Папярэдняя старонка: 2025

Наша слова.pdf № 09 (165) 


Дадана: 25-02-2025,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 9 (165), 26 лютага 2025 г.

Міжнародны дзень роднай мовы

18-я Агульнанацыянальная дыктоўка

Рэспубліканская дыктоўка да Міжнароднага дня роднай мовы

21 лютага чарговы раз навукоўцы селі за парты, каб разам напісаць дыктоўку па беларускай мове. У 2025 годзе тэму Рэспубліканскай дыктоўкі, прымеркаванай да Міжнароднага дня роднай мовы, прысвяцілі 80-годдзю перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне над нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

Падзея адбылася ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Дыктоўка трансліравалася на канале "Культура" Беларускага радыё і YouTube-канале Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа.

Ва ўступным слове, звяртаючыся да ўдзельнікаў мерапрыемства, Ігар Лявонавіч Капылоў падкрэсліў, што асноўнай мэтай напісання дыктоўкі з'яўляецца не толькі тое, каб кожны ахвотны мог праверыць узровень валодання беларускай мовай, але і дазваляе адчуць яе непаўторны каларыт і самабытнасць, звярнуцца да духоўных каранёў.

Як і летась тэкст быў падрыхтаваны пра Вялікую Айчынную вайну. Па заканчэнні дыктоўкі спецыялістамі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа быў зроблены лінгвістычны аналіз. Удзельнікі праверылі вынікі напісання і абмеркавалі ўласныя памылкі.

Прызамі для тых, хто лепш за ўсё справіўся з заданнем, сталі кнігі на беларускай мове "Традыцыйны светалад беларусаў" (у трох тамах).

Дарэчы, з апошнімі выданнямі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі можна было азнаёміцца на выставе, якую падрыхтавала да мерапрыемства Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі.

ЦНБ імя Якуба Коласа НАН Беларусі.

Максім Рыжанкоў: "Мы нагадваем усяму свету пра багацце і мілагучнасць беларускай мовы"

Беларуская мова вельмі багатая і мілагучная. На гэта звярнуў увагу міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Максім Рыжанкоў на літаратурным вечары "Паэтычныя вобразы Радзімы" з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы ў Доме радыё, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

- У Міжнародны дзень роднай мовы Міністэрства замежных спраў Беларусі традыцыйна не толькі нагадвае ўсяму свету пра багацце і мілагучнасць беларускай мовы, але і запрашае афіцыйных прадстаўнікоў замежных дзяржаў падзяліцца гучаннем сваіх моў, кожная з якіх - цудоўная, непаўторная і, зразумела, найдаражэйшая слыху яе носьбітаў, - падкрэсліў Максім Рыжанкоў.

Максім Рыжанкоў сказаў, што не выпадкова сабраліся ў Доме радыё - у гэтым годзе адзначаецца 100-годдзе Беларускага радыё, якое было і застаецца надзейным партнёрам Міністэрства замежных спраў. "Шчыры дзякуй за плённае супрацоўніцтва, у тым ліку па арганізацыі сённяшняй імпрэзы", - падкрэсліў ён.

Міністр адзначыў: "У Беларусі надаюць вялікую ўвагу захаванню і развіццю беларускай мовы. Гэта каштоўны скарб, які збераглі і перадалі нам у спадчыну пакаленні нашых продкаў - насуперак намаганням розных захопнікаў знішчыць ідэнтычнасць беларусаў, а следам - і нас саміх... Кожны беларус з маленства памятае словы класіка айчыннай літаратуры Францішка Багушэвіча: "Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі", - заўважыў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.

Міністр падзякаваў калегам з дыпламатычных прадстаўніцтваў, якія і сёлета адгукнуліся на запрашэнне агучыць радкі выдатных паэтаў сваіх краін.

- Упэўнены, што ўсе мы атрымаем сапраўднае задавальненне ад гэтага паэтычнага свята моўнай разнастайнасці. Дазвольце пажадаць усім у першую чаргу міру - вам, вашым сем'ям, сваякам і сябрам, усім нашым народам, - адзначыў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.

Максім Рыжанкоў прачытаў верш Петруся Броўкі "Не трэба вайны":

Мы дзеці вялікай і мужнай зямлі,

Мы з думай аб міры і шчасці ўзраслі,

Мы хочам зямлю даглядаць, засяваць,

Мы хочам свае гарады будаваць,


Мы хочам, каб кожны ў радасці жыў,

Каб кожны дзяцей гадаваў і вучыў,

Мы клічам на свеце з'яднацца сяброў,

Каб полымя бойкі не ўспыхнула зноў.

У сваю чаргу пасол В'етнама адзначыў, што "абарона роднай мовы абазначае абарону культурнай ідэнтычнасці кожнай нацыі".

А пасол Таджыкістана пра паэтычную сустрэчу да Дня роднай мовы заўважыў: "Гэта садзейнічае духоўнаму збліжэнню народаў".

Кар.БЕЛТА. Фота Таццяны Матусевiч.

Ірына Акуловіч: "Шанаваць і любіць мову - патрэба кожнага беларуса"

Шанаваць і любіць мову - патрэба кожнага беларуса. Такой думкай з журналістамі падзялілася генеральны дырэктар Беларускага тэлеграфнага агенцтва Ірына Акуловіч падчас урачыстага мерапрыемства ў Міжнародны дзень роднай мовы ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

- Гэта вельмі прыгожая творчая імпрэза, неабходная нам усім. Мова - гэта душа народа, культура, традыцыі, гэта мы. Таму любіць яе, шанаваць, безумоўна, - патрэба кожнага беларуса, - сказала Ірына Акуловіч.

Сёння на купалаўскай сцэне генеральны дырэктар БЕЛТА выступіла з вершам Яўгеніі Янішчыц "Непрыручаная птушка". Верш гэтай жа аўтаркі яна дэкламавала, дарэчы, і ў мінулым годзе на падобнай імпрэзе. Увогуле ў сям'і Ірыны Акуловіч чытаюць родную літаратуру, а любімая калыханка - беларускамоўная.

Што датычыцца дзейнасці інфармацыйнага агенцтва, Ірына Акуловіч расказала, што ў 90-я гады, адразу пасля запуску сайта БЕЛТА, пачала працаваць яго беларускамоўная версія. "І калі раней гэта было 30-40 навін у дзень, то цяпер - больш за сто навін. Мы перакладаем на беларускую мову ўсе творчыя, прыгожыя праекты, напрыклад "Беларусы ў кадры". Людзей, якія заходзяць на беларускамоўную версію сайта, становіцца ўсё больш. Мы бачым, што гэта патрэбна, цікава. Гэта тое, што сёння важна нашаму грамадству, каб адчуваць сябе беларусамі", - падкрэсліла яна.

БЕЛТА.

Вольга Шпілеўская: "Беларуская мова адрознівае нас ад іншых нацый, таму мы абавязаны яе захаваць"

Беларуская мова адрознівае нас ад іншых нацый, таму мы абавязаны яе захаваць. Такім меркаваннем падзялілася з журналістамі старшыня БСЖ Вольга Шпілеўская ў час урачыстага мерапрыемства да Міжнароднага дня роднай мовы ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

- Трэці год запар у сэрцы Мінска - у Купалаўскім тэатры - мы збіраемся, каб гучала беларуская мова. Гэта добрая традыцыя Беларускага саюза жанчын з'явілася не з ніадкуль. Сёння мы адзначаем Дзень роднай мовы, і лагічна, што мы чытаем вершы па-беларуску. Мы заўсёды з хваляваннем ставімся да гэтага мерапрыемства. Сюды прыязджаюць з усёй Беларусі і на адной сцэне чытаюць і простыя людзі, і міністры, і іншыя службовыя асобы. Мова - гэта тое, што адрознівае нас ад іншых нацый, таму мы абавязаны яе захаваць, - сказала Вольга Шпілеўская.

Яна падкрэсліла, што ўсе ўдзельнікі выбралі тыя творы, якія кранулі іх душу. Сама Вольга Шпілеўская на гэты раз будзе здзіўляць вершам Кандрата Крапівы - у памяць пра бабулю, якой ужо 25 гадоў няма на гэтай зямлі.

- Бабуля была звычайнай вясковай жанчынай, якая выгадавала семярых дзяцей. І ў нас была такая добрая традыцыя: калі мы збіраліся ўсе разам, то ўнукі прасілі бабулю пачытаць. Бабуля не атрымала адукацыі, але чытаць навучылася якраз па зборніку Кандрата Крапівы. Я ўпэўнена, што яна мяне пачуе і там, - рэзюмавала Вольга Шпілеўская.

БЕЛТА.

Купалаўская дыктоўка аб'яднала ўсіх, хто захапляецца мілагучнасцю беларускай мовы

21 лютага ў Беларусі адзначаўся Дзень роднай мовы. Традыцыйная Купалаўская дыктоўка аб'яднала ў адзінай думцы, дакрануцца да мілагучнага роднага слова ўсіх, хто неабыякава ставіцца да мовы нашых продкаў. У Гародні напісалі агульную дыктоўку.

Напрыканцы лютага ва ўстановах адукацыі, калектывах на прадпрыемствах і, нават, у крамах вакол магчыма пачуць беларускую мову. Больш таго, гэтае свята прынята адзначаць па-асабліваму, каб кожны ахвотны меў магчымасць далучыцца да агульнай рэспубліканскай дыктоўкі. Ва ўніверсітэце імя Янкі Купалы гэтую ініцыятыву падтрымліваюць ужо сёмы год, і ахвочых паўдзельнічаць у такой дыктоўцы вялікая колькасць. Мерапрыемства стала важнай часткай праграмы святкавання 85-годдзя з Дня заснавання ўніверсітэта.

Асаблівасцю гэтага года стала тое, што сёлета ў галоўным корпусе ўніверсітэта тэкст чытала рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы, доктар гістарычных навук Ірына Кітурка.

Гэты нечаканы і прыемны сюрпрыз стаў асаблівым момантам для ўсіх удзельнікаў, падкрэсліўшы важнасць беларускай мовы і адукацыі ў жыцці універсітэцкай супольнасці.

"Купалаўская дыктоўка" - гэта не толькі праверка ведаў, але і магчымасць папулярызаваць беларускую мову, умацоўваючы культурную і моўную ідэнтычнасць.

Гэтая ініцыятыва стала яшчэ адным крокам у падтрымку беларускай культуры і мовы ў сценах універсітэта.

Кожны год тэкст дыктоўкі розны, тэматычны. На гэты раз - вершаваны твор Міколы Чарняўскага "За ўсё ўдзячны ім", лірычныя радкі якога прысвечаны 80-годдзю Вялікай Перамогі.

- Бяруць удзел у гэтым мерапрыемстве, у гэтай акцыі ўсе нашы студэнты, якія праходзяць навучанне ў першую змену, прыходзяць і тыя, хто вучацца і ў другую змену, ва ўсіх карпусах нашага ўніверсітэта, у каледжах, яны падлучаюцца анлайн. Да нас далучыліся 12 дыпмісій з 12 розных краін, нашых дыпмісій пасольстваў Беларусі ў розных краінах, за што мы ім вельмі ўдзячныя. І акрамя гэтага нашы сябры, нашы калегі з Масквы з іншых універсітэтаў нашых партнёраў, - адзначыла Ірына Кітурка.

Павел Вайцяховіч, студэнт універсітэта:

- Я з'яўляюся студэнтам Беларускай філагогіі другога курса, таму беларуская мова з'яўляецца неад'емнай часткай майго жыцця. Няма беларуса, які не ведае беларускай мовы, гэта немагчыма. Беларус павінен ведаць беларускую мову, ён хоча, ён размаўляе, ён жыве гэтай мовай. Я, як прадстаўнік моладзі, канешне, працягваю гэтую тэндэнцыю, каб захаваць беларускую мову і каб яна не страчвалася.

Да напісання дыктоўкі акрамя 12 беларускіх дыпламатычных прадстаўніцтваў далучыліся таксама 10 універсітэтаў краін бліжняга і дальняга замежжа.

В. Чабярака.

"Купалаўская дыктоўка" ў Пасольстве Беларусі ў В'етнаме

21 лютага 2025 г., у дзень Міжнароднага дня роднай мовы, Амбасадар Уладзімір Баравікоў, працаўнікі Пасольства і чальцы іх сем'яў, а таксама грамадзяне В'етнама, якія жылі і вучыліся ў Беларусі, прынялі ўдзел у штогадовай акцыі "Купалаўская дыктоўка", арганізаванай Гарадзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы. Абраны для напісання дыктоўкі верш Мікалая Чарняўскага "За ўсё ўдзячны ім" прысвечаны памяці герояў, якія аддалі сваё жыццё за волю і незалежнасць Радзімы ў Вялікай Айчыннай вайне, што асабліва сімвалічна ў год 80-годдзя Вялікай Перамогі. Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі і народа, таму што няма народа без мовы, як няма мовы без яго носьбіта. Мерапрыемства адлюстравала важнасць ведаў гісторыі і павагі мовы сваёй краіны для кожнага чалавека.

"Купалаўская дыктоўка" ў Пасольстве Беларусі ў Казахстане

21 лютага 2025 г. Амбасадар Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Казахстан Аляксей Багданаў сумесна з супрацоўнікамі Пасольства прыняў удзел у акцыі "Купалаўская дыктоўка", якая праводзілася Гарадзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы Акцыя прымеркавана да Міжнароднага дня роднай мовы, зацверджанага Генеральнай канферэнцыяй ЮНЭСКА ў лістападзе 1999 г. Галоўная мэта - захаванне моўнай і культурнай разнастайнасці ў свеце, падтрымка нацыянальных моў і культур, а таксама забеспячэнне права кожнага грамадзяніна карыстацца роднай мовай.

Родная мова для пераважнай большасці беларусаў - беларуская. Яна выступае не толькі ў якасці сродку камунікацыі, але і з'яўляецца адным з найважнейшых складнікаў культурнага кода беларускай нацыі, знакам нацыянальнай самасвядомасці, падмуркам ідэнтыфікацыі і гістарычнай памяці. Дыпламаты Пасольства атрымалі пазітыўны настрой, выказалі разам з усімі з удзельнікамі акцыі любоў і павагу да беларускай мовы, унеслі ўклад у папулярызацыю самага выбітнага знака беларускай дзяржаўнасці - роднай мовы.

Дыктоўка ў Лідскім райвыканкаме

Дзень роднай мовы - усе на дыктоўку! І не важна, што школу скончылі пяць, а хто і 25 гадоў таму

У Міжнародны дзень роднай мовы агульнанацыянальнае мерапрыемства - напісанне ўсебеларускай дыктоўкі - аб'яднала лідскіх дзяржаўных службоўцаў. Работнікі райвыканкама, акунуўшыся ў прыгажосць беларускай мовы, прайшлі праверку ведаў.

Тэкст быў даволі складаны: "Сустрэча з ворагам" Якуба Коласа, на 187 слоў. Памылкі былі, але мала. Сярод калектыву нават знайшліся і тыя, хто не зрабіў аніводнай!

Напісанне агульнанацыянальнай дыктоўкі - гэта не столькі праверка арфаграфічных здольнасцей, колькі дэманстрацыя павагі да сваёй роднай мовы. Дзякуй настаўніцы Галіне Велькашынскай, якая правяла гэты імправізаваны ўрок.

ТК "Культура Лідчыны".

Такія знаёмыя назвы і словы, такая цудоўная родная мова

Родная мова - гэта частка нашага культурнага і духоўнага багацця, яна фарміруе нашу самасвядомасць і адрознівае нас ад іншых народаў.

Людзі не могуць існаваць без мовы. З яе дапамогай пазнаюць навакольны свет, выказваюць свае думкі, пачуцці, перажыванні, дзеляцца вопытам працоўнай дзейнасці. Ні авалодваць ведамі, ні нават думаць нельга без мовы, якая дазваляе нам чытаць і разумець кнігі, слухаць і засвойваць тое, што гавораць іншыя, размаўляць і абменьвацца думкамі з сябрамі, бацькамі, настаўнікамі, знаёмымі і незнаёмымі.

Беларуская мова мае багатыя гістарычныя карані і ўзбагачаецца новымі словамі і выразамі. Наша мова служыць крыніцай нацыянальнай ідэнтычнасці і культурных традыцый.

21 лютага святкуюць Міжнародны дзень роднай мовы. Штогод філіялы ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Я. Купалы" ўрачыста сустракаюць гэты святочны дзень.

"Далучыся да роднага слова" - пад такой назвай прайшла гадзіна беларускай мовы ў філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 1". Удзельнікамі мерапрыемства былі вучні 3-х класаў ДУА "Сярэдняя школа № 17 г. Ліды", а таксама лідскі дзіцячы паэт Канстанцін Іосіфавіч Якубчык. Дзеці ўважліва слухалі вершы паэта, адгадвалі загадкі, расказвалі прыказкі і прымаўкі, удзельнічалі ў віктарынах, здзейснілі падарожжа ў гісторыю Міжнароднага дня роднай мовы. Асаблівую ўвагу наведвальнікаў вядоўца звярнула на кніжную выставу пад назвай "З легендаў і казак... ты выткана, родная мова", якая раскрыла юным чытачам асаблівасці беларускай мовы і яе паходжанне.

У філіяле "Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка" вучні ДУА "СШ № 16 г. Ліды" пабывалі на літаратурным куфэрку "Краіна беларускага слова". Дзеці пазнаёміліся со словам "казка", даведаліся, якія жанры казак бываюць. Хлопчыкі і дзяўчынкі называлі беларускія творы, якія ўжо чыталі і актыўна праявілі сябя ў гульнях "Беларускія скараговоркі", "Перакладчыкі" і "Жыхары лесу Беларусі".

Да Дня роднай мовы ў філіяле "Дзітвянская сельская бібліятэка" была наладжана інтэлектуальная гульня "Слова роднае, жывое, гаворкае!". Дзеці, удзельнікі гульні, адгадвалі па прыкметах і называлі прадметы, з'явы, жывых істот на беларускай мове. Далей гульня працягнулася цікавымі конкурсамі - "Перакладчык", "Тлумачым", "Беларускія прыказкі" і інш. Гульнявое мерапрыемства прайшло з карысцю - дапамагло замацаваць веды дзяцей аб мове, пашырыла слоўнікавы запас і паказала разнастайнасць і багацце роднай мовы.

У філіял "Лідская гарадская бібліятэка № 2" былі запрошаны ўдзельнікі клуба "Буслік" на інтэлектуальную гульню "Чароўная скарбонка роднага слова!", прысвечаную Міжнароднаму дню роднай мовы. Навучэнцы пазнаёміліся з гісторыяй свята, праверылі свае веды па культуры, гісторыі і літаратуры Беларусі, адказваючы на пытанні віктарыны; прымалі ўдзел у конкурсе "Працягні прымаўку", дзе павінны былі назваць працяг, а таксама патлучамыць сэнс прымаўкі.

У Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы прайшла 18-я Агульнанацыянальная дыктоўка. Музычны сімвал суверэннай Беларусі - Дзяржаўны гімн - сёння ўспрымаецца як нешта велічнае і непарушнае. Менавіта ён стаў пачаткам мерапрыемства.

Удзел у дыктоўцы прынялі студэнты Лідскага каледжа УА ГрДзУ імя Янкі Купалы, чытачы і супрацоўнікі бібліятэкі. Агульнанацыянальная дыктоўка "Гучы, роднае слова!", якую правяла намеснік дырэктара раённай бібліятэкі Алена Быстрыцкая, была прысвечана знакавай падзеі 2025 года для г. Ліды - ХХХІІ Дню беларускага пісьментва. Тэкстам для напісання стаў урывак з твора Анатоля Клышкі "Як да нас прыйшла кніга". Прыемна адзначыць, што ўсе удзельнікі мерапрыемства паказалі моцныя веды. Да ўвагі прысутных была падрыхтавана кніжная выстава "Слова да слова - будзе мова".

Для людзей пажылога ўзросту супрацоўнікі Лідскай раённай бібліятэкі імя Я. Купалы ладзілі конкурс чытачоў твораў на беларускай мове "Роднай мовы пералівы". Госці атрымалі лісты з надрукаваным тэкстам на беларускай мове з баек пісьменнікаў Кандрата Крапівы і Янкі Купалы, бо жанр байкі найбольш блізка адлюстроўвае нашу мову.

21 лютага ў філіяле "Інтэграваная бібліятэка аг. Бердаўка" адбылася вечарына "Старонкi з моўнай скарбонкi". На пачатку бібліятэкар расказала пра гісторыю ўзнікнення свята мовы. Падчас вечарыны прагучала шмат вершаў пра беларускую мову, дзецi пазнаёміліся з кнігамі беларускіх пісьменнікаў, якiя былi прадстаўлены на кніжнай выставе "Шчырая, лагодная, мова наша родная...". У завяршэнні мерапрыемства прагучалі заключныя і важныя словы, што беларуская мова заслугоўвае таго, каб яе любілі, ганарыліся ёю і размаўлялі.

Філіял "Інтэграваная бібліятэка аг. Гуды" арганізаваў дыктоўку па беларускай мове да гэтага святочнага дня. Тэкстам для напісання быў абраны ўрывак з твора А. Асіпенкі "Першае заданне".

Як добра мы ведаем нашу мову паказаў інтэлектуальны турнір "Мова - крыніца ўсёй прыгажосці", які правялі ў філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 4". На мерапрыемства былі запрошаны вучні 6 класаў ГУА "Сярэдняя школа № 11 г. Ліды". Турнір складаўся з некалькіх заданняў. Вучні чыталі вершы пра мову, дапаўнялі незакончаныя прыказкі, выконвалі заданне "Эрудыты-мовазнаўцы". Самым цікавым было заданне "Перакладчыкі", дзе было прапанавана перакласці тэкст з рускай на беларускую мову. Некаторыя словы перакладалі ўсе разам, выказваючы свае меркаванні. Вучням было цікава адгадваць беларускія загадкі, разважаць аб тым, што такое Радзіма, узгадваць ветлівыя словы на роднай мове, слухаць вершы беларускіх пісьменнікаў.

Адзначылі Дзень роднай мовы і ў Крупаўскай бібліятэцы.

Да Міжнароднага дня роднай мовы ў філіяле Лідская гарадская бібліятэка № 6 імя В. Таўлая" была праведзена дыктоўка "Мова - вялікі народны скарб". На свята роднай мовы завіталі людзі розных прафесій і ўзросту, шмат было людзей, якія скончылі школу сорак і больш гадоў таму. Для прысутных у гэтым годзе была прапанавана дыктоўка - урывак з кнігі А. Клышкі "Францыск Скарына, альбо як да нас прыйшла кніга". Усе вельмі добра яе напісалі. Удзельнікі мерапрыемства чыталі вершы на роднай мове.

Пакуль беларускае слова будзе гучаць ад матчынай калыскі з вуснаў тых, хто ідзе ўслед за намі, наша мова будзе жыць. "Размаўляць па беларуску - гэта сучасна, стыльна і модна" - у філіяле "Інтэграваная бібліятэка аг. Тарнова" прайшла літаратурная хваля да дня беларускай мовы з вучнямі старэйшых класаў мясцовай школы. Падчас мерапрыемства была праведзена літаратурная віктарына.

22 лютага 18-ю Агульнанацыянальную дыктоўку пісалі ў Мінойтаўскай бібліятэцы. Мінойты слаўныя тым, што гэта быў другі населены пункт Лідчыны, дзе пачалі пісаць Агульнанацыянальныя дыктоўкі. Сёлета тут пісалі тэкст Бярозкінай Н. Ю. "Гісторыя кнігадрукавання Беларусі (XVI-пачатак ХХ ст.)". Традыцйна ўжо дыктоўку чытала Марыя Арцёмаўна Бойка. У мастацкай частцы гучалі вершы Станіслава Судніка, байка ад тэатра "Бераг", загадкі ад Марыі Міхайлаўны Халявінскай.

Гэта толькі частка цікавых, пазнавальных мерапрыемстваў ушанавання самай мілагучнай мовы - беларускай. Свая мова - найлепшая ў свеце! Любіце, шануйце, размаўляйце!

Бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы Сандакова К.С.

Івану Навуменку - 100 гадоў

16 лютага народнаму пісьменніку Беларусі, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа, прэміі імя Ленінскага камсамола Беларусі, заслужанаму дзеячу навукі Беларусі, акадэміку Івану Навуменку споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння.

Іван Навуменка - прызнаны майстар лірычнай прозы, мастак-рамантык, захоплены прыгажосцю навакольнага свету, а яго творчасць грунтуецца на ўласна перажытым, аўтабіяграфічным.

Нарадзіўся будучы пісьменнік 16 лютага 1925 года ў мястэчку Васілевічы Рэчыцкага раёна, што на Гомельшчыне, у сям'і чыгуначніка. У школе будучаму пісьменніку лёгка даваліся ўсе прадметы (восьмы і дзявяты класы ён скончыў за адзін год), але найбольш любіў літаратуру.

Калі пачалася вайна, юнаку ішоў сямнаццаты год. Івану, як і яго равеснікам, не давялося здаваць школьныя экзамены. Лёс падрыхтаваў для юнакоў драматычныя іспыты ваенным ліхалеццем. Будучы пісьменнік прымаў актыўны ўдзел у падпольнай барацьбе супраць акупантаў, потым стаў партызанам, змагаўся ў разведвальна-дыверсійнай групе. Ён удзельнічаў у вызваленні роднага мястэчка, а ў 1943 годзе быў прызваны ў армію. Ваяваў на Ленінградскім і Першым Украінскім франтах, у Карэліі, ва Усходняй Прусіі і Сілезіі. На фронце быў старшыной роты разведкі.

Пасля дэмабілізацыі ў 1945 годзе Іван Навуменка працаваў у васілевіцкай раённай газеце "Сацыялістычная праца", потым - карэспандэнтам мазырскай абласной газеты "Бальшавік Палесся", а затым, пераехаўшы ў Менск у пачатку 1950-х гадоў, - у вядомай рэспубліканскай газеце "Звязда". З 1953 года загадваў аддзелам прозы часопіса "Маладосць" і адначасова вучыўся завочна на філалагічным факультэце БДУ, затым - у аспірантуры.

З 1958 года Іван Навуменка працаваў выкладчыкам, дацэнтам, прафесарам і загадчыкам кафедры беларускай літаратуры таго ж універсітэта. У 1973 годзе ён стаў дырэктарам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР, з 1982-га - яе віцэ-прэзідэнтам, з 1992-га - саветнікам прэзідыума НАН Беларусі. З 1985 па 1990 год Іван Навуменка быў старшынём Вярхоўнага Савета Беларусі 11-га склікання.

У друку творы Івана Навуменкі з'явіліся яшчэ да вайны. У 1946 годзе абласныя і рэспубліканскія выданні ахвотна змяшчалі нарысы, фельетоны, вершы маладога аўтара. Першыя апавяданні з'явіліся ў 1955 годзе ў часопісе "Маладосць". У 1957 годзе ўбачыла свет першая кніга Івана Навуменкі - "Сямнаццатай вясной". У ранняй творчасці Іван Навуменкі адлюстраваны лёс юнакоў у перадваенны і ваенны час. Творы пісьменніка вылучаюцца мяккім лірызмам, майстэрствам выкарыстання мастацкай дэталі, лёгкім гумарам, глыбокім пранікненнем ва ўнутраны свет герояў.

Паступова аўтар пераходзіў да напісання твораў буйнейшых жанраў: у 1959 годзе выйшла аповесць "Вайна каля Цітавай копанкі", у 1960-м - аповесць "Бульба". Неўзабаве чытачы атрымалі раманы Івана Навуменкі "Сасна пры дарозе" (1962), "Вецер у соснах" (1967) і "Сорак трэці" (1974), якія склалі трылогію пра змаганне маладых беларускіх патрыётаў супраць фашысцкіх акупантаў і прынеслі празаіку шырокую вядомасць.

Іван Навуменка з'яўляецца не толькі прызнаным пісьменнікам, але і аўтарытэтным вучоным у галіне літаратуразнаўства. Ён аўтар даследаванняў "Якуб Колас: нарыс жыцця і творчасці", "Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч", "Змітрок Бядуля", "Максім Багдановіч" і іншых. За кнігі "Янка Купала: духоўны воблік героя" і "Якуб Колас: духоўны воблік героя" ў 1972 годзе даследчыку літаратуры прысуджана Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Якуба Коласа. У 1995 годзе Івану Навуменку прысвоена званне Народнага пісьменніка Беларусі.

Памёр пісьменнік 17 снежня 2006 года, пахаваны на Кальварыйскіх могілках у Менску. Імя Івана Навуменкі прысвоена адной са сталічных вуліц, у 2011 годзе ў памяць пра народнага пісьменніка адкрыта мемарыяльная дошка на доме № 36 па вуліцы Карла Маркса ў Менску, выпушчана паштовая марка.

Паводле СМІ.

90 гадоў з дня нараджэння Рыгора Барадуліна

24 лютага 1935, на хутары Верасоўка цяперашняга Ушацкага раёна Віцебскай вобласці нарадзіўся Рыгор Іванавіч Барадулін - вядомы таксама як Дзядзька Рыгор - беларускі і савецкі паэт, эсэіст і перакладчык. Народны паэт Беларусі. Вучыўся ва Ушацкай школе, на філалагічным факультэце БДУ.

Працаваў у журналістыцы Беларусі. Выдавецтву "Мастацкая літаратура" аддаў больш за дваццаць гадоў.

Аўтар больш чым сотні выдадзеных зборнікаў паэзіі, крытычных артыкулаў, эсэ, перакладаў. Песні на словы Рыгора Барадуліна напісалі беларускія кампазітары.

На працягу ўсяго жыцця выступаў супраць русіфікацыі беларускага насельніцтва ў БССР, негатыўна ўспрымаў працяг гэтага працэсу ў незалежнай Беларусі, прытрымліваўся ідэі цалкам беларускамоўнай Беларусі.

Барадулін: "Усё жыццё абапіраўся на беларускую мову, мова - гэта мая апора. Цяпер чую ў натоўпе беларускую мову дужа рэдка, ці ад старых людзей, ці ад тых, што з вёскі прыехалі. Радасна, калі ад моладзі чую, значыць, нейкая перспектыва яшчэ ёсць. Хаця паўсюль цяпер ідзе ўдушэнне беларускай мовы - такое ўражанне, што пятлю ўжо накінулі, але не да канца зацягнулі. Іншым часам нават здаецца, што было б лепш, каб мову забаранілі зусім, - можа, тады б пачалася зваротная рэакцыя. Улада зрабіла выгляд, быццам праблемы такой няма. Але няма праблемы - няма і мовы. Такія адносіны…

Хацеў бы каб усе беларусы гаварылі па-беларуску, каб любілі сваю мову, беларускую паэзію, каб беларуская мова гучала шырока".

Калекцыяніраваў сланоў і чарапах.

Узнагароджаны ордэнамі Дружбы народаў, Знак Пашаны, латвійскім ордэнам Трох Зорак, медалём Францыска Скарыны. Ганаровы доктар БДУ і ганаровы грамадзянін Ушацкага раёна. Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола, Дзяржаўнай прэміі Янкі Купалы.

Памёр у Менску 2 сакавіка 2014 (79 гадоў), быў адпеты ў Чырвоным Касцёле у грэка-каталіцкім (уніяцкім) і рымска-каталіцкім абрадах (Рыгор Барадулін вызнаваў сябе як уніята, ахрышчаны быў у рыма-каталіцтве).

Пахаваны ва Ушачах у беларускай народнай вышытай кашулі побач з магілай мамы, як таго і жадаў паэт пры жыцці. Запячатванне магілы зрабіў апостальскі візітатар для уніятаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

У Менску усталявана памятная дошка на доме, дзе жыў паэт.

Паводле СМІ.

Некалькі гадоў маёй маладосці ў Вільні (1818-1825) 1

Станіслаў Мараўскі

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Чаму гэта было прынята тады так адмоўна ўсімі і моцна запала ў сэрцы, і чаму сёння ніхто ні на цалю не варухнецца супраць тысяч такіх жа ўчынкаў? Прызвычаіліся да ліха, сораму і жаху. Да таго, чаго раней не было.

Я сам, калі пішу гэтыя радкі, прайграў у Сенаце найважнейшую справу супраць зяцёў Станіслава Карвіцкага40, багатага абшарніка з-пад Жытоміра, які кожнай з сваіх дачок пакінуў у пасаг па мільёну. Адна з іх выйшла замуж за Златніцкага, другая за Мадэйскага. А сам Карвіцкі быў зняволены ў парыжскім кляштары св. Пелагеі за даўгі і выкуплены праз літасць майго дзядзькі за 2000 дукатаў. Частку грошай Карвіцкі выплаціў, на рэшту ў 1300 злотых выдаў распіску і занёс яе ў акты, заплаціць павінен быў, калі вернецца дахаты. Але неўзабаве заняўся палітыкай і быў сасланы жаўнерам у Сібір, дзе і памёр. Дочкі і зяці перанялі яго маёнткі і не захацелі плаціць мне па асабістых абавязацельствах свайго бацькі і цесця, хоць я ў Францыі і ў Расіі з'яўляўся афіцыйным спадчыннікам свайго дзядзькі. Яны адхілялі ўсе мае прапановы. Абавязацельствы хоць і былі падпісаны іх бацькам, але не былі своечасова актывізаваны ў Расіі. І я прайграў гэты суд і нават яшчэ заплаціў 400 рублёў срэбрам за неправамерную скаргу ў Сенат. Я не вінавачу ўрад, бо ён прытрымліваецца літары закону, але тым зладзеям, якія раней распачалі б падобную справу, далі б ў пысу і плюнулі б ім у вочы. Яшчэ дзесяць гадоў таму ніхто з сумленнай шляхты ў знак пагарды не загаварыў бы з імі. Сёння яны абодва - маршалкі сваіх паветаў і кіруюць шляхтай, яны - перлы, яны - узор, ім зайздросціць усё грамадства! Сёння мы sic itur ad astra (лац. "ідзём да зорак". - Л. Л.)

Патрыятызм, рэлігія, гонар, узвышанае каханне, лютае стаўленне да злоўжыванняў, гарачая абарона правоў чалавека, былі тым маятнікам, які прыводзіў у рух папярэднія стагоддзі. Сёння галоўнай спружынай гэтага руху ёсць грошы. Як-небудзь вырваць грошы з рук суседа цяпер лічыцца вялікай годнасцю. І калі ў гэтым брудным тыглі, які сёння мы называем цывілізаваным светам, бачыш цень нейкага нематэрыяльнага пачуцця, дык знаходзіш толькі зайздрасць лайдакоў і нягоднікаў да кожнага, хто ашчаднасцю і працай мае кавалак хлеба для сябе і дзяцей! Знаходзіш толькі зайздрасць невука і асла да чалавека, які цяжкай працай здабывае свае веды! Але можа быць, усе яны толькі нікчэмныя і подлыя ілоты, якія па-свойму працуюць для шчасця будучых пакаленняў Спарты?

Дадаткі

4. Дзед Антонія Храпавіцкага Яўстах быў літоўскім існтыгатарам і паводле звычаю і па закону, перадаў сваю дыгнітарскую пасаду свайму сыну Юзафу, які потым, у часы Кацярыны ІІ, быў маршалкам Полацкай губерні.

Пасля ўступлення Напалеона ў Літву ў 1812 г., Антоні Храпавіцкі быў адным з той бліскучай моладзі, якая ахвотна ўзялася за свой кошт набіраць літоўскія палкі. […] Храпавіцкі павінен быў выставіць полк жандараў і быў прызначаны яго палкоўнікам. Розныя акалічнасці перашкодзілі цалкам ажыццявіць гэтыя высакародныя намеры. Але з тымі, каго сабраў пад сваю харугву, рушыў услед за адступаючым войскам Напалеона і толькі пад Ляйпцыгам трапіў ў палон і так быў вымушаны пакінуць імператара Напалеона. Потым яго абралі прэзідэнтам Галоўнага крымінальнага суда Віленскай губерні, потым стаў прэзідэнтам Віленскага дабрачыннага таварыства і пакінуў яго ў добрым стане, бо праз забавы і тэатры заахвочваў жыхароў Вільні і Віленшчыны падтрымліваць бедных, якім патрэбная дапамога.

Палац у Коўні, ужо тры чвэрці стагоддзя вядомы ў народзе як палац Храпавіцкіх, быў пастаўлены і аздоблены ў гэтым горадзе праз гандаль і багацце прабабкі Антонія Храпавіцкага, Шчытовай, у другім шлюбе Сыруцёвай. Здаецца, ён складаўся з некалькіх асобных будынкаў, набытых разам, каб пабудаваць палац і не меў нават найменшых прыкмет якой-небудзь шляхетнай архітэктуры, але ўражваў вялікімі, як для Коўні, памерамі. Унутры палац быў багата аздоблены. Прыгожыя, драўляныя панелі, падлога з кафлянай узорчатай пліткі і шмат іншых упрыгожанняў якія за паўстагоддзя перажылі ўсе разбуральныя перыпетыі. Ні шпіталі расійцаў, ні сваволя французаў, не здолелі пазбавіць яго ўсіх слядоў былой велічы. У гэтым палацы, хоць ён і шмат гадоў пуставаў і руйнаваўся да 1843 г., калі я яго бачыў, і да сённяшняга дня, калі гэты будынак спешна аднавілі ўнутры, мелася вялізная бальная зала, якую ў народзе называлі парцалянавай. Яе сцены выкладзены квадратнай кафлянай пліткай белага колеру, пасаджанай на тынкоўку, з малюнкам блакітнага пейзажу на кожнай плітцы.

5. Ці чулі вы, хоць бы дзеля жарту, што ёсць на свеце Езна? Але ж тут стаіць палац Антонія Паца, пісара ВКЛ, з-за Пацаў мы маем прымаўку: "Варты Пац палаца, а палац Паца" 41.

Гэты сапраўдны гмах прыцягвае ўвагу не прыгажосцю пабудовы, не вытанчанасцю абрысаў, бо пабудаваны па-за стылямі, але сваёй велізарнасцю. Пажар, які адбыўся ў 1837 г. цалкам знішчыў рэзідэнцыю магната якая трыццаць гадоў да гэтага стаяла занядбанай і напаўзакінутай. Пажар знішчыў увесь корпус палаца разам з яго аздобамі. З гэтага часу ён стаў падобны на руіны. Ацалелі толькі павільёны, два паверхі аднаго з іх сёння заселены. З гэтага павільёна бачны бліскучы крышталь возера, якое яшчэ нядаўна было багатае на смачную рыбу. Не бракуе пра гэты палац розных расказаў і баек.

Напрыклад, у першай гісторыі, пад якой прысягнулі б многія тутэйшыя жыхары і якая законна можа лічыцца галоўнай, расказваецца, што калі Пац будаваў гмах, ён патаемна замураваў дзесьці ў ім сто тысяч дукатаў і перад смерцю расказаў пра гэта спадчыннікам - каб пры ўпадку і збяднення фаміліі яны зламалі палац, выкарысталі грошы для падтрымкі сям'і і прывялі яе да новай славы.

Кажуць таксама, што гэты палац першапачаткова задумваўся як сапраўдны велізарных памераў каляндар. Меў 365 вокнаў з адным, так званым валовым вокам на высакосны год. Уваход у яго нібыта быў праз дванаццаць брам, а пяцьдзесят двое дзвярэй павінны былі спрыяць камфортнаму жыццю. Калі пачаць лічыць вокны, дык магчыма і можна налічыць іх неабходную колькасць, але дванаццаці брам няма і не было.

Ёсць яшчэ цалкам гістарычнае паданне, якое сведчыць пра сумную распуснасць нашых магнатаў, якіх не каралі закон і моц цвёрдай выканаўчай улады. Апавядаецца, што Пац спяшаўся будаваць свой палац, жадаў як мага хутчэй убачыць яго гатовым і таму паўсюдна шукаў рабочых. Праз Езну ў той час праходзіў Прэнскі гасцінец, адзін з галоўных у ВКЛ. І хцівы на рабочых Пац, які яшчэ быў ковенскім старастам, загадаў бязбожна, самавольна і злачынна лапаць падарожнікаў - купцоў, яўрэяў, сялян і нават бедную шляхту, якія ехалі гасцінцам. Закоўваць іх у кайданы і прымушаць не менш чым тры тыдні працаваць мулярамі, ці цягаць цэглу і жвір з цагельні як у фараонаў. Шмат пакутнікаў загінула з-за прыніжэння, адчаю і цяжкай працы. І таму ў народзе жыло павер'е, што душы гэтых ахвяр увесь час стогнуць у палацы.

І сапраўды, калідораў і праходаў тут было столькі, што пры найменшым ветры стаяў жудасны свіст і лямант, што і нарадзіла байкі.

Яшчэ ўсе мясцовыя расказваюць, што Пац за булку хлеба купіў у шляхціца з Шулянаў валоку сасновага лесу, які атрымаў назву Шулянскі бор.

Калі прысутнасць манархаў у дамах прыватных асоб робіць такія дамы гістарычнымі, дык палац у Езне можа ганарыцца двухразовым хуткацечным побытам цара Аляксандра І. […]


6. Лісты павінны былі мець дату ўверсе і пачынацца са слоў: "Найласкавейшы Ойча, Найасаблівейшы Дабрадзей" і заканчвацца: "Застаюся, з глыбокай пашанай, вашым самым ласкавым сынам і ніжэйшым слугой". Калі б, крый Божа, у лістах гэтага не было, мой бацька, добра надраў бы мне вушы і вярнуў бы перапісаць лісты. Нягледзячы на тое, што гэта можа здавацца дзіўным і смешным, але ў ранейшыя часы пачатак і канец ліста меў вялікую вагу. Лічылася, што гжэчнасці тут ніколі не можа быць зашмат. І нават у наш час я быў сведкам спрэчак якія даходзілі ажно да ўзроўню міністра, аб тым, што трэба пісаць у канцы ліста.

Яшчэ ў маладосці адзін з маіх сяброў, закончыўшы ўніверсітэт у Вільні, паехаў за мяжу, каб прадставіцца тагачаснаму куратару ўніверсітэта князю Адаму Чартарыскаму. Па сваім звычаі князь у Пулавах прыняў яго вельмі прыязна і пакінуў гасцяваць на тры тыдні. За гэты час аднойчы здарылася неяк так, што князь не меў пад рукой свайго сакратара, каб прадыктаваць вельмі тэрміновы ліст у Варшаву. Ён запрасіў майго сябра ў свой кабінет і прадыктаваў яму ліст. Але князь пачаў дапрацоўваць і ўвесь час змяняць ліст - то "застаюся з шацункам", то "з рэспектам і шацункам", то "з высокім шацункам", то "з вялікай павагай". Цэлую гадзіну ён не мог выбраць канец ліста, чым вельмі здзівіў свайго імправізаванага сакратара.

Юзаф Храпавіцкі, інстыгатар літоўскі, светлы і магутны чалавек, жыў у сваім віленскім доме і завозіў з віленскую спіжарню прадукты са сваіх блізкіх фальваркаў. Аканом адной з такіх гаспадарак у падобных выпадках заўсёды пісаў наступны радок: "Пасылаю ЯВ пану столькі качак, столькі курэй, столькі індыкоў, з якімі застаюся найніжэйшым слугой ЯВ пана". Інстыгатара на пачатку гэта бавіла, але потым знудзіла. А паколькі раней гаспадары лічылі сябе абавязанымі цывілізаваць сваіх падданых, дык калі аканом з'явіўся ў Вільні, Храпавіцік растлумачыў яму, што не трэба пісаць так смешна, не трэба заставацца яго найніжэйшым слугой разам з індыкамі. Прыняў да ўвагі і паправіўся. У наступным лісту напісаў: "ЯВ пане, пасылаю для панскага стала шэсць пар індыкоў, дзесяць каплуноў і чатырох парасят. Яйкаў не дасылаю і без іх застаюся ЯВ пана найніжэйшым слугой".

7. Калі пакаленне, якое жыло перад ці адначасова з нашымі бацькамі, не заўсёды магло выканаць свае абавязкі, яны часам шукалі паратунку ў дасціпным жарце, а не ў юрыдычнай формуле са "Зводу законаў". Пішу гэта, бо хачу расказаць анекдот пра ваяводу Хамінскага42, які, нягледзячы на значныя даходы і добрую галаву, як турэцкі святы меў талент заўсёды не мець грошай! Відочна, увесь час ён мусіў шукаць пазыкі і меў вялікія даўгі. Паволі, вестка пра гэта разнеслася па ўсёй Літве, і яго крэдыторы ўстрывожыліся. Яны пачалі патрабаваць свае грошы і гэтым знудзілі ваяводу. Аднойчы шляхціц, які даверыў Хамінскаму добрую суму грошай, напалохаўся фінансавым станам ваяводы і вырашыў неадкладна спагнаць з яго свой доўг. У Хамінскага было шмат гасцей, калі яму паведамілі, што нейкі шляхціц хоча з ім паразмаўляць.

- Прасі яго сюды, - сказаў ваявода.

Шляхціц увайшоў і ваявода спытаў у яго:

- Што цікавага можаш сказаць?

Шляхціц паважліва, напаўголаса, каб не пачулі госці:

- Я прыйшоў прасіць ЯВ пана вярнуць мне мой невялікі капітал бо я знайшоў выгадны фальварак у арэнду.

- Што, што? - прамовіў ваявода, зрабіўшы выгляд, што не чуе і прыклаў вуха да вуснаў шляхціца.

- Прасіў бы ЯВ ваяводу вярнуць мне мае грошы.

Тады ваявода, нібы з агідай адступіў ад шляхціца, нахмурыўся і сказаў:

- Ах, пане, фу! У цябе з рота смярдзіць!

І са смехам адышоў ад яго. Шляхціц быў настолькі разгублены цалкам незаслужанай і выдуманай заўвагай, што пачырванеў і адразу ж выслізнуў з пакоя, сеў у воз і на цэлы год вызваліў ваяводу ад выплаты доўгу.

Хамінскі славіўся яшчэ тым, што кожны, каго да яго пасылалі з лістом, павінен быў тры - чатыры тыдні чакаць на кошце і выгодах ваяводы, першы чым ваявода адкажа нават на самае малое пытанне.

Раздзел 3. Маладосць аўтара. Поспехі ў жанчын. Тры пацалункі. Пані стольнікава Яновічава, яе дом і акружэнне. Тамаш Умястоўскі, старшыня Галоўнага віленскага суда. Пані Гарэцкая, віленская войская, яе дом і акружэнне. Пані Высагердава. Прыгожая Юлія

Вяртаюся да Новамейскага і чакаю, што пасля двух прыведзеных вышэй прыкладаў, ніхто мне не адмовіць - быў ён архідыяканам, біскупам і кардыналам усіх эгаістаў. Але эгаізм гэтага чалавека быў асаблівага роду. Ён змалку прызвычаіўся гнуцца, шукаць абароны і дапамогі, меў за мэту жыцця трымацца за фартуну, а справай гонару усім дагадзіць і ўслужыць, прыкрываць свой эгаізм плашчом самаахвярнасці, шмат казаць пры цноты, выконваць кожную літару дамовы, прыкідвацца сапраўдным філантропам, ніколі нікога не крыўдзіць, ніколі ні дэманстраваць свае сапраўдныя мэты і такім чынам заўсёды падымацца ўверх.

Калі чалавек жыве ў грамадстве, ён не можа час ад часу не пакрыўдзіць свайго бліжняга. І калі ў Новамейскім сутыкаліся два супярэчлівых інтарэсы, ад яго можна было не чакаць дапамогі, ён тады, натуральна, лічыў за лепшае крыўдзіць слабейшага. Гэтак адбылося і са мной. Ён быў сябрам усіх, а гэта значыць - нікога. Бо немагчыма любіць увесь сусвет. А для яго галоўнай маніяй быў поспех, уздым, пыха. У выніку, ён нават няздольны быў зразумець, што такое сяброўства. Хаваючы свой сапраўдны твар, ён кожнаму казаў пра іншага, што той эгаіст, аднак калі на кожным кроку бачыць чалавечы эгаізм, дык сам напоўніш ім сваю душу, але тыя, хто яго слухаў, не разумелі гэтага. Палахлівы баязлівец па натуры, ён выдаваў сябе за спартанца. Але ён хаваўся, калі трэба было нечым трошкі ахвяраваць дзеля сябра. Было шмат людзей, якія разумелі, хто ён такі на самой справе, і адной з іх была мая маці.


Нарэшце, прыйшоў час і мне паказацца ў свеце. Мой бацька рабіў гэта па сваім разуменні - для стасункаў, сувязяў і далейшых перспектыў. А яшчэ яму хацелася пакрасавацца сынам-няўломкам, паказваць жонку і сына было яго слабасцю. Са свайго боку я жадаў гэтага каб лепш пазнаёміцца за звычаямі свету, асвоіцца, выкарыстаць набытыя веды і свае таленты ў грамадскім жыцці. А яшчэ больш - каб хоць калі быць бліжэй да гэтых прыгожых і стройных жанчын, да гэтых маладых і ладных дзяўчат, якія вабілі маю душу і цела, распальвалі палымяныя фантазіі. Больш спрыяльных абставін, каб пусціцца ў хвалі жыцця, меў мала хто з маладых людзей. Маё імя было вядома ўжо ўсёй Вільні. Мяне запрашалі ў многія дамы. Так бывае заўсёды - тое, што людзі не шукаюць самі, заўсёды шукае іх саміх. Меліся і іншыя прычыны гэтага. Бо мяне бачылі толькі ў двух паважаных дамах сябровак майго бацькі: пані стольнікавай Яновічавай43 і пані войскай Гарэцкай. Паважаная і любімая ўсімі дачка пані Гарэцкай - Высагердава, сяброўка майго бацькі, таксама была вельмі ласкавая са мной.

(Працяг у наступным нумары.)

1 Morawski Stanislaw. Kilka lat mlodosci mojej w Wilnie (1818-1825). Warszawa, 1924. Пераклад Леаніда Лаўрэша

40 Станіслаў Карвіцкі-Дунін герба Лебядзь, уладальнік Карпавіцаў у Жытомірскім павеце, быў сябрам патрыятычнага таварыства, памёр жаўнерам у Варонежы ў 1837 г. Меў дачок: Казіміру Златніцкую і Эвеліну Мадэйскую. Абодва іхнія мужы - маршалкі шляхты, Леанард Мадэйскі - кіеўскі маршалак.

41 Антоні Пац, пісар ВКЛ каля 1750 г., сын Кшыштафа Канстанты, полацкага кашталяна і Барбары з Агінскіх. У 1745 г. ажаніўся з Тэрэзай з Радзівілаў (у першым шлюбе жонка Юзафа Сцыпіёна, надворнага маршалка ВКЛ), дачкой Мікалая Фаўстына, навагрудскага ваяводы. Гэты шлюб прынёс яму значны пасаг і падтрымку двара. Памёр у 1774 г. Яго сын Міхал (1754-1800) ажаніўся з Людвікай з Тызенгаўзаў, дачкой Міхала. Сыну Людвіку (1778-1800) пакінуў вялікую маёмасць у даўгах і таму мусіў Езну і Галоўчын (у Аршанскім павеце) аддаць пад эксдывізію. Гл. пра Пацаў: Лаўрэш Леанід. Мястэчка Ражанка і касцёл у ім // Лідскі Летапісец. 2023. № 3(103). С. 47-55. - Л. Л.

42 Франц Ксаверы Хамінскі, мсціслаўскі ваявода з 1788 г., пасол на чатырохгадовы сойм, маршалак сойма ў 1784 г. Паэт і пісьменнік, давераны сябра гетмана Агінскага. Не прыняў таргавічан і быў сасланы. Вернуты з ссылкі Паўлам І.

43 Брыгіда Яновічава, стольнікава, дачка Юзафа Кашыца, смаленскага чашніка, чашніка чуднянскага ў 1753 г., пяцігорскага паручніка ў 1763 г., пасла ад Інфлянтаў у 1763 г., уладальніка маёнткаў у Мсціслаўскім і Наваградскім ваяводствах і Евы з Багдановічаў. Жонка Марціна Яновіча, вількамірскага стольніка ў 1790 г.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Прыемнасць роднасці: Семірадскі, Чурко; бібліятэкі ў перапісцы беларускіх індзеяністаў

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-52 (105-156) (2024); № 1-8 (157-164) за 2025 г.)

У папяровы перыяд перапіскі ў музеі мы звярталіся па пытаннях сувязей Беларусі з краінамі Амерыкі часцей, чым у бібліятэкі. Краязнаўчыя музеі існуюць, а асобныя краязнаўчыя бібліятэкі, верагодна, не - толькі краязнаўчыя аддзелы і калекцыі ў бібліятэках і розных іншых арганізацыях.

Якія мэты былі і якая тэматыка ўздымалася ў гэтых лістах? З мэтай падрыхтаваць глебу для больш дэталёвага даследавання тэмы бібліятэк у карэспандэнцыі, мы прыводзім некаторыя прыклады лістоў, якія дасылаліся ў бібліятэкі, і адказаў на іх.

Цяпер мы робім акцэнт на папяровай перапісцы, якая была асноўнай у зносінах з арганізацыямі да першай паловы 2003 г. Яна пачаліся з Лепельскай раённай бібліятэкі (крыху кур'ёзны выпадак, але кнігі - сярод іх быў і Джэк Лондан - перасылаліся з Гомеля ў Лепель). У той жа перыяд, у самым пачатку 1980-х, Гомельская абласная бібліятэка ўжо рыхтавала для актыўнага чытача-індзеяніста інфармацыю пра кнігі па індзеяністыцы, узятую са СБНИК - "Сводного бюллетеня новых иностранных книг", з якім аўтар БСІ сам шмат працаваў у Гомелі і Менску.

Цікавай падрабязнасцю для прыхільнікаў моўнай беларусізацыі можа быць назіранне за мовай штэмпеляў ГАБ. Бяруцца сканы 29 канвертаў і 2 паштовых картак з ГАБ, зробленыя ў 2024 г., - адна з апошніх не ахопленых адлічбоўкай груп канвертаў. Адзін, на якім няма штэмпеляў (і на момант сканіравання пусты), можа адносіцца да 1982 г. (на ім дата Мінсувязі 05.10.82). Яго можна лічыць адным з самых ранніх. У стосе была абрэзаная з двух бакоў абвестка ад лістапада 1982 г. пра паступленне па МБА мікрафільма. Цікава, што толькі канверты з датамі на паштовым штэмпелі 1983-03-11 і 1983-03-23 (абодва агульныя, не МБА і не аддзел літаратуры на замежных мовах, якія паставілі свае штэмпелі на частцы канвертаў) перадавалі назву ГАБ па-беларуску на штэмпелі арганізацыі.

Ад ГАБ у канверце адбылося і атрыманне мікраформ - яны прыходзілі па МБА з іншых бібліятэк. Як і ксеракопіі, мікрафільмы часам дасылалі замест саміх выданняў, і невялікія па памеры копіі перадаваліся ў дар. Таксама мы самастойна заказвалі платныя копіі ў цэнтральных бібліятэках СССР - памяркоўную колькасць.

Прыклады бібліятэк з праграмы капіравання:

Выходныя лісты: Государственная библиотека СССР (репрография) 1989-04-27; Государственная публичная библиотека 1991-01-31; Государственная публичная библиотека (зав. отд. внешнего обслуживания) 1989-08-31, 1989-11-06; Государственная публичная библиотека 1989-08-05; Государственная публичная историческая библиотека [РСФСР] (Отдел микрофильмирования) 1985-11-28 (аказалася, што ў бібліятэкі няма аддзела капіравання - такі адказ заг. аддзела абслугоўвання Г. Маразковай ад 1985-12-09).

Уваходныя лісты: Государственная публичная библиотека 1989-08-25, 1989-11-23, 1990-06-21 (усе тры - Отдел внешнего обслуживания).

Канверты: Государственная публичная библиотека 1989-08-25, 1989-11-28, 1990-06-21, 1991-08-13; Российская национальная библиотека 1993-12-30, 2005-06-20, 2005-06-20; Государственная публичная историческая библиотека 1985-12-09.

Замежныя бібліятэкі - Расіі, Польшчы, Вялікабрытаніі, ЗША, Гаяны, Венгрыі… сціплая колькасць (у электронны перыяд - шмат іншых з дзясяткаў краін).

Больш за 30 канвертаў з ксеракопіямі з 2005 па 2007 г. прыйшло з Брытанскай бібліятэкі (British Library) - гэта былі маладаступныя публікацыі пра ўсходнеславянскія дыяспары (большасць з іх была ад Вольгі Керзюк, Olga Kerziouk).

Прыкладамі бібліятэк у краінах Амерыкі могуць служыць: Dartmouth College Library (Rauner Special Collections Library) з Гановера ў Нью-Гэмпшыры, якая ў электронную эпоху даслала ксеракопію А3 - артыкул князя Джона Сапегі (штэмп. 2006-06-12); Гаянская бібліятэчная асацыяцыя (Guyana Library Association) праз Нацыянальную бібліятэку Гаяны 1993-02-08 (выходны ліст) і асабліва Бібліятэка Ньюберы ў Чыкага, а ў ёй - Цэнтр імя Д'Арсі Макнікла па гісторыі індзейцаў (Newberry Library, D'Arcy McNickle Center for the History of the American Indian 1991-01-07 (Уільям Д'Арсі Макнікл (William D'Arcy McNickle) паходзіў з ірландцаў і змяшанай сям'і кры і метысаў, якія быў прыняты ў народ салішкутэнай (Salish Kootenai), ён быў пісьменнікам, індзейскім актывістам, прафесарам і адміністратарам каледжа, антраполагам). Адказу Цэнтра мы не атрымалі, як і доказаў, што наш ліст дайшоў.

Запыты ў бібліятэкі рабіліся з галіны біялогіі (бульба, зубры (і бізоны)), па канкрэтных гістарычных працэсах (бібліятэкі на былой тэрыторыі рассялення радзімічаў як пункты збору і папулярызацыі звестак пра іх, спадчыны) і персаналіях, выказваўся клопат пра фонды ўраджэнцаў Беларусі за межамі Беларусі. Нашы запыты і паведамленні маглі стымуляваць бібліятэчных работнікаў на пэўныя дзеянні, на развіццё уласных інфармацыйных сістэм. Інфармацыя пра атрыманыя намі матэрыялы накіроўвалася нават у медыцынскую бібліятэку (важна, што па наркалогіі (алкагалізм, наркаманія), псіхіятрыі: Республиканская научная медицинская библиотека 1992-02-28 № 50/1).

Прыклады: Научная библиотека БелНИИКПО (Беларускі НДІ бульбаводства і плодаагародніцтва), МБА (канверт 1990-08-31 pm Самохваловичи #366) - набыццё копіі артыкула для навукоўца-бульбазнаўца з Перу. З той жа мэтай быў зварот у ДБ БССР (Государственная библиотека БССР). Гэта адзінкавыя выпадкі, але яны сімвалічныя. Таксама як і лісты ў ДБ БССР і Бібліятэку АН Беларусі, што тычыліся набыцця рэдкіх кнігі.

Выходныя лісты 1990 г.: Пружанская районная центральная библиотека, Ружанская горпоселковая библиотека. Уваходны: Пружанская ЦБС, СБО (райбиблиотека). Тычылася радзімы знакамітага земляка ў Нью-Мексіка Л. Рыбака.

Выходныя: Бібліятэка запаведніка Белавежская пушча 1989-12-06; Быхаўская, Крычаўская, Хоцімская, Чэрыкаўская, Шклоўская раённыя бібліятэкі 1991-08-30. Карыстаючыся магчымасцю, да "радзіміцкага звароту" (бібліятэкі Тэрыторыі радзімічаў уключаюць у Беларусі шмат сучасных раёнаў) былі дададзены канкрэтныя пытанні пра землякоў, у прыватнасці прадстаўніка рэвалюцыйнай дыяспары ў Мінеапалісе - Рыгора Белавусава.

Гэты меншавік нарадзіўся ў 1876 г. у мястэчку Хоцімск Магілёўскай губерні. Дзейнічаў у Сібіры, Данбасе, дзе арганізоўваў прафесійны рух. Ад Канстанцінаўска-Горлаўскага раёна ў 1906 г. выбраны дэлегатам на 4 (Стакгольмскі) з'езд РСДРП, але з'езд не патрапіў - удзельнічаў у 5-ым (Лонданскім) з'ездзе (1907) ад с.-д. фракцыі Дзярждумы. Рабочыя і сяляне ў Дзярждуме - цуд познецарскай эпохі. Але рабочы Белавусаў у 1911 г. вымушаны быў збегчы за мяжу разам з жонкай; з вясны 1912 г. - у ЗША, дзе ўдзельнічаў у агітацыйнай кампаніі за перагляд справы фракцыі сацыял-дэмакратаў у Думе. Працяглы час быў беспрацоўным, затым служыў швейцарам пры бальніцы ў Мінеапалісе, дзе атрымала працу сядзелкі і жонка. У час ПСВ далучыўся да абаронцаў, падпісаў зварот "Да свядомага працоўнага насельніцтва Расіі". Супрацоўнічаў у абарончым часопісе Л. Дэйча "Вольнае слова" (Нью-Ёрк). Памёр ад раку ў 1916 г. у Мінеапалісе. У 1917 г. урну з прахам Белавусава перавезлі ў Канстанцінаўку, і яна нават захоўвалася ў гарадскім музеі. Па адной з версій прах Белавусава быў пахаваны яго жонкай у Екацярынаславе (пазней Днепрапятроўск і Дняпро).

Мы не моцна адхіліліся ад індзейскай тэмы. Даволі ранні прыклад мінеапальскага беларуса, хоць Мінеапаліс стаў значным цэнтрам актыўнасці гарадскіх індзейцаў толькі ў другой палове 20 ст.

З пераходам на электронную пошту бібліятэк у спісе арганізацый стала значна больш. Дадатковая інфармацыя пра нашы сувязі з бібліятэкамі - бібліятэкары па прафесіі, у т.л. занятыя па спецыяльнасці, сярод нашых карэспандэнтаў. Часам мы пісалі ім не як супрацоўнікам бібліятэк - на іх прыватныя або службовыя адрасы (адрасаваныя на імя, а пасля яго назву бібліятэкі адрасаты індэксуюцца па прозвішчах і па назвах арганізацый у адрасах).

Літ.:

6577 Улашчык М. З мінулага Беларускай дзяр-жаўнай бібліятэкі і Кніжнай палаты // Улашчык М. Выбранае / уклад. А. Каўкі і А. Улашчыка; навук. рэд. Г. Кісялёў і В. Скалабан; прадм. і камент. А. Каўкі. Мн., 2001. С. 387-400.

8324 Новыя паступленні ў бібліятэку БРГА "Аб'яднаны шлях" // United Way News = Объединенный путь - Беларусь. 1998. № 34. (Шукаем гэты нумар у арыгінальным друку, яго не аказалася сярод выпускаў бюлетэня, якія захоўваюцца ў НББ.)

8333 Кніжнае ядро дзіцячай бібліятэкі: прыкладная бібліяграфічная мадэль / аўт. прадм., склад. Н. М. Касілава. Мн., 2002.

СЕМІРАДСКІ Юзаф ( Jozef Waclaw Siemiradzki) - палеантолаг, геолаг, этнограф, які нарадзіўся ў Харкаве. Мы рана звярнулі ўвагу на яго, выпісаўшы з даведніка шляхты, што (каля 1600 г.) род звязаны з Радамскім краем ("Siemiradz radomski") і Наваградчынай. Але яго сваяцкія сувязі са знакамітым мастаком Генрыкам (дваюрадныя браты; Генрык таксама ўраджэнец Харкаўшчыны, толькі ўжо вясковай) дапамаглі выявіць яго глыбокую сувязь з Беларуссю.

Сандамірскія, падольскія карані не выключаюцца, але ставяцца пад сумненне беларускімі аўтарамі. Сярод аргументаў - і тое, што ёсць звесткі пра прадстаўніка рода, які быў лідскім стольнікам (1602). Варта ўлічыць, што толькі пераездам сем'яў вайскоўцаў-беларусаў або ўраджэнцаў Беларусі тлумачыцца тое, што мастак Генрык Семірадскі і яго стрыечны брат, натураліст і народазнавец Юзаф, нарадзіліся на Харкаўшчыне. Генрых Семірадскі ажаніўся са стрыечнай сястрой з Прушынскіх (звязаных з Каралішчавічамі).

Яшчэ трэба нямала зрабіць, каб выключыць паходжанне Семірадскіх з Польшчы - што нават і не з'яўляецца крытычнай патрэбай - у любым выпадку гэтыя "палякі" парадніліся з руска- і польскамоўнымі беларусамі праз шлюбы.

Калі ўзяць увесь даробак па амерыканістыцы, Юзаф Семірадскі, магчыма, самы значны, самы "акцэнтаваны" польскі індзеяніст 19 ст. Адным з пацвярджэнняў гэтага з'яўляецца колькасць запісаў у бібліяграфіі да артыкула кніжнага памеру (як канвалют маем яго ад аўтара) М. Парадоўскай "Вобраз індзейцаў Паўднёвай Амерыкі ў Польшчы XIX стагоддзя" - 20 (уключаючы адну публікацыю з суаўтарам), столькі няма ў ніводнага іншага! Парадоўская ў 1981 г. спецыяльна адзначала, што з польскіх аўтараў 19 ст., што пісалі пра Паўднёвую Амерыку, "этнаграфічны матэрыял асабліва багата прадстаўлены перш за ўсё ў кнізе Дамейкі [пра Араўканію] і ў працах Семірадскага" (беларусам гэта чуць прыемна). Так, сапраўды, ураджэнцы Беларусі любой нацыянальнасці ўспрымаюцца больш лёгка як нашы ўласныя індзеяністы, але Юзаф Семірадскі, па прычыне каранёў, цяпер ужо без ваганняў уключаецца намі ў гісторыю беларускай індзеяністыкі.

Вялікая падборка тэкстаў з анталогіі "Па слядах індзейцаў" (1979), складаецца з фрагментаў, узятых Парадоўскай з кніг Семірадскага "На межах цывілізацыі" ("…на крэcах..." 1896, Шляхам эмігрантаў ("...выхадцаў") (1900) "Аб індзейцах Паўднёвай Амерыкі" (1924). Апошняя - брашура, але прыемна, што яна з'явілася. Семірадскаму належыць шэраг публікацый, загалоўкі якіх сведчаць, што яны пра індзейцаў.

Марыя Парадоўская

ЮЗАФ СЕМІРАДСКІ - ДАСЛЕДЧЫК ПАЎДНЁВАЙ АМЕРЫКІ, ІНДЗЕЯНІСТ

Юзаф Семірадскі нарадзіўся 28 III 1858 г. у Харкаве, скончыў гімназію ў Варшаве, куды яго сям'я пераехала ў 1871 г. У 1878 г. пачаў вывучаць геалогію і мінералогію ў Дэрпцкім універсітэце, які скончыў у 1881 г. са ступенню кандыдата мінералогіі. У першай палове 1882 г., скарыстаўшыся прапановай В. Тачаноўскага, разам з Я. Штольцманам выехаў у Паўднёвую Амерыку. Па дарозе ён наведаў Гвадэлупу, спыніўся на некаторы час на Марцініцы і праз Панаму дабраўся да эквадорскага порта Гуаякіль [Guayaquil]. Горад стаў базай для шэрагу прыродазнаўчых экспедыцый углыб Эквадора, у тым ліку да Ягуачы [Yaguachi] і Чымба [Chimbo], да Каяндэледа [Cayandeled], Рыабамбы [Riobamba] і Банаса [Bannos]. У верасні 1883 г. Семірадскі вярнуўся ў Варшаву. У наступным годзе ён атрымаў ступень магістра на факультэце прыродазнаўчых навук Дэрпцкага ўніверсітэта, а ў 1885 г. - доктарскую ступень. З Дэрпта ён выехаў у Варшаву, а ў 1887 г. пераехаў у Львоў і паступіў на працу ў мясцовы ўніверсітэт у якасці дацэнта геалогіі. У гэты перыяд, акрамя навуковай працы, ён таксама займаўся грамадскай дзейнасцю, якая выяўлялася ў яго актыўным удзеле ў працы, звязанай з апекай над польскімі бежанцамі. Таксама да яго звярнуліся з прапановай паехаць у Бразілію, каб даведацца пра становішча польскіх эмігрантаў у тых краях.

У 1891 г. Ю. Семірадскі разам з А. Гемпелем [Hemplem] і В. Лазнеўскім [Lazniewskim] накіраваўся ў Бразілію, але не абмежаваўся наведваннем гэтай тэрыторыі, а пранік [spenetrowal] у некалькі краін Паўднёвай Амерыкі. Пасля кароткага знаходжання ў Рыа-дэ-Жанейра ён агледзеў [przeprowadzil inspekcje] польскія паселішчы ў Сан-Паўлу, вакол Курытыбы [Kurytyby] і ў даліне ракі Ігуасу [Iguassu], а таксама населеныя пункты, размешчаныя ва ўнутраных раёнах штата Рыу-Грандэ-ду-Сул [Rio Grande do Sul]. Затым ён рушыў у Аргенціну і праз Буэнас-Айрэс і Баія-Бланку [Bahia Blanca] накіраваўся на паўночны захад да Ача [Acha], а адтуль на поўдзень праз стэп да гор Ліўэ-Калель [Lihue Kalel]. Перайшоўшы раку Каларада ўздоўж Рыа-Негра і Неўкен [Neuquen] і Лімай [Limay], ён дасягнуў першых перадгор'яў Кардыльераў. Пасля вывучэння тэрыторыі вакол возера Наўэль-Уапі [Nahuel Huapi] ён накіраваўся праз Анды да мяжы з Чылі, наведаў вытокі ракі Біа-Біа, а затым, ненадоўга спыніўшыся ў Вальдывіі [Вальдзівіі, Valdivia] i, Тэмука [Temuco], Кансепсьёне [Concepcion], прыбыў у Сант'яга. Адсюль ён накіраваўся ў Санта-Роса-дэ-лос-Андас [Santa Rosa de los Andas] ля падножжа Анд, перасёк горы і праз некалькі дзён апынуўся ў Мендосе, а потым у Буэнас-Айрэсе. Затым ён вырашыў даследаваць землі, размешчаныя на Паране і Парагвай. Так ён наведаў Расарыа, Санта-Фе, Парану [ Parana], сталіцу Парагвая Асунсьён і яе наваколлі. Прабыўшы там месяц, ён вярнуўся ў Буэнас-Айрэс і ў канцы чэрвеня 1892 г. вярнуўся ў краіну.

У 1894 г. Семірадскі атрымаў званне дацэнта, а ў 1896 г. у трэці раз накіраваўся ў Паўднёвую Амерыку, на гэты раз пасланы Галісійскім нацыянальным парламентам, каб яшчэ раз вывучыць стан польскага пасялення ў Бразіліі. Ён наведаў Рэсіфі, Сальвадор, Віторыю, Рыа-дэ-Жанейра і адтуль пачаў аглядаць польскія паселішчы [osadnictwa polskiego] ў Сан-Паўлу, у ваколіцах Сантаса [Santos], затым адплыў у Паранагуа [Paranagua], а потым у Курытыбу. Ён наведаў амаль усю Парану і некаторыя населеныя пункты ў штатах Санта-Катарына [Santa Catarina] і Рыу-Грандэ-ду-Сул. У пачатку 1897 г. вярнуўся ў Львоў, дзе, акрамя дзейнасці ў Польскім эміграцыйным таварыстве, прысвяціў сябе навуковай працы. З 1902 г. чытаў лекцыі ў Львоўскім універсітэце, у 1922-1923 гг. займаў пасаду дэкана філасофскага факультэта ўніверсітэта, у 1926 г. займаў пасаду рэктара. Быў сапраўдным членам Навуковага таварыства ў Львове і Навуковага таварыства ў Варшаве, а таксама членам Польскай акадэміі мастацтваў і навук. У 1930 г. узнагароджаны ордэнам Адраджэння Польшчы.

У 1932 г. Семірадскі выйшаў у адстаўку і пасяліўся ў Варшаве, дзе і памёр 12 XII 1933 г.

У час трох адна за адной экспедыцый у Паўднёвую Амерыку Ю. Семірадскі праводзіў геолага-геаграфічныя даследаванні, а ў сувязі з удзелам у экспедыцыі Ю. Штольцмана - заалагічныя і батанічныя даследаванні, якія далі багатыя навуковыя вынікі. Яго даследаванні таксама далі цікавыя матэрыялы, звязаныя з побытам і культурай паўднёваамерыканскіх індзейцаў. Семірадскі быў першым палякам, які сістэматычна і працягла займаўся культурай карэнных жыхароў Амерыкі і імкнуўся да ўсебаковага вывучэння вынікаў [efektow] сваёй этнаграфічнай палявой працы. Ён напісаў некалькі справаздач аб падарожжах і навуковых прац, у якіх высунуў тэзіс аб азіяцкім паходжанні карэнных народаў Паўднёвай Амерыкі. Больш за ўсё месца ў апісаннях сваіх падарожжаў ён прысвяціў качавым араўканам Аргенціны і аселым араўканам Чылі. Акрамя таго, ён звярнуў увагу на жыхароў Вогненнай Зямлі, плямёны она [Ona] і алакалуф [Alakaluf], якія жылі ў цяжкіх экалагічных умовах і грунтавалі [opierajace] сваё вельмі сціплае існаванне на зборы беднай расліннасці і морапрадуктаў - ракападобных, марскіх вожыкаў і інш., а таксама на рыбалоўстве і паляванні на марскіх жывёл. Ён таксама звярнуў увагу на групу індзейцаў гуарані [Guarani], якія жылі ў цесным кантакце з белымі, і тых, каго называюць дзікімі і прымітыўныvі - бразільскія плямёны караадаў [Coroadow] і нібыта жорсткіх [ rzekomo okrutnych] ботакудаў [Botokudow], якім прыпісвалі жорсткасць за тое, што яны нападалі і забівалі белых пасяленцаў, якія часта неўсвядомлена асвойвалі іх родныя тэрыторыі [czesto nieswiadomie zagospodarowujacych ich rodzime tereny].

Юзаф Семірадскі

АБ ІНДЗЕЙЦАХ ПАЎДНЁВАЙ АМЕРЫКІ (1)

"Паляўнічае племя, якое насяляе лясы і горы ўнутраных раёнаў Вогненнай Зямлі, званае она [...], нічым не адрозніваецца ад тэўэльчаў [Tehuelczow] з Пунта-Арэнас [Punta Arenas]. Яны моцныя, шыракаплечыя, высокія і вельмі ваяўнічыя, сустракаючы белых авантурыстаў, дзе б яны ні з'яўляліся, дажджом стрэл і камянёў. Яны ходзяць зусім голыя, зімой і летам, і не маюць пастаяннага жылля, як прыбярэжныя алакулуф [Alakuluf, алакалуф] і чонас [Czonos, chonos], а жывуць у пячорах і расколінах скал. Яны абараняюцца ад холаду тым, што спяць разам, шчыльна прыціснуўшыся адзін да аднаго, саграваючы адзін аднаго сваім целам, як жывёлы ў статку. Іх рацыён складаецца выключна з мяса паляўнічых жывёл - часцей за ўсё гуанака - і лясных каранёў і ягад барбарысу. Кабеты вельмі ўмела ловяць дзідамі [bardzo zreczne w chwytaniu] дробных грызуноў, напрыклад хамякоў (Ctenomys magellanicus), якіх гадзінамі чакаюць ля ўваходу ў свае норы. Гэтыя жывёлы, смажаныя на ражне, - іх любімая страва".

"Тольда [Toldos] гэтага племені [аргенцінскія араўканцы - М. П.] пабудаваны выключна са шкур гуанака, нацягнутых на каркас, які складаецца з некалькіх жэрдак [dragow]. Форма такой палаткі, якая служыць адзіным сховішчам для ўсёй сям'і як летам, так і падчас маразоў і зімовых завеяў, - купалападобная; яго даўжыня каля 6, вышыня 2 і шырыня каля 4 метраў. На клетку з некалькіх дубцоў [kijow], перавязаных рамянямі, нацягваюць шкуры, часцей за ўсё гуанака, ствараючы непранікальны дах. Хаціна мае маленькае вакно, завешанае скурай, і вялікі выхад, які таксама мае скураную фіранку, якая выкарыстоўваецца толькі ў зімовы перыяд. Гэты цесны палац, у якім сабраныя ўсе запасы ежы, адзення, воўны і скур, выкарыстоўваецца толькі для начлегу - уся праца, нават ткацтва, вядзецца па-за будай [budy], або пад адкрытым небам, або пад навесам асобнага хлява [szopy], зробленага з валовай скуры, нацягнутай і прывязанай да двух слупоў".

Літ .:

13002 Siemiradzki J. W kraju Indyan Manzaneros (Patagonia) // Wszechswiat. 1893. T. 12. № 25 (18 czerw.). S. 389-292; № 26 (25 czerw.). S. 404-409 (W kraju Indian Manzanеros; у артыкуле 1981-1982 гг. М. Парадоўскай: "W kraju Indian Manzankros" - памылкова, магчыма, таму, што так у змесце тома, які змешчаны ў яго пачатку; у гэтым змесце ёсць і памылкі са старонкамі ў публікацыях пра Паўднёвую Амерыку Семірадскага, якіх там тры за год.)

13001 Siemiradzki J. Indyanie Ameryki poludniowej: wrazenia i notatki podrozne // Wszechswiat. 1893. T. 12. № 39 (24 wrz.) S. 609-613; № 40 (1 pazd.). S. 627-633. (Indianie Ameryki Poludniowej.)

13003 Siemiradzki J. Mieszkancy Ziemi Ogniowej // Wszechswiat. 1894. T. 13. № 6 (11 lut.). S. 81-83. (У М. Парадоўскай артыкуле 1981-1982 гг. і ў публікацыях іншых аўтараў памылкова - "Mieszkancy Ziemi Ognistej", таксама адбываецца блытаніна тамоў і гадоў, ахвярай якой можа стаць кожны.)

13004 Siemiradzki J. Przyczynek do etnografii pierwotnych mieszkancow Ameryki poludniowej // Wszechswiat. 1898. T. 17. № 45. (6 listop.). S. 705-712; № 46 (13 listop.). S. 725-729; № 47 (20 listop.). S. 744-749.

12999 Siemiradzki J. Beitrage zur Ethnographie der sudamerikanischen Indianer // Mittheilungen der Anthropologischen Gesellschaft in Wien. V. 28. Wien, 1898. S. 127-170. (Ёсць таксама асоб. адб.)

13000 Siemiradzki J. O Indjanach Ameryki Poludniowej (Sur les indiens de l'Amerique du Sud). Krakow, 1924. (O Indшanach Ameryki Poludniowej.)

12990 Siemiradzki J. Za morze!: szkice z wycieczki do Brazylii. Lwow, 1894.

12991 Siemiradzki J. Z Warszawy do rownika: wspomnienia z podrozy po Ameryce Poludniowej odbytej w latach 1882-1983. Warszawa, 1885. (Гады ў падзагалоўку назвы гэтага твора перадаюцца і як 1882-83, 1882/83.)

12997 Siemiradzki J. Z Warszawy do rownika. Warszawa, 2014.

12992 Siemiradzki J. Na kresach cywilizacji: listy z podrozy po Ameryce Poludniowej odbytej w roku 1892. Lwow, 1896.

12995 Siemiradzki J. Szlakiem wychodzcow: wspomnienia z podrozy do Brazylii odbytej z ramienia Galicyjskiego Wydzialu Krajowego. T. 1-2. Warszawa, 1900.

12996 Sprawozdanie Jozefa Siemiradzkiego i Jana Wolanskiego z podrozy do poludniowej Brazylii. Lwow, 1902. (Nakladem "Przegladu Wszechpolskiego".)

12998 Stan Parana w Brazylii wraz z informacjami dla wychodzcow i mapa Stanu i kolonij polskich / oprac. M. F. Ferreira Correia, S. Azul; tlum. J. Siemiradzki. Lwow, 1895.

13014 Slabczynski W. Polscy obroncy i badacze ludow kolonialnych // Problemy. 1953. № 5. S. 298-307.

13013 Wojcik Z. Jozef Siemiradzki: przyrodnik i humanista, badacz Ameryki Poludniowej. Wroclaw; Warszawa, 2000.

13012 Wojcik Z. O Wladyslawie Dybowskim (1838-1910) i jego dzialalnosci naukowej // Analecta. 2003. № 1. S. 165-175.

13015 Cooper J. M. Analytical and critical bibliography of the tribes of Tierra del Fuego and adjacent territory. Washington, DC, 1917. (Bulletin of the Bureau of American Indians,63; названыя дзве публікацыі Ю. Семірадскага: нямецкая 1898 г. і "Жыхары Вогненнай Зямлі".)

ЧУРКО Юлія (Iulia Churko) - ураджэнка Ленінграда і беларуская балерына, пісьменніца, мастацтвазнавец, "человек неуемной энергии", памерла ў 2025 г.

Працавала ў Беларускім дзяржаўным тэатры оперы і, Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР (1963-1972), МДПІ, Беларускім дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў (з 1979, факультэт традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага мастацтва, кафедра харэаграфіі, у 1979-1994 гг. - загадчык кафедры, і якраз у гэты час, у 1987 г., разам з калектывамі самадзейных танцораў з Варонежа і Львова пабывала на шэрагу фестываляў, канцэртаў і ўрачыстых шэсцяў у Францыі і падзялілася ў "ЛіМе" ўражаннямі.

Юлія Чурко

ПЕРУ, МЕКСІКА, КАЛУМБІЯ І ІНШЫЯ КРАІНЫ Ў ФЕСТЫВАЛЬНЫМ ЖЫЦЦІ ФРАНЦЫІ

У Францыі, як і ў многіх краінах Захаду, штогод наладжваецца мноства размаітых фестываляў. […]

I вось мне разам з калектывамі самадзейных танцораў з Варонежа і Львова давялося пабываць на некалькіх з іх. На працягу паўтара месяца мы падарожнічалі па Францыі, беручы ўдзел у фестывалях, канцэртах і ўрачыстых шэсцях, знаёмячыся з жыццём і культурай Францыі, з яе людзьмі.

Першым вельмі яркім уражаннем быў фестываль у невялікім гарадку Канфалане: нязменны кіраўнік і арганізатар яго на працягу вось ужо 30 гадоў - Анры Курсажэ, прэзідэнт Інтэрнацыянальнага камітэта арганізацыі фальклорных фестываляў (КІАФФ). Жывы, дзейсны і зацікаўлены чалавек, ён, здаецца, непадуладны ўзросту і робіць усё дзеля таго, каб народнае мастацтва было сродкам узаемаразумення і сяброўскай сувязі паміж людзьмі. Галоўная мэта фестывалю ў Канфалане, - неаднойчы гаварыў Анры Курсажэ, - гэта нават не знаёмства з мастацтвам іншых народаў. што само па сабе вельмі важна і цікава, а магчымасць спазнаць і зразумець адно аднаго. Друк таксама не раз адзначаў гэтую асаблівасць канфаланскага фестывалю: Канфалан называлі горадам міру, а кажучы, напрыклад. пра вялікі поспех танцораў з Расіі і Амерыкі, журналісты пісалі, што кожны глядач надоўга запомніць, як рускія апладзіравалі амерыканцам, а амерыканцы - рускім.

КІАФФ наогул робіць многае для ўмацавання і развіцця такіх сувязяў - штогод ім праводзіцца больш за 130 фестываляў, якія паспяхова "працуюць" на справу міру.

Юбілейны XXX фестываль у Канфалане сабраў як ніколі багата народу. Трохтысячны горад у кожны з дзесяці дзён фестывалю павялічваў сваё насельніцтва больш чым у 10 разоў. Прычым фальклор у Канфалане - гэта не толькі канцэрты артыстаў-аматараў перад шматтысячнай аўдыторыяй. Гэта - грандыёзныя святочныя шэсці ўдзельнікаў па вуліцах, скрозь запоўненых людзьмі, якія з'язджаюцца сюды з многіх дэпартаментаў краіны, гэта - дзесяткі [дзясяткі] сотні запланаваных 5 імправізаваных песень і танцаў, якія часта выконваюцца супольна з гледачамі, гэта, калі хочаце, асаблівы, фальклорны лад жыцця і думак, які распаўсюджваецца ў тыя дні на ўвесь горад. Атмасферы фестывальнага Канфалана [Confolens] могуць пазайздросціць жыхары вялікіх гарадоў у многіх краінах, якія адчуваюць у наш урбанізаваны час востры дэфіцыт масавых народных святаў. Прысутнасць на вуліцах гарадка танцораў, спевакоў, музыкантаў з 18 краін свету, ці не з усіх кантынентаў, радасная, сяброўская суладнасць гасцей і гаспадароў, - усё гэта рабіла яго інтэрнацыянальным у поўным сэнсе слова: пад музыку польскага аркестра ў паланезе ішлі па асфальтаваных вуліцах карэйцы і шведы, каля скрыжаванняў калумбійцы разам з ірландцамі спрабавалі асвоіць венгерскі вербун-кошт, а на тэрасах маленькіх кафэ турысты-французы разам з рускімі з задавальненнем спявалі "Кацюшу".

Абодва савецкія калектывы, што былі на фестывалі, заваявалі ў канфаланцаў вялікую папулярнасць. "О, ваша "Руская тройка", ваш "Украінскі гапак" - гэта фантастычна!" - гаварылі французы, пазнаючы ўдзельнікаў ансамбляў на вуліцах і радасна паціскаючы ім рукі. Бурнымі апладысментамі напаўнялася зала, калі рускія спявачкі на мове арыгінала выконвалі французскія песні, калі ўкраінскія танцоры птушкамі ўзносіліся над галовамі гледачоў.

[…]

Гарады, у якіх праходзілі фестывалі, сталі сапраўды гарадамі дружбы. У Агено і Анжэ, куды пасля перамясціўся фестывальны цэнтр, на адной сцэне сустракаліся танцоры з Перу і Чэхаславакіі, Турцыі і Кубы, Югаславіі і Ізраіля. На ўсіх гэтых фестывалях, як правіла, не праводзяцца нейкія конкурсы, а таму адсутнічае і атмасфера канкурэнцыі, якая часам надае падобным мерапрыемствам крыху хваравіты характар. На канцэрты савецкіх калектываў прыходзілі захопленыя амерыканскія студэнты і балгарскія рабочыя, а тэмпераментнае бразільскае самба з задавальненнем танцавалі ўсе прысутныя. Здавалася, не было такога калектыву, які не заслужыў бы аднадушнай ухвалы залы, і свабоднае спаборніцтва танцораў у майстэрстве, спрыце, выразнасці выклікала ўсеагульнае захапленне - як гледачоў, так і ўдзельнікаў.

У гэтай атмасферы неяк затушаваліся, сцерліся тыя, часам вострыя, спрэчкі, якія на працягу многіх апошніх гадоў вядуцца ў многіх еўрапейскіх краінах, у тым ліку і ў нас. Як павінен падавацца фальклор сёння? Якім чынам трансфармуюць яго сцэна, прафесійнае мастацтва, сродкі масавых камунікацый, навукова-тэхнічная рэвалюцыя, увогуле, наша эпоха?

Міжнародны сімпозіум, які адбыўся летась у Ноўгарадзе пад эгідай ЮНЕСКА, паказаў, што ў многіх краінах вялікая цікавасць да ўсіх гэтых праблем, што яшчэ па-рознаму разумеюцца сёння межы і спосабы трансфармацыі аўтэнтычнага фальклору на сцэне. Невыпадкова дыскусія на гэтую тэму была ўпершыню праведзена і ў Канфалане. Але яна была абмежавана рамкамі назвы "турызм і фальклор", таму прамоўцы толькі бегла (хоць часам і рэзка) гаварылі пра неабходнасць навесці парадак у інтэрпрэтацыі народнай творчасці, змагацца супраць так званага "камерцыйнага", "рэстараннага" фальклору. Асноўная ж увага была нададзена той велізарнай ролі, якую можа адыграць і адыгрывае ён ва ўзаемаразуменні і збліжэнні народаў, у развіцці шматпрофільных сувязей паміж імі. Гэтая функцыя і арыентацыя фальклору, падтрыманая перш за ўсё французамі, звязанымі з арганізацыяй і правядзеннем фестываляў, адбілася і на спецыфіцы такіх святаў, большасць з якіх - у Нанфалане, Гане, Анжэ, Агено - маюць змешаны характар: у іх удзельнічаюць як этнаграфічныя, у фальклорных адносінах "чыстыя", калектывы, так і тыя, у якіх фальклор досыць стылізаваны, г. зн. прайшоў немалую мастацкую апрацоўку. Кожная краіна вырашыла гэтую праблему па-свойму. Так, напрыклад, прадстаўнікі Новай Зеландыі рэстаўрыравалі некаторыя з рытуальных песень і тэатралізаваных сцэн свайго далёкага мінулага, мексіканцы і калумбійцы далі яркую тэатралізацыю старадаўняга фальклору і ў амаль аўтэнтычным выглядзе паказалі танцы, блізкія да нашых дзён. Кангламератам з традыцыйнай харэаграфіі і акрабатыкі, класічнага танца і спорту была пададзена праграма калектыву з Кітая, гарадскі фальклор канца XIX-пачатку XX стст. з бляскам прадэманстравалі амерыканцы; сапраўдныя старадаўнія танцы выконвала большасць французскіх калектываў.

[…]

І ўсё ж, аналізуючы ўдзел нашых калектываў у такіх фестывалях, прыходзіш да думкі, што тут існуе шэраг пытанняў, на якія, як мне здаецца, трэба звярнуць увагу і тых, хто выбірае і пасылае савецкія калектывы на фестывалі, і саміх удзельнікаў і іхніх кіраўнікоў.

[…]

Наша краіна ўдзельнічае ў фальклорных фестывалях многіх краін свету, што, безумоўна, садзейнічае справе ўзаемаразумення і дружбы паміж народамі. Вопыт правядзення фестываляў і ўдзелу ў іх варты вывучэння, асабліва зараз, у перыяд падрыхтоўкі да Першага міжнароднага фестывалю фальклору ў Маскве, які адбудзецца наступным летам. А потым на фестывальную арбіту выйдуць рэспублікі, у тым ліку і наша Беларусь: усесаюзныя фальклорныя фестывалі будуць праводзіцца кожныя два гады.

Фальклор ідзе па планеце, пацвярджаючы тую вядомую ісціну, што сапраўднае мастацтва не ведае межаў і дапамагае людзям зразумець адно аднаго.

Літ.: 2139 Чурко Ю. Зразумець адно аднаго: нататкі пра фальклорныя фестывалі // Літаратура і мастацтва. 1988. 8 студз. C. 16.

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

Індзейцы, индейцы , Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Алесь Симаков . Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 138].

"ЛідЛіт" у Доме Таўлая

Цыкл мерапрыемстваў "ЛідЛіт" на базе экспазіцыі "Час прывёў на Парнас", якая працуе ў Доме Валянціна Таўлая, працягваецца. 19 лютага, споўнілася б 70 гадоў лідскай пісьменніцы Ірыне Бараздзіной. На экскурсію, якая перайшла на ўспамін пра Ірыну Сямёнаўну пад назвай "У зале жыцця", завіталі вучні 5 класа СШ №11 горада Ліда на чале з класным кіраўніком Анашкевіч Наталляй Мікалаеўнай. Менавіта ў гэтай навучальнай установе адукацыі працавала Ірына Бараздзіна.

У Доме Валянціна Таўлая сабраны фонд пра яе. А яшчэ, падчас сустрэчы папоўніла яго фотаздымкамі Наталля Мікалаеўна. Куратар экспазіцыі Алесь Хітрун і настаўніца Наталля Анашкевіч падзяліліся ўспамінамі пра зямлячку, пра кнігі, якія былі выдадзеныя пры жыцці "Из соли, сахара и перца" (2015 г.), "Живу по чувствам" (2018 г.), а таксама "Пусть будет..." (2020 г.), якая выйшла ў свет ужо пасля смерці паэтэсы і выдадзеная была Наталляй Анашкевіч. Былі зачытаны яе вершы, разгледжаны фонд (рукапісы, фотаздымкі і інш.).

Вучні пазнаёміліся з экспазіцыяй, дзе таксама змешчана інфармацыя пра тых, якіх няма ўжо таксама на гэтым свеце, але якія памяць пра сябе пакінулі для нашчадкаў - у кнігах, часопісах, зборніках...

Адназначна, вучні з цікавасцю даведаліся і пра тых, чыя творчасць вядома не толькі ў горадзе і раёне, але і за межамі краіны. З гэтымі прадстаўнікамі - удзельнікамі экспазіцыі яшчэ сустрэнуцца вучні іншых школ, а магчыма і СШ № 11.

Алесь Хітрун.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX