Наша слова.pdf № 19 (175), 7 траўня 2025 г.
80-годдзе Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне
Ранак Перамогі
Мы цябе выглядалі з-за шэрых руін
Воблік светлы твой снілі начамі ў астрогах
І тужылі тугою магіл і краін
Па табе, залатая вясна Перамогі.
Нашы дрэвы, і кветкі, і дзеці, і сны
Летуцелі даўно аб табе недацветам, -
Ані разу яшчэ так пакутна вясны
Не чакаў чалавек, покуль свет гэты светам.
Вочы дым выядаў, лісце вянула дрэў,
Апякалі зямлю і душу бліскавіцы.
Чорным полымем ранак вясновы гарэў,
Рассыпалася ў попел гарачы травіца.
І тады - успаміны халодным асцём,
Як запалы нянавісці, ўпіліся ў сэрца, -
Кожны кінуцца мог за Радзімы жыццё
І ўзарвацца гранатай пад крокамі смерці.
Выбухалі і песні, і сэрцы, як тол.
Смерць, губляючы косці, назад адпаўзала
Праз магілы ахвярныя нашых братоў,
Праз руін гарады, цені сёл і вакзалаў.
Мы, як гнеў, неадступныя, следам ішлі,
Задыхаліся ў ярасных бітвах, пагонях, -
І застаўся за намі дым родных сяліб
І вайной узараныя родныя гоні.
Чорным саванам клалася злая зямля,
Што ў пячорах сваіх смерць таіла спрадвеку
І атрутай паіла калоссе ў палях,
І нянавісць радзіла, як хлеб, чалавеку.
Праклялі яе нашы гарматы наскрозь -
Ад Мазурскіх азёр да самога Берліна,
Покуль сонечным ранкам, няўмольным, як лёс,
Не ўвайшла наша помста на Унтэр-дэн-Ліндэн.
Кожны з нас тады лёгка, глыбока ўздыхнуў.
Задзівіліся ўсе: ціхі гэтакі ранак…
І пазналі яе, залатую вясну,
Аж занылі ад радасці даўнія раны.
Валянцін Таўлай.
У Гародні "штурмавалі Рэйхстаг"
У Гародні Палац культуры тэкстыльшчыкаў ператварылі ў Рэйхстаг. Такую гістарычную рэканструкцыю ў горадзе над Нёманам паказалі ўпершыню. Рэканструкцыя ўзнавіла апошнія дні вайны.
Ролю салдат Чырвонай Арміі і нямецкіх захопнікаў выканалі вайскоўцы і ўдзельнікі клубаў гістарычнай рэканструкцыі. Было задзейнічана больш за сто ўдзельнікаў, а таксама паўтара дзясятка ваеннай тэхнікі таго часу.
На Палацы культуры стварылі купал, над якім у канцы 20-хвіліннай дзеі паднялі чырвоны сцяг.
Назіралі за рэканструкцыяй штурму Рэйхстага каля 10 тыс. гледачоў, паведамляе "Пул 4".
ТК "Культура Лідчыны".Фота: t.me/pul4region, grodnonews.by.
Спазнай смак сваёй кухні
Мой край, мой рай бульбяна-жытны!
Зеленадолы, залаты!
Як спеў матулі - старажытны,
Як песня любай - малады!
Якіх ты меў на зайздрасць свету
І цесляроў, і маляроў,
І летапісцаў, і паэтаў,
І музыкантаў-дудароў!
…Калі на свеце нехта дзесьці
Умее добра працаваць, -
То ўмее ён і смачна з'есці
І - адпаведна - згатаваць!
Таму дастойна, без эфекту
Прымай падзяку-пахвалу -
І беларускаму палетку,
І беларускаму сталу!
26 красавіка ў ам. Беліца адбылося свята традыцыйных страў "Спазнай смак сваёй кухні", якое з'яўляецца адным з каларытных брэндаў Гарадзеншчыны.
Гэта ўнікальнае свята, заснаванае на асаблівасцях нацыянальнай беларускай кухні, якая існуе ўжо некалькі стагоддзяў. Конкурс ладзіцца з мэтай захавання, развіцця і папулярызацыі традыцыйнай беларускай кухні. У 2025 годзе галоўнай тэмай мерапрыемства сталі стравы з капусты.
З даўніх часоў стравы з агародніны ў меню беларусаў прысутнічаюць штодня. І сярод іх традыцыйна на першым месцы разам з бульбай - капуста. Варыянтаў прыгатавання гэтай каштоўнай агародніны вялікае мноства, і гэта не выпадкова! Бо гэтую вітамінную расліну можна ўжываць круглы год.
Так, пры дварах беларускай шляхты вырошчвалі квяцістую, белакачанную, ліставую, чырвоную, савойскую, брусельскую капусту, а таксама кальрабі. Просты ж люд на сваіх сціплых агародах аддаваў перавагу белакачаннай капусце, з якой гаспадыні рабілі нарыхтоўкі на зіму, захоўваючы яе квашанай і свежай на працягу доўгага часу. Пры гэтым у белакачаннай капусты выкарыстоўвалі не толькі белае, але і шэрае лісце.
Гатуюць капусту як самастойную страву, так і ў якасці дадатку да мяса і рыбы. Капусту вараць, тушаць, смажаць, ужываюць свежай і квашанай. Нездарма ж у народзе аб сваёй любові да гэтай агародніны казалі: "Сем страў, ды ўсё - капуста", ці яшчэ "Густа, тлуста наша капуста!"
Наогул, стравы з капусты нахвальвалі і тыя, хто еў, і тыя, хто гатаваў. Асабліва палюбіліся галубцы, якія нашы гаспадыні гатуюць з разнастайнымі начынкамі. Так, сёлетнія кулінарныя вандроўкі ў розных рэгіёнах Беларусі паказалі, што галубцы - вельмі распаўсюджаная і любімая ў многіх сем'ях страва.
Добра прыгатаваныя, смачныя стравы не толькі насычаюць, але і лекуюць. І гэта, перш за ўсё, датычыць страў з капусты. Напрыклад, у старажытным Рыме лічылі, што капустай можна вылечыць любую хваробу, і былі ўпэўнены, што той, хто часта ўжывае капусту, становіцца асабліва моцным, смелым, а хваробы абыходзяць яго бокам.
На мерапрыемстве панавала сапраўдная атмасфера смачнага свята - з дэгустацый страў з капусты, гульнямі, песнямі, майстар-класамі.
Радавалі прысутных сваім майстэрствам мастацкія калектывы Лідчыны, сярод іх выдзяляліся "Талер" і "Лідчанка".
Народ беларускі - гасцінны народ -
І любіць прыгожыя святы,
Дзе столькі вясёлых, цудоўных прыгод,
Дзе стол накрываюць багаты.
А стравы такія, што нашы дзяды
Калісьці яшчэ гатавалі.
Нашчадкі да нашых часоў праз гады
Рэцэпты тых страў захавалі.
Мы верым, што звычаі нашы не ўмруць,
Майстэрства народа не стухне!
Няхай жа традыцыі нашы жывуць
І ў песнях, і ў святах, і ў кухні.
Наш кар.
Краязнаўчыя поспехі Лідчыны
Краязнаўчыя выданні настаўніка рускай мовы і літаратуры дзяржаўнай установы адукацыі "Сярэдняя школа № 11 г. Ліды" Наталлі Мікалаеўны Анашкевіч адзначаны дыпломамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Падвядзенне вынікаў агляду-конкурсу краязнаўчых выданняў прайшло 25 красавіка ў Менску ў рамках рэспубліканскага краязнаўчага форуму педагагічных работнікаў "Адукацыйны патэнцыял краязнаўчай дзейнасці: традыцыі і інавацыі". У мерапрыемстве прынялі ўдзел краязнаўцы з усіх рэгіёнаў краіны. У ліку дэлегацыі Гарадзенскай вобласці на форум была запрошана лідзянка Наталля Анашкевіч.
У ходзе мерапрыемства былі арганізаваны выставы-прэзентацыі лепшых краязнаўчых матэрыялаў, створаных педагогамі на працягу апошніх пяці гадоў, а таксама прадстаўлены прэзентацыі лепшых рэгіянальных практык краязнаўчай работы з вопыту работы педагогаў Беларусі.
Важным момантам форуму стала цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў рэспубліканскага агляду-конкурсу краязнаўчых выданняў. Настаўнік рускай мовы і літаратуры дзяржаўнай установы адукацыі "Сярэдняя школа № 11 г. Ліды" Наталля Мікалаеўна Анашкевіч на конкурс прадставіла два свае выданні і, як стала вядома падчас цырымоніі ўзнагароджання, абодва выданні атрымалі высокую ацэнку.
Кнігі "Праваслаўныя храмы Лідчыны: гісторыя і сучаснасць" і "Герб Ліды - гісторыкаў-геральдычны помнік Беларусі" былі ўганараваны Дыпломамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь II і III ступені ў намінацыі "Інфармацыйна-папулярныя выданні".
Кніга "Праваслаўныя храмы Лідчыны: гісторыя і сучаснасць" была выдадзена ў 2021 годзе і стала адным з першых выданняў па гісторыі праваслаўнага краязнаўства Лідчыны. Матэрыялы збіраліся аўтарам з 2007 года. У кнізе прадстаўлены звесткі пра гісторыю і сучаснае жыццё праваслаўных храмаў Лідскага дабрачыння. На яе старонках змешчаны шырокі матэрыял і фатаграфіі аб дзейных на Лідчыне ў наш час храмах, капліцах, падвор'ях. Гэтае выданне - своеасаблівы даведнік па святынях роднага краю. Кніга адрасавана тым, хто любіць родную Лідскую зямлю, яе гісторыю і культуру, хто шануе сапраўдную прыгажосць у яе ўзнёслым і чыстым увасабленні на зямлі - у праваслаўных храмах.
У 2023 годзе па выніках даследчай работы, прысвечанай вывучэнню гісторыі герба горада Ліды і 700-гадоваму юбілею горада, выйшла кніга "Герб горада Ліды - гісторыка-геральдычны помнік Беларусі". У кнізе сабраны звесткі пра гісторыю геральдыкі горада Ліды. На яе старонках прадстаўлены матэрыял аб станаўленні і развіцці геральдычнай сімволікі горада на працягу чатырох стагоддзяў. Выданне спрыяе выхаванню паважлівага стаўлення да нацыянальнай спадчыны, традыцый, культуры беларускага народа. Матэрыялы дазваляюць пашырыць кругагляд, атрымаць новыя веды аб Лідскім краі. Кніга "Герб горада Ліды - гісторыка-геральдычны помнік Беларусі" адрасавана моладзі, настаўнікам гісторыі, краязнаўцам, работнікам музея, жыхарам і гасцям нашага горада.
Віншуем Наталлю Мікалаеўну з высокімі ўзнагародамі!
Наш кар.
Стойкасць у веры, мужнасць у выпрабаваннях
Грэка-каталіцкая парафія Святапакутніка Язафата ў г. Полацку выдала кнігу Леаніда Лаўрэша " Стойкасць у веры, мужнасць у выпрабаваннях : Жыццё і ўспаміны беларускіх уніятаў у часы ліквідацыі уніі". У кнізе 326 старонак. Навуковы рэдактар: Святлана Валянцінаўна Марозава, доктар гістарычных навук, прафесар.
Героямі кнігі з'яўляюцца людзі, якія жылі ў эпоху рэлігійнай канверсіі 1830-х гадоў, калі было радыкальна зменена канфесійнае аблічча Беларусі. Праз аўтарскія нарысы пра лёсы гэтых людзей, іх успаміны і мову афіцыйных дакументаў Леанід Лаўрэш распавядае пра падзеі да, падчас і пасля ліквідацыі царкоўнай Уніі на нашых землях. Але галоўны акцэнт у гэтай кнізе - не на падзеях, а на людскіх хваляваннях, учынках і пазіцыі ў тым "уз'яднаўчым" ліхалецці. Перад намі праходзяць два лагеры. Гэта тыя, хто рабіў кар'еру на ліквідацыі Уніяцкай царквы. І тыя, хто захаваў адданасць веры дзядоў, не здрадзіў сваім прынцыпам, перакананням, урэшце, рэлігійнай клятве. Пра тую эпоху рэлігійнай канверсіі Беларусі і яе галоўных дзеячоў напісана шмат, пачынаючы з гістарыяграфіі заходнерусізму і яго ідэолага Міхала Каяловіча, і яна нам здаецца добра вядомай. Але кожным са сваіх біяграфічных нарысаў Леанід Лаўрэш расстаўляе новыя акцэнты ў нашых ведах, варушыць так і невырашаныя навукай пытанні, а то і адкрывае зусім новыя старонкі гісторыі і імёны яе герояў, навуцы зусім невядомыя. А ўсё таму, што ён падыходзіць да гэтай гісторыі не з традыцыйнай пазіцыі расійска-савецкай гістарыяграфіі або апалогіі "ліквідатараў" царкоўнай Уніі. Ён піша гісторыю тых, хто падняўся на абарону сваёй Царквы і такім чынам кінуў выклік імперскай палітыцы яе задушэння...
У першай частцы кнігі, грунтуючыся на архіўнай інфармацыі, працах гісторыкаў і мемуарах, падаюцца біяграфічныя нарысы дзеячаў Грэка-каталіцкай царквы ў часы ліквідацыі яе структур:
Лёсы святароў у часы скасавання уніі . . .
Епіскап Адрыян Галаўня . . .
Віленскі астраном і правінцыял ордэна базыльянаў Цэзары Каменскі . . .
Іераманах Віктар Басяцкі . . .
Прафесар Міхал Баброўскі і ліквідацыя уніі . . .
Святар Антон Сасноўскі . . .
Святар Адам Плаўскі . . .
Апошні беларускі базыльянін XIX ст. Кірыл Летаўт . . .
Пра трываласць беларускай рэлігійнай традыцыі - епіскап Іяакім . . .
У другой частцы прыведзены аўтэнтычныя ўспаміны грэка-каталіцкіх святароў, якія прынялі пакуты за адданасць сваёй веры.
Успаміны ўніятаў-пакутнікаў . . .
Успаміны пакутнікаў уніі . . .
I. Лыскава . . .
II. Святар Бараноўскі . . .
III. Святар Міцэвіч і яго таварышы . . .
V. Дудаковічы . . .
V. Поразава . . .
З нататак васьмідзесяцігадовага старога ліцвіна-ўніята .
У трэцяй частцы змешчаны дадаткі. Тут падаюцца некаторыя цікавыя дакументы з гісторыі Уніяцкай царквы:
Справы іосіфінізму ў Літве . . .
Проект ликвидации греко-католической церкви Иосифа Семашко . . .
Письмо протоиерея Михаила Кирилловича Бобровского от 21 января 1835 г. из м. Шерешева, к настоятелю Виленского Свято-Троицкого базилианского монастыря, о. Виктору Босяцкому . . .
Дадаткі да главы пра а. Адама Плаўскага . . .
Справа святара Адама Плаўскага . . .
Кніга будзе цікавай гісторыкам, а таксама і ўсім чытачам, якія цікавяцца беларускай мінуўшчынай.
Яраслаў Грынкевіч.
Першая жанчына з Германіі пабывала ў космасе
Навіны Германіі
Рабеа Роге з Берліна (на фота) - першая прадстаўніца Германіі, якая паляцела ў космас. На борце капсулы "Dragon" Роге паднялася ў паветра з касмадрома на мысе Канаверал у амерыканскім штаце Фларыда, гэта можна было назіраць на кадрах прамой трансляцыі. Запуск быў праведзены з дапамогай ракеты Falcon 9 аэракасмічнай кампаніі SpaceX.
У місіі "Fram 2" не ўдзельнічаюць падрыхтаваныя астранаўты. Па словах інжынера электроннай тэхнікі Роге, ні ў аднаго з іх няма ліцэнзіі пілота.
- Гаворка ідзе пра тое, каб зрабіць касмічныя вандраванні больш даступнымі, а не разглядаць іх як штосьці эксклюзіўнае. Толькі так мы зможам планаваць новыя, яшчэ цікавейшыя касмічныя місіі і пашыраць межы, - заявіла 29-гадовая Рабеа Роге.
"Fram 2", названы ў гонар нарвежскага палярнага даследчага карабля 19-га стагоддзя, праляцеў над палярнымі раёнамі Зямлі па новай арбіце на працягу чатырох дзён. Апроч іншага, з вышыні 425-450 км было вывучана свячэнне верхніх пластоў атмасферы, а таксама зроблены першыя рэнтгенаўскія здымкі чалавека ў космасе.
Па дадзеных Нямецкага цэнтра авіяцыі і касманаўтыкі (DLR), дагэтуль у космасе пабывалі дванаццаць мужчын з Германіі і ніводнай жанчыны.
"Fram 2" - пілатаваны касмічны палёт амерыкан-скага касмічнага карабля Crew Dragon кампаніі SpaceX. Карабель даставіў чатырох членаў экіпажа на палярную арбіту. Запуск планавалася правесці ў канцы 2024 года, але потым ён быў перанесены на вясну 2025 года. Першы ў гісторыі палёт з экіпажам па палярнай арбіце Зямлі. 4 красавіка экіпаж місіі "Fram 2" паспяхова вярнуўся на Зямлю - карабель Crew Dragon з астранаўтамі ўпершыню прывадніўся ў Ціхім акіяне ля берагоў Аўшэнсайда, да гэтага пасадкі з людзьмі кампанія SpaceX ажыццяўляла каля ўзбярэжжа Фларыды.
Місія выйшла на нізкую калязямную арбіту з апагеем 413 км і перыгеем 202 км з палярным рэтраградным нахілам 90,01°, што дазволіла ёй праляцець над абодвума палюсамі Зямлі. Быў пабіты папярэдні рэкорд па самым высокім нахіле арбіты пілатаванага касмічнага палёту, усталяваны савецкай місіяй "Усход-6" у 1963 годзе.
У навуковыя задачы місіі ўваходзіла назіранне і вывучэнне з'яў, падобных на палярнае ззянне, такіх як Стывы, правядзенне эксперыментаў на чалавечым целе, уключаючы першае рэнтгенаўскае даследаванне чалавека ў космасе. Экіпаж таксама спрабаваў вырошчваць вешанкі, якія сталі першымі ядомымі грыбамі, вырашчанымі ў космасе. Праведзена перадача тэлевізійных малюнкаў з павольнай развёрткай па аматарскім радыё, арыентаваных на адукацыйныя групы, якія спаборнічаюць у мерапрыемстве пад назвай "Fram 2 Ham".
deutschland.de.
Лаўтэрбах: пандэміі будзе лягчэй прадухіляць
Па ініцыятыве Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) 190 дзяржаў падпісалі дамову аб барацьбе з пандэміяй. Міністр аховы здароўя Лаўтэрбах упэўнены ў поспеху.
Выканавец абавязкаў федэральнага міністра аховы здароўя Карл Лаўтэрбах чакае, што глабальны распаўсюд смяротных вірусаў, такіх як каронавірус, можна будзе стрымліваць загадзя ці нават прадухіляць у будучыні. Гэта было выказана з прычыны дамовы больш за 190 дзяржаў пад эгідай СААЗ пра новую дамову па барацьбе з пандэміяй.
- Гэтую дамову можна без перабольшання назваць гістарычнай, - заявіў Лаўтэрбах у Берліне.
Яна дазволіць у будучыні паскорыць глабальны распаўсюд інфармацыі пра вірусы і іншыя патагены з пандэмічным патэнцыялам. Тады стане магчымай хутчэйшая зваротная рэакцыя.
- Верагоднасць таго, што лакальная ўспышка ніколі не перарасце ў пандэмію, рэзка ўзрасце, калі ў нас будзе такая дамова, - сказаў Лаўтэрбах.
Дамова СААЗ абавязвае краіны ўмацоўваць свае сістэмы аховы здароўя і нагляд за жывёламі. Успышкі захворванняў трэба хутка выяўляць і, па магчымасці, перапыняць на корані. Дамова таксама заклікана прадухіліць хаатычнасць закупаў сродкаў абароны і несправядлівае размеркаванне вакцын. Лаўтэрбах выказаў шкадаванне ў сувязі з тым, што ЗША спынілі ўдзел у перамовах пасля заступлення на пасаду прэзідэнта Дональда Трампа і планаў выхаду з СААЗ у студзені.
© pa/dpa.
Некалькі гадоў маёй маладосці ў Вільні (1818-1825) 1
Станіслаў Мараўскі
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Па-сапраўднаму дасканалы тагачасны абрад дактарацыі пакінуў пра сябе памяць на ўсё жыццё. А сёння ён - толькі глупства.
Напярэдадні дня, прызначанага радай універсітэта пад старшынствам рэктара, служкі гэтай інстытуцыі па ўсім горадзе разнеслі і прыбілі на вуглах вуліц прыгожыя, надрукаваныя на вялікіх аркушах афішы, якія паведамлялі вучонаму і невучонаму свету, што гэткі і гэткі, сёння ў вызначаны час, будзе атрымліваць доктарскую ступень. Віленская публіка, сімпатызавала студэнтам універсітэта, зраслася з імі, праз іх яна любіла навуку і звычайна ў вялікай колькасці збіралася на гэтыя вучоныя мерапрыемствы. У такіх выпадках вялікая зала ўніверсітэта была поўнай. З аднаго баку стаяў шэраг крэслаў для рэктара, дэкана, прафесараў і ад'юнктаў. Перад крэсламі рэктара, дэкана і сакратара ўніверсітэта стаялі сталы. З другога боку меліся крэслы для гасцей з вучонымі ступенямі. На шэрым канцы - гэта значыць ззаду, па баках і навокал, стаялі лаўкі для публікі. Цырымонію адкрываў рэктар magnificus, як яго тады называлі, у пурпурнай аксамітнай мантыі багата расшытай золатам, падбітай белым атласам і, паводле студэнцкіх легенд, падараванай акадэміі яшчэ каралём Стэфанам Баторыем. Перад рэктарам ішоў пэдаль (абвяшчальнік, цырымоніймайстар - Л. Л.) у парадным мундзіры са срэбным скіпетрам, быццам таксама ахвяраваным каралём Стэфанам. За ім ішлі рэктар, дэкан, потым прафесары ў пунсовых мацэтах (кароткая накідка на плечы з капюшонам - Л. Л.) і тогах, пад якімі апраналіся цёмна-сінія мундзіры з блакітнымі, шытымі золатам, каўнярамі. Тогі таксама былі падшыты белым атласам і аблямаваны галунамі. Ад'юнкты мелі толькі пунсовыя мацэты і чорныя тогі. Усе яны на галовах мелі аксамітна-пунсовыя бярэты. І ўсё гэта стварала дзіўна-прыгожае відовішча, і калі я пазней бачыў публічнае пасяджэнне ўрада Парыжа ці вышэйшай палаты ўрада Францыі, мяне ўразіла беднасць парыжскіх касцюмаў, а сябры, якія мелі надзею ўразіць мяне гэтай цырымоніяй, былі здзіўлены маёй абыякавасцю. Каб яны маглі ўбачыць былую цырымонію ў Віленскім універсітэце!
У канцы першых шэрагаў крэслаў, ад дзвярэй у сярэдзіне пакоя, стаялі стол і крэсла - месца прэтэндэнта на навуковую ступень. Адкрываў паседжанне рэктар, а пры яго адсутнасці - дэкан. На тэзісы кандыдата ён высоўваў контртэзісы. Прэтэндэнт слухаў іх стоячы і адказваў апаненту, які сядзеў. Пасля дэкана з рознабаковымі пытаннямі выступалі іншыя прафесары. І толькі пасля ўсіх іх выступаў сакратар універсітэта, які ўзвышаным голасам выкрыкваў: "Cuilibet dociori datur obieciendi potestas" - зараз кожны, хто мае ступень доктара гэтай навукі, можа задаць дадатковыя, свае пытанні прэтэндэнту. І тады выступалі вучоныя, якія ўжо не належалі да ўніверсітэта, і прэтэндэнт зноў мусіў бараніцца. Калі ўсё заканчвалася, дэкан у барэце чытаў прэтэндэнту прысягу, якую той паўтараў услых слова ў слова, пасля чаго ўскладаў на яго галаву аксамітна-пунсовы барэт, на плечы накідваў мацэту такога жа колеру, на палец надзяваў пярсцёнак, цалаваў яго ў лоб і публічна абвяшчаў доктарам.
Адразу пасля гэтага ў тым жа самым парадку члены ўніверсітэта пакідалі залу.
Пасля ўсяго гэтага пачыналася віншаванне. Пакінуўшы вучоныя муры, людзі цешыліся раней прыгатаваным банкетам з шампанскім і віном. Банкет ужо не быў абаронай дысертацыі ,але меў вялікае значэнне.
Я сядзеў у сваёй келлі паглыбіўшыся ў пытанні, якія магчыма маглі быць высунутыя супраць маёй доктарскай дысертацыі і шукаў прыдатныя адказы, калі раптам, задыхаўшыся, незнаёмец уварваўся да мяне. Я спытаў:
- Хто Васпан ёсць і што ад мяне хоча?
- Прашу, на міласць Бога, як мага хутчэй бегчы да Караля Мараўскага, у яго памерла маці. Ён з-за роспачы траціць прытомнасць. Яго адвялі да пані Мюлеравай. Я бурграф яе дома і маю загад неадкладна прывесці вас туды.
Я схапіў капялюш, не памятаю як апынуўся ў дзвярах дома Мюлераў і ўбачыў знерваванага, непадобнага на сябе Караля са страшным тварам, у сутаргах і спазмах усяго цела. Было бачна, што ён і сам ледзь не памірае. Яго маці памерла ад разрыву сэрца, але не раптоўна. Як яго ўцешыць? Што казаць? Я проста абняў яго і маўчаў.
У гэты момант адчыніліся дзверы бакавога пакоя, і ўвайшла, а дакладней, уплыла мініяцюрная, немаладая і вельмі пульхная дама са шклянкай ліманаду на срэбным падносе. Я пачціва пакланіўся. Яна ветліва сказала мне, што яе завуць Мюлерава, што яна гаспадыня гэтага дома і сяброўка Караля, што яна мяне ўжо ведае, бо бачыла ў ягонай маці, і што, убачыўшы яго ў такім стане, у той час, калі яе муж у Пецярбургу, яна даведалася, хто ёсць лепшым сябрам Караля, і паслала па мяне.
Вось пры такіх абставінах адбылося маё знаёмства з Эльжбетай Мюлер, якую я неяк бачыў ў маці Караля, але забыўся пра яе. Лепш для мяне было б, каб яе ніколі не ведаў!
Я засведчыў, што не гледзячы на маю занятасць, буду прысвячаць частку кожнага дня і ўсе ночы свайму сябру, пакуль яму не стане лепш. Яна таксама абяцала прысвяціць яму свой вольны час. На хвілінку пабегла аддаць распараджэнні і хутка прынесла з сабой некалькі кніг. На бюро ў пакоях, дзе знаходзіўся Караль і якія былі, як я потым даведаўся, уласнай кватэрай Мюлера, упарадкавана ляжала мноства кніг у прыгожых пераплётах. Я прагледзеў назвы. Тут і Вальтэр, і знакамітыя ў той час Жуі і Фаблас122, якіх выпадкова ці наўмысна пакінула гаспадыня дома. У прыгожа выдадзеных "Прыгодах Фабласа" мяне спакусілі гравюры. Таму ў тую ноч, калі я абавязаўся вартаваць сябра, замест навуковых кніжак я ўзяўся за Фабласа, якога ніколі не чытаў і пра якога ніколі не чуў (магу ганарыцца маім выхаваннем, бо меў тады амаль што дваццаць гадоў). Чытаў з вялікай цікаўнасцю. Караль ведаў гэты раман. Зачаравалі стыль і камізм многіх сітуацый, і хай што хочуць гавораць нашы крывадушнікі і разумнікі, але Фаблас не можа не цікавіць. Магчыма сёння, калі ў кнігах любяць спальваць, забіваць і на кожнай старонцы гвалціць, раман крыху задоўгі і не хуткі, але нам у першай чвэрці XIX стагоддзя, усе яшчэ зразумелыя гэтыя салонныя манеры, мірная балбатня, інтрыгі і любоўныя паходжанні. Думаю, што чалавек майго часу, які са мной не пагадзіцца - крывадушнік.
Час змяняецца, а з ім змяняецца і дух усіх грамадскіх стасункаў. Дурны той, хто гэтага не разумее і патрабуе, каб у часы цара Давіда ўсе паводзілі сябе, як у 1848 г. Ці здзекуецца з тагачасных звычаяў, якія не падобныя на нашы. На жаль, такія людзі з'яўляюцца большасцю, што не дадае гонару нашаму часу. У маю маладосць яшчэ квітнела мастацтва XVIII стагоддзя падабацца жанчынам. Найперш трэба было быць моцным, свежым, мець румянец на твары і, па магчымасці, быць прыгожым. Адказваць трэба было абдумана, гаварыць умела і дасціпна, быць вясёлым і не надакучваць іншым. Трэба было быць надзвычай гжэчным з кожнай дамай - маладой і старой, брыдкай і прыгожай. Трэба было ведаць, як сядзець, як трымаць капялюш, як браць у рукі лыжку, як чэрпаць той лыжкай суп і іншую ежу, як уцягваць ежу ў рот, каб пры гэтым не ствараць непатрэбныя гукі, як гэта робіцца сёння, гэтыя гукі нашы сяляне называць "сёрбаннем". Трэба было ведаць, як узяць і трымаць нож і відэлец пры стале, як ужываць сурвэтку і г. д. І хто больш зграбна, трапна і элегантна выконваў гэтыя умовы, той лічыўся лепш выхаваным. Тытунёвага смуроду баяліся, як чумы.
Сёння, праз дваццаць з нечым гадоў, з'явіліся новыя звычаі - прамы вынік сённяшняй літаратуры і сённяшніх раманаў. І трэба прызнаць, што гэтыя звычаі больш зручныя, чым ранейшыя, якія я апісаў. Напрыклад, дастаткова рабіць адваротнае таму, што рабілі ў старыя часы - знішчыць сваё здароўе свавольнымі выбрыкамі, у дзевятнаццаць гадоў стаць бледным і сухім, як мумія, і такім чынам спаралізаваць кветку маладосці яшчэ ў першацвеце, як заўгодна сваволіць па цёмных кутах і змучыўшы сябе распустай і бяссонніцай, уваходзіць у салон штурхаючы жанчын у бакі і ўсім наступаць на ногі. З цыгарным смуродам стаяць у канцы залы, маўчаць, уздыхаць, сумаваць, пазяхаць, прыхінуўшыся пры гэтым да сцяны, дзвярэй ці акна - раней так рабілі толькі ў шынках, ці разваліцца ў фатэлі і скрыжаваць ногі. Словам, цалкам ісці за імпульсамі прыроды і пачуццём камфорту і праз гэта выглядаць незвычайна выхаваным чалавекам, каб кожны бачыў, што той, хто гэтак можа сябе паводзіць, хто пагарджае дробязямі, з якіх складаецца гжэчнасць, ёсць чалавек вышэйшых сфер, вышэйшых жарсцяў і пачуццяў. Што вулкан яго сэрца, агонь яго душы, вогненная лава яго памкненняў вытруцілі, знішчылі і высушылі яго цела. Ён сёння - герой салона. Такога сёння шукаюць жанчыны. Ён можа быць дурны, як стол - тым лепей! Хто скажа, дурны ён ці мудры, калі ён увесь час маўчыць? А ўздыхаць можа кожны - навучыцца гэтаму не цяжка. І толькі тады, калі такімі манерамі заваявана сэрца маладой жанчыны і яна набліжае такі ідэал да сябе, толькі тады выяўляецца страшэнны вакуум! Знікае падманлівая знешнасць, і ва ўсёй аголенай праўдзе перад ёй стаіць малады чалавек са знішчаным целам і духам - нябожчык фізічна і маральна, а можа яшчэ і больш страшны за нябожчыка, бо пярэварацень ці прывід! Поўнае расчараванне. Але ці варта вінаваціць усё сучаснае? І раней, і сёння было і ёсць шмат добрага. Ёсць час плаціць, ёсць час траціць, але заўсёды кіруе мода.
Вяртаючыся да Караля і Фабласа. Калі я знаходзіў нешта смешнае ў Фабласе, я чытаў гэта месца ўслых і смяяўся, як дзіця. І заплаканы Караль таксама мусіў смяяцца. Першую ноч мы правялі разам, і падобных начэй было шэсць ці сем.
Паступова Караль больш-менш пачаў вяртацца да ранейшага стану. Няма такой бяды і такога смутку, якія не сцёр бы час, а рука шчырага сябра не ператварыла б хоць і ў жалобныя і сумныя, але ж у кветкі. У гэтыя дні я ўсе больш і больш збліжаўся з пані Эльжбетай Мюлер. Хадзіў на яе палову па гарбату, ліманад, аршад (старадаўні сіроп з міндальнага малака, цукру і памяранцавай вады - Л. Л.), па розныя стравы ці на пару слоў, каб параіцца наконт Караля. Мы абодва пагаджаліся, што смерць яго горача любімай маці стала вызваленнем для гэтага годнага чалавека, якога столькі гадоў трымалі ў турме, гэта будзе карысным і яго грошам і рэпутацыі. Таму мы пакінулі ў спакоі тэму смерці гэтай ветранай і дэспатычнай жанчыны і пусціліся ў іншыя размовы. Супольныя намаганні вакол Караля спарадзілі паміж намі агульную зычлівасць. Мы ніколі не маўчалі. Нам заўсёды было аб чым паразмаўляць. І потым, калі Караль зняў жалобу і пакідаў дом Мюлераў, мае адносіны з пані Мюлер засталіся, бо ёй так падабаліся размовы сам мной, што, каб я не перастаў бываць у яе, узяла з мяне слова гонару.
Падчас гэтых своеасаблівых візітаў я пазнаёміўся з яе, у той час адзінай, сямігадовай дачушкай. Лёгка ўжо было прадбачыць, што гэта малая змейка вырасце ў вялікую і страшную змяю, калі толькі вырасце. Не шмат было надзеі, што гэта бледнае і слабае дзіця стане дарослым. Маленькая і недарэчная, яна не шмат, але зласліва размаўляла, мела рэзкія рухі, а яе маленькія і сухія пальчыкі былі здольныя выразаць з паперы самыя дзіўныя і неапісальна-таленавітыя арабескі, якіх я ніколі ў жыцці больш не бачыў. Яна была сапраўднай мініяцюрнай паннай, і мы пасябравалі.
На нашу гарбату з бакавога пакоя разам з гувернёрам прыходзіў таксама і дзесяцігадовы хлопчык Ясь з маларухомымі, але прыгожымі вачамі і цалкам сапсаванымі зубамі - родны пляменнік пані Мюлер па сястры. Ён знаходзіўся пад яе выключнай апекай і па яе словам, быў дурным, але добрым, як анёл.
Пані Мюлер паказвала мяне хлопчыку як узор і асабліва хацела навучыць яго кланяцца, як я. Падпарадкоўваючыся любімай цёці, Ясь дабрадушна браў з мяне прыклад, але потым зласловіў пра мяне.
Раздзел 9. Кнігарня Юзафа Завадскага. Ян Рэнер, музыкант. Юзаф Завадскі. Шурлоўскі і Крышталевіч. Шыдлоўскі. Браты Абрамовічы. Казімір Контрым. Лахніцкі. Віленскія досціпы. Настаўнік малявання Ленсы і адвакат Лапата. Др. Нейман і Міхалоўскі. Станіслаў Мюлер
Перш, чым я працягну далей сваю аповесць, мушу адзначыць, што пражыўшы некалькі гадоў у Вільні, горадзе не занадта шматлюдным, я, натуральна, не мог не ведаць усіх у твар. І сярод віленцаў я часта сустракаў на вуліцах чалавека сярэдняга росту, сярэдняга веку, у капелюшы трохі набок, з шырокімі плячамі, вялікай галавой, уціснутай, быццам убітай у тулава без шыі. Твар яго быў непрыгожы, лімфатычны, адутлаваты, але значны. Гэты чалавек сваімі рухамі, выразам твару, усёй вайсковай, рыцарскай постаццю, здаецца, толькі шукаў нагоды, каб з кім-небудзь пабіцца. Усё гэта рабіла яго падобным на ваяра ці, што яшчэ горш, на дуэлянта, звадніка, брэцёра. Я заўсёды ўцякаў на другі бок вуліцы ад гэтага злавеснага твару, і ніколі не цікавіўся, хто гэта такі. Некалькі разоў бачыў яго ў кнігарні Завадскага - ён маўкліва стаяў, прытуліўшыся да шафы, але я ніколі не цікавіўся ім.
Кнігарня Юзафа Завадскага123 не падобная на сённяшнія віленскія ці варшаўскія кнігарні, у якіх не ўбачыш жывога чалавека. Гэты пачцівы і вясёлы мазур, начытаны і наіўна-дасціпны, радаваўся, калі ў вызначаныя гадзіны да яго прыходзілі аўтары, літаратары, паэты, студэнты і мастакі. З дзясятай да паловы на дванаццатую раніцы можна было быць пэўным, што сустрэнешся тут з рознымі цікавымі людзьмі. З-за наяўнасці фартэпіяна і раяля сюды часта заходзіў і паважаны Рэнер124, маленькі, каржакаваты, сляпы на адно вока, з кароткімі пальцамі, з барадой, непрычасаны, а часам і нямыты чалавек. Рэнер рупліва апрацоўваў музычныя вінаграднікі Пана Бога, а ў той час шмат мелася такіх вінаграднікаў у Вільні. Рэнер быў арганістам ад Бога, дзіўным, пранікнёным і натхнёным імправізатарам - толькі тады ён бываў вялікім, і яго чароўныя капрысы125 ўзвышалі душу. Ён быў Паганіні фартэпіяна ў час, калі яшчэ не існавала сучаснага ўяўлення пра ігру на музычных інструментах. Як арол, ён апярэдзіў свой музычны час, і тое, што тады лічылася яго грахом - велізарная маса і багацце непрыбраных, часам грубых і нават дзікіх акордаў, сёння ўзвысіла б яго над усімі музыкантамі! Берліёз - карузлік у параўнанні з Рэнерам, але толькі тады, калі (Рэнер) імправізаваў. На маю думку, ён быў па-сапраўднаму вялікім майстрам толькі тады, калі прыжмурыўшы адно вока, без аніякай падрыхтоўкі аддаваўся сваім геніяльным думкам і кідаў свае думкі на клавішы фартэпіяна. Тады ён па-сапраўднаму зачароўваў, захопліваў слухача і ўзносіў яго над рэальнасцю - гэтак бывала, калі ён граў на вялікім дамініканскім аргане. Слухаючы яго, мы меншалі целам і ўзрасталі духам! Ён меў залатыя пальцы. Але яго асабістыя творы былі малавартасныя, а свае імправізацыі ён потым ніколі не мог успомніць.
Паколькі мне прыйшло ў галаву расказаць пра яго, я раскажу пра адзін выпадак, сведкам якога быў. У Вільню па справах прыехаў гусарскі афіцэр Фрэдэрык барон Раль126, сын багатага пецярбургскага банкіра, які ўжо меў вядомасць як музыкант-аматар і знакаміты вучань слаўнага Поля. Граў, як анёл, як Бог. Ён чуў пра Рэнера і хацеў з ім пазнаёміцца, а пасяліўся ён у доме, у якім і я таксама бываў. Яму сказалі, што ён хоча збіраць з вярбы грушы, што патрабуе немагчымага, бо той Рэнер - дзівак і не хоча ні з кім сустракацца ці прыходзіць да нейкага ў госці. Але мы, маладыя, нарэшце неяк угаварылі Рэнера, каб ён прыйшоў на пару шклянак ананасавага пуншу.
Раля яшчэ не было, але ён хутка прыйшоў і не заўважыў прысутнасці Рэнера. Ігралі дамы, іграў Раль, і ўсіх нас усцешыла яго ігра. Рэнер сядзеў у кутку, піў пунш і слухаў. Калі нацешыліся музыкай, дык наўмысна прыбралі з фартэпіяна свечкі і рамантык Раль пусціўся ў нейкія абстрактныя размовы з жанчынамі. Тады Рэнер ціха сеў за фартэпіяна і прабег адну актаву. Я ўважліва глядзеў збоку. Раль страпянуўся, павярнуўся ў цёмны кут, дзе стаяла фартэпіяна, на імгненне затрымаў там свой зрок, але працягнуў размову. Праз некалькі секунд Рэнер з неахвотай прабегся па палове клавіятуры. І зноў пасярод размовы Раль рэзка паглядзеў у бок музычнага інструмента і, страціўшы ніць размовы, нейкі час маўчаў, перш чым зноў адкрыў рот. Нарэшце Рэнер узяў некалькі акордаў. І тады Раль, як шалёны кінуў усё і ўсіх і падбег да Рэнера, схапіў яго за шыю, ледзь не задушыў у абдымках, пачаў цалаваць і крычаць ва ўсю моц: "Гэта Рэнер, Рэнер, Рэнер!". Заўважу, што ў той час яшчэ модным было хаваць свае моцныя пачуцці і пазбягаць афектацыі.
Потым Рэнер пачаў граць свае капрысы. Раль ад шчырага сэрца кляўся, што ніколі ў жыцці не чуў нічога падобнага. У той час я ўжо чуў у Варшаве слыннага сваімі імправізацыямі Шапэна, тады яшчэ маладога хлопца, а зараз лепшага музыканта ў свеце. Рэнер тады ўжо быў львом, а Шапэн - кацянём. Бедны, сумленны Рэнер. Хутка ён ажаніўся з беднай, але прыгожай паннай. Літаральна праз месяц пасля вяселля гэтая дзяўчына стала блудніцай! Такога ўдару не магла вытрымаць душа музыканта. З роспачы ён заліў сваё жыццё віном і пуншам і памёр, не атрымаўшы сусветнай славы, да якой, несумненна, вёў яго геній. Слава - пустое слова. Рэнер быў прарокам сярод сваіх, Рэнера дваццаць гадоў насілі на руках, а зараз пра яго ніхто не памятае! Яго імя забыта, як і яго натхнёныя, нябесныя гукі. І толькі я адзін памятаю пра яго.
Кнігарня Завадскага, пра якую я ўжо пачаў расказваць, была месцам спаткання навукоўцаў, літаратараў, мастакоў і дасціпнікаў. Яна займала вялізныя сутарэнні ўніверсітэцкіх муроў на Святаянскай вуліцы, бо Завадскі з'яўляўся прывілеяваным друкаром універсітэта. Вокны кнігарні былі на адным узроўні з зямлёй. У першым вялікім пакоі меліся польскія кнігі і падручнікі. Тут старшынстваваў шматгадовы слуга Завадскіх пан Шпакоўскі, лагодны, але заклапочаны толькі адным чалавечак. Справа ў тым, што ў свой час выйшла брашура "Аб быдле" і вясёлыя людзі, у тым ліку і з акадэміцкага асяроддзя, прасілі яе са словамі: "Аб быдле, пане Шпакоўскі!", з каламбура выходзіла, што быдлякам быў ён сам. Гэта непакоіла старога і, калі пасля выхаду брашуры хто-небудзь казаў гэтак яму, а так часта рабілі самыя нявінныя людзі, напрыклад вясковыя гаспадары, якія мелі патрэбу ў гэтай кнізе, ён думаў, што з яго здзекавацца, і гатовы быў кніжкай, ці тым, што меў пад рукой, урэзаць у лоб пакупніка і вядома ж, адразу выганяў з залы здзіўленага і невінаватага чалавека.
Другі, большы за першы пакой, быў цалкам завалены масай замежных кніг. Тут знаходзілася і троннае месца самога Завадскага. У самай сярэдзіне пакоя несіметрычна стаялі два, ці часам толькі адзін раяль. Пад акном, за высокім старасвецкім бюро ці канторкай, з пяром і кнігамі стаяў Гастэль127, раней заможны купец, а цяпер, у выніку банкруцтва, бухгалтар Завадскага. Чалавек добры, шляхетны, але няшчасны. Паз сажань ад Гастэля, за вялікім сталом сядзеў сам Завадскі, коратка стрыжаны брунет, маленькі, тоўсты, мілы і прывабны чалавек з высакароднай душой і выдатным, але трошкі аднастайным пачуццём гумару. Каля вокнаў ці пры дзвярах з вуліцы заўсёды стаяў нехта адзін з самых вядомых усёй Вільні вар'ятаў, ці Шурлоўскі, ці Крышталевіч128, а часам абодва разам. Гэтыя, нікому не шкодныя людзі, былі зацыклены на паэзіі, увесь час пісалі вершы і вельмі пасавалі таму вясёламу часу. Той, хто ў кнігарні пасля нейкай падзеі ці плёткі складаў удалую эпіграму, верш, сатыру ці дасціпны экспромт - яго жарцік адразу прыпісвалі Шурлоўскаму ці Крышталевічу, і яны як сваё, пускалі гэта ў свет. Яны беглі дадому, перапісвалі твор ў сто рук і адразу раздавалі па ўсіх вінярнях, більярдах, тракцірах і нават проста мінакам на вуліцах. За чвэрць гадзіны ўся Вільня мела дасціпную, а часам і павучальную забаўку. Хто быў аўтарам, ніхто і ніколі не ведаў, бо гэтыя абодва вар'яты мелі гонар, і калі за імі сачылі, страшылі, а часам нават білі абражаныя імі асобы ці паліцыянты, яны заўсёды казалі, што яны самі склалі гэты вершык ці эпіграму (Д 14).
У бок ад стала Завадскага мелася дастаткова вольнага месца але не стаяла ні крэслаў ні зэдлікаў, і тут, стоячы, збіраліся госці. Сярод іншых, самымі значнымі і самымі бліскучымі апавядальнікамі былі паэт Шыдлоўскі129, бібліятэкар Казімір Контрым, вучоны і свецкі чалавек Ляхніцкі. Раскажа трошкі пра кожнага з іх.
Ігнацы Шыдлоўскі быў сябрам клуба шубраўцаў, які выдаваў "Бруковыя ведамасці" 130 і быў вядомы ўсяму краю пад псеўданімам "Гульбі" (Д 15). Чалавек дасціпны, жартаўлівы і светлы, моцны празаік, гладкі вершапісец, ён больш вылучаўся чысцінёй мовы, чым сваёй паэзіяй, але ад пят да галавы быў класікам. Безумоўна, выхоўваўся на старажытных аўтарах, а потым на кнігах Жан-Жака Русо. Адкрыў у сабе лірычны талент, якім доўгі час славіўся, нягледзячы на зайздросную і жорсткую крытыку. Абсалютна не меў свецкага выхавання, а меў толькі педантычна-школьнае - бляску ні на грам, ні на грош! Вельмі любіў павучаць, г. з. даваць маральныя ўрокі іншым і казаць ім праўду ў вочы. Але меў добрую душу і не быў інтрыганам. Зацяты паклоннік Бахуса, з-за чаго не змог атрымаць ступень настаўніка гімназіі. Па-праўдзе ён быў кніжным цэнзарам, што ў вачах урада і аўтараў з'яўлялася вялікай справай. Але ўрад быў незадаволены яго падыходамі, бо Шыдлоўскі, як мог, садзейнічаў развіццю айчыннай літаратуры і пасля сябе пакінуў шмат невялікіх твораў. Часопіс пад смешнай назвай "Wizerunki i Roztrzаsania Naukowe" 131 доўгі час выдаваў ледзь не аднаасобна, прыгладжваў там дрэнны стыль і пакінуў нам адзін з лепшых узораў мовы. Заліваў віном свае праблемы і памёр ад пухліны. Быў чалавекам не для сяброўства, не для сталых стасункаў. Але ў сяброўскім коле падчас размовы, ён быў заўсёды цудоўным.
Не магу не ўспомніць адну з ім прыгоду, якая дасць мне магчымасць расказаць пра яшчэ адну асобу.
(Працяг у наступным нумары.)
1 Morawski Stanislaw. Kilka lat mlodosci mojej w Wilnie (1818-1825). Warszawa, 1924. Пераклад Леаніда Лаўрэша .
122 Віктор Жазэф Эцьен дэ Жуі (1764-1846), французскі пісьменнік, драматург, член Французскай акадэміі. "Любоўныя прыгоды шэвалье дэ Фабласа" - раман Лувэ дэ Куўрэ (1760-1797), раман заснаваны на эратычнай фабуле і смелых прыгодах. - Л . Л .
123 Юзаф Завадскі, нарадзіўся у Познанскім ваяводстве ў 1778 г., памёр у Вільні ў 1838 г. Выбітны і надзвычай актыўны віленскі выдавец. З 1805 г. ён меў кнігарню і выдаў каля 400 кніг, у тым ліку і некалькі дзясяткаў высакаякасных навуковых прац. Кнігарства ён разглядаў як грамадска-культурную дзейнасць, заахвочваў аўтараў пісаць, ахвотна браўся нават за вельмі дарагія выданні і такім чынам прычыніўся да развіцця літаратуры ў Літве. Яго сыны працягнулі працу бацькі.
124 Ян Рэнер, настаўнік музыкі ў Віленскім універсітэце, выкладаў 3 гадзіны штотыдзень.
125 Капрыс ці капрычыо - твор акадэмічнай музыкі, напісаны ў свабоднай форме. - Л. Л.
126 Фрэдэрык Раль (1802-1848), ці Фёдар Александровіч Раль - музыкант, кампазітар і дырыжор, аўтар першай аранжыроўкі оперы "Руслан і Людміла" для вайсковага аркестра. - Л. Л.
127 Антоні Гастэль - былы капітан войкаў ВКЛ, былы купец, член масонскіх лож "Руплівы ліцвін", а потым "Добры пастыр".
128 Антоні Адынец паведамляў, што аўтарства шматлікіх тагачасных эпіграм прыпісвалася Шурлоўскаму: "… майстрам падобнай справы лічыўся многія гады паэт Шурлоўскі, памяць пра якога жыве дагэтуль у мясцовых традыцыях. Бо, акрамя ўласных задумаў, ён ахвотна служыў шырмай для іншых, якія ад яго імя пускалі сатырычныя стрэлы, а ён сам ніколі іх імёнаў, як сакрэтаў споведзі, не выдаў. Аднак жа гэтыя фарсы назаўсёды праславілі, можа, імя Шурлоўскага па ўсёй Літве, а менавіта ў школах. Я яго ў Вільні ўжо не прыспеў пры жыцці, яго месца неяк заняў Крышталевіч, які жыў таксама з падачак, і амаль выключна са студэнцкіх; быў гэта проста паўвар'ят, ідыёт, пра якога даўжэй гаварыць не варта". Гл.: Адынец А. Э. Успаміны пра мінулае. Мінск, 2020. С. 105-107.
Юзаф Крашэўскi пісаў: "…мушу распавесці пра яшчэ адну літаратурную адметнасць - пра монстраў. […] Вершы гэтых паэтаў (маю на ўвазе нябожчыка Шурлоўскага i Крышталев i ча, не іншых), перадусім, пазбаўлены ўсялякага сэнсу, па-другое, амаль заўсёды без рыфмы і памеру, і ўсяго, што стварае матэрыю верша; не кажучы ўжо, што пазбаўлены паэзіі, бо ў такія цяжкія часы здараецца часцяком неаднойчы, што чытачы прагнуць лепшай манеты, а лепшай не хапае".
Аднак Роткірх В. А. ва "Успамінах Тэабальда" пісаў: "Крышталевіч быў нейкай анамаліяй сярод віленцаў. Ён не быў дурнем, бо меў бездань дасціпнасці; не быў і разумнікам, бо вызначаўся безданню глупстваў; не быў п'яніцам і нічога не піў; не быў жабраком і ніколі ні пра што не прасіў. Калі яму давалі грошы, ён раздаваў іх, усё да гроша, жабракам на дзядзінцах касцёлаў. Зіму і лета хадзіў у старым, выцертым, як маставая, даўгаполым фраку, светла-шэрых кароценькіх портках, нярэдка з латамі, у заношаных і скрыўленых да агіднасці ботах і ў рудым, пакамечаным, як старая асігнацыя, капелюшы. Пальчатак ніколі не насіў: вялізныя лапы яго высоўваліся з кароткіх рукавоў фрака і віселі, як лісце філадэндрона або папаратнікавай пальмы. Гэта быў атлет гадоў за 40, доўгі і худы, як аблізаны ражон. Ён прымаў у падарункі і рэчы, неабходныя для яго туалету; але калі старая, надзетая на яго рэч, была яшчэ прыдатная, то новую ён дарыў першаму жабраку, які трапляўся яму на вочы. <…> Крышталевічу нідзе не адмаўлялі ні ў абедзе, ні ў начлезе. Дзе ён абедаў, там абед быў самы ажыўлены, самы вясёлы. Крышталевіч меў дар імправізаваць вершамі, і калі быў ва ўдары, мог імправізаваць па цэлай гадзіне, і імправізацыі гэтыя не былі нейкай дурасцю, але заўсёды адрозніваліся цікавасцю. Наогул жа, з яго смяяліся, запэўнівалі яго ў розных недарэчнасцях, якім ён верыў, - ці паказваў выгляд, быццам верыць. Так, напрыклад, гаварылі яму па сакрэце, што ў яго закахана нейкая княжна ці нейкая графіня; раілі яму стаяць у касцёле супраць яе лавы ў маляўнічай позе, для чаго прыклейвалі яму, з яго згоды, вусы, а нярэдка - зусім без яго ведама - афарбоўвалі валасы на галаве ў зялёны або блакітны колер; перадавалі яму ўяўныя лісты ад асобы, якую ён паланіў, і прымушалі адказваць, адказы гэтыя потым, зразумела, хадзілі па руках і, быць можа, у выглядзе насмешкі даходзілі і да адрасата". - цыт па: Пшацлаўскі Восіп. Калейдаскоп успамінаў: Т. 1. Мінск, 2012. С. 327-328. - Л. Л.
129 Ігнацы Шыдлоўскі (1793-1846), пісьменнік і літаратуразнавец, сын уніяцкага святара з Гайны Барысаўскага павета. Закончыў сярэднюю школу ў Менску і віленскі ўніверсітэт як магістр філалогіі. Працаваў настаўнікам красамоўства, паэзіі і гісторыі літаратуры ў Свіслачы, потым і да 1836 г. у Вільні. Да 1828 г. кніжны цэнзар. Сябар таварыства шубраўцаў. Паэт, перакладчык, сатырык. Паслядоўны праціўнік рамантычнай паэзіі. Гісторык Мікалай Маліноўскі пра Iгната Шыдлоўскага пісаў як пра чалавека "адданага ганебнай звычцы п'янства, якi чорнай нянавісцю ненавідзеў людзей, асабліва ж Міцкевіча, хоць ніколі не меў з ім ніякіх стасункаў, хіба што сам сябе лічыў вялікім паэтам, разумеў, што Міцкевіч замінаў яго славе". - цыт. па: Маліноўскі Мікалай. Кніга ўспамінаў. Мінск, 2014. С. 94. - Л. Л.
130 Шубраўцы (Szubrawcow towarzystwo - "Таварыства прахвастоў" ад. пол. szubrawiec - шэльма, лайдак) - саманазва членаў літаратурнага ліберальнага асветніцкага грамадства, якое існавала 1817-1822 і 1899-1914 гг. Шубраўцы выдавалі сатырычную газету "Wiadomosci Brukowe" ("Бруковыя ведамасці "), дзе высмейвалі тагачасны лад, патрабавалі прававой роўнасці людзей перад законам і г. д. Стыль публікацый насіў вясёлы і задзірлівы характар. Рэдактарамі газеты былі І. Ляхніцкі і К. Контрым. У гэтай газеце у 1816 г. свае першыя гумарыстычныя нарысы публікаваў малады В. Сянкоўскі, гістарычныя апавяданні пра мінулае - І. Ходзька, вершы - А. Гарэцкі і Томаш Зан.
131 "Wizerunki i roztrzаsania naukowe" - часопіс, які ў 1834-1843 гг. у Вільні выдаваў Юзаф Завадскі.
Беларусы сустракаюцца з індзейцамі
Вынік заган: Белавусаў, Семірадскі; катастрафічныя гады (да 80-годдзя Перамогі, ч. 2)
(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-52 (105-156) (2024); № 1-17 (157-173) за 2025 г.)
Алесь Апачэвіч
ІНДЗЕЙЦЫ І БЕЛАРУСЫ Ў ЧАС ДРУГОЙ СУСВЕТНАЙ ВАЙНЫ
Мы з'яўляемся праціўнікамі як самой вайны, так і яе асвятлення ў друку. Мы - свядомыя пацыфісты, якія хацелі б прадухіляць гвалт не паказам вынікаў заган, што развіваюцца ў душах, а аналізам глыбінных прычын хвароб гэтых апошніх. Тым не менш прапануем увазе нашых чытачоў гэтыя нататкі, створаныя ў час, калі прыярытэты былі юнацкімі.
Як паўплывалі індзейцы на Другую сусветную вайну і на Беларусь у гэты перыяд? На Захадзе выдадзена шмат прац пра ўдзел індзейцаў у вайне. Аднак мы не маем доступу да большасці найважнейшых крыніц, таму канцэнтруемся галоўным чынам на айчынным матэрыяле, які паказвае, што аб'ядноўвала і аб'ядноўвае дагэтуль індзейцаў і беларусаў у сувязі з гэтымі катастрафічнымі для многіх зямлян гадамі.
Цікавасць да індзейцаў у Германіі 19-20 стст. добра прасочваецца сучаснымі нямецкімі аўтарамі. К. Май і амерыканскія вестэрны падтрымлівалі цікавасць да індзейцаў у гітлераўскай Германіі (гл., напрыклад, адзін з раманаў Ю. Сямёнава пра Штырліца), і без таго не здольнай утаймаваць свой ваяўнічы дух на працягу многіх стагоддзяў. Але гэта не значыць, што ваяўнічасць індзейцаў і немцаў магла зрабіць іх саюзнікамі ў 20 ст. Тым не менш, калі б немцы пачалі кампанію па заваяванні амерыканскага кантынента, Гебельс, магчыма, меў бы некаторы поспех сярод індзейцаў у прапагандзе ідэі іх вызвалення ад горшага тыпу еўрапейскага заняволення, чым нямецкае (метад, які ўжываўся ў падзеленай на шматлікія народы і поўнай напаўпрыхаваных канфліктаў "Расіі", г.зн. СССР).
У даваенным Савецкім Саюзе індзейцы не адыгрывалі ролі натхняльнікаў і сур'ёзных саюзнікаў, але іх прыклад як ахвяр агрэсіі з Еўропы мог выкарыстоўвацца ідэолагамі, якія сутыкнуліся з неабходнасцю асуджэння германскага ўварвання.
Генеральны план "Ост" уключаў, сярод найважнейшых, і такія пункты, як каланізацыя, "высяленне" і "анямечванне". У прапановах начальніка аддзела каланізацыі 1-га галоўнага палітычнага ўпраўлення міністэрства па справах акупаваных усходніх абласцей (аналаг Бюро па справах індзейцаў, калі яно знаходзілася ў складзе ваеннага міністэрства) д-ра Э. Ветцэля фігуравалі паняцці "найбольш бяскрыўдны і таму самы бяспечны ... народ", "непажаданае ў расавых адносінах беларускае насельніцтва", "беларусы нардычнага тыпу", "у якасці рабочай сілы", "у сваіх інтарэсах", "лепшыя землі", "рэзервовыя тэрыторыі для еўрапейскай каланізацыі".
Зыходзячы з таго, што "беларусы з'яўляюцца найбольш бяскрыўдным і таму самым бяспечным для нас народам з усіх народаў усходніх абласцей", планавалася "высяленне 75 прац. беларускага насельніцтва з займаемых імі тэрыторый" у Заходнюю Сібір. "Нават тых беларусаў, якіх мы не можам па расавых меркаваннях пакінуць на тэрыторыі, прызначанай для каланізацыі нашым народам, мы можам у большай ступені, чым прадстаўнікоў іншых народаў усходніх абласцей, выкарыстаць у сваіх інтарэсах". "Непажаданае ў расавых адносінах беларускае насельніцтва будзе яшчэ на працягу многіх гадоў знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, таму" ўяўлялася "крайне неабходным" адабраць з яго "беларусаў нардычнага тыпу" для выкарыстання "ў якасці рабочай сілы" ў Германіі, а таксама, прапанаваўшы ім, "у сваіх інтарэсах", "лепшыя землі", "на Урал або ў раёны Паўночнага Каўказа, якія часткова маглі б таксама з'яўляцца рэзервовымі тэрыторыямі для еўрапейскай каланізацыі..."
Мікалай Якаўлеў у кнізе "ЦРУ супраць СССР" цытаваў амерыканскага біёграфа Гітлера Дж. Толанда: "Гітлер сцвярджаў, што свае ідэі стварэння канцэнтрацыйных лагераў і мэтазгоднасці генацыду ён пачарпнуў з вывучэння гісторыі... ЗША. Ён захапляўся, што... у свой час на Дзікім Захадзе былі створаны лагеры для індзейцаў. Перад сваімі прыбліжанымі ён часта хваліў эфектыўнасць амерыканскай тэхнікі фізічнага вынішчэння - голадам і навязваннем барацьбы ва ўмовах няроўнасці сіл".
Важным кампанентам надзей нямецка-фашысцкага кіраўніцтва было спадзяванне на поспех палітыкі раз'яднання "рускіх": "Падзяляй і пануй". Пра гэта сведчыць выказванне Гітлера 1942 г., якое працытаваў у канцы 20 ст. заклапочаны новымі пагрозамі Мікалай Ляўчук (яго артыкул "Небяспека для душы - небяспека для дзяржавы" з газеты "Царкоўнае слова" быў перадрукаваны асобнай "лістоўкай" "па блаславенні" протаіерэя Пятра (Латушкі).
"Для таго, каб зразумець сакрэт навалы сект на нашу рэспубліку, звернемся да выказвання небезвядомага Адольфа Гітлера: "Нашым інтарэсам адпавядала б такое становішча, пры якім кожная руская вёска мела б уласную секту, дзе развіваліся б асаблівыя ўяўленні пра Бога. Мы будзем вітаць, калі рускія, падобна да неграў і індзейцаў, стануць прыхільнікамі сект і магічных культаў, таму што тады рэзка ўзмоцняцца тэн-дэнцыі, якія раз'ядноўваюць рускіх..." (1942 год)".
У новым, жудасным коле трагедыі "раз'яднанага" чалавецтва - Другой сусветнай, а для некаторых народаў вялікіх айчынных войнах, - выявілася ўся гнюснасць фашысцкіх рэжымаў. ...Было не да параўнанняў з індзейцамі, але… без іх ніяк не магло абысціся.
Паводле рэйхсміністра Гебельса, вайна вялася не толькі "за хлеб", але і за сыравіну - "за каўчук і жалеза", а ўвогуле - за "Лебенсраўм" (жыццёвую прастору), і іхняе "першынство ў свеце", што магло выклікаць асацыяцыі з заваяваннем, рабаваннем і каланізацыяй Амерыкі, але гэта было палітычна нямэтазгодным, бо вядучая краіна - ЗША - была саюзнікам СССР, у вайну ўступіла Канада, Мексіка і Бразілія паслалі на фронт свае вайсковыя часткі, а астатнія ў розны час аб'явілі сябе ў стане вайны з адной або ўсімі краінамі гітлераўскага блоку. Толькі Аргенціна абмежавалася фармальным разрывам дыпламатычных адносін з Германіяй.
Амерыканцы былі саюзнікамі, якія ў свой час "забівалі індзейцаў", самі былі заваёўнікамі і падазрона доўга не адкрывалі другі фронт барацьбы са значна больш кепскімі экспансіяністамі, чым яны самі. Гэта лічылі сваім доўгам адзначыць многія савецкія прапагандысты.
Нават у 1984 г. у кнізе "Новае мысленне ў ядзерны век" ураджэнцы Беларусі А. Грамыка (1932) і Ул. Ламейка (1935) называлі канібальскімі погляды Трумэна ў яго заяве пасля нападзення Германіі на Савецкі Саюз: "Калі мы ўбачым, што выйграе Германія, мы будзем дапамагаць Расіі, калі выйграваць будзе Расія, мы будзем дапамагаць Германіі. I няхай яны як мага больш забіваць адзін аднаго".
Ацэнкі Другой сусветнай вайны савецкімі і амерыканскімі аўтарамі з пункту гледжання індзейскай кампаратывістыкі ў большасці адрозніваліся. Беларускія аўтары, асабліва несавецкія, мелі і дадатковыя "індзейскія аргументы".
Розніца ў падыходах магла зыходзіць з факту, што Беларусь акупавалі немцы, якія, разам з іншымі еўрапейцамі, раней акупавалі Індзейскую Амерыку, г.зн. былі "двойчы" або "больш" акупантамі.
Адносіны індзейцаў да "рускіх" таксама характарызаваліся складнасцю, амбівалентнасцю. Праз агульныя падыходы, палітыку Захаду, яны маглі ўспрымацца як ворагі, праціўнікі, з якімі "іх" краіны ўступілі ў саюз з прычыны пільнай неабходнасці (меркаванні самазахавання). Індзейцы маглі прыгадаць, што паводзіны расійскіх, рускіх каланізатараў на Алясцы і ў Каліфорніі не моцна адрозніваліся ў лепшы бок ад адносін да карэннага насельніцтва іншых еўрапейскіх прыхадняў, і ўвогуле СССР, як раней Расійская імперыя, быў пабудаваны на тых жа прынцыпах тэрытарыяльнай экспансіі, каланіяльных захопаў. Індзейскае стаўленне да вайны было дваістым. З аднаго боку, відавочным было асуджэнне Германіі.
Хаця для Злучаных Штатаў Другая сусветная вайна пачалася ў снежні 1941г. пасля падзей у Перл-Харбары (7-га ЗША аб'явілі вайну Японіі, а 11-га Германія і Італія - ЗША), у 1942 г. вайну Германіі і яе саюзнікам (краінам "Восі") аб'явіла Ліга іракезаў.
Другі раз сусветная вайна зрабіла беларусаў і індзейцаў саюзнікамі, таварышамі па зброі супраць адзінага ворага. Больш за мільён беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі ўдзельнічала ў вайне мабілізаванымі або добраахвотнікамі ў складзе рэгулярных войскаў, амаль 400 тыс. было ў партызанах. Шмат індзейцаў трапіла ў амерыканскія і канадскія войскі. Гавораць пра 25 тысяч "карэнных амерыканцаў" ва ўзброеных сілах ЗША. Вядомыя героі вайны індзейскага паходжання - пра якіх згадвалася і ў беларускім друку...
... Індзейцы ўдзельнічалі ў вайне на ўсіх тэатрах, але найбольш праславілася як сувязісты, якія перадавалі паведамленні на родных мовах (найперш, наваха) і паветраныя дэсантнікі. Іх сутыкненні з прадстаўнікамі той жа мангалоіднай расы - японцамі - маглі трактавацца і як трагікамічныя здарэнні, якія выклікалі здзіўленне абодвух бакоў. Адзначаецца, што яно было большае ў японцаў, калі яны ўступалі ў рукапашны бой з амерыканскімі салдатамі з апачаў і наваха: яны былі настолькі падобныя на японцаў, што тыя прымалі іх за сваіх супляменнікаў.
Адбываліся змяшэнне пачуццяў і блытаніна паняццяў. У значна большай ступені, чым немцаў, індзейцы натхнялі саміх амерыканцаў. Пра гэта сведчыць баявы кліч "Джэроніма!", які выкарыстоўваўся амерыканскімі дэсантнікамі. Тым не менш, гэтыя дэсантнікі больш нагадвалі амерыканскіх рэйнджараў, якія раней змагаліся з індзейскімі партызанамі.
Паводле У. К. Стартыфанта (Стартэвана), семінольска-амерыканскі канфлікт "па працягласці, жорсткасці, няроўнасці сіл, стратэгіі і тактыцы, а таксама па тым, што ў вайну было ўцягнута ўсё індзейскае насельніцтва, больш паходзіў на сучасныя партызанскія" (у т.л. барацьбу беларускіх партызан, мог бы дадаць беларускі даследчык).
Асаблівыя падставы маюць параўнанні генацыду індзейцаў і яўрэяў. На мяжы 90-х гета, у якія зганялася яўрэйскае насельніцтва, пачалі вызначаць як "спецыяльныя рэзервацыі" для планамернага і сістэматычнага знішчэння іх жыхароў.
На пытанне "Ці знаходзіла палітыка антысемітызму, узведзеная ў фашысцкай Германіі ў ранг дзяржаўнай, падтрымку на акупаванай тэрыторыі Беларусі?" складальнікі кнігі "Гісторыя Беларусі: Пытанні і адказы" (Мн., 1993) Г. Я. Галенчанка, У. П. Асмалоўскі і іншыя адказалі: "У гады вайны беларусы стараліся выратоўваць яўрэяў. Калі б было інакш, к моманту вызвалення Беларусі тут не засталося б ніводнага яўрэя. Усё ж яўрэйскае насельніцтва, што апынулася на акупаванай тэрыторыі, гітлераўцы сагналі ў спецыяльныя рэзервацыі - гета, дзе планамерна і сістэматычна знішчалі. Тых, хто збег, выратоўвалі толькі партызаны і жыхары рэспублікі". Беларускаму пісьменніку яўрэйскага паходжання Ул. Мехаву гета таксама ўяўляліся рэзервацыямі...
... Што да ветэранаў войскаў антыфашысцкай кааліцыі, то вядомым і ў СССР, і ў ЗША ўдзельнікам сустрэчы на Эльбе быў Аляксандр Сільвашка, ураджэнец Украіны, які пасля вайны пасяліўся ў Беларусі. Ён увайшоў у гісторыю Другой сусветнай вайны дзякуючы здымку, на якім ён абдымаецца з амерыканскім лейтэнантам Уільямам Робертсанам і які з таго часу стаў сімвалізаваць сустрэчу на Эльбе. Дырэктар школы з Клецкага раёна ў пасляваенны час шматразова сустракаўся з былымі амерыканскімі вайскоўцамі. А. С. Сільвашка прыгадвае выпадак, калі ён бачыў у амерыканскім аэрапорце індзейскага ветэрана вайны (ліст ад 12.3.1988).
Між іншым, у кнізе ўспамінаў "Сустрэча на Эльбе" (у амерыканскім выданні: "Янкі сустракаюць чырвоных") Джэф Боэм, амерыканскі ваеннапалонны, расказваў пра палкоўніка Ф. С. Габрэўскі (Габі), ураджэнца Расіі, а потым натуралізаванага амерыканца і знакамітага аса, які трапіў у палон, калі быў збіты каля Будапешта: "На зямлі натоўп сялян ледзь не лінчаваў яго, але іх важак раптам вырашыў, што ім папаўся індзеец. Нагледзеўшыся ў кіно амерыканскіх вестэрнаў, яны лічылі сябе роўнымі індзейцам у майстэрстве верхавой язды". "Яўрэй выдаваў сябе за індзейца наваха", якіх шмат было ў амерыканскай арміі.
Другая сусветная вайна, Вялікая Айчынная вайна - важная падстава для беларуска-індзейскай кампаратывістыкі. Беларускія аўтары, якія пісалі пра Айчынную вайну праз многія гады пасля яе заканчэння, звярталіся да індзейскага матэрыялу. Напрыклад, у сваёй антываеннай публіцыстыцы Алесь Адамовіч звяртаецца да прац гуманістаў мінулых стагоддзяў (18 і 19-га), у прыватнасці нямецкага аўтара І. Г. Гердэра, які прыводзіў прыклад з індзейскай "дзевай міру". Цікава падаў "індзейскую трэніроўку" Марата Казея і яго сяброў Валянцін Зуб у п'есе, якую ўбачылі гледачы не толькі Беларусі.
Заслугоўваюць увагі лёсы асобных людзей, звязаных адначасова з індзейцамі і Беларуссю, - непасрэдна перад, у час і пасля вайны.
Ужо ў Іспаніі змагаліся на баку антыфашыстаў, антыфранкістаў некаторыя беларускія эмігранты, якія ў Амерыцы сутыкаліся з індзейцамі. Нам невядома, ці былі ў іспанскіх інтэрбрыгадах індзейцы. Сярод тых, хто змагаўся ў рэспубліканскай арміі, а перад тым эміграваў у Амерыку з Беларусі, былі, у прыватнасці, выхаванцы КПЗБ і КСМЗБ - П. Буцько, А. Сяглюк, Х. Нароцкі з Бразіліі (з Кубы, Аргенціны, Бразіліі)... Там быў будучы славуты лацінаамерыканіст I.Р. Грыгулевіч, звязаны з названымі арганізацыямі... У падтрымцы інтэрбрыгадаўцаў удзельнічаў Д. I. Выгодскі.
Праз Беларусь прайшлі ваенныя шляхі мноства былых і будучых амерыканістаў і "амерыканістаў": адзін з іх, Б. Стрэльнікаў, не загінуў у час баёў у Беларусі, а раптоўна памёр праязджаючы праз Беларусь праз гады пасля таго, як ён набыў вядомасць як аўтар шэрага папулярных кніг пра Амерыку. Званне Героя Савецкага Саюза за Сталінград было нададзена ўраджэнцу Агая беларусу В. Марцехаву. Герой Савецкага Саюза В. Вольскі, ураджэнец гомельска-бранскага пагранічча, пра якога як пра беларуса гавораць яго калегі ў Маскве, стаў дырэктарам Інстытута Лацінскай Амерыкі АН СССР. У партызанах былі: акадэмік М. М. Нікольскі, Алесь Адамовіч, 12-гадовы будучы журналіст-міжнароднік, аўтар работ пра ФБР А.І. Падабед.
Многія беларусы працягвалі займацца даследаваннямі ў сваіх галінах і ў час вайны, у неакупаваных частках СССР. І. Крачкоўскі "заўважаў" спакойнае ўспрыманне вайны па заваяванні Амерыкі ў арабскіх рукапісах. Амерыканістка з МАЭ С. А. Ратнер-Штэрнберг памерла ў час блакады Ленінграда. Вядомы аўтар-амерыканіст А. Карабіцын быў закінуты ў акупаваную Беларусь са спецыяльнай мэтай.
(Тэкст з нязначнымі выпраўленнямі, у асноўным тэхнічных хібаў і "старой" арфаграфіі, узяты з файла (рабочай версіі) нумара "Бюлетэня па праблемах індзеяністыкі, узаемадапамогі і міралюбства" (Гомель, 2006, жнівень), адказнымі за выпуск якога былі Алесь Апачэвіч (вёрстка) і Мікалай Кот (друк).)
БЕЛАВУСАЎ Алег (Aleg Belavusau, Aleh, але такая транслітарацыя ў беларускіх пашпартах выклікае ўнутраны пратэст у амерыканістаў, "выхаваных" на сістэме транслітарацыі Бібліятэкі Кангрэса) - беларускі мультыплікатар, сцэнарыст, рэжысёр, ураджэнец Слуцка.
У папярэдняй праграме для наваха У. Язі (кастрычнік 1996 г.) у раздзеле "Possible Meetings" прысутнічае "Meeting with Oleg Belousov - Vice-President of Belarus Video Distributers & Film Makers Association".
Мастак, рэжысёр, мастак-мультыплікатар, сцэнарыст Міхаіл Тумеля ў матэрыяле "Алег Паўлавіч Белавусаў (1945-2009)" у сябе на livejournal.com пісаў:
"Амаль усе, хто працягвае працаваць у беларускай анімацыі з савецкіх часоў, прыйшлі ў яе "пры Алегу".
Я і сам памятаю, як 30 гадоў таму, 15-гадовым школьнікам, пераступаючы з нагі на нагу, паказваю Алегу Паўлавічу і яго мастаку Тарасаву свае пёравыя пачыркушкі [перьевые почеркушки] з каўбоямі і індзейцамі. "А што, пёркам вадзіць умее!" - звяртаецца да Вячаслава Аляксеевіча 33-гадовы рэдактар мультстудыі "Беларусьфільм" Алег Белавусаў і заказвае мне пропуск на студыю...
Алег "Палыч" вельмі моцна паўплываў на мой анімацыйны лёс".
"Мы з Сашам Пятровым развітваліся з Алегам па тэлефоне, як быццам з экіпажам субмарыны, што тоне. У яго слабым голасе не было ўпэўненасці, што застану яго ў жывых. Але потым мы яшчэ пагаварылі з Алегам у яго дома пра нашых студэнтаў, пра нашу справу, "у якую ён нас усіх уцягнуў [втравил]", яшчэ пра штосьці... "На трызне вясёлай Алега" - у Белавусава яшчэ былі сілы жартаваць. А я сядзеў увесь у слязах...
Мне вельмі шкада, што Алег Паўлавіч Белавусаў памёр. З ім пайшла частка мяне".
У мультфільме - "вестэрне" з крытыкай гвалту "Каўбойскія гульні" (1985, 9 хв. 40 с., https://www.youtube. com/watch?v=l8Od-oQgaKE) Белавусаў і яго супрацоўнікі (сярод якіх і Міхаіл Тумеля) блізка падышлі да індзейскай тэмы, але не закранулі яе прама - амерыканцы, у паказанай гістарычнай перспектыве, не стралялі ў сваіх індзейцаў. Ён таксама быў рэжысёрам "каляіндзейскага" мультфільма "Песня пра зубра" (1982).
Міхаіл Іванчанка
ІНДЗЕЕЦ НАВАХА Ў МІНСКУ (6)
- Народ юта з паўднёва-заходняга Каларада танцуе, каб вітаць прыход вясны. Гэты танец называецца "Танец мядзведзя", таму што ў гэты час мядзведзі прачынаюцца пасля зімовай спячкі. Танец доўжыцца тры дні. Вось песня танца Мядзведзя... (Гучыць песня.)
- Многія плямёны ўсталі зараз на шлях паўваў. Гэтая традыцыя прыйшла з паўночных стэпаў. Цяпер паўваў - важны фактар, які дапамагае аб'яднанню плямён. Паслухайце жаночую танцавальную песню з паўночных раўнін... (Гучыць песня.)
- Гэта флейта (паказвае). Яна стала вельмі папулярнай сярод індзейцаў. Спачатку флейта з'явілася ў індзейцаў стэпаў. Яна выкарыстоўваецца як любоўны музычны інструмент. Калі малады чалавек улюбляецца ў дзяўчыну, ён прыдумляе мелодыю ў надзеі, што яна спадабаецца дзяўчыне, і яна ўрэшце выйдзе за яго замуж. Аднойчы я ўзяў флейту і прыдумаў мелодыю, каб проста папрактыкавацца. Гэта скончылася тым, што я ажаніўся. (Бурныя апладысменты.) Гэтая мелодыя называецца "Начная песня". Сонца садзіцца, падымаецца Месяц. Месяц глядзіць уніз на народы. Ён кажа ім: "Спіце, мае дзеці. Вы выканалі сённяшнюю працу. Заўтра вы прачнецеся і працягнеце вашу працу, а зараз настае пара для начных істот, каб яны выконвалі сваю працу"... (Гучаць мелодыі на флейце.)
Думаеце, гэта лёгкі спосаб ажаніцца - зрабіць флейту і прыдумаць мелодыю? І не спадзявайцеся, я спрабаваў. Не так проста зрабіць добрую флейту, да таго ж трэба яшчэ навучыцца на ёй іграць. А калі зрабіць дрэнную флейту, то трапіцца дрэнная жонка. Майце гэта на ўвазе!
Літ.:
12523 Довнар-Запольский М. В. Первобытные формы брака. М., 2011.
СЕМІРАДСКІ Юзаф (11) - Рамон Ліста (Ramon Lista), на якога спасылаецца Семірадскі пры апісанні "мангалоіднага тыпу" сярод індзейцаў, з'яўляецца прыкладам вучонага, які на розных этапах ідэалагічна абгрунтоўваў і нават персанальна праводзіў генацыд індзейцаў і сябраваў з імі - "амбівалентнасць", якая нярэдка сустракаецца сярод вучоных.
Юзаф Семірадскі
АБ ІНДЗЕЙЦАХ ПАЎДНЁВАЙ АМЕРЫКІ (11)
2. Мангалоідны тып. Акрамя апісаных вышэй плямёнаў эскімоскага тыпу, захаваліся рэшткі іншай, відаць, такой жа старажытнай расы, якая стаіць на вельмі нізкім культурным узроўні. Гэта лясное племя, якое жыве выключна паляваннем. Антрапалагічнае размежаванне двух тыпаў - эскімоскага і мангалоіднага - сапраўды даволі складанае, але істотныя адрозненні паміж імі ёсць у ладзе жыцця. Гэтыя людзі не ведаюць рыбалкі і не валодаюць лодкамі, а рысы іх твару вельмі характэрныя, выразна адрозніваюцца ад рыс папярэдняй расавай групы. Іх чэрап мае тэндэнцыю да доўгагаловага тыпу, твар плоскі і шырокі, вочы вузкія і раскосыя, нос задраны [nos zadarty], чэрап прыплясканы зверху [czaszka od gоry przyplaszczona]. З гэтых рас захаваліся толькі патагонцы і батакуды, а астатнія ў асноўным зніклі або зліліся з суседнімі плямёнамі. У цяперашні час у Патагоніі, пасля выгнання розных разбойніцкіх індзейскіх плямёнаў [zbojeckich plemion indyjskich] з усёй тэрыторыі аргенцінскіх пампасаў, за Рыа-Негра, пануе такая сумесь рас, што цяжка знайсці чыстыя тыпы старажытных патагонцаў, не змешаных з араўканамі і г.д.
Характэрныя рысы патагонскай расы, паводле Рамона Лісты, наступныя: індэкс шырыні чэрапа ў сярэднім роўны 77, з крайнімі вымярэннямі ад 71 да 82. Значна больш яркім, чым нестабільны індэкс [chwiejnego wskaznika], з'яўляецца прыплясканасць чэрапа [przyplaszczenie czaszki], гэтак жа рэзка выяўленая, як у батакудаў. Гэта высокія людзі, больш схільныя да атлусцення, чым мускулістыя, з цёмнай скурай, кароткай шыяй, шырокімі плячыма, адносна вельмі кароткімі канечнасцямі, шырокім і доўгім тулавам. Галава вялікая, твар шырокі і плоскі, лоб нізкі і адведзены назад, плоскі, моцна валасаты. Вочы вузкія і часта раскосыя. Нос кароткі, часта прыплясканы або загнуты ўверх, вузкі ўверсе, тоўсты і мясісты ўнізе, тоўстыя, вусны, што выступаюць [wystajace], шырокі і моцны падбародак, выпуклыя скулы, маленькія ступні і рукі. Нібыта казачны рост патагонцаў на самай справе не перавышае сярэдняга росту: 1,78 м у мужчын (паводле Рамона Лісты 1,85 м). Патагонская мова амаль цалкам невядомая, а некалькі слоў, запісаных Мастэрсам [George Chaworth Musters, "King of Patagonia"] і Лістам, з-за англійскага ці іспанскага напісання абсалютна няправільна адлюстроўваюць гукі, якіх не існуе ў гэтых мовах. Несумненна толькі адно: яна не мае нічога агульнага з мовай суседніх араўканаў. Патагонцы называюць сябе Coonke; слова Patagones іспанскае, іншая назва - Tehuelche - араўканская.
Патагонская раса, акрамя племені аонас [Oonas, onas, онас, она, Onawa, Selknam], якія дагэтуль захаваліся на Вогненнай Зямлі, несумненна ўключала цяпер цалкам знішчаных керанддзес [Querandjes, Querandi, керандзі, керанды] з аргенцінскіх пампасаў, чаруаc Czarruas, charruas, чаруа] ў сучасным Уругваі і ацалелае племя тобас [Tobas, тоба] на р. Пількамаё [Пількамайо - БелЭн, Pilcomayo].
Літ.: 3193 Шэрман К. Таямніцы почырку: літаратурна-крытычныя артыкулы, эсэ. Мн., 1995. (..."на касцях індзейцаў фуэгінаў, пуэльчэ, тэўэльчэ або патагонцаў, араўканаў, дыягітаў, чана, керандыяў, уарпаў, пампаў, гуараніяў, лулаў, і шмат іншых плямёнаў, і няхай зямля не забудзе іх".)
Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.
Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.
Індзейцы , индейцы , Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Belarusians Meet Indians. Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 148].
У Лідзе новы мурал - мастакі ўпрыгожылі сцяну завода "Лідскае піва" гістарычным графіці
На сцяне каля Музея лідскага бровара з'явіўся выдатны арт-аб'ект. На мурале можна ўбачыць фантастычнае Дрэва жыцця, якое прарастае з жывога сэрца старога горада - Рынкавага пляца. Тут можна пазнаць старадаўнюю Ратушу і будынак паліцэйскага ўчастка, дзе калісьці адкрыўся першы бар амбіцыйнага прадпрымальніка Носеля Пупко.
Лідская ратуша - згублены помнік архітэктуры барока XVIII стагоддзя. У такім ці іншым выглядзе, але яна праіснавала да канца XIX стагоддзя. Побач размяшчаўся двухпавярховы будынак: злева - паліцыя, справа - піўная зала заснавальніка завода "Лідскае піва".
Неба на мурале - жывы ўдзельнік сюжэту, поўны руху, жыцця і святла. Гэты світанак - не проста пачатак новага дня, а знак бурных змен канца XIX стагоддзя, калі гарады Беларусі імкліва ператвараліся, дзякуючы імпульсу адважных летуценнікаў. Мурал - гімн той рамантычнай эпосе змен і надзей.
Госці Музея лідскага бровара змогуць першымі ўбачыць гэты сапраўдны твор мастацтва і зрабіць асаблівыя фатаграфіі.
Асобная падзяка камандзе, якая працавала над праектам:
Канцэпцыя - Urban Myths.
Эскіз - Аляксандра Прыма.
Тварылі магію на сцяне - Яўген Сасюра і Сяргей Рысакоў.
ТК "Культура Лідчыны".
Сустрэча з паэтэсай Станіславай Белагаловай
У Доме Валянціна Таўлая прайшла сустрэча з лідскай паэтэсай Станіславай Белагаловай. Мерапрыемства было арганізавана ў рамках цыкла сустрэч з лідскімі пісьменнікамі пад назвай "ЛітЛід" на базе экспазіцыі "Час прывёў на Парнас". Пазнаёміцца з творчасцю Станіславы Іванаўны прыйшлі вучні з 5 "а" класа СШ №11 г. Ліда начале з класным кіраўніком Наталляй Мікалаеўнай Анашкевіч.
Навучэнцы пачулі з вуснаў паэтэсы вершы, якія насычаны любоўю да Радзімы, да свайго роднага краю, да родных і блізкіх. Даведаліся і пра гісторыю напісання таго ці іншага твора. Станіслава Іванаўна прызналася перад дзецьмі, што прымае ўдзел у розных літаратурных конкурсах, адзін з якіх "Дарослыя-дзецям", паводле якога змяшчаюцца пад вокладкай творы ўдзельнікаў, якія атрымліваюць пэўныя пераможныя месцы.
Разам з тым, навучэнцы даведаліся, што вершы лідскай паэтэсы пакладзены на музыку. Упэўніцца ў гэтым можна было паслухаўшы дзве песні - пра сына і дачку. Гэтыя песні, між іншым, у недалёкім часе можна было пачуць у эфіры Лідскага радыё.
Станіслава Іванаўна Белагаловая плануе выдаць яшчэ адзін зборнік. Застаецца пажадаць ёй плёну ў гэтай творчай працы!
ТК "Дом Валянціна Таўлая".