЎКІН Генадзь (Buraukin) - нарадзіўся ў вёсцы Шуляціна, цяпер вёска Тродавічы Расонскага раёна.
Генадзь Бураўкін быў дэпутатам Bяpxoўнaгa Сaвeтa БССР (1980-1990) і членам ЦК КПБ (1981-1990), у 1990-1994 гг. - пастаянным прадстаўніком БССР у ААН, у 1994-1995 гг. - намеснікам міністра культуры і друку БССР. У 1995-2001 гг. працаваў у часопісе "Вожык", што, вядома, выглядае "смехатворным" у параўнанні з ранейшым статусам, хоць смех - таксама справа дзяржаўнай важнасці. Аўтограф на прынесенай з сабой у яго офіс кнізе ўзяў гамяльчанін-"чэгеварыст" Снітко, які пакінуў адмысловы ўспамін (расшыфроўка аўдыязапісу: Снитко, Александр. Как я брал автограф у автора "Чатырох песень пра Эрнеста Чэ Гевару" Генадя Буравкина // Веснік БІТ. 2015. 25 лют. № 11). Цэнтральны пункт у ім - тое, як скептычна пісьменнік і дзяржаўны дзеяч ацаніў свой вядомы (асабліва дзякуючы "Песнярам") вершаваны твор пра Чэ Гевару і яго гібель у Балівіі. Хаця індзейцаў Чэ Гевара хацеў вызваліць, адзін з мясцовых якраз і падказаў, як схапіць кіраўніка паўстанцкай групы. Яго імя Бураўкін назваў у сваёй "Чатырох песнях пра Эрнеста Чэ Гевару" (The Four Songs of Ernesto Che Guevara), але мы бадай, не будзем паўтараць яго яшчэ раз.
У 1992 г. Генеральная Асамблея не магла не адзначыць 500-годдзе адкрыцця Амерыкі.
Тут мы пачынаем цытаваць прамову 10.12.1992 г. анандагскага правадыра Орэна Лаянса перад Аб'яднанымі Нацыямі - што спадзяёмся прадоўжыць у артыкулах пра іншых беларускіх удзельнікаў Генеральных Асамблей ААН.
"Haudenosaunee (People of the Long House), aka "Six Nations Iroquois Confederacy," Faithkeeper, Chief Oren Lyons addressed the delegates to the United Nations Organization by opening "The Year of the Indigenous Peoples" (1993) in the United Nations General Assembly Auditorium, United Nations Plaza, New York City, New York, December 10, 1992".
ПРАМОВА ПРАВАДЫРА ОРЭНА ЛАЯНСА Ў ААН 10 СНЕЖНЯ 1992 г . (1)
Для ўсіх нас [For all of us]. Я Орэн Лайанс, Хадэнасаўні [Haudenosaunee], і я гавару ад імя карэннага насельніцтва Паўночнай Амерыкі, гэтага Вялікага Вострава Чарапахі. Пан Прэзідэнт, паважаныя дэлегаты, Правадыры, Маці Родаў, Лідары і Члены карэнных нацый і народаў [Indigenous Nations and Peoples] свету, мы дзякуем вам, Генеральнай Асамблеі, за прызнанне і абвяшчэнне "1993 года Міжнародным годам карэнных народаў" з тэмай [for the theme of] "Карэнныя народы, новае партнёрства" (Indigenous Peoples, a New Partnership). Мы дзякуем пані Старшыні Рэпал Кур [Repal Chur] з Рабочай групы па справах карэннага насельніцтва [Working Group for Indigenous Populations] за пастаянную, з энтузіязмам, падтрымку. І ў гэты час [або ў гэты раз] мы адчуваем [recognize] натхненне і духоўную сілу Аўгуста Уільямсана Дыяса [Augusto Williamson Diaz], за яго бачанне такога дня, як гэты, і нашу ўдзячнасць тым лідарам карэнных народаў і людзям, якія таксама мелі бачанне гэтага дня для нашых людзей, што ўклалі сваю кроў, свой пот і свае слёзы ў гэты момант. А тым, каго ўжо няма, наша вялікая падзяка і ўдзячнасць [profound gratitude and appreciation].
У гэтай сваёй прамове Лаянс згадаў і сімвалічную фігуру Леанарда Пелціера. Да 18.02.2025 г. ён 49 гадоў заставаўся ў турме, але са згаданага дня пераводзіцца пад хатні арышт.
Орэн Р. Лаянс-малодшы - ахоўнікам веры Хадэнасаўні з рода Ваўка як народа анандага, так і народа сенека з ліку Шасці іракезскіх. Больш за 14 гадоў ён быў членам Камісіі па правах чалавека ААН.
Літ.:
2409 Гілевіч Н. Выміраюць плямёны // Слова міру і праўды: вершы / уклад. А. Марціновіча; аўт. прадм. Г. Бураўкін. Мн., 1987. С. 75-76.
677 Нэруда П. Чылійскае калі / пер. Г. Бураўкіна // Нэруда П. Крыві бунтоўнай кроплі: выбраная лірыка: пер. з ісп. / уклад., заўвагі і рэд. перакладаў К. Шэрмана. Мн., 1976. С. 38-41. (У "Заўвагах": "Калі - (ісп. cuando) - фальклорны жанр любоўнай песеннай лірыкі. Песня часам суправаджаецца танцам").
12136 Нэруда П. Чылійскае "калі" // Бураўкін Г. Выбраныя творы: у 2 т. Т. 2: Паэма, вершы, казкі, песні, пераклады. Мн., 1986.
2415 Слова міру і праўды: зборнік: вершы / уклад. А. Марціновіча; аўт. прадм. Г. Бураўкін. Мн., 1987.
4388 Малоизвестные факты: из жизни знаменитых людей. Валерий Чкалов. Никита Хрущев. Вячеслав Зайцев. Игорь Угольников. Виктор Баранов. Габриэль Гарсиа Маркес. Джордж Харрисон. Леонард Пелтиер. Стивин Кинг // Звездный час. Все о жизни "звезд" политики, бизнеса, искусства и спорта. [1998]. № 4 (30). (Дата выхода 17.04.1998.)
ГАЛКО Валерый (Valery Galko) - у нашых дзённікавых запісах за 1993-04-30 ёсць радкі, якія цяпер здаюцца несправядліва праігнараванымі для "прамога даследчага дзеяння": "інтэрв'ю з музея лакальных войн Валерый Галко / даже кто воевал в Перу / Палітаў". Юрый Палітаў - дырэктар музея воінаў-інтэрнацыяналістаў у Гомелі, з якім мы былі ўжо знаёмыя (візіт у музей).
У інтэрнэце нам сустракалася прозвішча мужчыны на -іч, якое нярэдка носяць і беларусы, - ён быў на баку леваэкстрэмісцкіх сіл, ваяўнічых праціўнікаў улад Перу. Праўда, гэтая "гарачая фаза" ў гісторыі краіны ўжо прайшла.
"Ваяваў у Перу" - гучыць даволі незвычайна, "сенсацыйна" ў дачыненні да беларусаў.
Літ.:
7302 Сэндэра луміноса // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 15. Мн., 2002. С. 328. (У іспанскім арыгінале, які дае БелЭн, - Zendero Luminoso - памылка, правільна Cendero Luminoso - гэта адзін нярэдкіх у нацыянальнай энцыклапедыі тэхнічных або фактычных хібаў; "ісп. "светлы шлях"). Перуанская камуністычная партыя светлага шляху Марыятэгі".)
ГАРАХАВІК Алена (Alena Garahavik, Garakhavik, Elena Gorokhovik) - нарадзілася ў Мінску.
У папярэдняй праграме, якая змяшчалася ў нашай серыі БСІ, у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі была запланаваная на 15.10.1996 г. яе сустрэча з традыцыяналістам-наваха Уільямам Язі. У акадэміі яна працавала з 1991 па 2011 г. (фартэпіянны і кампазітарска-музыказнаўчы факультэт, кафедра гісторыі музыкі, дзе была дацэнтам, у 1999-2007 гг. - начальнік аддзела міжнародных сувязей),
У 2005 г. апублікаваная яе манаграфія "Музычная культура Індыі". Супрацоўнічае з Міжнародным навукова-практычным цэнтрам "Музычныя культуры свету" Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П. І. Чайкоўскага.
Працягваючы цытаваць цудоўны артыкул Міхаіла Іванчанкі "Індзеец наваха ў Мінску", мы зноў згадваем падзякі Уільяма Язі, якія прагучалі перад тым, як ён пачаў музычна-апавядальніцкае выступленне пра культуру наваха і іншых плямён. Паводле справаздачы Іванчанкі-Бізона, Язі згадаў амерыканскага пасла, хаця і не па прозвішчы (а гэта быў Кенет Ялавіц, Kenneth S. Yalowitz; не названая была Джанет Дэмірэй (Janet Demiray), якая згадвалася ў папярэдняй праграме як галоўны кантакт ад пасольства). У версіі з "Первых американцев" з мілымі скажэннямі пададзеныя прозвішчы Міхаіла Галдзянкова і Сяргея Шапрана. Калектыўна ў падзяцы прысутнічаюць індзеяністы санкт-пецярбургскія і індывідуальна - беларускія, у прыватнасці Алег Жылінскі.
Міхаіл Іванчанка
ІНДЗЕЕЦ НАВАХА Ў МІНСКУ (2)
У сваім сённяшнім выступленні я б хацеў расказаць пра некаторыя індзейскія звычаі з дапамогай музыкі. Я з племені наваха, аднаго з трохсот ці трохсот пяцідзесяці плямёнаў Паўночнай Амерыкі.
Усе яны размаўляюць на розных мовах, у кожнага - свае звычаі і цырымоніі. Сёння мне хацелася б выканаць песні пяці-шасці плямён.
Цяпер на мне апранута традыцыйнае адзенне майго народа. Тое, што мы носім, можа шмат што расказаць пра нашы адносіны з прыродай. Індзейцы вераць, што Зямля - наша маці, а Неба - бацька, і ўсё, што жыве ў гэтым свеце - вада, расліны, жывёлы, насякомыя, - з'яўляецца часткай гэтага свету. Мы не кантралюем прыроду, мы з'яўляемся часткай прыроды. Нашы макасіны таксама з'яўляюцца ўвасабленнем гэтай ідэі. Чырвоны колер на іх сімвалізуе Зямлю. Белая падэшва сімвалізуе аблокі, якія прыносяць дождж і ўрадлівасць. Гэтым тлумачыцца жыццё.
Бірузовы колер вельмі важны для народа наваха. Біруза - гэта каштоўны камень, ён нябеснага колеру, але паходзіць з зямлі. Ён сімвалізуе шлюб Неба з Зямлёй, а ўсе мы - дзеці бацькі-Неба і маці-Зямлі.
Індзейцы вераць, што ідуць па "ўраўнаважанай" дарозе, і ўсё ў свеце мае сваю пару. Ідучы па гэтай дарозе, мы нясём пароўну і дабра і зла, абодва гэтыя элементы неабходныя, каб ісці правільна. Менавіта гэта мы маем на ўвазе, калі кажам: "Мы ідзём у прыгажосці".
Каб правільна ўспрымаць індзейскую музыку, спачатку трэба правільна зразумець філасофію, якая ляжыць у яе аснове. Філасофія ўзаемазвязаная з музыкай. Індзейцы вераць, што святыя людзі далі ім музыку і музычныя інструменты, таму калі мы спяваем, граем на флейце ці барабане, мы дзякуем айцу-Небу і маці-Зямлі за ўсё, што яны нам далі. Праз нашы песні мы таксама выказваем сваю павагу ўсім жывым істотам і адзін аднаму.
У індзейскай музыцы ёсць мноства напрамкаў: сацыяльныя, цырыманіяльныя песні, песні-малітвы, бытавая музыка - напрыклад, для памолу кукурузы, ткацтва дывана, язды на кані і інш. Існуе музыка, якой вітаюць розныя пары года, паляўнічыя песні і ваенныя танцы. Індзейцы не ідэалізуюць вайну, яны паважаюць тых, хто абараняе сваю радзіму. А зараз я хацеў выканаць некалькі традыцыйных навахскіх песень... (Гучаць песні.)
Літ.:
3071 БАР: (Бліц-афіша "Рэспублікі") / рубрику ведет А. Козлова // Рэспубліка. 1996. 12 кастр. С. 6.
3131 Шапран С. Индейцы в Минске // Имя. 1996. 25 окт. С. 20.
3124 Сімакоў А. Мост з Навахалэнда // Голас Радзімы. 1996. 21 лістап. С. 8.
4551 Хроніка мастацкага жыцця // Мастацтва. 1996. № 12. С. 77-78.
3547 Simakou A. William Yazzie in Belarus // European Review of Native American Studies. 1997. V. 11. № 2. P. 65.
7357 Иванченко М. Индеец навахо в Минске // Первые американцы. 1997. № 2. С. 97-98.
Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.
Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.
Індзейцы , индейцы , Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Алесь Симаков . Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 137].
Час прывёў на Парнас
Дом Валянціна Таўлая наведалі вучні СШ №13 г. Ліды. Для іх была арганізавана экскурсія па экспазіцыі "Час прывёў на Парнас", на якой прадстаўлены матэрыялы пра лідскіх творцаў мастацкага слова. Асноўным акцэнтам для знаёмства з выставачнай залай для сённяшніх наведвальнікаў стаў паэт Віктар Бачароў. Так, майстра прыгожага пісьменства няма сярод нас ужо 20 год, але памяць засталася на доўгі час. Трэба зазначыць, што Віктар Мітрафанавіч працаваў у гэтай жа школе дырэктарам. Настаўнікі памятаюць той перыяд. А вось вучням было цікава аб гэтым даведацца. Яны пазнаёміліся з паэтам праз сабраны пра яго матэрыял - рукапісы, фотаздымкі, кнігі.
Хочацца спадзявацца, што памяць пра паэта, якому 8 лютага споўнілася б 75 год застанецца надоўга. Бо напісанае ж застаецца...
Акрамя таго, вучні даведаліся, што Лідчына - край паэтычны, які аздоблены мастацкімі творамі, якія пранізаны шматлікімі тэмамі, асноўнай з якіх - гэта любоў да Радзімы, да свайго народа.
Такім чынам можа кожны ўпэўніцца, калі наведваецца на экспазіцыю "Час прывёў на Парнас".
Алесь Хітрун.
Намалюем замак разам
У інтэрактыўнай зале Лідскага замка "Цiкавыя рэчы Сярэднявечча" арганізавана мастацкая пляцоўка "Намалюем замак разам". Тут наведвальнікі могуць паўдзельнічаць у калектыўнай творчасці па стварэнні малюнка старадаўняга кастэля. На стале размешчаны ватман з лінейным малюнкам замка. Побач - матэрыялы для творчасці (васковыя крэйды, каляровыя алоўкі) і фатаграфіі Лідскага замка. Падчас малявання госці знаёмяцца з гістарычным мінулым абарончага аб'екта, параўноўваюць яго малюнак з фатаграфіямі, вывучаюць будынак, вонкавы выгляд.
Псіхолагі лічаць, што займацца маляваннем трэба ўсім без выключэння, незалежна ад узросту, наяўнасці таленту і адмысловай адукацыі. Гэты займальны працэс змяншае ўзровень стрэсу, здымае напругу і падымае настрой!
ТК "Культура Лідчыны".