Наша слова.pdf № 16 (172), 14 красавіка 2025 г.
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Хрысціяне адсвяткавалі Вербніцу
Ва ўсіх праваслаўных і каталіцкіх храмах Лідчыны прайшлі набажэнствы і асвячэнне верб.
У Георгіеўскім храме дзеці нядзельнай школы арганізавалі дабрачынны кірмаш, а атрыманыя сродкі накіруюць у агульны фонд на будаўніцтва будынка прыходскай школы. Далучыцца да добрай справы ніколі не позна - асабліва ў апошнія дні Вялікага паста.
ТК "Культура Лідчыны".
Хрыстос уваскрос!
Вялікдзень - наш Вялікі Дзень.
Нам сонца булкай велікоднай
Плыве ў нябёсах, доўжыць цень
На сцежцы, што па вёсцы годна
Зноў валачобнікаў вядзе,
Што з песнямі ідуць святымі.
І ёсць Хрыстос сярод людзей
Нябачны, як агонь у дыме.
Віктар Шніп.
Гарадзенскія традыцыі да Свята Вялікадня
12 красавіка 2025 года ў г. Гародні таленавітыя работнікі Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці прынялі ўдзел у фестывалі-кірмашы народных рамёстваў "Гродзенскія традыцыі да Свята Вялікадня".
На галоўнай пляцоўцы свята-кірмашу яскрава выступіў народны ансамбль бытавых інструментаў "Каханачка" Мажэйкаўскага клуба-бібліятэкі.
Таленавіты майстар Марына Савіцкая прадставіла майстар-клас па вырабе традыцыйных пісанак.
Велікоднае яйка - традыцыйны сімвал, без якога мы не ўяўляем сабе гэтае свята.
І гэта яшчэ не ўсё.
Таленавітыя работнікі аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры прадстаўляюць Лідскі раён у пралогу Свята "Вялікдзень ідзе - гасцей вядзе!" Народны фальклорны гурт "Ульяніца" - удзельнікі гульнёвай пляцоўкі.
Насычаны сонечны дзень сёння для нас паднёс мноства выдатных падзей.
На фестывалі-кірмашы народных рамёстваў "Гродзенскія традыцыі да Свята Вялікадня" нашаму таленавітаму майстру Марыі Шылкоўскай было урачыста ўручана пасведчанне "НАРОДНЫ МАЙСТАР БЕЛАРУСІ".
Марыя Шылкоўская, майстар па ткацтве і вязанні традыцыйных карункаў - лепшая!
Віншуем таленавітых лідзянак. Вы ўсе лепшыя!
ТК "Культура Лідчыны".
Напярэдадні Вербніцы
Напярэдадні свята "Вербніца" ў фальклорнай гасцёўні Ганчарскага дома культуры Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці прайшоў майстар-клас удзельніцы народнага фальклорнага калектыву "Ульяніца" Алены Рудзінскай па вырабе велікодных вербачак.
Дзеці з цікавасцю слухалі аповяд пра сімвал свята, якімі цудоўнымі магічнымі ўласцівасцямі валодаюць гэтыя галінкі.
Кожны з прысутных упрыгожыў галінкі вярбы па сваім гусце.
ТК "Культура Лідчыны".
Урокі ў музеі
Сумесны праект "Урок у музеі", падпісаны паміж Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь працягвае сваю дзейнасць.
У Доме Валянціна Таўлая для вучняў 4 А класа, сярэдняй школы № 15 г. Ліды тут была абмеркавана тэма ўрока: Пятрусь Броўка "А ты хоць дрэўца пасадзіў?" Урок быў праведзены ў выставачнай зале "Час прывёў на Парнас", дзе прадстаўлены матэрыялы пра лідскіх творцаў мастацкага слова.
Дзеці з задавальненнем адказалі на пытанні настаўніка, па чарзе зачыталі радкі з верша, абмеркавалі гэты твор. Другая частка ўрока была задзейнічана навуковым супрацоўнікам Дома-музея, які віртуальна правёў экскурсію па літаратурным музеі Петруся Броўкі, што знаходзіцца ў сталіцы Беларусі - горадзе Менску і з'яўляецца філіялам Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. З вуснаў супрацоўніка музея вучні даведаліся пра прыезд Петруся Броўкі ў Ліду ў савецкі час. Наведалі яны і мемарыяльны пакой паэта Валянціна Таўлая.
Алесь Хітрун.
Дом Валянціна Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея стаў адукацыйнай пляцоўкай і для вучняў 4 В класа, сярэдняй школы № 15 г. Ліда была абмеркавана тэма ўрока: Мікола Чарняўскі "Клятва Марата Казея".
На гэты раз для вучняў была падрыхтавана сама вялікая выставачная зала "Час прывёў на Парнас" з матэрыяламі пра лідскіх пісьменнікаў.
Марат Казей - малады юнак, які пасмяротна атрымаў званне Героя Савецкага Саюза за свае баявыя ўчынкі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Пра лёс Марата Казея і пра сам твор Міколы Чарняўскага было сказана на ўроку настаўнікам, а дзеці выступілі з аповедамі пра іншых падобных патрыётаў, якія мужна абаранялі сваю зямлю ад лютага ворага.
З вуснаў навуковага супрацоўніка музея дзеці даведаліся пра лідскіх такіх жа абаронцаў. Ліда - гэта той горад, які не з'яўляецца выключэннем у такіх подзвігах. Тут таксама была створана падпольная група, якой кіраваў Міхаіл Ігнатаў. У яе ўваходзілі маладыя лідзяне Анатоль Качан, Зоя Кудачова, Лёня Кудачоў, Марына Кастраміна, Моця Наказных і іншыя. Але ж іх жыццё спынілася за пяць дзён да вызвалення Ліды. Гэтых маладых патрыётаў расстралялі.
Аб гэтым не стамляюцца гаварыць на ўроках, у музеях, на мерапрыемствах...
У Доме Валянціна Таўлая, між іншым, таксама працягвае працу праект "Памяць за сабою пакліч", дзе збіраюцца за сталом прадстаўнікі, чыё дзяцінства было апалена вайной і прапітана порахам.
У тым ліку вучні даведаліся і пра ваенныя дзеянні Валянціна Таўлая, які праяўляў баявы дух з духоўнай зброяй - лістоўкай, пяром, сатырычнымі творамі супраць лютага ворага, а таксама выратоўваў з рабства маладых юнакоў, а яўрэяў ад расстрэлу. Завяршэннем урока стала наведванне мемарыяльнага пакоя Валянціна Таўлая.
Алесь Хітрун.
Беларускі пясняр з Беласточчыны
Ёсць, можа, мовы яшчэ прыгажэйшыя,
Я ж паўтараць безупынку гатоў:
Мне наймілейшая, найдаражэйшая,
Найласкавейшая - мова бацькоў…
Гэтыя радкі належаць цудоўнаму чалавеку, паэту, публіцысту і беларускаму грамадска-культурнаму дзеячу з Беластока Віктару Шведу (1925-2020), якому 23 сакавіка адзначылі 100-гадовы юбілей.
З Віктарам Шведам я сябраваў больш за 30 гадоў. Напісаў і апублікаваў пра яго творчасць шмат артыкулаў, а ў менскім выдавецтве "Кнігазбор" у 2015 годзе выдаў кнігу пра яго жыццё і творчасць "Мора Віктара Шведа".
Мора - гэта родная вёска Віктара Шведа на Беласточчыне. Гадоў пятнаццаць таму мы трымалі ў руках яго прыгожую, з абвостраным пачуццём кнігу вершаў "Адплываем з Мора". Ужо тады паэт пісаў, што амаль ўсе яго сваякі з роднай вёскі Мора адплылі ў іншы свет, а цяпер наступае і яго чарга. Я напісаў артыкул пра той зборнік вершаў і назваў яго "Адплываць з Мора яшчэ рана". Ды куды адплываць, калі наперадзе ў яго было шмат спраў, планаў, літаратурных задумак і адкрыццяў. Эрнэст Хэмінгуэй некалі напісаў празаічны твор "Стары чалавек і мора". Калі б сёння жыў прадзядуля Хэмінгуэй, і калі б ён сваё апавяданне прысвяціў Віктару Шведу, то ён яго назваў бы не інакш, як, магчыма, "Малады чалавек і Мора". Бо Віктар Швед тады, нягледзячы на свае дзевяць дзесяткаў гадоў, заўсёды адчуваў сябе маладым, прыгожым, шчаслівым, натхнёным, што нам, маладзейшым літаратарам, заставалася толькі яму пазайздросціць, браць з яго прыклад, вучыцца ў яго літаратуры, цярпенню і аптымізму. А роднае Мора заўсёды натхняла яго на новыя творы, вяртала ў маленства і юнацтва, якія не давалі яму старэць і падаць духам. Вось такі быў ён, Віктар Швед - беларускі пясняр з Беластока.
У маленстве хлопчык Віця вымушаны быў сядзець з хворымі на грозную трахому вачыма ў цемры дзедавай хаціны са шчыльна завешанымі дзяружкамі малымі акенцамі. І толькі ў чатырохгадовым узросце ўпершыню змог ён убачыць белы свет, які зачараваў яго да такой ступені, што не мог ён не ўсхваляць гэтага чароўнага свету. Таму яшчэ ў дашкольным узросце, пасвіўшы з вясковымі жэўжыкамі каровы, паўтараў Віця з памяці рыфмаваныя куплеты ў мясцовай гаворцы роднай вёскі Мора, чым здзіўляў сваіх сяброў.
Будучы вучнем пятага класа польскай пачатковай школы ў мястэчку Орля, пачаў хлопчык пісаць вершы на польскай мове. Пазнаёмілася з імі настаўніца Гелена Ціжахова і ўпершыню назвала Віцю , "паэтам".
Падчас савецкай улады ў школьныя 1939-1941 гады, быў ён у мястэчку Орля вучнем беларускай дзесяцігодкі, у якой усе прадметы вывучаліся на беларускай мове, на якой стаў юны Швед пісаць вершы і быў скіраваны школай са сшыткам сваіх твораў на алімпіяду дзіцячай творчасці ў Бельску-Падляшскім.
У пасляваенны перыяд паглыбляў юнак свае моўныя і літаратурныя веды ў беларускіх школах у Гайнаўцы і ў Бельску-Падляшскім, а пазней - на кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта.
Працуючы рэдактарам у кніжным выдавецтве "Кsiazka i Wiedza" ў Варшаве, Віктар Швед зрэдку друкаваў уласныя вершы ў сваім перакладзе на польскую мову ў адрыўных календарах, якія выдаваліся мільённымі тыражамі. На жаль да 1956 года не было ў Польшчы магчымасці друкавацца на беларускай мове, а яны не мелі ў той час аніякіх кантактаў з Беларуссю.
Пасля польскай "адлігі" ў 1956 годзе, польскія ўлады пачалі заўважаць у Польшчы існаванне нацыянальных меншасцей. Былі пакліканы да жыцця меншасныя арганізацыі, у іх ліку і Беларускае грамадска-культурнае таварыства (БГКТ) і яго друкаваны орган - беларускамоўны тыднёвік "Ніва" ў Беластоку. Уключыўся і Віктар Швед у арганізацыю беларускага культурнага жыцця, навязаў кантакты з беларускім тыднёвікам і ў 1957 годзе стаў яго штатным рэдактарам. Нічога тады дзіўнага не было, што на той час прыпаў яго спознены творчы дэбют.
Віктар Швед жыў і працаваў у Варшаве сорак гадоў, і за гэты перыяд з'явілася толькі тры яго паэтычныя кніжкі. Ніхто паэта не здолеў вырваць з беларускага грунту на Беласточчыне, так глыбока запусціў ён там свае карэнні. Таму не дзіўна, што жывучы ў Варшаве, спадар Віктар пастаянна ўслаўляў сваю малую айчыну-Беласточчыну, а варшаўскай тэматыцы прысвяціў невялікую частку сваіх твораў. Каб не адчуваць сябе адзінокім у польскім асяроддзі, працаваў ён у Варшаўскім аддзеле БГКТ. Аддзел налічваў каля 300 сяброў, напалову былі гэта студэнты вышэйшых навучальных устаноў Варшавы. Арганізавалі яны клубную культурна-асветную працу, праводзілі лекцыйную дзейнасць з беларускай тэматыкай. Наладжвалі аўтарскія сустрэчы з беларускімі і польскімі пісьменнікамі, якія пражывалі ў Варшаве і з пісьменнікамі Беларусі, якія наведвалі Варшаву. Адбыліся сустрэчы з Максімам Танкам, Пятром Глебкам, Уладзімірам Караткевічам, Адамам Мальдзісам, Алегам Лойкам, а таксама з многімі навуковымі супрацоўнікамі з Беларусі. У сваім зборніку , "Мае Айчыны" (Беласток, 2003) паэт сцвярджаў, што ён надта багаты, меў аж тры айчыны: Польшчу, якая яго ўзгадавала, адукавала і дала працу, Беларусь, якая яго натхняла да творчай дзейнасці, і малую айчыну - Беласточчыну, якую ён услаўляў у сваіх вершах, якая з'яўляецца яго калыскай і стала яго спачынам. Толькі ў пенсійны перыяд ён пераехаў на Беласточчыну, дзе і разгарнуў свае крылы, выдаючы дзесяткі сваіх кніг.
Да болю Віктару Шведу былі патрэбныя кантакты з Беларуссю, з яе творчым асяроддзем. Патрэбныя былі гутаркі з людзьмі, літаратурныя навінкі. Першы раз пабываў паэт ў Менску ў 1957 годзе, калі вяртаўся з Масквы з сёмага Міжнароднага фестывалю моладзі і студэнтаў. Вельмі папулярная і вядомая ў той час у Беларусі была цёця Уладзя, жонка Янкі Купалы. Яна прыняла яго даволі сардэчна і пазнаёміла з Купалаўскім музеем у Менску. Быў ён знаёмы з таленавітымі беларускімі пісьменнікамі, якія ўжо адышлі ў вечнасць: Ларысай Геніюш, Канстанцыяй Буйло, Максімам Танкам, Уладзімірам Караткевічам, Пятром Глебкам, Піліпам Пестраком, Алесем Адамовічам, Янкам Брылём, Алегам Лойкам, Аляксеем Карпюком, Барысам Сачанкам. Вельмі добра беларускі літаратар з Польшчы ўспрымаў кантакты і сябраваў з Вольгай Іпатавай, Нілам Гілевічам, Рыгорам Барадуліным, Генадзем Бураўкіным, Васілём Зуёнкам, Уладзімірам Казбяруком, Уладзімірам Някляевым, Янкам Саламевічам, Сяргеем Панізьнікам, Іванам Пташнікавым, Сяргеем Законнікавым, Анатолем Вярцінскім… У сардэчных адносінах знаходзіўся з выхадцам з Беласточчыны Яўгенам Міклашэўскім, які быў рэдактарам трох яго зборнікаў. Адам Мальдзіс напісаў сцэнарый да тэлефільма аб яго творчасці, які паказала Беларускае тэлебачанне ў 1990 годзе. Сябраваў Віктар Швед таксама з многімі пісьменнікамі суседняй Гародні. Юрка Голуб апублікаваў інтэрв'ю з ім на старонках "Гродзенскай праўды", Марыя Шаўчонак апрацавала тэлефільм з нагоды яго сямідзесяцігоддзя і прысвяціла верш. Ён цешыўся, што ў апошнія гады бываў у Беларусі даволі частым госцем.
Сустракаўся Віктар Швед у сваім жыцці з цікавымі і таленавітымі беларусамі. Прывозіў ён з чэхаславацкай Прагі на гастролі на Беласточчыну славутага спевака Міхася Забэйду-Суміцкага. Ездзіў у Вільню да вядомага беларускага мастака Пятра Сергіевіча і апублікаваў у беларускім тыднёвіку "Ніва" грунтоўную працу пра яго творы. Знаходзячыся ў Маскве, адведаў пісьменнік таленавітую паэтку Канстанцыю Буйло, з якою зрабіў інтэрв'ю для "Нівы". Падпісала яна яму свой паэтычны зборнік "Май" з прасвячэннем: "Віктару Мікітавічу Шведу на добры ўспамін. Масква, 10 студзеня 1984 г.". Цешыўся Віктар, што яшчэ ўбачыўся з паэткай перад яе адыходам у вечнасць. А яе верш "Люблю наш край" стаўся беларусам Беласточчыны народным гімнам, які і сёння спяваецца на ўсіх беларускіх культурных мерапрыемствах у Польшчы.
Быў знаёмы Віктар Швед таксама з вядомым беларускім пісьменнікам Васілём Быкавым, які знаходзіўся ў складзе беларускай урадавай дэлегацыі, якая наведала Беласток у 1993 годзе. Паразмаўлялі яны сардэчна, і Віктар падпісаў пісьменніку свой паэтычны зборнік "Родны схоў".
У розных жыццёвых абставінах Віктар Швед заставаўся шчырым беларусам. Пра гэта паэт адкрыта і публічна сказаў ажно ў 1957 годзе, калі ў беларускім тыднёвіку "Ніва" (Беласток) апублікаваў свой першы верш "Я - беларус". А потым пра тое, што ён - беларус, што мова наша беларуская, што мы павінны гэтым ганарыцца, паэт піша ў кожным сваім паэтычным зборніку. Нацыянальная тэма скразной лініяй праходзіць праз усю творчасць Віктара Шведа:
Мы жыць не хочам у няволі.
І беларускай роднай мовы
Не адцураемся ніколі.
Памерці за яе гатовы…
Віктар Швед - быў пясняром беларускай вёскі на Беласточчыне. Сваёй роднай вёсцы Мора ён прысвяціў дзесяткі паэтычных радкоў. Шмат настальгічных вершаў па вясковаму маленству і юнацтву, па тых гадах, калі беларуская вёска сапраўды была вялікай, гамандлівай, таленавітай, народнай і дружнай. Толькі сапраўдны паэт мог так апісаць вёску свайго маленства, як гэта рабіў неаднойчы Віктар Швед. Ну, скажыце, чым не хрыстаматыйныя радкі:
Дзедаўская хата
Поўна экспанатаў.
З карэнняў калыска,
Гліняная міска,
Драўляная лыжка,
Двайная гладышка,
Святыя іконы,
Круглы серп зублёны,
Вялікія кросны,
Кадаўбец дзівосны,
Каменныя жорны,
Дзяжа на хлеб чорны,
Стары калаўротак,
Са сноўніцай мотак,
Гладка качалка,
Крэсіва-запалка…
Віктар Швед са сваёй мілай спадарыняй Валянцінай быў вельмі шчырым, адкрытым і адказным у любой справе. З імі адчуваўся аптымізм, надзея і вера ў самае светлае і добрае. Аптымізм уласцівы і паэзіі Віктара Шведа. Не бяздумны, як скажам у вядомага героя вальтэраўскай аповесці "Кандыд" Панглоса з яго філасофіяй: "Усё, што на свеце ні робіцца - на лепшае", а жыццёва дзейсны. І таму нам блізкі і зразумелы клопат паэта пра заўтрашні дзень Беларусі, роднай мовы, беларусаў, калі ён піша:
Таму сэрца маё суму поўнае,
Чаму так у нас бесталкова?
Чаму Беларусь рускамоўная,
Калі маем уласную мову?..
Дабрата, шчырасць, інтэлігентнасць духу - вось тыя рысы, якія вызначалі характар так званага лірычнага героя Віктара Шведа. Гэтыя рысы прысутнічаюць у зборніках вершаў "Жыццёвыя сцежкі" (1967), "Дзяцінства прыстань" (1975), "Дружба" (1976), "Мая зялёная Зубровія" (1990), "Родны схоў" (1991), "Wiersze wybrane" (1997), "Выбраныя вершы" (2000), "Lata wiatr skrzydlaty" (2000), "Мае Айчыны" (2003), "Адплываем з Мора" (2010) і ў іншых. Віктар Швед ніколі не мудрагеліў у паэзіі, не філасофстваваў над праблемамі і чалавечым жыццём наогул, а таксама ў напісанні і пабудове саміх вершаў. Ён заўсёды быў і заставаўся прыхільнікам традыцыйнай паэзіі:
На свеце мы жывём не вечна,
Усе мы госці тут навокал.
Таму павінны чалавечнасць
Мы праяўляць на кожным кроку…
Чытаючы сёння вершы Віктара Шведа, адчуваеш жывую душу чалавека, яго імкненне сказаць сваё запаветнае. Яго вершы абуджаюць думку і пачуццё. Паэтычны свет беларускага паэта з Беластока - гэта свет сціпласці, стрыманых пачуццяў і замілавання някідкай прыгажосцю жыцця. Паэт - у лепшых і найбольш характэрных для яго творах - настройваў нас на хвалю нейкай асаблівай спагадлівасці, даверлівай шчырасці. З ім, з яго лірычным героем прыемна было быць побач: радавацца жыццю і перажываць яго неўладкаванасць, верыць у шчасце, у будучыню, смуткаваць аб праляцеўшай маладосці і трывожыцца за будучыню не толькі Беларусі, а ўсяго свету, арганічна і проста быць сваім сярод людзей, сваім і пры нялёгкім успаміне, і ў хвіліну весялосці:
А калі ў мяне стомяцца ногі,
Я згару ад жыццёвых трывог,
Хай апошняя сцежка-дарога
Прывядзе на бацькоўскі парог.
Паэт заўсёды верыў людзям і жыццю. Ён стараўся прапаведаваць шчырасць і натуральнасць чалавечых узаемаадносін і заўсёды гарнуўся душою да нас, яго чытачоў, запрашаючы да ўзаемнасці і паразумення.
Шмат вершаў Віктар Швед прысвяціў сваім землякам, сябрам, знакамітым беларусам, якія жылі з ім побач. Многіх з іх ён асабіста ведаў, сустракаўся, сябраваў. Праз яго паэтычныя радкі праходзяць такія асобы, як прафесары Васіль Белаказовіч і Антаніна Амбрэмская-Яблонская, Васіль Быкаў, Кастусь Майсеня, Ада Чачуга, Яўген Міклашэўскі, і дзесяткі іншых асобаў. Ён напісаў і апублікаваў шэраг артыкулаў-успамінаў пра тых людзей, якіх ведаў у Польшчы, у Беларусі і ў іншых краінах свету.
Віктар Швед у сваіх вершах заўсёды паэтызаў пагодненасць сэрцаў, узаемны давер і рашуча адмаўляў няшчырасць і здраду. Без суладдзя з дабратой, чалавечнасцю для яго немагчымы быў свет, разбураліся сувязі не толькі паміж людзьмі, але і паміж чалавекам і прыродай:
Калі цябе не любяць людзі,
Дык ты нікога не віні.
Адмоўна аб табе ўсе судзяць,
Бо ты пазбаўлен дабрыні.
За сваё жыццё Віктар Швед наладзіў сотні сустрэч з дарослымі чытачамі, з землякамі, са студэнтамі і школьнікамі. Найбольш у яго было літаратурных спатканняў з юнымі чытачамі. І юным чытачам, як я не памыляюся, ён прысвяціў і напісаў 9 сваіх кніг. Цыкл вершаў для дзяцей паэта былі апублікаваныя ў падручніку для беларускіх дапаўняльных школ "Чытанка" (Нью-Ёрк, 1968). Яго дзіцячыя вершы змяшчаны таксама ў падручніках для пачатковых беларускіх школ у Польшчы. Ён разам з Алесем Барскім з'яўляецца аўтарам падручнікаў для 8 класа пачатковых беларускіх школ "Дружба і праца" (Варшава, 1967) і "Насустрач жыццю" (Варшава, 1974) і многіх іншых. Вершы для дзяцей Віктара Шведа пастаянна друкаваліся ў "Ніве" і на старонках "Зоркі", у літаратурных альманахах, беларускіх календарах. Напрыклад, у "Беларускім календары" (Беласток, 1970) былі надрукаваны некалькі дзесяткаў вершаў для дзяцей, да якіх музыку напісаў Эдуард Гойлік.
Пра дзіцячую творчасць Віктара Шведа цікава пісалі Надзея Панасюк, Тарэза Занеўская, Пётр Маляўка і іншыя крытыкі. Падабаюцца і мне дзіцячыя вершы Віктара Шведа. Асабліва люблю чытаць і перачытваць яго зборнікі "Дружба" (1976), "Вясёлка" (1991), "Вершы Натальцы" (1998) і "Смяшынкі" (2009). Неяк дачка Віктара Шведа Наталля Швед сказала, што тата, "вельмі ціхая, спакойная асоба. Заўсёды ў сваім свеце…". А свет паэта вядомы - гэта новыя творы, гэта задумкі, планы, тэмы. Ён жыў літаратурай, без яе яму жылося б сумна і нецікава.
Вершы Віктара Шведа для дзяцей нас вяртаюць у краіну Дзяцінства і Маленства. Яны не даюць сумаваць ні дзецям, ні дарослым. Асабліва вершы-смяшынкі. Іх аўтар за сваё жыццё напісаў даволі шмат. Гэта вершы-дыялогі, міні-сцэнкі, міні-ўсмешкі. Альбо паэт смяшынку дзесьці чуў, альбо чытаў, а пасля яна ажывала ў яго паэтычных радках з рытмам і рыфмаю. І яны чытаюцца да сённяшніх дзён весела, проста і лёгка. І гэтыя вершы-смяшынкі Віктара Шведа на самыя розныя тэмы: сям'я, школа, вуліца, сяброўства, прырода, любоў да кнігі, да мастацтва. Вось верш пра хлопчыка Мішку, які прыехаў у кнігарню купіць цікавую кнігу. Аўтар у вершы, на маю думку, высмейвае больш ветлівую прадаўшчыцу і ганарыцца кемлівасцю хлопчыка. Другая страфа ў вершы гучыць так:
- Лёгкую ці цяжэйшую
Выбраць табе, каб ведаў?
- Вага не найважнейшая,
Прыехаў я веласіпедам.
Вершы-смяшынкі Віктара Шведа дапамагаюць лепш зразумець маленькага чалавека, звярнуць увагу на эстэтычнае і этычнае выхаванне дзяцей, на арганізацыю іх гульняў і захапленняў, вучобу і адпачынак. А самае галоўнае - як бы аўтар пакінуў чытачам магчымасць глянуць на свет дзіцячымі вачыма, але цяпер ужо дарослага, з багатым жыццёвым вопытам, прайсціся да сябе самога сцежкаю памяці і ўсміхнуцца голасна:
Бацька вучыць:
- Сыночак,
Чаму ясі і балбочаш?
У памяці запішы:
Калі ясі - не брашы.
Нават сабака Лыска
Не брэша над поўнай міскай.
- Але сабака, тата,
Не мусіць есці шпіната.
Дарослым гэтыя радкі - яшчэ адна магчымасць для сур'ёзнага роздуму: можа, не трэба быць заўсёды вельмі строгімі са сваімі дзецьмі. Бо не спецыяльна ж яны робяць некаторыя ўчынкі, якія намі не прымаюцца. Проста ў іх так атрымалася, так выйшла, так захацелася. Бо яны ж - дзеці!
Пры прачытанні вершаў-смяшынак Віктара Шведа дзеці лёгка знойдуць саміх сябе, сваю штодзённую рэчаіснасць, свае першыя дзіцячыя адчуванні і мары, якія з узростам забываюцца і знікаюць. А яны не павінны знікаць, паколькі нашыя дзіцячыя ўспаміны, мары робяць наш унутраны свет прыгажэйшым, робяць нас цікавейшымі, дабрэйшымі. Не дарма ж, кожнаму чалавеку ў жыцці даецца дзяцінства:
Кандуктар бацькоў
Запытаў у цягніку:
- Колькі гадкоў
Вашаму сынку?
Маленькі Аркадзь
Адказвае шчыра:
- Дома гадкоў пяць,
А ў цягніку - чатыры.
У сваіх вершах-смяшынках паэт закранаў і маральна-этычныя праблемы. Тонкім гумарам, цёплым лірызмам, уменнем зацікавіць юных чытачоў займальным сюжэтам вылучаюцца таксама многія паэтычныя смяшынкі аўтара. Тонка адчуваў паэт і спецыфіку твораў для дзяцей - у іх ён удала спалучаў прастату і непасрэднасць з маральным максімалізмам.
Для многіх вершаў-смяшынак Віктара Шведа характэрны жарт і дасціпная ўсмешка. Для вершаў паэта таксама ўласціва іранічная ўсмешка ўмудронага вопытам чалавека, які многае перажыў і не страціў пачуцця здзіўлення дзіцячай непасрэднасцю. Паэт умеў шчырым і душэўным словам выклікаць давер юнага чытача. Для яго творчай манеры характэрна было жаданне зразумець асаблівасці дзіцячага свету. Веданне псіхалогіі дзяцей і шматгадовыя назіранні Віктара Шведа за імі спрыялі нараджэнню цікавых вершаў, якія без усмешак чытаць немагчыма і сёння. Ну, напрыклад, вось гэты верш "Быццам у камісарыяце":
Пытае мама сынка Колю:
- Як адчуваеш сябе ў школе?
Адказвае сыночак маці:
- Быццам у камісарыяце.
Там, мая мама дарагая,
Усё пытаюць і пытаюць.
Пытаюць часта, надта многа,
А я не ведаю нічога.
Пра школу ў Віктара Шведа найбольш напісана вершаў-смяшынак. Пра ўсе ўрокі і прыгоды, узаемаадносіны настаўнікаў і вучняў, пра двоечнікаў і гультаёў, пра бацькоў і іх дзяцей-школьнікаў і г.д. Усе яны чытаюцца з гумарам, выклікаюць усмешкі на тварах, настрой і захапленне чытаць іх больш. Зборнікі паэта для дзяцeй - гэтa шкoлa дaбpыні, cпpaвядлiвacцi, гyмaнiзмy. Шкoлa пpыгaжocцi poднaй бeлapycкaй мoвы, бeлapycкaгa гумару, дa якix ён cтaвiўcя з вялiкiм зaxaплeннeм, як і да ўсёй беларускай літаратуры і творчасці.
У 2015 годзе ў Беластоку з друку выйшаў першы том успамінаў, згадак і вершаў Віктара Шведа "З Мора ў горад". Ён складаецца з дзесяці раздзелаў. У іх аўтар апісаў свой жыццёвы і творчы шлях, пакінуў успаміны пра Ўладзіміра Караткевіча, Максіма Танка, Васіля Белаказовіча, Мар'яна Пецюкевіча, Янку Жамойціна, Уладзіміра Казберука, Серафіма Андраюка, Аляксея Карпюка, Міхася Забэйду-Суміцкага і іншых вялікіх асобаў Бацькаўшчыны. Другі том "З горада ў Мора" (2020) склалі артыкулы розных гадоў пра беластоцкіх і варшаўскіх беларусаў, пра іх кнігі і даследаванні, пра тыя беларускія падзеі і культмасавыя мерапрыемствы, якія пасля вайны адбываліся ў Польшчы і г.д.
Сёння пра творчасць беларуса-песняра Віктара Шведа з Беластока можна разважаць доўга. Бо за сваё жыццё было перажыта, напісана і надрукавана вельмі шмат. Паэт заўсёды даражыў творчай радасцю, верыў у беларускае слова, яго вялікія магчымасці і дзейсную сілу. Ён моцна любіў Беларусь і свой народ, а беларусы паважалі і любілі яго.
Сяргей ЧЫГРЫН. Фотаздымкі з архіва аўтара.
Некалькі гадоў маёй маладосці ў Вільні (1818-1825) 1
Станіслаў Мараўскі
(Працяг. Пачатак упапярэдніх нумарах.)
Набліжаліся вакацыі. Зачараваны Каралем, я паехаў да бацькоў на вёску. На наступны дзень, як звычайна, бацька пачаў мяне экзаменаваць. Ён цікавіўся маім прагрэсам у навуцы, музыцы і мовах. Загадаў сыграць мне некалькі санат. Агледзеў гардэроб і, не давяраючы слабасці і паблажлівасці маці, сам зірнуў на бялізну. Увесь гэты час я стаяў, як струна, выцягнуўшыся. Што да навук, дык знайшоў, што ўсё, як звычайна. Даўшы мне прачуханца за плямы на вопратцы і дзюры на панчохах, якія я пільна не зацыраваў, ён спытаў імя і прозвішча таго, з кім жыву ў адным пакоі і з кім я сябраваў у гэтым годзе. Падумаў, і натуральна паставіў на першае месца Караля. Выслухаў я тады незадаволеную літанію з заўвагамі пра розных людзей. Але сяброўства з Каралем бацька пахваліў і сказаў пра яго шмат добрага і пахвальнага як пра чыноўніка і чалавека. Але закончыў словамі: "Гэта не тое, што я табе зычу. Больш за ўсё сябруеш з асобамі такога гатунку, якія не могуць дапамагчы табе ў далейшай кар'еры".
І так накінуўся на мяне, што на другі дзень, калі мы ішлі на шпацыр, я наўмысна перавёў размову на Караля. Калі размова ішла пра сям'ю, стасункі і гісторыі, мой бацька станавіўся хадзячай энцыклапедыяй. Я не ведаю, ці быў ва ўсім краі ў той час мужчына, пра якога ён не ведаў, ад каго той нарадзіўся, ці была вядомая жанчына, якую б ён не кахаў, быў каханы, ці прынамсі, любімы. Здаецца, на гэту навуку не хапіла б і ўсяго жыцця, а ён бавіўся з ёй, як з кійком у руцэ і акрамя таго грунтоўна ведаў замежныя мовы. Гэта заўсёды было прадметам майго найвялікшага захаплення і павагі. Я ледзь мог паверыць у гэткія шырокія стасункі, на якія ніколі сябе не адчуваў здольным (Д 13). Гэта падвышала ў маіх вачах выбітнасць бацькі, які відочна высока стаяў над усімі, хто яго атачаў, але ўмеў апускацца да звычайнага ўзроўню і, акрамя таго, ніколі не хлусіў, у чым я тысячу разоў потым меў магчымасць упэўніцца. Другога чалавека з такой добра арганізаванай ад прыроды галавой я ніколі ў сваім жыцці больш не сустракаў. І барані мяне Божа, калі пішу гэта таму, што хвалю свайго бацьку. Кожны, хто яго ведаў у той час, скажа тое самае і ахвотна са мной пагодзіцца.
І тата расказаў мне, што Караль нарадзіўся ад бацькі з Познані герба Наленч, які прыехаў у Літву з бізнесовымі мэтамі. З прывезеным з сабой капіталам ён спрабаваў розныя праекты і ў выніку скончыў антрэпрызай віленскага тэатра, якая мела вялікі поспех. Што займаючы пасаду дырэктара тэатра, нарэшце закахаўся і ажаніўся з актрысай, чыя слава, прыгажосць, фанабэрыстасць, экстравагантнасць і невялікі розум95 так атруцілі жыццё гэтага сумленнага чалавека, што ён памёр з гора раней часу, але нягледзячы на ўсе вар'яцтвы сваёй жонкі, пакінуў пасля сябе грошы. Што яе брату Корвелу, чалавеку рэдкай прыгажосці, гегабродская старасціна Плятэрава краслаўская96, запісала нядрэнны маёнтак. Дадаў, што маці Караля, яшчэ жыве і дагэтуль рознымі спосабамі руйнуе дабрабыт свайго сына, і яму сумна, што такі шляхетны чалавек мае такую маці! Я нічога пра гэта не ведаў, бо мы сустракаліся толькі ў вызначаных месцах і разам шпацыравалі, але не хадзілі адзін да аднаго ў госці - ён быў чыноўнікам, а я вучыўся.
Не магу апісаць, якое балючае пачуцце выклікалі ў мяне словы бацькі. Тры дні я хадзіў, як скалечаны, як быццам мне ўваткнулі нож у сэрца. Я ўяўляў, як павінна пакутаваць гэтая высакародная душа, які боль ён хавае ад свету, бо мае маці, якая так мала яго шануе. Што ён страціў свайго сумленнага і добрага бацьку які стаў ахвярай памылак жонкі. Усе гэта не зменшыла а хутчэй падвоіла мае сяброўства і павагу да яго.
Я зноў вярнуўся ў Вільню. Адносіны з ім сталі яшчэ больш блізкімі. Аднойчы мы абодва былі на маскарадзе. У адным з пакояў сустрэлі дзвюх старых кабет, якія падашлі да нас. Адна з іх з тварам старой каралевы, пры тым дэспатычнай каралевы, з мінай знакамітай мадмуазэль Жорж97, выглядала больш, чым своеасабліва - высокая, тоўстая, сівая, як пэндзлем намаляваная, у яркай пунсовай сукенцы, на галаве вялізны барэт упрыгожаны не кветкамі, а рознай садавіной. Былі тут і грушы, вінаград, дыні, карнішоны, Божа мой, чаго толькі не было! І як толькі мне з языка ледзь не сарвалася адмысловае слова, але мой Караль з найвялікшай пашанай падышоў да гэтай жанчыны і, насуперак прынятаму ў той час звычаю, пацалаваў ёй руку. У мяне закіпела кроў ад такога гонару, выказанага гэтай жанчыне. Таму я пакінуў яго ў гэтай прыемнай кампаніі і пайшоў далей. Сунуўся ў натоўпе пад вокнамі і знайшоў вольнае месца побач са старым Вячанеўскім, былым чалавекам Зорыча, фаварыта Кацярыны ІІ. […]
Караль у той час жыў ва ўласным доме на адным паверсе са сваёй маці і часта прасіў мяне прыехаць у госці. Я бываў на яго палове, але заўсёды, калі яго маці не было дома, бо яна кожны вечар ездзіла гуляць у яшчэ модны тады бастон. Аднойчы ён сказаў мне ў сваім дзіўным, ветлівым і цёплым тоне, што жадаў бы пазнаёміць мяне з сваёй маці і таму прасіў зайсці да яго на гарбату і падвячорак. Адмовіцца было немагчыма.
Тым часам гаваркі стары Вячанеўскі, за гарбатай з ромам яшчэ раз сустрэўся са мной і расказаў шмат такіх рэчаў, якія выклікалі ў мяне ахвоту менш сустракацца з ім. Ад яго я, між іншым, даведаўся, што часам дзіўная вопратка Караля, дарослага, цывілізаванага чалавека з добрым густам, часам яго ўяўная арлекінада, забаўны выбар яркіх колераў вопраткі, былі вынікам бязмежнай ва ўсіх адносінах пакорлівасці маці. Што ён не толькі ўвесь даход ад дома і свайго маёнтка, які за некалькі міляў ад Вільні, але і свой службовы заробак аддае маці. Што яго маці, якая мае ўсе гэтыя грошы, ніколі не мае грошай. Што яна апранала яго па-свойму, па-дзіцячаму, і таму ён часам быў падобны на Вертверта98.
Сціскалася маё сэрца, але шанаваў яго яшчэ больш. Нарэшце я пайшоў на падвячорак. Упершыню ўвайшоў у пакоі яго маці, як для Вільні пышна прыбраныя. Увесь дрыжэў, калі ўбачыў уладны, дэспатычны твар гэтай жанчыны, які мог мець толькі ўгневаны ўлан польскіх легіёнаў. Не бракавала ёй і вусоў. Побач з маці сядзела светлавалосая, жанчына маленькага росту з шырокім азадкам, але пры такой постаці мела яна вельмі мілы выраз твару. Караль, як ягня, цалаваў ручкі і ножкі сваёй маці. А яна ўспрымала гэта як нудную павіннасць свайго сына. Я быў чацвёртым і апошнім у гэтым пакоі. Але не! Не апошнім. Яшчэ была прыгожая, свежая як ружа субрэтка99 Рузя, якая разлівала гарбату. Апранутая крыху па-акцёрску, з кароткімі рукавамі, з вялікім дэкальтэ на прыгожых грудзях. Ай, мне б такую! Вочкі мела, як два вуглі, чорныя валасы і постаць сапраўднай спакусіцельніцы. Пры дзвюх старых мне, як абухом у лоб, ударыла гэтае дзяўчо, і калі я ўзяў сябе ў рукі, усе мае зусім не святыя думкі былі толькі аб Рузі. І толькі прыстойнасць прымусіла мяне асцярожна весці размову з дзвюма маімі суразмоўніцамі. У душы я спяваў для Рузі стары французскі раманс:
Ah bijou, si je te tenois,
Comme autrement tu sifflerois! 100
Мараўская імкнулася быць прыемнай і задала мне некалькі пытанняў густым, церпкім і артыстычным голасам, які сведчыў пра яе мінулую прафесію. Потым выпіла гарбаты з бісквітамі і шчасліва супакоілася. А паўнаватая бландзінка, каб падтрымаць размову, пачала доўга расказваць пра Вальтэра і Русо і рознымі іншымі спосабамі старалася заняць дзевятнаццацігадовага юнака.
Але тут было маё поле бітвы! Як кожны не зусім дурны малады чалавек з сумленнай і чыстай душой, я ўсяму вучыўся з ахвотай - напачатку слізгануў па прыродазнаўчых навуках і паверыў ў сілу розуму і гонару бо яшчэ не разумеў дзіўных спружын чалавечага сэрца і быў выхаваны ў дабрадзейным і пабожным доме, але потым кінуўся ў атэізм. Неўзабаве, як раз у той час, сваім уласным розумам і з Божай ласкі я пачаў чытаць айцоў касцёла і вырабіў сабе цалкам іншыя перакананні. І схаваная недзе глыбока ў сэрцы навука маёй маці, вынырнула са схованкі і зноў пачала грэць маю душу.
Таму ў той момант я добра падыходзіў гэтым жанчынам, каб красамоўна абмеркаваць з імі ўсе "за" і "супраць". Але не мог думаць ні аб чым іншым, як толькі аб прыгожай Рузі, якую потым сапсаваў нейкі бязбожны распуснік. Калі я сышоў адтуль, усю ноч перад маімі вачыма стаялі яе вобраз і страшны выраз твару маці Караля. Рузя вабіла мяне, а пагрозлівы позірк старой гнаў прэч. Пасля такой ночы я з цяжкасцю падняўся са свайго самотнага ложка. Тоўстая бландзінка? Як быццам яе і не было! Ніколі нават не памятаў яе імя і толькі праз некалькі гадоў даведаўся, хто яна такая!
Жывучы ў цеснай дружбе з Каралем, мне давялося пазнаёміцца з людзьмі, якія наведвалі яго ці як сябры, ці як чалабітнікі па справах. Большасць з іх я ведаў ужо раней, акрамя аднаго Сарокі, прэзідэнта земскага суду з Ашмяны101 , васьмідзесяці з нечым гадоў, худога, высокага, з маршчыністай шыяй, адвіслым падбароддзем, апранутага па старому. Гэты дзед у сваім веку яшчэ паляваў з хартамі, а нядаўна, на 84-м годзе жыцця ажаніўся з маладой і непрыгожай жанчынай і нарадзіў з ёй некалькі дзяцей. Гэты Сарока, ужо добра потым, бо прымаў удзел ў паўстанні 1831 г. і, як малады, біўся з Вярзіліным102 і чаркесамі, быў схвачаны, кінуты ў вязніцу і памёр маючы, падобна, 100 гадоў.
Усе іншыя разнастайныя асобы былі па-рознаму смешнымі арыгіналамі, якіх Караль з нейкай жарсцю прыцягваў да сябе, каб імі бавіцца. Я ўжо казаў, што ён быў дасціпны назіральнік. І збіраў ён такіх арыгіналаў, як і генерал Хацкевіч, не для зласлівых жартаў і здзекаў, бо абыходзіўся з імі вельмі далікатна і ветліва, але ў душы смяяўся з іх, выварочваў іх вантробы, бо збіраў калекцыю вобразаў. Унутры сябе душыўся ад смеху, але без жоўці, і яны пра гэта не здагадваліся. Я часта бачыў, як унутры яго крэмпуе і душыць смех і як ён умее стрымліваць смех унутры сябе. Я ўпэўнены, што каб лёс даў яму больш спакойнае жыццё і не зрабіў эмігрантам, выгнаннікам, вечным палітычным бадзягам, ён бы не змог захаваць свае назіранні ў самым сябе і яны былі б выціснутыя з яго ў форме дзіўнага і захапляльнага рамана.
Напрыклад якім арыгіналам быў пан Бянкуньскі103. Другога такога Бянкуньскага больш не будзе, такога ўжо не можа быць на свеце! Гэта быў суцяжнік, суцяжнік над суцяжнікамі і кароль зваднікаў! Здавалася б, для гэтага трэба быць вар'ятам ці дурнем. Але з выгляду ён не быў ні тым ні другім. Наша шляхта, пазбаўленая ў той час звычайнага соймавага ці соймікавага руху, для забавы ці для адпачынку, кінулася ў суцяжніцтва. Ён паглядзеў на свой кунтуш і ўбачыў, як з-за пазухі выглядае стос дакументаў і юрыдычных папер. Што жупан - то юрыст! Але Бянкуньскага ні з кім і ні з чым немагчыма было параўнаць. Ён еў, піў, хадзіў, цалаваўся, кахаў, спаў, маліўся, спрачаўся і не расставаўся пры гэтым з сталай думкай неадкладна распачаць новы і калі магчыма, самы цяжкі судовы працэс. Разам з братам яны атрымалі на Ашмяншчыне вялікае багацце. Кожны з іх меў па 200 чыстых, без даўгоў, хат. Гэта значыць, амаль што па 2 мільёны злотых. І наш герой адразу пачаў судзіцца і множыць справу за справай …
[Далей у маім экземпляры кнігі адсутнічаюць старонкі 101 - 104 - Л. Л.]
Тысячы гісторый расказвалі пра Мар'янскага. Быў ён тварам віленскіх дасціпнікаў. І ўвесь час жартаваў. Раней служыў у войску караля Станіслава Аўгуста вайсковым хірургам. Палкоўнік прускіх войск Сякулі104, вядомы ў нашай гісторыі сваімі жудаснымі зверствамі пры апошнім падзеле краіны, казалі, што ён з жыўцом здзіраў скуру, быў схоплены Мадалінскім пад Быгдашчам і памёр ад ран. Мар'янскаму праз 20 гадоў давялося ў Вільні быць сведкам размовы пра гэтага Сякулі. Пажадаў дадаць сваю думку і сказаў:
- Сякулі, Сякулі, мы яго забілі!
- Як гэта? - спыталі яго.
- Мадалінскі яго параніў, а я яго лячыў! - адказаў Мар'янскі.
Шмат разоў ён расказваў, хваліўся і хлусіў, як потым, у часы імператара Паўла, ён хірургам перайшоў у рускую армію і з войскам быў пасланы ў Галандыю, у Нямецкае мора, кватараваны быў на востраве Джэрсі, а ў Лондане закахаўся ў англічанку. І са сваёй выспы ён два разы ў дзень ездзіў ў Лондан!
Мар'янскі меў блізкія стасункі з камісарскім чыноўнікам, шулерам і вялікім злодзеям, нейкім Лісаневічам, за каторага старая Мюлерава105, маці Станіслава, пра якога я распавяду ніжэй, напрыканцы свайго жыцця выйшла замуж па каханні. Гэты чалавек раскідваўся грашамі, бо нават сваю бялізну адпраўляў праць у Парыж і такім чынам прамарнаваў увесь капітал сваёй жонкі. Калі жонка памерла, ён некалькі дзён трымаў гэта ў тайне і за гэты час з сябрамі вынес з дому ўсё каштоўнае, ажно покуль са сваіх палкоў не прыехалі сыны Мюлеравай. Тады Мар'янскі прывёз да Лісаневіча вялізны пук надзвычай дарагіх на той час брабанцкіх карункаў коштам у 40 000 злотых. Слугі яго дапільнавалі, меліся і іншыя сведкі. Маладыя Мюлеры падалі на Лісаневіча за рабунак у суд і выклікалі ў суд таксама і Мар'янскага. Працэс цягнуўся, бадай, гадоў 15 ці болей. І ўвесь гэты час Мар'янскі, як ад агню, уцякаў ад усіх Мюлераў і асабліва ад грубага Станіслава Мюлера.
У 1818 г., калі дзедзіч Станіслаў Мюлера ішоў пешшу па Антокалі, на яго напалі лютыя сабакі, загналі ў кут паркана і цалкам адгрызлі азадак. Быў патрэбны доктар, і Мюлер заўпарціўся, каб паслалі па хірурга Мар'янскага. Той прыйшоў і пачаў лекаваць скалечаную частку цела з вялікай пільнасцю і стараннем - кожную раніцу прыкладваў да яе лекі і рабіў кампрэсы. Скончыўшы працу, спытаў у Мюлера: "Я, шчыра кажучы, не магу зразумець, адкуль гэты давер да мяне, калі мы столькі гадоў варагавалі праз суд?". На што Мюлер адказаў: "Уласна, гэта менавіта з-за працэсу! Васпан мне таго ўжо не верне, што скраў, бо не мае з чаго. Ну я і вырашыў, каб лекаваў мяне і нагледзеўся на тое, што я толькі ворагам паказваю".
Мар'янскі бываў у Караля Верашчынскага, былога ўпіцкага маршалка, старога і, як голуб, сівога, з зоркай св. Станіслава і вялікай стужкай на белай камізэльцы. Некалі ён быў багатым чалавекам і задаваў тон у Жмудзі і вакол Жмудзі. Нідзе людзі так не бавіліся, як у яго. На балі, вечары, танцы і іншыя глупствы ён патраціў усе свае сродкі і скаціўся амаль што да галечы. Але як толькі заставаўся без грошай, прычапляў зорку, загадваў запрагаць у старажытную брычку-кош чатыры схуднелыя і галодныя клячы і ехаў да абранай ім ахвяры. Уся Вільня ведала яго справы і як толькі бачылі брычку, людзі казалі: "Ой, Верашчынскі зноў едзе пазычаць грошы". Яго просьбы былі заўсёды адны і тыя самыя. Ён прасіў 100 дукатаў пад вексаль. Але паступова зніжаў патрабаванні да меншай сумы і скончыў тым, што браў толькі адзін дукат. На малую суму не трэба было выдаваць паперу, і паціснуўшы свайму крэдытору руку, ён вяртаўся дахаты. Некаторы час хадзіў пешшу без зоркі але потым зноў ехаў на чацвёрцы па нечую кішэню.
Пра яго хадзілі розныя байкі.
Лявона Бароўскага, у лепшыя часы слаўнага фаварыта князя "Пане Каханку", заціснулі крэдыторы і ён схаваўся ў малым фальварку каля Біржаў, узяўшы яго ў заставу. Недалёка ад яго жыў Верашчынскі, тады яшчэ магнат, дом якога быў заўсёды поўны моднай жмудскай навалачы і вертапрахаў, якія круціліся вакол яго дачок. Як і кожны шляхціц ён быў да глупства горды сваёй крывёю, горды стаўленнем да сябе суседзяў, паверыў у сваю веліч і заўсёды ганарыўся сабой бо лічыў сябе вялікім чалавекам. Аднойчы ён прыдумаў усёй кампаніяй разам са сваімі дочкамі зрабіць гонар Бароўскаму і паехаць да яго на падвячоркі. Бароўскі, да якога яны нечакана прыехалі, быў рады гасцям, але адразу заўважыў, што Верашчынскі, як напышлівы паўлін, абыходзіўся з ім паблажліва, у яго ўласным доме не паважаў гаспадара і даваў яму адчуць, што сваім візітам робіць вялікую ласку. Бароўскі быў вядомы дасціпнік і мітусячыся каля смажаных куранят, вяршкоў, гарбаты і іншых неадменных атрыбутаў вясковага падвячорка, калі праходзіў каля Верашчынскага, нізка кланяючыся яму, дакранаўся рукой калена і пакорліва казаў: "Хай Яснавяльможны пан добра сябе адчувае ў доме шляхціца!". Казаў так яму раз, другі а Верашчынскі толькі ківаў галавой. Але калі гэта паўтарылася разоў з дзесяць, Верашчынскі, нарэшце, страціў цярпенне і спытаў: "Але, Васпане, чаго ты ад мяне хочаш? Я не маю пра цябе ніякіх крыўдных высноў!".
Тады Бароўскі, зрабіўшы дабрадушную міну, гучна і з найвялікшай пакорай сказаў: "Пакорліва прашу прабачэння ў Яснавяльможнага пана, вось ужо гадзіну я назіраю як Яснавяльможны пан увесь час надзімаецца і надзімаецца … пярдзі ўжо пан смела, у шляхецкім доме гэта можна!".
Пра гэтага Бароўскага, вельмі, вельмі незвычайнага чалавека яшчэ і ў мае часы, расказвалі тысячы дасціпных анекдотаў. Вось адзін з іх, які мне зараз згадваецца.
Неяк, едучы ў Біржы, Бароўскі на начлег спыніўся ў карчме ў Кракінаве, што на Жмудзі і паставіў умову карчмару больш нікога не пускаць. Карчмар паабяцаў. Каля дзесяці гадзін у Кракінаў на некалькіх карэтах прыехалі вялікія паны. Сталі перад карчмой і загадалі адчыніць браму. Верны свайму слову карчмар не паслухаў іх. А гэта былі князі Гейдройцы з Белазорамі, якія ехалі ў Кейданы, каб праз суд шукаць кампраміс з Білевічам, Быстромам і Ляўданскім.
- А ну, лайдак, адчыняў браму! - крычалі госці.
- Не магу, панове, бо карчма занятая.
- Хто тут начуе?
- Пан Бароўскі.
- Хэй, Мацей, Вінцэнт - ламіце браму і выкідвайце гэтага шляхціца!
Бароўскі, які ўсе гэта чуў, адчыніў акно і голасна але спакойна пракрычаў: "Гэта той шляхціц, які мае доўг шэсць разоў па сто тысяч" ... Вандроўнікі паехалі далей.
Мой бацька расказаў мне, што аднойчы, яшчэ ў польскія часы, яго разам з іншымі запрасіў на пікнік адзін з жыхароў Наваградскага павета. Гасцінны і чалавечны гаспадар куфлямі частаваў гасцей венгерскім віном. Быў там і Бароўскі. І хоць ён меў моцную галаву, але напіўся першым. Піць там трэба было пад прымусам, а мой бацька не быў ахвотны і здатны да кілішка і, унікаючы п'янкі, выйшаў на ганак і сеў. Ліў дробны дожджык. Бароўскі крыва выйшаў па патрэбе, адхіліў палу і пачаў рабіць сваю справу. Каб яму не перашкаджаць бацька вярнуўся ў залу. Але там на яго зноў наваліліся з куфлямі, і ён зноў выйшаў з хаты і, каб не змокнуць, пайшоў у стайню. Бароўскі стаяў на тым жа месцы і ў той жа позе. Праз 15 хвілін бацька вырашыў вярнуцца ў хату і з здзіўленнем убачыў, што Бароўскі ўсё яшчэ стаіць у той жа позе і горка плача. Тады спытаў яго: "Што пан тут так доўга робіш і чаму плачаш?".
- Ратуй мяне, Васпан-дабрадзей, - закрычаў Бароўскі і заліўся слязьмі: - Я няшчасны, маю страшэнную загану! Я ўжо гадзіну с.., с… і ніяк не магу скончыць!
Што гэта было? П'яны Бароўскі стаяў ля жолаба, з якога з-за дробнага дожджыку ручайком цякла вада. Чуў гэты гук, і яму здавалася, што гэта ён вось ужо гадзіну як не можа скончыць. Гэты анекдот доўга хадзіў па ўсёй Літве.
Сярод арыгіналаў, якіх сабраў Караль Мараўскі, быў, напрыклад, пісар Дмахоўскі, родны брат сучаснага арцыбіскупа, забіты з-за грошай пякельным злачынцам, яго старым слугой. Грошы захоўваў у сваёй кватэры, дзе і быў забіты, а яго цела слуга рассек на часткі. Дмахоўскі быў дабрадзейным, высакародным і сумленным чалавекам, якога ўсе любілі і шанавалі. Але кожнае слова ён казаў так павольна, што трэба было прайсці з ім сто крокаў, каб пачуць адно слова і тысячу, каб зразумець, што ён кажа. Таму садзілі яго побач з нейкім Бярнацкім, які размаўляў шмат і вельмі хутка.
Такім жа арыгіналам быў стары, чыноўнік высокага рангу і заможны чалавек Даўнартовіч, які ўвесь час грыз пазногці правай рукі і таму ўвесь час трымаў руку каля рота. Гэта было б паловай бяды, але Даўнаровіч любіў старыя прыслоўі і амаль да кожнай сваёй фразы дадаваў: "Ах, васпане, вось што я хацеў сказаць, панулечку!". І гэтую фразу, дакладна да апошняй літары, дадаваў да кожнага свайго выразу. Даўнартовіча часта сядзеў каля айца Ігнацыя, бернардына і калісьці прафесара ў Датнаве, які праз слова з націскам паўтараў "Масамо", што, здаецца было скаротам раней ужыванага "Мосць, пане мой". Калі бернардына не было, Даўнартовіча садзілі з доктарам Расалоўскім, які часта паўтараў "Уяві сабе, пане".
Гэта складалася ў дзіўную і смешную мазаіку, для якой былі патрэбны таленты Хацкевіча альбо Караля. Усе гэтыя людзі зусім не былі дурнямі, і сутнасць мастацтва была ў тым, каб сабраць іх разам і каб ніхто з іх не зразу-меў, што зроблена гэта, каб пасмяяцца.
Дадаткі.
13. Французскі кароль Людовік XVIII, падчас свайго выгнання, нейкі час, вельмі сціпла жыў пад імем граф дэ Ліль у Варшаве106, у доме, які ў лепшыя часы належаў Казаноўскім, а цяпер, без былой славы і шуму, стаіць побач з домам Таварыства дабрачыннасці ў Кракаўскім прадмесці, і ніхто яго не заўважае. З-за нейкай выпадковасці, падрабязнасцей я ўжо і не памятаю, мой бацька, які тады бавіў час у Варшаве, сустрэўся з эмігрантамі, якія складалі княскі двор. Праз нейкі час цікаўнаць прывяла яго і да знаёмства з самім князем. Бацьку прадставілі і ён некалькі разоў потым наведваў дэ Ліля, прымалі яго вельмі гжэчна. Бацька не любіў падпарадкоўвацца, а Людовік XVIII, нягледзячы на сваю беднасць у Варшаве, заўсёды лічыў сябе манархам і бацька перастаў з ім сустракацца. Аднак па-ранейшаму застаўся ў добрых стасунках з прыдворнымі.
(Працяг у наступным нумары.)
1 Morawski Stanislaw. Kilka lat mlodosci mojej w Wilnie (1818-1825). Warszawa, 1924. Пераклад Леаніда Лаўрэша .
95 Мар'яна Мараўская з Корвелаў, жонка Дамініка Мараўскага, дырэктара тэатра ў Вільні ў 1796-1801 гг., пасля смерці мужа да 1807 г, кіравала тэатрам, а потым прадала яго Кажынскаму. Гаспадыня дома па вуліцы Троцкай і маёнтка Дзялюны ў Віленскім павеце (24 км ад Вільні). Другі раз кіравала тэатрам у 1810-1811 гг. Віленскі доктар Юльян Цітыюс пісаў, што тэатр " пабудаваны Мараўскім у 1796 г . і прададзены яго ўдавой знакамітаму акцёру і антрэпрэнёру Мацею Кажынскаму , які са сваёй віленскай операй ездзіў у Пецярбург і Маскву ". Гл: Віленскія ўспаміны доктара Юльяна Цітыюса з дадаткам Уладзіслава Талочкі (укладальнік і перакладчык Леанід Лаўрэш). Ridero, 2024. С. 8. - Л . Л .
96 Плятэраў, старастаў гегебродскіх, было некалькі. Тут, праўдападобна, справа ідзе пра Кунегінду, дачку Міхала Валовіча і жонку Людвіка Броель-Плятэра, сына Яна Людвіка і Эсмеральды Броель-Плятэраў.
97 Маецца на ўвазе вялікая актрыса Маргарыта Жазефіна Веймер (1787-1867), вядомая як мадэмуазель Жорж, каханка Напалеона і Аляксандра І. - Л . Л .
98 Персанаж камічнай оперы Жака Афенбаха. - Л. Л.
99 У дадзеным выпадку - бойкая, знаходлівая і спрытная служанка. - Л. Л.
100 Па-французску, нешта, накшталт: "Ах, мая дарагая, калі б я сціснуў цябе, як бы ты яшчэ крычала!". - Л. Л.
101 Сарока Скальнік Юры (каля 1750-1831), прэзідэнт земскага суда ў Ашмяне (1805-1811), нарадзіўся ў Віленскім ваяводстве, выхоўваўся і працяглы час жыў пры двары князя Адама Чартарыскага. Разам з Чартарыскім ездзіў за мяжу. Жыў у эміграцыі. Вярнуўся ў край пасля смерці бацькі і пасяліўся ў маёнтку Крыўск на Ашмяншчыне. Паважаны сярод шляхты арбітр у спрэчках, прэзідэнт ашмянскага земскага суда (1811-1817). У 1831 г. узначаліў паўстанне ў сваім павеце і выдаў пракламацыю з заклікам да барацьбы. Памёр у лістападзе 1831 г. у віленскай вязніцы.
Антоні Адынец пісаў: "Вядомым і ўсеагульна шанаваным не толькі ў сваім Ашмянскім павеце, але і ва ўсёй правінцыі абывацелем быў наш сусед, пан Ежы Сарока, які жыў за тры мілі ад нас, чалавек, пра якога можна сказаць, што ён сабраў у сябе, з усіх пунктаў погляду, тыповыя рысы даўнейшага польскага шляхціца і абшарніка. Паходзіў ён з Чырвонай Русі і распачаў сваю дзейнасць у двары князягенерала Падольскіх зямель, у хуткім часе стаўшы яго першым любімцам. Менавіта гэта ўблытала яго ў сварку з нейкім Швыкоўскім, які меў падобную ласку ў самой княгіні. Ад сваркі перайшло да дуэлі на шаблях, і Швыкоўскі загінуў на рысталішчы. Сарока ўскочыў на каня і апынуўся аж у Турцыі. Год цэлы правёў у Канстанцінопалі і, як толькі князь расстараўся ў караля для яго ахоўную грамату, вярнуўся на радзіму. Аднак ужо не ў Галіцыю, а ў Літву, дзе ажаніўся з уладальніцай маёнтка, у якім у Ашмянскім павеце і жыў, выконваючы ў ім адразу высокую пасаду старшыні земскага суда, а потым - падкаморыя па выбары грамадзян. Ён быў, па сутнасці, як даўнейшы рымскі цэнзар, з суровым настроем Катона не толькі для ашмянскай адвакатуры, але і для ўсіх тамтэйшых чыноўнікаў і нават для ўсяго павета. Усе яго баяліся, як агню, бо кожнаму ён любіў ляпнуць verba veritatis (лац. "Слова ісціны") і, круцячы вус, пачынаў ад "пане дабрадзею", што было заўсёды, як гром перад бурай, і ніхто не смеў яму працівіцца. Сам атлетычны, з цудоўнай фігурай, апрануты ў польскія строі, заўсёды з крывой шабляй і высока падголенай галавой. Ездзіў толькі конна і нават далёкія падарожжы адбываў такім жа чынам з запасным канём. Пры гэтым ён любіў гасціннае, свецкае жыццё і трымаў сапраўдную паляўнічую гаспадарку: ганчакоў, хартоў, выжлаў і некалькі егераў, адзін з іх, якога звалі Ярошкам, хоць меў ужо гадоў семдзесят, так славіўся ва ўсім павеце, што яго лічылі чарадзеем. Ніякае паляванне, ніякая аблава на дзесяць міль навокал не абыходзіліся без пана Сарокі, які прыязджаў на іх з усёй сваёй псярняй і егерамі, сам на кані, з дубальтоўкай цераз плячо. Дык вось, на адной такой аблаве на ваўкоў я, таксама пастаўлены ў ланцуг стралкоў, хоць ваўка і не дачакаўся, але, сумуючы на звярынай сцежцы, склаў дыфірамб, прысвечаны пану Сароку, які вечарам пры паляўнічым абедзе патэтычна прадэкламаваў. Стары быў так уражаны, што тут жа назаўтра прыслаў мне ў падарунак прыгожую невялікую стрэльбу і зверх таго дзве зграі ганчакоў з егерам, каб з я імі паляваў, пакуль захачу. Гэтая незвычайная міласць да мяне пана Сарокі зрабіла мяне ў павеце знакамітасцю, а ў мяне самога падвоіла адразу ахвоту да палявання і энтузіязм да паэзіі". - гл: Адынец А. Э. Успаміны пра мінулае. Мінск, 2020. С. 68-69. - Л. Л.
102 Палкоўнік Вярзілін, камандзір карнікаў, арганізатар так званай "Ашмянскай разні" 14 красавіка 1831 г.
103 Бянкуньскі Феліцыян, шамбелян Станіслава Аўгуста, уладальнік маёнтка Лубянка ў Ашмянскім павеце, брат Севярына. Абодва сыны Міхала Бянкуньскага. Выбітны тып суцяжніка. Вядомы яго працэсы з віленскімі базыльянкамі - уладальніцамі Даўкшышак, з наваградскім падкаморым, уладальнікам Болтупя Стэфанам Верашчакам і з Анджэем Снядэцкім, які ў 1806 г. стаў уладальнікам гэтага маёнтка. Снядэцкі у 1815 г. адсудзіў у Бянкуньскага Лубянку і пасля падзелу атрымаў значную частку гэтага маёнтка.
104 Сякулі ці Шэкелы, вядомы сваімі злачынствамі камандзір прускага аддзелу ў 1794 г.
105 Са скарбовай кнігі 1795 г.: "Ян, сын Яна Мюлера, новааседлы, гадоў 46, набілітаваны ў 1790 г., родам са Львова. Жанаты з паннай Эльжбетай Краўзоўнай, дачкой Краўзы з Варшавы. Мае сыноў Ксаўе, 14 гадоў, Станіслава, 11 гадоў. Мае мураваны дом па вуліцы Тройцы пад нумарам 427". Станіслаў Мюлер (1787-1847) былы капітан гвардзейскай артылерыі Расіі, выдаў у Завадскага ў 1830 г. двухтомны польска-рускі слоўнік, другое выданне адбылося ў 1841 г., у 1826-1828 гг. выдаў франка-польскі слоўнік. У рукапісах пакінуў "Успаміны пра падарожжа з Германіі ў Італію".
106 Будучы кароль Людовік XVIII як эмігрант жыў у Варшаве з 4 сакавіка 1801 па 15 ліпеня 1804 г.
Беларусы сустракаюцца з індзейцамі
Хатынь і творчы цэнтр аптымізму ў адным музеі ў Амерыцы: Полаз, Семірадскі, Ягадзінская
(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-52 (105-156) (2024); № 1-15 (157-171) за 2025 г.)
ПОЛАЗ Пол (Павел, Paul Poloz, Paul N. Poloz) - вучыўся ў мастацкім каледжы (імя А. К. Глебава) і акадэміі мастацтваў у Менску, у ЗША прывязаны да Чыкага і Гленв'ю [Glenview] у Ілінойсе і Сан-Францыcка. З 1999 г. - кіраўнік і вядучы дызайнер Poloz Architects, Ltd., з 2008 - кіраўнік фонду ArcProspect.
У калонцы Skills яго рэзюмэ пазначана: Art, Philosophy, Art History, Fine Art, Philosophy of Religion, Existential Philosophy, Orthodox Theology, Contemporary Art, Spiritual Culture, Sustainable Architecture, Philosophical Theology.
Пры апісанні ArcProspect International Foundation адзначана, што " Шырокі абсяг мастацкай і культурнай працы і цікавасці Пола Полаза ўключае даследаванне ( індзейскае мастацтва і культуры , метафізічныя мастацтвы і культуры , сакральнае мастацтва і архітэктура ), калекцыянаванне і выстаўленне мастацтва , стварэнне мастацкіх праектаў і праектаванне структур для мастацтва і культуры ". Індзейскае, уключаючы мастацкую работу Паўла, можна ўбачыць тут: https://arcprospect.org/collections. Пра арганізацыю напісана, што "The most well-known project among all is the Monument-Museum of Native American Cultures".
" Пол Полаз - мастак і таленавіты дызайнер , які ўвасабляе інтэлектуальную цікаўнасць з талентам аб ' ядноўваць культурныя , духоўныя і экалагічныя каштоўнасці і памкненні , ствараючы наватарскія ідэі . […] Ён вельмі адчувальны да пытанняў прыроднага асяроддзя і захавання жыцця, культуры і мастацтва".
Яго ідэя, якая нарадзілася ў 2006 г., у пэўнай частцы нагадвае мемарыял у Хатыні - але ў цэлым яна больш аб'ёмная, нават універсальная, а таксама больш аптымістычная, дынамічная - яна не глядзіць толькі ў трагічнае мінулае, але і "славіць сучаснасць".
Матэрыял, які ніжэй, узяты з архіва ICT (Indian Country Today) з датай 22.06.2009 і ўказаннем на абнаўленне 12.09.2018 г. (https://ictnews.org/archive/native-monumentmuseum-would-mourn-the-past-celebrate-the-present). Яго аўтар Марк Фогарці - журналіст, які дзесяцігоддзямі асвятляў жыллё, асабліва фінансавае (іпатэчныя крэдыты і інш.) індзейцаў (ICT, Chicago Tribune, Miami Herald, National Mortgage News, U.S. Banker, American Banker, Credit Union Journal, High Country News, American Indian Report і інш.)
У артыкуле згадваецца Joseph Standing Bear Schranz (або з элементам "Мядзведзь, Што Стаіць" у двукоссі - апошняе ўказвае, што гэта, верагодна, не яго афіцыйнае імя; спачатку ён быў толькі Джозеф Шранц). Бацька яго немец, маці "галоўным чынам аджыбвэ". Апошняе пацвярджае яго афіцыйная прыналежнасць да аджыбвэ уайт-эрз Мінесоты (enrolled Member of the White Earth Band Minnesota Ojibwe Nation). Але больш важна тое, што ён вельмі актыўны і паважаны ў індзеяністыцы чалавек, стварыў і ўзначальвае Midwest SOARRING Foundation (Save Our Ancestors' Remains and Resources Indigenous Network Group).
На сайце фонду згадваюцца і іншыя творчыя індзейцы, якія прыцягнулі ўвагу Паўла і яго калег (гл. arcprospect.org/artists).
Марк Фогарці
ПОМНІК МУДРАСЦІ ЖЫЦЦЯ
Чыкагскі архітэктар узначальвае [spearheading] праект музея і помніка коштам 90 мільёнаў долараў, які закліканы засведчыць [to acknowledge] сілу сучасных культур індзейцаў і ўвекавечыць памяць мільёнаў забітых карэнных жыхароў і плямён, што зніклі пасля кантакту з еўрапейцамі.
Пол Полаз, дырэктар [principal] Poloz Architects, спадзяецца, што Музей індзейскай культуры і духоўнасці [Museum of Native American Culture and Spirituality] плошчай 55400 квадратных футаў можа быць завершаны да 2013 г. у Чыкага ці, магчыма, у іншым горадзе. Аспект помніка [monument aspect] будзе ўключаць статую вышынёй ад 15 да 20 футаў, якая будзе ўстаноўлена ва ўнутраным двары. Што менавіта будзе за статуя, пакуль не вызначана, але Полаз абмяркоўвае гэта з плямёнамі і скульптарамі.
"Памятны аспект праекта вельмі важны для ўражання ад гэтага месца", - кажа Полаз. "Гэты помнік павінен выступаць як прызнанне трагедыі, а таксама сродак, каб выказаць сучаснай глабальнай культуры мудрасць жыцця ў гармоніі з прыродай, супольнасцю і самім сабой, ставячыся да ўсіх з павагай і глыбокай пашанай - веды, якія прысутнічалі ў індзейскай культуры з самага пачатку, але сёння многімі забытыя".
Падчас будаўніцтва ў праекце будзе занята ад 300 да 400 чалавек, а пасля адкрыцця музея - ад 40 да 50 чалавек.
Бачанне Полаза заключаецца ў тым, што праект "выйдзе за рамкі выставы прадметаў, каб раскрыць духоўны кантэкст, у якім яны былі створаны ў жыцці індзейцаў". Ён распрацаваў дызайн разам з Ларэн Палхамус [Lauren Polhamus], партнёрам і архітэктарам праекта.
Ураджэнец Беларусі, Полаз узначальвае фірму з шасці чалавек, якая спецыялізуецца на жыллёвых, офісных будынках, цэрквах і стратэгіях гарадскога планавання, але цяпер пашыраецца на музеі і праекты для ўстойлівага і экалагічнага жыцця.
Дызайн уключае ў сябе ўнутраныя часткі, у якіх размешчаныя артэфакты, творы мастацтва, а таксама ўнутраныя і адкрытыя сады скульптур [sculptural gardens]. Экстэр'ер будзе ўключаць каля 120 000 квадратных футаў добраўпарадкаванай прасторы і ўнутраны дворык, дзе будуць праходзіць культурныя мерапрыемствы, такія як паўваў [pow wows].
Па словах Полаза, інтэр'ер будзе "распрацаваны з дапамогай структур, якія спасылаюцца на традыцыйную індзейскую архітэктуру плямён па ўсёй Паўночнай Амерыцы, каб стварыць міжпляменную вясковую суполку [intertribal village community]".
Дызайн "заснаваны на канцэпцыі касмічнага круга, моцнага сімвала жыцця, з бясконцымі сіламі, якія круцяцца вакол цэнтра. Цэнтральная частка круга - Вялікае Ціпі, акружанае вірлівымі патокамі вады".
Полаз плануе прадставіць праект мэру Чыкага Рычарду Дэйлі [Richard Daley] і лічыць Чыкага прыдатным месцам для яго. "Праект быў распрацаваны для гарадскога ўчастка [a city site], які спрыяе гарадскому асяроддзю як аазісу прыроды, каб даць людзям магчымасць выратавацца ад стэрыльнасці і мітуслівага рытму горада [sterility and hectic pace of the city]".
У цяперашні час ён таксама ўдзельнічае ў стварэнні некамерцыйнага фонду для праекта, які будзе ўключаць племянны ўдзел і дапаможа сабраць неабходныя грошы. Полаз сказаў, што будзе звяртацца да федэральнага ўрада па гранты, а таксама да прыватнага сектара. Ён спадзяецца, што фонд запрацуе ў бліжэйшыя некалькі месяцаў.
Канцэпцыю помніка/музея Полаз прыдумаў у 2006 г. падчас паездкі ў Каліфорнію. Ён убачыў там работы індзейскіх мастакоў і быў "сапраўды ўражаны. Я пачаў разумець дух мастацтва і культуры індзейцаў".
Яго заклапочанасць навакольным асяроддзем (праект з'яўляецца "зялёным" дызайнам) таксама прымусіла яго задумацца пра карэнных, пра тое, як яны жывуць устойлівым жыццём і "як моцна яны клапоцяцца пра прыроду. Яны ніколі нічога не марнуюць. Гэта ўражвае [amazing]. Мы павінны вучыцца ў гэтых людзей".
"Зялёны дызайн будзе прывязаны практычна да ўсіх аспектаў музея. Плануецца, што ён стане ўвасабленнем вынаходлівасці традыцыйнага жыцця карэнных амерыканцаў, у якім рэсурсы, даступныя на сайце, такія як сонечная і ветравая энергія, будуць збірацца, каб звесці да мінімуму выкарыстанне марнатраўных і забруджвальных крыніц энергіі".
Вада будзе перапрацоўвацца [will be recycled] з музея для запаўнення водных элементаў ландшафту, і Полаз спадзяецца, што мясцовыя жывёлы з'явяцца ў тым месцы [site].
У той час як, кажа Полаз, "ва ўмовах цяперашняга эканамічнага крызісу цяжка ацаніць час завяршэння, мы робім усё магчымае, каб паказаць праект".
У яго ўжо было адно прадвесце поспеху [one augury of success]. "Два тыдні таму ў размове з Джозэфам Стэндынг Бэар Шранцам, прэзідэнтам і заснавальнікам Midwest SOARRING Foundation, мне было сказана, што прылёт арла, які з'явіўся, каб будаваць гняздо ў маім двары, не быў простым супадзеннем, а ўяўляе сабой асаблівы і вельмі важны знак".
Літ.:
12678 Палубятка Я. Вандроўка ў Чыкага. Ліда, 2023.
СЕМІРАДСКІ Юзаф (8) - працягвае антрапалагічнае ў шырокім і вузкім сэнсе апісанне індзейцаў, якое не можа не ўлічвацца прадстаўнікамі НАНБ як "прапушчаны у свой час" важны фонавы факт беларускай этнаграфіі і антрапалогіі (не кажучы пра геалогію і палеанталогію, у якіх гэты навуковец з'яўляецца адной з сусветных зорак).
Юзаф Семірадскі
АБ ІНДЗЕЙЦАХ ПАЎДНЁВАЙ АМЕРЫКІ (8)
"Сярод паўднёваамерыканскіх народаў, з антрапалагічнага і этнаграфічнага пункту гледжання, сёння ўсё яшчэ можна вылучыць чатыры розныя расы, самая старажытная з якіх усё яшчэ жыве ў эпоху высокага палеаліту або ранняга неаліту і сустракаецца па ўсёй тэрыторыі паўднёваамерыканскага кантынента ад Панамы да Вогненнай Зямлі".
"1. Эскімоідны [eskimoidowy] тып. Уздоўж усяго ўзбярэжжа Атлантыкі ад Панамы да вусця Амазонкі мы знаходзім рэшткі беднага карэннага рыбалоўнага насельніцтва эскімоскага тыпу, якое Штэйнэн [Steinen] аб'ядноўвае пад назвай моўнай групы "аруак" [Aruak]. Лінгвістычна і антрапалагічна роднасныя народы насяляюць, сярод іншага, басейн верхняй Амазонкі, дасягаючы поўдня да стэпаў Гран-Чака (плямёны "ну" [Nu]). Такі ж антрапалагічны тып мы знаходзім нарэшце на самым паўднёвым ускрайку Амерыкі - на Вогненнай Зямлі (племя алакулуф [Alakuluf, алакалуф]). У дагістарычных магілах на ўзбярэжжы Атлантычнага акіяна ад Вогненнай Зямлі аж да 30-й паралелі (Порту-Алегры [у публ. 1979 г. - Porto Allegre, але правільна Porto Alegre]) знойдзены шкілеты, якія немагчыма адрозніць ад гэтай расы. Найбольш вядомыя жыхары Вогненнай Зямлі, якія памылкова лічацца найніжэйшай расай з культурнага пункту гледжання, таму што ў цэнтры Паўднёвай Амерыкі ёсць народы, якія значна ніжэйшыя за іх і якія нават не ўмеюць выкарыстоўваць камень для вырабу сваіх прылад працы, якія зроблены выключна з косці і дрэва.
Антрапалагічнымі асаблівасцямі гэтай прыбярэжнай рыбалоўнай расы з'яўляюцца: вельмі доўгі чэрап з выпуклымі надброўнымі грабянямі, тонкія канечнасці, але гэта зусім не звязана з дэгенерацыяй, выкліканай жыццём у лодках, як лічыць Дарвін, таму што падобнымі рысамі валодае таксама племя караадас [Koroados] з бразільскіх лясоў, якое зусім не ведае выкарыстання лодак і ўсё жыццё ходзіць пешшу праз свае велізарныя пушчы [cale zycie przebiegajace pieszo swoje niezmierzone puszcze]. Рысы твару даўгаватыя, вочы размешчаныя гарызантальна, лоб вузкі і выпуклы, вусны вузкія, нос доўгі, прамы і шырокі, моцна прыплясканы каля асновы [silnie u nasady przyplaszczony], з шырокімі ноздрамі. Прадстаўнікі гэтай расы, нягледзячы на суровы клімат Вогненнай Зямлі, ходзяць цалкам голымі і ўмеюць плесці з кары дрэў складаныя воданепранікальныя караблі і рыбалоўныя сеткі. Найбольш прымітыўныя гліняныя пасудзіны вырабляюцца толькі плямёнамі гуахірас [Guajiros] і гуараўнас [Guaraunos] на Арынока. Для плямёнаў гэтага тыпу характэрная форма стрэл, наканечнікі якіх зроблены з цвёрдай драўніны ў форме гарпуноў, а рулявыя пёры, вельмі маленькія, устаноўленыя ў форме карабельнага вінта. Лукі нашмат меншыя, чым у батакудаў, напрыклад, не перавышаюць аднаго метра ў даўжыню. Хаты [Szalasy] будуюцца ў выглядзе конуса са злучаных уверсе бярвён.
Літ.: (Гуахіра)
1789 По континентам и странам: книга для учащихся / сост. Н. С. Юрцевич. Изд. 2-е. Мн., 1987.
664 Гарсія Маркес Г. Неверагодная і сумная гісторыя пра нявінную Эрэндзіру і яе бяздушную бабулю / пер. К. Шэрмана; уступ. слова В. Тараса // Далягляды, 1980: літаратурны зборнік / [рэдкал.: А. Гардзіцкі (уклад.), Н. Гілевіч (гал. рэд.) і інш.]. Мн., 1980. С. 13-47.
ЯГАДЗІНСКАЯ Настасся (Anastasia Yagadzinskaya) - у БелЭн спецыяльна пазначана (у не зусім энцыклапедычнай манеры), што, паводле кліматолага А. Шкляра, у Паўночнай Амерыцы Мінесота па прыродных асаблівасцях найбольш адпавядае Беларусі. Наста ў гэтым пераканалася асабіста, прычым, атрымліваецца паводле яе, што Мінесоту можна лічыць "бліжэйшым аналагам Беларусі" і па абарыгенным вымярэнні.
Пост (9.11.2011), які мы часткова (без разважанняў пра этнапсіхалогію, эгаізм і інш.) выкарысталі, Наста зноў рыхтавала пры пералёце - на гэты раз з Мінеапаліса да Сан-Францыска. "А я яшчэ нават пра Вашынгтон не расказала. Але калі ва ўсіх выклікала цікавасць, чаму я расчаравалася ў беларусах, прагнучы слізкіх і з'едлівых перамыванняў костачак [скользких и язвительных перемываний косточек], то напішу я пра індзейцаў. Самі разумееце: культурныя людзі пра некультурнае не гавораць :)".
Фатограф з Беларусі, што базіруецца ў Нью-Ёрку, ажыццявіла сваю мару ўбачыць славутыя мясціны Захаду ЗША - змясціла ў інтэрнэце фота з каментарыямі і пра Манументальную даліну ў Арызоне, "вотчыну наваха".
Наста Ягадзінская
ІДЭНТЫФІКАЦЫЯ ІНДЗЕЙЦА, АБО ЯК ЖЫЦЬ З БЕЛАРУСАМІ
А зараз сапраўды пра цікавае.
Калі б беларусам было наканавана нарадзіцца на гэтым кантыненце, то я ўпэўнена, яны б нарадзіліся ў Мінесоце [назва штата ў арыгінале - са скажэннем], і былі б індзейцамі. Вельмі, на мой погляд, шмат агульнага паміж намі. І захопнікі суседзі, і "алея слёз" [дарога, шлях, сцежка слёз - Trail of Tears] з Усходу на Захад, і нават адсутнасць ферменту ў крыві для перапрацоўкі алкаголю, таму ўсе і співаюцца.
Можа яшчэ таму, што з-за масавага адмаўлення "суседзямі" нашай унікальнасці, права на самаідэнтыфікацыю, мы падобныя на індзейцаў, чыю культуру проста хацелі выкараніць. Не прызнавалі, знішчалі, перасялялі, спрабавалі "забіць кроў". Але індзейцы выжылі і дабіліся прызнання ад урада ЗША сваіх незалежных зямельпаселішчаў (рэзервацый), якіх на тэрыторыі штата Мінесота ўсяго 4. Рэзервацыі-паселішчы належаць да плямёнаў "Дакота". Яны не проста дамагліся прызнання гэтых рэзервацый, але да гэтага часу вядуць масавыя дэбаты-перамовы, бо законы ЗША яны не прызнаюць і лічаць, што ніякіх падаткаў плаціць не павінны. Да гэтага індзейцы жылі худа-бедна, а хутчэй нават па-жабрацку, пакуль у іх галаву не прыйшла ідэя, што ёсць магчымасць "дазволіць" ураду ЗША размяшчаць на тэрыторыі сваіх рэзервацый казіно. Перамовы па гэтай справе завяршыліся ў 70-ыя гады, і з таго часу індзейцы пачалі атрымліваць цалкам прыстойныя дывідэнды. А з гэтага і пачалі падымаць грамаду.
Я пабывала ў арганізацыі Migizi, дзе галава яе, з крывёй датчаніна+брытанца+шведа (увогуле не індзеец), настолькі захоплены сваёй працай і важнасцю сваёй справы, што не перадаць яго меседжы было б немагчыма.
У індзейцаў ёсць свае няўрадавыя арганізацыі (дзіўна, калі б у індзейцаў былі б урадавыя арганізацыі ў ЗША), якія дапамагаюць не забыцца пра сваю гісторыю, аднавіць традыцыі, спазнаць сваю ўнікальнасць, перадаць наступнаму пакаленню беларускія, ой, прабачце, індзейскія традыцыі :)
Дарэчы, урад ЗША сапраўды каларытны. Мне сказалі, што ёсць у іх губернатар [сенатар] штата Каларада, які па крыві індзеец, носіць сівую коску і ездзіць на крутым матацыкле. Самі разумееце, не пара нашым пузатым службоўцам з разадзьмутай ганарлівасцю :)
Спачатку кіраўніцтва, кіраўнікі Migizi хацелі заснаваць газету альбо іншае друкаванае выданне, каб грамады маглі паміж сабой мець сувязь, даведвацца інфармацыю і навіны. Але ўлічваючы, што газета абыходзіцца занадта дорага, то вырашылі стварыць радыё. Для пачатку яно вяшчала выключна для дарослых, але калі пачалі заўважаць, што падлеткі-індзейцы маюць вялікую непаспяховасць у школах, то вырашылі рабіць перадачы і для школьнікаў. І гэта дапамагло!
Я сяджу ў офісе, які дапамагае племені Аджыба [Аджибба, правільна аджыбвэ], што ў перакладзе "лысы арол". Арол на гэтым кантыненце птушка паважаная (нават, калі ў яго 2 галавы, тут усіх прынята паважаць). Белагаловы арол (арлан, сямейства каршаковых), як усе мы ведаем - гэта сімвал ЗША.
Migizi займаецца тым, каб індзейцы маглі перадаваць свае веды і не забывалі пра сваю ўнікальнасць. Яны праводзяць летнікі, дзе навучаюць нацыянальнаму танцу "powwow". Амерыканцы і цяпер выкарыстоўваюць у слэнгу такі выраз, які, пераклаўшы на рускую мову, будзе гучаць як: "Пойдзем папаўваўкаем".
Powwow - гэта першапачаткова быў танец знахара, які можа лячыць. Далей - гэта стаў танец воінаў. Раней, для кожнага племені ён быў спецыфічны, але зараз яго "асераднілі". Гавораць, для зручнасці. Цяпер ён ужо не такі інтэнсіўны і "палохаючы". Танец ужо ў стадыі мастацтва. Кожны крок у ім сімвалічны. Спачатку ідуць рухі "падкрадвання", а далей ужо танцуюць са скальпамі, прыносячы ў падарунак іх жонцы, альбо сястры.
Існуе легенда, як першы індзеец спусціўся на Зямлю і спытаў Духа (Бога па нашаму), як я даведаюся, што гэта Мая Зямля на якой я змагу пасяліцца? І Дух адказаў: Тупні моцна нагой! Калі вытрымае - гэта твая Зямля! Таму танец складаецца з моцных інтэнсіўных крокаў, але і лёгкія крокі тут зусім не выключэнне. Жанчыны ў гэты час выконваюць "танец чакання". З выключнай, каралеўскай грацыяй, выцягнутай выправай яны падымаюцца на пальчыках, быццам кажуць: "Я ўбачу цябе з-за ўзгорка".
Дарэчы, у Мінесоце на дадзены момант пражывае 70 тысяч індзейцаў. Яны не толькі танцуюць, але і здымаюць кіно. Арганізацыя Migizi займаецца тым, што навучае дзяцей рабіць свае фільмы, навіны, відэа-сюжэты. Яны збіраюць ахвяраванні на навучанне індзейцаў карыстацца апаратурай. У арганізацыі знаходзіцца вельмі шмат школьнікаў-кантрактнікаў, якія дзякуючы сваім працам (працы ў сферы медыйнай прасторы) толькі за мінулы год змаглі сабраць 60 000 долараў. Гэтыя грошы пайшлі на закупку новай апаратуры для навучання школьнікаў, вядома, у кішэню школьнікам - за працу, а таксама бедным сем'ям.
Я паглядзела фільмы, якія здымаюць 15-гадовыя дзеці. Ведаеце, для 15-галовых малых, напісаць сцэнарый, потым сцэн. план, зрабіць раскадроўку, паставіць аператара, зняцца, агучыць і змантажаваць… Ну, малайцы! Такую працу прарабілі падлеткі, што ўнутры сябе я апладзіравала.
А яшчэ дзеці здымаюць і дакументальныя фільмы. Там ужо іншы напрамак. У любым выпадку, калі б у нашым дзяцінстве было ўкладзена столькі старанняў, ведаў і ўменняў, калі б да нас падыходзілі з такой любоўю, з такой аддачай, калі б пра нашу будучыню сапраўды б так клапаціліся… Дзеці, была б Беларусь ад полюса да полюса. Але гэта ўсё калі…
[…]
Цяпер я знаходжуся з беларускай дэлегацыяй, у якой апынулася па многіх прычынах белай варонай, а можа, і лысай арліцай. Я гляджу на іх і захапляюся іх дасягненнямі, складам ці спосабам думкі, але выдатна разумею, што мы вельмі розныя. Спектральна [так] розныя. І я прымаю іх такімі, якія яны ёсць. Жывучы па прынцыпе: Не ведаеш - спытай, усведамляючы, што вельмі многага не ведаю, імкнучыся расці з кожнай хвілінай, я задаю заўсёды вельмі шмат пытанняў...
[…]
Учора я пачула фразу, сказаную з "асаблівым цынізмам": "Гэта не жыццё такое, гэта мы такія…" І ўсё адразу стала чорна-белым, задрыжалі рукі, забілася сэрца і з'явіліся слёзы… Ці я - індзеец, ці трэба нешта мяняць… А што я магу? Для пачатку кіну курыць.. А там...
Працяг будзе...
Літ.:
4371 Мінесота запрашае сяброў! // Беларусь. 1992. №. 12. С. 32-34.
5541 Мінеапаліс // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 10. Мн., 2000. С. 380
8284 The Kerlan Collection manuscripts and illustrations for children's books: a checklist / comp. K. N. Hoyle and staff. Minneapolis, MN, 1985. (University of Minnesota; Sonia Bleeker, Indian book series.)
8802 Brooke E. Н. American Indian artists finding audiences overseas // Star Tribune (Minneapolis). 1998. June 22. P. E4. (Згадваецца Беларуска-індзейскае таварыства.)
Алесь Сімакоў , даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.
Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.
Індзейцы , индейцы , Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Belarusians Meet Indians. Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 145].
Задуманае здзяйсняецца!!!
У Доме Валянціна Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея ўжо не першы год сімвалам з'яўляецца птушка - верабей, паводле напісання першага верша Валянцінам Таўлаем "Верабейкі" ў далёкім 1923 годзе. І гэта адбылося ў Лідзе, калі хлопчык вучыўся ў лідскай школе з польскамоўны навучаннем. Будучаму паэту было на той час 7 гадоў.
Хоць гэты твор з'яўляецца спробай пяра, але ж можна лічыць, што ён паклаў пачатак далейшай паэтычнай творчасці Валянціна Таўлая.
9 красавіка ў Дом паэта прынёс падарунак - створаны сваімі рукамі штамп для інтэрактыву і забаў дзецям лідскі дзіцячы паэт Канстанцін Якубчык.
Прыгожага вераб'я цяпер можна будзе адціснуць на паперы.
Дарэчы, з паперы (у тэхніцы арыгамі) таксама тут, у Доме паэта, можна зрабіць вясёлага вераб'я. З гэтай забавай некаторыя дзеці ўжо знаёмыя.
Дзякуй, табе, Кастусь!!!
Алесь Хітрун.
Паэты ў гасцях у памежнікаў
11 красавіка членаў літаратурнай супольнасці "Суквецце " пры Лідскай газеце запрасіла кіраўніцтва памежных войскаў на сустрэчы ў Сурвілішкі, Суботнікі і Геранёны. Маркевіч Ірына Уладзіміраўна, Юшко Ала Вадзімаўна і Русь Людміла Іванаўна падзялілася з вайскоўцамі сваёй творчасцю, прачыталі вершы пра Радзіму, прыгажосць нашай прыроды, каханне. Прагучалі творы пра вялікую перамогу, гераізм савецкіх людзей, якія забяспечвалі перамогу. Сустрэчы прайшлі ў сяброўскіх, шчырых адносінах.
ТК "Культура Лідчыны".