Наша слова.pdf № 10 (166), 5 сакавіка 2025.
З днём 8 сакавіка
З далёкага
Калi вясною закукуе
Зязюля ў лесе ранiцой,
Ты прыгадай вясну другую,
Сустрэчы нашыя з табой.
Згадай ўсё, што сэрцу мiла,
Што сэрцу дорага было,
Забудзь, што ўсё адгаманiла,
Адкукавала, адышло.
Згадай усё, што нам жадала
Зязюля ў гучным гушчары
Забудзь, што ў хованкi гуляла
Жаданне з намi да зары.
Забудзь, што рэху не вярнуцца
Нi да цябе, нi да мяне,
Забудзь!.. Хай сэрцы адгукнуцца
Адно другому па вясне.
Аркадзь Куляшоў.
Лідчына правяла зіму
2 сакавіка ў Лідзе ладзілі свята, што на добры настрой было багата... У гарадскім парку адбыліся "ПРОВАДЫ ЗІМЫ".
Цікавая і насычаная праграма раённага мерапрыемства ўразіла шматлікіх гледачоў:
21 арганізацыя раёна прыняла ўдзел у тэатралізаваным шэсці і конкурсе "Вясна-красна!". Калона прайшла па галоўнай алеі парку да сцэнічнай пляцоўкі. Удзельнікі, убраныя ў яркія касцюмы, уяўлялі сабою сімбіёз вясновага абуджэння прыроды і народных традыцый.
Ладныя музыкі, яскравыя выступы лепшых калектываў Лідчыны: "Каханачка", "Лідчанка", "Гудскі гармонік", "Святліца" "Талісман", "Ульяніца", "Мы з вёсачкі-калыскі", "Талер", вясёлыя спевы і гучнае гуканне вясны, яркае шэсце "ВЯСНА-КРАСНА" і цікавая тэатралізаваная праграма "ПРАВОДЗІМ ЗІМКУ РАЗАМ" ад артыстаў Палаца культуры горада Ліды, традыцыйныя гульні і спартыўныя спаборніцтвы, частаванне блінамі і рознымі прысмакамі.
Музычным падарункам для гасцей свята стаў выступ народнага ансамбля песні "Уладары" з горада Ваўкавыска.
Кульмінацыяй мерапрыемства стаў конкурс, у рамках якога журы ацэньвала арыгінальнасць, артыстызм і творчы падыход удзельнікаў.
Па яго выніках выява, якую ўвасобілі працаўнікі Палаца культуры горада Ліды і прадставіла метадыст па працы з дзецьмі і моладдзю ўстановы Кацярына Паляшук, ганаравана другім месцам!
Віншуем усіх, хто працаваў над праектам і годна яго прадэманстраваў!
Бярозаўка таксама вырашыла не пакідаць зіму, а ўрачыста і са смакам правяля яе.
Міжнародны дзень роднай мовы
18-я Агульнанацыянальная дыктоўка
У Палацы культуры горада Ліды
21 лютага сусветная грамадскасць адзначала Міжнародны дзень роднай мовы.
Гэта свята - нагода для носьбітаў любой мовы яшчэ раз задумацца аб лёсе той адзінай, якую завём матчынай, на якой думаем і вымавілі першае слова, на якой размаўлялі нашы продкі.
У клубных установах вобласці на працягу тыдня праводзіліся розныя мерапрыемствы дзеля папулярызацыі мовы бацькоў і дзядоў: класныя гадзіны, вечарыны, сустрэчы з паэтамі і пісьменнікамі, тэатралізаваныя імпрэзы, майстар-класы па традыцыйных рамёствах.
"З легендаў i казак былых пакаленняў,
З калосся цяжкога жытоў i пшанiц,
З сузор`яў i сонечных цёплых праменняў
Ты выткана, дзiўная родная мова".
Усе прыхільнікі роднай мовы могуць наведацца ва ўстановы культуры Гарадзенскай вобласці, дзе гэты дзень будзе адзначаны лозунгам "Дакраніся да роднага слова!"
У Палацы культуры горада Ліды да дня роднай мовы прайшла пазнавальна-забаўляльная праграма "Пытлівы буслік".
Да Міжнароднага дня роднай мовы ў Палацы культуры горада Ліды праходзіла акцыя "Вітаем па-беларуску".
Наведвальнікі з задавальненнем далучаліся да мерапрыемства, рэалізацыю якога сумесна з супрацоўнікамі ўстановы ажыццяўлялі навучэнцы-практыканты Палаца культуры.
ТК "Культура Лідчыны".
У Дворышчы
У Дзень роднай мовы у фiлiял "Дварыщанскi Дом культуры" былi запрошаны госцi на паэтычны вечар "Гучы, родная мова", які даў магчымасць адчуць хараство i багацце беларускай мовы.
У філіял "Інтэграваная бібліятэка ам. Дворышча" былі запрошаны госці на паэтычную хвалю "Сэрца адкрытае слову", якая дала магчымасць адчуць хараство і багацце беларускай мовы. Дзякуючы якой, працягваюць жыць традыцыі. Мова служыць элементам аб'яднання людзей незалежна ад месца і часу іх пражывання. Удзельнікі спявалі калыханкі, расказвалі легенды, былі і перакладчыкамі, чыталі вершы юбіляра Р. Барадуліна, а паслухаўшы верш В. Шніпа "10 запаведзяў" паабяцалі, што будуць даражыць беларускай мовай і ісці з ёю па жыцці.
ТК "Культура Лідчыны".
У філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 3"
У філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 3" прайшла гадзіна роднай мовы "Гучы родная мова". На мерапрыемстве вялася размова пра неабходнасць захавання беларускай мовы. Для дзяцей была праведзена гульня, дзе яны паказалі добрыя веды: пісалі дыктоўку, разгадвалі загадкі і рэбусы, падбіралі розным прадметам беларускія назвы. Мерапрыемства дало магчымасць кожнаму ўдзельніку папоўніць слоўнікавы запас новымі словамі і выразамі.
ТК "Культура Лідчыны".
Дзень роднай мовы ў Лідскім каледжы
Традыцыйна 21 лютага ўвесь свет адзначае Міжнародны дзень роднай мовы. І традыцыйна Лідскі каледж прымае ў гэтым самы актыўны ўдзел.
Сёлета група 104 па, 1 курс, прыняла ўдзел у 18-й Агульнанацыянальнай дыктоўцы ў раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы.
Купалаўскую дыктоўку, дыктавала сама рэктар універсітэта Кітурка І. Ф.
У каледжы пісалі ўсе групы 1-га курса: 104 па, 92 да, 93 да, 63 впа, 64 впа, 17 э (150 чалавек).
Праходзілі мерапрыемствы: "Вітаемся па-беларуску", "Вясёлы збаночак", выстава ілюстрацый да твораў дзіцячых пісьменнікаў.
Ілюстраваліся пераклады з рускай мовы на беларускую.
Навучэнцы 1 курса групы 48 с здымалі відэа з навучэнцамі і выкладчыкамі на тэму "Перакладзі". Матэрыялы выстаўлялі ў інстаграм.
Навучэнцы групы 93 да чыталі вершы беларускіх аўтараў пра мову і таксама адпраўлялі ў інстаграм.
С. Л.
Роднай мове прысвячаецца
У аддзеле Лідскага ЗАГС-а ў Дзень роднай мовы зарэгістравалі шлюб пяць пар.
У рамках традыцыйнай акцыі "Ты будзеш звінець, мая родная мова!" рэгістрацыю супрацоўнікі ЗАГС-а Лідскага райвыканкама правялі на беларускай мове. Мілагучнасць і прыгажосць нашай роднай мовы кранулі маладых і іх гасцей.
ТК "Лідскі неафіцыйны".
"Луч" выпусціў гадзіннік у гонар Караткевіча. Іх будзе ўсяго 95 штук
Гадзіннікавы завод "Луч" да Міжнароднага дня роднай мовы выпусціў новую лімітаваную калекцыю "Мова". Сёлета яна прысвечана Уладзіміру Караткевічу.
Як паведамілі на заводзе, у продаж паступіла 95 гадзіннікаў - па колькасці гадоў з дня нараджэння пісьменніка. Кошт - 1495 рублёў. Продаж стартаваў.
Новая мадэль створана на механізме "Луч-2209" - самым тонкім, які выпускаў Менскі гадзіннікавы завод. На цыферблаце змешчана цытата Уладзіміра Караткевіча: "Мова, прыгожае пісьменства, паэзія, музыка - сродак сувязі між думамі людзей, вышэйшы сродак".
Напярэдадні лімітаваную калекцыю прэзентавалі ў Музеі гадзіннікавай справы.
Выстава, прысвечаная Уладзіміру Караткевічу, будзе даступная з 21 лютага па 21 сакавіка. Адрас музея: вул. Натуралістаў, 3.
Паводле СМІ.
Гісторыя ў прадметах
Гісторыя... У гэтым слове які глыбокі сэнс!!! Гісторыю ствараюць людзі... А ёсць яшчэ маўклівыя сведкі гісторыі. Гэта прадметы. У фондах Лідскага гістарычна-мастацкага музея захоўваюцца ўнікальныя прадметы, якія сабраны цэлымі калекцыямі. Іх нямала.
Менавіта 27 лютага ў Доме Валянціна Таўлая адкрылася экспазіцыя "Гісторыя ў прадметах".
На ёй прадстаўлена калекцыя чарніліц, сабраная лідзянінам Чаславам Віктаравічам Серафіновічам, калекцыя паштовак ад лідзянкі, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Веры Рыгораўны Ляцецкай, а таксама калекцыя значкоў з выявамі Леніна ад лідзяніна Станіслава Уладзіміравіча Лемлемая. Разам з тым, у экспазіцыі знайшлі месца школьныя падручнікі, буквары, пропісі і іншае, перададзеныя пры жыцці ў свой час мясцовым краязнаўцам Мікалаем Мікалаевічам Дзікевічам. Школьная парта Эрысмана і інш...
З экспазіцыяй ужо пазнаёміліся прыхільнікі гісторыі падчас адкрыцця. Пра сваю калекцыю значкоў або інакш фалерыстыку падзяліўся з прысутнымі таксама ўнікальны чалавек, чалавек-легенда Станіслаў Лемлемая (Лямнёў). Чалавек з надзвычай цікавай гісторыяй свайго жыцця! Яго ведаюць лідзяне таксама як спартсмена і трэнера.
Завітаў на экспазіцыю яшчэ адзін калекцыянер, які доўгі час лічыўся адзіным у Беларусі Аляксей Аляксеевіч Чысцякоў. Ён збірае цэглу. З яго калекцыяй незвычайных цаглін знаёмы таксама прыхільнікі не толькі ў Лідзе, але і далёка ў іншых гарадах Гарадзеншчыны.
Лідскі паэт Канстанцін Іосіфавіч Якубчык падзяліўся гісторыяй збірання машынак, гэблікаў і іншымі цікавосткамі. Прыхільнік гісторыі і ўжо аўтар некалькі кніг Наталля Мікалаеўна Анашкевіч расказала пра цікавыя прадметы, якія захоўваюцца ў яе, падзялілася гісторыяй напісання кніг. Адзін з вядомых паэтаў на Лідчыне Міхась Іванавіч Мельнік - таксама калекцыянер. Ён сочыць за падзеямі ў літаратурным жыцці горада, папаўняе фонды музея кнігамі, перадае газетныя матэрыялы для архіва. На адкрыццё экспазіцыі завіталі і сваякі з роду Валянціна Таўлая. Гэта сёстры Клышко Ірына Мікалаеўна і Сідарэнка Аляксандра Мікалаеўна. У мінулым годзе яны перадалі ў Дом Валянціна Таўлая ўнікальны фотаздымак паэта, які быў падпісаны В. Таўлаем цётцы (іх бабулі) Вользе. Аб гэтым і не толькі было сказана з вуснаў жанчын.
Экспазіцыя "Гісторыя ў прадметах" пачала працу! Завітайце і Вы ў Дом паэта Валянціна Таўлая. Адрас: вуліца Замкавая, 7. Магчыма, і ў Вас ёсць цікавыя калекцыі пэўных прадметаў?! Падзяліцеся гэтай інфармацыяй з супрацоўнікамі Лідскага гістарычна-мастацкага музея, і, можа быць, вам пашанцуе стаць удзельнікам адной з падобных экспазіцый!
Алесь Хітрун.
Паэтычная гадзіна "Рыгор Барадулін - майстар-ювелір слова"
У філіяле "Бярозаўская гарадская бібліятэка" прайшла паэтычная гадзіна "Рыгор Барадулін - майстар-ювелір слова", прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння Р. Барадуліна - Народнага паэта Беларусі. Бібліятэкар азнаёміла дзяцей з жыццём і творчасцю паэта. Школьнікі даведаліся, што літаратурная спадчына Р. Барадуліна налічвае больш за 100 выдадзеных зборнікаў паэзіі, крытычных артыкулаў, эсэ, перакладаў. Вершы Р. Барадуліна перакладаліся на многія мовы свету. Падчас мерапрыемства былі прадэкламаваны вершы паэта са зборніка "Як воўк каледаваў", якія знайшлі жывы водгук у юных слухачоў.
ТК "Культура Лідчыны".
ЖЫЦЬ - НАД МАЦЕРЫКАМІ КРУЖЫЦЬ, БАЦЬКАЎШЧЫНАЙ ДАРАЖЫЦЬ
Да 90-годдзя з Дня нараджэння Барадуліна Рыгора Іванавіча (24..02. 1935 - 2. 03. 2014) Народнага Паэта Беларусі
Яго псеўданімы: Алесь Чабор, Алесь Савось, Алесь Каліна.. Прапаную агляд майго супрацоўніцтва з таленавітым творцам.
У сямейным альбме 2016 года "Аўтографы. З кніжніцы Сяргея Панізьніка (1960 - 2011)" ёсць раздзел "… ад рума Барадуліна" з фотаздымкамі і аўтографамі На здымку Ванкарэма Нікіфаровіча: Рыгор Барадулін, Стэфан Паптонеў з Балгарыі, супрацоўнікі мемарыяла "Прарыў", Ушацкі раён, 1979 год.
Далей - верш-прысвячэнне Рыгора Барадуліна "Акразычэнне Сяргею Панізьніку на 10 траўня 2012 г." Памятаю, у Львове атрымаў ад Рыгора зборнік вешаў "Нагбом", 1993 года. Адгукнуўся на радок "Слова пад сэрца тоўхала ножкаю…". Уразілі мяне "Акразычэнні Сяргею Панізьніку", створаныя Рыгорам 25.03.2012 года. Чытаю на зборніку "Рум":
Сяргею - пяць! Не ад віна
Табе я стаўлю бал такі.
Нам родная з табой Дзвіна
Уся твая да Балтыкі!
Рыгор. Жнівень, 74- год. Мінск.
На кнізе Стэфана Паптонева "Беларусь - белая балада", 1979 г. прачытаў: "Дзякуй, Сяргей, за хвіліны радасці дотыку да роднай зямлі!. 30.1Х.79 г. Ушачы. Рыгор". А на кнізе самога Рыгора "Вушацкі словазбор" выгледзеў: "Роднаму Сяргею Панізьніку - дзякуй за ўсё! 19.ХІІ.2013 г."
Вось што было пазначана на зборніку "Ксты" (2009 г.): "Роднаму нашаму, Крывіцкаму Сяргею Панізьніку - з нязьменнай падзякай за ўсё добрае, што ён чыніў і чыніць! Чалом! Рыгор Барадулін. 21.Х1 09".
Прачытаў і такое празаічнае прызнанне пісменніка: "Мне Латвія асабліва дарагая і блізкая, бо мой дзед Андрэй Галвіньш, механік млыноў, трапіў у Полацак з Рыгі".
У біяграфіі геніяльнай Асобы адзнчана і такая важная падзея: 23 красавіка 1994 года Рыгор Барадулін ад імя Прэзідэнта Латвійскй Рэспублікі быў узнагароджаны ордэнам Трох Зоррак (Тріс Звайгзнэ). Разам з ордэнам статус афіцэра 4-й ступені атрымалі ў 1988 годзе Васіль Сёмуха і Сяргей Панізьнік.
Асабіста я ўдзячны майму Настаўнікуяшчэ з львоўскіх часоў, калі курсантам заглядваў пад вокладдку майго зборніка "Кастры Купалля", выдадзенага ў Менску ў 1967 годзе: "Зборнік адрэдагаваў на грамадскіх пачатках паэт Рыгор Барадулін".
Ён быў і застаецца для мяне паэтам-будзіцелям. Ого, як уздрыгвала сэрца, калі прачытваў чарговы дарчы надпіс яго: "Надзеі Беларусі - Сяргею ад шчырага, шчырага сэрца". А верш "Паэт-будзіцель" быў напісаны мною з нагоды ўсталявання 27.ХІІ. 2017 года памятнай табліцы на доме, дзе жыў у Менску Народны паэт Рыгор Барадулін:
Паэт-будзіцель! О, наш Рыгор
зноў смела ўзняўся пад кроны зор.
Зімой і помнікі не астудзіць:
там Барадуліну вякоўным быць.
Праславіць - гонару ўсім хапіла,
Народ з Народным - і моц, і сіла!
Аглядаючы архіў Барадуліна, я быў уражаны такімі творчымі повязямі. Апантаным даследчыкам краязнаўчых матэрыялаў, як і Барадулін, аказаўся, праявіўся і Алесь Мікалаевіч Карлюкевіч, народжаны 6. 01. 1964 года. Ён мне, прыдзвінскаму плытагону, перадаў такі аўтограф на сваёй кнізе "Рэкі і азёры ў паэзіі Рыгора Барадуліна" (Мінск, 2000 г.): "Дарагому Сяргею Панізніку - вялікаму збіральніку беларускасці. 21.VI.2000 г."
Такім жа збіральнікам пад Поўняй 90-годдзя з'яўляецца і кіеўскі паэт Дзмітро Чараднічэнка. Даты яго жыцця: 30.ХI.1935 - 20.VIII.2011. Паэт, перакладчык, педагог, мастацтвазнавец. Аўтар зборнікаў вершаў, апавяданняў, казак… Узнагароджаны Рыцарскім Крыжам за заслугі перад Літвой.
Дзмітро Сямёнавіч перакладаў творы Максіма Багдановіча, Якуба Коласа, Васіля Віткі, Янкі Сіпакова, Алеся Разанава, Сяргея Панізьніка…
Пазнаёміўся я з Дмытром у 1968 годзе ў Мікалаеве на ўсесаюзным фестывалі маладых паэтаў. Узніклі творчыя стасункі, і ён з ахвотаў пастараўся наведаць мой айчынны мацярык. 8 жніўня 1968 года мы агледзелі маё роднае Прыдзвінне З Лявонпаля ў Міёрскім раёне трапілі ў Верхнядзвінскім раёне ў вёсцы Цінкаўцы ў этнаграфічны музей "Хата бабкі Параскі на Шляху з Грэкаў у Варагі". Там ён стварыў верш, які ў маім перакладзе выглядае так:
Дзякую брату за хлеб і за хату,
і за туюДзвіну,
у якой я пабачыў
Беларускіх нябёс сінізну.
Я й Слову падзяку нясу:
адчуў яго сілу, красу…
Дзякую і прыхіляю
да Вашага дома я зноў
душу сваю і любоў.
Наведалі Расіцу на Асвейшчыне, Полацк, пабывалі на месцы спаленай фашыстамі вёскі Шунеўка каля Бягомля. Творчы вынік госця такі: трылогія "Неопалима колиска".
Сяргей Панізьнік.
ВІТАЕМ ЦЯБЕ, ШЧОДРАЯ МАСЛЕНІЦА!
Мерапрыемства з такой назвай правёў 26 лютага 2025 года ў Мінску, у бібліятэцы № 1 імя Л.М. Талстога Пісьменніцкі клуб "Літаратурны экватар" (да канца 2024 года - Літаратурны клуб "Экватар"). Ці былі ў той вечар бліны? Канешне! І напякла іх для імпрэзы асабіста шэф-рэдактар клуба, пісьменніца і журналістка Інга Вінарская. Былі і іншыя салодкія прысмакі, а таксама два цікавых букета, упрыгожаных рознакаляровымі стужкамі, - сімваламі свята і надыходзячай вясны.
Вядоўцай імпрэзы таксама стала Інга Вінарская. І канешне, яна распавядала пра свята Масленіцы, пра традыцыі Масленічнага тыдня. Узгадаем асноўныя моманты.
Масленіца - гэта ўсходнеславянскае традыцыйнае свята, якое адзначаецца напрацягу тыдня перад Вялікім пастом. Яно захавала ў сваёй абрадавай аснове шэраг элементаў дахрысціянскай славянскай міфалогіі. У народным календары ўсходніх славян Масленіца абазначае мяжу паміж зімой і вясной. Яе можна назваць аналагам карнавалаў у краінах Еўропы і Амерыкі, якія праводзяцца прыкладна ў гэты ж час.
Дата Масленіцы мяняецца кожны год у залежнасці ад даты надыходу Вялікдня. Сімвалам свята з'яўляюцца бліны, якія маюць асобае значэнне: яны ўвасабляюць сонца, цяпло і вясну, якая вось-вось надыйдзе. Круглыя і залацістыя бліны, як лічылася ў народзе, нясуць у сябе кавалачкі сонечнай благадаці і моцы, дапамагаючы сагрэць змерзлую падчас зімы зямлю.
Калі Масленіца была яшчэ язычніцкім святам, дык для ўсходніх славян важкай фігурай быў Ярыла - бог Сонца. Людзі верылі, што напярэдадні вясны ён змагаецца з маразамі. І, па адной з версій, менавіта ў яго гонар людзі пяклі блінчыкі. Круглыя пачастункі па форме нагадвалі сонца - крыніцу цяпла. Маленькае сонейка павінен быў з'есці кожны: язычнікі верылі, што так чалавек атрымае моц і здароўе на ўвесь наступны год.
Масленічны тыдзень падзяляюць на два перыяды: з панядзелка па сераду - гэта Вузкая Масленіца, а з чацвярга па нядзелю - Шырокая. Першыя тры дні святочнага тыдня яшчэ можна займацца гаспадарскімі справамі, а з чацвярга ўжо не: пачынаецца шырокае святкаванне Масленіцы, народныя гулянні ды забавы.
У кожнага дня Масленічнага тыдня ёсць свая назва і значэнне.
Першы дзень - Сустрэча. Ранкам святочнага панядзелка нашы продкі рабілі наступнае: свёкры адпраўлялі жонак сваіх сыноў да іх бацькоў, а ўвечары і самі адведвалі сватоў. І канешне, гасцей трэба было вельмі добра пачаставаць.
Быў і яшчэ адзін звычай у гэты дзень: першы блін, выпечаны ў панядзелак, аддавалі з'есці жабраку - такі быў абрад памінавення спачыўшых.
Другі дзень - Зайгрышы. Аўторак быў прысвечаны знаёмствам і агледзінам. Моладзь збіралася, каб паглядзець адно на аднаго. Часцяком пары, якія пазнаёміліся ў такі аўторак, у хуткім часе ішлі да шлюбу.
Трэці дзень - Лакамка альбо Скаромная серада. Зяці хадзілі ў госці да сваіх цешчаў. Цешчы ў масленічную сераду абавязаны былі быць асабліва добрымі да сваіх зяцёў.
Чацвёрты дзень - Разгуляй альбо Шырокі чацвер. З гэтага дня пачыналася Шырокая Масленіца. Усе працы заканчваліся, займацца гаспадаркай у бліжэйшыя дні лічылася кепскай прыкметай. Таму народ кідаў усе свае справы і ішоў на плошчу, каб павесяліцца.
Пяты дзень - Цешчыны вячоркі. У пяты дзень ужо зяцям трэба было прымаць з усёй пашанай сваіх цешчаў. Бліны для сваіх маці пяклі іхнія дочкі - жонкі зяцёў. Кожная цешча старалася прывесці з сабой сябровак, каб пахваліцца перад імі, за якога добрага хлопца яна выдала сваю дачку.
Шосты дзень - Залувіцыны вячоркі. У суботу маладыя нявесткі звярталі ўвагу на сваіх залувіцаў - сясцёр і сваячак сваіх мужоў. Дзяўчаты збіраліся, каб паесці, пагаманіць, папляткарыць. Добрай прыкметай лічылася зрабіць усім прыйшоўшым хаця б невялікія падарункі.
Сёмы дзень - Провады альбо Даравальная нядзеля. Гэта быў апошні дзень перад Вялікім Пастом, калі можна было добра паесці. Прычым, трэба было з'есці ўсю святочную ежу, прыгатаваную за тыдзень. Рэшткі можна было аддаць жабракам альбо спаліць. Кепскай прыкметай лічылася выкінуць ежу альбо даць ёй прапасці. Днём у святочную нядзелю прынята было хадзіць у лазню, а ўвечары ўсе збіраліся на плошы - канешне ж, каб урачыста спаліць пудзіла Масленіцы. Дарэчы, попел, які пасля гэтага заставаўся, трэба было рассеяць па палях, каб у наступным годзе атрымаўся добры ўраджай.
У даравальную нядзелю ўсе людзі стараліся папрасіць прабачэння ў сваіх сваякоў, сяброў ды знаёмых. І тыя павінны былі дараваць у адказ. Канешне, пакуль мы ўсе яшчэ жывыя, трэба папрасіць адно ў аднаго прабачэння за нейкія не тыя словы ці ўчынкі, увогуле за ўсё кепскае, што намі зроблена, - пакуль яшчэ позна не стала…
Дарэчы, да імпрэзы 26 лютага чальцамі "Літаратурнага экватара" былі падрыхтаваны не толькі пачастункі і цікавая інфармацыя пра Масленіцу, але і творы прысвечаныя непасрэдна гэтаму святу. Следам за Інгай Вінарскай слова перайшло да кіраўніка клуба, пісьменніка і журналіста Вячаслава Корбута, які непасрэдна перад мерапрыемствам напісаў верш, які называецца "На Масленіцу":
Вось і завеі наўсцяж праляцелі,
Белыя мухі самлелі даўно.
Неба, яно нат святлей за лілеі,
І не ў кіно!
Гэта брахня, што скуголяць навесы,
Брамкі гатовы гасцей запускаць,
Рушаць прылаўкі, талеркі, прагрэсы -
Блін паспытаць.
Гулка палаюць кастры, чутны песні,
Вадкасцю юшкі ліюцца паўсюль.
Еш, наядайся. Нат можаш і трэснуць, -
Круглы, як нуль.
Бэйбухі тролі наладжваюць спевы,
Певень змаўчыць на слупе да пары,
Гэй, як дагнаў на мяху, лезь на дрэва!
Як на вятры?
Шпарка сагрэе мо келіх гарбаты,
Ці лепш усмешка паненкі якой?
І падпярэдзіць, што ўжо вінаваты,
Бо ты не мой!
Справа і злева ўсё нехта бухторыць:
Трэба падужацца ў снезе, хлапцы!
Глянь, тут мядзведзі - наўрад іх пабораць.
Гэта ж капцы!
Летась і сёння, заўчора і потым,
Будзе Маслёнка ўсіх нас частаваць,
Каб ашчаслівіць жыццё аж да поту, -
На год ці на два!
Заўжды арыгінальны, своеасаблівы, шырока адораны талентамі і ў паэзіі, і ў прозе, і ў драматургіі, Глеб Ганчароў напачатку свайго выступлення зазначыў, што аўтар павінен выступаць не больш сямі хвілін, таму што калі болей, то ўвага залы пачынае рассейвацца. Невядома, адкуль у спадара Глеба такія звесткі, але ж на святочнай імпрэзе ён прачытаў толькі тры творы: вершы "Маналог Лявона Варнэрке" і "Беларускі эмігранцкі вальс", а таксама пераклад верша Змітро Паўлычкі "Два колеры". Напэўна, менавіта гэтыя колеры для Глеба Ганчарова ствараюць нейкую асацыяцыю з Масленіцай.
Калi дзiцём я ўсходзiў па вясне
У свет шырокi доўгiмi шляхамi
Кашулю мацi вышыла мяне
Чырвонымi i чорнымi сцяжкамi.
Два колеры мае, два каляры
На сэрцы i душы маёй абодва.
Два колеры мае, два каляры:
Чырвоны - як любоў, а чорны - як самота.
Хадзiў я ўсцяж нябачаным жыццём,
Вяртаючыся на свае парогi.
Пераплялiся мамiным шыццём
Мае неспадзяваныя дарогi.
Калi ў вачах прасякла сiвiзна,
Я анiчога не прынёс да хаты:
Адно жгуток старога палатна,
Дзе чорны колер сплецены з брунатным.
Два колеры мае, два каляры
На сэрцы i душы маёй абодва.
Два колеры мае, два каляры:
Чырвоны - як любоў, а чорны - як самота.
Апошнім часам нячаста можна было ўбачыць на імпрэзах "Экватара" паэта Вячаслава Данілава і паэтку Клаўдзію Максімаву - па розных асабістых прычынах. Але абодва яны завіталі 26 лютага ў бібліятэку № 1 імя Талстога. Вячаслаў прачытаў некалькі сваіх новых вершаў, напісаных зусім нядаўна, а Клаўдзія ўзгадала шэраг паэтычных твораў, надрукаваных у альманаху "Літаратурны экватар".
Вельмі радасна было ўбачыць на мерапрыемстве аксакала клуба Дзмітрыя Максімавіча Марозава. Яшчэ б: чалавеку ўжо восемдзесят восем год споўнілася, а ён яшчэ рыхтуе праграмы, выступае, спявае. У такім шаноўным узросце Дзмітрый Максімавіч захаваў цудоўны голас - бас глыбокага роўнага гучання. У выкананні спадара Марозава прысутныя пачулі некалькі ўрыўкаў з оперных арый, а таксама знакамітую народную песню "Вдоль по Питерской", якая асабліва спадабалася ўсім сабраўшымся.
Адной з галоўных асаблівасцей Пісьменніцкага клуба "Літаратурны экватар" з'яўляецца той факт, што ў імпрэзах суполкі прымаюць удзел людзі самых розных узроставых катэгорый. Так было і на мерапрыемстве напрыканцы лютага. Вельмі цікавую сцэнку падрыхтавалі і выканалі два вучні восьмага класа: Яўген Вайтовіч і Міхась Котаў. Сцэнка называлася "У пошуках Масленіцы", а напісаў яе для дзяцей Вячаслаў Корбут. Выступленне Яўгена і Міхася зала сустрэла вельмі цёпла.
Для паэта, празаіка, публіцыста Юрыя Мельнікава галоўным натхненнем у жыцці з'яўляецца жаночая палова чалавецтва. Менавіта жанчынам і дзяўчынам Юра часцяком прысвячае свае творы, яны для гэтага аўтара - галоўныя гераіні ягонай творчасці. Ёсць у спадара Мельнікава і цэлая калекцыя акравершаў на жаночыя імёны. Некаторыя з гэтых акравершаў аўтар прачытаў на імпрэзе. Сярод іх быў і верш "Паліна":
Праз родную мову да зорных вяршыняў
Адкрыты ён, шлях здольнай філалагіні,
Ласкавасць жаночая ззяе натхненнем,
І промнем узыйдзе дабротаў насенне.
Няможна пакінуць красу яе стану,
А аўтар ёй вершам складае пашану!
Пісьменніца, навукоўца, настаўніца Кацярына Матусевіч прывезла на мерапрыемства вершы сваіх вучняў і прачытала іх прысутным. А паэтка Тамара Залеская ў сваім выступленні аддала перавагу сваім дарослым паэтычным творам - у асноўным на тэму кахання.
Сапраўднай нечаканасцю стала з'яўленне ў зале амаль што напрыканцы імпрэзы пісьменніцы, журналісткі і проста прыгожай жанчыны Людмілы Шчэрбы. Прысутныя пачулі ў яе выкананні шэраг вершаў з кнігі "Я пакідаю сонца тут", а таксама некалькі новых паэтычных опусаў. Сярод прачытанага Людмілай у той вечар быў і гэты вясновы верш:
Сабака дырыжыруе хвастом,
Аблезлы, радасны і рыжы.
Катоў вясновы барытон
Рэкламныя ірве афішы.
На нотным стане правадоў
Птушыны хор асеў для спеву,
Пупышкі будучых лістоў
Чакаюць веснавой залевы.
Згубіла станік п'яная вясна
Пасля дзявочай пагулянкі,
Зімовы келіх выпіўшы да дна,
Па горадзе гуляе брукаванкай.
Цукеркам сонца тае за шчакой
І плавіцца ў нябёсах лужын,
Разліўшы пераможны неспакой
Цяпла пасля пакорнай сцюжы.
Я галавой ківаю ва ўнісон
Хадзе зямлі, абуджанай ад цішы.
Сабака дырыжыруе хвастом,
Аблезлым, радасным і рыжым!..
Вось такая атрымалася ў нас імпрэза, прысвечаная святу Масленіцы. Напрыканцы ўсе здымаліся на памяць, а потым пілі гарбату з блінамі і іншымі прысмакамі. Ад стосу блінцоў засталася толькі пустая талерка, і ад гэтага зрабілася неяк прыемна і радасна на душы.
Інга Вінарская, Вячаслаў Корбут.
Некалькі гадоў маёй маладосці ў Вільні (1818-1825) 1
Станіслаў Мараўскі
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Агульнавядомай з'яўлялася празмерная і большая, чым патрабуе старая традыцыя, суровасць майго бацькі, а таксама тая пакора, з якой я яе зносіў. Як студэнт медыцынскага факультэта ўніверсітэта я быў вядомы сваёй стараннасцю і пільнасцю да навук. Я заўсёды з павагай ставіўся да старых, каб нечаму ад іх навучыцца, і таму шмат старцаў былі адданыя мне душой і сэрцам і вельмі добра казалі пра мяне. Маладыя ж, не бачылі мяне ў сваім модным коле і тым самым не лічылі мяне канкурэнтам у салонах, якія наведвалі і не думалі калі-небудзь мяне там убачыць. Таму яны не мелі да мяне зайздрасці і ставіліся нават паблажліва. Таксама цікаўнасць да мяне ўзбудзіла прывязанасць панны красуні Веранікі Сакенаўны, якая з'явілася без папярэдняга знаёмства і толькі з-за ўзаемных позіркаў праз акно, пра гэта яна расказала свайму крэўнаму, шаноўнаму Ігнацыю Ляхніцкаму, а ён гэты сакрэт разнёс па ўсім горадзе. Таксама і геніяльны, шаноўны і высакародны аматар ўсяго прыгожага і добрага, доктар Юзаф Франк 43, які больш за 20 гадоў штодзень наведваў розныя дамы, лекар, які сваім прыходам заўсёды ўзбуджаў надзею у хворых, расказаў усёй Літве пра маю вялікую пільнасць і дакладнасць вока і пра тое, што я хутка стану мясцовым Бюфонам ці Рэмюрам. Пачцівы немец думаў, што я ўсё сваё жыццё па-нямецку закапаю ў навуку! А я і тады, і сёння нічога так у сваёй душы не баюся, як быць літаратарам ці вучоным! Сама арыгінальнасць майго прысвячэння медыцыне, выклікала цікавасць жанчын, якія задаюць тон у салонах. Бо нармальным лічылася, каб малады 19-ці гадовы юнак быў пад пазногцем мезенца ножкі маладой дзяўчыны ці жанчыны. І таму "старыя кунтушы" і нават не "кунтушы" здзіўлена ціскалі плячамі і не разумелі, як я мог на гэта адважыцца. Памятаю, стары Залескі, стараста швянтоўскі і сябар майго бацькі, якога немагчыма было здзівіць нечым, бо ён быў юрыстам, тым не менш, у пакоі сваіх сыноў са здзіўленнем сказаў мне: "Як гэта можа быць, каб я, кармазынавы шляхціц ды вывучыў медыцыну?" Такія былі забабоны таго часу! Забабоны ўжо канаючай фалангі старых шляхціцаў канца папярэдняга стагоддзя. Лекарам гэтыя Мосьці дабрадзеі маглі ўявіць толькі француза, немца, італьянца ці венгра, г. з. усіх тых, хто не мог атрымаць шляхецтва. Гэты забабон жыве і сёння, бо я не чуў, каб мой прыклад меў паслядоўнікаў 44.
Павінен сказаць, што ў маёй маладосці моцна дапамагала тое, што мяне звалі "прыгожым Мараўскім". Насамрэч гэта быў прыдомак да прозвішча майго бацькі Апалінарыя, які сапраўды быў прыгожым чалавекам. Мой бацька з маці, ці таму, што хацелі каб я быў больш прыгожы, ці каб падрапаць мне нервы, ці і сапраўды мой твар і постаць былі ім не даспадобы, але па некалькі разоў на дзень казалі мне, каб я быў удзячны за тое, што Бог даў мне, як казаў мой бацька, добры рэкамендацыйны ліст у жыццё, але да сапраўднай прыгажосці мне далёка. Я потым усё думаў, чухаў патыліцу, бо не разумеў, чаго яны ад мяне хацелі. Мушу шчыра, як на святой споведзі, прызнацца, што я праз навуку, выхаванне і па прыкладзе бацькоўскай хаты прызвычаіўся пакланяцца ўсяму прыгожаму і ўзвышанаму і таму, далібог, не знаходзіў у форме свайго твару нейкія перавагі ці недахопы і ніколі не пераймаўся з-за гэтага. Але, як я цяпер здагадваюся, павінна было нешта быць у маім твары, постаці, складзе ці жэстах, рухах ці выразах фізіяноміі, бо са мной увесь час здараліся падзеі, якія маглі б сапсаваць менш сціплага хлопца. Праз шмат гадоў, калі я ўжо стаў дарослым мужчынам, меў высакароднага і пачцівага сябра Канстанты князя Гейдрайца 45, сына рыцара, які ў паўстанні Касцюшкі паказаў выключную мужнасць і таму да яго добра потым ставіўся і меў вялікую пашану імператар французаў. Неяк у Пецярбургу Гейдрайц знаходзіўся разам са мной у доме адной шаноўнай і высакароднай пані. Падчас размовы, некалькі непрыгожых жанчын казалі пра сябе: "Была я тады маладая і прыгожая", тады Канстанты, павярнуўся да мяне і ціха па-польску сказаў: "Мой Мараўскі, растлумач мне, дзе тады былі брыдкія, бо кожная кажа пра сябе, што была красуняй у маладосці?". Я адказаў: "Не здзіўляйцеся, калі-небудзь тое самае і мы пра сябе скажам". На што ён мне прамовіў: "Ну, калі так, дык добра. І калі ты так скажаш пра сябе, дык не будзе вялікага граху. Ніколі ў жыцці я не бачыў такога прыгожага хлопца, якім ты быў у 1820-м годзе, калі мы пазнаёміліся ў Жмудзі". Пра густы не спрачаюцца. Мужчына, які лічыць каштоўнасцю свае аблічча - блазан. Калі ён па-сапраўднаму прыгожы, людзі будуць дараваць яму прыгажосць але цаніць толькі за гэта будуць мала. Але і жанчыны рэдка калі ловяць толькі сваёй прыгажосцю і таму непрыгожыя часцей абуджаюць моцныя жарсці, чым прыгожыя. Аднак калі Бог камусьці даў ўсё ў меру і ён умее з прыстойнай годнасцю паказаць свой "рэкамендацыйны ліст" людзям, калі рысы і постаць яго ажыўлены адкрытай і сумленнай душой, тады, нягледзячы ні на якія іншыя якасці, чакае яго поспех у свеце. Я згадваю ўсё гэта, бо хачу трошкі нагадаць пра глупствы маёй маладосці і вяртаюся да падзей, якія выклікалі маю ўвагу. Распавяду я тры гісторыі ў розных стылях.
Неяк удзень я наведаў пані Яновічаву, стольнікаву нейкай літоўскай зямлі, забыўся ўжо, якой. Адным словам, я быў у пані стольнікавай, сяброўкі майго бацькі, высакароднай, усімі шанаванай дзевяностагадовай жанчыны. Мой бацька строга загадаваў наведваць яе хаця б раз у месяц. У той раз здарылася так, што ў яе нікога не было, хоць яе салон заўсёды поўны ўдзень. Каля стагадовай жанчыны, нягледзячы на яе лагоднасць, сямнаццацігадоваму хлопцу стала неяк нудна і маркотна. Усё, пра што я думаў - каб неяк прыгожа выслізнуць, выканаўшы такім чынам, загад бацькі. Бабуля ж, якая не прызвычаілася да самоты, радавалася, што перад ёй сядзіць такі шпак, як я, і хацела пацешыць мяне тысячай маленькіх плётак. Гэткая тайная дыпламатычная вайна паміж намі ішла ўжо паўгадзіны, калі, на маё шчасце, мы абодва пачулі грукат карэты каля брамы. Нехта прыехаў. Скарыстаўшы момант, з капелюшом у руцэ я пайшоў па паркеце, бо меў ужо права на гэту фамільярнасць з капелюшом у пані стольнікавай. Развітаўся са старой дамай. Пані стольнікава жыла ва ўласным доме на вуліцы Замкавай і ўладкавала яго па ўсіх правілах сучаснага камфорту. Сені ніжнія, сені верхнія і сходы ацяпляліся, што ў той час мелася толькі ў адным доме. Вільня ў гэтым сэнсе была і застаецца вельмі несучаснай. Рэчаў і сапраўдных выгод мала. А адвечная Коўня і зараз не мае перадпакояў. Госць вымушаны паліто ці каштоўнае футра пакінуць на сходах, якіх ніхто не пільнуе, альбо цягнуць за сабой лакея. Праўда, у Коўні ужо гадоў з дваццаць ніхто не чуў пра злодзеяў. Пачулі пра іх толькі зараз, калі ўвялі паліцыю. Але пойдзем далей. Выйшаўшы з перадпакоя пані стольнікавай, сустрэў лакея ў галунах і абмінуў яго. На сходах было цёмна і таму схадзіў павольна, калі ў дальніх сенях убачыў дзвюх дам. Гэта была княгіня … і сваячка пані маршалковай …, абедзвух я раней толькі бачыў здалёк. Сустракаў іх на прыгожай імшы ў кс. дамініканаў па пятніцах і нядзелях, куды прыходзілі ўсе элегантныя жанчыны вышэйшага свету, каб паслухаць славутага дамініканскага прапаведніка Фалькоўскага 46 і куды сам чорт нас зацягнуў у вольныя ад заняткаў хвіліны. Дык вось, калі я параўняўся з гэтымі дамамі на сходах, княгіня, тады яшчэ маладая, свежая і прыгожая, зірнула на мяне нейкім дзіўным позіркам, робячы выгляд, што не ведае, дзе яна знаходзіцца і не ведае гэтага дома, у якім рэгулярна бывае па два разы на тыдзень. Спыніла мяне пытаннем: "Ці тут жыве пані стольнікава?" З глыбокім паклонам я адказаў, што тут.
Тады княгіня раптам азірнулася, убачыла, што навокал і ўверсе нікога няма, хутка схапіла мяне за шыю і пацалавала спачатку ў абедзве шчакі, а потым у вусны, але так, што маі вусны наведала палова яе каралавага язычка. Тым часам маршалкова няспешна падымалася па сходах. Усе заняло секунду. Я разгубіўся і стаяў чырвоны па вушы, як бурак, а княгіня тым часам, звярнулася да сваёй спадарожніцы і як ні ў чым не бывала, без найменшай збянтэжанасці, сказала: "Праўда, што ён прыгожы як анёл?". Успамінаючы гэта, я не раз казаў сам сабе: "Ах, калі б маладосць ведала, а старасць магла". Спаткаў яе гадоў праз пятнаццаць у іншым краі, мы былі ўжо цалкам іншымі, і гульня была не вартая свечак.
Можа не будзе лічыцца вялікім грахом расказаць трошкі пра пані стольнікаву, гэта магло б даць нейкае ўяўленне пра нашы старыя часы.
З дому Кашыцаў, заможная, яна выйшла замуж за багатага старога юрыста. Казалі плётку, што стары пан стольнік, аматар рымскага зводу законаў, з-за цяжкага целаскладу, пакінуў сваю жонку цалкам нявіннай і ў такім стане яна пражыла да 100 гадоў. Па звычаях нашых бацькоў, стольнік перапісаў на яе сваю маёмасць на пажыццёвае ўладанне і хутка памёр, а пані засталася ўладальніцай значанага маёнтка і вялікай сумы грошай. Яна пакінула свае капіталы ў надзейных руках, прыгожа ўладкавала свой дом у Вільні і пражыла ў ім 70 гадоў.
Дзякуючы сваім паводзінам, асцярожнасці ў размовах, ветлівасці, гасціннасці і сямейным стасункам, яна была вартая самай найвышэйшай павагі. Гэтыя ж якасці мелі ўсе пакаленні, з якімі яна пражыла свой век. Самыя старыя людзі XVIII ст., з якімі я размаўляў пра яе, не маглі ні ў чым яе папракнуць. Мне і іншым пані стольнікава казала, што ніхто і ніколі яе не кахаў і яна сама ніколі ў жыцці нікога не кахала. Няма чаму зайздросціць, але ўсё роўна гэта незвычайна! Яна была даволі высокая, худая, як чапля, і нават худзейшая за чаплю, не ведаю, ці важыла яна хоць з пуд, да таго ж па старадаўняй модзе насіла боты на абцасах, што рабіла яе яшчэ больш высокай. Уся яе гасцёўня была напоўнена злымі як змеі і вельмі надакучлівымі папугаямі, якія размаўлялі, лаяліся, крычалі. Яна трымала заўсёды адкрыты стол для сваякоў, знаёмых і сяброў. Дастаткова было зайсці да яе каля поўдня, каб знайсці тут смачны абед (Д 8). Усе самыя свецкія асобы Літвы пасля прыезду ў Вільню, абавязкова мусілі быць ў яе. Нават самыя выдатныя нашы афіцэры, якія гналі казакаў і авангардам увайшлі ў Вільню, спынялі коней перад яе балконам, выклікалі яе на ганак, першымі павіталіся з ёй і выказвалі надзею на адраджэнне радзімы 47. Усе гэта адбывалася не таму, што яна калі-небудзь, каму-небудзь у чымсьці дапамагла - яна ніколі гэтага не рабіла, а таму, што гэткай была паўвекавая, перанятая ад бацькоў, мода і звычаі. І мой бацька, чалавек старой школы, нягледзячы на засвоеную ім новую цывілізацыю, быў поўны старых забабонаў у стасунках і звязах, і таму загадаў мне бываць у пані стольнікавай. Тут я пастаянна сустракаў Радзівілаў, Тызенгаўзаў, Храптовічаў, Вайсэнхофаў, Плятэрў, Ельскіх, Пшадзецкіх, Тышкевічаў, Вайніловічаў і іншых. Дзіўна, але за столькі гадоў ніхто і ніколі не чуў, каб пані стольнікава дала каму-небудзь грошы ці падтрымала каго. З яе размоў было зразумела, што беднасць яе не датычыць і яна нават не разумее, "як можна быць беднай". Ці гэта была сціпласцю з ўтойваннем сваіх дабрадзействаў, ці толькі самалюбствам стогадовай бабулі - зараз пра гэта толькі адзін Бог ведае. Не цікавіла яе нішто на свеце акрамя хваробы і смерці яе старых сябровак, якія натуральна, даўно ўжо ўсе сышлі са сцэны, на якой яна адна грала да 100 гадоў. Адзінай яе жарсцю былі карты, у якія яна добра гуляла. Казалі, што ў лепшыя часы, бадай што, рэдкім быў той вечар, калі бабуля не клала ў кішэню 100 дукатаў, якія заўсёды насіла пад старасвецкай сукенкай. Калі трэба было адтуль нешта дастаць, яна пры ўсіх задзірала сукню, як быццам мела што паказаць, і гэтым вельмі здзіўляла моладзь. Мабыць гэткімі былі старыя норавы, бо і мая бабуля рабіла акурат тое самае, і графіня Сцыпіён 48, сястра слаўнага міністра, князя Ксаверыя Любецкага, да сваёй смерці ў 1847 г. рабіла тое самае, хоць ёй і не бракавала ні нашага, ні міжнароднага велікасвецкага выхавання, бо штогод яна па 6 месяцаў праводзіла ў Парыжы.
А стольнікава любіла карты і гуляла кожны вечар. Добра было, калі яна выігрывала, але трэба было яе бачыць, калі справа даходзіла да пройгрышу. Акрамя змяніўшагася выразу твару, яна адразу ж пачынала цікавіцца сваім капотам і парыком. Увесь час папраўляла іх і круціла то ў адзін, то ў другі бок, заканчвалася гэта тым, што і тое і другое зусім спаўзала. Для нас, маладых людзей, гэта было дзіўнае і смешнае відовішча. У мой час каля стольнікавай звычайна сядзела яе сястра панна Тэкля, 70-ці гадовая жанчына з адвіслай губой. Гэтая панна ўвесь свой пасаг, некалькі сотняў тысяч, прайграла ў карты і потым, калі ўсё ж не знайшла мужа, схавалася ў Святаміхальскіх ці Зарэчных сясцёр (законніц кляштара бенедыктынак) і па вечарах пацірала рукі, калі радавалася картачным перамогам. Казалі, што з кожнага выйгрышу стольнікавай, які дукат клаўся і ў яе кішэню, і таму яна радавалася выйгрышам сястры.
У доме стольнікавай апрача вялікіх паноў я пазнаёміўся з двума знакамітымі і паважанымі лекарамі: яўрэем Лібаўшчыцам ці Ляйбошыцам, як яго звычайна называлі ў народзе, тады ён быў ужо сляпым але геніяльным і па-сапраўднаму ўнікальным чалавекам з асаблівым лекарскім нюхам, звалі яго "Яўрэўскім Богам", і Баранкевічам 49, недасведчаным лекарам, які славіўся тым, што сваёй практыкай купіў маёнтак, а яшчэ тым, што немцы за мяжой называлі яго не Баранкевіч а "барон фон Кевіч".
Заўсёды я бачыў там вельмі папулярнага, паважанага і агульна шанаванага чыноўніка і заможнага абшарніка, старшыню Галоўнага віленскага суда Умястоўскага 50, якога, здаецца, звалі Тамаш. Не было ў Літве аніводнай важнай справы, якая б не прайшла праз яго рукі. Тады ён быў ужо даволі стары, апранаўся па-мясцоваму, і я ніколі не бачыў больш худога і сухога чалавека такога вялікага росту. Мой бацька, які здаўна меў з ім сяброўскія стасункі, казаў, што той заўсёды носіць бялізну з фланелі і на ваце, каб захаваць здароўе і каб хоць нешта ўсё ж мелася на целе, бо анікому нават і думка не магла ў галаву прыйсці, што Умятоўскі калі-небудзь мог мець страўнік і кішкі. Дык калі праўда, што ён яшчэ і ватай быў напханы, дык, пэўна, і сам Вальтэр, незвычайная худзізна якога ўвайшла ў прыказкі, усяроўна ў параўнанні з ім выглядаў бы, як тоўсты бернардын. Але калі з-за нейкага капрызу натура звяла аб'ём яго цела амаль што да нуля, дык ва ўзнагароду за гэта яна дала яму надзвычай магутны нос, які завяршаўся вялізнай цёмна-сіняй слівай, што заўсёды прыцягвала мае цікаўныя позіркі. Сорамна сказаць, але твар яго быў не для партрэта. Такім быў Умястоўскі, апякун асірацелай Літвы! Не было тастаменту, на якім не мелася яго прозвішча. Пастаянная ўпартая праца, вялікія таленты, добрае веданне законаў і поўнае халаднакроўе далі яму гэтую слаўную перавагу над іншымі, і паколькі ён прайшоў шлях ад беднага шляхціца, як сам называў сябе, да багатага чалавека, нізкая зайздрасць выдумляла несправядлівыя абвінавачванні супраць яго - нібы гэты вялікі чалавек нажыў свае грошы за кошт даручаных яго апецы сірот! Аднак ніхто ніколі на яго не скардзіўся. Наадварот, шматлікія маладыя людзі, якія выходзілі з пад яго апекі, шанавалі яго за бацьку. За тыя 6 - 7 гадоў, калі я яго пастаянна бачыў, ён заўсёды быў апрануты ў адно і тое ж - адзін і той жа зялёны суконны кунтуш і пацёрты слуцкі пояс. Усё жыццё ён вызначаўся вялікай сціпласцю і пагардай да камфорту. Адзінай раскошай, якую ён палюбіў на старасці гадоў, былі два прыгожых коні-таранты і карэта, якая адпавядала ім па элегантнасці. Не дзіва, што доўга пражыўшы і мала патраціўшы, ён столькі назапасіў. Зведаўшы ўсё на свеце, меў своеасаблівую прымаўку, якую вельмі часта паўтараў, асабліва ў размовах пра справы: "Будзьце з людзьмі злымі". З выхаванасці ўстрымаюся, каб два разы не паўтарыць яго праўду! І за некалькі гадоў да смерці ён яшчэ мацней павінен быў упэўніцца ў сваёй прыказцы. Нежанаты, пазбягаў зайздросных размоў і плётак, неаднаразова за свае грошы купляў маёмасць для бедных, але па-панску выхаваных на яго грошы пляменнікаў, якім і так пакінуў бы ўсё пасля смерці. І тыя, з удзячнасці, як толькі дасягнулі пэўнага ўзросту, праз суд, бессаромна забралі яго маёнткі. І калі б ён не меў іншых сродкаў, абавязкова пакінулі б старога на бруку! Гэта былі сапраўдныя дзеткі XIX стагоддзя! Умястоўскі, хоць і стары юрыст які ўсе зубы з'еў над статутамі, як чалавек старых каштоўнасцей, не маг сабе нават падумаць, што можа так быць.
Я апускаю анекдоты пра пані стольнікаву ў гадзіну яе смерці, бо, нягледзячы на 100 гадоў, паміраць ёй усё ж трэба было. Яны з'яўляюцца сямейнымі сакрэтамі. Але паколькі за столькі гадоў яе ніхто не бачыў у споведзі, бо, напэўна, спавядалася яна дома, людзі лічылі яе атэісткай, з душой, адданай д'яблу. Яна баялася памерці, а такія старыя заўсёды маюць "рагатую" душу. У апошнія хвіліны ёй сапраўды здавалася, што бачыць перад сабой д'ябла і што ён хоча яе скрасці. Сябры, якія яе атачалі і асабліва мая маці, якая наадварот, да самай сваёй смерці славілася святой жанчынай, чулі, як стольнікава ўвесь час прасіла паратунку ад д'ябла, які апанаваў яе. Гэта былі ілюзіі ўзросту і хвароба скажоных пачуццяў. Безумоўна, стольнікава ні сваімі словамі, ні дзеяннямі, не магла нікому даць права думаць, што яна атэістка.
(Працяг у наступным нумары.)
1 Morawski Stanislaw. Kilka lat mlodosci mojej w Wilnie (1818-1825). Warszawa, 1924. Пераклад Леаніда Лаўрэша
43 Юзаф Франк (1771-1842), доктар медыцыны, прафесар, сын прафесара і бацька слыннага лекара Яна Пятра Франка, Пакінуў цікавыя успаміны.
44 Лічылася, што шляхціц не можа працаваць "локцем, квартай і доктарам", г. з. гандляваць, быць шынкаром і лекарам - Л. Л.
45 Канстанты кн. Гейдрайц быў сакратаром Сакратарыяту Польскага каралеўства ў Пецярбургу.
46 Ксёндз Якуб Фалькоўскі, дамініканін, прамоўца (1778-1836), вучыўся ў Віленскім універсітэце ў 1803-1906 гг., настаўнік павятовай школы ў Наваградку, у 1820-1829 гг. - прыёр кляштара св. Якуба на Лукішках у Вільні, у 1829-1832 гг. - прыёр у Дзярэчыне. Яго казанні выдаваліся асобнымі кнігамі.
47 Рускі гісторык Джывілегаў пісаў: "Першым палком арміі Напалеона, які ўступіў у сталіцу Літвы, быў восьмы полк польскай кавалерыі Дамініка Радзівіла. Гэта была адна з урачыстых хвілін у жыцці Вільні, і разам з тым гэта быў тонкі тактычны прыём з боку Напалеона, які не рабіў ніякіх абяцанак у дачыненні Літвы, але як бы справай сведчыў аб будучыні, пасылаючы вызваляць горад ад рускага валадарства нашчадка літоўскіх князёў. У Панарах Напалеона сустрэла дэпутацыя мясцовых грамадзян з ключамі ад горада". - цыт па: Дживелегов А. К. Вторжение. План Наполеона // Отечественная война и Русское общество. Т. III. Москва, 1911. 147-148. - Л. Л.
48 З Любецкіх Тарэза Сцыпіён, дачка кс. Францішка Ксаверыя Любецкага, пінскага кашталяна і Генавэфы з Алізараў, родная сястра кс. Францішка Ксаверыя Любецкага, міністра скарбу Польскага каралеўства. Жонка Юзафа Сцыпіёна дэль Кампа, лідскага старасты. Яе дачка Марыя ў 1807 г. ва ўзросце 14 гадоў выйшла замуж за свайго дзядзьку. Тарэза Сцыпіён, была адначасова сястра і цешча і мела вялікі ўплыў на міністра.
49 Мацей Баранкевіч, доктар медыцыны, хірург, лекар шпіталя св. Якуба ў Вільні, памёр у 1829 г.
50 Тамаш Умястоўскі, рэгент земскі лідскі, потым ашмянскі, рэгент Галоўнага Трыбунала, з 1792 г. земскі ашмянскі суддзя, потым старшыня Галоўных літоўскіх судоў. Працавіты і вельмі здольны, выдаў агульна ўжываны "Працэс Літоўскі". Пры падтрымцы літоўскага пісара Сулістроўскага ад Казіміра Сапегі, генерала літ. артылерыі, удзяржавіў Геранёны і Ліпнішкі, у 1784 г. купіў Бердаўшчыну на Ашмяншчыне. У 1794 г. быў членам Найвышэйшай рады ВКЛ, пасля ўпадку паўстання эміграваў і перадаў маёнтак брату Якубу. У 1796 г. купіў для яго і другога брата Марціна Клевіцы. Сярод іншых маёнткаў, потым набыў Суботнікі з Жамаслаўлем, якія пасля яго смерці ў 1822 г. перайшлі да сыноў Якуба: Антона, Людвіка і Казіміра.
Беларусы сустракаюцца з індзейцамі
Сіла Добрага Розуму: Краўчанка, Семірадскі; індзейцы ў беларускай паэзіі
(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-52 (105-156) (2024); № 1-9 (157-165) за 2025 г.)
Макс Шчур
* РОЗЬНІЦА МІЖ РАНЬНЯЙ І ПОЗЬНЯЙ ВОСЕНЬНЮ…
Розьніца між раньняй і позьняй восеньню -
розьніца між Паўднёвай і Паўночнай Амэрыкай.
Вецер, сустрэчны птушынаму, пераносіць нас
у край, што здаецца мне качкай шэранькай -
край дзіцячых прыгод Сат-Окавых,
дзе ўсё прасьцейшае: ежа, вігвамы;
дзе Гітчы-Маніту ў небе па-над затокамі
накрывае сабе швэдзкі стол крывавы;
край, дзе ў тайгу пераходзіць прэрыя,
а тайга - у тундру, ужо недалёкую,
дзе раскошы паўднёвыя непатрэбныя:
дастаткова зімовага сонца за вокнамі.
23.11.2017 (адпраўлена аўтарам і атрымана 23.02.2025)
Літ.: (Індзейцы ў беларускай паэзіі: бібліяграфія вершаваных твораў на беларускай мове (выбраныя запісы))
9909 Аркуш А. Размова з сябрам адносна філязофіі быцьця // Аркуш А. Рaзьвітaньне з Тaнтaлaм: вершы. Полaцaк, 1994. (Размова з сябрам адносна філасофіі быцця; Рaзвітaнне з Тaнтaлaм.)
5024 Арлоў У. Берлінская фантазія // Арлоў У. Фаўна сноў: вершы. Мн., 1995. С. 61-63.
10690 Арлянскі В. Заморскія плягі: верш // Ніва. 2001. 25 сак. С. 12.
547 Арочка М. М. Судны дзень Скарыны: драматычная паэма. Мн., 1990.
7871 Арсеннева Н. Дамок // Арсеннева Н. Выбраныя творы / [уклад. і камент. Л. Савік; прадм. А. Сямёнавай]. Мн., 2002. С. 274-275.
11205 Барадзіна М. Індзейскі прынц // Барадзіна М. Вышэй за паўночны вецер: паэзія. Мн., 2006. С. 28.
555 Барадулін Р. "Праз пакаленняў колькі" // Барадулін Р. Маўчанне перуна. Мн., 1986. С. 28.
3387 Барадулін Р. Індзейскае лета. Алесю Барушку // Полымя. 1986. № 1. С. 75-76.
149 Броўка П. Былыя гаспадары // Броўка П. Збор твораў у 7 т. Т. 3: вершы і паэмы. Мн., 1976. С. 103.
447 Гаўрусёў С. Месяц, па сіняму небу плыві... // Гаўрусёў С. Ураган: вершы. Мн., 1966. С. 90-91.
8975 Геніюш Л. Ужо даўно адабраў тамагаўкі... // Роднае слова. 1995. № 8.
6174 Геніюш Л. Час ймкне наперад, час адлятае... // Геніюш Л. Выбраныя вершы / [уклад., падрыхт. тэкстаў і камэнтар М. Раманоўскага]. Мн., 1997. С. 94-95.
11755 Зуёнак А. Шукаю Богшу: верш // Бацькаўшчына: зборнік гістарычнай літаратуры / [уклад. С. С. Панізнік]. Мн., 1998. С. 204.
450 Зуёнак В. В. На сэрцы - неспакою камень... // Зуёнак В. Нача: лірыка. Мн., 1975. С. 84-85.
11834 Кавыль М. Ніягара // Кавыль М. Міжагнёўе = Between the conflagratіons: выбраныя творы / англамоўны ўступ Т. Бэрда; рэд. З. Кіпель і Я. Запруднік. Нью Ёрк, 1990. С. 157.
168 Караткевіч У. Тая жонка, якую ведаў... // Караткевіч У. Збор твораў: у 8 т. Т. 1: Вершы, паэмы. Мн., 1987. С. 375.
160 Караткевіч У. Дзядзькаў кубак // Караткевіч У. Збор твораў: у 8 т. Т. 1: Вершы, паэмы. Мн., 1987. С. 228-231.
4950 Караткевіч У. Калумбы зямлі нязнаемай // Бязмежжа зорнага сяйва: старонкі выбранай паэзіі / прадм. і склад. А. I. Бельскага; маст. Э. Э. Жакевіч. Мн., 1999. С. 79-81.
5720 Караткевіч У. Рэзервацыя / публікацыя Н. Кучкоўскай; падрыхтоўка да друку А. Вераб'я // Маладосць. 1990. № 11. С. 6-7.
3221 Купрэеў М. Ноч Янкі Юхнаўца // Літаратура і мастацтва. 1994. 15 ліп. С. 8-9.
6247 Лужанін М. Вандроўніцтва // Лужанін М. Прага крыла: паэзія. Мн., 1974. С. 174-175.
2548 Лужанін М. Як нараджаўся новы свет: паэма. Мн., 1975.
663 Макарэвіч В. Вясковыя геаграфічкі // Макарэвіч В. Праталіна: вершы. Мн., 1983. С. 20-24.
8517 Марук У. Чыж вярнуўся з-за мяжы: вершаванае падарожжа. Мн., 2003.
12632 Мінкін А. "Апошні" ("Апошні з магікан") // Мінкін А. Пенаты. Мн., 2007. С. 87.
12728 Мурзёнак П. Душа і каменне // Мурзёнак П. Крыніца: вершы. Мн., 2011. С. 17.
706 Сахарчук В. Звон прыдарожных асін // Звязда. 1989. 8 студз.
2556 Сербантовіч А. Мост: амерыканская трагедыя // Сербантовіч А. Міннае поле: вершы. Мн., 1968. С. 51-55.
5850 Сіпакоў Я. "Калі ў вачах - вачам аж цесна..." // Туман трэба развеяць: антырэлігійныя творы / [уклад. Э. Валасевіч]. Мн., 1981. С. 182-183.
12247 Скобла М. Купала ў Нью-Ёрку // Скобла М. Нашэсьце поўні: вершы. Мн., 2001. С. 61. (Нашэсце поўні.)
8210 Скобла М. У Ружанах: верш // Дзеяслоў. 2005. № 3(16). С. 28-29.
2512 Танк М. "У маіх песнях..." // Танк М. Хай будзе святло: вершы. Мн., 1972. С. 199
178 Танк М. З берагоў Амазонкі // Танк М. Хай будзе святло: вершы. Мн., 1972. С. 84.
7389 Танк М. Каралева палёў // Танк М. Збор твораў: у 6 т. Т. 3: Вершы.1964-1976. Мн., 1979. С. 330.
7392 Танк М. Пакуль пазычу ў альбатроса // Танк М. Збор твораў Т. 3: Вершы, 1954-1964. Мн., 1979. С. 447.
2511 Танк М. Сон над Нёманам // Танк М. Выбранае: вершы / прадм. В. Зуёнка. Мн., 1993. С. 43-47.
3612 Танк М. У палёце // Танк М. Errata: вершы; пераклады. Мн., 1996. С. 95.
4763 Танк М. Чылійская бярозка // Танк М. Лірыка / прадм. Р. I. Барадуліна; маст. А. Каравай. Мн., 1987. С. 357-358.
2657 Таўпа Я. Кры // Баявая Ўскалось. 1971. № 11. С. 10.
5855 Таўшчэзны Я. Мумірэальныя цуды (Копія з арыгінала) // Таўшчэзны Я. Вясёлае люстэрка: літаратурныя пародыі і эпіграмы. Мн., 1978. С. 24-25.
781 Яўменаў Л. Індзейскае лета // Яўменаў Л. Чужая планета: вершы далёкіх дарог і вяртанняў. Мн., 1980. С. 26-27.
784 Яўменаў Л. Манрэаль; У "Залатым ільве" // Маладосць. 1968. № 11. С. 77-78.
785 Яўменаў Л. Ніягара // Яўменаў Л. Чужая планета: вершы далёкіх дарог i вяртанняў. Мн., 1980, С. 28-29.
786 Яўменаў Л. Чорныя анёлы // Яўменаў Л. Чужая планета: вершы далёкіх дарог і вяртанняў. Мн., 1980. С. 19-21.
КРАЎЧАНКА Пётр (Пётра, Piotr Krauchanka) - нарадзіўся Смалявічах; быў на 47-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у 1992 г., калі там выступаў іракезскі правадыр Орэн Лаянс. Як міністр замежных спраў Беларусі (1990-1994) правёў шэраг важных для нас сустрэч; ён таксама гісторык і калекцыянер. У 1995 г. быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета, з'яўляўся старшынём Камісіі па міжнародных справах.
Chief and Faithkeeper Oren Lyons, Haudenosaunee (People of the Long House), or Six Nations Iroquois Confederacy, addressed the UN delegates by opening "The Year of the Indigenous Peoples" (1993), New York, December 10, 1992:
ПРАМОВА ПРАВАДЫРА ОРЭНА ЛАЯНСА Ў ААН 10 СНЕЖНЯ 1992 г. (2)
Гэты заклік [proclamation] прыносіць натхненне і новую адданасць нашым пошукам самавызначэння, справядлівасці, свабоды і міру на нашых Родных Землях і на нашых Тэрыторыях [our Homelands and our Territories]. Сапраўды, пошукі - гэта аднаўленне таго, чым мы карысталіся да прыходу нашых Белых Братоў з-за мора. Мы задаволена жылі пад "Гай Энеша Го Нах", Вялікім Законам Міру [We lived contentedly under the "Gai Eneshah Go' Nah", The Great Law of Peace]. Нам было даручана ствараць грамадствы, заснаваныя на прынцыпах Міру, Роўнасці, Справядлівасці і Сілы Добрага Розуму [Peace, Equity, Justice, and the Power of Good Minds].
Нашы грамадствы заснаваныя на вялікіх дэмакратычных прынцыпах улады народа і роўнай адказнасці для мужчын і жанчын. Гэта быў выдатны лад жыцця на гэтым Вялікім Востраве Чарапахі, і свабода з павагай была паўсюль. Нашым лідарам было даручана быць людзьмі з бачаннем і прымаць усе рашэнні ад імя будучага сёмага пакалення; мець спагаду і любоў да тых пакаленняў, якія яшчэ не нарадзіліся. Нам было загадана [We were instructed] дзякаваць за ўсё, што нас падтрымлівае [All That Sustains Us]. Такім чынам, мы стварылі вялікія цырымоніі падзякі за жыватворныя сілы прыроднага свету, пакуль мы праводзім нашы цырымоніі, жыццё будзе працягвацца. Нам сказалі, што "Насенне - гэта Закон" [The Seed is the Law].
Сапраўды, гэта Закон Жыцця [The Law of Life]. Гэта Закон Духоўнага Адраджэння [Рэгенерацыі, Узнаўлення; It is The Law of Regeneration]. У насенні знаходзіцца таямнічая сіла жыцця і стварэння. Нашы маці гадуюць і берагуць гэтае зерне, за што мы іх паважаем і любім. Гэтак жа, як мы любім I hi do' hah, нашу Маці-Зямлю, за такую ж духоўную працу і таямніцу. Нам загадалі [We were instructed] быць шчодрымі і пароўну дзяліцца з нашымі братамі і сёстрамі, каб усе былі задаволеныя. Нам было загадана [We were instructed] паважаць і любіць нашых старэйшых [Elders], служыць ім на схіле гадоў, шанаваць адзін аднаго. Нам загадавалі [We were instructed] любіць нашых дзяцей, сапраўды, любіць УСІХ дзяцей. Нам сказалі, што прыйдзе час, калі бацькі не выканаюць гэты абавязак, і мы зможам судзіць аб заняпадзе чалавецтва па тым, як мы ставімся да нашых дзяцей. Нам казалі, што прыйдзе час, калі свет пакрыецца дымам, і ён забярэ нашых старэйшых і нашых дзяцей. У той час гэта было цяжка зразумець, але цяпер усё, што нам трэба зрабіць, гэта выйсці на вуліцу, каб адчуць гэтае сцвярджэнне. Нам сказалі, што прыйдзе час, калі мы не зможам знайсці чыстую ваду, каб памыцца, прыгатаваць ежу, прыгатаваць лекі, і напіцца. І былі б хваробы і вялікія пакуты [And there would be disease and great suffering]. Сёння мы бачым гэта і з вялікай насцярогай узіраемся ў будучыню. Нам сказалі, што прыйдзе час, калі, даглядаючы нашы сады, мы вырвем нашы расліны, а вінаградныя лозы апусцеюць. Наша каштоўнае насенне пачало б знікаць. Нам сказалі, што мы ўбачым час, калі маладыя людзі будуць хадзіць узад і ўперад перад сваімі правадырамі і лідарамі з выклікам і разгубленасцю.
Літ.: (Іракезы)
2981 Украінская савецкая паэзія: анталогія ў 2 т. Т. 2: Вершы. Мн., 1975. (Юхімовіч В. I пачынаўся Нью-Йорк з торгу. Tuscarora.)
751 Чалы Б. Партрэт у вігваме // Чалы Б. Партрэт у вігваме: вершы, балады, паэмы / пер. з укр. А. Вольскага; малюнкі М. Рыжыкава. Мн., 1979. С. 43-51.
4787 Іракезы // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 7. Мн., 1998. С. 306.
2346 Юрэвіч А. Л. Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў. Мн., 1962. (Іракезская моўная сям'я.)
1120 Гарпудер Г. Возникновение и развитие хозяйства. М.; Гомель, 1924.
4688 Макарычев В. Черчилль - вождь ирокезов? // Советская Белоруссия. 1999. 23 окт. С. 5.
2288 Морган Л. Г. Лига ходеносауни, или ирокезов / пер. с англ. Е. Э. Бломквист; послесл. и прим. Н. Б. Тер-Акопяна. М., 1983.
842 Надольскі Р. В. Морган (Morgan) Люіс Генры // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. Т. 7. Мн., 1973. С. 292.
2734 Симаков А. Ирокезы нам помогут? // Белорусская нива. 1994. 16 июня.
2259 Петрашкевіч А. Народзе ты мой, народзе... // Полымя. 1993. № 1. С. 142-159.
3615 Шавель С. I зноў пра нас. Беларусаў і Беларусь... / гутарыў С. Шаўцоў // Звязда. 1998. 2 крас.
3616 Шавель С. I зноў пра нас. Беларусаў і Беларусь... / На пытанні журналіста С. Шаўцова адказвае сацыёлаг С. Шавель // Голас Радзімы. 1998. 23 крас.
1886 Рубин Я. И. Проблема народонаселения как объект идейно-политической борьбы. Мн., 1976.
912 Арова Э. В. Будьте добры: молодой семье о культуре чувств и поведения. Изд. 2-е. Мн., 1985.
1696 Никольский Н. М. Происхождение и история белорусской свадебной обрядности. Мн., 1956.
687 Пришвин М. Золотой луг / [сост. и послесл. В. К. Кургановой. Мн., 1980.
872 Адамович А. Ничего важнее: современные проблемы военной прозы. Изд. 2-е, дораб. Мн., 1987.
СЕМІРАДСКІ Юзаф (2) - пра "працэнт беларускай крыві" ў ім можна меркаваць па прозвішчы маці (Фрэйбер або Фрайбер) і пераліку некаторых з яго продкаў з боку бацькі. Збігнеў Вуйцік падае імёны яго бацькоў так: "Syn Telesfora, oficera wojsk rosyjskich, i Natalii z Freiberow".
У адрозненне ад стрыечнага брата-мастака Генрыка, які быў пароднены (і па крыві, і праз свой уласны шлюб) з беларускімі Прушынскімі, палова радаводу Юзафа, пакуль няясная для нас. Паводле прозвішча і імені маці, можна выказаць здагадку, што яе род, хутчэй за ўсё, звязаны з немцамі, а не яўрэямі. Частковым нямецкім паходжаннем Юзафа Семірадскага могуць тлумачыцца і публікацыі ў немалой колькасці на нямецкай мове, у тым ліку пра індзейцаў.
Патэнцыяльна сумесь розных народаў у адным чалавеку павінна ўзмацняць яго ў столькі з разоў, колькі народаў у сабе ён адчувае.
Імя Юзафа па бацьку, у адпаведнасці з нормамі Расійскай імперыі, было Телесфорович. "Иосифа Телесфоровича Семирадскога" знаходзім у спісе землеўладальнікаў Ігуменскага павета: "дворянин, католик. Имение Забелин Пережирской вол." (наша крыніца - апрацаваны "Список землевладельцев Игуменского уезда" 1989 г., "только по Пуховичскому району"). Даследчык Паўднёвай Амерыкі атрымаў у спадчыну маёнтак каля Пярэжыра ў цяперашнім Пухавіцкім раёне?
Пакуль мы можам даць прозвішчы сваякоў Юзафа (Іосіфа) па бабулі з боку бацькі, якая была з Есьманаў (адзін з варыянтаў групы прозвішчаў, у якую таксама ўваходзіць прозвішча Эйсмант).
"Сын Міхала Элеўтэрый (дзед мастака) ажаніўся з Розай Есьман, пляменніцай Тадэвуша Рэйтана. Элеўтэрый ведаў мастака Яна Рустэма, быў асістэнтам на хросце дачкі Рустэмаў".
Бацька Юзафа Тэлесфор Семірадскі і яго брат Іпаліт Семірадскі былі сынамі Розы Есьман. Мужам Розы Есьман быў Элеўтэрый Семірадскі. Рэйтан Канстанцыя - маці Розы Есьман; Есьман Юзаф - бацька Розы Есьман; Валадковіч Тарэза (з Валадковічаў) - прабабка Розы Есьман; Рэйтан Дамінік - дзед Розы Есьман; Рэйтан Міхал - прадзед Розы Есьман; Валадковіч Лявон Павел - прадзед Розы Есьман; Цеханавецкая Канстанцыя (з Цеханавецкіх) - прабабка Розы Есьман.
Юзаф Семірадскі
АБ ІНДЗЕЙЦАХ ПАЎДНЁВАЙ АМЕРЫКІ (2)
"Чылійскія араўканцы, якія пасяліліся сярод лясоў і горных далін, знаходзяцца на значна больш высокім інтэлектуальным узроўні з пункту гледжання культуры, чым іх субраты з усходняга боку Анд. Значная іх колькасць здаўна займалася земляробствам, сеючы маіс, пшаніцу, гарох і фасолю; іншыя вядуць пастухоўскі лад жыцця [zycie pasterske], але не качэўнікі [nie sa nomadami]. Яны развілі некаторыя спецыяльныя рамёствы, якія дасягнулі высокага ўзроўню развіцця, такія як ткацтва, пра якое я ўжо згадваў вышэй, апрацоўка сырых скур, якія яны робяць вельмі мяккімі, саскрабаючы, камячачы ў руцэ і змазваючы тлушчам; рымарскія вырабы [rymarstwo] і надзвычай дэкаратыўныя [nadzwyczaj ozdobne] тканыя вырабы з сырамятнай скуры не маюць сабе роўных па далікатнасці. Нарэшце ў араўканаў ёсць майстэрскія залатары [bieglych zlotnikow], якія вырабляюць сярэбраныя ўпрыгажэнні і дэталі конскай збруі, і я маю ў сваёй калекцыі жалезны кардэляс [нож, kordelas] з меднай ручкай і жалезныя цуглі [wedzidlo] з сярэбранымі ўпрыгожаннямі - доказ таго, што яны таксама ўмеюць працаваць з гэтым металам. Гэта тым больш заслугоўвае ўвагі [Zasluguje to tym bardziej na uwage], што ўсе паўднё-ваамерыканскія плямёны, калі на іх не паўплывала еўрапейская цывілізацыя, зусім не ведаюць выкарыстання каштоўных металаў і, як вядома, жывуць і сёння поўнасцю ў каменным перыядзе [w calej pelni kamiennego okresu], вырабляючы тыя ж крэмніевыя сякеры і дзіды, якія былі знойдзены ў іх самых старажытных магілах.
Мужчынскае адзенне, калі яно не было змененае пад уплывам адносін з чылійскімі гандлярамі, складаецца з нязменнага ваўнянага "понча", вытканага альбо ў палоску, альбо - што, здаецца, з'яўляецца любімым узорам [wzorem] чылійскіх араўканаў - у сінія чатырохкутнікі, з бакамі ў форме зламанай лесвіцы, на белым фоне; далей ідзе цёмная (звычайна цёмна-сіняя) таксама шарсцяная "чырыпа" [Chiripa] - тканіна, абгорнутая вакол сцёгнаў такім чынам, што адзін з яе хвастападобных вуглоў дакранаецца зямлі, цягнецца [przeciagaja] ззаду наперад у руху [w kroku] і абгортваецца вакол пояса, ствараючы такім чынам своеасаблівыя штаны. Яны падпяразаныя шарсцяным узорным шнурком [welniana wzorzysta krajka], падобным да маларасійскіх [украінскіх]. Яны носяць доўгія валасы, закручаныя ў чырвоную хустку, канцы якой спадаюць на спіну (вінча [Vincza]). Абутак, які звычайна носяць індзейцы і гаўча на тэрыторыі Аргенціны, - гэта высокія патагонскія боты, зробленыя з сырамятнай скуры, мятай у руцэ, узятай з пяткі і сцягна задніх ног коней, з поўсцю або без яе; верхняя частка абутку, ствараючы шырокую і мяккую халяву, мацуецца падвязкамі, а пальцы свабодна выглядаюць з ніжняй адтуліны [z otworu dolnego]. Такі абутак, у якім нідзе няма швоў, служыць некалькі месяцаў, калі выкарыстоўваць яе толькі для коней. Чылійскія араўканы ходзяць басанож або ў абутку, набытым у гандляроў. Толькі на жанчынах я бачыў шыкоўныя лапці з конскай скуры, часам вышытыя бісерам".
"Прылада [przyrzad], у якой араўканкі носяць сваіх дзяцей, вельмі арыгінальная: замест спавівання - дзіця кладуць у скураную сумку, прымацаваную да драўлянага каркаса, так што адтуль выглядае толькі галава. Уcя канструкцыя [przyrzad] ляжыць на спіне маці, прымацаваная да галавы шырокім рамянём. Вельмі падобнымі прыладамі карыстаюцца паўночнаамерыканскія апачы і іншыя плямёны Дакоты [Zupelnie podobnych przyrzadow uzywaja polnocnoamerykanscy Apacze i inne szczepy Dakoty] (Працяг будзе)".
(Апошні сказ адносіць апачаў да плямён Дакоты, усёй Дакоты, не Паўднёвай або Паўночнай, хаця для лепшага адлюстравання рэальнасці лепш сказаць Дакот, дзвюх Дакот, не кажучы пра тое, апачы - не з Дакот і не з дакотаў, Dakotow.)
Літ.:
13005 Siemiradzki J. Geograficzne rezultaty mojej podrozy do polnocnej Patagonii i Araukanii // Kosmos. 1892. R. 17. S. 401-419. (Ёсць таксама асоб. адб.)
13020 Siemiradzki J. W dorzeczu Rio Negro (Patagonia) // Wszechswiat. 1993. T. 12. № 14. 2 kwiet. S. 209-212; № 15 (9 kwiet.). S. 227-230.
13018 Klimek S, Przyczynek do kranjologji Indjan amerykanskich // Kosmos. 1928. Ser. A. Z. 4. S. 809-829. (Przyczynek do kraniologji Indian amerykanskich.)
13019 Polonia argentynska w pismiennictwie polskim: antologia / red. M. Bryszewska, J. Gmitruk. J. Mazurek. Buenos Aires; Warszawa, 2004.
Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.
Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.
Індзейцы, индейцы, Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 139].
Лютаўскае паседжанне літаб'яднання "Суквецце"
18 лютага ў канферэнц-зале Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы прайшло чарговае паседжанне літаб'яднання "Суквецце" пры "Лідскай газеце". Паседжанне прайшло па класічнай схеме: даведзены калялітаратурныя навіны, пісьменнікі запрошаны на 18-ю Агульнанацыянальную дыктоўку.
Чыталіся вершы і проза. Прысутнічала не так шмат, але фішка ў тым, што кожнае паседжанне людзі ў значнай ступені мяняюцца: адны прапускаюць сустрэчу, іншыя прыходзяць. Простае але бесперапыннае літаратурнае жыццё.
Яраслаў Грынкевіч.