Папярэдняя старонка: 2025

Наша слова.pdf № 13 (169) 


Дадана: 25-03-2025,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 13 (169), 26 сакавіка 2025 г.

25 сакавіка - інаўгурацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Гісторыя суверэннай Беларусі папоўнілася яшчэ адной знакавай падзеяй - цырымонія заступлення на пасаду зноў выбранага Прэзідэнта Беларусі прайшла ў Палацы Незалежнасці 25-га сакавіка. Гэтую падзею разам са сваім лідарам пражыла ўся краіна. Аляксандр Лукашэнка прыехаў на інаўгурацыю па двух галоўных сталічных праспектах - Незалежнасці і Пераможцаў. Картэж беларускага лідара на вуліцах горада цёпла сустракалі мінчане і госці сталіцы.

Цырымонія інаўгурацыі прайшла ў Палацы Незалежнасці ў знакамітай, самай вялікай у краіне Зале ўрачыстых цырымоній. На свае вочы яе ўбачылі 1100 чалавек запрошаных, у тэле- і інтэрнэттрансляцыях - уся краіна.

Цырыманіял прадуманы да дробязей, і кожны элемент мае значэнне. Пачалася цырымонія з унясення Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь і штандарта Прэзідэнта. Не менш ганарова і адказна ўносіць у залу ўрачыстых цырымоній Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Гэта таксама вельмі важны элемент цырымоніі.

Цырымонію інаўгурацыі Прэзідэнта адкрыў старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка:

- У гэты ўрачысты дзень Цэнтральная выбарчая камісія Рэспублікі Беларусь аб'яўляе, што воляй народа Беларусі Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь выбраны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Выбаршчыкі Беларусі прынялі адказнае рашэнне, аддаўшы свае галасы за Аляксандра Рыгоравіча ва ўмовах свабодных і дэмакратычных выбараў.

У адпаведнасці з артыкулам 83 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, паклаўшы правую руку на Канстытуцыю, Аляксандр Лукашэнка прамовіў Прысягу.

Аляксандр Лукашэнка павіншаваў усіх з перамогай на выбарах. "Гэта перамога не толькі Прэзідэнта, але і мільёнаў беларусаў. 26 студзеня мы пераадолелі чарговае гістарычнае скрыжаванне. Прайшлі яго ўпэўнена і мудра, не збочыўшы з дарогі, па якой ідзём трэць стагоддзя", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Пасля цырымоніі інаўгурацыі ў Палацы Незалежнасці адбылася яшчэ адна найважнейшая ўрачыстасць у гісторыі суверэннай Беларусі. У прысутнасці кіраўніка дзяржавы, вышэйшых службовых асоб, членаў прэзідыума Усебеларускага народнага сходу, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі, іншых удзельнікаў цырымоніі ўступлення Аляксандра Лукашэнкі на пасаду, мінчан і гасцей сталіцы вайскоўцы прамовілі клятву на вернасць беларускаму народу і Прэзідэнту - Галоўнакамандуючаму Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь. Цырымонія адбылася на плошчы Дзяржаўнага сцяга.

Валерыя Сцяцко, Вераніка Канюта, Звязда.

Засеўкі 2025 на Лідчыне

Традыцыйнае абрадавае дзейства, якім нашыя продкі ва ўсе часы суправаджалі пачатак унясення ў глебу насення збажыны, прайшло ў Лідскім раёне.

Месцам "Засевак" стала адно з палёў ЛРСУП "Мажэйкава", куды сабраліся прадстаўнікі кіраўніцтва Лідскага раёна на чале са старшынём райвыканкама Аляксандрам Людвігавічам Вярсоцкім, кіраўнікі і працаўнікі сельгасарганізацый, прадстаўнікі духавенства, культуры - усе, хто ўсведамляе значнасць пасяўной кампаніі, ад каго залежыць вага сёлетняга раённага каравая.

Кіраўніцтва Лідскага раёна і мясцовай гаспадаркі паклала пачатак сяўбе, кінуўшы ў добрую глебу першае насенне. Асвяцілі першую баразну святары Лідчыны.

Сонечнае надвор'е, узнёслы настрой людзей, жыццесцвярджальны народны абрад, цудоўнае выкананне засеўных песень артыстамі Лідскага раённага цэнтра культуры - народных калектываў "Талер" і "Каханачка", - усё гэта дала моцны зарад на працу, а разам і ўпэўненасць, што яна прынясе чаканы вынік.

ТК "Культура Лідчыны".

ДРЭВА ЖЫЦЦЯ

У аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" пачаў працу КУЛЬТУРНА-ПАТРЫЯТЫЧНЫ ПРАЕКТ "ДРЭВА ЖЫЦЦЯ", прысвечаны 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Сімвал "Дрэва жыцця" - магутны вобраз, які нагадвае пра тое, што мір, свабода і росквіт - гэта дар, які мы атрымалі дзякуючы мужнасці і працы нашых продкаў, і наш абавязак - захаваць і памножыць гэтую спадчыну.

Мэтай праекта з'яўляецца ўмацаванне гістарычнай памяці і сувязі пакаленняў, адраджэнне і папулярызацыя традыцыйных рамёстваў.

Урокі творчасці, майстар-класы па традыцыйных рамёствах, акцыя "Пасадзі дрэва ў імя міру на беларускай зямлі" пройдуць у навучальных установах г. Ліды і на базе Лідскага аддзела рамёстваў.

Фінальнай кропкай праекта стане выстаўка работ ДПМ ў тэхніцы выцінанкі, саломапляцення, вышыўкі, керамікі і інш., якія адлюстроўваюць значнасць 80-годдзя Вялікай Перамогі (з 01.05 па 28.06.2025 г. у выставачнай зале аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры).

ТК "Культура Лідчыны".

"Вясну сустракаем, жавароначкаў заклiкаем"

23 сакавіка ў рамках 1-га этапу абласнога агляду аматарскіх аб'яднаняў "Свет захапленняў" у Бердаўскім культурна-досугавым цэнтры прайшла абрадавая праграма "Вясну сустракаем, жавароначкаў заклiкаем".

Дзеці спявалі абрадавыя песні, танцавалі, гулялі і разгадвалі загадкі Вясны-красны. Было пазнавальна, цёпла і весела.

ТК "Культура Лідчыны".

БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

Станіслаў Суднік

Ч ы н

Гэтае векавечнае беларускае слова цяжка адшукаць у старажытных слоўніках. Большасць са старажытных моваў (грэцкая, латынь) проста не маюць гука "Ч". У санскрыце гук ёсць. Там, як і ў беларускай і мове, існуе пара: звонкі "ДЖ" і глухі "Ч". Але нічога падобнага на слова чын там не праглядваецца.

Тым часам слова чын дало такое гняздо словаў, якога не дало, здаецца, ні адно слова. Але, перш-наперш, што гэтае слова абазначае? Тут мы парушым логіку разважанняў, назавём яго значэнне і паспрабуем даказаць, што гэта менавіта так. Чын - гэта дзеянне, справа. I, менавіта, шматграннасці дзеяння і справы, як канцэнтрацыі дзеяння, мы абавязаны багаццю гнязда словаў на -чын-.

Слуцкі збройны чын - Слуцкае збройнае дзеянне.

Учынак - тое, што зроблена, вынік чыну.

Пачын, зачын - пачатак дзеяння, заклік да пачатку дзеяння.

Пачынальнік - той хто пачынае дзейнасць.

Адчыніць і зачыніць - правесці дзеянні з дзвярамі, акном, брамай і г.д.

Адпачынак - аднаўленне сілаў, у аснове тут чын.

Прычына - перадумова чыну.

Вычын - выключны з агульнага шарагу, выбітны чын, подзвіг.

Расчыніць - закалаціць, скажам, брагу пад самагонку. Расчыніць хлеб.

Рошчына - раствор.

Невялікі пласт натуральнай старажытнай беларускай лексікі, калі корань - чын- утварае мноства самых розных словаў, але ўсе гэтыя словы звязаны з нейкім дзеяннем. Пазнейшыя эпохі скарыстоўваюць корань - чын- для ўтварэння новых сучасных словаў.

Чыноўнік- чалавек, якому дадзены правы і абавязкі для пэўнага чыну, дзеяння.

Чын у значэнні званне, пасада - узровень правоў і абавязкаў на нейкае дзеянне, чалавек, які мае такія правы і абавязкі.

Расейцам так спадабаўся наш чын, што яны не толькі награблі нашых словаў з гэтым коранем, але і сваіх дадалі: подчинение, подчинённый, подчинить, чинодрал. Гэтых словаў яны наўтваралі ўжо ад слова чын у значэнні начальнік ці чалавек, які займае пэўную пасаду. Далей расейцы пераблыталі сапраўднае значэнне слова чыніць - дзейнічаць, рабіць і прымянілі яго ў значэнні рамантаваць ( чинить). Далей маем починка, перочинный, начинка. Начинка крыху выбіваецца з гэтага шэрагу, але ўсяроўна ў аснове тут - чын-.

Вяртаемся да беларускай мовы:

Чыннік - дзейны фактар.

Дачыненне - стасункі, суадносіны пры дзеянні.

Учыніць - зрабіць, нарабіць.

З коранем - чын- утвораны назоўнікі, дзеясловы, прыметнікі ( адчынены, зачынены, чынны), дзеяпрыслоўі ( пачынаючы працу, ён адчыняў вокны). У расейскай мове ёсць і дзеепрыметнікі ( начинающий поэт). Ёсць з -чын- і прыслоўі - ( чын - чынаром або чын - чынам).

Калі расейскае таким образом слаба паддаецца лагічнаму тлумачэнню, то яго беларускі адпаведнік такім чынам абазначае даслоўна тое, што атрымалася ў выніку нейкага чыну, дзеяння.

Злачынства - злы чын, злое, кепскае дзеянне.

Злачынец - той, хто зло чыніць.

Злачынны - кепскі, злы, прызнак злога ў дзеяння.

Дабрачынны - чын, накіраваны на дабро.

Дабрачыннасць - дзейнасць накіраваная на дабро.

Благочинный - у праваслаўнай царкве іерархічная ступень. Па-беларуску гэта павінна гучаць, як дабрачынны, бо слова благачынны скажае сэнс пасады. Блага па-беларуску гэта кепска і, калі казаць благачынны, то народ разумее гэта, як кепскачынны.

Такім чынам, мы паказалі дастаткова поўны спектр ужывання гнязда словаў на - чын- і адзначылі, што не можам знайсці гэтага слова ў старажытных мовах. Разам з тым слова чын аднаскладовае і таму адназначна надзвычай старажытнае. Акрамя старажытных моваў гэтае слова не праглядваецца ні ў германскіх, ні ў балцкіх мовах. I толькі ў польскай мове мы маем такое ж магутнае гяздо словаў з коранем на - чын-. Балгарская ж мова фіксуе толькі слова чыноўнік. Няма нічога падобпага ні ў цюркскіх мовах, ні ў угра-фінскіх. Як заўсёды, не даследаванай застаецца толькі кельцкая трупа.

Не будзем зараз перацягваць канат з палякамі, чыё слова чын. Зазначым, што яшчэ тысячу гадоў назад беларуская, польская і ўкраінскія мовы амаль не адрозніваліся паміж сабой. Пазней дзве апошнія мяняліся, беларуская ж захоўвалася ў першапачатковым стане. Таму можна лічыць гэтае слова самабытным славянскім, але трэба лічыць яго перад усім беларускім.

Мець, браць

Калі мы ўжо загаварылі пра дзеянне, то пачнём з самага першага дзеяння чалавека. Якое яно? Каб жыць, чалавеку трэба дыхаць, піць, есці. Трэба яшчэ шмат чаго, але спачатку - дыхаць, піць, есці. Для таго, каб дыхаць, чалавеку ніякіх вялікіх намаганняў рабіць не трэба, гэта на аўтамаце. Для тага, каб папіць, першабытнаму чалавеку трэба было толькі нагнуцца да вады. А вось для таго, каб паесці, трэба нешта было пакласці ў рот. Чалавек ужо не скуб траву, не жаваў ягады з куста. Гэта засталося яшчэ ў дамалпавым мінулым. Каб нешта з'есці, чалавек браў тое нешта спачатку рукамі, а потым еў з рук. І якое ні старажытнае слова есці, як ні глыбока яно сядзіць у індаеўрапейскай лексіцы (наша есці і нямецкае essen гучаць практычна аднолькава), а перад словам есці стаіць слова ўзяць у закончанай форме і браць у незакончанай .

Калі мы разгледзім гэтыя дзеясловы і іхнія формы ў часах і асобах, то ўбачым, якія шматлікія адгалінаванні лексікі мы атрымаем.

Перш за ўсё корань. І ў слове ўзяць, і ў слове браць корань адзін - яць (аць). У стараславянскай мове яць замяняла і браць, і ўзяць, і многія іншыя значэнні. Але корань яць абрастаў прыстаўкамі, суфіксамі, націскамі і іншымі атрыбутамі словатворчасці, і ўжо станавілася не пазнаць, з чаго ўсё пачалося.

Прыстаўка па+яць дала нам паяць - забраць. Прыстаўка ім+аць дала імаць. Імаць, паімаць - у зяць, забраць нават злавіць. У рускай мове поймать дайшло да нашага часу і паспяхова бытуе ў мове нават са сваім гняздом ( пойманный, непойманный).

Імаць дало словы иметь (рус. мова) і мець (бел. мова). І крок назад: я маю, ты маеш, ён мае.

Имею дае имение.

Маю дае маёмасць, маёнтак, маёмасны. І адпаведна ад маю паходзіць слова маё. Што маю, тое і маё. Са слова имею слов моё не ўтвараецца. Не трэба думаць, што слова иметь не пакінула слядоў у беларускай мове - займець, займеў, ну і займ, узаемны. Канешне, мы маем замест слова займ слова пазыка, але адно другому не замінае.

Вы+яць - выяць, выняць. Гэта ўжо не проста ўзяць, а ўзяць аднекуль. (Выняць з кішэні. Выняць душу з цела.)

Вы+браць - узяць нешта адно з многага.

Уз+н+яць - пад+н+яць нешта вышэй, чым было да таго.

Узняць - уздым.

Зняць - здымак.

Абняць - абдымкі.

Здаецца, вытворныя словы не маюць нічога агульнага з першаасновай, але давайце прыгледзімся і ўбачым у вытворных словах корань -ым-, як частку слова імаць, дзе старажытная прыстаўка -ім- стала коранем для многіх пазнейшых словаў.

Падняць - пад'ём.

Выняць - выемка.

Аб'яць - аб'ём.

Аб'ём - ёмкасць.

Ёмкасць - яма. Імаў, імаў і атрымалася яма.

На слова яма ад слова імацьмы павінны былі выйсці ў самым пачатку. Яма, магчыма, была першай ёмкасцю, якую стварыў першабытны чалавек. Таму слова яма не паходзіць ад слова ёмкасць, а паходзяць яны ад слоў яць і імаць і проста паўторна сустрэліся ў маўленні пасля доўгага шляху.

Сакавіцкае паседжанне літаб'яднання "Суквецце"

18 сакавіка адбылося чарговае паседжанне літаб'яднання "Суквецце" пры Дзяржаўнай установе "Рэдакцыя "Лідамедыя-кампанія". На паседжанні прысутнічаў дырэктар-галоўны рэдактар "Лідамедыякампаніі" Павел Івуць.

Даведзены калялітаратурныя навіны. Абмеркавана, што трэба і можна зрабіць лідскім літаратарам напярэдадні Дня пісьменства. Пачыталі свежыя вершы і прозу.

Наш кар.

С А Н Е Т Ы

Язэп Палубятка

15

У старэчы твар парфумай маляваны,

Толькі маладосці не вярнуць.

Жыцця пячатка ёй дае заганы

Ў далёкі край той зазірнуць.


І галава ад хны ярчэй, чым сонца свеціць.

Здаецца ёй, што прыгажэй за ўсіх яна на свеце.

Твае памкненні ніхто ўжо не прыкмеціць,

Навек старая ты, сышоў твой квецень.


Ідуць гады, бягуць вякі,

Патухлай зоркі свет яшчэ імчыць.

Была калісьці каралевай пенкнай ты,

Засохла дрэва і рыпіць. Пытанне вечнае:

быць ці не быць?


У старасці парфума не паможа,

Не шлі да неба млоды

і не кажы дарэмна: "Божа".

16

Не радуе маё каханне тваю душу,

Букеты ружаў не ўхвалены табой.

Словы палкія казаць я мушу,

А сонца сушыць зёлку-зверабой.


І заляцанкі непатрэбныя я зведаў,

Пустэчу слоў нямерана казаў

Ды горыч пацалункаў я адведаў,

Тваю нянавісць спазнаваў.


Кахання пыл развеяў вецер,

І вогнішча памкненняў жар ачах.

Быў ранак светлы, стаў маркотны вечар,

І па жыцці для кожнага свой шлях.


А дзесьці там у паднябессі

Шчыруюць зоркі, як грыбочкі ў лесе.

17

Давай вып'ем за тых, хто кахаў,

Па дарозе ў сваім жыцці,

І за тых, хто шчасця не знаў,

Слімаком у сваім быцці.


Хмель ускружыць табе галаву

І пацягне на подзвігі зноў.

Скажаш п'яны: "Усё я магу!"

Забурліць старэчая кроў.


Веснавыя патушаны зоры,

Не адродзіш былое ніколі навек.

Не стаяць табе ўжо ў дазоры

Пад каханай акном, чалавек.


Калі зніч жыцця ўжо на схіле,

Значыць, хутка будзеш у магіле.

18

Паэт! Калі натоўп плюе ў твой бок,

Скажы падзяку ім ад сэрца шчырага,

Хай будзе ім такім урок

Ад чалавека ім не мілага.


Паэт! Калі табе знявечылі душу

І не шкадуюць свае сліны,

Дык я сказаць табе ад сэрца мушу:

Не гні перад халуямі спіны.


На небе зоркі ярка свецяць,

Ды толькі холад нам ад іх ідзе.

Пялёсткаў ружы не шкадуе вецер,

І ты супрацьпастаў сябе брыдзе.


Паэт! Ты па жыцці прымай усё, як ёсць,

Настала старасць, а калісь

спявала гімны маладосць.

19

Нахабства цара не мела мяжы.

Гучныя словы, злыя пагрозы,

Вострыя сякеры, бліскучыя нажы.

Толькі наўкола - гора і слёзы.


Зямлю ён сваю не ўзараў,

А на чужую вайною папёр,

Буйную зелень суседзяў таптаў.

Позірку хціваму - вечны дакор.


Так павялося ва ўсе вякі,

Імперыі паміраюць заўжды.

Нехта ўспомніць: калісьці былі

Халодныя сцюжы, ліхія гады.


Ва ўсе вякі была людская хцівасць,

Царскі гнеў і царская міласць.

20

Ты хочаш ад мяне сысці.

Хутчэй ідзі і не рабі мне доўгае пакуты.

Звычайныя сустрэчы і растанні у жыцці:

Не будзе вечнай радасці, не будзе і атруты.


Твая дарога ў іншы бок

Ад вузкае маёй сцяжынкі.

У ракі ёсць вусце і ёсць сток.

На твар мой падаюць дарожныя пылінкі.


Хутчэй сыдзі, цябе прашу,

І знікні з майго ты далягляду

Ды не вярэдзь маю душу

Сваім нянавісным паглядам.


Ты не сыходзіш, гэта мяне цешыць.

Сваёй ўсмешкай на Мадонну меціш.

21

Амур пусціўся ў блуд, Венера - ў пагулянкі,

А Бахус жлукціць цэбрамі віно.

Ну, а для нас святая ісціна дно шклянкі,

Вядома тое кожнаму даўно.


Даўно было, як мелі мы свабоду,

Паходню над сабой няслі,

Увагі не звярталі на няўзгоды

І лёсу вырак прынялі.

Рабамі сёння сталі мы,

Шукаем шчасце у чужынца лёхах.

Усявышні! Ты пачуй! Мы молімся да хрыпаты:

Дай волі кроплю і палёгку.


Табе, мой краю, я скажу адно:

Жыццё сягоння - гэта дно.

22

Ёсць рэчы на свеце для ўсіх патрэбныя:

Гітара, сонца, кубак віна.

Для мяне: маці, радзюшка зрэбная -

Гэта святое не збярог я - мая віна.


Можна далдоніць пра космас, ракеты.

Яно так, але мне падаецца - гэта мана.

Не ўсе нам вядомы

дзяржаўных адэптаў сакрэты,

Па праўдзе - ім грош цана.


Сказана шмат, а зроблена мала.

На сэрца хмарай ідзе туга.

Толькі вось шчасце было - і яго не стала.

А пасля смерці - адна немата.


Арол у палёце ўніз глядзіць.

Стрэліў паляўнічы - і ён на зямлі ляжыць.

23

Несправядлівасць, здрада цяжкі ўрок дае.

Вайна. Разбіты сем'і, спалены дамы,

Гібее, плача кожны ад яе,

І светлы далягляд завалаклі дымы.


Людская кроў хлюпоча пад нагамі,

І рану страты не загоіць час.

Крумкач узвысіўся над намі,

Кагосьці выбірае з нас.


Мы народжаны былі шчасліва жыць

І хату збудаваць. Туды прывесці жонку,

каб асалоду піць,

Гасцям удосталь віно ліць,

Ды толькі той падзеі ўжо не быць.


А толькі цепліцца надзея,

Што пераможам мы брыдоту, дабрадзею.

24

Бурбалкі ад дажджу паўставалі і лопалі,

Міла было глядзець праз вакно.

У маленстве па лужынах босымі шлёпалі -

Помню, хоць было тое даўно!


Чым болей гадоў, тым часцей

Дзяцінства ў памяці паўстае.

Сумна. Накрыты стол. Чакаю гасцей.

Дзякуй Богу, нехта ячшэ пазнае.


І водар былога тлуміць галаву,

Немагчыма яго схаваць,

Быццам той човен, што яшчэ на плыву,

Ды цябе ў ім не відаць.


Далягляд ніколі нам не дагнаць,

Як жыццё сваё больш не спазнаць.

25

Не пытай у смерці, калі прыйдзе.

Водпуску на колькі дзён.

Ранак стане. Сонца ўзыдзе.

У зямлі ты знойдзеш свой спакой.


Мурагом на лузе сталі травы.

Зелень вока мілуе тваё.

Толькі ж у цябе другія справы,

Нешта ў кожнага сваё.


Прыйдзе восень - ссохне бадыллё.

Снег засыпле і палі, і долы.

Успомніш ўсё і як яно было

Ды заснеш навек ужо паволі.


Па жыцці гуляе кругаверць.

Тлум жыцця спыняе толькі смерць.

26

Бэз адцвіў, збожжа ў зерне пайшло,

Адспяваў салавей, і зязюлі ўжо не чутно.

Быў вясновы дурман, ды і тое прайшло,

І на сэрцы туга: ці было, не было?


Ты ідзеш па зямлі і не чуеш яе

Стогны, плач і пакуты,

І жаўрук нават песню сваю не пяе.

У глухамань тваё сэрца закута.

Цемень ночы і подых зласлівы,

Набрыняла зямля ад крыві,

Погляд твой на мяне сарамлівы,

У ім бляск і тугі, і нуды.


Лёс такі табе Богам дадзены:

Будзь абачлівым, каб не быць здраджаным.

27

Дарую я табе ўсе грахі,

Хоць сум на сэрцы - я цябе кахаю.

Вясна прыйшла. Вярнуліся гракі.

З таго кахання толькі горыч маю.


Уцехі мела, кажаш ты,

Ды толькі я табе не веру.

Плывуць па Нёмане плыты,

Да плытагонаў мне няма даверу.


Прайшоў кахання час,

А што раней - маўчу, таксама грэшны.

Імгненне шчасця абмінула нас,

Душа гаротна плача, несуцешна.


Згубіў каханне, ці знайшоў яго -

Яно тваё, а не чыё.

28

Апісаць прыгажосць тваю сіл не стае,

Фарбаў мала на свеце ды блёкнуць.

Прад табой ўсё маркоціцца, тоне ў смузе.

Матылі ў дзень дажджлівы мокнуць.


Луг стракаты летняй парою.

Ты ніколі не бачыш мяне.

Я не ведаю, хто там з табою,

Але смутак цябе не міне.


Не мастак, не паэт я - праз тое сумую.

Колькі хлопцам прынесла ты бед!

Не ўбачу цябе - бядую,

А ўбачу - суму знікае след.


Ты непаўторная сваёй прыгажосцю,

І ад таго я згараю ад злосці.

100 гадоў з дня нараджэння Віктара Шведа

Беларускі паэт, публіцыст, грамадскі дзеяч Віктар Швед нарадзіўся 23 сакавіка 1925 года ў вёсцы Мора (гміна Чыжы, Гайнаўскі павет). Яго дзейнасць - гэта цэлая эпоха беларускага літаратурнага і грамадскага руху на Падляшшы.

Паходзіў з заможнай сялянскай сям'і, бацька ваяваў у Першую сусветную вайну ў расейскім войску. Пад час баёў трапіў у палон, аднак змог уцячы. Вучыўся ў польскай школе ў Моры, а пасля ў Орлі. Памятаў сваю першую паездку з іншымі школьнікамі ў "міжваенны" Беласток, якая стала для яго "ўспамінамі на ўсё жыццё". Сям'я мела шматлікія прэтэнзіі з боку тагачасных польскіх уладаў, бацька Шведа неаднаразова судзіўся. А з прыходам савецкай улады пачаліся прыдзіркі з боку НКВД БССР. Сям'я Шведаў была пастаўлена на ўлік "кулакамі". У іх забралі ледзь не ўсё збожжа. Верагодна, сям'я трапіла ў спіс на высяленне, але яго ўдалося пазбегнуць.

У 1939 годзе Віктар Швед пайшоў вучыцца ў беларускую школу-дзесяцігодку ў вёсцы Орля, дзе навучалі на беларускай мове. Ён успамінаў, што яго вучыла матэматыцы габрэйка Лея Юнгерман. Яна вучыла на беларускай мове, а сама ўцякла з Варшавы ад нацыстаў. Бальшыню ж настаўнікаў прывезлі тады з БССР. Тады Швед пачаў пісаць вершы на беларускай мове. Быў на першай алімпіядзе дзіцячай творчасці ў Бельску. Пасля вайны і заканчэння школы пачаў працаваць.

Першая літаратурная публікацыя была ў тыднёвіку "Ніва" 24 сакавіка 1957 года - верш "Я - беларус". З "Нівай" Швед супрацаваў больш за 50 гадоў, на яе старонках убачыла свет 2 500 яго вершаў. Таксама Віктар Швед быў сябрам Беларускага літаратурнага аб'яднання "Белавежа". Скончыў Акадэмію палітычных навук у Варшаве (1951 г.), аддзяленне журналістыкі (1955 г.) і аддзяленне беларускай філалогіі (1969 г.) Варшаўскага ўніверсітэта. Працаваў журналістам у "Ніве", рэдактарам у выдавецтве "Кніга і веды" ў Варшаве (1960-1988 гады).

Пасля Другога з'езу БГКТ, які прайшоў 30 красавіка 1958 года, Віктар Швед быў выбраны сакратаром арганізацыі. Ён пераехаў у Беласток. Але ў 1960 годзе захацеў вярнуцца ў Варшаву і працаваць у Варшаўскім аддзеле БГКТ. У 1960-ыя гады ў Варшаве сустрэўся з Ларысай Геніюш. Пісаў Віктар Швед на беларускай і польскай мовах. Апублікаваў наступныя зборнікі вершаў: "Жыццёвыя сцежкі" (1967 г.), "Дзяцінства прыстань" (1975 г.), "Дружба" (Мінск, 1976 г.), "Мая зялёная Зубровія" (Мінск, 1990 г.), "Родны схоў" (1991 г.), "Вясёлка" (1991 г.), "Вершы Натальцы" (1998 г.). У яго паэтычных зборніках раскрываецца тэма вернасці роднай зямлі і мове, адлюстравана драма беларускай вёскі і роднай мовы ў выніку дэнацыяналізацыі і гратэскавай правінцыйнай урбанізацыі. Пісаў таксама для дзяцей. Перакладаў з беларускай, расейскай, украінскай моў на польскую, з польскай - на беларускую. У перакладзе на польскую мову выйшла кніжка Шведа "Выбраныя вершы" (1997). Некаторыя яго вершы пакладзены на музыку.

Пасля выхаду на пенсію Віктар Швед жыў у Беластоку. Быў далей сябрам Саюза польскіх пісьменнікаў і Беларускага літаратурнага аб'яднання "Белавежа". Распад СССР і стварэнне незалежнай Беларусі Віктар Швед сустрэў з радасцю. У 1992 годзе сустрэўся з Васілём Быкавым і падарыў яму свой зборнік вершаў.

Памёр Віктар Швед 22 кастрычніка 2020 года, пахаваны ў роднай вёсцы Мора.

СМІ.

160 гадоў з дня нараджэння Старога Уласа

Беларускі паэт і пісьменнік Уладзіслаў Сівы-Сівіцкі, больш ведамы як Стары Улас, нарадзіўся 23 сакавіка 1865 года ў Валожыне. Бацькі будучага пісьменніка былі сялянамі. Маці займалася хатняй гаспадаркай, а бацька служыў кухарам у графа Тышкевіча. Бацькі вельмі рана памерлі, хлопчык асірацеў у 9 гадоў. Маленькага Уладзіслава ўзяла пад апеку цётка Юзэфа Амяльянская. Калі хлопчык крыху падрос, таксама, як некалі бацька, пайшоў працаваць кухарам да Тышкевіча. Пазней быў аб'ездчыкам. З-за сіроцтва не змог атрымаць сістэмнай адукацыі, хоць меў прагу да вучобы. Авалодаць пісьменнасцю яму дапамог выпускнік Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі Зяновіч, чалавек ліберальна-дэмакратычных поглядаў.

Каля дваццаці гадоў Стары Улас працаваў у Тышкевіча аб'ездчыкам, потым ляснічым ажно да Першай сусветнай вайны. Сямейнае жыццё склалася ўдала, Сівы-Сівіцкі меў сямейства з 12 чалавек. У сваёй валожынскай хаце адчыніў школку, дзе дзеці вучыліся на роднай беларускай мове. Дапамагаў дзецям беднаты, часта заступаўся за сялян. Нейкі час у 1914-ым годзе жыў у мястэчку Варняны на Астравеччыне, куды быў пераведзены па справах службы. Пазней з сям'ёй перабраўся ў Вільню, але ў трывожны час у горадзе было цяжка. Таму ў 1920-ым Стары Улас пераехаў у вёску Сужаны на Віленшчыне, дзе працаваў у маёнтку ляснічым. Пазней у 1934-ым пераехаў у Шашэльгішкі Віленскага павета, дзе займаўся земляробствам і пражыў там да старасці.

Як паэт Стары Улас дэбютаваў вершамі ў 1907 годзе ўжо ў салідным веку ў "Нашай Ніве". Змяшчаў свае вершы і вершаваныя апавяданні ў беларускіх дакастрычніцкіх і заходнебеларускіх календарах. Жонка паэта, Антаніна Вайцяхоўская, лічыла сябе польскай шляхцянкай і была незадаволена тым, што яе муж піша па-беларуску. Не знаходзіў паразумення Сівы-Сівіцкі і з некаторымі іншымі блізкімі, але далёкімі духоўна людзьмі. Такая ўжо доля беларускага паэта - заставацца па вялікім рахунку ў адзіноце. Стары Улас цікавіўся народнымі паданнямі, абрадамі, песнямі, прыпеўкамі, выкарыстоўваў іх у сваёй творчасці. Пісаў пра тое, што бачыў у вёсцы, стварыў шмат абразкоў беларускага жыцця. Яго творчасць вельмі высока цаніў Максім Багдановіч. Выявіў Стары Улас сябе і як востры публіцыст, крытыкуючы розныя заганы тагачаснага грамадства.

Многа твораў пісьменніка надрукавана з нагоды розных здарэнняў. За верш "Суд", дзе крытыкавалася бюракратычная судовая сістэма, Сівіцкага выклікалі самога ў суд і сур'ёзна ўшчувалі. Шэраг вершаў Старога Уласа надрукаваны ў "Анталогіі беларускай паэзіі" (1961), зборніку "Беларуская дакастрычніцкая паэзія" (1969). У наш час выйшла кніга вершаў і публіцыстыкі "Год беларуса" (1990). У цэлым жа вершы творцы расцярушаны па розных месцах.

Памёр Стары Улас 30 верасня 1939 года ў веку 74 гадоў. Частка яго раскіданага архіву захоўваецца ў Беларусі і Літве, частка ў Польшчы ў горадзе Гнезна, куды пераехала пасля смерці паэта ягоная жонка.

Памяць пра Старога Уласа ў Беларусі была ўшанавана ў Валожыне - на доме, дзе ён жыў да 1914-га года ўсталявана мемарыяльная шыльда.

СМІ.

Некалькі гадоў маёй маладосці ў Вільні (1818-1825) 1

Станіслаў Мараўскі

(Працяг. Пачатак упапярэдніх нумарах.)

Адам Міцкевіч змог у той дзень даць абед для Завішы, на якім быў і я. Іншыя слушна баяліся высунуць нос са свайго пакоя, каб іх зноў не забралі ў турму. Усе, колькі іх было, мелі твары белыя, як галандскае палатно, нібы хто іх мукой прысыпаў. Столькі гадоў не бачылі сонца! Пасля гэтага, з 1829 па 1834 г. з Новамейскім я толькі ліставаўся. Толькі ў 1835 г., вяртаючыся з Парыжа, па справах заехаў у Вільню. Заставаўся там толькі пяць дзён, бо мой адпачынак ужо канчаўся. Вядома, я з ім сустрэўся і дазволіў выразаць папяровыя формы з маіх фракаў і іншага гардэроба, падараваў нешта з рэчаў на памяць. Паколькі я быў у Парыжы, каб атрымаць спадчыну 72, ён уявіў сабе, што я ўжо вельмі багаты. Казаў пра маю сітуацыю, пры тое, што я магу атрымаць у спадкі, і таму толькі ўздыхаў і ўздыхаў. Гэта была зайздрасць, але я мала тады звяртаў увагі на яе, аднак, гэта галоўная прычына патаемнай антыпатыі, якую ён хаваў ад мяне, ад іншых асоб і ад агульных сяброў.

Праз год, калі некаторыя з маіх сваякоў распачалі беспрынцыповы, несумленны і бязбожны суд, мне давялося зноў прыехаць у Вільню. Трэба было ехаць за мяжу, але каб дарэмна не змарнаваць тэрмін у пашпарце, зычлівы і вельмі прыхільны міністр Польскага каралеўства Стэфан граф Грабоўскі, сам прапанаваў мне, каб я даў паказанні ў Вільні і гэтак забяспечыў свае інтарэсы, а калі прыйдзе час, паведаміў яму пра гэта. Тады ён павінен быў вырабіць мне замежны пашпарт у імператара. Польскае міністэрства ўваходзіла ў групу канцылярый, якімі асабіста кіраваў Яго Мосьць, і таму ніводны чыноўнік гэтага міністэрства не мог быць прыняты на працу, звольнены ці адпраўлены ў адстаўкі без яго ведама. Гэтак, для справы і ў чаканні пашпарта я мусіў сядзець у Вільні, але ўжо не ў ранейшай Вільні. Сустрэлі мяне, як брата, з вялікай пашанай. Натуральна, з Новамейскім давялося сустрэцца ў некалькіх дамах, дзе ён заўсёды паводзіў сябе […] як мыла наеўшыся. Доўга не мог зразумець, у чым прычына, але гэтак адбывалася кожны раз, і я аднойчы паведаміў пра гэта гаспадыням. Тыя адказалі мне: "Ці ты не разумееш? Гэта ён зайздросціць твайму поспеху ў жанчын". Такой лухце, дальбог, я не мог паверыць, паверыць у такое - недаравальнае глупства для разумнага чалавека.

А гэта справа адбывалася наступным чынам. Брат маёй мачахі, Антоні Храпавіцкі, які вельмі добра да мяне ставіўся, сказаў: "Пане Станіславе, чаму ж ты не жэнішся?". А меў я тады ўжо 33 гады - узрост Езуса. "Вось тут ёсць мая пляменніца Цеханавецкая, прыгожая, як анёл, добрая, выхаваная і багатая паненка. Пазнаёмся з ёю, папрасі яе рукі - даю табе слова гонару, яна будзе тваёй", - сказаў ён. Я засмяяўся пра сябе, бо акрамя таго, што трошкі па-іншаму глядзеў на шлюб і не лічыў яго здзелкай, я пранікаў у самыя патаемныя куткі многіх сем'яў і мог паўтарыць словы графа Морыса дэ Сакса, які сказаў, што ніколі не ажэніцца, бо ніколі не бачыў мужа, годнага добрай жонкі і жонкі, годнай добрага мужа. Храпавіцкі ведаў, што я буду на балі, які ўся губерня давала вялікаму нягодніку князю Даўгарукаму (Д 11), генерал-губернатару Літвы 73 і паабяцаў мне паказаць гэтую дзяўчыну ва ўсім бляску. І паказаў яе мне. Яна была маленькай, але цалкам прывабнай асобай з крыху большым, чым трэба носам. Мне казалі, што яна вельмі дасціпная і добрая. Усё было добра, але яна мне ўсяроўна не спадабалася. Каб закончыць з гэтым, я сказаў Храпавіцкаму, які некалькі разоў правёў яе перада мной, што здаюся, але знаёміцца з ёй не буду. Стары потым быў прымушаны тлумачыць гэта яе маці ці нават ёй самой. Вядома, гэта гісторыя не палепшыла мой стан. Але з-за таго, што мая маці была таксама не супраць гэтага праекта, а браты панны, вельмі добрыя хлопцы, па загадзе сваёй маці пазнаёміліся са мной і бывалі ў мяне, я не мог у адказ не наведаць іх хоць адзін раз. Відавочна, пакрыўджаная панна, спрабавала даць мне зразумець, што зусім пра мяне не дбае і ставілася да мяне з такой пагардай, прыкрытай, вядома, вытанчанай свецкай ветлівасцю, якую, аднак свецкія людзі з тактам бачаць адразу і могуць ацаніць. Самае смешнае, што жанчыны абараняюцца, калі на іх не нападаюць і нават не думаюць нападаць. Менш смешным выглядае толькі ліс, які не можа дастаць вінаград і з пагардай кажа, што вінаград зялёны. Да гэтага часу я захапляўся чалавечай прыродай і з задавальненнем назіраў як нашы зямныя анёлы, пасля таго як іх трошкі падрапаюць, адразу ператвараюцца ў маленькіх змей. Панна потым шчасліва выйшла за Тышкевіча.

Адмова імператара ў адказ на шматразовыя просьбы графа Грабоўскага і пана Туркула 74, дазволіць мне выехаць у Парыж, вярнула мяне ў Пецярбург. Мяне зноў прынялі на дзяржаўную службу, і мне зноў давялося выдаткаваць шмат сродкаў. Бо, калі я з'язджаў адтуль, дык амаль што за бясцэнак прадаў усю маёмасць, мэблю, коней і г. д., а зараз мусіў набыць гэта ўсё зноў. Далей, я буду не раз успамінаць пра добрае стаўленне да мяне былога міністра скарбу Польскага каралеўства, а ў той час чыннага чальца Дзяржаўнай рады князя Ксаверыя Любецкага 75, чалавека, які ў Еўропе пануе сваім геніем, а паўсюдна сваёй дабрынёй. Не раз, калі я лячыў князя ад падагры, у адказ на мае просьбы за якога-небудзь беднага сваяка, ён загадваў абматаць яго ногі авечымі шкурамі і асабіста ішоў да міністра выпрошваць месца для майго небаракі. Новамейскі неяк даведаўся пра гэта. Збяднелы з-за палітычнага пераследу і падмануты Радзівіламі, ён не меў на каго абаперціся. Па яго просьбе, я праз князя Любецкага, атрымаў рэкамендацыю да Кажухоўскага 76, галоўнага паўнамоцнага прадстаўніка Вітгенштэйнаў, які і да мяне ставіўся вельмі добра, каб прызначыць Новамейскага членам радзівілаўскай камісіі ў Вільні. Плацілі за гэта тысячу дукатаў у год. Новамейскі, хутчэй за ўсё, атрымаў бы гэтую працу, але сказаў некалькі разоў у горадзе, што ён не будзе дзейнічаць у духу Кажухоўскага. У гэтым я яго ніколькі не ганю, але Кажухоўскі адмовіў і мне і князю.

У гэты час у самым пачатку станаўлення знаходзілася Міністэрства дзяржаўнай маёмасці і па яго просьбе, мы шукалі сувязі, каб прызначыць Новамескага прэзідэнтам палаты. На пачатку гэта было даволі лёгка, бо мала хто мог прадбачыць, як хутка гэта ўстанова стане ледзь не галоўнай і будзе стаяць над іншымі. Князь Любецкі зноў паехаў да Кісялёва 77. Граф Кісялёў паабяцаў, прыняць, калі Новамейскі не будзе належаць ні да якіх палітычных таварыстваў. Такі прынцып граф меў для ўсіх сваіх чыноўнікаў. Любецкі, які чуў пра Новамейскага толькі ад мяне, палічыў, што справа вырашана. І вось гэтага чалавека за палітычныя грахі пасадзілі ў крэпасць на некалькі гадоў.

Нарэшце сястра князя Любецкага, графіня дэль Кампа Сцыпіён, па маёй просьбе, парэкамендавала яго на пасаду паўнамоцнага прадстаўніка князя Канстанты Любамірскага 78, генерала рускай арміі, самага годнага чалавека ў свеце. Не ведаю, чаму гэтак не атрымалася. Але я даведаўся, што Новамейскі, з малым жалаваннем, прыняў тую самую працу ў знакамітай княгіні, сенатаравай Агінскай з дому Неры, гэтай выключна ўнікальнай жанчыне, якой я яшчэ прысвячу некалькі адмысловых старонак 79.

Такім чынам, ніякія нашы планы не ажыццявіліся. І гэта добра, бо неўзабаве, праз некалькі месяцаў, ён сказаў мне ў вочы, што ніякіх планаў у яго са мной ніколі не было, і ён ніколі мяне ні аб чым не прасіў.

Увесь гэты час у Пецярбургу мяне ананімна папярэджвалі, каб я быў больш асцярожны, бо мае віленскія сябры здраджваюць мне. Што мае канфідэнцыяльныя лісты, напісаныя да іх, бачылі ў руках асоб з варожымі да мяне намерамі. Але нікога не называлі. Я перапісваўся з некалькімі асобамі з Вільні і не мог, каб нават і хацеў, вылічыць, хто з прыяцеляў мяне падманвае. А паколькі я заўсёды сваю душу трымаў на адкрытай далоні і ішоў прамой дарогай, дык не меў таямніц і не клапаціўся аб здрадзе. Толькі пасля майго вяртання ў Літву, жанчыны, мае былыя сяброўкі, прызналіся мне, што гэтыя безыменныя лісты пісалі яны і мелі на ўвазе Новамейскага, але баяліся, што іх лісты могуць прачытаць на пошце.

Магчыма далей, з іншай нагоды, я напішу, наколькі ў той час былі складанымі і далікатнымі мае сямейныя стасункі, і нават ў бацькоўскай хаце пада мною капалі ганебную яму. Але наша прымаўка пра тое, што кожны мае свой лёс, стала цалкам праўдзівай. У тыя хвіліны я не прадбачыў, што мае сэрца хутка кране самы вялікі боль! Бо набліжаўся прызначаны Божай рукой час, да якога я быў гатовы менш за ўсё (Д 12), час, калі мой высакародны, цнатлівы, шляхетны, светлы, бясцэнны для мяне, па-сапраўднаму строгі і горкі чалавек, мой бацька, скончыць сваё жыццё! Пра гэта я даведаўся на эстафеце ў Пецярбургу. Мяне чакалі на пахаванні, і ўжо на чацвёрты дзень я быў у Вільні. Гэты выпадак выбіў мяне з таго кола жыцця, па якім я ўжо пачаў свабодна рухацца ў Пецярбурзе.

Усё жыццё мне ні разу не дапамог шчаслівы выпадак. Усё што зарабіў - зарабіў крывёю і потам! Усё маё жыццё, мяне, як Тантала, лёс адрываў ад вады ў тую самую хвіліну, калі я набліжаўся да яе. Вось і тады так было! Самая лепшыя перспектыва мусіла быць разбітая праз абставіны, выкліканыя смерцю майго бацькі, пра гэта я раскажу ніжэй і ў сваім месцы.

Між тым, да багацця, якім я ўжо валодаў і якое людзі, як звычайна, пераацэньвалі ў два ці нават у чатыры разы, дадаліся новыя грошы. Гэтага ўжо Новамейскі вытрымаць не мог! З гэтага часу, не збочваючы з дарогі знешняй прыстойнасці, ён патаемна стаў маім першым ворагам. Сваімі асцярожнымі, езуіцка-дыпламатычнымі меркаваннямі пра мяне, ён спрабаваў сапсаваць і парушыць грамадскую думку, якую я заслужыў сваёй доўгай працай і спакойным жыццём. Натуральна, ён не меў да чаго прычапіцца, але не мог цярпець, што я ўсё раблю па-свойму, а не па-ягонаму. Ён хацеў быць маім настаўнікам і ўзяць мяне пад сваю апеку. Гэта не атрымалася, і таму ён, калі толькі пры ім размаўлялі пра мяне, казаў: "Так, так, гэта вельмі сумленны, справядлівы і вучоны чалавек, чалавек паважаны, але горды, фанабэрысты, эгаістычны, але …, але…" і г. д. без канца. Усё гэта было б яшчэ нічога, бо ўсе маюць сваё "але" і калі справа ішла пра мяне, дык я павінен быў дзякаваць Богу, што мае "але" яшчэ не былі подласцю! Горш было тое, што гэты чалавек, бавячыся, брудзіў мяне ў маіх справах, і не ведаючы майго стану, крыжаваў шляхі перада мной. Кожны, хто атрымлівае якія-небудзь спадкі, адразу бывае атачоны тысячамі бедных сваякоў, якія ўмомант вырастаюць як грыбы, пра якіх спадчыннік ніколі не чуў і не бачыў. І ўвесь гэты зброд уяўных сваякоў, якіх я ніколі ў жыцці не бачыў, пра якіх я ніколі не чуў, наваліўся на мяне як саранча, каб з-за любві да мяне жыўцом садраць скуру. Гэта подласць, а я ненавіджу подласць.

З чужога вопыту я ведаў, што так бывае заўсёды і меў час падрыхтавацца, каб прыняць іх заляцанні, ліслівасць і сардэчную любоў. Было б сорамна, хай нават і перад правінцыйнымі ашуканцамі, паказаць сябе дурнем і адчыніць гаманец і сэрца нахабнікам, якія разлічваюць на тваю далікатнасць. Але я і без гэтага меў аб чым падумаць. Неспадзявана абцяжараны справамі і асобамі, якія і сапраўды мне належалі, маючы на карку мачаху з усім дваром, коньмі, дзядзькамі і цёткамі, якія страцілі ўсе свае сродкі і мелі толькі спустошаныя маёнткі, абцяжараны даўгамі бацькі, пра якія ён раней мне ніколі не казаў і нават не згадваў у тастаменце, бо, пэўна, разлічваў сам іх выплаціць - не да ласкавасці было мне ў той час. Аднак, Бог гэта ведае, я зрабіў усё як сумленны шляхціц. Заплаціў усе даўгі, нават тыя, за якія меліся толькі распіскі майго бацькі, не гледзячы на тое, што гэта "не па форме" ці на тое, што яны "не запісаны ў акты". Выглядаў як турэцкі святы, бо выдаткоўваў свае, а не спадчынныя грошы. Адразу падтрымаў тых людзей, якія былі таго вартыя. Лотрам, трутням і фальшывым сваякам, якія яшчэ на гасцінцы лезлі ў маю кішэню, бо лічылі мяне дурням, адмовіў адразу. Тады яны пайшлі шукаць дапамогу ў майго прыяцеля Новамейскага.

І той пачаў ім спагадаць! 80. Абвінавачваць мяне перад імі! Каму я даў пяць дукатаў, той жаліўся, чаму не пяцьдзесят! Той, каму я праз свой уплыў знайшоў добрае месца на дзяржаўнай службе, шкадаваў, чаму я за свае грошы не выплаціў яму яшчэ і гадавое жалаванне! Нічога мне не кажучы, Новамейскі пачаў паўсюдна распавядаць пра мой эгаізм і мае заганы. Казаў маім сябрам, што я павінен быў пачаць сваё жыццё ў Літве толькі, калі аддам даўгі ўсіх сваіх сваякоў, якія па тракцірах, більярдах, дзяўчатах і падобных забаўках шчасліва і весела страцілі ўсё, што мелі. […] У рэшце Вільня так мне абрыдла, што я больш ніколі ў ёй не паказваўся. […]

Цяжкая хвароба, параліч ног, звалілі гэтага чалавека. У такім стане ён жыве дагэтуль. […]

Заканчваю аб Новамейскім. Бачыце, які гэта быў мой стары і горача любімы сябар!

Дадаткі

11. Самым нягодным мясцовым генерал-губернатарам ад падзелу края быў князь Даўгарукі, пра якога я згадваў. Чалавек несумленны, фанабэрысты, напышлівы, ганарлівы марнатраўца, абжора, распуснік, кепскі муж і сын, кепскі бацька.

Сярод паважаных і сумленных людзей ён лічыўся абсалютным злодзеем. Нягоднік, на жаль, самавольна і як яму хацелася і падабалася, кіраваў тутэйшым народам гадоў дзесяць з лішкам.

Гэты злы чалавек прадстаўляў манарху наш край незадаволеным, кіпучым і ў любы момант гатовым да паўстання, гатовым на ўсё, каб вярнуць сябе свабоду, у той час як мясцовым людзям гэта нават не прыходзіла ў галаву. Рабіў нам вялікі гонар, бо маляваў такімі небяспечнымі. Гэтак ён даваў зразумець, што толькі яго талент, здольнасці і пільнасць утрымліваюць Літву ад новага выбуху і рабіў сябе патрэбным Пецярбургу. Яму верылі, і таму ён рабіў, што хацеў.

Яго справы належаць гісторыі. А я толькі перакажу анекдот і каб мяне зразумелі, мне неабходна даць некаторыя тлумачэнні. Не думайце, што нейкія мае асабістыя непрыемныя справы з ім прымушаюць мяне гэта пісаць. Ён ніколі не зрабіў мне нічога ні добрага, ні дрэннага. Але сумленны чалавек павінен казаць праўду.

Князь Даўгарукі быў настолькі тлусты, што літаральна нагадваў надзьмуты пухір. Пад канец жыцця для яго давялося рабіць адмысловую прыступку ў карэце бо ён даўно ўжо ў звычайную карэту не мог сесці. А калі падчас прыезду Аляксандра І яго пасадзілі на каня, дык ён падобны быў на воз сена.

І ўсё ж жанчыны, зразумела, што нашы жанчыны, западалі на яго! І на шчасце гэтага края, невылечная слабасць жанчын да гэтага казла і яго слабасць да іх, сталі прычынай таго, што яго нарэшце прыбралі адсюль - з-за палітычнага страху, каб больш, чым трэба, не паддаўся нашэптванням нашых жанчын!

Ах, нашы жанчыны! Бачыце, бачыце, што значыць займаць важную пасаду. Такая лялька, такі Адоніс, такі малыш, такі лавелас з таліяй ў некалькі сажняў, такі сапячы мех, такі потны ўзімку і ўлетку прыгажун, такі тлушч, такі буцэфал, такі кацялок з брыдкім тварам і смярдзючым целам - ніводная жанчына не павінна была б звярнуць на яго ўвагу, але адвярнуцца з жалем ці агідай. Аднак ён насамрэч купаўся ў моры любоўных уцех. Падмануў і развёў з мужамі дзвюх самых прыгожых жанчын Вільні - пані Калкоўскую (з дому Падбярэзскіх) і пані Забелу (жонку Ігнацыя, з дому Ваўжэцкіх) 81, з апошняй, пасля працяглага скандалу і некалькіх заручын, ён нарэшце ажаніўся. Але найлепей, што Калкоўскую, кінутую з-за Забелы, Калкоўскую, якая пасля гэтага танула ў роспачы, ён зноў, слухайце зноў, у другі раз, выдаў замуж за таго ж Калкоўскага! Яго ён абяцаў узнагародзіць пасадай, і трэба сказаць, што сваё слова гэтаму падвойнаму мужу, гэтай асобе ў апошняй ступені дэградацыі, стрымаў. Паехаў ён з падвойнай каханай жонкай на пасаду нейкага дарадцы ў Смаленск!

Не ведаю як каму, але калі я кажу пра гэтых бессаромных шэльмаў, мне кроў б'е ў галаву.

Пэўна, спытаеце: "А што нашы мужчыны?".

Яны задаволеныя, шчаслівыя, і я ім нават зайздрошчу! Вось напрыклад, так ганебна пакрыўджаны муж, мой калега па школе, Ігнацы Забела, былы павятовы і былы губернскі маршалак шляхты і таму ўзор высакароднай шляхетнасці. За сваю сужэнскую крыўду атрымаў чын радцы стану ад Даўгарукава 82. […]

Акрамя вялізнага заробку, вялікага "сталовага" даходу, дзяржаўнага палаца, бязвыплатна перададзенага Даўгарукаму, ён з каго мог збіраў грошы пад відам пазыкі. Але Даўгарукі не ўмеў і не жадаў лічыць грошы, якія так лёгка ішлі яму ў рукі і ўвесь час іх марнатравіў. Заўсёды меў патрэбу ў грашах і заўсёды быў голым. Але ўвёў раскошу ў нашым бедным краі. Балі ішлі за балямі. Даваў ён, давалі яму. Жанчыны адна перад другой выдумлялі строі і знішчалі такім чынам багацце сваіх мужоў і дзяцей.

(Працяг у наступным нумары.)

1 Morawski Stanislaw. Kilka lat mlodosci mojej w Wilnie (1818-1825). Warszawa, 1924. Пераклад Леаніда Лаўрэша.

72 Аўтар успадкаваў маёмасць пасля смерці Фацімы Сямашкі, непаўнагадовай дачкі свайго дзядзькі Сямашкі, якая жыла ў Парыжы і памерла там каля 1829 г., атрымаў у спадчыну 80 000 франкаў. Па спадчыну ён прыехаў у Парыж у снежні 1833 г. Паколькі грошы былі прысвоены нядобрасумленным адвакатам, неабходна было правесці суд, і ён прадоўжыў адпачынак на тры месяцы. У 1835 г. з-за затрымкі спадчыннай справы Мараўскі зноў меўся атрымаць дазвол на выезд.

73 Даўгарукаў Міхал, князь, кіраваў Літвой са жніўня 1831 па сакавік 1840 г.

74 Грабоўскі Стэфан сын Тамаша і Дароты з Атэнхаўзенаў, удзельнік паўстання 1794 г., абаронца Вільні, вязень, генерал брыгады ў 1812 г., дырэктар ваеннага міністэрства ў 1815 г., міністр-сакратар стану для спраў Каралеўства Польскага ў 1825-1839 гг., памёр у 1847 г.

Туркул Ігнат (1797-1857), з 1832 г. намеснік Стэфана Грабоўскага. Фаварыт Мікалая І.

75 Юзаф Сцыпіён дэль Кампа быў жанаты з княжной Друцка-Любецкай (дачкой Францішка Друцкага-Любецкага, пінскага кашталяна і Ганавэфы з Алізараў) і пакінуў пасля сябе дачку Марыю (1799-1876).

Удава Юзафа Сцыпіёна прагнула ўтрымаць Шчучын у руках сям'і Друцкіх-Любецкіх. Таму, як толькі Марыі мінула 18 гадоў, маці выдала яе замуж за свайго брата, роднага дзядзьку дзяўчыны, князя Францішка Ксаверыя Друцкага-Любецкага (1778-1846). Адбылося гэта ў 1817 г., мужу было 39 гадоў, ён быў старэйшы за сваю жонку на 21 год.

Францішак Ксаверы Друцкі-Любецкі яшчэ ў 1784 г. паступіў на вучобу ў Пецярбургскі сухапутны кадэцкі корпус, а потым служыў у рускім войску. Удзельнічаў у італьянскім і швейцарскім паходах Суворава, падчас якіх атрымаў кантузію і ў 1800 г. выйшаў у адстаўку. У 1809 г. быў абраны на пасаду гарадзенскага павятовага маршалка шляхты. З'яўляўся прыхільнікам аўтаноміі Літвы і перад 1812 г., разам з Плятарам напісаў праект аўтаноміі пад пратэктаратам Расіі. Вайну 1812 г. сустрэў у Вільні і разам з царом Аляксандрам І выехаў у Пецярбург. Адразу пасля вайны быў прызначаны маршалкам шляхты Гарадзенскай губерні.

У 1815 г. князь Францішак Ксаверы Друцкі-Любецкі стаў членам Грамадзянскага камітэта Польскага каралеўства. У 1813 г. быў прызначаны гарадзенскім, а потым віленскім губернатарам. У 1821-1830 гг. князь Любецкі займаў пасаду міністра фінансаў Польскага каралеўства, правёў рэформу і ўпарадкаваў скарбовыя справы. Яго рэформы таксама кранулі і сельскую гаспадарку краю - ён заклаў Крэдытнае таварыства землеўладальнікаў. Любецкі быў перакананым пацыфістам і праціўнікам узброенай барацьбы. Магчыма, таму пасля выбуху паўстання ў 1830 г. ён пакінуў пасаду ў польскім урадзе і выехаў у Пецярбург, дзе і жыў да канца свайго жыцця, быў членам Дзяржаўнага савета. Яго старэйшая сястра і адначасова цешча заўсёды мела ўплыў на паводзіны брата, які хоць і займаў шэраг высокіх пасад, але, як казалі суседзі, прыслухоўваўся да яе меркаванняў. - гл: Лаўрэш Леанід. Шчучыншчына // Наша Слова. № 4 (1519), 27 студзеня 2021.

76 Кажухоўскі, галоўная давераная асоба Стэфаніі з Радзвілаў і Людвіка Вітгенштэйнаў. Моцна прычыніўся да абароны іх інтарэсаў і атрымаў за гэта ўзнагароджанне ў памеры 1 мільёна рублёў.

77 Кісялёў Павел, сын Дзмітрыя, граф, рускі дзяржаўны дзеяч (1788-1872), міністр дзяржаўнай маёмасці ў 1838-1856 гг. Фаварыт Мікалая І.

78 Канстанты Любамірскі, граф (1786-1870), генерал-маёр рускага войска.

79 Гісторык, архівіст, бібліёграф і журналіст Мiкалай Малiноўскi пісаў: "Нагурскі, багаты памешчык са Жмудзі, калі быў у Італіі, пакахаў паненку Марыю дэ Неры, італьянку надзвычай прыгожую, але бедную. Не жадаючы засмуціць матку, якая шукала для сына жонку з гербамі, не дбаючы нават пра грошы, Агурскі пакінуў яе ў Італіі, наняў настаўніцу і настаўнікаў, якія яе цудоўна адукавалі, і, папярэдзіўшы маці, што дэ Неры паходзіць са знакамітай італьянскай сям'і, ажаніўся з ёю і прыехаў у край. Пані Нагурская вельмі падабалася пану Міхалу Агінскаму; гэта так устрывожыла Нагурскага, што той застрэліўся. Яго ўдава неўзабаве выйшла замуж за Агінскага і мела ад яго трох дачок і сына Ірынея Агінскага, які памёр у 1863 г., пакінуўшы ад другой жонкі Каліноўскай (першая яго жонка была роднай сястрой апошняй) Багдана і Міхала. У старэйшую дачку пані Агінскай, удавы Міхала, паненку Іду, якая была надзвычай прыгожая, закаханы быў Бенедыкт Тышкевіч; бацька яго Міхал не жадаў гэтага і прагнуў, каб сын ажаніўся з Вандай Ванькавічанкай". - гл: Малiноўскi Мiкалай. Кнiга ўспамінаў. Мінск, 2014. С. 111-112.

80 Вільнянін Мараўскі піша менавіта "спагадаць". Гэтае слова невядомае польскаму чытачу, і ў каментарах да ўспамінаў падаецца яго пераклад і ўдакладняецца, што гэтае слова прыйшло з беларускай мовы. - Л. Л.

81 Пра раман Даўгарукава з Люцыяй з Ваўжэцкіх, жонкай Ігната Забелы, і з Анеляй з Падбярэзскіх, жонкай Базыля Калкоўскага, расказвае Сабары (Кіркор) у "Літоўскіх абразах".

82 Ігнацы Забела, (нар. у 1801 г.), сын Ануфрыя. Сучаснікі пісалі, што ў яго ўсё было на продаж, ён атрымаў за жонку 100 000 рублёў гатоўкай і нешта яшчэ.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Падтрымка абменаў: Пазнякоў, Перэс, Семірадскі

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-52 (105-156) (2024); № 1-12 (157-168) за 2025 г.)

ПАЗНЯКОЎ Аляксей (Aliaksei Pazdniakou) - у папярэдняй праграме знаходжання ў Менску (кастрычнік 1996 г.) Уільяма Язі і яго агента Гордана Браніцкага анансаваны майстар-клас у Беларускім дзяржаўным ўніверсітэце культуры (з 2004 г. - і мастацтваў), "State University of Culture", "Folk Music Faculty" (80 месцаў), кантактная асоба - "Vice-Rector - Pozdnyakov Alexei Vladimirovich". І ў пачатку стагоддзя ён быў намеснікам рэктара БДУК па справах супрацоўніцтва з замежжам. Пазней мы бачым яго ў гэтай жа установе як дацэнта кафедры філасофіі, кафедры менеджменту сацыяльна-культурнай дзейнасці Факультэта культуралогіі і сацыяльна-культурнай дзейнасці. Ён аўтар такіх тэкстаў, як "Да пытання аб дзяржаўнай палітыцы ў сферы акадэмічных абменаў" (1997), "Падрыхтоўка студэнтаў да практыкі міжнароднага культурнага супрацоўніцтва" (2018), "Крос-культурны менеджмент" (2019), "Менеджмент міжнародных культурных праектаў" (2020), "Метадычныя рэкамендацыі і практычныя заданні па распрацоўцы праекта па вучэбнай дысцыпліне "Інавацыйны менеджмент у культуры"" (2020).

Міхаіл Іванчанка

ІНДЗЕЕЦ НАВАХА Ў МЕНСКУ (3)

Павінен адзначыць, што выступленне м-ра Язі было разлічанае на непадрыхтаваную аўдыторыю, гэта значыць на тых, хто мала ведае пра індзейцаў ці ўвогуле думае, што яны жывуць у Індыі (былі і такія). Размова з індзеяністамі атрымалася больш канкрэтнай і, на шчасце, пазбаўленай звычайных фармальнасцей. М-р Язі аказаўся простым і адкрытым чалавекам, і мець зносіны з ім было лёгка. Ён шмат ведаў з таго, што цікавіць нас, і таму яго літаральна засыпалі пытаннямі, на якія ён па меры магчымасці стараўся адказваць.

Некаторыя версіі паходжання тых ці іншых элементаў адзення мы пачулі ўпершыню. Напрыклад, гісторыю аб паходжанні роўча [галаўны ўбор].

Аднойчы воін вяртаўся дадому з ваеннага паходу і ўбачыў, як вялікі мядзведзь грызлі спрабуе напасці на маленькага дзікабраза. Той натапырыў свае іголкі. Мядзведзь стукнуў яго лапай, укалоўся і з ровам уцёк. Воін прыйшоў дадому і расказаў людзям аб убачаным. З тых часоў індзейцы пачалі рабіць галаўныя ўборы з іголак дзікабраза, якія валодаюць ахоўнай сілай.

- Калі адно з плямён пуэбла - акома [Acoma Pueblo] прыйшло на паўднёвы захад Злучаных Штатаў, яно пасялілася ў адным раёне і пачало будаваць сваю вёску. Ім спатрэбілася на гэта каля дваццаці пяці гадоў. Калі будаўніцтва завяршылася, яны склалі песню пад назвай "Горад у нябёсах" у гонар гэтага подзвігу... (Гучыць песня.)

М-р Язі ў сябе дома працуе парк-рэйнджарам, гэта значыць наглядчыкам нацыянальнага парку, або паліцэйскім, каму як больш падабаецца. Ён жанаты, у яго пяцігадовы сын, які ўжо прымае ўдзел у паўваў з бацькоўскім бастлам [bustle - "танцавальная рэгалія" ў паўночнаамерыканскіх індзейцаў, пераважна з пёраў у выглядзе веера, якая мацуецца танцорам на паясніцы], і дванаццацігадовая дачка-прыгажуня.

- Індзейцы вераць, што маці-Зямля таксама была калісьці маленькай дзяўчынкай, потым яна вырасла і стала жанчынай. У гэтым пераходным узросце для яе была праведзеная адмысловая цырымонія, арганізаваная таямнічымі істотамі. Да гэтага часу плямёны апачаў у Арызоне праводзяць яе для дзяўчынак, што пасталелі [повзрослевших]. Гэтая падзея доўжыцца чатыры дні, і танцоры апранаюць касцюмы горных духаў. Яны танцуюць для маладых дзяўчат усю ноч... (Гучыць песня.)

Літ.:

3181 Атапаскі // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 2. Мн., 1996. С. 69.

ПЕРЭС Шымон (2) (Shimon Peres) - першыя дзве часткі выступлення правадыра тускарора Лаянса мы далі ў артыкулах, прысвечаных Генадзю Бураўкіну (у дакументах ААН ён, як мы бачым, у ранні перыяд - Buravkin) і Пятру Краўчанку (раней, аналагічна, Kravchenko; "Пётра" яго называлі хутчэй на тарашкевіцы, а Пятро - варыянт, які выкарыстоўваў і ён сам, у т.л. у сваіх публікацыях). Пошук звестак пра перамяшчэнні членаў беларускай дэлегацыі патрабуе часу і цярплівасці. Больш правільна сказаць, што той ці іншы беларус прысутнічаў на сесіі ГА, на якой выступаў і пэўны індзеец, каб не даваць нагоду думаць, што гэта было непасрэдна ў час выступлення апошняга (або наадварот). Нельга без удакладнення сцвярджаць, што Бураўкін прысутнічаў у час выступлення правадыра Лаянса, тым больш Краўчанка як міністр замежных спраў не мог знаходзіцца ў 1992 і 1993 гг. у Нью-Ёрку месяцамі. Апошняе адносіцца і да Перэса, "Israeli Foreign Minister". Тым не менш, гэта важнае "набліжэнне", чым мы займаемся ўвесь час. Лідар індзейцаў і міністр замежных спраў Ізраіля, які быў галоўным ад гэтай краіны на многіх сесіях 1980-1990-х гг., трапляюць у даволі блізкі кантэкст. Перэс павінен быў выступіць на сесіі ГА 1.10.1992 г., а прамова Орэна Лаянса адбылася 10.12.1992 г. Пакуль няма дакладных дадзеных пра прысутнасць на ГА ў гэты дзень беларусаў - хтосьці з удзельнікаў дэлегацыі якраз тады мог захварэць, хоць і не так цяжка, як у свой час Максім Лужанін.

Chief and Faithkeeper Oren Lyons, Haudenosaunee (People of the Long House, Iroquois Confederacy), UN, opening "The Year of the Indigenous Peoples" (1993), New York, December 10, 1992:

ПРАМОВА ПРАВАДЫРА ОРЭНА ЛАЯНСА Ў ААН 10 СНЕЖНЯ 1992 г. (3)

Ёсць некаторыя канкрэтныя пытанні, якія я павінен вылучыць [bring forward] ад імя нашых Нацый і Народаў [Nations and Peoples].

Паўночная Амерыка. Праблема звалак ядзерных і таксічных адыходаў на нашых каштоўных землях [precious lands]; палітыка пошуку месца для адыходаў [waste] сярод самых бедных і безабаронных народаў сёння. Гэта стварае пытанне пагаршэння навакольнага асяроддзя з-за звалак адходаў, празмернай рыбнай лоўлі [over-fishing], празмернай высечкі драўніны і таксічных хімікатаў з працэсаў здабычы карысных выкапняў [mining processes] па ўсёй нашай зямлі.

Парушэнні дагавораў. У нас з ЗША і Канадай 371 ратыфікаваны дагавор і пагадненне [Treaties and Agreements]. Дагавор у Рубі-Вэлі заходніх шашонаў [Ruby Valley Treaty of the Western Shoshone] з'яўляецца яркім прыкладам таго, да чаго прыводзіць парушэнне дагавораў: парушэнні правоў чалавека, прымусовае перасяленне, пазбаўленне правоў традыцыйных людзей [traditional people] з канфіскацыяй іх маёмасці і жывёлы.

Адмова прызнаваць і падтрымліваць рэлігійныя свабоды нашых людзей і рашэнні Вярхоўнага суда [ЗША], што ўводзіць такое стаўленне ў Федэральны Закон [which incorporates this attitude into Federal Law]. Гэта азначае апаганьванне святых месцаў [violation of Sacred Sites]. Гара Грэям [Mt. Graham] у краіне апачаў [Apache Country] зараз з'яўляецца месцам для будаўніцтва абсерваторыі, што выклікае вялікі стрэс у народа апачаў [Apache People], выжыванне якога залежала ад духоўных сіл гэтай гары. Па іроніі лёсу, партнёрам у гэтым праекце з'яўляецца Ватыкан. І нават прапанавана назваць гэты праект "Калумб".

Прысваенне нашай інтэлектуальнай уласнасці бесперапыннае і разбуральнае. Зямля - гэта пытанне. Зямля заўсёды была праблемай для Карэнных Народаў. Арыгінальнае права ўласнасці - праблема для ўсіх вас [Original title is a problem for all of you]. Мы павінны паспрабаваць дасягнуць пагаднення аб больш роўных умовах, якія даюць нам, прынамсі, шанец на выжыванне.

Наш брат, Леанард Пелціер [Leonard Peltier], прабыў занадта доўга ў турме, каб, у 1993 годзе, сведчыць пра новае стаўленне - і што можа быць лепш, чым яго вызваленне пасля 16 гадоў - сімвалічнае ажыццяўленне панавання над нашымі народамі [symbolic of the exercise of dominion over our Peoples].

Літ.:

3097 Сімакоў А. Барацьба за гару Грэям // Наша ніва. 1996. 19 жн. С. 11.

525 Яўменаў Л. 2. Становішча нацыянальных меншасцей // Звязда. 1985. 29 жн. (Пелціер.)

520 Телемосты: поиски взаимопонимания [...] О. Нечай, доктор искусствоведения // Советская Белоруссия. 1987. 5 апр. (Пелтиер.)

504 Мечта Кинга (...) // Знамя юности. 1987. 14 апр. (Пелтиер.)

СЕМІРАДСКІ Юзаф (5) - не мог не трапіць у легендарную мастацкую кнігу Альфрэда Шклярскага "Томэк ля вытокаў Амазонкі", у якой пералічваюцца рэальныя польскія падарожнікі і даследчыкі рэгіёна. Чарговае ўзнаўленне зноскі з кароткай даведкай пра Семірадскага, якая ўключае акцэнт на індзейцах, - у электроннай кнізе выдавецтва "Азбука-Аттикус" выпуску 2023 г: "Юзаф Семірадскі (1858-1933), будучы студэнтам геалагічнага факультэта, у 1882 годзе адправіўся ў складзе экспедыцыі Штольцмана ў Эквадор. У 1887 годзе стаў дацэнтам Львоўскага універсітэта. У 1891 годзе падарожнічаў па Бразіліі і Аргентыне; у 1895 годзе вывучаў умовы жыцця польскіх пасяленцаў у Бразіліі і этнаграфію індзейцаў Амерыкі". Перакладчык серыі пра Томэка - Яўген або Яўгеніюш Шпак (Eugeniusz K. Szpak).

Юзаф Семірадскі

АБ ІНДЗЕЙЦАХ ПАЎДНЁВАЙ АМЕРЫКІ (5)

Што тычыцца рэлігійных перакананняў, то вельмі складана чагосьці ад іх даведацца [trudno bardzo czegos sie od nich dowiedzieс]. Падчас маіх падарожжаў я бачыў іх святыя дрэвы (Huilliczes) [Huiliches, los huilliches, уільічэ - увогуле кажучы, гэта паўднёвая частка народа мапучэ], завешаныя тканінамі, якім яны прыносілі ахвяры; яны таксама пакланяюцца пэўным камяням. Яны, безумоўна, вераць у жыццё пасля смерці, аб чым сведчыць іх высокая пашана да памерлых, якіх яны хаваюць у зацішных месцах, удалечыні ад людскіх паселішчаў, разам са зброяй і коньмі, а на магіле заколваюць колькасць коней, адпаведную багаццю нябожчыка".

"Араўканы таксама вераць у злых духаў, і больш за ўсё яны баяцца духа віхуры [ducha traby powietrznej], якога яны ўяўляюць сабе гіганцкім страусам са сталёвай дзюбай (Nerwelu [nervelu, нервелу]).

У іх ёсць свае шаманы, да якіх яны звяртаюцца па параду, калі хварэюць. Гэтыя шаманы, якія ўжо знікаюць пад уплывам хвалі еўрапейскіх прышэльцаў і місіянераў, маюць у руках вельмі небяспечную зброю - араўканы, як і некаторыя негрыцянскія народы, не вераць у натуральную смерць, і сваякі нябожчыка ідуць да шамана з просьбай паказаць чалавека, які забіў іх сваяка сваімі чарамі. Чараўнік звычайна паказвае на аднаго са сваіх асабістых ворагаў, якога, калі ён не можа выратавацца ўцёкамі, забіваюць без літасці і жорстка, пекучы жыўцом на павольным агні [bo zywcem upieczony na wolnym ogniu]".

Літ.:

13058 Szklarski A. Tomek u zrodel Amazonki. Katowice, 1967.

13059 Шклярски А. Томек при изворите на Амазонка / прев. от пол. М. Атанасова. София, 1971.

13060 Шклярский А. Томек у истоков Амазонки / пер. с пол. Е. К. Шпака. Катовице, 1972.

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

Індзейцы, индейцы, Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Belarusians Meet Indians. Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 142].

С а р а к і

У беларускім народным календары 22 сакавіка-свята Саракі. Гэты дзень нашы продкі звязвалі з сакавіцкім раўнадзенствам, лічылі нараджэннем новага года (лета), пачаткам абуджэння зямлі ад зімовага сну, часам вяртання птушак з выраю. На Саракі збіраліся паўторна гукаць вясну (распачыналі на масленічным тыдні, працягвалі - на Дабравешчанне).

З часам веснавое свята спалучылася з падзеямі хрысціянскай гісторыі: ушанаваннем сарака Севасцейскіх пакутнікаў.

А пра тое, чаго яшчэ чакалі ад вясны нашы продкі, як яе сустракалі, можна даведацца на інтэрактыўным занятку "Вясна-красна на ўвесь свет".

ТК "Культура Лідчыны".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX