Наша слова.pdf № 12 (168), 19 сакавіка 2025.
XXХII Менская міжнародная кніжная выстава-кірмаш
XXХII Менскую міжнародную кніжную выстаўку-кірмаш, якая праходзіла 12-16 сакавіка, наведалі 76 тыс. чалавек. Аб гэтым паведаміў намеснік міністра інфармацыі Дзяніс Язерскі ў час цырымоніі закрыцця, перадае БелТА.
У гэтым годзе XXXII Менская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш б'е ўсе рэкорды па наведвальнасці. Гэта ў гутарцы з журналістамі адзначыў і намеснік Прэм'ер-міністра Уладзімір Каранік 15 сакавіка на прэзентацыі нашай краіны ў рамках кніжнага форуму.
- Прыемна ўражвае тое, што, нягледзячы на развіццё лічбавых тэхналогій, цікавасць да кнігі ў нашай краіне не слабее. У гэтым годзе пабіты рэкорд наведвальнасці. Гэта больш за 12 тысяч наведвальнікаў у дзень, сярод якіх вельмі шмат моладзі, - падзяліўся ён.
Паводле яго слоў, кніга - адзін з асноўных элементаў захавання беларускай традыцыі і гістарычнай памяці.
- Калі мы прыўём нашаму маладому пакаленню любоў да кнігі, уменне чытаць і жаданне чытаць і цікавіцца - гэта значыць, мы ў найлепшай ступені захаваем пераемнасць пакаленняў і перададзім нашым нашчадкам усе дасягненні народа, - растлумачыў ён.
- За ўсе дні правядзення нашага кніжнага фестывалю на пляцоўцы прайшло 239 мерапрыемстваў. Але, напэўна, самы вялікі рэкорд - прызнанне чытачоў, людзей, якія прыйшлі на выстаўку і працягваюць ісці. 76 тыс. наведвальнікаў на гэтую хвіліну - гэта абсалютны рэкорд выстаўкі, - сказаў намеснік міністра інфармацыі Дзяніс Язерскі.
Ён падкрэсліў, што арганізатары і ўдзельнікі выстаўкі пастараліся на славу, а таксама падзякаваў усім, хто дапамагаў Міністэрству інфармацыі ў рэалізацыі гэтага праекта.
Старшыня савета арганізатараў кніжных выставак і кірмашоў, якія праводзяцца ў дзяржавах СНД, выканаўчы дырэктар Менскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу, генеральны дырэктар ПК ТАА "Макбел" Дзмітрый Макараў адзначыў, што многіх уразіла арганізацыя выстаўкі.
- Усім вельмі спадабалася, што кожны дзень быў прысвечаны асобнай дзяржаве. Такое ў нас першы раз. Многія просяць яшчэ адзін дадатковы дзень, каб выстава адкрывалася ў аўторак, - дадаў ён.
У рамках выставы адбыўся конкурс "Мастацтва кнігі". Сёлета гэта быў ужо 64-ты па ліку конкурс. Вядома, за столькі гадоў сфарміраваны крытэрыі і падыходы для вызначэння найлепшых. Але калі прыглядзецца да кніг, што адзначаны сёлета, то можна заўважыць адну вызначальную рысу, якую б можна было сфармуляваць так: "Беларусь перадусім".
То бок тое, што вызначае дзяржаву ў розных яе праявах, у тым ліку ў пэўных межах.
Гран-пры і перамогу ў намінацыі "Трыумф" сёлета прысудзілі за выданне "Нацыянальны атлас Беларусі" ад РУП "Белкартаграфія" і "Беларускага дома друку". Гэта кніга, да падрыхтоўкі якой далучылася шмат людзей.
Сапраўды, кніжная праца - калектыўная. Вось і старшыня журы, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна адзначыў, што мастацтва кнігі аб'ядноўвае адразу некалькі складнікаў: гэта і сэнс, і праца аўтара, дызайнера, мастака, выдавецтва, паліграфістаў. Паказальна, якія кнігі сёлета журы адзначыла па сукупнасці складнікаў. Адметна і тое, якія кнігі Выдавецкага дома "Звязда" атрымалі высокую адзнаку.
У намінацыі "У люстэрку часу" перамагла кніга "Савет Бяспекі Рэспублікі Беларусь. 30 гадоў у адной камандзе" Выдавецкага дома "Звязда", а яго дырэктар-галоўны рэдактар Вольга Ануфрыева падымалася на сцэну некалькі разоў, бо ў некалькіх намінацыях мы здабылі першае месца. У прыватнасці, у намінацыі "Сіла ў праўдзе" было адзначана выданне "Урокі Данбаса". Але найлепшай ў гэтай намінацыі назвалі кнігу "Суперпазіцыя. Паралельныя сусветы" ("БЕЛТА"). Таксама "Звязда" сярод найлепшых у намінацыі "За ўнёсак у развіццё гісторыка-культурнай спадчыны" з выданнем "Ведаем, ганарымся! Вядомыя людзі Беларусі ў партрэтах і нарысах". Перамагла тут кніга "Нацыянальны здабытак Беларусі" (выдавецтва "Адукацыя і выхаванне")
Немагчыма не згадаць намінацыю "Фотапогляд", да якой "Звязда" таксама мае дачыненне, хоць і ўскоснае. Перамогу тут здабыла выдавецтва "Беларусь" за фаліянт "Беларусь. Зямля пад белымі крыламі", але аўтар здымкаў Анатоль Кляшчук шмат гадоў працаваў у рэдакцыі газеты "Звязда".
Таксама выдавецтва "Беларусь" перамагло ў намінацыі "Беларусь памятае" з кнігамі "Партызаны Беларусі" і "Генацыд беларускага народа. Карныя аперацыі". Таксама ў іх найлепшая кніга ў намінацыі "Духоўнасць" - "Сімвалы суверэннай Беларусі". Дарэчы, за працу ў тым ліку над гэтым выданнем была адзначана Віятета Жук - у намінацыі "Дызайн".
Кнізе "Ад Масквы да Брэста. Па дарозе славы" выдавецтва "Форум" аддалі перамогу ў намінацыі "Садружнасць".
Яшчэ адна намінацыя, якую можна было б аднесці да ліку асветных, калі сыходзіць з яе назвы - "Навука і веды". Перамога ў ёй сведчыць пра тое, якія веды сёння лічацца найважнейшымі ў краіне, - яе здабыла кніга "Дзяржаўнасць Беларусі: даты, факты, падзеі" выдавецтва "Беларуская навука". Яму ж варта падзякаваць за найлепшую "Арт-кнігу": "Штрыхі гавораць. Альбом графічных работ".
А з чаго пачынаюцца любыя веды ды навучанне? Вядома, з "Буквара". У тым ліку з таго, што прадставіла выдавецтва "Адукацыя і выхаванне" - кажуць, "гэта ўсім Букварам Буквар"! І перамога ў намінацыі "Сучасны падручнік". Але дзеці чытаюць розныя кнігі. І добра, што сярод іх ёсць тыя, што прыцягваюць увагу і пакупнікоў, і журы. У намінацыі "Дзецям ХХІ стагоддзя" аказалася адразу два пераможцы: кнігі "Глобус, альбо Падарожжа Ціма ў Індыю" (выдавецтва "Адукацыя і выхаванне") і "Як мядзведзікі тату" згубілі ад "Мастацкай літаратуры". Дарэчы, за працу над гэтай кнігай адзначана мастачка Ліяна Жванія ў намінацыі "Майстэрства".
Наўрад ці хто не ведае, што ў "Мастацкай літаратуры" варта шукаць кнігі, якія можна чытаць для душы, і вельмі радуе, што ў намінацыі "Літфармат" перамогу аддалі выданню "Любімыя казкі нашых прабабуль" - гэта тое, з чаго пачынаецца спазнанне света, тое, што не мяняецца з часам і далучае да вечных ісцін.
Нездарма адзін з тых, хто ўручаў ганаровыя ўзнагароды, дырэктар Прэзідэнцкай бібліятэкі Беларусі Сяргей Квачан адзначыў, што "кніга прэзентуе нацыю, а кнігі Рэспублікі Беларусь працягваюць традыцыі Францыска Скарыны, у іх выданні прымяняюцца сучасныя перадавыя тэхналогіі, нашы кнігі адпавядаюць сусветным стандартам".
Ларыса ЦІМОШЫК. Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА. zviazda.by.
Перасоўная выстава "Мастак - кніга - тэкст" адкрылася ў Лідскім гістарычна-мастацкім музеі
14 сакавіка 2025 года ў Лідскім гістарычна-мастацкім музеі адбылося ўрачыстае адкрыццё перасоўнай выставы "Мастак - кніга - тэкст" са збору Музея-запаведніка "Выспаград Свіяжск".
Выстава ўяўляе сабою ўнікальны збор прац мастакоў-графікаў, прысвечаных вобразам і тэкстам літаратуры і фальклору. Гэтыя творы ўпершыню былі прадстаўлены на Казанскай Міжнароднай Біеннале друкаванай графікі ў 2015 годзе, а затым папоўнілі фонды Музея-запаведніка "Выспаград Свіяжск". На выставе экспануюцца 30 прац з калекцыі музея, уключаючы ілюстрацыі да фальклорных тэкстаў, вершаваным і празаічным твораў рускай і замежнай літаратуры, эскізы афармлення кніг і экслібрысы. Аўтарамі прац сталі мастакі з Расіі, Беларусі, Украіны, Арменіі, Мексікі і Індыі.
Экспанаты дэманструюць цесную сувязь літаратурнага і мастацкага вобразаў, падкрэсліваючы значнасць візуальнага ўвасаблення тэксту. Кожная праца адрозніваецца тэматычнай і стылістычнай разнастайнасцю, арыгінальнасцю мастацкай мовы і творчай воляй. Шматлікія творы раскрываюць нацыянальную своеасаблівасць літаратурных тэкстаў, выкарыстоўваючы як этнаграфічныя элементы, так і сімвалічныя трактоўкі.
Дырэктар Лідскага гістарычна-мастацкага музея Наталля Аляксандраўна Хацяновіч адзначыла:
- Мы вельмі рады прымаць гэты міжнародны праект у нашым музеі. Асабліва сімвалічна, што выстава праходзіць у перадпачатку Дня беларускага пісьменства, бо 2025 год абвешчаны Годам пісьменства ў Беларусі, а Ліда стане сталіцай імпрэзы. Гэтая выстава мае для нас вялікае міжнароднае і літаратурнае значэнне.
На адкрыцці таксама было падкрэслена, што музеі плануюць далейшае супрацоўніцтва ў рамках сумесных выстаўных праектаў.
Выстава "Мастак - кніга - тэкст" з'яўляецца часткай доўгатэрміновага партнёрства Музея-запаведніка "Выспаград Свіяжск" з музеямі Рэспублікі Беларусь, якое развіваецца з 2010-х гадоў. У Беларусі выстава экспануецца ўжо ў чацвёрты раз: раней яна была прадстаўлена ў Літаратурным музеі Петруся Броўкі ў Менску (верасень 2024 г.), а таксама ў Нацыянальным гістарычна-культурным музеі-запаведніку "Нясвіж" і Музеі "Замкавы комплекс "Мір" (снежань 2024 - студзень 2025 г.).
Выстава працягнецца ў Лідскім гістарычна-мастацкім музеі да 16 красавіка 2025 года.
Адрас: Рэспубліка Беларусь, Гарадзенская вобласць, г. Ліда, Праспект Перамогі, 37.
Наш кар.
Дзень пісьменства набліжаецца да Ліды
Да горада Ліды паступова набліжаецца Дзень беларускага пісьменства. Ідзе падрыхтоўка. Дом Валянціна Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея як літаратурная пляцоўка пракладвае супрацоўніцтва і ў далейшым з іншымі літаратурнымі музеямі.
13, 14, 15 сакавіка ў гісторыю літаратурнай Лідчыны закладзена цікавая падзея, пра якую не павінны забывацца знаўцы гістарычнага мінулага. Роўна 85 год назад (у 1940 годзе) народны паэт Беларусі Янка Купала пабываў у горадзе Лідзе ў якасці кандыдата ў дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР па Лідскай-Слабадской акрузе № 306. Гэтыя тры дні ў яго былі насычаны. Тыя аб'екты, дзе адбываліся выступленні, не захаваліся. Засталіся толькі ўспаміны. Сустрэць Івана Дамінікавіча Луцэвіча было даручана Валянціну Таўлаю і іншым маладым паэтам, якія пражывалі ў Лідзе і на Лідчыне (Ніна Тарас, Якуб Міско, Пятрусь Граніт). Адна з сустрэч прайшла і ў гарадской бібліятэцы, якая размяшчалася каля Лідскага замка. На той час на яе паліцах былі кнігі на яўрэйскай, польскай мовах. І тады Янка Купала з партфеля выняў сваю кнігу "Над ракою Арэсай" і падарыў бібліятэкарам. Яна стала першым беларускамоўным выданнем на той час. Гэта факт! Пазней, гэтую ж кнігу атрымаў і Валянцін Таўлай з дарчым надпісам ад аўтара.
Так склалася, што ваенныя падзеі не пашкадавалі ні бібліятэку, ні архіва Валянціна Таўлая. Усё беспаваротна загінула.
І сёння падзея. У Дом Валянціна Таўлая, што па вуліцы Замкавая, 7 кніга вярнулася. Вярнулася праз 85 год, як страчаная спадчына. З вялікай радасцю яе перадалі на часовае захоўванне калегі з Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Гэтая зялёная кніжачка, якую ўспамінаў Валянцін Таўлай і якая таксама ляжала на паліцах у яго пакоі. Яна і знайшла сёння тут сваё пачэснае месца. Выданне арыгінальнае за 1937 год. Але ж гэта не адна адзінка. Усіх кніг з паэмай "Над ракою Арэсай" экспануецца 5 - выданні з 1933 па 1940 год. Акрамя іх - партрэты, фотаздымкі Янкі Купалы.
На ўрачыстае адкрыццё выстаўкі "Ад Арэсы да Лідзейкі" наведаліся прыхільнікі спадчыны Янкі Купалы. Сярод гасцей - навуковы супрацоўнік аддзела навукова-экспазіцыйнай і выставачнай работы Ісакава Ганна Яўгенаўна. Яна падзякавала за супрацоўніцтва, за сумесны праект. Такое адчуванне, што Янка Купала і Валянцін Таўлай не разлучаліся. Ад рэчкі Арэсы, якая на Любаншчыне Менскай вобласці, да рэчкі Лідзейкі, што на Лідчыне Гарадзенскай вобласці зноў пракладзена сувязь. Атрымаўся сімвалічны неразрыўны мост.
На мерапрыемстве прысутнічала бібліёграф Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы Курбыка Галіна Раманаўна. Яна паказала альбом "Беларускі народны арнамент", які быў падараваны жонкай Янкі Купалы Уладзіславай Францаўнай Луцэвіч 29.06.1956 года падчас пераезду ў новы будынак бібліятэкі, якая ўжо мела назву імя Янкі Купалы. Гэтая рэліквія і цяпер радуе чытачоў Лідскай бібліятэкі.Разам з тым, прысутныя і госці змаглі пачуць голас незабыўнага Янкі праз аўдыёзапіс аднаго з выступленняў паэта.
Трэба адзначыць, што ў красавіку споўніцца і 100 год як Янку Купалу было нададзена званне народнага паэта Беларусі. Сышліся даты і падзеі ў Лідзе!
А Вы не знаёмы з гісторыяй прыезду Янкі Купалы ў Ліду? Вы не бачылі кнігу "Над ракою Арэсай"? Тады Вам да нас у Дом Валянціна Таўлая, што па вуліцы Замкавая, 7.
Алесь Хітрун.
Творчае святло Юрася Пацюпы
13 сакавіка споўнілася 60 гадоў з дня нараджэння цудоўнага і арыгінальнага паэта, публіцыста і мовазнаўца, кандыдата філалагічных навук Юрася Пацюпы. Кандыдацкую Юрась абараніў нядаўна, хаця даўно мог быць ужо доктарам навук, прафесарам. На сённяшні дзень ён - адзін з тых беларускіх філолагаў, які дасканала ведае родную мову, грунтоўна вывучае яе, даследуе гісторыю беларускай мовы, беларускае вершаскладанне.
Юрась Пацюпа працуе ў Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, яго кандыдацкая дысертацыя называлася "Беларускае народнае вершаскладанне: узроўні, метрыка, рытміка, строфіка". Асноўныя вынікі і палажэнні дысертацыйнага даследавання Юрася Пацюпы прайшлі апрабацыю на 11 міжнародных і 5 рэспубліканскіх навуковых і навукова-практычных канферэнцыях, круглых сталах і семінарах: Міжнародным круглым стале "Асоба збіральніка ў захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны (да 200-годдзя з дня нараджэння Оскара Кольберга)" (Пінск, 2014); XV Узвышаўскіх чытаннях, прысвечаных 115-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Дубоўкі (1900-1976) і Уладзіміра Жылкі (1900-1933) (Менск, 2015); VI Міжнароднай навуковапрактычнай канферэнцыі "Традыцыі і сучасны стан культуры і мастацтваў" (Менск, 2015); VI Міжнароднай навуковай канферэнцыі "Нацыянальнакультурны кампанент у тэксце і мове", прысвечанай памяці прафесара С. М. Прохаравай (Менск, 2015); ІІI Міжнароднай навуковай канферэнцыі "Беларускае Падзвінне: вопыт, методыка і вынікі палявых і міждысцыплінарных даследаванняў" (Полацк, 2016); Міжнародным навуковым кангрэсе беларускай культуры (Менск, 2016); Міжнароднай навуковай канферэнцыі "Беларуска-італьянскае культурнае ўзаемадзеянне і праблема захавання нацыянальнай ідэнтычнасці: Гістарычны вопыт і сучасныя праблемы" (Мінск, 2016); Міжнародным форуме даследчыкаў беларускай казкі (Менск, 2018); II Міжнароднай навуковай канферэнцыі "Беларуска-італьянскае культурнае ўзаемадзеянне і праблема захавання нацыянальнай ідэнтычнасці: гістарычны вопыт і сучасныя праблемы" (Менск, 2018); Рэспубліканскім навукова-практычным семінары "Фальклор, мова і літаратура беларусаў у кантэксце культурнай спадчыны славян" (Берасце, 2020); II Міжнародным форуме даследчыкаў беларускай казкі (Менск, 2021); Міжнародным крyглым стале "Шляхам яго жыцця", прысвечаным памяці доктара філалагічных навyк Ігара Жука (Гародня, 2022); круглым стале, прысвечаным 140-годдзю з дня нараджэння Якуба Коласа "Якуб Колас у нацыянальнай культуры і мастацтве" (Менск, 2022); III Міжнародным форуме даследчыкаў беларускай казкі" (Менск, 2023); навукова-практычным семінары "Збіральнік скарбаў зямлі беларускай (да 170-годдзя з дня нараджэння Міхала Федароўскага)" (Ліда, 2023); навукова-практычнай канферэнцыі "Шляхамі Арсеня Ліса" (Смаргонь, 2024).
Мэта і задачы даследавання Юрася Пацюпы - гэта раскрыць законы і спецыфіку беларускага народнага верша, паказаць яго адрозненне ад літаратурнага верша. Для дасягнення пастаўленай мэты аўтар вырашыў наступныя задачы:
1. Разгледзеў і сістэматызаваў уяўленні пра народны верш, якія складваліся на працягу XVIII-XXI стагоддзяў у айчыннай і замежнай навуцы, суаднёс іх з класічнымі вершазнаўчымі катэгорыямі, што бяруць пачатак у Антычнасці.
2. Стратыфікаваў парцэлы вершаванага маўлення на фоне ўзроўняў мовы, акрэсліў межы вершазнаўчай кампетэнцыі, выявіў прасадычныя ўніверсаліі і тыя механізмы, якія дазваляюць народнаму вершу існаваць без спецыяльных правілаў.
3. Раскрыў рэалізацыю выяўленых універсалій на самых папулярных і характэрных фальклорных памерах, паказаў, як з камбінацый выяўленых універсалій арганізуецца разнастайнасць строф, якія памеры характэрныя для фальклорнага верша.
Навуковая навізна кандыдацкай дысертацыі Юрася Пацюпы заключаецца ў тым, што гэта першае сістэмнае даследаванне беларускага народнага верша на сучасным этапе, а таксама ў тым, што ў рабоце аўтар прапанаваў арыгінальную канцэпцыю арганізацыі і функцыянавання фальклорнага верша як з'явы. На аснове ўзроўневага падыходу да тэксту ён выпрацаваў прынцыпы сістэматызацыі вершазнаўчых вынікаў мінулых эпох, выявіў інварыянты, на якіх засноўваецца фальклорны верш, і распрацаваў метад інварыянтнага аналізу вершаваных тэкстаў. Былі даследаваны і апісаны асноўныя памеры беларускага народнага верша і паказаны спосабы арганізацыі строфікі ў народна-песенным фальклоры. Упершыню аўтарам былі выяўлены заканамернасці ў колькасці складоў пры пераходзе ад ком да коланаў, ад коланаў да перыядаў, а ад перыядаў да строф, і былі раскрыты законы парцэляцыі фальклорных вершаваных тэкстаў.
Праца Юрася Пацюпы, сапраўды, сур'ёзная, карысная і навукова-неабходная. Будзем спадзявацца, што яна хутка пабачыць свет асобнай кнігай.
Свой жыццёвы і творчы шлях Юрась Пацюпа пачынаў у Полацку, дзе ён нарадзіўся 13 сакавіка 1965 года. Дзяцінства яго прайшло на Лідчыне ў вёсцы Дамейкі. Скончыў сярэднюю школу ў вёсцы Азёры Гарадзенскага раёна, а потым - Лідскае СПТВ № 136, служыў у войску.
У 1986 годзе Юрась Пацюпа паступіў у Гарадзенскі ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Там ён піша вершы, друкуецца. А таксама працуе загадчыкам лабараторыі, становіцца аспірантам кафедры беларускай культуры, а з 1996 года працуе выкладчыкам гэтай кафедры. Свае навуковыя даследаванні пачынаў пад кіраўніцтвам прафесара Аляксея Пяткевіча.
У 1994 годзе ў Гародні пачаў выдавацца гістарычна-культурны часопіс "Сьвіцязь". Рэдагаваў яго прафесар Сяргей Габрусевіч. Юрась там таксама прымаў удзел: быў рэдактарам аддзела, а потым - намеснікам рэдактара. І сам пісаў матэрыялы і друкаваў іх. У "Сьвіцязі" (№ 3, 1994) ён апублікаваў цікавае даследаванне пра "Гратэскі і арабескі: дзве плыні ў беларускай літаратуры, пазначаныя Максімам Багдановічам". У канцы артыкула аўтар прапануе беларускія гратэскі сабраць у адну вялікую анталогію. "Тады перад намі раскрыецца новая незвычайная краіна народнае неўміручасці", - піша Юрась Пацюпа.
У працоўнай кніжцы Юрася Пацюпы вельмі шмат запісаў. Ён яшчэ працаваў электраманцёрам, карэспандэнтам-арганізатарам Бюро прапаганды мастацкай літаратуры, вартаўніком, супрацоўнікам музея народнага дойлідства і побыту. А калі быў вольны час - пісаў. Тэмы яго артыкулаў былі самыя разнастайныя, якія патрабавалі пошукаў і шмат працы. Ён даследаваў і напісаў пра моўную ўтопію Вацлава Ластоўскага, як славянскую трансфармацыю футурызму, пра зацемкі на палях філасофскага слоўніка, пра гармонію беларускага слова, пра лінгвістычныя ідэі Максіма Багдановіча, пра тое, як Эдвард Кінан выбіў Богу вокны, пра стагоддзе паэзіі Івана Франка ў Беларусі, пра невядомы санет Максіма Багдановіча і шмат-шмат іншых. Найбуйнешыя яго публікацыі друкаваліся ў часопісе "ARCHE". А ў 2019 годзе выйшла яго манаграфія "Беларускія вершы Яна Баршчэўскага: праблема рэканструкцыі, атрыбуцыі і эдыцыі".
У 1991 годзе ў Менску ў бібліятэчцы часопіса "Маладосць" выдаецца першы паэтычны зборнік Юрася Пацюпы "Ноч". Да гэтага ён свае паэтычныя творы друкаваў амаль ва ўсіх беларускіх часопісах і газетах. Як прызнаўся сам аўтар, яго "Ноч" - гэта першая кніга, таму яна ў пэўнай ступені эклектычная. "Калі надыходзіць ноч - кожны запальвае сваё святло, - казаў Геракліт. Але я не ведаю, каторая зараз гадзіна. Я не ведаю, што знойдзе чытач у маіх вершах, бо змест іх рэлятыўны", - напісаў замест анатацыі Юрась Пацюпа ў сваёй першай "Ночы".
Пасля "Ночы" з друку выходзілі паэтычныя кнігі Юрася Пацюпы "Сабака", "Анонс. Квадрат тэкстаў", "Рой", а таксама слоўнікі.
Творчасць Юрася Пацюпы адзначана прэміяй часопіса "Крыніца" і літаратурнай прэміяй імя Міхася Стральцова…
Даўно напісаны Юрасём верш "Камень" прыгаўся мне з нагоды 60-годдзя гэтага таленавітага літаратара:
Ляжаў на дарозе камень -
Пад ім ані кроплі вады.
І біліся моцна ілбамі
Аб камень ссівелы вятры.
Не сівей і не старэй даражэнькі Юрась! Няхай Бог дае табе здароўя, творчага натхнення і сілы на новыя навуковыя і паэтычныя адкрыцці.
Сяргей ЧЫГРЫН.
С А Н Е Т Ы
Язэп Палубятка
1
Мы, як воспа, адзін да другога прывітыя,
Яд супраць кахання, смяротнай хваробы.
Першыя пацалункі - шал - не забытыя,
Прыскам пякуць губы.
Дзесьці гурган у небе плануе,
Крылом нат не ўзмахне,
Вецер пад ім віруе,
Думы мае пра цябе, пра мяне.
Дарога бясконцаю не бывае
Ад аднаго да другога парога.
Роспачы воклік у цішы замірае,
Прырода ўвосень глядзіцца ўбога.
Калейдаскоп існавання свету,
Як толькі здольны - асвойвай другую планету.
2
Попел вогнішча вецер разносіць
Ды раздувае вуглі,
Растанне сустрэчу прыносіць,
Дзе б мы не былі.
Нашы дарогі недзе сыдуцца
І не разыдуцца ніколі.
Пры раставанні трэба спыніцца,
Спытаць сябе: ці ўсё ты зрабіў для долі?
Сапраўдным каханнем заўжды даражы.
Гора растання нясе пакуты.
Не пераступай незваротнай мяжы,
Словы бяздумныя - горай атруты.
Спярша падумай, каб не рабіць тое,
Што прынясе шмат неспакою.
3
Ты сёння ў апале ў фартуны,
Бязрадасным здаецца ўсё наўкол.
Заціхла музыка, аборваныя струны
І нават думка пад замком.
Яна пайшла, ні просвіту надзеі,
Каханне знікла, і сышлі сябры.
Якія сумныя падзеі!
Сусвет, як быў, так ёсць стары.
Нішто не цешыць душу,
Ні пошчык салаўя, ні зелень траў,
Адно табе сказаць я мушу -
У гэты час ты не скажы жыццю: "Бывай".
І нат у сумных паваротах лёсу
Вер: човен жыцця прыб'е да плёсу.
4
Нельга шчасце знайсці на крыві,
Нельга яго збудаваць на здрадзе.
Людзі ж тым спрадвеку жылі
Пры ўсякай уладзе.
Ці то дождж, ці то снег неба нам пасылае,
Промень яркага сонца слепіць нам вочы,
Сэрца каханнем пылае
Нават у самыя цёмныя ночы.
Бура, якой не была б, сціхае,
Вечным нішто не бывае.
Знічка жыцця дагарае,
Канчаецца дзесьці дарога ліхая.
Не шукай шчасця ты на крыві,
Бо, век пражыўшы, станеш сівы.
5
У жыцці мы ідзём па сцежках сваіх,
І ніколі яны не сыдуцца.
Сонца свеціць для нас дваіх,
Дрэваў нашых ствалы не зрастуцца.
Дождж памяняе імжа,
Спёку заменіць сцюжа,
Нам мілавацца даўно ўжо пара,
Толькі да шчасця дарогі не здзюжым.
Час не спрыяе нам ва ўсім,
Скончыўся дзень - у душы прарэха.
Знешне мы задаволены ўсім.
Снегам пакрытыя стрэхі.
Будзе бясконцай мрой чарада,
Ды не заснуць табе да відна.
6
Каханая, не спадзявайся, што час цябе міне.
Ад лёсу сумнага ніхто з нас не пазбавіўся.
Цябе, мяне, ўсіх нас чарвяк чакае у труне,
Там радасцямі зямнымі не пахвалішся.
Сапраўднаму сябру шчыра вер,
Нават у час грымоты.
Каштоўнейшым у свеце ёсць давер,
Нават на душы калі самотна.
Дарога ў калдобінах вядзе нас па жыцці,
Едзь так, каб не разбіць нам колы.
Не забывай, што сталася ў быцці,
Жыццё не мёд, што нам прыносяць пчолы.
І трасца, і ліха, бывае, сустрэне цябе,
А ты не скарайся пры ўсякай бядзе.
7
Зіма. Пары з рота клубы.
Не адмарозь нос. Беражы.
Звонкая медзь аркестровай трубы.
Спакой у кватэры сваёй беражы.
Тое ёсць складнік твайго існавання,
Можна сказаць, каркас.
Бег цягніка, памерлага памінанне -
Гэта ўсё, падаецца, ідзе побач нас.
Зырка блішчаць вітрыны крамаў,
Кошты кусаюцца, як камары.
Глянеш на ўсё, успамінаеш маму,
Памерці хочацца да пары.
Гледзячы на ўсё, цярпі
І ведай - вінаваты ва ўсім ты.
8
Небасхіл быў ружовы ад захаду сонца,
Воблакі былі ў колер яму.
Палоска таго далягляду
свеціцца шчасцем бясконцым,
Як музыка крануў мандаліны струну.
Быццам бы музыка шчасця гучала,
Толькі акорды другія.
Нечага ў іх не ставала,
Сабакі за вёскаю вылі.
Сонца зайшло, і захад сцямнеў,
Шэранню стала наўколле.
Зоркі заззялі ярчэй і ярчэй,
Коцікі бегаюць па-за вуголлі.
З цягам часу скончыцца дзень твой.
Што ні кажы, ён свой.
9
Гады саткуць на твары павуцінне,
І маладосці - як і не было.
А галаву пакрые ці сівенне, ці лысенне.
Усвядамляеш з сумам, што было - прайшло.
Бурліў ад ветру акіян,
Гулялі вольна хвалі.
Цяпер, здаецца, ўсё падман,
І нават кветкі, што буялі.
І радасць гэтае пары -
Кіёк ў руках дрыжачых.
А помніш, цалаваўся да зары
Ды толькі, што настанне, не прадбачыў.
Як ні кажы, жыццё прайшло,
Быллём былое парасло.
10
Асалоду ад жыцця жадаеш мець,
Ды маеш толькі горыч.
Жадаеш вечна не старэць,
Паўсюдна толькі роспач.
Самоты вечар настае,
Не заўважаеш тлуму.
Як снег вясновы растае,
Знікаюць думы.
Мінаюць дні, бягуць гады.
Спрадвечны кругабег.
Быў малады ды стаў стары,
Пражыў жыццё наспех.
Адкінь маркоту ў душы
І люд ты глупствам не смяшы.
11
І хціваю бывае муза,
Захоча - прочкі сыдзе ад цябе.
Завянуць кветкі стракатыя ў лузе,
На сонца набрыдзь напаўзе.
Натхненне счахне, і радок завяне.
Душу агорне едкі сум.
І ясны дзень маркотным стане
Пад гам пусты і тлум.
Каханне, муза не пакіне нас,
Калі ты сцвердзіш гэта сэрцам.
І не настане сумны час,
І ўсё ў жыцці будзе найлепшым.
Калі ж з агню кахання попел стане,
Тады надыдзе сумнае растанне.
12
Ах! Гэта выпадковая сустрэча.
Неспадзяваная, як першы снег.
Учора малады, а сёння ты старэча.
У часу вельмі хуткі бег.
Яна таксама ўжо не тая,
Маршчынамі пакрыты твар.
Якая пекная была ты маладая!
Салодкі маладосці той узвар.
Схавала хна сівы твой волас,
Ды толькі рукі ўжо трасуцца,
І хрыпаватым стаў твой голас,
Калісь было ў ім вогнішча пачуццяў.
Сусвет, як быў, такім і будзе,
А мы звычайныя ў ім людзі.
13
Кахаюць сэрцам сляпыя на вочы,
Як толькі ты пабачыш стан яе.
Пасля той самай цёмнай ночы
Каханне хутка растае.
Сапраўднае каханне сэрцам
І ў дзень маркотны зацвіце.
Ды не крывіся ты ад стравы з перцам,
Няхай былое лесам зарасце.
Час няўмольны, ўсе нягоды чахнуць.
І ясны дзень паперадзе ідзе.
Ад воблака прамені гаснуць,
Каханне ёсць - не быць бядзе.
Кожны хоча сустрэць каханне сваё,
Няхай будзе супольна - яе і тваё.
14
Як можна не кахаць цябе, скажы мне?!
Прывабны стан, пунсовей ружы вусны,
Ды прыкра мне, што час міне,
І шкадаваць пра ўсё ты будзеш слушна.
Сваты прыехалі, у хаце мітусня,
На стол - гарэлка і закуска.
Усё гэта для цябе вясёлая гульня,
Для важнасці ты галаву прыкрыла хусткай.
Ці ўмееш ты кахаць, скажы,
Ці любага чакала да зары?
А як кахаеш, дык каханне беражы,
Пры слове праўды ты ад злосці не дрыжы.
Толькі ўзаемнаму каханню
Патрэбна шчырае прызнанне.
Архітэктары Лідскіх будынкаў у 1920-30-я гг.
Леанід Лаўрэш
Я вырашыў падсумаваць інфармацыю пра архітэктараў якія пакінулі нам ў горадзе Ліда свае будынкі. Каб не грувасціць занадта вялікі артыкул і не паўтараць тое, што ўжо напісаў раней, не падаю апісанне твораў ніжэйпералічаных архітэктараў, а толькі прывожу спасылкі на маю раней надрукаваную кнігу, якая лёгкадаступная бо прысутнічае ў інтэрнэце.
Тэадор Буршэ (Teodor Bursze, 1893-1965) - знакаміты варшаўскі архітэктар, які здабыў вядомасць перабудовай кварталаў польскай сталіцы. Ён нарадзіўся 31 мая 1893 г. у сям'і этнічнага немца Эрнэста Вільгельма Буршэ, евангеліцкага пастара парафіі Згеж (сучаснае Лодзінскае ваяводства) і Мацільды Гармель. Акрамя яго ў сям'і было яшчэ два браты Юліюш і Эдмунд. Гэты баварскі род пасяліўся ў Польшчы ў канцы XVII ст. і многія з яго членаў займалі высокія пасады ў евангелічнай царкве.
Пасля заканчэння гімназіі будучы архітэктар пачаў вывучаць архітэктуру ў Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў, якую скончыў у 1918 г. Пасля заканчэння Першай сусветнай вайны ён пераехаў у Варшаву, дзе працягнуў навучанне на архітэктурным факультэце Варшаўскай палітэхнікі. Працаваў у варшаўскай майстэрні архітэктара З. Вайціцкага, а з 1919 г. у Дзяржаўнай будаўнічай канторы пры Міністэрстве грамадскіх работ. У 1922 г. у Варшаўскай палітэхніцы атрымаў дыплом архітэктара. Пасля гэтага пачаў пісаць сваё прозвішча на польскі манер Буршэ (Bursze).
У 1923 г. Буршэ каб прысвяціць сябе самастойнай архітэктурнай працы звольніўся з дзяржаўнай службы. Ён пачаў актыўную прафесійную дзейнасць у якасці архітэктара спачатку прыватных, а потым і грамадскіх будынкаў. Першыя яго заказы ўключалі як прыватныя дамы і вялікія камяніцы, гэтак і праекты дзяржаўных будынкаў, у тым ліку і ў Заходніх Беларусі і Украіне. Улічваючы прафесійны падыход і нямецкую педантычнасць, Буршэ даверылі аднавіць сярэднявечны замак XVI ст. у Міры і ён распрацаваў праект адбудовы гэтага замка.
Вось як апісаў рэдактар газеты "Лідская Зямля" сустрэчу з гаспадаром Мірскага замка ў 1938 г.:
"Міхал, князь Святаполк-Мірскі ў свае 70 гадоў мае рэзкае і чэрствае аблічча.
- Што спадароў прывяло да мяне? - задае першае пытанне.
- Прагнем нешта даведацца пра аднаўленне замка.
- Ну, што … Замак - гэта руіна. А другая руіна, калі спадарству цікава - ён лагодна ўсміхаецца і паказвае на сябе пальцам - гэта я… Работы па адбудове вяду 17 гадоў. За гэты час адбудаваў чатыры вежы і многа пакояў. Але не маю шмат грошай. Мае мажлівасці - адзін пакой у год. П. Прэзідэнт, калі быў у гасцях, сказаў: "Хто будуе - той не ўмірае". Таму, я яшчэ маю час.
У зале, дзе адбываецца аўдыенцыя, яшчэ захавалася першапачатковая столь, якую падпіраюць аркады калон. Пасля запісу нас у кнігу наведвальнікаў князь моцна паціскае нашы рукі.
Пакідаем замкавы дзядзінец разам з усім гэтым сярэднявечным помнікам і міжволі ў галаву прыходзіць думка, пра адвечную цягу чалавека да старажытнасці".
Архітэктар быў аўтарам каля дзесяці евангельскіх храмаў.
Практычную дзейнасць Тэадор Буршэ сумяшчаў з выкладчыцкай працай (1929-39 гг.) у папулярнай тады жаночай архітэктурнай школе. Быў ганаровым сябрам Таварыства польскіх архітэктараў.
Віленскі кансерватар Станіслаў Лорэнц (асоба, якая адказвала за захаванне помнікаў гісторыі і архітэктуры) паведаміў, што Тэадор Буршэ ў канцы 1920-х гадоў уваходзіў у ядро віленскага Таварыствам выяўленчага мастацтва на чале з вядомым і спадчынным мастаком Людамірам Сляндзінскім.
16 лістапада 1939 г. Тэадор Буршэ разам з двума братамі быў арыштаваны гестапа і адпраўлены ў канцлагер Маўтхаўзен-Гузен. Усю Другую сусветную вайну архітэктар працаваў на каменяломні нямецкага канцлагера каля горада Маўтхаўзен. Падчас Другой сусветнай вайны Маўтхаўзен быў адным з самых страшных канцлагераў з жудасным рэжымам утрымання. Ахоўнікі лагера жартавалі, што ёсць толькі адзін выхад з Маўтхаўзена - праз трубу крэматорыя. Аднак Буршэ здолеў выжыць, чаму спрыяла і веданне нямецкай мовы.
Пасля вызвалення амерыканкамі войскамі лагера, дзе ён знаходзіўся пяць з паловай гадоў (да 5 траўня 1945 г.), Тэадор Буршэ вярнуўся ў Польшчу. Зноў займаўся архітэктурай і захаваннем гістарычных помнікаў. Ён быў аўтарам праектаў рэканструкцыі многіх гістарычных будынкаў, разбураных падчас вайны. Буршэ кіраваў адбудовай варшаўскага касцёла св. Тройцы ХVІІІ ст. Па яго праекце адноўлены 13 варшаўскіх камяніц канца ХVІІ - ХVІІІ ст. у Кракаўскім прадмесці і 2 - на вуліцы Новы свет. Ён таксама займаўся архітэктурнай дзейнасцю ў Старым горадзе, рыхтаваў праекты рэканструкцыі фасадаў камяніц ўсходняй частцы Старамесцкай плошчы і г. д. За сваю карпатлівую працу Буршэ быў уганараваны многіх дзяржаўных узнагарод.
Тэадор Буршэ быў двойчы жанаты. З першай жонкай Казімірай Мацеёўскай меў двух сыноў - архітэктара Тэадора і рэстаўратара Юліюша.
Памёр 19 сакавіка 1965 г. у Варшаве і пахаваны ў сямейнай магіле на евангелічна-аўгсбургскіх могілках па вул. Млынарскай.
Адной з адметнасцяў горада Ліда з'яўляецца так званая калонія дамоў чыноўнікаў, якая сёння знаходзіцца каля вуліцы Чарняхоўскага і Міцкевіча. Прыгожы дом "на чатыры сям'і" № 3 па вуліцы Міцкевіча ў гэтай калоніі пабудаваны па праекце архітэктара Тэадора Буршэ і захаваўся да нашага часу амаль што без пашкоджанняў. Аднатыпныя лідскаму дому "на чатыры сям'і" па праекце Буршэ ў свой час былі пабудаваны дамы ў Пінску, Луцку і Роўна. Гэты будынак, на 4 кватэры, кожная плошчай у 100 м 2 і зараз прыемна ўражвае сваім выглядам і выразна вылучаецца з "шэрых" двухпавярховых дамкоў савецкай забудовы 1950-60-х гадоў. Каля дома "на чатыры сям'і" меўся малы дамок для прыслугі і адрыны для жыхароў.
Гэты гмах лічыўся другім па ступені "элітнасці" пасля дома старасты ў Лідзе 1920-30-х гг. У ім стала жылі віцэ-стараста, начальнік (камендант) павятовай паліцыі, павятовы інспектар адукацыі (ён узначальваў адукацыю павета) і суддзя 1.
Ежы Беіл (Jerzy Beill, 1885-1976) нарадзіўся і памёр у Варшаве. Быў сынам Антонія (таксама архітэктарм) і Зоф'і Людвікі з Вільдтаў, вучыўся ў варшаўскай гімназіі, выпускнік факультэта архітэктуры Гданьскай політэхнікі, дыплом архітэктара атрымаў у 1912 г.
У 1912-13 гг. асістэнт кафедры архітэктуры Тэхнічнага ўніверсітэта ў Карлсруэ, у тыя ж гады супрацоўнічаў з вядомым варшаўскім архітэктарам Уладзіславам Марконі, пасля пачатку вайны быў эвакуяваны ў Астрахань, дзе заняў пасаду гарадскога архітэктара, а потым выкладчыка мясцовай тэхніка-будаўнічай школы. У 1920 г. - добраахвотнік у артылерыі.
Пасля Першай сусветнай вайны працаваў Будаўнічым дэпартаменце Міністэрства грамадскіх работ, а потым на пасадзе дарадцы ў Міністэрстве ўнутраных спраў. З 1932 г., сурэдактар штомесячніка "Архітэктура", да 1932 г. член рэдакцыі "Архітэктуры і будаўніцтва", пасля Другой сусветнай вайны займаў шэраг адказных пасад Міністэрствах ПНР. На пенсію выйшаў ў 1962 г.
Двойчы ўзнагароджаны Залатым Крыжам Заслугі, Ганаровым знакам Таварыства польскіх горадабудаўнікоў, лаўрэат архітэктурных конкурсаў.
Найважнейшы праекты: сядзіба дзяржаўнай паліцыі ў Драгічыне 1923 г., будынкі гімназіі ў Лідзе 1925 г. і гандлёвай гімназіі ў Станіславове 1927 г., рэканструкцыя італьянскай амбасады, будынак сярэдняй тэхнічнай школы ў Берасці (1937 г.), будынак гімназіі імя каралевы Ядвігі (Варшава, 1947 г.), будынак Міністэрства ўнутраных спраў (Варшава, 1955 г.) і г. д.
Пахаваны ў сямейнай магіле на могілках Павонзкі ў Варшаве.
Дом лідскага старасты пабудаваны ў модным у той час "закапанскім стылі", аўтар праекта інжынер-архітэктар Ежы Беіл (Jerzy Beill). Па гэтым жа праекце будаваліся дамы для стараст у Баранавічах, Драгічыне, Глыбокім, Нясвіжы, Наваградку, Слоніме, Стоўбцах, Валожыне, і аўтару вядома, што як мінімум у Валожыне і Глыбокім гэтыя дамы захаваліся і не былі перабудаваныя, як у Лідзе. Па праектах Ежы Беіла пабудавана політэхніка ў Гданьску, гімназія імя Стэфана Баторыя ў Варшаве (1925 г.) і, што істотна для лідзян, яшчэ і дзяржаўная гімназія імя Караля Хадкевіча ў Лідзе, будынак якой і зараз упрыгожвае наш горад 2.
Архітэктар Зыгмунт Тарасін (Zugmunt Tarasin, 1894 - 1943) нарадзіўся ў Баляслаўцы каля Кельцаў, загінуў у фашысцкім "Офлагу" ў Любеку.
У 1912-14 гг. Тарасін студэнт архітэктурнага факультэта Рыжскай палітэхнікі, у 1922 г. - выпускнік архітэктурнага факультэта Варшаўскай палітэхнікі.
Валодаў архітэктурным бюро ў Варшаве.
Аўтар наступных праектаў: школы № 113, 160 і дзіцячы прытулак у Варшаве (1927-29 гг.), будынак Гандлёва-прамысловай палаты ў Вільні па вул. Міцкевіча (1931-32 гг.) і шэрагу прыватных і дзяржаўных будынкаў.
Капітан запасу, у 1939 г. удзельнік Другой сусветнай вайны.
У Лідзе па яго праекце пабудаваны два дамы "на дзве сям'і" . Да нашых часоў дажыў толькі адзін з дамоў, пасля капітальнага рамонту і ўнутранай перабудовы ў ім зараз заходзіцца рэдакцыя Лідскага радыё і тэлебачання 3.
Стэфан Тамаровіч (Stefan Tomorowicz, 1889-1944). Архітэктар Стэфан Уладзіслаў Томаш Тамаровіч - выпускнік архітэктурнага факультэта Львоўскай політэхнікі. Працаваў дырэктарам Будаўнічага аддзела Гміннай управы ў Варшаве.
Разам з Янам Заблоцкім з'яўляецца аўтарам будынка Галоўнага ўпраўленне дзяржаўных лясоў па вуліцы Вавельскай у Варшаве (1928, 1934-36),.
Удзельнік Першай і Другой сусветных войнаў. Расстраляны ў Варшаве падчас Варшаўскага паўстання.
Пахаваны на Старых Павонзкаўскіх могілках у Варшаве (верагодна, сімвалічная магіла).
Пабудаваў у Лідзе тры лідскія дамы "на шэсць сямей" 4.
Ванда Баэрнер-Бжэхфа (Wanda Boerner-Brzechffa, 1903-1971), у дзявоцтве Баэрнер (у першым замустве Пшэўлоцкая (Przewlocka), нарадзілася 23 жніўня 1903 г. у Пензе, памерла 14 кастрычніка 1971 г. у Лондане - польскі архітэктар, удзельніца Варшаўскага паўстання, пляменніца міністра пошты і тэлеграфаў Ігнацыя Баэрнера.
Вучылася на архітэктурным факультэце Варшаўскай палітэхнікі, дзе ў 1929 г. абараніла дыпломную працу.
У 1930-я гг. яна праектавала як жылыя дамы, так і грамадскія будынкі, напрыклад, у 1936 г. спраектавала пошту для Ліды. У 1933 г. была абрана дырэктарам Рады Звязу польскіх архітэктараў.
Пасля пачатку Другой сусветнай вайны ваявала ў чыне капітана, прыняла ўдзел у Варшаўскім паўстанні і трапіла ў нямецкі палон.
Пахавана на евангелічна-аўгсбургскіх могілках у Варшаве.
З'яўляецца аўтарам праекту нашай прыгожай галоўнай пошты па вуліцы Міцкевіча 5.
1 Падрабязней пра гэты дом, гл: Лаўрэш Л.Л. Шпацыры па старой Лідзе. Гродна, 2020. С. 224-227.
2 Гл: Лаўрэш Л.Л. Шпацыры па старой Лідзе. С. 217-223, 240-245.
3 Гл: Лаўрэш Л.Л. Шпацыры па старой Лідзе. С. 227-229.
4 Гл: Лаўрэш Л.Л. Шпацыры па старой Лідзе. С. 229.
5 Гл: Лаўрэш Л.Л. Шпацыры па старой Лідзе. С. 230-233.
Некалькі гадоў маёй маладосці ў Вільні (1818-1825) 1
Станіслаў Мараўскі
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
З ветлівасці расійскія чыноўнікі стараліся размаўляць ці хаця б разумець па-польску.
- Прадстаўляю губернатару, - сказала пані Фіцінгоф, - Пан Рэшка, прафесар.
Мёнш раззявіўся, прыжмурыў вочы і зрабіў выгляд, што нічога не разумее.
- Прадстаўляю вам, - паўтарае гаспадыня, - Пан Рэшка, прафесар.
- Да … Да … знаю, знаю! Brodfresser! Brodfresser! 63 - адказаў Мёнш, прыкідваючыся дурнем, каб выказаць сваю непавагу да вучоных.
б) Генералава Фіцінгоф зусім не ведала рускай мовы. Але справы прымусілі яе паехаць у сталіцу. Яна была ўжо старая, набожная і заўсёды мела кепскі настрой.
Па парадзе свайго паўнамоцнага прадстаўніка ў Пецярбургу яна запрасіла да сябе сакратара Сената і размаўляла ў ім па-польску, бо іншай мовы, акрамя рускай, сакратар не ведаў. Паляк і рускі заўсёды зразумеюць адзін аднаго, было б жаданне. Пры развітанні генералава ўклала ў руку сакратара пачку асігнацый, пры гэтым убачыла яго заручальны пярсцёнак, бо ён быў чалавек жанаты, і сказала:
- Буду мець задавальненне яшчэ раз наведаць пана дабрадзея, каб даверыць сябе яго апецы.
- Милости просим! Милости просим! - адказаў сакратар, усцешаны вялікім ганарарам і з мілым тварам пацалаваў ёй абедзве ручкі.
Пані Фіцінгоф ледзь не самлела на месцы, калі пачула яго словы!..
Праз некалькі хвілін падышоў яе паўнамоцны прадстаўнік і знайшоў старую ў спазмах жаху і зусім не падобную на сябе.
- Пані, што здарылася?
- Пабойся Бога, мой дабрадзей, якога ж ты мне сакратара Сената прывёў? Што гэта за людзі! Нейкія бязбожнікі, нягоднікі, распуснікі, бессаромнікі! Жанаты, малады, прыстойны мужчына і не саромеецца мяне старой! Узяў грошы і яшчэ патрабуе ад мяне кахання! 64
Тады паўнамоцны прадстаўнік, трымаючыся за бакі ад смеху, супакоіў яе сумленне і растлумачыў, як трэба разумець гэтыя словы.
с) Пасля апошняга падзелу краю, губернатар Літвы Булгакаў прымусіў шляхту ў Вільні прысягнуць на вернасць Кацярыне ІІ. Пасля гэтай цырымоніі ў Булгакава адбыўся вялікі афіцыйны абед. Побач сядзеў маршалак Бжастоўскі 65, які і раней меў з ім добрыя адносіны.
Падчас абеду Бжастоўскі пачаў патаемна хаваць за пазуху і ў кішэні срэбныя відэльцы і лыжкі.
- Што ты робіш, граф! - здзіўлена спытаў яго Булгакаў.
Ах, пан губернатар, - адказаў Бжастоўскі, - Гэта нармальная з'ява - як толькі станеш рускім падданым, адразу свярбяць рукі, каб нешта ўкрасці!
У Булгакава хапіла розуму і досціпу, каб не раззлавацца з-за гэтага жарту.
10. У Стравеніках, у доме княгіні Агінскай, дарсунскай старасціны 66, пані вялікай цноты, дабрыні і агульнавядомай гасціннасці, да таго ж паважанай ва ўсім краі з-за яе пабожнасці, нягледзячы на яе сталы ўзрост, некалькі разоў на год адбываліся вялікія балі, на якія паважаныя госці прыязджалі нават і здалёк. Аднойчы на баль прыйшла вельмі прыгожая і маладая жанчына, пані Шымкоўская. Мой бацька, які ўсё сваё жыццё быў надзвычай слабы на жанчын, моцна заняўся ёй і ўвесь час казаў ёй кампліменты. Пасля абеду, калі госці яшчэ тлуміліся ў сталовай, ён пачаў так моцна прыцірацца да гэтай дамы, што бедная жанчына, каб абараніць сябе і пакараць нахабніка, гучна сказала:
- За каго пан мяне прымае? Хто даў вам права так са мной гаварыць і так абыходзіцца? Ведайце, я сумленная жанчына!
Бацька, нават не дазволіў ёй дагаварыць і адказаў халаднакроўна: "А я такіх як раз і найбольш кахаю!" І гэтымі словамі знянацку так здзівіў небарачку, што потым … Не ведаю, што было потым. Бо гэта вельмі старая гісторыя, якая адбылася яшчэ за польскім часам, і расказвалі мне яе толькі вельмі старыя людзі.
Раздзел 4. Канстанты Новамейскі, яго дзень, яго ўпэўненасць у паспяховасці ў жанчын. Дзве пані Высагердавы. Замбрыцкія. Др. Эме. Людвік Замбрыцкі. Новамейскі, яго стасункі. Побыт аўтара ў Вільні ў 1835 г. Намер сям'і ажаніць яго. Пані Марачэўская. Зайздрасць Новамейскага, яго хвароба
Такім чынам, у той час, калі я паволі станавіўся сваім чалавекам у розных дамах, мой Новамейскі быў заняты рознымі дробязямі: прыдумляў лепшыя шпількі (для гальштукаў), выбіраў і падбіраў тканіны, атрымліваў асалоду ад рэцэптаў печыва, смачных пернікаў, канфіцюраў, лікёраў 67. Як змяя страчвае скуру, так і я цалкам забыўся пра яго, калі выйшаў са студэнцтва. Раптам, неспадзявана, мы сустрэліся ў некалькіх дамах. Я паставіўся да яго з павагай, як належыць ставіцца да старэйшага векам, і ён на пачатку паставіўся да мяне сур'ёзна, як быццам аказваў мне пратэкцыю і нібыта быў маім ментарам. Але дэкарацыі памяняліся! Пільны назіральнік, ён адразу заўважыў, што я стаю на цвёрдых нагах, і яму гэта не спадабалася. У свеце мае дзевятнаццаць-дваццаць гадоў цаніліся больш чым яго трыццаць з нечым, тут аддавалі перавагу лёгкай, але разумнай размове, а не яго звычайнай імітацыі сур'ёзнасці. А ў тых дамах, якія наведвалі бацькі каб выпхнуць сваіх дачок, як гэта звычайна бывае ў горадзе, давераную асобу кс.-прэлата Длускага ставілі значна ніжэй за заможнага паніча, з якім мелі надзею парадніцца праз шлюб. Ужо само маё ігнараванне тэм яго размоваў пра рукадзелле і вышыўкі на палатне, у чым ён ўпарта выстаўляў сябе крытыкам і знаўцам перад маладзёнамі, узбуджала дзявочую цікаўнасць у мой бок.
У гэтых дробных і амаль што дзіцячых здарэннях паміж намі, праніклівае вока ўбачыць сутычкі паміж сабой дзвюх ужо розных эпох і пачатак адыходу ад дробязных звычаяў і перабольшванняў галантнага XVIII стагоддзя. Дзейных асоб і сведкаў таго галантнага стагоддзя ў той час было яшчэ шмат, але стаў ўжо заўважны пераход да больш сур'ёзных сяброўскіх адносін, менш заснаваных на розных дробязях. Па-праўдзе, сучасная моладзь шчыра сядзіць над кніжкай у сябе дома і корміцца тэорыямі, каб адкрываць для сябе вышэйшыя мэты. Па-за домам, у сяброўстве жанчын, нават міжвольна, яны мусяць змешваць прыемнасць з карысцю, павагу да прыгожа полу з пачуццём уласнай годнасці. Але тое, што раней было шчырым і таму нечага вартым, з-за няправільнага пераймання і скажонага разумення, стала для наступных пакаленняў толькі аблудай, няшчасным і нязграбным прытворствам.
У Новамейскага была смешнай яго дробязнасць ва ўсім. Ён замучыў краўца і шаўца. З кожнага фрака, прывезенага з Парыжа ці Варшавы, ён уласнай рукой выразаў выкрайкі з паперы, з кожнага пантофля загадваў рабіць форму. Перш чым прыняць ад майстра гарнітур ці абутак, ён мучыў яго два тыдні папраўкамі і даводзіў да адчаю. Але калі, здаецца, усё дасягала найвышэйшай ступені дакладнасці і дасканаласці, і ён апранаў гэта на сябе, дык усё на ім сядзела нязграбна, мяшком, а абутак заўсёды выглядаў дрэнна з-за няправільнай формы яго нагі. […]
Няхай усе будуць шчаслівымі - падумаў я сто разоў. Я магу паручыцца, што ён сам шчыра верыў у сваю зорку і дзяліўся гэтай упэўненасцю з іншымі не як марнай хвальбой блазна, але з унутранага пераканання. Дазвольце мне прывесці вам толькі два прыклады. Сярод жанчын, якія толькі і чакалі кіўкоў ад яго, каб як бяззбройная гарліца падпарадкавацца арлу ці магнетычнай уладзе ястраба, і якіх ён шкадаваў толькі з-за сваёй любові да цноты, была, як мне казалі, пані Ксаверава Мюлер, якая рэдка прыязджала ў Вільню. Тады я яе не ведаў, але чуў, што яна была жанчына з характарам, талентам, цнотамі, надзвычай вясёлага досціпу і была ўсімі любімая. Пасля няўдачнага замуства яна хавалася на вёсцы. Дадам, потым я даведаўся, што поўная жаночай празорлівасці, яна адразу шмат што зразумела пра Новамейскага і ніколі не хацела лічыць яго вартым яе сяброўства. Другой фатальна ў яго закаханай, была пані Высагердава, удава, пра якую я ўжо пісаў. Дадам яшчэ апошні раз некалькі слоў пра яе. Аб яе гарачай прыхільнасці да Казятульскага я ўжо казаў. Пасля няшчасця з ім, добрая і пачцівая жанчына працяглы час, каля пятнаццаці гадоў, атрымлівала ўздыхі ад усёй віленскай моладзі і многіх знатных абшарнікаў з правінцыі, напрыклад, Гелгуда. Нарэшце, голас прыроды перамог. У Вільню прыехалі вучыцца два яе пляменніка Замбрыцкія. Абодва прыгожыя, добрыя, мілыя і маладыя, яны былі даручаны яе апецы, за якую яна адразу і ўзялася па-мацярынску. Яны часта бывалі ў цёткі і лічылі яе дом сваім бацькоўскім домам. Беднае сэрца цёткі, стомленае ўдаўством і працяглым супрацівам мужчынам, не магло ўстаяць высакароднасці і дабрыні майго прыяцеля і калегі Людвіка Замбрыцкага. Раптоўны выбух моцнага запалу, які яна спачатку ўспрымала як любоў да пляменніка, асляпіў гэту шляхетную, чулую і зверх меры годную жанчыну. Божа нябесны, як доўга не толькі ад людзей, не толькі ад каханага, але і ад самой сябе, яна рупліва хавала гэту бездань, якую вырыла пад яе нагамі занадта чуллівае сэрца! І як раз тады быў момант найбольш блізкіх стасункаў з Новамейскім. Ён цешыў сябе, тым, што Высагердава закахалася ў яго. Яна, аднак, разумела неадпаведнасць свайго ўзросту і ўзросту пляменніка, разумела фальш сваёй пазіцыі і бачыла ў Новамейскім толькі пачцівага і зычлівага да яе чалавека. Напоўненая бурнай страсцю, якую яна хавала ад усіх, Высагердава давярала яго разважлівасці і часта глядзела на Новамейскага сваімі чорнымі, самотнымі вачамі. У размовах аб жаночых пачуццяў і слабасцях сэрца, яна шукала тую палёгку, якая на хвіліну вызваляе жаночую душу ад цяжкіх боляў. Аднак уласнае каханне Новамейскага прыняла авансам на свой рахунак гэтыя агульныя з ёй размовы. Таму можна ўявіць сабе яго здзіўленне, калі ён раптам даведаўся, што яна выходзіць замуж за Замбрыцкага. Дзеля Замбрыцкага, дзеля яго цяжкага лёсу, дзеля веры ў словы Святога Пісання, якія сёння мала цэняцца, дзеля чалавека, які будзе гэта чытаць, скажу яшчэ некалькі слоў.
Адна з дачок войскай Гарэцкай выйшла замуж за Замбрыцкага, знатнага і годнага жыхара Беларусі, адкуль паходзіў слаўны род Рэўтаў. Муж пяшчотна кахаў сваю жонку і не сумняваўся ў шчаслівым жыцці сярод прыгожых, як анёлы, дзяцей. Так і было, як раптам здароўе яго жонкі пачало пагаршацца. Ніякіх бачных прыкмет хваробы не было, але яна была хворай! Свежасць свяцілася на яе твары, але яна кожны дзень скардзілася на здароўе і атрымлівала ад гэтага задавальненне. Клапатлівы муж кансультаваўся з рознымі лекарамі. Але з кожным днём было ёй усё горш і горш. Таму, калі лячэнне не дало ніякага выніку, ён вырашыў звярнуцца да вядомага ў тых краях доктара Эма 68, пра якога па краю хадзілі розныя жартаўлівыя анекдоты. Гэта быў ужо немалады, напудраны немец, які шчыра прывязаўся да нашай зямлі і, вывучыўшы мову, перакручваў словы самым дзіўным чынам, памнажаючы тым самы каламбуры пра самога сябе. Эма заняўся лячэннем пані Замбрыцкай, і ёй стала лепей. Шчаслівы муж замовіў лекара на працяглы час. Эма, ужо тады багаты доктар і дзедзіч воласці, прыязджаў да іх раз на тыдзень. Паміж мужам і доктарам завязалася пяшчотная дружба.
Замбрыцкі па старым звычаі пасля абеду гадзіну спаў, і гэты час запрошаны доктар заўсёды праводзіў у кампаніі яго жонкі. Аднойчы, калі Замбрыцкага пасля абеду не ўзяў сон, ён устаў з канапы і з вясёлым тварам пайшоў у другі бок дома да жонкі і яе госця. Увайшоў і сваімі вачамі ўбачыў, як старэйшы за яго Эма выконвае шлюбныя абавязкі замест мужа! Не сказаўшы ні слова, зачыніў дзверы і вярнуўся ў свой пакой. Там, з разбітым сэрцам і душой, спустошанай нявернай жонкай, схапіў пісталет, які вісеў над ложкам і стрэліў сябе ў галаву. І з гэтага часу боскае небласлаўленне з'явілася над раней шчаслівым домам. Чарадой пайшлі смерці, калецтва, страты, пажары. Праз нейкі час два сыны анёльскай прыгажосці прыехалі вучыцца ў Вільню. Старэйшы, хударлявы і стройны, на 23-цім годзе быў паралізаваны, пакутаваў і хутка памёр. Малодшы недарэчна і нешчасліва ажаніўся з цёткай і пакінуў жонку амаль што адразу пасля вяселля, у 1831 г. пайшоў на маскалёў разам са шваграм Антоніем Гарэцкім і ў бітве пад Вільняй быў так шчасліва паранены, што варожая куля ўвайшла збоку між разяўленых вуснаў, не закранула зубоў і толькі знутры адсекла верхнюю губу. Пасля гэтай бітвы ён эміграваў у Францыю. Я бачыў яго у Парыжы, усё такога жа прыгожага і чароўнага. Аднак увесь час ён быў задуменны і сумны, але не сказаў мне, што ўсё было б добра, каб ён не звязаў сябе гэтым недарэчным шлюбам. Тысячы парыжанак працягнулі б да яго свае рукі, каб азалаціць. Праз паўгода, з цяжкім сэрцам і слязьмі, я даведаўся, што гэты чалавек, які меў сілу льва і спрыт леапарда, памёр у Парыжы ад сухотаў. На ім закончылася фамілія, здаўна вядомая сваімі шляхецкімі вартасцямі і багаццям.
Яго няшчасная жонка перажыла палітычныя ганенні, захварэла на артрыт, які ўспадкавала ад маці з бабуляй, і пераносіла сваю хваробу з дзіўным спакоем душы і нязменнай лагоднасцю. Астатак свайго жыцця правяла ў пакутах і болі. […]
Жанчына заўсёды закаханая не ў таго мужчыну, у якога насамрэч закаханая, а ў ідэал, якія яна для сябе стварыла. Гэты ідэал можа быць вельмі розным, ён залежыць ад індывідуальнасці жанчыны. Пры гэтым галоўная праблемай мужчыны - угадаць гэты ідэал сваім інстынктам, вылічыць яго ці, што бывае часцей, супасці з ім выпадкова.
Пераможаная перавагай Новамейскага над іншымі, раней сустрэтымі ёй мужчынамі, панна Мазуркевічоўна, выхаванка графіні Апалінарыі Плятэр 69, дачкі вядомага сваёй незвычайнай суровасцю полацкага ваяводы Жабы, пра якога многа расказвалі раней і які стаў пэўным тыпажом, мілая і добрая паненка так шчыра прывязалася да Новамейскага, што захоўвала гэтае пачуццё трыццаць гадоў. Яна захавала сваё каханне нават нягледзячы на тое, што наш Адоніс вельмі нядоўга цаніў гэтую прывязанасць.
Смерць Длускага зрабіла Новамейскага па тастаманце спадкаемцам усяго яго фундушу і прывяла да канфліктаў і судовых працэсаў з хцівай да грошай віленскай капітулай. Капітула знайшла юрыдычныя перашкоды, каб не аддаваць яму фундуш прэлата, гэта значыць аднаразовы гадавы даход з бенефіцыяў прэлата юрыдычным спадкаемцам, які ў такіх выпадках выдзяляўся спрадвеку. Фундуш у гэтым выпадку складаў сто тысяч злотых. І таму, хто жыў на ўсім гатовым, трэба было пачынаць жыць з уласнага гроша, той, хто прызвычаіўся весці халасцяцкае жыццё за кошт прэлата, трымаць пры гэтым і сабак, і коней, хутка адчуў як пачала змяншацца крыніца яго даходаў. Трэба было падумаць, чым заняцца.
Жырмунскія Радзівілы: Мікалай, Караль, Францішак 70, пасля смерці свайго дзядзькі Радзівіла Бердычоўскага, перанялі ў спадчыну Бердычаў, маёнтак з дзіўна заблытанымі інтарэсамі. Самі яны былі няздольныя разабрацца ў даўгах і ў сварках са сваім таленавітым братам Міхалам і сёстрамі Храпавіцкай і Радзівілавай, удавой іхняга дзядзькі, якая пазней выйшла замуж за Любамірскага. Патрэбны ім быў паўнамоцны прадстаўнік. І тады паўнамоцны прадстаўнік старога Тызенгаўза Чачот, вялікі чалавек, але са з'едлівым досціпам, рэкамендаваў Радзівілам Новамейскага.
Наступілі досыць доўгія, з частымі перапынкамі, перамовы, прычым Новамейскі адразу выехаў у Бердычаў як давераная асоба толькі князя Францішка. У той час, калі яшчэ жыў Длускі, да Новамейскага прыехаў крыху маладзейшы за яго брат Вінцэнт. Ён прыняў брата, але ў такім тоне, што кожны лакей у доме меў большае значэнне, чым брат. Праўда, паміж братамі мелася вялізная розніца, але прыстойнасць вымагала, каб Вінцэнт усё ж паважаўся больш за лакея. Мне было балюча бачыць, як жорстка ён ставіцца да брата. […]
З дня ад'езду Новамейскага ў Бердычаў я страціў яго з поля зроку і не меў з ім больш ніякіх зносін. Я жыў на вёсцы ў бацькоў і ў Вільні, а потым паехаў у Пецярбург. Тым часам наступіў дзень 14 снежня 1825 г. Выбухнула шырокамаштабная змова, пра якую ўжо шмат сказана і сказана будзе яшчэ больш 71. Арышт галоўных кіраўнікоў і самае строгае расследаванне выявіла факт сувязяў расійскіх змоўшчыкаў з палітычнымі таварыствамі ў Літве, з масонамі. Новамейскі, хоць і жыў у той час на Валыні, быў схоплены разам з маршалкам Міхалам Ромерам, рэдкім прамоўцам Ігнатам Завішам, Струмілам, Вагерам, Чаркоўскім і іншымі, і аказаўся ў пецярбургскай Петрапаўлаўскай фартэцы. Праз некаторы час, у 1828 ці 1829 г., ён і яго калегі атрымалі ад манарха свабоду. Тады я ўжо стала жыў у Пецярбургу, і ён наведаў мяне на хвіліну, бо ўсе яны мелі загад неадкладна пакінуць Пецярбург, а трэба яшчэ было падрыхтавацца ў дарогу - час быў халодны і снежны.
(Працяг у наступным нумары.)
1 Morawski Stanislaw. Kilka lat mlodosci mojej w Wilnie (1818-1825). Warszawa, 1924. Пераклад Леаніда Лаўрэша.
63 Brodfresser (нем.) - тут мае сэнс "дармаед". - Л. Л.
64 Па-польску каханне - milosc. - Л. Л.
65 Міхал Бжастоўскі, віленскі маршалак, сын Станіслава, пасол на чатырохгадовы сойм, Памёр у 1806 г. З Евай з Храптовічаў (дачкой Яўхіма) меў сына Караля.
66 Агінская, дарсунская старасціна - пэўна, Антаніна з Белазораў, жонка Юзафа маці Ігнацыя, бабуля Габрыэля. Памерла ў 1811 г.
67 Аднак графіня Пузыня з Гюнтараў пісала пра Канстанты Новамейскага: "Адным з самых прыемных уражанняў майго жыцця ў Залессі (1838 г.), было знаёмства з п. Канстанты Новамейскім, старым знаёмым майго бацькі. Пані сенатарава (Агінская, жонка Міхала Клеафаса), інтарэсамі якой ён кіраваў (бо ведаў законы), называла яго "белай постаццю сярод чорных людзей". Яго сумленнасць вынікала з сапраўднай рэлігійнасці і была асновай яго характару і падставай яго дзейнасці. Да таго ж ён меў мілы досціп і нявычэрпную дабрыню. Хоць і стары кавалер, але не быў ні салодкім ні буркатлівым. Было нешта святарскае ў яго размовах, меў ён дзіўны прывілей казаць праўду ў вочы і нікога пры гэтым не раздражняць, і таму меў усё больш і больш прыхільнікаў".
68 Эма, лекар з Наваградка, вялікі шулер, які часта за картамі забываў пра сваіх хворых. Неяк загуляўшыся, так моцна спазніўся, што пацыент ужо памёр. Гэты выпадак даў пачатак прыслоўю: "Пан Эма, пан Эма, дзе твая энема?" (клізма - Л. Л.).
У Яцкоўскага гэта гісторыя пададзеная наступным чынам: "А дзе тут доктар? Сталовічы, Мыш, Гарадзішча, ну то няма там ніякага доктара. Слонім, Нясвіж, Наваградак - ёсць, але далёка. А хоць і бліжэй, ну, што тут з таго за карысць? Як мой цесць паміраў у Наваградку, то яна сама пабегла да пана Эмы, доктара, а пан Эма нічога не рабіў, толькі аглядаў карты, што там шулеры цягнулі. То мая цешча кажа: "Ай, гвалт! Пане Эма, ратуй, пан, Хаіма!" А ён ёй казаў: "Пачакай, пачакай, не перашкаджай мне зараз". Ну, то той, што раскладваў там карты, кажа да яго: "Чаго ты тут віснеш, у цябе няма грошай, бо ты ўсё прайграў, а выйграць ты не можаш. Ідзі з гэтай беднай кабетай, яна дасць табе рубля, будзеш ты зноў спрабаваў шчасця". А ён яму кажа: "Ну, я не лячу за рубля, я золата толькі бяру". То мая цешча дае яму дуката - а крычыць, а плача […]. А ён ёй казаў: "Пачакай, пагляджу, які гэта дукат". І паставіў яго на карты, а той дукат не прайграў, а на ліха выйграў, ну, як ён выйграў, то ён і выйграваў, і выйграваў. А як ён выйграваў, то не хацеў ісці да хворага. Мая цешча а крычыць, а плача, дык яны ёй кажуць: "Ну, чаго ты, дурная кабета, плачаш, як ты сама дала яму грошай, каб ён адсюль не пайшоў. Ён не пойдзе, пакуль не будзе голы". А ён ёй казаў: "Ну, ідзі ты дадому, пастаў ваду ўва гаршчэчку, вазьмі ў аптэцы рамонку і мыла, як я прыйду, няхай ўсё будзе гатова". То яна зараз пабегла дадому, а Хаіму ўжо рука толькі часам торгне, а жыў ён яшчэ доўга, аж да пятай гадзіны. А калі пан Эма прыйшоў, то ўжо мая цешча ў жалобе сядзела. Як яна сядзела, дык гаварыць не магла, толькі сказала: "Ай! разбойнік!" А потым гэта мая цешча намовіла бахуры, каб яны за тым доктарам бегалі і крычалі: "Пан Эма, пан Эма, а дзе твая энема?" . - цыт па: Яцкоўскі Ігнацы. Аповесць з майго часу, альбо Літоўскія прыгоды. Warszawa, 2010. С. 18-9.
Перакладчык кнігі Яцкоўскага прафесар Мікола Хаўстовіч заўважае, што Эма рэальная асоба: "Леанард Падгорскі-Аколаў у артыкуле пра Яна Гарбацэвіча, прататыпа героя "Дзядоў" А. Міцкевіча, "Святар з Цырына" (Pamiеtnik Literacki, XLV, 1954, z. 3, s. 65) піша пра тое, што Стафан Верашчака замаўляў для ксяндза Валяр'яна Дзюрдзевіча (памёр у 1798 г.) лекі ў наваградскага аптэкара (ці лекара) Эмы". - гл. там жа, зноска 3 на С. 18. - Л. Л.
69 Апалінарыя Плятэрава, дачка Тадэвуша Жабы, апошняга полацкага ваяводы, была замужам за Казімірам Плятэрам, субацкім старастам. Высакародная матрона памерла ў 1847 г. Яе бацька быў вядомы сваёй дзікасцю, жорсткасцю, гонарам і неразумнасцю. Увайшоў у народныя песні і прымаўкі.
70 Жырмунскія Радзівілы. Жырмуны - мястэчка на безназоўным прытоку Дзітвы ў Лідскім павеце, 14 вёрст ад Ліды на паўночны захад, 75 ад Вільні па дарозе з Ліды на Вільню. Былая ўласнасць Завішаў. З пасагам Барбары Завішанкі, дачкі менскага ваяводы і жонкі Мікалая Фаўстына Радзівіла, наваградскага ваяводы, маёмасць перайшла ў дом Радзівілаў. Ад сына Завішанкі, крайчага ВКЛ Станіслава IV Радзівіла (1722-1768), пайшла лінія жырмунскіх Радзівілаў. Яго сын Мікалай ад Францішкі Бутляроўны, генерал войска ВКЛ, меў дзвюх дачок: Юлію (у першым шлюбе Юдыцкая, у другім - замужам за Мацеем Радзівілам з Бердычава, у трэцім шлюбе за Аляксандрам Любамірскім), і Ганну (у першым шлюбе Нарбутова, у другім Храпавіцкая, у трэцім Лашкевічава) і чатырох сыноў: Караля, Францішка, Міхала (палкоўніка, бацьку Марцаліны Чартарыскай, вучаніцы Шапена) і Мікалая. Гэты апошні меў дзяцей з Нарбутоўнай: Мікалая-Піліпа, Стэфанію, Ванду і Марыю. Адна з іх як пасаг перадала Жырмуны Тышкевічам.
71 Паўстанне дзекабрыстаў. - Л. Л.
Беларусы сустракаюцца з індзейцамі
Ежа араўканская, ежа духоўная: Дамейка, Маслянкова, Пашкоўскі, Семірадскі; бібліятэкі ў перапісцы беларускіх індзеяністаў (ч. 3)
(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-52 (105-156) (2024); № 1-11 (157-167) за 2025 г.)
ПРАБЛЕМЫ КАМПЛЕКТАЦЫІ
Набыць кнігі ў бібліятэцы - законным шляхам - стала рэальнасцю толькі з пачаткам перабудовы, і некаторыя бібліятэкі пазней пашкадавалі, што пачалі распродаж дублетных, але дастаткова каштоўных і рэдкіх кніг, уключаючы кнігі з аўтографамі вядомых аўтараў, якія дарылі іх, між іншым, і канкрэтна камусьці з кіраўніцтва іх сістэмы. Значная колькасць кніг набытая намі асобнымі звышвялікімі і сярэднімі траншамі з абменных фондаў бібліятэк і пры спісанні іх перад закрыццём, а таксама шматразова і паштучна ў кіёсках бібліятэк (у апошнім выпадку - кнігі Аляксея Якімовіча, якіх не было ў генеральным каталогу, беларускае даваеннае выданне "Кабзара" Шаўчэнкі - той кіне камень, хто скажа, што гэта не індзеянісцкае выданне… тым больш, што на кнізе стаіць штэмпель Бібліятэкі Беларуска-індзейскага таварыства (набыт. 2017-06-20); ён стаіць і на кнізе: Ефимов А. Л. Колорадский картофельный жук и меры борьбы с ним. Изд. 2-е, перераб. М., 1950 (іншыя ж штэмпелі на ёй: "Библиотека ЦК КП(б)Б" № 15300 і НББ - "Дазволена да продажу"); у гэтым выданні кнігі Яфімава ёсць падклееныя на рэштках выразаных новыя старонкі - што можа ўказваць на чарговы эксцэс цэнзуры сталінскай эпохі).
Кампанія была пачатая з самага верху - ліст № 103 ад 19.06.1990 г. у галоўную бібліятэку краіны цытуем ніжэй (пераклад з рускай).
"Дырэктару Дзяржаўнай бібліятэкі БССР ім. У.І. Леніна т. Алейнік Г. М. 220030, Мінск, вул. Чырвонаармейская, 9.
Просім садзейнічаць у камплектаванні фонду Бібліятэкі Беларуска-індзейскага таварыства выданнямі, што рэалізуюцца праз аддзел АРФ [абменна-рэзервовага фонду, ОРФ - обменно-резервный фонд] і адлюстроўваюць беларуска-індзейскія (амерыканскія) сувязі, адносяцца з наступных груп:
1. беларускія пераклады і выданні на іншых мовах аўтараў з амерыканскіх краін;
2. беларускія кнігі, цалкам або часткова прысвечаныя амерыканскім праблемам, у тым ліку папулярныя, мастацкія і дзіцячыя перадачы [выклады, изложения];
3. беларускамоўныя падручнікі геаграфіі, гісторыі, заалогіі;
4. беларускія выданні аб нееўрапейскіх краінах і народах;
5. беларускія выданні на англійскай і іспанскай мовах, а такcама савецкія і замежныя выданні на гэтых мовах, што ўключаюць інфармацыю аб Беларусі;
6. расійская, савецкая і замежная літаратура па этнаграфіі, геаграфіі і гісторыі амерыканскіх краін.
З прычыны абмежаванасці сродкаў на набыццё выданняў мы зацікаўлены ў зніжэнні цэн або перадачы нам часткі кніг бясплатна, калі гэта практыкуецца.
Набытыя выданні ў складзе Бібліятэкі БІТ (цэнтральная ў Гомелі і філіялы) будуць даступныя грамадскасці, спецыялістам і ўсім жадаючым (сістэмы "чытальнай залы", "абанемента" ЦБ і "МБА").
Дзякуем за падтрымку нашай, якая развіваецца, арганізацыі.
А. В. Сімакоў, часовы выканаўчы сакратар".
Літ.:
8753 Якімовіч А. Вядзьмарка і Дыназаўрык: п'есы-казкі. Б. м., б. г. (Набыт. 2011-10-23, ГАБ; п'еса "Вядзьмарка і Дыназаўрык" - не толькі "слонімскага" ўзроўню, НАДТ імя Якуба Коласа (Віцебск) так суправадзіў прэм'еру па ёй (2009): "Музычная казка "Вядзьмарка і Дыназаўрык" пра тое, што мы жывем на халоднай планеце, і каб выжыць, трэба сагрэць адно аднаго душэўным цяплом. На жаль, мы сёння сталі асабліва хітрымі, ашчаднымі, глядзім толькі ў сваю кішэню, носім, змяняем маскі, і таму да нас не прыляцяць добрыя іншапланецяне, пакуль мы самі не станем дабрэйшымі, не навучымся сябраваць"; дарэчы, кніжкі няма не толькі ў ГАБ-ГАУБ, але і НББ - у апошняй ЭК дае толькі афішу НАДТ 2011 г.)
8754 Якімовіч А. Чарадзейныя ружы: п'есы-казкі. Б. м., 2003. (Набыт. 2011-10-23, ГАБ.)
ДАМЕЙКА Ігнат (3) - у сваім артыкуле-некралогу пра Ігната Дамейку Юзаф Семірадскі, які, як і "бацька чылійскай навукі", вывучаў Араўканію, некалькі разоў згадвае мапучэ або іх краіну.
Рабіць пры гэтым арыгінальныя і смелыя заявы. Наколькі смелыя, настолькі і спрэчныя.
"У 1846 годзе ён наведаў Араўканію і апублікаваў апісанне гэтай раней амаль невядомай правінцыі пад назвай "Араўканія і яе жыхары". Гэты твор, які прынёс яму шырокую вядомасць, быў перакладзены на ўсе еўрапейскія мовы. Падчас гэтага падарожжа Дамейка адкрыў багатыя радовішчы каменнага вугалю, якія і сёння здабываюць у раёне Вальдывіі".
На ўсе еўрапейскія мовы? Гэта значыць, што і на беларускую? Але мы дагэтуль не маем у Беларуска-індзейскай бібліяграфіі ніякіх перакладаў "Араўканіі і яе жыхароў", акрамя двух польскіх у двух выданнях - прыжыццёвым (1860) і пасмяротным (1992).
Паводле Семірадскага польскіх перакладаў было ўжо два на момант напісання некралогу. У канцы яго ён пералічвае польскамоўныя працы Дамейкі пра Чылі, заканчваючы пералік і артыкул запісам: ""Араўканія і яе жыхары" - два польскія пераклады, адзін выдадзены ў Парыжы, другі Янам Замастоўскім у Вільні, 1860 г. [Araukania i jej mieszkancy - dwa przeklady polskie, jeden wydany w Paryzu, drugi przez Jana Zamostowskiego w Wilnie, 1860]".
Яшчэ адзін пераклад на польскую мову, выдадзены ў Парыжы, - гэта яшчэ адна голая дэзінфармацыя, некрытычна паўтораная за іншымі, або была нейкая хаця б эфемерная падстава так пісаць?
Пазней мы хацелі б таксама працытаваць два выразныя месцы, дзе Семірадскі крытычна падае "дзікасць" араўканаў, калі гаворыць пра чылійскую адукацыю, вайну паміж Чылі і Перу, пра псіхалогію насельніцтва дзвюх краін ("w najbardziej eleganckim Chilijсzyku siedzi przynajmniej polowa najdzikszego araukana" (тут, пасля таго, як, у адрозненне ад чылійца, араўкан называецца з маленькай літары, даецца зноска: "Сiekawa jest dewiza na herbie Chilijskim, ktorym jest kondor z podpisem: por la razon o por la fuerza (przekonaniem lub sila!)"); "swiat sie zdziwil, jak ubogi kraik gorski, po strasznej, z dzikoscia prawdziwie araukanska prowadzonej wojnie, zgniotl az do zupelnej smierci dumnego, bogatego i dziesieckroc liczniejszego przeciwnika, zabierajac mu najbogatsze jego prowinсye").
Семірадскаму належыць асобная публікацыя пра Дамейку ў "Кур'еры варшаўскім" (Kurier Warszawski, 1884, № 212).
Літ.: (Дамейка І.)
4905 Багадзяж М. Грандэ Эдукадор // Народная газета. 1997. 6-8 верас.
5049 Ліцвін П. У Чылі ён - нацыянальны герой…: да 195-годдзя Ігната Дамейкі // Звязда. 1997. 30 ліп. С. 4.
1576 Мальдзіс А. Ігнат Дамейка // Мальдзіс А. Падарожжа ў ХIХ стагоддзе. Мн., 1969. С. 130-138.
3745 Мальдзіс А. Актуальнасць віленскага выдання Араўканіі 1860 г. // Ян Чачот, Ігнат Дамейка, сябры і паплечнікі Адама Міцкевіча: матэрыялы Трэціх і Чацвёртых Карэліцкіх. чытанняў (1996, 1997) / рэд. Н. Давыдзенка, А. Мальдзіс (навук. рэд.). Мн., 1998. С. 91-95.
3407 Мальдзіс А. Пра Ігната Дамейку - у Амерыцы // Кантакты і дыялогі. 1996. № 6. С. 23.
5021 Мальдис А. Национальный герой Чили // Деловой вестник. 1994. № 3. С. 23. (Мальдзіс А. Нацыянальны герой Чылі.)
5159 Мехедов Н. Л. Домейко (Domeyko) Игнаци // Латинская Америка: энциклопедический справочник: в 2 т. Т. 1 / гл. ред. В. В. Вольский. М., 1980. С. 493-494.
3378 Станкевіч П. Яго імем названа вяршыня ў Кардыльерах // Чырвоная змена. 1997. 3 верас. С. 3.
9493 Стрелко А. А. Славянское население в странах Латинской Америки: (исторический очерк). Киев, 1980. ("Домейко глубоко изучал также жизнь, быт, культуру чилийских индейцев-арауканов, резко выступал против их истребления".)
2100 Худзиковская Я., Ястер Я. Люди великой отваги. М., 1957.
4001 Amunategui M. L. Ignacio Domeyko. Santiago, 1952.
13048 Bandelier A. F. Araucanians (also Araucans, Moluches, Mapuches) // The Catholic Encyclopedia. V. 1. New York, NY, 1907. P. 679-680.
4048 Chalubinska A. Ignacy Domejko i jego wklad do geografii Polski: studium z historii geografii. Warszawa, 1969
11190 Chudzikowska J., Jaster J. Ludzie wielkiej przygody. Warszawa, 1955.
4049 Cooper J. M. The Araucanians // Handbook of South American Indians. V. 2. Washington, 1946. P. 687-760.
8364 Domeiko I. Mano keliones. Vilnius, 2002.
3767 Domeyko I. Araukanie: relacja Ignacego Domeyki // Sladami Indian: antologia polskich relacji o Indianach Ameryki Poludniowej / wybor i komentarz M. Paradowska. Wroclaw; Warszawa; Krakow; Gdansk, 1979. S. 28-42.
4254 Domeyko I. Moje podroze: pamietniki wynanca. T. 3. Wroclaw; Warszawa; Katowice, 1963.
3770 Dziewulska-Karbowska J. Araukanie-Mapucha i jeszcze raz... Domeyko [relacja z I Kongresu Araukanistycznego] // Kierunki. 1961. № 30. S. 8.
3806 Paradowska M. Wklad Polakow do rozwoju Ameryki Lacinskiej // Etnografia Polska. 1992. Z. 3. S. 35-52.
8085 Sosinska A. Filomata w Chile: opowiesc o Ignacym Domeyce / il. Z. Loskot. Warszawa, 1975.
9543 Stingl M. Indiani na vojnovom chodniku; Indiansky ohen. Bratislava, 1991.
3813 Wojcik Z. Ignacy Domeyko: Litwa. Francja. Chile. Warszawa; Wroclaw, 1995.
МАСЛЯНКОВА Паліна (Palina Masliankova) - ураджэнка Менска, магістр філалогіі БДУ, выпускніца і пэўны час выкладчыца Ліцэя БДУ, аўтар адукацыйных праектаў, у прыватнасці - "Беларуская мова пакрысе" ў Instagram. Змясціла ў апошнім і такую інфармацыю:
"Дзякуй, што падключыліся паслухаць пра маё падарожжа па ЗША. Я была ў Амерыцы 10 дзён. Спачатку ў Вашынгтоне мы правялі дзень, завіталі ў Капітолій, праехаліся па мемарыялах усіх самых знакамітых прэзідэнтаў, зірнулі краем вока на Белы дом і паляцелі ў Арызону, дзе правялі тыдзень. Пералёты зжэрлі шмат часу, але тыдзень асалоды ў мяне быў".
Паліна зрабіла такі анонс:
"Чым жа я сёння з вамі буду дзяліцца?
- як я трапіла ў праграму культурнага абмену @owprogram і ці магчыма патрапіць туды іншым
- як мы сустракаліся з прадстаўнікамі карэнных народаў і даведваліся пра захаванне культурнай спадчыны індзейцаў у Арызоне
- як ездзілі ў вышэйшую прыватную амерыканскую школу, у якой збольшага навучаюцца падлеткі з мексіканскімі каранямі
- як я жыла ў амерыканскай сям'і, а менавіта ў Кэйсі, і што ў нас з ёй агульнага".
(Пост 6.03.2025; адна з яе фатаграфій з Арызоны пазначаная 22.06.2025.)
Літ.:
2327 Софронов А. Под знойным небом Аризоны // Огонек. 1956. № 5 (29 янв.). С. 25-29.
9351 Wernic W. Slonce Arizony. Warszawa, 1971. (Wyd. 2.)
ПАШКОЎСКІ Леанід (3) - Лёня Хачу Дадому праехаў два дзясяткі штатаў - і лічыць, што мала ўдалося дасягнуць у пошуку, скажам, сапраўдных індзейцаў, якія б шчыра паказалі сваё жыццё. Так, сапраўды, сюжэт пра зуньі з Нью-Мексіка заўважаны многімі. У 58-хвілінным фільме, які з'явіўся пазней у тым жа 2024 г. на youtube, ён хоча паказаць індзейцаў праз інтэрв'ю з гарадскімі індзейцамі, трыма прадстаўнікамі трох плямён - ленапэ (дэлавараў), наваха і оседжаў.
Відэаматэрыял мае загаловак "Индейцы в Нью-Йорке", за якім ідзе кароткае рэзюмэ: "Как индейцы стали самыми богатыми в мире и все потеряли. Казино, нефть и расизм" (Індзейцы ў Нью-Ёрку: Як індзейцы сталі самымі багатымі ў свеце і ўсё страцілі. Казіно, нафта і расізм. Indians in New York: How Indians Became the Richest in the World and Lost It All. Casinos, Oil and Racism): https://www.youtube.com/watch?v=NN57 m9VlXFc (наш доступ 8.03.2025 сведчыў, што за 9 месяцаў было "141 тыс.+ праглядаў").
Літ.:
919 Асіпенка А. Мележ: разгорнутая кніга // Полымя. 1989. № 9. С. 177-188. (Дэлавары.)
1851 Раманоўскі А. Пісьмо і кніга. Кніжка 1-ая: Як людзі навучыліся пісаць. Мн., 1926. (Дэлавэры.)
СЕМІРАДСКІ Юзаф (4) - з расказанага ім у лістах, дасланых у кракаўскі "Час" (Z wyprawy naukowej do Brazylii i Argentyny), штосьці перадрукаванае ў пецярбургскім "Краі" (пад там жа загалоўкам, 1891, № 39).
Юзаф Семірадскі
АБ ІНДЗЕЙЦАХ ПАЎДНЁВАЙ АМЕРЫКІ (4)
Ежа араўканаў - гэта часткова каніна і дзічына, часткова сельскагаспадарчыя прадукты, сярод якіх першае месца займаюць індыйскае проса [індзейскае проса, indyjskie proso] (Chenopodium quinua) і пшанічныя крупы [kasza pszenna], а ў горных раёнах, багатых Araucaria imbricata, індзейцы старанна збіраюць шышкі, якія маюць насенне памерам з лясны арэх [orzecha laskowego] і пры варэнні [po ugotowaniu] нагадваюць смак каштанаў. Запасы гэтых "pinnones" [pinones, насенне з шышак араўкарыі], старанна сабраныя, захоўваюцца ўсю зіму. З дзікіх яблыкаў, якія ў багацці растуць у далінах Кардыльер, індзейцы гатуюць хмельны напой (чыча) [czicza, ісп. chicha] - нешта накшталт cidre'у.
Звычайна яны жывуць вялікімі калоніямі, падпарадкоўваючыся касікам, абраным сярод іх саміх [Zyja zazwyczaj liczniejszymi koloniami, podlegajac wybranym sposrod siebie kacykom].
Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.
Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.
Індзейцы, индейцы, Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Belarusians Meet Indians. Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 141].
Лепшыя песні для землякоў...
У Мінойтаўскім культурна-досугавым цэнтры адбыўся сольны канцэрт народнага ансамбля народнай музыкі "Гудскі гармонік".
Дзякуем гледачам за апладысменты, словы падзякі і цёплы прыём.
Праграма прайшла ў рамках акцыі "ДОРЫМ ТВОРЧАСЦЬ ЗЕМЛЯКАМ!"
ТК "Культура Лідчыны".