Наша слова.pdf № 15 (171), 7 красавіка 2025 г.
Навучым святкаваць Вербніцу
Сябры! Пазнавайце разам з намі гісторыю народных свят! Лідскі гістарычна-мастацкі музей запрашае на інтэрактыўны занятак "Ад Вербніцы да Вялікадня".
ТК "Культура Лідчыны".
Міжнародны дзень дзіцячай кнігі адзначылі ў Доме Валянціна Таўлая
У літаратурны музей завіталі выхаванцы дзіцячага садка № 22 г. Ліды. Яны наведалі экспазіцыю "Брукаванае слова", прысвечаную дзіцячаму паэту Петрусю Граніту, разам з экскурсаводам пачыталі яго верш "Зайчыкаў хлеб". Дзеці даведаліся пра дзяцінства Валянціна Таўлая, якое прабегла і праз вулачкі горада Ліда яшчэ ў далёкіх 1921-1923 гадах. З вуснаў экскурсавода яны пачулі верш "Верабейкі", напісаны ў 7-гадовым узросце хлопчыкам Валянцінам, калі вучыўся ў лідскай школе, якая знаходзілася каля Лідскага замка. На экспазіцыі "Час прывёў на Парнас", дзе акрамя матэрыялаў, змяшчаюцца і кнігі лідскіх пісьменнікаў, дзеці пачулі кароткі экскурс пра гісторыю паяўлення кнігі ў старажытнасці. З задавальненнем дзеці паспрабавалі папісаць гусіным пяром. Цікавым заняткам для іх стаў выраб з паперы ў тэхніцы арыгамі вераб'я - сімвала Дома Валянціна Таўлая.
І што надзвычай прыемна было пачуць з вуснаў дзяцей беларускую мову, якую любіў Валянцін Таўлай, які, між іншым, любіў і дзяцей.
Алесь Хітрун.
Міжнародны дзень дзіцячай кнігі
Гадзіна займальнага чытання "Цудоўныя сустрэчы на старонках дзіцячых кніг"
У філіял "Лідская гарадская бібліятэка № 6 імя В. Таўлая" на гадзіну займальнага чытання "Цудоўныя сустрэчы на старонках дзіцячых кніг" былі запрошаны юныя госці.
Дзеці з радасцю расказвалі пра любімых герояў, былі літаратурнымі следчымі і ўдзельнікамі бюро знаходак, спявалі песні падчас музычных хвілінак.
ТК "Культура Лідчыны".
Экскурсія "Цуды ў "Чытай-горадзе""
У філіяле "Інтэграваная бібліятэка аг.Дворышча" адбылася экскурсія "Цуды ў "Чытай-горадзе"", на якую былі запрошаны выхаванцы дзіцячага садка. Маленькім наведвальнікам паказалі, што ў бібліятэцы жывуць кнігі, з якімі можна цікава правесці час. Кнігі нам даюць веды, у доказ таму дзеці пырскалі на папяровыя кветачкі вадой і яны распускалі свае пялёсткі, кнігі натхняюць на гульні і творчасць, кнігі могуць перанесці нас у любы час, ці то ў любую краіну.
Цікава было апынуцца і ў музейным пакоі "Спадчына" ды пазнаёміцца з прыладамі працы нашых продкаў, патрымаць у руках старыя рэчы, закалыхаць немаўля і ўбачыць беларускага Дзеда Мароза - Зюзю.
ТК "Культура Лідчыны".
Лідскаму раённаму цэнтру культуры і народнай творчасці - 10 гадоў
Трохі з гісторыі:
Лідскі раённы навукова-метадычны цэнтр аддзела культуры Лідскага райвыканкама пачаў працу ў 1988 годзе.
1 красавіка 2015 года цэнтр быў рэарганізаваны ў "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" і атрымаў статус юрыдычнай асобы.
Цэнтр вядзе актыўную працу па захаванні традыцыйнай культуры, займаецца правядзеннем гарадскіх свят, раённых конкурсаў, канцэртаў, адраджае і развівае народнае мастацтва з мэтай выхавання нацыянальнай свядомасці і прыцягнення насельніцтва да здабыткаў беларускай культуры.
Сёння творчы калектыў установы віншуе дырэктара Троцкую Вольгу Раманаўну і ўсіх спецыялістаў цэнтра з 10-годдзем.
Ад душы жадаем стаць у 10 раз больш паспяховымі і ў 10 раз памножыць усе свае дасягненні. Хай ні дня не праходзіць без натхнення і цікавых ідэй.
Хай для ўстановы не будзе ніякіх перашкод на шляху да росквіту і перамог!
ТК "Культура Лідчыны".
ПАМЯЦІ КУРБАНА ГЕЛЬДЫЕВА
30 сакавіка гэтага года пайшоў з жыцця шчыры сябар беларусаў, у 1991-1993 гадах сябар суполкі Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны вайсковага гарадка Печы Курбан Гельдыеў.
Нарадзіўся Курбан 24 ліпеня 1955 года ў сталіцы Туркменскай ССР горадзе Ашхабадзе ў шматдзетнай сям'і рабочага і дываншчыцы. Пасля заканчэння філалагічнага факультэта (англійская мова) Туркменскага дзяржаўнага ўніверсітэта год працаваў выкладчыкам у гэтым жа ўніверсітэце, а потым па ўласным жаданні пакінуў універсітэт, сталіцу і ў 1978 годзе пераразмяркаваўся ў раён Кара-Кала ў вясковую школу. З 1979 года працаваў у раённым, потым у абласным камітэце ЛКСМ Туркменіі. У 1982 годзе быў прызваны ў Савецкую Армію на два гады ў якасці афіцэра-палітработніка, а ўрэшце стаў кадравым вайскоўцам. Служыў у Ашхабадзе, Афганістане, Беларусі (1988), Германіі, Беларусі (1991-1993), Туркменістане (1993-1997).
Няпросты, пакручасты лёс Курбана Гельдыева не быў выпадковым збегам абставінаў. У сваёй аўтабіяграфічнай кнізе (2015 год) Курбан напісаў пра сваю працу ў камсамоле і пра службу ў Савецкай Арміі:
- Я быў наіўны, чэсны і прыстойны, не мог хлусіць і красці. І ўсюды, дзе б я не працаваў, я быў, як белая варона. Я гарэў работай. Некаторыя лічылі мяне дзіваком, іншыя - дурнем і кар'ерыстам, але я шчыра верыў ва ўтапічныя ідэі КПСС і быў іх заўзятым прапаведнікам.
Не дзіўна, што ў сакавіку 1991 года няўгоднага начальству маёра Гельдыева з паніжэннем перавялі служыць з Заходняй групы савецкіх войскаў (Германія) у Чырвонасцяжную Беларускую вайсковую акругу, у Печы (г. Барысаў).
Тут, у Беларусі, намеснік камандзіра вучэбнай роты па палітычнай частцы маёр Гельдыеў стаў актыўным удзельнікам працэсаў дэмакратызацыі ў тагачасным яшчэ савецкім грамадстве і ў яшчэ савецкім войску. Туркмен па нацыянальнасці, ён добра бачыў шкодныя наступствы русіфікацыі для нашага народа, таму з уласцівай яму пасіянарнасцю падтрымліваў беларускае Адраджэнне, спрыяў станаўленню беларускага нацыянальнага войска: за кароткі тэрмін самастойна авалодаў беларускай мовай, у жніўні 1991 года быў у ліку заснавальнікаў Беларускага згуртавання вайскоўцаў (БЗВ), у 1992 годзе для свайго вайсковага падраздзялення аформіў падпіску на беларускамоўныя газеты і часопісы, пэўны час (пакуль не забаранілі) па-беларуску праводзіў заняткі па гуманітарнай падрыхтоўцы, палітычныя інфармацыі. Менавіта па ініцыятыве Курбана суполка ТБМ вайсковага гарадка Печы 27 ліпеня 1992 года ў мясцовым Доме афіцэраў арганізавала для жаўнераў і сяржантаў вучэбнай дывізіі свята з нагоды Дня Незалежнасці Беларусі. Настаўніца СШ № 22 горада Барысава Таццяна Зіненка, якая на свяце чытала свае вершы, напісала ў мясцовай газеце:
"У Печах я ўпершыню сутыкнулася са здаровым цывілізаваным інтэрнацыяналізмам. Усё гэтае свята даручана было весці туркмену афіцэру Курбану Гельдыеву. Безумоўна ж, Курбан прамаўляў па-беларуску. Прычым, без натугі і пыхі, а зусім натуральна". (Барысаўская незалежная газета "Альтэрнатыва", № 9, 14-23 жніўня 1992 года.)
Насуперак намаганням высокіх начальнікаў, маёр Курбан Гельдыеў меў вялікі аўтарытэт і пашану сярод саслужыўцаў і жыхароў вайсковага гарадка Печы. Курбан быў здольны арганізатар, але, галоўнае, меў нейкую надзвычай прыцягальную сілу: яго любілі і дзеці і дарослыя. Афіцэры і прапаршчыкі Печынскай вучэбнай дывізіі, якія служылі ў Афганістане, выбралі апальнага маёра старшынём Савета "афганцаў", а жыхары гарадка - членам Печынскага Камітэта грамадскага самакіравання.
Як заўжды, Курбан заўзята адстойваў інтарэсы, правы жаўнераў, прапаршчыкаў, афіцэраў, "афганцаў", што зноў жа не падабалася начальству, якое выкідвала яго з чаргі на кватэру, спрабавала звольніць з войска па артыкуле "дыскрэдытацыя…", гэта значыць без пенсіі і кватэры. Але нічога ў начальства не атрымалася, бо звольніць афіцэра па дыскрэдытацыі тады можна было толькі са згоды агульнага сходу афіцэраў вайсковай часткі. На адной з нарадаў камандзір дывізіі пачаў дакараць камандзіра палка за няздатнасць "разабрацца" з падначаленым яму маёрам Гельдыевым. Камандзір палка адказаў, што нічога не можа зрабіць, бо і жаўнеры, і афіцэры слухаюцца Гельдыева, ідуць за ім, як качаняты за качкай.
Па прызнанні самога Курбана, любоў да Беларусі ў яго з'явілася яшчэ ў юнацтве дзякуючы ансамблю "Песняры", а ў 1991 годзе ён пазнаёміўся з дзівоснымі людзьмі, сапраўднымі патрыётамі Беларусі - Міхась Варанец, Алесь Станкевіч, Вінцэнт Чорны, Юрась Ліс … і многімі іншымі, сяброўствам з якімі ганарыўся ўсё жыццё. Дадам, што беларускія патрыёты аніколі, ані кроплі не здрадзілі свайму туркменскаму сябру. У самы цяжкі для яго час, мы абаранялі Курбана як маглі, у тым ліку наш голас у падтрымку маёра Гельдыева гучаў са старонак газет "РОКАШ" (выданне афіцэраў-беларусаў Прыазёрскай гарадской рады ТБМ, Джэзказганская вобласць, Казахстан), "НАША СЛОВА", "ЗНАМЯ ЮНОСТИ" і інш.
У жніўні 1993 года маёр Курбан Гельдыеў звольніўся з Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь па скарачэнні штатаў, вярнуўся дадому і паступіў на службу ў армію Туркменістана, а ў чэрвені 1997 года звольніўся з палкоўнічай пасады па хваробе. Была ў падпалкоўніка Гельдыева яшчэ адна прычына звальнення з войска:
"Я бачыў, што знаходжуся не на сваім месцы. Эйфарыя першых гадоў адбудоўвання [Туркменскай] Арміі прайшла. Вярталася тое, што я заўсёды адмаўляў у Савецкай Арміі, я адчуваў маральную духату і немагчымасць працаваць так, як я мог і хацеў" (з кнігі "Мая аўтабіяграфія", 2015 г.).
Пасля звальнення ў запас Курбан нядоўга працаваў менеджарам на фірме, рэдактарам аддзела ў газеце "Вечерний Ашхабад", а з верасня 1998 года - выкладчыкам у Ваенным інстытуце Міністэрства абароны Туркменістана. З 2002 года і да пенсіі па ўзросце Курбан Гельдыеў працаваў трэнерам па вялікім тэнісе ў спартыўнай школе горада Ашхабада.
- Яго немагчыма было не кахаць, - так сказала мне Алена, жонка Курбана.
- Яго немагчыма было не любіць, - так гаворым мы, беларускія сябры Курбана, якіх ён называў сваімі братамі па духу.
Наш дарагі сябар Курбан і духоўна, і па-сямейнаму (з чатырох нявестак, тры - беларускі) парадніўся з Беларуссю, праз усё жыццё пранёс павагу, любоў да нашых песняў, да нашай мовы, да нашых людзей. Вечная, светлая памяць годнаму сыну туркменскага народа Курбану ГЕЛЬДЫЕВУ…
Міхась Варанец, лепшы сябар (так называў мяне Курбан).
Прэзентацыя кнігі Алы Юшко
2 красавіка ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы ва ўтульнай, прыхільнай, творчай атмасферы адбылася прэзентацыя другога персанальнага зборніка вершаў Алы Юшко "Ларчык з сакрэтам". Павіншаваць паэтку прыйшлі сябры, члены літаратурнага аб'яднання лідскіх пісьменнікаў "Суквецце".
Гэты год праходзіць пад знакам: "Ліда - сталіца беларускага пісьменства", і вельмі прыемна, што лідскія пісьменнікі падтрымліваюць гэты высокі статус. У рамках прэзентацыі Ала Юшко расказала пра сябе, пра тое, калі быў зроблены першы крок на шляху да паэзіі, чытала вершы з новай кнігі. Для кожнага чалавека значна тое месца, дзе ён нарадзіўся, дзе прайшлі яго дзяцінства, школьныя гады, юнацтва. У вершах А. Юшко гучаць словы любові да роднай зямлі, і сваімі пачуццямі аўтар дзеліцца з чытачамі.
ТК "Культура Лідчыны".
ТВОРЧЫ ВЕЧАР ПАЭТА, ПРАЗАІКА, БАРДА ЮРАСЯ НЕРАТКА
Насамрэч, ёсць у Пісьменніцкім клубе "Літаратурны экватар" людзі знакавыя - тыя, на якіх трымаецца суполка, высокапрафесійныя і таленавітыя. Юрась Нераток - адзін з такіх людзей. Спадар Юрась больш, чым хто іншы, заслугоўваў таго, каб "Літэкватар" зрабіў для яго творчы вечар. І вось 12 сакавіка 2025 года гэтая падзея адбылася ў Менскай бібліятэцы № 1 імя Л.М. Талстога, сабраўшы пісьменнікаў, журналістаў, выкладчыкаў і моладзь з розных навучальных устаноў сталіцы.
Праводзіла мерапрыемства шэф-рэдактар "Літаратурнага экватара", пісьменніца і журналістка Інга Вінарская. Яна адразу распавяла прысутным, што імпрэза будзе складацца з двух аддзяленняў: першае - з удзелам моладзі і ўсіх прыйшоўшых на імпрэзу, а другое - з удзелам пісьменнікаў і журналістаў. І канешне, спадарыня Інга пастаралася добра распавесці пра спадара Юрася.
Юрась Нераток (сапраўднае імя - Юрый Юр'евіч Гарбачоў) нарадзіўся ў Мастоўскім раёне Гарадзенскай вобласці ў сям'і настаўнікаў-філолагаў: бацька - Гарбачоў Юрый Ігнатавіч (руская мова і літаратура), маці - Палякова Таццяна Ягораўна (беларуская мова і літаратура). Дзяцінства правёў у вёсцы Хадакі Івацэвіцкага раёна Берасцейскай вобласці. Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут (цяпер - БНТУ). У Менску жыве і працуе з 1978 года. Па асноўнай прафесіі - канструктар. Агульны працоўны стаж - 46 гадоў. Член Беларускага саюза архітэктараў (2018).
Спадар Нераток мае каля 400 публікацый больш, чым у 60 выданнях, удзельнічаў не менш чым у 30 калектыўных зборніках, рэдактар больш за 70 кніг паэзіі і прозы на рускай і беларускай мовах, у тым ліку - калектыўных. Рэдактар і карэктар не менш 50 выданняў іншага рознага кшталту. Аўтар кніг вершаў "Фотаальбом" (2003) і "Споведзь струны" (2011), вершаванага двухтомніка "Лірычныя аўтары: Нік Аблом ды іншыя" (2021), кніг прозы "Закуцце" (2007), "Комбатанты или "отребье" (2015, на рускай мове), "Непатрэбныя людзі" (2019) і "Чучмара?" (2024, пад уласным імем), асноўны аўтар і ўкладальнік калектыўнага зборніка-алігата "Рэцэпт ад песімізму" (СМС-праект) і "Буслан і Жабміла" (калектыўная электронная паэма) (2012). Адзін з суаўтараў (сумесна з Ірынай Карнаухавай і Марынай Шапавалавай) паэтычнага трыялогу "Заблытаўся сярод навін…" (2017). Ініцыятар і аўтар магістральнай паэмы ў калектыўным анлайнэкспромт-праекце "Эбола хуаньская" (2020). Уласныя кніжныя праекты рыхтуе да друку самастойна.
Юрась Нераток быў прыняты ў Саюз беларускіх пісьменнікаў у 2005 годзе, ён член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2008 года, член-заснавальнік народнага клуба паэтаў і кампазітараў (цяпер - народны калектыў аўтарскай песні і паэзіі) "Жывіца" (2015-2021), ганаровы член - з 2021 года. Адзначаны медалём Саюза пісьменнікаў Беларусі "За вялікі ўклад у літаратуру" (2017) і медалём "Максім Багдановіч" МГА СПБ.
У рускамоўнай літаратуры вядомы пад псеўданімам "Юрий Юлов". Аўтар кніг прозы "Пьяный материк" и "Экспедитор" (абедзве - 1999), зборнікаў вершаў "Монодия" (2000) і "Сон-дежавю" (2001), зборніка баек "Абстрактно о конкретном" (2000), чатырох кніг серыі "МИФ" (Мужская интеллектуальная фантазия): "Мутант", "Фермер", "Терапия", "По дороге на пикник" (2011-2012). Удзельнік анталогій "Современная русская поэзия Беларуси" (2003, рэд. А. Аўруцін) і "Поэзия русского слова" (2019, рэд. М. Мікуліч). Член Саюза расійскіх пісьменнікаў (2002), член Міжнароднага Саюза пісьменнікаў "Новый современник" (2011 - 2021). Аўтар трохмодульнай музычнай анталогіі (кнігі і дыскі) "Квингента классики и дискотека века" (2018) і шахматна-шашачнага праекта "Шахматы, которых не было, шахматистам, которые будут всегда" (2021); абодва праекты - под уласным імем. Укладальнік кнігі дзіцячай прозы "Истории про единорогов" (2019, Настя Горбачёва) і каталога-партфоліё карцін Аляксандра Ліхачова "Параллельный мир" (2021).
Спадарыня вядоўца зазначыла, што Юрась Нераток з'яўляецца адным з самых прафесійных і працаздольных сяброў рэдкалегіі альманаха "Літаратурны экватар", працаваць з якім у адной камандзе папросту здорава. Далей Інга Вінарская распавяла, што ёй асабіста вельмі падабаюцца дзве паэтычныя кнігі Юрася Нератка: "Фота-альбом" і "Споведзь струны" - і што некаторыя вершы з гэтых зборнікаў нават былі перадрукаваны ў некалькіх нумарах альманаха "Літаратурны экватар", як напрыклад паэтычны твор пад назвай "Ад беларусаў" (верш спадарыня Інга асабіста прачытала перад прысутнымі):
Бяззорней - лёс, імклівей - час.
Той б'е ў званы, той джалам круціць.
Чаго вы хочаце ад нас?
Ваду навошта каламуціць?
Навошта нас цягнуць у яр?
Вы хто? Калі ўжо разабрацца ?
нашчадкі шляхціцаў, баяр,
ліцвінаў-вояў і казацтва.
А нам што веча, што статут,
што дзіды, што мячы, што шаблі.
Спрадвеку мучымся мы тут,
а зброя наша - плуг ды граблі.
Не трэба вабіць барацьбой
і спакушаць не трэба раем!
Вы паваюйце між сабой -
мы, як заўжды, перачакаем.
Далей прывітаць Юрася Нератка выйшаў кіраўнік Пісьменніцкага клуба "Літаратурны экватар", пісьменнік і журналіст Вячаслаў Корбут. Ён зазначыў, што спадар Нераток належыць да пакалення людзей светлай волі, вялікага творчага патэнцыялу, глыбока адданых жаданню ствараць свабодную і энергетычна насычаную літаратуру. Творы Юрася Нератка дазваляюць па-іншаму паглядзець на сусвет, у іх шмат як рэалізму, так і масштабнага вымыслу і фантазіі, чаго сёння бракуе сучаснай літатуры. Самае важкае, што творы спадара Нератка падабаюцца не толькі сталым чытачам, але і моладзі. Так, маладое пакаленне яго паважліва называе "дзядзя Юра". І гэта своеасаблівае прызнанне творчасці аўтара, які застаецца не толькі маладым па духу ў сваіх кнігах, але і бадзёрым, і яркім па жыцці. Вячаслаў Корбут пажадаў Юрасю Нератку новых поспехаў, кніг і чытачоў, а таксама напрыканцы выступлення прачытаў свой верш са сцэнічнага прадстаўлення "Твой позірк":
Пра снег забудзе каляндар,
І стане вуліца дарогай.
А недзе бераг, бы ваяр,
Ён за цябе папросіць Бога.
Вясна раскрые моц сваю -
Парфума плавіць соль стагоддзяў.
І прыйдзеш ты. Я ўжо стаю
На скрыжаванні пешаходным.
Ты глянеш на далонь маю
І зразумееш след пакуты.
Не бойся, я не прытаю
Сваіх надзей, у сталь акутых.
Мы пройдзем разам шмат дарог,
Ачолеем непераможнасць.
Я сёння сэрцы засцярог
І паяднаў іх асцярожна.
Само сабой, да свайго творчага вечара Юрась Нераток падрыхтаваў вялікую разнастайную праграму. Чаго там толькі ні было! Па радах былі пушчаны каляровыя раздрукоўкі: з вокладкамі ў мініяцюры ўсіх кніг аўтара, з фотаздымкамі Юрася Нератка розных гадоў, кругавыя дыяграмы з падлікамі напрацягу году колькасці цёмнай і светлай частак сутак, а таксама ваганняў тэмператур. На экране дэманстраваўся відэарад з шасцідзесяці слайдаў, у якіх была адлюстарваная ўся творчасць аўтара, а таксама фотаздымкі за шэсцьдзесят год - як асабістыя, так і калектыўныя.
І канешне, гучалі творы Юрася Нератка - як у аўтарскім выкананні, так і з прыцягненнем да гэтай справы навучэнцаў. Так, у рамках патрыятычнага выхавання моладзі, Юрась Нераток разам з вучнямі восьмага класа сярэдняй школы Аляксандрам Васілеўскім і Міхасём Котавым прачыталі прадмову да праекта "Халакост", які адлюстроўвае гэтую страшэнную падзею ў Беларусі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Вучань восьмага класа Рыгор Гіль агучыў урывак з вясновай фантазіі "Чучмар?" Юрася Нератка - твора, які даў назву кнізе аўтара, што выйшла напрыканцы 2024 года.
Спадар Нераток прачытаў прысутным мікрапаэму "Музей валуноў" - твор з вынесенымі знакамі прыпынку, а таксама некалькі сваіх вершаў, якія адносяцца да эпічнай паэзіі: "Нік Аблом", "Дзень жаночы", "А кароткае", "Не Левітан", "Маркоўна". Тэкст апошняга верша прыводзім цалкам:
Сухая спёка тры дні запар,
У мусульманаў - рамадан…
Званіў сягоння даўні сябар:
"Жывеш у вёсцы?! Ну ты даў…"
Ну так, не мае вёска брэнда,
Калі і аграгарадок!
Але ж падзеі - непасрэдна,
І лёсы ўсе - навідавок.
Заўсёды вёска ставіць метку,
Каб афіцыйшчыну змяло.
Вось Вольгу Маркаўну - суседку -
Маркоўнай кліча ўсё сяло.
Назад мянушку забяры-ка!
Адкуль "Маркоўна"? - не да нас.
Магчыма, бойкі пад'ялдыка
Пацэліў пад вясёлы час.
Адны і тыя ж мікрачыпы
Заўжды ўключаюцца ў яе:
"Калі ажэнішся, Нічыпар?"
Замест "Дзень добры" выдае.
Ну так, канешне, я не кібарг -
Інстынкты часам засцяць глузд!
Ды ў вёсцы - небагаты выбар,
Зато ў мяне - дыхтоўны густ.
Сказаць, што сам жаніх зайздросны -
Онлайн-піяр на ўсё сяло!
…Ды і абсыпаліся вёсны,
Як жаніхацца ў кайф было.
Але і Маркаўну не дужа
Люляе Божая рука:
Адна дачка - з п'янюгам-мужам,
Другая - няньчыць байструка.
Ды і мужык у цёткі Волі
Быў чалавек сабе наўме:
Спачатку піў, пасля сваволіў,
Урэшце - гікнуўся ў турме.
Навошта мантыя-туніка -
Сігнал забойны, як пяршак!
Што Вользе Маркаўне да Ніка,
Калі сваё ідзе не так?!
Таму і адкажу жартоўна,
Даслаўшы прывітальны жэст:
"Яшчэ ажэнімся, Маркоўна!
Шлі на агледзіны нявест!"
Завяршыў асабістую праграму Юрася Нератка і першае аддзяленне імпрэзы бард-калаж з песень аўтара пад гітару, які прысутныя праслухалі ў запісы. У бард-калаж былі ўключаны самыя розныя музычныя творы. Сярод іх: "Той год", "Туманы", "Перапеў", "Тры майстры", "Стары воін", "Начны баль" і іншыя.
У другім аддзяленні сябры - пісьменнікі ды журналісты - віталі Юрася Нератка. Распачаў гэтую справу прафесар, доктар навук, літаратар Алег Мельнікаў. Спадар Алег шмат цёплых словаў сказаў у адрас спадара Юрася - яны даўнія сябры, а таксама прачытаў спецыяльна падрыхтаваную да такога выпадку вясёлую пародыю на адзін з твораў аўтара. Затым аркуш з тэкстам пародыі быў урачыста ўручаны спадаром Мельнікавым спадару Нератку.
Паэт Вячаслаў Данілаў зазначыў, што ведае Юрася Нератка звыш дваццаці год і ганарыцца знаёмствам з такім чалавекам. Спадар Юрась не аднойчы пісаў артыкулы пра Вячаслава Данілава і нават рэцэнзіі на ягоныя кнігі - заўсёды станоўчыя. У якасці вітання Вячаслаў прачытаў прысутным некалькі сваіх новых вершаў.
Рэдактарка, журналістка, паэтка Вольга Норына (Паўлючэнка) ухваліла дыяпазон творчага таленту Юрася Нератка, распавёўшы прысутным, што чытала цалкам усе кнігі гэтага аўтара: і паэзіі, і прозы. Узгадвала Нератка-пачаткоўца, калі ён з раннімі сваімі вершамі абіваў парогі рэдакцый. Але нават тады ў гэтых паэтычных творах ужо быў бачны талент. Вольга падзялілася з прысутнымі добрай навіной: акурат перад Восьмым сакавіка ў яе выйшла новая кніга "Сосновая иголка". Некалькі вершаў з яе спадарыня прачытала, а потым падаравала экземпляр кнігі спадару Юрасю.
Паэтка Таццяна Пратасевіч распавяла, што знаёмая з Юрасём Нератком з 2004 года, а сустрэліся яны ўпершыню на паседжанні "Літаратурнага прадмесця" - творчай суполкі, якая пэўны час працавала ў сталічным музеі Максіма Багдановіча. Апошнім часам спадарыня эксперыментуе з формамі, піша вершы ў розных тэхніках. Некалькі сваіх эксперыментальных твораў Таццяна прачытала ў той вечар. Сярод іх быў і верш пад назвай "Танцы з ветрам і пчоламі" (хоку):
Верба клоніцца.
Вецер танчыць ухапіў -
З месца не сыйсці.
Сонца коціцца.
Небасхіл вады папіў,
Вецер крыху сціх.
Разам з пчоламі
Кветкі жбутыя ляцяць.
Заўтра Вербнае.
Кружаць коламі
Мёд вясновы пазбіраць.
Першацветнае.
Паэтка Тамара Залеская - таксама даўняя сяброўка Юрася Нератка. Яна распавяла прысутным, што вельмі цэніць гэтага чалавека: і як аўтара, і як сябра. Спадарыня Тамара прачытала некалькі сваіх лірычных вясновых твораў - у якасці падарунка сябру.
Паэт, філосаф, кандыдат філасофскіх навук Ігар Шыршоў адзначыў, што Юрась Нераток прыхільны ў сваёй творчасці мяцежнаму натуралізму, а гэта вельмі блізка па сутнасці Ігару Яўгенавічу. Спадар Шыршоў чытаў прысутным свае эратычныя вершы пра каханне і пра сваіх каханых: творы гучалі як зусім новыя, так і з выйшаўшай пэўны час таму кнігі "Vanitе d'аmour. Тщета любви".
Напрыканцы імпрэзы вядучая мерапрыемства Інга Вінарская таксама вырашыла прывітаць віноўніка ўрачыстасці адным са сваіх вершаў з цыкла "Вясновая рапсодыя", які быў надрукаваны ў альманаху "Літаратурны экватар" № 11 (13) за 2022 год:
Дзе ж тая лесвіца ў неба?
Дзе шанцаванне - каб новае?
Шчасця хоць трошачкі трэба ?
Праз навальніцы вясновыя...
Эх вы, дарогі ды вёрсты,
Вехі ў жыцці непрыкаяным...
Многа магіл там - няпростых,
Слёз і пакутаў, раскаяння...
Што ж, значыць, праўду цыганка
Мне праз далонь набалакала:
Будзе і дом, і альтанка,
Іншага шмат усялякага, -
Кепска з каханнем напеўным:
Шмат нарачоных, апранутых...
Небу лепш бачна, напэўна, -
Што ж выбіраць між падманутых?
Там, дзе паляны лясныя
Поўняцца ўсе першацветамі,
Птушкі пяюць, завадныя,
Думкі плывуць запаветныя.
Уваскрасае прырода,
Сонца мігціць прамяністае!
Гора сыходзіць, нягоды,
Радасць на змену ім - чыстая!..
На гэтым другое аддзяленне святочнай імпрэзы было завершана. Але пісьменнікі яшчэ пэўны час не разыходзіліся, абменьваючыся паміж сабой нейкімі навінамі з жыцця, успамінамі і проста прыемнымі словамі.
Інга Вінарская, Вячаслаў Корбут.
20 гадоў без Апанаса Цыхуна
10 сакавіка 2005 года перастала біцца сэрца шчырага беларуса Апанаса Цыхуна. Гарадзенская зямля развіталася з адным з апошніх заходнебеларускіх інтэлігентаў, узгадаваных традыцыйнай народнай культурай гэтых мясцін. Яго сябры і знаёмыя пастараліся, каб імя настаўніка і асветніка не было забыта на Гарадзенскай зямлі.
У Гарадзенскай абласной бібліятэцы імя Я. Карскага захоўваецца фонд А. Цыхуна. У гімназіі № 1 г. Гародні ў музеі Я. Карскага зроблены стэнд, прысвечаны памяці А. Цыхуна. У в. Луцкаўляны ў музеі на суседніх стэндах захоўваюцца асабістыя рэчы і дакументы акадэміка Я. Карскага, настаўніка і краязнаўца А. Цыхуна, настаўніка, наркама асветы і правадніка беларусізацыі А. Баліцкага, якія нагадваюць экскурсантам пра неабходнасць ашчаднага захавання памяці пра слаўных беларусаў Лашанскіх ваколіц. Да 105 гадовага юбілею А. Цыхуна выйшла новым накладам дапоўненая кніга А. Цыхуна "Скарбы народнай мовы", над якой 10 месяцаў працаваў сябар ТБМ Іван Буднік. У 1993 г. першая кніга атрымала выдатныя водгукі ад самых вядомых пісьменнікаў і журналістаў краіны і стала бібліяграфічнай каштоўнасцю. Другая кніга, дапоўненая Іванам Буднікам з рукапісаў А. Цыхуна, выйшла праз 21 год і таксама хутка разышлася. Акрамя працаў ў галіне філалогіі і мясцовай гісторыі варта адзначыць значны ўклад Апанаса Пятровіча ў тапанімістыку Гарадзенскага раёна.
Улічваючы шматгранны талент і вялікі аўтарытэт сярод гарадзенскіх настаўнікаў, краязнаўцаў, пісьменнікаў, пакінутую нашчадкам гістарычна-культурную спадчыну ў фондзе бібліятэкі імя Я. Карскага, усведамляючы агромністую асветніцкую і патрыятычна-выхаваўчую работу ў навучальных установах Гарадзеншчыны, актыўную папулярызацыю беларускай мовы і славутых гарадзенцаў розных нацыянальнасцяў, у 2012 годзе Гарадзенская абласная арганізацыя ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" і сябры СПБ звярнуліся ў Гарадзенскі гарвыканкам з просьбай аб наданні імя заслужанага настаўніка Беларусі Цыхуна Апанаса Пятровіча адной з вуліц Гародні. За некалькі месяцаў да 105-гадовага юбілею А. Цыхуна стала вядома, што праца па зборы подпісаў (105 подпісаў) у 2012 годзе не прайшла дарам і вуліца ў Гародні (раён Забалаць-2) названа імем Апанаса Цыхуна.
Амаль кожны год, каля магілы А. Цыхуна збіраюцца яго немаладыя сябры, знаёмыя, каб аддаць даніну памяці, пакласці кветкі, пачытаць яго вершы…
Спадзяюся, што і жыхары вуліцы А. Цыхуна ў мікрараёне Забалаць-2, пачытаўшы яго кнігі, будуць больш ведаць пра Гарадзенскі раён і пра гэтага выдатнага чалавека з добрай душой і сэрцам, вартага доўгай памяці…
А. Крой.
115 гадоў з дня нараджэння Барыса Кіта
Беларускі грамадскі дзеяч, педагог, матэматык, фізік, канструктар, распрацоўшчык ракетнага паліва для NASA, доктар філасофіі ў галіне матэматыкі, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі і многіх іншых міжнародных і нацыянальных акадэмій і аб'яднанняў Барыс Кіт (сапраўднае прозвішча Кіта) нарадзіўся 6 красавіка 1910 года ў Пецярбургу.
Пасля кастрычніцкага перавароту ў Расеі ягоны бацька перавёз сям'ю ў родную вёску Агароднікі Карэліцкага раёна. Калі Барысу Кіту было 10 гадоў, памерла яго маці. Вучыўся ў Наваградскай гімназіі, закончыў Віленскі ўніверсітэт імя Стэфана Баторыя, выкладаў матэматыку, быў выкладчыкам і дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі, Наваградскай гімназіі, іншых школ на Віленшчыне.
Разам з выкладчыцкай дзейнасцю Барыс Кіт не забываўся і пра беларускую справу - актыўна займаўся развіццём беларускай школы ў Заходняй Беларусі. Двойчы арыштоўваўся польскімі ўладамі і сядзеў у турме: першы раз у Наваградку за дачыненні з "Грамадой" Браніслава Тарашкевіча, другі раз у Віленскай турме на Лукішках па справе Таварыства беларускай школы.
З прыходам савецкай улады Барыс Кіт застаецца ў адукацыйнай сферы - працуе школьным інспектарам у Баранавіцкай вобласці, займаецца арганізацыяй беларускіх школ, выкладае матэматыку.
У час нямецкай акупацыі Барыс Кіт працаваў дырэктарам Беларускай настаўніцкай семінарыі ў Маладзечне, а пасля ў Паставах. За немцамі, як і за палякамі, яго зноў арыштоўваюць і кідаюць за краты. Гэтым разам яго нават ледзь не расстралялі - ад смерці ў Вілейскім СД выратавалі колішнія яго вучні з Віленскай беларускай гімназіі.
У 1944 годзе, калі Чырвоная Армія наступала па ўсіх франтах, Барыс Кіт разам з іншымі вядомымі беларускімі дзеячамі культуры і навукі выязджае на Захад, спачатку ў Германію, а затым у Амерыку. Усе яны добра разумелі, што іх чакае па вяртанні савецкай улады, таму выбралі жыццё на чужыне.
У 1948 годзе Барыс Кіт эміграваў у ЗША. Працаваў у розных кампаніях, а з 1950 года ўдзельнічаў у амерыканскіх праектах падрыхтоўкі да палётаў у космас, даследаваў касмічныя праграмы СССР. Ён першым разлічыў прынцыпы выкарыстання вадароду як паліва для касмічных ракет, аўтар першага ў гісторыі навукі падручніка па ракетнай тэхніцы і ракетным паліве.
У пачатку 1990-ых гадоў наведваў Беларусь, прапаноўваў беларускаму ўраду за свае грошы адкрыць беларускамоўны ўніверсітэт, але чыноўнікі адмовіліся, бо ён хацеў, каб універсітэт быў беларускамоўным. Апошнія 35 гадоў Барыс Кіт жыў у Франкфурце-на-Майне ў Германіі. На свае юбілеі ён заўсёды атрымліваў віншаванні ад прэзідэнта ЗША. Пражыў амаль 108 гадоў.
У снежні 2017 года Барыс Кіт сказаў: "Беларусам ХХІ стагоддзя я жадаю не забыць сваёй беларускасці і рабіць дзеля яе тое, што магчыма. Вельмі шмат беларусаў здрадзілі Беларусі, кінулі яе, а я не здрадзіў, я працаваў на беларускую справу. Я рабіў усё правільна, Бог гэта бачыў і зрабіў так, што я не памёр дасюль".
Памёр Барыс Кіт 1 лютага 2018 года. Пахаваны на праваслаўных могілках у нямецкім горадзе Вісбадэн, дзе загадзя выкупіў участак.
4 чэрвеня 2008 года ў Наваградскай сярэдняй школе № 1 адчынены музей Барыса Кіта. На будынку школы, дзе Барыс Кіт працаваў у перадваенны час, усталявана памятная дошка. Кіт быў абвешчаны ганаровым грамадзянінам Наваградка, ганаровым доктарам навук Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Выйшлі ў свет дзве кнігі пра славутага навукоўца - "Вяртанне" (1993) і "Космас беларуса" (1996) Лідзіі Савік. У Вашынгтане (ЗША) у капсуле часу, якая будзе адкрыта праз 500 гадоў, ёсць і біяграфія Барыса Кіта. Беларускі кінарэжысёр Віктар Дашук зняў кінафільм "Барыс Кіт - апошні з магіканаў".
Паводле СМІ.
Некалькі гадоў маёй маладосці ў Вільні (1818-1825) 1
Станіслаў Мараўскі
(Працяг. Пачатак упапярэдніх нумарах.)
На яго шчасце, прыехаў малады ў той час Людвік Пац, які потым стаў генералам, а ў 1831 г. эмігрантам, беспрытульным выгнанцам і закончыў ён сваё жыццё ад гарачкі ў Смірне87. Гэта быў прыстойны, багаты малады чалавек у самым прывабным веку. Жанчыны цікавіліся ім, і ён не бараніўся ад іх, але на гэтым не спыняўся і шукаў прыгод у менш далікатных і больш брудных крыніцах. Нагурская пакахала яго па-свойму, па-італьянску. Пац, пажадаў належным чынам адказаць ёй, нягледзячы нават на тое, што пакутаваў ад нясціплай хваробы. Ён уступіў з ёй у цесную сувязь і перадаў сваю хваробу, а сам, узняўшы хвост, уцёк з вільнянкай. Хворы Нагурскі, на бяду, цяпер часцей, чым звычайна, прагнуў кахання са сваёй жонкай. Выпадала альбо неяк засцерагчыся ад настойлівага мужа, альбо адкрыць свой сорам і ганьбу! Новы зварот да майго бацькі. З усёй пакорай прызналася і ён сакрэтна знайшоў для яе трох дактароў, узяў на сябе ўсю справу па стрыманні яе мужа і гэтак зрабіў для гэтай жанчыны новую важную паслугу.
Віленскія лекары не бачылі паратунку ў сваёй навуцы і параілі Нагурскаму для лекавання чорнай жаўтухі змяніць клімат і выехаць за мяжу, у Вену, дзе ў той час працавалі знакамітыя дактары Франкі, бацька і сын, і было шмат іншых добрых лекараў.
Выехалі. Але весткі з дарогі пакідалі мала надзеі. Больш за тое, калі Нагурскі прыехаў у Вену, яго з усіх бакоў засыпалі ананімнымі лістамі з папярэджаннямі, што жонка збіраецца яго атруціць. Нарабілі яму клопатаў, але сваю жонку ён ужо і без гэтага не мог цярпець. Абрыдла яму дачка кухара, і ён прыбраў яе з сваіх вачэй і прыклаў усе намаганні, каб выратаваць свае жыццё. Падазрэнні былі фальшывымі. Але не таму, што пані не была гатовая зрабіць такі крок, а таму, што не мела ад мужа ніякага запісу на маёмасць і яе лёс цалкам залежаў ад яго жыцця. А смерць тым часам набліжалася! І ў гэтай крытычнай сітуацыі яна зноў звярнулася да майго бацькі і напісала да яго жаласны ліст, які ён доўга захоўваў у сваёй калекцыі і паказаў яго мне, а потым аднойчы, у хвіліну гневу і абурэння на гэтую жанчыну, кінуў у агонь разам з многімі іншымі яе памятнымі рэчамі. У тым лісце яна заклінала яго боскімі ранамі і ўсім для яго святым, каб кінуў ўсё і паспяшаўся ў Вену ратаваць яе. Быў тады заняты сваімі важнымі справамі, але прыслухаўся да гэтага роспачнага голасу і хутка паехаў у Вену, прарваўся да хворага Нагурскага, які зачыніўся ад ўсяго белага свету, і сваім красамоўствам пераканаў яго завяшчаць 400 000 злотых сваёй жонцы. Больш вырваць з вантробаў Нагурскага для яе не змог, бо свае мільёны той запісаў на аддаленую і невядомую сям'ю.
Гэта было трэцяе і галоўнае дабрадзейства якое мой бацька зрабіў гэтай жанчыне за час іх мімалётнага цялеснага кахання. Здаецца, яна павінна была быць яму ўдзячнай. Але ў італьянцаў ёсць прыказка: "Як толькі небяспека мінае, падмані і святога".
Неўзабаве, пасля вяртання майго бацькі ў Літву, Каэтан Нагурскі памёр за мяжой. Яго жонка, што магла, узяла ад яго, па-свойму закахалася ў нейкага кавалера Анджаліні і паехала за ім у Дрэздэн, дзе гэты Анджаліні быў пасланнікам. Пры гэтым даслала майму бацьку, не спытаўшы яго, ці згодны і мае вольны час, паўнамоцтвы на ўрэгуляванне яе інтарэсаў у Літве, якім нешта пагражала. І ён зрабіў гэта для яе. Але ён не мог справіцца з уладкаваннем закладу маёнтка Куртавяны ці Куртаўцы88 (дакладна ўжо не памятаю) і таму паслаў туды свайго брата Мікалая, маладога, прыгожага і вельмі сумленнага хлопца з належнымі інструкцыямі. Брат нечакана знайшоў там італьянку, родную сястру Нагурскай, цішком прывезеную з Венецыі каб атрымаць тут адукацыю і, калі падвучыцца, выйсці замуж.
І яна добра падвучылася! Не мела дзіўнай прыгажосці сваёй сястры, але была добрай і чулай. З-за пастаяннага кантакту на вёсцы, мой брат закахаўся ў яе. У выніку гэтага рамана брат нечакана стаў сваяком пані Нагурскай. Нягледзячы на ўсе намаганні, жанчына даведалася пра гэта ад паслужлівых людзей і, як няцяжка здагадацца, была не рада, бо яе асабістае каханне было безвыніковым. А панна, калі ўсё загаілася, пакінула наш край і вярнулася ў Італію дзе з дапамогай старэйшай сястры выйшла замуж за нейкага італьянскага графа ці князя, які пра яе нічога не ведаў і да гэтага часу з ёй шчасліва жыве89.
Знуджаная Анджаліні, страціўшы грошы ўзятыя гатоўкай пасля смерці мужа, Нагурская нарэшце мусіла вярнуцца ў сваю міласэрную Літву, прыгожую і заўсёды чароўную. Покуль яна завяла новыя раманы, мой бацька - яе стары прыяцель, без усялякай ахвоты заняў каля яе месца і зноў пачаў ўдзельнічаць у інтэрмедыях. У любоўных гульнях, абвостраных доўгай адсутнасцю, з Нагурскай здарыўся вельмі прыемны для мужчыны выпадак, які мог сведчыць, што з-за моцных пачуццяў яна цалкам забылася. Лавелас ганарыўся сваім трыумфам, не змог утрымаць гэту гісторыю ў сакрэце і патаемна расказаў яе адной са сваіх каханак. Рэўнасць адкрыла вусны. У той жа вечар пра гэта ведала ледзь не ўся Вільня. Праз некалькі дзён дайшло і да Нагурскай, якая, каб палепшыць грамадскую думку, удавала з сябе засмучаную ўдаву, таму грамадскае стаўленне да яе значна і як быццам несправядліва, пахіснулася. А ў той час яна ўжо палявала на Бенігсена, які толькі што прыехаў сюды генерал-губернатарам. Усё, што магло выклікаць гнеў і лютую раз'юшанасць львіцы, адразу выбухнула на майго бацьку. Каралева шведская Крысціна адсекла галаву Манальдэскі. Наша італьянка не магла зрабіць гэтага, але вельмі хацела. Сяброўства з бацькам, яго паслугі, дабрадзейства і апека сталіся як быццам пісаныя на пяску і адразу зніклі, адсюль і назаўсёды засталася толькі помста, італьянская помста! Падставай для гэтага стала цяжарнасць яе сястры, якая нібыта стала ганьбай яе дома і крыўдай яе крыві. А таксама, нібыта парушэнні закону, якія Мікалай Мараўскі, быццам бы навязаў яе сям'і ў Куртавянах. Маючы пратэкцыю Бенігсена, яна адразу адазвала ранейшыя юрыдычная паўнамоцтвы, якія прынеслі толькі беды і нягоды і з таго часу не прапускала нават найменшай магчымасці нашкодзіць майму бацьку. Урэшце-рэшт яны зненавідзелі адно аднаго і нават у старасці, як я памятаю, туды, куды з візітам прыехаў Мараўскі, але там была Агінская - яна адразу знікала, і тое ж самае рабіў мой бацька.
Прыйшоў час расказаць, як Неры стала княгіняй Агінскай. Стары Бенігсен, як я ўжо казаў вышэй, закахаўся ў Нагурскую. Зразумела, што калі яна была ў яго руках, яна маўчала пра свае любоўныя гісторыі, але адначасова з ім мела шмат розных маладых людзей, якія патаемна ўзнагароджвалі яе сваімі ласкамі і таксама ніколі не ведалі пра іншых. Сярод іх быў і Міхал князь Агінскі, раней літоўскі падскарбій, дыгнітарый, пляменнік гетмана, а потым расійскі сенатар і фаварыт цара Аляксандра. Прыгожы, статны мужчына, марнатраўца, знакаміты музыкант і перш за ўсё знакаміты бабнік. Разведзены з Лясоцкай, з якой меў двух сыноў, ён пусціў на глупствы яе і свае вялікія маёнткі і ўжо пачаў шукаць падтрымку ў службе рускаму двару, калі смерць гетмана Агінскага зноў дала яму вялізныя маёнткі, з якімі ён таксама ўзяў на сябе і вялізныя даўгі. Каб уладкаваць свае інтарэсы, ён на нейкі час прыехаў у Вільню і смяртэльна закахаўся ў Нагурскую. Яна таксама хілілася да яго. А каб бавіцца як мага больш сакрэтна, аддала ключы ад патаемнага ўваходу, праз які ён увесь час прабіраўся да яе ў спальню. Закаханы Бенігсен, якога яна рыхтавала ў мужы, і справы з якім зайшлі ўжо далёка, баяўся скампраметаваць сябе і яе публічнымі візітамі і па яго настойлівай просьбе, таксама атрымаў падобныя ключы, але з канкрэтна вызначанымі гадзінамі, у якія мог да яе прыходзіць. Так працягвалася каля месяца, калі Бенігсен, па-майстэрску распалены какеткай, у муках кахання, вырашыў неадкладна пайсці да Нагурскай і папрасіць яе рукі. Натуральна, маючы такую мэту, ён не звяртаў увагу на дазволеныя гадзіны і, адчыніўшы дзверы, апынуўся ў спальні Нагурскай. Глядзіць на ложак, і о, жах! У ім бачыць Агінскага са сваёй каханкай!
Стары назаўжды зачыніў за сабой дзверы, але гэты выпадак прымусіў Агінскага ажаніцца, да таго ж Нагруская ўжо зацяжарыла ад яго. Гэтая цяжарнасць праз некалькі месяцаў пасля шлюбу развязалася дачкой Амаліяй, ці, калі жадаеце, Амеліяй, якая потым выйшла замуж за графа Залускага90. Сваёй дабрынёй, лагоднасцю, вучонасцю, вернасцю і адданасцю мужу, сваімі розумам і цнотай, яна адрознівалася ад маці і таму ніколі не была ёю любімай.
Вось так мы і атрымалі венецыянскую кухарку аздобленую сенатарскім і княжым тытуламі! Няма іншага месца для гэтай чужаземнай галоты, як толькі наша зямля! Хто асмеліцца падлічыць усе прыгоды, усе слабасці, ўсе здрады гэтай жанчыны? Агінскі не змог утаймаваць паводку, і сам, маючы амаль што на кожнай вуліцы адну, калі не дзве палюбоўніцы, усё дазволіў жонцы і адпусціў яе. А яна стала ўжо сапраўднай пані, ганарлівай арыстакраткай - сапраўднай арыстакраткай ў поўным сэнсе гэтага слова. Ніхто ўжо і ніколі не мог адчуць ад яе пах катла ці патэльні. Яна забылася пра паленту і макароны! Цалкам прыняла гэты імпануючы ёй панскі тон і дух, і нават сама пачала верыць, што нарадзілася ў княжай кароне і для кароны. Бляск дома, самыя перадавыя вынаходніцтвы ў выгодах жыцця, з густам аздобленая мужам рэзідэнцыя ў Залессі, дасканаласць напудраных слуг у ядвабных панчохах і фраках у талію. Мела розум, смеласць, гонар, не кажучы ўжо пра геніяльнасць - ва ўсім яна цалкам пераўзыходзіла сваё атачэнне, але разам з тым мела і злачынны эгаізм і поўную адсутнасць высакародных пачуццяў. Заглушаныя галасы сэрца і сумлення давалі ёй натуральную перавагу над людзьмі, якія мелі сэрца. Смелыя і бессаромныя паводзіны і какетства, схаванае ў гжэчнасці. Хітрасць італьянкі, лоўкасць лісы, нарэшце, з'яўленне ў свеце новага пакалення, якое не магло ведаць пра яе мінулае - усё гэта ператварыла яе ў сур'ёзную, паважаную, незвычайную і дзіўную жанчыну, перад якой усе, як перад боствам, у нас і за мяжой схілялі свае галовы! Не было такога значнага чалавека, не было маладзейшага за яе рускага генерала, не было нават і прыгожага лакея, якія не былі б яе каханкамі. Рэшту дапаўнялі акцёры, спевакі і простыя жаўнеры. Я не раблю ёй крыўду, бо яна сама не хавала гэтага ад людзей. Акрамя Залуцкай, якая нарадзілася ад Агінскага, у кожнай з яе дачок быў іншы бацька. Быў сын ад спевака Пальяні, мужчыны, дарэшты знуджанага спадніцай старой княгіні, які потым ажаніўся з нашай слаўнай спявачкай, паннай Бальбені. У 1841 г. сына яго і Агінскай, несправядліва абвінавацілі ў нейкім тайным злачынстве і кінулі ў цвердзь у Пецярбургу, а яе, ужо ў сталым ўзросце, па той жа прычыне арыштавалі ў Залессі, у простых санях прывезлі ў Вільню без прыслугі, а толькі з яўрэйскім фактарам замест камердынера, і яна тут не мела права зрабіць ні кроку з дому. Тады праз сваю дачку Кубліцкую разаслала ў Пецярбург лісты з просьбамі. Што ў іх было? Яна напісала кожнаму з высокапастаўленых генералаў, ясна растлумачыла кожнаму з міністраў, што калі ён дапаможа яе сыну дык адначасова выратуе і сваю кроў! І кожны з іх паверыў у сваё бацькоўства, і кожны з іх звярнуўся да манарха, і як вынік - сын выйшаў з вязніцы.
Вось і ведайце, якія ў нас былі лялькі! Наша шчасце, што яна італьянка!
Да кароткага жыццяпісу гэтай зласлівай, але па сучасным меркаванні, геніяльнай жанчыны, я дадам яшчэ дзве гісторыі, у якіх бачна, якое яна мела сэрца. У 1820 г. Агінскі, маючы за мяжой жонку ў даўгах і больш нідзе не знайшоўшы крэдыту, па намове, відочна, самога д'ябла, з сваім паўнамоцным прадстаўніком, высакародным і мілым Антоніям Гінетам, прыехаў да майго бацькі і на каленях маліў даць яму 4000 рублёў срэбрам: "Бо ў Фларэнцыі жонка босая ходзіць". У пачцівым сэрцы бацькі адрадзілася даўняя зычлівасць да яе, бо пад суровай знешнасцю ён меў вельмі мяккае і незласлівае сэрца. Бацька даў грошы, але на ўмовах, што Агінскі паведаміць, хто яе выратаваў і на гэта раз. Гінет памёр, жанчына вярнулася і ўбачыла, што яе муж без грошай. Тады заключыла кантракт, прымусіла Агінскага перапісаць на яе ўвесь свой маёнтак і завалодала ўсёй маёмасцю, а потым пасяліла яго ў Італіі на вызначанай ёю пенсіі, дзе неўзабаве, пасля публікацыі сваіх успамінаў, ён і памёр. А сама яна паехала ў Пецярбург, каб галавой і тым, чым яшчэ магла, ратаваць свае грошы91. Ледзь не ўсе даўгі яна пакрыла сваім пасагам ад Нагурскага, які мой бацька выбіў у Нагурскага ў памеры 400 000 злотых і якія яна павялічыла да некалькіх мільёнаў бо нібыта купіла маёнтак Рэтаў. Захавала за сабой яшчэ і Залессе, а рэшту аддала на эксдывізію (падзел маёнткаў і продаж па частках. - Л. Л.). Такім чынам ўсіх крэдытораў мужа пакінула без грошай, а сама зноў стала багатай!
Але самы нахабным было тое, што яна шчыра імкнулася адмовіцца ад крэдыту перад маім бацькам. Яна адмовіла яму і пры сваім вялікім багацці перавяла доўг на агульную эксдывізію свайго мужа, хаця гэтыя грошы даваліся ёй асабіста, каб даслаць у Італію, дзе яна ўжо не мела за што жыць! Мой стары не вярнуў ні грошы, ні працэнты, бо мусіў адмовіцца ад маёмасці ў Маладзечне з эксдывізіі, на якой меліся даўгі перад скарбам і выплата падаткаў з афармленнем папер каштавала б больш, чым той маёнтак. Бацька суцяшаў сабе толькі тым, што гэтае яго каханне было такім дарагім.
Сенатар Агінскі, як я ўжо згадваў, меў ад Лясоцкай двух сыноў - Тадэвуша і Ксаверыя, якія ажаніліся з сёстрамі Рэно і сядзелі "на жончыных фартухах", бо ніякіх спадкаў ад бацькоў не атрымалі92. Іхняя маці сваім былым мужам Агінскім была даведзена да апошняй стадыі галечы. Калі іх мачыха "княжна дэ Неры", як яна сама сябе называла, выплачвала даўгі, гэтыя два сыны запатрабавалі сваёй часткі. Агінская адказала, што яна мае толькі сваё і нічога з гэтага не належыць яе мужу. Падманула братоў нейкай надзеяй на разлік і паехала ў Вільню.
Абурэнне супраць яе было агульным. На гэтых двух сыноў, гэтых сапраўдных нашчадкаў роду, усе глядзелі са спачуваннем, бо яны ўмелі ўсім дагадзіць сваімі талентамі і паводзінамі. Гаворка ішла толькі пра 20 000 рублёў срэбрам, якія б вырашылі праблемы абодвух. Нават яе сын Ірэней пагадзіўся выплаціць гэтыя грошы, бо саромеўся свайго багацця побач з іх сумленнай беднасцю. Тады з Пецярбурга я прыехаў у Вільню і ўбачыў гэтыя круцельскія, сямейна-юрыдычныя праблемы. Ксаверый з 1818 г. быў маім добрым знаёмым. Абураны несправядлівасцю ў дачыненні да гэтых бедных людзей, я звярнуўся да паўнамоцнага прадстаўніка Агінскай Новамейскага, каб ён растлумачыў жанчыне справу і ўгаварыў заплаціць мізэрную для яе суму. Гэты чалавек, нагавораны мной, асмеліўся пайсці да яе і выказацца настолькі смела, наколькі яму дазваляла сарамлівасць і павага да сваёй патронкі. Што на гэта адказала княгігя? Вось такі адказ і такі ўльтыматум ён нам перадаў: "Княгіня адусюль чуе, што пасербы пагражаюць ёй зброяй, але не дасць ім ані гроша, лепш яна пойдзе ў суд, патраціць на гэта 40 000 рублёў срэбрам і цалкам згубіць гэтыя грошы, чым даць ім хоць палову гэтай сумы, каб зрабіць шчаслівымі сыноў свайго мужа". Цудоўная душа, няма чаго сказаць! Але смерць ў беднасці і пакутах гэтых двух няшчасных людзей вызваліла ведзьму ад такога злачынства. І сама яна хутка, скручаная, памерла ад артрыту, знесла цяжкія грахі ў сваё гняздо, бо паехала ў Італію, і там, на востраве Ісх'я, падобна, і сёння тлеюць яе парэшткі.
Даведаўшыся пра "нявінную" Неры, вы, магчыма захочаце даведацца, што стала з яе старым каханкам, з гэтым "удавам", са славутым душыцелям свайго манарха, адным словам з графам Бенігсенам93. Ён належыць гісторыі і там вы ўсё пра яго знойдзеце. […]
Пасля той вялікай паразы ў Нагурскай, пра якую я пісаў вышэй, генерал-граф Бенігсен рэтыраваўся і хутка ажаніўся з Андрэйкавічаўнай, паннай са шляхетнага і знатнага гарадзенскага роду. Не ведаў графіню, бо яна здаўна жыла за мяжой. Аднак пра яе ў час майго знаходжання ў Вільні хадзіў анекдот, які пацвердзіў яе брат, былы гарадзенскі губернатар, які быў са мной у цесных зносінах у Пецярбургу.
Графіня была смелая, вясёлая і дасціпная. Маўляў, з-за нейкай дамоўленасці з Шуазелямі, як потым казалі, ці з-за палітычных інтрыг, у Вільню з Парыжа прыехаў нейкі пан Левіс. Неўзабаве ён стаў душой мясцовых салонаў. Без Левіса не прыходзіла ні адна забава, баль ці пікнік. Нарэшце, да вялікага жалю нашых дам, ён мусіў пакінуць Вільню! Развітваліся з ім сардэчна. Давалі абеды. Графіня Бенігсен на галоўным абедзе, зразумела, што гэта быў абед у генерал-губернатара, узняла наступны тост у гонар Левіса … Але ці магу я яго паўтарыць? Гэты каламбур крыху падобны на тое, што французы называць un mot de gueule (брудныя словы. - Л. Л.). Але, калі дамы маглі пачуць такое без скандалу, чаму вочы і вушы майго прыяцеля ці сваяка, які будзе гэта чытаць, павінны быць больш чуйнымі? Напішу!
Графіня з пэўнай зменай у акцэнце, адкінуўшы слова "месье", падняла келіх і усклікнула: "Vive Lewis!". … і думала, што застане яго знянацку.
Француз, які напэўна і ў сваёй краіне шмат разоў сустракаўся з гэтай гульнёй слоў, без найменшага вагання, падняўся, вельмі ветліва ўсім пакланіўся і адразу выкрыкнуў: "Et les convives!" ("І госці!". фр.).
Той, хто захоча знайсці тут дзіўна дасціпны сэнс, знойдзе яго сам. А каму гэта не падабаецца, хай жуе кашу94.
Раздзел 6. Караль Мараўскі. Яго маці і візіт аўтара да яе. Знаёмыя Караля. Земскі ашмянскі старшыня Сарока. Шамбелян Бянкуньскі. Хірург Мар'янскі і анекдоты пра яго. Упіцкі маршалак. Анекдоты пра Леона Бароўскага. Іншыя знаёмыя Мараўскага
Я ўжо казаў, што падчас пахавання пралата Длускага ўпершыню сустрэў і ўбачыў свайго цёзку Караля Мараўскага. Гэта быў прыгожы і добры чалавек прыстойнага росту, меў блакітныя вочы, цёмна-каштанавыя валасы закручаныя ў кудзеркі, сям-там усыпаныя сівізной, хоць яму і было не больш за 30 гадоў. Лоб высокі, высакародны, удумлівы твар з прыемнай усмешкай. Белыя зубы. Ціцыянавыя плечы, звонкі голас, паважны, поўны годнасці выгляд. У стасунках з людзьмі паводзіў сябе больш сціпла і ветліва, чым звычайныя людзі. Сэрца анёла, характар мяккі, разумная і начытаная галава, досціпу шмат, але без жоўці. Душа чыстая, як крышталь. Незвычайна назіральны. Адзін з самых добрых людзей, якіх я калі-небудзь ведаў у жыцці. Зараз я, аддзелены ад свету і людзей на вёсцы, як сапраўдны анахарэт і пустэльнік, згадваю ўсё спакойна і павольна, і калі іншыя паўстаюць перад маімі вачыма, усеяныя шыпамі зайздрасці, эгаізму, няшчырасці і нядобрасумленнасці, дык успамін пра дарагога Караля для мяне заўсёды як празрысты, крыштальны струмень, побач з якім квітнее зялёны луг, дзе прыемны ветрык і цень ад высокай бярозы і ўсе гэта разам запрашае мяне прыемна адпачыць і навявае салодкія сны.
Шлях да сяброўства паміж маладымі людзьмі просты і кароткі. Ён ужо чуў пра мяне. Я чуў пра яго. Але не адразу ўсё ў ім я заўважыў. Мы любілі адзін аднаго. Пазнаёміліся мы летам. Да заканчэння ўніверсітэта заставаўся толькі месяц. Таму кожная вольная хвіліна, якая ў мяне заставалася ад вучобы, была прысвечаная кампаніі ці то Новамейскага ці то Караля Мараўскага. Ён быў значна старэйшы за мяне, асцярожны ў сваіх меркаваннях і не адкрываў мне свае думкі пра людзей. З пэўным смуткам у сэрцы я даведаўся, што ён хоць і даўно ўжо ведаў Новамейскага, але мала да яго меў сімпатыі. А я ўсё жыццё толькі і жадаў, каб тыя, каго я люблю, таксама любілі адзін аднаго. […]
Ці ад прыроды, ці ў выніку таго, што я вучыўся ў публічных школах, маім правілам і патрабаваннем бацькі было ніколі не пытацца, як гэта вялося раней, пра сем'і маіх знаёмых і сяброў. Нават калі ён сын ката, але калі разумны, добры і пачцівы, для мяне і сёння гэта ўсяроўна. Сумна толькі мне за добрых дзяцей, калі яны нарадзіліся ў дрэнных бацькоў, бо гэтыя дзеці саромеюцца сваіх бацькоў. Але я толькі выпадкова мог даведацца пра такія выпадкі і не меў забабонаў, якія былі ў той час звычайнымі і якія стагоддзямі ўмацоўваліся ў нас. У мае часы ў публічных школах яўрэйчык, апрануты ў сурдут, ці сын шаўца або краўца, ці сын бургамістра, ці ратмана, часта пераўзыходзіў у навуках не толькі падкаморычаў і іншых панічаў, але як роўны з роўным яны разам бралі ўдзел у бойках, і больш моцны з іх выдзіраў у другога кудзеркі. Паскардзіцца на яго было незгладжальнай ганьбай у вачах сваіх сяброў. Памятаю, як не раз з сынам шаўца Гурклейта хадзіў на лекцыі, і ён мне, а я яму не раз набівалі вялікія гузы. Паміж сабой мы ўсе былі калегі і браты.
(Працяг у наступным нумары.)
1 Morawski Stanislaw. Kilka lat mlodosci mojej w Wilnie (1818-1825). Warszawa, 1924. Пераклад Леаніда Лаўрэша.
87 Гл. пра яго: Лаўрэш Леанід. Мястэчка Ражанка і касцёл у ім // Лідскі Летапісец. 2023. № 3 (103). С. 47-55.
88 Куртавяны, мястэчка і вялікі маёнтак за 3 мілі ад Шавель на Жмудзі. У 1802 г. Каэтанам Нагурскім было запісана на жонку, Марыю дэ Неры, потым жонку Міхала Агінскага. Пасля маёнтак перайшоў у рукі Булгарынаў і Парчэўскіх, а потым Плятэрам.
89 Сястра Марыі дэ Неры была замужам за гр. Сцоці.
90 Амелія Залуская з Агінскіх, жонка Караля, упіцкага маршалка ў 1829 г. і кіраўніка паўстання ў 1831 г. ва Упіце. Нарадзілася ў 1805 г. у Залессі. У 1825 г. выйшла замуж, памерла ў 1858 г. Акрамя яе, Агінскі ад Неры меў яшчэ сына Ірэнея і дзве дачкі - Эмму Бразоўскую (у другім шлюбе Высоцкую) і Іду Кубліцкую, якая кінула мужа ды дзяцей і ўцякла з рускім. Ірэней (1808-1863), рускі тайны радца, шамбелян, маршалак Расіенскага павета, куратар ковенскіх школ, знакаміты гаспадар. Два разы быў жанаты з сёстрамі Каліноўскімі. На яго сынах Багдане і Міхале скончылася галіна роду.
91 Пазней сенатарава Агінская не хавала сваіх стасункаў з пецярбургскімі саноўнікамі, Г. Пузыніна ў сваіх успамінах пазбягае закранаць негатыўныя бакі жыцця сваіх сучаснікаў і, апісваючы Залессе і род Агінскіх, кажа: "Яна сама займала адну з гэтых квадратных вежаў, у якой знутры на сценах мелася мазаіка з партрэтаў замежных генералаў, князёў і графаў, а не партрэтаў сваіх крэўных. "Гэта мае сябры", - казала пані сенатарава, не ўдакладняючы, якога кшталту былі гэта сябры". Памерла ў 1852 г. і пахавана ў Пізе.
92 Тадэвуш і Ксаверый Агінскія. Ксаверый памёр у 1837 г., быў таленавітым музыкантам. Яго сын Фелікс, міністр расійскага двара памёр безпатомна. Тадэвуш памёр у 1844 г., пакінуў 3 дачкі: Гаўронскую, Касіцкую і Валовіч.
93 Падчас забойства цара Паўла І Бенігсен быў адным з тых, хто душыў цара.
94 Сэнс каламбура, верагодна, у тым, што слова "levis" падобна на слова "lues" - сіфіліс па латыні. - Л. Л.
Беларусы сустракаюцца з індзейцамі
Што рабілі нашы вайскоўцы ў рэзервацыі?: Дамейка, Семірадскі, Фралоў, Чыпсанава
(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-52 (105-156) (2024); № 1-14 (157-170) за 2025 г.)
ДАМЕЙКА Ігнат (5) - ці пакрыўдзіліся б Дамейка і Семірадскі, калі б даведаліся, які загаловак далі мы вялікаму абзацу з некралога, у якім не знайшлі выразнага дакору ў бок "Вялікага Адраджэнца Чылі", што міжвольна выхаваў эфектыўных заваёўнікаў.
Юзаф Семірадскі
ЯК ФІЛАРЭТЫ ДАПАМАГАЮЦЬ ЗАБРАЦЬ НАЙБАГАЦЕЙШЫЯ ПРАВІНЦЫІ
Да сур'ёзнай навукі, між іншым, крэолы, трэба аддаць ім належнае, у вялікай пашане, і калі з'явіцца нехта смелы, які ў імя навукі запатрабуе фінансавага ахвяравання ад урада якой-небудзь з паўднёваамерыканскіх рэспублік - той дасць яму яго без ваганняў, без крытыкі, неадкладна, які б урад, ліберальны або кансерватыўны, часова ні стаяў ля руля. Але патрабаваць выкарыстання вопыту навукі - гэта было б занадта. Я бачыў каштоўныя музеі, сабраныя карпатлівай працай асоб, не менш адметных, чым Дамейка, цалкам з'едзеныя моллю; я бачыў справаздачы аб навуковых даследаваннях, праведзеных за дзяржаўны кошт, надрукаваныя за дзяржаўны кошт, якія змяшчалі аўтэнтычныя апісанні велізарных карысных выкапняў - залатых і сярэбраных руднікоў [kopalni zlota i srebra], да якіх толькі працягнуць руку трэба было - справаздачы... ужо напаўз'едзеныя мышамі ў дзяржаўных архівах. Крэолы могуць дазволіць сабе плаціць еўрапейскім навукоўцам і абвяшчаць свету, што ў іх ёсць свая навука - чытаць творы або слухаць лекцыі гэтых людзей - ім не хапае цярпення і адпаведнай падрыхтоўкі. У Перу ёсць свой Раймондзі [Raimondi], у Эквадора - свой Вольф [Wolf], але яны проста навукоўцы; Дамейка быў нечым большым - ён быў здольным арганізатарам, сацыяльным рэфарматарам, праніклівым эканамістам і выдатным прафесарам. Ён таксама быў адзіным, хто здзейсніў цуд: яго голас не быў марным лямантам у пустыні, урад не толькі даў яму матэрыяльныя рэсурсы, але ён здолеў заваяваць давер грамадства, рэфармаваць школы, павялічыць дабрабыт збяднелай краіны, заахвоціць разумную моладзь, якая раней займалася самым звычайным відам спорту сярэдневяковых рыцараў - разбоем пад маркай палітыкі, - да плённай працы, узбудзіць адчувальныя натуры жыхароў поўдня і аб'яднаць варожыя палітычныя партыі [wrogie stronnictwa polityczne] разам у агульнай працы на карысць айчыны. І адбыўся нечуваны ў гісторыі паўднёваамерыканскіх рэспублік факт: амаль 40 гадоў Чылі цешылася ўнутраным мірам, які перарываўся ўсяго некалькі разоў дробнымі pronun-ciamento, што не мелі глыбокага значэння [przez drobne i niemajаce glebokiego znaczenia pronunciamenta], і калі, нарэшце, вымушанае ваяваць са сваім паўночным суседам, выйшла на бой - свет быў уражаны, як бедная горная краіна пасля жудаснай вайны, якая вялася з сапраўды араўканскай лютасцю, раздушыла [zgniotl] да поўнай смерці гордага, багатага і ў дзесяць разоў больш шматлікага ворага, забраўшы яго найбагацейшыя правінцыі. Сіла чылійскай рэспублікі была ў яе адзінстве, энергіі і патрыятызме, перад абліччам якога замоўчваліся ўсе партыйныя сваркі, у той час як у абложанай Ліме насельніцтва забаўлялася, звяргаючы адзін урад за другім, у спалучэнні з крывавай бойняй, а ўнутраныя правінцыі Перу з найвялікшай абыякавасцю назіралі за падзеннем сваёй сталіцы. Сіла Чылі ў апошняй вайне была ў фінансавым і эканамічным стане краіны - калі праціўнік быў няздольны ваяваць з-за нядбайных фінансавых рэформ і крадзяжу тых, хто стаяў за стырном. Што ж, і тое, і другое, і духоўная перавага, і матэрыяльны росквіт краіны былі ў значнай ступені, калі не ў асноўным, справай Дамейкі. З гэтай перспектывы, ацэньваючы яго дзейнасць, мы будзем разумець, з якой пашанай увесь час акружалі нашага земляка ўсе сацыяльныя класы, людзі ўсіх палітычных перакананняў і ўсе чылійскія ўрады. Дамейка быў піянерам адраджэння Чылійскай Рэспублікі, і тут, а не ў яго навуковых дасягненнях, малавядомых чылійскай грамадскасці, хаваецца крыніца незвычайнай папулярнасці апошняга з філарэтаў на Ціхім акіяне.
Літ .:
13074 Tarkowski R. Wspolpraca Antonio Raimondiego (1824-1890) z polskimi przyrodnikami i inzynierami w Peru // Przeglad Geologiczny. 2016. № 2. S. 93-100. (У артыкуле згадваюцца І. Дамейка, Ю. Семірадскі і К. Ельскі, адносна апошняга паведамляецца, што чарапы індзейцаў Перу, якія ён сабраў, захоўваюцца ў Кракаве - Muzeum Zoologiczne - Centrum Edukacji Przyrodniczej Uniwersytetu Jagiellonskiego.)
9927 Гацунаев Н. К. Географы и путешественники: краткий биографический словарь. М., 2000. (Арауканы - народ с "развитым чувством собственного достоинства. Позднее Домейко опубликовал книгу "Араукания и ее жители", в которой отзывался о них с большой теплотой, симпатией и сочувствием".)
13075 Гацунаев Н. К. Географы и путешественники: краткий биографический словарь. М., 2001.
СЕМІРАДСКІ Юзаф (7) - з кожным урыўкам становіцца ўсё больш родным нам.
Юзаф Семірадскі
АБ ІНДЗЕЙЦАХ ПАЎДНЁВАЙ АМЕРЫКІ (7)
"Тутэйшыя індзейцы (парана - караадзі [Parana - Coroadzi]) [...] належаць да самых старажытных амерыканскіх плямён, а ў культурным плане яны знаходзяцца на такім нізкім узроўні развіцця, што нават камяні расколваць [kamieni lupac] [...] не ўмеюць, робячы ўвесь свой посуд толькі з дрэва, костак і драўняных валокнаў. Яны не маюць ні найменшага паняцця аб выкарыстанні металаў, а кавалкі ліставога жалеза, скрадзеныя ў каланістаў, шліфуюць на камені, надаючы ім форму наканечнікаў стрэл, якія так высока цэняцца, што за адзін такі ж наканечнік можна было купіць дзвюх жонак.
Іх палітычны лад адрозніваецца ад усіх індзейскіх плямёнаў, якія пазней прыйшлі ў Паўднёвую Амерыку, тым, што ў іх няма шаманаў, а рэлігійныя абрады выконвае галоўны правадыр племені. Яны належаць да даліхацэфальных рас, нароўні з батакудамі, патагонцамі і жыхарамі Вогненнай Зямлі.
Іх рысы выразна мангольскія, з раскосымі вачыма і шырокімі шчокамі [skosnych oczach i szerokich policzkach]. Зброя складаецца з двухмятровых лукаў з цвёрдых парод дрэва і стрэл аднолькавай даўжыні з моцнага чароту з касцянымі наканечнікамі; драўляныя дзіды і булавы. Схаваныя глыбока ў недаступных лясах і гарах, яны вядуць пастаянную вайну як з бразільцамі, так і з іншымі індзейскімі плямёнамі, асабліва з гуарані [Guarani]. Нягледзячы на сваю лютасць, яны здольныя адрозніваць мірных каланістаў ад бразільскіх паляўнічых на індзейцаў: першых яны звычайна пакідаюць у спакоі, а з другімі ўступаюць у няўмольную барацьбу на жыццё або смерць [pierwszych zazwyczaj zostawiaja w spokoju, z drugimi tocza walke nieublagana na smierc i zycie]".
ФРАЛОЎ Валерый (Valery Fralou, Frolov) - генерал і палітык, ураджэнец Менска. Як мяркуецца, дзякуючы яму ў 1991 г. у Вільнюсе ўдалося пазбегнуць большага кровапраліцця, і якраз у момант расказу пра Вільнюс 1991 г. у яго інтэрв'ю з'яўляецца амерыканская "ўстаўка". Мы шукалі і знайшлі яе ў сувязі з тым, што маем указанне на наведванне ім рэзервацыі ў нашым дзённіку (запіс 20.10.2002 г.) - вынік таго, што пра гэта пачуў уласнымі вушамі ў час сустрэчы з генералам-парламентарыем у Гомелі наш амаль штодзённы і самы каштоўны інфарматар А. Снітко (адзнака "забыў племя").
Памёр герой гэтай біяграмы ў лістападзе 2014 г. ад інфаркту, а ў сакавіку было запісана "Апошняе інтэрв'ю генерала Валерыя Фралова", якое з'явілася ў інтэрнэце, верагодна, у 2017 г., і ў якім ёсць эпізод з Юты. Расказваючы пра яго (паводле тэксту - тады, калі асвятлялася яго служба ў Літве, - камандзірам дывізіі ў Прыбалтыйскай ваеннай акрузе ён быў у 1991-1993 гг.), генерал-маёр і былы член парламента не саромеўся інтэрнацыянальнай п'янкі вайскоўцаў. І гэта, па яго словах, адбывалася на тэрыторыі рэзервацыі.
Валерый Фралоў
ЦЯЖКА БЫЦЬ СЯРЖАНТАМ
Што цікава: у вайскоўцаў заўсёды паразуменне. Памятаю, я ездзіў у Амерыку ў штат Юта. Два тыдні нас амерыканцы сустракалі як родных, і генерал Мілер запрасіў на сваю дачу, на тэрыторыі племені індзейцаў. Усюды дрэвы дрымучыя, а тут сам генерал стаіць, барбекю гатуе. Два сяржанты наліваюць усім віскара з вадой. Так плюхнуць [плеснут] у шклянку - і ходзіш як дурань. З намі быў ваенкам Мінскай вобласці па імені Ігар. Мы з ім падыходзім да сяржантаў: "Water no! Whyskey! [так у крыніцы; whisky або whiskey]". Нам налілі грам па 170, мы прынялі [хлопнули]. Праз хвілін 40 падыходзім другі раз - зноў налілі. І бачу, гэтыя два сяржанты глядзяць: калі мы ўжо пачнём хістацца па зямлі. А мы ж не хістаемся! Потым амерыканцы вогнішча развялі. Сядзяць гарлапаняць, анекдоты ўперамешку - я, вядома, ні бум-бум у англійскай, але там перакладчыца была. І такое адчуванне, што мы ўсе ў піянерскім лагеры - сядзіць братва, ганяе анекдоты. Я з польскімі, нямецкімі, чэшскімі, французскімі генераламі меў зносіны - ну поўны кантакт.
Спіс рэзервацый у штаце Юта: Northwestern Shoshone Reservation, Paiute Reservation, Skull Valley Reservation, Uintah and Ouray Reservation.
Літ.:
8091 Коктыш М. Политкухня: Валерий Фролов // Народная воля. 2005. 8 сент. (Вожди, индейцы - вядомы палітычны фразеалагізм.)
ЧЫПСАНАВА Таццяна (Tatsiana Chypsanava) - нарадзілася ў Бабруйску, пры гэтым мае і карані комі. Жыве ў Новай Зеландыі (Нельсан), і, займаючыся фатаграфаван-нем больш за 20 гадоў, знайшла сябе ў тэме карэнных народаў - найперш новазеландскіх, але бачым, што яна мела вопыт і асабістых зносін з індзейцамі як Паўднёвай (дзе некаторы час жыла і дзе - канкрэтна ў Бразіліі - якраз і зацікавілася карэннымі народамі), так і Паўночнай Амерыкі. Звярнула да сябе значна больш увагі як пераможца World Press Photo 2025 г. (яе праект "Te Urewera - The Living Ancestor of Tuhoe People" перамог у катэгорыі доўгатэрміновых з Паўднёва-Усходняй Азіі і Акіяніі).
Пасля Шатландыі, дзе была па студэнцкай праграме, Таццяна тры гады жыла ў Лондане, авалодваючы мовай. Там сустрэла мужа, з якім пераехала ў Бразілію.
"Я здымала бразільскіх індзейцаў. Мы жылі якраз на іх зямлі, якую яны абаранялі на той момант ужо 20 гадоў. І я з імі пасябравала".
Бразілія - радзіма дачкі Таццяны, але сям'я пераехала ў Новую Зеландыю. Асвойвала майстэрства фатаграфіі ва ўніверсітэце, працавала на адлічбоўцы ў Нацыянальным архіве. Народ Tuhoe спачатку быў аб'ектам здымкі, але карэнныя прынялі яе і яе блізкіх у сваю сям'ю. Такое паспяховае збліжэнне, парадненне яна тлумачыць так:
"Дзякуючы маім караням мы адразу знайшлі кантакт з мясцовымі жыхарамі. Мой бацька - нашчадак народа комі. Бабуля і дзядуля былі стараверамі, жылі ў поўнай ізаляцыі на рацэ Пячора, дзе было 25 км да бліжэйшага суседа. Жылі паляваннем, рыбалкай - прыкладна так, як жывуць індзейцы ў некаторых рэгіёнах свету. А ў Бабруйску бацька працаваў на караблебудаўнічым заводзе. Ён часта браў нас з сабой, і мы праводзілі час на рацэ і ў лесе. Думаю, менавіта так мне перадалася любоў да прыроды".
Адна з фатаграфічных серый прысвечаная самотніку з індзейскімі і ірландскімі каранямі ў Місуры: Becoming Charging Eagle. Місурыйскі горад Эксельсіёр-Спрынгс (Excelsior Springs), дзе яна створаная, знаходзіцца прыкладна за 30 міляў на паўночны ўсход ад цэнтра Канзас-Сіці.
"УЛАСНАЯ ЗАРАДКА" АРЛА
Джон Хендрыкс [John Hendricks], 60-гадовы лакота [Lakota], нарадзіўся ў індзейскай рэзервацыі Стэндынг-Рок [Standing Rock Indian Reservation] у Паўночнай і Паўднёвай Дакоце, але выхоўваўся сваім бацькам-ірландцам у Ліберці, штат Місуры [Liberty, Missouri]. ДТЗ у 2010 годзе пакінула Джона з моцна паламанай нагой, і з тых часоў ён знаходзіцца на федэральнай інваліднасці. Пасля клопату пра састарэлага бацьку, які памёр чатыры гады таму, Джон напаткаў цяжкія часы і быў выселены з закладзенага дома свайго бацькі. Неўзабаве ён апынуўся на вуліцы.
Цяпер ён жыве ў хісткім вагончыку ў лесе на ўскраіне Эксельсіёр-Спрынгс. Імкнучыся вярнуць сваю індзейскую спадчыну, ён пачаў думаць пра свайго дзеда, якога звалі Апякуючы [наша версія перакладу] Арол, і спадзяецца пераймаць штосьці са старога ладу жыцця. Вясковыя абставіны дазваляюць яму лавіць рыбу і паляваць, каб паставіць ежу на стол і адначасова пазбавіцца ад стрэсу.
Ён выжывае "з дапамогай некалькіх старых сяброў, якія дазволілі мне застацца на іх тэрыторыі". Іншыя новыя сябры прыходзяць, каб прывезці яму прадукты, падвезці яго ў Эксельсіёр-Спрынгс, у пральню ці супермаркет. Гэтыя "новыя сябры дапамагаюць мне захоўваць здаровы розум [my sanity]", - сказаў ён. Джон спадзяецца аднойчы пераехаць у дом, які ўсё ж дазволіць яму жыць побач з прыродай і захаваць свой лад жыцця.
Літ .:
13076 Bleeker S. The Sioux Indians: hunters and warriors of the Plains / ill. K. N. Sasaki. London, 1963. (Dobson; Real Life Red Indians series; аўтар - ураджэнка Беларусі.)
13077 Kehoe A. B. Review of The Sioux Indians: Hunters and Warriors of the Plains by Sonia Bleeker // Plains Anthropologist. 1963. V. 6. № 20 (May). P. 140.
Алесь Сімакоў , даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.
Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.
Індзейцы , индейцы , Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Belarusians Meet Indians. Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 144].
"Локіс" у Палацы культуры г. Ліды
Наступная серада для Палаца культуры горада Ліды стане па-сапраўднаму тэатральнай. Але, пра ўсё папарадку...
Загінайце пальцы: пастаноўка № 1. 16+
Заслужаны калектыў "Гродзенскі абласны тэатр лялек" падрыхтаваў для лідскага гледача арыгінальную інтэрпрэтацыю вядомага твора "Локіс" Праспэра Мэрымэ.
Аўтар - Сяргей Кавалёў.
Пастаноўка і музычнае афармленне - Алег Алегавіч Жугжда - галоўны рэжысёр тэатра, Заслужаны дзеяч мастацтв Рэспублікі Беларусь.
Сцэнаграфія і лялькі - Ларыса Мікіна-Прабадзяк.
Харэаграфія - Дар'я Іванова.
Па старой ліцвінскай легенде, існуюць у гэтым месцы мядзведзі-пярэваратні. Чалавек, які ператвараецца ў мядзвездя, не ведае пра свае здольнасці і не памятае, што здарылася з ім ноччу.
Прафесар Вітэнбах прыяжджае ў Літву, каб сабраць ліцвінскія і жамойцкія паданні, і натыкаецца на легенду пра пярэваратняў. Гісторыя сям'і графа Шэмета таксама поўніцца дзіўнымі легендамі. Ці існуе пярэварацень - "Локіс" насамрэч?
П'еса Сяргея Кавалёва вас здзівіць, нават калі Вы чыталі паданне "Локіс" Праспэра Мэрымэ. Сюжэт, напісаны ім, ператвараецца ў неадназначны дэтэктыў. Якое тлумачэнне выбераце Вы? І якая з гэтых версій страшней: містычная ці рацыянальная?
*спектакль-лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі 2021, XVI Міжнароднага маладзёжнага тэатральнага форуму "М.@rt.кантакт" 2023.
Чакаем вас: 16 красавіка у 19:00.
Кошт квітка: 20,00 руб.
Працягласць: 1 гадзіна (без антракту).
Даведка: 548691, 543668.
ТК "Культура Лідчыны".