Наша слова.pdf № 17 (173), 21 красавіка 2025 г.
Велікоднае віншаванне Мітрапаліта Менска-Магілёўскага Арцыбіскупа Юзафа Станеўскага
Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос! Аллелюя!
Дарагія браты і сёстры, у чарговы раз мы стаім перад таямніцай пустой магілы Езуса і чуем словы, поўныя любові, суцяшэння і надзеі: "Не бойцеся! Хрыстус ужо ўваскрос, Пан мой і мая надзея. А месцам сустрэчы будзе Галілея…"
Гэтыя словы павінны ўмацоўваць нашу веру, што сярод зменлівасці і хаосу сучаснага свету ў розных выпрабаваннях і цярпеннях надалей крыніцай любові і сілы нязменна з'яўляецца ўваскрослы Пан - Пераможца смерці, пекла і сатаны.
Уваскрослы Езус загадвае сваім вучням ісці ў Галілею - месца, дзе падчас паўсядзённых справаў яны сустрэліся з Ім, Настаўнікам з Назарэта і пайшлі за Ім. Няхай жа і наша сустрэча з жывым Збаўцам, прысутным у Найсвяцейшым Сакрамэнце, дапаможа ў Галілеі нашай штодзённасці знайсці мэту і сэнс жыцця, а таксама ўмацуе надзею на канчатковую перамогу дабра над злом, любові над нянавісцю і жыцця над смерцю.
Няхай запалаюць нашыя сэрцы, калі Уваскрослы Хрыстус прыйдзе да нас са сваім Словам - Добрай Навіной - і Хлебам Жыцця ў Святой Камуніі.
Марыя, Маці надзеі, няхай выпрасіць нам дар пасхальнай радасці і вядзе да свайго Сына шляхам праўды, дабра і спакою ў пілігрымаванні Юбілейнага года хрысціянства.
Няхай Вялікдзень паселіцца ў вашых сэрцах з надзеяй і ўсімі шчодрымі і неабходнымі ласкамі. Няхай Уваскрасенне Пана дасць вам моц, напоўніць вашыя дні спакоем, вясновым цяплом, любоўю і згодай!
Дарагія браты і сёстры! Няхай радаснае і трыумфальнае Аллелюя! Хрыстус уваскрос! гучыць у нашых сэрцах так, як гучыць сёння ва ўсіх хрысціянскіх святынях нашай любай Беларусі, бо сёння ўсе хрысціяне з надзеяй святкуюць Пасху - Вялікі Дзень у гісторыі хрысціянства і ўсяго чалавецтва. Сёння званы хрысціянскіх святыняў зліваюцца ў адну мелодыю радаснага абвяшчэння: Хрыстус уваскрос. Сапраўды уваскрос!
Таму, любыя браты і сёстры - хрысціяне, -
Слёзы з твару выцірайце, праганяйце з сэрцаў грэх.
Песні радасна спявайце, хай гучыць вясёлы смех.
Уваскрос Пан над Панамі, Ён жыве, Ён разам з намі!
На ўзнёслае і радаснае святкаванне Вялікадня, каб Хрыстом "запалалі нашыя сэрцы", шчыра благаслаўляю…
У імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.
Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос! Аллелюя!
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі,
Мітрапаліт Менска-Магілёўскі.
Пасхальнае пасланне Мітрапаліта Менскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі
Узлюбленыя ў Хрысце архіпастыры, пастыры, манахі і ўсе верныя дзеці Беларускай Праваслаўнай Царквы!
ХРЫСТОС УВАСКРЭС!
Са светлай радасцю звяртаю да вас гэтае выратавальнае прывітанне. Яшчэ зусім нядаўна, у Вялікую Пятніцу, з глыбокім смуткам мы малітоўна перажывалі пахаванне цела нашага Збаўцы ў магільную пячору і чулі плач Яго Прачыстай Маці. А ў Вялікую Суботу спявалі: "Спіць Жыццё, і пекла трымціць" і з хваляваннем у сэрцы назіралі, як у храмах цёмныя рызы і ўбранні мяняліся на светлыя.
І вось наступіла святая і выратавальная ноч, і мы спяваем: "Учора быў я пахаваны з Табою, Хрысце, - сёння паўстаю з Табою ўваскрэслым. Распяты быў я з Табою ўчора - праслаў жа мяне з Сабою Ты Сам, Збаўца, у Царстве Тваім".
Ужо напоўніліся нашы сэрцы доўгачаканым і невымоўным лікаваннем, ужо чуем мы ад свяшчэннаслужыцеляў і вітаем адзін аднаго выратавальным воклічам: "Хрыстос Уваскрэс!"
Што можа параўнацца з пасхальнай радасцю, з гэтай вялікай урачыстасцю? Ці ёсць іншыя словы, якія могуць з большай глыбінёю перадаць сутнасць таго, што зрабіў Бог для чалавека, што Ён з любоўю падрыхтаваў для кожнага з нас, адкрыўшы шлях да паўнаты зносін з Богам і радасці вечнага жыцця.
Уся паўната благадаці, якую хрысціянін знаходзіць у Царкве, дзеянні Промыслу Божага, якія праяўляюцца ў нашым жыцці, прабачэнне грахоў і духоўнае адраджэнне праз таінствы Пакаяння і Еўхарыстыі, невымоўная радасць, якая даруецца нам Духам Святым - усё гэта плады Хрыстовага Уваскрасення, якія кожны з нас мае магчымасць перажываць на ўласным вопыце і бачыць сваімі духоўнымі вачыма.
"Уваскрасенне Хрыстова бачыўшы, паклонімся Святому Госпаду Іісусу", - заклікае нас Царква на пасхальных і нядзельных богаслужэннях, бо кожнае нядзельнае богаслужэнне - гэта малая Пасха. І сёння нам асабліва важна ўсвядоміць, чаму ў гэтым песнапенні гаворыцца пра тое, што мы ўжо бачылі Хрыстова Уваскрасенне, а не проста верым у яго.
На гэта адказвае нам прападобны Сімяён Новы Багаслоў: "Уваскрасенне Хрыстова адбываецца ў кожным з нас, і не аднойчы, але штогадзінна, калі Сам Уладыка Хрыстос паўстае ў нас у светлым адзенні, бліскаючы маланкамі бяссмерця і Бажаства. Бо светланоснае прышэсце Духа паказвае нам уваскрасенне Уладыкі, дакладней, даруе нам бачыць Яго Самога уваскрэслым".
Калі ж мінаюць дні Вялікага посту і святкавання Пасхі, нам часам здаецца, што мы губляем духоўную радасць і жыццё наша зноў пазбаўляецца паўнаты і асэнсаванасці. Таму і заклікае нас вялікі падзвіжнік сучаснасці архімандрыт Яфрэм Філафейскі: "Не дапусціце, каб атрыманае цяпер было развеяна ветрам, не згубіце гэтага, трымайце глыбока ў сваім сэрцы, ажыццявіце на справе, каб атрымаць карысць і спазнаць прыгажосць Царства Божага".
Як жа захаваць гэтую радасць і духоўную настроенасць? У творах святых айцоў гаворыцца, што паслушэнства - гэта самы кароткі шлях да збаўлення і здабыцця духоўнай радасці. І ў нашы дні яно прыносіць той самы благадатны плён. Паслушэнства ў Госпадзе свяшчэннаслужыцеляў і манахаў - свайму свяшчэннаначаллю, малодшых - старэйшым, падначаленых - начальнікам, дзяцей - бацькам, нясенне нягод, немачаў адзін аднаго - усё гэта, несумненна, стварае гармонію не толькі ў грамадскім і паўсядзённым, але і ў духоўным жыцці.
Але асабліва збавіцельна паслушэнства хрысціяніна Царкве. Бо ўсё ў ёй падпарадкавана адной мэце - выратаванню чалавека, яго паўнаце жыцця з Богам. І калі мы разам з Царквою святкуем і радуемся, смуткуем і посцімся, прасвятляемся і асвячаемся, то ніколі і нідзе не страцім таго бачання Хрыстовага Уваскрасення, пра якое нам абвяшчае пасхальнае богаслужэнне. Будзем любіць Царкву, захоўваць Ёй вернасць - і радасць Пасхі ніколі не пакіне нас!
Памятаючы пра гэта, ва ўсіх абставінах нашага жыцця пастараемся захоўваць той мір, пра які гаварыў Гасподзь у сваім настаўленні вучням: "Мір пакідаю вам, мір Мой даю вам; не так, як свет дае, Я даю вам" (Ін. 14, 27). І кожны хрысціянін на тым месцы, дзе яму Бог благаславіў працаваць і жыць, закліканы пераадольваць варожасць і разлад і несці "дух мірны", які Гасподзь даруе ўсім тым, хто жыве ў малітве і паслушэнстве Яго запаведзям.
Зноў і зноў віншую Вас, дарагія, са Светлым Хрыстовым Уваскрасеннем! Няхай кожны з нас знаходзіцца ў той радасці, якой сёння мы ўсе напоўнены, няхай гэтая радасць стане крыніцай вады жывой, якая цячэ ў жыццё вечнае і насычае ўсіх тых, хто побач з намі. Няхай благаславіць Уваскрэслы з мёртвых Гасподзь усе нашы намаганні на дабрадзеянне бліжнім і ўсёй нашай Айчыне! І будзем няспынна дзякаваць Богу за благадатныя плады Яго перамогі над грахом і смерцю, якія Ён шчодра падае ў Сваёй святой Царкве!
Сапраўды Уваскрэс Хрыстос!
+ВЕНІЯМІН,
Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі,
Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.
Пасха Хрыстова, 2025,
горад Менск.
У панядзелак 21 красавіка ў актаве Пасхі ва ўзросце 88-мі гадоў адышоў у вечнасць Папа Францішак
Як падае партал Vatican News, 21 красавіка раніцай камерленг Святога Рымскага Касцёла кардынал Кевін Фарэл даслаў паведамленне з Дому святой Марты:
"Дарагія браты і сёстры, з глыбокім смуткам я павінен абвясціць аб смерці нашага Святога Айца Францішка. Сёння раніцай у 7.35 біскуп Рыма Францішак вярнуўся ў дом Айца.
Усё яго жыццё было прысвечана служэнню Пану і Яго Касцёлу. Ён вучыў нас жыць каштоўнасцямі Евангелля з вернасцю, адвагай і ўсеагульнай любоўю, асабліва на карысць самых бедных і маргіналізаваных.
З велізарнай удзячнасцю за яго прыклад сапраўднага вучня Пана Езуса мы даручаем душу Папы Францішка бясконцай міласэрнай любові Бога Адзінага ў Тройцы".
Таксама стала вядома, што 21 красавіка ў менскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Менска-Магілёўскі, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, узначаліў святую Імшу ў інтэнцыі спачылага Папы Францішка, якая была папярэджана малітвай Вяночка да Божай Міласэрнасці.
Пачатак у 15.00.
У галоўным касцёле Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі быў выстаўлены партрэт Папы Францішка. Вернікі мелі магчымасць прыносіць кветкі і маліцца аб жыцці вечным для спачылага Пантыфіка на працягу ўсяго дня.
Арцыпастыр запрашае ўсіх жадаючых далучыцца да супольнай малітвы за Папу Францішка.
catholic.by. Фота: vaticannews.va.
Навукова-практычная канферэнцыя "ХIІ Лідскія чытанні".
Тэма: "Літаратура і друк на Лідчыне"
16 красавіка 2025 года ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы прайшла навукова-практычная канферэнцыя "ХIІ Лідскія чытанні" на тэму "Літаратура і друк на Лідчыне".
Штогод сталіцай Дня беларускага пісьменства вызначаецца горад, які пакінуў адметны след у гісторыі беларускай зямлі як цэнтр кнігадрукавання і літаратуры, цэнтр асветы і культуры. Трыццаць другое свята Дня беларускага пісьменства сёлета ладзіцца ў Лідзе. Менавіта гэтай тэме была прысвечана навукова-практычная канферэнцыя "ХIІ Лідскія чытанні". На мерапрыемства былі запрошаны мовазнаўцы, настаўнікі, студэнты, крязнаўцы і іншыя. Падчас работы навуковай канферэнцыі ў чытальнай зале дзейнічалі кніжныя выставы "Узрасло буйным коласам зерне Скарыны", прысвечаная гісторыі кнігадрукавання на Беларусі і "Лідчына літаратурная", прысвечаная пісьменнікам, якія нарадзіліся на Лідчыне, або ўнеслі яркі след у гісторыю старажытнага горада. У літаратурным жыцці горада значнае месца займае літаратурнае аб'яднанне "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты". Яго ўдзельнікі спрабуць свае сілы ў паэзіі, прозе, драматургіі. Яны рэгулярна друкуюцца на старонках раённай газеты і друкуюць кнігі, якія дораць бібліятэке. Менавіта кнігі-падарункі з уласнымі аўтографамі аўтараў былі прадстаўлены на гэтай выставе.
З прывітальным словам выступіла Быстрыцкая Алена Адамаўна, намеснік дырэктара Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы. Потым з дакладамі выступілі удзельнікі канферэнцыі. Беларускі мовазнавец, паэт, празаік, крытык, супрацоўнік Цэнтра даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Юрый Пацюпа выступіў з дакладам "Вільгельм Пратасевіч як асоба і аўтар паэмы "Суседчык Гавейскі"".
Анашкевіч Наталля, настаўніца рускай мовы і літаратуры ДУА "СШ № 11 г. Ліды" прадставіла краязнаўча-пошукавую работу "Феномен поэта и поэзии в литературе Лидчины".
Мы ганарымся, што у нашым прынёманскім краі ўпершыню прагучаў мужны голас Петруся Граніта і Васіля Струменя. Горад Ліда стаў важным этапам у жыцці беларускіх паэтаў Валянціна Таўлая і Ніны Тарас. Менавіта гэтай тэме быў прысвечаны даклад Алеся Хітруна "Лідская заходнебеларуская літаратура: Ніна Тарас, Пятрусь Граніт, Васіль Струмень… у фондах ДУ "Лідскі гісторыка-мастацкі музей".
Метадыст аддзела метадычнай і культурна-масавай работы ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" Ірына Струмкіс раскрыла тэму "Выданне фальклорна-этнаграфічных зборнікаў на Лідчыне".
Студэнты Лідскага каледжа Сабадаха Дар'я і Юхно Марыя выступілі з дакладамі, у якіх асвятлілі тэмы літаратурна-асветніцкай дзейнасці Цёткі і Каруся Каганца, творчасць якіх займае значнае месца ў беларускай літаратуры.
Пісьменнік і краязнавец Станілаў Суднік выступіў з дакладам "Лідская літаратура 1919-1939 гг", у якім раскрыў тэму Лідчыны шматмоўнай.
Валерый Мацулевіч рассказаў пра выдатнага журналіста і паэта, які ўславіў Лідчыну ў трох зборніках "Леў і ключы", "Горад-карабель", "Бронзавы Гедымін", у дакладзе "Творчасць лідскага паэта, журналіста Алеся Мацулевіча".
Завяршыла мерапрыемства Галіна Курбыка, бібліёграф Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы дакладам "Кніга беларускі народны арнамент" - рэліквія Лідчыны. Яна пазнаёміла з кнігай-рарытэтам, падарункам жонкі Янкі Купалы Уладзіславы Францаўны Луцэвіч "Беларускі народны арнамент" 1953 года выдання з дарчым надпісам ад 29 чэрвеня 1956 года, якая захоўваецца ў чытальнай зале бібліятэкі.
Бібліёграф Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы Галіна Раманаўна Курбыка.
Прэзентацыя кніг Людмілы Краснадубскай "Заранкавы край" і "Яшчэ адзін дзень"
Кніга - адно з самых геніяльных дасягненняў чалавецтва. Яна дапамагае пісьменніку праліваць свае пачуцці, захоўваць сваё светаадчуванне, марыць аб будучыні і ўспамінаць мінулае, вывучаць сучаснасць.
16 красавіка ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбылася прэзентацыя кніг Людмілы Краснадубскай "Заранкавы край" і "Яшчэ адзін дзень". Адразу дзве кнігі прадставіла на суд чытачоў лідская паэтка Людміла Краснадубская ў год, калі Ліда стала сталіцай беларускага пісьменства.
Сябры і прыхільнікі таленту Людмілы Мікалаеўны змаглі пагрузіцца ў дзіўны свет паэзіі. Даведаліся з першых вуснаў не толькі пра тое, якой была яе дарога ў свет паэзіі, але і дзе яна чэрпае натхненне і якія яе творчыя планы. Шмат цёплых слоў гучала на адрас паэткі. Гасцям прадставілася магчымасць атрымаць асалоду ад шчырага і выразнага аўтарскага выканання. Некалькі кніг з аўтографамі аўтара папоўнілі фонд Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы.
Людміла Мікалаеўна - чалавек з актыўнай пазіцыяй. Яна заўжды з радасцю бярэ ўдзел у розных мерапрыемствах. Яе талент ацэнены мноствам узнагарод розных паэтычных конкурсаў.
Творчы вечар прайшоў у цёплай і душэўнай атмасферы. Адназначна, такія сустрэчы выхоўваюць пачуццё гонару да роднага краю, прыгажосці малой радзімы і дапамагаюць акунуцца ў яркі і захапляльны свет літаратуры. Вершы Людмілы Мікалаеўны пакінулі ў душы кожнага цёплыя і глыбокія пачуцці.
Бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці метадычнай работы Кацярына Станіславаўна Сандакова.
Новая кніга Леаніда Лаўрэша
У выдавецтве Ridero выйшла кніга Леаніда Лаўрэша "Тэадор Нарбут. Навуковая і літаратурная дзейнасць, сям'я і сядзіба, яго час".
Кніга грунтуецца на архівах, успамінах і перапісцы гісторыка.
На першай старонцы вокладкі - здымак касцёла ў Эйшышкес (Эйшышкі), пабудаванага па праекце Тэадора Нарбута.
Гісторыя сям'і Нарбутаў сыходзіць каранямі ў вельмі далёкія часы. Сярод прадстаўнікоў гэтага роду меліся вайскоўцы, палітыкі, пісьменнікі і гісторыкі. Асаблівае месца сярод іх займае Тэадор Нарбут.
Гэта на сёння лепшая кніга пра Тэадора Нарбута, пра чалавека, які сам распачаў і сам закончыў (скажам гэта смела) сваю вялікую справу. Сваімі намаганнямі і за свой кошт, праз археалагічныя раскопкі і пошукі ў далёкіх архівах ён стварыў гісторыю ВКЛ і праклаў дарогу для яе даследчыкаў у будучыні.
Электронны варыянт кнігі можна будзе купіць у Інтэрнэце. Папяровая кніга будзе ў Лідскай раённай бібліятэцы, Нацыянальнай бібліятэцы, а таксама ва ўсіх бібліятэках адпаведна з лістом рассылкі.
Наш кар.
Лідскі музей у Смаленскай цвердзі
ДУ "Лідскі гісторыка-мастацкі музей" сумесна з дзяржаўным музеем "Смаленская цвердзь" рэалізуе новую праграму ўзаемадзеяння і культурнага абмену, накіраваную на ўмацаванне міжрэгіянальных культурных сувязяў і павышэнне турыстычнай прывабнасці рэгіёнаў.
20-21 красавіка на адкрытай пляцоўцы каля вежы Грымотнай у Смаленску працавала выстава "Лідскі музей запрашае сяброў", дзе супрацоўнікі музея прэзентавалі свае праграмы, музейныя заняткі, майстар-класы і праводзілі дэгустацыю прадукцыі Лідскіх прадпрыемстваў
У дзяржаўным музеі "Смаленская цвердзь" у рамках дзелавой сустрэчы адбылася прэзентацыя праектаў ДУ "Лідскі гісторыка-мастацкі музей", накіраваных на падвышэнне турыстычнай прывабнасці Лідскага раёна.
ТК "Культура Лідчыны".
З жыцця Мікалая Сапегі
Леанід Лаўрэш
Апошнім часам пачаў падрыхтоўку ўсяго мною раней напісанага пра цэрквы Лідчыны для будучай зусім не малой кнігі. Рэдагуючы артыкул пра прыходы ў Ганчарах і Дакудаве1 (раней да іх адносілася і царква ў Вашкевічах (Васькавічах)) звярнуў ўвагу на раней ужо надрукаваны кавалак свайго ж тэксту, што Мікалай Сапега (†1599) загадаў пахаваць яго "паводле абраду "рэлігіі маёй грэцкай каталіцкае"", чатыры гады таму я заўважыў толькі, што гэта цікавы момант. А сёння, спыніўся і задумаўся.
Берасцейская царкоўная унія была падпісана толькі ў 1596 г., і вось самы сапраўдны магнат, гаспадарскі маршалак, а потым па чарзе ваявода менскі, берасцейскі і віцебскі Мікалай Сапега, прадстаўнік знакамітага роду, адразу пасля уніі ў сваім тастаменце называе унію сваёй рэлігіяй. Чамусьці да гэтага часу, на гэта ніхто не звярнуў увагі. Я парадзіўся з лепшым на сёння, па маім меркаванні, спецыялістам пра гісторыі рэлігіі, і прафесар адказала мне, што гэта адкрыццё. Зразумела, мікраадкрыццё, але з гэтага і складаецца сапраўдная, не выдуманая гісторыя.
Здаецца агульнавядомым магнатам - грэка-католікам таго часу лічыўся толькі наваградскі стараста Тэадор (Фёдар) Скумін Тышкевіч. Першапачаткова Тэадор Скумін-Тышкевіч выступаў супраць аб'яднання цэркваў, але потым стаў яго прыхільнікам. Мітрапаліт Макарый у сваёй "Гісторыі Рускай царквы" пісаў: "…і наваградскі ваявода Скумін-Тышкевіч, які настолькі раней быў супраць уніі, зараз прыняў яе і зрабіўся яе заступнікам". Вядома, што Скуміна-Тышкевіча навярнуў у унію ў Вільні сам св. Язафат Кунцэвіч2.
Як і Мікалай Сапега, Тышкевіч быў высокаадукаваным чалавекам, вучобу ва ўніверсітэце ён пачаў у Базелі, потым вучыўся ў Цюбінгене (1560 г.) і заканчваў адукацыю ў Ляйпцыгу (1563 г.), у Базельскім універсітэце быў запісаны як "Fridericus Skumin Lithuanus"3.
А Мікалай Сапега ў кнігу студэнтаў Ляйпцыгскага ўніверсітэта ўзімку 1545 г. запісаўся як "Nicolaus Sapei ex Rossa". Увосень 1546 г. яго звінавацілі за ўдзел у бойцы з другім студэнтам, і Сапегу давялося адкупляцца. Узімку 1547 г. ужо як "Litunus" ён зарэгістраваўся ва ўніверсітэце Караляўца, дзе вучыўся і ў наступным годзе4.
Два магнаты, Скумін-Тышкекіч і Сапега, добра ведалі адзін аднаго, бо ў пачатку студзеня 1577 г. кароль даручыў ім сумесна з мазавецкім ваяводам Станіславам Крыскім пасольства ў Маскву5.
Мікалай Сапега ў сваім першым тастаменце ад 10 лістапада 1598 г., выдзяліў невялікія сумы на цэрквы ў Вішніцах і Кодані6, на коданскі касцёл і віленскую царкву Святой Троіцы і падкрэсліў, каб у мураванай царкве Святога Духа ў Кодані, дзе пахаваная яго маці, адпраўлялі набажэнствы "не інакшым якім спосабам, а толькі паводле старадаўняга звычаю, як было ў продкаў маіх паводле рэлігіі грэцкае"7. Гэта патрабаванне амаль што даслоўна паўтарае аналагічнае жаданне фундатараў Маламажэйкаўсякай царквы, зробленае і запісанае амаль што адначасова: "… въ той церкви иншое набоженство не маетъ быть уживано, одно на што есть уфундовано старожитное веры светобливое хрестианское, закону хрестианского ..." 8.
Аналагічную палітыку падтрымкі грэчаскай веры праводзіў і Мікалай Радзівіл Сіротка ў Нясвіжы.
У "Дарчым лісце Літоўскага дворнага маршалка Мікалая Хрыстафора Радзівіла святару Нявіжскай Прачысценскай царквы Якаву Семяновічу" 9 ад 21 красавіка 1577 г. пазначана:
"...далі гэтым лістом нашым у моц і ва ўсялякія... святую царкву нашую рускую заснавання Нараджэння Прачыстай, на прадмесці горада нашага Нясвіжскага, святару... нашаму папу Якаву Семяновічу з усім на ўсё і... пажыткамі і прыходамі царкоўнымі аж...
... А з таго ўсяго, што вышэй названа, ні адной ніякай павіннасці ані падачы даваць не будзе, аж да смерці сваёй, адно толькі службу Божыю і ўсялякія цырымоніі, паводле старадаўняга звычаю і прыналежнасці сваёй кіраўніцтву духоўнаму закону іх грэчаскаму пры той царкве нашай чыніць і парадкаваць мае і павінен будзе".
Думаю, што гэтыя патрабаванні выкліканы моцным уздымам пратэстантызму у той час. Напрыклад у Лідзе тады з-за адсутнасці вернікаў зачыніўся Фарны касцёл, а суседнія з Малым Мажэйкавам Ваверскі і Дылеўскі касцёлы на некаторы час сталі пратэстанцкімі зборамі.
Але падабенства на гэтым не заканчваецца. У 1513-1520 гг. ў маёмасці Сапегаў Кодані дзед і бацька Мікалая Сапегі - Іван і Павел Сапегі, фундавалі Мураваную царкву якая да XIX стагоддзя была дворнай капліцай роду Сапегаў. Гэтая гатычная Святадухаўская царква з'яўляецца помнікам абарончага дойлідства XVI ст., - роднай сястрой нашых Маламажэйкаўскай і Сынкавіцкіх цэркваў.
Дадам, што як пасаг за другую жонку Ганну з Вішнявецкіх, дачку валынскага ваяводы Андрэя (шлюб яны ўзялі, верагодна, у 1581 г.,), разам з іншай маёмасцю Мікалай Сапега атрымаў і двор Вашкеічы (Васькевічы) ў Лідскім павеце.
У сваім апошнім тастаманце ад 1 лістапада 1599 г. (у дзень сваёй смерці) Мікалай Сапега пакінуў усе ранейшыя фундушы і пацвердзіў ранейшыя ўклады для шпіталя на 10 убогіх у Кодані. Адначасна фундаваў у Кодані храм св. Ганны, у якім наказаў пахаваць сябе і перапахаваць сюды сваю другую жонку. Паколькі пабудова не была завершаная, Мікалай абавязаў апекуноў сваіх непаўнагадовых дзяцей выканаць яго апошнюю волю. Коданскіх плябанаў абавязаў утрымліваць школьнага бакалаўра "для навучання дзетак".
Мікалай Паўлавіч Сапега памёр 1 лістапада 1599 г. у Кодані і быў пахаваны ў касцёле св. Ганны побач з жонкай, паводле абраду "рэлігіі маёй грэцкай каталіцкае". Яшчэ раз, праз некалькі год пасля падпісання Берасцейскай уніі, адзін з самых уплывовых магнатаў ВКЛ называе сваёй грэка-каталіцкую рэлігію.
У 1610 г. сын Мікалая ўсталяваў над магілай бацькоў агульны помнік10.
Мікалай Сапега паходзіў з кодзенскай лініі магнацкага роду Сапегаў герба "Ліс", сын Паўла і Алены, дачкі князя Юрыя Іванавіча Гальшанскага-Дубравіцкага. Выхаваны быў у праваслаўі, працяглы час быў пратэстантам, але пры канцы жыцця вярнуўся ў бацькоўскую веру. Пра гэтую цікавую асобу маецца грунтоўны артыкул Генрыка Люлевіча ў "Біяграфічным слоўніку", які існуе і ў перакладзе на беларускую мову11.
1 Гл: Лаўрэш Леанід. Прыходы ў Ганчарах і Дакудаве // Лідскі Летапісец. 2020. № 4(92). С. 44-71.
2 Еrka [Уладзіслаў Талочка]. Sw. Jozafat w Wilnie // Preglad Wilenski. № 21, 16 grudnia 1923. S. 3-10.
3 Zoladz-Strzelczyk Dorota. Peregrinatio academica. Studia mlodzezy polskiej z Korony i Litwy na akademijach i uniwersytetach niemieckich w XVI i pierwszej polowie XVII wieku. Poznan, 1996. S. 59; 231.
4 Polski slownik biograficzny T. 35. Warszawa - Krakow, 1994. S. 116.
5 Там жа. S. 117.
6 Цяпер у Бяльскім павеце Польшчы, у тыя часы - Кодань знаходзіўся ў Берасцейскім павеце
7 Там жа. S. 119.
8 Маломожейковская "Мурованная" церковь. Вильна, 1907. С. 9-10.
9 "Нясвіжскія каеты", № 10, 2022 г., стст. 67-68.
10 Polski slownik biograficzny T. 35. Warszawa - Krakow, 1994. S. 119.
11 Polski slownik biograficzny T. 35. Warszawa - Krakow, 1994. S. 116-119; Гісторыя Сапегаў. Жыццяпісы, маёнткі, фундацыі. Укладальнік Яўстах Сапега. Мінск, 2017. С. 141-146.
Некалькі гадоў маёй маладосці ў Вільні (1818-1825)1
Станіслаў Мараўскі
(Працяг. Пачатак упапярэдніх нумарах.)
Аднак неўзабаве, прыдворныя, пачалі раз за разам казаць майму бацьку, што кароль - яны так яго называлі, вельмі здзіўлены, што так даўно яго не бачыў. Прапускаў гэта міма вушэй. Нарэшце, адзін з іх, адвёўшы майго бацьку ўбок, з вельмі сур'ёзным тварам сказаў, што кароль хоча яго бачыць і гатовы нават прыняць яго як прыватная асоба. Адмовіцца не выпадала і бацька пайшоў. Людовік XVIII, як і раней, прыняў яго вельмі прыязна. Але з вялікай радасцю на твары, звычайным кіўком ён развітаўся з прыдворнымі і, як толькі яны выйшлі, правёў бацьку ў свой кабінет, зачыніў за сабой дзверы і пасадзіў каля сябе.
Мой стары здзівіўся і спытаў сам у сябе, што ўсё гэта значыць? Пэўна, хоча пазычыць грошы! Нарэшце Людовік XVIII, пачырванеўшы, прызнаўся, што хоча даверыць адну вельмі важную асабістую акалічнасць. Ён упэўнены ў далікатнасці і бачыць па твары майго бацькі, - князь лічыў сябе знаўцам людзей - што яго таямніца будзе захавана. "Якога ліха", - думаў бацька: "Мабыць, хоча ўцягнуць у нейкую палітычную інтрыгу. Але нічога з гэтага не выйдзе! Досыць і сваіх маю!".
А Людовік XVIII працягваў: "Мне сорамна прызнацца вам у тым, што я хачу вам даверыць. Але вы павінны мяне выслухаць. Уведзены з зман нядбалым слугой, меў слабасць уступіць у адносіны з нейкай мясцовай жанчынай, якая заразіла мяне …, каб хоць нешта іншае … якая заразіла мяне … хм, хм, каростай!". Небарака зняў пальчаткі і паказаў зраненыя рукі! Гэта была сапраўдная, парадная, княжацкая, каралеўская часотка ці кароста, як яе называюць ліцвіны. Ніякі яўрэй у Еўропе не мог бы пахваліцца лепшай! "Не маю больш моцы", - сказаў кароль са слязамі на вачах: "Не магу прызнацца ў гэтым ніводнаму са сваіх прыдворных. Страціў бы павагу і шанаванне. Каб нейкая іншая хвароба, мне было б лягчэй! Але вось гэта! Шляхціц, хоць ты і быў народжаны для трону, але не ведаеш, каралеўскіх клопатаў. Якія дробязі могуць нас узвысіць ці наадварот, пагубіць у вачах народа. Я адкрыўся вам, ратуйце мяне. Вы ведаеце ўсіх дактароў. Выберыце лепшага, які захавае таямніцу. Які б лёс мяне не чакаў, даю слова, што ніколі не забуду гэтай ласкі!".
Бацька злітаваўся, пашкадаваў беднага караля і ўсё залатвіў. Не памятаю дакладна, але здаецца, прывёў яму старога доктара Кюрмса. Усё прайшло добра, і праз нейкі час Людовік XVIII смела дазваляў цалаваць сваю руку французам.
Зразумела, што ніхто не нагадаў чалавеку, які сеў на трон, пра гэтую паслугу. І кароль таксама зусім забыўся пра яе, і ці варта помніць такое?
Раздзел 7. Генерал Хацкевіч і анекдоты пра яго. Пані віца-губернатарава Бабацянская. Канонік Снарскі. Панна Халхоўская. Справа Хацкевіча з паннай Барэнцкай
Паколькі я ўжо некалькі разоў згадваў імя Хацкевіча і таму мушу зноў яго тут успомніць. У часы, калі я жыў у Вільні, гэтае прозвішча было так папулярнае і ўсім патрэбнае, як патрэбна соль у страве. Генерал Хацкеіч107, несумненна, быў адной з тых асоб, якіх ужо больш не будзе і пра якіх трэба расказваць, каб памяць пра іх не сышла. Трэба, каб яны пакінулі хоць нейкі след у гісторыі.
Заўсёды былі і будуць розныя авантурнікі адпаведныя духу грамадства і духу часу. Заўсёды былі і будуць патаемныя нягоднікі, свавольнікі, распуснікі, шулеры, злачынцы, якія жылі ў цені і якімі пагарджала толькі мізэрная частка грамадства, у якім яны дзейнічалі. Таму і вядомасць іх не выйшла за межы тракціра ці шынка. Але Хацкевіч быў сапраўдным шляхетным каралём нягоднікаў з адпаведнай павагай і ўладай. Ён быў геніем распусных свавольнікаў і псотнікаў, быў акружаны дзіўнай прыхільнасцю, любоўю і павагай грамадства ўсёй Еўропы. Гэта ыў Рынальда ці Фра-Д'ябла108, нягоднік, па якім ва ўсім свеце плачуць людзі і пасля гібелі якога шкадуюць аб ім у сто разоў болей, чым пра добрага пана ці пані, якім Фра-Д'ябла рабіў штукі.
Пісаў нядаўна Булгарыну109, выбітнаму прадстаўніку нашага народа, які, як і Сянкоўскі, заслужыў вялікую вядомасць у рускай літаратуры. Прачытаў ягоны дзённік і напісаў яму такія словы: "Але цікава, чаму ў сваіх успамінах вы нічога не напісалі пра рэдкі і своеасаблівы тып чалавека, пра нашага Казанову, пра Хацкевіча, пра генерала Хацкевіча, кожнае слова якога іскрылася досціпам, а кожны жэст быў гарэзлівай хітрасцю. Пра чалавека, у якім элегантнасць, велікадушнасць, ветлівасць і дасканаласць вялікага пана спалучалася з цынізмам грубіяна, найвышэйшае самалюбства з поўным адмаўленнем справы гонару. Пра чалавека які паўсюдна сам сябе і славіў і ганьбіў, якога ўсе баяліся як Картуша, але пры гэтым прымалі з павагай і любоўю?".
Гэта апісанне мне падаецца трапным накідам і разам з тысячамі і тысячамі анекдотаў, якія пра яго захаваліся, можа ілюстраваць некаторыя з тых момантаў, на якіх я спынюся ніжэй. Папярэджваю, што, пэўна, мая памяць дагэтуль захавала толькі самыя цікавыя з іх. Пішучы ў вёсцы, аддалены да ўсялякіх стасункаў з людзьмі старога часу, я не магу згадаць пра яго нешта больш цікавае.
Як я ўжо казаў, я асабіста не ведаў генерала Хацкевіча, але ў мае часы ўся Вільня яшчэ поўнілася гісторыямі пра яго. З 1815 г. (жыў ён здаецца да 1823 г.), Хацкевіч ужо не паказваўся тут - ці састарэў, ці прыйшлі неспрыяльныя для яго часы. Жыў ён на Валыні ў сваім маёнтку, або ў Еўропе, бо для яго шляхі ў Кіеў, Лондан, Неапаль, Парыж, Вену і г. д., хоць і не мелася яшчэ чыгункі, былі як для мухі пералёт з чаравіка на далонь прыгожай панны.
Я не ведаю паходжанне роду Хацкевічаў. Ён служыў у польскіх легіёнах у Італіі ў Банапарта і Шампьёна110, і абодва гэтыя чалавекі вельмі любілі і паважалі яго. Казалі, што ў адной з бітваў, калі на Шампьёна наскочылі немцы, Хацкевіч адным узмахам палаша адцяў галаву самаму вялікаму з нападаючых - ён заўсёды дэманстраваў сваю незвычайную адвагу. Але таксама казалі, што калі яму не хацелася ваяваць ці калі не меў адпаведнага настрою, дык часта ўцякаў з поля бою і зусім не клапаціўся пра тое, што яго могуць назваць баязліўцам, бо кожны ведаў, што з яго боку гэта сваволля і капрыз, а не баязлівасць. Пакінуўшы войска, ён аблётаў усю Еўропу, паўсюдна граў у карты і потым раптам з'явіўся ў Вільні, горадзе, які ў той час быў сапраўдным Эльдарада для шулераў, Хацкевіч меў шмат грошай гатоўкай, дарагіх камянёў, каштоўных рэчаў і ўсяго іншага. Адразу пачаў паводзіць сябе як магнат і жыць па-свайму.
Хацкевіч меў прыгожы, мужны твар. Ён заўсёды высока задзіраў нос. Меў моцны, зухаваты і ўпэўнены голас, калі хацеў, меў прыемныя манеры, але паводзіў сябе прыстасоўваючыся да акалічнасцяў. На ім была самая дарагая вопратка, самая якасная і заўсёды свежая французская бялізна, але ўсё гэта ён насіў нядбайна, як бы з неахвотай. Фракі падраныя, кашулі белыя, як снег, але пакамечаныя. Калі страчваў кашалёк, залатую табакерку і нечы лакей паднімаў іх, гэтыя рэчы былі ўжо яго! Увесь быў час аточаны махлярамі, свавольнікамі і псотнікамі, узятымі з усіх саслоўяў, называў іх "пляткарамі", і чым большым нягоднікам выяўляў сябе, тым больш уздымаўся яго аўтарытэт. Здавалася, Хацкевіч сябраваў толькі з нягоднікамі, але гэта толькі здавалася, бо добра ведаў людзей і ўмеў іх цаніць. "Пляткары" мелі поўнае права на яго шыкоўны стол, на яго кватэру, на яго кішэні, кожны дзень яны жменямі цягнулі золата з яго куфра. Але, калі трэба, па яго першым жаданні яны гатовыя былі выканаць любы загад. Гатовыя былі днём і ноччу ляцець у любы кут Літвы, Валыні, Украіны, Падолля ці яшчэ далей, каб зрабіць, каму трэба, штуку ці ўмела адпомсціць, ці вышпегаваць грошы, ці дзе будзе збор людзей - баль, кірмаш, пікнік ці нешта падобнае, дзе шулерам знойдзецца месца. Дзе стаяць кватэрай рускія генералы і палкоўнікі, ці ёсць у іх грошы і ці жадаюць яны гуляць у карты? Чым можна іх завабіць? Якія маюць слабыя бакі, ці умеюць падманваць і г. д. Пры гэтым "пляткары" павінны былі захоўваць яго сакрэты пад страхам самай жорсткай і непазбежнай помсты.
Сам сябе называў першым нягоднікам у свеце. Калі ў некага знікала нешта каштоўнае, ён не баяўся сказаць: "Паглядзіце, вось гэтая рэч на мне!". Аднак не раз даваў жменю золата ўбогім, пры тым што ў іншы раз, ці з-за капрызу ці таму, што нешта ведаў, адмаўляўся падаць нават скібку хлеба.
Але давайце пяройдзем да анекдотаў пра яго і, калі я няўдала перакажу іх, гэта будзе не яго віна.
У Вільні жыла пані Бабацянская111, жонка віца-губернатара, жанчына, якую сёння назвалі б эксцэнтрычнай. Тады яшчэ мала было вар'ятак, і нават слова такога не ведалі, звалі іх капрызамі ці дзівачкамі. Жмудзінка, не вельмі прыгожая але з мілым тварам, з дому Мантвілаў, славілася яна рознымі штукамі і жаданнем задаваць добры тон у салонных колах. Каля сабе знарок заўсёды мела па-сапраўднаму вельмі прыгожую і вытанчаную рэзідэнтку як прынаду на яе ўласнай вудзе для віленскай рыбы. Калі аднойчы мой бацька завёў мяне да яе, меў тады гадоў з дзесяць, але ўсё памятаю, нібы было гэта сёння, я ўпершыню меў там нейкае дзіўнае пачуццё, невядомае мне раней, нейкую асалоду для галавы і вачэй, якую апісаць не ў стане. Быў прадстаўлены ёй, і калі пасля свайго пачцівага паклону ўбачыў перад сабой дзвюх прыгожых маладых жанчын, яе саму і рэзідэнтку, панну Петранелю Абрамавічоўну, знакамітую сваёй дзіўнай прыгажосцю і настолькі дэкальтаваную, што я, ужо не дзіця, ледзь не страціў прытомнасць. Так мяне захапіў і паланіў выгляд прыгожых, белых як снег, круглых і амаль зусім аголеных грудзей! З таго часу гэтае відовішча замацавалася ў маёй крыві ці ў маіх нервах як эстэтычная, а не матэрыяльная ці пажадлівая асалода, якую пасля заўсёды выклікала відовішча па-сапраўднаму прыгожых жаночых грудзей, калі я меў магчымасць бачыць іх без перашкоды. Неймаверна! Але на працягу ўсяго майго жыцця я заўсёды ўспамінаў гэтыя грудзі панны Петранелі. На жаль, праз шмат гадоў я бачыў гэтую ўжо старую і спарахнелую панну, бо была яна настолькі ўпэўненая ў сваіх чарах і так перабірала прэтэндэнтаў, што яны раптам закончыліся. А шкода!
Потым даведаўся, што пра пані Бабацянскую тады казалі, быццам ва ўсіх сваіх туалетах яна даходзіла да крайнасці, каб уздзеянне парфумы, памады ці папільётак было такім, якім ніколі не можа быць у іншых жанчын. Што толькі пра яе не казалі! І ў асноўным, шмат несправядлівага! Дасведчаны ў гэтых справах ведае, што ствараюць праблемы не гэтыя смелыя, вясёлыя і пустыя жанчыны, якія імкнуцца падабацца ўсім і кожнаму і ледзь не кожнага могуць зачапіць. Праблемы мужам і мацяркам ствараюць іх уласныя жонкі і дочкі. Тыя самыя, нявінныя ягняты з апушчанымі вачыма, менавіта ў іх хаваюцца самыя пражэрлівыя ваўкі.
Бабацянская была жанчынай пустой, вар'яткай, поўнай самых дзіўных капрызаў, але яна не была заганнай жанчынай. Сярод яе вынаходак, напрыклад, была язда ў рускай вупражы, калі ўсе яшчэ ездзілі ў англійскай ці кракаўскай, а потым яна завяла сабе фарэйтара, які крычаў на ўсе горла: "Пади" 112, як гэта робіцца ў Расіі, і гэтым папярэджваў мінакоў. Кожную раніцу за піяніна яна вучыла свайго фарэйтара, як самым прыгожым музыкальным тонам трэба спяваць: "Па - а - а - ди". Калі яна адрамантавала і абнавіла сваю кватэру, адной з яе фантазій стала ідэя, каб усе госці, як быццам у малым горадзе, дзе ходзяць пешшу, чысцілі свой абутак у пярэднім пакоі. Тут гасцей чакалі два лакеі ў галунах са шчоткай і ваксай і выконвалі гэту работу.
Навіна разышлося па ўсёй Вільні. Хацкевіч таксама пра гэта даведаўся. І неяк, ідучы каля дома Бабацянскай разам са сваімі нягоднікамі, ён загадаў: "Панове, зараз наведаем віца-губернатара, але перад гэтым добра выпацкаем абутак ў канаве". Як загадаў, так і сталася. Увайшлі. Прадстаўляюць Хацкевіча. Гаспадыні дома з радасцю яго прымаюць. І лакеі пачынаюць усёй гэтай чарадзе ўрвісаў жвава чысціць боты! Пайшло на гэта з чвэрць гадзіны. І ўвесь час Бабацянская чакала на мяккай канапе ў маляўніча выбранай позе. Калі ўсіх вычысцілі, Хацкевіч, нібы выпадкова глянуў на гадзіннік і закрычаў: "Аднак, панове, мы ўжо абавязкова павінны быць у пана Н.", потым, павярнуўшыся да лакея: "Ужо позна, падзякуй сваёй гаспадыні за чысты абутак і бывай здароў". І пайшоў!
Пасля гэтага гэтага Бабацянская забылася на сваю новую моду.
Хацкевіч меў старога слугу, да якога быў шчыра прывязаны і разам з якім адбыў усе падарожжы. Ён заўсёды раздаваў карты, з кожнай партыі браў па дукату і таму за дзень меў шмат гэтых дукатаў. Калі ўжо сабраў добрае багацце, дык аднойчы, апранаючы свайго гаспадара, набраўся смеласці і сказаў:
- Дзякуй пане за месца службы.
Хацкевіч нібыта шылам крануты, спалохана спытаў:
- У чым справа, мой каханы?
- З ласкі панскай я сабраў ужо сабе фундуш і хачу пайсці адпачываць на ўласны хлеб.
- А сколькі ж ты сабраў? Адкажы мне шчыра? - сказаў Хацкевіч сардэчна.
- Ой, пане, дзякуй Богу, ужо каля трох тысяч дукатаў.
- Халера, ты багацейшы за мяне!
- Ха-ха-ха, яснавяльможны пан жартуе!
- Ну, добра. Шкада мне, бо люблю і прывык цябе бачыць. Слухай, Валенты. Ты дагэтуль быў маім слугой, а цяпер будзеш маім прыяцелем. Хто яшчэ можа быць для мяне лепшым прыяцелем? Не будзем разлучацца. Ты перасяляйся ў маю спальню. Будзем жыць разам і штодзень бачыцца. Хто ж мне прыемней за цябе? Схавай свой капітал, будзеш жыць на ўсім маім.
Валенты пагадзіўся
Вечарам прыехалі госці.
- Панове, - сказаў Хацкевіч - вы ведалі Валенты як майго старога слугу, а зараз я рэкамендую яго вам як свайго сябра. Ён гэтага варты, будзьце пэўныя. Прашу лічыць яго маім сябрам.
Нанялі новага камердынера, і жыццё пайшло звыклым ходам.
Гэтак працягвалася некалькі тыдняў, падчас якіх Валенты хадзіў з Хацкевічам пад руку. За картамі сядзеў за яго крэслам і бачыў, як той выйграе золата!
Неяк Хацкевіч кажа яму:
- Чаму, пане Валенты, не паспытаеш свайго шчасця?
А Валенты кожны дзень бачыў, як тысячы дукатаў пераходзяць з адной кішэні ў другую.
- Баюся, пане!
- Дурны, проста паспрабуй у першы раз.
І Валенты пачаў гуляць. Выйграў дзвесце дукатаў. На наступны дзень выйграў сто дукатаў. Фартуна чамусьці не вельмі спрыяла ім абодвум, бо на наступны дзень зноў паспрабаваў свайго шчасця і прайграў. Захацеў адыграцца. Зноў прайграў. Потым то выйграваў дваццаць дукатаў, то зноў прайграваў. Але запаліўся і хацеў гуляць. Так прайшло некалькі тыдняў - гульня ішла шалёная, як і звычайна ў Хацкевіча. Але пасля двух тыдняў барацьбы за шчасце пан Валенты перастаў гуляць. Мінае дзень, мінае другі - Валенты сядзіць і не гуляе! Сядзіць пануры і сумны.
- Што здарылася, пане Валенты, чаму не гуляеш? - спытаў Хацкевіч.
- Пане дабрадзею, мне досыць ужо!
- Як гэта досыць?
- Досыць!
Тады Хацкевіч адвёў яго ў бок і пытае:
- Скажы праўду, чаму не гуляеш? Столькі золата на стале!
- Ой, прызнаюся пану, д'ябал мяне спакусіў і Бог пакараў! Я прайграў усё, што меў!
- Ого-го. Жартуеш Вашчэсць!
- Дальбог, праўда.
- Праўда?
- Так, пане дабрадзею
- Але ж, падумаць толькі, тры тысячы дукатаў!
- Усе да гроша прайграў!
- Тады ідзі, дурань, зноў жыць у перадпакой і зноў служы мне верна! Зараз жа забяры свае бэбахі з маёй спальні! І памятай, калі буду табой незадаволены, дык пакажу табе сем касцёлаў!
І Валенты, падкурчыўшы хвост, зноў пачаў служыць. Так Хацкевіч адмыслова правучыў небараку.
Сярод "пляткароў" Хацкевіча быў нейкі ксёндз Снарскі, дробны канонік, падобна, са Жмудзі, вялікі нягоднік і паскуднік, які праз шмат гадоў стаў куратарам манахаў-камедулаў113 пад Коўняй, абакраў іх да ніткі, быў аддадзены пад суд і памёр у вязніцы. Снарскі, арцыкаплан псотнікаў, у гэтай кампаніі ўважаўся за генерала. Доўга трымаўся каля Хацкевіча, браў колькі хацеў грошай, але ўсе марнаваў на жанчын, карты і шынкі. Пакідаючы Вільню, Хацкевіч ніколі не браў з сабой "пляткароў", бо меў падобных паўсюдна. І покуль яго не было, гэтыя нягоднікі, як мядзведзі, смакталі лапу без грошай.
Таму, калі ён паведаміў сваім ад'ютантам, што едзе ў Бадэн, Снарскі вырашыў пажывіцца яго дабром - перад самым выездам, калі ўсё было ўжо запакавана, падпільнаваў момант, калі генерала не было ў хаце, і запыхаўшыся, падбег да камердынера, каб ад імя Хацкевіча, быццам для нейкай справы, артымаць вялізны, срэбны сервіз на 36 асоб. Камердынер добрасумленна аддаў сервіз і нават сам загарнуў у сурвэтку. З гэтымі рэчамі Снарскі адразу ўцёк з Вільні і схаваўся. Шукаць яго не было часу. Хацкевіч паехаў.
Праз год Хацкевіч нечакана вярнуўся, а Снарскі быў у Вільні! Неяк Хацкевіч з "пляткарамі" ішоў па Дамініканскай вуліцы і на рагу з Біскупскай неспадзявана наткнуўся на Снарскага. Дрэнна ... Снарскі струхнуў, ён ведаў, чым гэта можа для яго скончыцца і пачаў уцякаць. Хацкевіч дагнаў яго, пацалаваў і абняў, прыгаворваючы: "Дай табе Бог здароўя! Я ведаў, што я ёсць першая шэльма на свеце, але з радасцю пераканаўся, што ты ў сто разоў большая шэльма, чым я. Ідзі сюды, забудзем нашае непаразуменне!". Снарскі вярнуўся, Хацкевіч прыняў яго, як раней, і пра сервіз не згадваў.
Генерал меў стасункі са шматлікімі моднымі распуснымі магнатамі тагачаснай Еўропы і часам ладзіў для сваіх сяброў так званыя райскія вечары. Самыя вядомыя замужнія ці вольныя жанчыны, пад вялікім сакрэтам, у памяшканні, дзе вокны завешаныя зялёным сукном, на мяккіх габеленах, расцягнутых па паркеце, на канапах, пакрытых чорным аксамітам, аголеныя, у сваім прыродным стане без усялякай вопраткі, бавіліся з мужчынамі, запрошанымі на вечары. Арганізацыя такога вечара ў невялікай Вільні як з-за бездакорнай формы, так і з-за яго таямніцы, каштавала вялікіх грошай. Хацкевіч на гэтую вечарыну некалькі разоў запрашаў майго бацьку. Але бацька, хоць бабнік і аматар гэтай справы, не мог пераадолець сорам, звязаны з такім відовішчам, і цвёрда адмаўляўся. Аднойчы сустрэўшы майго бацьку на вуліцы, Хацкевіч сказаў: "Ну, шамбелян - сціплая паненка, ты адмаўляешся ад маіх вечароў, дык дай мне слова, што не адмовішся ад заўтрашняга абеду. Дальбог, там не будзе нічога нясціплага. Прыходзь а палове другой". Прыйшоў у прызначаны час. Быў толькі Хацкевіч у добрым гумары. Каля другой гадзіны прыйшоў Петэрсан, шляхетны і разумны чалавек, але гарбаты і спераду, і ззаду. Потым канонік Зянкевіч, таксама страшна згорблены. Потым нехта трэці і таксама гарбаты. Хацкевіч з вялікай прыязнасцю сустракаў сваіх гасцей, але акрамя гаспадара і майго бацькі, усе запрошаныя госці былі гарбатымі. Так гэты шатан запрашаў аднавокіх, кульгавых, касавокіх і г.д. І ўмеў падтрымліваць прыемную гутарку, даваць такія шыкоўныя абеды, што нецвярозыя госці або не паспявалі зразумець, што з іх здзекуюцца, або, нават калі заўважалі гэта, аддавалі перавагу магчымасці добра пад'есці, выпіць элітнага віна і зрабіць выгляд, што яны нічога не разумеюць, чым ісці на скандал. І ніхто ніколі не злаваўся на яго штукі.
Хацкевіч па-сапраўднаму, ці не, кахаў прыгожую і добрую дзяўчыну, панну Халхоўскую, якая потым выйшла замуж за Юстына Абрамовіча. Яна шчыра, як кошка, закахалася ў яго і хацела стаць яго жонкай. А якраз гэтага Хацкевіч і не хацеў! І калі зразумеў, што нічога з гэтых адносін не будзе, пачаў ёй строіць жарцікі.
Напрыклад такія.
Ён паспрачаўся з тузіным гуляк на пяцьсот дукатаў, што ў прызначаны дзень, а трэцяй гадзіне папаўдні, яны знойдуць яго распранутым у ложку панны Халхоўскай. Заўважу, што гэтая панна, па прынятым у той час звычаі, жыла сама са сваім дваром у афіцынах жаночага Свята-Міхальскага кляштара. А другой гадзіне Хацкевіч прыйшоў да яе. Паўгадзіны забаўляў панну сваім невычэрпным гумарам і смяшыў да слёз. Потым, раптоўна, пачаў скардзіцца на галаўны боль і млоснасць. У яго выступіў халодны пот, яму рабілася ўсё горш і горш! І ён страціў прытомнасць. Добрая, напалоханая Халхоўская рабіла ўсё, што магла. Хацкевіч прыйшоў да сябе, але быў яшчэ вельмі слабы і прасіў гаспадыню дазволіць яму адпачыць у яе ложку. Яна казала, што на канапе будзе тое самае ці яшчэ лепш, але калі ён зноў пачаў дзівачыць і плакаць, як дзіця, калі вочы яго зноў закаціліся, нібы ад млосці, яна згадзілася і пабегла па гарбату. Хацкевіч лёг у заслонены фіранкамі ложак, у імгненне вока цалкам распрануўся і накрыўся коўдрай. Была акурат трэцяя гадзіна, калі нягоднікі, якія ўжо падпільноўвалі каля лесвіцы, гвалтам уламаліся ў хату, садралі коўдру і з найвялікшым сваім і Халхоўскай здзіўленнем убачылі, што заклад выйграны!
Такія паводзіны не маглі не абурыць Халхоўскую да глыбіні сэрца. Яна зладзіла Хацкевічу жудасную сцэну, як тыгрыца пасварылася з ім і забараніла яму бываць у яе доме. Больш за тое, каб зрабіць шкоду і адпомсціць, яна разнесла па горадзе некаторыя таямніцы, давераныя ёй Хацкевічам. Ён прасіў прабачэння і шчыра раскайваўся, але гэта яго абурыла, і генерал пакляўся адпомсціць. Пачаў удаваць з сябе пакорлівага улюбёнага, соладка прасіць прабачэння, пасылаць яшчэ больш мілыя падарункі, але яна не хацела яго і бачыць. Тым не менш, яе мяккае і прыхільнае да Хацкевіча сэрца не магло моцна супраціўляцца і Халхоўская, якая напачатку ад усяго адмаўлялася і вяртала падарункі, праз нейкі час пачала пакідаць у сябе які-небудзь яго кошык з садавіной, бо была вялікай ласаўніцай. А ён удаваў з сябе прыніжанага, раздушанага, растаптанага закаханага, які нават не адважваецца паказацца на яе парозе.
Так сталася, што калі Халхоўская была на вялікім вечары ў падкамарыны Ельскай з дому Сапегаў114, ёй паведамілі, што прыйшоў камердынер Хацкевіча з нейкай пасылкай для яе. Гэта была прыгожая, духмяная запіска на парыжскай паперы, у якой ён яшчэ раз прасіў ласкава прыняць толькі што прывезеную ў Вільню бочку астраханскага вінаграду. Яна пагадзілася і вярнулася ў салон. І тут нехта наўмысна ці выпадкова загаварыў пра вінаград. Халкоўская адчула, што можа зрабіць прыемнасць. Прывезлі бочку. Госці паселі вакол стала і нецярпліва чакалі. Адчынілі бочку і пачалі даставаць адтуль старыя яўрэйскія пантофлі, конскія яблыкі і іншую, самую агідную брыдоту - усе ўскочылі і ўцяклі ад стала. Халхоўская самлела. А цынік Хацкевіч ужо ехаў у Вену.
Неяк ён нібыта выправіўся лячыцца на воды ці ў Парыж, а насамрэч, паехаў для картачнай гульні ў Мюнхен, бо пачуў, што гарадская рада ўтрымлівае там картачны клуб, у якім бурмістр, добрая душа, быў прэзідэнтам і трымаў лепшы гатэль у горадзе. Хацкевіч вырашыў пашукаць там шчасця. Вось ён пад'язджае на вялізным жоўтым дыліжансе да гатэля і ветліва, з самым сціплым тварам, пытаецца пра гаспадара і просіць пасяліць яго ў лепшым нумары. Гаспадар не з'яўляецца. Хацкевіч зноў ласкава просіць, каб прыйшоў гаспадар, і той, нарэшце, прыходзіць.
Тым часам распакавалі рэчы, і некалькі чалавек, сагнуўшыся пад іх цяжарам, прынеслі два аднолькавыя куфры. Хацкевіч, звярнуўшыся да гаспадара, яшчэ раз папрасіў ў яго прабачэння за нязручнасці і дадаў, што хоча бачыць яго асабіста бо ён першы раз за мяжой, па-нямецку не размаўляе і мае з сабой шмат грошай. Пасля чаго спытаўся, ці бяспечна ў гатэлі, бо ён цалкам аддае сябе пад апеку паважанага гаспадара і з даверам просіць яго зычлівасці.
Немец усё паабяцаў, паручыўся за бяспеку і застаўся паабедаць з Хацкевічам. "Можа вы думаеце, што ў куфрах дробязь?" - сказаў генерал - "Зараз тут нікога няма, хай пан убачыць". Адчыніў вечкі, і бургамістр убачыў - пад замшавай скурай куфры былі поўныя дукатаў! Генерал пагартаў дукаты пальцамі і зноў зачыніў куфры. Немцу стала млосна.
Адразу завязалася добрае сяброўства. Немец вазіў нашага цалкам адданага літаратуры і навукам графа па ўсіх цікавых гістарычных месцах горада і бібліятэках. Але нарэшце Хацкевіч пачаў пазяхаць, сумаваць і нудзіцца, і немец яго пашкадаваў. Спытаў: "Калі б вы любілі, напрыклад, карты, а не антыкі і кнігі, я б вас пацешыў. У нас тут ёсць клуб. Праўда, у ім можна моцна прайграць, але і добра выйграць".
(Працяг у наступным нумары.)
1 Morawski Stanislaw. Kilka lat mlodosci mojej w Wilnie (1818-1825). Warszawa, 1924. Пераклад Леаніда Лаўрэша.
107 Ігнацый Хацкевіч ці Хадзкевіч (?1760-1823). Восіп Пшацлаўскі успамінаў: "Хацкевіч, французскі генерал 10-х гадоў нашага стагоддзя (XIX ст. - Л. Л.), вядомы ў Францыі пад імем le gеnеral Lodoiska, еўрапейскай славы шулер і герой незлічонай колькасці самых адчайных выхадак, заўсёды амаль asum acumine (вострых - Л. Л.), бо гэта быў чалавек незвычайнага розуму. У адзін час ён быў пасланы ад напалеонаўскага ўрада ў Вену з вялікай колькасцю фальшывых банкнот, якія павінен быў пусціць у абарачэнне і тым зламаць аўстрыйскія фінансы. Хацкевіч амаль цалкам дасягнуў гэтай мэты, але на апошняй аперацыі быў злоўлены і прыгавораны да смяротнага пакарання. Ён, аднак жа, паспеў уцячы з цвердзі, дзе ўтрымліваўся". - гл: Пшацлаўскі Восіп. Калейдаскоп успамінаў: Т. 1. Мінск, 2012. С. 327. - Л. Л.
108 Рынальда Рынальдзіні - галоўны герой класічнага разбойніцкага рамана Да. Вульпіуса "Рынальда Рынальдзіні, атаман разбойнікаў" (1798 г.), літаратурны архетып высакароднага разбойніка.
"Фра-Д'ябла, або Гасцініца ў Тэрачыне" (фр. Fra Diavolo ou L'Hеtellerie de Terracine) - камічная опера французскага кампазітара Даніэля-Франсуа-Эспры Обера. Падзеі ў ёй разгортваюцца вакол фігуры вядомага італьянскага разбойніка і змагара з французскай акупацыяй у паўднёвай Італіі на мяжы XVIII-XIX ст. Фра-Д'ябла. - Л. Л.
109 Тадэвуш Булгарын, расійскі пісьменнік і журналіст (1789-1859), выдавец. Яго успаміны выйшлі ў 1846-1849 гг.
110 Эцьен Мары Антуан Шампьён (1768-1815) - вядомы французскі генерал, кавалерыст. - Л. Л.
111 Паліна Бабацянская з Мантвілаў, жонка віца-губернатара Міхала.
112 Параўнай, у А. Блока ў паэме "Дванаццаць":
"Снег крутит, лихач кричит,
Ванька с Катькою летит -
….
Ах, ах, пади!.." - Л . Л.
113 Камедулы, або камальдулы - манахі каталіцкага манаскага ордэна пустэльнікаў. - Л. Л.
114 Эмілія Ельская з Сапегаў, старадубская падкамарына, дачка Аляксандра Міхала, канцлера ВКЛ і Магдалены з Любамірскіх, жонка Францішка Ельскага, члена Часовага урада ВКЛ у 1812 г. Памерла ў 1835 г. у віленскім кляштары кларысак.
Беларусы сустракаюцца з індзейцамі
Каралі і пешкі, кнігі і лялькі: Семірадскі, Сергіеня, Шыцікава, Ягадзінская; вайна, у якой перамаглі і беларусы, і індзейцы (да 80-годдзя Перамогі)
(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-52 (105-156) (2024); № 1-16 (157-172) за 2025 г.)
АНКЕТА, ПРЫСВЕЧАНАЯ 40-ГОДДЗЮ ПЕРАМОГІ
Перапіска аўтара БСІ з індзеяністамі пачалася з абмену лістамі з масквічкай Кірай Пятровай (Вінапі) - з Гомеля першы адпраўляўся ў снежні 1984 г., атрыманы ёю ў студзені, месяцы, калі прыйшоў і яе першы адказ. У 1985 г. былі лісты да Андрэя Логінава і Валерыя Цішкова (абодва "афіцыйныя" індзеяністы, якія пазней занялі высокія пасады ў кіраўніцтве Расіі), да ленінградскага індзеяніста Сяргея Паўлава (яго лаканічны адказ быў без даты, але дата на штэмпелі - 8.05.1985) і беларускага Уладзіміра Бутырава. Апошняга ўрэшце мы наведалі на яго Аршаншчыне і таксама маем адзін яго ліст - красавіцкі 1988 г., развітальны, бо ён ужо адышоў ад індзеяністыкі.
Адказаў Логінава і Цішкова не было, хаця пазней, ужо ў электронную эпоху, апошні даручыў адказаць нам свайму падначаленаму Аляксею Істоміну, таксама індзеяністу і даследчыку Рускай Амерыкі. Інстытут этнаграфіі, дзе адбыліся гутаркі з Логінавым, Цішковым і іншымі, быў для нас адной з самых прыцягальных і паважаных устаноў на ўсёй савецкай прасторы.
Адказы ж 1985 г. індзеяністаў Алега Ясяненкі (служыў тады ў Хыраве Львоўскай вобласці), Ігара Гурава (Краснадар) і Сяргея Нямкова (штэмпель Новасібірска, але паведаміў, што яго адрас - славутая індзеянісцкая грамада ў алтайскім пасёлку Верх-Кукуя), адносяцца, як можна пераканацца па сканах, якія змяшчаем, да нашай невялікай кампаніі, прысвечанай 40-годдзю Перамогі - яны атрымалі анкету з пытаннямі пра ўдзел індзейцаў у Другой сусветнай вайне (перапісвалася начыста двойчы пад капірку - тэкст чарнавіка (захаваны - як, па ўнутраных правілах, і павінны былі захоўвацца ўсе нашы чарнавікі) мае невялічкі бібліяграфічны дадатак па пытанні).
Літ.: (З бібліяграфіі "Беларусы і індзейцы: Другая сусветная вайна і індзейцы" (уключае і ўсе запісы з БІБ перыяду 1939-1945 гг. - з мэтай паказу выдавецкай дзейнасці ў час вайны; асабліва інтэнсіўна папаўнялася ў 2017 г. пры падрыхтоўцы нашай вялікай публікацыі па гэтай тэме - асновай для яе паслужыў артыкул "Індзейцы і беларусы ў час Другой сусветнай вайны", змешчаны ў нашым "Ціхаакіянскім весніку" ("Бюлетэнь па праблемах індзеяністыкі, узаемадапамогі і міралюбства", 2006, жнівень; фіктыўнае ("сімвалічнае") месца выдання - в. Рэпкі, Рагачоўскі раён Гомельскай вобласці Рэспублікі Беларусь)
9396 Агаджанян В. В. Дороги партизанские. Мн., 1979.
866 Адамович А. Война и деревня в современной литературе. Мн., 1982.
867 Адамович А. Война и литература: проблемы нового мышления // Адамович А. Отвоевались! М., 1990. С. 184-213.
10392 Боэм Дж. Если это американцы, то им не место за колючей проволокой! // Встреча на Эльбе: воспоминания советских и американских ветеранов второй мировой войны / ред.-сост.: С. Красильщик, М. Скотт. М., 1988. С. 163-171.
8062 Варабей І. "Тыдзень супраць генацыду" // Беларускае слова. 2004. № 8-9. Жн. С. 3.
8507 Варывончык І. В. ЗША ў Другой сусветнай вайне: праблемы ўнутранага развіцця // Весці БДПУ. Сер. 2. Гісторыя. Філасофія. Паліталогія. Сацыялогія. Экано-0міка. Культуралогія. 2009. № 1. С. 31-35; № 2. С. 21-25.
9947 Великая Отечественная война в киноискусстве Беларуси / редкол.: А. А. Карпилова, О. Ф. Нечай, А. В. Красинский. Мн., 2010. (Нечай О. Образы геноцида в художественной культуре и на экране.)
10414 Веретюк О. М. Антивоєнна тема в поезії Ї. Тауфера // Проблеми слов'янознавства. Вип. 27. Львів, 1983. С. 8-13.
10408 Гамзатов Р. Остров женщин: поэма / пер. с аварского Я. Хелемского // Гамзатов Р. Собрание сочинений Т. 3. М., 1993. С. 142-180.
9342 Дзярновіч А., Квяткоўская А. "Свастыка" як касмалягічны й этнавызначальны сымбаль // Kryuja: Crivica. Baltica. Indogermanica. 1994. № 1. С. 75-90.
5296 Д'Суза Д. Злачынствы Крыстафора Калюмба / пер. з ангел. І. Бабкова // Фрагмэнты філязофіі, культуралёгіі, літаратуры. 1999. № 1-2 (лета). С. 18-37.
2545 Караткевіч У. Млын на Сініх Вірах: гераічная драма ў чатырох дзеях, васьмі карцінах // Караткевіч У. Збор твораў: у 8 т. Т. 8. Кн. 1: П'есы; Нарыс. Мн., 1990. С. 310-382.
10443 Константин (Горянов), архиепископ Тихвинский. Патриотическая деятельность Русской Православной Церкви в годы Великой Отечественной войны // Христианское чтение. 2005. № 24. С. 49-66.
10444 Константин, архиепископ Курганский и Шадринский. С верой в победу // Подвиг во имя Победы / сост. В. Филимонов. Курган, 2015. С. 45-80.
10446 Константин (Горянов), митрополит Петрозаводский и Карельский. Патриотическая деятельность Русской Православной Церкви в годы Великой Отечественной войны // Академический вестник Академии наук и искусств Союза имени С. П. Королева. 2016. № 12. С. 30-42.
1486 Крачковский И. Ю. Избранные сочинения. Т. 1-6. М.; Л., 1955-1960.
12209 Курто Я. Ён быў піянерам: аповесць. Мн., 1960.
5682 Лаўрыновіч В. На берлінскім напрамку // Свитязь: альманах библиофилов Белоруссии / сост. Л. А. Казыро; редкол.: С. В. Букчин (гл. ред.) и др. Мн., 1989. С. 115-116.
3680 Левчук Н. Опасность для души - опасность для государства // Царкоўнае слова. 1997. № 3. С. 8-9.
10612 Левчук Н. Опасность для души - опасность для общества // Могилевские епархиальные ведомости. 1998. № 4-6. С. 21-24.
8830 Лыч Л. М. Міжнацыянальныя дачыненні на Беларусі (верасень 1943 - кастрычнік 1964 г.). Мн., 2009.
1573 Мальдзіс А. Дзеля жывой сувязі пакаленняў: (Замест прадмовы) // Мальдзіс А. З літаратуразнаўчых вандраванняў: нарысы, эсэ, дзённікі. Мн., 1987. С. 3-17.
1570 Мальдзіс А. І. Астравеччына, край дарагі... Мн., 1977.
3372 Найдзюк Я., Касяк I. Беларусь учора і сяньня: папулярны нарыс з гісторыі Беларусі / пасьл. А. Грыцкевіча; уклад. Н. Дашкевіч. Мн., 1993.
8443 Новік Г. Ня сілай, а розумам // Наша ніва. 2005. 11 ліст. С. 16-19.
9768 Орлов А. П. Вторая мировая война: Монеты. Люди. События. Фотохро-ника. Мн., 2010.
5051 Падаляк Т. Кароткі расказ пра доўгія імгненні вайны // Звязда. 1997. 9 жн.
10431 Пономаренко П. К. Всена-родная борьба в тылу немецко-фашистских захватчиков 1941-1944. М., 1986.
8202 Решетов А. М. Отдание долга // Этно-графическое обозрение. 1995. № 2. С. 40-62.
8999 Рудлінг П. А. Навука забіваць: 201-ы батальён ахоўнай паліцыі і гаўптман Раман Шухевіч у Беларусі ў 1942 годзе / пер. з англ. В. Рубінчыка // Arche. 2012. № 7-8. С. 67-87.
10110 Рэйн Л. Каралі і пешкі: калабарацыя ў Беларусі падчас Другой сусветнай вайны / пер. з англ. В. Рубінчыка. Смаленск, 2015.
5425 Самойлік А. З палону атрутнага зелля Маці Божая вызваляе // Царкоўнае слова. 2000. № 6. С. 8-9.
2869 Сат-Ок. Земля Соленых Скал; Таинственные следы: повести / пер. с пол. Ю. И. Стадниченко; худ. К. П. Шарангович. Мн., 1994.
10466 Силова С. В. Православная церковь в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (1941-1945 гг.). Гродно, 2003.
10465 Силова С. В. Православная церковь и проблемы церковной коллаборации в Беларуси летом 1941 г. // Трагічнае лета 1941: напамін гісторыі: матэрыялы міжнароднай. навукова-тэарэтычнай канферэнцыі, Мінск, 22 чэрв. 2001 г.: у 2 ч. / [рэдкал.: А. А. Каваленя (гал. рэд.) і інш.]. Мн., 2001-2003. Ч. 2. 2003. С. 162-166.
9409 Силова С. В. Проблемы белорусской церковной коллаборации в годы Великой Отечест-венной войны // Шляхі развіцця інтэлекта [інтэлекту] і творчасці маладых: матэрыялы рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі "Работа з адоранай студэнцкай і вучнёўскай моладзю [моладдзю]: стан, формы і метады, перспектывы развіцця" / пад рэд. І. П. Крэня. Гродна, С. 220-223.
272 Симаков А. Память о Вундед-Ни (Истори-ческие параллели: Вундед-Ни - Хатынь) // Ленинец (МВВПОУ). 1991. 17 янв.
10401 Скрыжалі памяці: З творчай спадчыны пісьменнікаў Беларусі, якія загінулі ў гады Другой сусветнай вайны: у 3 кн. Кн. 1 / уклад., уступ. слова, біягр. давед. пра аўт. і камент. А. Бельскага; уступ. арт. В. Бечыка; паэт. сл. Р. Барадуліна. Мн., 2005.
2002 Тайны нацысцкіх бонз: фрагменты арты-кула журналіста В. Меншыкава "Сакрэтны код "Вогненная зямля", які поўнасцю публікуецца ў №№ 3 і 4 часопіса "Лацінская Амерыка" за гэты год // Чырвоная змена. 1988. 9 крас.
4432 Танк М. Сон над Неманом // Танк М. Собрание сочинений: в 3 т. Т. 1. Стихотворения; Поэмы: 1930-1954. М., 1985. С. 348-351.
2043 Трухановский В. Г. Уинстон Черчилль. М., 1977
5018 Уайт А. Русская политика самосохранения // Политический собеседник. 1991. № 7. С. 20-27.
7282 Фучик Ю. Репортаж с петлей на шее. Написано в тюрьме гестапо в Панкраце весной 1943 года / пер. Т. Аксель и В. Чешихиной // Фучик Ю. Репортаж с петлей на шее. Мн., 1979. С. 9-89.
7283 Фучык Ю. Слова перад пакараннем смерцю / пер. Г. Шчарбатава. Мн., 1953.
8052 Харэль И. Похищение палача. Киев, 1992.
10419 Хоружая Л. В семье // Жизнь, отданная борьбе / [сост. Н. А. Селедиевская, А. И. Селедиевский, А. П. Ярохин]. Мн., 1975. С. 7-13.
10417 Хоружая Л. З. В семье // Хоружая В. З. Письма на волю / [сост. Н. С. Орехво, И. П. Ховратович]. М., 1962. С. 251-256.
12145 Шамякин И. Глубокое течение: роман / пер. С. Григорьевой // Шамякин И. Собрание сочинений: в 6 т. Т. 1. Глубокое течение: роман; рассказы 1950-1970 гг.: пер. с бело-рус. / вступ. ст. В. А. Коваленко. Л., 1987. С. 25-292. ("Размалеван, как индеец. Сажа, - серьезно ответил Женя, и на лицо его снова легла тень озабоченности. К берегу опять подошли эсэсовцы. Снова прочесали болото. Женя показал им кукиш. Нате, выкусите, гады! Ловите ветер в поле!")
12142 Шамякін І. Глы-бокая плынь. Мн., 1949.
768 Якімовіч А. М. Эльдарада просіць дапамогі: прыгодніцка-фантастычная аповесць // Якімовіч А. М. Эльдарада просіць дапамогі: аповесці / маст. В. А. Макаранка. Мн., 1989. С. 5-123.
2876 Яковлев Н. Н. ЦРУ против СССР. Мн., 1983.
10468 Anderson G. C. Ethnic cleansing and the Indian: the crime that should haunt America. Norman, OK, 2014.
10394 Boehm J. "If they are Americans, they should not be behind barbed wire!" // Yanks meet Reds: recollections of U. S. and Soviet vets from the linkup in World War II / ed. M. Scott, S. Krasilshchik. Santa Barbara, CA, 1988. P. 99-106.
10396 Boehm J. Wenn es Amerikaner sind, sollten sie nicht hinter Stacheldraht sein // Yanks treffen Rote: Begegnung an der Elbe: Erinnerungen amerikanischer und sowjetischer Soldaten des zweiten Weltkriegs / [hrsg. von M. Scott und S. Krasilshchik]; aus dem Amerikanischen von K. H. Berger, aus dem Russischen von H. Kubart. Berlin, 1990. S. 125-134.
10450 Cave A. A. Lethal encounters: Englishmen and Indians in colonial Virginia. Lincoln, NE, 2011.
10453 Churchill W. A little matter of genocide: holocaust and denial in the Americas, 1492 to the present. San Francisco, 1997.
10458 Empire, colony, genocide: conquest, occupation, and subaltern resistance in world history / ed. A. D. Moses. N. Y., 2008.
10432 Galay N. The Partisan forces // The Soviet Army / ed. B. H. Liddell Hart. London, 1956. P. 153-171.
10020 Gellately R. The Third Reich, the Holocaust, and visions of serial genocide // The specter of genocide: mass murder in historical perspective. Cambridge, 2003. P. 241-263.
10385 Hitler A. Rozmowy przy stole 1941-1944: rozmowy w Kwaterze Glownej zapisane na polecenie Martina Bormanna przez jego adiutanta Heinricha Heima / [tl. zespol; red. S. Dejkalo]. Warszawa, 1996.
10353 Kakel C. P. The Holocaust as colonial genocide: Hitler's "Indian Wars" in the "Wild East". N. Y., 2013.
4122 Lepkowski T. Polska - Meksyk. 1918-1939. Wroclaw, etc., 1980.
3471 Loftus J. The Belarus secret / ed. N. Miller N. Y., 1982.
10369 Lyons M. J. World War II: a short history. Boston, 2010. (5th ed.)
10459 Moses A. D. Raphael Lemkin, culture, and the concept of genocide // The Oxford handbook of genocide studies / ed. D. Bloxham, A. D. Moses. Oxford, 2010. P. 19-41.
9023 Rein L. The Kings and the pawns: collabo-ration in Byelorussia during World War II. N. Y., 2011.
8822 Rein L. The Orthodox Church in Byelorussia under Nazi occupation (1941-1944) // East European Quarterly. 2005. V. 29. № 1 (Spring). P. 13-46.
10356 Rudling P. A. Szkolenie w mordowaniu: Schutzmannschaft Battalion 201 i Hauptmann Roman Szuchewycz na Bialorusi w 1942 roku // Prawda histo-ryczna a prawda polityczna w badaniach naukowych: przyklad ludobojstwa na kresach poludniowo-wschodniej Polski w latach 1939-1946 / pod red. B. Pazia; Wyd. 2, popr. i rozsz. Krakow, 2015. S. 191-212.
10348 Wankowicz M. Droga do Urzedowa. New York, 1955.
4231 Wankowicz M. Na tropach Smetka. Krakow, 1988. (Wyd 5.)
СЕМІРАДСКІ Юзаф (9) - ім ужываецца шмат індзейскіх этнонімаў, да якіх можна падаваць шматлікія больш або менш правільныя варыянтныя формы. Сярод праблем польскай этнанімічнай сістэмы на прыкладзе тэкстаў Семірадскага звяртаюць увагу варыянтнасць вялікай і малой літары ў этнонімах, ужыванне двукосся, множнага ліку (-ас).
Юзаф Семірадскі
АБ ІНДЗЕЙЦАХ ПАЎДНЁВАЙ АМЕРЫКІ (9)
З вышэйзгаданых этнічных груп аруак [Aruak], ну [Nu] і жыхароў Вогненнай Зямлі [Ziemi Ogniowej, Tierra del Fuego] толькі група "ну" ў суседніх плямён "гуарані" [guarani] пераняла маляўнічыя ўпрыгожванні з птушынага пяра і навучылася выкарыстоўваць бавоўну. Расавыя рысы твару, аднак, настолькі характэрныя, што іх прыналежнасць да першапачатковых паўднёваамерыканскіх плямёнаў не падлягае сумневу. Мы бачым, што плямёны гэтага тыпу свабодна раскіданыя сярод пазнейшых прыхадняў [przybyszow] па ўсім узбярэжжы Атлантычнага акіяна. Сёння чыстыя тыпы гэтай пароды ўсё яшчэ прадстаўленыя плямёнамі гуахірас, гуараўнас і аравакаў [Guajiros, Guaraunos i Arowakow] у басейне Арынока. Плямёны "ну", паводле Штэйнена, займаюць рэгіён паміж вярхоўямі Арынока, Рыа-Негра, Рыа-Япура [Rio Yapura] і Амазонкай. На поўдзень ад Амазонкі знаходзяцца шматлікія плямёны "ну" паміж рэкамі Укаялі і Тапажас [Ucayali i Tapajozem, Tapajoz], такія як пірас, абайку, кустэнаў, баурэс, антыс, мохас [Piros, Abaiku, Kustenau, Baures, Antis, Moxos, таксама Mojos] і іншыя ў раёне паўднёвай Бразіліі, Перу і Балівіі. Яшчэ далей на поўдзень знаходзяцца гуанас [Guanas] у Парагваі і [чама-кокас] Czamakokos у Гран-Чако. Важным мне здаецца той факт, што межы рассялення гэтых плямён рэзка аддзеленыя ад рассялення патагонцаў і крэнаў [Patagonczykow i Krenow], што, відаць, сведчыць аб іх сучаснасці, у той час як плямёны, раскіданыя сярод іх, якія належаць да плямёнаў карыбаў і тупі [Karibow i Tupi], несумненна належаць да больш позніх прыхадняў [przybyszow].
Літ.:
4500 Індзейцы // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 7. Мн., 1998. С. 234. (Аймара, ацтэкі, гуарані, кечуа, мая - усе індзейскія народы, што згаданыя ў артыкуле.)
СЕРГІЕНЯ Настасся (Anastasiya Sergienya) - нашу ўвагу прыцягнулі дзве Насты - Сергіеня і Ягадзінская, абедзве фатографы і наведвальніцы раёнаў пражывання навахаў летам 2016 г., пра якіх мы падумалі, што яны могуць быць адной і той жа асобай. Здаецца, матывы, памкненні і спосабы іх рэалізацыі ў абодвух выпадках аднолькавыя, але дэталі іх падарожжаў адрозніваюцца. Розніца ў датах пастоў, дзе ёсць пра знаходжанне беларусак на Паўднёвым Захадзе ЗША, - прыкладна два месяцы.
Пост з матэрыялам Насты Сергіені, ураджэнкі Менска (1989), выпускніцы БДУ, які нас зацікавіў, з'явіўся 2.08.2016 г., праз невялікі час пасля таго, як яна перабралася з Лондана ў ЗША. Падарожжа Насты працягвалася паўтара месяца і было вельмі разнастайным.
"Я ўпэўненая, што няма чалавека, які не марыў бы здзейсніць класічны роўд-трып па Амерыцы. У маім выпадку, у чатырох абсалютна розных людзей знайшліся час, віза, крыху грошай і жаданне, каб адправіцца ў гэтую прыгоду.
Мы стартанулі 28 мая і павінны былі скончыць 10 ліпеня. У сярэдзіне шляху ў нас канфіскавалі машыну па вельмі складаных амерыканскіх прычынах і зусім не па нашай віне. Горад Галап, дзе гэта адбылося, знаходзіцца пасярод пустыні ў штаце Нью-Мексіка, і да таго ж, у рэзервацыі. Мы ўсе дружна пасмяяліся, і падумалі, што вось яна - сапраўдная доўгачаканая прыгода. Паколькі ў Галапе не ходзяць цягнікі і не лятаюць самалёты, на знакамітых амерыканскіх аўтобусах Grayhound мы дабраліся да Арланда, што заняло ў нас 60 гадзін. У Арланда мы спадзяваліся зняць машыну, але акалічнасці склаліся інакш".
Наста памыляецца, адносячы Галап (Гэлап, Gallup) да населеных пунктаў на тэрыторыі рэзервацыі. Ён знаходзіцца каля яе, і ў 2014 г. называўся ў справаздачы ФБР самым небяспечным горадам у штаце Нью-Мексіка. Небяспечны і смертаносны ён з прычыны продажу алкаголю, які тут набывалі жыхары рэзервацыі навахаў - Navajo Nation.
Па перапісе 2010 г. 43,8 % насельніцтва Гэлапа - "карэнныя амерыканцы".
Літ.:
11527 Аскера В. Рух праз фота // Літаратура і мастацтва. 2018. 28 верас. С. 12. (Галерэя "Ў", 2018 г., Андрэй Лянкевіч пра "Эдварда Кёрціса, амерыканскага фатографа, які ўсё жыццё фатаграфаваў індзейцаў": "На цэнтральнай пляцоўцы Месяца фатаграфіі ў Мінску таксама прадстаўлены праект "Страчаныя тэрыторыі" польскага фотакалектыву "Sputnik", маштабная серыя фатографа Эдварда Кёрціса. Фатаграфаваць індзейцаў ён пачаў яшчэ ў канцы XIХ стагоддзя. Акрамя таго, Кёрціс збіраў легенды і паданні Дзікага Захаду, рабіў запісы пра традыцыйныя стравы, вопратку і традыцыі".)
ШЫЦІКАВА Тамара - у даведніку грамадскіх аб'яднанняў, які складала БРГА "Аб'яднаны шлях" (United Way Belarus), яна пазначаная як кіраўнік Гомельскай гарадской грамадскай дабрачыннай арганізацыі "Апошняя надзея" з адрасам па вуліцы Ільіча.
Яе індзейскія сувязі выяўляе запіс у нашым дзённіку 24.03.2001 г. са звесткамі пра вячэрнюю размову па тэлефоне, нумар якога яна пакінула нам днём, з'явіўшыся ля кніжных паліц, дзе мы з кнігалюбам Святланай працавалі з фондам бібліятэкі, якая ліквідавалася пры ператварэнні палаца культуры ў тэатр лялек. Наведвальніца даведалася, што мы цікавімся індзейцамі і падышла. Яна прапанавала купіць кнігу, якую ёй падаравалі ў час паездкі ў ЗША: "Modern by Tradition: American Indian Painting in the Studio Style" (верагодна, 1995 г. выдання, аўтараў Bruce Bernstein і W. Jackson Rushing). Нам прыйшлося адказаць, што цана (45 % ад той сумы, якая напісана на ёй), нерэальная для нас, але, магчыма, мы прапануем купіць яе мінчаніну-індзеяністу, які робіць дарагія пакупкі.
Акрамя факту атрымання кнігі, Шыцікава паведаміла, што жыла ў Амерыцы ў жанчыны, у якой была прабабка-індыянка (якое племя, звестак у запісе няма - не спытала або не спыталі, "але можа ёсць яе e-mail"). Таксама пазначана, што было яе інтэрв'ю (верагодна, у гомельскай газеце) і жаданне знайсці яго. На заканчэнне ўказана, "што наведвала музей Пекот". Верагодна, маецца на ўвазе Mashantucket Pequot Museum and Research Center (Машантукет, паўднёва-ўсходні Канектыкут, графства Нью-Лондан).
Музей і даследчы цэнтр адносіцца Mashantucket Pequot Tribal Nation (варыянтная назва Mashantucket Pequot Tribe) і знаходзіцца на зямлі, якая замацаваная за гэтай групай (у беларускай Вікіпедыі даецца (Frantishak) форма пеквот). Такім чынам, гамяльчанка наведала індзейскую тэрыторыю.
"The Museum brings to life the story of the Mashantucket Pequot Tribal Nation. It serves as a major resource on the histories and cultures of Native Americans" (https://www.pequotmuseum.org). У Instagram змешчаная наступная рэклама музея: "The Pequot Museum, located minutes away from Foxwoods Resort Casino! The largest Native American museum in the world! Share your photos: #pequotmuseum".
Фінансуецца галоўным чынам згаданым казіно, што з'яўляецца вельмі супярэчлівым фактам. Але апазіцыя стварэнню казіно сярод часткі пекотаў была.
Літ .:
12930 Reference Encyclopedia of the American Indian / ed. B. T. Klein. West Nyack, NY, 1997. (Article on Barrie E. Kavasch of Bridgewater, Connecticut.)
ЯГАДЗІНСКАЯ Настасся (2) - цяжка што-небудзь дадаць да лаканічных апісанняў Арызоны 2016 г. Насты Сергіені і Насты Ягадзінскай.
Пост 17.10.2016 г. каментуецца звесткамі, што Наста Ягадзінская ўжо некалькі галоў жыве ў Нью-Ёрку і нарэшце "ператварыла сваю абстрактную мару ўбачыць Каліфорнію ў сапраўдны роўдтрып. Пустыні, скалы, індзейцы, серферы і дэкарацыі да вестэрнаў - даём слова Насці".
Наста Ягадзінская
ЗАЧАРАВАННЕ ПУСТЫНІ
Улетку я ўпершыню ўбачыла заходняе ўзбярэжжа ЗША. Паездка была спантаннай, таму падрыхтаванага маршруту ў нас не было. Затое былі заплечнікі, намёт і машына напракат. Хацелася паехаць аўтаспынам, але вопыт паказаў, што ў ЗША з гэтым складана. У многіх штатах хічхайкінг забаронены законам, і кіроўцы не хочуць браць стопераў. Абстрактная мара паехаць у Каліфорнію ператварылася ў паўнацэнны роўд-трып.
Рух па бясконцых дарогах Арызоны, Юты, Невады зачароўвае. Пустыня гэтых месцаў не аднастайная, яна зменлівая ў сваіх формах, выветраных і высушаных часам старажытных рэштках марскога дна.
[…]
Ад Лос-Анджэлеса да Гранд-Каньёна восем гадзін язды. Убачыць Арызону было маёй марай. Мы праехалі па паўночнай яе частцы, дзе на мяжы з Ютай больш за ўсё прыродных паркаў. Таямнічая пустынная мясцовасць, дзе акрамя адзінокіх селішчаў, якія часта складаюцца з адной хаты, нічога не сустракаецца на многія кіламетры вакол.
Гранд-Каньён сустрэў нас дажджлівым халодным надвор'ем. Прыйшлося спыніцца на ноч у кэмпграўндзе і пачаць спуск на досвітку. Калі глядзіш зверху на гэтую вялізную бяздонную ўпадзіну, ахоплівае страх перад сіламі прыроды. Каб прыняць яго, трэба ісці ўніз да ракі, якая мільёны гадоў прабівае пароду, паглыбляючы каньён. Шлях уніз займае пяць гадзін. Сцежка па адхонах старажытных скал нескладаная, але знясільваючая. Адбіваецца вага заплечнікаў, намёту і воды. Унізе сорак градусаў спякоты, тэмпература ноччу амаль не змяншаецца. Знясіленых хайкераў, акрамя развалін індзейскіх селішчаў, на дне каньёна чакаюць кафэ і хаткі з кандыцыянерам за асобную плату. У каньёне сваё надвор'е, свая экасістэма і містычная энергія. Шлях наверх прыйшлося пачаць у чатыры раніцы, каб паспець да спякоты. Гэтае падарожжа да цэнтра зямлі павінен здзейсніць кожны.
У паўночнай частцы Арызоны знаходзіцца самая вялікая ў ЗША рэзервацыя індзейцаў Наваха. На іх зямлі знаходзіцца дзіўнае месца - Даліна манументаў. Пясчаныя скалы пад дзеяннем эрозіі набываюць мудрагелістыя формы. Гэтае месца стала шырока вядома пасля таго, як Джон Форд пачаў здымаць там вестэрны ў 1940-ых. На гэтай магічнай зямлі сотні гадоў жылі індзейцы і жывуць да гэтага часу, шануючы традыцыі продкаў і Манументы як жывыя істоты.
Літ.:
10221 Савіцкая В. Добрае слова і котцы прыемна: Вітаю ці Шалом? // Добрушскі край. 2014. 22 лістап. С. 12. (..."пры сустрэчы... індзейцы наваха аптымістычна выклікнуць: "Усё добра!"".)
Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.
Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.
Індзейцы, индейцы , Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Belarusians Meet Indians. Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 146].
Валачобнікі ў Дворышчы і Эйтунах
У рамках раённага культурна-асветніцкага праекта "Абрады маей краiны" адбыўся абрад "Валачобнікі"
Творчыя работнікі Дварышчанскага Дома культуры павіншавалі жыхароў ам. Дворышча і в. Эйтуны са светлым святам Вялікдня.
ТК "Культура Лідчыны".